Тры дні працы неяк непрыкметна аддалілі яго ад сайта і будучай кнігі. Усё, што зрабіў за папярэдні месяц, цяпер успрымалася амаль несапраўдным, быццам прыснілася ці што... Магчыма, Віктар згадзіўся б з тым, што той месяц яму прысніўся, але каляндар няўмольна паказваў на праўду...
Тыдзень праляцеў хутка. Апошнія яго дні ўжо не так стамлялі. У пятніцу Віктар патэлефанаваў Юрысу. Дамовіліся сустрэцца ў парку. Юрыс сказаў, што тусоўка збярэцца, дзяўчаты прыдуць. Так і адбылося. Было весела і проста. Віктар нечакана для сябе пашкадаваў, што столькі часу патраціў на свой «праект», адгарадзіў сябе ад S усяго. І яшчэ адно засмучала: Мэры не прыйшла.
— Ды я тэлефанаваў ёй, яна абяцала быць абавязкова, — разгублена тлумачыў Юрыс.
— А казаў, што я прыйду? — спытаўся асцярожна Віктар, бо непрыемнае прадчуванне пазбавіла яго смеласці.
— Сказаў... у канцы размовы, — вінавата прызнаўся Юрыс. — Я думаў, так лепей.
— Індык таксама думаў, — без злосці адказаў Віктар, бо разумеў, што Юрыс зрабіў лагічна. — Усё нармуль, я разбяруся.
— Званіў?
— Не... Баюся, — шчыра адказаў Віктар. — Не ведаю, як пачаць. Не думаў яшчэ.
— Мо мне слоўца закінуць? — прапанаваў Юрыс. — Скажу, перажывае, тапіцца сабраўся.
— Лепш вешацца, — паправіў Віктар.
— Ні фіга! — Запярэчыў Юрыс. — Ведаю я іх: тут жа прапануе мыла і вяроўку.
— А так прапануе студню вясковую.
— Не, не прапануе, — падумаўшы, адказаў Юрыс. — Яна пра людзей клапоціцца. А калі ты ў студні ўтопішся, хто ж адтуль ваду браць будзе? О, давай спытаем?
— Ды ну цябе... Сур’ёзна, не трэба. Не прыме яна такіх жартачак.
— Што, ты так намуціў?
— Намуціў, — прызнаўся Віктар. — Нічога, заўтра патэлефаную...
Але назаўтра Віктар не патэлефанаваў.
Прычынай стаў сайт. Віктар уключыў камп’ютар без асаблівых хваляванняў, спакойна зайшоў у сеціва і прысвіснуў: амаль пад кожным ролікам былі каменты. Шмат каментаў!
Тут жа глянуў статыстыку: за ўчарашні дзень больш як 200 наведвальнікаў! Без ніякай раскруткі!
Здагадаўся, у чым справа, праверыў. Так і ёсць: на сайт наткнуўся нехта з іх горада. Вось на адным гарадскім форуме якраз тэма пра яго сайт. Уга, больш як 100 пастоў. Гэта і завецца вірусным маркетынгам: пакажы нешта такое цікавае, чым кожны захоча падзяліцца з сябрам...
Віктар пачаў чытаць каменты. Спачатку ў сябе на сайце, потым на гарадскім форуме. Найбольш цікавілі абмеркаванні не ролікаў, а самой ідэі сайта. Зрэшты, большасць каментаў былі менавіта такія.
У мінулым годзе такія вось напалі на дзяўчыну з пад ’езда, распранулі яе і на відэа гэта здымалі. Потым на Ютуб выклалі відэа. Дзяўчына вены сабе парэзала, добра, што ўратавалі. Уроды...
Нармалёвыя відэа, прыкольныя. Чаго чапляецеся? Ха, быццам самі такія белыя і пушыстыя. Правільна пацан робіць: паказаў, які хто ёсць на самай справе!
Не сказаў бы, што тут пацан працуе. Сайт зроблены прафесійна, дзвіжок ліцэнзійны. Відэа знята адмыслова. Думаю, нейкая кантора робіць сабе рэкламу. Пабачыце, хутка тут будзе спасылка на тэму нябачнага назірання за некім па вашым жаданні. Ужо круты бізнес у Расіі.
Каб гэты аператар-сволач пабачыў вось такой сваю дзяўчыну. Ці маці. Хоць, думаю, там сумленне атрафіравана.
Хопіць гнаць! Самі на парнуху лазіце, што тут такога? Сумленныя раптам сталі...
Парнуха — гэта кіно, зразумела для дэбілаў ці не? Там артысты, якім да лямпачкі ўсё, яны грошы зарабляюць. А тут — жыццё. Паглядзеў бы я на цябе, каб ты тут пазнаў сваю дзяўчыну ці сябе.
Ёпэрэсэтэ, пацаны, я ведаю гэту кампанію! Зараз кіну каму з іх спасылку. А, патсталом...
Згодзен, што аўтар сайта — урод маральны. Не на ўсякіх тэмах можнарубіць бабло.
Хех, адміны! Вы хоць ведаеце, што Крымінальны кодэкс па вас плача? Гэта ўмяшаннеў асабістае жыццё...
Вы, маралісты, маўчыце, га? Ціпа тут нешта прыдумалі. Тут — рэальнасць! А на НТБ забойствы ў прамым эфіры? Злосць вас бярэ, што пацаны такі сайт замуцілі. Амерыкосы вунь Садама пад пятлю паставілі, і нехта зрубіў бабла, зняўшы ўсё гэта на відэа. Калі ты такі ідэйны — ідзі бокам, а то ўсе ролікі паглядзеў, а цяпер паказвае, што ванітуе яго. Клёвы сайт, зараз самы папулярны рэсурс будзе. Такі трафік канвертануць — бабло гарантавана.
Людзі любяць падглядваць. Вунь як «Вокны» папулярны. Усё нармальна. Рэалізацыя на практыцы прынцыпу «попыт нараджае прапанову».
Быў выпадак на практыцы: у адной дзяўчыны з яе тэлефона фотку спёрлі і на форум кінулі. А баця дзяўчыны быў з крутых. Таго аўтара топіка знайшлі — ён і цяпер свайго ценю баіцца. Так што аўтараў сайта будуць біць. Магчыма, і нагамі. А знайсці — знойдуць. Пытанне часу. Засвецяцца.
Не знойдуць. Я паглядзеў — дамен зарэгістраваны разумна, хостынг падстаўны, ІР дынамічны, хоць і нашага рэгіёна. Ну, толькі заказаць хакерам узлом, але дзвіжок нармалёвы, узнавіць будзе не праблема, калі база бэкапіцца. Але пацаны рызыкуюць...
Адмін сайта — адстаўны КДБэшнік, факт. Знайшлі ж недзе такія кропкі здымкаў...
От па гэтым кропкам і выпасуць. Іўхайдохаюць.
Гэта яшчэ калі яны пойдуць на тыя кропкі. Не дурныя ж свяціцца, калі з гэтых кропак ролікі выклалі
Прыкольна, кажаце? Ну-ну...
Вось вам развіццё прыколаў:
— А я ўчора жуку саломінку ў брушка ўставіў. Ён лятаў, як самалёт: толькі прама і ўсё вышэй, і вышэй!
— Гы, прыкольна...
— Пайшлі лягушку зловім!
— На хал еру?
— Ну, ты тормаз! Яе ж надзьмуць можна! Яна тады плавае паверху, а нырнуць не можа. Нырае і не можа. Нырае — і не можа!
— Прыкольна як!
— Ты ведаеш, навошта кошцы хвост?
— Ну?
— Яна заўсёды на лапы падае, калі хвост ёсць.
— Тачняк?
— Ну, чаго мне гнаць? Учора праверылі: кідалі Моціка маёй сястры Анькі з трэцяга паверха — на лапы заўсёды! А я потым яму хвост сякеркай адсек — ён на спіну гэпнуўся!
— Ух ты, крута! А кот жывы?
— А што яму? У катоў па дзевяць жыццяў.
— А Анька што?
— Сказаў, што гэта нейкія гопнікі Моціку хвост адрэзалі, забіць хацелі, я выратаваў, адабраў. Мне Анька сваё марожанае аддала.
— Прыкольна!
— На будоўлі ўчора былі, прыкалваліся.
— А чо тама?
— Бамжара нейкі начаваць збіраўся. Мы ў будзільнік гулялі.
— Гэта як?
— Ну, кавалкі цаглін на яго з другога паверха кідалі.
— А калі па галаве?
— Не, мы спецыяльнаў ногі цэлілі. Прыкінь, ён падхапіўся, як дурны, на чатыры касці ўпаў і як дасць бы той сабака! Во ржалі!
— Прыкольна, блін ...
Ну, тут перабор яўны. Нармальна пацан ці пацаны здымаюць. Чаму ты вырашыў, што яны ці ён эвалюцыяніраваць будуць па тваім сцэнарыі?
А дзе кропка прыпынку? Вось іншы сцэнарый: сёння ён падглядвае і выкладае ролікі, так зарабляе. З ’явяцца грошы — ён ужо найме за шакаладку адных дзяцей, каб пабілі другіх. За піва — гопнікаў, каб збілі якога мужыка. Далей за грошы — каб паздзекаваліся з дзяўчыны... Грошы даюць магчымасць зрабіць больш і з меншымі затратамі. І зрабіць новыя грошы. Такі сцэнарый не разглядаецца?
Маеш рацыю. Дарэчы, тут адна сцэна так і выглядае як зараней спланаваная і аплочаная. І не толькі адна.
Віктар чытаў, перачытваў, вяртаўся назад... Пачуцці душылі яго. Яму хацелася крычаць, каб пачулі адразу ўсе: «Вы нічога не ведаеце! Я нікога не падкупляў! Я не збіраюся нікога купляць! Я паказваю вам адваротны бок вашага ж жыцця! Грошы мне трэба не на піва! На кнігу! Кнігу вершаў у падарунак сябрам на выпускным вечары!»
Суцяшала тое, што асобныя каменты апраўдвалі сайт і ідэю. Пайшоў, прыгатаваў сабе кавы, крыху супакоіўся. Перачытаў яшчэ тыя каменты, якія былі за яго. «Ды зайздросцяць, проста зайздросцяць. Такі сайт не стварыць за тыдзень! І ідэя ўжо рэалізавана, месца забіта. Вось і бесіць некага. Пайшлі вон, маралісты. Самі прыкідваюцца, хочуць, каб усе верылі ў гэтае прыкідванне. Ага, як жа! Пакінь тако га мараліста без адзінага сведкі — пабачым, што ты вырабляць будзеш, як з цябе тваё чорнае праз усе дзіркі папрэ! Вы яшчэ не бачылі той “клубнічкі”, што я не выкладваў!Брашыце, брашыце, пужайце! Не такі Віктар дурань, каб цяпер здымаць з тых кропак, з якіх здымаў. Вунь колькі будоўляў ідзе, колькі дахаў і паддашкаў у жылых дамах... А тэлескоп невялікі, добра прыхаваць можна... »
Увесь дзень і вечар Віктар прасядзеў за камп’ютарам. Ён устанаўліваў на сваім сайце банеры, рэгістраваўся ў партнёрках, на форумах, у блогах. Спаміў-рэкламаваў свой сайт.
