Частка другая

І

Вясна, як і зіма, таксама не спяшалася. На дварэ ўжо быў красавік, а снег і не думаў сыходзіць, толькі ў самы поўдзень, калі сонца ярчэй выяўлялася пад суцэльнай каламуццю хмар, ён неяк вачавідкі сінеў, шчыльней сцінаўся і не рассыпаўся ў далоні, а камячыўся як пластылін; чорныя галінкі, наабламаныя за зіму з вербаў, тырчалі з яго сіратліва і надзейна, быццам закаваныя ў смалу дагістарычныя рэлікты. Дзьмуў вецер — такі моцны, што вераб’ёў, якія выляталі з аддушын, кідала ў бакі, як паперкі.

Такой парою я адпраўляў жонку да яе маці. Андрэй усё дапытваўся, куды яна едзе і ці хутка вернецца. Мабыць, жончыны адказы яго не задавольвалі, і ён не адступаўся ад яе — хітра жмурыўся і як бы хаваў на вуснах усмешку. Хацеў пачуць ад жонкі праўду, якую пачуў ужо ад маці і якую, не ўтрываўшы, сказаў: «А я знаю, куды вы едзеце... Ладжаць лебёначка!» Ён сказаў так, быццам адкрываў вялікую таямніцу, да канца не цямячы, што ў ёй незвычайнага, але адчуваючы, што тут ёсць нешта ад дарослых сакрэтаў, а значыць — недазволеных яму, малому, і калі лезці ў іх назойліва, можна паплаціцца.

Жонка таксама (і, відаць, шчыра) бедавала: як цяжка ёй будзе без Андрэя, так прывыкла да яго, што жыццё цяпер страціць цікавасць і звычайную прыўзнятасць. Ды Люба тут як тут прызналася, што на канікулы «сплаўляе» Андрэя да бацькоў былога мужа: маўляў, не толькі з яе боку павінен быць клопат, ёсць яшчэ і бацька з такою ж радавою вілкаю, як і ў яе. І гэта, здаецца, жонку крыху ўсцешыла, бо ўсё роўна трэба было б адвыкаць ад Андрэя.

Можа, праз тыдзень я застаўся ў кватэры толькі з Любаю. Спачатку абрадаваўся — будзе магчымасць добра, у цішыні ды спакоі, працаваць, але праз два дні зразумеў: плёну з маіх старанняў аніякага, на душы было пуста і паныла. Я сумаваў па жонцы. Не выратоўваў і прывезены з вёскі старэнькі «Нёман». Я садзіўся за пішучую машынку і кляваў адным пальцам. Карэтка тады-сяды пераскоквала, рабіла непатрэбны прабел, і я злаваўся. Відаць, без майстра не абысціся.

Такое адчуванне, што жыццё разладзілася. Сапраўды: неабходнасць жонкі да канца пачынаеш разумець тады, калі разлучышся з ёю; іменна тады яскрава высвечваецца, якое важнае месца яна займала ў тваёй душы і клопатах.

Я не хацеў гвалтаваць сябе; трэба пачакаць, супакоіцца і толькі потым брацца пісаць. Хадзіў на працу, аддаваў сябе газеце з ранейшым стараннем і зацікаўленасцю, але дахаты не спяшаўся. І не толькі таму, што сядзець аднаму ў пакойчыку тужліва і прападае ўсякі творчы настрой, а яшчэ і таму, што замінаў гаспадыні ў яе амурных камбінацыях. Я проста яшчэ не ведаў, што з першага дня, як паехала мая жонка, Люба забараніла палюбоўніку прыходзіць на кватэру; сувязі з ім, аднак, не парвала.

Штовечар я знаходзіў сабе занятак. Адзін раз схадзіў у кіно — на англійскі фільм, які спадабаўся мне тым, што тонка, неназойліва выкрываў норавы буржуазнага грамадства і не падмяняў псіхалогію герояў голымі, просталінейнымі разважаннямі, як гэта часта бывае ў замежных фільмах.

Другі раз гадзіны паўтары праседзеў на паштамце, падпісваючы віншавальныя паштоўкі сваім і жончыным родзічам; стараўся пісаць не банальныя слоўцы, як зазвычай, а прыдумваў мудрагелістыя, вершаваныя пажаданні.

У нядзелю ўспомніў пра сваю даўнюю звычку хадзіць на рынкі — балазе днямі адкрылі новы Камароўскі рынак. Не купляць я хадзіў, а проста так, назіраць за вясковымі людзьмі — хоць і незнаёмымі, але блізкімі мне; я забываў тады пра ўсё на свеце, акурат на футбольным матчы, і толькі за варотамі рынку пачынаў востра, з неаслабнай сілаю адчуваць, што ў мяне на душы незвычайна лёгка, быццам жыву сярод людзей, між якімі ніколі не бывае ні спрэчак, ні звадак, ні зайздрасці.

Тупаючы між радоў, я ўбачыў мужчыну ў сінім галіфэ і вайсковым кіцелі, на месцы пагонаў у якім свежа зелянелі прастакутнікі і тырчалі спружынкі нітак; мужчына трымаў на руках рабога шчанючка з тупой, па-старэчы маршчыністай мордачкай і бездапаможна-сумнымі вочкамі, з якіх яшчэ не сплыў першародны туманок. Як жа добра было б, падумалася мне, калі б мужчына прадаваў шчанючка не дзеля нажывы, а таму, што не хацеў яго тапіць ці выкідваць у незнаёмым месцы на вуліцу. Да мужчыны падыходзілі людзі, пыталіся, што за парода, колькі каштуе,— мужчына ахвотна адказваў, гладзячы цяжкой шырокай далонню шчанючка па мяккіх вушках, ажно ў таго шырэлі вочкі, адкрываючы цёмныя, вішнёвыя бялкі.

А ў панядзелак на працу мне пазваніла ранейшая гаспадыня, незабыўная Паліна Рыгораўна, і сказала, каб прыйшоў да яе. Я занепакоіўся — што за прычына? Пасля работы паехаў да Паліны Рыгораўны. Яна, у новай блакітнай сукенцы, з абведзенымі рыскаю вуснамі, сустрэла мяне ветліва, заўсміхалася, не хаваючы, што радая бачыць былога кватаранта; я, не ўмеючы фальшывіць у такія імгненні, застаўся абыякава-спакойны.

Гаспадыня аддала мне два нумары часопіса «Родная прырода», які я не перавёў на новы адрас. Потым, ужо за чаем, зусім недарэчы, здалося мне, сказала, каб я заплаціў пятнаццаць рублёў за фарбоўку пакоя, у якім жыў. Ад здзіўлення я ўцягнуў галаву ў плечы, але, не маючы пры сабе грошай, сказаў, што прывязу заўтра.

Назаўтра я адвёз гаспадыні пятнаццаць рублёў, а потым бязмэтна хадзіў па вуліцах, ездзіў у тралейбусе. Нечаканая гаспадыніна выхадка сапсавала настрой. Раней уяўляў, а цяпер востра адчуваў: як цяжка, як усё-ткі цяжка жыць без мэты. І той англійскі фільм сцвярджаў, што якраз бязмэтнае жыццё нараджае злачынцаў, п’яніц, наркаманаў. А як навучыць усіх людзей жыць прыгожа?

