Іранічная аповесьць
Ахвярую артэкаўцы Вользе Сокал з горада Арла i Яўгену Вапу з Беласточчыны
Ты пытаешся пра пiянерскi самы вялiкi ў свеце лагер Артэк? Калi ласка...
Пуцёўку ў крымскi летнiк прынёс бацька. Звычайна маiм прыладкаваннем падчас вакацый займалася мацi. Яна працавала ў бiблiятэцы будаўнiчага трэста № 4, а на той час у пралетарскiх канторах канцэнтравалiся выгоды кшталту пуцёвак на спартовыя базы дый турыстычныя цягнiкi. А тут нечакана, як снег на галаву ў чэрвенi: “Адам, ты паедзеш у жнiўнi ў Артэк!”. У падтэксце, пра якi так любiлi разважаць у пачатку 70-х гадоў, чыталася: радуйся, сын, бо мала каму шанцуе адпачыць у найзнакамiцейшым лагеры, куды збiраюцца найлепшыя з найлепшых з усяго зямнога шара. А мая душа мiнскага сямiкласнiка сцялася ад сполаху, бо я ж нiколi не быў найлепшы нават у сваёй вельмi сярэдняй школцы 9, нават у сваiм адным з найгоршых 6-м “В”. Скажу так, я быў хранiчны харашыст, якi мужна змагаўся з тройкамi. А ў Артэку, хто не ведаў, дастойныя з дастойных, разумныя з найразумнейшых, найспрытнейшыя з суперспрытных, нешта накшталт алiмпiйцаў. Менавiта так пiсалася, гаварылася i паказвалася ў газетах i часопiсах, на радыё i ў тэлевiзары. І я не хацеў выглядаць на разумова непаўнавартаснага.
Вось так, у страху i сумневах — ехаць цi не ехаць — прайшлi два месяцы чакання. Спалох мой выпарыўся, нiбыта шаптуха загаварыла, каля змрочнага будынка ЦК ЛКСМБ, як толькi пабачыў тых, з кiм давядзецца разам ехаць на паўвыспу Крым. Звычайныя мiнскiя мамчыны дачушкi i сынкi стаялi з бацькамi, а да iх ног тулiлiся, не раўнуючы сабакi, яркiя валiзкi. Было гадзiн 11 вечара, сцямнела, нас — будучых артэкаўцаў — пашнуравалi па двое i павялi на вакзал. У цемры мы нагадвалi калону палонных.
У цягнiку Мiнск-Сiмферопаль выдалi сухi паёк: печыва, хлеб, цукеркi ды кансароўку з свiной тушанiнай, адну на траiх. Першы ўзяўся есцi з бляшанкi вiсланосы Мiхась з Нясвiжа. Пакуль астатнiя пазiралi ў акно i запiвалi цеплаватай гарбатай чэрствы хлеб, нясвiжскi Мiхась выеў з кансароўкi ўсё чыста мяса i сказаў, што такая трапiлася бляшанка — адно сала, адзiн тлушч. Кемлiваму нясвiжскаму пiянеру натаўклi ў каршэль, але ж мяса не вярнулi.
Не ведаю, як у каго, а ў мяне першыя лагерныя днi праходзiлi заўсёды пад шарым i халодным крылом голаду. Як найкаштоўнейшы талiсман я насiў у нагруднай кiшэнi лусту чорнага сухара, а калi клаўся спаць, дык хаваў хлеб пад падушку, загарнуўшы ў кашулю, каб не раскрышыўся.
З лустай чорнага хлеба ў кiшэнi я даехаў ажно да артэкаўскай лазнi, а там давялося пацiху яе выкiнуць, бо хударлявы маладзён, апрануты ў гарчычную паўвайсковую форму, загадаў распрануцца дагала i скласцi ўсе рэчы ў мех, якi знеслi ў камеру захоўвання ажно на два доўгiя месяцы. На мне засталiся адно шкарпэткi i сандалi, а ў цэлафанавым пакецiку, прыцiснутым да пэўнага органа, былi толькi мыла, зубная паста, шчотачка дый кеды з запаснымi шкарпэткамi. У правым кедзе хаваўся вацок з чырвонцам. Зразумела, што ў другi вольны кед я мог засунуць сухую лустачку хлеба, але ўяўны сорам не дазволiў. Знойдуць, i пачнецца... Вы што, з галоднага краю да нас прыехалi? Гэта вас бацькi навучылi хлеб у абутку хаваць? Карацей, я не пашкадаваў, што выкiнуў харч, бо аглядалi вельмi ўважлiва: i ў валасах вошы шукалi, i мiж пальцаў — каросту, i нават клубы рассоўвалi i ў дупу зазiралi... Ад чаго я пачырванеў i заiкаўся, калi надыктоўваў доктарцы ў акулярах уласныя даныя.
З доктарскага кабiнета доўгiм калiдорам давялося шыбаваць у душ, дзе ўжо назбiралася чалавек трыццаць голых хлопцаў i дзе адсутнiчала гарачая вада. З вiскатам, ровам i рогатам кожны па чарзе ўскокваў пад ледзяныя струменi, а ўсе астатнiя заходзiлiся ад смеху, нiбыта ў апякальна-сцюдзёным душы i ў курчах пад iм ёсць нешта вясёлае.
З душа было загадана iсцi ў даўжэзны пакой, пасярод якога цягнулася даўжэзная лава, на ёй гурбiлася форма: шорты, майкi, трусы, кашулi i пiлоткi. Я нiколi не бачыў у сапраўднасцi, як дзiкуны нападаюць на маманта, толькi ў амерыканска-ангельскiм фiльме “Мiльён гадоў да нашай эры”, а яшчэ ў дакументальнай стужцы мяне ўразiла сцэна нападу гiенаў на льва. Нiзказадыя, тупарылыя, лапавухiя сабакi раздзiралi на шматкi старога цара звяроў. Нешта падобнае адбылося з дзяльбою формы. Трэба ж было ўадначассе схапiць майку, пачаць яе апранаць, бегчы ўздоўж лавы да гурбы трусоў, хапаць, усцягваць, прасоўвацца, прадзiрацца да кашуль, намячаючы шлях да шортаў i пiлотак. Тое самае рабiла яшчэ трыццаць найспрытнейшых з усiх спрытных. Пэўна ж, скончылася б бойкай, калi б хударлявы маладзён не ўскочыў у доўгi пакой i не зароў, не раўнуючы паранены гiпапатам: “Ста-а-аяць! Ма-а-аўчаць!”
Як равуць гiпапатамы, мне давялося чуць у перасоўным заацырку. І скажу, што страшна яны равуць. У Мiнск прывезлi перасоўны звярынец, была там i гiпапатамава самка, што цэлымi днямi сядзела ў вялiзнай балеi. Гiпапатамы любяць ваду i балота. Але нiхто ж i думаць не думаў, што 1 кастрычнiка ляснуць маразы. Вада ў балеi вымерзла, а самка гiпапатама прымерзла да жалезнае сценкi. Як яна раўла! Яе бок, ададраны ад балеi, быў пяшчотна ружовы, як чыстае неба марознага ранку. А яе густы рык выкочваўся з самых глыбiняў вялiзнага чэрава, i не было яму нi канца, нi краю.
Адкуль у хударлявым маладзёне ўзяўся звярыны рык, я не высвятляў. Я скамянеў, сказаўшы самому сабе чароўнае слова “замры”. На мне ўжо былi: майка даволi нармалёвая, трусы амаль да каленяў, шорты, удвая меншыя за трусы, i кашуля невядомага памеру, бо трымаў я яе разам з вiсланосым Мiхасём з Нясвiжа. Ён за рукаво, а я за каўнер. Маладзён у форме прымусiў нас зняць усе апранахi i скласцi зноў на лаву, а потым выдаў кожнаму больш-менш адпаведныя памеры.
