…Яго адразу схапілі дзве пары ўчэпістых злосных рук, штурханулі, падхапілі, павялі. Двое раз'юшаных мардастых паліцаяў звязалі наперадзе рукі, а затым, пасадзіўшы на падлогу, і ногі, і ён недарэчна падумаў: а ногі нашто? Але неўзабаве зразумеў нашто — той жа вяроўчынай прыкруцілі да ног звязаныя рукі, і ён апынуўся, як кола, — скурчаны, з выпнутай голай спіной. І тут пачалося. Сушчэня не крычаў, стараўся не стагнаць нават. Ён, канешне, і не разлічваў на іншае, таму ўсё трываў, развітваючыся з воляй, сям'ёй ды і з жыццём таксама. Збітага на горкі яблык, яго кінулі ў склепе на воглую салому, дзе спакваля па адным апынуліся і астатнія трое ягоных пуцейцаў. Усе стагналі, войкалі, пляваліся крывёю; Тапчэўскаму, мусіць, адбілі лёгкія, і кроў у яго ішла з рота. Вельмі хацелася піць, ды піць не давалі. Допыты тым часам працягваліся — па два на дзень, ранкам і ўвечары. Зрэшты, пыталіся мала. Усё той сімпатычны немец службы СД, як пасля дазнаўся Сушчэня, па прозвішчы доктар Гросмаер, пачынаў допыт з пытання: хто загадаў развінціць рэйкі? Сушчэня тут мог не крывіць душой і не хлусіць — пазіраючы ва ўсмешыста-хітраватыя вочы немца, ён прастадушна адказваў і нават бажыўся, што ніхто не загадваў. І Гросмаер не настойваў, не дабіваўся болей нічога — ён адпраўляў у склеп, падумаць.

— Білі мяне чатыры дні запар, ужо не ўставаў. Думаў: яшчэ трошкі — і сканаю, і ўсё скончыцца. І, ведаеш, страху не было, толькі жонку і дзіця шкада было страшэнна.

…Іншыя трое таксама ўжо не паднімаліся, а самы малодшы з усіх — Мішук — неяк увесь дзень ляжаў непрытомны, і калі надвячоркам прыйшлі, каб узяць яго на допыт, дык вярнуліся з калідора — куды ж такога дапытваць? Такога можна толькі пакласці ў труну. Яны перасталі ўжо лічыць дні ў гэтым сутарэнні, не маглі адрозніць дня ад ночы — яны пластам ляжалі на скрываўленай саломе, з жахам прыслухоўваючыся да крокаў у калідоры — па каго ідуць? І неяк — о дзіва! — яны ўчулі музыку: дзесь паблізу, у мястэчку, іграў духавы аркестр, а музыка была жалобная, няйначай, пахавальная. І так яна добра клалася на іх змарнелыя, нямоглыя душы, нібы іграла на іх калектыўных хаўтурах. Не па іх, канешне, яна цяпер іграла, але ім усё роўна было прыемна слухаць яе, тым больш што, як пасля дазналіся, гэта хавалі бургамістра Шалькевіча, якога ўсё ж падстрэлілі партызаны на выездзе з мястэчка. У той дзень іх на допыт не ўзялі, не ўзялі і назаўтра, мусіць, паліцаі і гэты Гросмаер занятыя былі чымсь болей пільным, і яны трохі аклемаліся ў сваім сутарэнні. Сушчэня пачаў паднімацца, каб сесці, бо на адбітах баках і спіне ляжаць было зусім нестрывана. Устаў і Карабань і нават засмяяўся — нядобрым, істэрычным смехам вісельніка. Яны ўжо змірыліся з думкаю, што на свеце не жыць, жыццё іх скончылася, заставалася дажыць нейкую рэшту. І яны цешылі сябе слабой надзеяй, што гэтая рэшта абыдзецца мо без вялікіх пакут.

— І тады неяк пасля абеду прыходзіць паліцай, крычыць: «Сушчэня — на выхад!» Неяк узгробся я, хапаючыся за сцяну, іду. Ужо ці не на расстрэл, думаю.

…Але не на расстрэл — расстрэл неўзабаве здасца Сушчэню шчасцем, да якога яму не дапяцца. Яго прывялі зноў у знаёмы кабінет з вазончыкамі на вокнах, доктар Гросмаер, як заўжды, усмешыста пазірае на яго і кажа так, з трохі насмешлівай спагадай у голасе: «Сядай. Давай пагаворым, як сябры, па душах. Гляджу, ты чалавек палажыцельны».

«Палажыцельны, палажыцельны…» — затузалася ў галаве Сушчэні гэтае слова, і ён чамусьці згубіў яго сэнс, ніяк не мог даўмецца, што гэта значыць. А немец тым часам страсянуў попел са свае цыгарэткі ў маленькую талерачку на стале і прадаўжаў: «Палажыцельны, да, і мы цябе выручым. Заўтра ўсіх вашых павесім, а табе даруем жыццё. Толькі…» Гэтае паведамленне Гросмаера нібы выцяла Сушчэню па яго свядомасці — не тое, што іх павесяць (з думкай пра тое яны ўжо даўно звыкліся), а тое, што яго аддзеляць ад ягоных хлопцаў, — як жа гэта, чаму так? Яшчэ не разумеючы ў поўнай меры ўсяго жаху таго паведамлення, ён інстынктыўна адчуў, што нешта ў ягоным лёсе жахліва ўскладняецца. «Да, ты будзеш жыць. Толькі… Толькі ты павінен даць падпіску аб сатрудніцтве…» — «Якім сатрудніцтве?» — «З нямецкімі ўладамі. Сакрэтным сатрудніцтве. Мы табе ўстроім уцёкі, ты перабяжыш да сваіх. Да тых, хто табе даў заданне на тую дыверсію. І мы будзем з табой трымаць сувязь. Сакрэтна, разумеецца».

Сушчэня хвіліну маўчаў, не ведаючы, што сказаць, і толькі коўтаў у роце сліну. Яму даруюць жыццё. Але ж… Але ж ён адчуваў, што так нельга, што гэта — жах, што ягонае жыццё будзе горш за пагібель. «Не, ведаеце… Я не магу. Я не ўмею…» — «Што?»

Гросмаер увесь напяўся, нібы пачуў якую брыдоту, вочы яго сталі вузенькія і злосныя, нядобрым позіркам ён упіўся ў Сушчэню. «Што? Што ты сказаў?» — «Не магу я…» — «Ты што — дурань? Адмаўляешся жыць? Хочаш памерці?» — «Дык каб жа хацеў… Не хачу, вядома. Але…» — «Дык згаджайся. Мы ўсё зробім, бальшавікі носа не падточаць». — «Не, не магу». — «Значыць, хочаш памерці! — злосна заключыў немец. — Гэта прасцей паранай рэпы. Заўтра ж павесім. Ды ўсё ж падумай. Да заўтра».

Болей Гросмаер размаўляць не стаў, адправіў Сушчэню ў сутарэнне, і той пайшоў болей спакутаваны, чым пасля допыту і катавання…

— Атрымаў, значыць, такую галаваломку, што хоць ты крычы! І жыць хочацца, і хочацца чалавекам застацца. А як? І тое, і другое разам не атрымліваецца, трэба выбіраць адно. І тут, ведаеце, падумаў пра Анэлю і пра сынка, і нешта стала праяснівацца. Калі я зраблюся шпіёнам, дык як жа тады ім жыць?

…Зрэшты, як жыць ім — было пытанне з няхітрым адказам — яны застануцца ў заложніках. Сушчэня гэта ведаў напэўна. У якасці заложнікаў яны не дадуць яму ашукаць немцаў. Калі што будзе не так, гэты доктар закатуе абаіх. Дык ці не лепш яму ахвяраваць сабой, загінуць разам з усімі. Сям'я будзе без бацькі, затое будзе ганарыцца ім — усё ж ён намогся на нешта і хоць не надта ўдала, але спусціў пад адхон цягнік. Усё ж памёр недарма. А так…

У камеры ён сказаў толькі, што заўтра іх павесяць, і ўсе змоўклі, прыціхлі, нават перасталі стагнаць. Ніхто ўжо не наракаў на лёс, на той іх не надта спрытны ўчынак. Канешне, кожны цяпер разумеў, што, мабыць, усё трэба было зрабіць разумней, хітрэй, ці што. Можа, у іншым месцы, далей ад іхняга ўчастка, ад станцыі. Але далей ад станцыі, значыць, бліжэй да вёскі — пагінулі б невіноўныя людзі. Словам, роздуму хапала, асабліва Сушчэню, які тае ночы не заснуў ні хвіліны. Назаўтра раніцай за сцяной забегалі, замітусіліся, расчынілі дзверы — выходзь!

Усе знямогла выходзяць, наперадзе Сушчэня, за ім схуднелы, як кашчэй, Тапчэўскі. Карабань пад пахі вядзе Мішука, які ўжо сам не хадзіў. І тады з калідора старшы паліцай кажа: «Сушчэню адставіць!» — «Чаму адставіць?» — пытаецца Сушчэня. Кажа: «Доктар сказаў…» І яго зноў упіхнуў у камеру, а тых павялі. Хутка ў склепе стала ціха і пуста, мабыць, усе вымеліся на рыначную плошчу, дзе вешалі ягоных хлопцаў. У роспачы і адчаі Сушчэня біў кулакамі ў сцены, кулём качаўся па саломе ў доле, часам да яго даносіліся гукі нейкіх каманд з плошчы, і ён не мог знайсці сабе месца ў гэтым апусцелым катуху. Ён ужо адчуваў, што яго чакае нешта горшае за смерць, якую цяпер прымалі на людзях ягоныя хлопцы.

— Хацеў я разбіць сабе галаву аб сцяну, ужо і ляпнуўся здорава, але, мусіць, не хапіла сілы, і толькі самлеў. Трохі адышоўшыся, ляжаў. А надвячоркам прыйшлі: уставай! Павялі. «Ну што, — кажа гэты доктар. — Хочаш палюбавацца, як твае хаўруснікі на вяроўках качаюцца? Магу паказаць». — «Не, кажу, лепш бы вы і мяне таксама».

…Гросмаер тады трохі нават з цікавасцю паўзіраўся ў счарнелы, аброслы і страшны ад пакут твар Сушчэні і, мабыць, упершыню зразумеў нешта. А зразумеўшы, раззлаваўся так раз'юшана-жорстка, што Сушчэню стала страшна — ён аж закалаціўся, стоячы ля сцяны. Доктар падбягаў да яго і адскокваў, махаў перад тварам рукамі, браўся ў бакі, адскокваў за стол і вяртаўся на сярэдзіну кабінета. Праўда, ён ні разу не зачапіў яго пальцам, ён толькі крычаў амаль пакрыўджана: «Я думаў, ты разумны чалавек! Памяркоўны беларус! А ты дурань, ідыёт, бальшавіцкі чурбан! Ты захацеў смерці? Прапагандысцкай смерці? Каб цябе там шанавалі? У лістоўках пра цябе пісалі? Не, так не будзе! Я табе падрыхтую другую смерць, бальшавіцкі ўблюдак! Апошні раз пытаюся: згаджаешся на маю прапанову? Так ці не?» Ён упрытык падскочыў да Сушчэні, і той цяжка і трудна выдыхнуў: «Не, ведаеце… Не магу я…» — «Ах, не можаш! Тады прэч адсюль! Ідзі да тых, хто цябе паслаў! — закрычаў Гросмаер і шырока піхнуў нагой дзверы. — Ідзі! Ну!»

Сушчэня пазіраў на яго, няўцямна цепаючы вачыма: што ўсё гэта значыць? Мабыць, стрэліць у спіну? Або ў патыліцу? Або скажа застрэліць вартавому, які стаіць на ганку? Аднак рабіць не было чаго, належала выконваць каманду, і ён ступіў за парог, няўпэўнена, ледзь не зачапіўся за шула, выйшаў на ганак. Вартавы паліцай схапіўся за вінтоўку, але, згледзеўшы ззаду немца, зараз жа апусціў яе. Другі вартавы, ля брамкі, рашуча заступіў праход, ды ззаду гыркнуў Гросмаер: «Прапусціць!», і ён, вякнуўшы сваё «яволь», прапусціў: адчыніў і зачыніў за ім брамку. Сушчэня выйшаў на вуліцу і баяўся азірнуцца: няўжо не стрэльнуць? І не закрычаць, каб вярнуўся назад? Не, не стрэльнулі і не закрычалі. Тады ён, нібы заяц, выпушчаны з мяшка на волю, што было сілы рвануўся па вуліцы, перабег на другі яе бок, далей, на рагу азірнуўся: ад брамкі спакойна назіраў за ім вартавы, а з ганка неяк зусім па-прыяцельску памахаў рукой ягоны мучыцель ці вызваліцель доктар Гросмаер. І ён падумаў яшчэ, амаль спалохаўшыся: ці не напраўду пусціў? Яго ніхто не затрымліваў і не даганяў, і ён пайшоў спакайней (на бег не ставала сілы), нічога не бачачы навакол: нібы ў шызым тумане прамінуў крайнія дамы мястэчка і на ваколіцы сеў за канавай — сілы ўжо скончыліся, ісці ён не мог ад хвалявання і недаўмення — што ж гэта з ім сталася?

— Во як — і праўда пусцілі. Нейкі мужык з Шалупення якраз ехаў на калёсах з мястэчка, падвёз да станцыі. Прыйшоў дадому. Анэля на гародзе, выбірае бульбу, як згледзела мяне на двары, аж самлела. Суседка ледзь дала рады, а я як лёг, дык і праляжаў суткі — без рук, без ног. Усё думаў, прыйдуць зноў, возьмуць. Жонка плача, кажа: хавайся ці ўцякай куды. І праўда, тры ночы ў лазні начаваў, дзве — у суседавай пуньцы. Аж не ідуць, не бяруць. Во шчасце! Падарыў жыццё гэты нямецкі доктар. Дзіва, ды і толькі.

…Дзіва, аднак, не адбылося. Адбылася бяда…

З тыдзень марна прачакаўшы новага арышту, патуляўшыся па закутках, Сушчэня адлежаўся, трохі ад'еўся, асмялеў ды пачаў выходзіць на двор. Ды і трэба было памагчы Анэлі выкапаць бульбу. І во ён неяк капае, а за плотам па ўзмежку ад ракі ідзе Ігнась Пузырэўскі, іхні дзеравенец, можа, трохі старэйшы за Сушчэню, і не вітаецца неяк. Сушчэня павітаўся, а той, не адказваючы, кажа так, з кепікамі ў голасе: «Ну што, як жывецца, сяброў прадаўшы?» Сушчэня знерухомеў, страціў мову — бы яго хтось выцяў даўбнёй па галаве. Пакуль ён даўмеўся, як адказаць, Пузырэўскі пайшоў сабе, не спыняючыся, мяжой да вуліцы. Во тады Сушчэня ўпершыню, можа, сцяміў, чаму да яго за тыдзень ніхто не завітаў у адведкі — ні суседзі, ні нават радня, дзядзька Пятрок ці Аўгусціна, Анэліна сястра, ні пляменнік Косця, які, бывала, не міне дня, каб разы тры не наведаўся да дзядзькі. Яго цураліся. Бо ён — прадажнік.

