— Ды не магу я прымусіць людзей падымаць рукі за Сурмілу!

— У цябе ёсць пастанова бюро! Ты абавязаны! Ты не маеш права! — кіпела яна.

— Ведаю!

Дзевяцень і сам быў не рады, што пазваніў Чыжэўскай,— мог і без званка прадбачыць яе рэакцыю, ведаць, што яна скажа. Падумае, пазваніў, каб перастрахавацца, распісаўся ў сваёй слабасці, скажа... Сама б прыехала! Хацеў бы паглядзець, што яна зрабіла б... Зрэшты, мо яшчэ ўсё абыдзецца, мо дарма ён кідаецца ў паніку? А не абыдзецца — таксама невялікая бяда. Людзі ведаюць, каго ім выбіраць, каго — не. Бюро райкома, у рэшце рэшт, можа толькі рэкамендаваць, а прымушаць, сілком навязваць калгаснікам старшыню не мае права...

Першае, што кінулася ў вочы, як толькі зайшлі ў залу, што яна бітком набіта — яблыку няма дзе ўпасці. Іх з’яўленне было ўспрынята насцярожана, з падазрэннем. Сурміла, як і належыць старшыні, падняўся на сцэну, пастукаў пазногцем па мікрафоне, патрабуючы ўвагі. Ён паспеў супакоіцца, быў салідны, афіцыйны. Адчувалася, ён і думкі не дапускае, што можа здарыцца нешта. А мо проста не падае выгляду?

За прапанаваны Клімовічам прэзідыум прагаласавалі дружна і аднагалоспа. Дзевяцень павінен быў выступаць першы. Да выступлення заставаліся лічаныя хвіліны, а ў галаве ўсё яшчэ быў неіікі сумбур, круціліся толькі абрыўкі падрыхтаваных фраз, якія зараз здаваліся ўжо непрыгоднымі, недарэчнымі. Аднак ён не панікаваў — спадзяваўся на сябе. Натрэніраваўшыся выступаць без паперкі, абы толькі выходзіў за трыбуну, як думкі адразу ж набывалі яснасць і лёгкасць, знаходзіліся самыя патрэбныя, самыя трапныя словы, фразы плылі складна і эмацыянальна — аж сам часам здзіўляўся. Бывае, экспромтам выдаецца такая прамова, якую б нізашто загадзя не напісаў...

— Слова мае старшыпя выканкома раённага Савета народных дэпутатаў таварыш Дзевяцень! — аб’явіў Сурміла.

Ігар Пракопавіч амаль фізічна адчуў, як на ім сканцэнтравалася мо з паўтысячы пачцівых, але насцярожаных позіркаў, і гэтыя позіркі раптоўна абудзілі ў ім нейкі невядомы, неасэнсаваны страх.

Узяўшы сябе ў рукі, ён гаварыў спакойна і проста, трохі вяла, без звычайнага ўздыму, чуйна, з асцярогаю сочачы, як успрымаюць яго ў зале, і неўзабаве стаў разумець — пэўна, калгаснікі не будуць супроць аб’яднання. I то добра — хоць бы напалову выканаць задание...

Выслухалі яго ўважліва, праўда, без асаблівага энтузіязму, моўчкі раздумваючы пра нешта сваё, і толькі калі закончыў, нейкі дзядок выкрыкнуў:

— То дзе цяперака кантора будзе? У нас ці ў Забор’і?

Дзевяцень чакаў гэтага пытання, спецыяльна прамаўчаўшы наконт цэнтра калгаса, каб з большым эфектам сыграць на мясцовым патрыятызме, які, калі разабрацца, таксама мае вялікую сілу.

- Ёсць прапапова пакінуць цэнтр у Піліпавічах і назву калгаса захаваць — «Гігант»...

Па зале прайшоў шумок адабрэння.

За аб’яднанне з «Забор’ем», за тое, каб цэнтр калгаса быў У Піліпавічах і за назву «Гігант» прагаласавалі даволі дружна, хоць шмат хто і не падняў рукі. На душы ў Дзевяценя трохі адлягло.

Трэба было прыступаць да галоўнага... Эх, каб не трэба было прыступаць да гэтага галоўнага! Нікуды не дзенешся... А мо яны і за Сурмілу прагаласуюць?

— Таварышы! — Чамусьці язык не павярнуўся сказаць звычайнае ў такіх выпадках, саліднае, аўтарытэтнае «бюро райкома партыі рэкамендуе...» — Ёсць прапанова выбраць старшынёю ўзбуйненага калгаса «Гігант» Сурмілу Аляксандра Уладзіміравіча...— I з заміраннем сэрца стаў чакаць, якая будзе рэакцыя залы.

Зала напружана замерла, адтуль, здалося, падзьмула ледзяным халадком. Ён ліхаманкава глядзеў то ў адны, то ў другія, то ў трэція, у пятыя, дзесятыя вочы — яны былі адчужаныя, недаверлівыя.

— Хто за тое, каб старшынёю выбраць таварыша Сурмілу Аляксандра Уладзіміравіча, прашу падняць рукі...— папрасіў ён і машынальна, па звычцы першы ўскінуў руку, тут жа схамянуўся: галасаваць ён не мае права, збянтэжана апусціў яе.

За Сурмілу прагаласаваў Клімовіч, яшчэ чалавек пяць з прэзідыума, пятнаццаць — дваццаць у зале.

— Смялей, смялей, таварышы! — спрабаваў падахвоціць Дзевяцень, заўважаючы, што ім стала завалодваць нейкая здрадлівая тайная радасць.— Хто «за», таварышы? — Голас яго ўздрыгнуў, ён спалохаўся свайго голасу.

Ніхто больш не хацеў галасаваць. Нават тыя, хто падняў руку, зараз сарамліва апусцілі, падначаліўшыся гіпнознай сіле большасці.

Дзевяцень разумеў, што зараз яго абавязак нешта гаварыць, зрабіць спробу пераканаць людзей, каб павярнуць сход у патрэбным кірунку, аднак не ведаў, што гаварыць, дакладней, ужо не хацеў пераконваць гэтых людзей, не меў ніякага жадання ратаваць Сурмілу. На момант глянуў на сябе чужымі вачыма, выразна ўявіў, у якое незайздроснае становішча ён трапіў, наколькі робіцца смешным, стоячы гэтак, як слуп, за трыбунай.Выручыў дзядок у кажушку, што задаваў пытанне наконт канторы.

— То што, і выказацца не дасце красцьяніну? — з робленай крыўдай сказаў ён і ваяўніча пайшоў на прэзідыум.— А мы слова маем!

— Калі ласка, калі ласка! — ветла запрасіў яго Дзевяцень, схамянуўшыся: як мог дапусціць такую прамашку! Трэба ж было, перш чым галасаваць, адкрыць спрэчкі, выслухаць людзей! — Даруйце, таварышы, давайце абмяркуем названую кандидатуру.— I пайшоў з-за трыбуны за стол прэзідыума.

Дзядок, крэкчучы, узгрэбаўся па сходках на сцэну, стаў за трыбуну, з-за якой яго ледзь было відно, пастукаў па мікрафоне сваім каравым тоўстым пазногцем, як гэта рабіў перад пачаткам сходу Сурміла. Ці таму, што надта ж сур’ёзны выгляд меў гэты дзядок, ці ўсе зразумелі, што ён перадражнівае Сурмілу, ці проста ад гэтага бухбу-ух, бу-у-ух, якое са скрыгатам і трэскам, бы абвальвалася столь, вырвалася з дынамікаў, але ў зале пачалося ажыўленне, пачуўся лёгкі смех.

Адразу ж было відаць, што гэты дзядок з тых, хто не супроць папрыдурвацца, аднак пальца ў рот такому не кладзі — па локаць адхопіць. Дзевяцень заўсёды з асцярогаю ставіцца да гэтакіх вясковых «прасцячкоў» — яны здольныя сапсаваць любую абедню, але цяпер чамусьці ўзрадаваўся гэтаму дзядку.

— Чаго зубы скаліце? — узлаваўся той і яшчэ раз бубухнуў праз дынамікі. Зала ўздрыганулася ад рогату. Людзі смяяліся неўтаймавана, нейкая ўтрапёная радасць, калектыўны псіхоз смеху завалодаў імі. Так смяюцца хіба толькі пераможцы, адолеўшы нешта непамерна цяжкое, гнятлівае. Дзядок пакрыўджана павярнуўся да прэзідыума: — Навядзіце парадак!

- Таварышы, прашу ўвагі! — строга сказаў Дзевяцень, і адразу ж усталявалася цішыня, твары зрабіліся сур’ёзныя, нібы раптам людзі зразумелі: а радавацца яшчэ рана.

— Ды што ж гэта ў нас дзеецца, грамадзяне-таварышочкі? — пачаў пісклявым галаском дзядок. — Таварышок начальнічак нам Сурмілу сватае...— Усміхнуўся яхідна, павярнуўшыся да Дзевяценя. — Сватала дзела сватаць, а мы самі з вусамі. Не хвалі, сваток, кабылу запрагаючы, а нявесту прыбіраючы... — Пагразіў сваім крывым пальцам, потым тыцнуў на Сурмілу: — Мы гэтую нявесту до-ообранька-а знаем! Ты нам заборскага працьсядацеля, Ляксея Кунцэвіча дай — от што я хацеў сказаць! — Задзірыста глянуў на прэзідыум, намерыўся яшчэ нешта сказаць, але перадумаў, махнуў рукою і пакалдыбаў са сцэны, пераможна аглядваючыся па баках.

I што тут пачалося! Людзі паўставалі з месцаў, запляскалі ў далоні, апантана скандзіруючы: «Пра-а-вільна-а! Пра-ві-ль-на! На-ам Кун-цэ-ві-ча! Кун-цэ-ві-ча!»

Дзевяцень кінуў позірк на Сурмілу: у таго збляднеў твар, толькі лысіна гарэла пажарам, а поруч з ім Клімовіч уціснуў галаву ў плечы, нібы хто збіраўся даць яму па карку.

— Спакойна, таварышы! Прашу ўвагі! — сам не ве­даючы для чаго, зрабіў спробу перакрычаць утрапёную залу Дзевяцень.— Таварышы, прашу ўвагі...

I калі зала, нарэшце, аціхла і сотні запытальных вачэй упіліся ў яго, чакаючы важкага, рашаючага слова, Дзевяцень разгубіўся: а што сказаць? Без бюро ён не мо­жа нічога вырашыць, не можа сказаць таго, чаго ад яго чакаюць гэтыя людзі. Ніколі ў жыцці ён не адчуваў сябе такім бездапаможным.

