1.
У клетцы вучоныя разглядзелі ўжо кожны закамарачак. Атам раздрабілі на асноўныя часткі, вават іх замералі і зважылі. Адкрылі дзіўную культуру шумераў. Раскапалі магутную Трою, шматпакутную Пампею. Расшыфравалі таямнічы тэкст майя. Здабылі з марскога бяздоння, паставілі пад акапы нават судны вікінгаў. Нарэшце дайшла чарга да «раскопак» у музыцы.
Узяліся вучоныя расшыфроўваць старажытную нотную грамату («крукі») ды ахнулі.
Выяўляецца, царкоўны хор калісьці культавыя творы выконваў рэчытатывам і аднатонна. Гэта шмат гаворыць аб тых выканаўцах. Спосаб мыслення ў іх быў яшчэ ў якойсьці дзіцячай стадыі. I малыя, калі спяваюць самастойна, цягнуць ва унісон. Пры гэтым дзеці не церпяць пярэчанняў — бы тыя алкаголікі, што таксама равуць аднатонна, ды яшчэ нічога не скажы ім насуперак (тут, кажуць, назіраецца вяртанне псіхікі дарослага да сваёй ранняй стадыі — дзяцінства).
Адным словам, першыя хрысціяне бога хвалілі хоць і хорам, але мелодыю цягнулі аднатонна. I гэта рабілася пад суровым кантролем, каб «нічога не парушала ходу прапетых божых слоў». У такой музыцы праяўляўся агульны стыль жыцця людзей старажытнасці ды нарматывы сацыяльнай псіхалогіі.
Здараліся ў далёкіх продкаў і моманты амацыянальнага накалу, калі выконвалі нешта ў парыве. Тады ад харавой мелодыі праходзіў за скурай мароз — дакладна так, бы ў наш час бывала на фронце, калі батальёны кідаліся ў атаку і салдаты ў адчайнай экзальтацыі на адной ноце крычалі — «ура-а!!» — прымушаючы гучаць у сабе струну, якая была ў іх дагэтуль нацягнутая і нямая.
Па меры развіцця агульнай культуры багамолаў, такі спосаб малення здавальняў усё менш. У хоры пачалася імправізацыя. Яе лёгка сабе ўявіць.
Акунёмся ў пачатак XIII стагоддзя.
2.
Прынёманскі край — суцэлыіы масіў пушчаў і непраходных балот. У развілцы Нёмана ды Гараднічанкі, за магутнай дубовай сцяной — княжаскі «Горадзень» з Ніжняй царквой. Перад масіўнай агароджай, на ўзвышшы — новенькі Прачысценскі храм і цэрквы, іпто дзесь яшчэ схаваны пад культурным, густа перамешаным чалавечымі костачкамі, слоем ды чакаюць сваіх археолагаў. Крыху ніжэй па цячэнню Нёмана, на высокай кручы берага красуецца паміж дубоў распісаны пад народнае мастацтва маёлікавымі пліткамі манастыр Барыса і Глеба — славутая Каложа.
Храм толькі што пабудавалі, запоўнілі паслушнікамі і манахамі. Ішлі ў яго ахвотна. То дзіва. За адныя харчы, адзенне і жменьку солі князі набіралі цэлыя дружыны, што гатовы былі за іх біцца на смерць. I Каложа гарантавала чалавеку стабільнасць. Калі іншы год спарына («галаўня») пляжыла ўшчэнт мужыкам жыта, хлеб елі кожны дзень толькі ў манастырах.
У атмасферы дзікіх забабонаў, грубай сілы і бяспраўя сякі-такі лад ды цывілізацыя існавалі ў храмах. Туды сцякаліся весткі. Там навучалі грамаце і стваралі ўмовы мастацтву... Трапіць у той час у манастыр азначала — зрабіць кар'еру куды большую, чым цяпер, пераехаўшы з якой-небудзь вёсачкі Палесся на пасаду прафесара ў сталічную акадэмію.
У паслужнікі для Каложы, напэўна, навербавалі хлопцаў з прынёманскіх вёсак — тых, што князь Усеваладак (ці іншы праўнук Яраслава Мудрага, якія па калейцы правілі Прынёманшчынай) сагнаў у свой час на будаўніцтва храма. Пад наглядам якога-небудзь барадатага айца Філарэта са святога Афона хлопцы спачатку мясілі гліну для плінфы, гасілі вапну, малаком ды бычынай крывёю разбаўлялі раствор, закладвалі ў сцены магічныя галаснікі, і айцу Філарэту была магчымасць да іх грунтоўна прыглядзецца, прыслухацца і выбраць сабе лепшых з найлепшых.
I вось у Барысаглебскім храме паслушнікі кожную раніцу сталі няўпэўнена вымаўляць словы малітвы. Галаснікі стваралі акустычны эфект. Хлопцы смялелі. Словы гучалі ўсё больш выразна ды пранікнёна — нездарма набожныя тэксты стваралі найвялікшыя таленты свайго часу: Іаан Златавусты, Георг Пісійдзійскі, Раман Сладкапевец, а доўгі ланцужок пакаленняў нашых продкаў тэксты адшліфаваў да крыштальнага звону.
Паступова малельшчыкі словы божыя вызубрылі (а куды дзенешся!). Здольныя хлопцы неўзабаве зжыліся з імі ды пачалі тэксты перарастаць: тыя паслушнікі ды манахі былі не дзеці, манатонная аднастайнасць рэчытатыву, паўтарэнне гукаў на адной вышыні ўжо апрыкрала. Як у іншых храмах (гл. «Историю русской церкви» М. Нікольскага), давялося ставіць старога з кіёчкам, каб будзіў паслушнікаў, якія засыналі.
Адным словам, сытым, апранутым і з дахам над галавой хлопцам рабілася сумнавата. Але, харавое пенне — вышэйшая форма духоўных зносін, яно — спрыяльнае асяроддзе для сумеснай творчасці.
3.
Аднойчы, калі ў Каложы не было іпадзіякана, на хорах, як звычайна, паслушнікі цягнулі аднатонную мелодыю. З левай нефы Сямён, Уладзімір і Мікола, якіх ведалі дома як Пракоп Рукавіца, Сяргей Крывалупка і Касавокі Серафім з-пад Ваўкавыі, раптам ірванулі гэтак, як спявалі ў сябе на вясковых вячорках — тэнарамі ды на актаву вышэй. Ім на падмогу з правай нефы азваліся любчанскія зухі Хведзька Капуста, Сашко Паджары і Дзяніс Сіла — ужо басам. I толькі цяпер галаснікі са сваёй няхітрай канструкцыяй упершыню споўнілі тую, менавіта, функцыю, што была наканавана ім гліняным лёсам: акустыка акорд зліла, павялічыла.
Здарыўся цуд галасавога эфекту. Для хлопцаў у манастырскіх балахонах ужо здалося, што падхапілі іх ласкавыя і чыстыя хвалі магутнай ракі. Некуды яны плылі, а навокал гучалі песні купалаўскай ночы, гулі кроны дубоў, на ветры звінела лісце асін, шалясцелі кусты...
Так узрадзілася ў храме новая галасавая форма.
Але і сярод манахаў Каложы не абышлося, вядома, без даносчыкаў.
Прыпадымаючы даўзёрны падраснік, прыляцеў запыханы архімандрыт. За ім — перапалоханы іпадзіякан. Абодва напалі на імправізатараў:
— Багахульнікі! Самавольнічаць уздумалі?!. Божыя словы чытаюць, а не выводзяць у песні!
— Карысць не ў салодкай песні, а ў — набожнасці!...
Эх, доля наватараў!
Пракопа Рукавіцу, Сяргея Крывалупку, Касавокага Серафіма пасадзілі на хлеб і ваду. Хведзьку Капусту, Паджарага Сашко і Дзяніса Сілу прымусілі стаяць усе ночы на маленні.
I зноў бедныя паслушнікі ды манахі павінны былі нудныя тэксты бубніць рэчытатывам альбо ва унісон.
Аднак вестка пра смелы іх учынак дайшла да Прачысценскай, Ніжняй ды астатніх цэркваў, дзе прынёманскіх хлопцаў у балахонах гэтаксама да смерці заядала манатоннасць. Учынак суседзяў узбудзіў жаданні такой жа выхадкі, насяліў у бунтарскіх душах надзею.
Манастырскі інадзіякан у сабе чалавека цалкам яшчэ не засушыў, да славы наватараў аднёсся з затоенай пашанай, віну захацеў як-небудзь згладзіць. Са шчырай цікавасцю стаў да іх падлабуньвацца.
4.
Як там усё адбылося на самай справе, цяпер нам ніхто ўжо не скажа. Дапусцім, што запудлівы архімандрыт аднаго разу адправіўся ў Полацкую Сафію на чарговы сабор. Манастыр уздыхнуў на поўныя грудзі — яго жыхары адчулі сябе адразу вальней. Два дзесяткі паслушнікаў і манахаў у той дзень, ідучы на абедню, не надта спяшаліся, тым больш што па дарозе было на што паўзірацца і паслухаць.
Якраз стаяў цёплы чэрвень. У сакавітай зеляніне ад птушынага шчэбету ўсё аж шалясцела.
На Нёмане застылі рыбачыя чаўны.
На цвінтары бортнік—Клышавы Захар — агрубелымі, бы конскія капыты, рукамі няўклюдна сёк зломкам шаблі зацукрэлы мед для прадання. Маладзіцы з язычніцкай вёскі выклалі на свежыя капусныя лісты сыры, аладкі і яйкі — таксама прапанавалі свой тавар.
Аброслыя крыжаносцы паныла часалі з граніту пяціпудовыя кулі для князевай катапульты, зыркалі на людзей галоднымі вачыма ды з сумам выглядалі пасланцоў ад вялікага комтура з выкупам (бронзавая фігурка «Вадалея» XII стагоддзя з музея атэізму, мажліва,— вынік таго абмену).
Дружыннікі князя, пакінуўшы палонных адных, хваліліся адзін перад адным атрыманымі новымі кальчугамі: спрабавалі, ці кольцы вытрымліваюць удар пікі і вастрыя мяча. Князевы людзі цяпер былі пастрыжаныя і з голымі падбародкамі. Пасля таго як у сутычцы з яцвягамі ў Белавежы лясуны за борады звалаклі з коней і выразалі палову дружыны, князь строга загадаў ім стрыгчыся...
Манастырскія прыслужнікі з зайздрасцю палюбаваліся на турнір адчайных землякоў, пацешыліся над бруднымі крыжаносцамі, сунулі ім па сухарыку ды паранай рэпе і з вялікай неахвотай папляліся ў змрочныя муры.
Іпадзіякан тут да іх і падлізаўся:
— А ў вас, браткі, тады здорава атрымалася з хорам!.. Ану, ну, пакажыце шчэ раз сваё ўменне!.. Трахніце зноў, каб муры задрыжалі!.. Смялей, нікога няма!..
Паслушнікі і манахі, бы незаслужана пакрыўджаныя дзеці, раптам захацелі давесці сваё. Божую песню хор узяў з пад'ёмам на розныя галасы, стварыўшы адразу нечуваную ў такім месцы гаму гукаў.
Майстры былі прафесійныя. Сімфонія прагучала прыкладна так.
Густыя нізкія басы раптам узламалі прынёманскую цішыню. Да іх далучыліся галасы другія. Літая сіла розных па танальнасці гукаў панесла іх з нефаў і хору адны адным насустрач. Яны сутыкнуліся, зліліся ў акорды, ірванулі ў вышыню ды завіравалі пад купалам.
Сярод харыстаў знайшоўся чалавек з тонкім адчуваннем гармоніі — Косця Кныр, што ў сябе на вёсцы над Шчарай не прапусціў ніводнай дзеўкі, а на новым месцы — ты бачыш яго? — праслыў галоўным вальнадумцам і завадатарам! Трапяткое серабро яго дысканта адцяніла гарманічныя гукі, звязала іх ды панесла новы выбух і напал хваль, сатканых з дваццаці мужчынскіх галасоў, з'яднаных адным эмацыянальным парывам, змоцненых галаснікамі.
Цяпер гарманічны навал магутных гукаў вынесла на цвінтар і дзядзінец гудам званоў.
Хор чалавеку дае незямную асалоду, робіць яго спакойным і ўзнёслым, чулым і дужым, будзіць фантазію і сэрца яго перапаўняе жыццядайным і эмацыянальным зарадам. Як шчаслівым харыстам усяго свету, так і хлопцам з манастыра над Нёманам ужо здалося, што імі захапляюцца нават рыбакі ў чоўнах, палонныя крыжаносцы, рыцары, бортнік, бабы-язычніцы і — цэлы свет. У іх ад гонару і здаволенасці сабой распірала грудзі.
5.
Колькі працягвалася ў манастыры вольніца, не ведаю.
Вярнуўся службіст-настаяцель. Даведаўшыся пра ўсё, архімандрыт зноў узняў крык. Але крычаў цяпер мякчэй. Бо, выяўляецца, і на полацкім саборы гаварылася пра дзіўную з'яву: паслушнікі ды манахі — бытта згаварыліся, нібы пасяліўся ў іх д'ябал — усюды стараюцца цяпер спяваць на розныя галасы. I самыя мудрыя айцы цэрквы параілі не дражніць манахаў ды крамольнае спяванне сяды-тады дазваляць.
Аднак яшчэ поўна жыло заскарузлых кансерватараў, абсалютна ўпэўненых, што толькі ім вядома, як трэба спяваць, каб трапіць цераз слова да бога ў сэрца. Многія архірэі і архімандрыты не пераставалі сцвярджаць, што акорды — з'ява грахаводная і «богу па душы аднагалоссе народа хрысціянскага».
Нават у XIV стагоддзі, калі нотная форма цалкам, здаецца, перамагла ўжо, частка духавенства ўсё яшчэ ваявала з трохгалосым песнапеннем па той прычыне, што, маўляў, пры такім спяванні не разабраць багаслоўнага тэксту.
Права на шматгалоссе ў храмах паслушнікі ды манахі адваёўвалі на працягу трох-чатырох стагоддзяў.
У эпоху таго цемрашальства столькі ж часу, між іншым, бедных жанчын тэрарызавалі і барацьбой з вядзьмаркамі.
Міналі годы, стагоддзі.
I вось ужо прышчэпкі супраць воспы, тыфусу прабілі сабе дарогу гадоў праз сто.
Цяпер лютыя абаронцы старых канонаў паддаюцца яшчэ хутчэй. Тое ці іншае наватарства, глядзіш, прабіваецца на працягу і аднаго пакалення.
Эх, знайсці б такі спосаб, каб ён змог назаўсёды паздымаць людзям з вачэй шоры!
Рэпартаж з вяселля
1.
У высокага азызлага Здзіслава і ў яго худзёрную Вэру бытта пярун смальнуў.
Іхні адзіны сын прыехаў з Поўначы не сам. Маці вышукала яму ў горадзе жонку, суседчыну Ліду — з дыпломам, машынай, дачай, а Станіслаў, такі ж, як яго бацька, рослы і, здавалася б, не дурны ўрач, нават ужо з трохгадовым стажам, выбраў недзе на краі свету ды прывалок дробненькую і палахлівую якуюсьці чукчу з сінявата-чорнымі валасамі ды белым, бы ў цяплічнай калы, тварыкам.
Як бацькам такое сцярпець?
Яшчэ за «польскім часам» Здзіслаў Рачынскі трапіў з вёскі Гібулічы ў горад вучыцца на краўца, затым стаў шыць самастойна. У часы нямецкага нашэсця на Польшчу (19З9) шалёная куля пашкодзіла яму нагу, і Здзіслава ніхто не браў да войска. Шыў ён усю вайну. Шыў і пасля...
На працягу дваццаці пяці гадоў фінагенты інваліда не надта прыціскалі. Кліентаў абслугоўваць дапамагала жонка. Рачынскія мелі выдатныя даходы, з чаго і пабудавалі на ўскраіне вялізную даміну. Калі ж мужчын кранула рэвалюцыя ў вопратцы, і тыя перайшлі на фабрычнае адзенне, Рачынскія адгарадзіліся глухім плотам ды наладзілі сабе новую крыніцу прыбытку. Былы кравец з жонкай, закінуўшы іголку, выседжвалі на рынку з плёнамі. У выніку дом іх напоўніўся каляровым тэлевізарам, дыванамі, халадзільнікамі і сервантамі з крышталём...
Раніцой Станіслаў з нявестай яшчэ адсыпаліся пасля дарогі, а старыя, нічога не разумеючы ў тым, што здарылася, стараліся ў прыхожай разглядзець сынавы рэчы. Абаіх аж разрывала ад недаўмення.
Са Станіславам паводзілі сябе яны строга. Бо бацькоўская любоў у іх выяўлялася праз рэчы. Калісьці з малым сынам не мелі часу пагуляць, пагаварыць, затое знаходзілі час, каб рабіць для дзіцяці нешта эфектыўнае, прыкметнае — будавалі дом на шэсць пакояў, разводзілі садок, агарод. Каб яно мела. Калі будзе мець, адчуе, як яго любілі, і ацэніць.
Ніякіх джынсаў, матацыклаў і магнітафонаў, ні лішняга рубля хлапец ад бацькоў не бачыў, бо гэта яго псавала б.
Вытрымаў ён конкурс і паступіў у інстытут. Даведаўшыся пра памер стыпендыі, Вэра кожны месяц патрабавала ад сына грошы да капейкі. На трэцім семестры студэнт па анатоміі адхапіў тройку, і бацькі, каб правучыць сына, прымусілі яго пайсці на паўстаўкі санітарам.
Здаецца, рабілі ўсё, каб наследнік не рос беларучкай, каб цаніў вынік сваёй працы.
Нарэшце хлапец скончыў вучобу. Бацькі падлічвалі ўжо, які ўпясе наследнік уклад у агульную гаспадарку. А той нечакана папрасіў накіравання чортведама куды.
Рачынскія былі набожныя, і вера ў бога ў іх вельмі добра ўжывалася з прагай нажывы. Пагараваўшы з мужам, маці спахапілася: на Поўначы двайныя аклады!
Абое адразу павесялелі.
I во, сын адтуль вярнуўся — не з тысячамі, а — з касавокім падаруначкам. За вокнамі — агарод, цяпліцы, а гэтая казурка, напэўна, і цыбулі ад капусты не адрозніць!
Куды гэтай ляльцы да пышнацелай Ліды!
Хіба яна баба? Як з такой жыць? Як з такой выйсці на вуліцу, паказацца суседзям?
Прыбітыя бацькі з сумам глядзелі на абыякава кінуты ў прыхожай чамаданчык, сіненькі рукзачок ды якіясьці два рогі, абматаныя бінтам. Чамаданчык пазналі — сын трымаў у ім урачэбныя прылады. На вешалцы віселі балоніевыя куртачкі — пяцідзесяцірублёвыя, у магазінах іх навалам!..
2.
Звычайна мы шмат бяром ад сваіх дзяцей і пад іх уплывам нават мяняем характары. У паводзінах Станіслава даўно адчувалася здаровая і цвёрдая лінія. Але старых Рачынскіх лёс бытта пакараў за нешта, яны так і не змаглі падняцца да сынавай праўды. Таксама і цяпер падыходзілі да яго паводзін з прымітыўным разлікам.
Бацька з падлогі падняў адзін рог, рассунуў бінты, паспрабаваў косць ногцем, нават яе панюхаў.
— Вэ-эра, а я ўжо ведаю, што гэта! — спахапіўся.— Нядаўна па тэлевізары паказвалі, як адпілоўваюць у аленяў ды робяць лякарствы! Яно на вагу золата цэніцца — бы жэньшэнь!
Жонка без пераканання падтакнула:
— Мой сын паві-інен прывезці штокольвек!.. У гэты момант і падышоў заспаны Станіслаў. Павітаўшыся, сын растлумачыў:
— Думаеце, панты маралаў? Рогі ад паўночных аленяў! На Таймыры месцамі іх — як дроў. Такім дабром мосцяць там грэблі на балотах. Хлопцам сувеніры прывёз. А вашыя падарункі ляцяць з Тамарынымі бацькамі. Такое няхай лепш дораць самі, заадно і пазнаёмяцца.
Убачыўшы, што маці ўсё расчараваная, пацешыў:
— Ну, ма-ам, не будзь тако-ой!..
— Хіба ж, сынок, мы з бацькам за сябе перажываем?! Унь які худы, як увесь счарнеў!
— Ад'емся, мамка. А чорны? На Поўначы ведаеш якія ультрафіялетавыя праменні? I кіньце вы бедаваць! Ведайце — мне там вельмі добра! Нават і не спадзяваўся, што аж так будзе! Поўнач не прамяняю ні на якія пальмы!.. О, прыедзь і сама паглядзі, як жыву!
Маці была сентыментальнай ды, як і належыць закаранелай гандлярцы, усюды бачыла адных ашуканцаў.
— Ста-асечак, сыно-ок, добра табе, то і нам з бацькам добра!— кабета ўжо расчулілася да слёз.— А ехаць у такі свет?.. Цяпер поўна жулікаў развялося, банды-ытаў — абкрадуць шчэ ці прыдушаць!
— Пра што ты гаворыш, ма-ама?! Гэтулькі ездзіў, дзе ні жыў, а ні аднаго жуліка ці бандыта не спаткаў!
— Бо ты ж маеш толькі дваццаць восем, ты шчэ ў нас зусім дурненькі, хоць і вучаны! Каб быў крыху разумнейшы, за нявесту не якуюсьці самаедку ўзяў бы, а выбраў бы тут, са сваіх!
Умяшаўся і бацька:
— Хіба жыццё табе ўратавала і ты зарок даў?
— Не, тату. Якраз разам з ёю многіх ратавалі мы. А гэта, кажуць, таксама збліжае — бы салдат на фронце. Ды і — я яе кахаю. Кахаю, і ўсё!.. Зрэшты, Тамара — залаты чалавек, самі пераканаецеся!
— Ну, ну. Пабачым, як доўга будзеш яе хваліць!..
Бацька жонку перабіў:
— Стась, калі вяртаешся?
— Праз тыдзень.
— Для чаго ж мы так стара-аліся і жы-ылы з сябе цягну-улі, каму ўсё гэта застане-ецца?!— з роспаччу кіўнула Вэра за акно, дзе яшчэ выгіналіся галіны ад былых яблык, белягцеў бетонам дагледжаны падворак, а ў гаражы горбілася новенькая «Ніва».— Калі так хочаш, жаніся сабе ўжо з ёю, але ж жыві ту-ут!
— Я, мама, там вельмі патрэбны,— уздыхнуў сын, не ведаючы, як абаіх і суцешыць.— Не забывай, твой сын — доктар. Нават клятву даваў!.. Паўгода таму мяне зрабілі яшчэ і галоўным урачом бальніцы!..
— Чаму так хутка назад? — вёў сваё бацька.
— Ведаеце, колькі сюды дабіраліся? Чатыры дні на аленях: прыпякала машкара і каюры гналі нарты на ўвесь дых, а то б валакліся праз тайгу шчэ даўжэй! Потым цэлы дзень тарахцелі на верталётах. Пяць сутак смажыліся ў поездзе з Новасібірска, бо нялётная была. Назад патрацім часу не менш, а трэба мець у запас хоць некалькі дзён — тайга гнусам ужо перакіпела, але на Поўначы зараз надвор'е псуецца. Цяпер складзіце ўсё разам і атрымаецца — цэлы месяц! Нас там недзе чакаюць не дачакаюцца. Той з пераломам, таго мядзведзь драў, той з унутраным крывацёкам... А кесарава каму рабіць?!
— Але ж пры чым тут мы-ы?!.— расплакалася маці.— Люу-удзі, паглядзіце, ад сваго рота адымалі, ніколі ўволю не паспалі, каб толькі ён жыў як чалавек, а цяпер родны дом для яго — бы той вакзал!.. А хто агароды скапае, парнікі на зіму падрыхтуе? Мы ж ужо знямо-оглыя... Усе хлопцы ў цяпле і выгодах уладкаваліся, дапамагаюць бацькам, а гэты дурань зноў у тую тайгу, у камарыльню прэцца!.. Чаму ты такі няўдачлівы, сынок, чаму табе больш за ўсіх трэ-эба? Мы, здаецца, цябе так не вучы-ылі!..
— Супакойся, мама, са мной усё ў парадку! — Сын вырашыў адцягнуць яе ўвагу на іншае: — Пераводы мае даходзілі рэгулярна? Кожны месяц пасылаў вам па сотні...
— Шчэ мо і папракаць імі станеш? То дзякуй, сын!.. Мы ні дня, ні ночы спакою з-за яго не мелі, унь які ладны выгнаўся, а ён прыслаў пару рублёў і ўжо вытыкаць збіраецца! — расчулілася Вэра зноў да слёз.— Лепш падумаў бы — старасць надыходзіць, а якія нас з бацькам чакаюць пенсіі? Бытта мы і не гаравалі ўсё жыццё, бытта на паноў працавалі! За што нам цярпець такую несправядлівасць? Трэ каб і ты цяпер тут заступіўся за нас — у гарвыканкоме, сабесе, міліцыі, домаўпраўленні ды паказаў ім, што і ў нас маюцца плечы, а не пёрся некуды, для чаго ж мы цябе гадавалі і вучылі? Чаму ты больш чужым спрыяеш і для іх стараешся? Будучы ў інстытуце, з хаты валачыў студэнтам, што мог, а стаў доктарам — таксама не да нас хілішся!
Сын ведаў: калі маці ўпадзе ў меладраматызм, не супакоіш і не апраўдаешся аніяк. Таму, хоць было і крыўдна, больш яе не квяліў.
Што ж, Станіслаў не мог сказаць, каб маці для яго сапраўды не старалася. Толькі з вышыні пражытых ім гадоў яе клопат цяпер выглядаў вельмі наіўны.
«Уздумаў палётаць? Ты не сын багацеяў — марш дамоў!»
«Ні з кім не сябруй, бо трапіш пад дрэнны ўплыў і паса-дзяць у турму!»
«Не прыводзь нікога ў дом — нас абчысцяць!»
«Не гультайнічай! Бяры лепш матыку і дапамагай бацьку зарабляць грошы».
«Чаму аж так доўга вучаць у інстытуце, калі ты ўжо яго скончыш?!.»
Станіслаў-студэнт прынёс аднойчы кніжку пра Дзюма. Пагартаўшы томік, маці трапіла вачыма на абзац, дзе Дзюма-бацька хваліўся, што пакінуў на свеце аж 500 няшлюбных дзяцей. Яна жахнулася — прачытае сын і адразу сапсуецца! Кніжку накрыла каструляй, а потым паперла кідаць у Нёман. Выпадкова сын яе перахапіў ужо каля самай рэчкі...
Успомніўшы цяпер даўні выпадак, яе дужы Станіслаў з паблажлівай спагадай бывалага чалавека сардэчна абняў маці ды прытуліў.
— Так выглядаюць мае справы, мамка, і не будзем спрачацца, добра?.. А Тамара — хірург з маёй бальніцы, ёй таксама нельга затрымлівацца тут. Паглядзіце на яе вы, пагляджу на вас я, пакажу Тамары наш горад, Нёман, Каложу ды назад! Ага, мам, а па тэлебачанні палякі Кіnо nосnе яшчэ перадаюць? (У Гродне і Брэсце можна глядзець праграму тэлебачання ПНР). Хачу Тамары паказаць такое, што яна шчэ ніколі не бачыла!
Адчуваючы да нявесткі лютую варожасць, Вэра хацела з'яхіднічаць — маўляў, тэлевізара не шкада, няхай тыя жахі гля-дзіць, але на што яе мне паказваць? Няма там на каго, сынок, узірацца!
У апошшою секунду стрымалася — яго пашкадавала.
— А вяселле?! — устрапянулася.
— Зусім нам непатрэбна гэта! — узмаліўся сын.— Лепш скажы: ты — здаровая? А тата?
— Адкуль у нас тое здароўе?! — буркнуў стары.
— Ладна. Днём грунтоўна абаіх вас абследуем з Тамарай, прылады захапіў! — кіўнуў хлапец на чамаданчык.— Ма-ам, успомні, якіх Рачынскіх ты ведаеш яшчэ? За палярным колам начальнік нашага раёна — мой аднафамілец. Сімпатычны такі дзядзька! Патомак ссыльных паўстанцаў. Цар прыгнаў іх з Гродзенскай губерні. Часамі не з нашых сваякоў?
Вэра паходзіла з сям'і праваслаўнай. Каб выйсці замуж, мусіла перамяніць веру — адтуль у яе і візантыйскае імя, перайначанае на польскі лад. У жанчыны і цяпер прабівалася нядобразычлівасць да ўсяго гэтага.
— Спытай у свайго бацькі, бо ў маім родзе бунтароў не было!— адрэзала.— Мы ўсе добра ведалі — кожная ўлада ад бога і трэ ёй падпарадкавацца!
— Але пра што мы тут балбы-ычам?!.— загаласіла яна неўзабаве.— Цяпер трэ ўсім нам думаць пра вяселле! Здзіслаў, выводзь машыну і адпраўляйся ў Гібулічы да свайго брата за парсюком!.. Ой, а каго запрасіць на вечар?!. Зараз, зараз, дайце адно падумаць!.. Абавязкова Юзіка Жамойду — нядаўна пра яго зноў пісалі ў газеце, яшчэ раз паказвалі па тэлевізары!.. Тваіх з інстытута запросім!.. I Лі-іду!.. На вёсцы, Здзіслаў, яшчэ закажы музыкантаў!.. I самагонкі няхай брат пару вёдзер выжане свежай!.. Сын пачаў зноў яе адгаворваць.
3.
Маці ўгаворам не паддалася, разгарнула энергічную дзейнасць.
Яшчэ ў той самы дзень Вэра схадзіла ў фарны касцёл ды памалілася перад патронам маладых — Станіславам Косткай (каталіцкі святы, у XI ст. быў у Кракаве кардыналам).
У знаёмага ювеліра купіла сярэбранае сэрцайка, у тым жа фарным, на іконе маткі боскай Кангрэгацкай, павесіла «воту».
Дала грошы на імшу за маладых.
Добра ведаючы, што ўсё гэта можа не спадабацца Станіславу, папрасіла ксяндза трымаць яе старанні ў сакрэце. Спахапілася — трэба заглянуць і ў сабор! Але покуль дайшла да яго, стала шкада грошай.
«А, бог адзіны!» — пацешыла сябе Вэра і толькі перад іконкай Заблудаўскага велікамучаніка паставіла свечачку за трыццаць капеек.
4.
У бліжэйшую суботу сабраліся ў Рачынскіх сваякі, суседзі ды маладыя людзі, з якімі Станіслаў некалі канчаў медыцынскі. Вяселле прыехала з загса і размясцілася за сталамі. Есці не пачыналі — з аэрапорта меліся вось-вось прыбыць бацькі нявесты.
Чакалі доўга. Хтосьці нават кінуў:
— Мабыць, над нашымі Гібулічамі граза — праз перуны аніяк не праб'ецца самалёт!
Парагаталі ды сталі цярпліва чакаць зноў.
Медык, які працаваў лабарантам на кафедры фізіялогіі, прынёс смешную гісторыю.
У іх на сходзе прысутнічала сёння гарадское начальства. Слова ўзяла кіраўнік аднаго з гарадскіх раёнаў ды назвала прафесара Якаўлева масцітым. Нехта з залы кінуў рэпліку:
«Упершыню чую, што паважаны наш Мікалай Іванавіч з масцітам ходзіць!»
Начальства заўпарцілася:
«Так, так, таварышы! Юбіляр ваш вельмі масціты, вы нават і самі гэтага не адчуваеце!» Сход грымнуў рогатам.
Апранутыя ў скураныя куртачкі, у світэры з чыстае «джэр-сі», канадкі і вельветавыя джынсы, барадатыя і безбародыя медыкі прыпомнілі іншыя гісторыі.
Затым госці дружна абмеркавалі новы фільм і выказалі прафесіянальныя заўвагі наконт артыста Баярскага.
