ШЛЯХЕЦКІЯ АПАВЯДАННІ


Слова гонару

Пачыналіся цёмныя лістападаўскія ночы — бяззорныя, чорныя, быццам сама безнадзейнасць, перавітыя жалобнымі стужкамі смугі. Андрусь слабеў. Кожны крок даваўся з цяжкасцю — усё-ткі застудзіўся тады, у халоднай, засыпанай срэбнай восеньскай расой лагчавіне. Коні жандараў тупаталі наверсе, на ўзгорку, і нельга было нават паварушыцца, каб адчуць знямелае ад холаду цела — нібыта яно само ўжо з туману і мокрай зямлі. На амаль голых галінках хмызнякоў гайдаліся дзівоснымі ўпрыгожаннямі сініцы, буйныя кроплі сыпаліся з галінак уніз, быццам перліны з парваных караляў, і Андрусю здавалася, што гэты аксамітны шум зараз выдасць яго. Але самі сінічкі нават не ценькнулі. Можа, ім перадаўся страх чалавека?

Яго вышуквалі ўжо другі тыдзень. Ад іх атрада засталося чацвёра — занадта мала, каб адбівацца, але для таго, каб страціць надзею,— замнога. Кола аблогі было шчыльным, але жандар — не тысячавокі Аргус. Яны вырашылі разысціся ў розныя бакі — некага заўважаць, другія выслізнуць. Вядома, каб пасля, у прызначаным месцы, сустрэцца і пачаць усё наноў. Андрусю выпала рушыць у бок родных мясцін — гэта была салодкая пакута. Не хацеў нават у думках згадваць — «уцякаю», «хаваюся»... Калісьці не сумняваўся — прыедзе пераможцам, на чале загартаванага ў бойках атрада, адсалютуе шабляй-маланкай перад ганкам, на які выбяжыць Яна... Анэля... У кароне залатых косаў, з шэрымі вачыма, падобнымі на два чыстыя возеры, у глыбінях якіх, аднак, хаваюцца гарэзлівыя русалкі. І ён пацалуе яе, не сыходзячы з каня, падхопіць з зямлі — гнуткую, лёгкую, такую жаданую... Каб не выпусціць з абдоймаў ніколі-ніколі! Між імі ўсё было вырашана ўжо даўно. Іх маёнткі побач, бацькі сябруюць, і яшчэ тады, на Каляды, калі ён аддаў зарумзанай ружовашчокай дзяўчынцы ў шчодра абсыпаным срэбным пылком касцюме Мятлушкі свайго мігдалавага генерала з вочкамі-разынкамі — і гатовы быў аддаць у кволыя ручкі ўсе свае цацкі,— яшчэ тады ён вырашыў: вырасце і заваюе... Вядома, прыгажунь, Чароўных Дам трэба заваёўваць. Тым больш ён засмучаўся, што зусім не быў падобны да мужнага воя,— валасы светлыя, рост хутчэй сярэдні, не багатырскія плечы — хаця жылаваты і трывушчы. А хіба бывае вой з такімі наіўнымі блакітнымі вачыма! А яна, ужо дзяўчына-падлетак, смяялася над ягонымі рамантычнымі ўяўленнямі: каханне — гэта ж не вайна, у ім аблога вядзецца толькі поглядамі, словамі, кветкамі... А я не варожая крэпасць, любенькі.

І ён крыўдзіўся і ўцякаў на стромы бераг рэчкі... І зноў вяртаўся — з кветкамі.

Анэля схавала б яго, вядома. Яму так трэба хаця б адну ноч правесці ў цяпле, высушыць адзежу... Выпіць гарачай гарбаты... Ён апошнія дні не мог нават дазволіць сабе распаліць вогнішча — па ўсіх дарогах раз’язджалі вартавыя, відаць, наведзеныя на ягоны след мужыкамі з той вёскі, куды ён зайшоў, каб купіць кавалак хлеба. А мог бы адабраць — у яго, нягледзячы на тое, што гэта была смяротная небяспека і, магчыма, проста глупства,— за поясам пад світкай быў пісталет з адным набоем. Андрусь проста не змог прымусіць сябе застацца бяззбройным — гэта значыла ўсё роўна як прызнаць сябе пераможаным. Пакуль у яго ёсць зброя — ён ваяр і паўстанне жыве.

Андрусь думаў абмінуць дарагія сэрцу мясціны. І нават сам не заўважыў, як скіраваўся менавіта ў той бок — нібыта яго вёў істынкт зацкаванага звера. У свой дом? Гэта немагчыма — вядома, ворагі чакаюць менавіта там. Не пакінулі яны без увагі і дом ягонай нявесты. З-за гэтай небяспекі Андрусь апошнія два гады нават не меў ніякага ліставання з блізкімі. Але ёсць, ёсць надзейнае сховішча — там, дзе ніхто не здагадаецца яго шукаць. І нават сам Андрусь раней не падумаў бы, што памкнецца да гэтага чалавека.

Гэта здарылася якраз два гады таму. Магічнае слова «воля» яднала людзей, і перамога, здавалася, вось-вось спусціцца да іх па срэбных аблачынках, і пратрубіць у залатую трубу, і ўзмахне празрыстымі крыламі над іхняй зямлёй, назаўжды вольнай. У Анэлі быў дзень народзінаў. Яго каханая прыйшла ў гэты свет яснай летняй раніцай, калі ўздымаўся белай пенай пад вокны глог і рассыпаліся па ўтравелых сцяжынках саду маргарыткі. І Андрусь не мог не прыйсці павіншаваць яе — з абярэмем лясных духмяных кветак. Гасцей сабралася няшмат — усе добрыя сябры, ніхто б з іх не здрадзіў. Яны зноў гулялі ў фанты і шарады, і нават у зусім дзіцячыя гульні — сляпога ката, залаты пярсцёнак, і тыя, хто прайграў, мусілі пацалавацца праз хустку. З лесу быў толькі адзін Андрусь. І таму зусім недаравальна, што ён не ўчуў, як да дома пад’ехалі ворагі. Страшныя былі не жандары. А той, хто ехаў разам з імі,— сябар па дзіцячых гульнях і сусед. Магчыма, той патрапіў на вечарыну зусім не дзеля таго, каб схапіць інсургента, скуль яму было ведаць, што вораг імперыі апынецца там? Хутчэй за ўсё проста хацеў павіншаваць Анэлю, прыхапіўшы падначаленых. Нічога дзіўнага — Валянцін таксама кахаў шэравокую суседку. Гэта ведалі ўсе, і найперш яна сама, хаця вельмі часта здараецца, што прадмет кахання даведваецца пра такую акалічнасць апошнім. Але яны пабіліся за Анэлю, яшчэ калі ім было па чатырнаццаць,— і гэта не было падобна на звычайную дзіцячую бойку. Сціснуўшы зубы, моўчкі, зацята... Іх, акрываўленых і паўпрытомных, расцягнулі дарослыя. Тады Анэля, заплаканая, у запэцканай сукенцы — відаць, спрабавала разняць ваяроў,— і выкрыкнула сваё: «Больш не біцеся. Ніколі! Я выбіраю Андруся. Слова гонару!» І Валянцін, апусціўшы вочы, пад якімі «разгараліся» сіне-чырвоныя «ліхтары», паціснуў Андрусю руку. Як пераможаны на сумленным турніры. І Андрусь шчыра дзіваваўся, чаму Анэля прыхінулася да яго, нічым не адметнага, а не да Валянціна, бо той увасабляў усе тыя рысы, якімі Андрусь жадаў бы валодаць. І высокі, і моцны, як камень, і валасы хваліста-чорныя, а пагляд цёмных вачэй такі ганарлівы...

Убачыўшы, што гэты прыгожы, упэўнены ў сабе чалавек заходзіць у дом, Андрусь зразумеў — гэта ўсё... Цяпер галоўнае — адвесці падазрэнні ад гаспадароў. Схавацца? Першаму пайсці насустрач і здацца, не пакідаючы за сабой няёмкасці вобыску, выкрыцця, арышту?

Анэля сустрэла гасцей у вітальні, відаць, прымала віншаванні, спадзеючыся надаўжэй затрымаць. Урэшце яна вярнулася да кампаніі, дзе кожны спрабаваў захаваць вясёлы выгляд, і ад гэтага гурт выглядаў страшнавата. Дзяўчына трымала ў руках прыгожы пакуначак, перавязаны атласнай ружовай стужкай, але здавалася, пальцы яе здранцвелі і вось-вось выпусцяць ношку на падлогу. Валянцін са шчырай усмешкай прывітаўся з усімі, ніяк не вылучаючы Андруся, прадставіў двух афіцэраў, што прыехалі з ім, пажартаваў, вельмі зграбна і разумна — Андрусь так ніколі не ўмеў, і сышоў, пацалаваўшы Анэлі руку.

Андрусь адчуў гарачую сімпатыю да былога сябра — як бывае заўсёды ў сумленных людзей, калі нехта, пра каго думалася кепска, аказваецца лепшым. Валянцін быў не з тых, хто служыць за грошы ці прывілеі,— ён сапраўды верыў у тое, што абараняў, і ніколі не хаваў сваіх поглядаў, што і паслужыла калісьці канчатковаму ахаладжэнню іх сяброўства. Тое, што ён не выдаў Андруся, быў сапраўды высакародны ўчынак, варты павагі. Асаблівае ўражанне на хлопца зрабіла ўмоўніцкая вясёлая ўсмешка, якую Валянцін адрасаваў яму на развітанне. Бедная Анэля тады пералякалася мацней за ўсіх — Андрусь дарэмна спрабаваў яе суцешыць. На развітанне яна горача прашаптала яму: «Як запаліцца першая зорка, чакай мяне ў нашай альтанцы, на беразе рэчкі...»

І ён чакаў, хвалюючыся, як быццам ад гэтага спаткання залежала яго вечнае жыццё. А зоркі запальваліся адна за адной, а яна ўсё не ішла... Нарэшце гнуткая постаць, уся захутаная ў белае, ірванулася да яго з чаромхавага прыцемку, і горка-салодкімі, як ягады чаромхі, былі яе пацалункі, бо слёзы каціліся па яе шчоках, так што яму было нават няёмка — ён жа яшчэ жывы... А яна нібыта развітвалася назаўсёды. Бо толькі адчай, напэўна, змусіў яго шэравокую каралеўну шапнуць яму: «Няхай гэта будзе наша шлюбная ноч!» Вядома, было б з яго боку высакародна і разумна — супакоіць яе, сысці самому, утрымацца на той мяжы, за якой пачынаецца незваротнасць і вар’яцтва... Але ён быў усяго толькі чалавек, і ён так кахаў, што яго рукі дрыжэлі ад нясцерпнага жалю і цягі да яе. І калі гэта было вар’яцтва — ён быў гатовы назаўсёды адпрэчыць розум.

А потым яны плавалі ў месяцовай вадзе, і нават вада не магла астудзіць агню пацалункаў, і сысці было горш, чым памерці... Але ён не збіраўся паміраць — ён мусіў перамагчы і вярнуцца.

Вярнуўся... Кашаль разрываў грудзі. Але Андрусь ужо вырашыў, пад чыім дахам правядзе наступную ноч,— ён пойдзе да Валянціна. Не можа быць, каб чалавек за два гады зусім змяніўся,— не выдаў тады, не павінен і цяпер. Тым больш Андрусь хворы, змучаны, а Валянцін — высакародны чалавек. І нічым не рызыкуе — бо па-за ўсялякімі падазрэннямі.

Запіска, перададзеная праз хлопчыка з дворні, не доўга заставалася без адказу. Прыблізна праз гадзіну Андрусь ужо ляжаў у цёплым сухім ложку і правальваўся ў глыбокі, як магіла, сон. Яму не давялося выслухваць пытанні, нешта тлумачыць, не сустрэў ён ні насцярогі, ні варожасці. Вядома, на гасціннасць разлічваць таксама не выпадала. Валянцін нібыта не здзівіўся, успрыняў з’яўленне аброслага, змэнчанага ўцекача годна, па-мужчынску. І Андрусь быў рады, што прыйшоў сюды. Апошняя яго думка, перад тым як заснуць, была пра Анэлю. Яна недзе побач — ён адчувае. Раніцай ён абавязкова даведаецца пра яе, магчыма — перашле вестку... А можа — убачыць?! Гэта было б проста неверагодным шчасцем!

Калі ён адплюшчыў вочы і ўбачыў над сабой мілы твар у залатой кароне кос, то падумаў — трызненне... Толькі дотык прахалоднай вузкай далонькі да ягонага лба пацвердзіў: не сон... Андрусь схапіў дзівосны прывід за плечы: Анэля... Ён быў такі шчаслівы, што нават не ўсвядоміў, як яна змянілася, як схуднела, нібыта згасла.

— Зараз тут будуць жандары.

Ён не мог уразумець сэнсу слоў.

Яна цярпліва, глухаватым ад безнадзейнасці голасам паўтарыла:

— Цябе зараз арыштуюць. Нашто ты сюды прыйшоў?

Андрусь хацеў прытуліць яе да сябе, але яна адхінулася. Мілая баязліўка!

— Анэля! Не бойся, Валянцін не такі... Ён не выдасць. Які ж ён малайчына, што паслаў па цябе!

Анэля неяк дзіўна засмяялася:

— Па мяне не пасылалі. Я тут жыву.

— Жывеш? Чаму?

Прадчуванне чагосьці непапраўнага варухнулася болем, але Андрусь адагнаў здрадлівае адчуванне — яшчэ крыху падоўжыць шчасце...

— Памятаеш, тады, калі ты прыйшоў на мой дзень народзінаў... Валянцін ведаў, што ты мусіш наведаць мяне. Жандары прыходзілі па тваю душу.

— Але ж Валянцін...

Анэля спыніла яго:

— Ён затрымаў мяне ў вітальні і сказаў, што мае загад цябе арыштаваць. І ёсць толькі адзіны спосаб цябе выратаваць — я павінна даць слова гонару, што стану ягонай жонкай.

Андрусь схаладнеў, а думаў, што халадней, чым у той лагчавіне, яму ўжо ніколі не будзе.

— І ты...

— Я — жонка Валянціна. Ён стрымаў сваё слова. Я — сваё...

Як балюча... Андрусь зайшоўся ў прыступе кашлю, і Анэля кінулася падаць яму цёплае пітво на зёлках, што стаяла на тумбачцы ў галавах ложка. Эгаістычнае пытанне пакінутага мужчыны, ад якога самому стала сорамна.

— Ты... шчаслівая?

— Паглядзі на мяне.— Андрусь зірнуў у яе шэрыя вочы, абведзеныя чорнымі ценямі, і аж скалануўся ад вострага жалю.

Ён схапіў жанчыну ў абдоймы, цалаваў яе валасы, бровы, мілы, каханы тварык — і яна нібы прачыналася ад страшнага сну.

— Ты павінна сысці ад яго! Не думай больш пра мой лёс! Мая воля і жыццё не вартыя тваёй пакуты, любая, бо яна — і мая стакроць! І не забывай, я — вой!

Анэля захінула твар рукамі, і Андрусь пачаў цалаваць яе тонкія пальцы, асушваць вуснамі слёзы, што каціліся па іх...

— Сысці... Не было дня, каб я не марыла пра гэта... Бацькі з радасцю прынялі б мяне назад. Не падумай, што ён мяне мучыць. Ён па-свойму добры чалавек і кахае мяне... Па-свойму... «Сцерпіцца-злюбіцца...» Якая лухта! Гэткі прыгажун, асілак, павятовыя паненкі млеюць, а пагладзіць па скуры — дрыжыкі агіды. Быццам датыкаецца жаба. Але я дала слова гонару.

Андрусь адчайна пакруціў галавою:

— Ты дала слова гонару, што будзеш яго жонкай узамен за маю волю. Але ж тут жандары, мяне арыштуюць, і ты вольная! Хіба не так?

— Не так, дарагі сябра!

Дзверы расчыніліся, і ў пакой увайшоў Валянцін. Як заўсёды, упэўнены, мужны. Андрусь усхапіўся і стаў насупраць — прыгорблены, аброслы, намагаючыся здушыць кашаль... Двубой позіркаў скончыўся нічым — Валянцін відавочна не адчуваў за сабой ніякага граху. Гэтак жа ён калісьці адбіраў упадабаныя цацкі ў сябрукоў, адбіраў — сілаю, моўчкі, зацята і ніколі не прасіў даць пагуляць.

— Андрэй, табе лепш прылегчы. Сёння ўвечары прыйдзе лекар, чалавек надзейны. А ты, Ангеліна, ідзі ў свой пакой.

— Я застануся з ім,— голас жанчыны гучаў выклікам.

Валянцін сціснуў зубы, памаўчаў, відаць, каб суняць гнеў.

— Вы дарэмна хвалюецеся. Ніхто не арыштуе цябе, Андрэй. Ты ў бяспецы. Вылечышся і з’едзеш — я дапамагу табе выбрацца за мяжу.

Андрусь глядзеў у твар Анэлі, у якім лучыліся радасць і пакута, і адчуваў сябе нягоднікам.

Жанчына недаверліва перапытала мужа:

— Але чаму тут жандары?

— Ім данеслі, што падазроны чалавек рушыў у бок маёнтка. Ты не быў надта асцярожны, Андрэй,— голас Валянціна гучаў халодным дакорам.— Але зараз я выйду да іх і скірую ў іншы бок. Там паручнік, мой добры знаёмца... Ніякай рызыкі, ніхто не паверыць, што я — здраднік,— у голасе гаспадара адчувалася сапраўдная горыч. Валянцін мякка ўзяў жонку за плечы: — Пойдзем... Хвораму трэба супакой.

Анэля пакорліва апусціла галаву:

— Добра... Як скажаш...

Голас яе прашалясцеў, як сухое лісце. Яна павольна рушыла да дзвярэй. Андрусь сціснуў кулакі. Закладніца... Ён змагаўся, каб здабыць свайму народу волю — і зрабіў каханую жанчыну рабыняй ворага. І яна будзе цярпець і змірацца, яна — такая гордая, жыццярадасная калісьці! Хто ж ён сам пасля гэтага?

За акном чуліся грубыя галасы, смех, тупатанне коней. Андрусь падабраўся да акна. Сапраўды, конны атрад... Два афіцэры... Якраз як два гады таму. Вось упэўнены голас Валянціна. Андрусь памацаў пад падушкай. Пісталет у яго не адабралі — ён жа не быў палоннікам. І само сабой зразумела, што ён не мог страляць у гаспадара дома, які даў яму прытулак.

Андрусь расчыніў акно і зваліўся на прэлую лістоту. Адпоўз, хаваючыся за кустамі. Няхай думаюць, што ён блукаў недзе ля дому. Рука здрадліва дрыжэла, і ён стрэліў амаль не цэлячыся. Адзін з жандараў схапіўся за плячо...

Бунтаўшчык быў знясілены і меў усяго адзін набой. Далёка не ўцёк. Інсургента звязалі і паклалі на калёсы, пазычаныя ў гаспадара. Гаспадар быў нібыта зусім пераляканы — відаць, не чакаў, што такі госць бадзяецца проста пад вокнамі. Пані, добрая душа, вынесла для арыштаванага цёплую адзежу. Няхай... Мусіць жа злыдзень дажыць да вісельні.

— Нашто ты гэта зрабіў?

Яна не плакала — вочы былі зусім сухія, з гарачым бляскам.

— Цяпер ты вольная... Сыходзь ад яго. Абяцаеш?

— Любы...— Яна пацалавала яго збіты твар.— Ты мусіш ведаць... У цябе ёсць сын.

— Што?!!

— Так. Твой сын. Падобны на цябе, бялявенькі і вясёлы. Завуць — Кастусь.

— Любая...— Андрусь, звязаны, хворы, збіты, захлынаўся ад шчасця. Колькі ў ім, аказваецца, яшчэ сілы, дзякуй, Госпадзе!

— Я сыду. Але Валянцін не аддасць мне сына.

— Я вярнуся,— Андрусь сказаў гэта нечакана цвёрда.— Я вярнуся па яго і па цябе.

Дождж лінуў на чорную зямлю, быццам аплакваючы яе зімовае паміранне. І раптам у нізкіх, пахавальна змрочных хмарах бліснула позняя маланка — нібы вышчарбленая ў слаўных бойках шабля, і адлюстравалася ў шэрых вачах жанчыны, што нерухома стаяла ля брамы і глядзела на пустэльную дарогу.