Ужо к вечару колькасць наведвальнікаў дасягнула пяцісот юзераў. Віктар стаміўся, але ўзбуджанасць доўга не давала заснуць. Палова яго мары здзейснена: адбыліся першыя пераходы з яго сайта на патрэбныя рэсурсы — ён атрымаў той самы неабходны для выдання кніжкі адалт-трафік.
Зранку патэлефанаваў Юрыс. Узбуджаны не на жарт, проста спалоханы:
— Віцька, ты бачыў?
— Што бачыў? — знарок ляніва адказаў Віктар, хоць здагадаўся, пачуццё падказала: Юрыс пытаецца пра сайт. Калі гэтулькі размоў на форумах, а Юрыс жа начуе ў інтэрнэце...
— Сайт нейкі новы! Пра наш горад. Здымкі нябачнай камерай.
— Ну і што? — Віктар прымусіў сябе супакоіцца, не хваляваўся аніколькі: калі што, калі хоць якія падазрэнні — ён будзе ўсё адмаўляць. Юрысу ні слова.
— Ты памятаеш, мы на рэчцы дурэлі? І яшчэ пра вышку ў лесе казалі? Дык вось, здымкі рабілі з той самай вышкі! — гарачыўся Юрыс.
— Ну і што? Не разумею...
— Ну, пакуль да цябе дойдзе! — зазлаваў Юрыс. — Там нейкіх хлопцаў знялі, бойка была не слабая...
— І што?
— Божа, ну вы тупагаловыя! — Юрыс згубіў цярпенне. — Сяргей — «ну і што», ты — «ну і што», Лёшка — «мяне не цікавіць». А калі нас знялі?
— Нас? — Віктар на момант разгубіўся: што адказаць?
— Нас! Уяўляеш, калі нехта маёй мамцы пакажа, як я там гуляў? Яна мяне з хаты не выпусціць.
— Ну, не толькі цябе...
— О, дайшло нарэшце. Што рабіць?
— А што ты прапануеш?
— Трэба пасвіць ля той вышкі кіношнікаў.
Віктар хмыкнуў у адказ:
— Быццам яны форум не чытаюць... Яны мо і першыя запасцілі на гэтую тэму, каб рэсурс праспаміць. Наздымалі яны з той вышкі, колькі трэба і больш туды не пойдуць. А нас ставіць... Што там цікавага? Дай-ка мне адрас, зайду і я гляну...
— Ну, халера іх ведае... Мы і праўда нічога цікавага не рабілі. Там, шчыра кажучы, ролікі прыкольныя. Ты зайдзі, зірні! І абяцаюць кожны дзень новае кіно!
Прадчуваю, што самыя смачныя кадры яшчэ наперадзе...
— Ну во, а ты распсіхаваўся, — Віктар сам уздыхнуў з палёгкай. — Кажы адрас...
Юрыс назваў адрас Віктаравага сайта. Па літарах прадыктаваў.
Віктар не спяшаючыся ўключыў камп’ютар. Пакуль ішла загрузка, зрабіў каву. Праверыў статыстыку: няблага, узровень у 500 юзераў за суткі трымаецца. Глянуў колькасць пераходаў на порнасайты. О, вось гэта канвертацыя — больш як 15 працэнтаў! Значыць, правільная тэма для сайта! Шкада, што юзеры гарадскія не надта багатыя — толькі дзясятая частка нешта купіла. Але ж нешта за ноч на яго, Віктараў, рахунак назбіралася! Давайце, давайце!
Знаёмы сверб прыкаваў Віктара да камп’ютара. Зноў шукаў у Сеціве розныя форумы, блогі, рэгістраваўся, рэкламаваў свой сайт. Іншыя пасты яго выдаляліся адразу, як звычайны спам, але Віктар не перажываў. Ён і каментаў больш надта не чытаў, праглядваў проста, каб там не было непатрэбшчыны з мацюкамі.
Працаваў гадзіны тры. Няблага — наведвальнікаў пераваліла за тысячу. Ну, палова больш і не зойдзе ніколі, але ж нехта падзеліцца спасылкай. Глядзіш, пастаянная аўдыторыя пакрысе збярэцца. Заўтра ён падагрэе цікавасць — выкладзе той ролік, дзе два мужчыны маладыя і жанчына «балююць». Гэта будзе маленькая бомбачка. А яшчэ ж начальнічак у запасе і яшчэ адна пара... Хех, такім чынам да пачатку заняткаў накапае ў кіпер! І потым... Потым Віктар спакойна закрые сайт. Сатрэ базу. Як нічога і не было. Няхай шукае, каму нечага рабіць, ветру ў полі. У яго ўжо будзе патрэбная сума грошай на кніжку.
Праверыў пошту — і замёр ад нечаканасці: прыйшоў ліст ад Аліка.
«Вітаю! У, крутыя ролікі! Я так зразумеў, што яшчэ круцей будуць? Малаток, дарма што школьнік, ёсць хватка. На каменты маралізатараў увагі не звяртай — гэта зайздрасць. Кожны марыць нешта такое зрабіць, каб пра яго казалі і трафік ішоў. Як канверт? Ідуць па банерах? Занадта ты іх наляпіў, сайт стракаты стаў, стыльнасць згубілася. Падбяры лепшыя банеры, каб суадносіліся з дызам. Я тут таксама запашчу ў пары месцаў пра твой сайт — лішняя спасылка не зашкодзіць і траф узнімецца. Поспехаў».
Усё як быццам добра... Усё добра... Але чаму, адкуль узнік гэты непрыемны халадок у жываце? Алік... Ён дапамог, зрабіў, атрымаў грошы... Спакойна, паролі ўсе даўно зменены. Нічога Алік яму не зробіць. Канешне, можа, ён і хацеў бы ў долю ўвайсці, але ж сказаў: толькі сам рабі. Яго школа...
Зайшоў зноў на свой сайт — дабавілася каментаў. Цікава, што шмат каментаў пісалі пад ролікам, дзе старыя купаюцца — тая таўстуха-жанчына і мужчына ў смешных трусах.
Каменты простыя: «Ржу ні магу», «Патсталом», «Аффтар, здымай ісчо», — звычайныя для такіх прыколаў. Апошні каментарый быў нечакана вялізным, і зноў той самы халадок крануў жывот усярэдзіне. «Што за чорт, адкуль... Не было ж нядаўна», — амаль са страхам падумаў Віктар, бо позірк ужо схапіў першы радок, які разануў свядомасць сваёй нечакана дакладнай скіраванасцю: «Дзень добры, малады чалавек!..»
Дзень добры, малады чалавек! Не спрачайцеся, я дакладна ведаю, што Вы — малады, хутчэй за ўсё — выпускнік школы ці студэнт. Гэта няцяжка зразумець і простаму чалавеку, калі прааналізаваць Вашы запісы, а ў мяне ёсць неблагая тэарэтычная база і немалы жыццёвы вопыт. Як ніяк, я прафесар, доктар псіхалагічных навук. Я не стану пісаць Вам пра свае эмоцыі і перажыванні. Я пішу для Вас і дзеля Вас.
Дык вось, Вы — яшчэ малады і далёка не вопытны ў жыцці. Вам вядома пачуццё прыгожага — Вы добра і тонка пракаментавалі сцэнку ў акне чужой кватэры, у Вашым сцёбе адчуваецца захапленне сапраўдным пачуццём. Вы працуеце адзін, хоць сайт Вам рабілі па замове — не Ваш стыль. Ваш стыль крыху іншы: Вы — нядаўні рамантык, і, магчыма, Вы некалі выпрасілі ў бацькоў грошы на тэлескоп, каб глядзець у зорнае неба і пісаць вершы. Цяпер Ваш тэлескоп у неба не глядзіць.
Не магу ведаць, па якой прычыне Вы ўзяліся за гэтую справу. Напачатку падалося, што гэта — просты вуаерызм. Патлумачу: гэта такое псіхічнае захворванне, калі чалавек імкнецца падглядваць: за жанчынамі, мужчынамі, зразумела, у час інтыму і падобнага. У такім выпадку Вам пагражала б цалкам псіхічнае захворванне, Вы б дайшлі да злачынства (90 на 100), скончылі б жыццё адмарозкам. Але Вы не псіхічна хворы. Вы падглядваеце за людзьмі з іншай мэтай, і мне гэта стала зразумела сёння, калі я пабачыў порнабанеры.
Так, з гэтым не паспрачаешся: парнаграфія сёння — індустрыя з мільярднымі абаротамі. А адхапіць хоць колькі ад гэтых абаротаў заклікаюць многіх. І многія ідуць на гэты кліч і, мушу прызнаць, «паднімаюць добрыя бабкі». Вы толькі судакрануліся з гэтай індустрыяй. Вы зарабілі першыя грошы, праўда? Вы задумваліся над тым, што між Вамі і тымі, хто ў мінулым стагоддзі гандляваў з-пад палы парнаграфічнымі картамі, часопісамі, няма ніякай розніцы? Вы — адалтшчык. Вы зарабляеце на адным з самых брудных чалавечых прадуктаў. Мне вядомыя такія людзі. Усе яны пачыналі з аднаго сайта, аднаго банера і аднаго долара ў суткі. А потым — развіваліся. Так, яны раслі. І стваралі цэлыя сеткі падобных сайтаў. Далей — скуплялі, дзе прыйдзецца, парнаграфічныя ролікі і самі станавіліся ўладальнікамі порнарэсурсаў. Потым самі, ужо за свае грошы, стваралі студыі. Мажліва, Вы не станеце на гэты шлях. Але шлях удасканальвання ў Вас адзін — шлях адалтшчыка. Вы будзеце ўдасканальваць свае тэксты, Вы навучыцеся новым хітрасцям (а іх — многа). Толькі той, кім Вы станеце, — не вяршыцель лёсаў. Зразумейце гэта. Вы не станеце тым, хто будзе ўплываць на свядомасць людзей, скажам, сваімі вершамі, не. Вы станеце прафесійным асенізатарам, залатаром, Вы будзеце вазіць і вазіць чалавечае дзярмо...
Вы знялі некалькі ролікаў... Гэта яшчэ толькі псіхічнае адхіленне. Вы выклалі іх у сеціва — і пераступілі ўсякія нормы чалавечай маралі і этыкі. Вы самі сябе загналі за той бок, дзе ніякія нормы не існуюць. Вы апусціліся на самае дно чалавечых здольнасцей падзення. І цяпер кожны, хто не з Вамі, — чысцейшы і лепшы за Вас. Пакуль Вы яшчэ не асэнсоўваеце гэтага. Але прыйдзе час — і Вы станеце шукаць тых, хто яшчэ ніжэй за Вас, каб грэбаваць іміў помсце за тое, што, Вы гэта адчуеце, грэбуе Вамі.
Грошы не пахнуць, не смярдзяць, нават калі яны зароблены продажам чалавечага сумлення, нормаў маралі. Але смярдзіць іншае — наша памяць. Нават адзін раз ступіўшы ў яміну з дзярмом, нельга застацца чыстым. І вы ступілі. І памяць Ваша будзе смярдзець. Вы зменіце некалі і месца жыхарства, і сяброў, і каханых. Вы зможаце збегчы адтуль, дзе Вы пачыналі сваё падзенне. Але Вам не збегчы ад сваёй памяці. Яна будзе смярдзець заўсёды — і нічым яе не змыць, ніякім дэзадарантам не запырскаць...
