Апавяданні

ДРОВЫ


Смурыжачы ботамі па свежым сняжку, які нарэшце парадаваў вяскоўцаў не толькі сваёй чысцінёй і беллю, але і проста доўгачаканым з’яўленнем, Ігнатаўна мінула агарод, прычыніла за сабой веснічкі, на якіх пакаталіся аблачынкі-гурбачкі снегу, і толькі тады, перш чым выбрацца на замецены асфальт, успомніла, што забылася дома пісьмо, якое складала ўчора амаль увесь вечар. Як жа без яго, таго пісьма, ісці? Ці варта? Яна б тады і па тэлефоне магла пагаварыць са старшыней сельсавета – адна карысць. Ці на вуліцы стрэць. Слова, лічыла старая, да справы не прышыеш. А паперка – іншая рэч: яе трэба зарэгістраваць, а гэта Ігнатаўна ведала, і абавязкова ў месячны тэрмін даць адказ. У тым пісьме на імя старшыні сельсавета яна скардзілася на адсутнасць дроў. Зіма ўжо ўсталявалася трывала, а тут гэтая праблема. Раней настаўнікаў, у тым ліку і настаўнікаў-пенсіянераў, а Ігнатаўна якраз і мае статус апошняй, палівам на зіму завяспечваў сельсавет, а раённы аддзел адукацыі акуратна выдаткоўваў на гэта грошы, сёння ж – думай сама, як быць. Твае, адным словам, праблемы. Яна і думала. Ды, відаць, задужа доўга – не ўпільнавала зіму, а яна тут як тут. Чамусьці даверылася сабе і спадзявалася, што ў хлеўчуку запас дроў на першы час маецца з мінулага года, а калі паглядзела на свае вочы, колькі іх там, дроў тых, сапсаваўся настрой: некалькі цурак ўсяго ляжала пад розным друзам.

Вось і села Ігнатаўна ўчора за стол, перад гэтым дастала з шафы ручку і сшытак, і напісала пісьмо-просьбу на імя старшыні сельсавета Сазончыка: няма дроў, дапамажы, паважаны. Не, скардзіцца на Сазончыка не было асаблівай прычыны – да яе, Ігнатаўны, ён адносіўся з паразуменнем, а калі дзён некалькі назад ўжо зайшла размова пра паліва, то ён шырокім жэстам паказаў на школу: заўтра-паслязаўтра, Ігнатаўна, пачнем бурыць яе, то дроў будзе – хоць на тры зімы наперад. А вось брыгаду, хто б назапасіў табе дроў, камплектуй сама. Ты ж былая настаўніца, вунь колькі тваіх вучняў жыве сёння ў вёсцы!

Не адразу, трэба прызнацца, дайшло пра тыя дровы да Ігнатаўны. Кіўнула спярша галавой Сазончыку, маўляў, хай будзе і так, дзякуй на добрым слове, а толькі пазней, за снеданнем, яна ўявіла, як будзе сядзець перад грубай і кідаць у яе чрэва цуркі, наскіпаныя з школьных бёрнаў, і перасмыкнулася: жах які! Не, не, такога не можа быць – каб яна, настаўніца, паліла сваю школу ў печы і грубе. Хіба ж так можна, людзі? Уявіце сабе: настаўніца больш чым з саракагадовым стажам сядзіць на табурэце і падкідвае ў грубу дровы з тых бёрнаў, якія чулі не толькі яе голас, а і галасы сотняў хлопчыкаў і дзяўчынак, галасы калег-настаўнікаў, многіх з якіх сёння няма ўжо на гэтым свеце. Ігнатаўна нерухома сядзела яшчэ доўга за тым снеданнем і ўспамінала іх. Амаль што кожнага настаўніка перабрала ў памяці. Прыгадала і вучняў, якімі ганарылася школа. Былі сярод апошніх добрыя калгаснікі, афіцэры, педагогі, нават адзін пісьменнік. Так-так, і пісьменнік. Ім асабліва ганарылася Ігнатаўна, бо гэта ж яна выкладала тую мову і літаратуру, на якой ён пісаў празаічныя і драматургічныя творы. А куды ж цяпер падзець яго кнігі з аўтографамі, тэатральныя афішкі і праграмкі, фотакарткі? Стэлажы з экспанатамі пісьменніка-земляка займалі амаль усю сцяну ў класе. Што, так і трымаць іх дома цяпер? Ці, мо, перадаць у раён? Відаць, трэба так і зрабіць: не прападаць жа дабру, ды і перад пісьменнікам-земляком няёмка, бо ніхто іншы, а яна звярталася да таго з просьбай дапамагчы стварыць у класе літаратурны куток, прысвечаны ягонай творчасці. Ён заўсёды, трэба аддаць належнае чалавеку, акуратна адгукаўся, часта прыязджаў сам, выступаў перад настаўнікамі і дзецьмі, дарыў ім свае кнігі з цёплымі аўтографамі.

Ігнатаўне ж было пакуль не да экспанатаў – на першым плане стаялі дровы, яны цалкам займалі голаў. І, вядома ж, школа.

Школа будавалася адразу пасля вайны, месца для яе выбралі на ўскрайку вёскі, і так атрымалася, што яна як бы апынулася ў цэнтры: да яе было амаль аднолькава хадзіць усім вучням з навакольных паселішчаў. Пакуль вазілі лес з-засожжа на конях, а гэта амаль сорак кіламетраў у адзін бок, свой сасоннік пасадзілі ўжо пасля вайны, пакуль звінелі сякеры мясцовых цесляў, дзеці вучыліся па хатах. Ігнатаўна выкладала беларускую мову і літаратуру, як і большасць настаўнікаў, была яна не мясцовая, а трапіла ў Дубраўку пасля педагагічнага інстытута. Пачала вучыцца там яшчэ да вайны, а ўжо тады, як адгрымела тая праклятая, атрымала дыплом. І адразу ж за працу. Прыехала ў школу, а школы няма. Тады мясцовыя жыхары за мізерную плату пускалі ў свае хаты цэлыя класы, і нічога дзіўнага ў тым ніхто не бачыў, што ў звычайных сялянскіх пакоях стаялі груваздкія парты з тоўстых дошак, пафарбаваныя ў чорны колер, з-за якіх гаспадарам было іншы раз не тое што цесна, але проста нязручна: дзеці гудуць на ўроках, што пчолы, ні адпачнеш, а тут яшчэ ні ўзяць нешта неабходнае табе ў сундуку альбо ў шафцы. Чакай, пакуль званок на перапынак. Ды і дзвярамі лэпаюць ды грукаюць школьнікі, умомант выстудзяць хату, а снег жа ліпне, як на тое ліха, да іхняга абутку. Добра яшчэ, калі не гразюка. Затое б бачылі, як блішчэлі вочы ў тых гаспадароў, у хатах якіх праходзілі ўрокі. Давер багата каштаваў, яго не ўсім аказвалі.

Ігнатаўна добра помніць, як будавалася школа, як радаваліся ўсе – і настаўнікі, і дзеці – калі першы раз пераступілі яны яе парог. Класы тады былі перапоўненыя, па трыццаць і болей чалавек, але цесна не было. Не хапала, наадварот, настаўнікаў. Амаль усіх мужчын пакасіла вайна, змену ім за адзін дзень не падрыхтуеш. Неяк выкручваліся. Выкладалі і не профільныя прадметы, тую ж нямецкую мову і геаметрыю часова давялося весці Ігнатаўне. Потым усё стала на сваё месца, сфарміраваўся добры калектыў, ствараліся настаўніцкія сем’і, нараджаліся дзеці. А як дружна і весела адзначалі яны ўсе святы! Колькі было весялосці, радасці! А тады неяк неўпрыкметку настаўнікі не заўважылі, як самі пастарэлі, а вучняў у школе станавілася меней і меней. Куды ўсё падзелася? Хіба ж бачылася раней, што ў класе можа быць ўсяго два вучні? Ігнатаўна неаднойчы задумвалася над гэтым, і толькі ўздыхала:” Калі б хто сказаў тады, што так стане, ніколі б не паверыла”. А так стала. Шкада было і школы, і прыбудкі да яе, дзе рукамі настаўніка гісторыі Мікалая Кірылавіча быў зроблены цудоўны музей вёскі і калгаса. Школу зачынілі, а тых некалькі вучняў, што засталіся, пачалі вазіць да суседзяў – там добры цагляны двухпавярховы будынак. Цэгла не гарыць. Прыладкавалі там і маладзейшых настаўнікаў. Пытанне, адным словам, вырашана. Толькі вось як быць з дравамі? Ігнатаўна цвёрда рашыла: замерзне ў сваёй хаце, а школу ў грубе паліць не стане. Хіба ж дараваў бы ёй за такое муж-нябожчык, настаўнік малодшых класаў? Як гэта так, сказаў бы, мая Ігнатаўна, ты да такога даўмелася? Школу – і спаліць? Гэта ж школа, гэта ж храм, гэта ж святое!.. А калі былыя вучні захочуць прыйсці ў той клас, дзе некалі сядзелі? Куды яны прыйдуць? Куды? Скажы вось мне! Ты ж пазбавіла іх такой шчаслівай магчымасці, мілая мая. Не пазбаўляй. Не трэба. І быццам сама сабе Ігнатаўна адказвала: “Што я, Іван? Ад мяне тут нічога цяпер не залежыць. Маёй віны тут няма. Час такі настаў, калі школа нікому стала непатрэбна… Нашы ўнукі таксама ў горадзе жывуць… Светка заве да сябе, а я баюся туды, у горад, ехаць… Баюся… Мне тут добра, дзе пражыла шчасліва амаль ўсё жыццё… І ты блізка, Іван… Толькі вось каб дровы былі… З дравамі цяпер цяжка… А паколькі наша вёска неперспектыўная, бо школы ж няма, то газ і не падвядуць ужо, мусіць… ”