У пансіёне для хлопчыкаў, дзе сярод іншых вучыўся дванаццацігадовы сын стацкага саветніка Валянціна Р. Канстанцін, панавала строгая дысцыпліна. Частка навучэнцаў утрымлівалася за казённы кошт, і амаль для ўсіх вымалёўвалася адна перспектыва — папоўніць рады царскага войска. Таму асаблівая ўвага ўдзялялася выхаванню вернападданніцкага духу і цялеснай моцы. Паўночна-Заходні край, які толькі што перажыў бунт, меў патрэбу ў здаровых маладых сілах, што будуць спрыяць грамадзянскай згодзе.

Па праўдзе кажучы, стацкі саветнік мог бы для свайго адзінага сына выбраць лепшы пансіён. Тым больш Кастусь Р., бялявы разумны хлопчык, асаблівыя поспехі рабіў у вывучэнні моў, а за парушэнні дысцыпліны досыць часта трапляў у карцар. Бацька рэдка клікаў сына на вакацыі дадому. Дзіва што — аўдавеўшы, ажаніўся другі раз. Хлопчык зрэдку наведваў толькі матчыных бацькоў — за сцены пансіёна выходзіць не дазвалялася. Шмат часу Кастусь праводзіў у бібліятэцы. Новы настаўнік нямецкай мовы, паважаны чалавек з зусім сівымі валасамі і жылістай фігурай бывалага падарожніка, асабліва адзначаў здольнасці Кастуся, нават дадаткова з ім займаўся. Таму нікога не здзівіла, што ён вызваўся праводзіць вучня да ягоных сваякоў.

Кастусь Р. і настаўнік-немец больш у пансіёне не з’явіліся. Следства выявіла, што мужчына і хлопчык, паводле пашпартоў — бацька і сын, перасяклі мяжу Расейскай імперыі на мяжы з Прусіяй. Пайшлі чуткі, што немец быў зусім не немец, а італьянец, адзін з галаварэзаў Гарыбальдзі, і ў свой час насіў славутую чырвоную кашулю. Казалі яшчэ, што ён ці то карбанарый, ці то масон і хлопчыка звабіў для нейкіх магнетычных вопытаў, і незразумела, адкуль у яго бліскучыя рэкамендацыі і неаспрэчна высокая адукаванасць.

Стацкі саветнік Валянцін Р. не праявіў зацікаўленасці ў вышуку сына. Падрабязнасці справы былі строга засакрэчаныя.


Кветка вераніка

Сцябло кветкі было такім кволым, што здавалася, яму не ўтрымаць бутона. Той хіліўся долу, нібыта ў цяжкім задуменні — ці варта аддаваць апошнія сілы, каб падарыць свету яшчэ адну драбніцу чыстае красы. Але аднойчы, на досвітку, развінуліся маленечкія сінія-сінія пялёсткі з танюткай белай аблямоўкай — нібыта ўсміхнулася дзіця.

Вінцэсь нават ведаў, як называецца гэтая кветачка,— вераніка дуброўная. У вільготным прыцемку пад старой віхлой у іхнім парку, дзе яны з Алесем і Валянцінам гулялі ў высакародных разбойнікаў, такіх кветак расло шмат... Але тут, між камянёў турэмнага акна, у выбоіне ля жалезнага прута рашоткі...

Сінявокае цуда! Тым больш бясконцыя чатыры месяцы, пакуль доўжылася следства, Вінцэсь правёў у цёмнай падвальнай камеры. Святла было адмерана — абы вязень не аслеп. Нясмелы промень на якую гадзіну прабіраўся ў каменны мяшок праз маленечкую адтуліну наверсе, якая аніяк не заслугоўвала наймення акна.

Шчасце — гэта калі ў адной кветцы табе адкрыецца багацце ўсіх кветак свету.

Вінцэсь крануў зялёны круглы лісцік з далікатнымі зубчыкамі, і падалося, што той у адказ ласкава пагладзіў палец чалавека.

Віхлу ў парку новыя гаспадары маёнтка, напэўна, загадалі спілаваць — скурчаная, сівая ад часу, з чорным дуплом, у якім яны хавалі самаробныя лукі. А галінкі схіляюцца да самай зямлі, утвараючы сапраўдны будан. Неяк на летніх вакацыях — яму было гадоў дзесяць, братам крыху больш — нават зладзілі пад той віхлою, начытаўшыся прыгодніцкіх раманаў, «таемнае брацтва» «Чырвонай рукі» і пакляліся змагацца з несправядлівасцю і абараняць бязвінна пакрыўджаных, асабліва прыгожых жанчын.

Няма больш таго брацтва. Алесь загінуў яшчэ на пачатку паўстання, калі купку інсургентаў абкружылі на ўскрайку пушчы жандары. Валянцін прысуджаны да смяротнага пакарання як кіраўнік атрада. Ён, Вінцэсь, самы малодшы з братоў, пойдзе ў Сібір.

Вінцэсь здагадваўся, каму цяпер належыць іх маёнтак. Вернападданаму, які асабліва выявіўся ў справе задушэння правінцыйнага «бунту». І ў абясшкоджванні былых гаспадароў — дзяржаўных злачынцаў.

Так што віхлы хутчэй за ўсё няма...

Звіняць званы... Быццам з неба сыплецца золата. Учора быў Вялікдзень. Хрыстос уваскрос... Вінцэсь мімаволі ўсміхаецца — і ў Сібіры ёсць сонца... І не загінула Радзіма, у якой яшчэ шмат сінявокіх веранік і старых віхлаў.

Загрукаў замок на дзвярах, нібыта цяжка ўставаў з магілы прывідны рыцар у ржавых латах.

— Анталевіч, да вас нявеста. Дзеля свята дазволена спатканне. Збірайцеся...

Хоць ніякай нявесты і нават знаёмай дзяўчыны, якая магла б прыйсці пад гэтым званнем, у Вінцэся не было, хлопец не здзівіўся. Ён ведаў: так робіцца досыць часта. Жанчыны з сем’яў, дзе падзялялі ідэалы разбітага паўстання, наведвалі зняволеных, да якіх не было каму прыйсці, называючыся нявестамі. Былі нават выпадкі — Вінцэсь ведаў дакладна,— што такія наведванні канчаліся сапраўдным каханнем і шлюбам і маладая прыгажуня ехала за мужам у высылку.

Калісьці і яму ўсміхаліся прыгажуні...

Вінцэсь успомніў балі ў Віленскім універсітэце, гасцёўню пані М*, дзвюх паненак-блізнючак, што жылі ў суседскім маёнтку, дзе ён з братамі былі частымі гасцямі... Госпадзе, як гэта далёка! Нібыта іншы чалавек — прыгожы, спрытны, элегантны — смяяўся, жартаваў, запрашаў на вальс, гуляў у фанты...


Калі ў пакоі для спатканняў Вінцэсь пабачыў скрозь краты постаць дзяўчыны ў цёмна-зялёнай сукенцы з бялюткім каўнерыкам і капелюшыку з густым вэлюмам, стала горача. Вось дзіва... Ён ніколі раней так не губляўся перад дзяўчатамі. А тут яшчэ ўпершыню падумаў пра ўласны выгляд... Вядома, яму дзеля спаткання прынеслі касцюм, кашулю, далі магчымасць пагаліцца — турэмнаму начальству зусім не даспадобы паказваць шаноўнай публіцы сваіх падапечных у абліччы здзічэлага Рабінзона Круза. Але год турмы нікога не красіць... А да гэтага яшчэ два гады жыцця па лясных лагерах, бойкі — шаблі супраць ружжаў, выпадковыя начлегі, уцёкі — хмызнякі, якія балюча б’юцца пругкімі галінкамі па твары, быццам папракаюць, што ўцякаеш; дрыгва, якая, магчыма, хавае ў сваёй бездані бурштынавы палац або нованароджаную крыніцу, а можа схаваць і цябе; сумёты па грудзі — нібыта ты памёр і ідзеш праз аблокі да Брамы на той свет...

Дзяўчына адкінула з твару вэлюм, і Вінцэсь ледзь стрымаў уздых расчаравання. Вядома, ён не спадзяваўся, што прыйдзе прынцэса з юначых сноў... Але ўсё-ткі...

Нявеста была непрыгожай. Рудыя валасы, тонкія рысы невыразнага, у рабацінках, твару, вочы апушчаныя — быццам баіцца на яго і глянуць... Ды яшчэ адчайна чырванее — аж рабацінкі зліваюцца са скурай. Не, гэта не прынцэса, гэта ў найлепшым выпадку фрэйліна прынцэсы — стаіць са срэбным імбрычкам для кавы па левую руку пані, чакаючы загаду.

Але ж і ён, Вінцэсь, знайшоў час быць пераборлівым!

Вязень як мага больш ветла ўсміхнуўся наведніцы:

— Ну, дарагая нявеста, давайце ж пазнаёмімся бліжэй!

Рудая дзяўчына падняла вочы... І быццам заззялі дзве сінія зоркі... Ці сінія кветкі. І валасы ў яе не рудыя... Яны залатыя, як у ірландскай Ізольды.

— Гэта вам...— Госця працягнула праз рашотку акуратны скрутак у падаруначнай паперы з залацістымі херувімчыкамі, перавязаны белай атласнай стужкай.

Жандар, які сумаваў у дальнім куце пакоя, не зварухнуўся. Вінцэсь зразумеў, што змесціва скрутка ўжо правяралі.

— Дзякуй... Але як вас усё-ткі зваць?

— Вераніка... І... я, пан Вінцэсь, шмат пра вас ведаю. Вы нават не здагадваецеся, як шмат...

— Ад каго, калі не сакрэт?

Дзяўчына зноў зачырванелася:

— Ад... ад агульных знаёмых...

Вінцэсь не перапытваў. Яму, вязню, не пра ўсё могуць распавядаць, што дзеецца на волі. Ён глядзеў на дзяўчыну, і яна ўсё больш і больш падабалася яму. Можа, сястра кагось з паплечнікаў? Хто з яго знаёмых быў такі руды? А можа, яна ведала яго, Вінцэся, ужо даўно, употайкі здаля назірала за ім, бліскучым маладым чалавекам. Але хіба тады ён звярнуў бы ўвагу на гэтую сінявокую рудую мышку?

— Зараз праверым, ці праўда вы шмат пра мяне ведаеце... Чулі пра брацтва «Чырвонай рукі»? — таямнічым шэптам запытаўся Вінцэсь.

У рудзенькай аж вочы скругліліся ад спалоху.

— Пятнаццаць год таму, пад старой віхлой...

Ён умеў расказваць. А яна ўмела слухаць. Хутка ім здалося, што яны знаёмыя ўжо даўно-даўно, і свет турмы з яе катавальнямі і каменнымі мяшкамі, вошамі і гнілымі сеннікамі падаваўся нерэальным і недатычным іх.

На развітанне яна працягнула яму яшчэ нешта, загорнутае ў хустачку...

Велікоднае яйка... Чырвонае, з кранальным папяровым зайчыкам, прыклееным збоку...

— Хрыстос уваскрос.

— Сапраўды ўваскрос.

Яны тройчы пацалаваліся праз рашотку. Яе вусны былі цёплыя і пяшчотныя, як сагрэтыя сонцам пялёсткі шыпшыны.

Вінцэсь схамянуўся:

— У мяне таксама ёсць для вас падарунак...

І дастаў з кішэні сурдута маленькую сінюю кветку.

— Яна ваша цёзка... Вераніка дуброўная... Дзякуючы вам, яна патрапіць на волю.

Дзяўчына паглядзела на вязня роспачнымі вачыма, якія ад слёз зрабіліся яшчэ сінейшымі, і схавала кветку ў складзеных далонях — нібы кволае птушаня.

— Спатканне закончана!


Якое, аднак, мёртвае паветра ў яго камеры... Здавалася б, акно незашклёнае, холад часам сабачы, а турэмны пах невынішчальны.

Вінцэсь задумліва глядзеў у сіняе неба, перакрэсленае рашоткай. А калі б ён прапанаваў госці стаць сапраўднай нявестай? Ці адмовілася б? Прынамсі, верыцца, што не пасмяялася б над дзёрзкасцю амаль незнаёмага маладога чалавека без будучыні.

Вядома, гэта глупства... Мары... Але калі яна прыйдзе наступны раз... На катаргу яго адправяць толькі праз месяц...

Яна больш не прыйшла.


Рудзенькая дзяўчына, сцягваючы з рук пальчаткі колеру французскай зеляніны, забегла ў кабінет не пастукаўшыся — быццам ветрык заляцеў. Паважанага выгляду сівавалосы чалавек у модным персідскім халаце адклаў на столік кніжку, прыўзняўся з фатэля насустрач гарэзліваму стварэнню.

— Веранічка! Прыехала! Ну, як у цёткі гасцявалася?

Дзяўчына ўсхвалявана засакатала:

— Тата, цяпер светлая Сядміца! У гонар свята паабяцай, што выканаеш маю просьбу! Паабяцай, калі ласка!

Сівагаловы пан жартоўна ўздыхнуў:

— Ну, ты ведаеш, я не магу табе адмовіць.

— Не знішчай старую віхлу там, у парку, ля сажалкі, дзе ты хацеў пабудаваць альтанку!

Бацька здзіўлена падняў бровы:

— Сапраўды, нечаканая просьба!

Вочы дзяўчыны бліснулі, як дзве сінія маланкі.

— Ты даў слова... Лічы, што гэта мой капрыз. Тое дрэва абуджае ўва мне рамантычныя згадкі.

Стары пан камічна развёў рукамі:

— Ну, раз абяцаў...

— Дзякуй, татачка!

Дзяўчына імкліва пацалавала бацьку ў шчаку і гэтак жа імкліва рушыла ў свой пакой. Там яшчэ было не зусім утульна — пасля засялення давялося мяняць абіўку на сценах, закупляць мэблю. Папраўдзе, цяперашнім гаспадарам хацелася змяніць тут усё да драбніц.

Але віхла няхай будзе...

Дзяўчына дастала з рыдыкюля насоўку, разгарнула... Кволая кветка зусім звяла. Яе пялёсткі пабляклі і больш не нагадвалі нічые вочы. Хіба выцвілыя вочы старога...

Дзяўчына нейкі час моўчкі глядзела на кветку. Потым падышла да кніжных паліц, узяла кнігу з надпісам на французскай мове: «Аляксандр Дзюма. Граф Монтэ-Крыста», уклала між старонак вераніку дуброўную і зноў паставіла важкі том на месца.


Лікантроп

Ствалы высокіх карабельных соснаў — зверху бурштынавыя ад сонца, а пачынаючы з сярэдзіны цёмныя, быццам пастарэлыя — і ля самай зямлі кантрасна да юнай пяшчотнай скуры вяршыні пакрыты сівым змрочным мохам. Нават пры невялікім ветры дрэвы пагойдваюцца, сутыкаючыся шырока раскінутым голлем. Таму, хто глядзіць на іх з акна маёнтка Варгуны, здаецца, што сосны ідуць проста на яго, нязграбныя і адначасова страшныя, ідуць на нягнуткіх сваіх нагах, нахіляючыся з боку на бок, і вось-вось праб’юць тонкае шкло, упраўленае ў свінцовыя рамы, жорсткім, як дзіды, голлем...

Але чалавек у маёнтку расчыняе акно тонкай рукой у пярсцёнках і крычыць, перагінаючыся ўніз з вышыні трэцяга паверха:

— Грынь! Сёння палявання не будзе! Замкні сабак! І не выпускай, пакуль не скажу...

Унізе адклікаюцца грубым незадаволеным голасам:

— Як сабе хочаш, пане...

Сабачы абураны віскат сціхае.

Чалавек рэзка адыходзіць ад акна, захінае на грудзях аксамітны халат, быццам ад холаду, і ўсё ходзіць па пакоі, і стогне, і горка пасмейваецца, і не зачыняе акно... Ізноў, ну чаму ізноў... Божа мой, Божа літасцівы...


Багата, нязвыкла багата жывуць у гэтай вёсцы мужыкі. Хаты крытыя не саломай, не гонтаю — ладнай манастырскай дахоўкаю, стрэхі — «у закот», і ў кожным двары — буслянка... Пан паручнік аглядаецца і назірае свой панылы атрад — дзесяць натомленых жандараў на запырсканых гразёю конях... Прынамсі, дарогі тут такія ж, як і ў Расеі. Але — не Расея... Ліцвіны, беларусы, цёмны, забабонны люд. Яны хаваюць у каморах драўляных каталіцкіх святых і ў «чырвоныя» дні мажуць іх вусны мёдам. За праваслаўнымі абразамі ў іх схаваны пук святаянніку, сабранага на паганскае Купалле, і абавязкова вісіць вянок часнаку — ад нячыстай сілы. А пад вянцом кожнай хаты, які скіраваны на ўсход, быў некалі закапаны жыўцом певень — няшчасны сонечны вястун...

Пан паручнік грэбліва крывіць вусны. Чужое... Але ж усё навокал можа ў будучым належаць яму, вернападданаму рускаму двараніну...

Апошняе восеньскае сонца шчодра залоціць Паўночна-Заходні край імперыі. Над дарогай самкнуліся шаты соснаў, карункавыя мігатлівыя цені ляглі пад ногі коней. І гэты шум — быццам хвалі... Крыху ўяўлення — і поўнае адчуванне, што едзеш па дне ракі з празрыстай, працятай сонцам вадою...

Вось, напэўна, і мяжа маёнтка. Двое мужыкоў у маленькіх ваўняных шапках — здаецца, яны называюцца магеркі — паварочваюць бервяно, што перагарадзіла дарогу, на дзвюх падпорках-рагулях... Напэўна, і самі гэтыя Варгуны — звычайны недагледжаны старасвецкі дом, крыху лепшы за хату заможнага селяніна... А ўладальнік — неадменна тыповы засцянковы шляхцюк, чыя пыха большая за дзіркі, што праела моль у яго век не вытрасаных прадзедаўскіх кілімах...

Сосны падступаюць, здаецца, да самых сцен дома... Але можна разгледзець, што будыніна вялікая, на тры паверхі, з урачыстай каланадай пры ўваходзе. Хаця, вядома, крыху запушчаная... Конь паручніка ўпарціцца, падымаючы цэлы фантан гразі капытамі, і дрыжыць... Што за морак напаў на коней? А тут яшчэ жудаснае сабачае скавытанне аднекуль з гаспадарчых прыбудоў сядзібы...

У вокнах вялікага пакоя для гасцей гасне чырвонае сонца (няўжо такі позні час?). Ля сцен нязграбная, аздобленая разьбою мэбля чорнага колеру, у якой нешта ёсць ад труны. І гэтая дружная завядзёнка мясцовых жыхароў ставіць печку ў бліжэйшым да ўвахода куце... Паручнік касавурыцца на абкладзеную бліскучай зеленаватай кафляй печку, і яму здаецца, што пузатыя голенькія херувімчыкі з куфлямі піва з кожнай кафлі пазіраюць на яго, павярнуўшы хітраватыя тлустыя тварыкі, і падміргваюць самым ганебным чынам. Паручнік чуе, як жандары за яго спінаю ўголас захапляюцца звярынымі галовамі, якія ўпрыгожваюць пакой. Зубры, туры, алені, ласі, мядзведзі, дзікі шчэрацца са сцен, пабліскваюць амаль жывымі, налітымі крывёю вачыма, здаецца, нават пагойдваюць вялізнымі рагамі...

Вяртаецца слуга — у сурдуце, з бакенбардамі і абразлівай важнасцю:

— Пан Леанард просіць прабачэння ў вельмішаноўнага панства, што па прычыне кепскага здароўя не можа спусціцца, каб сустрэць вас асабіста. Пан чакае вельмішаноўнае панства ў бібліятэцы...

Паручнік хмыкае: гаспадар, відавочна, перапалохаўся. Нічога. Падымемся самі, не цяжка...

Паручнік і трое жандараў ідуць за слугою наверх па драўлянай адпаліраванай лесвіцы. З двара далятае абрыдлае сабачае выццё і спалоханае ржанне коней.


У вальтэр’янскім утульным крэсле сядзіць вытанчаны, з кранутымі сівізною скронямі пан. На ім пунсовы аксамітны халат, аблямаваны цёмна-фіялетавай тафцяной палоскай, на нагах — турэцкія расшытыя пантофлі з задранымі насамі. Далікатная, у пярсцёнках рука адкладае пульхны томік... А казалі, што знакаміты паляўнічы...

