Завуч хацеў яшчэ нешта сказаць, але загадчык школы паклікаў Севу і сказаў, каб той узяў Лёню ў сваю брыгаду.
— Сёння няхай паспіць з кім-небудзь на адной пасцелі, а заўтра ўладзім.
На сцэне, перад заслонай, з’явіўся ніўскі настаўнік і запрасіў сесці.
Пачыналася другая дзея п’есы.
Федзева магіла
Заняткі ў школе ішлі поўным ходам. Вярнуліся з канікул усе вучні з далёкіх вёсак, прыйшлі навічкі. З’явіліся адзетыя ва ўсё крамнае дзетдомаўцы. Новенькія чорныя гарнітуры іх вылучаліся сярод саматканых світак і шарачковых штаноў сялянскіх дзяцей. Прывыкшы за некалькі гадоў адно да аднаго, дзетдомаўцы і тут на першым часе трымаліся асобнай купкай.
Палягчэла цяпер тым шакаэмаўцам, што аставаліся на лета ў Світалаўцы. Многім з іх — сіротам — не было куды ехаць, а іншыя з’ездзілі на які тыдзень праведаць бацькоў ці родных ды адразу ж назад. Тут ім і весялей было і жылося лепш.
Цяпер, як сабраліся ўсе сто шэсцьдзесят восем вучняў, працаваць даводзілася зусім патрошку: радзей прыходзіла чарга пасвіць, ісці дзяжурыць на кухню. Калі правільна размеркаваць дзень, дык часу хопіць на ўсё: і папрацаваць, і павучыцца, і пагуляць. У ШКМ на ўсё адводзіліся пэўныя гадзіны. Калі на дварэ, скажам, ідзе дождж і на поле ці на агарод нельга ісці, дык работа заўсёды знойдзецца ў майстэрнях, у класе.
Увосень галоўная праца была на полі ды на агародзе. Сад яшчэ быў малады і пладоў не даваў. Усе дваццаць гектараў школьнай зямлі былі разбіты на маленькія доследныя ўчасткі. Араў увесь майдан трактар з саўгаса.
Вучняў на полі было шмат, і прада спорылася.
На выкапаных бульбяных участках сямікласнікі, як больш дарослыя і старэйшыя, адразу баранавалі, сцягвалі бульбоўнік. Следам за імі хадзілі адны з кошыкамі і збіралі бульбу, другія з віламі — вытрасалі бульбоўнік ад пяску і скідалі ў кучы.
Пасля абеду некалькі вучняў пятага класа, а разам з імі Грыша, пайшлі ў грыбы. Надта ж многа з’явілася апенек. Надвор’е спрыяла, і яны раслі велізарнымі сем’ямі каля пнёў, на пнях.
Дарога ў лес ішла паўз могілкі. Грыша ні разу яшчэ не быў у гэтым баку. Усё яму тут было незнаёма.
— Зойдзем на Федзеву магілу? — спытаў адзін з грыбнікоў.
— Зойдзем, — коратка адказалі астатнія.
Так ужо вялося між шакаэмаўцаў: хто б ні праходзіў з іх каля могілак, — не абміне, каб не зайсці да аднае магілы. I на гэты раз яны трошкі збочылі налева з дарогі і спыніліся каля жалезнай агарожы.
Кожную вясну дзяўчынкі з ШКМ. ачышчалі магілу і садзілі кветкі. На магіле раслі астры, саранчукі, зялёненькі барвінак.
Першае, што кінулася Грышу ў вочы — на помніку не было крыжа. На адшліфаваным камені была высечана пяцікутная зорка, а пад ёю, напісана:
Камсамолец Федзя Ткачук.
Нарадзіўся 10 снежня 1906 года, загінуў ад варожай кулі 19 чэрвеня 1922 года.
Памяць аб табе, дарагі Федзя, будзе вечна жыць у сэрцах тваіх братоў-камсамольцаў.
Грыша два разы прачытаў надпіс. Хлопцы расказалі яму, што Федзя — старэйшы брат Севы, цяперашняга брыгадзіра другой школьнай брыгады, і расказалі, як ён загінуў.
Лета 1922 года было неспакойнае. Скончылася грамадзянская вайна, замірыліся з Польшчай, людзі прыступілі да мірнай працы, але не хацелася мірыцца з такім становішчам панам, накшталт Вайтовіча, і іх паслугачам: то ў адным, то ў другім месцы з'яўляліся падазроныя людзі паблізу граніцы. Яны шнырылі па цёмных кутках і пускалі розныя чуткі то пра боскую кару за бязбожніцтва, то пра намеры замежных дзяржаў знішчыць бальшавізм. Пры зручным моманце забівалі вясковых актывістаў.
Федзя жыў з маці і меншым братам. Бацька загінуў у дваццатым годзе каля Гродна. Гаспадарку яны мелі невялікую. Каня зусім не было. За тое, што хто-небудзь з суседзяў даваў каня заараць якія гоні, адпрацоўвала Алеся, а часам і Федзя, калі было што па яго сіле.
У дваццаць першым годзе, у трэцюю гадавіну існавання камсамола, Федзя разам з іншымі вясковымі хлопцамі арганізавалі камсамольскую ячэйку ў Русінавічах.
Напалоханая суседзямі, маці спачатку ўгаворвала сына:
— Федзечка, дзіцятка, навошта табе той камсамол? Што ён дасць нам каня ці паможа чым?
— А калі я не буду камсамольцам, дык хіба каня хутчэй прыдбаем? Няўжо камсамол перашкаджае гэтаму?
Ну што магла адказаць на сынавы словы Алеся? Вядома, гэта не перашкаджала адно аднаму. I ўсё ж доўгі час яна крыўдавала на Федзю за непаслушэнства. Мог жа ён спытацца ў маці, запісвацца яму ў камсамол ці не. А то прыйшоў са сходу і хваліцца:
— Мама, я ўжо камсамолец.
За працу ячэйка ўзялася адразу. Перш-наперш з былой карчмы зрабілі народны дом.
Параскідалі баковачкі, зрабілі адну вялікую залу, і ў цёмным кутку змайстраівалі сцэну. Пакуль ішоў рамонт, настаўнік арганізаваў драматычны гурток і падрыхтаваў п’есу Чэхава «Мядзведзь».
Пасля першага спектакля зусім інакш пачалі глядзець русінавічаўцы і світалаўцы на камсамольцаў.
— Гэта толькі адзін бок нашай шматграннай працы, — сказаў тады сакратар ячэйкі. — Нам трэба зрабіць нешта большае, каб людзі ўбачылі, хто такія камсамольцы.
Неўзабаве ячэйка вырасла з чатырох да шаснаццаці чалавек. На адным са сходаў камсамольцы вырашылі стварыць пры сельсавеце камітэт узаемадапамогі. Адпрацавалі па чатыры дні на лесараспрацоўках і першыя аддалі свой заробак на ўзнос. Потым паклікалі ўдаву Тэклю Пыжык і выдалі дапамогу на каня.
— А дзеткі мае, чым жа я выплачу такую суму? — збянтэжылася ўдава.
— Выплаціш, цётка, на пяць гадоў даём. Дзеці падрастуць. У заработкі паедуць, палягчэе і вам. А то якая ж гаспадарка без каня...
— Дзетачкі, няхай вам бог дае здароўя, хоць, кажуць, вы і не верыце ў яго.
Хлопцы пераглянуліся, трэба падзякаваць жанчыне за добрае пажаданне, а як зрабіць, калі тут бог успамінаецца.
— За пажаданне быць здаровымі дзякуем, цётка,— выкруціўся Федзя.
Назаўтра хлопцы, сярод якіх быў Федзя, пайшлі ў суседнюю вёску памагаць удаве Тэклі купляць каня.
Калі пра гэта дачулася маці, яе разабрала злосць:
— Добра, дзіцятка, робіш, добра... Самі без каня трэці год гібеем, а ты ходзіш у заработкі, каб другім купіць. Няхай бы Тэкля і ў лес выпраўляла цябе. А то ж мая галава балела, што ў торбачку даць.
— Мама, дарагая, — стараўся ўгаварыць маці Федзя. — Няўжо вы пазайздросцілі цётцы Тэклі? У яе ж чацвёра дзіяцей, усе адно пад адным, і муж, як наш тата, забіты на вайне. У вас жа толькі двое. Скажыце, каму перш за ўсё трэба было купіць: нам ці ёй? А да восені, мама, і ў нас конь будзе, не гаруйце, — запэўніў Федзя.
Але іне суджана было Федзю набыць каня. 15 чэрвеня Алеся схадзіла да лесніка, што жыў за іхняй вёскай пад лесам, папрасіць каня. Той ахвотна даў, бо ведаў, што Алеся не блата адпрацуе за яго ласку. Яна хутка вярнулася дахаты, узяла пілу, а Федзя тапор і пайшлі да леснііка.
У лесе яны доўга не забавіліся: сушняку і галля было процьма.
I толькі яны выехалі з дрывамі на дарогу, як перад Федзевымі вачыма шмыгнула ў леснікоў двор двое незнаёмых мужчын.
Федзя паехаў хутчэй дахаты. Дома ён сказаў маці скідаць галлё, а сам пабег на заставу. Умомант двое коннікаў былі ў лесніка. Той пакляўся хрыстом-богам, што ніхто чужы да яго не заходзіў. Гэта нехта апазнаўся: ён сам толькі што ішоў з лесу дахаты. Пагранічнікі зрабілі вобыск і паехалі з пустымі рукамі.
Ляснік і выгляду не паказаў, калі Федзя прывёў яму каня, што былі пагранічнікі. Федзя таксама нічога не спытаў, каб не наклікаць на сябе падазронасці. Але надарма засцерагаўся хлопец. Ляснік быў у хлеве і праз шчыліну бачыў, як Алеся з сынам угледзелі неэнаёмых.
Камсамольская ячэйка дзве ночы хадзіла ў сакрэтныя дазоры, але нікога злавіць не ўдалося. Тыя незнаёмыя, відаць, падаліся далей ад граніцы.
На пяты дзень пасля гэтага здарэння Федзю Ткачука знайшлі нежывога на дальняй палосцы свайго поля. Ён пайшоў па нарваную маткай бярозку для каровы, і там у яго стрэлілі з лесу.
Толькі праз шэсць год выявіўся Федзеў забойца. Ляснік перадаў тады пра ўсё свайму чалавеку ў суседнюю вёску. Той добра ведаў хлопца і падпільнаваў яго на полі.
Камсамольцы не забываліся пра Алесіна гора. Яны самі шкадавалі Федзю і ведалі, што матцы яшчэ цяжэй перажываць страту такога сына. Адсюль-адтуль ды зойдзе каторы да жанчыны: то памагчы што ў гаспадарцы, то слоўцам перакінуцца, то параіць што-небудзь. У сенакос пайшлі ранічкай, скасілі Алесін шнурок, а ідучы на снеданне, сказалі гаспадыні, каб ішла разбіваць ды сушыць.
— Дзякуй вам, хлопчыкі, не забываецеся на мяне, памятаеце свайго таварыша, — хвалявалася Алеся.
— I не забудземся, цётка. I вам, чым зможам, памагаць будзем.
Аднойчы, неяк пад восень, на Алесін двор зайшло чацвёра камсамольцаў: адзін з іх трымаў за повад каня. Алеся і не заўважыла, што на двары столькі людзей. Ёй сказаў Сева, які сядзеў на лаве каля акна і забаўляўся:
— Мама, да нас прыехалі...
Адкасваючы на хаду рукавы, яна выйшла на ганак і, убачыўшы каня, падумала: «Ці не жыта толькі прыйшлі сеяць мае памочнікі?»
— Добры дзень, цётка Алеся! — прывітаўся ад усіх сакратар ячэйкі.
— Дзень добры, дзеткі! — адказала жанчына, акінуўшы ўсіх хлапцоў позіркам.
На момант наступіла нейкая збянтэжанасць, замяшанне. Здаецца, усё было проста, як ішлі сюды, а цяпер з чаго пачынаць, разгубіліся. Дапамагла ім, сама не ведаючы таго, Алеся.
— Што ж вы скажаце, хлопчыкі? —спытала яна.
— Мы, цётка, да вас вось па якой справе. У камітэце ўзаемадапамогі была Федзева заява, ён прасіў пазычыць грошай на каня. Мы вырашылі задаволіць яго просьбу пасмяротна і куіпілі вам буланага, — паказаў сакратар ячэйкі на каня.
Алеся захвалявалася, заміргала вейкамі. Пасля смерці сына яна і думкі не дапускала, што будзе мець у сваім хлеве каня. Так, думала, і прыдзецца гараваць.
— А дзетачкі мае, — звярнулася яна да камсамольцаў, — калі ж я расплачуся з вамі? Зарабляць у мяне цяпер няма каму, самі ведаеце.
— I не трэба расплачвацца. Гэта вам падарунак ад нашай ячэйкі.
Пажар у Воўчым Бродзе
Трэці год світалаўская ШКМ прымала ўдзел у раённай выстаўцы. Праводзілася выстаўка на «Дзень ураджаю», чатырнаццатага кастрычніка. Гэта свята працы прыйшло на змену рэлігійным «пакровам».
Тое незвычайнае, чым на гэты раз намерваліся здзівіць выставачны камітэт аграном і загадчык школы — былі цукровыя буракі. Не праходзіў той дзень, каб аграном хоць раз не зайшоў зірнуць на граду тых буракоў.
— Ну як, Маня, глядзіш на свой цукар у Беларусі? Гэта ж навіна з навін. От здзівяцца на выстаўцы, як убачаць нечаканы экспанат з нашай школы. Могуць не паверыць, што цукровыя, — сказаў аднойчы аграном.
— Не павераць, дык няхай пакаштуюць.
— А ты каштавала?
— Каштавала, як прарэджвалі. Салодкія-салодкія, аж губы зліпаюцца.
