— Забяры ў Гарнагі і перадай Шарафутдзінаву два «максімы» і два мінамёты.
Капітан Садоўнікаў здзівіўся гэтай, як ён сказаў, прапандыі. Шостай роце, якая наступала на першы сектар, і так цяжэй было, чым пятай. Дык яе яшчэ і аслабіць трэба?
— Калі мы, Мікалай Пятровіч, выб’ем праціўніка з другого сектара, то з першага, хутчэй за ўсё, ён сам дасць драпака. Пабаіцца акружэння,— растлумачыў камбат.
— Можа, так, а можа, і не,— запярэчыў Садоўнікаў.— Мы аслабім роту Гарнагі, а немцы ж не дурні, адразу адчуюць гэта і наваляцца на яе. Контратакуюць. Вы не дапускаеце такога?
— Дапускаю, аднак Шарафутдзінаў тым часам усё роўна авалодае другім сектарам. Нават калі шостая і адыдзе крыху — для нас нічога страшнага ў гэтым не будзе. Мы тады з другога сектара прарвёмся ў першы, а адтуль, з тылу ўжо, ударым па тых, што будуць контратакаваць.
Баталаў закурыў, у бінокль назіраў за боем. Прагна глытаў махорачны дым. Бачыў, як адчайна чырвонаармейцы шпурлялі гранаты, кідаліся ў атаку скрозь вогненны шквал, як многія падалі і не падымаліся. Яго нібы паліла агнём.
Хмарамі ўзнімаліся ўгору пыл і дым. Вакол будынка Дэпо паўздыбліваліся перабітыя рэйкі, вывернутыя з зямлі шпалы. Чырвонаармейцы прабіраліся перабежкамі, стараючыся схавацца ў пыле і дыме.
Зусім нізка прасвістала міна. Жалезны свіст яе як пракалоў грудзі і ўпаў на зямлю, патануў у громе выбуху.
Баталаў азірнуўся: дзе яна разарвалася? На яго камандна-назіральны пункт прыстрэльваецца фашыст, ці што?
Над другім сектарам дэпо ў прыцьмелае неба ўзляцела чырвоная ракета. Яна яшчэ не згасла, як над першым сектарам успыхнула зялёная. Падраздзяленні праціўніка падавалі ненкія знакі, «перагаворваліся». «Што яны задумалі? Што там у Шарафутдзінава?» — насцярожыла Баталава трывога. Але калі праз хвіліну ён загаварыў у трубку, голасам не выдаў сваю ўстрывожанасць, Ведаў, яна можа перадацца іншым, а гэта карысці не прыносіць — толькі шкоду.
— Шарафутдзінаў, далажы абстаноўку,— сказаў стрыманым роўным тонам. Пальцы міжвольна моцна прыціскалі клапан трубкі.
Выбух ірвануў збоку зусім блізка. Ён заглушыў голас Баталава і камбату падалося, нібыта ён не сказаў, а толькі падумаў: «Добра, ні на мінуту не аслабляй націск! Hi на мінуту!»
Прыўзняўся з акопа — паўз скроню тонка свіснула. Недзе блізка пачуўся жаласны здушаны стогн: «Ой!
На пуцях невядома адкуль з’явіўся куцехвосты нямецкі біцюг. Пераскокваў цераз варонкі, шалёна нёсся. Кінулася ў вочы, як разляталася яго вогненна-рыжая грыва. Конь раптам спыніўся, быццам ударыўся магутнымі персямі аб нябачную перашкоду, узвіўся на дыбкі і рухнуў на рэйкі. На хвіліну стала ціха. Раптоўная цішыня паказалася нейкай дужа пагрозлівай. У ёй як бы таілася штосьці злавесна-нябяспечнае.
Яе абарвалі глухія кулямётныя чэргі: дрр! дрр! Яны раскаціліся ў будынку дэпо. Затым дружна бабахнулі вінтоўкі, затрашчалі аўтаматы, забухалі гранаты. Усё гэта змяшалася, ператварылася ў суцэльны абвальны грукат. 3 шырокага праёма акна пацягнуўся дым, пачалі вырывацца языкі полымя.
Кожная хвіліна цяпер для Баталава разрасталася, неймаверна доўжылася. Але калі гітлераўцы сталі выскокваць праз вокны і разбягацца ў розныя бакі, яму наўздзіў падалося, што бой толькі ж пачаўся.
— Ну, Шарафутдзінаў! Не чалавек — бог маланкі і грому.— У гэтым узнёслым воклічы камбата было нешта большае, чым радасць. Каму ён сказаў? Нікому, так проста выказваў сваё пачуццё. Не — і нікому, і ўсім, хто чуў яго. А ў першую чаргу — дык нібы самому сабе… Узнікла мімалётнае пачуццё нязвыклай лёгкасці, якое нарадзіла той вокліч ці, можа, само нарадзілася ім.
К вечару дэпо было ачышчана ад гітлераўцаў.
Штаб батальёна асталяваўся ў двух невялікіх сумежных пакойчыках (то, відаць, была нейкая кантора) у другім сектары. Баталаў далажыў маёру Вайнтраўбу пра выкананне баявой задачы, пра страты байцоў і ўзбраення. Расшпіліў каўнер гімнасцёркі, сеў да стала, на якім цьмяна гарэў зроблены з гільзы саракапяткі газнік. Сказаў капітану Садоўнікаву, каб сабраў у падраздзяленнях звесткі пра байцоў і камандзіраў, якія вызначыліся ў баях. Хвіліну падумаў.
— I вось што, абавязкова складзі рэляцыі пра баявыя подзвігі малодшага лейтэнанта Ярохіна і Антона Ткачова. Ты, Мікалай Пятровіч, згодзен, пярэчанняў ніякіх у цябе няма?
Расчыніліся дзверы з суседняга пакоя, у праёме паказаўся Караневіч.
— Таварыш капітан, камандзір палка на провадзе.— Ардынарац пазіраў так, нібы толькі што перажыў нейкую шчаслівую падзею. Вочы яго свяціліся.— Паклічце, кажа, Фёдара Аляксеевіча.
Баталаў і Садоўнікаў пераглянуліся. Што яшчэ спатрэбілася маёру? Толькі што ж размаўлялі — і зноў паклічце. Ды як сказаў! «Фёдара Аляксеевіча».
Камандзір палка паведаміў, што камкор Пятроўскі перадае ўсім воінам батальёна і камбату асабіста падзяку.
Вялікае акно, каля якога стаяў стол, было завешана шэрай салдацкай коўдраю. Баталаў крыху адхінуў коўдру. Высока ў небе рассыпаліся мігатлівыя зоркі, а сярод іх блішчэў чысцюткі вясёлы маладзічок. Капітан доўга пазіраў на яго, нібы хацеў запомніць на ўсё жыццё. Потым павярнуў галаву да ад’ютанта старшага.
— Пазвані, Мікалай Пятровіч, у падраздзяленні — хай там раскажуць пра падзяку камкора байцам.— Сам засяроджана і радасна падумаў: «За наступленне!..»
Думка гэтая з мінуту ўстойліва трымалася ў яго свядомасці.
Цяпер, калі ўжо не трэба было камандаваць боем, неверагодным напружаннем шукаць тактычныя рашэнні, весці батальён у атакі і на штурм,— цяпер ён мог падумаць пра ўсё, што адбылося за дзень, усё ўзважыць і асэнсаваць. Памяць нетаропка пачала нагадваць яму падзеі, эпізоды. Ён зноў перабіраў ва ўспамінах усё спачатку. Раненне Вішняка? Цяжка было ў такім стане Вішняку весці роту, цяжка… Смерць Ярохіна? Сэрцу балюча — яно інакш, чым розум, успрымае страты, сэрцу нічога загадаць нельга. Але ж паміраюць навек толькі тыя, пра каго забываюць людзі… Той дзікі енк гітлераўца на полі бою?.. Палонныя?.. Так, гэта — праяявы…
Аднак кожны раз у тых згадках-паўторах нібыта выпадалі нейкія дэталі, нюансы, і яны ўжо бачыліся ў чымсьці не зусім такімі, як ён успрыняў іх непасрэдна зрокам і слыхам. Ён не тое што неўпрыкмет звыкаўся з імі, не. Яны як бы штосьці страчвалі ў сваёй вастрыні. Але чаму? Ці не таму, што памяць упарта і зацята шукала яшчэ нешта? Тое «нешта» даймала яго глухой, пагрозлівай трывогай, ды было яно быццам прыкрытае чымсьці каляным і шчыльным, з-пад чаго ніяк не магло прабіцца, каб праясніцца. Дык што ж? Можа, паядынак з танкамі?.. Баталаву адразу яскрава пабачыліся шырокія бліскучыя тракі. Як яны страшна трушчылі дашчаны тратуар і няўмольна паўзлі на яго, паўзлі… Гэта?.. Не… Але ж — танкі… A-а, уцякач! Выскачыў з акопа і вунь як даў лататы!
Цяпер ужо Баталаў ясна зразумеў: іменна гэтае так учэпіста захапіла яго пачуцці. Хто той баязлівец, што кінуў зброю, у баі здрадзіў сваім таварышам? А калі не адэін ён?..
Камбат прайшоўся па пакойчыку, сеў за стол. Загадаў выклікаць уцекача.
Ён чакаў, пакуль той прыйдзе, і хацеў уявіць, як будзе размаўляць з ім. Закрычаць на яго? Стане сварыцца, распякаць? Ці, можа, возьмецца ўшчуваць, растлумачваць яму ганебнасць яго ўчынку, даводзіць, што бегства з поля бою — злачынства?.. Дык усё ж — як?.. Ён адчуваў нейкую дзіўную збянтэжанасць і не разумеў, адкуль яна бралася.
А ішла яна вось з чаго: ён ніколі не думаў, што яму давядзецца гаварыць пра гэткую ганебнасць, што ў яго батальёне можа быць падобнае. Нават і блізка не трымаў у галаве такога. I не таму, што быў бяспечна самаўпэўнены — проста не прыходзіла яно ў свядомасць, як не прыходзіць усякаму маральна здароваму чалавеку хваравітае сумненне ў людзях.