З перабольшанай увагай разглядалі этыкеткі на бутэльках — каньякоў і він Рачынскія ім не пашкадавалі.
Хтосьці пахваліўся: усе гэтыя этыкеткі ён ужо ў сваёй калекцыі мае, другі абвясціў: з вёскі сёння ўдалося прывезці (калі ездзіў да бабулі па сала) стары прас і самавар.
Адна маладзіца сказала, што яна з вялікай цяжкасцю «выбіла» падпіску на Вазнясенскага; сёння атрымала першы том у карычневым пераплёце, а абоі ў яе — салатавыя. Яе суседка ад радасці аж віскнула — якраз такі колер вокладак яна шукае пад свае абоі, таму і прапанавала абмен на Салаухіна ў зялёным гарнітуры...
Адным словам, маладыя не сумавалі.
Рачынскіх усе лічылі вельмі скупымі, ды зараз, як бы назло ім, Здзіславіха пастаралася. Чаго толькі на сталах не было! Перад кожным госцем нават стаялі сподачкі з размазанымі на дне крупінкамі ікры. Ролю вясельнага генерала меўся выконваць стары Жамойда, але дзеда покуль што не было. З гаспадара ніхто карысці не меў — ён паклаў набрынялыя рукі на абаранак кульбы і, панурыўшы галаву, як на памінках, моўчкі сядзеў. Таму сваіх суседзяў вырашыла забавіць Вэра сама.
Гаспадыня з'явілася ў людзей за плячыма, пахвалілася:
— У халадзільніку ікры шчэ поўны трохлітровы слоік, можна будзе выядаць усю-у!..
Побач з нажамі, відэльцамі і лыжкамі ззялі крышталёвыя стаканчыкі з ружовымі лісточкамі гафрыраванай паперы. Крайняя суседка з жаманным жахам пачала да паперак прыглядацца. Цікавасць яе гаспадыня зразумела па-свойму.
Вэра падляцела ды з радасным гонарам растлумачыла:
— Шчэ вясной выкінулі ў наш магазін туалетную паперу — тады і адхапіла пяцьдзесят чатыры рулоны! Не было аказіі пусціць у дзела, а тут во — файныя сурвэткі атрымаліся! Адзіны сын жэніцца —хіба будзеш шкадаваць!
Шчырае прызнанне гаспадыні выклікала ў гасцей ажыўленне. Палешчаная ўвагай, Вэра патупала туды, дзе на часопісны столік складвалі кветкі ў цэлафанавых пакеціках, пачала іх перабіраць ды ўголас дакладваць суседзям, колькі хто прынёс маладым ружаў, колькі астраў.
За трэцім столікам таміліся шыкоўна апранутыя сваякі з маладой парай. Станіслаў увесь час забаўляў нявесту. Касавокая дзяўчынка, бытта баючыся зляцець з арэляў, трымалася за руку свайго суджанага, і Станіслаў ёй на вуха штосьці гаварыў, гаварыў і гаварыў.
А бацькоў маладой усё не было. Па іх адправіўся Вэрын брат і дамскі цырульнік — Вацлаў.
5.
Нарэшце Вацлаў пазваніў суседзям, якія мелі тэлефон, што самалёт позніцца, і Рачынскія вырашылі больш не чакаць, бо з'явіліся і музыканты.
Уся кампанія павесялела, людзі загрукаталі крэсламі ды падселі бліжэй да сталоў.
Сватам вяселля Рачынскія прызначалі калгаснага шафёра, брата гаспадара,— вялізнага, як і Здзіслаў, але яшчэ моцнага мужчыну з мясістым носам і зычным голасам. Стасеў дзядзька ўзняў за маладых тост. Усе выпілі. Затым пракрычалі маладым «горка!» ды гэтак жа дружна выпілі яшчэ і яшчэ.
Захмялелы сват закрычаў:
— Музыкі не чуваць!
Квартэт у складзе акардэона, бубна, скрыпкі і гітары ў суседнім пакоі пачаў наладжваць інструмент, а сват, прытупваючы, зацягнуў:
Ой, не стой пад акном,
А ідзі у хату!
Буду пячы пірагі,
Абліжаш лапату!
Прыпеўка, вядома, выклікала ў медыкаў рогат.
Вэра падляцела да сваяка, балюча ззаду ўшчыпнула ды прашыпелаі
— Ачмурэў? Тут табе Гібулічы, думаеш? Цяпер такіх песень не спяваюць!
— У цябе парад ці — сына жэніш? — агрызнуўся мацак.— Навошта мяне клікала? Для чаго я шчэ і цэлую кішэню пшаніцы з Гібуліч валок?
Шафёр сыпануў жменю зярнят у бок пляменніка:
— На шчасце маладым — хай жывуць і плодзяцца!
Ды зацягнуў з прытупам яшчэ раз:
Ты ж мяне не паслухаў,
Каля мяне клаўся,
А цяпер мяне пытаеш,
Скуль Габрусь узяўся!..
З медыкаў ніхто яшчэ не прыбіўся да свайго берага, яны занадта любілі рэчы, пакланяліся модам, праблемай для іх было раніцой устаць у адзін і той самы час, але яны былі не дурні ды валодалі пачуццём гумару, таму — зноў выбухнулі маладым рогатам.
Вэра прыстала да сватавай жонкі:
— Альбі-іна, што ён вярзе-е? Скажы свайму ты-ы, хай усіх нас тут не ганьбіць! Хай хоць маўчыць, калі не ўмее камандаваць сталамі!
Дзябёлая чырванатварая даярка з поўным ротам залатых каронак, у захапленні ад мужа, пахвалілася:
— Вэ-эра, ці ж такому самазва-алу даць мне ра-ады?!. Ні ў жы-ысць!.. Хай выкрычыцца, ха-ай!.. Потым мо засне і будзем мець спокуй!
Далей ужо ніхто не стараўся надаць вяселлю кірунак — ішло самацёкам.
6.
Тым часам Вацлаў самалёта дачакаўся.
Дамскі цырульнік бацькоў маладой пазнаў адразу. Абое нізкарослыя, з правэнджанымі тварамі, у падношаных кажушках ды ў вялізных малахаях.
Вэрын брат адразу з'арыентаваўся, што фігурка ў меншым малахаі — жанчына, а моцна збітая і крываногая — яе муж. Абое ўчэпіста трымалі пузатыя торбы з зашмальцаванай старой скуры. Па-руску размаўляў крыху толькі стары.
Сыценькі, з вусікамі матылём і жывоцікам Вацлаў паспрабаваў гасцям дапамагчы — запіхнуць рэчы ў багажнік. Людзі торбаў не аддавалі, а лезці ў таксі катэгарычна адмаўляліся.
Дзядзька маладога, які быў ужо на добрым падпітку, бесцырымонна хапіў чалавечка за крысо кажуха, павалок сілай. Нечакана за другое крысо хапілася жонка:
— Халасё-о!.. Халасё-о!..
Вацлаву нічога не заставалася, як пайсці за імі ў аэравакзал.
Покуль тузаліся, дамскі цырульнік разнюхаў, што стары надта пахне. I не чым-небудзь, а — «Палётам»!
«Відаць, пагаліўся ў Маскве!» — ідучы за гасцямі, адзначыў сабе цырульнік ды не без задавальнення ўявіў, які будзе цырк на вяселлі, калі з'явіцца з гэткімі гасцямі.
Госць падышоў да касы, залапатаў:
— Ма-цы-ка-ва ду-а бі-е-та!
Поўная жанчына ў аэрафлотаўскай форме з непаразуменнем паглядзела на незнаёмага кліента.
Нізкарослы пасажыр у малахаі выняў стары білет, памахаў ім ды затрашчаў зпоў:
— Ма-цы-ка-уа ду-а бі-е-та!
— Ах, дык вам заўтра ў Маскву ляцець? —дзякуючы шматгадоваму вопыту, здагадалася нарэшце касірка.
— І-ёк! І-ёк!— заківаў стары і падаў пашпарты. Паказваючы закарэлыя пальцы, удакладніў: — Ду-а!
Толькі атрымаўшы праязныя дакументы, госці дазволілі запакаваць сябе ў машыну з шашачкамі на бартах.
Калі дамскі цырульнік вярнуўся з аэранорта, баляванне за сталамі было ў самым разгары, і на гасцей ніхто не звярнуў увагі. Вэра ў прыхожай распранула новых сваякоў, і тыя засталіся ў цёплых кухлянках. На мужчыне кухлянка была паднішчаная і старая, бы кажух, а ў яго жонкі — адмыслова расшытая каляровымі ніткамі, лёгкая і свежая.
Да шыкоўнай публікі такіх гасцей не павядзеш, давялося іх запрасіць на кухню. З сабой павалаклі яны і торбы.
Пасадзіўшы незвычайных сваякоў за стол, накрыты старой парэзанай цыратай, Вэра паставіла перад імі талерку з салёнымі гуркамі, паклала хлеб. Са штучнай гасціннасцю запрасіла:
— Ешце, ешце! Усё-ўсё ешце — і гуркі!.. Ой, а гарэлкі ім?!. Вацэк, даставай тую з буфета, што Здзіслаў прывёз з Гібуліч! — успомніла пра самагонку — сын падаваць яе на сталы катэгарычна забараніў.
Сыценькі вусаты цырульнік, паводле вясельнага звычаю, які, мабыць, ужо гадоў сто панаваў сярод мяшчан нашага горада, замест гальштука таксама меў пад барадой чорны матылёк ды ідэальна накрухмаленую белую кашулю. З саліднасцю, што гэтак да яго пасавала, Вацлаў з вялізнай бутлі ад тэрпенціну плюхнуў у посуд мутнай вадкасці і дзве шклянкі паставіў перад гасцямі. Даліваючы посуд да краёў, пачаў па-гібуліцку балагурыць:
— О, цяпер яны поўныя, як вока, як толькі чокацца імі будзем?!. А то — наліў, бы шкадуючы!.. Пасля дарогі вам трэба дзюбнуць до-обра!..
— Але, але! — падтакнула гаспадыня.
— Сястра, прычашчайся з намі таксама!
— Ва-ацэк, што-о ты, мне не-ельга!— жахнулася гаспадыня.
I тут жанчынка з карычневым тварыкам раптам хапіла дзве шклянкі, паставіла самагонку на буфет ды нешта па-свойму залапатала. Скуласты мужчынка з пушыстай і рэдзенькай бародкай на мангалоідным твары, са свежымі зрэзамі на сінявата-шэрых космах на жонку бліснуў пакрыўджанымі вачыма, але прамаўчаў. Толькі ўзяў з талеркі тоўсты гурок і са злосцю захрумстаў.
— Ну-у, свая-ак, табе не пазайздро-осціш! А-яй-яй! — шчыра пашкадаваў падапечнага Вацлаў, не ведаючы цяпер, што і рабіць.— Нічога, потым абдурым тваю бабу і сваё дабяром — я табе абяцаю!..
Падзівіўшыся на незвычайную пару, расстроеная сынавым выбарам яшчэ больш, гаспадыня сабралася бегчы да гасцей. Адыходзячы, гэтак гасцінна, бытта новых сваякоў пакідала за царскім сталом, запрасіла яшчэ раз:
— Ешце, ешце! Усё ешце — і гуркі!..
Толькі цяпер Станіслаў даведаўся — з'явіліся бацькі маладой. З буйнай хлапечай радасцю ён уляцеў на кухню, па-панібрацку павітаўся:
— Ма-аня, Ко-оля, дзе вы, чэрці, так доўга прапада-алі?І. Ну, нарэ-эшце!.. Ай, малайчыны, што ўсё ж такі з'яві-іліся!.. Але чаго вы ту-ут, на ку-ухні?!.
Абоіх — яго і яе, у кухлянках, з торбамі — зяць павалок за сабой. На здзіўленне астатнім гасцям, пасадзіў паміж сабой і нявестай. Усё называючы па імені, расказваў ім пра кожнага, хто сядзеў за сталамі. Вяселлю растлумачыў — на Далёкай Поўначы так прынята звяртацца да ўсіх людзей, ды і Тамарыны бацькі яшчэ зусім маладыя — цесцю сорак, а яго жонцы гэтулькі споўніцца праз два гады.
Каб бацькам нявесты зрабіць прыемнае, хтосьці з медычак няўпэўнена, але з надзеяй, што яе падтрымаюць, заспяваў пра «Север Дальний». Худы, у джынсавым касцюме ды ўжо падпіты Дзімка Іваноў — з тых, у каго няма нічога святога за душой — бесцырымонна сяброўку перабіў. Добра пастаўленым тэнарам зацягнуў на той самы матыў:
Я со-пер-ни-цу за-ре-жу
Н со-пер-ни-ка убью,
А са-ма я, мо-ло-да-я,
В Сибирь на ка-тор-гу уй-ду-у-у-у-у!..
— Дзіма, ты — дурань!— ледзь не са слязамі на вачах ад абурэння кінула медычка.
Хуліган нешта адказаў, але голас яго патануў у вясельным гуле.
7.
Буйнаму свату развярнуцца па-гібуліцку не давалі і далей. Шафёр зазлаваў, павалокся ў суседні пакой, зваліўся на канапу і захроп. Прыбыло яшчэ трое гасцей.
Старога Жамойду, як роднага, былыя студэнты прынялі да сябе. А зубнога тэхніка Ліду, з яе мажным і самавітым кавалерам, Вэра пасадзіла да сваякоў.
Таўставатая і пульхная Ліда, як навагодняя елка, ззяла залатымі пярсцёнкамі, завушніцамі ды нашыйнымі, мо ў пяць жылак, ланцужкамі, а на яе пярсцёнках блішчалі дарагія каменьчыкі каньячнага колеру. Бытта робячы вялікую ласку вяселлю ды так, каб усе чулі, раскошная прыгажуня паведаміла:
— З дацэнтам мы доўга не затрымаемся! Нават машыны не заганялі на падворак! Вернемся зноў да прафесара Якаўлева! Мікалаю Іванавічу стукнула сення шэсцьдзесят — адпусціў нас ад сябе толькі на гадзінку!
I цераз стол, дзе сядзелі медыкі, пачала пільна прыглядацца да маладой.
Пра Лідзіных суседзяў сказаць трэба яшчэ, і больш грунтоўна.
Жаніцьба аднакурсніка на хірургу з Поўначы магла б надта зацікавіць былых студэнтаў медінстытута, зацікавіць з чыста прафесіянальнага боку. На жывых прыкладах яны маглі папоўніць веды, назіраючы яшчэ адну расу «homo sapiens».
Варта ім было прыгледзецца да мангалоідных твараў, выразу вачэй і характэрнай жорсткасці валасоў людзей Поўначы, дзе на сонцы гэтак зіхаціць снег, што зрок толькі і ратуюць такія вочы-шчылінкі, прыдбаныя ў працэсе эвалюцыі мудрай прыродай ды запраграмаваныя ў генах.
Унь, маці нявесты, паводле прынёманскіх мерак — маладзіца, а як выглядае?
Але Станіслаў не без жалю заўважыў, што з былымі аднакурснікамі, якія прыйшлі да яго на вяселле, як бы няма пра што і гаварыць. Не мог жа ён падтрымліваць пустыя размовы ці адказваць на іхнія дурныя пытанні: якое на Поўначы забеспячэнне і што можна там «дабыць». Мажліва, упершыню на жывых прыкладах Станіслаў так выразна адчуў значэнне ходкага цяпер тэрміну — інфантыльнасць. Зрабілася вельмі крыўдна — няма каму нават падарыць прывезеныя рогі. Хіба дзяўчатам?
Зрэшты, ці ж магло быць іначай?
Гэты самы Дзімка Іваноў на экзаменах аб'ядаўся цукеркамі і перад Станіславам хваліўся:
— Чаго мне перажываць? Тата сунуў мяне ў мед, татка напэўна і ўладкуе!
Амаль чатыры сотні дасціпных, талковых сяброў і аднадумцаў з яго выпуску, што ратавалі Станіслава калісьці ад скупаватых бацькоў, у каго пасля сваркі з маці ён тыднямі жыў, даўно раз'ехаліся па неабсяжнай краіне працаваць. Адны з іх паспелі ўжо зарэкамендаваць сябе выдатнымі хірургамі, вырасці таксама да галоўнага ўрача бальніцы. Іншыя паступілі вучыцца далей альбо сталі ардынатарамі. Трэція з гуманнай місіяй савецкага ўрача накіраваліся аж у Мазамбік, Анголу, Нігерыю, Кубу...
Яго маці паклікала на вяселле ды пасадзіла за ссунутыя два сталы шасцярых хлопцаў з партнёршамі, якія пасля інстытута паддаліся ўгаворам таты, мамы ці проста з-за ляноты ўладкаваліся ў абласным цэнтры, хоць сабе і на паўстаўкі, а то яшчэ на якую работу. Калісьці яны здаваліся такімі мілымі і добрымі, а зараз у іх праяўляліся ўжо тыповыя рысы няўдачнікаў ды зайздроснікаў.
Сыны Вэрыных знаёмых — тэхнічак, медсясцёр, хатніх гаспадынь, што з дому вынеслі адзіны дэвіз: жыць — гэта мець, нешта чулі пра дзівосны зігзаг Рачынскага. Але таму, што ўбачылі на вяселлі, зайздросціць не збіраліся. Гора-медыкі зараз са сваімі партнёршамі старанна напаўнялі страўнікі дармовым пачастункам і, каб не было чуваць жаніху і нявесце, завялі апекдоты.
Нічога пра гэта ведаць не ведалі за сталом, дзе сядзелі гібуліцкія сваякі ды суседзі Рачынскіх. I на секунду ніхто з іх не забываўся, з кім выпаў гонар правесці вечар. Яны мала пілі, елі, бо кожны стараўся як мага больш улавіць ды запомніць слоў вучаных людзей.
8.
Неўзабаве зубны тэхнік —распрамянёная, бытта замуж выходзіла сама — свайму дацэнту загадала:
— Нам пара, Эрык!
Вэра кінулася Ліду з кавалерам праводзіць.
— Мы з бацькам так хацелі, так марылі!..— паскардзілася гаспадыня на хаду.— А ён, дурань, з кім звязаўся!.. О-ой, як гэта нам перажы-ыць!.. Не дай бог, якія непаслухмяныя цяпер дзеці!..
— Ха-ха-ха-ха!..— Ліда аж падавілася смехам, і асколкі заледзянелага каньяку ды золата на яе пальцах, вушах, шыі, пераліваючыся ў святле, пераможна заблішчалі.
Сярод былых студэнтаў выдзяляўся лысы Юзік Жамойда — з чысценькімі, ружовымі ды адтапыранымі, як у лятучай мышы, вушамі.
Дзядзька Юзік жыў над самым Нёманам. Гадоў шэсцьдзесят гэты чалавек хадзіў да рэчкі мераць тэмпературу вады і, хоць яго ніхто не прасіў, усё старанна запісваў. Праз горад пракачваліся войны, разоў восем мянялася ўлада, а ўпарты дзядзька кожную раніцу, у абед і вечарам тупаў да рэчкі з тэрмометрам. Стосік збуцвелых яго сшыткаў з накрэмзанымі лічбамі дэманстраваўся не раз па мясцовым тэлебачанні, фатаграфіі іх неаднойчы публікавала абласная газета.
Што гаварылі зайздроснікі, дзядзька Юзік не слухаў. Ен любіў маладога, як сына. Падпіўшы, ні да каго спецыяльна не звяртаючыся, стары за вясельным сталом паскардзіўся:
— А мая Светка чаму не такая? Бо гэты, як клешч, быў учэпісты да свае навукі! Калі зрабіўся студэнтам, бывала, прыйдзе да мяне з хлопцамі і пачынаюць, бы тыя ксяндзы, нешта шваргітаць па-латыні. Потым мяне раздзенуць дагала, цела ўсё размалююць — нейкія точкі вызначалі. То зноў бяруцца бінтаваць мне галаву, грудзі, калені ды пытаюцца — ці не цісне. Шукаюць тыя точкі, бінтуюць, а мяне пасля і радыкуліт не мэнчыць і цела не ные. А лягу звечара і сплю да самай раніцы, бы малады! Назаўтра ад тых бандажоў, точак, латыні — пахне мне ўсё, як даўней, і твары суседзяў іначай бачу!.. А ўнучцы цёнгле казаў: «Вучыся, Светка! Калі спатрэбіцца, прадам апошнюю лодку!» А яна?.. Прывалачы б яе сюды і тыцнуць носам: глядзі, у якой чалавек пашане!..
За вясельным сталом не прымаў удзелу ў размове толькі цесць маладога. Задумёны, сядзеў ён нерухома, як той буда, ды з філасафічным самапаглыбленнем, з ціхім і мудрым спакоем усё думаў.
У гэты час жонка яго з дачкой лашчыліся, як кацяняты. Аж дзіва брала, што пры такой рознай канфігурацыі твараў, колеру скуры, вачэй і валасоў паводзіны маці і дачкі — усюды аднолькавыя.
Між іншым, хто яшчэ здольны быў на вяселлі нешта бачыць, ад нявесты не мог адвесці вачэй. На далікатным паружавелым тварыку белазубай дзяўчыны з краіны Белай Маўклівасці прабіваўся тонкі сорам. Гэтае не сапсаванае яшчэ дзіця Поўначы толькі што адкрыла сабе сэнс прадаўжэння роду, сама спазнала чароўную таямніцу кахання — вечную, ніколі і нікім не разгаданую, не паўтораную.
Яна аж свяцілася радаснай перамогай плоці, шчасця і мук мацярынства, якія ўжо яе чакалі!
9.
Сват прачнуўся а другой гадзіне ночы.
Прачухаўшыся, шафёр з ванны вывалак вялізны таз, узяў на кухні апалонік ды ўваліўся да п'яных гасцей. Звэнгаючы апалонікам па тазе, зацягнуў:
Ой, паслала мяне маці
На гару па глінку-у,
А я ёй пры-не-сла-а
У падоле дзяцін-ку-у!
Ото ж табе, мая мама,
Першая наву-ука-а,
Сядзі сабе за печаю
Ды калы-шы ўну-ука-а!..
— Грамадзяне і таварышы, п'яныя і цвярозыя, усе, усе усе! Слухайце: што вам скажу! Вы пілі, елі, весяліліся, але пара, каб і сумленне ў вас загаварыла — калі яно ў каго ёсць, вядома! Збіраем на развод маладым — хто што дасць! Можна ў рублях, можна ў аблігацыях, можна і натурай!
Калгаснікі нашай Гродзеншчыны, як вядома, людзі багатыя, а ў наднёмансхіх Гібулічах — тым больш. Ад сваякоў у таз паляцелі вееры чырвонцаў і дваццаціпяцірублёвак.
— Смялей, смялей! Не саромейцеся! — падганяў сват.
Былыя студэнты з партнёршамі кінулі ў таз тоўсты канверт. Сват бязлітасна вытрахнуў з яго памятыя трох і пяцірублёўкі.
П'янаватай кампаніі зрабілася надта весела і нават — самім медыкам.
Абышоўшы сталы, сват з посудам наблізіўся да цесця маладога. Вясельны гоман сціх.
Прыгорблены чалавек у замусоленым адзенні прачнуўся ад філасафічнага самапаглыблення, устаў і хвіліну таптаўся. Тады пра нешта загаварыў.
— Нічога не разумеем! — закрычалі госці.
Зяць пачаў тлумачыць:
— Тамарын тата гаворыць, што ўсім, хто прыйшоў уважыць яго дачку і зяця, нізка кланяенца. I што ў яго — шэсць дачок і сыноў. Двое ўсынавіў ад старэйшага брата.
— І-ёк! І-ёк!..— пацвердзіла яго жонка.
— Тамара — першае іхняе дзіця. З жонкай яны хочуць, каб не толькі дачка памяняла прозвішча Кальвічанаў на Рачынскую, але каб і шчаслівай была. Вярнуўшыся ў тундру, па традыцыі продкаў, ён ля ярангі паставіць на шчасце Тамары тычку з чырвонай хусцінкай, а ў ахвяру зарэжа самага лепшага аленя. Упалюе мядзведзя ды са сваімі сваякамі наладзіць баль. На пачастунак усім прысутным яны з маці пастараліся прывезці сушанае мяса аленя, каўбасу з яек кайры, сушаную нерпу і рыбу. Жонка зноў заківала галавой:
— Іёк! І-ёк!..
Затым яна ўсхапілася ды пачала з торбы выкладваць прыпасы.
Не спяшаючыся, цесць рассупоніў сваю пузатую торбу і на талеркі з вінегрэтам ды заліўной рыбай ляглі вавёрчыныя, пясцовыя і сабаліныя шкуркі.
Па зале пракаціўся ўздых захаплення. На некалькі хвілін людзей апанавала здранцвенне.
Гэтым часам маці перад кожным госцем клала і клала гасцінцы. Справу сваю рабіла спрытна і гасцінна. У сваёй расшытай густоўным арнаментам новенькай кухляначцы распрамянёная жанчына тлумачыла:
— Ета рыпа, таварыса!.. Ета нэльма, муксын!.. Рыпа сіста!.. Ето сісто, як у балыйса, пана, кусайце іссё!.. Тай пох, пана, тароўя!..
Яе дачка — нявінная, як анёлак, чароўная перла Поўначы — дапамагала. З мілым акцэптам тлумачыла:
— Мяса — не тлустае! Мой Стась кажа — надта карыснае! Ен любіць з сушонай марошкай і чарэмшай! Калі ласка, паспрабуйце і вы!
Сват уважліва прыглядзеўся да чарнавокай сваячніцы — паружавелай, сімпатычнай, з коса прыўзнятымі ўверх вонкавымі куточкамі вачэй — і з сумам выгукнуў:
— Ты-ы паглядзі-і толькі, што за руса-алка!.. Ты хіба з нёманскай тоні вылезла?!. Ы-ы-ых, палячыцца б у такой дакторкі! Станіслаў, хвалю! Бачу ў табе нашу пароду — і твая, пляменнічак, губа не дура!
Высокі зграбны атлет з апаленым паўночнымі вятрамі тварам, з адкрытым позіркам і перакананасцю, у адказ на слова сваяка толькі бліснуў ва ўсмешцы здаровымі зубамі.
— Распуснік! — з усяе сілы грымнула двума кулакамі па шырознай, як печ, спіне мужа шафёрава жонка.
На Альбіну не звярнулі ўвагі.
Жанчыны раптам спахапіліся — які прыстойны іхні малады! Гэта ж каб сабраў лепшых артыстаў з самых вядомых фільмаў свету ды паставіў з ім во тут, побач, то ўсе гэтыя мікульскія, бельмандэ, мастэрыяні, баярскія параўнання са Станіславам напэўна не вытрымалі б!
На гэты раз медычка зацягнула больш упэўнена. Яе дружна падтрымалі, і ў наднёманскай цішы грымнула:
Мы по-е-дем, мы пом-чим-ся
На о-ле-нях ут-ром ран-ним,
Ты уз-на-ешь Се-вер Даль-ний,
Я те-бе дарю-у-у-у-у-у-у!..
Эмацыянальны ўздым схлынуў.
Усе насцярожыліся, бо паміж маладым, маладой і яе бацькамі ўзнікла перапалка. Цесць, вывалакшы з-за пазухі нейкія паперкі, парываўся аб'явіць яшчэ нешта, а яму не давалі. Жанчынка ў расшытай кухляначцы накрычала на дзяцей, каб тыя змоўклі. Адусюль пачуліся нецярплівыя галасы:
— Што здарылася?
— У чым справа?
— Станісаў, калі ты ўзяўся — тлумач!
Нездаволены хлапец агрызнуўся:
— А-ай, няма тут чаго і тлумачыць! Прыдумалі чортведама што! Такі падарунак нам зусім непатрэбен! Што з ім рабіць у нас, на Поўначы?
Але гаварыць яму цесць з жонкай не далі.
— Тады хай сам і тлумачыць! — раззлаваны зяць паціснуў плячыма ды сеў.
I Мікалай, вылузаўшы з паперак новенькую ашчадную кніжку, пра нешта загаварыў.
Паступова людзі пачалі разбіраць, што стары кажа. Маўляў, лічыць ён умее толькі да дзесяці, і як называецца лічба, упісаная ў кніжку на імя маладых, прачытаць не можа. Лепш пакажа яе на пальцах.
— Там — о, столькі нулёў! — чалавек з рэдзенькай бародкай растапырыў пальцы.
Дзімка Іваноў нават заглянуў у кніжачку, ад жаху закаціў па-блазенску вочы пад лоб і, хапаючыся за сэрца, разыграў сцэнку страты прытомнасці.
Вясельнікі раптам ацверазелі — бытта ніхто і не піў. А медыкаў — нібы токам уразіла!
Маладыя толькі чыталі ў кніжках, а часамі чулі пра ўдачлівых людзей. I вось убачылі іх на ўласныя вочы. Звычайныя. Цвёрдыя. Упэўненыя ў слушнасці сваёй справы. Працавітыя. З якімі грашыма! Але грошы для іх — другараднае...
Як гэтыя людзі прывязаныя да роднага краю! Набліжаецца жудасная для Высокай Поўначы пара: тыднямі іх будуць сячы снежныя віхуры, месяцамі цягнуцца палярная ноч, а гэтыя ўпартыя дзівакі нават лішняга дня не хочуць тут затрымацца.
Бацька аддаў дачцэ і зяцю апошнія рублі? Напэўна — не. Купіў бы ладны дом — над Нёманам, ля Чорнага ці Каспійскага мора — і да самай смерці грэў бы сабе плечы на сонцы сярод яблынь, дыняў, вінаграднікаў, пальмаў ці мімоз, забаўляў бы ўнукаў. Тым часам што робіць гэты чалавек?
З жонкай заўтра адлятае ў снягі, ільдзіны, вечную мерзлату — да сваіх мядзведзяў, нерпаў, сушонай марошкі і чарэмшы.
Дакладна такі самы і Мікалаеў зяць з яго Тамарай. Ім на сподачку, абмаляваным блакітнай каёмачкай, дораць такую суму, а дзівакі гэтыя шчэ і ўпіраюцца — дакладна, бы малыя, якіх бацькі ўпрошваюць апрануць цяплейшую вопратку, бо на вуліцы марозік!
I ўсе гэтыя людзі ніцма перад багацтвам не падаюць.
10.
Світала.
Трэба было разыходзіцца, але ў гасцей менавіта цяпер як бы прачнулася другое дыханне.
Дзімка Іваноў прыставаў да ўсіх з падлікам — колькі Станіслаў зможа цяпер купіць «Волгаў» звычайных, колькі — класу «люкс», «Жыгулёў», «Масквічоў»...
Ніхто дурня не слухаў, бо астатніх хвалявала іншае. Усе былі ўзбуджаныя, сур'ёзныя і кожны гаварыў пра сваё. Зараз бытта нагвалт ішоў роздум услых, падвядзенне вынікаў усяго жыцця, удакладненне ды прымерванне.
Суседзі Рачынскіх сабраліся ў баковачцы. Сярод іх з захапленпем хтосьці казаў:
— Дзіва з дзіваў!.. Бо каго-каго, а Вэру з яе клышавым Здзісем ведаю аж занадта! Не скажу — абое працавітыя. I да касцёла кожную нядзелю ходзяць... Але ж і куркулі — снегу зімой не выпрасіш! Унь, на кожным кроку цяпер за капейкі купіш папяровыя сурвэткі, а Вэра? Туалетную паперу сыну на вясельны стол паклала, дзе такое хто бачыў?! Суседку падтрымалі.
— I цяпер вы мне растлумачыце: як гэта атрымліваецца, што ў такіх урэдных бацькоў вырастаюць такія фартовыя дзеці? Мы ж усе любім паўтараць прыказку пра яблыню і яблык?!
Стары Жамойда бытта чакаў такога пытання.
— Ай, файны хлапе-ец! — падхапіў дзядзька Юзік.— Шчэ тады я казаў — відным чалавекам стане! А мая Светка? Бывала, спіць, спіць, аж замэнчыцца. Прачнецца, адпачне, нажарэцца добра ды зноў дрыхне!.. Цяпер лётае кожны вечар у рэстараны, выглядае там... А хіба яе дрэннаму я вучыў?
