Тыкеле — толькі.
Ад Пятра да Якуба — з 29 чэрвеня да 25 ліпеня (н. ст.).
Прэце (польск. przecie) — аднак, але; тут у значэнні дарма, дарэмна.
Гвезды — зоркі.
Шталтам убогі — на выгляд убогі.
Цырулік — лекар.
Ратнік — ураднік.
Рыконі — мястэчка Рукойны (Рукайняй), непадалёку ад Вільні; у Рукойненскім касцёле хрысцілі паэта.
Без прыгат — без парэнчаў.
Ламы — завалы з галля і сухастою ў лесе.
Пакрова — Пакровы, рэлігійнае свята 1 кастрычніка.
Каза — астрог.
Траф — выпадак, здарэнне.
Брадзяжка — валацуга; бяспашпартная.
Аліндар — арандатар.
Усе ў залатых каўнярох — у аўтографе: усе ў адных каўнярох.
Акцызнік — службовец акцызнай установы, якая збірала падатак за выраб і продаж гарэлкі.
Кубан — хабар.
Шляма (польск. szlam) — шлам; ціна, асадак (у паравых катлах пры адстойванні ці фільтрацыі).
Наўда — карысць.
Пасэсар — арандатар.
Асэсар — станавы прыстаў.
Ройсты (польск. rojsty) — багна; імшары, лясныя лагі.
Кіяны (Кяна) — вёска каля Рукойнаў.
Ваўкелы — забалочаная сенажаць з хмызамі ля Багушэвічавай сядзібы ў Кушлянах.
Уторы — краі-выступы ў бочцы, пазы для замацавання дна.
Лучок — вушка ці дужка на бочцы.
Анёл паньскі — малітва каталікоў за памерлых; паводле падання, разганяе страхі, прывіды.
Браска — досвітак.
Ліна — канат, тоўстая вяроўка з канопляў або лёну.
У наборы — у рэкрутах.
Замаслаў — мястэчка Жэмаслаў (Жамаслаўе) у колішнім Ашмянскім павеце (цяпер Іўеўскі раён). Вясной і ўлетку 1861 г. тут адбыліся сялянскія хваляванні, якія скончыліся сутычкай з войскам; непакорлівых цягнулі на пакаранне ў Замаслаў, дзе стаялі казакі. У Замаслаўі жыў Багушэвічаў знаёмы Казімір Умястоўскі.
Сает — тонкае фабрычнае сукно лепшага гатунку.
Штахвэтам — эстафетай.
Кліпатэнт (польск. plenipotent) — давераная асоба.
Заскрысліў — запісаў.
Шык — скарб, багацце.
Латоўка — гліняная патэльня.
Скарач — ручнік з кутасамі, на які высыпалі вараную бульбу, ад гэтага ён карэў, рабіўся закарэлы.
Без жаднага — без ніякага.
Смакі, або смокі — цмокі, драконы.
Буч — прылада для лоўлі рыбы.
Памаркі — мары, надзеі, спадзяванні.
Скутку ніц (польск.) — без ніякага выніку.
Внэт (польск.) — хутка, мігам.
Ляк — сполах.
Ціжэмкі — абутак з тканіны; палатняныя, парусінавыя або шаўковыя тапці.
Не струла (польск. struć) — не атруціла.
Прыварак — мука лепшага гатунку, грачаная, гарохавая, бабовая, а найчасцей ячная для прыгатавання розных страў.
Пад заставу — пад заклад.
Аборкі — вёска пад Маладзечнам каля Палачанаў са слынным старажытным драўляным касцёлам, рэшткі якога захаваліся дагэтуль (пабудаваны ў 1443 г., перабудаваны ў 1773 г.).
Беразіна — рэчка ў Аборках.
З каліндарка — з календара.
Злыдні — дробныя гаспадарчыя рэчы, транты.
Чварагранну — чатырохкутную.
Ражанец — ружанец, пацеры.
Bóg ucieczką (польск.) — Бог маё сховішча, мой ратунак; пачатковыя словы каталіцкай малітвы.
Цёнгле — заўсёды.
Сказка — рэвізская сказка; спіс асоб падатковага стану, які складаўся пры рэвізіі-перапісе.
Срогі — строгі, суровы.
Звеставанне — веснавое свята 25 сакавіка (н. ст.).
Бо ў законе ўсе роўны — і пан, і мужык — судовая рэформа 1864 года абвясціла роўнасць усіх саслоўяў.
Святы Юр'я (Георгій) — вялікапакутнік, празваны таксама грэкамі «вялікім святым»; за гарачую прыхільнасць ідэям хрысціянства быў абезгалоўлены; дзень смерці 23 красавіка — рэлігійнае свята.
Дзень задушны — дзень памяці памерлых, 1 лістапада.
Чысцец — паводле каталіцызму, месца часовай кары за дробныя грахі па смерці чалавека, куды ён трапляе пасля апошняга «Божага суда» і дзе адбывае пакуты; адпакутаваўшы (з дапамогаю родных і блізкіх, якія ў гэты час моляцца за душу нябожчыка), ён трапляе на неба.
Каласір — газа.
Каламар — чарніліца; тут у сэнсе конаўка або іншая пасудзіна.