Васіль Быкаў Салдацкi лёс

Дыялог з нагоды

— Гэй, цесля, перакур!

— Перакур, кажу. Пашкадуй сякеру!

— А-а! А я i не пазнаў. Гляджу, думаю, хто такi? Ну чакай, зараз злезу.

— Памагчы мо?

— Ну што ты? Я сам… Прывык, так што… Здалёку iдзеш?

— Ды з раёна. Чую, цюк-цюк. Гляджу, знаёмая галава тырчыць. Думаю, зазiрну на хвiлiну.

— Ну здароў! Калi так…

— Здароў! Глядзi, ладная дамоўка. З трысценам?

— З трысценам. Хай на яго. Трэба! Старая саўсём ужо струхлела, думаю, хоць на старасцi ў новай пажыць. Ды i сын…

— Што, можа, ажанiўся?

— Не яшчэ, але, знаеш, збiраецца. Дзейсцвiцельную адслужыў жа. У сiле дзяцюк.

— Глядзi ты! А памятаю, нядаўна во такi быў.

— Яно здаецца — нядаўна. А гады iдуць.

— Ды ўжо ж.

— Дык сядзем. Калi перакур, кажаш. Не спяшаешся ж? Во на бервяно гэта. Гладкае. Курыш?

— Можа, маiх? Свежанькiх?

— Гэта якiя? А, балгарскiя. Не, я свае, памiрскiя. Ад iх, кажуць, крэпасць у нагах.

— Праўда? Не чуў. А ты чаго кульбу не зменiш? Цяпер жа пратэзы робяць лепш за ўласныя.

— Ат, прывык. Ды i не збяруся. Пастройка гэтая… Усе жылы выцягнула.

— Аднаму — жах! Як гэта ты адважыўся? Рызыковы чалавек. Хаця ваяка ж!

— Рызыковы — не рызыковы, а што зробiш? Праўда, не хачу хлусiць — зрубiць сын памог. Браў водпуск. Дый сябрук адзiн — з вайны яшчэ — памог. Мiкалаiхi, што з Асавiння, брат. Мо ведаеш?

— Ну, калi сябрукi не забываюць, то паўбяды.

— Як табе сказаць? Папрасiў — памог. Выхадных са тры падзёўбалi. Самшылi. А ў цябе ж — новая?

— Дзе там — новая! У старой жыву. Перакрыў толькi тым летам.

— Шыфер?

— Не, якi шыфер! Дранкай.

— А ў нас дык многiя шыфер падаставалi. Фёдар — брыгадзiр i Тэклiн прымак гэты, што з трактарам у азярко звалiўся. Не чуў такую сабыцiю?

— Гэта вясной?

— Ну. Дастаюць недзе, халеры.

— Канешне, дастаюць. Тыя, хто талент маюць, як кажа наш дзед Лявон…

— Глядзi, жывы яшчэ?

— Жыве. Што яму. Нас з табой перажыве. Дык, кажа, талент трэба. Кожнаму ў жыццi выпадае па яго таленту. Што зрабiў — тое i палучай.

— Ну, не кажы! Тут я не згодны. Талент — талентам, а i лёс не мiнай. Цi там случай. Ён тожа, брат, многа значыць. Часам, што чорт з шапкi выме, тое i будзе. У цябе вунь двайня, а ў мяне во, бач, кульба. Дзерава! Думаеш, яна мала мяне памучыла? Ого! Двойчы рэзалi. Як пiлуюць — не чутно, бо ўсыпляюць. Затое пасля — хоць на сцяну лезь. А Краўчонак вунь гойсае на дзвюх ды яшчэ з ордэнам. А разам, у адной роце, ваявалi.

— Гэта якi Краўчонак? З Замошша?

— Ну а якi ж! Ордэн Ленiна атрымаў. За Кiшынёў. А бывала, трусаваты быў. Яшчэ я падганяў усё. Зямляк жа.

— Ну, мусiць, гэта ты загiбаеш. Каб трусаваты, не далi б.

— Не верыш? Яй-богу, не хлушу. Далi — было за што, гэта праўда. Але тут, браце, болей чорт цi выпадак паспрыяў. Я ж ведаю. На маiх вачах усё было.

— Гэты цi не ў Ясса-Кiшынёўскую?