Сынавага цесця і цешчу Вэра ўладкавала ў суседнім пакоі начаваць. Вярнуўшыся на кухню, прыстала да брата:
— Вацэк, ты бачыў, чым іх прымала? Салёнымі гуркамі! Хіба ж гэта добра?.. Ты не мог мне падказаць? У мяне ж халадзільнікі забітыя былі ежай! Нават нераспячатаная бутэлька «Марціні» там стаяла, а ты, нягоднік, што ім падсунуў?
— Сама загадала наліць самагонкі, я і паліў! — пакрыўдзіўся дамскі цырульнік.
— Дурную бабу адразу і паслухаў?!.
Але падзеі на вяселлі найбольш разварушылі маладых. Бо так ужо вядзецца, што менавіта ў такую пару найбольш мы марым, каб сябе самасцвердзіць, жыццю надаць пэўны сэнс і кірунак. Не могучы зрабіць самастойна і кроку, хлопцы гэтыя тры гады цвёрда верылі, што жыць — гэта мець, і цікавіў іх не працэс, а сам вынік. Яны лічылі сябе надта разумнымі, ледзь не ўладарамі свету, аднак сябе ашуквалі, што ўсё ў іх цудоўна.
Толькі ж — самога сябе не ашукаеш!
Пачутае і ўбачанае раптам дайшло да маладых, патрэсла, як выбух. Адразу былых студэнтаў як магнітам пацягнула да таго, чым жыў іхні калега.
Бытта дагэтуль хтосьці ім не дазваляў, усе абкружылі Рачынскага ды, бы школьнікі бывалага настаўніка, засыпалі пытаннямі.
Ужо крыху прытомлены Станіслаў здавальняў іхнюю цікавасць:
— Працаваць з аднаго боку ў нас і лягчэй — нізкія тэмпературы, мала інфекцыйных хвароб, а з другога — шмат траўмаў. Працуем, гадзін ніхто не лічыць. А ў вольны час? Бяру вуду, лодку ды сунуся на сярэдзіну возера. Адразу акунаешся ў нейкае цудоўнае вар'яцтва цішыні — у абсалютны спакой. Толькі мільгаюць у небе чайкі ды на беразе тырчаць верныя сабакі — вынюхваюць паветра, цярпліва цябе чакаюць... Зімой часта выязджаем да хворых. Па бязмежнай тундры ляціш на нартах дзень, два, пяць... Навокал завіруха альбо некранутая бель снягоў і — нічога жывога. Месцамі аблізаныя вятрыскамі скалы, там расце толькі лішайнік. Часамі палыхне жывымі каляровымі фалдамі на паўнеба паўночнае ззянне... Бяскрайняя прастора, скок у невядомае, спачатку цябе ап'яняюць ад шчасця свабоды, затым агортвае безабаронная самотнасць. Ты прапах увесь потам. Так стаміўся, што ные, агнём пячэ кожны твой мускул, кожная твая клетачка. Увесь прамок. А ляжаш спаць — і глядзі, каб чаго не адмарозіць. Памятай шчэ пра ваўкоў — яны так і шныраюць, так і вартуюць...
— I гэта называецца ў іх — жыццё! — у поўнай цішыні, ледзь пе ляскаючы зубамі ад жаху, прашаптала ў суседнім пакоі нейкая кабета.
— Паду-умаеш! — пакпіў Дзімка, бытта яму даводзілася бываць у такіх сітуацыях кожны дзень.
П'яны барадаты юнак, абхапіўшы над талеркамі галаву, прастагнаў:
— О-ой, што-о я на-ра-біў?!. Які-і я ду-урань!.. Дзе каньяк?..
Станіслаў нічога гэтага не чуў і не бачыў — ён як бы знаходзіўся ўжо на далёкай зямлі. Святло белых прастораў нібы азарала яго твар. У яго Тамары ўздрыгнулі вейкі, цёмныя вочы загарэліся радасцю, ноздры смешна прыплюснутага носіка затрапяталі, бытта ўжо дыхалі тымі вятрамі, што нясуць вострыя сняжынкі ды хвалі ледзянога холаду...
— У такіх выпадках,— працягваў малады ўрач,— знойдзеш у кішэні кавалачак газеты і друкаваныя літаркі здаюцца табе з нейкага іншага свету, а на зямлі жыццё яшчэ бытта і не пачыналася — менавіта табе наканавана лёсам яго распачаць. Тады душа напаўняецца зноў адчуваннем, што ты тут неабходны. Карацей кажучы, словамі нават нельга ўсяго перадаць — трэ самаму ўсё бачыць і адчуць!
Госці моўчкі глядзелі на Станіслава, бы людзі, што вярнуліся толькі што з доўгага падарожжа па невядомай краіне. А ў доме Рачынскіх бытта штосьці перамянілася ў самой атмасферы, стала чысцей і святлей.
...У нашым горадзе ў апісаную ноч адбылася падзея не менш значная, чым пуск электрастанцыі, увод у эксплуатацыю завода, адкрыццё яшчэ аднаго інстытута. Прынёманскі хлопец сваім прыкладам уразіў яшчэ не зусім заскарузлыя ад іржы мяшчанства сэрцы, пасяліў у некаторых душах замяшанне, прымусіў задумацца над сабой.
Здарэнне на ўскраіне нашага горада адбылося няпланавае і без карэспандэнтаў. Няхай жа на ўспамін аб ім застанецца мой рэпартаж, запісаны са слоў удзельніцы вяселля.
1.
Дзіўнае гэта было спатканне. I сёння яшчэ не магу ў ім добра разабрацца. Толькі дай бог памяць, як усё пачалося?..
Канчаўся 1944 год. Выразна блізілася перамога над Гітлерам, і ў людзей нарастаў адпаведны настрой. А да таго стаяла цёплая восень. І, здаецца, крочыў якраз на абед...
Не, вяртаўся з педінстытута. З яго, напэуна. I хадзіў туды пасля наведання Фарштата — занёманскай часткі горада.
Во, цяпер успомніў дакладна!
Ужо другі месяц працаваў у гарвыканкоме старшым інспектарам сацыяльнага забеспячэння. Як трапіў на такую пасаду? Зусім выпадкова — не стану марнаваць. час на тлумачэнне.
У той дзень, памятаю, добра выспаўся. Злётаў нават у лазню, а тады заглянуў у сталовую, паснедаў. Там і на гэты раз палезла са сваім абрыдлым каханнем афіцыянтка — мужападобная Нюрка з бародаўкай ля кірпатага носа, з пракураным сіплым голасам. Не хаваючыся перад сяброўкамі, тыкалася мне ў кіцель, скуліла. Паслаў бы яе, куды трэба, але звязвала мінулае, ды такое, што услых не надта каму і раскажаш. Мяркуйце самі.
Зімой у блакаду нас чацвёра пайшло ў разведку. У лесе ўжо цямнела, стаяў туман. Ля вогнішча бачым — грэюцца восем нямецкіх салдат, апавядаюць сабе анекдоты, а карабіны з кароткімі штыкамі — пад сасной.
Нават не згаворваліся.
Калі немцы выбухнулі рогатам зноў, адчайны туляк і мой камузвода Пецька Лісіцын бліжэйшую вінтоўку за ствол ды прыкладам — па галовах! Я таксама хапіў карабін і штыком аднаго, другога...
Трэцяму ўпёрся нагой у жывот, каб выцягнуць штык, і ў гэты момант з сапёрскай лапаткай падляцеў здаровы гітлеравец. Ен падлятае, а зброя і рукі ў мяне занятыя. «Канец!» — паспяваю падумаць. На шчасце, падскочыла да яго з тылу гэтая самая Нюрка, гвазданула салдата прыкладам па чэрапе так, што абрызгала мяне нечым мокрым.
Немец асунуўся, а я адзеравянеў. Ліха яго ведае, што здарылася: не паварушу ні рукой, ні нагой, ні галавой. Хлопцы падбеглі, штурхаюць мяне, клічуць, пацяшаюць, а я, уталоплены, стаю моўчкі, як слуп. Нюрка праперла ўсіх, выцерла хусцінкай пену з маіх вуснаў, і тут чамусьці я... расплакаўся.
З таго дня дзяўчыне здалося, што яна займела на мяне права. Мне ж тыя хвіліны слабасці надта непрыемныя, і кожная сустрэча з ёю злуе. Таму ў сталовай я нават не затрымаўся лішняй секунды і на гэты раз. Нюрчына прыставанне пастараўся адразу выкінуць з галавы, і мне гэта ўдалося.
На вуліцы зноў адчуў сябе бадзёра, свежа ды ў вітрынным шкле ўбачыў, як мае выгаралыя на сонцы валасы двума залацістымі веерамі рассыпаліся на бакі. Я любіў сябе такім чыстым і свежым, калі кожная клетачка цела дыхала здароўем, душа лікавала ад лёгкасці, ва ўсім целе панавала прыемная мускульная радасць і за мной азіраліся жанчыны. Фарштат ад педінстытута — добрых пяць кіламетраў, але тады было ўсё роўна крочыць — далёка ці блізка, імчаць уверх ці ўніз.
Адным словам, у той момант перапаўняла мяне маладая сіла і энергія. У той жа час ныла сэрца ды грызла нездаволенасць. Што ж, і на гэта былі прычыны.
На Фарштат хадзіў якраз правяраць заявы сваіх кліентаў, каб выканкомаўская камісія мела падставы прысудзіць прасіцелям пенсіі. Першы чалавек аказаўся ўедлівым інтэлігентам з кароценькімі вусікамі: да вайны працаваў судовым выканаўцам, а па-мясцоваму — «сіквістратарам». Другі — невыразны лысы панок, інспектар магістрата. Яны добра запалі ў душу з даваеннага часу.
Паўпанкі за сваю службу атрымлівалі грошы, якія майму бацьку і не сніліся. Пры тым беспрацоўі ды нацыянальным ціску мяншынстваў урад «палкоўнікаў» фактычна трымаўся на гэткіх кітах. Куды заглядваў «сіквістратар», там былі слёзы і гора. I з нашай хаты, за няўплату падаткаў, гэткі ягамосць забраў мяхі насеннага збожжа, сячкарню, звойцы кужалю ды шаляноўкі, прывезеныя мамай з бежанства.
Мінуў страшэнны землятрус, столькі ўсе перажылі, а гэтыя тыпы так нічому і не навучыліся. Падумаць толькі: уедлівы інтэлігенцік з кароценькімі вусікамі на Фарштаце і цяпер мне даводзіў, што перад вайной ніякіх беспрацоўных не было, а — лодыры, якія прызвычаіліся жыць на дапамогу магістрата, таму работы яны нават не шукалі.
Мяне разабрала злосць. I тут я заўважыў, што знаходжуся супраць будынка, абвітага дзікім вінаградам, дзе па-восеньску ўжо цвыркалі мільёны вераб'ёў. Гэта і быў педінстытут.
Прачытаў аб'явы аб прыёме. Ці не паступіць у яго? Да настаўніцтва не цягнула, але ўсё ж такі — якісьці ратунак.
Прайшоўся па калідорах педінстытута.
Замест выбітых шыбаў — фанера. Так пякло сонца, а ў будынку — сцюдзёна, сыра. Вырваныя з сшытка ды прычэпленыя на «жывую нітку» паперкі з аб'явамі пра сходы, пасяджэнні, згубленыя кніжкі і абмен падручнікаў.
Заглянуў у аўдыторыю.
Хударлявы чалавек з ордэнскімі планкамі на выцвілай гімнасцёрцы чытаў з-за кафедры лекцыю. Перад ім — паўтары сотні студэнтак. Усе гладкія, сытыя, дагледжаныя, з моднымі прычоскамі, у шыкоўных, накінутых на плечыкі, летніх палітонах. Рабілі выгляд, што слухаюць лектара, а на самай справе вязалі сабе світэры і панчохі, нават вышывалі, чыталі раманы. У крайняй студэнткі на рукаве — вузенькая стужка з чорнага шоўку...
У мяне кепскі настрой — усё бачу ў крывым люстэрку.
Ага, менавіта ў такіх цэлага паўгода жыў мой камузвода ў сорак другім. Сям'і, што яго хавала, жонка Пятра Лісіцына плаціла па цвёрдай таксе—100 марак у суткі. Кабеціна жабравала, клянчыла перад знаёмымі і незнаёмымі, аж на сценку лезла, каб дабыць праклятыя «рэйхсмаркі», а для гаспадароў — бізнес. Затое — унь які габардзін на іхніх дзецях, якая сытасць, які шык. I чорная стужачка, напэўна, з-за таго, што сваячніца студэнткі памерла ў ложку сваёй смерцю...
Дырэктар інстытута (тады называўся так рэктар) ахвотна мяне прымаў на першы курс без экзаменаў. Сеў я пісаць заяву, а ён, узрадаваны, даваў першае заданне: зняць з лекцыі дзяўчат ды ехаць у лес па дровы, каб было чым зімой паліць інстытуцкія печы. Тут я ўспомніў паненак у габардзіне ды жахнуўся: мець справу з такімі фіфамі? Лепш павесіцца.
Крочыў я з інстытута сам не свой. Цярпець не магу лініі найменшага супраціўлення. Па натуры я такі, што самая простая праблема здаецца мне складанай, а складаная — простай. Люблю прымаць выклік лёсу, мэты ставіць перад сабой бытта недасяжныя — каб аж вочы на лоб лезлі ад натугі, ныраць у невядомае, гарэць рызыкай: тады адчуваю раскошу, не параўнаную ні з чым.
Яшчэ зусім нядаўна ўсё гэта я меў.
У партызанах кожны дзень, кожную хвіліну рабіў, што прагнула душа. Сам сябе ставіў у сітуацыі, якія напаўнялі дрыжыкамі страху, рызыкі ды творчага гарэння. Мяне, камандзіра атрада, мучылі праблемы, якія вырашаць выпадала толькі самому. Ламаў галаву, дзе лепш падвартаваць ворага, куды ўцякаць пасля засады, як закласці міну, як перавалакчы ад хутара Урублеўскага цераз шашу снарады, не трапіўшы на правакатара, дзе схаваць людзей і здабыць для атрада мяса, дзе трымаць, каб не сапсавалася, як улагодзіць хутараніна дзядзьку Салвеся за боты, што ноччу хлопцы забралі ў яго Нінкі; гадаў, ці не адсырэлі патроны — сувязны ўчора прывалок, а мы іх не праверылі; калі вёў хлопцаў ноччу праз незнаёмы лес міма гарнізонаў, такое бывала напружанне, што ўва мне абуджаліся інстынкты першабытнага чалавека. Ха, узнікалі нават праблемы інтымныя. Жанілі маладую пару, а назаўтра нявеста мне і заяўляе:
«Камандзір, мы развяліся. Інвалід. Асколак яму... Дзяцей з ім быць не можа, а муж такі мне непатрэбны. Як цяпер нам сустракацца ў адным атрадзе?..»
А зараз ад мяне — інспектара сацыяльнага забеспячэння — усяго і патрабуецца: зайсці да незнаёмага чалавека, паглядзець, як жыве, заяву яго падшыць да справы і, бы кажуць бюракраты, даць паперкам ход.
Не мужчынская гэта справа — так і дзіця зможа. Сваё партызанства ўспомніў як знаходжанне ў раі. Не хапала сілы волі, каб пераадолець у сабе нейкі псіхалагічны бар'ер ды вярнуцца, нарэшце, на службу.
Ужо каля самага гарсабеса прыпыпіўся. Пачаў сябе касціць: які ж я дурань — не падаць заявы ў інстытут?!
Вярнуцца?..
Рассеяным позіркам прыглядзеўся да незразумелага слова, выведзенага лацінскімі літарамі «Geope».
2.
Да мяне дайшло толькі цяпер: такое «Geope» побач з парадкавым нумарам стаіць на кожным гарадскім доме. Што б гэта азначала?
Якраз у той момант і падышла яна.
Я нават не заўважыў, адкуль узялася. Згледзеўся, калі побач маячыла ўжо сінявокая асоба — стройная, высокая, далікатная ды ў лёгкай, як вэлюм, сукеначцы. Яна прыязна на мяне паглядзела, нібы сказала: ты даўно мяне чакаеш? А вось ужо і я! Дачакаўся, родненькі!
— Гэта — знак гарадской управы!— добразычліва растлумачыла.— Яшчэ ў чэрвені 41-га, толькі ўвайшоўшы ў горад, немцы на кожным будынку паставілі шыфр — каб ніхто, барані бог, не сумняваўся, што дом належыць Трэцяму рэйху!
— А-а?!—усміхнуўся я літасціва з недарэчнай гаспадарлі-васці гітлераўцаў, і дакладна такую самую ўсмешку ўлавіў і на яе вуснах.
Гэта нас зблізіла.
— Горача сёння! — паспачувала.
Толькі цяпер спахапіўся — у цёмным мундзіры нямецкага чыгуначніка, у суконным афіцэрскім галіфэ ды хромавых ботах з халявамі да калень мне сапраўды горача.
Ішлі мы далей. Размаўлялі. Я ўсё больш трапляў пад уплыў яе чараў.
Гаварыла яна шчыра, даверліва. Мімаходам паведаміла, што пражыла тут акупацыю.
I не заўважыў, калі і я — маўклівы па натуры чалавек — вельмі проста паведаміў ёй, хто я, што іду з педінстытута. Яшчэ расказаў пра ўбачанае ў аўдыторыі і нават — пра перажыванні жонкі Лісіцына. Як перад сябруком, здзівіўся:
— От фокус: нават такая небяспечная справа, як хаванне, арганізавана была па прынцыпу куплі-продажы!
Абаяльная спадарожніца падхапіла:
— О-о, той, хто заплаціў, мог быць упэўпены: пракормяць, умоўлены тэрмін прахаваюць ды паліцыі цябе не выдадуць!
— Прыстойнасць буржуазнага гандляра?
— Гітлсраўцы расстрэльвалі і за такое хаванне,— заўважыла яна, адчуўшы маю варожасць да мяшчан.— Не трэба так вінавацінь студэнтак і іх бацькоў. Школаў нашых не канчалі. Вайна для іх пачалася на два гады раней — немцы тут бамбілі яшчэ ў З9-м. Выглядаюць прызваіта? Бо ў горадзе нязначныя знішчэнні. Перад вайной дзесяць працэнтаў тутэйшага насельніцтва былі немцы, таму горад і ўцалеў. Склады нашыя гараджане развалаклі па дамах — вайсковага дабра хопіць ім яшчэ не на адзін год. У магістрацкае кіраўніцтва вербавалі з мясцовых арыйцаў, а яны, як ні дзіўна, стараліся людзям нават дапамагчы, таму гараджане сапраўднай бяды не ведалі. У беларускіх гарадах цяпер — руіны ды нэндза, а ў нашым гарадку — адносны дастатак, студэнткам наўме нават прычоскі і моды.
Яшчэ з першых яе слоў заўважыў — прыезджая, і, напэў-на, ёй тут было не соладка. Тое, пра што зараз расказала, выдатна ведаў і я, аднак нейкая зацятасць не дазваляла ўсё гэта прызнаць. Выгароджваючы мясцовых аднагодак, незнаёмая паказала, якая ў яе спагадлівая да людзей, чулая на справядлівасць і праўду душа.
Зусім маладая, а куды больш разумнейшая і дарослая, чым я. Так і пацягнула пад яе апеку. Адначасна дзесьці на краі свядомасці здзейнічаў, набыты ў партызанах, рэфлекс хваравітай асцярожнасці і недаверу. Я слаба падумаў: хораша гаворыш, але ж ці не закончыла і ты школу дыверсантаў у Беластоку, бы тая Рыжая?
Год таму назад у Налібоцкую пушчу прыбыла з гарнізона і здалася нам краля. Першым яе ўбачыў Лісіцын ды, здзіўлены, далажыў:
«Ну і ну! На такую нічога кепскага нават не падумаў бы, а каб у горадзе знячэўку наступіў на нагу, не ведаў бы, як прасіць і прабачэння!..»
Паўзірацца на шпіёнку пабег і я.
Яна мела доўгія рудыя валасы, цёплыя зеленкаватыя вочы, чуллівы рот ды даволі інтэлігентны твар, трымала сябе незалежна і горда. Да вайны скончыла нашу дзесяцігодку, затым тры курсы інстытута і — на табе, яшчэ і выпускніца нямецкай спецшколы. Паспела ўчыніць партызанам не адное свінства. На днях выдала нашага радыста, які збіраўся асталявацца ў гарнізоне...
Да суда трымалі яе ў партызанскай лазні. Там адбылася ў нас наступная размова:
«Ну, зараза, загубіла Віцьку?!. Але ж чаму, скажы, прыйшла сама ў Налібокі і здалася? Няўжо, думаеш, памілуюць?»
Прыгожая вядзьмарка пагардліва змерала мяне вачыма:
«Што ты, хлопча, ведаеш пра жанчыну? Зрэшты, калі так хочаш, слухай.
Закаханага радыста прывяла я, бы дурачка, у гарнізон і шапнула начальніку паліцыі — Кавалевічу. З ім кантактуем паўгода. Выклікаў ён сваіх апрычнікаў, радыста звязалі ды — у гестапа. Вярнуўся потым Кавалевіч, аб'явіў: «Не згаджаўся твой трафей з намі працаваць, прыдушылі яго, канец!.. Потым пакажаш, дзе схавана рацыя, а зараз — гульнём!» Сам распра-мянёны, шчаслівы, з дзвюма сумкамі бутэлек і кансерваў: якраз збіраўся ў адпачынак...
Цэлую ноч пілі мы французскі лікёр, і ён мяне слінявіў.
Раніцой прачынаюся, а гэтая свіння — храпе ў мяне пад пахай. Успомніла вашага культурнага хлопчыка, размову з ім па дарозе з Налібокаў, яго наіўную закаханасць семінарыста, прыпомніла ўсё сваё мінулае — і стала сама сабе агіднай. Прыдумала сабе кару: загінуць менавіта ад сваіх ды так, каб мае паганыя вочы гэтую смерць да апошняга моманту назіралі.
Заўтра — трыбунал. Ведаю, нават кулі пашкадуеце смярдзючай падле. Перад атрадамі на паляне маю галаву пакладзяце за кудлы па пень і — сякерай! Але ж я гэтага вартая».
«Гм, калі адумалася!.. Кавалевічу б хоць яду падсыпала!»
«Залёгкая для вылюдка такая смерць! Уцякла з гарнізона да вас — і СД напэўна з ім зрабіла тое самае, што з вашым Віктарам! Кавалевіч чакаў якраз адпачынку — ха, водпуск яго пагарэ-эў!..»— ад злоснай усмешкі зялёныя вочы і белыя моцныя зубы бліснулі такім помслівым здавальненнем, што мне зрабілася нават страшна.
Трагічную гісторыю з Рыжай, як сумны жудасны сон, прыпомніў я мімаходам і толькі для парадку, бо не меў ужо сілы вырвацца з-пад абаяння незнаёмай ды толькі сябе слаба пацешыў: чым цяпер рызыкую? Людзі павінны адны адным верыць, інакш — што ж яны за людзі?
Размаўляючы са мной, спадарожніца ўсміхалася не так вуснамі, як усім нутром, і было такое адчуванне, што ведае ўсе мае турботы, шкадуе і тоіць для мяне гаючыя лекі, а паміж намі няма ніякіх перашкод сарамлівасці, якія я заўсёды адчуваў паміж сабой і жанчынамі.
Незнаёмая мела хвалістыя светла-русыя валасы, гладкі лоб, белыя, як светлыя фасолінкі, зубы, далікатную скуру на твары і моцнай шыі ды жывыя сінія вочы. Яна аж ззяла сваёй жаночай плоццю. Такіх прывабных жанчын я не спатыкаў і толькі здагадваўся, што недзе, напэўна ж, існуюць, ды падсвядома іх чакаў. Адчуваючы сябе вахлаком, меў толькі адно жаданне: не спужаць гэты цуд.
Мы ўсё ішлі. Не памятаю, пра што далей гаварылі, бо не гэта было важным. Самае галоўнае — яна не зводзіла з мяне ласкавага позірку, які і далей меў дзіўную ўладу. З прамяністых сініх вачэй на мяне ішло жаданае цяпло, у голасе адчувалася ласка, ад чаго аж замірала маё нутро. Было ўражанне, што два месяцы інспектарства, гады партызанства, усё жыццё чакаў я менавіта гэтай інтанацыі голасу, прамяністай ласкі гэтых мілых вачэй і рос для спаткання менавіта з гэтай асобай у светлай сукеначцы з васількамі: для яе зараз я — нявольнік, гатовы на ўсё.
Яшчэ гадзіну таму скажы мне хто, што я, прайшоўшы агні, воды і медныя трубы, імгненна закахаюся, бы той самы семінарыст у асобу, якой нават і не ведаю,— я б пасмяяўся. А вось, не бачачы ўжо нават белага свету, за такой незнаёмкай ішоў, поўны радасных дрыжыкаў і шчаслівага чакання.
3.
I сілай, бывала, мяне не завалачэш на кватэру да дзяўчыны. На гэты раз без супраціўлення пайшоў нават да незнаёмай. Крочыў, бытта мяне туды нешта гнала, бытта баяўся спазніцца.
Жыла яна ў глухой вулачцы са старымі мураванкамі. Таўсцёрныя сцены, невялікія вокны. Тры пакоі з шыкоўнай мэбляй. На сталах, століках, камодзе і этажэрках — сурвэткі са сланамі і вазамі, у іх красаваліся півоны ды парыжэлыя лісты клёна.
На кватэры мы засталі нейкага старога, і мая спадарожніца разгубілася. Але толькі на секунду.
— Сядайце, калі ласка!—гэтак жа прыязна запрасіла мяне, падаючы табурэтку, а яе добразычлівая ласкавая ўсмешка мяне пакарыла яшчэ раз, і я зноў адчуў, што паміж намі няма ніякіх бар'ераў.
— Дзякуй...
У суседнім пакоі нізкарослы стары спрабаваў напяліць накрухмаленую кашулю ды нязграбнымі пальцамі зашпільваў пад барадой прыстаўны каўнерык. Чалавек меў зморшчаную шыю і сухі кадык, які бывае ўжо ў пяцідзесяцігадовых і нездаровых мужчын. Убачыўшы мяне, стары насцярожыўся. Я ўсё знаходзіўся пад уплывам чараў незнаёмай, і прысутнасць дзядзькі яшчэ да мяне не даходзіла.
Сімпатычная спадарожніца пасадзіла мяне сярод пакоя. Нічога не кажучы, пайшла да акна ды рассунула гардзіны. У гэты момант дзядзька гукнуў:
— Люся, зашпілі!
Толькі цяпер у маёй партнёршы мільгануў на твары цень нездавальнення. Яна нібы зняла з твару павуцінку ды ўспомніла: а, гэтая ж зараза тут! — ды пайшла да яго. Было такое ўражанне, бытта нам папсаваў хто чароўную песню. Агарнула трывога.
Цяпер са сваёй табурэткі, не падымаючы нават вачэй, адчуваў я кожны рух незнаёмага.
Каўнерык яго толькі што накрухмаленай кашулі чапляўся спецыяльнымі гаплючкамі. Мне вядома гэтая сістэма. Дробныя панікеляваныя штуковінкі і маладымі пальцамі не надта хутка зачэпіш, а для смарчка з яго грэбзамі — цэлая праблема. Але да яго лёгка падышла мая спадарожніца, дакранулася да металёвых бліскучак — і чалавек ужо ўзяўся завязваць гальштук.
«Хто гэта?— губляўся я ў здагадках.— Няўжо — муж?!. Не-е, застары для такой!» Аднак...
Дзе тады ў іх ложак? У тым пакоі — канапа. Адна? Толькі адна, здаецца. Невядома, ці рассоўваецца... У трэцім пакоі — піяніна, шафы з кніжкамі...
Усё незразумелае. Ясна адно — хто тут гаспадар. Пакоі цяпер здаліся надта чужымі і непрыемнымі. Іх перапаўняла масіўная мэбля ды чырвоныя дываны. Яшчэ я адчуў нагамі — дываны ляжаць на падлозе ў некалькі слаёў. Выглядала на тое, бытта людзі звалаклі дабро ў тры пакоі, покуль пераехаць на новую кватэру, так яго трымалі.
Гаспадыня вярнулася да мяне ўжо як бы меншая ростам, паблеклая, і ў ёй бытта выключылі тое самае чароўнае святло. Адразу са мной загаварыла. Зноў гаварыла так, бытта нас не слухаў ніхто трэці, як бы спяшалася выкласці. ўсё, што накапілася на душы.
Неўзабаве я і даведаўся: яна — жонка савецкага лётчыка. Пажыла з мужам усяго тры месяцы, ды лейтэнант загінуў у першы дзень вайны, калі на аэрадром за горадам паваліліся «месеры». На гэтай кватэры і праіснавала акупацыю: цярпела, выкручвалася, рабіла, што магла.
— А-а!..— як мага больш спачувальна пашкадаваў я хлапца, недзе свайго равесніка.— У паветраным баі загінуў?
— Нават падняцца не паспеў!.. Тады мала хто ўцалеў з лётчыкаў. Вельмі ім не пашанцавала. Узлётную паласу разбамбілі і расстрэльвалі лётчыкаў ды іхнія машыны, бы на палігоне. Супрацьпаветраная абарона мела шэсцьдзесят чатыры ствалы, але снарадаў — на дзве гадзіны. З шостай раніцы дваццаць другога чэрвеня фашысты ўжо лёталі, як хацелі.
Па яе суму, лёгкасці, з якой вымаўляла тэрміны, што мелі сувязь з авіяцыяй ды супрацьпаветранай абаронай, было відаць — у гэтым маладзічка ведала толк, хвалюе яе гэта і цяпер.
Покуль мне так апавядала, малы і зморшчаны дзядзька ў суседнім пакоі прабурчаў чагосьці другі раз. Агорнутая горкімі ўспамінамі, маладзічка яго не чула. Чалавек павысіў голас:
— Людміла, глухая? Мы — познімся! Толькі тады яна пакорна пайшла.
— Хочаш, каб пра ўсё расказаў? — напаў ён ужо ўпэўнена.— Гэта — мо-ожна!
Асмялеўшы, гаспадар цяпер клікаў Людмілу часта: прынясі тое, прынясі гэта, ідзі і патрымай, вазьмі іголку. У голасе яго ўсё мацней і мацней чуліся ноткі абуранай нездаволенасці, ад чаго маладзічка панікла зусім.
А мне зрабілася ніякавата. Прыйшлі на памяць першыя месяцы акупацыі.
У акружэнні тады заставаліся нашыя байцы, і разбітныя ўдовы лавілі момант — прыдбалі сабе прымакоў, часта — на шмат гадоў за сябе маладзейшых, яшчэ і адукаваных. Якія тады казусы не здараліся!
Перада мной выпадак, дзе ўсё — наадварот?! — кранула здагадка. Жонцы савецкага лётчыка не так было проста ў горадзе ўтрымацца. Гэта яе мецэнат? Мажліва, яшчэ і з мясцовых немцаў. З тых, што унь і зараз у кіёску просяць «Neues Deutschland».
У суседнім пакоі стары смарчок зноў нечым выгражаўся, а я сядзеў, як на гарачай патэльні. Чакаў, калі яна не выцерпіць здзеку ды пакліча мяне на падмогу, альбо павысіць голас на гэтага куркуля, каб можна было заступіцца? Мажліва. Але прычыны ўмяшацца так і не надарылася: новая знаёмая стала зусім ціхай ды пакорлівай.
I вось настаў момант, калі я цалкам прачнуўся ад салодкага сну ды зразумеў, хто ў доме гэтым лішні. Давялося ўстаць і, нічога не гаворачы, накіравацца да дзвярэй.
Ніхто мяне не затрымліваў. Яна не выйшла нават з другога пакоя, каб правесці.
4.
На работу я ўсё не вяртаўся.
