СЯРЭДНІ КАМЕННЫ ВЕК

CTPAЛA РАСАМАХІ


Адзінаццаць тысяч гадоў назад. На Беларускім Паазері

Расамаха быў яшчэ юнак, але на паляванні з ім мала хто мог параўнацца. Ен дзідаю трапляў пад самую лапатку бягучаму аленю, збіваў каменем вавёрку з высокага дрэва. Мог доўгі час ляжаць на краі балота ў траве i цярпліва чакаць, пакуль бліжэй падплывуць качкі, каб дакладнейшым быў кідок цяжкай палкі.

А яшчэ любіў Расамаха блукаць па навакольных лясах ды балотах. Бывае, адаб'ецца ад паляўнічых i паверне берагам невядомай рэчкі. I ўсё яму цікава — куды вада бяжыць, якія дрэвы растуць у іншых мясцінах, якія там звяры водзяцца.

Але хадзіць па нязведаных сцежках, ды яшчэ аднаму, трэба было асцярожна, каб не напаткаць людзей з іншага племені, якія не пацерпяць чужака ў сваіх паляўнічых уладаннях.

За гэты спрыт на паляванні i за ахвоту да вандраванняў, мусіць, i далі юнаку імя Расамаха.

Вось i зараз з высокага ўзгорка прыкмеціў Расамаха на затуманеным даляглядзе незнаёмае возера.

— Не хадзі,— пачалі адгаворваць старэйшыя паляўнічыя.— Там жывуць ваяўнічыя людзі. У ix дзіды маленькія, але куслівыя, як змейкі. I ляцяць яны вельмі далёка, бо кідаюць ix духі — памочнікі тых людзей.

Але гэтыя словы толькі падахвоцілі юнака — вельмі захацелася пабачыць самому, як лётаюць тыя маленькія дзіды-змейкі. Расамаха мацней завязаў раменьчыкі на скураным абутку, паправіў за пасам нож, перахапіў у правую руку дзіду i знік у нізкім ельніку на схіле ўзгорка. Ішоў, трымаючыся лагчын з кустамі i пералескамі. На прагаліны, дзе быў адкрыты чужому воку, стараўся не выходзіць.

Недзе на паўдарозе да возера трапілася асабліва вялікая прагаліна. Расамаха асцярожна вызірнуў з хмызняку, прыкідваючы — ці бяспечна будзе яе перайсці, а можа лепш абмінуць краем. I тут амаль перад сабою ўбачыў старога лася. Звер скуб траву паміж валунамі i раз-пораз пудка ўскідваў галаву, прыслухоўваўся i азіраў наваколле.

Вецер быў якраз з боку лася, i жывёліна не ўчула чалавека. Расамаха з захапленнем i шкадаваннем глядзеў на лася, да якога б дакінуў дзідай. Але навошта яму зараз такая здабыча? Да таго возера дабірацца яшчэ паўдня, i невядома — калі назад. За гэты час ваўкі ды лісіцы ад лася пакінулі б адны косткі.

I толькі хацеў Расамаха зноў пусціцца ў дарогу, як вострым зрокам прыкмеціў, што за вялікім каменем непадалёку ад лася нешта варухнулася. Там затаіўся мядзведзь. Звер таксама цікаваў за ласём i падбіраў момант, каб кінуцца на здабычу. Але на краі прагаліны быў хтосьці i чацвёрты! За кустом, зусім блізка, Расамаха ўбачыў чалавека. Той так захапіўся ласём, што не заўважаў нічога навокал сябе. У руках незнаёмага была доўгая выгнутая палка i тонкі пруток, на канцы якога пабліскваў крамянёвы наканечнік. Расамаха адчуў, як ад страху ў яго на галаве заварушыліся вал асы, i скасіў вочы за спіну суседа: дзе ж той дух, як i пасылае гэтыя дзіды-змейкі? Што ў руках чалавека была тая зброя, пра якую расказвалі паляўнічыя, Расамаха здагадаўся адразу. Але ніякіх духаў не ўбачыў i з палёгкай перавёў дыханне.

I тут незнаёмец узняў выгнутую палку, нацягнуў сплеценую з сухажылляў вяровачку, якой былі звязаны канцы палкі, i пусціў пруток з наканечнікам.

Расамаха нават не паспеў прыкмеціць, куды паляцеў гэты пруток. Толькі ўбачыў, як уздыбіўся лось, ірвануўся наўцёкі, але пярэднія ногі яго падагнуліся i жывёліна завалілася на бок, зарываючыся рагамі ў зямлю.