Ігнатаўна вярнулася, каб узяць пісьмо. У хаце было хоць і стыла, але цяплей, чым на вуліцы. Якраз у гэты час падруліў – яна добра бачыла праз акно – трактар, з кабіны якога выпырхнуў лёгкі і шчуплы Косцік Стараселец, і неўзабаве ён ляпаў у дзверы.

— Адчынена, адчынена, – заспяшалася Ігнатаўна.

Косцік і не дачакаўшыся дазволу зайшоў бы, не прывыкаць: ён ужо стаяў у парозе і здзіўлена лыпаў вачыма:

— Дык а людзі дзе?

— Якія?

— Як гэта – якія? Ну, дровы грузіць.

— Не ведаю, – паціснула плячыма Ігнатаўна.

— Мне ж нарад выпісаны вам дроў цялежку прывезці, – больш спакойна патлумачыў Косцік.

Ігнатаўна ўсё зразумела, аднак: Сазончык не паслухаўся, значыць, і ўсё ж рашыў зрабіць для пенсіянеркі і сваёй былой настаўніцы добрую справу: хопіць упарціцца, шаноўная наша, іншых дроў у мяне няма, толькі – школа. Палі школу і не выдумляй. Ці ж мы першыя ці ж мы апошнія? Вунь іх, колькі школ, па ўсёй краіне зачынілі. Таму што так трэба. Школа без вучняў – гэта не школа, а так, адна назва. А то расцягнуць школу на дровы аднавяскоўцы – толькі ўбачыш.

Ціш у пакоі парушыў Косцік:

— Дык што рабіць будзем, Ігнатаўна?

Ігнатаўна адмоўна пакруціла галавою:

— Не, не, Косцік. Дзякуй табе. Калі з лесу мне прывязеце дроў – я заплачу, я куплю. Толькі сухіх каб… У мяне пенсія добрая. Грошы маюцца. А школьныя – барані Божа!.. Не вазьму грэх на сябе. Не, не вазьму.

— Дзіўная вы, Ігнатаўна! – Косцік развёў рукамі, пашкроб кудлатыя валасы на галаве і моўчкі выйшаў, а потым адразу ж вярнуўся, неяк вінавата апусціў галаву, нарэшце падняў цяжкі погляд на старую настаўніцу, ціха прамовіў: – Я… мы… мы прывязем вам дроў, Ігнатаўна… З лесу… Там багата паваленага… У грыбы калі хадзіў, то бачыў… Ногі паламаеш у тым лесе…З лесніком пагаворым, як зрабіць лепш… Ведаеце, Ігнатаўна, а я вас зразумеў: мы ж вас і любілі больш, чым каго-небудзь з настаўнікаў… нібы ведалі яшчэ тады, малыя, што вы такая… А школу і мне шкада… цяпер вось стала шкада, як да вас зайшоў… як на вас паглядзеў… Ага… Вы мне верыце? А раней неяк і не падумаў пра гэта… Сапраўды, як гэта – школу спаліць?.. Свой клас – як гэта?..

— Дзякуй табе, Косцік…

Ігнатаўне ці падалося, ці так было і на самой справе: Косцік, першы чым пайсці, хлюпнуў носам і крадком шаркнуў рукавом па вачах… Так хуценька, похапкам шаркнуў, каб Ігнатаўна не ўбачыла…

Трактар гыркнуў маторам, неўзабаве схаваўся з вачэй Ігнатаўны. Яна ўзяла пісьмо да старшыні сельсавета, хацела парваць яго на дробныя шматкі, але перадумала: калі будуць дровы, то кожная паперка спатрэбіцца. На падпал.


ВАРОНА


Амаль кожны раз яна прачыналася, калі горад яшчэ спаў. Ледзь-ледзь пачынала днець, людзей нідзе амаль не відаць і не чуваць, і жанчына, а жыве яна на другім паверсе, распахвала на верандзе насцеж акно – і адразу ж адчувала, як свежае паветра абдавала твар шчымлівай і лагоднай прахалодай. Куст жасміну ў апошні год падцягнуўся, і цяпер яго галлё нібыта просіцца да жанчыны ў госці: так-сяк абламала найбольш настырныя галіны; тыя, што можна было дастаць рукамі, адвяла ў бок. Вось, цяпер іншая справа: цяпер добра бачыць яна пад вокнамі сваіх кацянятак, яны задралі на добрую цётку свае кволенькія галоўкі, лыпаюць вочкамі, бывае, нядаўга могуць так трываць, тады яны проста куляюцца на бачок. Але – глядзяць, як толькі можна глядзяць на яе, на сваю карміцельку, глядзяць мужна, з надзеяй.

– І вы ўжо прачнуліся, мае харошыя? Бягу,бягу!..

Наталля Цітаўна любіла раніцы. Хоць і выйшла год назад на пенсію, пазней прачынацца не стала. Гэта толькі марыла: вось стану пенсіянеркай, тады адасплюся. Дзе там! Ці тое прывычка, ці нешта іншае, але як толькі загаворыць на кухні радыё, яна ўжо на нагах. І сёння таксама, як і кожнага ранку, жанчына спярша паставіла на пліту чайнік, а пакуль вада будзе падагравацца, заспяшалася на той жа балкон і пашукала вачыма сваіх гадаванцаў. А іх, прызнацца, і шукаць асабліва не трэба: кацяняткі тут як тут, а калі дзе і забавяцца, то адразу ж збягуцца пад яе балконам. Дакладней – спаўзуцца. Усе чацвёра. Яны зусім маленькія, кволенькія, і нават самая нізкая трава для іх пакуль вялікая перашкода, замінае. Наталля Цітаўна ж забылася пра чай, ён так і астыне ў кубку. Яна похапкам накрышыла хлеба ў неглыбокую місачку, наліла туды малака. Для іх хопіць ежы. Паўтарыла сваё “Бягу, бягу!”, і асцярожна, каб не расплешчыць сняданак для кацянятак, на выцягнутай руцэ панесла місачку перад сабой. А калі тыя прыняліся сілкавацца, кожнае кацяняці пагладзіла, прымаўляючы:

— Сіроткі вы мае… Ешце, ешце, я вам яшчэ вынесу. Сама не вып’ю, я вам дам. Хто ж вінаваты, што ў вас мамкі няма. А дзе яна, вы, відаць, і самі не ведаеце. Толькі не паверу я, што кошка такіх немаўлятак магла кінуць, адцурацца. Такіх харошанькіх. Чалавек, даруй Госпадзі, можа, вунь паказваюць па тэлевізару, а кошка не дазволіць сабе такога… Можа, забіў хто вашу матку,а? Піце, ешце… Вось і малайцы. Толькі не штурхайцеся, усім хопіць. Падрасцеце, тады вам гора менш будзе. Лаўчэйшымі і хітрэйшымі станеце.

На прыстрэшку ганка, Наталля Цітаўна толькі цяпер заўважыла, сядзела ўчарашняя вялікая чорная варона, не зводзіла вачэй з місы, у якой вабілі яе дробненькія кавалачкі хлеба, насычаныя малаком. Варона, відаць, аблізвалася…

— А, ты зноў тут? – з дакорам у голасе падняла на яе вочы жанчына.

