— Мяне таксама адпускаеце на ўсе чатыры ці, можа, — пад арышт?

«Ну во, зноў за сваё. — Дзмітрый унутрана перасмыкнуўся. — Не, што ні кажы, а ліха не ўседзіць ціха. — Ён пашкадаіваў, што ўжо гатоў быў дараваць нахабніку хоць адзін грэх. — Такі паспагадае!»

— I вас адпускаю. — Раптам яму закарцела ашаламіць шаленца, дужа захацелася дадаць: «Пакуль што». Але ён не сказаў, стрымаўся — нельга. Слова не верабей, выпырхне — ніяк не зловіш. Так далёка можа паляцець, такой нарабіць шкоды!..

— То адзначце мне позву, мо спатрэбіцца. Чаго добрага, зноў каму-небудзь галаву расквасяць, дык давядзецца, чуй, даказваць, дзе быў, што рабіў. — Андрэй дастаў з кішэні і паклаў на стол пакамечаную паперку. — А так — калі ласка, у аўтарытэтнай установе быў. У колькі гадзін прыйшоў, у колькі адпусцілі — усё адзначце.

Зрабіўшы адзнаку на позве, Дзмітрый разгоніста распісаўся. Сенажэнскі грэбліва ўзяў яе двума пальцамі, устаючы, з грукатам адсунуў крэсла. Пайшоў, цяжка ступаючы вялікімі тупаносымі чаравікамі. Каля дзвярэй спыніўся, зазірнуў у позву.

— А подпіс — хоць на грашах стаў. — Савануў яе ў кішэню вузкіх, расклёшаных у калашынні штаноў і ступіў за парог.

Дзмітрый таксама ўстаў, захадзіў туды-сюды, быццам не ведаў, у якім кутку спыніцца. «Та-ак, нічога не скажаш, пеўчая птушка», — з прыкрасцю думаў ён, успомніўшы размову з Надзяй пасля балю. З’едліва звярнуўся да Андрэя, нібы той яшчэ быў тут, у кабінеце: «Якая ж у цябе, пяюн, любімая песня — «Шумел камыш»?» Падышоў да рэпрадуктара, павярнуў уключальнік. 3 прадаўгаватай акуратнай чорна-белай скрыначкі, на рабрыстым «фасадзе» якой бялелі пластмасавыя літары кароткага слова «Сож», пачуўся спакойны роўны голас. Радыёкаментатар перадаваў міжнародны агляд.

Як скончыўся міжнародны агляд, у пакой з рэпрадуктара палілася знаёмая песня. Мікрафонна-рэзкія жаночы і мужчынскі галасы спявалі пад джаз. Песню Дзмітрый не слухаў. Выключыў радыё, сеў за стол.

Упарта, крок за крокам вяртаўся ён у думках да вочнай стаўкі, імкнуўся асэнсаваць штосьці такое, што ўвесь час і тады і цяпер як бы знаходзілася на «другім плане». Гэтае «штосьці», здавалася яму, утрымлівала ў сабе, можа, больш сур’ёзны і важны зарад, чым змест таго факта, які высвятляўся ў час допыту.

Сёння ён сутыкнуўся з жорсткай неабходнасцю міжвольна ўмешвацца ў тую сферу асабістага жыцця чалавека, у якой староннія, выпадкова крануўшы яе, закліканы быць тактоўнымі і далікатнымі. Муж і жонка… ён зноў адчуў сваю прыкрую віну перад жанчынай, якая б не зазнала сёння знявагі і крыўды, каб ён не сутыкнуў іх ілбамі, не звёў у недарэчнай сварцы.

А ім жа сумесна жыць, сям’ю ладзіць… Дзмітрый стараўся апраўдаць сябе тым, што дзейнічаў у інтарэсах справы. Следчае дзеянне, прадугледжанае законам… Ён абавязаны быў праверыць алібі, на якое спасылаўся Сенажэнскі. А якім чынам? Хто яшчэ, акрамя жонкі, ведае, калі муж вярнуўся дадому? Марына Раманкоўская? Дык вось жа толькі на вочнай стаўцы ён і змог дазнацца пра гэта… Логіка яго разважанняў была непахісная, аднак суцяшэння яму не прыносіла. Хто ведае, можа, непрыязнасць, якая разгарэлася паміж Андрэем і Надзяй з яго ласкі, прынясе большую шкоду, чым карысць, што ён дзеля раскрыцця злачынства абвергнуў алібі Сенажэнскага. Ды ці абвергнуў жа? Невядома, што яшчэ Раманкоўская скажа. А ў сям’і тым часам скандал… Ад гэтых думак Дзмітрыю зрабілася вельмі непамысна.

У душу яму таксама закралася сумненне: ці мае ён цяпер маральнае права весці следства? Сенажэнскі чаўпе, нібыта ён заляцаўся да Надзі. Мала таго — так могуць падумаць іншыя, варта толькі пусціць пагалоску: лейтэнант міліцыі Бутоўкін хацеў адбіць чужую жонку. Яшчэ, калі хочаш, і прыплятуць: не адбіў — то цяпер пастараецца мужа ў турму запраторыць… Думкі мітусіліся ў галаве, адна за адну гарачэйшыя. Але найбольш даймала яго зусім неспадзяваная: можа, заявіць самаадвод? Была яна дужа непрыемная Дзмітрыю, бо як бы падказвала: «Навошта табе лішні клопат, якога можна пазбегнуць?»

Час ад часу ён пальцам кранаўся лба, быццам гэтым дапамагаў сабе як мага дакладней узважыць усё ў свядомасці, глыбей выверыць розумам. Ці чэсна гэта будзе — самаадвод? Як той чэхаўскі герой Белікаў — «як бы чаго не здарылася».

Дзмітрый разумеў, што думкі яго ў гарачнасці разважанняў перайшлі тую мяжу, за якой цяпер маглі атрымаць рознае тлумачэнне: і так, і гэтак… Таму не спяшаўся прымаць рашэнне. Закон устанаўлівае, што следчы не можа ўдзельнічаць у расследаванні па справе і павінен быць адведзены, калі асабіста, прама ці ўскосна, зацікаўлены ў гэтай справе. Дык жа калі зацікаўлены! А пра якую зацікаўленасць тут можна гаварыць? Аніякай няма і быць не можа. Ну, хай ён, на выпадак, баронячыся ад недарэчнага падазрэння, схаваецца за самаадводам ад людзей, аднак жа ад свайго сумлення нікуды не ўцячэш… Ён ведаў, яно не прамоўчыць яму, будзе бязлітасна дакараць: спалохаўся, змаладушнічаў… Быў ён вонкава спакойны, але за гэтым спакоем у глыбіні вачэй хаваліся нецярплівасць і ўпартасць, якія гаварылі аб памкненнях багата што асэнсаваць і зразумець.

Не, ён давядзе справу да канца. Тым больш што цяпер гэта можна зрабіць без асаблівых цяжкасцей. Многае, як яму ўяўлялася, ужо праяснілася, кола доказаў вакол Сенажэнскага, можна сказаць, замыкаецца… Здушваючы ў сабе здрадлівыя сумненні, ён пачуў, як знутры ў яго зноў, цяпер ужо непахісна, гукнулася: «Пра самаадвод выкінь з галавы, не ганьбі сам сябе». Гэтая думка надала адчуванне дужасці і ўпэўненасці. Яна была як заканамерны штуршок, успрынялася ім як уладарны і строгі загад сумлення.

Дзмітрый пацёр рукою акруглы, з ямінкаю падбародак. Патрымаў яго ў жмені, пасядзеў нерухома і ўголас прамовіў да сябе: «Я зраблю ўсё так, як патрабуе ад мяне сумленне і закон, шчыра скажу правасуддзю праўду пра злачынства і злачынца». Тут жа адразу ён падумаў, што зараз яму, не марнуючы дарэмна часу, трэба ехаць у Вялікія Бабовічы і дапытаць Марыну Раманкоўскую. Хто яна, гэтая Раманкоўская, што за чалавек?

Думкі яго перарваў тэлефонны званок. Ён таропка ўзяў трубку. Прыспешыла падсвядомая надзея — немаведама адкуль яна ўзялася, — што гэты званок, як і тое ананімнае пісьмо, мае дачыненне да справы па абрабаванню нарыхтоўшчыка і нясе штосьці новае.

Так яно і было.

— Хто гаворыць — таварыш лейтэнант? — пачуў Бутоўкін знаёмы глухаваты голас. — Пацярпеўшы Апанас Камароўскі на провадзе. Тут такая праява…

Ад тэхнічнай няспраўнасці ў трубцы трашчала, і Дзмітрый напружваў слых, каб не прапусціць ніводнага слова. Час ад часу ён казаў: «Так… зразумеў… так…» Камароўскі паведаміў, быццам бы хлапчук Грыша Лабікаў чуў, як шафёр Сенажэнокі, п’яны, хваліўся на вуліцы, што п’е за яго, Камароўскага, грошы.

Паведамленне гэтае і акрыліла, і заклапаціла Дзмітрыя. Што цяпер у першую чаргу рабіць — з хлапчуком весці гаворку ці з Раманкоўскай?.. Разважыўшы, ён вырашыў: з Раманкоўскай. Пакуль Сенажэнскі не папярэдзіў яе, не падгаварыў.


VIII

У Вялікія Бабовічы Бутоўкін прыехаў перад змярканнем. Адразу завярнуў у праўленне калгаса. Спадзяваўся, што яшчэ нехта будзе там і дапаможа яму выклікаць Раманкоўскую.

У канторы праўлення ён пабачыў высокага, ссутуленага, у акулярах старога, які стаяў каля расчыненай шафы і перабіраў папкі.

— Добры вечар, — прывітаўся Дзмітрый. — Не перашкодзіў?

Той павольна павярнуўся да яго, кіўнуў галавой: ці то ў знак прывітання, ці сказаў: «Угадаў, перашкодзіў». Дзмітрый нібы не заўважыў гэтага, падышоў да яго, падаў руку:

— Лейтэнант міліцыі Бутоўкін.

— Вельмі прыемна. — Стары ўзяў яго далонь касцістымі пальцамі, вяла ціскануў і зноў павярнуўся да шафы, працягваў парадкаваць на паліцах набухлыя паперамі папкі. Упарадкаваў, замкнуў дзверцы і паклаў ключык у кішэню. Тады паглядзеў на Бутоўкіна.

— Чым магу служыць? — спытаў са старамодна-інтэлігенцкай, стрыманай пачцівасцю.

— Зможаце… Даруйце, як ваша імя і імя па бацьку?

— Кірыла Восіпавіч. Бухгалтар калгаса.

— Зможаце, Кірыла Восіпавіч. Спадзяюся, вы ведаеце, хто такая Марына Раманкоўская?

— Гэта ў якім жа сэнсе, дазвольце ў вас спытаць — хто такая? — Бухгалтар падазрона паглядзеў на Дзмітрыя з-пад акуляраў.

— У самым звычайным, як аднасяльчанку.

— Дапусцім. Што далей?

— Мне трэба з ёю пагутарыць. Як яе выклікаць сюды? Ці не дапамаглі б?

— Выклікаць? — Кірыла Восіпавіч павярнуў галаву да акна, колькі секунд прыслухаўся да чагосьці. — Гэта можна.

Паўз вішаннік, што навісаў са школьнага двара над сцежкай з краю вуліцы, борзда тэпалі два хлапчукі. Калі яны выйшлі на невялікую, круглую, як сподак, вясковую плошчу, бухгалтар расчыніў акно, хрыпла гукнуў:

— Хлопцы, вы ведаеце цётку Марыну, што жыве ў канцы Хітраўкі?

Яны разам, як па камандзе, спыніліся, пашукалі вачамі, адкуль і хто да іх звярнуўся. Адказалі ў адзін голас:

— Ведаем.

— Дык збегайце да яе і скажыце, каб прыйшла ў кантору. Кірыла Восіпавіч, скажыце, просіць. Зрабіце ласку, хлопцы, збегайце!

Хлапчукі, мусіць, падахвочаныя такой лагоднасцю да іх, крыкнулі: «Ага» — і прыпусціліся бягом.

Мякка шчоўкнуў уключальнік — Кірыла Восіпавіч запаліў святло. Сеў за стол, падсунуў да сябе аркуш паперы, густа ўсыпаны лічбамі

— Тут, відаць, усё: і дэбет, і крэдыт, і сальда, — кінуў прэсны жарт Бутоўкін, каб не сядзець моўчкі.

— Угу,— буркнуў бухгалтар, не адрываючыся ад паперы.

«Вясёлы, відаць, чалавек, з ім не засумуеш», — іранічна падумаў Дзмітрый і, ужо не разлічваючы на прыхільнасць Кірылы Восіпавіча, спытаў:

— Як сёлета збажына ўрадзіла ў калгасе? Лепш, чым летась?

Вузкая галава ўскінулася, вочы за шкельцамі акуляраў бліснулі, засвяціліся.

— Урадзі-іла! — 3 твару адразу зляцела пахмурнасць, ён нечакана памаладзеў. — Больш чым па сорак цэнтнераў з гектара на круг.

«Глядзі ты, і голас перамяніўся, а то — усё роўна як рыпеў», — зноў пакпіў Дзмітрый, але ўжо няз’едліва, наадварот — хутчэй за ўсё з добразычлівым здзіўленнем.

— I паглядзелі б — зярнятка ў зярнятка. Набярэш у далоні — як золата пераліваецца. — Бухгалтар, падахвочаны такой незвычайнай цікаўнасцю маладога міліцыянера — Краўчук ніколі не спытае, быццам ён і хлеба не есць,— здавалася, адразу забыўся на паперу, на лічбы. — Налета ляжа ў зямлю насенне, скажу я вам, самых высокіх гатункаў! Не было яшчэ ў нас такога збожжа.

Дзмітрый пачуў у яго словах штосьці большае за тое, што было сказана. Настроіўся слухаць Кірылу Восіпавіча далей, але ўвагу яго прыцягнулі таропкія крокі ў суседнім пакоі. Адразу яму падумалася: няўжо Раманкоўская так хутка прыйшла? А ходзіць па-мужчынску…

Віскнулі дзверы, і ў праёме паўстаў Сенажэнскі. Ён пераступіў парог, насцярожана спыніўся.

— Можна? Не перашкодзіў?

З’яўленне Андрэя было неспадзяваным, але Бутоўкіну падалося, што ён чакаў яго. Толькі пашкадаваў, што перапыніцца незвычайная гаворка, знікне тая шчырая радасць, якая адразу так хораша настроіла маўклівага панурага чалавека. Таму ён сказаў Андрэю як бы з неахвотаю:

— Заходзьце.

— А я зноў да вас у міліцыю заязджаў, — ад парога кінуў Сенажэнскі. — Ды пачуў, што вы да нас у Вялікія Бабовічы паехалі. Дык я адразу сюды.

— Што здарылася? — насцярожыўся Дзмітрый, крануўся лальцам ілба.

— Здарылася. — Андрэй недаверліва глянуў на Кірылу Восіпавіча і перавёў позірк на Бутоўкіна, папытаў вачамі: пры ім можна?

Бухгалтар адразу страпянуўся, павярнуў твар да аднаго, да другога. Устаў.

— Ну, я пайду, старая дома зачакалася.— Заспяшаўся, мітусліва пачаў складваць паперы, зачыняць шуфляды ў стале. Выходзячы, яшчэ чамусьці сказаў: — Старая зачакалася, а я тут рассусольваю.

Ён кіўнуў Дзмітрыю ў знак развітання, неяк далікатна, асцярожна паклаў на галаву саламяны капялюш з шырокімі палямі і пайшоў.