Незнаёмец нешта ўскрыкнуў i пабег да лася. Калі ён быў побач, на чалавека кінуўся мядзведзь — звер лічыў лася сваёй здабычай. Расамаха аслупянеў, гледзячы, як падмяў мядзведзь паляўнічага пад сябе, разрываючы кіпцюрамі вопратку, i як той учапіўся драпежніку ў горла, ратуючыся ад іклаў. I тут быццам нейкая сіла штурханула юнака ў плечы. Праз некалькі імгненняў ён апынуўся на прагаліне i ўвагнаў у бок зверу сваю дзіду. Мядзведзь зароў, тузануўся, але ўдар быў трапны — у сэрца.

Юнак дрыжэў ад узбуджэння, азіраючы месца сутычкі. Лось, мядзведзь i чалавек ляжалі побач. Незнаёмец не рухаўся. Разарваная скураная вопратка ў яго на грудзях паволі набрыньвала крывёю — кіпцюры дасталі i да цела. Расамаха нагнуўся над параненым, крануў за плячо. Той застагнаў i расплюшчыў вочы. Потым, з цяжкасцю прыўзняўшы галаву, паглядзеў на лася, мядзведзя, перавёў позірк на Расамаху i нешта прагаварыў на незразумелай мове, паказваючы на мядзведзя.

Расамаха заківаў галавой і, размахваючы дзідаю, паказаў, як ён закалоў звера.

Зараз ужо i незнаёмец заківаў галавою, заўсміхаўся i ўсё нешта лапатаў па-свойму. Мусіць, дзякаваў.

А вопратка на грудзях у яго ўсё больш чырванела. Тады юнак выразаў з ласінага бока доўгі пасак скуры i моцна сцягнуў ім грудзі параненага. Кроў перастала сачыцца, i даволі хутка незнаёмцу палегчала. Ен нават змог, хоць i хістаючыся, узняцца на ногі. Затым паказаў у бок возера i жэстамі запрасіў ісці за сабой.

Расамаха выразаў моцны кій i падаў параненаму, каб той мог абапірацца на яго. Нават правёў да краю прагаліны. Але далей ісці адмовіўся. Ен не ведаў, як яго прымуць чужыя людзі. А раптам не • захочуць адпусціць у родныя мясціны?

Незнаёмец са шкадаваннем развёў рукамі. Потым зняў з пляча тую выгнутую палку з нацягнутай вяровачкай, з паса — берасцяную трубачку, з якой тырчэла многа пруткоў з наканечнікамі, i працягнуў усё гэта Расамаху.

У юнака ад радасці ледзь не выскачыла сэрца.

— Лук,— паказаў незнаёмец на выгнутую палку.— Страла,— паказаў ён затым на пруток.

— С-стр-рала,— з цяжкасцю паўтарыў Расамаха новае слова i моцна прыціснуў падарункі да грудзей.

Вяртаўся Расамаха, нібы ляцеў на крылах. Але як ні спяшаўся, зноў завярнуў на тую мясціну, дзе выратаваў жыццё чалавеку. Лася не чапаў — гэта была чужая здабыча, а з мядзведзя злупіў шкуру. Потым пайшоў павольней, бо на плячах адчувалася вага набытку.

У пачатку наступнага дня Расамаха быў дома. Юнак зняў з плячэй мядзведжую шкуру i разгарнуў каля вогнішча. Затым паклаў на яе лук i стрэлы. Ен стаяў побач, i твар яго пунсавеў ад гонару. Родзічы абступілі навокал, зазіраючы цераз плячо адзін другому: што гэта за незразумелыя рэчы прынёс Расамаха?

Тады Расамаха ўзяў лук, паклаў на цеціву стралу i выстраліў уверх. Страла ўзвілася вышэй самых высокіх дрэў i, апісаўшы стромкую дугу, уваткнулася ў зямлю за буданамі.

Людзі ў жаху пабеглі ад вогнішча, а некаторыя пападалі ніц з крыкам: «Дзіда — змейка духаў!» Юнак засмяяўся: «Гэта страла! Яе пускаюць не духі, a людзі вось з такога лука».

Родзічы Расамахі хутка i самі навучыліся страляць з лука, а затым i майстраваць яго з моцнага дрэва. З лукам стала лягчэй паляваць. Зараз з вялікай адлегласці можна было забіць любую жывёліну, нават падстрэліць птушку ў палёце. Паляўнічыя пачалі больш прыносіць здабычы, i ў людзей заўсёды было мяса.

