Аднак, аказалася, часова. Андрон не змог пазбавіцца заганы, піў, канешне, не так, як раней, але не цураўся гэтага атрутнага зелля, калі выпадала, ніколі не адмаўляўся зарабіць у людзей пляшку самагонкі. Ён так і не ажаніўся, халасцякаваў, жыў у бацькавай хаце. Аўдзейчык усё ж шкадаваў суседа-сябрука. Ён дамовіўся з Чэркасам і прыстроіў мінулым летам Андрона сваім памочнікам на канюшні: «Каб на вачах быў, пры дзеле, а то прападзе!..» Ад той пары строга кантраляваў, каб Супчык чаго благога не выкінуў і зноў не запіў. Андрон доўга трымаўся. Рабіў, як трэба. Так было да сённяшняга дня. Пасля абеду, калі калгаснікі з канюшні выкідвалі гной, вазілі яго на Дзікае Поле, ён раптоўна знік апоўдні.
Вечарам Мікола адзін прымаў коней і вупраж, карміў і паіў. Ён злаваўся на сябра, які так знянацку сышоў і ўсю работу зваліў на яго, нават сена і саломы не наклаў нанач у яслі.
Калі Мікола справіўся з ўсёй работай сам, ужо прыцемкам нарэшце ў канюшні з’явіўся Андрон. Ён быў моцна п’яны і ледзьве стаяў на нагах.
Міколу, справядлівага па натуры, ажно затрэсла ад злосці. Ён не стрымаўся, схапіў Андрона за каўнер і павалок з канюшні. Андрон супраціўляўся, размахваў рукамі, і тады Аўдзейчык моцна ўдарыў яго. Праўда, сілы не разлічыў, кулак слізгануў з пляча па сківіцы Супчыку, той не ўтрымаўся на нагах і расцягнуўся пасярод канюшні.
— Ты гэта што, паскуда? Ды я ж табе, гад ты вашывы... — Андрон застагнаў ад рэзкага болю. Не маючы сілы падняцца, ён праклінаў Аўдзейчыка. — Каб ты здох, поскудзь. За што так, гад, га... Няма ў цябе Хрыста, няма, няма. Можа, гора ў чалавека, а ты — біцца...
— У цябе адно гора — сплюнуўшы ўбок, злосна прамовіў Мікола. І ўсё ж дапамог таму падняцца на ногі, працягнуў руку. — Каб нагі тваёй сёння тут не было, чуеш! Папярэджваў — зап’еш, не паказвайся на вочы. Не люблю, уразумеў!
Андрон хістаўся, учапіўся за драбіну, і па-ранейшаму злосна сыпаў нядобрымі словамі:
— Паганы ты чалавек, ой, паганы. А я думаў — брата маю... Дзе ж падзеўся мой брат, той Мікола? Той самы Міколка... Ветрам здзьмула, як падмянілі. Але Андрон такі здзек над сабой не даруе... Ні ў жысць! Андрон Супчык — папомніш яшчэ, з табой, паскуда, разбярэцца. Хутка за ўсё разбярэцца... Ёсць каму цяпер за яго добрае слова сказаць. Будуць тутака перамены, тады мая возьме. Пабачыш хутка, як кіла, завішчыш... — хістаючыся, Андрон зачапіўся за вупраж, і зноў упаў, ды няўдала, моцна падвярнуўшы нагу.
Аўдзейчык не звяртаў на п’янага ўвагі, супакоіўся. Нетаропка зачыніў за сабой станок, дзе стаяў яго любімчык, жарэбчык Матыль, знадворку паставіў вілы, а потым накіраваўся да Супчыка. Зноў дапамог таму ўстаць і вывеў з канюшні.
— Ідзі, праспіся! Палохае тут яшчэ. Палоханы ўжо, — на развітанне сказаў ён Супчыку, і пайшоў зачыняць канюшню на замок.
Андрон не здаваўся, закрычаў злосна яму ўслед:
— Ты думаеш, бацькаўшчына тут твая? Прапісаўся тут, у канюшні, навечна? Прахам усе пойдзе, знай, дымам... На цябе таксама ёсць управа, і на жончынай сяброўкі мужа, каб ты знаў. На ўсіх цяперака ёсцека ўправа!
— Што ты вярзеш, дурань? Ідзі, праспіся, п’янчуга... — Мікола не слухаў пустабрэха, зачыніў дзверы ў канюшню і навесіў замок.
— А сам п’яны не быў? Кароткая ў цябе памяць, Міколка! Жончына спадніца засціла табе ўсё... Папомніш, Андрон на вецер словы не кідае... Хутка папомніш...
Дома Нюрка адразу зразумела, што Мікола не ў гуморы. Прыгатавала мужу памыцца і села побач вячэраць. Як ні хацеў, а перад жонкай Аўдзейчык быў бязвольны (з гэтым ён згодны з Андронам), расказаў пра п’янага дурня: гразіўся нават паскардзіцца Адамчыку.
Жонка не здзівілася, толькі адказала:
— Папярэджвала: не трэба табе такі памочнік, і Ігнат тады цябе адгаворваў, быў супраць.
— Праспіцца, я яму заўтра, на цвярозую галаву, усё выкажу. Пабачыш, прасіцца будзе. Гэта гарэлка гразіла, не Андрон. Ён неблагі, ты ж ведаеш.
— Чуеш, Мікола... — Нюрка раптам згадала пра заметку ў газеце. — Раёнка пра тое, што ўкралі проса раззваніла на ўсю акругу.
Мікола перастаў есці, уважліва паглядзеў на жонку.
— І што?
— Як быццам хто Ігнату помсціць... Нейкі, знаеш, «Наш» аб’явіўся. Так падпісана гэта заметка. Думаю, каму Верчын мужык мог дарогу перайсці, і не знайду ладу?
— А што піша?
— Што Адамчык патурае варожым элементам, і сам такі ж, маўляў, трэба прыгледзецца да такога кіраўніка. Могуць за гэта зняць Ігната. А ён нявінны. Вунь як за справу ўзяўся. Ой, не ведаю, што і будзе.
— Тут, ведаеш, Нюра, не ўсё проста. І Андрон — чуе мая душа, ведае нешта. Далібог, ведае...
З гэтымі цяжкімі думкамі Аўдзейчыкі леглі спаць.
9
Над зямлёй стаяла бясхмарная ноч. Бечынцы клаліся спаць, ведаючы, што заўтра будзе не менш цяжкі дзень, чым папярэдні. Такая яна, вясна-працаўніца, забірала ў людзей усю сілу, але і аднаўляла яе хутка, за кароткі перадых, за некалькі гадзін, бо ўсе ведалі: трэба рабіць.
Гэтае — «трэба» — у крыві палешукоў было спрадвеку.
Трэба было нараджацца на свет божы... Абавязкова трэба было хрысціць дзіця (цяпер улады не дазваляюць, але можна ў царкве дамовіцца і ў тайне пахрысціць, займець добрых куму і кума). Трэба навучыць дзіця ўсяму, што ўмееш сам, і вучыць трэба пачынаць, калі яно яшчэ ляжыць у начоўках, а не ўпоперак палацяў. Трэба выдаць замуж ці ўдала ажаніць, каб жылі дзеці ў багацці і ў шчасці. Трэба ўнукаў дачакацца, дапамагчы дачцэ з зяцем ці сыну з нявесткай падгадаваць іх. Трэба ў добрай бяседзе разам з людзьмі ўмець радавацца шчаслівай хвіліне. Трэба, урэшце, памерці ў час, пажадана, каб не мучыцца, каб адразу. І галоўнае тут, каб людзі, праводзячы цябе на той свет, абавязкова сказалі: «Цяжка працаваў, з мазаля свайго ўсё меў, з людзьмі ў ладзе жыў і род свой прадоўжыў, нікому ў бядзе не адмовіў дапамагчы, дык і даў яму Бог лёгка памерці! Які ж быў шчаслівы чалавек!»
З гэтым — «трэба» — жылі стагоддзямі на Палессі ўсе добрыя людзі і не прымалі іншае долі, іншага шчасця, чым праца. Нелюбілі гультаёў, абібокаў, пустабрэхаў — за такіх дачок замуж не аддавалі: няхай лепш у дзеўках застанецца!
Змяняліся часы, абставіны, а памяркоўныя палешукі жылі сваім, толькі ім зразумелым, жыццём, і ведалі, што гэтае жыццё ў іх багатае: калі працаваць — то да знямогі, калі спяваць — дык да хрыпаты, калі танцаваць — дык дакуль ногі трымаюць, калі вяселле правіць — то каб далёка было чуваць... І абавязкова, каб кожны сусед вясельную чарку, таксама працай тваёю дабытую, падняў за здароўе маладой сям’і, а калі хрэсьбіны зладзіць — то трэба прывеціць і старога, і малога. А калі кахаць — то так ціха, салодка, як апошні раз...
...Верка стомленая, напрацаваўшыся днём на трактары, спала на мужавым плячы. Ігнат пацалаваў яе, сонную, у скроню, стараўся і сам здацца, заснуць. Толькі сон ніяк не прыходзіў. Ён думаў пра тое, што будзе з ім і ёй далей. Усё ў іх жыцці няпроста, як і няпроста ў жыцці вяскоўцаў, людзей, з якімі непарыўна звязаны яго лёс, і Верчын лёс.
Узрушаны, праз акно ён глядзеў на светлае неба, дзе гаспадарыў дугападобны месяц. Яго жоўтае святло лілося ў хату, і ад гэтага таксама спаць не хацелася. Але ён такі прымусіў, загадаў сабе — трэба, бо заўтра «варон будзеш лічыць». І праваліўся ў сон гадзіны на дзве. Яму сніўся незразумелы сон: нібы страшным агнём гарэла неба.
Ён расплюшчыў вочы, у душы з’явілася прадчуванне немінучай бяды, і зразумеў, што гэтай ноччу больш не засне.
10
Верка па-ранейшаму соладка спала, паклаўшы галаву яму на плячо. Каб не пабудзіць яе, ён павольна падсунуў пад галаву ёй сваю падушку, і жонка нават не паварушылася. Ціха за грубкай пасопвалі дзеці. Ігнат чуў іх спакойнае, роўнае дыханне. Каб сярод ночы нікога не разбудзіць, ён на дыбачках выйшаў у пярэднюю, прыкрыў за сабой дзверы.
З печы дагэтуль яшчэ ішоў цёплы дух. Ігнат навобмацак знайшоў штаны, гімнасцёрку і картовы пінжак, якія звечара развесіла прасушыцца жонка, хуценька апрануўся, абуў керзавыя боты, глынуў з карца гатаванай вады, настоенай на грушах-дзічках, і выйшаў з хаты.
Ноч была светлая, цёплая, але адчувалася вільгаць, якая ўсё яшчэ выпарвалася з зямлі.
Ігнат стаяў на ганку і ніяк не мог надыхацца свежым паветрам, такім, здавалася, густым, па-сапраўднаму вясеннім, якое крыху п’яніла галаву. Стаяў і думаў, што праз дзень-два выкінуць свой буйны цвет грушы і яблыні. Колькі працы будзе пчолкам!.. І як хораша будзе людзям...
Стаяў доўга, думаючы: каб толькі замаразкі не вярнуліся. Не, не павінна, не паказвае на тое. І зноў падумаў: а ці не вярнуцца ў хату, проста паляжаць каля Веркі, можа, яшчэ і засне, ну не ісці ж зараз, у тры гадзіны ночы, у кантору.
З іншага боку, здаецца, уздрамнуў, і гэтага хапіла, адчуваў сябе бадзёрым. А ў канторы накапілася процьма таго, што павінен быў зрабіць яшчэ заўчора. Звечара ў думках паспеў спланаваць, як расставіць людзей, куды каго накіраваць. Трэба было найперш праверыць дзённыя справаздачы брыгадзіраў, каб з самага ранку абавязкова далажыць у раён. Адтуль тэлефанавалі штораніцы, часам звязваўся з ім і сам Нікіценка. Не хваліў, але і не папракаў. Цяпер Ігнат і сам крыху супакоіўся: за тыдзень арцель выраўнялася па ўздыме зябліва, унясенні ўгнаенняў, па сяўбе, як сказаў Нікіценка, дык нават выбілася ў перадавікі, засталіся нейкія лапікі. Ігнат паспрабаваў пагаварыць з ім пра арыштаваных бечынскіх калгаснікаў, але Нікіценка як адрэзаў: «Разбяруцца. Не лезь, куды цябе не просяць!» Гэтыя словы сакратара райкама партыі здзівілі. Ігнат яшчэ хацеў спытаць, але пасаромеўся: калі, нарэшце, прыедзе тая страшная камісія, якую баяцца нават старыя бальшавікі? Ды так і не знайшоў слоў, не рашыўся, адчуўшы, што Нікіценка быў не ў гуморы. Вырашыў: калі не едзе, то не так усё ў іх і кепска.
За гэтымі ўспамінамі-развагамі Ігнат не заўважыў, як прайшоў вялікі адмежак шляху да цэнтра вёскі. Калі ж мінуў невялікі і заўсёды мокры прыбалатак, які сваім гнілым хвастом дзяліў вёску на дзве часткі, і выбіўся на пагорак, леваруч, амаль побач з хатамі, у ясным святле месяца ўбачыў калгасныя будынкі.
Гады два таму тут пабудавалі прасторныя памяшканні новай калгаснай фермы. Гэта была заслуга Чэркаса, які выбіў будаўнічы лес, дошкі і гонту. За цвікамі і скобамі справа не стала — ёсць свая кузня. І лічы за зіму брыгадныя цесляры вывелі пад дах цёплыя два кароўнікі і цялятнік. Цяслярылі там і Ігнат з бацькам. Праўда, стары нечакана захварэў, падхапіў прастуду і праваляўся на хутары больш за месяц. Агапка ды Ігнат дужа перажывалі за Сцяпана, думалі, што памрэ. Фельчара ў вёсцы яшчэ не было, ды і ехаць у раённую бальніцу стары не схацеў, хаця слухаўся жонку, спраўна лячыўся. І дзякуючы ёй, розным адварам з зёлак, у якіх яна разбіралася як ніхто ў Бечыне, націранням і банькам, стары падняўся на ногі.
Раптам Ігнатавы думкі перабіў заядлы брэх сабакі ля фермы. А потым адтуль пачуўся і голас вартаўніка Хведара Аксёнчыка.
— Змоўч, воўчае мяса! — крычаў ён. — Расхадзіўся тут. Пайшлі лепш на наш новы фронт!..
Сабака змоўк, відаць, паслухаўся свайго кармільца.
А Ігната Хведаравы словы вельмі рассмяшылі: бач, новы фронт. Менавіта ён, Ігнат, загадаў, каб Аксёнчык разам са сваім напарнікам Іллёй Макарэвічам вартавалі не толькі ферму, але і новую канюшню. Тады Аксёнчык доўга незадаволена бурчаў, прыдумаў да нечаканай «начной прыбаўкі» да сваіх бяссонных абавязкаў такі выраз — «новы фронт». Цяпер многія арцельныя нядаўна пабудаваную канюшню так і называлі: «Хведараў новы фронт».
Зразумеўшы, куды збіраецца вартаўнік, Ігнат супакоіўся: значыць, усё ціха і трубавацца яму няма чаго. Пайшоў далей і зноў згадаў пра арыштаваных Івана Асіпенку і Алеся Макарэвіча: чым ён ім зараз можа дапамагчы? Нікіценка яго просьбы нібы не чуе зусім. Ігнат разумеў, што Коршак тады сказаў яму праўду: забяруць і асудзяць. Хоць людзі насенне сабралі замест украдзенага, хоць і ў раён, і ажно ў Маскву паслалі просьбы не караць Асіпенку і Макарэвіча, усе арцельцы падпісаліся, усё адно атрымлівалася, што яны, бечынцы, не маюць права мець сваёй думкі.
Ігнат ніяк не мог зразумець, як можна лічыць Асіпенку і Макарэвіча ворагамі? Гэта няправільна. Гэта памылка. Таму вырашыў, падабаецца гэта каму ці не, а трэба яшчэ раз раніцай сур’ёзна пагаварыць з Нікіценкам: прасіць, каб заступіўся за іх.
За пагоркам, метраў за дзвесце адсюль, крыху правей, адразу за агародамі калгаснікаў і бліжэй да цэнтральнай часткі раскіданай вёскі, пры святле месяца ён ужо бачыў канюшню. Ігнат хутка набліжаўся да яе, спадзеючыся менавіта тут пераняць Хведара Аксёнчыка, пагутарыць з ім. І сапраўды, падалося, вартаўнік абыходзіў канюшню, і знаёмая Ігнату постаць схавалася за вуглом новай прамавугольнай будыніны.
Ігнат прыспешыў крок, і, скарачаючы шлях, пайшоў па вытаптанай сцяжынцы ўздоўж неглыбокага, але сёлета паўнаводнага раўчука, і хутка дабраўся да тыльнай агароджы выгульнага двара канюшні. І толькі пералез праз свежаабчасаныя сасновыя жэрдкі, ад якіх яшчэ вельмі моцна пахла смалой, як знянацку з другога боку, з уваходу ў канюшню, пачуліся незнаёмыя галасы. Гэта яго насцярожыла, прымусіла не спяшацца: там нешта было не так.
Ён паціху наблізіўся да сцяны канюшні і прыціх. Аднак нічога больш не пачуў. Тады вырашыў незаўважна падысці яшчэ бліжэй. Калі ж дабраўся да вуглавога выступу, зноў сцішыўся і прыслухаўся.
Там, ля дзвярэй канюшні, валтузіліся людзі. Нарэшце, пачулася, як басавіта-незадаволены хрыпаты мужчынскі голас запатрабаваў:
— Я сказаў табе, паскуда, палі!
— Дык мне ж труба будзе, Зміцер! Не буду. — голас гэты Ігнату быў знаёмы.
— Не жартую, ведаеш жа, стрэлю! — прыгразіў незнаёмы голас. — Што падказаў з просам, за тое маладзец. Але ты мне павінен, пра даўжок памятаеш? Падпальвай, кажу, сволач п’яная. Ці не спецыяльна, Свірыд, ён так сёння набраўся? Зноў хоча быць чысценькім? Мо думаў, без яго гэтым бальшавіцкім гадам вясёлае свята ўчынім? Папомняць 1 мая 1939-га мае землячкі...
