- Не, Кiра, я й ня чуў, што ты тут...

- Ты пацееш, - Кiра разгарнула насавую хустачку, - я вытру табе лоб.

- Пацею, Кiра. Ажно пад патылiцай мне мокра... Прамокне падушка...

- Прыходзiлi нейкiя калегi да цябе, - сказала Кiра. - З каапэратыву. Двух. Але я iх ня ведаю, Сьцяпан.

- Што яны казалi?

- Пыталiся пра тваё здароўе - яны, здаецца, былi п'яныя...

- Ага... Ужо ведаю, хто быў.

- Цi нешта важнае магло здарыцца, Сьцяпан?

- Адкуль-жа?! - усьмiхнуўся ён. - Такiя, вось, сябры, дый столькi.

- Не спадабалiся яны мне.

- Непрыгожыя?

- Ты, калi што ляпнеш... - пакрыўдзiлася Кiра. - Я цярпець не магу п'яных у будзённы дзень! Гэта несур'ёзныя людзi.

- Або нешчасьлiвыя.

- Сказаў, што ведаў... Добрае гэта iм няшчасьце пiць гарэлку, гультаём! Знайшоў ты сабе сяброў, што хай Бог баронiць!

- Што было мне рабiць, Кiра? - ён кплiва зiрнуў на яе. - Нямаш лепшых.

- Пашукай - калi яны табе конча патрэбныя.

- Шукаў я, Кiрачка. Як ведаеш, да самога старшынi спрабаваў пазаляцацца, ды дзе там: налiў ён сабе горла й больш не паказаўся ў нас, сабака. А прылiпаў я да яго, ой, прылiпаў...

- Ах, усе вы, мужчыны, аднаго сука вартыя.

- Слушна! Пачну я цяпер з бабамi...

- Яшчэ чаго! - Кiра падала Сьцяпану газэту. - Лепш пачытай, што на сьвеце робiцца.

- Кiнь яе, Кiра, во сюды, - весела ўказаў ён на столiчак ля ложка. - Цяпер я ня буду чытаць газэту. Уваччу мне круцiцца.

- Старайся заснуць, Сьцяпанка.

- Колькi можна...

Цешча паклiкала Кiру ў кухню. Ад прычыненых дзьвярэй далятаў пах смажанiны, i Сьцяпан адвярнуўся да сьцяны.

Сьцяпан Сумленевiч, ты пераскочыш старшыню, - гэтак, нячутна, якiсьцi... З тых, хто прыходзiў наведаць яго? Ты добры, бо ў цябе няма выйсьця. Разумееш? Дабрыня зьяўляецца ў цябе сродкам. Ты, Сьцяпан, бессаромна махлюеш, называючы яе сваёй мэтай! Я, Сьцяпане, у дзяцiнстве марыў пра малаточак. Калi яго, нарэшце, займеў - вышукаў яму адмысловае месца, пад iконаю. Бацька аднойчы ўбiў iм цьвiк у сьцяну, i я, ад такой зьнявагi, плакаў...

- А я, - умяшаўся Сьцяпан, - калi ты хочаш ведаць, дык не супроць пакарыстацца дабром у iмя шчасьця чалавечага...

- Мы ўжо гаварылi з табою пра гэта, - перабiў Сьцяпана... Нейкi мутант? Паўтараесься! Сьвет iснуе, Сьцяпане, ня толькi ў тваiх памерах. Цябе, бачу я, зьдзiўляе тое, што думку нельга ўзважыць або вымерыць цэнтымэтрам? Га? Усё па-за фiзыкай, дарагi, калi ўспрыймаць рэчаiснае як iдэю...

- Адчапiся! Мне балiць галава...

- Болю таксама ня зьмераеш, напрыклад, грамамi. I роспачы. I жалю, суму.

- Каштоўнае не паддаецца малатку...

- Уставай, Сьцяпанка, есьцi, - зьявiлася Кiра. - Атулiся пледам i сядзь. Паабедаеш у пасьцельцы.

- Каб ты ведала, Кiра, як я гiджуся ежаю!

- Перамагайся! Табе трэба мацавацца.

- Калi пагляджу я на цябе, дык робiцца мне лягчэй. Ты - маё лякарства!

- Ах, чым ужо я не была ў цябе: мышкаю, хмурынкай, iскаркай, пчолкай, шчасьцейкам... Аптэкаю - першы раз, - яна падала Сьцяпану грэбень. - Ну, варушыся, Сьцёпа, прыгладзь свае кудлачы.

Расол з курыцы ды катлетка па-венску былi, несумненна, смачнымi. Каб пракаўтнуць iх, Сцьпан дапамагаў сабе, зазвычай, аналiзам памылак герояў у кнiжках, якiя чытаў у дзяцiнстве... Палкоўнiк наладзiў засаду ля пераходу цераз Патамак. Ён зрабiў-бы лепш, застаючыся ў крэпасьцi. Праўда, Вялiкае Вока меў магчымасьць аблажыць гарнiзон Джона, каб голадам прымусiць яго здацца ў палон; харчоў хапiла-б яму не больш як на тыдзень, ну, на два, калi браць пад увагу конскае мяса. Першае, што павiнен быў зрабiць палкоўнiк, гэта выкапаць у крэпасьцi калодзеж - блiзка галоўнага збудаваньня. З вадою можна доўга пражыць! Далей - карыстаючыся разьмяшчэньнем над затокай Патамаку - была ў Джона магчымасьць арганiзоўваць рыбную лоўлю невадам, узьвесьцi шырокае памосьце, абгароджанае частаколам... Рыба штодзень, безумоўна, надакучае, але, калi-б нарыхтоўваць зь яе ўсялякiя стравы з дадаткам канiны, тады атрымалася-б няблага. Шчупачок, скажам, печаны на ражне, жоўценькi, гм, смакавiты пальчыкi аблiзваць! Або акунькi. Драбязу найлепш смажыць, а вялiкiя рыбiны кiдаць у юшку.

- Еш, Сьцяпан, - заклапочана загаварыла цешча, што ўвiхалася ля плiты. Усё еш.

- Ем...

...Iньдзейцы сушаць конскае мяса: рэжуць яго ў вузэнькiя палосы. Сухое, яно не псуецца. Каб пячы, трэба спачатку памачыць яго?

Вялiкае Вока не стрываў-бы доўга пад крэпасьцю: зямля ля падножжа гораднi аказалася-б усыпанай касьцямi рыбак! Чырванаскурыя ваяўнiкi, босыя, адбягалiся-б прэч пад агнём са стрэльбаў, адпаўзалiся-б, ня могучы ступiць нагою... Ах, адбылася-б разьня... Трупы гнiюць, шыраць заразу. Спатрэбiлiся-б перамовы зь Вялiкiм Вокам, каб дазволiць яму забраць тую трухляцiну, ага. А што было-б, калi-б ён здагадаўся?..

- Катлетка смачненькая, - падселася да Сьцяпана Кiра. - Чаму ты не ясi? Ну, хоць кавалачак...

- Не падганяй мяне, Кiра. Я зьем, - Сьцяпан: "Калi-б я быў на месцы палкоўнiка Джона..." - Кажу табе, што зьем, значыць - зьем!

- Не надакучвай ты яму, - бессэнсоўна заступiлася за яго цешча. - Хворы... Слабы...

- Я налью яму гарбаты, - падхапiлася Кiра. - Моцнай, iндыйскай.

- Хочаш змарнаваць чалавека! Вунь, з павiдлам трэба! - цешча паставiла слоiк з чорнымi парэчкамi.

Кiра рэзка адказала матцы.

Ёй усё часьцей здаралася спрачацца са старою. "У яе гэта ад гаспадынiнскай ролi, - заключыў аб жонцы Сьцяпан. - Незайздроснае служэньне мужу нават жыцьцярадасную жанчыну пераўтварае ў мэлянхалiчнае стварэньне. Перакрэсьлiвае яе значнасьць. Яна стаецца неабходным дадаткам да кватэры, мэблi, пасьцелi, мараў... Каханьне, i тое ня можа тут нiчога зьмянiць. Наадварот, зацьмяняючы ўсьведамленьне аб'ектыўнага становiшча, закончваецца яно гвалтоўным выбухам скаргаў на мужа ды жалю да яго. Страсьць - толькi эпiзод жаданьня, iмя якому Мець. (Чорныя парэчкi, чуў Сьцяпан, узмацняюць нэрвы.) Прэм'ера яснасьцi выклiкае шок. Няўжо быў я сьведкам рэпэтыцыi таго ў Кiры?" - Сьцяпан страсануў крышынкi з пледу.

- Дзякую вам. Я лягаю хварэць далей.

- Смакчы глюкардыямiд, - сказала Сьцяпану цешча. - Гэта ўзмоцнiць тваё сэрца, - яна высыпала на плед некалькi цукерынак прафiляктычнага леку, - вось, дастала ў знаёмай...

Кiра вымывала ў кухнi гаршчок.

- Не пашкодзiла-б дастаць па знаёмстве крыху шчасьця на жыцьцё, - сказаў Сьцяпан. I не адумаўшыся: - Ну, каб хоць дзе-небудзь пазычыць яго!

Кожная зь iх зразумела яго па-свойму.

"Калi сапраўды яно так, што застуда наганяе нэрвозную ўзбуджанасьць, дык мне яшчэ далёка да выздараўленьня, - практыкаваўся Сьцяпан. - Я-ж, фактычна, у чужой хаце, а пляту такiя глупствы! I нашто мне гэта?! У чымсьцi падобны я да Кiры? У зносiнах са старшынёй? Ён-жа прапанаваў мне своеасаблiвы шлюб! Цi-ж ня так? Будзь маёй, э, сакрэтнай каханкай, мiлы Сумленевiч. Э, не пашкадуеш таго, - перакрыўляў яго Сьцяпан. - Божа мой, дай мне сiлу памяняць працу! Або нагоду дзеля гэтага. Го-го, лёс паказвае хвiгу... Умееш, Сумленевiч, толькi прасiць, кажа лёс. Прэч, баязьлiвец! Уцякай, бо сабакаў нацкую на цябе. Ну!.."

Пошукi новай працы. Лёгка сказаць сабе, што пакiну багну, у якой засеў па заднiцу, i вылезу на сухое месца. Неяк аднаго разу Сьцяпан выцягваў з кляткi цешчыну курыцу: падчапiў, дурную, рыдлёўкай ды ўдала выкiнуў на бераг. Яна, выратаваная, паляжала на баку, а потым, як бы сама ня верачы ў шчасьлiвую ёй падзею, села й разглядалася. Калi, мокрая й абясьсiлелая, урэшце падыйшла да iншых курэй на падворыку, тыя пачалi дзюбаць яе, бедную, i праганяць. Слабую й гiдкую! Яна хавалася ад iх, пераважна, у лапухох, што буйна расьлi мiж платамi; куры няхутка прынялi яе назад у чараду. Няўдалiца так i хадзiла збоку ад усiх, быццам у кожную хвiлю чакаючы ўдараў...

Зьмянiць працу. Ад чагосьцi трэба пры гэтым адмовiцца. Нешта - тут прайграць. У нечым камусьцi паддацца. Перабегчы з адной дарогi на другую, цераз аблагi або кустоўе, калечачыся й марнуючы адзеньне, са страхам... Зь iмклiвасьцю, якая, апроч адноўленай надзеi, наўрад цi да чаго наблiжае. Як паварот з бурлiвага возера ў затоку, каб зь iншага напрамку дасягнуць намечанае далёкае; мо' ўздоўж чаротаў i парослых лесам страмiзнаў, абаплываючы паўвостраў Высмалы...

Рабi што хочаш, а й так выйдзе на тое, што перайшоў ты на багацейшы заробак, дзеля якога трэба будзе апусьцiць хвост - пераканаесься - вельмi нiзка. Стаўкай будзе - выявiцца гэта табе - магчымасць звычайнага фiзычнага iснаваньня з хiлымi аздобамi накшталт асабiстага гонару або ўласнага, выключна ўласнага, пачуцьця годнасьцi.

"Залiшне я палохаюся?" - Сьцяпан дастаў зь бiблiятэчкi кнiжку, якую забываў прачытаць: "Мiкалай I i яго часы". За акном буркаў голуб, на выгнутай галiне сьлiвы. Адзiнокi, ён прылятаў сюды аднекуль з Садовай? З-за майстэрнi шапнiка, пагорбленага скнары, у якога дачка ўцякла з паручнiкам, як казалi, на чэскую гранiцу...

Голуба Сьцяпан бачыў ня раз; ён у чымсьцi быў яму патрэбны...

Не чыталася Сьцяпану.

I, наогул, замаркоцiўся ён.

У ваглядзе ўжо пяройдзенага ёсьць салiдная адлегласьць, што дазваляе назiраць за прадметам цi зьявай - поўнасьцю. Сьцяпана неспакоiла ўласная нецярплiвасьць у суадносiнах з асобамi, зь якiмi ён сутыкаўся на службе. У некаторай ступенi спалучаў ён гэта са сваiм становiшчам, з тым, што ня меў патрэбы змагацца за тое, што называлася нiштаватымi ўмовамi быту. Не даходзiў да яго непасрэдны сэнс намёкаў старшынi наконт матэрыяльнай карысьцi супражжа зь iм, i мёртвага зацiску, уладнага, у выпадку супрацiўленьня...

Бясстрашша Сумленевiча, незразумелае ў супастаўленьнi зь мiзэрнасьцю прадмету разнагалосься, падказвала залiшне здагадным яго сябром iснаваньне ў iм не дэшыфраванай мэты, дзеля якой уяўляўся ён iм гатовым на ўсё! Прытым застрахаванай, вiдаць, надзейнай зарукай...

"Яшчэ ня позна мне паправiцца?" - Сумленевiч выразьней учуваўся ў характар свайго падыходу да штатных абавязкаў у каапэратыве, з тоенай прыемнасьцю канстатуючы iхную, у немалой меры выгодную, функцыю. Меў ён на тое доказы ў выглядзе падтрымкi яго пачынаньням, якую дэкляравалi якраз супрацоўнiкi ня толькi пазбаўленыя рэальных уплываў, але, што найгоршае ў найгоршым, i волi да барацьбы. Алькаголiкi-пачаткоўцы. Сэнтымэнтальныя. Спадзявалiся пагрэцца каля яго?

Гэта паказвала на наяўнасць памылкi, да таго-ж асноўнай, што, магчыма, меў ён справу з незразуменьнем самога сябе. Са стварэньнем, вiдаць, несур'ёзных праблемаў, якiя зацiкаўлялi яго - мо' й выключна яго? - перш за ўся настроем i пачуцьцёвай абалонкай, бы ў людзей, сьпiхнутых у бок, што страцiлi здольнасьць цэльна аналiзаваць навакольнае...

У неталерантнасьцi да заганных паводзiнаў блiзкiх яму асобаў, Сумленевiчу не давала супакоенасьцi нешта процiлеглае, падобнае да зьдзiўленьня, аднак безназоўнае. Непараўнальнасьць iмкненьняў з дасьведчанасьцю, неперавараная ўпэўненасьць у тым, што адзiнка падлягае дзеяньню безасабовых утварэньняў, акалiчнасьцям? У Сьцяпана былi веды па гэтаму пытаньню; не хапала яму непаўторнага, свайго, матэрыялу, якi можна ўзяць са сьвету, каб самому ўспрыняць праўду аб iм, няхай i агульнавядомую...

Гарэў ён ад нецярплiвасьцi.

Зь непрыстойнай маладому чалавеку расьцягласьцю вёў Сьцяпан дыспуты аб сьмерцi, аб культуры памiраньня. (Потым - празь якiх дзесяць гадоў пасьля спадзяванай iм катастрофы - Сьцяпан, звычайна, клапацiўся пра бягучы дзень.)

Апрача Кiры, аргумантамi Сьцяпана трывожыўся бухгальтар: шкада, халера на яе галаву, празь сьмерць пакiдаць сьвет! "Бо й нашто? - сказала прыбiральнiца, пяцiдзесяцiгадовая паненка, мацi шасцярых дзяцей, на якiя не засудзiла яна алiмэнтаў. - Вы яшчэ не адной бабе будзеце прыдатныя. Зусiм што iншае я: хацела-б памерцi, але, кажуць, страх пабачыцца з кастухаю... От, можа, й не такi страх, бо калi прыгледзецца нябожчыку, дык кожны зь iх выглядае яксьцi задаволеным. А ваш папярэднiк усё роўна што сьмяяўся ў труне".

Накрычалi на лапатуху.

16

Сумленевiч прыйшоў да бухгальтара, каб правесьцi зь iм калькуляцыю цэнаў заплянаваных у каапэратыве вырабаў.

Высокiя лiчбы.

- Хто гэта купiць за такiя цэны, мiлыя?! - зьдзiвiўся бухгальтар пасьля падлiкаў i зьняў акуляры, якiмi карыстаўся ён падчас працы; працёр запацелыя iх шкельцы. - Глупствы ў нас выйшлi, пане Сумленевiч.

- Думаеце, што сумненьнi патрэбны нашым начальнiкам? - нэрвова пазяхнуў Сьцяпан. - Можаце запiсаць iх сабе ў прыватны дзёньнiк...

- Гм, а што начальству патрэбна?

- Нiчога: фiкцыя!

- Калi ласка... Калi ласка, - бухгальтар зноўку падсунуў да сябе арытмомэтр i выкручваў на iм чарговыя дадзеныя, па-хлапечаму пасьвiстваючы. Раз нiчога, дык нiчога, мiлы. Мая справа збоку.

- Вам не шкада гадоў, праведзеных збоч дарогi? - зласьлiвiў Сьцяпан.

- Як? Якой дарогi?

- Так гаворыцца...

- Ага... О, духоўка будзе каштаваць утрая даражэй, чымсьцi...

Сумленевiч ня даў яму дакончыць.

- Кiньце пераймацца гэтым, шаноўны пане. Купяць людзi духоўку i ў пяць разоў даражэйшую! Каму яна неабходная, той за любую цану купiць яе.

- Гм, - стары вырачыўся на Сумленевiча, заўважыўшы, што той не жартуе. Лёгка сказаць, мiлы, - ён паўстрымаўся ад далейшых выказваньняў, якiя, праўдападобна, Сьцяпан пачуў-бы ў наступным слоўным убраньнi: малады чалавек, я лiчу, што нельга... i г. д.

- Купяць, - паўтарыў Сьцяпан. - Пакупнiкi стагнаць будуць, а купяць!

- Невядома...

- У нас?

- Зь людзьмi.

- Зь людзьмi? Вядома!

Стары вывеў падлiкi й, сапучы, падаў Сьцяпану запiсаны лiсток.

"Чаго ён злуецца на мяне?! - Сьцяпан падзякаваў бухгальтару й выйшаў да сябе. - Я зьнелюбiў яго не таму, што суне ён нос у не сваё. Бухгальтар экспанат часткi мяне, той, якая абурае якраз i ганьбiць..."

Ён пачуў у калiдоры:

- Добры дзень.

Сьцяпан адказаў на прывiтаньне й паглядзеў усьлед за кiмсьцi.

Ён чакаў думкi, што ўзварушыла-б яго цэлага; уяўляў нават, як гэта адбудзецца. Не здагадваўся, аднак, якi будзе зьмест пералому. Адно было яму несумненнае: зьявiцца ў iм, Сьцяпане Сумленевiчу, нешта вялiкае. Надзвычайнай важнасьцi! Зь бязьмежнай ахвярнасьцю зь яго боку, як умова падзеi. Гэтае нарадзiлася ў iм яшчэ ў час вучобы ў сярэдняй школе. У пачатковай! Аднаклясьнiкi празывалiся на Сьцяпана Котляр - так называўся аптэкар, тоўсты тып зь блiшчучымi валасамi, якi жыў у канцы Гродзенскай, у домiку зь белымi сьценамi пасярод садка. Хлопцы хадзiлi туды ў яблыкi й сьмяялiся памiж сабою, што латошаць iх перад самюткiм носам таго дзiвака, якi адвячоркамi сядзiць на ганку й чытае сабе. Аднаго разу Рыжы кiнуў сьлiўкаю ў аптэкара, але той не адагнуўся з-над кнiжкi, каб паглядзець, што здарылася; пачухаўся па карчыску дый столькi. Рыжы любiў быць экзэкутарам. З асалодаю наляскаў ён Сьцяпана па мордзе за тое, што той згадзiўся насiць вугаль i дровы ў павець ля школы, каб заслужыцца перад выхавальнiкам клясы.

