Ён спрабаваў піць, лежачы, але гэтак было нязручна, ён намачыў сабе ўсе грудзі ў кухвайцы і не напіўся. А галоўнае — вада аказалася зусім не такой, як чакаў, — цёплай, мутнай і брыдкай. Яна не спатоліла смагі, не дала ніякай палёгкі, а шлях да яе зусім зьнясіліў бамжа. Паляжаўшы нямала часу на беразе, ён зразумеў, што трэба вяртацца ў засень. На гэткай гарачыні доўга ня вытрымаеш.
Шлях па беразе ўгору быў і зусім жахлівы — бамж прапоўз крокаў дзесяць і зьнясілена аблёг на траве. Дыхаць зусім стала неяк. Цела ўсё гарэла, і ён не разумеў чаму. Ад сонца ці, можа, у ягоным нутры быў такі жар? Усё ж ён неяк дапоўз да абрыву, трэба было ўскараскацца на яго, пад хвоі, у засень. Але як?
Трохі паляжаўшы, ён падняўся на кукішкі, затым на ногі, аблёгся грудзьмі на ўзровак і не ўтрымаўся. Ногі падламіліся, галава закружылася, бор кудысьці паехаў, і ён споўз долу. Так, мусіць, ня трэба было яму паўзьці да ракі, траціць апошнія сілы. Палёгкі сабе ён не прыдбаў, а становішча сваё пагоршыў. Як і ў жыцьці. Дамаеш нешта зрабіць, каб лепш, а робіцца наадварот — яшчэ горш. Запаўзьці ў сваю нару? Але там з учарашняга ўсё абрушылася, схову там не было. Ну але няўжо ён не адолее гэты паўтарамятровы абрыў, — аж зазлаваў на сваю зьнямогу бамж. Няўжо ён так аслабеў?
Новая спроба, аднак, таксама не прынесла посьпеху, — чалавек аблягаўся грудзямі, шкрабаў башмакамі па ўсохлай, з каранямі зямлі, а ўскараскацца на абрыў ня мог. І зноў зьнясілена асядаў долу. Але ён так імкнуўся ў лес, пад засень хваёвых шатаў, дзе, думалася, быў яго паратунак.
Пасьля чарговае і марнай спробы ён, здаецца, страціў прытомнасьць.
А як ачуняў, не адразу зразумеў, дзе ён. Побач была нейкая земляная сьцяна, пад ёй зьявіўся нешырокі цень — сонца заходзіла за бор. І бамж адчуў прахалоду. І тады ён прыпамятаў салдата. Ці вернецца салдат? Зрэшты, наўрад ці вернецца, чаго яму вяртацца сюды — на пагібель у гэтую праклятую зону? Хай ідзе куды ў белы сьвет, можа, знойдзе іншае месца. Дарма ён яго тут трымаў, прынаджваў і суцяшаў — трэба было адразу прагнаць. Аблаяць апошнімі словамі й прагнаць — куды лезеш, дурань! Ды во пашкадаваў і пагубіў. Хаця ці пашкадаваў? Усё ж ён быў тут патрэбны, таму бамж і пакарыстаўся ім. А цяпер салдат наўрад ці доўга працягне, жальліва разважаў бамж са спазьнелаю, аднак, жаласьцю. Цяпер яму стала зразумела, чаму партыйны інструктар зь ім не паехаў, толькі хваліўся зонай. Нікога яна не гартуе — яна ўсіх губіць. Але што крыўдаваць на інструктара, можа той толькі выконваў партыйнае даручэньне сярод бамжоў. Бо мусіць жа, партыя і сярод бамжоў павінна весьці нейкую масава-растлумачальную працу. Хоць бы пад лёзунгам: савецкім людзям атам ня страшны, як колісь пісала газэта «Правда». Разумныя ў тое, вядома, ня верылі, але колькі іх было, разумных. Калі ў часе ягонай службы ў войску да каго з афіцэраў падкатваўся асабіст з дужа сакрэтным даручэньнем, мабыць, ніхто таму не адмаўляў. На тое не хапала ні розуму, ні адвагі, усе спраўна выконвалі ўсё, што патрабавалася. Кожнаму тады абяцалі: як вы — нам, так і мы — вам. Тое падабалася. Але як яго вытурылі з войска, і ён пабег да асабістаў па дапамогу, тады атрымаў ад іх кукіш: прабач, нічога ня можам, ня ў нашай кампэтэнцыі.