Аграном Ходаш з прыемнасцю думаў:
«Вось ён, доказ маёй правільнай думкі, што ў Беларусі можна вырабляць свой цукар».
Часта вечарамі ў маленькім пакойчыку агранома гарэў агеньчык. Ціхана Аляксеевіча даўно запаланіла тэма — «Беларускі цукар». Ён перагортваў кніжкі, перапісваў нешта адтуль у свой сшытак. Цікавілі яго найбольш лічбы: колькі пудоў буракоў збіраюць з гектара на Украіне. Па яго падліках выходзіла, што ўраджай, атрыманы світалаўскімі школьнікамі, быў не меншы, і гэта радавала агранома.
Школьная зала перад Святам ураджаю была бітком набіта. Сёння на адной лаўцы побач з Грышам сядзіць начальнік заставы. Ён — часты госць у школе. Яго бадай што нельга назваць госцем, бо прыходзіць ён сюды, як дадому, у родную сям’ю. Амаль усіх школьнікаў ведае па імю і прозвішчу.
Калі астаўся ў школе Грыша, Свірын яшчэ часцей пачаў сюды наведвацца. Часам прынясе кавалак пірага і дасць хлапчуку.
— На,— скажа,— пакаштуй, цётка Насця нешта прыслала.
Першы раз хлапчук пачырванеў і адмовіўся ўзяць:
— Дзякую, нас тут добра кормяць.
Свірын усміхнуўся, правёў рукою па стрыжанай Грышавай галаве і ласкава сказаў:
— Глядзі мне ў вочы і слухай: калі табе старэйшы дае што, вазьмі і падзякуй, а то чалавек можа пакрыўдзіцца...
I Грыша ўзяў.
На гэты раз Свірын прынёс цікавую кніжку. Хлапчуку хацелася зірнуць, што за кніжка згорнута ў газету, але разгортваць не паважыўся: Мікалаю Іванавічу можа не спадабацца яго залішняя цікавасць.
Ішоў сход, абмяркоўвалі, каго з вучняў паслаць на выстаўку. Аграном і брыгадзіры выедуць заўтра нанач. Ім трэба паспець размясціць свае экспанаты.
Загадчыку школы хацелася, каб і некаторыя вучні пабачылі выстаўку. Дырэктар саўгаса паабяцаў узяць восем чалавек на грузавую машыну.
— Няхай паглядзяць. Вядома, будзе карысна і ім і школе ад такой паездкі, — згадзіўся з довадамі Савасцюка дырэктар.
Выбіралі самых лепшых і па працы і па вучобе. Маня прапанавала паслаць Грышу.
Хлапчук уздрыгнуў, пачуўшы сваё прозвішча, і міжвольна падсунуўся бліжэй да Свірына.
— А ён яшчэ не паказаў сябе ў працы, — гукцуў хтосьці.
Яго падтрымаў голас з другога месца залы:
— I па вучобе даганяе яшчэ пяцікласнікаў.
Усе загаманілі, зашумелі. Сакратар ячэйкі пастукаў алоўкам па стале.
— Вось бачыш, Стась, ён даганяе пяцікласнікаў, а ты спускаешся да іх з шостага класа. Дык можа цябе паслаць замест Грышы?
— Ён і хоча, каб яго паслалі, — пачуўся кплівы голас.
Па зале пракаціўся смех.
— А Грыша не камсамолец яшчэ, — зноў кінуў заўвагу Стась.
— Заява яго тут ляжыць, — падняў са стала папку з паперамі сакратар ячэйкі. — Будзем сёння разглядаць. Гэта адно, а па-другое, — мы выбіраем з вамі не адных камсамольцаў, а найлепшых вучняў. Толькі гэта даручана зрабіць камсамольскай ячэйцы. I сход жа наш агульнавучнёўскі. Васілец наш малады шакаэмавец, і ўсе вы, мабыць, ведаеце, як трапіў ён сюды. Далей Світалаўкі хлапец нідзе не быў, няхай паглядзіць наш раённы цэнтр, пабудзе на выстаўцы, азнаёміцца, якая збажына, гародніна і садавіна родзяць у нас. Пабачыць, чые каровы лепшыя — нашы ці панскія, якія ён пасвіў.
Больш пярэчанняў не было, і Грышу выбралі.
Гэты раз начальнік заставы зайшоў у школу не толькі праведаць, як вучацца, як працуюць вучні. У яго была іншая мэта: пагутарыць з навічкамі, напомніць тым, хто вучыўся ўжо летась, што жывуць яны каля самай граніцы.
Пачаў Свірын гутарку са знаёмства.
— Шмат хто з навічкоў, мусіць, не ведае, што мы суседзі. Вы вучыцеся, працуеце, а мы аберагаем вашу мірную працу. Мэта ў нас з вамі адна — спакойна жыць, добра вучыцца і мірна працаваць. Праўда?
— Праўда... — пракацілася па зале.
Дзесяцігадовая настаўніцкая праца прывучыла Свірына да такіх гутарак, калі ўвесь клас ды прысутныя на сходзе прымаюць удзел. Такія гутаркі заўсёды праходзяць жвавей і даюць большую карысць.
— Але ж вы ведаеце, ёсць людзі, якім не па сэрцы наша мірная праца. Яшчэ жывы Вайтовіч, пан гэтых палацаў. Ён разам з іншымі багацеямі хацеў бы вярнуць сабе гэты маёнтак. Толькі як жа вярнуць яго? Граніцу пільна ахоўваюць пагранічнікі. Дык паны пасылаюць цішком розных ворагаў, каб тыя шкодзілі нам.
Такога ворага не цяжка пазнаць і вам, калі яму ўдасца перайсці незаўважаным. На чужой зямлі ён трывожыцца, азіраецца, усяго баіцца.
Пра выпадак з русінавіцкім рыбаком вы не ўсе ведаеце.
...Аднае нядзелі ўлетку дваццаць шостага года Павел Раманчык сядзеў пад вярбою на беразе Нёмана і вудзіў рыбу. Тым часам на другім баку граніцы з асцярогаю выглядаў з куста невядомы чалавек у шэрай сялянскай світцы, з аброццю ў руцэ.
Ад граніцы да алешніку трошкі больш за кіламетр. Чалавек прабіраецца туды, паўзе па нашай зямлі.
«Каб толькі да кустоў дапяць, там меншая небяспека», — так думаў, паўзучы, чалавек. На што спадзяваўся ён, перапаўзаючы граніцу ўдзень? Мо на тое, што днём ходзяць мясцовыя жыхары і цяжка разабраць, хто чужы, хто свой?..
У Раманчыка рыба на хлеб не бралася. Ён устаў пашукаць чарвякоў. Падняў вынесеную веснавой паводкай адну дзеравяку, другую, пагрэбаў рукамі — ніводнага чарвяка няма. Зноў узяў галку хлеба ў рукі, пачаў яе качаць на далонях. Забруджаныя рукі зусім счарнілі хлеб. Задумаўся Раманчык, міжвольна правёў пазногцем па галцы падоўжныя палоскі, затым папярочныя. Галка хлеба нагадала Паўлу «французскую» гранату, асколкам якой ён быў ранены ў дзевяцьсот шаснаццатым годзе.
— Цьфу ты... — плюнуў Павел убок і раптам убачыў, як недалёка ад яго, метраў якіх за чатырыста, сыходзіў з узгорка чалавек. «Хто ж бы гэта? Няўжо каня хто шукае? Можа закурыць у яго ёсць. А то і рыба не клюе, і курыва выйшла», — падумаў Раманчык і пайшоў ад берага насустрач.
Чалавек заўважыў Паўла: збочыў і прыбавіў кроку.
«Эге, выходзіць, ты з нядобрымі думкамі ў галаве блукаеш тут, калі цураешся людзей. Не наш, значыць, — здагадаўся Павел і тут жа вырашыў: — Трэба пераняць яго».
Прыгнуўшыся, Раманчык пабег берагам рачулкі, што ўпадала ў Нёман, каб перасекчы шлях парушальніку. Той разгадаў Паўлаў намер і таксама прыпусціўся з адным жаданнем: «Каб толькі да кустоў, каб толькі да іх паспець...»
«Каб толькі не дапусціць да алешніку», — стараецца Павел забегчы ад кустоў. Тады парушальнік змяніў кірунак у бок сасновага лесу. Прабег сотню крокаў і на момант спыніўся. Потым зноў пабег па дрыгве, праваліўся да калень, выцягнуў адну нагу, другую, абвёў вачыма балота і зусім разгубіўся. Бегчы далей, відаць па ўсім, было небяспечна — можна з галавою праваліцца ў багну.
А Павел ужо тут.
— Стой! Рукі ўгору!
Парушальнік выканаў загад, падазрона акінуўшы позіркам Паўла з галавы да ног. Каб не даць ворагу апамятацца, рыбак мацней сціснуў у руцэ галку хлеба і грозна крыкнуў:
— Назад! Не аглядадца! Паспрабуеш у бок — адразу «французскую» ў плечы запушчу.
Не паспелі яны выйсці з балота на топкую дарогу, як там ужо чакалі іх двое коннікаў.
— Ледзьве пераняў. Хацеў у той лес драпануць, — паказаў Раманчык на высокі сасняк...
Скончыўшы пра Паўлаў подзвіг, начальнік заставы заўважыў:
— Вось таму і моцная наша граніца, што разам з пагранічнікамі яе ахоўвае ўвесь савецкі народ. I вы зможаце добра памагаць Радзіме, калі будзеце пільнымі. Затрымаць ворага вам не так лёгка, а паведаміць нам можаце. Толькі рабіць трэба асцярожна і разумна. Нам абы натрапіць на след ворага, а там ён не вырабіцца з нашых рук...
Гэтым часам хтосьці з вучняў, які выходзіў з залы, вярнуўся і ціха шапнуў:
— Пажар у Воўчым Бродзе.
У зале зашумелі. Тыя, што сядзелі бліжэй да дзвярэй, рынуліся на двор. Сакратар ячэйкі паспрабаваў супакойваць, але гэта не памагло. Следам за вучнямі ён выбег і сам.
Ад Світалаўкі да Воўчага Броду было кіламетраў сем. 3 таго калгаса ў ШКМ вучылася восем чалавек. Яны плакалі, стоячы на двары.
— Не хвалюйцеся, можа там нічога страшнага няма. Мы паедзем зараз туды і пабачым,— сказаў загадчык школы.— Саўгасная пажарная каманда памчалася ўжо.
— I мы паедзем, і мы паедзем... — загаманілі вучні.
— Не рабіце панікі, ідзіце па хатах і вучыце ўрокі, — загадаў Савасцюк.
Начальнік паспяшыў на заставу. Яго непакоіла прычына пажару. Месяца не прайшло, як арганізаваўся калгас, і вось на табе... Ці не падпаліў хто?
Зарыва на небе пашыралася і чырванела.
Густы туман
3 лесу на ўскрай хмызняку выйшлі двое. Яны доўга блукалі па балоце, абрасіліся і, мокрыя, стаялі ў нерашучасці. Іх разбірала злосць: паблізу брахалі сабакі, і нельга было распазнаць, што за паселішча ў густым тумане.
«Дзе мы знаходзімся? Куды ісці?» — трывожыла іх адно і тое ж пытанне. Так яны прастаялі некалькі хвілін, моўчкі ўзіраючыся ў той бок, адкуль даносіўся брэх. Нарэшце адзін не вытрымаў і шапнуў:
— Гэтак і да раніцы правандраваць можна. Ці не пайсці на сабачы брэх і даведацца хоць, дзе мы.
Другі нічога не адказаў. Зноў наступіла трывожная цішыня. Абодва адчувалі — няма іншага ратунку, як зайсці да каго-небудзь і спытацца пра мясцовасць. Аднак рызыкаваць ім не вельмі хацелася.
I ўсё ж высокі рашуча ступіў наперад і пашыбаваў па іржэўніку туды, дзе аж заходзіліся, брэшучы, сабакі. За ім, крадучыся, пайшоў другі.
— Каб на вас здыхата... Сну вам няма... — вылаяўся высокі на сабак. Мужчыны прайшлі яшчэ крыху і наткнуліся на плот. Спыніліся і ў тумане распазналі хату. Адшукалі ў плоце веснічкі, што выходзілі на агарод, адчынілі іх і хуценька падышлі да ганка.
— Сцяпан, Сцяпан... — пачуўся жаночы голас у хаце.
Напрацаваўшыся за дзень каля малатарні, гаспадар спаў непрабудным сном.
— Сцяпан, чуеш? — паўтарыла зноў жанчына.
— Ну, што табе трэба? — спытаў злосна мужчынскі голас.
— Паглядзі, можа зноў ваўкі каля хлява ходзяць.
— Адкуль ты гэта ўзяла?
— Чуеш, сабакі аж зямлю дзяруць. Гэта не так сабе. Я ўжо даўно не сплю і прыслухоўваюся.
— А ты лепш спала б сама і другім дала б адпачыць,— усё з тою ж злосцю адказаў Сцяпан. Неўзабаве ўсё ж заскрыпеў ложак, і ў хаце па чуліся крокі.
— Не грукай ты абіякамі, хлопца разбудзіш, — зноў азваўся жаночы голас.
— Не бойся ты за хлопца. Яго і гарматай не разбудзіш у такую пару,— не змяншаючы груку, пайшоў Сцяпан да парога.
— Вазьмі ў сенцах каля драбіны жалезныя вілы, мала што там...
На жончыну параду гаспадар нічога не адказаў і выйшаў за дзверы.
Чуваць было, як стукнула аб прабой засаўка, затым пачуўся скрып іржавых дзвярных слесакоў.
Незнаёмыя адышліся ў бок ад ганка.
Не выходзячы з сянец, Сцяпан высунуў у прыадчыненыя дзверы галаву і пачаў узірацца. Адзін з незнаёмых знарок кашлянуў.
— Хто тут? — спалохаўся Сцяпан, хуценька зачыніў дзверы і залажыў засаўку.