— Даруйце, шаноўныя, што не ўстаю — раматуз.

Ад гэтага ветліва-раўнадушнага голасу і цвёрдага позірку шэрых насмешлівых вачэй чырвань кідаецца ў твар паручніку. Праклятыя напышлівыя шляхцюкі... Але пачакай, даражэнькі, паслухай імператарскі загад: «За садзейнічанне мяцежнікам... Неданясенне на змоўшчыкаў... Падлягае арышту... Вобыск... Канфіскацыя маёмасці...»

Пан Леанард задумліва перабірае пышны чырвоны кутас на канцы свайго пояса... Што ж, госці прыехалі дакладна ў час...

— Мой дом і я ў вашым распараджэнні... Дазвольце толькі хвораму чалавеку застацца ў крэсле...

Тонкая рука зноў бярэ кніжку. Паручнік крыкліва аддае загады — аж голас зрываецца на хлапечы дыскант ад неўсвядомленай злосці на вытанчанага арыстакрата, які ўсё жыццё піў вунь з тых пераліўчатых парцэлянавых кубкаў — паручнік бачыў такія толькі ў тых сямействах, дзе на яго ніколі не глядзелі як на магчымага жаніха... Кволая на выгляд рука ў пярсцёнках сціскала гэтую стрэльбу з цудоўнай срэбнай гравіроўкай, і каралеўская здабыча — зубр — падыхала ля ног, што цяпер грэюцца ў расшытых сапраўднымі перлінамі пантофлях... Такі і на вісельню пойдзе з лёгкай пагардлівай усмешкай... На хвілю афіцэр адчувае сябе бездапаможным, загубленым разам з купкаю жаўнераў у чужых лясах і балотах, адкуль цэлы дзень хуткай язды да бліжэйшага мястэчка.

«Усё будзе маё!» — з’яўляецца з падсвядомасці радасная думка, і паручнік зноў набывае ранейшую ўпэўненасць і, пакінуўшы жандараў сцерагчы арыштаванага, ідзе камандаваць дзеяннямі астатняй часткі атрада.

У бібліятэку разам з сабачым скавытаннем пачынае далятаць гук разбітага посуду і жаночы віск.


Цямнее. У маёнтку запальваюць свечкі. Паручнік, спяшаючыся, складае пратакол вобыску. Заўтра зноў гразкія вераснёўскія дарогі, тужлівыя крыкі балотных птушак і на кожнай развілцы — страшны драўляны Ісус, раскрыжаваны на пахіленым негабляваным крыжы... А сёння ёсць нарэшце магчымасць пераначаваць у людскіх умовах, на пуховай пярыне, у велізарным панскім ложку пад казачным балдахінам... Пан Леанард сказаў, што праседзіць да раніцы ў бібліятэцы — з улюбёнымі кніжкамі... інтэлігентны чалавек. Дастаткова аднаго вартавога перад дзвярыма і двух — пад вокнамі...

Прынамсі, кухня тут вышэй ухвалы... Кухара ні ў якім разе не трэба звальняць.

Пан Леанард сядзіць у сваім утульным крэсле. За вокнамі хістаюцца цёмныя постаці соснаў. Калі вецер узмацняецца, яны сутыкаюцца не толькі галлём, але і стваламі, і тады чуваць сухое пастукванне дрэва аб дрэва. Раптам да звыклага паху старых кніжак далучаюцца тысячы розных пахаў і іх адценняў, нібыта да аднаго нягучнага інструмента — цэлы аркестр. Пан Варгун улоўлівае нават горкі пах пажарышча на месцы суседняга маёнтка.

Амаль адразу ж абвастраецца гукавое ўспрыняцце — мільёны гукаў — шоргаты, драпанні, стогны, шэпты, крокі — урываюцца ў адвыклы мозг, так што патрабуецца нейкі час, каб зноў авалодаць свядомасцю...

Пара... Пан Леанард бязгучна ўстае і дзьме на свечкі, што гараць на круглым мармуровым століку. Запаноўвае цемра, але вочы набываюць нечаканую вастрыню зроку — усё навакольнае бачна зусім выразна, быццам у нейкай шэрай падсветцы. Цяпер пачынае страшэнна свярбець скура... Пан, спяшаючыся, развязвае пояс і скідае халат. Чырвоны колер аксаміту выклікае неадольнае раздражненне, і Варгун запіхвае скінутую адзежу ў ніжнюю шуфляду шафы.

Цела працінаюць нябачныя струмені энергіі, якая, здаецца, зыходзіць з поўні, што зазірае ў акно. Уся істота чалавека вібрыруе, напаўняецца моцай і вясёлым шалам. Неадольна хочацца ўстаць на карачкі... Магутны звярыны рык ірвецца скрозь сціснутыя зубы — ці іклы? Шыбы акна ціха разыходзяцца, упускаючы ноч. Унізе, у зарасніку язміну, відаць дзве ненавісныя белыя фуражкі...

З акна другога паверха маёнтка Варгуны на зямлю, укрытую кілімам першага лістабою, бязгучна саскоквае вялізны воўк з шэрымі вачыма, у цэнтры якіх гараць два жоўтыя агеньчыкі — як пялёсткі свечак...

Жудасна выюць сабакі, на стайні рвуць аброці ўспененыя коні, дворныя людзі, не кажучы ні слова, устаюць з ложкаў, пазяхаючы, вешаюць на дзверы і вокны сваіх пакояў звязкі часнаку і чартапалоху — цяпер ні ведзьма, ні ваўкалак не ўвойдзе; жагнаюцца і зноў кладуцца спаць, забабонныя, цёмныя, спакойныя...

На раніцу прыслуга доўга прыбірае дом, зусім не дзівячыся начному знікненню прыхадняў.


У бібліятэцы, ва ўтульным вальтэр’янскім крэсле, сядзіць пан Леанард Варгун. Чырвоны аксамітны халат перавязаны поясам з вялікімі бухматымі кутасамі, вытанчаная рука ў пярсцёнках перагортвае старонкі томіка лацінскіх вершаў, а за акном хістаюцца, пагойдваюцца сосны, што ідуць да маёнтка і ніяк не наблізяцца да яго ўшчыльную...


— Грынь, рыхтуй сабак! Сёння ідзём на паляванне!


Гайвароны

У парку вакол маёнтка Гайвароны даўно не гняздзіліся тыя крыклівыя чорныя птушкі, што калісь далі назву і маёнтку і навакольнай вёсцы.

Расказвалі, што колішні ўладар маёнтка, знелюбіўшы крылатых вяшчунак няшчасця, учыніў на іх такое спусташальнае паляванне, што нават іхнія нашчадкі захавалі насцярогу да праклятага месца.

Невядома, ці так яно было, бо пані, якой належаў маёнтак цяпер, не магла б пакрыўдзіць птушку.

Яна забараніла нават знішчаць кратоў — гэтых агідных сляпых звяркоў, што здольныя папсаваць найпрыгажэйшую клумбу, а яе — у форме складанага вензеля, падобную на кошык з кветкамі — так доўга ладзіў перад уваходам у дом стары немец-садоўнік. І доўга лаяўся на сваёй гергецкай мове, калі пані не дала спатоліць справядлівую прагу помсты. Падумаеш, «стварэнні божыя»!

Праўда, і клумба тая была не зусім дарэчы ў парку, па змрочных прысадах якога даўно не прахаджваліся вясёлыя госці, а цёмныя ліпы былі такімі старымі, што здавалася, вось-вось са стогнам сагнуцца, абапіраючыся аб чорную зямлю нязграбна выцягнутымі лапамі. Галене, дачцэ гаспадыні, часам думалася, што вароны не селяцца на гэтых дрэвах менавіта таму, што пабойваюцца ненадзейнасці такога апірышча для гнёздаў. Але не — безумоўна, усе знакі бяды былі звязаныя з тым днём, калі прыйшла страшная вестка пра братоў...

Галене было тады дзесяць год. Яна мала што памятала — галасы чужых людзей, гучныя, як удары пугай. Строгі твар маці, такі збялелы — што здаваўся незнаёмым. Нават голас — не пазнаць:

— Мужчыны ў нашым родзе не баяцца паміраць за радзіму.

І самавіты мужчына з чорнымі бакенбардамі, у ваенным мундзіры, вельмі важны і сярдзіты, чамусьці апускае вочы.

О, Галена ганарыцца сваёй маці! Самы яркі ўспамін — як яны разам апускаюцца на калені перад маленькім столікам з палаючымі свечкамі ў колішнім бацькавым кабінеце, і маці, паказваючы дагератыпы, гаворыць:

— Твой брат Генусь Вайтылаў... Харунжы... Расстраляны. Твой брат Янук Вайтылаў... Забіты ў бойцы пад Варкавічамі. Твой брат Алесь Вайтылаў...— Тут голас маці заўсёды ледзь адчувальна ўздрыгвае: — Сасланы ў Сібір, знік без вестак... Ніколі не забывай, яны — героі.

Так, і заўсёды дадавала пра бацьку — хаця памёр у сваім ложку, ад сардэчнай хваробы, каб меў найменшую магчымасць — таксама пайшоў бы ў бойку за сынамі.

Маці здавалася ў гэтыя моманты Галене незвычайна прыгожай. Сетка дробных зморшчын скрадваецца прыцемкам, і вочы таямнічыя, бы дно студні, у якую ўпала зорка. Яркія маленькія вусны горка падцятыя, бровы як зламаныя крылы... Смуглявая скура, дасканалы авал твару, цёмныя, перавітыя сівізной, быццам вытанчаным упрыгожаннем, валасы гладка зачасаныя пад чорны каптур... Сама Галена была зусім не такой. Праўда, цемнавокая і стройная, як маці, але... Нават прыслуга лічыла ейны загад як бы не канчатковым, пакуль не пацвердзіць пані. Галене споўнілася ўжо дваццаць чатыры — па мясцовых паняццях старая дзеўка. Нібыта маці і не была супраць таго, каб дачка займела сям’ю,— сама ж бясконца гаварыла пра Галеніных будучых дзяцей, якія мусяць захаваць памяць роду. Але і нічога дзеля ўладкавання лёсу дачкі не рабіла — здавалася, у маёнтку Гайвароны ўсталяваўся час, незалежны ад знешняга, і паважаліся толькі свае законы і свае прывіды. Абедзве гаспадыні хадзілі выключна ў жалобе. Вядома, што баляванняў — неабходных у доме з паненкай на выданне — і не прадбачылася. Дый і сціплыя сродкі не надта гэта дазвалялі. Шчасце, не канфіскавалі сам маёнтак і стары парк. У глыбіні душы Галена была перакананая, што прычынай гэткай паблажлівасці — павага, якую маці выклікала нават у заклятых ворагаў. Не, госці ў доме бывалі — але яны таксама жылі мінулым. Будучае ўвязвалася толькі з надзеяй на справядлівую помсту.

Галена не задумвалася пра свой лёс. Вядома, калі так здарыцца, што трэба будзе пакінуць Гайвароны — прычынай гэтаму стане толькі герой і пакутнік. Такі ж, як яе браты. А пакуль спраў хапала. Хаця б — клапаціцца пра тых, у каго няма нават абрабаванага маёнтка. У Гайвароны, не баючыся, заходзіў і сляпы лірнік, і гаманлівая цыганская чарада, і паломнікі, што крочылі па святых мясцінах, знаходзілі тут начлег і хлеб. Вось і цяпер... Дзяўчына заспяшалася да дома па цёмнай прысадзе, раскідваючы лёгкімі крокамі апалую лістоту, ужо не залатую, а ржавую, быццам высахлая кроў,— перад ганкам бачыліся дзве шэрыя постаці, і нават здалёк у іх адчувалася асаблівае змірэнне, уласцівае тым, хто жыве з чужой літасці.

Маці ўжо стаяла на ганку. Дакорліва зірнула на дачку. Чаму Галена так і не перастала адчуваць ад такіх позіркаў пякучую хвалю сораму — рыхтык як у дзяцінстве, нават калі правіна была зусім нязначная?

Паломнікі ішлі з Жыровічаў, ад цудатворнага абраза Маці Божае. Сівенькі дзядок увесь свяціўся нядаўнім далучэннем да цуда — здавалася, што кавенька ў яго руцэ дрыжыць таксама ад узрушэння. Стары бясконца прамаўляў словы ўдзячнасці і малітвы слабым, бы кепска нацягнутая струна, голасам, і здавалася, нібыта ён размаўляе на птушынай мове. Дзед Галене спадабаўся — у яго змірэнні не было ні прыніжанасці, ні сялянскай хітрынкі. Не было іх і ў другога госця. Галена вырашыла чамусьці, што той былы жаўнер — нават жахлівая худзізна не папсавала дарэшты высокую плячыстую паставу, а праз левую палову твару цягнуўся пачварны шнар — падобна, што ад шаблі, ад чаго куточак вока быў адцягнуты ўніз. І рукі ў яго былі не сялянскія — з тонкімі пальцамі. Хоць паломнік яшчэ малады, але доўгія валасы і барада напалову сівыя. Вочы цёмныя, але гэткія ж празрыстыя, дабрэнныя, як у дзеда. Як і належыць паломнікам, абодва ўвешаныя абразкамі і ладанкамі. Маладзейшы госць маўчаў. Толькі калі сядаў за стол у пакоі для чэлядзі, пад яго вопраткай нешта грукнула... Зброя?! Але каўнер кашулі трохі расхінуўся, Галена ўбачыла ланцуг, цёмныя шнары... І зразумела, што госць носіць вярыгі. Чамусьці ёй зрабілася непрыемна ад гэтага адкрыцця, і дзяўчына сышла ў свой пакой.

Восеньскія цёмныя вечары цягнуцца доўга, вельмі доўга... Нават калі запаліць камін і разгарнуць дасланы з апошняй поштай раман — шчымлівае пачуццё закінутасці, загубленасці ў бясконцай восеньскай цемры апаноўвае душу невымоўным жалем. І калі ў доме запальвалі свечкі, маці запрашала ў свой пакой гасцей — кім бы яны ні былі... І ўважліва выслухоўвала сто разоў чутыя навіны ці малітоўныя песняспевы... Так, і яшчэ абавязкова пыталася, што госці ведаюць пра братоў Вайтылавых. Звычайна пахаджане былі папярэджаныя пра такі інтарэс і адказвалі нешта накшталт: «О, гэта героі! Волаты!» — і пані ўцірала шчаслівую слязу. Калі ж нехта не ведаў пра братоў-герояў, гаспадыня сурова падціскала вусны і траціла інтарэс да прыхадня. І ейная маўклівая пагарда была горшай за крык ці аплявуху.

Высокае грувасткае крэсла, у якім сядзела пані Вайтылава, належала яшчэ іх продку, легендарнаму Вайтылу, мечніку князя Вітаўта, які і заснаваў маёнтак на землях, падараваных за верную службу. Дрэва ад часу зрабілася зусім чорнае, абіўку мянялі некалькі разоў — цяпер гэта быў зеленкавата-залацісты габелен. Але мядзведжая галава, частка герба Вайтылавых, усё гэтак жа пагрозна шчэрылася са спінкі. Сённяшнія госці стаялі нават не на сярэдзіне пакоя, а ў парозе — недарэчныя постаці ў шэрым радне на фоне паліраваных драўляных панэляў сцен. «А маці пастарэла...» — нечакана падумала Галена, якая сядзела справа ад матчынага крэсла на зэдліку са сваім вышываннем,— чырвоныя гронкі арабіны на залацістым шоўку. Так, маці пастарэла — дадалося сівізны, і авал твару ўжо не такі дасканалы, і паглыбіліся горкія зморшчыны ад крылля носа да куточкаў вуснаў.

Старэйшы з гасцей прамаўляў менавіта так, як чакала гаспадыня.

— Прытулі, Госпадзі, чыстыя душачкі загінулых воінаў у сваіх лепшых церамах завоблачных, бо былі яны воямі магутнымі і жыцця не шкадавалі дзеля бліжніх сваіх... І кроў іхняя на святым-белым Алатыр-камені, а слава іхняя на ўсіх пляцах звонам-гудам...

Другі госць упарта маўчаў, і Галене рабілася ўсё больш і больш няёмка ад позіркаў яго цёмных, глыбокіх, як студня, вачэй. Праўда, збольшага паломнік глядзеў у старанна наваскаваную, як было прынята ў гэтым доме на працягу стагоддзяў, падлогу.

— А ты, чалавеча, што можаш сказаць пра вояў з гэтага дома?

Паломнік падняў галаву:

— Вашы сыны верылі ў тое, за што змагаліся. Вера многае выкупляе.

Пані неўразумела прыўзняла бровы:

— Выкупляе? Што ты вярзеш, мужык?

Госць, аднак, не апусціў вачэй і працягваў тым жа спакойным, нават адсланёным голасам:

— Калі вядзецца вайна, гінуць не толькі воі... І не толькі вінаватыя. Той, хто ўзяў меч, мусіць быць гатовы адказваць за пралітую кроў. Асабліва калі гінуць тыя, хто верыў табе.

Голас пані быў халаднейшы за мокры вецер, які стукаўся ў шыбы.

— Якое права маеш ты гаварыць такое?

Паломнік нахіліў галаву:

— Я ваяваў.

Голас пані памякчэў:

— Ты, відаць, моцна пакутаваў. Але хіба ты збіраўся аддаць жыццё за нешта благое? Або цябе гвалтам прымусілі ўзяць зброю?

Паломнік ледзь заўважна ўсміхнуўся ў бараду:

— Ніхто не змог бы прымусіць мяне стаць воем, як нельга прымусіць пакахаць. Я верыў у тое, за што пайшоў на смерць. Але я занадта мала ведаў пра жыццё і смерць. І нічога не ведаў пра Таго, хто ўладарыць над жыццём і смерцю, бо Яго не было ў маім сэрцы, апантаным юнацкай прагай славы.

— Цяпер ты паразумнеў? — у пытанні была не шкадоба, а лёгкая пагарда.

Вочы госця былі зусім ясныя.

— Розум — ненадзейны правадыр таму, хто шукае шлях да Госпада. Гэта гардыня, ланцуг, які прывязвае чалавека да ягоных мерцвякоў і не дае ўзыходзіць любові да ўсяго Божага свету. У Бібліі сказана — няхай мёртвыя хароняць сваіх мерцвякоў. Малітва мацней ведаў і зброі. Я проста навучыўся маліцца. За памерлых герояў. І за ворагаў.

Пані амаль зласліва адвярнулася:

— Як хрысціянка, я не магу адпрэчыць сілу малітвы.

Галена адчула, што патрэбна ўмяшацца,— маці магла зазлаваць усур’ёз.

— Раскажыце пра свае падарожжы.

Дзядок удзячна пачаў гаманіць пра святыя мясціны, дзе давялося пабываць, пра добрых людзей, што паспрыялі ў дарозе, як і яе мосць пані Вайтылава. Вось мінулай ноччу іх прытулілі ў доме шаноўнага пана Гаеўскага, што за некалькі вёрст адсюль, і дачка пана Гаеўскага перадала ахвяру на свечку да абраза Смаленскай Маці Божае, і, вядома, яны гэтую свечку паставяць і памоляцца за маленькага паніча, які пакутуе на хваробу горла...

Пані, не слухаючы далей, узнялася і моўчкі пайшла ў апачывальню.

Пакаёўка, скіроўваючыся за гаспадыняй, злосна прашыпела паломнікам:

— Гэць адгэтуль. Разбалабоніліся. Ідзіце ў гасцявую, і каб раніцай духу вашага не было, гіцлі.

Дзядок разгублена пераступіў з нагі на нагу, не разумеючы, з чаго ўгневалася пані, перахрысціўся і сышоў. Малады паломнік нейкі час глядзеў на дзверы, за якімі знікла гаспадыня, потым зноў неяк асабліва ўсміхнуўся і, не выказваючы ні здзіўлення, ні прыкрасці, таксама павярнуўся, каб сысці.

— Пачакайце!

Галена чамусьці сказала гэта па-французску. Але госць спыніўся, на імгненне застыў у дзвярах, нахіліўшы галаву. Потым зірнуў у твар дзяўчыне.

Галена зноў адчула нязвыклую няёмкасць:

— Слухай... Ты... вы не павінны крыўдзіцца на маці. Проста той пан, у якога вы спыняліся, нядобры чалавек. Ён... ягоная частка віны ў тым, што мае браты загінулі.

