Нарэшце Пятроўскі сказаў:

— У хаце той, Мікадай Фёдаравіч, матушка нарадзіла палымянага байца рэвалюцыі.

Ён прамовіў і ссунуў цёмныя бровы. У душу яго хлынуў успамін.

…У той час, калі пятнаццацігадовы чырвонагвардзеец Леанід Пятроўскі нёс ахову ў Смольным палацы, дзе знаходзіўся ўрад маладой Савецкай рэспублікі, камендантам, а затым Галоўным камісарам Смольнага быў Міхаіл Васільевіч Прыгароўскі. Паходзіў ён з сям’і свяшчэнніка. Некаторыя сябры Прыгароўскага праз гэта, мусіць, добразычліва звалі яго Алёша Паповіч… Дык ён жа на заглядзенне вабны быў — прыгожы, статны, дужы,— як той былінны рускі асілак!..

Як жа тады сказаў ён тыя словы: «А няхай бы пагуляў!..»

Яны, Леанід з братам Пятром, неслі варту ў Смольным. Стаялі недалёка адзін ад аднаго на сваіх пастах. Была ноч, у калідорах Смольнага наступіла цішыня. Хлопцам надакучыла нерухома стаяць на адзеравянелых напружаных нагах. Пятро дастаў з сумкі шашкі — бацька падарыў іх яму да дня нараджэння,— якія заўсёды насіў з сабой, і яны, ссунуўшы ў невялікім холе два масіўныя крэслы, распачалі турнір. Сядзелі так, каб у абодва бакі відаць быў калідор. Спачатку, памятаючы свае абавязкі, зіркалі туды-сюды. Але неўзабаве захапіліся гульнёй і на ўсё забыліся. Не заўважылі, як падышоў Галоўны камісар. Яго прыцішана сказанае «Устаць!» прагучала для іх громам.

Пасыпаліся на падлогу шашкі.

— Чырвонагвардзейцы, салдаты рэвалюцыі, груба парушаюць дысцыпліну ў час нясення каравульнай службы… I дзе? У Смольным! — У вачах Прыгароўскага былі дакор і асуджэнне.

Браты маўчалі.

— Трэба ж адчуваць рэвалюцыйную адказнасць: Уладзімір Ільіч ночы вунь не спіць, працуе, а вы… Ці, можа, і ён кінуў кіраваць дзяржавай ды ў шашкі гуляе?..

Вось тут хлопцы абурыліся: хіба яны маглі так падумаць?!. Леанід пакрыўдзіўся:

— Мы што, малыя?

Галоўны камісар паглядзеў у той бок, дзе быў кабінет Леніна, і быццам забыўся пра іх. Мінуту памаўчаў, ціха, задумліва прагаварыў:

— А няхай бы пагуляў…

Леанід не адрываў позірку ад Прыгароўскага. Кожны дзень, а то на дні і па некалькі разоў бачыў яго, аднак вось такім, падалося, пабачыў упершыню: бездакорна акуратная знешнасць, адкрыты добры твар і ясныя сінія вочы, у якіх нібы пераліваліся сполахі, выклікалі адчуванне якойсьці ядрана-свежай, быццам бясхмарная весняя раніца, чысціні і светласці гэтага чалавека.

У хуткім часе пасля таго выпадку Прыгароўскі ўзначаліў зводны атрад чырвонагвардзейцаў. Пралетарыят Піцера накіроўваў атрад на дапамогу фінскім рабочым у барацьбе супраць контррэвалюцыі.

Іграў духавы аркестр. Прыгароўскі, у чорным скураным паўпальто, з маўзерам у драўлянай кабуры, які вісеў збоку амаль каля калена, абышоў строй свайго атрада, паглядзеў выпраўку байцоў. Вярнуўся, стаў развітвацца з чырвонагвардзейцамі, якія прыйшлі яго праводзіць. Леаніду моцна паціснуў руку, усміхнуўся:

— А ў шашкі таксама трэба гуляць. Толькі не тады, калі службу нясеш.

Ужо ледзь чулася музыка аркестра, атрад быў далёка, а Леанід усё пазіраў яму ўслед. Здавалася, пабег бы даганяць — так захацелася раптам быць там, разам з любімым камісарам. Але ж ён ахоўваў Смольны, дзе працаваў Ленін!..

Мінула некалькі тыдняў. Леанід у бібліятэцы Смольнага чытаў. У пакой ускочыў Пятро.

— Лёня, наш Галоўны камісар загінуў,— крыкнуў ад дзвярэй, забыўшыся, што ў бібліятэцы нельга размаўляць гучна.

Леанід усхапіўся з-за стала, падбег да яго, выдыхнуў у твар:

— Дзе? Як?..

— На станцыі Саснова. Белафіны акружылі атрад, дык ён павёў чырвонагвардзейцаў на прарыў… Яго з кулямёта…

Увечары дома ўсёй сям’ёй абмяркоўвалі трагічную навіну. Бацька працёр свае акуляры, ускінуў іх на нос, чамусьці зноў зняў.

— Шкада Прыгароўскага, дужа шкала.— Акуляры злёгку здрыгануліся ў руцэ.— Ён увайшоў у рэвалюцыю, як ва ўласны дом. Здавалася, не толькі ўсёй душой — і фізічна адчуваў ад яе найвялікшую асалоду.— Акуляры, нарэшце, селі на пераносіцу.— I чалавек ён такі быў: што ні слова толькі «ў дзела».

Леанід глядзеў у акно. За Фінскі заліў садзілася сонца. Над буйнымі хвалямі луналі чайкі, то ўзмывалі ўгору, то падалі ўніз. А ўдалечыні… Недзе далёка за залівам, падалося яму, пабачыў чырвонагвардзейскі атрад, паперадзе якога чаканна крочыў статны камісар у скураным паўпаліто з маузерам у драўлянай кабуры…

Успамін прагучаў у душы Пятроўскага нейкай туга нацягнутай, асабліва звінючай струной. Воранаў, мусіць, пра нешта здагадваўся — крочыў моўчкі.

Як і сто, і тысячу, і мільён гадоў назад, у небе плылі воблакі. Падзьмуў вецер, пачаў ірваць іх на пасмы. На зямлю закапалі рэдкія буйныя кроплі.

Пятроўскі зірнуў на гадзіннік: ого, загуляўся!..

Справы клікалі ў штаб. Трэба было ваяваць. Наступаць… Прыбавіў кроку.

Ён не любіў павольнай хады, ступаў шырока і энергічна. Жонка заўсёды, бывала, калі яны хадзілі разам у горад, стрымлівала яго: «Цішэй, Лёня, ты ж не на плацу».

Зашапацела калоссе пад парывам ветру, і разам з яго працяжным узбуджаным шорахам чуйнае вуха Пятроўскага ўлавіла далёкі голас:

О-ой, у полі ве-е-ецер ве-е-е,

А жыта палаве-е-е-е…

Песня даносілася адтуль, адкуль паўгадзіны таму назад ён прагнуў пачуць малінавае «бом-дзінь», «бом-дзінь»; адтуль, дзе лунала над зямлёй віхурная смерць — з перадавой, з акопаў. Павольна, але так, што ўтрымаць яго, здавалася, не змагла б ужо ніякая сіла, ён усёй постаццю павярнуўся ў той бок.

А хлопец дзяўчыну так

вярненька лю-ю-у-убіць,

Што сказаць не пасме-е-е.

Аднаго разу Пятроўскаму давялося чуць гэтую песню. Яе спяваў падпалкоўнік Карамушка. Можа, і зараз — ён вылівае сваю сялянскую душу?.. Не, голас не яго…

— Што скажаш, начальнік палітаддзела, а? Ну хоць падпявай!

Ён пажартаваў, але чаму так сцялася сэрца ў балюча-салодкім напружанні?

Акопны саліст праспяваў адзін куплет і замоўк. Пятроўскі чакаў, што ён зноў заспявае і песня раскрыліцца над трывожна-прымоўклым абшарам…

Не заспяваў.

— Ну вось, і скончыўся наш выхадны, Мікалай Фёдаравіч,— павярнуўся камкор да Воранава.— Цяпер — за справу…

Праз два дні, перагрупіраваўшыся, корпус аднавіў наступленне ў напрамку Бабруйска. Яно развівалася шырокім фронтам на рубяжах населеных пунктаў Верычаў — Забалоцце — Вялікі Лес — Малая Рудня — Лясань. Немцы адступалі з баямі, жорстка супраціўляліся. Чапляліся за кожную вёску, за кожны з больл-менш прыдатны для абароны рубеж.

У ходзе наступлення корпус нанёс адчувальны ўрон ворагу. Гэта сур’ёзна аслабіла войскі правага крыла групы армій «Цэнтр». Прасоўваючыся да Бабруйска, часці корпуса разам з іншымі часцямі дваццаць першай арміі абышлі з захаду магілёўскую групоўку немцаў і тым самым моцна ўстрывожылі гітлераўскае камандаванне.

У канцы ліпеня ў штаб корпуса прыехаў камандуючы дваццаць першай арміі генерал-лейтэнант Яфрэмаў. Ён паведаміў, што за смелае кіраўніцтва ў баях войскамі корпуса камкору Пятроўскаму прысвоена званне генерал-лейтэнанта, а камандзірам дывізій Прышчэпу, Факанаву, Ракоўскаму — званне генерал-маёра.


Х

«Для таго каб чырвоныя змаглі выратавацца ад катастрофы, спатрэбіцца большае цуда, чым гэта было з часу напісання Бібліі».

(Газета «Нью-Йорк пост», 1941 год).


