Алесь Савіцкі


Узаранае поле


1

Загад камандзіра атраднай разведкі быў ясны і зразумелы: разведчык Алег Сверын на два дні накіроўваецца ў гаспадарчы ўзвод.

Але ў гэтай яснасці было столькі крыўднага, што Алегу падалося, быццам ён нешта недачуў, нешта не зразумеў, не ўсё спасціг належным чынам.

— У распараджэнне Гонты? — несправядлівасць апякла, Алег як захліпнуўся ад крыўды, нейкі час стаяў з адкрытым ротам і збянтэжана міргаў, нібыта пыл трапіў у вочы, потым падаўся наперад, як хацеў лепей разгледзець Лысюка, абурана выпаліў: — Мяне?

— Цябе, дружа мой. Цябе,— падкрэсленым сяброўскім тонам пацвердзіў сваё распараджэнне Лысюк.

Гэта быў загад, і Алег ведаў, што яго трэба не абмяркоўваць, а выконваць. Але крыўда пякла, і ён, усё з той жа збянтэжанасцю, як бы даводзячы ў першую чаргу сабе, прамовіў зацята:

— Не маеце права! Не маеце!

Лысюк зноў аніяк не пакрыўдзіўся, разважліва пагадзіўся:

— Можа, не маю. А можа, маю.

— Я — разведчык! — з горыччу выціснуў з сябе Алег.

— Калі ты сапраўдны разведчык, дык павінен не пароць гарачку, а спачатку пра ўсё дазнацца: куды пасланы, навошта, з якой мэтаю. I, дазнаўшыся, загад выконваць. Загад ты зразумеў?

— Самі ж усё патлумачылі: бульбу саджаць! Хіба ж не так?

— Але...

Лысюк пагадзіўся таропка, з паблажлівай усмешкаю натвары, нібыта спачуваючы Алегу і просячы болей непярэчыць. Ён прыслухоўваўся да франтавой кананады, водгулле якой цяпер было дужа выразнае. Учора нрымела далёка за Дзвіной, а сёння наблізілася, бы выкочвалася з лесу на гэты бок ракі, ішла несціханымі грукатлівымі хвалямі.

— Грымі-і-іць...— зазначыў ён усё тым жа радасным і рахманым голасам, нібыта ўвесь час пра гэта, пра кананаду, і ішла іх размова з Алегам. — Берасцянкі наваі папрыціхалі, слухаюць. Ха-аро-шую нашы прыкурку фашысту даюць. І мы падкінем яму агню.

З ранейшай, непрыхаванай крыўдай Алег ўноў абурыўся:

— А я? Нашы фашысту прыкурку даюць... Атрад калашмаціць фашыстаў пойдзе... А я?.. Ў гаспадарнікамі бульбу саджаць?

— А хто ж яе пасадзіць? — шчыра здзівіўся Лысюк.— Вёскі фашысты папалілі. Цягло ў людзей пазабіралі. Народ на нас спадзяецца. Правільна спадзяецца?

Паваротка ў гаворцы такая нечаканая, што Алег адразу ж і пагадзіўся:

— Правільна

Лысюк спытаў ў усміхам:

— Чаго ж тады на мяне ціснеш?

— Я не цісну. Я даводжу: зняць мяне з адказнага задання не маеце права!

— Давай... тлумач... мае правы, — прамовіў Лысюк, з роўным інтэрвалам стукаючы цыгарэцінай па трафейным пачку, які выцягнуў з кішэні мышастага нямецкага фрэнча. — Нешта апошнім часам, пад канец вайны, ва ўсіх права вялікія знайшліся. Патлумач ты мне, з чаго гэта? А я пакуру і паслухаю.

Лысюк зняў фрэнч, кінуў яго на карычневае ігольчатае лісце багуна і сеў, прыхінуўшыся спінаю да сасны. Ён яшчэ больш палагаднеў тварам, быццам начыста закрэсліў усю турботу, моўчкі паказаў рукою на старую пасохлую асіну, што расла ўнізе, на ўскрайку балаціны.

Дрэва, на якое паказаў Лысюк, спачатку нічым не зацікавіла Алега. Вядома, дзеля чаго гэта робіцца! Выпхнуў яго, Алега, у гаспадарчы ўзвод і зарадаваўся, нібыта дамогся нечага дужа важнага для сябе! I на старую асіну за балацінаю ён знарок глядзіць, каб ад яго, Алега, адчапіцца. Не, ён, здаецца, сіваграка цікуе, што сядзіць на асінавай крывульцы. Дзіўна як, бы зламалася, галіна выпірае ў бок ад усіх, навісае над маладой сасонкаю. I сіваграк нібыта прывязаны да яе, угрэўся на сонцы, ківаецца.

Алег нечакана астыў і адчуў сорам. Перагнуў ён палку, пачаўшы спрэчку з камандзірам атраднай разведкі! Ён жа заўсёды дакладна выконваў загады сваіх камандзіраў. I дзіўна не толькі гэта. Лысюк, які — увесь жа атрад тое ведае добра! — спрэчак не любіць, пярэчанняў не церпіць, цяпер пярэчанні не толькі выслухаў, але і загадвае працягваць іх, заахвочвае да тых пярэчанняў!

— Можа, не тое я сказаў…— прамовіў Алег вінаватым голасам і быў у сваім прызнанні шчыры.— Але ж крыўдна мне. Два гады ў разведцы…

— Адзін,— удакладніў Лысюк.

— Два! Што вы гаворыце? Два ж гады я ў разведцы!

Лысюк шчыра засмяяўся:

— Хоць ты яму кол на галаве чашы — сваё чаўпе. Адзін сіваграк, кажу. А ён — гады мне свае. Баішся, што нехта іх сабе перапіша?

— Я гэтага не баюся. Але хачу, каб было па справядлівасці ўсё…

— Па справядлівасці і ёсць,— сказаў Лысюк, і Алег чакаў, што крыўдны загад будзе зараз бязлітасна скасаваны. Але Лысюк дадаў зусім не пра гэта — пра сіваграка: — I ўчора за ім сачыў. I сёння… Прыляціць і сядзіць, бы ў жалобе якой. I ўсё — адзін-адзінюткі. Мабыць, без гняздзечка свайго ўласнага… Зараз паляціць…

Але сіваграк па-ранейшаму быў нерухомы, нікуды не імкнуўся ляцець, нават ківацца перастаў, і здавалася, што ён нежывы, што нехта прывязаў да асінавай галінкі-крывулькі прыгожа размаляваную цацку. Нечакана ён зварухнуўся, і яркія сонечныя бліскаўкі пакаціліся зыркімі камячкамі з дзюбкі на тоўсценькую шыйку і ўспыхнулі агніста, бы ўзарваліся на крыльцах.

— Відаць, другога фашыст падбіў. Памятаеце, як яны ў Пятроўцах усіх галубоў пастралялі?

— Спачатку людзей яны пастралялі. А галубоў у другі раз, калі наляцелі. I па табе, як па тым галубу, білі…

— Але ж не пацэлілі! Жывы вось!

— Твая зорка шчаслівая. Таму…

У голасе Лысюка гучалі цяпер ноткі прыязнасці і цеплыні, і гэта расчуліла Алега, і ён, вельмі ўзрадаваны з таго, што камандзір не папракнуў за той недагляд у разведцы пад Пятроўцамі, прызнаўся:

— А мяне ж сіваграком у школе дражнілі. Прыляпілі былі мне мянушку…

— Ты, здаецца, пра гэта не расказваў. 3 чаго ж табе яе прыляпілі?

— Сачыненне ў сёмым пісалі. Перад вайною. Хочаце паслухаць?

— Можна.

— Настаўніца, памятаю, сказала: «Пішам сачыненне пра тое, як прайшоў у кожнага першы вясновы дзень, пра тое цікавае, што ў ім здарылася. Можна проста зрабіць замалёўку прыроды, вясны…»

Прамовіўшы гэта, Алег як наяве ўбачыў сябе ў той дзень.

…Апошняя прапанова была яму вельмі па душы, і ён смела вывеў у сваім сшытку назву сачынення — «Вясновы дзень». Хутка і ўпэўнена напісаў пра тое, што вясною зелянее трава, расцвітаюць кветкі, свеціць зіхатлівае сонца, і вельмі ж хораша на поплаве ля рэчкі. А пра што пісаць далей — не ведаў.

Перагарнуўшы старонку вучнёўскага сшытка, ён зірнуў у акно і ад хвалявання моцна сціснуў зубамі кончык тонкай драўлянай ручкі. Сіваграк! На старым клёне ў кутку школьнага падворка — сіваграк! Зялёна-блакітны, з рудаватай спінкаю. Паводзіць сябе неяк дзіўна, не сядзіць на адным месцы, увесь час падскоквае ля чорнай плямкі над галінкаю. Цяпер выцягвае шыю, быццам збіраецца дзяўбці дрэва… О! Гэта ж не плямка! Гэта ж дупло там!

I другі сіваграк адтуль пырхнуў. Два сядзяць. А можа, дваіцца гэта ў вачах? Не! Адзін сіваграк даў нырца ў чорную адтуліну над кляновай галінай. Значыцца, гняздзечка ў іх там. А ён, Алег, улетку аніякага дупельца не згледзеў, калі ўскараскваўся на дрэва. Летась, відаць, не было. А зараз — ёсць. Не, проста ён тады не заўважыў дупельца. Вось жа не заўважыў зараз, як знік і другі сіваграк. Пуста на галіне, толькі адтулінка чарнее. Відаць, некуды падсілкавацца паляцеў. Цікава, а што ядуць сівагракі? Трэба запытацца ў настаўніцы. А навошта? Ён проста напіша ў сваім сачыненні пра гэтых птушак — якраз пра вясну і будзе.

Час ад часу пазіраючы ў акно, Алег пісаў пра тое, які прыгожы клён расце на школьным падворку, пра тое, што ёсць на гэтым дрэве дупло, якога ніхто не заўважыў. А сівагракі вось знайшлі. Зарадаваліся, відаць, дужа, знайшоўшы гэткае ўтульнае жытло,—- і ў спякоту не горача, і ў дождж не залье, і вецер не студзіць.

Пісалася незвычайна лёгка, зграбныя, ёмкія словы нібыта самі беглі і клаліся на паперу. Ажно чатыры старонкі ўжо! Вось гэта — клас! I сіваграк сядзіць на галінцы. Значыцца, паснедаў. I, відаць, нешта смачнае на сняданак знайшоў. Задаволены сядзіць, пёркі чысціць. Зялёныя і блакітныя пёркі ў яго. А на спінцы — рудаватыя, як падпаленыя. I глядзіць сіваграк сюды, на школьны будынак. Можа, адчувае сіваграк, што ён, Алег, піша пра яго сачыненне…

— Што, Сверын, цікавае адшукалася за акном?

Алег здрыгануўся ад гэтага раптоўнага запытання, няўцямным позіркам паглядзеў на настаўніцу, якая стаяла ля яго парты, выгукнуў радасна, быццам зрабіў дужа важнае і цікавае адкрыццё:

— Сіваграк!

У класе дружна засмяяліся. Усміхнулася і Валянціна Фёдараўна, але стрымана, краёчкам вуснаў. Узяўшы Алегаў сшытак, здзівілася:

— Ты гэта ў класе паспеў напісаць?

— Ну… Я пра сіваграка пішу, ён на нашым клёне жыве. У іх там, мабыць, гняздзечка ў дупле.

— Ты — назіральны. Гэта добра.

Настаўніца ўзялася была чытаць сачыненне. Але тут зазвінеў званок, і Алегаў сшытак апынуўся ў агульным стосе. У класе — урок літаратуры быў апошні — адразу ж усчаўся гармідар, усе сыпанулі са школы.

— Эй, сіваграк! — гукнулі Алегу, калі ён выбег на ганак.— Мы ў лес ляцім, смаржкі збіраць! Давай з намі, сіваграк! Пойдзеш?

Алег, бы слуп, стаяў на ганку. Мянушку прыляпілі ўжо! I хто! Віктар Кірчык, лепшы Алегаў сябар. Яшчэ і рагоча!

— Не пайду,— пакруціў галавой Алег і тут жа вырашыў, што ён і сапраўды не пойдзе, хоць у лес ісці разам з хлопцамі яму вельмі хочацца.— I калі я сіваграк, дык ты… ты варона, калі хочаш ведаць!

— Э-ээ! Ён пакрыўдзіўся!

— Было б з чаго! Але ў лес не пайду! Тата казаў, што бульбу давядзецца саджаць.

— Справяцца і без цябе,— сказаў Віктар.— Гайда! Э-э, дык ты і сапраўды не хочаш?.. Пашкадуеш… Гэ-эй, сівагракі! За мною!..

Дзіцячая чарада, гамонячы, неслася да лесу, а ён стаяў на ганку і глядзеў услед. Ах, як жа яму карцела кінуцца разам з усімі! Але крыўда замінала тады як след разабрацца ва ўсім, што адбылося. 3 чаго крыўда? Мянушку далі? Бяды тэй! Трэба прыняць усё за жарт, самому пажартаваць. I ў лес табе можна было пайсці. Не, бегчы ў лес нельга. Сапраўды, бацька казаў учора, што трэба саджаць бульбу, і зрабіў напамінак сёння ранкам, каб Алег не бавіўся пасля школы і адразу ж імчаў дамоў. Праўда, у гародзе не вельмі і працы той, і можна б было з сябрамі гайсануць у лес. Але трэба быць мужчынам: сказаў, што не пойдзе, значыцца, не пойдзе. А смаржкі? Няхай падрастуць смаржкі, па іх можна і заўтра злётаць. I Віктар без яго, Алега, не дужа-ткі і знойдзе тых смаржкоў. Ён у лесе як шалёны робіцца: дурэе, галёкае… А грыбы трэба збіраць спакойна, без тлуму, не спяшаючыся. Так што заўтра можна будзе ў лес схадзіць. I заўтра тая недарэчная мянушка, напэўна, ужо з галавы Віктаравай вылеціць…

На другі дзень ён сапраўды пайшоў з сябрамі ў лес па смаржкі, і вярнуліся яны адтуль з поўнымі кошыкамі грыбоў. Але перад гэтым адбылася падзея неспадзяваная, нечаканая, непрадбачаная і вельмі важная — у класе. Настаўніца прынесла сачыненні, была вельмі ўзрушаная, і першым разгарнула Алегаў сшытак.

— Сверын мяне здзівіў. Вельмі прыемна здзівіў і ўзрадаваў,— сказала яна.— Самае лепшае сачыненне — у яго. Добрых сачыненняў, праўда, багата гэтым разам. Але самае цудоўнае — ён напісаў. Я вам зараз пачытаю…

Усе ў класе слухалі ўважна, і ён сам пачаў слухаць з увагаю, як настаўніца чытала яго сачыненне, і дзівіўся, што сапраўды напісаў дужа ж хораша. Ён глядзеў у акно на знаёмую галінку клёна, і яму здавалася, што гэта не ён, Алег, пісаў сачыненне і што настаўніца не чытае сшытак, а проста расказвае цікавую гісторыю пра сівагракаў, якія вярнуліся з выраю ў родныя мясціны, знайшлі сваё ўтульнае леташняе жытло на старым клёне…

— Значыцца, сіваграк,— шматзначна сказаў Лысюк.—. А гэты, відаць, без гняздзечка,— паўтарыў ён і новым, насмешлівым голасам запытаў: — Ты чаго маўчыш? Я ўжо цыгарэціну дасмаліў, а тлумачэнняў тваіх не чую пакуль што!.. Ты ж мне правы мае хацеў патлумачыць. Ці так?

Алег яшчэ жыў успамінамі аб школе. Але ён адразу злавіў іронію ў словах Лысюка, набычыўся:

— Я хацеў і хачу толькі аднаго: разам з вамі пайсці… У бой пайсці!

Лысюк кінуў асмалак на дол, старанна прысыпаў яго сыпкім падзолам, уздыхнуў, не тоячы шчырай горычы:

— Разумны ж ты хлопец. А галоўнага — не цяміш. I дзевяць жа класаў за плячыма! Дзевяць жа, га?

— Адкуль? — Алег недаўменна паглядзеў Лысюку ў вочы.— Я ж толькі сем скончыў перад вайною.

— Значыцца, каб не вайна — у дзесятым быў ужо? Ці так?

— Так, у дзесятым,— разгублена пагадзіўся Алег.

— Вайна, дружа, усім лёс скарабаціла. Але ж і мы ёй пад самы дых далі. I пойдзеш ты сёлета ў свой дзесяты… Не блытаю я, не глядзі так. Год вайны я табе б за два класы залічыў. I павінны залічыць. Правільна было б?

Нечаканае і вельмі спакойнае, зусім без насмешкі запытанне канчаткова збіла Алега з панталыку. Ён спадзяваўся, што Лысюка пакрыўдзяць пярэчанні, што той паставіЦь свайго падначаленага па камандзе «смірна», загадае спыніць размовы і тэрмінова адпраўляцца ў гаспадарчы ўзвод. Калі Лысюк злуе — з ім можна спрачацца. А цяпер?.. Спакойнае запытанне пра школу… Ды ўсё прадумана знарок, усё робіцца на тое, каб падкрэсліць, што ты, маўляў, хлопчык, табе пра дзесяты клас думаць трэба… Але ж гэта — несправядліва! Фронт жа зусім блізенька! Можа, бой, што рыхтуе атрад на гравійцы за Дзвіною, будзе апошнім партызанскім боем. Можа, там, за Дзвіною, яны сустрэнуцца з роднай арміяй, якая наступае імкліва, пагоніць фашыстаў... А яно, Алеся, не пускаюць у бой, даручаюць нейкую другарадную справу, не давяраюць галоўнага. І хто не давярае! Лысюк! Той самы Лысюк, які неаднойчы казаў, што ён, Алег, і страляе па-снайперску, і разведчык прыроджаны, і кемлівы салдат. І той жа Лысюк цяпер, у гэткі адказны і важны момант, адсылае «прыроджанага разведчыка» ў гаспадарскі ўзвод, на звычайную і зусім нязначную працу, адсылае да Гонты, да хмурага, заўсёды чымсьці незадаволенага чалавека! І робіць ўсё гэта Лысюк спакойна, нібыта выпрабоўваючы Алегаву вытрымку!

Алег прамовіў стрымана, разумеючы, што толькі стрыманасцю ён можа нечага дамагчыся:

— Правільна было б зараз не класы тыя лячыць, а рахунак баявы паглядзець. Што, благі ў мяне баявы рахунак?