— Ну! Узводны паслаў трох — сяржанта Дзянiсава, мяне i гэтага Краўчонка. Лiнiю зматвалi. Якраз цераз лес дарожка iшла. Лес, скажу табе, спрэс дубовы, мацнецкi лясок. Дубы аж да неба i падлесак ладны. Iдзем. Дзянiсаў наперадзе, слаўны такi хлапец, сiбiрак, малады яшчэ, а геройскi, два ордэны меў, камандзiрам быў лiнейнага аддзялення. За iм я — кручу на шпульку, а шпулька старая, халера на яе, усё заядае, шасцяронка спрацаваная.

— Трафейная, мусiць?

— Не, шпулька свая, памятаю. А кабель, праўда, трафейны. Чырвоны. У наступленнi яго процьма. Мы не вельмi i даражылi iм, калi дык i не зматвалi, адключыш апараты i далей. На новым месцы знойдзем i кабель.

— Во як! А мы, памятаю, у абароне на калючым дроце працавалi. Замест кабелю — калючкi ў траншэi i нiчога — балакае начальства.

— Дык то ж у абароне. У абароне на ўсё лiмiт: на харч, снарады, махорку нават. У наступленнi ж наконт гэтага раздольна. I шнапсу трапляла нават. Дык лiнiю тую трэба б кiнуць, i ўсё. Але Дзянiсаў не даў. Загадана, кажа, значыць, трэба выканаць. Службiст быў. Ну iдзем i матаем. Краўчонак поўныя шпулькi нясе. Ужо, напэўна, вярсты са дзве знялi, у Краўчонка тры цэлых шпулькi, у мяне амаль поўная. I Краўчонак усё азiраецца, вядома ж, боязна iсцi ззаду. А скажу табе, немчуры там поўна было. Абкружылi ж iх пад Кiшынёвам…

— А, чуў. Лектар неяк казаў. Быццам пятнаццаць тысяч.

— Гэ, пятнаццаць! Дрэнна ён тады ведае, твой лектар. У цябе гарыць?.. Халера, някрэпкiя сталi сiгарэты, ды i не гараць. Падмочаныя, цi што?.. Пятнаццаць? Усе трыццаць. Цi нават пяцьдзесят. Яны, брат, як ваўкi, паразбягалiся, хто куды. Каторыя, праўда, у палон здавалiся, а каторыя эсэсаўцы, власаўцы цi там начальства, — тыя ўсё на захад, напралом да сваiх. З гэтымi ў нас стычкi былi ого! Браце ты мой! Камандзiра брыгады там паранiла. Ага, дык iдзем, значыць, i чуем, быццам за кустамi тожа хтосьцi нiбыта брыдзе. Прыслухалiся — сцiхла, быццам i няма нiкога. Толькi зноў рушылi, Дзянiсаў як крыкне: «Хальт!» Я, знаеш, за шпулькай так i прысеў. А Краўчонак ужо ляжыць. I тут, бачым, у кустах як iрванецца — чалавек з пяць. Наўцёк. Я толькi спiну аднаго ўбачыў — блiзка, во як да зруба. Шапка iхняя i шынель з чорным каўняром. Я шпульку ўбок i за аўтамат. А Дзянiсаў: «Стой, — кажа. — Так возьмем». I чаргой па дубах — ажно кара пасыпалася. Верхам браў, значыць. I сам туды, у кусты. Я за iм. О, чакай, брыгадзiр коцiць. Фёдар! Фёд! Дык гэта наконт каня як?

— На калi?

— На заўтра ранiчкай…

— Заўтра не будзе. Заўтра ветправерка. На яшчур.

— Во хай яе. Ну, можа, пад вечар?

— Кажу, заўтра нельга.

— Калi ж тады?

— Пройдзе праверка, пасля. Цяпер некалi.

— Ну канечне ж, некалi яму. Пагнаў у Стайнiкi да Iллючонка чымергес пiць. Не вiдно хiба. Да…

— Ну што ж… I выпiць трэба.

— Трэба! Хто кажа — не трэба? Гледзячы калi i як.

— Ну, ну. Дык Дзянiсаў у кусты. А далей?

— Што далей? Далей — як пырсне чарга, дык мы вобзем. Чую, морда ўся мокрым заляпана. I пагоны, барада, рукi. Аж спалохаўся. Ды не балiць. Што за халера! А пасля бачу — ляжыць Дзянiсаў, i мазгi на траве. Ты бачыў калi мазгi на траве?