Неўзабаве ў тых краях усе навучыліся паляваць з дапамогай лука. I доўга яшчэ там называлі гэту цудоўную зброю «стралой Расамахі».


АСЕННЯЕ ПАЛЯВАННЕ


Адзінаццаць тысяч гадоў назад. Левы бераг Віліі пад сучаснай Смаргонню

Наступіла восень. Паблякла тундра, што разаслалася на поўнач ад ракі. Пажаўцелі бярозавыя пералескі, якія пачыналіся ад паўднёвага берага Віліі i цягнуліся да Немана, каб за ім зліцца ў суцэльны лес, дзе бяроза змешваецца з ялінай, хвояй, вольхай.

I як толькі вецер прынёс першае дыханне халадоў, племя, якое жыло каля крутой рачной лукі, пачало рыхтавацца да вялікага палявання на паўночных аленяў.

Ладзілі чоўны, мацней прывязвалі крамянёвыя наканечнікі да доўгіх дрэўкаў, мянялі апярэнне стрэлаў, спрабавалі пругкасць лукаў. Групы мужчын пайшлі ў паўднёвыя лясы дзерці смалякі, ламаць яловыя лапкі. На паўночны бераг Віліі пераправіліся разведчыкі пільнаваць з'яўленне аленяў, якія пойдуць з халодных краёў праз Вілію да Немана, дзе на краі лясоў будуць хавацца ад зімовых вятроў.

I вось аднойчы на пясчаны мыс, які жаўцеў стромкімі абрывамі, прыйшоў шаман з бубнам i касцяной сякерай. Бубен быў плоскі з тугой скураной мембранай на берасцяным вобадзе. Прывязаныя да вобада, шамацелі нізкі ракавін. На чорнай ад тлушчу i сажы паверхні сякеры выдзяляўся адмысловы наразны арнамент, запоўнены белай глінай.

Шаман быў голы, толькі шкура пакрывала яго плечы, ды над галавою пагойдваліся аленевыя рогі.

З белых вапняковых каменьчыкаў шаман выклаў на траве сілуэт аленя, побач распаліў вогнішча. Калі агонь разгарэўся i дым пацягнуўся ўгору, шаман ударыў у бубен. I адразу з буданоў паселішча з явіліся мужчыны з дзідамі i лукамі i пайшлі на рачны мыс, куды ix клікаў бубен.

Шаман кружыў вакол вогнішча i сілуэта аленя на траве, рытмічна біў у бубен i раз-пораз выкрыкваў закляцці. Мужчыны, якія паселі ў кола, пагойдваліся ў такт бубну i хорам паўтаралі за шаманам. Далека па рацэ разносілася гэта ні то песня, ні то лямант.

Увесь дзень заклінаў духаў шаман. I ноч. Прасіў ix дапамагчы ў паляванні, скіраваць аленяў да гэтай рачной лукі. Усё хутчэйшым рабіўся бубнавы рытм, усё мацней ускрыквалі паляўнічыя, і, здавалася, не будзе канца гэтаму кружэнню шамана вакол вогнішча — адкуль толькі моц у гэтым старым целе! Але шаману, пэўна, давалі тую моц добрыя духі племені.

Калі скончылася ноч i развіднела, прыбег задыханы разведчык, прарваўся да вогнішча праз кола мужчын i закрычаў, уздымаючы дзіду: «Ідуць алені!»

Тады шаман выхапіў у разведчыка дзіду i, як рэха, ускрыкнуўшы: «Ідуць алені!», увагнаў яе вастрыём у белы сілуэт жывёліны на траве i ўпаў без прытомнасці.

Мужчыны-паляўнічыя рушылі да берага i занялі ўжо раней падрыхтаваныя месцы: хто ў чоўне, замаскіраваным галлём, хто з лукам у прыбярэжных кустах.

З'явіўся яшчэ адзін разведчык i сказаў, што алені ідуць якраз на пераправу каля ix лукі. Усе з палёгкаю ўздыхнулі. Здаралася, што алені, нечым устрывожаныя, раптам паварочвалі ўбок i пераплывалі Вілію ў іншым месцы. Тады племя заставалася на зіму без мяса, i галодная смерць прыходзіла да людзей.

I вось у напружанай цішыні пачуўся нейкі шум, затым лес рагоў вырас над звілістай лініяй прыбярэжных узгоркаў — гэта паказаліся перадавыя статкі аленяў. Сівавата-бурая хваля жывёлін падкацілася да вады i замерла. Аленіхі-важатыя пачалі нюхаць паветра i пільна аглядаць супрацьлеглы бераг.