Тая яго здагадка затым пацвердзілася мо разоў дзесяць, не меней. Неяк з вёскі прыйшла Анэля і пачала плакаць: бабы наракаюць, што гэта ён падбіў тых хлопцаў на дыверсію і сам жа іх выдаў, таму яго і выпусцілі. Адкупіўся таварышамі. Малы Грыша прыбягае з вуліцы і прастадушна так, улазячы яму на калені, пытаецца: «Татка, а ты пладажнік?» — «Які прадажнік? Хто табе сказаў?» — «А Шулка Балысаў сказаў: твой татка пладажнік». Ну як было Сушчэню і перад кім апраўдацца? Расказаў пра ўсё жонцы, тая паслухала, паплакала — жонка, канешне, паверыла. А можа, не паверыла і жонка, толькі прыкінулася, што паверыла.

— Але як жа мне жыць?! — з ціхай роспаччу пытаўся Сушчэня, няўцямна пазіраючы ў хвойнік. Там спярша здалёку на хваіне з'явіўся дзюбаты разважны груган, пасядзеў на верхавіне, паўзіраўся ў людзей, падляцеў бліжэй. Тое не спадабалася Сушчэню, і ён махнуў рукой: «Кыш, халера!», ды груган не паляцеў, не крануўся нават. — Што было рабіць? Я ім тады ўжо зайздросціў, траім маім пуцейцам: іхнюю памяць шанавалі людзі, імі ганарыліся дзеці. Іхнім сем'ям памагалі суседзі. А мяне ўзненавідзелі. І адчуў, што і самы мне дарагі чалавек, жонка Анэля, тожа на мяне пазірае не так, як раней. Пачала часта плакаць без дай прычыны. І як ёй быць? Неяк трохі на яе крыкнуў, ну, там як бульбу пераносілі, — як зарыдае! Кажа: «Лепш бы яны цябе там павесілі. Разам». — «Канешне, лепей, — кажу. — Але не павесілі во, дык цяпер што рабіць? Хіба самому павесіцца?» Во як атрымалася! То баяўся немцаў, хаваўся ад іх, то пачаў думаць: сапраўды, ці не павесіцца? Але, скажуць людзі: было за што! Скажуць, совесць загрызла, бо здраднік. Ну што мне было рабіць! І тады спакваля дайшоў: марныя тыя клопаты. Мусіць, не такой смерці мне было асцерагацца — гэтая занадта лёгкая. Будзе горшая. Страшнейшая. Аж і праўда, даждаўся. Як учора цябе пабачыў, усё зразумеў адразу. Што ж, я быў гатовы. Не апраўдвацца ж мне было — хто б паверыў. Ты ж не паверыў, га, Коля? А Коля? Ты чуеш?

Сушчэня падхапіўся з-пад хвоек, на каленях падаўся да Бурава, тузануў за рукаў. Але Бураў не азваўся. Тады ён пакратаў яго за падбароддзе. «Коля, а Коля?» Дзе там! Мікалай Бураў ляжаў з ссінела-зялёным, аброслым шорсткаю шчэццю тварам і не кратаўся. Сушчэня войкнуў, апусціў вялікія рукі.

— Божа, што ж гэта? Няўжо?.. Я ж яму ўсё… А ён і не чуў… Не даслухаў… Як жа я гэта, а божа!..

Цяжка махнуўшы крыламі, груган зваліўся з вяршаліны хвойкі, падляцеў бліжэй і нязграбна ўладкаваўся па суседству, амаль над самай прагалінай. Гэты раз Сушчэня на яго не махаў — што ўжо яму той груган?..


Нейкі час, аднак, Бураў яшчэ быў жывы. Спярша ён добра чуў і разумеў усё, што, седзячы ля ног, апавядаў Сушчэня, і ён верыў чыгуначніку. І як было не паверыць? Зноў, як і некалі ў дзяцінстве, побач гучаў знаёмы голас ціхманага і прыстойнага ў паводзінах чалавека, яго земляка. Паступова яго загадкавая «здрада» стала зразумела Бураву, і ён дужа шкадаваў, што ледзьве не застрэліў яго. Была б вялікая памылка, якая, бадай, цалкам лягла б на сумленне Бурава… Але, мабыць, яна і дала б жыццё, раптам падумаў Бураў. А так вось здыхай тут праз сваё чуллівае сумленне ў свае дваццаць сем год. Памірай без пары, без сям'і і дзяцей, не пакінуўшы ў свеце нікога. Страціўшы ўсіх і ўсё без рэшты. Праўда, затое, можа, застануцца тыя сушчэнеўскія Анэля і малы, а можа, і ён — у іхняй удзячнай памяці. Калі-нікалі, можа, і памянуць добрым словам.

Але гэта — калі ацалее Сушчэня. Без Бурава, аднак, наўрад ці ўцалее… Ён перастаў ужо разумець, хто цяпер ад каго залежыць: Сушчэня ад яго ці, наадварот, — ён ад Сушчэні? Штосьці заблыталася ў яго мляўкіх думках, і Бураў ужо пэўна не ведаў, як лепей было б зрабіць — надта ўжо розныя праблемы сышліся і замкнуліся на ім, каб іх можна было цяпер вырашыць. Мабыць, за кароценькі кончык ягонага жыцця нічога ўжо не вырашыш. Шкада гэтага Сушчэню, шкада і сябе таксама. А паміраць дужа не хочацца…

Дужа не хацелася Кольку Бураву тут паміраць, свядомасць яго ўсё чаплялася за яго бяду, час ад часу вяртаючыся ў тыя, пражытыя без вайны гады — хай сабе з іх неўладкаванасцю, нясытасцю, гаспадарчымі нявыкруткамі, матчынымі слязьмі і бацькавай змрочнасцю. Але іншых гадоў не было ў Бурава, то быў яго лёс і яго маладое жыццё, якое калі-нікалі ўсё ж радавала скупымі ўцехамі гарэзнай маладой весялосці, шчырага сяброўства ці першага маладога, дурнога, але і дзівоснага, як цяпер паглядзець, кахання. І ў гэты астатні перадсмяротны час дужа зашчымела ў ягонай свядомасці ад хуткае ростані менавіта з гэтымі радасцямі — як след не адчутымі ім да канца, не завершанымі і не асэнсаванымі ў той тлумны час. Тады ўсё штось замінала, не было вольнага часу, заядала праца і праклятыя клопаты аб тым, як пражыць, пракарміцца, абысціся мізэрнай капейчынай у кішэні — выплаціць усё, што належала выплаціць дзяржаве, разлічыцца з безліччу нарыхтовак — адчуць сябе вольным і хоць трохі шчаслівым. Ды ўжо, відаць, не адчуеш… Нават цяпер, перад хуткім канцом, калі нішто абсалютна не абавязвала яго — ні доўг, ні начальства, ні нават страх, — штось не давала адчуць жаданае волі, замінала; блытанае ў жыцці перад смерцю заблытвалася яшчэ болей. Ужо не разблытаецца. А галоўнае — не было калі. Не было калі жыць, няма як па-людску памерці, як некалі паміралі старыя: нетаропка, скончыўшы ўсе справы, аддаўшы ўсе запаветы. І яму дужа захацелася, каб як-небудзь забрысці да атрада, хай бы там свае хлопцы закапалі ў сухую зямлю, сказалі нябожчыку пару добрых і цёплых слоў, якіх не багата ён чуў у жыцці. Добрае ён бы пачуў і з магілы. Так мала было яму трэба, але і да таго, мабыць, не дапяцца.

Калі трохі святлела ў свядомасці ён адчуваў сябе сярод лесавога пошуму, тады не адразу, з натугай, прыпамінаў, што побач сядзіць Сушчэня. Пасля перастаў адчуваць, дзе ён і хто з ім; усё болей вакол шырэла адзінота, і вось ён застаўся адзін.

А пасля неяк неўпрыцям не засталося нікога…


Войцік лёгка ішоў па лесе, часта азіраючыся па баках, звыкла і чуйна слухаючы несціханы лесавы шум. Спярша ён трохі прайшоў прасекай, затым, падумаўшы, збочыў улева — чамусьці здалося, што тыя Бабічы павінны быць недзе злева. На плячы ў яго вісеў бураўскі карабін, у кішэнях паддзёўкі боўталася шэсць абоймаў патронаў. Сваю даўгую вінтоўку ён абачліва схаваў пад ламаччам недалёка ад прасекі — будзе вяртацца, забярэ, не пакідаць жа спраўную вінтоўку ў лесе. Аддаць яе Сушчэню ён не мог: было б недарэчы і бязглузда ўзбройваць здрадніка. Бураў, калі што, абыдзецца наганам, хаця і наган яму ўжо наўрад ці спатрэбіцца. Хіба каб застрэліць сябе ці Сушчэню? Гэты Сушчэня мала што нёс Бурава, памагаў перавязваць, але хто ведае, што ў яго ў галаве, куды ён урэшце скіруе. Яшчэ возьме ды адвалачэ таго ў паліцыю. За якую для сябе выгаду. Бураў кажа: не чапай Сушчэню. Але Бураву лацвей так казаць, мабыць, яму няма ўжо чаго баяцца, адной нагой ён ужо там… Як Войцік зірнуў на світанні пад ягоную кашулю, сцяміў адразу, што Бураву доўга не жыць. Тады за ўсё, што б ні здарылася, прыйдзецца адказваць Войціку.

Таму ён не спяшаўся, не пёр на злом галавы — мабыць, Бураву ўжо не паможаш, а самому проста налезці на кулю. Хоць гэта і лес, але, мабыць, блізка ёсць вёска, а ў вёсках, вядома, немцы, паліцыя, здраднікі — у вёсках заўжды небяспека. Ды і ў лесе таксама не лішне часцей азірацца, не глядзі, што адзін і навакол ціха. Небяспека, яна ідзе нячутна, на мяккіх лапках, а абрынаецца раптам і неспадзеўкі. Як на той баравінцы. Хто б мог падумаць, што наводдаль ад вёскі ды яшчэ паначы на іх так хутка наскочыць паліцыя. Канешне, каб не так нечакана, дык, мусіць бы, Войцік паспеў даць сігнал Бураву, хоць бы крыкнуць, ці што. Але ў абставінах той мітрэнгі было не да крыку. Добра, што сам выскачыў, кінуўшы каня. Без каня, канешне, цяпер намуляешся, пёхам па такой макрэдзі ды яшчэ з параненым далёка не дойдзеш.

Але дзе ж тыя Бабічы?

Хвойнік, усё-ткі, як быў — стары і рэдкі, — раптам засінеўся наперадзе нейкай прасветлінай. Неўзабаве Войцік памалу выйшаў на ўзлесак і ўбачыў перад сабой вялізны палявы прасцяг з дарогай, над якой роўна тырчэлі тэлеграфныя слупы з дзвюма ніткамі провада. Разрэзаўшы прасцяг, дарога зноў хавалася ў лесе, але вёскі там не было відаць. «Можа, яна дзе далей, за лесам?» — падумаў Войцік. Ісці туды цераз поле ён, аднак, не наважыўся, пайшоў краем лесу, беручы трохі ўбок. Гэта, канешне, будзе не абы-які крук, можа, на гадзіну шляху, але што зробіш? Добра яшчэ, што няма дажджу, хоць дужа падобна на тое, што неўзабаве пойдзе і дождж — неба спрэс было завалочана хмарамі, з узлеску дзьмуў напірысты сцюдзёны вецер, і Войцік трывожна азірнуўся, падумаўшы, каб хоць не заблудзіць у гэтай крутні па лесе.

Усё так ідучы недалёка ад узлеску, ён неўзабаве заўважыў, што дол стаў ніжэць, збягаць у нізінку, пад нагамі мякка ўгінаўся тоўсты пласт зялёнага моху, сям-там парослы купкамі маладых хвоек. Увогуле хвойнік тут стаў драбнець, падлеску не было зусім, і нішто не замінала бачыць далёка. Праўда, і яго маглі згледзець здалёк. Трохі страхавіта, аднак ён ішоў, дужа не адрываючыся ад узлеску, як згледзеў у нізінцы зараснік хмызняку, лазняк і алешнік з рэдкімі хамлакамі восеньскага лісця ў голлі. Войцік здагадаўся, што там недзе рэчка. Гэта яго засмуціла — пералезці цераз раку па гэткай макрэдзі, мусіць, будзе няпроста. Так яно і аказалася, калі ён сышоў ніжэй: у балоцістых берагах стаяла вада, рэчка, мабыць, была яшчэ далей, але, разліўшыся, затапіла куп'ё, алешнік — як было цераз яе перабрацца?

Падумаўшы і паазіраўшыся, Войцік павярнуў берагам улева да ўзлеску і там, яшчэ агледзеўшы пусты прасцяг восеньскага поля, памалу выйшаў з прыбярэжнага кустоўя. І раптам стаў. Здалёку па дарозе цераз поле марудна, валюхаючыся па калдобінах паўзло з паўтузіна крытых брызентам машын.

Войцік спярша знерухомеў, уцяў галаву ў плечы, пасля сеў на воглы прырэчны ўзмежак, і задам, дужа ўгнуўшыся, падаўся назад, у лес. Там, усё ўгінаючыся, азірнуўся: машыны падышлі бліжэй — вялізныя, зеленаватыя, у плямах, буды, — праз вецер быў чутны глухі вуркат іхніх рухавікоў. Але Войцік не стаў узірацца, ён хутка пашыбаваў над прырэчнай балацявінай у глыб лесу. Мусіць, у тыя Бабічы цяпер ужо не далезці, падумаў ён, там раней за яго будуць немцы. Але што там спатрэбілася немцам? Можа, паедуць далей, толькі куды? Бабічы пад пушчай, казаў Сушчэня, значыць, дарога адтуль ідзе ў пушчу. Але ў пушчы партызаны, іхні атрад імя Суворава, — тады ці не карнікі гэта? Але калі карнікі, дык як жа яму цяпер лезці ў іхнія лапы?