Дзмітрый нецярпліва паглядзеў на Сенажэнскага: «3 чым жа ён, гэты вяртанец, цяпер заявіўся?» Андрэй разгадаў яго думкі, пачаў расказваць.

— Ад вас я пайшоў у сталовую паабедаць, — загаварыў ён скорагаворкаю, так, што словы нібы чапляліся адно за адно. — Сяджу за сталом, чакаю, калі афіцыянтка заказ возьме. Аж тут ідзе гэты самы Апанас Камароўскі, нясе дзве бутэлькі піва. Садзіцца побач, ставіць бутэлькі на стол. «Здароў — здароў». — «Ты чуў, — пытае, — што мяне абрабавалі?» Я са злосцю яму: «Яшчэ як чуў!» Потым знарок і кажу: «А я ў той час якраз ехаў па той дарозе». Ён аж падскочыў на крэсле. Пачаставаў мяне півам. Потым бачу — паўлітру выцягвае з кішэні. Тут мяне разабрала цікавасць. «Пагляджу, сабе думаю, што ж з цябе будзе зараз».— Сенажэнскі сабраў ца лбе маршчыны, быццам тое, што мелася яму сказаць далей, каштавала нялёгкага намагання. — Ну, выпілі мы патроху, ён і гаворыць: «Схадзі ты да лейтэнанта міліцыі і раскажы яму аб гэтым».— «Аб чым?» — пытаюся. «Ну, што быў там. Скажы, што бачыў, як з кустоў праз дарогў бег чалавек». I ўсё падлівае ў маю шклянку, усё падлівае. «Дык я ж не бачыў», — кажу. А ён мне зноў: «Давай, браце, вып’ем,— і суне шклянку ў руку. — Гэта, гаворыць, нічога, што не бачыў. Скажаш так, дык мо злачынца смялей будуць шукаць».

Сенажэнскі змоўк, глядзеў на Бутоўкіна, уедліва хмылячы пухнатыя, як у дзяўчыны, губы.

— Вось я і прыйшоў перадаць яго просьбу. — Позірк бліскучых вачэй быў непрыязны і ўпарты. Дзмітрый прачытаў у ім насцярожанае недаўменне, усё роўна як Андрэй стараўся дазнацца, што думае лейтэнант пра гэтае нахабства. Бутоўкіну падалося таксама: наконт таго, пра што расказаў, Андрэй хацеў яшчэ выказаць свае развагі, сваё асабістае меркаванне, ды стрымаўся — як бы ведаў тую адлегласць, на якой належала яму ў гэтай сітуацыі трымацца ад лейтэнанта. Выкажы, а ён падумае — на мазгі капаеш, каб затуманіць іх.

Дзіўна, але ўвесь той час, пакуль Сенажэнскі гаварыў, у Дзмітрыя было адчуванне, быццам недзе тут, убаку, стаяла Марына Раманкоўская. Яна слухала, чакала зручнага моманту, каб уклініць нейкае сваё слова, якое б многае змяніла ў настроі і паводзінах Андрэя. Можа, адчуванне гэтае ішло ад таго, што ён не забываў пра выклік Раманкоўскай і чакаў яе з мінуты на мінуту.

Сенажэнскі пачаў зашпільваць каўнер кашулі, які ад разгарачанасці расхрыстаў у пачатку гаворкі. Каўнер не зашпільваўся. Дзмітрый пасачыў за дрыготкімі, з крапінкамі мазуту ў порах скуры пальцамі, і з яго губ ледзь не сарваўся недарэчна радасны выгук. Позірк яго як прыцягнула магнітам, і ён не мог адарваць вачэй ад цёмна-шэрай манішкі. На ёй ад яркага электрычнага святла зеленаватым бляскам пераліваліся гузікі. Якраз такія, які быў знойдзены на месцы злачынства. Што ж атрымліваецца? Там быў знойдзены, а на манішцы аднаго не хапае… Дзмітрый раней таксама прыглядваўся да адзення Сенажэнскага і добра памятае, што яго шырокія грудзі аблягала другая, сіняя, кашуля. У гэтай ён пабачыў шафёра ўпершыню. Спачатку хацеў спытаць, дзе ён згубіў той гузік, ды падумаў: каб не нарабіць непапраўнай шкоды. Насцярожыш, дык знішчыць кашулю — шукай тады ў полі ветру. Не, нават выгляду падаваць не трэба, што звярнуў увагу, зацікавіўся. Потым, як і належыць па закону, з удзелам панятых, — забраць яе і перадаць на экспертызу.

Дзмітрый не паварушыўся. Ён сядзеў спакойны, глядзеў на Сенажэнскага з бясстраснай цікавасцю, як глядзяць на чалавека, які ні ў чым не ўяўляецца загадкай. А думкі мітусіліся, наскоквалі адна на адну. Як жа ўсё складваецца! Быў на месцы злачынства, яго аўтамашына след пакінула — экспертызай устаноўлена… Там знойдзены гузік, якога не хапае ў яго на кашулі… У той дзень дадому прывалокся апоўначы. У лес за дровамі ездзіў? А калі не? Зараз пачуем, што скажа Раманкоўская. Ён жа не паспеў яшчэ папярэдзіць яе. Ці, можа?.., Спачатку, можа, да яе завітаў?.. I гэтая версія — Камароўскі падгаворваў… Выдумаў яе? Навошта? Кінуць цень на Камароўскага? Але навошта?..

Сенажэнскі зашпіліў нарэшце каўнер, сцепануў плячамі, як бы распраўляючы кашулю.

— Я ўсё расказаў правільна, — рэзка, як секануў, кінуў ён. — Калі яшчэ што будзе, таксама раскрыю. Сам, без выкліку прыеду.

«Бач, які свядомы!» — падумаў Дзмітрый, праводзячы яго позіркам да дзвярэй.

Каля парога Сенажэнскі тварам у твар сутыкнуўся з Раманкоўскай, якая ўпырхнула ў пакой, як птушка,— імкліва і лёгка. Сустрэча гэтая не паклала на яго твары ні здзіўлення, ні збянтэжаінаеці. Прыпыніўшыся на момант, ён толькі глянуў на Марыну так, нібы хацеў даўмецца, чаго яна паявілася тут, і выйшаў.

Раманкоўская, убачыўшы яго, адразу сцялася ўся, уцягнула галаву ў плечы. Калі за ім зачыніліся дзверы, яна зіркнула вёрткімі вачамі ў адзін бок, у другі, як бы хацела пераканацца, ці ёсць, акрамя лейтэнанта, яшчэ хто ў пакоі. Сумна, загадкава ўсміхнулася. Яе ўсмешка паказалася Дзмітрыю вымучанай, пакутніцкай.

— Чага вы ўсміхаецеся? — спытаў ён насцярожана. — Успомнілі нешта?

— Успомніла. Дзіўны чалавек гэты Сенажэнскі, штукар і выдумшчык. — Марына азірнулася, яе ўстрывожыла раптоўнае недарэчнае адчуванне, што за спіной усё ж нехта стаіць. — А як выдумае што — хоць яму кол на галаве чашы, на сваім будзе стаяць. — Мусіць, каб абгрунтаваць тое, што сказала, надаць сваім словам больш пераканаўчасці, яна дадала: — У школе ён быў самы завадатар і хват.

— Чаму вы загаварылі пра гэта?

— Ды так, пабачыла яго — успомніла.

Толькі цяпер Бутоўкін звярнуў увагу на тое, як вы-глядала жанчына. Вусны былі густа начырвоненыя, павекі пасіненыя. У кранутых касметыкай зеленаватых вачах высвечвалася трывога, хаця знешне жанчына старалася трымацца не толькі спакойна, але нават і развязна. «Размалявалася, як на вечарынку сабралася»,— непрыязна падумаў Дзмітрый. Спахапіўся, што марнуе час, прыступіў да справы.

— У якіх вы, Рамаінкоўская, узаемаадносінах з Сенажэнскім? — спыттаў. I ўдакладніў: — Я хачу высветліць — не сварыліся, не злыя адзін на аднаго?

— Чаго мне з ім сварыцца? Я сама па сабе жыву, ён — сам па сабе.

— Апошнім часам ён рабіў што-небудзь для вас па вашай просьбе ці не?

— Адкуль вы ўзялі, што ён павінен мне штосьці рабіць? — пытаннем на пытанне адказала Раманкоўская. Каля вачэй у яе ледзь прыкметна здрыгануліся тоненькія маршчынкі.

— Я не сцвярджаю — павінен. Па просьбе людзі аказваюць жа адзін аднаму розныя паслугі. Дровы скажам, ён вам прывозіў з лесу?

Пачуўшы пра дровы, жанчына прыкметна разгубілася, але тым не менш пастаралася ўзяць незалежны тон.

— Ёсць у мяне бярэзнік, ляжыць пад павеццю. Я яго ў незнаёмага шафёра купіла. Паляпаў у шыбу: паліва патрэбна, гаспадыня? Мне якая розніца, у каго купляць. Усё роўна — грошы плаціць, дарма ніхто не дасць.

— Сенажэнскі сцвярджае, што ў мінулую нядзелю ўвечары ездзіў з вамі ў лес па дровы. Для вас.

— Ён так сцвярджае? Дык жа хлусіць ён, далібог, хлусіць. Ну, дахлусіцца ён у мяне! — У голасе Раманкоўскай, высокім і звонкім, прарвалася жорсткасць.

— Навошта яму хлусіць? Не разумею.

Яна неспакойна заварушылася на крэсле, памаўчала.

— Навошта, пытаеце? Мусіць, каб на мяне нейкую сваю віну звярнуць, можа, каб не ён, а я плаціла штраф за лесапарушэнне. На яго што, ляснік акт склаў? — Раманкоўская пачакала, што скажа ёй лейтэнант.

— Не склаў, не.

Але яна, відаць, не паверыла яму, са злосцю і абурэннем залямантавала:

— Калі я адзінокая жанчына, дык на мяне ўсё можна сказаць! Валіце, як на таго бурага, буры ўсё павязе! У невядомага шафёра купіла дровы, што хочаце рабіце са мною, а бярозы я не секла!

Цяжка дыхаючы, яна запнулася. Зноў памаўчала, узяла сябе ў рукі. Па тым, як вочы яе то расшыраліся, то звужаліся, відаць было: яна штосьці ліхаманкава, напружана абдумвала. Раптам на палаючым твары прыхавана высвецілася стрыманая радасць:

— Ці, можа, ён… Ну канечне ж, не хацеў, напэўна, кідаць цень на жанчыну, дык і схлусіў: па дровы ездзіў. Вы, мусіць, з нейкіх сваіх меркаванняў патрабавалі ад яго, каб сказаў, дзе быў у нядзелю ўвечары, а ён не хацеў прызнацца, каб не зняважыць гонар мой. Вам усё трэба дапытацца, усё вам скажы: дзе быў, што рабіў… Але ж не ўсё можна сказаць…

Бутоўкін зразумеў, што Марына нешта ўцяміла і таму крута мяняе размову, наважылася выгараджваць Сенажэнскага. А яна, каб засыпаць лейтэнанта словамі, не даць яму апамятацца, працягвала байчэй:

— Дзівак чалавек — хлусіць надумаўся. Уладзе трэба гаварыць толькі праўду. Так і сказаў бы: у Марыны Раманкоўскай быў у гасцях. А што скампраметаваў бы — дык што ж зробіш… — Яна цяжка ўздыхнула _ Такая мая бабская доля.

Раманкоўская нервова пагладжвала вялікую блакітную брошку на кофце, зелень у яе прыжмураных вачах пагусцела.

Дзмітрый таксама адчуваў хваляванне, быццам меў самае сур’ёзнае дачыненне да яе лёсу, хацеў абараніць ад чагосьці паганага, брыдкага, ды не ведаў як. Ці не цэлую мінуту яны абое маўчалі, як бы вырашаючы, як лепш выйсці з цяжкага становішча.

Настрой у Раманкоўскай мяняўся, як восеньскае надвор’е: то захмарваўся, то праясніваўся скупымі промнямі. Яна, міргнуўшы густымі вейкамі, памалу пасунулася на край крэсла. Нагнуўшыся, наблізілася тварам да Дзмітрыя. Кранула над вухам завіток каштанавых валасоў, загаварыла з інтымнай інтанацыяй у голасе:

— Толькі вы, калі ласка, нікому не гаварыце, што Андрэй быў у мяне. Мне ўжо цяпер усё роўна, а да жонкі яго дойдзе — скандал узгарыцца. Навошта, каб у сям’і разлад пайшоў? Я яго больш і на парог не пушчу. Так вось атрымалася неяк бяздумна, але больш не будзе такога, не сысці мне з гэтага месца.

Дзмітрый слухаў засяроджана. Словы Марыны захмарвалі яму душу, клалі на яе гаркоту. «Артыстка, — падумаў ён з пагардаю і разам тым з роспаччу. — Так разыграла сцэну, так павярнула!..» Крутнуў галавой — каўнер кашулі моцна сціскаў яму шыю, бо мускулы на ёй разбухлі, пацвярдзелі. Мусіць, ад унутранага напружання, якое абвастрыла ў ім пільнасць, здольную ўлавіць цяпер кожную дробязь. А яшчэ ён адчуў у сабе перакананасць, што Раманкоўская больш нічога не скажа. Ва ўсякім выпадку — нічога іншага.

Ён быў упэўнены, што яна маніла. Вадзіла яго за нос. Толькі ж — дакажы гэта, абвергні яе хлусню. Каб сказала, што не ездзілі ў лес і ніякіх дроў у яе няма, тады зрабілі б вобыск і — вось яны, свежай парубкі. Значыць, калі ты здольная нахабна лгаць у вочы, дык і пра гасцяванне тое выдумала. А так — быў, гасцяваў. Хто тут можа пацвердзіць альбо абвергнуць, быў — не быў? Такія гасцяванні не пры сведках наладжваюцца…

Бутоўкін ледзь-ледзь расцягнуў вусны ў маркотнай усмешцы. Па-свойму, прытворна сарамліва ўсміхнулася і Раманкоўская. Яны глянулі адзін аднаму ў вочы і кожны зразумеў усмешку другога. Марына спалохалася, што лейтэнант пранікне ў яе затуманеную таямніцу душы, адвяла вочы.

— О, цяпер я зразумела, чаму ён схлусіў пра дровы! — знарок бойка ўсклікнула яна. — Каб да жонкі праўда не дайшла.

Дзмітрый прапусціў міма вушэй гэтыя словы. Хіба толькі безуважна падумаў пра яе знарочыстую бойкасць: навошта яна ёй? Нейкая пакуль што не зусім ясная, не ўсвядомленая як след думка бралася яму на ўвагу: «Паспрабуй абвергні яе няпраўду аднымі лагічнымі разважаннямі». Толькі калі зноў паўтарыў: «…аднымі лагічнымі разважаннямі», зразумеў, адкуль яна ішла. Са спрэчкі з падпалкоўнікам Баршчоўскім. Зразумеўшы гэта, ён паспяшыў адмахнуцца ад яе. Не хапала яму цяпер яшчэ ўспамінаў, самы час для іх. Але перш чым канчаткова выбавіцца ад неспадзеўкі, ён паспеў яшчэ падумаць: «Гэта, мусіць, як тая мыш у кутку, падала свой пісклявы голас «разумная асцярога», да якой заклікаў падпалкоўнік».

Раманкоўская вывела яго з задумення.

— Чаго мы, таварыш лейтэнант, у маўчанку гуляем? — спытала яна, націснуўшы на слова «гуляем». — Шукаеце, як мяне злавіць? Не шукайце, не ўдасца.— I гэтымі словамі і сярдзітым голасам яна, не тоячыся, сказала са зларадным выклікам: «Я, хлопец, такіх, як ты, разумнікаў бачыла». Потым, быццам зжаліўшыся над Дзмітрыем, дадала: — Не ўдасца, бо я па праўдзе гаварыла.

