СЦЕЖКІ, ДАРОГІ, ПРАСТОР

Хвалі i сосны


З акна тралейбуса Сімферопаль — Ялта відаць ляжачыя вярблюды нізкіх гораў, на некаторых з ix — пасадкі сасонак; вялікі шэры вадаём, з берага якога блакітныя лодкі п'юць, уткнуўшыся, ваду; разлітая па каменні рачулка, шуму якое сюды не чутно; блакітна-белыя, свежапафарбаваныя домікі i гатовыя да цвіцення сады сяла Лазавое... Адкрыты ўзгорак над далінаю i — нечаканая радасць сустрэчы — бюст маладога Льва Мікалаевіча. Героя Севастопаля i, што яшчэ важней, аўтара «Севастопальскіх апавяданняў». Ён тут калісьці бываў. Дый застаўся i тут назаўсёды.


* * *

Мокры ранак пасля начнога дажджу. Другая палавіна сакавіка, а нават i крымская вясна яшчэ ўсё толькі хоча пачацца. Адзін міндаль цвіце, нібы па малалецтву забягаючы наперад. Над усім пануюць вечнай зелянінай кіпарысы, кедры, каменныя дубы. На бязлістым голлі i вецці дрэў i кустоў, нізка над сцежкай, безліч крыштальна-сярэбраных кропель. Нібыта белы дробненькі цвет. Чуваць першыя для мяне сёлета берасцянкі, як быццам зноў абноўлены пераклік пеўняў, яшчэ нейкае цвірканне — клопат i радасць.

Хадзіў i спыняўся, прагна дыхаў, доўга глядзеў.

На поўначы — яшчэ ўсё вышэй ды вышэй пнуцца горы, пакрытыя лесам, кустамі, зрэдку жыллём. Трэба будзе туды дабрацца, як найвышэй. На поўдні — за паркам, за садамі, за дахамі Ялты,— мора... Маяк i мол. Поўзаюць судны. Учора пад вечар, пры першай сустрэчы, адчуў яго, мора, нібы наогул упершыню, як штосьці такое, у што можна быць закаханым, як штосьці неабходнае для нашага жыцця таксама, як зямля. Сёння, калі глядзеў на яго зверху, здалёк,— успомнілася, паўтарылася тое самае адчуванне. Нават, здаецца, з блізкім, няўяўным пахам i шумам.

Дзякуй тым, хто прадбачліва захаваў для нас i звычайныя, вельмі як быццам звычайныя словы вялікіх.

Гледзячы зверху на порт, успомніў (кім жа гэта запісана?), як Чэхаў калісьці вяртаўся аднекуль морам, знаёмы насільшчык-татарын пабег па пірсе, апярэджваючы ўсіх, каб узяць рэчы Антона Паўлавіча, a паліцзйскі аблаяў i ўдарыў татарина. Дзве фразы, вечныя, калі вечнай будзе літаратура:

«Ты не меня ударил, ты его ударил!»

Гэта сказаў насільшчык.

A Чэхаў — паліцэйскаму, па-свойму ціха:

«Как вам не стыдно!..»


* * *

Пасля вячэры i кіно хадзіў, неспадзявана дайшоў аж да мора, паслухаў плёскат памяркоўнай сёння хвалі. А перад гэтым стаяў у садзе, па-нашаму, па-раўніннаму кажучы,— не на ўзгорку, а на гары, зверху глядзеў на таямнічыя, нібы спрадвечныя кіпарысы, на мноства агнёў паміж імі.

Падумалася пра рэчы, якія перажываюць людзей, сваіх гаспадароў.

У доме Чэхава, гледзячы на стары, сёння ўжо нават пацешны тэлефон таго часу, успомніў, неяк зусім нечакана, светла адчуў, як гэты апарат калісьці, амаль семдзесят гадоў таму назад, перадаў сюды, у чысценькі, сціплы кабінет, голас Талстога — з недалёкага дома ў той самай Ялце — Чэхаву. Некалькі слоў. Проста пра тое, што ён, Леў Мікалаевіч, вельмі любіць яго.

Вожа мой — толькі пра тое!..

У вечных, строга i змрочна таямнічых кіпарысах думалася i аб тым, што чалавек i пісьменнік, якога пяшчотна любіў сам Талстой, што Чэхаў, якога чытаюць на мностве моў i любяць на ўсіх кантынентах, быў i няшчасны, быў i самотны i, паміраючы, два апошнія словы сказаў чамусьці не на роднай мове.

I сапраўды — чаму «Ich sterbe»? [5] Таму, што гэта было ў Германіі, што лекар быў немец, што i жонка была «немочка моя добрая»?..

Сёння я ўпершыню, здаецца, спыніўся на гэтых словах. Сёння мне, як ніколі, сумна i неяк нават... нібы радасна ад таго, што яны былі сказаны так, як былі,— проста чамусьці так, не інакш. Сказаны не па-руску тым, хто быў — зноў жа як гаварыў Талстой — вельмі i вельмі рускі. I чалавек i пісьменнік. Хто — разам з тым — так натуральна належыць усяму чалавецтву.


* * *

Неба над морам, па-вясковаму кажучы, падкасалася — ясная паласа паміж цяжкай, жалезна-шэрай вадой i непрыветнай зацяжжу хмараў. Над самым вадзяным даляглядам — града воблакаў, падобная на горны снегавы хрыбет, светлы, зманліва прывабны. Кліча кудысьці далека, у нейкі цудоўны, сонечны Басфор, дзе я нібыта быў ужо, a ўсё яшчэ здаецца, што буду... Над воблачным хрыбтом — пяшчотнасць чыстага блакіту, якога мы тут ненармальна даўно не бачым.

А з гораў, што высока за нашым домам, дзьме паўночны, бязлітасны вецер.

За ашклёнымі дзвярыма, за мураваным парапетам балкона шумяць i стусінамі гнуцца-гайдаюцца кіпарысы. I гэта так незвычайна, ненатуральна. Нібыта адчайна шумяць i калышуцца... навагоднія елкі, якія хтосьці матлошыць, па-хуліганску здзекуючыся з ix прыгожай, урачыстай самавітасці.

Ix, кіпарысы, робіць падобнымі на елкі мноства шышак, што павыядрываліся на густой, дробненькай зеляніне, як цацкі-шарыкі, хоць i не звонкія, аднастайна падобныя, але прыгожыя i прымацаваныя вельмі надзейна.

Учора даволі-такі доўга блукаў паміж крыжоў, пірамідак, дрэў i кустоў, па камяністых сцежках i бетонных прыступках, па мокрай ад патайных крынічак траве. Шукаў магілу Багдановіча. Пытаться пра яе i зноў, не пачуўшы патрэбнага слова, хадзіў то зверху ўніз, то зноў уверх, то ўпоперак тары...

А потым неяк раптам, нібы нечакана, пазнаў камень з ужо невыразным, прымшэлым ды зацёртым нягодамі надпісам — сціплы помнік, выгляд якога мне памятаецца ад першага наведання, больш за дваццаць гадоў. Я стомлена, i радасна, i сумна выдыхнуў, успёршыся на пруты агароджы:

— Дык вось ты, голубе, дзе!..

I не здалося гэта ні сентыментальнасцю, ні панібрацтвам. Мне i любоў мая i гады дазваляюць. Зрэшты, сказалася неяк само.

Бо тут, у Ялце, i каля белага дома, дзе ён памёр, i на могілках, куды яго прывезлі пахавальныя дрогі, была ў мяне думка, было адчуванне, што ўсё такое ў жыцці адбываецца вельмі проста. Хворы хлопец прыехаў, хворы хлопец памёр — яшчэ адзін, не першы i не апошні,— i яго пахавалі. Нават, відаць, за кошт казны. I гэтае «вельмі проста» неяк па-асабліваму гаворыць мне пра яго, паэтаў, цудоўны пачатак, сумна, горка гаворыць пра тое, як многа гэты хлопец мог бы зрабіць, каб пажыў — вельмі проста — як многія, трохі даўжэй...


* * *

Позні поўдзень. Сонца i вецер. Мора i пасвятлела i разгаманілася. Зеленаватае, вясёлае. I разгайдалася яно, відаць, не па сваёй волі. Недзе далёка-далёка за даляглядам хтосьці магутны i мудры прыняў рашэнне атакаваць наш бераг, i мора, яшчэ ўранні спакойнае, не ведаючы той высокай задумы, але паслухмянае ёй, пачало. Аднастайна, але не надакучліва, як быццам злосна, але i весела, плешча-палошча i так ужо безліч разоў апаласканае каменне, накат за накатам, то чакана, то нечакана б'е ў сцяну набярэжнай, узвіваючы белапенныя букеты пырскаў.

Гоман мора i гоман агню — дзве дзівосныя з'явы хвалююць, зачароўваюць мяне ўсё жыццё, не паддаючыся ніякаму вытлумачэнню. Зноў вось успомніў, што люблю яго, мора, як i агонь, з маленства. Добра было калісьці, i сёння добра было б пасядзець перад поўнай вясёлага, прагнага полымя грубкай; добра бывала, i дай бог, каб i яшчэ неаднойчы было, каля сяброўскага вогнішча ў летняй роснай i шматгалосай начной глухамані надрэчнага лугу або прылеску!.. А мора? З ім пачалося мае існаванне. Пасля была разлука, цэлых семнаццаць гадоў, была іншая краса, іншая таямнічасць прыроды. А потым я, па-салдацку нагала астрыжаны, нібы спецыяльна абражаны, абяззброены такім чынам вясковы дзяцюк, нядаўна горды сваей свабодай, сваёй працай на полі i на паперы,— я апынуўся зноў над морам. Ужо не над Чорным, а над Балтыйскім. Аднак радасць мая, мае хваляванне былі не толькі самі сабой, але ж i ўспамінам далёкага, даўняга i няспыннага шуму, што вось прыйшоў, вярнуўся i гамоніць верна каля ног, атакуе душу маю шчасцем вялікай, магутнай, вечнай красы!..

Чайкі хвалююцца. Лятаюць, садзяцца на хвалях, уздымаюцца, зноў пікіруюць. У белакрылым палёце яны амаль зусім не крычаць, нібы ва ўрачыстым маўчанні. Што — прадчуваюць яшчэ большае хваляванне вады? Ці проста рады таксама?