А як ён ім паказаў кукіш, ужо стаўшы бамжом, тады амаль што пакрыўдзіліся — ну, такога ад цябе не чакалі, вэтэран, нашая апора і надзея. Але ўжо тады ён пляваў на ўсё і на ўсіх на сьвеце, ён стаў жыць толькі ўласным клопатам і ні на каго не зважаў. Якую з таго меў карысьць — іншая справа. Ягоны настаўнік бацька ўсё жыцьцё пражыў для людзей і дацягнуў да дзевяноста гадоў. Але што гэта было за жыцьцё? Асабліва апошнія гады. Зьнямоглы, усімі пакінуты ў глухой, непэрспэктыўнай вёсцы, ён ціха сканаў, і толькі праз тыдзень яго выпадкам знайшла суседка. Пахаваць не быо каму, сына нідзе не маглі знайсьці, бо ніхто ня меў ягонага адрасу, ён гадоў восем не пісаў бацьку — не было чаго. Мабыць, гэтак жа лічылі і астатнія два сыны, якія жылі немаведама дзе і пра бацькаву сьмерць, можа, яшчэ й не дазналіся.
Нядобры ён быў да бацькі, ня лепшы й да сына — таго лабаценькага Дзяніскі, якога некалі пакінуў у ракетным гарнізоне. Але калі да бацькі асаблівых сантымэнтаў ня меў, дык за сына дужа балела душа — які ён, дзе ён, ці жывы хаця? Усё зьбіраўся напісаць, зьезьдзіць, але куды і за што? Ды й былая жонка, маці Дзяніскі, хіба магла яму адказаць — яна толькі дамагалася ад яго алімэнтаў. А Дзяніскі, можа, няма ўжо і ў жывых? У свой салдацкі ўзрост, можа, прапаў дзе ў Афгане, у Чачні, у якой са шматлікіх гарачых кропак, куды пішчом лезьлі нашыя інтэрнацыяналісты, пасылаючы чужых сыноў пад мусульманскія кулі. Папраўдзе ён баяўся дазнацца горкае праўды пра сына і жыў, нічога пра яго ня ведаючы. Яму аж занадта хапіла таго горкага болю, што ён стрываў у памятны дзень свайго разьвітаньня з сынам.
Зьехаць быў змушаны, зьбіраўся рабіць тое ціха, неўпрыкмет, як не было дома жонкі. Разьведзеныя, яны доўга жылі ў адной кватэры, у адным пакоі і між імі — пяцігадовы Дзяніска. Таго дня зранку жонка выправілася ў сваю сталоўку, ён, не зусім цьвярозы пасьля ўчарашняга, торапка пакідаў у сумку свой небагаты набытак і надзеў афіцэрскі шынель са споратымі пагонамі. Дзяніска адразу заўважыў бацькавы зборы і кінуў мэталічны аўтамабільчык, якім гуляў на падлозе. «Ты куды, папка?» — «Я хутка», — схлусіў бацька, каб не трывожыць сына. «Ты ў краму па шакаладку? — дапытваўся сын. — І я з табой». «Я ня ў краму, я ў іншае месца». «Вазьмі й мяне ў іншае месца», — бы што прадчуваючы, прасіўся сын, ужо надзяваючы сваю куртачку. Што было зь ім рабіць? Сварыцца ў яго ўжо не было сілы, але і куды ён мог яго ўзяць? «Ня йдзі за мной, заставайся дома», — строга загадаў ён, і Дзяніска заплакаў. Дзіцячая душа, мабыць, ужо адчувала благое, ашукаць яе было нельга. А ён тады й не падумаў, што болей ім не пабачыцца. Выскачыў у дзьверы і накінуў на прабой дужку замка. У пакоі пакрыўджана плакаў Дзяніска, і ён не хацеў чуць дзіцячага плачу. Той плач прадаўжаў гучэць у ягонай памяці ўсе наступныя дваццаць ці болей гадоў, часам прападаючы, а то раптам узьнікаючы — нясьцерпна, да роспачы. У згадках, снах, самых недарэчных па часе ўспамінах…
Ну, але дзе ж салдат? Чаму не прыходзіць салдат?