Варона каркнула і, нібы засаромеўшыся яе, адвярнулася.

— Глядзі ў мяне: калі зноў у малых адбярэш ежу – лаяць цябе буду. Зразумела? Ты ж глянь якая здаровая, можаш знайсці сабе што пакляваць, а дзе, скажы вот мне, яны, сіроты, возьмуць, хто паклапоціцца? Кыш!

Варона быццам зразумела жанчыну і паслухалася: узмахнула крыламі і пераляцела на суседняе дрэва, адкуль таксама не пераставала сачыць за кацянятамі і Наталляй Цітаўнай.

Тым часам на ганку паказалася з пузатай торбая новая суседка, жанчына сярэдняга веку. Як яе зваць-велічаць – Наталля Цітаўна не ведае, жыве яна высока – ажно на дзевятым, апошнім, паверсе, і з’явілася тут зусім нядаўна: памяняла, кажуць, двухпакаёвую кватэру на трох. Мае мужа і дачку-падлетка, гэта ўсе бачаць, ёсць у іх і даволі шыкоўная іншамарка. Дзе працуе гэтая жанчына, Наталля Цітаўна таксама не ведае, адно заўважыла, што кожнай раніцай спяшаецца некуды яна з туга набітай торбай. Як вось і цяпер. Новая суседка затрымалася каля Наталлі Цітаўны і кацянятак, моўчкі глядзела на іх, а тады напусціла на сябе строгасць і нечакана для яе мовіла халодным, як лёд, голасам:

— Разводзіце тут антысанітарыю!

— Як гэта? – ад нечаканасці, пачуўшы такое, Наталля Цітаўна ажно хаўкнула ротам: яна ж спадзявалася, што новая суседка таксама паспачувае кацяняткам, якія рана засталіся без маці, а яна, бачце што!.. Цюкнула, бы маланкай.

— А начамі што яны вырабляюць, каты гэтыя! – твар у новай суседкі ажно пачырванеў ад злосці, яна паставіла торбу перад сабой: відаць, цяжкая, а мо сабралася доўга перавыхоўваць Наталлю Цітаўну. – Спаць людзям не даюць. Вяселлі тут, бачце вы іх, ладзяць. Я на дзевятым паверху жыву, і тое чую. Гэта непарадак.

— Пачакайце, пачакайце, не гарачыцеся, – пачала супакойваць суседку Наталля Цітаўна. – А я вось на другім паверсе, і мне каты не перашкаджаюць. Сплю. Не чую іх. Ага. Сплю і не чую.

— І спіце, а я не магу! Развялі тут звярынец. А сабак колькі! Божа, і што за людзі ў гэтым, цяпер ужо і маім, доме?! Вось там, на праспекце Касманаўтаў, дзе я жыла раней, такога няма. Але было. Я, я навяла парадак. Цяпер мяне там ўспамінаюць, упэўнена, усе добрым словам. А як жа інакш?!

Наталля Цітаўна ўздыхнула, раптам адчула, што перасыхае і храсне ў роце, а нейкая горыч захаланяла ёй у сярэдзіне грудзі. Усё ж яна знайшлася, каб сказаць:

— Не чакала я ад вас, жанчыны, такога зларадства. Вы ж сама маці. А кацяняткі сіроты… Няўжо вам не шкада іх?

— Калі шкадуеце, забярыце дамоў! – валёхаючыся з боку на бок, новая суседка пайшла па сваіх справах, і калі праходзіла пад клёнам, на якім сядзела варона, тая каркнула:– Кар-р!.., чым, падалося, нават спалохала яе, бо новая суседка ад каркання ажно здрыганулася, не адразу, а толькі ачомаўшыся, задрала галаву на дрэва, а тады зіркнула на Наталлю Цітаўну, і злашча папракнула: – Вось, атрымлівайце! Карміце, карміце і варон!.. Яны за вашымі кацянятамі даядуць. Не, я так не пакіну ўсё гэта!..

Настрой быў сапсаваны, але Наталля Цітаўна не асабліва зважала на ўсё гэта, а больш пачала супакойваць кацянятак, нібы і тыя чулі злую цётку і разумелі ўсё, што яна сказала.

– Не слухайце вы яе, ешце, ешце. Вазьмі, кажа, да сябе ў кватэру, калі так любіш… Гэта вас, мае харошыя, сказала, каб узяла. Я б узяла. Месца ёсць. А потым што буду рабіць, калі падрасцеце? Ці пракармлю я вас? Ды і прывыкну, а калі блізка да цела станеце, то адрываць потым балюча. Ведаю. А так вы на свежым паветры куляецеся-забаўляецеся, траўку, якую трэба, знойдзеце, па дрэвах палазіце… А ў мяне што? Асабліва радасці мала… Жыллё як жыллё… Чатыры сцяны… Ложак, стол… Тэлевізар уся радасць… А тут яшчэ такая аказія, мае харошыя: хварэю я часта, то бываю ў бальніцы… А каго папрашу, каб за вамі прыгледзіць і накарміць? Няма каго. Сын п’яніца, яму ключы не давяраю, а мужык, Сцёпка, памёр, ірад… А так, калі на вуліцы, з голаду не памрэце… Тут і сметніца побач… знайсці, кажуць, можна тое-сёе з ежы… Вам бы падрасці толькі хутчэй… на ногі стаць… А тая цётка, з дзевятага паверха, накінулася на вас, як учора варона… Вароне – даравальна: сама галодная… А ты ж, суседка, – чалавек, то не будзь варонай, не адымай у кацянятак ежу… Жывое ж… Няўжо не баліць? Хай варона не разумее… А чалавек павінен бы… павінен бы чалавек…

Варона, нібы таксама пачуўшы і зразумеўшы словы жанчыны, каркнула і паляцела прэч. Кацяняты, насмактаўшыся малачка, пачалі забаўляцца. “Што з іх возьмеш – дзеці ж”, – шчасліва ўсміхнулася Наталля Цітаўна. Яна падняла парожнюю міску, паглядзела яшчэ раз на кацянятак, якія схаваліся ўжо ў кветніку – толькі па тым, што калываюцца ліліі, рамонкі і цыніі, можна было зразумець, дзе яны, і заспяшалася піць чай. За сталом зноў успомніла новую суседку:”Трэба ж быць такой!.. Ай-я-яй! ” Не выпускаючы з рукі кубак, Наталля Цітаўна падалася на балкон. Сёрбаючы кароткімі глыткамі халодны чай, яна пашукала вачыма кацянятак. Кветкі стаялі нерухома. “Спяць”, – падумала жанчына і тут убачыла, як на тое месца, дзе колькі часу назад стаяла міска з ежай для кацянятак, прыляцела варона з кавалкам нечага у дзюбе, паглядзела па баках, а потым паклала прынесенае на дол і села на прыстрэшак ганка. Сядзела і не зводзіла вачэй з кавалка каўбасы, як паспела заўважыць Наталля Цітаўна: чакала, трэба меркаваць, кацянятак. Нібы і яна ведала, што тыя – сіроты, і іх трэба агарнуць цеплынёй і клопатам.

На вачах Наталлі Цітаўны выкругліліся слязінкі. Яна паглядзела на варону, іх позіркі сустрэліся.

– Прабач, – сказала жанчына птушцы. – Ты ведаеш, за што…


ВУЛІЦА БАБУШКІНА


У яго прозвішча сапраўды такое – Бабушкін. Толькі ў адрозненне ад рэвалюцыянера, ён быў не Іванам Васільевічам, а Пятром Міхайлавічам, сярод жа сяброў і блізкіх яму людзей меў яшчэ і мянушку – Паштар. Адкуль яна, гэтая мянушка, узялася, спытаецеся? Усё вельмі проста: у свой час, калі Бабушкін жыў у вёсцы, ён працаваў колькі месяцаў паштальёнам, пра што асабліва любіць апавядаць кожнаму стрэчнаму. І хоць ужо даўно гарадскі жыхар, аднак тая мянушка моцна прыліпла да яго: Паштар і Паштар. А Бабушкін і не злуе. “А хто я, калі ні ён? Першая прафесія – яна, мяркуй так, з табой назаўсёды. Прыемна ўспомніць: во жыццё было – газеты і пісьмы разносіць! Лягчэй лёгкага!..”