— Каморнікі, — пачуўся голас з двара. — Едзем у Сямёнаўку, ды заблудзіліся.
У далейшыя размовы Сцяпан не пусціўся. Ён зайшоў у хату і шапнуў жонцы:
— Якія табе ваўкі. Людзі стаяць каля ганка.
— Хто яны? Ты ж нешта гаварыў з імі?
— Кажуць — каморнікі. Едуць у Сямёнаўку, ды заблудзіліся.
— Спытай, чаго яны хочуць.
Сцяпан зняў абіякі і ціхенька, каб не грукаць па падлозе, падышоў да акна і спытаў:
— Чаго вам трэба?
— Мы едзем у Сямёнаўку, ды заблудзіліся, — паўтарыў адзін з мужчын. — Хочам распытаць дарогу і можа ёсць што перакусіць. Выгаладаліся.
— Перакусіць можна, чаму ж, — адказаў Сцяпан праз акно. Падышоў да бакоўкі, дзе ляжала на ложку жонка і спытаў парады: — Мусіць. трэба пусціць?
— Пусці, можа і сапраўды заблудзілі людзі.
Сцяпан запаліў лямпу і пайшоў адпіраць дзверы. Следам за гаспадаром у хату ўвайшло двое мужчын, адзін з іх, вышэйшы, з партфелем. Адзеты яны былі чыста, па-гарадскому, у руках тонкія арэхавыя пруточкі.
— Прабачце, што патурбавалі, — сказаў замест прывітання вышэйшы, акінуўшы вострым позіркам хату. — Давалі тэлеграму, каб прыехалі на станцыю, ды нешта ніхто не з’явіўся. Прыйшлося ісці пехатой.
— Можа тэлеграмы не даставілі з пошты. А то прыехалі б, калі прасілі каморніка. Сядайце, — уважліва агледзеў Сцяпан мужчын.
— Дзякуй. Прысесці не пашкодзіць, бо стаміліся, як тыя ганчакі на паляванні.
Незнаёмыя прыселі каля стала.
— Алеся, — звярнуўся Сцяпан да жонкі, адхінуўшы фіранку ў бакоўку, — устань, пашукай людзям чаго з’есці.
— Малака хіба з хлебам, — адказала тая.
— Чаму толькі малака?.. — скрывіўся Сцяпан і зайшоў у бакоўку.— Масла прынясі, сыр можа ёсць, паглядзі. Людзі здарожыліся.
Пакуль Сцяпан гаварыў з жонкай у спальні, невядомыя непрыкметна ўстанавілі, дзе яны знаходзяцца. Ім памагло пісьмо Сцяпанавага сына з арміі і газеты з наклееным адрасам, што ляжалі на стале. Цяпер ім засталося толькі пад’есці. Адсюль дарогу яны знойдуць самі.
Следам за мужам з бакоўкі выйшла Алеся, прывіталася з незнаёмымі і пайшла на кухню. Неўзабаве адтуль данёсся бразгат пасуды.
Грыша спаў за сталом. Ад святла і чужой гаворкі ён ачнуўся, зірнуў на незнаёмага, калі той павярнуўся да яго леваю шчакою, і ледзь не ўскрыкнуў ад здзіўлення. Няўжо яму здалося? «Гэта ж Місюк!»
Так, гэта быў Місюк і яго напарнік па рабоце Сушчыцкі.
— Ідзі, Грыша, засні на маёй пасцелі, пакуль пад’ядуць людзі,— сказаў Сцяпан хлапчуку.
— Няхай спіць тут, ён нам не перашкаджае, — сказаў Місюк, уважліва паглядзеўшы на Грышу. Надта ж знаёмы здаўся яму хлапчукоў твар.
«Да чаго ж падобны на Вайтовічавага пастушка», — падумаў ён.
Грыша, праціраючы кулаком вочы, моўчкі злез з лавы, у трусіках выйшаў за дзверы, быццам бы па пільнай патрэбе.
— Сын? — кіўнуў Місюк галавою на дзверы, калі хлапчук зачыніў іх за сабою.
— Не, — адказаў Сцяпан. — Кватарант. Разам з сынам у «Шакаэме» вучыцца. Мой паехаў з экспанатамі на раённую выстаўку. Заўтра ж «Дзень ураджаю», свята земляробаў.
— Трэба будзе і нам наведаць, калі паспеем, — сказаў Місюк свайму напарніку.
— Будзе відаць, — адказаў абыякава Сушчыцкі.
Місюк прапусціў гэтыя словы міма вушэй. Яго цяпер непакоіла другое: як мог апынуцца тут пастушок? I чаму Вайтовіч нічога не сказаў, калі ён тыдзень назад быў у Караліне?
Вярнуўшыся з двара ў хату, Грыша пайшоў не на сваю пасцель, а ў бакоўку. Місюк уважліва правёў хлапчука позіркам і ўпэўніўся ў здагадцы.
— Забірай, Грышачка, сваё адзенне, каб не перашкаджала людзям, — сказаў наўздагон хлапчуку Сцяпан.
— Няхай ляжыць, яно нам не перашкаджае, — адказаў Місюк і ўсеўся на Грышавы штаны і сарочку, якія ляжалі тут жа на лаве.
Грыша і сам не пайшоў па адзенне. Чуваць было, як ён варочаўся на пасцелі. Гэта зусім супакоіла Місюка і ён сказаў:
— Гэта ж трэба так заблудзіцца. Маглі за мяжу да паноў трапіць. От бы ўжо ўсыпалі нам па двадзесце пенць.
Незнаёмыя зірнулі адзін на аднаго і зарагаталі.
— У такі туман, як сёння, заблудзіцца не дзіва... Тут на сваім пасёлку можаш на суседні плот узбіцца, не то што чужым людзям, па незнаёмых сцежках блукаючы. А да мяжы вам яшчэ ісці ды ісці,— і каб перамяніць гаворку, гукнуў жонцы:
— Ну, скора ты дасі людзям есці!
— Дай кубкі памыць. Увечары пакінула так, а цяпер не даскрабешся. Крой там пакуль хлеб...
Сцяпан зняў з бэлькі бляшанку з тытунём, паставіў на стол і прапанаваў закурыць, пакуль старая збярэ паесці, а сам пачаў кроіць хлеб.
Закурваць мужчыны не сталі. Місюк насыпаў у насовачку добрую жменю самасаду, завязаў на вузялок і паклаў у кішэню. Затым адсунуў бляшанку, падзякаваў і зноў вярнуўся да ранейшай гаворкі:
— Хіба так далёка мяжа, што вы кажаце, да яе ісці ды ісці?
— Гледзячы як ісці: калі напрасцяк, дык вёрст дзевяць будзе, а па дарозе і ўсе дванаццаць набяруцца.
— А як жа ваша вёска завецца? — нахіліў трошкі галаву і прыжмурыў вока Місюк.
— Гэта не вёска, а пасёлак Малады Бор, — адказаў Сцяпан, падкладваючы хлеб кожнаму з мужчын.
Місюк зарагатаў.
— Ці ты, дзядзька, вялікі хлус, ці думаеш, што мы якія шпіёны.
— Чаму? — здзівіўся гаспадар.
— Ці ж гэта Малады Бор?
— А што, па-вашаму?
— Па-нашаму, Русінавічы. I зваць вас Сцяпан Андрэйчык, праўда? Гэта ж вам прыслалі? — паказаў на пісьмо і на газету Місюк.
Сцяпан пачырванеў, знарок паказаў сваю разгубленасць і, махнуўшы рукою, адказаў:
— А няхай вас, няхай... Праўду кажуць людзі: не поп — не прыбірайся ў рызы. Хацеў раз на вяку схлусіць і то няўдачна.
— А навошта ж вам хлусіць?
— Ну, як вам сказаць, — паціснуў плячыма гаспадар. — Розныя людзі поначы ходзяць. Для добрага чалавека і дня хапае, каб зрабіць сваю работу.
— Выходзіць, мы нядобрыя?
— Я пра вас нічога не кажу. У душу чалавеку не залезеш. Думаеце, учарашняй ноччу добры чалавек спаліў калгас у Воўчым Бродзе?
Мужчыны пераглянуліся. Як добра, што гаспадар сам распачаў гаворку пра пажар. Зарыва над Воўчым Бродам яны бачылі самі, а колькі згарэла — не ведалі. А ведаць хацелася і нават патрэбна было.
— I шмат чаго згарэла? — спытаў абыякава Місюк.
— Амаль уся вёска. Двароў дзевяноста. Людзі толькі на новае жыццё браліся, а іх — у галечу.
— Чаму ж у галечу? Дзяржава паможа. Яна ж зацікаўлена, каб людзі ішлі ў калгасы.
— Людзі і самі зацікаўлены калгасамі, не толькі дзяржава. А што на гэтых шнурочках за жыццё? 3 бараной завярнуцца нельга.
Алеся прынесла масла, сыр, паставіла на стол і зноў пайшла на куханьку. Хутка яна вярнулася са збанком і двума кубкамі.
— На большае выбачайце. Чым багаты, тым і рады. Перакусвайце, калі ласка,— запрасіла гаспадыня і адышлася.
— Што вы, гаспадынька, гэта ж каралеўская вячэра, — усміхнуўся Місюк, аблізваючы губы. Ён узяў за вушка збанок, каб наліць у кубкі малака, ды так і не наліў. Што гэта такое? Ці то здалося яму, ці сапраўды патыхнула з бакоўкі ветрыкам і заварушылася фіранка.
Місюк, нічога не кажучы, паставіў збанок на стол, устаў з лавы і расхінуў абедзве полкі фіранкі. Так, яму не здалося. Сапраўды, адтуль патыхала свежым паветрам праз адчыненае насцеж акно, і Грышы на пасцелі не было.
У адзін момант Місюк усё зразумеў.
— На заставу паслаў кватаранта? — кінуўся ён да Сцяпана.
— На якую заставу? Ён жа там, у бакоўцы.
— Пакажы, дзе ён? — схапіў Місюк Сцяпана за каўнер і павярнуў тварам да бакоўкі. Ён ірвануў фіранку, нітка парвалася, і абедзве полкі яе ссунуліся на зямлю. Ад святла лямпы было добра відаць усё ў спальні.— Ну, дзе ён? Дзе?
— Не ведаю, толькі я не пасылаў яго нікуды, — адказаў Сцяпан.
— А хто, я паслаў? Ён? — паказаў Сушчыцкі на Місюка і так урэзаў кулаком у патыліцу Сцяпану, што той не ўстаяў на нагах.
Алеся залемантавала, забегала па хаце.
«Каморнікі» кінуліся прэч за дзверы. Ад парога ўжо Місюк вярнуўся назад, схапіў са стала акраец хлеба і выбег следам за Сушчыцкім.
— У які бок? — спыніўся Сушчыцкі каля веснічак.
— Хвіліначку, дай агледзецца. Калісьці я прыязджаў з бацькам сюды. Іхняя вуліца ідзе ў бок мяжы, толькі не ведаю, у які канец мы трапілі.
Але як ні ўглядаліся Місюк і Сушчыцкі ў цемрыва густога туману — нічога разабраць не маглі. Толькі сабачы брэх разлягаўся па вёсцы ды наводзіў на іх большы страх. Марудзіць было нельга. Алесін лямант можа хто пачуць і прыбегчы.
Місюк і Сушчыцкі прыгнуліся за плотам.
— Пайсці ды прыкончыць яго зусім? — падаў думку Місюк, пачуўшы, як Алеся бразнула варотамі ад вуліцы.
— Пайшлі лепш адсюль, ён і так доўга не пажыве,— шапнуў Сушчыцкі.
Трывога на заставе
Грыша, як толькі зайшоў ў спальню, хуценька надзеў святочныя штонікі, сарочку, адчыніў акно і вылез на двор. Памкнуўся быў зачыніць. яго, ды збаяўся, каб не забразджэлі шыбы.
Ад Сцяпана да пагранічнай заставы дарогаю кіламетраў са тры, а праз балота і аднаго не будзе — рукой падаць. Як ісці: дарогаю ці праз балота?
«Пакуль аббяжыш дарогаю, дык і след іх прастыне, — падумаў Грыша і тут жа вырашыў: — Вядома, трэба спяшацца».
Хлапчук падкасаўся і пабег напрасткі. Аж за калені грузнуць ногі. Дарма што восень і гразь халаднаватая, а Грыша аж спацеў увесь.
«А можа гэта сапраўды каморнікі заблудзіліся? I шрам у аднаго такі, як у Місюка, — раптам усумніўся хлопчык. — Што тады? Ну і няхай сабе каморнікі. Правераць дакументы, упэўняцца хто і паедуць. Застава павінна ведаць пра кожнага незнаёмага чалавека, казаў учора на сходзе начальнік. На тое граніца...»
Ну, вось і балота скончылася. Грыша абцёр з ног гразь, адкасаў калашыны, але ў гэту ж хвіліну пачуўся грозны голас:
— Ні з месца! Кладзіся!
Чулае вуха пагранічніка здалёк улавіла хлюпанне па гразі і шолах кустоў. Пакуль Грыша прабіраўся па балоце, дык пагранічнікі падрыхтаваліся сустрэць яго, як сустракаюць кожнага незнаёмца, што трапляе сюды.
Момант Грыша стаяў разгублены, потым ледзь чутным голасам прашаптаў:
— Мы свае, гэта я...
— Кладзіся! — зноў пачуўся той жа настойлівы голас.
Грыша лёг ніц, уцягнуўшы галаву ў плечы. Пагранічнікі падышлі бліжэй.
— Ты хто такі? — спытаў адзін з іх.
— Грыша Васілец з «Шакаэм».
— Але, Грыша, — пазнаў па голасе другі пагранічнік. — Уставай. Куды ты бяжыш?
— Да начальніка, у заставу... Да дзядзькі Сцяпана, дзе я жыву, двое мужчын зайшло. Адзін з-за мяжы. Я пазнаў яго. Ён прыходзіў да пана, калі я пасвіў каровы.