Уявіць сваю размову з уцекачом ён так і не змог. Раззлаваўся: «Вазьму — і пад трыбунал яго, каб іншым была навука. Яшчэ галаву ламаць з-за нягодніка. Што заслужыў, тое хай і агрымлівае…» Аднак узрушанасць яго не ўтаймоўвалася.
Ён схіліўся над картай. Ледзь-ледзь пераводзіў позірк ад аднаго тапаграфічнага знака да другога, лёгенька шкрабаў пальцам скроню, як заўсёды рабіў гэта ў роздуме. Тое, што ён пабачыў на карце, не суцяшала яго. На шляху далейшага наступлення батальёна была велікаватая паласа блакітных рысак з кусцікамі — балота, парослае рэдкім хмызняком. Упоперак балота пераразала рэчка.
3 аднаго боку — дык быццам яно было і няблага: варожыя танкі не пройдуць там. Але ж як самому наступаць?..
I флангі… Крыху адсталі ж суседзі. Не падвядуць?
Сумнення, што першы і трэці батальёны таксама выканаюць сваю задачу, у Баталава не было: усе яны — адной вывучкі. Выхаванцы Пятроўскага, Факанава… Тым не менш спатрэбілася некалькі мінут напружанага роздуму, каб зразумець, што трывога гэтая, раптоўна паўстаўшы, зыходзіла са значна большага, чым клопат пра выкананне баявой задачы батальёнам. Яна ішла з турботы пра ўсё наступленне. Як там на флангах корпуса? Флангавыя ўдары гітлераўцаў вунь як паспрыялі ім у гэтыя трагічныя першыя тыдні вайны. Неспадзяваныя перамогі ворага сеюць паніку схрод чырвонаармейцаў. Вялікую паніку…
Вывеў яго з роздуму нясмелы хрыплаваты голас.
— Дазвольце зайсці, таварыш капітан.
— Заходзьце,— кінуў Баталаў, усё яшчэ не адрываючыся ад карты.
— Дазвольце далажыць, таварыш капітан, па вашым выкліку з’явіліся.
Ён падняў галаву і здзівіўся: перад ім стаялі баец шостай роты кулямётчык Кірычэнка і яго другі нумар Дудка.
— Karo я выклікаў?
— Вось яго,— паказаў Кірычэнка вачамі на Дудку.
Баталаў упіўся насупленым позіркам у шчуплую нехлямяжую постаць. «Дык от хто ўцякач!»
— А чаму і вы з’явіліся? — зноў спытаў у Кірычэнкі.
— Мне таксама гаварыў гэта ваш ардынарац, калі не пускаў да вас. Так што, таварыш капітан, мы разам ваюем і разам ваяваць будзем. Таму і я з ім да вас вось…
— Ад танкаў таксама абодва ўцякалі? — Баталаў пазіраў на Кірычэнку дакорліва і жорстка. Тым часам яго ахапіла складанае супярэчлівае пачуццё, якое і абурала, злавала і ў нечым як бы радавала. Радасць тая была нейкая таямнічая, неразгаданая і разам з тым нібыта дужа асабістая.
— Ён, таварыш капітан, больш не пабяжыць.— Па тым, як смела, прама Кірычэнка глядзеў яму ў вочы, Баталаў зразумеў, што баец, перш чым сказаць гэтыя словы, абдумаў іх.
Ніжняя губа ў Дудкі затрымцела, але ён стрымаўся.
— Я больш не пабягу,— ціха азваўся і быццам спалохаўся гэтых слоў, таропка агаварыўся: — Не, пабягу, але толькі наперад.
Камбат жэстам запрасіў байцоў сесці. Яны селі і застылі ў чаканні. Былі яны пры поўнай амуніцыі. У Дудкі — скатка цераз плячо, карабін. На рэмені — падсумкі, набітыя патронамі, кацялок, выцягнуты па форме бядра.
— Як гэта здарылася, чырвонаармеец Дудка?
Баец напружыўся, грымаса болю і жалю скрывіла яго твар.
— Выпадкова атрымалася, з непрывычкі.
Баталаў рэдка выходзіў з сябе. А тут пабарвовеў, жаўлакі напяліся на шчоках. Аднак ён не закрычаў, памаўчаў і праз хвіліну падавіў свой гнеў.
— Я думаў… За камяніцу, думаў, забягу, танк яе не разбурыць.— Шморгнуўшы кірпатым носам, Дудка затрымаў выдых.
— ЁН думаў… Не ў той бок думаў! Наперад трэба было думаць, наперад, а ты куды? 3 непрывычкі!.. А ці ваяваць, людзей забіваць — можна прывыкнуць? — Твар камбата зноў наліўся чырванню.— Але ж ворага, раз дапусцілі, выганяць трэба. Ці так і будзем ісці па сваёй зямлі салдатамі адступлення, хаваючы позіркі ад матак сваіх, жонак, сясцёр?
Вочы Дудкі часта міргалі, аднак не ўцякалі ад погляду капітана.
Пакуль размаўляў з байцом, Баталаў памятаў, што ён меў поўнае права ці, можа, нават і абавязаны быў распарадзіцца цяпер яго лёсам па законах ваеннага часу. Аднак на хвіліну ён забыўся пра гэта. Нешта іншае, звязанае з тым, што вырвалася ў яго неспадзявана і бязлітасна,— салдатамі адступлення,— даймала яго. Здавалася, што гэтыя словы сказаў не ён, а хтосьці няшчадна кінуў яму самому. Ен паглядзеў на Дудку не так, як хвіліну таму назад,— з асуджэннем, але разам з тым і як бы з якойсьці прыхаванай вінаватасцю ў строгіх, сумных вачах. Затым адчуў раздражнёнасць на самога сябе — глухую, прыкрую: нібыта ён немаведама чаму пачаў шукаць недарэчнае апраўданне баязліўцу, ці што?
— Не за камяніцай ты хацеў схавацца! За спінамі сваіх таварышаў. А што можа быць горшае для чалавека, чым стаць заспіннікам,— ты падумаў? Хоць варухнулася ў цябе ў галаве пра лёс Радзімы, пра свой уласны лёс?
Баталаў адчуваў, што ў гэтай гаворцы нешта не задавальняла яго. Змоўк.
Далей загаварыў так, нібы словы тыя былі дужа важкія і даставаў ён іх з самага споду душы.
— Даўно, калі мне давялося ваяваць з басмачамі, камандаваў нашым атрадам Пятро Карцоў. Каранасты асілак з вялікімі карымі вачамі на смуглявым твары. Ён многа расказваў нам, сваім байцам, рускім і ўзбекам, пра зямлю, дзе нарадзіўся, пра яе людзей. А нарадзіўся ён недзе тут, на Жлобіншчыне. Дык вось аднойчы пасля цяжкага бою, калі ў нас вочы зліпаліся ад стомы, я, каб узбадзёрыцца крыху, папрасіў: «Усцеш нас, камандзір, чым-небудзь цікавым». Як цяпер памятаю, абцягнуў ён палінялую, запыленую гімнасцёрку, абвёў усіх уважлівым позіркам, крыху даўжэй затрымаў яго на адным навічку. Усе зразумелі, што гаворка не будзе вясёлай, папаўставалі, паселі на сваіх разасланых шынялях, да якіх толькі што з асалодай прыціскаліся лапаткамі, пазіраючы ў блакітнае перадвячэрняе неба…
Расчыніліся дзверы, у пакой зазірнуў Караневіч. Памкнуўся павярнуць назад, ды камбат спыніў яго.
— Што ў цябе?
— Нічога, я так.
— Заходзь і ты паслухай.
Ардынарац зайшоў, стаў каля дзвярэй, прысланіўся плячом да вушака. Баталаў працягваў:
— Паслухайце казку старога каваля,— пачаў наш камандзір задумліва.— Спытаў аднойчы юнак у каваля таго: «Ці не дапаможаш шчасце адкаваць?» — «Чаго прасцей,— адказаў каваль.— Бярэш жыццё, напальваеш яго да чырвані і куеш».— «Чыё жыццё напальваць?» — «Сваё, безумоўна…»
Дудка з застылай пакутай на твары прыціскаў да грудзей пілотку, мыляў губамі, нібы сіліўся нешта сказаць і не мог паварушыць непаслухмяным языком. Затым зяўнуў ротам, акурат заглынуў нейкі камяк, які падступаў яму пад горла.
— Зразумела,— азваўся Кірычэнка.— Такая простая і такая вялікая яна — мудрасць таго старога каваля.
— На вайне страшная не смерць, а думкі пра яе.— Баталаў злёгку крануўся рукою худога пляча Дудкі.— Таму воін павінен моцна, што называецца, заціснуць у кулак свае нервы, не паддавацца нават самай мімалётнай слабасці. Нам жа што трэба рабіць — ты разумееш? Нам трэба выкарчоўваць фашызм.
Кірычэнка ўзяўся за гузік гімнасцёркі, нібы хацеў расплікнуць каўнер, але пальцы застылі на гузіку. Мусіць, пра нешта цяжкае падумаўшы, ён хітнуў галавой.
— Таварыш капітан, пытанне можна?
— Якое пытанне? — ад нечаканасці перапытаў Баталаў.— Можна, слухаю.
— А калі, як вы кажаце, выкарчуем фашызм, іншы які чумны павук не саснуе сваю павуціну? Мы ж германцаў ужо раз выкарчоўвалі на нашай зямлі, а яны во зноў…
Камбат здзівіўся і зніякавеў ад нечаканасці: чырвонаармеец спытаў пра тое, што яму самому прыходзіла ў галаву. Дык і ён, кулямётчык Кірычэнка, «баец адступлення», пра гэта думае?.. Не, яно, мусіць, толькі зараз прыйшло яму на думку… Аднак жа во прыйшло?.. Упершыню заўважыў, які вялікі ў Кірычэнкі лоб. Вялікі і бугрысты, скошаны к макаўцы, на якой неяк ухітралася трымацца ссунутая пілотка.