Прыкрасць смактала душу Бутоўкіна. Ён абураўся, але не выказваў свайго абурэння ні знешне, ні ўнутрана, не паддаваўся злосці. Толькі дакараў: маладая, прыгожая жанчына — і такая бессаромная ашуканка! У яго не ўкладвалася ў галаве: як можа спалучацца ў чалавеку прыгажосць аблічча і брыдкасць душы? Ён ведаў, разумеў, што так нярэдка бывае ў жыцці, ды сэрца не прызнавала такой дысгармоніі, не мірылася з гэтым.

Падсвядома імкнучыся ў нечым яшчэ апраўдаць Раманкоўскую, Дзмітрый няўпэўнена падумаў, што ў ёй, мажліва, сляпое шкадаванне да чалавека ўзяло верх над цвярозым сэнсам, а не наўмысна, не з карыслівай для Андрэя мэтаю яна так зрабіла. Тады ён прыгадаў вочную стаўку Сенажэнскага з жонкай. Як ірвалася, як стагнала Надзіна душа ад роспачы, жалю і болю! Дык жа сцярпела, усё перамагла жанчына, каб толькі не адступіцца ад праўды. Каб не страціць, можа, не столькі перад ім, службовай асобаю, колькі перад сабой і сваім мужам, самага дарагога, што дадзена чалавеку — сумлення. Згадку адразу скасавала яго апраметнае імкненне зрабіць Раманкоўскай скідку, і пасля гэтага ўся гутарка з ёю падалася яму зусім нікчэмнай і абразлівай. Глыбока ў душы варухнулася такая роспач, якая бывае ў чалавека, калі ён дужа спадзяваўся знайсці, а замест таго страціў.

За гэтым Дзмітрыя востра ўзяло іншае, зусім новае шкадаванне: як было хораша яму, калі слухаў гаворку Кірылы Восіпавіча пра здабыткі калгаснай працы і бачыў яго памаладзелы адухоўлены твар! Каб выціснуць з душы гняткое пачуццё страты, страшэнна захацелася пабачыць такою і яе, Раманкоўскую. Хоць напаследак, хоць на мінуту. А можа б, і яна — як Кірыла Восіпавіч, каб загаварыў з ёю пра тое ж, пра што з ім?.. Ён разумеў недарэчнасць гэтай дзіўнай спадзяванкі, але жаданне было настолькі ўпартае, што ніяк не мог з ім саўладаць. Яно моцна апанавала яго. Магчыма, ён бы яшчэ цвяроза стрымаў сябе, калі б адным часам не падумаў, што, мусіць, смешна выглядае ў гэтым няёмкім маўчанні, якое дужа зацягнулася. Сам не ведаў, як выпаліў:

— Ну, добра, пра тое хопіць. Расказалі б, можа, мне, калі маеце ахвоту, што-небудзь пра калгасныя справы. Якая сёлета ў калгасе збажына вырасла? Умалотная?

Рука Рамашюўскай замерла на блакітнай брошцы, вочы акругліліся, набылі светлаватае адценне.

— Пры чым тут збажына? — Яна пазірала на яго, як на дзівака, непаразумела і насмешліва.

— Ні пры чым, проста цікава. Хлеб жа ўсе ядзім.

Зрэнкі яе адразу звузіліся, сталі вострыя.

— А-а, уцяміла. Хочаце сказаць, што ён яшчэ і пшаніцы калгаснай мне адсыпаў, як вазіў на ток ад камбайна? Дык вось адкуль заязджаеце!

Дзмітрый збянтэжыўся. Ну трэба ж было яму ляпнуць глупства!.. Але пры гэтым яшчэ запытальна глянуў на жанчыну, нібы спадзяваўся пачуць ад яе, што яна пажартавала і так не думае, як сказала.

— Нічога падобнага я не меў у галаве. Адкуль вы ўзялі такое?

Марына паціснула плячамі:

— То дровы, то збажына…

Дзмітрыю страшэнна захацелася курыць. Ён пацягнуўся рукою ў кішэню па цыгарэты, але рука, крануўшы пальцамі пачак, так і засталася ў кішэні. Непрыстойна дыміць пры жанчыне, а пытаць у яе дазволу на гэта яму не дазваляў гонар.

— Адкажыце, Раманкоўская, яшчэ на адно пытанне, — загаварыў ён, пазбягаючы яе позірку.— Калі, ска-ам, з гэтага боку, ад канторы, ехаць да вашай хаты, то кудой трэба кіравацца?..

— Можна вуліцаю — я ў канцы Хітраўкі жыву, — а можна загуменнем, паўз сад. — У Марыніных вачах бліснулі іскры-смяшынкі. — Здагадваюся, таварыш лейтэнант, здагадваюся. Хочаце дазнацца, ці бачыў хто, як ён ехаў да мяне? Ехаў ён, хутчэй за ўсё, загуменнем. Па-мойму, няцяжка зразумець — далей ад людскога вока.

— Ну што ж, пытанняў больш няма. — Дзмітрый стомлена ўсміхнуўся блакітнымі вачамі: нарэшце ён зваліў з сябе вялікі цяжар, закончыўшы гэты нялёгкі, у многім недарэчны, бесталковы допыт. — Я вас не затрымліваю, Раманкоўская. — У роўным голасе чулася горыч.

Марына жвава ўзнялася з крэсла, далікатна беручыся пальцамі, паправіла абедзвюма рукамі на плячах — левай на левым, правай на правым — блузку, якая, з’ехаўшы крыху наперад, пабралася складкамі.

— То ўсяго вам добранькага, таварыш лейтэнант, шчаслівай дарогі вам. — Яна дробнай прыгожай ступою выйшла і адразу ж зноў адчыніла дзверы, усунула ў пакой галаву: — Дык глядзіце ўжо, прашу вас, каб жонка яго не дачулася. Дзіцёнак у іх. — Дзверы ціха, квола, як неапераны жаўтароты верабейка, ціўкнулі завесамі.

Дзмітрый закурыў. Пыхкнуў дымам раз, другі, уціснуў твар у далоні. Так і сядзеў нерухома, акурат заснуў, упёршыся локцямі ў стол. Галава ў далонях і ссутуленыя цвёрдыя плечы выразна віднеліся ў паўкружжы святла, акрэсленым лямпаю, што стаяла на нізкай шафе.

У галаве ў Дзмітрыя паўстала горкая думка. Вось і яшчэ адзін дзень яго следчыцкай працы закончыўся, а што ён дадаў для раскрыцця злачынства? Чорт ведае што атрымліваецца! Раніцай думалася — зусім блізка падступіўся ужо да таго, каб схапіць нягодніка за каршэнь, выкрыць злачынца. А тут атрымліваецца наадварот — як бы аддаліўся… Было ліха ды пагоршала… Ён уздыхнуў. Заціснутая ў моцна сцятых губах патухшая цыгарэта журботна здрыганулася. Нарэшце ён выпрастаў спіну, устаў. Склаў свае паперы ў папку, выключыў святло і пайшоў з пакоя.

Шэрыя прыцемкі добра згусціліся. Церусіў дробны ціхі дождж. Кропелькі роўна клаліся на лабавое шкло машыны і там, дзе не хадзіў «дворнік», утварылі густую, як рэшата, сетку. «Газік» роўна гуў маторам, час ад часу злёгку падскокваў на невялікіх выбоінах.

Дзмітрыю хацелася спакойна глядзець на сетку-мярэжку, усцешыцца адчуваннем шпаркага руху, далеччу дарогі. Пасля пакаёвай духаты ў радасць было свежае вільготнае паветра, што струменіла ў кабіну цераз прыадчыненае бакавое акно. Нядоўгі час у душы Дзмітрыя нібыта ўжо нішто пэўна не карцела, згрызоты нібыта засталіся ў пакоі калгаснай канторы. Ён пазіраў на мокрую дарогу, механічна, безуважна у дзяцінстве любіў гэты занятак — лічыў тэлефонныя слупы, што мільгалі паміж маладых прысад. Раптам яхідна спытаў у самога сябе: «Што далей будзем рабіць, лейтэнант?» I тады, адчуўшы, як дападныя думкі ўпарта зноў набягаюць на Сенажэнскага, зразумеў, што ўсе яго сумненні і трывогі, вялікія і малыя, нікуды ад яго не дзенуцца, будуць з ім і на рабоце, і ў дарозе, і дома, пакуль ён не разбярэцца ў хітрай блытаніне і не выкрые злачынца.

Усё быццам сходзілася на тым, што Сенажэнскі, калі нехта латашыў нарыхтоўшчыка, быў з Раманкоўскай. I след там, дзе адбылося злачынства, застаўся ад машыны, калі ён ехаў да яе… Скасаваць гэтую версію аб’ектыўнымі доказамі пакуль што не выпадала, бо іх не было. Пакуль што не знайшоў іх Дзмітрый. Але ж не ўдалося абвергнуць, што Андрэй быў у той вечар у Марыны, дык, можа, удасца пацвердзіць, што быў ён тады і на месцы злачынства. Доказы? Гузік. Ну, ехаў да жанчыны — і паехаў сабе. А як гузік там апынуўся? Чаму ён там адарваўся?.. Гузік якраз можа быць той нітачкай (ухмыльнуўся: гузік — нітачкай), якая разматае ўвесь клубок. I Дзмітрый ухапіўся за гэтую нітачку. Ён даводзй сабе, што тут не памыляецца, што не можа быць, каб інтуіцыя ашуквала яго. Імпэтныя, палкія разважанні акурат услугоўвалі яму. Як ён ні паварочваў, з якога боку ні заходзіў, яны прыводзілі да аднаго: гузік не птушка, сам туды не заляціць. Ён зноў добра пачуў у сабе знаёмую акрыляючую рашучасць. Шпаркасць і націск — тады возьмем быка за рогі. Не, можа, нават — бога за бараду: службовую ўдачу, якая будзе трывалым грунтам для многага ў яго асабістым лёсе… Але цяпер не толькі гэтае адно пачуццё ў душы. Побач з рашучасцю — дзіва, дый годзе! — суседнічала і знаёмае, несціханае сумненне. А з ім, як ні працівіўся гэтаму Дзмітрый, тачылася, унізвалася нейкая незадаволенасць сабою.


IX

Сонца толькі паднімалася. Падпаліла край шэрай хмары, і яна ўспыхнула ружовым полымем. Водбліскі зары весела паклаліся на дахі дамоў І лісце дрэў, на раку і росны луг. Промні, зазірнуўшы ў акно, казытнулі Дзмітрыю шчаку, падабраліся да павекаў. Ён прамармытаў нешта спрасоння, расплюшчыў вочы і адразу зажмурыўся, усміхнуўся сонцу. Паляжаў хвіліну сцішана, згадваючы штосьці з учарашняга, потым рыўком скінуў з сябе коўдру, ускочыў з ложка. Хутка, па-вайсковаму, надзеў трыко, усцягнуў на гарачыя ногі кеды. Як у дзяцінстве, гучна крыкнуў: «Мама, я на рэчку!» Кулём кінуўся за дзверы.

На беразе Дняпра ён памахаў рукамі, папрысядаў. Нагнуўся, паставіў далоні на спрасаваны дажджом пясок і выкінуў цела ў стойку ўверх нагамі. Адчуваючы, як горача наліваўся крывёю твар, прайшоўся на руках. Затым зрабіў дыхальныя практыкаванні і з разбегу кінуўся ў раку, даў нырца. Вада апаліла цела халоднымі струменямі. Глыбіня сціскала грудзі, стукала ў скронях, шчыльная нямая цемра жудасна і захоплена стаяла перад расплюшчанымі вачамі. Ён дацягнуўся да самага дна, крануў пальцамі халодны пясок і расслабіўся, аддаўся глыбіннай сіле, якая панесла яго ўверх, да паверта і святла. Потым ён доўга плаваў то ўзмашкамі, то на спіне. Лежачы на спіне, з асалодай любаваўся хмарай, якая бачылася яму вялікімі пялёсткамі дзіўнай ружы.

Дадому ён вяртаўся басанож, закінуўшы кеды за плячо. Ішоў агародамі. Нагам прыемна было кранацца вільготнай зямлі, і ён ступаў няспешна, ставіў іх цвёрда. Калі пераскочыў цераз плот на двор, дык быццам бы і пашкадаваў: кароткаю паказалася разора, якою ішоў.

Маці завіхалася ў прыбудоўцы каля пліты, гатавала снеданне. Ён спаласнуў у тазе ногі, пратэпаў у свой пакой. Пераапрануўся ў цывільны касцюм. Форменнага міліцэйскага не надзеў, бо яму сёння мелася наведацца ў школу — дык каб не прыцягваць увагу малечы. Выйшаў на двор, сеў на лаўку пад кустом бэзу. Калянае, крыху ўсохлае пад канец лета лісце ледзь чутна шапацела над галавой. 3 агарода понізу блытаным клубком, як малады рой з вулля, выпырхнула шумная чародка вераб’ёў. Яны зрабілі віраж, усё роўна як іх віхор крутнуў, сыпануліся на ўтравянелы прыплотак і ўсчалі такі гармідар, што Дзмітрый усміхнуўся: не толькі людзям — ім таксама няма ўгамону. 3 мінуту паназіраў, як непаседы спрачаліся, штосьці горача даводзячы адно аднаму на сваёй птушынай мове. Вачам кінуўся забіяка ў карычневай манішцы. Ён то падскокваў на месцы, то трапятаў крыллем, нібы жэстыкуляваў, вёртка круціў галавою.

Дзмітрый паварушыўся, і вераб’і ўспырхнулі. Ён пашкадаваў, што яны паляцелі: так жа забаўна валтузіліся! Сарваў з галінкі ліст. Круціў яго ў пальцах, жартам да сябе падумаў: «Хопіць гультайнічаць, лейтэнант Бутоўкін, прыступай да работы, пачынай разважаць». А думка гэткая, хутчэй за ўсё, была і не зусім жартаўлівая. Апошнім часам ён усё больш умацоўваўся ў перакананні, што работа супрацоўніка крымінальнага вышуку — не толькі ў тым, каб праводзіць допыты, выяўляць факты, арганізоўваць аператыўныя мерапрыемствы. Яна таксама — і ў глыбокім аналітычным думанні, у пошуках версій і лагічных разважаннях.

Нельга сказаць, што гэтым жартам — прыступай да работы, пачынай разважаць — ён нейкім чынам падахвоціў сябе. Хутчэй за ўсё выказаў тое, што яму рупіла.

Тады, захоплены допытам Раманкоўскай, ён упусціў з-пад увагі тое, што расказаў яму Сенажэнскі пра выпіўку з Камароўскім. Яно проста адклалася ў свядомасці і заціхла. Але на другі дзень ён правёў паміж імі, Сенажэнскім і Камароўскім, вочную стаўку. I яна адкрыла новую, зусім нечаканую акалічнасць.

Спачатку Камароўскі, падкаціўшы вочы пад лоб, востра ўзіраўся ў Сенажэнскага. Напружаны выраз твару гаварыў, што ён нешта пакутліва, цяжка прыгадваў.

— Вы, Апанас Платонавіч, ведаеце грамадзяніна, які сядзіць насупраць вас? — спытаў у яго Дзмітрый.

— Дзіва што — ці ведаю! — Камароўскі прыўзняўся на крэсле і зноў сеў. — У Вялікіх Бабовічах яго кожны ведае… — Бляклыя, вадзяністыя вочы раптам вырачыліся, ён каўтануў сліну, перавёў дух для галоўнага: — Кожны… Пачакайце!.. — прагаварыў і не закончыў, захліпнуўся, давячыся словамі, што рваліся з горла. Сціснуў кулак, замахаў ім над галавою.



Дзмітрый устрывожыўся:

— Што вы хацелі сказаць, Апанас Платонавіч? Гаварыце.

— Пачакайце!.. Ды гэта ж ён!..

— Хто — ён?

— Таго-гэтага… ён мяне скалечыў! Ён, разбойнік!..

— Нешта я не разумею… Вы пазналі яго?

— Ага, пазнаў. — Кулак павольна апусціўся на калена, пальцы растапырыліся, грэбнулі штаніну.

Адзін міг у Дзмітрыя было такое адчуванне, што Камароўскі не гаварыў гэтых слоў, а яны прытрызніліся яму. Унутры ў яго імгненна быццам штосьці расшырылася, разбухла, і сэрцу стала цесна ў грудзях.

— Дык вы ж, казалі, і раней яго ведалі!..

— Ведаў. Андрэй Сенажэнскі з Малых Бабовічаў. Вёскі нашы побач.

— То чаму толькі цяпер сказалі, што абрабаваў ён? — Твар Дзмітрыя пашарэў, выцягнуўся, акруглы падбародак здрыгануўся.

Напружана доўжыліся трывожныя секунды. Сенажэнскі не паварухнуўся, нібы скамянеў, Вочы яго, пазіраючы на Камароўскага, як ашклянелі і нічога не бачылі перад сабой. Паназіраўшы за ім, Дзмітрый зноў звярнуўся да нарыхтоўшчыка,

— Дык чаму — толькі цяпер? Адказвайце, Апанас Платонавіч.

Погляд Камароўскага пачаў блукаць па кутках пакоя, быццам шукаў там якой падтрымкі. Спалоханыя вочы спадзяваліся знайсці якую-небудзь кропку, каб на ёй затрымацца і даць магчымасць засяродзіцца думцы.

— Даруйце мне, дурню, таварыш лейтэнант, баяўся.

— Чаго баяліся?

— Чаго? Памятаеце, я казаў, што спачатку страціў прытомнасць, а потым крыху ачомаўся. Дык хацеў адразу прызнацца, што добра бачыў нягодніка, але, сабе думаю, прызнаюся, а мне і скажуць: добра бачыў — значыць, пры сіле быў? Чаму не затрымаў яго, калі пры сіле быў? Гэта ты дзяржаўныя грошы так бярог? Значыць, і ты, таго-гэтага, вінаваты: спалохаўся і сам аддаў грошы. Скуру сваю ратаваў. Я, праўда, калі ён пачаў лазіць па кішэнях, схапіў яго за руку. Дык ён жа вунь які бык! — Камароўскі з апаскай зірнуў на Сенажэнскага, заёрзаў на крэсле. — Арыштуйце яго, таварыш лейтэнант, бо ён жа заб’е цяпер мяне і збяжыць.

— 3-заб’ю, гад! — Андрэй спалатнеў, ірвануўся да Камароўскага.

— Назад! — сурова кінуў Дзмітрый. — Спакойна!

Уладарны голас спыніў Сенажэнскага, калі той пацягнуўся рукамі, каб схапіць нарыхтоўшчыка загрудкі.

— Вы што сабе дазваляеце?! Па якому праву?!

Быццам знясілеўшы адразу, Сенажэнскі апўсціў рукі, расцяў пабялелыя губы і часта задыхаў ротам.

Усталявалася гняткая напружанасць. Усе трое сядзелі маўклівыя, варожа насупленыя. Андрэй ачмурэла, непрыкаяна павёў вачамі па столі, па сценах. Павольна растапырыў пальцы на правай руцэ, паглядзеў на іх і сціснуў у кулак. Са з’едлівай ухмылкай, якая азначала: «Няўжо вы думаеце, што я не ведаю, куды вы хіліце ў гэтым спектаклі?» — паківаў галавой і сказаў:

— Дык што будзем далей рабіць, таварыш лейтэнант? Чаго марудзіць? Арыштоўвайце ўжо.

Дзмітрый зірнуў на аднаго, на другога. Сапраўды, што рабіць далей? У гэтай прыкрай сітуацыі яму не хапала нечага важнага ў дачыненні да кожнага з іх.

— Учора вы, Апанас Платонавіч, прасілі аб чым-небудзь Сенажэнскага? — звярнуўся ён да нарыхтоўшчыка.

— Аб чым я прасіць яго буду — каб грошы аддаў? — Камароўскі варухнуў натапыранымі бровамі.— Дык не для таго ж ён адбіраў іх, каб аддаваць.

— Вы прасілі Сенажэнскага, каб ён сказаў, што бачыў, як на месцы злачынства з кустоў цераз дарогу бег чалавек?

— Ён так сказаў? Вось нахабнік! Трэба ж выдумаць! Гэта каб адвесці ад сябе падазрэнне. Вы памяркуйце, таварыш лейтэнант, адважыцца хто прасіць пра такое чалавека, калі той не бачыў?

Бутоўкін павярнуўся да Андрэя:

— Вас, Сенажэнскі, разам з Камароўскім хто-небудзь бачыў тады?

— Можа, хто і бачыў. Не цікавіўся я.

— Афіцыянтка, скажам… На стол жа вам нехта падаваў?

Андрэй сцепануўся, быццам яго скаланула электрычным токам. Пільна глянуў Камароўскаму ў вочы, стукнуў сябе далонню па лбе:

— Та-ак, цяпер я зразумеў! Дык гэта ён мяне ад людскога вока адводзіў! Цяпер толькі дайшло! А казаў: «Чаго мы ў дыме душыцца будзем? Вечна ў гэтай забягалаўцы накурана — хоць сякеру вешай. Давай лепш на свежым паветры дзе-небудзь». Я паслухаў. Забралі мы піва — і да рэчкі… Ад афіцыянтак, значыцца, падалей…

— Пачакайце, тут трэба разабрацца. Учора вы не так мне расказвалі. Памятаеце?

Кіўнуўшы — ага, не так, — Андрэй скрывіўся, як ад горкага, і сказаў:

— Дык ці думалася, што такая дробязь — дзе пілі — можа нешта значыць?

— От так, у хлусні кароткія ногі, — глуха і невыразна, як забурболіў, апусціўшы рот у ваду, уставіў нарыхтоўшчык. — Заблытаўся, разбойнік!

— Змоўкні, труба выхлапная!..

— Ну-ну, а то яшчэ, таго-гэтага, за знявагу ў суд падам! Распусціў язык! — Камароўскі выпрастаўся, як падрыхтаваўся да бойкі.

Дзмітрый папярэдзіў, каб абодва выбіралі словы, і падумаў, што цяпер, уласна кажучы, ім і гаварыць ужо больш няма чаго: на сваім стаяць, чаўпуць адно і тое ж.

Усё, што пачуў і пабачыў у час вочнай стаўкі, у памяці ў Бутоўкіна засталося да дробязей: і хто што гаварыў, і як хто глядзеў, і які ў каго выраз твару быў. Цяпер, успамінаючы тыя дэталі, ён са здзіўленнем адзначыў, што з кожнай з іх як бы асацыіруецца пэўная думка… Сенажэнскі жахаецца, што Камароўскі паддурыў яго з выпіўкай, а ў самога ў душы тым часам — халодная стоенасць. Ну так — выгляд зацяты, набычаны. Што ў яго ў галаве? Хоць рэж — не адступлюся ад свайго?.. Не адступлюся, і следчы можа падумаць: калі, дапусцім, усё было — як ён гаварыў (падпрошваў яго Камароўскі: скажы, што бачыў — з кустоў цераз дарогу пабег нехта), то што з гэтага вынікае? Тое вынікае, што нарыхтоўшчык сам злодзей, усё ён з абрабаваннем падстроіў, каб прысвоіць грошы. Але ж яму трэба неяк выкручвацца, на кагосьці трэба звярнуць. Вось і верне на яго, Андрэя. Толькі не ў лоб — здаля. «Падбухтору я цябе, п’яніцу, кінуць дурное слова — дык што мне гэта дасць?.. А вось што. Не паверыць табе следчы, не. Ты бачыў, скажа, як чалавек пабег — то чаму не лавіў яго? Малады, здаровы… Нікога ты не бачыў, і нікога там не было. Сам натварыў і хітруеш, дурняў шукаеш. Сляды ж да цябе вядуць… Гэтая хітрасць твая і будзе якраз яшчэ адзін доказ супраць цябе: выдумкай, Андрэй Сенажэнскі, віну ад сябе хочаш адвесці, заблытаць следства і выкруціцца ад пакарання?..»

Раптам Дзмітрый падумаў: а сапраўды, мог Камароўскі, калі ён зацікаўлены абвінаваціць Сенажэнскага, «вынайсці» такую схему? Адказаў ён сабе крыху збянтэжана, бо яму нешта не хацелася верыць у гэта: тэарэтычна — так, логіка тут ёсць…

Пасля думкі яго зноў крута павярнуліся да Сенажэнскага. Толькі ўжо з другога боку. Дапусцім, ён схлусіў, ні аб чым не прасіў яго нарыхтоўшчык. Але чаго тады гэтай хлуснёю імкнуўся ён дабіцца? А вось чаго. «Прасіў, Апанас Платонавіч? Навошта, які ў цябе інтарэс у гэтым? Тут трэба пацікавіцца… Вось так, грамадзянін Камароўскі, хай і тваю душу патрасуць, а я тым часам яшчэ нешта прыдумаю, каб ад сябе крыху адцягнуць нядобрую ўвагу…»

Дзмітрый супастаўляў і так, і гэтак, задаваў сабе розныя каверзныя пытанні і шукаў на іх розныя супярэчлівыя — абы толькі была ў іх логіка — адказы. Разважанні яго часам блыталіся, і яму здавалася, што зусім зайшоў у тупік. Тады ён упарта гаварыў сабе: «не мітусіся, Дзмітрый, і пачынай усё спачатку». Напаследак, калі ўжо наважыўся падсумаваць свае разважанні, у якіх усё сыходзілася на падазрэнні Сенажэнскага, ён нечакана, ці то з пахвальбой, ці то з прыхаваным намерам папікнуць, звярнуўся да падпалкоўніка Баршчоўскага. Загаварыў да яго, усё роўна як той быў недзе тут, на двары: «Вось бачыце, Сямён Сяргеевіч, маё, суб’ектыўнае лагічнае мысленне, мая «здаровая суб’ектыўнасць» прыводзіць да грунтоўных высноў. Што, не так?»

Думцы гэтай Дзмітрый не здзівіўся. Увесь час, як займаецца справай Сенажэнскага — так і падумаў: «Справай Сенажэнскага», — ён так альбо інакш прыгадваў начальніка аддзялення. То міжвольна папытае ў сябе, як бы ў такой сітуацыі падпалкоўнік зрабіў, то нібы дакладвае яму і чакае, што той скажа, то быццам слухае яго словы: «Чалавек, якому даверана вырашаць лёс іншых, павінен аберагаць і ўмацоўваць у сабе вельмі неабходную рысу — уменне ў любой сітуацыі ўзвышацца над самім сабой, над сваімі эмоцыямі». Да такіх «сустрэч» з начальствам ён ставіўся па-рознаму: часам папытае і зловіць у сабе як нейкую гукавую хвалю, нейкі водгалас — шырэй глядзі, можа, яшчэ дзе «гузік» які знойдзеш; іншы раз пасміхнецца — паслухаем, што мудры чалавек скажа, — а самога, чуе, як бы прага нейкая даймае, нечага сапраўды хочацца яму паслухаць.

У адказ на задзірлівую рэпліку падпалкоўніку пра «здаровую суб’ектыўнасць» Дзмітрый, відаць, таму, што набраў добры разгон у сваіх палемічных разважаннях, адразу ж запярэчыў сабе яго словамі: «Да грунтоўных высноў яна прыводзіць цябе таму, што будуецца не на логіцы тэорыі, а на логіцы канкрэтна ўстаноўленых фактаў. Менавіта таму яна спрыяе табе, супаставіўшы гэтыя факты, вызначыць, як шукаць новыя». Аднак тут ён пачуў у сабе ўпартую нязгоду з Сямёнам Сяргеевічам. Яна, праўда, была не зусім пэўная, ясная, хутчэй за ўсё, адносілася не да гэтых слоў, а да чагосьці з іхняй памятнай спрэчкі. Да чаго — Дзмітрый дакапвацца не стаў. Махнуў рукой: цяпер некалі, высветлім усё, як закончу справу.

Але адмовіўся ён ад спрэчкі з падпалкоўнікам нездарма. На той час, хаця ён і ўтлумачыў ужо сабе, што не памыляецца наконт датычанасці Сенажэнскага да злачынства, яму болыл карцела вочная стаўка. I ён на-нава вярнуўся да яе. У памяці паўстала, як Сенажэнскі і Камароўскі, не слухаючы ні яго, следчага, ні адзін аднаго, зайшліся ў шалёнай сварцы. Словы іхнія люта сутыкаліся, нагрувашчваліся адно на адно, здавалася, трашчалі і грукаталі. Тады ён падумаў, што так гора-ча і бескампрамісна могуць гаварыць людзі толькі ў непрытворнай шчырасці, і ў тое імгненне ў душы ў яго як грымнуў пярун: «А што, калі — ні адзін і ні другі з іх, а нехта трэці!..» ён доўга сядзеў як аглушаны, моцна сашчаміўшы сківіцы.

Цяпер, калі ён зноў падступіўся ўзважваць усё, што ўспрыняў на вочнай стаўцы, яго разам з гэтым пачало мацней браць разуменне свайго нялёгкага, ад-казнага абавязку. Разуменне гэтае пярэчыла яго пера-большанаму ўпартаму імкненню падазраваць Сенажэнскага. Яно абвастрыла ў ім прыкрае пачуццё нейкай няўзгодненасці з самім сабою. Тым часам, вымагаючы душэўнага суладдзя, яно дадавала яму дужасці. Ён апантана кідаўся ў пошуках адказу на тое турботнае, што рупіла яму сваёй загадкавай супярэчлівасцю. Дзе паміж тых двух стоена праўда?

Для таго каб меркаваць, што Камароўскі сам мае нейкае дачыненне да страты трох тысяч рублёў, у Дзмітрыя не было ніякіх доказаў. Праўда, адна нечаканая акалічнасць насцярожыла яго.

Згодна з планам правядзення дазнання па прапанове падпалкоўніка Баршчоўскага прадугледжвалася праверыць ведамасці на выплату грошай рабочым, якія парадкавалі і адгружалі яблыкі. Участковы інспектар Краўчук па даручэнню Бутоўкіна праверыў іх. Дэбет з крэдытам, як кажуць, сышоўся. Ад той сумы, якую Камароўскі атрымаў у касіра раённай нарыхтоўчай канторы, пасля выплаты ў яго сапраўды заставалася тры тысячы рублёў. Інспектар вырашыў яшчэ на выбарку пагутарыць з некаторымі рабочымі, пацікавіцца, ці не ведаюць яны, хто праяўляў інтарэс да нарыхтоўшчыка, колькі ў яго засталося грошай. Вельмі хутка ён натыкнуўся на цікавую з’яву: чалавек значыцца ў ведамасці і грошы атрымаў — распісаўся, а ў сапраўднасці ён быццам бы і не існуе. Дзе жыве, адкуль узяўся — ніхто не ведае. Сам Камароўскі, які выплачваў заробкі, паціскае плячамі: прыходзіць чалавек, называе сябе — а ці ў яго пашпарт пытаеш? Гэта ж не на пастаянную работу. Папрацаваў два тыдні, грошы атрымаў і пайшоў. Ды і чаго тут шукаць кагосьці? Работа зроблена? Зроблена. От каб работа не выканана была, а грошы заплачаны — о, тады іншая справа. Чаму дзяржаўнымі сродкамі раскідваешся? Каму аддаў? Зноў жа такі: хто гэта будзе за дармаўшчыну партманет апустошваць? Хай сабе і не свой… Так вось…

Тлумачэнне Камароўскага не пераканала Дзмітрыя. Ён лічыў неверагодным, што чалавек працуе і не ведае з кім. Ведае. Чаму ў такім разе ў ведамасці — незнаёмцы? Павыдумваў прозвішчы? Падстаўныя асобы? Калі з другога боку паглядзець — дык яно і так можа быць: нехта перабольшыў норму, за якую належала пэўная сума, а заработную плату атрымаў як за норму. Тады рэшту і запісвай на выдуманага Іванова ці Сідарава. Тым часам грошы кладзі ў кішэню… Сказаць, што так менавіта і зрабіў Камароўскі, у Дзмітрыя не было падстаў — не праверана яшчэ. Ды калі б і ўстанавілі ўжо, усё роўна гэта не знаходзілася б у прычыннай сувязі з падзеяй на дарозе каля саду. Прысвоіўшы грошы, ён бы адчытаўся за іх ведамасцю — выплаціў, і не трэба было б яму сімуліраваць абрабаванне… Тут раптам Дзмітрый пабачыў Камароўскага, якім той быў, калі прыгразіў Сенажэнскаму, што за знявагу ў суд падасць. Натапырыў рудыя кусцістыя бровы, чмыхаў носам, як вожык. Верхняя губа закапылілася, прыадкрыўшы рэдкія зубы.

3 задумення вывела Дзмітрыя маці.

—Дзіма, табе ноздры не казыча? — гукнула яна з парога прыбудоўкі, адчыніўшы дзверы.

Цёплая ўсмешка асвятліла яго твар. Учора, каб зрабіць маці прыемнае, падвесяліць яе, ён, сеўшы за стол, пажартаваў: «Ну і вячэру, мама, згатавалі вы — ноздры яшчэ на вуліцы заказытала!» Дык яна во цяпер не засталася ў даўгу. Улавіла, мусіць, чуйная душа, што яму якраз прыдасца жартаўлівае слова.

— Яшчэ больш, чым учора. Імчуся.

Ён паснедаў, пазваніў маёру Івашчанку, што ў аддзел не зойдзе. Паедзе ў Вялікія Бабовічы. Трэба там дапытаць вучня Грышу Лабікава. Выходзячы з пакоя на парозе павярнуўся, узяў пад казырок:

— Дазвольце ісці, таварыш генерал!

Маці, стаіўшы ў вачах іскры-смяшынкі, паківала яму пальцам:

— Не па форме апрануты.

Ад гэтай смешнай наіўнай сцэнкі на Дзмітрыя раптам павеяла такой цеплынёй, што яму захацелася абняць худыя плечы і зблізку зазірнуць у самую глыбіню дарагіх вачэй.

Твар маці стаў раптам сумна-задумлівы. Яна пастаяла моўчкі, схіліўшы набок галаву, як бы галаве стала цяжка ад нейкай маркотнай няўцешнай думкі.

— Бацька твой калісь таксама браў пад казырок мне, — прагаварыла ціхім голасам, у якім пачуўся далёкі схаваны боль. — Збярэцца, бывала, вось так, як ты, на службу і дакладвае…

Дзмітрый нічога не сказаў ёй. Што ён мог сказаць на гэта? Толькі яшчэ больш падцягнуўся, павярнуўся і пайшоў.

Гойдаючыся ў машыне, пакуль ехаў на сустрэчу з хлапчуком Лабікавым, Дзмітрый думаў пра бацьку. Да вайны бацька нейкі час служыў у міліцыі. Быў радавым міліцыянерам. 3 фронту вярнуўся калекам. Для міліцэйскай службы ён быў ужо не здатны. Скончыў курсы рахунковых работнікаў і працаваў бухгалтарам на мэблевай фабрыцы. Пра свае міліцэйскія будні з сынам ніколі ніякай гаворкі не заводзіў, нічога яму не расказваў. Затое аб справах на фабрыцы Дзмітрый наслухаўся ад яго.

Бывала, прыйдзе бацька з работы, павячэрае, закурыць. Пасядзіць, ссутуліўшы крутыя плечы, наморшчыўшы выпуклы шырокі лоб, і пачынае, ні да каго канкрэтна не звяртаючыся: «Сёння ў трэцім цэху знайшліся мудрацы — прыпіскамі заняліся. Каб жа сказаў — не выканалі план! Выканалі. А гэта во такім чынам вырашылі чацвёрты цэх апярэдзіць. От машэннікі! Потым — «Канстанцін Арцёмавіч, не ўсчынайце шум!» I паварочваюцца ж языкі прасіць яшчэ!..» Дзмітрый пазіраў на маці: як яна слухае? Ён ведаў, каму бацька гаварыў — ім абаім.

Па начах бацька часта не спаў, яго мучылі раны. Ён запальваў святло, падціскаючы рукамі жывот, ціха, каб не разбудзіць іх тупатам, хадзіў па хаце. Раніцай маці гаварыла яму: «Так ты пакутуеш, а яшчэ нервуешся, перажываеш за ўсё. Больш за ўсіх трэба табе? Адумайся, Косця, не бяры нічога да сэрца, усяго не пераменіш». Гледзячы ёй у вочы, ён адказаў: «А сама ты якая?» Потым, зварухнуўшы чорным як смоль,шырокім брывом, дадаваў: «Я за праўду стаю, яна людзям трэба». На работу заўсёды ішоў гладка паголены, акуратна апрануты, падцягнуты. Быццам і не было той бяссоннай ночы.

У выхадныя дні, калі ездзіў на рыбалку з начоўкай, бацька браў з сабой Дзмітрыя. Увечары на лузе ля рэчкі яны распальвалі вогнішча. Касцёр весела патрэскваў іскрамі, полымя скакала, выгібалася барвовымі стужкамі, адбівалася рухавымі водбліскамі на бледным твары з сеткаю зморшчынак каля вачэй. Бацька задумліва пазіраў на вогнішча. Чуйным дзіцячым сэрцам Дзмітрый адчуваў, што ў яго памяці пакутліва жыла вайна. Але бацька не любіў успамінаць пра баі і паходы, пра смерць і пакуты людзей. Калі Дзмітрый прасіў яго аб гэтым, ён, каб не выклікаць у сына ўражлівай цікавасці да бязлітаснай жахлівай ваеннай рамантыкі, скупа, збольшага, апавядаў пра які-небудзь эпізод, у якім яго таварышы вызначыліся мужнасцю і адвагай, і адразу пераводзіў гаворку на іншае. Расказваў, што на фабрыцы арганізоўваецца самадзейны хор і ён таксама думае запісацца — а што, хіба пажылому чалавеку сорамна спяваць з моладдзю? — пра насценгазету, якую яны выпусцілі надоечы — з сатырычнымі куплетамі і карыкатурамі на п’яніц, пра сустрэчу ў фабрычным клубе з вядомым паэтам, які чытаў свае вершы пра маці, пра непаўторную прыгажосць хлебнай нівы і строгую веліч задумлівага бору…

Аднаго разу, у мінуту ціхага роздуму, бацька, пазіраючы на расчасаныя промнямі заходзячага сонца пабуялыя лугавыя травы, сказаў Дзмітрыю: «Глядзі, сын, на ўсё прыгожае шырока расплюшчанымі вачамі. Ад прыгажосці ў сэрца чалавека ідзе найвялікшы дар жыцця — чалавечнасць». I ў яго стомленых вачах зайграла святло.

Наслухаўшыся бацькавых расказаў, Дзмітрый салодка засынаў сярод пахучай травы, і яму снілася, быццам ехалі з бацькам па лузе на белым кані. Конь высока нёс невялікую прыгожую галаву з вострымі стаячымі вушамі. Разляталася грыва, мільгалі капыты, а ў грудзях у Дзмітрыя расла пругкая хвалюючая сіла…

Гойдалася па выбоінах машына, гойдаліся думкі ў Дзмітрыя ў галаве. Развярэджаныя ўспамінамі пра бацьку, яны нечакана паднялі з глыбіні памяці словы верша:

Перамераны ўсе тутэйшыя вёрсты.

Перамераны поле, лес, сенажаць.

I дарога твая, нібы леты ды вёсны,

Засынала ў дванаццаць. Прачыналася ў ляць.

Затым яму падумалася: кім бы, каб да гэтага часу працаваў у міліцыі, бацька быў цяпер? Можа, таксама падпалкоўнікам? Ён адразу злавіў сябе на слове «таксама» і зразумеў, што падсвядома параўноўваў яго з Сямёнам Сяргеевічам. Усміхнуўся глыбокімі задумлівымі вачамі і адразу стаў вельмі падобны на бацьку з той даўняй фотакарткі, што вісела ў рамцы на сцяне.

…А ў душы ўвесь час, пакуль ён пра ўсё тое думаў, жыло пачуццё вінаватасці, што стрымаўся ў сваім жаданні абняць маці, быццам засаромеўся яго, гэтага светлага і чыстага, як крынічная вада, жадання.


X

Быў якраз перапынак, калі Дзмітрый прыйшоў у школу. Спачатку завітаў у кабінет да дырэктара. За сталом, на якім побач з кніжкамі і школьнымі журналамі суседнічалі розныя мадэлі машын, зробленыя вучнямі, грузна сядзеў мажны шыракаплечы чалавек. Маленькія ўважлівыя вочы яго, спакойна пазіраючы па-над ссунутымі на сярэдзіну носа акулярамі, папыталі ў Дзмітрыя: «3 чым ты, добры чалавек, прыйшоў?» Дзмітрый адрэкамендаваўся, сказаў чамусьці няўпэўнена:

— Мне трэба пагутарыць з вучнем вашай школы Грышам Лабікавым. Высветліць у яго што-нішто трэба.

— Ён натварыў нешта? — насцярожыўся дырэктар. Вочы яго адразу пабольшалі.

— Не-не, нічога, тут зусім іншая справа.

Дырэктар ціха, стомлена ўсміхнуўся. Падумаў, відаць, успамінаючы, у якім класе вучыцца хлапчук.

— Я зараз паклічу яго.

— Хацелася б спачатку паназіраць за ім у звычайнай для яго абстаноўцы. Як гэта, на вашу думку, лепш зрабіць?

Паправіўшы акуляры, дырэктар устаў:

— Калі вы не супраць, то давайце параімся з Вольгай Міхайлаўнай. Яна кіраўнік пятага класа, у якім Грыша вучыцца. Дарэчы, наступны ўрок яе — там.

— Не супраць, калі ласка.

Дырэктар шпарка выйшаў з кабінета, а праз мінуту вярнуўся разам з настаўніцай.

Дзмітрый паўтарыў настаўніцы тое, што сказаў яму, і дадаў:

— Можа б вы, Вольга Міхайлаўна, дазволілі мне папрысутнічаць на занятках, а тым часам і Грышу выклікалі да дошкі. — Уважліва паглядзеў на яе. У рысах яе твару пабачылася нешта знаёмае. — Перш чым гутарыць з хлапчуком, варта было б хоць крышачку зразумець яго характар. Малое, з ім трэба далікатна. Я прымашчуся дзе-небудзь на апошняй парце…

— Калі ласка, прысутнічайце, — не вельмі ахвотна, як падалося Дзмітрыю, сказала настаўніца. Голас яе быў мяккі, грудны. — А вось і званок.

Яны накіраваліся ў клас. Вучні, ляпаючы вечкамі жоўта-чорных парт, паўставалі, павіталіся. Тут жа дружна селі. Дзмітрый прыстроіўся каля пухлашчокага чарнявага хлапчука, які, нехаця пасунуўшыся ад краю, адразу прыкрыў рукамі разгорнуты сшытак. Гаспадар парты, напружыўшыся, пасядзеў нерухома, пасля падазрона паглядзеў на яго трохі касаватымі вачамі-жучкамі.

Цікаўныя хлапчукі і дзяўчынкі спачатку таксама час ад часу паварочваліся да Дзмітрыя, кідалі дапытлівыя позіркі. Хто гэта? Чаго прыйшоў? Потым перасталі звяртаць на яго ўвагу, перашэптваліся, шамацелі аркушамі падручнікаў і сшыткаў. «Хто ж з іх Лабікаў? — думаў Дзмітрый, абводзячы позіркам вяснушкаватыя, кірпаносыя, пухлагубыя твары. — Можа, ён?» Памалу павярнуўся да суседа. Хлапчук, скрывіўшы набок галаву і падняўшы адно брыво, пісаў у сшытку лічбы. Пасярэдзіне аркуша Дзмітрый пабачыў тое, што на пачатку ўрока ён хаваў ад яго пад далонямі: вялікую тройку, напісаную чырвоным алоўкам.

— Цяпер — множанне і дзяленне дзесятковых дробаў, — сказала Вольга Міхайлаўна. Яна паглядзела на вучня, які сядзеў на парце каля акна: — Адказваць будзе Грыша Лабікаў.

Да дошкі выйшаў цыбаты, у шэрым караткаватым пінжачку хлапчук. Пацепаў рукамі, быццам не ведаў, як яму лепш іх трымаць. Рукі ў яго былі з шырокімі далонямі, і ў Бутоўкіна, калі ён заўважыў гэта, прамільгнула ў галаве, што, мажліва, на іх і мазалі нацёрты. Грыша спакойна, нават задужа спакойна, неяк па-дзелавому паглядзеў на клас.

— Арыфметыка — гэта аснова ўсіх дакладных навук, — пачаў ён. — Без яе не было б ні трактароў, ні штучных спадарожнікаў Зямлі, ні…

Клас грымнуў смехам. Грыша таксама зарагатаў, па-дзіцячы заўзята адкінуўшы назад галаву. Вольга Міхайлаўна, знарок не пазіраючы на Дзмітрыя, заціснула ў вуснах усмешку.

— Правільна, Грыша, цяпер расказвай, пра што я папытала.

«Што гэта за ўступ і чаму ўсе так зарагаталі?» — падумаў Дзмітрый, узіраючыся ў хлапчука і міжвольна звяртаючы ўвагу на яго завостраны, як птушыная дзюба, нос. У носе раздзімаліся ноздры, быццам іх ірваў здушаны смех.

Грыша пачаў адказваць урок. Гаварыў крыху марудліва, цяжкавата, але кожнае слова вымаўляў як бы смакуючы. Выраз твару цяпер у яго быў такі, нібы пра множанне і дзяленне дробаў ён зараз збіраўся сказаць тое, што ва ўсім свеце вядома толькі аднаму яму. Настаўніца стаяла каля акна, слухала, задумна крануўшыся пальцам шчакі.

Пасля адказу Грышы Вольга Міхайлаўна кінула шпаркі позірк на Дзмітрыя, быццам спытала вачамі: «Пабачыў, што табе трэба?» Падышла да дошкі, узяла крэйду, якая ляжала на адмысловым, з жалабком пасярэдзіне, карнізку. Сказаўшы «цяпер пойдзем далей», пачала знаёміць вучняў з новай тэмай. Пісала крэйдай на дошцы задачы, рашала іх і растлумачвала правіла. Дзмітрый сачыў за яе рукой з тонкім залатым бранзалетам каля белай манжэты рукава, і яму падалося, нібы ўсё, што яна тут рабіла, ён ужо бачыў. Але дзе? У кіно? Ці, можа, у дзяцінстве ў такім вось класе?..

Думкі яго перапыніў званок — з урока.

Дзятва шумнай гурбою хлынула з класа ў калідор. На Дзмітрыя адразу забыліся. Ён пастаяў, пачакаў, пакуль усе выйдуць. Падышоў да Вольгі Міхайлаўны, сказаў ёй, што пойдзе на двор пакурыіхь — не хацеў, каб у настаўніцкай пільнаваліся ўвагай да яго цікаўныя педагогі, — а калі ўсе зноў разыдуцца на заняткі, яны пагутараць з Грышам.

На школьным двары Дзмітрый закурыў, павольна прайшоўся ўздоўж маладых прысад, што аблямоўвалі доўгую спартыўную пляцоўку. Глушачы ў сабе ўзрушанасць, паслухаў, як пад нагамі суха шамацела каляная жорсткая трава, пачаў назіраць за хлапчукамі. Яны насіліся туды-сюды, даганялі адзін аднаго, барукаліся. У разгарачаным гурце то ў адным канцы пляцоўкі, то ў другім мільгала і Грышава бялявая галава. Дзмітрый увесь час шукаў яго вачамі. Спадзяваўся, што ўдасца яшчэ нешта цікавае прыкмеціць у «матэматыку», як іранічна-спаважліва назваў ён хлапчука ў думках. У азаріце дзіцячай дураслівасці прыхаванае нярэдка вельмі яскрава праяўляецца. Ён не прыкмеціў, як пранікся сімпатыяй да Грышы, і яму хацелася знайсці ў характары хлапчука якую-небудзь асаблівую, высакародную рысу.

Калі пачаўся наступны ўрок, Дзмітрый зайшоў у настаўніцкую.

Вольга Міхайлаўна сядзела за вялікім сталом, правярала задачы ў вучнёўскім сшытку. Паставіла адзнаку чырвоным алоўкам — пяцёрку, ускінула галаву. Яны паглядзелі адзін аднаму ў вочы даўжэй, чым таго хацелася ім.

— Паклікаць Грышу? — спытала Вольга Міхайлаўна і адвяла позірк.

Дзмітрый адчуў, што раптам важнасць яго пачала аслабляцца і скрозь яе ў ім варухнулася нейкая нязгода. 3 чым? Каб Грышу паклікаць? Але ж дзеля гэтага ён і прыйшоў сюды. А настаўніцы трэба нешта адказаць. Нешта гаварыць трэба. Успомніў, сказаў:

— Дзіўна, як пачаў ён свой адказ на ўроку. Аж клас рассмяшыў.

Вольга Міхайлаўна ўсміхнулася, і з вачэй у яе пырснулі танюсенькія светлыя праменьчыкі.

— Выконвае строгі наказ. Дзед яго, Кірыла Восіпавіч, — бухгалтар у калгасе. Дык ён загадаў унуку, каб той кожны раз, калі будзе адказваць па арыфметыцы ўрок, пачынаў свой адказ такім вось уступам. — Яна, разважаючы, казаць далей ці не, змоўкла, пазірала на Дзмітрыя, злёгку выпнуўшы пухлаватыя губы. Памаўчала і, ружавеючы ў шчоках, працягвала з насцярожанай — як жа ты паставішся да гэтага? — павагай у голасе: — Кірыла Восіпавіч пакланяецца арыфметыцы, як калісьці старажытныя пакланяліся агню, і хоча, каб унук быў яму аднадумцам. А Грыша вельмі любіць дзеда… Дык паклікаць яго? — На грудзях у Вольгі Міхайлаўны лёгенька падымалася белая блузка.

— Ага, калі ласка, калі ласка. — Дзмітрый ужо вызваліўся ад той мімалётнай нязгоды, за якой, чуў, хавалася нешта глыбока таемнае, інтымнае, і сказаў таропка, як бы гэтай таропкасцю скасоўваючы тое ўшчэнт: — Гаворка наша, я думаю, не зацягнецца.

Настаўніца, зграбная, тонкая ў стане, дробна тупаючы абцасікамі белых туфляў, шпарка выйшла з пакоя. Пакуль яна хадзіла па хлапчука, Дзмітрый безуважліва гартаў старонкі сшытка з няроўнымі, пахіленымі то ў адзін, то ў другі бок слупкамі лічбаў, з лёгкай іроніяй думаў: «Дык вось, аказваецца, якая яна — арыфметыка».

Вольга Міхайлаўна спачатку прапусціла ў дзверы вучня, потым зайшла сама. Жыва, падахвотліва, акурат як гаварыла на ўроку, сказала:

— Дзмітрый Канстанцінавіч хоча, Грыша, пазнаёміцца з табою і нешта ў цябе папытаць. Ты ўсё правільна раскажаш, так жа? Як было?

— Ага, раскажу. — Грыша жвава зірнуў на незнаёмага дзядзьку, ахвотна кіўнуў галавою. Як тады, на ўроку, пачаў уладкоўваць свае рукі, спачатку сашчапіў іх, потым апусціў.

«Якія ў яго ўважлівыя вочы!» — падумаў Дзмітрый і адвёў позірк, каб не бянтэжыць хлапчука пільнай прыглядкай. Трэба было пачынаць допыт. Як яго лепш правесці?.. Ён пакратаў пальцамі сінюю, з чарнільнай кляксай на ражку вокладку сшытка — слухаў, як яна суха шамацела. Са сваіх назіранняў за Грышам Дзмітрый прыйшоў да высновы: хлапчук — як усе астатнія, нічым асаблівым не вызначаецца. Ніякага, значыць, асаблівага падыходў да яго шукаць не трэба. Размаўляй спакойна і даверліва, без залішняй перасцярогі — каб незнарок не навесці на памылковую думку, не ўзбудзіць фантазію, уласцівую ўражлівым дзецям.

Ён ціхенька ляпнуў далонню па сшытку, як бы замацоўваючы сваё рашэнне:

— Мне стала вядома, быццам ты, Грыша, чуў, як нейкі дзядзька хваліўся, што п’е за грошы Камароўскага. Што ты пра гэта можаш сказаць?

Хлапчук зноў кіўнуў галавой, цяпер, здавалася яшчэ ахвотней:

— Ага, чуў.

— Што іменна?

— Дзядзька Сенажэнскі крычаў: «Цяпер пап’ю гарэліцы за грошы, што ў жмінды таго, у… у дзядзькі Камароўскага, вырваў».

— Ты на свае вушы чуў гэта?

— Ага, на свае.

— Так ён і сказаў: «У дзядзькі Камароўскага»?

Грыша схіліў набок галаву, задумаўся. Цярнуў шчакою па плячы, як аддзіраў штосьці прыліплае да яе:

— Так і сказаў: «У… Камароўскага».

— Пачакай, Грыша, толькі што ты гаварыў крыху інакш.

Хлапчук, паварушыўшыся на крэсле, нібы яму было няёмка сядзець, смыкнуў абсіверанымі губамі:

— Дык ён жа — дзядзька Камароўскі…

Вольга Міхайлаўна ўзяла на стале задачнік, разгарнула, але так і трымала, не зазіраючы ў яго. Насцярожана пераводзіла вочы то на Грышу, то на Дзмітрыя.

— Зразуме-ела. — Дзмітрый лёгенька кіўнуў галавою, падахвочваючы хлапчука. — Раскажы, калі ласка, дзе гэта было, калі было?

— Пазаўчора пад вечар. Каля магазіна. Мама паслала мяне, каб солі купіў. Я прыбег, а ён трымаецца за бярозу, гаворыць абы-што, потым і крыкнуў. Дык я, як солі купіў, дзядзьку Камароўскаму расказаў.

— Табе параіў хто, каб ты гэта зрабіў, ці сам?

— Ніхто не параіў, сам я.

I паводзіны Грышы, натуральныя і бясхітрасныя, і гаворка, як яна выкіроўвалася, задавальнялі Бутоўкіна. Ва ўсім стаўленні хлапчука да допыту, у яго адказах, простых і стрыманых, адчувалася дзіцячая непасрэднасць, якая давала падставу верыць, што ён не хлусіць і нічога не ўтойвае. Гэтая перакананасць, падобна было, ужо цалкам авалодала Дзмітрыем. Ён адзначыў сабе, што больш тут няма чаго таўчы ваду ў ступе, што сказана ўсё ясна і трэба заканчваць допыт. Колькі часу памаўчаў, шукаючы ў думках, ці не ўпусціў з-пад увагі чаго-небудзь важнага, і ўжо больш для пэўнасці, што не падвёў яго слых, чым з сумненнем, якое ішло ад прафесіянальнай пільнасці, перапытаў:

— Дык выкрыкваў, значыць, Сенажэнскі?

— Ага, Сенажэнскі.

— Што ж, дзякуй табе, Грыша, за шчырасць. У жыцці, браце, трэба заўсёды глядзець праўдзе ў вочы — якая б яна ні была. Светлы той чалавек, які ўмее гэта рабіць.

Дзмітрый зусім не збіраўся павучаць хлапчука, гаварыць яму нейкія незвычайныя сур’ёзныя словы ці даваць настаўленні — само вырвалася. Але ён не шкадаваў, што так атрымалася: значыць, ад душы ішло. Ды і не пашкодзіць падшыванцу лішні раз нагадаць пра такое, пра што ў малалецці ён не дужа турбуецца і дбае. Хай паслухае пры выпадку… Ён зачытаў і даў падпісаць Грышу пратакол, ад удзячнасці, якую яму хацелася выявіць хоць бы як, на развітанне падаў яму руку.

Вольга Міхайлаўна як бы таксама была памкнулася на гэта, ды толькі сказала:

— Можаш ісці на ўрок.

Правяла вучня позіркам да парога і яшчэ глянула за ім у расчыненыя дзверы. Павярнулася да Дзмітрыя.

Дзмітрый і ёй даў падпісаць пратакол, зірнуўшы пры тым вінавата і быццам просячы прабачэння: нічога не зробіш, гэта не ад перастрахоўкі, а так працэдура патрабуе. Паклаў пратакол у папку, знарок дзелавіта спытаў:

— Як вы, Вольга Міхайлаўна, думаеце, можна яму верыць? Праўду ён сказаў? — Меў на ўвазе: хто ж лепш ведае вучня, чым яго настаўніца?

Яна паглядзела на яго доўгім позіркам, нібы вывучала. Як гэта робяць вясковыя жанчыны, сашчапіла рукі на грудзях, дакорліва паківала галавой: ці можна!..

— А вось паслухайце. Надоечы мне стала вядома, што некаторыя вучні майго класа кураць. — Мяккі голас яе як бы пагусцеў. — Падазрэнне ўпала і на Грышу. Я спытала ў яго, ці праўда гэта. Дык ён мне ведаеце што? «Вольга Міхайлаўна, ужо год як я кінуў курыць, яшчэ ў чацвёртым класе!» А вочы сінія-сінія, як вясновае неба, ніводнай хмурынкі ў іх.

Словы настаўніцы прагучалі для Дзмітрыя адным часам і як дакор і як прытоеная іронія: пытаеш, няўжо сам не бачыш? Ён, сумеўшыся, памаўчаў.

— То будзем, бадай, развітвацца, — сказаў, нарэшце, як з неахвотаю, як выціснуў з сябе. — Так вось мы і пазнаёміліся, Вольга Міхайлаўна… Раманкоўская… — Памкнуўшыся ўстаць, ён узяўся рукою за край стала і адразу адхапіў яе. Усе роўна як крянуўся гарачага. — Чакайце, а… Марына Раманкоўская не родзічка вам? — Утаропіўся на настаўніцу зніякавелым позіркам. — Прабачце, і вочы такія ж, і валасы!.. Як я адразу не здагадаўся? — Ад вялай усмешкі, якая спаўзла на яго твар, моршчыўся тонкі з гарбінкаю нос. — Скажы ж — няўважлівы які!.. — Дзмітрый пажартаваў, стараючыся трымацца як можна з годнасцю.

— Чаго вы — нібы разгубіліся? — Вольга Міхайлаўна пазірала пранікліва, скептычна ўсміхнулася.

— Бывае ж во — так нечакана зводзіць лёс людзей, — сказаў ён з намаганнем утрымаць у голасе вясёлы, бестурботны тон, а сам тым часам падумаў: «Калі ты яе сястра, дык якая ж ты сама! Ці не аднаго вы поля ягады?»

Утрапёная думка нарадзіла прадузятасць, душу скалануў подых халоднага, як сіберка, прыкрага недавер’я. Вастрэй стала брацца, тачыць нутро нядобрая насцярожанасць. Але ж ён паверыў хлапчуку не таму, што яна так сказала, а таму, што той быў шчыры. Дык з чым звязана гэтая насцярожанасць да яе?

— Вы правільна падумалі… — Вольга Міхайлаўна хацела даць зразумець: тое, што яна зараз скажа, не мае якога-небудзь асаблівага сэнсу. Яна падшуквала словы, якія б усё, што выклікала ў яго непаразуменне, адразу растлумачылі і паставілі на сваё месца. Не знайшла, тады, нібы з выклікам, нібы на штосьці рашыўшыся, сказала: — Сёстры мы, родныя сёстры.

Дзмітрый павёў вачамі па пакоі, не ведаючы, за што зачапіцца позіркам, спыніў яго на дзвярах. І сказаў весялей, з непадробнай бадзёрасцю, як знайшоўшы нарэшце збавенне:

— Загаварыліся мы, а тым часам справы чакаюць, і мяне, і вас. — Падняўся з крэсла, паставіў яго бліжэй да стала, дзе яму належала стаяць, калі ніхто на ім не сядзеў. — Да пабачэння, Вольга Міхайлаўна. — Сказаў і адвёў убок вочы. — Вялікае дзякуй вам за дапамогу, за ваш клопат.

Узяў шапку, пастаяў момант, усё роўна як спадзеючыся, што ўспомніць яшчэ нешта важнае, і, нічога больш не знайшоўшы, пайшоў.

Усю дарогу да горада Дзмітрый думаў не столькі пра Грышу Лабікава і яго паказанні, колькі пра настаўніцу. Мала што сёстры! Твары і вочы аднолькавыя, ды паводзіны ж розныя!..

3 абодвух бакоў дарогу роўнымі радамі прыгожа абступалі маладыя бярозкі. Іх высадзілі тут, на пад’ездзе да горада, недзе гадоў дзесяць таму назад. Тады гараджане чакалі на свой першы фестываль самадзейнай мастацкай творчасці гасцей з суседняга раёна. Мелася прыбыць многа народу, і гаспадары вырашылі ўпрыгожыць дарогу, па якой госці будуць ехаць. На нядзельнік высыпалі — як мурашкі. Быў там і Дзмітрый разам са сваім класам. Калі, вярнуўшыся з нядзельніка, садзіліся вячэраць, бацька паклаў яму на плячо руку, сказаў: «Во як дружным гуртам парупіўся народ, каб пабрацімаў сваіх прывеціць! Думай, сын, што гэта значыць, думай…» Бярозкі ўжо ўвайшлі ў сілу, набраліся маладога хараства. Раніцай, едучы ў Вялікія Баоовічы, Дзмітрый любаваўся імі. Яны заварожвалі яго, абуджалі ў ім узнёслае адчуванне спрадвечнай прыгажосці. Цяпер не было таго пачуцця ў душы.

Дзмітрый дастаў з кішэні цыгарэты, закурыў. Пусціў з адтапыраных губ струмень дыму і адразу зноў глыбока зацягнуўся. Падумаў: «Ну, хопіць пра старонняе, годзе. Навошта табе гэта? Справай займіся. 3 Сенажэнскім, здаецца, усё больш праясняецца. Ці не час браць быка за рогі? Хлапчук жа ясна сказаў».

Машына выехала на гарадскую вуліцу. Шафёр спытаў, куды яго везці, у міліцыю ці дадому? Было ўжо апоўдні, час абеду. Можна было б завярнуць дахаты, але Дзмітрый, крыху памарудэіўшы, махнуў рукой у напрамку галоўнай вуліцы: у міліцыю. Яму рупіла хутчэй дазнацца пра вынікІ экспертызы — гузікі, што на сарочцы ў Сенажэўскага, і той, што знойдзены на месцы злачынсгва, аднолькавыя ці не? Ён не сумняваўся, адколькавыя, але ж для доказу патрэбна, каб гэта было навукова абгрунтавана.

Экспертыза пацвердзіла меркаванні Дзмітрыя. Прачытаўшы акт, які прынёс яму эксперт, ён задумаўся.

Аднак думка пра блізкае вырашэнне блытанай крымінальнай загадкі ўсцешыла яго ненадоўга. У ім па-ранейшаму ўпарта азвалася знаёмае пярэчанне, якое з’яўлялася кожны раз, як толькі ён лавіў сябе на тым, што самаўпэўнена дае сабе паблажку. Цяпер яно нейкім незразумелым чынам звязалася з імем Апанаса Камароўскага. Ды гэта толькі на першы погляд падалося яму — незразумелым чынам. Ішло яно, як ён уцяміў, ад паведамлення ўчастковага інспектара Краўчука. Колькі Краўчук ні шукаў — так і не знайшоў тых загадкавых асоб, якія значацца ў ведамасці, што атрымалі ў Камароўскага грошы. Выходзіць — выдуманыя, «мёртвыя душы».

Раптам Дзмітрыя ўзяла злосць: нечага змешваць боб з гарохам. Не разабраўшыся дасканала, ці ёсць падставы зводзіць разам тое, што магло быць здзейснена асобна адно ад аднаго — адкрыты крадзеж і прысваенне з дапамогай падробкі дакументаў,— не варта ўсё валіць у адну кучу. Так можна заблытацца, што і канцоў не знойдзеш. Розным штучным ускладненням, калі толькі ісці па такім шляху, не будзе мяжы.

I ўсё ж як ні стараўся Дзмітрый канчаткова настроіць сябе на перакананасць, што ў злачынстве замешаны Сенажэнскі, неадступнае няпэўнае пярэчанне тарнавала душу, блытала няцвёрды, хісткі лад яго версіі. Яно ўпарта вяло думкі ў бок ад яе — да чалавека, які лічыўся пацярпеўшым ад злачынства.

У калідоры раз за разам ляпалі дзверы то ў адзін кабінет, то ў другі, чуліся крокі і галасы. На вуліцы гулі машыны і зашумеў, наляцеўшы з-за Дняпра, вецер у вецці дрэў. Бутоўкін чуў усё гэта і не чуў: тое, што дзеелася ў вонкавым свеце, успрымалася ім як нешта надзвычай далёкае, амаль нерэальнае. I нерэальнае, і непатрэбнае цяпер яму. Адзінае, што выразна адгукнулася ў яго свядомасці, дык гэта тэлефонны званок. Дзмітрый нават працягнуў руку да трубкі, але спахапіўся. Тэлефон азваўся глуха — за сцяной.

Паклаўшы ў сейф акт экспертызы, Дзмітрый падумаў, што ўсе доказы сыходзяцца на Сенажэнскім, ён замешаны. Грыша Лабікаў паставіў вялікую гіру на чашу вагаў. Ясна і цвёрда сказаў хлапчук… I заключэнне экспертызы…

Але яму як бы нехта запярэчыў: «Гіра гэтая легкаважкая, бо ўсярэдзіне яна пустая…» — «Глупства, чаму пустая?..» — «Ды ты пагушкай яе харашэнька. То адной рукой, то другой. Хлапчук сказаў ясна і цвёрда — а ці праўду?..» — «Я яму веру…» — «Правільна робіш, без веры жыць нельга. Толькі ж трэба давяраць і правяраць…» — «Навошта, калі ў мяне няма ніякіх сумненняў? Можа, не столькі яму, колькі ёй, настаўніцы яго, веру…» — «Гэта суб’ектывізм. У нашай справе ўсё, што можна праверыць, трэба правяраць. У імя ісціны. Ты верыш, ды Сенажэнскі, магчыма, не паверыць, адмаўляць будзе. А трэба, каб ён нічога не змог запярэчыць супраць доказу. I суду неабходна, каб доказ не пакідаў ніякіх падстаў для сумненняў…» Пасля гэтай размовы Дзмітрый падумаў: «Я разумею, што ў сваіх следчыцкіх вывадах павінен паказаць аб’ектыўную ісціну, сказаць суду праўду, толькі праўду. Я скажу яе, інакш быць не можа…»

Задаволіўшыся, што так закончыў гэтую дзіўную спрэчку, ён павольна ўстаў з-за стала. Заламаў доўгім пальцам край рукава на левай руцэ, зірнуў на гадзіннік. Спахапіўся: ого, як час ляціць! Шыбуй дадому, лейтэнант, паласуйся смачнымі сырнікамі. Маці абяцала, што пачастуе цябе любімай страваю.


XI

Пасля абеду, скоранька вярнуўшыся ў аддзел, Дзмітрый стаў парадкаваць паперы ў гладкай карычневай вокладцы з надпісам: «Крымінальная справа №… па абвінавачванню…» Склаў іх у тым парадку, у якім праводзіліся следчыя дзеянні, падшыў, пранумараваў. Пакуль аддаваўся гэтаму занятку, адчуў: нешта спадцішка пачало яго раздражняць. Ён падумаў з усмешкай: ператаміўся, ці што? Пацёр пальцамі лоб, засяродзіў дзелавіта твар.

Заставалася апошняе: напісаць на вокладцы пасля слоў «па абвінавачванню» — Сенажэнскага Андрэя Міканоравіча. Але Дзмітрый не спяшаўся браць самапіску на стале, быццам у душы баяўся, што з гэтым натрапіць на штосьці прыкрае. Стрымаў сябе, пачаў цвяроза разважаць. Хлапчук шчыры і сумленны, хлапчук не хлусіў… Паказанні яго — з якога боку ні глядзі на іх — доказ… I раптам — прабіўшыся скрозь няясную трывогу, у памяці паўстала тая дзіўная спрэчка з самім сабой. 3 яе лезла, церабілася штосьці такое, што было не высветлена, штосьці далікатнае і разам з тым вострае. Яно было мацней, мела больш сілы, чым яго цвярозае разважанне. «Ну, чартаўшчына ж нейкая, дый годзе».

Дзмітрый пахадзіў па пакоі, зноў сеў за стол. Пакпіў з сябе: «Мусіць, не давучыў цябе, Дзмітрый, дацэнт Пераходаў-Громаў у чымсьці…» Падумаў лёгка, аднак яно як бы і ўсур’ёз атрымалася. «А можа, і сапраўды не давучыў?..» Напружаным слыхам да самога сябе здалёк-здалёк ён улавіў, што яго такая безапеляцыйная перакананасць у віноўнасці Сенажэнскага пагражала таму, чаго ён прагнуў усёй сваёй істотаю — устанавіць праўду. Усведамленне гэтай небяспекі дало яму знак, што неадкладна трэба зноў ехаць у Вялікія Бабовічы. Трэба ўсё ж праверыць паказанні хлапчука.

Машына імчалася хутка, зрэдку падскоквала і трэслася на выбоінах. Роўна, манатонна гуў матор. Дзмітрый пазіраў удалечыню. Адтуль, з сіняватай лясной смугі, набягала стужка дарогі з маладым параснікам дрэў і кустоў узбоч, з узгоркамі і спускамі. Аднастайнасць пачала таміць вочы. Яны, паўпрыкрытыя пацяжэлымі павекамі, нібы глыбей увайшлі ў арбіты.

Праз мінуту дарога зусім знікла, наперадзе нічога не відаць было. Не, далёка-далёка, як схапіць зрокам, пабачыўся заліты сонцам луг. Ярка-зялёны хвалісты разліў… Там нехта лёдзь бачны лёгка ішоў па траве. Ну во, чаму — нехта? Настаўніца, ён добра яе пазнаў… Яго значныя, трывожныя клопаты адразу адступілі на задні план, тое, што адбылося на дарозе каля саду, здалося раптам далёкім і другарадным. Ён хацеў зразумець, што здарылася, і не мог.

А яна прыбліжалася, прыбліжалася… Пышныя каштанавыя валасы рассыпаліся на плячах… Машына гайданулася на калдобіне, Дзмітрый расплюшчыў вочы.

Наперадзе зазіхацела на перадвечаровым сонцы нешырокая пакручастая рэчка. Над ёю, не махаючы крыламі, нізка праляцеў бусел. Ён як ні крануўся макаўкі старой калматай бярозы, што ўчапілася карэннямі ў востры курганок на абрывістым беразе. Дзмітрый паглядзеў на бярозу, павёў вачамі бусла. Паважная птушка дала кругаля над дальняй поймаю, вярнулася назад. Ён увесь час неадрыўна сачыў за ёю, аднак адразу ўлавіў на сабе незразумелы, здзіўлены позірк шафёра. Павярнуўся, пабачыў у ім вострую ўвагу: ты ж такі гаваркі заўсёды, а тут — як размяк… Незадаволена сказаў да шафёра:

— Нешта мы сёння ціха едзем. Паўзём, як муха па смале. Так усе злачынцы ад нас паўцякаюць.

Машына ўзбіралася на ўзгорак.

У Вялікія Бабовічы прыехалі завідна. Але пакуль участковы інспектар Краўчук пазбіраў усіх, з кім трэба было весці гаворку, пачало змяркацца.

У настаўніцкай згушчаліся прыцемкі. Вольга Міхайлаўна ўключыла святло. Ад яркай успышкі Дзмітрый прыжмурыўся. Паглядзеў на Андрэя Сенажэнскага, на Грышу. Яны сядзелі тут жа, пры вялікім стале, што па-гаспадарску раскашаваўся пасярэдзіне пакоя. Вольга Міхайлаўна — там, дзе і раніцай, за сталом, які стаяў у кутку. Зацятая, стрыманая. Але знешні спакой яе не пасаваў з тым, што бачылася ў позірку. Вочы свяціліся трывогай і дакорам. Дзмітрый пазбягаў сустракацца вачамі з настаўніцай.

— Мы, Грыша, вырашылі прадоўжыць з табой сённяшнюю гаворку, так трэба, — загаварыў ён да хлапчука і ўсміхнуўся, падбадзёрваючы яго: ты не бойся, нічога страшнага для цябе не будзе! — Той раз ты сказаў нам, што нехта хваліўся, быццам п’е гарэлку за грошы Камароўскага. Хто гэта быў — ты ведаеш?

— Ага, ведаю. Я ж казаў вам. — Грыша трымаўся упэўнена, ураўнаважана, як і павінна быць, калі чалавек гаворыць праўду.

— Хто? Скажы яшчэ.

— Дзядзька Сенажэнскі.

Андрэй раз-пораз сутаргава сцінаў сківіцы. Шчокі яго ўвачавідкі пашарэлі, як іх прысыпала попелам.

Дзмітрый павольна, нібы нехаця, нібы вагаючыся чагосьці, павярнуў да яго галаву:

— Чуеце, Сенажэнскі? Што скажаце?

— Не хваліўся я ніколі такім! Не хваліўся! Слухай, малец, што ты вярзеш? Што? — Усёй сваёй гнуткай постаццю Андрэй падаўся наперад, аж сцяўся ўвесь, стуліўшы плечы.

Грыша разгублена заміргаў вачамі:

— Дзядзя, я не гавару на вас. Не вы, а Сенажэнскі. Твар яго пачырванеў, на ім адбілася трывожнае здзіўленне.

— Дык я ж, чуй, — Сенажэнскі! Што ты блытаеш, малец!

Дзмітрый, які збіраўся быў нешта запісаць, застыў. Рука яго з заціснутай у пальцах самапіскай павісла над чыстым аркушам. Не паверыў. Не хацеў, не мог паверыць. Паўзіраўшыся ў хлапчука, ён перавёў непаразумелы позірк на настаўніцу. Вольга Міхайлаўна ўскочыла з крэсла, якое суха, тужліва рыпнула, падышла да іх. Узрушаная тым, што пачула, яна недаверліва, са страхам і болем пазірала на вучня.

— Адкуль ты ведаеш, Грыша, што прозвішча таго п’янага, які крычаў каля магазіна, Сенажэнскі? — Дзмітрый усё трымаў руку з самапіскай над чыстым аркушам паперы. Ён углядаўся ў хлапчука так, быццам пазнаваў яго нанава, стараўся зразумець, што яшчэ яму на бяду выкіне гэты несамавіты, на першы погляд такі рахманы падшыванец.

Губы хлапчука здрыгануліся, нібы здушыўшы ў горле ўсхліп.

— Скажы праўду — адкуль?

— Ад дзядзькі Камароўскага.

Дзмітрый пачуў, як засмылела ў яго ў грудзях ад горычы. Так засмылела, што аж дыхаць стала цяжка. Навалілася — крыкнуць на хлапчука: «Ах ты смаркач, а дзе ў цябе свая галава была!» Намогся, адкінуў недарэчны парыў: не гарачыся. Толькі пастражэў, далучыўшы да сваёй няўедлівай абуранасці напорыстае імкненне пранікнуцца ў гэтую блытаніну глыбей, дайсці да ўсяго цвярозай думкаю.

— Як гэта было, Грыша? — Голас яго не змяніўся, гучаў па-ранейшаму роўна і з прыветлівасцю, хаця цяпер ужо і падробленай крыху.

— Мы ж побач жывём. Я пабачыў яго на вуліцы і расказаў, што чуў. Ён тады пачаў распытваць, ці ведаю я таго… А потым як вылаяўся! I гаворыць: «Гэта ж ён, Андрэй Сенажэнскі. Запамятай, гаворыць, прозвішча. Запамятаеш?» Я папытаўся: «Навошта?» Дык дзядзька Камароўскі сказаў мне: «Можа, хто спытае — назавеш». А вы спыталі… — Грыша расказваў, а вочы яго былі сінія-сінія, як вясновае неба.

Дзмітрый роспачна крутнуў галавою, проста так, без усякага спадзявання павёў позіркам па постаці хлапчука і раптам знямеў. На сіняй кашулі, што віднелася на грудзях з-пад расхрыстанага пінжака, пабачыў такі ж, які быў знойдзен на месцы абрабавання нарыхтоўшчыка, сіні гузік. Некалькі секунд ён сядзеў, не ведаючы, што гаварыць, пазіраў на гузік як зачараваны. У душы павольна і цяжка асядала пякучая прыкрасць, нібы ён пачынаў разумець, што зрабіў нешта брыдкае. Сухая гарачыня апякла шчокі.

— Ты, Грыша… — сказаў і разгублена змоўк, не ведаючы, што гаварыць далей. Думкі яго, ліхаманкава скачучы, збіліся ў кучу, зблыталіся, ён ніяк не мог разблытаць іх. Таропячыся перад сабою, гарачкава шукаў разгадкі новай акалічнасці з усемагутным гузікам. Нарэшце крыху зладзіў са сваёй разгубленасцю: — Ты лазіў калі-небудзь у калгасны сад?

Хлапчук зіркнуў на яго і схаваў пад густымі вейкамі вочы, апусціў галаву.

— Чаго маўчыш? Было — дык прызнайся, — загаварыла да яго настаўніца.— Ці баішся праўду сказаць? Але ж сам ведаеш, ілгаць сорамна.

— Лазіў? Можа, там дужа смачныя яблыкі?

Страсянуўшы бялявай чупрынай, Грыша падняў галаву.

— Яблыкі ў нас свае ёсць. А ў калгасным садзе за канавай ігрушы салодкія растуць.


XII

Прайшло нямногім больш за тыдзень з таго часу, як было ўчынена «Вяліка-Бабовіцкае злачынства», а Дзмітрыю здавалася, што расследаваннем ён займаецца ўжо даўным-даўно. Столькі зроблена за гэты час!

Дзмітрый быў у сваім кабінеце. Ён думаў, што вось неўзабаве тэлетайп прынясе адказ на тэлеграму, якую ён паслаў у Калінінград, і нікуды далёка адлучацца яму не варта. Сядзеў за сталом, перачытваў пратаколы допытаў, вывучаў яшчэ раз заключэнні экспертыз, супастаўляў, разважаў. Хаця ў кабінеце і не горача было, расшпіліў каўнер сарочкі, дастаў з кішэні насоўку і выцер моцную жылаватую шыю.

Перачытаўшы пратакол вобыску ў Камароўскага, Дзмітрый адкінуўся на спінку крэсла, і перад ім спакваля, здалеку, быццам аднекуль з іншага свету, адна за адной пачалі паўставаць карціны таго, што адбывалася тады ў хаце нарыхтоўшчыка.

Вобыск цягнуўся доўга. Узрушаны Камароўскі напачатку выказаў сваё абурэнне гнеўным воклічам: «Парадкі — мяне абабралі і мяне ж калоцяць!» Потым увесь час ён маўчаў. Адно знарок гучна кашляў, чым падкрэсліваў сваю крыўду ці што, магчыма, азначала: счакай вось ад вас, ад такіх неразумных начальнікаў, справядлівасці!» Садзіўся то на адно крэсла, то на другое і зіркаў калючымі злоснымі вачамі.



Нічога, што б зацікавіла Бутоўкіна, не знайшлі і ўжо хацелі выходзіць з хаты. Дзмітрый яшчэ раз акінуў позіркам кухню, падышоў да вешалкі, дзе грувасцілася старая вопратка. «Ну, чаго тут лазіць? Участковы інспектар усё правяраў», — падумаў і з неахвотаю, з прадузятай грэблівасцю пачаў аглядаць вопратку. У старым жаночым паліто ў патайной кішэні знайшоў скручаную ружаватую паперку. Разгарнуў І спачатку не надаў ёй асаблівага значэння — звычайны білет да Калінінграда. Але, прагледзеўшы кампосцер, зацікавіўся. Білет быў датаваны наступным днём пасля таго, калі адбылося злачынства.

— Хто з вашай сям’і ездзіў у Калінінград? — спытаў Дзмітрый у гаспадара хаты.— I чаго ездзіў, калі не сакрэт? — Ён не думаў, што пытанне гэтае так зачэпіць нарыхтоўшчыка.

— Што вы ў мяне пытаеце, хіба я ў жаночым паліто хаджу? — з’едліва кінуў Камароўскі.

Яго жонка ступіла крок, стала побач з ім, паспяшалася растлумачыць:

— Гэта я да сястры ездзіла. Тэлеграму атрымала, што яна захварэла… Хіба нельга было? — Сэнс яе слоў і тон гаворкі выказвалі, што яна абураецца, але тактоўна стрымлівае сваё абурэнне.

— А мужа на каго пакінулі? Апанас Платонавіч таксама ж быў хворы.

— Яму ўжо стала лепш тады.

Дзмітрый задумаўся. Адчуў, як праз навалач трывогі і турбот у яго ўвайшоў новы неспакой, але пакуль што не мог разабрацца, адкуль ён, з якой прычыны. Білет? Якая таямніца тут можа быць схавана? Прыкмеціў, што жонка Камароўскага памкнулася адцягнуць яго ўвагу да іншага. Яна падышла да пасудніка, паслужліва прапанавала:

— Во гэтую шуфлядку вы яшчэ не адчынялі. А потым спахопіцеся. Дык усюды ж глядзіце, каб потым ужо ніякіх недарэчных сумненняў не было.

— Можна мне, Сцепаніда Карпаўна, паглядзець тэлеграму?

Жанчына зірнула на яго трывожна-роспачным поглядам:

— Няма тэлеграмы, дзесьці згубілася. — Сама як стаяла каля пасудніка, дык і не паварушылася, каб пашукаць.

Неспакой Дзмітрыя не развейваўся — наадварот, узмацняўся. Цяпер было зразумела, што выкліканы ён білетам.

— Вобыск мы закончылі. Можа, у вае, гасладары, заўвагі якія ці прэтэнзіі ёсць да нас? — папытаў Дзмітрый. Гэта трэба было для пратакола.

Камароўскі знямогла прыхінуўся спіною да печы. У зрэнках яго вачэй чарнела злосць. Ён абазваўся не адразу. Спачатку як і не пачуў пытання. Абедзвюма рукамі асцярожна пакратаў павязку на галаве, толькі потым ужо зірнуў Бутоўкіну ў вочы — і так востра, быццам сказаў: зняважылі, а цяпер ветлівасць, культуру сваю паказваеш.

— Ды не, якія там заўвагі? Усё, таго-гэтага, культурна.

Дзмітрый наважыўся пайсці з хаты і ўсё стаяў. Штосьці не пускала яго. У галаве жыла неадступная думка: «Да каго, чаго яна стрымгалоў кінулася ў Калінінград?» Ён спадцішка змераў з ног да галавы гаспадыню хаты, нерашуча падышоў да яе. Памарудзіў, вагаючыся, пытаць ці не, спытаў:

— Як, Сцепаніда Карпаўна, прозвішча вашай сястры? I адрас яе, калі ласка, назавіце.

Жанчына бліснула бялкамі. Не хаваючы сваёй адчужанасці, зласліва пажартавала:

— Ці не збіраецеся вы ў госці да яе? — Пакратала адтапыранае вуха, нібы гэтым давала сабе самой нейкі знак, засцерагала ад нечага, і, змяніўшы тон, дадала голасам, у якім пачулася як бы спадзяванне: — У госці можна, яна заўсёды рада людзям, прыязна прымае добрага чалавека. Дык запісвайце.

Назвала прозвішча і адрас сястры, пазірала насуплена і ўпарта. Было падобна, што хацела яшчэ нешта сказаць, ды не асмельвалася.

Усе, хто праводзіў вобыск — работнікі міліцыі і панятыя, — развіталіся, таропка выйшлі на двор: нарэшце скончылася непрыемная працэдура.

Сонца зайшло за лес. Пахаладала. Дзмітрый, надыхаўшыся ў хаце спёртым духам, прагна глытнуў свежага паветра. Паглядзеў на зашклёную рознакаляровымі шыбамі веранду, на размаляваныя блакітна-чырвоныя аканіцы. Пачуў у сабе няпэўную, абыякавую думку пра густ гаспадароў і згадаў чамусьці, як быў апрануты Камароўскі — у сінія, выцертыя на каленях штаны і шэрую, з абтрапанымі манжэтамі на рукавах сарочку. Ці ў яго няма лепшага?.. Ды тут адразу думкі зноў вярнуліся да паездкі Камароўскай у Калінінград.

Тады перад ім паўстала няўмольнае пытанне: як быць?

Абавязак падказваў яму: трэба зрабіць там вобыск. Аднак у душы турботліва шчымела выкліканая сумненнямі няёмкасць: а ці можна, ці правільна будзе, не маючы для таго цвёрдых падстаў, — трывожыць чалавека? Перакананасці, што гэта неабходна, у Дзмітрыя не было, і тым часам ён пакрысе ўсё больш даводзіў сабе турботнае, важнае: трэба, іншага выйсця няма. Не дазволіўшы сабе вагацца, размагніціцца, паразважыўшы і так, і гэтак, ён вырашыў рашуча: вобыск у сястры Сцепаніды Камароўскай — непазбежны.

Спачатку Дзмітрый наважыўся неадкладна паехаць у Калінінград. Далажыў пра гэта маёру Івашчанку. Ён гарачыўся, гаварыў такім тонам, што і сумнявацца не даваў — грошы ён пад зямлёй знойдзе, калі толькі яны там. Маёр, высокі, падцягнуты, стаяў каля кніжнай шафы, трымаў у руцэ невялікі том у цёмна-чырвонай вокладцы. Уважліва пазіраў на Дзмітрыя, слухаў. Дакорлівым маўчаннем сваім, вачамі сказаў: «Як жа ты не падумаў? Пакуль будзеш у дарозе, тэлеграф можа данесці на калінінградскі адрас трывожны сігнал. Шукай тады грошы, як маланку ў небе…» Дзмітрый асекся, яму нарэшце адкрылася цвярозая думка. Вінавата глянуў на маёра, але вачэй не адвёў, сказаў цвёрда:

— А-а, зразумеў… Хай вобыск зробяць работнікі мясцовай міліцыі. Толькі так.

Маёр паставіў кніжку на паліцу, адышоў ад шафы, сеў за стол.

— Добра, што зразумеў. Тады — хутчэй да пракурора. Атрымай санкцыю на вобыск і неадкладна перадай калінінградскім калегам па тэлетайпе сваю пастанову. Неадкладна…

Адбылося гэта ўчора пад вечар. Часу яшчэ мінула не многа — сёння рабочы дзень толькі пачаўся, а Дзмітрый ужо зачакаўся паведамлення з Калінінграда.

Прыгадваючы ўсё, што было звязана з вобыскам, ён увесь час шукаў адказу на тлумнае неадступнае пытанне: чаму Камароўскі так падкрэслена выстаўляў напаказ сваю пакрыўджанасць? I раптам папікнуў сябе, што ягоныя думкі скіраваліся ў адзін бок. Камароўскі, Камароўскі… А Сенажэнскі? Куды ён падзеўся?.. Згадка пра Сенажэнскага пацягнула за сабой думку, што цяпер, калі паслужлівая памяць зноў выставіла і яго, усё ў ліхаманкавых разважаннях пойдзе іншым ладам: яны набяруцца роўнасці. Сенажэнскі і Камароўскі — побач. Яны ўсімі, цяпер ужо вядомымі яму, асэнсаванымі ім фактамі будуць выкрываць адзін аднаго. А гэта якраз і трэба было яму. Ён будзе аналізаваць факты, супастаўляючы іх адзін з адным, і адкідаць тыя, якія не вытрымаюць логікі.

Дзмітрый пачаў перабіраць у памяці паказанні і тлумачэнні Сенажэнскага. Але, нягледзячы на ўпартыя, напружаныя памкненні, успаміны не даваліся яму, не ішлі. Палезла пабочнае: што думаў Андрэй, слухаючы яго далёка не далікатныя намёкі на датычнасць да абрабавання Камароўскага, якімі пачуццямі поўніўся ён пасля кожнага допыту? Было непрыемна, бо гэта паўставала як дакоры сумлення. Але ён нічога не глушыў і не зацямняў у сабе — хацелася быць сумленным перад сабою. Ён толькі гаварыў да сябе: прыслухоўвайся, думай. Пра такое трэба думаць следчаму.

На нейкі час Дзмітрый забыўся пра вобыск у Калінінградзе, і калі ў кабінет увайшла тэлетайпістка з паперай у руцэ, ён глянуў на яе, як бы спытаў позіркам: «3 чым завітала?»

— Тэлеграма з Калінінграда. — Тэлетайпістка падала яму паперу, крута, па-вайсковаму павярнулася і рушыла да дзвярэй.

Іншым разам Дзмітрый, мусіць, сказаў бы ёй што-небудзь прыемнае ці пажартаваў бы, а цяпер, падзякаваўшы наўздагон, адразу пабег вачамі па радках. На прадаўгаватым задумлівым твары яго не адбілася асаблівых прыкмет узрушанасці — хаваў яе, хаця ўнутры ён адразу ўсхваляваўся. Прачытаў: «…пры вобыску знойдзена ашчадная кніжка на імя Камароўскай Сцепаніды Карпаўны на суму чатыры тысячы рублёў. Кніжка забрана, на рахунак у ашчаднай касе накладзены арышт. Адпаведныя дакументы будуць высланы спецыяльнай поштай».

Чатыры тысячы рублёў… А ў Камароўскага?.. Па яго словах, рабаўнік адабраў тры тысячы. Адкуль жа тады ўзяліся астатнія грошы?.. Адразу ўзнік адказ: сэканоміў, зарабіў і сэканоміў. Чаму абавязкова думаць на горшае?.. Але гэта толькі на некалькі секунд. А-а, дык жа яшчэ тая ведамасць больш чым на тысячу рублёў, якою ён адчытаўся на выплату зарплаты выдуманым асобам… Дзмітрый крутнуў галавой, ад чаго хвалістая русявая шавялюра сыпка ўзварухнулася. «Вось, аказваецца, як яно, грамадзянін Камароўскі, тут сыходзіцца», — жорстка падумаў ён. У душы было пакутлівае адчуванне вінаватасці. Перад сваім адказным становішчам, перад самім сабой, перад кімсьці трэцім.

За акном шугаў вецер, біўся тугімі крыламі ў шыбы. У шкло гучна дзёўбалі рэдкія буйныя дажджынкі.

— Вось як сыходзіцца, — паўтарыў Дзмітрый уголас. Але ўжо без жорсткасці, працяжна і раздумліва.— А ты думаў — з плеч ды ў печ?..

Зазваніў тэлефон. Дзмітрый шпарка ўзяў трубку з патаемнай надзеяй, што гэты званок нясе яму штосьці вельмі патрэбнае — такое, што дасць належны ход далейшым падзеям. Хто звоніць? Можа, падпалкоўнік Баршчоўскі? Яму, прызнаўся сабе, вельмі захацелася, каб на тым канцы провада адгукнуўся Сямён Сяргеевіч. Ён жадаў, але адначасова і баяўся цяпер гаворкі з ім. Стаяў навыцяжку, як па стойцы смірна. Сказаў гучна, па-вайсковаму выразна:

— Лейтэнант Бутоўкін слухае! — Гатовы ўжо быў да прачуханкі, хаця і не заўважыў, калі і з якой нагоды падрыхтаваў сябе да яе, хаця і не верыў, што падпалкоўнік стане цяпер рабіць гэта.

У трубку спачатку нехта кашлянуў, потым пачуўся глухаваты голас:

— Добра, калі слухае. Гэта звоніць адзін твой знаёмы… Андрэй Сенажэнскі. Я з вакзала… Чаго ты, лейтэнант, засоп? Ты чуеш мяне? Дык слухай далей, калі чуеш. Прыехаў я за мінеральнымі ўгнаеннямі на станцыю і падвёз да поезда нашага калгаснага пенсіянера. Дык пабачыў тут Камароўскага… 3 чамаданам, чуй, туляецца.

— А ён цябе бачыў? — як ні крыкнуў Дзмітрый. На момант стрымаў дыханне.

— Здаецца, не. Ды цішэй ты, я ж не глухі.

На твары ў Дзмітрыя прамільгнуў балючы выраз. Душу працяло пакутлівае адчуванне глухой непаразумеласці з самім сабою. Кроў у галаве пагнала шпарчэй, яна пагарачэла. Знутры нешта моцна штурхнула яго.

— Прашу цябе, Андрэй, пасачы за ім. Прашу…

У кабінет праз акно скупа цадзілася шэрае святло пахмурнай раніцы. Часта забарабаніўшы па шыбах, сыпануў спорны дождж, яшчэ больш усхадзіўся, мацней зашугаў вецер. Дзмітрый нічога гэтага не чуў і не бачыў. Некалькі секунд ён глядзеў на тэлефонную трубку, а ў сабе ўлаўліваў два паралельныя галасы: Сенажэнскага і свой.

I ён паўтарыў тыя словы, якія здалёку, з самага споду душы, нёс яго ўнутраны голас: «Даруй мне, чалавек».

Яму адкрылася, увайшло ў сэрца нешта надзвычай важнае. Назаўсёды.

— Я зараз прыеду, Андрэй!..


Загрузка...