Расстроены ўпічэнт, даходзіў ужо да ракі, калі раптоўна ўзнялі вэрхал зеніткі. Да поручняў моста збягаліся людзі, задзіралі галовы. Нямецкія самалёты?! Толькі цяпер спахапіўся: фронт жа за Нарвай — усяго сто дваццаць — сто пяцьдзесят кіламетраў адгэтуль, дзівіцца якраз трэба з таго, што да сённяшняга дня яны над горадам не паказваліся.
Задраў і я галаву ды паўзіраўся, што дзеецца наўкола.
Па небе нейкімі зігзагамі, бытта яго тузалі за вяровачку, насіўся разведчык — высока, кіламетраў з пяць. Вакол самалёціка рваліся снарады. З-за адлегласці выбухі здаваліся маленькімі крупінкамі, бы галоўкі ад рассыпаных запалак, затое натыкана было іх у нябеснай сіні — сотні. Што ж, цяпер немцам не чэрвень сорак першага, зенітчыкі снарадаў мелі ўдосталь, а страляла па іх добрая сотня «ствалоў». Нават здзівіла: дзе ў нас зеніткі стаяць, іх жа, здаецца, і не відаць было.
За вайну я прызвычаіўся да нямецкіх самалётаў і да таго, як нахабна ды бяспечна шпарылі яны па простай лініі, куды хацелі. Каб змыліць зенітчыкаў, гэты «месер» вярцеўся між выбухаў, як вужака на гарачым прысаку. Аж пацешна было глядзець на прыціснутага ворага.
З натоўпу ад поручняў нейкі вайсковец пажартаваў:
— Перадсмяротны танец Тамерлана!
Усе зарагаталі.
Ад шчырага сэрца рассмяяўся і я.
— Во, во! Нашыя сыны недзе ў Прусіі кроў праліваюць, а гэткі малады гіцаль схаваўся тут ад вайны, бабскіх сукенак трымаецца ды яшчэ смешачкі сабе строіць! — праказала абураная кабета сяброўцы ды апякла мяне злымі вачыма.
Пакрыўдзіцца я і не думаў, бо яе разумеў. Але стала непрыемна.
Ад моста пакрочыў я ў ваенкамат. Там адмовіўся ад брані і атрымаў накіраванне ў Бабруйскі запасны полк.
5.
Вечарам таго ж самага дня таварняк, прыстасаваны для навабранцаў, вёз мяне ў Бабруйск для абмундзіравання. Нецярпліва ўзабраўся я на дашчаныя нары і лёг побач з такімі ж, як сам. У патыліцу нешта муляла.
Ага, Нюрчын падарунак!
Нейкім чынам дзяўчына даведалася, што адпраўляюся на фронт, і прыперла на вакзал вузел з харчамі. Зараз прыйшла на памяць яе брудная хусцінка, якой калісьці выцірала мне вусны. I я з гідлівасцю шпурнуў вузел на пустыя дошкі. Хутчэй засунуў рукі пад галаву, задумаўся.
Мяне чакала яшчэ паўгода вайны, раненні і смерць блізкіх, але не гэта лезла ў галаву. Не давала спакою загадка з незнаёмкай.
Мяне мучыла — аж разрывала, пытанне: хто яна?
Чаму на вуліцы была такая адважная, а гэтак панікла дома? Калі мы зайшлі, яна ані крыху не здзівілася, застаўшы гэтага дзядзьку. Не выказала нездаволенасці яго прысутнасцю яшчэ некаторы час. Выходзіць, ён для яе нечаканасцю не быў. Дык у чым справа? Не ставіла яго ў грош. Тады чаму такая перамена адбылася пад канец?
Кім для яе тып са зморшчанай шыяй і сухім кадыком?
Навошта вяла мяне дадому, калі быў там гэты язвенік? Я навязаўся і ёй не было куды дзявацца? Не, яна ж — запрасіла, у абаіх атрымалася ўсё натуральна...
Чаго смарчок часта так яе клікаў. Абяцаў грошы, гразіўся, каб не размаўляла са мной, бо скампрамятуе — раскажа нешта пра яе? Што ён таіў?
Людміла — прадажніца, бы Рыжая з Налібокаў?
Мне было ўсё роўна, што б ён ні сказаў: усім сваім нутром я прагнуў яе.
Калі я пакідаў іхні дом, так быў усхваляваны і агарошаны, што не здагадаўся нават зірнуць у другі пакой. Цяпер здалося: я скасіў туды вочы ды ўбачыў, як яна, бедная, кінуўшы прышываць нешта на старым, зірнула на мяне з такім жалем, што, каб не прышчаміць яе жаласлівага позірку, я пакінуў пасля сябе дзверы прыадчыненымі.
Зрабілася надта шкада лётчыка, і падумалася: эх, уваскрасіць бы яго ды паказаць хоць адну сцэнку з нямецкім разведчыкам над мостам — лейтэнант бы гэта ацаніў! Агарнула нецярплівае жаданне — дапасці да перадавой ды выдаць гітлераўцам і за пагібель лейтэнанта, і за Людміліна ўніжэнне.
Аж поезд захацелася падагнаць.
Неўзабаве перада мной паўстала маляўнічая сцэна. У званні капітана, з поўнымі грудзямі новенькіх ордэнаў і медалёў, вяртаюся я з фронту ды знаходжу ў цеснай кватэры на ціхай вулачцы абаяльную асобу ў лёгкай і светлай сукеначцы. Яна бязмерна радуецца, а я зноў акунаюся ў промні яе ласкавых сініх вачэй, якія верна чакалі мяне да канца вайны, а я выглядаў іх праз усё жыццё.
1.
Ішло пасяджэнне творчых секцый.
У першым радзе сядзеў якісьці хлапец — шчуплы і хілы, з рэдзенькімі вусікамі. З адной кішэні яго джынсавага касцюмчыка звісалі, зачэпленыя дужкай, супрацьсонечныя акуляры, а з другой — блішчаў цэлафан ад пачкі цыгарэт. На трыбуну па чарзе ўзыходзілі паэты, празаікі, драматургі, рэжысёры, а юнак іх не слухаў. У прэзідыуме я адчуваў на сабе яго настырны позірк і западозрыў — на форум госць з'явіўся толькі таму, бо штосьці яму ад мяне трэба.
«Ладна, няхай сядзіць, абы не перашкаджаў!» — адзначыў я сам сабе між іншым, бо якраз выношваў дзве «нявыдуманыя гісторыі».
Надта падбівала кінуць сход, вярнуцца дамоў, адключыць тэлефон, сесці за стол ды, агорнуты прыемнымі дрыжыкамі, выкласці апавяданні на паперу. Столькі думаў над абедзвюма тэмамі, што гісторыі вырысоўваліся з дробнымі дэталямі. Для іх нават назвы ўжо знайшліся.
Апавяданні павінны выглядаць прыкладна так:
ВЫРАДАК
Позняя восень. Світанак.
Брыду цераз лужы глухой вулачкай, а ўперадзе — двое невысокіх мужчын. Іхняя гутарка здаецца цікавай, і я напружваю слых. Старэйшы мужчына пытаецца:
— Гэта сюдой ты на работу дабіраешся?
— Ак!..— неахвотна кідае маладзейшы, думкі якога, відаць, заняты больш важнай справай.
— Кожны дзень... Акрамя нядзелі... Ага, у вас цяпер і ў суботу зрабілі свята!
Мы ж не такія дурні, як вы, каб яшчэ і ў суботу ўкалваць! — абураецца малады.
Па контурах постацей, па інтанацыі галасоў здагадваюся: дзядзька з вёскі прыехаў да сына ў госці і, поўны набалелай бацькоўскай настальгіі, праводзіць наследніка на змену. Па якімсьці законе індукцыі сэрцаў адчуваю, што ў старога на душы.
Сцішваю крок, сачу больш уважліва.
Вось дзядзька кранае пальцамі дошкі ў высокім плоце, азірае другі бок вуліцы ды цешыцца, што гэты плот і домікі з прысадамі яго наследнік бачыць па некалькі разоў у дзень, удыхае гэтую атмасферу...
На памяць прыходзіць «Амэрыканец», празваны так на вёсцы за тое, што ў часы Пілсудскага ездзіў у ЗША шукаць долі. Аднойчы ён гэтаксама гасціў у нашым горадзе. Спаткаўшы земляка ля касы вакзала, я пацікавіўся:
— Як уладкаваўся ваш Віктар?
— О-о, пашыхавала яму! — з гордым здавальненнем праказаў чалавек.— І работа файная, і трохпакаёвая кватэра, бы ў Амэрыцы з выгодамі — ваннай, гарачай вадой, аж двума бальконамі!.. I нявестка — кабета памяркоўная, мне спрыяе. Ды адчуваю сябе тут у вас вельмі нязручна. Найгорш, нужнік дома — не магу прызвычаіцца, хоць трэсні! О, і ты, бы мой Віктар, рагочаш. А пабудзь у маёй шкуры!.. Выйду пагуляць на падворак, захочацца да ветру, а вакол ні прысадзя, ні кустоў, ні хлеўчыка — адны клюмбы з кветачкамі ды голы асфальт! Зноў бяжы на кватэру, дзе ўсе тыя дываны і крышталь, бліскучая мэбля ды кніжкі, зноў вартуй, бы той злодзей, калі нявестка выйдзе, каб шмыгнуць у сарцір. Каб яно згарэла, цьфу!
Яшчэ іншых назіраў у парку.
Прыгорбленыя жыццёвымі нягодамі два селяніны ў простых куртачках піхалі каляску. Відаць, маладога і маладой бацькі прыехалі да дзяцей у госці. Бабулі адправілі маладажонаў на работу, пачалі пячы ды смажыць, а ўнучку на пару гадзін даручылі сваім мужыкам. I вось маленькі анёльчык з сосачкай у роціку спаў, а не старыя яшчэ дзяды памаленьку і згодна крочылі па жвіровай дарожцы ды прыглушана гутарылі. Да гэтых не трэба было падкрадвацца, вядома — гутарылі пра жыццё-быццё, прыкідвалі леташні ўраджай, меркавалі, якая ідзе зіма, абураліся распуснікамі і параўноўвалі сваіх старшынь калгасаў. Рукі мужчыны мелі закарэлыя, з нягнуткімі пальцамі, думкі — ясныя, вочы — сумленныя...
I дзядзька, што праводзіў на працу сына, і «Амэрыканец», і дзяды з каляскай, мабыць, носьбіты народнай сумленнасці, векавога вопыту: менавіта на такіх трымаецца наша зямля.
...Тым часам у сырым паўзмроку, на глухой вулачцы чалавек перада мной дапытваўся ў сына:
— ЯНА і дзіця сюдэй водзіць у садзік?
— Ак!..
— Цяжко, беднай, брысці тут з малым! — уздыхнуў стары.
— А возік на што? Спецыяльна купіла — цэлую палучку ўбухала!
— Што тут— возік твой, булавешка, калдобін унь прорва!
Сын нецярпліва кінуў:
— Ак!..
Я мужчын абагнаў. Заглянуў ім у твары і жахнуўся.
З вясковым дзядзькам крочыў малады гіцаль з даўно не голеным тварам. Вечарамі ля нашага пад'езда гэты тып заўсёды выпрошвае ў прахожых трыццаць капеек ды арганізоўвае «на траіх». Не разабраўшыся, аднойчы запыніў з сябруком і мяне, сунуў пад нос бутэльку, шапнуў:
— Трэцім — хочаш? Давай рубель!
— Так у вас жа няма шклянкі! — схітраваў я.
— Ы-ых, велькі пан! Навошта яна?! Па восем булек на горла!
— ?!
— Нікому не будзе крыўдна, праверана жалезна: у бутэльцы — дваццаць чатыры булькі!
А вось зараз ён на бацьку бліскаў шалёнымі вачыма, са злосцю нешта бурчаў, а ўсё яго нутро займала адно: як адвязацца ад спадарожніка ды пахмяліцца.
ПРЫСТАСАВАНЦЫ
Вечарам выхапіў я з рук нявесткі вядро са смеццем ды павалок на двор. Сынава кватэра — на ўскраіне Сухумі. Колькі гасцюю ў яго, а ніяк не магу насыціцца экзотыкай, заўсёды радуюся, калі надараецца магчымасць зірнуць на дзіўны свет яшчэ з аднаго ракурсу.
І вось я ўжо імчаў па тунельчыку з вінаграднай лазы, пранізанай месячным серабром, прагна лавіў лёгкі гул марскога прыбою, нахабны крэкат паўднёвых жабаў ды сухі трэск лісточкаў бамбуковага гаю (на Свіцязі дакладна так шуміць трыснёг!).
У канцы вінаграднага тунельчыка — жалезная скрыня, залітая святлом месяца. Я ўжо развярнуўся, каб перакуліць вядро, і абмёр: з грукатам цяжкім на мяне ляцела якаясьці жывёліна. Я мігам апынуўся за скрыняй і толькі цяпер разгледзеў, што прэцца не слон, не тыгр, а ўсяго — карова.
Дабегшы да скрыні, красуля ўзняла пысу. Іскрыстыя ў святле месяца мокрыя слепакі жывёліны ўзглянулі на мяне лісліва, з нямым пытаннем: «Ну, ну, а ты што мне прывалок?» Сухумскіх кароў даводзілася назіраць амаль круглы год, і я заўсёды ламаў галаву: тутэйшыя рагулі такія гладкія, а дзе знаходзяць траву на курорце, дзе іхнія гаспадары трымаюць для быдла корм, дзе яго хлявы? Калі ж красуля стала ўпэўнена і са смакам аплятаць мае камякі паперы з лупіннем арбуза, я анямеў ад здагадкі.
Ніхто тут іх не пасе, не будуе ім хлявоў, не закладвае сіласу. I гэтая рагуля ў спёку зашывалася ў кіпарысы ці бамбук ды жавала сабе жуйку (гаспадыня там яе і даіла), а рана і вечарам выходзіла да жалезных скрынь вартаваць. Людзі на сметнікі вывальвалі тут столькі дабра, што карове на харчаванне хапала аж занадта. Не раз я заўважаў, як іншая рагуля потым з прыемнасцю хрумстае яшчэ старыя часопісы, газеты дакладна так, як яе беларуская аднакроўніца, наладаваўшы ў вантробу з паўкошыка бульбы, напіхвалася яшчэ пустой саломай.
Памяць падказала другое падобнае дзіва. Польскія сябры павезлі мяне ў Кентшын паказваць «воўчае логава» Гітлера. Па дарозе я прыглядаўся да палёў былой Усходняй Прусіі, адкуль ішло да нас столькі бед. Зараз перада мной прасціраўся мірны, спакойны край. Толькі што скончылася жніво, і трактары аралі поле. Па свежай скібе лазілі чароды птушак, чым палі напаміналі нашыя палеткі, мажліва, з адной розніцай: за плугамі тут увіхаліся яшчэ і белыя птушкі — няйнакш, чайкі заляталі з Балтыкі.
Прыгледзеўшыся да чужых палёў лепш, я неўзабаве зрабіў адкрыццё: божа мілы, белыя птушкі — буслы!
На гэтай тэрыторыі зніклі даўно балоты з жабамі, і велічную птушку жыццё прымусіла шукаць сабе ежу там, дзе здабывала корм пагарджаная ўсімі варона. У барацьбе за існаванне клекатун змяніў нават характар. Бусел тут набыў спрыту, імгненнай рэакцыі, рухавасці. Да свежавывернутай лемехам тлустай скібіны яму, беднаму, удавалася часам прашмыгнуць перад хітрымі варонамі, юркімі драздамі і выхапіць чарвяка ў іх з-пад самага носа.
* * *
На пасяджэнні творчых секцый аб'явілі перапынак. Я схапіў папку ды ўскочыў на ногі. Хочаш не хочаш, а трэба раздаваць дэлегатам білеты, адзначыць камандзіроўкі, дамовіцца наконт машын...
Не паспеў я дабегчы і да калідора, як дарогу мне перапыніў той самы юнак у джынсавым касцюмчыку. Ён з бесцырымоннасцю людзей, якія абсалютна ўпэўнены ў тым, што робяць, аб'явіў:
— У мяне да вас пытанне.
— Калі ласка...— вымушаны быў спыніцца я. Толькі цяпер успомніў хлапца — Віктар Громаў.
На апошнім літаб'яднанні ў газеце, выслухаўшы яго зусім слабенькія вершыкі, я з педагагічных меркаванняў пахваліў адзін радок.
Зараз хлапец дастаў сігарэты, пачаў закурваць, а мне не цярпелася.
«Ну, пытайся, малады чалавек!» — намерыўся кінуць я, але Громаў парэшце задыміў. I бытта муляр, які скончыў класці сцяну, хлапец прыстаў да мяне, як да свайго прараба:
— Скажыце, пра што пісаць мне цяпер?
Узнікла вялікае жаданне — высякчы нахабніка, як сёк мяне калісьці бацька, калі я выкідваў конікі. На жаль — нельга графаману даць такую навучку.
Віктар Громаў, пакурваючы, уставіўся на мяне прыжмуранымі вачыма, чакаў адказу.
Дакараючы сябе за неасцярожную пахвальбу на літаб'яднанні яшчэ аднаго графамана, я нешта абібоку буркнуў адчэпнага, але вечарам узяўся са злосцю пісаць такім юнакам грунтоўны адказ.
Вось ён.
* * *
Пра што пісаць, парады не можа даць ніхто. Можна толькі падзяліцца вопытам, як знаходзіш тэмы сам. Зрэшты, іх нават не трэба шукаць, бо механіка з'явы даволі простая. Тыя самыя «Прыстасаванцы», напрыклад, зарадзіліся ў мяне наступным чынам.
У дзяцінстве шмат гадоў даводзілася праводзіць з каровамі.
З кужэльнай торбачкай цераз плячо выганяў красуль на ранкі.
З кіем ці каменем, у дождж і спёку насіўся за імі па полі ды лесе: праганяў ад шкоды, не даваў адбівацца ад статка, цяліцца ў мокрым і сачыў, каб з травой не праглынула каторая чаго-небудзь металёвага.
З ранняй вясны да асенніх халадоў вышукваў ім зялёныя лагчыны, сакавітыя межы і паляны...
Затое вечарамі здаволены, ледзьве перастаўляючы ногі, гнаў сваіх рагуль дамоў, дзе чакаў іх цёплы хлеў з клекатунамі на бусленіцы, а мяне ўзнагарода — удзячная маці. Цалкам пакорныя, ацежалелыя ды рахманыя, з перапоўненымі вымямі ішлі красулі паважна, па-роднаму пахлі сырадоем, а я ганарыўся, што прыношу сям'і карысць.
У сумныя дні бадзяння па чужыне, у канцлагерным пекле ці пад кулямі за брустверам франтавога акопа тыя абразкі з дзяцінства спалучаліся з паняццем роднага кутка, Бацькаўшчыны, і я тысячу разоў гатовы быў цярпець за іх здзек, а нават — скласці галаву.
Незаўважальна міналі дні.
Раптам мяне ўразіла адкрыццё: тую самую карову — сімвал маіх вытокаў і сталасці — людзі паспелі пераўтварыць ледзь не ў надворную свінню, і яна ўжо з ліслівым блазенствам балонкі нясецца да чужога чалавека, каб першай падчысціць сметнік. Апякло пачуццё непапраўнай страты, агарнуў жах: свіння і то ў лепшых умовах — хаўроння табе не стане жэрці папяровы камяк без разбору, з дротам, цвікамі і шклом, гэтыя прадметы не застануцца ў яе «кнігах»!
Кароў такіх развялося ўжо шмат. Яны нават спрабуюць уступаць дарогу машынам, не лезуць, куды не трэба...
Я не магу спыніць пераўтварэння віду блізкай мне жывёліны ў новую якасць, але сваімі перажываннямі хочацца нагвалт падзяліцца з людзьмі. Мне ўжо здаецца, пра сумную з'яву, бы пра пажар, трэба хутчэй усіх папярэдзіць. Нараджаецца цвёрдая ўпэўненасць: пра гэта сказаць дадзена толькі табе.
Гэткім жа чынам нарадзілася і другая гісторыя.
Стары чалавек, якога я восенню дагнаў сярод лужаў, надта спадабаўся. Я нічога не магу зрабіць яго вырадку, што ў пад'ездзе разлівае паўлітра «на траіх», прапанаваў і мне восем «булек», але такая агарнула трывога за ўсіх дзядзькоў, чые дзеці апынуліся ў гарадскіх блоках, што маўчаць пра іх таксама не магу. Добра ведаю: ад маёй пісаніны вырадкі не зменяцца, аднак падсвядома кіруюся, мабыць, той ісцінай, што зло абнародавана — напалову пакаранае.
Адным словам, я жыву тым, чым усе людзі. Бурлівыя будні падганяюць мяне, прымушаюць прыглядацца да ўсяго, слухаць і радавацца, злаваць ды абурацца. У мяне як бы хто ўставіў пласцінку, поўную праблем, вобразаў, перажыванняў, і яна безупынна круціцца на самым высокім рэгістры. Сярод хаатычнага гвалту, якім я нашпігаваны, выдзяляюцца асобныя гісторыі, спыняецца на іх увага, і ўсё маё нутро штурхае да дзеяння.
Вось і памянёныя дзве тэмы ўзялі за душу, выклікалі, паводле медыцынскай тэрміналогіі, «афектыўнае звужэнне свядомасці». Я ўжо не знаходжу сабе месца, і будзе так працягвацца, покуль не вазьмуся выкладваць набалелае на паперу.
Карацей кажучы, настае перыяд, калі не можа нават узнікнуць пытання — «пра што мне пісаць». Мушу якраз прыкласці сілу волі, каб займацца іншымі справамі. Сам для сябе ўстанаўліваю чарговасць: над гэтай тэмай працую зараз, над той — у наступным тыдні; да серады — пятніцы яе скончу ды ў выхадныя займуся трэцяй...
Нарэшце, бяруся за «Вырадка» і «Прыстасаванцаў».
Памыляецца той, хто лічыць, што аўтару дзесяці кніжак яны ўжо даюцца лёгка. Чым больш пішу, тым больш рабіць гэта цяжэй, і нават маленькі твор пачынаю бытта першы.
Гісторыі запісваю спачатку, як бачу. Атрымліваецца сухая інфармацыя. Прабягаю вачыма, натыкаюся на месца, дзе гаворыцца пра бамбук. Устаўляю ў дужках заўвагу, што ён шалясціць, бы на Свіцязі трыснёг. Надта дзіўлюся:
«Гм, калі добра прыгледзецца да лісточкаў, абедзве расліны нечым падобныя! Трыснёг — перароджаны бамбук, цень віду з даледніковай эпохі?!. У маім Страшаве, між ішным, расліну называюць прыгажэй — трасціна. Адгэтуль — Трасцянец пад Беластокам і Мінскам?.. Цьфу на яго, збіваюся з тэмы!»
Гісторыю перапісваю, а мяне ўсяго апаноўваюць творчыя дрыготкі. Спатыкаюся зноў у месцы, дзе гаворыцца пра «звужэнне свядомасці». Памяць з неабсяжных закамаркаў паслужліва вывалаквае выпадак з ваеннага часу.
Зімой пранік я на станцыю Валілы ўзрываць стрэлку. У тую хвіліну палалі кантыненты, тысячамі гінулі ў муках людзі, гарэлі танкі і самалёты, танулі караблі. На фоне выкліканага нацыстамі землетрасення якісьці партызанчык з пакецікам толу мог нарабіць шкоды немцам не больш за камарыка. Аднак усё для мяне тады адышло на задні план. Увесь я быў падпарадкаваны адной-адзінай ідэі — узарваць стрэлку, і мной валодала ўпэўненасць, што сталёвая развілка вагой у некалькі цэнтнераў для ворага — галоўнае, пасля выбуху міны немцам настане капут, і ўсё гэта магу зрабіць толькі я.
«Стоп, якая сувязь валілскай стрэлкі з «Прыстасаванцамі»? Цікавы факт выкарыстаю ў іншым творы, бліжэй да рэчы!..»
I разабрала мяне нарыхтык.
Адным словам, агорнуты тымі самымі дрыжыкамі пры перапісванні матэрыялаў, я натхняюся: выклікаю абвастрэнне памяці, фантазіі, кемлівасці, эмоцыяў. Для мяне працягваецца творчая работа — там дадаць, там скараціць, там развіць, знайсці ёмкае слова, трапную фразу. Ведаю напэўна: калі пісаў, а мяне разбірала — тады і чытач казаў — ого-о-о!
* * *
Такіх, як Віктар, разумею добра.
Выпешчаны бацькамі і настаўнікамі хлапец дагэтуль толькі вучыўся. Скончыў школу ці інстытут, а свет ведае больш з кніжак ды тэлеэкрана. Не настолькі ўрос і ў жыццё, каб поспехі грамадства сталі і яго ўласнымі. У фізіялагічным стане Громаў — рослы мужчына, прырода піхае яго да самасцвярджэння. Хлапец прыдумвае розныя спосабы — як аб сабе заявіць.
Адпусціў вусы.
Выенчыў у бацькоў амерыканскі джынсавы касцюм, магнітафон.
Пачапіў на кішэнь супрацьсонечныя акуляры...
Аднак яго равеснікі пайшлі значна далей. Начытаўшыся «Фізкультурніка», Громаў паспрабаваў пайсці па слядах спартсменаў, ды тут выявілася — трэба вельмі рана ўставаць на трэніроўкі і па восем-дзесяць гадзін цягнуць з сябе жылы. Паездка на БАМ цяплічнаму выхаванцу не падыходзіла таксама. Тым часам ішлі дні, а нават на сігарэты прасі ў маці рубель. I Віктар з дзіцячай легкадумнасцю спахапіўся:
«А чаму б не стаць паэтам? Шмат для гэтага трэба? Закрыўся ў пакоі — пішы! Накатаў падборку вершаў, цябе адразу надрукуюць, перададуць па радыё — і ты ўжо вядомы, шчэ і заплоцяць!»
У той час, калі яго равеснікі самасцвярджаюць сябе ў шчырай, па сіле, працы, такі дзівак спрабуе самарэалізавацца рыфмаваннем беліберды. Нічога не выходзіць, і ён прыстае — дай параду, пра што пісаць. Бытта ўвесь сакрэт у гэтым.
2
БЕССЯРЭБРАНІК
У 195З годзе працаваў я дырэктарам сямігодкі ў вёсцы Біскупцы (Ваўкавыскі раён). У маі мяне раптам спатрабавалі ў сельсавет да тэлефона — выклікаў Мінск. Неўзабаве на другім канцы провада знаёмы і дабрадушны голас мне абвясціў:
— Аляксей? Прывітанне! Ну, выйшла, нарэшце, твая аповесць у пятым нумары нашага часопіса! Шуганула, братка, на ўсю рэспубліку! Бяжы ды шукай у кіёсках!
Званіў адказны сакратар «Полымя» — М. Ткачоў. Не паленаваўся знайсці аўтара чортведама дзе, каб толькі зрабіць яму прыемнасць.
Умеў ён і любіў радавацца за людзей.
Потым, будучы сакратаром СП БССР, М. Ткачоў гэтак сама чула адносіўся да нас, пачаткоўцаў. Не памятаю, каб, спаткаўшы цябе ў Мінску, Мікола Гаўрылавіч не пацікавіўся тваімі справамі, клапатліва не праверыў, ці маеш на дарогу грошы, ці ўсё ў парадку ў цябе з камандзіроўкай і гасцініцай. I атрымлівалася гэта ў яго тактоўна, прыстойна, па-чалавечы.
Найбольш уразіў мяне Мікалай Гаўрылавіч абсалютнай няздольнасцю быць злапомным. Прывяду толькі два прыклады.
Неяк на адным з пісьменніцкіх сходаў, падбухтораны, я выступіў з рэзкай крытыкай у адрас сакратара СП БССР па арганізацыйных пытаннях М. Ткачова. Праз дзень-два спахапіўся — маё выступленне надта несправядлівае. Я пакорна пачаў рыхтавацца атрымаць ад Мікалая Гаўрылавіча заслужаныя шышкі. Тым часам ішлі месяцы, мінуў цэлы год, мінуў ужо і другі, а ён нават намёкам не паказаў, што памятае маё хамства і носіць крыўду.
Аднойчы адпачывалі мы ў Каралішчавічах. У час доўгіх прагулак па лесе М. Ткачоў расказаў мне і Р. Бярозкіну выпадак са сваёй паездкі ў вёску па матэрыял для абласной газеты, калі ён працаваў яшчэ ў Магілёве журналістам. Выпадак так мяне ўразіў, што ў той жа вечар я выклаў яго на паперу. Атрымалася яшчэ адна «нявыдуманая гісторыя».
Цярпеў я год, цярпеў два, тры, а тады... надрукаваў гісторыю ў часопісе. Вось яна — слова ў слова:
«Цёплай восенню Т. накіраваўся да аднаго дзядзькі па матэрыял для нарыса. Гадзін шэсць мужчыны прасядзелі ў садку. За гэты час яны абгаварылі пра ўсё на свеце. Т. уважліва выслухаў пра выпадкі, што здарыліся ў гэтай вёсцы ў час вайны. Хоць здарэнні былі значныя, але ж даўно апісаныя. Журналіст усё аніяк не вывуджваў ад чалавека такога, што б ярка яго характарызавала, не знаходзіў той свежай разыначкі, якая дае іскру аўтару, а матэрыялу — крылы.
Ну, хаваў ды лячыў дзядзька параненых.
Ну, вадзіў партызан на жалезку, ездзіў з іхнімі заданнямі ў гарнізон, як ездзілі многія.
Ну, пераправіў у лес тры вінтоўкі і аўтамат,— звадзіў хлопцаў тры разы на жалезку...
Мужчыны выпілі ўжо не адну чарку. Паелі ўсю смажаную рыбу. Т. перакаштаваў яблыкі з кожнага дрэва. Даведаўся, які гатунак яблынь найбольш стойкі ад чарвякоў і ад марозу, які дае ўраджай кожны год, што для таго, каб зімой карэнні мелі работу, чалавек позняй восенню выліваў пад кожнае дрэва аж па сорак вёдзер вады.
Сядзяць яны далей ды маўчаць.
Т. пачаў сябе ў душы лаяць, што дарэмна пёрся ў гэтую вёску. З роспаччу падумаў — развітвацца, ці што? Але ж як разлічыцца за камандзіроўку — матэрыялу ж у нумар няма!
Т. з тугой у вачах павёў позірк па вялізным садку, у якім цяжкія галіны з налітымі яблыкамі падпіралі сучкастыя рагулі.
— Гм, а як жа вы, дзядзьку, давалі сабе рады ў вайну з гэткай прорвай фруктаў? — пацікавіўся Т.— Іх жа тут, мабыць, і ў вагон не ўбярэш?
Гаспадар ажывіўся:
— Ай, не кажыце. Сэрца разрываецца, калі ўспомню пра той час! Паслухайце! У 1942 годзе яблыкі, як ніколі, далі многа квецені. Тут стаялі белыя валы!.. Прыпёрся з гарнізона амтска-місар на машыне, пахадзіў па садку, пахадзіў, палічыў дакладна дрэвы ды нават запісаў сабе ў блакнот.
«Гут! — гаворыць і паказвае на дошкі, што ляжалі ў мяне пад акапам.— Пойдуць на тару. Калі возьмеш да восені на што-небудзь хоць адну дошчачку, пасаджу цябе з цэлай сям'ёй у Колдычава, фэрштэен?»
«Чаму не, фэрштэю, пан,— кажу яму, а сам сабе думаю: — Табе гадаваць яблыкі? Дачакаешся, гад, але — трасцы ў бок!»
Амтскамісар паехаў, а я нарабіў леснічак, узяў жонку, дзяцей і — на дрэвы! Цэлы тыдзень начамі гасілі яблыні: зрывалі квецце ў кошык ды валаклі закопваць у яму!
— I «пагасілі»?! — жахнуўся журналіст ды так паглядзеў на гаспадара, бытта толькі цяпер яго ўбачыў.