Бамж ужо адкінуў свае нядаўнія велікадушныя думкі пра тое, каб салдат не вяртаўся — яму дужа трэба было, каб вярнуўся. Што б зрабіў, калі б вярнуўся, чым бы дапамог бамжу, ён ня ведаў. Наўрад ці яму што памагло б. Але цяпер ён прагнуў пабачыць салдата, тое было вельмі патрэбна бамжу. І можа б, ён прынёс хоць малое каліва, хоць бы адзін глыток. Яму так хацелася цяпер глынуць хоць трошкі, — адчуваў, тады стала б лепей. Як лепей было заўжды, калі вып'е. Дурны ён, што паспадзяваўся, быццам адвыкне ў зоне. Нашто было адвыкаць?
Можа, выпіць — было самае лепшае ў яго бязладным жыцьці. А ад лепшага не адмаўляюцца. Ды й навошта? Дзеля чаго? Шкада, што найкаштоўныя ісьціны прыходзяць непапраўна позна.
Дык дзе ж салдат?
Невядома чаму ён зноў пачаў караскацца на абрыў, зрушыў зь яго пласт зямлі, і ўсё няўдала. Чаму ён гэтак караскаўся — хто ведае. Але такая была яго неўсьвядомленая апошняя воля — кудысь караскацца. Спазьнелая, марная воля. Як і ўсё спазьнелае, тое рэдка бывае ўдалым. Ня стала яно ўдачай і для бамжа. Мабыць, паратунку яму не было ўжо нідзе, і ён падсьвядома адчуваў тое. Ды нейкая добрая ці не воля цягнула яго туды, на абрыў, да іх учарашняга лаўжа, здавалася, так было трэба. І тады ён адчуў, што гэты покліч — покліч канца. Сканаць належала на ўласным месцы — у лаўжы ці ў ложку, але ў сваім кутку.
Але дзе ягоны куток? Кутка ў бамжа даўно не было, а можа, не было й ніколі. Ён свой куток прафукаў, прапіў, той растаяў у прывідным алькагольным тумане. А цяпер бы ён так спатрэбіўся. Хаця б для магілы…
Пасьля чарговае спробы ўлезьці і чарговай няўдачы ён адчуў, як запякло — агнём апаліла ў грудзях, і чымсь салёным напоўніўся рот. Тады ён сплюнуў у пясок, адчуваючы, як хутка зноў стала поўніцца ў роце. Не адразу ён зразумеў, што гэта ішла кроў. Кроў ішла з горла. Тое яго спалохала, але толькі на момант. Мабыць, так яно й павінна быць. Усё папярэдняе было падрыхтоўкай да такога канца.
Ён ляжаў на баку пад абрывам і ўжо не пляваў, толькі павярнуў долу твар. Кроў плыла на пясок. Усё ж крыві было шмат, і мабыць, трэба быў час, каб яна сышла ўся. Зь ёй сыдзе й жыцьцё…
Але, можа, раней прыйдзе салдат?
Салдат зрабіўся дужа патрэбны бамжу — зусім ня дзеля паратунку, а для чаго, ён і сам ня ведаў. Што б ён сказаў салдату? Увогуле сказаць было шмат, для таго не хапіла б жыцьця. Але, можа, найперш разьвітацца. Разьвітацца, не расказаўшы. Вось так, нічога ён не пасьпеў у жыцьці — ні для сябе, ні для другіх. Жыцьцё нядаўна яшчэ здавалася такое нясьцерпна даўгое, а апынулася кароценькім, бы заечы хвосьцік… А гэтага няўдаку-хлопца таксама скруціць тая ж самая радыяцыя, што даканала яго. На самым пачатку ягонага маладога жыцьця. Усё ж жыцьцё, якое б яно ні выдарылася, самае каштоўнае ў сьвеце перад чорным правальлем канца.
