Перад бібліятэкай стаяла шмат народу. Я не скажу, што звычайна там бывае пуста, але столькі людзей у гэтым храме ведаў мне ніколі не даводзілася бачыць. Усё ж такі дзве тысячы сто нейкі там год на вуліцы. Можа падацца, што я перабольшваю, але не. Паверце, я ведаю, аб чым гавару, бо амаль штодня, нібы пад прымусам, хаджу ў самую аўтарытэтную бібліятэку горада… Чаму я туды цягаюся? Гэта іншае пытанне, ды і на яго ёсць адказ: мушу пісаць дысертацыю… Сказаць, што гэта мне не падабаецца, я не магу, але ў душы звіняць ціхія ноткі расчаравання ў сваіх марах: фінансаванне маёй сферы зніжаецца, а жорсткія тэрміны робяць працу прымусовай, што таксама не лепшы варыянт. У стагоддзе высокіх тэхналогій увесь час насіцца з папяровымі мастацкімі кніжкамі, напэўна, занадта рамантычна нават для мяне. Ды зараз пра іншае. Я зайшоў у будынак, падышоў да гардэроба і падаў верхняе адзенне. Са здзіўленнем заўважыў, што за мной вокамгненна ўзнікла чарга з дзесяці чалавек, а ўваходныя дзверы працягвалі ляпаць. «Дзівы-дзівосы!» – стрэліла ў галаве. За пятнаццаць год навуковай і літаратурнай працы падобнага і блізка не было.
– Нешта сёння шматлюдна, – захацелася па старой звычцы завесці размову са спадарыняй Ангелінай, менеджарам па верхнім адзенні карыстальнікаў. Гэтая спадарыня звычайна не была моцна занятая і любіла паразважаць са мной на высокія тэмы.
– І не кажыце, – па-простаму і душэўна адказала яна. – Я ўжо запыхалася тут палітоны цягаць, хутка гаплікі скончацца, а толькі самая раніца.
– Не затрымлівайце, калі ласка! – даляцеў гучны голас з чаргі.
– І сапраўды, – нясмела падтрымалі астатнія галасоў дваццаць адтуль жа.
– І сапраўды, – замітусілася спадарыня Ангеліна, чым дала мне зразумець, што сёння я буду размаўляць хіба што сам з сабою.
– І сапраўды, – згадзіўся я.
Мяне чакала чытальная зала для навукоўцаў. Там я заўсёды адчуваў сябе ўтульна: цішыня, спакой, можна няспешна працаваць або з разумным выглядам чытаць цікавую кнігу. Некалькі драўляных сталоў, як у ХХ стагоддзі, і безліч сучаснай бібліятэчнай тэхнікі стваралі тую гармонію, якая неабходна сапраўднаму навукоўцу. Гэтае месца часам непераадольна прыцягвала, там мае рукі самі бралі папяровыя слоўнікі, часопісы, карацей, усё, што стаяла ў памяшканні ў вольным доступе. Калі надакучвала перагортваць старонкі пальцамі, можна было проста ўключыць камп’ютар, а далей – інтэрнэт у дапамогу. Дома ў мяне не атрымлівалася працаваць так заўзята. Відаць, не на пустым месцы з’явіліся размовы пра «атмасферу гістарычных месцаў». Да таго ж не ўсе кнігі і сёння знаходзяцца ў вольным доступе, часам трэба добра паварушыць сховішчы, каб нешта знайсці. І вось ногі ўжо самі павярнулі ў навуковую залу, калі мне раптам закарцела праверыць, што адбываецца ў звычайнай. Нездарма ж столькі народу набегла ў бібліятэку, тут павінна было адбыцца нешта неверагоднае. Паколькі зараз асабліва спяшацца да навуковай дзейнасці не хацелася, я вырашыў пагадзіцца са сваёй цікаўнасцю. І пагадзіўся.
Велічная, манументальная карціна намалявалася перад маімі вачыма: людзі стаялі каля кніжных паліц і хутка гарталі старонкі кніг. Дакладней, абсалютная большасць гартала хутка, нібы нешта шукала, а некаторыя гарталі павольна і ўчытваліся. Кінулася ў вочы, што выданні выбіралі розныя: і папулярную літаратуру, і дзіцячую, і нон-фікшн, і нават даўно запыленыя напаўнавуковыя трактаты-сачыненні. Ад навуковай звычайная чытальная зала (яна ж выконвала ролю абанементу) адрознівалася тым, што ў ёй шэрагамі на паліцах стаяла мноства папяровых кніг. Раз на тры дні кнігі замянялі, і такім чынам чытачы атрымлівалі яшчэ большы выбар выданняў. Калі папяровага асобніка не было, яго запампоўвалі на электронную «чыталку». Праз два тыдні копія файла самаадвольна выдалялася. Але гэтымі дабротамі жыцця карысталіся мала, і бібліятэкары звычайна не былі моцна абцяжараныя натоўпам кліентаў. Па праўдзе, найбольшы попыт на абанеменце адзначаўся на фільмы і музыку. «Адкуль жа менавіта сёння ў столькіх людзей узялася такая прага да кніжнай навукі?» Гэта сапраўды было пытаннем на мільярд умоўных адзінак самых каштоўных грошай у свеце. Нехта выкрыкнуў: «Ёсць!» Але праз імгненне расчаравана выдыхнуў: «Усяго адна…»
Падзівіўшыся на ўсё гэта, я вырашыў пайсці на сваё месца ў навуковай чытальнай зале, пакуль яго яшчэ не занялі. «Можа, гэта які перфоманс, ці акцыя, ці эксперымент, ці проста спецзаданне…» – мільгалі бесперапынку думкі. Трэба праверыць у інтэрнэце. Сёння я чамусьці яшчэ ніводнага разу не наведаў сусветную сетку, нават тэлевізар не глядзеў. Такое выпадае рэдка, але бывае: тэлевізійныя навіны праспаў, мабільнае прыстасаванне нечакана разрадзілася.
Месца, канешне, занялі: аднекуль узніклі «руплівыя» навукоўцы са спецыяльнымі пасведчаннямі. Прыйшлося выбіраць з таго, што засталося: або самае рыпучае крэсла, або пяць разоў рамантаванае. Выбраў чамусьці рыпучае. Сеў. Дастаў мабільнае прыстасаванне. Падключыў зарадку. Пачакаў, пакуль прыстасаванне «ажыло» і загрузілася. Адкрыў старонку папулярнага інтэрнэт-партала. І… У топе навін шыкоўна вісеў наступны загаловак: «Вядомы мільярдэр схаваў у кнізе чэк на мільярд… і не толькі». Маё крэсла актыўна зарыпела. Я перайшоў па спасылцы. Калі коратка, дык у артыкуле апавядалася прыблізна наступнае: на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы вядомы мільярдэр і вялікі жартаўнік па сумяшчальніцтве размясціў аб’яву наступнага зместу: «Я схаваў у кнізе ў адной з бібліятэк краіны чэк на мільярд умоўных адзінак. Чэк на прад’яўляльніка. А каб было цікавей, пахаваў грошы меншымі купюрамі на тую ж суму ў розных кнігах самых розных бібліятэк. Шукайце і чытайце! Дакладней, чытайце і шукайце! І хай дапаможа вам шыфр. Можна не дзякаваць!»
«Жартаўнік!» – адразу падумаў я. «Але ж сёння не дзень смеху», – дагнала супрацьлеглае меркаванне і не затрымалася ў галаве. Я папрасіў славутую дзіцячую кнігу «П.Р.», пра хлопцаў, якія шукалі прыгод і заблукалі ў балотах. Мая дысертацыя прысвечана дзіцячай літаратуры, таму трэба было папрацаваць з гэтым старым, зацертым, ды ўнікальным выданнем. На факультэце настойвалі, каб я хутчэй абараніў дысертацыю на найвышэйшую навуковую ступень, бо ў іншым выпадку павышэнне па службовай лесвіцы мне не свеціць, а калі з’явіцца які-небудзь ахвотнік да кар’ернага росту, дык можа дайсці да таго, што прыйдзецца мяне пераводзіць на іншую, менш прэстыжную пасаду. Канкурэнцыя – і нічога асабістага, такія парадкі. Нават тэрмін абароны прызначылі. Але работа ў гэты дзень зусім не ішла: вакол натоўп і шум. Я скарыстаўся сваім становішчам і як адказны навуковец узяў патрэбную старую кнігу дадому. Адміністрацыя бібліятэкі ў сувязі з непрадбачанымі абставінамі прэтэнзій не выказала, тым больш я правераны чалавек. «Напэўна, заўтра ўсё супакоіцца», – хацелася верыць мне.
Я пашкандыбаў дахаты так павольна, што, напэўна, і смоўж абагнаў бы мяне. Нечаканыя падзеі затлумілі галаву, нічога не хацелася, таму настрою працаваць не было. Дома я паглядзеў фільм пад нумарам 100 са спісу найлепшых кінашэдэўраў ХХІ стагоддзя. Фільм быў настолькі цікавы, што я пад яго сумленна заснуў.
Назаўтра мяне з нейкага перапуду панесла праверыць, як справы ў храме ведаў. Чаго ж не зробіш, каб адкласці напісанне дысертацыі на заўтра.
Перад бібліятэкай мітусілася яшчэ большая, нават непраходная чарга. Над дзвярыма вісела вялізная аб’ява: «Уваход у бібліятэку – 10 умоўных адзінак за гадзіну». «Нічога сабе! Такога я не чакаў!» – эмоцыі ваявалі з розумам. Праз колькі хвілін на сваім мабільным прыстасаванні я прачытаў, што дырэктары бібліятэк «вымушаны ўвесці плату за карыстанне бібліятэкай у сувязі з наплывам наведвальнікаў і для паляпшэння іх абслугоўвання». Людзі ўпарта не разыходзіліся. Я зразумеў, што сёння папрацаваць у чытальнай зале не давядзецца. Праз Валянціну, знаёмага менеджара па прыбіранні пакояў, бо да астатніх супрацоўнікаў не мажліва было дабіцца, я даволі хутка зайшоў у бібліятэку праз службовы ўваход, дамовіўся аб падоўжаным тэрміне карыстання кнігай «П.Р.», а таксама ўзяў дадому такую-сякую літаратуру.