Пасьля хваробы Сумленевiч пайшоў на працу пасавелым. Ён нават крыху недачуваў, што - пацьвердзiла гэтае лекарка - насоўвала дапушчэньнi аб узьнiклых ускладненьнях у арганiзьме ў вынiку вострага запаленьня лёгкiх.

- Ты зноў хварэеш, - пацiкавiўся быў Сьцяпанам цесьць. - Ну, хварэй, - i, павярнуўшыся: - Мацi, дай мне есьцi, - ён паправiў ражок пледу, якiм накрыўся Сьцяпан; усьмiхнуўся да яго вачыма. - Ляжы сабе. Будзе добра, - сказаў ён Сьцяпану, як намёк на мужчынскую тайнiцу.

Ён марудна паабедаў.

Цесьць зьявiўся дома даволi рана, але ня тое зьдзiвiла Сьцяпана, якi прызвычаiўся да позьнiх вяртаньняў старога дамоў i сакрэтных яго шэптаў (зь цешчай). Кiрыны бацькi здавалiся Сумленевiчу цiхманымi ўласьнiкамi кватэры, якую ён быццам наняў у iх. Яны - цяпер сьцямiў гэтае - самi не пыталi ў яго пра мацi й бацьку, пра радню. Iм, вiдаць, хапала таго, што ў дачкi ёсьць неблагi мужчына, не рызыкоўны, i лiчылi гэта акуратна ўладжанай патрэбай iх дарослага дзiцяцi. Калi памерла й мацi Сьцяпана, цесьць сказаў за сталом: "Якi-ж ён вам сiрата?! Сьцяпан, хiба, разьвёўся з Кiрай?" Цешча, праўда, сумелася на тое й, напэўна, нагаварыла - потым - яму непрыемнага. (Кiра нiчога ня чула, падаючы жалобнiкам закуску.)

- Хваробу трэба вылежаць! - сказаў Сьцяпану цесьць. Неўзабаве ён прынёс яму табурэтку. - Тут, на ёй, будзеш есьцi... Ты так не паддавайся бабам. Яны, каб менш работы мець, гатовы кармiць чалавека з гаршка, - ён строга загадаў падаць ежу сюды, а сам сеў побач, як бы дапiльноўваючы выкананьня сказанага iм.

Сьцяпану прапаў апэтыт. Суп ён яксьцi праглынуў; другую-ж страву ўжо не адолеў. Было яму гiдка й адначасова сьмешна. (У маленства Сьцяпан чухаў бацьку ў пяты - за тое атрымоўваў ад яго кожны раз па два злоты.)

- Дзякую вам. Я наеўся.

- Ты яшчэ ня дзякуй, еш, - старажаваў каля зяця цесьць. - Хто ня есьць, той не працуе, гэ...

- Яксьцi ня хочацца мне...

- Эх ты... - стары ўладна ўсьпёрся рукою на калена. - Колькi даюць табе, скажы, на рабоце?

- Чаго даюць?

- Грошай.

Сьцяпан сказаў.

- Няшмат, - заключыў цесьць. - Гэта, дарагi, не заробак.

- Як на пачатак - нямала, - Сьцяпан улёгся ў пасьцелi: "Мусiць, цешча пасадзiла мяне на язык". - З часам павысяць.

- Гм, павысяць... На трыста злоты. Гэта добрае паненцы, - гаварыў ён зьвяглiвым голасам. - Старшыня бярэ, дарагi, ня грошыкi, як ты, а яшчэ й падзарабляе, - стары кiнуў на Сьцяпана насьцярожлiвы позiрк, быццам сказаўшы яму лiшняе.

- Ён?!

- Ён, ня ён... Чаго вы там, скажы, не падзялiлi памiж сабою, што ўжо сварыцеся?

- Я - са старшынёю? - Сьцяпан хоць i ведаў пра сувязi цесьця ў каапэратыве, але ўсё-такi зьдзiвiўся ягонай праiнфармаванасьцю. - Хто вам гэта казаў?

- Слухай, - цесьць абмiнуў пытаньне, - ён не жадае табе зла. Ты кiнь скакаць яму да вачэй. Справядлiва табе кажу: зь iм многае магчыма. Гэта дзелавы чалавек i ты трымайся яго.

- Старшыня, хiба, уласьнiк каапэратыву, што трэба зь iм дзялiцца?! злосьць, як вiхор, скаланула Сьцяпанам. - Мяне не цiкавiць тое, кiм ён адчувае сябе. Я выдушу зь яго ўсё, што ён павiнен зрабiць дзеля агульнай карысьцi, пра тую размову Сьцяпан змаўчаў, трапна падумаўшы, што сваё абурэньне на шпiкоўскiя спробы шэфа лепш захаваць сабе: "Няма чым хвалiцца!"

- Як хочаш, - сказаў цесьць.

Якраз увайшла Кiра, засьнежаная й зь вялiзным пакункам, як здалося Сьцяпану, яблыкаў...

- Бач, Сьцяпан, што я купiла! - цешылася яна. - Пашанцавала мне: уваходжу я ў краму, ды вачом сваiм ня веру - прывезьлi апэльсiны! - Кiра паставiла высокую торбу на падлогу й выбегла ў ванны, каб там павесiць памакрэлае на ёй футра. - Зараз будуць табе, Сьцяпанка, адменныя вiтамiны... Сыцылiйскiя!

Вясёлая яна, калi ня трэба.

Цешча, усё роўна што з боязi перад дачкою, сьпешлiва пазьбiрала пасуду й узяла табурэтку; яна невыразна буркнула нешта наконт некранутага Сьцяпанам ежыва. "У гэтым доме ўсе ўсiх баяцца? - кампот Сьцяпан выпiў са смакам. Страх i падпарадкаванасьць - вось генiй натоўпу!"

Назаўтра стары зноў быў дома раней звыклага часу. Мо' цярпеў ён ад тоеных няўдачаў? Адна Кiра як бы не прыкмячала зьмены ў побыце бацькi. Яна, зрэшты, часьценька выходзiла ў горад, нязьменна прыносячы яблыкi, якiх i без таго было дома ўдосталь. Сумленевiч - усхваляваны тым, што пачуў ад цесьця - забыўся на нямiлую яму ажыўленасьць жонкi. I, празь якi-небудзь год пасьля, ня мог ён дашукацца пачаткаў свайго няшчасьця з Кiрай, пройгрышу, ад якога мужчына, як правiла, скоўзваецца ўнiз. Валiцца ён без паратунку, самагубна!..

- Вось табе я скажу, - неяк гаварыў цесьць. - Даўно ёсьць аказiя, якой ты ня бачыш. Так, во... Па шчырасьцi кажучы, у цябе магла-б быць другая выплата, куды большая ад штатнай, во!..

- Якiм цудам?

- Ля каапэратыву круцяцца замежныя кантрагэнты. Яны прыстойна плацяць за тое, што iм патрэбна.

- Пацiху?

- Дурань ты, - сказаў цесьць. - Замежнiкi даюць зарабiць у вадпаведнасьцi з усiмi трохсотпяцiдзесяцьцю прадметнымi законамi нашай дзяржавы. Нiчога нелегальнага там няма.

- I старшыня карыстаецца гэтым?

Ён адказаў Сьцяпану не адразу:

- А карыстаецца, карыстаецца... Улады ня супраць таго, каб чалавек багацеў з працы ўласных рук. У тым, што хтосьцi мае проста мiльёны ў вашчаднай касе, няма злачынства.

- Ого, калi гэта старшыня пасьпеў гэтулькi награбцi, - Сьцяпан не сказаў цесьцю: "Вы каля судоў круцiцеся, я веру вам". - Што-ж, малайчына!

- А ты ня сьмейся зь яго. Я з табою - усур'ёз...

- Што вы мне прапануеце?

- Я ўжо казаў табе.

- Зарабляць мне са старшынёй? Чаму-б не, але пра гэта я першы раз чую, ад вас, - адказаў Сьцяпан у дэкляматарскiм тоне. - Мой шэф, калi што й гаварыў мне, дык толькi адны паскудзтвы, ажно сорамна паўтараць iх. Ён ня мае намеру ашчасьлiўляць мяне дабрабытам, а я ня маю намеру напрошвацца яму ў супольнiкi.

- Скандалiш зь iм i чакаеш ад яго прыхiльнасьцi?

- Ага, ён ужо паскардзiўся на мяне перад вамi, - Сьцяпан: "Стары, урэшце, ускiпiць!" - Прызнаюся, што мне прыемна гэта пачуць. Не такi ён моцны начальнiк, значыць, на якога выглядае.

- Хэ-хэ-хэ, сказаў, што ведаў... Ён цябе, браток, бы муху тую, узяў-бы ды - хрусь! - расьцiснуў, хэ-хэ-хэ... Бачу, што ня надта разумееш ты, на якiм сьвеце жывеш.

- Сьвет - гэта гiганцкiя аб'яднаньнi зладзеяў ды каапэратывы камбiнатараў? Я - у вадным зь iх? I не дарос я да рэчаiснасьцi? Да таго, каб брыняць капiталам, на нiшто не зважаючы? - Застуда, падумалася Сьцяпану, несумненна спараджае ў мяне рэфлексы дзiцяцi, якому перашкаджаюць у гульнi.

- Ай, пра што мне з табою гаварыць, - цесьць, сканфужаны, налiўся крывёю. Выходзячы ад Сьцяпана, ён бразнуў дзьвярыма.

Садоваю праехаў грузавiк, енклiва скавычучы маторам. За беларускiмi могiлкамi засноўваўся квартал асабнякоў, i гэта туды кiравалiся транспарты з будаўнiчымi матэрыяламi, паўфабрыкамi. Быццам малатарня ў прыгарадным загуменьнi, ляскатала там бэтонамяшалка.

Будавалi асабнякi каапэратыўныя брыгады. Заказчык абавязваўся забясьпечыць iм пастаўку цэглы, цыманту, вапны, пяску, што было няпростай справай (апрача пяску). Кожны зь iх мазгаваў самым фантастычным чынам. Яны зыходзiлiся ранiцай у каапэратыў, стаялi ў калiдоры, галасьлiвiлi, жыва перадаючы сабе навiны; падобныя да неспрактыкаваных жабракоў, да пачынаючых курваў. Калi iх галасы пераўтваралiся ва ўсеагульны шум, каля дзевятай гадзiны, Сьцяпанава сакратарка прыадчыняла дзьверы ў калiдор i ўцiхамiрвала: "Панове! Перашкаджаеце працаваць!" Цiхлi яны, як пралётны градапад, сям-там яшчэ пакрапiўшы рэплiкай.

Заказчыкi прыходзiлi ў будынак каапэратыву, каб сустрэцца з брыгадзiрамi, што з раньня афармлялi нарыхтоўчую дакумэнтацыю ў ваддзеле паслугаў i разьвiцьця.

Пра гэтае сумнае вiдовiшча Сьцяпан аднойчы расказаў Кiры. Яна выслухала яго, пазяхнула: "Ой, прабач мне, Сьцёпа. У маiм арганiзьме, вiдаць, замала магнэзii", - вытлумачыла яна дзесьцi прачытаным.

- Паслухай, вось, што я знайшла ў гэтай кнiжцы, - Кiра зьмянiла тэму. Во, тут, - сказала яна, як заўважыў Сьцяпан, з бацькавай iнтанацыяй. - Слухай: "Князi, звычайна, не ўзвышаюць людзей годных i беззаганных, бо здаецца iм, што такiя людзi ня будуць мець нагоды аддзякаваць iм-жа ў гэткай ступенi, як узьняты зь нiкчэмнасьцi выгодны чалавечак або гультай. Прычым, яны знарочна даюць такому зразумець, што фартуна, якая зьяўляецца немагчымай бязь iх вялiкай ласкi, знаходзiцца ў вышэйшай цане, чымсьцi выдатнасьць. Калi часамi i ўзвышаюць яны добрага й сумленнага чалавека, дык рэдка дазваляюць яму даўжэй утрымацца на дадзенай пасадзе, бо супрацьставяць яму меней заслужанага, каб даказаць, што ўлада стаiць вышэй усялякiх заслугаў, i што заслугi цэняцца толькi тады, калi яны ёю дазволеныя або адобраныя", - яна чакала Сьцяпанавых словаў.

- Гучыць, быццам iнструкцыя мне, Кiрушка.

- Улада, Сьцяпанка, нярэдка ўяўляецца нам той машынай, што дае прадукцыю незалежна ад таго, хто яе абслугоўвае й даглядае.

- Уяўляецца, Кiрушка, уяўляецца... I ты, мабыць, памятаеш толькi аб выкарыстаньнi прадукцыi, - Сьцяпан: "Яна больш чытае, чымсьцi думае". Выпушчаную-ж дэталь можна, звычайна, шпурнуць у балота або выкарыстаць зусiм па-iншаму...

- Ну, я пайшла, - Кiра абарвала гаворку.

- Куды ты, Кiра? Вечар-жа...

- Я - да Анi.

- Няхай-бы тая Аня прыйшла да нас.

- Не люблю я канкурэнцыi, - какетна адказала яна Сьцяпану, падмалёўваючы сабе вусны перад люстрам.

Сьцяпан падаў ёй палiто й прыгожую шапку, якой яна ганарылася.

- Не заседжвайся, Кiра, доўга.

- Ня буду, Сьцяпан.

- Я выйду па цябе. Скажы, дзе мне чакаць?

- Нашто?! Я, хiба, маленькая?

- От, былое ўспомнiм, пазаляцаемся да сябе на вулiцы...

Яна не даслухала яго. Гэтак сьпяшаюцца людзi, якiм засталося пяць хвiлiнаў на тое, каб не спазьнiцца на працу - заспаўшыя.

Цi гэта ад сутыкненьняў зь цесьцем, у якiя аж ня верылася яму, цi ад гутарак з жонкай, якая штораз вiдавочней аддалялася кудысьцi ў сваё, Сумленевiчу - ад некаторага часу - працавалася надзвычай спакойна. У працы бываюць зацiшшы, калi няма цяжкiх у вырашэньнi справаў i шанцуе; сьвiнствы, i тыя нiкому не ўдаюцца тады. Дзейнiчае закон пралётнай бюракратычнай анамалii, сказаў Сьцяпану супрацоўнiк, якi, увосень i па-п'янаму, плакаў ад крыўды, што ўдаўся ён трусам. ("Ты палахлiвы, але ўчцiвы", - суцяшаў таго нейкi польскi сябар, намовiўшы яго на паўлiтроўку.)

Здарылася, праўда, малюткая прыкрасьць: Сьцяпан зьмянiў свой подпiс, перайначыў яго на болей выкрутасты, i галоўная канцылярыя вярнула - не прыняла! - зацьверджаныя iм фiнансавыя дакуманты: бухгальтар запатрабаваў вэрыфiкацыi знаку. Сакратарка, без фамiлiярнiцтва, паведамiла аб гэтым Сьцяпану.

- Прынясеце, калi ласка, блянк для подпiснага ўзору, - папрасiў Сьцяпан. Я актуалiзую свой подпiс, - яму было цiкава паглядзець, звысака, на панадворак за акном.

На плоце, якiм абгароджаны сьметнiк зь ёмiстымi банкамi, сядзела ўпартая варона. Да яе скрадваўся кот стоража, па-гультайску блiшчасты ды надта чорны, за што ня раз даставалася яму ад забабонных шафёраў. Хiтрая птушка сачыла за драпежнiкам, адлятаючы час ад часу то на адзiн, то на другi канец агароджы. Чорны, з самаўпэўненай настойлiвасьцю, паляваў за ёю. Варона, першапачаткова насьцярожаная, знудзiлася й колькi разоў пракаркала на пласкалобца, пакуль той урэшце сьцямiў, што стаўся дуронiкам. Пакруцiў ён высокапастаўленым хвастом i, вiдаць, дзеля прыстойнага выгляду панюхаўшы сьмецьце пад шырознай штыхецiнай, пабег у кватэру; у палове дарогi прыпынiўся, стулiўшы вушы, замяўкаў на кплiвiцу, быццам успомнiўшы, што на яе пасьмешку трэба яму нечым адказаць. Варона, абыякава выслухаўшы неўдалоту, зьляцела ў разкарэжаную банку, у якой на ўсякi выпадак чуйна выглядваючы зь яе - нешта матлашыла.

17

Спакой парушыў Сьцяпану халерны аддзел у Бельску: аферай пры выкананьнi паслугаў насельнiцтву. Нашумеў там адзiн гаспадар, пiшучы лiст у варшаўскае тэлебачаньне.

Сьцяпан зьбiраўся ў каманьдзiроўку туды злосны, як аса.

- Усыпце вы тым лапухом, пане Сумленевiч, э, колькi ўлезе! - дазваляў яму старшыня. - Скажэце iм, што я даю, э, дваццаць чатыры гадзiны на выпраўленьне крыўды, учыненай iмi таму чалавеку... А зараз сядайце ды пiшэце адказ у рэдакцыю, тэлебачанцам.

- Я-ж яшчэ нiкуды ня езьдзiў, пане старшыня, каб ужо адпiсваць.

- Паедзеце. А адпiсаць у рэдакцыю, э, нам трэба зараз-жа. Неадкладнасьць у рэагаваньнi ўражвае, э, разумееце. Скаргу прызнаць правiльнай, але падкрэсьлiць яе, э, iнцыдэнтальны характар на фоне дасягненьняў нашага аддзелу...

Сьцяпан перабiў старшынi:

- Хто ведае, цi той гаспадар напэўна мае рацыю?

- Напэўна цi не напэўна, э, упарцiцца нам ня варта ў гэтым... Не дай Бог, яны самi з рэдакцыi прыедуць туды, дык не такое будзе, э... Ну, давайце!

- Перш, аднак, я паеду высьветлiць скаргу на месцы, пане старшыня.

- Э... - ён працягла паглядзеў Сьцяпану ў вочы: аб чым з табою, сынок, гаварыць! Не адказаў яму на звычаёвае: "Да пабачэньня".

Сумленевiч усё-ж не паехаў у Бельск: "Ён цваны, а я сiрата?! Склiкае, аказваецца, нараду кiраўнiчых працаўнiкоў аддзелаў i ня думае ён пра тое, што гэта дае мне нагоду высьветлiць так пастаўленую iм справу на месцы. Што яму там - Сумленевiч няхай сабе валэндаецца па вакзалах-прычалах..."

Па тэлефоне Сьцяпан самазвана даў наказ бяльчанам: будзеце на нарадзе - з паперай лепш зойдзеце да мяне. Яны не зьдзiвiлiся.

- Ну, паказвайце сваю чаўпасу, - гаварыў iм Сьцяпан, калi празь дзень зьявiлiся яны ў яго. - Хвалецеся, як гэта бляхаю пакрылi клуню гаспадару.

- Вось, пане загадчык, наша дамова з гаспадаром на паслугу.

- Ён задаволены вамi?

- Ого, яшчэ як! - выскалiўся адказны ў тамашнiм аддзеле за разьвiцьцё паслугаў. - Паглядзеце, калi ласка, пратакол прыёмнай камiсii: падпiсаўся!

- Дзе?

- Во, тут, пане загадчык.