Сёння Бабушкін ужо на пенсіі, працаваў да гэтага на заводзе электрыкам, і таму ад няма чаго рабіць іншы раз проста ходзіць па двары шырокім крокам, заклаўшы рукі за спіну. Нібы які начальнік, прыдзірліва акідвае, бывае, позіркам тэрыторыю, як толькі можна ахапіць яе зрокам. Здараецца, яму прапаноўваюць сыграць у складчыну, і тады мужчыны распіваюць у альтанцы пляшку-другую віна, гамоняць пра жыццё.

– Бабушкін, я сёння на тваёй вуліцы быў,– паглядзеў неяк на Пятра Міхайлавіча сусед Ігнатавіч.– Там мой кум хату купіў. Гляджу, і сапраўды напісана на блясе, што да сцяны хаты прыбіта: вуліца імя Бабушкіна. Ты што, можа і не ведаў, што тваім імем назвалі вуліцу?

Пятро Міхайлавіч ляніва адбіваецца:

– Ды чуў, чуў! Як не чуў!.. Радыё, нягож, слухаю таксама!..

– А не прызнаецца, мужыкі! – акідваў позіркам мужчын Ігнатавіч, а сам жа, відаць было, шчыра радаваўся, што да такога даўмеўся розыгрышу. – А чаму, думаеце, маўчыць, не прызнаецца?

– Вядомая справа!..

– Каб не праставіцца!..

– Хвалю за знаходлівасць! – падсумоўваў гаворку Ігнатавіч.– Дык што будзем рабіць, Бабушкін? А? Чаму маўчыш, скнара? Крама, дарэчы, вунь побач, вунь!.. Яна чакае цябе!..

Пасмяяліся, пажартавалі, на тым і згарнулася размова. Ужо крыху пазней Бабушкін вырашыў усё ж з’езіць на вуліцу Бабушкіна, і хоць гэта няблізка, за Сажом недзе ў прыватным сектары, – адважыўся. Тут, прынамсі, такая агаворачка: калі б ён зноў не выпіў шклянку віна, мажліва, яго і не пацягнула б на тую вуліцу. А так ён і сапраўды не інакш паверыў, што яна названа іменна ў гонар яго, Пятра Міхайлавіча, і чалавек палічыў ганебным пражыць жыццё і не пабываць на вуліцы, якой ніхто іншы, а ён ахвяраваў сваё прозвішча.

І не трымайце мяне, і не адгаворвайце!

“Вуліца Бабушкіна”,– абвясціў бадзёры голас вадзіцеля аўтобуса.

– О, мая, мая вуліца! – ажывіўся Бабушкін і важна паглядзеў на пасажыраў, якія на яго не звярталі аніякай, вядома ж, увагі, што нават крыху абурыла, таму на гэты раз сказаў больш гучна: – Мая вуліца!.. Бабушкіна!.. Пятра Міхайлавіча!.. – І маладцавата скокнуў на зямлю.

Аўтобус паехаў далей, а Бабушкін застаўся на прыпынку. Стаяў і дзівіўся па баках з выглядам начальніка высокага рангу, які быццам прыехаў на важны аб’ект, а яго ніхто там не сустракае. Непарадак, адным словам. Але ж не стаяць так увесь час. Бабушкін змерыў вуліцу ўздоўж і папярок, а тады распрасцёр рукі, радасна і ўзнёсла прамовіў:

– Дык вось ты якая, мая родная! Ну, прывітанне, ці што? Бачу, няважныя ў цябе справы. Чым дакажу? А тым, што багата хат, а не дамоў паабапал цябе – з двух бакоў – расмясцілася. А дзе катэджы? Асабнякі? Ну, тры-чатыры я бачу. І гэта на маёй вуліцы?! Даруй, аднак! Гэта не ты, вуліца, вінавата, а – гарадскія ўлады. Яны, яны, скажу табе шчыра, недагледзелі, прамахнуліся. Маглі б даць імя Бабушкіна і вуліцы ў новым мікрараёне? Маглі б! Каля лядовага Палацу, напрыклад. Ідуць на хакей грамадой балельшчыкі і чытаюць: о, дык гэта ж вуліца Бабушкіна! І ім лягчэй ішлося б. Я перакананы ў тым. Для Мазурава, для Чычэрына і ім падобных знайшліся вуліцы ў новым мікрараёне, а мне, атрымліваецца, – шыш. Добра, што хоць дарогу адрамантавалі, калдобін няма… Месцы для прыпынку аўтобуса абсталяваны нічога, казаць не буду… Бач ты іх, на “Цэнтраліце” адлілі прыпынкі. Пачакай, дык тут жа, па маёй вуліцы, акрамя аўтобусаў, нічога больш і не ходзіць? Ну, так. А дзе тралейбусы? Хто скажа? Дзе, дзе тралейбусы?

Настрой у Бабушкіна зусім сапсаваўся, калі ён даведаўся, што на ягонай вуліцы няма нават ніводнай кропкі, дзе можна было б пасядзець з куфлем піва ці з яшчэ якім больш моцным напоем.

– Канец свету!..

Бабушкін сеў на лаву і пашкадаваў, што нічога з сабой не ўзяў. Як жа – прыехаў у госці, і з голымі рукамі. А не, каб пачаставаць малечу, што вунь забаўляецца каля дарогі. Ён бы насыпаў ім цукерак у жмені і сказаў:”Гэта вам ад таго дзядзькі, маляўкі, імем якога названая вуліца, на якой вы жывяце і цяпер вось гойсаеце… ці гуляеце, так сказаць, у свой бадмінтон і ў мячыка. Ах, вы не верыце? Вам што, пашпарт паказаць? То глядзіце, глядзіце!..” Бабушкін нават ўявіў, як дзеці прыліплі да карткі ў ягоным пашпарце, а больш дарослыя, якія ўжо ўмеюць гэта рабіць, чытаюць: Ба-буш-кін!.. Што, атрымалі?!..

Тым часам пад’ехаў чарговы рэйсавы аўтобус, з яго выйшаў усяго адзін чалавек – мужчына сярэдніх гадоў, шчуплы, у светлай сарочцы з доўгімі рукавамі і ў чорнай бейсболцы, картуз якой быў над вухам, і ён шыбаваў да Бабушкіна. Паколькі чалавек той ішоў няўпэўнена, Пятро Міхайлавіч падняўся, падаў каманду:

– Стаяць!

Чалавек знерухомеў, але не мог зразумець, навошта і каму прадназначаўся гэты загад, ён паказваў на сябе пальцам і не зводзіў вачэй з Бабушкіна:

– Вы… мне?

– Табе, табе!

– У чым, уласна кажучы, справа?

– Як ідзеш ты па маёй вуліцы? Якім крокам? – Бабушкін наблізіўся да разгубіўшагася мужчыны.– Ты дзе знаходзішся?

– У чым, уласна кажучы, справа? – зноў паўтарыў пытанне чалавек з няўпэўненай хадою .– Ты хто? Не міліцыянер, звычаем?..

Бабушкін паднёс, як і марыў ён хвілінамі раней, паглядаючы на дзяцей, пашпарт да твару незнаёмца, загадаў:

– Чытай! Прозвішча, прозвішча чытай.

– Ба-буш-кін, – паслухмяна прачытў той, ікнуў. – А я, можа, Дзедушкін? Х-хі-хі-хі-і!..

– Ты мне тут жарты кінь, – параіў Пятро Міхайлавіч.– А цяпер ідзі сюды.– Ён падвёў яго да хаты, на сцяне якой была прымацавана шыльдачка з назвай вуліцы.– А цяпер чытай тут…

Незнаёмец зноў ікнуў, працёр вочы рукавом, не адразу прачытаў:

– Вуліца імя Бабушкіна. – Ён вытрымаў паўзу, паглядзеў на Бабушкіна, на шыльду, усміхнуўся.– Не, тут нешта не так…

– Усё так, дарагі мой: ты стаіш на маёй вуліцы.

– Ёшкіну маць!..

– А ты як думаў, зямляк? На вуліцы Бабушкіна!..

Незнаёмец похапкам механічна выцер далонь правай рукі аб парткі, падаў яе Пятру Міхайлавічу:

– Будзем знаёмы: Тузікаў Павел Ягоравіч. Тысяча дзевяцьсот…

– Не трэба, далей можаш не гаварыць, – перапыніў яго Бабушкін.– Так што раблю табе строгае папярэджанне: больш у такім выглядзе, як сёння, каб я цябе на сваёй вуліцы не бачыў.

– Як піць даць!.

– Я двойчы не паўтараю. Я, можа, маю характар. Ды маю, маю, канешне ж. Калі б я быў слабаком, сардэлькай, які б д’ябал назваў маім імем вуліцу,а?

