Verba et scripta


Сьвятлана Алексіевіч была супраць кнігі з эфіру:


«Гаварэньне і тэкст — гэта розныя рэчы. Трэба шмат працаваць над тэкстам гаварэньня, каб ён быў роўны аўтару».

Так яна адказала на ідэю сабраць пад адной вокладкай яе словы і словы пра яе, якія гучалі на Свабодзе.

Гэтая засьцярога тычыцца літаратуры. Тэкст падчас нараджэньня і ёсьць сам аўтар, ад першай літары да апошняй кропкі, і ў гэтым сэнсе Алексіевіч нічым не адрозьніваецца ад Флябэра, Чэхава ці Быкава.

Адрозьніваецца яе мэтад, небясьпечны, як усё геніяльнае, якое выглядае простым. Аўтар робіцца нябачным і ўсюдыісным, чыстай формай, прасторай і часам. Як сьведчыць досьвед яго пачынальніка Алеся Адамовіча, гэты мэтад лепш за ўсё працуе на мяжы вайны і міру, жыцьця і сьмерці. У сьнежні 1993-га я рабіў зь ім доўгае інтэрвію, апошняе ў яго жыцьці. У канцы Адамовіч сам пачаў задаваць пытаньні — і першае было пра Алексіевіч. Што адбываецца ў Менску, як яна трымаецца, што казалі ў судзе — толькі скончыўся працэс з нагоды «Цынкавых хлопчыкаў». Я хадзіў на суд, бо кнігу выдала і выдавецтва «Беларусь», калі я быў там галоўным рэдактарам. Дасталася тады і Радыё Свабода, якое абараняла аўтара. Алексіевіч у апошнім слове прынесла асабістыя прабачэньні за боль, які адчулі яе героі, але цьвёрда адмовілася выбачацца як пісьменьніца: «Я пішу, запісваю сучасную, бягучую гісторыю... Гэта дакумэнт і адначасна мой вобраз часу».

Адамовіч любіў Алексіевіч, ёй прысьвечаны ягоны артыкул пра жанр гаварэньня і тэксту, які называўся «Як быць геніяльным». Аўтар у гэтым жанры «звышлітаратуры» працуе з тонамі слоўнай руды, каб засталося золата, і так, паводле Адамовіча, становіцца кангеніяльным, напрыклад, Дастаеўскаму. Нобэлеўскі камітэт пагадзіўся з гэтым меркаваньнем, і імя Алеся Адамовіча разам зь імем Быкава (і Дастаеўскага) удзячна прагучала з вуснаў ляўрэаткі ў сталіцы Швэцыі.

У журналістыцы, тым больш на радыё, гаварэньне не становіцца тэкстам у сэнсе Адамовіча, яно адразу тэкст. Гэта тэкст бягучых падзеяў, рэакцыі на іх, эмацыйнай аргумэнтацыі, пераходных сэнсаў, блізкага кантэксту, аднамомантнай рэальнасьці — іншымі словамі, працэсу, які называюць дыханьнем, быцьцём, шумам жыцьця. У нобэлеўскім сьвятле, аднак, штодзённасьць ператвараецца ў гісторыю, дзе ўсе дарогі вядуць у Стакгольм.

Сьвятлана Алексіевіч перагледзела сабраныя разам рэпартажы і інтэрвію, як яна прызналася, «зь дзіўным пачуцьцём, быццам там гаворка пра іншага чалавека, які жыве ў іншай краіне. Ня я пісала». «Ня я» тут азначае, верагодна, уражаньне ад самой сябе ў люстэрку свайго ж жанру: аўтар стаў героем.

Але думку наконт мэтазгоднасьці друкаваньня Сьвятлана Алексіевіч зьмяніла зь іншай прычыны: «Не ўва мне справа, а ў тым, што застанецца дакумэнт, дакумэнт часу, які чым далей, тым болей будзе цікавым. Жыцьцё пасьля імпэрыі...»

Насамрэч гэта толькі частка справы. У Нобэлеўскай лекцыі Алексіевіч назвала сябе «чалавекам-вухам». Чытачы гэтай кнігі пабачаць, што ня ў меншай ступені яна — чалавек-голас.

Голас глыбокі, жывы, упарты, верны толькі сабе і свайму таленту. Голас сусьветнага дыяпазону і нобэлеўскай клясы. Голас нашага часу.

Наш голас.


Аляксандар Лукашук,

Радыё Свабода

Загрузка...