— Не, не дай Бог…

— Не дай Бог! Я аж зледзянеў. I бачу, пабеглi трое. За дубы. Я прылажыўся, як даў — адзiн вобзем. Адзiн — прама, адзiн — убок. Ну, ускочыў, кажу Краўчонку: «Лапай таго!» — што ўбок, значыць. А сам за пярэднiм. Як прыпушчу. Чорт, адкуль толькi спрыту набраў. Хаця маладзейшы ж быў. I два скакуны меў, не тое што цяпер. Як урэзаў — гляджу, даганяю. Ладны такi фрыцуга, цыбаты, у камбiнзоне. Ён па мне з-за дуба пук-пук — кулi ля вуха. А i я за дуб. Камель во! Нiякая куля не возьме. Ён пукне — ды за наступны. А я — за ягоны. Так i гулялi ў даганялку. I я, ведаеш, правiльна разлiчыў. Думаю, страляй, страляй, — у мяне болей патронаў. Я цябе прыцiсну…

— Ге, не дужа iх лёгка было прыцiскаць. Мы раз пад Аўгустовам акружылi чалавек сто, дык бiлiся да апошняга. Толькi параненых некалькi засталося. Астатнiя — трупы.

— Ну… Не, я правiльна скумекаў. Сышлiся мы за адзiн дуб. Значыць, дагнаў я яго. Ён па адзiн бок, я — па другi. Тут ужо ўцякаць яму — не з рукi, баiцца, адбяжыць — я i тыркну ў спiну. Дык ён хаваецца. Я аўтамат напярод i бокам за iм. Ён бокам ад мяне. я ў другi бок — ён таксама. Як дзецi. Цяпер дык аж смешна. Тады — не да смеху, праўда, было. Злосць мяне разабрала, ашалеў проста. За Дзянiсава — такi хлапец!.. I вось якраз падляцеў — прама на яго парабел. Чую — трэсь, курок, значыць, а стрэлу няма. Асечка, цi што? Цi, можа, патроны ўсе?

— Асечка. Калi патроны канчаюцца, тады гэты парабел iх затвор паднiмае. Тарчком так.

— Можа, i асечка, ага. Падскочыў я ды як трахну яго прыкладам, ён i паляцеў спотырча. Я зверху. Згрэб яго рукi, аўтамат мой не ведаю, куды i дзяваўся. Але i ён, гадзiна, дужы, рукасты фрыц, не якi там пархацiк. Пiсталет у яго выпаў, ну, думаю, цяпер ты мой, галубчык. I тут трохi здзiвiла мяне, помню, рукамi ён не за мяне, а нешта за сябе хапнуўся. Так, глядзь я гэта, а ў яго на двух пальцах ужо колца з чакой. Выдзернуў, значыць. а ў другой граната.

— Ого!

— Я ўвесь ахалонуў, аж воласы дыбам. Але неяк паспеў, згрэб ягоную лапу з гранатай. Як цяпер памятаю — зялёненькая такая, круглая, бы гусiнае яечка, з паскай пасярэдзiне. а ў канцы — вядома, узрывальнiк. Знаеш жа — планку адпусцiць, пстрыкне i — капут абодвум. Кiшкi на сучча… Дай тваiх паспрабаваць, балгарскiх, гэтыя нягеглыя нешта. Сiгарэт i тых людскiх прывезцi не можа. Гандлярка наша.

— Мусiць жа, сама не курыць?

— Сама-та не. Дык мужык курыць. Магла б пацiкавiцца. А то ж без курава якая жызнь!

— Не дужа яны тым цiкавяцца.

— Ось i бяда. I м абы выручка i каб клопату менш. Хаця магло i на базе не быць. I такое мажлiва. Ну. Дык, значыць, сапiм мы абодва i выкручваемся, як вужы. I ўсё ж я ашчаперыў яго лапу i дзяржу, аж жылы мае трашчаць. А ён i так, i гэтак — морда ўся ў поце, вочы на лоб, зуб сталёвы ў роце блiскае — болей мне з таго зуб гэты запомнiўся — белы, як лыжка, блiскучы. I, мусiць, не ўтрываў я, здаў недзе. Ён i пхнуў гранату абоч, якраз ля майго калена ў траву. Я, ужо халадзеючы, неяк злаўчыўся, нагой яе як шпоркну ад сябе. Чую, хляснула — узрывальнiк, значыць, я на другi бок за яго, а тут як грохне — дымам, зямлёй завалiла, боль… Не дакумекаеш ужо, што i балела. Проста боль, хоць заравi я i ачумеў. Самлеў. Нiчога не помню.