Пакуль мне неслі кнігі, я, як звычайна, пачаў у навуковай чытальнай зале гартаць слоўнік, які стаяў у вольным доступе. На адной старонцы я заўважыў купюру наміналам 100 умоўных адзінак… не паверыў сваім вачам і хутка загарнуў гэтае выданне. Прынеслі патрэбныя кнігі. Я паклаў «заможны» слоўнік на стол, адвярнуўся, выбраў неабходную літаратуру. Тут мне падумалася: «А можа, трэба было б тыя 100 адзінак узяць сабе, раз выпаў такі шанец?» Раптам падышоў чалавек, моцна паціснуў мне руку і выйшаў. Што гэта было, я зразумеў потым, калі ў слоўніку не знайшоў сваіх грошай.
Я прыйшоў дадому, сеў за стол, але праца не ішла. З галавы не вылазіў гэты чэк, гэтыя кнігі, гэтыя людзі… Крыху раззлаваны, я палез у інтэрнэт. Усе навіны былі забітыя «жартам мільярдэра». Чаго тут толькі не лупцавалі! Рэпартажы, версіі, аналітыка, чуткі… Пісалі, што мільярдэр проста робіць сабе рэкламу, таму адмаўляецца ад любых каментароў. Што бібліятэкары проста нахабна зарабляюць грошы на бедных людзях, бо ўночы, і гэта бачыла мноства людзей, яны перабралі фонды, знайшлі грошы, але вырашылі прытрымаць іх, каб людзі ішлі ў бібліятэкі. Што такая падзея павінна паўплываць на развіццё кніг. Што на чэк палююць розныя структуры і арганізацыі. Што людзі бяруць выхадныя, каб пайсці ў бібліятэку. Што з’явіліся неверагодныя чэргі, у якіх адбываюцца махінацыі. Што чэка няма… Вечарам апублікавалі вялізны артыкул пра эканамічны эфект ад «чэка ў бібліятэках». У сацыяльных сетках хваліліся, хто колькі грошай і ў якой бібліятэцы знайшоў. Некаторыя пісалі, што нават прачыталі тую шчаслівую кнігу, дзе іх чакаў грашовы прыз. Эканамісты падлічылі, што за два дні ў «кнігасховішчах» знайшлі каля мільярда. З гэтай нагоды сур’ёзныя аналітыкі сталі сцвярджаць, што бібліятэкары самі падкладваюць грошы, каб зацікавіць людзей. Паказвалі першыя падробкі ўсімі жаданага чэка… Карацей, інтэрнэт і разам з ім увесь свет шумелі, ды і тэлебачанне не адставала. Адметная навіна завітала ў кожны дом. Некаторыя эксперты нават прагназавалі нашэсце турыстаў з нагоды «чэкавай ліхаманкі». Пакуль я ўсё гэта перачытаў, надышла ноч. Мой графік работы над дысертацыяй падказваў, што я яго крыўджу і не выконваю. Таму праз «не хачу» на стол былі-такі выкладзены кнігі.
Я доўга глядзеў на «фаліянты» і змагаўся з жаданнем пайсці спаць. І тут мне кінулася ў вочы, што кніга «П.Р.» нядаўна была падклеена. Неверагодныя думкі ўлезлі ў маю ачмураную навінамі галаву. А раптам там чэк? Яго ж маглі схаваць не на старонках, а, як у старажытнасці, у пераплёт. Як той вандал, я разрэзаў стары пераплёт унікальнай кнігі. І знайшоў там… чэк. Стары чэк на прад’яўляльніка на суму адзін мільярд умоўных адзінак! Я ледзь не пасівеў.
Я хацеў адразу кінуцца ў банк, каму-небудзь патэлефанаваць, крычаць пра ўдачу на цэлы свет, але… Праз хвілін пятнаццаць эйфарыя прайшла і на мяне напалі высакародныя думкі. Я падумаў, што, калі зараз паведаміць каму-небудзь аб знаходцы, людзі зноў адвернуцца ад бібліятэк, ад кніг, ад таго, што дорага душы і сэрцу, таго, за што я ціха і без надзеі на перамогу змагаўся палову свайго жыцця. Вось гэтая ўзнёслая і нікому не патрэбная сентыментальнасць ці натхнёнасць прымусіла мяне не паказваць чэк нікому. Хаця б тры дні… А ўпартасці і сілы волі там, дзе яе выяўляць не абавязкова, мне заўсёды хапала.
…Праз тры дні я сядзеў дома і разважаў, што рабіць далей. Дысертацыя сумна паглядала на мяне і амаль што плакала. Думкамі апанаваў чэк, мроілася пра маю ролю ў свеце, наляталі развагі пра лёс, фантастычныя планы і шмат чаго яшчэ. І толькі цяпер мяне нешта насцярожыла ў чэку. Ён быў нейкі стараваты з выгляду, але астатнія акалічнасці не пакідалі сумненняў – дакумент сапраўдны. За тры дні пра эканамічныя варункі і не толькі можна даведацца вельмі шмат. Чым я, між іншым, таксама займаўся, калі крыху адключаў летуценне. Таму я не надаў належнай увагі цвярозым назіранням, а палічыў іх выбрыкамі свядомасці і ператамленнем ад эмоцый.
Тым часам па тэлебачанні казалі, што розныя арганізацыі шукаюць сляды чэка. Што невядомыя рабуюць дамы людзей, якія бралі «на рукі» якую-небудзь літаратуру з якіх-кольвек бібліятэк. Што натоўп людзей у бібліятэках стаў трохі меншым. Што некаторыя зарабілі на «дасціпнай акцыі мільярдэра». Што стала адраджацца хоць нейкая цікавасць да кніг. Выданні наперабой друкавалі рэйтынгі самых шчаслівых бібліятэк і кніг горада, дзе людзі знаходзілі якія-небудзь грошы, але як і кім гэтыя рэйтынгі складаліся, заставалася загадкай.
Я быў, так бы мовіць, на ростанях. Вакол маёй хаты швэндаліся падазроныя людзі, чаго раней не заўважалася. Час ішоў. І гэта магло скончыцца не вельмі добра. Трэба было нешта вырашаць, таму я палічыў, што мая павольнасць выканала сваю справу. Людзі зноў гавораць пра літаратуру, няхай і ў дзіўным святле. Але хай так… але гавораць. Час падумаць пра свой лёс. Я яшчэ раз паглядзеў на чэк, памацаў яго, злупіў нейкую чорную плямку, якая замінала воку: праз гэта нешта шчоўкнула на электроннай частцы дакумента, але я не звярнуў на гэта ўвагі.
Мяне ніхто не турбаваў. Патэлефанавала толькі калега. Яна вельмі добры спецыяліст у літаратуры, надзвычай захапляецца ёй. Праўда, калега калі-некалі мне тэлефанавала, пісала, часам нават спаміла, а яшчэ часта раілася са мной як з больш вопытным спецыялістам, бо я ажно на чатыры гады старэйшы і маю больш пераканаўчы стаж працы. Маладая дзяўчына спыталася, дзе я падзеўся, чаму не заходжу ва ўніверсітэт. Набівалася ў госці. Я амаль згадзіўся. Яе настойлівасць, ды і сама яна, заварожвалі. Гэта трэба прызнаць нават з навуковага боку. Але ж выпаў, як гаворыцца, не той момант. Я папрасіў яе зайсці пазней. Акурат па абедзе я выйшаў з хаты, каб рушыць у банк. Незнаёмец, які трэці дзень з васьмі раніцы да дзевяці вечара сядзеў разам з камп’ютарам пад маім акном, паглядзеў на мяне са здзіўленнем, устаў і нібыта пакрочыў па справах. А пераходзячы дарогу, я напаткаў яе, маю калегу. Яна ішла да мяне.
– Прывітанне, Усяслаў! – павіталася яна. – Як справы?
– Прывітанне! Справы добра! – бадзёра, на мой погляд, сказаў я. – А ў цябе?
– І ў мяне добра. Я хацела з табой пагаварыць. Але па тэлефоне нязручна было. Давай сядзем дзе-небудзь у парку.
– Давай!
Мы завярнулі ў парк, знайшлі вольную лаву, на якой ніхто не мог нас пачуць. У глыбіні душы я чакаў амаль інтымную размову, што было ўпершыню за час нашых стасункаў, ды справа пайшла крыху ў іншым кірунку. Не скажу, што гэтая калега мне зусім не падабалася. Нават цалкам наадварот, але годным яе я сябе ніколі не адчуваў, не расцэньваў і лічыў, што навука павінна быць на першым месцы. Я не дазваляў сабе пачуццяў, бо гэта бывае небяспечна.
– Ведаеш, – пачала яна, – ты мне заўсёды падабаўся. Я даўно хацела табе прызнацца, але неяк не выпадала. Але цягнуць няма куды. Нічога зараз не кажы, проста паслухай і вырашы для сябе ўсё. Учора да мяне прыходзілі невядомыя людзі і распытвалі пра цябе, твае заняткі, якімі бібліятэкамі ты карыстаешся. Я хацела цябе папярэдзіць. Калі што-небудзь зрабілася, скажы мне. Я гатовая для цябе на ўсё!
Гэтыя словы мяне здзівілі і ўзрадавалі, з аднаго боку, ды напужалі з іншага. Я вырашыў заняць нейтральную пазіцыю, нічога нікому не расказваць і не падганяць падзеі.