— Сарокін, бяжыце з Грышам на заставу.
Умомант яны зніклі ў густым тумане.
Свірын не клаўся яшчэ спаць, як далажылі па тэлефоне з дзяжуркі пра здарэнне.
— Зараз іду, — коратка адказаў ён.
Што некалькі дзён назад мяжу перайшлі двое мужчын, у заставе ведалі. Натрапілі на след адразу, але нагнаць не змаглі, нават з сабакам: прайшоў дробненькі дожджык і змыў пах чалавечых ног. Усе гэтыя дні стаялі ўзмоцненыя пасты, дзе толькі маглі прайсці парушальнікі.
I вось яны з’явіліся. Трэба было спяшацца, каб не выпусціць з рук.
— Падняць усіх, узмацніць пасты, — загадаў начальнік заставы і сам з двума коннікамі адразу памчаўся у Русінавічы да Сцяпана. Следам за імі пабег праваднік з сабакам.
Грышу начальнік заставы сказаў нікуды не адлучацца, а быць разам з дзяжурным, хоць хлапчук і спяшаўся дахаты.
— Можа іх скора прывядуць, дык ты пазнаваць будзеш. Вось чаму цябе пакінулі тут, — растлумачыў дзяжурны, калі яны асталіся ўдваіх.
Хлапчук трошкі пасядзеў, паглядзеў праз чорныя шыбы на двор і, сказаўшы дзяжурнаму: «Я зараз вярнуся», выйшаў за дзверы.
У дзяжурку Грыша больш не вярнуўся. Калі ён апынуўся на двары, яму да таго захацелася даведацца, ці засталі пагранічнікі Місюка і Сушчыцкага ў вёсцы, што ён не змог стрымаць свайго жадання і памчаўся дахаты.
«Павінны застаць, — думаў Грыша, — яны надоўга расселіся за сталом. Ніхто з іх не падумае, што я пабег на заставу. Шкада, што Колі няма дома, удваіх пабеглі б. Удваіх смялей».
Прайшоўшы трошкі, Грыша хацеў збочыць і ісці праз балота, але прыгадаў, што там зноў могуць затрымаць, і не пайшоў. Да таго ж успомніў, як плёхаўся па гразі, і яго ўсяго аж скаланула. Дзіўна Грышу: сюды ішоў з вялікай ахвотай, не палохала ні гразь, ні цемень з туманам, а назад нават ад шолаху лісцяў чамусьці кідае ў дрыжыкі.
Каля вёскі начальніка заставы і салдата сустрэлі двое калгасных коннікаў. Яны баяліся, ці дабяжыць упору Грыша, і памчаліся на заставу самі.
Усе пяцёра коннікаў прымчаліся да Сцяпана. У хаце было ўжо шмат людзей. Як толькі Місюк і Сушчыцкі выбеглі на двор, Алеся кінулася ратаваць мужа. Яна паспрабавала падняць Сцяпана на ложак і не змагла. Аглушаны, ён ляжаў на падлозе і цяжка хроп. Тады Алеся кінулася да суседзяў прасіць дапамогі. Адны пабеглі да Сцяпана, а двое ў канюшню, каб узяць коней і даць знаць пагранічнай заставе.
— А каб яны галовамі панакладалі, каб яны!..— шаптала Сцяпанава суседка, стоячы каля ложка. — Глядзі, гэта, можа, тыя парушальнікі, што Воўчы Брод спалілі.
— Усё можа быць, — адказвалі ёй жанчыны.
На гэту гаворку і ўвайшоў Свірын.
— Ну, як гаспадар сябе адчувае? — спытаў ён.
— Трошкі ачуньвае,— адказаў калгаснік.— Нашатырнага спірту ледзь знайшлі. Ты зноў капні на ватку і да носа, — параіў ён дзяўчыне, што стаяла ля ложка з бутэлечкай і ваткай у руцэ.— Некалькі разоў ужо міргаў вачыма... О, зноў...
На гэты раз Сцяпан даўжэй глядзеў асавелымі вачыма на прысутных. Алеся трымала ў сваіх руках яго руку і скрозь слёзы прасіла:
— Сцяпанка, зірні, во і начальнік прыехаў. Ну, хоць адным слоўцам азавіся...
Праз хвіліну Сцяпан зноў акінуў позіркам хату і глянуў на Свірына:
— Дзе яны?
— Злавілі іх, Сцяпанка, злавілі. Бачыш, начальнік прыехаў падзякаваць табе і Грышу, — аж не ведала як утрымаць сваю радасць Алеся.
— Ну, нічога, значыць, выжыве, — пракаціўся радасны шэпт між прысутных пасля першых Сцяпанавых слоў.
Свірын так і не даведаўся, у які бок пайшлі злачынцы са Сцяпанавай хаты: ніхто не бачыў. У іх адна дарога, а ты гадай, куды маглі ўцячы яны адсюль.
Неўзабаве прыбег праваднік з сабакам, але Джэк не змог узяць следу: шмат людзей перавярнулася за гэты час у Сцяпанавай хаце.
— 3 нашых рук яны не вырабяцца, — сказаў Свірын на адыходзе, а старшыні калгаса хутчэй загадаў, чым параіў: — Павялічце варту, каб не паўтарылася тое, што ў Воўчым Бродзе.
Місюк і Сушчыцкі гэтым часам сядзелі ў канцы вёскі пад кустом ажыны і, разламаўшы акраец хлеба, елі яго. Ісці ў такі час у невядомую дарогу было рызыкоўна, і сядзець тут цэлы дзень — таксама не меншая небяспека. Учора абышлося добра, дык гэта ж было далёка ад граніцы, а тут могуць з сабакамі знайсці. Праўда, Місюк па слядах пасыпаў Сцяпанаў самасад.
Расседжвацца вельмі не было калі. Трэба ісці, пакуль не развіднела. А куды, у які бок падацца? Пайшлі наўздагад і наткнуліся на плот, што абгароджваў русінавічаўскі выган. Яны прыгнуліся, пералезлі праз сярэднюю жэрдку і апынуліся на выгане. Зноў паўстала адно і тое ж пытанне: «Куды ісці?»
— Ты ж казаў, іхняя вуліца магла б уперціся ў мяжу, калі б яна працягнулася кіламетры два.
— Казаў, — буркнуў Місюк.
— Дык хадзем у той бок, — махнуў Сушчыцкі рукой у цемень.
— А можа ў той? — паказаў у процілеглы бок Місюк. — Як тут разабрацца, дзе ўсход, дзе захад? Трэба ж было ўгробіць компас у Воўчым Бродзе. Каб ён цяпер быў у нас, дык ніякага б клопату.
— Што ты шкадуеш?.. Троха самі галовамі не налажылі, а ён — компас...
— Мне здаецца ўсё ж — у тым баку мяжа, — зноў паказаў на захад Сушчыцкі.
Не ведаючы мясцовасці, яны пайшлі наўздагад у бок ад вуліцы. Перасеклі палявую дарогу, прайшлі трохі полем, сталі на момант, паслухалі і, асцярожна ступаючы, зноў падаліся далей.
3 дарогі Грыша звярнуў на сцяжынку. Для большай смеласці ён трымаў у руцэ невялікі кіёк, размахваў ім у такт хадзе. Раптам ці то здалося яму, ці сапраўды пачуліся крокі. «Можа ўцяклі Місюк і той, другі, дык калгаснікі ідуць шукаць іх», — падумаў хлапчук. Коля яму расказваў, што ў Русінавічах, у Світалаўцы ды і ва ўсіх вёсках так вялося: калі трэба памагчы пагранічнікам — памагаюць усе.
Людзі набліжаліся. Грыша саступіў трошкі са сцяжынкі і сцішыўся. Цікава, хто ж там ідзе? Яму і ў галаву не магло прыйсці, што Місюк і Сушчыцкі накіроўваюцца ў бок граніцы. Ды хлапчук і не ведаў, што яны ўцяклі ўжо ад Сцяпана. Як толькі мужчыны падышлі зусім блізка, Грышу здалося, што шэпчуць не Місюк з Сушчыцкім, а іхні сусед з некім.
— Дзядзька Андрэй, гэта вы? — запытаў напаўголаса Грыша.
— Я,— здрыгануўся Місюк, пачуўшы сваё імя. Аднак страх не заглушыў яго слыху: голас хлапчука здаўся дужа знаёмы. — О, дык гэта наш сябар, — схапіў Місюк Грышу за руку, калі той выйшаў да іх на сцяжынку.
Хлапчук перапалохаўся, у горле перасохла, ён не ведаў, што гаварыць, — думаў суседзі, а тут вунь у чые лапы трапіў.
— Не развітаўся з намі ў хаце, дык твой гаспадар паслаў нас насустрач табе. Ну, добра, што мала часу патрацілі на пошукі, — прыкінуўся радасным Місюк. — Дарогу ты ведаеш тут, пойдзеш разам у Караліну. Памятаеш, Грыша, я табе даў дваццаць грошай на цукеркі? А цяпер, як дойдзеш да пана Вайтовіча, аж дваццаць злотых будзеш мець ад мяне.
— Я не пайду да пана Вайтовіча. Ён заб’е мяне за штраф.
— За які штраф? ·
— Панскія каровы трапілі на гэты бок мяжы.
— О, за гэта біць мы не дадзім. А за тое, што прыдзеш з намі, пан даруе табе ўсё, і ты з грашыма пойдзеш да бацькоў.
— Усё роўна не пайду. Мне тут лепей, як у Караліне.
— Ну, калі не хочаш ісці да маткі, заставайся сабе тут, толькі давядзі нас да мяжы, а сам вернешся.
— Я не ведаю, дзе мяжа, — ледзь не заплакаў Грыша.
— Не ведаеш? А ў заставу дарогу знаеш, нягоднік! — страсянуў Місюк за каўнер хлапчука.
— Не павядзеш, смерць табе тут. Бачыш гэта? — паказаў нож Сушчыцкі.
— А як мяне зловяць пагранічнікі? — усхліпнуў Грыша.
— Цсс, — цыкнуў Місюк. — Не распускай нюняў. Вядзі туды, дзе няма пагранічнікаў.
Грыша крануўся ў дарогу. Не выпускаючы з рук каўняра хлапчуковай сарочкі, следам ішлі Місюк і Сушчыцкі.
Ці то здалося Грышу, ці сапраўды пачуўся ў начной цішыні конскі тупат? Прыслухаўся лепш: так, гэта тупат. На заставу вяртаўся начальнік і коннікі.
Раптам тупат сціх. «Няўжо яны паехалі другой дарогай? Хто ж мне паможа? А што, калі драпануць самому? Не, пакідаць іх адных нельга. Трэба іх весці на заставу, але як?» — хвалявалі трывожныя думкі Грышу. Ён на момант спыніўся, ці не ўловіць слых тупату, але ўсё было ціха.
— Ты чаго стаў? Вядзі далей, — штурхнуў яго злёгку Місюк.
— Баюся ісці на мяжу. Ідзіце адны, — прыкінуўся хлапчук.
— А дзе мяжа?
— Вунь там, — паказаў Грыша ў бок заставы.
— Там? У лапы пагранічнікаў пасылаеш? — страсянуў за каўнер Місюк. — Цяпер я павяду цябе. Ідзі наперад. Пойдзем да Вайтовіча. Я чуў пра твае штучкі.
Усяго мог чакаць хлапчук, толькі не гэтага. Страх апанаваў яго. Ён ірвануўся, але ўчэпістая Місюкова рука ўтрымала за каўнер.
— Заб’ю, калі будзеш уцякаць.
«Каб павесці іх на той пост, дзе затрымалі былі пагранічнікі мяне? Можа яны і цяпер там?» — падумаў Грыша, але тут жа спахапіўся: — Яны не палезуць у балота, пабаяцца». Прыгадалася, як учора расказваў начальнік пра таго парушальніка граніцы, што ледзь не захлынуўся ў дрыгве, уцякаючы ад рыбака. I страшэнна захацелася хлапчуку, каб і гэтых злачынцаў злавіць такім спосабам. Толькі дрыгвы тут няма, ды і цёмна.
Зусім паблізу затупацелі коні. Місюк і Сушчыцкі кінуліся ўбок да лазовага куста, пацягнуўшы за сабою Грышу. Каб даць пагранічнікам трывожны сігнал, хлапчук хацеў крыкнуць, але Місюк на першым гуку «А...» закрыў Грышу далоняй рот.
— Навошта ён табе? — сыкнуў Сушчыцкі.
— Гэта ж цэлы скарб для дэфензівы і Вайтовіча.
— Патрэбен табе Вайтовіч, як у мосце дзірка. Сваю галаву ратуй. Прыкончым гадзяня і ўсё, — дастаў Сушчыцкі нож з-за халявы.
— Паспеем прыкончыць, — адштурхнуў яго Місюк.
Тупат набліжаўся, адзін з коней моцна зафыркаў. Пагранічнік паляпаў каня па шыі і нешта шапнуў. Да чаго карцела Грышу крыкнуць...
Ні Грыша, ні Місюк з Сушчыцкім не ўяўлялі нават сабе, што за пяць крокаў ад іх ляжалі двое пагранічнікаў. Яны чакалі толькі, каб пад’ехалі бліжэй коннікі і пад конскі тупат накінуцца на Місюка і Сушчыцкага.
Разам з коннікамі набліжаліся паўзком да злачынцаў і пагранічнікі. I толькі Свірын з салдатамі параўняўся з кустом, як тыя пагранічнікі, што паўзлі па зямлі, усхапіліся і гукнулі:
— На падмогу!
Сушчыцкі хацеў абараніцца нажом, але не паспеў — пагранічнік спрытна зваліў таго. 3 Місюком справіўся другі паставы. На дапамогу саскочылі коннікі.
Падаючы, Сушчыцкі падабраў пад сябе Грышу і, раз’юшаны, усадзіў яму нож. Ад страшэннага болю Грыша нема закрычаў і страціў прытомнасць.
