Аляксандр КАПУСЦІН
САЛЁНАЯ РАСА
Газета «Правда» за 10 жніўня 1941 года надрукавала перадавы артыкул «Военное искусство, помноженное на храбрость». Побач з артыкулам змешчан партрэт капітана Фёдара Аляксеевіча Баталава.
I
Яны сядзелі за невялікім, збітым наспех, з непагабляваных дошак сталом. Гаварылі мала, найбольш маўчалі. У іх так заведзена было — сказаць тады, калі думка акрэпла. Пасля доўгай паўзы Баталаў падняў галаву. Стомлена глянуў збоку на свайго паплечніка, ад’ютанта старшага (так афіцыйна называлася пасада начальніка штаба батальёна), і ў галаве міжвольна пранеслася: «Мядзведзь!» У паўзмроку зямлянкі масіўная фігура капітана Садоўнікава з шырачэзнымі плячамі і вялікімі цяжкімі рукамі выглядала яшчэ больш магутнай. Падалося, Садоўнікаў зараз расправіць плечы, і яны ўвапруцца ў сцены цеснай зямлянкі, з трэскам рассунуць іх. Яму б зноў за руль трактара…
Дзесьці ў кутку абазваўся цвыркун. Раз, другі… I калі ён паспеў там апынуцца?
Баталаў устаў з-за стала.
— Давай свежым паветрам дыхнём.
Пайшоў расчыніў дзверы. Нізка прыгнуў галаву, каб не стукнуцца аб вушак, ступіў крок. Стаяў каля парога, жмурыўся ад сонца. Глядзеў на зарослы бярэзнікам і асіннікам узлесак, на адзінокае белае воблачка, што выцягнулася на небе доўгай вузкай паскай, на блішчастую стужку Дняпра. У душы варухнулася штосьці далёкае, паўзабытае. Прыгадалася Волга, прыгожая, з цёмна-зялёнымі пералескамі берагі яе каля роднай Казані. «Эх, паплаваць бы цяпер, паныраць!» — з жалем і смуткам падумаў Баталаў і гукнуў у зямлянку:
— Ну што, хопіць адпачываць?
— 3 мяне хопіць, а вы глядзіце, як вам,— адказау Садоўнікў. Ён так і сядзеў, не мяняючы паставы, схіліўшыся над картай, якая ляжала на стале.
Баталаў хацеў ужо ісці ў зямлянку, ды позірк яго ўпаў на яркі жоўта-белы рамонак збоку ад дзвярэй. Краска пахілілася да зямлі, на сцябло каля кораня хтосьці наступіў. Ён нагнуўся, сарваў рамонак. Зачыніў дзверы, вярнуўся на сваё ранейшае месца. Наліў у бляшанку з-пад кансерваў вады, апусціў туды кветку і паставіў бляшанку на падаконнік. Змрочная зямлянка як бы змянілася, нібы пабольшала і пасвятлела.
Штаб палка тэрмінова паведаміў, што, магчыма, неўзабаве будзе загад аб наступленні, трэба неадкладна да гэтага рыхтавацца. I яны, камбат і ад’ютант старшы, ужо каторы час падрабязна, прыдзірліва абмяркоўвалі баявы стан кожнага падраздзялення батальёна, магчымыя варыянты аперацыі, маршруты і шляхі наступлення рот.
— Здаецца, усё,— сказаў нарэшце Баталаў.
Абодва задумана памаўчалі.
Пасля абеду камбат даў Садоўнікаву некаторыя распараджэнні па штабе, сам накіраваўся ў шостую роту. Камандзір яе лейтэнант Гарнага на гэтую пасаду прызначаны нядаўна, і трэба было паглядзець, на месцы разабрацца, як ён там камандуе.
Гарнага, як і належыць прыкладнаму вайскоўцу, пасля кароткага рапарта грунтоўна дакладваў пра ўсё, што высвятляў капітан. Гаварыў разважліва, не ўпускаў дэталей, а часам нават і акцэнтаваў на іх увагу. Гэта спадабалася Баталаву. Ён з ухвалаю падумаў: «Правільна засвоіў, лейтэнант, на вайне ў адзін бок глянуў — у другім пабачыў».
Рота асталявалася грунтоўна. Траншэя, акопы былі глыбокія і вузкія, але не настолькі, каб там не павярнуўся. Акурат такія, адкуль і страляць зручна, і дзе можна ўкрыцца ад асколкаў пры бамбёжках і артабстрэлах. Жоўты пясок бруствераў прыкрывала густа нацярушаная трава.
Камбат паглядзеў уздоўж траншэі, твар яго нібы застыў. Праз хвіліну густыя бровы зварухнуліся.
— I доўга вы збіраецеся тут сядзець?
— Як будзе загадана,— бойка адказаў Гарнага і дадаў: — Мы і да наступлення гатовы.— Падазрона глянуў на Баталава: што азначае гэтае пытанне?
— То не лішне было б паслухаць пра вашу гатоўнасць.
Камандзір роты стараўся выглядаць упэўненым і рашучым. Пачаў расказваць.
Асаблівую ўвагу ён звяртаў на тое, як павінна разгортвацца атака. У розных сітуацыях і варыянтах. На стралковыя ўмацаванні, на пазіцыі мінамётчыкаў і артылерыстаў. Калі праціўнік адступае і калі кідаецца ў контратаку… Баталаў уважліва слухаў лейтэнанта і спадцішка прыглядаўся да яго.
Гарнага леташняй восенню скончыў ваеннае вучылішча і прыняў узвод. А калі на мінулым тыдні ў час бамбёжкі параніла ротнага, яго і прызначылі на гэтую пасаду.
Усе паважалі крыху мешкаватага з выгляду лейтэнанта: вытрыманы, сумленны, адкрыты. Казалі таксама, што душа ў яго чулая, пяшчотная — ён, прыкмецілі, рэгулярна пісаў пісьмы нявесце. Але бывала, што часам пад настрой, нязлосна, з блазенскай дураслівасцю, за вочы пакеплівалі з яго: ну і но-ос — бульбіна! Бог дваім нёс, ды шчасліўцу аднаму дастаўся…
— Добра, лейтэнант,— стрымана перапыніў Гарнагу Баталаў.— Цяпер вядзі далей, знаём з людзьмі.
Яны хадзілі па траншэях і акопах. Камбат правяраў, у якім стане зброя і амуніцыя, гутарыў з узводнымі, з байцамі. У час гэтых гутарак ён адчуваў: нешта хочацца ўспомніць. Але што? Адгадка, здавалася, вось-вось знойдзецца, ды не знаходзілася.
У траншэі з’явіўся сувязны штаба батальёна. Прыклаў руку да крыху ссунутай набакір выцвілай пілоткі, далажыў: капітан Садоўнікаў загадаў перадаць — камбата на семнадцать гадзін выклікае Пяты.
Выклікі ў штаб дывізіі Баталаў не лічыў нейкай асаблівай падзеяй. Аднак цяпер нешта насцярожыла яго. Нешта падказвала: наступіў, відаць, той рашаючы, самы адказны час. Гарнага, камандзір узвода і байцы, пачуўшы ад сувязнога пра выклік, прыціхлі, пазіралі на камбата пільна і напружана. Баталаў абвёў усіх спакойным позіркам. Каранасты, дужы, ён нагадваў добрага асілка.
— Што ж, таварышы чырвонаармейцы, затрымалі мы гітлераўцаў тут вось, на Дняпры, а цяпер дык ці не пара ўжо і даваць ім ад варот паварот,— сказаў да тых, што былі паблізу ад яго. Словы выгаворваў цвёрда, са знарочыстым прыціскам.
— Так точна, таварыш капітан, трэба ўжо гнаць гэтую погань з нашай зямлі,— адказаў прысадзісты сяржант.— Так турнуць, каб ажно ў іхнім фатэрляндзе завішчалі.
— Во-во, каб ажно там завішчалі Гітлер і ўся зграя яго. Галоўныя ж фашысцкія заправілы там сядзяць. Адтуль на смерць людзей накіроўваюць… Як ваша прозвішча?
— Сяржант Галаўчэня-Шакірзянаў, камандзір аддзялення…— адрапартаваў чырвонаармеец. Прамовіў і сцяў вусны. А па твары яго прайшлася ледзь улоўная дробная дрыготка. Баталаў адчуў, што сяржант нешта недагаворвае.
— Вы яшчэ што маеце сказаць, сяржант?
Галаўчэня-Шакірзянаў пазіраў на камбата дапытліва і пільна.
— Чаго маўчыце?
— Ад нечаканасці, таварыш капітан. Разгаворымся яшчэ.— Сяржант раптам павярнуўся да шчуплага курносага байца: — Дудка, можа, цытату? — Адразу падбадзёрыўся, нібы знайшоў якраз тое, што зараз ажывіць гаворку, растлумачыў: — Гэта кулямётчык. Другі нумар ручнога кулямёта радавы Дудка. Ён у нас, як гаворым пра што, цытатамі пацвярджае. Так Пушкін сказаў, так Горкі…
Дудка пачырванеў, збянтэжана выпрастаў па швах даўгапалыя загарэлыя рукі з чорнымі рыскамі пад ногцямі. Куточкі яго вуснаў горка пасунуліся ўніз.
— Не, я сам скажу, без цытаты,— ціха і павольна, быццам цераз сілу прагаварыў Галаўчэня-Шакірзянаў.— Нясцерпна балюча, таварыш капітан, крыўдна. I незразумела… Упэўнены былі… I ў песнях, і ў газетах, па радыё…— вострый вочы насцярожана паглядзелі на камбата, як злоўленыя на нядобрым.
У позірку Баталава спярша адбілася трывожнае здзіўленне і збянтэжанасць. Ды гэта толькі на момант. Ён схамянуўся, зірнуў на сяржанта сурова.
— Вы пра што, таварыш чырвонаармеец? — спытаў, ледзь звузіўшы вочы.
Баталаў ніяк не мог узяць у толк, сур’ёзна гаварыў сяржант ці так, легкадумна вырвалася ў яго. Тым часам тое недарэчнае спачуванне хутка выцяснялася злосцю. Стараючыся ўнікнуць у сэнс кожнага слова Галаўчэні-Шакірзянава, ён падумаў, што пра гэта, відаць, была тут гаворка да яго.
Тое, што выказаў сяржант, патрабавала ад Баталава адказу. Але што ён мог сказаць?.. У яго і ў самога смылела ў душы адчуванне якойсьці прытоенай, прыглушанай непамыснасці і згрызоты. Спявалі — сваёй зямлі вяршка не аддадзім. Ды вось жа бачыш!.. А чаму яно так здарылася?.. Ён са злосцю гнаў ад сябе гэтыя вярэдлівыя думкі-неўгамоны, адмахваўся ад іх, як ад нечага дужа шкоднага і нясцерпна-прыкрага… Ваяваць трэба, біць і біць пачвару, звяругу шалёнага. Смертным боем… Тым часам горкія думкі не пакідалі яго. Чаму адступаем? Няўжо ў немцаў зброя лепшая? Танкаў і самалётаў больш?.. Ліхаманкава, балюча шукаў адказу на гэтыя бязлітасныя і жахлівыя ў сваёй незразумеласці «чаму», але ўсякі раз натыкаўся на новыя, ад якіх аж гуло і трашчала ў галаве.
— Фашыст што, мацней, чым мы? Ці ваяваць лепш за нас умее? — цяжка, глуха прагаварыў Галаўчэня-Шакірзянаў.— Калі так яно, то чаму?
У гэтую мінуту ён выклікаў у камбата непрыязнасць, і Баталаву хацелася рэзка асадзіць яго: што за размовы, сяржант, адставіць! Ды нешта большае, чым тактоўнасць, якую камандзір павінен праяўляць да падначаленых, стрымлівала яго. Ён углядваўся ў вострыя неспакойныя вочы і ў самай глыбіні іх пабачыў адчай і смутак.
— У полі — дзве волі: чыя мацнейшая,— азваўся немалады шыракатвары баец, які пазіраў насуплена, набычыўшы круталобую галаву.— Няпраўда, наткнецца фашыст рылам на кулак.
Баталаў прыгледзеўся да яго, пазнаў: кулямётчык ручнога кулямёта радавы Кірычэнка, на вучэбнай стральбе са ста магчымых выбіваў дзевяноста восем — сто ачкоў.
3 лугу падзьмуў вецер, прынёс пахі красак і парахавога дыму.
I для Баталава самога, і для ўсіх было нечаканым, калі ён праз мінуту са знарочыстай жартаўлівасцю кінуў:
— Гэта добра, што мы ўсе злуёмся. Калі чалавек раззлуецца, у яго, кажуць, сілы і адвагі большае. Правільна я гавару, баец Кірычэнка?
— У асноўным правільна, таварыш капітан.
— Чаму — у асноўным?
— Бо гэта — у каго ад чаго. У некаторых — дык ад страху. Правільна я гавару, Валодзька? — у сваю чаргу спытаў Кірычэнка ў Дудкі.
Дудка зноў пачырванеў, байцы заўхмыляліся. Усе ведалі смешную гісторыю, на якую намякаў Кірычэнка.
Адбылася яна з Дудкам незадоўга да прызыву ў армію. Ішоў ён каля нешырокай плыткай рачулкі. 3 ягад вяртаўся. Нахадзіўся па лесе за паўдня — дык ледзь ногі перастаўляў. Раптам за спіною пачуў пагрозлівы роў. Азірнуўся — а да яго, адбіўшыся ад статка, які пасвіўся непадалёку, ляціць бык. Апусціўшы галаву да зямлі, вось-вось падчэпіць на рогі. Хлопец не памятаў, як адным махам сігануў на другі бераг. I кошык як быў поўны, так і застаўся. Пасля ўжо колькі ён ні спрабаваў зноў пераскочыць рачулку ў тым месцы — не змог. Усё плюхаўся ў ваду.
I трэба ж было яму прагаварыцца пра тое здарэнне! Сядзелі аднойчы пасля заняткаў па тактыцы бліжняга бою, задымілі цыгаркамі. Але дзе калі было, каб моладзь уседзела ціха! Пачалі прыгадваць розныя вясёлыя, смешныя гісторыі. Ну, Дудка па прастаце душэўнай і расказаў пра быка. Рогату было — на ўсё наваколле. «Валодзька, а ты недарэмна драпануў ад такога звера? У яго, можа, рогі былі — як сухія чараціны…» — «А то не заяц быў, Валодзька? Зайчыныя ж вушы тырчаць, як бычыныя рогі…» Цяпер як што — «Валодзька, табе не сніўся бык з зайчынымі вушамі?..»
Дудка не крыўдзіўся: хай пажартуюць зубаскалы, калі ім хочацца. Сам злёгку расцягваў губы ў наіўнай усмешцы.
Над імі прасвістаў снарад, бабахнуў метраў за трыста ад траншэяў. Недзе злева доўга басавіта — бух-бух-бух — пацягнуў чаргу буйнакаліберны кулямёт. «На ўчастку чацвёртай роты»,— міжвольна адзначыў Баталаў, прыслухаўшыся.
— Усё мацае, злыдзень, прыстрэльваецца.— Галаўчэня-Шакірзянаў пасунуў на патыліцу каску. Сціснуў кулакі, потым павольна разняў пальцы, быццам не ведаючы, за што зачапіць рукі.
Хвіліну стаялі моўчкі. Дудка злавіў зубамі галінку асінкі, што навісала над тварам, перакусіў яе і зморшчыўся ~ адчуў на языку гаркоту.
Цяпер, калі непрыемная гаворка скончылася сама сабою, Баталаву захацелася сказаць байцам нешта падбадзёрлівае. Такое, што адганяла б змрочныя думкі, настройвала на аптымістычны лад, неабходны ўсім у гэтых выключна цяжкіх абставінах, як само паветра.
— Неўзабаве, таварышы чырвонаармейцы, мы рушым наперад.— Ён сказаў і глыбока ўздыхнуў, быццам гэты ўздых спатрэбіўся яму, каб сказаць нешта яшчэ больш важнае і значнае.— Я ўпэўнены, што кожны з нас пойдзе ў наступ на паганых гітлераўцаў з адной думкай у сэрцы: у вогненную буру Радзіма паслала нас, каб мы абаранілі жыццё ад чорнай, раз’юшанай, нахабнай сілы.
Баталаў гаварыў не толькі чырвонаармейцам, а і сабе. У сказанае ўклаў і тое набалелае, што скіпелася ў ім пакутлівай немаччу, і гарачую прагу перамогі, і веру ў яе. А ў напружанай, растрывожанай душы глыбока і ўзрушана адчуваў, можа, нават не столькі самую веру, колькі зацятае, непераадольнае жаданне верыць.
На небе, напаўзаючы з поўдня, збіраліся хмары. Баталаў паглядзеў, як светлы празрысты блакіт зацягваўся шэранню, зірнуў на вялікі гадзіннік, туга прымацаваны да рукі цёмна-жоўтым бліскучым раменьчыкам. Стрэлкі паказваля шаснаццаць гадзін трыццаць пяць мінут. Пара было ісці ў штаб. Ён развітаўся з чырвонаармейцамі і пайшоў.
Ступіўшы некалькі крокаў, ён, мусіць, адчуў, што ардынарац не ідзе. Азірнуўся. Караневіч нешта запісваў у блакнот. Бялявы, тонкі, у выцвілым, але чыстым баваўняным абмундзіраванні, якое было яму па фігуры, ён нагадваў падлетка. Быццам вось-вось устаў з-за парты, выйшаў са школы. Баталаў нічога не сказаў яму, толькі падумаў: «Што ён усё запісвае?»
Капітан ішоў разам з Гарнагам. Лейтэнант расказваў, што разведчыкі Жлобінскага знішчальнага батальёна выявілі новае кулямётнае гняздо. Лявей ад будынка лазні, калі глядзець ад Дняпра, у акопе. Досвіткам яны пераправіліся праз раку, іхні камандзір узвода Ткачоў — прама да яго.