І ўсё ж ён хацеў дачакацца салдата. Можа б, той прынёс хоць глыток. А так…
Што значыла гэтае А ТАК, ён ужо не дадумаў. Ягоная цьмяная, з прывідамі сьвядомасьць згасла. Паволі, трудна, быццам з астатніх сіл чапляючыся за яву. Нарэшце зьнікла зусім…
Салдат нёс бульбу, ён дужа сьпяшаўся. Невялікае вядзерца, аднак адрывала рукі, і ён хапаў яго за драцяную дужку то правай, то левай рукой. Невядома, ці яно сапраўды было цяжкое, ці хлопец надта аслабеў у гэтай дарозе. Час ад часу ён спыняўся пад хвоямі, ставіў вядзерца ў дол і нядоўга спачываў, штораз азіраючыся па бакох. Не, ваўка пакуль не было відаць, воўк за ім ня йшоў. Наўрад ці ён быў здольны бегчы, той пляшывы дахадзяга-воўк. Але й чалавек траціў сілы, дарма, што быў малады. Трудна было дыхаць, у грудзях увесь час тахкала сэрца, ён дужа змакрэў ад поту, але бушлат не скідаў. Зьнімаў толькі шапку, як адпачываў. Пасьля то надзяваў яе на галаву, то клаў на бульбу ў вядзерца. Усё роўна, і так, і так было душна, цяжка і нязручна. Зімовая шапка замінала яму, але й кідаць яе не хацелася. Ён думаў, што шапка ўсё ж беражэ галаву ад нуклідаў.
Сонца ўжо схілілася над лесам, сьвяціла збоку і не так пякло, як у паўдзён. У лесе пабольшала прахалоды — нават на хваёвых грудках не было душнаты. Між хвояў гуляла-пералівалася цёплае, залацістае сьвятло, па імшыстым доле слаліся касыя цені, патрэсквала сухое гольле пад ботамі. Там-сям буялі верасы, а то пачыналі ўбірацца ў сілу, зацьвітаць зарасьнікі чарніц. Але ягад яшчэ не было. Ці дачакаецца сёлета ягад? — самотна падумаў салдат.
Балота ён абышоў стараной — прадраўся праз хмызьняк і апынуўся на беразе рэчкі. Адсюль ужо блізка было й да іхнага стойбішча, і ён прысьпешыў свой хісткі крок — хацелася, як найхутчэй.
Хмызьняковай сьцяжынай ён выйшаў нарэшце на іх беражок і трохі сумеўся — бамжа нідзе не было. Ні каля рэчкі, ні на беразе, ні на абрыве. Яшчэ праз колькі крокаў ён згледзеў скорчаную постаць пад абрывам і падумаў, што той заснуў. Але штось яго затрывожыла, — надта ўжо скорчаная пастава бамжа прымусіла салдата кінуць вядзерца і пабегчы туды. Там найперш ён убачыў згусьцелую кроў на пяску, на плячы кухвайкі і аж знячывеў ад думкі, што бамжа забілі. Ажно пасьля зразумеў, што кроў ішла з рота. Бамж быў нежывы.
Надзіва самому сабе, салдат ня надта й спалохаўся. Адчуў толькі вострае пачуцьцё непрыемнасьці, нават гідоты, а затым і зьдзіўленьня — нашто так? Быццам бамж зрабіў тое сам з пэўным нядобрым намерам. Пасьля, аднак, зашчымела шкадаваньне і зь ім — паўзабытае адчуваньне ўласнай пакінутасьці. Цяпер зноў ён адзін. Сам на сам. І ўся гэтая бульба — яго. Яе можна сьпячы і аднаму ўсё зьесьці. І ня трэба нікому аддаваць рэшту хлеба ў кішэні, — усё ж выгода ад гэтай неспадзяванай сьмерці. Ён асьцярожна дастаў абкрышаны кавалак і пачаў яго есьці. Мусіць, як у вайну. Вэтэраны расказвалі, што чым больш гінула ў роце, тым больш для галодных заставалася харчу. І гарэлкі. А ён не прынёс бамжу выпіць, нават не папытаўся ў дзеда… Было журботна і паныла.