Праз якую гадзіну ён добра ўжо адышоўся ад таго поля з дарогай, вакол стаяў мешаны лес — бярэзнік, кустоўе з хворастам у доле, ісці стала трудней, але яму трапілася нейкая перакапаная кратамі сцяжына, і ён пашыбаваў па ёй. Ён думаў, што гэтая сцежка выведзе яго на якую лесавую дарогу ці, можа, наогул з лесу, аж яна, разы тры завярнуўшы сюды-туды, уперлася ў лесавы ручай, што вірліва гнаў чорную ваду між падмытага куп'я алешніку. Кладкі тут не было ніякай, дна таксама не было відаць, і, трохі прымерыўшыся, Войцік шугануў у чорную ваду. За якіх пяць крокаў ён адолеў ручай і выкараскаўся з яго тваністага дна. Пасля мусіў пераабувацца, выліваць з чаравікаў ваду, выкручваць анучы. Намуляныя ступні ног страшэнна азяблі, ды і сам ён скалеў, і нарэшце шпарка прыпусціў па сцяжыне, каб хоць сагрэцца. Але на бягу не так угрэўся, як прытаміўся, і пайшоў памалу. Сцяжына вывела яго на нейкую лесавую прагаліну, тут трэба было агледзецца і паслухаць. Здаецца, аднак, скрозь было ціха, абапал сцяной стаяў густаваты хвойнік, а злева на краі прагаліны пад кустоўем ляшчынніку мясціліся два закінутыя буданы з палкамі-рабрынамі ў прадраных баках. Войцік зазірнуў у адзін, там было пуста, у кутку ляжала трохі ўчарнелага сена і бялела некалькі зжаўцелых брудных паперын. Ён пайшоў далей праз ельнік, мінуў астравок бярэзніку і тут заўважыў, што сцежка ў доле знікла, пад нагамі слалася коўдра ззелянелага моху, трапляліся струхлелыя пянькі ў жоўтых зарасніках папараці. Войцік, здаецца, страціў адчуванне напрамку і, куды ішоў, не мог сабе ўявіць. Было падобна на тое, што ён заблудзіў. І тут, як на ліха, пасыпаў дождж — не густы і не надта напорысты, але сцюдзёны і зусім недарэчны. Казыркастая Войцікава кепка і плечы ў паддзёўцы ўжо добра змакрэлі, ногі ж да калень даўно былі мокрыя, і ён стаў пад хвоінай, думаў: што рабіць далей, куды ісці? Тым болей што пачало ўжо брацца на змрок, дзень увачавідкі канчаўся, насоўвалася восеньская ноч. А дзе ён апынуўся і ў якім баку цяпер Бураў з Сушчэнем, ён даўно ўжо не ведаў. Пэўна ж, ён заблудзіўся ў гэтым дурным лесе, згубіў напрамак на Бабічы, ледзьве не налез на карнікаў. Войцік услухаўся ў лесавы шум і ціхенькі лопат дажджу наўкола — стрэлаў ці голасу быццам нідзе не было чуваць. Але лепш бы пачуць стрэлы, каб ведаць, дзе вораг і небяспека, чым так вось кідацца па-заечы ў глухім незнаёмым лесе. А можа, і не трэба кідацца, тым больш напроціў начы, а пайсці назад ды знайсці тую самую сцежку. Усё ж сцежка павінна кудысь вывесці, можа, да якой ціхай вёскі, людзей і жытла?

Разважыўшы так і адчуўшы, што пачынае нерваваць ад сваёй няўдачы, Войцік хуткім крокам пашыбаваў назад да недалёкай прагаліны. Тым часам дождж пасыпаў гусцей, аднекуль з-пад хвой прарываўся настырны нізавы вецер, і не было дзе ад яго захінуцца. На прагаліне Войцік яшчэ зазірнуў у буданы. Адзін з іх, добра абкладзены збоку хваёвымі лапкамі, быў трохі цалейшы, і Войцік, неяк няўлад са сваімі намерамі, прыгнуўся ды сунуўся туды на кукішках. Сапраўды, тут было зацішней, пад бокам угіналася зляжалае, але не надта воглае сена, пад якім гойдаўся тоўста накладзены пласт моху. Адчуўшы раптоўную знямогу ў целе, Войцік бокам прылёг у куточку. Ён не меў намеру тут начаваць — хіба спачыць трошкі, можа, перачакаць дождж. Зноў жа, трэба было абдумаць, куды кіраваць далей. Ці, можа, пачакаць ужо да ранку? Ранкам заўжды лепей пачынаць усякую справу. Раніцай і яшчэ ў першую квадру месяца, на маладзік, як некалі казала маці. Праўда, Войцік даволі скептычна ставіўся да прымхаў і правіл маці, непісьменнай старой жанчыны, якая змалку да старасці жыла на хутары і не ведала нічога, апроч зямлі, працы ды таго, што яна кожнага дня бачыла навокал сябе. І толькі, можа, цяпер, страціўшы яе і сам даволі папакутаваўшы на вайне, Войцік часам вяртаўся ў думках да маці і адчуваў, што ўсё штоколечы яна ведала, мабыць, беручы ад спрадвечнага сялянства вопыту, з назіранняў, жыццёвых высноў, пачуцця. На жаль, яе неадмысловыя веды мала стасаваліся да гэтага трывожнага веку, тут ужо пэўна трэба былі веды іншага складу, іншыя маральныя меркі. Са старымі меркамі ў новы час яўна чакала нявыкрутка…

Ветраны пошум лесу зліваўся з дробным ляскатам дажджу, які добра такі разышоўся на склоне дня. Побач з хвойных галін дробненька капала долу, той бок будана даўно ўжо быў мокры, толькі ў гэтым кутку пад гушчынёй ссохлых хваёвых лапак было пакуль што зацішна і суха. Войцік скурчыўся на баку, заціснуў між ног карабін і заціх, аддаючыся сваім невясёлым думкам. Дужа хацелася есці, але з учарашняга дня ў ягоных кішэнях не было ні скарынкі, апошні кавалак хлеба зжаваў, як ехалі сюды з Буравым. У жываце даўно галодна бурчэла, стома ўсё болей апаноўвала цела. Канешне, увесь дзень сёння за імі хадзілі няўдачы, усё яны рабілі не так, як трэба было, цяпер ён яшчэ і недарэчна заблудзіўся ў гэтым лесе, а недзе ў хвойніку яго марна чакаюць Бураў (калі яшчэ чакае) ды той Сушчэня… Калі ўжо на добры розум, дык па каня трэба было паслаць менавіта Сушчэню, той лепей ведаў, дзе тут якая вёска. Але як было даверыцца гэтаму Сушчэню? Яшчэ прывёў бы паліцаяў, і тыя ўзялі б абодвух, як зайчанят, у хвойніку. Таму пайшоў сам, думаў, так будзе лепш. Ды лепш не атрымалася… Ну але, мабыць, ранкам ён што-небудзь прыдумае. Прыдумаць што здатнае ён умеў змалку, людзі казалі, што быў галавасты. Іншая справа, што Войціку часам не хапала цвёрдасці, мужчынскай упэўненасці, але тут ужо не яго віна — мусіць, такім нарадзіўся. І ён ведаў гэта даўно, зайздросціў іншым, цвёрдым і рашучым, не такім, як сам. Бывала, заўжды з захапленнем пазіраў на некаторых кіраўнікоў у раёне, надзеленых сталёвым характарам і хлёсткай рашучасцю ў адносінах да тлумных, турботных спраў, сваіх падначаленых ды і да простых людзей таксама. Сам так не ўмеў, не валодаў такімі здольнасцямі.

У тыя гады, як яны праводзілі суцэльную калектывізацыю ў раёне, тая сталёвая рашучасць была, можа, самай каштоўнаю якасцю кожнага кіраўніка ці ўпаўнаважанага. І калі Войцік з вялікаю цяжкасцю, цаной недасыпу, стомы, пагроз і абяцанняў, неяк зладзіў за зіму якія чатыры калгасы, дык ягоны начальнік, загадчык райза Хмялеўскі за той час меў на сваім рахунку аж восем. Хмялеўскі мог дамагчыся ўсяго, што хочаш. Ён не рассусольваў, як некаторыя, не ўгаворваў і не бавіў начэй на мляўкіх сялянскіх сходах — ён ставіў пытанне рубам, абрываў нязгодных, проста і нават весела раскулачваў, і тады кожнаму рабілася зразумела: гэты свайго даб'ецца. І ён дабіваўся, бо быў чалавек рашучы і ўпэўнены ў тым, што рабіў. Варта было аднойчы ўбачыць яго ўпэўненыя манеры, мажную паставу, яго крутое асадзістае падбароддзе, каб зразумець, што гэта — кіраўнік вялікіх магчымасцей і пойдзе далёка. Войцік жа быў слабаваты характарам, а з выгляду… Які ўжо выгляд у здыхляка-недаростка ды яшчэ хворага на язву страўніка.

Так, Хмялеўскі аж тры гады быў ягоным начальнікам і ягоным ідэалам кіраўніка, і хто б падумаў, што гэты ідэал так ганебна скончыць аднойчы. Пасля ўжо высветлілася, што знюхаўся з класавым ворагам, на сходах прапагандаваў адно, а рабіў зусім іншае і цішком шкодзіў уладзе. Праўда, тады Войцік не прыкмячаў за ім нічога асаблівага, але гэта, мусіць, таму, што ягоны загадчык умеў маскіравацца, і пасля, заднім чыслом, Войцік пачаў успамінаць дробныя факты, якія, каб Войцік быў болей праніклівы, маглі б у свой час навесці яго на пэўныя вывады. Ды не навялі, Войцік дакараў сябе найперш за страту палітычнае пільнасці. Хаця тады ён быў падначалены і што ні рабіў, рабіў па загаду Хмялеўскага. А вось пасля арышту загадчыка сітуацыя змянілася ў корані, і наступны грэх Войціка цалкам ужо быў на яго сумленні.

Яшчэ як яны працавалі разам, Войцік з маці кватараваў у старога яўрэя Мозеля якраз цераз дарогу ад дамоўкі Хмялеўскага. Войцікава маці, што жыла пры адзіным нежанатым сыне, сышлася з жонкай Хмялеўскага Кацярынай Іванаўнай, якая тады рабіла на пошце. Будучы жанчынай жаласлівай і лагоднай, маці неяк прывеціла дзвюх дзяўчынак ягонага шэфа — тыя ўлетку цэлы дзень без прыгляду таўкліся ў двары і часам завітвалі на іхні падворак. Па сялянскім звычаі маці частавала іх то блінком, то квартай малака, то яблыкам з саду. Дзяўчаткі вельмі палюбіліся бабцы, якая даўно мела сум па малых і калі-нікалі нават заводзіла пра тое гаворку з сынам. Але калі Войціку было выбраць час ажаніцца? У раёне была процьма спраў болей важных, і да самай вайны ён заставаўся халастым мужчынам, хоць даўно ўжо не адчуваў сябе маладым. Звычайна ўвечары да іх забягала Кацярына Іванаўна, дзякавала маці за дзяўчынак, і Войцік увогуле быў задаволены, што нечым дагадзіў калі не самому загадчыку, дык хоць яго жонцы — што таксама было няблага. Але во пасля арышту Хмялеўскага адносіны гэтых дзвюх сем'яў змяніліся, дзяўчынкі перасталі прыбягаць да бабы Фені, хоць тая часам і хадзіла праведаць суседку насупраць. Войціку гэта не надта падабалася, праўда, да пары ён маўчаў. Не спадабалася яму і тое, як неяк на пачатку зімы маці папрасіла яго пасобіць суседцы дрывамі. («Сядзіць, бедная, у няпаленай хаце, дзеткі хварэюць, дроў у двары ні палкі».) Войціку якраз меліся прывезці тры вазы дроў, дык маці папрасіла, каб некалькі палак скінуць пад плотам Кацярыны Іванаўны. Ім жа і без таго хопіць, палілі яны не штодня. Не спадабалася тая просьба Войціку, але ён змоўчаў, не стаў нічога тлумачыць маці. Ды і што б яна зразумела з усяе складанасці класавай барацьбы, якая разгарнулася ў краіне? Назаўтра, як прывезлі яму тры вазы дроў, ён сказаў возчыку скінуць тры бервяны ля варот Хмялеўскай. Хто б тады мог меркаваць, што праз месяц і гэтая Кацярына Іванаўна апынецца там, дзе ўжо апынуўся яе гаспадар, былы загадчык райза і шкоднік Кузьма Хмялеўскі. А Войцік пасля ледьве апраўдаўся. Чаго тады ён ні нагаварыў на сябе: і што не зарыентаваўся, страціў палітычную пільнасць, праявіў гнілы лібералізм. Мабыць, аднак, адгаварыўся, хоць і атрымаў спагнанне. Горш, што праз той выпадак яго не прызначылі на месца Хмялеўскага — прызначылі Душняка, які ў сельскай гаспадарцы наўрад ці што петрыў, бо быў рабочы з Полацка. Войцік тады вельмі зазлаваў на маці, якая так неўспадзеўкі спляжыла ягоную кар'еру. Трэба было ім шкадаваць гэтых Хмялеўскіх! Іншыя не шкадавалі, не спагадвалі, не памаглі ні разу, хоць тады, як Хмялеўскі ліха кіраваў аддзелам, падлізваліся да яго з усёй сілы. Той выпадак паслужыў Войціку добрым урокам у жыцці, і, можа, перасцярог ад многіх іншых памылак. Хоць канешне, цвёрдасці ў характары ад таго не прыбавілася, але ён імкнуўся яе выхаваць. Бо ўжо быў вучаны. Ягоная ж злосць на маці памалу стала мінацца, а ў вайну дык і знікла зусім, саступіўшы месца вялікаму шкадаванню да яе. Але гэта ўжо зразумела: маці прыняла пакутніцкую смерць за сына, мо нейкім чынам захінула яго.

Здарылася тое мінулаю восенню, як у раёне запанавалі немцы і пачаліся аблавы на камуністаў, камсамольцаў, былы раённы актыў. Партызан паблізу тады не было, туляцца па лесе напроціў зімы мала хто наважыўся, і ратаваліся, як дзе хто ўмеў. Войцік дачуўся, што паліцыя ўрэшце зацікавілася ім і пару разоў урывалася паначы ў апусцелы дом Мозеля. Ды марна: Войціка там, вядома, не было, ён хаваўся ў дальняга родзіча на прылесным хутары за пятнаццаць кіламетраў ад мястэчка. Але маці заставалася дома, за яе Войцік не надта трывожыўся: што паліцаі маглі зрабіць ёй, старой цёмнай бабе, нашто яна ім? Але зрабілі. На трэці раз не застаўшы Войціка дома, яны забралі ягоную маці і сказалі, што калі ён сам добраахвотна не прыйдзе ў паліцыю, дык пакараюць яе. І тады маці перадала праз знаёмую прыбіральшчыцу, што калісьці рабіла ў бальніцы, каб не ішоў. Яна ўжо старая, ёй усё роўна, а ён малады, яму трэба жыць. Пабедаваў тады Войцік, асабліва калі дачуўся, што маці і праўда забілі з вялікаю групаю местачкоўцаў, і гэтаму яго бедаванню, здаецца, не будзе канца. Шкада яму маці, і чым далей, тым больш, ну але што зробіш?