Па просьбе штаба палка разведчыкі ўвечары прабіраліся ў раён рынку: штаб цікавіўся, ці не размясцілі немцы за рынкам свае мінамёты альбо артылерыю. Калі яны праходзілі каля лазні, яшчэ нічога там не было. А вяртаючыся перад світаннем назад, ледзь не наткнуліся на акоп. Каб фрыц не кашлянуў, прама на яго напароліся б.
Гарнага выняў з кішэні пачак папярос, прапанаваў капітаy закурыць. Баталаў адмовіўся. Гарнага таксама не стаў закурваць, паклаў папяросы назад.
Неба ўсцілалі воблакі, і сонца то з’яўлялася, то знікала.
Луг у цяністых і сонечных плямах быў падобны на шкуру нейкага вялізнага, казачнага звера.
— Ткачоў кажа, нешта занепакоіліся гітлераўцы. I за рынкам ноччу ліхаманкава мітусіліся з гарматамі — усё пазіцыю выбіралі. То да адной прымерваліся, то да другой. Падобна, што рыхтуюцца да абароны.
Камбат, мякка ступаючы па прытаптанай траве, ішоў лёгкім і спружыністым крокам. «А ў гэтага апалчэнца, відаць, пільнае і разумнае вока»,— падумаў сам сабе. Пра Ткачова ён неаднойчы чуў у штабе палка. Нават сам Пятроўскі запрашаў разведчыка на гутарку: мясцовы жыхар, ведае ў горадзе ўсе хады і выхады.
Ткачоў не адзін раз дастаўляў у штаб сто пяцьдзесят чацвёртай дывізіі каштоўныя звесткі аб сістэме абарончых збудаванняў гітлераўцаў у Жлобіне ўздоўж Дняпра. Аб іхніх апорных пунктах з агнявымі кропкамі на чыгўначным насыпе, у раёне дэпо, хлебазавода, на вадакачцы. За гэта камкор Пятроўскі ўзнагародзіў яго імянным пісталетам.
— Ты сёння яшчэ ўбачыш Ткачова? — спытаў Баталаў у лейтэнанта.
— Думаю, убачу,— адказаў Гарнага.
— Перадай, што я прашу, каб ён пад вечар, калі зможа, зайшоў у штаб батальёна.
Баталаў і Караневіч павярнулі на сцежку, якая вяла ў глыб лесу, а Гарнага вярнуўся ў размяшчэнне роты.
— Вы ведаеце, чаму ў тога сяржанта двайное прозвішча? — памаўчаўшы, штосьці ўспамінаючы, звярнуўся да камбата ардынарац.
— Адкуль жа мне ведаць?
— Сваё і жончына — вось чаму.
— А ты адкуль ведаеш?
— Дык мы ж з ім землякі, аднавяскоўцы.
— Вось як!
— Ён у нашай вёсцы з’явіўся незадоўга да прызыву ў армію…
I Караневіч расказаў.
Бацька Галаўчэні, машыніст паравоза, загінуў у час крушэння поезда. Маці таксама напаткала бяда — вясною, у адлігу, пераходзіла рэчку па лёдзе і трапіла ў палонку. Хлапчук выхоўваўся ў дзіцячым доме. Скончыў школу, працаваў слесарам на заводзе і прыехаў у госці да бацькавай дваюраднай сястры. Тыдзень гасцюе, другі… Удзень разам з усімі сена ў калгасе зграбае, стагі кідае, вечарамі ў клуб ходзіць, хвацка танцуе польку з даяркай Гульдаміной Шакірзянавай, такой жа, як і сам, сіратой. Нядзельным днём наведаліся з дзяўчынай у сельсавет, а пасля гэтага ён пераступіў парог яе хаты. I ўжо не Галаўчэнем, як быў ад нараджэння, а Галаўчэнем-Шакірзянавым. У сельсавеце сказаў: «У Гульдаміны няма братоў, але ж хай яе прозвішча не зводзіцца, нельга, каб звялося».
Заімжыў дожджык. Дробныя дажджынкі ціха сыпаліся на дрэвы, на ўтравянелы дол.
За Дняпром загрукатала. Баталаў спыніўся, павярнуўся ў той бок. На душы было неспакойна.
II
У штаб дывізіі сыходзіліся камандзіры і камісары. Баталаў пашкадаваў, што не было камісара яго батальёна: собіла ж чалавеку прыхварэць у такі час!..
У новай, з пахучага смалістага бярвення хаце расселіся ўздоўж сцен: на лаўках з белых, чыста пагабляваных дошак, на табурэтках і венскіх крэслах з круглымі точанымі ножкамі і выгнутай фанернай спінкай. Найбольш увішныя, аматары камфорту, уладкаваліся на мяккай канапе, абцягнутай чорным бліскучым дэрмацінам.
Баталаў зірнуў на гадзіннік. У гэты момант расчыніліся дзверы з той палавіны хаты, што была ад вуліцы, і ў праёме з’явілася добра ўсім знаёмая постаць камандзіра корпуса Пятроўскага. Усе паўскоквалі, павыцягваліся па стойцы «смірна». Камкор прайшоў да стала, што стаяў каля завешанага белай занавескай акна.
— Сядайце, таварышы,— сказаў нягучным, але выразным голасам. Быў ён у шэрай каверкотавай гімнасцёрцы з прывінчанымі да яе ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі. Высокі, стройны, ён здаўся Баталаву вышэйшым, чым раней, калі даводзілася бачыць яго.
Разам з ім зайшоў і сеў за стол камандзір дывізіі Факанаў.
Пятроўскі ўважлівым позіркам акінуў сур’ёзныя твары камандзіраў.
— Пачнём, таварышы.
Дакладвалі камандзіры палкоў. Дзе якія падраздзяленні будуць дзейнічаць, якімі агнявымі сродкамі яны забяспечаны, як мяркуецца іх узаемадзеянне на выпадак контрнаступлення праціўніка.
Пятроўскі сядзеў, ледзь схіліўшы набок галаву. Баталаву здавалася, што ён паўтараў у думках выкладкі камандзіраў і анічога ўжо не забудзе.
Баталаву нямала даводзілася чуць пра выключныя ваенныя здольнасці камандзіра корпуса, пра яго валявы і неўтаймоўны характар, пра дабрату і чуласць да людзей. Цяпер хацелася знайсці хоць нейкія адзнакі гэтых. якасцей у знешнім абліччы камкора, таму час ад часу павольна, каб не звяртаць на сябе нічыю ўвагу, Баталаў паварочваў да яго галаву. Прыглядваўся да разумных вачэй, якія пазіралі задумліва і крыху маркотна, да прыгожага смуглявага твару з чорнай шчотачкай вусоў пад крышку шыракаватым носам.
Паглядзеўшы ў разгорнутую на стале карту камандзіра дывізіі, Пятроўскі падняў вочы, і густыя бровы яго, што былі ссунуліся да пераносся, разышліся.
— Камандзір другога батальёна!
Баталаў борзда ўсхапіўся з лаўкі:
— Слухаю, таварыш камкор!
Ён дапускаў, што камандзір корпуса, як і кожнага іншага, можа падняць яго. Тым не менш у першы момант як бы разгубіўся ад гэткай нечаканасці. Спачатку намячалася, што іхні полк будзе ў карпусным рэзерве. А тут… Можа, меліся на ўвазе нейкія магчымыя перамены?
— Вы звярнулі ўвагу на тое, што сказана пра вас? — Вочы Пятроўскага на імгненне крышачку прыжмурыліся. — «Усе падраздзяленні другога батальёна вызначаюцца высокай вывучкай, а камандзір з часоў вайны з белафінамі носіць ордэн Чырвонага Сцяга». Звярнулі?
У Баталава мільганула ў галаве: «Слова ў слова. Мабыць, паўтараў-такі».
— Думаецца мне, што такая атэстацыя, капітан, да многага абавязвае.
— Так точна, абавязвае, таварыш камкор!
— Можа, вам у наступленні спатрэбяцца дадатковыя агнявыя сродкі? Як лічыце?
Камбат на момант задумаўся.
— Відаць, не.
— 3 чаго вы зыходзіце?
— 3 данясенняў і нашай разведкі, і разведчыкаў мясцовага знішчальнага батальёна мы атрымалі пэўныя звесткі пра сістэму абароны праціўніка. Ведаем, як яна насычана кулямётамі і мінамётамі. Хіба толькі…
— Што — «хіба толькі»?
Баталаў маўчаў.
3 пачатку нарады ён заўважыў, што ў вачах, у цяжкіх акамянелых рысах твараў яе ўдзельнікаў праглядваліся смутак і трывога. Нешта такое варушылася і ў яго ў душы. Але адкуль гэты настрой?.. Быў момант, калі ён ненадоўга адключыўся ад нарады, памкнуўся ўсвядоміць, што яго даймала. У галаве адразу недарэчна пранеслася горкае і неадчэпнае: «Дзе нашы самалёты?»
Упершыню гэтая жорсткая думка апякла яго, калі аднаго разу давялося назіраць, як беспакарана разбойнічала нямецкая авіяцыя.
Па бальшаку на ўсход адыходзіла даволі пашкуматаная ў баях часць. Ішлі стомленыя пехацінцы; перахлябленыя, з абвіслымі вушамі коні цягнулі саракапяткі. Пасярэдзіне гэтай калоны кацілі павозкі, у якіх сядзелі і ляжалі байцы з забінтаванымі галовамі і нагамі; побач з павозкамі зняможана ступалі параненыя, што здолелі яшчэ ісці.
Было штосьці бязлітасна несправядлівае, крыўднае ў той трагедыі, якая праз мінуту разыгралася на вачах у Баталава. 3-за лесу вынырнулі тры «месершміты» і з пранізлівым выццём рынуліся на калону. Яны несліся нізка, прыціскаючы да зямлі ўсё жывое. На іх крылах з жоўтымі закраінамі бліскалі бледныя ўспышкі ад агню хуткастрэльных кулямётаў. Хлынуў смертаносны свінцовы лівень. Чырвонаармейцы шуганулі хто куды. Падалі, паўзлі, падымаліся, зноў кідаліся на зямлю.
«Месеры» зрабілі адзін заход, другі, трэці, потым зніклі за лесам, адкуль і з’явіліся былі. На бальшаку і паабапал яго ляжалі забітыя людзі і коні, стагналі і прасілі аб дапамозе параненыя, валяліся перакуленыя тачанкі і павозкі, параскіданыя скрынкі, зброя. Колькі секунд Баталау нібы выдзіраўся з кашмарнага сну. Тады і абрынулася на яго: «Дзе яны, нашы? Чаму іх няма?» Золкі ранішні ветрык залез яму пад гімнасцёрку, ахаладзіў спіну, па ёй нібы мурашкі замітусіліся.
Назаўтра зноў тры «месеры» доўга драпежнічалі на перадавой, над пазіцыяй яго батальёна. Але там падзеі павярнуліся інакш. Ніхто і не заўважыў, як на іх, невядома адкуль узяўшыся, каршунамі накінуліся два зялёныя «ястрабкі» з ярка-чырвонымі зоркамі на плоскасцях. Бой быў зацяты. Самалёты то ганяліся адзін за адным, то, кідаючыся насустрач, зляталіся так блізка, што ледзь не ўразалісяі маторамі, круцілі «штопары», рабілі «бочкі».
Мінула паўгадзіны. «Месеры» замітусіліся. Адзін, зацягнуўшы «штопар», ледзь не нырнуў у Дняпро і выраўняўся над самай вадою. У бой ён ужо больш не ўступіў, неякі скасабочана, цяжка, нібы падранак, нізка над горадам падауся на захад. Астатнія два развярнуліся і таксама кінуліся ўцякаць.
«Што, гады, страшна стала? — Баталаў са злой, з’едлівай радасцю пазіраў услед тым чорным драпежнікам.— Пачакайце, яшчэ не такое будзе, неба нашае з аўчынку вам пакажацца…»
Цяпер, сказаўшы камкору сваё няпэўнае «хіба толькі», камбат падумаў пра самалёты: дзе яны?
— Што вы недагаворваеце, капітан? — перапыніў паўзу Пятроўскі.
Баталаву падалося, што ён прачытаў у позірку камкора прытоеную спагаду. А спагады, нават прытоенай, ён не пераносіў.
— Трэба было б, каб нашы лётчыкі часцей успаміналі пра нас, наземных,— сказаў рашуча.
Камкор усміхнуўся:
— Просіце ў распараджэнне батальёна дадатковыя агнявыя сродкі — самалёты?
Усмешка яго была сумная. Баталаў зразумеў: у жарце ён хацеў схаваць штосьці такое, што не меў сілы рашыць, што было вышэй яго магчымасцей.
— У штабе арміі вырашаецца пытанне аб рэзервах авіяцыі.— Пятроўскі сказаў і павярнуў галаву да камандзіра дывізіі Факанава: — Далажыце вы.
Камандзір дывізіі звярнуў увагу на тое, што магчымы танкавы контрудар гітлераўцаў. I тут у першую чаргу трэба ўлічваць, дзе і як праціўнік пастараецца выкарыстаць танкі. Вядома, не на вузкіх і крывых завулках. На магістралях. I ў першую чаргу — на галоўнай вуліцы, Першамайскай. Па ёй яны палезуць, каб прарвацца да Дняпра, а там распаўзціся па беразе і адрэзаць нашы наступаючыя часці ад тылоў і рэзерваў. Дык адна з асноўных задач — падбіць на магістралях як найбольш танкаў, не прапусціць іх да ракі.
— Вуліца Першамайская праз увесь горад, больш як на тры кіламетры цягнецца,— падаў рэпліку Пятроўскі.
— Зрузумеў вас, таварыш камкор: у якім канкрэтна месцы і як мы зможам гэта зрабіць найбольш эфектыўна?
— Так.
— На адлегласці каля кіламетра ад Дняпра Першамайскую перасякае неглыбокая, аднак з высокімі берагамі рэчка Чорначка. Вось там, на мосце. Немцы будуць разлічваць на імклівасць націску. Таму не стануць масціць праз Чорначку гаці для танкаў, а пусцяць іх напрамую. Частку танкаў мы прапусцім праз масток, потым з гармат расстраляем яго.
Пятроўскі пазіраў на Факанава спакойна, пільна. Правая рука яго ляжала на стале, і пальцы час ад часу лёгенька паварушваліся, акурат мацалі, перабіралі штосьці.
Камандзір дывізіі выказваў свае довады лаканічна і дакладна.
— Танкі, якія згрувасцяцца каля ўзарванага мастка, накрыем з гармат. На вузкай вуліцы ім не так проста будзе павярнуць назад. Тых, што акажуцца па гэты бок, будзем знішчаць з саракапятак прамой наводкай, з процітанкавых ружжаў, гранатамі і бутэлькамі з гаручай сумессю.
— Лагічна. Аднак…— пальцы Пятроўскага адарваліся ад стала, замерлі. Факанаў прачытаў у вачах камкора: «Аднак немцы могуць вельмі проста скасаваць ваш добры план — зрабіць пераправу праз Чорначку ў іншых месцах».
— Мы дапускаем і абходны манеўр праціўніка. У такім выпадку мы паспеем больш артылерыі пераправіць. Яна і сустрэне танкі,— з ранейшай упэўненасцю працягваў Факанаў.
За акном гучна, прарэзліва застракатала сарока. Ёй адразу адазвалася другая. Пятроўскі павярнуў галаву да акна. Хвіліну не то слухаў сарок, не то думаў нешта сваё. Схамянуўшыся, загаварыў. Пачаў знаёміць камандзіраў з абстаноўкай на ўчастку фронту, які займаў корпус.
Дваццаць чацвёрты матарызаваны корпус гітлераўцаў рыхтаваўся з-за Дняпра ўдарыць магутным браніраваным кулаком. Ён атрымліваў людское папаўненне, зброю і тэхніку. 3 усіх выкладак і патрабаванняў камкора Пятроўскага вынікала, што назначэнне перадавых часцей і падраздзяленняў у наступленні — акружаць і знішчаць фашысцкія войскі па частках, граміць іх штабы, рэзаць камунікацыі. Пятроўскі пераказаў тое галоўнае, што датычылася наступлення. Іменна галоўнае, на чым будзе трымацца ўсё астатняе. Вочы камкора блішчэлі. Выпрастаная постаць, строгая вайсковая выпраўка прыдавалі яму выгляд чалавека надзвычай моцнага целам і духам.
Баталаў унутрана ва ўсім згаджаўся з камкорам.
3 нарады разыходзіліся ўзбуджаныя і ажыўленыя. Баталаў заспяшаўся ў батальён. Караневіч к таму часу прывёў да штаба дывізіі коней. Камбат лёгка скочыў у сядло. Конь, адчуўшы седака, памчаў рыссю. Дождж перастаў. Неба праяснілася, ачысцілася ад хмар, зноў зырка блішчэла сонца. Высока ў празрыстым блакіце лунаў каршун, які невядома адкуль узяўся ў прыфрантавой паласе. Узмахне два-тры разы крыламі і кружыць, кружыць, шырока расставіўшы іх.
Дарога павярнула да лініі траншэі, што працягнулася ўскрай прадаўгаватай палянкі. Баталаў нацягнуў повад, прытрымаў каня. Урываюцца часам у душу чалавека дзіўныя незразумелыя жаданні. Такое здарылася і з ім: яму дужа захацелася затрымацца тут, паслухаць ціхія таямнічыя гукі лесу, каб яны на хвіліну адвялі яго ад вайны, адчуць асалоду ад таго стану ўраўнаважанасці, які на вайне замяняў яму спакой. Лес заўсёды выклікаў у яго лагодныя думкі і пачуцці. Вось і зараз…
Праз гады траншэя гэтая ўдзірванее, зарасце краскамі і сунічнікам. Нехта малады і здаровы, поўны радасці жыцця, будзе збіраць тут чырвоныя пахучыя суніцы, баравікі, лісічкі, будзе слухаць спевы птушак, куванне зязюлі, і яму не прыйдзе ў галаву, што некалі тут ішла жорсткая вайна, што тут ваявалі генерал Пятроўскі, сяржант Галаўчэня-Шакірзянаў, народны апалчэнец Ткачоў… Баталаў трохі шкадаваў, што, можа, не ўспомняць іх. Хай сабе, хіба гэта так важна — хто ваяваў? Важна, каб ведалі і не забывалі, што яны змагаліся не дзеля славы — дзеля жыцця на зямлі…
Ну во, а хацеў на хвіліну забыцца пра вайну, лес паслухаць… Ён глыбока, на поўныя грудзі ўдыхнуў густое лясное паветра, таўхануў каня абцасамі пад бакі.