– Не кажы!.. Хто б назваў?.. Дык як, кажаш, цябе завуць? А, прабач, прабач: Бабушкін. Дык я ж на тваёй вуліцы, аказваецца, і жыву. А не ведаў! Слова даю – не ведаў! Жыву і жыву сабе спакойна. А тут, высвятляецца, ёсць, існуе недзе і чалавек, на вуліцы якога я асеў? Во ён, перад табой. Далёка хадзіць не трэба. Дай я цябе пацалую?

Бабушкін адвёў рукі Тузікава, якія той наставіў на яго растапыранымі пальцамі, падалей ад сябе:

– Калі б я з усімі цалаваўся, то ведаеш, што са мною было б, а?

– Дзівосы, аднак!..– не мог утаймавацца Тузікаў.– Вунь мой дом. Хадзем, госцем будзеш!

– Паглядзець, як людзі жывуць на маёй вуліцы, трэба. Каб мець уяўленне. Ну, тады пайшлі!..

– Жонка якраз на другой змене. А то і яна б парадавалася.

Неўзабаве яны сядзелі за сталом у пярэдняй, Бабушкін гартаў альбом, а Тузікаў паказваў пальцам, хто зафіксаваны на картцы. Перад гэтым ён не пабаяўся пакінуць госця аднаго ў хаце – а чаго баяцца, калі гэта вунь хто! – і збегаў у краму, прынёс пляшку гарэлкі. Паколькі грошай у яго не мелася, то іх вымеркаваў Бабушкін. “Канешне ж, імем бедняка вуліцу не назавуць,– лагодна думаў Тузікаў, шыбуючы ў краму і з крамы. – Во пашэнціла дык пашэнціла! Хоць раз!..”

Калі выпілі па чарцы, Тузікаў пацікавіўся, якая ў Бабушкіна самая любімая песня. Той спярша задумаўся, для чаго нават зморшчыў лоб, а тады адказаў, бы адсек:

– Я без гармоні не спяваю!

– А калі балалайка?

– Так сабе… Але не пагрэбую, калі будзе хоць які акампанімент.

– У суседа вазьму! – паабяцаў Тузікаў і вышмыгнуў з хаты.

Пакуль ён недзе бегаў, Бабушкін паглядзеў у люстэрка, што вісела на сцяне побач са сталом, зрабіў важны, сур’ёзны выгляд, і сам сабе сказаў: “А што, можа яно так і ёсць… Не ведаю, хто той Бабушкін, аднак жа, па вялікаму рыштунку калі браць, то якая розніца – хто ён, той Бабушкін? Можа, гэты вуліца ўсіх Бабушкіных, якія жывуць у белым свеце? У Маскве, у Піцеры, у тым жа нашым Гомелі? У Амерыцы, калі ўжо на тое пайшло, а? Наце вам, Бабушкіны, вуліцу! Не, Пятро Міхайлавіч, ты нарадзіўся ў шчаслівай сарочцы. А сусед, Ігнатавіч, так і заявіў: я, Пятро, быў на тваёй вуліцы. А ты, Ігнатавіч, пабудзь на сваёй. Што, адхапіў? Дзе яна, твая вуліца? У якім балоце? То-та ж! І не кірхаць мне! Дзе, дзе вы бачылі вуліцу імя Філіна? Імя Сцяпана Ігнатавіча Філіна? А мая – вось яна, родная! Не бяда, што пакуль не ходзяць тралейбусы. Пусцім!”

– Каго “пусцім”? – паказаўся на парозе з балалайкай Тузікаў.

– Гэта я пра сваю вуліцу. Пусцім, кажу, і тралейбусы.

– Пусцім! Абавязкова! З аркестрам! – трасянуў у паветры балайкай Тузікаў.– Гуляй, горад!

Бабушкін паправіў гаспадара хаты:

– Гуляй Вуліца Бабушкіна. Прашу не абагульняць. Дарэчы, і песню напішам. Я папрашу самага вядомага кампазітара…

– Лучанка можна, – прапанаваў Тузікаў.– Ён для нафтаправода “Дружба”ого які гімн даў. Яго, яго возьмем за кампазітара.

– А словы самі складзем, – сказаў Бабушкін. – Так, Павел?

– Як піць даць!

– Ляснем! Хай усе чуюць!..

–Хто лепей, чым мы, ведае матэрыял? Я тут жыву. Так? Так. Вунь на тым агародзе… пад грушай… мая пупавіна закапана, можа быць. Ці недзе побач. А ты, Бабушкін, пра сваю вуліцу дык каб не ведаў, якія словы прыдумаць? Х-хе-хе-хе!..

– Знойдзем. Гэта ўсё другасна, браце.

– Пачакай, а што – пярвічна? – Тузікаў, як часта рабіў да гэтага, зноў працёр рукавом кашулі вочы: яны ў яго чамусьці слязіліся.

– Выпіць трэба, –прызнаўся Бабушкін.

– Дык у чым справа?

– Налівай, – прамовіў Пятро Міхайлавіч і, падобна на тое, амаль што пусціў слязу. Яшчэ трошкі, і твар будзе мокры.

– Што, што з табой, брат Вуліца? – насцярожыўся Тузікаў.

– Таму і плачу, што надта добрыя людзі жывуць на маёй вуліцы. Ад шчасця.

– Тут ты на ўсё сто. Угадаў. Лепшых людзей няма ва ўсім белым свеце.

– І гэта ўсё дзякуючы маёй вуліцы! Яна, як магніт, сабрала вас у кучу. Ты верыш мне, Павел?

– Як піць даць!

– А яшчэ плачу, што я рэдка бываю на сваёй вуліцы сам. Заняты вельмі, дзяржаўных спраў хапае. А хочаш, назусім пераеду сюды? Суседзямі будзем – хочаш? Вазьму, і пераеду? Хто забароніць? О-го-го!..

– Дай пяць!

Парукаваліся.

– А гэта, дарэчы, ідэя. Галава яшчэ кеміць.

– Па табе ж відаць, што не дурань.

– Хоць і мянушка ў мяне – Паштар.

– Во як, а!

– Не звяртай увагі. Пасля школы газеты і пісьмы разносіў. Мяне паштарская сумка і вывела ў людзі.

– Веру!

– Аднаму начальніку прынёс каверт, а ён і давай цікавіцца, хто я і што я. І пасылае мяне вучыцца на эле… Цьфу ты! На элеватар начальнікам. А потым і пайшло-паехала. І закруцілася!..

– І пайшло - паехала – во як!.. Ведай нашых, аднак!.. А Зінка на другой змене, змяя!.. А ў нас – свята!.. З’ела, Зінка? Атрымала?

– Я, Бабушкін, павінен жыць на вуліцы Бабушкіна. І толькі так. Усё, вырашана: заўтра пераязджаю. Прадаю свае апартаменты і купляю тут дом. Ёсць дом для мяне?

– Знойдзем!.. Хе, праблема!..

Выпілі за пераезд, заспявалі. Песня не пайшла, таму пасядзелі пэўны час моўчкі. Бабушкін нарэшце ўздыхнуў, пахітаў галавой, паклаў руку на плячо гаспадару хаты.

– Я б дабіўся, каб і тваім імем назвалі якую-небудзь вуліцу ў нашым горадзе. Вунь колькі іх, шматпавярховак, узводзяць!..

– Дабіся, друг! Век не забуду! Можна, я цябе пацалую?

– Потым. Не ўсё адразу.

– Дык у чым жа справа?

– Не думай, у мяне, дзе трэба, свае людзі маюцца. А як ты думаў! Ого людзі!.. Аднак жа твоё прозвішча – Тузікаў – да вуліцы ніяк не падыходзіць. Ну, уяві сабе: вісіць шыльда, а на ёй вялікімі літарамі напісана: “Вуліца імя Тузікава”? Хто такі? Адкуль? Ды і ці захочуць людзі жыць на той вуліцы, якая носць такую сабачую назву? Падумай, Тузікаў!..

– Хочаш, я жончына прозвішча вазьму, Бабушкін? У яе прыгожае прозвішча – Пацяруха. Як, а?

– Тады гэта будзе жончына вуліца. А баб да такіх сур’ёзных спраў дапускаць нельга, а то наламаюць дроў.

– Наламаюць! Як піць даць!.. Дык а як жа быць, шаноўны, а? Сверб нейкі ў мяне з’явіўся, хоць ты што яму!.. Не ўпусціць бы свайго шанцу.

– Будзем думаць. Для чаго ў нас галовы? Усё, думаем!..