Ігнат зразумеў: ля дзвярэй канюшні толькі трое. Замыслілі кепскае.
І адзін з іх — не хто іншы, як Андрон Супчык. Дакараў сябе: «Во, гад, я ж быў супраць, каб гэты прапойца памагаў тут Аўдзейчыку! Во варажына!» Але трэба было зразумець, што там адбываецца на самай справе, і ён выглянуў з-за вугла.
У двух месцах каля канюшні злыдні наклалі салому — яе Аўдзейчык і брыгадныя склалі ў стагі метраў за трыста адсюль, каля рослых таполяў. Двое — з іх Ігнат адразу пазнаў Андрона, які стараўся саўладаць з запалкай, а другі, Адамчыку падалося, не, не падалося, быў Зміцер Аскерка, вінтоўкай падсоўваў пад дзверы канюшні салому. Быў яшчэ і трэці: высокі, барадаты мужчына, твару яго Ігнат не бачыў, ён нёс абярэмак саломы. Ігнат адхіліўся, яму падалося, што Аскерка паглядзеў сюды, і ў гэты момант за вугал канюшні данёсся едкі пах дыму.
Ігнат быў у роспачы. Ён не ведаў, што будзе рабіць у наступную хвіліну, але разумеў, што голымі рукамі з трыма, а двое з іх былі ўзброеныя, аднаму яму не справіцца. Бегчы, будзіць людзей? Але будзе ўжо, палічыў, позна: пакуль дабяжыць да першай хаты, пакуль пабудзіць каго — канюшню ахопіць полымя, не ўратуеш ні коней, ні будынак...
Раптам ён заўважыў утаптаную ў зямлю тоўстую частаколіну. Мільганула думка: усё ж у руках нешта будзе. Толькі частаколіна не паддалася яму, была добра ўтаптана капытамі жывёл. Нарэшце ўсё ж вырваў яе з зямлі, і ў тое ж імгненне з адваротнага боку канюшні пачуўся залівісты брэх сабакі і грозны голас вартаўніка:
— Вы што гэта тут уздумалі. А ну, рукі ўверх!.. Страляць буду!
Ігнат абрадаваўся: цяпер ён не адзін. Вырашыў напалохаць і дэзарыентаваць тых, хто быў пад канюшняй. Крыкнуў, каб пачулі і злыдні, і Аксёнчык:
— Дзядзька Хведар, мы тут, нас многа, страляйце, калі што, акружаем гадаў... Калі што, напавал б’ём! Аскерка, здавайся — табе дарогі іншай няма, чуеш! Адкуль прыйшоў — туды і пойдзеш! А ты, Андрон, тушы салому, калі хочаш жыць!.. Выконваць!
Там, ля дзвярэй канюшні, пачуўшы пагрозу, на нейкі час застылі ў здранцвенні. Першы ачомаўся, хоць і п’яны, Супчык, і кінуўся рашуча адкідаць кучы саломы, якая пачала ўзгарацца. Толькі яму не далі гэта зрабіць — Аскерчык пырнуў яго фінкай у жывот, і Андрон, адыходзячы, ціха апусціўся на зямлю.
Азірнуўшыся, напалоханы Аскерчык заўважыў Ігната Адамчыка, які бег да яго. Мабыць, яму са страху падалося, што ў таго ў руках вінтоўка. А з другога боку нечакана бабахнула дубальтоўка вартаўніка, і Аскерка, схапіўшыся за руку, відаць, драбіна зачапіла яго, пабег уцякаць. За таполі, кінуўшы салому, сігануў і той, другі зламыснік. Услед за ім гнаўся раз’юшаны сабака. Яшчэ праз імгненне зноў пачуўся стрэл — Ігнат заўважыў, як грузны вартаўнік рушыў за злачынцамі, і, зразумеўшы, што злыдняў не дагоніш, кінуўся да канюшні, схіліўся над Андронам. Той ляжаў нерухома насупраць дзвярэй у канюшню і не дыхаў. Ратаваць Супчыка было позна. Затое ў двух месцах разгаралася полымя: вось-вось яно ахопіць ужо высахлае сасновае дрэва, і тады нічога не паправіш.
Частаколіна ўсё ж спатрэбілася Адамчыку — ёй адкідваў ёю далей ад будынка салому, што ўвачавідкі разгаралася і разгаралася. Ігнат, хоць абпальваў рукі, але ж не дапусціў, каб яно перайшло вышэй, да страхі, і, нарэшце, збіў яго.
Затым кінуўся да другога падпалу, што быў з левага боку канюшні, там агонь таксама хутка разгараўся, і ўжо яго языкі сягалі вышэй за чалавечы рост.
— Ігнат, у карыце вада... Там вядро ёсць. Заліць трэба, каб не ўзгарэлася. Во, поскудзі, што ўздумалі... — Адамчык пачуў словы вартаўніка, убачыўшы, як той спяшаецца да калодзежнага жураўля.
Чамусьці падумаў: добра што Мікола Аўдзейчык, калі паіў коней, забыўся нанач схаваць вядро ў канюшню. Хведар цяпер дапаможа яму затушыць агонь, каб не разгарэўся зноў, як нечакана аднекуль збоку грымнуў стрэл.
Перад вачыма Ігната ўсё захісталася, і ён, як падкошаны, паваліўся на зямлю...
11
Схуднелыя і абыякавыя да свайго лёсу брыгадзір Іван Асіпенка і вартаўнік Алесь Макарэвіч сядзелі ў закутку, на лаве падсудных. Побач з імі, абапершыся на сцяну, стаяў малады бязвусы міліцыянерчык. Арыштаваныя зрэдку падымалі вочы то на землякоў, то на сцэну, дзе за шырокім сталом, накрытым чырвонай тканінай, сядзеў немалады каржакаваты суддзя. Гэта быў хваравіты, з жоўтымі круглякамі-вачыма, мужчына. Ён адразу запатрабаваў, каб у зале было ціха, і ўважліва слухаў пракурора, потым следчага Коршака, затым крыху пісклявым голасам распытваў глухаватага старога вартаўніка: як і што было.
Суд ішоў ужо другую гадзіну. Паказальнае разбіральніцтва па просьбе кіраўніцтва раёна ладзілася ў Бечыне ўпершыню. У клубе было душна і млосна. Прычына таму — неверагодная чэрвеньская спёка, што з самага ранку падала на зямлю, ад яе не ратаваў нават і лёгкі ветрык і кароткачасовыя дажджы. А тут сабралася амаль уся арцель, людзі бітком набіліся ў памяшканне. Месцаў на вузкіх лавах усім не хапіла. Каб рассадзіць прыбыўшых членаў шостай брыгады, якія прыйшлі ўсе да аднаго нават з сем’ямі, старшыня сельсавета Салавейчык арганізаваў камсамольцаў, і тыя прынеслі
з сельсавета дадатковыя лавы. Іх неяк уціснулі ўперад, па баках, але і гэтага не хапіла. Ды людзі не крыўдавалі, сцішана стаялі каля адчыненых насцеж дзвярэй.
Тым часам суддзя падрабязна дапытваў Асіпенку. Брыгадзір, які, здавалася, за гэтыя месяцы пастарэў, асунуўся, абыякава і коратка адказваў на яго пытанні, яны яму, адчувалася, надакучылі. Асіпенка за гэты час ні разу не глянуў у залу, баючыся сустрэцца вачыма са сваёй хударлявай Грыпінай, якая сядзела ў другім радзе і ціха плакала, глытаючы даўкія камякі. Побач з ёй быў разгублены старэйшы сын Асіпенкі Мікола і яго цяжарная маладзічка Маруся.
Непадалёк ад сям’і арыштаванага брыгадзіра, з другога краю, сядзелі, узрушаныя, трое Адамчыкаў: Сцяпан, Агапка і іх нявестка. Побач з загарэлай Веркай, якая ўжо не хавала сваёй цяжарнасці, сцішыліся Нюрка і яе пануры Мікола Аўдзейчык.
— Дык вы прызнаеце сваю віну, таварыш Асіпенка? — вочы-круглякі суддзі глядзелі праз вузкія акуляры на арыштаванага з нейкай нервовай заклапочанасцю. Усім сваім выглядам гэты чужы чалавек нават і не імкнуўся схаваць, што яму ўжо надакучыла млець у гэтым душным і потным клубе, у якім яго прымусілі чыніць суд з-за скаргаў гэтых людзей, якіх ён так да канца і не мог зразумець. Ён нават мову іхнюю, выхадзец з Урала, якога лёс закінуў на Палессе, не мог разабраць, і яму так хацелася зараз схавацца куды-небудзь у цянёк, пабавіць час каля рэчкі ці каля возера.
Брыгадзір адказаў не адразу. Нарэшце, падумаўшы, цвёрда прамовіў:
— Сваю віну не прызнаю. Я не мог здагадацца, што нехта падкапаецца пад склад і будзе такім хітрым спосабам красці наша арцельнае дабро...
— Вы хочаце сказаць, што добра выконвалі абавязкі брыгадзіра, кантралявалі работу вартаўніка, таксама падсуднага Макарэвіча? — суддзя ажно заёрзаў на табурэтцы, нібы яму хто іголак туды панатыкаў.
— Людзі — сведкі, — ціха сказаў Іван, краем вока акінуўшы залу, і затым гэтак жа цвёрда дадаў. — Калякціў знае лепш за мяне, як працаваў, што рабіў. Я стараўся. Нікому зла не чыніў. Во яны, людзі — хай скажуць.
— Ды што там казаць: адна з лепшых шостая, яго брыгада, — выгукнуў, не вытрымаўшы, Мікола Аўдзейчык. — Не вінаватыя яны...
— Аге ж, людцы, ці ж правільна судом браць невінаватых, — прамовіла і Надзя Салавейчык, жонка старшыні сельсавета. На яе ў гэты момант злосна зыркнуў сам Салавейчык, і яна адразу аціхла, апусціла вочы.
— Тых злыдняў лепш лавіце, а яны чэсныя.
— Ну, рассмяшылі народ! Дзед Алесь — вораг народа.
— Не па закону, не тых судзіце.
— І проса, намі сабранае, каб іх не судзілі, даўно колосіцца, а іх усё роўна судзяць. Ці ж справядліва? Гэта так па савецкім законе?
Шум і гвалт распачаўся ў клубе. Як бы нешта прарвала ў людской свядомасці: незадаволенасць загарэлася ў іхніх вачах з-за таго, што маўчалі дагэтуль, дапусцілі, што такое тут адбываецца сёння. Ды такога зусім не павінна быць, і тых, каго трымаюць пад арыштам, народ жа ведае: добрыя і паважаныя, працавітыя людзі.
Суддзя ажно ўскочыў, яго твар пакрыўся буйнымі кроплямі поту, ён пачаў стукаць алоўкам па графіне, але калгаснікі не сціхалі. Іх таксама стараліся супакоіць сакратар парткама Верабей і старшыня сельсавета Салавейчык, ды дарэмна. Але ж як пачаўся гвалт, так і завяршыўся, калі людзі, што стаялі ля парога, расступіліся, і ўсе ўбачылі там першага сакратара райкама партыі Нікіценку, і таго, каго не спадзяваліся сёння сустрэць — маладога Адамчыка.
Яны прабіраліся праз жывую сцяну да сцэны, а жанкі ўзрадавана ківалі галовамі, не зводзячы вачэй з Ігната, перагаворваліся:
— Ігнатка, наш саколік, ой добра ж, што паправіўся...
— Гэта ж, старшыня наш тута. Не дасць у крыўду сваіх...
— Бледны, бледны зусім глядзі, наш Адамчык...
— Нічога, Верка ў яго што трэба баба, дагледзіць, паправіцца хутка дома...
З надзеяй на прыйшоўшых глядзелі арыштаваныя. Адамчык і Нікіценка па чарзе прывіталіся з людзьмі, і сакратар райкама перадаў нейкія паперы пракурору. Той толькі прабег па іх вачыма, устаў і сказаў:
— У справе паявіліся новыя абставіны. Прашу суд аб’явіць перапынак.
Незадаволены суддзя вымушаны быў пагадзіцца, хутка пакінуў сцэну, а за ім следам падаліся пракурор і следчы.
Ігнат адразу прывітаўся за руку з падсуднымі, і ў вачах тых загарэўся агеньчык надзеі, што ўсё будзе па справядлівасці.
А Адамчык ужо шукаў вачыма ў зале сваіх. Заўважыў: яго Верка і маці плакалі ад шчасця, убачыўшы сына і мужа, расчуліўся і стары бацька. Ігнат усміхнуўся і падміргнуў сваім родным, маўляў, усё са мной добра.
Нікіценка тым часам скарыстаў момант і звярнуўся да вяскоўцаў.
— Дарагія таварышы, члены арцелі, а правільней цяпер трэба казаць, калгаса «2-я пяцігодка»! Канешне, кепска, што мы ў такіх абставінах сустракаемся зноў, але ж так здарылася. Хто мяне не памятае, нагадаю: Андрэй Мікалаевіч Нікіценка, першы сакратар райкама партыі. Я, і гэта праўда, раней часта бываў у вас, толькі ад сёлетняй зімы неяк вось не выпала.
— Ведаем вас, а як жа, таварыш Нікіценка, — падаў голас з першага раду адзін са старэйшых жыхароў Бечына, яму ўжо на дзявяты дзясятак павярнула, былы хутаранец Паўлюк Буякевіч.
— Добра, што ведаеце. Дык вось што я вам, людзі добрыя, скажу. Сёлетняя вясна, канешне, вам падкінула клопату. Канешне, усім вам было нялёгка, асабліва выконваючаму абавязкі старшыні калгаса Ігнату Сцяпанавіву Адамчыку. Шчыра скажу, я асабіста перажываў, ці зможа гэты малады яшчэ чалавек вытрымаць, арганізаваць людзей, ды разам з імі адолець гэтую стыхію, граматна спрацаваць і адсеяцца. Думаў — збяжыць! Але ж ён змог, і вы разам з ім справіліся з непагаддзю, нават у перадавікі выйшлі. Праўда, тут яшчэ гэты крадзеж, які ўчынілі ворагі нашай улады і якія хацелі забіць Ігната Сцяпанавіча... Шмат што сапсавалі ў вашым калектыўным жыцці. Але нічога, усё ў вас наладзіцца.
Нікіценка падміргнуў Ігнату, які сядзеў на краі лавы, там дзе пад аховай знаходзіліся падсудныя, і ўважліва слухаў партыйнага кіраўніка.
— А вось пра гэтых людзей, якіх сёння тут судзяць, хачу сказаць наступнае. Права вырашаць — вінаватыя яны ці не — дадзена не мне з вамі, а толькі суду. Я ж магу выказаць сваю думку як бальшавік. Тое, што вы падтрымалі, паверылі свайму кіраўніку, праявілі сапраўдны калектывізм, сабралі проса і не сарвалі сяўбу, гаворыць пра многае. Так, таварышы бечынцы, вас нельга не паважаць, бо вы сёння — калектыў людзей, які хоча, можа, умее і будзе, я ўпэўнены ў гэтым, працаваць у новых сацыялістычных умовах, і паказваеце ўсяму народу, што мы ідзём правільным шляхам. Агульнымі намаганнямі абавязкова яшчэ зробіце ўсё дзеля таго, каб і «2-я пяцігодка», і наш раён, а з ім і рэспубліка, Савецкі Саюз паспяхова ішлі да агульнай светлай мэты: новага грамадства роўнасці і справядлівасці...
Людзі сталі пляскаць Нікіценку, ён толькі на гэта ўсміхнуўся, і рукой паказаў, што яшчэ не закончыў.
— Але, таварышы, ёсць яшчэ варожыя элементы і іх хаўруснікі, якія нам перашкаджаюць. Ужо даказана: да смерці таварыша Мірончыка, і да падпалу канюшні вашага калгаса, і да ранення таварыша Адамчыка мае адносіны банда на чале з недачалавекам, сапраўдным зверам Зміцерам Аскеркам. Адкуль такія, як ён, бяруцца? Ды вырас ён тут, на вашай зямлі, і вырасціла яго не ваўчыца, а, зразумела, маці. Але ў сям’і, відавочна, не без вырадка. Міліцыя пакуль не напала на іх след, думаем, часова бандыты скрыліся на тэрыторыі іншых раёнаў. Але іх дарога кароткая: Аскерка аб’яўлены ў вышук на тэрыторыі не толькі БССР, але і ўсёй нашай вялікай краіны. А ад вас, калгаснікаў, патрабуецца адно: быць пільнымі, берагчы калгасную маёмасць як зрэнку вока. І паведамляць, куды трэба, калі часам будуць нейкія праявы гэтых бандытаў.
І вось яшчэ адно: нядаўна пайшоў з жыцця таварыш Чэркас, вопытны бальшавік і гаспадарнік. Памяць пра яго застанецца ў нашых сэрцах. Але ж жыццё працягваецца, і «2-й пяцігодцы» патрэбны новы кіраўнік. Райкам партыі і райвыканкам рэкамендуе вам выбраць старшынёй праўлення чалавека, які на справе даказаў вернасць нашым савецкім ідэалам, паказаў сябе як здольны арганізатар. Я кажу пра прысутнага тут Ігната Адамчыка. Урачы падлячылі яго, тыдзень адпачне дома, і на працу, таварыш Адамчык. Будзем лічыць, што сёння ў вас адначасова і выбарны сход, тым больш што і праўленне, і ўсё мясцовае начальства тут у поўным складзе. Думаю, можам прагаласаваць, калі не будзе іншых прапаноў.
— Не, не будзе. Мы за Ігната Адамчыка! — выкрыкнуў з глыбіні клуба нехта з мужчын.
— Тады прашу прагаласаваць, — Нікіценка застаўся задаволены, пабачыўшы, што калгаснікі ўсе да аднаго паднялі рукі.
— Што ж, Ігнат Сцяпанавіч, нялёгкі ў вас лёс, давер людзей трэба будзе апраўдваць кожны дзень. Поспеху табе! — Першы сакратар моцна паціснуў выбранаму старшыні калгаса руку. А Ігнат Адамчык выглядаў разгубленым.