— Я ведаю пра гэта,— ціха прамовіў госць.— Не турбуйцеся. Мяне нельга пакрыўдзіць. Ноччу я буду маліцца за гаспадыню гэтага дома.

Ён яшчэ раз дзіўна зірнуў на яе, быццам жадаючы запомніць нешта важнае. Дзяўчына раптам усвядоміла, які ён гожы — нават з гэтым пачварным шнарам і ссівелымі доўгімі валасамі, са сваёй худзізнай і ў лахманах... Прыгожы, як вызубраная, пазбаўленая аздабленняў зброя,— бо прыгажосць улітая ў сталь, з якой яе скавалі.

Галена глядзела, як ён спускаецца па лесвіцы, лёгка кратаючы драўляныя парэнчы тонкай рукой. Яна бачыць яго апошні раз...

Лампада ледзь асвятляла невялікі пакойчык, падобны на келлю. Перад абразамі ўкленчыла постаць...

— Прабачце, я хацела толькі запытаць...

Галене давялося паўтарыць свой зварот яшчэ раз, гучней, рызыкуючы пабудзіць дзеда, які пахропваў дзесьці за сцяной, у сумежным з малельняй пакоі для падарожных. Госць падняўся, перахрысціўшыся, нетаропка падышоў.

— Я вас слухаю...

Нават не здзівіўся! Нібыта жыве ў нейкім іншым свеце, і падзеі гэтага не могуць узрушыць яго.

Дзяўчыне з цяжкасцю ўдалося падабраць словы. Яна здагадваецца, што госць мае незвычайную біяграфію, ён не з мужыкоў — гэта відаць, прабачце. У тым, што ён сёння гаварыў, ёсць нейкая дзіўная, незразумелая ёй праўда, адрозная ад той праўды, на якой выхоўвалі яе самую. На жаль, ёй няма з кім размаўляць пра такія... філасофскія, не пасуючыя дзяўчыне матэрыі.

— Вы сказалі, што мёртвыя павінны хаваць сваіх мерцвякоў. А ў гэтым доме толькі мерцвякі — сапраўды жывуць... А жывыя — цені, каштоўныя толькі сваёй памяццю аб памерлых.

Галена сама не верыла, што можа гаварыць такое,— маці, пачуўшы, не даравала б ніколі. І з кім гаворыць? З бадзягам, выпадковым госцем. А той уважліва слухаў, злёгку нахіліўшы галаву, і яго доўгія валасы звісалі гладкімі пасмамі паўзверх запалых шчок, і ў цьмяным святле вочы здаваліся ненатуральна вялікімі — як дзве азярыны.

— Давайце прысядзем, ваша міласць... Вось тут, на лаўцы... Зручна? — Ён прыладкаваўся насупраць яе на невялікім зэдліку.— Мне шкада чуць ад вас такія горкія словы. Бо вы маеце рацыю — мёртвыя не мусяць уладарыць над чалавекам. Але так здараецца амаль заўсёды. Так, гэта цяжка... Але хто сказаў, што нам павінна ў гэтым жыцці быць лёгка? Праўда і ў тым, што нельга, каб магільныя камяні засланялі неба. Мінулае, з якога не пракладзеныя сцяжынкі ў будучыню, перастае існаваць. Бо для Госпада няма мінулага і будучыні. І няма іх для душаў.— Памаўчаў, неяк вельмі пранікнёна прамовіў: — Прабачце мяне за дзёрзкае пытанне, але... Чаму вы не выйшлі замуж? Гэта быў бы ратунак — і для вас, і для ўсяго гэтага дому. Новае жыццё... Дзеці... Працяг роду...

Галена пачырванела, радуючыся, што ў цемры гэтага непрыметна. Чаму яна наважылася быць шчырай?

— Вы можаце сабе ўявіць, каб у гэтым доме-труне з’явіліся жаніхі? Дый нават калі б было не так — наўрад ці я змагла б звязаць свой лёс з чалавекам...— Галена хацела дадаць — «звычайным», але гэта было як прызнаць незвычайнай сябе. І, каб згладзіць няёмкасць, яна проста папрасіла госця, як і тады, у зале, расказаць пра свае падарожжы.

І той загаварыў... Безумоўна, ён колісь атрымаў выдатную адукацыю — добра валодаў словам і тым, што называецца «паэтычным мысленнем». Але была яшчэ адна неацэнная якасць — ён не баяўся сказаць нешта не так, недастаткова прыгожа ці разумна, не думаў пра ўражанне, якое робіць на суразмоўцу. У расповедзе паўставалі бясконцыя дарогі, то засыпаныя сумётамі, то ўсланыя восеньскай лістотай, то пыльныя, спякотныя, на якіх босая нага пакідае такі след, быццам узляцела птушка.

...Скіт з пачарнелага ад часу дрэва, на выспе пасярод зарослага лілеямі возера, і манах-чарнец корміць з рукі лебедзяў... Манастыр са сценамі, абпаленымі пажарам вайны, з вышчарбінамі ў сценах ад куль, і абраз у правым нефе міраточыць... І кожная аблачынка здаецца ўвасобленай малітвай, пазалочанай сонцам — Боскай увагай.

— Я пайду з вамі.

Паломнік упершыню нібыта ўзрушыўся:

— Гэта немагчыма...

Галена да болю сціснула свае далоні, быццам рыхтавалася скочыць з абрыву.

— Не лічыце гэта дамскім капрызам. Я больш не магу так — пахаванай жыўцом. Я не спешчаная, бездапаможная засцянковая паненка. Паверце, я дастаткова моцная і непатрабавальная, магу шмат прайсці пешшу, і згатаваць ежу, і ўвогуле зрабіць любую чорную работу. Шмат жанчын ходзяць гэтак жа, як вы, па святых мясцінах,— і прагаварыла хутка, нібыта баючыся сваіх слоў: — І... я пайду за вамі, куды б вы ні пайшлі.

Госць нахіліў галаву:

— Паўтару — гэта немагчыма. Я разумею, што вы атрымалі незвычайнае выхаванне. Можна сказаць, спартанскае. Але вы ўспрымаеце мяне праз свае рамантычныя ўяўленні. Я не той, кім вы мяне палічылі. Я ўсяго толькі варты жалю грэшнік.

Галена нават усміхнулася:

— Гэта не тыя словы, якімі можна мяне адпудзіць. Праз гадзіну я буду сядзець ля прыдарожнага крыжа, там, на павароце за сядзібай. Нікому не ўдасца мяне затрымаць ці адгаварыць. І я не буду прэтэндаваць на асаблівую ўвагу. Я разумею, вы — святы чалавек і жаночыя вабнасці вас не кранаюць. Тым больш,— горка ўсміхнулася,— я не магу асабліва чымсьці ў гэтым плане пахваліцца. Бачыце, маці не навучыла мяне нават прыстойнай дзявоцкай сарамяжнасці.

Госць глядзеў на яе, і ў цёмных вачах ягоных люстравалася яе пакута.

— Ты вельмі прыгожая, Галена. Павер. І я мог бы закахацца ў цябе — смяротна, на ўсё жыццё закахацца. Каб не быў... тваім братам.

Апошнія словы госць прашаптаў так ціха, што Галена хутчэй здагадалася, чым пачула.

— Алесь!

Як жа яна не пазнала сама... Такія ж гордыя бровы, як у маці... Рысы твару... Ён пяшчотна гладзіў сястру па валасах. Яе ніколі ніхто так не гладзіў! Які ж ён, аднак, схуднелы... Нешта абдрапала яе руку...

— Алесь! Навошта ты носіш вярыгі?!

— Можа быць, таму, што некалі лічыў гэта незразумелым дзікунствам. Бог літасцівы, і не кожнага спасцігае ўсведамленне, што цялесная пакута робіць палёгку душы... Не, не глядзі на мяне так, нібыта я насамрэч святы пакутнік. Была і цалкам празаічная прычына... Глядзі...

Алесь сцягнуў з пляча кашулю. Па скуры ішлі накрыж цёмныя палосы.

— Гэта не ўсе ад вярыгаў... Катаржаніна лёгка пазнаць па слядах ад бізуна. А так — менш падазрэнняў.

— Як жа ты мучыўся...— Галена ледзь стрымлівала слёзы.— Але цяпер — цяпер усё будзе добра! Ну чаму, чаму ты адразу не сказаў? Як ты мог не адкрыцца маці? Яна абагаўляе цябе! Няўжо ты падумаў, што мы збаімся схаваць цябе ці проста не здолеем дапамагчы? У маці засталіся ўплывовыя сябры, якія таксама лічаць цябе героем...

— Героем...— Алесь горка ўздыхнуў.— У мяне было часу, каб падумаць над сэнсам гэтага слова. Супакойся, прысядзь... Не варта турбаваць маці. Ведаеш, я даўно мог прыйсці ў Гайвароны.

— Але... чаму ты гэтага не зрабіў?!

— Галена, не спяшайся, падумай, хіба я — той, каго чакае маці? І цяпер я зайшоў сюды, толькі каб... развітацца.

— Не разумею...

Відаць, ад таго, што агеньчык лампады рабіў цені такімі глыбокімі і дрыготкімі, Галене падалося, быццам пакой кудысьці плыве ў гэтай мігатлівай цемры і голас Алеся гучыць аднекуль з іншага берага.

— Я іду ў Опціну Пустынь, прыму пострыг.

Галену захліснула хваля горкага гневу:

— Ты не думаеш, што гэта жорстка ў адносінах да нас? Ты можаш падараваць жыццё гэтаму дому, ператворанаму ва ўсыпальніцу!

Алесь прысеў побач на лаўку:

— Гэта было чатырнаццаць гадоў таму. У перамогу паўстання яшчэ верылі толькі тыя, хто быў гатовы аддаць за яго жыццё. Генусь, наш старэйшы брат, кіраваў атрадам. У нас засталася толькі пара дзясяткаў чалавек. Былі атрыманыя звесткі, што вось-вось прыбудуць карнікі. І мне даручылі сабраць атрад у нашых Гайваронах і ўдарыць у спіну прыхадняў. Мы ўсе былі маладыя і дзёрзкія і лічылі сябе напалеонамі. Мне было васямнаццаць, але я, мабыць, быў самым дзёрзкім з усіх. Я з’явіўся ў вёсцы, і людзі пайшлі за мной. Я быў іх добры паніч, і мужыкі верылі мне. Добраахвотнікаў сабралася шаснаццаць чалавек. Лепшыя людзі — вядома ж, бо на смерць першымі выклікаюцца ісці лепшыя. Я не мог дасканала ўзброіць іх — на ўсіх выпадала дзесяць стрэльбаў. Але гэта мяне не засмучала — мужыкі ператварылі косы ў дзіды, а гэта таксама страшная зброя. І мне бачылася, як мы налятаем знянацку на жандараў і пад ударамі мужыцкіх косаў чырванеюць ненавісныя мундзіры. І мы ехалі і спявалі старыя ваярскія гімны, а я ледзь не смяяўся ад шчасця баявога азарту.

Вядома, я прывёў іх пад кулі. Мае палымяныя прамовы з ганка царквы не засталіся незаўважанымі. Іх забілі ўсіх. Шаснаццаць дужых мужчын, гаспадароў. Ніхто не паспеў нават выстраліць у адказ. Мяне толькі паранілі. Я ачуняў у нетрах Бабруйскай крэпасці. Вядома, я чакаў, што мяне расстраляюць. Я хацеў гэтага — тады б я зноў апынуўся са сваім атрадам, мною паднятым у бойку. Але я быў малодшым, і браты ў чарговы раз захінулі мяне, нават сваёй смерцю. Страту замянілі пажыццёвай катаргай. І не было такой ночы, калі б я не думаў пра тых шаснаццаць.

Галена ўзяла рукі брата ў свае:

— Ты невінаваты. Яны ўсе мелі выбар, і загінулі за святую справу.

Алесь паківаў галавою:

— Я паўтараў гэта сабе кожны дзень. Але ў іх засталіся бацькі, жонкі, дзеці... Ты ведаеш, што зрабілі ў Гайваронах з родзічамі бунтаўшчыкоў?

Галена сцішана ўздыхнула:

— Гэта тым больш не твая віна. І, зрэшты, палкаводцы вядуць на гібель тысячы жаўнераў — і ніхто з іх не надзявае пасля вярыгі...

— Гэта так...— пагадзіўся Алесь.— І да гэтага выпадку — я ж біўся побач з Генусем і Януком, і вакол нас дзясяткамі гінулі людзі, і мне было горка. Але гэта было, як ні кашчунна такое гаварыць, звычайнай справай. Але тут... Разумееш, сонечная восеньская раніца... І я адчуваў сваё адзінства з тымі, хто ехаў за мною, і нейкі асаблівы ўздым... Гэта — мае людзі, з маёй радавой зямлі... Я быў юны, але гэта былі як бы мае дзеці. Даверлівыя і паслухмяныя. І загінулі толькі таму, што паверылі мне,— вера ў «святую справу» не паспела ў іх выспець.

— Ты занадта многа ўзяў на сябе, брат,— трывожна прамовіла Галена.

— Не хвалюйся, гэта ўжо перажыта,— зноў спакойна сказаў Алесь.— Гэтыя, апошнія, гады блуканняў і малітвы не прамінулі дарэмна. Я знайшоў супакой. Але каб захаваць яго — мне не варта вяртацца ў гэты дом. Зразумей, я не магу гэтага зрабіць. Я не шкадую, што калісьці ўзяў зброю, каб адваяваць волю для айчыны — я і цяпер памёр бы за тое, каб яна была вольная. Але я ніколі больш не змагу забіць. І не змагу не дараваць. Фактычна — той, юны і дзёрзкі, Алесь Вайтылаў памёр. Мне няма пра што гаварыць з тымі, хто жадае помсты. У мяне свой шлях, і я прайду яго да канца. Не шкадуй мяне, мілая. Я шчаслівы.

Галена павольна вярталася ў пакой. Заўтра ўсё будзе як і раней... Не, ён не мае права так абысціся з імі!

Маці адчыніла амаль адразу — нібыта і не спала. Дзіўна было бачыць яе ў белым.

— Алесь вярнуўся!.. Мама, чуеш? Той малады паломнік — гэта ён, Алесь! Ён сыходзіць на досвітку. Хоча пастрыгчыся ў манахі. Мама, калі ты з ім пагаворыш...

Пані Вайтылава ўзялася рукою за касяк дзвярэй. Рука дробна дрыжэла.

— Што ты гаворыш, дурнічка? Табе прыснілася.

Галена горача схапіла маці за дрыжачую руку — зусім халодная...

— Павер, мамачка! Гэта Алесь... Ён уцёк з катаргі. Яму трэба дапамагчы. Ён змэнчаны, спакутаваны... Можа быць, і душа ў яго надарвалася ад пакуты. Пагавары з ім! Затрымай!

Цяпер у пані дрыжэлі нават вусны. На хвілю Галене падалося, што маці ўголас заплача. Але тая моцна адштурхнула ад сябе дзяўчыну.

— Ты гаворыш абы-што. Мой сын ніколі не заначаваў бы ў доме здрадніка і забойцы братоў. Я больш не хачу пра гэта размаўляць.

Дзверы зачыніліся. Бразгнуў замок. Потым зашаргаталі шуфлядкі камоды. Галена зразумела — маці дастае дагератыпы і старыя лісты... І зноў хвалі мінулага паглынаюць гэты пракляты дом.

Перад клумбай у форме вычварнага вензеля, на якой апошнія восеньскія кветкі зіхацелі барвай і беллю, дзядок дробна кланяўся і шаптаў словы ўдзячнае малітвы. Так што здавалася, быццам ягоныя паклоны адрасаваныя не дому, што прытуліў на ноч, а менавіта гэтай пышнай клумбе, нібыта паганскаму алтару. Галена з Алесем адышліся да варотаў. Ні абняць, ні прыціснуць да сябе на развітанне... Убачаць, данясуць... Грудзі дзяўчыны разрываліся ад стоенага плачу.

— Не журыся, мілая.— Алесь ласкава крануў яе валасы. Галена заплюшчыла вочы, каб дарэшты запомніць адчуванне апошняе ласкі роднага чалавека.— Не журыся,— паўтарыў той.— Знайдзі сабе мужа. Не трэба героя, проста — сумленнага чалавека. Я буду маліцца за цябе.

Апошні братаў падарунак — ладанка. Бязлітасна грукнулі вароты. Быццам вечка труны. Галена ў прыпадку гневу азірнулася на ненавісны дом. У акне на другім паверсе ўпалі фіранкі.

Маці ведала...

Галена больш не магла стрымліваць плачу. І раптам адгукнуўся варонін крык. Дзяўчына паглядзела ўверх — сапраўды, над паркам кружлялі вароны. Вярнуліся... Зноў заселяць месца, дзе вынішчылі іх продкаў.

У наступным годзе паненка Вайтылава пабралася з настаўнікам Гайваронскай земскай школы. Гэта быў страшэнны мезальянс — Гайвароны не так даўно належалі Вайтылавым. І настаўнік быў галадранец, нават не дваранін. Маладыя пасяліліся ў вёсцы, у сціплым настаўнікавым доме.

Пані Вайтылава на ганебны ўчынак дачкі аніяк не адрэагавала. Праўда, казалі, што яна пашкодзілася ў розуме. Не дзіўна — столькі пакутавала па трох загінулых сынах.


Хлебазоры

Ён ніколі не адшукае патрэбных слоў!

Агеньчык свечкі падбіраўся ўсё бліжэй да дзюбы срэбнага грыфона-падсвечніка. Вось ужо чорны пасак кнота скурчыўся, скруціўся, падобна маленькай змейцы, у лужыне воску, зашыпеў, як сапраўды жывая змяя... Цені выпаўзлі з кутоў, імгненна запаланіўшы ўвесь пакой.

Вінцэнт, аслеплены раптоўнай цемрай, з прыкрасцю кінуў асадку на стол, відаць, запэцкаўшы атрамантам напалову спісаны аркуш. Трэба гукнуць, каб прынеслі агню, запалілі новую свечку...

Але ён чамусьці гэтага не зрабіў. Сядзеў і глядзеў у цёмнае акно, на неба, па якім прадрапвалася яркая плямка — быццам за чорным задымленым шклом-небасхілам хаваўся свет бляску і святла. Знічка... Вінцэсь ужо даўно не загадваў жаданняў на знічкі. Ніводнае ж са загаданых дасюль не спраўдзілася. Можа быць, ён проста не ведаў, чаго пажадаць? Напрыклад, спакойнага, усталяванага жыцця... Бо гэтага яму адмерана — хоць задушыся тым спакоем... Сорак гадоў — а яму ўсё спакойна... Быццам карабель, замест таго каб адпусціць у мора, адразу паставілі ў сухі док, і дошкі ягоныя ўжо патрэскаліся ад тугі па хвалях... А за акном між тым палыхнула чырванаватае святло, нібы той, прыўкрасны, сусвет падаў знак аб сваім існаванні — не ўсё яшчэ згублена ў цемры часу.

Сухія навальніцы? На пачатку лістапада?

У дзверы настойліва пастукалі. Ну, так, час вячэры. Роўна а шостай вечара. Не раней і не пазней. Колькі дзяцей у гэтым доме заставаліся без салодкага за тое, што спазняліся да ўрачыстага сямейнага стала! А сёння вячэра асаблівая — Асяніны, Змітраўскія Дзяды. Продкі сядуць разам з жывымі нашчадкамі за стол, і ён ізноў уявіць — ці сапраўды ўбачыць — прывідныя вочы, што паглядаюць з паблажлівым дакорам.

Вінцэсь намацаў рукой кульбачку, што звалілася на падлогу, абапёрся, рыўком падняў з крэсла сваё дужае цела. Так, усё яшчэ дужае — яны з братам абодва былі плячыстыя, высокія, хваліставалосыя. За буйную грыву валасоў ім нават далі мянушку Львяняты.

Цяпер кудзеры Вінцэся зусім сівыя... Але целу ён не даў саслабець, спесціцца, заплысці тлушчам. Як бывалы ваяр нават падчас доўгага зацішша трымае напагатове зброю.

Хаця ён, Вінцэсь, не ваяр...