— Ну, што тут? — падбег Свірын.
— Абодва затрыманы, таварыш начальнік. Хлапчук паранены.
— Сарокін, мігам імчыце Грышу на заставу, зрабіце перавязку і ў бальніцу, — скамандаваў начальнік і сам панёс хлапчука да коннага пагранічніка.
Сяброўская цеплыня
Ад. Світалаўкі да бальніцы было кіламетраў шэсць. Туды пасля перавязкі і прывезлі пагранічнікі Грышу. Дзяжурны доктар агледзеў хлапчука і сказаў, што рана не смяртэльная, але паляжаць некаторы час давядзецца.
Ужо добра развіднела, як вярнуліся пагранічнікі з бальніцы. Адзін з іх павёў распрагаць коней, а другі пайшоў дакладваць начальніку.
Свірын выслухаў усе падрабязнасці, падзякаваў пагранічніку за службу і выправіў адпачываць. Сам прайшоўся па пакоі, зірнуў у акно. На двары па-ранейшаму усё засцілаў туман.
«Ці не схадзіць да загадчыка школы? — падумаў Свірын. — Напэўна, ён устаў, а калі не ўстаў, дык і разбудзіць можна. Гэта ж надзвычайнае здарэнне і для нас і для школы».
Начальнік заставы апрануўся і выйшаў, ціхенька зачыніўшы за сабою дзверы. Свежая асенняя раніца надала яму бадзёрасці.
Савасцюк яшчэ адпачываў, калі Свірын пастукаў у дзверы. Быў якраз выхадны, і спяшацца не было пільнай патрэбы. Загадчык школы надзвычай здзівіўся, пачуўшы пра ўсё, што адбылося з яго вучнем.
— А мы спім і нічога не ведаем... Ну, а як жа хлапчук адчувае сябе? Што сказалі дактары? — занепакоіўся загадчык. — Чаму ж вы нам не далі знаць, мы самі адвезлі б?..
— Усё, што можна было зрабіць, — зроблена, Ігнат Міхайлавіч. За хлапчука не хвалюйцеся. Я зайшоў сказаць вам пра здарэнне і заадно прапанаваць з’ездзіць разам наведаць нашага героя.
— Вельмі ўдзячны вам, Мікалай Іванавіч, за клопаты, — захваляваўся загадчык школы. — Безумоўна, трэба з’ездзіць праведаць. Хлапчук адзін, ні бацькоў, ні родных не мае тут, і ў такі час асабліва дорага яму чуласць людзей. Толькі ці варта вам турбаваць сябе? Мы можам з’ездзіць з завучам ці з сакратаром камсамольскай ячэйкі, а то і ўтраіх... Праведаем... А вам адпачыць трэба.
— Ну, добра, едзьце ўтраіх, а я пазней конна з’езджу. У мяне ўсё роўна там справа ёсць да свайго начальства,— згадзіўся Свірын.
Начальнік пайшоў да сябе на заставу, а загадчык, выйшаўшы следам за ім, скіраваў да завуча.
Праз гадзіну якую яны збіраліся ўжо ў дарогу. Савасцюк стаяў каля ганка і чакаў, пакуль з’едзе з горкі завуч на саўгаснай фурманцы. Ён так быў уражаны начной падзеяй з Грышам і Сцяпанам, што не заўважыў, калі падышоў Рыгор Камейша.
— Дзень добры! — адказаў механічна на прывітанне Савасцюк і зноў упіўся вачыма ў той бок, дзе павінна была паказацца фурманка.
— Вы, відаць, сабраліся некуды, а я да вас, таварыш загадчык.
— Прашу прабачэння... — спахапіўся Савасцюк.— Збіраемся ехаць у бальніцу. Вы, мабыць, чулі, што здарылася ў Русінавічах ноччу?
— Чуў, таварыш загадчык, чуў, а як жа. Заходзіў да Сцяпана. Кажа, шуміць яшчэ ў галаве. Дзівіцца чалавек, чым так урэзаў нягоднік, што зваліў з усіх чатырох... Можа я, таварыш загадчык, не зусім у пару прыйшоў. Але калі прыйшоў, то сказаць мушу... — прамовіў Камейша і запнуўся.
Савасцюк здагадаўся, чаго прыйшоў нівец, але пытаць сам не хацеў. Ён моўчкі паглядзеў Рыгору ў твар. Было відаць, што таму не лёгка выказаць сваю просьбу. Збянтэжаны, стаяў ён перад загадчыкам з апушчанымі вачыма, пераступаў з нагі на нагу. Так прайшла хвіліна, другая. На горцы паказалася фурманка. Сакратар камсамольскай ячэйкі і завуч ехалі па Савасцюка.
— I жонка, і я, таварыш загадчык, просім адпусціць нашага Лёню дахаты, — заспяшаўся са сваёю просьбай Рыгор, убачыўшы фурманку.— Можа ёсць бяднейшыя, дык няхай ім будзе і стыпендыя, і інтэрнат... А мне перад людзьмі сорамна, каб мой сын на казённых харчах вучыўся.
— Вунь што, — усміхнуўся Савасцюк. — А хто гэта казаў мне: «ён вашага выхавання, дык і бярыце яго сабе...»? Мы і ўзялі.
— Так што, таварыш загадчык, трэба дараваць цёмнаму чалавеку. Чаго не скажаш у гневе? Вы ж адукаваныя і разумееце гэта... Сын ён усё-такі мне, ды і люблю я яго...
— Любіце, а выгналі з хаты. Як жа гэта зразумець?
Камейша цяжка ўздыхнуў.
— Не сваім розумам жыў, людзей слухаў.. Трымаўся за палоску ды за конскі хвост, як сляпы за кій, от і выйшла так... Вучыцца ён будзе хадзіць, а жыве няхай дома. Два гэтыя кіламетры прабегчы не такая вялікая ўжо дарога. Ходзіць жа вучняў ад нас нямала... Старая вочы свае праплакала...
— Добра, прыеду з бальніцы, пагавару з Лёнем. Захоча ісці, трымаць не будзем. А не захоча — сілком не адправім.
— А можа, таварыш загадчык, цяпер пагаворыце?
Пад’ехала фурманка. Не злазячы з воза, завуч гукнуў:
— Паехалі, Ігнат Міхайлавіч.
— Адну хвілінку, — падняў угору руку загадчык школы і звярнуўся да сакратара камсамольскай ячэйкі: — Слава, схадзі пакліч Лёню Камейшу. Скажы, што я заву.
Неўзабаве Слава з’явіўся з Лёнем. Убачыўшы бацьку, хлапчук на момант збянтэжыўся, пачырванеў, але пайшоў следам за Славам. Рыгор здрыга'нуўся.
Лёня таксама захваляваўся. Што сабе ні кажыце — бацька. Няхай ён выправіў Лёню пад злосць з хаты, няхай пакрыўдзіў яго... Лёню чамусьці вельмі шкада стала бацькі ў гэты час.
Слава з Лёнем падышлі зусім блізка.
— О, ты падрос за гэты час, — праз сілу ўсміхнуўся Рыгор, перамагаючы ўзрушанасць. — Ну, здароў, — падаў ён руку. Хлапчук узяў працягнутую руку, зірнуў у вочы загадчыку школы, бацьку і сарамліва пацалаваў яе.
— Можна лічыць, што прымірэнне адбылося, — зірнуў на Камейшу Савасцюк, а ў Лёні спытаў: — Ты ведаеш, чаго прыйшоў бацька?
Хлапчук паціснуў плячыма. Яму хацелася ад бацькі самога пачуць тое, аб чым ён толькі здагадваўся. I Рыгор не замарудзіў сказаць гэта:
— Па цябе, сынок, прыйшоў. I мама, і я змаркоціліся адны... 3 канём табе не прыдзецца больш важдацца. Адвёў яго ўчора на калгасны двор. Што будзе людзям, тое і нам.
— Уступілі ў калгас, тата? — павесялеў Лёня.
— Уступіў, сынок, уступіў. Шкада было з конікам разлучацца, але ж усе кажуць, лепей будзе ў калгасе і нам, старым, і вам, маладым.
— Дык як, Лёня, згодзен вярнуцца назад? — спытаў Ігнат Міхайлавіч.
— Пайду, — з радасцю кіўнуў галавою хлапчук.
— Тады здай усё, што лічыцца за табою школьнае, каменданту. Скажы, я дазволіў ісці. Пачакай, я лепш напішу. Толькі заўтра, глядзі, прыходзь на заняткі, — даючы Лёню запіску, напомніў Ігнат Міхайлавіч.
— Можаце не сумнявацца, таварыш загадчык, заўтра ён першы тут будзе, — адказаў за сына Рыгор і звярнуўся адразу да траіх: загадчыка школы, завуча і сакратара камсамольскай ячэйкі: — Дзякую вам усім, што далі прытулак сыну. Усё ж хлапчук быў у доглядзе, і маё сэрца было на месцы, хоць і гарэла ад крыўды на яго.
— Няма за што дзякаваць, таварыш Камейша. Гэта быў наш абавязак памагчы, і мы яго выканалі, — адказаў за ўсіх загадчык школы.
Рыгор з сынам пайшлі шукаць каменданта, а Савасцюк, Сіўко і Слава паехалі ў бальніцу.
— Ото ўжо маці будзе рада, што вярнуўся з табою. Калі хутка ўправішся здаць рэчы, дык яшчэ на гарачыя бліны паспеем. Ты ж любіш іх, з лоем. Тут вас, мусіць, не песцілі гэтым? Дзе на такую сямейку напячэшся тых бліноў...
— Пяклі. Не часта, але пяклі. Толькі не бліны, а аладачкі, маленькія, вось такія, — паказаў, склаўшы колцам вялікі і сярэдні палец, Лёня.
Каменданта доўга шукаць не прыйшлося, ён жыў пры інтэрнаце і быў якраз дома. Неўзабаве бацька і сын ішлі полем дахаты.
Коля не мог дачакацца, пакуль скончыцца выстаўка, так не цярпелася пабачыць бацьку, даведацца, што з Грышам. Ён аж пабялеў увесь у твары, калі расказалі яму шакаэмаўцы пра начное здарэнне. Вельмі шкадаваў, што яго не было дома, а то памог бы ў бядзе бацьку: «Ды я качаргою паразбіваў бы галовы тым бандытам. Мама спалохалася і не магла ім нічога зрабіць — ведама, жанчына, — а я не папусціўся б, — разважаў сам з сабою Коля, стоячы каля сваіх экспанатаў. — А можа мы з Грышам удваіх пабеглі б на заставу, дык тату ўсё роўна магло тое самае быць. Затое з Грышам, можа, не сталася б так».
Місюк і Сушчыцкі тым часам сядзелі абодва на допыце, сагнутыя, скурчаныя, і апраўдваліся:
— Ніякіх калгасаў мы не палілі.
— А што, вы ў госці хадзілі ў Воўчы Брод? Варта мне паведаміць туды, што вы ў нашых руках, дык людзі мігам прымчацца сюды на расправу з вамі.
Місюк і Сушчыцкі здрыгануліся. Ад праніклівых вачэй начальніка заставы не схаваўся цень страху, што прабег па тварах затрыманых.
Ён, вядома,не зробіць такой расправы. Сваё яны і так атрымаюць. Важна тое, што Свірын упэўніўся ў іхняй прычыннасці да пажару.
— Вы хацелі забіць хлапчука, каб замесці сляды, — спытаў далей Свірын. — Не ўдалося, праўда? Ён раскажа яшчэ нам пра вас. Так, так, раскажа... — гаварыў спакойна начальнік заставы.
А пакуль што загадчык, завуч і Слава, седзячы ў палаце, расказвалі Грышу, як перажываюць усе шакаэмаўцы яго няшчасце. Хлапчук надзвычай расчуліўся ад сяброўскай цеплыні. Бо нічога так не кранае, як памяць аб табе ў цяжкі час. Грышу гэта было асабліва дорага. I хоць яму нельга было размаўляць, ён усё ж спытаў у Славы:
— Цяпер, мусіць, мяне не скора прымуць у камсамол?
Савасцюк пагразіў пальцам, каб Грыша больш не размаўляў, а Слава адказаў:
— Чаму не скора? Адразу, як паправішся, будзем прымаць.
Грыша павесялеў, вочы яго засвяціліся. Ён так чакаў таго сходу, калі меліся яго прыняць. I ўжо, напэўна, быў бы камсамольцам, каб не пажар у Воўчым Бродзе. Пасля сакратаровых слоў нават боль паменшаў. Яшчэ будучы дома, у Пясках, ён даў сабе слова стаць камсамольцам. Там, праўда, гэта цяжэй давалася: трэба было асцерагацца, каб не ўведалі жандары.
Доўга сядзець у палаце, надакучаць хвораму дзяжурны доктар не дазваляў. Другі раз ужо зайшоў ён і напомніў усім траім — пара развітвацца.
— Папраўляйся, Грыша, не сумуй,— пажадаў на адыходзе загадчык. — Хутка зноў вернешся да сяброў, а пакуль што яны будуць наведваць цябе.
— Я адстану цяпер з вучэннем, — сказаў раптам з жалем у голасе Грыша. Усе трое — загадчык школы, завуч і сакратар камсамольскай ячэйкі — пераглянуліся і толькі цяпер спахапіліся, што ні слова не сказалі хвораму пра яго далейшую вучобу, а таміу, відаць, карцела гэта ўвесь час.
— Не адстанеш, — пачаў суцяшаць завуч. — Ты ж не адзін сярод поля. Як толькі паправішся, памогуць і настаўнікі, і твае сябры — школьнікі. Ты старанны і дагоніш іх.
Маленькая пахвала завуча падбадзёрыла хлопчыка. Ласкавым позіркам праводзіў ён сваіх настаўнікаў.