- Не, дарагi, гаспадар падкаракулiў вам не фактычнае выкананьне работы, а толькi продаж вашым аддзелам бляхi яму. Так, брацец, - адсек адказному Сьцяпан: "Занадта далiкатнiчаў я тады зь iмi. Затанцуеце вы цяпер перада мною, быццам мядзьведзi ў цыганскiм цырку". - Бляха - дэфiцытны матэрыял, i вы атрымоўваеце надзелы яе, ведаеце дзеля чаго? А вы, - ён спэцыяльна ставiў нацiск на множны лiк, - прадаеце яе людзям, адначасова прымушаючы iх пацьвярджаць нязробленае вамi як зробленае...

- Няпраўда! - умяшаўся прысутны пры размове дырэктар. - Ёсьць на тое дакуманты.

- Можаце вы iмi... падцерцiся сабе! - ускiпеў Сьцяпан.

- Вы ня верыце нам, пане загадчык?

- Нi трохi!

- На адным-жа возе едзем...

- Вось таму й бачу я вас навылет.

- Канкрэтна? - разьятрыўся на Сьцяпана дырэктар аддзелу. - Ну, канкрэтна?!

- Ага... - падаў голас той ад паслугаў. Ён ужо апамятаўся.

Сумленевiч запыкаўся. "Гляну я на iх i мяне адразу падымае. Што iм адказаць? Фармальнасьцi ў iх у поўным парадку. Як мне адступiцца назад?"

- Паеду, сам пабачу я тую клуню, - лагодна сказаў ён iм. - Далёка будзе ў Вольку?

- У Вольку?

- Але.

- Якую Вольку?

- Ну, адкуль той гаспадар, - дадаў Сьцяпан, укладваючы паперы. Аўтобусам, рэйсавым, даеду я туды?

- Ня ведаю, - заiкнуўся гэты цыбаты памочнiк дырэктара. - Хто яго ведае...

- Скажэце мне: самi вы бачылi клуню таго гаспадара ў Вольцы? - цьвёрда запытаў ён iх: "Сьцяпан, ня падай духам!" - Ну, як?

- Ну, - Сьцяпана раптам падтрымаў дырэктар i непрыхiльна заплюскаў вочкамi на свайго супрацоўнiка, быццам карцёжнiк, якому не падыйшла карта.

Адказны за разьвiццё паслугаў аддзелу ў Бельску апусьцiў галаву.

- Гэта ваш подпiс пад пратаколам? - не адступаўся ад яго Сьцяпан.

- Ага.

- I што вы падпiсалi?

- Ну, што ты падпiсаў? - падступiўся да яго й дырэктар.

Сьцяпана браў сьмех; ён сьцiскаў скiвiцы, бы праглынуўшы лiмон або кавалец квашанага агурка пасьля выпiтай чаркi.

"Начальнiка даволi вывесьцi з уласнага габiнэту i ён пачынае паводзiць сябе бяспрыкладна жаласьлiва".

Якi нiзкi ўзровень канфлiктаў у каапэратыве! Усё зводзiцца ў iх да грошай, як у прасьцяцкiм тлумачэньнi гiсторыi цывiлiзацыi.

Прыпазьнiлiся разам на гульлiвую нараду. Сьцяпана клiкалi да сябе падхмеленыя прыяцелi, ажно аглядвалiся на iх адусюль...

- Дарагiя сябры й прыяцелi! - устаў з прамовай дырэктар аднаго з аддзелаў, невядомы Сьцяпану. - Дазвольце мне выказаць сваю пераконанасьць у тым, што ня будзь нашага каханага старшынi на пасадзе старшынi, дык каапэратыўная праца ў нашым рэгiёне зусiм заняпала-б. I, вобразна кажучы, усе мы тут, як ёсьць, пайшлi-б у сьвет з жэбрамi! Правiльна гавару?

- Правiльна! - крыкнулi яму хорам прысутныя ды запляскалi ў далонi. Давай, рэж праўдай!

- Старшыня - няхай ён жыве нам сто гадоў i не памiрае! - так пакiраваў каапэратывам, што сёньня кожны з нас зможа пабудаваць сабе вiлу ды, упрыдатак, купiць аўта замежнай маркi, напрыклад, "Утурмусеў". У гэтым месцы дарэчы будзе прыгадаць нам i банальнае: умовай багацьця працаўнiкоў зьяўляецца багацьце iх кiраўнiкоў. Рыба гнiе ад галавы, кажуць. Я прапаную паправiць прымаўку: рыба расьце ад галавы!

- Слушна! - узьнялася авацыя навокал. - Прэч зь перажыткамi ў прымаўках! крычалi ўсе. - Далоў крытыкаваньне! Вiтаем сiлу!

- Стар-шы-ня! Стар-шы-ня! - узмацняўся энтузыязм на нарадзе. Ура-а-ааа!!!..

- Няхай жыве курэўства! - рагатлiва крычалi Сьцяпану ў вуха п'яныя яго прыяцелi. - Ка-юк нам! Ка-юк усiм! Ха-ха-ха...

- Цiха! - маргнуў iм Сьцяпан. Але яны, бы апантаныя, раўлi! Ён, доўга не чакаючы, перасеўся ад iх у канец залi, дзе пад сьцяною стаяла незанятае крэсельца. Аказалася яно без адной нагi; неяк прымасьцiўся на iм.

- Цiха, сябры! - падняўся ў прэзыдыюме нарады старшыня. - Дайце сказаць, э, чалавеку.

I публiка мёртва зацiхла.

- Дасягненьнi каапэратыву, дарагiя прыяцелi, цяжка перабольшыць, нягледзячы на намаганьнi яго ворагаў, - працягваў сваё прамоўца. - Куды нi кiнь вокам, бачны адны рэзультаты. Возьмем, прыкладна, паказьнiкi пакражаў. У нашым аддзеле паменшалi яны ў трынаццаць разоў у параўнаньнi зь першымi гадамi. Ва ўсiм каапэратыве, несумненна, яшчэ больш... - далiкатнюсенька папiў ён вады з па-сучаснаму высокай шклянкi. - Або, хаця-б, пакрываньне клуняў гаспадаром. У гэтай дзялянцы паслугаў мы дабiлiся, проста, дасканалых вынiкаў, якiх нiдзе не пачуеш, i, адначасова, рэдкай каштоўнасьцi наватарскага падыходу да справы. Прысутныя добра ведаюць, пра што я гавару. Удалося нам, здавалася-б, немагчымае! Гаспадары, менавiта, самi крыюць свае клунi, каб толькi бляха была iм!..

- Брава! Брава каапэратыўнаму вынаходнiцтву! Малайчына, дырэктар! - чулiся воклiчы.

- Ня мне дзякуйце, дарагiя, але каханаму старшынi нашаму! Ён - наша галава й сярэдзiна. Тое, што я дасягнуў, адбылося з дабратворнага натхненьня ўсiмi шанаванага Шэфа. Такая, вось, шчырая праўда, - ён элегантным жэстам выцер хустачкай лоб. - Я буду блiзкi пачуцьцяў у нас усiх, калi скажу, што зьяўляюся, звычайна, сьмяцiнкай на сьвятой паперы зь iнструкцыямi, якiя атрымоўваем ад нашага мудрага кiраўнiцтва, узначаленага старшынёй!

- Ура-а-ааа!!!

Выступленьне зацягнулася.

Шматлiкiя асобы пратэстацыйна зашумелi.

Старшыня прыемна пачырванеўся.

- Нiчога, э, ня зробiш, - азваўся ён у раптоўнай цiшынi.

- Прашу й мне даць голас, - дамагаўся таксама бельскi дырэктар. - Я не дазволю на тое, каб iншыя ўсё выгаварылi й нiчога мне не засталося!

- Калi ласка, э, - старшыня цёпла папрасiў яго выступiць.

- Сёньня пачуў я тут важкiя словы, - набiраўся гэты разгону. - Здаўна я сумаваў па iх. Пэрыяд крывадушша ды махлярства ў каапэратыве, на шчасьце, беспаваротна мiнуў. Гэта быў няважны эпiзод у яго гiсторыi й, не павагаюся тут дадаць, у гiсторыi масаў, якiя вакол яго круцяцца, - бяльчанiн парабiў занатоўкi й зараз ён пасабляўся iмi. - Аднак-жа, каварныя недабойкi мiнулага добраахвотна не зыходзяць са сцэны нашых падзеяў. Не называючы прозьвiшчаў, ёсьць яны i ў васяродзьдзi каапэратыву. Скажу я больш: у яго кiраўнiцкiм апараце! - ён зьедлiва паглядзеў у бок Сумленевiча, наводзячы туды зацiкаўленыя позiркi iншых. - Каб не паўтарацца, скажу я вам коратка: ёсьць сiлы, якiя спрабоўваюць пярэчыць нашым дасягненьням. На жаль, я тут не махлюю. А калi я пацяшаюся, дык тым, што здаровая большасьць сваiм справядлiвым ботам растопча, бы жабу, кожнага таго, хто асьмелiцца процiдзейнiчаць натуральным законам грамадзкага руху наперад! Во, - ён усё-ж крышаньку боязна зiрнуў на Сьцяпана й, хуценька, на старшыню. - Мой папярэднiк упамiнаў тут прыклад з клунямi. Нам гэта, ня хвалячыся, ужо былое. Мы ў Бельску пайшлi далей! Будуем-жа асабнякi рукамi iх-жа будучых уласьнiкаў, дабiваючыся мiльённых прыбыткаў, звычайна, за нiшто, во! Распусьцiлi мы будаўнiча-рамонтныя брыгады зь iнжынерамi, якiх, дзякаваць Богу, чорт на хвасьце панёс... Прызнаем лёзунг: "Будуйцеся, людцы, самi!" Канец жартам. Даволi цярпелi мы ад розных патрабаваньняў...

- Ах, як там бойка мазгуюць! - завiсьлiва ўздыхнуў лысы сусед Сьцяпана, працёршы акуляры, каб лепш бачыць захапiўшае яго. - Нам такога-б дырэктара, ах!..

- I я прашу голасу! - вывiснуў нехта ў тлуме.

- Па чарзе, э, сябры, па чарзе, - старшыня пастукаў алоўкам па шыйцы графiну з вадою. Нарада паслухала яго пазвоньваньня ў пачцiвым маўчаньнi. Ну, калi ласка, э, ты, - указаў ён на ахвотнага.

- Дзякую, дарагi старшыня! - выскачыў указаны, бы прымаразак у ранiцу. Факт, што дазволена мне сёньня выказаць сваё слова, як-жа бяззначнае, як-жа нягоднае нават адной хвiлiны ўвагi каханага старшынi, факт гэты, так сказаць, векапомны мне, застанецца ў маёй памяцi назаўсёды, як вышэйшая праява агульначалавечай ласкi. Факт, безь якога немагчыма ўявiць маё далейшае разьвiцьцё, залатымi лiтарамi будзе запiсаны ў... у... гм, у...

- У мазгох, - падказалi яму з залi.

- У мазгох! Мала сказаць - у мазгох, у сэрцы запiшу я яго, i дзецi мае ды ўнукi! Бо, самi падумайце, што... чаго былi-б мы вартыя без бацькоўскага клопату старшынi, якi жыве ў кожным з нас. Старшыня й каапэратыў - гэта сынонiмы аднаго й таго-ж...

- Гэта - што? - перапытаў у яго старшыня.

- Сынонiмы, - аратар пабялеў.

- Э-э... Люблю я, э, крытычнае слоўца ў мой адрас, - ураўнаважана сказаў ён. - Э-э... Ну, што далей? Гаварыце, э...

- Прабачце, ад урачыстага хваляваньня мне перасохла ў горле, - глуха пралапатаў той. - Няхай жыве наш старшыня!

- Няхай!

- Няхай!!!.. Ай!.. Ай!..

- Ура-а-аа!!..

Выкрычалiся ўдосталь. Слабейшыя хапалiся за левы бок грудзей, ня ведаючы, што сэрца знаходзiцца больш-менш пасярэдзiне iх.

У атмасфэры адчувальнай трывогi ва ўвесь рост падняўся мажны мужчына, пра якога Сьцяпан дачуў шаптанiну: "О, гэта той".

- Прыгожа гаварыць я ня ўмею, сябры. Зрэшты, ня ў тым, я думаю, справа, ён перавёў дых. - Прадмоўца, проста скажу вам, павiнен быў хоць трохi пабыць сумленным, гэта значыць, упамянуць, што выступiў ён ад свайго ймя, i толькi ад свайго. Бо мы, усе тут сабраныя, - ён значна ўзмахнуў рукою, - рашуча й востра кляймiм яго нахабную нападку на старшыню й згуртаванае вакол старшынi кiраўнiцтва каапэратыву, i нас, згуртаваных вакол кiраўнiцтва! - О Гэта Той павёў вачыма па тварах прысутных, зьмярцьвелых ад унутранага напружаньня. Няхай ён, - тут указаў тоўстым пальцам у кiрунку свайго папярэднiка, - свае сымонiны павесiць у прыбiральню на цьвiчок! Ды, нават, у прыбiральнi быць iм, усё-такi, залiшнi гонар, эгэ...

- Правiльна!

- Гарачым жалезам прыпячэм заразу!

- Выключыць, паскуду, з каапэратыву!

- Вон! Вон! Вон!

- Супакойцеся, сябры, - папрасiў О Гэта Той. - Перш трэба нам выкрыць сутнасьць варожых падкопаў, накiраваных супроць...

- Я... Я... Я, я, я... - схапiўся са свайго месца прадмоўца. Ён, незнарокам, перакулiў флякон з кветкамi на стале, зь якога вылiлася вада, замочваючы нататнiкi ўдзельнiкаў нарады. - Я... - i пахiснуўся ён, быццам падкошаны, i павалiўся на падлогу. Абамлелага, вынесьлi яго ў калiдор, перадалi пад апеку прыбiральнiцы.

- Сядайце, сябры, - О Гэта Той ветлiва папрасiў тых, што выносiлi нягоднiка й зараз спалохана стаялi ля парога. - Ворагi нашага калектыву, як бачыце, цалкам iзаляваныя, - прамаўляў ёй далей. - Такi лёс чакае i iх пасьлядоўнiкаў, якiх, несумненна, вышукаем, як тых гнiдаў на здаровым, жыцьцярадасным целе, эгэ...

О Гэта Той задумаўся.

Ён, як карова хвастом ад мухаў, аднекваўся ад прыбою воплескаў досыць нецярплiва вымаўляючы якiясьцi словы, нячутныя. Да яго падбягалi з нарады й сардэчна цiснулi яму рукi, ляпалi па плячы. Урэшце, падхапiлi яго, бездапаможнага на хвалi энтузыязму, на рукi ды гушкнулi пад самюткую столь; ён, растапыраны ўгары, праляцеў над галовамi ды гакнуўся, як нежывы, на даўжэрны канфэрэнцыйны стол, разьбiваючы сабою шклянкi, бутэлькi зь лiманадам, пасудзiны зь яблыкамi; асколкамi разьляцелiся з-пад яго ў бакi пiсьмовыя прыборы. Звалiў ён сабе на жывот пудовы жырандоль, за якi, падаючы, на мiг зачапiўся.

Ляжаў, вырачыўшыся О Гэта Той па-казьлiнаму.

Прывялi i па яго прыбiральнiцу. Кабецiна ўшчаперылася аберуч у ягоны каўнер ды вывалакла тушу - разьбiваючы ёю няшчаснае крэсла, перакуленае, - у каморку зь мётламi, вёдрамi, вугалем. Там ужо прытамнеў яго прадмоўца.

Старшыня пакiнуў прэзыдыюм i, мiкалаеўскiм крокам, прайшоўся памiж прысутнымi. Заклаўшы рукi за сьпiну, ён спынiўся насупроць чародкi гарэлчыных братоў:

- Гэта вы, э, крычалi: "Няхай жыве курэўства"?

- Мы, - адказаў адзiн зь iх.

- Няпраўда! - бязладна запярэчыла рэшта братоў. - Толькi ён крычаў...

- Выслаць iх, э, на iнвэнтуру тараканаў у складах, - загадаў старшыня. Меншага - у меншы склад, большага - у большы...

- I мяне зь iмi выганеце, пане старшыня, - выступiў наперад Сьцяпан.

- Яго, - старшыня павярнуўся да Сумленевiча, - пастаўце, э, над iмi шэфам.

- Тараканiным! - зарагаталi наўкола на нарадзе.

- Тараканы - таксама ўласнасьць каапэратыву, - заключыў старшыня. - Хто сьмяецца з тараканаў, э, той сьмяецца зь сябе, э...

...Сумленевiча штурхнулi ў плячо.

- У вас пытаюць, пане загадчык, - сказалi яму збоку.

Сьцяпан прытомна заморгаў вачыма, зразумеў, што ёсць да яго пытаньне ад старшынi.

- Прабачце мне, - сказаў Сьцяпан. - Я не дачуў вас...

Яму паўтарылi пытаньне.

I ён адказаў на яго.

У вынiку нарады вырашылi ўтварыць праблемную камiсiю, якая падрыхтуе прапановы ўдасканаленьня дзейнасьцi аддзелаў каапэратыву. На чале камiсii паставiлi Сьцяпана Сумленевiча, якi выдатна паказаў сябе, узорна арганiзоўваючы працу ў даверанай яму адмiнiстрацыйнай сэкцыi каапэратыву.

У прадметнай справе яму падпарадкавалi дырэктараў аддзелаў. Тэрмiн вызначылi трохмесячны, да трыццатага чэрвеня. ("Не пасьпееш - ня пойдзеш, э, у водпуск".)

- Гэта, э, ня прыма апрылiс, - сказаў Сьцяпану старшыня, кiруючыся да выхаду.

18

Сьцяпан вярнуўся ў габiнэт - упарадкаваць паперы, што пакiнуў на пiсьмовым стале. Ён мог гэтага не рабiць, пайсьцi дамоў, але любiў пачынаць наступны працоўны дзень, як казаў, на чыстым: засьмечана на стале, засьмечана i ў галаве! ("Ужо старажытныя заўважылi сугучча цела й душы, ладу й дакладнасьцi думкi", - неяк павучаў Сумленевiч i чыесьцi вочы сонна павузелi ад таго.)

Як добры дурань, ён зь незвычайнай сумленнасьцю ўзяўся ажыцьцяўляць даручанае яму заданьне - са складваньня рапарту аб арганiзацыйным становiшчы ў каапэратыве, дакумэнтаванага выяўленьня яго слабых i моцных бакоў. Зь верай у пераканаўчасьць аргумантаў.

Сумленевiч насiў у сабе крыўду на тых, якiя сумнявалiся ва ўдачы ягоных захадаў або, досыць адкрыта, сьмяялiся зь iх, прытым не фармулюючы абгрунтаваньня сваiм высновам. Але й яны пацiху жадалi Сьцяпану ўсяго найлепшага й, таксама, спадзявалiся на зьмены ў каапэратыве. Iм i ня сьнiлася тое, што, настойваючы на паляпшэньнi чагосьцi, можна мець на ўвазе адваротнае.

...Сьцяпан падпалiў аўтамашыну старшынi дваццаць трэцяга чэрвеня, у ноч з чацьвяргу на пятнiцу. (Камiсiя Сумленевiча, як называлi яе на прэтэнцыёзны манер, практычна ўжо не йснавала, пахвальна выканаўшы прынятае на сябе; справаздача - машынiсткi перапiсвалi яе ў пяцi экзэмплярах - была падзеленая на тры часткi: "Арганiзацыйнае становiшча ў каапэратыве з разглядам аддзелаў", "Прапанова паляпшэньня дзейнасьцi аддзелаў i пэрспэктывы iх далейшага разьвiцьця", "Заключныя заўвагi".)