Баталаў падумаў хвіліну і няспешна, надаючы голасу цвёрдасць, сказаў:
— Павукі, канечне, розныя на свеце водзяцца, але ж ёсць чэсныя людзі на зямлі, ёсць мы, Савецкі Саюз. Толькі — каб усе разам… Каб розум аб’ядноўваўся з розумам… А яно так і будзе. Народы разбяруцца, што да чаго.
Паглядзеўшы Кірычэнку ў вочы, ён перавёў позірк на Дудку. Той сядзеў расчырванелы, лоб яго абсыпалі макавінкі поту.
— Вось так, чырвонаармеец Дудка… А заспіннік — ён высока не падыме, моцна не грукне… Усё, я вас не затрымліваю.
Байцы ўсталі, пайшлі да выхаду. Кірычэнка прапусціў сябра наперад, ступіў некалькі крокаў і спыніўся, павярнуўся да камбата.
— Яшчэ адно пытанне можна, таварыш капітан?
Баталаў падышоў да яго, гатовы слухаць, але тут жа сам спытаў:
— А чаму, Кірычэнка, сябра ваш ніякіх пытанняў не задае. Яго што, нічога не цікавіць?
— Сарамлівы ён, таварыш капітан. Усё каб я. От калі са мной пра што гаворыць, тады іншая справа.— Кірычэнка памкнуўся ляпнуць Дудку па плячы, але, мусіць, падумаў, што нельга дапускаць такую вольнасць у прысутнасці камбата. Ці, можа,— што загрубелая ад рознай працы далонь яго была не далонь, а няйнакш дошка, якою можна параніць? I ён толькі патрос прыўзнятай рукою.— Бывае, гэты во Дудка так прыцісне, што мне павярнуцца няма куды — не ведаю, што адказаць. Найбольш па-кніжнаму сыпле. Маладзейшы за мяне, а калі ён іх столькі перачытаў?.. Дык можна пытанне?
— Задавайце.
— Не ведаеце, дзе цяпер той ваш камандзір Карцоў? Можа, таксама дзе тут, разам з намі?
Бровы Баталава здрыгануліся, апусціліся, на твар паклаўся цень гЛыбокага смутку.
— Ён назаўсёды застаўся там, у гарачым пяску.
Кірычэнка і Дудка зніклі за дзвярамі. Разам з імі выйшаў і Караневіч. Праз хвіліну ён вярнуўся з тэрмасам і алюмініевай салдацкай конаўкай у руках.
— Не, ты чуў, што сказаў ён? «Іншы які чумны павук не саснуе сваю павуціну?..» — Баталаў працягла паглядзеў на ардынарца. Выпрастаў стомленае цела і прагаварыў, павольна і выразна вымаўляючы словы: — Далёка Берлін, далё-ёка, а дайсці нам туды вельмі трэба.— Звяртаўся да Караневіча, а сказаў сабе. Як гаварыў гэта неаднойчы — растлумачваў, пераконваў, загадваў і розумам і сэрцам. Ён разумеў і помніў — трэба дайсці. Каб не проста перамагчы, а знішчыць фашызм. Усе не дойдуць, вунь сёння… Але ж тыя, у каго не выпадзе зброя, не спыняцца, яны не могуць спыніцца…
— Папіце, таварыш капітан, гарачага чаю.— Ардынарац пачаў адкрываць тэрмас.
У вачах Баталава зацеплілася ўдзячнасць гэтаму шчыраму хлопцу, які ўмее быць і такім спагадлівым, чулым, і рызыкоўна-смелым, бясстрашным.
— Нясі і сабе конаўку, будзем піць разам.
Яны пілі чай, жавалі галеты. За ядой трывожная цяжкая напружанасць, якою была пералоўнена душа ўвесь дзень, пачала аслабляцца, саступаючы месца новым думкам, новым клопатам.
— От пачаёўнічаем, і напішу пісьмо дадому,— сказаў Баталаў, наліваючы другую конаўку.— Як яны там? Эдзік, відаць, ужо добра падрос, хутка памочнікам маці будзе.
— Мне таксама трэба напісаць. Маме.
Над газніком віўся чорны струменьчык копаці. Караневіч плюнуў на пальцы, пацёр мокрымі шыпушкамі кнот, здымаючы з яго нагар, і агонь загарэўся ярчэй.
Потым яны пісалі пісьмы.
У знямелай камяніцы дэпо апала мляўкая цішыня. Стомленыя і змардаваныя за дзень чырвонаармейцы спалі. А навокал грымела вайна — у горадзе яшчэ стралялі. Дзьмуў гарачы сухі вецер, які ўсхадзіўся познім зоркава-выспелым вечарам.
Караневіч яшчэ вадзіў алоўкам на другой старонцы разлінеенага тоненькімі рысачкамі сіняватага аркуша, а Баталаў ужо склаў свой трохкутнічак. Устаў з-за стала, лёг на лаўцы каля сцяны. Заплюшчыў вочы.
…Праз мінуту ён быў у траншэі. Спіной адчуў чыйсьці позірк, доўгі, дапытлівы, заклапочаны. Павярнуўся — да іх набліжаўся камкор Пятроўскі. Падышоў, падаў яму руку, сказаў знаёмым прыемным голасам цёпла і молада: «Шчырае дзякуй батальёну». Ён аддаў Пятроўскаму чэсць і горача выпаліў: «Я, таварыш камкор, у бінокль ужо бачыў Бабруйск. Не, Берлін бачыў, Берлін». Пятроўскі сказаў яму: «Трэба дайсці…»
На Баталава мякка легла прыемная цеплыня. Караневіч асцярожна накрыў яго шынялём.
У начным небе цягуча загулі самалёты. Караневіч патушыў газнік, падышоў да акна, адгарнуў край коўдры. I першае, што яму кінулася ў вочы, было неба. У душы палыхнула здзіўленне: ясныя, чыстыя зоркі! Столькі зор!
Трасіруючыя кулі некалькіх чэргаў выгнутымі вогненнымі лініямі прачарцілі цемру. Узляцелі бела-аранжавыя ракеты. Калі яны патухлі, ноч стала яшчэ больш трывожная.
X
Пацягнуліся дні і ночы атак і контратак. Батальён Баталава наступаў уздоўж чыгункі Жлобін — Бабруйск. Выйшаў на подступы да вёскі Заграддзе.
…Праціўнік зрэдку абстрэльваў пярэдні край батальёна з мінамётаў. Можна было падумаць, што ён не збіраецца контратакаваць, вырашыў перадыхнуць. Аднак неўзабаве грымнула артылерыйская кананада. Паўгадзіны грукатала, стагнала і трэслася ўсё наўкола. Страляніна і выбухі зліваліся ў суцэльны гулкі раскат, які нібы слаўся па ўчарнелай ад гары няскошанай пожні.
Неўзабаве немцы рушылі ў контратаку.
Шостая рота, на якую ішлі гітлераўцы, сустрэла іх шчыльным агнём, прымусіла залегчы. Толькі ненадоўга. Зноў быў шалёны абстрэл з гармат і мінамётаў, і зноў зялёна-шэрыя фігуры ўзняліся з долу.
3 левага фланга роты доўгімі чэргамі сек па фашыстах станковы кулямёт. Але неўзабаве ён змоўк: там ускінуліся стаўбуры выбухаў.
Гітлераўцы пасмялелі. Ва ўвесь рост беглі ўжо не асцерагаючыся.
3-за перакуленай нямецкай кухні выскачыў чырвонаармеец, прыгнуўшыся, кінуўся да кулямёта. Доўгія ногі прытка сігалі па перакапанай, паразварочанай выбухамі затравелай глебе. Баталаў пазнаў Гарнагу.
Лейтэнант крыху не дабег да станкача, паваліўся ў варонку. «Забілі?!» Камбат замёр у чаканні.
Паветра ўспароў пранізлівы свіст, які раздзіраў душу. Снарад быў настолькі нечаканым, што Баталаў плюхнуўся ў акоп амаль адначасова з выбухам. А калі падняўся, побач з акопам курыўся празрысты дымок.
3 варонкі, куды ўпаў Гарнага, паказалася каска. Адразу затым выкульнуўся ён сам. На гэты раз лейтэнант не ўскочыў на ногі, не пабег. Падбіраўся паўзком, шпарка працуючы каленямі і локцямі.
Ён дапоўз. Прыпаў да кулямёта. Даў доўгую чаргу. На момант перапынак — і зноў, перапынак — і зноў… I тады, калі парадзелы ланцуг гітлераўцаў павярнуў назад…
Бой нарэшце заціх.
Баталаў закурыў. Разважаў: гітлераўцы, безумоўна, будуць старацца выматаць сілы батальёна, каб ні ў якім разе не даць захапіць Заграддзе, бо паўз вёску праходзіць чыгунка Жлобін — Бабруйск… Значыць, менавіта гэта і трэба выкарыстаць цяпер як след. Вылезуць зноў са сваіх грунтоўна абсталяваных акопаў і бліндажоў, пойдуць у атаку — бліжэй падпусціць іх і добра «апрацаваць» мінамётным і кулямётным агнём. Пасля сустрэцца грудзі ў грудзі. Вось тут, на полі.
Ён перадаў загад у падраздзяленні: па сігналу «тры чырвоныя ракеты» — усім контратакаваць.
Зара гарэла над абшарамі, параненая, насцярожаная зямля быццам слухала свой боль.
Прайшло чвэрць гадзіны. Немцы зноў падняліся ў атаку. Але ішлі яны неяк вяла, як бы з аглядкай, нехаця. Што здарылася? Дзе іхні той ваяўнічы імпэт, з якім яны кідаліся, ляцелі, навальваліся як без памяці? Стаміліся, выдыхліся ці фанабэрыю сваю растрэслі?.. Не, тут, відаць, хаваецца нешта… Баталаў апусціў бінокль, нецярпліва зноў паднёс яго да вачэй. А што, калі?.. Падобна было, што яны здагадваліся пра яго план.
Сустрэцца з ворагам грудзі ў грудзі на гэты раз не давялося. Як толькі чырвонаармейцы рушылі насустрач, спачатку на правым флангу, потым на левым гітлераўцы павярнулі назад. I зноў заўважыў камбат: без мітусні і панікі.