— Таварышы, пытанне ў нас надзвычай сур’ёзнае, давайце будзем рашаць па-сур’ёзнаму...

Гэта нікога не задаволіла, у зале пачуўся незадаволены шумок. Як жа выблытацца? Мо проста закрыць сход, нічога не вырашыўшы?

— Я хачу сказаць...— устаў з сярэдніх радоў высокі сутулаваты малады мужчына.

— Калі ласка...— перамагаючы разгубленасць, паказаў на трыбуну Дзевяцень. — Калі ласка...

Мужчына стаяў на месцы, камечачы ў руках шапку, можна было падумаць, што ён раптам завагаўся: а ці трэба выступаць?

— Калі ласка, калі ласка... — настойлівым жэстам паказаў яшчэ раз на трыбуну Дзевяцень.

— А я згэ-этуль! — рашуча махнуў шапкаю мужчына і стаў напаўабарот да залы.

— Вас чутно не будзе. Ідзіце за трыбуну,— настойваў Дзевяцень, толкам і сам не ведаючы, для чаго настойвае.

— Учу-уем!

— Хай гаворыць з месца...

— Ды з яго галасінай дынамікі палопаюць...

Гэта было і праўда: падобнага басу Дзевяцень ніколі не чуў. 3 такім голасам толькі ў оперны ці ў дзякі...

— У газетах пішуць, па радыё, тэлевізары кажуць: партыя і ўрад пра людзей клапоцяцца... — камячыў шапку ў руках прамоўца. — Чыстая праўда — клапоцяцца! Аднаму нашаму старшыні загад партыі і ўрада — не ўказ. Не клапоціцца ён пра рабочага чалавека, за чалавека яго не лічыць... — Паглядзеў вакол, шукаючы падтрымкі, адразу ж стаў смялейшы: — Узяць кармы. Як калгасніку пракарміць карову, калі яна яшчэ засталася? А калгасніку без каровы нельга... Во козы пазаводзілі... Козаў у нас нiхто век за скаціну не лічыў, а пры Сурміле дакаціліся да гэтай рагатай ганьбы. А што рабіць застаецца? Што ў хмызе ўваб’еш, на гарбе ў радзюшцы прыцягнеш ці, давай праўду казаць, украдзеш — тое і мець будзеш... — Павярнуўся і глянуў на Дзевяценя, сказаў да яго: — Хай лепей згніе, чым калгасніку даць — во якія ў нас парадкі. Летась палова сенакосу клякнула, шыш даў...— Глянуў на Сурмілу.— Мо няпраўда? А ўзяць выган, дзе пасем. Там блох пасвіць толькі, а не каровы. Ды і то збіраюцца заараць. Куды ж падзецца калгасніку?

— Ой, праўду, Пятровіч, кажаш! — ускочыла з месца кабета са звонкім сварлівым голасам. — Вам-то, піліпавіцкім, яшчэ што-о?! А нам, глінянскім, навасёлкаўскім, ройшанскім, каго ў гэтыя клеткі пад неба пазганяў, як жыць? Hi хлеўчыка, ні гуменца ля хаты. У вас кураняты, гусяняты, качаняты, хоць якое, а свінчо кожны выгадуе. А нам па тое няшчаснае яйко пасярод лета на базар прыся. Гэта ж розум трэба згубіць, каб на вёсцы чаўпці такое! Дальбог, людцы добрыя, гэта...— тыцнула пальцам на Сурмілу.— Нейкі вораг! Паглядзіце, дзе вобшчы хлеў для наглых каровак збудаваў! За вярсту ад хаты. Гэта ж адно мучэнне. Зімою пакуль прынясеш тое малако — замерзне, а ўлетку — глядзі што скісне. Спіціяльна робіць, каб каровы папрадавалі. I папрадаем — хай яны спрэндзяцца. Пакупляем матацыклы, машыны, пачнём ездзіць па кефір і малако ў гэтых пакетах у горад. Дзе ж гэта бачылі, каб сельскі чалавек па малако, мяса ў горад ездзіў? Ці мо знайшлі, як яго вырабляць на якім заводзе?! Трасцу! А мо я не хачу малака ў пакетах, мо мне не з рукі без курэй і без свінчаці!

— Затое жывяце па-панску! — падкузьміў вусаты дзядзька.— Hi табе дроў, ні табе чаго, плёхайся сабе ў ванне...

— То давай памяняемся, калі такі мондры?! Ага, спалохаўся! — Перавяла погляд на Сурмілу.— Ці мо з вамі, таварыш прадсядацель, памяняемся? Маўчыце... Нябось, самі-то на пяты этаж не палезлі, футар зрабілі для сябе ды яшчэ кус саду прыхапілі. Чаму ж не хочаце разам з намі жыць, калі гэтыя небаскробы такія салодкія, га? Вы ж самі-то да горада прывыклі, апроч сабакі, нічога не трымаеце? I для Клімовіча, нябось, таксама футарок робіце...

— Правільна!

— Безабраззе!

— Такога безабраззя свет не бачыў!

— Вон Сурмілу!

Людзі ўскоквалі са сваіх месцаў, махалі рукамі, намагаючыся перакрычаць адзін аднаго, і ўжо немагчыма было зразумець, што хто крычыць...

Дзевяцень гатовы быў скрозь сцэну праваліцца: каго ён падсоўваў людзям?! Закончыць, як мага хутчэй закрыць прыкры сход! Праз што ўтравілі яго ў гэтую гісторыю?

Аднак закрываць сход ужо не хацелася — расло, разрасталася тайнае злараднае пачуццё: хай скажуць усё людзі, хай паслухае Сурміла, што пра яго думаюць! I адначасова з гэтым пачуццём рабілася ўсё больш вострай непрыязь да гэтага чалавека.

— Таварышы! Давайце выступаць па адным, тавары­шы! Тут не базар, таварышы!

Узбуджэнне ў зале неўзабаве стала аціхаць, і, калі стала зусім спакойна, з сярэдзіны залы паднялася жанчына гадоў сарака і таропка пайшла да трыбущы.

— Як ваша прозвішча? — невядома для чаго запытаў Дзевяцень.

— Неўгень...— трохі збянтэжылася жанчына.— Неўгень, Тарэса Іванаўна, даяркай раблю...— Яна пераступала за трыбунай з нагі на нагу, бы забылася, пра што сабралася гаварыць.— Я таксама хачу сказаць: дайце нам за старшыню заборскага Кунцэвіча. Чалавек ён сталы, гаспадарскі — хай і наш Аляксандр Уладзіміравіч у яго павучыцца. Я ўсё сказала...— Неяк ціха і вінавата паглядзела на Дзевяценя, быццам хацела паспачуваць яму, стала асцярожна спускацца па сходках.

Ёй паапладзіравалі, праўда, не так дружна, як ранейшым прамоўцам. I адразу ж з сёмага рада падняўся чалавек у гадах, за якім даўно назіраў Ігар Пракопавіч. Устаўбучаныя валасы вакол лысіны, тонкі кручкаваты нос, адтапыраныя вялікія вушы, калючыя вочкі надавалі яму драпежны выгляд. Ну, гэты вылье жоўці, падумаў Дзевяцень.

— Я хачу во што сказаць, таварышы... — на здзіўленне, голас у чалавека быў мяккі, амаль жаночы. — 3 коньмі ў нас непарадак... На ўсе Піліпавічы тры кані засталося, і тыя пааддавалі штатным, прыватную лавачку развялі — захоча дасць, захоча не дасць, без бутэлькі не сунься...

— Пра-а-вільна! — загулі ў зале.

— Па дровы паехаць — бутэлька,— узбадзёрыўся прамоўца,— гной на соткі вывезці — бутэлька, да доктара па­ехаць — і то бутэльку гані. Што ж гэта такое? Аляксандр Уладзіміравіч кажа, што коні ўстарэлі, на іх месца машыны. Для калгаса-то машыны, а для калхозніка? Не аб’елі б калгас тыя коні. Вунь у Забор’і... — ён гаварыў блытана і сам разумеў гэта, пачырванеў, разгублена глядзеў па баках. — Я, як і ўсе, за тое, каб за старшыню ў нас быў Кунцэвіч...

— Хто яшчэ просіць слова?

— До-осыць!

— Што гаварыць!

— Усё сказалі...

Дзевяцень глянуў на Сурмілу, нахіліўся і, ледзь хаваючы іронію, запытаў:

— Вы будзеце выступаць?

Сурміла быў аглушаны, збянтэжаны, тупа глядзеў на людзей у зале, быццам гэта ўвогуле былі і не людзі, а нейкія мурашкі, якія здольныя толькі ўкусіць, а знішчыць яго не змогуць... Па праўдзе кажучы, ён яшчэ не зусім разумеў, што здарылася, не хацела ўкладвацца ў галаве, што аддаюць перавагу нейкаму невуку Кунцэвічу. Гэтага ніколі не будзе! Райком не дапусціць... Прыедзе Радзевіч ці Чыжэўская — і ўсё стане на месца. Ён глядзеў абыякава, нават здзіўлена на залу, і не было ні злосці, ні абурэння — на іх проста не хапала сілы. Быў толькі сорам, вялікі, агідны; ён, гэты сорам, муціў свядомасць, душыў да спазмаў у горле.

_ Не-е-е...— пакруціў галавою Сурміла, спалохаўшыся Дзевяценевага пытання.

Ігар Пракопавіч вычакаў хвілінку і сказаў у мікрафон:

— Таварышы, вашу думку я перадам бюро райкома партыі... А пакуль што сход аб’яўляю закрытым...— I адразу ж злавіў сябе на прыкрым: трэба, каб сход закрываў Сурміла, а не ён, але ат...


10


Кунцэвіча разбудзіў нецярплівы і настойлівы стук у акно.

— Каго ж там прынесла нячыстая...— спрасонку незадаволена прабурчаў ён, і адразу ж ёкнула трывога, разагнаўшы астаткі сну,— нешта здарылася! Так сабе старшыню калгаса пасярод ночы не паднімаюць. Кінуўся да акна — да шыбы прыліп прыплюснуты нос шафёра Мішы. Міша на мігах прасіў выйсці да яго. На хаду нацягваючы спартыўны касцюм, кінуўся да дзвярэй, пстрыкнуўшы на кухні выключальнікам.

Міша стаяў на асветленай палосцы і нецярпліва пераступаў з нагі на нагу.

— Што такое? — Аляксей Сцяпанавіч не хаваў трывогі, нават спалоху.