Упярэдадзень здарэньня Сумленевiч прадставiў шэфу чарнавы варыянт справаздачы, над якiм яны абодва доўга прасядзелi. (Людзi потым усяляк перадавалi размову памiж iмi, рагочучы са Сьцяпана.) Ён сьцьвярджаў у сьледзтве, што старшыня абразiў яго, кпiў з камiсii: - Пакажэце, што вы навыдумоўвалi за тры месяцы.

- На мой погляд, гэтыя матэрыялы павiнны дапамагчы кiраўнiцтву ў выпраўленьнi шэрагу недахопаў, - сказаў тады старшынi Сьцяпан.

- Вы, пане Сумленевiч, э, правiльна зрабiлi, прыходзячы да мяне перад канчатковым адрэдагаваньнем справаздачы камiсii. Я разумею, што гэтым, э, вы парушылi яе аўтаномнасьць, але, э, я запэўнiваю вас: ня буду хвалiцца нашай сустрэчай. Гарантыяй таму - супольнасьць iнтарэсаў. Цi, э, ня так?

- Несумненна, - адгукнуўся Сьцяпан, абмiнаючы намёклiвы падтэкст у запытаньнi старшынi. - Маюцца магчымасьцi, як самi вы пераканаецеся, на грунтоўнае аздараўленьне каапэратыўнай гаспадаркi.

- Пабачым, э, пабачым... - старшыня чытаў, усё роўна быццам-бы вышукоўваючы памылковае ў напiсаным. Яму званiлi, i ён адказваў у тэлефонную трубку: "Так". За каторымсьцi разам ён адказаў: "Не". I - двухразова: "Выканана". Ад такога аднаслоўя было Сьцяпану сьцiшнавата. - Што-ж, няблага, няблага... - гаварыў старшыня, наносячы на чарнавы тэкст справаздачы заўвагi.

- Дружна папрацавалi ўсе.

- Я, э, ну... - ён выпрастаўся. - У мяне, э, ёсьць тут заўвага, дробязная, э, вось, у гэтым месцы, - старшыня ўказальным пальцам павёў па першых сказах другой часткi справаздачы. - Прапаную вам падкрэсьлiць тут дасягненьнi... Скажам, прыкладна, э, так: "Нягледзячы на бясспрэчна вялiкiя дасягаеньнi каапэратыву, наглядаюцца ў яго дзейнасьцi, праўда, i некаторыя недахопы..." Га?

- Калi ласка, - згадзiўся зь iм Сьцяпан i ўласнаручна ўвёў у чарнавiк папраўку. - Яшчэ дзе?

- Бачыце, э, у сьвятле вышэй папраўленага ня надта апраўдана гучаць дзе-якiя высновы... Вось: "Неабходна правесьцi кадравую вэрыфiкацыю кiраўнiцкага пэрсаналу ў ваддзелах, кiруючыся перш за ўсё спэцыялiстычнай кампэтэнтнасьцю ягонага асабовага складу", - старшыня падняў галаву й зноўку яе апусьцiў, паглыбiўся ў чытаньне. - Гучыць фальшыва, не? Прапаную: "Правесьцi больш строгую кадравую вэрыфiкацыю..." й гэтак далей. Э, га?

- Нашто вам, пане старшыня, такiя фармулёўкi? Яны якраз i фальшывыя, будуць гаварыць няпраўду. Тое, менавiта, што, маўляў, ёсьць вельмi добра ў нас i можа быць цудоўна, гэ-гэ-гэ... Выбачайце, мо я не зразумеў вас? Але калi мы ўзялiся дапамагчы вам, пане старшыня...

- Дапамагчы мне? Жартуеце, пане Сумленевiч!

- Як гэта?

- А так! - засоп старшыня. - Вы ўявiце сябе самога, э, на маiм месцы. I вам прыносяць такую, во, справаздачу. Вы чытаеце яе. I што, э, робiце самi?

- Калi ласка, пане старшыня, - суха загаварыў Сьцяпан. - Я аналiзую яе. Склiкаю ўправу каапэратыву. Я ўжо ведаю, што трэба зрабiць. Праводжу, мэтанакiравана, дыскусiю ва ўправе, арганiзоўваю чыстку...

- Не, э, вы не ўяўляеце сябе на маiм месцы, шаноўны пане. Вас яшчэ не ўкусiла свая вош. Вы не перастаеце гаварыць зьнiзу ўгору, вось, э, зьнiзу, усё зьнiзу, э, задраўшы галаву... Не дапамагаеце вы, а - вымагаеце... Вымагаеце ды ўсё вымагаеце... - старшыня працягнуў руку ў барык. - Зробiм, э, па чарцы?

- Не пачнем-жа мы, цэлай камiсiяй, утойваць тое, што дрэннае ва ўстанове, - Сьцяпан машынальна надпiў з падстаўленай яму чаркi з каньяком, пераўтварацца ў банду ашуканцаў! Прабачце за вострае слова.

- Чаму, Сьцяпане, ты трапна здагадваешся ды, э, памылкова разважаеш, га? запытаў ён голасам iмгненна закаханага. - Ты патрэбны мне! Разумееш? Я абяцаю табе, што на працягу двух гадоў ты зможаш купiць сабе аўтамашыну, э, а ў пэрспэктыве - збудаваць асабняк i жыць, э, не аглядаючыся на ласку цесьця. Ну, э, як табе гэта падабаецца?

- Мне, калi ўжо пытаецеся, гэта не падабаецца.

- Чаму?

- Вы прапануеце мне быць злодзеем.

- Ты гэта так зразумеў?

- Менавiта, так.

- Не гарачыцеся, пане Сумленевiч. Прадумайце ўсё. Пагаварэце з жонкай, зь цесьцем...

- Дзякую вам за параду.

- Я - усур'ёз!

- Я - не сумняваюся ў тым.

- Ну, э, так, - старшыня дапiў сваю чарку. - Ну, а над справаздачай камiсii, я так лiчу, э, вы яшчэ папрацуйце зь вечарок... Э, няшмат тут трэба ў ёй дарабiць. Галоўнае, гладзей пачаткi новарадкоўяў...

- Ня будзе, пане старшыня, нiякiх вечаркоў, нi даробак, пераробак, крываробак i ўсялякiх недаробак. Будзе так, як напiсана! - ён выхапiў з рук старшынi паперы й зьнерухомеў, ад абурэньня ня могучы ўжо гаварыць.

- Смаркач ты! Думаеш - хто-небудзь гэтае, э, падпiша табе?

- Я сам падпiшу! - сарвалася ў Сьцяпана. - Вы кожнага запалохаеце, але не мяне! Падпiшу, разашлю, куды трэба, даволi ўжо... - ён зацяўся ў сабе.

- Гэта, э, будзе твой апошнi подпiс у каапэратыве. Абяцаю табе!..

- Пажывем - пабачым...

- Бывай здароў i, э, наракай на самога сябе.

- Не... Я не дарую таго!

- Халера цябе ведае, э, чаго ты, э, хочаш.

- Да пабачэньня вам, - Сьцяпан кiнуўся ў дзьверы.

- Iдзi з Богам...

Старшыня гаварыў далей, але Сьцяпан ужо ня чуў яго. Ён выбег на вулiцу, забыўшыся пра летнi плашч, якi пакiнуў у сакратарыяце. (Парт'е даў у сьледзтве паказаньнi, што Сьцяпан, бы ненармальны, зьбягаў з усходаў першага паверху, мармычучы пад носам: "Я табе пакажу!.. Я табе пакажу!..")

Знайшлiся й такiя, што бачылi, як Сумленевiч падпальваў машыну. Ён, сьведчылi яны, выпусьцiў з бака бэнзiн, каб не дайшло да выбуху, што дадаткова даказвала сьвядома злачыннае дзеяньне Сьцяпана на шкоду пацярпелага старшынi. Бак усё роўна ўзарваўся-б, аднак-жа так ня сталася; нехта казаў, што Сьцяпан налiў у яго поўна вады... Агонь ахапiў нават калодзежык каналiзацыi, куды нацякаў успалыхнулы бэнзiн i адкуль - таксама й гэта бачылi - выскоквалi пацукi (аднаго, спаленага, усе хадзiлi глядзець, але, аказалася, гэта быў жмут клочча цi пакульля). Гаварылася - калi Сумленевiча выпусьцiлi з камiсарыяту што ў той машыне старшынi сядзела яго, Сьцяпана, жонка, бязьдзетная фахоўка, i ён з францускiм ключом у руцэ пагнаўся за ёю, а яна, скiнуўшы з ног пантофлi на высокiх абцасах, паiмчала церазь нiзкiя платы агародаў у кiрунку стражнiцкай вежы пажарнiкаў, каб, падняўшы там трывогу, выратаваць рэшткi дабра ягонага шэфа...

Нiкому й не падумалася, што Сьцяпан Сумленевiч сам заявiўся ў мiлiцыю. (Калi адчуў, што можа забаяцца сваёй задумы.)

Сяржант прабурчэў да Сьцяпана:

- Iдзеце вы дахаты, бо iначай пасадзiм вас у выцьвярэзьнiк.

- Я ня п'яны, - цiха запярэчыў яму Сьцяпан. - Я прыходжу да вас са справай, i вы абавязаны выслухаць мяне.

- Чуў я тое, хопiць! Трэба будзе - паклiчам.

- Што я павiнен зрабiць, каб вы мне паверылi?

- Перастаць дурыць нам галаву.

- Мо' пабiць шыбу ў вакне камiсарыяту?..

- Я табе паб'ю! Я, ведаеш, што табе паб'ю за гэта? - злосна прабубнiў мiлiцыянт. - Ну, ваш адрас я запiсаў. Да пабачэньня вам.

- Вы мяне абражаеце!

- Чым?

- Даючы мне зразумець, што я - ненармальны.

- Вы, кажаце, спалiлi машыну й яшчэ хочаце запэўнiць нас, што зрабiлi гэта напэўна вы, каб, крый Божа, мы часамi не памылiлiся. Цi вы, скажэце мне, лiчыце нас дурнямi?

- Я прашу вас: складзеце пратакол допыту мяне.

- Мы - не бюро бытавых паслугаў насельнiцтву. Ясна?

- Калi так, дык, калi ласка, зьвяжэце мяне з капiтанам.

- Якi вы чалавек! - зьнецярплiвiўся сяржант. - Ну, iдзеце вы адгэтуль. Па-добраму вас прашу: iдзеце сабе дахаты.

- Я нiкуды адсюль не пайду!

- Званiць мне па карэтку хуткай дапамогi? - сяржант паклаў руку на тэлефон, якi, як на тое, якраз зазванiў; ён уздрыгануў. - Сяржант Дуля, слухаю, - сказаў у трубку. - Выканана, - далажыў ён камусьцi. - Ага. Так. Што? Не, - ён павярнуўся бокам да Сьцяпана. - Разумею. Не. Не. Не. Раблю, што магу... Так. Так. Ясна! - сяржант паклаў тэлефонную трубку й даўгапiсам натхнёна пачухаўся за вухам. - Гм, - уважлiва прыгледзеўся ён да Сьцяпана, можна сказаць, з сардэчнасьцю. - Дык, значыць, вы жадаеце даць паказаньнi?

- Вас аблаялi? - Сьцяпан: "Што я найлепшае раблю, iдыёт?! Хачу-ж дабiцца ўмоваў дзеля зьнiшчэньня кагосьцi, хто..."

- Дайце мне, калi ласка, ваш пашпарт, - папрасiў ён у Сьцяпана, выклаўшы з шуфлядкi колькi пратакольных блянкаў.

У Сумленевiча пашпарту не аказалася.

- Хвароба, я, мусiць, пакiнуў дома... - Сьцяпан абшукваў кiшэнi, але ўжо ведаў, што надарма. - Нашто сумленнаму чалавеку пашпарт патрэбны? - гаварыў ён, бы той, хто нарэшце дачакаўся пачастунку й, пакуль, дзеля прыстойнасьцi, аднекваецца ад яго. - Вось, не падумаў я, гэ!.. Мо' хопiць вам мая службовая легiтымацыя?

- Давайце.

Складаньне сяржантам пратаколу працягнулася не даўжэй за паўгадзiны. Сьцяпан, звычайна, прадыктаваў яму вопiс здарэньня. Паспрачалiся яны наконт матывацыi ўчынку.

- З вас - недурны госьць, а пляцеце тут, ажно слухаць брыдка, - упарцiўся перад Сьцяпанам сяржант. - Вы будзеце адказваць перад судом за падпал. Вашы галаслоўныя абвiнавачваньнi старшынi мяне не цiкавяць. Нам неабходныя факты, якiя магчыма праверыць. Як кiраўнiчы працаўнiк каапэратыву, вы разумееце, што адных падазрэньняў мала, каб на iх паставiць справу. Усё, што вы гаворыце пра свайго шэфа, не пазбаўленае агульшчыны, ананiмнасьцi. Мо' вы чаго баiцеся? Не? Слушна! Ад страху яшчэ нiхто нiчога добрага не зрабiў. Што? Прабачце, я вас добра не дачуў... Цi ў нашай фiрме бывае зло? Канкрэтна, у камэндатуры? Гм, дзiўны вы - першы раз бачу я такога кнiжнага, такога Няхлюдава... Што? Якая ў мяне адукацыя? Сярэдняя. I вучуся я далей. Чаму вы пытаеце мяне пра гэта? Ага, таму што я не афiцэр. Буду iм. Адкажу вам на папярэдняе пытаньне: зло - гэта наш надзённы хлеб. Адсюль - натуральнае тое, што праяўляем мы асаблiвую цягу да прыгожага ў чалавеку. Жывем-жа мы ў смуроднай атмасфэры, зьяўляемся як бы чысьцiльнiкамi грамадзкiх адходаў, таму, па-афiцэрску, кахаем адэкалёны. Вы разумееце мяне? Прафэсiйнае скрыўленьне - змоўнiцкае бачаньне намi рэчаiснасьцi... Вам гэта ясна? Дальбог, вы цiкавы тып! Штосьцi вам скажу: з вашым характарам трэба шукаць сабе месца ва ўстанове, дзе няма буйных фiнансавых апэрацыяў, значыць, i... Што? У мiлiцыi? Не, вы ў нас нарубалi-б дроў болей, чымсьцi трэба. Тут мус ведаць жыцьцё, мець на яго нэрвы. Вы занадта тонкаскуры. Шчыра кажу вам: шкада мне вас! Вельмi спрыяльнай вам акалiчнасьцю зьяўляецца ваша добраахвотнае прызнаньне ў злачынстве. Дастанеце на судзе, я лiчу, гадок умоўнага пакараньня турмою плюс рамонт машыны на ўласны кошт. Кар'ера ваша, вядома, лясьне. Малады вы, дык лёгка дагонiце страчанае i перагонiце...

- Дзякую вам за суцяшэньне, пане сяржант, - Сьцяпан устаў. Яму надакучыла слухаць яго. - Я, здаецца, ужо магу йсьцi?

- Так, - пацьвердзiў яму сяржант, неяк увесь суцiшыўшыся. - На наступны допыт вы атрымаеце ад нас позву.

"Дабiўся я галоўнага: стварыў дакумант, на якi змагу паклiкацца ў гутарках з капiтанам, - разважаў Сьцяпан. - Сёньня, не, заўтра зьвяжуся зь iм. Паверыць мне ва ўсё, калi даведаецца, чаго я начоўп! Тады й мы пагутарым сабе пра старшыню ды ўсялякую сволач!"

У бары Сьцяпан напiўся пiва.

19

- Дзе ты, Сьцяпан, быў?! - насупонiлася Кiра. За ёю, пазмрачнелая, стаяла цешча, а з кухнi, аблiзваючыся ад абеду, выйшаў цесьць. - Куды гэта цябе носiць?! Што з табою?

- Нiчога, - Сьцяпан: "Ого, ужо зьбеглiся ўсе!" - Здарылася што?

- Яшчэ й пытаеш, - прабубнiў цесьць.

- Iдзi, бацьку, бо спозьнiсься... - сказала да цесьця старая, быццам баючыся, што ён, вось, адпярэжа дзягу ды возьмецца лупцаваць Сьцяпана. Сядай, Сьцяпанка, есьцi, - замiтусiлася яна.

- Няхай сабе есьць, калi можа, - сказала пра мужа Кiра.

Сьцяпан, распрануўшыся, памыўся над ваннай. Мокрым ручнiком нацiраў ён карак i плечы. "Гульнуў я, як голы ў крапiве, - уколамi распаўзалася па яго целе сьвярбячка. - Кiра як Кiра: хацела-б усё мець i, адначасова, нiкога не чапiць. Цi яна кахае мяне? У дадзены момант важнае, бадай, тое, што Кiра да мяне неабыякавая. Каханьнем, магчыма, мы называем патрэбнасьць у партнэрстве, - ён выцiснуў прышчык на барадзе. - Спальваньне чараўнiцаў у Эўропе адбывалася ўпярэдадзень новага... Аўтадафэ ў Iталii палыхалi ўпярэдадзень..."

- ...сам ён накруцiў усяго, вар'ят! - вывiскнула Кiра да мацi. Гвалтоўна скрыпнулi дзьверы, зацокалi яе крокi, коратка.

Пабегла яна да гэтай Анi, здагадваўся Сьцяпан. Калi жонка шукае спагады ў сяброўкi, дык гэта i ёсьць трывожная праява пазьбяганьня адчужанасьцi да мужа, пошукаў бясьпечнасьцi там, дзе яе няма. Урэшце - гэта i перапалох ад самоты, i прыступ зацьменьня, у якiм можна дзейнiчаць толькi на шкоду ўласным iнтарэсам. "Я аб нiчым не папярэдзiў яе, не пагаварыў зь ёю... Гм, я-ж ня ведаў, што ўсё так атрымаецца..."

Паабедаў Сьцяпан адзiн.

Цешча падыходзiла да яго, каб запытаць, цi далiць яму супу, або дадаць бульбы з сэльдэрэевым соўсам; катлета, сасмажаная па-варшаўску, мела адмысловы смак. Кампот зь iгрушаў, гаркавы ад лiшняй дозы карыцы, давiў, i цяжка было пiць яго. Дзiва - столькi зьеўшы, Сьцяпан далей адчуваў голад.

I сонную млеўкасьць.

Ён прылёг адпачыць.

"Ну, пайшла яна расказваць, што я спалiў старшыню..." - Сьцяпан перавярнуўся на правы бок, выцягнуў далонь з-пад скронi, i кроў запульсавала цiшэй. Слабавалi яму ногi, нылi, абясьсiленыя...

* * *

Ляскатлiва расчынiлiся дзьверы ў пакой, i Сьцяпан, зь дзiцячай хiтрасьцю, прыкiнуўся сьпячым: падзьмуў скразьняк.

У пярэднiм - прастуджаны голас Кiры:

- Мама, я купiла радыскi.

- А дзе ты, увечары, знайшла яе?

- Прадавалi... - расказвала яна. - Сьцяпан дома?

- Сьпiць.

- Яшчэ?! - яе крокi наблiжалiся.

- Няхай ён пасьпiць, - як бы супынiла Кiру мацi. - Во, паеш квашанiнкi.

- Не магу, - зашахацеў на Кiры лёгкi плашч. Яна распраналася. - Хо, горача! - Заскрыпела шафа з адзеньнем. - Блага мне, мама.

- Залiшне бярэш сабе ў галаву...

- За сябе я не бядую, мама, - сказала Кiра, пацягнуўшы носам. - За дурною галавою i нагам няма спакою... Возьмуць i пасадзяць яго!

- Цiшэй, бо пачуе...

- Няхай сабе чуе! - грукнула шкло; запсычэла "iгрушка" з адэкалёнам. Прычоска мая, хвароба, рассыпаецца. У мяне, мама, мяккiя валасы. Заўтра пайду я да Райкi: у яе - францускi ляк...