За сталом сабралася ўжо ўся сям’я — чакалі толькі яго. І бацька, як і некалі, сурова зірнуў з-пад насупленых броваў — цяпер ужо зусім белых. Што ж, Вінцэсь не супраць саступіць сваё салодкае... Ну хаця б малодшай сваёй дачушцы, гарэзе Янінцы. Вунь як яна па-змоўніцку пазірае на бацьку і ўсміхаецца краёчкам ружовага роціка. Відаць, паспела выхапіць з куцці кавалачак празрыста-мядовага цукату і зжаваць, маленькая блюзнерка. Гэтаксама міла ўсміхалася калісьці Марыя, яе маці і Вінцэсева жонка. Яна сядзіць злева ад свёкра, па-ранейшаму стройная і прыгожая, толькі рысы твару сталі больш рэзкімі, між броваў пралягла зморшчына, а вусны ўжо даўно не кранае ўсмешка. Апошні раз яна бесклапотна ўсміхалася, мабыць, яшчэ калі была нявестай старэйшага Вінцэсевага брата, Славаміра.

У іх добрая сям’я — у Вінцэся і Марыі. І цудоўныя дзеткі, і згода, і... Але вось жа не ўсміхаецца Марыя чамусьці так, як колісь... Бацька, старэйшы з роду, цяжка абапіраючыся рукамі аб старажытны дубовы стол, за якім сядзела мо з дваццаць пакаленняў роду Севярынічаў, падняўся і надтрэснутым, але ўсё яшчэ гучным голасам прачытаў малітву. Потым кінуў пад стол рытуальны кавалак хлеба.

— Стаўры, Гаўры, ідзіце куццю есці...

Сын Габрусь, ужо падлетак, падобны на жвавае галчаня, гэткі ж калматагаловы, як Вінцэсь, нешта шапнуў сястрычцы Янінцы, і тая ледзь чутна віскнула і падабрала ножкі. Відаць, пагразіў, вісус, што прывідныя паляўнічыя сабакі Дзядоў — Стаўры і Гаўры — зараз укусяць пад сталом.

Так, прывіды наносяць раны больш балючыя і незагойныя, чым рэальная зброя. Вінцэсь глядзіць на дальні кут стала, дзе перад пустым крэслам — міска, у якую адкладзена па лыжцы ад кожнай стравы, і чарка гарэлкі, з якой ніхто не адап’е. Цікава... Славамір быў старэйшы ўсяго на год, але ён ужо мае права заняць месца на гэтым пустым крэсле, як Вінцэсеў продак, і судзіць яго сваёй прывіднай уладай... А за што, Божа мілы?

Прайшло ўжо дваццаць гадоў. На папялішчах, што засталіся ад многіх сядзіб, выраслі маладыя дрэўцы. Бацька не хацеў, каб ад роду Севярынічаў засталося толькі папялішча і — няхай слаўная — памяць. А яны абодва — і Славамір, і Вінцэсь — збіраліся далучыцца да інсургентаў, як і амаль усе іх сябры па Віленскім універсітэце. Столькі разам марылі, складалі ўзнёслыя вершы, а яшчэ вучыліся трапна страляць і добра валодаць шабляй... Але бацька вырашыў іначай. Вядома, Севярынічы ніколі не ўнікалі бойкі, асабліва калі гэта — бойка за волю. Таму няхай адзін з сыноў падтрымае гонар роду. А другі мусіць падтрымаць ягоны працяг — і застацца, бо калі загінуць абодва, герб разаб’юць на магіле таго, хто з іх трох памрэ апошнім. Не засталося ў свеце больш ніводнага Севярыніча, а ў жылах іхніх цячэ кроў вялікіх князёў, і занадта вялікая раскоша — касаваць такі род.

Па традыцыі, што існавала ў іх краях, заставацца на дзедаўшчыне мусіў малодшы.

Слова бацькі для іх заўсёды было законам. Але Вінцэсь збіраўся аслухацца. І ён бы паехаў за Славамірам, калі б не прыкрае здарэнне. Раніцай ён звычайна наведваў свайго Аякса, белага, з шэрымі падпалінамі каня, падоранага яму яшчэ жарабём. Чамусьці менавіта ў тую раніцу, што была прызначаная для ад’езду, бервяно, цераз якое ён няўважна пераступаў столькі год, сарвалася з падпорак і прыціснула нагу. Добра, што побач аказаўся конюх Базыль, іначай пракаветная сасна — таўшчынёй у паўабхвата — нарабіла б яшчэ большай бяды, бо Вінцэсь паваліўся і амаль страціў прытомнасць ад болю. Пералом аказаўся цяжкі, ступак ледзь не раструшчыў, Вінцэсь кульгае дасюль. Бацька тады сказаў: «Божая воля... Знак лёсу». А Славамір суцешыў: «Мы ўсё роўна будзем змагацца разам, браце!»

І з’ехаў, каб праз год загінуць самай слаўнай для мужчыны з рыцарскага роду смерцю — у бойцы, пад штандарам выбітнага вайскаводцы, адабраўшы жыцці многіх ворагаў.

Вінцэсь пасля таго, як вымушаны быў застацца, па загаду бацькі кінуў універсітэт. І — ніякіх зносін з інсургентамі. Іх сям’я і так пад падазрэннем. Вядома, Вінцэся і бацьку таксама цягалі на допыты. Але абышлося. Хаця небяспека была большай, чым ведаў бацька,— Вінцэсь не раз дапамагаў сябрам, чым мог, і не раз у яго пакоі начаваў госць з лесу, каб яшчэ перад досвіткам сысці рамантычным шляхам — праз акно.

Ніхто не здрадзіў, не выдаў.

Вінцэсь выйшаў з крывавае сячкарні чысценькім. А столькі разоў марыў загінуць...

А галоўнае — Марыя...

Так, вядома, ён кахаў яе. Яны са Славамірам былі надта падобныя, каб мець розныя густы наконт ідэалу жанчыны. Горкае імя, у якім з’ядналіся пыл біблейскай пустэльні і дыяменты горада Магдалы. На тонкіх запясцях Марыі бранзалеты пазвоньвалі, як сігналы аб прыбыцці нябеснага чоўна — пераправы на іншы бераг, дзе можна толькі ўдыхнуць пах валасоў каханае жанчыны — і спазнаць сэнс жыцця. Марыя — Ева... Смак яблыка звязвае ў роце, быццам няшчырыя словы, і ты ўжо загінуў і не хочаш ратавання ад салодкай атруты.

Яна па начах вышывала штандар для іхняга атрада. І, вядома, Славамір быў яе героем, якога сустракаюць раз у жыцці.

Віна з’явілася даўно. Яшчэ тады, калі Вінцэсь выпадкова падгледзеў іх спатканне ў квітнеючым садзе — Марыі і Славаміра. Дзяўчына, у белай простай сукенцы, гнуткая і вясёлая, слізгала між дрэваў русалкай, квецень упляталася ў яе цёмныя косы, і Славамір лавіў сваё шчасце між шурпатых яблыневых ствалоў, у духмяным дажджы пялёсткаў. І смех іхні стаіць дасюль увушшу ў Вінцэся — быццам разбіваюцца яго ўласныя крышталёвыя замкі... І ён дасюль не можа дараваць сабе, што не адвёў вачэй, калі іх вусны — магчыма, першы раз — злучыліся... І зусім недаравальны боль, які працяў тады душу, змусіў сціснуць кулакі так, што востры аловак, заціснуты ў правай руцэ, глыбока ўвайшоў у даланю,— Вінцэсь прыладкаваўся з запаветным сшыткам-чарнавіком у сваім улюбёным сховішчы, у разгалінаванні старой яблыні. Боль ад раны адчуўся толькі тады, калі Марыя і Славамір сышлі кудысьці ў бок рэчкі, трымаючыся за рукі, як дзеці, і іхні смех рассеяўся ў веснавым паветры.

Вінцэсь толькі спадзяецца, што ніколі — ні словам, ні позіркам, ні ўздыхам — не даў зразумець дарагім людзям свае нізкія — ён шчыра так лічыў — пачуцці.

Марыя мусіла ўвайсці ў сям’ю Севярынічаў.

Гэта было абгаворана яшчэ да ейнага нараджэння. І калі загінуў Славамір — Вінцэсю давялося заняць месца брата. Стаць ценем яго кахання, адабраць у мёртвага адзінае, што ў таго засталося на зямлі,— памяць і слёзы. Ведаць, што ноччу яна цягнецца да вуснаў — не ягоных... І, раптам усведамляючы прысутнасць іншага, жывога — кожны раз скаланаецца і змушае сябе да пакоры... І ён, як лясны бог Пан, абдымае замест каханай толькі сухі журлівы трыснёг...

Вершнік на белым кані, з узнятай угару шабляй... Чаго варты перад ім кульгавы дэзерцір, які адседзеўся ад слаўных боек пад жончыным бокам?

Свечка, пастаўленая ў місу з бурштынавым зернем, асвятляла шлях нябожчыкаў да памінальнага стала. Марыя моўчкі ўзіралася ў вясёлы агеньчык, быццам заварожаная ягоным спагадлівым бляскам, а Вінцэсю здавалася, святло ўтварае вакол стала кола, якое толькі і абараняе ад зліцця жывога і мёртвага, віны і пакарання, праўды і маны...

— Тата,— шапнуў Габрусь, раптам пасур’ёзнеўшы.— А я сёння чуў цікавае слова...

— Кажы,— Вінцэнт цёпла ўсміхнуўся сыну.

— На кухні старая Анця гаварыла: «Бачыла сёння хлебазор над Цівуновай пушчай. Мусіць, зіма сцюдзёная будзе». Я перапытаўся, хлебазор, відаць, тое, што па-руску зарніца, сухая маланка. Чаму такое дзіўнае слова, тата,— «хлебазор»?

— Пасля паразважаем разам. Дзякуй, сынок, гэта сапраўды каштоўныя звесткі, я занясу тваё слова ў картатэку,— прамовіў Вінцэсь, і Габрусь прасвятлеў тварам.

Марыя адно зірнула раўнадушна-паблажліва. А дзед з’едліва выказаўся:

— Яшчэ не кінуў свае штудыі? Мужыкі табе нагавораць, за дзесяць жыццяў не пазапісваеш. Антоні Вырвіч, між іншым, мануфактуру збіраецца адчыняць па вырабу габеленаў. Выпісаў з Нямеччыны машыны і майстра-мастака...

— Прагрэсіст пан Антоні вядомы,— спакойна зазначыў Вінцэнт.— Памятаю, мне яшчэ гадоў дзесяць было, ездзілі да яго ў госці. І мы са Славамірам прыбеглі да вас у залу з рэвам, што ў сенцах сядзіць мужык-казёл, і прасілі, каб гэткае страхоцце адправілі назад у вёску. А пан Антоні і кажа з мілай усмешкай: «Дурню, гэта ж мужык пакараны, яму рагаціну надзелі, а ногі яго ў крэслах». І на мануфактуры ягонай будуць працаваць няшчасныя дзеўкі, адабраныя ад сям’і, і траціць вочы і здароўе на падробкі французскіх габеленаў, хаця маглі б у сваіх хатах, спяваючы, выткаць непаўторныя, з тонкім арнаментам і каларыстыкай посцілкі.

— Спрачацца не буду. Ты ў нас вядомы знаўца мужыцкіх вырабаў.— Бацька замаўчаў, і нават маленькая Янінка не наважылася больш перапыніць суровае маўчанне, быццам гэта было як разарваць павуту гіганцкае Арахны, што запляла, знерухоміла ўсё навокал, і выклікаць тым з’яўленне багіні зла.

Агеньчык свечкі крыху ўздрыгваў, і ад гэтага цені ў пакоі варушыліся, плылі карагодам вакол жывых.

Так, трэба яшчэ папрацаваць сёння... Колькі часу? Сем? Пачатак восьмай? Часу заўсёды не хапала. Вунь іх колькі, рукапісаў, картак з сабранымі моўнымі самацветамі — Вінцэсь усур’ёз узяўся за даследаванні адразу пасля таго, як усвядоміў, што ваярская доля ад яго забраная. Інтарэс да мясцовай гаворкі ўзнік яшчэ ва ўніверсітэце. Тады найбольш прагрэсіўныя, разумныя выкладчыкі самі заклікалі да гэтага. Належала вывучыць, так бы мовіць, чым жыве душа насельніцтва далучаных да імперыі новых губерніяў. На гэта даваліся, няхай небагатыя, сродкі. І расійскія філолагі нават не чакалі, што напаткаюць такі скарб, што на іх вачах узнімецца з цемры няведання цэлая Атлантыда самабытнай культуры. Курганы, на якія па начах выходзяць прывідныя рыцары і лірнікі, азёры, на дне якіх — патанулыя гарады, пракаветны свет русалак, жытнікаў, лесуноў, свет ваярскіх песень і чысцюткай славянскай мовы... Інтарэс у спецыялістаў да гэтага не згасаў. Таму была магчымасць зрабіць хоць нешта для сваёй краіны, адкрыць яе свету.

Вінцэсь не шкадаваў сябе, не зважаючы на нараканні, неразуменне, пагарду, на хворую нагу. Ён абхадзіў і аб’ездзіў усе навакольныя вёскі і вёскі далейшыя, згубленыя ў пушчах і балотах. Знаходзіў у закінутых уніяцкіх цэркаўках старадрукі, паедзеныя мышамі, са старонак якіх ззялі вясёлкамі мініяцюры даўно памерлых мастакоў. За дваццаць гадоў зроблена нямала — зборнік легенд і паданняў, кароткі слоўнік беларускай гаворкі, артыкулы ў навуковых выданнях Масквы і Санкт-Пецярбурга, Кракава і Прагі... А колькі яшчэ чакае ў рукапісах! Ёсць імя, аўтарытэт... Але — там, у вузкіх інтэлігенцкіх колах. Тут у яго няма нічога, акрамя права насіць прозвішча, праслаўленае героямі, што загінулі за радзіму.

Добра, хоць Габрусь падзяляе бацькава захапленне... Нават не захапленне ўжо — апантанасць. Недарэмна расказваліся ў дзіцячым пакоі дзівосныя казкі пра вужыную каралеву і асілка Машэку, пра Багародзіцу, якая хадзіла па гэтай зямлі і пабіла нагу аб камень, і пра цмока, які закахаўся ў сялянскую дзяўчыну і прыходзіў да яе панічам у чырвоным жупане... У гімназіі, дзе вучыцца Габрусь, добрыя выкладчыкі па моўных дысцыплінах. І здольнасці ў хлопца маюцца...

Вінцэсь акуратна напісаў на чыстай картцы слова — тое, што вычуў Габрусь. Але гэта было апошняе, што ўдалося ў гэты дзень зрабіць... І, магчыма, апошняе ягонае даследаванне ўвогуле.

Тое, што напрарокавалі чырвоныя хлебазоры, не было нечаканасцю для Вінцэся.

Чаму прыхадні абралі менавіта вечар Асянін для свае нядобрае справы? Напэўна, непакоіліся, што ён, некім папярэджаны, уцячэ, з’едзе. Ды і не лічылі, што робяць нешта нядобрае. Пан Вінцэсь Севярыніч мусіў неадкладна паехаць з імі, у губернскі горад, дзе праводзіцца следства з нагоды выяўлення ў выдадзеных ім кніжках крамольных, непачцівых да імператарскай улады выказванняў... Ёсць і яшчэ адна брашурка. Хадзіла па руках студэнтаў. Аўтар схаваўся пад псеўданімам — але такія-сякія здагадкі ў следства маюцца.

На гэты раз пакой быў асветлены ярка — свечкі гарэлі ва ўсіх падсвечніках, быццам на балі ці пахаванні. Вінцэсь сядзеў у крэсле з кнігай у руках і зрэдку кідаў позірк на тое, як жандары звальваюць у вялікі мех ягоныя рукапісы, ссыпаюць карткі з картатэкі. Дзіўна, але ён адчуваў сапраўды толькі спакой і стому. Зразумела, многае загіне. Але — не ўсё. Ён недарэмна спяшаўся. Адзіная турбота — падвёў выдаўцоў. Але іх выратуе яго маўчанне. Прынамсі, ён зробіць для гэтага ўсё, што ў чалавечых сілах — і нават крыху больш.

— Гэта нейкая памылка,— голас бацькі гучаў так разгублена, што Вінцэся працяў востры жаль.— Мой сын не мог ні ў чым правініцца.

Вінцэсь горка ўсміхнуўся. Вядома, бацька лічыў яго зусім бясшкодным, дакладней — бескарысным дзіваком.

— Ён проста вывучае мовы,— гэта загаварыла Марыя, таксама разгублена, аж голас трымціць.— Ён вучоны... Яго друкавалі ў часопісе імператарскай Акадэміі... Палавінная Дзямідаўская прэмія за «Параўнаўчы слоўнік геаграфічных назваў славянскіх»... Ягоныя доследы ўхваляў сам Надзеждзін!

Гэта ж трэба! А Вінцэсь лічыў, што Марыя ніколі не цікавілася яго справамі!

— Мовазнаўства, шаноўная пані, можа быць страшнейшым за ўзброенае паўстанне,— голас гучаў, як на лекцыі, бач, якога інтэлігентнага Харона прыслалі па ягоную душу...— Вы ведаеце, што ваш муж і ваш, пан Севярыніч, сын сцвярджае ў сваіх ксёнжачках? — цяпер голас дрыжэў ад абурэння.— Што расійска-крывіцкі дыялект, на якім гавораць мясцовыя хлопы, гэтая брудная, грубая, неўразумелая хамская гаворка ёсць асобная мова! Якая стаіць упоравень з вялікай рускай ці той жа нямецкай! І доказна, трэба заўважыць, сцвярджае. Прынамсі, маладыя розумы такое чытанне можа збянтэжыць. А што з гэтага вынікае? Новы бунт? А якія прыклады прыводзіць — схізмацкія песні пра бойкі з маскалямі! Куды толькі глядзелі ўсе гэтыя акадэмікі!

І яшчэ дадаў, ужо зусім не па-лектарску, што каб служыў ён тут дваццаць год таму, выкараніў бы ўсю заразу бунту дашчэнту.

Грозны прамоўца зайшоў у пакой, дзе знаходзіўся арыштаваны. Малады, прыгожы, вусы заліхвацкія — як у гусарскага кавалергарда, ноздры ваяўніча раздзімаюцца. Відаць, незадаволены, што арышт пазбаўлены баявітасці,— бунтаўшчык не адстрэльваецца, не хаваецца, нават не каецца. Відаць, Вінцэсеў спакой, ды яшчэ тое, што дзяржаўны злачынца чытае кнігу, змусілі госця страціць раўнавагу. Ён груба выхапіў з рук гаспадара невялікі томік.

— Байран... «Шыльёнскі вязень»...— насмешна тыцнуў кнігу ўладальніку.— Што ж, гэта — чытайце... Рыхтуйцеся, так бы мовіць, тэарэтычна.

Жандары збіралі з падлогі апошнія карткі, рассыпаныя, быццам загадкавы пасьянс, які ў выпадку, калі сыдзецца, адчыніў бы чарадзейнымі словамі дзверы ў дзівосны свет. Але госці не верылі ў чарадзейнасць слоў.

У ліхтары, падвешаным на бронзавым гаку над ганкам, гарэла свечка, і агеньчык трымцеў яркай хусткай, якой хтосьці адчайна махае, развітваючыся. Бацька стаяў у вітальні перад расчыненымі на вуліцу дзвярыма і... неверагодна, але так! — плакаў. Ён не глядзеў на Вінцэся, толькі плечы ўздрыгвалі. А вось — Габрусь. Закусіў вусны, стараецца не ўраніць слязы. Адно вочы гараць. Дай, Божа, каб гэтаму Севярынічу не давялося даводзіць сваю годнасць, сыходзячы ў лес ці турму. Затое Янінка плача — ёй, вядома, не патлумачылі, што адбываецца, але хіба можна падмануць яе чуйнае сэрцайка? Вунь як яно калоціцца — Вінцэсь расцалаваў залітыя слязьмі ружовыя шчочкі малой, што кінулася да яго, абшчаперыла з усіх сіл слабымі ручкамі... Шаптаў нешта суцяшальнае... Вядома, ён вернецца, хутка, і з прыгожай лялькай, ведаеш, у такой пышнай каралеўскай сукенцы. Ідзі, маленькая, укладвайся ў ложак... Нянька павяла дзяўчынку на другі паверх, у дзіцячы пакой, туды, дзе на століку — змайстраваны Вінцэсем палац з ліпавых трэсачак, аздоблены кавалачкамі бурштыну — жытло вужынай каралевы.