— Даруйце...— ніякавата памуляўся Міша.— А вы ўжо спалі?

— Што здарылася?!

— Я толькі што з Піліпавіч...— таемна сказаў ён, нецярпліва пераступаючы з нагі на нагу.

— Ну і што?!

- Сурмілу правалілі...— I Мішаў твар расплыўся ўсмешкаю да самых вушэй.

— Ты што, п’яны? — сумеўся Кунцэвіч, напускаючы на сябе сярдзітасць.

— Hi грамулькі! Дальбог, Сурмілу правалілі... Во, чэснае слова, праўда!

— I ты з-за гэтага мяне пабудзіў? — спрабаваў нахмурыцца Аляксей Сцянанавіч. Ён яшчэ не зусім верыў, але і не мог лічыць чыстай брахнёй, бабскай плёткаю тое што гэтак нечакана пасярод ночы прынёс Міша.

— Не ўтрываў, дальбог, не змог утрываць да раніцы...

— Цьфу, блазен! — плюнуў Кунцэвіч, павярнуўся і таропка пайшоў у хату, баючыся, каб Міша не заўважыў яго радасць.

Навіна ўзбударажыла Забор’е. 3 першымі промнямі сонца яна разнеслася па ўсёй вёсцы, абрастала падрабязнасцямі, фантастычнымі дэталямі, і ўсё прымалася за чыстую манету. К абеду, напрыклад, гаварылі, быццам Сурмілу ўжо арыштавалі, быццам нехта сваімі вачыма бачыў, як яго вялі ў каталажку аж тры канваіры — адзін з аўтаматам, двое з пісталетамі. Але гэтую недарэчнасць неўзабаве катэгарычна абвергла Тэкля Канцавая, якая ўсё ж не ўтрывала — з’ездзіла да дачкі ў Піліпавічы і, выведаўшы, адразу ж кінулася назад, каб паведаміць вяскоўцам падрабязнасці з першых рук. Сурмілу ў Забор’і рэдка хто нават у твар бачыў, але, як кажуць, добрая слава далёка ідзе, а ліхая — яшчэ далей, таму вёска пасля столькіх дзён непрыемнасцей уздыхнула з палёгкаю: слава богу, застанецца Кунцэвіч, нават Піліпавічы прагаласавалі за Кунцэвіча. Кунцэвіч — чалавек свой, надзейны...

Дзѳ б ні паяўляўся Аляксей Сцяпанавіч, з ім віталіся як ніколі пачціва, здымаючы шапкі, з наклонам і гледзячы з захапленнем, быццам зрабіў немаведама якое геройства, а ён адчуваў сябе няёмка, дзівіўся гэтым раптоўным зменам.

— А мы-то думалі, мужык мужыком, а ён, глядзі, якая галава — вучонага за пояс заткнуў! — шапталі ўслед жанчыны.

А Валодзька Бакун хадзіў як імяніннік.

— Во, а што я гаварыў! — узбуджана і пераможна казаў ён кожнаму, хто толькі трапляўся на вочы.— Во, не прагаласавалі — і будзь здароў! Гаварыў: сілком нізашто не ўвапруць! — I на Валодзьку таксама глядзелі з павагаю, нібы былі вінаватыя перад ім, што не прымалі ўсур’ёз, а ён і праўда як у ваду глядзеў: калі не схацець Сурмілу — ніхто не змусіць.

Аляксей Сцяпанавіч толькі плячыма паціскаў: што дзеецца з людзьмі! Узяць хоць бы таго ж інжынера Касьянава... Бывала, з самага ранку праходу не дае, заводзіць сваю песню: купляй, абнаўляй тэхніку, яршысты такі, а тут зардзеўся, як макаў цвет, калі выпадкова спаткаліся, ды такі рахманы — хоць ты яго да раны прыкладвай. На добры розум, вядома, трэ было даўно сёе-тое з тэхнікі замяніць. I думаў, нават ужо нарады ў сельгасупраўленні ўзяў, толькі не казаў нічога Касьянаву — хай, рашыў, бу­дзе для яго нечаканасцю... I яшчэ была задума майстэрні расшырыць, адгарадзіць куточак у душавой — парылку для хлопцаў наладзіць. Прыехаў з поля, закончыў рабо­ту — калі ласка, у парылачку, пагрэй косці, змый пыл, адпар мазуту, каб не смярдзеў дома пры жонцы. Толькі ж, халера, каб не сталі пад тую парылачку піўцо, а то і гарэліцу пацягваць, каб праз гэта работу не занядбалі? А то пайшла зявядзёнка: калі лазня — значыць, і гарэлка. То па суботах, а раптам захочуць штодня — не ўгледзіш...

Але больш за ўсё здзівіў «каровін акушэр» Адась. Гэ­ты раз ён быў непраўдападобна ціхі, нейкі ўрачысты, адчувалася, што яму карціць сказаць нешта важнае. Стук­нула думка: а ці часам не натварыў ён чаго? Але што ён мог натварыць? Даяркі таямніча маўчалі, па-змоўніцку пераміргваючыся, падштурхоўвалі Адася бліжэй і бліжэй.

—Што здарылася? — не ўтрываў Кунцэвіч.

— Кажы-кажы, казёл аблезлы! — пагрозліва наступа­ла на Адася Пракопчыкава Марыя.

Іншы раз, канечне, Адась даў бы ёй за «казла», а цяпер чамусьці вінавата маўчаў.

— Ну, што? — строга глянуў на яго Кунцэвіч.— Што здарылася?

— Вы-ы, Сцяпанавіч, не слухайце іх. Я гэта так без злосці рэйдаў, ідры яго матары...

— Без злосці, кажаш?! — узялася ў бокі Пракопчыкава Марыя.— А ну, паўтары, што плявузгаў!

— Што ты вярзеш? — глянуў строга на яе Кунцэвіч і павярнуўся да Адася: — Скажы, урэшце, што здарылася?

— Ды-ы-ы... гэ-э-та-а...— і, заўважыўшы, як пырснулі ад смеху жанчыны, Адась зразумеў, што яго падвялі пад дурнога хату. Цяпер хоць крыж на сябе кладзі, даказваючы, што ездзіў у раён заступацца за Кунцэвіча,— не павераць, на смех падымуць, і першы раз за ўсе гэтыя гады падступіла такая крыўда, што ледзь утрымаў слязу. Хмыкнуў нешта сабе пад нос, люта глянуў на жанчын і, мацюкнуўшыся, куляй выскачыў з фермы.

— Чаго гэта ён як апараны? — здзівіўся Кунцэвіч.— Што вы з ім учудзілі?

Даяркі наперабой, як сарокі, сталі расказваць, што гаварыў некалькі дзён назад Адась, а Кунцэвіч змрачнеў і змрачнеў.

— Вы падурэлі, ці што? — нарэшце не ўтрываў ён.— Усялякія жарты маюць меру. Вы ж, браце мой, пакрыўдзілі чалавека, абразілі, калі хочаце... Непрыгожа...

— А хай не рэйдае што папала, боўдзіла! — ваяўніча выступіла наперад Кацярына Бакун, да якой некалі ў ма­ладыя гады заляцаўся Кунцэвіч, але ніхто не ўзяў яе бок, пэўна, зразумеўшы, што і праўда, непрыгожа, брыдка...

Супярэчлівыя чуткі пра ўчарашні сход у Піліпавічах, вядома, даходзілі і да Кунцэвіча, аднак, строга-настрога папярэдзіўшы Мішу, каб пра ўчарашшою начную размову нікому ні гу-гу, рабіў выгляд, што і ведаць нічога не ведае. Іначай і нельга. А ў душы радаваўся, пэўна, больш за ўсіх. Канечне, нават Радзевічу будзе няпроста, ды і наўрад ці хто здольны цяпер пераканаць людзей, што Сурміла харошы... Мо пасля ўсяго гэтага яшчэ і не будуць аб’ядноўваць... Мусіць, не-е, Сурмілу-то наўрад ці паставяць, а калгасы злучаць будуць. I хай сабе — не гэта важна. Чалавека б талковага далі — во што важней за ўсё!

Было, канечне, прыемна, што чужыя людзі пра яго слова добрае мовілі. Садніла іншае — усе вакол ужо лічаць яго старшынёю аб’яднанага калгаса. Хто-хто, а ён добра ведае: калі аб’яднаюць — яго старшынская песенька спета. Але як гэта ўкласці ў галовы ўсім навокал? Як сказаць, каб паверылі: а дарма вы, даражэнькія, перада мною шапкі здымаеце. I слухаць ніхто не хоча, толькі таемна і паблажліва ўсміхаюцца: не хітруй... А на якую трасцу яму хітраваць, каб хто спытаў?.. Зрэшты, ат! Скора самі ўбачаць... Адразу ж перастануць шапкі знімаць. Пэўна перастануць... Цікава: няўжо абавязкова трэ быць начальнiкам, каб перад табою знімалі шапкі?..


11


Нешта надламалася, анямела ў душы ў Аляксандра Уладзіміравіча Сурмілы. Гэта быў шок, нейкі страшэнны кашмар. Адразу ж пасля сходу навалілася незразумелая апатыя і такая санлівасць, што ледзьве сіл хапіла даплесціся ад клуба да дома. Жонкі яшчэ не было — пэўна, педсавет ці яшчэ якая сходка, і ён на хвіліну абрадаваўся, што няма жонкі. Але і гэтая мізэрная радасць была нядобрай, прыкрай. Сілы пакідалі яго. Хацеў не распранацца, заваліцца на канапу адзетым, але ўсё ж змусіў сябе сцягнуць пінжак, штаны, кашулю. Не разбіраючы пасцелі, залез пад коўдру — заснуў імгнепна.

Прачнуўся ад яркага сонца ў вочы, здзівіўся: гадзіннік на сцяне паказваў адзінаццаць. Столькі ён ніколі не спаў. Тым не менш, галава была цяжкая, як з перапою.Толькі цяпер пакрысе стаў даходзіць ва ўсёй сваёй жахлівасці сэнс таго, што здарылася. Гэта было настолькі непраўдападобна, неверагодна, што аж засумняваўся: а ці не прыснілася ўсё? Але то быў не сон, ён дакладна ведаў, што не сон. Ускочыў з ложка як уджалены, зноў бездапаможна сеў, адчуваючы, як глухі, агідны страх пачаў душыць яго, і, нібы ратуючыся ад гэтага страху, кінуўся да тэлефона, стаў спешна набіраць нумар, яшчэ не ўсведамляючы, навошта звоніць. Нумар доўга не адказваў, потым, нарэшце, азвалася сакратарка.