– Дзякуй за спагаду! Я да цябе таксама вельмі прыязна стаўлюся, – як мага спакайней адказаў я. – Але зараз у мяне ўсё выдатна. Працую над дысертацыяй дома, бо ў бібліятэках сама ведаеш, што творыцца. Калі мне трэба будзе твая дапамога, я абавязкова звярнуся.
– Добра, – сказала яна і нечакана абняла. – Я пабегла, бо ўжо спазняюся. Да сустрэчы на сходзе! Ён будзе заўтра. Прысутнасць абавязковая.
– Да сустрэчы! – сказаў я, а сам падумаў: «Што гэта робіцца?!»
Я рашуча накіраваўся ў банк, нягледзячы на тое, што мая душэўная раўнавага была добра атакаваная. Мне хацелася скончыць гэту неверагодную гісторыю простым паходам у патрэбны банк, адным махам вырашыць усе свае праблемы, сапраўдныя і ўяўныя. А там можна і ў асабістым жыцці на што якое рызыкнуць. З мільярдам нашмат прасцей усё будзе. І кніжку адну сярэднявечную купіць атрымаецца: яшчэ з дзяцінства хацеў набыць арыгінал «CdB», але ж ён каштуе не дзве ўмоўныя адзінкі…
Шчасце здавалася блізкім. Аднак, як часта здараецца, блізкасць была вельмі далёкай.
Сталася так, што я быў удзельнікам амаль легендарных для цяперашняга дня падзей. Пра іх я і хачу пакінуць памяць сваім дзецям і ўнукам, каб ведалі, як усё было насамрэч, і расказвалі сваім нашчадкам пра неверагодныя прыгоды свайго бацькі, дзеда, прадзеда і г. д. Пішу я свае ўспаміны яшчэ і дзеля навукі, якая заўсёды хаваецца за такімі падзеямі, а таксама з тае прычыны, што люблю свой горад, дзе нарадзіўся, вырас і ў якім, напэўна, застануся назаўсёды. Менавіта мой горад хавае столькі таямніц, гісторый і чутак, што яму пазайздросцяць нават самыя містычныя месцы свету. Аднак легенды і паданні – гэта адно, а вось схаваныя за імі рэчы часта аказваюцца яшчэ больш дзіўнымі і незвычайнымі. Але пра ўсё па парадку.
Я з’явіўся на свет якраз у той год, калі адбыўся Першы гарадскі сход. І як многія мае аднагодкі, займеў летапіснае імя. Кажуць, што падчас майго нараджэння адбывалася сонечнае зацменне, але пераправяраць падобныя байкі я не наважыўся, таму за што купіў – за тое прадаю. Калі хто-небудзь засумняваецца ў зацменні, можаце смела правесці даследаванні і вызначыць сапраўдныя гістарычныя факты. Толькі потым раскажыце мне ці ўпішыце ў мае ўспаміны. Мне ж сёння нашмат цікавей чалавечая памяць, вусная гісторыя, якая і памыляецца, і расказвае адначасова, як людзі запомнілі сваю эпоху.
Я рос у сям’і галоўнага банкіра горада, выдатна вучыўся: абавязковыя прадметы за курс школы былі здадзеныя на найвышэйшы бал. Усе на нашай вуліцы, а гэта былі ў асноўным паважаныя людзі горада, казалі бацькам, што з мяне выйдзе выдатны прадаўжальнік дынастыі. Але я не апраўдаў агульныя чаканні. Спачатку. Справа ў тым, што апроч энцыклапедый і падручнікаў я з маленства захапіўся мастацкай літаратурай. Ніхто на гэта не запярэчыў, наадварот заахвочвалі, бо чытанне лічылася вельмі карысным для разумовага развіцця дзяцей. Аднак ніхто не чакаў, што я зайду так далёка і вырашу прысвяціць сваё жыцце той самай мастацкай літаратуры.
Напачатку, зусім малым хлопчыкам, я любіў паездкі за горад. Я бясконца назіраў за тым, што яшчэ называлася прыродай. За рознымі там казюркамі, дрэўцамі, травінкамі. Гэта прыносіла сапраўдную асалоду, я лавіў кожную хвілінку негарадскога наваколля. Потым пачаў прыслухоўвацца і да з’яў, якія адбываліся каля маёй хаты, стараўся асэнсаваць іх, адчуць, апісаць. І я зразумеў, што пад маімі нагамі неверагодны свет, які немагчыма раз і назаўсёды адкрыць і вывучыць. Можна толькі паспрабаваць. І я спрабаваў і запісваў свае спробы. Затым мне захацелася пачытаць кнігі з бібліятэкі майго прадзеда. Той меў за хобі збіранне старажытнай літаратуры і за сваё жыццё сабраў агромністую бібліятэку. Мой шаноўны продак нават склаў спіс абавязковых кніг для членаў яго сям’і. Я ў тым спісе і захрас. Пасля такой літаратурнай адукацыі я напісаў некалькі вершаў і апавяданне. Мяне ўхвалілі, а апавяданне надрукавалі ў спецыяльнай дзіцячай газеце. Я быў на сёмым небе ад шчасця, няхай недзе глыбока ў душы і здагадваўся, што прозвішча бацькі ў гэтай справе вельмі дапамагло. Пасля першага трыумфу я вырашыў стаць літаратурным дзеячам. І рашэнне было бескампрамісным. Літаратурная праца захапіла мяне.
Я вельмі любіў сваіх бацькоў. Іх, канешне ж, непрыемна ўразіла маё жаданне пайсці вучыцца не на самую перспектыўную спецыяльнасць, таму тата і мама сказалі, што будуць сур’ёзна размаўляць са мною, калі я адумаюся. Праўда, забараняць паступаць на літаратара ва ўніверсітэт не наважыліся. Верагодна, тата вырашыў, што я хутка сам кіну недарэчную авантуру, перарасту. І тут яму трэба аддаць належнае і сказаць дзякуй.
Ва ўніверсітэт я паступіў даволі лёгка, бо экзамены былі здадзеныя на высокі бал. Пачалося студэнцкае жыццё, але пра гэта пазней. Зараз жа дазвольце крыху распавесці пра родны горад, занатаваць яго такім, якім ён адбіўся ў маёй памяці.
Горад майго дзяцінства і юнацтва быў сярэднім па памеры. У ім расло даволі шмат дрэў, у ім заўсёды было чыста і прыгожа. Старыя будынкі перапляталіся з новай архітэктурай. У тэхнічным плане горад М. амаль не адставаў ад сусветных тэндэнцый. Як і ўсе іншыя сусветныя гарады, М. меў самакіраванне, своеасаблівае Магдэбургскае права, як сказалі б у сярэднявеччы. Вельмі шмат было і цікавых мясцін, пра якія вы прачытаеце ў Вялікай энцыклапедыі. Мне ж найбольш падабалася бібліятэка: і сам будынак, і кнігі ў ім, і рэчка, і веладарожка для аматараў рарытэтных ровараў. Таксама я любіў блукаць па парках, мроіць каля фантанаў, рабіць аб’ёмныя фатаграфіі помнікаў, асабліва пісьменнікам Я. К., Я. К., М. Б., М. Г., В. Б. і многім іншым.
У горадзе заўсёды адчуваліся спакой і парадак, якія ўсталяваліся ў год майго нараджэння пасля Першага гарадскога сходу, калі ўсе зацікаўленыя колы горада раз і назаўсёды дамовіліся, падзялілі сферы ўплыву і замацавалі правілы «гульні». Атрымалася, што ніхто нікому не перашкаджаў, ніхто ні з кім не змагаўся і ўсё спакойна квітнела. Мэр, які выбіраўся раз на чатыры гады шляхам латарэі сярод дванаццаці галоўных кіраўнікоў горада, выдатна парадкаваў гарадскія справы.
Скажу некалькі слоў і пра гісторыю. Горад М. узгадваецца з летапісных часоў. Ён развіваўся, як і іншыя гарады, а ў ХХІ стагоддзі стаў пашырацца і актыўна ўбіраць у свой склад іншыя населеныя пункты. Так утварыўся сапраўдны горад-поліс, нават мегаполіс, са сваімі парадкамі і ладам жыцця. Але тое была сусветная тэндэнцыя, і пра гэта вы таксама пачытаеце ў энцыклапедыі ці падручніку…
Паводле аўтарытэтных даследаванняў згаданае зацменне не было бачнае ў нашым горадзе.
Горад М. стаіць на вушах, нібыта падчас залатой ліхаманкі. Але золата замяніў чэк, а рэкі і капальні – бібліятэкі. Што ж стала прычынай такіх акалічнасцей? Усё проста! Некалькі радкоў спадара N. у сваім блогу – і людзі гартаюць (і нават чытаюць) папяровыя кнігі: «Я схаваў у кнізе ў адной з бібліятэк краіны чэк на мільярд умоўных адзінак. Чэк на прад’яўляльніка. А каб было цікавей, пахаваў грошы меншымі купюрамі на тую ж суму ў розных кнігах самых розных бібліятэк. Шукайце і чытайце! Дакладней, чытайце і шукайце! І хай дапаможа вам шыфр! Можна не дзякаваць!»
Такіх чэргаў, як цяпер, бібліятэкі не ведалі нават у эпоху свайго росквіту. Аднак некаторыя спецыялісты лічаць, што чэка няма і гэта ўсяго толькі злосны жарт. Іншыя проста зарабляюць на абставінах. Самае смешнае, што ў кнігасховішчах па некаторых падліках ужо знайшлі каля мільярда ўмоўных адзінак. Адкуль там узяліся такія сумы, можна хіба што здагадвацца. Ці не руплівыя бібліятэкары пастараліся…
Дзівіць і тое, што паважаны N. адмаўляецца ад якіх-небудзь каментароў. Вось такія жарты мільярдэра, такія віртуальныя мільярды парушаюць парадак і спакой у горадзе М. Прадуктыўнасць працы падае, на вуліцах летуценна чытаюць. Хто спыніць гэта і верне ўсё, як было?