Прыслуга тоўпіцца... Спалоханыя, цікаўныя — не ўсе памятаюць, як яно было дваццаць год таму...

Марыя выйшла за ім на ганак. Вядома, ім дазволяць развітацца... Тут, у святле прыадчыненых дзвярэй, на скразняку, у час, калі вецер залятае ў цёплае чэрава дома, выстуджвае жытло.

Як яна пазірае... Быццам хоча разгледзець адбітак ў старым люстэрку з адслоенай амальгамай.

— Што з табой зробяць?

А ён думаў пачуць: «Што ты зрабіў?»

— Не хвалюйся, не думаю, што чакае страта. Найгоршае, што можа быць — высылка. З гаспадаркай ты зладзіш без мяне — у цябе гэта атрымліваецца лепей. Даруй...

Вінцэсь ведаў, што высылка — занадта мякка. Наўрад ці абыдзецца без заключэння ў якісь каменны лёх, без допытаў. У салдаты — наўрад, ён жа кульгавы... А на катаргу — цалкам магчыма. Але не, такіх, як ён, звычайна хаваюць жыўцом у крэпасці. Ды навошта Марыі пра гэта ведаць? Усе пакуты, якія наперадзе,— нішто перад дваццаццю гадамі адзіноты і самакатавання.

— Калі цябе сашлюць, я буду прасіць, каб паехаць за табою.

Вінцэсь нахіліў ссівелую калматую галаву:

— Не трэба, дарагая. Твае клопаты павінны быць пра дзяцей, бацьку... Я спраўлюся сам.

Жанчына неяк дзіўна рассмяялася:

— Ты заўсёды быў такі... Ганарлівы да дурасці. Вырашыў пакараць сябе адзінотай, а пакараў і мяне.

— Прабач...— Вінцэсь, намаганнем волі здушыўшы боль (гэта ён умее), пацалаваў яе — лёгка-лёгка — у лоб.

Марыя нечакана абхапіла ягоную галаву, і ён адчуў, якія гарачыя яе вусны,— упершыню яна цалавала не прывід, а менавіта яго, Вінцэся. А можа, сапраўды ўсе гэтыя гады толькі ён сам выклікаў з’яўленне прывідаў? А ён мог бы быць шчаслівым... Але шчаслівым нечакана пачуўся толькі цяпер — як жаўнер, які пасля пакутлівых блуканняў дагнаў свой полк, нават ведаючы, што той мусіць ісці ў апошнюю бойку.

Ужо ля фурманкі, у якую ўсеўся, чакаючы арыштаванага, малады афіцэр, Вінцэся дагнаў конюх Базыль, ужо зусім старэнькі, сагнуўся, цалуючы пану руку.

— Думаў сказаць пану перад сваёй смерцю... Ды, відаць, Бог цяпер загадвае. Мая віна, пане... Бервяно, што на нагу вашую звалілася... Гэта ж я ноччу падпілаваў апоры. Ведаў, куды вы кожны дзень ступаеце.

Вінцэсь быў агаломшаны.

— Навошта ты гэта зрабіў?

Базыль тросся ад плачу:

— Прабачце, пане... Стары пан загадаў. Каб толькі трохі пакалечыць... Казаў, іначай заб’юць вас... Даруйце, пане. Грэх на душы маёй.

Перад тым як фурманка выехала за браму, Вінцэсь апошні раз азірнуўся на свой дом. Над дахам палыхнула чырвонае святло — хлебазор. Сухая маланка.

...І Славамір паклаў нябачную руку Вінцэсю на плячо: «Ну што, браце, я ж сказаў, што мы будзем біцца разам!»


Цені забытага карнавалу

Пазалочаная фольга склейвалася кепска, і ад гэтага латы здаваліся бязлітасна пасечанымі варожым мячом. Аднак Анцік не хацеў і чуць пра іншы карнавальны касцюм. Ён будзе толькі срэбным рыцарам! Такім жа, як на іхнім гербе. Старэйшая сястра, шэравокая Настасся, ужо зусім зазлавала, перапэцканая клеем, аблепленая срэбнымі ашмёткамі,— вось выдумкі малечы!

Але ў сям’і Карвароў Каляды святкаваліся з асаблівым размахам. Нават бацька, такі звычайна заклапочаны і сур’ёзны, не лічыў ганебным упрыгожваць ялінку, дапамагаць у прыдумцы карнавальных жартаў і гульняў.

На гэтыя Каляды таксама чакалася шмат сюрпрызаў. Дарослыя блукалі па доме з таямнічым выглядам. Калматая котка Заіра, матчына ўлюбёнка, уцякала з віскам з кутняга пакойчыка, дзе адбываліся рэпетыцыі. І, вядома, па шафках і шуфлядках хаваліся скрыначкі і пакуначкі з падарункамі. У іхняй сям’і быў звычай, акрамя куплёнага, дарыць адно аднаму нешта, зробленае сваімі рукамі. Ну хаця б аксамітны вацок, вышыты незабудкамі, або выразанага з ліпавай драўніны конніка, нехлямяжага, але вельмі баявітага.

Анцік, прадстаўнік найноўшага, прагматычнага, пакалення, вырашыў пытанне вельмі проста: склаў спіс таго, што б ён жадаў атрымаць ад кожнага з сямейнікаў. Не дзіўна — усё, пра што ён марыў, тычылася доследаў у прыродазнаўчых навуках, а набываць у якасці каляднага падарунка кварту фармаліну, далібог, нікому б і ў галаву не прыйшло. Хаця Анцікава калекцыя заспіртаваных апалонікаў, жабак, яшчарак ды іншых малапрывабных істот карысталася вялікім поспехам у Настассіных сябровак — Анцік спецыяльна завабліваў неспрактыкаваных дзяўчатак у свой пакой, каб пачуць прыемнае хлапечаму вуху верашчанне. Акуратныя шэрагі расстаўленых па паліцах слоікаў, у якіх плавала ўсялякае страхоцце, рабілі ўражанне не толькі на гімназістак. Адзіны, у кім калекцыя выклікае замілаванне,— сусед Стась. Ён ужо вучыцца на першым курсе медыцынскага ўніверсітэта, адрасціў доўгія валасы і нават спрабуе адпусціць бараду, хаця пакуль яна не вельмі самавітая і, сказаць па праўдзе, на званне барады нават не цягне.

Стасік вельмі разумны і смелы. І пазнаёміліся яны з ім, калі тры гады таму чарнавокі сарамлівы падлетак даў нырца ў страшны Баламутаў вір, каб дастаць Настассін саламяны капялюшык. Гувернантка-францужанка тады ад жаху самлела, і давялося пырскаць ёй у твар вадою і пасля доўга ўпрошваць, каб не расказвала нікому пра неразумны ўчынак «сэра Ланцэлота» — так мадэмуазэль Алін празвала Стася. Анціку было ўсяго восем год, але новы знаёмца размаўляў з ім, як з дарослым, і пра вельмі сур’ёзныя рэчы — напрыклад, як зладжана дыхальная сістэма жабы, або пра жывёльны магнетызм ці тэорыю эвалюцыі Дарвіна.

Анцік шчыра дзівіўся, чаму яны раней ніколі не бачыліся са Стасікам? Маёнткі ж побач — Залессе, адкуль родам Стась, і іхнія Рэчыцы, і ў доме Карвароў заўсёды любілі гасцей. Прынамсі, пасля таго выпадку над вірам Стасік пачаў заходзіць падчас кожных вакацый. Пра Стасевых бацькоў Анцік не ведаў нічога, акрамя таго, што залескі пан — палкоўнік у адстаўцы і мае сувязі ў Санкт-Пецярбурзе, адкуль і прыехаў. Ніякіх спробаў зблізіцца з кімсьці з суседзяў залескія паны не рабілі. Ды якое гэта мела значэнне, калі са Стасевай лёгкай рукі калекцыі птушыных пёраў і яек і шмат чаго іншага папаўняліся, а жывёльны свет маёнтка Рэчыцы ўзбагаціўся дзвюма парамі дзівосных галубоў — белых, як малако, і пухнатых, быццам растрапаліся, прадзіраючыся скрозь аблокі.

Але паступова Анцік пачаў з прыкрасцю падазраваць, што заходзіць старэйшы сябар не столькі для таго, каб прынесці яму новую кніжку пра жывёл, а каб пабачыцца з капрызуляй Настассяй і завесці з ёй нецікавыя гаворкі пра нейкага Дастаеўскага, Славацкага, Заля і ўвогуле пра незразумелыя Анціку рэчы, тыпу жаночай эмансіпацыі. Прычым яны заўсёды спрачаліся — Стасік паблажліва, захоўваючы мужчынскую годнасць, Наста — горача, аж да слёз. І яе шэрыя вочы так гарэлі, а голас гняўліва дрыжэў, што Анцік, напэўна, уцёк бы ад гэткай шалёнай. Нават мадэмуазэль Алін, якая не раз была сведкай падобных звадак, не вытрымлівала і бегла па нюхацельную соль — для сябе, вядома. А Стась адно ўсміхаўся. І Анцік кожны раз думаў з патаемным задавальненнем, што цяпер яго сястрыца не захоча больш сустракацца з чарнавокім задзіракам. Але, калі госць сыходзіў, хлопчык са здзіўленнем заўважаў на твары Насты дзіўную мяккую ўсмешку, а позірк сястры пралятаў, не затрымліваючыся, праз нецікавыя прадметы інтэр’ера ў нейкія нетутэйшыя далячыні.

З’явілася тая ўсмешка на ейных вуснах і цяпер, калі пакаёўка прыбегла з паведамленнем, што прыйшоў залескі паніч. Анцік кінуўся на лесвіцу, перавесіўся ўніз. Стась з’явіўся ў неверагодна шыкоўным выглядзе: паўзверх доўгай чорнай бравэркі — плед у краткі, на доўгіх валасах — капялюш з шырокімі брыламі, з якіх зараз страсаліся цэлыя снегавыя сумёты. А ў руках — два прыгожанькія пакуначкі!

— А, наш юны сусед! Гэта ваш карнавальны касцюм?

Бацька, пан Міхал Карвар, заўсёды чамусьці размаўляў са Стасікам жартаўліва. Але малады чалавек адказаў годна, з прыхаваным выклікам:

— Так апранаюцца студэнты, пан Міхал.

— Ну-ну... А як жа шынель, мундзір, фуражка з гербам, пальчаткі?

— Мы пратэстуем супраць нашэння формы,— голас Стасеў гучаў урачыста.— Бяднейшыя студэнты не могуць яе набыць, таму ім пагражае выключэнне. Гэта дыскрымінацыя! Мы вырашылі ўсе хадзіць на заняткі ў цывільным!

— Што ж, ухваляю,— бацька сказаў гэта ўжо сур’ёзна.— Але сённяшнім вечарам, юнача, жадаю вам толькі шчыра весяліцца.

Гасцей, як заўсёды, было шмат. Прыехала пані Марыся, удава дзядзькі Анатоля, брата пана Міхала. Шмат гадоў пані Марысю бачылі толькі ў чорным, хаця сёння на ёй серабрыста-шэры раброн. З паняй Марысяй дочкі, смяшлівыя рудзенькія Ганка і Гапка. Вось пан Міхал сустракае сям’ю з маёнтка Гаркавічы: пан Вітольд, хударлявы, з каротка стрыжанымі сівымі валасамі і кавенькай, падобны на рымскага легіянера, таўсманная і дабрэнная пані Ядвіга, іх сын Радусь, будучы юрыст, элегантны і ўраўнаважаны да сумоты. Вясёлая святочная мітусня напоўніла дом даверху, як рознакаляровыя каменьчыкі напаўняюць куфэрак прыгажуні.

— Карнавал! Карнавал! Маскі, рыхтуйцеся!

Анцік кінуўся ў свой пакой. Латы выглядаюць як сапраўдныя... А меч — дык і ўвогуле сапраўдны: старажытны, ваярскі, вышчарблены ў многіх бойках — таму і дазволілі ўзяць, што страціў былую вастрыню. Вядома, не зусім рыцарскі — такі кароткі меч называўся корд і выкарыстоўваўся для бліжняга бою. Хлопчык не ўтрымаўся, каб не ўзмахнуць сваёй зброяй, направа, налева, рэзкі выпад — і цмок падыхае на рудой ад атрутнай крыві траве.

У зале ўжо збіраліся маскі. Старэйшыя госці, што не бралі ўдзел у пераапрананні, уладкаваліся на крэслах ля сцен. Пані Ядвіга, вядома, пасунулася да століка з пачастункам — цукаты ў маёнтку Рэчыцы былі адметныя.

Маці ў светла-зялёнай сукенцы, ветлая і прыгожая, з гэткімі ж вялізнымі шэрымі вачыма, як у Насты, падыходзіла то да аднаго, то да другога госця, і ад яе слоў, пагляда, усмешкі прасвятляліся твары — быццам сонечны прамень слізгаў па хвалях ручая.

Наста зайздросціла матчынаму ўменню прымусіць самага сур’ёзнага чалавека усміхнуцца, прыадчыніць душу насустрач. Здавалася, пані Карвар правяла жыццё ў казачным свеце, дзе проста няма благіх людзей і вялікіх няшчасцяў,— такая яна была ўся светлая, даверлівая, ніколі не павышала голасу. Як сапраўдная фея.

А вось мадэмуазэль Алін, іх строгая, уражлівая мадэмуазэль Алін нечакана апранула яркі ўбор гарэзлівай Каламбіны. Радусь захінаўся ў белы плашч з нашытым крыжам. Ганка і Гапка — у неверагоднай шырыні крыналінах і ў каронах, але якіх каралеў сёстры мусілі ўвасабляць — ведалі дакладна толькі яны самі. Сярод стракатага натоўпу вылучаўся Стасік у простым чорным пінжаку, з каўняром пад горла. Але ён прымаў такія гордыя позы, спрабуючы годна адказаць на жарты рудзенькіх сясцёр, што ягоны касцюм цалкам мог сысці за карнавальны — рамантычны герой, высакародны змагар. А вось пан Міхал выйшаў у легкадумным строі тамбурмажора, у велізарным ківеры і з велізарным жа бліскучым жазлом, якім з усяе сілы стукнуў у падлогу.

— Карнавал пачынаецца!

Вусы ў пана Міхала былі пышныя свае, і ўсміхаўся ён у іх так весела, што ўсе засмяяліся у адказ, запляскалі ў ладкі. Але Гапка закрычала:

— Пачакайце, яшчэ Настассі няма!

Некалькі вясёлых галасоў гукнулі дзяўчыну. Раптам з галерэі другога паверха пачулася працяглая ўсходняя мелодыя дзівоснай прыгажосці. Нехта сыпануў блішчынкі, і над лесвіцай закружыўся фантастычны лёгкі снегапад. На верхняй прыступцы замерла прывідная фігура. На дзяўчыне, грацыёзнай, бы крынічны струменьчык, была смарагдавая, расшытая камянямі і залатой біццю доўгая шаўковая кашуля, падпяразаная шырокім залацістым пасам, з-пад кашулі выглядалі шальвары з белага атласу, з блякла-зялёнымі расліннымі ўзорамі. Ножкі — у залатых чаравіках з загнутымі насамі, на турбане з белага шоўку уздрыгваюць дзівосныя пёры, а твар прыкрывае празрысты вэлюм, быццам кавалак русалчынага сну. Нават Анцік не адразу пазнаў сястру — вось чаго яна так падоўгу зачынялася ў сваім пакоі і вось куды знікла матчына цюлевая палярына! Толькі вялізныя шэрыя вочы схаваць немагчыма — адразу пазнаеш.

Дзяўчына павольна спускалася па лесвіцы, ступаючы ў такт пералівістай мелодыі. Праз вэлюм праглядвала ўсмешка. Нарэшце агульнае ашаламленне прайшло, усе зноў запляскалі, прыветна закрычалі. Да ўсходняй прынцэсы з двух бакоў кінуліся, прапаноўваючы руку, элегантны Радусь у белым касцюме паладзіна і Стась у чорным. Прынцэса крыху памарудзіла, а пасля звонка рассмяялася і працягнула абедзве рукі палкім рыцарам.

— Танцы! — закрычаў пан Міхал на правах кіраўніка.

І танцы пачаліся... І закруцілі галовы, і прымусілі сэрцы біцца шалёна, быццам ад знясільваючых уцёкаў ад прозы заўтрашняга дня. Вядома, з’явіліся калядоўшчыкі — з казою, мядзведзем, цыганом і цыбатым буслам, які страшна шчоўкаў драўлянай вострай дзюбай. А якія былі падарункі! Анцік асабліва ўзрушыўся атрыманым ад бацькі мікраскопам з дваццацікратным павелічэннем і Стасевым шыкоўным наборам для стварэння этымалагічнай калекцыі (бедныя будуць кузуркі ў наваколлі карвараўскага дома!).

А ў давяршэнне — прагулка на санках.

Вядома, беднага Анціка адправілі спаць.

Які несправядлівы свет!


Дзяўчына ў смарагдава-бела-залацістым пералівістым уборы ціха ішла па паўцёмных калідорах маёнтка, смех і гуд свята заціхалі недзе далёка. Урэшце, там, дзе канец калідора расшыраўся ў пакой эркера — круглую залу з вялікімі вокнамі, што выступала перад фасадам дома, быццам волатаў ліхтар, на фоне заснежанага акна ўбачылася нечая постаць.

— Стась! Чаму ты ўцёк?

Юнак змрочна сузіраў асветленыя дрыготкім агеньчыкам лампады яслі — васковы Хрыстос цягнецца ручкамі да схіленай над ім маці з васковым жа прыўкрасна-сумным тварам, авечачкі — як жывыя, пухнатыя, забаўныя, бычок, здаецца, так бы і замыкаў ад радасна-дурнаватага здзіўлення...

— Ста-ась!

У голасе дзяўчыны гучаў дакор, нібыта на адрас непаслухмянага дзіцяці. Сумотнік нарэшце прыўзняў галаву як мага больш ганарліва.

— Не хвалюйцеся за мяне, спадарыня Настасся. Я прывык да адзіноты. Падумаць захацелася сам-насам, паразважаць.

— Ды ты проста пакрыўдзіўся, што я з Радусем танчу.

Добра, што ў цемры не відаць, калі чырванееш. Стась з усіх сіл намагаўся зрабіць голас спакойным. Выглядаць смешным перад гэтым дзяўчом! Невыносна.

— Я, прабачце, не заўважыў, з кім вы танчылі, і лічу ваш выбар вашай жа асабістай справай. Мой настрой не залежыць ад... ад дзявочых капрызаў.

Усё-ткі выдаў сябе, сказаўшы пра капрызы. Цяпер — толькі сысці... Змагар за сацыяльную справядлівасць, называецца... Бедны Вертэр...

Пакуль юнак, утаропіўшыся ў кут, шчыра асыпаў сябе ў думках крыўднымі мянушкамі, Настасся ціха паклала руку яму на плячо.

— Дурненькі... Радусь проста мой сябар дзяцінства, самаўпэўнены дэндзі. Мне такі спадабацца не можа. Ну, перастань дзьмуцца...

Стась не вытрываў, павярнуўся да дзяўчыны, схапіў яе прахалодныя далонькі, як два пялёсткі, у свае рукі, прыпаў да іх гарачымі вуснамі.

— Прабач... Я паводзіўся, як дзіцё...

— А ты і ёсць дзіцё,— засмяялася Настасся,— хоць і лічыш сябе тургенеўскім Базаравым.

— Але Тургенеў у многім меў рацыю.— Стась зноў пасумнеў.— Нават твае бацькі — якія б ні былі разумныя, прыстойныя людзі, застаюцца панамі, людзьмі свайго класа. Ім нікуды не падзецца ад віны перад простым народам. Паглядзі, колькі сёння страчана грошай на забавы — можна было б накарміць цэлую вёску! Дарэмнае, заганнае спальванне часу!