— Мяне ніхто не шукаў?

— Ніхто,— без звычайнай пачцівасці, суха, нават, здалося, з насмешкаю адказала сакратарка, і яе тон кальнуў непрыемна, балюча.

— Калі што — я дома. Хай сюды звоняць! — са звы­чайнай строгасцю загадаў ён, ледзьве стрымліваючыся, каб не падаць знаку, што сакратарчын тон яго абразіў. — Я захварэў! — Шпурнуў трубку, а сам аж кіпеў ад злосці, не ведаючы, на кім спагнаць яе...

Пахадзіўшы па пакоі, трохі супакоіўся. А мо лепш было б паказацца ў канторы? Пэўна, лепш... Што, уласна кажучы, здарылася? Нічога асаблівага — маленькая замінка. Прыедзе Радзевіч — і ўсё паставіць на месца... Але чаму так доўга ён не азываецца? На добры лад, даўно павінен быў пазваніць... А мо яшчэ не вярнуўся з вобласці? Ці мо засядае бюро, «чысцяць» Дзевяценя? Ой, недзе «пачысцяць»! Падумаць толькі: так апраставалосіцца! Такога чэпэ яшчэ не ведаў раён... Знайшлі ж каго пасылаць?! Што, не мог прыехаць сам Радзевіч?! Ці хоць бы Чыжэўская? Гэтыя не завалілі б рашэнне бюро...

А мо сам больш за ўсіх вінаваты? На якога чорта трэ­ба было збіраць агульны сход, сцягваць усіх, каб схаўрусіліся? Сабралі б упаўнаважаных — і рашылі б без агульнага сходу. Падабралі б надзейных людзей, каб сядзелі, як мышы пад мятлой... Во дзе прамашка! Ай, трэба было думаць...

Цяпер недзе радуюцца, зубы скаляць... Хай сабе парадуюцца — радасць-то будзе нядоугай! Радзевіч не адступіць, да канца будзе гнуць сваю лінію...

А калі не будзе? Не захоча калі?! Што тады?..

I адразу ж стала не хапаць паветра, зрабілася млосна і душна, аднак праз хвіліну адчуў, што праймаюць дрыжыкі.

Трэба нешта рабіць, але што?!

Падышоў да акна, упёрся лбом у халодную шыбу, шукаючы, за што зачапіцца поглядам. Ля шпакоўні на клёне ўвіхаліся два чорныя шпакі. Прыляцелі...

А раптам і праўда Радзевіч адвернецца? Не можа быць! А чаму, уласна кажучы, не можа быць? Ад Радзевіча можна чаго хочаш чакаць — гэта яшчэ бацька казаў. Усе гэтыя гады Радзевіч так і не падпусціў да сябе, трымаўся на адлегласці. Хто ён, зрэшты, для Радзевіча? Звычайны старшыня калгаса. Радзевічу ў свае гады трэба пра сябе клапаціцца, з-за нейкага там Сурмілы на ражон ён не палезе...

Па праўдзе кажучы, ён ніколі не меў павагі да Радзевіча. Пабойваўся, а павагі не было. Разважаў: а што, уласна кажучы, за выключнасць такая Радзевіч, каб яго паважаць? Толькі што відную пасаду займае... А за ду­шою ўсяго ВПШ, і тую гадоў дваццаць назад скончыў завочна, ніякай прафесіі. Цяпер і настаўнікам ніхто не возьме, калі што... I ён бярэцца павучаць Сурмілу!

Іншы раз аж дух займала ад такой дзёрзкай смеласці, хоць гэтая смеласць і была схавана за сямю пячаткамі, нават у думкі дапускаць яе асцерагаўся, каб часам, выпіўшы, не ляпнуць перад кім. Перад начальствам у ім жыла нейкая заячая душа, былі моманты, калі і сам не ведаў, чаго баіцца, і быў праціўны сам сабе, але перайначыцца не мог. Разам з тым знаў сабе цану. I яшчэ ведаў: рана ці позна наступіць яго зорны час, хоча таго Радзевіч ці не хоча, а зараз эпоха кандыдатаў навук, ім у рэшце рэшт дыктаваць палітыку... А кожнаму ясна, што Радзевіч доўга не пратрымаецца — за пяцьдзесят пераваліла не сёння, то заўтра пацягнуць у вобласць на які прафсаюз ці сабес.

I яшчэ яго заўсёды вельмі краналі звесткі, калі недзе старшынь калгасаў ставілі адразу першымі сакратарамі райкома партыі. Звычайных старшынь, нават не кандыдатаў навук, а ён... Праўда, паўгода назад ішлі настойлівыя пагалоскі, што яго збіраюцца паставіць на райвыканком, нават Радзевіч неяк асцярожна намякнуў: маўляў, як паглядзеў бы, каб перабрацца ў горад... Канечне, прапанова была няпэўная і адказ, натуральна, быў такі ж, але ў душы ён згадзіўся, упэўнены, што гэта часовае рашэнне, свайго роду перасадка... А потым выйшла закавыка, сарвалася, прыслалі нікому не вядомага Дзевяценя. Не сядзець жа і чакаць, склаўшы рукі? Дзейнічаць трэба было разумна і хітра, і перш за ўсё абставіць так, каб імя тваё мільгала пад рознымі пачынамі, круцілася на вуснах у начальства, не сыходзіла са старонак газет, радыё, тэлебачання: самы вучоны старшыня, самы першы пачаў, самы першы закончыў, узяў самыя высокія абавязацельствы, самы, самы, самы... Завёў сяброў сярод газетчыкаў, ахвотна пазіраваў перад тэлекамерай, запісваўся ў спрэчках на кожным пленуме, нарадзе. А потым нечакана прыйшла геніяльная ідэя — прыбраць «Забор’е», і Радзевіч адразу ж клюнуў на гэтую нажыўку... А во як сталася: аказваецца, сам сабе яму капаў...

Дзень падбіраўся к поўдню, сонца стаяла высока, гурба бруднага снегу пад акном асела, распаўзалася жылкамі раўчукоў, у паветры насіліся чорныя як смоль галкі, паўзбіраўшыся на плот, гарлапанілі суседскія пеўнi.

Чаму не звоніць Радзевіч? Чаму маўчыць Чыжэўская.

Невядомасць мучыла, выбівала апошні грунт з-пад ног, ён як ратунку, як збавення чакаў званка з райкома. Чакау і сам сабе палохаўся прызнацца, што страшэнна баіцца гэтага званка. Гэты званок мог перакрэсліць у адзін момант апошнюю надзею...

Недзе трыумфуюць Лазовік з Антоненкам, хто-хто, а яны не упусцяць моманту, каб падвесіць яму камень на шыю, падліць масла, ды што масла — бензіну плёхнуць у агонь!

Рыпнула калітка. Ён апантана кінуўся да суседняга акна, што ад вуліцы, і засмучана адступіў — жонка! Чаго гэта яна так рана? Хоць бы які педсавет надумалі, ці што! Зараз жах як не хацелася бачыць, дакладней — каб яго бачыла жонка. Ён даўно пакінуў звычку расказваць ёй пра свае службовыя справы, тым больш — пра непрыемнасці. На свой жаночы розум, яна заўсёды ўсё брала блізка да сэрца, хвалявалася за розную дробязь. Спачатку хаваў, «перапальваў» у сабе свае непрыемнасці, шкадуючы, не хочучы турбаваць яе, потым з цягам часу жончыны хваляванні і спачуванні зрабіліся прыкрымі, сталі раздражняць, а ў апошнія гады — асабліва. Адным словам, непрыкметна ішло-заходзіла, зрабілася нормаю, што ўвогуле перастаў мець патрэбу гаварыць жонцы, дзе быў, што рабіў, з кім сустракаўся, з якой нагоды ўзяў добрую чарку. Іншы раз яна спрабавала далікатна выпытваць, але гэта заўсёды выклікала злосць — адказваў коратка і раздражнёна, даючы зразумець, што ёй да таго няма ніякай справы. Яна сціскалася ўся, хаваючы крыўду, а потым перастала цікавіцца. Ды і сама ўсё менш і менш расказвала пра свае школьныя клопаты, бачачы, што гэта яго не цікавіць. Часта ім і гаварыць не было пра што, і, пэўна, каб паглядзеў хто збоку, мог бы падумаць, што тут, у гэтым прасторным доме, жывуць двое глуханямых.

Ён разумеў, што іх сямейны човен дае трэшчыну, ад­нак не спяшаўся ні канапаціць яго, ні садзіць на мель...

Жончын цень мільгануў у акне, пачулася, як яна адмыкае паштовую скрынку. Чаму, чорт вазьмі, не надумалі на сёння там які педсавет, яшчэ раз з прыкрасцю падумаў ён... Канечне, ужо даведалася, нябось, па ўсёй ваколіцы недзе паспелі раззваніць... Мо таму і на педсавеце не засталася — спяшаецца суцешыць, паспачуваць...

Трапляць на вочы жонцы чамусьці было брыдка, а выслухоўваць яе спачуванні — гэта ужо вышэй усякіх сіл, і ён ліхаманкава думаў, што рабіць?.. Мо выклікаць машыну і з’ехаць куды-небудзь? З’ехаць, вядома, з’ехаць... А раптам азавецца Радзевіч?!

Рашэнне прыйшло нечакана — шмыгнуў у спальню імгненна распрануўся, залез пад коўдру, заплюшчыў во­чы, затаіўся.

Рыпнулі дзверы, стукнуў аб падлогу цяжкі партфель — пэўна, была кантрольная... Распранае паліто, вешае ў шафу, ідзе... Ён спіной адчуў яе позірк, доўгі, дапытлівы, заклапочаны, і гэты позірк, здалося, прасвечвае навылет, працягваецца вечнасць. Сцяўся, баючыся выдаць сябе і ўмольна думаючы: толькі б хутчэй пакінула ў спакоі! I калі скрыпнулі-зачыніліся дзверы і аддаліліся яе крокі, уздыхнуў з палёгкаю: нарэшце...

Прайшла хвіліна-другая, і стала нясцерпна ляжаць лежнем. Ніколі дагэтуль не заўважаў, што ложак такі мулкі — вось-вось з матраца павылазяць спружыны. Асцярожна, каб не заскрыпела, павярнуўся на другі бок, заплюшчыў вочы. Эх, каб на самай справе заснуць! Лёг на спіну — стала трохі зручней. Каб толькі зноў не ўздумала прыперціся!