«A-а, вось што!.. Рыхтуюць пастку!»
— Атаманчука! — гукнуў Баталаў сувязісту.
Цяпер ён зразумеў: яны наважыліся выманіць батальён на адкрытую мясцовасць і падвесці пад мінамётны агонь… «Ну-ну, паглядзім!..»
— Не дай ім у сваю траншэю заскочыць, чуеш? — кінуў камбат Атаманчуку.— Адсячы іх загараджальным!
Міны прастрачылі траншэю, якая расцягнулася па пакатым узгорку зялёнай ваколіцы, якраз калі немцы падбягалі туды. Яны стушаваліся, закруціліся, быццам трапілі ў нейкі вір. Адны беглі немаведама куды ўздоўж траншэі, другія паварочвалі і ачмурэла кідаліся назад, насустрач чырвонаармейцам, трэція падалі на зямлю і адстрэльваліся, ссякаючы кулямі таксама тых сваіх, якія апынуліся наперадзе ў іх.
Мінамёты Атаманчука змоўклі, калі страляць нельга было, бо ўзнікла пагроза паражэння сваіх — чырвонаармейцы былі ўжо блізка ад паласы абетрэлу. Разрываліся rpaнаты, трашчала аўтаматная і вінтовачная пальба.
Суха грымнула граната. Выбух раскідаў гітлераўцаў, якія беглі, збіўшыся ў купку. Адзін, быццам баронячыся, ускінуў угору рукі і, апусціўшы іх на галаву, рухнуў наўколенцы. Другі падаў адкінуўшыся назад, схапіўшыся рукамі за бок. Трэці, доўгі, без каскі, неяк недарэчна падскочыў і крутнуўся, нібы хацеў нешта пабачыць ззаду…
На правым флангу, дзе чырвонаармейцы амаль падбеглй да траншэі, ударыў нямецкі станкач. Кінжальным агнём. Усе як скошаныя пападалі на дол.
Секунда, другая… На міг шквал смертаноснага ліўня як бы паслабеў. I тут усхапілася каржакаватая масіўная постаць. «Галаўчэня-Шакірзянаў!» — пазнаў камбат. Што адбылося раней: ці кулямёт секануў па сяржанту, ці сам Галаўчэня-Шакірзянаў упаў, каб уберагчыся ад куль, Баталаў не ўлавіў. Толькі падсвядома адзначыў, што немец даў кароткую чаргу і больш не абзываўся. Сяржант, відаць, паспеў у адказ яму паслаць некалькі куль са свайго аўтамата.
Баталаў апусціў бінокль. Па яго запыленай шчацэ цёк тонкі струменьчык поту.
Чырвонаармейцы дзе падбягалі да траншэі, дзе пераскоквалі ўжо цераз яе. Разам з усімі з пісталетам ва ўзнятай руцэ сігаў лейтэнант Гарнага. Ён абганяў байцоў, яго таксама абганялі, забягалі яму наперад. Нехта побач з ім захістаўся з боку ў бок. Ён падхапіў яго левай рукой, прыхінуў да сябе. Падаспеў санінструктар, лейтэнант перадаў яму раненага і пабег даганяць роту.
Яшчэ мінут дзесяць, доўгіх дзесяць мінут, цягнуўся бой. Батальён расцякаўся па вуліцах вёскі.
Сонца садзілася за гарызонт. Страляніна пачала сціхаць. Але то ў адным, то ў другім канцы вёскі яшчэ час ад часу чуліся ўзрывы гранат. Чырвонаармейцы выкурвалі гітлераўцаў, якія папрытойваліся ў бліндажах і зямлянках.
Баталаў зняў каску, глядзеў на вёску. «Вось і яшчэ адзін куточак нашай зямлі лёгка ўздыхне».
— У цябе не знойдзецца чым горла прамачыць?»— спытаў камбат у ардынарца.
Караневіч зняў з рэменя абшытую сукном шкляную салдацкую біклажку, адвінціў каўпачок і падаў яе камбату.
— Запаслівы заўсёды багаты,— пажартаваў капітан.
Вада ў біклажцы нагрэлася за дзень, была непрыемная, цёплая. Баталаў глынуў разы два, вярнуў Караневічу біклажку і пакіраваўся ў вёску. Ступаў цвёрда, на ўсю шырокую падэшву сваіх кірзавых ботаў.
На палявой дарозе, сярод паніклага да зямлі пачарнелага ад пылу і дыму жыта, на вытаўчаных бульбяныХ загонах — усюды зеўралі варонкі, валяліся параскіданыя шэра-зялёныя шынялі, рудыя ранцы з цялячай скуры, каскі, зброя і боепрыпасы, у розных, часам неверагодных, позах ляжалі забітыя. Каля абгароджанай плотам сядзібы крайняй хаты камбат пабачыў у акопе нямецкі буйнакаліберны зенітны кулямёт. На кулямёце дагары завіс кулямётчык з прастрэленай галавой. Застылыя вочы яго блішчалі цьмяным шкляным бляскам. Яны пазіралі страшна, жахліва.
Перш-наперш Баталаў высветліў, дзе размясціўся санітарны ўзвод.
— Я — у санітарны,— сказаў капітану Садоўнікаву.
На вуліцы ён падышоў да калодзежа. Апусціў у яго акутае жалезнымі абручамі драўлянае вядро, зачэрпнуў ваду. Разы са тры моцнымі рыўкамі тузануў угору вочап. Паставіў цэбар на калодзежны зруб, крыху нахіліў, прагна прыпаў сасмяглымі губамі да краю халоднай клёпкі. Вада цякла па барадзе, а ён піў і піў без перадыху. Доўга, пакуль нарэшце наталіў смагу. Адарваўшыся ад цэбра, шумна выдыхнуў паветра, гукнуў Караневічу:
— Палі-ка.
Закасаў рукавы гімнасцёркі, падгарнуў каўнер. Склаў коўшыкам далоні, падставіў іх пад халодны струмень. Плёхнуў поўныя прыгаршчы на твар і аж крэкнуў, сцепануўся ўсім целам. Потым плёхаў яшчэ і яшчэ.
Да калодзежа прыходзілі чырвонаармейцы. Налівалі ў вёдры ваду, неслі ў ацалелыя пасля бамбёжкі двары. Па вуліцы ехалі кухні, абознікі везлі снарады і міны.
А ён заспяшаўся ў санітарны ўзвод.
Раненых было многа. Яны занімалі ўсю вялікую хату-пяцісценку. Тыя, што не ўмясціліся ў хаце, ляжалі на насілках у двары ля гародчыка з кустамі бэзу. Каля крайніх насілак Баталаў прыпыніўся. Быццам не верачы сваім вачам, пазіраў на знаёмы шырокі твар. Яго ўразіла, які ён быў бледны, гэты абветраны твар — ні крывінкі. I з языка ледзь не сарвалася: «Ты, сяржант?»
Галаўчэня-Шакірзянаў паварушыў вуснамі, але голасу яго не пачулася. Вялікія вочы расплюшчыліся шырэй. Ён павёў імі па вецці бэзу, на якім нібы застыла бліскучае лісце, і ўтаропіў позірк у пацямнелае неба. Пра што ён у тую апошнюю мінуту думаў?
Камбат нічога не сказаў яму. Не паспеў. Бледны твар сяржанта ў адзін момант стаў вельмі спакойны, галава ненатуральна завалілася набок.
Сэрца моцна таўханулася Баталаву ў грудзі і хліснулі болем. Усярэдзіне стала дранцвець. Ён прыклаў руку да грудзей, пастаяў так хвіліну, павярнуўся і пайшоў з двара.
Вокны некаторых хат свяціліся цьмянымі агнямі. Баталаву нечакана закарцела даведацца, што там, за гэтымі вокнамі, за гэтымі сценамі? Што робяць, што гавораць там людзі?
Ён ведаў: з даўніх часоў золкія дажджы і лютыя сіверы варожых навал хвасталі Белую Русь. Народ, які жыве на гэтай зямлі, спаўна зазнаў на вяках ліхалецця, гора і крыўды. Людзей забівалі і калечылі бязлітасныя прышэльцы, палеткі і нівы тут набрынялі крывёю… Яму роспачна падумалася, што цяпер бы людзям гэтым жыць і жыць уволю, дык во ж зноў насунулася гібельная здань жахлівай вайны…
Па вуліцы, зачапіўшы повад на рогі, вяла карову напалоханая — круціла галавою, трывожна азіралася па баках — жанчына. Недзе на загуменні ляскалі калёсы.
Справы клікалі Баталава ў штаб, і ўсё ж ён накіраваўся да першай, што трапіла яму на вочы, хаты. Баявая ахова размясцілася ў акопах другой лініі абароны немцаў, якую яны таксама пакінулі. За вёскай. Частка чырвонаармейцаў адпачывала ў хатах.
Рыпнуў пад нагамі ганак. Забразгацела клямка, віскнулі завесамі дзверы ў сенцах.
У хаце за сталом сядзелі пажылая жанчына і чацвёра чырвонаармейцаў. На стале стаялі дзве міскі. Адна — напоўненая даверху бульбай-тоўчанкай, другая — з сыраквашай. У руках у байцоў былі лыжкі, але вячэра, відаць, яшчэ не распачалася. Пабачыўшы камбата, чырвонаармейцы паўскоквалі з лаўкі і табурэтак. Ён махнуў ім: сядзіце-сядзіце. Жанчына пазірала на яго ўважлівымі вачамі, якія неспакойна жылі на прадаўгаватым памаршчыненым твары. Запрасіла іх з Караневічам за стол. Яны селі. Байцы налеглі на яду. Баталаў таксама пачаў чэрпаць. За дзень ён добра выгаладаўся.