Тузікаў сядзеў з надта сумным тварам. Бабушкін супакойваў яго, а потым заснуў. Прачнуўся ён ранкам на канапе. Узняўся, агледзеўся. Не адразу ўспомніў, дзе знаходзіцца, а калі разабраўся, што да чаго, ціхенечка прычыніў за сабой дзверы і патупаў на аўтобусны прыпынак, баючыся, што прачнецца Тузікаў і кінецца ўслед за ім…

Ён стараўся не ўспамінаць учарашняе. Але як не ўспомніш, калі стаіш на вуліцы Бабушкіна – з іншай вуліцы ў горад ніяк не заедзеш: аўтобусы ходзяць толькі па ёй…


ПРА ВАЙНУ


1.

Не, я тады не хадзіў яшчэ нават у школу, калі ў нашай вёсцы зрабілі брацкую магілу – як і належыць, з помнікам салдату, які моцна сціскаў у руцэ аўтамат. Я, відаць, быў яшчэ у той час зусім малы, бо не помню нават зусім таго дня. Помню толькі, што помнік той з’явіўся перад маімі вачыма неяк адразу, нечакана, не было не было яго, і раптам - вось ён перад табой: глядзі, хлопчык, гэта салдат. Чаму ён такі вялікі і суровы - даведаешся пазней. Гэта цяпер я разумею, што ў жыцці чалавека настае той момант, калі ён нешта заўсёды пазнае і запамінае ўпершыню.

Хадзіў, канешне ж, каля таго помніка я і раней, калі, мабыць, мама вадзіла мяне яшчэ за руку, а мо я трымаўся за яе падол. Хоць помнік і быў, але я не бачыў яго - не бачыў так, як трэба было бачыць: не дарос. Усяму, сапраўды, свой час. А ўжо калі быў вучнем, мы штогод прыходзілі да помніка ў Дзень Перамогі, нехта са старэйшых абавязкова расказваў пра вайну, а мы чыталі вершы - таксама пра вайну. Даверылі і мне аднойчы прачытаць напамяць верш, аднак я схібіў, не дачытаў яго да канца: расплакаўся. Мяне супакоіла настаўніца Вольга Кандратаўна і выцерла мне сваім насавіком слёзы. Я даў сабе слова больш не пускаць слязу, калі буду чытаць зноў верш на наступны год, але мне не далі больш яго, - ні на наступны год, ні пазней. Былі ў нас чытальнікі, якія не плакалі. Яны і дэкламавалі. Няхай. А я тым часам, пакуль яны расказвалі, чытаў прозвішчы салдат, што былі выбіты на помніку, і мне так іх было шкада, што я румзаў яшчэ мацней, але ўсе глядзелі на таго, хто чытаў верш, і мяне не заўважалі. Гэта і добра, што не заўважалі: няма чаго выстаўляць слёзы напаказ.

Помнік добра быў відаць з акна нашай хаты, і я, калі рабілася сумна, падоўгу глядзеў на салдата. І хоць ён адвярнуўся ад мяне і я бачыў толькі шырокую спіну, я ўсёроўна бачыў яго вочы, і так шкадаваў, што глядзіць ён уніз, ніяк сабе пад ногі, а мне вельмі хацелася, каб азірнуўся ён на нашу новую школу, на нашу хату, якую пабудавалі мае бацькі замест той, што згарэла ў вайну. Ды багата чаго мог бы ўбачыць салдат, каб павярнуўся: і ферму, і млын, і кузню...

- Ён, сынку, усё бачыць, не хвалюйся, - суцяшала мяне мама, калі я сказаў ёй пра тое, што непакоіла.

Хоць я і не разумеў, як ён бачыць, калі стаіць спіной да ўсяго, але пагаджаўся з мамай: мамы ўсё ведаюць. Ды і не толькі мамы - таты таксама, а калі паслухаць майго, то без яго б і зусім не было брацкай магілы. Не раз і не два апавядаў ён мне, калі траха падрос, як збіралі яны, вяскоўцы, косці дзе толькі можна было і звозілі на пагорак, дзе мелася быць брацкая магіла. За вёску ішоў цяжкі бой, шмат было забіта салдат, і самі ж салдаты хавалі тых, хто загінуў. У іх, аказваецца, была свая пахавальная каманда. Але дзе там было ім калі глыбока капаць ямкі, і калі прайшоў час, дажджы і веснавыя ручаіны размылі паграбенні. І яшчэ плугі, калі пачалі апрацоўваць людзі зямлю, пачалі натыкацца на косці.

- У нас тады спрэчка адбылася, - прыгадваў тата, - па такому пытанню. Трапляліся і конскія косці, іх звозілі разам... І хацелі таксама закапаць з салдацкімі: маўляў, і яны ж, коні, ваявалі, як і людзі... Няхай побач спяць людзі і коні. Чубіліся ажно. Але перамаглі тыя, хто быў толькі за салдат. Конскія косці пахавалі асобна, за вёскай. Правільна, канешне ж, зрабілі. А ты як думаеш?

Я тады, відаць, толькі пашкадаваў, што коням не ставяць помнікаў…Ці, можа, яны дзе і ёсць?..


2.

- Хавошка і Наталля ідуць ужо да сваіх хлопцаў, - мама паглядзела ў акно і ўбачыла на дарозе, што цягнулася пад горку, жынчын, якія з вузельчыкамі нетаропка падымаліся да помніка. - На спатканне. Нешта сёння раней, чым заўсёды? Яны кожны год на дзевятае мая прыходзяць. Раніцай, перад школьнікамі...

Я прыехаў з горада, дзе сёння жыву і працую, і мама частуе мяне дранікамі. Ужо прайшло шмат часу з таго дня, калі я чытаў першы і апошні раз верш каля помніка. Помніка з акна ўжо даўно не відаць - яго атулілі дрэвы. Памёр тата. Пра вайну ён мне нічога не расказваў, хоць я і прасіў яго, бо ён, відаць, быў такі плакса, як і я, а толькі неяк прызнаўся, што яму, калі вярнуўся дамоў, было сорамна хадзіць па вёсцы: з усіх яго аднагодкаў адзін ён уцалеў, і таму яму здавалася, быццам маткі і жонкі забітых глядзяць яму заўсёды ўслед з дакорам, нялюба. “Як жа так?! Нашых няма, а ён, гляньце, шпацыруе! Няйначай, у кустах недзе хаваўся?” А, можа, тата памыляўся? Хутчэй за ўсё так. Хоць людзі, канешне ж, зайдросцілі маёй маці: без мужчыны пасля вайны ой як цяжка, ой як гаротна, нявыкрутна было жанчынам ў вёсцы!..

Я таксама паглядзеў у акно, Хавошка ( калі малая была, то картавіла, пытаючыся ў бацькоў: я хавошая?) і Наталля былі ўжо амаль каля помніка. Так ішлі яны і тады, калі я, зусім яшчэ маляўка, пракраўся ўслед за імі да помніка, схаваўся ў кусце бэзу, сядзеў, не дыхаючы: мне карцела ведаць, што будуць рабіць там жанчыны. Яны ж расклалі на хустцы ежу, запомніў толькі, што былі там чырвоныя яйкі, селі перад хусткай на мурог, налілі ў чаркі самагонкі з нейкай трафейнай зялёна-сіняй бутэлькі: дзве для сябе, дзве - для сваіх мужоў, якія не прыйшлі з вайны. Паднялі свае чаркі.

- За вас, хлопчыкі, - сказала Хавошка. -Чуеце вы там нас хоць ці не?

- Канешне ж, чуюць, - больш упэўнена прамовіла Наталля.- Як гэта нячуюць? Чуюць, яны чуюць нас, дзеўка!..

Хавошка нічога не адказала, а працягвала гаварыць далей:

- Прыйшлі вось мы з Наталляй вас праведаць. Заадно і пагаманіць, пра сваё жыццё расказаць.

- А, можа, пра наша жыццё не трэба? Няхай спяць яны спакойна там... пад зорачкай, - насупілася Наталля.

Хавошка на гэты раз не пагадзілася:

- А каму ж нам тады яшчэ расказаць, як не ім? Ды і навошта тады ішлі сюды? Слёзы свае паказаць хіба толькі?.. Навошта ім нашы слёзы?

Наталля змоўчала.

- Жывём мы добра...

- Так-так-так,- гэтыя словы Хавошкі спадабаліся Наталлі, яна затрэсла галавой, падбіла пасмачку валасоў пад чорную хустку.

- Жывём мы добра, - паўтарыла тое ж самае Хавошка. - Вось і Наталля пацвярджае...

- Пацвярджаю. А як жа.