Салдат сядзеў побач зь нябожчыкам, жаваў хлеб і думаў. Мабыць, найперш трэба дроваў — тых, ля вогнішча, пасьля залевы засталося мала. І ён, зьеўшы хлеб, паплёўся ў лес. Нешта сабраў і прынёс. Пасьля пачаў ладзіць цяпельца. Ён ня ўмеў карыстацца «кацюшай» і пазьбіваў пальцы, пакуль запаліў шкуматок. Далей таксама было не лягчэй — ад дымлівага шкуматка распаліць кавалак сухога моху. Ён усё дзьмуў і дзьмуў, пакуль зусім не закружылася галава і ён стаў, бы п'яны. Трохі спачыў і зноў дзьмуў.
Можа, праз гадзіну ці болей учарашняе кастрышча ажыло, у вечаровай ціхманасьці над рэчкай зноў пацягнуўся ўгару хвост дыму. Сьпяшаючыся, ён падклаў болей паліва — будзе гарэць. Галоўнае было зроблена — яны здабылі агонь. То была б агульная радасьць, якую цяпер меў адзін. І яна менела напалавіну. Такая была тутэйшая арыфмэтыка. Арыфмэтыка сабачага жыцьця…
Пакуль гарэў ладны касьцёр, напальваў вугольле, салдат падышоў да бамжа. Што было рабіць? Наесьціся бульбы і матаць адсюль? Ды — куды? Гэтае нязбыўнае пытаньне, бы праклён, вісела над ім паўгода, і ён не знаходзіў на яго адказу. Можа, яго наогул не існавала — адказу, а ён, дурань, яго шукаў. Інакш бы ён не апынуўся ў зоне, а знайшоў бы якое іншае месца. Але ці было яно, тое іншае месца? Во і бамж апынуўся менавіта тут — ужо ці не зьвяла іх разам фатальная агульнасьць лёсаў? Але якая ў іх магла быць агульнасьць? Рознасьці — гэта так, колькі заўгодна. А агульнасьці?.. Аднак жа нешта было, інакш бы яны не апынуліся разам.
Дык што ж — і канец іхны аднолькавы?
Гэткія думкі палохалі, як было зь імі згадзіцца? Салдат здрыгануўся і перастаў думаць пра тое. Лепш было наогул ня думаць. Калі б тое было магчыма…
Сонца зусім схавалася за борам. Увесь бераг рэчкі і хмызьняк на баку зарэчча патаналі ў засені, у якой патроху расплываўся шызы дым кастра. Толькі бязвоблачнае неба над лесам раскашавала-купалася ў разьвітальным сонечным зьзяньні — там гралі шчасьлівыя бомы, якія не дасягалі зямлі. На зямлі ўладарылі бомы хаўтураў.
Нарэшце салдат паклаў у вугольле дзясятак бульбінаў, старанна загарнуў іх у прысак. Хай пякуцца. А сам падышоў да нерухомага цела бамжа. Што зь ім рабіць? Мусіць жа, трэба было яго пахаваць? Але ні рыдлёўкі, ні нават здатнага для такой патрэбы нажа ў іх не было. Салдат узьлез на абрыў і выламаў зь ляшчыны тоўстую палку. Канешне, лепей было б пахаваць на абрыве, збоч ад іхнага начнога лежбішча, але палкай там не ўкапаеш. Там дзерніна і хвойныя карані… І ён пачаў капаць у пяску, пад абрывам, побач зь целам нябожчыка. Тут было лягчэй, ён калупаў палкай і жменямі выграбаў пясок. Праз гадзіну атрымалася ямка, — мелкаватая, праўда, і нязграбная. Як і бамжова жыцьцё, падумаў салдат. Якое жыцьцё, такое й пахаваньне. Ды і ўсё жыцьцё ёсьць, мусіць, заробкі на паховіны, не на што іншае. А некаторыя думаюць — на кар'еру. Кожная кар'ера во — канчаецца ямай. Дык ці варта так дбаць пра яе? Пра кар'еру або пра яму — салдат ужо дадумаць ня мог. Ён аж спалохаўся ад думкі: а ці будзе каму пахаваць яго?
