Зноў у парабкі
Раніцаю, калі бацька сказаў Грышу не ісці ў школу, хлопчык не ведаў, навошта яго пакідаюць дома.
— От сёе-тое паможаш зрабіць. Бачыш, вясна на дварэ, а ў нас яшчэ, як той казаў, і не ў бабкі гарох, — сказаў сыну Мітрафан. Пасля снедання ён паслаў Грышу падграбаць нацярушаную на двары за зіму салому, а сам заняўся парадкаваннем пад павеццю.
Мітрафан раз-по-раз прыслухоўваўся да ляскату колаў на вуліцы, выходзіў з-пад павеці глянуць, хто едзе, і, упэўніўшыся, што гэта не той, каго ён чакае, ішоў зноў да свае работы. Нарэшце, пад абед, перад Васільцовымі варотамі спыніўся стаеннік, запрэжаны ў брычку.
Подбегам заспяшаўся Мітрафан да варот.
— Тут жыве Мітрафан Васілец? — спытаў чалавек з брычкі.
— Дзень добры пану! Тут, проша пана, тут, заязджайце, — адчыняючы вароты, адразу і вітаўся, і адказваў на запытанне, і запрашаў на двор Мітрафан.
— Вам прозвішча Вайтовіч знаёма?
— Так, проша пана, знаёма. Вы з Караліны. Цівун ваш казаў, што прыедзеце.
— А то не цівун, — махнуў стусінкай Вайтовіч. — Меў я цівуна і буду яшчэ мець, а то звычайны парабак.
— Я думаў, пане, цівун... Прабачце, калі так.
— Глупства, — зноў махнуў стусінкай Вайтовіч і перавёў гаворку на іншае:— Значыць, я патрапіў сам?.. Вялікі камень каля варот, а на другім баку вуліцы бярэзіна, — аглядаючы прыкметы, па якіх ён пазнаваў Васільцову сядзібу, гаварыў Вайтовіч.
— Самі, проша пана, патрапілі, самі... Прашу заязджаць.
Вайтовіч крануў каня. Конь зафыркаў, паспрабаваў нагою масток, што ляжаў з якіх трох жардзін на канаве перад варотамі, пераступіў іх, і брычка плаўна пакацілася па гразкаватым пасля зімы двары.
Каля ганка Вайтовіч напяў лейцы, і конь спыніўся. Тут гаспадар паважна злез з брычкі на прыступкі ганка, а Мітрафан узяў каня за аброць, адвёў за хату, прывязаў да шула і падкінуў сена.
Вайтовіч чакаў Мітрафана на ганку. Той доўга не затрымаўся. Абцёршы перад парогам аб ракітавую пляцёнку латаныя-пералатаныя боты, Васілец адчыніў дзверы ў сенцах, у хаце і, трымаючы іх, прапусціў пана наперад.
У хаце Мітрафан памог Вайтовічу распрануцца і, адставіўшы далей ад сцяны табурэтку, запрасіў яго сесці. Пан сеў не адразу. Ён тупаў некаторы час па хаце наўскасяк, з кутка ў куток, — размінаў свае ногі. Ходзячы, гаварыў пра запозненую вясну, пра вялікую цану на хлеб.
Грыша і падумаць не мог, чаго прыехаў Вайтовіч. Ён на хвілінку перастаў зграбаць смецце і глядзеў, як бацька лагодна сустракаў пана. Праз хвілін дзесяць з хаты выйшла Ганна, Грышава маці, і паклікала сына.
— Чаго, мама? — спытаў Грыша, увайшоўшы ў хату.
— Сядзь, сынок, адпачні трошкі, — адказала яна на запытанне.
Вайтовіч моўчкі агледзеў Грышу з галавы да ног. Хлопчык сеў на ложак, засланы даматканай коўдрай, і, абапёршыся рукою на біла, моўчкі сачыў за кожным панскім крокам.
Натупаўшыся, Вайтовіч прысеў на табурэтку, акінуў позіркам кожны куточак хаты, столь і толькі цяпер, відаць, заўважыў на палочку каля печы траіх меншых за Грышу дзяцей: Янку, Петручка і Валю. Яны так ціха сядзелі, што, здавалася, не дыхалі.
— Дык у пана, выходзіць, не маленькая сям’я?
— А так, проша пана, шэсць душ. Іх чацвёра, — паказаў на дзяцей, — ды нас двое. А зямлі тае — кот наплакаў: удоб’я і няўдоб’я — тры моргі.
— Не лёгка, вядома, не лёгка з такою сям’ёю ды на такім шматочку зямлі жыць.
— Праўду, проша пана, кажаце, нялёгка. Ды што паробіш? Жыўцом у зямлю не палезеш, — развёў рукамі Мітрафан, стоячы каля лавы.
— Трэба каб старэйшыя памагалі пану гадаваць меншых, — паглядзеў Вайтовіч на Грышу.
— Ён у мяне малайчына, проша пана, — зірнуў і Мітрафан на сына. — Два гады памагае ўжо: авечкі пасвіў у пана Войціка.
— Не разбазэраны?
— Няма ад чаго, проша пана, разбазэрвацца. Самі ведаеце, як жывём: бульба і тая ў абрэз.
— Дык пан Мітрафан, мабыць, здагадваецца ўжо, чаго я прыехаў?
— Трохі здагадваюся, а то, проша пана, самі скажаце.
— Петрусь, мой парабак, параіў наняць у вас пастушка кароў пасвіць. Пра гэтага, відаць, ідзе гаворка? — кіўнуў Вайтовіч на Грышу. — Ці ў пана ёсць большы?
— Пра гэтага, проша пана. Ён самы старэйшы ў мяне.
— А колькі ж яму гадоў?
— Трынаццаць, проша пана.
— Замалы, — пакруціў галавой Вайтовіч.
— Самы пастушок, проша пана. Я мог бы сказаць і пятнаццаць, бо ростам, як пан заўважылі, ён намнога вышэйшы за сваіх аднагодкаў... Стань, сынок, няхай пан паглядзіць, які ты дзяцюк ужо.
Грыша на момант стаў на падлогу, патупіўшы вочы, потым зноў сеў на ложак. Цяпер толькі зразумеў хлапчук, навошта яго пакінулі дома.
— Так, на рост малец ладны, толькі дзікаваты надта, у вочы зірнуць нават не хоча, — заўважыў Вайтовіч.
— Ціхі ён у нас, пане, — уступілася за сына Ганна, якая сядзела на палку каля меншых дзяцей. — Сарамяжлівы надта... А так — паслушны.
— Ну, калі ён такі, як хваліце, то можна і пра цану гаварыць, — устаў Вайтовіч з табурэткі і зірнуў у акно, за якім віднеліся заднія колы брычкі. — Дык колькі пан думае прасіць?
Мітрафан зірнуў на сына, на жонку і спытаў у Вайтовіча сам:
— А на якую, проша пана, працу думаеце гадзіць? I на які час?
— Пасвіць кароў. Сорак штук. Два бычкі будуць. Па жніве цяляты далучацца — дзесяць-дванаццаць. Падпаска будзе мець — парабкавага сына. Пасвіць да снегу.
— Цяжкаватая, проша пана, служба. Па дваццаць кароў на аднаго выходзіць. Улетку, як загізуюць... — пакруціў галавою Мітрафан і, не сказаўшы да канца, змоўк.
— Кхе, кхе,— засмяяўся Вайтовіч, сядаючы зноў на табурэтку.— А на адну карову, няхай пану будзе вядома, мне няма рахубы наймаць пастушка. Паша ў мяне на полі і на выгане. Праўда, выган каля самай граніцы з бальшавікамі... Але ж вы кажаце, што ён паслушны. А калі чалавек паслушны, то і пільны.
— Ды ўжо ж, проша пана, будзеш пільны. Беднасць тая, дзеці... — хацеў разжалабіць Васілец Вайтовічава сэрца, але той перапыніў і скіраваў гаворку ў другі бок.
— Такіх шмат цяпер не толькі тут, на ўсходніх крэсах, але і ў самой Польшчы... Дык якую плату хочаце мець за свайго пастушка?
— А чым, проша пана, думаеце плаціць? Хлебам ці грашыма?
— Можна хлебам, можна і грашыма, як пан захоча.
— Нам лепей хлебам, бо ўсё роўна купляць трэба. Грошы туды-сюды разыйдуцца, а іх вунь колькі ў мяне, нахлебнікаў,— кіўнуў Мітрафан галавою ў запек. — Я думаю, проша пана, не будзе крыўдна — трыста кіло жыта і... новыя боты справіце ўвосень. Юхтовыя, проша пана. Для вас танней, а яму абыдзецца яшчэ такому...
Вайтовіч задумаўся.
Пазіраючы ў акно, ён стукаў наском левага бота па падлозе, ад чаго правая нага, закінутая на левую, гайдалася. Грыша глядзеў на панскія хромавыя боты, начышчаныя да бляску, і думаў: «Ніколі такіх у мяне не будзе». Мітрафан пераглянуўся з жонкай і моўчкі чакаў адказу пана.
Падлічыўшы ў думках, колькі выйдзе на грошы Мітрафанава цана, Вайтовіч адвёў свой погляд ад акна і зірнуў у вочы Васільцу.
— Зашмат просіш, пане... Войцік плаціў сто пяцьдзесят кілё і халацік з рызмана пашыў...
— Пан ведае і такую дробязь,— усміхнуўся Мітрафан.
— О так, сёе-тое знаю.
— Дык жа, проша пана, майце на ўвазе, работа была не тая. У Войціка — авечкі, а ў вас — каровы.
— Выходзіць, калі б я наймаў да коней, дык пан Мітрафан яшчэ большую цану загарадзіў бы...
— Само сабою зразумела, проша пана, коні — не авечкі...
— А гусі — не куры, так ці што? — зарагатаў з Мітрафанавых довадаў Вайтовіч. — Сто пяцьдзесят кілё і боты — мая цана.
— Мала, проша пана. Калі б дзвесце пяцьдзесят, то можна яшчэ гаварыць...
— Хо-хо, пан Мітрафан дарагі...
— Хлапчук варты такой цаны, проша пана.
Зноў застукаў наском левага бота Вайтовіч, зноў пачаў рахаваць у галаве.
— Дзвесце кілё і боты,— ён рашуча ўстаў з табурэткі.
— Нявыгадна, проша...
— Як хочаш, Мітрафане, — перапыніў Вайтовіч, — нявыгадна — шукай лепшага пана, а я пашукаю таннейшага пастушка. Іх цяпер у кожнай вёсцы знайсці можна.
Васілец замітусіўся, занепакоіўся, каб хаця Вайтовіч сапраўды не кінуў яго сына. I поўнымі жалю і просьбы вачыма паглядзеў на пана.
— На беднасць, на дзяцей, проша панскае ласкі, накіньце яшчэ кіло дваццаць.
— Ні грама больш: дзвесце і боты.
— Няхай будзе па-вашаму, калі пан такі цвёрды, як крэмень, — і, павярнуўшыся да Грышы, Мітрафан сказаў: — Чуў, сынок? Пойдзеш да пана на падвышэнне. Хопіць табе з авечкамі важдацца.
Грыша чмыхнуў носам, пажаваў ніжнюю губу і скрозь слёзы спытаў у бацькі:
— А школу я і сёлета не скончу?
— Скончыш на той год. Школа не воўк — у лес на ўцячэ...
— I пазалетась казалі гэтак, і летась, і цяпер, — не стрымаўся ад крыўды Грыша і заплакаў.
Ганна падышла да сына, заступіла яго ад пана, палажыла сваю ласкавую руку на русую галаву і паціху, спагадліва пачала суцяшаць:
— Не плач, дзіцятка, супакойся. Што падумае пан пра цябе...
— Дарэчы, проша пана, са школаю як жа будзе? — спытаў Мітрафан. Хлапчук ходзіць у чацвёрты клас.
Вайтовіч махнуў рукою;
— Уладкуем як-небудзь...
— Дзякую пану. Войцік летась таксама, як і вы, уладкоўваў справу сам.
— Ну, калі ў нас усё дамоўлена, то няхай хлапчук збіраецца, а я пайду гляну, як там конь.
— Хочаце, проша пана, адразу забраць?
— А так. Навошта ж заўтра пану турбавацца — везці. Месца ў брычцы хопіць.
Ледзь Вайтовіч зачыніў дзверы, як Мітрафан загадаў сыну збірацца ў дарогу.
— Не пайду служыць да пана, — коратка адказаў хлапчук..
— Як гэта не пойдзеш? — азірнуўся на парог Мітрафан. — Маўчы, а то пан яшчэ пачуе.
— Няхай чуе. Не пайду і ўсё, — зноў паўтарыў сваё Грыша. — Я летась ледзьве да канца дабыў. Холад, дождж, а я ў падраным халаціку мёрз.
— Гэты пан лепшы, дасць вопратку, — суцяшаў бацька, хоць сам у гэта ні кропелькі не верыў.
— Дасць... Гэтак, як вы далі мне скончыць чатыры класы, — выцер кулачком вочы Грыша.
— Галодны не находзіш у школу... Жыць трэба... Аб хлебе дбаць, — павысіў голас Мітрафан.
— Сынок, гэтым цяпер нічога не паможаш. Не гняві бацьку, — стала паміж Мітрафанам і Грышам Ганна. — Сяголета, бог дасць, на полі можа лепш уродзіць, бацька сёе-тое ў лесе заробіць ды і ты большую плату маеш за леташнюю.
— Вы толькі цяпер так гаворыце, — захліпаў, не падымаючы вачэй на бацькоў, Грыша.
— Ты перастанеш сваё вытвараць? — са злосцю ў голасе спытаў Мітрафан і звярнуўся да жонкі.— А ты менш упрошвай, дай яму чаго з’есці.
На парозе з’явіўся Вайтовіч.
— Кхе, кхе, — расплыўся ад усмешкі яго твар, — сын бацьку ўмовы ставіць. Слухаць адмаўляецца?
— Я от зараз яму настаўлю ўмовы, будзе ведаць... Яго галава не баліць, што дзеці пухнуць з голаду. На лапіку таго пяску ды балота не вельмі пракорміш такую сям’ю, а тут яшчэ з падаткам дыхнуць не...
— Кхе, кхе, навукі дамагаецца, — перапыняе Мітрафанаву скаргу Вайтовіч.
— Мала чаго яму захочацца. Падатак яшчэ вунь не заплачаны,— выказвае сваё, набалелае, Мітрафан.
— А казалі, паслушны. Відаць, не вельмі... 3 маленства, Мітрафан, не трэба разбэшчваць дзяцей. Кхе, кхе... А жыць можна і без навукі. Яшчэ і лепей бацькам — не будзе абы з кім звязвацца, наклікаць бяду на сябе і бацькоў... Ну, магарыч зробім, па кілішку якому, — дастаў з кішэні пляшку гарэлкі Вайтовіч і паставіў на стол.
Мітрафан паглядзеў на жонку. Тая паціснула плячыма і нічога не адказала. Тады ён сам напомніў Ганне:
— Там жа, здаецца, крыха сала заставалася?
— Якое там сала! Яго сорамна ставіць пану на закуску, — адказала Ганна, аднак пайшла ў каморку і прынесла на дошчачцы тоненькі кавалачак. Сапраўды, гэта была адна скурка, а не сала.
Гаспадар парэзаў яго на дробненькія скрылікі і адкроіў некалькі лустачак хлеба.
Выпілі па кілішку.
— Закусвайце, проша пана, Хлеб наш, праўда, не такі, як панскі, але пры чарцы можа пайсці...
Вайтовіч адламаў кавалачак, панюхаў, аднак у рот не ўзяў.
— Не падабаецца пану наш хлеб? Выбачайце, чым багаты, тым і рады. У нас і такога няма ўдосталь... Ці нельга было б, проша пана, узяць з хлопцавай платы кіло трыццаць? Вясна, работа, а з хлебам туга, нават з такім.
Вайтовіч хвілінку памаўчаў, паморшчыў лоб і адказаў на просьбу:
— Праз месяц які можна наведацца.
— Дзякую пану за ласку. Войцік таксама даваў мне наперад.трохі.
— Што вы ўсё: Войцік ды Войцік. Ваш Войцік нуль без палачкі ў параўнанні са мною. Мяне злы лёс прымусіў так жыць: ездзіць наймаць парабка, таргавацца, а Войцік усё жыццё сам у гнаі корпаецца.
Збянтэжаны, Мітрафан развёў толькі рукамі: ён жа нічога благога не сказаў. Вядома, Войцік не раўня Вайтовічу, але ж гэта аднаго поля ягады.
— Ну як, хлопец, гатовы да ад’езду? — перавёў на іншую тэму гаворку пан, каб выблытацца з няёмкага становішча.
— Гатовы, пане, толькі няхай пасёрбае крыху на дарогу, — замітусілася Ганна, шукаючы Грышаву бялізну.
— Дарога не такая вялікая, конь у мяне не благі...
— Конь у пана добры. Дай божа кожнаму такога... — падтакнуў гаспадар...
— Хо-хо! Пан Мітрафан не бачыў, якіх я коней меў, — ускінуў галаву Вайтовіч. — Калі будзеш жывы, то ўбачыш яшчэ, хто такі Вайтовіч!..
Ён першы ўстаў з-за стала. Стоячы, закаркаваў недапітую бутэльку і сунуў у кішэню.
Ганна борздзенька падышла да стала, узяла лустачку хлеба і два тоненькіх скрылікі сала, загарнула ў вокладку ад сшытка, паклала ў торбачку і дала яе сыну.
— З’ясі, дзіцятка, у дарозе. Бачыш, пану няма калі чакаць, пакуль ты падсілкуешся...
— Мама, вы тут самі назірайце за трусікамі. А то Янка ці Петрусёк могуць забыцца іх накарміць, — прасіў на ад’езд Грыша.
— Добра, сынок, добра. Пакуль ты вернешся, вунь іх колькі будзе ўжо, — паабяцала Ганна.
Мітрафан зноў паадчыняў дзверы і прапусціў спачатку пана, потым забег яму наперад, папрасіў пачакаць на ганку і ўмомант падвёў каня.