Я стараўся прыходзіць на кватэру позна, таму і марнаваў час у такой чужой мне бяздзейнасці.

Люба першыя дні таксама як быццам не знаходзіла, чым заняцца. Знарок гучна стукала дзвярыма, працяжна шоргала скуранымі пантофлямі, напявала. Я разумеў: сумна і ёй, няма з кім словам перакінуцца — ні Андрэя, ні жонкі маёй, ні палюбоўніка. Навошта яна яго адшыла? Я не настолькі быў наіўны, каб не разумець: Люба не магла не думаць і не браць пад увагу тое, што з ёй у адной кватэры жыве, спіць праз сцяну малады мужчына, расцвелены жаночаю ласкаю, а цяпер яе пазбаўлены. Зусім небязгрэшная, яна ведала, канечне, і такую асаблівасць мужчын — патаемна любавацца кожнай вабнай жанчынаю.

Я заўважыў, што Люба пачала ўважліва сачыць за сваёй знешнасцю: на павекі і пад вачыма лажыла лёгкія цені, заўсёды вымытыя, напушчаныя нізка на твар валасы надавалі ёй загадкавасць. Шчырасць і адкрытасць у людзях мне падабалася, але не наўмыснасць. А Люба дазволіла сабе няйнакш наўмыснасць.

Адным вечарам яна прыйшла да мяне ў пакой у ружовым цесным, з глыбокім выразам пеньюары, каб сказаць, што прыходзіў майстар пішучых машынак. Майстар сапраўды павінен быў прыйсці, але не сёння, а заўтра — так мы дамовіліся ўранні, калі ён заявіўся па маім выкліку. Хоць і клопату з тою машынкаю было хвілін на дзесяць, не болей, майстар, кучаравы, з чорнай густой шчэццю і тоўстымі, як у ляшча, губамі, доўга мармытаў, уздыхаў каля яе; потым разабраў па частках, расчыніў барабанчык са спружынаю, якую гнуў, пляскаў малаточкам на маленькім, як цацачным, станочку, аж пакуль яна не лопнула; тады ён сказаў, што прыйдзе заўтра і прынясе новы барабанчык. І вось, аказваецца, не ўтрываў — прыджгаў раней. Канечне, Любе выпала латва загаварыць са мною, але пры чым тут непрыхаванае жаданне спадабацца, прывабіць сваёй жаноцкасцю. Пеньюар задужа шчыльна аблягаў Любу, і ўся яна ў ім здавалася мяккай, паветрана-лёгкай і цёплай, вочы яе блішчалі. Я падзякаваў Любе такім голасам, каб было зразумела, што не да заляцанняў мне, ды яна не адразу завярнулася ісці. Нейкі момант стаяла перада мною, акурат выпрошвала камплімент, але якраз гэта яе настырнасць і стрымала мяне.

Назаўтра я ўстаў раней, чым зазвычай, схадзіў у ванную — пачысціў зубы і прыняў душ, які абудзіў у целе бадзёрасць і свежасць. Люба, мабыць, яшчэ спала: за сцяною была цішыня. Папіўшы чаю, я ўзяў з этажэркі часопіс «Полымя», у якім была надрукавана аповесць Васіля Быкава «Знак бяды». Зачытаўшыся, не пачуў, як выйшла са свайго пакоя Люба, хоць дзверы туды грукаюць гучна. Схамянуўся адно тады, калі на кухні заляскаў посуд, зазвінела шкло, і я здагадаўся, што Люба збіраецца несці здаваць бутэлькі.

І мне нешта зарупіла, як бывае, калі ў распланаваным дні на нейкі клопат забудзеш і тады ходзіш з адчуваннем няпэўнасці і трывожнасці на душы,— дык вось я адчуў, што мне не проста рупіць, а і баліць, тоненька гэтак сочыцца ў сэрца боль віны. Перад кім жа? Во! Успомніў толькі цяпер пра жончын наказ прынесці з балкона плашч, які яна перад ад’ездам памыла і павесіла на вяроўку сушыць. Чорт, захандрыў, замітусіўся, дык і з галавы ўсё вылецела.

На балкон хадзілі праз Любін пакой. І я зайшоў у яго, не зачыняючы за сабою дзвярэй. Побач з ложкам, нізкім, скураным, шырокім, мабыць, замежнай вытворчасці, стаяў часопісны столік. На ім — паспеў заўважыць, пакуль адчыняў балкон,— недапітая бутэлька «Ркацытэлі» і высокая блакітная шклянка з выгравіраванай на баку белай кветкаю; на сподачку ляжалі тонкія скрылькі лімона і цукеркі «Беларуская бульба». Выходзіць, учарашнюю Любіну смеласць трэба напрамую звязваць з гэтым столікам — віно, мабыць, піла яна для таго, каб адагнаць рэшткі стрыманасці і сораму. А навошта? Няўжо даваў нейкі намёк на флірт? Працяглы позірк там ці мімалётная ўсмешка — звычайнае ў людзей, між якімі няма варожасці.

Плашч даўно высах і матляўся на паветры з мёртвай лёгкасцю, і я падумаў, што яго будзе цяжка адпрасаваць і што жонка за гэтую маю бяспамятнасць не пахваліла б. Як яна там? Расстанне наша было невыразнае — без нечага вельмі істотнага, што пасля дазволіла б нам жыць са спакойнаю душою, упэўнена. Жонка адно спытала, чаму я без слёз яе праводжу, на што я адказаў: «Таму што гэты ад’езд абяцае нам шчасце сустрэчы — шчасце, якога мы зараз пазбаўлены». Яна бязрадасна ўсміхнулася, з трывогаю доўга глядзела на мяне. Што яе турбавала ў той момант? Ну, вядома, свае, чыста жаночыя, меркаванні і падазрэнні, а найперш, мусіць, тое, што там ёй, адной, без мужа, трэба браць на сябе ўсю адказнасць за роды і дзіця. Гэта — зразумела любой жанчыне, што аднойчы адчула ў сабе новы... чужы штуршок,— вялікая адказнасць.

ІІ

Я адчуваў у сабе незразумелыя пачуцці, праўдзівей — пачуцці зразумелыя; незразумела было, чаму яны так назойліва пачалі бунтаваць маю душу, тлуміць галаву. Ночы былі неспакойныя ад сноў, што змяняліся то прыемнымі (іх хацелася даўжэй бачыць), то жахлівымі малюнкамі, якія я навучыўся абрываць, намагаючыся прачнуцца, і якія ўсё роўна рабілі сваё — увесь дзень хадзіў разбіты і стомлены.

Я пачаў часцей ездзіць у камандзіроўкі, знаходзячы ў іх збавенне, але — часовае. Як толькі жыццё выплывала на ціхі плёс, мне зноў чагосьці не ставала. Я баяўся прызнацца сабе, што вінавата ў гэтым вясна, якая здаўна, можа, з дзяцінства, была для мяне пара неспакойных роздумаў.