Хіба што ўладальнік сапраўднага чэка на мільярд? Сачыце за падзеямі разам з намі… 10 000 021 праглядаў 5 010 011 рэпостаў, 7 204 600 лайкаў.
Я зноў упэўніўся, што за мною нехта ідзе. Гэта было нескладана. Сцены банка зроблены са шкла, таму ў іх, як у люстэрку, я ўбачыў таго самага чалавека, які шоргаўся каля маёй хаты. Банк ветліва адчыніў перада мною свае аўтаматычныя дзверы – і я хутка нырнуў у бязмежны палац фінансавых аперацый.
Мяне адразу сустрэў ідэальна ветлівы адміністратар.
– Добры дзень! Мяне завуць Гермес. Чым магу Вам дапамагчы?
– Мне трэба атрымаць мільярд, – без папярэджанняў растлумачыў я.
Нават ідэальна выхаваны твар адміністратара змяніўся, але бачна было, што не ад здзіўлення. У вачах мільгануў злосны смех. Гермес (такое адчуванне, што імя яму выдалі на працы разам з карткай для пералічэння заробку) змераў мяне вачыма і асцярожна спытаў:
– Вы, напэўна, знайшлі чэк, пра які расказваюць у навінах?
– Так! А як вы здагадаліся? – крыху збянтэжыўся я.
– У мяне проста добрая інтуіцыя, – хітравата растлумачыў адміністратар. – Пачакайце, калі ласка, хвілінку. Мне трэба папярэдзіць кіраўніцтва.
Гермес рашучымі крокамі дайшоў да тэлефона, які стаяў на адмысловым стале, набраў нумар і, як мага цішэй, пачаў размаўляць. Людзей у холе было мала, таму гук разносіўся выдатна. Сумленны адміністратар гаварыў прыблізна наступнае: «Спадар дырэктар філіяла, тут зноў нейкі дзівак з чэкам. Ужо соты за сёння. Падкажыце, што з ім рабіць… На выгляд не вельмі… Чэк не паказваў… Выклікаць ахову… Добра». Пасля гэтага Гермес набраў іншы нумар і назваў нейкі код. Да мяне з розных бакоў пачалі набліжацца людзі ў форме аховы. І толькі цяпер я дацяміў, што мяне збіраюцца проста выгнаць з адзінага банку ў горадзе, які мае права выдаваць такія вялікія сумы, як на маім электронным чэку. Мне справядліва падалося, што іншага шанцу выкарыстаць чэк можа і не быць. Раніцай па тэлебачанні паказвалі сюжэт пра людзей, на якіх нападаюць праз тое, што ў іх усяго толькі падазраюць наяўнасць чэка, бо яны часта наведваюць чытальныя залы. Вось гэта мяне хутчэй за ўсё і чакала. Тым больш, грэх не праверыць кнігалюба, які невядома чаго пайшоў у такі прэстыжны банк.
Крытычны момант падкраўся нечакана: як ні круці, трэба было нешта зрабіць. І зрабіць гэта трэба было, як мінімум, хвіліну раней. Тут я заўважыў вялікі мікрафон на стале адміністратара. Нешта ўнутры прачнулася, і я амаль мімаволі кінуўся да заўважанага прыбора, нібы да апошняй надзеі. Такіх паводзін я не дазваляў сабе бадай з далёкага дзяцінства, калі экспромтам расказаў невялікі «завочны» вершык пра аднаго дзіўнага чалавека якраз гэтаму самаму чалавеку. Замест падзякі перапала бярозавай кашы. Мне растлумачылі, што трэба рабіць толькі прадуманыя ўчынкі, а яшчэ лепш – узгодненыя. Вельмі часта потым, калі мяне цягнула на авантуры, я ўзгадваў той вершык і прымушаў сябе спыніцца. Дык вось… гэты самы настрой, гэты самы заглушаны душэўны парыў да авантуры прачнуўся ўва мне і выйшаў вонкі. Я амаль не думаў, што ўчыняю, ды атрымлівалася ўдала. Адміністратарскі мікрафон быў моцна схоплены маімі рукамі, ногі паставілі свайго гаспадара на стол, а голас сам паляцеў па памяшканні. Карацей, я спаліў усе масты, дарогі назад да прыстойнай, выхаванай, стрыманай асобы:
– Шаноўныя грамадзяне! Павіншуйце мяне, я знайшоў чэк на мільярд! Які добры знак для нашага горада, што менавіта ў ім адбываюцца такія цудоўныя падзеі. Пра нас даведаюцца ўсе!
Пакуль я працягваў гаварыць, мой мозг счытваў інфармацыю з наваколля. Я бачыў, што ахова збянтэжылася і крыху прытармазіла. Людзі збегліся да мяне. Адны глядзелі з зайздрасцю, другія пасмейваліся з дзівака. Але ўсе здымалі відовішча на камеры і адразу выкладвалі ў сусветную павуціну. «Ну, усё! Я зорка інтэрнэта», – мільганула ў галаве. Такі сур’ёзны вучоны, які столькі гадоў наганяў на сябе важнасць, вокамгненна стаў вядомым дзіваком і камедыянтам. Ахова перастала тармазіць і пайшла проста на мяне. І я працягваў іграць сваю ролю, нібыта на сцэне, нібыта я сапраўдны шоўмен. Аднекуль з небыцця да мяне ішлі патрэбныя вобразы і словы. Я дазваляў сабе падобныя экспромты толькі аднойчы, калі праходзіў кастынг у школьны тэатр, а рэжысёр, нязвыклы да якіх-кольвек эксперыментаў, растлумачыў мне, як умеў, што з рознай эксперыментатарскай брыдотай мне не тое што тэатр, а нават дыскатэка не свеціць. А зараз я, ужо не студэнт, свядома наступаў на тыя ж самыя граблі, што і дваццаць пяць гадоў таму.
Было, праўда, адно адрозненне: я разумеў, што валодаю сітуацыяй. Я элегантна вырваўся з абдымкаў ахоўніка, падскочыў да адміністратара, заламаў яму руку і працягнуў сваю прамову, трымаючы навідавоку чэк:
– Але чамусьці адміністрацыя банка няправільна мяне зразумела і хоча, каб гэты гонар выпаў суседняму населенаму пункту, дзе мне, пэўна, не адмовяць выдаць грошы.
Счырванелы адміністратар засумняваўся ў сваіх учынках, але не ахоўнікі. Яны надзейна схапілі мяне. Тут ужо мая школьная секцыя па вольнай барацьбе не дапамагла. Людзі зашумелі: адны палічылі, што адбываецца несправядлівасць, другія казалі, што так мне і трэба. Магла пачацца, як мінімум, бойка, а як максімум – жорсткае абмеркаванне банка ў розных сацыяльных сетках. Адміністратар пачаў супакойваць людзей. І, напэўна, каб не стаць чалавекам, якога зробяць вінаватым, калі сітуацыя вырашыцца дрэнна, ён спыніў ахоўнікаў і выклікаў дырэктара філіяла. Той важны чалавек, насамрэч, усё ўжо ведаў, бо назіраў маё шоу на найноўшым маніторы ў сваім шыкоўным кабінеце.
Дырэктар спусціўся ў хол і па-майстэрску вырашыў сітуацыю. На тое ён і дырэктар.
– Прашу прабачэння ў шаноўных кліентаў. Мяне завуць Святаполк. Я дырэктар гэтага філіяла. Толькі што адбылася прыкрая памылка. Мы ўсе ведаем, як важна сачыць за бяспекай такіх устаноў, як наша. А гэты чалавек… прабачце, як Вас завуць?
– Меркурый, – буркнуў я першае, што прыйшло ў галаву.
– А Меркурый знешне аказаўся падобным да аднаго злодзея, таму мы былі вымушаны яго затрымаць. Аднак служба бяспекі высветліла, што мы памыліліся. Таму, каб неяк выправіць гэтую непрыемную сітуацыю, наш банк запрашае спадара Меркурыя ў асабісты кабінет дырэктара, дзе мы абмяркуем яго чэк. Калі гэта сапраўды той самы чэк, наш горад будзе мець тытул самага шчаслівага, пра што і хацеў нам сказаць шаноўны Меркурый… А ўсе тут прысутныя атрымліваюць спецыяльныя карткі на зніжку – ажно 0,1 працэнта ва ўсіх крамах нашай сеткі. Дзякую за ўвагу!
«Да такога аратарскага майстэрства мне трэба яшчэ падвучыцца», – падумаў я і павольна пайшоў услед за дырэктарам, праўда, у суправаджэнні аховы. Людзі з натоўпу хуценька пабеглі па абяцаныя карткі.
Мне палягчэла. Заставалася ўсяго некалькі крокаў да вырашэння маіх праблем. Мы зайшлі ў вялізны кабінет. Дырэктар, які выглядаў як звычайны дырэктар з вокладкі якога-небудзь часопіса, сеў за навамодны стол, паглядзеў на нешта ў ім і сказаў:
– Сядайце, спадар Усяслаў Вячаслававіч, калі ласка.
– Дзякуй! – адказаў я. – А адкуль Вы мяне ведаеце?
– Вас? На гэта ёсць дзве прычыны. Першая: служба аховы ўжо знайшла на Вас інфармацыю. Другая: я быў Вашым студэнтам, – ашаломіў мяне суразмоўца і дадаў: – Але прыйшлося перакваліфікавацца.
– Цікавая выходзіць справа… – з сумам сказаў я, калі зразумеў, як прэзентаваў сябе перад былым студэнтам.
– Ну, давайце свой чэк, – сказаў дырэктар філіяла.