... Суд, які працягнуўся пасля выступлення Нікіценкі і выбрання новага старшыні калгаса, доўжыўся яшчэ з паўгадзіны. А пасля ўспацелы суддзя стаў агучваць прыгавор.
— ...Прызнаць віноўнымі ў стварэнні ўмоў для крадзяжу калгаснай маёмасці брыгадзіра шостай брыгады калгаса «2-я пяцігодка» Івана Асіпенку і вартаўніка брыгады Аляксандра Спірыдовіча. Аднак, улічыўшы добрыя характарыстыкі вышэйназваных членаў калгаса, адсутнасць ранейшых прававых парушэнняў і старанную працу да часовага пазбаўлення волі ў сувязі са справай аб крадзяжы калгаснай маёмасці, а таксама аднагалоснае хадайніцтва ўсіх членаў калгаса і яго праўлення, мясцовых партыйных і савецкіх органаў, улічыўшы, што ў поўным памеры гаспадарцы пакрыты страты, апрыходавана ад калгаснікаў на карысць калгаса 412 кілаграмаў проса, на што маецца адпаведная даведка за подпісам намесніка старшыні калгаса Ігната Адамчыка і рахункавода Васіля Касабуцкага, суд вырашыў: вызваліць Івана Асіпенку і Аляксандра Макарэвіча ад судовай адказнасці і з-пад варты ў зале суда...
Развітваючыся, Андрэй Коршак усміхнуўся старшыні калгаса:
— Не ведаю, якім чынам, але тваім мужыкам выпала жыць: скарга да самога, — ён вачыма паказаў на партрэт Сталіна, што вісеў у самым цэнтры сцэны, — неяк дайшла. У Мазыры не ўяўляеш які перапалох з-за гэтага вашага пісьма Сталіну, іначай па дзясятцы было б тваім.
Збялелы Ігнат Адамчык быў узрушаны пачутым.
Абпаленае неба
Частка трэцяя
1
Ігнат ажно ўспацеў, пакуль паставіў апошнюю кропку, апісваючы вынікі працы калгаса за апошні, 1940 год. Цяпер з палёгкай уздыхнуў: калі саб’ецца раптам заўтра, то перад вачыма будуць усе лічбы, і проста прачытае тое, што напісаў гэтай бяссоннай і душнай ноччу. А ўвогуле людзі сталі жыць лепттт: у іх ужо ёсць хлеб і да хлеба...
Нікіценка, які прыязджаў у калгас яшчэ ў пачатку чэрвеня, застаўся задаволены ўбачаным, пахваліў старшыню:
— Ну, вось, скажы мне, неразумнаму гарадскому чалавеку: чаму ты можаш у час і пасеяць, і ўбраць, а суседзі — не? — І не чакаючы адказу, працягваў: — Не памыліўся райкам у табе, Ігнат Сцяпанавіч. Гэта добра. Дык каб быў гатовы: паднімуць, абавязкова паднімуць цябе, рыхтуй справаздачу. Я сваё ж слова таксама скажу: не лайдачыце. На 22 чэрвеня прызначаны сход раённага актыву.
— А што за патрэба такая? — здзівіўся Адамчык.
— Звычайная справа: плануем абмеркаваць гаспадарчыя пытанні, звязаныя з заканчэннем вясенніх палявых работ і падрыхтоўку да ўборкі ўраджаю. Ну, трэба ж бачыць, як хто адносіцца да працы. Вось цябе і паставім у прыклад, каб астатнія падцягваліся.
І ён паехаў, пакінуўшы разгубленага старшыню калгаса, які ні за што не мог больш сёння ўзяцца. Хвалявала пачутае: не для пахвалы ж ён чыёйсьці робіць, а каб жылося ім, бечынцам, лепей, чым у старыя часы. І з партыяй, можа, не трэба было асабліва спяшацца?
Бяззорная і ўдушлівая ноч рашуча саступала свае правы дню, калі Ігнат, нарэшце, патушыў лямпу. Ён расчыніў дзверы і ціхенька прабраўся ў чыстую палову. Тут, за шырмай спалі падрослы Ванька і шчабятуха Нінка. Паўтарагадовы Васілёк смачна пасопваў побач з іх з Веркай ложкам, у самаробнай калысцы-чатырохножцы: некалі яе, глыбокую і шырокую, ён разам з бацькам зладавалі яшчэ на хутары для іх першынца. І вось трэцяе дзіця Адамчыкаў гадуецца ў ёй.
Ігнат нахіліўся і пацалаваў у вільготны лобік сына. Ён не хаваў ад жонкі — зрабіла яго самым шчаслівым бацькам на зямлі, які гадуе свайго кроўнага сына. Так, і Ваньку Ігнат любіў, як сваё дзіця, але ж часам аднекуль з глыбіні яго памяці выплывалі думкі-згадкі пра сапраўднага бацьку хлопчыка. Часам Ігнат баяўся, каб хто чужы не сказаў, што вось хлопец зусім не падобны на яго, і тады раскрыецца ўся праўда, што не сваё дзіця гадуе ў хаце, а сябравага сына. Хаця ж гэта нічога не зменіць, ён ад Ванькі не адцураецца нізашто, бо, як думалася яму раней, да нараджэння Васілька, свайго сына яму Верка наўрад ці народзіць. І вось неспадзяваная радасць, яго Верка падаравала яму яшчэ адно шчасце — сына.
Яшчэ тады, калі яна вучылася ў МТС і ўпершыню прызналася мужу аб цяжарнасці, ён быў упэўнены, каго яна носіць пад сваім сэрцам. Жонка смяялася з яго ўпэўненасці, казала, каб не надта так спадзяваўся, і няблага было б, калі б з’явілася на свет яшчэ адна дзяўчынка-памочніца. Аднак ён і слухаць не хацеў. Ігнат верыў: у яго будзе ўласны сын, якога з такім трапяткім хваляваннем чакаў яшчэ той, першай іх зімой, калі яго мары, права на хуткае бацькоўства, былі знянацку парушаны. Нават праз гэтулькі гадоў, ён да дробязяў памятаў пачутае ў адрыне на хутары яго бацькі, як ён, прыехаўшы з Бечына, складваў збрую i душыўся горкімі, пякучымі слязьмі. Наноў перажывалася тое, мінулае: здавалася, ён зараз чуў размову за сцяной Веркі і Рыгора, іх збалелыя словы і прызнанні.
«Якая ты стала, Верка... Я шукаў цябе на хутары. Думаў: дзе яна, мая Верка? А ты тут. Што ты тут робіш, Верка? Зараз адпачну, і пойдзем, пойдзем дадому, праўда?» Рыгораў голас дрыжаў, зрываўся, пераходзіў на шэпт: «Пайшлі дадому, Верка... Цяпер я дайду, цяпер я буду жыць!..»
Ігната захапіла перажыванне: гэта ж перад якім выбарам стаяла яго Верка, што ў яе тварылася на душы, хто даў ёй сілы сказаць праўду, вырваць з сябе яе: «Замужам я... З Ігнатам жыву. Позна нам, Рыгорка...»
Нібы толькі што тое было, ён чуў, як яна плакала, сутаргава, натужліва. І вось ён, Рыгор, падалося, разгубіўся, не чакаючы такога страшнага для яго адказу, а потым сказаў ціха, разважліва: «Як ты магла... не дачакацца? Хаця — усё правільна. Жывому жывое, мне няма ў чым цябе папракнуць... Я не віню цябе, сам вінаваты ва ўсім. I няма таму мне долі на зямлі...»
Вочы Ігната памакрэлі ад слёз, калі глыбокая ноч нагадала просьбу сябра, каб Верка пацалавала таго на развітанне. Уявіў, як Рыгор агарнуў яе, Ігнатаву каханую, сваімі рукамі. «Што ж, сваю дарогу не мінеш. Бачыш... Жывіце шчасліва. Забудзь мяне — як не было. Нічога не было. Лепей яно так будзе... Мо і я ў дурным свеце дзе зачаплюся... Ідзі...»
І вось, вось зараз Верка скажа тыя словы, самыя важныя, магчыма, для Рыгора, бо старалася падтрымаць, выратаваць ім абодвум дарагога чалавека ад чагосьці страшнага, наканаванага: «Рыгор... Было, Рыгор. Усё было. I будзе ў памяці. Грубая я ад тае нашай ночы. Што не вернеш... Але з другім я. Позна, я не магу... »
Ён не ведаў, ці спынілі яе словы Рыгора, ягонага сябра, ці толькі глыбока паранілі яго, але толькі зараз на поўную моц зразумеў, чаго каштавалі Рыгору гэтыя не проста словы, а наказ: «Нарадзі сына, Верка... Іванам назаві. Перад бацькам я вінаваты. Хаця яшчэ невядома — хто больш перад кім... Там, на Бярэзным, за поплавам чатыры сасны... Адна, усярэдзіне, асобна стаіць. Там, скажы Ігнату, — золата. Сёння закапаў. Сыну будзе — ад мяне...
Ігнат стаяў над сваім родным сынам, які пасопваў у калысцы, і не саромеўся слёз, якія выкочваліся і выкочваліся з вачэй. І разам з тым ён успамінаў сваю апошнюю сустрэчу з Рыгорам, які баяўся за Верку, за яго і яе сына. Верка ж ужо была Ігнатавай жонкай, а іх сын — нібыта Ігнатавым сынам.
Тады Ігнат сказаў яму шчыра:
— Я ведаю, Рыгор, усё... ведаю. Нават Верка не здагадваецца пра гэта. І што дзіця — ад цябе. Я быў у адрыне, калі тады вы гаварылі з ёй за сцяной. Але ж — не руш. Так атрымалася, я кахаю яе, Рыгор. Гэта не тваё шчасце... Верка сама так вырашыла. А табе сыходзіць трэба. Калі што — памагу, але, даруй, толькі сёння, заўтра я сам заяўлю, што ты быў. У нас Васілёк, Зінкі, Верчынай сястры-нябожчыцы, сын. Калі цябе не знойдуць — яго забяруць. Мірончык і міліцыянер з раёна цябе шукаюць. У сельсавеце начуюць...
Ён памятаў, як тады горка ўсміхнуўся Рыгор, спытаў пра Грабаўцы, ці не яны выдалі, што сельсавет у яго хаце цяпер, а пасля выняў з-за пазухі невялікі скрутак і паклаў на воз.
— Што гэта? — здзіўлена спытаў Ігнат.
— Сыну. Золата. Не ўкраў — не думай благога. Бацькава. Хаваў. Верка ведала дзе. Але, мабыць, не было ей патрэбы. Вось выкапаў сам... Можа, спатрэбіцца. Я не крыўдую, Ігнат, што так атрымалася. Ты — мой сябар, быў і будзеш. А Верку — што зробіш — кахаў і кахаю. Каб не бацька — ажаніўся б. Так бывае. Ні яе, ні цябе не віню. Жывіце. Я сваё, мабыць, аджыў. І не крыўдуйце на мяне. Сына гадуй, як свайго. Ты мне, як брат. Ён і так твой. Будуць у вас яшчэ і свае дзеці. А за Зінчынага малога — не хвалюйцеся. Ён застанецца з вамі.
Ігнат зноў са шкадаваннем падумаў пра свайго сябра: можа, цябе, дружа, ужо і на свеце няма?
Цяжка ўздыхнуўшы, ён ціха лёг побач з жонкай, каб не пабудзіць яе. А засынаючы, згадаў пра тое золата, якое яму перадаў Рыгор. Выходзіла, зусім забыўся пра той яго «падаруначак». Аддаў тады ўсё Верцы, як яна акрыяла пасля родаў, і за гэтыя гады нават не пацікавіўся: выкінула альбо схавала дзе тое няшчаснае расевіцкае багацце? Ён проста забыўся пра яго. А жонка — разумная жанчына, ведае, што за цяперашнім часам яно нікому не дапаможа. Хіба скарыстаеш той напамінак пра сябра без пагрозы для ўласнага жыцця?
2
У гарпасялковым Доме сацыялістычнай культуры ўжо з раніцы было надзвычай душна. Ігнат Адамчык сядзеў побач з Прохарам Купрацэвічам, мужчыны ціха перамаўляліся паміж сабой. Той надоечы атрымаў вымову райвыканкама за зрыў пачатку сенакосу і быў не ў гуморы. Ігнат не кранаў балючай для суседа тэмы, але распытаў пра будаўніцтва новай фермы, якую той восьвось збіраўся распачаць, цікавіўся, колькі ўсё гэта будзе каштаваць суседзям. Праўда, слухаў пуханцоўскага старшыню не надта ўважліва.
Сход, які быў назначаны на 8.30 гадзін раніцы, чамусьці ў аб’яўлены час не пачаўся. Адамчыка здзівіла яшчэ адна акалічнасць. Звычайна Нікіценка раней за іншых, за паўгадзіны да назначанага часу, прыходзіў сюды, і з кожным кіраўніком стараўся пагутарыць асабіста. Сёння гэтую традыцыю ён парушыў — чамусьці першага сакратара райкама не было зусім. Адамчыка непакоіла, як пройдзе абяцаная сустрэча пасля сходу. Ён хацеў прасіць Нікіценку не спяшацца, і, калі магчыма, перанесці гэтую справу надалей, тым больш што і Вераб’я, сакратара парткама, нечакана выклікалі на курсы ў вобласць. Аднак цяпер выходзіла так, што сустрэча ўвогуле адменіцца, і Ігнат гэтаму быў рады: ён пакуль не гатовы да гэтага адказнага кроку — уступіць у партыю.
Нарэшце, крыху са спазненнем, сход адкрыў другі сакратар райкама партыі Іван Чарняўскі. Каржакаваты, невысокі, ён спачатку ціхім, крыху сіплаватым голасам паведаміў, што першы сакратар райкама партыі накіраваны ў Мазыр на ваенныя зборы, а ад яго імя абавязкова ён пазней агучыць важныя заўвагі таварыша Нікіценкі. Аднак толькі Чарняўскі распачаў абвестку дня сходу, як шырока расчыніліся дзверы, і ў залу рашуча ўвайшлі двое.
Аднаго з іх Адамчык не ведаў. Гэта быў высокі вусаты пагранічнік, афіцэр. А побач з незнаёмцам пазнаў Андрэя Коршака, які накіраваўся акурат да стала прэзідыума і нешта паведаміў Чарняўскаму.
Нават адсюль, з глыбіні залы, было бачна, як другі сакратар знянацку пачырванеў. Выслухаўшы Коршака, ён насоўкай выцер з ілба пот. Затым, з хвіліну памаўчаўшы, дрыжачым голасам прамовіў:
— Таварышы! Вымушаны сход раённага актыву спыніць. Слова мае новы начальнік раённай міліцыі капітан Коршак...
Пагранічнік тым часам сеў побач з Чарняўскім і нешта заклапочана казаў другому сакратару. У зале ўсталявалася напружаная цішыня, нечаканая адмена сходу здзівіла людзей. Яны спачатку зашумелі, але праз імгненне сціхлі: што ж такое важнае скажа новы начальнік міліцыі?
А Коршак, адчувалася, моцна хваляваўся, ад напружанасці нервова торгаўся яго падбародак. Нарэшце, акінуўшы вачыма залу, гучна паведаміў:
— Таварышы члены актыву раёна. Толькі што стала вядома, што фашысцкая Германія, парушыўшы мірныя дагаворы з Савецкім Саюзам, напала на нашу краіну. Вайна, таварышы.
Гэтае паведамленне ашаламіла ўсіх...
І зараз, калі Ігнат дабіраўся дадому, з яго галавы не выходзіла: як такое можа быць? Як немец пасмеў парушыць савецкую мяжу?
Ігнат зноў і зноў згадваў тое, што адбывалася і пра што гаварылі яшчэ з гадзіну таму ў Міткавічах. Начальства было разгубленым, аб’явілі перапынак. Чакалі раённага ваеннага камісара і Нікіценку, якія павінны былі хутка вярнуцца з Мазыра: яны маглі ведаць дакладна, што рабіць. Але тых не было.
Нечакана слова папрасіў стары бальшавік, загадчык аддзела сацыяльнага забеспячэння Антон Берасцецкі.
— Таварышы, дазвольце мне сказаць... Канешне, гэтая вайна — ганьба для фашысцкай Германіі, але нам няпроста будзе вярнуць ворага назад, у яго логава, — пачаў ён. — Я быў радавым салдатам царскай арміі, удзельнічаў у грамадзянскай вайне, і таму ведаю, што кажу. Нам, каб супрацьстаяць агрэсару, трэба ўспомніць вопыт той вайны.
— Што вы маеце на ўвазе, Антон Пятровіч? — здзіўлена прамовіў усхваляваны Чарняўскі.
— Я ўпэўнены, што на барацьбу з ворагам уздымецца ўвесь народ. Але ўжо зараз мы не павінны чакаць, трэба арганізаваць у раёне спецыяльны атрад і накіраваць яго на фронт. Такія атрады самаабароны трэба неадкладна стварыць сёння ж у кожным калгасе, у кожным сельсавеце. Вось што я маю на ўвазе, — закончыў Берасцецкі сваё выступленне.
— Не будзем пакуль спяшацца, таварышы. Прапанова паважанага намі Антона Пятровіча слушная, і гэта, мабыць, трэба зрабіць. Але толькі тады, калі будзе прынята адпаведнае рашэнне і раён перавядуць на ваеннае становішча. А пакуль мы не маем адпаведных распараджэнняў, прымаць ніякіх паспешных рашэнняў не трэба. Хутка сітуацыя праясніцца, перакананы, што нашы абаронцы выганяюць ужо фашыстаў за межы нашага вялікага Савецкага Саюза, — раптам вельмі бадзёра прамовіў другі сакратар.
А далей Чарняўскі прапанаваў усім вярнуцца ў свае гаспадаркі і расказаць людзям аб тым, што здарылася. Кіраўнікам загадалі, каб днём і ноччу нехта быў ля тэлефона, пасля ім перададуць патрэбныя рэкамендацыі. Людзі разыходзіліся са сходу з цяжкім настроем, нават не развітваліся...