У штабе з капітанам Садоўнікавым быў незнаёмы Баталаву чалавек у паўвайсковым адзенні. Яны сядзелі за сталом, размаўлялі. Камбат адразу здагадаўся: Ткачоў. Ступіў да яго. Назваў сябе, працягнуў руку. Ткачоў, борзда падхапіўшыся, па-вайсковаму аддаў чэсць, таксама адрэкамендаваўся і моцна ўхапіў прадаўгаватую шурпатую далонь Баталава.
— Я чамусьці менавіта такім і ўяўляў вас,— сказаў капітан, з цікавасцю пазіраючы на разведчыка.— Высокім такім, статным. Ці, можа, мы дзе сустракаліся? Вам не прыгадваецца?
— Сустракаліся. Тры дні таму назад. Я выходзіў са штаба вашага палка, а вы заходзілі туды.
— Прыгадваю… Сядзем, Антон Пятровіч. Значыць, гаворыце, немцы новую кулямётную кропку абсталявалі? От я і думаю: а ці адну? Можа, і яшчэ дзве новыя з’явіліся, а мы пра іх не ведаем?
Ткачоў уважліва паглядзеў на камбата:
— Разумею вас.
— Не, вы паслухайце. Я не хачу сказаць, каб вашы разведчыкі зноў пайшлі туды. Я толькі хацеў прасіць, каб яны маім дапамаглі пераправіцца цераз раку. Тутэйшыя добра ведаюць зручныя для пераправы мясціны. А часу ў нас зусім мала. Да світання.
— Мае разведчыкі зараз на тым баку. Частка іх апоўначы павінна вярнуцца. Калі што будзе новае — адразу ж паведамлю.
— Дамовіліся, Антон Пятровіч. Цяпер з тым кулямётам. Не выходзіць ён у мяне з галавы. Стаіць жа ў такім месцы, што можа вельмі многа нарабіць нам шкоды. Не раскажаце, як да яго зручней падабрацца?
— Разведчыкам, якія застануцца ў горадзе, дадзена заданне знішчыць кулямёт, калі для гэтага настане адпаведны момант.
Вочы Баталава засвяціліся, але праз колькі секунд бляск іх прыцьмеў.
— А не трапяць яны над наш агонь? Мы ж у той «адпаведны» момант будзем страляць.
Ткачоў усміхнуўся. Прадаўгаваты твар яго як бы трошкі раздаўся ўшыркі і шчокі папаўнелі.
— Не, таварыш капітан, не трапяць. Яны гэта зробяць па-партызанску, да таго, як вы пачняце страляць. Калі вы станеце перапраўляцца, немцы ж, канешне, рана ці позна заўважаць і ашчэрацца. Дык вось у той момант разведчыкі і ўдараць на кулямёту.
«Зух, відаць, хлапчына»,— падумаў Баталаў, з цікаўнасцю назіраючы на Ткачова.
Не ведаў камбат, што папаў, як кажуць, у самую кропку. У дзяцінстве Ткачова празвалі Антошка-зух.
Ён любіў плаваць і ныраць. Скакаў у Дняпро з кручы, кідаўся галавой у вір. Нярэдка з такімі, як сам, падшыванцамі ішоў у заклад, што даўжэй прабудзе і далей праплыве пад вадою.
Аднаго разу іх, ныральшчыкаў, найшло больш чым калі. Антошка ўсім уцёр нос. Ды перамога тая не абышлася яму шчасліва. На беразе ён лёг дагары, сутаргава хапаў ротам паветра. Твар спалатнеў, з носа і вушэй пайшла кроў. Хлапчукі спалохаліся, прыціхлі. Нехта нясмела прапанаваў: «Давай, Антошка, мы панясём цябе». Ён пахітаў галавой — не трэба. Мінут пяць ляжаў нерухома, потым сеў і сказаў: «Наступны раз перад кожным нырцом трэба будзе глыбока падыхаць».
У плаванні і ныранні ён трэніраваўся ўпарта і апантана. Дайшоў да таго, што аднойчы прыдумаў неверагоднае. Прывязаў аборкай да шыі кавалак цагліны — каб вада не выштурхвала яго наверх. У плаўкі паклаў невялікі складанчык. Перарэзаць аборку, калі што. Хлопцы адгаворвалі яго: гэта ж не жартачкі! Каўтануў вады — і канец! Ён адно што сказаў: «Вы чаго панікуеце, мой нож — як брытва».
Вылавілі яго амаль пад другім берагам. Доўга рабілі штучнае дыханне, выціскалі з грудзей ваду. Нарэшце ён расплюшчыў вочы, асалавела, няўцямна павёў позіркам па тварах. што схіліліся над ім. Нешта памкнуўся сказаць, ды толькі паварушыў пасінелымі вуснамі. Потым крануўся рукою шыі, нібы хацеў упэўніцца, ці на месцы была цагліна. Усе тлумна загаманілі. Хлапчукі — захоплена і радасна, што не здарылася бяда, дарослыя, якія прыбеглі на крыкі аб дапамозе,— з дакорамі і лаянкай. А ён прыўзняўся на локцях і, зусім не слухаючы, што хто казаў, спытаў: «Колькі я не даплыў?»
Нічога гэтага Баталаў, безумоўна ж, не ведаў. Пазіраючы на Ткачова, ён неспадзявана ўявіў, як той, во такі моцны, пругкі ўвесь, з гранатаю кідаецца на нямецкі кулямёт, і пацвердзіў сам сабе: «Гэты кінецца». Памаўчаў, паўзіраўся яшчэ ў яго, перапытаў:
— Па-партызанску, кажаце? Добра, Антон Пятровіч, дзякую.
Удакладняць, як гэта практычна будзе зроблена, не стаў, прыняў на веру. Залішняя цікаўнасць — яна як бы з недаверам, можа пакрыўдзіць чалавека.
Нельга сказаць, каб Баталаў асабліва вызначаўся далікатнасцю. Аднак у адносінах да Ткачова яму чамусьці хацелася быць падкрэслена тактоўным. Мажліва, таму, што на палінялай вайсковай гімнасцёрцы ў таго вісеў медаль «За отвагу».
Яны ўсталі. Баталаў крануў пальцам медаль.
— Дзе ўзнагароду заслужылі?
— Летась «лінію Манергейма» давялося штурмаваць.
— Вось як!
Ледзь улоўная маркотная ўсмешка кранула вусны Ткачова.
— Я там ваяваў у складзе той дывізіі, што і вы. Пра вашы подзвігі чытаў у «дывізіёнцы».
— Выходзіць, мы пабрацімы. Да пабачэння, Антон Пятровіч.
Ткачоў марудзіў, відаць, хацеў яшчэ штосьці сказаць. Не вытрымаў, загаварыў:
— Бачыў я, як вылюдкі гэтыя ўваходзілі ў Жлобін. Цяпер маё самае найвялікшае жаданне — пабачыць, як яны будуць драпаць без памяці. Хутка, таварыш капітан, мы пабачым гэта?
Баталаў нічога не адказаў, спытаў:
— А як яны ўваходзілі?
— Ого — як! Матацыклісты за рулём — як павукі тыя: на руках доўгія, па локці, чорныя пальчаткі, твары закрыты акулярамі, за плячамі панапіналіся плямістыя плашч-палаткі. 3 калясак няспынна страчылі аўтаматчыкі. Не прыцэльна — так, для страху. Потым загрукаталі па бруку бронетранспарцёры і грузавікі з пяхотай, танкі… Па Першамайскай, дзе ў святы праходзілі нашы радасныя калоны дэманстрантаў…
Баталаву на міг гітлераўцы пабачыліся не такімі, як намаляваў іх Ткачоў, а ў калонах. У начышчаных ботах адбівалі яны крок, самазадаволена несучы ў сваіх здаўленых стальнымі каскамі галовах вар’яцкія думкі. I ён ледзь не вылаяўся.
Ткачоў рэзка, упарта ўскінуў галаву і сам адказаў на сваё пытанне:
— Ведаю, хутка.
Крутнуўся, пайшоў.
Баталаў паслухаў яго гулкія крокі па цвёрдай зямлі, якія нейкі час яшчэ даносіліся ў зямлянку, павярнуўся да ад’ютанта старшага.
— Наступаем, Мікалай Пятровіч, вось-вось будзе загад. Кліч камандзіраў.
Сеў на нары ў кутку зямлянкі. Прыціх, расслабіўся. Хацеў яшчэ раз перабраць у думках, што пачуў на нарадзе, але замест гэтага чамусьці пачаў успамінаць. Мажліва, яно заўсёды так у чалавека — перад вельмі важным і адказным, што павінна адбыцца? Пераасэнсаваць, пераацаніць… Успаміны нагортваліся павольна, здалёку.
За свае сорак гадоў яму неаднойчы даводзілася ваяваць. У грамадзянскую ён, дабраволец Чырвонай Арміі, пад Самарай і Сімбірскам «хадзіў паходамі» супраць белачэхаў, пад Царыцынам, гарачы і апантаны, у табельных атаках гнаў дзянікінцаў. Пасля змагаўся з басмачамі ва Усходняй Бухары. I вось нядаўна… Скрозь завеі і бураны па непралазных сумётах вадзіў свой батальён на непрыступныя ўмацаванні белафінаў… Скрозь завеі і бураны… Нечакана яму падалося, што ён не ўспамінаў, а ўглядваўся ў сваю душу. Як яно ўсё адклалася там? Ці такі ён цяпер, якім ведаў сябе раней?
Сабраліся камандзіры. Гутарка з імі была кароткая. Камбат кожнаму паставіў агульныя задачы, папярэдзіў, што яны будуць канкрэтызаваны, як толькі паступіць загад. Растлумачыў, па якім сігнале пачынаць наступленне. Зверылі гадзіннікі.
— Звяртаю вашу асаблівую ўвагу, таварышы камандзіры, што ў кожным баі трэба шукаць свой пэўны, прадыктаваны абставінамі, стыль. Проста ў атаку ісці — адзін стыль, пад прыкрыццём мінамётнага агню — другі, у абходным манеўры — трэці… I ведайце, подзвіг кожнага героя, кожнага нашага байца будзе вядомы Маскве, усёй краіне…
Апошніх слоў Баталаў не збіраўся гаварыць. А калі яны вылецелі, зразумеў, што не сказаць іх не мог, бо сам пачуў не ад каго-небудзь — ад Пятроўскага. Ён не падрабляўся пад камкора, не пераймаў яго інтанацыю, а сказаў са шчырасцю, з верай, што так яно будзе, у цішыні паглядзеў на кожнага камандзіра, нібы гэтым позіркам даводзіў яшчэ нешта важнае, чаго, можа, не даказаў словамі. Устаў.
Камандзіры пачалі разыходзіцца. Капітан Садоўнікаў таксама ўстаў. Пастаяў, зморшчыўшы лоб, зноў сеў. Залатое пяро ягонай самапіскі заслізгала ў запісной кніжцы.
Здаралася іншы раз, што ён у час якой-небудзь нарады, калі не трэба было нічога запісваць, крадком маляваў у гэтай кніжцы. Ці каго з тых, хто там знаходзіўся (толькі абавязкова кожнага у камбінезоне), ці нешта ўяўляючы сабе — жытнёвую ніву, рэчку, луг. Гэты яго занятак не раздражняў Баталава. Камбат ведаў, што да таго, як паступіць у ваеннае вучылішча, Садоўнікаў працаваў трактарыстам машынна-трактарнай станцыі. Поле, прырода… Натуральна, усё гэта помнілася чалавеку, такое застаецца назаўсёды. То хай вылівае на паперы салодкі сум сваёй душы… А яшчэ — Баталаў упэўніўся, гэта толькі здавалася, што меланхалічны, нетаропкі ад’ютант старшы, захоплены сваім маляваннем, нічога, што адбывалася на нарадзе, не чуў і не бачыў. На самай жа справе ўсё, што трэба было, ён прыхоўваў у памяці. Кідаў маляваць і па-штабному дакладна, адным-двума сказамі, занатоўваў загады, распараджэнні, заўвагі камбата.
Але што ён занатоўваў цяпер, пасля нарады? Баталаў спачатку безуважна зірнуў на яго, пасля, угледзеўшыся ў круглы, засяроджаны твар, паддаўся міжвольнай цікаўнасці:
— Што, Мікалай Пятровіч, калі не сакрэт, запісваеш так рупна?
— Не сакрэт, Фёдар Аляксеевіч. Вашы словы.
Камбат не стаў перапытваць — якія: зразумеў. «Подзвіг кожнага байца будзе вядомы Маскве, усёй краіне…» Аднак навошта запісваць іх? Ступіў да Садоўнікава, паклаў яму руку на плячо. Было ў яго жэсце нешта надзвычай даверлівае, сяброўскае. У зямлянку зайшоў Караневіч. Міргануў густымі, як у дзяўчыны, вейкамі, разняў губы, але не паспеў прамовіць слова. Баталаў апярэдзіў яго. Успомніўшы, як ардынарац сёння, калі былі ў шостай роце, таксама штосьці запісваў у блакнот, кінуў жартам:
— I што вы ўсё то адзін, то другі запісваеце? Можа, вы пісьменнікі ці паэты, ды не прызнаецеся? А, Караневіч, складаеш вершы?
Ардынарац пачырванеў, патупаў на месцы, быццам хацеў і не рашаўся нешта сказаць. Потым абазваўся танклявым голасам:
— Вячэраць будзеце, таварыш капітан? Каша астыне.
Камбат наважваўся яшчэ пажартаваць, але неспадзявана замест гэтага сказаў:
— Нясі кашу.
III
«Баталаў праяўляе выдатныя камандзірскія здольнасці, ад людзей патрабуе многага, але і многа дае сам. Ён праяўляе клопаты аб людзях у час бою і ў нямногія гадзіны адпачынку. Сваіх герояў ён беражэ і не дазваляе ім рызыкаваць жыццём дарэмна, не трывае «баявой» легкадумнасці. Заўсёды дзеліцца з імі сваім вялікім баявым вопытам, дапамагае распазнаваць хітрасці ворага. Баталаўцы славяцца непахіснай храбрасцю і адвагай».
(В. Гольцаў. Газета «В бой за Родину», № 12, 1941 год)
«Рускія — адчайныя смельчакі, яны б’юцца як д’яблы. У роце ўжо амаль не засталося нікога са старых таварышаў. Наўкот навічкі, але і яны не затрымліваюцца. Кожны дзень складваюцца доўгія спісы забітых і параненых…»
(3 пісьма яфрэйтара 8-й пяхотнай дывізіі германскай арміі Конрада Думлера брату. Ліпень 1941 года. «Паведамленні Савецкага Інфармбюро». Масква. 1944. Т. 1. С. 103).
IV
Неба на ўсходзе запалавела. Батальён Баталава, які пачаў пераправу ўслед за групамі фарсіравання, ужо быў амаль увесь на правым беразе Дняпра. Шумеў вецер у верхавінах дрэў; у сухім трэску зліліся кулямётныя і аўтаматныя чэргі, вінтовачныя стрэлы; безупынным громам грукаталі гарматы і мінамёты, калоцячы наваколле разрывамі снарадаў і мін.
Хаця немцы і мацавалі свой абарончы рубеж, збіраючыся падцягнуць новыя сілы, каб рушыць далей на ўсход, імклівасць і націск, з якімі пачалося наступленне шэсцьдзесят трэцяга стралковага корпуса, былі нечаканыя для іх.
Баталаўцы імклівай атакай выбілі іх з першай траншэі. Гітлераўцы пакідалі зброю, боепрыпасы, шынялі і плашч-палаткі, іншую амуніцыю. Аднак яны хутка апамяталіся, з другой, запасной траншэі не пабеглі. Адтуль абрынулі на чырвонаармейцаў такі шалёны шквал агню, што прымусілі пятую роту залегчы.
Над зямлёю паўзлі густыя клубы пылу і чорнага дыму. У вільготным парным паветры грымела і стагнала, грукатала і гуло. Загарэлася некалькі драўляных дамоў. Чырвона-жаўтлявае полымя шугала высока ў неба, напаўняючы наваколле нясцерпнай гарачынёй.
Міны і снарады доўга рваліся на рубяжы роты. Там ужо, здавалася, не было жывога месца. Баталаў не адрываў бінокля ад вачэй.
Нарэшце артабстрэл спыніўся. Немцы рушылі на пятую роту ў контратаку. Ішлі, палілі з аўтаматаў. Рота маўчала, нібы там нікога не было жывога, усіх парвалі гарачыя асцолкі.
Камбат разумеў, што ў першыя гадзіны бою, магчыма, як ніколі трэба зрабіць усё, каб развіваць наступленне. Бо калі яно захліпнецца, гітлераўцы адумаюцца, і тады хто ведае, як усё можа павярнуцца.
Вораг быў ужо блізка. Баталаў нерваваўся, гарэў ад нецярпення. Сашчапіў пашчэнкі, ажно скулы пабялелі. У ім узнялася гняўлівая хваля крыўды і дзёрзкай адчайнасці. Чаго яны маўчаць?.. «Трэба ўдарыць з кулямётаў у фланг! — імгненна выспела думка, абрываючы ў душы хвіліну збянтэжанасці. — Вунь з-за таго зялёнага дома. Узвод станкачоў туды!..» Камбат ужо наважыўся павярнуцца да сувязіста, каб перадаць загад камандзіру кулямётнай роты, але тут жа замёр: пятая «ажыла». Пад нагамі ў пярэдніх аўтаматчыкаў раз-другі ўзарвалі зямлю гранаты. Адразу затым загрукаталі выбухі гранат на флангах у немцаў.