Я нарадзіўся ў Вашым горадзе. Там я вырас і ведаю гэту рэчку з дзяцінства. Ведаю тую вышку, з якой Вы здымалі, бо не адзін раз я сам лазіў на яе. Няцяжка было здагадацца... Сюды мы часта прыязджаем з маёй любай жонкай. Яна ўсё сваё жыццё адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў. Уяўляеце, колькі ў яе вучняў? Яна вельмі любіць дзяцей — і ёй плацяць павагай і памяццю. Дык вось, малады чалавек, на гэтым знятым Вамі роліку — я, яшчэ пакуль выкладчык універсітэта, і мая жонка, пенсіянерка, былая настаўніца пачатковых класаў, якая навучыла грамаце больш як 500 чалавек.
Віктар застыў перад маніторам. Бухкала ў скронях, быццам сэрца перамясцілася ў галаву. У нейкі момант падалося, што ён прачытаў і сваё прозвішча там, і што гэта вось прачытанае не ў каментах на яго сайце напісана, а ў гарадской газеце. «Што я нарабіў... Што я нарабіў... Што цяпер рабіць?» Першы раз за жыццё Віктар адчуў, што такое панічны страх — страх, які паралізуе мысленне, здольнасць нешта рабіць свядома і разумна. Г эты невядомы стары так проста вылічыў яго! Дзе, у чым Віктар спаліўся? Няўжо толькі па тых дурных тэкстах можна зрабіць нейкі вывад? А калі гэты каментар ужо прачытаў хто з яго аднакласнікаў, той жа Юрыс? Тут жа не трэба вялікага розуму, каб гэты каментар звязаць з іх гулянкай тады... Ці Лёшка прачытае — у адзін момант здагадаецца.
Ад простага і знаёмага гуку мелодыі званка свайго мабільніка Віктар уздрыгнуў усім целам так, быццам у цішыні пакоя раздаўся стрэл. Гэта была «агульная» мелодыя, значыць, не бацька, не маці, не нехта з сяброў... Не адказваць!
Што ж рабіць?... Адчай захліснуў Віктара, трэсліся рукі. «Каментар... Каментар...» Калі размешчаны каментар?
Віктар утаропіўся ў манітор, літары скакалі і расплываліся. Сёння размешчаны, літаральна гадзіну назад... Так, спакойна, спакойна. Адмінка... Хутчэй, няважна, што з дому...
Вось жа ідыёт, га! Ну, хай бы паставіў прамадэрацыю адразу! Не, спяшаўся, юзерам дагаджаў... Божачка, нават абмежаванне на велічыню каментарыяў не паставіў... Вось дурань, дурань...
Віктар таропка выдаліў каментарый старога, паставіў прамадэрацыю на каментарыі ўсіх раздзелаў. Праверыў каментарыі, павыдаляў тыя, дзе ў яго бок сыпаліся абвінавачванні ў бессаромнасці і подласці.
Усё, сайт чысты... Цяпер пачысціць сам браўзер, выдаліць гісторыю наведванняў, абнуліць кэш... Ух ты, лягчэй як...
Ты глядзі, стары пазнаў сам сябе... Не дзіўна, твараў ім Віктар не закрываў... «А калі б гэта была настаўніца з нашага горада?» — думка непрыемна разанула сорамам. Між волі ўявілася, як гэтая таўстуха прыдзе да іх у клас — як на яе глядзець? Добра, што не прыдзе...
Тэлефон зазваніў зноў, Віктар асцярожна ўзяў мабільнік — і зноў у грудзях сціснулася ад незразумелага страху — на экране тэлефона высвеціліся незнаёмыя лічбы. Не адказваць? Але які сэнс... Зноў жа патэлефануюць, раз ведаюць нумар...
— Алё? — прамовіў Віктар сіплым голасам.
— Віцька? Гэта Сашка, старшы ваш.
— Які Сашка?
— З якім ты сцены біў і цэглу цягаў на фірме, — нагадаў незнаёмец і Віктар толькі цяпер пазнаў голас самага маўклівага, цягавітага хлопца гадоў дваццаці, які быў іх старшым на той часовай рабоце. — Тут перайгралі трохі, разлік будзе пазней праз касу на фірме.
— А колькі я там зарабіў? — з палёгкай выдыхнуў Віктар.
Яго адпусціла. Прыйшло разуменне таго, што ў свеце ёсць яшчэ нешта і нехта
акрамя сайта, яго самога і тых дурняў, якія пруцца шукаць у сеціве парнуху.
— Як і ўсе, — адказаў Сашка. — Крыху больш за сотню.
— Чаго сотню? — не зразумеў Віктар.
— Долараў. Але атрымаем па курсе.
— Ого! — прысвіснуў Віктар. — За шэсць дзён...
— Не за шэсць дзён, — паправіў яго Сашка. — Па 12 гадзін пахалі, не забывай.
— Ды помню... Слухай, а больш такой работы няма?
— Не, пакуль няма. ...
100 долараў... За мінусам доўга бацьку — 50. Эх, во каб знайсці такую працу! Якраз бы да пачатку заняткаў назбіралася патрэбная сума! А так... Залатар, асенізатар, адалтшчык... А гэты стары псіхолаг падказаў месца, дзе можна зарабіцьнармальна грошы? Мяжу пераступіў, закон, па той бок маралі апынуўся... Дык жа часова гэта, няўжо даўмець нельга? Не збіраецца Віктар порнастудыі адкрываць! Паўтара месяца, усяго паўтара месяца, ён упэўнены — і ў яго будзе патрэбная сума. І ўсё потым знікне, сатрэцца, забудзецца. Грошы не будуць пахнуць, бо іх Віктар увогуле атрымлівае віртуальна... Нічога, мала пацярпець засталося. Яшчэ во ролікаў 10 здыме і хопіць...
Але ж гэты стары так проста мог намаляваць для сябе яго, Віктара, ды яшчэ сказаў, што іншаму каму зрабіць тое ж будзе няцяжка... А калі бацька зойдзе на такі сайт? А што, у яго свой ЖЖ ёсць, хоць піша рэдка, па рабоце больш, але во пайшла пагалоска па горадзе — і зойдзе. Ён жа ведае, што ў Віктара ёсць тэлескоп...
А ролікі на камп’ютары!
Ідыёт! Яны проста так да гэтай пары ляжаць у яго папцы! Тое праўда, бацька ніколі па яго папках не лазіў (у Віктара свой дыск, у бацькі свой), але ж можа пацікавіцца!
Ну, ідыёт... Іх увогуле нельга тут трымаць...
За паўгадзіны Віктар сабраў усе гатовыя ролікі, чарнавыя варыянты, арыгіналы і запісаў у адну папку, папку заархівіраваў з паролем, а потым перапісаў на дыск. Усё, што мела адносіны да сайта, выдаліў з камп’ютара. Пачысціў, прыбраўся... Дыск схаваў у некалі купленым за немалыя грошы «Зорным даведніку» — гэта кніга нікога не цікавіць сёння. Нейкі момант уладарыла думка, што дыск трэба зламаць адным націскам рукі — навошта гэтыя ролікі, калі яны ўжо стаяць на сайце? Дзеля чаго арыгіналы здымак? Але... было шкада. Сваёй працы шкада, ці што... Няхай паляжаць...
Сеў на канапе, аглядаючы пакой, нібыта злачынца на месцы злачынства: ці не пакінуў дзе яшчэ слядоў?
«Цяпер ролік скінуць, апрацаваць і адразу на флэшку. Астатняе сцерці... І бацька, і маці ведаюць, што я так доўга сяджу за компам. Ну, сказаў, што пішу тэксты... Не, не адбрэшашся, як прыціснуць. Трэба зрабіць той хамяк на Юкозе!»
Падскочыў, хутка ўвайшоў у сеціва. Падабраў больш-менш стыльны шаблон пад свой дамашні сайт. Стварыў некалькі раздзелаў, хутка закінуў у іх свае вершы. Не заўважыў, як праца захапіла яго — пакрысе прыйшла цікавасць: прыемна было ствараць сваю кніжку, няхай і электронную. А тут яшчэ ёсць магчымасць падмаляваць-падправіць шаблон... Успомніў, што шаржы да яго эпіграм ужо маюцца ў электронным выглядзе, паставіў некалькі — атрымалася прыгожа... За вокладку засеў: узяў здымак школы, папрацаваў з фільтрамі фоташопа — і атрымаўся той самы малюнак на шэрым фоне чорным фламастарам. Ну, амаль такі атрымаўся, а лепш і не трэба пакуль...
Мінала гадзіна за гадзінай, а Віктар ужо з сапраўдным захапленнем працаваў над сваім хамяком: падправіў шаблон, намаляваў новую «шапку». Зрабіў раздзел з фотаздымкамі і стаў запаўняць яго, пачынаючы яшчэ з першага класа і садка. Добра, што тады адсканіраваў у Лёшкі столькі многа. І Мэры... Няхай з ім будзе тут Мэры, як ва ўсе ранейшыя гады...
Прыйшла маці з працы.
— Зноў не вылазіш цэлы дзень? Ты еў што?
— Так, перакусваў, — адказаў Віктар. — Не хачу пакуль.
Тады пачакаем бацьку...
Патэлефанаваў Юрыс, паклікаў патусавацца вечарам. Віктар згадзіўся — якраз праз гадзіны дзве закончыць...
Бацька прыйшоў. І адразу зазірнуў у пакой.
— Здароў, сын. Што парабляеш?
Знаёмы халадок варухнуўся ў жываце Віктара. «Спакойна, спакойна, падумаў ён. — Вельмі добра, што я цяпер хамяк раблю. Ой, добра, што вырашыў зрабіць... »
— Раблю свой сайт! — са смяшлівым гонарам адказаў Віктар бацьку, адкінуўся на стуле, ад’ехаў ад стала. — О, глядзі!
Бацька з цікавасцю зазірнуў у манітор, пазіраў, бы вывучаў...
— Няблага, няблага... Толькі экспазіцыя неўраўнаважана, па колерах няма спалучэння поўнага. Але гэтыя тонкасці вывучаць трэба... Спасылкі ўжо працуюць?
— Ага, усё рабочае ўжо. Што ж я, дарма столькі часу ўбіў? Фотаальбом набіваю, каменты пішу...
Бацька пашчоўкаў па старонках, крыху пачытаў.
— Прыйшоў час электронных кніг, — не сказаў, а канстатаваў.
— А што рабіць, калі звычайныя нікому не трэба, — Віктар выказаўся са шчырым сумам.
— Ну, час такі... А кнігі людзям трэба.
— Ага, трэба... — чмыхнуў Віктар. — Даўно нешта цябе не бачыў з раманам. А я яшчэ вершы пішу...
— Вершы тым больш трэба, — бацька прысеў на канапу насупраць. — Між іншым, такая вось кніга ў сеціве — добрая рэч. А сапраўдная... Не перадумаў яшчэ?
— Што не перадумаў? А, маці расказала... Ведаеш, вось закончыў сайт, і неяк не так ужо гарыць...
Самае дзіўнае было ў тым, што ў гэты момант Віктар казаў шчыра. Сапраўды — не гарэла. Паляванні за цікавымі сюжэтамі і асабліва падзеі апошніх дзён так узвінцілі яго, што сама кніжка пакрысе адышла на задні план. Урэшце, так і павінна быць: што пра яе надта думаць цяпер, калі няма грошай на выданне? Вось з’явяцца грошы — тады можна падумаць. А можа, у нейкі момант кніжка і сайт памяняліся месцамі: калі кніжка напачатку была мэтай, а сайт — сродкам, то цяпер сайт стаў галоўнай справай, а кніжка — прыкрыццём?
Не, гэта перабор ужо. Віктар адмахнуўся ад імклівых думак — усё нармальна, ён заробіць на выданне кніжкі і сайту прыйдзе канец. Так і павінна быць, а тое вострае жаданне, якім жыў апошнія месяцы, прытупілася, ці што. Усё нармальна — ад эмоцый перайшоў да справы, а дзе справа сапраўдная, там розум вырашае, а не жаданні.
Але Віктар мусіў прызнацца, што жаданне патрымаць у руках уласную кніжку зменшала яшчэ больш, аслабела, сцерлася. За сённяшні дзень ён стварыў гэтую кніжку ў інтэрнэце. Сам сабе не мог прызнацца ў гэтым, а бацьку сказаў. Калі ёсць такая кніжка ў сеціве, якую ў любы момант кожны адкрые і пачытае, то мо і не трэба яна на паперы? Няхай будзе такой...
— Ну, што не так ужо і гарыць, мо і лепш, — задумліва прагаварыў бацька. — Яркае полымя хутка згасае. Колькі зарабіў на фірме?
— Сотню баксаў. Табе 50 аддаць ёсць.
— Я пачакаю... А ў сеціве колькі заробіш?
Віктар пахаладзеў. Пра што гэта бацька? А, ён жа казаў, што яму трэба для справы ў сеціве...
— Не ведаю пакуль... Я дамен сапраўдны купляю, хостынг платны. Свой сайт туды перанясу. Раскручу трохі, паказчыкі падніму. Праз месяц можна будзе спасылкі прадаваць. За месяц долараў 15—20, як будзе ўсё о’кей, займею.
— Ну вось, бачыш, як добра. Пакуль той выпускны і назбіраецца. Мы з маці дапаможам... Дарэчы, ты не чуў пра нейкі там сайт? На рабоце толькі і гаворкі пра яго: нехта нябачнай камерай здымае людзей у горадзе і выкладвае ў інет. Прычым, у розных пікантных сітуацыях.
«Вось яно! Прыкідваўся, цікавая яму мая кніжка... Праверыць вырашыў. Правярай, камп чысты. А калі б я не здагадаўся ўсё выдаліць, браузер не пачысціў?» — думаў Віктар, ліхаманкава стараючыся адшукаць адказ, якому б бацька паверыў. Успомніў пра ранішні званок Юрыса і амаль радасна выдыхнуў:
— Чуў, Юрыс сёння званіў. Казаў, нейкіх хлопцаў на тым беразе, дзе і мы адпачывалі, знялі. Як яны там біліся. Я заходзіў, глядзеў. Ну і іншыя ролікі.
— І як табе тая брыдота? — прыжмурыўся бацька.
— Брыдота як брыдота. Па тэлевізары тое ж паказваюць. Ці амаль тое ж... — адказаў Віктар спакойна, а ўжо другая думка салодка тлуміла галаву: пра яго сайт загаварылі ў горадзе! Вось так вось...
— Розніца ёсць. Хаця тут ты маеш рацыю...
— Пра што гэта вы? — спытала маці, зазірнуўшы ў пакой.
— Ды пра рознае, — адказаў бацька. — Вунь, глядзі, якую сын сабе кнігу зрабіў.
— Дзе зрабіў? — недаверліва спытала маці. — Якую кнігу?
— Электронную, сайт, — адказаў за бацьку Віктар. — У інтэрнэце можна кожнаму пачытаць.
— Во як, хіба і кніжкі ў інтэрнэце ёсць?
— Ёсць і кніжкі. І куды больш, чым у бібліятэцы.
— І чытаюць?
— Чытаюць... Каму хочацца...
— А я думала, што тут толькі брыдота адна ды чаты вашыя...
— І брыдоты хапае, — уздыхнуў бацька. — Прама з нашага горада.
— А, чула, — ці не радасна ўсміхнулася маці. — Суседка нашай работніцы сваю дачку пабачыла, як тая курыць і віно п’е.
— І гэта добра? — прыжмурыўся бацька.
— Вядома, добра! — упэўнена, з выклікам адказала маці. — Ты от зараз пачнеш выкладваць свае тэорыі, а тут практыка: маці давярала дачушцы, а тая вось што вырабляла.
— Па-твойму, усю дрэнь трэба цягнуць на ўсеагульны паказ?
— Трэба! Бо гэта — жыццё. І не варта яго ружовым маляваць. Хай пабачаць сябе, якія ёсць на самай справе. Казалі на працы, там гэтулькі п’яных скандалаў ды боек — аж жудасна робіцца. От жыццё якое...
— І што зменіцца? Што можа змяніцца, калі ўсё гэта паказваць? — занерваваўся бацька.
— А ты прапануеш усё хаваць, казаць, што ўсё ў нас добра, дзеці выхаваныя, мужыкі цвярозыя, адпачываем мы ўсе культурна? Годзе, праходзілі ўжо, камунізм будавалі...
— Я ні ў якім разе не прапаноўваю выдаваць чорнае за белае. Але няўжо вы верыце, што калі п’яніцу сказаць, што ён п’яніца, той перастане піць? Няўжо страх быць злоўленай стрымае дзяўчыну ад курыва і віна, калі яна хоча гэтага і лічыць магчымым, абы толькі бацькі не бачылі? Ты як думаеш, сын? — бацька павярнуўся да Віктара, і ў вачах яго хлопец пабачыў чаканне, не — нават просьбу.
— Не ведаю, — шчыра прызнаўся Віктар. — А чаго хаваць тое, што ёсць? Можа, некаму сорамна стане...
— А можа, у такім разе рабіць шкляныя сцены ў дамах? Камеры назірання за кожным метрам плошчы горада? Спецыяльныя бранзалеты з перадатчыкамі на рукі ці шыю кожнаму?
— Што ты накінуўся на хлопца? — устрала маці. — Рэчы трэба называць сваімі імёнамі і паказваць, як ёсць.
— І што? Што зменіцца ад гэтага? — выгукнуў бацька з адчаем.
— А што, па-твойму, рабіць? — пайшла ў наступ маці. Чаго ты на нас напаў?
— Што рабіць, што рабіць? — бацька азірнуўся па баках, быццам у пошуках нечага. — Ат, доўга гаварыць, і так зразумееце. Значыць, у жыцці нашым ёсць чорнае, ёсць і белае...
— Чорнага больш, — уставіла маці.
— Няхай так, — лёгка згадзіўся бацька. — Дык вось, наша жыццё — шэры ліст. Згодзен, сын? Ты згодна? — павярнуўся бацька да маці.
— Згодзен, — адказаў Віктар.
Маці толькі кіўнула.
— Дык вось, — працягваў бацька. — На нашым шэрым лісце з’явілася чорная пляма, яшчэ адна. Нейкая мярзота. Мы ведаем пра гэты факт. Але вось гэтую мярзоту паказваюць па тэлевізары, вось яна на першых старонках газет і часопісаў, вось яна ў інтэрнэце на тысячах сайтаў. Мы расплюшчылі вочы некаму? Не, сябры мае: мы памножылі гэтую мярзоту шматкроць. І на нашым шэрым полі яна разраслася ва ўсе бакі. Наша жыццё зрабілася не шэрым ужо, а цёмна-шэрым. Што асвятліць шэрую фарбу? — хутка спытаў Віктара.
— Светлая фарба, — разгублена адказаў хлопец. — Што яшчэ?
— Правільна! — уздыхнуў з палёгкай бацька, быццам Віктар падказаў яму выратавальны адказ. — Нельга сцерці чорнае, памнажаючы яго. Трэба рабіць белыя плямы на шэрым! Ствараць нешта светлае, добрае.
— Каб жа было так проста, — хмыкнула маці.
— Вядома, не проста! Вядома, не за раз! — зноў пагадзіўся бацька. — Але ж шлях вось такі — выкрываць, шукаць, нішчыць — шлях рэвалюцыйны, значыць — з кроўю, дыктатурай, з контррэвалюцыямі. А ствараць белае, цягнуць людзей да свету, а не тыкаць іх у свой жа бруд — шлях эвалюцыйны. Гэта значыць — шлях паступовы і незваротны. Культура развівалася такім накірункам, культура і мастацтва выводзілі людзей з іх звярынага аблічча.
— Надта ты ўжо высока ўзяў...
— Нічога не высока, — пераканана адказаў бацька. — Вось сайт, што з’явіўся ў горадзе, — гэта множанне чорнага. А сайт сына з яго вершамі — маленькая кропля светлага. Ты, сын, гэта разумееш?
— Разумею, — усміхнуўся Віктар. — Значыць, буду цягнуць эвалюцыйны воз, з гонарам за сябе.
— Ты не смейся, — крыху пакрыўдзіўся бацька. — Кожны чалавек мяняе свет і сусвет. У залежнасці ад таго, колькі даў яму Бог таленту. Табе далі больш — з цябе больш і спытаецца...
— Хто з яго пытаць будзе? — аж спалохалася маці. — Што ты пужаеш хлопца?
— Адзін у нас суддзя ва ўсіх, — ціха адказаў бацька. — Сумленне.
— Пайшлі есці, прастыла ўжо ўсё, — схамянулася маці. — Чорнае, белае... Шэрым сярод шэрага жыць прасцей і лягчэй...
Не змог утрымацца — зайшоў адразу на сайт, паглядзеў статыстыку наведванняў: 500 юзераў за суткі. І ўжо з лёгка падрыгваючымі ад хвалявання рукамі, паглядзеў статыстыку на сваіх трох партнёрскіх праграмах. І ёкнула ўсярэдзіне ад бухнуўшай з манітора радасці: за суткі — 11 долараў!
Нават не стаў гатаваць сняданку, адразу пайшоў далей спаміць па форумах, дзе яшчэ не быў. Зарэгістраваўся ў «Аднакласніках», «Укантакце», хоць раней грэбаваў гэтымі сацыяльнымі сеткамі — адно дзеці ды настальгуючыя развядзёнкі...
І толькі потым, з пачуццём выкананай місіі, зрабіў сабе гарбату і бутэрброд.
Усё добра. Так далей пойдзе — за тры месяцы збярэцца добрая сума. І тую самую чорную пляму, пра якую казаў бацька, можна выдаляць... Падумаў, чым будзе займацца сёння. Ну, па-першае, трэба схадзіць у інтэрнэт-кафэ, але цяпер ужо — не вакзальнае, там закінуць з флэшкі новы ролік і тэкстоўку да яго. Падагрэць цікавасць... Заадно паглядзець, дзе яшчэ ёсць сярод спальных раёнаў зручныя месцы для назірання. Бо з даху свайго дома здымаць больш нельга. І ўвогуле, у сваім раёне ніякіх здымак. Іначай яго вылічаць...
Паставіў той самы ролік з жанчынай і двума зэкамі. Няхай пабачаць, як збоку выглядае. Гэта не фільм, дзе ўсё прыгожа, прадумана...
Добраму настрою перашкаджаў страх. Так, самы звычайны страх. Калі да гэтага часу не было практычна на яго сайце ролікаў, за якія б яго нехта люта ўзненавідзеў і пачаў шукаць, то цяпер Віктар баяўся. Гэтыя «героі» наўрад ці хацелі той вядомасці, якую ім падрыхтаваў хлопец. Ён і збіраўся спачатку пасядзець яшчэ гадзіны дзве дома, перарабіць, закрыць твары, але потым адмахнуўся. Мужчыны, відавочна, былыя зэкі. Значыць, ім не да інтэрнэту. А жанчына дык і ўвогуле нейкая п’яніца. Па твары яе ўзрост і ўзрост маці аднолькавы. Глядзі, як жыццё па-свойму распараджаецца: маці і вось гэтая... Віктара аж перасмыкнула. У маці ёсць муж, сям’я, дзеці дарослыя. А ў гэтай...
Віктар спыніўся. Думка, такая звычайная і адначасова неверагодная аглушыла сваёй жыццёвай будзённасцю: у гэтай жанчыны могуць таксама быць дзеці. Напрыклад, такі ж сын, як і Віктар. Ён заходзіць у інтэрнэт. Яму сказалі пра гэты сайт. І вось ён бачыць ролік, дзе з яго п’янай маці здзекуюцца па-жывёльнаму два зэкі. Яна, магчыма, і не ўсведамляла: што з ёй і хто з ёй. А раптам яна не п’яніца? Раптам яе сустрэў былы аднакласнік, сябар дзяцінства, а цяпер — зэк, які толькі што вызваліўся? Яна згадзілася пасядзець у бары, бо сябар жа... Выпіць крыху. А ёй маглі падсыпаць што заўгодна. Ды і проста напаіць. Іх жа было двое. Ці запалохаць. Прыгразіць... Раптам яна пайшла на ўсё, толькі каб захаваць нейкую страшную таямніцу з мінулага свайго, адно каб цяпер гэтая таямніца не пагражала яе сям’і?
Уяўленне малявала і малявала карціны ў галаве Віктара. Ад адной ён адмахваўся, гнаў са свядомасці — ад той, дзе сын гэтай жанчыны заходзіць на сайт і глядзіць ролік. І пазнае сваю маці... Што ён зробіць?
«Ат, трызню, усё прыдумаў! Навошта сябе накручваць? Самая звычайная п’яніца яна, у яе і дома свайго няма. Калі на самай справе не так, калі ёсць у яе і дзеці — значыць з’явіцца камент. Будзе нешта там — тады і здыму ролік. Закрыю твары...» — урэшце зацугляў Віктар свае фантазіі.
На другой ускраіне горада вялося прыватнае будаўніцтва. Але, што было выгадна, гэты ўчастак высока ўзнімаўся над астатнім горадам. Віктар пахадзіў сярод гатовых дамоў і вуліц, сярод асобных дамоў, якія яшчэ і вуліцу не маглі акрэсліць. На нейкіх будоўлях кіпела праца, іншыя цагляныя каробкі стаялі з забітымі дошка-мі вокнамі... Хто як можа — так і будуецца. Ля аднаго недабудаванага дома ў два з паловай паверхі раскашаваў бур’ян. Такім жа зарослым быў і вялікі ўчастак, што вызначалі даўно закапаныя, цяпер пахіленыя ў розныя бакі, іржавыя слупы з абрэзкаў тоўстай трубы.
Перад Віктарам была чужая бяда — вось, узяліся людзі будаваць, размахнуліся на вялікі, дыхтоўны дом. І хутка справа пайшла. Марыў гаспадар ужо ўвесну ўзараць агарод, каб радавалі яго вока роўныя барозны бульбы, цешылі дзяцей градкі з трускалкамі і гарохам. Але здарылася нешта. Можа, як паехаў у Расію за грашыма, так і згінуў там. Прападаюць жа без вестак не адзінкі з тых, хто шукае заробкаў за мяжой. А можа, захварэў, у аварыю трапіў. А можа, і няма ўжо сям’і — з-за нечага пасварыліся муж з жонкай ды развяліся. Не з-за дробязяў, вядома: ці ён пакахаў іншую, ці яна знайшла каханка... Хавалі доўга, ды ўрэшце адкрылася...
Віктар азірнуўся па баках — нікога паблізу не было, за ім ніхто не цікаваў, і ён хутка, але асцярожна зайшоў праз некалі забіты дошкамі, а цяпер адкрыты праём дзвярэй у дом.
Тут было пуста і сыра. Падлога не пасцелена. Толькі сцены, перакрыцці, дах. На другі паверх вёў збіты з дошак насціл, такі ж ляжаў на паддашку, дзе планавалася яшчэ мо два ці больш пакояў...
Віктар узняўся наверх, агледзеўся. Пыл ды рэшткі будаўнічага смецця, галубіны памёт пад бэлькай... Так, даўно тут не з’яўляюцца гаспадары.
А з невялікага праёма акна адкрываўся від на горад. Тое, што трэба... Адно дрэнна — няма на чым пасядзець, хоць ты бяры ды падмятай — не прысесці. Віктар пахадзіў па доме, адшукаў усё ж тры цагліны. От і добра...
Сядзеў доўга без выніку — нічога цікавага. Здаецца, і пачынаецца эпізод добра, а потым даводзілася сціраць, каб хапіла памяці на нешта сапраўды вартае. Адно пад вечар, калі стаў ужо нервавацца (не хацелася трапляць маці і тым больш бацьку на вочы з тэлескопам у сумцы), удалося зняць больш-менш цікавы ролік: п’яны мужчына вяртаўся дахаты з горада сюды, у прыватны сектар напрасткі, па ўтаптанай сцяжынцы праз поле. Недзе пасярэдзіне шляху сцяжынка забягала ў невялікі зараснік кустоў і вольхаў, што шырокім клінам стаяў папярок сцяжынкі, далей пераходзячы ў невялікі лясок з густым падлескам. Акурат у зарасніку было невялікае паглыбленне — старая канава з пакатымі берагамі. Мужчына ішоў, добра хістаючыся. Нейкі час ён задуменна стаяў перад канавай, пасля адважна спусціўся і паспрабаваў гэтак жа адважна і хутка выбрацца наверх. Канава была глыбінёй не больш за паўтара метра, сухая. Але ўсе спробы мужчыны выйсці наверх, заканчваліся тым, што ён, рэзка хіснуўшыся назад, паварочваўся і збягаў уніз. Яго ўпартасць смяшыла. Здавалася, мужык перад сабой паставіў мэту: ні ў якім разе не нагінацца да зямлі, узысці прама. І не мог!
Віктар пасмейваўся са спроб мужчыны, думаючы над тым, што калі павыразаць лішняе, то ролік атрымаецца дынамічным і пацешным. Самае цікавае было ў тым, што мужчына ўсё ж узышоў наверх не згінаючыся! «Вось дзе ўпартасць! Вось вытрымка! Чвэрць гадзіны згубіў, але ж не сагнуўся, не стаў выпаўзаць на карачках з той яміны», — думаў Віктар, зачахляючы тэлескоп. Было ў гэтым роліку нешта павучальнае...
Вечарам хутка паглядзеў каменты на сайце. Большую палову дазволіў. Да роліка з п’янай жанчынай каменты былі аднастайныя: «Жэсць», «Поўны трэш!» і падоб нае. «Ну вось, як і думаў: самая сапраўдная п’янь, калі і ёсць у яе дзеці, то даўно ў дзіцячых дамах забыліся, што мелі некалі маці. І маладзей яна... Гэта спіты твар так старыць...»
Дзень удаўся. Заўтра трэба пашукаць іншую кропку — з гэтага недабудаванага дома не трапляецца нічога асабліва вартага. А мо, занадта спяшаецца ён? Некалі адзін ролік за дзень быў удачай, а цяпер ужо хочацца пяць за раз? Так, хочацца. Бо карціць хутчэй закончыць свае паляванні. Ну яго... Калі верыць каментам, на яго самога ў любы момант нехта невядомы можа пачаць паляванне. Шкада, з аднаго боку, што выклаў ролікі, знятыя з той вышкі, — больш туды не сунешся. У любы момант нехта сапраўды можа яго там чакаць. Але і тых хопіць! Трафік ёсць, хутка зазвоніць кіпер!
Пазней Віктар выйшаў на вуліцу — не было асаблівых спраў ды і не варта заседжвацца ў сеціве. Ведае ж бацька, што сайт ён зрабіў. Трэба будзе частку грошай патраціць на тое, каб зрабіць сабе сайт на асобным дамене — сказаў жа бацьку.
Пакуль тусіліся ў парку, потым проста на вуліцы, Віктара не адпускала адна трывожная думка, што засела нябачнай стрэмкай у мазгах. Не мог зразумець: што канкрэтна яго хвалюе? Нешта, звязанае з грашыма, з яго заробкам. Але што? І толькі калі клаўся спаць, аж падкінула яго: а што ён скажа бацьку і маці, калі яны спытаюць, дзе ўзяў грошы? Чым апраўдаць такія хуткія яго заробкі на адалце? На партнёрках ужо збіраецца сума... Вось дзе пытанне дык пытанне... Трэба думаць... Бацька — не маці, яго казкамі пра продаж спасылак не абдурыш. Трэба, мабыць, распавесці пра капірайтынг. Сказаць, што піша тэксты. А раптам пашанцавала і натрапіў на добрага заказчыка? Усяк жа здараецца...
Заснуў, але спакою і ўпэўненасці не было. Хлусня множылася вакол яго ў геаметрычнай прагрэсіі: для тлумачэння аднаго эпізоду трэба прыдумваць другі, для таго — трэці... Віктар адчуваў, што адзін бок яго жыцця зрабіўся цалкам закрыты для ўсіх... І нікому не скажаш. Ужо — нікому...
Назаўтра зранку апрацаваў зняты ролік пра п’янага мужыка і канаву. Насамрэч, атрымалася смешна. Падабраў музычны фон. Хоць цяпер яго пастаў — такі бяскрыўдны, забаўляльны ролік... Але Віктар стрымаў сябе: заўтра ці пазней. Усё ж той дом недабудаваны — добрае месца. Нельга яго «свяціць».
Ён не пашкадаваў пра сваё рашэнне. Праўда, тое, што ўдалося зняць, ніяк не ўкладвалася ў свядомасць ірэальнасцю сцэны. Гэта было не кіно, не хроніка «Надзвычайных здарэнняў».
Гэта было рэальнае рабаўніцтва, якое адбывалася ў кіламетры ад Віктара. На маленькім дысплеі фотаапарата Віктара дзяўчына ў бязгучнай роспачы адкрывала рот, а яе трымалі ў той самай канаўцы два дзецюкі.
Што было рабіць? Крычаць адсюль? Няма сэнсу. Бегчы? Але што ён можа адзін супраць дваіх? Яны ж дарослыя ды і мацнейшыя за Віктара.
...Дзецюкі выскачылі перад дзяўчынай з зарасніку. Адзін адразу ўхапіў яе за рукі, закруціў іх назад і трымаў. Другі, нахабна ўсміхаючыся, вырваў з рук сумачку. Дастаў адтуль кашалёк, потым вытрас усё астатняе на зямлю. Пацягнуўся рукой да грудзей дзяўчыны. Тая ірванулася назад, але дзе там... Рука рабаўніка шмарганула блузку дзяўчыны, дацягнулася да залатога, мабыць, ланцужка на шыі. Сарвала... Потым той, што трымаў дзяўчыну за рукі, перахапіў яе за шыю, і сама дзяўчына i дрыжачымі рукамі зняла адну за другой завушніцы, потым два пярсцёнкі з рук...
«Сволачы, гопнікі праклятыя... Пачакайце, вы сябе пабачыце...», — адчайныя думкі біліся ў галаве Віктара, ад дрыжання рук раз-пораз збівалася настройка тэлескопа. Потым Віктар пабачыў, як замільгалі дзве постаці ў зарасніку — дзецюкі
ўцякалі. Асцярожна павёў тэлескопам за імі. І тут пабачыў, як з кустоў на сцяжынку гэтыя двое выкацілі матацыкл, спяшаючыся, завялі і рванулі. Віктар не быў упэўнены, што нумар матацыкла патрапіў у кадр...
Павёў аб’ектывам назад. У гэты момант дзяўчына, чапляючыся рукамі за траву, выбіралася з канавы. Устала, пайшла хістаючыся, прытрымліваючы разарваную блузку адной рукой. Застылы страх у заплаканых вачах, грымаса болю скрывіла твар, ператварыла яго ў маску адчаю.
Віктар выключыў запіс. Сеў на цагліны. Рукі дробна трэсліся. Ён зразумеў, што зрабіўся сведкам сапраўднага злачынства. Што на яго вачах адбылося страшнае. Без думак сядзеў колькі хвілін, потым зняў з тэлескопа фотаапарат — успомніў, што не пабачыў дакладна, ці патрапіў у кадр нумар матацыкла.
Пракручваў ролік на маленькім экране, і ў другі раз яго працяла ад выразу твару дзяўчыны, калі яна нема раскрывала рот. Яна клікала на дапамогу... Колькі адчаю, колькі малення, колькі страху ў вачах...
Звераватыя, драпежныя выразы твараў дзецюкоў. «П’яныя, сволачы», — адзначыў Віктар ужо з ціхім задавальненнем, ад таго, што буйны план у гэтым месцы атрымаўся — твары рабаўнікоў добра відаць.
Нумар матацыкла толькі мільгануў у кадры, не разгледзець, але гэта не страшна — можна ўключыць пакадравую прагонку, прыпыніць у гэтым месцы.
Выглянуў — дзяўчыны ўжо не было. Сабраў тэлескоп, склаў усё, спусціўся хутка ўніз і пайшоў. Але не па той сцяжынцы, кругом, выйшаў на прыпынак автобуса. Едучы, праводзіў позіркам і той далёкі адсюль, з дарогі, дом, і тую страшную канаву з пачуццём упэўненасці, што ніколі сюды больш не прыйдзе.
Не было аніякага жадання садзіцца за кампю’тар і перакачваць ролік, апрацоўваць яго. Нешта стрымлівала. Калі шчыра, дык Віктар яшчэ і не вырашыў, што рабіць са знятым эпізодам. Гэта ж не пераапрананні на беражку. Было тут нешта надзвычай сур’ёзнае для яго самога. Нават думаць пакуль не хацелася над лёсам роліка. Бо адчуваў, што тое, як паступіць ён у дадзеным выпадку, можа не проста змяніць ягоны сайт, а ўзарваць літаральна горад. Калі пачуюць пра такі ролік, на сайт рынецца глядзець плойма народу! Тых падонкаў цяпер спакойна вылічыць і знойдзе міліцыя. Гэта можа змяніць не толькі жыццё самога Віктара, калі раптам (гэта амаль немагчыма, але ж...) падонкі стануць помсціць і знойдуць Віктара. Гэта ўсё важна. Але куды больш важна іншае. Віктар адчуваў, што гэты ролік можа змяніць яго самога. Як, якім чынам — незразумела. Таму і страшна.
Вечар Віктар правёў у кампаніі з Юрысам і астатнімі хлопцамі. Мэры не пабачыў. Вельмі хацелася патэлефанаваць ёй. Каб сустрэцца, пагаварыць. Аб нічым і аб усім. Можа, стала б куды лягчэй, бо цяжар уласнай таямніцы пачынаў гнесці. Вядома, ён бы не стаў расказваць Мэры аб усім. Але можна б было неяк ускосна абмаляваць эпізод... Мэры разумная дзяўчына, яна дапамагла б. У хлопцаў пра такое не спытаеш — Юрыс адразу пра ўсё здагадаецца... Эх, каб быў нехта нейтральны чужы, але разумны, чулы, талковы: папытацца ў яго, параіцца, і каб ён знік потым недзе, растварыўся, больш не ўмешваўся, не пытаўся, нікому-нікому іншаму не рас казаў. Кажуць, Бог ёсць... Хай бы з ім нейкая сувязь мелася: патэлефанаваў яму па мабільніку, расказаў усё чэсна, шчыра — а ён табе добрую параду, разумную, талковую. Шкада, няма такой сувязі з Богам...
Прачнуўся позна. Ляжаў, не паднімаўся — пракручваў у галаве ўчарашні дзень і той страшны эпізод. Сёння было лягчэй. Недарэмна маці кажа, што з кожнай бядой трэба пераначаваць: куды прасцейшым усё становіцца ранкам.
А ранак быў светлым і ясным. Хоць які тут ранак — ужо каля 11 гадзін. Учора прыйшоў позна, а потым ніяк заснуць не мог, узяўся чытаць. Чытаў тое, што траплялася пад руку: вершы, апошні нумар «Маладосці»...
Памыўся, паснедаў. Думаў, чым бы заняцца, бо на сённяшні дзень нічога не планаваў. Гэта здавалася ўжо неверагодным, прызвычаіўся кожны дзень распісваць...
Зазвінеў мабільнік. Віктар уздрыгнуў і вылаяўся — ён ніяк не мог дараваць сабе, што пачаў баяцца «чужых» званкоў. Учора, калі вячэралі, затрэнькаў званок дамафона — Віктар ледзь гарбату не праліў — так затрэсліся рукі. А прычын жа аніякіх...
Але зірнуў на нумар — імгненна абдало хваляй супакоенасці: званіў той самы Сашка, з якім працавалі на фірме грузчыкамі.
Алё!
— Прывітанне! Віктар? Давай пасля трох падыходзь на фірму, сёння грошы атрымаем.
— О, дзякуй за такую прыемную навіну. Прыйду.
Віктар выключыў мабільнік. От і ёсць сотня долараў. Каб тыя не патраціў, было 200. З бацькавымі — ужо 250. І навошта сайт?
Цьфу, куды панесла! Сайт ужо дае грошы! А колькі яшчэ дасць — да Новага года будзе на дзве кнігі. Зараз уключым, паглядзім, колькі там на партнёрках сабралася... Віктар уключыў камп’ютар, увайшоў у сетку і запусціў кіпер — успомніў, што дзве з партнёрак абяцалі свае выплаты якраз на сёння. І аж здрыгануўся, калі з калонак раздаўся сапраўдны звон манет, якія сыплюць у драўляны куфэрак. Прыйшлі першыя выплаты! Вось так! Ёсць грошы, ёсць!
Хутка паглядзеў статыстыку наведванняў на сайце. Трафік упаў. Катастрафічна! Добра, тут усё зразумела, паглядзелі ролікі, цяпер новага нічога, вось і чакаюць, пакуль нехта кіне спасылку... Ну, добра, з гэтым пасля.
Што будзем рабіць? Найперш, трэба каменты прагледзець... Нармальныя каменты, хіба што адзін нейкі дзіўны.
Я абяцаю. Не, я клянуся!
І што ты мне абяцаеш? Солі на хвост насыпаць? Ну, давай...
Настрой цалкам рабочы, то самы час узяцца за той ролік... Жыццё ёсць жыццё — у ім чорнага не менш, чым ружовага. Віктар супакойваў сам сябе, хоць асаблівага хвалявання ў ім сёння не было. Зноў скачваў ролік, апрацоўваў яго без асаблівых эмоцый. Не задумваўся над тым, закрываць твары ці не. У гэтым роліку, канешне, закрываць.
«Нецікавы стаў вам мой сайт? Зараз паправім становішча, зараз я вас павесялю, — ледзь не прыгаворваў Віктар. — Зараз пабачыце такое, ад чаго мурашкі па скуры пабягуць... Ніякіх каментаў не трэба, усё зразумела. Выразаць нічога не буду, хоць зацягнута, затое нідзе не перарвецца...»
Нумар на матацыкле Віктар вырашыў таксама закрыць. У іншым выпадку атрымаецца, што ён даносчык. А быць суддзёй яму нешта перахацелася.
Таго ўчарашняга настрою, той прагі помсты, спачування да дзяўчыны амаль неВіктар перазапісаў ролік у рэдактары, прагледзеў гатовы варыянт. Нармалёва, тут музыкі ніякай не трэба. Няхай у маўчанні ідзе...
Загрузіў ролік тут жа, хоць збіраўся пайсці ў інтэрнэт-кафэ.
Выйшаў з сеткі, стаў чысціць за сабой камп’ютар, выдаляючы запісаныя файлы, кэш браўзера. Вырашыў гадзіну пачакаць і потым паглядзець. Быў упэўнены: гэты ролік незаўважаным не застанецца. А значыць, можна разлічваць на цудоўны трафік...
Гучны сігнал аб тым, што прышоў электроны ліст, заспеў яго на кухні — якраз рабіў каву. «О, першыя каменты пайшлі», — падумаў задаволена, бо цяпер настроіў сайт так, каб усе каментары скідваліся на пошту. «Давайце, давайце... »
З кубкам кавы падышоў да камп’ютара. Але то быў не камент — ліст прыслаў Алік.
«Тэрмінова! Здымі апошні ролік. Тэрмінова!!! Стукні ў аську. Важна!»
«Што такое?..» — трывога ахапіла Віктара, але надта ён не баяўся. Слухаць гэтага Аліка ці не? Алік жа ведае, што Віктар як быццам толькі распрацоўвае сайт, што не ён адзін у праекце, што галоўным тут нехта іншы... Адказаць? Тады Алік зразумее, што Віктар усім запраўляе... Чорт з ім, здымем пакуль, нікуды ролік не дзенецца, проста забаронім паказ... Ну, і што ў асьцы Алік скажа?
Віктар: — Я тут
Алік: — Ты там з глузду з’ехаў?
Віктар: — Што за наезд? І я тут пры чым?
Алік: — Не ведаю, хто там кіруе... Апошні ролік — гэта крымінал.
Віктар: — Крымінал. А што?
Алік: — Доўбня! Крымінал у адносінах не да тых пацаноў, а да цябе!
Віктар: — Што ты палохаеш?
Алік: — Дзіцячы сад... Ты быў сведкам злачынства?