У артэкаўскай лазнi я ўсё ж прамучыўся недарма, бо зрабiў для сябе генiяльнае адкрыццё: вопратку, асаблiва форму, трэба браць на памер большую. У такой, крыху завелiкаватай (затое нiдзе не цiсне i не рэжа) форме давялося з гадзiну прасядзець каля лазнi ў начным скверыку на лаўцы, пакуль пульхная важатая не загадала пайсцi за ёю.
Стомлены за два днi дарогi, я ледзь валокся за вельмi загарэлай жанчынкаю з доўгiм, падобным да жолуда, тварам. А думалася мне пра тое, што добра было б знiкнуць у стракатлiвай крымскай ночы дый з’явiцца ў кватэры 44 на восьмым паверсе ў доме 68 па вулiцы Апанскага ў горадзе Мiнску, карацей — хацелася дамоў. У мяне засмактала пад лыжачкай, у грудзях узнiкла пустата i холад, у носе заказытала, а на вачах навярнулiся слёзы. Плакаў я бязгучна. Крочыў за пульхнай жанчынкаю дый крадком выцiраў шкарпэткамi мокрыя шчокi. Але ты i сама ведаеш, цi мала каму што захочацца i зажадаецца.
Маркота знiкла зусiм нечакана, у той момант, калi мы зайшлi ў ярка асветленае фае вялiкага пяцiпавярховага будынка. Падобны да жолуда твар павярнуўся да мяне, наблiзiўся i сказаў: “Запамiнай... Твой лагер — Горны, твая дружына — Крыштальная, твой атрад — Пяты, твой паверх — Трэцi, твой пакой — Трыста адзiнаццаты. Паўтары!” Я паўтарыў. А чаму, зрэшты, i не паўтарыць, калi просiць маладая жанчынка з хай сабе i нязграбна павязаным на шыi пiянерскiм гальштукам. Мне нават падабаўся пах сухое кастрычнiцкае лiстоты, якi сыходзiў з-пад праса, калi я павольна сунуў яго па шаўкавiстым, добра намочаным чырвона-памаранчавым трохкутнiку. Далiбог. А ў важатай, якая сказала, каб iшоў адпачываць, замест хрусткiх ражкоў целяпалiся над высокiмi грудзямi вялыя матузкi.
Пакуль я шукаў свой 311-ты пакой, дык быў цалкам упэўнены — там поўна неграў i кiтайцаў. Я ж не ведаў, што мiжнародная змена з мурынамi, iндыйцамi ды iндзейцамi бывае толькi раз на год у лiпенi. І ўявi сабе маё здзiўленне, калi, цiхенька адчынiўшы дзверы, я пабачыў самотнага, цалкам белага (нават бровы ў яго былi светлыя) хлопца, якi сядзеў у позе пакрыўджанага воiна на адным з пятнаццацi ложкаў каля акна.
Белагаловы, кучаравы хлопец быў Вiця з Вiцебска. І трэба ж было ехаць у няблiзкi свет, каб пазнаёмiцца з вiцебскiм Вiцем?! З тым самым Вiцем, што меў крэпкiя вузлаватыя локцi i каленi, з тым, з якiм я моцна пабiўся з-за палiчкi ў тумбачцы. Пасля знаёмства мы адразу ж падзялiлi тумбачку: у мяне нiжняя палiчка, а ў яго верхняя. І розная драбяза накшталт зубной шчотачкi ды паштовак увесь час падала з Вiцевай палiцы на маю. А я такога не любiў нiколi. Маё — гэта маё, мне чужога не трэба, але за сваё я i галаву адарваць, фiгуральна кажучы, магу. Зразумела, я папярэджваў, што, калi яшчэ раз ягоныя брудныя i смярдзючыя рэчы апынуцца на маёй чыстай палiцы, павыкiдаю iх у акно. А акно ў пакоi было проста гiганцкае, не акно, а цэлая шкляная рассоўная сцяна, за якою разгортваўся экзатычны марскi краявiд. Сапраўднае неба, сапраўдныя горы i скалы, сапраўдныя кедры, а не фоташпалеры. І не пацэлiць у такое шырокае акно я не мог, ружовая Вiцева мыльнiца паляцела ў бок хiсткiх смарагдавых кiпарысавых вершалiн.
Гаспадар выкiнутае мыльнiцы спачатку смяяўся, як i ўсе прысутныя ў пакоi, а потым, зразумеўшы, што рагочуць не з мяне, а з яго, зусiм збялеў, а ягоныя балотныя вочкi пазелянелi, як вiцебскiя азёры ў жнiўнi. Ударыў першы ён... Вiця ўдарыў мяне першы, i ўдарыў нагою па маёй назе, калi я бег па акуратна засланых ложках. Можаш сабе ўявiць, як мне давялося грымнуцца на дубовы паркет, як абадралася i пабiлася сцягно, месяц не сыходзiлi сiнякi. Ты ж ведаеш, у мяне вельмi белая i далiкатная скура, пальцам ткнi, i расцячэцца лiловая плямiна. І яшчэ была адна праблема са скураю: я вельмi кепска загараю. Калi выязджаў з Артэка, дык быў самы незагарэлы, а на руках i нагах вёз найбольшую колькасць сiнякоў i драпiнаў. Знарок лiчылi: 43 сiнякi i 18 драпiнаў. Толькi ад падзення на дубовы паркет да развiтання з лагерам Горны было яшчэ далёка.
Побач на падлозе мiж ложкамi расцягнуўся i Вiця, бо ўдарыць ён ударыў, а раўнавагу згубiў. Я павалiўся першы, але i ўскочыў першы, каб адразу ж упасцi на Вiцькавы грудзi, ашчаперыць ягоную шыю i душыць. Ён выкручваўся з-пад мяне, як чарвяк з-пад курынае лапы. Ды дзе там... Я раскiрэчыўся, як яловы корч, i цiснуў Вiцю, колькi хапала вагi i моцы. Ён ужо намерыўся здавацца, ён сам пазней прызнаўся, што хацеў папрасiць маёй лiтасцi, але не паспеў, я выпусцiў яго. Сапраўды. Давялося ўскочыць i вызверыцца на аднаатрадаўцаў, якiя, назiраючы бойку, пачалi крычаць: “Беларусы б’юцца! Беларусы б’юцца!..” Праз iмгненне поплеч са мною, супраць усяго атрада, стаў прыдушаны Вiця з Вiцебска. Умацаванне баявога духу натхнiла мяне, я пачаў лаяцца, я выкрыкваў такiя расейскiя брудныя словы i так гучна, што працiўнiкi вырашылi за лепшае выйсцi за дзверы, якiя я зачынiў нагою. Дзверы хлопнулi-стрэлiлi. І стрэл выбiў з мяне агрэсiю, якая вылецела залацiстым пылам у шырока адчыненае акно. Спакойны i спустошаны я павярнуўся да Вiцi з намерам памiрыцца. “Паглядзi на маё сцягно!” — сказаў я даверлiва. “А ты ледзь не зламаў мне шыю”, — зусiм ласкава паведамiў ён. Мы памiрылiся з Вiцем, якi самотна сядзеў на ложку, калi я цiхенька адчынiў першы раз дзверы ў 311-ты пакой.