— Усе-е пагасілі! — уздыхнуў са шкадаваннем дзядзька ды паказаў рукой: — Унь там брацкая магіла таго квецця. Цэлага ўраджаю. А буйное было — як ружы!.. Прыязджае восенню амтскамісар, надта дзівіцца:
«Нікс яблык?»
«Нікс, пан,— прыбядняюся.— Усю завязь халерны мароз пабіў!..»
Але Т. больш не слухаў. З пачуццём шчаслівага чалавека, якому пашэнціла раптам знайсці скарб, ён схапіўся ды памчаў пісаць нарыс».
І трэба ж так здарыцца, што свежы нумар часопіса з апавяданнем «Пагашаныя яблыні» трапіў у Каралішчавічы, калі зноў адпачывалі мы ў тым самым складзе. Падчас вячэры Рыгор Бярозкін — у прысутнасці многіх пісьменнікаў — давай мяне бэсціць: маўляў, ці ж прыстойна матэрыял іншага пісьменніка друкаваць як свой? Зрабілася так сорамна, што не было куды дзяваць вачэй ды і самому не было куды дзецца.
I тут з дапамогай прыйшоў сам Мікалай Гаўрылавіч.
Як могуць рабіць гэта толькі шчодрыя душой людзі, выпадак ён у адзін момант перавёў у жарт і непаразуменне. Шчэ здзівіўся, адкуль вядома столькі дэталей — хіба сядзеў тады я пад лаўкай у садку, калі яны елі рыбу?
Мікалай Гаўрылавіч нават мяне пахваліў, што перажытае нашымі людзьмі ў магілёўскай вёсачцы стала цяпер жыць яшчэ ў адной інтэрпрэтацыі, ад чаго вельмі прыемна і яму. Апраўдваў М. Ткачоў мяне шчыра.
3
СПАТКАННІ З ЛЕГЕНДАЙ
Калі яшчэ Скідаль быў райцэнтрам, адправіліся мы аднойчы з Міхасём Васільком на яго радзіму праводзіць літаратурнае выступленне. Ехаў я і трывожыўся. Быў звычайны рабочы дзень, і не верылася, што выйдзе якая-небудзь карысць з нашай задумы. Сказаў я пра гэта Васільку, але Міхась прамаўчаў.
Прыбылі мы нарэшце ў Скідаль, зайшлі да начальства. Старшыня райвыканкома павёў нас у раённы Дом культуры. Па дарозе пахваліўся:
— Клуб у нас — новы, павінен вам спадабацца!
— Каб толькі былі ў ім людзі, каб недарэмна мы прыехалі! — заклапочана заўважыў я.
— Гэта наша бібліятэкарка прыдумала!— з раздражненнем прамовіў старшыня райвыканкома.— Я загадчыцы прапанаваў вечар на суботу прызначыць ці нядзелю, але яна ўперлася і — хоць ты што хочаш рабі з ёю, ведаеце, якія жанчыны ўпартыя?! Нічога, будзе мала народу, загадаем дырэктару школы прывесці вучняў старэйшых класаў, школа тут побач.
Прыгорблены, у паношаным адзенні Міхась (са ўсёй яго вялікай сям'ёй толькі нядаўна сябры дабіліся пераезду паэта з глухой вёсачкі Баброўні ў горад, Міхась тады яшчэ жыў надта бедна) толькі чамусьці хітра ўсміхнуўся. А мне гэта не спадабалася — што тут смешнага?
Падыходзячы да клуба, яшчэ здалёк я ўбачыў фурманкі. Такое скапленне іх бывала толькі да вайны на кірмашах у мястэчках. Вазамі вакол новай будыніны былі латаральна забіты ўсе двары. Людзей не відаць. Распрэжаныя коні спакойна жавалі сабе аброк з торбаў. Ля сцен і платоў зіхацелі новенькім лакам шэрагі веласіпедаў і матацыклаў.
— Вось і наш клуб! — аб'явіў узрадаваны старшыня.
Аднак увайсці ў яго было не проста. У калідоры мы наткнуліся на цесную сцяну людскіх спінаў і завязлі. Старшыня тады павёў нас хітрымі хадамі, і апынуліся мы адразу на сцэне. Зірнуў я ў залу, а там — галовы, галовы, галовы ды ў прагным чаканні напружаныя цікаўныя вочы.
Пачалі мы распранацца, складваць плашчы на крэслы. На мне быў новы касцюм, накрухмаленая кашуля, за лета я добра загарэў і цяпер адчуў, які я статны і ладны.
На літаратурных вечарах заўсёды прытрымліваюцца няпісанага закона, падказанага жыццёвым вопытам,— слова даюць перш за ўсё празаіку, а ўжо затым — паэту.
Старшыня аб'явіў:
— Сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі лічу адкрытай. Першым перад вамі выступіць Аляксей Карпюк. Калі ласка, таварыш Карпюк, просім!
Не паспеў я дайсці і да трыбуны, як у зале нехта выгукнуў:
— А чаму яго-о?
Другі азваўся ўжо смялей:
— Васілька-а нам давай!
Трэці закрычаў на ўсё горла:
— Што ты нам якогась Карпюка сунеш, мы прыехалі не яго слухаць!
Во становішча, што рабіць?
Ад сораму гатовы я быў праваліцца скрозь падлогу, але дошкі насцілу не расступаліся.
Апусціўшы галаву, цалкам разгублены, пад абстрэлам соцень нядобразычлівых вачэй, некалькі хвілін я бяссэнсава перабіраў старонкі свайго рукапісу — кніжкі яшчэ тады не меў.
На падмогу прыйшоў старшыня:
— Таварышы, таварышы, што за шум, чаго вы хвалюецеся? Наш паважаны Міхась Восіпавіч выступіць абавязкова! Толькі выступіць потым, пацярпіце!— стаў упрошваць аўдыторыю.— А покуль што паслухаем, давайце, мы старшыню абласнога аддзялення, праза...
Яму не далі гаварыць — узнялася цэлая бура:
— Васілька-а!
— Міхася-а нашага!
— Мы хочам толькі яго-о!
— Няхай нам прачытае «Як я пана перанёс»!
— I «Эх, гарэліца мая, што ты вычаўпляеш!..»
— «Век дваццаты, век харошы, абы грошы, толькі б грошы!..»
— I пра бульбу: «Бульба парана, пячона, бульба сёння, бульба ўчора!..»
Тут я ціхенька і, бы не сваімі нагамі, сышоў з трыбуны. Было невыносна сорамна, ды агарнула адчуванне, бытта белая кашуля з гальштукам і новы пінжак на мне крадзеныя. У той жа час я па-харошаму пазайздросціў паэту.
Гэты чалавек мог сказаць, што жыў на свеце недарма.
* * *
А наогул душа мая калісьці зачараваная была трыма недасягальнымі літаратурнымі аўтарытэтамі:
Янкай Купалай,
Якубам Коласам,
Міхаілам Шолахавым.
Вобразы першых двух волатаў адклаліся ў маім сэрцы праз апетыя і ўслаўленыя імі так дарагія і мне родныя балоты, карчажыны, камары-таўкачыкі, пяскі, мох, ядлоўцы, сосны, дубровы, вёсачкі, дзядзькоў і цётак. Паэты сумелі гэта павярнуць да мяне асаблівым ракурсам — поўным чароўнай тугі, журботы, жалю, рамантычнасці, пакуты ды паказаць, што мне няма чаго прыбядняцца, бо розныя пальмы, скалы, снежныя вяршыні, акіяны ды леднікі — усяго экзатычныя малюначкі.
Затое вешанскі Казак прыадкрыў мне іншы план жыцця. Ен паказаў бязмежныя магчымасці чалавечай істоты, маладзецкую ўдаласць і гераізм без прыкрас, усемагутную абаяльнасць жанчыны ды суровую праўду жыцця.
Прыбыўшы калісьці ў Вільню на вучобу (19З8), стаў я адразу сведкам, які ажыятаж у розных слаях грамадства буржуазнай Польшчы выклікаў толькі што перакладзены на польскую мову новы твор савецкай літаратуры. У цэнтральным кніжным магазіне на вуліцы Міцкевіча (сёння — праспект Леніна) нейкае выдавецтва свае кніжкі рэкламавала так:
«Прахожы — стой! Сто-ой, затрымайся!!! Ці чытаў Ты амерыканскага Шолахава — Роберта Кентса?.. Не-е??? Тады хутчэй бяры ў нас яго «Лясныя людзі»! Не пашкадуеш — напісаны не горш славутага «Ціхага Дона»!
А каб прачытаць гэты самы «Ціхі Дон», у бібліятэках трэба было раней запісацца ў калейку і ўжо нават для гэтага выстаяць у даўзёрным хвасце паноў, паўпанкаў.
Мне, вядома, таксама надта цягнула пазнаёміцца з раманам. Але я толькі горда глядзеў на гэты ажыятаж, адчуваючы, як грудзі распірае радасць, а душа крычыць:
«Халера вас бяры, я пачакаю! Чытайце покуль што вы, панове, ды ведайце нашых!..»
Да сённяшняга дня не магу надзівіцца, з якой лёгкасцю ды ўменнем аўтар казацкай эпапеі прыадкрывае заслону і паказвае чытачу незлічоную колькасць людзей, характараў, вобразаў. А ўсё гэта ў яго жыве, струменіць, бруіцца, лётае, бегае, лямантуе, сячэ, малоціць, ненавідзіць, моліцца, любіць, плача, цешыцца, песціць, ласкае ды рагоча.
* * *
У студзені 195З года сядзелі мы з рэдактарам «Полымя» — Уладзімірам Барысавічам Карпавым — над рукапісам «У адным інстытуце». Дапамагаючы сабе кульбай, увайшоў Сяргей Дзяргай ды не без гонару пахваліўся:
— Якуба Коласа спаткаў у калідоры!
Мяне бытта выстралілі з пакоя — умомант апынуўся я за дзвярыма, дзе з ходу наляцеў на Аляксея Слесарэнку і дзядзьку Якуба. Абое спакойна сабе крочылі на выхад, неслі, звязаныя вяровачкамі, тамы поўнага сачынення Коласа (здаецца, сямітомнік) ды пра нешта гутарылі. Кніжкі трымалі ў абедзвюх руках, таму кіёчак у Канстанціна Міхайлавіча крывым канцом быў зачэплены на згіб рукі, другім — цягнуўся па дошках падлогі.
— Дзядзька Якуб, дайце паднесці! — надта натуральна вырвалася ў мяне просьба.
Ані крыху не здзівіўшыся, нават не перапыняючы гутаркі, народны пісьменнік аддаў абодва пакункі ды ўзяў кіёк за абаранак.
Апусціліся мы з чацвёртага паверха.
Ля пад'езда Канстанціна Міхайлавіча чакаў ЗІМ. Шафёр забраў у мяне пакунак, і я, шчаслівы, паляцеў назад, ужо смакуючы, як у вёсцы Біскупцы (Ваўкавыскага раёна), дзе працаваў дырэктарам сямігодкі, буду ўсім хваліцца — самому Якубу Коласу кніжкі падносіў!
Зноў народнага пісьменніка ўбачыў праз год.
15-18 верасня 1954 года ў тэатры Янкі Купалы адбываўся III з'езд пісьменнікаў Беларусі. Тры дні ішоў дыспут, і вось —пачалося галасаванне. Усе разабралі бюлетэні. Колас таксама ўзяў свой бюлетэнь, пайшоў за кулісы, сеў на пянёк ад нейкай дэкарацыі ды пачаў старанна кагосьці выкрэсліваць.
Я на дзядзьку Якуба наляцеў знячэўку ды вельмі разгубіўся. Гляджу, а ён ад нечакапасці разгубіўся таксама і таропка ды вінавата, як хлопчык, каб, барані божа, не ўбачылі людзі, каго ён крэсліць, закрывае ад мяне бюлетэнь газетай, нецярпліва глядзіць мне на ногі ды чакае, калі пайду.
Потым трапіў я ў Дом творчасці — Каралішчавічы.
У час абеду нехта прынёс сенсацыю — Колас з нявесткай прыехаў па грыбы! Схапіў я на кухні нейкі кошык ды кінуўся даганяць незвычайнага госця, уяўляючы сабе ўжо, як і пра гэтае спатканне буду калісьці апавядаць сваім унукам. Жарты? Разам з Коласам грыбы збіраў — бытта разам з ім чай пілі!!
Яго з нявесткай знайшоў ля дарожкі. Насцярожана-ветліва павітаўся. Дзядзька Якуб таксама даў мне «дзень добры» ды пацікавіўся, адкуль я родам, дзе цяпер жыву, як мяне зваць і што пішу — прозу ці вершы.
Адказаўшы на ўсе ЯГО пытанні, здаволіўшы сваё самалюбства, я, перапоўнены шчасцем, яшчэ крыху пахадзіў з імі па лесе і, каб не быць залішне надакучлівым, нырнуў у гушчар ды папёр на кухню кошык.
Назаўтра дзядзька Якуб прыехаў па грыбы зноў, і яго я знайшоў каля той самай дарожкі. У нас адбылася дакладна такая самая гутарка.
Вяртаўся на гэты раз я ад ЯГО падта расчараваны: на дзядзьку Якуба не зрабіў аніякага ўражання. У той жа час быў уражаны прастатой гэтага Чалавека. Ну, дакладна, бы які-небудзь звычайны вясковы стары, а гэтак узрушыў душу народа, так запаў яму ў сэрца!..
* * *
З запісной кніжкі.
«...Дзевятага студзеня 1956 г. Сяджу на Усесаюзнай нарадзе маладых пісьменнікаў СССР у канферэнц-зале газеты «Правда». Дэлегацыю нашу ўзначальваюць: Іван Шамякін, Пятрусь Броўка. Апрача мяне, у яе склад уваходзяць: Сцяпан Гаўрусёў, Навум Кіслік, Артур Вольскі, Ніл Гілевіч, Пятро Васілеўскі і Алесь Махнач.
У праходах каля нас бесцырымонна шнуруюць дзесяткі энергічных ды надта ж заклапочаных людзей з фотаапаратамі і кінакамерамі — нашых, а найбольш — замежных. Аўтар моднай якраз кніжкі «Далеко от Москвы» (мне не спадабалася) Васіль Ажаеў сама выступае з асноўным дакладам. З казённай жывасцю ён пералічвае, хто, што і дзе з маладых надрукаваў. Яшчэ папракае пісьменнікаў, што ў сваіх творах апісваюць каханне не як выяўленне чалавечай сутнасці, а — як дадатак да вытворчага працэсу, да працоўных поспехаў і грамадскай дзейнасці. Хочацца дакладчыку крыкнуць:
«Пра-авільна! Толькі ж ці не так пішаце пра каханне і вы, таварыш Ажаеў?!.»
Учора па лініі СП СССР мы мелі дзве сустрэчы.
Адна — у суседняй зале. Восем нашых дэлегатаў сустракаліся там з паўсотняй (калі не болей!) замежных карэспандэнтаў. Трапіў і я ў выбраную васьмёрку, бо нехта ў анкеце заўважыў, што ведаю замежныя мовы. Але за ўсю сустрэчу ані я, ані мае калегі не адкрылі нават рота. Не таму, што хапала перакладчыкаў. Заходнім карэспандэнтам, як выявілася, нават усесаюзнай нарады мала, ім давай сенсацыю. Калі сенсацыі няма, яе ствараюць.
У гэты час на Захадзе ярка загарэўся талент 19-ці гадовай Ф. Саган. I вось на нарадзе ўжо ўзрадзілася чутка, што аўтар «Глыбінь-Гарадка» Л. Абухава — наша Франсуаза. Таму, наладаваныя цяжкімі мікрафонамі, кіно- і фотаапаратурай, увішныя карэспандэнты нагвалт атакавалі маладзенькую Ліду. На нас ніхто і вокам не павёў. Толькі і было чуваць:
«Советише Франсуаза!..»
«Соувет Франсуазе!..»
«Советык Франсуа!..»
Падстаўляючы ў профіль і ў анфас свой распрамянёны тварык пад аб'ектывы, адказваючы на пытанні, Абухава аж квітнела. Напэўна, гэта быў у яе «звездный час». Але калі глядзець збоку, усё пагадвала шытае белымі ніткамі, было смешным ды надта здзіўляла.
Другая сустрэча — з Валянцінам Авечкіным. Цікавы чалавек, усім вельмі спадабаўся. Апавядаў нам гадзін з пяць.
Авечкін толькі што вярнуўся з МТС пад Масквой, дзе дырэктарам паставілі нейкага гараджаніна. Прыняў той ад папярэдніка справы, а назаўтра звоніць у Маскву знаёмай аграномшы:
«Зіна, што такое ялавая карова? Расталкуй, калі ласка, бо мне тут, разумееш сама, пытацца няёмка!.. А-а, ясна! Гэта—каторая не доіцца, каторая фігуру сваю не хоча псаваць, дзякуй!.. Заадно падкажы: без пеўня куры могуць несціся?.. Гы, ты глядзі-і!.. Дзякуй яшчэ раз!.. А што такое зяблівае ворыва? Разумееш, у нас адзін інжынер сказаў — зяблікавае. Усе калгаснікі з той пары пачалі яго называць — «таварыш Зяблік»!..»
* * *
Словам, перада мной — прэзідыум нашай нарады. Многіх ведаю з кінахронікі. Вось яны сядзяць па парадку:
Лабасты Ціханаў — бытта капітан на сваім мосціку, глядзіць некуды ўдалячынь.
Худы, з пышнай і стаўбуністай (як бы сказалі ў нашым Страшаве) шавялюрай сівых валасоў — Сцяпан Шчыпачоў.
Тоўсты і мажны, у акулярах з залатой аправай, Кафтанаў — міністр асветы.
Чарнавусы высокі прыгажун — Сяргей Міхалкоў.
Наступных не ведаю. Усё нейкія маладыя — з застылымі тварамі...
Кажуць, у калідоры расхожвае Пастарнак з Чукоўскім і Пановай. Вера Панова з Юрыем Трыфанавым вызначаны кіраўнікамі маёй секцыі, яшчэ паспею наглядзецца і на яе і на аўтара маёй любімай кніжкі «Студэнты», а на тых дваіх — жывых класікаў — трэба зірнуць у час перапынку. Пастарнак з Чукоўскім, кажуць, надта высокія, знайсці — не праблема.
Меўся прысутнічаць на нарадзе і Фадзееў, але бытта бы хворы...
Нечакана мяне абуджаюць словы Ажаева з трыбуны:
«...Очень жаль, что не имею возможности подробно разобрать или хотя бы рассказать об интересной повести Алексея Карпюка из Белоруссии!..»
Бытта ўдарае мяне токам. Аднак зараз жа бяру сябе ў рукі. Ат, сунулі яму фразу ў даклад літкансультанты з рэспублік, і ён прачытаў не свае словы!..
Зноў назіраю за прэзідыумам.
Ціханаву раптам спатрэбілася пайсці. Ен усхопліваецца, бойка кіруе за кулісы, але перакульвае крэсла. Шчыпачоў крэсла ловіць на ляту, ставіць на месца.
Тоўсты Кафтанаў нюхае блакнот у чырвоным каленкоры — іх з аловачкамі раздавалі ўдзельнікам нарады, у тым ліку і мне.
Адным словам, усё звычайнае — бы прэзідыум кожнай іншай нарады.
У зале раптоўна нараджаецца нейкі рух. Насцярожваюся. Ажаеў з трыбуны якраз гаворыць:
— На гэтай нарадзе маладых, на жаль, знаходзіцца занадта многа лысых і сівых...
Першыя рады пачынаюць біць у далоні. Пляскаюць заядла — з усяе сілы. За што тут апладзіраваць? Не такі ўжо і вялікі жарт сказаў дакладчык!..
Тым часам дружныя апладысменты ўспыхваюць злева, выбухаюць справа, перакідваюцца на сярэдзіну залы ды пераходзяць у бурную авацыю. Чамусьці ўсе пачынаюць яшчэ і ўставаць...
Ого-о!.. Толькі цяпер бачу: з-за куліс да прэзідыума шпарка топае аўтар «Ціхага Дона»!
Няўжо-о?!. Яшчэ ўсё не веру сваім вачам.
Аднак перада мной — жывы і самы сапраўдны Міхаіл Шолахаў. Памыліцца не магу — гэтулькі разоў бачыў яго ў кінахроніцы, на фота. Унь — тырчыць рыжаваты вожык, такія ж — вусы, знаёмая гімнасцёрачка без пагонаў...
Залу агарнуў экстаз захаплення. Усе нешта крычаць, равуць ды люта б'юць у далоні. Толькі цяпер заўважаю, што, паддаўшыся агульнаму экстазу, усхапіўся, як апантаны, на ногі ды нешта крычу і я.
Авацыя працягваецца мінут 8-10. Такое назіраю першы раз у сваім жыцці.
Нарэше ўсе супакойваюцца, садзяцца. Фотакоры і кіношнікі кідаюцца да прэзідыума рабіць здымкі — гучыць стракатанне апаратаў, бліскаюць магніевыя ўспышкі.
Шолахаў заняў у прэзідыуме месца. Камічная сітуацыя. Злева і справа ад яго — на добры метр! — пустое месца. Усе славутыя літаратары ад жывога класіка нібыта пастараліся адсунуцца ды гэтым падкрэсліць, што ў параўнанні з вешанскім Казаком яны — нішто, і аб гэтым самі добра ведаюць ды супроць госця нічога не маюць.
Цяпер што б Ажаеў ні сказаў, словы яго не даходзяць — ніхто не слухае яго. У зале пануе атмасфера нават не ўзбуджанасці, а — экзальтацыі. I я ўвесь напоўнены ёю, перажываю ды надта дзіўлюся: яшчэ, здаецца, зусім-зусім нядаўна чытаў у Вільні дзіўную рэкламу пра Шолахава, як пра бога, назіраў калейкі за «Ціхім Донам», а страшаўцы мае забывалі карміць кароў ды свіней, зачытаўшыся раманам... Святы божа, ці ж мог тады нават сніць, што калісьці вось так спаткаюся нават з самім аўтарам, чаго на свеце не бывае?!.
Нас ніхто не папярэджваў, што будзе такі госць. Мяне раптам агортвае мужыцкі практыцызм. Думаю сабе: трэба лавіць момант! Давай пашлю Шолахаву запіску з просьбай выступіц.ь
Выдзіраю з блакнота лісток, пішу:
«Міх-л Аляк-ч! Вельмі будзем шчаслівыя пачуць ад Вас хоць некалькі слоў! Беларуская дэлегацыя».
Стаўлю подпіс. Даю падпісацца суседу Гілевічу, затым — астатнім землякам. Перадаем паперку ўперад. Пярэднія рады яе чытаюць, падпісваюцца таксама.
Нарэшце паперка трапляе ў рукі адрасата. Наш кумір ківае галавой ды прыязна зале ўсміхаецца. Усе зразумелі, у чым справа, і ўзрадаваліся. Па радах коціцца шэпт:
— Зараз выступіць!..
— Шолахаў будзе выступаць!..
— Возьме зараз слова!!.
Нарэшце Ажаеў заканчвае даклад, ідзе на сваё месца.
Сапраўды, слова даюць Шолахаву. З першай фразы кідаецца ў вочы яго прастата, як і тое, што аўдыторыю адчувае дасканала. Нічога, што пісьменнік на цэлае пакаленне старэйшы за нас. Нейкая задзірыстасць ды маладыя выхадкі ў кожным яго руху, у кожнай фразе адразу з ім нас родняць.
У мяне такое ўражанне, бытта Шолахаў згадзіўся выступіць з-за паперкі, мною арганізаванай, таму да яго выступлення падыходжу па-гаспадарску. Не толькі бяруся яго словы запісваць, але нават адзначаю на гадзінніку: пачаў у 19 г. 20,5 мін., а скончыў у 19 г. 27 мін. роўна. Вось што ўдалося застэнаграфаваць з яго выступлення:
«...Кіраўнікі з Саюза пісьменнікаў не першы раз ставяць мяне ў няёмкае становішча! (Рогат у зале). Так, так! На другім з'ездзе СП пасля Сіманава было кепска гаварыць. А зараз, пасля Ажаева, выступаць мне, думаеце, лепей?» (Рогат у зале, працяглыя апладысменты).
«Хачу з вамі пагаварыць, як роўны з роўнымі! Маладыя, хутчэй вырастайце вы з кароткіх штонікаў ды рабіцеся самастойнымі!..» (Бурныя спладысменты).
«А яшчэ. Не спяшайцеся перабірацца ў сталіцы! Бо гэта — надта шкодна! Перад вамі — пераканаўчы прыклад! Наш паважаны дакладчык, Васіль Ажаеў, пісаў «Далеко от Москвы», а пераехаў на сталічны асфальт і нічога путнага ў яго не атрымліваецца, як самі бачыце!..» (Рогат у зале, апладысменты).
Сказаўшы ўсё гэта, Шолахаў хацеў вярнуцца на ранейшае месца, але зараз жа чамусьці раздумаў. Што ж, наколькі блізкі быў у яго кантакт з аўдыторыяй, настолькі — ніякага з прэзідыумам. У сінім галіфэ, у начышчаных да люстранога бляску хромавых боціках (у Страшаве такі абутак называлі — чобаты), лёгка, спружыніста накіраваўся за кулісы ды знік, пакінуўшы мажных мужчын за доўгім сталом прэзідыума — з бутэлькамі мінеральнай і з аднолькавымі блакнотамі — разгубленымі ды як бы асірацелымі. Зрэшты, сярод іх знайшліся і такія, што — от дзіва! — не выказалі нават аніякіх эмоцый. Ну і людзі! З такімі ж каменнымі тварамі сядзелі, калі чытаў Ажаеў даклад, калі выступаў Шолахаў, а таксама калі ўся зала раўла і дрыжалі сцены ад нашага энтузіязму. Спалі яны ў прэзідыуме з адкрытымі вачыма, ці якое ліха?! Мабыць, нейкая паталогія.
Пасля выступлення госця з Вешанскай станіцы браць слова ніхто не захацеў. Названыя выступальшчыкі, як іх ні ўпрошваў старшыня нарады, выходзіць на трыбуну катэгарычна адмовіліся.
Пасля няёмкай паўзы аб'явілі перапынак. Каб не прапусціць яшчэ адзін цікавы момант, я з усяе сілы рвануў у вестыбюль. Імчаў туды недарэмна.
У вестыбюлі такіх, як я — поўна. Людзі ўтварылі жывы калідор. Міхаіл Аляксандравіч з'явіўся ўжо ў папасе і ў зімовым паліто з цёмнага сіняга сукна, з каракулевым каўняром. Крочыў ён на выхад гэтак жа лёгка, як заходзяць толькі хлопчыкі. Калі параўняўся з Шамякіным, я заўважыў, што ростам яны аднолькавыя, толькі Шолахаў больш шчуплы.
Каля мяне прайшоў вельмі блізка, і я разгледзеў на яго твары нават кожную ямачку ад воспы. А ростам — дакладна мне па плячо!.. Дзіва, колькі ў гэтым невялічкім целе змешчана таленту, якім багатым сэрцам надарыла ЯГО прырода!..
1.
У лесе стаяла дача пісьменнікаў. Ад яе праз лес вяла просека — да доміка-кухні. Там госці сталаваліся. Карміла іх афіцыянтка Зіна.
Жыццё на дачы дзяўчыне спачатку падабалася. Зарабляла грошы. Добра харчавалася. Абслугоўвала людзей, пра якіх зямляк яе, лабарант політэхнічнага інстытута Ваня Цішэўскі, гаварыў з захапленнем. Пісьменнікі прыязджалі на «Жыгулях» ці «Волгах», распранаючыся, бліскалі атласнай падкладкай імпартных гарнітураў, шыкоўных куртках. Але прыгледзеўшыся да гасцей лепш, Зіна расчаравалася.
У дзяўчыны дагэтуль было ўяўленне аб пісьменніках як аб святых ці марсіянах. Тут убачыла яна людзей звычайных і часам аж не верылася — вось такі можа напісаць кніжку?!.
Дома, бывала, Зіна з сёстрамі бралася абедаць пры людзях з вінаватай сарамлівасцю. У сталоўцы госці, на Зінін погляд, страву елі з брыдкім смакаваннем ды ўсё перабіралі і крывіліся.
Міналі тыдні. Прызвычаіўшыся да кліентаў, Зіна памалу забыла, хто яны, ды пачала дзяліць іх на горшых і лепшых у залежнасці ад таго, як яны паводзілі сябе за сталом.
Адзінай забавай на дачы служыў тэлевізар. Але, калі ішлі цікавыя перадачы, трэба было рыхтаваць вячэру.
У вестыбюлі палаца гулялі часамі ў падкіднога. Рабілі гэта пераважна тыя, хто заўтра ад'язджаў. Адным словам, для Зіны гульняў не існавала, жыццё на дачы станавілася сумным. У вольную часіну дзяўчына клікала сабак, якія вечна тырчалі ля сталовай, ды ішла блукаць па лесе. Калі ж ісці нікуды не хацелася, слухала гутарку на кухні. Але часамі надыходзіў сум, і Зіна тады не ведала, куды дзецца. Утыкалася ў падушку, плакала.
2.
Кухня рыхтавалася карміць кліентаў. Алена Пятроўна, кухарка з распараным тварам, мяняла змакрэлы халат. Зіна, склаўшы рукі на грудзях, чакала, калі прыйдзе час насіць у сталовую талеркі.
— У сёмы — новенькі прыехаў! — паведаміла сястра-гаспадыня — Марфа Міхайлаўна.— Мой абед, Алена Пятроўна, яму аддайце, я што-небудзь перакушу. Зіна, пакладзі прыбор сёмаму, не стой як слуп!
На кухні гасцей ведалі не па прозвішчах, а — нумарах пакояў.
У зале, дзе сталаваліся, была моцна напаленая печ. Паклаўшы прыбор, дзяўчына адчыніла акно — праветрыла пакой. Пад акно зараз жа збегліся сабакі.
— Ах вы, мае нахлебнікі, пачулі ўжо! — казала яна ласкава.— Пачакайце — пасля абеду!
Вяртацца на кухню не хацелася. Зараз там Марфа з кухаркай мітусіліся, бытта перад канцом свету. I чаго яны так дрыжаць ды выдыгаюць перад гасцямі? Прыйдуць і паядуць, калі есці захочуць, куды дзенуцца!
Пад акно вынырнуў грузавік. З кабіны выглянуў шафёр Валодзька, крыкнуў:
— Зіна, у горад еду! Прывітанне Цішэўскаму завезці?
— Патрэбны вы мне! — кінула яна.
З-за Вані Цішэўскага не давалі ёй спакою. Некалі, пакідаючы вёску, Цішэўскі хваліўся: «Ты яшчэ пра мяне пачуеш, праз год самалётам буду лятаць!..» А нядаўна спаткала ў трамваі, калі ездзіла ў горад па сурвэткі, пасмяялася: «А дзе твой самалёт?» Ваня прамаўчаў. I пачаў закідваць пісьмамі.
Цяпер Зіна папракнула Цішэўскага з нейкай крыўдай: «Во, мый там у сваёй лабараторыі другі год смярдзючыя прабіркі за семдзесят рэ ў месяц!»
Ад акна ламанулі сабакі — па дарожцы з дачы ішлі госці. Пазнаўшы прытворны голас дамы з адзінаццатага пакоя, дзяўчына прабурчала:
— Паўзе ўжо і нафарбаваная ведзьма!
Дама размаўляла з незнаёмым. «Новенькі з сёмага!» — здагадалася афіцыянтка, адскочыла ад акна і стаілася.
— Віктар Арнольдавіч, як я вам спадабалася? — з какецтвам дзяўчынкі пыталася дама.
— Адкуль вы ўзялі, што спадабаліся? — адказаў густы барытон.
— Ну... Увогуле, якой вы пра мяне думкі?
— Чэсна?
— Я толькі так люблю весці гутарку!..
— Яшчэ не думаў. Падумаю і дам сваё заключэнне. Добра?
— Фу, і вы такі ж нудны, як іншыя!..
— Які ўжо ёсць!..
«Ага, нарвалася!»— пазлараднічала Зіна ды кінулася на кухню.