Здаецца, зіма знемагала разам са мною. Пяшчотна, нясмела бралася зелянець на пагурках трава. Уначы прайшоў дождж, і свежа, сыра было ў паветры і на зямлі. Тонка люстранелі на асфальце лужыны, вабячы да сябе першых шпакоў. З акна свайго пакоя я бачыў, як жанчына з мужчынам выбівалі ад пылу дыван; стары ў лыжным касцюме шкрэбаў граблямі па клумбе, і яна на вачах чарнела. Уверсе пад дахам заўзята і ўзбуджана чырыкалі вераб’і— мабыць, ладзілі гнёзды, збіраючыся выводзіць патомства. Па дарожцы, ка якой я ўпершыню ўбачыў Андрэя, прабегла, неяк запаволена і мякка перастаўляючы ногі, чорная сучка з белымі, бы кавалачкі крэйды, вачыма і з адвіслым ды распёртым у бакі жыватом.

Мая туга была вялікая, цяжкая і святая, я не мог адрынуць ад сябе назойлівыя думкі пра любоў да людзей, прыроды, жанчыны, і ад таго многія радасці жыцця праходзілі міма мяне, не прыносячы асалоды, а толькі — хваляванне, ад якога ў скронях нездарова шумела кроў, хваравіта білася ў грудзях сэрца.

«Што і як там будзе?» — жывасілам пераносіў я думкі да цяжарнай жонкі.

Пачуццям патрэбна воля, імі з некім трэба дзяліцца. З кім? Так блізка і проста — Люба, гаспадыня. А што, калі пачаць запісваць свае думкі, адчуванні, назіранні? Я пачаў шукаць паперу, на аркушы ўбачыў запісанае жонкай — думка А. Платонава: «Любовь и привязанность к мужу или жене,— самое беспомощное, бедное и вечное чувство».

ІІІ

З запісаў Алеся Акуневіча

Седзячы каля акна, чытаю «Знак бяды». У спіну, патыліцу смаліць сонца, аддаючы сочнае, маладое цяпло. Яно, дарэчы, адагравае мяне, бо ад некаторых сцэн аповесці ледзянее сэрца.

Майстар забраў машынку з сабою і яшчэ не прынёс. А ў мяне ёсць што друкаваць. Іду і скарджуся Любе. Яна слухае, засяроджана вымазваючы начэпленым на відэлец хлебам смятану са сподка. А перад гэтым сумысля са мною павіталася — пакой быў адчынены,— каб паказаць, што яна ў лагодным настроі, добрая, прыязная.

— У мяне таксама гора,— гаворыць яна,— прапаў у пральні чахол на коўдру, у гарошак.

Мабыць, наводзіць на прапанову: давай з гора вып’ем. Яна ў тонкай блузцы і цеснай джынсавай спадніцы, акуратна прычасаная, з падведзенымі вачыма.

Я не падаю выгляду, што зразумеў яе. Іду ў свой пакой.

Яна ўключыла на ўсю моц магнітафон і, ходзячы па кватэры, падпявае тужлівую мелодыю:

Так не должно быть, но снова я взгляд твой ловлю

И понимаю, что все это глупо и странно.

Так не должно быть, но сердце стучит неустанно:

«Я люблю... Я люблю... Я люблю...»


* * *

Мяккае паветра дыхае ў расчыненую фортачку — цёплае, як з рота, з пахам пупышак, якія толькі набрынялі і тояць у сабе жывую ліпкую зелень.

Чую, што прыйшоў Андрэй,— і адразу Любін голас:

— Дзе сумка?

— У школе пакінуў.

— Чаму калені, штаны такія брудныя?

— Не ведаю.

— Што?

— Не ведаю.

— Колькі на цябе можна сварыцца?

— Не знаю! — У Андрэя голас зрываецца на крык, зласлівасць.— Што ты робіш?

Люба маўчыць — чуваць, што настройвае пласцінку.

— Чаму не ўзяў сумку?

— Не ведаю.

— Дзе тваё месца? Распранайся. Зараз лупцака дам.— Маўчанне.— Дзе гэта ты ў гразь залез, дзе гэта лазіць можна было? Здымай зараз жа чаравікі.

— Што ты на мяне лаешся?

— Я яшчэ не так буду лаяцца.

— Чаму?

— Зусім ужо сумленне згубіў. Дзе твая піжама? Упісаўся? Чаму пакінуў кашулю?

— Чаму ты на мяне лаешся?

— Ідзі ў ванную чысці чаравікі. Бяры тапачкі. Здымай брудныя шкарпэткі, гольф. Чаму сумку пакінуў, пытаю?

— Не ведаю.

А магнітафон ажно разрываецца — спявае пра каханне.

— Няма сілы ўжо! — Люба моцна грукае дзвярыма, ажно нешта скідваецца на падлогу.

Яе можна зразумець: пакрыўджаная жыццём. Як тут не пашкадаваць, не прынесці ёй хвіліны радасці, калі хоць на імгненне забываецца гора і верыцца, што ласка можа быць без прынукі, не па абавязку, а па жаданні.

Мне трэба ісці ў магазін. Люба мые ў ваннай. Андрэй гуляе ў пярэдняй з кубікамі.

— Прывітанне, Андрэй!

— Здласце.

— Як жывеш?

— Халашо.— І тут жа вопрамеццю кінуўся ў ванную да маці.— Дзядзя Алесь са мной павітаўся!

— Ну і што? — пачуў я Любін голас.

Стоячы каля вешалкі, перакладваю з курткі ў плашч (на вуліцы ўжо цёпла) паперы — праязны, запісачкі, каляндарык.

Андрэй выходзіць з ваннай.

— Ад каго пісьмо? — пытае.

— Гэта не пісьмо — дакументы.

— Вашы?

— Мае.

Не хочацца ў кватэру, і я доўга блукаю па вуліцы — як цяпер модна гаварыць, займаюся эстэтатэрапіяй. Шпакі скубуць сухую леташнюю траву і носяць у шпакоўні.

Прыйшоў — дзверы замкнуты; калі, адамкнуўшы, зачыняў іх — ірванула з рук: балкон і фортачка на кухні былі расчыненыя, па кватэры гулялі скразнякі. Любы і Андрэя няма — некуды пайшлі.

Без іх сумна, як бы трошачкі чакаю, калі яны прыйдуць, прыслухоўваюся да галасоў на двары. Раней, здаецца, такога са мною не было, хіба што ў тыя часы, калі халасцякаваў. Уражанне, што ўсе нечым занятыя, а ты сумны і непрыкаяны. Выпадала быць з жанчынаю, а потым заставаўся адзін. Так і тут: жонка далёка, і як быццам яна не жонка, а палюбоўніца, выпадковая жанчына,— чакай, калі зноў надарыцца з ёю быць. Жонка — гэта жанчына, якая заўсёды побач і па першым жа жаданні твая.

Мужчыну, здароваму і асабліва эмацыянальна павышанаму, увесь час патрэбна жанчына.

Але я адчуваю адказнасць ужо і перад тым, каго яшчэ няма і хто сніцца ледзь не кожную ноч, нават уяўляю па тых шматлікіх скрутачках, што возяць у калясках і носяць на руках надта цяпер, па вясне.

Шчасце чалавечае ўвогуле і шчасце імгнення. З апошняга можа вынікнуць першае.