— Баявы рахунак у цябе добры. Проста выдатпы рахунак,— згадзіўся Лысюк, як бы падладжваючыся пад стрыманы Алегаў тон, і падняўся.— А сіваграчок наш — паляцеў. Па-ля-це-еў фронт сустракаць, паглядзець, што там робіцца... Каб крылы — сам туды следам.

Алег цяпер зусім не разумеў Лысюка. Знарок ён пра фронт гаворыць? Знарок яго, Алегаву, цярплівасць выпрабоўвае? Ці, можа, толькі сіваграк той яму і наўме?

— Чаго ж вы тады мяне спіхваеце на бульбу? — у роспачы, не вытрымаўшы, выгукнуў ён.— Я таксама туды хачу паляцець… За Дзвіну хачу, на адказнае заданне…

— А я — дранікаў!

— Што-о? — здзіўлена працягнуў Алег.

— А тое, што чуў: дранікаў мне хочацца!

— Якіх дранікаў?

— Звычайных. Бульбяных. Са смятанаю. А можна і са скваркамі. Ды цыбулькі падсмажыць… Каб залацістая цыбулька зрабілася. Э-эх, смаката! — Лысюк двойчы паляпаў даланёю па Алегавым плячы, папытаў голасам сяброўскім, лагодна: — А як жа іх, дранікаў тых, без бульбы спячэш? 3 ветру?..— I ён, як бы падсумоўваючы ўсё тое, што казаў раней, заключыў: — Так што крыўдаваць няма чаго: шпар, дружа, у гаспадарчы!

Цвёрдасці ў гэтым заключэнні не было, адчувалася ў ім не загаднасць, а нейкая таварыскасць, развага, і Алег быў падумаў, што яшчэ не ўсё страчана. Але са штабной зямлянкі выбег Гонта, гукнуў Лысюку:

— Пятро! Камандзір атрада кліча!

— Бягу, бягу,— Лысюк весела параіў Алегу: — А ты настройвай сябе на дранікі. Добра? — паправіў чорную нямецкую дзягу, на якой цьмяна бліснула дзюралевая спражка з чорнай дзюрачкай пасярэдзіне — мецінай ад кулі.— Спадзяюся, дасі гаспадарнікам прыклад стаханаўскай працы. Каб бачылі: разведка працуе!..

I толькі цяпер да Алега дайшло: пярэчыць і нешта даводзіць не мае сэнсу. Лысюк не адменіць свой загад, і Алегу адно і застаецца: ісці ў гаспадарчы ўзвод. Але як жа не хочацца! А што, калі гэты нечаканы выклік Лысюка да камандзіра атрада нешта зменіць? А што, калі Лысюк зараз вернецца і скасуе свой стары загад, аддасць новы, і ён, Алег, разам з усімі баявымі ўзводамі пойдзе на адказнае заданне на правы бераг Дзвіны? Можа гэткае здарыцца? Можа, несумненна! Ён жа, Алег, там, за Дзвіною, кожную сцежку ведае, кожную ручаінку, кожны пагорачак… Ён жа заўжды, калі яму даводзілася ісці з баявымі групамі да гравійкі ці чыгункі, выводзіў іх і добра, і ўдала… А напрадвесні, калі Чэпікава група ўзарвала мост, хіба ж не ён, Алег, убярог хлопцаў ад бяды?

На нейкі міг Алегу падалося, што ён там, на беразе Дзвіны, у тую цёплую перадвясновую ноч. Тады, яшчэ не дайшоўшы да ракі, яны трапілі ў густы туман. Туман поўз з лазнякоў, шчыльных, як сцяна, і чорным выдавала ўсё: неба, лазнякі, снег, нават сам туман… I згубілася сцежка, па якой пазаўчора ішлі на чыгунку. Але Алег знайшоў яе, знайшоў па старых слядах у размяклым снезе — распаўзліся, шырозныя зрабіліся, зусім непрыкметныя.

Алег, разглядаючы тыя сляды, запыніўся. Глухаватым, як ад туману асіплым голасам Лысюк запытаў:

— Ты чаго? Чаго рух затрымліваеш?

— Сляды адшукаў. Нашы сляды.

— Дык добра ж, не зблудзілі.

— А пазаўчора, напэўна, сляды былі выразныя. I фашысты, відаць, па іх наш шлях ад чыгункі прасачылі.

— Засада, думаеш? Не палезуць яны ў гэткія лазнякі.

— А навошта лезці? За лазнякамі — пагорак. На ім калі сеў — лазнякі як іголкаю прашыеш.

Чэпік, камандзір падрыўной групы, ціха засмяяўся:

— О-ох і разведчыкі, Пятро, у цябе! Уночы, бы совы бачаць. Наскрозь і глыбей нават!

Чэпікава заўвага была не па душы Лысюку, і ён буркнуў нядобразычліва:

— Кожная мая сава двох тваіх арлоў важыць,— і ўжа да Алега — строга і дзелавіта: — Як пойдзем?

— На Доўгае поле. Там — нізіна. Невялічкая, праўда. Але адыходзіць па ёй, калі нявыкрутка, зручна.

Чэпік абурыўся:

— Траха ж як не сем кіламетраў лішніх!

Лысюк хмурна абсек яго:

— Пойдзем там. Камандуй сваім…

Групы павярнулі ўправа — у глыбокі роў ля Дзвіны. Пад дубамі, што стаялі паабапал рова, успаролі дзікоў. Дзікі панесліся па лазняках у бок пагорка, за якім пачынаўся лес,— туды мелі спачатку намер ісці групы. 3 пагорка нечакана ўзляцела ракета, за ёй другая, трэцяя… Густа затуркалі кулямёты, разразаючы полаг ночы каляровымі стужкамі трасірак. Разрыўныя кулі лопаліся па ўсяму рачному ўзвалу, з нудным віскатаннем рыкашэцілі ад мерзлага суглінку. Але партызаны былі недасягальныя — іх надзейна хаваў высокі ўзвал.

Чэпік рагатаў:

— Ну, Пятро, прадзешавіў ты трошкі. Не двох! Дзесяць арлоў кожная твая сава варта! — і сур’ёзна, без ценю жартаўлівасді, дадаў: — Перарос твой Сверын разведку. Трэба яго да нас, у падрыўнікі.

— Яго і пераконвай.

— А навошта яго пераконваць? Падрыўнік — пасада самая ганаровая,— і, павярнуўшыся да Алега, самаўпэўненым голасам прамовіў: — Залічым цябе ў падрыўнікі. Пойдзеш?

— Не, не пайду.

— А чаму?

— Разведчык — гэта той жа самы падрыўнік, толькі вышэйшага гатунку.

— Чуў? — у голасе Лысюка прагучала непадробленая, шчырая радасць.— Чуў? Залатыя ў разведцы птушкі. I даражэйшыя за тое золата!..

Кароткі гэты ўспамін яшчэ больш абвастрыў разгубленасць. Як можа Лысюк пакрыўдзіць чалавека, якім увесь час захапляўся, якім ганарыўся? Але ж вось пакрыўдзіў, нічога не ўзяў пад увагу… Да камандзіра атрада хіба звярнуцца? Не, нельга! Гэта ж — як скарга на Лысюка. А скардзіцца ён, Алег, не будзе. Мужчына, так любіў казаць бацька, не павінен скардзіцца, бо той, хто скардзіцца,— слабы і нікчэмны…

...Нешта ж не затрымаўся ў камандзіра атрада Лысюк. Выскачыў з камандзірскай зямлянкі незадаволены, нейкі ж дужа заклапочаны ў яго твар…

Алег глядзеў на Лысюка, які ішоў ад камандзірскай зямлянкі, і адчуваў — зараз ён пачуе тое, у што хочацца верыць, чаго прагне сэрца.

Лысюк убачыў Алега, са здзіўленнем зыркнуў на яго:

— Ты што тут шукаеш?

— Чакаю вас.

— Мяне? Навошта?

Лысюк мезенцам пакратаў старую прастудную больку на ніжняй губе, якая закарэла і была падобна на маленькі ссохлы грыбок. Яго ўказальны палец упіраўся ў ноздры, і ад гэтага кароткі, бы наўскасяк адсечаны, нос дзіўна пакруглеў, быццам імгненна раздаўся ўшыркі. У раптоўных зменах твару, у нядобра звужаных сініх вачах Алег убачыў прысуд, з якім не хацеў змірыцца па-ранейшаму.

— Дазвольце з вамі пайсці, таварыш камандзір,— папрасіў ён ціха, але ўпарта.— Дазвольце пайсці…

— Я ж загадаў: у распараджэнне Гонты. Выконвай!

Усё: апошняя кропка пастаўлена. Ніхто і нічога не зменіць. Загад ёсць загад, і яго трэба выконваць.

Алег чотка, па-вайсковаму казырнуў:

— Ёсць ісці ў распараджэнне Гонты!

Ён марудна дыбаў па сцежцы да канавязі, дзе, гамонячы, завіхаліся ля калёс партызаны гаспадарчага ўзвода. Падалося: Лысюк глядзіць яму ўслед, глядзіць вінавата. Карцела павярнуцца, Алег прыгасіў у сабе гэтае жаданне толькі на кароткі міг і павярнуўся, і не ўбачыў Лысюка. На душы зрабілася прыкра. Зноў апякла крыўда. Быццам нейкае пакаранне яму: усе разведчыкі ідуць на баявое заданне, а ён стане поркацца з нейкай там бульбаю. I як Лысюк не разумее, што яму, Алегу, потым будзе сорамна перад сваімі баявымі сябрамі. Адседзеўся, скажуць. Схаваўся ад бою, скажуць.

«Лысюк ва ўсім вінаваты! Лысюк!»

Алег разумеў, што робіць нядобра, абвінавачваючы свайго камандзіра. Але ён нічога не мог парабіць са сваімі думкамі, якія ўпарта вярэдзілі душу: яму здавалася, што чалавек, якога ён любіў і паважаў, якім заўсёды ганарыўся, цяпер здрадзіў яму.


2

Алег скоса зыркаў на Гонту, які абыякава сядзеў на перадку калёс. У лесе Гонта быў гаваркі, увесь час жартаваў з Алегам, а тут, на полі, імгненна змяніўся, зацята маўчыць, сядзіць нерухома, падціснуўшы лейцы пад мех з насеннай бульбай. Не, заварушыўся нечага, дастаў з кішэні зашмальцаваны блакнот, гартае яго. Краем вока Алег бачыць старонкі, спрэс спісаныя, бачыць, як дзіўна мяняецца Гонта: то галавой паківае, то выгне губы падкоўкаю, то сцісне трубачкаю, бы збіраючыся нешта насвістваць.

Калёсы падкідвала на выбоінах, і ад кожнага штуршка доўгія, рудыя Гонтавы вусы, падобныя на абыржавелыя абцужкі, уздрыгвалі, ападалі ўніз, бы заціскалі тоўстую ніжнюю губу. Зялёная армейская фуражка час ад часу ссоўвалася на лоб, амаль закрываючы абламаным і вызубленым пасярэдзіне казырком бровы, потым, скокнуўшы ўверх, адкрывала ўвесь лоб, парудзелы ад сонца толькі вузкай паласою над бровамі і белы ля валасоў.

— Як учора тое было… Як учора! — ціхім і радасным голасам, бы гаворачы сам-насам, прамовіў Гонта і, урачыста паглядзеўшы на Алега, пастукаў пальцам па блакноціку. Потым пстрыкнуў сабе па вусах, і яны, як рудыя стрэлкі, прыўзняліся над верхняй губою.— Ты зірні, што ёсць у гэтай маёй памінальніцы!

Ён паднёс да Алегавага твару блакнот, разгорнуты на тым месцы, дзе да старонкі была прыклеена нататка з газеты, моўчкі чакаў, і Алег зразумеў, што павінен нешта казаць.

— 3 нейкай газеты,— прамовіў ён няпэўна.

— 3 нейкай? Гістарычная, браце ты мой, газета! — Гонта паднёс цяпер запісную кніжку бліжэй да свайго твару, прачытаў узнёсла, па-святочнаму: — «Узорам добрай арганізацыі працы на веснавых палявых работах для ўсіх механізатараў раёна можа служыць трактарная брыгада Уладзіміра Гонты, якая дасягнула самай высокай выпрацоўкі на мяккім ворыве…» — урачыста ўзняў блакнот, трымаў яго на ўзроўні правай скроні.— Вось як некалі пра Гонту казалі! Сам Смоліч, сакратар абкома — выступаў ён у нас на раённым партактыве перад вайною,— казаў! Вось тут, у блакноціку, кавалачак справаздачы, што «раёнка» тады давала на ўсю паласу, у мяне і захаваўся.

— Цікавая цытатка,— зазначыў Алег.

— Цытатка? — Гонта паблажліва, быццам было перад ім малое і неразумнае даіця, паглядзеў на Алега.— Гэта, браце дарагі ты мой, жыццё. Цудоўнае, светлае жыццё. Яго я ўсе гэтыя гады, бы кавку, прыгадваю… Я ж тады, ва актыве тым, у прэзідыуме быў. Побач — Смоліч сядзеў. Убачыў, што я ў блакноціку — гэткія вось блакноцікі ўсе тады ў кіёску пакуплялі — запісы раблю, нахіліўся да мяне. «Ці не збіраецеся выступаць?» — пытаецца. «Збіраюся»,— кажу. Я, разумееш, ніякіх там накідаў не рабіў, проста асобныя месцы з выступленняў запісваў, сам выступаць не збіраўся. Але гэтак ён даверліва мяне папытаў, што падалося: раіць выступіць, просіць нават. Ну, з трыбуны я і выдаў: удвая, маўляў, наша брыгада павялічыць да канца года выпрацоўку на трактар. Пад воплескі садзіўся я на сваё месца. Дарогаю ж, як у калгас ехалі, дырэктар мне прачоску закаціў. «А з брыгадаю ты, пражэкцёр, узгадніў?» Брыгада, кажу, мяне падтрымае. «А як пляснешся ў гразь і мяне пасадзіш? На ўвесь жа свет — ганьба». Я кажу: у гразь, маўляў, пляснуцца не думаю, ганьбы не баюся, бо ніякай ганьбы не будзе. Дырэктар на мяне — крыкам зноў. «3 народам ты раіўся? Са мною асабіста ты, пражэкцёр, раіўся?..» Слухаю, крыўдна, ведама. У брыгадзе ж нашай два трактарысты ды два зменшчыкі — цяжка хіба параіцца! Але — маўчу: слушная прачоска. 3 брыгадаю я не параіўся. Дырэктара МТС не папярэдзіў — на трыбуну папёр. Праўда, з бацькам тваім у нас гаворка была, на полі была, калі ўчотчык прыходзіў: гаманілі мы тады пра тое, што можна лёгка нормы перакрыць, бо машыны ў нас з ім новыя, цягнуць, як звяры… Прыехалі дамоў. Дырэктар назаўтра ж сход нашай брыгады сабраў: якая, маўляў, у астатніх думка. Усе мяне падтрымалі: дамо дзве нормы. Бацька твой болей ад усіх падтрымаў. Памятаеш, як я прыходзіў у той дзень да вас?

Алег не памятаў, але прызнацца было няёмка.

— Вы да нас часта прыходзілі,— няпэўна прамовіў.

— У той дзень вы на сотках сваіх бульбу саджалі. I мы з тваім бадькам пад яблыняй гутарылі. Памятаеш, кадушка яшчэ пад яблыняй у вас стаяла?

— Чырвоная, яе мы фарбавалі з Сярожкам.

— Колер не ў памяці. А вось як Сярожка твой на кані хацеў ехаць — памятаю. Адно і адно патрабаваў: даць яму лейцы і на каня пасадзіць. У школе ў вас заняткаў у той дзень не было.

Успаміны супакойвалі, настройвалі радасна, і Алег прамовіў з усміхам:

— Як жа не было! Былі заняткі. Мы ў той дзень сачыненне пісалі. I я з хлопцамі пасварыўся. Мянушку яны мне прыляпілі.

— Крыўдную?

— Сіваграк. Смешна цяпер з тае крыўды.

— Крыўда, скажу табе, справа паганая. Трэба імкнуцца заўсёды вышэй быць. I крыўду ў сэрца не пускаць. У любым выпадку не пускаць. I чужому воку яе не паказваць…

Гонта павольна закрыў блакнот, патрымаў на далоні, быццам узважваў, потым асцярожна паклаў у кішэню заношанага і змятага карычневага пінжака. Штрыфлі і каўнер пінжака былі па краях як наваксаваныя, і ён пагладзіў іх рукою і, прыжмурыўшы вочы, глядзеў у той бок, куды вяла затравелая, амаль з полем зраўняная дарога. Справа ад яе, зусім блізка на ўзгорку, у сінявым мроіве чарнелі коміны спаленых хат, нейкія няроўныя, як у тры колеры: задымленыя ўверсе, потым чырвоныя, быццам яшчэ не астылыя ад агню, і белыя ўнізе, з чорнымі зеўраламі печаў. Вецер гайдаў быльнёг, які падняўся ўжо на попелішчах, і здавалася, што з тых чорных ямін унізе печаў паціху пачаў выпаўзаць і скочвацца на зямлю зеленаваты гнуткі дым.

— Імкнуцца лёгка,— пагадзіўся Алег і тут жа запярэчыў: — А вось узняцца вышэй крыўды, як вы гаворыце, цяжка.

Запярэчыў і заўважыў, што зрабіў тое дарэмна: размаўляць болей Гонта не захацеў. Выцягнуў з-пад мяха лейцы, звязаў канцы вузлом, потым пакруціў у паветры каля сваіх ботаў: каня ён не падганяў.

— Бачу, крыўдна табе,— пасля доўгага маўчання прамовіў Гонта, ціха гайдаючы ў руках лейцы, звязаныя вузлом.

— Крыўдна? 3 чаго вы гэта выводзіце?

— Разведчыка ды ў гаспадарнікі!

— Загад ёсць загад.

— Разумна гаворыш. I калі крыўда на Лысюка ёсць — дарэмна. Райком партыі загад гэты паставіў — не Лысюк прыдумаў.

Упершыню пасля гаворкі з Лысюком Алег засмяяўся:

— Дзіва! Райком асабістае заданне Сверыну дае!

— Я не кажу, што асабістае. Людзей камандаванне, ведама ж, падбірала. I заданне гэтае толькі знешне простае. У Лысюка — бой. I ў нас бой, калі паглядзець і ўзважыць усё, не менш адказны.