Віктар: — Я працую над сайтам. Пакуль.
Алік: — Ну, школьнікі! Ты быў сведкам злачынства, але не паведаміў пра яго міліцыі. А гэта — крымінальная адказнасць, ясна табе?
Віктар маўчаў. Яго бы абдало кіпнем.
Алік: — Ты тут? Чаго маўчыш?
Віктар: — Тут.
Алік: — Зразумела табе?
Віктар: — А што, я абавязаны? Каму якая справа?
Алік: — Абавязаны. Павінен. Ёсць такі артыкул: «неданясенне аб злачынстве». Ты можаш сесці.
Віктар: — А я тут пры чым!?
Алік: — Мне няма розніцы, хто сядзе. Ты, ставячы ролік, таксама стаў сведкам. Вось табе спасылка, пачытай... Я папярэджваў, што трэба сур’ёзна ставіцца да Крымінальнага кодэкса.
Віктар: — Добра, ролік я зняў. Што яшчэ?
Алік: — О, дайшло... Цяпер пра справу: я ведаю аднаго з тых хлопцаў.
Віктар: — Ну...
Алік: — Значыць, можна зняць добрыя бабкі.
Віктар: — Якія бабкі?
Алік: — У маладзёна не гуляй. Грошы. Зараз кідаеш мне ролік на пошту. Я кідаю яму.
Віктар: — І што?
Алік: — Не касі пад дурня! Ён зразумее, што спаліўся. І выкладзе патрэбную суму. Дзелім папалам. Тры штукі на дваіх. Многа для яго не будзе.
Віктар: — Гэта як?
Алік: — Ты там не абкурыўся? Чаго мямліш? Тры тысячы долараў ён пералічвае на кашалёк — і ты адпраўляеш яму арыгінал, дзе яго твар не закрыты. Вядома, ролік знішчаеш. Ясна табе?
Віктар: — А калі не?
Алік: — Не зразумеў?
Віктар: — Не хачу я...
Алік: — Позна, хачунчык пераспеў. Рабі, як я сказаў. Зараз зарэгіструю яшчэ скрыню, скіну адрас. Адправіш з інтэрнэт-кафэ. Ясна?
Віктар: — Я нічога не рашаю.
Алік: — Дык рашайце! Я цябе ведаю, помні. Вашай крыві прагне не адзін чалавек у горадзе, помні і пра гэта.
Віктар: — Добра... я перадам. Вечарам адкажу.
Алік: — Цяпер.
Віктар: — Няма ў горадзе галоўнага.
Алік: — Добра, пачакаю. Да 22 гадзін. Каб быў у асьцы.
Віктар выключыў аську, потым падключэнне да інтэрнэту, потым і сам камп’ютар. У кватэры стала ціха-ціха.
Думак не было. Не мелася нават адчаю, прыкрасці — нічога не было. Пустата. І адзін Віктар сярод гэтай пустаты.
Зазвінеў мабільнік. Юрыс — пазнаў па мелодыі Віктар.
— Віцька, здароў! Слухай, збірайся давай — пасля абеду ірвем на тую самую рэчку! Антон дамовіўся з маці, нам бусік даюць. Такая кампанія сабралася. Давай!
— У мяне... не атрымаецца, — адказаў Віктар і сам не пазнаў свайго голасу.
— Э, ты там грамчэй кажы... Не захварэў?
— Не, — адкашляўся Віктар. — Мне трэба... па справах, праўда. На фірму, грошы атрымаць.
— Ты што там, дзень прабудзеш? Мы цябе пачакаем.
— Не, не трэба...
— Мэры будзе... — выклаў апошні козыр Юрыс.
— Не.
Віктар адключыў мабільнік.
«Добра Юрысу... Як добра Юрысу! У яго няма чаго хаваць ад іншых, ён не жыве двайным жыццём, у яго ўсе клопаты — такія простыя і ясныя. Няўжо некалі так было ў яго, Віктара? Добра ім зараз: весела на душы — смейся, сумна — плач. Прыкідвацца не трэба, хавацца не трэба, не трэба хлусіць, вочы адводзіць... Няўжо вялікія грошы заўсёды вымагаюць падману?
Што ж рабіць? Што рабіць, чорт забяры гэтага Аліка! Вось жа гад... Бач, ідэя яму спадабалася... Значыць, пасвіў увесь час сайт, глядзеў, як напаўняецца. Не, нездарма тады ўзнікла нядобрае прадчуванне...
Разагнаўся... Грошы хоча задарма такія атрымаць. Ты здымі сам, а потым гандлюй сваімі ролікамі! Сволач...
Можа, выкінуць гэты чортаў ролік і паслаць Аліка падалей? Няма, ды і ўсё. Адчэпіцца...
Ролік выкінуць проста. Адным шчаўчком мышы. А колькі б гэты ролік трафіка Віктару прынёс! Трэба прайсціся па спасылцы, глянуць, што там за артыкул такі...»
Віктар недзе з гадзіну чытаў Крымінальны кодэкс, які адкрыў па спасылцы Аліка. Упэўніўся: Алік не схлусіў. Але з другога боку, узбуджэнне справы аб рабаванні адбываецца па заяве пацярпелай ці асобы, якая прадстаўляе яе правы. А калі дзяўчына тая не панесла заяву? Яшчэ нічога невядома...
Віктар павесялеў. Упэўненасць пакрысе вярталася да яго.
«Да вечара нешта прыдумаю», — вырашыў хлопец. Цяпер ламаць галаву не 5 было часу — трэба ехаць на фірму, атрымліваць заробленыя цяганнем і пагрузкай друзу грошы. Туды шлях не блізкі — на ўскрайку горада.
Да касы стаяла чарга, хай і невялікая, але рухалася яна вельмі марудна. Віктар
нерваваўся — даўно не стаяў у чэргах. Ды і ўвогуле, ці стаяў? Калі трэба нешта набыць, а чарга больш як пяць чалавек, ён проста адыходзіў — не праблема тое ж прыдбаць у іншым месцы.
— Апошні? — пачуў Віктар за спінай пытанне з цяжкім прыдыханнем.
— Ага, — адказаў Віктар, павярнуўся.
За ім стаяла жанчына з расчырванелым тварам, вялікім, пляскатым, у дробных кропельках поту. Не тоўстая, але грудзі такія вялікія, што быццам стаялі ў чарзе асобна ад жанчыны. «От каб такую зняць на відэа, было б на што зірнуць», — прыйшла ў голаў недарэчная, пошлая думка, ад якой Віктару зрабілася сорамна. Ты глядзі, ужо прызвычаіўся пазіраць на людзей, як праз аб’ектыў. А зрэшты: што тут такога — прафесіянальны погляд...
Віктар злаваў, яму хацелася павярнуцца, так злосна зіркнуць на гэтую цётку, каб зразумела ўсё без слоў і адышлася. Але цярпеў.
Праз хвілін сорак дачакаўся сваёй чаргі, падаў пашпарт, атрымаў ведамасць і распісаўся. Забраў грошы.
Як жа прыемна было трымаць іх у руках!
Грошы ў кішэні надалі настрою, зусім па-іншаму глядзеліся ў святле купюр усе ўчарашнія і сённяшнія праблемы. Калі спакойна разабрацца, то якія тут праблемы? Не спяшаючыся трэба думаць, без панікі. Віктар і думаў цяпер спакойна, чакаючы аўтобуса, потым седзячы ў салоне. Адно што перашкаджала, дык гэта тая цётка, якая апынулася з ім у адным аўтобусе. «Зараза, прыляпілася... Вось пагляджу, дзе жывеш, вазьму тэлескоп — будзеш ведаць...» — думаў Віктар, але без асаблівай злосці.
Дык што там прапаноўваў Алік? Хех, хітры ён... Вядома, той дзяцюк, якога ён пазнаў, заплаціць патрэбную суму, нікуды не дзенецца. І няхай плаціць, скаціна. За ўсё трэба адказваць. З другога боку, чым рызыкуе Віктар? Ды нічым! Што яму: перадасць Аліку ролік, а той няхай сам усё рашае. Атрымаецца нешта ў яго — будуць у Віктара грошы...
А сума якая! Больш як тысяча долараў! Неверагодна проста. Не заўсёды такі шанец выпадае...
Добра, пачакаем яшчэ вечара. Можа, прыдумаецца што лепшае...
Але, па сутнасці, Віктар проста не хацеў прызнавацца самому сабе, што рашэнне ім прынята. І дапамаглі тыя грошы, што ляжалі ў кішэні. Яны быццам падахвочвалі атрымаць яшчэ больш, быццам клікалі іншыя грошы да сябе і самі да іх цягнуліся.
«Грошы вялікія цягнуцца да яшчэ большых, — думаў Віктар над некалі раней прачытаным. — Так і зарабляюцца мільёны і мільярды...»
І куды больш зразумелым стаў выраз «грошы не пахнуць». Словы напоўніліся новым зместам і сэнсам, сталі аб’ёмнымі, выпуклымі. Грошы не пахнуць — гэта значыць, што дзеля добрай мэты можна пайсці на пэўныя ўмоўнасці адносна агуль напрынятай маралі.
Адзін прыпынак Віктар вырашыў не даязджаць, сысці раней і прагуляцца да свайго дома праз будоўлю новага мікрараёна. Разам з ім з аўтобуса выйшла і цётка з вялікімі грудзьмі. «От жа, шанцуе!», — раздражнёна падумаў Віктар і пайшоў па адзінай ад прыпынку сцяжынцы ў бок жылога масіву. Яго абагналі двое хлопцаў, ад якіх рэзка запахла півам. Віктар пайшоў шпарка — вельмі хацелася хоць ужо тут, на волі, адысціся падалей ад людзей...
Калі Віктар параўняўся з нейкай будынінай, на якой не вялося ніякай работы за спінай пачуліся хуткія крокі. Саступіў са сцежкі ўбок — нехта спяшаецца, трэба даць дарогу.Хлопец, мо на год ці два старэйшы за Віктара, у насунутай на самыя вочы кепцы нечакана схапіў Віктара за грудзі і папхнуў наперад і ўбок — за вугал будынка, і яшчэ далей, за наступны вугал.
У Віктара ад неспадзёўкі перахапіла дыханне. Ён тузануўся што сілы:
— Ты што?!
І амаль ужо вырваўся, як хлопец моцна піхнуў яго. Віктар не ўтрымаўся б на нагах, упаў, але раптоўна адчуў на сваіх плячах нечыя рукі, якія ўтрымалі яго. Ён хацеў павярнуцца да таго, хто быў ззаду, як рэзкі пякучы боль ніжэй грудзіны прымусіў імгненна скласціся ці не папалам. Паветра ў лёгкіх не стала, не было як дыхнуць і Віктар толькі адкрываў бязгучна рот, але не мог глытнуць, а без паветра боль разрываў усё ўнутры. Нарэшце ледзь-ледзь атрымалася, стала крышачку лягчэй. Віктар, аглушаны болем, ніяк не мог зразумець, што адбываецца.
Кволая выратавальная думка аб тым, што ўсё гэта — няўдалы жарт яго сяброў-аднакласнікаў, цеплілася яшчэ імгненне, пакуль незнаёмы сіпаты голас не загадаў:
— Стань, чмо... Да сцяны...