У прыцемку, у самюткiм куце бiблiятэчнай палiцы, паглядвала на Сьцяпана дзяўчына на каляровай паштоўцы. Яна прыцiскала да аголенага пляча букет жоўтых i чырвоных цюльпанаў; мела выразныя, чорныя вочы i просты, грэцкi нос. Ад яе красы, тыповай у пачатках стагодзьдзя, рабiлася яму цёпла i ўтульна. Хацелася Сьцяпану пасьмяяцца з турботаў, ад якiх брыняла потым яго пiжама й мучылi сны.

Сьцяпан запалiў сьвятло й пашукаў сабе кнiжку. Але не ўкладвалася яму чытаньне. I не было-ж як пайсьцi на шпацыр, праветрыцца: час ад часу чулася гаворка мацi з дачкою, у кухнi.

Кiра сама прыйшла да Сьцяпана.

- Што чытаеш? - запытала яна.

- Ня ведаю, Кiра.

- Трымаеш-жа кнiжку ў руках!

- Зараз скажу табе... - ён адгарнуў тытульны лiст у кнiжцы.

- Сьцяпан, - Кiра падыйшла блiзка да яго, але не прыхiлiла, як зазвычай, яго галаву да сваiх пругкiх грудзей. - Што ты, Сьцяпан, нарабiў?! Людзi сьмяюцца зь цябе. Скажы: ты сапраўды спалiў аўтамабiль старшынi?

- Спалiў, Кiра.

- Навошта?

- Так трэба.

- Цябе будуць судзiць за гэта!

- Я таго й чакаю.

- Суду?

- Суду, Кiра.

- Што ты зноў задумаў?

- Зьнiшчыць падлюгу.

- Значыць, каго? Старшыню?

- Ага.

- Самому трапiўшы ў суд?

- Няма iншага спосабу, Кiра.

- Зь цябе ўчыняць злачынца! Разумееш? I прысудзяць - адкупiць машыну!..

- Хто акажацца злачынцам - пабачым. А машыну, калi трэба будзе, а адкуплю.

- За сваё?

- За сваё, Кiра.

- Цi ты, Сьцяпан, хоць памятаеш, якiя ў цябе заробкi?

- Так, Кiра.

- Ты адкупiш - за iх?

- Калi трэба будзе...

Села яна ў крэсла, насупроць Сьцяпана.

- Ты ненармальны.

- Не разумееш мяне, Кiра.

- Не разумею? Як можна разумець...

Зьявiлася цешча.

- Крычы, не крычы - сталася, - загаварыла яна. - Мусова цяпер думаць нам, як бяду збыць...

Сьцяпан зноў разгарнуў кнiжку.

- А балячку, хiба, хто збыў? Прадаў яе? Узяў ды прадаў, га? - узлавалася Кiра.

- Ты гаворыш, як пра чужога, - не адступалася ад свайго цешча.

- А ён, калi вычаўпаў такое, падумаў пра мяне?

- Падумаў, не падумаў, але Сьцяпан - твой муж, дочка.

- Твой... Твой... Ах, мама, iдзеце вы разам са сваiмi павучэньнямi... Кiра вытузнула кнiжку са Сьцяпанавых рук. - Слухай ты, булава, калi да цябе гавораць! Не адзiн-жа жывеш тут!..

- А ну вас! - цешча, выцiраючы далонi аб хвартух, павярнула назад.

- Ну, - Сьцяпан трымаўся.

- Ведаеш, на каго ты падобны?

- Ведаю.

- Перастань ты дурня клеiць ды йдзi да старшынi, чуеш? Прасi яго - мо' прабачыць табе, адпусьцiцца...

- Прасiць гэтага лайдака - не ў маiм пляне.

- Тады - што?

- Я-ж табе, Кiра, казаў...

- Не, я ўтаплюся ад гэткай размовы!

- Кiра, калi-б старшыня ўмеў думаць, дык ён сам не дапусьцiў-бы да суда. Ён павiнен дасканала прадчуваць тое, куды я хiлю. Ня выключана, што ён ужо бегае, куды трэба... - Сьцяпан закурыў. - Але - дудкi, запозна: я быў у мiлiцыi!

- Што?!

- Зараз яму не выкруцiцца ад сьледзтва.

- Ты прызнаўся?..

- Гэта вельмi важнае, Кiра: стварыць падставу.

- На сваю галаву?

- Дакладней - на яго.

- Вар'ят ты! Палесьцiнец! - Кiра захадзiла па пакоi. - Ну, капцы ўсяму...

- Кiра! Як табе гэта вытлумачыць? - ён паклаў кнiжку на палiцу. - Факт скандалу сьведчыць не ў карысьць нашага высока пастаўленага праныры. Праўда, я захулiганiў, але чаму? Якiя прычыны склалiся на тое? I я раскажу пра iх на судзе. Публiчна, гэта табе не на нарадзе... З маленечкага зробiцца вялiкае! Прападу я, але й ён прападзе. З той розьнiцай, што ён правалiцца на нечым значна, беспараўнальна, большым, Кiра.

- Паважаны Сьцяпан Сумленевiч, - iранiчна скрывiла яна губкi. - Па-першае, як я ўжо неаднаразова гаварыла табе, зьяўляешся ты жывым экспанатам наiўнасьцi, надзвычай каштоўным сваёй рэдкасьцю ў нашу захiрэлую эпоху, i таму, адразу, падлягаеш квалiфiкацыi ў музэй. Па-другое, ты вiнаваты ў акце тэрору ў дачыненьнi да iншай асобы, што ня зможа апраўдаць нiякая, нават сусьветная, матывацыя. Па-трэцяе, гэта акампраметуе цябе, прынамсi, на пэрыяд аднаго пакаленьня кiраўнiкоў грамадзкага жыцьця, у якiх прозьвiшчу Сумленевiча будзе спадарожнiчаць даданы сказ: "А, гэта той дурань, якi калiсьцi спалiў аўта, ну, таго..." Па-чацьвертае, ашчасьлiвiш ты наступнага праныру, якому, мабыць, i абрыдла чакаць нагоды заняць месца старшынi. Па-пятае, у каапэратыве нiчога ня зьменiцца ад твайго рэвалюцыйнага ўчынку. Браток, цароў стралялi, а iмпэрыя нi трошкi не пахiснулася...

- Усё?

- У васноўным - усё.

- Калi-б паверыць табе, Кiра, дык дзеяньне чалавека павiнна быць накiраванае безумоўна на асабiстую карысьць. Не пратэстуй, бо iншай высновы са сказанага табою, звычайна, ня можа быць. Страчваньне сiлаў дзеля агульнай...

- Ты ахвяроўваеш сваю будучыню й будучыню жонкi на алтар грамадзкасьцi, прыгожа кажучы.

- Не бачу я ў гэтым нiчога сьмешнага.

- I я. З другога боку.

- Свайго.

- Невядома, хто з нас абаiх чысьцейшы эгаiст, Сьцяпан...

- Што, Кiра, маеш на ўвазе?

- Тваё "я".

- Ах, во яно як!

- Прытым, куды гэта падзелася Сумленевiчава перамаганьне зла дабром, га? Ды, наогул, адно ты гаворыш, а другое робiш. Дзiця, выдатнiк па тэорыi й двоечнiк па практыцы, анархiст, вулiчны, камiчны ў задуманым... Жыцьцё не пажартуе з табою! Крымiнальная служба падлiчыць твае векапомныя зьдзяйсьненьнi. Будзе рогату ў судзе, калi абвiнавачаны Сумленевiч пачне растлумачваць, што ён спалiў прыватнае аўта свайго шэфа, каб выкрыць яго нядобрасумленнасьць. Заплача публiка ад рагатаньня! Сэнсацыйны мэтад зьнiшчаньня камбiнатараў: спальваньне iх маёмасьцi. Стварайце брыгады сумленных падпальшчыкаў уласнасьцi людзей, у адрас якiх iснуюць маральныя закiды! Толькi справядлiвыя сядзяць у турмах! Сьвет - зварухнiся! Прачнiся!..

- Выйдзi, Кiра!

20

На працы, здавалася, нават стары бухгальтар паказаў спагадлiвасьць да Сьцяпана, не настойваючы на тэрмiновае афармленьне iм разьлiкаў у расходваньнi каапэратыўнымi аддзеламi будаўнiчых матэрыялаў, прызначаных на пабудову асабнякоў у Петрашоўскiм квартале ды ў Бельску й Саколцы.

Сакратарка падала Сьцяпану справаздачу камiсii, чысьценька перапiсаную. "Няўжо забыўся ён перахапiць крамолу?!" - падумаў Сьцяпан пра старшыню й падпiсаўся на ўсiх пяцi экзэмплярах, быццам спадзеючыся, што вось-вось расчыняцца дзьверы й зьявiцца ў iх ён, каб парваць на дробненькiя кавалачкi гэты нязручны яму дакумант.

Сумленевiч пазванiў членам камiсii, каб i яны падпiсалi. На жаль, нiкога зь iх ён не застаў на месцы: двух знаходзiлася ў каманьдзiроўцы, а трэцi хварэў.

"Пачнем ад хворага, якi, ёсьць надзея, пра нiшто яшчэ ня ведае", - Сьцяпан хутка сабраўся ў горад.

Ля пераходу цераз вулiцу, побач рэстарану "Гродна" мурашыўся людзкi натоўп. Прычэпа ад грузавiка, нахiленая, стаяла на тратуары, бокам падняўшы колы на сьцяну, бы вялiзны сабака. Мiлiцыянты мералi. Бамбiза ў юхтавых ботах пужнуў адурэлага ад вiдавоку крывi ката зь вiхрастай поўсьцю; хтосьцi загiнуў ля газону. Грузавiк-жа з галавастаю шафёркаю вiнавата чакаў, загарадзiўшы замурзаным сваiм тулавам дарогу машынам, якiя, спадцiшка, сыгналiлi й аб'яжджалi завалу Юравецкай. Праходжыя выцягвалi шыi, каб угледзець, як i дзе нехта крычаў аб чымсьцi да кагосьцi... Шайка вучняў з тлусьценькiмi мордачкамi, разявiўшыся, наглядала за замяшаньнем; адзiн зь iх, непаваротлiва, фатаграфаваў.

- Добры дзень, Сьцяпан!

Сумленевiч пазнаў у жанчыне прыгожую сяброўку са школы. На ўроках матэматыкi яна добра падказвала яму. Гарбаты настаўнiк ставiў ёй за гэта двойку. "От i напалохаў ён мяне, - пасьмейвалася яна падчас перапынку. - Ня быў-бы ён мужчынам: хоць маленькую прыкрасьць, але зробiш!"

- Вiтай... - Сьцяпан завагаўся над яе iмем, сымпатычным (Вера?). - Бачу, расьцеш ты, як сабе! Банду хлопцаў адна ты разагрэла-б, i то на сьнезе, iначай, чамусьцi, ня мог ён гаварыць да яе. - Ну, кажы, што добрага ў цябе чуваць? Муж - пад абцасам, дзяцей - рой, каханкаў - на выбар?..

- Не зьмянiўся ты, Сьцяпан, - адказала яна. - Усё прыкiдваесься разбэшчаным...

- Гэта - блага цi добра?

- Нашто пытаеш? Сам ведаеш...

- З пакорай слухаю цябе, - i яшчэ дадаў ён: - Засаромела ты мяне, старога дурня, - Сьцяпан лакомлiва закурыў надломленую папяросiну, апошнюю ў пачку. Скажы што-лень пра сябе...

- Бацька мой памёр.

- Бацька? Ад чаго?

- Рак страўнiка...

- Якi чорт! Калiсьцi людзi памiралi ад сухотаў, застуды, пабояў, а цяпер, каго не спытай, дык усё - рак, рак, рак... Прабач...

- Нэрвы.

- Так, сапраўды, я замнога дазваляю сабе...

- Кажу пра нэрвы, як пра прычыну хваробы, захворваньняў на рак. I як нi дзiўна, але ў прасмуроджаных гарадох, пракурэлых, ня так i часта пачуеш, каб хто памiраў ад рака, - яна, вiдаць, думала пра тое. - Горад, ведаеш, дае пачуццё ўласнай вартаснасьцi. Важнасьцi!

- Твой бацька быў зь вёскi?

- Зь вёскi. З Васiлькова. З гаспадаркi. Зь зямлi, якой аддаў сваё жыцьцё, але якую ня меў ужо каму пакiнуць. Старому i ў галаву не прыходзiла тое, што зноў настануць часы, калi гаспадар будзе самым пагарджаным чалавекам, у супастаўленьнi зь якiм чысьцiльнiк камунальных прыбiральняў здасца панам над мужыкамi. Вытворца галоўнага - хлеба... Кантынэнт сялянства апускаецца нiжэй травы, цiшэй вады...

Сьцяпан не перабiваў, агламажджаны нагавораным ёю.

Яна цiха разьвiталася.

"Чалавек, што дрыгва: дакранесься да яго й правалiсься, - Сьцяпан увайшоў у Юравецкую. - Кожнага абыходзь бокам".

Яму ня верылася, што столькi даведаўся ён ад зграбнай жанчыны.

Член камiсii, да якога йшоў Сьцяпан, жыў на Вятрачнай. У даваенным домiку, у садку, згусьцелым ад разрослых вiшнякоў. Зьвяглiвы сабака ў глыбiнi панадворка кiдаўся на ланцузе, дзеручы лапамi зямлю. Ганак, спавiты дзiкiм вiнаградам, з каляровымi шыбкамi ствараў уражаньне крыху казачнага ўваходу ў даўно таемнае.

Выглянула адтуль тоўстая баба.

- Ён хворы, - сказала яна Сьцяпану пра гаспадара. - Вам чаго трэба ад яго?

- Добры дзень вам, - прывiтаў яе Сьцяпан. - Я толькi на хвiлiнку да вас. Мы працуем разам...

- Вiцюлiк! - крыкнула яна ў сенi. - Хтосьцi прыйшоў, чуй, да цябе, - i абаперлася мяккiм локцем аб вушак. Па-мацярынску самаўпэўненая, стаяла яна так з кухонным нажом у руцэ.

- Што? Прывезьлi цымант, - жыва выбег на парог Вiця й, звочыўшы Сьцяпана, сказаў: - А, гэта ты: здароў! Заходзь, - працягнуў Сьцяпану руку. - Заходзь, заходзь... Дай нам, маленькая, гарбаты, - зьвярнуўся ён да гэтай гаспадынi, якая аказалася яго жонкай. - Сядай, Сьцяпан, - ён паказаў яму фатэль на ножках, закопчаных iльвiнымi галоўкамi. - З чым добрым ты да мяне? - i сабраў ён у сабе ўсю ўвагу худога, высокага i даўганогага.

- Са службы прыходзяць у дом хiба з чым добрым, браток? Гэта-ж усё роўна што з тэлеграмамi ў мястэчка цi ў вёску, - Сьцяпан склаў сябе: "Я, дурань, палохаю яго!" - Я, ня бойся ты, са звыклым глупствам да цябе... Ня хвораму-ж iсьцi да здаровага.

- У мяне, ведаеш, Сьцяпан, балячкi на вантробе паявiлiся. Бядовая справа, ведаеш, - сказаў ён для яснасьцi. - Як схопiць мяне боль, дык ажно на сьцены лезу!..

Настрой быў дрэнны.

- Лечысься ты?

- Лекары, ведаеш, Сьцяпан, бы тыя адвакаты: так i паглядаюць на жменю, так i паглядаюць! - Цяпер п'ю зельле... Нямаш мне варункаў хварэць: зяць будуецца, - i, стрымана памаўчаўшы, запытаў: - А ты, Сьцяпан, не задумаў сабе - вiлу?

- За што, братка?

- А цесьць у цябе ад чаго? - маршчыны на яго твары склалiся ў кашэчую ўсьмешку. - Зь iм, ведаеш, Сьцяпан, мала хто роўня ў Беластоку. Цiхенькi ён ды ўдаленькi! Ты, вазьмi, трасянi яго добра, а грошы зь яго, сам пераканаесься, пасыплюцца, бы дзiчкi з грушы. Адну дачку маючы, ён можа даць...

- Ат, стары й так даволi наклапацiўся, пакуль яе, Кiру, выгадаваў, Сьцяпана непрыемна ўразiла тая непасрэднасьць, зь якой гэты чалавек у гадох падказваў яму нешта й без таго грубае.

- Дачку то ён не гадаваў, Сьцяпан. Яго дзяцьмi зьяўляюцца iнтарэсы, - ужо пляткарыў ён перад Сумленевiчам. - Не было такой справы, на якой твой цесьць не зарабiў. Яго, мабыць, i цяпер ты мала бачыш дома?

Сьцяпан нiчога не адказаў яму.

- Ведаю я яго, бы таго каня лысага... Баба расставiла на стале шклянкi з гарбатай, пiрог на залочаным паўмiску, срэбную цукарнiцу, павiдла ў крышталёвым начыньнi, вiшнёвае. Талерачкi, памаляваныя ў яскравыя ўзоры, прасьвечвалiся далiкатнай тонкасьцю. Каля гарбатных лыжачак ляжалi пляскатыя мiнiяцюры лапатак; Сьцяпан дадумаўся, што iмi трэба браць порцыi пiрага (ён пачакаў, каб падгледзець у гэтым гаспадара). Былi й чырванашчокiя яблыкi, скрыгелiкi лiмонаў i яшчэ штосьцi.

- Я, во, прыйшоў да цябе са справаздачай камiсii, - Сьцяпан дастаў з партфэлю паперы. - Ужо перапiсаная, - ён адставiў далей пасудзiну з павiдлам, непрапарцыянальна цяжкую. - Чытай гэта й падпiсвай.

- Ага, - пасмутнеў Вiця. - Ага... Саладзi, ведаеш, Сьцяпан, гарбату. Калi ласка, саладзi сабе...

Пiрог хатняга вырабу смакаваў адмыслова. Крохкi, ён раскошлiва распускаўся ў роце, выклiкаючы цягучы сьлiнацёк. "Калi ён пра нiшто яшчэ ня чуў падпiша", - заключыў пра яго Сьцяпан, набiраючы павiдла, якое рыхтавалi, вiдаць, паводле асаблiвай рэцэптуры: ягады вiшняў, цэлыя, аказалiся зусiм сьвежымi. Былi яны хрумсткiмi. (У прыгарадах i прадмесьцях гатуюць павiдла няўмела, па-сялянску мазяватую гушчэчу, сцукраваную.)

- Ага... Ну, моцна напiсана! - Вiця працягнуў руку па акуляры, што ляжалi на этажэрцы. - Гм... Адразу пазнаць тут стыль Сумленевiча: просьба гучыць як ультыматум, - блiснуў ён кпiначкай.

- Рэвалюцыйная стылiстыка, браток, - пацяплела Сьцяпану.

- Ну, а што новага чуваць у каапэратыве?

- Пахварэў ты ўсяго дзень i ўжо думаеш, што безь цябе там усё завалiлася? - Сьцяпан, жэстам бесклапоцьця, выбраў сабе яблык. - Нiхто й ня ўспомнiў пра цябе. Быў. Няма.

- Так, - яму падаўжэў нос. - Ну, а як ацанiлi працу камiсii?

- Камiсii? - Сьцяпан засьмяяўся. - А я думаў, што гэта яна - ацэньвае. Каму ў галаве, брат, наша камiсiя? Старшыня, вось, заняты старшыняваньнем, кiраўнiкi кiраваньнем, бухгальтар лiкамi, i гэтак далей, - знарочна падняў ён руку з гадзiньнiкам. - Ого, ужо першая гадзiна! Час мне йсьцi. Ну давай, братка, падпiсвай справаздачу. Хопiць гэтай распусты за гарбатай.

Гаспадар абмацаў кiшэнi пiнжака.

I Сьцяпан зразумеў, што ён ня знойдзе аўтаручку або даўгапiс.