У прыёмнай Савасцюк доўга яшчэ гутарыў з дзяжурным доктарам, прасіў назіраць за хворым, а калі спатрэбіцца што, дык перадаваць аб гэтым проста яму, загадчыку школы.
...Позна вярнуліся з выстаўкі світалаўцы. На гэты раз усім брыгадам пашчасціла — кожная атрымала пахвальную грамату. Колева — за бульбу, Севава — за лён, Маніна — за цукровыя буракі.
Найбольшай навіною для ўсіх наведвальнікаў выстаўкі былі цукровыя буракі. Увесь дзень аграном не адыходзіў ад сваіх экспанатаў. Усім, хто цікавіўся, ён з прыемнасцю расказваў, на якой глебе трэба садзіць іх, як даглядаць, каб мець добры ўраджай.
Колькі разоў за дзень прыйшлося самому ўкусіць ад скрыліка, даць пакаштаваць якому-небудзь дзядзьку. 3 цікавасцю глядзеў аграном, як той смакаваў бурак, потым здзіўляўся:
— Да чаго ж салодкі! Цукар ды годзе.
Следам працягваў руку другі селянін. Смакуючы, ён круціў галавою і пацвярджаў думку суседа.
— Гэта ж свой цукар можна мець у хаце. I як ён, бурак гэты, нацягне з зямлі столькі слодычы?
Даючы Ходашу ўзнагароду, старшыня выставачнага камітэта гаварыў:
— Я разумею вашу ўзрушанасць. Калі чалавек у сваёй настойлівай працы дасягае мэты, ён не можа сябе іначай адчуваць. Сваёй працай вы прынеслі гонар не толькі світалаўскай школе ці нашаму раёну, але зрабілі вялікую справу для ўсяе рэспублікі. Цяпер можна сказаць адно: шлях беларускаму цукру забяспечаны.
Ніколі не забыцца аграному на гэты радасны момант. Да чаго ж захваляваўся ён, да чаго пачырванеў: праца яго не прапала дарма, ацанілі яе. Значыць, Беларусь можа таксама мець свой цукар, ён даказаў гэта на практыцы.
Ходаш разумеў, каб не світалаўская ШКМ, цяжка яму давялося б. Так шчыра, так любоўна даглядаць гародніну, як рабіла гэта Маня са сваёй брыгадай, не кожны можа. Вярнуўшыся з выстаўкі, ён, радасны, пайшоў адразу да Савасцюка, каб не толькі расказаць, з чым прыехалі яны з раёна, але і выказаць яму сваю падзяку за гарачы ўдзел у вырошчванні цукровых буракоў.
Савасцюк павіншаваў агранома з поспехам і жартаўліва заўважыў:
— Чаго добрага, Ціхан Аляксеевіч, вы яшчэ ў нашым саўгасе цукровы завод пабудуеце. Толькі не думайце ісці туды дырэктарам, — паківаў пальцам, — я вас не адпушчу.
— Ды я і сам не пайду, Ігнат Міхайлавіч. Вы ж добра бачыце, — мая стыхія — прастор: поле, агарод, сенажаць, а не чатыры сцяны дырэктарскага кабінета.
— Тады будуйце... — усё тым жа жартаўлівым тонам дазволіў загадчык і раптам перамяніў гаворку: — А ў нас, чулі, што адбылося ўночы?
— Чуў. Трэба ж так здарыцца. Каб ён не пайшоў адзін дахаты з заставы, дык, можа, нічога б і не сталася.
— Не мог хлапчук сядзець спакойна... Малайчына ён усё-такі, не разгубіўся. Ездзілі мы ў бальніцу. Доктар кажа, нічога страшнага, але паляжаць прыйдзецца.
— Не без таго, вядома...
Назаўтра Коля і Маня звярнуліся да загадчыка, каб дазволіў ім пайсці наведаць Грышу. Яны пабылі на школьных занятках і пасля абеду сцяжынкаю, праз лог, пайшлі ў бальніцу. Да іх далучылася яшчэ двое школьнікаў.
«Да пабачэння, родная Світалаўка!»
Не заўважыў Грыша, як прабеглі тры гады ў працы і вучобе. Вось ужо і трэба збірацца ў дарогу. А ці даўно тое было, калі ён упершыню пераступіў парог світалаўскай школы.
I таго дня, як вярнуўся з бальніцы назад у Сцяпанаву хату, Грышу таксама не забыць. У канцы лістапада пад вечар Коля прыехаў па яго. Нават запомнілася, які дзень быў тады: з раніцы хмурны з ветрам, а пасля абеду распагодзілася і пачынала брацца на марозік. Перад выпіскай медыцынская сястра мерала яму тэмпературу і, пазіраючы на блакітнае неба, сказала пра вецер:
— Прынёс нам мароз і супакоіўся.
Едучы з бальніцы ў Світалаўку, Коля расказаў па дарозе, што загадчык школы хацеў забраць Грышу ў інтэрнат і што яму не мала прыйшлося папапрошваць, каб усё асталося па-ранейшаму.
— Мы так прывыклі да цябе, а тут раптам у інтэрнат.
3 першага ж вечара да Грышы пачалі прыходзіць аднакласнікі і вучні старэйшых класаў. Яшчэ ён у бальніцы ляжаў, а камсамольская ячэйка прызначыла ўжо камсамольцаў памагчы яму дагнаць прапушчанае. Найцяжэй было з арыфметыкай. Усё, што задавалася ў школе на ўроках вывучыць напамяць ці прачытаць, Грыша і ў бальніцы асіліў.
Найбольш чытаў Грыша ўголас, і сусед па палаце не мог нацешыцца з хлапчука. Аднаго разу ён выказаў свае думкі:
— Я ўсё роўна як у школу трапіў, а не ў бальніцу. Ты малайчына, Грышка, чытай — не так маркотна і боль меншы. Сам я не ўмею чытаць, толькі прозвішча ведаю як напісаць, а слухаць, як чытаюць, люблю.
Вярнуўшыся з бальніцы, Грышу зноў трэба было «запрагацца ў шоры», як гаварыў яго бацька пад час нявыкруткі. Праўда, цяпер ужо не так цяжка было: памочнікаў хоць адбаўляй, і да зімовых канікул ён дагнаў прапушчанае. Настаўнікі нахваліцца не маглі.
Не адчуваў хлапчук таго, што скутае гадамі жаданне да кнігі, да навукі вырвалася на волю, падахвочвала на працу, вабіла наперад. Ён не мог утаймаваць свае ахвоты да вучэння, да чытання.
Грыша шмат чытаў. Пакуль дома быў Коля, яму сілком прыходзілася адцягваць сябра ад кнігі, каб хоць трохі пагуляў на вольным паветры. Апошнія два гады Грыша адзін жыў у Сцяпанавай сям’і. Як да роднага сына, прывыклі да яго гаспадары. I пасля таго, як іхні Коля паступіў вучыцца ў заатэхнікум, яны нізавошта не адпусцілі Грышу ад сябе.
— Ну, як жа мы адны астанёмся? — развёў рукамі Сцяпан, калі Грыша загаварыў аб пераходзе ў інтэрнат. — Пакуль будзеш у Світалаўцы вучыцца, ніхто цябе не адпусціць. Месца не хапае? Хата паменшала? Не. Дык можа пакрыўдзіла цябе чым цётка, — паказаў Сцяпан на жонку, — ці я?
— Ды што вы, дзядзька? Не лепшага я шукаю, а хачу ад лішняга клопату вызваліць вас. Хоць калі ж прыдзецца развітацца з вамі, падзякаваць за ўсё добрае.
— Тады тое і будзе.
Так і астаўся Грыша ў Сцяпана.
Сева пасля сканчэння ШКМ паехаў вучыцца на садоўніка. Любіў ён сад. Увесь вольны час, бывала, праводзіў каля саўгаснага садоўніка, навучыўся ад яго рабіць ушчэпы і, будучы ў сёмым класе, пасадзіў разам са сваёю брыгадай нешта ўшчэпаў з восемдзесят каля школы.
— Няхай застанецца аб нас памяць, — казаў тады Сева да сваіх брыгаднікаў. Ён ведаў, вырастуць некалі яблыкі, грушы на гэтых дрэвах і прыгадаюць добрым словам новыя вучні тых, што садзілі, даглядалі гэты сад.
Маня засталася працаваць у сваім калгасе. Старшыня добра ведаў пра яе стараннасць у школе і з радасцю сустрэў дзяўчыну, калі яна з’явілася ў канторы калгаса.
— Такія, Манечка, людзі, як ты, нам вельмі патрэбны. Мы з табою загрымім цяпер на ўвесь раён. Падбярэм табе брыгаду і раскашоўвайся на агародзе.
Час-ад-часу Маня наведвала Світалаўку. Зойдзе, паглядзіць на агарод, як што расце, параіць часам, што трэба зрабіць, каб лепей урадзіла. Адтуль не праміне трусікаў паглядзець. Вунь колькі іх развялося за гэтыя гады! Рахманыя такія: бяры ў рукі — не ўцякаюць.
Яшчэ ў пятым класе Грыша неяк вясною спытаў у агранома:
— Ціхан Аляксеевіч, а чаму ў нас няма трусікаў?
— Былі ды не павяліся. Загінулі. А больш не куплялі.
— Эх, каб можна было, — уздыхнуў хлопчык, — я свае забраў бы! У мяне шэсць штук было, як адыходзіў парабкаваць.
Колькі радасці было ў той дзень не толькі ў Грышы, але і ў многіх вучняў, калі прывезлі аднекуль з саўгаса пяць пар трусоў: чатыры пары беленькіх і адну шэранькую. Хлапчук не мог нацешыцца: гладзіў іх, размаўляў, карміў. Яны напомнілі Грышу родную вёску, маці.
Пакуль трусоў было мала, ён даглядаў іх адзін, а як пабольшала — загадчык школы даручыў яму арганізаваць звяно і падабраць хлапчукоў і дзяўчынак па свайму выбару.
Да зімы звяно збудавала засыпную хацінку для сваіх выхаванцаў. Навукі вялікай на гэта не спатрэбілася. Укапалі слупкі, абабілі іх аполкамі, навазілі з саўгаснай гантарэзкі пілавіння, засыпалі, утрамбавалі добра. А на зіму вартаўнік маленькую печку зрабіў. Цёпла трусам, утульна.
Добраё, дружнае звяно падабралася ў Грышы. Затое і пакідае ён у Світалаўцы, як памяць аб сабе, цэлую чараду трусоў. Ды прадалі за гэты час колькі другім школам, калгасам! Няхай таксама разводзяць.
Не хочацца Грышу расставацца і з сябрамі, прывык, здружыўся. Не хочацца, а трэба. Свірын настаяў на сваім: Грыша едзе вучыцца ў школу пагранічных войск.
На дварэ вечарэе. Заўтра гэтай парой Грыша будзе ў Мінску. Ён здаў ужо іспыты і прыязджаў пабыць да пачатку заняткаў. Паслязаўтра і світалаўская школа загудзе звонкімі, радаснымі галасамі — пачнецца навучальны год.
Сціскаецца ад перажыванняў хлопцава сэрца. I радасна, што едзе вучыцца, і шкада пакідаць родную ШКМ. Тут знайшоў ён усё: і веды, і сяброўства, і чуласць.
Апошні раз ходзіць Грыша гаспадаром па школьнай сядзібе. Ён, вядома, будзе прыязджаць сюды на канікулы, у водпуск, але гэта ўжо будзе гасцяванне — не больш. А што прыедзе сюды, што будзе вабіць яго да сябе Світалаўка, дык у гэтым не можа быць ніякага сумнення. Тут жа паблізу і Маня працуе. А ці ж ён можа не сустрэцца з ёю?
Учора яна прыходзіла ў Світалаўку. Сказала, што хацела паглядзець, чые большыя і лепшыя трусы: шакаэмаўскія ці іхняга калгаса. Доўга хадзілі яны па школьнай сядзібе. Потым пайшлі разам у бок Нівы, дзе Маня працавала. За гаворкаю не заўважылі, як апынуліся каля Манінай вёскі.
— Тут адна не пабаішся ісці? — спытаў Грыша.
Маня толькі ўсміхнулася. Нічога яна не баялася, і Грыша зусім не таму праводзіў, каб ёй смялей было. Трэба ж нешта сказаць. Стаялі хвіліну-другую моўчкі. Маня нагнулася, сарвала жоўценькую кветачку і, павольна адрываючы двума пальцамі кволенькія пялёсткі, першая загаварыла:
— Ты ўжо заганарышся цяпер. Не захочаш і знацца з намі.
— Чаго ж гэта мне ганарыцца? I прыязджаць буду, і пісаць.
Ён не сказаў, каму будзе пісаць, але Маня здагадалася. Яна заміргала вейкамі, неяк нервова адарвала адзін за другім некалькі пялёсткаў і, не падымаючы вачэй, сказала толькі:
— Глядзі ж, — і борздзенька заспяшыла дахаты.
Грыша стаяў і з болем у сэрцы глядзеў ёй услед: не зразумеў адразу, чаму яна не развіталася нават. Маня прайшла некалькі крокаў, азірнулася і памахала рукой. Грыша таксама памахаў у адказ.
У Грышавым сэрцы і сёння ўвесь дзень тлела маленькая іскрачка надзеі, што Маня знойдзе прычыну прыйсці. Але яна не прыйшла. Можа не выпадала на рабоце, а можа, і хутчэй за ўсё, чакала, што Грыша сам здагадаецца завітаць у Ніву.
«Ну, бывай, родная школа!» — развітваецца ў думках хлапец і ідзе да Савасцюка і Свірына падзякаваць за ўсё добрае.
Першым працягвае руку загадчык школы. Ён жадае поспехаў і дае наказ:
— Самае галоўнае — не цурайся ніякай працы і старайся добра вучыцца. Усё астатняе ўладзіцца само. Пішы, не лянуйся. Спадзяюся, школы нашай ты не забудзеш, прыязджай наведваць...