Чырвонаармейцы пачалі ўскокваць з-за сваіх укрыццяў. Баталаў зразумеў: Шарафутдзінаў скамандаваў атаку. Яму нават падалося, што скрозь грымоцце пачуў гучны выкрык камандзіра роты. Абвостраны слых затым улавіў нястройныя прыглушаныя галасы. Пакрысе яны ўсё больш і больш гучнелі, зліваліся ў агульны магутны крык: «Ра-а-а». Чырвонаармейцы рушылі насустрач гітлераўцам.
Збліжаліся хутка. Во сышліся…
У ход пайшло ўсё: штыкі, прыклады, кулакі.
Баталаў бачыў: невялікі, вёрткі, як мураш, баец круціўся сярод гітлераўцаў, і тыя ніяк не маглі яго ўлавіць. А ён, робячы імгненныя выпады, торкаў штыком то ў аднаго, то ў другога. Але вось спатыкнуўся, упаў. Момант аддзяляў яго ад смерці. На дапамогу «мурашу» кінуўся чырвонаармеец з ручным кулямётам. Два нямецкія штыкі перагарадзілі яму дарогу. Узмах «дзегцяром» — як булавой.
I яшчэ, яшчэ… Немец паспеў зачапіць кулямётчыку галаву, сарваў каску. «Мураш» ужо быў на нагах, у неверагодным скачку дастаў сваёй «трохлінейкай» гітлераўца. Далей яны, «мураш» і кулямётчык, прасоўваліся разам, прыкрываючы адзін аднаго.
I чырвонаармейцы, і гітлераўцы біліся, як б’юцца толькі ў смяртэльнай схватцы, калі кожны ўдар можа быць адзіным і апошнім.
Hi Баталаў, ні тыя, хто ў крывавай валтузні трушчыў адзін аднаму косці і рваў мускулы, не разумелі, што была то, можа, не столькі барацьба фізічнай сілы і зброі, колькі нерваў.
Бой дасягаў вышэйшага напалу, калі дастаткова было адной якой маленькай перавагі з таго ці другога боку, каб наступіў пералом. I тут раптам сярод лязгу, трэску, стогнаў і лаянкі прагучаў высокі, пранізлівы, як посвіст снарада, голас. Ён быў такі дзікі і жудасны, што рэзка прарваўся скрозь мешаніну ўсіх іншых гукаў. Адразу затым здарылася неверагоднае: гітлераўцы атарапела застылі. Некалькі секунд яны стаялі нібы паралізаваныя тым адчайным лямантам, у якім чуліся і боль, і жывёльны страх, і бяссільная роспачная лютасць. Крычаў немец. Падобна было, што ён звар’яцеў. Чырвонаармейцы таксама ў недаўменні спыніліся, разгубіліся: біць іх, калі яны не супраціўляюцца, ці не? Адзін быў замахнуўся вінтоўкай, патрымаў яе над галавой і апусціў.
Нарэшце шок, які ахапіў гітлераўцаў, прайшоў, і яны вопрамеццю кінуліся назад.
Баталаў крутнуўся да ардынарца.
— Не, ты бачыў, Караневіч? — Нервозным нямоцным рыўком тузануў на ім каску, як паправіў.— Ты зразумеў? Не вытрымалі, зжахнуліся.
Пад вокам Караневіча бліснула на сонцы ці то кропелька поту, ці слязінка.
У сваім ваенным жыцці Баталаву не мала даводзілася радавацца перамогам. Аднак ён не ведаў, што радасць можа быць такою ўзрушлівай, як гэтая. Разумеў, шукала выйсце нервовая энергія, эмоцыі бралі верх над розумам — і не мог стрымаць іх. На момант штосьці падобнае цьмяна мільганула ў далёкіх мінулых днях, калі сярод гарачых пясчаных барханаў панурыя людзі ў чалмах кідалі ў кучу свае вінтоўкі і шаблі. Ды не, то было не такое. Цяпер, здавалася, нешта надзіва вострае ўпівалася яму ў душу, у кожную клетачку яго істоты.
Больш, чым сама першая маленькая перамога, абрадавала Баталава тое, што хавалася за гарачым «не вытрымалі». Цяпер у гэтых двух словах яму пачулася штосьці большае, чым тады, калі яны толькі прамільгнулі, штосьці такое, што вяртала іх у свядомасць яшчэ і яшчэ.
— Таварыш камбат! — азваўся за спіною ў яго сувязіст.
Баталаў не павярнуўся, працягнуў руку. Сувязіст паклаў яму на далонь вільготную ад потных рук трубку.
Званіў камандзір чацвёртай роты Вішняк. Рота пачала адыходзіць назад, да лініі першай траншэі. Але капітана спачатку ўразіла не столькі паведамленне старшага лейтэнанта, колькі балючая, як востры ўдар, думка: «Не вытрымалі!..» Словы, якія мінуту таму назад прыйшлі да яго з такім радасным, значным сэнсам, цяпер сталі жорсткімі і бязлітаснымі. Сэрца не хацела верыць, спадзявалася: зараз Вішняк пазвоніць — зноў наперад пайшлі… Дык што, чакаць? Не!
— Садоўнікаў, застается за мяне! — Грозная ўтрапёнасць бліснула ў вачах Баталава. Ён ірвануў з сябе бінокль, каб не целяпаўся на шыі, кінуў яго ад’ютанту старшаму.
— Куды вы?.. Вам нельга туды!..
Камбат не пачуў перасцярогу, ён ужо ўвесь быў там, у чацвёртай роце.
Раскатваліся, перахлёстваліся кулямётныя чэргі. Злосны посвіст куль густа прашываў гарачае, насычанае кіславатым парахавым смуродам паветра. Гітлераўцы заўважылі Баталава і Караневіча, якія перабягалі за дрэвамі і платамі, стралялі па іх прыцэльна. «Заб’юць!» — пранеслася ў галаве Баталава. Ён упаў за дрэвам. Выцяўся шчакою аб камель, але не пачуў болю. Перавёў дых. Ціскануў далоняй каску на галаве, каб асела ніжэй, выглянуў з-за тоўстага ствала.
3 траншэі, якая ламана выгібалася перад ланцутом роты, шалёна, суладна з кулямётамі страчылі аўтаматы. «Па іх — з мінамётаў. А як дзоты падавіць? Як дзоты?.. Мусіць, гранатамі… Але дзе Вішняк? Чаму яго не відаць?»
Вочы, якія пільна віжавалі то ў адзін бок, то ў другі, згледзелі камандзіра роты каля паўразбуранай драўлянай будыніны. Старшы лейтэнант сядзеў, прыхінуўшыся плячамі да пачарнелай ад часу сцяны. Каля яго ўкленчыў санінструктар, перавязваў яму руку.
Баталаў ведаў, што немцы не ўпускаюць яго з-пад прыцэлу, і дастаткова толькі прыўзняцца, як па ім секануць густыя чэргі. Прыціскаўся да зямлі. Ад страху было прыкра і брыдка на душы. Ён разумеў, што траціць дарагія хвіліны, хаваючыся тут, не можа, не мае права. Раптам упёрся ў зямлю рукамі, прыўстаў.
— Слухай маю каманду! Па аўтаматчыках і кулямётах — агонь!
Побач прайшлася чарга.
Рота пачула каманду. Забухалі вінтоўкі, застрачылі кулямёты. Доўга не абрывалі чэргаў, білі няспынна. Немцы не замоўклі. Завязалася «спрэчка» бою. Гарачая, ліхаманкавая… Камбат шмаргануў Караневіча за рукаў.
— Цяпер — да Садоўнікава. Перадай, каб мінамёты ўдарылі па аўтаматчыках,— сказаў з трывогай і нецярпеннем у голасе.
Ардынарац, як кошка, спружыністым рыўком ускочыў з усіх чатырох, колькі было спрыту пабег у бок паламанага дашчанага плота, які атуляў спрэс пашчапаны і пасечаны мінамі і снарадамі садок. Прабяжыць — упадзе, прабяжыць — упадзе… Забыўшыся на момант пра ўсё, Баталаў сачыў за Караневічам. 3 трывогаю адчуваў, у якой незвычайнай, смяротнай небяспецы было цяпер жыццё гэтага дабрадушнага, даверлівага юнака, якога ён па-бацькоўску любіў. Караневіч патрапіў у лужыну, з-пад ног яго шырока разляцеліся пырскі і забліскалі пад сонцам. Яны яшчэ не апалі на зямлю, як Караневіч перакуліўся цераз плот. «Праскочыў!» — выдыхнуў Баталаў.
3 мінуту пачакаўшы зручнага моманту, ён злаўчыўся, кінуўся пад сцяну, да камандзіра роты.
Вішняк сядзеў абмяклы, твар яго пабляднеў і асунуўся. «Напэўна, крыві многа страціў». Камбат ступіў бліжэй і загадаў санінструктару:
— Старшага лейтэнанта — у санчасць!
Вішняк ускінуў шырокія бровы.
— Як у санчасць? Бой жа ідзе! — У незнаёмым, сарваным голасе скрозь хрыпату прабілася ўпартасць.— Глупства, толькі зачапіла.
Яны пазіралі адзін на аднаго. Учэпіста, пранізліва. «Не пойдзе, не»,— падумаў камбат.
— Добра, пасядзі тут.— Ён павярнуўся, утаропіў позірк на левы фланг роты.— Дзот, мусіць, вунь з-за тых дзвюх хацін можна абысці і закідаць гранатамі, а? — Звяртаўся да Вішняка, а сам прыкідваў адлегласць ад хацін да дзота.— Каго паслаць?
Старшы лейтэнант паглядзеў некуды паўз камбата.
Доўжылася хвіліна чакання. Напружаная, гнятлівая. А вогненны ўраган грымеў з неаслабнай сілай.
— Я пайду, таварыш капітан, дазвольце! — пачуў Баталаў за спіной прыглушаны стралянінай голас.
Азірнуўся. Чарнявы, з аблупленым носам баец, які стаяў пад сцяной крыху зводдаль, быў знаёмы яму: ардынарац камандзіра роты Градулевіч. Аднак ён не мог прыгадаць штосьці важнае, звязанае з асобай чырвонаармейца, хаця адразу і адчуў: яно было.
— А закідаеце? — Баталаў спытаў і тут жа ўспомніў тое важнае: нядаўна Градулевіча прымалі ў партыю. Тады каранасты гэты смугляк быў не журботна-засяроджаны, як цяпер, а стараўся надаць сабе ўрачыста-строгі выгляд, і ў гэтым старанні яго бачыліся ўсхваляванасць і напружанасць. Баталаў чакаў, што чырвонаармеец скажа, як гаварыў на сходзе: «Камуністы ў баях ідуць на самыя цяжкія і небяспечныя заданні». Чамусьці і хацеў іменна такога адказу. Падумаў, што іншага цяпер, у гэтай абстаноўцы, быць не можа, бо такія ўчынкі, на якія ішоў Градулевіч, дыктуюцца свядомасцю і пачуццём патрыятызму.
Баец памарудзіў. Вялікія вочы яго пазіралі сурова.
— На вучэннях я далей за ўсіх шпурляў гранату. Так што — закідаю.— На скуластым твары выразней абазначыліся цвёрдыя рысы.
— Дзякую, таварыш Градулевіч. Толькі глядзіце, каб з кемлівасцю…— Баталаў недагаварыў. У галаве яго мільганула, што ён не па часе чулліва выяўляе сваю трывогу. Не яму, камбату, так вось засцерагаць, не тыя зусім словы гаварыць зараз належыць. Ды не атрымлівалася, не ішлі іншыя — моцныя і суровыя. Таму, можа, што і сам ён у глыбіні душы, тоячыся ад сябе самога, не ўсведамляючы таго як след, жадаў выжыць у гэтай жудаснай вогненнай віхуры.
Градулевіч памалу кіўнуў галавой, і было незразумела, ці ён гэтым кіўком адказваў на словы камбата, ці сказаў нешта самому сабе.
Баталаў загадаў, каб адно аддзяленне паўзком наблізілася да гітлераўцаў, адцягнула на сябе ўвагу і дало магчымасць байцу перабегчы да бліжняй хаціны.
Задыханы, узмакрэлы вярнуўся Караневіч.
Усё адбывалася як па загаду: перапаўзлі, адцягнулі… Градулевіч, прыгнуўшыся, шпарка кінуўся да будыніны. Дабег, стаў за вуглом. Баталаў назіраў за ім з надзеяй і верай.
На траншэю, у якой заселі варожыя аўтаматчыкі, пасыпаліся міны. Клаліся яны густа і прыцэльна. У паветра разам з зямлёю ўзляталі розныя абломкі, ашмоцце. «Снайпер, Атаманчук, здорава лупіць!» — падумаў Баталаў з ухвалай пра камандзіра мінамётнай батарэі. У яго зацеплілася прыязкасць да ваўкаватага, негаваркога старшага лейтэнанта. I за тое, безумоўна, што цэль удала накрыў, і — што даў нарэшце магчымасць пахваліць яго. На вучэннях амаль заўсёды складвалася так, што Атаманчука ўшчуваць даводзілася. То адно ў яго не так атрымлівалася, то другое.
Страляніна спынілася. Адразу, як абарвалася. Стала ціха-ціха. Камбат паглядзеў туды, дзе стуліўся быў за хацінай Градулевіч. Яго там ужо не было. Капітан знайшоў яго за тоўстым дрэвам, бліжэй да варожай траншэі. У той жа міг баец вьаскачыў з-за дрэва, сігануў да дзота. «Ско-осяць! — жахнуўся Баталаў.— Чаму ж не паўзком?»
— У атаку, за мной! — Ён ускінуў угору руку з пісталетам. Вокліч яго прагучаў на нейкую долю мінуты раней, чым затрашчаў кулямёт.
Ва ўсведамленні Баталава білася цяпер адно: бегчы, бегчы… Да той шэрай пашчы амбразуры, якая вырыгвала смертаносны свінец, Баталаў бег, сігаў цераз абломкі бярвенняў і друз, цераз варонкі ад мін. Бег і не бачыў, як Градулевіч шпурнуў гранату і сам упаў.
Выбух ахутаў дзот пылам. Кулямёт змоўк. Аднак як толькі пыл развеяўся, ён зноў застрачыў. Рота была перад ім як на далоні. Градулевіч прыўзняўся наўколенцах, сарваў з рэменя другую гранату. Пахіснуўся, але ўсё ж здолеў шпурнуць яе.
У след за выбухам пакацілася «ура». Спачатку слаба, разрознена, потым гучней і дружней. Байцы ўскоквалі і беглі. Наперадзе, з бакоў у Баталава дзяўблі зямлю кулі. У паветры свістала і верашчала. Дзіка, пранізліва, працінаючы сэрца ледзянымі колікамі, ад якіх усярэдзіне штосьці тужліва сціналася, нібы зацягвалася тугой пятлёю. Але жуда і страх не гасілі запал бою, не змушалі спыніцца. Наперад, счапіцца ў бойцы з усіх высілкаў душы і мускулаў! 3 усёй дужасцю, якую пачуў у сабе, калі рвануўся сюды са свайго каманднага пункта. Біць і біць ворага… Чырвонаармеец, які бег наперадзе Баталава, спатыкнуўся, упусціў вінтоўку. Яна ўпала пад ногі. За яе зачапіўся шматок нейкай шэрай паперы, прынесены ветрам з нямецкага боку.
Нехта высокі, з перавязанай рукою пачаў абганяць Баталава. Захоплены атакаю, капітан не адразу пазнаў Вішняка. А калі пазнаў, крыкнуў:
— Куды ты, паранены?
Старшы лейтэнант забег яму наперад і сігаў на які крок ад яго. «Прыкрывае мяне»,— мільганула ў галаве Баталава. Ён хацеў тузануць камандзіра роты за рукаў, ды толькі пальцамі дацягнуўся.
Забівала дыханне. Ён адчуваў, што крокі яго робяцца ўсё карацейшыя, мускулы слабеюць. I Вішняк… Збоку бяжыць. Адстае? А траншэя — вось ужо яна… 3 высокім пясчана-жоўтым брустверам. Але чаму ён такі высокі бруствер?.. Яны што, драпаюць?.. Той, шыракаспіны…
I яшчэ вунь, яшчэ…
Гітлераўцы кінулі траншэю. Цяпер Баталаў бег да аднапавярховай камяніцы, што метраў за сто цягнулася паралельна траншэі доўгай чырвонай сцяною. У камяніцы немцы паспрабавалі зачапіцца.
Баталаў абагнаў Вішняка. «Ура-а!..» 3 праёма акна ў цэнтры будыніны прама на яго вытыркнулася дула аўтамата. Баталаў адскочыў за дрэва, стрэліў. Аўтаматная чарга скасіла двух чырвонаармейцаў. Два другія паспелі схавацца за драўляны калодзеж. У вокны паляцелі гранаты. Яшчэ… Яшчэ… I зноў: «Ура-а!..» Зацятае, надрыўнае. Нібы са стогнам.
Спыніўся Баталаў каля пашчапаных кулямі і асколкамі разнасцежаных дзвярэй, зняў з галавы каску, сцёр далоняй пот з распаранага лба. Паглядзеў на запылены, з бруднымі падцёкамі твар ардынарца Караневіча. Падумаў, што і ў самого, відаць, такія раўчукі на шчоках, правёў па іх рукою. Пачуў, як бы хтосьці церануўся яму аб бот. Ён пераступіў з нагі на нагу. Але зноў пачулася: церануўся і ціхенька заскуголіў. Баталаў зірнуў, няўцямна лыпнуў вачамі: што за праява! У халяву бота тыцкаўся пысай аблавухі чорна-рабы шчанюк. Капітану закарцела капырснуць гэтага няўклюду, каб аж перакуліўся. Яго толькі тут не хапала. Адкуль ён узяўся?.. 3 будыніны выпаўз, маці шукае? А сам насустрач смерці сваёй грабецца, дурніца…
— Караневіч, вазьмі яго… Занясі,— кіўком галавы паказаў на дзверы.