Можа, ня трэба было хавацца, уцякаць, можа, лепш, каб яго знайшлі. Вядома, і пакаралі. Чорт яго ведае, што ў жыцьці лепш, а што горш. Ён ці не з маленства хацеў пайсьці ў армію, з кніжак і кіно яму падабалася ўсё вайсковае — зброя, абмундзіроўка, тэхніка. Ён нават прагнуў абараняць радзіму і пры тым праявіць геройства. Ён радаваўся, як у ваенкамаце яго прызначылі ў ракетныя войскі, і ня думаў, што гэтая радасьць хутка вылезе яму бокам. Давялося пачарнець з гора — ня радуйся раней часу, дурань.
Ён не хацеў жыць брыдка, прагнуў сумленьня і чысьціні. Атрымалася ўсё наадварот. Дык што ж яму — гінуць цяпер у свае дзевятнаццаць гадоў?
Задумаўшыся, ён не адразу заўважыў, як побач паявілася птушачка — маленькая вяртлявая трасягузка з доўгім хвосьцікам. Немаведама адкуль узяўшыся тут, яна бесклапотна паскакала па пяску, штосьці там клюнула, азірнулася на адзінокага, прыбітага горам чалавека ля вогнішча і нібыта ціхенька піскнула.
— Плісачка! — прашаптаў ён зь нечаканай пяшчотай, адразу ўспомніўшы слова, якім у вёсцы клікалі гэтых птушак. Але птушка адразу пырхнула ўгару ды імкліва адляцела за рэчку. Нашто яна тут, па чыю душу прылятала? — растрывожана думаў салдат, крануты нечаканым паяўленьнем птушкі.
Тым часам, мабыць, сьпякліся бульбіны.
Салдат выграб з прысаку крайнюю, трохі абцёр яе аб штаны і спрабаваў адкусіць. Але чамусьці ня здолеў — абпякло ў роце і спазма здушыла горла. Тады ён памкнуўся другі раз, і другі раз нічога ня выйшла. Штосьці сталася зь ягоным горлам ці страўнікам — тыя не прымалі ежы. Пачало мкнуць на ваніты, і ён выпусьціў бульбіну. Хлопец не на жарты спалохаўся — ён ня мог есьці. Затое мацнелі ваніты, разы два з горла лінула ледзьве не на касьцёр. Ад нутраных сутаргаў у яго выварочвала страўнік — так было кепска. Нізка схіліўшыся над долам, ён сядзеў ля прытухлага вогнішча ўжо бяз жаднай увагі да бульбы. Ён чакаў, калі ягоныя пакуты скончацца. Але пакуты не канчаліся — пакуты, здаецца, мацнелі.
Так доўжылася нямала часу, пачаў затухаць касьцёр. У цемрыве ночы зводдаль цьмяна блішчэла вадзяная пляма затокі. Побач, трохі асьветлены рэштай вагню, ляжаў скалелы нябожчык. Мабыць, трэба было падкласьці палак у вогнішча, ды салдату было не да таго. Ён зрабіўся абыякавы да вагню, пра які нядаўна яшчэ гэтак дбаў. Прыйшла чарга дбаць пра сябе.