Надвор’е было сонечным, стаяў гарачы летні дзень, калі старшыня калгаса «2-я пяцігодка» вярнуўся ў Бечын. Ён разумеў, што трэба рыхтавацца да горшага. Але як, з чаго пачаць, як увогуле сказаць людзям пра страшную навіну? Быў бы побач Верабей, той хоць патрымаў у грамадзянскую вайну стрэльбу ў руках, не тое што ён, Адамчык, пораху ніколі не нюхаў. А Салавейчык — хіба яму дарадчык? Вось і сёння на сход у раён чамусьці не паехаў, праз жонку наказаў раніцай, што раптам захварэў. Увогуле, нібы хаваецца ад яго, на вочы не паказваецца апошнім часам. Але чаму? Аднак у сельсавеце ён, Салавейчык, улада, а ўсе члены праўлення былі на сенакосе. Выйсця не было, Ігнат сказаў возчыку ехаць на канюшню, а сам застаўся ў канторы.
Там быў толькі рахункавод Касабуцкі, мужчына на многа старэйшы за яго, Ігната. Спытаў у таго:
— Дзядзько Ілля, ніхто не званіў з раёна, пакуль я ехаў дадому?
— Не, Ігнат, ціха было.
— А радыё што, маўчыць?
— Ды ліха яго разбярэ — з раніцы трохі нібыта сіпела, а потым зусім змоўкла.
Касабуцкі адказваў і адначасова лоўка адбіваў костачкамі на лічыльніках, а потым акуратна запісваў атрыманы вынік у ведамасць. І толькі цяпер, скончыўшы, узняўшы на лоб свае круглыя акуляры, уставіўся на старшыню:
— А што, Сцяпанавіч, здарылася? Нешта рана вы вярнуліся.
Ігнат, не рашаючыся сказаць рахункаводу праўду, прамовіў:
— Дзядзька, нікуды з канторы не адыходзьце. Чакаю важнага званка. З райкама партыі. Калі што, я тут недалёка. Да Салавейчыка схаджу. І назад. Я хутка.
Але не паспеў Ігнат адысці ад канторы, як з яе выбег рахункавод:
— Сцяпанавіч, чуеш, радыё загаварыла. Наркам замежных спраў Молатаў будзе гаварыць, сказалі...
...Хата Івана Салавейчыка стаяла недалёка ад канторы. Вуліца была пустой, а сонца ўсё больш прыпякала, дыхаць не было чым, з-пад ног курэў пыл. Але Ігнат на гэта не зважаў, цяжкія думкі не пакідалі яго. Дайшоўшы да хаты старшыні сельсавета, спыніўся, хаваючыся ад спякопы пад старымі слівамі.
Акно ў хаце Салавейчыка было расчынена, значыць, гаспадар быў дома. У двор аднак не зайшоў, паклікаў яго з вуліцы:
— Іван, ты дома?
— Хто ета там? — пачулася з хаты, затым у акне з’явілася галава Салавейчыка.
— Адамчык, хто... Выходзь, размова ёсцека... — Ігнат сеў на лаўку перад веснічкамі і стаў чакаць старшыню сельсавета.
З хаты пачулася крыху незадаволенае і адначасова здзіўленае:
— А што гэта ты так рана вярнуўся? На цэлы ж дзень нібыта звалі...
— Давай, кажу, хутчэй сюды. Важнае тут дзела... — Адамчык выцер узмакрэлы лоб і цяжка ўздыхнуў. Але калі ўбачыў жоўта-сінія разводы пад вокам Салавейчыка, ажно затросся ад смеху, не маючы сіл спыніцца.
— Чаго скалішся? Паглядзеў бы я на цябе, калі б... — злосна буркнуў Салавейчык, плюхнуўся побач на лаўку і адвярнуўся ад Ігната. А той ніяк не мог супакоіцца.
— І хто ж гэта пасмеў... нашай уладзе такіх фенціляў навешаць? Няўжо жонка?
— Але ж, табе б такую дурную бабу, як мая. Разумнік знайшоўся, рагоча тут. А мне знаеш, як крыўдна? Ну, не хадзіў я да той Евы, каб ёй ліха...
— Так і не хадзіў, таварыш Салавейчык? — пасур’ёзнеў Ігнат. — А я ж то думаю, чаго Макарэвічава дачка пакруглела? Дык ты, мабыць, у тым яе шчасці віноўнік...
— Каб на цябе ліха! Такое ж прыдумаў. Я па бабах завязаў, будзеш хадзіць, калі Нікіценка так наехаў, што гразіцца з партыі выгнаць. Каб у Бога верыў, то перахрысціўся б, што не я там... — Іван ледзьве не плакаў.
— А твая Надзя — ох, яшчэ тая мастачка! Гэтак размалявала, рознымі фарбамі. Баба-гром! — зноў засмяяўся Адамчык, пераканаўшыся, што старшыня сельсавета не схлусіў яму. — Такой раўнівіцы яшчэ пашукаць трэба.
— Паскуда гэтакая... Каб не партыйны быў, то развёўся б. А дзеля чаго з ёй жыць? Бясплодная, і як трэска. Вунь твая Верка — то ж жанчына: і дзетак трое, і лепшая ў раёне трактарыстка. А мая, цьфу!.. А яшчэ просіцца: з брыгады на пошту перавядзі, ты ж улада. Ліха табе на задніцу, а не пошта!.. — злосны Салавейчык сплюнуў на зямлю. — І як цяпер мне з гэтым хараством на людзі выйсці, скажы ты мне, га?
— Ну, тут нікуды не дзенешся, ад людзей усё роўна не схаваешся. Ды ты не перажывай, усе ведаюць: яна за цябе любому горла перагрызе, толькі зачапі, — усміхнуўся Адамчык.
— Дурнаватая трохі, так, але не да яе, бачу. Кажы, недарэмна ж прыйшоў. Не пра Надзьку ж тары-бары чыніць. Нешта і праўда хутка вас адпусцілі, — Салавейчык уважліва паглядзеў на спахмурнелага Ігната.
— Бяда здарылася... — прамовіў той, цяжка падбіраючы патрэбныя словы.
— Дык што такое, Ігнат? — спалохана заміргаў Салавейчык.
— Бяда для ўсяго народа. Фашыст палез... Вайна. — Адамчык глядзеў на старшыню сельсавета і нібыта не бачыў яго, нібы заглядваў у будучыню.
— Маць тваю!.. Чула маё сэрца, што не будзе ладу з гэтым Гітлерам. Папёр-такі, паскуда! А мы туды, самыя багатыя — і масла, і хлеб везлі, выкармілі паскуд нямецкіх. Ну, нічога, нашы хутка за каўнер немца возьмуць, у нас самая моцная армія. Слухай, але ж у «Праўдзе» заява была, што проста правакацыя нібыта... — Салавейчык быў надта ўзбуджаны.
— Бачыў, чытаў. Не правакацыя. Гэта Сталін, мабыць, не верыў, а паведамілі ўжо, што бамбяць Брэст і Кіеў...
— Што сказалі ў раёне? — старшыня сельсавета ўскочыў на ногі, сутаргава захадзілі яго сківіцы.
— Сказалі, што трэба паведаміць людзям пра тое, што здарылася. І дзейнічаць, як будзе рэкамендавана. Трэба, каб людзі дзяжурылі ля тэлефона, з канторы не адлучацца. І ты дома не сядзі, ніхто не будзе з цябе смяяцца, не да тваіх разборак з жонкай, — ціха прамовіў Адамчык і ўстаў. — Вечарам будзем збіраць людзей. Вераб’я няма, таму нам трэба самім.
— Ясна. Хутка буду ў канторы, — толькі і знайшоў, што адказаць узрушаны Салавейчык.
3
Апоўдні ў райаддзеле міліцыі сабраліся ўсе супрацоўнікі. У памяшканні было душна, але вокны не раскрывалі: на вуліцы стаяла невыносная бязветраная спякота. Па радыё толькі што аб’явілі аб выступленні намесніка старшыні Савета народных камісараў Саюза СССР і народага камісара замежных спраў. Нарэшце, пачуўся голас Вячаслава Молатава, і ўсе лавілі кожнае яго слова.
Трансляцыя закончылася, радыёперадатчык змоўк. Збялелы, крыху разгублены начальнік міліцыі капітан Коршак звярнуўся да падначаленых:
— Таварышы! Кожны з вас зразумеў, што адбылося: сёння ў чатыры гадзіны раніцы нямецка-фашысцкая Германія сухапутнымі войскамі перайшла нашу дзяржаўную мяжу ад Балтыкі да Карпатаў. Авіяцыяй нанесла ўдары па многіх прыгранічных аэрадромах і ў глыбокім тыле па гарадах. Ідуць моцныя баі на прымежных тэрыторыях, — усхвалявана пачаў ён. — Нашы войскі, якія знаходзяцца на прыкрыцці мяжы, гераічна адбіваюць націск фашысцкіх войскаў. Абстаноўка вельмі складаная, у многім няясная. Мне даручана растлумачыць сур’ёзнасць надзвычайнай абстаноўкі ўсяму асабоваму саставу. У сувязі з тым, што аб’яўлена мабілізацыя, дзейнічаем па адпаведных планах. Як прадпісвае службовая інструкцыя, мной ускрыты сакрэтны пакет Наркама ўнутраных спраў БССР. Звяртаю вашу ўвагу на наступнае...
Коршак прыглушаным голасам зачытваў, хто накіроўваецца ў войска, а хто па «броні» пакінуты для аховы парадку ў раёне і таксама пераводзіцца на ваеннае становішча. Завяршыў ён сваё выступленне ўпэўненасцю, што на барацьбу з ворагам падымецца ўвесь савецкі народ, а яны, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, таксама зробяць усё для таго, каб перамога была хуткай і вораг быў знішчаны як мага хутчэй.
Калі ўсё было скончана, узрушаны Андрэй Коршак распусціў супрацоўнікаў і пайшоў у службовы кабінет.
Дзяжурны далажыў:
— Таварыш капітан, вас чакае жонка... І з Мазыра прасілі перазваніць.
— Добра, зараз жа звяжуся.
Заплаканая Жэнька стаяла ля акна і трымала на руках двухгадовую дачушку.
— Ну, што ты, каханая? Не трэба плакаць... — Коршак падышоў да жонкі, пацалаваў яе і сонную дзяўчынку. — Не трэба, дурненькая. Не пужай Святланку.
— Божа, Андруша, што ж гэта будзе? Няўжо фашысты дойдуць да нас? Што тут будзе? — у яе вачах стаялі слёзы і роспач. — Паглядзі ў акно...
На вуліцы перад будынкам райаддзела сабраліся жонкі міліцыянераў, многія былі з дзецьмі. Аказваецца, яны даўно ўжо стаялі пад таполямі, і праз фортку чулі выступленне Молатава. Жанчыны былі ўстрывожаныя, плакалі. Да іх падыходзілі мужы, супакойвалі і адпраўлялі дадому. Адна з жанчын — мабыць, ёй толькі што сказалі, што заўтра муж адправіцца на фронт, горка заплакала.
Коршак адвярнуўся і падышоў да стала.
— Жэнька... — пачаў ён, і разгубіўся, сустрэўшыся вачыма з жонкай. — Ты павінна супакоіцца...
— Як, скажы, гэта зрабіць? Ты ж таксама, мабыць, на фронт?
— Пакуль не. Але ў такіх абставінах, любая, прызнаюся табе шчыра, не ведаю, які лёс чакае мяне. На фронт мабілізаваны нашы лепшыя супрацоўнікі, мы не ведаем, ці хто выжыве. Толькі для мяне, каханая, зараз важна адно: як зберагчы вас, цябе і Светку. Думаю, што нашы сем’і будуць эвакуіраваць...
— Дык ты дапускаеш, што гэта можа быць? — Жэня спалохалася, і ў яе сініх вачах зноў нарадзіўся страх і выкаціліся слёзы.
— Я не выключаю гэтага, хаця спадзяюся на лепшае. Мы не чакалі гэтай вайны, разумееш. Дакладней, мы не думалі, што яна будзе гэтак хутка. А нечаканасць яна робіць сваё... — ён апраўдваўся перад жонкай, нібыта перад цэлым светам, разумеючы, што менавіта яна, яго Жэнька, і гэтае дзіцятка было гэтым светам, самым галоўным у яго жыцці.
— Ты хочаш нас адправіць адсюль? Нікуды не паеду! Чуеш! Я настаўніца, камсамолка, жонка міліцэйскага начальніка! Які прыклад падначаленым, Андруша? — Жэня села на табурэтку, пагладзіла дачушку па лбе і ўважліва глядзела на мужа.
— Ведаў пра тваю ўпартасць... — зазлаваўся Андрэй. — Як ты не зразумееш, калі фашысты прыйдуць сюды, яны найперш расправяцца з камуністамі і іх сем’ямі.
— Як і ты, я сірата. Акрамя цябе, у нас са Светкай нікога няма, чуеш. Ва ўсім белым свеце — нікога! І куды ты нас адправіш?.. — яна таксама зазлавалася, але цяпер гаварыла ціха і спакойна, каб не спалохаць соннае дзіця.
— Але і тут табе заставацца небяспечна. Адно хіба радуе: ты з другога раёна, мала хто тут пакуль ведае, толькі хіба ў школе. Лепш, канешне, каб ты паехала з усімі...
— Сказала табе, не паеду!
— Можа стацца так, што мяне пакінуць у тыле, хаця пакуль пра гэта гаварыць рана. У нас ёсць інакшае выйсце. Я зранку думаў пра гэта. І гутарыў з адным добрым чалавекам. Я давяраю яму. Мы накіруем цябе настаўніцай у Бечынскую школу. Гэта глухамань, але людзі там добрыя. Вось там дакладна цябе ніхто не ведае.
— Гэта дзе? За Чырвоным возерам, там, дзе балоты?
— Ну, не зусім глухамань, там добры калгас, падняўся за два апошнія гады. І таварыш у мяне там ёсць, старшыня, Ігнат Адамчык. Добры хлопец, амаль наш пагодак. Яго жонка — першая трактарыстка, у «Прымежным камунары», памятаеш, пра яе пісалі?
— А, дык гэта тая Верка Адамчык, што ўступіла ў саперніцтва са сваёй сяброўкай з пуханцоўскага калгаса і перамагла мінулай вясной... — успомніла Жэня.
— Ага. Яны добрыя людзі. У Ігната таксама бронь, як кіраўніка гаспадаркі. Яны цябе падтрымаюць. Нікому не скажуць, хто і адкуль. Дыплом у цябе на дзявочым прозвішчы — дык і будзеш Сямёнавай, а не Коршак. Пра мужа скажаш, калі чапляцца хто будзе: забралі ў войска перад вайной, чакала, што вернецца, а тут вайна... Можа, з Ігнатам прыдумаем, што ты нейкая іх даўняя радня, каб людзі хутчэй паверылі...
— Калі інакш ніяк, Андруша, то я буду збірацца.
— Збірайся, любая. І зразумей мяне: я сабе не належу.
— Ведаю ўсё, Андрэй. І не крыўдую. Зробім па-твойму...
Яны пацалаваліся, і Жэнька з дзіцём пайшла ў інтэрнат. Коршак глядзеў ім услед, і сэрца сціскалася ад любові і горкай роспачы, нібыта ўжо зараз павінен развітвацца з самымі дарагімі яму людзьмі на свеце.
Нечаканы званок з Мазыра перарваў яго думкі. На тым канцы дроту пацвердзілі ранейшыя ўказанні аб пераходзе на ваеннае становішча. Прыйшло распараджэнне падрыхтаваць да эвакуацыі сем’і супрацоўнікаў, а таксама тэрмінова вывезці сакрэтныя дакументы ў Мазыр і прыняць меры па знішчэнні ўсіх архіваў. Гэта пацвердзіла яго здагадкі: Чырвоная Армія адступае.
Коршак набраў нумар тэлефона дырэктара райпрамкамбіната Ігнаценкі, дамовіўся, што той прышле ў райаддзел міліцыі палутарку. Праз некалькі гадзін аўтамабіль з поўнасцю загружаным кузавам спыніўся перад качагаркай. Там толькі што спалілі архіў райвыканкама і райкама партыі, а цяпер пад непасрэдным кантролем начальніка міліцыі качагары кідалі ў полымя печы паперы, якія не павінны дастацца ворагу. Коршак назіраў за яркім полымем і нервова курыў. Міма яго прайшоў немалады качагар, які валок жоўтыя папкі. Адна з іх выпала якраз пад ногі капітану.
Качагар пайшоў, не звярнуўшы на гэта ўвагі, а ён яе падняў, прачытаў і не паверыў сабе: гэта была справа ворага народа Рыгора Расевіча, таго самага бечынскага хлопца, які двойчы ўцякаў ад яго і сам, на яго, Андрэя Коршака, шчасце, здаўся. І зараз, стоячы перад гарачай пашчай печы, начальнік міліцыі падумаў, што ўсё тут шыта белымі ніткамі, ні ў чым гэты малады хлапец, які атрымаў пятнаццаць гадоў без права перапіскі, з высылкай з тэрыторыі БССР, не вінаваты, бо ні людзям, ні дзяржаве злога не зрабіў, а проста хацеў жыць па-чалавечы на роднай зямлі. Няўклюдны зласлівы час і людзі зрабілі яго чужым на Палессі. Коршак нічога з гэтым зрабіць не мог і не можа, і ён, адкідваючы шкадаванне да таго бечынскага хлопца, злосна кінуў у полымя сведчанне яго віны.
Ніхто з жыхароў гарадскога пасёлка не звярнуў нават увагі, што па абедзе спякотнага чэрвеньскага дня і да позняй ночы з трубы качагаркі райпрамкамбіната валіць чорны густы дым. Усіх хвалявала адно — што чакае іх заўтра?
4
Прайшоў тыдзень людской трывогі і надзей, што вайна хутка скончыцца. Аднак супярэчлівыя весткі, якія прыходзілі ў Бечын, непакоілі палешукоў усё больш і больш.
Ігнат Адамчык вяртаўся гэтымі днямі дадому на змярканні. І сёння яго доўга не магла дачакацца Верка.
