Тая ж сялянская хата. Стол, печ, бачны іконы. Шырма, за каторай спяць. Вера Зуйкова нешта шые разам з сяброўкай Таняй. Збоку — яе малодшая пяцігадовая сястра перабірае фасолю.
Танька. Выйшла ўчора ад цябе, іду, а яны з гармонікам, паселі на бярвеннях каля Фядосіка. Дык Кацька ўжо каля Пецькі, і гэтак увіваецца, гэтак увіваецца, а ён — хоць бы што. Дык так адна да хаты і пайшла. Бястыжая…
Верка. А Пецьку можа абкруціць. Ён ціхі, во паглядзіш. Папомні мае словы.
Танька. А во паглядзім — не!
Верка. Як летась — Валька Сіўцова — круцілася каля Федзькі, ды замуж і выскачыла.
Танька. Параўнала — Валька Сіўцова. Там ёсць на што паглядзець, а то — пігаліца. Прыдумала, што яна прыгажуня, а ў самой нос доўгі, як лядзяш. I бястыжая…
Верка. Ведаеш, я раней таксама гэтак думала — бястыжая, бястыжая… А цяпер неяк падумала — а калі б што паміж намі з Андрэем…
Верка азіраецца на сястру, тая ўважліва прыслухоўваецца, але, заўважыўшы Верчын погляд, паспела адвярнуцца і зрабіць абыякавы выгляд.
(Цішэй.) Калі б што — нічога не пабаялася б зрабіць. Што б хто ні казаў. Цяпер я зразумела, чаго гэта яны ўсе бястыжыя…
Танька. Паслухай, Вер, вы як удвух застаецеся, што Андрэй робіць?
Верка. Што?! (Паціскае плячыма.)
Танька. Не. Твой Андрэй, мабыць, не гэтакі. А за мною ўчора зноў Колька ўвязаўся… I зноў за сваё…
Верка. Ціха ты.
Верка і Танька азіраюцца, сястра не паспявае адвесці ўбок зацікаўленага позірку.
(Да сястры.) Ідзі на вуліцу пагуляй!
Сястра. А мне маці казала фасолю перабраць…
Верка. Ідзі, ідзі, вушы вострыш. Паспееш, перабярэш яшчэ фасолю, паспееш!
Выводзіць сястру з хаты.
Што я табе пакажу зараз…
Танька. Ой, што? Пакажы хутчэй.
Вера дастае хустку і паказвае.
Ой! У Шмуйлы гэткія па пяць рублёў бачыла.
Верка. А ведаеш, хто мне яе падарыў?
Танька. Хто?
Верка. Андрэй падарыў.
Танька. Андрэй?
Верка. Ага.
Танька. Дай паглядзець.
Верка аддае хустку. Танька мерае. Потым задумваецца.
Вер, а Вер? А ты чула?
Верка. Што?
Танька. Пра Зінку Васількову?
Верка. Не-а. Скажы.
Танька. Толькі… каб нікому!
Верка. Няўжо ж!
Танька. Зінка цяжарная!
Верка. Ай, госпадзі!
Танька. Ад Мішкі Барысіка. Усё — мой Мішка, мой Мішка, — вот табе і Мішка! Хадзіла да бабы Сысіхі, а Сысіха і кажа раптам: не, больш грашыць не буду, грэх на душу браць, мне паміраць хутка… А сама потым цётцы Марылі расказала, а тая ўжо — маці. Бацька яшчэ не ведае. Што будзе! Глядзі — каб нікому.
Сяброўкі памаўчалі, а потым Танька нерашуча прадоўжыла.
А спачатку хустку гэткую паказвала, як у цябе.
Верка. Якую хустку?
Танька. Гэткую саму, ад Шмуйлы, па пяць рублёў. (Зноў памаўчаўшы.) Як у цябе…
Верка. Ты што прыдумала?! Дурніца ты!
Танька. Я нічога…
Верка. Хочаш, скажу?
Танька. Што? Гавары.
Верка. Сёння ў сваты прыедуць.
Танька. Яй-богу? Андрэй?!
Верка (з гонарам). Андрэй!
Танька (узрадавана). Ой, Верка, праўда? (Абдымае Верку.) А ты адкуль ведаеш?
Верка. Ведаю.
Танька. А ты маці казала?
Верка. Няўжо ж.
Танька. А бацьку?
Верка. Не-а. Маці, мабыць, сама яму сказала. Андрэй казаў — аддзеліць бацька. Сваім дваром жыць будзем. Я б ні за кога не пайшла, толькі за яго. Ні за кога. Я яго ў сне кожную ноч бачу, толькі вочы закрыю — і бачу…
Танька. Вер…
Верка. Што?