Настасся паківала галавой:

— Мне цяжка спрачацца з табой — вядома, ты больш за мяне ведаеш, ты старэйшы... Але хіба не варта траціцца проста для таго, каб чалавек парадаваўся? Хіба ты не бачыў, што сёння ў Рэчыцы прыходзілі сяляне і іх дзеці і таксама атрымалі свята — і падарункі, вядома. Людзі цягнуцца да прыгажосці. Гэты хлопец, што граў сёння на флейце... У дзяцінстве ў яго адбіралі дудачку і білі ёю па вуснах — каб не займаўся дарэмнай справай. А ён выразаў новую — і граў... Цяпер ён вучыцца ў кансерваторыі — наш бацька дапамог. А вось гэтыя яслі... Іх майстравалі не паны — прыслуга. Паглядзі, з якой любоўю тут зроблена кожная дэталь. Людзей ніхто не змушаў, ніхто не загадваў гэта рабіць. Знішчы гэтую прыгажосць, калі можаш!

— Мяшчанства...

Стась нахіліўся, узяў у рукі маленькага Хрыста... Пальцы склаліся, каб шчоўкнуць у васковы лобік... Расціснуліся... Стась асцярожна паклаў ляльку на месца, нібыта жывое немаўля. Уздыхнуў... І загаварыў іншым тонам, мякка і даверліва:

— Напэўна, твая праўда... Нават у тым свеце, які калі-небудзь пабудуюць нашыя нашчадкі, не знікнуць прыгажосць і каханне. Але... я не хачу, каб ты ператварылася ў спешчаную паненку, загубіла сваю жывую душу ў павятовым «свецкім жыцці». Вядома, твае бацькі не зразумеюць... Як не разумеюць мае, хаця яны таксама добрыя, сумленныя людзі, а бацька паспеў і слаўна паваяваць. Дык вось... Пры нашым універсітэце адкрыліся курсы для жанчын... Табе спаўняецца васямнаццаць...

— І мне давядзецца коратка пастрыгчыся? — рассмяялася Наста.

— Чаму? — разгубіўся Стась.

— Ну як жа, усе курсісткі — каротка стрыжаныя. А ў мяне — вунь якія косы...— Наста гарэзліва прыўзняла рукамі пышныя русыя пасмачкі, перавітыя тонкімі залатымі ніцямі з перлінамі.

І Стась не вытрымаў, каб не дакрануцца — асцярожна-асцярожна, быццам баяўся пашкодзіць — да гэтага духмянага вадаспада.

— Ну, я думаю, можна абысціся і без стрыжкі... Але... Ты згодная?!!

— Хіба ты сумняваўся?

— Дарагая...

Дзве постаці наблізіліся адна да адной, замерлі...

Потым хлопец прашаптаў:

— Я мог бы за цябе памерці... З радасцю.

Яна закрыла яго вусны даланёй:

— Нашто гаварыць пра смерць!

Юнак шчасліва рассмяяўся:

— Сапраўды... Перад намі — жыццё, дарога з балота — на шырокі прастор. Мы можам фіктыўна пажаніцца — і ты атрымаеш волю і зможаш сама распараджацца сваім лёсам. Так многія курсісткі зрабілі.

— Фіктыўна? — Наста сказала гэта так холадна, з такой адчужанасцю і крыўдай, што Стась упаў на калені, адчуваючы сябе нягоднікам.

— Любая! Я толькі хацеў сказаць, што ты — вольная і ад мяне. Я ніколі, чуеш — ніколі — не буду навязваць табе свае рашэнні. Ты — асоба, ты — чалавек, роўны мне...

Настасся коратка ўздыхнула:

— А хто табе сказаў, што я хачу быць вольнай ад цябе?

— Мілая...

Постаці зноў зліліся ў прывідным водблеску месячнага святла, што выпраменьваў снег за шырокімі вокнамі. Дзесьці пачуліся вясёлыя крыкі тых, хто выпраўляўся на санную прагулку. Звінелі, аддаляючыся, бомы... Раптам па калідоры паплыў агеньчык свечкі, пачуліся галасы.

Хлопец і дзяўчына інстынктыўна прыціснуліся адно да аднаго, прыселі, стаіліся ў цёмным куце — як у гульні ў жмуркі. Галасы набліжаліся.

— Навошта ты прымаеш у доме гэтага залескага паніча? — маці гаварыла не злосна, хутчэй горка-стомлена.

— Дарагая, ён добры хлопчык... І ні ў чым не вінаваты,— гэта адказваў бацька.

— А ў чым былі вінаватыя твае браты? Ты сам? У тым, што хацелі волі для свайго народу? Забывацца на пакуты тых, хто ахвяраваў сабою дзеля справядлівасці,— ганебна.— Маці была нечувана рэзкай.— Вось сёння... пад час карнавалу... Я проста не магла глядзець, як дзве няшчасныя сіраты — Ганулька і Агапка — жартуюць з сынам ката і забойцы іх бацькі. Твайго брата, між іншым.

Бацька памаўчаў, чуваць былі толькі яго цяжкія крокі — пан Міхал меў звычку падчас цяжкіх роздумаў хадзіць...

— Наўрад ці хлопец ведае пра справы дваццацігадовай даўнасці. Ён, як мне падаецца, чалавек сумленны і таксама хоча справядлівасці для народа...

Маці горка рассмяялася:

— Дараваць і забываць — гэта мы, беларусы, умеем. Ты ўжо забыўся, што Залессе належала тваім продкам на працягу пяці стагоддзяў? Ты забыўся, што трыццаць сем’яў з Залесся панам палкоўнікам, цяперашнім гаспадаром, былі высланыя ў Сібір, за дапамогу бунтаўшчыкам — былым іхнім панам? А мужчыны перад гэтым пакаштавалі бізуна. І ніхто з сасланых не вярнуўся. А цяпер на грошы, сабраныя з залескіх сялян, вучыцца гэты высакародны паніч. Які таксама збіраецца сялян вызваляць... Няхай бы вызваліў хоць аднаго з тых, сасланых ягоным бацькам!

— Магда, ты несправядлівая... Дзеці мусяць быць вольныя ад жаху мінулага.

— І ты дапусціш, каб твая дачка, а ў мяне ёсць такія падазрэнні, пакахала сына падлюгі і ката, чалавека, які колісь гнаіў цябе ў каменным лёху і загадваў карміць сялёдкай і не даваць вады, каб змусіць прадаць братоў? А табе было ўсяго васямнаццаць, і яны не мелі ніякіх доказаў, што ты быў інсургентам... І калі я дабілася спаткання, ты быў увесь спухлы і скусаны пацукамі і вошамі, і не мог трымацца на нагах... А калі цябе пацягнулі назад, я бачыла, як гэты... чалавек... ударыў цябе па твары, папярэдне надзеўшы скураную пальчатку. Як быццам выконваў непрыемную, але карысную і патрэбную працу. Я не магу гэтага забыць, Міхал...

Жанчына заплакала. Бацька загаварыў нешта суцяшальнае, дзверы грукнулі, і галасы сціхлі.

Дзве постаці засталіся ў прыцемку залы з вялікімі вокнамі. Цяпер яны ўжо не прыціскаліся адна да адной. Стаялі побач, але так нерухома, быццам між імі ўзнік нябачны архангел з вогненным мячом.

Раптам адна постаць сарвалася з месца і пабегла.

— Стась! — у Насты не было сіл нават закрычаць, з яе вуснаў вылецеў нейкі хрыплы шэпт.

З вуліцы зноў даносіліся вясёлыя галасы, перагукваліся бомы, ляпалі дзверы — святочная ноч заканчвалася.


Залескага паніча знайшлі пад вечар наступнага дня на дарозе ў Залессе. Чаму ён пайшоў пешкі ў самую сцюжу, ды яшчэ не па бальшаку, а праз лес, дзе самыя сумёты?

Пасля гэтага здарэння залескі маёнтак быў прададзены нейкаму немцу, які спакусіўся ўчасткам лесу з гонкімі карабельнымі соснамі, што прадаваўся разам з маёнткам. Хутка там застукалі сякеры, зашоргалі пілы, і Залессе ператварылася ў высечку, зарослую панылым асіннікам, пасярод якой цямнеў, як помнік былому жыццю, занядбаны дом з забітымі аканіцамі — новы гаспадар там не жыў.

Настасся Карвар пасля заканчэння гімназіі паступіла на жаночыя курсы пры Санкт-Пецярбургскай медыцынскай акадэміі. Асабліва быў у захапленні ад гэтага яе малодшы брат Антон — цяпер сястра прывозіла яму ў падарунак новыя кнігі па біялогіі і заспіртаваных яшчарак.

На Каляды ў маёнтку Рэчыцы больш не ладзіліся пышныя карнавалы.


Дом з драўлянымі львамі

Яны прыйшлі якраз на праваслаўнае Вадохрышча, калі зорны Вознік спыніў сваю калясніцу над цёмным сілуэтам капліцы. Яе добра было відаць з вокнаў сядзібы, чый ганак вартавалі два драўляныя львы, замеценыя снегам аж па разяўленыя пашчы.

Гэта была ненадзейная ахова. Адзін маленькі, але жывы сабачка быў бы карысней за тыя вялікія, нязграбныя, пашчапаныя часам і непагаддзю страшыдлы. І адзін з нечаканых гасцей пастукаў у шыбу...

Іх было трое. Два — зусім юнакі, са змучанымі інтэлігентнымі тварамі, апранутыя ў, відаць, нязвыклае для іх сялянскае адзенне. Трэці, гадоў пад трыццаць, бялявы і светлавокі, быў у салдацкім шынялі, з кішэні якога тырчэў стары пісталет. Бялявы час ад часу браўся за яго неўсвядомленым рухам. «Нібыта састарэлая паненка за пудраніцу з люстэркавай накрыўкай»,— з недарэчнай іроніяй падумалася гаспадару сядзібы. Сам гаспадар, сівы хударлявы старэча ў выцертым на локцях, але акуратным старасвецкім пінжаку, стаяў, абапершыся на кульбачку, пасярод вітальні, асветленай чырванаватым агеньчыкам газоўкі, і спакойна глядзеў на прыхадняў крыху выцвілымі сінімі вачыма.

— Вы адчынілі нам,— старэйшы госць намагаўся гаварыць гэтак жа спакойна.— Вы адчынілі, хаця ведалі, што нас шукаюць. Гэта добра, што вы не змусілі нас да гвалту. Ходзяць чуткі, што калісьці вы гэтаксама былі выгнаннікам. Нам трэба толькі трохі ежы і пару гадзін адпачынку... Цёплай парою нас хаваў бы і карміў лес. А цяпер...

Гаспадар схіліў сівую, як снег, галаву:

— На гэтай зямлі ўвесьчасна нехта ўцякае ад пагоні, а нехта даганяе... Калі б іх сляды заставаліся на паверхні зямлі вечна, наш край нагадваў бы вычварныя карункі з незлічонымі абарванымі ніткамі-лёсамі. Я адпусціў пакаёўку на святы да яе сваякоў. Ніхто старонні вас не ўбачыць і не пачуе... Так што можаце нават пераначаваць. Распранайцеся і пойдзем у гасцёўню.

...У каміне скакалі чырвоныя Вогнікі ў вастраверхіх капялюшыках. Здавалася, што яны зацята будуюць маленькі гатычны сабор з многімі вежамі. Але іх будоўля рассыпалася іскрамі-цаглінкамі на чорныя вуглі... І праз імгненне адбудоўвалася ізноў.

...Дзіўны гэта быў дом. Нават таму, што меўся камін, хаця сапраўдныя цяпло і карысць несумненна давала вялікая грубка ў правым ад дзвярэй куце. Мусіць, нехта з ранейшых уладальнікаў сядзібы знаходзіўся пад уплывам рамантызму. А чаго толькі не было на сценах, на паліцах высокіх этажэрак, на каржакаватых камодах! Гравюры на біблейскія тэмы з наіўным сярэднявечным маралізатарствам і прадметным бачаннем надсвядомага. Тыя мастакі дакладна ведалі, як выглядае Меланхолія, Боль, Пошасць, Смерць... А таго, чыё аблічча вядомае да драбніц — чаго ж баяцца? На парцэлянавым посудзе лёталі сінія райскія птушкі, драўляныя грубаватыя скульптуры мясцовай работы, падобныя да львоў ля ганка, суседнічалі з вытанчанымі бронзавымі статуэткамі. З высокай шафы мармуровы Гамер пазіраў невідушчымі вачыма на жахлівую афрыканскую маску. Але галоўнымі ў доме былі кнігі. Паветра гэтак насыцілася папяровым пылам, што здавалася, яго можна было гартаць. Адразу казытала ў носе...

Госці сядзелі перад камінам у плеценых з лазы фатэлях. Юнакі не маглі стрымаць цікаўнасці і крадма кідалі позіркі па баках... Крадма, бо ім зусім не хацелася выглядаць менш годна за свайго бялявага правадыра. А той піў сваю гарбату з гэткім цудоўным суровым выглядам, і інкруставаны пісталет, старасвецкі дуэльны пісталет без пары, ляжаў на ягоных каленях.

Гаспадар адкінуўся на высокую спінку крэсла, абабітага чорнай скурай.

— Як мне ўсё-ткі да вас звяртацца?

Бялявы кінуў папераджальны позірк на таварышаў:

— Можаце зваць мяне Сцяпанам... Вядома, гэта не сапраўднае імя.

Маладзён з кароткімі цёмнымі валасамі, трохі хвалістымі, і ледзь заўважнымі вусікамі, чымсьці вельмі падобны да месяцатварых юнакоў з карцін Караваджа, прадставіўся Кастусём. Другі, танклявы і, відаць, ад прыроды ціхмяны, са змрочнай задзірыстасцю назваўся Робертам.

«Роберт-д’ябал»... Та-та-та — ці-та-та... Рамантыкі, халера. Гэтай зямлі шанцуе на рамантыкаў... Мусіць, рамантычны светапогляд спараджаецца менавіта безнадзейнасцю?»

— Я не буду ні пра што распытваць, не хвалюйцеся... Давайце лепш сам нешта распавяду, раз вы сталіся наведнікамі майго хатняга музея.

Гаспадар, цяжка абапёршыся на кавеньку, устаў і падышоў да паліц. Ён здымаў адну за адной старыя кнігі, гартаў і тлумачыў, што напісаныя яны на старабеларускай мове. А яшчэ называлася яна літоўскай, хаця цяпер тую назву звязваюць зусім з іншай мовай... А Літвой калісьці называўся ўвесь гэты край. І на мове, на якой цяпер тут гаворыць толькі просты люд, размаўлялі князі і каралі і пісаліся дзяржаўныя дакументы. І паслы вялікіх дзяржаў вучылі гэтую мову, таму што тут таксама была вялікая дзяржава. Са сваімі філосафамі і паэтамі, блюзнерамі і святымі пакутнікамі, палкаводцамі і чароўнымі дамамі...

— Дык што, назад, да залатога веку? — Вочы Сцяпана гарэлі незразумелай гаспадару пагардай.— Можна падумаць, тады не існавала прыгоннага права, не прыпадабнялася людское жыццё нікчэмнай сцяблінцы... Не пасыпалі вашы ўлюбёныя князі дарогі соллю, у той час як іх падданыя мерлі з голаду... І не палілі вашых улюбёных філосафаў на вогнішчах інквізіцыі... Мінулае трэба хаваць разам з тыранамі, якія ў ім ўладарылі.

Гаспадар крыху разгубіўся ад запалу гэтых слоў.

— Гісторыя ў кожнай нацыі крывавая. Веліч і злачынства заўсёды побач... І злачынства заўсёды больш... Але трэба ведаць сваю гісторыю, менавіта сваю, і ганарыцца ёю. Паважаць самога сябе, сваю культуру, сваю мову...

Сцяпан паблажліва ўсміхнуўся:

— Прыгожыя словы. Народу патрэбная справядлівасць. Галодны і непісьменны не можа ганарыцца тым, што нейкі князь, які колісь лупцаваў ягонага прадзеда, перамог другога князя, які лупцаваў гэткага ж раба...

— Толькі той, хто паважае гісторыю і мову свайго народа, мае гонар чалавека. І ён ніколі не стане рабом.

Сцяпан нязграбна сунуў пісталет у кішэню сурдута, усхапіўся з крэсла, ірвануў з рук танклявага Роберта важкі том і шпурнуў на падлогу — ажно вылецела некалькі пажаўцелых старонак, нібыта лісты да памерлага адрасата.

— Вось ваша «гісторыя»! Парахно, якое рассыпаецца на вачах. Вы занадта былі знітаваныя з ім. Таму ваша справа не перамагла. А наша — пераможа! Бо мы абтрасём гэтае парахно са сваіх ног. У свеце справядлівасці і роўнасці, які мы збудуем, ва ўсіх будзе адна гісторыя — без войнаў і тыранаў, і адна мова — бо знікнуць межы і варажнеча...

Гаспадар сумна глядзеў на кінутую кнігу.

— Тыя, што гоняцца за вамі, таксама сцвярджаюць, што ўвесь свет мусіць размаўляць на адной мове... Праўда, яны дакладна ведаюць, на якой — на мове іх імперыі...

Чарнявы юнак, які назваўся Кастусём, пакрыўдзіўся:

— Вы, напэўна, з тых, што за плакальшчыкам Дастаеўскім паўтараюць наконт слязінкі дзіцяці, гвалту баяцца... Што, па-вашаму, усе мы мусім сядзець, як вы, уткнуўшы насы ў старыя кнігі?

Гаспадар уздыхнуў:

— Калісьці я таксама быў упэўнены ў сваёй праваце. Быў гатовы забіваць тых, хто абараняў няпраўду. Трыццаць гадоў таму... Свет, на жаль, не змяніўся... Але цяпер я ўпэўнены хаця б у тым, што ніхто не ведае дакладнага рэцэпта яго пераўтварэння.

Усе трое гасцей паблажліва ўсміхнуліся. Стары дзівак! Бездапаможны і разгублены... Нават шкада яго і хочацца нешта патлумачыць. Але ці зразумее?

Гаспадар узяў з камоды невялікі куфэрак з чырвонага дрэва, асцярожна, двума пальцамі, дастаў адтуль пяро незвычайнага сіняга колеру.

— Усе палююць за сіняй птушкай шчасця... Агульнага шчасця, для ўсіх і для кожнага. І мала хто ведае, што сіняя птушка жыве ў сапраўднасці. Я калісьці знайшоў яе пяро. Сіняя птушка жыве высока ў гарах, яна падобная да нашага голуба. І на яе палююць зусім не алегарычна. Хутка гэты від зусім знікне. Калі чалавек не можа абараніць ад уласнай сквапнасці і жорсткасці гэтую кволую істоту, ці дасца яму ў рукі тая, міфічная?

Шыбы заінелі. Але навокал было так ціха, што ў доме з драўлянымі львамі пачулі далёкі пошчак капытоў, прыглушаны снегам.

Старэйшы госць зноў выхапіў пісталет і адрывіста спытаў гаспадара:

— У вас ёсць зброя?

Стары не азваўся на пытанне, сказаў цвёрда і хутка:

— За камінам — хованка. Задняя сценка адчыняецца, калі націснуць на ручку там, справа, з унутранага боку паліцы... Вось так... Прыйдзецца скакаць цераз агонь. Як на Купалле... Скакалі, мусіць, з дзяўчатамі? Ці гэта ніжэй вашай рэвалюцыйнай годнасці? Вось так... Зачыніце дзверцы знутры...

Вогнікі працягвалі будаваць свае гатычныя вежы, але, здавалася, у іх працы з’явіўся большы імпэт, бо яна сталася яшчэ больш значнай — ратавала чалавечыя жыцці.

Нават пан жандарскі ротмістр, які працягнуў да чужога агменю азяблыя падчас доўгай пагоні рукі, працягнуў, не здымаючы пальчатак, ні на хвілю не западозрыў, што мэта яго доўгай вандроўкі аддзеленая ад яго ўсяго гэтай мігатлівай завесай агню.

Жандары не былі ўпэўненыя, што злачынцы хаваюцца менавіта ў гэтым доме. Завіруха старанна зраўняла сляды, змяшала з іншымі. Але верагоднасць была вялікая. Прынамсі, што злачынцы заходзілі сюды. Гаспадар дома з драўлянымі львамі лічыўся нядобранадзейным. Пан ротмістр так і нагадаў яму. І што за дзіўная звычка піць гарбату з некалькіх кубкаў?

Тры кубкі з рэшткамі недапітай гарбаты, пакінутыя на маленькім століку пасярод пакоя, сапраўды глядзеліся недарэчы ў гэтым самотным доме.

— Вы пойдзеце з намі,— змрочна сказаў ротмістр. Ён узвышаўся над прыгорбленай постаццю гаспадара, як цёмная Бабруйская крэпасць над ціхмянай рачулкай Бабруйкай.— Нават павага да вашага ўзросту (дарэчы, за такі час можна было б і паразумнець), не змусіць мяне адмовіцца ад выканання свайго доўгу. Мы знайшлі ў вас дастаткова заганнага...