Следам за сваім новым гаспадаром на пярэдняй лаўцы брычкі, плячыма наперад, сеў Грыша.
— Не сумуй там, сынок. Пан цябе не пакрыўдзіць. А я сяды-тады буду наведвацца, — развясельвала сынаву тугу Ганна, стоячы на ганку. А ў самой аж сэрца аблівалася крывёю: хлапчуку яшчэ матчына ласка патрэбна, догляд, а ён ужо трэці год памагаў карміць сям’ю.
Вайтовіч адпусціў вальней сырамятныя лейцы, цмокнуў, і конь дробненькімі крокамі падышоў да мастка, асцярожна пераступіў праз яго і пабег па вуліцы. 3-пад калёс паляцелі пырскі гразі.
Насустрач пану і Грышу ішлі са школы дзеці. Грыша знарок апусціў галаву, каб тыя не заўважылі яго смутку.
На новым месцы
Пятро Галодка здалёк пачуў ляскат колаў па грэблі і выйшаў насустрач пану. Адчыніў насцеж вароты, прапусціў на сядзібу брычку і зноў заваліў іх жалезнай завалай.
Праехаўшы некалькі метраў між ліпавых прысад, Вайтовіч спыніўся ля ганка. Пятро заспяшыў следам. Вайтовіч падаў лейцы парабку і, злазячы з брычкі, спытаў, ці вярнуўся з горада Некраш. Даведаўшыся, што фурмана яшчэ няма, зірнуў на сонца, пакруціў галавою і здзівіўся:
— Дзе ж ён так забавіўся?
— Не ведаю, пане,— паціснуў плячыма Пятро, хоць пытанне было зусім не да яго.
Вайтовіч таму і ездзіў у Пяскі адзін, што фурман адвозіў у павятовы гарадок начальніка дэфензівы пана Запольскага. Той час-ад-часу наведваўся да сябра ў Караліну: для людскога вока пагасцяваць, а ў сапраўднасці зусім па іншай прычыне.
— Пастушка, Петрусь, вазьмі да сябе пакуль што, а там памяркуем, дзе даць прытулак,— сказаў ужо з ганка Вайтовіч.
— Добра, пане, — адказаў Пятро і крануў лейцамі каня. Хлапчук пайшоў следам за парабкам.
Пакуль Пятро распрагаў каня, пакуль дайшлі да хаты, Грыша збольшага расказаў пра сябе, пра бацькоў, пра сваю вёску.
— Тут табе таксама не будзе сумна. Пасябруеш з нашым Віцем. Ён любіць дружыць. Летась, як пан адправіў Банадыся зусім ужо з фальварка, дык Віця колькі плакаў. Ён будзе рады табе...
Пераступіўшы парог Пятровай кватэры, Грыша адразу зняў шапку, сказаў «дзень добры», нясмела прайшоў да лавы каля сцяны і паклаў торбачку з хлебам. У дарозе ён так і не дакрануўся да яе.
— Антося, паглядзі там чаго перакусіць хлапчуку. Пастушком будзе на Банадысевым месцы, — сказаў Пятро жонцы і звярнуўся да Грышы: — Распранайся, хлопча, будзь, як дома.
Жанчына акінула позіркам пастушка і спытала ў мужа:
— Каторы ж з іх цяпер за старшага будзе: наш ці гэты? Як яго зваць?
— Грыша,— адказаў Пятро.— За старшага, відаць, ён будзе.
— За якую ж плату згадзіў цябе пан? — зацікавіла Антосю.
Грыша сказаў.
— Ото ненасытнае горла, і тут яшчэ пяцьдзесят кіло ўварваў, — пакруціла галавой Антося, потым адхінулася ад прыпечка і растлумачыла Грышу: — Банадысю, што да цябе быў, ён даражэй плаціў.
— Ну, той столькі гадоў пасвіў, стараўся...— заўважыў Пятро.
— Стараўся, стараўся, а як прыйшла старасць, дык, як сабаку, выгнаў — ідзі куды хочаш.
— А чаго ты лепшага хочаш ад пана? Пра гэта ж я табе кожны дзень і дзяўбу: пакуль здаровы ды ногі яшчэ носяць, трэба пра свой лапік зямлі ды хату думаць. А то і з намі гэтак будзе, як з Банадысем.
— Дзіва што будзе...
Антося наліла ў міску капусты, паставіла на стол і запрасіла Грышу:
— Сілкуйся з дарогі, дзіцятка. Прагаладаўся, нябось.
— Дзякую, цётачка, мне мама хлеба паклала ў торбачку.
— Дык от да хлеба якраз гарачая страва добра. Еш.
Хлапчук развязаў торбачку, дастаў хлеб і нясмела падышоў да стала.
Надвячоркам прыгнаў леташніх цялят Віця. Пан загадаў учора выгнаць іх на пашу.
— Ну, вось твой новы начальнік на лета,— пазнаеміў сына Пятро.
Віця ваўчком паглядзеў на Грышу і сказаў бацьку:
— Кароў яшчэ нельга выганяць. Цяляты і то грузнуць. Скажыце пану.
— Скажу... Праз два-тры дні падсохне, калі пастаіць такое надвор’е. Будзеце ганяць пакуль цялят. Дарма ж пан не стане карміць пастуха.
Да шэрай гадзіны хлапчукі падружыліся і, седзячы на лаве каля акна, разглядалі малюнкі ў Віцевай чытанцы. На некаторых старонках спыняліся. Віця тлумачыў, што там намалявана, хоць Грыша і сам добра разумеў.
Віця быў маладзейшы за Грышу на год. Вучыўся ён у трэцім класе паўторна. I сёлета, як летась, настаўніца адпусціла Віцю раней,— паабяцала, што ўвосень пасадзіць яго ў чацвёрты клас, толькі няхай ён улетку чытае больш, каб не забыцца. Бо нельга ж сядзець такому росламу хлапчуку трэці год у адным класе.
— Вось дакуль мы дайшлі,— уздыхнуў Віця.— А гэта было зададзена на сёння. Я ўсё роўна ўрок вывучыў і задачкі парашаў. Учора яшчэ, як прыйшоў са школы. На заўтра вось гэта зададзена.
— Адкуль ты ведаеш? — спытаў Грыша.
— Ведаю. Калі такі маленькі ўрок, дык наша настаўніца задае ўвесь, а большы — на два разы дзеліць. Я і гэты вывучу: трошкі сягоння, а то раніцай заўтра.
— Хочаш, я табе буду памагаць?
— А як ты мне паможаш? Будзеш пытаць, як настаўніца?'
— I пытаць, і чытаць,— адказаў Грыша і адразу ж узяўся чытаць. Ён вадзіў пальцам ніжэй радка і павольна вымаўляў словы. Віця глядзеў то ў кнігу, то Грышу ў твар.
— Ты таксама ўмееш па-польску чытаць? — чамусьці здзівіўся Віця.
— Умею. У нас жа польская школа і настаўнік з Польшчы,— адказаў Грыша і, азірнуўшыся, паціхеньку дадаў: — Я і па-беларуску ўмею. 3 нашай вёскі адзін хлопец вучыцца ў Вільні, дык ён мяне навучыў. Я нават верш адзін ведаю напамяць.
Не чакаючы, пакуль Віця папросіць расказаць яго, Грыша пачаў сам:
Ведай, свет, што я сын мужыка-бедака,
Які доўга ў няволі стагнаў...
Ўзгадавала мяне яго чорна рука,
А купала нядолі адвечнай рака,
Голад, холад мне ў твар пазіраў...
Усе казалі, што й сын, як і бацька,— мужык,
Перад панам свой горб будзе гнуць.
Што з другімі людзьмі ён не пойдзе у лік,
Запрацуе сабе лапці з ліпавых лык,
Вольнай песні не будзе ён чуць...
Грыша на момант спыніўся.
— Ну, а далей? — спытаў Віця.
— Ен доўгі, я табе на полі раскажу ўвесь... А цяпер давай пачытаю твой заўтрашні ўрок.
Грыша чытаў не гэтак, вядома, як Віцева настаўніца. У той ішло гладка, і вымаўленне было выразнае. Аднак у Віцевых вачах Грыша адразу набыў павагу.
Яшчэ гадзіну назад Віця шкадаваў дзядулю Банадыся, што не будзе каму расказваць цікавыя казкі. Цяпер жа ён нават быў рады, што Грыша замяніў яго. Грыша і сам зможа пабегчы завярнуць каровы, а дзядуля ўсё яго пасылаў. Да таго ж цешыла, што цяпер будзе каму растлумачыць, калі ён чаго не зразумее, як будзе чытаць або рашаць задачкі.
Так хлапчукі доўга сядзелі ля акна. Калі цёмна стала чытаць,— заняліся гаворкаю. Грыша прыгадаў свайго настаўніка. Да чаго добры ён: рэдка калі закрычыць на непаслухмянага вучня, але затое, як пачне прабіраць, дык той не ведае, куды дзецца. Успомніў пра Казіка-аднакласніка, што сядзеў побач з ім на парце.
Гэтым часам з суседняй хаты, што стаяла насупраць той, дзе жыў Пятро, выйшаў хлапчук.
— Во, гэта фурманаў Міша. Да нас, відаць, бяжыць. Ён кожны вечар прыходзіць, калі я доўга не іду да яго,— прыўстаў на калені Віця.— Мы з ім сябруем. У трэцім класе разам сядзелі на адной парце. Летась ён перайшоў у чацвёрты, а мяне тата згадзіў на падпасыча, і я астаўся на другі год у трэцім,— уздыхнуў Віця.
Хлопчык бег праз двор, абмінаючы лужыны і гразь. У хаце ён забыў прывітацца і, не адсопшыся як след, пачаў скоранька гаварыць:
— Пан наказваў праз тату, каб ты і новы пастух ішлі да пана. I дзядзька Пятро каб разам ішоў.
— Таты яшчэ з аборы няма,— злез Віця з лавы.
— Як вернецца, адразу ідзіце. Тата казаў, пан чакае,— сказаў хлапчук і павярнуўся, каб ісці дахаты. Але Віця затрымаў яго.
— Пагуляй, Міша.
— Мама казала, каб не бавіўся доўга. Яшчэ ўрокаў не вывучыў на заўтра.
Віця падышоў бліжэй і шапнуў сябру, зірнуўшы на Грышу:
— Будзе пастухом у пана, замест дзядулі. Ён таксама ў чацвёртым класе вучыцца.
Міша нясмела прайшоў некалькі крокаў наперад, каб лепей разгледзець Грышу. Той таксама акінуў моўчкі позіркам Мішу і злез з лавы. Ён выглядаў на шмат вышэй за абодвух хлапчукоў.
Адступаючы паволі назад, Міша дайшоў да парога і толькі цяпер спытаў у Грышы:
— Ты добра рашаеш задачкі?
— Добра.
— Пакажаш мне, калі я сам не спраўлюся?
— Пакажу.
— Я хаджу аж у Задвор’е да Лёні, калі сам не рашу. Ен добра рашае, настаўніца яго кожны раз хваліць... Пайду, а то мама будзе сварыцца, што забавіўся,— шмыгнуў Міша за дзверы.
Неўзабаве вярнуўся з работы Віцеў бацька, і яны ўсе ўтраіх пайшлі да пана.
Вайтовіч сядзеў у сваім невялікім пакоі за старым пісьмовым сталом і нешта падлічваў. На ціхі стук у дзверы ён павярнуўся і басавіта гукнуў:
— Проша.
Пятро прапусціў наперад хлапчукоў, зачыніў за сабою дзверы, паспрабаваў, ці шчыльна прысталі, і даў добры вечар пану.
— Добры вечар, — кіўнуў галавою Вайтовіч і паказаў Пятру на крэсла.
Парабак падзякаваў і прысеў на краёчку. Хлапчукі стаялі каля парога і моўчкі аглядалі пакой: залацістыя, ціснёныя ў кветкі шпалеры на сценах, памаляваную ў жоўты колер падлогу.
«У Войціка не было такіх пакояў», — падумаў Грыша, і тут жа вырашыў — чаму: «Той пан быў меншы — меў толькі хутар, а ў гэтага цэлы фальварак...»
Вайтовіч тым часам узіраўся ў твары пастушкоў і думаў сваё: «Ці справяцца яны без старэйшага?»
— Як глядзіш, Петрусь, на нашых пастушкоў? — перавёў ён позірк на парабка.
— Ды як вам сказаць, пане? — паціснуў Пятро плячыма. — Хлапчукі жвавыя.
— А спаць не ўкладуцца на полі, як мысліш?
— За свайго, пане, ручаюся. А гэтага ж нам раілі як найлепшага і паслушнага.
— Так, найлепшага і паслушнага, — паўтарыў Вайтовіч, прытупваючы наском бота. — Паглядзім, як будзе... Заўтра няхай выганяюць.
— Гразкавата яшчэ, пане. Цяляты і сёння да калень у гразі папрыходзілі. Ці не пачакаць дзянькі тры з каровамі? Няхай падсохне трохі.
— Можна пачакаць, калі так, — забарабаніў пальцамі па стале Вайтовіч і звярнуўся да хлапчукоў. — Ну як, пасябравалі ўжо?
Пастушкі пераглянуліся і патупілі вочы.
— Не пасябравалі, дык пасябруюць, — адказаў за іх Пятро.
— Сябраваць — сябруйце, але добра пасіце жывёлу. Патраву зробіце — на ваш кошт запішу. I самае галоўнае, глядзіце, каб за мяжу не трапілі з чарадою. Хоць і там мая зямля...
— Відаць, пану і сёлета яшчэ прыдзецца кіраваць толькі гэтым фальваркам, — заўважыў парабак.
Вайтовіч устаў, падышоў да парабка, лаляпаў яго па плячы і прыўзнятым голасам пацешыў:
— Нічога, Петрусь, я веру, вер і ты, настане такі час, калі ты будзеш там цівуном.
Пятрусь не ўстрымаўся, усміхнуўся: колькі разоў чуў ён гэта.
— Ну так, аудыенцыя скончана. Ідзіце дахаты. 3 каровамі дні тры пачакаем, а цялят заўтра няхай выганяюць, — загадаў Вайтовіч.
Парабак кіўнуў хлапчукам, каб ішлі, а сам не крануўся з месца. Як толькі пастушкі зачынілі дзверы, ён спытаў:
— Якую ж, пане, паложыце плату гэты год майму?
— Леташнюю, Петрусь, леташнюю.
— Малавата, пане. Хлапчук падрос, статак у пана павялічыўся,— прыбавіць трэба.
— Хопіць, Петрусь, хопіць на гэты год. На тое лета будзе відаць... Мая Альбіна раіць, каб прывезены пастушок жыў у цябе.
— Цеснавата, пане.
— Ну, не аддаваць жа дзіцяці цэлы пакой, дзе жыў Банадысь. Там прыдзецца парабку жыць. Хлапчук не зойме шмат месца. Спаць будзе з тваім на адной пасцелі.
— Так то яно так, пане, але ж хлапчуку, акрамя пасцелі, трэба і харч.
— Гэта іншая размова. На харчаванне будзеш мець пятнаццаць кілё мукі на месяц і сёе-тое на акрасу. Не пакрыўджу.
— 3 харчамі хлапчука можа пан і не пакрыўдзіць, а з аплатай сына абышлі... Другі пан даражэй заплаціў бы, я ў гэтым упэўнены...— Трошкі памуляўшыся, Пятро зайшоў з другога боку: — Можа пан узяў бы сабе і падпаска са стараны, тады яны ўдвух жылі б у Банадысевым пакойчыку.
Вайтовіч пачырванеў у твары, заміргаў вачыма і, павольна прытупваючы абцасам, адказаў:
— Пакойчык, дзе жыў Банадысь, я сказаў ужо, мне патрэбен для новага парабка. Калі ж Петрусь хоча знайсці лепшага гаспадара для сына, то, можа, ён знойдзе і для сябе адразу, каб не разлучацца з хлапчуком... Можа там будзе і кватэра лепшая, і плата большая...
Пятро маўчаў. Што мог ён адказаць на гэта? Каторы ўжо раз напамінае пан пра горкі кавалак парабкоўскага хлеба, пра змрочны прытулак — будку.
— Ах, Петрусь, Петрусь, — засмяяўся раптам пан. — Не будзем псаваць добрых адносін. Як пераедзем у Світалаўку, — ён паказаў рукою на ўсход, — і сыну прыбаўлю плату, і цябе зраблю панам. Трэба жыць надзеямі... Не доўга засталося чакаць.
— Дзякуй пану за абяцанне. Пажывём — пабачым, — надзеў шапку Пятро і выйшаў з пакоя.
Дамоў ён вярнуўся ўсхваляваны. I пакуль жонка не паставіла на стол вячэру — бульбу з шаткаванай капустай — моўчкі тупаў па хаце, хоць там і прайсціся вельмі не было дзе.
Седзячы за сталом, Антося спытала ў мужа:
— Ну, гаварыў жа ты пра Віцеву плату?
— Гаварыў... Леташнюю пакінуў.
— Нічога не прыбавіў?
— Не. Хацеў са злосці не пусціць Віцю. Няхай бы пашукаў сабе на старане, дык ён сказаў і мне шукаць другога пана.
— А каб ён сабе магілу знайшоў, каб ён... — зірнула ў акно Антося і пайшла наліваць зацірку.
У цёмную ноч
Як апынуўся Вайтовіч у Караліне? Гэта ж не яго дзедаўскі маёнтак? Не. Маёнтак Вайтовічавых вунь у Світалаўцы, на ўсход, кіламетры за чатыры ад Караліны. Калі схадзіць у Куцец на гару і зірнуць адтуль, дык ён відаць, як на далоні. Вайтовіч часта ходзіць туды глядзець на сваё былое багацце. Нават бінокль спецыяльна дастаў.
А як жа ўсё-такі Вайтовіч трапіў у Караліну?
Пра гэта варта расказаць па-парадку.