«Вы, мусіць, ужо чулі па радыё альбо чыталі ў газеце аб прысваенні мне звання Героя Савецкага Саюза… Калі мне суджана вярнуцца з гэтай вайны, я вярнуся двойчы Героем. Ворага мы разаб’ём, верце ў гэта…»

(3 пісьма капітана Баталава жонцы Аляксандры Міхайлаўне і дзецям).


«На ўсіх участках фронту, нават там, дзе не вядзецца наступальных дзеянняў, войскі выматаны».

(3 запісу начальніка генеральнага штаба сухапутных войск Германіі генерал-палкоўніка Гальдэра ў службовым дзённіку).


«Група армій «Цэнтр» пераходзіць да абароны… У інтарэсах правядзення чарговых наступальных аперацый супраць 21-й савецкай арміі трэба заняць выгадныя зыходныя пазіцыі».

(3 дырэктывы стаўкі вермахта № 34 ад 30 ліпеня 1941 года).


ХІ

«Макушка» лета выдалася надзвычай гарачая, з нясцерпнымі санцапёкамі ў бязветраныя дні. Людзі, млеючы ад задухі, прагна пазіралі на бялёсае неба, шукалі спагадлівую хмарку, якая пралілася б выратавальным дажджом.

Пад канец ліпеня дывізіі корпуса ўклініліся ў размяшчэнне праціўніка месцамі да трыццаці кіламетраў. Але ў арміі не было рэзерваў, і яны не папаўняліся пасля панесеных страт. Наступаць рабілася ўсё цяжэй. А тым часам немцы атрымлівалі падмацаванні. Улічваючы канцэнтрацыю фашысцкіх войск на рубяжы корпуса, камандуючы дваццаць першай арміі загадаў Пятроўскаму перайсці да абароны.

Па загаду камандзіра корпуса ва ўсіх падраздзяленнях аднавілася баявая падрыхтоўка. На перадавой у часы зацішша праводзілася вучоба, якая была магчыма ва ўмовах баявой службы. Камандзіры часцей і падраздзяленняў спланавалі парадак і час пачарговага вываду з пярэдняга краю ўзводаў, у тыле арганізоўваліся заняткі па тактыцы, гранатакіданні, па прымяненні і выкарыстанні ў баі той зброі, якая знаходзіцца ў воіна, і перш за ўсё аўтаматычнай і мінамётаў.

Нельга сказаць, каб усе ў корпусе з энтузіязмам сустрэлі загад камкора аб вучобе. Камандзір пяцьсот дзесятага стралковага палка падпалкоўнік Карамушка аднойчы напаўжартам, напаўсур’ёзна падкінуў:

— Займацца пад бамбёжкамі і артылерыйскімі абстрэламі — гэта не тое, што пад перастук вагонных колаў.

Намёк Карамушкі быў зразумелы: няма адпачынку ад розных заняткаў! Мала вы, таварыш генерал-лейтэнант, паганялі нас?..

Калі корпус перамяшчаўся з Паволжа ў Беларусь, Пятроўскі, каб не марнаваць час у дарозе, строга ўстанавіў: на працягу шасці-васьмі гадзін праводзіць баявую падрыхтоўку. Камандзіры вывучалі карты, рашалі тактычныя задачы, займаліся з чырвонаармейцамі па спосабах і прыёмах вядзення бою ў розных умовах мясцовасці, надвор’я, часу сутак…

Адразу спахапіўшыся, што нельга так размаўляць з камандзірам корпуса, Карамушка паправіўся:

— Вораг — вось жа ён, перад намі, яго бесперастанку біць трэба, праклятага.

Пятроўскі строга зірнуў на камандзіра палка.

— Але біць трапна, беспамылкова, падпалкоўнік, трэба ўмець. А прокляты ж вораг біць нас умее. Ці мы яшчэ не адчулі гэтага? — Іронія яго была з прысмакам горычы і крыўды.

Карамушка сумеўся, маўчаў.

— Вучыцца біць праціўніка ў таго ж праціўніка гэта не значыць выракацца сябе, гэта дыялектыка вайны. Так што, падпалкоўнік, засвойце: хочаш ці не хочаш, а і пад бамбёжкамі, і пад артылерыйскімі абстрэламі… — усё з тым жа дакорам пазіраючы на Карамушку, Пятроўскі, мусіць, па сваёй душэўнасці пашкадаваў раптам, што строга размаўляў з добрым вайскоўцам і шчырым сумленным чалавекам. Памаўчаў, сумна ўсміхнуўся сваёй яснай адкрытай усмешкай: — I, што праўда, то праўда: біць праклятага, каб ажно чэрці з яго сыпаліся!..

Не знаючы спакою, Пятроўскі наведваўся ва ўсе часці, правяраў арганізацыю і якасць заняткаў, сам вучыў і iнструктаваў камандзіраў, даваў ім парады і настаўленні.

Між тым гітлераўскае камандаванне падцягвала новыя вайсковыя злучэнні як на рубеж корпуса, так і на яго флангі. Абстаноўка на фронце ўсё больш абвастралася.

Як піша ваенны гісторык палкоўнік Куляшоў, былы камандзір гаўбічнага палка ў корпусе Пятроўскага, цяпер з мемуараў Гудэрыяна, Гота і іншых крыніц стала вядомо, што паварот часткі сіл групы армій «Цэнтр» на паўднёвы ўсход у напрамку Гомеля быў зроблены паводле патрабавання Гітлера. Каб ліквідаваць пагрозу з боку Цэнтральнага фронту і аказаць дапамогу групе «Поўдзень», якая рвалася да Кіева. У выніку гэта азначала, што эначныя сілы групы армій «Цэнтр» былі адцягнуты ад наступлення на Маскву больш чым на два месяцы і фактычна зрываўся гітлераўскі план яе захопу.

У канцы першай дэкады жніўня нямецкія злучэнні прарвалі абарончыя рубяжы суседзяў корпуса на правым фланзе ў раёне Клімавіч і на левым — у раёне Стрэшына. Гітлераўцы, якія фарсіравалі Дняпро каля Стрэшына, зайшлі шэсцьдзесят трэцяму корпусу ў тыл.

Адзінаццатага жніўня дывізія Ракоўскага была выведзена ў рэзерв. У гэты ж дзень разведчыкі прынеслі трывожныя весткі: «Немцаў ідзе — ажно зямлі цяжка».

Да лініі фронту праціўнік зноў падцягнуў свежыя часці мотапяхоты, артылерыі, мінамёты і танкі. Дзве дывізіі корпуса процістаялі сямі варожым: трыццаць першай, пяцьдзесят другой, сто трыццаць чацвёртай, сто шэсцьдзесят сёмай, дзвесце пяцьдзесят пятай, дзвесце шасцідзесятай, дзвесце шэсцьдзесят сёмай.

Гітлераўцы перайшлі ў наступленне. Нямецкія самалёты шалёна бамбілі пазіцыі чырвонаармейцаў.

Асабліва ўстурбавала Пятроўскага адступленне за Дняпро ў раёне Стрэшына групы генерал-маёра Нярэціна. Прыгадалася «сяржанцкая стратэгія» чырвонаармейца Хадарэнкі, якую той выказаў пад час ліквідацыі фашысцкага плацдарма на левабярэжжы Дняпра пад Рагачовам. Камкор горка падумаў: «Эх, дарагі таварыш Хадарэнка, дапамажы тут, калі фронт корпуса расцягнуўся на семдзесят кіламетраў, а ў корпусе толькі дзве дывізіі…»

I ўсё ж ён загадаў генералу Факанаву зняць з пазіцый чатырыста трыццаць сёмы полк і накіраваць у сектар прарыву з задачай: аб’яднаўшы разрозненыя часці атрада Нярэціна, разам з ім арганізаваць абарону па ўсходнім беразе Дняпра.

Пятроўскі не мог пагадзіцца з тым, каб пакінуць плацдарм на дняпроўскім правабярэжжы, заваяваны з такімі цяжкасцямі. Ён яшчэ спадзяваўся на падмацаванні. Падначаленым сваім гаварыў: «Будзем біцца на заходнім беразе». Невыносна цяжкія баі вялі трыста семдзесят трэці і пяцьсот дзесяты палкі дывізіі Факанава супраць часцей нямецкіх дзвесце шасцідзесятай і дзвесце шэсцьдзесят сёмай пяхотных дывізій, якія атакавалі Жлобін. Дывізія генерала Прышчэпы адбівала псіхічныя атакі фашыстаў на Рагачоў.

Корпус абараняўся фронтам на захад. Улічваючы, што яго флангі, адкрытыя суседзямі, не былі забяспечаны абаронай і з тылу яму заходзілі матарызаваныя часці праціўніка, камандуючы фронтам маршал Цімашэнка даў дазвол Пятроўскаму адысці на ўсходні бераг Дняпра.

На досвітку чатырнаццатага жніўня немцы прарвалі абарону корпуса, разбурылі каля Жлобіна пераправы цераз Дняпро. Пятроўскі загадаў генералу Казакову па ўсім фронце стварыць шчыльную сцяну загараджальнага агню, каб не даць фашыстам наблізіцца да адыходзячых часцей. Дзякуючы гэтаму, дывізіі арганізавалі адыход так, што адарваліся ад праціўніка і пераправіліся на левабярэжжа.

Але ўслед за паведамленнем пра гэта камкор атрымаў данясенне начальніка тылу корпуса: падраздзяленням выданы апошнія боекамплекты, на складах — хоць шаром пакаці. Пятроўскі разумеў: у такіх умовах спадзявацца, што не сягоння-заўтра боепрыпасы падвязуць, не даводзілася. 3 горыччу ў душы аддаў загад: боепрыпасы па магчымасці — берагчы. Але што значыць — берагчы, калі страляць трэба?!