Танька. А табе не страшна? Замуж?
Верка смяецца.
Верка. Андрэй казаў, што ён мяне і пальцам не кране, яй-богу.
Уваходзіць маці, з ёй пяцігадовая дачка.
Зуйчыха. Во сарокі, языкамі лапочуць, а ў хаце не прыбрана. Як праўда людзі прыедуць?
Верка. Я зараз!
Танька. Я пайду, раскажаш пасля.
Зуйчыха, Вера і пяцігадовая дачка прыбіраюць у хаце, накрываюць абрусам стол, выносяць фасолю, Верка выходзіць, застаюцца Зуйчыха і пяцігадовая дачка.
Дачка. Мам, а мам…
Зуйчыха. Што?
Дачка. А за каго б мне замуж пайсці?
Зуйчыха. Што? Шмат жаніхоў?
Дачка (задумаўшыся). Віцька — дык ён недарэка. Пецька зусім малы яшчэ. Сашка Сёмкін бегае да Валькі гуляць, мне гэтакі непатрэбны… А Саўка…
Зуйчыха (сур'ёзна). А што Саўка? За Саўкам без хлеба б не сядзела, у іх усе спраўныя.
Дачка. Не, мам… За Саўку я не пайду…
Зуйчыха. Чаму?
Дачка. У яго соплі з носа цякуць… Прама на губу.
Зуйчыха. А ты прыгледзь. За мужыком хто прыгледзіць. Калі Саўка ў бацьку ўдасца, за ім кожны дзень булкі есці будзеш.
Дачка. Як на Вялікдзень?
Зуйчыха. Як на Вялікдзень.
Уваходзіць Верка. Садзіцца ля стала.
Верка. Мам, а калі цябе сваталі, боязна было?
Зуйчыха. Боязна. Толькі ў той час усё інакш было. Я твайго бацьку да сватоў і не ведала. Нас у сям’і дзве дзеўкі было на выданне, дык як прыехалі, то і не ведалі, да каторай. Во як было ў тыя часы.
Верка. Мам…
Зуйчыха. От ладна, усё яшчэ даведаешся. Бацькі няма — людзі прыйдуць, сорам. Панеслі чэрці на ета засяданне. Пачапёнак еты хаця і зяць, а розуму няма, і бацьку нашага цягне туды ж. Сядзелі б лепш ціхенька па хатах… Ды хто бабу паслухае… Ідзі дзеўкам дай паснедаць, бо прыйдуць людзі, сядуць ды гарэлку пачнуць піць, ды размаўляць, дык тыя галоднымі і застануцца.
Верка выходзіць і тут жа вяртаецца.
Верка. Мамачка! Едуць!
Зуйчыха. А госпадзі! Бацькі ж няма! А госпадзі!
Уваходзяць сваты — Аўдзей, Варвара, Андрэй, дзве старэйшыя дачкі Аўдзея.
Аўдзей. Вечар добры! Прыйшлі не званыя, як прагоніце, дык міма пойдзем, а як пусціце ў хату, дык і вам гарэлкі нальем.
Зуйчыха. Заходзьце, заходзьце, сядайце. Мы гасцям рады. Сядайце. Толькі гаспадара нашага няма — во-во вернецца, выклікалі ў сельсавет, пайшоў пасля абеду ў ета мястэчка, павінен ужо вярнуцца…
Аўдзей. Па якіх справах выклікалі?
Усе садзяцца.
Зуйчыха. Зяць у нас… Старэйшую нашу дачку браў. Вы ж, мабыць, ведаеце, Пачапёнак…
Аўдзей. Чаму ж не ведаем. Ведаем. Мы хаця і жывём далекавата, але ж самі адсюль усіх добра ведаем. I Пачапёнка ведаем. Хто яго не ведае. Зяць не на ўдачу.
Зуйчыха. Яй-бо. Не на ўдачу. Ды што рабіць. Восем дзевак. Як пасватаў, так і аддалі. Нам выбіраць няма з чаго.
Аўдзей. Непуцёвы.
Зуйчыха. Усё засяданні. А ў гаспадарцы не прыбаўляецца, ды і тое, што ёсць, недагледжана.
Аўдзей. Дык ад засяданняў і не прыбавіцца. Засяданнямі хлеба не вырасціш і скаціну не накорміш.