— Адказнае дык адказнае,— сказаў Алег, хаваючы крыўду на Лысюка, якая зноў ажыла. Лысюк, значыцца, падбіраў людзей! Мог жа і каго-небудзь яшчэ паслаць да Гонты. А паслаў яго, Алега! I Гонта дарэмна суцяшае. Яму больш па душы той, першы, бой. Але ён атрымаў загад і будзе добра і шчыра яго выконваць.

— I наш бой, думаеш, лёгка выйграць? — вёў сваё Гонта.— Ты зірні наўкола. Вёскі папаліў гэты ірад, гэты Гітлер пракляты… Аблогаю поле ляжыць. Пустэча. А людзям жа есці трэба. I райком мудра прыдумаў: кожны атрад — узвод на пасяўную! Адны хлеб пасеюць. Другія — бульбачку пасадзяць. Бульбачку ж ты любіш?

Алегу прыгадаліся Лысюковы словы, і ён, адчуваючы, як у душы меншае крыўда, сказаў са смяшком:

— Дранікі я люблю!

— А я, браце ты мой, клёцкі люблю. Каб і скварачка там у іх, і цыбулька, кмен. I клёцачкі ў юшачцы густой, паварыстай. Клёцачкі калі лыжачкаю раскроіш — дух! Ажно галава кругам ідзе ад яго!

— Татка мой дужа клёцкі любіць.

— I ў маёй хаце яны невыводныя былі. Мая жонка іх рабіла па-царску. Але як гэта гаворыцца? I няўмека пячэ, калі з засеку цячэ. Галоўнае, каб засек — поўны. А гэта — цяжка. Бачыш, якою сілаю на бой працоўны? — ён кіўнуў галавою на дзве фурманкі, што каціліся ззаду за імі па дарозе.— Тры канякі ў нас усяго. А там жа — аблога! Маёй даваеннай брыгадзе — на поўны дзень работкі…

У голасе Гонты гучала даверлівасць, нават нейкая устрывожанасць, і Алег таропка, дужа ўпэўнена паабяцаў:

— Справімся!

— Як справімся, дык будзе відно. Але ж і папацець давядзецца.— Гонта ўздыхнуў.— Гэта ж, як і Лысюку за Дзвіною: не на гулянку выбраліся.

— А навошта вы мяне ўвесь час суцяшаеце?

— Нікога я не суцяшаю. Крыўдна часам. Некаторыя ж на наш гаспадарчы ўзвод скоса паглядаюць: спрэс лайдакі там, кажуць, сабраліся.

— Я гэтага не чуў.

— А мне даводзілася. Але я блізка тое да сэрца не бяру. I табе раю: крыўду ў сэрца не пускай.

Сваю параду Гонта выказаў без націску, тонам сяброўскім і спачувальным, быццам не толькі добра разумеў Алегаву крыўду, але і падзяляў яе, і лічыў, што Алег не мае права браць яе блізка да сэрца і не возьме.

— А я і не бяру!

— I добра робіш,— ухваліў Гонта.— Ты хлопец з галавою. Гэта — добра… Н-но, міла-ай!

Ён тузануў лейцы, потым зноў эаціснуў іх пад мех з бульбаю, адразу адключыўся ад ранейшай гаворкі і нечакана заспяваў па-ўкраінску, голасна і душэўна:

Дывлюсь я на нэбо та й думку гадаю:

Чому я не сокіл, чому не літаю?..

Песня была знаёмая Алегу. I дужа знаёмым было гэтае працяглае — «нэ-э-эбо-о-о-о» і нібыта бясконцае — «літа-а-аю-ю-ю-ю…», і гэтая пастава Гонты — галава схілілася амаль да пляча, вочы змружаныя, як засынае чалавек. I як імгненна адасобіўся ён ад усяго, бы раптоўна і адразу на ўсё забыўся. Не, вочы не змружаныя! Неяк прагна ўзіраюцца яны на поле, дзе трымціць сінявае, бы рэдзенькі туманок, мроіва — хоча чалавек як мага лепей усё разгледзець наперадзе. I які ласкавы, мяккі, летуценны голас… I як знаёма пахне насенне! Ані з чым не пераблытаеш пах бульбы, якую нядаўна выцягнулі з бурта. Саладжавы пах дужа… Гэтак заўжды вясною пахне ў хаце рассыпаная на падлозе пад акном насенка — каб хутчэй прарастала…

Алег пакратаў рукою мех, гузаваты ад бульбы і шмат дзе палаплены каляровымі латкамі, у радасным узрушэнні таксама змружыў вочы. Якое далёкае адразу зрабілася поле! I як дзіўна трымціць і вагаецца над ім мроіва, бы рэдзенькая, сіня-белая пара!

«I мы з тваім бацькам пад яблыняй гутарылі…»

Гонтавы словы выплылі нечакана, і ўспаміны пра той далёкі дзень, які нядаўна прыгадаў Гонта, зноў прыйшлі да Алега, і Алегу на нейкі міг здалося, што ён не едзе на дрыготкай фурманцы, а спяшаецца са школы дамоў. Ён бяжыць ад школы з крыўдай на свайго сябра, які прыляпіў яму дурную мянушку, бяжыць да свае хаты, за якой у гародзе поўным ходам ідзе праца,— бацька і маці саджаюць бульбу.

— Гэ-эй, памочнік! — гукае бацька.— Давай уключайся!

— А я плацую,— пахваляецца Сярожка, калі Алег падбягае да весніц.— Я ўсё злабіў…

Маці выходзіць з гарода, смеючыся, гладзіць Сярожку па галоўцы:

— Без яго б нам і не ўправіцца. Крэпка ён нам з татам памагае. Стаханавец! Спраўна гэтак насенку ў кош ладкуе, што мы саджаць не паспяваем. Што ў школебыло?

— Сачыненне пісалі.

— Ты зрабіў? — непакоіцца маці.

— Зрабіў. Вельмі лёгкае сачыненне.

— То і добра. Хадзем у хату, малака папі. А тады ўжо і работку будзем канчаць.

— I я хацу. I мне малака! — патрабуе Сярожка.

Маці супакойвае малога:

— Будзеце разам піць малако. Ручкі яму, Алежак, памажы памыць. Мый ручкі добра, Сярожачка!.. Малако ў сенцах, толькі што з паграбка прынесла…

Малако халоднае, смачнае. I хлеб смачны — духмяны, мяккі. I як жа добра сядзець на парожку сенцаў і запіваць гэты хлеб халодным малаком!

— Што ў школе было? — паўтарае матчына пытанне Сярожка. Глядзіць ён на шпакоўню, прыладжаную да вільчыка хлява. На шпакоўню прыляцеў шпак, пачаў чысціць крыльцы, і пёркі ў яго на шыі зіхацяць сінечай, як у сіваграка.

— Заняткі. Пісалі сачыненне. Ты хіба не чуў, што казаў я маці?

— Цуў. Я таксама пайду ў школу.

— Пойдзеш. Я табе свой ранец аддам.

— Не хацу. Мне татка новы купіць.

Бацька весела гукае з гарода:

— Ге-эй, мужчынкі! Канчайце палуднаваць. Работка стаіць. Нясіце насенку!..

Алег стаўляе кубачкі на стол, а Сярожка ўчапіўся ў кош з насенкаю, спрабуе ўзняць і несці; кош валіцца на бок, і бульба коціцца з яго на дол. Малы стаіць спалоханы, потым пачынае румзаць.

— А казаў, што ў школу пойдзеш. Таго, хто плача, у школу не бяруць.

— Я не плацу,— Сярожка пачынае ўвішна збіраць буяьбу.

Бульбу яны хутка абіраюць разам, і Алег цягне кош у гарод. У гародзе, па разорах, пырхаюць шпакі. Алег ідзе па растрэсеным перагноі, кладзе ў баразну бульбіну за бульбінай, і плуг завальвае насенку шырокімі скібамі тлустай чорнай аямлі.

— А бярыся, сыне, за плуг,— прапаноўвае бацька.

Маці пярэчыць:

— Не выдумляй, Лявон. Трэба хутчэй канчаць…

— Няхай паспытае. Няхай прагоніць парачку баразёнак. Ён у мяне заўтра на трактар сядзе. А тут — адна сіла конская. Саўладае! Бярыся, Алежак!

Напачатку ўсё ідзе добра. Але потым халодныя блішчастыя ручкі плуга выкручваюцца а далоняў, лямех, які паперла ўбок, глыбока ўразаецца ў зямлю і выварачвае рудую жарству. Бацька нацягвае лейцы, спыняе каня і сам бярэцца за ручкі плуга.

Прагнаўшы палавіну баразны, ён зноў аддае плуг Алегу, але лейцы не выпускае і адной рукой дапамагае сыну.

Сярожка таксама рвецца да плуга.

— I я хацу! I я хацу!

— Што будзеш з ім рабіць? — як з роўным, раіцца бацька і гукае: — Сюды, сейбіт! Разам будаем працаваць!

Сярожка становіцца ля плуга з аднаго боку, Алег — з другога, а пасярэдзіне ідзе бацька з лейцамі ў руках, кіруе канём, так яны праганяюць апошнюю баразну ў гародзе,

У гэты момант, калі яны гоняць апошнюю баразну, у гародзе і з’яўляецца Гонта.

Ён па-святочнаму апрануты, у шэрым гарнітуры і жоўтых блішчастых чаравіках.

— Э-э, у цябе ж тут, Лявоне, поўная брыгада працуе! — выгуквае ён, спыніўшыся ля яблыні.— Трэба, мабыць, заключыць умову і перакінуць вас на калгаснае поле.

Бацька таксама жартуе — яму дужа весела:

— Заключай умову. Любое поле табе засеем — брыгада ў мяне першакласная,— і ўжо тонам сур’ёзным: — Якія навіны ў раёне?

— А што раёну? Жыве і квітнее. А брыгадаір твой — адцвіў. На трыбуну ж, адурнеўшы, узлез. Ніколі ж не думаў, што драўляная трыбуна загайдацца можа. А яна — загайдалася пада мною. Паанесла мяне…

— Далёка панесла?

— Далей ужо і нельга. Туды, мусіць, і Макар цялятак не ганяў…

Дзіўная, не зусім зразумелая гаворка дарослых вабіць. Але бацька загадаў адагнаць каня на калгасную стайню. Хоць ты разарвіся! I паслухаць пра трыбуну, якая гайдаецца, карціць, і верхам на кані не кожны дзень даводзіцца ездзіць!

На стайню Алег едзе вуліцаю, а назад лупіць напрасткі цераз поле.

Маці з Сярожам у гародзе няма, засталіся адно бацька і Гонта — гамоняць пад яблыняй ля дэежкі з вадой. Сядзіць толькі бацька — кароткія аполкі, што пакладзены паверх дзежкі, засцелены складзенай у дзве столкі каляровай цыратай з кухоннага століка, і ён прымасціўся на гэтым седале,— а Гонта стаіць перад ім, прыгнуўшыся, цікуе дол ля сваіх ног, як бы нешта шукаючы.

— Ды можна даць тыя нормы! Можна! — бацька даводзіць гэта горача, быццам супакойвае Гонту.— Толькі ўсё абдумаць, як след памазгаваць…

Гонта гаворыць узрушана:

— Залаты ты, Лявоне, чалавек! Здам я табе брыгадзірства. I — гвазды!

— Брыгадзірства здаць лёгка. Цяжэй — галавою шурупіць, Слова даў, дык ужо ж не зловіш.— Бацька змаўкае, убачыўшы Алега, лагодна пытаецца: — Ну, памочнік, з каня не зваліўся?

Гонта смяецца:

— Мы твайму арлу — арол жа ў цябе хлопец! — сталёвага каня праз год дамо! Не, год чакаць не будзем — заўтра і дамо! Здужаеш гэтага каня, Алег Лявонавіч?

— Яму трэба шчэ навуку здужаць,— мякка перапыняе Гонту бацька.— Ідзі, сынок, займіся падручнікамі. I маці пакліч сюды…

Алег рыхтуе ўрокі на сваім звычайным месцы — ля акна, што выходзіць у сад. За яблынямі відзён блізкі зусім лес, і над ім вісяць пляскатыя белыя, як з паперы выразаныя, аблачынкі. Ён цікуе гэтыя аблачынкі, чытае верш, які трэба завучыць на памяць, і слухае, як спявае Гонта.

Потым памалу пачынае падпяваць бацька, і песня ў іх ідзе наладна, прыгожа…

Тую ж песню цяпер спявае Гонта. Не, змоўк, нечага ўздыхае.

— Ты чаго не падцягваеш? — папракнуў Гонта, узіраючыся ў сінявае мроіва над полем.— Слоў не ведаеш?

— Ведаю. Не ўсе, праўда.

— А вось бацька твой, памятаю, і слоў зусім не ведаў, а песня ў нас з ім адразу склалася. Харошы ў цябе бацька. Скончыцца вайна — будуць звесткі. Толькі якія будуць тыя звесткі — ніхто не ведае,— і, спахапіўшыся, што сказаў не тое, што трэба, паспешліва дадаў: — Добрыя ты атрымаеш звесткі. Бацька ў цябе смелы. Яго куля не зачэпіць.— Гонта зноў зацягнуў песню, але тут жа абарваў, пачаў расказваць: — Перад самай вайною, у сакавіку, мне пуцёўка выпала — на Чорнае мора. Паехаў. Санаторны пакой вялікі, светлы. Два трактарысты апроч мяне ў ім жылі — украінскія хлопцы. О-ой, мастакі спяваць былі. Мы на тэрасе ўвечары пасядзем, на мора глядзім, на сады. Вясна — ва ўсе застаўкі. Цёпла, сады ружовыя ад квецені. I мы з хлопцамі як урэжам песню — гэтую вось. Адтуль, з мора, я і прыхапіў яе, хвацкую такую песню. Люблю дужа… Э-эх, а каб ты хоць калі зірнуў, што гэта за прыгажосць — мора!

— А я бачыў.

— Як? — страпянуўся Гонта.— Калі? Стой, стой… Гэта ж вашаму класу прэміроўка была — у «Артэк» пуцёўка?

— Не ўвесь жа клас ездзіў. Толькі адно наша звяно — мы болей за ўсіх каласкоў на полі сабралі.

— Значыцца, на хвалях марскіх і ты пагайдаўся,— задаволена адзначыў Гонта.

— Не дужа.

— А чаго? Мора халоднае было? Там, між іншым, гэта здараецца.

— Не, цёплае. Але купаліся мала. Увесь час — зборы, паходы, гульні…

— Паехаў бы зноў?

— 3 ахвотаю!

— Тады вырашана,— цвёрда, з націскам прамовіў Гонта, і Алег не адразу сцяміў, што той жартуе.— Гэтае рашэнне і запісваем.

— Якое рашэнне?

— Паедзем зноў на мора. Вайна скончыцца — едзем. Сядзем з табою вось на гэтага рысака — і па-акацілі.

Алег, тоячы смяшок, падтрымаў жарт.

— Паедзем. Толькі калі ж дацягнемся. Зусім не блізкі свет!

— А што нам спяшацца? Будзем гарады глядзець, людзей, жыццё… Мяне ўвесь час наш камандзір атрада запрашае — у Адэсу да яго прыехаць. Але я хачу туда, дзе быў,— у Ялту. Значыцца, падпісана? У Ялту коцім...

— А можа, у Адэсу спачатку?

— А што ты думаеш? Сапраўды: спачатку — у Адэсу. Потым — у Ялту. Толькі глядзі, каб не перадумаў.

— Не перадумаю.

У жартоўных словах Гонты была дзіўная прыцягальная сіла, якая бурыла мяжу паміж рэальным жыццём і вясёлай прыдумкаю. Рабілася добра на душы і ўсцешна, лёгка і проста верылася ў далёкую, зманлівую будучыню.

Сапраўды, чаму не зрабіць тое, пра што гаворыць Гонта? Скончыцца вайна, вернуцца дамоў бацька, мама з Сярожкаю… Вернуцца? Куды вернуцца? На попелішча? Гэткія ж вось, як тут, узбоч дарогі, чарнеюць коміны на месцы роднай Рудні…

— Чаго, сокіл, засумаваў? — засмяяўся Гонта.

— Гляджу на коміны, на аблогу… Хаты былі, людзі жылі… А цяперка — пустэча…

— Значыцца, марыць залішне Гонта? Куды ж да мора таго ехаць, калі галаву прыхінуць не будзе дзе — гэтак думаеш?

— Прыблізна.

— Яно і сапраўды: аднаўляць спачатку ўсё давядзецца,— Гонта ўздыхнуў і голасам новым, цвёрдым і радасным дадаў: — Адновім. Усе разам павалімсм — і адновім. Жыццё наладзім, а потым і паедзем. Я ад свайго не адступлюся! Паедзем да мора — гэта точна табе кажу. Э-ээх, слаўныя будуць дзянькі! Давай мы песню з табою ўрэ-жам, га? Бісава ж песня, як тыя мае хахлы казалі, — і не заспяваў, а ціха, як разважаючы сам-насам, прамовіў:

I ласки у зірок, у сонця просить,

I в світі іх яснім все горе втопить…

Гонта памаўчаў, потым сказаў разважліва, але ў голасе прагучала горыч:

— Прасі ці не прасі ласкі ў зорак і сонца — адно і тое ж чалавеку. Ласку тую самому трэба здабываць, працаю. Калі ўжо здабыў — у тваіх руках і будзе.— Гонта пакруціў лейцамі, зноў зацягнуў песню спачатку:

Ды-ывлю-юсь я на нэ-э-э-бо-о-о…

Алег слухаў, як спявае Гонта, і глядзеў у сінюю прастору, над палямі, і яму зноў прыгадваўся той дзень, калі ён дапамагаў бацьку саджаць бульбу ля хаты. Хораша, аднак, спявае Гонта. Яны з бацькам тады ў садзе, помніцца, да позняга вечара спявалі. Сядзелі пад яблыняй — і спявалі. У атрадзе ж Гонта, здаецца, ніводнага разу не спяваў. А можа, спяваў? Ты ж у гаспадарчым узводзе мала калі і быў. А ў разведчыкаў — свае песні. Не, гэтую песню Лысюк таксама любіць, спявалі яны яе шмат разоў. Мелодыя дужа лёгкая, напеўная. А вось словы — не ўсе ў памяці…

Ад песні раставала крыўда на Лысюка. Сапраўды, няма тут, відаць, аніякай віны яго, не прыдумляў жа, бясспрэчна, для Алега спецыяльна гэтае заданне ніхто, і не адзін ён, Алег, едзе зараз на палявыя работы. I Гонта правільна гаворыць: адказнае заданне ў іх, важнае — працоўны бой.

I дарэмна ён, Алег, звысака глядзіць на гаспадарчы ўзвод: у гаспадарнікаў свае задачы, і задачы дужа важныя, і праца іх таксама дужа адказная і патрэбная.

Адчуванне важнасці будучай працы настройвала Алега ўзнёсла, на добры лад, і ён спяваў, і глядзеў у сінявае мроіва над полем, і марыў пра светлыя дні, што чакаюць яго наперадзе і зычаць весялосць і радасць.


3

Ссунуўшы на самую патыліцу фуражку, павернутую казырком назад, Гонта хутка і лёгка ішоў за плугам, насвістваючы нейкую вясёлую, не знаёмую Алегу мелодыю. Лейцы, звязаныя ў канцы тоўстым вузлом, ён надзеў на шыю, і толькі зрэдку, калі трэба было павярнуць каня, фасоніста тузаў іх адной рукою.

Алег ішоў следам за ім і ледзьве паспяваў выхопліваць з лазовіка шархоткія, як угрэтыя, бульбіны і заціскаць іх у свежую разору — Гонта ўжо гнаў новую. Аблашчаная сонцам зямля, цёплая і пахкая, сыпалася на боты, на рукі, і кожны дотык пальцаў да сыпкай глебы быў прыемны. Ля крушні, на якой буйна цвілі яблыні-дзічкі, глеба была халаднейшая, вельмі вільготная, наліпала на ранты ботаў і нават на халявы. Зямля тут увогуле была зусім іншая, чым на астатнім полі — глеісты падзолісты сіпак: плуг пакідаў на ім гладкія, тлустыя палосы, і яны масляніста блішчалі: сіпак асабліва моцна як прыклейваўся да падэшваў ля каблукоў і толькі ў канцы разоры, на сухім ужо, адвальваўся спрасаванымі шэрымі аладкамі, прашытымі жоўтымі ніткамі карэння травы.

Муляў плечы карабін, час ад часу спаўзаў, звальваўся з пляча і балюча біў па каленках. Алег рэзкім рухам папраўляў яго, абціраў рукавом твар. Няблага было б перадыхнуць. Але няёмка прасіць Гонту — пачне пацвельвацца: здаеш, маўляў, пазіцыі. А яго дык і стома не бярэ, не ідзе, а бяжыць за плугам. Не, прыпыніўся, урэшце.

— Чаму прыпынак? — спытаў Алег, хоць і быў узрадаваны нечаканай магчымасцю адпачыць.

— Мо зробім маленькі сняданак? Ты, гляджу, змакрэў, хоць выкручвай.

Алегу не хацелася, каб Гонта рабіў перапынак толькі дзеля яго. Спачатку трэба дабіць свой клін. За вольхамі ўнька як ціснуць! Бегма шнуруюць за плугам.

— Ты на іх не глядзі,— запярэчыў Гонта.— Там мужыкі — карчы. Яны да зямлі дарваліся, дык цяперака іх і танкам не спіхнеш… Тпру-у-у… Стой!

Гонта, не скідаючы лейцаў з шыі, сагнуўся, узяў чорны глыж, пачаў нюхаць яго, быццам трымаў на далоні смачную лусту; губы выгнуліся, ноздры раздзьмуліся.

— Перастояла зямелька,— прамовіў ён заклапочана, пераціраючы ў пальцах зямлю; дробныя камякі суха зашархацелі па яго ботах.— На тыдзень раней каб… Як на тваю думку, га? Як ты лічыш?

Запытанне было без ценю насмешлівасці і перавагі. Алег таксама ўзяў у рукі чорны глыж з разоры, гэтак жа, як і Гонта, панюхаў зямлю і пачаў павольна расціраць яе ў пальцах.

— Ды не. Самы, здаецца, акурат… Бачыце, крохкая якая,— прамовіў ён і адчуў, што яму прыемна казаць гэта.— Ля крушні, праўда, не сагрэлася як след — ад дзічак засень, снег, мабыць, доўга не раставаў. Ажно пальцы студзіць, калі бульбіну там кладзеш…

— Два гадочкі поле гуляла. Бульбачкі на-а-расце — паспявай выграбаць.

— Яна тут сопкая павінна быць. Калі па лубіну бульба ідзе — родзіць. I дужа сопкая.

Гонта прамовіў задаволена і ўхвальна:

— Маеш, братачка, да зямлі смак. Табе пасля вайны на агранома трэба кірунак браць. Пойдзеш на агранома?

— Не думалася пра тое.

— Фю-ю-ю,— Гонта прысвіенуў.— I мары аніякай яе маеш?

— На капітана хацелася пайсці… Каб па моры плаваць.

— А што? Няблага. Як прыеду к табе ў госці, дык хоць пакатаеш па моры.

— Мы ж ужо дамовіліся,— пажартаваў Алег.— Пасля вайны разам туды рушым.

Гонта сказаў сур’ёзна:

— Гэта — на адпачынак. А заставацца там я не збіраюся. Я без гэтых сваіх лясоў саржавею, як стары цвік… Ну, пагналі далей!..

3 кожнай новай разораю лазовік у Алегавых руках рабіўся ўсё цяжэйшы, бульбіны часцей і часцей чапляліся тоўсценькімі фіялетавымі парасткамі за беражкі каша, і поле быццам выцягвалася і даўжэла, і шырэлі, вагаліся перад вачыма блішчастыя, як маслам змазаныя, шырокія скібы глеістага сіпаку.

Спяшаючыся, каб не адстаць ад Гонты, Алег ужо не гэтак асцярожна, як раней, выхопліваў насенку з каша і не гэтак клапатліва, як напачатку, заціскаў кожную бульбіну ў разоры. Азірнуўшыся, ён убачыў, што бульбіны пакладзены няроўна, і аблаяў сябе. Ты што ж гэта, лайдак, робіш? Абы-як працаваць пачаў! Стаміўся, бачыце, бедачок. А Гонце лёгка? А Лысюку за Дзвіною лёгка? Двойчы ж атрад спрабаваў узарваць той мост на чыгунцы, па якім зараз фашысты гоняць на захад эшалон за эшалонам, вязуць тое, што нарабавалі ў людзей. Без бою да таго места не падысці. Але ж нешта не чуваць бою. Можа, пераправіцца не ўдалося?.. Лысюк ды каб не пераправіўся? Смеху варта! Лысюк усё зробіць! Лысюк заўсёды робіць як след. I ён, Алег, павінен выканаць сваё заданне як след, зрабіць усё так, каб потым не было сорамна.

Адразу лягчэй зрабілася ад гэтых думак, і кош быццам палягчэў, і бульбіны пачалі класціся роўна, і Гонта ўжо блізка — цяпер можна ісці амаль след у след, як і на пачатку працы.

— Ты пастаў карабін,— параіў Гонта.— На калёсы пакладзі, каб не замінаў. Наўкол тут ціха…

— Вам жа аўтамат не замінаё.

— За плугам ідзеш, дык ён спакойна за плячыма вісіць. А табе ж згінацца ўвесь час.

— Нічога, я з карабінам сваім сябрую.

— Ну, як хочаш. Хвілінку пастаім. Нешта конь наш упрэў ад гэткай аблогі — цяжка ідзе плуг…— і раптам сказаў зусім іншым голасам, поўным радаснага захаплення: — А ты зірні на яблынькі! У-ух ты, як жа ўбраліся яны ў белае! 3 гэтага канца дык яны ж зусім іншыя!

Гонта рукой, у якой былі сціснуты лейцы, паказаў на яблыні — там на вострых камянях, што вытыркаліся з маладой травы, стаялі калёсы. Адсюль, з канца поля, крушня была падобна на востры клін, што вылузнуўся з лазнякоў па-над берагам Дзвіны. Здавалася, з той зялёна-жоўтай заглушы густых зараснікаў над рачным узвалам выплыў і марудна сунецца на чорнае ворыва шырокі човен пад белымі ветразямі.

Алег адразу ж разгадаў просты і немудрагелісты Гонтаў манеўр.

Знарок ён спыніўся, знарок захапляецца тымі дзічкамі. Хоча, мабыць, каб Алег адпачыў!

Зрабілася прыкра і непамысна. Гонта, значыцца, па-ранейшаму лічыць, відаць, што ён, Алег, хлапчук! А ён — дарослы чалавек! Разведчык, якога ўсе ведаюць у атрадзе. Пры сустрэчы з Гонтам Лысюк, напэўна ж, запытаецца, як тут працаваў яго падначалены. I Лысюку прыемна будзе пачуць, што памочнік у Гонты быў першакласны. Таму няхай Гонта кідае свае наіўныя хітрыкі! Алег не стаміўся і не стоміцца!..

Але што гэта? Ці не бой ужо?..

За Дзвіной грымнуў моцны выбух. Следам за водгуллем, што яшчэ кацілася па наваколлі, гучна і суха застукацеў кулямёт; як боб па блясе, пасыпалася дробнае турканне аўтаматаў.

— Нашы! Нашы гэта! — Гонта схамянуўся, узрушаны, і, быццам Алег нічога не чуў, зноў паўтарыў: — Нашы гэта! Значыцца, скапуціўся мосцік, дзякуй богу!

Алег хутка паставіў, як не кінуў, кош на дол, паправіў карабін за плячыма і, адчуўшы даланёю халаднаваты гладкі прыклад, са шкадаваннем сказаў:

— Э-эх, каб туды зараз!

— Пакуль мы туды даскочым, там, браце ты мой, усё скончыцца,— і Гонта, імгненна нагнаўшы на твар устрывожанасць, забурчаў: — Варушыся, варушыся! Не кідаць жа тут поле недаробленае. Трэба выконваць тое, што загадана…

Голас Гонты прагучаў цвёрда, незадаволена, быццам Алег усур’ёз падбіваў яго на тое, каб кінуць усё і рынуцца туды, дзе грыміць бой, і ён, Гонта, змушаны даводзіць тое, што добра вядома. Алег зноў, як тады дарогаю, падумаў аб тым, што Гонта гаворыць гэта наўмысна, падкрэсліваючы, што ён, Гонта, таксама хоча быць там, за Дзвіною, у сапраўдным баі, але мае пэўны загад свайго камандзіра, разумее гэты загад, верыць у тое, што ён правільны, і сумленна выконвае пастаўленую задачу.

Водгулле выбуху аціхла. Але страляніна гусцела і распаўзалася. Алегу падалося, што сінявае мроіва над лазнякамі неяк раптоўна парадзела, і сіні лес, што грабеньчыкам падсек далягляд, здаваўся цяпер дужа блізкім; дужа блізкім выдавала яго і доўгая, як верацяно, белая аблачына, што як бы лягла паміж лесам і лазнякамі, звязаўшы іх тоўстым ручніком.

Прыслухоўваючыся да гукаў бою, Гонта пачаў усё часцей і часцей тузаць лейцы, пакрыкваць на каня, не спыняўся нават на канцах поля і, хутка павярнуўшы плуг на ўзмежку, тут жа гнаў новую баразну. Час ад часу ён аўіраўся, быццам правяраў, ці не адстаў Алег, кідаў каротка і ухвальна:

— Добра, братачка! Добра!

3 кожнай новай разорай у Алега цяжэлі змакрэлыя ад глеістага сіпаку боты. Цяжэў і лазовік. Пот рэзаў вочы, і яны пачыналі слязіцца. Дзіўна блішчастай рабілася ралля, бы прыкрытая зверху мокрым блакітным полагам. Карцела спыніцца, легчы на ўзаранае поле, астудзіць на ім разагрэтае цела. Але Гонта як апантапы гоніць баразну за баразной, і нельга адставаць, нельга і на хвілінку прысесці. Як ты прысядзеш, калі там, за ракой, грыміць бой! I тут, на полі, яны таксама вядуць бой. Працоўны бой!

Чэргі за ракой ужо сыпаліся радзей, потым грымнулі два глухія, не вельмі моцныя, выбухі, і страляніна перасунулася ў правы бок, чулася цяпер зусім не там, дзе пачалася.

Гонта адразу прыпыніўся.

— Нешта зацягнулася ля моста. Можа, няўдача якая? — спытаў заклапочана, развязваючы вузел на лейцах.

— Быў жа выбух!

— Добра, калі ён быў там, дзе трэба. Мост фашысты аднавіць гэтак хутка не паспеюць — фронт падцісне, і тады ім тут поўны капут: нічога не вывезуць… Але ж нечага унь куды павярнула страляніна.

— Узарвалі і адыходзяць. Хутка даведаемся, што там і як.

— Ты кладзі, кладзі насенку. Зараз ужо і завершым.

Як толькі шэры ланцужок бульбін у апошняй разоры заваліў пласт рыхлай зямлі, Гонта адразу ж, дужа паспешліва, падагнаў каня да калёс, пачаў адчапляць плуг. Алег кінуў лазовік на пустыя мяхі і зморана апусціўся на каменне, ля якога густа дралася цёмна-зялёная мятліца. Ляжаў на спіне, раскінуўшы рукі, варушыў пальцамі зялёную шчотку маладой травы.

Гонта сярдзіта накрычаў на яго:

— Што гэта ты ўдумаў?! Разагрэты ды на сырой зямлі распластаўся. Скруціць у гарбыль. На калёсы кладзіся, каб на сухім.— Ён раскілзаў каня, накінуў канец лейцаў на ручку плуга, заклапочана паглядзеў у бок ракі, паўтарыў тое, пра што ўжо казаў:— Нечага унь куды павярнула страляніна… I аціхла зусім. Мо нявыкрутка ў хлопцаў якая?.. Э-э, куды цябе гоніць! — Ён, сагнуўшыся, злавіў лейцы, якія конь цягнуў па траве, зноў зачапіў іх за плуг.— Не стаіцца яму, да вады цягнецца. Няхай абсохне, а потым напоім,— махнуў рукою на каня.— Скубі травіцу.— Спытаў, павярнуўшыся да Алега: — А мо і нам чаго скубануць?.. Е хлеб і каўбасачка…

— Тады трэба ўсіх клікаць. Але ж яны некуды сабраліся.

— Дзе? — здзівіўся Гонта.— I праўда. Падбягу я да іх… А ты — рыхтуй харч. Хлеб і каўбасачка тут, у мяшэчку. Чай — у біклажцы…

Гонта перабег узмежак і схаваўся за рэдкай палосай старых скрыўленых вязаў. Неўзабаве вярнуўся, сеў на калёсы побач з Алегам, наліў з біклажкі ў алюмініевы кубачак чаю, выпіў адным дыхам, сказаў, выціраючы губы даланёю:

— Не дурні, скажу табе, і немцы гэтыя. Ніколі ж я да вайны халоднага чаю не піў. Яго ж прыемна папіць.

— Адны будзем перакусваць?

— Адны.— Гонта сачыў за тым, як Алег кроіць нажом цвёрдую, бы дрэва, кілбасу, потым прамовіў са шкадаваннем: — Паехалі на Доўгае поле. Там, сказалі, будуць абедаць.— Ён узяў скібку хлеба, паклаў зверху колца кілбасы, але адкусіць не здолеў, пакроіў нажом кілбасу на тонкія скрылёчкі, па адным клаў у рот, марудна жаваў. Нечакана засмяяўся: — Ну і народ! Гэта ж, ведаеш, з чаго яны ў амбіцыю паперлі і не схацелі разам з намі падсілкавацца? 3 таго, што абштопалі мы з табою іх, і як мае быць!

— Разам жа скончылі садзіць!

— А ў нас шнур даўжэйшы! Вось ім і крыўдна,— і прамовіў ухвальна, задаволена: — Ты, скажу табе, на работу — зух. Далажу гэта Лысюку…

— А навошта?

— Няхай ведае: малайчына ты на сто працэнтаў. Так што калі бульба вырасце, мы з табою сюды прыкоцім і запатрабуем у старшыні дранікаў. Са скваркамі! 3 цыбулькаю! Тыдзень гасцяваць будзем!

— А мора як жа?

— Мора, мора! — Гонта, весела і дабрадушна смеючыся, заківаў галавою.— Спачатку, безумоўна, мора. А як адтуль вернемся — дранікі і гатовы. 3 маладой бульбы дранікі. Царская ежа! Не параўнаеш з каўбасачкай гэтай.

— Не сказаў бы, мне кілбаска падабаецца, вельмі ж смачная. Духмя-яная…

— А што, сапраўды добрая каўбасачка? То-та! Некаторыя думаюць, што Гонта, маўляў, лынды б’е ў сваім гаспадарчым узводзе,— ён марудна, моршчачыся, пражаваў, запіў чаем, пачаў павольна завінчваць вечка біклажкі.— Праз гэтую каўбаску, братачка, мне шмат ночаў сну не было. Атрад жа, лічы, на мне: і накарміць трэба людзей, і адзець, і каб на ногі што было… Рознага клопату і тлуму — процьма. У разведцы, скажам, што? Пайшоў, рааведаў, далажыў… А зімою, у лютым,— пра блакаду гэтую шчэ й чуваць не было! — мне Шараў наш, ведаеш, які загад лупянуў? «Кожнаму партызану — энзэ на дзесяць дзён». А гэта ж і сухароў насушыць, і каўбаскі сухой, каб няцяжка было цягаць, нарыхтаваць, і біклажкаю кожнага забяспечыць… Давялося нам пакруціцца. Але загад выканалі: і сухароў насушылі, і каўбасачкі. Бачыш? Важыць зусім мала. А кавалачак з’еў, чаю глынуў — ужо і не галодны. I ваяваць можаш тады. Калі жывот пусты — благі ты ваяка.

— Кілбаса дужа смачная атрымалася. Першы гатунак!

— А мне, лічы, дык і не па зубах. Баляць дзясны, не магу жаваць.— Гонта пачаў церці пальцамі шчокі, моршчыўся, сіліўся стоіць боль.— Летась пачалося, як без солі вясну сядзелі.

— У мяне балелі таксама. Купарос і пупышкі з сасны ўратавалі. Загаіліся.

— Малады, таму і гоіцца. I без солі цяпер не сядзім…

Гонта зноў зморшчыўся, прыціснуў руку да шчакі, і скура пад пальцамі ў яго дзіўна збялела. Алег упершыню ўбачыў у вачах Гонты непрытоеную скруху і з абвостраным шкадаваннем падумаў пра тое, што паводзіў сябе сёння ранкам блага і недаравальна пыхліва. Гэтак размаўляць з Лысюком! А да Гонты як ён паставіўся быў? Як дурное, неразумнае хлапчанё!

— Ці не пагнаць каня да ракі? — спытаў Алег і злез з калёс. Ён, адчуваючы сорам і згрызоту, ухапіўся за гэтую думку, як за адзіную мажлівасць сысці з вачэй Гонты.— Стаміўся конь…

Гонта пакруціў галавою:

— Да ракі цябе цягне. Паглядзець, ці не ідзе Лысюк? Дык яны ж ля Чорнага ручая перапраўляюцца. Далёка…

— Я ведаю. Мне каня шкада. Ён піць хоча…

— Але… Прыбіўся гладка. Сюды б майго даваеннага каня. Жалезнага! Памятаеш, як ты яго ледзьве не ўхайдокаў? О-о-ох, зазлаваў жа я тады. А потым — дурны смех апанаваў. Добра, што ты не разгубіўся…

Напамінак пра здарэнне з трактарам быў непрыемны, і Алег зноў паўтарыў, каб змяніць гаворку:

— Думаю, не рана паіць каня…

— Крышку, відаць, ранавата. Э, чуеш? Маторы гудзяць. Не, аціхлі. За ракой, здаецца.

Алег прыслухаўся, потым прамовіў упэўнена:

— Ды не, бліжэй недзе. Падскочу на бераг, зірну.

— А што ты там убачыш? Лазнякі. Лепей кладзіся і адпачывай. Нас яшчэ поле пад Венцавым чакае.

— Пад Венцавым? — здзівіўся Алег, упершыню пачуўшы ад Гонты, што ім давядзецца садзіць бульбу яшчэ і на другім полі.— Там жа з шашы ўсё як на далоні відаць! Урэжуць з кулямётаў…

— А мы — увечары, калі туманку нацягне ад ракі. Насенку туды падвязуць. У лясок падвязуць,— ён пачаў патрэсваць сена на калёсах — пад галаву.— Сянцо ўгрэлася на сонцы! Бы ўлетку. Кладзіся…

Гонта адкінуўся на спіну, звесіў з фурманкі ногі, гучна і доўга пазяхнуў і прыкрыў галаву фуражкаю; фуражка схавала ўвесь твар, уперлася казырком у падбародак, потым памалу спаўзла на краёк падбародка і сагнула зашмальцаваным брылем правае вуха, зрабіла падобным на чырвоную лісціну.

Гонта адразу ж задрамаў, з ціхім прысвістам цёпкаў губамі, потым дыханне яго замарудзілася. Але было глыбокае, і ў такт дыханню рытмічна выгінаўся горбам і ападаў верх фуражкі, выцвілы на сонцы, амаль белы, з чорнымі кароткімі пісягамі.

Алег прымасціўся ўпобачкі ля Гонты, адчуваючы да яго нейкі дзіўны давер. Цяпер ён канчаткова паверыў у выключную важнасць задання, якое выпала ім з Гонтам. Садзіць бульбу пад самым, як гаворыцца, носам у немцаў! Гэта і смела, і дзёрзка! Гэта ўжо сапраўдная справа. I рызыкоўная!

Як жа добра ляжаць на ўгрэтым сонцам сене! I які густы блакіт над галавою! I як меладычна гудуць-звіняць над дзічкамі пчолы! Белыя верхавіны яблынь зырка асветлены сонцам і здаюцца дужа далёкімі і маленькімі, нібыта растуць не на зямлі, а недзе ў нябеснай сінечы, і на галіны пачапляліся белыя, бы злепленыя з наздраватай пены, аблокі. Была ж і летась вясна, і пазалетась… I былі ясныя, чыстыя дні… Але вось такога празрыстага неба, здаецца, і не было ўсе гэтыя доўгія і цяжкія гады вайны.

Сінеча вабіла, закалыхвала, прыносіла спакой, добрыя і гаючыя думкі. Зусім мала ўжо застаецца грукацець пад ясным сінім небам вайне: капут ёй, як кажа Гонта, поўны і сапраўдны. Фронт блізка, і бульбе, што зараз лягла ў цёплую вясновую глебу, расці пад мірным небам. Ужо і гэтаму полю не давядзецца болей чуць грукату выбухаў, посвісту куль… Якога ж гэта калгаса поле? Трэба папытаць Гонту. А мо ён не ведае? Не, Гонта ўсё ведае, усё ў памяці трымае. Нават той выпадак з трактарамі! Перад самай жа вайною было — нейкі тыдзень да пачатку. Брыгада Гонты тады баранавала папар. Бароны ці драпакі былі ў той дзень прычэплены да трактара? Не, яны ж, драпакі, не былі прычэплецы ўвогуле. Гонта спыніў Алега — Алег бег да ракі — і папрасіў прыўзняць драпакі, каб іх лягчэй было прычапіць да трактара…

Нейкае дзіва адбываецца сёння — незвычайна яскрава прыгадваюцца Алегу дні даваенныя, і асабліва гэты, калі брыгада Гонты баранавала папар. За ўзмежкам, што адгараджваў папаравы клін ад ручая, буяў густы россып падбелу. А папар быў увесь жоўты ад свірэпкі, і Гонта стаяў у ёй, быццам заблытаўся нагамі ў ядранай квецені. Выцер рукі, схаваў замасленую анучу ў кішэню, закурыў.

— Галаўнёў, значыцца, сцёбаць нацэліўся? Бяруцца ж хоць?

— На камара цяпер ловім. Добра.

— А на кані маім не хочаш праехаць?

— Я ўжо ездзіў. Мне татка цэлую гонку на ворыве дазволіў!

— У-у! Ты, выяўляецца, сапраўдны трактарыст.

— Я і разам з таткам ездзіў. I адзін учора імчаў!

Бацька і раней прывучаў Алега да трактара. Расчулены ж гаворкаю з настаўніцай, якая і яму расказала пра выдатнае Алегава сачыненне, ён сапраўды дазволіў яму праехаць адну гонку. Поле там было роўнае, трактар добра слухаўся кожнага руху рукі, і плугі аніводнага разу по ўзбіліся на камень, ішлі роўненька, бы па шнурочку адвальваючы шырокія пласты. Увечары бацька, задаволепы, доўга расказваў дома за вячэраю пра тое, як Алег працаваў на трактары. Бацькавы словы ўспрымаліся зусім натуральна. Так, ён, Алег, бацькаў памочнік і сапраўдны трактарыст.

Бацька казаў усё гэта з гонарам. А Гонта казаў з нейкаю прытоенай кпінаю, глядзеў паблажліва, быццам увесь час падсмейваўся.

— I адзін нават? У-у-ух ты! Пакажы ж мне гэтае высокае майстэрства, сапраўдны трактарыст!

— Магу паказаць. Няцяжка…

Гонта не сышоў з трактара, сеў побач з Алегам на жалезнай скрыні ля правага кола. Бацька дык не сядзеў! А гэты — не давярае, баіцца. I неяк дужа ж хвалюешся, калі табе ў спіну глядзяць, за кожным рухам сочаць. I няхай Гонта сочыць! Трактар слухаецца, ідзе роўна. Цяпер толькі ў канцы поля павярнуць як след. Бацькаў трактар значна цішэй гудзе. Але гэты паварочваецца лягчэй…

Гонта нейкі час моўчкі сачыў за Алегам, потым выгукнуў узрушана:

— Кідай ты ў багну сваіх галаўнёў. Давай да нас, у брыгаду! Ай ды Алежак! Ай ды Лявонаў сын! Гатовы трактарыст! — і ўжо сур’ёзна, без ценю жартаўлівасці: — Гані цяперака на той край. А я тым часам бочкі на дарогу падкачу. Па іх машына павінна прыехаць. Нашто ж ёй папарам коўзацца, я на дарогу іх выпру…

Алег пачаў спяваць ад радасці, як толькі застаўся адзін на трактары. Сапраўды, трэба кідаць тыя вуды і садзіцца на гэтую вось машыну. Як хутка ідзе трактар! Цяпер вось тут, ля ўзмежка, трэба павярнуць улева — па новую гонку. Але што з трактарам робіцца? Нейкая глыбокая разора… I зямля глеістая, пярэднія колы ажно схаваліся ў ёй. І трактар, як дурны конь, занатурыўся… Трасе яго і падкідвае. I дужа ж раве матор. I зусім не слухаецца трактар, прэ на бярозы! А там, за тымі дрэвамі, роў глыбокі… Гонта бяжыць цераз поле. Трасе кулакамі. I роў блізка! Трэба павярнуць! Іначай — канец! Іначай —зваліцца ў роў трактар! Як жа яго павярнуць! Не паддаецца ж зусім ён, не хоча слухацца! Не, паварочваецца!..

«Я павярнуў яго! Я павярнуў яго!»

Алег нават не зразумеў, як гэта адбылося, адчуў толькі, што трактар зрабіўся паслухмяны: выраўняўся, пайшоў цішэй. I матор ужо не грымеў, працаваў рытмічна. I якую роўную чорную палосу пакідаюць за сабой драпакі. I як блізка Гонта! I які злосны ў яго твар! Ну, зараз ён зробіць уклейку! Э-э, у цябе ж дрыжаць рукі. Не, гэта ад напружання, ад таго, што грукоча матор!..

Гонта, ускочыўшы на трактар, стаў за Алегавай спінаю, шумна, зморана дыхаў. Нават праз гул рухавіка было чуваць яго сіпатае дыханне. Але ж чаго маўчыць Гонта? Збіраецца, мабыць, з сіламі, зараз пачне лаяцца…

— Гані, гані, хлопец! — Гонта зарагатаў, радасна затрос Алега.— Добра. Асядлаў ты яго, ідала! Давай яму жызні! Дава-а-ай!..

Трактар марудна поўз уверх па схілу поля. Аднак Алегу здавалася, што ён імкліва імчыць па жоўтым разліве свірэпкі, і гэтак жа імкліва ляціць, імчыцца насустрач яму блакітнае неба з-за ўзгорка…

Увечары бацька, які даведаўся — аб усім падрабязна далажыў Гонта — пра здарэнне на полі, хмурна загадаў Алегу:

— Болей на трактар адзін не садзіся.

— Чаму? Гонта кажа, што я добра асядлаў трактар.

— Ён мне папарасказваў пра гэтае тваё сядланне. Ты ж траха ў рове не быў! А каб зваліўся? Галава твая не ацалела б у тым рове. I Гонту ж тады — пад суд!

— А ён мяне не лаяў. Аніводнага благога слова не сказаў.

— Затое я кажу,— яшчэ больш хмурна адсек бацька.— Трактар — не забаўка. Спачатку навучыцца трэба як след. Зразумеў?

— Ну…

— Па-людску адказаць не мошаш?

— Так, зразумеў.

— Гэта добра, што зразумеў,— і ўжо лагодна, са смяшком: — Носа толькі не вешай. Навучышся… Абы ахвота была…

Як выразна ўсё прыгадалася! I голас бацькі, і грукат трактара, што занатурыўся, быццам спуджаны конь, і смех Гонты, і жоўтае ад свірэпкі поле… Але ж матор гудзе сапраўды! Недзе блізка вуркоча!..

Алег прыўзняў галаву, потым імкліва сеў. Ад гэтага яго руху падхапіўся Гонта, прыўзняў фуражку, спытаў, быццам і не драмаў зусім:

— Чаго табе не ляжыцца?

— Зноў матор пачуў. Але цяпер — не чуваць. Як на Дзвіне недзе. Пайду да ракі, зірну.

— Карабін прыхапі абавязкова. I не вытыркайся дужа, асцярожна…— Гонта зноў адкінуўся на спіну, закрыў твар фуражкаю, і ўжо адтуль, з-пад фуражкі, прагучаў яго кароткі загад: — Адгані каня ад крушні. За вольхамі травіца добрая. Туды адгані.

— Мо напаіць?

— Пазней гэта, пазней. Угрэтага каня — вясковы ж хлопец, ведаеші — паіць нельга… У лажок яго адвядзі. За бярэзінай там канюшынкі поўна. Папасвіцца, а тады і да вады падгоніш…

Алег звёў каня ў лажок за бярэзінай, прывязаў канец ляйчыны да лазіны і, агінаючы ўзаранае поле, пасунуўся на бераг ракі.

Пасля вясновай паводкі Дзвіна яшчэ не ўвайшла ў берагі. 3 жаўтлява-бурай вады тырчала пад берагам тонкая шчэць чырвоных лазнякоў, і яны ўвесь час трымцелі ад плыні, быццам там, на глыбіні, нехта бесперапынна трос іх. Ля вады не адчувалася той задухі, што разморвала на полі, затуленым з усіх бакоў дрзвамі; дзьмуў вецер, парывісты, свежы, нават халаднаваты. Але густы і п’янкі водар чаромхі і замакрэлых лазнякоў увесь час трымаўся пад узвалам, і дыхалася тут лёгка, і Алег дыхаў на поўныя грудзі, адчуваючы, як чэзне, знікае стома.

У маленькай затоцы, дзе вада была спакойная, як без плыні зусім, стаіўся шчупак. Напачатку нават падалося, што чарнее над вадой нейкае доўгае паленца. Алег прыгнуўся, каб лепей разгледзець. Сапраўды, шчунак! Але ж і здаравенны! Э-э, каб яго неяк выхапіць з вады! Затока ж мелкая, трава нават на дне зелянее… Трэба яго ад глыбі адрэзаць…

Алег асцярожна ступіў бліжэй да вады. Гайданулася лазіна, якую ён зачапіў карабінам, і ў той жа міг шчупак чорнай маланкай знік у глыбіні. 3 дна ўзнялася і пачала расплывацца па затоцы слаёная рудавата-белая каламуць; глыбінная плынь, зусім не прыкметная на паверхні, хутка расцягнула яе, і вада ў затоцы зноў зрабілася па-ранейшаму чыстая і ціхая.

Алег сеў на беражку і стаіўся. Мо варта пачакаць? Не, відаць, шчупак той далёка ўжо недзе. Трэба памыцца і ісці на поле.

Ён вышараваў далоні жвірам, потым памыў твар і, атрэсваючы рукі, пачаў узнімацца на ўзвал. Халодныя кроплі скочваліся за каўнер, прыемна казыталі скуру. Вада, аднак, у рацэ яшчэ не ўгрэлася — не паплаваеш. Але памыцца — добра: стомленасць быццам рукою здымае. Трэба пабудзіць Гонту, няхай і ён вадзіцаю вясновай асвяжыцца.

Сцяжынка крута брала ўправа, абмінаючы лазнякі, і Алег схапіўся рукою за тоўстую галіну і адхінуў яе — наважыўся ісці напрамкі. Сагнуў галіну і знерухомеў, пачуўшы строкат матора.

«Матор?.. Гэта ж матор на рацэ!»

Гул матора ўзнік раптоўна, і цяпер матор тарахцеў дужа блізка, быццам за спінаю, і Алег імкліва азірнуўся. Вецер сагнуў лазнякі, і ў гэтым светлым прагале ён убачыў човен, у якім сядэелі салдаты ў чорным адзенні; на сонцы зіхатліва бліснула сталь зброі.

У Алега перахапіла дыханне. Фашысты перапраўляюцца сюды! I тады, як матор ля крушні быў чуцён, маторка ішла! Ці чуе ж хоць Гонта? Чуе? Ён жа спіць ля крушні на калёсах!

Трымаючы карабін у правай руцэ, Алег ірвануў па ўзвалу ўверх, выбег на зялёны клін нізенькай густой канюшыны і прысеў, адкрыўшы ад нечаканасці рот. Фашысты і тут, на полі!

Ён скаціўся па канюшыне назад у лазнякі і, прыгінаючыся да зямлі, левай рукою працёр вочы. Мажліва, падалося яму ўсё?.. Не, не мроіцца нічога! Нікуды не знікаюць постаці ў чорным адзенні, сунуцца крадком, туляцца за вязамі… Але ж адкуль узяліся тут фашысты? Хай сабе і з неба зваліліся — табе цяпер усё роўна. Трэба пільнаваць, куды яны пруць! Трэба думаць пра адно: як з бяды выбавіцца… Хіба ж не бачыш, як паварочваецца ланцужок у бок крушні? Там жа Гонта спіць! Яны фурманку заўважылі, да яе і пруць! Не, фашысты раней іх заўважылі, з таго боку заўважылі і яго, і Гонту, і тых партызанаў, што на суседнім полі працавалі. Вось і пераправіліся, каб захапіць знянацку. Але няўжо Гонта іх не бачыць? Не! Не можа ён іх бачыць, бо дзічкі поле затулілі. Ды каб дзічкі поле не затулялі, ён бы ўсё роўна не заўважыў. Ён жа спіць! Яны з-за тых яблынь наваляцца — ён ачомацца не паспее!

«Папярэдзіць! Пабудзіць яго я павінен!»

Алег кульнуўся ў разору і папоўз у бок крушні. У яго не было пакуль аніякага пэўнага плана, і ён не ведаў, што будзе рабіць, калі апынецца ля яблынь. Адна-адзіная думка валодала ім: дапаўзці да фурманкі раней, чым ля яе апынуцца фашысты, дапаўзці і пабудзіць Гонту. А можа, і Гонта ўжо бачыць фашыстаў? Не, нікога ён не бачыць. Ляжыць сабе на калёсах і спіць!..

Алег поўз імкліва і ўвішна, як вужака, прыціскаючыся тварам да мяккай разоры, ледзьве не ўспорваў яе носам; зямля ад уласнага дыхання здавалася гарачай. Аб каменне, што вытыркалася з падзолістага сіпаку, ён абадраў да крыві пальцы і нават не адчуваў болю. Разумеў толькі адно і думаў толькі аб адным: марудна ён паўзе! Хутчэй трэба!

Хутчэй!

Разора скончылася, і ён скаціўся ў яміну на краі крушні, моцна ўдарыўся каленкаю аб камень у траве, і боль гэты выклікаў палёгку. Гонта блізка! Гонта побач, па той бок крушні, за дзічкамі! Напрамкі, аднак, цераз гэтае густое спляценне галін з колкімі шыпамі не прабіцца. А пачні апаўзаць камяністы грудок — абавязкова заўважаць. А мо гэта і на лепшае? Заўважаць, пачнуць страляць… Гонта прачнецца ад стрэлаў!

«Ад стрэлаў?.. Дык карабін жа ў тваіх руках!..»

Раптоўнае, неяк дзіўна запозненае адкрыццё адразу абнадзеіла. Ёсць жа карабін у яго руках! I гэта ж добра, што прапоўз разораю да яміны, нібыта ў акопчыку цяпер ён! I зноў тарахціць матор! Ах, гэта ж маторка тады тарахцела! Як жа ён не насцярожыўся?.. Разведчык! Шчупака на рацэ ганяў! А фашыстаў пад самым носам не ўгледзеў! Не, ён угледзеў. Праўда, крыху запознена. Але зараз прачнецца Гонта, ён, Алег, пабудзіць Гонту, і яны знойдуць выйсце, неяк выкараскаюцца з бяды… Каб можна было прадбачыць! Але ж што цяпер паробіш! Цяпер біцца трэба! Ты, між іншым, рваўся раніцою ў бой, бедаваў, што без цябе ўсіх фашыстаў паб’юць! Калі ласка, вось яны, фашысты! Афіцэр нешта загадвае, паказвае рукою на яблыні. Не, на лугавіну салдат пасылае, каб ад лесу адсячы…

Ціха, з тужлівым стогнам, Алег вылаяўся:

— Зараз я табе, падла, адсяку… Зараз!..

Гнуткая мятліца вагалася ля прыцэльнай планкі, трымцела ля мушкі, і сцябліны травы выдавалі чорнымі і тоўстымі. Постаць афіцэра таксама была дужа чорная, з наўздзіў блішчастымі гузікамі на грудзях.

Алег выбраў з гэтых блішчастых кропак сярэднюю, падвёў пад яе мушку і плаўна націснуў спуск.


4

Гонта, як падкінуты Алегавым стрэлам, падскочыў на калёсах і, схапіўшы аўтамат, кульнуўся на дол. Усё адбылося імкліва, амаль маланкава, і Алегу здалося, што чэргі з нямецкіх аўтаматаў, якія густа паласнулі па дзічках на крушні, зрашацілі і Гонту і ён зваліўся на зямлю мёртвы ўжо.

Перазараджваючы карабін, Алег зноў павярнуў галаву ў бок калёс. Белыя пялёсткі, якія стрэслі з дзічак ссечаныя кулямі галіны, круціліся ў паветры, марудна ападалі на чорнае ворыва, і праз гэтую дрогкую завею ён убачыў, што Гонта паўзе сюды, да яго. Жывы Гонта! Не забіты!

— Я — тут! Я — тут! — радасна гукнуў Алег, каб прыцягнуць Гонтаву ўвагу.— Па разоры! Па разоры трэба!

Гонта скаціўся ў яміну задыханы, без фуражкі, лёг побач з Алегам, хуткімі рухамі аціраў спацелы, увесь у зямлі твар.

— Адкуль яны тут? — сіпавата спытаў ён.— Адкуль?!

— 3-за Дзвіны. I яшчэ там перапраўляюцца. Я маторку бачыў...

— Чаго ж знаку не даў? Чаго ж, братачка, не пабудзіў? — Гонта секануў чаргою па фашыстах, якія перабягалі ля вязаў, зноў папытаў сіпаватым і задыханым голасам: — Чаго ж, братачка, не пабудзіў? — і глуха рагатнуў: — Ха-ха! Не пабудзіў! Каб ты да ракі не пайшоў — сонных прыхапілі б нас. Цёпленькіх! Ну, дзякую! Ну, разведка, дзякую! Разведка, братачка, уратавала старога дурня. Фашыст, не раўнуючы, пяту мне шкрабае, а я сплю як пшаніцу прадаўшы!

— Трэба неяк адыходзіць. На лугавіну выпаўзці. I там — у лес!

— У лес? Хэ-эм,— хмыкнуў Гонта і кінуў кароткі позірк у бок лесу.— Яно б добра было. Але ж як?

— Праз лугавіну.

— На ёй жа мы як на далоньцы! Бы на талерачцы. Зрэжуць як піць даць…

Роспач пачулася ў голасе Гонты, і яна спарадзіла разгубленасць, і Алег, не саўладаўшы з ёю, выгукнуў:

— Адыходзім! Адыходзіць трэба!

— Не нэндзі, разведка! Не нэндзі! — рэзка абсек яго Гонта.— Дай ачомацца! Сачы за вязамі, каб адтуль не папаўзлі,— і дадаў мякка, але з адценнем непрыхаванай скрухі: — Можа, не трэба нам нікуды адыходзіць? — і тут жа спытаў усё з той жа, выразна акрэсленай, непрыхаванай скрухай: — Ёсць у цябе, разведка, гэткае адчуванне?..

Імклівы пераход у Гонтавым голасе ад грубаватай рэзкасці да непрытоенай скрухі нечакана адкрыў Алегу ўсю непапраўнасць бяды, якая звалілася на іх. У пастцы яны! А ўсё Гонта вінаваты. Спаць на калёсах ён узяўся! Гэта ж тады, як матор затахкаў на Дзвіне, трэба было адразу кінуцца на бераг, дазнацца, разведаць… А цяпер што? У пастцы яны! I пастка трывалая, з якое ім ужо, відаць, аніяк не выбавіцца. I не страляюць…

Галасістым званочкам пакаціўся з неба спеў жаўрука. Алег напачатку быў нават не паверыў, прыслухаўся. Не, не памыліўся: спявае жаўранак! Спявае, нават стрэлы яго не напалохалі!.. I пчолы гудуць, Вунь колькі іх на квецені!

Разуменне непапраўнасці бяды абвастрылася яшчэ больш. У роце расла, бы імкліва разбухала, непрыемная гаркавасць: Алег паварушыў языком, пракаўтнуў сліну, і горла забалела. I боль у сэрцы. Пастка! А Гонта яшчэ ачомацца хоча! Не трэба, маўляў, нікуды адыходзіць! Чаго ж тут дачакаешся?

Алег апусціў галаву на спавіты мяккай мятліцай камень. Пад ёй, гэтай зялёнай маладой травой, быў пласт леташняй, сухой, і яна храбусцела ля самага вуха і выдавала як бы цёплай, Скронь адчувала і цяпло разагрэтага стрэламі карабіна, і Алегу на нейкі міг здалося, што па цвёрдым метале ліецца ў траву цяпло яго ўласнай істоты і што яго, Алегава, жыццё абарвецца ў той жа момант, як толькі спыніцца гэтая кволая, але пругкая ручаінка.

Шырокім няроўным паўкругам на ворыве ля крушні ляжала белая квецень, збітая і стрэсеная кулямі з яблынь. Рэдкія пялёсткі яшчэ круціліся ў паветры, вецер падтрэсваў іх, і яны, плывучы, ападалі ў разоры; два пялёстачкі аселі на галаву Гонты і ляжалі белымі кропкамі, быццам прапалілі валасы. Над галінкаю, што звісла над самай зямлёю, нетаропка сноўдаліся дзве пчолкі, гаспадарліва аглядалі кожную кветачку; потым, паварушыўшы і пагартаўшы ўсе пялёсткі ў пышным суквецці, яны ўзляталі вышэй, на новую галінку.

I гэты мірны занятак пчол, і спеў жаўрука, і сінявы полаг неба, чысты, без адзінай аблачынкі, раптоўна выпарылі адчай, што вярэдзіў, ціснуў сэрца. Горыч бяды растала, саступіўшы месца ўпэўненасці, якая невядома на чым грунтавалася, але пасялілася ў душы надзейна і трывала. Паміраць у гэткі прыгожы дзень? Паміраць вясною? Паміраць напярэдадні вызвалення, калі фронт побач?

— Адыходзім! Адыходзіць трэба! — паўтарыў Алег пераконана.— Чаго мы тут дачакаемся?

Гонта незадаволена крутнуў галавою:

— Ну, адыходзь! Паспрабуй, калі ты гэткі разумны!..

Ён крыху прыўзняўся, і адразу ж злева і справа трэснулі дзве кароткія аўтаматныя чэргі; кулі ўдарылі ў камень, зрыкашэцілі з нудным віскам.

— Бачыў? — спытаў Гонта з насмешкаю.— А ты кажаш — адыходзіць! Адыходзіць нам ніяк нельга! Зусім іншае нам з табою рабіць трэба! Як кратам, у зямлю зашыцца. Адкідай ад сябе каменне, каб глыбей ляжаць. Тут, у гэтай крэпасці каменнай, наш паратунак.

— А далей што? Трэба, мусіць, да лесу рвацца...

— Рвацца, рвацца…— перадражніў Гонта,— Ды каб надарвацца. Ляжаць будзем.

Незразумелы Гонтаў спакой раззлаваў Алега, і ён спытаў рэзка, як бы вінавацячы таго ва ўсім тым, што здарылася:

— А што мы тут вылежам? Што?

— Лежачы, будзем лічыць. Бачыш тых, чатырох, на полі? Рваліся, рваліся — і паклаліся. Двох ты шпокнуў, а тыя, упоперак разоры, мае…

— Нешта пацішэлі,— заўважыў Алег.

Успышка злосці прайшла, і Алег нечакана падумаў пра тое, што ён павінен даверыцца Гонтавым мудрасці і вопыту.

— Але з чаго? Ты вось адкажы мне, што яны там маргеляць супроць нас? — Гонта марудна пакруціў галавою, нешта выглядаючы праз вузкую шчылінку ў каменным грудку, потым глуха прамовіў, бы разважаў сам-насам: — А нешта ж маргеляць… Няўжо мінамёцік стаўляюць? Тады нам крышка!

Алег вывернуў цяжкі пляскаты камень, адпіхнуў яго, сказаў, каб яшчэ больш супакоіць сябе:

— Няма ў іх мінамёціка. На чоўне ж яны перапраўляліся.

— Могуць і на тым баку трымаць. Але будзем спадзявацца на лепшае. Так, сокіл?

Гэтае весела прамоўленае, з песні ўзятае, «сокіл» сагрэла Алега, і яму зрабілася сорамна за сваю нядаўнюю злосць на Гонту, і ён, папракаючы сябе за хвіліну разгубленасці, прамовіў бадзёра, з надзеяй:

— Не з гэткіх пастак выходзілі! Крэпасць у нас надзейная. А там — падмога будзе. Лысюк, калі пераправіўся, на наш бой падскочыць абавяакова!

— Лысюк яшчэ сто раэоў нам дзякуй скажа. Думаю, яны яго і палявалі — наперад заскочыць намыслілі. А напароліся — на нас… Так што бачыш?

— Адыходзіць нам ніяк нельга! — паўтарыў Алег Гонтавы словы.

— Пра што і гаворка! Адсюль, з яміны, нас паспрабуй выкуры! Дудкі! А там, калі не Лысюк, дык хлопцы з Доўгага поля падмогу дадуць… На гэта спадзяванка…

— А дзе конь? — раптам спахапіўся Гонта.— Дзе наш конь?

— Вы загадалі ў лажок яго. Туды, за бярэзіну…

— Гэта добра! Гэта добра!

Нічога добрага ў тым, што конь пасвіўся цяпер у лажку за лазняком, Алег не бачыў. Але тое, што казаў Гонта раней, набывала суцяшальную пэўнасць. Доўгае поле — непадалёк, бой там, напэўна ж, учулі. Значыцца, будзе падмога. I галоўнае — папярэджана група Лысюка, якая пасля задання павінна вяртацца па дарозе, што жаўцее за вязамі. I Гонта дужа слушна гаворыць: у гэтай яміне яны — бы ў акопчыку добрым, не падступіцца да іх. I бруствер ёсць надзейны і зручны — можна страляць, не вытыркаючыся… Эх, каб цёмная ночка зараз! Яны б зусім проста з пасткі выбраліся. Але ж да ночы далёка, ім бы гадзіны са дзве як-небудзь пратрымацца. Толькі ж дзве гадзіны тут не ўлежыш. I дужа ж нязручна ляжаць, каменне гэта ў рэбры цісне…

Разварушыўшы старое лазовае вецце і карэнне, спрасаванае з лісцем і зямлёю, Алег вывернуў два камяні, выпхнуў іх за бруствер. Садніла далоні, абадраныя яшчэ ў разоры. Ён пачаў залізваць параненыя пальцы, сплёўваў кроў, змешаную з зямлей, і з нянавісцю паглядаў на неба. Нейкае дзіўнае яно, бляклае, быццам зацягнутае рэдкім дымам, і сонца не зыркае, а прыгаслае, як выразанае з латуні. Толькі правей вязаў, у тым баку, дзе дарога, над самым лесам, неба гэткае, як і было нядаўна,— яркае, чыстае, густога сіняга колеру.

«Далёка, дужа ж далёка яшчэ ноч!..» — з тугою падумаў Алег.

У лазняках пачуліся нейкія нямецкія каманды. Крыху пагадзя прагучаў высокі і выразны, але як бы спалоханы голас:

— Партизаны! Сдавайтесь! Вы окружены!

Гонта кіўнуў галавою ў бок вязаў:

— Чуў? — і тут жа ціха засмяяўся: — Няма! Няма ў іх мінамёціка! Каб быў — ударылі б, не прасілі, каб мы ручкі — угару!

— Трэба ім адказаць. Неяк выйграць час.

— Не дужа тут выйграеш! У цябе колькі патронаў?

— Чатыры абоймы.

— А гранат?

— Дзве «эфкі».

— I ў мяне дзве гранаткі. I дыск запасны…

— Дык гэта ж не зусім і блага!

Гонта хмыкнуў:

— Магутны арсенал! Што й казаць!

— Але ж не пустыя рукі. Ёсць чым біцца!

— А ты думаў! Яны шчэ ля нас пакруцяцца… Ты — поле пільнуй. А я ад лазнякоў іх не падпушчу,— Гонта павярнуўся і лёг на грудзі, упіраючыся ботамі ў падэшвы Алегавых чаравікаў.— Кругавую будзем трымаць. Абарону!

3 лазнякоў зноў прагучаў той жа высокі, як спалоханы, голас, цяпер дужа рэзка, патрабавальна:

— Вы окружены! Сдавайтесь!

— Я табе зараз здамся, паразіт, здраднік…— Гонта злосна вылаяўся.— Ідзі сюды! Убачыш, здраднік, хто тут абкружаны!..

На ўскрайку поля заварушыліся чорныя постаці, і Алег гэта заўважыў.

— Паўзуць! Яны па разорах паўзуць! Гэтыя, з лазнякоў, крычаць, а яны, тым часам, паўзуць!..

— Не падпускай! Не падпускай блізка! Бі іх, гадаў!..— Гонта крутнуўся, даў доўгую чаргу па фашыстах, якія паўзлі па разоры, потым, павярнуўшыся на другі бок, прашыў кароткімі чэргамі лазнякі, адкуль толькі што гучаў высокі, як спалоханы, голас.— Давай ім вугалькоў, братачка,— таропка кінуў Гонта, выдзіраючы з брызентавага чахла запасны дыск.— Пакуль я новы пастаўлю…

Алег стрэліў. У канцы разоры, побач з чорнай постаццю, што быццам злілася з узараным полем, пырснуў фантанчык зямлі. Пералёт! Гэта ж што, ён страляць развучыўся? Не, проста не пацэліў, спяшаўся, гарачку пачаў пароць…

Ён старанна прыцэліўся і спакойна, стаіўшы на момант дыханне, націснуў спуск.

Чорная постаць, ля якой пасля няўдалага Алегавага стрэлу ўзвіўся тонкі фантанчык зямлі, цяпер страсянулася і знерухомела.

Алег уголас узрадаваўся:

— А-аа! Нясмачна? Нясмачна! Цяпер ляжы, пакуль не ссінееш!..

Зноў спяшаючыся, Алег выпусціў абойму па чорных постацях, што перабягалі за дрэвамі. Не паварочваючыся, Гонта ботам пастукаў Алега па чаравіку, папярэдзіў таропка:

— Беражы патроны! Патроны, братачка, беражы! Бі, каб ужо вярняк поўны. А-а, бачыш? Назад пасунуліся!..

Алег страляў цяпер зноў нетаропка, кожны раз старанна прыцэльваючыся. Здаецца, яшчэ два чорныя мяхі знерухомелі на няроўным, гарбатым ворыве. Не, адзін толькі, другі пакаціўся пад лазнякі.

Адтуль, ад лазнякоў гэтых, строчыць кулямёт. Як дзіўна вуркочуць кулі, калі рыкашэцяць — кожны раз па-новаму. Разрыўныя толькі лопаюць у галінкі дзічак аднолькава — суха, рэзка трашчаць…

Страляніна неспадзявана абарвалася. У цішыні прагучаў знаёмы голас:

— Сдавайтесь! Гарантируем жизнь!

Гонта павярнуў да Алега чырвоны і блішчасты, у шэрых плямах наліплага сіпаку, твар.

— Ацалеў жа яшчэ, гад,— і зноў, вылаяўшыся, гукнуў: — Ты сабе лепей, гад, пашукай гарантыі! Бяжы да афіцэра, прасі, пакуль не позна!.. Лаві гарантыю ад нас!..— Ён выставіў аўтамат над брустверам, даў тры кароткія чаргі. Ад вязаў цяпер ударыў другі кулямёт, і аўтамат вываліўся з Гонтавай рукі. Гонта тут жа схапіў яго.— Ай-ян-ян! У дыск, паразіт, пацэліў! — заякаў ён роспачна: — Скапуціў мне аўтамацік мой…

У Гонтавым голасе, як падалося Алегу, упершыню за гэты дзень пачулася разгубленасць, і яна здзівіла. Алег адразу сцяміў, чым абернецца для іх трапная чарга фашысцкага кулямёта, зразумеў Гонту па-свойму, адчуў да яго новую, нечаканую і шчырую прыхільнасць. Яму вельмі захацелася паказаць Гонце, што ён, Алег, не спалохаўся, не разгубіўся.

— Бульбы маладзенькай захацелася фрыцам,— прамовіў Алег і зарадаваўся, зразумеўшы, што менавіта гэта ён і павінен быў сказаць.— Пачулі нашу гаворку пра дранікі. Вось і папёрлі! Стаўце запасны дыск!

— Гэта ж і быў запасны! Э! А я патроны зараз з яго перасыплю.— Гонта выдраў з аўтамата дыск.— Ч-чорт, яго ж цяперака не адкрыеш. Сачы, сачы за імі! — пакруціў дыск у руках, запытаўся, цокнуўшы языком: — Як жа іх укалупнуць, га?.. I чаго? Чаго гэтую набрыдзь сюды пагнала?

— Дык я ж кажу: па дранічкі прыбеглі!