У адну з цёмных лістападаўскіх начэй семнаццатага года Вайтовіч пакідаў Світалаўку. Спачатку мерыўся спаліць маёнтак, як зрабіў гэта сусед, ды пашкадаваў, прыйшоўшы да такой думкі:
«Час няпэўны, усё яшчэ можа быць: сёння адзін парадак, заўтра — іншы. 3 дымам такую гаспадарку пусціць не цяжка, а паспрабуй яе пабудаваць. Зрэшты, самі мужыкі паліць не стануць, яны ж упэўнены, што гэта іхняе ўжо, дык навошта мне самому знішчаць. Да таго ж, як бы сабе там ні было — бацькаўшчына, спадчына радавая...»
Перад выездам ён паклікаў цівуна і доўга з ім гутарыў:
— Служыў ты мне, Франусь, доўга і шчыра. I ніколі я не пакінуў бы цябе без кавалка хлеба, калі б не такія падзеі, — пачаў здалёк Вайтовіч. — Сам ведаеш, каля Баранавіч стаіць немец, а тут такая калатэча, што разабрацца нельга: дзе гром, а дзе стрэлы.
— Праўду кажаце. I што гэта, пане, толькі будзе? — спытаў цівун.
— Цяжка сказаць, каханы, чым усё скончыцца. Наш сусед Паланевіч выехаў ужо і маёнтак спаліў на ад’ездзе.
— Сам? — здзівіўся Франусь.
— Сам, — адказаў спакойна Вайтовіч. — Не захацеў пакідаць здабыткаў свае працы парабкам.
— Божачка, божачка, што гэта толькі робіцца на свеце!.. Я чуў, што Паланевічы згарэлі, але каб паны палілі маёнткі самі — дзіва проста, — паціснуў плячыма цівун.
Вайтовіч гаварыў далей.
— Я да такога вар’яцтва, каханы мой, не дайду. Знішчаць сваё, набытае працай... У мяне не расшчэмяцца вось гэтыя пальцы запаліць сярнічку, — ён патрос правым кулаком, нібы пагражаў камусьці.
— Што вы, пане, што вы, няхай бог бароніць нават ад такой думкі,— перахрысціўся цівун і аж адступіў пару крокаў ад Вайтовіча.
— Так, паліць я не буду, а пакінуць Світалаўку мушу.
— Што, выязджаць. будзем, пане? — падаўся наперад цівун, навастрыўшы вуха, ці так ён пачуў.
— Паеду з сям’ёю толькі. Ты, Франусь, застанешся тут.
— Паночак, яны ж мяне жыўцом з’ядуць тут... — аж заламаў рукі цівун.
— Не бойся, не з’ядуць. Пакідаю цябе ненадоўга. Праз невялікі час будзем піць з панам Франусем гарбату за гэтым сталом і ўспамінаць сённяшнюю ноч, калі мне сталі цесныя і страшныя бацькавы пакоі. Як думаеш, каханы, будзе гэта?
— Пане, я ўпэўнены, што іменна гэтак усё скончыцца.
— Глядзі тут сам, каханы, выкручвайся, як можаш. Ты стары ліс і ходы ўсе ведаеш не горш за свайго пана, але параду маю паслухай: чапляцца пачнуць — звальвай усё на мяне: «Гэта зрабіў сам Вайтовіч, так загадваў мне пан». А да цябе такая просьба: глядзі і запамінай (можна запісваць, толькі асцярожна), хто што возьме, каб ведаць, з каго спаганяць.
На момант цівун задумаўся, пакруціў галавою.
— Адказную, пан, задачу даяцё. Не ведаю, як спраўлюся. Самога за карак могуць узяць.
— Завошта? Ты такі ж парабак, як і ўсе. А цяпер жа яны тут кіраваць будуць.
— Такі, пане, ды не такі. Людзі ведаюць. Сяму-таму насаліў, каб дагадзіць вам.
— Глупства, Франусь. У цябе дзеці, сям’я. Жыць трэба было, і ты выконваў толькі панскую волю. Канешне, не лёгка будзе... Вярнуся, не пакрыўджу... А цяпер пакуль што да пабачэння, шаноўны, пад’ехаў ужо фурман.
Каля ганка затупацелі коні.
— Дык пан едзе? — здзівіўся цівун. — Хоць да відна пачакалі б.
— Баюся, Франусь, каб не спазніцца.
Вайтовіч зайшоў у другі пакой і выйшаў адтуль з жонкай і дваімі дзецьмі. Узяў сам чамадан, паказаў на два другія цівуну і заспяшаў на ганак.
— Ну, глядзі тут... Да хуткай сустрэчы,— упершыню падаў Вайтовіч цівуну руку.
— Шчасліва, пане. Дай божа, каб ненадоўга, — пажадаў расчулены Франусь.
Праз некалькі хвілін чуваць было, як у цемрыве ночы ляскаталі колы па ўмарожанай зямлі. Цівун пастаяў трошкі, паслухаў, зайшоў у пакой, патушыў лямпу, замкнуў дзверы і накіраваўся дахаты.
— Дзе ты бадзяешся ўсю ноч? — сустрэла Франуся занепакоеная жонка.
— Бадзяешся... У пана быў, ключоў чакаў.
— Якіх ключоў?
— Ад пакояў. Паны ўцяклі.
— Куды? У такую цемень...— аж усхапілася яна з ложка.
— У такую цемень толькі і ўцякаць. А куды — не ведаю, не сказаў...— прамовіў Франусь, распранаючыся.
— Дык чаму ж ты не ўзяў чаго з пакояў?
— А якую там трасцу возьмеш? Стол? Крэсла? Рэчы ён забраў сам. Чамаданы панапакоўваў.
— Ну, дык хоць крэсла ўзяў бы. Пашкодзіла б, думаеш?
— Мо пашкодзіць. Ён паехаў, а нам тут быць. Пасля скажуць, што не толькі крэсла ўзяў.
— Век ты перад панам дрыжэў, і без пана дрыжыш,— дапякла жонка.— Дзе ключы? Я сама схаджу. Знайду, што ўзяць.
— I не ўставай лепш, бо ніякіх ключоў я табе не дам.
I не даў.
На світанні Франусь пайшоў у Русінавічы да старшыні камітэта паведаміць, што маёнтак астаўся без гаспадара. Не сказаў, што бачыўся з ім перад ад’ездам. Прыдумаў, быццам раніцою пайшоў па загад, куды каго пасылаць з парабкаў на работу, і не застаў ужо нікога ў пакоях. Відаць па ўсім, уцяклі і ключы пакінулі нават на стале.
Франусь дастаў з кішэні ключы і падаў старшьші.
— Што хочаце, тое цяпер рабіце. Вы і ўлада, вы і гаспадары. Камандуйце. Пасылайце каго жывёлу карміць — пара ўжо.
Цівунова вестка прымусіла задумацца старшыню. Ключы ад пакояў ён паклаў у кішэню, а Франусю сказаў:
— Ідзіце, карміце жывёлу, як кармілі. Я прышлю мужчын вартаваць маёмасць, а сам памчуся ў воласць.
У валасным рэўкоме не вельмі здзівіліся, што знік гаспадар Світалаўкі: не ён першы. У Петраградзе ж новая ўлада, ёсць «Дэкрэт аб зямлі», падпісаны Леніным; але самі рэўкомаўцы без загаду зверху нічога не адважваліся рабіць. Вось чаму яны і старшыні Русінавіцкага сельскага камітэта маглі параіць адно: ахоўваць маёнтак і чакаць іхняй каманды.
На трэці дзень усё выяснілася. Прыехаў з рэўкома прадстаўнік, сабраў сход і абвясціў, што па новаму закону ўся зямля ад паноў адбіраецца і будзе падзелена сялянам — тым, хто на ёй працуе.
Франусь па-ранейшаму вёў усе гаспадарчыя справы ў маёнтку, а гаспадаром над ім быў сельскі камітэт. Шмат было гаворкі тады, як і што будзе рабіцца з панскай зямлёй і скарбам.
Зямлю вырашылі на сходзе дзяліць ранняй вясной, але да гэтага не дайшло. У лютым васемнаццатага года Світалаўку занялі немцы. Яны пайшлі з-пад Баранавіч на ўсход па Беларусі.
Следам за немцамі з’явіўся Вайтовіч. Праўда, не ў той карэце і не на тых конях, што выехаў з маёнтка. Фурмана тады ён адправіў са станцыі пехатой назад, а сам узяўся кіраваць коньмі.
Рознае гаварылі ў той час людзі. Адны казалі — пан падаўся ў горад, каб уцячы за мяжу, другія — з’ехаў недзе ў глуш, далёка ад чыгункі, бо навошта былі б яму тыя коні, за мяжу мог цягніком ехаць.
Цяпер, калі Вайтовіч вярнуўся назад у Світалаўку, усім было ясна адно: ні за якую мяжу ён не ўцякаў, а чакаў недзе паблізу.
У першы ж вечар Вайтовіч і Франусь Цвыркун пілі чай у панскіх пакоях. За дзень яны паспелі пры дапамозе немцаў сабраць усё, што ўзялі русінавічаўцы, і цяпер абмяркоўвалі, як і што рабіць далей.
Франусь яшчэ больш стаў паважаць свайго пана: на гэты раз не толькі за багацце, але і за прадбачлівасць. Ці ж не ён тры месяцы назад запэўніваў свайго цівуна, што ад’язджае ненадоўга? Так і збылося. А ён не верыў, сумнявауся.
— А як, пане, думаеце, бальшавікі вернуцца сюды ці не? — карцела даведацца цівуну.
— Думаю, Франусь, што не. Акрамя немцаў, на савецкую ўладу паўстаў увесь свет.
— Увесь свет на адных, пане?
— Увесь, Франусь, увесь... Колькі часу пройдзе, пакуль знішчаць гэтых бязбожнікаў, цяжка сказаць, але ўстаяць на нагах ім не дадуць.
— Яно вядома, калі ўвесь свет ды на адных, то крута ім прыдзецца, пане, крута,— наліваючы ў сподачак чай, зрабіў свае вывады Цвыркун.
— I я тое ж кажу. Нам можна смела брацца за працу. Няхай яны сабе ваююць, а мы сваё робім, — пацёр ад задавальнення рукі Вайтовіч. Заўважыўшы, што цівун п’е чай упрыкуску, сказаў: — Кладзі цукру больш, саладзі, не шкадуй.
Цвыркун паставіў сподачак на стол, абцёр леваю рукою вусы і на панскае запрашэнне адказаў:
— Дзякуй, пане, нешта мне піць хочацца, а салодкім чаем не ўтаймуеш смагі.
— Глядзі, а то, можа, ты ашчаджаешся, дык не рабі гэтага. За тваю паслугу ты не такога пачастунку заслугоўваеш... Ды мы яшчэ з табою і вып’ем. Пачакай трохі, дай агледзецца.
— Дзякую, пане. Я от п’ю чай ды адно ўсё думаю: цяжка, цяжка бальшавікам, але сіла ў іх вялікая — людзі за іх гарою стаяць.
Адкінуўшы на спінку крэсла галаву, Вайтовіч гучна зарагатаў:
— Знайшоў людзей!.. Хто за іх стаіць? Бедната, галыцьба, абарванцы... Здорава яны напалохалі цябе, Франусь, здорава. Сядзіш са мною, п’еш за адным сталом гарбату і не верыцца табе, што зноў твой гаспадар я, а не камітэт.
— Так, пане, усяго даставалася. Не дзіва, калі і напалохаўся.
— Цяпер можаш смела спаць, каханы, — супакоіў цівуна Вайтовіч.
— Немцы далёка за Мінскам, а ад нас да Мінска вунь колькі. Баішся, што людзі за іх? Глупства, дабрадзею.
Але не вельмі супакоілі панскія словы Цвыркуна. Калі ён пытаў, ці вернуцца бальшавікі ў Світалаўку, дык меў намер выведаць, што думае на гэты раз яго пан па такому важнаму пытанню. Цівуну хацелася зрабіць для сябе вывад, як трымацца ў далейшым з людзьмі.
Увосень яго палічылі ў камітэце сваім чалавекам: Франусь сам прынёс ключы ад пакояў, не ўзяўшы адтуль нават маленькага драбка. Не кожны б зрабіў гэтак. Калі ж яму даручылі весці гаспадарчыя справы маёнтка, выконваў іх з большай стараннасцю, чым пры Вайтовічу.
Злавіўшы аднаго разу даглядчыка жывёлы, былога парабка, які адкрыта нёс з маёнтка пад пахай жмут сена сваёй карове, Франусь завёў яго ў камітэт да старшыні і пры ўсіх пачаў лаяць:
— Спытайце ў яго, чыё нясе? Ваша, іхняе,— паказваў Цвыркун на прысутных.
— Тваё, — дадаў хтосьці з ноткай іроніі.
— I маё, калі на тое пайшло... Цяпер гэта ўсё наша, агульнае.
— Так рабіць нельга, — сказаў даглядчыку старшыня камітэта.— Няма чым карміць, напішыце ў камітэт заяву, і вам дадуць.
Цвыркун адразу ўхапіўся за старшынёвы словы.
— Што праўда, то праўда, — падтрымаў ён цяпер ужо даглядчыка, — у яго няма чым карміць. Улетку не накасіў, як давалі сенажаць парабкам, бо хварэў... Яго частку стравілі дваровым статкам.
Ідучы назад у маёнтак, Франусь даводзіў сваё:
— Табе не гневацца трэба на мяне, а дзякуй сказаць. Напішаш заяву і будзеш мець не жмут, як ты нёс, а воз, а то і два. Ты чуў, я пацвердзіў, што ў цябе няма чым карміць, а карове даваць нешта трэба. Мой голас яны ўлічаць пры разглядзе заявы, пабачыш...
У камітэце ж тады гаварылі пра Франуся рознае:
— Свой чалавек, — казалі адны.
— Выслужваецца, каб замаліць свае грахі, — казалі другія.
Але што б там ні гаварылі, а выпадак з даглядчыкам падняў аўтарытэт Цвыркуна ў вачах камітэта.
— Такі чалавек патрэбен пакуль што нам, — гаварылі камітэтчыкі. — Дай патачку аднаму, другому — ахапкамі ўсё парасцягваюць.
I вось цяпер, седзячы за панскім сталом, Цвыркун прыгадаў гэты выпадак Вайтовічу. Той не ўтрымаўся, каб не пахваліць свайго служку.
— Я ведаў, каму даверыць сваю маёмасць.
Караліна
Вясна васемнаццатага года выдалася ранняя. Зноў на світалаўскім полі закіпела праца.
Вайтовіч конна аб’язджаў цяпер палеткі, сам наглядаў, дзе як і што робіцца парабкамі.
Зноў адчулі русінавічаўцы панскі прыгнёт, як пры царскім рэжыме: ні табе галля ў лесе набраць, ні карову на выган пусціць, ні нават у рэчцы рыбы налавіць — усё панскае, усё забаронена.
У Світалаўцы размясцілася нямецкая камендатура, яна прыдавала Вайтовічу яшчэ большую сілу ўлады: побач былі абаронцы. Гэтыя абаронцы былі дужыя толькі над сялянамі, а стрымаць тую сілу, што ішла з усходу, не змаглі.
У снежні васемнаццатага года з усходу на сваіх баявых сцягах маладая Чырвоная Армія прынесла ў Світалаўку новае жыццё. Апранутыя ў рознае адзенне, з чырвонымі стужкамі наўскасяк на сваіх зімовых шапках, чырвонаармейцы прынеслі волю і радасць бедным людзям.
I на гэты раз Вайтовіч загадзя ўцёк са Світалаўкі. Разам з ім выехаў і Цвыркун. Дарога на захад была адкрыта, і неўзабаве тыя апынуліся аж пад Варшавай. Там Вайтовіч прасядзеў аж да восені дзевятнаццатага года, а ў верасні зноў рушыў у дарогу, назад. Напышлівы і ганарлівы, ён ехаў следам за польскім войскам, ачмураным марамі Пілсудскага — стварыць вялікую польскую дзяржаву «ад мора да мора».
Зноў, як пры немцах, дзесяць месяцаў раскашаваўся Вайтовіч на дзедаўскім кодлішчы.
Дажыў ён у маёнтку да лета. А ў пачатку ліпеня 1920 года зноў прыйшлося ўсё кідаць. Жывёлу загадзя выгналі са Світалаўкі на захад, лугі ўсё ж касілі ды стагавалі: Вайтовіч цвёрда верыў — не аддасць Пілсудскі бальшавікам Мінска.
— Што нашы адступілі трохі ад Бярэзіны, дык гэта яшчэ не гаворыць пра бальшавіцкую перамогу, — супакойваў Вайтовіч свайго цівуна. — Мне казаў адзін разумны стары: на вайне, як у картах. Можа і праўда. Удалося бальшавікам адагнаць нашых ад Барысава, глядзі, каб самі не адцураліся Смаленска.
Але як ні суцяшаў сябе Вайтовіч, ранейшага спакою ў яго ўжо не было: гарматны гул усё набліжаўся з усходу да Світалаўкі.
Нарэшце аднойчы надвячоркам пан з сям’ёю і цівун пакінулі маёнтак, далучыўшыся да гурту такіх жа ўцекачоў.
— Цяньком лепш будзе ехаць, заядзі менш, — смяяліся сяляне. перадаючы адзін аднаму вестку пра чарговыя панскія ўцёкі.
Увосень дваццатага года Вайтовіч ехаў зноў следам за польскім войскам назад у свой маёнтак, ён цвёрда быў упэўнены, што гэта апошняя яго вандроўка з захаду на ўсход. «На гэты раз будзе створана-такі Польшча ад мора да мора, — разлічваў Вайтовіч, — і я назаўсёды застануся ў бацькавым маёнтку».
Што загінула ўся жывёла, што ўцалела сяк-так толькі пара коней. на якіх вяртаўся адзін, без цівуна, — гэта ні кропелькі не бянтэжыла Вайтовіча. Яму абяцаў знаёмы генерал даць пару дзесяткаў салдат на першы пачатак. 3 такой сілай ён сышча не толькі сваё ад русінавічаўцаў, але забярэ ў іх, што захоча, і наладзіць сваю гаспадарку. Ён цяпер адбудуе Світалаўку, каб усе суседзі пазайздросцілі. Ён не Паланевіч, што спаліў свой маёнтак, а цяпер і прытуліцца не мае дзе.