Ардынарац згроб шчанюка за карак, і той адразу сціх, перастаў скуголіць. Баец падхапіў яго другой рукою, злёгку прыціснуў да жывата і стаяў.
Бой грукатаў цішэй, аддаляючыся. Да Баталава падбег сувязны са штаба. Ускінуў руку да каскі:
— Таварыш капітан, ад’ютант старшы…— Раптам нос яго зморшчыўся, твар скрывіўся, і ён гучна чхнуў: «Апчхі, апчхі!»
Караневіч выскаліўся белымі роўнымі зубамі, але, зірнуўшы на камбата, сцяў вусны. А яны ўсё роўна злёгку перасмыкваліся. Пальцы ціхенька краталі віслае вуха шчанюка.
— Ну, будзь здароў ды гавары хутчэй. Дык што, ад’ютант старшы?
— Загадаў перадаць вам, што на шляху шостай роты з’явіліся танкі. Пакуль што, мусіць, разведчыкі. Рота заняла будынак лазні і вырвалася на доўгую прамую вуліцу.
— Дзе капітан Садоўнікаў размясціў камандна-назіральны пункт?
— На пачатку вуліцы каля драўлянага дома. У гародчыку за таполяй.
Камбат павярнуўся да Вішняка.
— Дык у санчасць, значыць, не збіраешся?
Той адмоўна пахітаў галавой:
— Няма патрэбы, таварыш капітан, шчыра кажу.
— Ну глядзі… Ганіце тут іх… Каб аж дыхаць ім, сцервам, зарвала.
Па дарозе камбат працягваў распытваць у сувязнога.
— Артылерыйская батарэя пераправілася ўжо?
— Так точна. Займаюць агнявую пазіцыю, сувязісты кабель цягнуць.
Караневіч аднёс шчанюка ў будыніну і дагнаў іх. Асцярожна неяк зірнуў Баталаву ў твар.
— А як той фашыст завыў, а, таварыш капітан! Як вядзьмар у коміне,— сказаў ён, ступаючы побач.— Ён, гад, думаў, што толькі будзе «хайль» свой крычаць. Аж трасцы. Во як давялося заскуголіць! Цяпер мы іх турнём, праўда ж, таварыш капітан?
— Канечне, турнём.— Баталаў адказаў так, быццам гаварыў не столькі Караневічу, колькі самому сабе. У скронях яго гулка стукала: «Танкі, танкі…»
V
Яны былі яшчэ далёка, рухаліся марудна. За імі ціснуліся аўтаматчыкі. «Трэба абавязкова адрэзаць пяхоту. Адны яны пабаяцца рушыць далей, мала іх…» Баталаў адняў бінокль ад вачэй.
— У шостую роту — узвод кулямётчыкаў,— загадаў ад’ютанту старшаму.— Няхай падпусцяць бліжэй і ўдараць з флангаў па пехацінцах.
Заставалася некалькі хвілін зацішша. Баталаў лавіў у сабе гнятлівае адчуванне болю, што трэба праліваць столькі крыві, аддаваць столькі ахвяр, каб вырываць у ворага кожную пядзю сваёй зямлі. Навалілася чорная сіла, і вось надышоў ён, той час, калі ўсе як адзін чалавек, увесь народ павінен паўстаць за айчыну… Але чаму гэтая думка нечакана так уразіла Баталава, аж скаланула яго? Неаднойчы ў мірны час ён выказваў яе ў гутарках са сваімі байцамі і камандзірамі. Гаварыў са спакойнай упэўненасцю, з перакананасцю, што іншага ніхто і не дапускае. Таму, можа, і вымаўляў гэтыя словы як бясспрэчную ісціну, не дужа паглыбляючыся ў іх сэнс. Дык чаму цяпер так?..
У глыбіні душы Баталаў ведаў — чаму, але не хацеў прызнавацца сабе ў гэтым: дужа горка і прыкра было думаць пра такое. Балела, пякло, ліхаманіла ўсё нутро.
Некалькі дзён таму назад гітлераўскі лётчык выкінуў з «кастыля» (так чырвонаармейцы называлі аднаматорны нямецкі самалёт-разведчык) лістоўкі. Яны ашаламілі Баталава да крайнасці. Ніколі ў жыцці ён не адчуваў такой збянтэжанасці і недаўмення. Спачатку, як толькі падняў лістоўку, не паверыў сваім вачам: камандзір Чырвонай Арміі — з нямецкімі афіцэрамі? У палоне?.. Але ж — так. Без фуражкі, белагаловы, крочыць, ажно крыссе шыняля разлятаецца. Па баках двое, у фуражках з высокім верхам, у мундзірах з пагонамі. Статныя, падцягнутыя. Пад здымкам — вядомае прозвішча… Тэкст лістоўкі заклікаў чырвонаармейцаў складваць зброю. Тым, хто дабравольна здасца доблесным войскам фюрэра, гітлераўцы абяцалі захаваць жыццё…
Хвіліну Баталаў быў нібы ў шокавым стане, потым думкі яго закруціліся з ліхаманкавай хуткасцю. Не можа быць, каб ён, камандзір Чырвонай Арміі, здаўся ворагу. Калі ён і сапраўды ў палоне, то трапіў туды ў стане, у якім чалавек не здольны супраціўляцца — паранены, кантужаны, хворы альбо ў якім іншым безвыходным становішчы. Калі ён нават не можа ў апошнюю хвіліну выкарыстаць сваю зброю супраць сябе самога… Падумаць толькі: «Здавайцеся ў палон!..» Жыццё — цаной прадажніцтва, здрады Радзіме!.. Што можа быць горшае за гэта для чалавека!.. Баталаў раз’юшана, з лютасцю парваў лістоўку на дробныя шматкі і шпурнуў іх за ветрам. Байцы з абурэннем і лаянкай таксама рвалі агідныя паперкі, кідалі ашмоцце пад ногі і абцасамі ўтаптвалі ў зямлю.
Раптам Баталаў як застыў. А што, калі не кожны — пад ногі, у зямлю? Калі хто ў кішэню ці пад абмотку? На выпадак, як пропуск перабежчыка… Ён пачаў узірацца ў твары чырвонаармейцаў, пераводзіў вочы з аднаго на другога. Глядзеў на кожнага так, быццам і пытаў нешта, і сам гаварыў, гаварыў позіркам, як заклён ад злыбеды. Захацелася што ёсць духу крыкнуць нейкія самыя моцныя словы. Але, можа, якраз у той момант ён да канца ўсвядоміў, што да людзей трэба даходзіць не крыкам, а праўдаю сэрца. Ён ціха сказаў: «Здрада, таварышы,— самае страшнае злачынства перад Радзімай, перад сям’ёй сваёй і блізкімі, перад сваім сумленнем». Сказаў толькі гэтыя словы. Іншых не было тады ў яго. Ды ён і не шукаў іншых, бо гэтымі выказаў усё.
На колькі хвілін ён, здавалася, паспакайнеў. Аднак зноў прыгадаўшы лістоўку, з ранейшай узрушанасцю вярнуўся думкамі да таго паланёнага камандзіра. I ўжо не знаходзіў яму апраўдання. Неадольная сіла вырвала ў цябе зброю? Дык ірві калючы дрот рукамі, грызі зубамі, ідзі грудзямі на кулі і штыкі. Ты ж нясеш абавязак перад людзьмі, вышэй за якога не бывае ў чалавека нічога. Ты даваў клятву, ты прысягаў. Дык вырвіся ці загінь… Ён ужо судзіў жорстка і бязлітасна, судзіў так, як судзяць за самае цяжкае злачынства.
Увесь час, пакуль мозг свідравалі думкі пра палонніка, Баталаў штосілы стараўся, каб не назваць яго прозвішча. Яму здавалася: калі б назваў — штосьці з жудаснай трагічнай сілай абурылася б у ім і пахавала пад сабою нейкі самы светлы яго ідэал. Каб не дапусціць тое прозвішча ў сваю распаленую свядомасць, запраторыць яго ў самы глыбокі закутак, на самы паддон душы, Баталаў хапаўся разважаць пра наступленне. Ганяў цыгарку з кутка ў куток рота, думаў: «У баі дарогі не пытаюць і ворагаў не лічаць, а б’юць. Першы і трэці батальёны вунь таксама даюць фрыцам жару. Дык калі заваёўваюць пазіцыі ўзводы, батальёны, то перамагаюць арміі, франты… Вось так, таварыш батальённы: калі заваёўваюць пазіцыі ўзводы…»
Палоннік пачаў адыходзіць некуды на задні план. I калі ўжо Баталаў адчуў, што не так стала даймаць тое прозвішча, яму раптам нібы выбухнула ў галаве: «Якаў Джугашвілі!» У той жа міг адляцелі ўсе жорсткія, бязлітасныя асуджальныя думкі і ў ліхаманкавай свядомасці з’явілася: «Паранены, кантужаны, хворы альбо ў якім іншым безвыходным становішчы…» Але словы гэтыя пачалі быццам церціся, шоргацца, трушчыць самі сябе. Праз хвіліну зноў вырвалася пакутліва-горкае і пагрозліва-непрымірымае. «Грызі зубамі, ідзі грудзямі на кулі і штыкі…» Баталаў зажмурыўся прама ў сонца і на хвіліну нібы аглух. Потым ужо слыхам, які вяртаўся да яго, пачуў свае ўласныя словы, сказаныя ўголас: «Ведаюць, сцервы, чым ударыць у самае сэрца — Якаў Джугашвілі, сын Сталіна…»
Цяпер, калі Баталаў з трывогай сачыў за нямецкімі танкамі, мімалётная думка, што ўсе мы зараз у гэтай вогненна-смяртэльнай калатнечы павінны быць як адзін чалавек, жорстка нагадала яму таго палонніка. I, як бы з гарачкі, у галаве ліхаманкава закруцілася: а там… не адзін ён там… Дык як, чаму яно здарылася?.. Момант Баталаў быў нібы ў прастрацыі. Затым з бязлітаснай злосцю ўзбурыўся: вунь яны, бачыш — сталёвыя звяругі, а ты!.. Ды тут усё роўна вышчамілася: не хочаш глядзець праўдзе ў вочы? А калі не глядзіш, то нічога не пабачыш… Аднак пасля гэтага яму быццам яшчэ дабавілася злосці на сябе, і ён рашуча, як абрэзаў што, сказаў: «Не па часе». Сказаў, і скулы яго напяліся, зацвярдзелі.
Астатнія некалькі хвілін, пакуль нерухома назіраў за танкамі, ён, стараючыся стрымліваць хваляванне, імкнуўся ўявіць, як можа разгарнуцца бой.
Усё наўкола — і людзі, і зямля, і дрэвы — нібы сціснулася ў трывозе і напружанасці да крайнасці, да мяжы магчымага.
Танкі грымнулі з гармат. Снарады прасвісталі ўгары, разарваліся далёка ў тыле батальёна, недзе каля Дняпра. I другі раз, і трэці так. За чацвёртым разрывы пачуліся бліжэй. Потым зусім блізка. Адзін снарад патрапіў у вугал лазні, развярнуў мур пад дахам. Затым два як ні разам шкуматнулі брук на вуліцы. Узляцела водаправодная калонка, валіліся тэлеграфныя слупы…
— Камандзіра шостай! — крыкнуў камбат сувязісту.
Сувязіст падаў яму тэлефонную трубку — шостая адазвалася адразу.
— Гарнага, чаму ў цябе бранябойшчыкі маўчаць?.. Прыцэльваюцца? Агонь па танках!
Не паспеў Баталаў аддаць трубку, як грымнулі два стрэлы з процітанкавых ружжаў. Пярэдні танк закруціўся на месцы. Пахіліўся на бок, стаў. Гэта здарылася так нечакана, што спачатку Баталаў як бы не паверыў сваім вачам. «Праўда, прыцэльваліся! Так іх, фашысцкіх гадаў!»
Грукат бою ўзмацняўся. 3 правага фланга роты, а затым і з левага, секанулі па гітлераўцах кулямёты. Варожыя аўтаматчыкі замітусіліся, пачалі хавацца хто куды. За дрэвы, за водаправодныя калонкі і печы спаленых хат, за сцены абгарэлых камяніц. Некаторыя ашалела несліся вуліцаю назад і падалі на брук, насцігнутыя кулямі.
Падбіты танк павярнуў вежу, апусціў ніжэй ствол гарматы і рыгнуў агнём. Астатнія, страляючы, рухаліся наперад без аўтаматчыкаў. Баталаў зразумеў іх намер: знішчыць кулямёты, каб засцерагчы ад небяспекі аўтаматчыкаў.
— Таварыш капітан! — сувязіст працягнуў яму трубку.
Баталаў пачуў таропкі і вінаваты голас лейтэнанта Фаменкі. Камандзір батарэі далажыў, дзе размясціў свае саракапяткі, спытаў, які будзе загад.
— Па танках! Толькі лупі па тых, што ідуць. Падбіты «пэтээраўцы» даканаюць.
Танкі, чуваць ужо было, грукаталі па бруку. Лязганне цяжкіх гусеніц па камянях, хвосткія чэргі хуткастрэльных кулямётаў і гулкія стрэлы гармат ірвалі паветра. Камбат помніў і разумеў: калі там, на пярэднім краі, хто-небудзь не вытрымае, пабяжыць, можа, здарыцца непапраўнае — паніка ахопіць іншых, і тады ўжо ніхто не спыніць ашалелых ад страху людзей. Ён пакутліва змагаўся з жаданнем кінуцца да бранябойшчыкаў, прыпасці да ружжа і страляць, страляць. Падавіў яго, сказаў сабе: «Спакойна, без нервознасці». У дадатак, быццам падмацоўваючы ў сабе рашучасць, вылаяўся: «Зараз мы іх, 6.., палашчым».
Наступны танк абышоў абяссіленага «падранка». Гармата яго таропка, не прыцэльна пасылала снарад за снарадам. Саракапяткі яшчэ таксама не прыстраляліся як след. Спераду, ззаду каля танка ўскідвалася ад выбухаў зямля. Ён прасунуўся яшчэ метраў пяцьдзесят, калі з прыплюснутай вежы вырваўся белаваты струменьчык дыму. Падымаючыся ўгору, дым пацягнуў за сабою ледзь бачны, жоўта-празрысты агонь. Спачатку было падобна, што гэта закалыхалася гарачае марыва. Раптам вырвалася, высока ўскінулася яркае полымя. Не прайшло і мінуты, як грымнуў аглушальны выбух. Вежу з гарматным ствалом сарвала і кінула далёка, у абгароджаны штыкетнікам двор.
Трэці, апошні танк абмінуў падбітыя, як шалёны, дзікі звяруга раўнуў маторам і рвануўся наперад. Ужо добра быў відаць на яго брані чорны, абведзены белымі палосамі крыж. Баталаў чакаў, што танк вось-вось пачне паварочваць назад. Калі толькі не патрапіць пад прыцэл артылерыстаў. Фашысты зараз апамятаюцца, зжахнуцца, што на ражон лезуць, і памкнуцца даць драпака.
Можа б, яно так і было, каб удалечыні не пачалі з абодвух бакоў выпаўзаць на вуліцу яшчэ танкі. Караневіч пачаў іх лічыць і налічыў ужо дзесятак, а яны ўсё паўзлі. Тым часам у блакіце неба загулі самалёты. Цяжкі пагрозлівы гул хутка запаўняў сабою наваколле, пачынаў перакрываць іншыя гукі. Набліжаліся «юнкерсы». Яны ляцелі хутка, на вялікай вышыні.
Камбат загадаў усім падраздзяленням спыніць агонь, каб не дэмаскіраваць сябе сцярвятнікам. Гэты адзінокі танк-выпаўзень няхай прарвецца да Дняпра. Адзін ён многа шкоды не наробіць. Там яго абавязкова закідаюць бутэлькамі з гаручай сумессю… Але вось як з тымі, што плоймай вылазяць на вуліцу?.. Яны наваляцца!..
«Як спыніць іх? Як?..» Баталаў скрыгатнуў зубамі. Зноў прыпаў да бінокля. На вуліцы — дзве таполі. Тоўстыя… Адна насупраць другой… I тут учэпістая памяць імгненна высвеціла. Нарада ў штабе дывізіі… Словы камбрыга Факанава пра масток цераз Чорначку… На гэтай вуліцы, праўда, няма рэчкі, няма мастка, аднак жа… Вунь яна — «гарлавіна»…
3 «юнкерсаў» пачалі вывальвацца бомбы. 3 аднаго, з другога, з трэцяга… Сыпаліся густа. Імкліва набліжаючыся да зямлі, яны паперад сябе абрынулі на яе жахлівыя гукі свайго лёту — спачатку здушлівае выццё, якое, нарастаючы, ператваралася ў пранізлівы, жудасны свіст. Зямля задрыжала, застагнала.
Свісталі і сыкалі над галавою асколкі. У акоп сыпаліся дробныя камякі зямлі.
Больш за ўсё Баталава здзівіла, як доўга зверху сыпалася зямля — можа, таму, што ён не адрозніваў выбухаў, яны зліліся ў суцэльны гук. Нешта цяжкае ўпала Баталаву на спіну, моцна выцяла па лапатцы. Ён паварушыў плячамі, прыўзняўся на локцях. У вушах шумела, трашчала.
Самалёты яшчэ гулі, а бомбаў ужо не чуваць было. Баталаў выглянуў з акопа.
«Юнкерсы» каршунамі кідаліся ў небе. За Дняпром гулка хлопалі зеніткі. Каля сцярвятнікаў раз за разам узнікалі белыя воблачкі. 3 хваста аднаго, які крута разварочваўся над лесам, вырваўся дым. Спачатку ён ледзь курыўся, пасля паваліў густа, цягнучыся чорным шлейфам. «Юнкере» пачаў завальвацца на крыло. Але ўтрымаўся і нібыта нават выраўняўся крыху. А праз хвіліну кульнуўся цераз нос і ўрэзаўся ў сцяну лесу. Грымнуў страшэнны выбух.