Стаў думаць пра жонку. Канечне, лепшай жонкі, чым Зіна, і жадаць нельга. Яна — зручная. Не вельмі назаляе, не скандаліць, як іншыя... Праўда, нешта не ладзіцца ў іх — гэта факт. Не ладзіцца, вядома, адтаго, што няма дзяцей. Пакуль былі маладзейшыя, яшчэ сяк-так, а пасля трыццаці — кашмар... Паездзіўшы па дактарах, засумнявалася, што яе віна, стала дамагацца, каб ён абследаваўся. Ехаць з такою хваробай, канечне, было брыдка, а каб пераканацца, што на самай справе не яна вінавата, паціху завёў палюбоўніцу ў райцэнтры. Пераканаўся... Гэта было жахліва... Як ні стараўся змірыцца, супакоіцца: не адзін ён такі,— але нейкае змрочнае, фатальнае пачуццё непаўнацэннасці не давала спакою. Адчайна адганяў, а яно хадзіла за ім неадчэпна, дапякаючы горкімі развагамі, што прырода абдзяліла яго, зрабіла бясплодным, пазбавіла магчымасці нарадзіць сабе падобнага...

Зінаіда Пятроўна з’явілася так нечакана, так раптоўна, што нават не паспеў заплюшчыць вочы.

— Ты не спіш? — мякка запыталася яна.

— Не... — панура буркнуў ён. — Нешта нездаровіцца...

3-пад акуляраў на яго глядзелі спакойныя вочы, якія ўсё разумелі, і яму стала не па сабе ад гэтых вачэй.

— Ну-у, ужо і раскіс...— неяк светла ўсміхнулася яна, прысеўшы, як ля хворага, на краёк ложка і дакранаючыся сваёй цёплай далонню да яго лба. — Таксама знайшоў мне трагедыю...

Яму быў непрыемны гэты дотык, яе тон, і, незадаволена адводзячы руку, змрочна заўважыў:

— Ты што, радуешся? Парадуйся-парадуйся, паскачы!

— Ну і дзівак ты, Саша...— У яе голасе была пяшчота і трохі дураслівасць, як колісь у першыя гады,— такой жонку даўно не бачыў. — Гэта ж і добра, што так сталася! Я даўно ведала, што так будзе...

— Хм! Яна ведала! — непрыязна пакасіўся ён.— Бач яе: яна даўно ведала! Аракул у спадніцы...

— А ты не смейся, Саша...— не зрэагавала на яго змрочны гумар Зінаіда Пятроўна.— Я на самай справе душою чула, што так скончыцца... — Голас у яе быў шчыры, трохі засмучаны, па ўсім было відаць, што яна настроiцца на доўгую размову.

«Толькі яшчэ не хапае яе ўшчуванняў!» — з прыкрасцю падумаў ён і стаў спешна апранацца, яшчэ не ведаючы, куды збіраецца, што будзе рабіць праз хвіліну. Было толькі адно жаданне — некуды ісці, бегчы адсюль стрымгалоў, бо адчуваў, што заставацца з жонкай, выслухоўваць яе ўшчуванні ў яго проста не хопіць сіл.

— Ты куды? — ні то здзівілася, ні то спалохалася Зінаіда Пятроўна.

— У кантору...— адчэпнага буркнуў ён, паспешліва апранаючы паліто, і позірк міжволі ўпаў на люстэрка. На яго глядзеў чужы, асунуты, учарнелы твар, непрыемны, агідны.— Ы-ых! — Утрапёна кінуўся да дзвярэй, уцякаючы ад уласнага адлюстравання. Апынуўшыся на вуліцы, да рэзі ў вачах быў аслеплены яркім сонцам, аглушаны нейкім незразумелым вясновым шматгалоссем. Машынальна прыкрыў вочы рукавом, ліхаманкава думаў: куды ісці, куды падзецца?

Ніколі яшчэ гэтыя дзвесце метраў да канторы не былі такія бясконцыя, страшныя, брыдкія. 3 вокнаў на яго глядзелі людзі, ён скурай адчуваў іх позіркі, быў пад гэтымі позіркамі як голы. О, як люта ён ненавідзеў іх, хто гэтак бесцырымонна і нахабна прынізіў, абліў памыямі, апляваў яго ўчора! О, як баяўся зараз, каб хто часам не заўважыў яго разгубленасці і страху.

Сцяўшыся, прайшоў крокаў дзесяць і стаў адчуваць, як з глыбіні душы падымаецца, разрастаецца крыўда: за што яны?! Хіба ён жадаў ім благога?! Хіба не ён сілком цягнуў іх да культуры, да новага жыцця? Хіба ён гультайнічаў, не хацеў, каб калгас быў харошы? I адразу ж злавіў сябе на думцы: дзіўна, але нават сам перад сабою развучыўся быць да канца шчыры... Вядома, ён менш за ўсё думаў пра іх. А пра што думаў, чаго дамагаўся? Свайго месца пад сонцам... А хто не дамагаецца свайго месца пад сонцам?.. Але хіба можна дамагчыся чаго, адчуваючы сябе чужаком, не ў сваёй стыхіі? Хіба не раздражнялі яго прыземленыя, нейкія мурашыныя клопаты, мізэрныя інтарэсы гэтых людзей, хіба не курчыла, як зубны боль, нават іх мова, якую даўно перастаў лічыць роднай? Хіба калі верыў усур’ёз, што гэтыя людзі здольныя спасцігнуць культуру, якую ён насаджаў? Чаго ж можна было чакаць ад іх, калі шчыра...

Ля канторы (во насланнё!) сутыкнуўся з трыма механізатарамі, хацеў быў не заўважыць, але не заўважыць было ўжо немагчыма. Яны пачціва, трохі ніякавата паздароўкаліся, і ён нічога не мог зразумець — у іх позірках не заўважыў ні насмешкі, ні злосці. Дзіва...

Сакратаркі ў нрыёмнай не было — пэўна, недзе чэша язык у бухгалтэрыі, гэта і добра, што няма сакратаркі. Адамкнуў сваім ключом кабінет — і ногі чамусьці сталі як налітыя свінцом, ледзьве дайшоў да стала. Не распранаючыся, сеў у крэсла і не ведаў, што рабіць, адчуваў толькі — тут доўга не затрымаецца.

Яго цяжкі, невідушчы позірк блукаў па знаёмых і, здавалася, ужо незнаемых рэчах, шукаючы нечага, а чаго — ці то забыўся, ці то проста не ведаў. Нарэшце затрымаўся на тэлефонным апараце, глядзеў на яго здзіўлена, быццам бачыць першы раз, схамянуўся, схапіў трубку, нервова набраў нумар.

— Гараж? Прышліце маю машыну... Да канторы...

Яшчэ раз абвёў кабінет самотным позіркам, нібы развітваючыся з усім, што было тут, цяжка ўстаў з крэсла, пашукаў у кішэні ключ, адамкнуў сейф, узяў тры пяцідзесяцірублёўкі, не зусім разумеючы, навошта яны яму, замкнуў сейф, сунуў ключ у кішэню і таропка пайшоў да выхада.

Не паспеў ступіць на сходкі, як падкаціла белага коле­ру «Волга», скрыппула тармазамі, хіснуўшыся ўзад-уперад, застыла як укопаная на месцы. Шафёр паслужліва адчыніў пярэднія дзверцы.

— Вылазь! — загадаў Сурміла і, заўважыўшы здзіўленне ў шафёравых вачах, растлумачыў: — Я сам паеду!

Шафёр паслухмяна вылез з машыны, але па яго твары было відаць, што перадаваць руль яму няма ахвоты.

— Запраўлена? — глянуў уладна і сярдзіта Сурміла.

— Так точна! — па-вайсковаму казырнуў шафёр.— Поўны бак.

Машына рыўком узяла з месца, пагойдваючыся на выбоінах, пакаціла па вуліцы. Раз-пораз трапляліся лужыны, і Сурміла не асабліва клапаціўся аб’язджаць іх. Пырскі ляцелі ва ўсе бакі, заляпалі лабавае шкло — уключыў«дворнікі». Зараз яны скрыпелі чамусьці дужа непрыемна, а неўзабаве сталі злаваць — выключыў, паехаў асця-

рожней.

Вуліца скончылася, пачалася брукаванка — зусім ужо чыстая ад снегу і амаль сухая. Дабавіў газу — машына пайшла лёгка і даволі мякка.

Ён і сам не ведаў, куды спяшаецца, увогуле, куды і навошта едзе. Пакуль што і не думаў пра гэта. За рулём адчуваў сябе спакайней — і гэтага было дастаткова, каб імчаць, імчаць, адчуваючы хуткасць, пругкасць паветра на лабавым шкле...

Дарога бралася пад гару, але машына ішла лёгка, не адчуваючы пад’ёму. Ля кюветаў сталі трапляцца дрэвы, якія яшчэ не паспелі выкарчаваць. А што, калі разагнацца і ўдарыцца? I ўсё будзе скончана, ніякіх клопатаў і хваляванняў... Ніколі не прыходзіла ў галаву, што смерць за чалавекам ходзіць так неадступна, так побач. Нават сядаючы ў машыну, ты пачынаеш з ёй гульню — хто каго... Не-е, мы яшчэ паездзім, мы не дапусцім такой раскошы! Гэта мы яшчэ паглядзім, хто каго...

Куды едзе? Чаго едзе? Да каго едзе?

Пакуль што ён не ведаў гэтага, аднак трэба было рашаць да выезду на шашу.

Мо ў вобласць, да бацькі? Павярнуць направа — і праз гадзіны паўтары на месцы. А чаму б і не наведаць старога? Расказаць пра ўсё, калі яшчэ не ведае, мо чым паможа... Праўда, вага ў яго цяпер не тая — астатні год да пенсіі даседжвае ў абласным упраўленні сельскай гаспадаркі. За апошнія гады двойчы паніжалі — не спецыяліст. Пакаціўся стары, ой як пакаціўся! I, мусіць, гэта яго зусім даканала — стаў нейкі падазроны, злы, улёг за чаркай. Але ўсё роўна трымаецца, робіць выгляд, што па-ранейшаму вялікі начальнік, і гэта нават смешна... А і праўда, ста­рому ўсё жыццё не шанцавала, яшчэ як не шанцавала! Толькі пачне падымацца на грэбні хвалі, як хваля спадае, наперад вырываюцца розныя спрытнюгі, адціскаюць, ставяць падножкі. Так было ў раёнах, тое ж і ў вобласці...