Другi мой знаёмец у Артэку быў Сярожа з Мiнска, ён зайшоў у пакой трэцi. Меланхалiчны Сярожа, у якога на правай назе ад нараджэння былi нераздзеленыя самыя маленькiя пальцы, нават пазногаць на iх быў адзiн, гэткiя сiямскiя блiзнюкi на адной асобна ўзятай назе. Але варта зазначыць, што гэты цялесны феномен зусiм не перашкаджаў майму другому знаёмцу бегаць i скакаць, а ў скачках у вышыню быць першым у Горным лагеры. Сярожа грунтоўна займаўся на мiнскiм стадыёне “Дынама” лёгкай атлетыкай i прывёз у Артэк выдатны спартовы строй, якi давялося пакiнуць у камеры захоўвання.
Але шаўкавiста-блакiтны строй усё ж недарэмна з’ездзiў на паўвыспу ў Чорным моры, бо на зваротнай дарозе з сонечнага лагера дружбы ў мяне затырылi, а калi па-чалавечы, дык скралi штаны. Звалаклi самым непасрэдным чынам... Я лёг спаць i паклаў нагавiцы за падушку, каб не надта пакамячылiся, i яшчэ я iх рукою прытрымлiваў. А калi прачнуўся, дык у руцэ быў зацiснуты рог падушкi, а штаноў i след прастыў. Суправаджальнiца — акулярыстая маладзiца з таўсценнымi шчыкалаткамi i танклявым галаском — адно развяла ўшыркi кароткiя рукi, маўляў, трэба было класцi пад падушку, а не за падушку.
Я ледзь не заплакаў, разам з штанамi прапалi дзве поўныя кiшэнi значкоў, якiя падаравалi аднаатрадаўцы. Якiх там толькi не было! I блакiтны герб Зеленаграда Калiнiнградскай вобласцi. І мячэць з Джамбула, што ў шыракаскулым Казахстане. І вузенькая панарама Ульянаўска. І карэльская бяроза з Петразаводска. Ледзь не ўся гiсторыя з геаграфiяй тагачаснага СССР. І ўзялi, i панеслi... А запасных штаноў у мяне не было. Гэта цяпер, выбiраючыся ў дарогу, я абавязкова прыхоплiваю спартовыя нагавiцы. А тады мне пашанцавала, што ў адным купэ са мною вяртаўся ў Мiнск аднаатрадавец Сярожа. У яго я i пазычыў навюткiя блакiтна-шаўкавiстыя штаны. Як ён не хацеў iх даваць! I вельмi здзiвiўся, калi праз дзень я прынёс iх яму дамоў. “А я быў упэўнены, што больш нiколi iх не ўбачу!” — усклiкнуў Сярожа, убачыўшы мяне. Ён пабачыў свае штаны, а вось я больш нiколi яго не сустракаў, хоць i жыў ён у самым цэнтры Мiнска, на плошчы Якуба Коласа, над гастраномам “Сталiчны”. Мусiць, не хацелася сустракаць артэкаўцаў. Дый наогул я больш нiколi нiкога з iх не спатыкаў.
Толькi вось аднойчы на кнiжнай вокладцы я прачытаў прозвiшча аднаатрадаўца — Абашаў. Я пацiкавiўся, дзе выдавалася кнiга... Уфа. Так што цалкам можа быць, што зборнiчак фантастычных апавяданняў выдаў Юра Абашаў з Башкортастана, а тады Башкiрыi. Юра, якi клаўся спаць у шкарпэтках, а праз гэта i патрапiў ў малапрыемную сiтуацыю. Зрэшты, у сiтуацыю патрапiў не толькi Абашаў з Башкортастана...
Пасля абеду па артэкаўскай завядзёнцы трэба было гадзiну адпачываць i, абавязкова распрануўшыся, ляжаць у ложку пад прасцiною. Можна, хто пажадае, — i пад коўдраю, але — Крым, жнiвень, гарачыня 30° у ценi. Так што пад прасцiною лацвей. Папалуднаваўшы, лагернiкi залеглi. У пакой зайшла важатая Галiна з Ноўгарада з сваiм загарэлым жалудовым тварам, над якiм пагойдваўся выбелены чубок. Галiна загадала ўсiм устаць. Загады ў лагеры не абмяркоўвалiся. Устаць! — значыць, уставай i не думай. І я не думаў, стаяў i глядзеў на сваiх супакойнiкаў у форменных трусах. На ўсiх былi адно чорныя, крыху злiнялыя трусы. А на Абашаву былi яшчэ акуляры з бруднавата-зялёнай аправаю, гадзiннiк на скураным парэпаным раменьчыку i чорна-сiнiя шкарпэткi з рамбiчным малюнкам. “Ты чаму не распрануўся?” — наглядчыца Галiна насунулася на башкiра. “Я распрануўся”, — вочы ўфiмца спалохана залыпалi ў акулярных лiнзах. “Ты чаму шкарпэткi не зняў?” Паўза пасля “чаму” была такая глыбокая, што з яе выразна вызiрнула слова “скацiна”. “А ў нас усе так спяць”. “Дзе гэта ў вас? Можа, у Амерыцы? Дык вось, у нас у СССР i ў прыватнасцi ў Артэку савецкiя людзi кладуцца ў ложак без шкарпэтак! Зняць! Хутка!” — доўгi, як у Адольфа Гiтлера, чубок узляцеў над ускiнутым тварам. Цiкава, цi бачыла Галiна з Ноўгарада амерыканскiя фiльмы, у якiх жыхары ЗША кладуцца ў ложак, не зняўшы шкарпэтак? I, вядома, не яе справа параўноўваць жыццё дзвюх iмперый з розным грамадска-палiтычным ладам. Яе абавязак быў больш просты: выконваць самой i прымушаць астатнiх выконваць правiлы артэкаўскага жыцця. А розных завядзёнак у лагеры было больш чым дастаткова...
Усе лагернiкi павiнны былi хадзiць “у нагу”, я не ведаю, як хто, цi як палонныя, цi як салдаты, карацей, толькi “ў нагу”. І не важна, iдуць двое, трое, чацвёра цi сто чатыры, усе абавязкова крочаць толькi “ў нагу”. Мусiць год, калi не болей, пасля вяртання да цывiльнага жыцця, я з усiмi хадзiў толькi па-лагернаму. Нават з жанчынамi, дзяўчатамi, бацькамi — толькi па-артэкаўску. І нiяк не мог адвучыцца. Ідзеш-iдзеш з чалавекам, зiрк унiз, пераступiш з падскокам i заспакоiшся, i палёгку нейкую адчуеш, бо ўжо ў ненармальнасцi хаджэння “ў нагу” бачыцца нармальнасць, патрэбнасць i неабходнасць.
Лагернiкам забаранялася казаць пры сустрэчы са старэйшымi “прывiтанне”, “вiтаю вас” i розныя “здраўствуйце”. Вiтацца дазвалялася наступным чынам: з ранiцы i да 12.00 — “добрай ранiцы”, з 12.00 да 18.00 — “добры дзень”, з 18.00 i да ранiцы — “добры вечар”. А я, нiбы ўпарты iрландзец, якi дэманструе аднаасобны суверэнiтэт, упарта даваў “дзень добры”. Але мяне не праследавалi i не каралi за перастаноўку слоў, ад якой сэнс не змяняўся. Наогул нацменам дазвалялася крыху болей, чым расейцам, маўляў, малодшы брат — ён дурнейшы, тое-сёе варта i не пачуць i дараваць.
Што да пакаранняў, дык яны ў Артэку насiлi больш назыўны, чым матэрыяльны характар. Важатыя пагражалi, што патэлефануюць бацькам; начальнiк казаў, што напiша лiсты. Усе разам абяцалi выгнаць з лагера i выправiць дамоў. Толькi нiхто iм не верыў. У рэальнасцi ж яны маглi наступнае: не пусцiць на танцы, не ўзяць у кiно, не дазволiць ехаць на экскурсiю i, у самым крайнiм варыянце, паклiкаць увечары ў пакой для важатых, а там палохаць i абяцаць, што ў наступны раз паб’юць. Каб каго сапраўды бiлi, я не чуў, бо наогул у Артэку ўсё брыдкае вельмi старанна ўтойвалася, i яшчэ там была сiстэма замены.
Да прыкладу, я ўзбунтаваўся — адмовiўся вучыць 10 абавязковых пiянерскiх песень. Калi на палянцы нас пасадзiлi ў кружок i пачалi надыктоўваць словы, я ўзняў руку i заявiў, што зусiм кепска пiшу па-расейску. За такi жарт мяне, як мiнiмум, можна было б паставiць пасярод пляца на вечаровай лiнейцы i перад усёй Крыштальнай дружынай высмеяць i прынiзiць, сказаўшы: вось пiянер, якi не здатны вывучыць мову, на якой гаварыў Ленiн. I, павер ты мне, сораму не абабраўся б. Толькi Галiна з Ноўгарада павяла сябе iнакш. Не хочаш быць як усе? Выдатна. Будзь лепшы. Яна спытала: “Хто яшчэ не ведае расейскага правапiсу?” Маё непадпарадкаванне падтрымалi два казахi, Мухтар i Амангельды. Тады важатая вельмi ўрачыста паведамiла, што мы вызваляемся ад 10 пiянерскiх песень i накiроўваемся ў бiблiятэку, дзе зможам узяць кнiгi на родных мовах i чытаць iх, пакуль астатнiя будуць спяваць. З боку важатай усё было зроблена вельмi тактоўна, так, што падумалася: мусiць, папярэдняя мiжнародная змена з неграмi ды кiтайцамi ўсё ж прывучыла сяго-таго паважна ставiцца да iншародцаў, якiя не вывучылi вялiкую ды магутную мову мiжнацыянальных зносiн. Але ж i з майго бунту выйшаў пшык.
Толькi калi я ў пэўным сэнсе падмануў Галiну, дык Амангельды з-пад Джамбула быў шчыры. Галавасты апалонiк, iнакш i не скажаш пра яго, звычайны хвастаты зародак жабкi. I вочы ў казаха былi вузкiя i лупатыя адначасна; вочныя яблыкi так i хацелi выскачыць з чэрапа, а напятая смуглявая скура iх не пускала. Імя маленькага крываногага казаха з-пад Джамбула спачатку нiхто не мог запомнiць. Але калi такое вымавiш i запомнiш, дык ужо i не забудзеш, каб i хацеў. Пабудзi мяне сярод ночы i спытай, з якiм казахам давялося пазнаёмiцца ў Артэку, i пачуеш — Амангельды. У ягоным Джамбуле адбыўся землятрус, таму разам з нашчадкамi начальнiкаў у Крым паехалi дзецi шматдзетных пралетарыяў i сялян. Амангельды быў восьмае, але не апошняе дзiця ў бацькоў. Я не цiкавiўся, кiм працаваў бацька жабкападобнага казаха, але сям’я iхняя яўна не гаравала i не галадала. Ты б толькi бачыла, як ён расцiснуў падэшваю на асфальце скрыль кавуна...
Недзе напрыканцы першага тыдня нам далi на дэсерт кавун. Скрылi былi чырвона-сакаўныя, падобныя да вялiзных пеўневых грабянёў. А з-пад-джамбульскае жабяня вазьмi ды скажы: “У нас такiмi кавунамi ў футбол гуляюць!” Нiколi не бачыў, як гуляюць у футбол кавуном, а вось як гулялi глобусам — бачыў. Вясковы школьны заўгас выкiнуў на сметнiк можа з дваццаць геаграфiчных наглядных прыладаў. А вясковыя дзецi не знайшлi лепшага занятку, як бiць па iх нагамi. Потым за школаю на сметнiку доўга ляжала брудная гурба папераламаных глобусаў, такiх падобных да чарапоў. Як глобусы, так i кавуны я вельмi любiў i люблю. Што да кавуноў, да гэтых ягадаў з гароднiны, дык магу есцi не толькi ружовыя, а i ледзь-ледзь ружовыя i прахалодна-несалодкiя. А вось Амангельды, запэўнiўшы, што нiводзiн казах не будзе есцi крымскiя кавуны, пайшоў мiж радамi крэслаў i сталоў i ўсiм землякам загадаў выкiнуць дэсерт. Землякi, нечакана для астатнiх, паслухалiся свайго апалонiка i, выйшаўшы з сталоўкi, пакiдалi скрылi хто ў сметнiцу, а хто i на зямлю. Амангельды радаваўся i цiснуў кавуны абцасамi. Крышку пазней я даведаўся, што зусiм i не Амангельды прыдумаў выкiнуць на сметнiк дэсерт, яму загадаў Мухтар.
Высакаваты i чыстатвары Мухтар, сын старшынi райкома камунiстычнае партыi, пэўна, ад бацькi пераняў волю да ўлады. І ўсе, хто прыехаў з Джамбульскага раёна, а iх па розных атрадах было параскiдана чалавек сорак, без пярэчанняў выконвалi ягоныя даручэннi ды парады. Азiя, як казаў Кiплiнг, ёсць Азiя, а Захад ёсць Захад, i разам яны нiколi не сыдуцца. Вядома, што гара з гарою зусiм не так, як чалавек з чалавекам у музеi касманаўтыкi, дзе я пабачыў, як Мухтар адчуў на сваёй, крыху цямнейшай за маю, скуры, што жыве, жыве цёмны расiзм на белым свеце.
Музей, заўважу, даволi шматрэчны, напакавана ў iм усяго рознага было шмат. Гэта ж цяпер я разумею, што скафандр з шыльдачкаю “Юры Гагарын” мог належаць i Герману Цiтову. Ты ж i сама ведаеш, як робяцца музеi... Галоўнае, каб экскурсавод не забыўся сказаць пераканаўчым тонам: “З гэтае талеркi еў першы касманаўт Гагарын!” Толькi дух расiзму хаваўся не за талеркамi i скафандрамi, а за дзейнымi трэнажорамi. Мне яны адразу не да сэрца прыйшлiся, розныя моцамеры, рэакцыязамяральнiкi, вагапавелiчальнiкi...
Правяраць рэакцыю мог кожны. Сядаеш у зручны фатэль i глядзiш на тэлеэкран (кампутараў я тады не ведаў). На экране раз-пораз у розных кутках успыхваюць рознакаляровыя кропачкi: сiнiя, жоўтыя, чырвоныя. Падобныя кропкi ўспыхваюць i плаваюць уваччу, калi доўга працаваў, апусцiўшы галаву, а потым рэзка ўскочыў, каб iх згасiць, трэба зноў схiлiцца, каб кроў у мозг прылiла. А каб знiклi экранныя кропкi, трэба цiснуць на кнопкi ў пэўным парадку, бо сiнюю кропку гасiла жоўтая клавiша, а жоўтую — чырвоная, а чырвоную — сiняя. Кропкi ўспыхвалi ў iрваным рытме. Асабiста я пачуў: можаш, калi захочаш, быць касманаўтам. Мухтару з Джамбула вынеслi iншы вердыкт... Трэнiруй рэакцыю, гуляй у настольны тэнiс, у Кiтаi добра гуляюць у настольны тэнiс. Спачатку я не ўцямiў, пры чым тут Кiтай. Але па тлумачэннi далёка хадзiць не давялося. Каля цэнтрыфугi ўсё праяснiў даўгашыi экскурсавод: “Жоўтым у цэнтрыфугу залазiць нельга. У жоўтага чалавека арганiзм слабейшы, чым у белага. Таму дзеля ўласнай бяспекi прашу жоўтых не падыходзiць да трэнажора цэнтрыфуга!” “А я не жоўты! Я — казах!” — чысты Мухтараў твар так збялеў ад злосцi, што зрабiўся бялейшы за крамнае бутэлечнае малако. “Папрашу не пярэчыць i пакiнуць музей. Акрамя фiзiчнае падрыхтоўкi для касманаўта вельмi важныя дысцыплiна i выкананне загаду”... Спрачацца не мела сэнсу. Мухтар, а за iм Амангельды, пакiнулi залю з цэнтрыфугаю. Астатнiя пiянеры толькi ўзрадавалiся. Чым меней людзей у чарзе, тым лепей, ёсць i такая думка.
У блiскуча-срэбную цэнтрыфугу ўлезла трое беларусаў: я, Вiця ды Сярожа. Мы селi на кукiшкi i зацiснулi галовы мiж каленямi. Даўгашыi ўключыў трэнажор. Па спiне пабег скразнячок. Здаецца, не прайшло i хвiлiны, а экскурсавод ужо крычаў, што трэба ўстаць i ўзняць рукi ўгару. У галаве гуло i грукала, нiбыта нехта дужы кiдаў у пустым вагоне на падлогу мяхi з цэментам. Бух, густая цiша, гудзенне... Ізноў бух... А рукi, Бог сведка, былi такiя цяжкiя, што я ледзь адарваў iх ад сцёгнаў. Аднаатрадаўцы клалiся са смеху, гледзячы, у якiх раскiрэчаных паставах стаялi мы ў цэнтрыфузе. Было смешна i мне, было смешна глядзець на Вiцю i Сяргея, што стаялi як два стогадовыя разбiтыя паралюшам карчы. Але смяяцца я не мог, шчокi i вусны не рассоўвалiся. Калi б мне хто сказаў, што вось зараз з цябе выцягуць у цэнтрыфугу ўсе вантробы, я б нi хвiлiны не сумняваўся ў праўдзiвасцi папярэджання. Але, як ты здагадалася, вантробы засталiся на месцы. А вось уяўленне пра беларусаў зрушылася ў лепшы бок.
Беларус — дужэйшы за ўсiх азiятаў... Ён, як i астатнiя ўсходнiя славяне, створаны, каб кiраваць светам.... Нiякая цэнтрыфуга не перамяшае беларускую мову з казахскай... Захад ёсць Захад... Беларус можа быць касманаўтам, а казах... Пра гэты выпадак я згадаю праз дваццаць гадоў, калi па швах распаўзецца СССР, калi казахi абяруць свайго першага прэзiдэнта, якi нацыяналiзуе касмадром i валявым загадам выпхне казаха ў космас. Цiкава, як у яго беднага са здароўем? Цi ўсiм усё адно? Як з тымi сабакамi, выпхнулi ў космас Белку i Стрэлку, i там пакiнулi, i iхныя мёртвыя выпручаныя целы ўсё круцяцца i круцяцца ў беспаветранай прасторы, не могучы нават раскласцiся як след. У музеi касманаўтыкi я пашкадаваў Мухтара, бо ён быў адзiны ў атрадзе, хто чытаў на роднай мове.
Калi я, Мухтар i Амангельды адмовiлiся вучыць дзесяць пiянерскiх гiмнаў i пайшлi ў бiблiятэку, дык там спаткалi вельмi ветлiвы прыём. На другiм паверсе цаглянага катэджа нас сустрэла дробненькая, амаль карлiца, жанчынка ў блакiтным парыку. Яна i паказала мне беларускую, а Мухтару казахскую палiчкi. Амангельды меў больш сцiплыя запатрабаваннi, яго цалкам задаволiла падшыўка маскоўскага гумарыстычнага часопiса “Кракадзiл”. Пакуль я, седзячы на кукiшках (беларуская палiца была пры самай падлозе) выбiраў чытанку, Амангельды рагатаў на ўвесь двухпавярховы катэдж. Сорамна было не толькi мне, але i Мухтару. Толькi я зрабiў выгляд, што не бачу таго сораму: вы — казахi, самi i разбiрайцеся мiж сабою, мая справа ў iншым баку...
На прыпадложнай палiцы вышнуравалiся новенькiя, амаль негартаныя томiкi аўтараў са школьнай праграмы, нi больш нi менш. Толькi хрэстаматыйныя мелi пропуск у артэкаўскую бiблiятэку. Бог з iмi, з пропускамi, не горшыя ў беларусаў хрэстаматыi, калi ёсць Купала, Колас, Багушэвiч i Багдановiч. Мне, вядома, як большасцi сямiкласнiкаў, а не сямiкласнiц, хацелася ўзяць прозу. Кнiгу ў пiянерскiх лагерах успрымалi неадназначна. З аднаго боку, гэта адзiная рэч, якой дазвалялася ляжаць на тумбачцы, а з другога боку, калi нехта ўбачыць, што хлопец чытае вершы, дык мог узнiкнуць цэлы абвал кепiкаў i падначак. Зразумела, калi вершыкi не пiянерскага зместу (пра iх будзе асобны абзац). Дык вось, беларуская хрэстаматыйная проза, кажучы па-бiблiятэкарску тактоўна, мяне зусiм не зацiкавiла. Пасля бойкi з Вiцем з Вiцебска розных здзекаў я не баяўся. З палiцы ўзяў сiнi том Максiма Багдановiча. Чытаў я тады, як i цяпер, вельмi марудна, таму кнiга i праляжала на тумбачцы амаль усю змену. Том Багдановiча быў мне за сiмвал адметнасцi, за знак няроўнасцi i суверэннасцi хоць бы адной асобна ўзятай тумбачкi. І калi хто з расейцаў казаў пра аднолькавасць нашых моў, дык i трох радкоў было дастаткова, каб давесцi адваротнае.
Не ведаю, наколькi гэта натуральна, але беларусам я сябе адчуваю за межамi Беларусi. На Радзiме я — лiтаратар, журналiст, мастак, асоба мужчынскага полу, вайсковаабавязаны, пасажыр, пешаход, мiнак, настаўнiк... Хто заўгодна, сто разоў нехта i толькi потым беларус. Раней мяне вельмi палохаў той факт, што расейцы i габрэi ўсё больш i больш пачуваюць сябе ў Беларусi менавiта габрэямi i расейцамi. А цяпер я нават вiтаю iхняе вяртанне ў роднае нацыянальнае ўлонне. Хай у маёй Айчыне кожны небеларус адчувае сваю нацыянальную прыналежнасць, лёгкi смутак i настальгiю, якую па вечарах адчуваў я, лежачы на другiм ад акна ложку, у 311 пакоi на 3 паверсе, Крыштальнай дружыны, Горнага лагера, у Артэку, калi трымаў перад вачыма томiк Максiма Багдановiча, любiмага паэта нацыi.
У кожнага народа ёсць вялiкi паэт: у ангельцаў — Байран, у немцаў — Гётэ, у японцаў — Басё. Але ў кожнай нацыi, акрамя вялiкiх, народных, прызнаных, вядомых i малавядомых, маладых i пачаткоўцаў, ёсць паэты любiмыя: у японцаў — Ісiкава Такубоку, у ангельцаў — Джон Кiтс, у расейцаў Мiхаiл Лермантаў... Вельмi сумна, што ўсе яны сышлi з жыцця ў маладым веку. А можа, гэта неабходная адзнака ў бiяграфii паэта, каб яго спачатку пашкадавала, а пасля палюбiла нацыя? Але гэта пытанне зусiм не артэкаўскае, яно з часоў сённяшнiх, калi зрабiлася вiдавочна, што нават у лагерах дружбы выспельвалася iдэя незалежнасцi як беларуса, так i казаха. Ужо дзецьмi мы ведалi пра неабходнасць аддзялення ад СССР з ягоным паталагiчным жаданнем ашчаслiвiць усiх, навучыўшы бiць у чырвоны пiянерскi барабан. А я замест дзесяцi гiмнаў чытаў лiрыку Багдановiча, ягоныя генiяльныя вершы пра смерць. І яшчэ я зразумеў, што ў савецкiм лагеры не так ужо кепска гаварыць з акцэнтам, не з гаварком, якiм рознiцца адзiн расеец ад другога, а менавiта з акцэнтам.
Менавiта ў Артэку я заўважыў, што расейцы вельмi дэмаралiзаваная нацыя. У iх размылася паняцце рускi, яно стала вызначэннем iмперскiх паводзiн i перастала быць уласна нацыянальнасцю. Рускiя зрабiлiся падобныя да габрэяў, яны расцяклiся па прасторы СССР, i ў iх пачало не хапаць колькасцi i моцы, каб трымаць усё пад кантролем. У Артэку расейцаў было болей за ўсiх астатнiх, але яны нiколi не аб’ядноўвалiся ў нацыянальныя групоўкi, яны былi кожны сам за сябе i свой рэгiён — Сiбiр, цi Карэлiю, цi Архангельскую поўнач. Адных Ваняў у 311 пакоi было ажно тры, архангельскi Ваня, петразаводскi Ваня i астраханскi Ваня.
Архангельскi Ваня казаў, што вельмi любiць паэзiю Сяргея Ясенiна, толькi з усёй спадчыны апошняга паэта расейскай вёскi я пачуў, праўда, разоў са сто, толькi два радкi.
Шмат дзяўчатачак я перамацаў,
Шмат кабет я ў кутках зацiскаў...
А далей кацiўся раскацiсты рогат ясенiналюба. Аднаго разу бессмяротныя радкi пачула важатая Галiна, яна матлянула сваiм гiтлераўскiм чубком i заўважыла, што лепш бы ён паўтарыў словы песнi пра Зiну Партнову, пiянерку-геройку. Архангельскi Ваня пачаў дэкламаваць тэкст, дзе былi i такiя радкi:
С кровью падают на пол
Пряди светлых волос.
Сам начальник гестапо
Учиняет допрос.
.....
То он в злобе пугает,
Наведя пистолет,
То опять предлагает
Шоколадных конфет.
Ты глаза опустила,
От конфет отвела,
Распрямилась, схватила
Пистолет со стола...
.....
В схватке пули жужжат,
Офицер с конвоиром,
В пол уткнувшись, лежат...
Што-што, а смерць у пiянерскай паэзii мяне зусiм не палохала, яна наадварот нават весялiла. Ну i як можна было не смяяцца, калi атрад спяваў хорам наступныя словы пра чарговага пiянера-героя, якi загiнуў у смяротнай схватцы з ворагамi?!
Гремело у дальней ложбинки.
Кончался стремительный бой.
Не тая, ложились снежинки
На мальчика в пуще лесной.
Мы смяялiся, бо радкi з афiцыйнай лагернай паэзii вельмi нагадвалi неафiцыйную лiрыку, накшталт:
Я спросил электрика Петрова:
“Почему ў Вас на шее провод?”
Ничего Петров не отвечает.
Тихий ветер труп его качает.
Былi ў падпольнай лiрыцы i больш кранальныя, эратычныя вобразы:
Дзевачка ноччу злавiла таксi.
Цiха шафёр ёй сказаў “Адсмакчы!”
Доўга смактала бедная Зiна.
Месяц ад Зiны смярдзела бензiнам.
Каб скончыць з усёй пiянерлагернай паэзiяй, артэкаўскай i неартэкаўскай, я працытую табе яшчэ адзiн урывачак з афiцыёзнага вершыка-дрындушкi.
Там жывуць узбекi, беларусы.
Дзецi розных брацкiх нам краiн,
Пасланцы В’етнама i iндусы —
Сваякi па духу, па крывi.
Гэта лагер вечнага сяброўства,
Дзе расце, мужнее чалавек.
Гэта месца добрага знаёмства,
Гэта ён — наш сонечны Артэк!
Ура! Таварышы! Ура! Ну, вядома, блiжэйшых сваякоў за iндусаў беларусы нiколi не мелi, бо расейцы i ўкраiнцы не рыфмуюцца. А iндусы i беларусы рыфмуюцца, толькi чаму iндусы, а не тунгусы? Га? Але не ў гэтым закавыка, а ў iншым. Гэты вершык з назовам “Лагер Дружбы” мае яшчэ адну каштоўнасць. Яго склаў чалавек, якi адсядзеў за калючым дротам у канцэнтрацыйным сталiнскiм лагеры больш за дзесяць гадоў. І што, спытаеш ты? А нiчога, скажу я. Можа i сапраўды, калi глядзець на Артэк з Гулага, дык ён i нiшто сабе, i дружбаноў можна займець цi проста пазнаёмiцца з кiм цiкавым.
Да прыкладу, у Артэку я пазнаёмiўся яшчэ з петразаводскiм Ванем, чарнавокiм велiказубым хлопцам. Ён i падараваў мне паштоўку з архiтэктурным краявiдам Кiжоў. На паштоўцы пад сiнюшным небам стаяла шэрая цэркаўка, збудаваная без адзiнага цвiка. Белазубы Ваня расказваў, што ў XVIII стагоддзi расейскiя майстры маглi будаваць з адной толькi сякераю. Хто яго ведае, можа, яно i так. Паспрабуй, зацягнi на Поўнач тыя цвiкi. А так, з адной сякераю на плячы, расейскiм каланiстам было ямчэй рухацца на ўсе чатыры бакi ад Масквы. Сякера вельмi зручная рэч у справе мiрнага далучэння чужых земляў да iмперыi. Асаблiва да Расейскай, асаблiва ў XVIII стагоддзi, калi ў яе быў ваўчыны апетыт. Хто не згодны? Сякера хутка знойдзе шлях да згоды. І не трэба нiякiх цвiкоў, каб распiнаць i будаваць саборы ў гонар распятых, трэба прасцей: хто не згодны — кладзi галаву на калодку. Хру-у-упсь!
Вось з такiм — касцяным i адначасна плюгкiм гукам вылецелi два верхнiя пярэднiя зубы ў петразаводскага Ванi, калi ён упаў тварам на прыступку. Акуратную, майстравiта абкладзеную белай кафляй, а таму вастрарэбрую прыступку, якая вяла з калiдора на гаўбец. Ваневы далонi прызямлiлiся, прыпадлозiлiся каля самай прыступкi, i каб яе не было цi каб яна была крышку далей, дык твар аднаатрадаўца спынiўся б на бяспечнай адлегласцi, а два пярлiнна-блiскучыя разцы не вывернулiся б з верхняе дзясны i не выплюнулiся б на слiзкую кафлю разам з крывёю. І Ваня не плакаў бы, седзячы на кукiшках па-над чырвоным пляўком. Ну i я разам з Вiцем з Вiцебска не туляўся б побач i не задаваў бы сабе малапрыемнае пытанне... А цi не выганяць мяне з Артэка за бойку, у якой пiянер страцiў пярэднiя верхнiя разцы? Цi вышлюць толькi мяне, цi разам з Вiцем патураць? Што я скажу бацьку? Да пытанняў далучалiся розныя неразумныя развагi... Каб вылецелi не пярэднiя, а бакавыя зубы, дык можна было б угаварыць Ваню, каб шырока не раскрываў рот пры важатай Галiне, i гэтак у таямнiцы схаваць вынiкi бойкi. Толькi iнцыдэнт i бойкаю назваць цяжка. Я ж падышоў да Ванi зусiм блiзенька, каб ён не змог размахнуцца i ўдарыць. Памiж нашымi насамi засталося сантыметры са тры, не болей. І я цiхенька штурхануў яго ў грудзi. Ён, вядома, чакаў штуршка цi ўдару, але i думаць не думаў пра Вiцю, якi ў яго ззаду прысеў i скурчыўся каля самых ног. Ваня кульнуўся праз Вiцеву спiну вельмi па-цыркавому i нават паспеў перакруцiцца, каб упасцi спружынiста на рукi. А тут, лiха на яе, — прыступка.