Грыша хвалюецца, абяцае пісаць, прыязджаць.
Свірын таксама цісне Грышаву руку:
— Падрос ты ў нас, пасталеў. Глядзі ж, добра вучыся, каб не чырванелі за цябе... I самае важнае — ніколі не забывайся, што Савецкі Саюз — твая Радзіма. Любі яе, як сваю маці. Гэта любоў у самы цяжкі час будзе надаваць табе сілы і на працу, і на подзвігі.
— Дзякую, Мікалай Іванавіч, за ўсё дзякую. Абяцаю, што чырванець праз мяне нікому не прыдзецца.
— У Ігната Міхайлавіча я пакінуў невялічкі пакунак. Цётка Насця падрыхтавала табе сёе-тое на дарогу.
— Не трэба было, Мікалай Іванавіч.
— Чаму не трэба. Мамы тут няма выпраўляць цябе.
Успамін пра маці адразу навеяў смутак. Вядома, калі б маці была тут, дык з апошняга сабрала б нешта ў дарогу, хоць і дарога невялікая.
— Не трэба, не трэба перажываць, — ляпае па плячы Свірын. — Тваё жыццё ўсё наперадзе, ты сустрэнеш яшчэ і маму, і тату, і сястрычку. А пакуль што чужая мама не забылася пра цябе.
Савасцюк маўчыць, што і яго жонка нешта пякла сярод тыдня. Дахаты Грыша вярнуўся з двума пакуначкамі пад пахай.
— Што ж гэга ты прынёс, дзіцятка? — не ўцярпела Алеся, каб не спытаць.
— Ды вось на дарогу далі.
— Хто?
Грыша адказаў.
— А вой-вой, навошта ты браў? — пакруціла галавой Алеся.— Я вунь табе і Колю напякла перапечак, па сыру зрабіла, масла наклала ў кубачкі, сала загарнула...
— Як я мог адмовіцца, цётка? — пацепвае плячыма Грыша і апраўдваецца вінаватым голасам: — Самі ведаеце, загадчык школы, начальнік заставы, — проста загадалі ўзяць.
Алеся і сама разумее — не мог іначай зрабіць яе кватарант, і знаходзіць выйсце:
— Давязеш да інтэрната, а там новых сяброў пачастуеш.
З’явіўся з гулянкі Коля. Хлопцы ўзяліся ўпакоўваць чамаданы.
У Колі чамадан фабрычны, фанерны, а ў Грышы — самаробны з тоненькіх дошчачак, у школьнай майстэрні зрабілі яму.
Пад ніз, як самы дарагі скарб, Грыша кладзе партфель. Ён пакручвае яго ў руках і яшчэ раз (каторы ўжо!) чытае на верхняй накрыўцы, у правым ніжнім ражку, выгравіраваны на металічнай пласцінцы надпіс:
«Выдатніку аховы граніцы ў Савецкай Беларусі — Грышу Васільцу.
14.10.1930 г.»
Каля хлапцоў тупае Колева маці. Яна кладзе на стол бялізну, сарочкі, ручнікі. Усё гэга чыста вымыта, адпрасавана.
— Разлятаецеся, галубкі мае. Не было цябе, сынок, дык хоць Грыша аставаўся. А цяпер апусцее хата зусім, — гаворыць Алеся.
— Ненадоўга, — супакойвае маці Коля. — Хутка вернецца з флоту Міхась. А там і мы папрыязджаем.
3 двара ў хату ўваходзіць Сцяпан, ён затрымаўся трохі на рабоце. Чамаданы ўпакаваны ўжо, усё падрыхтавана ў дарогу. Можна і вячэраць.
Усе чацвёра садзяцца за стол і амаль да поўначы цягнецца сямейная бяседа.
Назаўтра саўгасны конюх ранічкай прыехаў, каб адвезці Колю і Грышу на станцыю. Цягнік праходзіў адзін раз на суткі, удзень, і трэба было не спазніцца.
Уз’ехаўшы на ўзгорак, хлопцы азірнуліся і, як згаварыўшыся, памахалі кожны рукой.
— Да пабачэння, родная Світалаўка! — гукнуў удалеч Грыша. I нейкі боль казытнуў яго сэрца.
3 горкі коні пабеглі трушком, і фурман напяў лейцы, каб плаўней з’ехаць. Неўзабаве ён звярнуў сваіх буланых на шырокую дарогу.
Перад Грышавымі вачыма адкрыўся роўны гасцінец.
Зламанае кола
Эпілог
Скончыўшы ваенную школу, Васілец вярнуўся на граніцу з двума кубікамі на зялёных пятліцах. У час вучэння ён некалькі разоў прыязджаў на адпачынак у Світалаўку.
I Сцяпан, і Алеся сустракалі Грышу, як роднага сына, і заўсёды былі рады, калі ён прыязджаў да іх. 3 Русінавіч Грыша амаль кожны вечар завітваў у Ніву, каб хоць некалькі хвілін пабыць з Маняй. «Няхай не думае, што я заганарыўся. Гэта зусім не ў маёй натуры», — даводзіў ён сам сабе ў першыя часы. Пазней перастаў думаць так, бо зразумеў, — зусім іншая была прычына, чаму хацелася пабачыцца з Маняй.
Так ішоў час: Маня то сустракалася з Грышам, то пасылалі адно аднаму пісьмы. На апошнім спатканні яны дамовіліся згуляць чатырнаццатага кастрычніка вяселле. Грышу надта хацелася каб іменна ў гэты дзень радасць засланіла тое змрочнае, што прыйшлося перажыць дзевяць гадоў назад. Але выйшла па-іншаму, не так, як меркавалі Грыша і Маня. Позна вечарам шаснаццатага верасня Васільца выклікаў камандзір і сказаў аб той пачэснай задачы, у якой ён павінен прыняць удзел.
Грыша захваляваўся ад радасці. Пераступіць граніцу са сцягам вызвалення ў руках, ці ж гэта не радасць, не гонар?! Вызваліць ад панскага ўціску бацькоў, братоў, суседзяў, прынесці волю прыгнечаным, зрабіць парабкаў гаспадарамі свайго жыцця, — якую можна яшчэ назваць больш пачэсную справу для чалавека?
У тую ноч Васілец ні на хвіліну не заснуў. Думкі агарнулі яго: уявіў Пяскі, Караліну. «Дома спяць недзе і не адчуваюць свайго блізкага шчасця. I дзядзька Пятро не ведае, што заўтрашні дзень прынясе яму новае жыццё. А пан Вайтовіч, напэўна, па-ранейшаму ўсё бачыць сябе гаспадаром Світалаўкі.
Пра бацькоў і Пятра правільна думаў Грыша. А з Вайтовічам было трошкі іначай. Уночы з павятовага гарадка прымчаўся ў Караліну коннік і моцна забарабаніў у панскае акно. Яго прыслаў Запольскі паведаміць сябру, каб не марудзіў і зараз жа выязджаў са свайго фальварка.
Не злазячы з сядла, коннік перадаў праз адчыненае акно начальнікава даручэнне і памчаўся назад, а Вайтовіч забегаў з пакоя ў пакой.
— Матка боская, Езус свенты, ратуй нас! Альбіна, каханая, уцякаць трэба... Збірай каштоўныя рэчы, а я пабягу да Некраша, каб запрагаў коней.
— Божа мой, а скарб зноў кідаем на згубу, — залемантавала жонка, — каторы раз ужо...
— Альбіна, не думай пра гэта. Будзе цэлая галава — усё будзе, збірайся хутчэй,— загадаў яшчэ раз ужо з парога Вайтовіч і бягом кінуўся да фурмана.
Ён не сказаў праўды парабку, спаслаўся, што раптоўна захварэў яго сябар і просіць праз ганца прыехаць.
Некраш сонны хадзіў па хаціне, шукаючы за газнічным святлом свой абутак, а Вайтовіч тупаў з нагі на нагу ля парога і, як мог, прасіў не марудзіць.
— Ды вы, пане, прысядзьце хоць на лаве, крэслаў у нас няма... Боты знайсці не магу.
— Няма калі, каханы, расседжвацца. Такое няшчасце, такое няшчасце... — тупаў Вайтовіч і сам пачаў углядацца ў куткі, каб дапамагчы знайсці боты.
3-за фіранкі, што завешвала ложак, пачуўся жаночы голас:
— А няхай іх паляруш з тваімі ботамі... Гэта ж я і забылася, што ўчора выставіла ў сенцы. Ты прыйшоў са стайні і не ачысціў іх...
Абуўшыся, фурман пайшоў запрагаць коней, а Вайтовіч — да Пятра.
— Хто там? — пачуўся на стук у шыбу голас з хаты.
— Я, Петрусь. Прашу выйсці на хвілінку.
Пятро пазнаў пана па голасе і здзівіўся, чаго яму трэба ад парабка гэтак рана.
— Такая справа, каханы,— пачаў ласкава Вайтовіч, як толькі Пятро выйшаў на ганак.— Я мушу з жонкай адлучыцца на некаторы час, з калегам у мяне бяда, дык хачу папрасіць цябе, Петрусь, пабыць гаспадаром да майго прыезду.
— Ды ўжо ж, калі пан давярае, магу пабыць.
— Давяраю, Петрусь, давяраю. Глядзі, як сваё. Не пакрыўджу, як вярнуся. Прыдзеш, возьмеш ключы.
Пускацца ў вялікую гаворку не было патрэбы. «Яшчэ невядома, як павернецца справа, — нават у гэтую хвіліну развясельваў сябе Вайтовіч. — Не будуць жа маўчаць саюзнікі Польшчы. Напэўна, запратэстуюць, калі бальшавікі пераступяць мяжу. На ўсякі выпадак трэба ад’ехаць».
I гэта незвычайная даверлівасць, і гэта начная паспешлівасць выклікалі падазронасць у Пятра. Ён зайшоў у хату і расказаў жонцы пра панскае даручэнне.
— Ці не ўцякае ён, глядзі, — падала думку Антося. — На воўка памоўка, а мядзведзь цішком. Так і ён сябравай хваробай прыкрываецца.
— А што думаеш, можа і праўда?.. — згадзіўся Пятро. Не запальваючы святла, ён падаўся да пакояў.
Некраш быў чалавек павольнай натуры і спяшацца не любіў. Запаліўшы ліхтар, ён чысціў скрэблам і шчоткай каня, калі Вайтовіч вярнуўся ад Пятра.
— Ты яшчэ не запрог? — здзівіўся ён.
— Пачышчу яшчэ таго каня ды буду запрагаць, — адказаў зноў спакойна фурман.
— Божачка, калі тое будзе? Запрагай хутчэй.
— Пане, не гарыць жа нічога. Як жа на нячышчаным кані ехаць?
— Рабі тое, што кажуць, — ускіпеў Вайтовіч.
— Магу, — шпурнуў Некраш са злосцю скрэбла і шчотку ў куток. — Мне што — я парабак. Пану брыдка будзе.
— Даўно б гэтак.
Ён памог выкаціць з закутка брычку і пайшоў у пакоі. Каля ганка стаяў Пятро.
— Ты ўжо тут? Зараз, каханы, зараз. Некраш кешкаецца каторы час, — сказаў і знік за дзвярыма.
Неўзабаве Вайтовіч з жонкай чакалі фурмана на ганку. Вайтовіч падаў два чамаданы Пятру і загадаў пакласці пад сядзенне, а трэці сам падаў фурману і дазволіў сесці на ім.
За брамай, на развілцы дарог, Некраш спытаў:
— Куды, пане, загадаеце ехаць?
— На Літву кіруйся. Праз Апечкі.
Некраш усміхнуўся сам сабе і падумаў: «Значыць, праўду казаў Пятро, прыпякло. Збіраўся ў дзедаўскім маёнтку раскашавацца, а тут і свой фальварак цесны стаў... Прыйшоў на вас звод». Ён з радасцю хвасянуў дратаваніцай аднаго каня, другога.
Пад лёскат колаў Вайтовіч пачаў супакойвацца. Як там сабе ні было, яны ў дарозе, і з кожнай хвіляй усё далей і далей ад таго месца, дзе пагражала ім небяспека.
Каля самых Апечак пярэдняе правае кола, трапіўшы ў выбоіну каляіны, хруснула і брычка нахілілася на бок. Фурман ледзь утрымаўся, каб не зваліцца з чамадана. Вайтовіч саскочыў на зямлю і падхапіў жонку.
Усе трое стаялі і моўчкі глядзелі некалькі секунд на зламанае кола. Парушыў маўчанне Некраш.
— Ну вось, пане, якая непрыемнасць...
— А што цяпер будзе, Зыгмунт? — спытала Альбіна.
Фурманавы словы Вайтовіч прапусціў міма вушэй, а на жончыны ласкава адказаў.
— Нічога страшнага, каханая. Мы ўжо далекавата ад мяжы... Знойдзем каваля, ён адрамантуе. Некраш, зайдзі ў першую хату, спытай, дзе жыве каваль.
Але ў хату заходзіць не прыйшлося. Убачыўшы, мусіць, праз акно няшчасце з панскай брычкай, адтуль выйшаў мужчына. Вайтовіч паківаў пальцам, запрашаючы селяніна падысці. Чалавек павольна, не спяшаючыся, падышоў і на панавы распытванні адказаў:
— Каваль жыве пад сярэдзіну вёскі. Там і кузня на агародзе.
— Некраш, здымай кола і глядзі тут коней, а мы сходзім да каваля. Вазьміце кола, — звярнуўся ён да селяніна. — За турботы я заплачу.
— Ды я ведаю, што пан шляхетны і не захоча крыўдзіць беднага чалавека, — шматзначна падміргнуў селянін фурману.
Каваль яшчэ спаў. Работы спешнай не было, дык і ўставаць рана не хацелася. Кавалёва жонка ўходжвалася каля печы і, пачуўшы стук у сенечныя дзверы, выйшла адчыніць. Лежачы ў ложку, каваль выслухаў панаву бяду, прыкінуў, колькі ўзяць, і вырашыў у думках: «Заплаціш, колькі скажу, вы нашай скуры не мала садралі».