— Во i ў нас гэтак было. На Пулкаўскiм. Наш аддзялённы Яфiмкiн першы ўварваўся ў дзот, схапiў кулямёт iхнi… I давай…

— Ты чакай… Ачнуўся, чую — смярдзiць калёным, падняў галаву — млосна i ванiтаваць хочацца. Ляжым мы крыж-накрыж — ён, праўда, на мне — i недзе рыззё тлее. А пада мной мокра — кроў яго i мая — усё ў адной лужыне. Неяк сапхнуў яго — камбiнзон у шматы, ўся спiна, знаеш, нiбы ваўкi яе рвалi. Але i я — не дай Бог! Крануўся — чую, хана! Нага нежывая, косць тырчыць, ад бота — кiрзовыя ласкуты. Давай крычаць. Разы два вякнуў i зноў самлеў.

— Ну! Ведама ж, калi крывi столькi. I яшчэ вады хочацца, ага?

— Во праўда. Смага — гарэла ўсё.

— Гэта ад крывi. Кроў выходзiць — пiць хочацца. Знаю… I з Яфiмкiным так было, ледзь уратавалi. Ну, прадставiлi яго да Героя, а нас — каго да Айчыннай, каго да адвагi…

— Усё ж пашэнцiла. Пачулi сапёры. Унялi кроў, вывалаклi мяне на дарогу. У таго фрыца дакументы забралi. Прывязлi ў вёску, дзе штаб наш. А Краўчонак ужо сядзiць на прызбе, чакае палкоўнiка да залiвае хлопцам, як немца лавiў. Аказваецца, i ягоны фрыц тут жа, у хаце. Як мы разбеглiся ў лесе, Краўчонак з iм дужа не цацкаўся — куляй цюкнуў у плячо, той i задраў руку ўгору. Ну, Краўчонак i выгнаў яго на дарогу. Падбеглi байцы — глядзяць, што за звер. А немчык стары такi, з адышкай, даволi плюгаваты — словам, нiкчэмны фрыцок. Адно толькi пагоны нешта дужа кручоныя. Павялi ў штаб, а там як убачылi, як набеглi, — аказаўся генералам, крыж такi меў з дубовымi лiсцямi. Ну яго, канешне, на самалёт i — у штаб фронту. Да самаго камандуючага. А мой фрыц, калi раскумекалi ў дакументах, быў ягоны шафёр. Каб на цябе халера! Ну, вядома, праз месяц Краўчонку — ордэн Ленiна, сяржанта прысвоiлi. Во як! А я ўжо на тым i скончыў — сем месяцаў у шпiталi — адзiнаццаць ран, не жартачкi. Нагу адцяпалi па калена. Во як!

— А мы гэта свае мядалькi праз тыдзень i палучылi. А Яфiмкiн, бедалак, прыходзiць са шпiталю, няма нiчога. Кажуць — на Героя не пацягнуў. Так i застаўся без нiчога.

— Ну дык гэта што! А Краўчонка ў штаб узялi. Як жа — з такiм ордэнам. Гэткай узнагароды нават палкоўнiк не меў. Дэмабiлiзаваўся — у калгас ужо не пайшоў, старшынёй сельпа паставiлi. Вунь паглядзеў бы на яго дамоўку.

— Бачыў. З верандай, сiнiм пафарбавана.

— Ну. Жыве чалавек! Але хай! Я не шкадую. Супраць нiчога не маю. Толькi думаю: ось жа каму пашэнцiць, а каму i не…

— Гэта так, канешне.

— Во я i кажу.

— Жыццё! Глядзi, а ў цябе ўжо i бульбачка зацвiтае. Скараспелка?

— Ну. Ледзьве пад старасць на жыццё ўзбiўся. А то ўсё па бальнiцах. I, халера на яго, — бо не за тым пабег. Але хто ж ведаў, за кiм было бегчы.

— А я сваю ўжо раз паганяў. Ды дрэнь нешта. Калi б сорт памяняць.

— Ось так яно. А бульба што — вырасце. Хоць драбненькая. Вунь лета быццам нiшто стаiць.

— Лета нiшто. Людскае.

— Ну! А ты кажаш…

1966 г.

Загрузка...