- Сёлета разжыліся на парсючкоў, я і Наталля. Без тлушчу цяжка, адна бульба ў рот не лезе. Яшчэ каб кароўка была, то і зусім бы гора не ведалі. Нам бы хоць адну на дваіх...

- Скажы, скажы майму, што Васілёк ужо ўлетку працадні зарабляе ў калгасе - каня водзіць, - папрасіла Наталля.

Хавошка надзьмулася:

- А сама хіба не можаш? “Скажы Хавошка, папрасі Хавошка”. Я памаўчу, кажы ты.

Наталля не адразу пагадзілася, але ўжо калі набралася смеласці, рашучасці, сказала радасна і гучна:

- Мікола, а Васілёк наш каня водзіць, хлеб зарабляе!

І расплакалася. Хавошка пачала яе супакойваць, але, здагадаўшыся, што не дасці ёй рады, працягвала далей:

- Жыта сёлета кусціцца хораша, снапы павінны быць добрыя, то найму людзей, няхай хатку перакрыюць. Печ яшчэ тая, што пры табе зроблена была, Пятро. А што ёй, печы, зробіцца? На яе не капае, цячэ толькі тая страха, што выходзіць на двор. Сыночка нашага назвала Пецькам, у гонар цябе...

- Ты яму ўжо пра гэта гаварыла сто разоў, - папракнула, але не з дакорам, Наталля.- У мяне ўжо рука замлела чарку трымаць. Давай, скажы што-небудзь, ды выпіць пара.

- Скажу. За вас, хлопцы. Каб мяккай была вам чужая зямелька.

Жанчыны выпілі, памаўчалі.

- Ты, Наталля, перапыніла мяне, але ж я не сказала, што Пецька вучыцца ў трэцім класе, - ціха прамовіла Хавошка.- Той раз гаварыла, што ў другім..

- Ну, калі толькі так...

- Не пашанцавала нам, сяброўка: без мужчына засталіся.

- Так, так. Без мужчын.

- Ні чужых, ні сваіх... А трэба ж жыць. Хочацца жыць...

- Іншы раз, табе прызнаюся, я Міколкаву сарочку нюхаю, яна яго потам пахне. Не памыла, так і ляжыць, як з сябе зняў. Добра, што не дакранулася да яе адразу, тады ж, як на вайну забралі. Усё рукі не даходзілі.


- Тады ўсё валілася з рук, - падтрымала Наталлю Хавошка. - Ну што, дзеўка, ці не пара нам? А то вунь - чуеш? - школьнікі у горан дзьмуць і барабаняць... Скора будуць... Прыбраць трэба скацёрку... Ды пастаім, паслухаем школьнікаў... Там і Пецька мой...

- І мой Васілёк прыфранціўся ў новыя парткі і сандалеты... Сам на сябе зарабіў... Давай, давай, маладзіца, прыбіраць... Затыкні бутэльку, затыкні, каб не вылілася смала тая. Можа, Мітрафан з гармонікам прыйдзе, як той раз. Тады зноў пасядзім пасля дзяцей, песні паспяваем для сваіх хлопчыкаў...

Калі падрос, мне было сорамна, што я сядзеў у кусце і падслухоўваў салдацкіх удоў. А тады я радаваўся, што чуў яшчэ нешта пра вайну... Слухаў і радаваўся... Ці не блазнюк, а?


3.

На школьным двары было людна. Дзяўчынкі старэйшых класаў рвалі кветкі на клумбах, рабілі букеты і ўручалі іх кожнаму жадаючаму. Жадаючых было многа. Іван Іванавіч, дырэктар школы, больш займаўся тым, што не адпускаў ад сябе кіраўніка групы піянераў, якія прыехалі з Эстоніі на свята: тут, у брацкай магіле, пахаваны іх зямляк. Прыехалі яны ўчора, засветла, таму паспелі пазнаёміцца з вёскай, пабывалі і каля помніка, а начавалі па хатах: жадаючых прыняць “інастранцаў” знайшлося шмат. Аднак на другі дзень па вёсцы папаўзлі чуткі, што гэтая замежная малеча паводзіць сябе з пагардай, грэбуе ежай, фыркае, не падабаліся ім нават прасціны ў асобных гаспадароў; хаця прасціны як прасціны, ежа як ежа.

Аднак на школьным двары было не да гасцей, кожны займаўся сваёй справай. Настаўнік гісторыі і стваральнік музея баявой славы Мікалай Кірылавіч паказваў месца кожнаму класу, дзе той павінен стаяць, пацікавіўся, ці ўсе, каму трэба выступаць, гатовы. Упэўніўся: усе. Крыху ў баку ад дзятвы стаяў Мітрафан з гармонікам, яму якраз ад хаты бліжэй праз школьны двор да помніка, таму затрымаўся, рашыў паназіраць за жыццём. А тут і каманда: “На пра-ву! Шагам-арш!..”- каманду падаў гісторык, ён тут кіраваў парадам, а дырэктар і госць з Эстоніі пайшлі да брацкай магілы наперадзе, трымаючы ў руках кветкі. За імі - гарніст і барабаншчык, а там і ўсе.

Мікалай Кірылавіч ішоў збоку, наглядаў, каб калона не дужа расцягнулася. Хаця калонай назваць вучняў гэтай невялічкай, паміраючай школкі, якіх спрасаваў у адно цэлае гісторык, можна было толькі з вялікай нацяжкай: у класе засталося па сем-восем чалавек, аднак усе хлопчыкі і дзяўчынкі ішлі да брацкай магілы з вялікай гордасцю, з адчуваннем сваёй значнасці і годнасці ў гэтым свяце, да якога рыхтаваліся не адзін дзень.

- Падцягнуцца-а! - папрасіў голасам ротнага старшыны гісторык, і калі дзеці падцягнуліся, падабралі нагу, то было відаць, што Мітрафан з гармонікам значна адстаў...

Але ён стараўся, як мог, тэпаць услед за ўсімі ў разношаных кірзовых чобатах.


4.

Тупаценне дзіцячых ног было далёка чуваць. Калона ішла пад гукі горна і дробны стук барабана.

- Ужо блізка, - падняла галаву ў бок дарогі, што вяла ад школы, Хавошка. - Дзе гэта нам, дзеўка, тут стаць так, каб нікому не перашкаджаць? Каб не таптацца пад нагамі... Давай выйдзем за агародку, ага?

- Ага. Давай. Пачуем, што будуць казаць. Не глухія.

Неўзабаве калона была ўжо каля помніка, не прымусіў сябе доўга чакаць і Мітрафан, ён стаў побач з Хавошкай і Наталляй, павітаўся, а потым, бы незнарок, адным вокам зазірнуў у клуначак, які трымала Наталля: там у шчылінку каля вузельчыка ўбачыў рылца бутэлькі, задаволена хехекнуў і папрасіў тых не разыходзіцца пасля ўсяго. Хаця пра тое ж самае яго меліся папрасіць і жанчыны. Жаданні супалі, і яны, навастрыўшы зрок, пачалі глядзець, што робіцца каля помніка. Разгледзелі госця з Эстоніі, звычайны дзядзька, толькі што белавалосы, мае такія ж белыя вусы. Такіх дужа белых у нас няма. А калі яго прадставілі і далі слова, то ён пачаў гаварыць з вялікім акцэнтам.

- Не варушыся, а то не разбярэш, што ён кажа, - папрасіла Наталлю Хавошка.

- Нейкая драбяза за нагу ледзь не ўкусіла... Прэч, гадасць!.. Прэч!..

- Цярпі. Не тое цярпелі.

А госць з Эстоніі, хоць і з акцэнтам, гаварыў узрушана, пранікнёна; ён пахваліў вяскоўцаў, што тыя добра даглядаюць брацкую магілу, у якой знайшоў вечны спачын і іх зямляк, запрашаў у госці. У адказ выступіў Іван Іванавіч, падзякаваў, што прыехалі яны з далёкай рэспублікі, падзякаваў за памяць пра земляка. Ад мясцовых ветэранаў слова трымаў Мікалай Сеўчанка, той кожны раз, калі выступае перад дзецьмі ў школе ці тут, на брацкай магіле, расказвае, як ён, зусім малады салдат, трапіў у акружэнне, доўга прабіраўся разам з аднапалчанамі да сваіх ці, у крайнім выпадку, да партызан, а, падкрэсліваў гэта ён асабліва, калі пад самым носам з’яўляліся раптоўна фрыцы, па некалькі гадзін тады сядзелі яны ў балоце па самае падбароддзе ў рыжай вадзе, а на галове былі звычайныя зрэзаныя рыдлёўкамі купіны: так маскіраваліся. Не варухнуцца.