Сурмілу было шкада бацьку, але зараз ен гатовы праклінаць яго. Каб не стары, пэўна, інакш, лепш склалася б жыццё. Гэта ён некалі дамогся, каб ішоў у сельгасакадэмію, хоць, па праўдзе кажучы, не мог тады адрозніць аўса ад ячменю. Марыў пра політэхнічны інстытут... Але ў сям’і бацькава воля была — закон. Стары хоць і не аграном, не заатэхнік, не эканаміст, не інжынер, нават не ветурач, але ўсё жыццё так ці інакш быў звязаны з сельскай гаспадаркай і меў перакананне, што толькі сельскагаспадарчая прафесія адкрые для сына самыя светлыя перспектывы, што яна ёсць і заўсёды будзе ў самай высокай цане...

Акадэмію закончыў з чырвоным дыпломам, і калі прапанавалі застацца на кафедры, бацька сказаў катэгарычна: нізашто! Кафедра нікуды не ўцячэ, пачынай з агранома ў калгасе. Без гэтай ступенькі — ты нішто. У аграномах, пакуль я жывы, доўга не затрымаешся, толькі галаву май на плячах. Памятай адно: лепш быць гаспадаром на сметніку, чым прыслугаю ў ювелірным магазіне...

Хоць баяўся вёскі да дрыжыкаў — яна была чужой, незразумелай, але паехаў, як і хацеў бацька. Стары меў рацыю — і ў вёсцы можна жыць, нават вёска мела нейкую перавагу для перспектывы... Канечне, асядаць тут навечна ён не збіраўся, і бацька на гэты конт арыентаваў... Замацаваўся і завочна адолеў аспірантуру, сяк-так здаў кандыдацкі мінімум, зачапіўся за тэму. Аграному-практыку лягчэй зачапіцца за тэму... А там і старшынёю калгаса стаў, потым — без асаблівых ускладненняў — абараніў дысертацыю... Адным словам, усё ішло гладка, па бацькавым сцэнарыі. Да ўчарашняга дня...

I на якога чорта, уласна кажучы, трэба было высоўвацца з гэтым узбуйненнем?! Сядзеў бы ціха... Сядзець-то сядзеў бы — прыпякаць пачало. Рабіць трэба было нешта. Толькі апошні ідыёт можа спакойна чакаць, пакуль пачнуць лупцаваць у хвост і грыву... Не-е, ход, канечне, быў правільны. Але хто мог надумаць?!

Ат, зрэшты, чхаць на усё, тым больш на гэтае старшынства! Трэба было даўно вастрыць лыжы на інстытут. Цяпер хоць не ўпусціць момант, пакуль не распаўзлося па ўсёй вобласці... Але ці ёсць там вакансіі? Раптам — няма! Ці пакажуць ад варот паварот, даведаўшыся?.. Выкарыстаць старыя бацькавы сувязі?.. Не хацелася б, але што рабіць застаецца... Тут у сродках пераборлівы не будзеш... Галоўнае — уладкавацца. А там... А там засесці за доктарскую, напісаць манаграфію, магчыма, падручнік па аграноміі ці па навуковых прынцыпах кіраўніцтва — зараз гэта модна і актуальна... А там, глядзіш,— дацэнт, прафесар, а з цягам часу і... Чалавекам сябе адчуеш, як кажуць, кум каралю, сват міністру... Не-е, канечне ж, стары даў прамашку, нацэльваючы на райком... А што той райком? На нервах работа, калі разабрацца... За ўсім не ўгледзіш, да ўсяго не дойдуць рукі, ледзь што — ого як шыю будуць мыліць!.. Хутчэй, як мага хутчэй з гэтых смярдзючых Піліпавіч! Што ён тут згубіў? Нічога!.. Кватэра ў старога шыкоўная — чатыры пакоі ў цэнтры горада. Хай пацясніцца — шмат ім трэба на дваіх... У рэшце рэшт, мо і паслухаць Зіну — усынавіць дзіця. Якраз зручны момант — ніхто і ведаць не будзе. Мо тады і ў сям’і паладзіцца... Пэўна наладзіцца...

Канечне ж, гэта было б самае лепшае выйсце, нічога іншага цяпер і не прыдумаеш... Аднак нешта замінала ўхапіцца за гэтае разумнае выйсце, ён амаль ведаў, што не ўхопіцца, бо гэта было б прызнаннем свайго паражэння, капітуляцыяй, панічнымі ўцёкамі, ганьбай, такой плямай у біяграфіі, пасля якой хоць расперажыся — вышэй дацэнта не выб’ешся. А якое яшчэ выйсце? Ёсць, канечне, выйсце... Паехаць у райком, прасіцца, каб зволілі па ўласным жаданні, напісалі добрую характарыстыку... Але... прынізіцца да прашэння?! А што рабіць? Карона з галавы не спадзе — абы біяграфія была чыстая. Гэта зараз галоўнае!.. Але ці захоча Радзевіч звальняць па ўласным жаданні, ці захоча замяць гэты прыкры інцыдэнт, выпусціць з чыстай біяграфіяй? Раптам заўпарціцца, прынцыповасць некаму паказваць уздумае?..

Дарога пачала псавацца — усё часцей трапляліся выбоіны, яміны з каламутнай вадою, даводзілася прытарможваць, аб’язджаць іх. Злева і справа быў густы хмызняк. Зімою тут заўсёды наносіць вялізныя сумёты, шлях прабіваюць грэйдэры, і цяпер паабапал дарогі ляжалі высокія брудныя гурбы снегу. Да шашы заставалася метраў трыста — не болей. Ужо відаць, як сюды-туды мільгаюць машыны, а ён усё яшчэ вагаўся, не ведаў, куды зверне: направа — у абласны цэнтр, ці налева — у раён.

Наперадзе паказалася лужына — вялікая, на ўсю праезную паласу і метраў на трыццаць у даўжыню — гурбы паабапал перагарадзілі сцёк, таму і разлілося такое мора. Але Сурміла дакладна ведаў, што грунт тут цвёрды, надзейны — можна смела адольваць лужыну з ходу. Перайшоў на другую перадачу, дабавіў газу — вада пругка ўдарыла ў паддон картэра, у радыятар, заліла капот, лабавое шкло, зашыпела выхлапная труба, і раптам колы сталі прабуксоўваць, катастрафічна гасілася хуткасць... Сурміла быў вадзіцель даволі вопытны — ведаў, чым гэта ўсё можа скончыцца. Хуценька пераключыўся па першую перадачу, даў газу — і машыну павяло ўправа, днішча скрыгатнула ні то па каменнях, ні то па лёдзе, нечакана заглух матор, і стала ціха-ціха, толькі хваля падалася наперад, лізнуўшы брук, вярнулася назад — і адразу ж у машыне забулькала, зашыпела.

— Толькі яшчэ гэтага не хапала! — з прыкрасцю чартыхнуўся Сурміла, намагаючыся запусціць матор.

Стартэр завываў нудна і агідна, матор чмыхаў, але не заводзіўся. Вада стала прасочвацца пад ногі, і ён выдатна разумеў, што справы дрэнь...

А да асфальту заставалася ўсяго метраў трыста! Злева направа і справа налева, размінаючыся, беглі жвава і весела легкавікі, аўтобусы, паўзлі натруджана розныя грузавыя машыны, але ніхто не зварочваў сюды, ніхто не зважаў на яго бяду. Вада тым часам усё прыбывала і прыбывала, трэба было ўжо ногі падбіраць, абяссілены стартэр ледзьве варочваў махавік, і Сурміла з жахам падумаў, што хочаш не хочаш, а давядзецца выкупацца. Тужліва глянуў на брудную ваду — і мурашкі пайшлі па целе. Нічога не застаецца рабіць... Не сядзець жа паланёным пасярод лужыны ды чакаць, пакуль затопіць па вушы! Зняў туфлі, сцягнуў шкарпэткі, стаў расшпільваць штаны і — ледзь не ўскрыкнуў ад радасці: з асфальту сюды, направа, павярнуў грузавік! Утрапёна стаў круціць ручку, апускаючы шкло. Сядзець, задраўшы ногі, было нязручна, і ён лёг на сядзенне, выставіўшы галаву ў акно. А вада ўсё булькала, падбіралася вышэй і вышэй.

Грузавік спыніўся па той бок лужыны, з кабіны выскачыў малады хлопец.

— Ну, што, друг, плаваем? — крыкнуў ён замест прывітання.— Не для тваёй бляшанкі гэтае мора! Хоць тросмаеш?

Сурміла не ведаў, ці ёсць у багажніку трос. Пэўна, няма. А мо і ёсць... Яшчэ раз з жахам глянуў на каламутную ваду.

— Няма-а...

— Што ж гэта ты так? — з дакорам сказаў хлопец.— Ну, ла-а-дна, пацярпі трохі — зараз выцягну...

Ён рухава забраўся ў кузаў, скінуў на зямлю трос, саскочыў з борта, зачапіў пятлю троса за крук грузавіка, другі канец па ўсіх правілах трэба было браць і чапляць да «Волгі» самому Сурмілу. Шафёр стаяў ускрай лужыны і, нічога не гаворачы, чакаў...

— Зараз, во толькі распрануся...— сказаў Сурміла, разумеючы, што ўсё ж яму не выкруціцца — давядзецца лезці ў брудную, ледзяную ваду, пасля чаго, напэўна, прычэпіцца ангіна, а то і запаленне лёгкіх...

— Ла-а-дна! Сядзіце ўжо...— паблажліва ўсміхнуўся хлопец, перайшоўшы на «вы»,— пэўна, зразумеў, што за вадзіцель перад ім, і бязбоязна ступіў у лужыну.

Вада яму даходзіла да костачак, з кожным крокам усё вышэй і вышэй, во ўжо і боты схаваліся, а ён усё ішоў і ішоў уперад, асцярожна намацваючы нагою дно — мусіць, каб не паслізнуцца ці знячэўку не шаснуць у якую яму. Сурміла з захапленнем глядзеў на яго, і раптам забытае, цёплае пачуццё ўдзячнасці варухнулася ў яго душы, зрабілася не па сабе: во ён сядзіць, задраўшы ногі, на сухім, а гэты незнаёмы чалавек робіць яму такую ласку...

Машына пагрузла глыбока, і хлопец, абапёршыся ру­кою на капот, шарыў у вадзе, намагаючыся ўчапіць трос. Рукаў яго курткі намок да самага пляча, а ён і не зважаў на гэта.

— Во робяць, ідры іху маць! — вылаяўся хлопец.— I зачапіць няма за што, каб ім рукі паадсыхалі!

Сурміла глядзеў, як на бога, на гэтага простага хлоп­ца, адчуваючы ў ім нейкую незразумелую сілу, якой ён, бездапаможны, гатовы падначаліцца цалкам, без астатку.