Атрымаў ён і яшчэ адну цяжкую звестку: у час пераправы паранены камандзір шэсцьдзесят першай дывізіі генерал-маёр Прышчэпа.

Паехаў у дывізію. Сядзеў у машыне, заплюшчыўшы вочы, звесіўшы галаву. Шафёр думаў, што камандзір корпуса задрамаў, вёў «эмку» асцярожна — няхай хоць тут адпачне.

— Чаго паўзем, як па смале, Калістратавіч? — азваўсяі камкор, не падымаючы галавы.— А то Іван Іванавіч руль адбярэ.

Шафёр прыбавіў газу.

Заўсёды, калі «эмка» каціла цішэй, чым карцела Пятроўскаму, ён казаў шафёру:

— Націсні на жалезку.

Той націскаў.

Пятроўскі іншы раз не задавальняўся і патрабаваў нецярпліва:

— Мацней націскай, мацней.

— Не магу мацней, таварыш генерал-лейтэнант.

— Зноў ты за сваё!..

— Ніяк не магу, бо я адказваю за ваша жыццё.

Іван Іванавіч, падмяні Калістратавіча,— загадваў Пятроўскі ад’ютанту.— А ён няхай адпачне.

Лейтэнант Колесаў з радасцю садзіўся за руль. Машыну ён вадзіў зухавата, са спартыўным азартам.

— Ты адказваеш, а лейтэнант не адказвае, па-твойму? — кідаў камкор цераз плячо, калі Калістратавіч усаджваўся на заднім сядзенні.

— Думаю, што адказвае. Але калі ён садзіцца на маё месца — пачынаю сумнявацца ў гэтым,— пакрыўджана бурчаў шафёр.

— За такія словы ў старыя часы, Калістратавіч, на дуэль выклікалі,— весела адгукваўся Колесаў і наддаваў газу.

На пераправе ніжэй Рагачова было тлумна. Ржалі коні, гулі маторы, гукалі людзі. Сярод гэтага тлуму Пятроўскі пачуў голас Прышчэпы:

— Без панікі, таварышы… Не панікуй, браткі… Рускія заўсёды білі прускіх. Хто так сказаў?.. Сувораў, а яму верыць можна.

Пятроўскі падышоў так, што Прышчэпа, лежачы на насілках, не заўважыў яго,— з галавы. Адазваў фельчара.

— Лейтэнант Лундберг,— адрэкамендавалася дзяўчына.

— Чаму генерал-маёр не ў санбаце?

— Рашуча адмовіўся, таварыш генерал-лейтэнант. Сказаў: пакуль дывізія не пераправіцца — пра санбат і гаворкі не заводзіць з ім.

— Як ён?

— Некалькі раненняў. Асабліва цяжкае — пазваночніка. Дужа пакутуе, аднак стараецца, як толькі можа, не паказаць гэтага.

Прышчэпа пачуў яе словы, але не ведаў, каму яна гаварыла.

— Я болю не баюся — хварэць не люблю, сястра.

Камкор наблізіўся да Прышчэпы. Генерал-маёр пабачыў яго, зрабіў такі pyx плячамі, быццам хацеў устаць.

— Ляжы-ляжы…

— Леанід Рыгоравіч, я ведаю, чаго вы прыехалі… Не загадвайце мне — у санбат. Пераправіцца дывізія — адразу паеду.— Прышчэпа гаварыў запаволена, але падкрэслена выразна.— А так — самі разумееце, нельга мне.

— I добра, калі ведаеш. Ваяваць павінны здаровыя людзі…

— Я ж не ў атаку ісці збіраюся, Леанід Рыгоравіч…

Пятроўскі хацеў загадаць яму — і не змог: расхвалюецца, узрушыцца, а хвалявацца яму цяпер — дужа на шкоду. Нейкі момант маўчаў, не ведаючы, што сказаць.

— Дык хоць медыцыне безагаворачна падпарадкоўвайся. Зразумеў, Мікалай Андрэевіч? Безагаворачна… Лейтэнант,— камкор зірнуў на дзяўчыну з кубікамі на пятліцах,— вам загадваю: не пазней як праз гадзіну даставіць генерала ў санбат. Нягледзячы ні на якія пярэчанні яго… Мне далажылі, Мікалай Андрэевіч,— пераправа дывізіі заканчваецца.

Яны моўчкі парукаліся. Колькі секунд пазіралі вочы ў вочы, сказалі позіркамі адзін аднаму штосьці такое, што зразумела было толькі ім.

— Папраўляйся, Мікалай Андрэевіч, дывізія будзе чакаць цябе.

Напаўзла вялізная сівая хмара. Спорна лінуў касы дождж. Ён люта сек ваду. Рака густа пузырылася і здавалася рабой.

Чырвонаармейцы нацягнулі над Прышчэпам палатку. Але ўваход не закрывалі, каб ён мог бачыць Дняпро.

Палявая дарога, па якой Пятроўскі вяртаўся ў штаб корпуса, то падыходзіла блізка да парослага лазняком берага Дняпра, то адварочвала, цягнулася воддаль. Ён праз сетку дажджу пазіраў на дарогу, на раку і цяжка думаў: «Ці правільна я зрабіў, што неадкладна не адправіў яго ў санбат?.. Мала што — прасіў!..» Сумленне дакарала яго: такое раненне!.. У пазваночнік!..

Дождж так жа нечакана перастаў, як пачаўся. Вечар загортваў раку ў туман.

Штаб корпуса знаходзіўся ў вёсцы Святое. Туды ў хату пад прысадамі з усіх канцоў прыбывалі ганцы з данясеннямі аб баявой абстаноўцы. На ўзмыленых конях, на матацыклах…

Данясенні тыя былі бязрадасныя. Нямецкія часці, якія заходзілі наўкруг, на зыходзе дня пятнаццатага жніўня занялі станцыю Буда-Кашалёўская. Гэтым гітлераўцы завяршылі поўнае акружэнне шэсцьдзесят трэцяга стралковага корпуса.

Неўзабаве іхнія рухомыя падраздзяленні сталі прарывацца ў размяшчэнне чырвонаармейскіх часцей з тылу.

Адзін такі прарыў быў надзвычай небяспечны: яны адрэзалі штаб і асобныя часці корпуса ад яго асноўных сіл. Ha вуліцах вёскі затрашчалі матацыклы… Камкор узброіўся аўтаматам.

— Лейтэнант, са сцягам і штабным сейфам — ні на крок не адставаць ад мяне,— загадаў камандзіру каменданцкага ўзвода.

Ён павёў штабных камандзіраў, чырвонаармейцаў аховы штаба ў атаку…

Выбавіліся яны з акружэння ў гарачай, шалёнай схватцы.

У гайку, што быў ад вёскі кіламетры за тры, Пятроўскі спыніў свой атрад. Памкнуўся працягнуць левую руку да планшэткі, каб узяць карту, і знерухомеў ад болю. Паглядзеў на руку — яна была ў крыві.

— Усё-такі зачапіла, дурніца.— Ён нервова, натужліва ўсміхнуўся.

Куля прадзёўбнула перадплечча каля локця, не пашкодзіўшы, відаць, косці: пальцы, праўда, з болем, сціскаліся і разгіналіся. Ад’ютант Колесаў выхапіў з палявой сумкі індывідуальны пакет, хутка перавязаў рану.

— Цяпер зноў можна ваяваць.— Словы Пятроўскага прагучалі падкрэслена бадзёра.

Ён разгарнуў карту.

«Паспаць бы яму хоць гадзіну,— гледзячы на схуднелы, змучаны трывогамі і невыноснай стомаю твар генерала, падумаў Колесаў.— Каторыя суткі вачэй не змыкае…»

Камкор вызначыў па карце маршрут, і яны накіраваліся да месца знаходжання сто пяцьдзесят чацвёртай дывізіі ў раёне станцыі Хальч, вёсак Чэцверні і Рудзенка.

Паміж вёскай Старая Рудня і станцыяй Хальч, ва ўрочышчы Чашаўка, перайшлі чыгунку. На лясной дарозё сустрэлі старога. Быў ён прысадзісты, каржакаваты, з пышнымі, як у Тургенева, сівымі барадой і шавялюрай. Стары, згледзеўшы іх, яшчэ здаля саступіў на ўзбочыну, абапёрся на тоўсты сукаваты кій, пазіраў з-пад калматых броваў. Яны маўчалі — і ён маўчаў. У вачах яго жалобіліся крыўда і дакор. Але Пятроўскаму падалося і яшчэ штосьці, надзвычай скрушлівае. Адкуль, з чаго ішоў цьмяны водсвет гэтага «штосьці» — са свету сівой даўніны, нялёгкай, нярэдка трагічнай гісторыі тутэйшага народа?..

Калі яны ўжо мінулі старога, той цяжка рыпнуў нізкім скрыпучым голасам:

— Адыходзіце?..

Колесаў крутнуўся, нібы ўджалены:

— Часова, бацька…

Пятроўскі не азірнуўся. Можа, мінуту, а можа, цэлую вечнасць ён улоўліваў патыліцай цяжкі, як старэчыя гады, пагляд.

Далей на лясной дарозе групе сустрэўся чырвонаармеец, які нёс на сабе старшага лейтэнанта. «Акурат падлетак, a і ён — пад ружжом»,— роспачна прамільгнула ў Пятроўскага ў галаве.

Хударлявы, нехлямяжага выгляду чырвонаармеец пад цяжарам рослага старшага лейтэнанта ледзь не перагнуўся папалам. Распараны твар быў выпацканы зямлёй. Пятроўскі яшчэ раз акінуў яго позіркам, больш уважлівым, і пазнаў: выхаванец корпуса Антон Губараў…

Тыдзень таму назад ён бачыў Антона ў штабе дывізіі. Спытаў:

— Як ваюецца, баец?