Даму з адзінаццатага ніхто не любіў. Дзіва што — яна прыносіла клопатаў больш, чым усе астатнія госці разам. Зіна не раз збіралася ёй насаліць, ды Марфа Міхайлаўна патрабавала ад свайго персаналу быць глухімі і сляпымі. Старая строга павучала:
«Ваша справа — карміць ды прыбіраць за гасцямі! Гэта — інжынеры чалавечых душ, каштоўныя для дзяржавы людзі з надта далікатнымі нервамі! Мы тут для таго, каб стварыць ім умовы для пісання!»
Зіна ў душы абуралася:
«У гэтай пустальгі — «далікатныя нервы», яна — «інжынер чалавечай душы»? Лежабока і прытвора!»
Дама часта прасыпала сняданне, тады саромелася ісці ў сталоўку і заяўляла сястры-гаспадыні, што захварэла. Зіна перла ў палац накрытыя сурвэткай талеркі з ежай і бачыла ўсё махлярства.
...Калі афіцыянтка ўвайшла ў сталовую з абедам, незнаёмы з дамай былі ўжо там. Дзяўчына зноў у яе ўбачыла томік Байрана: дама заўсёды валачыла гэтую кніжку ў карычневым пераплёце, калі прыязджаў хто-небудзь новы.
Сястра-гаспадыня пачала знаёміцца з госцем — высокім і чарнявым чалавекам у светлым касцюме, пінжак якога зашпіляўся па адзін гузік. Кінуліся Зіне ў вочы і белыя рукі, як і тое, што тонкія пазногці ў госця блішчэлі, бы панікеляваныя.
Сястра-гаспадыня спыталася ў яго, ці не стаміўся дарогай, якое першае ўражанне зрабіла дача. Выглянула з кухні Алена Пятроўна і таксама ўсміхнулася яму. Дама з адзінаццатага не магла гэтага знесці. Каб звярнуць на сябе ўвагу, расправіла валасы і спыталася ў кухаркі:
— Алена Пятроўна, як вам мая новая прычоска?
— А — нішто! Вы так у ёй памаладзелі!..
— Бытта да гэтага я была старой? — пыхнула дама.
— А я і не кажу...
— Хо-опіць, ужо сказалі!..
— Дзіну Маркаўну нечым пакрыўдзілі? — умяшаўся ў канфлікт новы госць.— Ай-яй-яй, нельга так!..
— Ах, бо-ожа, хіба мы каго крыўдзім?!— спалохалася Марфа Міхайлаўна ды колка зірнула на кухарку, каб тая знікла.
Зіна заўважыла: вясёлы тон пісьменніка быў напускны. Чалавек цярпліва ўсіх слухаў, мірыў і чакаў, калі скончыцца цырыгелія знаёмства, ён пад'есць ды пойдзе да сваёй справы. Гэта ёй вельмі спадабалася.
3.
Інтэрнатам служыў невялікі пакойчык з трыма ложкамі.
Быў позні час, але дзяўчаты яшчэ не спалі. Прыбіральшчыца дачы, Надзя, ляжала пад коўдрай і грызла сухары. Касірка Паліна распраналася. Ўчора неспадзявана пачалася зіма — на дварэ шалела завіруха.
— Ух-х, бытта хто пясок у вокны кідае! — падзівілася Паліна.— Ну і сум на гэтай хвалёнай дачы, хоць ты ваўчыцай вый!.. Каб яна сінім агнём згарэла!.. Эх, дзяўчаткі, якія вы шчаслівыя: у вас — ногі як ногі, а ў мяне — бы запалкі!
Касірка ўздыхнула, паставіла босую нагу на табурэтку і пачала разглядаць лытку.
— А ты рабі фізкультуру, як дама з адзінаццатага! — параіла Надзя.— Калі засцілаю ёй пасцель, яна ходзіць на пальчыках. Кажа: у замежных часопісах пішуць, што ад гэтага ногі таўсцеюць. А яшчэ з горада ёй шалік прыслалі. Цуд!..
Касірка, шырока расставіўшы рукі, пачала таксама хадзіць на пальчыках.
Зіна ў гэты час за сталом перачытвала пасланні Цішэўскага. «Перадаю Табе прывітанне вялікае, як наш сусвет!» — чытала. «Фу, набраўся ад сваіх вучоных высакапарных слоў і думае мяне купіць імі!» «Сусвет» было напісана невыразна. Дзяўчына абмакнула пяро і абвяла крывыя Ваневы літары тлустай лініяй. «Хацеў Табе ўсё апісаць, але папера не вытрывае...» — «Няпраўда, папера ўсё выцерпіць!»— вывела дзяўчына над радком. «Скромнасць і прастата ўпрыгожваюць чалавека...» — «Даўно без цябе ведаю!»— зноў надпісала Зіна. «... Кожную хвіліну — мый і мый прабіркі, так — дзень у дзень, усё такое манатоннае!.. Я Табе зайздрошчу — верцішся каля вядомых усім людзей!..»— «А што ты сабе думаў, даражэнькі? Пазайздросць, пазайздросць!» I яшчэ надпісы: «Ого!»— «Пашукай сабе дурнейшую!..»— «Доўга думаў?..»— «Занадта разумны!..»
Такой апрацоўкай пісем яна займалася не адзін вечар. Зараз пабачыла, што больш нічога не дапішаш і не паправіш.
Успатнелая Паліна, абмахваючыся ручніком, папрасіла:
— Зінка, кідай свайго лабаранта ды кладзіся, ну цябе! Надзя варочаецца скрозь сон — святло ў вочы рэжа!
Афіцыянтка моўчкі палезла пад коўдру.
Калі пагасілі святло, перад вачыма ў Зіны паўстаў жыхар сёмага пакоя. Віктар Арнольдавіч ёй падабаўся. Ён заўсёды элегантны, далікатны, кожнаму ўмее сказаць прыемнае, усе яго недарма так хваляць...
Аднаго разу за абедам Дзіна Маркаўна, каб парысавацца, пачала пераказваць падрабязнасці нейкай інтымнай сувязі царыцы Кацярыны. Каб Зіна не чула брыдкіх пікантнасцей, Віктар Арнольдавіч перавёў далікатна гутарку на іншую тэму.
Ён заўсёды казаў, колькі прынесці супу, колькі — другога, і ўсё з'ядаў, талеркі яго прыемна несці на кухню. Учора, распранаючыся, знячэўку яе штурхануў, назваў «Зіначкай» і не ведаў, як прасіць прабачэння.
Дзяўчына параўнала яго з іншымі.
Няма яму раўні. Ніхто з іх не адставіць гэтак крэсла, калі яна нясе поўны посуд. Ён зусім не падобны на пісьменніка з чацвёртага пакоя. Той закажа боршч, пабачыць, што сусед смакуе фасолевы суп, і пачынае лямантаваць, што і ён фасолю прасіў. А сёння спатрабаваў яшчэ раз другое і ўсю курыцу аддаў сабакам, а дрывасек, дзядзька Марцін, застаўся без абеду. Ну, вядома, і куды лепшы за гэтую самую Дзіну.
Дама да яго падбівалася. Зіна раўнавала ды люта яе ўзненавідзела. Учора Дзіна зноў спазнілася на сняданне, а на гэты раз схлусіла — бытта толькі што паставіла кропку пад новай аповесцю аб каханні, куды ўклала ўвесь свой жыццёвы вопыт. Лысы і поўны пісьменнік з пятага пакоя — Мікалай Іванавіч — за сталом буркнуў да Віктара Арнольдавіча: «Што яна пра гэта можа ведаць? Яна — з такіх, што вечна аб ім уздыхаюць і трэплюцца, а самі ніколі нікога не кахалі і не пакахаюць!..»
Мужчыны паблажліва яшчэ ўсміхнуліся, і Зіна чамусьці супакоілася.
З таго часу, як прыехаў новы жыхар у сёмы пакой, Зіне стала жыць цікавей. Цяпер яна рабіла ўсё як бы для яго. Зіна не прапускала ніводнага яго слова, і нават кожная складка яго вопраткі стала ёй дарагой. Засынала, і ёй хацелася падагнаць ноч, каб заўтра прачнуцца з пачуццём навізны ды зноў з нецярпеннем чакаць снядання.
4.
Віктар Арнольдавіч з раніцы паехаў у горад. Прайшоў абед, а пісьменнік усё не вяртаўся.
— Чаго ты выседжваеш? — напала сястра-гаспадыня на афіцыянтку.— На кухню ідзі, памагай Алене Пятроўне гатаваць вячэру!
— Я яшчэ ўсіх не накарміла — з сёмага не прыходзіў!
Гаспадыня адразу памякчэла. Як добра, падумала Зіна, што старая нічога не заўважае!
Зіна сядзела побач з яго крэслам, глядзела на панікеляваны прыбор, ікру на талерцы і гладзіла белы чахол на спінцы крэсла. Яна прадчувала: сёння абавязкова нешта здарыцца. Чакала гэтага з трапятаннем сэрца. Каторы раз прыслухалася. А са двара нічога не чуваць, толькі праз шкляныя дзверы з кухні даляталі абрыўкі гаворкі. Марфа якраз казала:
— Ну, прыгожай — не мне судзіць, а маладой была і я, таму ведаю, як у такіх выпадках сябе паводзіць!
— Вядома, маладымі былі мы ўсе! — згаджалася кухарка.
I ў гэты момант, моцна тупаючы ад холаду, у сталоўку ўваліўся Віктар Арнольдавіч. Бобрыкавая вушанка і каракулевы каўнер былі заінелыя, твар — аж перакошаны ад сцюжы.
— Ай-яй-яй-я-ай, які маро-оз!
— Дзе вы так до-оўга?! — выдала сябе дзяўчына. Але ён яе нецярпення не заўважыў.
— А зараз, Зіначка, каб чаго гарачанькага!— пачаў вінавата.— Разумееш — аж тры гадзіны тырчалі ў сумёце з машынай!..
Зіна яго не слухала.
— Дзе вы так доўга прападалі, абед даўно быў!— напала ўжо яна з папрокам, бытта ён абяцаўся прыйсці ў час і абяцання не стрымаў.
Афіцыянтка хуценька падала талеркі.
— Ну, як тут табе жывецца? Колькі зарабляеш? — распытваў ён, абедаючы.— Гм, мала. Адно на адэкалон, а на капрон ужо — бацькі дадаюць, так? — Зіна адказала, і ён паспачуваў: — Сумнавата тут, відаць, праўда?
— Ой, шчэ як!
— Чаму ж з сяброўкамі на тэлевізар не прыходзіш вечарам? Няўжо не цікава?
— Не пускаюць — вячэру мусім гатаваць, калі цікавая перадача!
— Шкада!..
Ён яшчэ многа аб чым пытаўся. Расчырванелы, з марозу, доўга не пакідаў сталоўкі.
Зіна ў гэты час стаяла ля печы ды вадзіла шчакой і далонямі па кафлі. Маладосць і здароўе ў сялянскай дзяўчыны распіралі шчокі. З вуснаў біла чырвань. Мяккія шэра-сінія вочы глядзелі на пісьменніка аддана, здзіўлсна і палахліва. Карычневая касынка ў клетачку ледзь прыкрывала тугія косы. Самаробны льняны фартушок на зялёным світэры аблямаваны быў проста і прыгожа. Пры размове ў Зіны выступала на твары шчырая ўсмешка, рабіла дзяўчыну надта прывабнай і мілай. Зіна ведала, што не можа не падабацца Віктару Арнольдавічу, ад гэтага прамянела яшчэ больш ды ўспыхвала ад сарамлівасці. Падмывала яе прыемная хваля, ад шчасця выскоквала з грудзей сэрца.
— Ты ўся гарыш, што з табой? — прысталі дзяўчаты, калі афіцыянтка забегла ў інтэрнат,— Зірні на сябе ў люстэрка!
Яна толькі таямніча прамаўчала. А потым ад прыліву буйной радасці пачала кідацца падушкамі ды рагатаць.
5.
Пасля сняд'ання Зіна збірала талеркі. У сталоўку зазірнула касірка.
— Ты чула? Каб і мы маглі паглядзець тэлевізар, вячэра цяпер будзе аж на дзве гадзіны пазней. Мікалай Іванавіч дамовіўся з нашай Марфай.
— Той — лы-ысы?!— здзівілася Зіна: чаму не Віктар Арнольдавіч? Пасля ўчарашняй размовы было б лагічна.— Ой, што ў цябе?
— У сельмагу прадаюць! Чатыры рублі! — сказала касірка, трымаючы за канцы ружовенькі шалік.— Такі, як у той, што жыве ў адзінаццатым.
Гэта быў не шалік, а — мара, з танюткай, як павуцінне, тканіны і нагадваў пену, туман, воблачка, дымок.
Выцершы рукі аб пярзднік, Зіна з зайздрасцю хапіла шалік кончыкамі пальцаў. Яе ўразіла думка: мела б яна такую прыгажосць — і не трэба было б баяцца ні Дзіны Маркаўны, ні каго іншага! Так і ўявіла сабе, як Віктар Арнольдавіч прыходзіць на абед і бачыць яе. Сёння — тэлевізар. Заходзіць яна з шалікам у вестыбюль, а чалавек вытарошчвае вочы, спатыкаецца і... Далей яна не ведала, што будзе. Ды гэта было ўжо не важна...
— Натуральны шоўк! — выхвалялася Паліна, напускаючы на сябе абыякавасць.
Зіна раптам успомніла: старэйшая сястра замуж выходзіць— прыедзе па грошы. Дзяўчына адразу спахмурнела і выпусціла шалік.
— Колер мне не падабаецца.. Аблезлы нейкі!..— кінула абыякава ды ўзялася за талеркі.
— Сама ты аблезлая! — пакрыўдзілася сяброўка.
I тут у акно пастукалі. Паліна падняла фіранку, выглянула на двор, закрычала:
— Зінка, танцуй! Валодзька зноў пісьмо ад Цішэўскага вязе!.. Ой, а ў кабіне хто?.. Дык гэта ж — твая маці, бяжы, сустракай!
I праўда, прыехала мама. Убачыўшы выпадкам Валодзьку ў горадзе, старая вырашыла наведаць дачку.
— Ну, як ты тут?—спыталася, калі ў сталоўцы засталіся яны самі.— Прастудзілася недзе?
— З чаго вы ўзялі?!
— А чаму так сіпла гаворыш? Колькі разоў табе наказвала: хутай шыю і без хусткі не выходзь! На, насі маю!
— Што-о вы, ма-ам? Не вазьму!
— Глядзі, каб потым не каялася!.. А ў нас выдавалі ў калгасе прэміі!.. Мы з бацькам столькі грошай атрымалі!.. Прыязджала дакупляць пасаг. I табе на сукенку набрала, паглядзі, якую... Але не аддам — пакладу ў куфар. Будзеш ісці замуж, тады... Ужо і табе падрыхтавала дзве няспаныя падушкі, пасцель ды ўсё іншае...
— Ну, а Цішэўскі заходзіць?
— Ма-ам!..
— Ладна, не буду. Цяпер вы ўсе тоіцеся, надта разумныя... Ці здаволеныя хоць тут табой? — старая раптам зрабілася строгай: — А гэта што такое?
— Ой, Паліна бегала да акна і збіла мне тут усё! — вінаватая, дачка кінулася папраўляць сурвэтку.
Маці пераслала па-свойму.
— Старайся, дачушка, каб на цябе не наракалі. Наш род такі, што людзі яшчэ не скардзіліся. У нашых гарэла ўсё ў руках!.. А грошы твае цяпер нам непатрэбныя. Што заробіш — сабе пакідай. Збірай, каб мела...
«Шалік!»— мільганула ў Зінінай галаве.
Далей дзяўчына не магла ні аб чым ні думаць, ні ўстаяць на месцы — каб хоць не разабралі іх у магазіне! Адпрасілася ў сястры-гаспадыні, правяла да асфальту маці. Потым Валодзька, сдучы ў саўгас па бульбу, падвёз яе ў сельмаг.
6.
Часам як мала чалавеку трэба!
Вярталася Зіна з такім адчуванпем, бытта на грудзях пад паліто ў яе ляжаў не кавалачак ружовай тканіны ў цэлафане, а — сонца, ад якога пацяплела зіма, а наваколле выглядала па-святочнаму ды па жылах разыходзіліся такія струменьчыкі, што аж захлыналася ад радасці сэрца.
— Не круціся так, бо выпадзеш з кабіны! — дабрадушна бурчаў шафёр.
— Для чаго ў мяне ты? Сцеражы, каб не выпала!
— Каза!.. Думаеш, не ведаю, з-за чаго вар'юеш? Дальбух, не разумею, што вы, дзяўчаты, знаходзіце ў гэтых анучах! I дарам я б іх не ўзяў!
— Табе, Валодзечка, і не зразумець! Спытай сваёй Паліны!.. Цяпер не толькі ёй фарсіць!..
Пачаўся абед. Госці ажыўлена размаўлялі. Дзіна Маркаўна праз некалькі сталоў рабіла грымасу Віктару Арнольдавічу. Такую звычку дама набыла ў маладосці, але цяпер какецтва дзяўчынкі рабіла яе агіднай. Толькі Зіна не надта прыглядалася. З таямнічым выразам твару насіла ежу і не магла дачакацца запаветнай хвіліны.
Управіўшыся, дзяўчына пабегла ў інтэрнат. Дастала з куфэрка тонкія панчохі. Каб не было відаць зацыраванай пяткі на капроне, абула высокія галёшы. Нарэшце, разарвала цэлафанавы мяшочак і дастала шалік.
Наглядзеўшыся на сябе ў люстэрка, Зіна накінула паліто і вылецела на двор. Доўга стаяла ля дачы: у вокнах вестыбюля мігала блакітнае святло — ішла тэлеперадача.
— Ты чаго тут мерзнеш? — натыкнулася на яе Паліна.— Хадзем, паглядзім фільм новы! А-а, і ты купіла? Калі паспела?!.
На дзяўчат ніхто не звяртаў увагі. У паўзмроку вестыбюля Зіна пасмялела. Падсела да Дзіны Маркаўны і нават памералася плячом. Тады пашукала вачыма Віктара Арнольдавіча. Той часта раскрываў блакнот, усё нешта запісваў і на перадачу амаль не зважаў, як і наогул не цікавіўся тым, што адбывалася ў вестыбюлі.
Праходзіла мінута за мінутай. Мінула гадзіна, але нічога так і не змянілася. Віктар Арнольдавіч нават не заўважыў яе прысутнасці. I дзяўчына здалася сама сабе смешнай.
Пакідала вестыбюль засмучонай.
У інтэрнаце Паліна ўткнулася ў цікавую кніжку, ёй было не да Зіны. Надзя ляніва пацягвалася на ложку. Ад пачуцця сваёй малавартасці Зіна стала Надзі выхваляцца:
— А от адзін мой кліент спытаўся, колькі зарабляю і ці хаджу на тэлевізар.
— З сёмага пакоя?— зусім не здзівілася прыбіральшчыца.— Ен і мяне пытаўся. Яшчэ спачуваў, што толькі на адэкалон зарабляю, а на капрон — даюць бацькі!
Зіна аж села на ложак.
Тым часам Надзя абыякава казала далей:
— А я яго жонку нават ведаю. I дзяцей. На канцэрце бачыла... Мусіць, заўтра паедзе, бо пасля вячэры ў карты гуляў у вестыбюлі з Мікалаем Іванавічам.
Ноччу Зіна доўга плакала ў падушку. Пра гэта не ведала нават Надзя, хоць спала побач.
7.
На наступны дзень Зіна панесла Дзіне Маркаўне сняданне. Не адказаўшы на «дзень добры», не павярнуўшы і галавы ад люстэрка, тая кінула:
— Пастаў!
Зіна абвяла вачыма пакой — куды апусціць паднос? На крэслах, стале, ложку і падлозе валяліся сукенкі, кофты, камбінацыі, халат, на рукапісах — панчохі, кулон з ланцужком. Дама як прыехала, як гэтыя паперы расклала, так яны, некранутыя, і ляжалі.
Дзяўчына нагой адгарнула сукенку на падлозе ды апусціла сняданне.
— I куды падзеўся мой шалік?! — прамовіла нібы сама да сябе дама.— Пашукай шчэ ты!
Афіцыянтка зірнула туды-сюды, не знайшла.
— Схадзі ў ванную, прынясі цёплай вады — маску зняць!
Ледзьве хаваючы злосць, дзяўчына прывалакла міску з вадой ды сабралася пайсці.
— Не ведаеш, Віктар Арнольдавіч сёння паедзе?— затрымала яе дама.
— Не ведаю.
— Папрасі ў яго шчотку і прыглядзіся, ці не збіраецца!
Скрозь прыадчыненыя дзверы сёмага пакоя Зіна ўбачыла свайго куміра. Энергічны і спрытны мужчына пакаваў чамадан, піхаў туды папкі з паперамі, а думкі яго, мабыць, зноў блукалі недзе далёка. Зіна на хвіліну ўявіла сабе, як уваходзіць ён у сваю кватэру, а там ззяюць люстры, блішчыць лак на шафах і піяніна; з пакоя выбягае жонка-прыгажуня, дзеці...
— А-а, Зіначка! — сустрэў ён такім прыемным бархатным барытонам, што дзяўчына ледзь не самлела.— Заходзь, заходзь, смялей! Дзякуй, дарагая, табе за ўсё! Прыязджай да нас у горад!.. А-а, якая прыгажуня, мне б такую жонку!.. Калі будзеш выходзіць замуж, на вяселле запросіш?
— Шчэ няхутка...— ад упартых карых вачэй дзяўчына разгубілася дарэшты і пачырванела.
Вярнуўшыся, Зіна даме адпомсціла:
— У яго зачынена!
Праз гадзіну можна было назіраць ля дачы такую сцэнку. Па алейцы прамчала «Волга». З ельнічка выбегла дзяўчына ў накінутым на плечы паліто, пад якім віднеўся фартушок. Азірнуўшыся, ці яе хто не бачыць, яна нагнулася ды ўважліва паглядзела на снег. Сытыя сабакі з высунутымі языкамі то аддана на яе цікавалі, то нюхалі белыя груды, то кіхалі, то, скавычучы, узіраліся ў лес, нічога не разумеючы. А дзяўчына разглядала выціснутыя на снезе сляды гумовага пратэктара. Пакратаўшы след і рукой, яна ўздыхнула і ў акружэнні сабак павалаклася на кухню.
8.
На дачы ўзнялася мітусня: «Волга» з-за снежных заносаў не прабілася, госці вярнуліся начаваць. Сястра-гаспадыня дадаткова выпісвала харчы, тэрмінова рыхтавала пакоі. Толькі праз некалькі гадзін госці паабедалі, распакаваліся, і ўсе супакоіліся.
Прыйшоўшы на вячэру, Дзіна Маркаўна раптам убачыла ў афіцыянткі такі самы шалік. Ён быў павязаны, бы ў артысткі з учарашняга фільма, які перадавалі па тэлебачанні. Яшчэ дама заўважыла, як Зіна прагна лавіла позірк Віктара Арнольдавіча ды крадком папраўляла на шыі вузялок. Гэта даму абурыла да глыбіні душы.
— Ну, не знайшлася ваша згуба?— паспачувала ёй Марфа.
— Знойдзецца тут што ў вас, ого!— з прытворнай пакутай уздыхнула дама ды зірнула на афіцыянтку.
— Але, і ў нашай Зіны такі самы... Купіла сабе ў сельмагу... Валодзя яе вазіў...
Дзіна Маркаўна ведала, што яна губляла і знаходзіла свае рэчы часта, але як робяць кепскія людзі, дама распальвала ў сабе падазронасць да Зіны.
— Сваіх вы абараняеце, ве-едаем! — істэрычна віскнула.
Зіне зрабілася так сорамна, бытта стаяла яна перад людзьмі голая. Дзяўчына бездапаможна зірнула на Віктара Арнольдавіча. Але ён не толькі не заступіўся. Ён, нездаволены, папракнуў сястру-гаспадыню:
— Нават і тут не даяце людзям спакою!.. Заўтра абавязкова пагавару ў літфондзе аб парадках на гэтай чортавай дачы!..
Зіна не чула, што казала Марфа. I не бачыла, як Мікалай Іванавіч ускочыў з-за стала, падышоў да вешалкі, вывернуў рукавы ў аблезлым зімовым паліто Дзіны і з-пад парванай падкладкі вывалак шалік ды кінуў бабе ледзь не ў твар. Знямелая дзяўчына стаяла, адчуваючы, як вочы набухаюць слязьмі. Зрабілася раптам шкада мамы — з-за праклятага шаліка нават добра і не пагаварыла з ёю!..
Зіна хапіла пустыя талеркі ды пакіравала на кухню. Праходзячы каля Віктара Арнольдавіча, пачула, як ён, клапатліва разглядаючы свае белыя рукі, скардзіўся суседу з чацвёртага пакоя, што, піхаючы машыну, зламаў ногаць.
— Шкада, што не нагу! — ледзь не ўголас кінула яна.
9.
Вясной у сталічным тэатры адзначалі юбілей класіка-акадэміка, і па запрашальных білетах залу напоўніла публіка.
У ложы стаялі тры крэслы. На адным сядзела Зіна ў новай сукенцы, на другім — Ваня Цішэўскі. На хлопцу была пацёртая куртка з «маланкаю» і гэтак яго бянтэжыла, але блізкасць дзяўчыны напаўняла шчаслівым хваляваннем.
Ванева нясмеласць Зіну забаўляла. Часта заглядваючы ў стракатую скрыначку з шакаладнымі цукеркамі, яна смяялася гэтак, як смяюцца толькі вясной дзяўчаты пры хлопцах.
— А я акадэміка ведаю! — пахвалілася.— Адпачываў у нас на дачы!
Ваню гэта імпанавала.
— Прыйшоў у сталоўку, распытаў у мяне, адкуль я, як зваць. У наступны дзень пытаецца ў мяне зноў — адкуль я і як маё імя. Потым — трэці раз паўтараецца тое самае...
Толькі Зіна сабралася рассмяяцца, як у ложу ўвайшоў Мікалай Іванавіч з жонкай. Павітаўшыся, пісьменнік сказаў:
— А сесці няма дзе!..
Ваня падхапіўся і сеў... на адно крэсла з Зінай. Каб утрымацца на крэсле, хлопец выцягнуў руку, узяўся за борт ложы і так атрымалася, што рука яго цяпер абнімала Зіну. Стары нахіліўся над жонкай і пачаў ёй нешта тлумачыць. Хлопцу і дзяўчыне больш не перашкаджалі. Ім было добра — лепш і не прыдумаеш.
Зіна зноў пачала грызці шакалад. Адчуваючы сябе свабоднай, выхілілася з ложы ды памахала рукой у партэр Паліне з Валодзькам. Затым штурханула плячом Ваню ды паказала на Віктара Арнольдавіча — ён унізе прабіраўся паміж радоў.
— Глядзі на таго чарнявага фарсуна! — шапнула.— Маё каханне, пра якое табе пісала!.. Бачыш, які гладкі?.. Давай на галаву пустую скрыначку скінем!
— Здурнела?! — перапалоханы хлопец хапіў яе за рукі.
1.
У купэ застаў я пажылую кірпатую кабету ў старамодным лыжным касцюме з начосам і кірпаценькага ўнука. Адразу на мяне ўставіліся: хлопчык — з дзіцячай цікавасцю, затое жанчына — з пядобразычлівай насцярожанасцю, бытта чакаючы свінства. Пасажыраў, як вядома, у паяздах не выбіраюць. Павітаўшыся, я закінуў на сетку чамаданчык, пачаў масціць сабе другую полку.
— Дзядзя-а, а ты будзеш з намі е-ехаць? — палез малы з пытаннем.
— Мішка, табе спаць пара! Не прыставай да чалавека! — шыкнула на яго кабета.
— Нічога, нічога, мне не перашкаджае! — супакоіў я жанчыну. А малому адказаў: — Ага, Міхал. Хочацца каму ці не, а ехаць будзем разам. Хутка і адправімся. Толькі дзядзька машыніст калёсы наточыць, каб вострыя былі.
— Гы?!. Хіба іх точаць?
Гадоў з пяць яму. Дакладна такія ў мяне ўнукі. Натуру іхнюю я спасціг дасканала.
— Ты і не ведаў? Аж з самай Масквы каціліся па жалезных рэйках! Уяўляеш, як ступіліся?
Хлопчык і паверыў. Нават пацікавіўся:
— А тачыла ў дзядзі машыніста вялікае?
— У-у-у, во якое!
Я апусціўся супроць бабкі на пустую лаўку. З некаторай пары кішэні мае поўныя ласункаў.
— Закурым, Міхал? Ужываеш гумку ці цукеркі? Бо я — толькі гумку.
— I я жвачку! — малы без вагання згадзіўся. Адным словам, праз пару мінут з хлопчыкам мы былі на блізкую нагу, а ў кірпатай жанчыны насцярожанасць рассеялася.
Наш поезд цяпер імчаў уздоўж нейкага асфальту. Гледзячы праз акно і рухаючы сківічкамі, Міша тыкаў пальцам у шыбу ды выкрыкваў:
— «Масквіч» паехаў!.. А гэта — «жыгуль»!.. Цяпер — «Волга»!.. Самазва-ал!.. Там каровы траву нюхаюць!.. I конь ходзіць, а каля яго штосьці бегае...
— Жарабя, Мішанька, брыкае.
— Гы, як жаба — жы-ра-бя?!.
— Так у каня называецца маленькі сынок ці дачка. I каровы травы не нюхаюць, а — скубуць. Абедаюць якраз.
— А-а!..— задумаўся на хвіліну малы.
Кабета са мной пераглянулася ды пакачала галавой. Праз хвіліну загаварыла:
— Што значыць жыць у вялікім горадзе!.. Над вёскай нашай убачыў бусла. Кажа: «Баба, унь белая птушка ляціць і крыллямі больш не махае! Бензін у яе выйшаў, праўда?» А наогул хлопчык кемлівы... Ой, мы ж цэлую ноч трасліся на перакладных да Оршы!.. Мішка, табе трэ паспаць! Кладзіся, давай!
— А-ай, баба Лю-уба!..
Як малы ні ўпіраўся, кірпатая старая ўціснула ўнука за сябе пад сценку, ухутала коўдрай, і ён адразу заснуў. Мяне ўжо лічыла сваім. Паступова выклала сваю гісторыю. Была б яна, мабыць, банальнай, калі б не біяграфія жанчыны, і таму здалася яшчэ больш сумнай.
Выяўляецца, з кабетай мы амаль аднагодкі.
2.
У вайну яна трапіла ў вайсковы шпіталь. Працавітую, сумленную няньку заўважыў маёр разведкі. Выпісаўшыся з лячэння, вайсковы выклікаў дзяўчыну да сябе, прапанаваў схадзіць за лінію фронту.
«Табе зусім лёгка ўцерціся да іх у давер! — пераконваў.— Скажы — раскулачылі. Гітлераўцы схопяць, і ты сачыняй, што ў галаву прыйдзе!..»
Любу шэсць разоў перакідвалі цераз нейтральную паласу, столькі ж разоў яна прыносіла з нямецкага тылу звесткі. На сёмы — трапіла ў лапы гестапа. Яе моцна скатавалі ды прысудзілі — павесіць. Нехта пераблытаў прозвішчы. Да шыбеніцы павялі ахвяру другую, а Люба трапіла ў канцлагер Колдычава. Пасля вызвалення не стала шукаць часці са знаёмым маёрам. Не хвалілася і франтавымі прыгодамі — працавала на будоўлях.
Ад мімалётнай сустрэчы ў рабочым інтэрнаце нарадзіла Зою. Як толькі могуць рабіць простыя жанчыны, якія перажылі нястачу, маці выкладвала сябе, затое дачка расла сытай, бы лялька. Не панюхаўшы бяды, Зоя вывучылася на таваразнаўцу.