Хлопец, яшчэ раз мацюкнуўшыся на канструктараў, што не прадугледзелі ніякага кручка, супакоіў: нічога, за­раз нешта прыдумаем, і, шырока расстаўляючы ногі, пайшоў назад да сваёй машыны. Ён ступаў, і з шырокіх халяваў кірзачоў фантаніравала вада. Сурміла, паралізаваны сваёй поўнай бездапаможнасцю, сарамліва адвёў вочы, не ведаючы, як аддзякаваць гэтаму хлопцу. Той палез у кабіну, выцягнуў з-за сядзення завадную ручку і зноў рушыў у лужыну. Цяпер, мокры, ён не звяртаў увагі на ва­ду. Вылавіў канец троса, прадзеў ручку ў пятлю, нагнуўся і стаў прыладжваць яе пад амартызатарам.

— Ну, кажысь, гатова! — весела сказаў ён і пабрыў да сваёй машыны.

Сурміла, слабы, бездапаможны, сядзеў, задраўшы ноп, і нецярпліва чакаў збавення з гэтага прыкрага палону. А хлопец не спяшаўся — прысеў на падножку, разуўся, выліў ваду з ботаў, выкруціў анучы, абуўся і толькі тады сеў за руль.

Грузавік асцярожна даў задні ход — трос напяўся, «Волга», скрабучы днішчам, стала падавацца ўперад і неўзабаве апынулася на сухім. Хлопец заглушыў матор, жвава выскачыў з кабіны, пайшоў да «Волгі», з цікавасцю назіраючы, як з усіх дзірак цурчыць вада. Сурміла таропка абуўся, адчыніў дзверцы і з палёгкаю выйшаў на сухое. Хлопец, нічога не кажучы, павярнуў назад да свайго грузавіка, зноў забраўся ў кузаў і выкінуў рыдлёўку.

— Што ты рабіць сабраўся? — здзівіўся Сурміла.

— Раўчук пракапаць трэ — хай збягае, а то пад якую халеру заваліцца хто ноччу...

— Я памагу! — нечакана для сябе, з нейкай вінаватай гатоўнасцю прапанаваў Сурміла і кінуўся адмыкаць багажнік, каб знайсці рыдлёўку.

— Не трэба — упраўлюся! Тут той работы з гулькін нос... Вы лепей глядзіце, каб матор завёўся, пакуль я тут. Калі вады насасала, мо яшчэ з буксіра заводзіць давядзецца...

— Не-е, давай спачатку спусцім гэтае мора! — рашуча запратэставаў Сурміла, здзіўляючыся, што яму раптам стала так лёгка і проста з гэтым сімпатычным хлопцам.

Работа ў дзве рыдлёўкі пайшла дружна і спорна, праз некалькі хвілін вада хлынула цераз пракапаны раўчук у кювет. Яны стаялі і з пачуццём выкананага абавязку заварожана глядзелі, як імкліва ўбывае лужына.

— Ну, а цяпер пойдзем зірнем, ці жывая ваша каробка,— весела прапанаваў хлопец.

Матор аніяк не хацеў заводзіцца, толькі сяды-тады чыхаў смуродам. Хлопец папрасіў адкрыць капот, пакорпаўся ў маторы і скамандаваў:

— Ану, пробуйце!

Матор чхаў, фыркаў, хапаўся не ўсімі цыліндрамі, дрыжаў, як прыпадачпы, нарэшце, прарвала — запрацаваў роўна, амаль бясшумна.

— Ну, во і парадак! — весела сказаў хлопец.— Можна ехаць! — і добразычліва параіў: — Толькі будзьце абачлівы, не суньцеся ў любую лужыну...

— Не буду,— падміргнуў Сурміла і, пакуль хлопец падбіраў трос, пашарыў у кішэні, знайшоў пяцёрку. — Спасіба, друг, за помач. Вазьмі! — Сунуў грошы.— Прыедзеш — сагрэешся, а то, нябось, ніткі сухой няма...

— Вы што?! — спалохана глянуў хлопец, рашуча і сярдзіта адводзячы руку з грашыма. — Вы што?!

— Бяры-бяры — не саромся!.. — паблажліва падміргнуў Сурміла.— Як знойдзеш, прыехаўшы...— I тут жа пашкадаваў — хлопец узлаваўся не на жарт.

— А каб я, напрыклад, аказаўся на вашым месцы? — іранічна спытаў ён.— Няўжо вы грошы ўзялі б?

Аляксандр Уладзіміравіч зніякавеў, разгублена камячыў у руцэ пяцёрку, не ведаючы, што рабіць з ёю.

— То яшчэ раз вялікае дзякуй...— нарэшце знайшоўся ён і нечакана для сябе — для прыліку, ці што, а мо проста, каб не маўчаць,— запытаўся: — Адкуль хоць сам будзеш?

— 3 Забор’я. Чулі?

— 3 Забор’я?! — сумеўся Сурміла.— Чуў, брат, чуў...— I таропка пайшоў да сваёй машыны...


12


Пра тое, што Сурмілу пракацілі ў сваім жа калгасе і нават Дзевяцень з яго аратарскімі здольнасцямі не мог нічога зрабіць, назаўтра з раніцы толькі і гаворкі было ў райкоме партыі, райвыканкоме, упраўленні сельскай гаспадаркі. Сурмілу ніхто не любіў, таму хто адкрыта, хто спадцішка радаваліся і з нецярпеннем чакалі з вобласці Радзевіча — што ён скажа, як зрэагуе?

Радзевіч з’явіўся ў другой палове дня, недзе гадзін каля чатырох, калі ўжо стаміліся яго чакаць, на ўсе лады абгаварылі тое, што здарылася ўчора ў «Гіганце». Не паспеў Радзевіч і распрануцца, як у кабінет да яго кінулася ўстрывожаная Чыжэўская — яе абавязак першай далажыць...

— Што здарылася, Галіна Пятроўна? — стомленым голасам запытаў Радзевіч.

— Чэпэ, Андрэй Паўлавіч... Сурмілу...— У Чыжэўскай не хапала духу сказаць.— Словам... Пра-а-валілі...

— Правалілі Сурмілу, кажаш?.. — спакойна, нават, зда­лося, з палёгкаю перапытаў Радзевіч. — А я-то думаў... — Ён не сказаў, што думаў, але было ясна — чакаў нечага горшага. — Значыць, правалілі... — Усміхнуўся незразумела і загадкава, быццам пацвельваецца, пасмейваецца з яе трывогі.

Чыжэўская была збіта з тропу, у вачах яе застыла пытанне, здзіўленае, разгубленае: як гэта разумець? Як можа ён, першы сакратар, так спакойна, болей таго — абыякава ўспрымаць тое, што кідае цень на рэпутацыю бюро, увогуле райкома партыі?! Чаму не абураецца, не распытвае, у рэшце рэшт, чаму, як усё гэта здарылася?!

Радзевіч маўчаў, нібы знарок сабраўся выпрабоўваць яе нервы.

— Дзевяцень не правёў лінію бюро...— глуха сказала Чыжэўская.— Такога мы яшчэ не мелі...

Радзевіч глянуў, як глядзіць сталы, умудроны жыццём чалавек на нейкія дзівосы падлетка,— трохі паблажліва, трохі сур’ёзна, трохі дакорліва, нічога не сказаўшы, сеў за стол, стаў машынальна перакладваць паперы. Гэтая падкрэсленая няўвага непрыемна ўразіла Чыжэўскую, на­ват абразіла, аднак яна не падала знаку, села ля прыстаўнога століка і з выклікам стала чакаць.

— Значыць, ва ўсім вінаваты Дзевяцень?..— насмешліва запытаў Радзевіч — такі тон ён дазваляе толькі тады, калі яна гаворыць відавочнае глупства. Звычайна ж ставіцца да яе сур’ёзна, як да дарослай дачкі — без натацый і наганяяў, але заўсёды з выразным намёкам: думай, май сваю галаву на плачах, не рабі хуткаспелых высноў...— А мо усё ж не адзін Дзевяцень вінаваты? А-а?..

— А хто? — сумелася Чыжэўская.— Дзевяцень не меў права адступаць!

Радзевіч адказаў не адразу, толькі паглядзеў на яе выразна, і ў яго трохі журботным позірку Чыжэўская заўважыла не проста нязгоду, неадабрэнне, іронію, а нешта большае — адчужанасць, асуджэнне, суровае, бязлітаснае.

— А што вы прапануеце? — нечакана перайшоў на афіцыйнае «вы» Радзевіч, і Чыжэўская адчула, што гэтае халоднае «вы» нічога добрага для яе не абяцае. Яна хацела і ніяк не магла зразумець, адкуль, з якой ласкі Радзевічава няміласць? Што гэта ўсё значыць? Ніякай віны, ніякіх грахоў за сабою яна не адчувала, тым не менш...

— Я лічу, што прэцэдэнт варты таго, каб абгаварыць на бюро! — трохі ніякавеючы, але энергічна адказала Чыжэўская.

— Што ж...— падумаўшы, згадзіўся Радзевіч.— Нам і праўда ёсць пра што пагаварыць... Толькі не на бюро, а на пленуме райкома...

— Можна і на пленуме...— павяла плечуком Чыжэўская, дэманструючы сваю нязгоду.— Але пленум — не дня і не тыдня справа, як вы ведаеце, а з «Гігантам» трэба рашаць неадкладна.— I, перамяніўшы тон, заклапочана запыталася: — То што будзем рашаць з «Гігантам»? Вы самі паедзеце ці я?..

— Калгаснікі самі рашылі, што рабіць! — суха сказаў Радзевіч і, злавіўшы яе ўпарты погляд, сярдзіта і рэзка дадаў: — Самі, Галіна Пятроўна! Падумайце пра гэта...

— Але ж мы не можам пакінуць старшынёю Кунцэвіча! — няўцямна глянула Чыжэўская.

- Калгаснікі самі рашылі — няўжо вы гэтага не разумеѳце?! — раздражнёна сказаў Радзевіч, нахмурыўшы бровы.

— Андрэй Паўлавіч, мы не можам...

— Што мы не можам?!

— Забяспечыць, каб сто працэнтаў кіраўнікоў гаспадарак мелі вышэйшую адукацыю. Нас не зразумеюць, ушчэнт разнясуць, што не ўбераглі кандыдата навук...

Радзевіч паглядзеў здзіўлена, і ў вачах яго заскакалі маланкі.

— Галіна Пятроўна, скажыце, будзьце ласкавы, хто вы?