Гаспадыня не вячэрала. Чырвонаармейцы ўміналі пачастунак, а яна ўсё запрашала іх, прыгаворваючы:
— Ежце, сыночкі, вячэрайце добра…
Змоўкла, калі едакі ўжо шкрабалі лыжкамі па дне. Прыгорбіўшыся над сталом, пачала задумліва пазіраць на свае парэпаныя, чорныя ад зямлі і працы пальцы. Пазірала так, быццам пабачыла іх упершыню. Потым зноў паглядзела на ўсіх. Вочы, якія пацяплелі былі, калі чырвонаармейцы вячэралі, цяпер пакрысе тухлі, станавіліся журботнымі.
Баталаў адвёў ад яе позірк, чамусьці паглядзеў, як на камінку, атухаючы, зіхала вуголле, рушыў да дзвярэй.
На вуліцы ён павярнуў яшчэ ў адну, суседнюю, хату. Што там ён пабачыць, што пачуе?.. Нявесела пажартаваў з сябе: «А можа, ты, бульбы наеўшыся, на яечню цяпер спадзяешся?»
Там чырвонаармейцы рассцілалі шынялі, збіраліся класціся спаць. Сухарлявая прыгорбленая старая, нямогла шоргаючы па падлозе стаптанымі абрэзнямі ад ботаў, падавала ім пад бакі і пад галовы розную старызну. Аб яе ногі, выгнуўшы доўгую спіну, цёрся вялікі шэры кот.
На прывітанне Баталава жанчына моўчкі кіўнула галавой і цяжка ўздыхнула. У грудзях яе захрыпела. Быццам пад горлам засела рыданне. Баталаў паглядзеў на яе пільна, са спагадлівай трывогай.
Чырвонаармейцы, відаць, заўважылі яго насцярожанасць. Нехта з іх азваўся з прыцемненага кутка:
— Немцы бабчынага дзеда застрэлілі, таварыш капітан. Пайшоў увечары за хлеў, дык яны з аўтамата.
Хрыплаваты голас падаўся камбату знаёмым. Баталаў прыгледзеўся — пазнаў чырвонаармейца: Дудка.
Старая падала Дудку вялікую, мусіць, дзедаву, ватоўку. Ён узяў яе, працягнуў Кірычэнку. Той буркнуў:
— Сцялі і кладзіся.
Хата была нядаўна, відаць, пабелена. На сцяне, што ад вуліцы, віселі зашклёныя, розных колераў рамкі з фотакарткамі. Покуць займала вялікая ікона, на якой святы, што сядзеў на ўздыбленым кані, нацэліўся пікай у разяўленую пашчу дракона. Баталаў абвёў нетаропкім позіркам хату, нібы ўсё, што збіраўся пабачыць там, хацеў запомніць навек, каб у іншых, звычайных умовах чалавечага жыцця, калі надыдзе непазбежная часіна ўспамінаў і пераасэнсавання перажытага, прыгадаць як нейкую часцінку і ціхамірнага, светлага побыту людзей, і іхняга вялікага гора.
— Так, адпачывайце,— як загадаў байцам. А выходзячы з хаты, зусім не па-вайсковаму сказаў: — Спакойнай ночы.
Ён сказаў і адчуў: гэтыя словы ўскалыхнулі ў ім штосьці даўняе і паўзабытае, з самага дзяцінства. 3 тых далёкіх гадоў, калі, вярнуўшыся з бацькам з мылаварнага завода, дзе працаваў падручным, і павячэраўшы запраўленай алеем бульбай, ён у знямозе падаў на рыпучы палок і, адразу засынаючы, гаварыў іх сваёй добрай, ціхай маці.
…Ён крочыў да штаба так шпарка, што Караневіч ледзь паспяваў за ім.
XI
«Добры дзень, мае дарагія. Вось выдалася вольная хвіліна, і я ўзяўся за аловак. У мяне заўсёды, як напішу пісьмо, дык быццам пагаварыў з вамі. I з табою, Шура, і з дзецьмі. Растуць яны, слухаюць цябе? Скажы ім, што я вельмі хачу, каб яны раслі добрымі. У тым жыцці, якое настане пасля вайны, людзі будуць сумленнымі і справядлівымі. На зямлі будзе так, як вучыць Ленін, а не так, як хацелася б душагубу Гітлеру. Наша ленінская праўда мацней самых моцных гармат. I яшчэ скажы ім, што за мяне, свайго бацьку, яны ніколі не пачырванеюць.
Як ты, родная Шура мая? Як здароўе?Мы, я пicaў ужо табе, наступаем. Б’ём фашыстаў моцна. Ты пытаеш, чаму я пішу пра сваіх таварышаў і нічога не расказваю пра сябе. А што пра сябе расказваць? Ваюю як усе. Вось так, дарагая мая.
Канчаю. Ардынарац Караневіч паставіў ужо на стол кацялок з гарачым супам і лыжку ў рукі суне. А ад яго не адчэпішся. Усіх вас абдымаю і цалую».
(Пісьмо Баталава жонцы Аляксандры Міхайлаўне).
«Баталаў асабіста павёў батальён уперад. Фашысты зрабілі шэсць агнявых загараджальных налётаў па батальёне, але байцы не дрогнулі. Усе смела ішлі за сваім мужным камбатам».
(3 награднога ліста аб прадстаўленні Ф. А. Баталава да прысваення яму звання Героя Савецкага Саюза).
«…Немцам (у раёне Жлобіна і Рагачова) былі нанесены вялізныя страты. Толькі адна часць тав. Баталава, цяпер Героя Савецкага Саюза, знішчыла пад Жлобінам і ў вулічных баях больш як чатыры тысячы фашысцкіх салдат і афіцэраў».
(Генерал-маёр I. Беразоўскі. «Красная звезда», 27 жніўня 1941 года).
XII
У штабе Баталаў унутрана падцягнуўся. Усе, хто быў там, гледзячы на яго, таксама сталі больш сабранымі, пастражэлі. Чакалі, што скажа камбат.
Заўтра — зноў наступаць. Выбіць немцаў яшчэ з дзвюх вёсак — Прыдарожжа і Заваднай. Вёскі гэтыя, калі глядзець па ходу чыгункі на Бабруйск, размяшчаліся ад Заграддзя па правы бок. А ўсе тры яны як бы ўтваралі раўнабедраны трохвугольнік. Заняўшы Заграддзе, батальён абышоў Прыдарожжа, вёска засталася ўбаку і крыху ззаду. Дык як яму цяпер трэба наступаць?
Ад’ютант старшы батальёна капітан Садоўнікаў выказаўся, што спачатку неабходна заняць Завадную. У Прыдарожжы тады праціўнік будзе з трох бакоў адрэзаным. Канчаткова лавушку яму зачыніць трэці батальён, які наступае паўночней, уздоўж шасэ Жлобін — Бабруйск. Калі ж наступаць спярша на Прыдарожжа, то давядзецца ісці па балоцістай нізіне, якую перасякае рэчка Беліца. А нізіна ўся прастрэльваецца з Заваднай.
Довады Садоўнікава былі слушныя. Аднак у Баталава знайшліся іншыя, не менш важкія. Калі рушыць на Завадную па сухім, гэтым, левым бокам чыгункі, то ніяк не мінеш Малевічаў. Давядзецца спачатку адтуль выбіваць гітлераўцаў, не будзеш жа чакаць, пакуль гэтае «сваё» зробіць сусед, які прыадстаў недзе. А калі на правы бок чыгункі прарвацца адсюль, з Заграддзя, усё роўна трапіш на тое самае балота. Дык у гэтым месцы на балоце батальён апынецца недалёка ад тых жа Малевічаў. Тады па ім гітлераўцы адначасова будуць смаліць і з Малевічаў, і з Заваднай.
— Ведаеш, Мікалай Пятровіч, чалавеку заўсёды лягчэй прымусіць сябе рабіць тое, у што яму хочацца верыць,— сказаў камбат, памаўчаў і дадаў: — Адзіна правільнае рашэнне мы зможам прыняць тады, калі будзем мець звесткі пра сілы і агнявыя сродкі праціўніка ў Малевічах і ў Заваднай.— Ён адышоўся ад Садоўнікава крокі на тры, павярнуўся і спыніўся.— Чаго ты такі хмурны сёння — настрой паганы? Дык жа з паганым настроем нават з хаты выходзіць не варта, а не тое што наступаць,— вырвалася ў яго. Гэта быў адгалосак той нервовай і напружанай унутранай работы, якая ішла ў ім самім.
Садоўнікаў курыў. Доўгімі глыбокімі зацяжкамі.
— Так, Фёдар Аляксеевіч, нам неабходна раздабыць гэтыя звесткі. Нельга ўсляпую…
Яны вырашылі, што трэба ўзмоцненай групай — можа, і ў бой дзе давядзецца ўступіць — правесці разведку.
Узначаліць групу падахвоціўся камандзір узвода сувязі лейтэнант Церабіленкаў. Парторг неаднойчы ўжо рваўся ў якую-небудзь гарачую справу, але камбат нязменна адказваў яму: «Прыйдзе час — сам пашлю». Цяпер нарэшце выпадак такі надарыўся.
Найперш разведчыкі павінны былі выявіць агнявыя кропкі ў Заваднай. Група цішком перабралася насупраць Загараддзя праз чыгунку і накіравалася вузенькай паскай сухадолу паўз балота. На подступах да Заваднай чырвонаармейцы пачулі ў кустах падазроны шорах. Вецер? Не, вецер слабы, ад яго так шамацець не будзе. Нехта ёсць там… Стаіліся. Той «нехта» таксама стаіўся. Немцы? Не падобна. Яны ці аклікнулі б, ці секанулі б з аўтаматаў. Што рабіць, чакаць, пакуль зноў заварушыцца, каб дакладна прыкмеціць, у якім месцы? Але ж у кароткую летнюю ноч дарагая кожная хвіліна…
— Ану выходзь! — напаўголаса пагрозліва закамандаваў Церабіленкаў.
— Дзядзечка, не страляй,— пачуўся танклявы дзіцячы голас. 3 кустоў да разведчыкаў падышоў хлапчук.
— Ты хто?
— Міцька я.— Ён адказаў і, зразумеўшы, відаць, што гэтага мала, таропка дадаў: — Лагунец Міцька, з Заваднай.
— Куды ідзеш поначы?