- Пазычу табе сваю... - сказаў ён да Вiцi, якi, як бы ў выдказ на гэта, абцiх, бы той, каму ўжо ўсё роўна.

Але, як на тую бяду, Сьцяпан ня ўзяў з сабою хаця-б алоўка.

- Ведаеш, Сьцяпан, я падпiшу заўтра. На працы. Ну, ведаеш, якая розьнiца: сёньня цi заўтра? Я-ж, як бачыш, цалкам здаровы... З раньня, ведаеш, Сьцяпан, я пазваню табе, прыйду й падпiшу. Ну, усё ў парадку, - ён ветлiва праводзiў госьця да дзвярэй. - Дзякую табе за тое, што ты наведаў мяне, i прабач мне, калi што ня так было... Ведаеш, Сьцяпан, зяць мой будуецца...

Сабака люта брахаў.

Пайшоў паркi, густы дождж.

Сьцяпан, тулячыся да платоў з навiслым гольлем дрэваў, дабраўся ўздоўж iх да Антанюкоўскай артэрыi, якраз блiзка прыпынку, на якiм сеў у "дзевятку" ледзь уцiснуўся ў перапоўнены аўтобус. З мокрых плашчоў пасажыраў сьцякала вада, i ад размочанай на падлозе гразi рабiлася коўзка. Стаяў ён, трымаючыся за расхiстаны поручань.

Выйшаў - за мостам на Белай, нiжэй "Гродна", дзе разявы ўсё яшчэ не разыходзiлiся зь месца выпадку.

Нiякавата было Сьцяпану вяртацца да сябе.

Цiшыня вакол яго асобы - анямелы тэлефон, для вiдавоку забеганая сакратарка, выключна дробязная карэспандэнцыя, спэцыяльна дэкрэтаваная яму старшынёй, спачувальныя твары некаторых - бянтэжыла яго сваёй, усё-такi, прыдзiрлiвасьцю. Нейкай шаблённай вытлумачальнасьцю абясьсiльвала яна Сьцяпана.

Якi-ж гэта - чорт вазьмi! - аргумант: спалiць яму аўтамабiль, каб...

Ат, хулiган ён, што дарабляе сабе iдэалёгiю.

Напэўна, ён i з глузду зьехаў!

Калi-б Сумленевiч быў сур'ёзным, дык ня важыўся-б на такое.

Малады, то й дурны.

21

У калiдоры чакаў Сьцяпана незнаёмец, якi назваў сябе сваяком i паведамiў, што памерла цётка. Гэта было ня тое, што нечаканым яму. Прыдуманым! I Сьцяпан, усьмiхнуўшыся, сказаў:

- Што-ж, памерла дык памерла... Усё чую я пра сьмерць.

- Пахаваюць яе ў пятнiцу каля дзесятай гадзiны. У Каралёўшчыне. Можна даехаць туды ранiшнiм аўтобусам.

- Памерла, значыць, сястра маёй нябожчыцы мацi?

- Ну.

"Ня ўсё, што банальнае, зьяўляецца непрыдатным", - успомнiлася Сьцяпану недзе пачутае iм. Ён слухаў незнаёмца, падтакваў яму - на яго шчацэ патрэскалася немалая бародаўка з воласам.

Гэты чалавек папрасiў Сьцяпана пазванiць па тэлефоне нейкаму сваяку ў ваяводзкай камэндантуры мiлiцыi.

- Добра, я пазваню, але гаварыць зь iм будзеце вы...

У сакратарыяце Сумленевiч пакiнуў пiсьмовую просьбу аб два вольныя ад працы днi.

Выезд на пахаваньне даў Сьцяпану супакаеньне.

Царква ў Каралёўшчыне, вельмi даўняя, стаiць ля гасьцiнца ў колiшнi двор. Пад высокiм лесам. За рэчкаю, калi йсьцi да яе далiнаю. Зьлева ад шашы, ад пахiлых вербаў.

Ужо стаяла пад ёю зграя легкавых машынаў - паняў, паноў i панятаў. Выпендрыўшыся, хадзiлi яны туды й назад - от, мужыкi каля фурманак на Сенным рынку. Каля свайго.

Цела нябожчыцы везьлi з хутара, цi то зь вёскi, i Сьцяпан, каб ня нудзiцца, не глядзець на гэтых нiбы жалобнiкаў, не паддавацца iх агляду, забрыў на ўзьлесьсе, сьцежкай каля сухога долу, дзе, мусiць, капалi пясок на дарогу. З засмужанага неба крапаў нясьмелы дожджык i падымалася духотная iмгла. За маладняком цямнелi ялiны й прасьвечвалася паляна. З-за павароту выйшла пажылая жанчына. Яна зьдзiвiла яго тым, што яму, чужому, сказала "Добры дзень". Спатыкнуўся ён аб мурашнiк; незвычайныя мурашкi залазiлi яму аж на кульшы. Недалёка стукаталi дзятлы й пужаў Сьцяпана шолах у малiньнiку, заваленым сухападам. Гадоў пяць назад, успомнiлася яму, у гэтай ваколiцы паляўнiчыя падпiльнавалi рыся. Тут, магчыма, ёсьць i зьмеi?!

Калi Сьцяпан вярнуўся пад царкву - ад машыны, памаляванай у сiнi колер, наблiзiўся да яго нi то хлопец, нi то мужчына.

- Добры дзень пану. Сьцяпан адказаў.

- Вы, пане, на пахаваньне?

- На пахаваньне, - адказаў Сьцяпан.

- Курыце? - той працягнуў яму пачак амэрыканскiх цыгарэтаў.

- З прыемнасьцю. Дзякую вам.

Араматызаваныя, даўкiя...

- Няма, пане, пагоды.

- Так, - Сьцяпан прыгледзеўся да пашчэрбленых зубоў размоўцы. - Старыя памiраюць або ўвосень, або ўвесну.

- Цётка магла-б, пане, пачакаць да восенi, - пажартаваў уласьнiк сiняй машыны. - Надта-ж мноства многае работы цяпер назьбiралася ў мяне.

- Не ўдалася вам цётка...

Юнацкi мужчына раскланяўся са Сьцяпанам:

- Прабачце мне, пане.

- Калi ласка.

На масток у нiзку сунуўся абоз: на пярэдняй фурманцы - труна. Вiдавошча быццам вяртаньне з паляваньня на некалi бачанай карцiне...

Жанчыны перад люстэркамi ля кузаваў легкавых машынаў папраўлялi сабе прычоскi; мацяркi клiкалi дзяцей. Шматлiкая радня!

- Вязуць, - нехта голасна сказаў. - Зюнiк, адвядзi далей нашу машыну, каб конь ня ўгрэў па ёй капытам...

Запрацавалi маторы. Узьняўся вэрхал, тратуарны.

- Мужчыны, - прасiў, па-беларуску, дзядок. - Мужчыны, трэба вынесьцi з царквы харугвы. Ну, адну - я. Хто яшчэ?

Адгукнуўся на гэта васпаваты дзядзька ў гумовых ботах. Сьвятар - зь пеўчымi бабулямi - ужо зыходзiў да вулiцы; малады, прыкметна зьнясьмелены старамоднай сваёй прафэсiяй, разгублена тузаў свой залётны вусiк (без барады). Так i гаварыў, здаецца, так i гаварыў ён: людкове, а нашто мне гэта? Расьпяўшы парасоны, жалобнiкi бязладна рушылi за iм, насустрач сярмяжнаму картэжу. Можна сказаць - са злосьцю, хутка, хутчэй адбыць чамусьцi не забытае, як бы забабоннае, але прадпiсанае... Зь бязьлiтаснымi яны каркамi. Наперадзе засьпявалi: "Са сьвятымi супакой..." - старэчыя галасы абрывалiся.

Дайшлi - да першай пары коней, угадаваных, вычасаных, запрэжаных неяк па-вясельнаму; над iмi ўзвышаўся румяны твар (без шапкi). Ля якогасьцi, пакiнутага, млына.

Вазьнiца, вяла разглядаючыся па натоўпе, прасiў дапамогi ўнесьцi труну ў царкву.

З наступнага воза зьлез брудны чалавечак i, быццам шукаючы ўпушчаных лейцаў, затрымаўся каля вазьнiцы; з пугаю.

Дзядзька ў гумовых ботах, паставiўшы харугву пад лiпаю, брыдка вылаяўся й крыкнуў:

- Бавантур! Хадзi! Паможаш! - ён пачакаў, пакуль той зварухнецца. - Гэта сваякi? - кiнуў ён праклён урачыстаму зборышчу. - Паны, я... iх маць! - i, як змардаваны дрывасек, што прымерваецца да таго, каб падняць таўшчэрную калоду, дзядзька скамандаваў: - Бавантур! Падчэпiш труну ад галавы, - на яго словы аблезлы дзяцюк ухапiўся за вугал скрынi. - А вы, двух, бярэцеся, во, там, яшчэ пакiраваў ён старым i вазьнiцай.

Нiхто не абурыўся на тое.

Малебен заняў больш, чым паўгадзiны. "Чаго я тут - нi шкадуючы, нi варагуючы - стаю сярод чужых? - Сьцяпан скiнуў пальчаткi. - Труп цёткi - гэта апошнi напамiнак таго, што за маiмi плячыма ёсьць папярэднiкi. Маць - о як-жа смуткую я па ёй! - маўчала пра радню, стойваючы панурую гiсторыю? Ня выраклася яна свайго сялянскага радаслоўя. Дык у чым-жа прычына яе заўзятага забываньня на сваякоў? А Люба - хто яна мне? Не прыехала... Жыве? Гаспадарскiя жонкi нягожа старэюць, чырванаскурыя..."

Нябожчыца спачывала з блаславёным спакоем - выцягнутая, чысьценькая, апранутая ахайна, але ў паношанае. Рукi яе, скрыжаваныя на грудзях, сухiя й вузлаватыя. Гаротнiцкiя! Дзесьцi блiзка жыла яна й працавала. Нiхто, таксама, не заплакаў па ёй, калi прыбiвалi цьвiкамi века...

"Зусiм не падобная яна да маёй мацi", - Сьцяпан, цалуючы настылую руку нябожчыцы, раптам адчуў, як пацяклi яму сьлёзы, неспадзяваныя; ня змог паўстрымацца i ад нежаданага iм стогну скаргi. Не адхiнаючыся, ён выхапiў з кiшэнi насоўку й выцерся ёю. Аглухлы ад жалю, здумеўшыся гэтым, ён адыйшоў за iкону нябеснай жанчыны, каб сабрацца там з духам. "Што са мною, - мармытаў да сябе Сьцяпан. - Што гэта такое робiцца са мною? У мяне расхiстаныя нэрвы! Трачу я розум з-за халернага старшынi! Ох, людзi, людзi... Цi я гэтак-жа галасiў i па мацi? Ну, не, ну, добра... Цiха, ша, ша-а".

- Вы! - за Сьцяпанам стаяў незнаёмец. - Патрэбны чацьвёрты... Могiлкi тут-жа, у канцы вулачкi. Во, там, - паказаў ён у паднебнае акно.

- Так, так... - усьмiхнуўся да яго Сьцяпан. - Я ўжо... Ну, iдзем.

Пахавальнае шэсьце валаклося цыганскай бандаю. Ехалi машыны, i пра iх найбольш у тлуме гаварылi.

- Чый ён будзе? - голасна запытаў ззаду бабскi голас.

I Сьцяпан ведаў, што гэта гавораць пра яго; мацней абхапiў ён плечы незнаёмца, якi соп пад цяжарам труны. Кант дошкi балюча муляў у ключыцу.

Над самюткай галавою сьпяваў жаваранак, расслабляючы сардэчнасьцю.

- Чый? Мо' гэта яе байструк...

- Мела яна другога?

- Хiба мала бандытаў хадзiла тады па вёсках? Прыйдзе такi ў хату, з карабiнам, i давай яму, чаго толькi захоча...

- Гэ-гэ-гэ... I саланiны ўпрыдатак, - азваўся сiплы мужчына.

- О, нарабавалi яны ў людзей, а цяпер мураванкi сабе ў Беластоку ставяць, - загаварыла тая-ж баба. Нiзкая! Кумпястая! З кучмастай прычоскай!

- Цiха! Яшчэ хто пачуе...

...Калi, урэшце, насыпаную магiлу выраўнялi рыдлёўкамi й нехта з раднi спрашаў усiх на пачастунак - Сьцяпан павярнуў у ельнiк, зь якога выбраўся ён у поле, дзе стаяла ў забыцьцi хацiнка пад таполяй.

Дадому трапiў ён пад абед.

22

Каля бiблiятэчкi iрдзела пячаткай павестка з камiсарыяту мiлiцыi.

- Мыйся й хадзi есьцi, - сказала Сьцяпану Кiра. "Зноў будзе пекла!" - ён старанлiва вымываў бруд памiж пальцамi; на яго нагавiцах бялела колькi плямак жывiцы.

- Кiра! У нас ёсць бэнзiн? Мне трэба пачысьцiць...

- А я думала, што - спалiць?

- Спалiць? - Сьцяпан не адразу сьцямiў. - Ага... Слухай, Кiра, ты мая жонка цi не мая?

- Твая. Таму ты павiнен схадзiць да старшынi й папрасiць у яго прабачэньня.

- Гэта ты дадумалася да таго цi твой татка?

- Я таксама.

- Значыць, цесьць першы падумаў пра гэтае. I, мабыць, дасьць ён грошай на рамонт той старшынёвай ламаччавiны?

- Такi зяць - каштуе! Ягонае папраўляньне сьвету...

- На сродкi цесьця?

- Налiвай сабе есьцi. Капуста - у сiнiм гаршку, а бульбу падагрэеш. Кампот - у рондлiку, - Кiра густоўна завязала шалiк на шыi, апранулася. - Я пайшла.

- Да Анi, цi як яе зваць...

- Так, да Анi.

- Тады - шчасьлiвай табе дарогi!

- Дзякую.

- А дзе мацi?

- Ня ведаю.

- Чао!

Допыт у камiсарыяце вызначылi Сьцяпану на пасьлязаўтра. У дзесяць.

"Маюць у мiлiцыi час, - ён, усё-ж, прыпалiў сабе бульбу. - Iм гэта што: яны-ж у фабрыцы злачынстваў. А я - iх заказчык, дарэчы, дробны. Але рытм работы й там, вiдаць, абавязвае. Сумленевiча ўжо занесьлi ў графiк, на адпрацоўкi. Гатовенькi выраб зь яго накiруюць у суд, у гэты склад пакараньняў... А што будзе, калi ў камiсарыяце возьмуць ды забракуюць мяне? Не, яны не адкiнуць майго! Мая, Сумленевiча, у гэтым галава: за ўдарам удар..." - гарачая капуста апякла яму вусны.

Прагледзеў Сьцяпан - каторы раз! - справаздачу камiсii. Вось дакумант, якi спатрэбiцца яму! На жаль, мала аднаго подпiсу пад iм, Сумленевiча. Што й казаць: яго здурыў той член камiсii. Сьцяпан змарнаваў аказiю - трэба было тады зьбегаць у кiёск i купiць яму даўгапiс, не адступiцца ад Вiцi, не адкладваць важную фармальнасьць. Памылка!

Ня ўсё страчанае?

Сьцяпан, паабедаўшы, наведаўся ў кватэру iншага члена камiсii; яго дачка, дзяўчынка, адказала яму, што мацi пайшла ў краму, а бацькi, ад учора, няма дома. Запрапанавала яна Сьцяпану пасядзець, выпiць гарбаты... Расьсьмешаны яе кемнасьцю, ён падзякаваў ёй i хацеў даць малой падарунак (нiчога, аднак, адпаведнага ня вышукаў у сваiх кiшэнях).

Адрасу трэцяга члена камiсii Сьцяпан ня ведаў.

"Пасьля суду я звольнюся з працы ў каапэратыве, - вырашыў Сьцяпан. Стануць, вядома, упрошваць мяне; пане Сумленевiч i пане Сумленевiч! Я, скажу iм, зноўку прыдатны вам? А дзе вы былi, калi мне было цяжка, га? Калi пахла турмою? Не спадзяваўся я па вас такой палахлiвасьцi; ня цiхiх спачуваньняў, але публiчнай падтрымкi... А вы што зрабiлi? Чакалi, хто - каго? Эт, нiчога з такiмi, як вы, нельга дабiцца, не жывеце вы, а ўсё рыхтуецеся жыць! На гэтым прамарнуеце свае гады, задумайцеся вы над тым, што я гавару вам, i пабойцеся кожны самога сябе! Усё больш людзей, усё менш людзкасьцi..."

Мучыла яго смага, пульсавала ў скронях кроў i балелi яму валасы, усё роўна што пасьля п'янкi. Сьцяпан убачыў кiёск зь пiвам, замкнёны. Каля яго, быццам спарахнелы вулей, трывала пустая бочка. Дзецi гулялi там у схованкi. Спынiўся перад пiўнушкай пажылы чыгуначнiк, на ровары, пастаяў, раскiрачыўшыся, пачухаўся пад шапкай i разьлезла паехаў далей, нясьпешна абмiнаючы каўдобiны.

У бары "Пад селядцом" прадавалi мiнэральную ваду "Крынка".

Сьцяпан папрасiў дзьве бутэлькi мiнэралкi. Бармэнка курыла й, адначасова, накладвала ў мiсачкi гатаваную па-брэтонску фасолю, якой закусвалi падпiтыя тыпы ў камбiнэзонах; пра штосьцi спрачалiся яны памiж сабою. Двух зь iх счапiлася бiцца; перакулiлi крэсла з жалезных прутоў, пакацiлiся на падлогу. Iх сябры, пасьмяяўшыся, узялiся разбараняць - ня ў жарты палiлася кроў. Убег з вулiцы мiлiцыянт i, вытузнуўшы, быццам сьмешную шаблю, гумовую палку, гакнуў ёю па выпучаным азадку якраз таго з буяноў, якi, аблiты юшкаю з носа, харкацеў, прыцiснуты да зямлi здаравейшым. - Халерны Пiндаль штодзень так, сказала бармэнка й зiрнула на Сумленевiча, як на таго навiчка, якому наiўна захацелася мець сабе жонку. Сьцяпан расплацiўся.

Круцiла яму ў калене. (Нядобра ступiў ён нагою, калi ўносiлi труну на могiлкi; у пухкую нару крата, i цэлы ўспацеў ад страху, каб не павалiцца...)

Сеў Сьцяпан на змуршэлы падмурак, парослы зельлем, i асьцярожна нацiраў балючае месца. Вывiх не адразу адлягае, трэба мачыць у гарачай вадзе й расьцягваць вузлы... "Шкада, што па хаце, у якой я нарадзiўся й рос, не засталося й сьледу. Заначаваў-бы я ў ёй, памыў-бы падлогу, дзьверы. Жылося-б мне па-свойму..."

Чым больш раздумваў Сьцяпан над тым, як паводзiць сябе ў мiлiцыi, тым выразьней адчуваў у сабе ўсю несур'ёзнасьць створанага iм становiшча. Справа ня ў веры ў справядлiвасьць задуманага, бо яна ў iм заставалася непахiснутай, але ў сродках ажыцьцяўленьня намеранага. Дакладней кажучы, у iх недастатковасьцi, каб не сказаць, у дробязнасьцi ўчыненага ў параўнаньнi з жаданым зьдзяйсьненьнем. Вымовы, якiх наслухаўся ён ад Кiры й ад цесьця, прыводзiлi яго да дапушчэньня, што сапраўды рызыкуе асьмяшэньнем сваёй асобы! Давёўшы сябе да крайняй раздражненасьцi, Сумленевiч зь неспакоем думаў ня столькi пра допыт, колькi пра ягоныя наступствы.