У «Звяздзе» чытаю Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб узнагароджанні горада Магілёва ордэнам Айчыннай вайны І ступені»: «За мужнасць і стойкасць, праяўленыя працоўнымі горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і за поспехі, дасягнутыя ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве, узнагародзіць горад Магілёў ордэнам Айчыннай вайны І ступені».

Як яшчэ і цяпер, спагадзя трыццаць пяць гадоў, на сённяшняе шчасце лье святло гераізм народа ў вайне. Як напамінак — подзвіг вялікі.

Убачыў Любу і Андрэя ў акно. Яна — у бела-жоўтай блузцы, сіняй спадніцы, трымае ў руцэ гаспадарчую сумку. Ён — у балоневай куртачцы і белай вязанай шапачцы з бубончыкам.

Я стаяў у глыбіні пакоя і бачыў, як яна пільна ўглядалася ў маё акно.

Пастукаў у мае дзверы, зайшоў Андрэй.

— Вам паштоўка.

— Дзякуй, Андрэйка!

— Няма за што.

Павіншавала з Першамаем братава сям’я. Не забываюць...

Уключаю транзістар, лаўлю музыку — бадзёры, вар’яцкі рытм. На Захадзе з’явіўся новы стыль у музыцы — цяжкі рок. Аб’яўляюць: «Лепшыя творы ансамбля «Бі-Джыс».

Наступіў час вялікіх эмоцый, разгулу цывілізацыі. А каб нараджаць здаровых дзяцей, трэба быць бліжэй да прыроды і далей ад спакус гэтай цывілізацыі.

На жаль, кароткую асалоду часта даводзіцца аплачваць намнога даўжэйшымі пакутамі.

Каб пісаць, не трэба шмат умець, а толькі навучыцца растлумачваць сваё жыццё. Я — сведчу, разбярэцца час.

* * *

У Любы і праўда зачараванасць мадонны. Калі яна смяецца, усмешка як бы аддаляецца ад твару і лунае перад ім асобна — быццам хрустальная маска.

Уночы скрозь сон пачуў тупат — нехта хадзіў. Стала ціха. Я сунуўся ў клазет — там уключана святло і дзверы шчыльна зачынены. «Люба?» Вярнуўся ў пакой. Пачакаў. Ціха. Зноў туды. І — зноў назад. Потым рашыўся — нікога няма, мабыць, Андрэй хадзіў і не выключыў святла.

Уставала мяккая нядзельная раніца. На дварэ — відаць з акна — ні душы, хоць у будзень людзі ўжо снуюць у гэтую пару, як мурашы. Адно прабег у белым спартыўным касцюме тоўсты мужчына, крыкліва-кідкі на цёмным шэра-зялёным фоне зямлі. І два сабачкі, абодва нізенькія, з крывымі ножкамі, пратупацелі ўпобачкі, як запрэжаныя,— руды і чорны. На пятым паверсе блізкага дома, на балконе, вісела з дзесятак бюстгальтараў рознага — найбольш светлага — колеру.

Цёплым расцёртым лімонам выпроствала з-за смугі промні сонца.

Чалавек, памятлівы на дабро,— сам добры.

Рана. Прылёг яшчэ падрамаць, праўдзівей — падумаць.

Усталі Люба і Андрэй. Андрэй бегае, ляпае дзвярыма, гучна — як заўсёды — размаўляе.

— Цішэй, Андрэй! — суцішае Люба. Раней за ёй такога не прыкмячаў.

Іду ў ванную мыцца. Там Андрэй.

— Здароў, Андрэй!

— Здласце! — І, закруціўшы кран, бяжыць да маці на кухню, крычыць урачыстым голасам:

— Мамачка, я з дзядзем Алесем паздалоўкаўся!

— Правільна, малайчына! — сказала, каб чуў і я.

Заходжу на кухню, вітаюся з Любаю.

— Прывет! — адказвае мякка, прыязна.

Як жа добра мець такую гаспадыню!

* * *

Хадзіў на фільм «Мулен Руж» — пра цяжкае становішча мастака ў буржуазным грамадстве, пра тое, як яго шчырыя, светлыя памкненні разбіваюцца аб сцены маральнай дэградацыі.

Сіціў нудны дробненькі дождж, у якім людзі хадзілі без парасонаў. Цыганкі з цыгарэтамі ў роце стрымана-таемна выгукваюць: «Каму чаравікі, пакеты!»

Дзверы ў Любін пакой адчынены. Андрэй выглянуў на мае крокі і застыў, з цікаўнасцю гледзячы на мяне, мокрага. Люба ў кароткай сукенцы, якую раней не надзявала, засцілае, нахіліўшыся, ложак, і я міжволі ўбачыў яе сытыя ружаватыя сцёгны.

Махануўся ў свае дзверы, забыўшы скінуць кручок, на які зашчэпліваў, калі адыходзіў.

* * *

Дабрата — гэта не значыць, што нельга абурацца. Жанчына без дабраты настолькі жанчына, наколькі дрэва без соку можа лічыцца дрэвам.

Акно — самы просты тэлевізар у свеце.

У блізкім доме вяселле. Людзі вывалілі на двор. Музыканты ўзвалаклі свае інструменты на брылёк ганка. Граюць славутае «Вяселле». Дзве маладзенькія дзяўчынкі каля іх смаляць цыгарэты.

* * *

Сёння зноў адгукнулася туга па халасцяцкіх гадах, але не было дамешку безвыходнасці. Я адчуваў цяпер радасць, хоць і сумную на адзіноце, што час ідзе не ўпустую, а набліжае да дзіцяці. І гэты час, як бы ні хацеў, не скароціш, яго так ці інакш трэба пражыць — у радасці або ў суме.

Люба мые у ваннай: то журчыць пральная машына, то плюскоча вада, то чуваць, як пішчыць бялізна — выціскаецца.

А. Платонаў: «Вся любовь происходит из нужды и тоски; если бы человек ни в чем не нуждался и не тосковал, он никогда не полюбил бы другого человека».

Люба пасылае Андрэя ў магазін. Не рызыкуе даваць яму дваццацьпятку — драбязы няма. Прыйшла да мяне ў пакой.

— Алесь, у цябе рубель ёсць ці хоць бы восемдзесят капеек? — Стаяла перада мною ў расшпіленым знізу халаце, як бы наўмысна расцвельваючы шырокімі сцёгнамі.

Рубля ў мяне не было, я сашкрабаў з кішэняў капейкі. Люба глядзела на мяне, схіліўшы галаву, какетліва мружачы вочы. Яна не саромелася так глядзець, а значыць, не саромелася паказваць, што лёгка пойдзе мне насустрач. Зрэшты, яе можна зразумець. А што рабіць мне? Я не хацеў, каб нават у думках яна абзывала мяне хлапчуком: мужчыны — ганарліўцы.

Учынкамі можна кіраваць, думкам не забароніш: «Скажу ёй: буду проста так з табою, без любві і вялікай ласкі, адно каб заспакоіць плоць. Я не магу дзяліць сваю любоў, бо не ўмею крывадушнічаць».

Мужчына без крывадушнасці не папулярны ў жанчын, нават калі ён гусар.

«А што калі зацяжарыць? Ці, можа, нават знарок захоча панесці ад мяне. Мы з жонкаю не паспеем перабрацца, што тады? Раптам дзіця будзе падобна на мяне...»