Там, дзе ля кніжных паліц, дружна чхаючы ад пылу, завіхаліся жандары, адчайна шаргаталі старонкі і глуха падалі на падлогу кнігі. Адна з іх, адшпурнутая асабліва злосна, упала пад ногі гаспадару, нібыта параненая птушка. На шмуцтытуле значылася: «Багагласьнік. Канты, псальмы, лацінскія гімны і пастаралькі для пачцівого і богаўгоднаго сьпевання і прадстаўленьня». Ротмістр грэбліва крануў кнігу наском бруднага бота.

— Уніяцкая? Схізматыкаў? Ну-ну! Толькі шчырая дапамога следству можа прымусіць нас забыцца на гэтыя агідныя сапраўднаму хрысціяніну рэчы.

Гаспадар глядзеў проста ў вочы жандару:

— Я нічым не магу дапамагчы следству.

Ротмістр з блазенскім здзіўленнем развёў рукамі:

— Вы дзівак! Вам, мусіць, здаецца, што паўтараюцца падзеі вашай маладосці. Але, запэўніваю, тыя маладыя людзі, якіх вы абараняеце, зусім не ў вашым гусце. Тэрарысты, фанатыкі... Яны не лятуць з аголенай шабляй наперадзе мужнага атрада. Іх стыль — кінуць бомбу, стрэліць у спіну. Чулі пра забойства генерала Мяскова з сям’ёй? Іхняя справа. Паверце, ваша шляхецкая годнасць застанецца незаплямленай, калі вы падкажаце, у які бок рушылі злачынцы. Маўчанне вам задорага абыдзецца... І, паверце, экзатычнай вандроўкай па Афрыцы на гэты раз для вас не скончыцца.

Стары паківаў галавою:

— Я жыў цікава і доўга. Мабыць, больш доўга, чым спадзяваўся і чым заслужыў. Калісьці я здзіўляўся ўсяму і шмат чаму абураўся. Вастрыня пачуццяў, на жаль, з узростам прытупляецца. Магчыма, таму не магу падзяліць вашае абурэнне ці пашкадаваць сябе. Выбачайце.

Ён стаяў, такі кволы, худы і прыгорблены, у сінім старым пінжаку, зашпіленым на ўсе гузікі да горла, і чымсьці страшэнна нагадваў хворую птушку... Птушку на выбоіне скалы, якая ўсё роўна не дасца ў рукі паляўнічаму — хутчэй кіне саслабелае цела, якое больш не трымаюць крылы, у прорву.

Ротмістр штурхнуў нагой кінутую кнігу. Жоўтыя старонкі разляцеліся па і без таго засмечаным пакоі. Жандарскі правадыр некалькі разоў запар чхнуў. Халера, ну і пылішча... Як гэты стары тут жыве? Не чалавек, а нейкі шашаль. Куды яго везці? Памрэ па дарозе.

Нехта з жандараў, відаць, надзвычай дасціпная ў жандарскім асяроддзі асоба, на развітанне строс снег з галавы драўлянага льва і сунуў яму ў пашчу шматок сена. Пачвара адразу зрабілася нейкай жаласнай і камічна бяскрыўднай.

Гаспадар моўчкі сядзеў у крэсле з высокай спінкай перад камінам, у якім дагаралі счарнелыя старонкі. Яны курчыліся на вуголлі, як жывыя. Вогнікі рупліва пераварочвалі іх, скакалі па іх, каб хутчэй рассыпаць на тло.

Тыя, што хаваліся за агнём, ужо апранутыя, з невялікімі вузельчыкамі, рыхтаваліся сыходзіць.

Светлавокі Сцяпан, у шынелі і шапцы-аблавушцы, вымавіў:

— Дзякуем вам. Вы дапамаглі рэвалюцыйнай справе.

— Я зрабіў тое, што мусіў зрабіць...— ціха прагаварыў стары.

— Можа, і вы з намі пойдзеце? — выявіў недарэчны энтузіязм чарнявы Кастусь. І сумеўся пад з’едлівым позіркам Сцяпана.

Стары мімаволі ўсміхнуўся:

— Дзякуй, юнача, што так высока ацаніў мае магчымасці.... На жаль, я сапраўды стары. І нават каб меў сілы — у мяне няма ўпэўненасці, што ўдасца разблытаць карункі шляхоў... Калісьці я спрабаваў гэта зрабіць з вашым бацькам, Кастусь... Дакладней, калі не памыляюся, Вінцэнт...— Стары не заўважыў, як ад гэтых слоў тузануўся Сцяпан і сунуў руку ў кішэню.— Вы ўжо не крыўдуйце, што я трохі парушыў вашу канспірацыю. Вы так на яго падобны... Як цікава... Калісьці ён таксама хаваўся тут, за камінам. Мы і цяпер часам згадваем...

Гаспадар відавочна расчуліўся. Напэўна, ён яшчэ доўжыў бы свае ўспаміны. Але Сцяпан зрабіў крок наперад. Голас яго гучаў цвёрда — як бой вежавага гадзінніка.

— Нам час ісці. Мы сапраўды вам удзячныя. Мы згадаем вас у новай гісторыі, якую напішам. Гэтая гісторыя засведчыць нашую непахіснасць і вялікія ахвяры, якімі здабываецца воля.

Дуэльны пісталет пазбавіўся ад сваёй адзінай кулі. Вакол чорнай недарэчнай дзіркі ў ілбе старога гаспадара амаль не паказалася крыві. Тонкі чырвоны струменьчык чамусьці выцек з кутка рота, калі цела нязграбна звесілася з крэсла набок.

— Навошта?! Ён выратаваў нам жыццё! — Танклявы Роберт аж тросся ад узрушэння.

Кастусь-Вінцэнт аслупянела глядзеў перад сабой і нешта шаптаў.

Сцяпан пастараўся надаць голасу важкасці:

— Гэта было неабходна. Ён пазнаў Вінцэнта... А ён стары, слабы, даўно адышоў ад барацьбы і нічога не разумее. Нават калі б не выдаў нас жандарам, абавязкова распавёў бы Вінцэнтаваму бацьку... Пакаёўцы... Святару... У ягонай жа хованцы — памятаеце? — Біблія ляжала! Ды яшчэ з закладкамі. Мы не можам рызыкаваць.— Сцяпан спрытна зараджаў пісталет, любуючыся ім, нібы дзіця сваёй цацкай. Нават голас яго зрабіўся амаль ласкавы: — Ну што б гэты стары небарака рабіў у новым свеце? Ды і не дажыў бы да яго перамогі. Усё роўна скора памёр бы. Рушылі...

Кастусь, стараючыся не глядзець на чорнае крэсла, павольна пасунуўся да дзвярэй. Сцяпан азірнуўся на таго, хто назваўся гаспадару Робертам.

— Юраська, ачуняй! Наша справа слабых не церпіць.

Танклявы юнак стаяў, апусціўшы вочы, з падціснутымі — аж збялелі — вуснамі.

— Я не пайду з табой.

Сцяпан ад нечаканасці тузануўся:

— Такімі словамі не кідаюцца.

— А я не жартую.— Юнак падняў на правадыра вочы, спакойныя, глыбокія вочы...

— Ты ведаеш, як мы абыходзімся са здраднікамі? — металёва прагаварыў Сцяпан і скіраваў пісталет на юнака.

Роберт-Юрась не варухнуўся. Сцяпан кінуў хуткі позірк на Кастуся, які напяўся і сціснуў кулакі, і зразумеў, што рызыкуе згубіць і гэтага... Малакасосы праклятыя... Пісталет паволі апусціўся.

— Баязлівец! Слюнцяй! Няўжо з-за смерці старога шашаля ты адрачэшся ад сваіх таварышаў?

Юрась прагаварыў павольна:

— Проста я таксама згубіў упэўненасць у тым, што ведаю правільны рэцэпт пераўтварэння свету.

— Пашкадуеш...

Дзверы злосна грукнулі, але ў цішы зімовай ночы іх злосць мела не большую сілу, чымсьці трэск палена ў грубцы.

...Зорны Вознік адвёз сваю калясніцу некуды за край кладоў. Драўляныя львы ля ганка старой сядзібы глядзелі проста перад сабой вырачанымі ад незразумелага гневу вачыма. А ў каміне апошнія вогнікі падскоквалі на чорных вуголлях. Іх пышны бліскучы сабор рассыпаўся дарэшты, і цаглінкі бездапаможна гублялі бляск. Юнак у сялянскім кажусе і студэнцкай фуражцы падняў з падлогі знявечаную кнігу, акуратна зраўняў адарваныя старонкі і паклаў яе ў свой хатуль. Потым падышоў да камоды, адчыніў куфэрачак з чырвонага дрэва і дастаў адтуль сіняе пяро. Паглядзеў скрозь яго на цьмяны агеньчык газоўкі, схаваў за пазухай. Ужо стоячы ў дзвярах, павярнуўся ў бок чорнага крэсла. Напэўна, трэба было б накрыць твар нябожчыка якой хусткай... Закрыць яму вочы... Але юнак баяўся зрабіць штосьці не так, не па звычаі, і яшчэ больш абразіць гэты дом. Таму проста перахрысціўся — а ён даўно гэтага не рабіў! — і здушаным ад хвалявання голасам вымавіў:

— Даруйце... Даруйце, калі ласка...

...Ад ганка з драўлянымі львамі па бялюткім, бялюткім снезе цягнуліся тры ланцугі слядоў. Адзін, напалову замецены, след ад цэлага коннага атрада кіраваўся на захад, да бліжэйшага мястэчка. Другі ланцуг, намнога танейшы — на поўнач, у бок цёмнай крэпасці лесу. І адзін самотны след цягнуўся туды, дзе хутка мусіла ўзысці барвовае зімовае сонца.


Экскурсавод

Палкаводзец нічога не ведаў пра Паэта.

Не дзіўна — у часе яны амаль не сутыкнуліся. Паэт нарадзіўся ў старажытным радавым маёнтку на «заходніх крэсах» вялікай імперыі тады, калі састарэлы Палкаводзец, амаль аглухлы ад некалькіх кантузій, скручаны раматусам і цяжарам царскіх узнагарод, яшчэ наведваў велікасвецкія балі, але ўжо не для таго, каб танчыць. Палкаводзец уладкоўваўся ў ганаровым фатэлі, паблажліва прымаў ліслівыя кампліменты, якіх усё роўна не чуў, і доўга сядзеў так, сівы, няўклюдны пугач у яркім святле соцень свечак, усё яшчэ пагрозны і магутны... Ён спазнаў шмат славутых, амаль неверагодных перамог, і аднойчы пратрубілі яму залатыя трубы Нікі ў той мясціне, дзе суджана было нарадзіцца Паэту. Палкаводзец заняў пад свой штаб маёнтак недабітых ворагаў — дзеда і бацькі Паэта, і некалькі дзён яго дзябёлыя ад’ютанты забаўляліся стралянінай па залатых галоўках купідонаў на столі...

І гэта мінулася...

Уладары маёнтка вымалілі дараванне ва ўлад, і Паэт нарадзіўся і жыў у радавым гняздзе. Тут спазнаў першае нешчаслівае каханне, адсюль з’ехаў у вялікі свет, які не песціць ні паэтаў, ні палкаводцаў, але толькі — Імя. Паэт любіў сваю зямлю; дзівак — ён ажыўляў яе мову, яе абылганую гісторыю. І калі Айчына паклікала яго — пайшоў за яе ў безнадзейную, загадзя прайграную бойку. І загінуў. І імя яго засталося амаль невядомым.

Прынамсі, для мяне, калі я трапіла ў дом адпачынку, галоўны корпус якога месціўся ў старым маёнтку. Як маладому спецыялісту, на працы мне не маглі прапанаваць нічога больш шыкоўнага. Аднак і гэта было цудоўна — двухпавярховы доўгі будынак з беленымі калонамі хаваўся ў прысадах векавых ліп, пад вокнамі буяў бэз, за рэшткамі каванай агароджы пачынаўся адхон да рэчкі — некалі яна па выкапаных ірвах мусіла аббягаць маёнтак. Але сядзіба, даўно аддадзеная на літасць усіх, не мае больш патрэбы ў стыхійных вартавых. Сцены пакояў пакрывала невыразная крэйдавая фарба, ляпніну на столі замазалі пабелкай так густа, што замест анёльскіх тварыкаў выяўляліся бясформенныя шэрыя камякі. Нас, новых «адпачываючых», папярэдзілі, што дом — помнік архітэктуры. А таксама, што ў галоўным корпусе працуе музей, прысвечаны асобе Паэта, які калісьці тут нарадзіўся.

Уваход у музей быў з асобнага ганка з калонамі, амаль схаванага ў бэзавых зарасцях. Паўцёмны пакойчык нібы з мінулага стагоддзя... Сціплая арыстакратычная мэбля, карункавыя сурвэткі, клавесін. З пажоўклых фотаздымкаў глядзяць светлыя, строгія твары: жанчыны ў цёмных сукенках з белымі каўнерыкамі і манжэтамі, мужчыны ў паляўнічых капелюшах і ў «канфедэратках»...

Якія тады былі твары!

І паўсюль — партрэты сумнага цемнавокага юнака.

Я здагадалася, што гэта і ёсць Паэт... Раптам падалося, што ён, гаспадар пакоя, вось-вось павінен зайсці сюды...

— Так, ён тут прысутнічае,— прагучаў голас аднекуль з цемры, і я ледзь не падскочыла ад нечаканасці.

Да мяне набліжалася хударлявая дзяўчына ў светлым шалі паўзверх зялёнай доўгай сукенкі — нібыта сама са старога фотаздымка.

— Я часта адчуваю яго прысутнасць тут... Ведаеце, ён любіў сядзець тут, ля акна. Глядзеў на бэз, пісаў лісты да каханай, вершы, прысвечаныя ёй... Вы ж, напэўна, чулі гэтую дзівосную гісторыю?

Я не чула. І ў аповедзе маёй нечаканай экскурсаводкі ажыў малады таленавіты нашчадак збяднелага, няўгоднага ўладам роду, безнадзейна закаханы ў багатую суседку. Мройлівы, хваравіты, але такі прыгожы і адчайна смелы. У яго былі далікатныя тонкія пальцы і лёгкая хада патомнага паляўнічага. Ён любіў кветкі касачы і мог гадзінамі — можа, пад уплывам нямецкіх рамантыкаў? — трымаць у руках сінюю кветку і ўглядацца ў яе...

Дзяўчына цытавала вершы — нязграбныя на сучасны слых, з нейкім ламаным рытмам і доўгімі, як павольны ўзмах антычнага вясла, радкамі.

— Ад яго засталося няшмат твораў. Але гэта быў Паэт.

Апавядальніца запаліла свечку ў маленькім жалезным падсвечніку, паднесла да партрэта, які хаваўся ў самым неасветленым куце. З паўзмроку ясна зірнулі цёмныя вочы... Не, не чорныя — цёмна-цёмна-сінія, як прадонне. Мая Радзіма — неспазнаная, неўсвядомленая — глядзела на мяне, у мяне.

Задаволеная эфектам, дзяўчына загасіла свечку, паставіла падсвечнік на высокі столік з вітой ножкай. Толькі тут я заўважыла, што ў экскурсаводкі моцна скошанае вока. Але гэта нібы і не псавала яе шырокі ў выліцах, мілы тварык.

— Запрашайце ўсіх астатніх у наш музей, калі ласка...

Я хадзіла туды кожны дзень. Дзяўчыну звалі Марына. Яна адна выхоўвала сына, трапіла сюды па размеркаванні з бібліятэчнага факультэта. Але ў бібліятэцы ёй цяпер маглі прапанаваць толькі палову стаўкі, і Марына ўхапілася за ідэю музея. Экспазіцыя ў гэтым пакойчыку створаная яе рукамі, многае адстоена ў жорсткіх «баталіях» з адміністрацыяй... Здавалася, для Марыны Паэт быў жывым, блізкім ёй чалавекам, так многа яна ведала пра яго і пра гісторыю краю, так натхнёна распавядала...

Непагоднымі начамі бэз цяжкімі гронкамі біўся ў шыбы майго часовага пакойчыка, і мроілася, што сам Паэт — там, у цёмнай пене лістоты і кветак, глядзіць на мяне глыбокімі, як прадонні азёр, вачыма.

Перад ад’ездам мы ўсе, «адпачываючыя», зайшлі ў музей да Марыны і напісалі шмат добрых слоў у кнігу водгукаў, і пакінулі для яе сыночка няхітрыя пачастункі — у каго што было.

І ад душы наламалі ў дарогу пышнага бэзу — дагані, суровая адміністрацыя!

І гэта прамінула.

Я доўга і пакутліва адкрывала для сябе сваю Радзіму. Загаварыла на яе мове, даведалася пра яе славутых палкаводцаў і паэтаў, памяць пра якіх згубленая ў цёмных пакоях закінутых маёнткаў і палацаў.

І заўсёды з прыемнасцю ўспамінала дні, праведзеныя ў доме адпачынку, паўцёмны музейны пакой і ўзнёслую дзяўчыну-экскурсаводку.

Лёс даў мне магчымасць зноў паехаць туды. На гэта раз — з сям’ёй. Вядома, у першы ж дзень мы накіраваліся ў музей. Знаёмы голас, дзверы расчынены, і — о цуд! — чуваць голас Марыны:

— Так, ён тут прысутнічае! Я часта адчуваю гэта. Па сведчаннях сучаснікаў, ён любіў сядзець перад гэтым акном, глядзець на бэз, на стройныя ліпавыя прысады — тады яны былі яшчэ зусім маладзенькія... Напэўна, старонні глядач ніколі б не падумаў, што гэты самотны мройнік можа быць мужным ваяром, бездакорным рыцарам свае Айчыны...

Мы ўвайшлі ў пакой. Перад невялікай купкай наведнікаў стаяла Марына. Распаўнелая, але гэткая ж узнёслая, у светлым шалі і цёмнай сукенцы, толькі валасы набылі парфумна-белы колер... Але... Хаця і мэбля, і клавесін, і сурвэткі засталіся на ранейшых месцах, усё не спазнавальна змянілася. На стэндах жаўцелі фатаграфіі з выявамі шыракатварых мужчын у гусарскай форме, у рамках пазалочанага багету красаваўся яркі батальны жывапіс, а з партрэтаў паглядаў не цемнавокі Паэт, а таўсматы сівы стары ў напудраным парыку і мундзіры, спрэс увешаны ордэнамі. І сталёвы пагляд з-пад кусцістых броваў...

— Што гэта?!

Марына пачула, перарвала натхнёны аповед і — зразумела, яна мяне не пазнала — адказала з лёгкім дакорам:

— Тут — музей Палкаводца. Вы, напэўна ж, чулі, што гэты вялікі чалавек нейкі час тут жыў?

— А як жа Паэт?

Марына спакойна патлумачыла:

— Некаторыя звесткі пра яго ёсць у мясцовым краязнаўчым музеі, у райцэнтры. На жаль, памяшканне не дазваляе нам пашырыць экспазіцыю.

Я паназірала за ёй — яна не прыкідвалася. Яна сапраўды была ўзнёслая і натхнёная. І ёй сапраўды было ўсё адно, ці захапляцца мясцовым Паэтам-інсургентам, ці Палкаводцам — утаймавальнікам паўстання. Вядома, другі пераўзыходзіў славаю першага...

У куце сядзеў светлавалосы падлетак і меланхалічна грыз чырвоны яблык. У хлопца былі гэткія ж блізка пасаджаныя вочы і шырокія выліцы, як у Марыны.

Нечакана падумалася, што, можа быць, Радзіма мая глядзіць на мяне не праз цёмныя вочы памерлага Паэта, а вось цяпер, праз шэрыя, блізка пасаджаныя вочы сына эксурсаводкі?

Мы больш не наведвалі музей. За вокнамі нашага пакоя, як і калісьці, віраваў бэзавы туман, цяжкія гронкі стукаліся ў вокны, асыпалі на падваконне духмяную расу, і можна было навыбіраць з іх на ўдачу колькі заўгодна пяціпялёсткавых кветачак...

І, зірнуўшы раптам у начную бездань лістоты, сустрэць нечы цёмны пагляд...


Загрузка...