Быццам разумеючы думкi мужа, Кiра пакуль нiчым, зьвязаным са справай, не цiкавiлася. Мiж ёй i мацi дайшло, праўда, да сьцiшанай сваркi, значэньне якой усьвядомiў Сьцяпан пазьней. Пачаткова толькi здагадваўся ён, што дачка супыняе мацi ў яе сувязах з мужчынам, якiя абнеслаўляюць дом. Менавiта, заходзiў да цешчы нейкi прыяцель сям'i, не першай маладосьцi й несумненны ўдавец. Сьцяпана зьдзiўляла тое, як гэты чалавек можа не адчуваць уласнай няёмкасьцi. Ад госьця павейвала пахамi дарагiх адэкалёнаў, а яго сiвюткiя валасы, беззаганна падстрыжаныя, прыдавалi яму незаслужана шаноўнай павагi. Пiлi яны гарбату зь iм, як бы цярплiва чакаючы прыходу дадому гаспадара; Сьцяпан часамi адгаворваўся ад гэтага вечараваньня неадкладнымi заняткамi, тэрмiновымi заданьнямi на службе, незакончанай справаздачай або дакладам. Кiра сядзела зь iмi дзеля прыстойнасьцi. Расказвалi яны сабе анэкдоты, раскошна рагаталi, нават сьпявалi нешта расьцяглае, расейскае: "Оля любила реку..." Або, фальшыва iнтануючы адноўленую модай песьню "Очи чёрные..." (Аднойчы прынёс той пласьцiнку са сьпевамi Шаляпiна, даваенную, зьдзёртую.) Сталася ўжо хатнiм звычаем, што ў панядзелкi гэты прыяцель дому стукаўся ў дзверы пунктуальна а шостай. Яго вiтаньнi абрыдлi Сьцяпану. - Добры вечар панi. - Добры вечар пану. - Як прамiнуў вам дзень? - Дзякую, добра. - Сёньня нешта папсавалася пагода. Сапраўды, ад самай ранiцы дождж! - А якi пранiзьлiвы вецер! - Даўней вёсны былi цяплейшымi. - Зьмяняецца клiмат. - Распранайцеся, калi ласка. Будзем пiць гарбату з ромам. - Каханыя вы мае ўсе...

Цешча была хiтрай, але й спагадлiвай кабетай (дачка, усё-ж, удалася ў бацьку). Яна не пахваляла зяця. Аднак-жа, калi й спрабоўвала навязаць яму сваё, дык праводзiла гэта без сьвятой упэўненасьцi, якую наглядалася якраз у Кiры, яшчэ замаладой на тое, каб што-кольвек прадумаць дарэшты. З ваганьнем. Было-б, аднак, памылкай дапускаць, што старая ня мела сваiх меркаваньняў. Хутчэй за ўсё, яна не iмкнулася да iх, iснавала трохi па-расьлiннаму. Нiколi цешча - як памятае Сьцяпан - не папракаля цесьця ў яго вяртаньнях поначы, не дапытвала яго, дзе быў i што рабiў, не ачарняла бабскiмi падазрэньнамi, абвiнавачаньнямi: "Мела я лепшага ад цябе, але, дурная, не пайшла за яго й таму цяпер пакутую!" У начной кашулi, стоячы, старая тлумачыла яму, якое ежыва i ў чым яно (капуста - у сiнiм гаршку; бульба - у гаршчэчку, вынесеным для прахалоды ў сенцы; кампот - у рондлiку).

Цесьць аднойчы, даволi п'яны, учынiў ёй дзiкую авантуру; няголасна й настойлiва. Насiў ён тое ў сабе, вiдаць, здаўна. "Чаго ты плюскаеш на мяне вачыма, бы сына нарадзiўшы? Пакажы мне, дзе ён? Ня маеш яго, ага. А я гаварыў табе: трэба нам хлопца! Дачка добрая ўпрыдатак, як нiштаватае курвяня, але яна - што нам дасьць? Пабяжыць у сьвет, задраўшы хвост! Але ты - не й не, няхай падрасьце дачушка, зь пялёнак выйдзе, тады й разыкнем мы... Потым ты спрытна! - давай хварэць. О як-жа любiш ты нажываць сабе хваробы!.. Ну, згода, ты не магла: нi то высокi крывяны цiск паявiўся ў цябе, нi то ныркi пачалi рэзаць цябе, нi то сэрца табе паслабела... Усё перашкоды былi й перашкоды: як не дрыстачка, дык балячка! Жывот табе разросься, як торба, як гарбуз; хадзiла, бы блудная авечка: то ў плот, то ў вароты... А так, папраўдзе, дык не хацелася табе зноў паднатужыцца. Баялася ты болю, скажу, во, табе ў вочы! Вядомая справа: дзяцей радзiць - ня грошы лiчыць. Ды й гадочкi не аглядалiся на тое, калi гэта вяльможная панi мая надумаецца другое дзiця мець: пабеглi, паiмчалi яны, i столiькi па iх засталося, што пылу на дарозе. Ну, скажы, i як гэта з намi будзе далей? Цяпер ужо нiчога не павернеш назад... Ня верыла ты, што ў нас быў-бы сын. А быў-бы ён! У майго бацькi дочкi сыпалiся, але, дзякаваць Богу, i сыны таксама. I ў дзеда... Ты, аднак-жа, не была-б сабою, калi-б не зашанавалася, каб, крый Божа ад нячыстай сiлы, не ахвацiцца, не пабрыдчэць, ня выклiкаць радасьцi ў суседак сваёй распоўзлай фiгурай i ня страцiць чароўнага позiрку на сябе ў мужчынаў. А з сынам - не бяда, купiм... Гатовага, не? Абы толькi дочанька не знаравiлася на публiчную дзеўку..."

Ён не сьцiхаў.

Яна выслухала ягоныя жалi. Цесьць стамiўся гэтым, лёг i нечувана захроп.

Яе паводзiны дасьведчанай жанчыны Сьцяпан дацанiў нядаўна. З блiжэй не названымi заўвагамi. "Цi яе Кiра здольная кахаць мяне, наогул мужчыну? Страх мець зь ёю дзiця! - неспакоiўся Сьцяпан. - Выйшла яна за мяне, магчыма, зь дзяўчынскай патрэбы жыць пры кiмсьцi... Гэта не вельмi й рэдкi стымул быць замужняй; па грамадзкай iнэртнасьцi. Ёсьць у жанчыны этапы захапленьня мужчынам. Цалкам iншымi запатрабаваньнямi выклiканае яно ў маладосьцi, у пэрыяд непаўнацэннасьцi, жаданьня стацца самастойнай. Сьпелы-ж узрост высоўвае на першы план матэрыяльную значнасьць прэтэндэнта на мужа, iнiцыяваньне iм дабрабыту, што эмацыянальны бок жыцьця зводзiць да аздобы. Шлюбныя здрады маюць адпачынкавы характар. Жонка, якая перайшла жыць да каханка, не зьяўляецца курвай". Сьцяпан не лiчыў за лепшае забывацца на непазьбежны допыт у мiлiцыi. Прымушала яго да гэтага заганная асаблiвасьць ягонага характару, няўмельства перастраўляць iм, перамешваць, галоўнае з надзённым, дачасным. (Калi верыць пагалоскам, дык старшыня, як правiла, выпрацоўваў сабе варыянты рэагаваньня, не дапускаў ён да самацёку - жартавалi ў каапэратыве - нават у гутарцы з прыбiральнiцай; зласьлiўцы дадавалi да таго, што й крывiўся ён на нарадах таксама згодна з дакладным сцэнарыем.)

23

У камiсарыяце сяржант прывiтаў Сумленевiча з рухавай заклапочанасьцю.

- Сядайце, калi ласка. Я зараз, - i ён пазванiў кудысьцi. - Гэта я. Няхай зойдзе ён да мяне заўтра а адзiнаццатай. Так. - Тады зьвярнуўся да Сьцяпана: Пакажэце, калi ласка, свой пашпарт.

Сумленевiч падаў яму дакумант.

Мiлiцыянт дастаў з бакавой шуфляды пiсьмовага стала прасторны фармуляр i прыняўся запаўняць яго.

Папярэдзiў ён Сьцяпана аб судовай адказнасьцi за несапраўдныя паказаньнi падчас допыту.

- У тым, што я вам скажу, можаце не сумнявацца, - адказаў яму на тое Сьцяпан.

Сяржант штосьцi дапiсаў у фармуляры й загаварыў:

- Усё, што вы скажаце тут, можа быць скарыстанае супроць вас.

- Я не баюся таго.

Сяржант не зрэагаваў на гэта.

- Дзякую, - пашпарт аддаваў ён Сьцяпану двума пальцамi, па-курэцку. Супроць вас ёсць падазрэньне, грамадзянiн Сумленевiч, што вы падпалiлi легкавую машыну старшынi... - сяржант вымавiў поўную назву каапэратыву, марку машыны, яе рэгiстрацыйны нумар, дзень i гадзiну здарэньня. - Што вы, грамадзянiн, хочаце сказаць у сувязi з тым? Калi ласка, - даўгапiс трымаў ён напагатове.

- Я вас, пане сяржант, не разумею. Пра якое гэта падазрэньне ў дачыненьнi да мяне вы гаворыце? Я-ж сам, як памятаеце, прыйшоў да вас i ўсё расказаў вам, прасiў...

- Так, - перабiў яго мiлiцыянт. - Атрымана намi скарга на вас, вытлумачыў ён. - Калi ласка, адказвайце на пастаўленае вам пытаньне.

- Зрэшты, мне ўсё роўна. Добра, - Сьцяпан выняў з кiшэнi пачак папяросаў. - Дазвольце закурыць...

- Курэце.

- Дзякую, - i запрапанаваў мiлiцыянту папяросу: - Курыце?

- Дзякую вам. Я прызвычаiўся да "спортаў", - ён пашукаў запалкаў.

Закурылi.

- Было гэта так... - Сумленевiч апавядаў сяржанту здарэньне з падрабязнасьцямi. - Я ведаў, што дапускаюся глупства, але мус было нешта счаўпсьцi звалаце, сукiнсыну!..

- Грамадзянiн Сумленевiч! Вы забываецеся! Нiкога нельга беспадстаўна абражаць. Разумееце?

- Вы баронiце старшыню?

- Калi хочаце ведаць - я шаную вас. У супрацiўным выпадку ў мяне была-б iншая гаворка з вамi.

Сяржант прагледзеў запiсанае ў пратаколе.

- Пагаворым мы пра матывы?

- Пагаворым. Калi ласка, грамадзянiн Сумленевiч.

- Дзякую вам, пане сяржант. Агульна кажучы, старшыня зьяўляецца прыкладным узорам гангстэрскага спосабу кiраваньня ўстановай. Падбiрае ён сабе супрацоўнiкаў бязвольных, але таленавiтых, сьлепа адданых яму. Наравiстых старшыня або запалохвае, або ўсяляк захаборвае, або, звычайна, пры нагодзе выкiдае iх з працы. Не ганьбуе ён i даносчыкамi, ясная справа, ды правакатарамi...

- Канкрэтней, грамадзянiн.

- Гавару я, хiба, няясна?

- Вы, дарагi пане, задумалi чытаць мне тут даклад? - зьнецярплiвiўся мiлiцыянт. - Я пытаю вас, здаецца, выразна: якiя ёсьць прычыны гэтага вашага ўчынку? Ну, чаму вы падпалiлi машыну?..

- Менавiта, таму!

- Дакладней?

- Цi вас, пане сяржант, задаволiць тое, калi я скажу вам, што гэты падпал зьявiўся маiм актам пратэсту супроць становiшча, створанага ў каапэратыве старшынёй?

- Вы, грамадзянiн, зноў сваё! - ён закурыў наступную папяросу. - Высокае слова - пратэст. Дзеля яго iснуюць прыстойныя магчымасьцi дзеяньня, напрыклад, пэрыядычныя нарады, сходы прафсаюзнай арганiзацыi, камiсii i гэтак далей. Нязгода з чымсьцi зусiм не абазначае, выбачайце мне за слова, хулiганства!

- Паўтараю: я не знайшоў iншага спосабу на тое, каб зьвярнуць увагу грамадзкай думкi - на пачынаньнi старшынi!

- Перастаньце вы дурыць мне галаву вялiкай палiтыкай у паспалiтым злачынстве! Пакiньце выкручвацца, захавайце вы годнасьць, пане Сумленевiч. Час, каб мы ўжо разумелi адзiн аднаго.

- Во-во, сьвятыя словы!

- Ну!

- Мы ўсё сабе сказалi.

Сяржант пабялеў ад гневу.

- Вы адмаўляецеся даць паказаньнi?

- Наадварот: я дамагаўся даць iх вам, - Сьцяпан выцер лоб. - Цi я пярэчу ў тым, што мой падпал легкавой машыны, прыватнай уласнасьцi, фактычна зьяўляецца лiхадзействам?

- Што вас, грамадзянiн, штурхнула на такi крок?

Сумленевiч расьсьмяяўся.

- Мая жонка здрадзiла мне зь iм, старшынёй. Мала таго - я пазайздросьцiў яму дарагога набытку ў выглядзе прыгожай легкавой машыны.

Сяржант ажыўлена запiсваў...

- Мне нельга ратаваць сябе, - дадаў Сьцяпан, усур'ёз.

- Любоўная зайздрасьць, як прычына злачынства, часткова абязьвiнiць вас, пане Сумленевiч, - заявiў яму сяржант i ўвесь палагаднеў. - Беспатрэбна абдурвалi вы мяне. Я ня ваш вораг. За столькi гадоў работы, ня хвалячыся, адчуваю я скураю, хто сядзiць перада мною. Ведаеце, гэта вопыт. У нашай прафэсii iнтуiцыя адыгрывае надзвычайную ролю. Я не хацеў з вамi бавiцца ў падыходы, пытаў адкрыта, як шчыры шчырага.

"Адыходжу я, як дзень. Будзь ты добры людзям. Усе яны - бедныя", паўголасам прамовiў Сьцяпан.

- Што?

- Дробязь, пане сяржант. Гэта словы мацi... жаночыя.

- Ага...

- Вы, пане сяржант, залiшне наракаеце на мяне. Давайце, падпiшу вам пратакол.

- Нельга нiкога прымушаць выявiць сваю вiну шляхам самаабвiнавачаньня. Яе трэба, звычайна, даказаць, - павучаў ён Сьцяпана. - Гэта прынцып, дзякуючы якому магчыма аб'ектыўна сьцьвярджаць факты.

- Не было маiм намерам затойваць вiну.

- А вы, скажэце, не падумалi аб тым, што, зьнiшчаючы сябе, зьнiшчаеце й справу, у iмя якой, калi верыць вам, iнсцэнiзавалi гэтае вiдовiшча? Акампраметоўваецеся, пане Сумленевiч, - ён давяраў Сьцяпану ў вадным: - Калi магу вам раiць, дык тое, каб вы паклапацiлiся прадставiць доказы жончынай здрады. Мы, як мiлiцыя, гэтым не займаемся - замнога было-б работы... Ну, падпiсвайце вы сваю аферу, - сяржант падсунуў Сьцяпану пратакол, складзены дбайным почыркам. - Ах, пане Сумленевiч, пане Сумленевiч...

Сьцяпан дакладна ўчытваўся ў кожны радок пратаколу.

- Дасьце мне копiю яго?

- Вы ня ведаеце, што ў нас не бывае копiй?

- Будзеце дапытваць сьведкаў?

- Адкажу вам: будзем. Што яшчэ вы хочаце ведаць ад мяне?

- Цi магу я сустрэцца з капiтанам?

- Дзеля чаго вам гэта патрэбна?

- Дзеля дадатковых паказаньняў...

- Можаце зрабiць гэта ў мяне. Слухаю вас.

- Я, таксама, i па iншай справе хачу пабачыцца з капiтанам.

- Па якой?

- Даўняй, пане сяржант. Вас я буду хвалiць...

- Самi зьвяжэцеся вы з капiтанам. Па тэлефоне, - ён прадыктаваў Сьцяпану нумар. - Дамовiцеся, пагаворыце... Да пабачэньня, пане Сумленевiч.

- Яшчэ выклiчаце мяне?

- Калi спатрэбiцца...

- Да пабачэньня.

Клямка вылазiла зь дзьвярэй,i Сьцяпан павярнуўся да сяржанта, каб сказаць яму пра гэта. Але ён, ужо грабучыся ў папках, не глядзеў на Сьцяпана й, вiдаць, думаў пра штосьцi чарговае (у яго пачыналася лысiна, ад патылiцы). Адтапыраныя вушы прасьвечвала яму сонца, быццам натлушчаную паперу. Камарынай хмурынкай вiраваў пыл, ад сярэдзiны пакоя ў куты, за жалезную шафу й недагледжаны фiкус, пакiрачаны, як змарожанае дрэва.

У няветраным калiдоры сьмярдзела мышамi.

У дзяжурнага камэндатуры даведаўся Сьцяпан, што капiтан зьявiцца каля першай гадзiны.

- Вас выклiкалi?

- Не.

Сьцяпан выйшаў на вулiцу (наблiжалася дванаццатая). "Пабуду на сьвежым паветры, - пастанавiў ён, кiруючыся ў сквэрык. - Падрыхтуюся да размовы. Абавязкова! Мне нельга давярацца яснасьцi думкi... Даволi iншага разуменьня яе, каб - заблудзiць, трапiць у блытанiну. Значыць, - Сьцяпану пацела над левым вухам, - перш за ўсё я давяду яму да ведама..."

Капiтан затрымаўся ў горадзе.

Сьцяпан, апынуўшыся ў сквэрыку, сам зьдзiвiўся тым, чаму гэта толькi цяпер скемiў ён, што яму няма з чым iсьцi да капiтана?! "Вызвалiўся я ад лёгiкi сну? Прачнуўся - са стану перавагi жаданьня над разважлiвасьцю?.."