Дзеці даўно спалі, а яна, хоць і натамілася на сенакосе, ніяк не магла заснуць. Верка прыслухоўвалася да кожнага гуку, спадзеючыся, што, нарэшце, Ігнат прыйдзе дахаты. Штораніцы яна з жалем і спадзяваннем выпраўляла яго ў кантору, не ведаючы, калі ён вернецца. За дзецьмі днямі наглядала Агапка, і Верка, вярнуўшыся надвячоркам з сенажаці, пыталася ў свякрухі, ці быў Ігнат дома, ці абедаў? І вельмі перажывала, што ходзіць ён галодны, клопатаў у старшыні было шмат, ды амаль штодня — няблізкі свет — выклікалі ў раён.
Як толькі пачула, што муж пастукаў у акно, жанчына хуценька ўсхапілася і кінулася адкідваць засаўку на дзвярах. Раней Верка не баялася нікога, а цяпер нейкі неўсвядомлены страх пасяліўся ў яе сэрцы, і гэтая засаўка нібы абараняла яе ад няпрошанага, ад таго зла, якое хоць і віхурыла пакуль далёка ад іх вёскі, але здавалася ўжо зусім блізкім і страшным, несла пагрозу яе малым дзеткам.
— Ты, Ігнатка? — перапытала ў сенцах.
— Я, Вера... — адказаў з вуліцы Ігнат.
Яна адкінула засаўку і адчыніла дзверы мужу, якога зусім не было відаць у начной летняй цемрадзі.
— Вер, слухай сюды... Тут людзі. У нас заначуюць. Нінку возьмеш да сябе, а я за печчу на ложку лягу. І Ваньку да сябе забяру, — ціха прамовіў ён.
— Пераначуюць у нас? Хто ета? — здзівілася яна.
— Потым, Верка, усё потым...
Ігнат пайшоў некуды, а яна вярнулася ў хату, запаліла лямпу. Пачутае яе ўсхвалявала. Толькі паспела за печчу апрануць спадніцу і сукенку ды вярнуцца ў пярэднюю, як у хату ўвайшла маладзенькая прыгожая жанчына з дзіцём на руках. А за ёю парог пераступіў высокі мужчына ў форме. Ён нёс чамадан, а Ігнат, які ўвайшоў апошні, трымаў у руках невялікі клунак.
— Добры вечар... — прамовіла жанчына.
— Вечар вам добры, Вера... — таксама прывітаўся і чужы чалавек.
Толькі зараз, калі гаспадыня добра прыгледзелася, пазнала яго: так, гэта ж
той самы міліцыянер Коршак! Здаецца, Андрэем яго звалі. Бачыла яго неаднойчы. Апошні раз на судзе, на якім апраўдалі іх брыгадзіра і вартаўніка. Успомніла, як яшчэ, можа, месяц таму, Ігнат ёй паведаміў, што Коршак цяпер вялікі чалавек, начальнік міліцыі. Але ўсё гэта было малазначным для яе. Важным было хіба тое, а яна гэта хавала, як стрэмку ў сваім сэрцы, што ён, а не хто іншы, вышукваў і ў рэшце рэшт павёз на згубу яе былога каханага. І гэтага, як бы яна не хацела, не магла забыцца і дараваць яму, нават цяпер. Хоць і разумела, што, магчыма, ён добры чалавек. І Ігнат з ім, здаецца, пасябраваў, выходзіла, што Коршак ні ў чым перад ёй не вінаваты. Але. Толькі ж з якой нагоды міліцыянер і, мабыць, яго жонка і дзіця, сярод ночы прыйшлі ў іх хату?
— І вам таксама добры... — Вера разгубілася, але ў тую ж хвіліну саўладала са сваімі думкамі, і праявіла гасціннасць. — Што ж вы ета ў парозе? Праходзьце, праходзьце, сядайце...
— Дзякуй вам, Вера... — на запрашэнне першай адгукнулася жанчына з дзіцём. Яна, відаць, хацела нешта яшчэ сказаць, але яе апярэдзіў Ігнат:
— Верка, Нінку перакладзі да сябе ў ложак, а Яўгенія Паўлаўна...
— Калі ласка, завіце мяне проста Жэня, — усміхнулася Верцы жанчына па-свойску, нібы ведала яе даўно, а не ўпершыню пераступіла парог гэтай хаты.
— А Яўгенія... Жэня... там размесцяцца з маленькай... — паведаміў жонцы Ігнат. Ён аднёс у цёмны кут і паклаў на лаву клунак, а пасля падышоў да жонкі.
— Васілька я потым перанясу да сябе. Добра?
— Канешне, канешне, — пагадзілася Верка, і ціха сказала жанчыне: — Жэня, ідзіце са мною, а то дзіця разбудзіце...
Як толькі жанчыны пайшлі ў чыстую палову хаты ўладкоўвацца, Коршак паставіў ля лавы чамадан, і падышоў да Ігната, які крыху разгублены стаяў пасярод хаты.
— Разумееш, Ігнат, у мяне няма выхаду. Я проста не ведаю, куды іх адправіць. Для мяне, Ігнат, яны ўсё. Жэня, як і я, сірата. Раслі разам у дзіцячым доме. Пасля вось сустрэліся, пакахалі. Ды што я кажу... — голас Коршака задрыжаў, яму перахапіла дыханне. — Прымі яе. Я мала каму давяраю на гэтым свеце. А ты, не сумняваюся, не выдасі. Ды і Верка твая за жыццё шмат нацярпелася.
Ён памаўчаў. Ігнат не ведаў, што на гэта сказаць.
— Яна не Коршак, засталася на сваім дзявочым прозвішчы, так атрымалася, працавала настаўніцай. У школе, ведаю, у вас ёсць месцы, калі што. Толькі трэба прыдумаць версію, як яна ў вас апынулася, каб ні адна жывая душа не дазналася, хто яна на самай справе...
— А што тут думаць? Будзем лічыць яе жонкай майго малодшага брата Мікалая з Мазыра. Бечынцы ведаюць, што ён пазалетась ажаніўся з нейкай настаўніцай, узяў жонку з дзіцём, я так і сам не зразумеў — яго тое дзіцё ці не яго, але так атрымалася, што дагэтуль мы нават яе не бачылі. Абяцалі гэтым летам прыехаць, ды брата некуды на курсы адправілі, паведаміў бацькам. Людзям скажам, што адправіў жонку да нас пагасціць, а тут вайна. Захоча — у нас будзе жыць, захоча — на хутары ў бацькоў, каб хутчэй бечынцы паверылі... — прапанаваў Ігнат.
— А калі сапраўдная нявестка заявіцца? — засумняваўся Коршак.
— Наўрад. За два гады брат не прывёз яе нават пазнаёміцца. Бацькам, зразумела, праўду скажам. А Верка ўжо, бачу, Жэню прыняла.
— Я ўсё думаў, ці не памыляюся? Цяпер бачу, што не, — з удзячнасцю сказаў начальнік міліцыі, моцна паціснуў Ігнату руку. І паведаміў:
— А я заўтра на фронт, ледзьве згоду далі. Цяпер не ведаю, як Жэньцы сказаць. А можа, і не трэба нічога гаварыць, ціха сысці.
Навіна ашаламіла Адамчыка. Ён нават разгубіўся і не ведаў што адказаць.
— Тут, браце, нічога не параю. Думай сам. Але ж і я, мабыць, доўга не затрымаюся, хоць і беспартыйны...
— Затрымаешся. Можа, увогуле цябе не возьмуць, хоць ты і прызыўнога ўзросту. Не ведаю, які там далей будзе расклад, але зразумей, ты галавой адказваеш за дзяржаўныя пастаўкі, з вас шкуру здымуць. І другое, самае важнае...
Коршак замаўчаў на хвіліну, а потым дастаў са сваёй камандзірскай сумкі вялікі пакет. Перадаў яго Адачыку.
— Прывёз табе позвы з ваенкамата: усе здаровыя мужчыны 1905— 1918 гадоў нараджэння ў 8 гадзін раніцы 1 ліпеня павінны быць у ваенкамаце.
— Дык гэта фактычна ўсе мае калгаснікі, — цяжка ўздыхнуў Ігнат. — Эх, не чакаў я, што так павернецца ўсё, верыў, дадуць адпор нашы.
— Учора немцы захапілі Мінск. Ты павінен усё зразумець і зрабіць вывады. Не так проста. Мы пакуль адступаем. Веру, што часова. І сюды вораг не прыйдзе. Таму арганізоўвай працу без іх. У раёне застаецца Нікіценка. Ён па загадзе з вобласці стварае знішчальны батальён, у які ўвойдуць не прызваныя ў армію актывісты і прызнаныя нягоднымі да страявой службы, пагранічнікі і міліцыянеры, — сказаў начальнік міліцыі.
— А хутка ж жніво. Жыта ж якое стаіць, а проса... І ўсё сёлета паказвае на такі багаты ўраджай. А тут такое ліха — вайна... — ніяк не мог супакоіцца старшыня калгаса.
— Будзеце самі неяк спраўляцца, — адказаў міліцыянер і сумна ўсміхнуўся, устаў, паглядаючы на дзверы, напэўна, чакаў, калі выйдуць з пакоя жанчыны.
— Дык ты не заначуеш? — здзівіўся Ігнат.
— Хутка поўнач, а ў 6 гадзін мне быць на вакзале. Я не сабраўся, не хацеў казаць Жэньцы праўды.
— Андруша, ты... Ты... Я сама пра ўсё здагадалася...
Коршак азірнуўся і ўбачыў перад сабой заплаканую жонку.
— Даруй мне, каханая. Я не мог, — ён абняў яе, моцна тройчы пацалаваў. — Беражы Святланку, наша рыжае сонейка. Беражы сябе. Трымайцеся тут усе разам. Вера, прабачце, калі што, проста нам больш няма да каго звярнуцца. Муж вам усё растлумачыць.
І ён рашуча пайшоў з хаты.
Цяпер заплакала і Верка. Яна падышла да Жэні, абняла яе. Жанчыны, нібы родныя, плакалі разам.
Ігнат не мог трываць гэтых слёз і выйшаў з хаты.
5
Як прачнулася сонца і заняўся новы дзень, слёзы не мінулі ніводнай бечынскай хаты. Незайздросная місія была ў Ігната Адамчыка. Большасць бечынскіх хлопцаў прызыўнога ўзросту імкнулася на фронт. Старэйшыя мужчыны, якія добра разумелі сваю адказнасць перад сем’ямі, ставіліся да гэтага больш цвяроза: мабілізацыя давала льготы, але ж калі вораг прыйдзе сюды, што будзе з жонкамі, дзецьмі, з бацькамі. Ды, нават, калі не быць тут немцу, як яны будуць жыць?
Незадаволена сустрэла Ігната Адамчыка і жонка Салавейчыка:
— А цябе, Ігнат, выходзіць, пакідаюць на гаспадарцы, а мой — на фронт? Ты ж пагодак майго Івана. Ды і партыйны ён. Як жа так?
— Змоўч, Надзя! — прыкрыкнуў на яе старшыня сельсавета. — У цябе на шыі калгас? Ты мне траіх дзяцей нарадзіла, як яму Верка? Пражывеш. Не зважай, Ігнат.
Адамчык нават разгубіўся, пачуўшы гэта, хацеў нешта запярэчыць, але жанчына бразнула дзвярыма і вылецела на вуліцу. А Салавейчык горка ўсміхнуўся:
— Здаецца, і маладыя яшчэ, і каханне тое было. Ды не зажылося неяк. Няма ў нас з ёй таго шчасця, як у людзей. Хаця ж, што цяпер пра шчасце. Табе сельсавецкі скарб сёння перадаць?
— Сказана ў раёне: Вераб’ю.
Ігнат больш нічога не сказаў, узрушаны пайшоў далей — у кішэні яшчэ ляжала з дзясятак позваў. І ніхто з людзей не радаваўся яго прыходу. Шмат было і такіх, што з непрыхаванай нянавісцю глядзелі на старшыню калгаса, які ў хату нясе такую страшную паперу, але маўчалі.
Назаўтра з раёна прыехала пяць палутарак. А палове шостай раніцы ў цэнтры вёскі каля сельсавета на мітынг сабралася ўся вёска. Усе прыціхлі, калі слова на дарогу тым, хто ішоў на вайну, сказаў сакратар парт’ячэйкі Верабей, які толькі што вярнуўся з Мазыра:
— На абарону Краіны Саветаў паўстаў кожны калгаснік, які сумленна выканае свае абавязкі, ускладзеныя на яго партыяй і ўрадам у гэтыя гістарычныя дні. Землякі! Не дапусціце фашысцкіх вылюдкаў на родную зямлю! Ганіце іх прэч у сваё логава! А тут, у Бечыне, вашы родныя і блізкія будуць стаханаўскай працай на палях усяляк дапамагаць вам, і ўсім нашым слаўным лётчыкам, танкістам, чырванафлотцам, кавалерыстам, пехацінцам, каб хутчэй разграміць ворага.
Прагучала каманда «па машынах». Галасілі жанкі, праклінаючы Гітлера, на іх руках плакалі спалоханыя дзеці. Праз некалькі хвілін аўтамабілі вырульвалі з вёскі, пакідаючы пасля сябе сцяну горкага пылу. Не зважаючы на гэта, услед за імі доўга беглі жанчыны і дзеці. Тут, ля сельсавета, засталіся толькі нямоглыя старыя, якія абапіраліся на кійкі, і знямела пазіралі на машыны ды хрысцілі ўслед сваіх родных, спадзеючыся, што Бог верне іх назад жывымі і здаровымі.
6
Нікіценка злаваўся на Адамчыка, крычаў у трубку:
— Што значыць, не паспяваеце? Коней па плане перадалі? Трактар эмтээсаўцы забралі?
— Шостага ліпеня ўсё як трэба па акце перадалі. І коней. Яшчэ нават не вярнуліся гуртаўшчыкі. Учора на досвітку адправілі свіней. Ды іх у раёне ніхто не прымае, — таксама злосна ў адказ першаму сакратару даводзіў сваё старшыня калгаса.
Сувязь раптам перарвалася. Адамчык нецярпліва чакаў, калі яна адновіцца, аднак тэлефон маўчаў.
За сталом канторы сядзеў расчырванелы Верабей.
— Што чутна? — сказаў ён і заклапочана паглядзеў на Ігната.
— Зразумеў толькі, што на чыгунцы не да нас. Грузавыя аўтамабілі перададзены арміі. Заўтра трэба эвакуіраваць кароў, сваім ходам. Крычыць, шкуру здзярэ, калі хоць адна жывёліна прападзе — персанальная адказнасць на мне...
— Пра немцаў што?
— А нічога. Ні слова.
Верабей маўчаў. Думалі абодва пра адно і тое ж: што будзе з людзьмі, са старымі, жанчынамі, дзецьмі, калі немцы так хутка наступаюць і не сёння-заўтра будуць тут?
— Вазьму трох-чатырох старшакласнікаў і пагонім кароў. Толькі невядома пакуль куды: у Мазыр, ці на станцыю ў Калінкавічы?
— А з цялятамі — што думаеш?
— Зараз распараджуся: хай разбяруць даяркі па хатах. Яны не дойдуць і палову дарогі. Яшчэ за падзёж да сценкі паставяць...
— Мабыць, будзе правільна, Ігнат Сцяпанавіч, калі раздадзім цялят людзям, — пагадзіўся Верабей і сумна ўсміхнуўся.
Нарэшце, зноў запрацавала сувязь. Нікіценка цяпер гаварыў больш спакойна: паведаміў, што калгасных свіней пагрузілі ўжо ў вагоны, а бечынцаў, якія іх прыгналі на станцыю, адправілі дадому. Таварных вагонаў больш не будзе. Эвакуацыю кароў арганізаваць заўтра ж сваім ходам.
— Каля Петрыкава будуць аб’ядноўваць іх у большыя гурты. Перададзіце пад распіску ўпаўнаважаным ці вайскоўцам. Астатняе вырашайце самі.
Пакліч Вераб’я, — Нікіценка, адчувалася, быў вельмі стомлены, і цяпер гаварыў ціха.
Ігнат перадаў трубку сакратару парт’ячэйкі, і заўважыў, як той змяніўся ў твары, стаў бледны, нібы палатно. Нарэшце Верабей павесіў трубку і злосна мацюкнуўся.
— Што такое, Антон Сцяпанавіч? — не на жарт занепакоіўся Ігнат.
— Поскудзі. Ну, хіба ж гэта людзі? — Верабей застыў на месцы.
— Ды што там? — не адставаў Адамчык.
— З прызыўнога пункта драпанулі пяцёра. З нашага сельсавета...
— Бечынцы ёсць?
— Двое. Піліп і Цімох Аксёнавы. Во паскуды, — зазлаваўся той. — А бацька ж яшчэ памочнік брыгадзіра, ты хацеў у праўленне яго.
— Дык гэта ж бацька, не хлопцы, — спакойна адказаў Адамчык.
— Дрэва пазнаецца па пладах, — цвёрда прамовіў Верабей. — Калі заявяцца, трэба паведаміць у аддзел. Судзіць трэба гадаў.
— Хавацца будуць. Але ж шукай цяпер ветру ў полі.
— Усё жыццё не будзеш хавацца ад людзей. Што скажу, браце: час зараз будзе выпрабоўваць усіх, хто чым дыхае.
Ён памаўчаў, потым спытаў у Адамчыка:
— А чаго сам маўчыш? Кажуць, радня заявілася? Мікалай сваю жонку да вас выладзіў?
— Дапялася да нас, ага. За настаўніцу вывучылася. Ды дзіцё зусім малое на руках.
— Не ў добры час, але ж куды дзенешся, так? Брата ж прызвалі ў армію?
— Кажа: ужо 23 чэрвеня забралі. Ён жа ў пашпартным стале служыў. Паспеў жонку з дзіцём на таварняк пасадзіць. Хто-хто, а бацькі мае рады: нявестка ўсё ж.
— Мда... Хто ж ведаў, што такое здарыцца? Бяда. Але і тут, чуе маё сэрца, не цукар будзе. Лепш бы ў Расію ён яе выправіў. Жывёлу во вывозім туды, а невядома, што тут цяпер са сваімі людзьмі будзе.
Ён хацеў падзяліцца тым, пра што баяўся і думаць, але не стаў працягваць далей гэтую гутарку і раптам пачаў збірацца ў сельсавет.