Імклівая рачулка Учан-Су i сёння, як i заўсёды, робіць сваё. Марскія хвалі хвошчуць у бераг i там, дзе яна ўпадае, а рэчка цячэ, бурліць сабе пад ix — пасля доўгага падарожжа па камяністым i неспакойным рэчышчы, вунь адтуль ажно, з гораў. I гоман яе, як i гоман марскі, не часовае штосьці, а пастаяннае.

Бяжы, гамані, малайчына!


* * *

Хачу спяваць, як той, што на восліку едзе ды едзе па роўнай самотнай пустыні...

Мне далі іншы пакой: пасля цёмнага, непрыветнага — сонечны, на трэцім паверсе, з вялікімі ашклёнымі дзвярыма, праз якія зверху відаць i горад i мора. У мяне ўжо не цесная лоджыя ўнізе, a вялікі, адкрыты ў неба балкон. Кіпарысы цяпер — толькі трохі вышэй за мяне!

Днямі я запісаў у блакноце такую драбніцу.

Шышкі на кіпарысах — нібы кажушныя гузікі, вязаныя з ірхі, тоненькай скуры з пахвінаў, аскрэбенай начыста. Толькі што гузікі на кажухах не так густа панашываны, a кіпарыс нагадвае чалавека не ў кажусе, a ў нейкім форменным цёмна-зялёным i даўжэзным шынялі.

Параўнанне — чыста вясковае. Але i сёння мне дакучаюць гэтыя «гузікі», просяцца ў наша слова, хутчэй за ўсё ўпершыню.

За верхавінамі кіпарысаў, з-пад імглістага, бездалягляднага неба карабаціцца мякка-шэрымі хвалямі мора. Не шуміць i не пахне, вядома, ажно сюды — трэба ісці на бераг, як я хадзіў уранні, да снедання, як я пайду яшчэ i яшчэ.

Хачу спяваць пра ўсё, што бачу, што думаю...

Днямі купіў у кіёску над морам кнігу пра Назыма Хікмета. Калі i выпадкова, дык я, відаць, шчаслівы на такія выпадковасці. Не магу працаваць, хоць бы так, як учора ці пазаўчора. I ў галаве шуміць, i сэрца ные чагосьці, i ногі гудуць ад ялцінскіх крутых завулкаў ды сцяжынак. Прылёг сярод белага дня i чытаў. I ў тым, што пра Хікмета я чытаў іменна тут, над морам, за якім — яго таямнічая, вельмі мала вядомая мне краіна, той экзатычны Стамбул, які калісьці бачыў сяк-так i я, у гэтым было не толькі чытацкае шчасце, але i думка пра тое, што людзей у будучыні чакае вялікая радасць пазнавання народам народу, радасць той перабудовы, калі ўпадуць драты i муры ўсялякіх варожых перагародак.

Добра таму, хто працуе на гэтую радасць!

Успомніў, чытаючы, i дні мае вясковай маладосці, пах залатых аўсяных снапоў, на якіх я адпачываў з кнігаю вершаў Вагдановіча, калі нібы ўпершыню адкрываў для сябе яго асаблівую блізкасць да рускай літаратуры. Нават i праз сваяцтва з Горкім, праз смерць у чэхаўскай Ялце... Мала гэтага! Ён першы павёў наша слова на збліжэнне са скарбамі народаў свету, ён першы адчуў так моцна гэтую неабходнасць.

Таму i радасна мне, адлажыўшы кнігу пра першага з туркаў, што стаў мне блізкім, як мужны i светлы друг, зрабіць гэты запіс, яшчэ раз адчуць, што я хачу спяваць пра ўсё, але ж пра тое ўсё, чаму належыць будучыня.


* * *

Мора аціхла за ноч, спакойна i сыта прыхлёбвае каля берага. З-паміж хмар засвяціла сонца. I горы, на вяршынях яшчэ ўсё пакрытыя снегам, ярка палезлі з поўначы на горад...

На невялікім камені, які тырчыць сухою лысінай над булькатаннем рэчкі, што метраў праз пяць упадае ў мора, прысеў вясёлы верабей. I пасядзеў, каб я паепеў падумаць пра яго цудоўны мікрасвет — маленькі толькі для мяне. I гэты камень, i мноства падобных навокал, таксама cyxix i ўжо, відаць, нават цёплых ад сонца, i шум рачное быстрай, гаманлівай плыні, разасяроджанай на мноства патокаў у мностве сухога i мокрага камення, i жоўценькія, як куранячы пух, кветачкі на кізілавай галіне, што звісае чортведама як высока над вадою — ажно тры метры!..

Штосьці дзіцячае ў гэтым адчуванні. Па свежасці.

Верабей пырхнуў i паляцеў.

Так бы вось i лятаць, адчуваючы шчасце прастору, так бы вось i садзіцца на цёплых каменьчыках, бачыць вакол сябе многа вялікага, прыгожага i значнага, што камусьці здаецца малым, не вартым сур'ёзнай увагі.


* * *

Варанцоўскі палац у раскошным парку. З поўначы — скальныя горы, зубцы Ай-Петры, з поўдня — чароўнае мора. У пакоях палаца — цуды людское працы, умельства, натхнення, цярплівасці.

Што гэта — не летняя рэзідэнцыя аднаго з найбольшых магнатаў Расійскай імперыі i ўсяго свету, што гэта — не проста яшчэ адзін наш музей, a жахлівая памяць пра катаргу мноства таленавітых i безымянных сыноў працоўнага народу, я адчуў неяк асабліва ўрачыста. Ажно хацелася пазбіваць кепкі, а тым больш капелюшы з курортных галоў, якія i ў гэткіх месцах не адчуваюць урачыстага хвалявання.

Калі б не тая, скажам, шчаслівая выпадковасць, што Шаўчэнку выкупілі ў другога магната, быў бы яшчэ адзін безыменны геній. Колькі такіх імёнаў мы не ведаем! З некалькіх тысяч прыгонных умельцаў, што дваццаць год будавалі гэты палац, у архівах захавалася толькі трыста прозвішчаў. Ды i пра носьбітаў ix, пра людзей, лёс кожнага з якіх быў бы, на добры лад, сюжэтам гістарычнага рамана, мы ведаем вельмі мала i больш не будзем ведаць ніколі...

«Адзін з найбольшых магнатаў Расійскай імперыі i ўсяго свету». У ix быў свой, арыстакратычны інтэрнацыяналізм. Варанцовы жаніліся з Браніцкімі, радніліся сабе ў той час, калі Расія душыла свабоду Польшчы, a польскі народ збіраў ды нагнятаў сваю нянавісць да Расіі. Палац пабудаваны ў сгылі англійскага сярэдневякоўя, а на паўднёвым яго фасадзе, з «маўрытанскім» парталам, надпіс «Багацце — ад бога», выведзены арабскай вяззю. Карціны, скульптуры, габелены, шпалеры, мэбля, ліхтары, шкатулкі — усё тут зроблена майстрамі з розных краін. Парк разбіваў славуты нямецкі садоўнік. Сам Варанцоў, як сведчыць аўтар «Хаджы Мурата», быў чалавек рэдкай у той час еўрапейска адукацыі.

Калі не забывацца, што ў нас ужо больш за паўстагоддзе гаспадарыць тая пераважная большасць, якая была калісьці прыгнечаная, бяспраўная, калі прыгадаць, што яшчэ задоўга да Кастрычніка той самы Талстой (дарэчы, тут, у недалёкай Гаспры) пісаў, што народ Расіі «все более и более просвещается общим всему миру просвещением»,— дык сёння ў нас сапраўднай інтэлігенцыі, сапраўднай арыстакратыі духу яшчэ ўсё не надта многа. У параўнанні з разняволенымі магчымасцямі, улічваючы нашы гістарычныя, інтэрнацыяналісцкія мэты i задачы. Зашмат мяшчанства, якое лічыць сябе інтэлігенцыяй, зашмат звычайнага хамства, бяздумнага i ваяўнічага. Пралетарская радасць першых паслякастрычніцкіх дзён (усё — наша, народнае!) адышла са сваім часам у гісторыю. Цяпер нам такое свядомасці мала. Мы, сучаснікі, адказваем за тое, што зрабілі i што зробім мы, якую культуру пакінем нашчадкам — i створаную намі, i захаваную з пакінутага нам.


* * *

Гаспра.

Шатландскі замачак графіні Панінай ператвораны рэвалюцыяй у санаторый для матак з маленькімі дзецьмі.

У вялікім пакоі гульняў — партрэты i фотаздымкі Талстога. Эліпсаваты столік, на якім ён калісьці пісаў, ужо трохі прыпсаваны немузейным доглядам; на ім ляжаць надзіманыя рыбы i лялькi. Вясёлая i ветлая дзяўчына, выхавацелька, пусціла нас у гэты пакой, балазе малыя ўжо кончылі гульні i разыходзіліся па палатах, дамам.

Прыкра i крыўдна, што ні ў тыя пакоі, дзе працаваў, хварэў і, хварэючы, працаваў Леў Мікалаевіч, ні на веранду, дзе ён гутарыў з Чэхавым, з Горкім,— не пройдзеш. Ніхто не пусціць, бо гэта ўсё санаторый, i ніхто не ведае толкам, дзе тут ды што тут калісьці было. Так нам прынамсі сказалл, ужо не першым i не апошнім з тых, каго да гэтых вежаў над морам вядзе не пустая цікавасць.

Таксама, зрэшты, было i ў Гурзуфе, дзе мы дарма намагаліся прайсці ў дом Раеўскага, асвечаны імем Пушкіна. Таксама хтосьці адпачывае.

Дзіўна, што ні для Пушкіна, ні для Талстога мы тут не можам зрабіць што належыцца...

Астаецца галоўнае — ix слова, слова наогул, якое не толькі было спачатку, але ж будзе i да канца. Яно тут, са мною — зноў свежае, зноў нібы новае, цяпер — па-крымску.

Крым я павінен паглядзець не так — хоць бы з-за Пушкіна (Бахчысарай) i Талстога (Севастопаль)...

Пішу гэта, а здалёк, мармытнула думачка: ат, усяго ўсё роўна не пабачыш... Можна сказаць, што правільная, аднак не мая. Хочацца бачыць найбольш. Хочацца верыць, i веру, што бачыць i чуць хачу я не так сабе, не толькі для сябе, а дзеля патрэбы, з адчуваннем якое, як з адчуваннем абавязку, хораша жыць.


* * *

Ішоў учора па мокрай прыморскай вуліцы пад імжой i на тралейбусным прыпынку, зазірнуўшы ў твар задуманай дзяўчынцы-падлетку, адчуў яе — здалося — роздум, адзіноту, яшчэ раз па-новаму часовасць i нялёгкасць нашага жыцця, з чым яна, відаць, ужо сутыкнулася, пра што яна, магчыма, думае...

Стала шкада яе, шкада i таго, што яна ніколі не даведаецца, што падумаў пра яе, што адчуў здаравенны ды стараваты дзядзька-прахожы, з выгляду — як мне i дзеці дома кажуць часамі — чагосьці злосны.

«Хто мне паверыць, калі запішу? — падумаў я, ідучы.— Дый сентыментальна будзе...» А сёння вось тая дзяўчынка зноў стаіць перад вачыма са сваёй задумай. I запісваю.


* * *

...Маладая кабыла, хоць i накрытая дзяругай, капрызна танцуе ў аглоблях — ад аваднёў. Колы самі, знарок шукаюць у каляінах глыбейшыя ямкі. Вялізны, шырачэзны воз шорсткага i гарачага мурагу калываецца вельмі пагрозліва. Трэба яго трымаць за граблі, убітыя ў тугое сена па самы валок. Правай рукой трымаеш воз, левай — лейцы, кіруючы гэты свой карабель па лукатках лугавое дарогі. А табе пятнаццаты год, ты ўжо, вядома, i зусім дарослы, i смелы, i вельмі стомлены, i хвалюешся, i баішся. Бо ты яшчэ ўсё... дзіця. Пра што гаворыць, праўда, толькі мама. Воз нарэшце трапляе ў тую самую патайную i найглыбейшую ямку, якой ты найбольш баяўся, i валіцца на цябе ўсёй сваёй аграмадзінай!.. Яшчэ адзін!.. Яшчэ!.. Той самы воз, але не раз, а некалькі разоў. Ты мужна падпіраеш яго плячом i галавой. Але дарма!.. I ты нарэшце прачынаешся ад свайго крыку: «Тпрру!..»

Ты — пад яблыняй, што клапатліва расставіла над табою шырокае, густое голле з буйным лісцем i церпка-няспелымі яблыкамі ў лісці. Табе гэта нават i смешна, што ты прачнуўся, ты рады, што ніхто не чуў, i ты зноў тулішся шчакой да падушкі, у свежым месцы — халаднаватай. «Пятрова ночка маленькая...» Высокі жаночы голас, прыемны i да адчаю стомлены, чуецца ў тваёй памяці ціхай i салодкай калыханкай. А воз усё калываецца, кабыла ўсё гізуе, ямка ў каляіне вось-воеь будзе, воз твой, хочаш не хочаш, абернецца, накрые цябе духмяным, шорсткім i няўмольным цяжарам. Адзін, другі... Таксама, як было з вечара, калі ты толькі лёг. Ты неўзабаве зноў заснеш, i хутчэй за ўсё будзеш сніць тое самае...

Я ўсміхаюся, за добрую тысячу кіламетраў ад дому, праз восем год пасля таго, як гэта было... не з возам сена, а з грыбамі. Усміхаюся, пачуўшы голас хлопчыка, што ўпершыню ў жыцці быў ca мною ў грыбах i не можа заснуць:

— Тата, яны ўсё стаяць ды стаяць. I ў траўцы пахаваліся, i так. Вялікія. Маленькія...

Дзівак малы! Таксама i ў мяне яны перад вачыма — i стаяць, i плывуць цудоўнымі кінакадрамі, яшчэ нікім не знятымі, жывымі. Плывуць не ўпершыню, ужо даўно не ўпершыню, амаладжаючы душу гэтым дзіцячым хваляваннем.

Так бывала.

I сёння я вось не магу заснуць.

Дагэтуль горы, што асланяюць горад з усходу, поўначы i захаду, былі жывой, спрадвечнай, велічнай дэкарацыяй, прыгожай ледзь не абстрактна, умоўна, здалёк.

А сёння мы дабраліся да адной з ix вяршыняў.

I я вось не магу заснуць. Ад горных сцежак.

Асабліва адна — i ў ясны дзень адгэтуль, з балкона, нябачная на выразным, голым абрыве вяршыні — асабліва яна дала нам страху ды хвалявання.

Скальны абрыў нахілены крута, увагнуты ўсярэдзіну. Шырыня сцежкі — на аднаго хадака. Налева — бездань, направа — высока над намі скала...

Я стомлены, як i ўсе мы, жанчына i двое мужчын, можа нават i больш за ix, маладзейшых. Да таго ж, яшчэ мне чортведама навошта ўспомніўся даўно бачаны кінафільм, ужо не толькі без назвы, але i без дзеяння. У памяці захавалася толькі такая во сцежка i многа неграў, што гужам ідуць па ёй над безданню, з вялікімі цюкамі на галовах. I захавалася гэта ў памяці нібы толькі дзеля таго, каб паказаць мне яшчэ раз, як негр ляціць у бяздонне разам са сваім грузам, нібы толькі таму захавалася, каб даць мне адчуць, як у душы маёй паўтараецца яго апошні, жудасны крык. Астатнія негры ідуць як ішлі...

I мы ідзём. У напружаным, асцярожным маўчанні, тройчы... якое там! — ужо дваццаты раз узмакрэлыя халодным ад нізкага туману потам. Улева, у бездань, я не гляджу. Іду з правым нахілам, да скалы, проста цягне ісці толькі так, каб «у выпадку чаго» — пуц на правае калена, i прытуліўся да сцяны. Мы нават i гаварылі так, дзяліліся такою асцярогай. А потым, зноў апынуўшыся ў лесе, смяяліся з саміх сябе, такіх, з дазволу сказаць, альпіністаў.

I вось я не магу заснуць — усё іду па сцяжыне, іду, i хочацца нават крыкнуць ад страху i трошкі — ад захаплення...

Быў ён, страх вышыні, зусім незнаемы мне ў самалёце. Было захапленне, калі хацелася нават, гледзячы зверху ўдалячынь — на схілы, пакрытыя лесам, белыя вужакі дарог i сцяжын, далей — дамы i вуліцы горада, яшчэ далей — шэры, уздыблены марскі прастор,— хацелася, нібы ў дзіцячым сне, узмахнуць рукамі-крыламі i паляцець!..

А больш за ўсё было стомленай i нястомнай радасці ад знаёмства з яшчэ адной красой. Гэта — горныя сосны. Магутныя шурпатыя ствалы. Няспынны, велічны, невытлумачальна прыгожы пошум ix верхавін. Часта ён спалучаўся з ледзь улоўным спачатку, а потым усё больш ды больш выразным шумам вады. Часамі гэты бойкі, энергічны шум уваходзіў у мяккі i на ўсё неба шырокі пошум ігліцы, нібыта распорваючы яго сваім імклівым, рэзкім гоманам. Пасля, калі мы спыніліся на скалах вадаспаду Яўзлар, а яшчэ праз гадзіну хады, над яшчэ больш адчайным спадам са скал паэтычнага Учан-Су, у шуме вады прападаў шум сасновы. Мы адыходзілі ў сваю даль па новай, крутой i пакручастай сцяжыне, шум вады спакваля аціхаў, расплываўся, i сосны ціха спявалі сваё — зноў на ўсё неба над намі, на ўсю зачараваную душу...

Там, на тых кручах ды схілах, нараджаецца свежасць, адтуль яна аплывае ў даліны, да мора, насустрач яго таксама невычэрпна шчодрай свежасці. Свежасць марское вады i свежасць сасновай жывіцы...

Дайце мне, сосны, дайце мне, сцежкі, заснуць!..


Знаёмства з ГДР


Адвячорак у Трэптаў-парку.

Духмяныя ліпы. Таполі — нібы салдаты ў ганаровай варце. Веліч смутку i подзвігу.

I дзве бярозы. Ужо тым часам старыя, прывезеныя сюды з Усходу.

Такія, што ў нашых лясах, пры дарогах, такія, што гарэлі разам з хатамі, з людзьмі...

Яны, бярозы, сказалі мне тут, здаецца, найбольш.


* * *

Учора быў дождж, было сонца, зноў дождж, тады цудоўнае неба на захадзе, з нізкімі бела-барвова-шэрымі воблакамі над морам, быў пах зямлі i кароўніка, белыя чайкі на раллі, за трактарам, была готыка старажытнага Візмара, добрыя гутаркі — днём у багатым нямедкім калгасе, a ўвечары ва ўтульным клубе творчай інтэлігенцыі Ростака.

Вярнуўшыся ў наш курортна-патрыярхальны Нойклёстар, позна чытаў апавяданні Ружэвіча, адчуваючы блізкую да першапачатковай, як у маленстве, захопленую, але па-сталаму маўкліва стрыманую радасць — ад сапраўднага друкаванага слова. Зноў добра думалася пра тое, што мае галоўнае, мае адзінае ў тым, каб ясна бачыць сваё месца, ведаць свой абавязак.

Сёння развіталіся са сваім чысценькім нумарам, за акном якога апошні раз пашарэла для нас вялізная саламяная страха на доме дырэктара атэля, апошні раз пакудахкалі мекленбургскія куры.

Зноў дарога. Аўсяна-жытне-лугавыя прасторы. Лясы, пералескі. Цагляныя вёскі, хутары, былыя маёнткі. Асфальт у высокіх прысадах. Трохі спакойны, трохі пануры прыморскі пейзаж.

Потым — Гюстраў, зноў старажытная готыка, горад, амаль ацалелы ў вайну. I Барлах — скульптар, графік, паэт Эрнст Барлах — прычына высокага, светлага хвалявання.

Пусты, парослы сонечнай, некранутай травою цвінтар вакол самотнай цаглянай капліцы — старадаўняй, найстарэйшай у горадзе «капэлы святое Гертруды». Старыя рэдкія бярозы. Яшчэ радчэйшыя, яшчэ старэйшыя магілы.

Побач з капліцай, у лёгкім лісцяным цяньку, стаіць прывезеная сюды адтуль, дзе супакоіўся Барлах, драўляная пацямнелая дошка-помнік з гатыцкім надпісам:

«Усё, што ў яго было смяротнае, пахавана тут».

Тое, што асталося пасля яго несмяротнае, што ацалела ад гітлераўскага вандалізму,— скульптуры ў пустой прасторнай капліцы, нядаўна ператворанай у такі незвычайны i просты музей. Збылася даўняя мара Барлаха, які ўздыхнуў калісьці ў гэтай, тады запусцелай, капліцы, сказаўшы: «Тут маім творам жылося б нядрэнна».

Дрэва i камень яшчэ раз ажылі пад рукой чалавека, яшчэ раз гавораць пра наша агульнае, найпрыгажэйшае, вечнае.

I асабліва значным, прыгожым тут здаецца тое, што гаварыць ix, дрэва i камень, навучыў іменна немец, сапраўдны сын свайго народу, той, якога мы сёння — i празаічна, i вельмі змястоўна — называем актыўным антыфашыстам.

«Пра ўсё гэта я ўжо даўно напісаў...» Так падумалася ўчора ўранні. Пра што напісаў? Ды, здаецца, што ў той ці іншай форме, у той ці ў іншай меры нават i пра тое, як мяне, былога польскага салдата, нямецкага палоннага, цяпер савецкага пісьменніка, немцы возяць па той частцы свае зямлі, сацыялізм якое шчодра аплочаны нашай крывёй. Дакладней кажучы, возяць яны не мяне, а нас: польскую вязнярку Асвенціма, ленінградскага блакаднага падлетка i дваіх беларускіх партызан. I возяць не проста немцы, а два былыя салдаты вермахта, як я даведаўся ўчора — ваякі апошняга этапа «ўсходняй кампаніі». Цяпер гэта даволі элегантный, ветліва маўклівыя i нават важныя ды злёгку іранічныя шафёры... На гэтую тэму штосьці прыблізнае пісаў i я, больш канкрэтна пісалі ўжо многія іншыя. Словам — не нова.

А сёння, цяпер, на цвінтары i ў капліцы, думкi тыя здаюцца мне амаль чужымі. Што ты напісаў? Як напісаў? Пры чым тут стома ці вяласць, калі вось у тэму — у складаную, горкую тэму, якое не абмінуць, да якое i я маю свае асабістыя адносіны, перад якою i я адчуваю свой абавязак,— уваходзіць яшчэ адна вельмі патрэбная, вельмі істотная з'ява.

Пасля «капэлы святое Гертруды» быў загарадны дом Барлаха ў сасновым лесе, жыллё i майстэрня, на парозе якое гасцінна сустрэў нас геносэ Фрыдрых Шульт, старэнькі, верны друг вялікага мастака, прапагандыст i ахоўнік ягоных скарбаў.

Зноў скульптуры — з той самай народнай прастатой, народжанай у страсных пошуках, з той самай глыбінёй гуманізму — да ўзнёслай цішыні i рэдкай радасці ў душы...

На адной з непрасторных плошчаў старога Гюстрава, у сурова-велічным гатыцкім саборы, кажучы груба, вісіць на ланцугах... не, не вісіць — лунае бронзавы анёл з абліччам высакароднай Кэтэ Кольвіц. Яшчэ адзін твор Барлаха, прыгожае сведчанне дружбы двух змагароў за светлую будучыню, яшчэ адно сведчанне непераможнасці сапраўднага мастацтва.

A трошкі воддаль — змрочна, запылена тырчаць старыя, бяскрылыя сцягі з няпростымі, ненабожным! надпісамі: «Мір праз перамогу», «З богам за бацькаўшчыну» i гэтак далей...

Народ, які мае вялікае мастацтва, вялікую векавую культуру, народ, які ведае, што гэта значыць — страціць яе, як ён мог, як ён можа знішчаць культуру іншых народаў?..

А каля сцен сабора — грабніцы герцагаў ды герцагіняў, якія тут, пад строма-высознымі скляпеннямі, «спачываюць у бозе» — да сумоты даўно, да непрыстойнасці раскошна i крыкліва...

Як радасна з усёй гэтай старызны, з усёй арыстакратычна-шавіністычнай затхласці вылузваецца, нібы сонца з-за хмараў, такі патрэбны i блізкі, такі нямецкі i агульналюдскі Барлах!

Анёл ягоны вярнуўся сюды пасля разгрому нацыстаў.


* * *

У дарозе ад Балтыкі зноў у Берлін, любуючыся прыродай, зайздросным спалучэннем яе красы з культурай, думаў, што я не проста так сабе гляджу, запамінаю — як не проста, не так сабе, не толькі дзеля сябе ёсць будучая маці.

Адна такая ездзіла з намі пазаўчора, калі растоцкія пісьменнікі паказвалі нам узбярэжжа. Жонка сімпатычнага празаіка П,, маладая лінгвістка. Туга, але зусім нядрэнна гаворачы па-польску,— гэтую мову яна нядаўна пачала вывучаць,— маладзічка паведаміла нам, савецкім сябрам па машыне, проста i міла прызналася, што ўпершыню цяжарная i што ў яе цяпер на дзіва небывалы апетыт.

Вось i помніцца светлая, загарэлая Біргіт, i параўнанне мне падказала.


* * *

Яшчэ, i яшчэ, i яшчэ раз адкрыць для сябе чалавека i паважаць яго як асобу, як яшчэ адно праяўленне жыцця ў яго найвышэйшым выражэнні.

Вядома ўжо гэта — i наогул, i мне. Аднак i паўтараецца гэта радасна, i з кожным разам робіцца ўсё яснейшае.

Днямі я штосьці падобнае адчуў у дажджлівым Шверыне, калі мы выходзілі з музея i сустрэлі на сходах экскурсію, відаць — вясковых школьнікаў i ix маладую настаўніцу. Яшчэ аднаго чалавека, асобу, яшчэ адну цікавую загадку.

Я ніколі не сустракаўся з ёю, яна таксама не ведае пра маё існаванне, хутчэй за ўсё мы ніколі больш не сустрэнемся, аднак — такая думка, такая цікавасць, такое адчуванне павагі да чалавечай асобы патрэбна мне, каб адчуваць сябе зусім нармальна.


* * *

Мы ішлі ўтраіх па алеі старога патсдамскага парку, у летняй, паўдзённай засені дубоў i чырвоных букаў, у ix духмянай, векавой i свежай магутнасці. Мініяцюрная Моніка, якая суправаджала нас, несла адкрыты пакет буйных рубінавых чарэшняў, i мы час ад часу на хаду частаваліся імі, нібы пілі глыточкамі, запавольваючы асалоду.

— Якія добрыя людзі бываюць! — сказала наша гаспадынька. Па-руску, вядома, з нейкай амаль дзіцячай стараннасцю нядаўняй студэнткі-выдатніцы. I расказала, што калі яна пры нашым уездзе ў горад спыніла машыну i забегла ў магазін, дык там аказалася, што пажылая фрау, зусім ёй незнаемая, проста прадаўшчыца, а да таго ж яшчэ вельмі занятая, бо шмат пакупнікоў, нават на склад, у сутарэнне пабегла, каб узяць ёй вось гэты, большы пакет.— Якая дробязь, а як прыемна, праўда?..

I я яшчэ раз — каторы ўжо раз! — прыемна ўспомніў наша з Валодзем Калеснікам даўняе падарожжа на веласіпедах па Гродзеншчыне. Такую ж вось паўдзённую ліпеньскую спёку, прывал каля сельмага, у густым цяньку. Людзей няма, у полі ўсе, толькі дзеці ды куры на пясчанай вуліцы. Крама стаіць наводшыбе, пад старымі ліпамі, каля яе i ў ёй нікога няма, адно за прылаўкам босая, у белай хусціне над загарэлым тварыкам чарнявая маладзіца. «Забегла толькі. У поле пайду. Во ніхто тут да вечара ані зойдзе». Купілі мы ў яе хлеба, кансерву нейкую, i самі сабе, а не ёй уздыхнулі: «Эх, цяпер каб малачка!..» I маладзіца пабегла, пакінуўшы на нас, незнаемых прахожых, усю сваю краму, прынесла нам неўзабаве збанок халоднага, з пограба, малака i ні за што, як мы ні ўпрошвалі, не згадзілася ўзяць за яго грошы. Яшчэ i пачакала, пакуль мы апаражнілі збанок.

«Памяць пра дабрату ажыўляе красу прыроды». Так чыркануў я ўчора ў блакноце, амаль на хаду, для памяці, адстаўшы на хвіліну ад маіх спадарожніц.

Для памяці? Хіба ж такое забываецца? На чужыне, здалёк, успамінаеш яго асабліва прыемна. I свет здаецца святлейшым.


* * *

Цвінгер i Грунэгевэльбэ абрынулі на галаву i сэрца такую процьму твораў мастацтва адразу, што тут не дзіва стаміцца i прытупець на ўспрыманне.

Нават i Рафаэлева мадонна не зрабіла чаканага ўражання. Днямі прачытаў у Ружэвіча, якое захапленне гэтай карцінай выказваў Міцкевіч. З дзён малалецтва ўспомнілася, што пра яе пісаў Жукоўскі. Дый сам я ў «Птушках i гнёздах» не прыдумаў уражання, зробленага на мяне, вясковага падлетка, нават некаляровай рэпрадукцыяй. A пазаўчора здзівіўся, што гэты сусветны шэдэўр не ўразіў мяне. Здаўся нават перагружаным. Зрэшты, фігуры папы Сікста i святое Барбары даўно здаваліся мне лішнімі. Мадонну заўсёды хацелася i даводзілася «вымаць» з гэтага акружэння, адасабляць — проста не хочучы бачыць нікога, апроч яе.

Зрэшты, многае ў Дрэздэнскай галерэі трэба было б глядзець адасоблена i спакойна.

Перад партрэтам нейкага не безыменнага барона ўспомніў Шверынскую галерэю, канкрэтна — бой пеўня з індыком. Падумалася міжволі, што лепш ужо тая бойка, чым гэтая тупая, самаздаволеная маска.

Бой пеўня з індыком — вялікае імпазантнае палатно — напомніў мне, між іншым кажучы, адзін гістарычны паядынак, таксама карціну... Успомніліся i іншыя паядынкі. Індык i певень так i ўспрымаюцца — як сатырычны намёк, а не проста забава свабоднага, негалоднага мастака.

Змястоўнымі, патрэбнымі здаюцца ва ўсіх галерэях, дзе я ўжо тут пабываў, многія пейзажы. Штосьці падобнае на сапраўдную музыку.

Ад грэчаскай міфалогіі да хрысціянскіх легендаў мастацтва сярэдневякоўя перайшло з выразнай класавай паслядоўнасцю. Нават Хрыстовы яслі выглядаюць... ну, зусім-такі па-арыстакратычнаму прыстойна.

У цэнтры Дрэздэна многа зялёных палян — там, дзе раней былі вуліцы, вокны, палацы, храмы... Стаяць яшчэ руіны, i чарнеюць абсмаленыя дамы, што выжылі ў лютаўскую бамбёжку 1945 года.

Таму, што бамбілі не мы, а амерыканцы, немцы расказваюць нам пра гэта ахвотней,— як быццам просячы чалавечай спагады...

Ці гэтыя руіны сталі, хоць у нейкай ступені, урокам ці, па праклятай інерцыі, будуць каму-небудзь падмацункам для далейшага, новага, яшчэ больш нялюдскага нацыяналізму?

Успомніўся абед у патсдамскім летнім рэстаранчыку, у прыемнай, пасля спёкі, засені духмяных ліпаў. Як i ўсюды на свеце, мілая малеча. А да бацькоў за сталамі, да пажылых мужчын, маладосць i сталасць якіх пачалася ў вайну, я міжволі, з дакладнасцю яркай, балючай галюцынацыі, прымяраў мундзіры, аўтаматы i каскі — да лысых i сівых галоў. Нібы забыўшыся, у якой палавіне Германіі я знаходжуся, з агідай, жахам i адчуваннем заспакоенай пометы бачыў тых, што былі ў нас у якасці пераможцаў i — значна пазней — пераможаных...

Сёння з крутой, арлінай вяршыні крэпасці Кёнігсштайн глядзеў на ўтульныя, чырванадахія вёсачкі ў зеляніне садоў, на палявую i лясную красу далін i ўзгоркаў над велічнай, гістарычнай ды песеннай Эльбай.

I зноў уявілася, што i адгэтуль, з чароўнай Саксонскай Швейцарыі, людзі хадзілі далека, «за свет вочы», паліць старых i дзяцей у якім-небудзь большым ці меншым Асвенціме, большай ці меншай Хатыні, у нашым наднёманскім Новым Сяле...


* * *

Чаму праз майго сына, ставячы яго ў розныя сітуацыі былой i будучай вайны, мне прасцей разумець увесь жах бесчалавечнасці?

Таму, што ён найбліжэйшы да майго «я», мы з ім амаль адно, я больш за ўсё на свеце даражу яго прыходам у жыццё, прыходам у якасці майго наступніка, майго паўтарэння ў лепшай — я так хачу,— у чысцейшай, дасканалейшай сутнасці.

Думаў так, прачытаўшы ў газеце пісьмо паляка, былога вязня фашыецкага канцлагера для дзяцей, адрасаванае былому каменданту таго лагера, мірнаму бюргеру ў адным з зацішных гарадкоў ФРГ.

Уявіліся камендантава аўчарка i мой хлапчук — перад жахам апошніх пакут, зусім адзін, зусім безабаронны...

I потым яшчэ думалася, калі ўявіў, як ён дзесьці ляжыць на траве, пакупаўшыся, абсыхаючы на сонейку,— задумаўся, глядзіць на свет сваімі чыстымі вачыма...

Ён — як усе дзеці ўсяго свету. Усе яны — як ён. Але ж ён для мяне — амаль я сам, мае паўтарэнне ў вышэйшай форме, i таму ён найбліжэйшы мне, i боль усіх дзяцей мне лягчэй зразумець праз боль ягоны, праз боль, што не можа быць не маім.


* * *

Ранняя раніца.

Выйшаў з пакоя загараднага матэля пад яснае, ужо сонечнае неба, пад песню жаваранка i падумаў:

Добра было i добра заўсёды таму, хто i гэтую песню, i гэты рамонак — усё можа падпарадкаваць свайму аднаму, значнаму i трываламу назаўсёды.


* * *

Чарнявая немачка, гід у палацы Сан-Сусі. Яе прастадушна прыязнае, хоць i службовае «лібэ гэстэ» (мілыя госці), што паўтаралася ў кожнай новай зале музея. А потым — «зрыў у асабістае», які, калі ён нават i паўтараецца ў яе з кожнай новай групай наведнікаў, гучыць прыемна, хораша.

Паказваючы ўзоры старога фарфору, яна прызналася нам, трупе савецкіх турыстаў,— зноў жа з прыгожай, натуральнай шчырасцю хоць i адукаванага, але i простага чалавека,— што вось гэты, у гэтай іменна шафе фарфор падабаецца ёй асабліва, больш за ўсе іншыя. З той прычыны, што i яна, як ён, паходзіць з Гарца...

Усе мы, ці амаль усе, міжвольна цёпла ўсміхнуліся.

Лірыка, аказваецца, патрэбная ў кожнай справе.


* * *

Спякотны поўдзень у дарозе Будзішын — Дрэздэн.

З акна імклівай машыны гляджу на ўрадлівае лета.

Добрае жыта — густая, гарачая каша калосся, якую так i хочацца зачэрпаць зверху лыжкай i пахукаць, пастудзіць.

У зялёнай сцяне пшаніцы каля шашы сям-там палаюць агеньчыкі макаў.

Для саміх сябе яны — не пустазелле. I для мяне... ды што там я — i для паэзіі, так неабходнай у жыцці, таксама.

Успомнілася «Жыта» Шышкіна i жыта аднаго з нашых маэстра. Са страху ці з выгады ён «уторгся» ў прыроду, паправіў яе — жыта намалявана чысценькае, колас у колас, як пад лінеечку, а васількі — пустазелле — старанна высаджаны на ўзмежак.

«Ca страху?.. З выгады?..»

Гэта было, дарэчы, даўно, у той час, калі аднаго з нашых паэтаў... дакаралі на сходах i ў друку за верш, дзе ён пра васількі сказаў ажно такую крамолу, што выпалаць ix з поля ён гатоў, а з сэрца, бачыце, не можа...


* * *

У адной з музейных залаў Вартбурга, перад уваходам у тую келлю, дзе Лютэр перакладаў Біблію, у адзін час з нашым Скарынаю сцвярджаючы права на роднае слова, прыемна было чуць ад фрау-гіда, што тут быў калісьці Пётр Першы, а потым Талстой, малады яшчэ, але ўжо слаўны аўтар трылогіі i ваенных апавяданняў. Ды ён, як сведчыць запіс каменданта гэтага замка, больш за ўсё несалідна катаўся на восліках...

Спускаючыся зверху ўніз на машыне, у засені магутных дрэў мы абагналі цэлую чародку гэтых пацешных, несмяротных верхавікоў.

I вослікі тупалі вельмі важна, i малеча сядзела на ix з вялікім гонарам.

Ах, несалідны Леў Мікалаевіч!


* * *

Айзенах. Спёка на плошчы.

Мімаходзь, праз адчыненыя бакавыя дзверы, заглянуў у пусты халадочак сабора i небывала ўсвядоміў, як многа яшчэ на свеце людзей, якім гэта трэба.

Дома мы часта забываемся, што свет працягвае жыць па-свойму, а мы павінны ўмець i ўвесь час вучыцца культурна сцвярджаць, абгрунтоўваць сваё.

Вяршыня нямецкай сентыментальнасці.

Голенькі, сыценькі, прыгожанькі Ісусік Хрыстосік i такі ж самы Іванька Хрысціцельчык — на траўцы, у сонейку — даюць адзін аднаму буську...

Бачыў гэта, здаецца, у Гоце, яшчэ ў адным замку, яшчэ ў адной галерэі.


* * *

Адны ўцякаюць ад свайго, па-спажывецкаму прысмоктваюцца да чужога, лепшага, гатовага — абы лягчэй, смачней пажыць. A іншыя лічаць, што трэба вучыцца, як гэта лепшае наладжваць дома. Цар Пётр Вялікі, граф Леў Талстой, мужык Міхайла Ламаносаў. Пра ix тут згадваць даводзіцца часта.


* * *

Зноў i зноў прыходзіць думка:

А як жа, як, як у такой цудоўнай прыродзе, у такой зайздроснай культуры можна было дайсці да Асвенцімаў?..


* * *

Усплыў на памяць расказ ленінградкі, перакладчыцы, што ехала ў адным купэ са мной у Брэст, насустрач гэдээраўскай дэлегацыі.

На Піскароўскіх могілках маладыя немцы-турысты ўбачылі старую жанчыну ў чорным, якая моўчкі, сурова глядзела на ix, стоячы каля магілы.

Калі ім сказалі, што гэта маці цэлай сям'і, пахаванай тут у блакаду, адзін з нямецкіх юнакоў не вытрымаў позірку старое — упаў на калені, пачаў са слязьмі цалаваць яе рукі i ногі, просячы прабачэння за тое, у чым яны, дзеці апошняй вайны, не вінаваты...

Што сказала ім тая жанчына — не ведаю.


* * *

Веймар. Зноў галерэя.

Гляджу на иартрэты ўладароў ды магнатаў i думаю:

Ад чаго яны так сыта, весела ўсміхаюцца? Ад працы, ад нядолі нашых продкаў?

Нашых — у разуменні класавым, міжнародным, якое тут, не дома, прыходзіць неяк свяжэй i глыбей.


* * *

Абедаючы ў экзатычным сутарэнні гасцініцы «Пад сланом», я парушыў рэжым, дазволіў сабе кухаль піва. Больш з-за сімпатыі да таго глінянага, бела-блакітнага, узорыстага кухля. Але не піва, відаць, i не стома, сабраная за некалькі дзён нервовага недасыпання, вінаваты ў тым, што ў доме Шылера я... ледзь-ледзь не заплакаў.

Аконная ніша ў тоўстай сцяне ідзе ад падаконня да падлогі. Сонца, якое ўжо добра схіліла з паўдня, лілося ў гэтае акно, на падаконніку палалі барвовыя кветкі.

I мне раптам падумалася, што вельмі добра было б падсунуць у гэтай нішы столік да падаконніка i працаваць, калі яшчэ трохі адсунецца сонца.

Такое простае, а для мяне — даўно такое прагнае жаданне.

I вось іменна тады, калі яно, пачуццё гэтае, прыйшло, нас, толькі траіх у гэтым пакоі, на гэтым паверсе, дагнаў бесклапотны, бязгрэшны шолам. Знізу па сходах — з тупатам, гоманам, смехам — падняліся i запоўнілі пакоі, наш i суседні, піянеры. Нямецкія, у сінім, i польскія, з бела-чырвонымі гальштукамі. Румяныя, загарэлыя хлопчыкі i дзяўчаткі.

Скептык сказаў бы: як гэта проста, як гэта нават шаблонна, штучна, нацягнута...

I як сімвалічна — скажу я.

Хваляванне мае я супакоіў у гутарцы з няўрымслівымі, яшчэ па-дзіцячы непасрэднымі i ўжо крыху па-дзявочы, па-польску какетлівымі дзяўчаткамі з Гданьска. Яны стаялі, некаторыя зусім натуральна абняўшыся, з дзяўчаткамі нямецкімі.

...У доме Гётэ больш раскошы — i галерэя, i мінералы, i мэбля.

Аднак у абодвух вялікіх сяброў месца працы, тое месца, дзе яны аставаліся самі сабой, сам-насам са сваім богам, было i асталося абаяльна сціплае. Просты пісьмовы стол, паліцы кніг, ледзь не зусім аскетычны драўляны ложак.

Больш за ўсё хацелася глядзець на кнігі i рукапісы пад шклом — адзінае, што i я сяк-так умею рабіць.

У пантэоне дзве карычневыя труны справядліва рассунулі на бакі, пад сцены, вялізныя, цяжкія скрыні з рэшткамі нецікавых i непатрэбных людзей, багацсяў i ўладароў.

З-за вянкоў ледзь відны два надпісы на тарцах тых дзвюх трунаў: Schiller i Goethe.

I я паставіў у вялікую вазу з вадой, схаваную ў вянках, адну нашу белую гваздзіку.

Успомніліся словы Талстога пра тое, што калі б Пушкін здолеў прадбачыць, уявіць сваю славу на стагоддзе наперад — ён мог бы не вытрымаць, звар'яцець. Ды гэта падумалася ўжо на могілках, калі мы выйшлі з пантэона, пра гэта я загаварыў з дзвюма сваімі спадарожніцамі. I адна з ix сказала, што Пушкін, вядома ж, прадбачыў. Бо не так гэта проста было гаварыць у той час пра свой помнік, што непакорнай галавой узняўся вышэй за імператарскі...

Двое беларусаў i немка, мы згадзіліся з тым, што прадбачыў, напэўна, i Гётэ. Пра гэта гаворыць ужо сама яго, калі прыглядзішся, ільвіная самавітасць.

Слава — славай, a веліч геніяў — у ix прыналежнасці чалавецтву, яго прагрэсу, таму найсвятлейшаму, адзінаму, што дае разумны, хвалюючы сэнс жыццю.

...Ад гэтых дум, ад гэтых пачуццяў — у цішыню Бухенвальда.

Цішыня i вячэрняе сонца. Птушыныя бесклапотныя галасы i кветкі дзікіх ружаў на рэдкіх куеціках вялікага адхону. I проста мілая, звычайная трава — яна нядаўна скошана i зноў, толькі без кветак, пайшла маладзенькай атавай.

Адгэтуль, дзе мы стаім, з вяршыні адхону, з-пад сурова-велічнай вежы са званамі на ўвесь свет, ад трох агромністых i васемнаццаці меншых чашаў з зямлёй, напоенай крывёю пакутнікаў з васемнаццаці еўрапейскіх краін,— адгэтуль так хораша i так сумна глядзець на багатую летнюю красу бязмежнай веймарскай даліны. Крытыя чарапіцай вёсачкі ў садах. Нівы. Пералескі. Сабраны ў жменьку горад на даляглядзе. Горад Гётэ i Шылера, калісьці так цынічна i так жахліва зганьбаваны суседствам з гэтай, яшчэ адной, міжнароднай Галгофай...

У трох вялізных чашах, проста ямах, падобных на гіганцкія варонкі, акружаныя кожная суровай каменнай сцяной, густа расце трава, робячы гэтыя чашы ўсярэдзіне зялёнымі.

Васемнаццаць меншых чашаў 'узняты на шэрых пастаментах з назвамі краін, з аднаго боку — на мове мясцовай, нямецкай, з другога — на мове кожнай названай краіны.

Каля нашага пастамента, убачыўшы пад ім, на суровым бетоне, жывыя, гарачыя кветкі, відаць, зусім нядаўна паложаныя тут незнаёмымі суайчыннікамі,— я зноў ледзь-ледзь не сарваўся...

Такія месцы, такія хвіліны належаць нам, хто чалавек, таксама, як нам усім належаць Гётэ, Талстой, Ралан... многія ў многіх краінах, i родныя, i неабходныя ўсім.

Гэтага мне не хапала апошнімі днямі, i ў гэты стан душы, у гэты, вельмі сучасны, настрой я вынырнуў з Германіі замкаў i галерэяў, патрэбных толькі ў разумным спалучэнні з днём сённяшнім, з нашым трывожным заўтра...


* * *

Пішу ў машыне, на эрфурцкай рыначнай плошчы, спусціўшыся сюды з паднебнай вышыні магутнага сабора на гары.

Зачапіўся за гідаву фразу:

«Напалеон ставіў коней у гэтай святыні...»

Канавязь — каля цудоўнай старадаўняй разьбы па дрэве... Гэта — ад адчування ўлады, беспакаранасці пераможцы, ад жадання зрабіць пераможанаму як мага больш балюча. Гэта — ад звычайнай дзікасці, ад звычайнага хамства, якога так шмат яшчэ дрэмле ў людзях. Выло даўней. Было нядаўна. Будзе яшчэ? Ці ўжо як быццам i пара, даўно пара было б канчаць!..

На саркафагу святога Севярына — у другім саборы, побач — несмяротная ўсмешка маленькага Хрыста. У камені вытрымала, перамагла стагоддзі. Усмешка не бога — усмешка дзіцяці. Як сімвал чалавечнасці, чысціні i надзеі.

Яшчэ адна, толькі што выпадкова пачутая, фраза:

«Гэта старое, як само чалавецтва...»

Можна сказаць i так:

«Трэба быць наіўным, каб думаць, што так не можна, не трэба, што так калі-небудзь не будзе».

Я належу, хачу належаць да такіх наіўных. Хэмінгуэй пісаў, што калі чалавецтва пачне, нарэшце, раострэльваць падпальшчыкаў вайны, ён гатовы выконваць гэты святы прысуд... Тут я, вядома, думаю пра актыўнасць у барацьбе за дабро.


* * *

Зноў Берлін, зноў атэль «Бераліна».

...Пакуль яго не пачнуць выхоўваць ды прымацоўваць да нейкай бацькаўшчыны, да нейкай закансерваванай веры — ён усюды прыгожы. Быў, ёсць i будзе.

Так думаў я ўчора, седзячы ў навумбургскай «баўэрнштубе», стылізаваным пад сялянскую хату рэстаране з нечакана вясёлай назвай — «Ягнячы хвосцік». Думаў, гледзячы на двух чысценькіх хлапчукоў, што сядзелі з дарослымі за суседнім сталом i нібыта слухалі, а больш дык сумавалі.

Дарэчы, «ягнячым хвосцікам» там, у маляўнічай, сонечнай Цюрынгіі, вясковыя «муцці», матулі, з пяшчотнай кплівасцю называюць сваіх малых любімчыкаў: «О du, mein Lämmerschwänzchen!» [6]

Перад абедам былі тры саборы — два ў Эрфурце i адзін у Навумбурзе. Яшчэ тры сведчанні вялікай культуры дойлідаў i мастакоў старой Германii, культуры, не бачыўшы якое, цяжка ўявіць яе суровую i часамі ледзь не пяшчотную прыгажосць.

Калі пра пяшчотнасць, дык чаго варты толькі навумбургскія Ута i Рэгенільдзіс, празаічна гаворачы — дзве красуні ў камені, увасобленыя невядомым скульптарам XIII стагоддзя, дзве жанчыны, што i цяпер зачароўваюць. Першая сваёй строгай красой, а другая — «дачка польскага караля Баляслава Харобрага, адна жанчына, якая тут усміхаецца», — сваёй усмешкай, што ажывіла, абяссмерціла i камень.

Яшчэ пра пяшчотнасць.

Той самы скульптар, які — «відаць, па веры сваёй» — пажадаў застацца невядомым, у тым самым камені-ракушачніку, нібы дзявочымі рукамі карункі ды каруначкі, замілавана вывязаў лістоту дубу, клёну, ляшчэўніку... I лістота гэтая ледзь што не шуміць, ледзь не зелянеецца на тонкіх, стрункіх калонах, жыва напамінаючы тую, што за сценамі сабора.

А што да суровасці... можа лепш — строгасці, у велічнай красе трох учарашніх i іншых святыняў, якія мы бачылі, дык мне найбольш, відаць, запомніцца магутная, пашарэлая ад стагоддзяў званіца эрфурцкага сабора. На яе мы, як быццам у самае неба, уздымаліся то простымі, то пакручастымі сходамі, час ад часу выглядаючы на свет праз вокны, то шырэйшыя, то вузкія, як байніцы. Бачылі пад сабой, нібы з самалёта, у дзіцячым здзіўленні, чырвоныя чарапічныя дахі, шэрыя сцены i зеляніну старажытнага горада, а пад саборам, пад тарою, на якой ён узвышаецца,— маляўнічы кірмаш на плошчы, дзе на сталах i ў вазочках капуста, букеты морквы i чырвань чарэшні...

I да абеду, i пасля, да берлінскага вечара, была дарога — бясконцыя змены летняй красы, то палявой, то лясной, што не стамляе ніколі.


* * *

Хмарны ўчарашні дзень мы пачалі пазнавата. Глядзелі: «Пэргамон-музэум», з велічным Пергамскім алтаром i «Свяшчэннай дарогай Вавілона», i «Нацыянальную галерэю», з якое запомняцца: Менцаль (чытаў пра яго падлеткам, у часопісе з рэпрадукцыямі малюнкаў i карцін) ; Крэмар, стваральнік Бухенвальдскага мемарыяльнага комплексу; Тома, з яго партрэтам сястры Агаты, абаяльнай, простай дзяўчыны; вядомы ўжо Барлах i некалькі іншых, прозвішчы якіх не запомніліся, але ад пейзажаў, партрэтаў i жанравых палотнаў асталося светлае ўражанне. Напрыклад, «Дзяўчынка ў пярэднім пакоі», відаць, прыведзеная ў багаты дом на службу, каля якое я, здаецца, упершыню так моцна, па-бацькоўску адчуў, што гэта азначае — аддаваць сваё дзіця ў чужую сям'ю, на паняверку.

Было б куды бяднейшае ўражанне ад Берліна, каб мы не заглянулі ў гэтыя суровыя, калі не сказаць — панурыя, i велічныя гмахі на «Востраве музеяў».

Хоць i думаецца, што знаёмства з ГДР выйшла ў нас крыху аднабокае, пейзажна-гістарычнае, плюс трохі літаратуры i адзін калгас...

Нічога не зробіш — мы госці. На першы раз дзякуй i за гэта.


* * *

Самая цудоўная, самая міжнародная музыка — дзіцячы смех у заапарку, каля вальера з разгулянымі медзведзянятамі. Жывы, агромністы вянок шчаслівых вачэй, вясёлага шчэбету, які раз-поразу выбухае сярэбраным, сардэчным смехам...

Ажно сам пастаяў, пасмяяўся. Не адзін, у нямецкім дарослым натоўпе.


«У нас в горах...»


Неяк на Волзе, седзячы пад вечар на палубе, мы з сябрам заспрачаліся, што лепш — ці такое вось шумнаватае ды мітуслівае турысцкае падарожжа, ці дома, у Беларусі, засесці з вудамі над ціхай рэчкай —хоць з месяц на адным месцы?..

Потым, астаўшыся адзін, я запісаў:

«У самалёце або ў верталёце, на брыючым, абматаў бы, здаецца, усю Зямлю не раз, не два, не тры — ва ўсіх напрамках.

Як мама калісьці клубок наматвала.

Тады здавалася: такі ж вя-ліз-ны!..»


* * *

З ранняга ранку хадзіў па ціхім яшчэ Ерэване, сонечным, свежым ад ценю i вады, i гаварыў сам сабе, што ранавата, мусіць расчульвацца, аднак жа i радасна пазнаваць яшчэ адну краіну, яшчэ адзін народ. Толькі захоўваць яснасць галавы i не разменьвацца на дробязі — на святах гэта трэба памятаць.

Сяджу на скверы, дзе замест кветак — процьма малых i маленькіх фантанчыкаў. Сярэбраныя, гаманлівыя шчоткі вады, даўжэзныя i адна за адной. То нізенька цурчаць фантанчыкі, то вось пачалі булькатліва расці, уздымацца. Кветкі растуць так хутка, дружна толькі ў казках, па загаду нябачнага чараўніка. Пераможная песня вады, яна асабліва да душы ў той краіне, дзе вады мала, дзе за яе, як за жыццё, змагаюцца спрадвеку.

Што мала тут яе — так думалася яшчэ да сустрэчы з фантанамі, калі глядзеў праз акно самалёта на бурыя, голыя горы.

...Гістарычны музей.

Старажытнасць культуры не павінна бянтэжыць: «Ат, што ты ні рабі — няма нічога новага!..» Яна павінна радаваць. Толькі трэба знайсці сваё месца, месца свайму слову ў лесе свайго народу i, разам з тым, у лесе ўсяго чалавецтва. Сапраўднае не гіне. Веліч гісторыі кліча i гоніць да сціпласці, a баіцца яе, гэтай велічы, толькі пусты чалавек.

Гэты вось не баіцца. Бачыш, як ён — наш чорны, быстравокі гід — упэўнена, пераканана гаворыць, чэрпае з бездані роднай мінуўшчыны, шчодра дае нам напіцца:

— Калі народ прыгнечаны чужынцамі, тады пачынаецца барацьба за адстойванне роднай культуры. Майстар майстру перадае, i яна...

Я зайздрошчу табе, незнаемы таварыш!..

...Не трэба саромецца, што на чужой мове ты гаворыш з родным акцэнтам.

У дзяўчыны ці маладзічкі, якая вадзіла нас па музеі Хачатура Абавяна, гэты родны акцэнт гучаў вельмі міла.

I дарма яна сарамліва апраўдвалася перад пачаткам экскурсіі. Пра гэта я ёй пасля, калі мы развітваліся, сказаў. Гэта ж не невуцтва, а моцнае карэнне роднага.

...Багацце, раскоша не дадаюць таленавітым людзям абаяльнасці.

Гэта адчувалася ў гарадскім доме-музеі Авеціка Ісаакяна, куды мы прыехалі з Абавянавай весы Канакер, з яго прахалоднага каменна-землянога доміка, дзе не экзотыка расчульвае, а беднасць, прастата, жыццё — адно з народам.


* * *

Учора на туманянаўскім пленуме некалькі разоў за дзень, ды на самым высокім трыбунным узроўні, з дзяржаўнымі дзеячамі, палкаводцамі, акадэмікамі i замежнымі гасцямі ў прэзідыуме, паўтаралася от сабе казачка пра сабаку i ката, гісторыя з непашытаю шапкаю.

Гледзячы на партрэт юбіляра, справа i вышэй над сцэнай, на яго разумную, добрую усмешку, думаў, што i я мог бы ў зале падняць руку, пайсці на трыбуну i расказаць нашаму літаратурнаму i чытацкаму інтэрнацыяналу, якое шчасце гэтая казка, напісаная калісьці семнаццацігадовым паповічам, дала яшчэ аднаму хлопчыку i ашчэ аднаму бацьку.

У Беларусі, на якую ён, той вясковы каповіч, можа i не разлічваў...

Вось яна — доля сапраўднай літаратуры.


* * *

Канчаецца верасень, а спякота — па-летняму, з самага рання. Былі на тары Эрабуні, каля раскапаных рэштак святыні Халда. Потым ціха стаялі на другім узвышшы над Ерэванам, каля велічнага помніка ахвярам генацыду — турэцкага зверства ў 1915 годзе.

Адзін з замежных, здаецца сірыйскіх, армян, стары, сутулы чалавек, стаяў на каленях перад полымем Вечнага агню, у нашым натоўпе, які ва ўрачыстым, глыбокім маўчанні слухаў жалобную Камітасаву музыку, што выплывае нібы з глыбіняў зямлі, разам з імклівым, стрыманым i страсна гаманлівым полымем.

Другі стары, таксама іншаземец, плакаў каля каменнай сцяны, затуліўшыся ў кут.

Нам шапнулі, што гэта — тыя з нямногіх заходніх армян, каму ўдалося ўцячы ад вынішчэння.

Успаміны, ад якіх звар'яцеў Камітас...

Пасля абеду ездзілі ў Эчміядзін, рэзідэнцыю «каталікоса ўсіх армян», дзе аглядалі сабор, збудаваны ў самым пачатку чацвёртага стагоддзя.

Зa вокнамі аўтобуса — вінаграднікі, кукуруза. Шчодрае сонца. I бясконцае каменне...

Цудоўны адвячорак у даліне Арарата, за горадам Акцемберан.

Яшчэ адзін велічны помнік, прысвечаны перамозе над туркамі ў 1918 годзе, цэлы мемарыяльны комплекс, узнесены зусім нядаўна. Стылізаваныя каменныя арлы, якія адразу здаліся туркам ракетамі,— быў нават заяўлены адпаведны пратэст.

Граніца адгэтуль зусім недалёка.

А за граніцай, за быстрым Араксам, за бязмежжам даліны — пад самым небам — Арарат. Вяршыня, асветленая сонцам, якое для нас заходзіць, вяршыня, за якую зачапілася i шчасліва прымлела лёгкае, светлае воблака.

Пазней, пакуль мы за экзатычна-багатым, ледзь не на ўсю даліну доўгім рэстаранным стадом елі хлеб гор «лаваш», сонцападобныя памідоры, вострае «лобі», пяшчотны вінаград, пакуль мы пілі глінянымі кубкамі маладое віно i драўляным апалонікам чэрпалі з бяздонных, шурпатых збаноў густы, халодны «мацун», кіслае малако,— над яшчэ ўсё асветленай вяршыняй, над зіхатлівым шаломам свяшчэннай гары надоўга затрымаўся поўны ціхі месяц.

Што за цудоўная зямля! Як легка ідзецца па яе суровай камяністасці, пад небам, усыпаным буйной жарствой яшчэ ўсё далёкіх планет!..

I яшчэ адзін крывавы, неразблытаны вузел нянавісці паміж двума народамі... З армянамі пра туркаў — вельмі цяжка гаварыць.

Ды што там Турцыя... У юбілейных. Дакладах, выступленнях i проста гутарках тут неаднойчы згадвалася i вельмі нядаўняя, калі браць на маштабы армянскай гісторыі, варажнеча паміж народамі Закаўказзя.

У адзін з найбольш складаных тут дзён першай рускай рэвалюцыі паміж варожымі, гатовымі вось-вось абліцца крывёю, армянскімі i азербайджанскімі вёскамі з'явіўся, як небывалы цуд, заяснеў над зямлёй белы сцяг. У руках незвычайнага парламенцёра — «паэта ўсіх армян» Тугланяна. Пад агонь, які мог выбухнуць вось-вось, мірыць абдураных рабацягаў паэт пайшоў — як непаўторна гэта гучыць! — «ад вёскі да вёскі толькі ў суправаджэнні двух-трох добраахвотных целаахоўнікаў з мясцовых сялян...»

Белы сцяг — не знак капітуляцыі, a сімвал разумнага міру.


* * *

Зялёная i цеснаватая даліна паміж гор, накрытых яшчэ ўсё не зусім асеннім лесам, з рэдкай прозалаццю ў густой i мокрай ад начнога дажджу зеляніне.

На горы, над якімі раніца, нібыта нехаця палягла-пацягнулася воўначка папялістых, імглістых хмарак.

Пераклікаюцца пеўні. Зрэдку акажацца сабака. Вёска на ціхай ускраіне курортнага горада Дзіліжана.