На клюмбах цьвiлi кветкi. Iх матыльковыя колеры казачна адрозьнiвалiся на фоне густой зеленi аздобнага тут кустоўя. Гэтую выспу жывой прыгажосьцi прыкра расьцiнала асфальтаваная сьцежка, на якой сохлi растаптаныя чарвякi, быццам дробненькае сухападзьдзе. Сьцяпан сеў на кульгавую лаву паркавага фасону, у цяньку. Адсюль убачыў ён, як да ўваходу ў будынак камэндатуры сьпяшаўся капiтан, з сумкай, бы забiты работай бухгальтар. "I я хацеў да яго йсьцi, займаць яму час гутаркай пра старшыню, якi, з сыфiлiсам, увосень ляжаў у шпiталi? - думаў Сьцяпан. - Тлумачыць: дапусьцiўся я крымiнальнага ўчынку знарочна, дзеля магчымасьцi аскандалiць праныру, якому ўсялякае ўдаецца, бадай, таму, што ягоная дзейнасьць адпавядае калектыву, бо ўсяго жменька, толькi жменька, працаўнiкоў каапэратыву заўважае ў паводзiнах старшынi цванага госьця. Ды, хiба, кiраўнiк установы павiнен быць даверлiвай разяваю? Якiм правам наважваюся я павучаць iншых? Таму, што яны паддаюцца ашуканскаму аўтарытэту? Леваму! - уявiўся яму самаздаволены старшыня. - Капiтан папрасiў-бы ў мяне прабачэньня за тое, што няма ў яго свабаднейшай хвiлiны, каб выслухаць... Гэта было-б далiкатнай адмовай, просьбай ня ўцягваць яго ў блазноту - Сьцяпан вышукоўваў вострае ў свой адрас, каб вывесьцi рацыi ў сваю абарону; схiляўся ён да таго, што суд адбудзецца, усё-такi, над iм. - Я не лiчу важным тое, што будуць гаварыць пра мяне. Людзi, так цi iнакш, стануць задумоўвацца, смакаваць мае матывацыi, браць на зуб аргуманты, сумнявацца. Сутнасьць роздумаў - у сумненьнях? - Ён устаў i прайшоўся. - У маiм характары адсутнiчаюць правадырскiя рысы. Вiдавочнае тое ад дзяцiнства. Я не спрабоўваю кiмсьцi кiраваць, у мяне няма iнстынкту панаваньня, гвалтоўнай барацьбы з асяродзьдзем за свой пункт гледжаньня. Гэта ў мяне ад бацькоў, ад мацi, ад яе сялянскай звычкi падпарадкоўвацца камусьцi, пагаджацца. Ах, зь якой асалодай перажываў-бы я, няхай сабе й грубiянскую, задаволенасьць мною шэфа! Знаходзiўся-б я ў пастаяннай гатоўлiвасьцi для кажнюткага яго загаду, калi-б мог мець тую ўпэўненасьць, што зьвязаўся з сумленным чалавекам. З гэткiм, якi не пасаромеўся-б сьлёзаў, каб аплакаць iмi свае памылкi. Не была-б мне страшнай з такiм чалавекам нават подласьць; хапала-б высакароднасьцi яго мэты. Хто ведае, цi не пакiнуў-бы я Кiру дзеля вышэйшай рацыi, хоць i не маёй... Я страшэнны! Я - народжаны янычар, казённая адзiнка. Мой бунт супроць кiраўнiцтва зьяўляецца вынiкам таго, што яно адкiнула, жаданыя мною яму, паслугi? Нясьпелы я? Не дарос да сытуацыi? Эт, прыстасоўваюся да вымогаў суду... - Сьцяпан сеў на кукiшкi перад кустом зь бела-ружовым квецьцем i зь дзiцячай сур'ёзнасьцю вывучаў формы пялёстак. - Высокi суд! Я ведаю й разумею тое, што дапусьцiўся дрэннага ўчынку, прычынiў шкоду прыватнай уласнасьцi грамадзянiна старшынi. Сам я прызнаўся ў тым перш, чымсьцi пакрыўджаны пасьпеў скласьцi скаргу супроць мяне. Чаму я так зрабiў? У чым сутнасьць таго, што зусiм сьвядома вырашыў я стаць перад судом? - Сьцяпан дайшоў да канца сьцежкi, да берагу вулiцы, па якой iмчалi машыны. - Адкажу я на тое коратка: мой абвiнаваўца мае на сваiм сумленьнi столькi благога, што маё пачуцьцё справядлiвасьцi патрабавала ад мяне хоць невялiкай адпомсты яму. Не, не па асабiстых меркаваньнях; iх у мяне не было. Дзейнiчаў я як абражаны член грамадзкасьцi, якую ганебна ўводзяць у зман i ад iмя якой праводзiцца глум над ёю-ж! Старшыня - давераны яму - каапэратыў пераўтварае ў спадчынны фальварак! Грамадзкую маёмасьць мае ён за нiшто. Купленыя каапэратывам - за мяжой машыны бескарысна iржавеюць у Бацiкаўскай базе або, у лепшым выпадку, бяруць iх сабе розныя безадказныя асобы, бы армейскае дабро, пакiнутае адступаючым бокам у нечуванай вайне; зладзеi раскрадаюць наш цымант, цэглу, абагравальнiкi, электрычную iнсталяцыю. Вывозяць яны тое масава, грузавiкамi i ўдзень! Камбiнатарства сталася ў нас маральнай нормай. Душыць мяне неспакой. Магчыма, галаслоўны я й забаўны маньяк? Сяржант пазяхаў, слухаючы маё паказаньне... Дзесьцi, мабыць, знаходзiцца цалкам вiдавочная памылка ў маёй задуме, можа, ня столькi памылка, колькi, звычайна, iдыятызм, варты ўсяго пашаны, бясьпечны асяродзьдзю сваёй просталiнейнасьцю. Гм, трэба мне мець на ўвазе тактыку, абарону. Кiру ўмешваць у гэтую справу нiяк нельга. Да чаго дайшло!.. Падпал мною легкавой машыны як дзеяньне ў стане афэкту, несумненна, паменшыла-б маю кару й, адначасова, не перакрэсьлiла-б значэньня сказанага наконт старшынi - падчас судовага разбору. Не перакрэсьлiла-б? Гэта-ж, усё-такi, былi-б апраўданьнi абвiнавачанага! Суд успрыняў-бы iх як праяву круцельства? Не пашкодзiць памятаць мне пра гэта. Самым надзейным варыянтам маiх судовых паказанняў застанецца, гм, аспэкт афэктацыi? Ну, але якiя падставы для таго? Старшыня намаўляў мяне шпiёнiць! Не, гэта ня тое... Што ты нi даказвай, усё акажацца ня тым. Забiўся я, халера, у сабачы кут! - Сьцяпан ступiў на тратуар. - Хоць бяры ты й прасi паратунку ў цесьця. - Ён, незнарок, сутыкнуўся з хлопцам, доўгавалосым; узаемна пакланiлiся яны сабе ў знак прабачэньня. - Студэнт, якi краў на навуку... Чуў я пра такога. Схапiў ён тры з паловай тысячы. Шчасьлiвы, ён забыўся запрасiць у рэстаран на чарку кагосьцi, каму павiнен быў быць удзячным за грошы. Выпала яму з памяцi? Потым угаворваў ён сябе, што лiшне клапацiўся: той, можа, ня пiў гарэлкi або не пажадаў-бы зьявiцца зь iм у публiчным месцы? Няпраўда! Студэнт пашкадаваў выдаткаў, мiжвольна пашкадаваў, безнамерана. Так, усё-ж апамятаўся й паслаў таму дабрадзею лiст зь перапросiнамi, якi й загубiў iх абодвух. Хтосьцi прачытаў яго, данёс куды трэба, нашумеў. Студэнт пракраўся. Чаму якраз студэнт? Чаму, скажам, ня лекар або ўраднiк? Паверыў я ў апавяданьне пра студэнта, як прадчуваньню памылкi? Як намёку на яе. У чым?.." - на выгляд несур'ёзная дылема хвалявала Сьцяпана.

24

Сьцяпан ня здолеў вырашыць той дылемы i ў нечаканую каманьдзiроўку ў Варшаву, куды яго папрасiлi ў сувязi зь вiзытам iнспэктара ў каапэратыве. Не давала яна супакаеньня яму, быццам трэшчына ў сьцяне. Здавалася Сьцяпану, што бачыць ён таго забывайку ў купэ вагона; нiчога, што нiколi не сустракалiся яны з сабою й нават ня ведаў ён, цi гэта быў беластачанiн. (Ехаў Сьцяпан у Варшаву з маладым барадатым незнаёмым, да якога ў Лапах падселася дзяўчына зь неўгамоннай весялосьцю.) Праўдападобна - здагадваўся ён наконт таго студэнта прасьцяцкая камбiнацыя маладзiка разгортвалася наступным чынам: было iх трох студэнт, шэф i падначалены яму, - Сьцяпан круцiў гузiк на пiнжаку. - Студэнт праводзiў сваю зьдзелку, менавiта, цераз падначаленага, якi не любiў свайго начальнiка, i то досыць адкрыта. Як было яму частаваць iх? Разам - разыкоўна для яго суадносiн зь iмi. Паасобна - навяло-б на яго падазрэньнi аб хiтраваньнi з адным супроць другога...

У Варшаве запыталi ў Сумленевiча пра штосьцi, што лiчыў ён даўно высьветленым.

Пачуў ён:

- Скажэце, калi ласка, як гэта магло здарыцца, што пабудавалi цэлы вялiзны дом, не карыстаючыся пры гэтым нiводнай афiцыйнай паперкаю? Якой вы думкi?..

Сьцяпан прыпацеў:

- Мне цяжка сказаць, ведаеце... Дом прыймала камiсiя...

- Мы запрасiлi вас, пане Сумленевiч, дзеля, так сказаць, кансультацыi. Вы, працуючы на месцы, арыентуецеся...

- Няма, хiба, дакумантаў?

- У тым i бяда, паважаны калега, што наяўныя дакуманты ў поўным парадку!

- Прабачце мне, але, калi я вас добра пачуў, якраз адсутнiчае дакумэнтацыя будынку, пра якi йдзе наша гаворка.

- Так. У гэтым i ўся кур'ёзнасьць справы. Падобна на тое, што хтосьцi зрабiў будаўнiчы падарунак дзяржаве й, па фальшывай скромнасьцi, саромеецца выявiць сваё прозьвiшча, каб узнагародзiлi яго па заслугах, - усьмiхнуўся мiнiстэрскi субяседнiк з чорцiкамi ўваччу. - Камплект дакумэнтацыi гарадзкога кварталу, узьведзенага фiрмай, аформлены ўзорна, можна сказаць, прыкладна, хоць ты выкладвай яе ў музэi добрай работы, якi, мабыць, будзе створаны...

- Што-ж: сябры будаўнiкi, вiдаць, ня згледзелi таго, што могуць спакойна ўзяць сабе матэрыялы на адзiн будынак. Зазявалiся яны, чаго, праўдападобна, i шкадуюць зараз, - сказаў субяседнiку Сьцяпан. I дадаў ужо безь iронii: - Цi не прасьцей было-б вам пасадзiць на маiм месцы старшыню й задаць яму гэтае пытаньне?

- Гэта ня так проста, пане Сумленевiч. Старшыня выконвае ўсяго агульны дагляд...

- Не настолькi агульны, каб не прыкмецiць новага аб'екту, - перабiў яго Сьцяпан, са злосьцю. - Я, на жаль, ня ў стане сказаць вам што-небудзь канкрэтнае. Не таму, што не хачу. Не. Справы, зьвязаныя з будаўнiцтвам, не знаходзяцца ў маiх службовых абавязках.

- Ведаем тое. Аднак-жа...

- У нiчым я не змагу вам дапамагчы.

- У мяне склалася такое ўражаньне, што мы не зусiм разумеем адзiн аднаго, пане Сумленевiч.

- Магчыма.

- Наша размова мае паўафiцыйны характар. Нам залежыць на...

- Дзiўна, - зноў ня даў яму закончыць Сьцяпан. - Падначаленаму даволi ўвайсьцi ў канфлiкт з шэфам, як тут-жа пачынаюцца ў дачыненьнi да яго цiхiя прапановы, ад якiх ажно сьцiшнавата на душы. Я сапраўды непрыдатны вам. Ну, праўда, яшчэ й сёньня часам рагочуць у каапэратыве з таго, як гэта Ваньку, што падседзеў майстру чаравiкi, пасадзiлi ў турму, а за тую будынiну нiкому й валаска з лысiны не зьнялi - калi вас такая iнфармацыя задавальняе, дык...

- Дзякую вам. Камандзiроўку падаб'юць вам, пане Сумленевiч, у сакратарыяце. Да пабачэньня й шчаслiвай вам дарогi. Ага, прашу вас нiкому не перагаворваць зьместу нашай размовы.

- Ясна. Да пабачэньня.

Сьцяпан пасьпеў на хуткi цягнiк, што ад'яжджае пасьля чацьвертай з Цэнтральнага.

Успацеў ён да апошняй нiткi, пакуль выхадзiў сабе месца ў перапоўненых вагонах. У тамбуры - мужчыны, што вярталiся дамоў пасьля дэмабiлiзацыi, п'яна сьпявалi дурныя песьнi й выкрыквалi грубiянствы на чараду дзяўчынак з турысцкiмi заплечнiкамi, пужлiвых. Нейкая жанчына абурылася на гэта; стаяла яна за Сьцяпанам. Гарласты й з расшпiленай кашуляй вырачыўся на яе, прасiпеў жахлiвае й, расьпiхваючы пасажыраў, стаў працiскацца да кабецiны, якой зычлiвыя шапталi: "Уцякайце, цётка!"

Сумленевiчу тузала ў кульшы. Быццам нiчога не здарылася, ён пасьвiстваў сабе балаганную мэлёдыю. Неўзабаве дыхнула на яго гарам, перамешаным са смуродам нячышчаных зубоў, i мускулiстая далонь ухапiлася яму за заднiцу, каб адкiнуць на сьценку. Для пераходу.

- Хто гэта мяне мацае? - запытаў Сьцяпан у расчырванелай морды. - Я дрэнна пераношу пэдэрастыку.

- Зыйдзi мне з вачэй, лахман! - той кальнуў зрокам ашалелага быка.

Сьцяпан урэзаў яму кулаком у падбародзьдзе. Бамбiза, раскiнуўшы рукi, валiўся плячыма назад. Узьняўся вiск i блiзка заплакала дзiця; ён аглянуўся туды.

Той падаў, хапаючыся за што папала. Сьцяпан паправiў свой удар, наводлiў б'ючы яго па носе, зь якога пырснула юшкаю. Iмгненна стукнуў ён яшчэ яму чаравiкам мiж ног i, нягледзячы на жывёльны яго рык, паўтарыў гэта з усяе сiлы! Затым, выцягнуўшы з чыёйсьцi падарожнай сумкi вучнёўскую лiнейку даўжынёю з паўмэтра, Сьцяпан кiнуўся зь ёю на банду, амаль адсякаючы прыладаю вуха першаму з буяноў, якi сеў, завалiўшы сабою дарогу. "Мiлi-iцы-ы-ы-ыя-я-ааа!!!" - недзе енчыў галасiска. Сьцяпан, бы на дрыгвянiку, топчучы па сплеценых нагах адурэлага натоўпу, прагнаў двух, што адвалакалi пакалечанага. Баявейшаму зь iх дасталася ад яго ў дыхавiну, ад чаго той разявiўся й, усё роўна што плаўлены прут, хiлiўся папалам... Уцалеў найменшы лабасты, каротканогi й сутаргава неспакойны; ён уцякаў. Сьцяпан, неспадзявана цэльна, аглушыў яго сiнiм гаршком, якi валяўся на падлозе, i раптоўна адчуў сваю стомленасьць усiм. Гудзела сумятня й лямант: "Рату-у-унку-у-ууу!.. Мi-iлi-i-iцы-ыя-ааа!!!"

Сьцяпан расчынiў дзьверы й асьцярожлiва зыйшоў на прыступкi, пад якiмi iмчала зямля, пасечаная шпаламi.

Наблiжалася станцыя. Яшчэ досыць далёка беляхцеў цагляны будынак i паламанымi запалкамi стырчэлi сэмафоры. Сьцяпан ведаў ад старых, што перажылi нямецкiя вывазкi на работы: у такiх выпадках трэба скакаць зь бегам цягнiка й добра перабiраць нагамi, каб страцiць iмпэт, ня бразнуцца вобземлю. Але гэтае яму не ўдалося; перашкодзiў чамаданiк, якi трэба было загадзьдзя выкiнуць у вадхон.

Упаў ён, ажно яму ў галаве пацямнела. (Чамаданiк адляцеў у поле, у канюшыну.) Балела Сьцяпану ў калене, там, дзе пашыралася дзiра ў нагавiцах. Пакульгваючы, пайшоў ён мяжою ў кiрунку купы дрэваў. Збоч ад iх, рассыпаўшыся ланцугом, iшлi праз збожжа прыгорбленыя постацi. "Аблава?!" Тыя чагосьцi шукалi не адгiнаючыся, i ён зразумеў, што яны выполваюць асот. Не жадаючы быць заўважаным iмi, перабраўся Сьцяпан на другi бок чыгункi (цягнiк на станцыi, было гэта вiдаць адсюль, усё стаяў).

Прымасьцiўся Сьцяпан пад кустом, над мэлiярацыйным ровам, у якiм беднай ручаiнай цякла чысьцюсенькая вада; ён пакаштаваў яе: патыхала яна балотам. "Ня мела баба клопату, дык купiла сабе парася, - асядала разьюшанасьць у iм. Неверагоднае, як гэта я адлупцаваў столькi чалавек?! Былi ўсе яны салiдна запраўленыя гарэлкаю, аднак моцна дапамог мне ў гэтым вузкi калiдор... Чорт шапнуў мне зачапiць шайку! Палез я на дурманаў з-за халернай абыякаўшчыны тлуму, ягонай баязьлiвасьцi. Ня зьдзiвiць мяне, калi на станцыi, акажацца, гуртам шкадуюць там тых лайдакоў ды спачуваюць iм бабы й дзяўчаты, мужчынiскi i ўкормленыя дзецюкi, цэлая збродзiна паказных заступнiкаў. - Сьцяпан распрануўся да бялiзны й, намачыўшы насоўку, чысьцiў плямы на касьцюме. - Хэ, ну й каўбой я! Адкуль i зьявiлася ў мяне гэткая разбойнiцкая справядлiвасьць... Добрасумленна кусаю я, бо заўсёды ёсьць што праганяць, - на крысе яго пiнжака iрдзела лапiна алейнага бруду. - Ужываньне насiльля зьяўляецца пытаньнем грамадзкай мэтазгоднасьцi? Калi так, дык я разграшаю сябе: прадэманстраваў шматлiкiм асобам, што можна ня толькi ўцiхамiрыць хулiганаў, але й накласьцi iм. Гэ-гэ, пры ўмове, што публiка не ўспрыняла мяне як дзiвосу: жарты - гэтулькiх пабiў. Трапiла каса на камень! Жаль, што я ня выкрыкнуў: "За крыўду дзяўчатаў i бабулi, ура, у атаку!" Цяпер, пэўна, кажуць людзi мiж сабою: гэткага бандыта мы яшчэ ня бачылi, ай-яй-яй... Не дай Бог, паночку, сустрэць яго на дарозе сярод лесу - цябе заб'е, а жонку тваю да паўсьмерцi змучыць ды й напаскудзiць ёй на жывот, адзеньне яе падзёртае на ялiну закiне, каб ня мела ў чым на людзкiя вочы паказацца i ўзьняць шум. Так забаўлялiся, пане, марадзёры, што рабавалi за фронтам. - З лужка выехала фурманка, гружаная блiшчастымi мяшкамi мiнэральных угнаеньняў; селянiн крочыў побач яе, паганяючы ляйчынаю каня. - Як мне схавацца за малым гольлем? Сьцяпан прыкiнуўся загараючым на сонцы турыстам, што змарыўся вандраваньнем. Адбылося iначай: хлебароб уехаў у нябачную палявую дарожку й зьнiк за ўзгоркам. - Сьвiшчу я, во, асталопень, у чужым палетку. Плакаць няма як i дамоў блiзкi сьвет..."

Сумленевiч пачакаў чарговага цягнiка ў прыстойнай адлегласьцi ад глухога пэрону; у адвячорак. Яму надалей не зусiм верылася ў тое, што, вось, ён лiчыцца ўжо злачынцам, кiмсьцi, каго вышукоўваюць ды ловяць, адзiнкай, якая марыць аб зьмене твару й жыцьцяпiсу, аб нерэальным; якая не баiцца паўтарыць дзяцiнства й маладосьць, забыўшыся на перавагi даросласьцi, яе паўнату. Сьцяпан таiўся за крушняй каменьняў ля дзiкай грушы, ня могучы дазволiць сабе разьмясьцiцца на забытай лаўцы за станцыйнай агароджаю, зьнявечанай. Сачыў ён за вокнамi; узбрылося яму, што адтуль праглядаюць ваколiцу пiльныя мiлiцыянты.

Даймаў яму холад. Хацелася есьцi; ветрык прыносiў ад хатаў за лiпамi пахi вячэры й сырадою. Па-немаўляцку дакучлiва бляялi там авечкi. З-за паўразваленага плоту сядзiбы ў садзе выбег хлопчык, запiхаючы сабе за пазуху, няйначай, яблыкi. Ён хутка падняў з лапухоў трантаваты ровар i пафiнiшаваў на iм да дрымотных загуменьняў. У калюжыне запушчанай сажалкi дзерлася жаба. Дым з комiнаў усьцiлаў далiнку, згушчваючы туманец.

Загрузка...