Закалыханы ў будане дажджом і блізкім лесавым шумам, Войцік неўпрыцям заснуў, скурчыўшыся на баку, і неўзабаве сасніў нейкі дзіўны, бязглузды сон. Прысніўся яму яго жоўты скураны партфель, які ён за тры кіло сала некалі прыдбаў у бежанца з Польшчы. Партфель быў цудоўны, з тоўстай свіной скуры, на тры аддзяленні, з двума блішчастымі замкамі-зашчэпкамі, якія хлёстка шчоўкалі, калі іх ціскануць пальцамі. Такога партфеля не меў ніводзін службовец у раёне ды, мабыць, і ва ўсёй вобласці. Войцік дужа шанаваў яго, стараўся не надта набіваць паперамі, насіў толькі на працу ў выканком ды яшчэ браў, калі ехаў у Віцебск са справаздачай або на якую нараду. У вагоне ён заўжды клаў яго пад падушку, але так, каб не дужа прыціскаць галавой, не пашкодзіць акуратныя ражкі, аблямаваныя жоўтымі бляшкамі. Ён дужа баяўся, каб яго не ўкралі, калі адлучаўся ў прыбіральню ранкам. Але тады ўсё абышлося добра, партфель ён збярог да самай вайны і, як у мястэчку паявіліся немцы, схаваў яго на гарышчы за комінам. І вось цяпер ён прысніў той партфель, які быццам ляжаў на дашчаным стале ў штабной зямлянцы, а побач стаяла начальства — камандзір Трушкевіч, начальнік штаба і яшчэ нехта, яны чакалі Войціка і, калі той увайшоў, загадалі расчыніць партфель. Не ведаючы, што там, і дужа баючыся чагось, Войцік дрыготкімі пальцамі націснуў на знаёмыя зашчапкі, падняў скураное вечка партфеля. Ён з неспакоем чакаў убачыць там свае паперы, некаторыя дакументы і даведкі, а з партфеля раптам выкацілася вялікае гусінае яйка, за ім яшчэ два — аказваецца, там было поўна яек і быццам тыя яйкі былі дзесьці ўкрадзеныя і за тое прыйдзецца адказваць Войціку. Войцік напалохаўся і не ведаў, як апраўдацца, а Трушкевіч тым часам ужо схапіўся за сваю абдрыпаную кабуру, мабыць, каб выканаць прысуд. Войцік схамянуўся ад страху і прачнуўся, не адразу пазнаўшы, дзе ён і што з ім здарылася. Нейкі час затым ён перажываў сон, не ў стане вызваліцца адразу ад яго брыдка-страхавітага сэнсу і ўсё суцяшаў сябе, што глупства гэтыя яйкі і ўся гэтая недарэчная сцэна. Не хапала яшчэ яму палохацца сноў.

Спакваля, аднак, ён супакоіўся, сцюжа і скалелае цела напомнілі яму, дзе ён і як сюды трапіў. У будане было яшчэ цёмна, дужа шумеў вецер у лесе, але дождж быццам бы перастаў. Войцік адчуў, што неўзабаве пачнецца брацца на ранак, і ляжаў, думаючы, куды яму падацца тым ранкам, дзе шукаць вёску. Ці лепш вярнуцца да Сушчэні з Буравым? Толькі дзе ён цяпер знойдзе той хвойнік? Ці не напорацца ён тут на немцаў, во тады і спраўдзяцца тыя гусіныя яйкі, сасніць якія, паводле вясковага павер'я, азначала трапіць у бяду.

Мабыць, ён і яшчэ трохі заснуў, а як прачнуўся, наўкола ўжо добра ўвіднела; побач відаць стала абвялае вецце, чорныя жэрдкі ўгары, і ён на кукішках выбраўся з будана.

З-пад хвой на прагаліну поўз золкі туман, ахінаў дрэвы, кустоўе, вогла слаўся па травяным доле, спрэс затуляў блізкае лясное наваколле. Зябка цепаючы плячыма, Войцік трохі прайшоў сцяжынай у хвойніку і нечакана для сябе выбіўся на нейкую вузкую пустую расцяробу. То была прасека — ці не тая нават, якой яны ўчора неслі параненага Бурава, падумаў Войцік і, азірнуўшыся, узрадавана пашыбаваў у тумане.


Рэшту таго нешчаслівага дня Сушчэня скамянела і моўчкі сядзеў ля мёртвага Бурава. Спярша ён чакаў, што той, можа, яшчэ ажыве, заварушыцца, можа, адзавецца нават, і час ад часу кратаў яго за плячо, ціха гукаў: «Коля, а Коля…» Аднак усё было марна: Бураў не кратаўся і не адзываўся. Спакутаваны твар яго ўсё болей дранцвеў пад адрослаю шчэццю, крыўдліва зламаныя вусны засмяглі ў нерухомасці, да гладкага белага лба ўспатнела прыліпла высахлая пасма валасоў. Рудая мурашка аднекуль узбегла на лоб, спынілася ля гэтай пасмы, чагось памарудзіла і порстка скацілася па скроні ў траву. Мусіць, пільнаваць нябожчыка тут ужо не мела вялікага сэнсу, нічым памагчы яму было нельга. Але і ісці адсюль… Куды Сушчэня мог цяпер адгэтуль пайсці? Зноў жа, мусіць, трэба было дачакацца Войціка, які нешта бавіўся, не вяртаўся. Хоць бы дзе не налез на якую бяду, занепакоена падумаў Сушчэня. Клопат гэтых двух партызан неяк неўпрыцям рабіўся ўжо і ягоным клопатам, і, страціўшы аднаго, ён ужо турбаваўся за лёс другога.

Вецер дужа шумеў у недалёкіх старых соснах, і, хоць тут, у хвойным гушчары, увогуле было зацішна, Сушчэня скалеў ад сцюжы і нерухомасці ў адной кашулі, без майкі. Даўно, з перапынкам стракатала недзе сарока — можа, на яго, а можа, на каго іншага, і Сушчэня ўстаў, каб паазірацца наўкола. Чорны наган, што тырчэў з-пад шыняля нябожчыка, Сушчэня асцярожна пацяг за рукаятку. Мусіць, наган быў зараджаны, але Сушчэня не стаў у яго зазіраць, націскаць курок, каб не шчоўкнуць ці, яшчэ горш, неўзнарок не стрэльнуць. Засунуўшы наган у кішэню, ён асцярожна прадраўся між хвоек, вылез на прасеку. Тут, аднак, усё было ціха і пуста, сарока якраз таксама прыціхла, і ён паазіраўся, маючы кволую надзею ўбачыць дзе Войціка. Ды Войціка нідзе не было. Тады ён паціху вярнуўся да свае прагаліны і аж устрывожыўся ад таго, што тут згледзеў.

Блізка ад прагаліны на тонкім верхавінні хвоек насела зграя варон, якія ціха пагойдваліся на ветры і ўсё касавурыліся сюды — пэўна, на мёртвага чалавека ў доле. Сушчэня ўзняў голаў — той першы груган сядзеў ужо зусім побач, ледзь не на крайняй хвойцы і, звесіўшы чорную дзюбу, утаропіўся ў яго — чакаў. Сушчэня абурана махнуў рукой раз і другі, крыкнуць ён не наважыўся. І груган, мусіць, зразумеўшы тую яго нерашучасць, не скрануўся нават, не варухнуў крыллем — сядзеў як прывязаны на галіне і толькі з боку на бок паварочваў чорную галаву, каб лепш бачыць наўкола. «Ах ты, пракляты крумкач!» — сказаў сабе ў думках Сушчэня і пашукаў на зямлі якую ламачыну, каб кінуць у яго. Ды ні ламачыны, ні каменя нідзе не было побач, і не было чым адагнаць гругана.

Разважыўшы, Сушчэня, аднак, паспакайнеў — што ўжо яму гэты груган! Можа, на жывога не кінецца, а Бурава ўжо ён абароніць. Бурава ён ім не дасць, пакуль сам жывы. Можа, тым і адплоціць свой доўг перад нябожчыкам — усё ж Сушчэня яму абавязаны. Жыццём абавязаны. Іншая справа, чым урэшце абернецца тое яго жыццё. Што прынясе далей — збаўленне ці яшчэ горшую смерць?

Груганы і смутнае жаданне дачакацца Войціка прымусілі Сушчэню адмовіцца ад намеру пайсці куды з гэтага месца, і, хоць было страхавіта і сцюдзёна, ён цярпліва чакаў. Ён сеў на траву каля ног нябожчыка, сцяўся, угнуўся, затуліў пад пахі азызлыя ад сцюжы рукі. Бураў ляжаў у непатрэбным цяпер для яго шынелку, ды Сушчэня не наважваўся распрануць нябожчыка — не паднімаліся на тое рукі. Ён усё думаў, што вось-вось паявіцца Войцік з фурманкай, і тады яны паедуць адсюль. Куды паедуць? А хоць бы куды, абы далей ад гэтага здзічэлага хвойніку, ад гругання, можа, куды да людзей…

Ды мінаў час, а Войцік не паяўляўся, груганы нікуды адсюль не ляцелі, азіраліся, гойдаліся на тонкім вяршаллі, часам мяняючыся месцамі, і ўсё шчыльней абступалі прагаліну. Пад вечар іх ужо сабралася тут з тузін, і наперадзе, на самай верхавіне хвойкі, бліжэй за іншых усё тырчэў той першы груган — цярпліва і пільна сачыў за двума чалавекамі ўнізе.

Неяк неўпрыкмет насунуўся вечар; хмарнае неба яшчэ болей захмарылася, з-пад хвойніку папоўз змрок, усё шчыльней атуляючы маленькі лапік-прагаліну. Тры вароны з дальніх вяршалін паляцелі кудысь адна за адной, рэшта ж засталася, чагось цярпліва чакала. «Але чорта вам, во!» — лаяўся ў думках Сушчэня, усё махаючы на іх рукамі. Толькі дарма: чалавек іх не палохаў, мусіць, яны разумелі марнасць яго пагроз. Было падобна, што гэтыя ўжо не збіраліся нікуды ляцець, ці не мелі яны намер і начаваць тут? Калі ўжо добра сцямнела і ў небе засталося відаць адно счарнелае вяршалле хвоек, недзе прапалі ў змроку і вароны. Аднак час ад часу там адчувалася нейкае варушэнне, некаторыя вяршаліны неспакойна пагойдваліся — значыць, вараннё ўсё чакала.

Войціка ж нідзе не было.

Сушчэню ўсё болей пачала агортваць стома. Ужо некалькі разоў ён лавіў сябе на тым, што пачынае драмаць, тады трывожна прахопліваўся, уставаў, махаў рукамі, прысядаў і ўскокваў — разганяў сон і грэўся. Але гэта не сагравала — стамляла яшчэ болей, хацелася легчы і забыцца ў сне. Зусім знямогшыся, урэшце не стрываў і лёг побач з нябожчыкам — бокам на пале ягонага расхінутага шыняля. Бураў даўно ўжо астыў, аддаўшы зямлі рэшту свайго жывога цяпла, але Сушчэню ўсё ж здалося ля яго ўтульней, нават нібы бяспечней. І ён сцішыўся са сваімі журботнымі думкамі, шчыльней месцячыся спіной да скалелага цела нябожчыка. Усё думаў, чаму яму так не пашэнціла ў гэтай вайне, у чым ягоная віна перад людзьмі ці перад Радзімай, самім сабой? Чаму менавіта яго напаткаў гэткі нялюдскі лёс? Чым ён заслужыў такую горкую долю?

Уся вялікая сушчэнеўская сям'я, без бацькі, колькі яе памятаў старэйшы Сушчэня, жыла ў нейкім хваравітым імкненні да праўды і чысціні ў адносінах з іншымі — вяскоўцамі, раднёй, суседзямі. За гады сваёй маладосці Сушчэня не мог уявіць, як гэта можна, напрыклад, пазычыць і не аддаць або нават не пазычыць каму, хто прасіў, калі гэта можна было зрабіць. Самі жылі трудна, бадай што бедна, кожны пуд збожжа, кавалак сала, якая капейчына былі надта патрэбны самім, але калі прыходзіла да іх бедная бабылка Хрысціна з прыжытым без мужа дзіцём, Сушчэні аддавалі апошняе — які кавалак хлеба, ці трант, ці рубель на лекі. Яно заўжды было шкада, заўжды не хапала самім, але маці ды баба Хвядора ў такіх выпадках казалі, што нельга гнявіць бога, не памагчы і без таго пакрыўджанай людзьмі і богам. Баба Хвядора вельмі сачыла і за імі — малымі, і пасля, як падраслі, — каб не было якой несправядлівасці ў дачыненні да іншых, малодшых ці там вясковых сяброў і суседзяў, і часам, калі што здаралася, сварылася на сваіх болей, чым на чужых, хоць часта свае і былі найменш вінаватыя. Або зусім не вінаватыя, як у тым памятным выпадку з піліпавымі снапкамі.

Здарылася так, што дзядзька Піліп, які жыў у другім канцы вёскі за станцыяй, вазіў каля іхняга гарода зжаты ячмень ад ракі і згубіў чатыры снапкі. Снапкі гэтыя бачылі ўсе Сушчэні, і маці, і дзеці, і бабка Хвядора, — тыя ляжалі сабе на сцежцы ўвесь адвячорак, дзядзька Піліп, мусіць, яшчэ не згледзеў прапажу, а як згледзеў і назаўтра вярнуўся па іх на сцежку, снапкоў ужо не было. Снапкі прапалі. Вядома, дзядзька Піліп засмуціўся, калі пачуў ад Сушчэняў, што снапкоў ніхто з іх не браў, а куды яны зніклі — хто ведае? Пабедаваў дзядзька і пайшоў, а ў Сушчэняў усчалася трывога. Бабка Хвядора ледзьве не плакала: гэта ж ён падумае на іх, тых Сушчэняў, каторыя за жыццё не сашчыкнулі чужога стручка цераз плот, не пакарысталіся чужым яблыкам-ападкам з узмежка. Увесь вечар Сушчэні раіліся, як ім уратавацца ад ганьбы. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што свой ячмень яны ўжо абмалацілі, у пуньцы не засталося ніводнага снапка. І тады бабка Хвядора пабегла цераз тры хаты да кульгавага Змітрака, у якага і пазычыла чатыры снапкі ячменю, і Сушчэня аднёс іх дзядзьку Піліпу, сказаў, што малыя, дурэючы, учора іх прыбралі са сцежкі, нікому не сказаўшы пра тое. Дурная ўвогуле сітуацыя, тым больш што тыя піліпаўскія снапкі сапраўды нехта прыбраў са сцежкі. Але падазрэнне ўсё ж было адведзена ад Сушчэняў, і бабка Хвядора сказала: «А чорт іх бяры, тых снапкоў, цяпер хоць спакайней спаць будзем». І ўсё яно было б добра, дзядзька Піліп не злаваў, калі б у душы ў Сушчэні не засталася малая стрэмка: нехта ўсё ж пакарыстаўся тымі піліпаўскімі снапкамі, як і сушчэнеўскім прастадушшам таксама. Ну але ці першы і ці апошні раз? Заўжды ў такіх выпадках бабка Хвядора ці маці казалі: «А хай! Сабе спакайней будзе». Яны надта імкнуліся да ладу і спакою ў душы, але во ўрэшце гэтая яго гісторыя перавярнула ў Сушчэні ўсё дагары нагамі і гатова была адабраць жыццё, не толькі спакой душы…

Жахлівая тая ноч цягнулася для Сушчэні бясконца, ён то драмаў нядоўга, то прахопліваўся ад сцюжы ды і трывогі таксама, паднімаў галаву, слухаў. Калі ўсчаўся дождж, стала зусім кепска, ад дажджу тут не было схову, хіба апроч хвойнага вецця. Ужо змакрэлы, ён перацягнуў Бурава пад нізка навіслыя лапкі суседняй бухматай хвойкі, урэшце наважыўся, зняў з яго воглы, скрываўлены шынелак. Сам зноў прытуліўся поруч і, як з жывым, разам накрыўся яго шынялём. Так стала цяплей, прынамсі, не цякло на твар, а да нябожчыка можна было прыхінуцца спіной — нават утульна стала ў ямцы пад хвояй. І ён, здаецца, заснуў.