Трохі, аднак, саўладаўшы зь немаччу, ён устаў, падняў ацежалелае нежывое цела і зваліў яго ў яму. Загарнуць пяском не пасьпеў — зноў падступілі ваніты. Тады ён аблёг долу побач і думаў, што, мабыць, тут і сканае таксама. Сканаць тут разам, можа, было б і няблага… Побач марудна паміраў касьцярок, у цемры на краях вогнішча яшчэ варушыліся-міргалі дробныя агеньчыкі. Спакваля і тыя атухлі…
Ачнуўся глыбкай ноччу — яму й зусім стала блага. Толькі пасьпеў сесьці на сьцюдзёным пяску, як зноў скалануўся ад ванітаў. Ванітаваць даўно ўжо не было чым, але ўсё роўна яго ірвала знутры, — здаецца, ірвала з вантробаў. Ён не разумеў чаму, і то крыху паднімаўся, то зноў аблягаў долу. Між пакутных сутаргаў трохі забываўся ў зьнямозе, каб неўзабаве прахапіцца зноў і зноў надрывацца ў ванітах. Здаецца, ужо зусім апусьцеў страўнік і ўсе вантробы, а нясьцерпная гарката не пераставала імкнуць з горла, сутаргі не спыняліся. І яму здавалася, што лепей сканаць, чым так пакутваць.
Можа, пад ранак трохі заснуў.
Прачнуўся, як ужо разьвіднела, сеў, пачаў выціраць запэцканае падбародзьдзе, грудзі. І тады на пальцах убачыў кроў — як і ўчора ў бамжа. Зь ягонага рота таксама ішла кроў. Значыцца, і яго неўзабаве чакае тое ж.
Але ж ён не хацеў паміраць…
Ён з натугай устаў і, хістаючыся, пайшоў берагам прэч. Прэч ад гэтай затокі, ад вогнішча, ад незакапанай магілы. Яму трэба было дабрысьці да броду.
Мабыць, новая мэта надала нейкай сілы — хістка, няўпэўнена, аслабела ён адолеў, аднак, немалы кавалак шляху па лесе. Але і выдыхся дашчэнту. Упаў у падлеску, сярод арабінавага маладняку, доўга ляжаў. Сьвядомасьць яго затуманілася, часам ён пераставаў разумець, хто ён і дзе знаходзіцца. Але не надоўга. Усё ж ён прымушаў сябе ўстаць і йсьці. Яму вельмі трэба было дайсьці да броду.
— Людзі-і-і-і, людзі-і-і-і, — намагаўся ён крыкнуць, але зь ягоных вуснаў зьлятаў толькі шэпт. Ніхто нідзе не адгукаўся. Ды і нідзе не было нікога. Не было нават ваўка. На момант успомніўшы дахадзягу, салдат прамовіў у думках: дзе ты, браток па няшчасьці? Воўк ты мой, воўча… Хадзі, можа, паратуемся разам…
Пачала дужа дакучаць смага — хацелася піць. Ды рака й балота засталіся ззаду, у бары вады не было. Ён разумеў гэта і трываў. Ён толькі ішоў. Ад дрэва да дрэва, ад хвоі да хвоі. Аднак усё выразьней стаў адчуваць, што ня дойдзе.
Але няўжо сапраўды ня дойдзе?
Спалох трохі надаў сілы. Але няшмат. Аслабела пратупаўшы дзясятак крокаў, падаў на дол, ляжаў. Нашто ж усё так атрымалася, чаму? — гучала ў ім недаўменнае пытаньне. Усё тое ж пытаньне без адказу. Хто загубіў ягонае жыцьцё? І чаму? А можа, гэтак з самага пачатку наканавана лёсам? Тады ён не вінаваты. Сам ён ужо бясьсільны што-небудзь у ім зьмяніць.
Устаючы, ён кідаў кароткія позіркі па бакох — думаў, мо дзе ўбачыць людзей. Каб крыкнуць. Ды людзей не было. Не было і ваўка. Салдат застаўся зусім адзін у гэтым прыгожым і страшным лесе.
Стала чамусьці цёмна. Можа, настала ноч? Значыць, ён так і не дапяў да выратоўчага броду, ня выбраўся з гібельнай ямы. Цемра навалілася на лес, на салдата, і ён ужо не разумеў, у які бок ісьці. І ці ісьці наогул? Сілы ў яго не было нават устаць…
Вуасаары, 1998 г.