Б’е пругка ў шыбы дождж. У двары натужна вые машына.

Люба ходзіць па кватэры і напявае пад пласцінку — так, каб чуў я. Іменна дзеля гэтага стараецца: «...И понимаю, что все это глупо и странно».

Уночы я прысніў сон, за які мне сорамна,— што я быў з Любаю. Прачнуўшыся, я адчуў дзікую тугу, ранейшыя думкі здаліся нікчэмнымі і непатрэбнымі і проста дзіўна было, што ад спакус жанчыны цяжка ўтрымацца.

Раніцаю доўга ляжаў у ложку. Люба хадзіла ціха, не грукаючы дзвярыма, пацыквала на Андрэя.

Жанчына — гэта ўяўленне, і не больш.

* * *

Маленькае ЧП, якое не дае мне спакою,— мыючы бутэльку з-пад кефіру, разбіў гаспадыніну талерку, якую яна мае прывычку пакідаць у ракавіне.

Прыйшла Люба з работы, пытае не адчыняючы дзвярэй:

— Алесь, да мяне ніхто не прыходзіў?

— Не.

— Ты даўно дома?

— Так.

Па голасе чую: не ў гуморы. Ці варта зараз гаварыць пра разбітую талерку. Можа, яе пачынае раздражняць мая нерашучасць?

Няма настрою і ў мяне. Як там жонка? Заўтра буду званіць.

* * *

Люба чакае свайго былога мужа, Андрэй — бацьку. Яна прыбрала ў кватэры і наўмысна сышла ў магазін. На званок Андрэй адчыніў дзверы.

— Тата!

— Што, сын? — У словах і радасць, і холад, і шкадаванне, і разгубленасць.

Шчыра кажучы, я не зайздрошчу зараз яму, гэтаму незнаёмаму мне Міколу.

— Глядзі, што ў нас!..— Андрэй цягне бацьку да сябе ў пакой.— Тэлевізар каляровы, вось машынка завадная... Дзядзя Алесь купіў.

— Вы новага бацьку знайшлі? — сухавата прагучаў Міколаў голас.

— Не. Хадзі паказу! Хадзі...

— Не трэба.

Вяртаецца з магазіна Люба. Андрэй бяжыць да яе.

— Мамацька, тата плыйшоў! Тата плыйшоў, глядзі!..

— Выдатна! Прывет!

— Думаў, што замужам ужо, таму і не прыходзіў...

— Дамовіўся наконт санаторыя?

— Дамовіўся.

— Вось даведкі, аналізы.. З якога?

— З пятнаццатага чэрвеня. Можа, яму трэба што з адзення купіць?

— Не, не трэба,— з годнасцю адказвае Люба.— Як жывеш з новай жонкаю, усё-ткі яна ў цябе дачка намесніка міністра?

— Буду хваліцца — не паверыш.

— Каву, чай будзеш?

— Не. Пайду.

— Куды? — пытае Андрэй, і ў голасе чуецца расчараванне.

— Дадому.

— А ў цябе яшчэ ёсць дом?

— Андрэй, не прыставай да чалавека! — асадзіла сына Люба.

* * *

Перад маем. Прыходжу раней з работы. Дзверы незамкнёныя. Люба — у сваім пакоі, сядзіць на крэсле-ложку разваліўшыся, нейкая ўзбуджаная. Не дае зайсці мне да сябе, спыняе пытаннем:

— Як там Галя?

— Нармальна. Днямі званіў.

— Перадавай прывітанне.

— Добра.

Яна, здаецца, упершыню спытала, як маецца жонка.

— А грошы за кватэру ты мне калі будзеш аддаваць — цяпер ці пазней?

Я зразумеў, што ёй патрэбны грошы.

— Магу цяпер...

Прыходзіць з вуліцы Андрэй.

— Адгадайце, што ў мяне ў кулаку?

— Муха? — смяюся я.

— А вось і не. Зорачка акцябрацкая! — ажно ззяе ад шчасця Андрэй.

— Хто на ёй?

— Уладзімір Ільіч Ленін.

— А хто гэта?

— Наш правадыр.

— Малайчына!

Андрэй зрываецца і імчыцца да маці.

— Мяне дзядзя Алесь пахваліў!

* * *

Ура!!! У мяне — сын! Казак! Вось толькі што вярнуўся з пошты, званіў цешчы. Ну з кім мне падзяліцца радасцю і маім шчасцем? У мяне сынок — мой! Галюха, як ты там? Я хачу быць з табою, падтрымаць. Не ведаю, як мне перажыць такую радасць. Зараз зноў пабягу на пошту, званіць сваім бацькам у вёску, брату на Далёкі Усход. Не верыцца! Здаецца, усё гэта сон. Малайчына, мая Галюха любімая. Ты старалася, ты хацела нарадзіць мне сына. Якія мы шчаслівыя з табою! Няўжо гэта мы? Так, гэта — мы. Якое шчасце!.. Я не магу стрымаць слёз. Як я хачу быць зараз з табою, кожную секунду. Ты патрываеш пакуль без мяне, праўда ж? Ты ў мяне малайчына. Не веру, што з дзецьмі становіцца цяжэй жыць. Наадварот, радасна і шчасліва. Вось каб толькі апынуцца побач. Я хачу глянуць ча вас дваіх — самых родных і блізкіх мне людзей. З цяжкасцю ўяўляю, як дачакаюся гэтага моманту. Я наогул не магу чакаць, а тут — такая радасць! Усё, імчуся на пошту...

* * *

Вельмі запозненая вясна. Усё яшчэ халаднаватае надвор’е. Дрэвы амаль голыя, толькі зеленаватая мроіўка.

Бегаючы званіць на пошту, па магазінах, мабыць, прастудзіўся — кашаль, пяршыць у горле. Сярэдзіна мая, называецца.

Купіў бутэльку сухога віна, каробку цукерак. Пасядзелі з Любай за сталом: я — радасны, яна — сумная.

Раніцаю, збіраючыся на працу, чуў у кватэры тонкі пах французскіх духоў.

Свяціла ў акно сонца, яркае, якога ўжо даўно не было. Празрыстая яснасць у паветры абяцала пагодлівы дзень. Нарэшце! Цікаў, заведзены ўчора, на стале будзільнік, напамінаючы, што час ідзе і мой сын расце.

* * *

Быў некалькі дзён у сына. Такі спакойны малы, ляжыць сабе з уражліва яснымі цёмна-сінімі вочкамі. Ужо два разы купалі — не піскнуў, толькі крэхча, як стары дзед. Галюха мая зусім звялася, змарнела, у вачах, кажа, успыхваюць іскрынкі. Вочы — проста жах глядзець — нават бялкі чырвоныя, як вішні. Якія ж болі яна перацярпела! Бедненькая, яе трэба шанаваць, берагчы... Куплю папяровыя падгузнікі і перадам аўтобусам.

Прыехаў — у кватэры вэрхал і ў маім пакоі таксама. Пясок, недакуркі. На кухні груда бутэлек. Увесь посуд згружаны ў ракавіну, і наша драцяная падстаўка пустая. Бачыў, на дзвярах пад’езда вісела аб’ява: «У сувязі з праверкай цеплацэнтралі з 15 па 22 мая не будзе гарачай вады».