Цяпер усю ўвагу зноў захапілі танкі. «Прарвуцца ці не?» Ён не заўважыў, што папытаў гэта ў самога сябе.
Танкі набліжаліся. Баталаў паглядзеў на тую «гарлавіну». «Во гэта і будзе вам той масток.— Злосная ухмылка скрывіла вусны. У нецярплівай думцы яго паменшала гарачнасці, і гэта замацавала яе.— Бу-удзе».
Пазваніў камандзір батарэі Фаменка. Бомба папала ў цагляны пограб, дзе на час бамбёжкі схаваўся гарматны разлік. Ніхто не застаўся жывы. Не хацелася даваць веры. У пограб?.. Дзе ж яшчэ можа быць больш надзейнае сховішча! А каб каля гарматы заставаліся?
— Гармата цэлая? — ціха спытаў Баталаў.
— Толькі галіну ад яблыні ўскінула на ствол.
— Стварыце новы разлік. Зараз будзем танкі сустракаць.— Раптам камбат звярнуўся да яго на «ты».— Бачыіш дзве вялізныя таполі адна насупраць другой цераз вуліцу? Яны каля цагляных дамоў — бачыш?
— Так.
— Прапусці міма тых таполяў чатыры танкі, а наступны там падпалі. Толькі абавязкова паміж імі — зразумеў?
— Так точна, паміж імі.
Размова з камандзірам батарэі абнадзеіла Баталава! Падпаліць — усё будзе як трэба. Ну, а на тых, якія пройдуць праз «гарлавіну», паляцяць ручныя «снарады». Яно таксама не блага. Што значыць падпаліць бутэлькай з бензінам ці падарваць звязкай гранат сталёвае страшыдла? У гэтым жа праяўляецца вялікая мужнасць воіна, яго агромністая, сабраная ў кулак сіла волі. Гэта, нарэшце, велізарная псіхалагічная барацьба з самім сабою, з інстынктам самазахавання, з так званай «танкабояззю…».
Што ні кажы, а яна, «танкабоязь», скоўвала, ледзянілаі душы чырвонаармейцаў. Пра нямецкія танкі распаўзаліся розныя жахлівыя легенды. Незвычайныя машыны! Яны і скачуць, як лягушкі: скок — і па другі бок процітанкавага рова… I пафарбаваныя такою фарбай, якая не загараецца ад бензіна… I такую хуткасць могуць развіваць, што любую аўтамашыну перагоняць… Хто распускаў гэтыя чуткі — цяжка зразумець было. Ці проста балбатуны-панікёры, ці нямецкія лазутчыкі. Немцы нямала засылал цераз фронт пераапранутых у чырвонаармейскую форму лазутчыкаў, скідвалі іх дэсантамі з самалётаў, каб яны рабілі дыверсіі на дарогах і мастах, сеялі паніку.
Баталаў падумаў, што паніка цяпер была б для іх страшней за нямецкую зброю. Памятаў, здарылася з ім аднойчы.
Дзянікінцы падкраліся, калі іхні эскадрон размясціўся каля рэчкі на прывал. Панічны страх, які ахапіў тады яго, паралізаваў свядомасць. I пасля, як страх прайшоў ужо, душу яшчэ доўга скоўвала здранцвенне.
Танкі пайшлі міма таполяў. Адзін, другі, трэці… Але… Што здарылася? Ужо і пяты прасунуўся, а батарэя маўчала. Што ў іх там — ствалы заржавелі? Што ён сабе думае, Фаменка?.. Душу камбата працялі трывога і злосць на лейтэнанта. Жаўлакі захадзілі на твары. Вось і яшчэ адзін зараз!.. Аднак Баталаў напружаннем волі прыгасіў сваю гарачнасць: пройдзе і гэты — хай!.. У гэтым «хай» былі і разлютаваная ўпартасць, і нястрымная гатоўнасць да ўсяго, што чакала наперадзе, што належала неўзабаве ім здзейсніць, можа, нават самай дарагой цаною. «Хай ідзе!..»
Паміж таполямі з’явіўся шосты танк. I тады паветра страсянулася грымоццем, па ўсёй шырыні вуліцы чорнымі стаўбунамі ўскінулася зямля. Усё зацягнула дымам, толькі відаць былі верхавіны дрэў.
Спярша з дыму, які ўзнік ад разрыву снарадаў, вырваўся агонь. Затым праз хвіліну Баталаў пабачыў: сталёвая пачвара пачала гарэць як свечка.
Астатнія танкі спыніліся. Абысці той, што гарэў, не было як. Таполі магутныя, іх не зваліш, дамы таксама не разломіш — цагляныя, моцныя. Прамежак паміж дамамі і дрэвамi малы, не праціснуцца. Зноў жа, прасоўвацца ўпрыцірку з падпаленым танкам небяспечна, бо ён у любы момант можа ўзарвацца ці агонь перакінецца… Выйсце адно: назад…
Танкі пачалі разварочвацца. А пакуль павольна манеўравалі на звужанай вуліцы, сталі добрай мішэнню для артылерыстаў. Падстаўлялі ім бакавіны, і яшчэ два напаткалі сваю долю. Успыхнулі амаль адначасова і гарэлі шуглівым полымем. Густы шчыльны дым падымаўся над імі. Падобна было, што снарады прадзіравілі кармавыя бакі.
Тыя пяцёра, што праскочылі «гарлавіну», спачатку паўзлі, нібыта чарапахі, потым пачалі набіраць хуткасць. Снарады ў іх не ляцелі, і гітлераўцы разумелі, што трэба выкарыстаць гэта, як мага хутчэй дабрацца да пярэдняга краю. Тады артылерыя і зусім не будзе па іх страляць — каб сваіх не пабіць.
Ад рубяжа роты Гарнагі танкі былі ўжо метраў за трыста. Праз хвіліну-дзве яны напаўзуць, пачнуць прасаваць гусеніцамі наспех выкапаныя вузенькія мелкія акопы. Вось і наступае ён, той момант пераадолення «танкабоязі…».
Як мага спакойна, роўна, Баталаў перадаў камандзіру шостай:
— Трымацца, Гарнага. Гранатамі па іх, бутэлькамі з гаручай сумессю! Трымацца з усёй сілы.
Загрукалі гулкія рэзкія стрэлы — ударылі процітанкавыя ружжы. Справа ззаду грымнулі гарматы.
А танкі ішлі. Шырокія, з доўгімі дуламі, страшныя.
Баталаву падалося, што ён раней адчуў — нешта востра, як нажом, ударыла яму ў сэрца,— чым пабачыў: з акопа выскачыў чырвонаармеец і здзічэла кінуўся наўцёкі, у бок Дняпра. Няўклюдная постаць была так перагнута ў паясніцы, што, здавалася, каб ён апусціў рукі, дастаў бы імі зямлі і поўз бы на карачках. 3 таго самага акопа да пояса вытыркнуўся другі, прыўзняў над сабой ручны кулямёт. Кароткая чарга ледзь пачулася ў грукаце артылерыйскай кананады. Уцякач адразу спыніўся. Пахіснуўся, упаў. Прапоўз, падхапіўся. Цяпер ужо выпрастаны на ўвесь свой невялікі рост ірвануўся назад.
Усё гэта пабачылася Баталаву быццам у нейкім недарэчным сне.
Калі ўцякач ускочыў у акоп, камбат адразу забыўся пра яго. Мозг зноў пякуча пранізала: танкі! Усе думкі, усе парыванні яго сканцэнтраваліся цяпер на адным: спыніць іх, знішчыць.
Над яго галавой дзёўбнулася ў цагляную сцяну, віскліва зрыкашэціла куля. Другая ўцюкнулася ў дрэва, адкалола кавалак кары, які праляцеў каля вуха і шлёпнуўся ў жвір на брустверы. Засвістаў снарад, свіст яго набліжаўся і быццам утаўшчаўся. I тут жа ў вочы і вушы ўдарыла паветра. Ён зажмурыўся, а калі ўзняў павекі, недалёка пасярод вуліцы асядала зямля.
Яны ўжо былі блізка. «Ну бліжэй, бліжэй!..» Цяпер Баталаў нібы зацяўся ўвесь злосцю і рашучасцю і як бы прыспешваў іх. Пярэдні танк раптам «закульгаў». Нахіліўся на левы бок, закруціўся на месцы, як сабака, ловячы свой хвост. Відаць, былі разбіты каткі, якія трымалі гусеніцу. Той, што імчаў услед, абмінаючы яго, ускочыў на дашчаны тратуар. Далей ён пёр па тратуары. Нібы сунуўся страшным сталёвым чэравам па выслізганых людскімі нагамі дошках. Прама на камандна-назіральны пункт.
Думак ужо ніякіх у Баталава не было, толькі грукатала ў вушах і скронях ды сцінала ўсяго ліхаманкавае імкненне схавацца, уціснуцца ў зямлю. Але чуў ён таксама: у ім скамянела мацнейшая, чым яго нервы, зацятасць. Не, яна не скамянела. Пачала расці, распіраць яму грудзі. Ён схапіў у Караневіча бутэльку з гаручай сумессю. Замёр: яшчэ рана, не даляціць… Секунды цягнуліся надзвычай доўга. А цяпер?.. Прысеў ніжэй на кукішках, потым падскочыў, з усяго маху шпурнуў бутэльку. Міма? Яшчэ б адну!.. A-а, вось яна… Не, цяпер позна… Прыціснуўся да сценкі акопа. Танк, вялізны, гарачы, выдзьмухваючы з сябе чадны смурод, прагрукатаў далей. Баталаву недарэчна падалося, быццам не танк праходзіў паўз акоп, а доўгі-доўгі поезд нёсся па гулкіх сталёвых рэйках.
Другую бутэльку камбат кінуў наўздагон. Успышка агню паказалася яму дужа вялікай і незвычайна яркай.
А тыя, астатнія, што прайшлі «гарлавіну»?..
Танкі, наколькі дазваляла шырыня вуліцы, стараліся манеўраваць. Гарматы іх паварочваліся ў бакі і смалілі туды, адкуль з двароў і садоў вялі агонь роты Вішняка і Шарафутдзінава. «Трэба прамой наводкай. Адну саракапятку ўперад — і падкаліберным…»
Баталаў загадаў Фаменку нязвыклымі для вайсковага ўжывання словамі: «Выкаці…», «Урэж…»
Гармата ўдарыла з адлегласці не больш як сто метраў. Яшчэ адзін «фашыст» загарэўся. 3 люка пачалі вывальвацца танкісты. Яны кідаліся да расчыненых у зялёны двор веснічак. Апошні не паспеў выскачыць. Вытыркнуўся з люка, і ў гэты момант у танку ўзарваліся снарады. Выбух ускінуў яго, пашкамутанага, разам з кавалкамі парванай брані высока ўгору і чмякнуў на брук.
Гарнага падняў роту. У адну хвіліну байцы запоўнілі вуліцу, беглі ўсё далей, далей, да той «гарлавіны». Баталаву здавалася, што скрозь страляніну, сумяціцу бою ён чуў іхняе гарачае дыханне, адчуваў адгалоссе ў зямлі тупату іх дужых стомленых ног.
VI
«Дарагая Шура! Мы наступаем. Ты разумеет, што цяпер адбываецца з усімі намі? Па ворагу сіла мераецца, як кажуць. Пабачыла б ты, як ваявалі сёння мае баявыя сябры — Гарнага, Вішняк, Шарафутдзінаў, Фаменка, Галаўчэня-Шакірзянаў! Не, даруй, бачыць табе гэта не трэба.
Гадуйце вы там дзяцей, дапамагайце нам чым можаце, а мы будзем знішчаць фашызм. Возьмем Берлін, а там і на Волгу, да вас, мае родныя…»
(3 пісьма Баталава жонцы Аляксандры Міхайлаўне).
«Байцы і камандзіры ўпэўнены ў сваім камбаце, паважаюць і любяць яго. Яны бачаць у ім беззапаветнага сына савецкага народа, прадстаўніка бальшавіцкай партыі…»
(Лейтенант П. Гарнага. Газета «В бой за Родину», № 12, 1941 год).
«Рускія знішчылі цэлую роту — 199 чалавек»
(3 дзённіка нямецкага ваеннага свяшчэнніка Эрыха Нікеля. 14 ліпеня 1941 года. «Паведамленні Савецкага Інфармбюро». Масква, 1944. Т. 1 С 267).
VII
Пад вечар батальён дасягнуў Паўночнага паравознага дэпо. Знясіленыя за дзень цяжкага наступлення байцы ледзь адольвалі стому. Але прыпыняць наступленне ніяк нельга было. Абстаноўка вымагала як найхутчэй выбіць гітлераўцаў з дэпо. Гэта істотна дапамагло б тым падраздзяленням, якія вялі баі яшчэ на гарадскіх вуліцах.
Разведка далажыла, што дэпо і прылягаючая да яго тэрыторыя бітком набіты кулямётамі, мінамётамі, гарматамі. Ісці ў лоб, штурмаваць дэпо нельга было — пашлеш людзей на яўную згубу. 3 тылу б ударыць…
Камбат аглядваў наваколле, разлінеенае пачарнелымі рэйкамі з паравозамі і вагонамі ў тупіках, з будкамі стрэлачнікаў і яшчэ нейкімі службовымі збудаваннямі абапал пуцей. Спатнелы твар яго сурова застыў. На ім жылі толькі вочы.
Так ён стаяў некалькі доўгіх мінут. Пасля крута павярнуўся да сувязіста:
— Выкліч полк.
Расказаў пра свой план абходнага манеўра маёру Вайнтраўбу. Папрасіў: калі ёсць сувязь са штабам знішчальнага батальёна — каб прыслалі каго са сваіх разведчыкаў. Пагаварыўшы з маёрам, хвіліну пасядзеў у задуменні, затым выклікаў камандзіра чацвёртай роты Вішняка.
Пакуль чакаў яго, думаў пра свой дзёрзкі план.
З’явіўся Вішняк.
— Слухаю вас, таварыш капітан!
— Вось чаго я паклікаў цябе,— нетаропка загаварыў камбат.— Неабходна даць фашысту па патыліцы.— I, ці то загадаў, ці пытаў згоды, неспадзявана весела дадаў: — Так даць, каб яму ажно ў вачах пацямнела.
— Значыць, па патыліцы? — перапытаў Вішняк. Ён стараўся зразумець, што тут да чаго.— Непрыкметна абысці дэпо — і адтуль?
— Так, абысці. Трэба, каб ты выдзеліў два аддзяленні, і думаю забраць у цябе ўзвод кулямётчыкаў малодшага лейтэнанта Ярохіна.
Вішняк ледзь-ледзь прыжмурыў вочы.
— Ярохін дасць. Лоўкі камандзір.— Ён сказаў і квола ўсміхнуўся перасохлымі пабялелымі губамі.
— Баліць? — Баталаў кіўком галавы паказаў на яго параненую руку.
— Пакуль жаніцца — загаіцца,— пажартаваў старшы лейтэнант прытворна-весела.
— Прыдадзім Ярохіну таксама два мінамёты. Як абыдуць, няхай інтэнсіўна абстраляюць, даюць чырвоную ракету і кідаюцца ў атаку. Ракета будзе для нас сігналам: наперад! — Камбат прачытаў у вачах Вішняка нейкае пытанне.— Што незразумела?.. A-а, ну так… Узвод правядзе разведчык знішчальнага батальёна. Ён мясцовы жыхар, яму прасцей… Ты пасядзі крыху, адпачні, зараз ён павінен з’явіцца.
Непрацяглая пауза, якая ўсталявалася затым, была кароткім адпачынкам для абодвух.
— Паслухай, Вішняк, а можа, табе ўсё ж трэба пайсці ў санчасць? — Баталаў злёгку крануўся перавязанай рукі камандзіра роты.
— Ды не, драпіна ж. Зажывае ўжо, пальцы во — бачыце? — Ён паказаў, якія яны, пальцы, што вытыркаліся са жмуту бінта, рухавыя — энергічна пашавяліў імі, сціснуў У кулак.
— Ну добра, добра, не паказвай, а то толькі руку натрудзіш.
Перадвячэрняе сонца залівала наваколле чырванаватым святлом.
Неўзабаве прыйшоў разведчык.
— Добрага здароўя! Прыбыў у ваша распараджэнне, таварыш капітан.
Баталава ў другі раз прыемна здзівіў голас Ткачова — высокі, моцны, але мяккі, не пранізлівы нават і тады, калі Ткачоў гаварыў рэзка.
— Антон Пятровіч! Добрага здароўя! Вас мне дужа не хапае,— Камбат паклаў руку яму на плячо.— Даруйце, кожная хвіліна дарагая. Так што — адразу да справы. Зможаце непрыкметна правесці нашу групу на той бок дэпо?
Ткачоў на хвіліну задумаўся і сказаў рашуча:
— Я гатоў.
— Так я і ведаў, Антон Пятровіч. То зараз старшы лейтэнант паставіць камандзіру групы задачу, і дзейнічайце
Гледзячы ўслед Вішняку і Ткачову, якія пакіраваліся ў распалажэнне роты, Баталаў прыгадаў малодшага лейтэнанта Ярохіна, ад якога цяпер залежала вельмі многае. Дакладней, не проста прыгадаў — уявіў яго. Як ён стаіць перад камандзірам роты, трохі прыўзняўшы пакатыя плечы, і пільна-пільна, быццам хапае на ляту, слухае кожнае яго слова.
Пасля, пакуль чакаў, калі пачнецца страляніна па другі бок дэпо, камбат таксама час ад часу вяртаўся думкамі да камандзіра ўзвода. Успамінаў пра яго з цеплынёй і павагай, якія нараджаюцца да чалавека, што выклікае да сябе поўны давер.
Баталаву не раз даводзілася чуць, як малодшы лейтэнант у размовах з чырвонаармейцамі даводзіў: «Няхай Гітлер не думае, што мы яму даруем. Нікуды ад нас не схаваецца. Пасадзім яго на штык, як у песні пяецца: «Барон фон дэр Пшык папаў на рускі штык, застаўся ад барона толькі пшык». Было ў гэтай зухаватасці і нешта лёгкае, па-юнацку наіўнае, і тое шчырае, чалавечае, што ішло ад перакананасці і веры.