Затаілі дыханне паляўнічыя. Але вось аленіхі ўвайшлі ў ваду i паплылі. Калыхнуліся тысячы рагоў, i ўслед за важатымі рушылі іншыя алені.

Як толькі першыя жывёліны выйшлі на супрацьлеглы бераг, ca схованак выплылі чоўны — паляванне пачалося. Паляўнічыя, плывучы сярод аленяў, калолі ix дзідамі. Аднаго за другім. Пакуль хапала моцы ў руках або пакуль не ламалася дрэўка. А з другога берага ўсё наплывалі новыя статкі.

Забітых жывёлін плынь зносіла ўніз. Там ix перахоплівалі i цягнулі да берага. Маладзейшыя або не такія спрытныя паляўнічыя білі аленяў на беразе з лукаў.

Але i ў людзей без ахвяр не абышлося. Перапалоханая аленіха перакуліла човен. Паляўнічы пайшоў на дно. Быў паранены i адзін юнак на беразе, які неасцярожна сунуўся з дзідаю да раз'юшанага самца.

Апошнія алені, успеньваючы ваду, выскачылі на бераг i памчалі па раскапычанай тундры. Навокал стала ціха.

Зараз наступіла спакайнейшая, але не менш важная работа. Трэба было зняць шкуру са здабычы, прыпарадкаваць мяса. I хутка задымілі ўздоўж берага вяндлярні, зробленыя з жэрдак i бяросты. Густа запахла паленым смалістым дрэвам. I так было кожную восень.


ЗА ДАРАМI ПРЫРОДЫ


Гэта магло быць у любое тысячагоддзе каменнага веку, асабліва ў яго пазнейшы час, дзе-небудзь на Беларускім Паазер'i

Першабытны чалавек карміўся з палявання, рыбалоўства i збіральніцтва. Зразумела, апошняе не прыносіла столькі спажывы, як, напрыклад, удалае паляванне на зубра або маманта. Але ўсё ж i збіральніцтва значна разнастаіла харчаванне нашых продкаў.

Вясною, калі ўсё навокал зелянела, выпраўляліся за першым шчаўем. Ішлі ў харч маладая крапіва, дзікая цыбуля, карані вадзяной лілеі, мноства іншых раслін. Вясною быў самы час i для збору птушыных яек. Затым прыходзіла лета i выспявалі ягады. Спачатку суніцы, потым чарніцы, маліны, брусніцы, восенню — журавіны. Ягады можна было не толькі есці свежымі, але i сушыць на зіму.

Пасля цёплых дажджоў пачыналіся грыбы. Раслі яны ажно да позняй восені, i ўвесь гэты час не заціхалі чалавечыя галасы ў лесе.

У канцы лета наступаў збор арэхаў. Людзі ішлі i ў дубнякі, разганяючы дзікоў,— паспелі жалуды. Вывараныя жалуды гублялі гаркоту. Ix можна было затым перацерці на муку, змяшаць з арэхамі ці яшчэ з чым i спячы праснакі.

...У дупле вялізнай старой ліпы пасяліўся пчаліны рой. Можа таму, што дупло было высока над зямлёю, а дрэва нахілена над рэчкаю, мядзведзям ніяк не ўдавалася выдраць гранкі-соты. А паласавацца мядком яны спрабавалі — камель быў добра паабдзіраны кіпцюрамі.

Людзі прыкмецілі рой яшчэ вясною, але не чапалі: чакалі, пакуль пчолы наносяць пабольш набытку. I вось неяк у самы разгар лета, калі з дупла ажно выступіў мёд, да ліпы прыйшло некалькі мужчын. Спыніліся пад дрэвам, глядзелі i слухалі, як гудуць пчолы ў ліпавай кроне. Затым адны з мужчын ссеклі ў прыбалаці гонкую яліну i ацерабілі на ёй галіны, пакінуўшы ля камля старчакі. Другія нацягалі сухога ламачча. Як толькі яліну прыставілі да ліпы — вяршыняй да дупла, падпалілі ламачча i пачалі кідаць на агонь сырое галлё. Цёмна-шызы дым узняўся ўгору, ухутаўшы дрэва густым воблакам. I адразу загуло ў кроне, быццам у віхуру,— гэта вылятаў з дупла растрывожаны рой.

Крыху пачакаўшы, па яліне, чапляючыся за старчакі, палез маладзейшы i рызыкоўнейшы з мужчын. Ен быў захутаны ажно да вачэй закуродымленай вопраткай i трымаў пад пахай скураны мех. Задыхаючыся ад дыму, мужчына выцягнуў з дупла гранкі i склаў у мех. Затым хуценька пачаў спускацца, бо, калі дым радзеў, пчолы смялелі i раз'юшана накідваліся на чалавека. Даставалася i тым, хто стаяў пад дрэвам.

Радасна ўзбуджаныя — гэта была вясёлая забава — вярталіся мужчыны са здабычай у паселішча. Час ад часу пазіралі адзін на другога, бачылі апухлыя ад укусаў насы i вочы-шчылінкі i рагаталі.

...У плыткай азёрнай затоцы, зарослай рознымі вадзянымі раслінамі, ходзяць амаль па пояс у вадзе жанчыны i падлеткі. Раз-пораз нагінаюцца, нешта выцягваюць з глею i кладуць у торбы. Малюскі? Не, хоць ix таксама збіралі i елі першабытныя людзі. Жанчыны i падлеткі выкопваюць плады вадзяных арэхаў, рагатыя, як галоўкі чорцікаў. Плады потым абсмажаць на вогнішчы i дастануць з ix смачныя зярняты.

А як настане глыбокая восень i сцішыцца пачарнелая зямля ў чаканні першага снегу, гаспадыні са спакойным задавальненнем будуць аглядаць у схованках доўгія нізкі сушаных грыбоў, кошыкі i вялізныя гліняныя гаршкі з ягадамі, жалудамі, ляснымі i вадзянымі арэхамі. Будуць перакладаць у сушэйшыя мясціны пукі каранёў i сцяблін ядомых раслін i радавацца, што зімовымі завірухамі, калі не прабіцца праз лёд да свежай рыбы, не трапіць у заснежаны лес за дзічынай, сям'я хоць які час зможа пратрымацца на гэтых запасах, сабраных у лесе, на балоце, у возеры.

Збіральніцтвам займаліся i самыя першыя людзі, якія яшчэ мала чым розніліся ад сваіх продкаў — чалавекападобных малпаў, i людзі пазнейшага часу, кал i ўжо існавалі земляробства i жывёлагадоўля.


У МАЙСТЭРНІ


Сем тысяч гадоў назад. На рацэ Сож каля сучаснай вёскі Залессе ў Чачэрскім раёне

Нa краі паселішча, пад самым лесам, размясцілася крэмнеапрацоўчая майстэрня. Гэта — лёгкая трысняговая павець на слупках, якая дае схованку i ад сонца, i ад непагадзі.

Пад павеццю яшчэ моцны, але ўжо сівы мужчына. Апрануты ён у доўгія штаны, пашытыя з крапіўнага палатна, i скураную безрукаўку. Босы.

Вось мужчына ідзе ў кут павеці i выкопвае са схованкі крамянёвы кавалак — камень памерам у два кулакі. Затым бярэ з торбы на слупку адбойнік — гранітную гальку з моцна падзёўбанымі краямі, прысаджваецца на драўляны кругляк i спрытным ударам збівае вяршыню кавалка. Атрымалася амаль роўная пляцоўка. Паклаўшы камень на чэсаную дошку, якая ляжыць на зямлі, i заціснуўшы яго ступнямі, майстар пачынае адколваць з пляцоўкі пласцінкі з правільнымі гранямі. Робіць ён гэта спецыяльным прыстасаваннем — зробленым з pora i дрэва доўгім стрыжнем-адціскальнікам.

Побач з сівым сядзіць мужчына маладзейшы. Ен падбірае з зямлі адколатыя пласцінкі i апрацоўвае ix па краях невялікім рэтушорам — абломкам крэменю. Пласцінкі-нарыхтоўкі набываюць форму доўгіх лістападобных наканечнікаў стрэлаў з рэтушаванымі краямі i адмысловым тонкім насадам.

Мужчыны стараюцца. Набліжаецца восень — час палявання на адлятаючых у вырай растлусцелых за лета качак i гусей. А для такога палявання трэба многа стрэлаў.

Пад павеццю i навокал яе валяецца мноства розных кавалкаў крэменю, пласцінак, адшчэпаў, а таксама крамянёвых камянёў, з якіх адкалолі колькі можна нарыхтовак i кінулі як непатрэбныя. Гэта так званыя нуклеусы. Яны выглядаюць як гранёныя пірамідкі.