Гонта нядобра зыркнуў на Алега, потым куточкі яго губ выгнуліся, твар схмурнеў, і ён злосна прасіпеў:

— Дулю! Дулю ім! 3 макам і такам! Замест дранікаў,— і неяк раптоўна голас яго памякчэў, загучала ў ім старанна прыхаваная туга: — Няўжо скончыліся нашы з табою дранічкі! — I зноў дзіўна змяніліся і голас, і твар: ярасная ўпартасць прагучала ў голасе, а вочы глядзелі з вясёлым усміхам, нібыта ўсе нягоды былі ўжо далёка ззаду: — Не-е-е, не скончыліся! I мы з табою шчэ дранікаў з гэтай бульбачкі паямо! I людцы, яе капаючы, нашу работку добрым словам спамянуць…

— Ці ж яны будуць ведаць, хто поле ўрабіў?

— А як жа! Добрая справа, братачка, ніколі і нідзе не прападае. Дабро людзям зробіш — людзі тое помняць до-оўга. А тут — усё ж вядома. I Лысюк твой ведае, што ты сюды, на гэтае поле, паехаў!

— Было б лепей, каб ён ведаў, што тут дзеецца!

Гонта хмыкнуў:

— Гэ-э! Ты ўсё на яго крыўдуеш? — і ўздыхнуў: — А, прызнацца, не па ягонай ласцы ты тут. Гэта ж я цябе сюды ўпёк! У Лысюка цябе выпрасіў!

Алег не паверыў.

— Як? Як гэта?

— На тым шчэ тыдні, як у Зуях былі… Маці твая мяне прасіла-маліла, каб пабераглі цябе, не кідалі ў пекла… Ну, я тады да Лысюка: аддавай мне хлопца — на пасяўную!..

Алегу нечакана адкрыўся, дужа ўразіўшы, сэнс падзей, які быў невядомы ранкам. Вунь, значыцца, чаго быў гэткі настойлівы Лысюк! Гэта ж што атрымліваецца? За яго, Алегавай, спінаю ішла, значыцца, тая змова! Яго, значыцца, як малога хлапчука надумаліся выпхнуць з разведузвода! Паберагчы, маўляў, не кідаць у пекла! Яго, значыцца, за сапраўднага партызана не лічаць?! Эх, каб ён ранкам гэта ведаў! Ён, Алег, Лысюку б сказаў парачку цёплых слоў! Але што б, цікава, ты змог сказаць? Яму, Лысюку, мажліва, і без тваіх слоў цёпла было ля таго моста. Цікава, як там усё павярнулася? Не лепей, відаць, за іхняе поле… I цікава, што Лысюк сказаў, калі Гонта прыйшоў да яго з гэтым сваім «аддавай мне хлопца — на пасяўную»? Няўжо адразу і пагадзіўся?

— Пагадзіўся... не пагадзіўся — нязлосна хмыкнуў Гонта.— Чаго табе лезе ў галаву нейкая лухта? Не пра тое трэба думаць.

— Трэба было мне шчыра сказаць, не маніць. Вы ж змову за маёй спінаю вялі!

Гонта абурыўся:

— Што ты чаўпеш? Ведаеш жа: камандаванне атрада загадала ўзводам: выдзеліць людзей на пасяўную. Ну, не паслалі б цябе. Другі на тваім месцы быў бы! Поле — я ж табе тлумачу! — не павінна аблогаю ляжаць. Засеяў поле — ты, эначыцца, перамог!

— А мы поле засеялі,— сказаў Алег і адчуў, што гаварыць яму гэта прыемна, што ў Гонтавай думцы, якую ён паўтарыў, схавана надзея.

— I яшчэ як засеялі! Бачыш? — і Гонта, не чакаючы адказу, дадаў цвёрда, з гонарам: — Свой бой, братачка, мы выйгралі. I вялікую справу зрабілі. I людзі гэтае поле памятаць будуць… А тое, што нявыкрутка ў нас — хто ж мог прадбачыць? Удача, братачка, невядома да каго і калі прыхінецца…

Крыўда на Лысюка, што нядаўна гняла Алега, крыўда на тое, што ён, Алег, нібыта ў самы адказны час застаўся ў баку ад галоўнай справы, адступіла, здалася яму нікчэмнай, і ён у думках аблаяў сябе: знайшоў час крыўдаваць! Падставы, бачыш, знайшоў, каб Лысюка абвінавачваць! А яго ў тым баі за ракой, мажліва, яшчэ большая бяда напаткала. I Гонта… Гонта разумны і мужны чалавек, ён слушна гаворыць: свой бой ты выйграў. Ты атрымаў баявое заданне і выканаў яго, разам з усімі выканаў. Вось — галоўнае. I пакуль жывы — нічога не страчана. Гэта любіў дужа напамінаць ва ўзводзе Лысюк… Вось і бяры прыклад! Ты жывы? Жывы! Таму — змагайся!..

— Ціша нейкая,— неяк дзіўна паспакайнелым голасам прамовіў Гонта.

— Можа, даўно паўцякалі?

— Стаіліся і чакаюць. I мы — пачакаем. А палезуць — шарахнем.— Ён паважыў гранату на далоні, быццам гуляў з ёю.— А-ах, каб у аўтамат куля, гадаўка, не пацэліла… I не направіш жа аніяк.— Ён адклаў гранату, пачаў вострым каменем стукаць па дыску, спрабуючы збіць, зрушыць з месца накрыўку, якую пагнула куля; накрыўка як бы скранулася і села намёртва, бы прыкіпела.— Не, капут ёй. Калі і адкрыеш — нічога не дасць: патроны, напэўна ж, пагнула…

У небе па-ранейшаму звінеў жаўрук. Алег не адразу адшукаў у высі, за вязамі, якраз там, дзе чыста сінела над верхавінамі неба, трапяткую плямку і, адшукаўшы, неадрыўна сачыў за ёю. Жаўрук, здавалася, гэтак упарта і трапеча крыльцамі, каб увесь час трымацца на адным і тым жа месцы, у цэнтры той блакітнай лапіны, вакол якой туманілася бялесая хмурнасць.

Спеў жаўрука не суцяшаў, а яшчэ больш абвастраў горыч бяды. Адчуванне бяды, аднак, жыло толькі ў розуме, яно не кранала сэрца і не спараджала адчаю. Фашысты баяцца, яны не адважваюцца кінуцца сюды, да крушні: не дужа-ткі проста перабегчы гэтае ўзаранае поле — абарону Алег і Гонта занялі добрую. Ляжаць вось толькі нязручна: муляе і ўразаецца ў цела каменне, мярцвеюць ногі, нейкая непрыемная дрыготка ад холаду. I холад дзіўна адчуваеш — каленкамі і грудзямі. Трэба павярнуцца. Спачатку на левым паляжаць, потым — на правым. Э! Гэта ўжо нейкі паратунак ад холаду і дрыготкі. А Гонта ўсё над дыскам варожыць. Собіла ж кулі трапіць! Дурная нейкая выпадковасць!..

Слухаючы спеў жаўрука і ціхую буркатню Гонты, які ўсё круціў і пастукваў аўтаматны дыск, спрабуючы павыцягваць патроны, Алег глядзеў цяпер на нерухомыя мяхі на ўзараным полі. Ён злавіў сябе на тым, што зноў думае пра нечаканае прызнанне Гонты. Утраіх, значыцца, былі ў змове: маці, Лысюк, Гонта… Хацелі, значыцца, уберагчы яго, Алега, ад небяспекі, ад нейкай неспадзяванай бяды. Наіўная змова! Жыццё партызанскае — заўсёды нечаканасць і небяспека, на кожным кроку цябе сцеражэ тое, на што ты і не спадзяешся. I хіба ж мала было самых розных неспадзяванак у Алегавым партызанскім жыцці? Вунь як наляцелі на засаду ля Глухога пераезда! А як у лютым, у завею, на чыгунцы нос у нос сутыкнуліся з патрулямі?.. I ўсе тыя разы шчасліва абыходзіла — анікога з разведчыкаў куля нс зачапіла. Праўда, тады з ім быў Лысюк… А вось як бы яго, дык адразу ж ~ пастка!..

— Хачу, Сверын, загад табе даць,— нечакана сказаў Гонта.— Баявы загад…

— Давайце. Я слухаю…

— Даложаш камандзіру атрада,— пачаў Гонта і скончыў падкрэслена строгім голасам: — Даложаш, што заданне па пасадцы бульбы на Вуглянскім полі гаспадарчы ўзвод выканаў.

Алег палічыў, што Гонта жартуе.

— Дасцё самалёт — далажу!

— Разору табе даю. Вось гэтую,— Гонта рассунуў каменне і паказаў рукою на глыбокую разору, што пачыналася ад лугавіны і ўпіралася ў край крушні.— Па ёй папаўзеш… Да зламанай бярэзіны. А там — конь наш. Крайком лугавіны на ім — у лес. У атрад. Даложаш, як тут у нас. Ясна?

Адчуванне таго, што Гонта жартуе, не праходзіла, і Алег усё тым жа тонам прамовіў:

— Гэтак ясна, што ўваччу цёмна. Разораю, значыцца, раіце паўзці?

— Так, разораю! А я — агонь іх на сябе бяру.— Гонта матнуў галавою ў бок вязаў.— Увагу на сябе адцягну…

Цяпер да Алега дайшло: Гонта не жартуе. Ён, Гонта, знарок дае гэты загад, каб адаслаць Алега падалей ад небяспекі, каб уратаваць ад бяды.

— Я — у лес,— сказаў ён разважліва, прыслухоўваючыся да свайго голасу, быццам не быў яшчэ ўпэўнены, што гаворыць правільна.— А вы?

— Глухі?! Я ж сказаў: увагу адцягну! А-а-а, родненькая, паддалася,— Гонта, урэшце збіўшы закрыўку, высыпаў з дыска патроны.— А вось гэтак і адцягну. Ч-чорт, яны ж усе пагнутыя!

Пагнутыя аўтаматныя патроны пазвоньвалі ў Гонтааых руках, і Алег, гдедзячы, як ён перабірае іх, абмацвае пальцамі, спытаў, быццам дакараючы за тое, што той не ўбярог аўтамат і быў цяпер без зброі:

— Увагу адцягяеце? Якім чынам вы яе адцягнеце?

— Карабін твой — ён табе без патрэбы — бяру. А потым — вось гэткім макарам…

Гонта запхнуў у рукаў пінжака гранату-«эфку». Пад самым локцем набух на рукаве гузак, і Гонта пагладзіў яго даланёю.

— Бачыш? У руках панясём — заўважаць, блізка да сябе не падпусцяць. А тут… Махнуў рукою — гранаткі і пакаціліся. А так чаку толькі трэба дастаць, каб гранатка ў рукаўчыку на баявым была…

Гонта, асцярожна адагнуўшы металёвыя вусікі чакі, пачаў пакручваць, цягнуць блішчастае колца. У Алега было такое адчуванне, што ён сам, сваімі пальцамі, цягне гэтае маленькае, вышараванае ў кішэні да бляску, колца. Перасільваючы непрыемную дрыготку, якая зноў карабаціла плечы, ён, не пазнаючы свайго ўласнага голасу, прамовіў:

— Смерць жа… Калі вось гэтак, з гранатамі…

Гонта спытаў, не ўзнімаючы галавы:

— А тут сядзець? Мяды табе? — і неяк адчайна хмыкнуў: — Хэ-эх! Да смерці яшчэ далёка… Толькі з розумам трэба… Ты зараз папаўзеш, а яны — чуеш? — па табе ляпнуць. Стаіся, быццам забіты ляжыш. Я пачну страляць — яны па мне ўдараць, а ты — зноў паўзі. Я буду ашчадна патроны расходаваць, каб ты да бярэзіны дапоўз. Дапаўзеш — я тады ўзнімуся. Яны — на мяне вочы паказеляць. Гэты момант і скарыстай: узнімайся — і з усяе сілы лупі…

Алег выціснуў упарта, дзівячыся з таго, як суха гучыць яго голас:

— Лепей — разам нам прабівацца!

— Дурань! — адсек Гонта і перадражніў, скрывіўшы губы: — Разам, разам… Тады нас абодвух — за адным разам! А па адным — нейкі шанц маем. Паспееш дапаўзці да бярэзіны — наша з табою шчасце. Ты зірні, не дужа яна і далёка…

Зламанае дрэва стаяла ў канцы поля. У студзеньскую блакаду, калі немцы абстрэльвалі з гармат левы бераг, снарадныя асколкі падсеклі бярэзіну, і верхавіна яе зламалася, але не адвалілася, моцна ўперлася галінамі ў зямлю і цяпер расла, зелянела, як бы звязаная на зломе. Дзіўная нейкая лістота на ёй: на галлі, ля камля густая, зялёная, а на верхавіне дробненькая, бляклая і рэдзенькая. I сапраўды, блізка ж зусім бярэзіна. Калі да яе дапаўзці — паратунак, бо лес непадалёк. А па лесе — у атрад! Падмогу паклікаць!.. Верны, відаць, шанц на паратунак. У карабіне — абойма цэлая: Гонта прыкрые. Можа, сапраўды рызыкнуць? Ці лепей счакаць? Счакаць тут, у гэтым надзейным акопчыку?..

Гонта сурова абсек Алега:

— Трэба дзейнічаць! — I гэтак жа сурова загадаў, працягнуўшы руку: — Давай сюды карабін!

Алег адсунуў ад сябе карабін, і Гонта схапіў яго. Ні баязлівасці ў позірку Гонты, ні разгубленасці: глядзяць вочы заклапочана і сур’ёзна, быццам чалавека непакоіць нейкі вельмі важны, але дужа будзённы і просты клопат.

— Што, не можаш адважыцца? — спытаў Гонта, ва ўпор, немігатліва зыркнуўшы на Алега.— Трэба, Алежак, паўзці. Трэба, Алежак!..

Гэты ласкавы зварот ужываў толькі бацька, і цяпер, пачуўшы яго з чужых вуснаў, Алег скалануўся. Яму падалося, што бацька недзе побач, за дзічкамі, і гэта адтуль прагучаў яго голас, што Гонта толькі паўтарыў бацькаў загад.

— Ты дапаўзеш… Я ведаю: дапаўзеш,— лагодна, з адценнем нейкае віны прамовіў Гонта.— Іншага выйсця ў нас няма. Адзіны гэта ў нас шанц… I, калі што, даруй мне…— як бы спахапіўшыся, што сказаў не тое, што трэба было, дадаў стражэй, падпіхнуўшы Алега ў плячо; ён ыават не падпіхнуў, а неяк ласкава дакрануўся, быццам спрабуючы дапамагчы Алегу прыўзняцца:— Ну, паўзі, Алежак!..

Пасля мулкага і халоднага камення зямля ў разоры здалася Алегу незвычайна цёплай і мяккай. Яна не была гэткая, калі ён клаў туды бульбу. Значыцца, угрэлася на сонцы. I як прыемна пахне яна вільготнай жарствой і прэллю і як крохка рассыпаецца пад пальцамі. Але ж вельмі цяжка паўзці — няма ў што нагою ўперціся. I неяк дзіўна ціха зноў. Яго, відаць, яшчэ не заўважылі. Каб заўважылі — стралялі б, напэўна! А можа, чакаюць, пакуль ён падпаўзе бліжэй? А што, як паўцякалі фашысты? Навошта ж тады ён туліцца і носам зямлю рые?.. Ч-чорт, ён жа зусім мала прапоўз — побач іх каменны акопчык. Гонтава галава над брустверам тырчыць. Не, гэта камень, які ён, Алег, выпхнуў з яміны. Трэба, відаць, было ляжаць там, пад аховаю каменнага бруствера, і чакаць. Чакаць ночы! Чакаць падмогі!.. Ноч далёка… А бярэзіна хіба ж бліжэй? Як да яе дапаўзеш? I лугавіна ж дужа шырокая і чыстая, і на ёй яго адразу заўважаць. Гонта гэтага, мабыць, не прадбачыў. Але задума ў яго верная — адзіны гэта ў іх шанц на паратунак. Адзіны? Чаго ж тады Гонта так напорыста аддае яго, гэты адзіны шанц, яму, Алегу?.. «I, калі што, ты даруй мне…» Што Гонта прасіў дараваць? Што? Здагадацца не можаш? Ён жа гэтае поле прасіў дараваць! Абяцаў жа і маці, і Лысюку падалей хлопца ад бяды звесці. А што зрабіў? Пад кулі прывёў. I ты, між іншым, за гэты паратунак і ўхапіўся. А Гонту — кінуў! Кінуў? А як іначай скажаш? Гэтак, браце! Гэтак! I Гонта цяпер адтуль не выберацца. Ды, напэўна ж, і не будзе ён адтуль выбірацца. Ён застаўся там, каб выбраўся з бяды ты! Каб толькі ты адзін уратаваўся!..

Ад вязаў загрукацеў кулямёт. Разрыўныя кулі залопалі на грабянях ворыва, як водгулле стрэлаў. I адразу ж ад крушні гучна ўдарыў карабін — страляў Гонта.

— Трэба, Алежак, паўзці!..

Алег паўтарыў уголас Гонтавы словы, быццам пераконваў сябе ў тым, што павінен рабіць менавіта гэта. І зноў як бы бацькаў голас пачуўся яму. Ведаў: трэба паўзці. I не поўз. Дзіўная кволасць апанавала яго. Сіла была, ён адчуваў яе, але яна не падпарадкоўвалася яму, і ён не поўз, ляжаў, лічыў стрэлы з карабіна.

Другі патрон… «Навошта ён страяяе? Ён жа бачыць, што я не паўзу!»

Трэці патрон!

«Навошта ён страляе? Ён жа бачыць, што я не магу паўзці!..»

Чацвёрты патрон!!.

«Што ён робіць? Што ж гэта ён робіць! Пяты патрон застаецца. Апошні патрон… Не, няма ўжо і яго…»

Пяты стрэл з карабіна здаўся Алегу нейкім асабліва гучным і рэзкім. I разуменне таго, што ў Гонты няма больш патронаў, увайшло ў сэрца болем. Але Алег сцяўся не ад гэтай думкі: яму падалося, што Гонта зрабіў гэты, апошні стрэл не па ворагу, што ён збярог апошнюю кулю для сябе…

Думка была неверагодная, жудасная, і ад яе каляным мячыкам забухала пад рэбрамі сэрца. Алег павярнуўся. Не! Гонта жывы! Гонта нешта гукае! Крычыць Гонта нешта… I чамусьці дужа блага відаць усё наперадзе, як мроіва лягло на вочы. Не, ад зямлі гэта!..