Аднаго разу, калі ехалі яны з Паволжа сюды, на фронт, Баталаў, абыходзячы на станцыі эшалон, пачуў ад Ярохіна зусім іншае. Той у цяплушцы расказваў байцам фантастычна-прыгодніцкую гісторыю. Штосьці ўпамянуў пра Цыялкоўскага, не забыў пры гэтым заўважыць, што сам ён нарадзіўся і вучыўся ў школе ў тым горадзе, дзе жыў вялікі вучоны. Баталаў усміхнуўся — ведай, маўляў, нашых. Потым да яго слыху даляцела фраза: «Ясная справа — заўтра людзі не змогуць жыць без навукі». I ён падумаў, як папракнуў: не быў бы студэнт! Дык гэта ж будзе заўтра, а сёння нам трэба знішчаць фашызм. Страляць, забіваць… Абарваў сябе: але ж заўтрашні дзень прыйдзе, яго нішто не спыніць…
Цяпер у яго таксама мільганула думка пра заўтрашні дзень. Аднак у ёй быў іншы, рэальны сэнс: які ён будзе для іх — заўтрашні дзень?
Недзе ў горадзе грукатала страляніна. Баталаў прыслухаўся: прыбліжаецца яна ці не? Вызначыць было цяжка. Дык як там? Што? Можа, захліпнулася наступленне? А Ярохін? Як у яго, чаму ён маўчыць? Ці ўсё мы як след абмазгавалі, ці ўсё ўлічылі? Мажліва, пра нешта не падумалі, нечага не даўмеліся?.. Маўчыць жа вось… Трывога гарачыла гэтыя думкі. Яны на хвіліну суцішаліся, ледзь-ледзь варушыліся недзе ў падсвядомасці, потым зноў накатваліся палкай хваляй.
Баталаву падалося, што на яго хтосьці пільна пазірае. Ён памарудзіў крыху, павярнуў галаву. Сустрэўся вачамі з Караневічам. Той сядзеў на кукішках, ад нечага рабіць круціў у запэцканых зямлёю пальцах вінтовачны патрон. Ён, мусіць, зразумеў душэўны стан камбата, бадзёра сказаў:
— Зараз і наш Ярохін ударыць.
— Ты так думает?
— Канкрэтна,— пацвердзіў Караневіч любімым і, як лічыў, надзвычай пераканаўчым словам, стараючыся як-небудзь паспрыяць, каб трывога капітана зменшылася, не даймала яго так востра. Сваё «канкрэтна» ён ужываў у выключных выпадках. Калі хацеў падкрэсліць: толькі так — і не іначай. Баталаў ведаў гэта і таму, калі Караневіч «падкрэсліваў», ледзь прыкметна паблажліва ўсміхаўся. Цяпер таксама ўсмешка кранулася яго вуснаў.
Свяціла сонца. Як многа сонца было ў той дзень над зямлёю!..
За доўгай, высокай камяніцай дэпо глуха вухнулі мінамёты. Рэзка і суха затрашчалі кулямётныя чэргі.
— Ну, што я казаў! — Караневіч ускочыў на ногі, неяк дробненька, як козлік, прытупнуў ботамі.
Гітлераўцы, відаць, не чакалі ўдару з тылу, бо спачатку не адказвалі на агонь Ярохіна. Разгубіліся. Ды ім і патрэбен быў час, каб павярнуць свае мінамёты. А праз мінуту-дзве — якія ж дарагія былі гэтыя мінуты ўзводу Ярохіна! — быццам раскалоліся цагляныя сцены будыніны.
Баталаў прагна глынуў вады, зірнуў на гадзіннік. Загадаў камандзіру артылерыйскай батарэі Фаменку і камандзірам рот, каб адкрылі па дэпо агонь з усіх відаў зброі. Цяпер трэба было патрывожыць немцаў з гэтага боку. Хай памітусяцца, пакідаюцца туды-сюды. Гэта крыху аблегчыць надзвычай цяжкую задачу Ярохіна.
Не прайшло і хвіліны, як батальён таксама грымнуў залпамі і чэргамі. Разгарэлася зацятая дуэль. Калі шалёныя чэргі з абодвух бакоў зліваліся ў суцэльны бесперапынны грукат, Баталаву часам пачынала недарэчна мроіцца, што гэта хтосьці агромністы недзе цягае вялікі доўгі ланцуг па камянях. Ён не разумеў, адкуль гэта дзіўнае ўяўленне бралася, толькі аднаго разу мімаходам сказаў сабе: «Бач ты — ланцуг па камянях». Тады здагадаўся, што, мусіць, так учэпіста затрымалася ў ім уражанне ад таго, як лязгалі па бруку гусеніцы танкаў.
Ураганны агонь з абодвух бакоў цягнуўся чвэрць гадзіны. Нарэшце ў неба ўзляцела чырвоная ракета. Роты падняліся ў атаку. Чырвонаармейцы беглі, спатыкаліся, падалі. Адны падхопліваліся, другія так і заставаліся ляжаць на рэйках і прамасленых шпалах.
3 камандна-назіральнага пункта Баталаў бачыў, у якім цяжкім становішчы знаходзіліся стралкі. Усе шырокія вокны камяніцы смяртэльна пырскалі шчыльным свінцовым ліўнем з кулямётаў і аўтаматаў. I ўсё ж пехацінцы працягвалі штурм. Байцы пятай роты пачалі ўскокваць у вокны, чацвёртай — перавальваліся цераз барыкадны завал у варотах.
Але шостая рота, якая правей дэпо штурмавала доўгую будыніну нейкага склада, трапіла пад кінжальны агонь кулямётаў, залегла. Проста сярод пуцей. «Іх жа пакосяць там усіх, пад прыцэлам жа ляжаць.— Баталава абдало гарачынёй, шчокі сцягнуліся ад напружання.— Хай бы лепш адступілі».
— Фаменка, дзеўбані па тым складзе, што справа! — крыкнуў ён у трубку. Уласны голас паказаўся яму нібы чужым, абяссіленым нейкім, і ён крыкнуў гучней: — Hi хвіліны не марудзіць!
Загадаў Гарнагу адысці. А калі саракапяткі зробяць сваю справу — памяняць накірунак атакі: наступаць на склад з тарцовага боку, з фланга.
— Беражы людзей, чуеш? — сказаў з прыціскам, але не павышаючы голасу, нібы гэтым загладжваў сваё абурэнне, якое не стрымаў у сабе, што рота залегла на пуцях.
Абстаноўка бою вымагала змяніць камандны пункт. Баталаў прыгледзеўся, прыкінуў.
— Пераходзім вунь за тую «кукушку»,— паказаў на невялікі паравоз з высокай трубою, які сіратліва стаяў у тупіку.
Пакуль за «кукушкай» ладзілі камандна-назіральны пункт, артылерысты падцягнулі тры гарматы і адкрылі па складзе агонь прамой наводкай. Шырока разляталіся, падалі кавалкі бляхі, цагляны друз, сыпалася зямля.
I зноў Гарнага павёў роту на склад. 3 праломаў, якія прабілі ў сцяне снарады, пачалі выскокваць гітлераўцы. Рынуліся насустрач чырвонаармейцам. Таксама нешта апантана крычалі.
У мітусні, у бойцы Баталаў скрозь магутныя лінзы «цэйса» ўгледзеў каранастага чырвонаармейца. Пазнаў — Галаўчэня-Шакірзянаў… Пабачыўшы, як рослы гітлеравец кінуўся на сяржанта, міжвольна шчыльней прыціснуў бінокль да вачэй.
Фашыст выкінуў рукі ўперад, гатовы ўчапіцца Галаўчэню-Шакірзянаву ў горла. Сяржант у адно імгненне адскочыў убок, ударыў яго прыкладам. I пабег к складу. У след за ім — высокі баец. Ён раптам спыніўся, хістануўся назад. Яго падхапілі, але ён абвіс на руках. На які, можа, крок збоку ад іх вёрткі чырвонаармеец неяк дзіўна, нібы заяц, скокнуўшы, усадзіў штык у масіўную шэра-зялёную фігуру і сам аж прыгнуўся ці то ад невыноснага напружання цела, ці ад жудасці ў душы. Баталава таксама маланкай абпаліла імпульсіўная ўспышка жуды.
Грымнула зусім побач з камандна-назіральным пунктам. Снарад разарваўся так блізка, што Баталаў нават не пачуў яго свісту, а толькі адчуў, як шалёна рванула паветра. Мусіць, засеклі, заўважылі, як лінзы бінокля бліснулі на сонцы. «Чакай, што снайпер зараз прыцікуе…» Не паспеў Баталаў падумаць, як каля вуха дзумкнула куля. Так і ёсць, засеклі.
Давялося перабірацца за таварны вагон, перакулены коламі ўверх непадалёку ад «кукушкі».
За вагонам якраз з таго краю, дзе было самае месца для камандна-назіральнага пункта, гарэў на сонцы сланечнік. Залацістая галава яго моцна трымалася на дзябёлым тоўстым ствале з падобным на крылле лісцем. Баталаў крануўся рукою ствала, і яму падалося, што адчуў, як сланечнік уздрыгнуў ад недалёкага выбуху. Затым зноў. Няўжо расліны таксама ўмеюць адчуваць? I як ён тут вырас? Можа, ветрам занесла сюды семечка ці кінуў хто яго разам з шалупіннем. Учапіўся вось карэннем у прамасленую глебу і свеціць сваёй яркай жаўцізною, нібы святлафор… На міг апантаная, зацятая душа Баталава пацяплела, быццам ён зазірнуў у чыесьці добрыя, даверлівыя, ласкавыя вочы. Шчаслівае імгненне. Яно было, ці прымроілася? Свядомасць зноў усю без астатку захапіў бой.
Чырвонаармейцы ўжо ўскоквалі ў праломы.
3 дэпо Шарафутдзінаў і Вішняк перадавалі, што немцы ашалела адстрэльваюцца з-за кожнага станка, з-за кожнага паравоза. Роты нясуць страты. Жорсткая трывога аж распірала, вярэдзіла душу Баталава. У дэпо, гэткай гамарні, столькі розных аддзяленняў — з цаглянымі сценамі, масіўнымі дзвярамі, варотамі! Крэпасць!
3 варот дэпо санінструктар выцягнуў на плашч-палатцы раненага. Яму ўзяўся дапамагаць баец з забінтаванай галавой. Яны дайшлі да шырокай доўгай скрынкі, што ляжала паміж пуцямі. Памагаты санінструктара хістануўся, не ўтрымаўся на нагах, асеў на скрынку. Каля яго кірзавага бота Баталаў пабачыў намаляваную на дошках фашысцкую свастыку, якую, учапіўшыся кіпцюрамі ў чорны круг вакол яе, трымаў драпежны гітлераўскі арол. Свастыка падалася Баталаву вельмі брыдкай і зняважлівай. Ён зноў паглядзеў на дэпо і пабачыў неспадзяванае: чырвонаармейцы выводзілі адтуль групу палонных. Гітлераўцы ціснуліся ў гурт, палахліва азіраліся па баках. Ішлі марудна, ледзь перастаўляючы ногі ў ботах з шырокімі халявамі.
За дзень цяжкага, непамерна цяжкага бою ў Баталава неаднойчы былі хвіліны радаснай узрушанасці. Калі роты дамагаліся поспеху ў крытычных сітуацыях, калі ён дазнаваўся пра мужнасць і адвагу байцоў і камандзіраў. I вось яшчэ: палонныя!.. Вочы яго пазіралі насцярожана-дапытліва і са злой радасцю, якая загарэлася ў грудзях. Захацелася крыкнуць гітлераўцам: «Што, даваяваліся, вылюдкі!»
Усплёснулася пякучае ліхаманкавае жаданне: адной бы чаргою звяругаў… Але ў сэрца ўдарыла, абурыла думка: «Палонных?!» I ён як бы працверазеў. Усё глядзеў, глядзеў, як яны ішлі, набліжаліся. Абяззброеныя, разгубленыя і прыніжаныя. Ён углядваўся ў іхнія твары, постаці. I іншае пачуццё пачало напаўняць яго: злосная, ваяўнічая рашучасць. Біць іх, біць на полі бою, у наступленні… 3 гэтым пачуццем ён як бы набыў дужасць, якая прымусіла сэрца біцца хаця і моцна, але больш роўна і мерна.
Палонных прывялі на камандны пункт.
Баталаў паказваў, што яны не дужа цікавяць яго, хвіліну пазіраў у бок склада, дзе вяла бой шостая рота. Потым павярнуўся і з выглядам чалавека, упэўненасць і спакой якога не можа пахіснуць нават землетрасенне, далікатна кратаючы пальцамі жоўтыя пялёсткі сланечніку, спытаў у высокага даўгатварага афіцэра:
— Дзе ў дэпо штаб вашай часці?
Афіцэр няўцямна і палахліва залыпаў круглымі шэрымі вачамі. Затым, здагадаўшыся, відаць, пра што ў яго пытаюць, з халоднай напышлівасцю адтапырыў сцятыя губы. Рот яго стаў нібы зацягнуты шнурком кісет.
— Караневіч, перакладзі яму.
Камбат невыпадкова звярнуўся да ардынарца. Калі ехалі з Паволжа, баец прастадушна пахваляўся, што ў школе ў яго па нямецкай мове было «выдатна». Пры гэтым з наіўнай шчырасцю дадаваў, што зможа перакладаць паказанні гітлераўцаў, якія (так і казаў) пакідаюць зброю і падымуць свае крывавыя рукі.
— Во іст… штаб ваш? — загаварыў Караневіч, запінаючыся.— Ну, гэта самае… штаб, кажу? — Заўсёды мяккі, дабрадушны твар яго нахмурыўся, стаў злосны.— Ты што, не чуеш?
Афіцэр маўчаў, толькі ледзь-ледзь смыкаў сцятымі губамі. Пажылы, з адутлаватымі шчокамі на шырокім твары мацак, які стаяў узбоч ад яго, хрыпла кашлянуў, нібы прачышчаў горла, і ступіў наперад.
— Калі гер афіцыр дазваляйт, я скаж’ю, дз’е штаб батальён,— загаварыў ён да Баталава, з цяжкасцю вымаўляючы словы. Раптам выпрастаўся, стукнуў абцасамі.— Фельдфебель Фрыдрых Шнеккенбургер…
— Гавары хутчэй,— абарваў яго камбат.
— Там, дз’е…— Фельдфебель запнуўся, пачаў падымаць над галавою і з сілай апускаць сціснутыя ў кулакі рукі, быццам біў імі па чымсьці.
— Кузня? — выгукнуў Баталаў.
— Я-я, кузн’я,— паспешліва пацвердзіў палонны.
— Вызаві Шарафутдзінава! — павярнуўся камбат да сувязіста.
Страляніна ў дэпо, якая на хвіліну была пацішэла, зноў узгарэлася з ранейшай сілай.
— «Волга»! «Волга»! «Волга»! — пачаў паўтараць сувязіст, згорбіўшыся над апаратам.
— Ну што там? — У голасе Баталава пачуліся металічныя ноткі, якія з’яўляліся тады, калі яму даводзілася стрымліваць злосць альбо нецярплівасць.
— Не адказвае «Волга», таварыш капітан, мусіць, лінія…
— Вішняка давай!
— «Днепр»! «Днепр»! Днепр»!.. I гэты маўчыць, таксама лінія, відаць…
— От што, Сярожа.— Камбат моцна сціснуў локаць ардынарца.— Куляй у пятую. Перадай Шарафутдзінаву, што ў кузні — штаб батальёна. Трэба, скажы, абавязкова прабіцца да штаба і закідаць яго гранатамі. Дзейнічай!
Затым загадаў байцам, якія прывялі палонных.
— Гэтага,— паказаў на фельдфебеля,— перадайце капітану Садоўнікаву, астатніх адвядзіце ў штаб палка. А ты, гітлераўскі захопнік,— сказаў да Шнеккенбургера,— цяпер разам з намі паваюеш супраць фашыстаў.
Фельдфебель разгублена, няўцямна ўставіўся на Баталава, пераступіў нагамі ў тупарылых ялавых ботах.
— Толькі не ўздумай назад перабягаць, бо куля дагоніць.
— Найн перабягайт, найн.— Шнеккенбургер шпарка закруціў галавою.— Іх ваяваў рус мінулы война, іх знайт, Расія ваявайт не можна.
Такой размовы з гітлераўцам Баталаў ніяк не чакаў. Паглядзеў на яго з пранізлівай дапытлівасцю, трохі насмешліва: бач, старая ліса, хітраваць уздумаў, спадзяецца што яго крывадушныя хітрыкі нейкую выгаду яму дадуць. А дудкі!.. Узіраўся ў спалоханыя вочы, сіняватыя бялкі якіх былі папярэшчаны чырвонымі пражылкамі, стрымліваючы злосць, але ўсё ж жорстка секануў фельдфебелю:
— Чаму ішоў, калі ведаеш? Чаму, разбойнік, зброю падняў на мірных людзей?
Адразу затым у галаве яго прамільгнула: «Ці, можа, якраз і не хлусіць? Можа, «знайт» сапраўды?» Гэтая думка і збянтэжыла, і нібыта ўзрадавала. Ён махнуў рукой байцам, якія канваіравалі палонных: вядзіце.
3 варот дэпо, прыгнуўшыся і прыціскаючы да грудзей карабін, які вісеў на шыі, выбег Караневіч.
Ардынарац далажыў, што ў дэпо дужа горача. Фашысты кідаюцца ў контратакі, у рукапашныя бойкі. Ён перадаў таксама, што лейтэнант Шарафутдзінаў дзякуе за звестку: а то ўсё ламаў галаву — дзе можа быць штаб?
За складам страляніна пачала суціхаць, і камбат перакінуў адзін узвод шостай роты на дапамогу Вішняку. Неўзабаве і ў дэпо пацішэла.