Віктар дрэнна бачыў, што адбываецца. Постаці, якія стаялі насупраць сонца, расплываліся. Яго таўханулі да сцяны, у цень, і ён пазнаў тых двух, што перагналі яго на сцяжынцы.
— Грошы давай... Хутка... — пачуў ён загад.
— Няма... — з адчаем выціснуў праз боль Віктар.
— Гы, а хто ў чарзе па бабкі стаяў? — пачуў Віктар, і адразу ж галава яго матлянулася ад удару.
Боль апёк скулу, у вачах мільганулі іскры, калі патыліцай ён выцяўся аб цагляную сцяну.
— Грошы! Хутка!
Віктара апанаваў жах. Першы раз у жыцці яго ўдарылі па твары. Яго ўвогуле ўдарылі па-сапраўднаму першы раз. Боль... Гэта было невыносна. Недзе далёка знікла ўсё: ён, Віктар, сын сваіх бацькоў, вядомы ў школе паэт, які мае сяброў, якога паважаюць, зніклі яго сябры, Мэры, мары пра кнігу, нумар часопіса з яго вершамі — усё знікла, стала далёкім і нерэальным. Раптоўна ён быў пазбаўлены ўсяго, ён стаў нікім і нічым. Яго білі гопнікі, іх цікавіла толькі адно — ягоныя грошы. Улада чужой, варожай сілы над сабой была аглушальнай, яна раструшчыла Віктара, пазбавіла здольнасці да супраціўлення, хоць да маленькага дзеяння. Страх новага фізічнага болю жалезнымі пальцамі сціскаў мозг: «Толькі б не білі больш... толькі б не білі...»
— Зараз... зараз... — пралепятаў Віктар, сунуў руку ў цесную заднюю кішэню джынсаў, а яна ніяк не лезла, і страх яшчэ мацней сціскаў халоднымі абцугамі — зараз удараць, у жывот удараць...
— Што вы там робіця, га?! — раздаўся нечаканы голас аднекуль збоку.
— Ідзі, баба, у нас свае справы, — ляніва кінуў нехта з рабаўнікоў.
— Якія ў вас справы тамака? А ну пусціце мне суседа! — нечакана залямантавала жанчына. — Сашка, чаго яны да цябе чапляюцца? Што ж гэта робіцца такое, сярод белага дня праходу няма! Гэй, мужчыны, хутчэй сюды! — павярнулася яна назад да сцяжынкі. — Міліцыю паклічце, вунь жа машына толькі ад прыпынку адыйшла, няхай сюды едзе! Хутчэй, хутчэй!
І нечакана ўся тройка кінулася бегчы ўглыб будоўлі, дзе стаялі розныя хлеўчукі, каробкі будучых будынкаў і высіліся гурбы зямлі.
Жанчына паспешліва падышла да Віктара. Ён пазнаў яе — тая самая...
— Што, грошы адабралі? Выклікай міліцыю, не ўцякуць! Выклікай, па мабільніку!
— Не паспелі адняць, — цераз сілу ўсміхнуўся Віктар. — Дык жа выклікалі міліцыю...
— Хто яе выклікаў? Няма ж нікога, — паціснула плячыма цётка. — От жа сволачы, я так і падумала, яшчэ ля фірмы прыкмеціла, што цікуюць... Моцна пабілі?
— Не, не моцна, — адказаў Віктар і апусціўся, прысеў — не мог больш стаяць на нагах.
Страх адпусціў — і слёзы нечакана прыснулі з яго вачэй. Яму не было сорамна перад гэтай незнаёмай жанчынай. Ён не ведаў прычыны сваіх слёз: былі то слёзы болю, ці слёзы сораму, а мо слёзы нянавісці і жальбы да сябе.
«Сволачы... сволачы... сволачы...», — праз усхліпы білася думка ў галаве, яго калаціла і трэсла.
Жанчына стаяла побач, хутка дастала насоўку з сумачкі, уклала яе ў руку Віктара. Не казала ні слова.
Нарэшце ён супакоіўся. Выцер твар, не ведаючы, што далей рабіць з насоўкай — яна была мокрая.
— Трымайся, хлопец, трымайся, — кранула яго жанчына за руку. — Пайшлі, зараз лягчэй будзе... От, няма халоднага нічога, твар прыпухне...
Стала лягчэй. Яны ішлі адны па сцяжынцы, нікога не было бачна ні спераду, ні ззаду.
— То ж і мне страшна было, — казала жанчына. — Ды баяцца баішся, а нешта ж трэба рабіць. Я адразу здагадалася, як цябе піхнулі за вугал. Бегла хутчэй... З гэтымі свалачамі трэба смялей быць, яны ж бы тыя сабакі, толькі зграяй моцныя. Як ты адзін, а іх многа...
— Дзякуй вам, — выціснуў нарэшце з сябе Віктар. — Толькі я не Сашка, не ваш сусед.
— Дык жа людзі мы. А як мы знаёмыя, дык разам. А яны баяцца нападаць на тых, хто разам, — патлумачыла жанчына і загаварыла пра сваё: — У мяне вунь дачка падрастае, 13 гадкоў. Так баюся за яе... Развялося гэтай швалі, няма і днём управы. Адпусціш — і сэрца не на месцы, пакуль у хату не прыйдзе...
Ужо заходзячы ў ванны пакой, Віктар ведаў, што твар распух, бо адно вока ў яго прыжмурылася. Глядзеў на сябе ў люстэрка і было балюча невыносна. Не ад пабітага твару. Ад таго, што быў такім слабым. Што яго раздушылі літаральна адным ударам. У яго ж і думкі не было супраціўляцца, ён баяўся, страшэнна баяўся, што яго зноў удараць. Болю баяўся... Як сорамна... Які ж ён чарвяк... Цётка, жанчына, а пайшла яму на дапамогу. Не ведала, што там адбываецца, можа, з нажамі тыя гопнікі... А ён ці б пайшоў, каб быў на яе месцы? Калі б яна першая ішла і яе вось так запіхнулі за вугал? Пайшоў бы? I ўспыхнуў у вачах той зняты эпізод рабавання.
«Сука я! — адчайна вылаяў сябе Віктар. — Тая дзяўчына клікала, а я здымаў кіно... Калі б выскачыў, калі б пабег з крыкам — яны б нічога ёй не зрабілі, уцяклі б!..»
Віктар у знямозе сеў на край ванны, падставіў галаву пад струмень вады. Халодная вада апякла скуру, але потым зрабілася лягчэй, адчай прайшоў, роспач мінула. I думкі сталі такімі ж халоднымі, дакладнымі, быццам нехта іншы ў галаве Віктара прамаўляў яму ўсё па-праўдзе, не чакаючы апраўданняў.
«Цябе ж толькі адзін раз ударылі, а што ты адчуў? Момант адзін толькі — а ты захлынуўся пачуццём страху, стаў нікчэмнасцю. Што твой боль? Што твой сіняк пад вокам? Яны пройдуць. Боль ужо прайшоў. А ў той дзяўчыны як! 3 яе здзекаваліся, яе растапталі як чалавека, як асобу, як жанчыну. А табе — кіно. Табе трафік трэба, каб розныя ўроды пёрліся пасля такога роліка на порнасайты. А калі дзяўчына пабачыць сябе ў гэтым кіно? Калі знаёмыя пабачаць? Калі маці яе пабачыць? Чуеш, якая ты сволач?!»«Чую, — адказаў сам сабе Віктар, і слёзы зноў закапалі з вачэй. — Чую...» Ён раптоўна ўявіў, што на сайце ягоным з’явіўся чарговы ролік — як б’юць ужо ЯГО САМОГА тыя гопнікі, як ЁН курчыцца ў страху, як дрыжачымі рукамі паслужліва працягвае сваім рабаўнікам грошы. Як бы маці глядзела такое «кіно»?
А мацяркі ж глядзяць... Вунь адна пазнала сваю дачку... Мо была і тая, што пазнала свайго сына, якога збіваюць нагамі хаўруснікі? І той камент незразумелы: «Я абяцаю. Не, я клянуся!» — гэта ж сын той жанчыны пакінуў, з якой зэкі здзекуюцца. А можа, вучань той старой настаўніцы... Ці дачка таго п’янага мужыка, што ўсчыніў дэбош у сваёй кватэры...
Віктар быццам збоку глядзеў на самога сябе, глядзеў чужымі вачыма — мо вачыма таго чалавека, якога шукаў нядаўна ў думках, каб параіцца, пагаварыць... А быў жа такі чалавек!
Адно вока амаль заплыло, правая частка твару распухла. Віктар выцерся акуратна, бо было балюча, пайшоў у свой пакой і ўключыў камп’ютар.
Спакойна, без аніякага хвалявання, з неверагодным адчуваннем лёгкасці ад ўпэўненасці ў тым, што робіць адзіна правільнае, ён зайшоў у адмінку свайго сайта. Выдзеліў усе разам і сцёр ролікі. Абнуліў базу і выдаліў бэкапы. Праверыў — сайт пусты. Потым праз адмінку хостынга выдаліў усе файлы і папкі ўвогуле. Зноў праверыў — браўзер паказаў, што на сайце адсутнічае галоўны файл. Яшчэ раз усё пераправерыў — нічога не засталося.
Дастаў дыск з кнігі і паламаў яго на некалькі кавалкаў.
Зайшоў у аську, адправіў тэкст Аліку: «Пайшоў вон!»
Выдаліў з кантактаў Аліка. Выдаліў пошту, якую заказваў праз дамен порнасайта.
Усё. Нічога няма. Стоп, грошы... Засталіся грошы на кіперы...
Выдаліў кіпер. Сцёр ключы ад кіпера. У настройках браўзера сцёр усе запісаныя паролі. Ведаў, цяпер узнавіць правы на кашалёк практычна немагчыма.
Ну вось, усё. Больш нідзе ні аднаго знаку.
Цяпер можна ісці ў ванную, напоўніць яе і добра памыцца.
Зусім нечакана ўсплылі перад вачыма, успыхнулі вялікімі чорнымі літарамі словы:
...Але Вам не збегчы ад сваёй памяці. Яна будзе смярдзець заўсёды — і нічым яе не змыць, ніякім дэзадарантам не запырскаць...
Паліваў сябе гарачай, потым халоднай вадой, але вада ўсё адно заставалася для яго аднолькава цёплай. І толькі калі дрыжыкі пайшлі па ўсім целе, зразумеў — вада напраўду халодная.
Раптам нібыта стрэліла ў галаве, так, як лопаецца паветраны шарык недзе збоку, знянацку: аглушальна, аж да змярцвення.
«Ну і што?» — выстраліла пытанне. «Абяліўся? А дзяўчына?»
Паспяшаўся за камп’ютар, раскрыў сваю заархівіраваную папку з паролем.
Потым зайшоў на сайт абласнога упраўлення ўнутраных спраў, запісаў адрас электроннай пошты. Уключыў паштавік, занёс адрас упраўлення.
У «Тэме» пісьма напісаў: «Рабаванне дзяўчыны ў горадзе... Дзень таму. Арыгінал».
У самім пісьме дадаў: «Пры пакадравым праглядзе нумар матацыкла чытаецца добра».