Спаў ён доўга ці не — невядома, толькі раптам пачуў блізкі здзічэлы крык — плач дзіцяці, ён адразу пазнаў той голас — галасіў яго Грышачка. І плач яго быў такі роспачны, столькі было ў ім адчаю, што Сушчэня з абмерлым сэрцам кінуўся на яго — за вугол хлява, у гародчык, здалося, менавіта там плача сынок. Ды плач пачуўся ўжо далей — за крайнім радам вішанніку ў садку. Баючыся спазніцца, Сушчэня пабег туды, за садок, пералез цераз трухлявы, аброслы крапівай плот на мяжы з бульбоўнікам, аднак нікога там не было — плач ужо чуўся аднекуль з падворка. Грышачка захлынаўся з астатняе сілы, мусіць, з ім сталася дужа кепскае, і Сушчэня жахнуўся, што не паспее, спозніцца. Па ўзмежку ён ірвануўся да падворка, і, як выскачыў на дрывотню, цэлая вароняя зграя ўзнялася над страхой варыўні; вароны ўсе закрычалі, няўлад і зласліва, замахалі крыллем, ашчэрыўшы чорныя дзюбы з вострымі чырванаватымі языкамі, — здаецца, яны гатовы былі задзяўбці чалавека. Баронячыся, Сушчэня ўскінуў рукі, утуліў галаву ў плечы, памкнуўся бегчы адсюль, як ад разлютаванага пчалінага рою. А Грышачкаў плач між тым усё роспачна лунаў у прасторы, памалу сціхаючы ці аддаляючыся. Пасля неяк усё памалу заглухла, засцілася невыразным наплывам сну…

Спакваля, аднак, ён прачнуўся ад пакутнай трывогі, якая так і не мінулася ні ў сне, ні наяве, і адразу пачуў знаёмую варонюю валтузню побач. Лежачы пад хваінай, ён трохі паслухаў; не, чалавечага голасу або плачу нідзе не было чуваць, толькі блізка, над самай прагалінай, абурана каркалі вароны, чуваць было, мітусіліся, варушыліся, пераляталі з хвоі на хвою, нібы чагось абурана патрабуючы ад чалавека, і Сушчэня са злоснай рашучасцю вылез з-пад хвоі. На прагаліне ўсё было воглым і стылым ад начнога дажджу і туману, які цяжкім нізкім покрывам спрэс сунуўся ў хвойніку, затуляў неба і дальняе вяршалле дрэў. Было, аднак, ціха. Калючае голле нізка звісала долу, абцяжаранае безліччу дробных празрыстых кропель, і ён добра намок, пакуль выбраўся з-пад хвойкі. Праклятае вараннё не адступалася. На гэты раз ён не стаў махаць на іх рукамі — выбраўшыся на шырокую зацягненую туманам прасеку, ён знайшоў здатную палку, абламаў на ёй сучча і вярнуўся на прагаліну.

— Прэч, праклятыя! Прэч!..

Ён замахнуўся палкай, выцяў ёю па хвойцы, другой — гругун неахвотна зваліўся і вяршаліны, узмахнуў крыламі і пераляцеў далей.

— Прэч, сволачы!!!

Войцік прыйшоў, калі ўжо добра развіднела і Сушчэня страціў рэшту надзеі — не ведаў, што рабіць і нават што думаць. Варон ён трохі паадганяў ад прагаліны, але тыя ўпарта не хацелі пакідаць хвойнік і трохі радзей парасселіся зводдаль на вышэйшым ці, можа, зручнейшым вяршаллі хвой. Чакалі. Накінуўшы на плечы бураўскі шынелак, Сушчэня паныла сядзеў пасярод прагаліны, таксама чакаў, сочачы за насцярожаным вараннём зводдаль. Тут яго і застаў Войцік, што ціха прадраўся ў тумане паміж радам хвоек.

— Сядзіш? — запытаў ён нават са здзіўленнем у голасе. Сушчэня бадай без радасці, няўцямна паглядзеў на яго. — А Бураў?

— Вунь, — паныла кіўнуў ён галавой у бок хвойкі, з-пад якой вытыркаліся нерухомыя боты Бурава.

— Так я і ведаў, — сказаў Войцік. — Даўно?

— Учора пад вечар.

— Добра што. Не трэба і падводы.

Войцік патупаў сюды-туды па цеснай прагаліне, паўзіраўся на варон.

— Іш сабраліся. Чакаюць.

— З учарашняга чакаюць, — сказаў Сушчэня і, памаўчаўшы, запытаў: — А што, фурманкі — няма?

— Фурманкі няма, — сказаў Войцік, зняў з пляча карабін і зморана апусціўся долу. — У Бабічах немцы.

— Во як!.. Дык як жа цяпер? — затрывожыўся Сушчэня. Вялікія рукі яго прыкметна здрыгануліся на каленях.

— А што цяпер? Прыхаваем і патопаем. Можа, прарвёмся.

— Куды?

— Ну хто куды. Я — у атрад, а ты ж, мабыць, да немцаў хочаш? — сказаў Войцік і сцюдзёнымі вачмі на абвялым, парослым шчэццю твары выпрабавальна ўставіўся ў Сушчэню.

— Я не да немцаў, — з зацятаю крыўдай сказаў Сушчэня. — Вядзі мяне ў атрад. Інакшай дарогі мне няма.

— У атрад, ага. Цябе там чакаюць, — няпэўна прабурчэў Войцік.

Яны памаўчалі трошкі, Сушчэня з пакутай уваччу пазіраў кудысь паверх хвойніку, на варон, што сям-там чарнеліся ў тумане. Ён зразумеў кепскі намёк Войціка, сам ведаў, што нічога добрага яго там не чакае.

— Бурава нада з сабой узяць, — сказаў ён нібы між іншым. — Нягожа тут яго кідаць. Вунь варання колькі.

— Калі сам панясеш, — пагадзіўся Войцік.

— Ну панясу, што ж…

Войцік памаўчыў, нешта згадваючы, а Сушчэня ўжо рашыў у думках, што панясе. Ён не можа тут пакінуць цела Бурава, бо… Бо з чым ён інакш з'явіцца ў той іх атрад? Хіба з сваёй недарэчнай віной.

— Трохі яшчэ пасядзеўшы, Войцік устаў на ногі, паазіраўся ў тумане на вяршалле дрэў і заспяшаўся раптам:

— Калі так — бярыся. Мне яшчэ вінтоўку трэба ўзяць.

На каленях Сушчэня падлез пад нізкае голле бухматай хвойкі, і, ашчаперыўшы нябожчыка пад пахі, выцягнуў яго на вальнейшае месца. Цела Бурава ўжо закалела і стала амаль нягнуткім. Сушчэня ашчадна заламаў угору ягоныя рукі, паклаў сабе на плечы. Затым з натугай узняўся з долу, праўда, ззаду яму трохі пасобіў Войцік, і яны неўзабаве выдраліся з хвойнага гушчару на прасеку.

Наўсцяж усёй прасекі, па лесе між камлёў старых хвой і ў падлеску курэў слотны туман, вяршалле дрэў угары хавалася ў яго плыўкіх рваных пасмах. Відаць было недалёка, на якіх паўсотню крокаў, і, трохі прайшоўшы па-над прасекай, Войцік спыніўся.

— Калі не ў Бабічы, дык трэба лявей браць, — сказаў ззаду Сушчэня. З падкручанай пад ношаю галавой ён локцем паказваў некуды ў туманныя лесавыя нетры.

— Харашо. Толькі вінтоўку вазьму.

Улезшы ў цёмны зараснік ядлоўцу, Войцік задам выбраўся адтуль з сваёй доўгай вінтоўкай, закінуў яе рамянём за плячо. На другім плячы ў яго вісеў карабін Бурава.

— Ну, вядзі! — сказаў ён. — Толькі глядзі мне, каб не прывёў да немцаў.

Сушчэня не адказаў — моўчкі прыдушыў у сабе крыўду, бо была яна далёка не першая, падумаў, што, мабыць, крыўд яму яшчэ хопіць. Яшчэ ён накрыўдуецца, трэба прывыкаць. Калі толькі ўсё як-небудзь абыдзецца. А калі не абыдзецца, дык што ж… Што яму тады тыя крыўды. Праўда, слухаючы цяпер шматзначныя закіды Войціка, ён адчуваў, што трэба б нешта сказаць дзеля свайго апраўдання, нешта растлумачыць з свае недарэчнай гісторыі. Але ён не мог наважыцца на тое, штось яму замінала, і ўсё. Калі б Войцік сам запытаўся ў яго, захацеў зразумець, а так… Аднойчы ўжо наважыўся, перад Буравым, і гэтак няўдала атрымалася — паспавядаўся мёртваму. Чамусьці, аднак, усё ж стала лягчэй, нібыта Бураў яго зразумеў, канаючы. Можа, і зразумеў. Сказаў жа ён Войціку перад тым, як сканаць: «Не чапай Сушчэню», значыць, зразумеў нешта. Першы чалавек за ўвесь час ягоных пакут, ды і той вось… мёртвы. І таму ён нясе яго на сабе, каб не кінуць варанню, немцам… Мабыць, нежывы Бураў быў патрэбны яму для ўпэўненасці і самаадчування праўды, і Сушчэня так трымаўся за яго, як тапелец трымаецца за саломіну. Ці шмат толькі паможа яму тая саломіна?

Гэтая, аднак, даволі-такі цяжкаватая саломіна хутка адбірала ягоныя сілы, Сушчэня пачаў часта спыняцца, папраўляць ношу. Бы прадчуваючы недарэчнасць яго намаганняў, нябожчык ацяжэла імкнуўся долу — туды, да чаго ён ужо належаў з учарашняга надвячорка і куды яго не пускаў гэты былы аднавясковец.

Яны доўга брылі так па золкатуманным лесе, астуджана дыхаючы яго густа спіртавым водарам. Абсыпаны ігліцай дол у бары быў мяккі і чысты, ісці па ім было лёгка і нячутна, верхавіны высачэзных хвой хаваліся ў нізкай туманнай навалачы, неба амаль не было відаць; рэдкі падлесак з параснікаў бярэзніку, ядлоўцу і хвоек таксама ціха стаяў, ахутаны клоччам туману. Было сцішана, глуха, ніводная галінка нідзе не кранулася. Птушак чамусьці не было чуваць, толькі аднойчы ўгары пастукаў на сухадрэвіне дзяцел і сціх. Сушчэня добра ўгрэўся пад шынялём з сваей нялёгкаю ношай, яму даўно ўжо карцела спачыць, але Войцік быццам не заўважаў таго, і Сушчэня быў змушаны брысці далей. Ім трапіліся ўжо дзве прасекі, але абедзве пралеглі ўпоперак іхняга напрамку. Час ад часу пазіраючы ў бакі з-пад локцяў напята расстаўленых рук, Сушчэня збольшага пазнаваў лес і меркаваў, што ідуць быццам правільна. За трэцяй прасекай павінен пачацца квартал старых, пераспелых хвой. Некалі, яшчэ да калгасаў, тут маладыя хлопцы з Масцішча нарыхтоўвалі зімой лес для вывазкі ў Данбас, і тут у яго ўпершыню пачалося з Анэляй… Пачалося быццам шчасліва, ды во як скончыцца… Ад гэтага квартала Бабічы ўжо застануцца ўбаку, лічы, яны мінулі вёску. Праўда, калі ісці прама, дык наперадзе іх чакала не лепшае — наперадзе была шаша; мабыць, шашу таксама прыйдзецца пераходзіць у лесе. Добра б перайсці ноччу, а ўдзень… Хіба што паможа туман.

Увесь час ідучы недалёка ззаду з дзвюма вінтоўкамі на плячах, Войцік з зайздрасцю думаў, які ўсё ж здаравенны мужык гэты Сушчэня. Угнуўся ледзь не да долу, а прэ і прэ, нібы трактар, і нават не спыніцца для адпачынку. Дужы чыгуначнік, нічога не скажаш. Папраўдзе, дык Войцік здаўна недалюбліваў такіх вось здаравякоў, хто б яны ні былі, ён неяк хваравіта адчуваў іхнюю перавагу над сабой, паставіць насуперак якой у яго не было чаго. Хіба што розум, разважнасць, мо нават хітрасць. Ці, як нядаўна казалі, — прынцыповасць. Але прынцыповасць патрэбна была да вайны, у класавай барацьбе, у іх тлумнай складанай службе, а тут навошта? На вайне куды болей патрэбна такая вось дужасць, простая чалавечая сіла, якой у Войціка было малавата. Ды што зробіш, кожнаму сваё. Таму няхай нясе, калі сам напрасіўся. Вельмі нават магчыма, што камандзір Трушкевіч запытаецца, дзе забіты, і яшчэ пагоніць па труп. Дык тут будзе недалёка, лагер пад бокам ужо, труп, калі што, можна прывезці пасля на фурманцы. Вядома, у лагер Сушчэню весці нельга. Гэта праста будзе скандал, калі ён, пасланы, каб забіць здрадніка, прывядзе яго ў атрад. Ён, канешне, стрэльне яго, хіба дзе бліжэй да ракі. І тады будзе вольны. Сам адзін ён ужо як-небудзь дабярэцца да свае пушчы і даложыць Трушкевічу: загад выкананы. Праўда, не абышлося без страт: Бураў забіты. Але на вайне хіба гэта вялікае дзіва — страты? Колькі яны ўжо страцілі за восень і лета…

Да трэцяй прасекі яны яшчэ не дайшлі, як недзе ўбаку злева нечакана забахалі стрэлы. Не так, каб блізка, але і не далёка. У тумане гукі стрэлаў прагучалі няпэўна, прыглушана, і цяжка было зразумець, якая да іх адлегласць. Сушчэня нядоўга пастаяў з ношаю і вяла апусціўся долу, Войцік таксама ўкленчыў на мох. Абодва ўслухаліся. Бахала мо з дзесятак ці болей вінтовак, туманныя нетры лесу выразна даносілі кароткія без водгулля стрэлы, якія туга аддаваліся ў паветры, бы выбітыя з бутэлькі коркі.

— У Бабічах, ага? — спытаўся Войцік.

— Каб жа ў Бабічах, — услухоўваючыся, сказаў Сушчэня. — То з іншага боку. Ці не на шашы.

— На шашы?

— Ну.

— Дык яшчэ і шаша тут! Куды ж ты завёў?

Войцік ціха пры сабе вылаяўся — ён зусім забыўся, што тут недзе павінна быць і шаша. Пра шашу ён і не падумаў нават.

— А куды ж яшчэ весці! — з ціхаю крыўдай зазначыў Сушчэня. — Вы ж кажаце: у Бабічах немцы?

— Ну немцы.

— Значыць, толькі сюды. Цераз шашу.

Але, мабыць, сапраўды цераз шашу, інакшай дарогі ў пушчу няма. Можа, упершыню Войцік падумаў, што Сушчэня трапіўся яму дарэчы, што без яго ён зноў заблудзіў бы ў гэтым чортавым лесе. А заблудзіўшы, нядоўга налезці на ражон і развітацца з жыццём. Гэты хоць ведае мясцовасць і, можа, яшчэ выведзе да сваіх.