— Да вас, пра немцаў расказаць. Я пад вечар бегаў па вуліцы, сабачку шукаў — збег некуды быў,— дык бачыў, дзе ў іх кулямёты і гарматы стаяць.
— Хто цябе паслаў?
— Ніхто, я сам. Мамка б не пусціла, калі б сказаў ёй, дык я падмануў, што на двор трэба.
— А як заб’юць?
— Яны спяць. Пад’елі, на губным гармоніку пайгралі і дрыхнуць. А я тут сцежку ведаю.
— Ну, вось што, Лагунец Міцька, пакажы нам сцежку і марш дадому. Ваяка знайшоўся.
— Дык сцежка ж не да гармат і кулямётаў, яна да вёскі толькі. А там агародамі трэба, паўз наш ячмень, паўз лён цёткі Соні.
— Во-во, раскажы, як і куды трэба ісці. Толькі пастарайся нічога не прапусціць. Нічога — разумееш?
Хлапчук, спяшаючыся і заікаючыся ад хвалявання, расказаў, што ў канцы вуліцы, паміж хатамі дзеда Мікалая і дзядзькі Максіма стаяць аж тры гарматы. Бліжэй сюды, ад хаты дзеда Мікалая, ён бачыў дзве зямлянкі, з якіх дулы кулямётаў тырчаць. Сабачка якраз там паўз бульбоўнік шуснуў. Немцы ў яго ламачыну запусцілі, а яму, Міцьку, папругай па плячах урэзалі. Яшчэ два кулямёты стаяць каля хлява цёткі Арыны, іхняй суседкі. Ён іх бачыў, як за свой хлеў выбягаў.
Церабіленкаў распытаў у хлапчука пра балота. Ці грузкае яно, ці можна па ім прайсці.
— Можна. I людзі ходзяць, і каровы,— забыўшыся, што трэба гаварыць ціха, усклікнуў Міцька. Спахапіўся, зашаптаў: — Паміж купін ходзяць. Мы там у жмуркі гулялі, я ў адным толькі месцы, каля рэчкі, праваліўся. Дык па пахі мне было.
— Добра, Міцька, дзякуй табе. Цяпер асцярожненька прабірайся дадому. Абавязкова, чуеш? Мы з табой яшчэ пабачымся, калі ў вашу вёску прыйдзем.— Лейтэнант узяў хлапчука за плечы, павярнуў тварам да Заваднай, але затрымаў.— Не, ты мне вось яшчэ што скажы: не страшна табе было ў такую цемру ісці да нас?
— Страшна,— прызнаўся Міцька.
— Дык чаму ж пайшоў?
— А ў мяне брат Хведзька ў Чырвонай Арміі лейценантам. Вы ж нашы…
— Дзякуй табе, малец, дзякуй, ідзі.— Церабіленкаў лёгенька падштурхнуў Міцьку.
Постаць хлапчука пачала растварацца ў змроку. Але дзіўна: Церабіленкаву падалося, што, адыходзячы далей, яна большала, як бы расла на вачах.
Немцы ў Заваднай адчувалі сябе спакойна. Яны, відаць, былі ўпэўнены, што дабрацца да іх можна толькі праз Малевічы, таму не праяўлялі асаблівай пільнасці. Разведчыкі, як і раіў Міцька Лагунец, падбіраючыся нізамі, агародамі, аблазілі ўсю вуліцу, што цягнулася наўсцяж балота. Акрамя таго, пра што гаварыў хлапчук, яны выявілі некалькі дзотаў і мінамётных установак.
Можна было вяртацца. Але ж яшчэ —Малевічы… Што там?
Група падабралася да вёскі, залегла за невялікім узгоркам. Чакаць, пакуль у вёсцы што-небудзь праявіцца, давялося не доўга. Далекавата, ледзь-ледзь чуваць было, гулі маторы. Неўзабаве па вуліцы, якая пралегла да чыгуначнага пераезда, цёмнымі жукамі папаўзлі два грузавікі. Не даехаўшы крыху да таго месца, дзе стаілася засада, яны спыніліся. Прагучала нямецкая каманда, у кузавах заварушыліся, пачалі ўставаць салдаты. Праз хвіліну яны будуць саскокваць на дол.
Рашэнне ў лейтэнанта Церабіленкава выспела імгненна. Два ручныя кулямёты, чатыры аўтаматы — гэтага дастаткова, каб узняць перапалох. А ўзняць яго трэба было: няхай праціўнік думае, што менавіта на Малевічы рыхтуецца наступленне…
Ударылі дружна. Гітлераўцы сыпанулі з кузаваў. Адзін грузавік развярнуўся і, раўнуўшы маторам, ірвануў назад. Другі загарэўся. Агонь хутка набіраў сілу, усё далей наўкола адкідаючы цемру. Цяпер неабходна было адыходзіць.
Разведчыкі перабеглі ў той самы хмызняк, у якім сустрэлі хлапчука. Пачалі назіраць, адкуль і з якой зброі немцы адкрылі пальбу туды, дзе была іхняя засада. Там, праразаючы цемру, скрыжаваліся шэсць вогненных трас. Стралялі трасіруючымі з кулямётаў. Затым з недалёкіх прысадаў, што чарнелі на загуменні, ударылі мінамёты.
— Ну во, цяпер можна і дадому,— задаволена сказаў Церабіленкаў. Аднак хвіліну ён яшчэ стаяў, паціраў пальцамі свае пекныя вусікі-шчотачку — нешта разважаў.— Можна, пайшлі, хлопццы.
Апоўначы разведчыкі вярнуліся ў штаб. Баталаў сядзеў сагнуўшыся, уткнуўшыся лбом у стол. Быццам спаў. Лейтэнант Церабіленкаў ціхенька, на дыбачках, каб не разбудзіць яго да часу, увайшоў у пакой. Камбат узняў галаву.
3 другога пакоя прыйшоў капітан Садоўнікаў.
Церабіленкаў далажыў пра вынікі разведкі. Баталаў разгарнуў на стале карту.
— Пакажы, дзе што.
Утрох яны схіліліся над картай. Слухаючы лейтэнанта, камбат наносіў на карце адпаведныя знакі. Потым пасядзеў, звёўшы бровы, ускінуў галаву.
— Значыць, так…— сказаў рашуча.
Што «значыць, так» не растлумачваў. Загадаў сабраць камандзіраў падраздзяленняў, сказаў тэлефаністу, каб выклікаў штаб палка. Пасля звярнуўся да Садоўнікава.
— Пакуль яны,— кіўнуў галавою на Церабіленкава,— лазілі там, я з усіх бакоў абдумаў і твой, і свой варыянты. Чуў, што яны разведалі? Наступаем цераз балота.
Маёру Вайнтраўбу ён дакладна, без лішніх слоў выклаў свой план наступлення на Завадную. Гаварыў так, як дазвалялася гаварыць у такіх выпадках па тэлефоне — умоўнымі паняццямі і абазначэннямі. Растлумачыў задачы стралкоў, расказаў, як будуць перасоўвацца падраздзяленні, якія арыенціры і сігналы адкрыцця і пераносу агню мінамётчыкам. Папрасіў камандзіра палка, каб артылерыя абстраляла агнявыя кропкі праціўніка і паведаміў, дзе яны знаходзяцца. Адказаў на пытанні маёра, які ўдакладняў магчымыя варыянты. Затым расказаў яму, што выявіла група ў Малевічах — каб ён перадаў у першы батальён, які будзе наступаць на гэтую вёску.
Сабраліся камандзіры. Капітан паглядзеў на ўсіх, нібы запытаў: «Ці здаровыя вы, ці бадзёрыя?»
— Значыць, так: перад досвіткам наступаем на Прыдарожжа,— сказаў і паклаў далоні на стол, як прыціснуў імі штосьці.— Немцы сама што разаспяцца. А нам тым часам і туман крыху дапаможа: бліжай падыдзем незаўважанымі. Чацвёртая рота застанецца ў Заграддзі… Аднак галоўная наша задача — не Прыдарожжа. Развіўшы наступленне, выбіць гітлераўцаў з Заваднай — вось што галоўнае. Бой гэты, трэба мець на ўвазе, будзе вельмі цяжкі. Можа, самы цяжкі з усіх, што мы вялі ў наступленні. Я думаю, кожны з нас разумее… Лепш загінуць, чым несці ганьбу ў няволі, лепш куля злая, чым кляймо раба.— Ён зноў паглядзеў на камандзіраў, на гэты раз пранікліва і жорстка, як бы папярэджваў аб чым.— Але трэба старацца не загінуць, трэба старацца выжыць, каб біць чужынцаў.
Пасля паведаміў план аперацыі і закончыў:
— Дэталі высветліце ў капітана Садоўнікава. Усё.
Увесь час, пакуль гаварыў, на твары Баталава ляжала адзнака дужа глыбокай задуменнасці.
Церабіленкаву трэба было нешта папытаць у Садоўнікава, і ён чакаў, калі ад’ютант старшы закончыць размову з Гарнагам. Пазіраў на камбата, які пачаў павольна хадзіць па хаце. Баталаў перахапіў яго позірк, спыніўся.
— Вось я і кажу: ах ты, Міцька Лагунец, ах падсабляка!.. А яны хочуць нас заваяваць! — Варухнуў бровамі, у вачах бліснулі жвавыя іскрынкі.— Чаго ты так углядаешся ў мяне? Каб я каля печы быў, дык падумаў бы, што, можа, у сажу запэцкаўся,— пажартаваў.— Кладзіся, адпачні, бо не паспееш павекі звесці, як трэба будзе падымацца.
— Вы б таксама паспалі, таварыш капітан.
— Пасплю. А ты бяры з мяне прыклад. Я ж як толькі на бок, дык і ў Марфея… Ну кладзіся. Ўсім спаць.
Засынаючы, Церабіленкаў цёпла падумаў пра камбата: «Усё ён з жартамі, з выдумкамі. Бач — «у Марфея». Марфей — гэта ж ці не бог сну?..» Падумаў — і як праваліўся ў прадонне.