Я працягнуў спадару Святаполку адпаведны дакумент. Ён уважліва яго разгледзеў. Нешта праверыў у камп’ютары, паглядзеў на мяне і сказаў прыблізна наступнае:
– Гэты чэк даволі стары. Але не падробка. Ён быў выпісаны спадаром Вітаўтам Крыніцкім каля 20 год назад. Але на адпаведным рахунку зараз знаходзіцца толькі 100 умоўных адзінак. Іх мы і можам Вам выдаць. Калі хочаце.
Сказаць, што я абурыўся? Я абурыўся! Я нават ашалеў ад такой несправядлівасці! Першы раз зрабіў нешта няправільна, рызыкнуў, каб атрымаць перамогу, а тут – 100 умоўных адзінак ды зорка інтэрнэту, а таксама хутчэй за ўсё беспрацоўны, які пасля такога не мае шанцаў абараніць дысертацыю. Я, наколькі магчыма ветліва, растлумачыў шаноўнаму Святаполку, што пра ўсё гэта думаю, і папрасіў яго пераправерыць звесткі. Ахова мяне хутка супакоіла. Уражаны Святаполк паглядзеў на мяне і сказаў:
– Я ад Вас такога не чакаў, спадар Усяслаў! Сапраўды, у ціхім балоце… Ну, ніколі б не падумаў, што наш прынцыповы выкладчык, у якога выдатнікі па тры разы пераздаюць, мае столькі непадробных эмоцый. Ваў! Ахова, выйдзіце, калі ласка!
Ахова здзівілася і выйшла. Я здзівіўся яшчэ больш.
– Прабачце, калі ласка! – пачаў я.
– Можаце не прасіць прабачэння! Я ўсё разумею. На Вашым месцы я, напэўна, учыніў бы што-небудзь яшчэ весялейшае. Калі пабаю аднакурснікам – не павераць. Раскажыце лепш, як у вас справы?
Я спачатку засумняваўся, ці трэба дзяліцца асабістым з былым студэнтам, а потым расказаў тое-сёе з жыцця. Пра працу, дысертацыю, крыху пра чэк.
– Зразумела! А ці ажаніліся вы? – невядома з якой нагоды перабіў мяне дырэктар банка.
– Ды не… А павінен быў? – іранічна перапытаў я.
– На чацвёртым курсе я з сяброўкай, маёй цяперашняй жонкай, паспрачаўся, што вы ніколі не ажэніцеся. Але яна запярэчыла. Сказала, што існуе нешта, што мужчыны звычайна не бачаць. Дык, значыцца, я пакуль што выйграю спрэчку.
– А як у Вас справы? – наважыўся я перавесці гаворку і паказаць сябе прыстойным.
– Ды добра! Бачыце, працую ў лепшым банку дырэктарам, жонка, дзеці.
– А што з першай адукацыяй? – чамусьці спытаў я.
– Праўда, прыйшлося закінуць розную там літаратурную працу. Бывае, калі-нікалі пачытваю штосьці… Не болей.
– Шкада, я ўспомніў Вас, вашыя пісьмовыя работы мне падабаліся, але адкрыта хваліць – не мая звычка, – з сумам сказаў я амаль праўду. Святаполк замаўчаў. Прайшло некалькі хвілін задуменнай цішыні.
– Добра! – нарэшце вымавіў ён. – Я па старой памяці хачу пайсці вам насустрач. Ёсць прапанова, якая задаволіць і вас, і нас. Мы даём Вам 10 000 умоўных адзінак і гаворым грамадскасці, што вы знайшлі сапраўдны чэк.
– Але ж гэта не сапраўдны чэк.
– Па нашай інфармацыі, сапраўднага чэка няма, – сказаў Святаполк. – Проста ўсім надакучыў ажыятаж. За дзень да нас прыходзіць па сто чалавек з чэкамі. Людзі думаюць не пра працу, а пра тое, каб выйграць латарэю ў жыцця. А шчаслівага білета няма. Яны менш глядзяць тэлеперадачы, менш лазяць па сусветным сеціве, менш ходзяць па магазінах. Але тыя ж людзі бягуць у бібліятэку ды гартаюць кнігі. Гэта адмоўна ўплывае на наш горад.
Спакуса была вялікай. Але я пераканаў сябе не рабіць паспешлівых крокаў. Тым больш інфармацыя Святаполка магла быць недакладнай. Або, яшчэ лепш, ён мог мяне падмануць. Такое здараецца і праз меншыя сумы. Таму я вырашыў пацягнуць час. І, скажам так, «праверыць першакрыніцы».
– Дзякуй за прапанову! Але я не магу так адразу згадзіцца, не па-навуковаму гэта. Дазвольце, калі ласка, усё ўзважыць. Колькі ў мяне ёсць часу?
Спадар дырэктар быў крыху збіты з панталыку такой маёй прапановай, аднак незадаволена сказаў:
– У Вас ёсць адзін дзень! Калі вы не прыйдзеце, мы знойдзем іншага «пераможцу», – і незадаволена кінуў: – Ды і што тут правяраць!
– Як што? – не вытрываў я. – А раптам Вы мяне падманулі. На чэку электронны подпіс, таму хто яго сапраўдны ўласнік, мне невядома. Чаму я павінен проста паверыць Вашым словам?
– Тады схадзіце і спытайце ў мільярдэра N., – напаўжартам сказаў Святаполк.
– І схаджу! – пачаў я зноў разыходзіцца.
– Гэта будзе нават цікава! Я б хацеў даведацца, што з таго атрымаецца, – хітра ўсміхнуўся дырэктар. – А каб Вы не перадумалі, я прапаноўваю паспрачацца на адэкватную паслугу, што такі крок для Усяслава Вячаслававіча немагчымы.
– Я згодны, – горача выпаліў я. Чаго толькі не бывае падчас эмацыйнага выбуху.
На гэтай высокай ноце наша размова фактычна скончылася. Спадар Святаполк выпусціў мяне праз чорны ход з банку, адвёў крыху далей ад камер і на развітанне вымавіў:
– Вы, нягледзячы на значныя недахопы, добры чалавек. Многаму мяне навучылі. Вось мая візітоўка, калі што – тэлефануйце, – а потым пакпіў: – І па выйгрыш таксама.
Стомлены, я нешта адказаў. Мае думкі паціху замыкаліся на недарэчнай, але прынцыповай сярод прыстойных людзей спрэчцы. Адмовіцца ад сваіх слоў – найвышэйшы сорам, таму адступаць не было куды. Мост ужо дагараў. Здаецца, маё самаадчуванне было навідавоку.
На вуліцы зусім сцямнела. Святаполк настойліва парэкамендаваў згадзіцца, каб мяне завезлі дадому. Бо ўсялякае бывае. Службовы аўтамабіль дырэктара філіяла літаральна за лічаныя хвіліны даімчаў да майго пад’езда. Аднак падзеі гэтага дня непакоілі. Усю дарогу ў галаве круцілася прозвішча Крыніцкі. Недзе я яго чуў. Дакладна, недзе чуў. Ды дзе?
У начных навінах паведамілі, што праз рабаўнікоў бібліятэкі пусцеюць. Пасля гэтага выйшаў сюжэт пад назвай «Горад, які прыносіць грошы», у якім гаварылася пра дзівака ў самым надзейным і шчодрым банку горада.
Перад сном я зачыніў дзверы на самы высокі ўзровень бяспекі. У свядомасці паўставаў план дзеянняў на заўтра. План, ад якога годнасць не дазваляла адмовіцца, няхай розум і настойваў: «Сядзі дома і не дуры нікому галавы!» І я рашуча заснуў, бо шчыра верыў, што заўтра ўсё будзе добра…
Універсітэцкі час – гэта самы цудоўны перыяд майго жыцця. Не. Напэўна, так гаварыць будзе няправільна. Праўдзівей сказаць, што ўніверсітэцкія гады былі найбольш насычанымі і запамінальнымі для мяне. Супернічаць з імі могуць хіба што падзеі, звязаныя з Другім гарадскім сходам. Але зараз я хачу падзяліцца ўспамінамі пра сваё студэнцтва. Як ужо гаварылася, я паступіў без праблем. З аднаго боку, вялікую ролю ў гэтым адыгралі мае веды і здольнасці, з іншага – конкурс быў не самы складаны, бо мая спецыяльнасць перажывала тады не найлепшыя гады. Тым не менш, мой універсітэт быў адным з трох самых прэстыжных устаноў горада і меў вельмі пераканаўчую гісторыю. Ён узнік у пачатку ХХ стагоддзя і за час свайго існавання заняў належнае месца ў свеце, што адлюстроўвалі шматлікія рэйтынгі, апытальнікі і агляды. Хтосьці можа ўзгадаць вышэйшыя навучальныя установы, гісторыя якіх пачынаецца яшчэ з сярэднявечча. З такім аргументам спрачацца цяжка, аднак для горада М. мой універсітэт быў і з’яўляецца бясспрэчным аўтарытэтам. Таму, калі надумаецеся куды-небудзь паступаць, не абмінайце такі варыянт.
Вучыцца мне было цікава і прыемна. Да чацвёртага курса я здаваў усе прадметы на выдатна. Мае бацькі нават пачалі хвалявацца, што летуценны выбар іх сына ў плане прафесіі можа стаць канчатковым. Таксама нядрэнна справы пайшлі і ў асабістым плане. Пасля шэрагу няўдалых амурных прыгодаў я рызыкнуў запрасіць на спатканне Міхаліну. Гэта была неверагодная дзяўчына, мая аднакурсніца, з якой можна было размаўляць на любыя тэмы. Яна шмат чаго ведала, разбіралася ў літаратуры, хутка рашала любыя задачы, бачыла на чатыры хады ўперад, ды і прыгажосці была адмысловай. Такіх закаханых, як я, у яе мелася нямала. Аднак сваімі ўпартасцю, розумам, настойлівасцю, вершамі, каштоўнымі прэзентамі я заваяваў яе сэрца. Асабліва радавала Міхаліну апошняе, і гэта зразумела, бо падарункі выбіраць мне заўсёды ўдавалася добра. Тая дзяўчына-аднакурсніца, канешне ж, стала маёй жонкай, з якой я жыву шмат шчаслівых гадоў. Міхаліна скончыла ўніверсітэт, але па спецыяльнасці не працавала. Не было патрэбы. Мая каханая і цяпер шчыра радуецца падарункам, часта падарожнічае, гадуе ўнукаў, бавіць час рознымі грамадскімі справамі, на якія ў яе ёсць адмысловыя грашовыя фонды.