Не ведаў Вайтовіч, што гэта толькі спакуслівыя мары, не ведаў, што шчасце пачынае здраджваць яму. Пакуль ён дабраўся да сваёй Світалаўкі — паміж Польшчай і Савецкай Расіяй наступіла перамір’е. Часовая граніца адрэзала яго сядзібу, палі і сенажаці бальшавікам.
Вайтовіч даехаў да самай граніцы, доўга глядзеў на Світалаўку і ніяк не мог пагадзіцца з думкай, што нельга трапіць у свае пакоі. Вунь яны, у кудзерцы ліп і каштанаў, рукою падаць, а дайсці нельга.
Хтосьці з суседзяў параіў яму на тым часе з’ездзіць у Варшаву да міністра і прасіць заступніцтва.
— Мяжа яшчэ нетрывалая, мо змены будуць, як пачнуць удакладняць. Калі на тое пойдзе, нашы могуць за панскі маёнтак у другім месцы некалькі вёсак з беднякамі аддаць. Тыя ж з ахвотаю пойдуць пад бальшавікоў, гэта ж іхнія абаронцы. Ці ж не праўду я кажу?
— Праўду, суседзе, — згаджаўся Вайтовіч.
У Варшаве так і паабяцалі яму. Назад Вайтовіч вярнуўся тады з надзеяй — у самы бліжэйшы час пераехаць на бацькаўшчыну. А пакуль што прыйшлося атабарыцца ў Каралінскім фальварку, не хацелася далёка ехаць ад Світалаўкі.
Гаспадары Караліны — маладыя польскія афіцэры — служылі ў войску, а кіраваў гаспадаркай цівун.
Убачыўшы аднойчы на свае вочы, што ставяць пагранічныя слупы на гэты бок маёнтка, Вайтовіч памчаўся ў павет да свайго знаёмага начальніка дэфензівы. Той спакойна выслухаў сябра і засмяяўся:
— Ты верыш у моцнасць гэтай мяжы, калега? Царскі трон не такі быў моцны, і то разбурыўся, а гэтыя слупы — дрэнь, — махнуў ён рукой.— Пакуль жывы наш Пілсудскі, ні адзін паляк не павінен траціць надзеі на ўтварэнне Вялікай Польшчы. Так, так, калега.
Ад сябра Вайтовіч вярнуўся абнадзеяны. Аднак настала пара падумаць, як жыць далей. Калі граніца адсунецца пад Смаленск — невядома, а што рабіць заўтра? Пакуль не было сталай граніцы — тлела вера ў яго сэрцы на зварот у Світалаўку, а цяпер трэба пераходзіць на больш сталае жыццё і спадзявацца, як раіць калега, на лепшае.
Жывучы кватарантам, Вайтовіч добра вывучыў справы фальварка. Не раз думаў, як бы ён вёў гэтую гаспадарку, калі б давялося тут жыць. I калі неўзабаве прыехаў дахаты пагасціць малады афіцэр, Вайтовіч расказаў яму пра цівуновы штучкі.
— А што рабіць? Мы самі ведаем гэта, але выкрыць яго круцельства наездамі не толькі цяжка, ды і немагчыма. Кідаць службу ў войску праз гэты фальварак нам не хочацца. Да таго ж рукі і ў мяне, і ў брата да зямлі не горнуцца, — прызнаўся шчыра афіцэр.
Вайтовічу толькі гэта і трэба было.
— Тады я асмельваюся прапанаваць пану свой план: здаць мне фальварак у арэнду. Можна на год, можна на два, пакуль праясніцца на ўсходзе,— намякнуў ён на змену граніцы і для ўпэўненасці сам спытаў: — Пан таксама верыць, што слупы на маёй зямлі недаўгавечныя?
— Так, пане, веру і спадзяюся, што мы яшчэ будзем баляваць з прыгожымі паннамі ў вашых пакоях.
— Пан ведае маё становішча і ў імя нашай агульнай ідэі згодзіцца даць мне прытулак арандатара. I сэрцы вашы будуць на месцы, — што належыць, паны атрымаюць, — і гаспадарка ў доглядзе. Ваш нябожчык бацька ведаў мяне як добрага гаспадара, і вы самі ў гэтым хутка ўпэўніцеся.
Афіцэру спадабалася Вайтовічава прапанова: гаспадарка будзе ў лепшым доглядзе, ды і плата выходзіла амаль у два разы большая, чым прыбытак, што атрымлівалі яны ад цівуна. Ён напісаў пра ўсё брату, той згадзіўся, і неўзабаве была падпісана ўмова на арэнду.
Вайтовіч перш-на-перш вытурыў цівуна. Той згаджаўся нават застацца звычайным парабкам у Караліне ў надзеі, што арандатар калі-небудзь адмовіцца арандаваць фальварак, і ён зноў стане цівуном, але новы гаспадар і слухаць не захацеў. Пасля ўзяў новых парабкаў, у ліку якіх апынуўся Пятро Галодка.
Пятро быў чалавекам гаспадарлівым, і неўзабаве пан узяў яго за асобную даплату да парабкоўскай ардынарыі сваім памочнікам. Новага цівуна Вайтовіч не ўзяў, і Галодка памагаў яму, дзе парадамі, дзе справай.
Тры гады Вайтовіч арандаваў Караліну. Потым афіцэры прапанавалі яму купіць фальварак. Самі яны збіраліся выходзіць у адстаўку і спадзяваліся на асадніцкія надзелы. «Дык чаму не мець дармовых грошай», — разважалі браты.
Так і зрабіўся Вайтовіч гаспадаром Караліны, не трацячы надзеі далучыць калі-небудзь да яе Світалаўку.
Начальнік павятовай дэфензівы стаў частым госцем у Караліне. Ён ведаў запаветныя мары калегі і, як спрактыкаваны ў такіх справах чалавек, прывозіў у фальварак самыя неверагодныя чуткі. Запёршыся ў пакоі, Запольскі выдаваў іх пад вялікім сакрэтам сябру за найвялікшую праўду.
Уся гаворка калег круцілася вакол граніцы. Часамі вызначаўся пэўны дзень, калі польскія салдаты на сваіх штыках панясуць пагранічныя слупы далёка за Мінск, за Оршу, за Кіеў. Наэлектрызаваны, Вайтовіч з нецярплівасцю чакаў тае шчаслівай хвіліны.
Прыходзіў вызначаны тэрмін, а граніца заставалася на месцы. Гэта ні кропелькі не бянтэжыла Запольскага. Пры сустрэчы з Вайтовічам ён ціхенька апраўдваўся:
— Не наша віна, каханы. На захадзе не гатовы, а без іх Польшча не хоча пачынаць. Трэба наваліцца ўсім разам, знянацку, каб не мець вялікіх ахвяр.
Вайтовіч шчыра верыў і не траціў надзеі. Калі ў дваццаць пятым годзе на світалаўскіх палях упершыню загудзеў трактар «Фардзон», Вайтовіч якраз быў у пагранічнай стражніцы. Разам з начальнікам аховы падышлі яны да самай граніцы і доўга па чарзе разглядалі ў бінокль, як следам за трактарам хадзіў натоўп саўгасаўскіх рабочых, школьнікаў. Гэта было тады вялікай падзеяй: на поле прыйшоў сталёвы конь з некалькімі плугамі.
— Да ўсяго іншага і гэта дастанецца мне. Так ці не? — паціраючы рукі, спытаў Вайтовіч.
— Так, пане, так, — адказаў начальнік стражніцы. Ён ведаў слабасць суседа і не хацеў яму пярэчыць.
Як цёпла ды сонечна на дварэ, дык і Грышу з Віцем весялей. Можна і расказаць што-небудзь адзін аднаму, і пачытаць нават разам, калі каровы добра ходзяць. А чытаць хлапчукі любяць. Каторы год ім ужо не даводзіцца ў ахвоту павучыцца ў школе. Толькі таго і вучэння, што зімою, а ўвесну зноў становяцца пастушкамі: ранняя вясна — раней, позняя — пазней.
Часам разгаворацца хлапчукі пра сваё жыццё.
— Чаму ты, Віця, служыш? У вас жа няма малых дзяцей, — спытаецца Грыша.
— Д хіба цябе малыя дзеці пасылаюць? — здзіўляецца Віця.
— Ну, але. Тата кажа, мне трэба памагаць гадаваць іх. Як падрастуць Янка, Петручок і Валя, тады і мне палягчэе: я не пайду больш служыць. Няхай пан сам пасе або дзяцей сваіх пасылае.
Віця цмокнуў языком і ўскінуў галаву.
— Не пашле пан сваіх дзяцей у пастухі. Яны ж у горадзе вучацца. Кожнае лета сюды прыязджаюць. Пабачыш сам якія. У чаравіках, і гарнітуры чорныя, суконныя, не раўня нашым — шарачковым. Старэйшы, Янак, адзін раз нават цукеркамі пачаставаў.
— Добра ім, яны і ўзімку вучацца, і ўлетку нічога не робяць, — уздыхае Грыша.
— I я не буду служыць, як тата купіць зямлі. Цяпер я памагаю тату зарабляць грошы.
— А калі ён купіць?
— Не ведаю. Тата казаў, скора, — і, азіраючыся навокал, шапнуў: — Мы ўжо сабралі трохі грошай.
— А дзе вы будзеце купляць?
Віця паціснуў плячыма.
— Тата кажа — абы грошы, дык зямля знойдзецца.
— Дзіва што знойдзецца, — згаджаецца Грыша і гаворыць: — у нас дзядзька Лявон прадае і зямлю, і хату, і хлеў — усё, а сам паедзе некуды далёка, да сына.
Момант хлопцы маўчаць, потым пачынаецца гаворка пра школу.
— У вас новая школа? — пытае Відя.
— Не, такая, як ваша, толькі большая. У нас аж дзевяноста вучняў, у дзве змены вучацца.
— А настаўнік ваш строгі?
— Строгі-строгі,— адказвае Грыша, — але добры, нікога не б’е. Летась быў другі, дык той біў і на калені ставіў.
— Наша настаўніца вясёлая. Скажа што-небудзь смешнае і сама смяецца разам з намі. Яна шкадавала мяне, як адпускала за пастушка. Пагразіла вось так пальцам і кажа:
— Не забывайся на кнігу, дык я цябе перавяду ў чацвёрты клас.
— Давай пачытаем, — прапануе Грыша, — цяпер добра каровы ходзяць.
Віця расхінае хустачку, дастае абкладзены ў шэрую паперу падручнік, і хлапчукі садзяцца на камені. Спачатку чытае Грыша, а за ім Віця. Чытае Грыша бойка, бо ўсё гэта ён праходзіў летась. Віцю таксама лёгка чытаць за Грышам.
Начытаўшыся, хлопцы разыходзяцца, падганяюць кароў, што разбрыліся па ўсім папары.
Колькі разоў Грыша бачыў з гэтага месца, як уздымаецца ўгору жаваранак. Здаецца, вісіць на нябачнай нітачцы ў паветры і звініць-звініць.
Вось і цяпер Грыша прыклаў руку да ілба і сочыць, як жаваранак падае каменем на зямлю.
— Ці не вядуцца яны тут? — гаворыць сам сабе Грыша і спяшаецца да таго месца, дзе апусцілася птушка. Шэранькую, пад колер пасохлай травы, яе цяжка прыкмеціць здалёк. Хлапчук ледзь не наступіў нагою. Птушка страпянулася і пырхнула проста над яго галавою ўгору.
— Ты думаў, яе гняздо тут? — пытае Віця, падышоўшы бліжэй.
— Угу, — адказвае Грыша, не адрываючы вачэй ад птушкі.
А жаваранак усё вышэй падымаецца ўгору. Вось ён выглядае ўжо жучком, затым мухай і нарэшце зусім знікае ў блакіце.
— Гэта ён адпачываць садзіўся, — растлумачвае Віця. — Пачакай трошкі, хутка зноў каменем упадзе.
— А дзе яны вядуцца? Я ні разу не знаходзіў іх гнёздаў.
— На зямлі, каля каменя ці купінкі якой. Іх цяжка знайсці. Летась мы з дзядулем знайшлі адно гняздо. Ён ледзь не наступіў, тады толькі ўспырхнула птушка. А як мы адышліся, зноў села на яйкі. Дзядуля казаў, жаваранкі мяняюцца: адзін сядзіць у гняздзе, а другі паблізу спявае, каб таму не было сумна.
— Адкуль твой дзядуля ведаў!?.
— Ён усё-ўсё ведаў. Толькі чытаць не ўмеў. А казак колько знаў! Як пажнуць, тады лягчэй пасвіць, і дзядуля мне расказваў. От каб мы з табою былі ў яго падпаскамі, дык разам слухалі б тыя казкі, і дзеду лягчэй было б. А то летась вунь на тым палетку ён два разы ўпусціў кароў у ячмень. Я ішоў з левага боку, ад аўса, а ён з правага. Увечары пан лаяў, лаяў дзядулю і сказаў, што апошні год важдаецца з ім, а ўвосень паклікаў да сябе і сказаў: «Ідзі ад мяне з богам... Не патрэбен ты мне такі стары».
— I куды ён пайшоў?
— Не ведаю. Мусіць, жабраваць, — адказаў Віця.
Грыша цяжка ўздыхнуў. Шкада яму стала і дзядулю адзінокага, і што казак не пачуў ад яго.
Каб перавесці гаворку на іншы лад, Віця, задраўшы галаву ўгору, дзе чулася жаваранкава песня, сказаў з жалем у голасе ні то да Грышы, ні то да сябе:
— Добра ім.
— Каму?
— Птушкам. Ніякага клопату. Пад’ядуць і спяваюць. А ў вырай паляцяць — колькі цікавага пабачаць па дарозе. От, каб мы з табой былі птушкамі! — уздыхае Віця.
— Дык што?
— Паляцелі б і паглядзелі, што робіцца за тымі кустамі, як жывуць людзі. Тата кажа, там зусім іначай жывецца: ні парабкаў, ні паноў у іх няма. I такія хлопцы, як мы, вучацца ў школе.
— Адкуль твой тата ведае гэта? Ён жа там не быў.
Віця адказаў не адразу. Ён насцярожана азірнуўся і паціхеньку сказаў:
— Да таты іншы раз прыходзіць нейкі дзядзька і расказвае. Я сам чуў, прытаіўшыся на ложку.
— Маніш.
— На, глядзі, — хлапчук склаў накрыж два мезеныя пальцы і пацалаваў. Гэта лічылася найбольшай клятвай.
— Можа і праўда, — згадзіўся Грыша.
— Калі-небудзь тата сам табе раскажа, паслухаеш.
Пастушкі некаторы час пастаялі яшчэ, паглядзелі на ўсход, дзе праходзіла граніца, і пакрочылі далей, следам за каровамі.
Незнаёмыя людзі
Неяк пад канец лета хлапчукі гналі кагроў з раніцы і сустрэлі двух мужчын.
Грыша першы заўважыў іх і сказаў сябру:
— Віця, глянь, нейкія незнаёмыя ідуць з фальварка.
— Хто ж бы гэта? Паглядзім, — пачаў узірацца Віця.
Мужчыны набліжаліся. Апрануты яны былі ва ўсё чорнае, у капелюшах, а на шыі віднеліся чорныя матылёчкі. Адзін з мужчын насвістваў нейкую лёгкую песеньку, а другі разглядаў па баках, відаць, незнаёмую для яго мясцовасць.
— Вунь таго, ніжэйшага, я ведаю. Летась увосень прыязджаў. У яго на гэтым месцы, — паказаў на сваёй шыі з левага боку Віця, — шрам ёсць. От пабачыш сам, як падыйдуць... Місюк яго прозвішча. Тата казаў, ён з Лукашоў. За мяжою ёсць такая вёска.
— А як жа ён трапіў сюды?
— Тата гаварыў... — пачаў было Віця, але, заўважыўшы, што з яго боку каровы павярнулі да збажыны, пабег адганяць.
Незнаёмыя тым часам параўняліся з Грышам і спыніліся.
— Ты што тут робіш? — спытаў ніжэйшы.
— Панскія каровы пасу, — адказаў пастушок, разглядаючы мужчын. Ён сам цяпер убачыў сіняваты рубец на шыі незнаёмага і падумаў: «Праўду казаў Віця».
— Замест Банадыся?
Хлапчук кіўнуў галавой.
— Скуль жа ты?
— 3 Пяскоў.
— Маці ёсць, бацька?
— Угу,— адказаў Грыша.
— Ну, ідзі, памагай свайму памочніку, — кіўнуў ніжэйшы ў той бок, дзе Віця адварочваў кароў.
Не паспеў Грыша ступіць некалькі крокаў, як той жа голас аклікнуў яго.
— Хлопча, ідзі сюды.
Грыша павярнуўся і нясмела пайшоў назад, падумаўшы: «Што яму яшчэ трэба?»
Спытаўшы, як зваць пастушка, Місюк працягнуў яму белую манету:
— На, вазьмі сабе на цукеркі.
Хлапчук хуценька ўзяў грошы і хацеў пацалаваць у руку за гасцінец, як цалаваў дома бацьку, але Місюк не даўся.
— О, ты не толькі сквапны на грошы, але і далікатны хлоп! — зарагатаў другі мужчына, акінуўшы яшчэ раз Грышу з ног да галавы праніклівым позіркаім. Потым сказаў да Місюка: — Пойдзем, Анджэй, — і сам першы пашыбаваў у бок мяжы.
Незнаёмыя пайшлі, а Грыша нейкі момант стаяў збянтэжаны і чырвоны ад кпінаў. Заціснутая ў кулак манета, здавалася, пякла агнём яго пальцы. Ен расшчаміў іх, прачытаў:
— Дваццаць грошай,— перавярнуў на другі бок, паглядзеў на аднагаловага арла і шпурнуў манету наўздагон Місюку.
— Падавіцеся імі!