— Паступіла распараджэнне тэрмінова ліквідаваць архіў парт’ячэйкі і сельсавета, найбольш важныя дакументы я ўжо адправіў у раён. Потым прынясу акт. Падпішаш. Партыйных жа ў сельсавеце не засталося.
— Падпішу, Антон Сцяпанавіч... — адказаў Ігнат, узрушаны пачутым ад старога бальшавіка. Ён быў згодны з ім: ніхто яшчэ і слова не сказаў, як жыць людзям, іх жа ніхто не эвакуіруе. Што іх тут чакае, калі раптам Чырвоная Армія адступіць.
Але думаць асабліва не было калі. Спачатку дамовіўся з камсамольцамі, з якімі на досвітку, калі вёска яшчэ будзе спаць, каб не было слёз і галашэння, пагоняць калгасны статак. На фермерскім двары застаў Нюрку Аўдзейчыкаву, якую з паўгода як праўленне прызначыла новай загадчыцай.
Тая спытала:
— Ігнат, мо што чуваць пра нашых мужыкоў? Ты ж у раёне быў.
— Не, Нюрка, іх жа з ваенкамата адразу ў Мазыр павезлі, а потым каго куды. Можа, напішуць хутка, — адказаў ён занепакоенай жанчыне.
— А што ж гэта ў нас будзе? Той ноччу недзе збоку ад Слуцака так грымела, так страшна... — Нюрка спалохана глядзела на мужчыну, а той не ведаў, што і адказаць.
— Будзем спадзявацца, што спыняць навалу. Я пайду, Нюра, мая там звялася, мабыць.
Ён ішоў праз усю вёску дахаты, і, здавалася, не пазнаваў яе. Быццам вёска такая ж, як і ўчора, у дварах корпаліся куры, а сям-там старыя кабеты на градах палівалі гуркі, нехта сушыў на падворках сена, прывезенае з ўзбалотка, недзе рыпеў калодзежны журавель, але ўсё было не так, як раней. Сёння вёска Ігнату падалася ціхай і пустой, нават сабакі сцішыліся і не брахалі так, як раней.
З цяжкім настроем Адамчык прыйшоў дадому, дзе яго каля ганка даўно чакаў бацька і гутарыў аб нечым з унукам Іванам. Ігнату ўсё ніяк не выпадала гэтымі днямі з ім пагаварыць, а старому карцела шмат пра што даведацца ў сына.
— Здароў, тата... — першым прывітаўся Ігнат, і накіраваўся да калодзежа, напіўся з карца вады.
— Здароў, сынку, — сказаў стары, але нават не глянуў на яго, усім выглядам паказваючы, што сын у нечым правініўся перад ім. — Ідзі, унучак, пагуляй, пазней табе вуду зробім. Мы тут з бацькам пагаворым.
Хлопчык паслухаўся:
— Потым пазавеце, дзеду? Добра?
— Добра, галубок!
Ігнат сеў насупраць бацькі на калодзе. Уважліва паглядзеў на старога. Выгляд у таго быў кепскі: бацька моцна схуднеў, адны выцвілыя вочы былі па-ранейшаму жывыя, учэпістыя.
— Зусім ты на старых ды на сям’ю сваю забыўся, бачу... — пачаў Сцяпан Адамчык і з непрыхаванай крыўдай у вачах паглядзеў на сына.
— Бацька, вы ж ведаеце, якое ў мяне зараз жыццё.
— А гэты савецкі хамут ні я табе, ні маці, ні жонка, ні дзеці не накідвалі на шыю, каб так мучыцца... — стары, адчувалася, заводзіўся, яму карцела выказаць сыну ўсё тое, што ў яго было на душы. — Табе, ужо ж бачу, нямала ад таго старшынства прыбавілася ў гаспадарцы, каб не бацька, то дзеці галадалі б.
— Ты зноў пра гэта будзеш? Сказана-пераказана. Не памерлі б і без вашай помачы, людзі ж неяк выжываюць, — запярэчыў Ігнат, але слоў не хапала, разумеў, праўду кажа стары: цяжка было б ім з Веркай, каб бацькі не дапамагалі.
— Неслух. Вось што. Хоць сам хутка пасівееш раней часу. Стараешся кожнаму з дабром, а людзі, ведаеш, шэльмы, яны не такія, як табе здаюцца. Яны пра сваё ўсё роўна дбалі і будуць дбаць, а не пра калгас. Ды яшчэ глядзі — наводзяць усякую сволач, — стары раптам закашляўся, нібы натыкнуўся на нейкую перашкоду.
— Бацька, ведаеце, час які? Вайна, немцы на парозе, а вы ўсё пра сваё, — раззлаваўся сын. — Браты ўжо ў войску, і мяне забяруць, бронь гэта часовая...
— Ды я пра тое і кажу, што свет перакуліўся. А ты пацерпіш першы, пакуль яшчэ той немец прыйдзе.
— Што ты ўсё кругамі? Кажы, што надумаў?
— Ноччу ў мяне былі... Ледзь жыццё не вытраслі... — бацька ўважліва паглядзеў на сына, і той убачыў у вачах старога слёзы.
— Хто? — зніякавеў Ігнат.
— Твой знаёмец, Зміцер Аскерчык, які жыццё ў цябе ледзь не забраў, памятаеш? З яго братамі... ляснымі. На вуліцу вызваў, абрэз да шыі прыставілі, — стары заплакаў. — Добра, што маці наша глухая стала, спала, не чула нічога.
— Што гэты бандыт хацеў?
— Цябе папярэдзіць. Сказаў так: калі хоча, каб усё добра было, да таго, як немцы прыйдуць, дабро калгаснае каб людзям раздаў, не вывозіў у раён. І пра яго радню не забыўся. Зробіш так, як казаў — немцы нікога не зачэпяць.
— Гад! Я табе гаварыў, перабірайся ў вёску, а ты ўпёрся. У вёску поскудзь гэта не сунецца.
— Сунецца. Ён з нейкімі такімі як сам, здалёку прыходзяць. Сынок, глядзі, цяпер усе незадаволеныя савецкай уладай падымуцца, помсціць будуць. Хоць ты і беспартыйны, але ж...
— Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць, тата. Заўтра ў калгасе і фермы не будзе — усё астатняе ўжо вывезлі, — сказаў сын. — Сёння ж перабірайцеся да нас, бакоўка пустая, тут жывіце.
— Не, сынок. Ды і маці не згодзіцца. Тут у цябе і жанчына з’явілася з дзіцем. Што гэта за размовы, нібыта яна нявестка наша, Міколава жонка? — насцярожана спытаўся стары.
— Так трэба, тата. Гэта жонка добрага чалавека. Ніхто пра гэта не павінен ведаць, што Жэня не наша, — ціха адказаў сын.
— Ну, ето табе відней. Мы са старой будзем маўчаць. Але ж каб ліха не будзіць, можа, не забудзь пра Аскеркаву цётку — Хрысціну. Не дарэмна еты гад прыходзіў, каб чаго не выйшла. Чалавек жа яе памёр, адна дзяцей паднімае. Больш тут у яго, здаецца, няма радні...
— Каторая? Мірановічава? Яна ж няблага робіць у брыгадзе. Не верыцца, што магла памагаць Аскерчыку.
— Ніхто не ведае, што і як. Але радня ва ўсе часы застаецца раднёй. Памятай гэта, — сурова адказаў бацька. — А ў вайну асабліва. Кажуць, з райцэнтра людзі бягуць на Усход. Начальства даўно ўсіх сваіх жонак і дзяцей вывезла. А астатнія, што — прападай тут, пад немцам. Як тут бальшавікоў зразумець? Даагітаваліся, тваю маць...
— Тата, калі і так, то ўладзе лепей відаць, што ў гэтай сітуацыі рабіць. Хаця ніхто не ведае, што будзе заўтра.
— Спалохалася яна, твая ўлада, вось што. А мы за яе адкажам перад немцам, жыццём адкажам, папомніш, сыне.
Стары не застаўся начаваць, а паехаў на хутар.
7
Росным досвіткам, калі толькі пачалі адзывацца галасістыя і задзірыстыя пеўні, бечынскія камсамольцы выгналі жывёлу з прыфермскага двара. Разам з пагоншчыкамі на ферму прыйшлі і даяркі, хаця Адамчык не прагаварыўся Нюрцы дакладна, у які час будуць выганяць кароў. Жанчыны разам са сваёй загадчыцай стаялі ля агароджы, з вачыма, поўнымі слёз, Нюрка раптам загаласіла, і астатнія — за ёй.
Ігнат звычайна рэдка злаваўся на людзей, цяпер жа не мог стрымацца і накрычаў на жанчын. У самога сэрца было не на месцы, а тут памочніцы аб’явіліся. Ён казаў кабетам, каб ішлі дадому, аднак тыя не слухаліся яго, супакоіліся і ішлі за статкам крыху воддаль яго. Пайшоў следам і Ігнат, баючыся сустрэцца вачыма з каторай з іх.
Справіцца са статкам аказалася справай нялёгкай. Першацёлкі, у якіх на ферме засталіся цяляты, не хацелі падначальвацца паганятым, імкнулі назад, на ферму, а калі іх разварочвалі, жудасна рыкалі. А за імі, быццам зразумеўшы, што назаўсёды пакідаюць родныя мясціны, нібы згаварыўшыся, паднялі вэрхал, заўпарціліся астатнія каровы, і ніяк не хацелі ісці туды, куды гналі іх людзі. Тыя ж не здаваліся: падганялі не шкадуючы, балюча хлясталі пугамі, цкавалі сабакамі, і жывёла, нарэшце, сабралася ў статак, які хоць і марудна, але ішоў наперад. А неўзабаве адбылося тое, чаго старшыня баяўся больш за ўсё.
А здарылася вось што: вяскоўцы, яшчэ здалёк заўважыўшы чорна-рудую хмару пылу ля лесу, здагадаліся пра ўсё, і беглі ад сваіх хат да прылеску, да прасёлачнай дарогі, якая выходзіла за вёску, каб спыніць статак. А калі зразумелі, што спазніліся, спыніліся каля апошняй хаты, акружанай роўнымі радамі маладых бярозак, спыніліся і моўчкі, сумна глядзелі яму ўслед, — нібыта праводзілі ў апошні шлях. І як тут не зразумець людзей: жывёла паіла, карміла іх і ў багаты год, і ў недарод. І вось нажытае ў сумеснай працы, самае вялікае багацце для палешука, што спрадвеку сведчыла аб яго заможнасці, сыходзіла з вёскі.
Вяскоўцы доўга стаялі на вуліцы, забыўшыся на свой ранішні клопат, пра няпаленыя печы, пра сваіх кароў, якіх тым часам трэба даіць і карміць, даглядаць, і з жалем у вачах глядзелі туды, дзе з лесам, нарэшце, параўняўся калгасны статак і неяк адразу знік у ім, быццам яго тут і не было зусім.
Але нават цяпер, калі ўлады эвакуіравалі калгаснае дабро на Усход, нікому з бечынцаў не хацелася верыць, што вайна ўжо блізка, лічы, каля парогаў іх хат. Не хацелася думаць, што яна прыйдзе сюды, у палескую глуш, у іх вёску.
8
Прайшоў тыдзень, а Ігнат з хлопцамі не вярталіся дадому. Знерваваныя мацяркі адна за адной прыбягалі да Адамчыкавых, каб спытаць у Веркі: можа, весткі якія ёсць? Даўно ж павінны вярнуцца, нейкіх пяцьдзясят вёрст да таго Петрыкава, куды хлопцы пагналі статак; няхай дзень туды, дзень сюды, але ж даўно час быць дома. І хоць Верка і сама цяпер была слабая на слёзы, але хавала іх, не ведала, што казаць аднавяскоўкам.
Калі яны сышліся ля іх двара і сёння, яна не ведала, што і думаць. І толькі Жэня, нявестка Сцяпана Адамчыка, старалася супакоіць баб:
— Жанчынкі, не думайце кепска... Ці мала што адбылося? Можа, у Петрыкаве не так што пайшло, глядзіце, каб у Калінкавічы не давялося гнаць статак. Усё можа быць, — супакойвала яна аднавясковак. — А адтуль, пагадзіцеся, паспрабуй вярнуцца за такі час, ага! Гэта ж больш за сотню кіламетраў, ды пешшу. Можа, на цягнік які там сядуць ды прыедуць у раён. Ці па Прыпяці, на кацеры ў Тураў. Дык і з Турава да нас няблізка. Не думайце, Ігнат не такі, не кіне вашых дзяцей. Хутка павінны вярнуцца.
— Каб жа так было, як ты кажаш, маладзічка, — вохкалі кабеты.
— А ты, Верка, як думаеш? — усё не адставалі ад жонкі старшыні калгаса жанчыны.
— Так, затрымала іх нешта. Але на добрае спадзявацца трэба. Вернуцца. Не сёння, дык заўтра, — казала жанчынам Верка, хаця сама ўжо не верыла ў гэта.
Паступова жанчыны супакойваліся. Пачыналі гаварыць пра жыта, якое хутка паспее, і яго неяк трэба жаць. А як за гэта возьмуцца, калі толькі некалькі старых, нямоглых кабыл застало ся. А што будзе з бульбай, якая добра адцвітае? Пасля ж, нібы згаварыўшыся, пачалі распытваць прышлую маладую жанчыну-настаўніцу, якая гаварыла з імі проста, як раўня, і бечынцам гэта падабалася.
— А як твая дзевачка? Ці прывыкае ў нас?
— Нічога, цётачкі. Прывыкне, — адказвала тая. — Ды і Верчына Нінка нянька, што трэба. Калі ўсё добра будзе, то, можа, і настаўнічаць пайду ў верасні, калі... — прамовіла Жэня і нечакана абарвала сваю думку, падумаўшы, што дарэмна сказала пра тое, аб чым людзі баяліся цяпер гаварыць, пра вайну.
— Ну то бывайце, будзем чакаць.
Жанчыны пайшлі, а Верка раптам рашуча сказала Жэні:
— Схаджу гэта я да Вераб’я. Ён цяперака ў нас і за старшыню сельсавета, і, лічы, за галаву калгаса. Няхай пазвоніць Нікіценку. Нешта ж там не так — як праваліліся скрозь зямлю.
— Мо і мне з табой, Вера? — спытала Жэня.
— Не, будзь дома. Дзеці прачнуцца, малачка я ў печы напарыла. Куццю прыставіла. Вярнуся хутка.
На вуліцы стаяла паўдзённая спёка, не прадыхнуць, але Верка не звяртала на яе ўвагі. Думала пра мужа і дзяцей-падлеткаў, якіх ён узяў з сабою: толькі б нічога кепскага не здарылася з імі, людзі тады не даруюць.
Вераб’я ўбачыла здалёк, ён якраз выходзіў з сельсавета. Мужчына перайшоў вуліцу і спыніўся ля канторы, сцішыўся чамусьці пад маладой ліпай. Калі падышла бліжэй, паклікала:
— Сцяпанавіч, вы што ето...
Верка не дагаварыла, бо вельмі здзівілася: упершыню бачыла, каб Верабей курыў.
— Ну, і куды гэта годна? Я са сваім столькі ваявала, каб кінуў гэтае зелле, а тут сакратар партыйны прыклад паказвае.
Толькі калі Верабей, высокі мужчына з рана пасівелым чубам, азірнуўся, у Веркі пахаладнела ўнутры: здагадалася, што нешта здарылася.
— Божачкі, ды што ж такое?
Верабей не ведаў куды падзець вочы, але мусіў сказаць тое, пра што толькі даведаўся сам:
— Верка, родная... Набярыся мужнасці. Бяда. — Верабей глядзеў ёй у вочы, у якіх бачыў толькі адно: спачуванне і боль. — Не вернецца Ігнат. Няма яго...
— І што гэта вы такое прыдумалі, дзядзька Антон? — не зразумела жанчына. — Што значыць, не вернецца?
Верка раптам падумала пра тое, што не выходзіла ў яе з галавы ўсе гэтыя тыдні: Ігната ж, канешне, таксама забяруць. Другога не дадзена. А цяпер і ад калгаса, лічы, мала што засталося, шмат чаго вывезлі, нават трактар ёй прыйшлося гнаць у Міткавічы, перадаваць вайскоўцам.
— Што? Яго забралі? Толькі ж як гэта несправядліва: і дадому не выпала вярнуцца, адразу, мабыць, у ваенкамат... — яна спалохалася таму, што сказала, нават у сэрца закалола.
— Пад Мазыром яны доўга чакалі, пакуль прымуць у іх статак. А тут раптам нямецкая авіяцыя...
— І што? — яна няўцямна пазірала на Вераб’я.
— Хлопцы, на шчасце, цэлыя, толькі з гадзіну якую, як вярнуліся...
— А Ігнат дзе, дзядзько Антон? З імі, у канторы?
Верка ўжо хацела кінуцца праз дарогу да канторы, але Верабей спыніў яе.
— Вера, паслухай. Ён каля статка заставаўся, а іх, маладых, у прылесак адправіў, у цень. Дык вось і параніла яго. Сур’ёзна, мабыць. Ігнат пры іх так і не прыйшоў у сябе. Хлопцы сказалі, некуды павезлі старшыню, можа, у бальніцу, а іх ваенныя адразу дадому выправілі. Пашанцавала якраз ім, на кацеры да Петрыкава па рацэ плылі, адтуль пехам ужо.
— Гэто няпраўда! Гэтага не можа быць! — заплакала Верка. — Дзе яны? Я сама распытаю...
Верабей абняў яе, здзіўлены: адкуль сілы ў такой худзенькай жанчыны, з выгляду зусім яшчэ дзяўчо. Не верылася, што гэтая маладзічка паспела нарадзіць Ігнату траіх дзетак, чаго ён, Антон Верабей, так і не дачакаўся ад сваёй жонкі. Як дачку, ён гладзіў Верку па галаве, угаворваў:
— Не плач, не перажывай, Верка... Жыў будзе наш Ігнат. Ён крэпкі. Выдзюжыць...
— Ён моцны, ага... Толькі б не забілі б, праўда? — яна глянула Вераб’ю ў вочы, шукаючы ў іх пацвярджэння таму, што сказала.
— Не, не забілі. Жыць будзе. Я звязаўся з Нікіценкам. Знойдзем нашага старшыню, не перажывай так. Хлопцы казалі, што нейкі капітан забраў Ігнатавы дакументы, там ведаюць, хто ён. Ну, што ж ты, дурніца? У цябе ж дзеткі, не трэба так убівацца, падумай пра іх.
Маладзіца роспачна плакала на яго плячы, а ён зусім разгубіўся, не ведаючы, што зрабіць, каб яе, гаротную, суцешыць.
— Дзядзька Антон, можа, вы яшчэ пазвоніце? Можа, яго ў абласную бальніцу адвезлі? — Верка адхінулася ад Вераб’я і надрыўна заплакала.
— Пачакаем крыху, дачка. Прабач, не курыў гадоў дзесяць, а тут, бачыш, сарваўся... — Верабей кінуў на зямлю цыгарку, затаптаў яе, і яны разам пайшлі ў кантору.
Аднак дазваніцца ў раён так і не ўдалося, тэлефон упарта маўчаў.
Са збалелым сэрцам жанчына вярталася дахаты. Жэня ўжо ведала пра бяду, знерваваная, чакала сваю гаспадыню і сяброўку — нехта з мацярок хлопцаў, якія былі з Ігнатам і вярнуліся, прыбягаў да Адамчыкавых, распавёў ёй, як усё было. Аднак Верка цяпер не плакала, толькі спыталася ў Жэні:
— Ты камсамолка?
— А як жа? — здзівілася тая.
— І я... Але, мабыць, я няправільная камсамолка... — горка ўсміхнулася Верка.
— Што ты прыдумала? Ты ж вунь перадавічка ў нас! На ўвесь раён слава... — здзівілася тая.
— А я на могілкі зайшла. У нас там да рэвалюцыі царква была. Ды спалілі яе. Я малілася, верыш. Як мамка вучыла, малілася... Прасіла Бога, каб не забіраў ад мяне Ігната. Аднаго ўжо забраў...
— Каго забраў? Ты пры розуме, дзеўка?
— Ды быў у мяне каханы такі. Рыгоркам звалі. Да Ігната яшчэ. Дарэчы, твой Коршак яго і арыштоўваў. Ці то Бог развёў нас з Рыгоркам, не, хутчэй людзі. Думаю, цяпер не можа ж быць так, калі зноў падараваў Бог мне шчасце, ды раптам зноў забраў? Не можа, разумееш, такого быць,
Жэнька! — Верка гаварыла ціха, але ўпэўнена. — І мой Ігнат вернецца, вось пабачыш!
— Канешне, ён хутчэй за ўсё ў бальніцы, дык паправіцца, — пагадзілася названая братавая.
— І абавязкова вернецца, — з болем усміхнулася Верка, пачуўшы яе словы.
— Гэта табе таксама... Бог сказаў? — здзівілася Жэня.
— Гэта мамчын Бог. Ён, ведаеш, не схлусіць... Я ж ад свайго адцуралася.
Стомленая, яна пайшла ў хату.
Апошнія словы Веркі вельмі ўразілі Жэню. Яна ж не прызнавалася нікому, што з тае начы, як Андрэй пакінуў яе ў Бечыне, яна таксама, штовечар кладучыся спаць, малілася...
9
Размова па тэлефоне была цяжкая.
— Я ж камуніст, ваенны чалавек, павінен быць у войску! Як жа людзям у вочы буду глядзець? — Нікіценка быў узрушаны, пачуўшы тое, што казаў яму першы сакратар Палескага абкама КП(б)Б таварыш Лявіцкі. А сказаў той важнае.
— Змагацца з ворагам, таварыш Нікіценка, можна не толькі на фронце, у радах Чырвонай Арміі, а і тут. Вось і вам партыя загадвае быць тут. Вы чулі, што сказаў таварыш Сталін.
— Але ж.
— Паслухай мяне, Андрэй.— Лявіцкі памаўчаў, а пасля прамовіў тое, што, мабыць, нікому яшчэ не гаварыў. — Гэта вайна надоўга. І яе зыход будзе вырашацца не толькі на фронце, але і ў тыле. Мы вінаваты, што не можам абараніць свой народ, пакідаем яго сам-насам з ворагам. А гэты народ нам верыў. Калі мы хочам перамагчы і сцвердзіць нашы сацыялістычныя ідэалы, трэба дзяліць з ім гора і радасць папалам, чуеш? Хто калі не мы павінны падымаць сваіх людзей на барацьбу з ворагам у тыле, ды так, каб зямля гарэла пад нагамі акупантаў?
— А як жа, яна гарыць. — Нікіценка злосна чмыхнуў у трубку. — Тураў, суседні раён ужо, лічы, заняты, пасёлак Ленін, Мікашэвічы, таксама, нашы пагранічнікі вядуць баі за подступ да райцэнтра, у пяці кіламетрах.
— Не трэба паддавацца паражэнчым настроям. Будзе цяжка. Вораг пад Смаленскам і месцамі нават прарываецца да Кіева. Але гэта часова. Ты ж ведаеш, у Мазыры таксама поўным ходам ідзе эвакуацыя. Трэба разумець, што наша справа святая, і перамога, як бы нам цяжка ні было, будзе за намі. І нам з табою не схавацца. Фарміруецца падполле, партызанскія атрады. Гэтая барацьба будзе на Палессі не менш жорсткай, чым на фронце. І ты ведаеш цяпер сваё месца. — Лявіцкі чамусьці закашляўся, а пасля дадаў. — Трымай сувязь з пагранічным атрадам. У знішчальны батальён, пакуль ёсць час, трэба ўключыць не прызваных у армію актывістаў і прызнаных нягоднымі да страявой службы. Калі немцы, так атрымаецца, пацясняць нашы войскі, сыдзеце ў балоты, пад Булеў Мох. Ведаю, там у вас непраходныя мясціны...
— Ёсць, таварыш Лявіцкі! Мне ўсё зразумела, — ціха прамовіў Нікіценка. Хацеў пакласці трубку, але раптам успомніў, што яшчэ карцела запытацца ў першага сакратара. — У мяне просьба. Я вам раней казаў.
— Ат, забыўся, таварыш Нікіценка. Мне сказалі, што твой старшыня жывы, але, мабыць, не жылец. Надзеі мала. Цяжкую аперацыю перанёс. Хіба маладосць дапаможа яму. 13 ліпеня эвакуіравалі яго ў Гомель, у шпіталь. Бывай, — прыглушана паведаміў Лявіцкі, і адразу ж у трубцы пачуліся кароткія гудкі.
Нікіценка моўчкі стаяў ля стала. Яму было шкада Ігната Адамчыка. Але што зробіш? Вайна. На сэрцы так балюча, шкада і мірных, безабаронных людзей, якія не сёння-заўтра сам-насам застануцца з ворагам. Аднак Вераб’ю Нікіценка павінен быў паведаміць, што іхні старшыня знайшоўся, каб Верабей неяк сказаў гэта яго жонцы, якая, мабыць, ужо спакутавалася, чакаючы мужа. Ды і дзеці таксама.
Але думкі Нікіценкі перарваў ваенкам Буйкіч, камандзір знішчальнага батальёна, які з парога нервова паведаміў:
— Таварыш Нікіценка, полк маёра Бандарэнкі адступае ад Мікашэвіч, войскі і пагранічнікі адыходзяць. Не сёння-заўтра баі пачнуцца на нашай тэрыторыі.
— Ясна, Мікалай. Кругласутачнае дзяжурства па гарадскім пасёлку ўзмацніць на гэтую ноч. Падключыць камсамольцаў. Заўтра, 16 ліпеня, з раніцы заняць абарону каля чыгункі. Падняць усіх, хто можа трымаць у руках зброю.
— Ёсць, таварыш Нікіценка. — Буйкіч крыху разглублена паглядзеў на Нікіценку. — А што далей будзе, Андрэй Мікалаевіч? У лес?
— Быць гатовым да ўсяго.
— Нават да здачы пасёлка?
— Нават, калі прыйдзецца адступіць. часова. Ты ж вайсковы чалавек. Дзейнічаем па плане, як дамовіліся.
— Зразумела. Дазвольце выконваць?
— Ідзі, Мікола. Мне трэба яшчэ ў Бечын пазваніць.
Верабей доўга не падымаў трубку. Нарэшце, пачуўся яго хрыплы голас.
— Слухаю.
— Гэта Нікіценка.
— Слухаю, таварыш першы сакратар... — адказаў той.
— Як абстаноўка ў сельсавеце, таварыш Верабей? — пацікавіўся сакратар райкама, стрымліваючы хваляванне.
— Пакуль ціха, таварыш Нікіценка. Але людзі хвалююцца.
— Што кажуць?
— А што тут казаць. Баяцца. Апошніх мужыкоў забралі. Вось толькі мяне, калеку, пакінулі на здзек ворагу.
— Ну, што вы так ужо. Трэба ж некаму і на гаспадарцы быць.
— Няхай так, што мне ўжо, прастрэлены ж увесь у грамадзянскую яшчэ. Тут не пра гэта размова. Каторы ж дзень абозы з людзьмі са слуцкага і любанскага накірункаў ідуць праз Бечын. Хто галодны, накормім.
— Што яны кажуць?
— Адзін тут учора з сям’ёй ехаў. З-пад Любані, кажа. Прыгледзеўся я: ці не старшыня сельсавета з Арэсы? Не, даводзіць, памыліўся ты, чалавеча. Рабочы я чалавек, кажа, у армію не ўзялі, бо стары, а хата згарэла. Дык на Браншчыну, да сястры перабіраемся.
Але, думаю, нешта не так. Бачыў яго да вайны недзе, можа, на якой нарадзе ў рэспубліцы. З-пад Арэсы ён, гад такі. Толькі, вось як у некага вочы пазычыў — бегаюць, а малака дзецям папрасіў. Шкада, пяцёра малых. Камуніст, яснае дзела. Дык ён паведаміў, што раён акупіраваны немцамі, у райцэнтры нямецкі гарнізон, у вёсках таксама бываюць наездамі. Раённае кіраўніцтва з’ехала, сувязі ні з кім няма.
Верабей збіваўся, але, нарэшце, сказаў тое, што стрэмкай ныла ў душы:
— Кажуць, і ў нашым раёне не сёння-заўтра.
— Што я вам скажу, дарагі чалавек. Можа, сёння і я апошні раз з вамі размаўляю. Выступаем на абарону гарпасёлка.
— Як гэта? — голас на тым канцы дрота аціх.
— Праўда ў тым, што нашы войскі адсупаюць. Не сёння-заўтра будуць баі за раённы цэнтр. У выпадку адыходу вялікая група райактыву сыдзе ў лес. Па ўсёй Беларусі разгортваецца партызанскі рух. — Нікіценка хацеў яшчэ нешта сказаць старому бальшавіку, але сумеўся.
— Дык што нам рабіць, тут, на месцах, з бабамі і дзецьмі? — разгублена спытаўся Верабей. — На полі такое жыта, а толькі пару дохлых кабыл засталося, ды ў людзей некалькі коней на ўсё такое сяло.
— Будзем спадзявацца, што мірнае насельніцтва не пацерпіць. Вырашайце на месцы па абстаноўцы. І пра Адамчыка.
— Ці ж жывы наш Ігнат?
— Жывы. Лявіцкі сказаў, цяжкую аперацыю перанёс, эвакуіравалі ў Гомель. Толькі вельмі слабы.
— Гэта ж добра, што жывы. Верка, яго жонка, пачарнела ўся за гэтыя тыдні. Можа, выкараскаецца хлопча. Ды яшчэ паваюе, — уздыхнуў ці то радасна, ці то засмучона бечынец.
— Цяпер ва ўсіх жонак адзін клопат: што-небудзь пра мужоў даведацца. Можа, і паправіцца Адамчык, — пагадзіўся Нікіценка. — Дык бывайце, таварыш Верабей. Думаю, развітваемся ненадоўга.
— Дзякуй вам, таварыш першы сакратар. Гэта самая лепшая ад пачатку вайны вестка. Наша Верка будзе шчаслівая.
Узрадаваны, ён адклаў усе справы, і пайшоў у другі канец вёскі, да Адамчыкаў. Разумеў: нічога не ведаючы пра мужа і бацьку, там звяліся ўсе.
10
Калі Міколу Аўдзейчыка разам з усімі мужчынамі забралі на фронт, ён перадаў канюшню пад уладу сваёй жонцы. Пасмяяўся нават: яшчэ адна ферма на твае рукі. Там мала што засталося з калгаснага дабра, а з жыўнасці — тры стараватыя кабылы, адна з якіх была жарэбнай. Але як пакінуць іх без нагляду?
На апусцелай ферме ў той дзень сышлося нямала баб. Чакалі, калі ж падзеляць цялят. Верабей, які застаўся галоўным тутэйшым начальствам, перагледзеў яшчэ складзены Ігнатам Адамчыкам спіс. Зразумеў: галавой думаў хлопец, пра бяднейшых. Аднак раптам самым апошнім у спісе заўважыў прозвішча былой хутаранкі Хрысціны Мірановіч, і нават пачырванеў ад злосці: на табе, выслужылася нечым перад Адамчыкам гэткая краля хутарская!
Ніхто цяпер і не памятаў, што некалі да яе, роднай сястры-прыгажуні багацея Аскеркі, у свае рэдкія прыезды ў Бечын, заляцаўся маладжавы Іван Верабей. Спадабалася Хрысцінка хлопцу. Але адмовіла яму, пайшла за багацейшага. Іван узяў тады не любую яму сірату Маланню, бо прыйшоў час ажаніцца. Аж потым Хрысцінка паплацілася: яе мужа за шкодніцтва арыштавалі, аддалі пад суд, дабро ў гаспадарцы звялося, і ёй не было іншай дарогі, як у калгас. Хрысцінка адна паднімала дзяцей, а гэта таксама для Вераб’я было як нажом па сэрцы: Маня губляла новароджаных, і ўрэшце, стала зразумела, што яна ўвогуле больш не зможа нараджаць. Сваю злосць на Хрысцінку Верабей хаваў шмат гадоў, і вось цяпер нечакана ўскіпеў і выкрасліў яе са спісу.
Калі нарэшце жанкі разабралі ўсіх цялят, ён убачыў, як заплаканая Хрысцінка цяжка ішла да свайго двара, не зважаючы на людзей, і зразумеў, што зрабіў няправільна. Спахапіўся, Нюрцы сказаў:
— Дагані Міронічыху, скажы: няхай забярэ парася на свінаферме, а як Лыска ажарэбіцца, і жарабя ёй аддамо.
Аднак Хрысцінка адмовілася ад ласкі Вераб’я, не пайшла па тое парася, якое невядома было, ці выжыве, бо свінаматка ад недагляду здохла. Хрысцінка, калі яе спыніла Нюрка і сказала пра парася, злосна бліснула вачыма на яе і глуха адказала:
— Каму дык здаровае цяля, а маім дзецям — дуля? Няхай тую дахляціну такі добранькі сам спажывае!..
...Праз нейкі час Нюрка Аўдзейчык, даведаўшыся ад людзей, што Ігнат Адамчык выжыў, на досвітку збегала да Веркі, каб падтрымаць сяброўку. Наплакаўшыся разам на двары, раптам сказала Верцы пра тое, што яе хвалявала:
— Трэба Вераб’ю сказаць, можа, хто забраў бы гэтых кабыл. Хоць старыя, але ж работу цягнуць сваю.
— Правільна. Што ты будзеш з імі рабіць? Ён зранку ў праўленні звычайна, забяжы, скажы яму, — падтрымала Верка.
...Ужо зырка свяціла жнівеньскае сонца, калі Нюрка дайшла да канюшні. Звычайна, убачыўшы на дзвярах замок, яна міжвольна пускала слязу, успомніўшы, што тут да ўсяго дакраналіся рукі яе Міколы: дзе ж ён цяпер, ці жывы, ці здаровы? На душы было трывожна, на вочы накаціліся слёзы. І зноў яе вочы памакрэлі. Але Верка хоць весткі дачакалася, ведае, што не прапаў яе чалавек, лечыцца ў Гомелі, а пра астатніх бечынскіх мужыкоў, як забралі на вайну, так нічога невядома.
Нюрка выпусціла кабыл на вуліцу, напаіла, спутала, каб далёка не адыходзіліся, а пасвіліся на выгане, які быў побач з канюшняй, да вечара. І накіравалася ў кантору.
Дзверы канторы былі расчынены, і толькі яна збіралася ступіць на парог, ногі падкасіліся, у вачах пацямнела: у праёме дзвярэй у пятлі вісеў скрываўлены Верабей. Яна знямела, ледзь не страціла прытомнасць, а калі ачомалася, убачыла, што вокны ў будынку былі выбіты, кантору і сельсавет яўна разрабавалі. Ад страху Нюрку страшна затрэсла, калі яна ўбачыла на дзвярах пакінуты забойцамі крывавы надпіс: «Не аддаў людзям не сваё.»
І адразу ж у памяці ўсплылі злосныя словы цёткі Хрысціны, якія тая сказала ёй: «Няхай тую дахляціну цяпер сам спажывае.», і Нюрка здагадалася, хто і за што павесіў Івана Вераб’я: канешне ж сын былога кулака, Зміцер Аскерка...
Жудасная смерць апошняга бальшавіка ў вёсцы напалохала бечынцаў. Выходзіла: чакаць бяды цяпер трэба было не толькі ад немцаў, але і ад бандзюкоў, якім савецкая ўлада так і не здолела скруціць галаву.
Першае трагічнае пахаванне з пачатку вайны прайшло ў Бечыне моўчкі. Людзі нібы пазбягалі адзін аднаго, каб не сустракацца вачыма. Несуцешная была толькі жонка нябожчыка Малання.
Старыя мужчыны па просьбе Сцяпана Адамчыка збілі труну, а жанчыны выкапалі магілу. Хавалі Вераб’я недалёка ад яго былога калегі Іллі Мірончыка. Развітваліся без лішніх слоў. Толькі стары Адамчык сказаў: «Добры быў чалавек. Царствіе яму нябеснае!» І перахрысціўся. А за ім перахрысціліся ўсе астатнія. І сталі апускаць дамавіну ў зямлю.
Па абедзе 17 ліпеня ўдалечыні папаўзлі над векавым борам клубы чорнага дыму. Людзі, заўважыўшы іх, здагадаліся: гарэў раённы цэнтр. І думкі бечынцаў цяпер былі горкія: а што ж чакае іх заўтра?
У снежную буру
Частка чацвёртая
1
Браўся задзірысты перадкалядны мароз. На хутары стаяла затоеная цішыня. Адамчыкі моўчкі вячэралі.
Бульбяная каша, засквараная салам са смажанай цыбуляй і запечаная ў грубцы, смачна пахла. Аднак старыя елі яе неахвотна.
Нарэшце Сцяпан паклаў лыжку на стол, напіўся са жбанка адвару з ліпніку і дзікай шыпшыны.
— Чуеш, Агапа, што скажу. — прамовіў ён, уважліва паглядзеўшы на задуменную жонку.
— Га, Сцяпанка? — жанчына адарвалася ад сваіх дум, падняла на мужа вочы. — Пад’еў хіба ўжо? Мо яшчэ з’еш, і палову ж не агоралі.
— Наеўся, дзякуй. Я не пра тое.
— А пра што, сакол ясны?
— Дык свята ж сёння. — усміхнуўся Сцяпан. — Толькі вось не шчадруе ніхто.
— А каму ж цяпер, калі такое гора вакол, шчадраваць, Сцяпанка? Прыдумаў ты. — здзівілася кабета.
Жанчына хацела сказаць, пра што падумала ў той момант, але збаялася: у добрыя ж часы сваты Расевічы з сям’ёй, ды і з вёскі шчадроўшчыкі завітвалі да іх на хутар, а яны ніколі не шкадавалі гасцям ні ласункаў, ні самагонкі. Так спрадвеку было заведзена. А цяпер — вайна праклятая. І яна толькі цяжка ўздыхнула і зірнула на абраз у куце.
— Я і кажу, Агапа, што свята сёння. А мы нават да ўнукаў не паехалі, — мужчына горка ўсміхнуўся.
— Дык заўтра паедзем. Я таго-сяго прыхавала, гарбузікаў, мёду трохі ёсць, масла сёння збіла. Заўтра, Сцяпанка, — пагадзілася жонка, і зноў замаўчала.
— Ось, бяда якая. Днямі, чуеш, старая, Гарадзяцічы палілі, вялікую частку сяла спляжылі, — з сумам паведаміў Сцяпан.
— Як. спалілі? А, людцы мае, што ж гэта дзеецца? На ентых немцах крыжа няма, — старая спалохана глядзела на мужа, на яе вочы адразу наплылі слёзы.
— Каб жа не так. Нашы, антыхрысты. Рабаўнікі, наваспечаныя паліцаі. Усіх, хто актыўнічаў пры савецкай уладзе, у агонь, кажуць, пакідалі.
— Што ты кажаш, Сцяпанка? Як жа гэта, людзей, жывымі?.. — войкнула старая.
— Мало хто ўцалеў, нібыта за падазрэнне ў сувязі з партызанамі расстрэльвалі. Якія ж такія партызаны? Няўжо саветчыкі каторыя пахаваліся, а цяпер паказваюць манер? Дык, думаю, за гэта людзей і скатавалі. А за што ж тады, іначай? Гітлер жа заявіў, што габрэяў знішчаць будзе, а тут і нашых людзей, палешукоў, на звод. Аскерка цяпер са сваімі іх дабро спажывае. Накалядавалі, як ніхто, звяры. Як зямля іх носіць.
— Звяры, Сцяпанка, дальбог, звяры, як ёсць. А іх жа матка нарадзіла, — пагадзілася старая.
— Гэта ж падумай: Аскерка падобных сабе сабраў, павяртанцаў і прадажнікаў, многа пуханцоўскіх, з Хвойнішчаў ды з суседніх вёсак, дык цэлы гарнізон арганізаваўся. Волю немцы ім далі поўную. Вось і здзекуюцца з людзей, а гняздо сабе ў Бечыне аблюбавалі. Не дай бог да Веркі нашай з дзецьмі дабяруцца. Ды і Жэня гэтая нам нібыта ўжо не чужая.
— Свят, свят! — завохкала Агапка і пачала хрысціцца. — Не дапусці, Божа, памілуй! — І нашых хлопчыкаў падтрымай у ліхую гадзіну.
— Усё, завялася! Казаў: не згадвай пра сыноў. Ат, дурніца! Адной табе карціць!.. Вернуцца хлопцы, не завывай моцна! Ідзём спаць! — стары раззлаваўся, сплюнуў на падлогу і, злосны на жонку, пайшоў класціся.
— А я ж што, Сцяпанка, я ж нічого. — ціха заплакала жанчына.
Не звяртаючы ўвагі на мужа, яна яшчэ некаторы час божкала і вохкала, потым стала прыбіраць са стала. Калі ж закончыла сваю няхітрую справу і намерылася патушыць лямпу, пачула, як на вуліцы люта ўсхадзіўся сабака.
— Сцяпанка, нехта ў нас па двары ходзіць. — спалоханая не на жарт Агапка паклікала мужа.
— Не трасіся, зараз я ногі ў валёнкі ўсуну.
Праз імгненне ў акно кухні моцна пастукалі.
Адамчык выйшаў з чыстай паловы хаты і наблізіўся да акна.
— Каго ета там носіць такой парой? — спытаў спецыяльна незадаволена.
— Шчадроўнікі прыбылі да вас. Ці не пусціце ў хату? — знадворку пачуўся мужчынскі голас.
— Хто вас ведае, што за шчадроўнікі вы? А мо, бандыты якія? — засумняваўся дзед.
— Не перажывайце, дзядзька Сцяпан. Мяне добра ведаў ваш сын, старшыня бечынскага калгаса Ігнат Адамчык. Я — Нікіценка, першы сакратар райкама партыі, — пачулася з вуліцы.
— Пачакайце, пачакайце, таварыш. Зараз. А то мы са старой думаем, што за шчадроўнікі тут такія. — усхваляваны, Сцяпан выйшаў у сенцы.
Праз хвіліну ён вярнуўся ў хату, а за ім ўвайшлі двое рослых мужчын. У адным Агапка адразу пазнала былога кіраўніка іх раёна: памятала, як ён некалі выступаў у клубе, на судзе, як пра Ігната хораша сказаў. Толькі цяпер мужчына выглядаў не такім бадзёрым, быў схуднелы.
— Добры вечар вам у хату, — Нікіценка прывітаўся за руку з Адамчыкам, затым усміхнуўся гаспадыні. — Прабачце, маці, што вось так, знянацку.
— І вам, добрыя людзі. — адказала Агапка. — Не стойце ў парозе, сядайце на лаву, у нагах праўды нямашака.
— На самай справе... — усміхнуўся і другі, высокі чарнявы малады чалавек. — Цёпла ў вас. А на вуліцы мароз бярэцца не на жарт, аднак.
— А вы праходзьце, да стала, сядайце. Агапка, што ў нас там ёсць, сабяры, людзі такія ў хаце, — распарадзіўся стары Адамчык.
Жанчына хуценька знікла на кухні, старалася запаліць перад печчу лучыну, але яе спыніў начны госць.
— Не турбуйцеся, маці. Мы не галодныя. У нас справа да вас, дзядзька Сцяпан, — ціха прамовіў Нікіценка.
— Дык вы распраніцеся, здаецца, у хаце не так холадна, як на дварэ, — настояў гаспадар. — Сядайце, ды пагамонім, што вам спанадобіцца.
Мужчыны-такі паслухаліся, павесілі на цвікі свае кажухі і шапкі.
— То хоць ліпніку з дзічкай ды малінавым цветам выпіце, у мяне гарачы ў грубцы стаіць, — прапанавала бабуля. — Вы ж з марозу. Ды і віхура разгулялася, вецер ажно свішча.
— Ну, давайце, маці,— згадзіўся Нікіценка. — Пагрэемся, пакуль.
— Дык якая ў вас патрэба, добрыя людзі? — спытаўся, адкашляўшыся, стары Адамчык і прысеў на лаву побач. Ён падкруціў лямпу, і ў хаце стала зусім светла.
— Чуў, што ў нас партызаны з’явіліся. Толькі што жонцы пра тое казаў. Ці не вы гэта будзеце?
— Мы, бацька. Утойваць не буду, бо Ігнату давяраў, як сабе. А яго бацькі, ведаю, не прададуць, — адказаў Нікіценка.
— Ой, сыночкі мае, а дзе ж той Ігнатка? Прапала дзіцятко маё. — ледзь загаласіла старая. — Як пагнаў каровы, ранілі няшчаснага, а цяпер не вядома, ці жывы хоць.
— Змоўкні, Агапа. Мужчыны слова трымаюць. Не да бабскіх слёз, — сказаў, як адрэзаў, Адамчык. — Давай свой настой, ды за печ ідзі.
Жанчына адразу аціхла, паставіла на стол конаўкі і гладыш з гарачым напоем, і ціхенька знікла за печчу.
— Крута вы гэта з жонкай, дзядзька, — сказаў маладзейшы, наліў у конаўку гарачы пахучы напой і ўважліва паглядзеў на старога. — Але да справы. Вы добра ведаеце Бечын, мы з просьбай.
— Хочаце паскуд гэтых трасянуць? Вырадкаў, што людзей спалілі?
— Ведаеце пра гэта? — здзівіўся Нікіценка. — Вы ж, наколькі мне вядома, у вёсцы даўно не былі.
— Вось табе на! Нават пра гэта ведаеце. Ляжаў сам тыдні з два, і старой нездаровілася. Нявестка была. І так людзі бываюць.
— Вера, здаецца. Так вашу нявестку завуць. Памятаю, а як жа, вядомая трактарыстка... Як яна?
— Ды змэнчылася ўся, счарнела, страх вочы падняць на яе паглядзець. Перажывае за Ігната. Мо жывога няма ўжо. Пакуль гэтыя гады не чапаюць, хоць злыдзень Аскерка страшчаў: прыйдзе час, разбярэцца з ёй і з дзецьмі, — стары раптам не вытрымаў, заплакаў.
— Не трэба, дзядзька Сцяпан. Трымайцеся. Жывы Ігнат, — ціха паведаміў Нікіценка.
— Адкуль вам вядома? Ці ж праўда гэта? — вочы ў старога адразу высахлі, ён узрадаваўся.
— Праўда, дзядзька. Толькі. — Нікіценка раптам апусціў вочы, не ведаючы, як мякчэй сказаць старому.
— Кажыце, таварыш Нікіценка, як ёсць, — прамовіў маладзейшы. — Бацька ўсё зразумее.
— Не паспелі параненых эвакуіраваць з Гомеля. Ігнат, мяркуючы па ўсім, у лагеры для ваеннапалонных. У Гомелі такіх лагераў некалькі, дакладна не вядома дзе, але па некаторых звестках, недзе ў цэнтры горада. Нашы людзі ёсць там у паліцыі, дык бачылі яго. Нават перакінуліся словам. І не толькі яго.
— Божачка, а як жа яго ратаваць, людцы? — спалохаўся зноў дзед.
— Хлопцы не раз збіраліся збегчы, але ўвесь час зрывалася, — сказаў Нікіценка. — А днямі да нашых суседзяў, не буду казаць да якіх, гэта зараз няважна, прыбіўся з Гомеля чалавек. Паведаміў пра сёе-тое. Быў ён там, у паліцыі. Выратаваў яго адзін наш таварыш, вывез за горад. Пазаўчора была сустрэча. Аказалася: ён быў разам з Ігнатам і яшчэ двух-трох нашых людзей бачыў. Яны там, у лагеры, у палоне, трымаюцца разам. Хочуць гомельскія хлопцы іх вызваліць, але пакуль няпроста гэта. Дык вось: Ігнат на словах перадаў, што Вера і жонка брата Мікалая ведаюць, як іх вызваліць. А забыліся — хай Вера сходзіць да жонкі Салавейчыка, — паведаміў Нікіценка.
— А як жа гэта, Верка знае ды нам нічога не сказала? Не можа тое быць.— здзівіўся Адамчык.
— Можа, і не ведае, але здагадаецца, калі пра гэта ёй сказаць. Павінна здагадацца, як дапамагчы.
— Вось я сабе думаю: а ёй тое адкуль вядома? Яна ў Гомелі ані ў жысць не была. Ну, заўтра, канешне, скажу ёй тое. Але ж пры чым тут жонка Салавейчыка, вось што, чалавеча. Івана ж першым на вайну забралі, малады, бяздзетны, — сказаў стары і на хвіліну задумаўся, але раптам ажывіўся, прадоўжыў. — За гэтую навіну вам дзякуй, канешне. Але не толькі дзеля гэтага вы прыйшлі да нейкага хутаранца, які так і не падначаліўся савецкай уладзе, не пераехаў у вёску, хоць і сын старшыня калгаса.
— А вы сапраўды кемлівы чалавек, — сказаў другі госць. — Як вы разумееце, мы не адны тут. Сышліся людзі з розных краёў. Даём адпор немцам. Ды іхнім прыслужнікам. Дасталі ж усіх мясцовыя паліцаі. На іх — сотні жыццяў, кроў людзей нашых. Таму хочам зранку гняздо паліцэйскае бечынскае знішчыць. І галоўнае, каб не выпусціць самага ярага, гэтую погань Аскерку.
— Здагадаўся сам, хлопчыкі мае, як прыйшлі, зразумеў, якая прычына ў вас наведаць вёску, мяне, — Адамчык уважліва паглядзеў на партызан і дадаў: — Ён, погань гэтакая, у цёткі сваёй кватаруе, п’яніца пракляты. Дык і цётку было збіў на порхаўку, бо самагонкі пашкадавала. Гэта ж трэба, каб у Аскеркі такі вырадак нарадзіўся, га.
— Дык паможаце, дзядзька Сцяпан? — узрадаваўся Нікіценка.
— Памагу, сынок. На пошце, чуйце, там штаб іх, паліцэйскі. Там нібыта трое з іх начуюць. Немцы, калі прыязджаюць, то толькі днём, не застаюцца нанач. Мабыць, баяцца. А так усе гэтыя гады — па хатах. Дзе гаспадароў паціснулі, дзе самі жывуць. У нас, калі вайну аб’явілі, дзве сям’і яўрэйскія зніклі бясследна, быццам і не было іх. Выбраліся самі за ноч. А хаты добрыя засталіся. Там кватаруюць. Але ж іх, паліцаяў, нямала, каля трыццаці ў Бечыне. Як жа справіцеся? — здзівіўся Адамчык.
— Не бойцеся, бацька. У нас сіла ёсць. Галоўнае, каб ціха на досвітку падысці. Наша разведка данесла, што яны зараз ваўсю Каляды святкуюць, самагонка ажно ракой льецца. Хаця выставілі ахову. Няхай святкуюць, у апошні раз, — прамовіў незнаёмец.
— А вы, прабачце, што пытаю, здалёк, чалавеча? Чую, не нашага, не палескага, говару, — пацікавіўся дзед.
— Вы — свой чалавек. Таму не буду хаваць. Гэта камандзір партызанскага атрада з Любаншчыны, таварыш Далідовіч, — сказаў Нікіценка. — Калі што, запомніце яго.
— Так, так, усе мы людзі. У добрую пару зладзеяў выкурыць рашылі. Са снегам такім спадручней, слядоў не застанецца. Пакажыце фашысцкім паслугачам, дзе ракі зімуюць, — прамовіў Адамчык.
— Справядлівая заўвага, дзядзька Сцяпан, — пагадзіўся са старым Нікіценка.
— Але вы мне толькі скажыце, людзі добрыя: пагонім назад немцаў? Тут жа рознае брэшуць, нібыта і Маскву ўзялі, — спытаўся дзед, хітравата прыжмурыўшыся.
— Пагонім. Маскву не аддадзім. Цяжка будзе, але дайце час. Выкурым гэтую набрыдзь. Навечна дарогу да нас забудуць. — упэўнена прамовіў Далідовіч.
— Дай бог, каб так было, — адказаў стары Адамчык.
2
Апоўначы разгулялася віхура. Свістаў вецер, паднімаючы густыя клубы снегу. Але ў хаце Сцяпана Адамчыка, у якой гэтай ноччу ніхто так і не заснуў, цешыліся непагадзі.
Гэта быў апошні ранак для паліцэйскага гарнізона. На досвітку больш як сотня байцоў з двух партызанскіх атрадаў сышліся перад вёскай. Стары Адамчык быў здзіўлены, убачыўшы, што партызаны добра ўзброеныя, у іх на павозках нават было тры кулямёты, ён расказаў, у якіх хатах у вёсцы кватаруюць паліцаі.
Калі ўсе групы занялі зыходныя пазіцыі, партызаны незаўважна падкраліся ў Бечын і ціха знялі вартавых.
Паліцаі моцна спалі, прыняўшы напярэдадні ладную дозу самагонкі. Цёпленькіх і сонных, іх ціха, па адным, бралі па хатах. Як і думаў дзед, супраціўленне было аказана толькі на пошце, дзе заселі гітлераўскія служакі. Там распачаўся бой, але паліцыяў адтуль хутка выбілі. Калі ўсё было скончана, Нікіценку і Далідовічу далажылі, што ў выніку аперацыі знішчылі 27 паліцаяў, у якасці трафеяў захапілі стралковую зброю, абмундзіраванне і харч. З боку партызан страт не было, прастрэлілі хіба толькі шапку аднаму з любанскіх байцоў. Аднак была адна прыкрасць — сярод забітых не аказалася Зміцера Аскеркі.
Сцяпан Адамчык развітаўся з Нікіценкам і Далідовічам, як з роднымі. Ён не ведаў, што ў той жа дзень, 14 студзеня 1942 года, быў разгромлены нямецкі гарнізон ў Белым Пераездзе, а на наступную раніцу партызаны апынуліся ўжо ў Капаткевіцкім раёне, пад Навасёлкамі, і штурмам узялі гэты буйны населены пункт. Цяпер, праўда, ён зразумеў, што немец памыліўся, зноў прыйшоўшы на гэтую зямлю. І быў упэўнены, што і пад нагамі здраднікаў яна таксама будзе гарэць.