Каля павеці былі разасланы кавалкі бяросты. На ix ляжалі змайстраваныя яшчэ раніцою крамянёвыя скрабкі — адшчэпы або абломкі ножападобных пласткоў, у якіх край закругляўся i апрацоўваўся стромкім рэтушам. Такая прылада з'яўлялася універсальнай, ёй можна было чысціць рыбу, здзіраць мяздру са скуры, рэзаць скуру жывёл i кару дрэў. Тут жа былі i некаторыя іншыя прылады: праколкі, якімі рабіліся невялікія адтуліны ў скуры або кары; разцы, якія пераважна прымяняліся для апрацоўкі костак; доўгія, завостраныя з краёў нажы.

Працавалі моўчкі. Толькі, калі перапыняліся, перакідваліся якім словам.

Ужо перад самым паўднём, калі збіраліся пайсці абедаць, маладзейшы мужчына адклаў убок рэтушор i пачаў узірацца паміж хацін:

— А да нас нехта ідзе.

Паглядзеў туды i старэйшы.

— Ды гэта мой су сед Барона з сынам.

Варона падышоў да павеці i павітаўся з майстрамі, пажадаўшы ім дапамогі добрых духаў. Затым дастаў з-за паса сякеру i працягнуў старэйшаму:

— Бачыш, Скол, як лязо вышчарбілася? I аб што — аб ліпу. Пачаў ссякаць каля затокі, каб потым выдзяўбці з яе човен. Але раптам трапіў сякерай на нешта цвёрдае — ажно зазвінела. Гляджу, a ў дрэве ўрослы крамянёвы наканечнік стралы. Тады ўспомніў, што як былі яшчэ хлапцамі, то на гэтай ліпе ў цэль з лукаў практыкаваліся.

— Ты глядзі, які выпадак,— здзіўлена паківаў галавой Скол.— Я i сам па ёй не адну стралу калісьці выпусціў. Але мы табе зараз зробім новую сякеру, бо гэту шчарбіну ўжо не зараўняеш.

Майстар выбраў прадаўгаваты крэмень i збіў з яго верхнюю i ніжнюю часткі. Атрымаліся дзве пляцоўкі. Затым ударамі адбойніка адкалоў з краёў пляцоўкі тоўстыя адшчэпы — нарыхтоўка пачала нагадваць сякеру. Асцярожнымі бакавымі ўдарамі Скол зрабіў лязо i плоскі абушок. Лязо падправіў рэтушорам, ім жа зняў i выступы на краях сякеры. Хутка i лоўка выходзіла ў майстра, стараўся асабліва, бо рабіў на вачах супляменніка.

Затым Скол выбіў з адтуліны ў касцяным тапарышчы папсаваную сякеру, абмазаў адтуліну густым клеем з драўніннай смалы i замацаваў у ёй новую сякеру.

— На, сусед, трымай i няхай табе легка сячэцца. Толькі сёння не працуй — няхай смала засохне.

Пакуль дарослыя былі занятыя сякераю, сын Вароны, яшчэ падлетак, забаўляўся побач. Ен падымаў з зямлі непатрэбныя майстрам адшчэпы, стукаў адзін аб другі, высякаючы іскры, або для цікаўнасці, наследуючы дарослым, браўся рэтушаваць які крамянёвы асколак. Пазабаўляецца так i кіне крэмень у пясок.

А праз нейкіх сем тысячагоддзяў археолагі знойдуць на беразе Сожа гэтыя крамянёвыя недаробкі i будуць ламаць галаву, думаючы: «I што б гэта маглі быць за такія дзіўныя вырабы, для чаго яны служылі нашым продкам?» А гэта ўсяго толькі дзіцячыя забаўкі.

Крэмень апрацоўвалі на кожным паселішчы каменнага веку, але непадалёку ад багатых крэменем радовішчаў існавалі i спецыяльныя майстэрні па вырабу каменных прылад працы. Некаторыя ж раёны Беларусі бедныя крамянёвай сыравінай, таму мясцовыя жыхары замянялі яе іншымі матэрыяламі. Так, на старажытных паселішчах Падзвіння мы сустракаем касцяныя i рагавыя наканечнікі стрэлаў i дзідаў, кінжалы i гарпуны. Нават некаторыя сякеры там былі касцяныя. Праўда, такою сякерай дрэва не ссячэш, але ёю можна было адсекчы, напрыклад, кавалак мяса ад упаляванай жывёліны.

У самым канцы новага каменнага веку сякеры з крэменю i іншых камянёў пачалі зашліфоўваць з дапамогай каменных пліт i мокрага пяску.


Загрузка...