Алег затрос галавой, заміргаў, каб стрэсці з веяў пыл. Але ад гэтага яшчэ больш запарушыліся вочы, пачалі слязіцца ад поту і пылу. Ворны пласт, да якога ён прытуліўся галавою, здаваўся вялізнай чорнай скалой, і за ёй, побач з пышнай белай дзічкаю, у дрогкай, як бы белай снегавой завеі, марудна гайдалася Гонтава галава. Рукі яго, падобныя на зламаныя крылы, былі согнутыя над галавою, і ён махаў імі.

— Паўзі! — зноў крыкнуў Гонта, і цяпер Алег добра пачуў загад.— Паўзі-і-і!

Журботна-адчайнае «паўзі-і-і» было працяглае, і Алегу здалося, што гэтая высокая шчымлівая нота ўсё пашыраецца, узвіваецца ў вышыню і расце, але расце не ў ім, Алегу, а там, пад крушняй, што Гонта паранены і крычыць ад болю. I ён загадаў сабе ўслых:

— Паўзі да яго! Туды паўзі!

Ён ведаў, што яму трэба паўзці туды, да Гонты, ведаў, што папаўзе, і нечага чакаў, як бы асэнсоўваючы прынятае рашэнне, як бы ўзважваючы і правяраючы, ці не нарабіў ён тут памылак, і злуючы на сябе за тое, што марудзіць.

Алег крутнуўся ў вузкай разоры, павярнуўся і папоўз назад. Ён поўз, рыючы плячом мяккую, падатную бакавіну разоры, поўз, абдзіраючы аб дробнае і вострае каменне пальцы да крыві і тут жа змазваў кроў глеістым сіпаком, поўз, сціскаючы зубы ад болю і адчаю, баючыся, што спозніцца, не паспее дапаўзці і не ўбачыць Гонту жывым, поўз, аглушаны шалёным буханнем сэрца ў грудзях.

Ад напружання заняло дыханне, сухая горыч разлілася ў роце. Зноў нейкай далёкай і расплывістай зрабілася дзічка, быццам закрытая сеткай дажджу, і яму падалося, што яго параніла і кроў залівае твар.

«Гэта пот на веях,— супакоіў ён сябе.— I пыл…»

Алег пакруціў галавою, абціраючы твар аб рукаў, і мройная сетка знікла з вачэй, як раптоўна звалілася на зямлю, і дужа выразным і вялікім зрабілася і каменне на крушні, і выгоністыя мяцёлкі суданкі, што падпіралі, здавалася, галіны дзічак. Неяк раптоўна і дзіўна праясніліся думкі, і сярод усіх іншых адна была незвычайна выразная і суцягаальная — думка пра тое, што робіць правільна, што прыняў адзіна вернае рашэнне. Ён не пакіне Гонту аднаго, не пакіне паміраць на гэтым полі! Ён будзе разам а ім! Ён будзе побач з ім да самай апошняй хвіліны, якой бы горкай яна ні была!..

Перакуліўшыся цераз каменны бруствер, Алег адчуў дзівосную і радасную палёгку, быццам усе нягоды і небяспека засталіся там, ззаду, у той разоры, па якой ён толькі што гробся; цвёрдае халоднае каменне акопчыка падалося мяккім, ласкавым, і ад яго бруіліся дзіўны спакоЙ і надзейнасць.

— Добра тут! — Ён шчасліва і задаволена ўсміхнуўся.— Як жа тут добра!

— Ты гэта што? — нядобра прасіпеў Гонта і двойчы паўтарыў, злосна скрывіўшыся: — Ты гэта што? Ты гэта што?

Алег сцяўся ад злоснага сіпення. Яму здавалася, што Гонта ўзрадуецца, ухваліць яго рашэнне, і цяпер, сустрэўшы гэтую злоснасць, ён зразумеў усю недарэчнасць свае радасці, адразу прыгасіў яе, скаааў абыякава:

— Анічога,— і тут жа дадаў, разумеючы, што павінен усё і адразу патлумачыць: — Не буду я ўцякаць! Не хачу!

— Ён — не хоча! Ха-ха! — усё гэтак жа сіпла рагатнуў Гонта.— Табе які загад быў? Які загад табе быў, я пытаюся?

— Які шчэ загад? Я не хлапчанё… Ведаю ўсё!

— Ён — ведае! — і вызверыўся: — Што ведаеш? Што? Ды я табе…

На правай шчацэ Гонты, перапэцканай у сіпаку, прыляпілася вузкая, як лязо, сцябліна суданкі, прыляпілася толькі адным канцом, танчэйшым, а таўсцейшы, з кропелькай белага соку, звісаў і соўгаўся, неяк дзіўна трымцеў, калі Гонта гаварыў, і Алегу здалося, што Гонта ўвесь трымціць ад напружання.

— Не трэба крычаць,— ціха, але ўпарта папрасіў Алег.— Я ўсё роўна застануся разам з вамі. Тут.

— Дурны! Тут да нас адно прыкоціць — смертачка!

— Я не баюся,— і паўтарыў словы, якія чуў нядаўна ад Гонты:— Да яе яшчэ далёка…

Гонта вылаяўся, і гэтая лаянка не адрасавалася Алегу:

— Капцы, здаецца… Заходзяць, гады, і ад лугавіны.

— Прарвёмся! 3 гранатамі прарвёмся!

— Заходзяць, гады, і ад лугавіны,— паўтарыў Гонта нейкім незнаёмым, глухаватым голасам,— Гэта я, дурань, вінаваты. Я! — Ён рвануў кашулю на грудзях, забедаваў ціха, але адчайна, як застагнаў: — Дурань і ёлуп стары! Даўно ж трэба было! Даўно трэба было табе паўзці! Калі патроны ў мяне былі,— раптоўна аціх, доўга глядзеў на Алега, нібыта толькі цяпер заўважыў яго, потым спытаў, і ў голасе не было адчаю: — Дык што рабіцьмом, Алежак, га?

— Прарывацца! 3 гранатамі! Падпаўзём бліжэй і па іх — гранатамі.

— Хэндэ хох трэба рабіць. Паўзці — глупства цяпер.

— Як? — не зразумеў Алег.— У палон?

— Я ж табе тлумачу: блізка падыдзем і ручкамі — прывецік ім. Гранаткі і пакоцяцца. Гэтак і пройдзем — рукі ўгару…

Алег глядзеў на Гонтавы рукі, у якіх чарнела рабрыстая «эфка», глядзеў, як пальцы ўвішна і лоўка адгінаюць тонкія, зверху адшараваныя да бляску, вусікі чакі, і з дзіўным хваляваннем думаў пра тое, што гэты малюнак ён ужо недзе бачыў. Дзе? Перад тым як табе паўзці, тут, у гэтым жа акопчыку, Гонта запхнуў у рукаў «эфку» і потым гладзіў гузак, што быў амаль непрыкметны пад самым локцем… Ты ж бачыў усё гэта! Чаму ж тады не падумаў пра тое, што Гонта рыхтуецца ісці на верную смерць?

Як жа не падумаў? Ён жа сказаў, што гэта смерць, калі з гранатамі… Сказаў? Так, сказаў! I, тым не менш, папоўз з акопчыка! Папоўз, як бы ўцякаючы ад тае бяды, па якую збіраўся ісці Гонта… Не! Быў загад. I ён выконваў загад!.. А можа, ён, Алег, нешта не разумее ў задуме Гонты? Не разумеў тады, калі поўз па разоры, і не разумее цяпер?.. Не, усё ён робіць правільна. Дзве гранаты — у Гонты. Дзве — у яго! Значыцца, удвая болей шанцаў на поспех…

— Як пойдзем? — спытаў Алег і са здзіўленнем заўважыў, што вочы ў Гонты неяк незвычайна пабліскваюць, бы слёзы на іх.— У бок лугавіны?

— На лазнякі.

— А чаму?.. Хаця… Калі скочым з узвала — свішчы тады нам!..

— 0т каб скочыць. Тады я, братачка, кум каралю. Рукавы ў цябе шырокія?.. Не, самы акурат. Пачакай. Спачатку зброю прыхаваем…

Гонта пачаў завальваць каменнем і вурваллем пасохлай леташняй дзярніны аўтамат, які ляжаў побач з карабінам, і Алег адной рукой пачаў яму дапамагаць.

- До, до,— сказаў Гонта,— цяпер дапамажы мне гранату ў правы рукавок пакласці,— ён адагнуў і сціснуў пальцамі белыя, дзе-нідзе ў дробных крапінках іржы, вусікі гранаты, прасунуў указальны палец у колца,— Потым я табе іх прымайструю. Толькі, прашу, асцярожненька. Не спяшацца, галоўнае, нам…

Металёвую планку, як жывую, выпірала спружына, і Алег міжвольна прыціснуў яе да рабрыстай бакавіны гранаты. Пальцы здрыгануліся; здалося, што ў напружанні дрыжыць не рука, а халодны рабрысты корпус; у пазах паміж рэбрамі асеў жоўты пыл, быццам граната некалі была выпэцкана глінай, а потым не вельмі была абшаравана. Алег баяўся расціснуць пальцы і трымаў гранату моцна, і крыху прыплюшчыў вочы, і яму падалося, што гэты жоўты пыл на рабрыстай бакавіне гранаты ўзвіўся і курыцца, як пасля выбуху.


5

— Гатовы? — нецярпліва спытаў Гонта.— Гатовы ты?

Гонта ўтаропіў вочы ў Алегаў твар, і Алегу зрабілася жахліва, неяк зябка нават ад пранізліва-ўважнага і, разам з тым, тужлівага позірку Гонты, і ён сказаў, адчуваючы, што болей не можа вытрымліваць позірк гэтых зыркіх, як бы заплаканых і ласкавых вачэй:

- Так. Гатовы!..

— Толькі нічога не зблытай, Алежак! Чуеш?

— Не зблытаю. Гранаты — на зямлю. Самі — пад узвал. Каб у лазнякі адразу…

— Далёка гранаты не кідай,— голас Гонты загучаў загадна, строга: — На два крокі ад сябе — не больш каб…

— Адну кідаю наперад. Другую — направа.

— Правільна. Я кідаю адну за спіну. Адну — улева. Кола тады вакол нас.— I нечакана скасаваў загаднасць і строгасць, спытаў павесялелым голасам і бадзёра: — Фарштэен?

— Фарштэен, фарштэен,— пажартаваў і Алег.

— I не хвалюйся. Меней на іх, гадаў, глядзі. Ідзеш сабе — і ўсё. I адно ведай: мы шчэ з табою пажывём! Нас шчэ мора тваё чакае…

— I дранічкі.

— Будуць дранічкі, Алежак! Будуць!..— і ўпёрся локцем яму ў грудзі.— Ты што? Ты што? Руку не апускай! Выслізне калі з рукава — назад не пакладзеш!..— і спытаў весела, адчайна: — Хадзем?

— Пайшлі.

— Ну, каб удачна!..— I Гонта, зухавата падміргнуўшы Алегу, тройчы папляваў праз левае плячо і ўзняўся.

Алег пераступіў бруствер акопчыка разам з Гонтам.

Ад рэзкага руху спачатку ў правым рукаве, потым у левым пасунуліся ўніз гранаты, і Алегу на міг здалося, што яны зараз зваляцца яму на галаву. Ён тут жа супакоіў сябе, супакоіў думкай простай і зразумелай: гранаты не выслізнуць з рукавоў да таго часу, пакуль ён трымае рукі над галавой. I якія яны халодныя, гранаты гэтыя. І цяжкія. На поясе калі цягаеш, дык і не заўсёды адчуваеш іх вагу. А тут ажно локці цісне. Няёмка ісці, трымаючы рукі над галавою. А як іначай? Іначай фашысты і блізка іх не падпусцяць, ссякуць адной чаргою! А цянер — не ссякуць! Цяпер яны стаяць і чакаюць: ідуць партызаны, узняўшы рукі ўгару. Відаць, ніколі ў жыцці гэткага не бачылі. Таму і глядзяць здзіўлена… Каб жа толькі нічога не заўважылі. Ды не, не павінны яны нічога заўважыць здаля. Ды і зблізку не прыкмеціш гранаты — гузачок на рукавах, не больш! I нейкая дужа ж цёплая граната зрабілася ў правым рукаве — ад цела нагрэлася. А ў левым — халодная. Відаць, з таго, што кратаецца ўвесь час памалу ў рукаве, штораз новым бокам да цела. Каб жа толькі планкаю потым не зачапілася! Не, планка гладзенькая, яна не зачэпіцца. Значыцца, з левага рукава — наперад. 3 правага — управа. Здорава, аднак, Гонта прыдумаў з гэтымі гранатамі. Ды яшчэ каб карабін сюды ды аўтамацік Гонтаў!.. А можа, не трэба было пакідаць зброю ў тым акопчыку? Схаваць неяк пад адзенне… Не, не схаваеш. Дый без патронаў чаго яна варта, тая зброя?..

«Карабін! Я кінуў яго! Я ж кінуў свой карабін!»

Ашаломлены гэтай думкай, Алег спыніўся. Там, у акопчыку, калі разам з Гонтам яны завальвалі зброю каменнем і ссохлай дзярнінаю, яму здавалася, што ён усё робіць правільна, разумна, робіць так, як гэтага патрабуюць і абавязак, і абставіны, і, галоўнае, Гонтаў загад. Але тут, на полі, усе апраўданні здаліся яму нікчэмнымі перад нечаканай праўдай, якая ўвайшла ў розум і закрэсліла ўсе іншыя тлумачэнні і абгрунтаванні: ён, Алег, кінуў сваю зброю.

— Ты чаго? — спытаў Гонта жорстка і бязлітасна.— Наперад! Толькі наперад трэба!

— Карабіна шкада,— прызнаўся Алег.— Кінуў жа свой карабін!

— Эх-хэ! — весела хмыкнуў Гонта, і ў голасе яго не было жорсткасці.— Радуйся, што галаву нясеш!

Гонтавы словы яшчэ больш абвастрылі ў Алегавай душы разуменне таго, што ён, Алег, парушыў партызанскую прысягу. Але і не толькі з гэтага зрабілася дужа ж балюча сэрцу: шкада, дужа шкада карабіна! Колькі ён уратоўваў яго, Алега! Як добра працаваў, калі Алег надзяваў на яго бязгучку — аніводнага разу не падвёў. I цяпер ён, Алег, кінуў яго, свой верны карабін, кінуў свайго надзейнага сябра, кінуў, каб яго захапілі ворагі. А можа, не знойдуць? Навошта ім перціся туды, пад дзічку на крушні? Не, яны пойдуць, яны абавязкова пойдуць! I — знойдуць. Раскідаюць каменні і знойдуць. Але ж чаму ён не падумаў пра гэта там, на крушні? I чаму не падумаў пра гэта Гонта? Не, Гонта сказаў, што потым, маўляў, яны з Алегам прыйдуць па зброю. Выбавяцца з бяды і вернуцца, па зброю… Гонта, відаць, знарок гэта ўсё казаў. Гонта ўсё ведае, Гонта дужа разумны. Гонта па-дурному не эагіне… I як гучна тупае Гонта! Аж звініць ралля пад ім! Гучныя, звонкія крокі ў Гонты. Але ідзе ён неяк марудна-марудна, быццам цягне нагу, паставіць і нечага чакае, прыслухваецца ці прымерваецца да наступнага кроку…

Чацвёрты крок…

Пяты крок…

Алег чуў і лічыў не свае ўласныя, а крокі Гонты, які грузна і цяжка шнураваў упобачкі па ўзараным полі, чуў, як дзвынькаюць пад абцасамі каменьчыкі, і глядзеў сабе пад ногі, на шырокія скібы зямлі, што на грабянях падсохла ўжо і жаўцела. Як хутка падсохла поле! Гадзіны дзве мінула — не больш! — а вільгаці на раллі ўжо і знаку няма. Праўду казаў Гонта: перастояла поле, трэба было садзіць бульбу раней.

Сёмы крок…

«I жаўрук неяк дзіўна звініць, як валіцца на дол…»

Восьмы крок…

«I другі спявае. Ззаду недзе, але глуха, як у траве заблытаўся…»

«Няўжо толькі дзевяць крокаў зрабіў Гонта? Ці, можа, я збіўся ў сваім падліку?.. Не, правільна я надлічваў. Дзесяты вось крок…»

Ён разумеў, што робіць усё гэта сумысля — і лічыць Гонтавы крокі, і глядзіць сабе пад ногі, і дзівіцца з таго, што гэтак хутка падсохла зямля і ўжо асыпаюцца грабеньчыкі раллі, і прыслухоўваецца да спеваў жаўрукоў,— робіць толькі на тое, каб хоць неяк супакоіць сябе, каб не глядзець наперад, на шырокі ўзмежак ля лазнякоў, дзе адкрыта, не тоячыся, стаяць у чаканні эсэсаўцы. Колькі ж іх там сабраліся? Зірні — і ўбачыш. А навошта яму глядзець? Не, дружа, глядзець давядзецца. Але цяпер ты не хочаш гэтага рабіць. Не хочаш ці баішся?.. А табе ж давядзецца стаць з імі побач амаль. Гонта казаў, каб на два крокі — не больш. А чаму на два менавіта? Ды натуральна ж зусім: тады не паспеюць адбегчыся ворагі, тады не схаваюцца! Але ж і ты не паспееш адбегчыся! I Гонта не паспее! Не, пад узвал ён паспее скочыць! I Гонта павінен! Толькі трэба дакладна вызначыць: куды, у якое месца, дзе…

Алег узняў галаву і смела зірнуў наперад. Як блізка стаяць эсэсаўцы! Прыблізна гэтак жа блізка былі яны, калі ішлі па гравійцы ля Фарынава — тады разведчыкі і паласнулі па іх з аўтаматаў, амаль ва ўпор. А ён, Алег, ссадзіў тады з карабіна афіцэра, які паспеў залегчы за сасною на ўзбочыне. Тады эсэсаўцаў шмат было… А зараз мала… Зусім жа мала стаіць іх ля лазнякоў!.. Упяцёх толькі! Не, чацвёра яшчэ ля вязаў… I яшчэ ззаду, на лугавіне, галёкаюць, нешта крычаць… I якія ж яны ўсе няроўныя, бы ўвесь час перавальваюцца з нагі на нагу, то большаюць, то меншаюць, быццам няспынна ківаюцца. А, гэта вецер гайдае лазнякі… За лазнякамі горбіцца белае воблака, кудлатае, бы злепленае з дробных снегавых камякоў. Дзіўна, ён бачыў гэткае ж воблака за вязамі, над лесам, калі глядзеў з акопчыка ў той бок, дзе сонца. Няўжо так хутка пераплыло туды, на той бок ракі?..

Загрузка...