Пазваніў Шарафутдзінаў, далажыў абстаноўку. Калі ў штабе гітлераўцаў прагрымелі выбухі гранат, адтуль выкінулі белы акравак. Усе, хто ўцалеў ад гранатных асколкаў, здаліся ў палон, а камандзір батальёна застрэліўся. Ліквідацыя штаба дэмаралізавала немцаў, унесла ў іх стан разлад. Супраціўленне іхняе аслабела.
— Ці маеш сувязь з Вішняком? — спытаў камбат.
— У яго такая ж карціна — слабей агрызаюцца.
Ускорасці Шарафутдзінаў і Вішняк паведамілі, што дэпо ачышчана ад фашыстаў. Баталаў накіраваўся туды.
Вось і зроблен крок наперад. Хай сабе і малы, нязначны, кропля ў моры — ды наперад жа, да перамогі. Толькі калі ж яна будзе, перамога? Далёка яшчэ да яе, далё-ёка. I якой цаной давядзецца яе здабываць! Не, зусім не так,як спявалі — «малой кровью, могучим ударом»… Баталаў, шчыра прызнаючыся сабе, аднаму сабе, не ўяўляў, калі будзе канец вайне. Адно не цьмела ў яго сэрцы: вера ў пера могу. Яна была горкая і балючая, аднак жыла, каранілася там глыбока. I ён ведаў,— што яна, хай, можа, сто разоў забітая, ды навек жывая, застанецца там назаўсёды. Адзін крок… Малы, нязначны. Але ён як бы раскрываў Баталаву вочы на нейкую перамену, якая адбывалася з ім. I ў той жа час гэтая перамена напомніла яму аб чымсьці нязменным, што заставалася ў ім, па-ранейшаму гарачым і ўзвышаным. Песня?.. Тая песня?.. Дык што яшчэ акрамя бравурнай самаўпэўненасці несла яна ў яго душу? Можа, усё ж і ў ёй неяк жывілася гэтая вера, якая цяпер дае яму сілу?.. Нязначны крок… А чаго толькі не было за гэты дзень!..
Чырвонаармейцы, асталяваўшыся ў дэпо, адпачывалі. Сядзелі, ляжалі доле. Поўныя стомы, трывожнага напружання, хрыпла адкашліваліся, сплёўвалі асадак пылу, парахавой і тратылавай копаці. Хто курыў, хто грыз сухар. Зняможаныя, яны вяла лаялі бандыта Гітлера і яго зграю. Найбольш неўгамонныя, імкнучыся заглушыць журботныя думкі і пачуцці, перасмешнічалі.
Баталаў абыходзіў падраздзяленні. Заўважыў Галаўчэню-Шакірзянава, прыпыніўся. Сяржант прываліўся спіною да пачарнелай сцяны, выцягнуў на падлозе ногі, спаў. На яго каленях ляжала галава чарнявага байца, якому, відаць, сніўся нейкі сон, бо ён гучна цмокаў губамі. 3 твару баец быў зусім хлапчук, але, прыгледзеўшыся, Баталаў пабачыў у ім нешта ад выгляду чалавека сталага і сур’ёзнага.
Ад купкі байцоў даляцеў нядружны смех. Наблізіўшыся, камбат пачуў:
— Я ў яго пытаю: «Як так — бацька твой быў бяздзетны? Адкуль жа ты тады?» — «А я, кажа, з Мазыра».
Зарагаталі весялей, загаманілі: «Малайчына мазыранін, ведае, якога ён роду-племя!..»
Баталаў таксама ўсміхнуўся сам сабе: жыццё, што ні кажы, бярэ сваё.
— А ты чаму не смяешся? Як сыч сядзіш,— накінуўся на кагосьці Кірычэнка (Баталаў па голасе яго пазнаў).— Можа, зноў драпануць хочаш?
I зноў знаёмы голас — хрыплаваты, радавога Дудкі:
— Я таксама… Ты не пачуў.
— Гэта не смех, калі ён за губой застаецца. Запомні: хто ў вайну ўмее смяяцца, той добра ваюе. Колькі гаварыў табе: будзь байчэйшы! Гэта ты і дома такі будзеш, як з вайны прыйдзеш, з дзеўкамі? Не, брат, той не мужык, хто не завядзе каня ў аглоблі, а дзеўку ў каноплі.
«Ну, муштруе!» — Баталаву захацелася заступіцца за хлопца: навошта няшчадна так падсмейвацца з чалавека? Ды падумаў: «Хай сам дае здачы, баец жа!»
Пайшоў далей. Пачуў за паравозам, які высіўся чорнай глыбай, грубаваты голас:
— Чаго ён так замахаў рукамі?
— Не бойся, гэта спрасоння,— адказаў яму другі, мяккі, юнацкі, у якім прабівалася ледзь улоўная хрыпата.
— А ён спрасоння не ўрэжа па кумпалу? Як таму фрыцу?
— I сапраўды, адсунься, а то яшчэ прымроіцца яму, што ты немец. Ха-ха-ха!
Натомлены камбат хадзіў і прыслухоўваўся да слоў, да ўздыхаў, да прытоенай знямелай сцішанасці. Падыходзіў да чырвонаармейцаў, пытаўся пра настрой, пра самаадчуванне і ішоў далей ад купкі да купкі.
Пагаварыў з Вішняком. Якія страты панесла рота, які яе маральны і баявы стан. Глядзеў на ўчарнелага, з хмурымі варухлівымі бровамі старшага лейтэнанта, падумаў, што, відаць, дужа цяжка яму, параненаму. А ўслед за гэтай думкай, можа, нейкім чынам і выкліканы ёю, нагарнуўся ўспамін, які на момант перанёсяго ў прасторную, залітую святлом вялікай хрустальнай люстры залу.
Быў палкавы вечар. Духавы аркестр іграў стары вальс, кружыліся радасныя шчаслівыя пары. Падцягнуты Вішняк танцаваў, ледзь прыкметна ўсміхаўся падпухлымі, як у дзяўчыны, губамі. У яго статнай, з россыпам саламяна-залацістых валасоў партнёркі прамяніліся вочы. Баталаў любаваўся імі, радаваўся: шчаслівая маладосць! Ну чаму ж ёй не быць шчаслівай у мірным жыцці пад чыстым высокім небам і ясным сонцам!..
У дэпо пачулася: «Да катла!» Кухары прынеслі ў вялікіх тэрмасах гарачую страву, гучна распытвалі, дзе якая рота, і спяшаліся хутчэй пакарміць байцоў.
Сонца кацілася ўніз. Бралася на падвячорак. Камбат захацеў агледзець у бінокль наваколле — праз паўгадзіны трэба ж наступаць далей,— выйшаў з дэпо. У твар яму пырснулі касыя прамяні. Ён прыжмурыў вочы, адвярнуў галаву. 3 боку ад варот убачыў накрытыя плашч-палаткай насілкі. Падышоў, адхінуў плашч-палатку і анямеў: на насілках ляжаў малодшы лейтэнант Ярохін. Да лоба яго прыліпла густая акрываўленая пасма светлых валасоў, вялікія нерухомыя вочы невідушча глядзелі ў бялёса-рэдзенькае неба.
Балючая, як стрываць, жальба сціснула сэрца Баталава. Ён так і застыў, нагнуўшыся над мёртвым лейтэнантам. Яму раптам прымроілася, што на васкова-жоўтым твары зварухнулася ледзь улоўная рыса, якая жыла на ім у тыя шчаслівыя мінуты, калі апантаны юнак што-небудзь расказваў чырвонаармейцам. Погляд Баталава ўпаў на рукі Ярохіна, скрыжаваныя на грудзях. На той, што ляжала зверху, была ледзь бачна бледная сінь татуіроўкі. Баталаў прачытаў: «Люба». Новы прыліў болю быццам токам пранізаў яго.
Павольна, цяжка, нібы праз сілу, выпрастаўшыся, Баталаў зняў пілотку, пастаяў. Потым зноў нагнуўся.
Дастаў з кішэні гімнасцёркі Ярохіна камсамольскі білет, фотаздымак жанчыны з белай хусцінкай на галаве, завязанай пад барадою — маці, відаць. Яму рэзала ў вачах, нібы ў іх трапіў пясок.
Нарэшце ён павёў позіркам па засмучаных тварах.
— Хто прыняў у баі камандаванне ўзводам? — спытаў, не звяртаючыся ні да кога асабіста.
— Я, таварыш капітан.— Поплеч з Караневічам, ступіўшы крок, стаў Ткачоў.— Даруйце, што цывільны чалавек… Не ведаю, як атрымалася — крыкнуў: «За мной!..» Можа, таму, што аднойчы, у фінскую, было так.
— Дзякую, Антон Пятровіч. Як загінуў малодшы лейтэнант?
— Яго параніла ў нагу. Рану перавязалі, а ў гэты час забіла кулямётчыка. Ён лёг за кулямёт. Вёў бой, пакуль побач не разарвалася міна.
— Пахавайце малодшага лейтэнанта Ярохіна з воінскімі ўшанаваннямі.
Баталаў казырнуў, пайшоў у штаб. Недзе недалёка ржалі няпоеныя коні, узбуджанымі галасамі перагукваліся ездавыя. Глуха ляпаў па дрэве малаток — хтосьці, відаць, рамантаваў павозку… Ногі капітана блыталіся ў абарваных правадах, спатыкаліся аб параскіданыя выбухамі снарадаў і мін драўляныя абломкі, кускі цэглы. А ён нічога не чуў, нічога не заўважаў. Усё больш аддаваўся думкам пра наступны бой, мысленна ўяўляў яго.
Ён ужо расстаўляў падраздзяленні — дзе і як яны будуць дзейнічаць. Перад яго вачамі паўставалі то напружана-стрыманы Вішняк, то парывісты, нібы яшчэ больш пасмуглелы за гэты дзень Шарафутдзінаў… Не заўважыў, як упамянуў: «Узвод Ярохіна». Спахапіўся, але не паправіўся, а зноў упарта сказаў сабе так, нібы пацвердзіў што. I зразумеў: для яго гэты ўзвод назаўсёды так і застанецца «ўзводам Ярохіна». Гарэза і летуценнік Ярохін будзе працягваць ваяваць разам з імі.
VIII
«…Камандаванне заспакойвае нас, як маленькіх дзяцей, запэўніваючы, што мы блізкія да перамогі. Гэтая саманадзейнасць абрыдла, бо ўласнымі вачамі салдаты бачаць, што робіцца…»
(3 пісьма яфрэйтара 8-й пяхотнай дывізіі германскай арміі Конрада Думлера брату. Ліпень 1941 года).
«…Месяц на Усходнім фронце для мяне не прайшоў дарэмна. Я пераканаўся, што вайна супраць Расіі кепска для нас скончыцца. Мы напалову яе ўжо прайгралі».
(3 пісьма салдата 8-й пяхотнай дывізіі германскай арміі Карла Крафта да бацькоў. Ліпень 1941 года. «Паведамленні Савецкага Інфармбюро». Масква, 1944. Т. 1, стар. 103).
Гэтыя пісьмы, якія затрымала фашысцкая цэнзура пры 8-й пяхотнай дывізіі германскай арміі, знойдзены ў захопленай нашымі часцямі нямецкай палявой пошце.
IX
Неба на захадзе западала — успыхнула барвовая вячэрняя зара. Аднак паветра яшчэ было душнае. Дыхалася цяжка.
Немцы стаіліся за тоўстымі цаглянымі сценамі, за касякамі варот і ў праёмах вокнаў Паўднёвага дэпо. Чырвонаармейцы залеглі за рознымі службовымі збудаваннямі, насыпамі тупікоў. На потных тварах, пакрытых чырванаватым цагляным пылам, застыла трывожнае напружанне. Стаяла знямелая цішыня, толькі зрэдку тонка і злосна высвіствалі кулі ад адзіночных стрэлаў.
Баталаў папытаў у капітана Садоўнікава, ці няма ў паведамленнях камандзіраў рот аб гатоўнасці да наступлення якіх разыходжанняў з планам, што прапанаваў штаб. Пачуў у адказ катэгарычнае «няма», сказаў сувязісту, каб выклікаў Шарафутдзінава.
Лейтэнанту Шарафутдзінаву ён загадаў адным словам:
— Пачынай!
Камандзір роты сурова глянуў на фельдфебеля Шнеккенбургера, які сядзеў у кутку паўпадвала на цэментнай падлозе, падкурчыўшы пад сябе тоўстыя ногі.
— Пачнём, Фрыц.
Немец шпарка ўсхапіўся.
— Іх найн Фрыц, іх Фрыдрых.
— Адзін чорт — акупант пракляты.— Шарафутдзінаў, смуглы, плячысты, стаяў, крыху нагнуўшы галаву, набычыушыся.— Дык глядзі, крычы на ўсю глотку. I папярэджваю, каб дурное не прыйшло табе ў башку, я разумею па-нямецку. Пачынай.— Ен, відаць, хваляваўся і таму гаварыў з больш моцным, чым звычайна, акцэнтам.
Шнеккенбургер ступіў да самага акенца, каля якога стаяў камандзір роты, глыбока ўздыхнуў, набраў у лёгкія паветра.
— Дойтшэ зольдатэн! — крыкнуў зычна. Голас яго ўздрыгнуў. Але наступныя словы фельдфебель пракрычаў яшчэ гучней. Гаварыў, што разам з іншымі ваеннаслужачымі нямецкай арміі здаўся ў палон, каб пазбегнуць кровапраліцця, што Гітлер развязаў злачынную захопніцкую вайну на шкоду і нямецкаму народу і што сумленным немцам не варта слухаць нацыстаў, а трэба складваць зброю.
Калі ён скончыў, усё ў наваколлі адразу нібы здранцвела — такой насцярожлівай стала цішыня. Яна быццам завісла на дахах будынкаў, нерухомых паравозах, ствалах нацэленай на дэпо зброі.
Разарваў яе высокі тонкі голас, які праз мінуту вырваўся з дэпо, сыпануўшы траскучай скорагаворкай. Шнеккенбургер крутнуўся да Шарафутдзінава, збянтэжана залыпаў вачамі:
— Сказаль, хай і другія гавор’яць, калі яны здаліся плен.
Лейтэнант таксама збянтэжыўся. Вось гэта фокус! Хто б мог падумаць, што так павернецца! Больш за ўсё ён дапускаў, што гітлераўцы ў адказ свайму нявернаму фельдфебелю адкрыюць агонь. А тут — правяраюць. Чаму? Сапраўды кранулі іх за жывое словы Шнеккенбургера? Ці паздзекавацца, панасміхацца, бо не вераць, што не адзін ён падняў рукі?
— Скажы ім, што другія адпраўлены ў штаб.— Шарафутдзінаў строга звёў бровы.— I яшчэ раз паўтары зварот свой.
Фельдфебель паўтарыў. Выслухаў адказ і яшчэ больш разгублена, бездапаможна паглядзеў на камандзіра роты.
— Яны каж’юць…— ён змоўк, пакутліва каўтануў сліну. Шаркнуў далоняй па чырвоным узмакрэлым твары.
— Чаго цягнеш валынку? Гавары! — Вочы лейтэнанта глядзелі на яго з пранізлівай нянавісцю.
— Яны каж’юць, што я шакаль, здраднік. I яшчэ… Не знайт, як сказайт рускім слофам. Не красіва каж’юць.
Шарафутдзінаў далажыў Баталаву.
Калі ў Баталава ўзнікла думка, каб паланёны гітлеавец «пагаварыў па шчырасці» са сваімі шкадлівымі супольнікамі, ён, праўду кажучм, не дужа верыў у поспех гэтай задумы. Перамогі закружылі, затлумілі фашыстам галовы. Арыйцы, вышэйшая раса… Закліканая гаспадарыць, панаваць над усімі… Тым не менш слабая надзея зацеплілася ў сэрцы камбата, што не кожны з тых, каго паслаў на нас Гітлер,— бандыт, рабаўнік, чалавеканенавіснік. Там яшчэ пульсавала максімалісцкая рамантызацыя лозунга: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» Рамантызацыя, якая бруілася нібы глыбінны крынічны струмень, чысты і светлы, і жывіла яго сумленне, яго грамадзянскі духоўны свет… Камбат пераконваў сябе: усяк можа павярнуцца, ёсць жа ў Германіі рабочы клас. Вунь і капітан Садоўнікаў расказваў: прайшла чутка, быццам на ўчастку суседняй дывізіі бомба не разарвалася — выцягнулі яе, разабралі, а там замест толу пілавінне… Ну чаму не можа быць такога? Бомбы ж не сам Гітлер робіць і не яго генералы… «Не, гадзючы выпладак, свет шырокі не для таго, каму боты ціснуць. Будзе табе з усіх бакоў і горача, і болеча!..»
Баталаў сцепануў плячамі, быццам скінуў з сябе нерашучасць.
— Фельдфебель перадаў словы, што ў полымі нашай вызваленчай барацьбы адродзіцца рэвалюцыйны рух рабочага класа Германіі? — патрабавальна спытаў у Шарафутдзінава.
— Не яшчэ.
— Абавязкова хай скажа, абавязкова.
Але сказаць іх Шнеккенбургеру не давялося. Голас яго, толькі загучаўшы, патануў у страшэнным грымоцці.
Побач з камандным пунктам Шарафутдзінава паўстала сцяна дыму і агню. Міны сыпануліся градам.
Бой пачаўся.
Спачатку Баталаву здавалася, што ён узгарэўся так жа інтэнсіўна, як і за Паўночнае дэпо. Аднак неўзабаве камбат пераканаўся — не, інакш. 3 другога сектара немцы не так заядла стралялі, як з першага. «Што ў іх там, агнявых сродкаў меней?» — падумаў Баталаў. У галаве яго раптам нясмела, насцярожана мільганула: «Ці, можа, усё ж словы фельдфебеля?.. Можа, яны хоць крайком зачапілі каго?»
Затым думка: дзе, аднак, трэба нанесці мацнейшы ўдар? Дзе? На роздум у яго пайшло не больш як паўмінуты. Загадаў ад’ютанту старшему батальёна: