Валянцін БЛАКІТ

ШАНУЙ ІМЯ СВАЁ


1


Аляксей Сцяпанавіч прачнуўся ледзь свет. Яму не асабліва што рупіла, але даўняя звычка, настолькі даўняя, што і не памятае, з якіх яна часоў, прымушае ўставаць штодня ў такую рань, нешта рабіць, пра нешта клапаціцца. А розных клопатаў у старшыні калгаса — хоць пазычай каму. Бывае, што і падрамаць выпадав ўсяго якую гадзіну, асабліва ўлетку, але ўсё роўна ў пяць на нагах, без ніякага будзільніка, свежы, як і не было нiякай стомы. А яшчэ пішуць, што для сну патрэбна аж восем гадзін! Хоць, вядома, можна дрыхнуць і восем, і ўсе пятнаццаць. Напрыклад, у санаторыі, куды зачасціў у апошнія гады. Але санаторый ёсць санаторый — там здурэе сталы чалавек, калі пе навучыцца спаць...

Ціха, каб не нарабіць грукату і не збудзіць унучку, нацягнуў на сябе спартыўны касцюм — таксама санаторная звычка, сунуў ногі ў пантофлі, асцярожна праз святліцу выйшаў на кухню — тут можна не хвалявацца, што некага пабудзіш. Хоць, канечне, хваляванні дарэмныя: малая ў такі час з гарматы страляй — не прачнецца, а старая ўсё роўна не спіць. Але на ўсялякі выпадак...

Навобмац адчыніў дзверцы ў шкапчыку, узяў аберуч збан з квасам, глынуў некалькі разоў — каб не курыць нашча. Накурышся нашча — паўдня ў горле пяршыць.

Пачаты пачак «Беламору» і запалкі заўсёды звечара кладзе на падаконнік, каб знайсці, не запальваючы святло. Папяросамі завалены адзін са шкапчыкаў на кухні — для запасу. Гэтага запасу, пэўна, хапіла б на паўгода, аднак Аляксей Сцяпанавіч папаўняе і папаўняе яго, асабліва калі бывае ў горадзе. Папяросы зараз сталі выходзіць з моды, не ў кожным магазіне знойдзеш «Беламор». А пераходзіць на цыгарэты не збіраецца: у яго гады не так проста мяняць звычкі — і добрыя, і дрэнныя.

Закурыушы, засяроджана паглядзеу у акно і задаволена падумаў: а глядзі, як дзень прыбывае! Цемень-то зусім рэдзенькая...

На ўсходзе займаўся бледна-сіні водбліск зараніцы.

Быў той час, калі не зусім зразумела, ці гэта яшчэ ноч, ці ўжо новы дзень. На дварэ было няўтульна і зябка, лёгкі марозік сцяў рэсквась; што ж, адзімкі напрадвесні — звычайная з’ява.

У хлеўчуку наперабой ашалела гарланілі пеўні. Тры гады назад старая завяла гэтую гарластую пароду. I дзе яна толькі знайшла такую! Зімою яшчэ не так, а к вясне дзяруць горлы — аж вокны дрыжаць.

Дзень вылузваўся цяжка і трохі трывожна, хоць і абяцаў быць сонечны. Гэта і не зусім добра, што сонечны — хай сабе пакісла б, каб зямля адтала як след, набрыняла, набрала ўдосталь вільгаці — восень была сухая. А то і міргнуць не паспелі, як амаль з’ела снег, аж равуць ручаі, рэчка яшчэ і ад лёду не вызвалілася, а ўжо з берагоў вы­лезла. Аграном хвалюецца — угнаенні з палёў павымывае. Аграномаў клопат не асабліва трывожыць Аляксея Сцяпанавіча: і нікуды не падзенуцца тыя ўгнаенні — абы яны былі! Кампостаў назапасілі — як ні адзін год. Во толькі вывезці не паспелі, а цяпер не ўлезеш. I ліха з імі — пад плуг раскідаецца! Непакоіла іншае: калі так пабудзе — днём сонца, ноччу марозік,— не агледзішся, як асмягне, запыліць зямля. Гэта не восень, калі з лыжкі вады — вядро гразі. Вясною наадварот: з вядра вады — лыжка гразі. Учора аб’ехаў усе палеткі: затапіла нізіны, паразмывала разоры на пагорках. Мусіць, аграном мае рацыю: трэба ўсё ж разоры рабіць уздоўж схілаў. Канеч­не, гэта для тэхнікі не зусім зручна, аднак... Во так: век жыві — век вучыся. Але хто мог падумаць, што так друж­на адпусціць?

Аляксей Сцяпанавіч стаяў ля акна, курыў, ламаючы галаву, які занятак знайсці да дзевяці раніцы, пакуль ехаць у раён. Заўсёды, калі не занятак яго, а ён шукае занятак, Аляксей Сцяпанавіч адчувае сябе прыгнечана, няўпэуненна, сноўдаецца сам не свой, злуе без дай прычыны.

— Якая ж халера цябе і сёння падняла? — пачуўся бурклівы жончын голас.

«Хм, начынаецца ранішняя гігіенічная зарадка» — надумаў ён, не адварочваючыся ад акна.

Алена Пятроўна заўсёды ўстае тады, як ён пап’е ква­су, закурыць, задуменна гледзячы на вуліцу; і заўжды гаворыць адно і тое ж — «якая халера цябе падняла», гаворыць, абы нешта сказаць, бо даўно змірылася, што няма на свеце такой сілы, якая ўклала б яго назад у ложак.

Аляксей Сцяпанавіч нічога не адказаў — ён прывык не надаваць аніякага значэння гэтаму жаночаму бурчанию.

Алена Пятроўна пстрыкнула выключальнікам — і адразу ж знік досвітак, нібы час імгненна павярнуў назад. Аляксея Сцяпанавіча трохі злуюць, асабліва калі не ў гуморы, гэтыя жончыны звычкі ўставаць у такую рань, асляпляць святлом, звягаваць хоць без злосці, але звягаваць. Пэўна, самае вялікае шчасце мець жонку, якая ўмее трымаць язык за зубамі, не дакучае рознымі нікчэмнымі пытаннямі. Ды, мусіць, мала ёсць такіх на свеце — усё іх бабскае племя ахвотніцы пабалабопіць, памянціць языкам!. Балазе, язык без касцей! Разам з тым Аляксей Сцяпанавіч добра ведае, што грэх яму скардзіцца на сваю старую: і ўстае яна ў такую рань не таму, што ёй так хочацца, а таму, каб ён не дай бог не пайшоў ці не паехау куды не еўшы, і сакатанне яе не мае ні папроку, ні дакору. У іх узросце, калі адшумела маладая кроў, усё ўспрымаецца прасцей і мудрэй.

Моўчкі пакінуў фуфайку, насунуў на босую ногу кірзачы, адкінуў засаўку на дзвярах, ступіў на вуліцу.

Абдало халодным вострым паветрам, якое бывае толькі вясною. Раскіслую за дзень гразь сцяў зверху мароз, яна спружыніста асядала пад пагамі, са звонам храбусцеў шматслойны матавы лядок. Пахла снегавой вадою, бярозавымі дрывамі, яшчэ нечым зябкім, прэлым, вясновым.На душы было неспакойна, гняло нешта цьмянае, як набліжэнні хваробы, а што — сам дзівіўся.

Чаго ж гэта выклікаюць у раён? Мала чаго могуць паклікаць! Бы першы раз клічуць! Але ўсё ж чаго? Мо зноў па структуры пасяўных плошчаў? Падсунуць яшчэ гектараў пяцьдзесят цукровых буракоў — во і круціся-выкручвайся, таварыш Кунцэвіч! Быць таго не можа, каб зноў пачалі ламаць — усё думана-перадумана, гаворана-абгаворана... А мо клічуць, каб даць за што наганяй? Але за што? Здаецца, няма за што. Тэхніка гатова, насенне праверана ў лабараторыі — эліта, першы клас. Угнаенняў не вывезлі... Але хто іх вывез? Мо за малако? Ды «заплюсавалі» па малаку ў апошнюю дзесяцідзёнку, добра «заплюсавалі»! I па мясу план закрылі... Хоць, на добры розум, трэ было яшчэ пакарміць бычкоў, дацягнуць да кілаграмаў трохста сямідзесяці. За месяц і набралі б — кармоў хапае. Па рублёў сто на кожнай галаве згубілі. Шкада, канечне... Але з другога боку — каму якое дзела, што ў Кунцэвіча кармоў удосталь і ён можа па сто рублёў на кожнай галаве мець? Трэба, каб мяса было. Ёсць квартальны план, ёсць графік здачы — і будзь добранькі, выконвай! Гэта і правільна: трэба, каб і мясакамбінат працаваў рытмічна, і мяса ў любы час на прылаўку было. Хоць мо і разумней, каб перагледзелі графік: хай здаваў бы цяпер той, у каго кармоў няма. Напрыклад, Сурміла. Ён ужо з месяц, як косіць дугою. Калі закосіш дугою — не да прываг, тут хоць бы скаціна дух не паспускала. Во гаспадар! А яшчэ кандыдат навук!

Кунцэвіч недалюблівае старшыню суседняга калгаса «Гігант» Сурмілу, дзе толькі можна пацвельваецца, падкусвае яго, а той аж чарнее ад злосці. Аляксей Сцяпанавіч і сам толкам не ведае, чаго даўся яму гэты Сурміла. Пэўна, праз Сурмілаву ганарыстасць, сверб пабалабоніць з трыбуны, высоўвацца з рознымі ініцыятывамі. Летась ва ўсе званы званіў, што збярэ на круг па сорак цэнтнераў збожжа. Ды лыткі тонкія, каб па сорак цэнтнераў узяць — ледзьве па дваццаць сабраў. Другі ад сораму згарэў бы, прыкусіў бы язык, сядзеў бы ніжэй травы, цішэй вады, а яму — хоць бы што! Нейкіх «аб’ектыўных» прычын навыдумляў, зноў ходзіць, адкапыліўшы губу, начапураны, як індык, зноў кулакамі ў грудзі б’е: па чатыры тысячы кілаграмаў малака ад каровы надаю! Раўняйцеся на мяне! Каб ты так жыў, як надоіш па чатыры тысячы! Зрэшты... Ат, што казаць, пустая бочка заўжды грукату дае... Адно дзіва: ніяк не раскусяць гэты арэх-свістун. Глядзі, чаго добрага, высунуць у яшчэ большае начальства. А бывае, што такія спрытнюгі і пралазяць. Потым, праўда, спахопяцца, шукаюць — знайсці не могуць зачэпку, каб скалупнуць: выпівае ў меру, з чужымі кабетамі не падгульвае — паспрабуй падкапайся...

А мо дарма ён чапляецца да Сурмілы? Дрэнь, калі суседзі — як сабакі. Кожны жыве як знае. Сурміла малады, вучоны — яму трэба выбівацца ў людзі. Таму і шуміць, як вятрак. Каб не было каму слухаць, то і не шумеў бы... Але што табе да таго? Сурміла ў твае справы не соваецца, і ты не лезь са сваімі правіламі ў чужы манастыр. 3 якой гэта ласкі табе не дае спакою Сурміла? Мо зайздросціш яго вучонасці? Хм... Было б каму зайздросціць! Што ж, хоць і грамаці малавата, але не ён, а вучоны Сурміла косіць дугою... А фанабэрыі колькі! Праўду кажуць: фанабэрыі ў чалавека роўна столькі, колькі розуму не хапае. Розум, ён з кніжкамі не даецца... А мо і даецца — халера ж яго ведае... Цяпер усе вучацца, але хай павучыўся б тады... Ваяваць, а потым хлеб вырошчваць трэ было, а не пра інстытуты думаць... Хоць, канечне, калі ён, Кунцэвіч, не думаў, то гэта не значыць, што ніхто не думаў. Былі такія, што і хлеб вырошчвалі, і інстытутаў не цураліся. Далёка глядзелі. А ён? Капаўся, як крот, а зірнуў на свет — позна. Ат, што шкадаваць, чаго не вернеш!

Збочыў да плота — і яшчэ гусцей захрабусцеў над нагамі бледна-слаісты лядок. Акурат шкло, акурат тады ў Берліне — бліснула раптам нечаканая думка,— і перад вачыма ўстала выразна тая берлінская вуліца, усланая бітым шклом. Хоць, вядома, было тады не да нейкага шкла, але, як сёння памятае, перад вачыма ўстаў бацька: з маленькіх аскельчыкаў збірае шыбу — пры Польшчы шкло не так проста было дастаць і каштавала яно немалыя грошы. I было неяк не па сабе, што пад салдацкімі ботамі разлятаюцца з трэскам кавалкі на паўвітрыны, якія нейкім цудам не паразбіваліся, падаючы на тратуар.

Кунцэвіч усміхнуўся гэтаму нечаканаму ўспаміну і шпарчэй пакрочыў да хлява. Адчыніў дзверы — адразу ж абдало цеплынёй. На ногі ўскочыла пярэстая карова, даверліва памкнулася да яго мокраю пысаю. Пачухаў у ямцы між рог, карова ці то ад задавальнення, ці то ад нецярплівасці бушліва пакруціла галавою і зноў памкнулася пысаю, лізнуўшы руку шурпатым языком.

— Зараз пакармлю,— лагодна сказаў Аляксей Сцяпанавіч і рушыў да гумна наскубці ахапак канюшыны. Ка­рова высунула галаву ў дзверы, уважліва і нецярпліва сачыла за ім сваімі вялікімі неспакойнымі вачыма, у якіх гарэла, адбівалася святло веснавой раніцы.

Як толькі кінуў у жолаб канюшыну, з кутка ўскочыў цыбаты, такі ж, як і карова, пярэсты цялюк, тыцнуўся да жолаба, палахліва рвануў убок, растапырыўшы ногі, падазрона і недаверліва ўставіўся на чалавека, яшчэ раз скокнуў убок, тут жа забыўся на ўсё, укленчыў, прыпаў да вымя, весела і задаволена віляючы хвосцікам.

— I дулю ён табе пакіне! — усміхнуўся Аляксей Сцяпанавіч, уяўляючы, як пабурчыць жонка, калі прыйдзе сюды з даёнкаю.— Пацешся, пацешся, заўтра адсаджу — бач, які бугай стаў!

Аляксей Сцяпанавіч з замілаваннем глядзеў на гэтую звычайпую ідылію, і ў душу яго стаў усяляцца спакой, разважлівы, самавіты. Але спакваля падкрадвалася нешта большае, значнае.

А як там на ферме?.. Мо ўсё ж пад’ехаць, паглядзець?

У яго не было асаблівай трывогі за ферму — Адась управіцца, калі што. Бывае, па пяць ацёлаў за ноч прымае, а тут адну, вядома, не правароніць. Лепш за якога лекара ўпраўляецца. Заатэхнік спачатку на час ацёлаў пакідаў дзяжурную даярку, але Адась заўсёды адпраўляў яе дадому, потым і заатэхнік змірыўся з гэтым «непарадкам»... Адасю падабаецца прымаць ацёлы, але заўсёды лаецца, мацюкаецца, асабліва калі даяркі пачынаюць пацвельвацца — «каровіна акушэрка». Адась не разумее ніякіх жартаў, крычыць на ўсю ферму:

— Ы-ых вы-ы... Ялаўкі, ідры вашу такую!..

— То мо ты ўзяўся б за гэтае дзела? — рагочуць жанчыны, падступаючы бачком да Адася.

— Ы-ых вы, растакую вашу матары! — заходзіцца Адась.— I нагі маёй не будзе тут! Самі акушэрце!

— Ну-у, што-о ты, Ада-ась...— пачынаюць падлізвацца даяркі.— Які гілос на цябе напаў...

— Я табе дам гілос! — пагрозліва наступав той, размахваючы кульбаю.

Даяркі з піскам і рогатам разбягаюцца хто куды, і Адась трохі супакойваецца.

А ўвогуле ён чалавек добры і мяккі, клапатлівы і няўрымслівы, хоць часам падобны на наравістага каня: увапрэцца — хоць ты дручком паганяй! Яго дзівацтвы, асабліва мацюкі, пагрозы, ніхто ўсур’ёз не прымае — як заводзіцца, так і адыходзіць. Такі ён і на ферме, дзе ўжо гадоў дваццаць вартаўніком, такі і дома — вечныя крыкі...

Рашэнне паехаць на ферму зусім супакоіла Аляксея Сцяпанавіча. Але на чым ехаць? Успомніў, што машыну не загнаў звечара па панадворак: загадаў шафёру, каб рыхтаваў да паездкі ў раён.

Звычайна ён сам водзіць машыну, заязджае на ноч «козлікам» на панадворак — калі захацеў, тады і паехаў. Летась набылі новую «Волгу», але за руль «Волгі» сядаць не рашаецца — машына далікатная і не для сельскіх дарог. I выганяюць з гаража толькі тады, калі трэба ў горад, і то па добрай дарозе. Шаферу гэта не падабаецца. Праўда, маўчыць. Ён і ўчора ўгаворваў ехаць на «Волзе». Яму абы праехаць з шыкам. За адзін раз гатовы дабіць машыну. А што яму! Даб’е — калгас новую купіць. Калгас для яго бяздонная бочка. Не-е, не сялянскага заводу гэты хлопец, хоць і вырас у вёсцы. Пашвэндаўся па свеце, а дабра-розуму так і не набраўся...


2


Начальнік райсельгасупраўлення Іван Віктаравіч Лазовік не знаходзіў сабе месца, усё валілася з рук. Яму не раз даводзілася гаварыць людзям не дужа прыемныя рэчы, куды больш непрыемныя, чым тое, што зараз трэба сказаць Кунцэвічу, і ніколі асабліва не цырымоніўся. Ён ведаў, перакананы быў, што трэба іменна так, а не інакш, і сумленне было спакойным. Зараз такога спакою не было. Ён разумеў, чаму няма спакою, і гэта садніла яшчэ больш...

Колісь пасля інстытута Лазовік чатыры гады адпрацаваў у «Забор’і» аграномам. Праўда, гэта было даўно — гадоў пятнаццаць таму назад. Але і па сённяшні дзень, калі сам паспеў пастаршынстваваць, пабыць начальнікам райсельгасупраўлення, бы нічога і не змянілася між ім і Кунцэвічам. Іх адносіны наўрад ці можна назваць дружбаю, але і простым знаёмствам не назавеш таксама. Гэтыя адносіны падобныя на адносіны старога настаўніка і былога вучня, які ў нечым пайшоў далей за свайго настаўніка. Кунцэвіч на людзях трымаецца на «вы», што заўсёды бянтэжыць Лазовіка, разам з тым ён удзячны старому, бо і ў вочы, і за вочы шмат хто, Радзевіч у тым ліку, на­зывав іх адносіны «асобымі». Дзівакі людзі! Хіба ён патурае, робіць хоць якія паслабкі Кунцэвічу?! Мо якраз наадварот... Кунцэвіч і сам не хоча ніякіх скідак-паслабак і, калі сумленна, для раёна робіць больш, чым хто. Якія ж тут «асобыя» адносіны?!

У кабінет зайшла начальнік планава-фінансавага аддзела, немаладая хударлявая жанчына са стомленымі ва­чыма.

— Ну, як там у вас, Святлана Васільеўна? — узрадавана спаткаў яе Лазовік.— Ці скора? — Голас яго быў затрывожаны, умольны.

Жанчына моўчкі паклала на стол стос паперак, спісаных слупкамі лічбаў, графікамі, паглядзела на яго спакойна і стрымана:

— Падлічваем, Іван Віктаравіч. Вы ж самі ведаеце...— I таропка пайшла да дзвярэй.

Канечне, ён ведаў, выдатна разумеў, што планавікі робяць амаль немагчымае — на такія разлікі патрэбны тыдні два, ну, дзён дзесяць, а тут... Пасля таго як учора па яго заданню быў аб’яўлены аўрал, планава-фінансавы аддзел сядзеў усю ноч, людзі ледзь з ног не валяцца ад стомы. А што рабіць?! Адпачнуць потым. Да прыезду Кунцэвіча трэба, каб усё было гатова. Болей таго — неабходна яшчэ паспець з разлікамі ў райком партыі...

Лазовік прагна накінуўся на паперкі, і для яго на нейкі час, апроч іх, перастала існаваць усё на свеце. Ён чытаў, нешта падкрэсліваючы, ставіў пытальнікі, клічнікі, і твар яго то праясняўся, то хмурнеў — было відаць, што ў разліках нешта не клеіцца ці зрабілі не тое, чаго хацеў. I пачынаў зноў і зноў звязвацца з планавікамі па селектару — прасіў удакладніць, разлічыць па іншых параметрах, даваў новые заданні, умольваў паскорыць работу, ловячы сябе на тым, што патрабуе немагчымага.

Прачытаўшы паперкі, адклаў іх убок і раптам адчуу, што і сам стомлены — усю ноч таксама не самкнуў вачэй. Каб трохі ўзбадзёрыцца, захадзіў па кабінеце, стаў рабіць нешта накшталт гімнастыкі, але скора ўсё гэта абрыдла.

I за якія гэта грахі прыдумалі яму такую кару! Хай клікаў бы Кунцэвіча і гаварыў усё сам Радзевіч. Ён першы сакратар, гэта, у рэшце рэшт, яго ідэя — хай і даводзіў бы да канца! Ці даручыў бы Чыжэўскай альбо Дзевяценю. Бы не ведае...

Гэтая думка прыходзіла не першы раз, але тут жа тухла, выцяснялася іншай — больш разважлівай і разумнай. Яно, канечне, так: Чыжэўскай альбо Дзевяценю было б зручней... Вядома, Чыжэўская спала б спакойна. Хто ёй Кунцэвіч? Кадр з няпоўнай сярэдняй адукацыяй, ад якога трэба збаўляцца як мага хутчэй. А Дзевяценя — чалавек у раёне новы... Так што гэта і добра, што гутарыць з Кунцэвічам даручылі яму, Лазовіку. Хто, апроч яго, дакажа памылку? Не-е, гэта глупства, што ўстарэў Кунцэвіч! Ды паглядзелі б, якія кніжкі ў старога на паліцы! Не ўсякі аграном, заатэхнік, інжынер такое чытае. I ў кожнай — паметкі, закладкі. У рэшце рэшт, хіба Кунцэвіч правальвае справу?! Хіба ў яго горш, чым у іншых? Наадварот. А гэта важней за ўсё... Быць такога не можа, каб Радзевіч не падумаў, каб яго не пераканалі разлікі!

А калі не пераканаюць? Як сказаць старому? Вачэй-то не пазычыш...

Глянуў на гадзіннік: стрэлка няўмольна набліжалася да адзінаццаці — вось-вось павінен з’явіцца Кунцэвіч, а разлікі яшчэ не гатовы. Устаў з крэсла, нецярпліва захадзіў па кабінеце...

Эх, каб можна было пачакаць хоць з дзянёк! Толькі адзін дзянёк! Не дасць Радзевіч...

Нехта няўмела паскрэбаўся ў дзверы — і ў Лазовіка апала сэрца: канечне ж, гэта Кунцэвіч... Адзін стары не можа ніяк прывыкнуць, што дзверы ў кабінеце адчыняюцца не на сябе, а ад сябе, і кожны раз абавязкова паскрэбаецца, потым пабурчыць: рукі трэба паадбіваць такім майстрам...

Цяпер ён чамусьці прамаўчаў, быў заклапочаны, насцярожаны, і першае, што цюкнула Лазовіку: а ці не ведае ён пра ўсё? Гэтая згадка і збянтэжыла, і ўзрадавала адначасова, змусіла раптоўна замітусіцца, з незвычайнай ветлівай паслужлівасцю прапаноўваць старому крэсла, але праз хвілiну схамянууся, зразумеушы, наколькі недарэчная гэтая яго ліслівая гасціннасць...

Кунцэвіч глянуў дапытліва, трохі насмешліва, хацеў нешта сказаць, але прамаўчаў. Павагаўшыся, сеў на прапанаванае крэсла, па звычцы паклаўшы на калені свае цяжкія агрубелыя рукі. Яшчэ раз глянуў дапытліва, падміргнуў паблажліва, загадваючы вачыма: то давай-давай, слухаю...

Было падобна, што на самай справе ён ведае і зараз намерыўся выпрабаваць яго, Лазовіка. Івана Віктаравіча кінула ў пот. «Але адкуль мог даведацца стары? — свідравала думка.— Мо па тэлефоне сказалі Радзевіч ці Чыжэўская? Маглі пазваніць учора вечарам ці сёння зранку... Гэта б і добра было, каб стары пачуў не ад яго, падрыхтаваўся...»

— Ну дык што там, Іван?

I Лазовік адчуў, што ў яго стала дранцвець усярэдзіне. Было такое адчуванне, быццам вось-вось давядзецца ступіць у ледзяную ваду — аж дух займала. Трэба было нешта гаварыць, а патрэбныя словы прапалі, тыя ж, што круціліся бязладным роем, зараз здаваліся нетактоўнымі, недарэчнымі...

Маўчанне, між тым, рабілася няветлівым, нават гнятлівым.

Лазовік, нарэшце, сабраўся з духам і пачаў здалёк — пра дружную і раннюю вясну, незвычайна цёплую для сакавіка пагоду. Добра, што ёсць на свеце гэтая на ўсе выпадкі жыцця тэма-выручалачка!

Кунцэвіч сядзеў засяроджаны, для прыліку слухаў, а сам гадаў: якую ж задачку зараз падкінуць? Паклікалі, вядома, не для таго каб пагаманіць пра вясну ды пагоду. Гэта толькі запевачка... А задачку, па ўсім відно, падкінуць няпростую: калі начальства пачынае паддобрывацца, абходжваць, як паненку, значыць, яму нечага ад цябе трэба, значыць, чакай непрыемнасцей... Во зараз падсуне яшчэ гектараў пяцьдзесят цукровых буракоў — і чухай патыліцу, круці-выкручвайся, паважаны таварыш Кунцэвіч. Здурэць можна — куды ўжо тыя буракі! I так, лічы, па гектару на бабу выходзіць. Не-е, нізашто! Hi гектара, ні соткі! Нізашто!.. Усё спланавана, кожны кавалачак зямлі на ўліку... А мо і не пра буракі будзе прасіць? Мо ў раёне план па мясу не складваецца... Выручай, скажа, прадавай бычкоў у лік другога квартала... А больш ты нічога не хацеў?! Што гэта, зрэшты, браце мой, за парадак: гарыць план па раёне — зладзіліся да Кунцэвіча: здавай, Кунцэвіч, выручай, Кунцэвіч. А ў якую капеечку ўсё гэта вылятае Кунцэвічу — хто думае?! Досыць! Кунцэвіч выканаў і перавыканаў, колькі мог, свой план, Кунцэвічу відней, калі і што прадаваць. Во, хай Сурміла свой план выконвае. А то як залезе на трыбуну — ого, які зух, а цяперака...

Ён сачыў за Лазовікам сваімі хітрымі выцвілымі вачыма, рыхтаваўся энергічна пярэчыць, пратэставаць, разам з тым... памалу прывыкаў, што ў яго, мусіць, не хопіць ні настойлівасці, ні сумлення адмовіць Івану, калі той хораша папросіць. Плакалі, пэўна, твае бычкі, таварыш Кунцэвіч... Ну і халера з імі — трэба ж выручаць... Мусіць, прыпякло, калі просяць. I начальству бывае нясоладка, дастаецца на арэхі, яшчэ як дастаецца...

— Ды не круці ты, не пятляй, як заяц, прама кажы...

Лазовік і сам разумеў, што гуляць з Кунцэвічам у жмуркі — несур’ёзная забаўка, стары на метр у зямлю бачыць, аднак язык не паварочваўся сказаць... А мо пакуль што нічога не гаварыць? Папрасіць, каб зайшоў пад вечар... Тым часам будуць гатовы разлікі, пакажа іх Радзевічу, збярэцца бюро — мо і патрэба адпадзе...

— Аляксей Сцяпанавіч, давайце адкладзём гутарку да вечара...

Ды не-е-е, браце мой! У мяне часу няма сноўдацца без дзела да вечара. Гавары ўжо, калі паклікаў...

Лазовік добра ведаў Кунцэвіча — сапраўды, чакаць да вечара ён не будзе і, увогуле, не выйдзе нізашто з кабінета, пакуль не даведаецца.

— Аляксей Сцяпанавіч...— і запнуўся, спалохаўшыся свайго голасу.

— Без цябе ведаю, што Аляксей Сцяпанавіч!..— нахмурыўся Кунцэвіч.— Кінь, браце мой, гэтыя свае дурныя заласкі — я табе не паненка якая...— Паглядзеў хітра. — Ды можаш ты, урэшце, сказаць па-чалавечы? — I падахвоціў: — Трэба — значыць, трэба...

Лазовік разумеў, што ўхіліцца ці перанесці на потым гэтую дужа непрыемную размову ўжо немагчыма, і паніклым голасам сказаў:

— Тут плануецца аб’яднаць вас з «Гігантам»...— і, сам таго не жадаючы, схлусіў: — Але не ўсё яшчэ вырашана...

— I ўсяго толькі? — здзівіўся Кунцэвіч. Адчувалася, да яго не адразу дайшоў сэнс гэтага аб’яднання, але не прайшло і некалькі секунд, як твар яго стаў змрачнець.— Аб’яднаць нас з Сурмілам, кажаш?..

Цяпер, калі сказана галоўнае, Лазовік адчуў невялікую палёгку.

— Калгасік у вас маленькі — усяго тры з паловай тысячы гектараў... Ды і «Гігант» — таксама...— зноў запнуўся, злавіўшы сябе на прыкрым: а гаворыць жа чужымі словамі...

Кунцэвіч, сам не ведаючы чаго, устаў, потым зноў сеў, ледзь сунімаючы хваляванне... Во як нечакана ўсё сталася, з горыччу думаў ён. Так нечакана... Хоць, калі разабрацца, якая тут нечаканасць? Позна ці рана, а ўсё роўна некалі мусіў наступіць час. У вёсцы спрадвеку было: бацька перадаваў гаспадарку ў сынавы рукі. Зараз, вядома, калгасы, дакладней — старшынскія пасады, не перадаюць сынам у спадчыну, але ўсё роўна бярэцца нехта маладзейшы...

Па праўдзе кажучы, Аляксей Сцяпанавіч даўно падумваў пра свой непазбежны адыход ад старшынскіх спраў, і гэта ўспрымалася спакойна, як належнае. Хвалявала адно: каму, у чые рукі перадаць сваю справу, сваю спадчыну, каб з пачуццём выкананага абавязку ціха дажываць гады, адлічаныя няўмольным лёсам. Абы толькі ў калгасе з’яўляўся талковы малады спецыяліст, пачынаў па-асабліваму пільна прыглядацца да яго, узважваючы ўсе «за» і «супроць», і, калі на некага падаў выбар, прыбліжаў, вучыў, рабіў, што мог, каб мацнелі ў палёце маладыя крылы. Але заўсёды здаралася так: ледзь-ледзь спрабуе малады свае крылы, як знаходзяцца купцы-ганцы... Лазовік, Жылінскі, Сурмач, Ясько і, нарэшце, Цярэшка, якога толькі летась забралі на «Светлы шлях»...

Прыгадалася, як ваяваў, не хацеў аддаваць Цярэшку — бы душа чула. Угаварылі: ёсць час, паспееш яшчэ падрыхтаваць сабе змену... Во як паспеў!.. Канечне ж, нізашто не адаў бы Цярэшку, лепш сам пайшоў бы ў адстаўку, каб не думаў... А думаў: праз пару гадкоў мо з Апанасавага Валодзькі толк будзе. Хоць наўрад ці з Валодзькі толк будзе — шалапуцісты, халера, не ў бацьку ўдаўся. Шкада, што не ў Апанаса пайшоў... А мо каб ажаніць, паварыць пару гадкоў — глядзіш, і пасталеў бы, прапала б гэтае дзяцінства? Хто яго ведае... А кемлівы як аграном, зямлю ведае і любіць. I, апроч усяго,— свой, гэта лепей, чым які заезджы...

I яшчэ была ў Аляксея Сцяпанавіча адна патаемная надзея — праз год канчае інстытут старэйшы сын Сцяпан. Вядома, каб заступаў Сцяпан — няёмка, нясціпла, гэта толькі ў кіно бывае... Аднак, хай пабыў бы нейкі час пад бацькавым наглядам, пацёрся сярод сваіх людзей...

Але, бадай, горай за ўсё было зараз, што здарылася гэтак знячэўку, зусім не так, як уяўлялася, як думалася. А думалася: прыедзе некалі ў райком і скажа: дарагія таварышы, пастаршынстваваў я нямала, састарыўся, трэба і меру ведаць. Прашу на заслужаны адпачынак. Во, падрыхтаваў сабе змену, хай бярэцца ён, малады...

А сталася тое, чаго больш за ўсё баяўся — дачакаўся, што паклікалі і сказалі: саступай, стары корч... Правароніў свой час, той момант... Гэтыя два гады, што засталіся да шасцідзесяці, завялі ў зман... I няма ні зменшчыка, ні ўрачыстасцяў... Нічога няма. Усё забярэ з малатка нейкі Сурміла...

— А ці ўсё вы прадумалі? — насцярожана глянуў на Лазовіка.— Ці не давядзецца як зводзіце, так і разводзіць пасля? Як тады... Ты ж помніш...

Вядома, Лазовік добра памятае... Гэтага нельга забыцца.

У самы разгар кукурузнага буму Кунцэвіч не проста так, а з трыбуны асмеліўся сказаць такое, пра што не дазвалялася нават думаць: і не збіраюся чатырнаццаць працэнтаў зямлі займаць пад кукурузу, нізашто не стану заворваць канюшыну!

То была немаведама якая дзёрзкасць. Лупцавалі на той нарадзе «злоснага антыкукурузніка», як сідараву ка­зу. I ў дадатак да ўсяго праз тыдзень у раённай газеце з’явіўся фельетон, злы, разносны, абразлівы — на ўсю старонку. Ды яшчэ малюнкі. Асабліва адзін: стаяць Кунцэвіч і ён, Лазовік — галоўны аграном,— на каленях перад партрэтам Вільямса, на лысай галаве якога вяночак з канюшыны і цімафееўкі, бы німб у святога апостала, масіўная рама аздоблена гірляндамі з сырадэлі і вікі, адзін, закаціўшы вочы, хрысціцца на гэты партрэт, другі — паклоны б’е. I подпіс: «Заборскія травапольшчыкі». I сёння Лазовік беражэ тую газету, каб пад добры настрой пацешыць знаёмых. Аж за жываты бяруцца. I праўда — смешна. Тады было не да смеху... Кунцэвіча прагналі са страгачом, нават брыгаду не даверылі, а яго, Лазовіка, як «травапольшчыка-падпявалу», разжалавалі з галоўнага ў аграномы-насенняводы. Да «Забор’я» далучылі дабіты да ручкі, але багаты кукурузнымі традыцыямі суседні «Светлы шлях», кіраваць калгасам прыслалі намесніка старшыні райвыканкома Баранава, чалавека гарадскога, але непахіснага кукурузніка, аратара высокага класа. Пepшае, што зрабіў новы старшыня, гэта запрасіў карэспандэнтаў, сабраў мітынг, сказаў палымяную прамову і тут жа эагадаў трактарыстам заворваць канюшыну, якая ужо бралася ў сцябло. Пад «каралеву палёў» Баранаў заняў аж дваццаць пяць працэнтаў пасяўных плошчаў, і гэта лічылася вялікай перамогай, небывалым дасягненнем, пра якое пісалі ўсе газеты, аж захлёбвалася ад захаплення радыё. Баранаў паспеў «вырасціць» па тысячы цэнтнераў кукурузы на гектары, зарабіць за гэты «рэкорд» ордэн, а напрадвесні ад бяскорміцы пачаўся падзёж жывёлы...

А потым... А потым быў кастрычніцкі, затым — сакавіцкі пленумы ЦК...

Баранава паціху пераставілі на аддзел культуры, калгас зноў падзялілі на два, паспісвалі даўгі. Успомнілі пра Кунцэвіча — абралі старшынёю ў «Забор’і», і яго, Лазовіка, таксама вярнулі на старое месца. Праўда, ненадоўга — праз паўгода рэкамендавалі старшынёю ў «Светлы шлях»...

— Не-е, Аляксей Сцяпанавіч, цяпер нельга раўняць...— энергічна запярэчыў Лазовік.— Што было — то з вадою сплыло...

— Яно, канечне, з вадою сплыло...— згадзіўся Кунцэвіч.— Цяперака раўняць нельга... Паразумнелі, да вёскі павярнуліся. Такога клопату, такога жыцця, браце мой, селянін яшчэ ніколі не меў — гэта факт. Але і бесталкоўшчыны яшчэ — ой-ёй-ёй! Ну, скажы, чым ваш Сурміла лепшы за Баранава? — I, не дачакаўшыся адказу, цяжка ўздыхнуў: — Мо яшчэ і горшы... А крыўдна, Іван, што трапіць усё да Сурмілы. Зноў, лічы, кату пад хвост...

Лазовіку і самому было крыўдна і горка, але не пра гэта даручылі яму гаварыць з Кунцэвічам... Да-а-ручы-ылі... Усміхнуўся кісла і адчуў, што на яго зноў находзіць нейкая няўтульная ўзрушанасць. Даручылі... А калі ён не згодзен, прынцыпова не згодзен з тым, што даручылі?! Чаму павінен маўчаць, чаму павінен згаджацца?! З якой гэта ласкі, у рэшце рэшт, павінен крывіць душою, быць не самім сабой?.. А што ён можа зрабіць? Ёсць рашэнні бюро, ёсць партыйпая дысцыпліна... Партыйная дысцыпліна... А калі бачыш памылку, калі бюро дапусціла відавочнуго памылку?.. Гэта ён так лічыць, а тыя, хто галасаваў за рашэнне, інакш думаюць... I ён мусіць падначаліцца, прыняць думку большасці... Значыць, падтрымаць памылку... А сумленне? Калі сумленне не хоча мірыцца?.. Мо яно, сумленне, і ёсць найважнейшая партыйная дысцыпліна. Мо партыйная дысцыпліна і заключаецца ў тым, каб не маўчаць, а насуперак фармальнай большасці даказаць, прадухіліць памылку... Але ж учора нічога не даказаў... То было ўчора, учора не быў гатовы, знячэўку пе паспеў і падумаць як след... Чаму, зрэшты, такія пытанні рашаюцца знячэўку, без папярэдняга абдумвання? Чаму абышлі начальніка райсельгасупраўлення? Не-е, канечне, так нельга ставіць пытанне — уласпыя амбіцыі дрэнны дарадчык. Трэба быць вышэй за ўласныя амбіцыі, глядзець у сутнасць... А калі глядзець у сутнасць, то, вядома, у прынцыпе Радзевіч мае рацыю — узбуйненне гаспадарак — аб’ектыўны працэс, і тармазіць яго бязглузда. Але хіба ён супроць узбуйнення? Ён прынцыпова супроць таго, как пароць спешку, рабіць з бухты-барахты...

— Аднаго не вазьму ўцям: па якую трасцу спатрэбілася заварваць гэтую кашу, на вясну гледзячы? — нібы прачытаў яго думкі Кунцэвіч.— Гарыць, ці што? Далі б з сяўбою аходацца...

Лазовіка аж скаланула: менавіта гэта ён сам учора гаварыў на бюро! Ускочыў, як уджалены, з крэсла, нецярпліва захадзіў сюды-туды, здавалася, забыўшыся пра Купцэвіча... Ехаць у абком, думаў ён, а калі спатрэбіцца — у ЦК. Бюро райкома — не апошняя інстанцыя... У абкоме разбяруцца, хто памыляецца...

Ён амаль пераканаў сябе, што трэба ехаць неадкладна, мо нават сёння, але праз хвіліну заўважыў, як прабіваецца другі, цвярозы, разважлівы голас: не кіпяціся, узваж усё спакойна. Падумай, напрыклад, як успрымуць такі дэмарш Радзевіч, іншыя члены бюро? Сам ведаеш як...

Ну і хай сабе! Ісціна даражэй за усё...

Значыць, ехаць спадцішка, бы скардзіцца?.. I нейкі агідненькі, азызлы страх стаў падымацца з глыбіні душы, пакідаючы прыкры астой, і дзёрзкае, разумнае рашэнне, якім яно здавалася яшчэ хвіліну назад, пачынала блякнуць, губляць сваю разумнасць...

Не! Калі ехаць, то пагаварыўшы з Радзевічам. Мо, пагаварыўшы, і ехаць не спатрэбіцца... Калі ехаць, то ехаць па-саліднаму, вычарпаўшы ўсе магчымасці на месцы...

«Чаго гэта ён? — назіраючы за Лазовікам, здзівіўся Кунцэвіч.— Пэўна, браце мой, сам бачыць, што не туды павярнулі аглоблі...» — Хацеў нешта сказаць, але стрымаўся: хай сабе падумае...

Лазовік па-ранейшаму таропка хадзіў па кабінеце, намагаючыся супакоіцца: усё будзе добра, быць таго не можа, каб Радзевіч не зразумеў, каб яго не пераканалі эканамічныя разлікі! Праўда, разлікі далёка не такія, якія хацелася б мець, але ўсё роўна... Перад эканамічнымі разлікамі Радзевічу не ўстаяць... Сёння дэталёва і грунтоўна абдумана, што гаварыць і як гаварыць...

Разам з тым зноў і зноў прыгадвалася ўчарашняя Радзевічава рашучасць, непахісная, упартая, і са страхам стаў заўважаць, як пакрысе ўбывае, знікае яго былая ўпэўненасць дамагчыся адмены ўчарашняга рашэння... Не! I яшчэ раз не! У яго цяпер такія доказы...

Але і Радзевіч, пэўна, не сядзеў склаўшы рукі...

I раптам ці то ад патрэбы ўзнавіць размову з Кунцэвічам, якая так няёмка заглухла, ці то ад неадольнага жадання ўзбадзёрыцца, набыць былую ўпэўненасць перад сустрэчай з Радзевічам цюкнула нечаканая, трохі недарэчная, трохі гарэзлівая думка: а што, калі ўчарашнія Радзевічавы аргументы апрабаваць, праверыць на Кунцэвічу? Цікава, што скажа стары? Глядзіш — нешта спатрэбіцца для размовы ў райкоме...

Праўда, штосьці падсвядомае стрымлівала, супраціўлялася: брыдка, нетактоўна, але, павагаўшыся, перасіліў сябе:

— Аляксей Сцяпанавіч, а ці не думаеце вы, што таму і трэба фарсіраваць аб’яднанне калгасаў, каб паспець управіцца да палявых работ?

Менавіта гэта сказаў учора Радзевіч, калі яны з Антоненкам даказвалі, што аб’яднанне разладзіць палявыя работы, і зараз спадзяваўся, быў перакананы, што Кунцэвіч скажа прыкладна тое, што гаварылі яны з Антоненкам, а мо знойдзе нешта яшчэ больш разумнае, мудрае, як гэта заўсёды ўмее стары, аднак памыліўся.

Кунцэвіч няўцямна паціснуў плячыма, падумаў і разважліва сказаў:

— А мо яно і праўда: калі ўжо рабіць, то рабіць ад­разу, браце мой, без лішняй важданіны. Як ты не скрывай, а людзі ўсё роўна даведаюцца — шыла ў мяшку не ўтоіш... Сам разумееш, якая будзе работа, калі ўсе наўкол пачнуць чакаць, як смерці...

— Вы так думаеце? — сумеўся Лазовік.

— А што мне загадаеш думаць? — незадаволена буркнуў стары, даючы знаць, што такая размова яму не дужа падабаецца.

Лазовік зніякавеў, збянтэжана сеў на месца, не ведаючы, як быць далей. Каб не маўчаць, вяла, трохі вінавата сказаў:

— А ўсё ж цеснавата на трох з паловай тысячах гектарах. Адзін комплекс...

— Цеснавата, кажаш? — ажывіўся Кунцэвіч.— Хм, гэта, мусіць, у Сурмілы замулялі боты...— Не ведаў, куды падзець рукі, паклаў на стол, нервова барабанячы пальцам!.— Хацеў бы паглядзець, як ён збіраецца ўправіцца з такой аграмадзінай... Гэта ж добрых пяцьдзесят вёрст з канца ў канец! Як гной вывезці ў такую далеч? Як тэхніку пазаганяць, людзей на работу і з работы даставіць, калі ніводнай людскай дарогі няма? Якая ж тут эканамічная выгода? Адны ўбыткі... Папомніш мяне, старога дурня: паплыве гной і жыжка з таго комплекса ў раку, дальбог паплыве! Мы з Цярэшкам мо і не далі б змарнаваць, каб быў той комплекс кааператыўны... Скажы, а чаго перадумалі будаваць яго кааператыўна? Думаеш, аддаваць аднаму Сурмілу разумней?

I пра гэта гаварыў на бюро Лазовік, але ўчора ў яго не было разлікаў...

«Ды дзе ж разлікі?! — схамянуўся ён.— Чаго яны марудзяць?»

Нецярпліва, трохі раздражнёна націснуў на клавішу селектара, амаль умольна сказаў у мікрафон:

— Святлана Васільеўна, ну, што там у вас? Ці скора-а?..

— Нясу, Іван Віктаравіч,— прахрыпела ў дынаміку.

Праз хвіліну яна зайшла ў кабінет і з палёгкаю ска­зала: — Ну, вось, здаецца, і ўсё...

Лазовік амаль выхапіў у яе з рук паперы, заклапочана накінуўся на іх, праз хвіліну схамянуўся:

— Дзякуй, Святлана Васільеўна... Вялікі дзякуй вам усім. А цяпер ідзіце адпачываць.

— А мо яшчэ што спатрэбіцца? — няўпэўнена запыталася яна.

— Не, ідзіце адпачываць. Дзякуй, вы зрабілі ўсё, што маглі...— рашуча сказаў Лазовік і паглыбіўся ў чытанне.

Кунцэвіч уважліва сачыў за ім, не ўсё яшчэ разумеючы, хацеў быў нешта запытацца, але не рашыўся замінаць — па ўсім бачна, паперы важныя і, мусіць, маюць дачыненне...

Прагледзеўшы апошнюю старонку, Лазовік задумаўся, устаў з-за стала, узрушана сказаў:

— Аляксей Сцяпанавіч, мне трэба ў райком. Тэрмінова...— I амаль загадаў: — А вы мяне пачакайце, абавязкова дачакайцеся! Спаткаемся праз гадзіны тры...

Кунцэвіч глянуў хітравата, і ў яго поглядзе было не­шта большае, чым здзіўленне.

— Што ж, пачакаю...— ахвотна згадзіўся ён, і на твары мільганула ледзь прыкметная ўсмешка, аднак тут жа знікла, змянілася заклапочанасцю, мо нават трывогай.— А ці трэба, Іван? Праз мяне толькі сам непрыемнасцей нажывеш. Мне гэта, браце мой, ведаеш, а табе...


3


I думаць не думаў Андрэй Паўлавіч Радзевіч, што гэтае амаль дзяжурнае пытанне «пойдзе» так цяжка. Першы стаў на дыбкі Лазовік. Лазовіка то і можна зразумець — ніяк не можа абарваць пупавіну з «Забор’ем», хоць абарваць даўным-даўно пара. Яго «асобыя» адносіны да Кунцэвіча, пра якія ўсе ведаюць, не робяць гонару кіраўніку, надзеленаму такою ўладай. Кіраўнік не мае права на нейкія асаблівыя адносіны з кім бы там ні было — гэта аксіёма. Хоць, зрэшты, хто ж яго ведае — мусіць, не ўсё так проста: мае ці не мае права... Мо кожны да скону дзён з нечым ці некім звязаны пупавінаю, у кожнага ёсць свае сімпатыі і антыпатыі, і вышэй гэтага не скокнеш. Хто ж яго ведае... Калі разабрацца, то хіба ён, першы сакратар, каму па службоваму абавязку належыць быць прыкладам, аднолькава роўны да ўсіх людзей? Канечне, не роўны... Іншы раз і невядома чаму, а да адных хіліцца душа, а да другіх — хоць забі, не хоча хілiцца. I разумееш: нельга так, а зрабіць з сабою нічога не можаш. Не паказваеш выгляду — не болей... Калі шчыра, то ён і сам сімпатызуе Кунцэвічу куды больш, чым Сурмілу. I, між тым, даводзіцца выбіраць не мудрага, цягавітага Кунцэвіча, а Сурмілу, да каго не туліцца душа. Ёсць рэчы, якія вышэй сімпатый і антыпатый,— з гэтым таксама трэба лічыцца... А што датычыць Лазовікавых «асобых» адносін, то, мусіць, перабольшвае іх значэнне. Няма ніякіх фактаў, што Лазовік робіць скідкі, паблажкі Кунцэвічу. Адны голыя словы. Раз нехта сказаў, два, тры — глядзіш, прыліпла. I ніхто не даўмеецца спытаць сябе: а ў чым тут крамола, што благога, калі людзі захавалі між сабою цёплыя, сардэчныя пачуцці? Бы падняўшыся на чарговую службовую прыступку, ты абавязкова павінен цурацца старых сяброў... Пэўна, гэтыя так званыя «асобыя» адносіны і перашкодзілі ўчора правільна зразумець Лазовіка. Пэўна... Між тым, павінна было насцярожыць, што Лазовіка падтрымалі сакратар райкома Антоненка, рэдактар газеты Аўсейчык, а старшыня камітэта народнага кантролю Кахновіч устрымаўся ад галасавання. Ніхто з іх ніякімі «асобымі» адносінамі не звязаны з Кунцэвічам... Колькі заракаўся не совацца раней часу ў спрэчкі, а зноў сарваўся. Можна зразумець, калі на гэтым спатыкаецца малады сакратар, а пры яго стажы і вопыце — недаравальна. Першаму сакратару трэба ўмець спакойна выслухаць думкі членаў бюро, узважыць, калі спатрэбіцца, стаць арбітрам, толькі пасля гэтага казаць сваё важкае слова... Але што цяпер шкадаваць, калі позна? Позна шкадаваць... Усё вырашана, і вырашана, безумоўна, правільна — чаго хвалявацца? Хто, зрэшты, адказвае за раён? Не Лазовік, не Антоненка, не рэдактар, канечне...

Чым больш супакойваў сябе Радзевіч, тым болей вост­рая незадаволенасць авалодвала ім. Каб неяк адкараскац­ца ад яе, узяўся праглядаць карэспандэнцыю, розныя нетэрміновыя дзелавыя паперы, хоць за іх бярэцца, звычайна, у канцы дня, калі менш званкоў і наведвальнікаў.

Зверху ляжала пісьмо, змацаванае з канвертам канцылярскай сашчэпкай. 3 «Гіганта»?! I зноў ананімнае... Чамусьці адчуў, што яго балюча кранае гэтае пісьмо... Ну і почырк! Клінапіс лягчэй расшыфраваць... Сяк-так прачытаў першую старонку — во, ужо і за Клімовіча ўзяліся! Хацеў напісаць рэзалюцыю Антоненку, але перадумаў: мо самому паехаць, самому, нарэшце, разабрацца? Чаму ўсе ананімкі з «Гіганта» павінны разбіраць Антоненка і Чыжэўская? Канечне, даўно сам заняўся б гэтымі пісьмамі, каб яны не былі ананімныя — да ананімак у яго заўсёды быў недавер. Мо праз гэта і да праверак ставіўся не дужа ўважліва і сур’ёзна. А на добры розум, даўно варта было задумацца, чаму ідуць гэтыя ананімкі? Насцярожыць павінна было нават тое, чаму гэта ў Антоненкі факты заўсёды пацвярджаюцца, а ў Чыжэўскай — не? Чорт ведае што!

Разбірала злосць, нейкая безадрасная, глухая, і ён не мог зразумець, адкуль яна, з якой нагоды.

Зайшла сакратарка:

— Андрэй Паўлавіч, я дазванілася да Сурмілы. Праз гадзіну будзе тут...

— Дзякуй...

Лазовік, нікога не заўважаючы, не ішоў, а бег у рай­ком. Карцела неадкладна сказаць усё Радзевічу, прасіць зараз жа сабраць бюро, хваляваўся: каб хоць члены бюро не раз’ехаліся па раёне!

— Андрэй Паўлавіч у сябе?

— У яго карэспандэнты з Мінска,— расчаравала са­кратарка.

«Во насланнё!» — раздражнёна падумаў Лазовік, ведаючы Радзевічаву слабінку; калі да яго завіталі карэспандэнты, ды яшчэ не дай бог трапіць цікавы субяседнік — гэта на паўдня.

— Даўно?

— Хвілін дзесяць,— са спагадаю сказала сакратарка і, заўважыўшы яго нецярплівасць, няўпэўнена прапанавала: — То мо заходзьце, калі нешта тэрміновае...

Лазовік ведаў, што да Радзевіча ў такой сітуацыі лепш за ўсё не совацца, але падумаў: а мо і праўда зайсці, падаць знак? Ужо ўзяўся за ручку дзвярэй, але пацягнуць на сябе ў апошнюю секунду не адважыўся.

— Ладна, пачакаю...— глянуў на сакратарку, нібы гэтым абыякавым «ладна» хацеў апраўдацца перад ёю за сваю нерашучасць.

Прысеў на крэсла, аднак не сядзелася. 3 непрыяззю падумаў пра карэспандэнтаў: пэўна, яны надоўга заселі. Во народ, не могуць здагадацца, што ў першага сакратара без іх спраў хапае, будуць пераліваць з пустога ў парожняе!

Чакаць пад дзвярыма было невыносна. Мо, каб не траціць часу, зайсці да Антоненкі? Пагаварыць, заадно абзваніць членаў бюро, папрасіць, каб былі на месцы...

— Марыя Іванаўна, я буду ў Антоненкі,— звярнуўся да сакратаркі і папрасіў: — Як толькі вызваліцца — скажыце.

— Добра. Будзьце спакойны.

Сакратар райкома партыі Міхаіл Пятровіч Антоненка, гадоў сарака невысокі чалавек, на выгляд тыповы флегматык, размаўляў па тэлефоне. Не спыняючы размовы, павіталіся за руку, Лазовік сеў ля прыстаўнога століка, закурыў, стаў нецярпліва чакаць, пакуль гаспадар кабінета скончыць сваю бясконца доўгую тэлефонную размову. Паступова стала разбіраць нешта накшталт злосці: здурэць трэба, каб гэтулькі гаварыць пра нейкія лозунгі, плакаты! У іх з сакратаром па ідэалогіі не раз бывалі сутычкі наконт гэтых лозунгаў. Лазовік лічыў іх марнай справай, пустой тратай грошай. Антоненка аднойчы адсцябаў за гэта яго на пленуме райкома, а потым у заключным слове яшчэ «праехаўся» і Радзевіч, таму цяпер не чыніць перашкод, хоць наўрад ці тая крытыка яго пераканала.

Лазовік нервова барабаніў пальцамі па стале, даючы знак: закругляйся, аднак Антоненка не прымаў гэтых выразных знакаў. Было невыносна нудна чакаць, і позірк стаў блукаць па кабінеце, шукаючы, за што можна зачапіцца. Аднак нічога вартага не траплялася. Пачаў разглядваць Антоненку, быццам бачыць яго першы раз. Позірк чамусьці затрымаўся на яго залысіпах, пасівелых валасах, і балюча кальнула ў сэрца: а мы ж амаль равеснікі...

3 Антоненкам яны знаёмы даўно, яшчэ з тых часоў, калі ён быў старшынёю калгаса, а Антоненка — дырэктарам мясцовай школы. Не сказаць, каб хадзілі тады ў сябрах-прыяцелях, але і злосці-крыўды адзін да аднаго ніколі не мелі. А калі спачатку адзін, потым другі перабраліся ў райцэнтр на свае кіруючыя пасады, адразу ж зблізіліся, зрабіліся неблагімі таварышамі. Мусіць, такая ўжо завядзёнка ці доля ў «раёншчыкаў» — трымацца сваіх. 3 кім можна, напрыклад, калі выдасца хоць раз у месяц выхадны, на прыроду выехаць, да каго ў госці схадзіць, не баючыся, што папаўзуць нядобрыя чуткі альбо і плёткі? Няпроста гэта быць ва ўсіх на віду, калі пра цябе іншы раз больш ведаюць, чым ты сам. Дзіўна, але цябе хочуць бачыць ледзь не святым, нават самую мізэрную слабінку не даруюць...

Здавалася, канца не будзе гэтай Антоненкавай тэлефоннай размове. Апарат стаяў на стале зусім побач, так і карцела націснуць пальцам на рычаг. Стаў сярдзіта падаваць знакі: ды канчай ты, ёсць справы паважней, аднак Антоненка, нібы знарок, выпрабоўваў яго цярпенне. Нарэшце паклаў трубку і насмешліва запытаў:

— Ну, што табе гэтак прыспічыла?

Лазовіку карцела папікнуць: ну-у, ты па часанню языка не ўступіш любой кабеце, але стрымаўся (не да гэтага), сказаў таемна:

— Ведаеш, што я надумаў?

— Пакуль што — не. Пэўна, нешта геніяльнае...— пажартаваў Антоненка.

— Не прыдурвайся! — адмахнуўся, нахмурыўшыся, Лазовік.— Іду да Радзевіча. Хай збірае бюро...— Вачыма паказаў на папку з эканамічнымі разлікамі.

Антоненка адразу ж пасур’ёзнеў, заклапочана ўстаў з месца, машынальна падышоў да акна, задумаўся.

— То што скажаш? — нецярпелася Лазовіку.

Антоненка маўчаў, нібы аслухаўшыся, і гэтае маўчанне стала злаваць Лазовіка: во, называецца, параіўся! Паўгадзіны выслухоўваў лекцыю пра афармленне нагляднай агітацыі, работу палітінфарматараў, цяпер — слухай маучанне...

— Думаеш, дакажаш? — нарэшце абыякава, нават скептычна азваўся Антоненка, і цяжка было зразумець: ці ён яшчэ не вызначыў, як паводзіцъ сябе ў такой сітуацыі, ці ён ужо не саюзнік...

Дзверы адчыніла сакратарка і паведаміла, што Радзевіч адзін. Лазовік, з горыччу махнуўшы рукою, спешна рушыў да выхада.

— Пачакай! — уладна спыніў яго Антоненка.— Разам пойдзем...

Радзевіч, не выходзячы з-за стала, падаў руку аднаму, потым другому, прастуджана, басам прапанаваў:

— Сядайце...— прыдзірліва і строга агледзеў іх, загадкава ўсміхнуўся вачыма: — То што, апазіцыянеры, згаджацца ці ўсё яшчэ стаяць на сваім завіталі?

Лазовіка трохі збіў з трону гэты іранічна-паблажлівы тон. Пераглянуліся з Антоненкам: каму пачынаць? Пачынаць, вядома, трэба было Лазовіку.

— Я лічу, Андрэй Паўлавіч, што з аб’яднаннем калгасаў учора дапушчана сур’ёзная памылка,— сціпла, але салідна і важка сказаў ён падрыхтаваную фразу.

Гэта не зрабіла на Радзевіча ніякага ўражання. Ён маўчаў, заняты нейкімі сваімі думкамі.

— Трэба тэрмінова сабраць бюро,— не вытрымаў гэ­тага маўчання Лазовік.— Адмяніць рашэнне трэба...

Радзевіч нахмурыў бровы і, павярнуўшы сваю масіўную галаву з кароткай стрыжкай да Антоненкі, сярдзіта запытаў:

— Ты таксама хочаш адмяніць рашэнне бюро?

— Так! — коратка і рашуча пацвердзіў той.

Радзевіч яшчэ раз дапытліва агледзеў іх, загадкава ўсміхнуўся, нешта прыгадаўшы, развёў рукамі:

— А я не маю права адмяняць калектыўна прынятае рашэнне... За яго, дарэчы, прагаласавала больш палавіны членаў бюро...

— Гэта яшчэ нічога не значыць,— глуха сказаў Антоненка.— Давайце не будзем фармалістамі, а выправім памылку, пакуль не позна...

Па Радзевічавым твары прайшоў цень, аднак Антоненка бы не заўважаў, што першы незадаволены яго бесцырымоннай дзёрзкасцю.

— Не заўсёды,— працягваў ён,— праўда на баку тых, хто застаецца ў большасці. Вы ведаеце, што бывалі выпадкі, калі і Ленін заставаўся ў меншасці, але, згадзіцеся, гэта не значыць, што ён памыляўся...

Во памочнічкі, думаў Радзевіч без злосці. Раз-два — і з цябе зрабілі фармаліста, глядзі, зараз і ў якія апартуністы запішуць. Во дажыўся...

— То ў чым вы бачыце памылку? — холадна запытаў ён, сярдзіта нахмурыўшы бровы, і пасля непрацяглага маўчання насмешліва дадаў: — Уважліва слухаю вас, нефармалісты...

Антоненка выразна глянуў на Лазовіка і загадаў ва­чыма: пачынай!

Лазовік за гэтыя суткі ў думках удосталь наспрачаўся з Радзевічам, а цяпер, калі наступіў час бліснуць логікай і пераканаўчымі доказамі, адчуў, што ўсё зблыталася ў га­лаве, збілася з ладу. Канечне, у яго было што сказаць — у галаве апрабаваны дзесяткі варыянтаў, але з чаго пачаць?! Патрэбныя словы, як на злосць, не хацелі ісці. Успомніў пра папку з эканамічнымі разлікамі, не спяшаючы стаў выкладваць паперкі, а сам ліхаманкава думаў: з чаго ж пачаць? Злавіў на сабе трохі здзіўлены Антоненкаў позірк і яшчэ больш разгубіўся: Антоненка-то чакае ад яго... Антоненку-то ён падбіў ісці...

— Памылка перш за ўсё ў тым...— запнуўся, спалохаўшыся свайго ненатуральна-казённага голасу.— Мне думаецца, памылка, што пачынаем танцаваць не да комплекса, а ад комплекса, які пакуль што толькі у праекце...

— Ты чалавечаю моваю можаш гаварыць? — яшчэ больш насупіў бровы Радзевіч.— А то заладзіў, як пабіты моллю прафесар...— Ажывіўся, адразу ж рушыў у наступ: — Значыць, па-твойму, ствараючы буйную гаспадарку, мы не набліжаемся, а аддаляемся ад комплекса? Так я цябе зразумеў? — I, не чакаючы адказу, працягваў: — Дзіўная логіка! Хм... Стварэнне буйной гаспадаркі і ёсць першы крок да комплекса. Гэта — элементарна...

— Не, Андрэй Паўлавіч, першы крок трэба рабіць не з механічнага злучэння разнапрофільных гаспадарак. Пачынаць трэба з іншага...— Лазовік з палёгкаю адчуў, што ў яго пакрысе знікае недарэчная скаванасць, з’яўляецца жаданая ўпэўненасць у сабе.— Падумайце самі: спатрэбіцца ў пажарным парадку перагляд структуры таварнасці прадукцыі, змена профілю спецыялізацыі, ломка кааператыўных сувязяў паміж большасцю гаспадарак раёна. Я ўпэўнены, і аб гэтым сведчаць эканамічныя разлікі, што комплекс трэба пачынаць кааператыўна, паступова мяняючы спецыялізацыю «Гіганта» і «Забор’я», рыхтуючы тым самым кармавую базу, пагалоўе і ўмовы для натуральнага зліцця гаспадарак...

Радзевіч слухаў уважліва, і па тым, як неспакойна хадзілі яго пальцы, можна было здагадвацца, што яго вост­рая, чэпкая думка робіць два хады наперад, каб у зручны момант пераняць, разбіць ушчэнт яго аргументы. Трэба быць абачлівым, падумаў Лазовік, не выкладвацца цалкам, мець сёе-тое на запас, каб, калі спатрэбіцца, можна было не толькі абараняцца, а і наступаць.

— То што, мо ты ўжо зрабіў разлікі, паспеў падлічыць? — недаверліва глянуў Радзевіч.

— Паспеў.

— Пакажы, што там...

Лазовік падаў яму папку, Радзевіч паспешна надзеў акуляры, стаў учытвацца ў паперы. Прайшло пяць, а мо і дзесяць хвілін, а ён усё чытаў, здавалася, забыўшыся пра іх з Антоненкам. Час ад часу ён спыняўся, думаў, выпісваў нейкія лічбы, і ніводзін мускул на яго твары не выдаваў яго пачуццяў. Гэта і абнадзейвала, і насцярожвала. Лазовік запытальна глянуў на Антоненку: «Ну як?» «Нармальна» — па-змоўніцку падміргнуў той.

— I колькі часу спатрэбіцца, каб зрабіць усю гэтую перакарэкціроўку? — нарэшце азваўся Радзевіч.— Няўжо гэта такая невырашальная праблема?

Яго заклапочаны тон спадабаўся Лазовіку.

— Ну-у, праблема не праблема...— як мага салідней сказаў ён.— А месяцы два-тры спатрэбіцца... Гэтак... к ле­ту, а вы разумееце, што гэта значыць...— I адразу ж перайшоў на другое: — Апроч усяго, нам трэба мець на ўвазе, улічваць контурнасць палёў у «Гіганце» і «Забор’і» — вы выдатна ведаеце, якія там масівы. Дзесяць тысяч гектараў — не нашы маштабы, то не Украіна, не цаліна..,

Радзевіч насцярожыўся, адкінуўся на спінку крэсла.

— Значыць, па-твойму мы навечна асуджаны сядзець на двух-трох тысячах гектарах? — У яго пытанні была іронія.

— А калі ў нашых умовах гэта аптымальны варыянт? — запальчыва сказаў Лазовік, спахапіўшыся, што даў прамашку.

Як і трэба было чакаць, Радзевіч не прамінуў ухапіцца за гэтую прамашку:

— Кажаш, аптымальны варыянт? Ці-і-ка-а-ва-а...— Паглядзеў недаверліва, іранічна.— Няўжо аптымальны? Аказваецца, ты ведаеш аптымальны варыянт...— I, убачыўшы, як зніякавеў Лазовік, памяркоўней працягваў: — Знайшоў аптымальны варыянт! Гадоў пяць — дзесяць мо і быў аптымальны, а сёння? А заўтра? А паслязаўтра? Далёка мы зойдзем з такою стратэгіяй, таварыш началь­ник сельгасупраўлення...

— Але мы не можам жыць толькі паслязаўтрашнім днём...— як мог абараняўся Лазовік.— Пераскокванне цераз этапы ніколі нікому карысці не прыносіла.

— То мо, па-твойму, і задуманы комплекс таксама пераскокванне цераз этап? — з былой іроніяй запытауся Радзевіч, па ўсім відаць, маючы намер зусім загнаць яго ў кут.

— Магчыма...— ашчэціўся Лазовік.— Болей таго: Сурміла нас штурхае на авантуру, калі хочаце ведаць!

— Ого! — аж прыўстаў Радзевіч, здзіўлена заморгаўшы вачыма.

Зазваніў адзін з тэлефонаў. Радзевіч незадаволена паморшчыўся, нахіліўся, не паднімаючы трубку, пераключыў апарат на прыёмную — гэта значыла: няма зараз у яго больш важных спраў, чым гэтая размова.

— Значыць, авантура? — Глянуў строга і змрочна.

— I авантура! — вытрымаў гэты позірк Лазовік.— Ну, чым не авантура: Сурміла не можа пракарміць і семсот галоў, а што будзе рабіць з дваццаццю тысячамі? Прасіць кармы ў дзяржавы? I апошні дурыла можа гаспадарыць на дзяржаўных кармах, не абавязкова быць кандыдатам павук. Ці мо дугою збіраецца касіць, як цяпер косіць? Не-е, Андрэй Паўлавіч, да комплекса трэба ісці са стварэння кармавой базы, яснай перспектывы, як запоўніць яго пагалоўем, інакш — вецер будзе гуляць у гэтым комплексе. А гэта, даруйце, і ёсць авантура.

Размова набывала нервовы характар. Радзевічу не падабалася Лазовікава запальчывасць — кіраўнік павінен умець трымаць сябе ў руках, узважваць кожнае слова. Карцела асадзіць, паставіць на месца, заадно прыгадаць, на чыю авантуру клюнулі, ліквідуючы дробныя свінафермы. Напомніць, хто насіўся разам са сваімі спецамі: канкурыруючыя галіны, блытаюць усе схемы спецыялізацыі, стрымліваюць механізацыю, аўтаматызацыю! Паслухалі. Бокам цяпер вылазяць іх хуткаспелыя схемы, жыццё не хоча ўкладвацца ў іх пракрустава ложа. Спахапіліся, але адрэзаную лусту не прыклеіш, ліквідаваць прасцей, чым аднавіць.

— Іван Віктаравіч,— спакойна і разважліва сказаў ён.— Во слухаю цябе, і ведаеш, што прыходзіць у галаву? А ці не зацягнуў ты старую песню?

Лазовік разумеў, куды хіліць першы сакратар. К чаму гэты намёк? Гэта ж удар пад дых! Якое дачыненне мае той пралік, за які сам сабе не можа дараваць, да будаўніцтва комплекса, да аб’яднання калгасаў? Хацеў абурыцца ўголас, але стрымаўся, адчуваючы сваю віну.

— Я не супроць схем, навуковых разлікаў і прагнозаў,— працягваў між тым памяркоўна Радзевіч.— Я катэгарычна супроць таго, каб рабіць з іх фецішы, ставіцца, як да ікон, сілком усоўваць жывое жыццё ў гэтыя схе­мы, не ўлічваць нюансаў, новых непрадбачаных сітуацый і праблем, якія штодня падкідвае рэальнасць. Узбуйненне гаспадарак — сёння рэальная эканамічная, сацыяльная, тэхнічная неабходнасць. Не заўважаць гэтага, значыць, не бачыць далей свайго носа, значыць, зрабіцца закасцянелым схаластам. Што ж, давядзецца і паламаць некаторыя прынятыя схемы, вялікага ў тым страху няма. Хай пасядзяць, папацеюць твае спецыялісты, эканамісты, зробяць патрэбныя карэктывы, думаю, праз дзён дзесяць і ўправяцца. Разгледзім пасля на выканкоме, на бюро, вядома... Іншая справа: пазнавата надумалі — тут ты маеш рацыю. Але ўжо калі рашылі, то адступаць не варта, трэба даводзіць да канца, і як мага хутчэй... Ну, а што датычыць тваёй «авантуры» наконт комплекса, то, думаю, гэта несур’ёзна. У нас будзе час падумаць, як рашыць кармавую праблему, адкуль узяць пагалоўе і ўсё іншае.— Глянуў на Антоненку: — А ты як думаеш?

Той не чакаў такога пытання і адразу не адказаў.

— Магчыма... Але мяне не гэта хвалюе...

— А што?

Антоненка трохі памаўчаў, павярнуўся напаўабарота, глянуў у вочы Радзевічу:

— А ці не здаецца вам, што Сурміла тут проста хітрыць?

— Што значыць хітрыць?

Антоненка зноў не спяшаўся з адказам — ён ведаў, які кручок закінуў: усё можа зразумець, усё можа дараваць Радзевіч, толькі не хітрасцъ, няшчырасць, ён арганічна не выносіць розных спрытнякоў, хто хоча мець выгоду за чужы кошт.

— Мне думаецца,— амаль абыякава пачаў ён,— палітыка тут ясная: праглынуць Кунцэвіча з яго мільёнамі, на чужым гарбу ў рай уехаць — раз, апынуцца ў ролі голага караля, застацца, у рэшце рэшт, ля разбітага карыта — два...

Радзевіч неспакойна закруціўся ў крэсле:

— А чым гэта можна даказаць? — Глянуў насцярожана, недаверліва.

— Памяркуйце самі: справы з эканомікай і фінансамі ў Сурмілы не бліскучыя — даўгі, мінусы, суседзі абскакалі па ўсіх паказчыках. Значыць, не паможа і вучоная ступень, рана ці позна, а дабяромся і да яго. То чаму б не прыбраць багатага Кунцэвіча? Тым больш, нічым не рызыкуе, аб’ядноўваючыся,— Кунцэвіч яму не канкурэнт. Па-другое, усе яго пачыны і ініцыятывы апошніх год лопаюцца, як мыльныя бурбалкі. А ён чалавек не дурны, ведае, чым у рэшце рэшт усё можа скончыцца — бясконца нельга шукаць нейкія аб’ектыўныя прычыны. Вось і спатрэбіўся адцягваючы манеўр, дымавая заслона, якой можа стаць арганізацыйная перабудова...

Тое, што гаварыў Антоненка, было падобна на праўду, і гэтая праўда дужа пякла Радзевіча. На самай справе, у Сурмілы даўно нешта не ладзіцца, а ён, першы сакратар, так і не дабраўся, каб «улезці», самому разабрацца, чаму не ладзіцца ў Сурмілы? Ніхто не ведае, а была на тое прычына, пра якую нават сабе самому прызнавацца не хочацца...

Некалі, у пасляваенныя гады, яны працавалі з Сурмілавым бацькам. Той быў сакратаром райкома камсамола, ён — інструктарам. У сябрах, вядома, ніколі не хадзілі, хоць былі амаль равеснікі. Сурміла трымаўся на адлегласці, не мог дазволіць сабе фамільярнасці з падначаленым, раўніва клапаціўся пра свой аўтарытэт, думаў і ўмеў, што сказаць, каму сказаць, дзе сказаць і як сказаць. Калі аднойчы, перамагаючы хваляванне, зайшоў і папрасіў у яго рэкамендацыю ў партыю, пачуў металічнае: рана, мы не можам засмечваць партыйныя рады, і тлумачыць, чаму рана, чаму і па якой прычыне, ён, Радзевіч, засмеціць партыйныя рады, палічыў лішнім. За гэта ніколі не меў ні крыўды, ні злосці — мо і праўда, было рана, але нейкі прыкры астой усё ж застаўся. I яшчэ... Яшчэ была блакітнавокая, з тугою касой піянерважатая Тамара, якая з першай сустрэчы запаланіла сэрца і мары... Усё было добра, пакуль нейкім чынам не даведаўся Сурміла... Hi з сяго ні з таго раптам ён зачасціў у школу, дзе працавала Тамара... Яго ж, інструктара, месяцамі стаў трымаць у далёкіх глыбінных вёсках, куды сам і носа баяўся паказваць — па хутарах і глухіх вёсачках тады яшчэ туляліся недабітыя акоўскія банды. Заданні даваў Сурміла строга: сагітаваць і прыняць у камсамол мінімум столькі чалавек, стварыць столькі камсамольскіх арганізацый... Агітаваў, арганізоўваў, тройчы ледзьве ногі выручалі... Сурміла дамогся свайго — не ўстаяла Тамара... Эх, Тамара, Тамара... Ажаніўся з ёю Сурміла, баючыся скандалу,— праз тры месяцы пасля вяселля ў іх нарадзіўся сын.

Потым па волі лёсу яшчэ двойчы перакрыжоўваліся іх службовыя сцяжыны ў розных раёнах вобласці... А калі сталася так, што апярэдзіў па службе Сурмілу, таго нібы падмянілі: куды падзеўся гонар і фанабэрыя! Не тое што настойліва, а назойліва стаў набівацца ў прыяцелі. Яго то бесцырымоннасць, то да гідлівасці непрыемныя заласкі, вечнае ныццё на свой лёс — маўляў, «зацёрлі», пакрыўдзілі — раздражнялі, выклікалі прыкрасць, аднак чамусьці ці то сумлення, ці то смеласці не хапала паказваць ад варот паварот. А калі Сурміла пераехаў у вобласць — усё стала па-ранейшаму: шукаў любую зачэпку, каб падкусіць, нават вітацца пачаў так, бы робіць табе вялікую ласку. Пакуль зноў не пакаціўся ўніз...

А потым ці то выпадкова, ці то не без удзелу бацькi ў раён прыехаў па размеркаванню Сурміла-малодшы... І зноў жыцця не стала ад званкоў, бясконцых просьбаў, крыўд, нараканняў, якімі даймаў Сурміла-старэйшы. Недарэчна, але, мусіць, і праз гэта надта ж не хацелася ездзіць у «Гігант»...

Вядома, не да ўсіх пачынаў, ініцыятыў, да якіх такі ахвочы Сурміла-малодшы, ставіўся сур’ёзна, з поўным даверам, аднак і не хацеў глушыць іх. У адрозненне ад бацькі ў яго, трэба аддаць належнае, ёсць смеласць, размах, і гэта падкупляе. Ніхто, напрыклад, так паслядоўна і настойліва не займаецца перабудовай вёскі, тэхнічным перааснашчэннем, як гэта робіць Сурміла, хоць, праўда, не абыходзілася без заскокаў...

— Сурміла — не тая кандыдатура,— працягваў Антоненка.— Не ўмее ён ладзіць з людзьмі. Яго гульня ў выключнасць, аўтарытарны характар, дыктатарскія замашкі — сур’ёзная перашкода для таго, каб стаць лідэрам такога калектыву. Мусіць, мы трохі аслеплены яго вучонай ступенню, не заўважаем таго, чаго не прамінём заўважыць у іншых.

— Чаго гэта не заўважаем? — нахмурыўся Радзевіч.

— А хоць бы таго, што зрабіў з сябе ўдзельнага князька. Я вам ужо дакладваў пра гэта, разбіраючы скаргі. Маральна-псіхалагічная атмасфера ў калгасе ненармальная, і перш за ўсё па віне Сурмілы. Не любяць яго людзі, у камуністаў не мае аўтарытэту. Дарэчы, і Клімовіч там аказаўся не на вышыні. I, урэшце, ведаеце што: мне думаецца, што Сурміла — звычайны, ардынарны карьерыст...

— Вось як! — ні то здзівіўся, ні то абурыўся Радзевіч. - Ты мне не абстракцыі і здагадкі, а факты падай. А то ведаеш, да чаго можна дагаварыцца...

— Факты...— трохі падумаў Антоненка і нечакана прапанаваў: — А давайце паклічам і прапануем яму пайсці намеснікам да Кунцэвіча... — Злавіў неўразуменны Радзевічаў позірк. — Для праверкі хоць бы... Паглядзім што запяе.

Радзевіч не прыняў усур’ёз гэтую выдумку — яна яму не спадабалася, аднак жаданне зараз жа даведацца праўду, развеяць сумненні, мо пасароміць Антоненку ўзяло верх.

— Што ж, давай праверым...— згадзіўся ён, рашуча націскаючы на кнопку званка.

Зайшла сакратарка:

— Сурміла прыехаў?

— Ён тут.

— Хай заходзіць...


4


Аляксандр Уладзіміравіч Сурміла ехаў у райком з прыўзнятым настроем. Ён здагадваўся, дакладней — ведаў, чаго клічуць. Яшчэ ўчора званіла Чыжэўская, цікавілася ходам зімоўкі жывёлы і між іншым прагаварылася, што бюро ўжо рашыла аб’яднаць калгасы.

Цікава, а як паводзіў сябе Лазовік? Упіраўся, пэўна, ратаваў свайго сябрука Кунцэвіча. Зрэшты, хто такі Лазовік, каб упірацца? Дробная сошка. Толькі строіць з сябе чорт ведае што. Гаспадар у раёне Радзевіч, як Радзевіч скажа — так і будзе. А Радзевіч, між іншым, палічыўся не з начальнікам райсельгасупраўлення, а са старшынёю калгаса. 3 Сурмілам! Гэта таксама шмат пра што сведчыць...

Зрабілася трохі не па сабе: во ўсцешыўся, як дзіця! Аднак, разам з тым і не хацелася адганяць гэтыя дужа прыемныя думкі.

3 аб’яднальным сходам, канечне, марудзіць не будуць — вясна. На тым тыдні, пэўна, і назначаць. Трэба папрасіць, каб на сход прыехаў сам Радзевіч. Трэба ж некалі разбурыць сцяну адчужанасці, якая невядома чаму з першых дзён узнікла паміж ім і Радзевічам. А ўсё ж незразумела, чаму ён цураецца, бокам аб’язджае калгас, ні разу яшчэ і ў хату не зайшоў? 3 бацькам жа яны... Хоць, наўрад ці калі яны дружылі па-сапраўднаму. Інакш стары не папярэджваў бы: з Радзевічам трымай вуха востра, глядзі, куды надзьме вецер... Даць задание жонцы, каб падрыхтавала стол як след...

Але куды яны падзенуць Кунцэвіча? Зараз, калі ўсё рашылася, не было ні злосці, ні крыўды на Кунцэвіча, хоць сваімі вечнымі кепікамі і здзекамі ён сапсаваў нямала яму крыві. Яму было нават трохі шкада старога. Канечне, Кунцэвіч — мужык не дурны. Каб быў дурны — не пратрымаўся б столькі ля руля. Праўда, пераседзеў сваё, ой пераседзеў! Зараз ад яго за вярсту патрыярхальшчынай пахне. Няўцям яму, наколькі смешны са сваімі пропаведзямі аб любові да зямлі. Жалезам трэба вытраўляць любоў да зямлі, за якую ён агітуе. Іншая любоў зараз патрэбна — дзелавая, рацыянальная, без рознага слінцяйства і сантыментаў. Што такое зямля? Сродак вытворчасці, як станок, канвеерная лінія — і не болей. Усё астатняе — пустыя забабоны. Трэсці, жалезам прасаваць, вырваць усё, што можна,— во якая любоў да зямлі павінна быць сёння! Гэтага Кунцэвічу ніколі не спасцігнуць...

А ўсё ж, куды падзенуць яго? Пэўна, пакінуць брыгадзірам. Не хацелася б. Які з яго брыгадзір? Сёння і брыгадзіру патрэбна вышэйшая адукацыя. Сёння брыгада — гэта ўчарашні калгас, і брыгаду ўзначальваць павінен спецыяліст вышэйшай кваліфікацыі. I наогул, непажадана, каб Кунцэвіч заставаўся ў калгасе. Будзе вечна звягаваць: гэта не так, тое не гэтак — такая ўжо натура. Трэба ўстаць на дыбкі: нізашто! Хай падшукаюць дзе ра­боту экс-старшыні — на тое яны райком. Дзе-небудзь у сельсавеце ці якой раённай канторы, напрыклад...

Але з чаго пачынаць? Вядома, з агляду, са знаёмства з далучаным калгасам, з прыёму дакументацыі, рахункаў у банку, з кадравых перастановак. Першае — да пачатку сяўбы пазамяняць Кунцэвічавых брыгадзіраў, узбуйніць брыгады. Галоўнае — пад рэарганізацыю парассоўваць як мага далей мясцовых. Гэта — прынцып. Надта ж моцна сядзіць у мясцовых патрыярхальшчына, нават інстытут ці акадэмія не здольныя вытравіць яе да канца. Апроч усяго у мясцовых, звычайна, процьма розных сваякоў, сяброў...

А раптам не будзе ніякага аб’яднанпя? Не-е, канечне ніякага «раптам» быць не можа. Бюро не стане адменьваць сваё рашэнне...

Працвярэзлівая думка кальнула і знікла, выклікаўшы ледзь-ледзь прыкметную цьмяную трывогу. Ён лёгка прыдушыў гэтую трывогу і зноў ухапіўся за ранейшыя думкі.

Закончыць сяўбу — і будаваць, будаваць, будаваць! У першую чаргу, вядома, комплекс. 3 комплексам асаблівых праблем не будзе — ёсць праектная дакументацыя, падрадчык, праўда, сёе-тое трэба будзе перарабіць па хо­ду... Выбіць жыллё — во дзе задача! Хоць бы адзін пяцідзесяцікватэрны дом для пачатку! Во як дом патрэбны, да зарэзу! Давядзецца паездзіць-паклянчыць, быць таго не можа, каб пад комплекс, пад арганізацыйную перабудову не «выплакаў»! Па-першае, трэба некуды сяліць спецыялістаў, па-другое, паплакаць, што людзі ў далучаным калгасе не хочуць жыць па-старому, даймаюць, бяруць за горла: давай новае, сучаснае жыллё. Гэта добрая зачэпка, добры козыр. Выбіць ліміты і паціху, без рэкламы, каб не пашкодзілі, брацца за Кунцэвічавы вёсачкі. Іх аж дзевяць, здаецца. У прынцыпе, каб рашыць праблему, спатрэбіцца пяць-шэсць добрых дамоў, пасля чаго Піліпавічьі стануць ладным гарадком, па ўмовах жыцця нават райцэнтру ўтруць нос. Ды што райцэнтр! Там нават цяпер няма такога Палаца культуры, як у Піліпавічах. А гандлёвы цэнтр! Райунівермаг — канюшня ў параўнанні з ім. Во што значыць Піліпавічы! Во што значыць сучасны гаспадар, Сурміла! А што яшчэ будзе! Адзін Сурміла бачыць, што будзе... Варта, мусіць, паставіць пытанне, каб замянілі назву. Што значыць Піліпавічы? Не гучыць. Сучаснаму пасёлку патрэбна і сучасная назва. Напрыклад,Сонечны, Светлы, Першамайск, Ясная Паляна ці яшчэ нешта новае, сугучнае часу, такое, каб ад мінулага, ад патрыярхальшчыны ні следу, ні назвы не засталося.

Шкада, што Забор’я не чэпіш — пакуль што перспектыўная веска. Гэта мы паглядзім яшчэ, якая яна перспектыўная... Во так заўсёды: не думаюць. Каб хто паварушыў мазгамі, то, канечне, угледзеў бы, якая перспектыва ў гэтага Забор’я. Адбухалі такі Палац культуры, такую школу, а цяпер расхлёбвайся Сурміла, што рабіць з імі. Гадоў з дзесяць, калі не болей, будуць як бяльмо на вачах. Што ж, хай дагнівае, дажывае пакуль што гэтае Забор’е, калі ўжо так сталася. Трэба, не марудзячы, дамагчыся, каб выкрэслілі з ліку перспектыўных. I ніякага новага будаўніцтва, ніводнай дошкі на рамонт — хай прывыкаюць: позна ці рана, а давядзецца перабірацца ў цэнтр. Гэта — няўмольнае патрабаванне часу.

Ну, а за розныя там Петрачкі, Агароднікі, Навасёлкі, Цімкавічы, Грынькі трэба брацца неадкладна... Канечне, усяго давядзецца пабачыць — балюча гэта ўспрымаюць, асабліва старыя, але мэта апраўдвае сродкі. I што за людзі: ніяк не хочуць зразумець, што гэта робіцца для іх жа карысці. Проста нейкае дзікунства. Летась Гліняны ссялялі. У кватэры з усімі камунальнымі выгодамі, а яны ў плач, ледзь не пад бульдозер кладуцца. Скаргамі закідалі... Ну, дзіва-дзіўнае: іх за вушы цягнеш да святла, да культуры, да новага быту, новага жыцця, а яны зубамі чапляюцца за старое, за свае ідыёцкія традыцыі. Бачыце, яны не ўяўляюць сабе жыцця без каровы, свіней, курэй, саду, агарода, ім шкада наседжаных сядзіб, іх нават могільнік утрымлівае... Прывыклі сядзець у гразі...

Нічо-ога, як пазакрываеш магазіны, пачатковыя школкі, паабразаеш электрычнасць, радыё, перастанеш завозіць газавыя балоны — памалу робяцца згаворлівымі. А што рабіць? 3 дзікунствам апраўдана змагацца і варварскімі метадамі, як Пётр Першы. Абы гэта было для прагрэсу. Толькі слінцявыя інтэлігенцікі, накшталт Антоненкі, гундосяць пра нейкі векавы побыт, нейкую сялянскую псіхалогію, намагаюцца ставіць палкі ў калёсы. Ламаць рашуча і беспаваротна, трэба гэтую псіхалогію, бо яна ўласніцкая, цемрашальская, патрыярхальная. А той, хто ставіць палкі ў колы прагрэсу, заўсёды трапляе пад колы гісторыі...

Гэты дарожны роздум наводзіў на думку, хай сабе і не зусім сціплую, але ў прынцыпе правільную: а ўсё ж я празорлівы, з маштабам палітык. Бадай, ніколі яшчэ ён не падабаўся сам сабе так, як у гэты момант. I стала наплываць нейкая ўзнёслая ўзрушанасць, не зусім асэнсаваная радасць, і гэтай амаль апантанай няяснай радасці было цесна ў душы, карцела, свярбела падзяліцца з кім-небудзь. Але побач быў толькі шафёр. I неўзабаве гэтая радасць стала памалу перагараць, аднекуль выплываў лёгкі смутак, дакор невядома каму. Усплывала непрыемнае пачуццё нейкай няпоўнасці жыцця, халоднай адзіноты, мо нават уласнай непаўнацэннасці. Гэтага пачуцця ён заўсёды баяўся. Мо загаварыць з шафёрам? Пра што гаварыць з шафёрам? Хоць бы пра тое, што скора давядзецца калясіць не толькі піліпавіцкія, а і заборскія дарогі. Пэўна, парадуецца. Во і тэма для гаворкі... I чаму б, на самай справе, не пагаварыць па-людску, у рэшце рэшт, сказаць добрае слова чалавеку, якому два гады, па-сутнасці, сваё жыццё давяраеш, а пра яго, апроч імя, нічога не ведаеш? Ужо раскрыў рот, каб нешта сказаць, але ў самую апошнюю хвіліну стрымаўся, падумаўшы з прыкрасцю: знайшоў перад кім адкрываць душу! Глянуў скоса, ці выпадкам не заўважыў шафёр, пераканаўшыся, што не заўважыў, надаў сабе саліднасці, па-ранейшаму сядзеу строгі, насуплены...

Але неўзабаве гэтая насупленая саліднасць, бы напятая маска, стала дакучаць, душыць, рабіцца невыноснаи. Каб неяк адкараскацца ад гэтага непрыемнага пачуцця, не без зларадства ўявіў, які будзе твар у Лазовіка... Задаволена ўсміхнуўся... I стаў думаць, што з такой нагоды не грэх будзе прапусціць добрую чарку. Запрасіць для кампаніі каго з начальства. Напрыклад, таго ж Лазовіка, ды паназіраць, які ён будзе. А гэта было б здорава паназіраць пры чарцы за Лазовікам! Не пойдзе, канечне, Лазовік. Святым прыкідваецца. Ведаем такіх святых!

Даўно, вельмі даўно жыла ў ім антыпатыя да Лазовіка. 3-за чаго — і сам толкам не ведаў, дакладней, не адважваўся прызнацца нават самому сабе. Тры гады назад было зроблена ўсё, каб заняць месца начальніка райсельгасупраўлення, па раёне пайшлі пагалоскі, усё было на мазі, аднак у самы апошні момант Радзевіч, казалі, завагаўся, потым заўпарціўся і, у рэшце рэшт, выбраў Лазовіка. Лазовік, вядома, тут ні пры чым — не па сваёй віне ён пераступіў дарогу, але ўсё роўна нейкая не падуладная розуму непрыязнасць да Лазовіка назаўсёды засела ў душы.

А мо запрасіць у рэстаран самога Радзевіча, заадно — старшыню райвыканкома? Далікатненька прыкінуцца смяртэльна пакрыўджаным: маўляў, грэбуеце, ніколі разам не паабедалі... Мо якраз і згодзяцца... Хоць, наўрад: у райцэнтры хадзіць у рэстаран ім не з рукі... Ды, чаго добрага, і зразумець могуць няправільна... А ўсё ж, калі будзе адпаведны настрой і спрыяльныя абставіны, чаму б і не запрасіць? Ісці ці не ісці — іх справа, а за прапанову нікога не б’юць. А калі не пойдуць, то мо і лепей. 3 начальствам выпіваць — што балансаваць на канаце. Але ж не сядзець у такі дзень аднаму ды казаць сам сабе: будзь здароў, Аляксандр Уладзіміравіч! Мо завітаць... Не-е, туды шляхі-дарожкі даўно адрэзаны, быллём-палыном параслі... А што застаецца? Шукаць якога выпадковага гуляку-сабутэльніка... Во дажыўся: і радасць падзяліць, і выпіць ад душы няма з кім...

I зноў засмылела старое, непрыемнае пачуццё, цьмяная, падсвядомая трывога, і зноў зрабіў спробу пераключыцца на былую, блізкую сэрцу тэму...

...Праз гадоў пяць — дзесяць у Піліпавічы, ці як там іх назавуць, з усяго свету паедуць вучыцца, як трэба перарабляць вёску на новы лад. Прыкладна так, як цяпер едуць у хвалёныя Верцялішкі! Верцялішкі — гэта помнік пройдзенаму этапу, Піліпавічы — прыпцыпова новы этап. Магчыма, зробяць які турысцкі маршрут. I будзе ён, Сурміла, пры ўсіх рэгаліях і тытулах сяды-тады сустракаць і расказваць знакамітым гасцям, якая колісь тут цемната была, як ніхто не хацеў сяліцца вышэй другога паверха. Смяяцца будуць...

Аднак былая тэма ішла неяк вяла, нешта замінала засяродзіцца, аддацца ёй спаўна. Канечне, усё гэта несур’ёзна. Толькі звар’яцеўшы можна заставацца тут на пяць, на дзесяць гадоў...

Калі сакратарка сказала, што Радзевіч заняты — у яго Лазовік і Антоненка, неасэнсаваная трывога, ад якой Сурміла ніяк не мог адкараскацца ўвесь астатак дарогі, стала ўзмацняцца, набываць больш канкрэтныя абрысы, перарастаць у насцярожанасць. Пачаў супакойваць сябе: і нічога не здарылася і здарыцца не можа! Мала чаго спатрэбілася першаму сакратару паклікаць і пагаварыць з начальнікам сельгасупраўлення і сакратаром па ідэалогіі... Звычайны рабочы візіт... Аднак спакой не прыходзіў. Прыгадалася прыкмета: пасля радасці заўжды бывае нейкая непрыемнасць. Для каго-каго, а для яго гэтая прыкмета чамусьці заўсёды спраўджваецца, і шчыра пашкадаваў, што, едучы ў машыне, даў волю эмоцыям.

Прайшло дзесяць, дваццаць мінут, паўгадзіны, а Лазовік і Антоненка не выходзілі. Што яны там так доўга? Пра што можна столькі гаварыць? Нейкім дзесятым чуццём адчуваў нядобрае. Насцярожвала больш за ўсё, што там Антоненка. Якая агульная справа ў іх з Лазовікам? Ну, Лазовік — зразумела: пэўна, да канца стаіць на сваім. А Антоненка? Няўжо спаркаваліся?! Ён не любіў і баяўся гэтага чалавека. За яго манеру размаўляць, за позірк — як лакатар, як рэнтген, здаецца, цябе навылет прасвечвае, здаецца, бачыць, што ў цябе ў вантробах робіцца... Яму б не ў сакратары райкома, а ў следчыя — такі талент прападае. Каб падаўся ў юрысты — пэўна, ого, якую кар’еру зрабіў бы!

Сурміла як мог адганяў нядобрыя згадкі, настойліва трымаючыся свайго: мала чаго Антоненка і Лазовік могуць сядзець у першага — мо зноў перагрызліся з-за нагляднай агітацыі, але смутная, насцярожаная трывога не хацела аціхаць. Усё б на свеце аддаў, каб хоць краем вуха пачуць, пра што яны гавораць!

Адрывіста і рэзка зазумерыў званок, і Сурміла з заміраннем сэрца зразумеў, што гэты зумер мае нейкае дачыненне да яго.

Сакратарка спешна пайшла ў Радзевічаў кабінет, зачыніўшы за сабою дзверы, але праз хвіліну вярнулася назад і ветліва, з афіцыйнай ноткаю прапанавала:

— Заходзьце, калі ласка... Вас клічуць...

I адразу ж нешта страхавітае ёкнула ў грудзях Сурмілы. Ён нерашуча затаптаўся ля дзвярэй, чакаючы, што вось-вось выйдуць Антоненка і Лазовік, аднак яны чамусьці не выходзілі.

— Заходзьце-заходзьце...— з тою ж казённай ветлівасцю папрасіла сакратарка, і гэтая ветлівасць здалася падазронай. Усё, што хочаш, мог уявіць сабе, толькі не тое, што давядзецца гутарыць з Радзевічам у прысутнасці Антоненкі.

— Дазвольце? — сунімаючы хваляванне, запытаў ён, адчыніўшы дзверы, акінуў усіх траіх адразу насцярожана-дапытлівым позіркам і зразумеў: тут гаварылі, не проста гаварылі, а спрачаліся наконт яго.

— Праходзь! — Погляд у Радзевіча быў строгі, голас — халодны.— Сядай...

Сурміла хацеў падаць руку, але перадумаў: першы па этыкету павінен падаваць руку начальнік, а калі ён не падае — лепш не совайся са сваёй фамільярнасцю. Сціпла павітаўся кіўком галавы з усімі разам, узяў крэсла ля стала, за якім праходзяць пасяджэпні бюро, прысеў, ліхаманкава думаючы: што ж здарылася?

Радзевіч маўчаў падазрона і жорстка, нібы загадваў прызнавацца ў нейкіх грахах. Лазовік і Антоненка так­сама маўчалі нацята — было падобна, што адбылася нейкая змова наконт яго персоны.

— То што, будзем узбуйняцца ці не будзем? — нарэшце, з нейкім падтэкстам прабасіў Радзевіч, паглядзеў так, быццам хацеў злавіць на нечым непрыгожым і не прапусціць ніводнага руху на твары. Так Радзевіч па яго яшчэ ніколі не глядзеў. Звычайна ён пачынае гутарку з якога-небудзь жарту, як роўны з роўным, хоць заўсёды і адчуваеш нябачную, няўлоўную дыстанцыю. Што ж здарылася? Няўжо ён здагадваецца? На нейкую секунду апанавала разгубленасць, ад страху задрыжала ўсярэдзіне, але імгненна спрацавала нешта накшталт інстынкту самааховы, змусіла сцяцца, як спружына, быць гатовым да любой нечаканасці.

— Вядома, трэба ўзбуйняцца, Андрэй Паўлавіч,— яшчэ трохі апалым голасам сказаў ён, але тут жа ўзяў сябе ў рукі: — Навукова-тэхнічны прагрэс дыктуе новыя маштабы, прынцыпова іншы падыход, а дасягнуты ўзровень вытворчасці...— Запнуўся, заўважыўшы, як прайшоў цепь па Радзевічавым твары, успомніў, што Радзевіч не пераносіць, калі пачынаюць гаварыць траскуча, як па пісанаму, болей таго, можа нават на пленуме ці якой саліднай нарадзе бесцырымонна абарваць пад рогат залы: маўляў, ты мне не чытай перадавіцу з раённай газеты, не балабонь пустое, кажы, што сам думаеш, а не маеш чаго сказаць — сядай, не адбірай час. Гэтая нетактоўнасць, грубаватая, бесцырымонная, шмат каго шакіруе, прымушае губляцца, чырванець, не падабаецца яна, вядома, і яму, Сурмілу, аднак першы прывучыў, што ніхто не рашаецца выступаць з трыбуны, уткнуўшыся ў паперку, дэталёва не абдумаўшы свайго выступления,— каму ахвота быць пасмешышчам...

— Кажаш, маштабы малыя? — недаверліва перапытаў Радзевіч і, не чакаючы адказу, шматзначна намякнуў: — А мо не ў маштабах дзела? А-а? — Уставіўся хітрымі вачыма, не хаваючы, што сочыць за кожным яго рухам. Сурмілу стала няўтульна пад гэтым позіркам. Ён нутром адчуваў, што настае кульмінацыйны момант і, магчыма, лес яго зараз залежыць ад таго, зможа ці не зможа вытрымаць гэты позірк, не ўздрыгнуць, зрабіць так, каб Радзевіч пераканаўся, што, апроч высокіх грамадскіх інтарэсаў, апроч клопатаў пра росквіт і светлае будучае калгаса, яго, Сурмілу, больш нішто не хвалюе і хваляваць не можа.

— А ў чым дзела, Андрэй Паўлавіч? — паставіў здзіўленыя вочы Сурміла, а сам ледзьве сунімаў нейкія здрадлівыя дрыжыкі.— Нічога не разумею, Андрэй Паўлавіч... Што за падазрэнні? Што я мог надумаць?! — Ён выразна разумеў, што павінен абурацца — толькі абурэнне, пераканальнае, рашучае, выратуе ад падазрэнняў, якія ўвялі ў вушы Радзевічу Антоненка з Лазовікам. Ён ужо здагадваўся, што гэта за падазрэнні...

— Што мог надумаць?..— з тым жа недаверам перапытаў Радзевіч, уважліва сочачы за выразам яго твару.— Ну-у... напрыклад, праглынуць «Забор’е» з Купцэвічавымі мільёнамі?..

Сурмілу кінула ў пот, аднак усё той жа інстынкт самааховы прымусіў узяць сябе ў рукі.

— Гэта несур’ёзна! — амаль шчыра абурыўся ён.— Гэта — паклёп! На якой падставе мне ставяцца такія абвінавачванні?! Андрэй Паўлавіч, я... патрабую... расследавання...— I, не дачакаўшыся Радзевічавай рэакцыі, пакрыўджана дадаў: — Патрэбны мне Кунцэвічавы мільёны!

Апошняе было пралікам, спахапіўся, але — позна...

— А чаму б і не патрэбны? — памяркоўней, але з тым жа недаверам запытаў Радзевіч.— Колькі ў цябе на рахунку?

Гэта было дужа непрыемнае пытанне, і Сурміла ліхаманкава думаў, як непрыкметна і дыпламатычна ўхіліцца ад яго.

— Не-ешта-а... каля...— замяўся, спадзеючыся, што Радзевіч адчэпіцца.— Не маю самай свежай лічбы...

— Тры з паловай мільёны,— падказаў Лазовік і здзекліва ўеў: — Даўгоў...

Сурміла глянуў на яго з нянавісцю, не ведаючы, што сказаць.

— А ў Кунцэвіча колькі? — не сунімаўся Радзевіч. Пытанне было адрасавана яму, Сурмілу.

— Я іх грошай не лічыў! — агрызнуўся ён, думаючы, як выблытацца з гэтай непрыемнай тэмы, не даць загнаць сябе ў кут.

— Няўжо не палічыў? — недаверліва, іранічна сказаў Радзевіч. Насупіўшы бровы, папрасіў Лазовіка: — То падкажы яму, колькі там у Кунцэвіча?

— За сем мільёнаў.

— Канечне, не даўгоў?

— Вядома...

— Во бачыш — за сем мільёнаў! — са здзекам глянуў Радзевіч.— А ты не лічы-ыў... Во так трэба гаспадарыць, кандыдат навук! Хопіць усе твае дзіркі залатаць ды яшчэ столькі застанецца, пакуль наробіш новых...

— Мне іх грошы не патрэбны...— як мог абараняўся Сурміла.— Самі свае даўгі асілім...

— Пачакай-пачакай: як жа ты будзеш асільваць свае даўгі, калі намерыўся аб’ядноўвацца? — злавіў на слове Радзевіч.— Мо два рахункі ў банку збіраешся трымаць? — У яго голасе была знішчальная іронія.

Сурміла адчуваў, што яго прыпіраюць да сцяны.

— Не з-за грошай жа аб’ядноўвацца..,— адчайна абараняўся ён.

— А з-за чаго?

Адчуў, што глеба канчаткова выплывав з-пад ног, і у самы аношні момант зрабіў адчайны рывок.

— Андрэй Паўлавіч, я не хачу, каб да мяне ставіліся як да хлапчука! — I гэта, як і разлічваў, атрымалася цвёрда, з пафасам, нават са злосцю.— Тым больш, інкрымінавалі нічым не абгрунтаваныя абвінавачванні. Не я рашаю, аб’ядноўваць ці не аб’ядноўваць калгасы. Я выказаў і абгрунтаваў сваю думку, кіруючыся толькі інтарэсамі дзела. Гэта — справа майго сумлення і абавязку, таму прашу ставіцца да яе калі не з павагаю, то хоць з належным тактам!

— Ну, ладна...— паморшчыўся Радзевіч.— Але скажы, чаму ты залез у гэтакія даўгі?

Па тым, як перамяніўся Радзевічаў тон, зразумеў, што псіхалагічны ход быў правільны. Цяпер павінен наступіць пералом...

— Чаму залез у даўгі, пытаеце? А хто больш за ўсіх будаваўся? У каго самая сучасная тэхніка? Хто за год па шэсць-сем камбайнаў, дзесяць — пятнаццаць трактараў, не лічачы іншай тэхнікі, купляе? А завод грануляваных кармоў? А новае тэхналагічнае абсталяванне для фермаў? Усё гэта дарма не даецца, як вы выдатна ведаеце...

— Пачакай-пачакай, ты ж толькі два гады назад дзе­сяць «СК-4» купіў. Дзе яны? Навошта табе столькі камбайнаў?

— «СК-4» маральна ўстарэлі. Спісалі...— зноў стаў губляць пад сабою грунт Сурміла.

— Ды яны ж толькі адзін сезон адпрацавалі, а вы паспісвалі?!

— I Кунцэвічавы хлопцы на запчасткі расцягнулі,— падліў масла ў агонь Лазовік.— А тэхналагічнае абсталя­ванне, дарэчы, разукамплектавалі так, што цяпер канцоў не знойдуць, «Сельгастэхніка» і манціраваць не бярэцца...

— Праўда?! — ні то здзівіўся, ні то абурыўся Радзевіч.

Сурміла маўчаў, разумеючы, што ў гэтай сітуацыі лепш за ўсё памаўчаць з вінаватым выглядам.

— Ды цябе ж судзіць трэба! Во гаспадар! Вы бачылі такога гаспадара? — узарваўся Радзевіч.

Было ясна, што псіхалагічны ход з маўчаннем даў асечку, павярнуць размову ў пажаданым кірунку не ўдалося, трэба шукаць нейкае іншае выйсце.

— Андрэй Паўлавіч, мы прызналі сваю памылку...— вінавата-прыбітым голасам пачаў ён.— Нас за гэта народны кантроль аштрафаваў. Даю слова: нічога падобнага ў нас ніколі не будзе...

— Не будзе, кажаш? — трохі спакойней сказаў Радзевіч.— Вядома, больш такога марнатраўства не будзе — Кунцэвіч не дапусціць. Во аб’яднаем калгасы — пойдзеш у намеснікі да Кунцэвіча. Павучыся, кандыдат навук, як трэба гаспадарыць...

Сурмілу стала горача: а раптам і праўда?! Не-е-е! Жартуе. Палохае. Бярэ на бога... Хай сабе папалохае. Яго абавязак палохаць... Але... Усё ж, калі праўда запхнуць у намеснікі?! Не-е і яшчэ раз не! Быць такога не можа! Кандыдата навук ды ў намеснікі да нейкага невука! Глупства! Абсурд! Ніхто не дапусціць...

— То пойдзеш у намеснікі да Кунцэвіча? — на поўным сур’ёзе запытаў Радзевіч.

Сурміла маўчаў. I хоць ён разумеў, амаль быў перакананы, што ўсё гэта абсурд, нейкі недарэчны кур’ёз, брыдкая праверка, аднак усё роўна зрабілася млосна.

— Калі трэба, то і пайду,— нарэшце здранцвела сказаў ён і, трохі ачомаўшыся, ненатуральна ўзнёсла дадаў: — Мне не пасады патрэбны, мяне справа хвалюе...— Глянуў на Радзевіча і з задаволенасцю і радасцю заўважыў, што той зніякавеў. На Лазовікавым твары было здзіўленне, Антоненка скептычна ўсміхаўся, аднак схаваць збянтэжанасць яму не ўдавалася... Канечне ж, не такога адказу яны чакалі. Чакалі, што Сурміла дасць у хамут, тады Сурмілу можна навешаць чорт ведае якіх сабак. А дулю вы не хацелі? Во, цяпер падумайце, як выкручвацца! Рыхтавалі для Сурмілы пастку, а самі ў яе трапілі... Так і павінна было быць! Уздумалі перайграць, захацелі голымі рукамі ўзяць Сурмілу! А дулю!

— Што ж, паглядзім...— пасля непрацяглай паўзы няпэўна сказаў Радзевіч. На душы ў яго быў нейкі нядобры асадак. Хацелася верыць, і нешта супраціўлялася, каб паверыць у Сурмілаву шчырасць. Падобна было, што ён разгадаў іх карты. Шчыра кажучы, тут не трэба мець вялікага розуму, каб разгадаць... Але якое прыняць рашэнне? Розыгрыш розыгрышам, а, мусіць, самае разумнае было б, каб на самай справе Сурміла пацёрся ля Кунцэвіча ў намесніках. Такіх самародкаў, як Кунцэвіч, не так многа ўжо і засталося, каб можна было дазволіць імі кідацца. Пашлеш яму талковага спецыяліста — праз дватры гады, глядзіш, гатовы старшыня... Ну, проста кузня старшынскіх кадраў гэтае «Забор’е». А мо ўсё ж рызыкнуць ды прапусціць Сурмілу праз Кунцэвічаву школу? Эх, каб не яго гэтая праклятая дысертацыя! А так ткніся ў вобласць з Кунцэвічавай кандыдатурай — на смех падымуць. Першы Сурміла-старэйшы спадцішка тарараму наробіць: як гэта так — аддаюць перавагу малапісьменнаму практыку! Яны, у абласным упраўленні сельскай гаспадаркі, і без гэтага не прамінуць ніводнай нарады, каб не тыцнуць высокім працэнтам практыкаў. У прынцыпе яно, канечне, і правільна: сёння сельская гаспадарка патрабуе гаспадара-спецыяліста, запеўку ва ўсім павінны рабіць высокакваліфікаваныя спецы. Але спец спецу, практык практыку — розніца. Нельга мераць усіх на адзін капыл, стрыгчы пад адзін грэбень. Нельга-то нельга, але....

А мо рабіць так, як і задумалі? Кунцэвіч усё роўна будзе праваю рукою ў Сурмілы. А Сурміле зрабіць добрую «выцяжку»: слухай і вучыся, ды часцей гладзіць супроць шэрсці, не зважаючы на яго дысертацыю... А мо ўсё ж прыслухацца да Лазовіка і Антоненкі і пакуль што ўстрымацца ад аб’яднання? Вясна наступае на пяты. Прыйдзе восень — там і рашыцца... Але трэба рашаць, з комплексам зацягваць нельга. Тут ёсць над чым падумаць...

Цяпер у Сурмілы не заставалася ні кроплі сумнення, што яму ўчынілі праверку, і наступіла палёгка, потым нахлынула радасць, тайная, помслівая. Ён моўчкі святкаваў сваю перамогу. Аднак усё ж нешта муляла, смылела, перашкаджала адчуваць радасць да канца. I хоць гэта было неразумна, дзёрзка, але ўсё выразней адчуваў, што для поўнага шчасця не хапае толькі аднаго — Радзевіч, а з ім Антоненка, Лазовік павінны не моўчкі, а ўголас прызнаць сваё паражэнне.

— Я не магу супакоіцца, Андрэй Паўлавіч! — пакрыўджаным і адначасова абураным голасам пачаў ён.— Як вы толькі маглі падумаць! Як вы маглі западозрыць, што я... я пазарыўся на Кунцэвічавы грошы?! Як вы маглі паду­маць! — Сурміла не раз крывіў душою перад начальствам, але яшчэ ніколі не быў такім абачлівым, яшчэ ніколі так не баяўся перайграць, апраставалосіцца.

— Ну, ладна, ладна...— прымірэнча сказаў Радзевіч.

Сурміла разумеў, што Радзевіч загаварыў тонам пераможанага, гэтым можна і задаволіцца, аднак нейкая неадольная сіла спакушала дамагацца большага.

— Во і добра, што сам Кунцэвіч будзе распараджацца тымі грашыма,— не мог утрымацца, безразважна палез на ражон ён.— У нас зроблены такі задзел, што праз два-тры кварталы ад даўгоў і следу не застанецца...

— Давай не будзем! — абарваў яго Радзевіч, сярдзіта звёўшы свае калматыя бровы, і гэтая сярдзітая нахмуранасць зноў кальнула балюча: а, мусіць, ён не верыць? Мусіць, усё ж так і не будзе эфектнай апошнян кропкі... I радасць стала блякнуць, спакваля ўсплывала злосць, прыкрая, пякучая, абразлівая: як толькі язык павярнуўся ў Радзевіча прапанаваць, хай сабе для праверкі, але прапанаваць такое?! Хацелася абурыцца, мо нават са злосцю стукнуць кулаком па стале, але абурыцца адкрыта ён не мог...


5


Лазовік вяртаўся з райкома партыі а чацвёртай гадзіне дня і думаў: а ці дачакаўся яго Кунцэвіч? Хацелася, каб не дачакаўся. Звесткі, якія ён нёс, не маглі парадаваць старога. Усё, што адбылося ў Радзевічавым кабінеце, збіла з тропу, паралізавала былую рашучасць, нарадзіла ў душы нейкую глухую разгубленасць. Хоць мо не ўсё яшчэ так безнадзейна... Нягледзячы на ўсё, што адбылося ў Радзевіча, здаецца, давер да Сурмілы пахіснуўся... Але ж Радзевіч не стаў збіраць бюро, каб перарашыць! Значыць, адмяняць рашэнне не збіраецца. Праўда, абяцаў падумаць... Але, па ўсім відно, гэта толькі для прыліку...

Кунцэвіч сядзеў у прыёмнай і не ведаў, як бавіць час. То хадзіў, злуючы і крэкчучы, то зноў сядаў, то з’яўлялася рашэнне плюнуць на ўсё і ехаць дамоў, то гэтае рашэнне знікала.

— Скора прыйдзе, не хвалюйцеся,— супакойвала са­кратарка, зусім яшчэ дзеўчанё — пэўна, не паступіла ў інстытут і цяпер выседжвае ў прыёмнай да наступнага набору: на стале стос падручнікаў за восьмы — дзесяты класы.

Ад нечага рабіць падышоў да акна, абыякава паглядзеў на вуліцу. Ярка, зусім па-вясноваму свяціла сонца, нават праз шыбы пахла вясной. Позірк затрымаўся на вераб’ях, што, радасна шчабечучы, купаліся ў талай вадзе: скок-скок, распусціць крылцы, паплюхаецца хвілінку — і выскоквае на сухое, пачынае вычышчаць дзюбкай свае пярэстыя пёрцы. Во чысцюлі! Аднекуль раптам наляцела з тузін адкормленых шызых галубоў і, звысоку паглядваючы на шэрую драбязу, важна захадзілі па двары, выглядаючы, чым пажывіцца. «Гараджане»! У вёсцы яны чамусьці не водзяцца. У вёсцы ўсё куры падбяруць, нічога не пакінуць гэтым дармаедам...

Заняты сваім назіраннем, ён і не заўважыў, як прыйшоў Лазовік — дзверы ў прыёмную былі адчынены насцеж. Лазовік сцішана паглядзеў на яго збоку — і зашчымела-зашчымела сэрца. Ці то ад таго, што нічым не можа парадаваць гэтага блізкага чалавека, ці то ад таго, што толькі цяпер кінулася ў вочы, як здаў за апошнія гады стары — ссутуліўся, нездарова размажнеў, на галаве засталіся толькі рэдзенькія белыя валаскі — яшчэ не лысіна, але ўжо і не чупрына. Яму можна даць не пяцьдзесят восем, а ўсе шэсцьдзесят пяць — семдзесят гадоў. Знешне ён, увогуле, менш за ўсё падобны на старшыню калгаса, хутчэй — на брыгадзіра-практыка ці проста вясковага жыхара, якога прывяла ў раённую ўстанову нейкая свая важная сялянская патрэба. Шмат такіх дзядоў вычэквае сваю чаргу ў прыёмнай райсабеса, загсе, раённай бальніцы.

— Ну, во, нарэшце! — абрадаваўся Кунцэвіч, і адра­зу ж яго вочы засвяціліся нецярплівай насцярогаю: ну, што там?

У Лазовіка сціснулася сэрца.

— Хадзем у кабінет...

Лазовік не пайшоў за свой рабочы стол, а сеў насупраць Кунцэвіча за прыстаўны столік. Выгляд у яго быў заклапочаны, паніклы.

— Не трэба, Іван...— зразумеў усё Кунцэвіч.— Ды кінь ты! Мо гэта і лепей, што так сталася...

Лазовік разумеў, што стары кідае яму выратавальны круг, падказвае выйсце, аднак было сорамна прымаць гэты круг.

— Лепей, кажаце?! — Ускочыў з месца і таропка захадзіў па кабінеце.— Не-е-е, у тым-то і справа, што не лепей!

— Ну, чаго ты, браце мой, забедаваў? — стаў супакоиваць яго Кунцэвіч.— Знайшоў чаго бедаваць! Калі хочаш ведаць, то мне гэтае старшынства астачарцела.— Правёу далонню па горле.— Во як! Патрэбна мне яно, як леташні снег... Пастарэў, браце мой, сам чую, як пастарэў... Пацягнуў лямку — і досыць. Хай цяперака хто маладзейшы бярэцца...

— Рана спісваеце сябе...

— Ну-у, рана ці не рана,— разважліва, нават весела адказаў Кунцэвіч.— Але, мусіць, і праўда, з мяне хопіць. Засядзеўся, мо нават пераседзеў сваё... Усяму свой час. Тры рэчы чалавек павінен зрабіць у свой час — ажаніцца, адысці ад дзела і памерці.

— Гаворыце нешта...

— Праўду кажу, браце мой. Ты і сам разумееш, што праўду. Нельга дацягваць, каб чакалі — дачакацца не маглі, калі ж ты, нарэшце, замінаць перастанеш. Праўда, бывае сяму-таму па старасці розум адбірае: сядзіць, як трухлявы корч, парахня сыплецца, а яму ўсё здаецца, што ён пуп зямлі. Не дай бог, каб пад старасць адабрала развагу...— Памаўчаў, потым нечакана перамяніў тон.— Во, каб не Сурмілу ставілі, то і зусім добра было...— Глянуў затрывожана, амаль умольна: — Няўжо ўсё ж Сурмілу паставіце?

— Не ведаю...— разгубіўся Лазовік, хацеў схлусіць, але не змог.— Пэўна, Сурмілу. А вас — да яго намеснікам...

Кунцэвіч адразу ж пазмрачнеў, замоўк зацята. Вочы яго патухлі, зрабіліся абыякавымі, пустымі, але праз хвіліну ажылі зноў, сталі недаверлівымі, іранічнымі.

— Дзякую за клопат. Але няўжо вы не падумалі, што не пайду я да Сурмілы ў намеснікі.

— Чаму? — няўцямна павёў плячыма Лазовік, ці то здзівіўшыся, ці то спалохаўшыся.

Кунцэвіч глянуў на яго, нібы кажучы: як можна не разумець такіх простых рэчаў? I, угледзеўшы, што той і на самай справе нічога не разумев, усміхнуўся горка:

— Як я людзям у вочы глядзець буду, калі ўступлю Ў хаўрус з Сурмілам, вазьмуся развальваць усё, што ствараў разам з людзьмі? Сурмілу-то што: без пасады не пакінеце, на самы горшы выпадак — матане ў горад вучыць студэнтаў. А мне што загадаеш? За ім у дворнікі? Не-е браце мой, мне не так многа жыць засталося, каб уступаць у хаўрус з Сурмілам...— Уздыхнуў самотна, надоўга замоўк, потым схамянуўся, махнуўшы рукой, амаль весела сказаў: — Ат, давай не будзем пра гэта! Не пра тое зараз у мяне клопат...

— А пра што? — неяк недарэчна вырвалася ў Лазовіка.

Кунцэвіч паціснуў плячыма, заклапочана паглядзеў на гадзіннік, насмешліва і трохі адчужана сказаў:

— Каб не спазніцца на аўтобус — во што зараз мяне хвалюе...— У яго голасе была горыч і, здаецца, нават крыўда.— Мне пара, Іван...

— А хіба вы без машыны?

— Адправіў... Тут на базе сёе-тое дастаў...— неахвотна адказаў Кунцэвіч. Ён ніколі не любіў расказваць пра свае візіты ў «Сельгастэхніку», але ні для каго ў раёне не было сакрэту: калі ўжо Кунцэвіч заявіцца на базу, то з пустымі рукамі назад не паедзе — хоць якія шрубкі, толкам не ведаючы, навошта яны яму, але ўсё роўна нешта выцыганіць. Пра яго набегі на «Сельгастэхніку» ледзь не анекдоты расказваюць...

Вось і кончыліся твае візіты, твае вясёлыя гісторыі, Аляксей Сцяпанавіч. Сёння быў апошні. Хто-хто, а кіраўнікі «Сельгастэхнікі», пэўна, парадуюцца, што не стане такога дакучлівага кліента. Але што ні кажы, а нешта збяднее, паблекне ў раёне без Кунцэвіча... Нейкае шчымліва-жаласлівае пачуццё варухнулася ў Лазовікавай душы.

— Я вас давязу.

— Ну да! — адмахнуўся Кунцэвіч.— «Волгу» гнаць блізкі свет па такой рэсквасі! Аўтобусам даеду — не велiкі пан.

— Нічога-нічога! — рашуча запратэставаў Лазовік.— Хай трохі пратрасецца шафёр — увесь дзень у «казла» пралупіў.

— Глядзі, як хочаш...— абыякава згадзіўся Кунцэвіч.— То калі так, скажы шафёру — паедзем, каб завідна вярнуўся...

— Я вас правяду...— нечакана для сябе прапанаваў Лазовік і, нечага саромеючыся, схлусіў: — Мне якраз у «Светлы шлях» заскочыць на хвілінку трэба.

— Як хочаш...— паціснуў плячыма Кунцэвіч. Яму дужа не хацелася гэтага праважання.

Лазовік пазваніў у гараж, і шафёр не прымусіў сябе чакаць — праз хвіліну пасігналіў, даючы знаць, што ён гатовы.

Моўчкі сталі збірацца на выхад.

— Вы хоць паабедалі? — успомніў Лазовік і, зразумеўшы, што стары без абеду, прапанаваў: — Мо заскочым да мяне, перахопім чаго?

— Нешта не хочацца... Давай паедзем...

Лазовік таксама застаўся без абеду і цяпер адчуваў асабліва востра, што кішкі граюць марш, аднак не рашыўся настойваць — старому і на самай справе зараз не да яды.

Выехалі за горад. Кунцэвіч сядзеў засяроджаны, хму­ры, невідушча гледзячы ў акно, на пытанні адказваў коратка, адназначна, без ахвоты, і Лазовік рашыў не назаляць яму — хай думае, а сам пачынаў шкадаваць, што ўблытаўся ў гэтыя провады. Хоць... хоць, шчыра кажучы, ён не мог гэтак проста справадзіць Кунцэвіча... А чаму не мог? Захацеў паспачуваць, паддобрыцца, згладзіць сваю віну, думаў з прыкрасцю Лазовік. Патрэбна Кунцэвічу тваё спачуванне, як брычцы пятае кола!.. Старому хочацца пабыць сам-насам, без дакучлівых субяседнікаў і спачувальнікаў. Ён нават не хавае гэтага. Хай бы сабе ехаў з Эдзікам. Эдзік маўчыць, як рыба, калі за рулём,— слова з яго не выціснеш...

Сонца хілілася к заходу. Над голымі чорнымі дрэвамі насіліся гракі, і нават шум матора, вібрацыя ў кузаве не маглі заглушыць іх ашалела-радасныя галасы.

Кунцэвіч самотна глядзеў на палі, нібы развітваўся з імі, развітваўся са знаёмаю, тысячы раз езджанаю дарогаю, з усім, чым жыў, што турбавала, непакоіла яго ўсе гэтыя дваццаць пяць гадоў. На душы было па-ўрачыстаму спакойна і тужліва... Не думаў, што гэта будзе вясною... Вясною адольваюць заўжды новыя клопаты, новыя справы, вясною ніколі не думаецца пра хуткаплыннасць часу, пра тое, што на свеце няма нічога вечнага, бясконцага. На такія думкі вясною проста не хапае часу. Што ж, вясною пачынаў, вясною і даводзіцца заканчваць.

Вясною даводзіцца заканчваць...

I памяць падсунула, памяць нечакана для самога сябе падсунула тую насцярожаную, трывожную вясну 1949 года...

Заходнія вобласці Беларусі ўваходзілі ў новую гістарычную паласу, якая карэнным чынам ламала, мяняла спрадвечны сялянскі побыт. Пачыналася калектывізацыя. Людзі толькі што вылезлі з зямлянак, сталі абжывацца, залечваць раны вайны, і будучае хвалявала, трывожыла кожнага. У вёсках амаль штовечар збіралі сходкі, моўчкі выслухоўвалі аратараў з раёна, з вобласці, ніхто ім не пярэчыў, але і падаваць заявы ў калгас не спяшаліся: маўляў, пажывём — пабачым, і чаго, чаму я першы палезу? Пра калгасы хадзілі розныя жахі. Распускалі іх і свае, хто быў больш заможны, і нейкія задрыпанцы, што бадзяліся ў той час па вёсках. Людзі вагаліся: паслухаеш прамоўцу з раёна ці вобласці — адно, паслухаеш, што сарока на хвасце прынесла,— зусім іншае. Бібліятэкарка прывезла з раёна прыпеўкі пра стопудовы ўраджай, і гэ­тыя прыпеўкі прыйшліся даспадобы дзяўчатам. А праз дзень на танцах, калі чамусьці патухла лямпа, нехта не сваім голасам праспяваў:

A-а самалёт ляці-іць,

Ды збоку фортачка...

Назаўтра гэтую прыпеўку ведала ўся веска, хоць спяваць уголас ніхто не адважваўся.

Яны з Ананасам Бакуном толькі што вярнуліся з арміі — пры ордэнах, медалях, з ранняй сівізной у чупрынах, але маладыя, пабачыўшыя свет, поўныя сіл і энергіі, гатовыя зямлю перавярнуць...

Калі гэта было! А здаецца — толькі ўчора... Нават яшчэ тыя галасы выразна гучаць у вушах. Чвэрць стагоддзя... I, мабыць, першы раз у жыцці так цвяроза і жорстка кальнула думка: а ўсё ж як хутка бяжыць час, як мала адведзена чалавеку! I няма калі за рознымі клопатамі заўважаць, як згараюць, бы свечка, хвіліны, гадзіны, дні, месяцы, гады... Толькі сяды-тады смутна ўяўляеш, што будзе некалі канец, але ўсё гэта ўспрымаецца як далёкая-далёкая перспектыва, нават нерэальнасць... Пакуль не ўдараць між вушэй, як ударылі сёння: пара саступаць, стары корч, кончыўся твой ліміт... Та-ак, адыходзім пакрысе... Што ж, гэтак было да нас, гэтак ёсць, гэтак будзе, ніхто не можа стаць над часам, адны — раней, другія — пазней, але ўсё роўна... А ўзяць Ананаса... Ужо ледзьве клёвае Апанас, Апанас, якому, здавалася, не будзе зносу. Эх, Апанас, Апанас! Спета наша з табой песенька... А памятаеш? Канечне, памятае... Такое не забываецца...

I раптам да болю шчымліва прыгадалася такое далёкае і такое блізкае галоднае, зрэбнае маленства, юнацтва, але памяць чамусьці толькі слізганула па іх, упёршыся ў той дзень, той ранак...

Дзень абяцаў быць гарачым, бязветраным. Пазней звычайнага прыгналі з начлегу коней — нядзеля, а ўдзень не выпусціш, сцінаюць авадні. I ніхто, вядома, не надаваў значэння выбухам, што чуліся недзе ўдалечыні,— думалі, як звычайна, ірвуць карчы. А потым у небе з’явіліся самалёты. Самалёты над Забор’ем былі не навіна — кіламетраў за пяцьдзесят, ля райцэнтра, аэрадром, і самалёты часта лёталі над вёскай, да іх прывыклі, і ніхто апроч блазнюкоў, не зважаў на іх. На гэты раз гул быў нейкі нязвыклы, незнаёмы, і, калі самалёты падляцелі бліжэй, усе, хто быў на дварэ, здзіўлена ўбачылі, што гэта нейкія іншыя самалёты — з белымі крыжамі на крылах і незразумелымі загагулінамі на хвасце. Стаялі, пазадзіраўшы галовы, дзівуючыся і нічога не разумеючы. Калі самалёты ўжо мінулі вёску, адзін раптам стаў паварочваць назад, нібы што забыўшы. Зрабіўшы разварот, нечакана клюнуў уніз — і на яго рыльцы заскакалі чырвоныя іскаркі. Перш чым здагадаліся, што ён страляе, убачылі, як задымеў Лявона Клыпатага хлеў. «Крыжак» праляцеў над самымі стрэхамі, задраў рыла і, праціўна завываючы, палез уверх. Потым лёг на крыло, робячы разварот, і зноў, бы па слізкай горцы, пайшоў уніз, запырскаўшы чырвонымі іскрамі.

— Падай па зямлю! — загадаў Мікалай — старэйшы Апанасаў брат.

Яны з Апанасам яшчэ нічога толкам не разумелі, але падначаліліся Мікалаеваму загаду — ніцма пападалі ля плота. Сам Мікалай не ўпаў, а схаваўся за шула і адтуль назіраў за самалётам. У канцы вёскі бабухнула, што аж задрыжалі шыбы. Да хлопцаў яшчэ не даходзіў сэнс усяго, што адбываецца. Не было нават страху, была адна цікаўнасць — паўскоквалі, прыкрыўшы далонямі вочы ад сонца, глядзелі на дзіўны самалёт, намагаючыся разгледзець лётчыка. «Крыжак» тым часам, набраўшы вышыню, пачаў рабіць новы разварот. Аж раптам адкуль ні вазьміся — знаёмы і звыклы маленькі тупаносы «ястрабок» з чырвонымі зоркамі на крылах. Ён адразу ж насеў на «крыжака», смела і задзірліва. Той адразу ж, было відаць, спалохаўся, кідаўся то ўлева, то ўправа, а «ястрабок» не адпускаў яго. I не паспелі яны што-небудзь сцяміць, як ад «крыжака» пацягнуўся чорны хвост. Самалёт губляў вышыню, неўзабаве ад яго аддзялілася нейкая чорная кропка, і праз хвіліну ў небе павіс парашут. Самалёт тым часам, цягнучы за сабою яшчэ больш густы чорны хвост, цяжка праляцеў да ляска, знік за дрэвамі, і адразу ж адтуль пачуўся выбух і пацягнуўся слуп дыму. Мікалай, Апанас, Аляксей, а за імі ўся вясковая блазнота кінуліся на поплаў, куды сядаў парашут. Яго стала зносіць ветрам на жыта, і калі прыбеглі туды, парашутыст ляжаў і ніяк не мог выблытацца з вяровак і сцяблін. Убачыўшы іх, стаў лапатаць нешта не па-пашаму, усё намагаўся і ніяк не мог з-за вяровак дацягнуцца да кабуры, што вісела ў яго збоку на поясе...

— Шпіён! — выказаў здагадку Мікалай і загадаў: — А ну, хватай яго, хлопцы! — Першы кінуўся па парашутыста.

Сяк-так выблыталі, адабралі пісталет і павялі да сельсавета. Уся вёска збеглася паглядзець, як на цуд, нават пакінулі тушыць Лявона Клыпатага хлеў. Старшыні сельсавета не было — паехаў на выхадны да нейкіх сваякоў ні то ў раён, ні то яшчэ некуды далей, і ніхто не ведаў, што рабіць з гэтым дзіўным незнаёмцам з неба. Той нешта злосна гергетаў і не разумеў ні слова. Гэта быў зусім малады бялявы хлопец, яшчэ і не вораг, але ўжо і спагады ні ў каго не было — свечкай гарэў Лявона Клыпатага хлеў.

Пакуль разважалі, спрачаліся, што з ім рабіць, з’явіліся на машынах вайскоўцы, разгубленыя, здалося, нават трохі напалоханыя. Яны не з меншай, а мо нават з большай цікавасцю аглядалі парашутыста, які адразу ж зніякавеў, прыціх. Камандзір вайскоўцаў з асцярогаю разглядваў пісталет, які яму аддаў Мікалай. Потым, засунуўшы свой трафей у планшэт, падзякаваў усім, а Мікалаю — асабліва за пільнасць, заклікаў не паддавацца на правакацыі, не кідацца ў паніку. На трывожныя пытанні: а што робіцца, нічога не адказаў, спаслаўшыся на вайсковую тайну. Загадаў пагрузіць парашутыста ў машыну, і яны спешна памчалі ў бок раённага цэнтра.

Усю ноч па ўсход ішлі войскі. У вёсцы, апроч малечы ніхто не спаў, трывожна прыслухоўваючыся да ўсё нарастаючага з захаду гулу. Выходзілі на вуліцу, прыставалі да заклапочаных вайскоўцаў, але ніхто нічога не казаў I гэта насцярожвала яшчэ больш. А раніцою ўжо ведалі — пачалася вайна.

Вайскоўцаў стала праходзіць усё менш і менш, сяды-тады праляталі самалёты з крыжамі, але ляцелі яны высока, на Забор’е не звярталі ніякай увагі.

А пад вечар у вёсцы былі немцы. Яны ехалі на матацыклах, на грузавіках, ішлі пехатою, запыленыя, з закасанымі па локаць рукавамі, з кароткімі аўтаматамі на плячы. Потым па вуліцы прагрукаталі дзесяткі два танкаў з такімі ж, як і на самалётах, белымі крыжамі. Людзі баяліся выходзіць з хат. Немцы часта спыняліся ля студні, наскора пілі ваду і ішлі далей.

Мікалай, Апанас і Аляксей хаваліся то ў жыце, то ў хмызняках, толькі ўночы забягаючы дахаты запасціся харчам. Потым, заўважыўшы, што немцам не да іх, трохі асмялелі, сталі выходзіць са свайго сховішча і ўдзень. Асабліва Мікалай. Выйдзе да варот, абапрэцца рукамі на жэрдку і глядзіць, як па вуліцы паўзуць жалезныя аграмадзіны — аж зямля дрыжыць пад іх гусеніцамі.

На трэці дзень з’явіліся зусім іншыя немцы, не падобныя на тых, што ішлі ўсе гэтыя дні. У чорным, з перакрыжаванымі касцямі і чарапамі на рукавах, гладка паголеныя, дагледжаныя. Усю вёску сагналі да сельсавета, і адзін на ломанай польска-рускай мове аб’явіў, што германскі фюрэр вызваліў іх ад камуністаў, камісараў і яўрэяў, з сённяшняга дня ўводзіцца новы парадак, загадаў камуністам, камісарам і яўрэям выйсці тры крокі наперад.

Такіх у Забор’і не знайшлося.

Назначыўшы солтысам хваравекага дзядзьку Ігнася, які выпадкова трапіў на вочы, яны зніклі і больш за тыдзень не паказвалі носа. Вёска прыціхла, трывожна чакала, што ж гэта за «повы парадак» будзе. Ніхто асабліва нікуды не адлучаўся, але пра гэты «новы парадак» даходзілі чуткі і да Забор’я. Казалі, што ў райцэнтры немцы пастралялі шмат народу, не шкадавалі ні дзяцей, ні старых. Назначэнне начальствам зусім даканала дзядзьку Ігнася — пакрэхтаў дзён пяць і памёр.

Неўзабаве ў вёску зноў панаехала немчуры ў чорным. Схапілі Мікалая Бакуна — аднекуль даведаліся пра лётчыка. Шукалі іх з Апанасам...

Спачатку хаваліся, потым натрапілі на невялікую групу акружэнцаў, так і пачалося іх партызанскае жыццё. К вясне сорак другога года быў ужо вялікі атрад, адважваліся нападаць не толькі на адзіночныя машыны на шашы, а і на нямецкія гарнізопы. А неўзабаве атрад вырас у брыгаду, і ўжо немцы нават удзень баяліся нос сунуць у пушчу. I ўсе чатыры гады не разлучаліся з Апанасам, жылі ў адной зямлянцы, разам хадзілі на заданні, ірвалі рэйкі на чыгунцы, плавілі са снарадаў тол. Канечне, хлебануць давялося ўсяго: і голаду, і холаду, і страху, і бяссонных блакадных начэй, прарываў. Колькі разоў смерць дыхала сваім холадам, але выжылі. Проста дзіва, што выжылі. А выйшлі з лесу ў сорак чацвёртым — адразу ж у армію. I зноў так сталася, што ў адным узводзе дайшлі аж да самага Берліна.

Не, на самай справе, мусіць, яны ў кашулях нарадзіліся — ні куля, ні асколак не кранулі ні яго, ні Апанаса за ўсю вайну. А пакасіла вайна людзей, ой, пакасіла!..

Адгрымелі салюты перамогі, здавалася, наступіў жаданы мір, але ў адзін дзень пагрузілі ў эшалоны — і праз усю краіну на Далёкі Усход, дзе пачалася вайна з Японіяй. Не паспелі паваяваць з самураямі: пакуль прыехалі — японцы капітулявалі.

Хто быў старэйшы — дэмабілізавалі, а іх аднагодкам давялося яшчэ чатыры гады чакаць, пакуль падрасце змена. Без салдатаў не бывае войнаў, але і міру няма без салдатаў — гэта праўда.

Іх сустракалі сціпла — зусім не так, як тых, каму пашчасціла дэмабілізавацца ў сорак пятым. На дварэ быў сорак дзевяты. Ап’яненне перамогай трохі прайшло, цяклі галодныя будні са шматлікімі падаткамі, пазыкамі па вясне. Але ніхто ні на што не скардзіўся, разумелі што цяжка не толькі ім, працавалі люта і адчайна, спадзеючыся на лепшае.

Яны з Апанасам былі першыя ў Забор’і, хто меў уяўленне, сваімі вачыма бачыў, што такое калгас,— усю Расію праехалі. I ім паверылі больш, чым каму. Упаўнаважаны з раёна, які ўжо быў зусім адчаіўся, дурэў ад радасці, калі амаль уся вёска раптам у адзін вечар падала заявы ў калгас. Праўда, не абышлося і без кур’ёзу — стварылі не адзін, а два калгасы, не схацелі быць у адыым. Але гэта не бянтэжыла ўпаўнаважанага...

Вёску тады надвое падзяляў ручай. Цяпер, калі правялі меліярацыю, ад яго і следу не засталося. А тады... 3 незапамятных часоў яны былі ў вечнай варожасці, гэтыя дзве часткі адной вёскі. Не сказаць што гэта была нейкая сур’ёзная варожасць, бо ніхто не ведаў, калі і праз што яна пачалася. Проста была такая завядзёнка не ладзіць — вось і ўсё. У трыццатыя гады з нечае лёгкае рукі прыліплі мянушкі Абісінія і Іспанія (на польскі лад Хішпанія). Ніхто толкам не ведаў, дзе і што такое Абісінія і Хішпанія, але лічылі гэтыя мянушкі надзвычай абразлівымі, і часам дастаткова было назваць у вочы «абісінец» ці «хішпанец», каб дзецюкі браліся загрудкі.

Бывала, у «Абісініі» свае танцы, у «Хішпаніі» — свае, і рэдка абыходзілася без узаемных набегаў. I заўсёды былі свае задзіры-верхаводы. Перад вайною асабліва вылучаліся «хішпанец» Мікола Бакун і «абісінец» Стась Тамашэвіч (Міколу восенню сорак першага расстралялі гестапаўцы — за таго лётчыка. Стась у сорак трэцім падарваў сябе гранатай, каб не дацца жывым карнікам). А да вайны, бывала, завальваецца Стась са сваёй кампаніяй на «хішпанскія» танцы, усе пад хмяльком, з парога загадвае музыканту: «Канчай польку! Танцуем вальц!» — «Ты хто такі, каб камандаваць?!» — зрываецца насустрач разгневаны Мікалай, і адразу ж пачынаецца тузаніна. Сёй-той кідаецца расцягваць, а забіякам толькі таго і трэба, куражацца: «Пусціце! Дайце нож! Зар-р-рэ-э-жжу!» Ніхто ніколі не прымаў усур’ёз гэтых пагроз, бо ведалi: праз хвіліну-другую, натузаўшыся, хлопцы абдымуцца і, хістаючыся, будуць гарланіць песню. I ўвогуле, Забор’е была вёска ціхая і мірная. Гэта не іншыя, дзе што ні свята — панажоўшчына, брат брата на вілы падымаў. Праўда, і ў Забор’і бывала, што сёй-той пасля гулянкі тыднямі хадзіў з сінякамі ды гузакамі, але такое здаралася даволі рэдка. Звычайна ж як пачыналася тузаніна, так і канчалася і была нечым накшталт пацехі, а калі абыходзілася без яе, то і вечарынка здавалася нецікавай. Яны, падшыванцы, і тыя летам вялі вечныя войны за больш-менш глыбокае месца ў ручаі, дзе можна паплёхацца, не дастаючы рукамі да пяску.

I хоць к таму часу бойкі сталі рэдкасцю, аднак і «абісінцы», і «хішпанцы» заўпарціліся: давай кожнаму свой калгас. У «Хішпаніі» выбралі старшынёю яго, Кунцэвіча, а ў «Абісініі» — Апанаса Бакуна, хоць той быў і не «абісінскага» паходжання. Праўда, яго лічылі амаль сваім, бо з першых дзён улёг да «абісінкі» Марты, і паколькі ён не меў сваёй хаты (спалілі немцы), пытанне было амаль вырашаным.

ІІраіснавалі гэтыя калгасікі больш за два гады, а по­тым неяк само сабою выйшла, што аб’ядналіся. Галасавалі усе як адзін за яго, Кунцэвіча, пэўна, таму, што ў «Чырвоным партызане» быў лепшы парадак, працадзень багацейшы, а Апанас запіў, усё ішло цераз пень-калоду. 3 год Апанас прабыў брыгадзірам, а потым сам адмовіўся. Па праўдзе кажучы, каб не ён, Кунцэвіч, то Апанас, пэўна, даўным-даўно спіўся, а мо нават прэлі б яго костачкі на могілках. Бывала, лямантуе Марта:

— Каб жа ты спрэндзіўся, апівошына пракляты! Залье вочы, свету божага не бачыць з-за гэтай гары.

- Я не-е х-ха-ацеў,— ледзьве варочае языком той.— Х-х-ло-опцы з-змусі-і-лі...

Ледзь што, Марта бяжыць да старшыні — толькі яго пабойваўся Апанас. Усё было: і ўгаворваў не піць, і палохаў, і караў, перавышаючы свае старшынскія правы, і «хлопцаў»-выпівох адваджваў. Канечне, Апанас іншы раз вельмі крыўдзіўся, але што рабіць было? I, нарэшце, калі ледзь не замёрз па п’янцы, адразу ўзяўся за розум — адкалоўся ад сяброў-выпівох, начыста завязаў наконт чаркі, нават курыць кінуў. Затое да работы стаў тройчы люты — ніхто не мог за ім угнацца. I праз шэсць гадоў стаў першым у раёне Героем Сацыялістычнай Працы. Колькі разоў пасля ўгаворваў быць брыгадзірам — нізашто!

А мо і розум меў, што не палез у начальства? Герой, а ён, Кунцэвіч, хто? Ніхто! Але шкадуй не шкадуй, а позна нешта перайначыць, нешта перамяніць. Хоць што шкадаваць? Былі і ў яго радасці, яшчэ якія радасці! У самыя цяжкія гады калгас быў на віду, ніхто не галадаў, не хадзіў у шмоцці. Славіўся калгас, штогод удзельнікам выстаўкі ў Маскве быў. Чатыры ордэны, не лічачы медалёў, хіба гэта мала?! Канечне ж, адзнака немалая. Ды хіба дзеля ўзнагарод жыў? Вядома, жыў не для таго, каб зарабіць сабе ордэны і медалі. А дзеля чаго?..

Загрузка...