У мыцельніку каваль знарок доўга абмываў твар вадой, каб упэўніцца, ці сапраўды спяшаецца пан.
— Ці нельга, каханы, хутчэй трохі? — нерваваўся Вайтовіч.
— Гэта ж, пане, не распаленае жалеза ляжыць на кавадле, калі азірацца няма часу. Трэба ж памыцца.
— Спяшаюся. Прашу, чым барджэй зрабі.
— Ну, тады іншая справа, калі так,— заспяшаўся каваль.
На двары ён агледзеў зламанае кола, хвілінку падумаў, пачухаў патыліцу і, мацаючы цэлыя спіцы, сказаў, колькі абыдзецца рамонт.
— Пабойся бога, чалавеча... Пяць злотых? — аж вытрашчыў вочы Вайтовіч. — Ды за такія грошы можна новае кола купіць.
— Дык няхай пан і купіць новае, навошта са старым важдацца. А мне няма інтарэсу танней рабіць,— махнуў каваль рукой і павярнуўся ісці ў хату.
— Ну добра, добра, рабі за пяць злотых, — загарадзіў Вайтовіч дарогу кавалю.
— Адразу б так, а то дорага, дорага. Баіцёся, пане, каб палацаў каваль не пабудаваў за свае мазалі... Праз гадзіны тры прыходзьце, — ускінуў ён кола на плячо і накіраваўся ў кузню.
— А раней нельга?
— Пастараюся. Але ж, самі бачыце, работы шмат з ім.
Вайтовіч пашворыўся ў кішэні, дастаў трыццаць грошай і падаў за турботы селяніну, і яны пайшлі разам назад.
— Зойдзем, Альбіна, у хату, пакуль адрамантуюць, — гукнуў Вайтовіч жонцы, падышоўшы бліжэй да брычкі. — А ты, Некраш, назірай за коньмі. Дай ім аўса.
— Пане, ім трэба было б сена трохі дастаць у людзей. Няхай падсілкуюцца, пакуль стаяць, — параіў фурман, — а авёс на скорую руку прыгадзіцца яшчэ.
— I то праўда. Альбіна, ідзі з гэтым чалавекам у хату, — паказаў ён на таго селяніна, што насіў кола, а сам звярнуўся да аднаго з апечкаўцаў, якія акружылі брычку: — Вазьмі злоты, каханы, і прынясі ахапак добрага сена.
Следам за жонкай Вайтовіч таксама пайшоў у хату. А на вуліцы ўсё больш і больш падыходзіла да брычкі людзей. Коні елі мурог, пафырквалі, а людзі стаялі, гаманілі, выказвалі свае меркаванні, ўсе сходзіліся на адным: цесна тут Вайтовічу стала, уцякае.
— Мо варта было б яго затрымаць. Навошта выпускаць са сваіх рук.
— Калі што якое будзе чуваць, дык я яго і сам не пашкадую, здам у рукі, — падаў свой голас фурман.
У хаце Вайтовічу не сядзелася. Перакусіўшы трохі, ён зараз жа пайшоў у кузню. Там ужо калеснік канчаў насаджваць спіцы і каваль не замарудзіў з нацяжкай шыны. Вайтовіч разлічыўся і паабяцаў даць кавалю на кілішак гарэлкі за тое, што занясе кола да брычкі.
Але не дайшлі яны крокаў дзесяць да брычкі, як з-за могілак, што былі недалёка ад вёскі, выскачыла чацвёра коннікаў. Яны спыніліся, убачыўшы кучку людзей. Па адзенні апечкаўцы пазналі, хто гэтыя коннікі.
Хтосьці з прысутных радасна гукнуў:
— Бальшавікі!
Мужчыны замахалі рукамі, нехта падкінуў угару шапку. Пачулася гучнае:
— Ур-ра!
Коннікі прышпорылі коней і апынуліся каля апечкаўцаў. 3 хат павыбягалі дзеці, жанчыны, пачуўшы радаснае «Ур-ра!». Усе спяшаліся да нахіленай на бок брычкі, дзе стаялі коннікі. Вайтовіч, скарыстаўшы мітусню, кінуўся ў хату да жонкі.
— Салдат няма ў вашай вёсцы? — спытаў адзін з коннікаў.
— Няма, — хорам адказалі апечкаўцы.
Двое коннікаў тут жа памчаліся ў другі канец вёскі праверыць.
— А брычка чыя? — спытаў другі коннік.
— Гэта каралінскага пана. Уцякаў ад вас, ды кола зламалася.
— Не толькі кола, уся панская машына сапсавалася, — зарагаталі ў натоўпе.
I толькі цяпер, калі першая ўзрушанасць прайшла, спахапіліся апечкаўцы, дзе ж Вайтовіч. Нехта паказаў на канцавую хату. Трое мужчын з вуліцы пабеглі на двор. Следам за імі падалося яшчэ некалькі чалавек. Неўзабаве адтуль выйшла Альбіна з мужам, а за імі мужчыны.
— Хацелі праз агароды ў кусты шмыгнуць, — сказаў адзін з мужчын.
— А навошта ж вы са сваіх рук выпускаеце? — спытаў у апечкаўцаў коннік.
— Не ведалі, як што. А цяпер-то не выпусцім.
— Ад’ездзіў сваё.
— Ды яно ж так: колькі вяровачку ні віць, быць і канцу,— сказаў, праціснуўшыся наперад, стары дзядуля.
Насустрач Вайтовічу падышоў каваль. Ён працягнуў руку і, ківаючы ўсімі пальцамі, напомніў:
— Не расквіталіся, пане. За фатыгу абяцалі на кілішак гарэлкі.
— Чаго ты прычапіўся з гэтым кілішкам гарэлкі да пана? — пачулася з натоўпу.
— Ну як жа, людцы, маўчаць — дармавая чарка прападае. Раз, мабыць, за ўсё жыццё хацеў пан зрабіць ласку, ды і то не паспеў...
Відаць, кавалёвы словы кальнулі Вайтовіча, бо ён дастаў з кішэні і працягнуў кавалю два злотых.
— Гэта ўжо не толькі за фатыгу, але хопіць і на спамінак вашай душы, што быў некалі добры Вайтовіч у Караліне, — сказаў, ледзь стрымліваючыся ад смеху, каваль, беручы грошы.
У натоўпе зарагаталі.
— Назад паедзем? — спытаў Некраш у коннікаў.
— Прыдзецца, — кіўнуў галавой малодшы камандзір. — Куды ж нам на ламанай брычцы ў далёкую дарогу ехаць.
— Сядайце, былыя панове, — звярнуўся фурман да Вайтовічаў, заварочваючы коней. — Будзем кіравацца на Савецкі Саюз.
Ці то пасля адпачынку, ці таму, што дахаты, коні адразу ж шпарка рванулі наперад. Следам за імі паехалі абодва коннікі, а неўзабаве прамчаліся голопам і тыя двое, што ездзілі далей за Апечкі разведаць, ці няма дзе войска.
Амаль ніхто з апечкаўцаў не пайшоў у той дзень на поле, «Колькі тае бульбы — выкапаецца»,—думаў кожны. Затое ў бок тракту, што ішоў на Вілейку, павалілі валам людзі: хто з хлебам-соллю, хто з познімі асеннімі кветкамі. Там калонамі ішлі доўгачаканыя вызваліцелі ад панскага ўціску, і кожнаму апечкаўцу хацелася выказаць сваю падзяку, прывітаць іх.
У адной з такіх калон, толькі па другім шляху, рухаўся са сваім узводам Васілец.
Здарылася так, што яму прыйшлося праходзіць сваю вёску. Ад разведчыкаў вяскоўцы ведалі ўжо, што ідуць магутныя часці Чырвонай Арміі, і высыпалі на вуліцу сустракаць.
Праз Пяскі Грышава часць ехала павольна. Салдатам падносілі кветкі, віталі. Нейкая дзяўчына падала букет і Васільцу, ён падзякаваў, але чыя яна — не пазнаў. Старэйшых за сябе ён пазнаваў, махаў ім рукою, але ніхто не мог пазнаць Мітрафанавага Грышу. Можа і пазналі б, калі б ведалі, што ён тут, у гэтай калоне.
Толькі матчына сэрца прадчувала блізкую сустрэчу. Кожнаму чырвонаармейцу зазірала яна ў твар, усё здавалася: яе Грыша мільгае ў магутнай сіле вызваліцеляў.
Ужо колькі часу ехаў Грыша па знаёмых мясцінах. Тыя ж вузкія палоскі з быльніковымі межамі паабапал дарогі, якія былі пры ім, тыя ж коні ходзяць на выгане, тыя ж пакрыўленыя будынкі з прагнілымі стрэхамі.
Вось і родная хата. Здалёк яе заўважыў Васілец. Той, хто вяртаўся дахаты пасля доўгай адлучкі, ведае, як моцна пачынае біцца сэрца, калі ўбачыш яшчэ здалёк бярозу ці клён, пасаджаныя бацькам.
На вуліцы каля варот стаялі Мітрафан і Ганна. Грыша пазнаў бацькоў. «А чые ж гэта хлопцы і дзяўчына стаяць побач з імі?» — падумаў Грыша. Ён не ўяўляў нават сабе, што за час яго адсутнасці так выраслі браты і маленькая Валя. Яму заўсёды чамусьці здавалася, што дома нічога не змянілася. Нават Янка з Петручком і сястрычка ўсё такія ж гарэзлівыя і дапытлівыя, якімі пакінуў іх, ад’язджаючы ў парабкі.
За некалькі крокаў ад родных варот Грыша саскочыў з грузавіка. Ён прывітаўся з суседзямі і пайшоў да бацькоў.
— Ганна, сустракай госця,— гукнула суседка і сама пайшла побач з Грышам.
Ганна не разабрала, што сказала суседка, але, пачуўшы сярод гулу машын сваё імя, зірнула ў той бок і ўскрыкнула.
— Мітрафан, дзеткі, гляньце, хто ідзе! — і кінулася насустрач сыну. — Грышачка мой, ты жывы?! — абшчапіла яна абедзвюма рукамі сына за шыю.
Падбеглі Янка, Пятрук і Валя. Прывіталіся, і не верыцца ім, што іхні брат, панскі пастушок, стаіць перад імі ў камандзірскай форме.
Падышоў Мітрафан, моцна абняў і пацалаваў сына. Ад радасці салдаты на машынах запляскалі ў далоні. А адзін з іх нават сказаў:
— Глядзі ты, якое шчасце для нашага камандзіра і яго бацькоў. Столькі гадоў не бачыцца і сустрэцца ў такі дзень.
Маці ішла побач з сынам і выказвала набалелае за гады:
— Мы тут колькі чаго перадумалі пра цябе.
— А я па-суседству з вамі быў, у Світалаўцы.
— У Світалаўцы? — здзівілася Ганна.— Божачка мой, рукой падаць, а мы і не ведалі. Чаму ж ты хоць вестачкі не даў аб сабе.
— Баяўся, каб у дэфензіву не цягалі вас... Скончыў у Світалаўцы сем класаў, потым паслалі вучыцца ў Мінск.
— На камандзіра? — з любоўю акінуў позіркам Мітрафап сына.
— Але, — кіўнуў галавой Грыша.
— Хто мог падумаць, сынок, што там было тваё шчасце,— радасна зірнула Ганна ў той бок, адкуль ішлі савецкія часці.
— Не толькі маё, мама, але і ваша, і ўсіх... Бачыце, — паказаў Грыша на чырвонаармейцаў, — усе яны, а разам з імі і я, нясём у сваім сэрцы вялікае шчасце беднаму люду... Ну, жывіце здаровы, хутка пабачымся.
— Дык ты нават і ў хату не зойдзеш? — спахапілася Ганна, не заўважаючы, што даўно мінулі яе.
— Няма калі, мама. Другім разам, як у госці прыеду.
— Толькі ж пастарайся хутчэй... Пішы хоць пісьмы.
— Цяпер буду пісаць, буду. Добра, што напомнілі, — дастаў з кіцеля пісьмо Грыша і падаў бацьку,— здасцё яго заказным на пошту. Не паспеў учора адаслаць.
— Каму ж гэта? — зацікавіла Ганну.
— Ды там... За Світалаўку. На канверце напісана.
— Дык навошта на тую пошту здаваць. Можа каторы з хлапцоў, а то і сам бацька аднесці... Не вялікая дарога...
— Глядзіце самі.
Развітваючыся, Грыша цяпер толькі заўважыў, што шэры асенні дзень пасвятлеў і ў суцэльнай пялёнцы туману сям-там віднеліся прагаліны, праз якія прабіваліся сонечныя праменні.
— Распагоджваецца, — сказаў ён да бацькі.
— Пасля цёмнай ночы заўсёды бывае сонечны дзень,— адказаў той.
За вёскай машыны прыбавілі хуткасць. Грыша зразумеў — не дагнаць яму свае і зірнуў на тую, што праходзіла міма.
Васілец учапіўся за борт, чырвонаармейцы падхапілі пад пахі і памаглі сесці.
А войска ішло і ішло.
Каля самага Ваўкавыска Грыша сустрэўся з Віцем. Іхняя часць Войска Польскага здалася Чырвонай Арміі без аднаго стрэлу. I доўга ўспаміналі пра Караліну Грыша з Віцем. Расказвалі адзін аднаму пра сваё жыццё за час разлукі.
— Бацькі ў Караліне жывуць? — спытаў Грыша.
— А дзе ж ім быць?— пытаннем на пытанне адказаў Віця.
— Зямлі так і не купілі?
— Не. Пакуль збіралі грошы, зямля падаражэла.
— Ну, цяпер не трэба ім думаць пра зямлю, няхай працуюць толькі.
Ліпень 1958 г. — люты 1959 г.
Прусінава — Мінск.