Некалькі месяцаў ты прыглядаўся, і неўзабаве інстытут інфармацыі загрымеў на старонках газет — пайшлі артыкулы і «круглыя сталы», перадачы па тэлебачанні. Я адчуў — ты завёўся, ты шукаеш сябе напружана ў новай рабоце. I многім на дванаццаці паверхах, з ходу, без належнай рэпетыцыі і падрыхтоўкі ўцёр нос.

Праз год, і гэта нікога не здзівіла, ты стаў намеснікам дырэктара, нават твой голас пасля гэтага змяніўся, ты стаў пастаянна ўпэўненым, Валянціна ў тэрміновым парадку адмовілася ад многіх сяброў, яна стала больш спакойнай — а можа, і ўзрост падкаціў, ва ўсякім выпадку байкі пра яе сувязі сціхлі, яна хутка здолела ўпісацца на задняе сядзенне тваёй персанальнай машыны і цяпер ўжо, нарэшце, атрымала амаль усё з таго, пра што калісьці марыла. Ты меў партфель, пра цябе гаварылі ў розных сферах, і Валянціна была гэтым задаволена. Неяк, даўно ўжо сышоў з нашага сяброўскага круга — пасяджэнні, нарады, канферэнцыі, бясконцыя паездкі, — ты эацягнуў мяне да сябе, «смачна, па-чалавечы павячэраць у хатняй абстаноўцы». Валянціна паглядзела на мяне, як на прышэльца з космасу, я, здавалася, чытаў яе пытанне: «Ты яшчэ ёсць, жывёш, дзе, з кім, навошта?» Я і на самой справе выдатна ў цябе паеў, выпіў смачнага віна і наслухаўся Валянцініных размоў: «Падумаць толькі, яшчэ год назад ён прападаў у вашай паршывенькай газетцы».

Я глядзеў на цябе. У цябе быў сумны і страшэнна стомлены выгляд.

— Ты задаволены? — спытаў я.

— Чым?

— Ды не работай жа, вядома. Сам бачу, робіш усё, як аўтамат. Я пра жыццё пытаю.

Ты махнуў рукой, і я пачуў фразу: «Галоўнае — растварыцца ў рабоце», хоць ты і не прамовіў яе.

Ты працягваў гнаць радкі — і ў доктарскую дысертацыю. і ў сцэнарыі, і ў газетныя артыкулы. Дзіўна, цябе быццам ніколі не было ў рэдакцыі. З’явіліся іншыя людзі, задзірыстыя, бойкія, якія лезлі наперад са сваімі прынцыпамі і публікацыямі. Я неяк сказаў табе пра гэта. Ты ўсміхнуўся і адказаў:

— Пачакай, і яны дасыта аб’ядуцца гэтай кашай.

Але выгляд у цябе быў невясёлы.


Мне здаецца, што я скамянеў. Мышцы вялыя, нежывыя. Я не магу паварушыцца, мне спакойна і зручна знаходзіцца ў такім дзіўным стане за сваім пісьмовым сталом. У мяне баліць шыя, ные спіна, але мне не хочацца ўставаць. Усё, што павінна адбыцца ў самым бдіжэйшым будучым — праз гадзіну-дзве,— палохае мяне. Я чую ціхі, спакойны голас за спіной:

— Ужо ранак. Табе пара.

Так, мне пара. Спачатку ў рэдакцыю, потым да цябе.

Я выводжу апошнюю фразу: «Памяць аб ім назаўсёды...»

Загрузка...