Увечары, вярнуўшыся на кватэру, каля парога ўбачыў мужчынскія туфлі і руды сакваяж. На кухні гаманілі. Пачуўшы стук дзвярэй, Люба выйшла, вясёлая, ружовенькая.

— Алесь, прабач, я посудам тваім карысталася. Гарачай вады не было...

— Калі ласка, што ж тут такога.

Мабыць, яна проста хацела паказаць сябе і паглядзець на мяне.

У рэдакцыі мяне павіншавалі з сынам, падаравалі кухонны набор і на дошцы напісалі страфу англійскага паэта-рамантыка Джона Кітса:

Я славлю мира торжество,

Довольство и достаток.

Приятней сделать одного,

Чем истребить десяток.


— Як жа сынок гадуецца? — спытала ў мяне Івашчэня, ціхмяна-сумная пасля мацерынай смерці.

— Ды во яшчэ імя не прыдумалі.

— Давайце збяромся ўсім калектывам ды прыдумаем.

— Я згодзен: такая цяжкая рэч — імя.

— Дзе ж ваша жонка, тут?

— Не, у маці сваёй.

Пачуўшы слова «маці», Івашчэня зажурылася яшчэ больш.

Не хочацца ісці на кватэру, хоць і разумею: пакуль ёсць магчымасць, спакой, трэба працаваць, пісаць.

Я пазваніў свайму сябру, у абком камсамола. Мы сустрэліся. Зайшлі ў папулярнае сярод моладзі кафэ «Рамонак».

— Я ж адразу адчуў, што Галя табе падыходзіць, і раіў яе табе. Бачыш, сына нарадзіла! — трохі захмялелы ад кактэйля, выхваляўся мой сябар.— Дзеці ў вас павінны быць на ўсе сто — зграбныя, прыгожыя... О! — адставіў вялікі палец.

— Адзінае, што зараз хачу,— сказаў я,— гэта апынуцца там, каля жонкі і сына.

Я і праўда не крывіў душою.

* * *

Зноў пайшлі халодныя дні. І лісце на дрэвах ніяк не развінецца, а без іх наваколле пустое, ад прасветлін, што бачацца скрозь напаўголыя галіны, вее сумам і асуджанасцю.

Вераб’і каля кустоў язміну падбіраюць пер’е, шматкі ваты — мабыць, уцяпляюць гнёзды, у якіх ужо вывеліся птушаняты. Такая доля бацькоў — апекаваць патомства, ужо народжанае на свет, і з не меншай клапатлівасцю — толькі закладзенае: птушкамі — у яйках, людзьмі і звярамі — у мацярынскім чэраве.

Хацеў у пятніцу паехаць зноў да жонкі і сына, але аб’явілі — партсход. Добра, што якраз пазваніла мне жонка і параіла ў суботу раніцаю выехаць за горад і сесці на спадарожную.

Прыйшоў увечары стомлены. Андрэй адразу:

— Да нас плыйдзе дзядзя Міша. Ён плывозіў нас дадому на чылвоным «Масквічы»... На «Масквічы» плывозіў. Да нас плыйдзе сёння...

Люба, відаць, дамовілася са сваім палюбоўнікам, думаючы, што я сёння паеду да жонкі. Здзівіўшыся, што я прыйшоў, яна спахмурнела, стала раздражнёная, раз за разам пакрыквала на Андрэя. Пайшла з кватэры, мабыць, пазваніла з аўтамата палюбоўніку, што сустрэча адмяняецца,— хутка вярнулася.

Павячэраў — ад снедання засталіся на патэльні два кавалачкі мяса; адчыніў даўно купленую бляшанку кансерваў «Кілька ў алеі з гароднінай», запіў кефірам.

* * *

Жонцы можна здрадзіць горш і больш, не маючы нічога з жанчынаю (а толькі думаць пра яе), чым мець блізкасць. Адзін няштатны аўтар-гумарыст расказваў у рэдакцыі: «Лашчу жанчыну, але не цалую яе. «Чаму ты мяне не цалуеш?» — пытае. «А як жа будзеш цалаваць, калі жонку цалую».

Нават самая недалёкая жанчына можа праявіць кемлівасць, калі даходзіць да здрады мужу.

* * *

Паспрачаўся з цесцем і цешчаю — у якой вадзе купаць малога, якую цеплыню трымаць у пакоі. У іх — вопыт, практыка, у нас з жонкаю — ісціны з дапаможнікаў маладым бацькам.

Прыехаў на спадарожнай позна. Люба, мабыць, не чула, бо раніцаю тыцнулася ў мой пакой — я ляжаў у ложку, але не спаў.

Яна пайшла на працу, тады я ўстаў. Бачу, памыты мой кухонны ручнік і нават адпрасаваны. Што гэта — знак увагі? Звычайная дэманстрацыя жаночай дабраты? А можа, выпадкова нечым забрудзіла ручнік, і тады ўжо недзе было дзецца.

У акно льецца ясная, сонечная раніца. Люба ў чорным скураным плашчы, з карычневай сумкаю на згібе локця, трошкі наструненай паходкаю, якая бывае ў тоўстых жанчын, пайшла на прыпынак.

Увечары прыйшла раней, чым звычайна. Неўзабаве званок у дзверы — і яе голас з кухні:

— Не замкнута!

— Прывітанне! — знаёмы мужчынскі голас — «дзядзя Міша» з чырвонага «Масквіча».

Бубнелі на кухні. Потым пайшлі ў пакой — і доўгая цішыня, дзіцячы, як ад шлакоткі, Любін смех.

Без слоў, моўчкі выпусціла мужчыну — шчоўкнуў ключ.

За акном — цемра. Гурчыць, заводзіцца машына.

У пакоі душнавата — з-за халадоў пачалі грэць батарэі.

* * *

Нядзеля. Прачнуўся ад мужчынскага голасу. Зноў палюбоўнік? Не падобна: ходзіць надта смела і гучна, не асцерагаючыся, размаўляе.

Схадзіў у кіёск па газеты, адчыняю дзверы — і Андрэй тут як тут:

— Плыйшоў, плыйшоў!..— І махае мне, заве на кухню. Чую, там шыпіць электрабрытва. Заглянуў. Голіцца тоўсты высокі мужчына ў сінім трыко і зялёнай афіцэрскай кашулі. Падае мне руку:

— Віктар Пятровіч.

Андрэй да мяне:

— Гэта мой дзядуля.— І ўжо да дзеда: — Бачыш, які халошы дзядзя Алесь, з вусамі... Ён з вусамі. А ў вас няма кваталантаў?

— Няма. Ты — шчаслівы...— Усміхаецца. Цяпер бачу: у Любы — ягоная ўсмешка і паўната ягоная.

Няёмка пры незнаёмым чалавеку снедаць. Але — паставіў варыцца два яйкі, дастаў з халадзільніка маянэз, масла, з хлебніцы — падчарсцвелы батон.

— Я курэй накупляў,— кажа Віктар Пятровіч.

— Па два пяцьдзесят?

— Не, па два дваццаць пяць. Але добра, яны выпатрашаныя, без галоў. У нас у Вінніцы за такімі чэргі, а ў вас ляжаць... Я пахадзіў па магазінах ужо. Жыць можна. Дываны, хрусталь свабодна. Людзі харошыя вы, беларусы...