Жанчына нават не згледзілася, калі ў дачкі з'явіўся прыгажун-муж ды маленькі сын — Міша. Не было ім дзе жыць. Люба толькі цяпер пашукала былога маёра — вядомага дзяржаўнага дзеяча — і той пастараўся, каб заслугі адважнай разведчыцы былі адзначапыя, хоць і са спазненнем. Яна атрымала ў горадзе кватэру, перадала яе дзецям, а сама адправілася на вёску дажываць у бацькавай хаце.
Прайшоў год, другі і выйшла наверх: зяць — махляр і жулік. Наведваючы ўнука, Люба з жахам заўважыла — і дачка прыходзіць дамоў п'яная, а то некуды знікае, пакідаючы малога на чужых.
Неўзабаве зяця і Зою арыштавалі — абкрадвалі гарадскія кватэры.
Атрымаўшы страшную вестку, Люба прыехала ў горад. У дзіцячым прыёмніку выпрасіла ўнука, прывезла ў бацькаву хату. У хвіліну адчаю пацягнула яе за язык падзяліцца бядой з суседзямі, а тыя адразу палезлі да Мішы з роспытамі, іхнія дзеці пачалі малога ўсяляк абзываць...
Тады Люба і вырашыла...
Пад Гродна жыла сяброўка з часоў вайны. Прадаўшы хату, жанчына ехала да адзінокай пенсіянеркі. Маўляў, на новым месцы сумнай гісторыі не ведаюць, малога траўміраваць перастануць, і той пра ўсё забудзе.
3.
У Маладзечна да нас у купэ падсеў нейкі мужык з жонкай. Абое вясёлыя, бесклапотныя — бытта ехалі з вяселля. Уладкаваўшыся адно на ніжняй, другое на верхняй полцы, пачалі да малога падлізвацца:
— Ой, які харошы хлопчык, глядзі!..
— Ды які ўжо вялі-ікі!..
— Як жа яго заву-уць?
— Гэта хто — баба твая?
— А ты яе любіш?
Малыя выдатна адчуваюць, калі звяртаешся да іх ад няма чаго рабіць.
Міша спакойна разглядаў здзяцінелага дзядзю і цёцю ды з адказам не спяшаўся. А яго баба Люба насцярожылася зноў. Падпёршы мясістымі кулакамі тоўстыя клубы ў лыжным касцюме з начосам, кірпатая жанчына ўставілася на надакучлівых суседзяў ды з суровай пагрозай чакала. У яе шэрых вачах палала ўжо столькі злосці, што я падумаў — за лёс унука покуль што непакоіцца патрэбы няма.
Нічога не заўважаючы, бесклапотныя балбатуны выкладвалі рэшткі свайго ўбогага рэпертуару:
— Хлопчык, а дзе твой тата з мамай?
— Хто яны ў цябе?
— Куды ты едзеш, а?
— Ну, чаго маўчыш?
— Кажы, цукерачку дамо!
На гэтым пытанні ў іх вычарпаліся. Абое з чаканнем уставіліся на малога. I Міша ім адказаў:
— Мы едзем з бабай Любай да цёці Ніны — баба з ёй фашыстаў біла. Мой тата і мама — зладзеі. Яны сядзяць у турме, бо кралі, а красці — нельга. Будуць сядзець у турме пяць гадоў.
У мужыка і жонкі адразу адвіслі ніжнія сківіцы.
Старая толькі гэтага і чакала. Яна з нейкай святой мсцівасцю кінула ім:
— Ну, больш пытацца будзеце?
У абаіх такі быў выгляд, што мне аж шкада іх стала.
Раніцой хлопчык прачпуўся і ўбачыў маму.
— Мамка, а ноч ужо была?
Тая рассмяялася:
— Ну і чалавек ты ў мяне!.. Цалюткую ноч праспаў і нават не заўважыў!..
— Была, герой, была ды ўжо даўно — мы з татам паспелі добра напрацавацца нават!.. Хопіць табе вылежвацца: уставай, мужык, паглядзі, што на дварэ робіцца!..
Мама збіралася на рынак і поркалася на лаве.
— А дзе тата?
— Косіць за агародамі! Сёння ў яго выхадны. Адзявайся. Пад'ясі і пойдзеш да таткі. А я паеду ў Баранавічы.
Хлопчык злез з ложха, сеў на падлогу. Там ляжала столькі светлых квадрацікаў, колькі было ў акне шыбаў. Ваня перастаў нацягваць калашыну, заглядзеўся на «зайчыкі».
— Мамка, а чаму зайчыкамі гэта называюць і тых, што бегаюць па полі?
— Бо, мусіць, людзі лепш не прыдумалі.
Праз хвіліну малы з сумам уздыхнуў:
— За-айчыка хачу!
— Таго, што на по-олі!..
— Дзе ж табе яго ўзяць?..
— Ай, ма-ам, хачу!..
— Адстань ад мяне! Ідзі і прасі ў таты!
Светлы квадрацік Ваня захацеў закрыць адной рукой, другой, але «зайчыкі» ўсё вылазілі наверх. Ваня зацікавіўся, адкуль яны падаюць. Хлопчык нагнуўся, падставіў галаву пад промні, зажмурыўся ды глянуў уверх.
Там было сонца.
— Мама, праўда, дзе сонца ўсходзіць, там усход, а дзе заходзіць — захад?
— Праўда.
— А калі хмары і сонца схаваюцца?
— Усё роўна.
— Гы!..
— Чаго ты дзівішся?
— Як тады людзі ведаюць?
— Што — «ведаюць»?
— Дзе ўсход, дзе захад?
— Кожнаму дурню гэта вядома і тады!.. А ты хутчэй адзявайся, не балбачы! — падагнала яго мама: яна вельмі спяшалася на рынак.
— Добра, мамачка!
Ваня ўзяўся за другую калашыну, але ўспомніў пра тое, чаму вучыў тата.
— Ма-ам, гэта рука правая?
Жанчына клала яйкі і масла ў кошык, не слухала.
— Ма-ам, правая?
— Правая, правая!
— А чаму, калі павернешся, то правая рука ўсё роўна правая там, дзе была няправая?
— Ну, бо... Што ты ўсё ме-елеш? Адзеўся? То ідзі хутчэй мыцца!
— Добра, мамачка!
За акном на полі хадзілі каровы з авечкамі. Убачыўшы іх, Ваня зноў забыўся.
— Мамка, а чаму ў каровы па два рагі, а ў авечкі — ніводнага рога?
— А я ўжо ведаю, чаму так Баранавічы называюцца. Бо там рэжуць авечак, бараноў і робяць з іх брынзу!
— Гэта карова далёка, а тая — далячэй, праўда, мамка?
— Далей, а не далячэй.
— Карова далей... Лес далей... Рэчка далей... Дом далей...
— Мамка, а от каб сабраць усе дамы на свеце і паставіць на наш дом, то які ён быў бы, га? Усе, усе сабраць, і ў немцаў, і ў Баранавічах, каб...
Адказу зноў не было.
Хлопчык затрымаў позірк на альшынцы, дзе працякала рэчачка, успомніў:
— Ма-ам, а вада ў рэчцы цячэ і ноччу?
— Вядома, цячэ.
— I калі на яе ніхто не глядзіць?!
— Гы!.. А дзе рыбы спяць — проста ў вадзе?
— Ма-ам, а шчупакі валасатыя?
Мама зноў не адказала, але Ваня больш не перапытваў. Паказаўся дымок ад паравоза, і хлопчык адразу забыўся пра рыбу.
— А от я ўжо ведаю — у паравоза калёсы надта вялікія і жалезныя, іх не адкусіш і не адрэжаш!..
— А куды гэты поезд едзе, мама?
— У Друскенікі.
— О-го-о?!.
— Шыю мый, шыю! I вушы таксама!
— А гэта вёска такая?
— Літоўскі горад.
— I людзі там па-літоўску гавораць?
— А па якому ім гаварыць?!
— I кожны так умее?
— Кожны.
— А дзеці па-літоўску ўмеюць?
— Друскенікі, гы!.. Мама, а чаму горад называецца так, як дзядзеў Мікалаеў Генік са Слоніма?.. Друскенік.... Генік... Друскенік... Генік... Як дражнілка!..
— О-ой, бо-ожа! Ну, што гэта за дзіця?!. Чаму, чаму!.. Бо так людзі яго назвалі, і годзе! Хутчэй ідзі да люстэрка ды прычашыся!
— Іду, мамачка.
Водзячы грэбенем па валасах, Ваня круціў галавой і так і сяк. I раптам насцярожыўся.
— Мамка, а чаму ў люстэрку, калі галава круціцца, чорненькае на воках на месцы стаіць?
— Бо... Бо... Бо-ожа, што за хлопец расце ў мяне, не ведаю!.. Ну, хутчэй! Я табе казала, што мне трэ спяшацца ў горад! — раззлавалася дарэшты мама.— Хочаш, каб баранавіцкі аўтобус без мяне паехаў?
— Я хутка, мамачка!..
— Цяпер садзіся і еш!
Мама заўсёды злавалася, калі чаго-небудзь не ведала. Ваня вырашыў: «Спытаюся ў таты, чаму чорненькае стаіць у люстэрку, а галава круціцца. Ен ведае ўсё!»
— Не разліва-ай! — закрычала мама.
— Больш не буду, мамачка! — хлопчык паспешліва падставіў пад лыжку далонь.
— Ну, пад'еў? — дапытвалася маладзіца, трымаючы цяжкі кошык на руцэ.— То ідзі да таты. I хутчэй, сынок. А я табе з горада гасцінец прынясу...
— Марожанага! Слівачнага!.. Не, яно тысячу рублёў каштуе, гэта больш за дваццаць! Лепш «Эскімо»!
— Як жа табе яго данясу? Растапнее!..
— А ты падзьмі на яго!
— Не паможа. Хопіць з цябе і цукерачак.
— А-ай!..
— Ну, ладна, мамачка! Толькі цукерак купі кубічных!..
— Ах, жэўжык, ужо разбіраешся ў гэтым, падушачак не хочаш? Добра, прынясу табе шакаладных.
I Ваня пайшоў.
Сярод падворка гусак грозна шыпеў на курэй. Хлопчык асцярожна абмінуў гусака, адчыніў брамку на агарод ды прыпусціў на балота.
Вунь там, далёка, тата косіць.
Трава была росная, і Ваневы ногі адразу сталі мокрымі. На траве іскрыла на сонцы раса. Кожная травінка мела сваю расінку. Ваня спыніўся і давай прыглядацца. Потым азірнуўся, а за ім на траве — смешныя дзве стужкі слядоў!
Ваня выпісаў на траве кола, затым —другое ды перакрэсліў іх раз і яшчэ раз.
У адным месцы травы не было, на балоце ляжалі роўныя зялёныя валочкі. Зверху валочка на тоўстай травінцы сядзелі адна ля адной дзве зялёныя страказы. А на дубцах ракіты нехта павесіў бліскучую тоненькую сетачку.
А вось і тата!..
— Папка-а, паглядзі-і, валасы-ы!
— Гэта — павуцінне, хлопец,— сказаў той ды ўпёрся ў кассё.
— Павука?
— Ага. Ну, здароў, сын. Даўно ўстаў?
— Неа!
— Ай-яй-яй, сплюх!
Тата глыбей усадзіў чаранок у зямлю і нагнуўся браць траву з пакосу. Ён быў без кашулі, загарэлая спіна блішчала ўся ад поту. На спіпе ў Ваневага таты — цёмны шрам ад раны, сын яго баяўся.
— Папка, гэта табе немец зрабіў на плячах?
— Ага.
— А ты яму за гэта што зрабіў?
— Гм!..
Тата нахмурыў бровы і грозна паўзіраўся ўдаль. Ваню стала страшна-страшна.
Але хутка тата перамяніўся. Ён выцер рукавом лоб, здзьмуў капельку поту з носа, абцёр травой касу і пачаў яе вастрыць — шах-шах! шах-шах! шах-шах!.. Ваню невыносна захацелася гэтаксама пацягаць бруском па вастрыі ды адчуць, як звініць пад рукамі каса, але ж дзецям яе ў рукі не даюць — прасі не прасі. Ён са шкадаваннем адвёў вочы.
— А чаму такі чарвяк валасаты паўзе?— спытаўся хлопчык.
— Гэта — вусень.
— А яго птушкі ядуць?
— Яшчэ як!
— А валасы не колюцца ім у язычок?
— Колюцца.
— I яны ўсё роўна ядуць?
— А куды, сынок, дзенешся, калі есці хочацца?
— А як рыбы ў вадзе спяць?
— А як, па-твойму? Думаеш, на ноч кладуцца на дно, накрываюцца хвастамі ды заплюшчваюць вочы? Не-е. Спяць яны так, як коні — стоячы. Стане такі шчупак на глыбокім месцы і дрэмле.
— А шчупакі валасатыя?
— Не.
— Ы-ы-х, зусім-зусім голыя? I не памерзнуць?
— Чаму «голыя»? На іх бліскучая лусачка ў клетачку,— цярпліва растлумачыў тата і нават адставіў касу.
— Папка, у каровы два рогі, а ў авечкі — ніводнага, чаму?
— Затое па два іх мае кожны баран, няўжо не заўважыў?
— Ве-едаю... А... А з адным рогам каровы бываюць?
— А ты ўспомні злую Малку ў цёткі Агаты. Задзіралася-задзіралася ў статку, покуль каровы не абламалі ёй рог, і цяпер з адным ходзіць!
— Ага-а!.. Тата, а ў каровы тры рогі бывае?
— Ні тры, ні чатыры, ні пяць! Ну, Іван, мне трэба касіць траву на сепа нашай Ластаўцы. Хутчэй пытайся, што маеш яшчэ, ды бяжы да рэчачкі, палаві рыбак, добра?
Ваня азірнуўся навокал і аж жахнуўся: столькі было ўсюды цікавага.
— Татка,а неба мокрае?
— Не.
— А якое?
— Ніякае. На небе нічога няма.
— Чаму тады з яго дождж ідзе?
— Дык падае ж з хмараў.
— Та-ата, а хмары на небе?
— Неба вышэй.
— А-а!.. Татка, а чаму немец аўраг і каля нашай рэчкі ў зямлі дзірка таксама называецца аўраг?
— Не «аўраг», а — вораг. I не немец, а — гітлеравец, фашыст. Ды і каля рэчкі называецца па-нашаму — яр. Усё закумекай сабе. Будзеш памятаць?
— Буду. Папка, а на полюсе холадна?
— У-у, яшчэ як!
— Як у нас зімой?
— Халадней!
— Так, як бы мы зімой хадзілі раздзетымі?
— Во-во, малайчына, што і сам разумееш!.. Ну, цяпер пытанні ў цябе ўсе?
— Тады бяжы, давай!
I тут Ваню бытта прарвала.
Іхні сусед — дзед Кавалец — бараду меў белую-белую. Хлопчыку чамусьці менавіта цяпер захацелася даведацца: а зялёныя бароды ў людзей бываюць? А жоўтыя? А сінія!..
Праўда, што ваду ў рэчцы рыбы хвастамі тоўкаюць і таму рэчка цячэ?
Як у каровы малако робіцца? Чаму траву іхняя Ластаўка глытае зялёную, а малако потым цячэ з вымені белае?
Успомпіў хлопчык, чаго не дабіўся ад мамы і збіраўся спытацца на балоце...
Але ўжо было позна. Яго дужы і высокі татка плюнуў сабе на рукі, расставіў ногі ды махнуў касой.
— С-с-с-сіў! — злосна свіснула каса і зваліла сцяну зялёнай травы.
— Ссссіў! Ссссіў! Ссссіў! — махаў тата, адыходзячы далей і далей, а перад ім над высокай і густой шчоткай травы, суха стракочучы на розныя галасы, таксама ўсё далей і далей панічна ўцякалі перапалоханыя матылькі ды розныя кузачкі — малыя і вялікія, шэрыя і каляровыя, а было іх так многа, бытта нехта невідочны чэрпаў гэтых дзіўных істот з вялізнага мяшка ды шчодра рассыпаў прыгаршчамі.
Раптам Ваня глядзіць: ой, што гэта?!.
Да яго ног імкліва каціўся якісьці шэранькі жывы клубочак. Хлопчык шырэй адкрыў вочы. Клубочак шпарка імчаў проста на яго і ўжо быў зусім блізка.
Прыгледзеўшыся лепш, хлопчык толькі цяпер зразумеў — бяжыць самы сапраўдны зайчык! У звярка смешна тырчалі вусы, блішчалі вочкі...
Ваня, нават не думаючы, схапіў зайчыка за вушкі ды залямантаваў:
— Тата-а!.. Папка-а!..
Хлопчыку стала вельмі страшна. Ён са страху нават аж заплакаў. Але звярка не выпусціў.
Жывы шэры клубочак, смешна выкідваючы заднія ножкі, усё бег і бег. Ваню пякуча калола ў ногі зрэзаная трава, аднак ён цярпеў. Не выпускаючы халодныя вушкі, нагнёны хлопчык таксама імчаў па балоце ды скрозь слёзы не пераставаў крычаць:
— Тата-а!.. Папка-а!..
Нарэшце яго пачулі.
Тата кінуў касу, падляцеў ды ўзяў зайчыка на рукі. Маленькая істота адразу даверліва расселася ў таты на далоні ды прынялася здзіўлена глядзець на мужчын круглымі вільготнымі вочкамі. Тата звярка пашкадаваў:
— Эх, бе-едны!.. Выкасілі траву на балоце, і маці яго цяпер ужо не знойдзе!.. Ну, Іване, вось табе і заяц!
У хлопчыка ад нечаканасці адняло мову.
— Каб не задзяўблі яго тут сарокі ды вароны, панясём, сын, дахаты, напоім малачком. Толькі ж ён надта яшчэ маленькі!.. Хто ведае, мо і выжыве. А падрасце, занясём у лес.
I з гэтага дня ў Вані дома жыве зайчык.
Малая Ірачка маршчынкі на панчошках ды на дзедавым твары пачала называць «зацяжкамі». Што ж, праз новыя словы яна якраз стала адкрываць сабе свет — дзіўны і супярэчлівы, з-за чаго часта трапляла ў камічную сітуацыю. Быў цёплы май.
У той дзень малая з руплівасцю стараннай гаспадыні працавала на балконе: мама даверыла ёй садзіць кветкі. У доўгую зялёную скрынку Ірачка старанна тыкала зярняткі ды грабелькамі раўняла зямлю.
У суседзяў таксама былі адчыненыя насцеж балконныя дзверы. Адтуль раптам даляцела сварка, жаночы плач і крык:
— Сады-ыст, што ты са мной ро-обіш, сусе-едзяў пасаромейся!.. Сілы няма больш цярпець!.. Сады-ыст, сады-ыст, сады-ыст!..
Што жанчына крычала яшчэ, Ірачка не ведае — дзверы на чужым балконе зараз жа з лёскатам зачыніліся.
Здзіўленая малая пабегла да маці.
— Мамка, а садыст — той, хто садзіць сады, праўда?
Маме якраз не было часу.
— Мамка-а, а садыст — той, хто са...
— Сады, Ірачка, сады!
— А той, хто садзіць кветацкі, называецца — квяціст?
— Ага.
— Я — квяцістка, мама, праўда?
— Ма-ам, я — квяцістка, праўда?
— Праўда, дачушка.
— А той дзядзя-садыст моза быць квяцістам?
Мама чамусьці не знайшлася што і адказаць.
— О-о, гэты садыст часам такія сінія кветкі саджае!..
Яна зрабілася ўжо сур'ёзнай:
— Ладна, Ірачка, табе яшчэ рана пра гэта. Ты зярняткі пасадзіла?
— Пасадзіла, мамацка! I паліла! А «зацяжкі» на зямлі грабелькамі зраўняла!
— От, малайчына ты ў мяне! Цяпер бяжы сабе на вуліцу ды пагуляй крыху. Я мушу абед згатаваць — панясём з табой у бальніцу да дзеда.
Прайшло два тыдні.
У той дзень на сумежных балконах стаялі — Ірачка з лейкай ды сусед з папяросай у зубах. У доўгай скрыначцы дружна зелянелі ўсходы.
Малой надта хацелася звярнуць увагу дзядзі на плён сваёй працы, але сусед усё глядзеў некуды і курыў. Ірачка каторы раз ліла на ўсходы ваду, тыкала ў скрынку грабелькамі, а чалавек — ні варухнецца, толькі пускае сабе колцы сіняга дыму. Твар у Ірачкінага дзеда ўвесь у маршчынах, а ў гэтага — ні адной «зацяжкі»: круглы, як мячык.
Малая не выцерпела:
— Дзядзя-садыст, а мае кветацкі ўзэ ўзыслі-і!..
— Узыслі-і, паглядзі-іце, дзядзецка-садыст!
I тут яна ўбачыла, што чалавек зрабіўся бурачковым. «Дзядзечка-садыст» перастаў нават курыць, вочы ў яго сталі злымі-злымі. Не глянуўшы нават у яе бок, чалавек раптам шпурнуў уніз папяросу ды пайшоў з балкона.
«Не любіць ён кветак!» — паспела падумаць малая, ды ў гэты момант паклікала мама:
— Ірачка, снедаць! Ідзі, мый рукі — ты ж за пясок бралася! Толькі з мылам мый, дачушка, каб «зацяжак» на ручках не было!.. I хутчэй!..
Ела Ірачка няўважліва, бо мучыла пытанне: чаму дзядзя садзіць сады, а не любіць кветак?
У наступны дзень надта здзівілася мама: чаму перастаў вітацца сусед?
Дзіндобры, Ганна! Ты чаго такая знебарачаная? Ах, Езу, яна ўжэ і з кіёчкам! Не паддавайса, дзеўко, бяры прыклад з мяне! Маю і скрылёз і ўдаўленне, але хаджу шчэ на сваіх дваіх! I во, глянь, які цяпер мой рот бліскучы — бы начышчаны на вялікдзень самавар! Як прысталі мае, як прысталі: «Ма-ам, чаго будзеш мэнчыцца без зубоў, на грошы і ўстаўляй сабе новыя!» Ну, я і паслухалася. То першыя дні, як толькі мае з дому, я хутчэй тыя зубы з рота — вон! — ды пад падушку! А во ўжэ прызвычаіласа: хаджу і імі нават.
Толькі не прыса так, Гандзя. Лепш пачакаймо тут аўтобуса — духу ў мяне не хапае. Маем час, зара каторы-небудзь пад'едзе. Э-э, мілая зямлячка, цяпер і хадзіць развучыліса! Нават праз вёску наравяць, каб пракатацца на машыне!..
Во — тут і стоймо. А хлапцоў з чорнымі куфэркамі бяжыць да нас сколькі!.. Мабыць, заняткі ў іхнім інстытуце скончыліса, на аўтобус і яны. А што-о? Няхай народ сабе егдзіць, гэто — нічого. Нават сам Ісус Хрыстос на восліку егдзіў. То цяпер, калі паназаводзілі столькі розных машын? Ды яны не коні, што ў кожнага свой нораў. Бы я электрычнае жалязко — уключыў дый кіруй, куды трэбо!
Машына — штука надто добрая. Але, скажы, Нюшка, во бяда на нашу голаў — цілівізар!
Наш быў стары і зусім кепскі. Прагніло ў ім, мабыць, усё нутро, бо па тым екрані, як уключыш, снег сыпаўсо і карцінкі скакалі. Як нагляджусо, бывало, як нагляджусо, то і мая галава пачынае ўжэ — дзыг! дзыг! дзыг! — а тады шчэ і разбаліцца. Ну, ён — ніжынер, яна — навучаны сатруднік, палучкі прыносяць велькія, узялі ды купілі каляровы. Мне там усяроўна, у якіх гальштуках, з якімі кудламі тыя нахально-штрументальныя спевакі выдзіраюццо, але ж маі-ім!..
Ой, мілая, давай выбірацца з гэтага тлуму на край, а то шчэ тут нас растопчуць, бы тых жабаў і, думаеш, заўважаць? Ры-ыхтык!.. А нех на яго, якая цяпер пайшла моладзь рослая — трапіш гэтак во між іх, то як у лес сярод сосен. Ды ўсе статныя, бы тыя дубкі! I то-онкія: пяцёх уварвуцца ў аўтобус, а месца — ані крыху не паменее! Затое языкі-і ў і-іх — не дай ты госпадзі! Раніцой, каля жалезнаго вакзала спрабую выпаўзці з аўтобуса, і адзін такі рызыкант мяне падганяе: «Давай, давай, бабуля, а другі раз бяры з сабой абавязкова парашут!»
Ці наш адгэтуль убачым?.. Здаецца, будзе відаць. Чакаймо во тут, дыхт ля асфальту.
Але пра што гэто я?.. Што машынамі народ наравіць егдзіць абгаварыла... Пра зубы табе расказала... Упамянула і пра парашут... Гэты мой скрылёз, каб на яго ліхо, каб на яго!.. Ага, успомніла!
Скажы ты, Нюрачко, як усё хутко ў гэтым чалавеку ўкараніласо. Вячэраў хто ці не вячэраў, а смак адзін, бо ўся ўвага — на цілівізары. Дроў цяпер не сякуць, сечкі не рэжуць, калаўродка бабы ўсе ночы не круцяць, кудзелі не смокчуць, чаму і не паглядзець на карцінкі. Калі б усё ў іх было ў меру!.. Дзяцей, ведаю, карае яна на кухні — як перадаюць тыя футболы. Але ж не раз сабе думаю: а калі ж мая дачка са сваім мужыком гаворыць, хібо як палягуць? Толькі ж, мілая, які можа быць тады разгавор — абое гэткія ладныя, маладыя!.. Ве-едаем з табой, Гануся, якое тады гаварэнне — самі былі такімі!
Не, на зяця грашыць не стану, дальбо, вельмі спрыяе. Нават ложак паставіў мне акурат супроць таго екрана. Яму ніц не кажу — цярплю. Кожны вечар цягне раней легчы, ды мушу чакаць, покуль уволю наглядзяцца, бо аніяк спадніцы не магу зняць. А як жа ты яе здымеш — з халернаго екрана цёнгле хто-небудзь глядзіць! Ужэ і пасуду перамыю другі раз, а каструлі шчэ і содай добро прашарую, усім шкарпеткі зацырую, а ён, яна, малыя да той бліскучай скрынкі — бы прыклееныя! Добро ведаю: позірк на екрані — з электрыкі ці з таго посфару, што бывае на могліцах, але ж заўша жывы чалавек хаваецца за гэтым, хібо ты станеш перад ім агаляцца? Шукаю сабе новы занятак.
Ах, каб яно згарэло, каб яно!
Ты бо, глянь, паўбуханкі пад нагамі валяецца!.. Чэрствы!.. I гэткі кавалак булкі!.. Усе пекары зара спецыяльныя школы паканчалі, а буханка ў іх на другі дзень чарсцвее. Мы з табой, Анюта, аніякіх навук не праходзілі, а наш хлеб тыдзень можно было на стол падаваць!.. Давай пакладзем дабро во сюды, пад дзераво — хоць птушачкі здзяўбуць!
Бо-ожа, бо-ожа, ці ж маглі мы з табой, Анюта, калісьці падумаць нават, што нашыя дзеці хлеб пачнуць раскідаць?!.
О-ой, як усё перамяніласо-о!
А людзі, а лю-удзі, хібо ад гэтаго ўсяго лепшымі пасталі? Дзе ты бачыла! Як бог даў тысячу гадоў таму прароку Майсею на Сінайскай гары тых дзесяць запаведзей, так ні на адну і не паменшало! I напіваюццо, і фуліганяць, а жанок мяняюць, а бацькоў не слухаюць, брыдко гавораць... Скажы, што ўсе яны сабе думаюць?!.
Ах, які маладзенькі унь і ўжэ курыць!.. Што з цябе будзе, дурачок?!. Табе шчэ малачко піць, а ты ўжэ гэтую заразу смокчаш!..
А тая унь з белым сабачкам выйшла! Такой бабе само дзяцей раджаць ды народ імі цешыць, а яна — смярдзючаго цюцьку на павадок ды цванцыкуе з ім па вуліцы. Цьфу, каб ты раганула, каб ты!..
Ат, Нюшка, адна нашая радасць — унукі. Але ж і з імі таксамо, скажу табе шчыро, вухо трымай востро — о-ох, трыма-ай! Ты адно паслухай.
Вяду ўчора сваго верталёта з заапарка, а ён: «Баба, а хто з тых звяроў цігрэйшы — леў ці тыгр?.. Тата казаў — усе людзі парабіліся з малпаў. I ты была калісьці малпай?.. Даўно-о?.. I па дрэвах лазіла?.. Высоко?.. Раскажы, ба-ба-а!.. А з тых малпачак, што мы цукеркамі кармілі, дзяўчынкі паробяцца ці хлопчыкі?»
Не паспяваю і слова вымавіць, а ён усё сыпле: «Баба, звер з вешалкай на галаве — алень? А сланы перад вайной мамантамі называліса, праўда?»
От табе і малое!
Далей іду ды думаю — як жа табе, унучак, адказаць? Пра тыграў, аленяў і малпаў — дальбух ніц не ведаю. А сланы, здаецца, і даўней былі. Гэто пра мамантаў, Ганна, у нас на вёсцы ніхто не чуў! Але адкажы так, а яно перапытае ў бацькі, і зяць, калі, барані бог, няпраўда, шчэ будзе рагатаць з дурной вясковай бабы! Пасмяецца, вядомо, не са зла, ды ўсяроўно гадко, калі маладыя з цябе зубы скаляць. Бы ў той паліклініцы.
Зайшла ўчора туды, а там — давай мне з пальца кроў браць. Я сястры тлумачу: «Што ты, мілая, у палец колеш, што ты там угледзіш — у мяне ж во тутака ўсё нутро баліць, бо прагніло, бы ў старым цілівізары! Вундзека мой скрылёз, вундзека і маё ўдаўленне, а ты куды сваю тупую голку сунеш?»
I што ты думаеш? Надто смешно ёй стало, пагляньце. Волесь мой такую пстрычку абрэзаў бы файно.
Калі шчэ жыў, завяла яго туды з хворым каленам. Дохтар трапіў малады, а ўжэ чыпурысты — куды там! Тое калено памацаў, памацаў дый кажа: «Вам, папаша, восемдзесят гадоў, нічого тут не дапаможаш».
Мой чалавек як зазлуе, як закіпіць: «Мае гады лічыш? Тваё дзело — лячыць, на тое цябе вучылі! Спраўны такі! I гэтаму калену восемдзесят, а яно ж не баліць?!.»
У таго дохтара ўсю фанабэрыю — як рукой зняло!
I перад сястрой мяне Волесь адстояў бы, а зара — каму заступіцца?
Кане-ешне, грэх цяпер, Гандзечко, што і казаць. Ісцяны бог, усянютко е — і смачная ежа, і файная вопратка, і часу даволі... Жызня добрая пайшла, каб хоць не было толькі чортавай вайны!.. А якія цяпер шыкарныя кватэры — шчэ нават з гарачай вадой! Дахтары бясплатныя, авер'янка ці іншае лякарство за капейкі!.. Унь, каторы год мы з табой, Ань, нідзе не робім, а паштарка, бы тым паням, кажнюткі месяц пераводы нам прэ — дзе і хто чуў такое калісь?!. Маем велькую радасць і ад дзяцей, не трэ надрывацца да сёмаго поту, ногі твае заўсёды ў цяпле... Але ж — о-о, як і цяжко стало жыць старому чалавеку! Часамі сходзіш во, як дзісь, да цэрквы, надыхаешса даўнейшым, усенькаго наўспамінаеш, адпачнеш душой... Заадно наслухаешса — тая памерла і яе на новых могліцах пахавалі, а тую шчэ на старых...
Не-е, я свайго зяця ўпрасіла, каб мяне хаваў на вёсцы. I не таму, што на могліцы тут бацюшку не надто водзяць — мы з табой і калісь яго не вельмі цярпелі, за што старыя людзі абзывалі нас бязбожніцамі. Тое бяды, што ў горадзе не надто і адпяваюць. Але ж паду-умаць толькі, тут нават магілы капаюць не рыдлёўкамі, а гэтым... эскалбат... скалуват... аскулат... а-а, каб на яго ліхо! — кантэйнерамі! Шчэ бянзінам смярдзець потым будзе!