Стаю на двары пансіяната, яшчэ ўсё сонна-ціхага.

Чую дзіцячы тупат — хлопчык бяжыць па сцежцы паміж дрэў, з гары. Бачу — ужо з чырвоным гальштукам, па-школьнаму. Заўважыў мяне, усміхаецца.

Зноў успамінаю Расула Гамзатава. Як толькі ён ідзе на трыбуну любога вялікага сходу, я заўсёды чакаю, упэўнены вопытам, што i яшчэ адно сваё выступление тоўсты, вясёлы гаварун пачне звычайна i для яго, пісьменніка таленавітага, шаблонна:

— У нас в горах...

Успомніў я гэтую гістарычную фразу ўчора ўранні, у Кіравакане, калі мы пераселі з цягніка ў аўтобусы i пацягнуліся, павіліся даўжэзнай вужакай машын па серпантыне бадзёрай, насцярожанай i страшнаватай горнай дарогі. У Туманянаў родны Дсех — высакагорнае сяло, гняздо паэта.

«Не, ты не маніш, аварац,— па-ранняму свежа думалася мне.— У вас у горах, няхай сабе не ў тваім Дагестане, a ў Арменіі, i сапраўды прыгожа!..»

Захапляюць —

i горы непрыкрыта-суровыя, бурыя, са скальным! абрывамі, ca струпамі камення, якое, здаецца, вось-вось пакоціцца з-пад неба на дарогу;

i горы, пакрытыя лесам, багатыя, цёплыя, таямнічыя;

i раскінутыя на схілах, у далінах i на раўнінах плато чырванадахія каменныя вёскі;

i рэкі з нервова-імклівай, шумнай i нібыта мыльнай плынню...

Я пралятаў над сонечна-снежнымі хрыбтамі Каўказа i Гіндукуша, дыхаў гордым паветрам гісарскіх i карпацкіх перавалаў. Я бачыў Арарат. Здалёк, як светлую мару, якая таксама здаецца часамі то блізка, то яшчэ бліжэй. Я трохі ведаю горы, i я ix люблю, я ix бачу перад сабою цудоўнай загадкай, аднак...

Аднак найпрыгажэйшае ў горах, як мне здавалася ўчора,— дзеці.

Ты тут заўсёды над нечым, над некім вышэй — не трэба i на трыбуну ўздымацца, каб паўтарыць за Расулам ягонаю фразай:

— У вас у горах, таварышы, вельмі цудоўныя дзеці!..

Яны віталі нас на дарогах, на вуліцах i на плошчах, пляскалі безліччу маленькіх далоняў, махалі агеньчыкамі гальштукаў, смяяліся i радасна крычалі. Як быццам мы — богведама што, як быццам наш праезд... Што ж, наш праезд — гэта з'ява ix свята, усенароднага, на здзіўленне i зайздрасць. Мы жартавалі, што дзецям такое маханне i крык — лепш, чым сядзець за партай. Ды гэта няпраўда, гэта не ўсё... Зрэшты, як бы там ні было, a столькі дзіцячага смеху, столькі чыстых вачэй. Не трэба нават іншую мову разумець — мова дзяцей здаецца зразумелай, як птушыны спеў.

...Над мокрым лесам гор, над аблачынамі імглы, ужо гатовай знікнуць, заяснелі напалам усходу хмары i, над хмарамі, чысты блакіт.

Хлопчык, які нядаўна бегаў, тупаў за мною, пакуль я, стоячы, пісаў у блакноце, у школу пойдзе на дзевяць. Цяпер восем, а ён ужо з гадзіну на нагах. Чорны, велікавокі смехунок, якому без дапамогі бацькі, таксама чорнага, ціхманага вартаўніка гэтага пансіяната, цяжка было адказаць па-руску на мае пытанне: «А чаму ты не ў школе?» Я падняў хлапчука пад сагнутыя i да бакоў прыціснутыя локцікі — вы-со-ка над зямлёй i, пад шчасліва-сарамлівы смех яго, зноў успомніў учарашняе мноства дзяцей i ўчарашнія сен-ты-мен-таль-ны-я слёзы, што так i прасіліся, як ты ні бараніся ад ix.

Успомніў таксама i выступление Іраклія Абашыдзе на пісьменніцкім з'ездзе 1967 года. Словы яго пра слёзы Горкага, калі той з трыбуны Першага з'езда савецкіх пісьменнікаў глядзеў на піянераў, што віталі з'езд.

«Я не разумеў тых яго слёз, хоць быў у той час, трыццаць тры гады таму назад, значна лепш, чым цяпер, падкаваны тэарэтычна. Цяпер я ix разумею. Відаць, для таго, каб што-небудзь зразумець, патрэбны духоўны вопыт, духоўная спеласць».

Радасна ўражаны гэтымі словамі, я ішоў па Краснай плошчы, з паояджэння ў гасцініцу, убачыў перад сабой, у нашым піоьменніцкім натоўпе, Абашыдзе, дагнаў яго — пажылога, здаравеннага, нават нібы панурага з выгляду акадэміка — i падзякаваў за сваё хваляванне.

...Пішу гэта на верандзе.

A нізам зноў прабег, пратупаў хлопчык, з ус мешкай гледзячы на мяне.

Сонца ўстала над горамі, а хмары так i не сышлі — заігралі іншымі фарбамі, весела растрасліся паміж зеляыінай узбоччаў даліны.

Яблыкі падаюць з яблыні на асфальт i самі бягуць па адхоне дарогі.

За прымітыўнай i па-нашаму, па-вясковаму празаічнай агароджай з жэрдачак стаяць цяляты. Бурыя, з настаўленымі светлымі вушамі, з вільготнымі пыскамі ў белых рамачках святлейшай поўсці, яны глядзяць на мяне з наіўнай, тупаватай цікаўнасцю — сябры i майго маленства.

У росным голлі спакойна, не спяшаючыся, даспяваюць вялікія зялёныя грушы.

Сяды-тады паміж лісця ападзе, заіскрыцца перад сонцам кропля расы.

Хлопчык з гэтай цудоўнай даліны быў, напэўна, учора на туманянаўскім свяце ў вялікім высакагорным сяле. Бачыў я ўчора такога. З рукой у мамінай рудэ ішоў ён у царкву (ператвораную ў этнаграфічны музей), дзе служыў калісьці вясковым свяшчэннікам бацька вялікага армяніна, «благороднейший человек», як называў яго сын. Хто ведае, кім ён будзе, той учарашні хлопчык, якіх вышыняў дасягне. Аднак з рукой у мамінай руцэ — няхай сабе такой карэлай ды патрэсканай — хлопчыку вельмі нядрэнна...

Мой хлопчык, еённяшні, пайшоў, нарэшце, у школу: яго не чуваць.

Замест пеўняў i сабак у даліне, дзе веска i дарога, загаварылі маторы.


* * *

«...Но почему тебя пережила любовь моя?»

Па-ўсходняму гэта гучыць зусім не сентыментальна.

Тут, на тары Мтацмінда, над раскошнай панарамай сонечнага Тбілісі, у які мы прыехалі прадаўжаць туманянаўскі юбілей, тут, каля магілы Грыбаедава, мне ўспомнілася іншая трагедыя i іншы надпіс.

У мнагадзетнай i небагатай удавы ўтапіліся ў касавіцу, купаючыся позна ўвечары, дзве старэйшыя дачкі, работніцы i красуні.

Нядаўна, праз трыццаць з лішнім гадоў пасля таго здарэння, ходзячы пад старымі соснамі тых, прастрэленых сонцам i ветрам, могілак на крутым узгорку, я набрыў на шэры, ужо самшэлы помнік.

На гэтым каменні, пад заржавелым чыгунным крыжам, абавязковымі літарамі ЗПРБ (здесь покоится раб божий), пад апошнімі біяграфічнымі дадзенымі не аднаго, як звычайна бывае, раба, а дзвюх божых рабыняў стаяць два беларускія радкі:

Ой вы, сосны, не шумеце,

Маіх дочак не будзеце.

Ярка ўявілася — цяпер, у Грузіі,— як тая маці бабскаю справай, у цемры свайго беспрасветнага гора, запрагала каня, скрыпела коламі па каляінах, таргавалася з местачковым умельцам і, нарэшце, сышоўшыся на цану, дала яму пакамечаны ў хусцяным вузельчыку i распрастаны непаслухмянай рукой ліоток паперы. З вучнёўскага сшытка, у клетачку ці ў дзве лінейкі. Папрасіла майстра выдзяўбаць добра ўсё — тыя ўсе літары i гэтае яшчэ, чаго другія не пішуць. I ён за лішняе не ўзяў, толькі зірнуў на яе, узняўшы вочы ад радкоў, напісаных няўпэўненай рукой адной з дзвюх меншанькіх, што яшчэ «бегаюць у школку». Напісаных пад маміну дыктоўку.

Сама жанчына прыдумала?

Пачула недзе калісьці?

А што — не ўсё роўна?..

Дзевятнаццацігадовы юнак, я тады, у далёкай давераснёўскай рэчаіснасці, запісаў сабе новую тэму апавядання. I, як многія іншыя тэмы, не вырашыў яе, нават i не пачаў, хоць пачуцці i хвалявалі мяне. Асабліва ў той ліпеньскі вечар, калі мы, моладзь трох вёсак, неслі па вузкай, калматай дарозе дзве труны, калі мы апускалі i закопвалі ix у адной шырокай яме пад соенамі — i тады ўжо старымі.

I тады, i доўга яшчэ я не ведаў, што мне рабіць з маім хваляваннем...

I вось калі, вось ажно дзе яно адгукнулася ў сэрцы.


* * *

Нечакана, міжволі ўявілася наша Зямля, акружаная безліччу пастаянных успышак — бясконцымі зменамі адзінак i пакаленняў.

З мноствам людзей, блізкіх, знаёмых i проста бачаных за маё паўстагоддзе на трох сяк-так абжытых мною кантынентах, з мноствам вядомых па кнігах i карцінах, па музыцы i кіно,— рэальна i паэтычна ўявілася — не перадаць...

I адно пранізвае гэтыя ўспышкі, гэтыя змены — тое, што астаецца, што памнажаецца, імя чаму — набытак чалаведтва, яго гісторыя, яго маральны вопыт, яго несмяротнасць.

1969

Загрузка...