Я ж універсітэт не скончыў. На тым самым чацвёртым курсе выкладчык Усяслаў Вячаслававіч, які вучыў нас практычна пісаць артыкулы на зададзеныя тэмы і з зададзенымі ўстаноўкамі, пачаў шчыра мяне завальваць. Спачатку ён паставіў самую нізкую адзнаку за першую пісьмовую работу – работу, на аснове якой палова курса зляпіла свае, пры гэтым з даволі добрым вынікам. Тая ж гісторыя была і з другой работай. Яе раскрытыкавалі ўшчэнт. Перакрэслена было восемдзясят працэнтаў тэксту. Гэта жах. Сорам. Я не мог зразумець, чым я не дагадзіў паважанаму выкладчыку, пра якога ходзіць сярод студэнтаў шмат чутак. Вядома, што з першага разу ў яго ніколі не здавалі. Але ж не так, не настолькі… З трэцяй работай выйшла яшчэ горш. Усяслаў Вячаслававіч знайшоў лагічныя, стылістычныя, фактычныя і іншыя памылкі. Я раззлаваўся, проста ашалеў. Першы раз мяне так абразілі, абазначылі маю нікчэмнасць. Я хацеў адказаць адпаведна. Спачатку я вырашыў паказаць некампетэнтнасць выкладчыка, але гэта зрабіць вельмі складана. Усяслаў Вячаслававіч дасць тут фору многім. Потым да мяне прыйшла яшчэ лепшая думка: «Калі такая песня, я са сваёй бліскучай адукацыяй магу сябе праявіць у любой сферы, хоць у банкаўскай. А пісаць розныя рэчы я буду ў вольны час. Няхай Усяславу будзе бясслаўе за тое, што не дагледзеў такога перспектыўнага студэнта».
Перапоўнены эмоцыямі, я пагаварыў з Міхалінай, якая на дзіва лёгка падтрымала маю ідэю. Мяне адгаворвалі ў дэканаце, калі я пісаў заяву на адлічэнне, Усяслаў Вячаслававіч прапанаваў напісаць яшчэ адну работу, але юнацкі максімалізм разам з падтрымкай каханай перамаглі. Праз тыдзень пасля адлічэння мой шчаслівы бацька аформіў мяне на спецыяльныя курсы банкаўскіх работнікаў па скарочанай праграме, якія адпавядалі вышэйшай адукацыі і давалі права займаць пасаду кіраўніка. Я тыя курсы бліскуча скончыў і вельмі хутка стаў дырэктарам філіяла.
З чацвёртага курса адлічылі і майго найлепшага сябра – Кастуся Прайдзісвета. Прайдзісвет – гэта яго прозвішча, толькі смех у тым, што гэтае прозвішча цалкам перадае стан яго душы. Усяслаў Вячаслававіч так і не ўбачыў яго другой пісьмовай работы, таму цалкам законна прапанаваў дэканату звярнуць увагу на такога недысцыплінаванага студэнта. Дэканат два тыдні шукаў Кастуся і не знайшоў. Гэта стала падставай для адлічэння. Майго сябра такое развіццё падзей зусім не засмуціла. Ён даўно мне гаварыў, што вучоба – гэта толькі афіцыйны занятак, каб было менш пытанняў. Насамрэч, Кастусь Прайдзісвет вырашаў іншыя задачы і вырашаў іх даволі паспяхова. Кастусь Прайдзісвет, як сапраўдны прайдзісвет, вельмі хутка пасля адлічэння займеў сапраўдны дыплом аднаго з самых уплывовых універсітэтаў свету. Калі ён там вучыўся (і ці вучыўся наогул) застаецца вялікай таямніцай.
З Кастусём заўжды было весела і цікава. Ён мог падбіць мяне на нечаканыя рэчы, накшталт паездкі на які-небудзь фестываль музыкі ХХ стагоддзя ці стварэння суполкі аматараў паэзіі. На першы погляд, мы былі з ім даволі рознымі, але нешта нас вельмі збліжала. Мы гатовыя былі дапамагчы адзін аднаму ва ўсім і без чакання нейкай за тое ўзнагароды. Мусіць, гэта і называюць сапраўдным сяброўствам. Пасля нашага бясслаўнага завяршэння вучобы Кастусь стаў адным з самых багатых людзей у горадзе, які не агучвае сваё імя. Многія яго баяліся, прыдумвалі розныя бязглуздзіцы, журналісты спрабавалі вывесці яго на чыстую ваду. Для мяне ж Кастусь Прайдзісвет застаўся тым самым хлопцам, з якім я пазнаёміўся ў студэнцкім інтэрнаце пры засяленні ў свой пакой і з якім зрабіў шмат цікавых рэчаў, а дзесьці настолькі цікавых, што і апісваць небяспечна.
Дарэчы, Кастусь, як сапраўдны сябра, вельмі карэктна пытаўся, ці сапраўды я хачу кінуць універсітэт. На прайдзісвецкую думку, Усяслаў Вячаслававіч убачыў у мяне вялікі патэнцыял, таму і ціснуў так заўзята, каб выйшаў толк. Я катэгарычна пацвердзіў сваё рашэнне. Ужо потым пачалі адольваць думкі, што Кастусь прамаўляў слушныя рэчы. І адкуль у яго такі розум? Загадка. Таксама сябра вельмі сур’ёзна распытваў мяне, ці кахаю я Міхаліну. Калі ж пачуў станоўчы адказ, настойліва вымусіў паабяцаць скласці шлюбную дамову, калі я вырашу-такі ажаніцца, бо гэтак робяць усе цывілізаваныя людзі. Я паслухаў сяброўскую параду, няхай і палічыў, што гэта ў нейкай ступені выказвае недавер да маёй каханай.
З таго, студэнцкага, перыяду мне запомніўся яшчэ адзін момант. Ужо не студэнтамі я, Кастусь і Міхаліна сядзелі на беразе ракі, якая працякае праз увесь наш горад, і пілі адпаведныя напоі. Я перажываў, што стану менш бачыць Міхаліну, пра што і паведаміў усім. Міхаліна ці то жартам, ці то сур’ёзна сказала, што ў мяне толькі адно выйсце – прапанаваць ёй выйсці за мяне замуж. Я адразу гэта і зрабіў. За сведку атрымаўся Кастусь, які ўвесь час падазрона пасміхаўся – так яго здзівілі мае рамантычныя адносіны з Міхалінай. Проста, на беразе рэчкі, мы адзначылі шчаслівую падзею, нагаварылі многа цікавага, паўспаміналі гады вучобы. Міхаліна расказала, што Усяслаў Вячаслававіч паступіў у аспірантуру толькі з чацвёртага разу, калі на гэтае месца ніхто не прэтэндаваў, а таксама тое, што на факультэце спрачаюцца, ці ажэніцца ён з Рагнедай, а калі і ажэніцца, то – калі?
Мяне заўсёды здзіўляла, адкуль Міхаліна ведае такія шпіёнскія падрабязнасці. Тут хаваецца яшчэ адна таямніца жанчын. Зразумела, што гэтымі размовамі мая будучая жонка проста хацела мяне падтрымаць. Таксама мы дамовіліся з Кастусём, што будзем ствараць у гэтым горадзе новае і добрае, наколькі гэта магчыма. Усё адбываецца не проста так, усё адбываецца да лепшага.
Неўзабаве мы ажаніліся. Скончыўшы навучанне банкаўскай справе, я пачаў працаваць. Займацца літаратурнай дзейнасцю не было калі, таму гэты занятак я паслядоўна адкладваў, адкладваў і адкладваў. Часам нават думалася, што я ніякага дачынення да мастацтва і не маю, што гэта нейкі дурны сон. Незадаволенасць такімі акалічнасцямі згасала, і мая падсвядомасць старалася запіхнуць яе куды далей. А вось у матэрыяльным і прафесійным плане сітуацыя выходзіла адваротна прапарцыянальная. Кар’ера развівалася, як у папулярных кніжках, тыпу «Як я сам зрабіў свой лёс».
Дзівацтва хапала ва ўсе часы. Аднак, здавалася б, у цяперашнім высокатэхналагічным і прагрэсіўным грамадстве не засталося месца непрыстойным паводзінам. Гэта павінна мінаць яшчэ ў дзяцінстве. Менавіта таму штораз дзівяць выбрыкі прыстойных з выгляду людзей. Паглядзіце на гэта відэа, якое выклаў у сетку добрасумленны сведка падзеі з горада М.: www.таварыства-кнігалюбаў.бел/dzivak_u_banku_1_bez_huku/www.таварыства-кнігалюбаў.бел/dzivak_u_banku_1_bez_huku/
Відавочна, што «не-юнак» у прыведзеным відэаматэрыяле з глузду з’ехаў ад чутак пра «чэк у бібліятэцы». Ён не можа думаць ні пра што іншае. Ён нават пераканаў сябе, што паперка ў яго руках і ёсць той міфічны банкаўскі дакумент. Ён прыйшоў у банкаўскую ўстанову і патрабуе мільярд. Уявіце, да вас у хату заходзіць чалавек з пустым аркушам і хоча за яго неверагодныя скарбы. Смех ды слёзы.