Прахапіўся ён за мінуту да каманды, інстынктыўна адчуўшы яе. Баталаў быў ужо на нагах. Спачатку Церабіленкаў не зразумеў, чаму камбат выглядаў нейкім інакшым, як звечара. Толькі прыгледзеўшыся, заўважыў: пагаліўся.
Але калі ён паспеў? Лейтэнант міжвольна правёў далон па шчацэ.
— Церабіленкаў, папрашу, каб у час наступлення ў мяне эаўсёды была сувязь з Вішняком,— звярнуўся да яго Баталаў. — Зразумеў?
— Так точна, таварыш капітан.
Камбат непакоіўся, каб гітлераўцы, якія акапаліся ў Малевічах, пад той час не ўдарылі па чацвёртай роце, не выбілі яе з Заграддэя.
Бой за Прыдарожжа быў нядоўгі. Мусіць, немцы ўначы не чакалі яго. Захопленыя знянацку, яны пасля слабога супраціўлення кінуліся з вёскі да шасэ. Але і там трапілі пад кулі трэцяга батальёна.
Пасля кароткай паўгадзіннай перадышкі роты выйшлі на ўскрай балоцістай нізіны, якая шырокай, больш як кіламетровай паласой аддзяляла Прыдарожжа ад Заваднай. На цёмным небе папяліліся зоры. Балота дыхала зябкім туманам. Недзе каля рэчкі, мабыць, заспакоены наступіўшай цішынёй, зарыпеў драч. Спачатку нясмела, як бы ўкрадліва, потым усё гучней і часцей.
Баталаў спускаўся з вёскі да балота гародамі. Ішоў разорай, паўз якую гнулася калоссем да зямлі даспелае жыта. Яму хацелася ўзяць калоссе ў далоні і патрымаць, адчуць на загрубелай скуры тонкую далікатную колкасць жытніх вусоў. За гародамі ён пастаяў, паўзіраўся ў балота, быццам хацеў пабачыць там такое, што цяпер было яму патрэбна больш за ўсё. А сам і не падазраваў, што ў тую хвіліну ў ім недзе глыбінна ажыло дзіўнае пачуццё: не хацелася бурыць гэтую стомленую цішыню.
Устрывожаныя стралянінай у Прыдарожжы, гітлераўцы з Заваднай пачалі вешаць асвятляльныя ракеты. Там, дзе ўзляталі ракеты, над балотам цемра далёка адскоквала, потым імгненна стульвалася і зноў разляталася, адкінутая камякамі белага ярка-мігатлівага агню. Немцы адкрылі з Заваднай загараджальны агонь з гармат і мінамётаў. Пакуль — на ўсякі выпадак, для гарантыі.
Адразу ў паядынак з імі ўступіла палкавая артылерыя. Гарматы стралялі па тых цэлях, якія Баталаў паведаміў маёру Вайнтраўбу.
Неўзабаве гітлераўцы змоўклі. Відаць, частка іхніх агнявых кропак была падаўлена, і яны, занепакоеныя трапнасцю чырвонаармейскага абстрэлу, пачалі перацягваць уцалелыя гарматы і мінамёты на новыя месцы. I зноў, ужо ў каторы раз за гэтую ноч, у Баталава міжвольна вырвалася думка: «Вось дык Міцька Лагунец!..» Толькі цяпер да яе дадалося: «Не забыць бы рэляцыю на яго падаць у полк, ні ў якім разе не забыць».
Настаў самы час наступаць.
— Тут мы сёнмя, як калісьці казалі, здабудзем ці славу, ці ганьбу нашай зброі, — задумліва сказаў Баталаў Садоўнікаву, абводзячы рукою вільготны прастор, які ўмяшчаў у сябе куп’ё і рэдкі чэзлы хмызняк. Момант ён памаўчаў, трасянуў галавой.— Не, Мікалай, не так я сказаў: славу здабудзем.— Прасачыў, як малінавая знічка прачарціла неба, падаў каманду:
— Наперад!
Ад краю балота было не грузкае. Аднак далей бегчы станавілася цяжка, багна пачала ўчэпіста хапацца за ногі. Зноў загрукатала нямецкая артылерыя. Ззаду, у Прыдарожжы, загарэлася некалькі хат і хлявоў. Яны разгарыста палалі шуглівым лютым полымем. Ад высокага яркага агню на вясковай вуліцы, на агародах і балоце гайдаліся хлёсткія водбліскі.
Наступленне цягнулася ўжо больш як паўгадзшы, Чырвонаармейцы беглі недзе пасярэдзіне балота. Рады іх радзелі, бег замаруджваўся. Адсырэлае ад начнога туману паветра набрыняла смуродным дымам тратылу. Дыхалася цяжка.
Баталаў раз за разам пераносіў свой камандны пункт услед за наступаючымі. Ад камандзіраў рот ён атрымліваў трывожныя паведамленні. Многа параменых, санітары не паспяваюць выносідь іх… Натрапілі на зыбун, вымушаны браць у бок ад патрэбнага кірунку… Ён са шчымліаым нецярпеннем думаў: «От каб зараз першы батальён на Малевічы рушыў! Тады б чацвёртая рота з Заграддэя таксама ўдарыла па Заваднай. Марудзіць сусед, ах як недаравальна марудзіць!..»
Пазваніў Гарнага: наступленне спынілася, людзі знемагліся.
— Як спынілася?! — ускіпеў Баталаў, аднак тут жа аціх. «А вось так: людзі ёсдь людзі».— Караневіч, аўтамат!
Думкі яго апярэджвалі адна другую. «Спыніцца? Не, што заўгодна, толькі не гэта. Спыніўшыся, назад павернем… Толькі не…»— Раптам на яго накацілася хваля болю.— Знемагліся… Але ж… Сабраць апошнія сілы!.. Трэба!»
Шостая рота была ўжо ў зоне, якая густа прастрэльвалася не толькі артылерыйскім, а і кулямётным агнём,— каля рэчкі. Каб пераскочыць яе, тады б з усёй, колькі ёсць, сілы — да самай вёскі. А пераскочыць з ходу гэтую Беліцу можна, яна не глыбокая…
Камбат пачакаў, каб хоць крыху спаў грукат.
У жыцці чалавека ёсць месяцы, кароткія, як дні і мінуты, доўгія, як гадзіны. Вось такой, расцягнутай у часе як ні на гадзіну, падалася яму і тая мінута чакання.
Нарэшце трохі пацішэла. Ён усхапіўся з-за купіны, за якую прысеў быў.
— Чырвонаармейцы, браткі, біце фашыстаў! — паляцеў над балотам яго голас. Але чаму ён такі слабы, як зняможаны? Яго ж не пачуюць!.. Галасавыя звязкі імгненна напружыліся да крайнасці. — За Радзіму! Лепш смерць, чым кляймо раба! Наперад!
Баталаў бег, узняўшы аўтамат,— страляць з аўтамата было яшчэ далёка — бег і з адчайнай надзеяй крычаў:
— Наперад!
Камбат сігануў у рэчку. Побач з ім з аднаго, з другога боку плюхаліся ў ваду байцы. Валтузіліся, трапляючы ў ямкі ці спатыкаючыся аб карчэўе на дне, падтрымлівалі адзін аднаго. Ён таксама некага падтрымаў. Але гэты момант праскочыў міма яго ўвагі, запомнілася толькі, як яны разам дапалі на другі бераг. Баталаў, ухапіўшыся адной рукою за чубок калянай асакі, выбраўся з рэчкі.
— Наперад!
Кулі пранізвалі паветра так часта, што дзумканне іх часам злівалася ў суцэльны дзікі прарэзлівы свіст. 3 усіх бакоў вакол яго ўзрываўся дол. Абдавала густой граззю, на галаву і плечы падалі камякі вільготнай зямлі.
Адзін за другім выбывалі са строю байцы. Да краю балота ўжо было рукой падаць, калі рота зноў залегла. I Баталаў зразумеў, што настала мінута, калі альбо яны загінуць усе тут, альбо вораг будзе разбіты ўшчэнт. Зразумеў і тое, што ён, не губляючы ні секунды, павінен рынуцца ў гэтую пякельную вогненную каламуць, у шалёны свіст і грукат, каб яго стомленыя, параненыя людзі таксама рушылі далей у рашаючым невыносна цяжкім рыўку. Ахоплены апантанай зацятасцю, напружыўшыся кожнай жылкаю, ён моцна кінуў сваё цела наперад і, не азіраючыся, гукнуў:
— За мной, браткі! — 3 лютасцю націснуў на спускавы кручок аўтамата.
Адчування, што ўласнае жыццё зараз у смяртэльнай небяспецы, не было, яго выцесніла адчайная ўтрапёнасць. Нястрыманая страшэнная сіла штурхала наперад. У ім толькі раз’юшана жыло, распаленае лютай нянавісцю і прагай помсты, жаданне: хутчэй туды, за гэтае гіблае дрыгвяністае балота, у іхнія акопы. Там ён дасць волю сваёй сіле!
— Напе…
Амаль перад самым яго тварам сляпуча бліснула зіхоткае полымя, грымнуў аглушальны выбух. Гарачая паветраная хваля моцна штурхнула ў грудзі. Слабеючы, правальваючыся ў цёмнае прадонне, ён яшчэ паспеў крыкнуць:
— Наперад!..
Непрытомнасць яго цягнулася нейкую мінуту. Усяго толькі мінуту… Аж цэлую мінуту!..
Ён адчуў, як цела яго балюча скаланулася, быццам вось-вось разарвецца. Скрозь туманную свядомасць, як скрозь коўдру, слаба ўлавіў глухія, нібы навальнічныя, раскаты. Здалёку, з цемры выплыў затуманены твар ардынарца.
— Караневіч, ты? — ледзь чутна спытаў Баталаў. Невыказна абрадаваўся: праз шум і трэск, што распіралі яму галаву, пачуў свой здушаны голас.
Дыхалася цяжка, смылела ў горле. Страшэнна хацелася піць. Лізнуў адзеравянелым непаваротлівым языком расу на траве. Яна была салёная. «Раса — салёная?» — туманна мільганула ў мазгу. Ён лізнуў не расу з травы — з вуснаў густы клейкі пот і кроў, што сцякалі з рассечанай шчакі.