Хлопец меў тады іншы выгляд: быў падцягнуты, шыю аблягаў белы падкаўнерык… Што запраўскі вайсковец, ляснуў абцасамі, выструніўся:

— Праходжу школу камандзіра разведчыкаў старшага лейтэнанта Панкрацёнкі, таварыш генерал-лейтэнант!

Увесь час потым, пакуль ён быў у дывізіі, падлетак чамусьці не выходзіў у яго з галавы. Ад’язджаючы, ён не стрываў, спытаў у Факанава:

— Выхаванец наш не выкідвае ніякія штучкі з дзіцячага розуму?

— Гутарыў з разведчыкамі — характар арыгінальны.— Складкі над шырокімі бровамі ў камандзіра дывізіі памякчэлі, што заўсёды было з ім, калі ён адчуваў прыхаванае задавальненне.— Усяго ў хлопцу быццам цераз край: і энергіі, і адчайнасці, і дзёрзкасці, і ўпартасці, і непасрэднасці… Але ўсё гэта — адкрыта і шчыра, таму балансуе адно другое…

Перад камандзірам корпуса Антон выпраміўся і толькі мацней прыціснуў да сябе старшага лейтэнанта закінутымі цераз плечы рукамі. Пятроўскі спыніўся.

— Каго нясеш, баец?

— Параненага старшага лейтэнанта Панкраценку, таварыш генерал-лейтэнант.

Камкор прыўзняў галаву старшага лейтэнанта, якая безжыццёва звесілася на плячо чырвонаармейца, паглядзеў у твар, хутка ўзяў за руку, памацаў пульс. I з нейкай вінаватай роспаччу, быццам у ім рушылася якаясьці самая дарагая надзея, глянуў на Антона:

— Старшы лейтэнант памёр.

— Як — памёр! — хлопец жахнуўся і — аслупянеў.

Ён так і стаяў, не знімаючы безжыццёвае цела камандзіра з плеч, з вачэй яго пацяклі слёзы.

Пятроўскі распарадзіўся двум байцам са сваёй аховы пахаваць старшага лейтэнанта. Антону загадаў:

— А вы, чырвонаармеец Губараў, следуйце са мною.

Апоўдні група прыбыла ў штаб дывізіі. 3 ёю падышлі некаторыя часці карпуснога падначалення і падраздзяленні шэсцьдзесят першай дывізіі, якія таксама прарваліся з акружэння на подступах да вёскі Святое. Генерал-маёр Факанаў далажыў камкору абстаноўку. Палкі займалі пазіцыі на ўзлессі ўсходней вёскі Чэцверні. Паўночней станцыі Хальч абарону трымаў Жлобінскі знішчальны батальён.

— Якія вынікі баявых дзеянняў за дзень?

— Ад раз’езда Барацін напрапалую лезла васемнаццатая стралковая брыгада фашыстаў. Яна амаль цалкам знішчана артылерыйскім і мінамётным агнём. Мы таксама нясём значныя страты.

— Удакладніце, генерал, якія — і далажыце.

Баяздольнасць, праяўленая чырвонаармейцамі, насцярожыла і ўстрывожыла гітлераўскае камандаванне, і яно пэўны час не адважвалася распачынаць рашаючы штурм на знішчэнне акружанай групоўкі корпуса. У падмацаванне дзвесце шэсцьдзесят сёмай нямецкай дывізіі, якая прайшла баявую вывучку на палях бітваў у Францыі, была перакінута сто дзевяноста другая пяхотная дывізія. I ўсё ж нават ва ўзаемадзеянні гэтыя дзве дывізіі, што займалі рубяжы каля вёсак Скепня першая і Скепня другая, не ішлі ў наступленне. У той час, калі праціўнік рушыў з боку Рагачова, сціскаючы кола акружэння, яны бачылі сваю задачу ў тым, каб трымаць абарону і не даць прарвацца акружаным часцям.

Пятроўскі ўважліва выслухаў Факанава. Маўчаў, аналізаваў, супастаўляў. I з якога боку ні падыходзіў, ні разглядваў сваё становішча, рашэнне напрошвалася адно: прарывацца на Скепню, Губічы. Пры тых суадносінах сіл, якія так трагічна склаліся, адзіным іхнім саюзнікам магла быць гэтая нерашучасць ворага. Воін, які наступае, заўсёды мацнейшы за таго, што абараняецца. Сваім духам, сваёй воляй…

Нарэшце ён загаварыў:

— Ваша дывізія, Якаў Сцяпанавіч, нанясе ўдар вось у гэтым напрамку,— паказаў на карце.— Прарыў прызначаецца на тры гадзіны семнаццатага.

Ад’ютант Колесаў прынёс камкору абед: у салдацкім кацялку салдацкую прасяную кашу. Ён апаражніў кацялок, працягнуў яго ад’ютанту.

— Ніколі, Іван Іванавіч, не еў я такой смачнай кашы. Ну, не раўнуючы як у рэстаране.

«I тут жартуе»,— са спагадай падумаў Колесаў. Раптам ён у міжвольным недарэчным памкненні, зусім неспадзяваным, памацаў свой нос. Усміхнуўся сам сабе.

Учора было: ён спадцішка назіраў, як Пятроўскі, абедаючы, быццам забыўся на ўсё, быццам увесь быў у свеце няўмольных падзей вайны, што нястрымна і грозна, як штармавыя марскія хвалі, набягалі адна на адну. Няхай бы ж хоць паабедаў па-чалавечы, пра што спакайнейшае падумаў!..

— Таварыш камкор, дазвольце ў вас папытацца,— нечакана для самога сябе звярнуўся Колесаў да генерала.

— Пытайся…

У той момант лейтэнант спалохаўся свайго раптоўнага дзёрзкага намеру, але заўпарціўея.

— Чаму ў вас такая глыбокая маршчына над пераносіцай — ад задумлівасці? — Ён ведаў, што Леанід Рыгоравіч ставіўся да яго з бацькоўскаю ласкай і даруе яму, калі і незалюбіць.

Пятроўскі паклаў лыжку, выцер сурвэткай рот, хітравата прыжмурыўся:

— Я таксама хачу ў цябе папытаць, Іван Іванавіч, можна?

— Калі ласка, калі ласка!..

— Чаму ты такі дзюбаносы?

— А што, непрыгожы? Дзяўчаты любіць не будуць?

— Я не гавару — непрыгожы. Дзюбаносы!..

— Як вам сказаць…— Колесаў прамармытаў бездапаможна і тут жа знайшоўся: — Таму, відаць, што нарадзіўся на птушак гледзячы,— у птушыным краі. У нас на Тамбоўшчыне, ведаеце, Леанід Рыгоравіч, колькі розных птушак?.. На досвітку як зашчабечуць, засвішчуць!.. Аркестр!

— I хітры ж ты, Іван Іванавіч! — камкор цёпла пазіраў на яго.

Цяпер у вачах генерала Колесаў бачыў смяртэльную стому.

— Сапраўды, смачная каша,— паўтарыў Пятроўскі.— Каб і заўтра такою паласавацца, і паслязаўтра…— Ён сказаў са значэннем.

А Колесаў зноў, як там, у прысадах за Святым, скрушліва і трывожна падумаў: «Паспаць бы яму, паспаць…»

Падсілкаваўшыся, Пятроўскі выйшаў са штабной палаткі Факанава. Пастаяў пад разгалістым дубам, прысеў на траву. Дужае цела яго, расслабіўшыся, адчула непераадольную знямогу. Павекі пацяжэлі, апусціліся. I ён уявіў: над буйнымі хвалямі луналі чайкі, то ўзмываючы ўгору, то падаючы ўніз, а ўдалечыні крочыў чырвонагвардзейскі атрад на чале з камісарам у скураным паўпаліто і з маўзерам у драўлянай кабуры… Ён драмаў усяго некалькі хвілін. Страсянуў галавой, павёў плячамі. Пацёр далоняй лоб, праганяючы санлівасць. Сеў зручней, абапёрся рукою на дол. Пальцы адчулі штосьці цвёрдае, прадаўгаватае. Узяў — леташні жолуд. Паглядзеў на яго, узняў галаву. Дуб шырока раскінуў магутныя густыя галіны. Ветру не было, і ён як застыў у сваёй гордай прыгожай велічы. Хвіліну генерал пазіраў на дрэва. «I гэты асілак-прыгажун вырас вось з такога жолуда»,— падумаў. Пакруціў жолуд у пальцах, механічна расшпіліў гузік на кішэні гімнасцёркі і так жа механічна ўкінуў жолуд у кішэню.

Думкі рухаліся павольна, стомлена. Раптам адна — як скочыла, нібы чакала свайго моманту, недзе стаіўшыся: «Хутка яна атрымае маё пісьмо ці не?..» Набліжаўся дзень нараджэння жонкі, і ён нядаўна паслаў ёй віншаванне.

А пад вечар у той дзень палявая пошта прынесла ад яе пісьмо. У ім была фотакартка: жонка і дачка, схіліўшы галовы адна да адной, усміхаліся яму. Жонка пазірала на яго неяк дужа пільна — як пры расставанні на вакзале, калі ад’язджаў на фронт. Вочы яе былі — быццам час і не крануў іх: такія ж глыбокія, выразныя, як у маладыя гады, толькі больш стаілася суму і трывогі ў бяздоннай глыбіні… Захацелася дастаць з кішэні гімнасцёркі фотакартку, паглядзець. Але не дастаў, адно сказаў мысленна: «Няпраўда, надыдзе час — і мы сустрэнемся, любая».