Ось калі б ён быў свой чэсны мужык, а не здраднік!

Але каб быў свой, а не здраднік, дык, пэўна, тут не было б чаго швэндацца і Войціку, і, мусіць бы, Бураў не ляжаў цяпер на воглай імшарыне, задраўшы ўгару падбароддзе. Каб быў не здраднік. Горш, што ён яшчэ і з наганам; думае, мабыць, што Войцік забыўся пра той наган Бурава і не адбярэ яго назад. Але трэба адабраць. Калі, можа, не тут (каб не абвастраць адносін), дык ужо за шашой трэба адабраць. Усё ж здраднік, якіх цяпер, у вайну, развялося нямала — адны імі сталі з ахвотай, з нейкай для сябе карысцю, іншыя па безвыходнасці, праз страх, баючыся за жыццё, за дзяцей і сям'ю. Але тое не мяняе нічога па сутнасці, здраднік ёсць здраднік. Не глядзі, што каторы прыкідваецца смірным і нават гатовы навязаць табе шкадаванне, а затым… А затым — нож у спіну, кулю ў патыліцу. Хто ведае, што ў яго ў галаве, у гэтага Сушчэні, чаму яго там навучылі, у паліцыі. Мабыць, завербавалі, прымусілі ці ўгаварылі і далі заданне. Інакш бы жывога не выпусцілі. Войцік ужо разумее, яго не ашукаеш. Што-колечы пабачыў за жыццё, чаму-нічаму навучыўся.

Яны паляжалі на імшарыне, трохі спачылі, трывога ад страляніны памалу ўляглася, тым болей што і страляніна неяк нейпрыцям быццам і зусім перастала. Тады зноў пайшлі ранейшым кірункам — у бок шашы. Толькі цяпер ішлі асцярожней: наперадзе Сушчэня з сваёй ношай, за ім уступам крокаў праз пяцьдзесят — Войцік. Часта спыняліся па адным ці абодва адразу і слухалі. Туман не знікаў увесь дзень, мо трохі парадзеў надвячоркам, угары пацягнула лесавым шумам, ад лёгкага ветрыку трохі заварушыліся хвойныя вяршаліны. У гэтым пошуме, аднак, стала горш чутна, і яны зноў абодва разам пападалі ад раптоўнага грукату, што пасыпаўся непадалёк наперадзе. Паляжаўшы, сцямілі, што, мабыць, падышлі да шашы — там, недзе блізка, праносіліся машыны. Праўда, праз зараснік падлеску іх не было відаць, як не было відаць і шашы.

Калі грукат той крыху заглух удалечы, Войцік, прыгнуўшыся, падбег да Сушчэні.

— Шаша, ага?

— Шаша.

— Што ж рабіць? Пярэйдзем?

Перш чым адказаць, Сушчэня паслухаў. Лес слаба шумеў, як і раней, аўтамабільны грукат пакрысе глухнуў, аддаляючыся ўправа; злева ж лесавы прастор атуляла ціша. Хоць, канешне, у кожную хвіліну там зноў маглі з'явіцца машыны.

— Можа, лепш паначы, як сцямнее, — слаба запярэчыў Сушчэня.

— Ну, столькі чакаць…

— Ага, трэба б счакаць.

Сушчэня застаўся ляжаць — ніцма пад кустом ядлоўцу, усё ўзіраючыся ў падлесак, у бок недалёкай ужо шашы. Яму было ўсё роўна, калі пераходзіць яе, ведаў, нічога добрага па той бок яго не чакае. Як, мабыць, не чакае нідзе. Але ён пачаў ужо прывыкаць да свае новае ролі — правадніка ці нават партызана, і імкнуўся выконваць яе спраўна. Ды каб выканаць спраўна ў ягоным становішчы, трэба было слухацца гэтага партызана Войціка, цяпер як бы яго начальніка. Тое паслушэнства давала яму цьмяную надзею, якая і вяла яго ўвесь дзень па лесе. Зноў жа Войцік, можа, зразумее, што ўсё тое Сушчэня робіць з свае добрай волі, без жаднага прымусу, хай ён памятае, а пры выпадку і засведчыць тое.

Яны праляжалі так, можа, і не надта доўга, на шашы ўсё было ціха, мабыць, не праехала ніводнай машыны. Не чуваць было і страляніны. Вецер угары, мабыць, патроху суняўся, так і не разагнаўшы туман, які ці не стаў нават гусцець на сконе дня, за час іх чакання. Так, туман пагусцеў, Войцік адзначыў гэта па тым, як у шэрай навалачы здаля закурэў падлесак. Доўга ляжаць на воглым доле зрабілася сцюдзёна, дрыжыкі раз-пораз скаланалі цела, і Войцік ціха гукнуў:

— А калі цяпер, га? Па адным?

Сушчэня падняўся, сеў, азірнуўся. Ён не пярэчыў, але і не спяшаўся згадзіцца, ён памеркаваў трохі.

— Трэ паглядзець. Як там, на шашы.

— Ну паглядзі. Толькі нядоўга.

Цяжка ўстаўшы на ногі, Сушчэня валюхаста патупаў у падлесак, а Войцік раптам недарэчна сумеўся: дарма пусціў! На ўсякі выпадак ён з вінтоўкай адбег трохі ўбок і схаваўся за камель тоўстай хвоі. Глянуўшы з-за яе, убачыў, як Сушчэня асцярожна, крадком прабіраецца да шашы, часам яго затуляе беразнячок падлеску, але ён хутка паяўляецца ў іншым месцы. Пасля, аднак, яго зусім затуліў хмызняк, і Войцік расслаблена апусціўся за хвояй.

«Чорт яго ўвогуле ведае, што гэта за чалавек, — падумаў ён. — Быцца як свой? Ці, можа, падладжваецца, каб увесці ў зман?» Канешне, яго трэба дужа асцерагацца ўдзень, а калі яшчэ ўначы? Не, заставацца з ім нанач Войцік не меў намеру, ён адчуваў, што трэба як найхутчэй вызваліцца ад гэтага Сушчэні. Перайсці шашу і стрэльнуць. А то яшчэ стрэльне самога…

Аднак пакуль што кепскага нічога не здарылася, Сушчэня хутка паявіўся з кустоўя, і Войцік адначасна з ім падышоў да распластанага ў доле Бурава.

— Ну?

— На шашы пуста, — сказаў Сушчэня. — Нідзе нікога.

— Тады пойдзем, — рашыў Войцік. — Пакуль нікога няма. Трохі счакаем і пойдзем.

— Добра, — пакорліва азваўся Сушчэня.

Яны зноў апусціліся долу абапал Бурава, які, падкурчыўшы рукі, у чорнай картовай кашулі ляжаў на баку. Раскудлачаныя валасы і шырокія плечы нябожчыка былі аблеплены павуціннем і абсыпаны ігліцай, боты нізка спаўзлі з ног, і ўсё ягонае цела здавалася ненатуральна даўгім і няўклюдым. Сушчэня паправіў на яго жываце перакручаны падол мокрай ад крыві кашулі.

— Даўно знаёмыя былі? — запытаўся Войцік.

— Змалку. Цераз вуліцу іхняя хата стаяла.

— Да-а, — сказаў Войцік, нешта пачынаючы разумець. — Во гэта і падвяло. Яго і цябе.

— Яно, можа, і так, — неахвотна пагадзіўся Сушчэня. — Ды толькі мяне падвяло не тое.

— А што ж яшчэ?

Сушчэня працягла выдыхнуў і сашчапіў пальцамі рукі.

— Што не ўмёр там, у паліцыі. Во што.

— Гэта, можа, і праўда, — падумаўшы, сказаў Войцік. — Але паміраць не трэба спяшацца. Бураў вунь паспяшаўся. Праз сваю дурасць.

— Бураў не ў пару. Малады яшчэ. Шкада…

— Табе чаго шкадаваць?

— Бо праз мяне быдта. Але ж я ні пры чым. Ці ж я хацеў? Я толькі там, у балоціне, не хацеў ляжаць.

— Вот лёг бы ў балоціне, Бураў жывы быў бы. Так жа?

— Гэта так, мусіць, — паморшчыўся Сушчэня. — Але вы ўжо скажыце там, камандзірам…

— Што сказаць? — насцярожыўся Войцік.

— Ну пра мяне, калі што. Калі не дайду. Усё ж жонка ў мяне, дзіця…

— А, во што! — здагадаўся Войцік. — Гэта скажу. Не турбуйся. Шчэ мо і напісаць прыйдзецца.

— Напісаць гэта добра. Усё ж дакумант.

— На дакумант спадзяешся? — здзівіўся Войцік.

— Ну. Усё ж, можа б, разабраліся калі.

— А ўсё ж завербавалі, ага? Ну прызнайся!

Войцік пільным выпрабавальным позіркам павёў на Сушчэню, і той ад няёмкасці крыва перасмыкнуў вуснамі.

— Каб жа завербавалі, дык не ж! Вербавалі, ага! Але я не мог. Ну не мог я, і ўсё.

— Так ужо і не мог? — сказаў Войцік.

Сушчэня шчыра здзівіўся:

— Ну як жа можна, памяркуйце самі! На такое дзела? Мала, што сябе загубіш, дык яшчэ і сям'ю. Як жа ім жыць?..

Ён гаварыў тое быцца бы і шчыра, адзначыў у думках Войцік, і калі меркаваць наогул, дык пэўная праўда была ў ягоных словах. Але ўсё роўна паверыць яму Войцік не мог. Войцік за жыццё ўжо зведаў, як дасканала хітруе вораг, як прыкідваецца сваім, сябрам, нават партыйцам. Як той Хмялеўскі. Колькі гадоў віў сваю шкодніцкую вяровачку, прытвараўся, арганізоўваў слабыя калгасы. Ды ўсё ж выкрылі разумныя людзі, заўважылі і пакаралі. І хіба аднаго Хмялеўскага! А дырэктара школы Пратасевіча, міліцэйскага начальніка Лакцёнка, старшыню райспажыўсаюза Кузьміча. Ды ў кожнай вёсцы, у кожным калгасе. А ў вобласці! Скрозь паналезла процьма заядлых ворагаў, шкоднікаў, здраднікаў. А ў вайну іх вылезла яшчэ болей. Надта шмат было тых урокаў класавай барацьбы, каб і дурань чаму-нічаму навучыўся. Не, мусіць на тое дадзена і пільнасць, каб заўжды быць начаку і не паддавацца на зман. Не даць адмякнуць у сабе непрымірымасці і заўжды да ўсіх прыглядацца. Да суседа, да сябра, а то і да бацькі з маткай. Ці мала што? Часам, можа, шкадаванне возьме да каторага, асабліва калі знаёмы ці там радня. Але тое бабскае пачуццё міласэрнасці належала задушыць у сабе, сцяць зубы і намагчыся на тое, чаго вымагае бязлітасны класавы прынцып. Канешне, бывае агідна, боязна нават, часам не хапае рашучасці. Ну, але гэта таму, што ў Войціка слабы характар. Што зробіш…

— Ну, яно ўсяляк бывае. Вядома, вайна, — знарок прымірэнча зазначыў Войцік.

Але тыя ягоныя словы Сушчэня падхапіў з нязгодай і загаманіў са сцішаным запалам у голасе, чым нават здзівіў раздумна-насцярожанага Войціка.

— Вось вы кажаце — вайна! Што ўсё бывае… Але ж ці за год гэтай вайны ўсё так змянілася? Хіба людзі так хутка могуць мяняцца? Каб да вайны адзін, а ў вайну — іншы. Я тут усе трыццаць сем год пражыў, мяне ўсе ведаюць. Заўжды ўсе паважалі, ні з кім не пасварыўся ні разу. Але ж чаму цяпер перасталі верыць? Вот палучаецца, што немцам вераць, а свайму чалавеку — не. І суседзі, і вы. Жонка нават і тая… сумняваецца. Перамяніўся! Як гэта я перамянюся, калі мяне нарадзілі такім? — з ціхім абурэннем гаварыў Сушчэня.

— Э, шчэ як мяняюцца! — сказаў Войцік. — Асабліва няўстойлівыя элементы. Калі жыць захочацца…

— Вот іменна: калі жыць захочацца, дык як жа на горшага мяняцца? Гэта калі ўжо смерць, дык, быць можа, усё роўна. Але ж жывы на жывое спадзяецца. Хай не для самога, дык для дзіцёнка, можа. Калі хоць таму жыць пашэнціць

Адхінуўшыся на адстаўленую руку, Войцік пазіраў у недалёкі прытуманены падлесак, не надта ўважліва слухаў Сушчэню і думаў, што доўга марудзіць тут нельга. Відаць, гэты чалавек умеў сваёй памаркоўнасцю размякчыць сэрца. Бач, прыпомніў ужо і дзіцёнка! Так, чаго добрага, нядоўга і пашкадаваць яго, а там недалёка застанецца і да апраўдання.

Не, трэба канчаць.

Вось пяройдуць шашу, і Сушчэня яму ўжо не спатрэбіцца. Дарогу далей Сушчэня збольшага ведаў, неяк дабярэцца. Бурава трэба будзе дзесь прыхаваць, каб пасля прыехаць па яго на фурманцы. Цяпер холадна, суткі-другія пачакае разведчык. Гэта — калі камандзір загадае. А можа, і не загадае. Атрад мяняе дыслакацыю, пад пушчу наехала карнікаў, мабыць, цяпер будзе не да забітага Бурава.

Цямнела, аднак, марудна. Белаваты туман хвалямі расплываўся па лесе, асядаў зверху і насоўваўся нізам, змрокам і сцюжай ахінаючы голае кустоўе падлеску, цёмнае куп'ё маладых хвоек паблізу.

— Так, давай! — прыўзняўся на каленях Войцік. — Пярэйдзіш, дзе пачакай. Я — следам.

Сушчэня не дужа ахвотна падняўся, Войцік рупна памог яму ўзваліць на спіну цела Бурава, і той, трохі хістаючыся, павалокся ў падлесак.