Зуйчыха. Вось і бацьку нашага зацягнуў, у нейкую там камісію. Вы ўжо выбачайце — во-во павінен вярнуцца.
Аўдзей. Мы можам і пачакаць. Нам спяшацца няма куды, мы на засяданні не ходзім, гаспадарка ў нас у парадку, можна і ў госці праехаць. Паглядзець, можа, дзе дзеўкі добрыя ёсць. Праўда, хлопец наш хутчэй за нас справіўся, выгледзеў сабе прыгажуню, вот бы і нам паглядзець.
Зуйчыха. Верка! Выйдзі да людзей!
Верка адразу ж выходзіць з-за шырмы, быццам толькі і чакала, калі яе паклічуць.
Аўдзей (весела). Бач ты, і ўгаворваць не трэба!
Зуйчыха дакорліва ківае дачцэ галавой.
Зуйчыха (як бы апраўдваючы дачку). Дзеўцы гэткая доля — не церпіцца.
Аўдзей. Калі і да работы гэткая спрытная, дык нам падышла б, я гэтак думаю.
Зуйчыха (паспешліва). У нас усе працавітыя. Ета любы скажа, у каго хочаце спытайце.
Аўдзей. Яно і нам гультая не трэба, ды, папраўдзе, і гультаю ў нас соладка не будзе. Калі дамовімся, дык сына я вырашыў па вясне аддзяліць. Ён у мяне талковы, за ім не прападзе, але ж не так ета і лёгка — на свой хлеб сесці. Не кожны гэтую лямку пацягне. Справа — не жарт. Але нам бы з гаспадаром пагутарыць.
Зуйчыха. От гаспадара нашага няма. Ды калі ўжо гаварыць, то што там. Мы людзі простыя. Нам дзеўка з рук — палёгка, што ні кажы, а гэта так. Але іншы раз і аддаваць шкада. Вырасцілі, дзеўкі добрыя, і дапамога ад іх — але ж каля сябе ўсё жыццё трымаць не будзеш. Цяжка дзевак выдаваць, ды што ж рабіць, але скажу адно: нашыя горш як у людзей не будуць. I Пятрок не пастаіць — і грошы дадзім, і карову прывядзе. А што да работы — дык з нашымі мала хто параўнацца можа, хай людзі скажуць. Мы хоць і не багата жывём, але не лежабокі. Каб мірам ды ладам, дык з нашага боку граху ні ў чым не будзе.
Аўдзей. От ета ты, гаспадынька, добра сказала. Не люблю я сватання, п’янай размовы. Справа сур’ёзная, сур’ёзам і гаварыць трэба. Такая размова нам падыходзіць. Мужыку каня купіць — і то розум трэба, а ета жонка, тут удвая глядзець. Мы жывём аднаасобна, ад людзей далёка. Каму сумна, а каму — і не. Лепш пасумаваць, чым пагаладаць. Працуй — і сумна не будзе. Па-мойму гэтак: хто робіць, той і мае, а хто мае — той і жыве. Вось гэткая размова мне, гаспадыня, па душы. Толькі б нам яшчэ з гаспадаром пагутарыць. Гаспадар — гэта гаспадар…
Зуйчыха. От бяда! I ніколі ж раней не хадзіў на етыя засяданні! I казала ж яму. А Божа, ці не ён?
Уваходзіць Зуёк.
Зуёк (хаваючы вочы). Вечар добры.
Аўдзей (падымаецца насустрач). Добры вечар, Пятрок, прыехалі за таварам, а гаспадара і няма.
Абодва стаяць наперадзе, а за імі ў рад сядзяць усе, хто прыехалі ў сваты. Зуйчыха і Верка стаяць каля іх справа і злева.
Зуёк (незадаволена). Я тавараў не трымаю, гэта ў мястэчках у крамах тавары.
Аўдзей. Ну, брат, у цябе тавару на палову вёскі хопіць. Мы тут, хаця і не па парадку, з гаспадыняй размаўлялі ўжо. Дзеўку сватаць прыехалі.
Зуёк (робіць здзіўлены выгляд). Дачку?
Аўдзей. А што ты дзівішся? Прымай сватоў, сватоў прымаць лёгка, у іх гарэлка з сабою.
Зуёк. Дачка мая яшчэ маладая.
Аўдзей. А нам маладая і патрэбна. Навошта сватам старая? Мы за маладой і прыехалі.
Зуёк. Ну вось што. Таго, чаго вам трэба, у мяне для вас няма. Так што, выбачайце, гасцявацца нам няма чаго.
Аўдзей. Пачакай, як гэта?