Але што за дзіва, як толькі манета ўпала ў траву, Грышу стала шкада яе.
«Гэта ж колькі было б цукерак! Можна было б нават Петручку, Янку і Валі паслаць, як прыдзе зноў мама ў нядзелю даведвацца», — падумаў хлапчук, не ведаючы таго, што яшчэ здарыцца з ім да нядзелі.
Грыша добра бачыў, куды паляцела манета, і памкнуўся быў ужо бегчы па яе, але Віця гукнуў адагнаць каровы ад збажыны. Грыша пабег, а як вярнуўся — не мог ужо знайсці тое месца.
Пра здарэнне з грашыма Грыша не расказаў Віцю, балазе той не бачыў. Скажы яму — смяяцца будзе, а то, чаго добрага, і манюкам палічыць. Хто гэта кіне сваімі рукамі грошы.
Віцю, вядома, цяжка было б зразумець, чаму так зрабіў Грыша. Ён не ведаў, што ў сябра такая натура: не па нутру што, адразу паказвае гэта.
Яшчэ Грыша не хадзіў парабкаваць, калі з ім быў такі выпадак. Аднае раніцы яго брат Янка разбіў гліняны кубак, якім пілі ваду з вядра. Разбіў сам, а зваліў віну на брата. Маці, не разабраўшыся, расперазала фартух і адлупцавала Грышу.
Грыша пакрыўдзіўся на матчыну несправядлівасць і ўвесь дзень нічога ў рот не ўзяў, як ні прыцукала маці. Толькі ўвечары, калі прыехаў з лесу бацька і ўсёю сям’ёю разабраліся, хто вінаваты, а маці неяк ласкава-ласкава сказала: «Сыночак, еш, а то памрэш», ён прыняўся за ежу...
Прыгнаўшы з раніцы каровы, пастушкі засталі ў фальварку яшчэ аднаго прыезджага чалавека. Ён стаяў на ганку, плячыма да хлапчукоў, і нешта расказваў Вайтовічу. Той рагатаў, аж заходзіўся. Раптам прыезджы павярнуўся, і Віця пазнаў яго: гэта быў Запольскі.
— Ён часта да нашага пана прыязджае: адзін, а то з кім-небудзь,— растлумачыў Віця.
— У госці? — пацікавіўся Грыша.
— Ну, а то чаго ж!.. Наш пан ездзіць да яго ў павет, а ён сюды.
Віця нават і думаць не мог, чаго прыязджаў Запольскі. А той пад выглядам гасцей прывозіў сам або прысылаў людзей вывучаць граніцу. Яны жылі два-тры дні ў фальварку, наведвалі пагранічную стражніцу, хадзілі крадком уздоўж граніцы лесам, стараючыся не вытыркацца на прагал, каб не заўважылі іх з савецкага боку.
Вечарамі ў фальварку наладжваліся гулянкі, на якія часта прыязджаў і начальнік стражніцы. Усёю кампаніяй спявалі ваяцкія песні і разам з гаспадаром строілі планы, калі і як будуць спраўляць баль у Світалаўцы.
Потым Вайтовічаў фурман адвозіў прыезджых у павет і ў Караліне зноў наступала цішыня.
Дома ўжо, загнаўшы каровы ў абору, Віця расказаў пра Місюка ўсё, што чуў раней ад бацькі.
У свой час Андрэй Місюк разам з бацькамі жыў у Місюкоўшчыне, на невялічкім хутары каля Лукашоў. У дзевяцьсот дваццатым годзе, увосень, калі паміж Польшчай і Савецжай Расіяй было падпісаіна перамір’е і праведзена часовая граніца, лукашоўскія палі засталіся на савецкім баку, а вёска з хутарам пад Польшчай.
Некаторыя з жыхароў, у тым ліку і Місюкі, пастараліся выкарыстаць такое зручнае становішча для сваёй выгады. Едучы ці ідучы на поле, яны бралі з сабою соль ці другія тавары, якіх тады пасля грамадзянскай вайны не хапала ў савецкіх людзей, і прадавалі па высокіх цэнах.
Неўзабаве савецкія пагранічнікі выкрылі гэтыя штучкі і аднаго разу доўга гналіся за Андрэем Місюком. Страляіць наўздагон нельга было — перад імі раскінуліся ліукашоўокія хаты. Місюк гэта ведаў і ні на якія пагрозы, крыкі не зважаў.
Пасля такой аблавы Місюк не ездзіў больш на поле. Бацькі яго, даведаўшыся, што іхні хутар пры ўдакладненні граніцы адыходзіць пад бальшавікоў — выехалі з усім сваім скарбам з Місюкоўшчыны ў суседнюю вёску і асталіся пад Польшчай.
У Рымашах, адкуль Пятро быў родам, Місюкі купілі невялікую гаспадарку і асталяваліся там. Андрэй аднойчы паспрабаваў лёгкага хлеба: у яго цяпер не цягнуліся больш рукі да працы. Тут ён хутка здружыўся з Васілём, маладзейшым за сябе хлопцам заможных бацькоў.
Васіль быў падатлівай натуры і са старэйшымі трымаў сябе заўсёды пакорліва і паслухмяна. Андрэй умомант заўважыў падатлівасць сябра і пастараўся яе выкарыстаць. Ён пачаў расказваць, як лёгка даставаліся яму грошы ў Місюкоўшчыне, Пастараўся размаляваць той выпадак, калі гнаўся за ім савецкі пагранічнік.
Аіндрэй не пасаромеўся нахлусіць сябру пяць карабоў з коптарам, каб выставіць сябе перад ім адважным і смелым. Заўважыўшы, што Васіль верыць, Андрэй падышоў здалёк да галоўнага.
— Бацька ў мяне скнара і нясмелы, — уздыхінуў ён, — а то не гэтак можна было 6 жыць... Золата хавае без карысці, а яго можна пусціць у такі зваротак, што рубель два прынясе.
— Як гэта? — здзівіўся Васіль.
— Як? Галаву трэба мець, Вася, і ёю працаваць. Мазалямі не нажывеш батацця, — знарок заінтрыгоўваў сябра Андрэй. — Як жылі на хутары, я падгледзеў, дзе бацька хаваў свой скарб, а тут, на новым месцы, не магу ніяк...
Васіль ледзь не прагаварыўся, што ён ведае, дзе яго бацька хавае золата і польскія маркі, але стрымаўся неяк, ходь і вельмі карцела выказаць тайну. Андрэй заўважыў хваляванне сябра, але не падаў выгляду.
Назаўтра ён зноў павёў гаворку пра грошы:
— Каб хоць паўсотні на першы пачатак...
— А як жа ты аднясеш тавар на той бок? Цябе ж зловяць, — усумніўся Васіль.
— Мяне зловяць? Лавілі ўжо, — зарагатаў Андрэй. — Я там усе сцежкі-дарожкі ведаю. Ні нашы салдаты, ні бальшавікі не ўбачаць нават. Трэба сёе-тое вось тут мець, — пастукаў ён па Васілёвым ілбе, — калі такімі справамі займаешся. Каб у нас было сто рублёў золата, мы схадзілі б з табой разам... Я не хачу прасіць у бацькі, ды ён і не дасць, скнара гэты.
На трэці дзень Васіль сам прынёс грошы. Хацелася паказаць сябру, як дорага яму дружба. Андрэй спакойна ўзяў бліскучыя манеты, пералічыў іх і паабяцаў аддаць у два разы больш.
— Толькі ты адразу аддасі, як вернешся. Я так узяў, каб тата не ведаў. Дазнаецца — заб’е.
— Канешне, адразу, — суір’ёзна адкаааў Андрэй. — Хіба я не разумею, пад якім страхам ты будзеш хадзіць гэтыя дні, пакуль я вярнуся.
Насупіўшы бровы і падцяўшы губы, Андрэй нейкі момант моўчкі глядзеў на грошы, потым падняў вочы на Васіля і сказаў:
— Хадзем, Вася, разам, што заробім — папалам. Дружыць, дык дружыць. Твае грошы, мой вопыт...
— Тата не пусціць,— пакруціў галавою Васіль.
— А ты не кажы дома нічога. Я таксама пайду цішком.
— Не скажу цяпер, як вернемся — спытаюць.
— Тады сварыцца не будуць. Ты ціхенька паложыш бацькавы грошы і пакажаш, колькі зарабілі. Дома слова не скажуць, пахваляць нават.
Васіль не ўстаяў.
Назаўтра ранічкай хлопцы пайшлі ў горад, купілі на ўсе грошы сахарыну і, не заходзячы дахаты, падаліся на Лукашы. Там праляжалі ў лесе да позняй ночы, выгледзелі, дзе лепей пераходзіць граніцу, і змрокам папаўзлі цераз яе.
На тым баку, як расказваў Андрэй, наткнуліся на засаду і далі драпака. Ён вярнуўся з перавязанай шыяй, а Васіль зусім прапаў. Васілёвы бацькі паднялі лямант, крык, але Андрэй напалохаў іх, што калі даведаецца ўлада, дык і яны яшчэ адказваць будуць.
— Можа жывы дзе, можа ранены, як і я, дык хоць некалі вернецца, супакойцеся,— даводзіў Андрэй.
Людзі ж пасля гаварылі рознае. Адзін з Місюковых суседзяў, якому давялося пабачыць незагоеную рану на Андрэевай шыі, казаў:
— Такой раны куля ніяк не можа зрабіць, быў я на вайне, ведаю. Нажом нехта паласнуў. Можа той жа Васіль, абараняючыся.
— А што, усё іможа быць, — згаджаліся з суседавымі довадамі рымашоўцы.
Некаторыя нават раілі Васілёваму бацьку заявіць у паліцыю, але той баяўся раскрываць рот. Ён верыў больш Андрэю, што сын яго на тым баку, чым здагадкам сваіх аднавяскоўцаў. «А ўвядзеш у вушы паліцыі, могуць штраф яшчэ даць або судзіць нават», — думаў стары.
Хутка ў Андрэя з’явіўся новы суконны гарнітур зялёнага колеру і хромавыя боты. Бацька пусціў пагалоску, што хлопец збі'раецца жаніцца, таму і прыбраўся ва ўсё новае.
А людскія языкі гаварылі другое:
— Вунь дзе плачуць грошы Васілёвага бацькі.
— Можа не толькі грошы, а і Васілёва жыццё...
Пра ўсё гэта Вайтовіч, даведаўшыся ад Пятра, расказаў Запольскаму. Той выклікаў Андрэя да сябе і доўга з ім гутарыў.
— Я мог бы цябе аддаць пад суд за такую справу, як пераход мяжы, але спадзяюся — ты для нас можаш зрабіць некаторую паслугу і гэтым выкупіць сваю віну. Работа ў нас не цяжкая, плацім не дрэнна...
Андрэй выслухаў, што трэба рабіць, і згадзіўся. Праца прыйшлаоя яму да спадобы. Месяцы праз тры пасля першага наведвання ім дэфензівы з Рымашоў забралі трох хлопцаў, калі тыя чыталі забароненыя творы. Хлопцы доўга не маглі ўцяміць, адкуль даведаліся пра гэта дэфензіўшчыкі. Не паспелі тыя вярнуцца, як зноў забралі яшчэ двух.
Следам за апошнімі двума арыштаванымі Андрэй пераехаў працаваць у павет. Адтуль яго неўзабаве паслалі на курсы, дзе ён прабыў некаторы час і вярнуўся са спецыяльным прызначэннем.
Запольскі не імог нацешыцца са свайго выхаванца. Ён быў рады, што такога служаку давялося знайсці іменна яму.
Пры зручным выпадку Запольскі любіў праехацца з Місюком. I на гэты раз яны завіталі ўтрох у Караліну.
Каб дагадзіць Вайтовічу, Запольскі маляваў карціну, як у адзін цудоўны дзень будуць даваць драла бальшавікі са Світалаўкі. Ён да пояса нахіліў сваю галаву перад фальваркоўцам, паказваючы гэтым, як схіляцца перад сваім панам світалаўскія парабкі, а следам за імі — рускавічаўцы.
Вайтовіч ззяў ад будучага шчасця.
— А скажы, каханы мой, будзе гэта ўдзень ці ўночы? Як думаеш?
— Толькі ўдзень. У цудоўны, сонёчны дзень, каб звычайным вокам можна было бачыць, як будуць падмазваць яны свае пяткі.
— Ці не лепш было б знянацку, уночы, каб яны спалі. Так і парабкі не змаглі б уцячы. А калі ўдзень, як пан кажаш, дык некаторыя могуць збегчы...
— Адразу відаць, што пан Вайтовіч не служыў у войску, — зарагатаў Запольскі. — Нікуды вашы парабкі не дзенуцца. Як голенькіх птушанят у гняздзе, возьмем іх у Світалаўцы. I ўсё гэта будзе менавіта знянацку...
— Каханы мой, у першы ж вечар пасля вызвалення Світалаўкі будзеш маім дарагім госцем на дзедаўскай сядзібе... На гэты раз я вазьму сваіх парабкаў за каўнер! Досыць з імі цырыманіцца. Пан паможа мне, праўда?
— Само сабой, калега. Гэта ж наша агульная справа.
Так, стоячы на ганку Вайтовічавай сядзібы, паны капалі ямы для сваіх будучых ахвяр.
Незвычайны госць
Запольскі не мог доўга затрымлівацца ў Караліне. Назаўтра ж уранні выехаў. А Місюк і яго напарнік прабылі яшчэ трое сутак. Штодня надвячоркам яны, нібы на шпацыр, ішлі ў бок стражніцы, а раніцаю вярталіся назад у фальварак. Разам з жаўнерамі-пагранічнікамі прыезджыя нецрыкметна ішлі лесам уздоўж граніцы і прыглядаліся да мясцовасці.
На трэці дзень прыезджыя, а разам з імі і Вайтовіч, паехалі пасля абеду ў горад.
Даведаўшыся, што іхняга гаспадара няма ў фальварку, хлапчукі вырашылі скарыстаць гэта. Падахвоціў Грышу Віця:
— Давай пагонім каровы на вечар бліжэй да мяжы, — сказаў ён. — Там трава добрая ў кустах.
Грыша пакруціў галавою.
— А калі даведаецца пан?
— Адкуль ён даведаецца? Толькі ты маўчы, нават тату майму не кажы. Мы з дзядулем часта ганялі туды, як пан адлучаўся.
— Баюся ўсё-такі, — вагаўся Грыша.
— Як хочаш: ты пастух, а я твой падпасак... Паглядзелі б мяжу і маёнтак нашага пана. Ён, як на далоні, відаць вунь з-за тых кустоў.
— Добра, — згадзіўся нарэшце Грыша. — Толькі кароў не будзем блізка падпускаць.
Грышу даўно хацелася зірнуць хоць адным вокам на савецкую зямлю. Колькі разоў дзядзька Пятро расказваў хлапчукам пра яе. А цяпер ён можа ўбачыць нават сам. Ці ж гэта не спакусліва?
Хлапчукі выгналі статак з аборы раней, каб імець больш часу. Яны не спыняліся з ім ні на выгане, ні на папары, а пагналі проста да кустоў, што ішлі ўздоўж граніцы.
На новым месцы каровы, сапраўды, накінуліся на траву.
— А што я казаў — будуць добра хадзіць, — напомніў пра сваё Віця і паказаў пугаўём на прагал. — Вунь адтуль відаць Світалаўка, хадзем пакажу.
— А салдаты не будуць крычаць?
— Не. Яны і не ўбачаць нас. Мы колькі разоў з дзедам глядзелі і ні разу не сустракалі іх.
Грыша згадзіўся. Хлапчукі падышлі бліжэй і загледзеліся. На тым баку таксама хадзілі каровы, а трохі воддаль — працавалі людзі.
— Што яны робяць там, цікава? Бачыш, колькі іх, — сказаў напаўголаса Віця і з жалем уздыхнуў: — От, каб у нас быў такі бінокль, як у пана, паглядзелі б як след.
Непрыкметна для саміх сябе, разважаючы, хлапчукі крануліся з месца і прайшлі яшчэ нейкую оотню крокаў. Зусім блізка відаць былі пагранічныя слупы. Хлапчукі спыніліся. Ім, асабліва Грышу, які бачыў усё гэта ўпершыню, было цікаіва глядзець, як працуюць там незнаёмыя людзі.
— Гэта, мусіць, школьнікі, — сказаў Грыша.
— Чаму так думаеш?
— Бачыш, якія маленькія.
Віця моўчкі згадзіўся. Можа і сапраўды так. А Грыша, гледзячы туды, у далеч, цяжка, ўздыхнуў і прамовіў:
— От, каб можна было схадзіць туды ды глянуць сваімі вачыма... Знаеш, Віця, як вырасцем ды заробім шмат грошай, паедзем па свеце вандраваць: паглядзім розных людзей — чорных, жоўтых... Нам расказваў настаўнік: якіх толькі людзей няма на свеце...
— І звяроў, і птушак пабачым. Нам гаварыла настаўніца, што ёсць такія маленькія птушачкі, з пчалу велічынёй...
Невядома, дакуль бы размаўлялі так хлапчукі, забыўшыся на свае абавязкі, калі б на тым баку граніцы не рыкнула карова. Ёй адказала, зусім блізка ад хлапчукоў, адна з каралінскага статка. Тады карова з чужога статка рыкнула яшчэ раз-другі.
— Каровы!.. — гукнуў трывожна Грыша і з крыкам: — Куды, Рагуля!.. Куды, Півоня!.. — кінуўся заварочваць. Віця таксама з крыкам пабег уздоўж граніцы.
Але Рагуля і Півоня і не думалі вяртацца. Задраўшы хвасты, яны беглі ў той бок, дзе несціхана рыкала карова.
Грыша памчаўся напярэсцігі, і сам не заўважыў, як следам за каровамі мінуў рабы слуп, за ім другі — з молатам і сярпом.
Тут Грышу не прыйшлося доўга бегчы: зусім нечакана перад ім вырасла постаць чырвонаармейца і пачуўся голас:
— Стой, хлопчык!