Толькi буду шчыры: калi б петразаводскi Ваня ўпаў больш удала i не згубiў зубы, я б даў яму па твары нагою. Быў у мяне такi баявы намер, пакуль не пачулася ломкае хру-у-упсь i Ванева галава неяк страшна i рэзка тарганулася, нiбыта хлопца кальнула токам. Намер дабiць ворага знiк. А ворагам Ваня стаў неспадзявана i для самога сябе, ён прагаварыўся, ён зусiм не намерваўся нiкога крыўдзiць, сказаўшы ўголас тое, што думалася. З кожным можа такое здарыцца, але далёка не кожнаму за неабачлiвасць выбiваюць пярэднiя разцы. І вядома ж, пасля бойкi я пашкадаваў Ваню, але далёка не на ўсе сто працэнтаў, бо так цi iнакш, але ён павiнен быў прыняць пакаранне за абразу, кiнутую ў мой бок.
Я стаяў на калiдоры разам з Вiцем i спакойненька гаварыў, як цяпер памятаю, пра кедравыя шышкi. Мы дамаўлялiся пайсцi пашукаць iх у артэкаўскiм парку. Звычайная размова. Адна асаблiвасць яе была ў тым, што я гаварыў па-беларуску. А петразаводскi Ваня, стоячы поплеч, цiха ўсклiкнуў: “Какое мерзкое наречье!” Пачуўшы голас сэрца, якi вылецеў з савецкага пiянера, я падышоў да яго, каб удакладнiць несвоечасовыя думкi наконт маёй роднай беларускай мовы. Ваня ж замест прабачэння прачытаў зусiм кароткi, але вельмi змястоўны курс лекцый пра злiццё нацый i моў. Мяне, дарэчы, заўсёды здзiўляла наiўнасць савецкiх чалавечкаў, яны ж сапраўды верылi i вераць у тое, што ўсе нацыi сальюцца ў савецкую нацыю i на зямлi запануе бела-жоўта-чорны iнтэрнацыянальнамоўны чалавек. Ванеў iмперскi шавiнiзм я падбадзёрваў бясконцым паўтарэннем слова “гавары”. І Ваня дагаварыўся. Вось так мы пакаралi петразаводскага хлопца, пакаранне атрымалася крыху больш жорсткае, чым меркавалася, але я i цяпер нiколi не дарую чалавеку, якi абразiць маю нацыю. Гэта зусiм не азначае, што я адразу пачну выбiваць яму пярэднiя зубы, але надыдзе момант, i я... Хай сабе i буду пакараны, як тады ў Артэку: мне i Вiцю з Вiцебска забаранiлi ў той вечар iсцi на танцы. І мы стаялi на гаўбцы i глядзелi, як пад намi на ярка асветленай пляцоўцы бяззубы Ваня вытанцоўвае “летку-еньку”. Я не зайздросцiў яму.
Не зайздросцiў я i астраханскаму Ваню, якi выхваляўся, што ў iзалятары вельмi смачна i добра кармiлi, ледзь не ў сто разоў лепей, чымся ў агульнай сталоўцы. А ў iзалятары вялiкагаловага, падобнага да павука Ваню пратрымалi амаль палову змены. Крышку менш за месяц, бо калi ён развiтаўся з родным волжскiм горадам, там усё было цiп-топ — спакойна i цiхмяна, але пакуль даехаў да Артэка, у Астраханi знайшлiся дурнi, што захварэлi на халеру, пэўна ж, рукi не мылi. Чутка пра халеру абляцела СССР, не абмiнуўшы i паўвыспу Крым. І ўсiх астраханцаў упяклi ў iзалятар i трымалi за кратамi, пакуль газеты не адсвяткавалi перамогу савецкiх лекараў над стыхiяй iнфекцыi. Ваня прыйшоў у мой атрад у вельмi адметны дзень — 1 верасня. У першы дзень восенi лагернiкаў, як i ўсiх хатнiх дзяцей, чакала яе вялiкасць школа, халера ясная.
Пасля снядання нас пашнуравалi на святочную лiнейку. Начальнiк Горнага лагера, мардаты, як мiнiстр авiяцыi гiтлераўскай Германii, i такi ж высокi, як той самы Герынг, доўга-доўга i нудна-нудна гаварыў пра глыбокi сэнс ленiнскай думкi — вучыцца, вучыцца i вучыцца. За начальнiкам слова бралi i доўга не аддавалi розныя падначаленыя, розныя наглядчыкi, выхавальнiкi ды важатыя. Сонца добра-такi пякло, але нас яно не ўзяло, а вось астраханскага Ваню ўдарыла, захiрэў ён у iзалятары, цi ад прыроды слабы быў, хто там ведае. Адно дакладна: Ваня страцiў прытомнасць; тоненькiя павучыныя ножкi склалiся напалам, а шырокi твар упаў на бетонную плiту, скура на твары луснула ды разлезлася. На белым пляцы распаўзлася крывава-зыркая плямiна. Што казаць?! Свята ведаў атрымалася запамiнальнае. Ваню занеслi ў медыцынскi iзалятар. А нас, гарналагернiкаў, пашнураваных у даўжэзную, як бразiльская анаконда, калону, павялi ў школу.
Нiколi ў жыццi я не любiў школу, але, дзiва, артэкаўская навучальная ўстанова мне спадабалася. Вучыцца ў ёй трэба было тры днi на тыдзень ды толькi чатыры ўрокi на дзень. Нiякiх хатнiх заданняў не задавалася. Усе сшыткi з падручнiкамi ляжалi ў стале, i нiхто iх не краў. Вучыўся я ў 7 “М”, якi наш класны кiраўнiк, культурыстычны маладзён, ахрысцiў “моймы”. На першым жа ўроку давялося запатрабаваць падручнiкi на беларускай мове. Культурыст на першым жа перапынку завёў мяне на склад i выдаў пачак новенькiх, нiбыта толькi надрукаваных, падручнiкаў. Я ў Мiнску такiх i не бачыў, бо вучыўся ж у расейскай мiкрараённай школе. “Твае?” — спытаў атлетычна складзены класны. “Не... яны малдаўскiя. Тут во прачытайце: Кi-шы-нёў!” “Чакай...” Настаўнiк знiк за стэлажамi, а праз хвiлiну ў мяне на руках быў пачак беларускiх падручнiкаў, таксама блiскучых i нiкiм не чытаных.