— Усе хваляць.

— Што праўда, то праўда. Я пакуру, можна? — адчыняе фортачку, садзіцца на табурэтку.

— Калі ласка.

— Халасцякуеш?

— Напалову.

— Там у цябе нехта нарадзіўся — дачка ці сын?

Дзіўна чуць гэтае пытанне, ведаючы, што Люба яму ўсё расказала.

— Казак.

— Колькі яму?

— Яшчэ месяца няма.

— Жонка дзе працуе?

— На заводзе медпрэпаратаў.

— О, можна дэфіцытнымі лякарствамі гандляваць,— засмяяўся Віктар Пятровіч і пусціў у фортачку струмень дыму.

— Забараніў! — смяюся і я.

— А ты дзе робіш?

Маўчаць жа не будзеш, і Віктар Пятровіч пытаўся — абы гаварыць. А можа, хацеў праверыць, ці тое буду я гаварыць, што ён пачуў ад Любы.

— У рэдакцыі.

— Жонка далёка, як дабірацца туды, на чым?

Я адказаў і спытаў, як ехаць да Вінніцы. Перакусваў стоячы. Віктар Пятровіч падняўся.

— Можа, я заняў табурэтку?

— Не, сядзіце-сядзіце, я па-паходнаму,— супакоіў яго. Ён пачаў распытваць, падрабязна, нетаропка, як даехаць да аэрапорта. Чалавек ён быў грунтоўны, гаваркі, просты — тыповы адстаўнік.

Андрэй убачыў свой адбітак у нікеляваным чайніку.

— Глядзіце, дзядзя Алесь, я клывы! Чаму я клывы?

— Таму што чайнік круглы,— падказвае яму Віктар Пятровіч. Яму, відаць, прыемна з унукам.— Забяру Андрэя тыдні на два якіх... пакуль той санаторый... Няхай пабудзе ў нас, мы ж яго вырасцілі.

Мне цяпер здавалася, што няма большай радасці, чым радасць вучыць дзіцяці разумець свет.

* * *

У пакойчыку. Заходзіць Андрэй, гледзячы на мяне бліскучымі вачыма, асцярожна набліжаецца да стала. Рэзка тыцкае пальцам:

— Чый гэта гадзіннік?

— Мой.

— А гэта? — паказвае на будзільнік.

— Цёцін Галін.

— А як ваш тэлевізал называецца?

— «Нёман».

Адчынена тумбачка, на якой стаіць тэлевізар. Андрэй заўважае ў ёй пачак польскага пячэння, які ўсунула мне ў сумку жонка.

— Пачастуйце мяне, дзядзя Алесь.

— Частуйся.

Андрэй бярэ пячэнне. Падыходзіць, трасе маю руку і цалуе ў шчаку.

— Дзякуй! А можна ўключыць ваш тланзістал... тланзістал ваш? Токам не ўдалыць?

Я дазваляю. Ён націскае кнопку, круціць колца — трапляе на нейкую замежную радыёстанцыю. Ставіць каля мяне транзістар.

— Слухайце.— І радасны бяжыць да сваіх.— Мяне дзядзя Алесь пачаставаў пячэннем!

— Хто цябе туды зваў? — чуецца Любін голас.

— Мне дзядзя Алесь даў пячэнне! — з яшчэ большаю радасцю гаворыць Андрэй.

— Добра, еш.

Можа, праз хвіліны дзве зноў заходзіць.

— А я вас цукелкай пачастую...— кладзе на стол дзве шакаладныя цукеркі.

Неўзабаве — стук у дзверы. Думаю — Андрэй, пытаюся трохі ўжо незадаволена:

— Што хочаш?

Адчыняюцца дзверы — Віктар Пятровіч.

— А-а, гэта вы, прабачце... Думаў, Андрэй.

— Едзем. Шчасліва заставацца! — Падае руку, моцна цісне, прыязна глядзіць у вочы, як сыну.

— А вам шчасліва даехаць!

* * *

Надвор’е крута мяняецца. Учора — халадзіна, менш дзесяці градусаў, сёння — задуха. І зеляніна ўзялася адразу свежай, радаснай фарбаю. У лужынах, з краёў, па беражках, белыя пялёсткі вішань, якія раней за астатнюю садавіну зацвітаюць і хутка адцвітаюць.

На Камароўцы неахайна апранутая жанчына прадае хвалістых папугайчыкаў — блакітных, белых і салатава-зялёных.

— Сем рублёў штука! — гаварыла з такой інтанацыяй, быццам яе тавар богведама што.

Я зайшоў на рынак купіць кветак: заўтра прыязджае да мяне — праведаць — жонка.

Вечар, а Любы не чуваць. Няўжо і яна паехала ў адпачынак (збіралася), не папярэдзіўшы мяне? Але дарэмна я турбаваўся — прыйшла. Толькі позна.

Не адчыняючы дзвярэй, вітаюся і пытаю, ці можна аддаць ёй грошы за кватэру.

— Даўно чакаю,— адказвае, хоць я зацягнуў толькі на дзень.— Пяцьдзесят адзін рубель.

— А той раз?

— Здаецца, пяцьдзесят. Але ж тады я пазычала ў цябе семдзесят дзве капейкі. Якраз за электрыку, ты ж на колькі дзён адлучаўся...

— Дробязь! Лепш скажы: ты возьмеш нас на кватэру з дзіцём?

— Калі ласка, толькі на дзесяць рублёў больш.

— Ну што зробіш...

— Гэта нядорага. У мяне сяброўка на ўскраіне жыве і бярэ столькі. Магла б і менш узяць, калі б ты не быў дурны... Я думаю, што мы ўжыліся з вамі: вы не лезеце ў мае справы, я — у вашы. Канечне, Галцы з малым там летам лепш. Але... без жанчыны табе таксама сумна...

Яна была шчырая, гаварыла мне як даросламу чалавеку. І гэта мне лесціла: яна не стала мяне менш паважаць, паказвала, што не трымае крыўды, згаджалася, што не мае права замахвацца на маю вернасць.

Я ведаю, адкуль у чалавеку дабрата,— яна бярэцца з сэрца. Я не ведаю, адкуль бярэцца чэрствасць?

* * *

Сёння была ў мяне жонка. Каханне да яе і любоў да свайго сына я не прамяняю ні на што. Гэты прыезд — вялікая жончына самаахвярнасць, калі хто яе не ацэніць — той мярзотнік. Калі хто ці што і разваліць маю сям’ю, то толькі не я і не мною зробленае. Галюха, ашчаджай гэтыя мае пачуцці да цябе, яны — першае і апошняе, на што здольны чалавек.

Жонка аднаго майго знаёмага ў сварцы сказала, што сын — не яго. Гэты мой знаёмы падаў заяву на развод. Я, даведаўшыся, паехаў да яго на кватэру і запэўніў, што сын выліты бацька, хоць ён і быў падобны больш на маці,— хацелася захаваць сям’ю. Сям’ю не захаваў — праз год яна ўсё-такі распалася.

Успомніў, як у кафэ «Рамонак» да мяне загаворвала маладая жанчына — чарнявая абхазка. Запомнілася, бо дала мне значна больш гадоў — узрост Хрыста, і яшчэ тым, што сказала: «У жанчыны — дзве святасці: сям’я, дзеці».

У сутыкненні, размовах з людзьмі мы спазнаём жыццёвыя ісціны.

* * *

Упершыню вылез загараць. Мяккая халаднаватая трава на тарфяніку. Нельга спакойна ляжаць — розныя павучкі ды казюлькі так і лезуць на цела, казычуць.

Загрымела. З усходу насоўваецца цёмна-сіняя, як не чорная хмара. На яе фоне бліскаюць белыя крышталіны кропель.

Ужо калі быў у кватэры — суха ляснуў пярун. Зашумеў густы дождж.

Запісаў у загсе сына, назвалі Максімам. Назіраў, як маладыя пары падавалі заявы на шлюб. Відаць, хто каго прывёў: ён яе ці яна яго. Адна радасным голасам: «А я трапіла пад такі лівень!..» —разумей: а ўсё-такі прыйшла. Другі сумным: «Ледзь кветак разжыўся...» — разумей: бачыш, як я цябе кахаю.

Думалася: шчаслівых шлюбаў няма, уся справа ў тым, хто што знойдзе ў ім.

Уразіла адна маладзенькая, цнатліва-сарамлівая дзяўчына з букетам цюльпанаў — вочы вялікія, сінія і... сумныя. Глядзяць на выбранніка тужліва, з такім сумненнем, быццам пытаюць: «Ну, ці можна табе даверыцца?» Як не плакала, запаўняючы і за сябе, і за яго паперы. Ён — маленькі, з бародкаю-клінком і рэдзенькімі вусікамі, кучаравы; увесь час трымаў яе сумку, упусціў, рассыпаў што ў ёй было. Дзяўчына сагнулася паднімаць, але ён апярэдзіў, адсунуў крэсла.

Пайшлі ў кабінет, падружоўленыя ад хвалявання, трохі збянтэжаныя. Забылі на заплямленым чарнілам стале свае цюльпаны.

«Дай вам бог шчасця!..»

У паветры — парната. І як адразу пахуча, свежа і бучна зазелянела ўсё вакол. Надта кусты акацый з жоўценькімі зорачкамі кветак.

Асфальт падсох, толькі каля бардзюраў мокра.

* * *

«Столькі перанесла гора, пакут, а колькі яшчэ наперадзе... І чаму б хоць на момант не забыцца на іх, знайсці радасць у ласцы з мужчынам?» — думаў іншы раз я, апраўдваючы Любу.

Да мяне прыехаў сваяк, пляменнік дзядзькі Сцяпана, прывёз дакументы ў медінстытут. Замахнуўся!

На стале ў нас бутэлька сухога віна. Зваў і раз і другі Любу — не хоча. На дыеце. Калі быў яе бацька, чатыры дні не піла і не ела, пакуль не стала блага. І цяпер — яшчэ дваццаць пяць дзён. Папрасіла толькі ў сваяка пару цыгарэт.

Гляджу — яна здорава пахудзела. Навошта, кажу, так марнаваць сябе? Жанчына павінна мець цела. «Трэба ж сачыць за сабою, каб некаму спадабацца»,— адказвае. Пайшла, наструнена трымаючы паставу. Выраз у кофце быў і на спіне, адкрываў плечы — моцныя, гладкія, што дыня.

* * *

Андрэй зноў дома. Яму хутка ў санаторый. Без яго было сумна.

Не вылазіць з майго пакоя.

— А дзе цёця Галя?

— З сынком у маці сваёй.

— А вы адны? — гладзіць мяне па галаве.— Жаніцеся на маёй мамцы... Дзядзя Алесь, жаніцеся на маёй мамцы.

Люба пачула, зайшла ў пакой. Замахнулася на Андрэя.

— Зараз лупцака дам! Што ты трындзіш?

— Не чапай ты яго, Люба,— смяюся я.— Ён у цябе такі фантазёр! — І пацяшаюся з Андрэя: — Дык мы ж і так жанатыя.

— А вы ж не спіцё лазам,— хітра, проста з дзіўнай праніклівасцю глянуў на мяне.

— А што, трэба?

— Як далослыя... Як далослыя! — смяецца Андрэй і бяжыць хавацца ад маці.

— Во і гавары, што дурны,— сказала Люба так, каб ці не папікнуць мяне, што Андрэй нашу сітуацыю разумее лепш, чым я.

— Ён не дурны, а...— я, усхваляваны, не адразу знайшоў слова, якім ахарактарызаваць Андрэя.

— Нічога, вырасце, працаваць будзе... такія працуюць,— упэўнена сказала Люба, абнадзейваючы сябе, хоць — было відаць — радасці ў сваіх словах аніякай не знаходзіла.

— Мне здаецца, душа ў яго поўная любві...

— Ад маці...— Яна ўся аж затрапятала ад усмешкі. Божа, што гэта была за ўсмешка!.. Гэта — было сонца. Сонца пяшчоты, удзячнасці, мілаты. У яго промнях хацелася стаяць, купацца, лунаць, грэцца. Няўжо я чэрствы, глухі, халодны, эгаістычны?

«Эгоизм — прочная основа целомудрия» (Флабэр).

* * *

Жанчына, якая не мае сям’і, ніколі не будзе адчуваць сябе шчаслівай, хоць ніколі і не губляе спадзеўку на шчасце.

Я глядзеў на Любу, на маленькі выпуклы фужэрчык у яе вачах, да сценак якога прыліплі белыя кропачкі пузыркоў. Мне было няёмка ў гэтую мінуту чытаць яе позірк, і я свядома засяроджваў увагу на фужэрчыку, а не на зрэнках.

— Андрэй пажаніў ужо нас... Што будзем рабіць? — цьмяна гаварыў, можа, хвілін праз дваццаць я, туманістымі вачыма гледзячы на Любу.

Яна палажыла на маё плячо руку. Я ніколі не адчуваў на сваім плячы па-сапраўднаму жаночую руку — я не буду яе апісваць: кожнаму жаноцкасць бачыцца па-свойму.

— Зрабі мяне шчаслівай, Алесь...

— Хіба я маг? — усміхнуўся я.

— Хоць і не маг, а магёш...— Яна абвіла мяне за шыю, шчыльна прытулілася гарачым тварам — уся цёплая, жывая, шчодрая.

...У яе целе была тая свабода, якая бывае ў дрэва, што расце на добрай глебе адзінока, не адчуваючы напору другіх дрэў.

* * *

Шукаць апраўданне сваім слабасцям — у гэтым сэнс чалавечага існавання.

Рабіць дабро, любіць — гэта не абавязак, а ўнутраная патрэбнасць.

У выхадны, калі жонка бярэцца мыць дзіцячыя полкі, паўзуны, кашулькі, я выкочваю каляску з сынам на вуліцу. Паставіць і сядзець на лаўцы чытаць, як некаторыя, не магу. Я памалу качу яе па вуліцы Горкага, аж да самай Свіслачы.

Ніцыя вербы па-над закаванаю ў шурпаты бетон Свіслаччу бязвольна звешвалі да зямлі жаўтлявыя гірлянды вузенькага лісця, якія ласкава пакалыхваў вецер.

Загрузка...