Пятроўскі ўстаў, абцягнуў гімнасцёрку. Пайшоў у групу ўпраўлення корпуса. Яго цікавіў стан артылерыйскіх падраздзяленняў.

У групе ўпраўлення ён у кароткай гутарцы абмеркаваў з генерал-маёрам Казаковым магчымасці і план удзелу артылерыі ў прарыве. Даў генералу адпаведныя распараджэнні. У тым, што датычылася найбольш істотнага. У падрабязнасці не ўмешваўся: верыў — Казакоў не такі камандзір, каб што ўпусціць… Ён і тут, у самай крытычнай абстаноўцы, быў верны свайму прынцыпу, які засвоіў за час службы на розных камандзірскіх пасадах: больш давер’я асобе — больш павагі да людзей. Пустога шматслоўя не любіў: язык — не трапло.

3 групы ўпраўлення камкор вярнуўся ў штаб дывізіі. Генерал-маёр Факанаў азнаёміў яго з праектам загаду аб прарыве. Дывізія ўсімі сіламі наносіла ўдар на Скепню. 3 мэтай разбіць Скепнянска-Стрэшынскую групоўку і, рухаючыся ў напрамку Рэчыцы, злучыцца з часцямі трэцяй арміі.

Наступіў вечар. У небе кружылі варожыя самалёты і скідвалі на парашутах «ліхтары», якія асвятлялі мясцовасць. Фашысты пільна сачылі за акружанымі войскамі.

I ўсё ж недаглядзелі. На лясной паляне недалёка ад штаба дывізіі сеў «кукурузнік». Афіцэр сувязі перадаў Пятроўскаму пакет. Камандуючы фронтам маршал Цімашэнка прадпісваў генерал-лейтэнанту неадкладна ўступіць у камандаванне дваццаць першай арміяй. Замест параненага начальніка штаба арміі, які адначасова выконваў і абавязкі камандуючага.

Прачытаўшы загад, Пятроўскі павольна склаў аркуш, трымаў яго ў руцэ. Прызначэнне, безумоўна, было ганаровае, гаварыла аб давер’і яму, былому палітрэпрэсіраванаму. «Паляцець?..» Аднак душа не прымала гэтай думкі, супраціўлялася ёй… Тады мозг, як бы злаўчыўшыся, падсунуў яму супакойваючы аргумент: «Дык жа загад!..» Але — корпус… Пакінуць корпус у такі час?..

— Іван Іванавіч! — гукнуў ён ад’ютанта.

— Слухаю, таварыш генерал-лейтэнант,— казырнуў Колесаў.

— Знайдзі чырвонаармейца Губарава і перадай, што ён паляціць за фронт.

— Самалёт можа ўзяць толькі аднаго чалавека, таварыш генерал-лейтэнант,— нясмела запярэчыў афіцэр сувязі.

— Вось ён адзін і паляціць.

— Але ж, таварыш генерал-лейтэнант, мне загадана…

— Выконвайце мой загад, капітан.

Хтосьці з вышэйшых камандзіраў штаба сказаў:

— Да таго ж вы паранены, Леанід Рыгоравіч, вам трэба ляцець.

Ён рэзка павярнуўся:

— Вунь генерал Прышчэпа — паранены. А камандуе часцямі дывізіі, якія не прабіліся яшчэ да нас.

У небе павіс чарговы «ліхтар». Пятроўскі здаля пабачыў, як ускрай паляны падыходзілі Колесаў і Антон Губараў. За некалькі крокаў лейтэнант не па статуту, узбуджана выгукнуў:

— Вось ён!

— Ну і добра,— таксама не па-вайсковаму, як бы з нейкай палёгкаю прамовіў Пятроўскі.

— Але ж ён адмаўляецца ляцець! Я яму: «У камандзіра корпуса клопатаў мала, каб яшчэ цябе ўгаворваць?..» А ён адно: «Не палячу, я ваяваць прыйшоў…» Ваяка знайшоўся…

— Чаму дазваляеце сабе не выконваць загад, чырвонаармеец Губараў? — Голас Пятроўскага пастражэў.

— Самалёт хіба па мяне прыслалі? — Антон глядзеў камандзіру корпуса ў вочы.

— Не па вас — дык што?

— Няхай ляціць той, па каго прыслалі.

— Вось ты які!..— вырвалася ў Пятроўскага.— Але ж у арміі не ўпрошваюць — загадваюць. Зразумеў?

Падлетак насупіўся, апусціў галаву.

У другі час Пятроўскі, можа, пажартаваў бы: «Ляці, будзеш там вучыцца, а вырасцеш — магчыма, і зяцем маім станеш…» Цяпер жа яму ўпершыню за доўгія дні і ночы невыносна цяжкага напружання страшэнна закарцела закрычаць. Аднак узвысіць голас на хлопца ён чамусьці не змог і толькі сказаў:

— У арміі загады выконваюцца, чырвонаармеец Губараў.

Антон пачырванеў, здавалася, вось-вось усхліпне. Зіркнуў на камандзіра корпуса збянтэжаным вінаватым позіркам. Але ў глыбіні зрэнак бліснулі гарачыя іскрынкі, і ён упарта прабубніў сабе пад нос:

— Дык вы ж таксама не выконваеце.

Камкор павярнуўся да ад’ютанта:

— Адпраўце на самалёце каго-небудзь з цяжка параненых. Байца Губарава няхай інтэнданты пераапрануць у яго цывільнае адзенне.

Да прарыву заставалася крыху больш як гадзіна. Пятроўскі разам з Факанавым наведаліся ў чатырыста семдзесят трэці полк, якому выпала дзейнічаць на галоўным напрамку.

Ва ўсіх падраздзяленнях палка камандзіры і палітработнікі правялі лятучыя гутаркі: атака павінна быць выключна імклівай, бо менавіта ад гэтага залежыць надзвычай многае, калі не ўсё…

Пятроўскі слухаў даклад камандзіра палка капітана Баталава і падумаў: «Павучыцца б яму ў акадэміі — быў бы генерал!..» Ведаў Баталава па яго подзвігах у час наступлення, калі ён камандаваў батальёнам, падпісваў наградны ліст аб прысваенні яму звання Героя Савецкага Саюза.

— Значыць, асабовы састаў разумее ўсю адказнасць задачы? — перапытаў капітана. Ён ніколі раней не перапытваў падначаленых, не было ў яго так заведзена, а на гэты раз чамусьці атрымалася неяк само сабой.

— Так точна! — бойка адказаў Баталаў і цішэй, але са значэннем дадаў: — Не сумнявайцеся, таварыш генерал-лейтэнант, абавязак свой выканаем.— Кашлянуў — як прачышчаў горла: быццам яшчэ штосьці хацеў сказаць.

— Што ў вас яшчэ? — Камкор зірнуў на яго прыхавана-насцярожана.

— Байцы і камандзіры пытаюць: якія сілы нам процістаяць?

— Вайскоўцы, таварыш камандзір палка, не пытаюць, колькі ворагаў, іх б’юць,— таропка асадзіў яго Факанаў, інтанацыяй голасу націснуўшы на словы «таварыш камандзір палка». Ён быў незадаволены пытаннем Баталава — што за размовы, хіба цяпер пра такое гавораць!

— Так, капітан, не пытаюць — іх б’юць. Але… — На колькі секунд Пятроўскі зрабіў паўзу.— Вялікі Леў Талстой — дарэчы, ён таксама быў у свой час вайскоўцам — сказаў калісьці, што мала таго, каб прама не хлусіць, трэба старацца не хлусіць, умоўчааючы. Часам мы баімся, што праўда, калі яна застрашаючая, напалохае, выкліча паніку. Не, наадварот, свядомыя байцы зразумеюць, што кожнаму з іх давядзецца не за аднаго — за двух ці нават за трох ваяваць. А гэта запатрабуе ўдвоіць, утроіць сваю воінскую сілу… Чакайце, капітан, самому вам вядома, хто нам тут, каля Скепні, процістаіць?

— Так точна, таварыш генерал-лейтэнант, даведаўся, калі палку ставілася задача.

— Вось бачыце, генерал Факанаў, ставячы вам задачу, не пабаяўся, што жорсткая праўда кіне вас у паніку, выкліча нявер’е ў свае сілы.— Пятроўскі зірнуў на камандзіра дывізіі і зноў сустрэўся вачамі з Баталавым: — Дык так, капітан: калі хто папытае — ні прама, ні адмоўна…

Паўгадзіны застаналася да пачатку прарыву. Пятроўскі сазваў свой штаб. Аб’явіў загад: усяму начальніцкаму саставу, незалежна ад звання і пасады, на гэты раз у начной атацы, маючы пры сабе эфектыўную зброю, знаходзіцца ў перадавых ланцугах. Каб яднаць вакол сябе асабовы састаў часцей і падраздэяленняў… Ён стаяў перад строем з суровай годнасцю на твары, як заўсёды прамы, падцягнуты, ва ўсёй сіле і вабнасці сваіх няпоўных сарака гадоў. Толькі левая рука на марлевай павязцы падвешана была на шыі.

Хто ведае, можа, у тую мінуту «гордаму ўнуку славян», генералу Чырвонай Арміі Пятроўскаму прыгадалася, што некалі з верай у самаахвярную мужнасць людскую сказаў старажытны летапісец Баян:

«Быці вялікаму грому!.. Тут паламаціся дзідам, тут пашчарбаціцца шаблям…»

Прызначаны час набліжаўся.

I вось загула, застагнала зямля…

Пасля пятнаццацімінутнага шквальнага артылерыйскага агню чырвонаармейцы рынуліся на прарыў. Завіхурыла свінцовая крутаверць.