Зуёк. А так. I гарэлкі мы піць не будзем, і да другога разу адкладваць не будзем. Выбачайце!
Зуйчыха. Пятрок, ты што? З глузду з’ехаў? Ты ж сам казаў!
Зуёк (жонцы). Цыц! (Да Аўдзея.) Што сказана, то сказана — дачку замуж я не выдаю. I ўся справа.
Аўдзей здзіўлена глядзіць на Зуйка. Андрэй падымаецца і робіць крок наперад, азіраецца на Верку, тая хоча нешта сказаць.
Аўдзей (пакрыўджана-абурана і сярдзіта). Ну, тады… Тады ета ўжо вы нас выбачайце! Андрэй!
Верка. Татка, аддай за Андрэя!
Кідаецца да бацькі і падае перад ім на калені.
Зуёк. Бястыжая!
Зуйчыха. Пятрок! А госпадзі!
Зуёк (тупае нагой). Цыц! Марш атсюдава!
Аўдзей і ўся яго сям’я выходзяць. Верка хоча кінуцца следам. Зуёк хапае дачку за руку, штурхае яе. Верка падае, маці падымае яе.
Зуйчыха. Пятрок!
Верка. Што вы нарабілі — а-а-а!! Пусціце, пусціце мяне, што вы нарабілі!
Маці ўтрымлівае Верку, Верка вырываецца, захлёбваецца слязьмі.
Зуйчыха. Што ты…
Верка. Пусціце мяне. Сама да яго пайду! Сама, што вы робіце, пусціце!
Зуёк. Цыц, бабы дурныя! Іш, распусціла! Я вам!
Зуйчыха. Ты ж сам казаў!
Зуёк. Тое было ды прайшло! Ад Аўдзея цяпер чым далей, тым лепей!
Выходзяць некалькі дачок, забіраюць у маці Верку, вядуць за шырму. Верка плача, знясілена.
Верка (паўтарае). Пусціце мяне, пусціце, што вы нарабілі!
Зуйчыха (мужу). Што людзі скажуць — Аўдзею адмовіў, з глузду з’ехаў!
Зуёк. Не да людзей, сваё даражэй, ты ведаеш, што з Аўдзеем будзе?
З новай сілай чуваць плач і крык Веркі, і ўсё раптам змаўкае.
Зуйчыха. Што?
Зуёк. Каб пра гэта больш ні слова не чуў, зразумела? I рота не раскрывай.
Зноў чуваць плач і крык Веркі, і зноў раптам усё змаўкае.
Зуёк. Толькі звечарэе, возьмеш карову — Лысуху, павядзеш лесам, выйдзеш на шлях — да раніцы каб у Мсціслаўлі была, прадасі за любыя грошы.
Зуйчыха. Што ты кажаш?!
Зуёк. Маўчы, баба! Рабі, што мужык кажа!
Зноў чуваць плач і крык Веркі, і зноў ён адразу змаўкае.
I нікому, каб ні слова! I каб ніхто не заўважыў. А я павяду другога каня і кароў… Аддай дачку за Аўдзея, невядома, што з ёй станецца.
Зуйчыха (прыкрывае палахліва рот рукой). Што ты кажаш! Што ж гэта робіцца?!
Зноў чуваць плач і крык Веркі, і зноў адразу ўсё змаўкае.
Зуёк. Маўчы, маўчы, дурная, маўчы. (Пагражае жонцы кулаком.)
Зноў чуваць плач Веркі, яе крык: «А госпадзі, што вы нарабілі, пусціце мяне, утаплюся, утаплюся я, госпадзі, чым я вінавата, што яны са мною робяць, госпадзі, людзі, утаплюся, утаплюся, госпадзі».
Маці Зуйка (стаіць перад іконай). «Госпадзі, дай мне слёзы і памяць, і ўміленіе, паслушаніе, долгацярпеніе і кротасць… Ізбаві мяне ад маладушыя і акамяненнага нечувствія, ад дзьявальскага паспяшанія, ад лютага васпамінанія, ад завісці чалавечаскай і ад насілія па злобе, і ад власцей жастокасердных і нерадзівых… Госпадзі, весь перад табою, яко внезапно судзія прыідзет і каждага дзеянія абнажацца… Пуці твае ніспаведзімы, чалавек, яко трава дні яго, і не пазнает места свайго і не падумает о часе сваём… Госпадзі, гнев твой ачышчаюшчый да не да канца прагневаецца, не дапусці беззаконія, не па беззаконію нашаму судзі нас…»