Ты-ы, Аню-ута, паслу-ухай — цяпер нават ямы лянуюцца лапатай заваліць! Дальбух, сама бачыла, калі віленскую Зінку хавалі! Падганяюць ужэ таго... а-ай, як бо тое страшыдло называецца... бульба... во, бульвазёра! I тады ўжэ ён такім жалезным казырком суне на чалавека гліняныя груды з дратамі, бутэлькамі ды ражнамі — от велькі мне інтэрас тут ляжаць!..
А-аей, Нюрачко, а што гэто за аўтобус там паказаўсо?.. Рыхтачкі, бы наш?!. Ага, на-аш, яшчэ здалёк я пазнала!.. Давай, дзеўка, залазь! Э-э-э, старая недалэнга з кіёчкам, і куды ты прэшса?!. У пярэднія, у пярэ-эднія хутчэй карабкайса, бо тут унь якой сняной ужэ студзенты збіліса — хібо ж ты прадзярэшса праз іхнія куфэркі?!.
1.
Не памятаю, каб дзядзька Юравец хоць адзін раз павітаўся з кім-небудзь. Маўклівы і панылы сноўдаўся цэлы дзень на падворку і ў полі, бы сонная муха, а вечарам завальваўся спаць. На сходкі ці гутаркі з суседзямі не выходзіў. Без жончынага пануквання не раскалоў, мабыць, для хаты і палена дроў, не нарэзаў карове сечкі. А перлі паны на шарварак[21] ці паліцыянты загадвалі везці іх у гміну[22], дзядзька з той жа панылай абыякавасцю запрагаў каня ды адпраўляўся на паншчыну.
Дзяцей Юравец меў таму шмат, бо — я абсалютна ўпэўнены — не разумеў сувязі палавога жыцця з дзетанараджэннем; не навучыўся такой прамудрасці там, адкуль чэрпалі звесткі ўсе аднавяскоўцы. Юраўцава сям'я жыла ў брудзе і голадзе. Дзеці былі рахітамі, з сінявата-шэрымі тварыкамі, з галовамі, поўнымі лішаёў ды струпоў. Каб не перамены, прынесеныя нашай вёсцы ўз'яднаннем, большасць малых не дажыла б і да школьнага ўзросту.
Дзесяць гадоў пасля вайны жонка Юраўца працавала ўжо на саўгаснай ферме даяркай, а муж яе — паляводам. Вось тады пляменнік — наваспечаны дацэнт — і прыслаў са сталіцы ім паліто. Покуль малады вучоны яго сабе шыў, паліто выйшла з моды. Пляменнік падумаў, што падарунак з дарагога сукна, ні разу не апрануты, сваяку — знаходка.
Атрымаўшы пасылку, бацькі, сыны-кавалеры і дарослыя дочкі доўга дзівіліся, гладзілі ды нюхалі шаўкавісты ворс карычневага драпу, заклапочана думалі і бедавалі — на гаспадара паліто аказалася завялікае. Старэйшы сын нясмела параіў перашыць.
I тут Юравец, які з-за ленасці не абмінуў ніводнай лужыны, а, пагаліўшыся ў нядзелю, па той прычыне не змываў з твару мыла, на сына вызверыўся:
— Здурэў хіба?! Псаваць так дарагую рэч?
Жонка падтрымала:
— Дальбо, грэх такое рэзаць! Давайце мне яго ў куфар!
Юраўцава сям'я яшчэ нейкі час цярпела нястачу: зімой сыны дзяліліся адным паўпальткам, дзяўчаты — мацерынай, з «мікалаеўскіх» часоў, бікешай, але памалу станавіліся на ногі. Дочкі пазнаходзілі мужоў, пажаніліся і хлопцы. Маладыя пакінулі вёску ды пераехалі ў горад. Да самай смерці стары пранасіў зашмальцаваную шынельку, а перасыпаны нафталінам і багульнікам пляменнікаў падарунак так і збуцвеў у куфры.
Эх, каб толькі такія людзі былі бяскрыўднымі і непрактычнымі дзівакамі!
Перад нямецка-польскай вайной у нашых Ліпніках баставалі лесарубы. Паліцыя загадала Юраўцу ехаць у лес ды вазіць на станцыю сосны. У той час, калі ні адзін яго сусед нават і не падумаў аб прадажніцтве, пакорны дзядзька ўлады паслухаўся.
Яшчэ ў той самы вечар лесарубы спалілі штрэйкбрэхеру гумно з намалочаным збожжам (за гэта мамінага брата, Валодзьку і яго сябра, Юлька Парэмскага, паліцыя скатавала на пастарунку ды адправіла ў гродзенскую турму).
Пасля ўз'яднання Юраўца за тое прадажніцтва выклікалі на допыт, і толькі глабальныя падзеі не далі справе належны ход.
Дзядзька Якуб не бегаў з даносамі да немца, калі сваім узроўнем ці шаблонам выяўляў, што ты скрывіў рэйку альбо пе туды загнаў кастыль. Чалавек вымаў паламаныя акуляры, перавязаныя нітачкай, уважліва прыглядаўся да шкла прыбора, бурчаў праклён ды ў час абедзеннага перапынку заставаўся выпраўляць брак. Але ж і ты сам ужо тады не мог раўнадушна глядзець, як з-за цябе пажылы селянін надрывае пуп,— валокся дапамагаць.
Якуб ані мінуты не сядзеў без дзела, усё вымяраў ды падганяў, лічыў ды пералічваў, чысціў ды шмараваў алівай ці мазутам старцовыя ключы, лапы, падкладкі, шрубы, кастылі, нават рэйкі ды ўвесь час ламаў галаву: хопіць гэтага дабра, каб пракласці новыя гоні пуці ці пасылаць на станцыю ваганетку?
Дзядзькаў участак заўсёды быў у ідэальным парадку. Аднойчы я падслухаў, як Марквас хваліўся жандару:
«Гэты абарыген — ювелір сваёй справы! О-у, о-у, спецыяліст, майн гот!»
З той пары, калі мне кажуць пра кагосьці, што ён, вядома, як чалавек дрэнь і дубіна, аднак цудоўны спецыяліст, перад вачыма ўзнікае дзядзька Якуб з Грыбава, і я сабе кажу — ну іх к д'яблу, такіх спецыялістаў. Што ж, каб так казаць, я маю прычыны.
2.
У першыя месяцы акупацыі, ратуючыся ад вывазу ў Германію, я мусіў пайсці ў рамонтную брыгаду забіваць кастылі. У брыгадзе пераважалі такія, што прытаіліся на пуці ды чакалі адпаведнага моманту. Але людзі-механізмы, нявольнікі інерцыі ды закаранелых звычак, бы дзядзька Юравец, не давалі дыхнуць.
Рамонтнікаў узначальваў пажылы селянін з Грыбава Якуб Абрамовіч. На такую пасаду — трэба аддаць яму справядлівасць — дзядзька не навязваўся. Як было ў звычцы немцаў, так і шэф Марквас, выстраіўшы рабочых па ранжыру, абвёў іх вачыма, ткнуў у сярэдняга пальцам ды аб'явіў:
«Фон гойтэ аб вірст ду фюрэр, фэрштэйст ду, думкопф?» [23]
3.
Якраз у мартэнаўскія печы Рура цэлымі эшалонамі везлі спаленую і пакарэжаную тэхніку.
Шашой гналі тысячы палонных, і кожны метр кювета па адзін і па другі бакі дарогі ўсцілалі байцы — напаўжывыя, мёртвыя, а іншыя бялелі ўжо вышчаранымі чарапамі ды шкілетамі.
Раніцой устрывожаныя рабочыя толькі і пералічвалі, каго ноччу арыштавалі, каму выбілі зубы, патрушчылі косці — эсэсаўцы пачалі па хатах хапаць былых актывістаў...
У нашага брыгадзіра ўсё гэта не выклікала аніякіх эмоцый. Бытта падзеі адбываліся на іншай планеце, бытта ён глухі і сляпы.
Абрамовіч напэўна бачыў, як мы згаворваліся паміж сабой, пасылалі каго-небудзь на шашу, хавалі палонных, але і гэта хвалявала дзядзьку столькі, колькі таго зайца пад кустом ці жабу ў лужыне.
Грыбавец у абед заядла аплятаў дамашшою каўбасу, сала, не адрываючы нават і цяпер пільных вачэй ад ломікаў ды лапат. Яму і ў галаву не прыходзіла падзяліцца з тымі, каго хавалі рамонтнікі, ды пацікавіцца, ці выжыў баец, да якога ўчора прывозілі фельчара — Паўла з Гарадка.
Брыгадзір меў ладны хутар. На сваёй гаспадарцы, не так як Юравец, Якуб працаваў таксама з лютай заядласцю ды прымушаў цягнуць з сябе жылы і жонку (таму яго кабеціна не магла нарадзіць ніводнага жывога дзіцяці!). У Якубавай гаспадарцы ўсё было ў час пасеена, дагледжана, сабрана і намалочана. Толькі хто меў з гэтага карысць?
Калі потым неабходна было ў Ліпніках харчаваць партызанскі атрад і я пасылаў хлопцаў у Грыбава па хлеб ды мяса, не памятаю, каб партызаны хоць адзін раз разлічвалі на хутар Абрамовіча. Куркуль старанна ўсё хаваў. Яго жонка перад хлопцамі, бывала, збедніцца ды пачынае плакацца на тое, як з хворым і старым мужам-недалэнгай пры «халерных немцах» памірае ад голаду. Пасля чаго выходзіла — трэба хлеба даць якраз Абрамовічам.
Прадажніцтва, бы Юравец, выкінуў і Якуб.
У чэрвені 1944-га, калі нават і дурню было вядома — дні немцаў можна палічыць на пальцах, дзядзька раніцой валокся на работу ды заўважыў пад рэйкай міну. Замест таго каб ціхенька сысці на сцежачку ды пакрочыць сабе далей, селянін хутчэй абгарадзіў ладунак петардамі, выставіў сігналы-сцягі ды затрымаў кур'ерскі поезд.
Пасля вайны, вядома, партызаны Абрамовічу не даравалі, і суд дзядзьку пакараў за пасобніцтва акупанту. Як і штрэйк-брэхер Юравец, кару Якуб перажыў з панылай пакорай — бытта выпадкова трапіў пад колы чужой фурманкі з мяшкамі бульбы, бытта віхура разваліла яму будынкі.
4.
Часта дзядзькоў успамінаю.
Юравец і Якуб, калі я спяшаўся ў школу, а яны ехалі фурманкамі, ніколі не прапанавалі залезці ў воз ды пад'ехаць. Была паміж імі розніца. Каб я сам пачапіўся на падводу, Юравец нават не азірнуўся б, а грыбавец зараз жа выцяў бы мяне пугай.
Крыўдна на іх да сёння. Адной з прычын шматгадовай адсталасці, свайго народа ў мінулым лічу душэўную глухату пэўнай часткі маіх продкаў і стараюся зразумець, адкуль такое бярэцца. З дзядзькамі часта нібы гутару, сваруся і наперад ведаю, што адкажа адзін, што — другі.
Напрыклад, крочым мы раніцой сцежачкай за вёскай, і я пытаюся ў Абрамовіча — ці любіць ён немцаў.
— За што ж іх любіць?! — бурчыць стары.
— Тады навошта гэтак стараецеся для іх? Чалавек глядзіць на мяне з нямым здзіўленнем, а ў яго вачах выразна чытаю:
«Мяняем рэйкі ды забіваем кастылі ў шпалы, пры чым тут немцы? I ў рускіх е каляя ды егдзяць паязды!»
Давесці чалавеку, што сваёй шчырасцю дапамагае нацыстам у сілу ўвайсці? Ён цалкам не здольны ўспрымаць абстрактныя разважанні. Каб лепш упэўніцца ў гэтым, прыстаю да дзядзькі з іншага боку.
— У вашыя гады, дзядзька Якуб, хадзіць такі кавал дарогі — цяжкавата. Каму-каму, а вам трэ мець ровар. О, чулі? Парэмскі Юляк учора напіўся самагонкі і свой — паграхатаў! Каб вы яго мелі, напэўна, бераглі б?
— Не купіў да вайны, то цяпер — фігу купіш.
— Але, каб раптам вам хто прадаў, ці таксама ламалі б?
— Дзе ты яго дастанеш зара — немцы ўсе да свайго войска забралі.
— А каб дасталі?
— Э-э, ніхто зара табе не прадасць — ні за якія грошы. Усе равэры пахавалі і так трымацімуць да самага канца вайны. Гэта — муравана.
Малога хлопчыка маці ўзялася вучыць рахунку: «Міша, я табе дала тры яблыкі, і ты адно з'еў. Колькі, сынок, засталося б?» «Ты мне іх не давала!»
«Мішанька, паслухай! Мы, сыночак, дамовіліся, што я табе дала іх і ты адно...»
«Ма-ам, я добра памятаю — ніякіх яблык ты не давала!»
5.
Калі апісаны ў рамане «Вершалінскі рай» прарок Альяш Клімовіч у 19З6 г. аб'явіў у нашых краях канец свету, дзядзька Якуб з такімі, як сам, пачаў таксама прадаваць нагвалт за бясцэн будынкі, быдла ды ляцець да святога Вершаліна, каб трапіць у царства нябеснае, хоць некалі з Альяшом пасвіў кароў і што з Клімовіча за святы, чалавек, здаецца, разабрацца б змог.
На свеце для мяне шмат незразумелага. Адна з загадак — як здаровыя ды гаспадарлівыя, практычныя ды бывалыя сяляне маглі сябе аж гэтак паводзіць? Абмежаванасць мазгавога апарата не дазваляла ацаніць сітуацыю і разабрацца ў ёй?
Але ж народжаны яшчэ 100 000 гадоў таму назад «Гома Сапіенс» — сцвярджаюць вучоныя — меў мозг, які ні памерам, ні формай не адрозніваўся ад нашага. Трагедыя чалавецтва: мазгі продка даледніковага перыяду, выходзіць, яшчэ тады былі здольныя, каб ледніковую эпоху ўсе плямёны перажылі ў камфорце, яшчэ тады былі здольныя нават занесці чалавека на Марс, Месяц, Венеру. Тым часам істота ў накідцы з мамантавай скуры на працягу тысяч пакаленняў заставалася пячорнай жывёлінай ды ўсё з панылай упартасцю мусоліла лук, стрэлы, пікі, скрабкі ды каменныя нажы: нібы магутнымі самазваламі вазілі па скрыначцы запалак!
Адным словам, эвалюцыя мозгу ў далёкіх продкаў значна апераджала яго выкарыстанне. Атрымліваецца — і дзядзька Якуб з Юраўцам як бы карысталіся ўстарэлай інструкцыяй на тое, як выкарыстоўваць у жыцці свой галоўны орган. Загадка! Чаму прырода-маці часам гэтак неэканомна траціць свае дары: надзяляе чалавека прыладай, з якой, пакуль што, не можа зраўняцца ні адзін камп'ютэр, забываючы часта зняць з яго грашовы абмежавальнік? Менавіта з-за гэтага тады ўся так скамплектаваная канструкцыя двухногай істоты — нічога не вартая, брак!
Вы скажаце: непісьменным дзядзькам не пашанцавала, бо абмежавальнікі здымае школа, ВНУ, чаго абодва селяніны не праходзілі. Каб яно было так!
6.
Сёння ўразіў мяне знаёмы начальнік. Калісьці мы з ім працавалі ў суседніх кабінетах. На два пакоі мелі адну кафлёвую печ, адзін тэлефонны апарат ды паўадзінкі тэхнічкі. Часам спрачаліся, а ўвогуле — ладзілі.
Чалавек, здаецца, і не падхалім, але так стараецца на службе, што «гатовы разбіцца ў дошку». Не вітаецца з падначаленымі, яны люта яго ненавідзяць, абзываюць Будкай. Але на гэта ён — нуль увагі. Атмасфера ў яго на рабоце цяжкая, тым не менш ён і падначаленыя суіснуюць, як некалі мае аднавяскоўцы — з Абрамовічам ды Юраўцам.
Вяртаючыся сёння з Мінска дамоў, у аэрафлотаўскіх крэслах ляцелі мы з ім побач. Пагутарылі крыху аб надвор'і, а далей чыталі свежыя газеты.
Перад будынкам гродзенскага аэрапорта Будку чакала чорная «Волга» з шафёрам, і мой знаёмы ў яе палез. «Цікава,— паспеў я падумаць,— калі пасунуся ў твой лімузін самавольна, прамаўчыш, бы дзядзька Юравец, ці вытнеш мяне чым-небудзь па вушах, як Абрамовіч?.,»
Але машына ўжо рванула. Будка памчаў, не кіўнуўшы нават на развітанне.
«Дзядзька Якуб,— сказаў бы я для эксперыменту.— Вось ломік, палена і вашыя акуляры. Можна ўсё гэта назваць адным словам — інструмент? Як вы думаеце?»
«Вядома, штрумент!» — адказаў бы ўпэўнена селянін.
«Які ж інструмент з кавалка дрэва?»
«Чаранок з яго зробіш да сякеры!»
«А — акуляры?»
«Як жа ты без іх выцешаш тапарышча, калі старыя вочы маеш? Усё — штрумент, напэўна!»
Будка і на такое пытанне трапна адказаў бы.
Ён з памяці напіша формулу рыбануклеінавай кіслаты, бо, не ў прыклад дзядзьку Якубу, мае дыплом, бываў нават за мяжой. Толькі веды, дыплом і раз'езды чамусьці не знялі ў яго абмежавальніка, не надзялілі чалавека той самай разыначкай, з-за якой мы і людзьмі робімся.
Яе, мабыць, нельга выкрасаць школьнай дрэсіроўкай. Нельга, мабыць, і пры дапамозе экзаменацыйных камісій, пасад, знаёмстваў. А без галоўнай рызыкі ты ўсё — абмежаваны пячорны чалавек, дзядзька Якуб, Юравец, брак.
1.
У нашай прасторнай хаце адбывалася надта важная падзея.
Сур'ёзная, як ніколі, мама з закасанымі рукавамі заканчвала мяне выціраць. Малодшы брат, Валодзька, прысеўшы каля абвязанай дротам балейкі ды ўбіўшы падбародак між калень, глядзеў на мяне квадратовымі вачыма. У кутку пад іконай сядзела цётка Кірыліха і раіла суседцы, як лепш сына адзець. Мама не надта яе слухала — моцнымі рукамі запіхвала мне ў кароткія штонікі кашулю з выбеленага кужалю. Пазашпіляўшы на кашульцы тры розныя гузікі, пачала мяне аглядаць з розных бакоў. Выгляд сына задаволіў яе, і мама з палёгкай уздыхнула. Затым узяла з лавы новы, яшчэ пусты ранец з бліскучымі пражкамі, дапамагла яго зашпіліць.
Цётка Кірыліха аніяк не магла прымусіць загаварыць сёння так скупую на словы суседку і звярнулася да Валодзькі:
— А ты на другой год пойдзеш?
— А хто будзе быдла пасьвіць? — азвалася нарэшце мама.— Няхай пачакае, покуль старэйшы падвучыцца!..— I кажа мне: — Ну, а цяпер — каб настаўнік мне не скардзіўся, а то бацька ўсыпле! Ен не пацерпіць тваіх фокусаў!
Мама ў бакоўцы з-пад падушкі выняла хустку, развязала зубамі рог, падала залатоўку:
— Даю табе грошы — у школе будуць збіраць на падручнікі. Глядзі ж ты мне, грошы лічыць ужэ ўме-еш!.. Бо ў хаце іх няма!.. Бацька на суд паехаў і ўсе забраў — нават на соль не пакінуў, толькі — табе на кніжкі!
Цётка Кірыліха вырашыла падбіць да мамы кліночак:
— Ах, хлопец у цябе — бы спелы гурочак на сонцы!
— О-о, ён у нас акура-татны! — з гонарам пацвердзіла мама.
— То дала б шчэ пяць грошай на кухана — ісці так далёка, на цэлы дзень!..
— Абыдзецца і без булкі. Шчэ яму марцыпанаў?.. Хай кавалак хлеба возьме.
— Ты ўжэ не злуй!.. Калі Нічыпар вернецца?
— А хто яго ведае!.. Хай яе ліха, з той зямлёй: егдзіць, егдзіць, грошай столькі прасадзіў і — усё дарэмна! I на гэты раз нічога не чуваць, мо зноў ніц не высудзіў. Колькі сокаў выцягнула з нас гэтая зямля!..
Мама зноў звярнулася да мяне:
— Ні з кім не біса, а то я цябе ведаю!.. I не вымажыса нідзе, бо табе што... Ну, ідзі. Не, стой! Цётко Кірыліхо, перажаг-найце яго на дарогу: вы столькі дзяцей вырасцілі, руку маеце лёгкую.
У незвычайнасці бабкі неаднойчы пераконваўся і я. Перад тым як пасадзіць квактуху, мама пасылала мяне да яе з яйкамі. Кожнае яйка цётка глядзела на святло, вызначала — пеўнік будзе ці курачка, і рэдка памылялася[24]
Я падставіў яшчэ лоб пад халодныя цётчыны грэбзы і толькі тады апынуўся на вуліцы. Валодзька забягаў мне то з аднаго, то з другога боку. Яму было незразумела, што будзе рабіць без брата — мы дагэтуль ніколі не разлучаліся.
— Алёшка,— папрасіў,— прынясі гумы з мястэчка на рагатку! Учора Сашка прыехаў адтуль і во-о-о які кавалак прывёз! Якраз ішоў аўтамабіль. Сашка кажа: «Я дагнаў яго ды нажом — шах! — гума і адваліласа!»
Я падумаў — нядрэнна б і мне раздабыць матэрыял на рагатку.
Запэўніўшы брата, адаслаў яго дамоў ды пакрочыў у невядомае.
2.
Блукаючы вачыма па рыжых ужо і апусцелых палетках з перасохлым бульбянішчам, я ўвесь аж калаціўся ад таго, што мяне чакала наперадзе.
Надта баяўся паліцыянтаў. Іх у маім Страшаве называлі вылюдкамі. Цешыла адно — паліцыянтаў было ўсяго чатырох.
Сціскалася сэрца ад страху, калі ўспамінаў яўрэяў. Іх у мястэчку жыло надта многа. Перад вачыма так і ўзнікала жудасная бочка, набітая ўсярэдзіне ржавымі цвікамі, куды яўрэі запіхваюць жывога чалавека: бочку качаюць і гэтак бяруць кроў для мацы. Пра ўсё падрабязна апавядала баба. У яе над ложкам нават вісеў Габрусёк з-пад Заблудава, хлопчык калісьці памёр такой смерцю. Ужо адчуваў, як цвікі ўпіваюцца ў маё цела і я захлынаюся ўласнай крывёю...
I вось поўны такіх страхаў і хваляванняў, не сваімі нагамі прыбыў я ў мястэчка.
Покуль што небяспекі не было відаць. Імчалі некуды абыякава апранутыя і заклапочаныя людзі, важна крочылі паны і паўпанкі, грукацелі акаванымі абадамі па бруку фурманкі, але ніхто на мяне не звяртаў ніякай увагі...
Памалу страхі некуды дзяваліся, мяне ўжо агарнула цікавасць. Глядзеў я на ўсе вочы ды не мог надзівіцца.
«Гы, такія ладныя дамы, а дзе ў іх гумны, хлявы? А чаму платоў няма?.. I свіней не відаць, кароў, нават — ні адной курыцы! Як жа тут жывуць, чым кормяцца?!.»
Адкрыўшы ад здзіўлення рот, на хвіліну застыў я на тратуары, не верачы і сваім вачам. Ля самых маіх ног у конскіх яблыках нахабна гаспадарылі вераб'і і на людзей — ніякай увагі! Ды і прахожыя імі не цікавіліся.
Тут я пачуў сваё прозвішча.
Азірнуўся я ды ўзрадаваўся — Ваня Кучынскі. Нядаўна ён пераехаў ад нас сюды жыць, а цяпер крочыў у школу таксама.
Ваня падаў руку, і мы падаліся далей.
Зноў я не адчуваў сваіх ног. На гэты раз хвалявала тое, што ў мяне тут жыве сябар, і ён, як з дарослым, са мной павітаўся за руку ды назваў маё прозвішча. На вёсцы для старэйшых я быў Нічыпараў сын, для дзяцей — Алёшка, але гэтак звярталіся да мяне ўпершыню.
Школа стаяла асабняком. Яе акружаў роўненька пастрыжаны плот з кустоў. Перад званком тут кіпеў мурашнік. Аж трымцела ў вачах ад рознакаляровых бантаў, чорнага бліскучага шоўку, сіняга і зялёнага плюшу — вопраткі выфранчаных панічоў. Рэдка хто-небудзь кідаў з іх цікаўны позірк на вясковага хлапца ў зрэбнай кашулі, які стаяў пад сцяной.
Ваня даўно пекуды знік, а я ўсё не мог наглядзецца.
Вось перада мной лёталі дзве паненкі – прыгожыя, як анёлы. Адна з іх кусала на хаду булачку з макам, другая — залівалася смехам. У нейкі момант паненка так рэзка павярнулася, што ласунак выпаў з рук ды пакаціўся па пяску. Анельчык расплакаўся. Ад сцяны я кінуўся да булкі, падняў яе, абцёр аб штонікі, працягнуў:
— На, не плач...
I тут убачыў, як у заплаканых вачах паненкі з'явілася гідлівасць да мяне. З абурэннем яна праказала:
— Навошта ты, хам, браў яе рукамі, як цяпер яе есці?..
— Хлоп! — таксама нядобразычліва дадала другая, і яны пайшлі.
Я са злосцю шпурнуў булку і падумаў: што цяпер мне рабіць? Але тут з'явіўся Ваня ды павёў мяне ў клас.
3.
Настаўнік увайшоў, калі мы з Ванем сядзелі ўжо за партай. Настаўнік, павітаўшыся, пачаў знаёміцца.
Вучні ахвотна апавядалі яму пра сваіх бацькоў: «ужэнднікаў» гміны, пошты ці — гаспадароў крамы. Настаўнік кожнага адорваў прыязнай усмешкай. Я цяпер увесь час адчуваў небяспеку, таму, чакаючы сваёй чаргі, са страхам адчыняў ды зачыняў скрыначку ад запалак, дзе ў мяне ляжалі гумка з пяром. З жахам думаў пра адно: што сказаць? Па-польску гаварыць мне не даводзілася.
Ваня бойка, як радавіты паляк, выпаліў сваё прозвішча, расказаў і пра бацьку, што працаваў на фабрыцы ў «рамаўзе», ды сеў. Нарэшце настаўнік выхаленай рукой паказаў на мяне, а ўвесь клас замёр у чаканні. Давялося ўстаць і з усяе сілы пастарацца ўспомніць хоць адно польскае слова, але — нават родныя некуды падзяваліся.
Настаўнік прыгледзеўся да маёй зрэбнай кашулі, прамовіў:
— А-а!..— ды загадаў выйсці з-за парты.
Я выйшаў і скіраваў позірк туды, куды пазіраў пан. Нават мяне ўразіла тое, што я ўбачыў.
У цяні парт, на фоне аголеных да кален і бледных, бы парасткі бульбы, што заляжалася вясной у склепе, ног, абутых у новенькія чаравічкі, сандалікі і басаножкі, рэзка выдзяляліся, бытта вытачаныя з цёплай бронзы, чорныя ад загару мае мускулістыя лыткі ды босыя ступакі.
— А гэта што мне за но-огі?! — жахнуўся пан настаўнік.— Марш у мыцельнік! Каб ты мне больш з такімі не паказваўся ў класе!
— Пане вучыцель, яго ногі не брудныя, яны — самі такія! — заступіўся Ваня.
— А цябе хто пытае? — акрысіўся ён ужо на Ваню.
Настаўнік гаварыў яшчэ нешта, але мяне душылі слёзы крыўды і я, ідучы да дзвярэй, больш не слухаў. Надта хацелася ўцячы з гэтай школы.
Эх, як бы даваў драла, калі б не бацька!..
На перапынку я самотна стаяў у кутку калідора. Сярод вучняў, бы гусак сярод куранят, пахаджваў Франэк са старэйшага класа — сын каменданта паліцыі. Яго яшчэ да заняткаў паказваў мне Кучынскі. Франэк цяпер кагосьці шукаў.
Раптам камендантаў сын ад радасці пасвятлеў ды накіраваўся да дзяўчынкі з тоўстымі вуснамі і рыжымі косамі.
— Эй, мальцы, сюды!— хапіў вучаніцу за касу.— У каго сала?
«Гэта — яўрэйка!» — дайшло да мяне, і я з жахам глядзеў, што будзе далей.
Нехта падаў кавалак скваркі. Франэк другой рукой абхапіў рукі малой, загадаў:
— Тры!
Твар вучаніцы пачалі націраць скваркай. Дзяўчынка крычала, тузалася, затым стала з гідлівасцю плявацца. Сярод яе хрыпаў я разабраў адно слова — «мама-а!..»
Калі з настаўніцкай паказалася «вучыцелька», каля выпэцканай у тлушч вучаніцы заставаўся адзін я.
Настаўніца са спачуваннем наківала галавой, загадала малой выцерціся ды зачыніла за сабой дзверы.
— Хадзі! — тузануў я дзяўчынку за руку.— I не румзай!
Вучаніца насцярожана глянула на мяне заплаканымі вачыма, ікнула, але за мной пайшла.
На падворку з трыма ранцамі знайшоў нас Ваня: ён вырашыў, што на першы дзень навукі з нас хопіць аж занадта.
— Дзе вы гэтулькі часу прападалі? — накрычаў на нас Кучынскі.— Чакай вас тут і чакай... Што мне рабіць няма чаго?
4.
Праз некалькі мінут мы трое валакліся па вуліцы. Малка (так звалі маю новую знаёмую), успамінаючы, залівалася слязамі. Ваня яе суцяшаў, я ж не знаходзіў для гэтага слоў і не толькі таму, што не ведаў па-польску,— да такіх сантыментаў не быў прывучаны.
У месцы, дзе касабокі і трухлявы ганак выходзіць аж на тратуар, Малка ўжо заплакала ўголас ды павяла нас на прыступкі. Адразу мы апынуліся на кухні, заваленай старымі ботамі і скрынямі — там смярдзела нявырабленай скурай, клеем, цыбуляй і селядцамі.
Аднекуль з'явілася тоўстая яўрэйка.
Малка загаласіла яшчэ мацней ды ўткнулася ёй у брудны фартух.
На лямант паказаўся ў чорным балахоне стары са снежна-белай барадой, за ім — рыжы дзядзька з недаробленым чаравікам у руках. Мужчыны цярпліва выслухалі Малку, за нешта на яе накрычалі і зніклі. Маці пачакала, калі дачка супакоіцца, папракнула яе ў нечым таксама ды адпусціла.
Цяжка ўздыхнуўшы, тоўстая кабета ўзяла міску, паставіла на перавернутую скрыню, насыпала бульбы ды запрасіла ўсю нашу кампанію есці. Ваня і не падумаў адмаўляцца — адразу прымасціўся ля Малкі. Я ж, прывучаны ў чужых нічога не браць, доўга матляў галавой, і мяне ўсё ўпрошвалі, хоць есці хацеў. Нарэшце, каб адчапіцца, нагнуўся, узяў адну бульбіну. Бульба апякала рот, але я не пераставаў дзівіцца.
Было з-за чаго, мяркуйце самі.
На Малку Франэк з сябрукамі напаў, а бацькі на яе яшчэ і накрычалі.
Ногі мае — чорныя ад загару, а настаўнік адправіў мяне ў мыцельнік.
Паненкі з бантамі абураліся не таму, што булка валялася ў пяску, а — што яе браў я рукамі.
Столькі збілася ў мястэчку народу ды – ні гумна, ні плота, ні каровы, ні свінні, а нават – ніводнага пеўня.
Як яны тут могуць гэтак дыць?!,
Бедны Ваня, бедная Малка!