Пастушок па інерцыі прабег яшчэ некалькі крокаў і спыніўся. Убачыўшы перад сабой чырівонаармейца, ён сумеўся, заміргаў вачыма, хацеў нешта сказаць, але перасох язык і не знаходзіліся словы.
Пагранічнік заўважыў спалох на хлапчуковым твары і супакоіў:
— Не бойся, хлопчык! Як цябе зваць?
— Грыша. Гэта панскія каровы, — паказаў ён на Рагулю і Півюню.
— Я ведаю, — кіўнуў галавой салдат.
— Пан заб’е мяне, што пусціў на ваш бок.
— Не заб’е. А стане біць — здачы давай. Чаго з ім цырымоніцца.
— Гэта мяне Віця падбухторыў,—памкнуўся бегчы па каровы пастушок, каб не дапусціць іх да чужога статка. Але пагранічнік зноў напомніў:
— Не бяжы, Грыша. Нідзе не дзенуцца твае каровы. Бачыш, там школьнікі бягуць ужо на пярэймы, каб не пабіліся з іхнімі. Яны папільнуюць і Рагулю, і Півоню. Гэтак ты іх завеш?
— Гэтак, — кіўнуў галавой хлопчык.
— Ну, вось і добра. А мы з табою пойдзем на заставу. Там пазнаёмішся з нашым начальнікам. Ён у нас добры і любіць такіх, як ты, хлапчукоў.
Да заставы было далекавата, і, пакуль ішлі, Грыша расказваў пагранічніку пра сваё жыццё.
— Такі злосны ваш пан? — усміхнуўся пагранічнік.
— Угу. Казаў, скуру з мяне здыме, калі каровы трапяць у збажыну. А за гэта, напэўна, заб’е.
— Эх ты, — паклаў Грышу на плячо руку пагранічнік, — вялікі такі, а баішся пана. Колькі ў Караліне парабкаў?
—· 3 дзядзькам Пятром восем.
— Ты і сябе лічыш за парабка?
— Не. Мы з Віцем пастухі...
— Вось бачыш, восем парабкаў ды вас двое, а пан — адзін...
Так непрыкметна за гамонкай прыйшлі на заставу. Салдат далажыў начальніку пра здарэнне на граініцы.
— Добра, — адказаў той. — Ідзіце на свой пост.
Польскі пагранічінік заўважыў Грышу з каровамі ўжо на савецкім баку. Ён прыкінуўся, што нічога не бачыў, і шпаркімі крокамі пайшоў уздоўж граніцы ў другі канец свайго паста. Няхай лепш заўважыць другі пост. Далей ад начальніцкіх праборак.
Трапіўшы ў такую бяду, Віця не разгубіўся. Ён борздзенька адвярнуў статак ад граніцы на папар, падагнаў, як можна было бліжэй да фальварка і пабег сказаць пра здарэнне з Грышам.
Вайтовіч яшчэ не вярнуўся з горада. Пятру прыйшлося ісці на стражніцу. Начальнік стражніцы доўга крычаў на парабка, лаяўся, хоць той зусім быў не вінаваты. Нарэшце, пагразіўшы вялікім штрафам, паклікаў салдата і загадаў аднесці напісаную заяву на савецкі пост.
Пакуль з польскага боку маўчалі, што хлапчук і дзве каровы перайшлі граніцу, начальнік заставы павёў Грышу ў світалаўскую школу калгаснай моладзі, ці як называлі яе скарочана — «Шакаэм». «Няхай паглядзіць, чым займаюцца ў нас такія, як ён, хлапчукі», — думаў начальнік заставы, ідучы з пастушком у школу.
— Пазнаёмцеся з госцем з-за граніцы. Панскі пастушок. Грышам Васільцом зваць, — адрэкамендаваў ён хлапчука вучням.
Шакаэмаўцы сустрэлі Грышу ветліва. Да іх часта прыходзілі, прыязджалі з суседніх вёсак — настаўнікі, вучні, нават старыя дзяды — паглядзець, як жывуць, як працуюць шакаэмаўцы. Вучні прывыклі ўжо да розных экскурсій. А гэты хлапчук — аднагодак многіх — быў проста дзівам для іх. Што ні кажыце, ён трапіў з іншай краіны.
Вестка пра з’яўленне панскага пастушка ўмомант абляцела ўсіх школьнікаў.
Шакаэмаўцы абступілі Грышу і засыпалі пытаннямі:
— Ты ў сапраўднага пана служыш?
— У сапраўднага.
— А тоўсты ён?
— Не вельмі, Толькі высокі. I нос кручкаваты, як у каршуна. Гэта яго маёнтак,— паказаў Грыша на світалаўскія будынкі.
— Быў яго, а стаў наш.
— Пан збіраецца вярнуцца сюды.
Шакаэмаўцы зарагаталі.
— Сюды? Вось гэта здорава! — усклікнуў весела адзін і гукнуў вучню, што падыходзіў да іх: — Сева, чуў, што Грыша гаворыць? Пан збіраецца вярнуцца ў Світалаўку...
— А што, няхай прыязджае, пастухом будзе ў нас, — падаў думку хтосьці.
— Хто яму даверыць наш статак?
Грыша стаяў сярод такіх жа, як сам, хлапчукоў, пазіраў на іх загарэлыя твары і думаў: «От, каб у нас была такая школа!»
Хлопчык, што назваўся Колем, падышоў бліжэй да Грышы і самым сур’ёзным тонам сказаў:
— Перадай пану, што ён тады вернецца сюды, як рак свісне.
— А рак зусім не свішча, — засмяяўся Грыша, не разумеючы Колевых кпінаў.
— Ну, вось, калі рак не свішча, значыць, пану твайму не бачыць Світалаўкі. Так і скажы, — адрэзаў Коля і перавёў гаворку на іншае:— Ты кожны дзень пасеш каровы?
— Кожны. На тое ж мы пастухі.
— А калі ты вучышся?
— Узімку. Як снег ляжыць.
— А мы ўвесь год у школе то вучымся, то працуем на полі ці на агародзе. I каровы пасём па чарзе.
— Добра вам. Адзін аднаго падмяняеце. А хто нас падменіць? Нас пан прымушае, бо ён багаты, у яго шмат грошай... Сёння ён мяне біць будзе, што не ўпільнаваў кароў,— раптам загаварыў Грыша.
I неяк адразу пацішэла пасля гэтых пастушковых слоў у грамадцы шакаэмаўцаў. Ніхто з іх не бачыў жывога пана, бачылі толькі на малюнках ды чулі ад бацькоў і настаўнікаў. А тут, на табе, перад імі стаіць хлапчук, які церпіць яшчэ панскія здзекі.
— Знаеш, Грыша, што... Не ідзі назад, — параіў Коля. — Заставайся ў нас. Каровы панскія начальнік заставы аддасць, а ты будзь з намі. Наш дырэктар добры, ён цябе прыме. Будзеш вучыцца і працаваць, як мы.
Грыша моўчкі слухаў, міргаў вачыма і глядзеў у той бок, дзе праходзіла граніца. Думкі яго віталі ў Караліне, у Пясках.
— Там жа тата, мама... — адказаў ён коратка, але такім шчырым голасам, поўным скрухі і жалю, што ўсе вучні міжволі пераглянуліся.
Тут ужо яны не ведалі, што і сказаць. У некаторых з іх не было ні таты, ні мамы, але параіць кінуць бацькоў за граніцай, а самому аставацца з імі ні ў кога не павярнуўся язык.
Вывеў з цяжкага становішча сваіх шакаэмаўцаў загадчык школы. Ён і начальнік заставы якраз выйшлі на двор.
— Ну як, падружыліся? — усміхнуўся начальнік заставы.
— Падружыліся, — пачулася адразу некалькі галасоў.
— Што ж гэта вы гаворкаю доўга займаеце хлопца? Вядзіце яго ў сталовую, пачастуйце. Хлопец, можа, не абедаў.
Коля стралой памчаўся на кухню далажыць пра гэта дзяжурнаму. У сталовую за ім пайшлі Маня, Сева і Грыша.
У прадаўгаватай зале, якая з’яўлялася і сталовай, і школьным клубам, было чыста. Дзяжурныя па сталовай рыхтаваліся да вячэры. Зацягваць не было калі, бо ўвечары мелася быць апошняя, генеральная, рэпетыцыя. Ніўскія школьнікі разам са сваім настаўнікам рыхтаваліся паказаць у нядзелю спектакль. У іхняй школе была надта маленькая сцэна. Рэпетыцыі сяк-так праводзілі, а ставіць прыходзілі ў Світалаўку.
Тут, у ШКМ, было дзе разгарнуцца. Хапала месца ўсім.
Першае, што кінулася Грышу ў вочы, як зайшлі ў сталовую, — сцэна ў другім канцы залы. Ён ні разу не бачыў яшчэ ні столькі сталоў, ні сцэны. На момант хлапчук стаў, як укапаны. Над сцэнай вісела доўгая чырвоная паласа, а на ёй вялікімі літарамі было напісана:
«МЫ — ШАКАЭМАУЦЫ — ДЗЕЦІ ПРАЦЫ.
АД ПРАЦЫ МЫ ПРЫЙШЛІ, ДА ПРАЦЫ МЫ ВЕРНЕМСЯ».
Грыша павольна прачытаў напісанае і зірнуў на вучняў.
— А што такое шакаэмаўцы? — спытаў ён.
Сева растлумачыў, што азначала незразумелае слова.
— А гэта Ленін. Правадыр усяго чалавецтва, — паказала дзяўчынка, якую звалі Маняй, на партрэт, што вісеў на сцяне каля сцэны.
— Я ведаю. У нашых хлопцаў, што арыштавала дэфензіва, быў такі, толькі меншы. Яны паказвалі нам.
Пакуль Грыша разглядаў другія партрэты і карціны, на стале з’явіўся абед.
Такога смачнага шчаўя і прасянай кашы з падліўкай і кавалачкамі мяса ў ёй хлапчук не помніў, каб калі еў. Усе трое шакаэмаўцаў сядзелі тут жа і расказвалі госцю пра сваё жыццё, адкуль яны, як вучацца.
Пасля абеду ўсе чацвёра пайшлі хадзіць па Світалаўцы.
— Гэта — яшчэ былыя панскія будынкі, а вось тыя пабудаваў саўгас, вунь у тым доме наш інтэрнат. Мы жывём у ім, — паказвалі і расказвалі шакаэмаўцы.
Грыша не мог утрымацца, каб не сказаць:
— Дзіва што наш пан шкадуе маёнтак. Ён часта праз бінокль глядзіць на яго.
— Скажы свайму пану, як будзе глядзець другі раз, мы яму вось што пакажам, — склаў тры пальцы Сева.
— А што табе, шкада, няхай глядзіць сабе здалёк. Зблізку яму ж не ўбачыць, — засмяялася Маня.
— Няма чаго на чужое і здалёк вытрэшчваць вочы, — падтрымаў Севу Коля.
Толькі аж надвячоркам паклікалі Грышу на заставу. За гэтыя некалькі гадзін пастушок да таго асвойтаўся з новымі сябрамі, што, развітваючыся, ледзь не заплакаў.
Шакаэмаўскія пастушкі прыгналі панскіх кароў да граніцы. На былой дарозе, што калісьці злучала Світалаўку з Каралінай, стаялі з савецкага боку начальнік заставы і два пагранічнікі, а на процілеглым — начальнік стражніцы з двума салдатамі і парабак Галодка.
Убачыўшы здалёк дзядзьку Пятра, Грыша на момант павесялеў, а як падышоў зусім блізка — у яго трывожна забілася сэрца.
Галодка не ўтрымаўся, каб не пакруціць галавою так, што не толькі Грыша, але ўсе вучні, якія праводзілі яго, зразумелі, што чакае хлопчыка.
Як толькі Грыша і каровы апынуліся на самай граніцы, начальнік заставы звярнуўся да тых, што стаялі на другім баку ручая:
— Вашы каровы?
— Нашы, — адказаў Галодка.
— I пастушок ваш?
— I пастушок наш, — пацвердзіў парабак.
— Забірайце, і другі раз каб не пускалі.
— Дзякуем, будзем старацца не пускаць,— зняў шапку Пятро.
Спачатку перагналі праз ручаёк кароў. Следам за імі, падкасаўшыся да калень, перайшоў Грыша. Ужо з таго боку ён памахаў рукою світалаўскім вучням і сказаў:
— Давідзэння! — але тут жа спахапіўся і паўтарыў: — Да пабачэння!
— Да пабачэння, Грыша! — пачуліся ў адказ дружныя галасы вучняў.
— Ідзь, ідзь, псякрэў, — крутнуў салдат пастушка за плечы, калі той, абярнуўшыся, хацеў яшчэ нешта сказаць шакаэмаўцам.
I шкада стала вучням Грышу. Некаторы момант яны моўчкі глядзелі ўслед яму. Здавалася, у змрок, у цёмную ноч пайшоў хлапчук ад іх. Хто паспагадае яму ўвечары, калі пан выкліча да сябе ў пакоі, пачне сварыцца і біць?
Пякучая крыўда
Усю дарогу аж да Караліны Грышу ўсё здавалася — ідуць следам за ім яго новыя сябры. Пройдзе, пройдзе хлапчук ды азірнецца. Нічога не хацелася б яму больш, каб хоць паблізу, на двары, былі яны — Коля, Сева, Маня і другія, калі пан пакліча яго да сябе.
Праўда, Пятро развясельваў Грышу, што абыйдзецца ўсё добра, але хлапчук не верыў. Ды і сам Галодка, калі казаць праўду, не спадзяваўся на панскую літасць.
— Можа, на першы раз даруе, а другі ты і сам не захочаш туды гнаць... Ну, раскажы, што бачыў за мяжою?..
Назад каровы ішлі спакойна, і хлапчук паспеў за дарогу расказаць Пятру пра тое, як сустрэлі яго пагранічнікі, шакаэмаўцы, што бачыў у Світалаўцы.
— Жывуць людзі, — уздыхнуў парабак. — А наш вар’ят думае яшчэ вярнуцца туды. Хто яму ўступіць такую выгаду?
— Ой, дзядзька, каб вы паслухалі, што тыя шакаэмаўцы казалі перадаць нашаму пану, — сказаў Грыша і падышоў бліжэй да Пятра, каб паціху расказаць усё.
Пакуль прыйшлі ў фальварак, на дварэ сцямнела. Раней, чым далажыць пану, што ўсё ў парадку, Галодка навучыў хлапчука не баяцца вельмі панскага крыку.
— Скажы — незнарок атрымалася, паабяцай другі раз не гнаць туды, і пан, можа, даруе табе, калі штрафу не прышле пагранічная ахова. Самае галоўнае, раскажы падрабязна, што бачыў у Світалаўцы. Яму цікава будзе паслухаць.
Аднак Пятро не мог утрымацца, каб першаму не перадаць пану ўсё тое, што пачуў ад пастушка.
Вайтовіч хадзіў па сваім пакоі-канторцы і паціраў ад задаволенасці рукі.
— Кажаш, Петрусь, нічога не разбурана?
— Хлапчук гаворыць, не. У панскім палацы школа цяпер. Тая зала, дзе пан спраўляў балі — іхні клуб і сталоўка.
— У такой залі рабіць сталоўку!— абураўся Вайтовіч.— Там жа, Петрусь, паркетная падлога...
— А што ёй, пане, зробіцца?
— Як што? Завэдзгаюць лапцямі.
— Нічога, пане, наймічкі адмыюць, наглянцуюць, і не пазнае пан, што па ёй у лапцях хадзілі. Гэта добра, што пад школу аддалі, маглі разабраць па бервяну, па дошчачцы...
— Праўду кажаш, Петрусь, маглі, маглі... Але ў такой залі рабіць. сталоўку... Паглядзеў бы ты хоць раз праз акно, колькі там збіралася некалі паноў. Ды якіх паноў! Два разы сам граф прыязджаў з жонкай. А паненак, а панічоў колькі з’язджалася! Балі я ўмеў наладжваць!..
Пятро знарок не расказваў пра ўсё адразу. Пасля таго, як радасны пан некалькі разоў перапытаў, як выглядае яго маёнтак, парабак зноў паддаў яму ўцехі.
— Мала таго, пане, што вашых будынкаў не разбурылі, дык яшчэ, кажа хлапчук, новы пабудавалі — двухпавярховы, вялізны дом. Паміж палацам і млячарняй. Інтэрнат для вучняў ці што.
Вайтовіч спыніўся і здзіўлена паглядзеў парабку ў вочы.
— Што ты кажаш, Петрусь?
— Хлапчук так гаворыць, я толькі чутае перадаю пану.
— Я такі заўважыў праз бінокль, што там новы будынак з’явіўся. Асабліва добра відаць ён увосень, як ападзе з дрэваў лісце. Не спадзяваўся, не спадзяваўся, што бальшавікі стануць дабудоўваць мой маёнтак.
— Выходзіць, пане, што бальшавікі могуць не толькі разбураць, але і будаваць, калі ім трэба.
— О так, Петрусь, калі ім што трэба — могуць, могуць, — адказаў Вайтовіч і зноў спытаў: — Кажаш, млячарня засталася?
— Хлапчук гаворыць, стаіць. Ён толькі не ведае, ці працуе.
— Як жа яна можа працаваць без малака? А малако адкуль у іх будзе? О, каханы Петрусь, ты не ведаеш, якая там у мяне млячарня! Тутэйшая наша ні ў якое параўнанне не можа ісці. Вярнуся туды, матор пастаўлю, механізую ўсё.
— Гэта добра, пан, зробіце. Бо надта ж пакутна людскою сілаю рабіць усё гэта... Толькі калі тое будзе, пане, невядома.
— Будзе, Петрусь, будзе. Не сёння, вядома. Можа, нават і не заўтра, але будзе. Я маю пэўныя звесткі. Такія людзі казалі, што я не магу ім не верыць.
— Ой, пане, гэтыя «казалы» не перастаюць ад дваццаць другога года, калі ўсталявалася мяжа...— махнуў рукой Пятро.
— А Петрусь ведае, што Амерыка і да сённяшняга дня не прызнае бальшавікоў? А гэта ж сіла,— паўтарыў чутае ад Запольскага Вайтовіч.