Як і разлічваў Пятроўскі, раптоўнасць і імклівасць атакі адыгралі сваю ролю. Гітлераўцы былі ашаломлены. Баталаўцы першымі, за імі пяцьсот дзесяты полк падпалкоўніка Карамушкі ўварваліся ў іхнія акопы.

«Лятуць стрэлы гартоўныя, грымяць шаблі аб шоламы, трашчаць дзіды сталёвыя ў полі незнаёмым…» Трашчалі, трашчалі «дзіды» сталёвыя…

Праз гадзіну бою падраздзяленні прарвалі абарону праціўніка. У першую чаргу вывелі з акружэння павозкі з параненымі.

Праз многія гады генерал Факанаў у сваіх успамінах напіша: «…Войскі корпуса к зыходу семнаццатага жніўня, прайшоўшы з жорсткімі баямі каля дваццаці пяці кіламетраў, выканалі баявую задачу, пастаўленую Пятроўскім,— разграмілі праціўніка, злучыліся з трэцяй арміяй і працягвалі наносіць страты ворагу ў яе складзе».

Па плане аперацыі штаб корпуса павінен быў выходзіць са сто пяцьдзесят чацвёртай дывізіяй. Пятроўскі пацвердзіў сваё распараджэнне штабу і сказаў:

— А мне цяпер тут ужо рабіць няма чаго. Я застаюся з падраздзяленнямі прыкрыцця і даганю вас.— Голас яго прагучаў цвёрда і рашуча.

— Таварыш генерал-лейтэнант, вам нельга…— памкнуўся адгаварыць яго Факанаў,-— Капітан Баталаў з палком…

— Капітан Баталаў з палком — гэта добра,— перапыніў яго Пятроўскі.— Але калі з імі яшчэ і генерал-лейтэнант — таксама, думаю, не дрэнна будзе.

«Навастрыў сваё сэрца адвагай, барацьбянай напоўніў дух смагай».

3 боку раз’езда Барацін і станцыі Хальч даносілася шалёная страляніна.

Пятроўскі з невялікай групай — з генералам Казаковым і сваёй аховай — накіраваўся ў той бок, адкуль ішоў, вырваўшыся з акружэння ў Святым. Ён усё спадзяваўся, што адтуль вось-вось з’явяцца, падаспеюць ар’ергардныя падраздзяленні, а таксама медсанбат шэсцьдзесят першай дывізіі, у якім знаходзіўся цяжка паранены Прышчэпа.

Неўзабаве яму ўдалося сабраць некаторыя разрозненыя падраздзяленні. Але генерала Прышчэпу не сустрэў. Вярнуўся.

На той час гітлераўцы ўжо самкнулі клешчы. А шлях быў толькі адзін: туды, па следзе сто пяцьдзесят чацвёртай… Туды — і як шквал!.. Рваліся снарады, міны, трашчала кулямётная і аўтаматная страляніна. Гарэлі дрэвы, кусты. Не было чым дыхаць.

— За мной, таварышы!..

Туды — у агонь, у дым, у смерць…

Ззаду засталіся акопы першай лініі варожай абароны.

— За мной!..

Яшчэ рывок, націск — невыносна доўгі, нясцерпна цяжкі… Яшчэ адна да вар’яцтва лютая рукапашная — і… Другая лінія акружэння таксама прарвана.

Світала. Злева пабачылася грыва кустоў. Група рушыла туды…

Да грывы ужо было недалёка.

— Стой, хто ідзе! — чыста, без акцэнту.

— Хутчэй, паспяшайце!

Вось яны — выратавальныя кусты, на кідок гранаты.

Вунь і чырвонаармеец паказаўся ў прагале, сустракае. Раптам!..

Аўтаматныя чэргі шкуматнулі здрадлівую цішыню. Упаў генерал Казакоў. Лейтэнант Колесаў у імгненным імпульсіўным рыўку засланіў сабою камандзіра корпуса Пятроўскага і таксама рухнуў на дол. Пятроўскі сігануў колькі крокаў, схапіўся за жывот, нагнуўся. Яго з абодвух бакоў падхапілі чырвонаармейцы.

У кустах грымнулі выбухі гранат.

Аўтаматы змоўклі.

— Пераапрануліся, сволачы… — Засмяглыя вусны з цяжкасцю слухаліся Пятроўскага — ледзь паварушыліся.

Вось і грыва засталася ззаду. Чырвонаармейцы неслі камандзіра корпуса на плашч-палатцы. Ён курчыўся ад болю, але не стагнаў. Толькі прыціскаў рукі да параненага жывата і час ад часу лавіў ротам паветра, як выцягнутая на бераг рыбіна.

Абмінулі балоцістую лагчыну за грывай. Ісці па полі — віднавата ўжо, здаля можна іх згледзець… Павярнулі да ўзлеску. Пачулі шум матора на дарозе — імчала «эмка» камандзіра корпуса. Шафёр выправіў пашкоджанні ў машыне, пасечанай варожымі кулямі, калі абстраляла засада з кустоў, і даганяў іх. А «эмку»… даганялі нямецкія матацыклісты.

«Арлы заклікаюць звяр’ё клекатаннем збіраць на пабоішчы косці людскія…»

Бой быў кароткі, бой быў няроўны…

Далягляд на ўсходзе паружавеў, тухлі зоры. Толькі дальназоркі ясны Сірыус яшчэ пільна пазіраў на зямлю і быў адзіным сведкам трагедыі — чырвонаармейцы палеглі ўсе…

Тым часам сто пяцьдзесят чацвёртая дывізія з баямі рухалася на злучэнне з трэцяй арміяй. Яна разграміла штаб сто трыццаць чацвёртай нямецкай пяхотнай дывізіі, захапіла шэсць партфеляў з важнымі дакументамі.

Таксама тым жа часам па другі бок чыгункі Гомель — Жлобін у напрамку Гомеля імчаў грузавік дваццаць другога медсанбата. Ён вёз генерала Прышчэпу. У кузаве каля генерала знаходзілася «медыцына» — міласэрныя сяброўкі-фельчары Лена Лундберг, Ніна Чаракшына, Паліна Васільева, а таксама ад’ютант камдзіва. У лесе непадалёку ад Буда-Кашалёва машына спынілася — скончылася гаручае.

Наўкола чуліся адзіночныя стрэлы, трэск аўтаматаў, клёкат кулямётаў, зводдаль даносіліся выбухі гармат. Ад’ютант і фельчары не адыходзілі ад параненага камдзіва. Генерал ляжаў нерухома.

Бралася на досвітак. 3 неба яшчэ пазіраў бяссонны Сірыус, а сонца ўжо рыхтавалася вось-вось распусціць свае косы-промні.

Прышчэпа расплюшчыў вочы, падцягнуў рукі да грудзей.

— Піць, таварыш генерал? — нахілілася над ім Лундберг.

Ён ледзь-ледзь хітнуў галавой — не. Непаслухмянымі пальцамі зняў гадзіннік з рукі, працягнуў ёй, паварушыў вуснамі:

— На памяць, сястра…— Раптам падхапіўся на локці: — Таварыш генерал-лейтэнант, дывізія не знішчана, ваюе дывізія, ваюе!..

Ці, можа, ён не ў гарачцы трызніў, а сказаў яшчэ на мяжы явы і небыцця?..

То былі апошнія словы генерала Прышчэпы.


XII

«Дарагі сын мой, ты вайсковец, а тому закліканы ваяваць. Аднак вайсковец арміі, якая змагаецца за шчасце працоўнага люду. Дык ваюй так, каб гэтая вайна стала апошняй у гісторыі чалавецтва і, значыцца, каб людскі род шчасліва зажыў у вечным міры».

(3 пісьма P. І. Пятроўскага Л. Р. Пятроўскаму).


«Лепей смерць у полі, чым ганьба ў няволі, лепей злая куля, чым раба кляймо».

(3 народнай песні, якая нарадзілася пад час наступлення шэсцьдзесят трэцяга стралковага корпуса на Жлобінскім плацдарме).


«Я паслаў двух салдат на месца баёў, каб адшукам трафейную якую аўтамашыну. Недалёка ад вёскі Скепня яны знайшлі легкавую машыну, каля якой ляжаў рускі ваеннаслужачы. Ён пачаў страляць з пісталета і адным з выстралаў забіў аднаго солдата…»

(3 паказанняў былога ваеннаслужачага гітлераўскай арміі Ганса Брамера).


XIII

Горача разгараўся жнівеньскі дзень. У голлі дрэў трапятала музыка сонечных промняў. Над наваколлем запанавала цішыня.

Пятроўскі зварухнуўся. Ціха? Чаму?.. Перш чым як след дайшоў да памяці, недзе ў падсвядомасці на момант устрывожыўся, яго застрашыла цішыня: бой жа ідзе!.. Расплюшчыў вочы.

Ён ляжаў на жываце. Скурчаныя пальцы ўчапіліся ў дзёран. Паварушыў правай, здаровай рукой — слухалася. Памкнуўся сесці. Востры боль разануў жывот, працяў усё цела. Цяжар наваліўся на павекі, але ён з усёй сілы намогся, каб не апусціць іх: разумеў, заплюшчыць вочы — і зноў праваліцца ў чорную бездань. Каб у тую хвіліну ён змог здзівіцца — здзівіўся б: у яго яшчэ знайшлося сілы сказаць сабе сумна-жартаўлівае: «Пакуль ты жывы, ты яшчэ не памёр».

Гэты жарт ён пачуў ад Джона Рыда. Сустрэліся яны пад час асады Зімняга палаца. Але пагутарыць тады з разгаворлівым яснавокім чужаземцам яму не давялося: гарматны стрэл з боку Нявы даў загад, і ён павёў сваё аддзяленне ў атрадзе няўрымслівых чырвонагвардзейцаў на штурм палаца.