— Другі сакратар райкома! — зацята, з выклікам гля­нула Чыжэўская, даючы зразумець, што з ёю трэба лічьщца.

— Рахункавод — во хто вы! — узарваўся Радзевіч.— Які ж вы партыйны работнік, калі не разумееце элемен­тарных рэчаў?!

Такіх абвінавачанняў ніколі ніхто ёй яшчэ не кідаў. Гэ­та нагадвала аплявуху, неспадзяваную, пякучую, крыўдную да слёз, і яна анямела, не ведаючы, што сказаць. А Радзевіч, праўда, памяркоўней, але не сунімаўся:

— Вучыцеся, прывыкайце, Галіна Пятроўна, глядзець у сутнасць, глядзець на чалавека, а не на працэнты — інакш вас канчаткова заесць гэты фармалізм і казёншчына. Не жахацца трэба, што калгаснікі выказалі недавер нягоднаму кіраўніку, не пажадалі ўважыць яго вучоную ступень, а нам з вамі, праглынуўшы горкую пілюлю, радавацца трэба, што ў нас такія людзі. I секчы, як сідаравых коз, нас з вамі трэба, што мы аказаліся сляпыя, апынуліся не з людзьмі, а разам з гэтым выскачкам — во чаго дараваць нельга, і ў першую чаргу вам, Галіна Пятроўна! — I, заўважыўшы, што Чыжэўская збіраецца пярэчыць, сярдзіта пагразіў пальцам: — Так, так, Галіна Пятроўна! Вы больш, чым хто, бывалі ў «Гіганце», а што заўважылі? Ці хоць раз без суправаджэння Сурмілы альбо Клімовіча пайшлі да камуністаў, да людзей, паслухалі, пагаварылі шчыра? Пэўна, ні разу, інакш — даўно забілі б трывогу. А прыгадайце ананімкі на Сурмілу? Як вы іх правяралі? Праз чые акуляры глядзелі?! — Супакоіўшыся, дадаў іншым тонам: — Гісторыя з Сурмілам для нас павінна стаць добрым урокам. Вось і скажам на плѳнумѳ усё адкрыта, прынцынова, па-партыйнаму пагаворым пра наш стыль работы...

Чыжэўскай па звычцы карцела пярэчыць, але язык прысох да зубоў. Шырока раскрытымі вачыма, усё больш ніякавеючы, глядзела яна на Радзевіча — такім бачыла яго першы раз, і нешта цьмянае, ні то трывога, ні то страх, стала ўсё больш і больш закрадацца ў яе душу.

Застаўшыся адзін, Радзевіч адчуў стому. Апошні час ён усё часцей стаў заўважаць, што нязвыкла стамляецца пасля доўгай дарогі. Ён думаў, што дарма сарваўся, мо залішне груба накрычаў на Чыжэўскую — нябось, недзе румзае, мо ўсю ноч прарумзае ў падушку: жанчына ёсць жанчына, хоць і другі сакратар. Калі шчыра, то ці толькі яна адна бачыць лес, а дрэў не заўважае? Канечне, не адна Чыжэўская... Трэба вучыць, каб кожны кіраўнік і лес бачыў, і асобныя дрэвы заўважаў... I ў тым, што прагледзелі Сурмілу, яму, першаму сакратару, нельга шукаць казла адпушчэння — перш за ўсё сам вінаваты. Канечне, сам... Нешта гняло, выклікала прыкры астой. А ўсё ж няпроста перажываць свае памылкі, нават калі асэнсуеш, прызнаеш іх, няпроста...

Пахадзіўшы сюды-туды, стаў трохі супакойвацца. Але ўсё роўна нейкае нядобрае, цьмянае, як прадчуванне непазбежнай бяды, пачуццё працягвала садніць. Каторы раз прыходзіла на памяць тая загадкавая размова ў абкоме партыі, куды тэрмінова выклікалі ўчора. Канечне, ніякай загадкавасці ў рэшце рэшт не засталося — усё ўладзілася, усё стала на сваё месца, аднак ад гэтага мала палягчэла на душы...

Сакратар абкома партыі, загадаўшы сакратарцы, каб нікога пе пускала, пачаў распытваць пра справы ў раёне. Яго, Радзевіча, гэта насцярожыла, аднак, як і палежыць, падрабязна і грунтоуна дакладваў аб усім, што робіцца ў раёне, перш-наперш пра гатоўнасць да вясны, пра становішча ў жывёлагадоўлі, квартальныя планы па малаку і мясе. Сакратар раз-пораз устаўляў свае пытанні, каменціраваў нейкія яго думкі і меркаванні, але ўвесь час не пакідала ўражанне, што не гэта яго цікавіць, што ён нешта не дагаворвае. Спачатку падумаў, мо паступіла якая ананімка, і сакратар намацвае грунт, адкуль ямчэй падысці. Не, пра ананімку ён сказаў бы адразу... А мо прадбачыцца якая праверка, заслухоўванне на бюро? Але, звычайна, такія заслухоўванні загадзя ўносяцца ў план работы абкома, і з гэтымі планамі знаёмы ў райкомах...

Распытаўшы пра гаспадарчыя справы, сакратар стаў пільна дапытвацца пра кадры раённага звяна. Перш за ўсё пра Дзевяценя: як прыжыўся, як да яго ставяцца людзі, што ён, Радзевіч, можа сказаць пра асабістыя Дзевяценевы якасці? Пытанні, канечне, натуральныя: Дзевяце­ня прыслалі ў раён, чаму ж і не пацікавіцца, чаго ён варты, як бярэцца за справу.

Ён станоўча ахарактарызаваў Дзевяценя, не ўтаіўшы, як таго настойліва дамагаўся сакратар абкома, і некаторых, на яго погляд, слабых бакоў: пэўная нерашучасць, боязь іншы раз узяць на сябе ўсю адказнасць... Потым перайшлі да Чыжэўскай, Антоненкі, Лазовіка... Сакратар патрабаваў шчырасці, аб’ектыўных ацэнак, і, натуральна, ён, Радзевіч, гаварыў, што думаў, што ведаў, пазбягаючы катэгарычнасці, увесь час падкрэсліваючы, што гэта яго асабістая, суб’ектыўная думка. Адчувалася, што яго спакойныя і ўзважаныя характарыстыкі падабаюцца сакратару абкома. Разам з тым за яго заклапочана-ўніклівымі пытаннямі і рэплікамі хавалася нейкая недамоўленасць, і гэта не магло заставацца незаўважаным. I раптам непрыемная згадка: а ці не збіраюцца яму прапанаваць нейкую іншую работу? Логіка, шматгадовы вопыт падказвалі, што менавіта так. Але чаму? Няўжо на самай справе састарыўся, выходзіць у тыраж?..

— Вы колькі ўжо першым?

- Чатырнаццаты год...— насцярожыўся Радзевіч.

— Не стаміліся?

— Я зразумеў, што хочаце запхнуць на спакойную, ціхую работу... Устарэў... — Ен нявесела ўсміхнуўся, даючы зразумець, што гэта яго крыўдзіць і абурае.

— Ды не...— трохі зніякавеў сакратар, памяркоўна і мякка сказаў: — Мы так не думаем... Вы забяспечваеце свой участак работы... Асаблівых прэтэнзій да вас няма. Раён адзін з перадавых у вобласці — гэта гаворыць само за сябе. Калі адчуваеце ў сабе сілы — працягвайце працаваць на здароўе, ніхто вас не збіраецца ні здымаць, ні запіхваць, як вы кажаце, на спакойную работу. Мы цэнім ваш вопыт, вашу энергію. Аднак, наш абавязак адкрыта i шчыра запытаць... Мы не маем права змушаць людзей працаваць на зноc. Учора, дарэчы, у мяне быў Васілец: на прамілы бог просіцца ў вобласць на спакайнейшую работу — цяжка, выдахся, нервы здаюць... А вы і па гадах старэйшы, і ў два разы больш за яго на пасадзе першага... Сёлета, як вы ведаеце, партканферэнцыі, і мы загадзя павінны ведаць і думаць...

— Вы сумняваецеся?..

— Не сумняваемся. Проста — наш абавязак запы­таць... Так што лічыце, не было гэтай гаворкі, пытанне будзем лічыць закрытым...— I, падумаўшы, дадаў: — Тым больш вы сабе раўнацэннай замены не падрыхтавалі...

«Лічыце, не было гаворкі»... Хм... Не-е, была гаворка, быў першы званочак — гэта факт. Нявесела, канечне, калі табе даюць званочак... Хай сабе і першы, але званочак...

А мо дарма даў у хамут? Трэ было хоць пацікавіцца, што яны збіраліся прапанаваць. Канечне, трэ было пацікавіцца. А мо праўда, як ні маладзіся, а гады бяруць сваё. Магчыма... Сядзеў бы ў якой ціхай канторы, як таго, на­прыклад, захацеў на шэcць гадоў маладзейшы Васілец. Прыходзіў бы сабе да дзевяці, адыходзіў бы — у шэcць пятнаццаць, спакойна пакідаючы за парогам ціхай канторы ўсе клопаты і хваляванпі. Чым не жыццё? Хм, жыццё... Хіба гэта жыццё?..

Падышоў да акна, адчыніў фортку — і ў кабінет адра­зу ж дыхнула свежасцю, нейкім не зусім зразумелым шматгалоссем вясны. Гэта супакойвала, бадзёрыла. Стаў думаць пра ўчарашні сход у «Гіганце» і ніяк не мог уявіць, як там усё адбывалася. Трэба паклікаць Дзевяце­ня — хай раскажа... Цікава, а як там адчувае сябе Сурміла? Як ён усё гэта ўспрыняў?.. Мо пазваніць? Не, не трэ­ба: хай падумае — гэта для яго карысна... А ці пацягне Кунцэвіч такую гаспадарку — во пытанне? Пацягне... Ка­нечне, пацягне. Трэба падмацаваць талковымі спецыялістамі, мо хто і прыглянецца старому: глядзіш, праз год-два і падрыхтуе сабе змену... А што, цікава, скажуць у абласным упраўленні сельскай гаспадаркі? Якога коніка выкіне Сурміла-старэйшы?

Пахадзіў па кабінеце, зноў вярнуўся да акна, з палёгкаю адчуў, што магчымыя непрыемнасці з Кунцэвічавай кандыдатурай у абласным упраўленні не дужа хвалююць яго...

А на вуліцы бралася вясна. Сонца хілілася к заходу, але ўсё яшчэ свяціла ярка і шчодра...

Загрузка...