Як толькі Сушчэня схаваўся ў падлеску, на душы ў Войціка нядобра зашчымела — здалося, ён даў прамашку. Нешта ўжо надта ахвотна гэты здраднік нясе на сабе труп Бурава, паслухмяна выконвае ўсё, што яму скажуць, — мусіць, у гэтым тоіцца нейкая хітрасць, — занепакоена думаў Войцік, лежачы ніц на імшаніку. Усё ж яго не мог ашукаць той імпэт, з якім Сушчэня спрабаваў апраўдацца, на памяці ў Войціка ўжо былі выпадкі, калі гэтак жа апантана, а то са слязьмі і кляцьбой, спрабавалі апраўдацца некаторыя здраднікі ці нямецкія паслугачы; іншыя ж наадварот — нібы гублялі мову і ўпарта маўчалі. Войцік ведаў, што ў такой справе ўсё залежала ад характару чалавека, паводзіны якога зусім не вызначаюць ступені ягонай віны або невіноўнасці. Ён не ўяўляў, як бы паводзіў сябе сам, калі б незнарок выплыў на свет ягоны леташні выпадак у Вайноўскім урочышчы, што ледзьве не скончыўся для яго пагібеллю. На шчасце, не выплыў, і ўсе малавясёлыя драбніцы таго здарэння ён насіў у сваёй памяці, глыбока схаваныя на самым сподзе душы. Хаця часам яны і варушыліся там, неспакойна і апрыкла, і трэба было намаганне, каб прыглушыць пачуццё вінаватасці, улагодзіць развярэджанае сумленне. Напэўна, аднак, будзе доўга помніцца яму той світальны золак на пачатку зімы, калі па гразкаватым цаліку ён таропка бег з хутара ў Вайноўскае ўрочышча, дзе яны, трое раённых саўработнікаў, туліліся ў выкапанай на пагорку зямлянцы. Увогуле там было схоўна, спакойна і нават утульна каля напаленай бляшанай печкі ў кутку; харч здабывалі па чарзе ў навакольных вёсках ды на рэдкіх, уцалелых ад даваеннага зносу хутарах. Таго разу чарга падышла да Войціка, і ён позняй ноччу прывалокся на гэты адзінокі хутар. Гаспадара хутара рыжага Клімку і яго маўклівую бабу ён ведаў даўно, яшчэ з калектывізацыі, людзі яны былі неблагія, хоць і не дужа ласкавыя, і менавіта з тае прычыны да іх уладкавалі хворага акружэнца лейтэнанта Свірыдава. У адну з чарговых вылазак за харчам той спярша намок пад дажджом, а пасля падмёрз у мокрым адзенні і неўзабаве захварэў на гарачку. Баючыся за жыццё лейтэнанта, яны тыдзень таму прывезлі яго на гэты хутар. Тады Войцік адведаў хворага, добра пад'еў, сагрэўся і нават неўпрыцям задрамаў у цяпле на лаўцы. Але на сваю бяду, задрамаў трошкі болей, чым трэба, і калі выйшаў на сцежку, пачало віднець. Ён устрывожана наддаў кроку, наперадзе ў кустоўі трэба было перайсці дарогу і далей каля рова, пералескамі прабірацца да іх урочышча. У сідары за спіной у яго ляжаў бохан хлеба і муляла з паўвядра бульбы, якой яго надзяліў рыжы Клімка. Увогуле не багата, але пакуль што павінна хапіць, думаў Войцік, а там сходзіць хто іншы, прынясе яшчэ. Людзі ў навакольных паселішчах былі чулыя на чужую бяду і без прынукі дзяліліся ўсім, што мелі самі.

Войціку ўжо зусім трохі заставалася да кустоўя і дарогі, як невыразна яшчэ ў світальным сутонні ён згледзеў наперадзе людзей. Іх было трое, і яны таксама ўбачылі яго ў полі, насцярожана знерухомеўшы, чакалі. Сэрца ў Войціка скаланулася ў грудзях, але ён, быццам па інерцыі, дробнымі крокамі ўсё бег па ледзьве прыкметнай у мокрым снезе сцяжынцы. Зброі ў яго не было — за харчам яны заўжды хадзілі без зброі — і цяпер ён затрывожыўся: хто тыя людзі? Здалёку было не згледзець, але, падышоўшы бліжэй, Войцік і зусім азмрачнеў душой — на дарозе чакалі яго трое мужчын з вінтоўкамі. Рабіць, аднак, не было чаго, ён пераскочыў канаву і апынуўся насупраць. Адзін з іх груба спытаўся «куды?», пасля «адкуль?», двое іншых аблапілі за спіной яго сідар, садралі з плячэй вераўчаныя почапкі. Войцік зразумеў, што апраўдвацца было бескарысна, тым больш што тыя ўжо аблаялі яго «бандзюком» і пачалі дапытвацца, дзе ўзяў прадукты. Усё ж Войцік паспрабаваў выкруціцца, сказаў, што не ведае дзе, маўляў, завітаў да знаёмага чалавека і папрасіў. Пасля нядоўгае лаянкі тыя загадалі зараз жа паказаць хату гэтага знаёмага і руляй зараджанай вінтоўкі балюча піхнулі яго між лапатак у спіну.

Рабіць не было чаго, Войцік павярнуў на праклятую сцяжынку, якая гэтак па-здрадніцку завяла яго ў пастку. Ваўкавата зацяўшыся, паліцаі ішлі следам, а ён ашалела думаў, куды іх прывесці? На пагорачку ў полі сцежка дзялілася на тры: адна бегла ў недалёкую вёсачку пры нізінцы, дзе ён ніколі не быў і нікога там не ведаў, другая вяла ўбок, да недалёкага Фамічоўскага хутара, гаспадар якога, казалі, ужо знюхаўся з паліцыяй. І толькі трэцяя кіравала па полі да Клімкавага хутарка, што сціпла прыткнуўся ў хмызняку да рова. Войцік нерашуча мінуў першую паваротку, усё пакутна думаючы, куды яму скіраваць? Вельмі яму не хацелася весці іх да Клімкі, дзе выкашліваў хворыя лёгкія Федзя Свірыдаў, але куды ж яшчэ ён мог павесці? Фамічоўскі хутар адпадаў з тае прычыны, што гэтыя самі там маглі начаваць сёння, значыць — толькі да Клімкі. І ён прайшоў паўз і другой павароткі — цяпер ужо выбару ў яго не заставалася, і ён усё з большай пакутай уяўляў, што будзе далей. Але што ён мог зрабіць? Ён толькі прымарудзіў крок, каб як мага даўжэй расцягнуць гэты апошні кіламетр шляху. Але як ён яго ні расцягваў, усё ж яны апынуліся нарэшце на Клімкавым падворку, і паліцаі сунуліся ў дзверы. Дзверы, аднак, былі зачынены, паліцаі пачалі стукаць, гучна патрабуючы адчыніць, і тады за дзвярыма грукнула разам тры ці чатыры стрэлы. Адзін паліцай выпусціў з рук вінтоўку, да яго кінуўся другі, а трэці, разбіўшы прыкладам акно, кінуў у хату гранату. Як толькі там грымнула, са звонам сыпануўшы на двор бітым шклом, Войцік сарваўся з месца, кінуўся за вугол, абабег хляўчук і праз кустоўе стрымгалоў скаціўся па схіле ў роў. Падхапіўшыся на ногі, што было сілы паімчаў прэч ад гэтага хутара. Па ім стралялі, стралялі на хутары; там яшчэ колькі разоў выбухнулі гранаты, і хутка ў неба паваліў белы дым — яны падпалілі хутар. Зрэдчасу азіраючыся, ён доўга бег па рове, пакуль не выбраўся на раўнейшае, збочыў у лес і, з паўдня паблукаўшы па ўрочышчы, дабраўся нарэшце да іхняга стойбішча. Там ён сказаў толькі, што раніцай хутар абклала паліцыя, яму пашэнціла ўратавацца пад дымам, а што сталася з іншымі, ён не ведае. Праз суткі, аднак, стала вядома, што хутар згарэў з людзьмі, адзін паліцай там забіты, другі паранены. Але паліцаі, відаць, аказаліся не тутэйшыя, Войціка з твару не ведалі, і жахлівая сустрэча і імі заставалася тайнай, якою ён не меў ахвоты з кім-небудзь дзяліцца. Канешне, часам было непрыемна перад сабой, але яго супакойвала думка, што гэта яшчэ не прадажніцтва, што іншыя прадалі болей, чым гэты богам забыты хутар з трыма жыхарамі. Ды і хіба ён прадаў? Ён толькі быў змушаны пад пагрозай расстрэлу паказаць, дзе ўзяў прадукты, і ці яго віна, што паліцаяў на хутары сустрэлі стрэламі праз дзверы? Усяго кантакту з паліцыяй у яго было якіх паўгадзіны ці гадзіна часу, але і таго хапіла, каб пагубіць трох чалавек. Сушчэня ж праседзеў два тыдні ў СД і яшчэ наважваецца хлусіць, што не здаўся. Выстаяў, не скарыўся. Ведаем мы такіх нескароных, зласліва разважаў Войцік. Зламалі і завербавалі, інакш не магло і быць.

Але што ж, мабыць, цяпер было позна праяўляць пільнасць — ён яго ўпусціў, дарэчы, са зброяй, бураўскім наганам у кішэні, — як бы неўзабаве не атрымаць з яго кулю ў лоб. Каб яно ўсё згарэла! — лаяўся Войцік. І які нячысцік наслаў на яго гэтага здрадніка! Чым бліжэй яны прыходзілі да партызанскай пушчы, тым усё большы неспакой агортваў Войціка, і ўсё праз таго Сушчэню.

Хвілін, можа, праз дзесяць пасля Сушчэні Войцік таксама падняўся, яшчэ раз паслухаў — быццам нідзе нікога. Наваколле прыцьмела, ужо трэба было добра ўгледзецца, каб адрозніць у доле гнілы пень ад маленькай хвойкі. Пад нагамі часам глуха шорхала апалае лісце, і ён стараўся ступаць цішэй. Ціхенька выбраўся з драбноты падлеска, падышоў да дарожнае выемкі, зірнуў у адзін канец гразкай шашы-гравійкі, у другі. Трохі памарудзіў і па крутаватым адхоне засцярожліва, каб не ўпасці, пайшоў уніз. Толькі ступіў некалькі крокаў, як паслізнуўся на стаптаных абцасах, і ягоныя вінтоўкі ззаду знянацку стукнуліся прыкладамі. Стукнуліся зусім трошкі, ледзь-ледзь, але тут, над шашой, іхні стук прагучаў страхавіта-далёка, і Войцік занепакоена зірнуў па баках і насупраць. І ў тое ж імгненне ён сцяўся, знерухомеў, зусім збянтэжаны. На тым баку за адхонам шарэлі ў тумане нерухомыя постаці двух чалавек — адзін, як можна было зразумець, узіраўся праз хмызняк у поле, а другі, тонка падпяразаны і высокі, бы жардзіна, трывожна матлянуў рукой.

— Стой!

Крутнуўшыся на травяністым сціле, Войцік адразу сцяміў, што ўліп. Чамусьці на імгненне здалося, што другі побач з гэтым даўгім — Сушчэня; значыць, навёў, падпільнавалі ўрэшце. Войцік роспачна сігануў па адхоне ўгору; карабін яго, споўзшы з пляча, зваліўся пад ногі, толькі ён ухапіў яго, як туманны прыцемак ззаду агняна пыхнуў ад траскотнай аўтаматнай чаргі. Кулі ўдарылі ў траву на адхоне, здаецца, адна ляснула па карабіне з ціхім вуркатам адляцела ў цемру. Ззаду ўжо закрычалі, злосна і патрабавальна, зноў пратрашчала чарга, здалося, бліжэй; яму ўжо зусім трошкі заставалася гэтага адхону, у лесе ён, можа б, уратаваўся. Але ўсё ж не хапіла якіх пяці метраў, куля з наступнай чаргі імпэтна выцяла пад лапатку — бы загнала ў грудзі гарачы кастыль, ён захліпнуўся, выпрастаўся і паляцеў назад — уніз галавой па мокрым, травяністым схіле. Вінтоўкі таксама паляцелі кудысь з плячэй, ды, мусіць, вінтоўкі яму ўжо былі не патрэбны, ён ужо адчуў, што забіты. Забіты недарэчна, не ў пару, па-дурному, праз сваю неабачлівасць. Нашто ён пусціў Сушчэню…

Ён апынуўся ў быльнягу ля самай канавы, зрок яго заслала чорным туманам, ён удыхнуў — трудна, з клёкатам у грудзях — і не меў сілы выдыхнуць. Пачулася недалёкая гамана, выкрыкі, спярша на шашы, пасля галасы загучалі бліжэй — яго ўжо шукалі. Ён чакаў урэшце пачуць знаёмы голас Сушчэні, каб канчаткова праклясці яго перад пагібеллю, ды не пачуў. Гучней за іншыя чуўся гугнявы, нібы прастуджаны ці задыханы голас чалавека, які гукаў да кагосьці:

— Панімаеш, азірнуўся — стаіць! Ах ты… Недзе тут ён. Хадзі сюды…

— Чакай ты…

— Ды во ён… Ляжыць!

Голас той быў не Сушчэнеў, але надта знаёмы Войціку, які ўжо чуў яго недзе, толькі цяпер не мог прыпамятаць дзе.

— Во вінтоўка! Ну я ж казаў…

Зусім блізка пачуўся шоргат травы, крокі, што болем аддаліся ў Войцікавых грудзях. Затым ён пачуў зморанае хрыплаватае дыханне побач.

— Бандыт, во! — задыхана вымавіў нехта, дужа дзёўбнуўшы яго нагою ў бок.

— Забіты?

— Забіты, мусіць.

Яны ўжо былі ля яго, двое ці болей, нагнуліся, папіхалі ў бок. Войцік не кратаўся і не адзываўся, усё на свеце стала яму чужым і апрыклым. Рэшта жыцця яшчэ трымалася ў ім, але цела было ўжо не яго. Яго заставаўся хіба пякельны боль у грудзях, які засланіў цяпер ад яго ўвесь белы свет.

— Во кабура… пустая. А дзе наган?

— Трэ пашукаць. У траве недзе…

Тое, што спыталіся пра наган, дало зразумець Войціку, што Сушчэні з імі не было, Сушчэня наган не шукаў бы. Яны ўхапіліся за яго дзягу, расшпілілі спражку і выдралі дзягу з-пад цела. Пасля перакацілі на другі бок, пачалі знімаць паддзёўку. Войцік не кратаўся і нават не дыхаў, ён ледзь трываў боль і амаль не адчуваў свайго цела. Яму балюча заламалі руку, здзіраючы рукаў, паліцай злосна вылаяўся, і тады раптам Войцік пазнаў: то быў пляменнік Хмялеўскага Драбіна. Невядома, ці то было прозвішча, ці мянушка, але мінавіта гэтак клікалі ў мястэчку таго даўгалыгага худога мужчыну, што перад вайной паліў печы ў местачковай лазні. Ён жа тады памагаў Кацярыне Іванаўне пілаваць дровы, якімі Войцік падзяліўся з удавою Хмялеўскага. Аднойчы яны нават трохі пагаманілі цераз плот уранку, як Войцік бег у выканком на працу. Цяпер гэты Драбіна, пэўна, не пазнаваў Войціка, ды Войцік яго пазнаў і са спазнелым пакаяннем падумаў: во ўпусцілі, не дадушылі ў свой час. Цяпер прападай. Ад рук во такіх…

Тым часам яны аблапалі яго кішэні, выцягнулі кашалёк з паперамі, лыжку і ладны жалезны складанчык на два лязы са штопарам. Ён яшчэ быў жывы. У грудзях ужо не клёкала, кроў ціха сцякала праз дзірку прадранага на локцях світэра на сцюдзёны травяны дол. Урэшце яны адступіліся, і ён падумаў: прыйдзецца канаць. Усведамленне задоўжанай смерці нават спалохала яго — як вытрываць яму, калі доўга? Лепш бы адразу. Але ён не мог ні азвацца, ні нават заенчыць — мог толькі ляжаць тут, нібы труп, і ціха сплываць крывёю.