Зноў пабачыліся яны ноччу ў калідоры Зімняга. Джон Рыд размаўляў з чырвонагвардзейцамі, запісваў, што пачуў і пабачыў, у блакнот. Потым, размахваючы шыракаполым капелюшом, які трымаў у руцэ, горача расказваў пра мексіканскую рэвалюцыю, пра кіраўніка сялянскіх партызанскіх атрадаў Франсіска Вілью… На хвіліну задумаўся, сказаў сур’ёзна: «Рэвалюцыянер змагаецца, пакуль жывы.— I жартам дадаў: — А пакуль ты жывы, ты яшчэ не памёр».

«Жывы ж…» Пятроўскі прыўзняў галаву. Зараз ён падымецца, пойдзе… Толькі ў які бой ісці?.. Побач ніц ляжаў Калістратавіч, шафёр. Трэба яго расштурхаць — і разам… Ці, можа, машына завядзецца?..

Недалёка раптам пабачыў дзве постаці. Адкуль яны з’явіліся, не было ж!.. Як з зямлі выраслі… Прывід? Паплюскаў вачамі, пакруціў галавой, каб адагнаць прывід. Не, постаці ішлі, набліжаліся… Ён палапаў рукою ўзбоч — намацаў пісталет. А колькі там патронаў? Шчоўкнула спружына. У абойме былі два патроны. Ага, і ў ствале адзін…

Цяпер ён добра разглядзеў — немцы. Адзін — даўгалыгі, другі — невысокі, таўсматы, як цяльпук. На шыі — аўтаматы… Вось яны ўжо зусім блізка… Ён прыцэліўся, націснуў на спускавы кручок. Стрэл… Другі… Цяльпук упаў. Даўгалыгі рвануў з шыі аўтамат. А ён прыклаў да скроні дула пісталета…

Даўгалыгі даў чаргу. Падышоў да нерухомага цела. Раптам спуджана крутнуўся: а што, калі ў спіну яму?!. Вунь колькі іх!.. Дык і гэты ж ляжаў, як забіты…

Потым ён хутка пачаў аглядваць легкавік. Залез у кабіну, націснуў на стартэр. Машына завялася. Ён выскачыў, згроб цельпука. На заднім сядзенні ляжаў чырвонаармейскі шынель. Даўгалыгі паклаў забітага на шынель і ўключыў скорасць.

Камандзір роты, обер-лейтэнант Брамер, якому салдат далажыў аб падзеі, агледзеў шынель. На пятліцах былі знакі адрознення вышэйшага каманднага саставу, якіх яму не даводзілася бачыць.

— Добра запомніў тое месца? — Ён пільна ўставіўся ў парабацінены ластаўчыннем твар салдата.

— Запомніў, пан обер-лейтэнант! — ляснуў даўгалыгі абцасамі.

— Хадзем да палкоўніка.

Камандзір палка палкоўнік Хоэкер агледэеў шынель, зазірнуў у даведнік знакаў адрознення ваеннаслужачых Чырвонай Арміі.

— Гэта шынель генерал-лейтэнанта! — Словы яго, прамоўленыя сухім рэзкім голасам, як стралялі. Хвіліну ён пазіраў на салдата, і ў вачах, што застылі ў глыбокіх вачніцах на выцягнутым твары, разгаралася злая радасць.— Ваша прозвішча?

— Радавы Шэндзекютэ! — выструніўся салдат.

— Едзем! — Палкоўнік нацягнуў на рукі тонкія шэрыя пальчаткі.

Пятроўскі ляжаў на ўзлеску сярод патаптаных палявых красак. Гімнасцёрка яго была ўся ў крыві. Кроў запякласі на скроні і на твары. Крывёю набрыняла густая цёмнаі пасма валасоў, што ўпала на лоб.

Обер-лейтэнант Брамер дастаў з кішэні гімнасцёркі забітага невялікую чырвоную кніжачку, аддаў палкоўніку. Пальцы яго намацалі яшчэ чтосьці — цвёрдае, прадаўгаватае…

Палкоўнік стаяў холадна-жорсткі, зацяты, разгарнуў кніжачку. Хвіліну з цяжкасцю ўчытваўся ў незнаёмыя словы.

Вочы яго круглелі, большалі…

— Петрофскі!..— Калматыя бровы ўскінуліся, сухі голас прагучаў на самай, бадай, высокай ноце, якую мог узяць.

Хоэкер яшчэ патрымаў кніжачку, нібы стараўся пераканаць сябе, што — так, гэта пасведчанне генерал-лейтэнанта Пятроўскага, і паклаў у кішэню фрэнча.

— Што там яшчэ? ~ звярнуўся да Брамера, заўважыўшы яго нерашучасць.

Обер-лейтэнант працягнуў яму жолуд.

— Талісман? — Палкоўнік перакідваў жолуд з рукі на руку, усё роўна як узважваў.— Камуністы вераць у талісманы? — Пагардліва ўхмыльнуўся, шпурнуў яго ўбок. Але некаторы час яшчэ пазіраў туды, дзе жолуд упаў у траву. Потым агледзеўся навокал, твар яго змяніўся, стаў задумлівы.

— Аднак непрыемнасцей вы нам нарабілі немала, генерал. Нават фюрэра ўзрушылі…— Немаладога веку палкоўнік марудна, як стомлена, павярнуўся:

— Обер-лейтэнант!

— Яволь, пан палкоўнік…

— Прадстаўце радавога Шэндзекютэ да ўзнагароды.— Кароткая паўза і яшчэ загад: — Усіх забітых тут — naхаваць. Генерал-лейтэнанта — асобна. Паставіць яму крыж і надпісаць!

Палкоўнік Хоэкер казырнуў і сеў у машыну.

Апоўдні цела Пятроўскага, пакладзенае на чырвонаармейскі шынель і накрытае плашч-палаткай, аддалі зямлі.

Хто ведае, можа, якраз тым часам Надзежда Васільеўні Пятроўская чытала пісьмо мужа. «…Хачу павіншаваць цябе з днём нараджэння. Думаю, што маё пісьмо ты якраз атрымаеш пад гэты час. Вось падарыць нічога не змагу. Была ў мяне плітка шакаладу, ды я з’еў яе.

Сядзім у лесе, гарады, што вакол нас, спалены. Адны каміны тырчаць, і купіць што няма дзе. Але падарунак будзе за мною. За мной, як за каменнай сцяной,— не прападзе.

Моцна вас цалую. Цябе і Олю».


ЭПІЛОГ

Кожны раз, калі прыязджаю ў сваю родную вёску Старая Рудня на Жлобіншчыне, абавязкова іду на вясковую плошчу да помніка пад засенню галінастых дрэў і ў думках вітаюся: «Добры дзень, таварыш генерал». Мне здаецца, так робяць многія, хто тут бывае: вітаюцца як з жывым. Бо жыве гэты ўвасоблены ў бронзе малады генерал-лейтэнант у добрай памяці тутэйшых людзей, у думках і пачуццях кожнага, хто ведае пра яго гераічныя ратныя справы, здзейсненыя ў самыя цяжкія і крывавыя дні Вялікай Айчыннай вайны.

У сорак чацвёртым годзе пасля выгнання гітлераўскіх акупантаў са Жлобіншчыны цела генерала было перанесена ў цэнтр сельскага Савета.

А на Цэнтральнай плошчы Жлобіна ўдзячныя жыхары горада ўзвялі помнік-абеліск, на якім напісана: «Воінам-вызваліцелям 21-й арміі. Подзвігам вашым слава. 15 ліпеня 1941 года». Так, для жлобінцаў у той час чырвонаармейцы былі вызваліцелямі, бо на месяц вызвалілі іх ад фашыстаў.

Навекі зберагуць людзі ў сваёй удзячнай памяці тых, хто заслужыў яе.

Нядаўна па сваіх пісьменніцкіх справах я пабываў у Ленінградзе. Сустрэўся там з Аленай Яўгенаўнай Мацвеевай (у дзявоцтве Лундберг). Алена Яўгенаўна, прапраўнучка рускага мараплаўца, адмірала, Ганаровага члена Пецярбургскай акадэміі навук Івана (Адама) Крузенштэрна, якая добраахвотна пайшла на фронт з чацвёртага курса медыцынскага інстытута, пасля вайны скончыла інстытут, аспірантуру, абараніла кандыдацкую дысертацыю. Удастоілася высокай годнасці заслужанага ўрача РСФСР, доўгі час рэдагавала часопіс «Медыцынская сястра». Яна перадала мне гадзіннік генерала Прышчэпы, які свята зберагала паўвека. Гэтая дарагая рэліквія заняла сваё пачэснае месца сярод іншых экспанатаў у Жлобінскім музеі Народнай славы.

Памяць жыве ў нас і вакол нас. _

Помнік Пятроўскаму, школа імя Пятроўскага, вуліца імя Пятроўскага…

Ствараючы свой раман «Салдатамі не нараджаюцца», Канстанцін Сіманаў, як ён сам пра гэта сказаў, «для Сярпіліна ўзяў некаторыя эпізоды з жыцця камандзіра корпуса Пятроўскага — сына P. I. Пятроўскага». А вось як характарызаваў Леаніда Рыгоравіча маршал Савецкага Саюза А. М. Васілеўскі: «Пад кіраўніцтвам такіх выдатных военачальнікаў, як Г. К. Жукаў, К. К. Ракасоўскі, К. I. Ракуцін, Л. Р. Пятроўскі і іншых, ворагу быў нанесены сур’ёзны ўрон пад Ярцавам, Ельняй, Рагачовам, Бабруйскам і на іншых напрамках». («Полымя Вялікай Айчыннай» — «Комсомольская правда», 22 чэрвеня 1971 года).