На шчасце, ахова хутка разабралася з гэтым прыкрым здарэннем. Але пра што яно нам гаворыць? А гаворыць пра тое, што многія няўстойлівыя элементы замест таго, каб сумленна выконваць свае службовыя абавязкі, звар’яцелі ад думкі, што могуць стаць мільярдэрамі. А ці карысна гэта для горада? Адказваць на дадзенае пытанне, я думаю, няма сэнсу, бо кожны цвярозы розум без ваганняў знойдзе правільны адказ: «Не».
Напэўна, толькі знойдзены чэк уратуе горад М. ад вэрхалу і падобных непрывабных рэчаў.
Вось так вось – як ёсць. 50 070 011 праглядаў 20 080 100 рэпостаў, 30 356 614 лайкаў
Раніцай я прачнуўся са свежымі думкамі. Як раней я не здагадаўся праверыць усё, што мне ўчора сказалі, з дапамогай інтэрнэту?! Здаецца неверагодным, але па нейкіх цалкам невядомых прычынах часам відавочныя рэчы прыходзяць у галаву не адразу. Так было і зараз. З тых цудоўных часоў, калі быў прыдуманы інтэрнэт, усю інфармацыю так ці інакш можна было знайсці. Праўда, шукаць таксама трэба ўмець, бо зараз сусветная павуціна запоўнена разнастайнымі бязмежнымі дадзенымі. Часам гэтыя дадзеныя наўмысна памылковыя, каб звесці ў зман даверлівых людзей. А часам на адно і тое ж пытанне даюць два зусім супрацьлеглыя адказы. Выбірай, што падабаецца. Таму праверка інфармацыі праз інтэрнэт стала сапраўдным майстэрствам для выбраных. І мне як навукоўцу прыйшлося гэта майстэрства засвоіць. У мяне было некалькі сваіх надзейных крыніц. Праз іх я спачатку праверыў спадара Святаполка. Усё супала: і вучоба ў мяне на курсе, і перакваліфікацыя, і хуткі кар’ерны рост, і жонка. Яшчэ адна спасылка паведаміла, што філалогію Святаполк скончыў дыстанцыйна і зусім нядаўна, бо быў адлічаны з вышэйшай навучальнай установы па сваім жаданні, калі не здаў мой прадмет. Толькі тут я насамрэч успомніў таго хлопца, які тры разы здаваў мне іспыт. Таленавіты, але з характарам. На трэцяй пераздачы ён адрынуў мае заўвагі да сваёй пісьмовай работы і кінуў вучобу. А я проста хацеў падказаць яму кірунак развіцця, дапамагчы стаць адным з лепшых. Тады ў мяне быў прынцып – кожнаму не менш за тры пераздачы. Гэта зараз я працую інакш… Вось дык гісторыя выйшла. Як гаворыцца: не крыўдзі апошняга, бо ён можа стаць першым. Я яшчэ больш засумняваўся ў Святаполку, у яго намерах.
Потым я паглядзеў на свае ўчарашнія выбрыкі ў розных навінах. Так… Сапраўдная зорка папулярных відэахостынгаў. 50 мільёнаў праглядаў. Але навіны ў нас хутка ўзнікаюць і хутка забываюцца. Мне вельмі хацелася верыць у такія высновы сучасных вучоных. Таму дадзенае пытанне хвалявала ўжо не настолькі моцна. Песцілася небеспадстаўная надзея, што сур’ёзныя наступствы нечакана абмінуць.
Што сапраўды хвалявала, дык тое, дзе я чуў прозвішча Крыніцкі. Вось што з’яўлялася сапраўднай інтрыгай для мяне. Пошукавая сістэма выдала наступнае: «Спадар Вітаўт Крыніцкі жыў тады і тады, быў даволі вядомым грамадскім дзеячам і навукоўцам. Ёсць непацверджаныя звесткі, што займаўся сакрэтнымі філалагічнымі распрацоўкамі. Стварыў арганізацыю «Таварыства кнігалюбаў», якая мела на мэце папулярызацыю кніг і карыснага чытання ўвогуле. Трыццаць гадоў таму арганізацыя зачынілася. Двое дзяцей: Рагнеда і Брачыслаў. Тады якраз была мода на падобныя «гістарычныя» імёны». І вось тут я дапетрыў-такі, дзе чуў прозвішча Крыніцкі.
Бываюць вельмі ўражлівыя эмацыйныя дзеці. І калі іх увесь час караюць за шчырыя пачуцці, яны гэтыя самыя пачуцці хаваюць глыбока ў сабе. Хаваюць так, каб нават яны самі не маглі іх знайсці. Так было і са мной. Як толькі пачуцці падступалі блізка, падсвядомасць давала каманду «Стоп» і пачынала знішчаць усе сляды небяспечных эмоцый. А раптам за іх пакараюць? З аднаго боку, гэта смешна, а з іншага – падобнае здараецца не так і рэдка. Я выдатна ведаў імёны амаль усіх людзей, з якімі калі-небудзь сустракаўся, аднак імя і прозвішча адной маёй калегі ўвесь час выляталі з галавы. Я бачыў, што яна аказвае мне ўвагу, але нават не даходзіў да пытання: «Чаму?» Гэта была нейкая дзіўная самаабарона ад ворага, якога не існавала. З майго боку таксама прысутнічала ўвага, большая, чым да каго-небудзь іншага з маіх знаёмых. Але я не дапускаў нават думкі, што спадарыня Рагнеда Вітаўтаўна Крыніцкая мне шчыра падабаецца як чалавек і тым больш як жанчына. Гэтая статная дзяўчына з доўгімі русымі валасамі, сціплая, як і яе сукенкі, прыгажуня, магла лёгка стаць мадэллю ў любым прыстойным агенцтве. Замест гэтага яна часта апыналася побач са мной з розных нагод, працавала на адной кафедры і не абмінала выпадкаў абмеркаваць што-небудзь новенькае.
Але розумам я ўпарта верыў, што сяброўства мужчыны і жанчыны сапраўды магчыма: проста сяброўства, проста мужчыны і проста жанчыны, і нічога больш. Як ні дзіўна, учора менавіта Рагнеда знайшла мяне, не самага абаяльнага чалавека, і прапанавала дапамогу. Я вырашыў патэлефанаваць спадарыні Рагнедзе Крыніцкай. Раней я б дзесяць разоў падумаў над такой магчымасцю, дваццаць разоў ацаніў бы верагодныя наступствы, хто што падумае і як можна ўсё ўспрыняць, ды зараз сумненняў не ўзнікла. І гэта мяне чамусьці не насцярожыла. Нешта змянілася.
Рагнеда не адказала на званок. «Напэўна, на занятках ці на сходзе, пра які я, канешне, зусім забыўся», – падумаў я, бо гадзіннік строга адлічваў хвіліны штодзённых пар і частых паседжанняў. Але нічога не зробіш. Відаць, з характарыстыкай маёй асобы на падставе апошніх дзён доктарскую я абараню зусім не бліжэйшым часам.
Напрыканцы інтэрнэт-пошукаў я праверыў, дзе знайсці мільярдэра N., а таксама што пра яго прыдумляюць. «Павуцінне» расказала няшмат: «Мільярдэр N. стаў мільярдэрам у маладыя гады, чым займаўся – невядома. Ходзяць чуткі, што ён прафесійны махляр з выдатным веданнем юрыспрудэнцыі і літаратуры. Для паляпшэння свайго вобразу ў вачах грамадскасці ўдзельнічае ў розных акцыях, мерапрыемствах, займаецца мецэнацтвам. Жыве за горадам. Адрас такі і такі».
Я выклікаў знаёмага надзейнага таксіста. І стаў збірацца. Знянацку з адзення выпала візітоўка спадара Святаполка. Учора я нават не паглядзеў на яе. З аднаго яе боку ўсё было, як звычайна: імя, пасада, кантакты. З іншага ад рукі былі напісаны словы: «Калі Вас не пусцяць да спадара N., скажыце, што Вы ад мяне, і пакажыце візітоўку». «Ну і спрытны ж у мяне вучань, – падумалася мне. – Гэта ж трэба, наперад разабраўся з маімі цяжкасцямі».
Таксіст Піліп хутка завёз мяне ў патрэбнае месца і сказаў тэлефанаваць, калі што. Як і гаварыў Святаполк, мяне ў палац спадара N. не пусцілі. Тады я выкарыстаў візітоўку – гэта быў, бадай, мой універсальны пропуск.
Калі ахова пачула, што я ад спадара Святаполка, дык папрасіла пачакаць, з некім паразмаўляла, і я быў дапушчаны ў палац мільярдэра N. Дарэчы, гэтага чалавека па-іншаму і не клікалі, бо ён старанна ахоўваў сваё сапраўднае імя. Спецыяльная асоба правяла мяне праз своеасаблівы лабірынт да кабінета N. Шлях выйшаў таямнічым, доўгім і крыху непрыемным.
Я зайшоў у шыкоўны пакой і без запрашэння сеў на падрыхтаванае крэсла. Хітраватага выгляду чалавек, які, напэўна, і з’яўляўся спадаром N., нядоўга думаючы, спытаў:
– Чаго прыйшлі?
– Я знайшоў Ваш чэк, – пачаў я не самую ветлівую размову.
– Гэтага не можа быць! Я чэкаў не падпісваю, я працую толькі з наяўнымі, – рэзка выказаўся мільярдэр.
– Але ў Вашым блогу напісана, што Вы схавалі ў кнізе чэк на мільярд умоўных адзінак… – не адступаў я.
– Гэта пісаў не я. Не перавяліся яшчэ хакеры на белым свеце, – лёгка адбіўся ад маіх аргументаў N.
– Дык а чаму Вы не аспрэчылі інфармацыю? – паспрабаваў я зайсці з іншага боку, але для майго апанента пытанне выйшла нескладаным:
– Вы разумны чалавек і самі ведаеце чаму. Але, калі так хочацца, я агучу ўслых. Гэты чэк даў мне столькі станоўчай рэкламы, прычым амаль задарма, што адмаўляцца ад яе было б дзіўна. Я нават дзякуй павінен сказаць таму жэўжыку, што ўзламаў мой блог.