Ліпкая млявая знямога ўрэшце пачала засціць ягоную памяць, ён то забываўся, то пачынаў разумець, што здарылася, і адчуваць пад сабой стылую вогласць травы. Неяк падумаў, што яны пайшлі, і тады ў ім пыхнула кароценькая надзея: а раптам… А раптам яшчэ ўратуецца. Можа б, Сушчэня… Аднак ён не паспеў нічога дадумаць — пэўная думка яшчэ не аформілася ў яго змарнелай свядомасці, як блізкім абвалам зноў затаўкліся таропкія крокі побач.

— Гамашы ў яго! — надта гучна ўначы прагучала паблізу, і Войцік адчуў балючы ўдар па назе ля калена.

— Давай хутка…

Паліцай, мусіць, прысеў ля яго на кукішкі, Войцік адчуў гэта па стомленым выдыху побач, і ўзяўся здзіраць з ног гамашы. Адзін з натугай садраў, не разбэрсваючы, на другім спярша разарваў пальцамі вузлаватыя шкуматы-завязкі. І тут, мабыць, яму штосьці ўчулася, паліцай насцярожыўся і брыдка, разлютавана вылаяўся.

— Ах ты смоўж!.. Жывы яшчэ…

— Стрэльні, і айда, — данеслася здаля, ад шашы, — то быў голас таго ж Драбіны. Побач шчоўкнуў затвор, і Войцік паспеў адчуць толькі, як агняна-сляпучая бліскаўка пыхнула ў твар…


Сушчэня тады перайшоў шашу, пераскочыў неглыбокую сухую канаву і з астатняе сілы ўскараскаўся на супрацьлеглы адхон. Ззаду і на дарозе ўсё было ціха, у тумане яго не маглі згледзець здалёк, а зблізку не было нікога. Па гэты бок ад шашы хвой ужо не было, адразу за тэлеграфнымі слупамі з сякім-такім хмызам унізе пачынаўся нешырокі сенакосны прасцяг, воддаль за якім у тумане зноў шарэла кустоўе, — там, ведаў Сушчэня, цякла рэчка Рэса. Каб найхутчэй аддаліцца ад шашы, Сушчэня наўпрасткі пашыбаваў да таго кустоўя, мяркуючы, што Войцік неўзабаве дагоніць яго. Задыханы, ён пралез нешырокі алешнікавы гушчар і спыніўся, зваліў з сябе Бурава. Далей зноў быў адхон з драбналессем, і недалёка ўнізе пад абрывам бліскаў праз туман нешырокі паварот ракі — мабыць, тут трэба было пашукаць, дзе цераз яе пералезці. Але спярша трэба было дачакацца Войціка.

Толькі Сушчэня бокам зморана апусціўся ля Бурава, як ззаду, на шашы, раздаўся прыглушаны крык — незразумелы, але, як здалося Сушчэню, страхавіта-пагрозлівы, і зараз жа дробна пратрашчала чарга, за ёй другая і трэцяя. Сушчэня спярша ўгнуўся, прыпаў да зямлі, потым успомніў пра свой наган і дрыготкамі пальцамі выдраў яго з кішэні. Нейкі час ён не ведаў, што яму трэба рабіць — затаіцца, уцякаць ці бегчы насустрач Войціку, які, пэўна, трапіў у бяду. Чэргі і яшчэ трашчалі, між іх чуліся глухаватыя крыкі, толькі адсюль ён нічога зразумець не мог — невядома нават, на якой мове крычалі. На шчасце, аднак, крыкі не набліжаліся, яны гучалі ўсё ў выемцы, там жа трашчалі і стрэлы; куляў тут не было чуваць, значыць, стралялі не ў гэты бок. Урэшце Сушчэня наважыўся і крадком з наганам у руцэ прадраўся праз край алешніку, асцярожна паглядзеў праз хмызняк.

Добра ўжо затуманеная вечаровым прыцемкам сенажаць ляжала пустая, Войціка нідзе не было, і Сушчэня сумеўся зноў: што ж яму цяпер тут рабіць?

Тым часам стрэлы на дарозе спыніліся, з туманнай цішы нядоўга даносіліся глухаватыя галасы, але не крыкі, падобна, там гаманіла некалькі чалавек запар, але зноў, на якой мове — зразумець было нельга. Нарэшце ляснуў адзіночны стрэл, і ўсё сціхла. «Што яны там нарабілі? Што нарабілі?» — білася ў галаве ў Сушчэні недарэчная думка-пытанне. Але што нарабілі — няцяжка было здагадацца, ды ён не хацеў верыць у тое — ён ўсё ўзіраўся ў прарывістую грыўку кустоўя каля шашы пад слупамі і чакаў, што адтуль паявіцца Войцік. Ды Войцік не паяўляўся, ад стомы і непружання ў Сушчэні пачало дваіцца ўваччу. Ён і не заўважыў, як зусім змерклася — змрочны туман зусім праглынуў хмызняковы шнурок пад правадамі, сцяну хвой па той жа бок шашы, неўпрыкмет заслаў і нешырокі прасцяг сенажаці. На трохі яшчэ светлаватым небе ўгары адбілася чорнае сучча алешын — настала ноч. Нядоўгая трывога на шашы ўляглася, галасы змоўклі, падобна было, што там усё затаілася. Ці, можа, яны паехалі? Але маторнага грукату ён не пачуў, хіба там не было аўтамабіляў? Тады што там было і адкуль узялося?

Усё не ў стане саўладаць з хваляваннем, Сушчэня вярнуўся назад, да Бурава, які, даўно абыякавы да ўсяго, ляжаў на спіне пад кустоўем. Тут ён пастаяў і паслухаў, думаючы, што мо Войцік паявіцца з іншага месца. Толькі дарма. На лесавых прасторах заўладарыла золкая восеньская ноч, ад рэчкі несла зябкаю сырасцю, а Войціка нідзе не было. Але куды ж тады было падацца Сушчэню? Сцяміўшы, што, мабыць, Войціка тут не дачакацца, ён аж здрыгануўся знячэўку — гэта было жахліва… Мала таго, што Бураў, дык яшчэ і Войцік! Што ж тады ён адзін без іх, куды ён падасца?

Ён выйшаў з кустоўя, ступіў некалькі крокаў па сенажаці, паслухаў. Цяпер ужо можна было не хавацца, у змроку начы і зблізку няшмат чаго можна было згледзець. Хуткім крокам Сушчэня прайшоў па траве ўздоўж кустоўя, перадумаў — пайшоў у другі бок. Увагу яго ўсё цягнула да сябе шаша, пэўна, трэба было падысці туды. Ён баяўся: там маглі сядзець ворагі, пільнаваць яго або Войціка, калі таму пашчасціла ўцячы. Але тое месца, дзе ён перайшоў шашу і дзе павінен быў перайсці яе Войцік, уладарна цягнула яго да сябе, і Сушчэня наважыўся. Праўда, ён не пабег наўпрост цераз сенажаць, а павярнуў наўзбоч, даў добрага крука, пакуль абышоў тое злашчаснае месца і ля тэлеграфнага слупа з падпорынай вылез на адхон. Адхон тут быў яшчэ болей высокі, удзень, мусіць, дарогу з яго можна было бачыць далёка. Але гэта ўдзень. Цяпер жа ні здалёк, ні паблізу нічога не было відаць, у выемцы, нібы ў праваллі, трохі курэў змрочны туман. Сушчэня прысеў на адхоне, пасядзеў, паслухаў. Пасля з наганам у руцэ ашчадна, каб не паслізнуцца, спусціўся да шашы, перабег яе па сырым гравію і ўскараскаўся на адхон насупраць. Ніхто яго не ўбачыў; нідзе ніхто не азваўся. Тады ён дужа асцярожна, праз кожныя пяць крокаў спыняючыся, пачаў красціся да таго месца, дзе пераходзіў шашу на той бок. У травяністым доле і асабліва ў выемцы нічога не было відаць, і ён болей спадзяваўся на сваё адчуванне, калі шукаў тое месца. «Здаецца, недзе тут блізка, — урэшце падумаў ён, добра такі пратупаўшы пад адхонам. — Ці, можа, далей…» Так разважаючы, ён згледзеў у тумане ледзьве прыкметны бляск лужыны і ўзрадаваўся, зразумеўшы, што праходзіў менавіта тут. Але што з таго? Войцік мог пайсці іншым шляхам, мог наогул не выйсці з лесу… Усё ж Сушчэня прайшоў раз і другі па адхоне, паўзіраўся ў чорныя баравыя нетры паблізу. Нідзе не было нікога… Зрэшты, Войцік мог і ўцячы, ці яны маглі забіць яго і забраць з сабой. Шмат было магчымасцей у ворагаў, а вось у яго, здаецца, ужо не засталося ніводнай.

Пастаяўшы на адхоне і нявесела разважыўшы, ён з апанураным сэрцам пачаў спускацца ўніз. І нечакана ў траве натрапіў нагою на штось мяккае, хапіў рукою і пазнаў: то была кепка. Жорсткая суконная кепка з цвёрдым даўгім казырком — знаёмая кепка Войціка. Аж спалохаўшыся ад тае знаходкі, ён замітусіўся на адхоне, прабег паўз канавы і ў стаптаным быльнягу ледзьве не наскочыў на чалавека. Цёмнай нерухомай купінай той ляжаў ніцма, і штосьці белае на ім выразнаю плямай свіцілася ў змроку.

Поўзаючы на каленях, Сушчэня абмацаў яго — то быў Войцік, і быў ён нежывы, ужо стаў халодны, як і зямля, на якой ляжаў. Вінтоўкі нідзе не было, паддзёўку з яго, мабыць, здзерлі, гамашы таксама — за адной нагой валаклася ануча, другая нага была босая. Кішэні штаноў матляліся вывернутыя, мабыць, шукалі зброі ці якой маёмасці, — забілі і кінулі. Сам не адчуваючы сябе ад страхавітага хвалявання, Сушчэня ўпоперак на плечы ўзваліў шчуплаватае цела Войціка і подбегам адолеў шашу. Трохі цяжэй было ўзлезці на адхон. Але наўкола па-ранейшаму ляжала цішыня, нават не гулі правады ўгары, і ён, гучна дыхаючы, кінуўся па сенажаці да рэчкі.

Апошнія крокі да таго месца, дзе ляжаў Бураў, ён ужо ледзьве брыў, знясілены раптоўнаю стомай, неяк усё ж датупаў з забітым на плячах да другога забітага і разам з ношаю ўпаў на дол. Здаецца, сілы ў яго ўжо не засталося, бо не засталося надзеі, усё зайшло ў абсалютны тупік, і толькі яшчэ недарэчна доўжылася яго жыццё, якое цяпер немаведама навошта яму. Што яму рабіць цяпер з ягоным жыццём, чым яму абараніць яго і ці варта абараняць наогул? Каму будзе шчасце з таго абароненага ім жыцця? Хто ўзрадуецца таму жыццю, калі самому яно ўжо не на радасць, а на беспрасветныя злыя пакуты.

Трохі паляжаўшы, ён заварушыўся, сеў. Выпрастаўшы ногі, сядзеў на золкім доле пагорка. Праз туман і голае вецце кустоўя ўнізе па-начному цьмяна і санліва паблісквала рака, і ляжалі побач двое забітых. Дзіўна, яны прыехалі на станцыю, каб забіць яго, ды ўсё атрымалася інакш: ён вось жывы, а яны мёртвыя. І во дзіва: яму няма з таго радасці. Нібы ён сам таксама ўжо мёртвы.

Сушчэня трохі пацягнуўся, паправіў Войціка — перакаціў яго на спіну. Пасля, падумаўшы, стаў на калені, падцягнуў яго танклявае, нібы ў падлетка, цела, паклаў побач з Буравым. Два партызаны, як у страі — плячо ў плячо. Толькі адзін босы, а так абодва ў кашулях, без шапак. Старэйшы і малады. З вольнымі рукамі, без зброі.

Зброя была ў яго — чорны міліцэйскі наган з сямю патронамі ў барабане. Але нашто яму сем патронаў? Яму патрэбны ўсяго адзін. Каб падвесці апошні рахунак жыццю. Ці выкараскацца з гэтага тупіка, у які яго загналі немцы, вайна і жыццё… Сумленна, як усе, на роўных правах з людзьмі жыць ён не мог, а несумленна ён не хацеў. У яго была жонка, радня, рос сынок Грышачка, як было класці пляму на іхнія лёсы? А не запляміць было ўжо немагчыма. Насуперак свайму жаданню, усім сваім намаганням. Што ж яму яшчэ засталося?

Ну, але, што ж, мусіць, усё мае свой сэнс і свае законы. Чалавек не ўсё можа. Часам ён не можа нічога. Загінулі ж гэтыя людзі, партызаны і патрыёты, чым ён лепшы за іх? Ён жа ў іх смертны час быў разам з імі і ўжо хоць бы таму заслужыў такую самую смерць? Хай яму даруюць людзі, жонка Анэля, сынок. Ён заўсёды стараўся быць добрым мужам і бацькам, ды вайна ці няшчасны лёс сталі мацней за яго. Бог ведае, як ён любіў іх і колькі натрываўся за іх! Мусіць, было б усё інакш, калі б не гэтая яго любоў, якую скарысталі з разлікам тыя, што загналі яго ў гэтую пастку, пакінуўшы іх заложнікамі. Немец Гросмаер скруціў яго лёс, але ён не пераможа ягонае волі. Ягоная вольная воля — можа, тое адзінае, што засталося непадлеглым нікому. Усё ж ён памрэ на свой выбар… Хай хоць гэта суцешыць яго ў яго горкай долі. Іншага суцяшэння сабе ён ужо не знаходзіў…


Золкай туманнай ноччу група падрыўнікоў партызанскай брыгады «Дзядзі Сашы» прабіралася на шашу, каб замініраваць мост цераз Рэсу. Хлопцы трохі заблудзілі звечара і выйшлі на дарогу ўбаку ад моста. Каб зноў не блукаць паначы і зэканоміць час, паціху пайшлі над адхонам. Ішлі моўчкі, насцярожана, след у след за пярэднім — старшым групы, вайсковым сяржантам з акружэнцаў. Вёсак паблізу тут не было, паліцыя ўначы не надта гойсала гэтай лесавой дарогай. Але ўсё ж…

Але ўсё ж трохі ўбаку і зводдаль нечакана раздаўся стрэл — нягучны шчоўкнуў у тумане, і хлопцы ўсе разам прыселі. Ды стрэлаў больш не было. Хвойны бор за дарогай моўчкі чарнеў у туманным паўзмроку, па другі бок, за сенажаццю, наогул няшмат што было відаць. Недзе ўгары, за аблокамі, ужо ўзышоў месяц, трохі падсвятліў ноч, якая, аднак, мляўка таілася ў шэрай туманнай навалачы.

— Так, балуецца нехта… Дурак нейкі, — ціха сказаў той, што ішоў за старшым. Старшы недаверліва пакруціў галавой у пілотцы, паслухаў і, мабыць, нічога больш не ўчуўшы, засцярожліва пайшоў далей.

Іншыя павалакліся следам.

Іхні галоўны клопат чакаў іх наперадзе.

Загрузка...