— Пане, дзе тая Амерыка і дзе Світалаўка.
Вайтовіч зарагатаў.
— Да чаго ж ты, Петрусь, знявераны... А што, калі праз тыдзень ці два я запрашу цябе ў світалаўскія пакоі на кілішак добрага лікёру? Што скажаш, васпан, тады? — Вайтовіч зноў захадзіў па пакоі, а потым спыніўшыся каля парабка, нахіліўся ніжэй і шапнуў: — А тыя двое, што жылі ў мяне гэтыя дні, думаеш, так сабе аціраліся тут?! Яны вывучалі мясцовасць, пойдуць хутка туды, — кіўнуў ён галавою на ўсход, — даведаюцца, чым дыхае народ. Там цяпер у вёсках такі шурум-бурум пачаўся... Ка-лек-ты-ві-за-цыя,— падняў Вайтовіч палец угору і вымавіў павольна, па складах гэтае новае слова. — Разумееш, Петрусь, што азначае гэтае слова? Не? Аддасі ўсё сваё ў агульны кацёл і будзеш з адной міскі есці разам з суседзямі. Так, так, няхай Петрусь не сумняваецца.
— Цяжка паверыць, пане, бо такіх жа місак вялікіх няма.
— Ёсць, нарабілі ўжо. На гэта вялікай навукі не трэба.
Вайтовіч ужо астыў трошкі ад свайго захаплення і выправіў Галодку паклікаць пастушка. Той давёў хлапчука да дзвярэй, а сам застаўся на ганку паслухаць. Праз адчыненую фортку было добра чуваць, што гаварылася ў пакоях.
Спачатку ўсё ішло лагодна. Пан распытваў у пастушка яшчэ раз пра ўсё тое, што даведаўся ад парабка. Грыша ахвотна расказваў. Ён рад быў, што пан маўчыць пра штраф і не сварыцца, што каровы трапілі за граніцу.
I нямаведама чым скончылася б іхняя гутарка, калі б Вайтовіч не скіраваў раптам гаворкі ў іншы бок:
— Ці сказаў жа ты хаця ім, што гэта мой маёнтак?
— Сказаў.
— Ну, і што яны на гэта?
— Адзін сказаў: «Трасцы з хваробаю ў бок твайму пану, а не маёнтак».
— Ах, галган!.. — заірдзеўся Вайтовіч. — Я ж яму пакажу, як вярнуся ў Світалаўку. Ты добра яго запомніў?
Але Грыша не адказаў на панава пытанне, ён працягваў гаварыць далей:
— А другі сказаў: «Калі пан будзе ў наш бок глядзець, дык мы вось што пакажам яму», — Грыша склаў тры пальцы і паказаў гаспадару фігу-
Усяго мог чакаць Вайтовіч, толькі не гэтага. Ён аж затросся ўвесь. Твар умомант наліўся крывёю. Ад злосці і знявагі ён затрос кулакамі і накінуўся, як драпежнік, на Грышу:
— Яны гаварылі, а ты рад пераказваць усякую брыду... Я табе пакажу трасцу з хваробаю...— крутнуў ён Грышу за вуха.— Ты знарок, шэльма, пусціў туды каровы... — Потым схапіў за другое вуха і, тупаючы нагамі, трос хлапчукову галаву і крычаў, што меў сілы: — Скуру злуплю з жывога, у турме згнаю... Бацькоў жабракамі пушчу па свеце за штраф...
I крыўда, і боль, і страх, што пан можа пакараць за гэта бацькоў, — усё зблыталася ў Грышавай галаве. Ён не мог больш стрымаць сваёй злосці і з усяе сілы ўдарыў пана кулаком спаднізу ў жывот. Вайтовіч войкнуў, захістаўся, выпусціў з рук пастушковы вушы і, сагнуўшыся ў тры пагібелі, грузна апусціўся на канапу. Грыша шмыгнуў за дзверы.
— А-ай! — пачуўся праз момант немы голас у панскіх пакоях.
— Зыгмусь, што з табою? — выбегла з бакоўкі жонка. Убачыўшы збялелага мужа, яна кінулася на кухню па ваду. Вайтовіч выпіў глыток, другі, аддыхаўся і прагаварыў:
— Альбіна, любая, забіць хацеў той галган.
— Ты закрычаў такім страшным голасам, што я ўтрупянела ўся. Выпі яшчэ трошкі, палягчэе, — паднесла кубак з вадой Альбіна. Вайтовіч глынуў, абцёр пальцам вусы і з гневам прамовіў:
— Узяў на сваю галаву служку! Гэта ж забіць мог...
— Гэтак моцна выцяў?
— О, так. Ведае, шэльма, куды цаляць.
— Мог яшчэ і Банадысь гэта лета папасвіць. Усё ж стары чалавек, смялей. А цяпер яшчэ са стражніцы штраф прышлюць.
— Не прышлюць. Адносін начальнік не захоча псаваць. Мала ён папіў тут гарэлкі, — абвёў вачыма пакой Вайтовіч і, разагнуўшы спіну, ласкава звярнуўся да жонкі: — Скажы, даражэнькая, пакаёўцы, каб паклікала Петруся.
Галодка стаяў на ганку і чуў усё. Па немым панскім голасе ён адразу здагадаўся, што адбылося ў пакоі. Хлапчук выбег на ганак і не адразу ў цемені заўважыў Пятра, а той расхінуў рукі ў бакі і Грыша трапіў у абдымкі.
— Што ты натварыў, хлопча... — прашаптаў парабак.
— А навошта ён так моцна круціў за вушы... Казаў, тату з мамай жабракамі па свеце пусціць за штраф. Ну, я і не вытрываў...
— Добра ты зрабіў, толькі куды ж табе цяпер падацца? Пан, як піць даць, прагоніць... Відаць, прыдзецца ісці ў Пяскі да бацькоў.
— Не пайду я дадому. Тата біць будзе.
— I то праўда — лепш не ісці. Калі вернешся, дык пан законам сышча з бацькоў штраф...
У цемені пачуліся крокі.
— Мусіць, па мяне бяжыць пакаёўка, — шапнуў Пятро. — Ідзі ты, Грышачка, дахаты, а я паслухаю, што пан скажа, і, прыйшоўшы, раскажу.
Грыша доўга стаяў, гледзячы ў той бок, дзе быў некалькі гадзін назад. Цёпла і радасна стала ў яго на сэрцы, што побач жывуць такія добрыя і такія ласкавыя суседзі.
«Чаму мой тата не жыве ў Світалаўцы? — пашкадаваў Грыша, узіраючыся ў змрок. — I я мог бы так працаваць, як тыя вучні, і вучыцца кожны год у новым класе. Добра ім там, спяць сабе цяпер і ніякае бяды. А можа, глядзяць, як рыхтуюцца да спектакля ніўскія школьнікі. Каб хоць раз паглядзець, што гэта за спектаклі...»
Хлапчук раптам прыгадаў бацькоў і здрыгануўся: яго апанаваў страх.
У іх і так не хапае хлеба, а пан сышча штраф. Апошняе прададуць.
«Калі не пайсці ў Пяскі, дык можа ўсё і абыйдзецца... Не пайду», — цвёрда вырашыў хлапчук. Ён саступіў з ганка і павольна пайшоў у процілеглы ад Пятровай хаты бок. Вочы прывыклі ўжо да цемені, і знаёмая дарога стала не такою страшнаю, як здавалася спачатку.
Пятро не застаў дома Грышы. Віця спаў адзін. Гарэла газнічка. Антосі дома не было, і не было ў каго спытаць пра хлапчука. Пятро зірнуў на печ, пад ложак, думаў, Грыша ад страху схаваўся дзе, і, не знайшоўшы, выйшаў на двор. Паглядзеў за хатаю, ціхенька гукнуў у адзін бок, у другі, ніхто не падаваў голасу.
«Людцы мае, куды ж ён мог падзецца супроць ночы? Яшчэ зробіць што з сабою, узяўшы ў галаву»... — непакоіўся парабак.
Не прыйшлося Пятру выканаць на гэты раз панскі загад. Дарма ўсю дарогу — ад пакояў да хаты — прыдумваў ён, як сказаць хлапчуку, каб ішоў з Караліны, куды вочы глядзяць.
Грыша зрабіў гэта сам, не дачакаўшыся, пакуль скажа Вайтовіч.
У дружнай сям’і
Знаёмая дарога зноў прывяла Грышу на савецкую заставу. Не мала набраўся ён страху, пакуль дайшоў. Учора ўдзень выйшла неяк проста: ён пабег адварочваць каровы і апынуўся на другім баку граніцы.
Уночы было страшней. Дайшоў да кустоў і задрыжаў ад нечаканага шолаху. Спужаўшы птушку, ён не менш за яе спалохаўся сам.
Але страх паволі мінаў, і хлапчук зноў, асцярожна ступаючы, пайшоў наперад. Наблізіўся да граніцы і прытаіўся.
На ўсходзе пачало святлець. Ясней праступілі абрысы пагранічных слупоў. Упэўніўшыся, што паблізу нікога няма, пастушок прыгнуўся і ціхенька падаўся ў бок выгана, дзе ўчора хадзіў школьны статак. Толькі апынуўшыся за слупамі, ён перастаў дрыжаць, дыхнуў на поўныя грудзі і нават перахрысціўся, што скончылася ўсё добра.
Пра новае здарэнне на граніцы дзяжурны адразу ж далажыў начальніку заставы.
— Спадабалася яму тут,— усміхнуўся начальнік заставы Свірын і адказаў дзяжурнаму ў трубку: — Я прыду зараз.
Калі ён увайшоў у дзяжурку, Грыша ўстаў з крэсла і перш, чым дзяжурны аддаў начальніку рапарт, прывітаўся:
— Дзень добры, пану!
— Дзень добры, Грыша, але паноў у нас няма. Яны там, адкуль ты прыйшоў.
Прыняўшы рапарт, Свірын паклікаў хлапчука і пайшоў з ім да сябе ў кабінет. Пасадзіў на крэсла, і сам сеў насупраць.
— Ну, расказвай, Грыша, хто цябе прывабіў тут? Школа ці, можа, тая светлавалосая школьніца, што махала табе ўчора хустачкай на развітанне?
Грыша пачырванеў, апусціў вочы і нічога не адказаў. Ён страшэнна здзівіўся, адкуль начальнік ведае, што яму сапраўды ўспаміналася Маня.
— Не чырваней, Грыша, я пажартаваў, — падняўся Свірын і правёў рукою раз, другі па ўскудлачаных хлапчуковых валасах. — Пастрыгчыся трэба, а то што ж ты з такімі валасамі ходзіш улетку.
Ніхто так ласкава не гладзіў Грышу, хіба толькі бацька, ды і то рэдка-рэдка. Гэта расчуліла хлопчыка. Ён заміргаў вейкамі, шмаргануў носам. Свірын злёгку падняў за падбародак Грышаву галаву і зірнуў у яго вільготныя вочы. Хлапчук устаў з крэсла.
— Ну, які ж ты мужчына пасля гэтага... Я не скажу нікому пра гэта і ты, глядзі, не рабі больш так,— жартаўліва пагразіў пальцам Свірын.— А цяпер сядай і расказвай пра ўсё. Пачынай з таго, як перайшоў учора ад нас праз ручай, — прысеў і сам начальнік.
Грыша зноў пацягнуў носам, правёў рукавом па верхняй губе і, супакоіўшыся, пачаў расказваць пра ўсё, што адбылося з ім, як выбег з панскага пакоя і аж пакуль не апынуўся тут, на заставе.
— Дык ты што ж, прыйшоў скардзіцца на пана?
— Не, я зусім уцёк ад яго. Мне ўчора Сева і Коля казалі аставацца ў іх.
— Учора запрашалі, а за ноч маглі раздумаць... Цябе хто ж праводзіў да нашай мяжы, дзядзька Пятро ці польскі салдат? — пазіраючы ў твар хлапчуку, нібы між іншым, спытаў Свірын.
— Ніхто не праводзіў, я ж вам казаў толькі што: адзін ішоў. Няўжо вы забыліся?
— Ці ж усё запомніш, што нагаварыў ты сёння тут, — павёў брывамі Свірын. — А што пан сказаў дзядзьку Пятру, ён жа выклікаў яго пасля цябе?
—· Не ведаю, я ж не дачакаўся.
— А Віця, кажаш, вярнуўся, не захацеў ісці з табою сюды?
— Ой, і гэта вы забыліся. Я ж і ў хату не заходзіў, як выбег ад пана. Віця і не ведае, дзе я... Можа я зноў раскажу вам усё па парадку, тады лепей запомніце.
— Не трэба, Грыша, другім разам. Цяпер ты скажы мне, як жа будзе з татам і мамай? Ды там жа, здаецца, засталіся яшчэ браты — Петручок, Янка і сястрычка Валя?
Хлапчук павесялеў, пачуўшы пра дом, пра родных і неяк здзівіўся.
— Учарашняе запомнілі. Нават не забыліся, як зваць маіх братоў і сястру, а што сёння расказваў — забыліся...
— У мяне на імёны добрая памяць...
— I ў мяне памяць добрая, — пасмялеў Грыша. — Тры разы прачытаю верш і ведаю ўжо. Настаўнік заўсёды хваліў...
— Добрая... Але вось што мы будзем рабіць з тваімі бацькамі?
Грыша сумеўся, адвёў позірк ад твару начальніка і ўжо цішэйшым голасам адказаў:
— Яны будуць жыць у Пясках. Там у нас хата, конь, цялушка. Была карова, але захварэла летась і здохла. Дзядзька Пятро казаў, калі я не вярнуся, дык пан з іх штрафу не спагоніць...
— Дык ты, выходзіць, уцёк, каб не плацілі бацькі штрафу?
— Угу, — кіўнуў галавой хлапчук.
— А як тут праштрафішся, дык уцячэш назад, праўда?
— Не, адсюль я не буду ўцякаць. У вас тут добра: і вучацца, і працуюць... I паноў такіх лютых няма, як Вайтовіч. Улетку ён узлаваўся на парабка, што вазіў снапы, і збіў яго пугаўём, калі той абярнуўся з возам. Парабак хацеў падаць у суд, але пан прыгразіў, што адправіць з работы. У таго парабка аж пяцёра дзяцей, самая старэйшая дзяўчынка меншая за мяне.
Свірын знарок здзівіўся:
— Такі люты ваш пан?
— О, каб вы паглядзелі які! — адказаў сур’ёзна хлапчук.
— А суседнія паны хіба лепшыя?
— Я не ведаю, — паціснуў плячыма Грыша. — Я не служыў у іх, толькі на хутары ў Войціка.
— Ты не ведаеш, а я ведаю. Маленькім хлапчуком і я служыў у паноў пастушком. Усе яны адной масці, усе падобны адзін да аднаго і ўсе аднае шыбеніцы варты.
— I вы былі пастухом? — утаропіўся вачыма ў твар Свірыну хлапчук. — А цяпер начальнік?
— Быў, Грыша, быў. Спазнаў смак гэтага хлеба і цану яго ведаю, — уздыхнуў Свірын.
3 гутаркі Свірыну стала ясна: пастушок перабег сам, каб знайсці лепшае жыццё і выратаваць бацькоў ад штрафу.
— Ну што ж, Грыша, нагаварыліся мы з табою. Пара табе і паснедаць. Пойдзеш нашага супу пакаштуеш, — і начальнік выклікаў байца.
Неўзабаве Грыша і баец выйшлі, а Свірын далажыў свайму начальству пра панскага пастушка, прыгадаўшы і ўчарашні выпадак.
— Так, кемлівы хлапчук. I, самае галоўнае, сур’ёзны не па гадах. За што пабіўся з панам? Перадаў, што гаварылі пра пана шакаэмаўцы. А камсамольская ячэйка ў школе дружная і вялікая. Добра, скажу, скажу. Вядома, перавыхавае. Так, узрост яго піянерскі, але ростам — ладны хлапчына. Правільна, на месцы ім будзе відаць: у піянеры ці ў камсамол прыняць. Добра, добра, вазьму пад свой нагляд. Пайду з ім сам і пагавару з загадчыкам школы. Канешне, знаёмы, амаль кожны дзень бываю там. Можаце быць упэўнены, высветліў як след... Усяго найлепшага, таварыш начальнік.
Шакаэмаўцы здалёк заўважылі начальніка заставы і Грышу. Выбеглі насустрач, замахалі шапкамі.
— Добры дзень! — падышоўшы бліжэй, прывітаўся Свірын.
— Добры дзень, таварыш начальнік, — адгукнулася дружна некалькі галасоў.
— Паснедалі?
— Паснедалі, таварыш начальнік.
— Чым займаемся сёння?
— На поле збіраемся, авёс вязаць за жняяркай.
— Малайцы, — пахваліў Свірын. — Трэба памагаць саўгасу...
Грышу было дзіўна, што так смела гаварылі з начальнікам заставы вучні. Усё гэта выходзіла проста і нават жартаўліва. Грыша ўспомніў начальніка польскай пагранічнай стражніцы, напышлівага і ганарлівага.
— Прывёў вам новага члена калектыву,— паказаў галавою на Грышу Свірын. — Вы ўчора запрашалі яго застацца, ён адмовіўся, а за ноч раздумаў і вярнуўся.
— Калі ласка, мы рады, — адказаў Коля.
— Ну, вось і добра. Значыць, прымаеце? А што скажа на гэта ваш загадчык? Дзе ён?
— 3 аграномам пайшлі на агарод.
— Таварыш начальнік, Ігнат Міхайлавіч таксама прыме, — запэўніў Сева. — Мы Грышу ў сваю брыгаду возьмем.
Загадчык школы і аграном Ходаш тым часам выйшлі з-за кароўніка. Свірын павітаўся і расказаў пра юнага перабежчыка.
— Ну што ж, Мікалай Іванавіч, няхай застаецца. Будзе памагаць нам будаваць сацыялізм, калі спадабалася яму ў нас, — адказаў загадчык начальніку заставы, потым зірнуў на хлапчука і спытаў: — Будзеш памагаць?..