– Але ж вось чэк. На мільярд, – мае аргументы скончыліся.
– Пакажыце, калі ласка! – спадар N. прафесійна зірнуў на маю паперчыну з электроннымі кодамі і гучна выпаліў: – Гэта не маё. Я думаю, Святаполк гэта сказаў. І напэўна, прапанаваў яго прадаць.
Апошні сказ знішчыў усе мае рытарычныя нарыхтоўкі.
– Так, было такое, – пагадзіўся я.
– І колькі ён прапанаваў? Тысяч дзесяць, не болей? Гэта яго максімальная цана, – мільярдэр перамог мяне ў слоўнай дуэлі, і мне стала няёмка, я прамаўчаў. Відаць, N. заўважыў маю збянтэжанасць, таму працягнуў: – Але вы мяне зацікавілі. Гэты шматок электроннай паперы можна ўдала выкарыстаць. Таму я прапаноўваю Вам за яго мільён умоўных адзінак. Вы мне аддаяце чэк адразу. Аднак у мяне дзве ўмовы.
– Якія? – пакорліва спытаў я.
– Па-першае, вы не будзеце афіцыйным пераможцам для тэлебачання. Гэта значыць, вы адмаўляецеся ад любых магчымых прэтэнзій на гэты конт.
– Навошта гэта патрэбна? – пацікавіўся я.
– Проста аўдыторыі патрэбны звычайны чалавек, які выпадкова азалаціўся, а не вучоны, які кожны дзень калупаецца ў кнігах, дзе і знаходзіць сваё шчасце, – патлумачыў N.
– Вось як, – я не прыдумаў больш вартага адказу.
– Па-другое, інфармацыі, што дадзены чэк – уласнасць… – тут N. праверыў нешта ў сваім суперкамп’ютары, – уласнасць шаноўнага спадара Крыніцкага, нідзе не павінна быць.
Потым мільярдэр дадаў: – Інакш могуць адбыцца непрадказальныя ды непрыгожыя рэчы. А таму Вам лепш пераехаць у іншы горад, бо калі суседзі заўважаць, што вучоны-філолаг разбагацеў, бяды можна будзе чакаць адкуль заўгодна.
Пасля гэтых слоў, ці то пагроз, ці то парад, N. замаўчаў. Ён падаўся мне знаёмым.
– Прабачце, але мяне крыху насцярожвае, што вы даяце столькі грошай за такі, так бы мовіць, слабаваты чэк, – выказаў я апошнія сумненні.
– Ваша пытанне мае сэнс. Справа ў тым, што гэта апраўдана, і не толькі эканамічна. Пасля гэтага дурдому з бібліятэкамі мае фірмы сталі атрымліваць меншы прыбытак. Не хапала яшчэ, каб людзі пачалі масава чытаць кнігі замест таго, каб карыстацца дасягненнямі цывілізацыі, – шчыра абурыўся мільярдэр.
Такі адказ супакоіў мяне і маё сумленне на нейкі час. Яго хапіла, каб я канчаткова вырашыў, што трэці раз ад грошай адмаўляцца не выпадае. «Даюць – бяры, а б’юць – бяжы», – неяк так гаварыў мой дзядуля. Тым больш такая сума неверагодна радавала і цалкам не давала пралічваць наперад варыянты развіцця падзей.
– Ад Вашай прапановы нельга адмовіцца, – не вытрымаў я.
– Выдатна, – нават заўсміхаўся мільярдэр і дастаў спецыяльную торбу з грашыма. Насамрэч, гэта была не зусім торба, а цяжкі металічны кейс. – Я працую толькі з наяўнымі. Таму вось Вашыя грошы.
Мільярдэр N. адкрыў кейс, паказаў купюры і прапанаваў пералічыць. Я адмовіўся, бо падумаў, што тут мяне падманваць няма сэнсу. Гэта толькі пашкодзіць рэпутацыі шаноўнага N. Тады кейс быў зачынены са словамі:
– Пароль – прозвішча.
Я паспрабаваў сябе крыху падстрахаваць:
– А напішыце, калі ласка, чэк ці даведку на тое, што гэтыя грошы мае. А то праверыць хто-небудзь зверху – дык не паверыць. Ды і ў банку не возьмуць.
– Я з чэкамі не працую, – адрэзаў мільярдэр N. – А з даведкай? Ды што я туды напішу?
– Ну, напрыклад, аплата за філалагічныя паслугі, – падказаў я.
N. зарагатаў так, што ледзьве не зваліўся пад стол. Што яго ўзяло – і дагэтуль не адгадаю. Але спадар мільярдэр хутка супакоіўся і маю просьбу выканаў:
– Добра. Так і напішу: «Аплата за філалагічныя паслугі».
У маіх руках матэрыялізаваўся значны аб’ём грошай. Іх цяжар добра адчувалі мае цягліцы. Я аддаў чэк і ветліва развітаўся. З поўнай торбай умоўных адзінак я паехаў дадому з таксістам Піліпам, які, дарэчы, пільнаваў мяне каля самых дзвярэй палаца. Піліп быў добрым таксістам і прагматычным прадпрымальнікам. «Які кемлівы хлопец, – падумаў я. – Дачакаўся. І нават не даў сябе прагнаць ад варот такога палаца».
Усё выходзіла вельмі добра, каб стацца звычайнай праўдай. Шчаслівы, я ехаў дадому і вымалёўваў на сваім, так бы мовіць, цвёрдым дыску планы на бесклапотнае жыццё, нават марыў, уяўляў, які вырай чакае заўтра. Я перабіраў, што куплю, куды паеду, як вазьму з сабой, напрыклад, Рагнеду. Мары, думкі, летуценні… Як жа гэта прыемна, неверагодна і бяскрыўдна…
Я выйшаў з машыны пад самым домам, літаральна ступіў з транспарта на ганак, развітаўся з Піліпам і зайшоў у пакой. Яшчэ раз набраў нумар Рагнеды. «Лемантар» Морзэ тэлефона сказаў, што занята. Я паглядзеў у акно: пад ім зноў поўзаў той самы падазроны чалавек, што і ўчора. У руках у яго быў самы сучасны камп’ютар. «Можа, гэта новы сусед? – дапусціў я. – Хто яго ведае, але грошы трэба пакласці ў банк». І я вырашыў яшчэ раз глянуць на мільён. Па праўдзе, такое відовішча я павінен быў назіраць упершыню.
Узяў торбу-кейс, пачаў адчыняць, а ён як запішчыць: «Увядзіце пароль. У Вас трыццаць секунд». На торбе заміргала акенца з надпісам: «прозвішча» і з’явіўся знак запісу голасу.
– Пароль? – здзівіўся я. – Які пароль?
– «Які пароль?» – пароль няправільны, – сказаў голас з кейсу.
– Галасавы пароль! – абурыўся я.
– «Галасавы пароль» – пароль няправільны, – зноў бяздушна паведаміў кейс.
«Прозвішча! – падумаў я. – Трэба назваць прозвішча!» І доўга не думаючы, выпаліў сваё.
На гэты раз кейс загаварыў па-іншаму:
– Спроба нападу. Рэжым самазнішчэння. Актываваць. Пацвердзіць. Так.
На маіх вачах з торбы-кейса пайшлі іскры. Гэта быў бенгальскі агонь у павялічаным выглядзе. Пасля феерверку торба, як у казцы, адчынілася. Там было пуста, дакладней, на дне ляжала трошкі попелу, як быццам і не было стосаў з грашыма. Сам разумны кейс ператварыўся ў ламачча. На шчасце, у мяне засталася даведка ад мільярдэра N., якая магла б дапамагчы аднавіць мае грошы. Я вырашыў праверыць, ці ў парадку яна. Дастаў вельмі каштоўны дакумент з кішэні і ўбачыў, што электронны подпіс на ім заміргаў і загарэўся. Я ледзьве паспеў прыбраць рукі, каб не апячыся. Неверагодна! Мне далі скарб, далі ключ і не навучылі гэтым карыстацца. Катастрофа.
Толькі што я ўявіў сябе багатым чалавекам – і вось усё вярнулася назад. Я зноў ніхто. Проста вучоны. І чэка ў мяне няма. Я падумаў, што гэта прыкрая памылка, і паспрабаваў выклікаць таксі Піліпа, каб яшчэ раз з’ездзіць да спадара N. Прыгожы жаночы голас абвясціў, што набранага нумару не існуе. Больш Піліпа я ніколі не бачыў. Мяне падманулі, як малое дзіця! Я нават не мог напісаць заяву ўладам, бо ніхто б не паверыў, што нехта падобны да мяне можа мець столькі ўмоўных адзінак.
У мяне апусціліся рукі. Я сядзеў пасярод пакоя без думак, без эмоцый, быў гатовы зрабіць усё і нічога. Я бяздумна ўтаропіўся ў тэлевізар. Дарэчы, па ім паказвалі ток-шоу і аналітычныя агляды. На ўсе лады пераціралі «істэрыю з кнігамі». Круцілі відэа, дзе мільярдэр N. уручае грошы. Каму б вы думалі? Правільна, Піліпу. Вось ён – сапраўдны герой. Спадзяюся, яму перапала хаця б дзесяць тысяч. «Гісторыя поспеху звычайнага таксіста Піліпа ўвасобіла сапраўдную мару кожнага адданага гараджаніна: ён выйграў у своеасаблівую латарэю, ён вынайшаў выйгрышную камбінацыю, ён знайшоў чэк на мільён». Потым былі дыскусіі, якія даказвалі, што трэба кідаць састарэлыя формы перадачы інфармацыі, што ні папяровыя, ні электронныя кнігі не вартыя чалавечага часу, што тэлебачанне і спецыяльныя інтэрнэт-рэсурсы раскажуць усё патрэбнае сапраўднаму жыхару горада.