Але гэтае дзiва яшчэ i не дзiва. Больш за ўсё мяне радавалi настаўнiкi, я ж нiколi не думаў, што настаўнiк можа растлумачыць тэму, што ён так раскажа i перакажа, ажно не трэба ў падручнiку корпацца. У сваёй мiнскай школцы, седзячы за партаю i слухаючы педагога, я разумеў толькi меншую палову тэмы. А большую i асноўную вычытваў у падручнiку. І таму быў цалкам упэўнены: нiводзiн настаўнiк не ведае лепш за падручнiк. А вось артэкаўскiя ведалi i лепей i болей i маглi ўсё гэта вельмi хутка перадаць вучням, якiя прыходзiлi на заняткi. А прыходзiлi не ўсе. Пакуль калона пiянераў пакрывала адлегласць ад Горнага лагера да школы, што прыблiзна складала кiламетры два, даволi значная частка лагернiкаў сыходзiла ў партызаны i ў басмачы. У асноўным у прыдарожныя хмызы шасталi каўказцы з азiятамi. Амангельды не схадзiў у школу нi разу, ён нават выкiнуў абавязковую для ўсiх картку з адзнакамi. Што яму тая картка, ён займаўся нарыхтоўкаю кедравых арэхаў, налушчыў кiлаграмаў дзесяць, пакуль астатнiя сядзелi на занятках. У маёй жа картачцы стаялi адны танканогiя чацвёрачкi. Гэта чамусьцi расхвалявала дырэктара маёй роднай мiнскай школы 9. “Няўжо, Адам, ты не мог пастарацца i атрымаць хоць бы адну выдатную адзнаку?” Я прамаўчаў. Не гаварыць жа, якiя выдатныя настаўнiкi ў Артэку i якiя цельпукi ў нас. Дырэктар не зразумеў бы. А можа, i зразумеў бы, бо сышоў жа ён з школы, уцёк на партыйную працу. І слушна зрабiў. У кожнага школьнага дырэктара павiнна быць душа кар’ерыста.
А вось у мяне вельмi слабыя кар’ерныя здольнасцi. У Артэку, дзе было столькi розных пасадаў, я не займаў нiводнай. Не быў абраны нi старшынёю рады дружыны, нi старшынёю атрада, нi старшынёю пакоя, нi нават звеннявым. Таму на ўсiх лагерных фотакартках стаю з краю. У гэтым нiчога кепскага няма, бо калi чалавека ўмоўна прызнаць не чаротам, якi думае, а сцяблiнаю, якая затрымлiвае святло, дык з краю святла якраз i болей. І калi чалавечыя статкi кампануюцца не па прынцыпах раўнамернага размеркавання сонечнага святла, дык не я ў тым вiнаваты. І не я першы заўважыў — Бог не роўна дзелiць. І выправiць гэта не выправiш. Хiба што сам сябе падманеш цi прымусiш падманваць iншых.
Вось i ў Артэку я паўдзельнiчаў у непрыстойнасцi. Чорт пацягнуў за язык, i я задаў важатай Галiне з Ноўгарада сакраментальнае пытанне: “Чаму вы не любiце мяне?” Цудоўна разумеючы, што пра такое нельга пытацца, я не ўтрымаўся, як петразаводскi Ваня не стрымаў сваёй нянавiсцi да беларускай мовы. Бывае. І ў мяне быў не самы горшы варыянт, тым больш — Галiна сказала: “Ты, Адаме, памыляешся. Я вельмi цябе люблю!” Важатая з гiтлераўскiм чубком мяне ненавiдзела, яна любiла петразаводскага Ваню, якому я выбiў разцы. Але маё, зададзенае пры ўсiм атрадзе, пытанне загнала яе ў сiтуацыю, у якой, абвяргаючы мяне, давялося засведчыць любоў. Парадокс. Ну адно ў яе апраўданне — любоў наша была зусiм кароткая, як i ва ўсiх артэкаўцаў. Калi я вяртаўся з Артэка дамоў, дык вёз цэлы нататнiк адрасоў i тэлефонаў, а патэлефанаваў толькi Сяргею з Мiнска, i тое каб аддаць пазычаныя спартовыя штаны. Болей нiколi нiкому не пiсаў i не тэлефанаваў. Каб той нататнiчак захаваўся, я б сёння, можа, i затэлефанаваў бы якому жыхару блiжэйшага замежжа, а можа i не. Адно ведаю дакладна — дзяўчатам я б не званiў.
З дзяўчатамi ў лагеры адносiны ў мяне не склалiся. Трынаццаць гадоў — якраз той узрост, калi заўважаеш: дзяўчаты раптам сталi дарослыя, а хлопцы ўсё яшчэ дзецi. Мае аднаатрадаўкi з замiлаваннем паглядалi на мужчын кшталту культурыста настаўнiка, а на такiх, як я, зiркалi з пагардаю. Зрэшты, асабiста мяне тое мала хвалявала, бо прырода яшчэ не выспелiла ўва мне мужчынскiя функцыi i жаданнi. І таму будзе слушна, калi скажу, што ў Артэк я патрапiў у апошнi год свайго дзяцiнства.
А на заканчэнне скажу табе яшчэ адну сумную рэч... Праз Артэк прайшлi мiльёны дзяцей, i нi разу ў жыццi я не сустрэў нiводнага сумленнага слова пра гэты найвялiкшы ў свеце лагер. Адны дурнаватыя дрындушкi...
Гэта — месца добрага знаёмства.
Гэта ён — наш сонечны Артэк.
Усе нiбыта вады ў рот панабiралi. Ведаем, ведаем. Бачылi. Але, хто старое згадае, таму вока прэч. Лепш не ўспамiнаць. Забыцца. Ну i сапраўды, каму хочацца помнiць правiлы, па якiх праходзiла купанне ў моры?! А мне вось хочацца...
Спачатку, ну вядома, трэба было распрануцца i змянiць трусы на плаўкi i пятнаццаць хвiлiнаў ляжаць (можна сядзець) на сонцы. Потым пятнаццаць хвiлiнаў сядзець (можна стаяць) у ценi, пад шыферным брылём. І толькi пасля ценю дазвалялася на пяць хвiлiнаў зайсцi ў Чорнае мора. Не забегчы, не заскочыць, не запаўзцi, а зайсцi. Заходзiлi ўсе, як гаварылася раней, “у нагу”. Даваць нырца забаранялася. Галава ўвесь час павiнна тырчаць над вадою. За тры метры ад берага быў нацягнуты тоўсты канат з паплаўкамi. Заплываць за канат забаранялася. Размаўляць у вадзе забаранялася. Дакранацца да каната забаранялася. Выходзiць без каманды... Любое дробнае парушэнне вяло да таго, што ўся “дзесятка”, а ў мора заходзiлi “дзесяткамi”, страчвала права на марскую ванну. Таму, зайшоўшы ў ваду, усе стаялi на камянiстым дне. Зрэдку сёй-той лагернiк падскокваў — рабiў выгляд, што купаецца з радасцю i асалодай. Каб нехта ўцёк i пакупаўся самастойна, я не чуў. Уцячы ў горы можна было, а вось прарвацца на ўзбярэжжа — нi ў якiм разе, яно ахоўвалася не горш за дзяржаўную мяжу, зрэшты, гэта ж i была мяжа СССР, пра якую я паглядзеў у вялiзным адкрытым лагерным кiнатэатры прыгоднiцкi фiльм...
Артэкаўцы-героi знайшлi на ўзбярэжных скалах шпiёнскi акваланг, высачылi яны i самога шпiёна, i пасля кароткай, але вельмi змястоўнай, бойкi канчаткова перамаглi ворага народу на адным асобна ўзятым кавалку ўзбярэжжа. Пра несапраўднасць падзей у фiльме, дзе артэкаўцам дазвалялася гадзiнамi сядзець у Чорным моры, а начамi бадзяцца каля яго, здагадваўся нават наймалодшы лагернiк з найапошняга атрада. Але паход у кiно запомнiўся мне iншым, перад iм нам выдалi па цёплай куртцы. Дарэчы, калi пасля першай лазнi я выбраў сабе форму адпаведнага памеру, дык заўважыў, што яна вельмi зручная i вельмi моцная, нiхто нiчога не адарваў у ёй, нават пагоны трымалiся мёртва. А што ты думала?! Самы вялiкi, самы-самы ў свеце дзiцячы лагер... Артэк.
Ракаў. 20. XI. 1993