— Буду, — згадзіўся Грыша.
— Мы яго возьмем у сваю брыгаду, Ігнат Міхайлавіч, — звярнуўся Коля.
— Чаму вы возьмеце? Можа Маня захоча ўзяць ці Сева? — зірнуў загадчык школы на брыгадзіраў.
— Канешне возьмем, — адказалі тыя ў адзін голас.
— Але ж я першы папрасіў вашага дазволу. Акрамя таго, Ігнат Міхайлавіч, я вазьму яго да сябе жыць.
— А бацькі не будуць на цябе сварыцца за гэта?
— Не, ён разам са мною спаць будзе.
— Ну што ж, тваё ўзяло. У нас з інтэрнатам цяжкавата. Схадзі з ім на кухню, няхай паснедае і адвядзеш дахаты.
— Дзякуй, я паснедаў у іх, — паказаў Грыша на начальніка заставы. — Я разам з усімі на поле пайду.
— Добра, ідзі, калі паснедаў. Там весялей табе будзе. На абед прыходзь у сталовую... Ідзіце, дзеці, не марудзьце. Жняярка ўжо даўно жне.
На полі брыгадзір даў Грышу самую лёгкую работу — накладваць кучкамі зжаты авёс, каб выходзіў сноп.
— А следам за табою будуць вязаць. Вучыся, як робяць твае новыя сябры перавяслы, як вяжуць снапы, каб самому ўмець. У нас кожны шакаэмавец павінен умець рабіць усю гаспадарскую работу.
Вялікай навукі вязаць снапы не патрабавалася. Перавяслы круціць Грыша ўмеў. Яшчэ малога яго навучыла гэтаму маці. Трэба ўзяць жменьку зжатага аўса, а калі маленькі, дык вырваць з карэньчыкамі — тады перавясла будзе даўжэйшае — падзяліць на дзве часткі, злажыць вяршкі, пасля ўзяць адну частку пад паху, а другую скруціць, потым перамяніцца, і перавясла гатова. Ды якое моцнае, не разарваць! А вязаць яшчэ лягчэй: пакладзі перавясла, на яго кучку аўса, туга закруці абодва канцы ў правы бок і падаткні іх пад перавясла ад вяршкоў да камля, каб не раскруціліся.
Як толькі брыгадзір звязаў сноп, Грыша следам за ім зрабіў тое ж самае.
— О, дык ты ўмееш добра вязаць, — пахваліў Коля. — А чаму ж ты не казаў нічога?
— Вы ў мяне не пыталі.
— Я думаў, ты пастушок толькі і гэтай работы не ведаеш. Тады давай адразу назбірвай сноп і вяжы. Як шмат навяжаш, саставіш у бабкі па тры — чатыры снапы, каб не паваліў вецер.
3 якім гоманам, з якой весялосцю вярталіся шакаэмаўцы пасля работы. Кожнаму хацелася расказаць нешта цікавае і незвычайнае.
Каля саду Сева са сваімі хлапчукамі чакаў Колеву брыгаду. Першае, што спытаў ён у Колі, гэта пра навічка:
— Ну, як, не стаміўся ён?
— Не, — адказаў Грыша сам.
— Ён, аказваецца, умеё снапы вязаць, — як вялікую навіну, сказаў Коля Севу.
— А чаму ж яму не ўмець? Ён такі ж, як мы, сялянскі хлапчук.
Маніна брыгада першая прыйшла ў сталовую — ім бліжэй было з агароду. Пакуль астатнія прыйшлі са жніва, яны паспелі памыцца.
— А што пасля абеду будзем рабіць? — спытаў Грыша ў хлапчука, які сядзеў побач з ім за сталом.
— Хіба табе не сказалі? Як паабедаем, я пакажу табе распарадак сённяшняга дня. Вунь ён каля таго акна вісіць,— паказаў хлапчук у другі бок залы. — Тры гадзіны пасля абеду адпачынак.
— Спаць столькі? — здзівіўся Грыша.
— Чаму спаць? Можна пагуляць у валейбол ці ў гарадкі. А то кнігу цікавую пачытаць у цяньку. Як хто хоча. А пасля зноў пойдзем вязаць авёс.
За сталамі праца кіпела таксама дружна, як і на полі: без гоману і шуму.
Грышу ні на момант не пакідалі аднаго. Не паспеў ён вылезці з-за стала, як яго запрасілі гуляць у валейбол.
— Я не ўмею, — засаромеўся хлапчук.
— Навучышся, — падахвочвалі яго новыя сябры. — Станеш у нашай камандзе.
— Грыша, калі не ўмееш у валейбол, дык хадзем з намі ў гарадкі згуляем, — клікалі другія.
— Не перахоплівай. Я першы запрасіў,— і, паклаўшы руку на плячо Грышу, адзін з хлапчукоў пайшоў з ім побач да валейбольнай сеткі.
У цікавай гульні, як і ў шчырай працы, непрыкметна бяжыць час. Так было і на гэты раз: не паспелі агледзецца — дзяжурны абвясціў канец перапынку, пара было збірацца на работу.
Лёня пакідае бацькоў
Пасля снедання ўсе разышліся хто куды: адны гуляць, другія ў грыбы, трэція селі за кніжкі.
Грыша пакуль што ні ў якія гурткі не запісваўся. Больш за ўсё чытаў. Цяжкавата было першыя дні па-беларуску, але неўзабаве яго нельга ўжо было адрозніць па чытанню ад шакаэмаўцаў.
Асабліва падабаліся Грышу казкі. Зачытаецца і забудзе пра ўсё на свеце. То ён плыве разам з героем за моры і акіяны, каб знішчыць змея і зрабіць добрую справу — вызваліць заняволеную прыгажуню, то шукае ў цёмную купальскую ноч папараць-кветку. Гэта ж яна прыносіць шчасце тым, хто не збаіцца жахаў і сарве яе. Ён, вядома, не збаяўся б. Праз граніцу страшней было ісці і то пайшоў адзін сярод ночы.
Грыша міжвольна перанёсся думкамі ў Караліну, адтуль у Пяскі.
— Што там цяпер нашы робяць дома? — прамовіў уголае хлапчук: — Гэта ж сёння нядзеля, мама зноў павінна была прыйсці да мяне.
Не ведаў ён таго, што маці гэтым часам была ўжо ў Караліне, сядзела ў Галодкавых і плакала горкімі слязьмі.
— I куды ён мог падзецца? Дзе яго цяпер шукаць? — ламала яна рукі. — Можа і жывога няма ўжо... Вось і пераведала сваё дзіця, вось і паглядзела на яго. Прынясу радасць дахаты...
Пятро стараўся суцешыць Ганну:
— Не бярыце надта да галавы. Можа нічога з хлапчуком не здарылася. Не такі ж ён дурны, каб праз пана рабіць сабе што благое.
Але хіба можна было супакоіць матчына сэрца, калі трывожныя думкі неадчэпна лезлі ў галаву. То адным, то другім ражком хусткі Ганна выцірала слёзы і прыгаворвала:
— Як чула яго беднае сэрца бяду. Да таго ж не хацеў ехаць сюды служыць. Потым жа Войцік прыязджаў і ўжо так шкадаваў, што ўпусціў такога пастушка. Ён прывык да Грышы, ведаў, што хлапчук недазволенага не возьме, сам ні ў што не палезе. Кажа: «Я ж бы вам гэтыя тры пуды...»
— Прыбаўляў, калі хлапчука не было ўжо дома. Усе яны добрыя, як спяць, — уставіў у Ганніну гаворку Пятро.
— Праўду кажаце, абяцаць па часе нічога не каштуе. Знарок мог так гаварыць, каб шкадавалі...
— А як вы думалі, вядома, знарок. Ведаў, не пойдзеце ж вы назад забіраць хлапчука. Немачы на іх няма...
Антося паставіла на стол талерку тварагу са смятанай і кубак малака. Пятро адрэзаў пару лустачак хлеба і запрасіў:
— Падсілкуйцеся з дарогі.
- Ганна падзякавала. Да тварагу са смятанай, каб не рабіць людзям страты, не дакранулася, а кубак малака і маленькую лустачку хлеба ўзяла. Трымаючы ў адной руцэ малако, у другой хлеб, зноў загаварыла:
— I от скажэце, людцы, сэрца ўсё-такі прадчувае, мусіць, бяду... Гэтыя дні месца сабе не знаходзіла: так і цягне сюды, здаецца, паляцела б, каб мела крылы. Адсюль-адтуль ды гляну ў ваш бок. А сёння не ішла, а бягом бегла. От табе і прыбегла, от табе і пераведала дзіця... А дома чакаюць. Той раз ягад паслаў сваім браткам ды сястрычцы, у гэты раз слязьмі сваімі пачастую...
Антося правяла Ганну далёка за фальварак. Ёй хацелася суцешыць жанчыну, аблегчыць яе гора. На развітанне яна параіла:
— Вы там, даражэнькая, а мы тут, паблізу, будзем прыслухоўвацца. Можа ён дзе на хутары ці ў фальварку якім застаўся ды жыве, а матчына сэрца разрываецца. Мне ўсё адно думаецца: не загіне такі хлапчук,— сказала Антося.
— А можа ён падаўся за мяжу? — прыйшла Ганне думка, як зірнула на ўсход.
— Усё можа быць, — хуценька адказала Антося, але тут жа разважыла іначай: — Хаця чаго ж яму было ісці поначы, калі ён мог застацца там учора днём.
— I то праўда, — згадзілася Ганна. Яны пастаялі хвілінку яшчэ, умовіліся, калі хто пачуе што пра Грышу, перадаць адно аднаму, і разышліся.
...Начытаўшыся казак, Грыша пагуляў у валейбол (спадабалася яму гэта гульня лепш за гарадкі) і пасля абеду разам з другімі шакаэмаўцамі пайшоў сустракаць ніўскіх піянераў і школьнікаў. Пад гул барабана тыя ішлі ў Світалаўку ставіць спектакль.
На вучнёўскія спектаклі часта прыходзілі рабочыя саўгаса, калгаснікі. Часам драматычны гурток ШКМ хадзіў у суседнюю вёску паказваць свае прадстаўленні. У народны дом набівалася там паўнютка людзей.
Грыша ні разу яшчэ не бачыў спектакля. Як зачараваны, сядзеў ён увесь час — так блізка да душы прыйшлася п’еса «Пастушкі». На сцэне віднелася палявая дарога з фурманкай, удалечыні стаялі мэндлікі, а з левага боку дарогі пасвіўся статак; пастушок тужліва глядзеў услед фурманцы.
Спачатку Грышу зацікавілі не артысты, а малюнак. Надта ж знаёмыя мясціны нагадваў ён.
«Ну якраз такая дарога каля нашых Пяскоў, — падумаў хлапчук і зноў у думках перанёсся дахаты. — От, каб тата з мамай пабачылі ўсё гэта», — уздыхнуў ён цяжка і непрыкметна для самога сябе зноў захапіўся тым, што рабілася на сцэне.
Аж здрыгануўся Грыша, як з-за бярэзінкі, што стаяла злева, выткнуўся таўстапузы пан і ціхенька пакраўся да задумённага пастушка.
Грыша ведаў, чаго падкрадваўся пан. Затаіўшы дыханне, ён з трывогай сачыў за кожным «панскім» крокам. Такі выпадак быў з ім, калі ён пасвіў на хутары авечак. Адкуль і калі з’явіўся тады Войцік, хлапчук і да гэтага вечара не мог зразумець. «Відаць, і я тады гэтак задумаўся», — вырашыў цяпер хлапчук. А пан краўся праз усю сцэну да пастушка, каб адсвянціць яго знянацку. Ён нават паварушыў пальцамі на ручцы бізуна, сціскаючы яе мацней. Ведаючы, якая бяда чакае пастушка, Грыша не вытрываў і гукнуў герою п’есы:
— Вася, уцякай!
Усе азірнуліся, хтосьці пагразіў пальцам, хтось цыкнуў. На сцэне Вася не зварухнуўся, не зірнуў у залу і пан, што краўся да пастушка. Яны добра выконвалі свае ролі. Затое які гул падняўся сярод прысутных, як толькі пан хвасянуў пастушка бізуном. Здавалася, усе гатовы былі рынуцца на сцэну і задушыць гэтага ката сваімі рукамі.
— Гад!..
— Буржуй! — пачуліся грозныя галасы шакаэмаўцаў.
Доўга не маглі супакоіцца ў зале. Апусцілі заслону, выйшаў ніўскі настаўнік, падняў руку, каб суцішыць расхваляваных дзяцей.
— А за што ён, гад, б’е пастушка бізуном?
— Хто яму даў права?
Настаўнік стаяў з паднятай рукой і чакаў цішыні. Гул паволі сціхаў і раптам пачуўся рэзкі голас:
— Чаму Вася каменем не смальнуў яму ў тоўстае пуза?
— Пацярпіце трошкі, убачыце...
Пакуль драматычны гурток ніўскай школы рыхтаваўся паказваць на сцэне світалаўскай ШКМ першую дзею п’есы, у Ніве адбылося вось што.
Лёня Камейша, вучань шостага класа, таксама сабраўся пайсці разам з усімі на спектакль. Бацька яго, адзіны аднаасобнік у вёсцы, загадаў весці пасвіць каня. Хлапчук адмовіўся.
— Усе ўступілі ў калгас, іхнія коні пастух пасе, а вы ўсё не так, як людзі...
— Дык гэта ўжо не іхнія коні, а калгасныя. А я цябе пасылаю свайго пасвіць.
— Усё роўна не павяду. Вунь усе пайшлі на спектакль, а чым я горшы?
Раззлаваны, Рыгор схапіў сына за каўнер, даў лупцоўку і штурхануў у кут.
Лёня стаяў паміж двума ложкамі і плакаў, а Рыгор хадзіў па хаце, як утрапёны:
— Мала яшчэ дапякаюць мне аднаасобніцтвам людзі, дык і ты ім памагаеш. Бацька я табе ці не?
Хлапчук падцяў зубамі ніжнюю губу, зірнуў з-пад ілба на бацьку.
— Не. Калі не хочаце ісці ў калгас, дык і не бацька.
— Вунь што... — аж пачырванеў Рыгор.— Гэта падзяка бацьку за тое, што выгадаваў такога неслуха?..
Лёня маўчаў. I ад гэтага злосць яшчэ больш разбірала Рыгора.
— Ну, калі я табе не бацька, дык ты мне не сын. Ідзі ў свой калгас, няхай ён цябе корміць і бацькам будзе...— пагразіў Рыгор.
— I пайду,— рашуча ступіў хлапчук з месца.
— Ідзі, ідзі, — схапіў бацька з шастка халацік з саматканага сукна, а са сцяны шапку і шпурнуў сыну. Вопратка ўпала на падлогу.
Хлапчук падняў яе, моўчкі надзеў шапку, узяў пад паху халацік і знік за дзвярыма. Рыгор стаяў сярод хаты і глядзеў праз акно, як сын адчыніў весніцы, выйшаў на вуліцу, зноў зачыніў іх, і, не зірнуўшы нават на хату, пашыбаваў у бок Світалаўкі.
«О, гэта сыночак!.. Яшчэ ён будзе прымушаць мяне ў калгас ісці. Хочаш паспытаць агульнага хлеба, дык ідзі сам. Абрыдла бацькаў есці,— паспрабуй свайго», — не супакойваўся Рыгор.
Так з халацікам пад пахай і зайшоў Лёня на спектакль. Сцішыўся ў куточку ля дзвярэй, каб яго не заўважылі, і з прагнасцю глядзеў на сцэну. Ён пазнаў на сцэне вучняў з іхняй школы, і яшчэ большая крыўда агарнула яго. Ці ж не змог бы і ён гэтак сама выступіць? Мала таго, Рыгор нават не дазваляў сыну дэкламаваць тыя вершы, што вывучалі ў школе.
У перапынку паміж першай і другой дзеямі дзеці заўважылі Лёню і абступілі яго.
Дзіцячыя сэрцы надзвычай чулыя да чужой бяды. Можа таму, што дзеці яшчэ толькі ступаюць на жыццёвы шлях і свае нягоды не кранулі тонкіх струн іхняга сэрца...
Лёня расказаў пра ўсё, што сталася з ім. Ніўцы адзін перад адным пачалі запрашаць ісці да іх у сям’ю, але хлапчук адмоўна ківаў галавой — у Ніву яму дарогі няма. Тады шакаэмаўцы пашапталіся між сабой і сказалі да ніўцаў:
— Мы папросім Ігната Міхайлавіча, каб узяў яго да нас. Будзе тут і вучыцца і жыць.
Хутка адшукалі загадчыка школы Савасцюка і разам з Лёнем пайшлі да яго. Лёня з жалем у голасе расказаў загадчыку пра ўсё тое, што перад гэтым гаварыў вучням.
— Ігнат Міхайлавіч, вазьміце ў нашу школу. Куды ж яму цяпер ісці, калі бацька з хаты выгнаў?.. — прасілі шакаэмаўцы.
— Добра, параімся з завучам, — адказаў той.
— У нас яшчэ са стыпендыяй Васільцу не ўладжана, Ігнат Міхайлавіч, а тут новы клопат, — напомніў завуч, калі Савасцюк расказаў яму пра здарэнне з Лёнем.
— А што рабіць, Аляксей Захаравіч? Дахаты хлапчук катэгарычна адмовіўся вяртацца...
— Калгас няхай возьме...
— Мы лепш дамовімся, каб калгас даваў усё неабходнае на ўтрыманне яго, а пакінуць хлапчука трэба тут. Мы ж не толькі павінны вучыць дзяцей грамаце, прывучаць іх да работы, але і выхоўваць з іх будаўнікоў калгаснага ладу. А ў хлапчука на гэтай глебе з бацькамі разлад.
Завуч хацеў яшчэ нешта сказаць, але загадчык школы паклікаў Севу і сказаў, каб той узяў Лёню ў сваю брыгаду.
— Сёння няхай паспіць з кім-небудзь на адной пасцелі, а заўтра ўладзім.