Фёдару Аляксеевічу Баталаву не давялося чуць песню, якую пра подзвіг яго батальёна склалі людзі.

Здарылася гэта ў той жа, што стаў і для генерала Пятроўскага суджаным, дзень семнаццатага жніўня. I там жа, паміж вёскамі Рудзенка і Скепня.

…Тужліва скрыпела на калдобістай дарозе павозка. Скрозь гэты скрып, вырываючыся з прашытых кулямі грудзей, чуліся гарачкавыя словы Баталава: «Прызначаю цябе, капітан Садоўнікаў, за сябе. Вядзі полк на прарыў. Усе за табой пойдуць, усе. I тыя, што палеглі, устануць… Не, я сам… От зараз паднімуся і сам… Полк, наперад!..» Гэта былі яго апошнія словы.

А песня — вось яна.

Слушают отряды песню фронтовую,

Сдвинутые брови, твердые сердца.

Родина послала в бурю огневую,

К бою снарядила верного бойца.


На прощанье сына мать поцеловала,

На прощанье мужа обняла жена,

Долго не сходила с мостика вокзала,

Взглядом провожала милого она…


Вот они в дороге, в зареве тревоги.

У бойца на сердце спрятано письмо:

«Лучше смерть на поле, чем позор в неволе,

Лучше злая пуля, чем раба клеймо».


Бомба разорвется, почва затрясется,

Но трястись от бомбы смелым не к лицу.

Бомба разорвется, облако взовьется…

Перейдет винтовка к новому бойцу.


Но пока что пуля мимо пролетела,

Но пока что смерти подступ отдален.

И опять в атаку капитан Баталов

На геройский подвиг поднял батальон…


Шел боец в атаку, проявил отвагу,

На гранатной ручке не дрожит рука.

Приходилось туго гитлеровским слугам

От его стального острого штыка.


Задрожали подлых гитлеровцев банды,

Получили фрицы стали и свинца.

И в Москве великой видят подвиг славный

Каждого героя, каждого бойца.


Почтальон приходит, письмецо приносит,

И знакомый почерк узнает семья:

«Расскажите людям, если кто вас спросит,

Что не зря послала Родина меня».


Эх, какая встреча будет у вокзала,

В день, когда победой кончится война!..

И письмо родное мать поцеловала,

И на самом сердце спрятала жена.

Капітан Баталаў (пасля яму было прысвоена званне маёра) марыў дайсці ў вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі да Германіі… Яго батальён дайшоў да Берліна. «На традыцыйнай сустрэчы ветэранаў нашай дывізіі асабліва ўсхвалявала мяне выступленне дырэктара адной з украінскіх школ маёра запасу Івана Рыгоравіча Вараб’ёва,— піша ў артыкуле «Бой первый и бой последний» у газеце «Красная звезда» за 9 мая 1968 года генерал-маёр Б. Вайнтраўб.— Ён упамянуў полк, у якім я, будучы начальнікам штаба, пачаў вайну пад горадам Жлобінам. Іван Рыгоравіч расказаў пра апошнія, завяршаючыя баі другога батальёна ў Берліне:

— Батальён біўся за Пецерсхагенскі і Мальсдорфскі рубяжы і выйшаў к рацэ Шпрэе,— гаварыў маёр Вараб’ёў.— Вопыту фарсіравання на падручных сродках не было патрэбы пазычаць. Хто на чым байцы батальёна пераправіліся на супрацьлеглы бераг і ўварваліся на тэрыторыю кабельнага завода. Штурмавыя атрады атакавалі дом за домам. Бралі іх штурмам. Вопыт сталінградскіх баёў быў тут верным памагатым…» Разам са сваім батальёнам ваяваў з фашыстамі ў Берліне і капітан Баталаў. У памяці байцоў і афіцэраў, у песні пра яго.

Улетку сорак другога года песня гэтая прыйшлаі на зямлю, дзе воіны генерала Пятроўскага і ён сам пралілі сваю кроў.

Сяргей Зіноўевіч Крамнёў, начальнік штаба 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады, успамінае: «Песня дайшла да нас, партызан Бабруйскага атрада, калі мы ў Крупскім раёне сустрэлі дэсантную групу штаба Заходняга фронту, якую ўзначальвала маскоўская камсамолка Лена Колесава (пазней Герой Савецкага Саюза). Наша дыверсійная група Паўла Кажушкі пабыла ў лагеры дэсантніц. Дзяўчаты шчодра падзяліліся ўзрыўчаткай, а таксама падарылі і гэтую песню, якая ўсім спадабалася. Вярнуўшыся ў атрад, падрыўнікі сталі спяваць яе, і яна хутка распаўсюдзілася сярод партызан.

У атрадзе ў нас пад кіраўніцтвам камісара Дзмітрыя Аляксандравіча Ляпёшкіна існаваў калектыў мастацкай самадзейнасці. Калі, выступаючы перад насельніцтвам, ён выконваў гэтую песню, людзі ўспрымалі яе з захапленнем, з узрушанасцю, якая моцна кранала душу».

— «Слухаюць атрады…» была адна з самых папулярных песень воінаў батарэі стадваццаціміліметровых мінамётаў дзевяцьсот шэсцьдзесят сёмага стралковага палка,— расказвае былы камандзір узвода мінамётчыкаў, цяпер выкладчык Валагодскага сельскагаспадарчага тэхнікума Валянцін Аляксандравіч Варапанаў.— Мы перапісвалі яе ў свае песеннікі. Яна з’явілася ў нас пад час вызваленчых баёў пад Жлобінам у канцы сорак трэцяга года. Спявалі мы яе і на Сандамірскім плацдарме, і тады, калі з баямі ішлі на Брэслаў. Мы любілі і помнілі капітана Баталава…

Бацька беларускай партызанкі Рыты Галіеўны Загіравай, палітрук Г. С. Загіраў, ваяваў у складзе 63-га корпуса. Загінуў у Буда-Кашалёўскім раёне. Рыта Галіеўна цяпер дацэнт Казанскага фінансава-эканамічнага інстытута. Па яе ініцыятыве ў інстытуце, а таксама ў школе-інтэрнаце № 4 горада Казані створаны студэнцкая і вучнёўская групы «Пошук», якія адшукваюць невядомыя звесткі аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Вучні наладзілі сувязь са школай № 15 горада Масквы. Разам яны склалі анкету пра песню «Фронтовая» («Слушают отряды…») і паслалі яе ветэранам.

Вось вытрымкі з некаторых анкет: «Песня вельмі падабалася нам, яна дапамагала ў баі — граміць фашысцкіх ізвергаў» (Гаўрык Міхаіл Міхайлавіч, Рыга). «У Дзень Перамогі, 9 Мая, штогод, калі сустракаемся ў скверы на плошчы Свярдлова каля Вялікага тэатра, мы спяваем гэтую песню. Усе людзі просяць нас паўтарыць яе і самі спяваюць разам з намі. Песня надзвычай падабаецца ўсім». (Бірукоў Васіль Самсонавіч, Масква).

…Людская памяць… Яна жалобна б’е паклон зямлі. Яна крынічыць у сутыку мінулага і цяперашняга. У сутыку вялікага, балючага і светлага, што ідзе ад пераемнасці часоў, лучнасці і еднасці пакаленняў. Яна — ад жыцця і дзеля жыцця, як незгасальны факел.

Гэта яна прывяла шматлікіх жлобінцаў з вянкамі і кветкамі на Цэнтральную плошчу горада да урны з прахам чырвонаармейца корпуса Пятроўскага — Выбарнава Мікалая Мікітавіча праз сорак сем гадоў пасля яго гібелі на полі бою.

Астанкі воіна былі знойдзены, калі пракладвалі цеплатрасу, і з усімі воінскімі ўшанаваннямі перапахаваны на брацкіх вайсковых могілках. «Чырвонаармеец Выбарнаў загінуў у барацьбе з фашызмам, таварыш генерал-лейтэнант!»

Заўсёды, калі мне выпадае глядзець па тэлевізары парад Перамогі, які прымаў намеснік Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, камандуючы Першым Беларускім фронтам Маршал Савецкага Саюза Жукаў, я ўспамінаю словы маршала: «Л. Р. Пятроўскага я добра ведаў як аднаго з таленавіцейшых і адукаваных военачальнікаў і, калі б не дачасная гібель, думаю, што ён стаў бы камандзірам буйнога масштабу».

…Стаяў цёплы май. Быў Дзень Перамогі. Людзі ішлі і ішлі да месцаў былых баёў.

Наўкола ўсё дыхала лесам і травою, свежасцю і святлом.

Раптам я пачуў знаёмую мелодыю. Хтосьці недалёка зацягнуў: «Расскажите людям, если кто вас спросит, что не зря послала Родина меня…» Адзін голас, другі… Я слухаў іх, нягучныя, задушэўныя, і думаў, што нясе гэтая песня людзям самыя гарачыя надзеі і імкненні генерала Пятроўскага, капітана Баталава, малодшага лейтэнанта Ярохіна, сяржанта Галаўчэні-Шакірзянава, радавога Караневіча, усіх тых, хто піў разам з імі салёную расу ў смяртэльна цяжкай «рабоце вайны».

Ветэраны Вялікай Айчыннай спяваюць яе і як гімі мужнасці, i як наказ моладзі захоўваць мір, не дапусціць новай вайны.

Даўно было, калі песня тая, стаўшы на крыло ў акопе, паляцела ў свет.

Але якой меркай змераць тое «даўно», калі сэрца з болем адгукваецца на кожны напамінак аб вайне?.. Памяць глыбока захоўвае імёны герояў, усе тыя падзеі… Народная памяць — бессмяротная.

Загрузка...