Вяла павёў далоняй па лобе. Яго занудзіла, ён пачаў сутаргава глытаць сліну. Затым напяўся, глыбока ўздыхнуў і адчуў, быццам паветра пачало ўлівацца ў грудзі і цела стала набіраць сілу. У скроні ўдарыла кроў. Ён напружана паварушыў пальцамі. Схапіўся за руку ардынарца, стаіраўся сабраць у адно ўсю сваю волю і сілу, каб падняцца з зямлі, Галаву і грудзі праняў востры гарачы боль, падалося, што выварочваецца ўсё нутро. Але ён падняўся. Сілком адарваў быццам прыстылыя да долу кволыя, непаслухмяныя, як чужыя, ногі, ступіў адзін крок, другі,.. I пабег, хістаючыся з боку ў бок, тузаючыся ўперад, нібы разрываючы грудзямі нейкія нябачныя, туга нацягнутыя перашкоды.
Бой ужо кіпеў у Заваднай.
Каля хаты з пазялёненым палісаднікам Баталаў спыніўся. Цяжка, задышліва сапучы, абцёр адна аб адну запэцканыя граззю рукі. Бінтам, які падаў яму Караневіч, сцёр кроў са шчакі, узлёг грудзямі на штыкетнік. Жылы ў руках струнка дрыжалі, і ён, каб спыніць гэтае дрыжанне, сціснуў пальцамі гладкія, пагабляваныя дошкі. Цела абдымала волкая свежасць рання.
А наўкола грымела, бухала і трашчала.
3 недалёкага завулка вывелі палонных. Канвойны, прыземісты шыракатвары малодшы сяржант, махнуў рукою: стой!
— Дзе ўзялі? — спытаў у яго Баталаў, не чакаючы дакладу.
— На краю завулка з бункера, таварыш капітан, з аўтаматаў рэзалі.— Малодшы сяржант ускінуў густыя, чорныя як вугаль, бровы, быццам цяпер толькі сам абурана здзівіўся: во фашысты якія зацятыя! — Давялося гранатамі супакойваць. А гэта тыя, што ўцалелі.— Ён падазрона скасіў вочы на немцаў — каб не шуснуў каторы ў двор, а там пазахлеўем…
Да камбата подбегам падскочыў лейтэнант Церабіленкаў. Мокры, з заляпанымі граззю ботамі і штанамі.
— Таварыш капітан, дазвольце далажыць! Сувязь з чацвёртай ротаю ёсць.
Баталаў марудна, пераадольваючы боль ад кантузіі, павярнуў да лейтэнанта галаву. Тугі подых ветру прахалодаю абліў яго твар, шыю. Перад вачамі, якія бачылі ўсё ў нейкай шараватай замглёнасці, паяснела.
— Пазвані Вішняку, высветлі абстаноўку. Калі будзе што тэрміновае — даложыш.
— Слухаю! — у вузкіх вачах лейтэнанта, пад якімі сінелі кругі, свяціўся радасны бляск.
У тым баку, дзе быў вызвалены Жлобін, шырока разгаралася чыстая зара. Там займаўся малады летні дзень. Над балотам, дзе нядаўна сцякалі крывёю чырвонаармейцы, расплывалася бледна-шэрае святло, ледзь-ледзь падрумяненае ружаватым водбліскам там, дзе пятляла Беліца.
— Караневіч!
— Слухаю, таварыш капітан!
— Перакладзі яму,— камбат паказаў вачамі на нізкага кашчавага немца,— што мы будзем іх біць усюды, дзе яны ёсць. Чуеш? Усюды… Перакладзі.
Ён сказаў гэта такім тонам, што гітлеравец міжвольна зірнуў яму ў твар, але не вытрымаў сустрэчнага позірку: столькі ў ім было ўсяго — і адкрытага выкліку, і крыўды, і бязмежнай пагарды, і нянавісці. Тонкія губы-пасачкі гітлераўца смыкнуліся, павольна расцяліся.
— Не турбуйцеся перакладаць, я ўсё разумею,— загаварыў ён чыста, не скажаючы слоў.— За што вы збіраецеся нас біць? За тое, што мы, немцы, людзі вышэйшай, чым вы, культуры?
— Цікава, з якой гэта нагоды рускую мову ты так вывучыў? Збіраешся панаваць тут над намі? Ці, можа,— каб Пушкіна чытаць?..— У апошнія словы Баталаў уклаў увесь свой бязлітасны сарказм, які не хацеў і не мог схаваць.
Паказалася сонца. Яно было чырвонае, не зыркае. Баталаў, прыжмурыўшы вочы, паглядзеў, як яно ўзыходзіла. Здавалася, цікавасць да палонных у яго адразу прапала і ўсе думкі цяпер былі недзе там, у свеце цяпла і чысціні, якімі адвечна цешылася і ніколі не перастане цешыцца чалавечае сэрца. Ці, можа, ён проста даваў сабе невялічкі адпачынак, каб трохі больш акрыяць і быць мацнейшым за гэтага фашыста? Так працягвалася хвіліну.
— Свету вядома, што культура нямецкага народа і фашызм — з’явы адна адной супрацьлеглыя,— Баталаў злёгку, ледзь прыкметна, кіўнуў галавою, нібы пацвярджаючы гэтую думку, і на момант зноў даў волю сваім пачуццям, пакпіў: — Так вось, ясснавяльможны пан. А біць мы вас будзем за тое, што вы — фашысты. Вось за што. I немцы таксама, прыйдзе час, па ўсёй строгасці асудзяць вас.— Ён зноў узлёг на штыкетнік палісадніка. Яму было млосна ад кантузіі.
Позірк яго знячэўку схапіў: у палісадніку гарэлі цудам уцалелыя, не кранутыя вайною пышныя півоні. На іх чырвоных пялёстках серабрыста блішчэлі буйныя кроплі расы. На адной кветцы завісла бела-шызая перынка. «Якія парадоксы жыцця!..» — Ён павольна павярнуўся да немца, вышэй падняў тлумна-цяжкую галаву.
Той парывіста тузануўся, нібы гатоў быў схапіцца загрудкі.
— Не, біць вам не давядзецца нас не толькі ўсюды, а нават і на сваёй зямлі. Армія фюрэра — непераможная.— Вочы гітлераўца дзіка бліснулі і патухлі, толькі на шыі набухлі, выступілі няроўньія жылы. Ён яўна стрымліваў сябе і добра сабой валодаў.— Тут вось на вас ужо заносіць свой магутны кулак генерал фон…— Немец спахапіўся, прозвішча генерала не называў.
— Бандыт, якія б ні былі ў яго дужыя мускулы і трывалыя жылы, слабы знутры,— таксама спакойна сказаў камбат.— Ён, канечне, можа многа шкоды нарабіць, але ў рэшце рэшт згіне.— Штосьці раптам мацнейшае, чым хворасць ад кантузіі, азвалася ў душы Баталава, выпрастала яго, расправіла плечы. I ён прамовіў дзіўнае, зусім нечаканае для самога сябе.— А хочаш — я адпушчу цябе. Ідзі ваюй з намі да наступнага свайго разу. Толькі перадай тое, што я сказаў табе, свайму фону.— Ён падабраў пад каску ўзмакрэлую пасму, што ўпала на брыво, у вачах успыхнулі дзёрзкія агеньчыкі,— Перадай тады, калі ён будзе класціся спаць. Дык адпусціць?
— Бальшавіцкі прапагандысцкі фокус. Адпусціць… Так — не…
Твар у гітлераўца зрабіўся нейкі апалы, у вачах змерзлася бяссільная лютая варожасць. 3 рукі выпала скамечаная насоўка, якая была заціснута ў кулаку. Ён не падняў яе.
— Ну, як сабе хочаш, табе відней.— Баталаў сказаў быццам абыякава, а ў самога маршчыны разбегліся на пашарэлым твары. Ён трыумфаваў. «От як! Фон твой галаву б табе адарваў, бо бандыт жа. Ты гэта добра ведаеш…» Але ўсцешанасць яго была такая ўзрушлівая не толькі ад таго, што здабыта першая перамога, што ён пабачыў фанабэрыстых заваёўнікаў Еўропы разгубленымі і прыніжанымі. У ёй моцна звязвалася значка большае, чаго ён чакаў нецярпліва і трывожна: байцы пераконваліся, што не такі страшны чорт, як яго малююць… У душы яго запяклася помслівая радасць. А разам з ёю раптоўна ўзнікла пачуццё, якое, здавалася б, больш дарэчы было там, на полі (ён падумаў «на полі» і з сумнай іроніяй паправіўся: «на балоце») бою. Прыхлынула прага жыцця. На балоце смерць абмінула яго, і цяпер яму страшэнна захацелася жыць. Так захацелася, што ён устрывожыўся, каб гэтае неадольнае пачуццё недарэчна не выявілася ў якім міжвольным слове, не вырвалася як заклінанне, як глыбокае стоенае маленне перад здрадлівым лёсам: жы-ыць!..
Над імі неяк запаволена, як бы трывожна і недаверліва, праляцела ластаўка. Потым яшчэ адна. Гэтая, нібы чаго спалохаўшыся, адразу ўзвілася ўгору. I болей ix не было. Над вільчыкам хаты ўзнімалася сонца, промні выжаўцілі вуліцу з утоўчанымі па баках сцежкамі.
— Палонных у полк! — загадаў Баталаў.
Веснічкі ў двор былі расчынены. Ён пайшоў да ганка, ступіў на ўсходцы. Твар яго набыў знаёмы валявы, рашучы выраз.
Праз чвэрць гадзіны камбат далажыў камандзіру палка, што чужынцы выбіты з Заваднай. Голас яго па-ранейшаму ўжо быў густы і моцны, толькі злёгку заікаўся.
А над вуліцай, над хатамі зноў з’явіліся ластаўкі. I лёталі, лёталі…
***
Дзесяць сутак батальён не выходзіў з бою, наступаў разам з іншымі часцямі і падраздзяленнямі шэсцьдзесят трэцяга корпуса.