Іван Іванавіч паглядзеў на людзей, а іх сабралася ўжо даволі многа, адшукаў позіркам Мітрафана, падаў знак рукой, каб той падышоў да яго. Гарманіст паслухаўся.

- Таварышы! - Іван Іванавіч вытрымаў паўзу, нібыта падбіраючы словы.-Усе вы ведаеце нашага Мітрафана Дзям’янавіча, выдатнага гарманіста, цудоўнага чалавека. У вайну ён быў зусім хлапчуком, толькі -толькі паехаў у горад вучыцца ў рамеснае вучылішча... на зваршчыка... Так, Мітрафан Дзям’янавіч? На зваршчыка?

Мітрафан кіўнуў.

- А там яго застала вайна. На фронт не бяруць - узрост не той, трэба падрасці траха. І па дарозе ў сваю вёску хлопца паймалі немцы. Так ён апынуўся ў канцлагеры...

- Прабачце, Іван Іванавіч, я не ў канцлагеры быў, я працаваў на рудніку, - паспяшаўся паправіць дырэктара Мітрафан.

Зрабілася ціха-ціха, нават можна было пачуць тую драбязу, што гула-звінела на ўсю моц, якая, відаць, і хацела хвілінамі раней даставіць Наталлі лішні клопат.

- Пра вайну раскажыце нам, Мітрафан Дзям’янавіч.

Мітрафан, падалося, збянтэжыўся. Так, так. Яму - пра вайну? Не, ніколі. Ён жа не бачыў вайны. Пра што ж расказваць, калі няма пра што? Навошта ж хваліцца тым, чаго не было? Наплесці, канешне, можна бочку арыштантаў, як некаторыя рабілі, але дзе ж тады сумленне? Не, не, не ў яго характары такое, і не прасіце, людзі добрыя!..

Так і сказаў дырэктару:

- Я ж не быў на вайне... Даруйце... Прабачце... Калі што не так...

Не менш, чым хвілінай раней Мітрафан, разгубіўся і сам дырэктар. Ён паглядзеў спярша на людзей, і тыя не маглі не заўважыць, што адчувае сябе Іван Іванавіч крыху ніякавата, аднак потым быццам знайшоўся і папрасіў Мітрафана сыграць для ўсіх франтавую мелодыю. На выбар. Пачуўшы пра такую просьбу, у Мітрафана засвяціўся твар, а неўзабаве пальцы пабеглі па гузіках гармоніка... Ён граў і спяваў:

Ты ждёшь, Лизавета,

От друга привета,

Ты спишь до рассвета,

Всё грустишь обо мне.

Одержим победу,

К тебе я приеду

На горячем боевом коне.

І непрыкметна Мітрафану пачалі падпяваць. Спярша дырэктар, потым госць з Эстоніі, гісторык, калгаснікі, школьнікі.

Хавошка лёгенька, нібы забаўляючыся, варсанула у бок Наталлю, а калі тая глянула на яе, сказала сур’ёзна і патрабавальна:

- А ты чаго? Не адставай!..


На вёскай плыла песня:

Прыеду весною,

Ворота открою,-

Я с тобой, ты со мною

Неразлучны навек,

В тоске и тревоге

Не стой на пороге,

Я вернусь, когда растает снег!..

Ці тое ад таго, што жанчыны перад гэтым выпілі па кроплі, ці з якой іншай нагоды, але іх галасы вылучаліся ў гэтым стыхійным людскім хоры... Нават Мітрафан прыцішыў свой барытон: бяжыце, бяжыце наперад, дзеўкі, няхай ведаюць усе, што вы ёсць, што жывеце, не скарыліся нягодам ... Я ўжо за вамі буду. Так і быць.


5.

Каля помніка неўзабаве зрабілася ціха. Свята пакацілася ў бок школы. Дзеці, расчуленыя ад убачанага і пачутага, расслабіліся, пачалі дурэць: вядома ж, ім хацелася паказаць гасцям з Эстоніі, што яны дома героі, а не абы-хто. Ім ніхто і не рабіў заўваг. Няхай пацешацца. Сёння - можна. Сёння такі дзень, калі, кажуць, і генералы штурхаюцца. Беспарадкава нехта калаціў палачкамі па барабане, а ў горан таксама хацелася падзьмуць кожнаму, таму даносілася сюды, да помніка, нейкая бяссэнсіца.

Для госця з Эстоніі святочны стол накрыла жонка Івана Іванавіча, іх дамок на тэрыторыі школы, туды ж запрасілі і гісторыка Мікалая Кірылавіча, але ён спаслаўся, што пакуль не можа, трэба прасачыць, каб у школьнай сталоўцы дзеці былі накормлены і напоены. “Я хутка! Пакуль вы там тое ды сёе, і з’яўлюся. На мяне мне глядзіце”. Іван Іванавіч здзівіўся: “Хіба там няма каму прасачыць?” - “А, і праўда!”

Каля помніка засталіся Хавошка, Наталля і Мітрафан. Жанчыны зноў расклалі на скацёрцы ежу, паставілі пачатую бутэльку гарэлкі - гэта раней, калі былі маладыя, прыносілі яны сюды самагон, цяпер яны гэтым не займаюцца: ёсць, дзякаваць Богу, за што купіць з заводскай этыкеткай. Мітрафан коса паглядзеў на спакусу, папытаў:

- І колькі ўжо год вы сюды прыходзіце, бабы?

Хавошка і не прыгадвала:

- А мне здаецца, што я тут і жыву. Пра Наталлю не скажу. Наталля, а ты?

- Кожны год прыходзім. Ці ж ты не ведаеш, Мітрафан? - напаўняючы чаркі, сказала Наталля.

Мітрафан уздыхнуў:

- Вам, бабы, помнік таксама трэба паставіць. За вернасць.

Утварылася паўза, і яе нарэшце пастаралася запоўніць Хавошка:

- Не трэба нам помнік, Мітрафан. А каб мужчына падвярнуўся варты майго, і выйшла б. Крывіць душой не стану. Хацелася мужыка. Але не было за каго ўчапіцца. Ды і ты вось на гармоні толькі рыпаеш, больш нічога не заўважаеш... А цяпер ужо позна. Што ўжо цяпер? Хаця пагаварыць можна, і тое весялей. Асабліва ўзімку. З катом усё жыццё і прагаманіла. З кароўкай. Цяпер вось - з казой... Так і жыву.

- Давайце вып’ем, - падняла сваю чарку Наталля.

Мітрафан падаў чарку Хавошцы, якая неяк паводдаль ад “стала” уладкавалася на мурагу, затым узяў сваю чарку, ціха сказаў:

- За вашых мужыкоў, бабы. За ўсіх, хто спіць у гэтай брацкай магіле. За ўсіх!..

Выпілі. Пачалі закусваць, і Мітрафан раптам заплакаў. Жанчыны гэта заўважылі, здзіўлена пераглянуліся. Што гэта з ім? Мужчына крадком змахнуў слёзы, сам, не чакаючы, пакуль здагадаецца пра гэта Наталля, напоўніў сваю чарку, даліў жанчынам, якія амаль не дакрануліся да гарэлкі, падняў пітво, паказаў усім сваім выглядам: давайце, жанчынкі, моўчкі вып’ем, хопіць слоў, колькі іх было слоў, а карысці! Каб жа яны, словы тыя, да спраўджваліся!.. Не ўстануць... Не падымуцца... Не вернуцца... Хоць крычы, хоць плач... Хоць што!..

На вачах Мітрафана зноў блішчэлі слёзы.

- Мітрафан, з чаго б?.. - Хавошка паказала на ягоны твар.

Не ўсё, не ўсё жанчыны ведаюць пра вайну.


6.

Мітрафану Нямеччына ўспамінаецца часцей, чым што. Асабліва часта прыходзіць яна ў сны, і тады ён радуецца, што прачнуўся сярод ночы, хоць і разумее, што больш не засне. А сам пасля варочаецца ў ложку з боку на бок, на спіне ён зусім спаць не можа: пасля рудніка аслаблі лёгкія, на спіне задыхаецца.

І вось цяпер, каля помніка, Хавошка зачапіла тое, чаго ён больш за ўсяго баяўся на свеце, хаця і здагадваўся, хаця разумеў, што людзі не дурні, усё ведаюць, чаму не пабраўся ён ні з кім шлюбам, так і пражыў бабылём Тым больш - гарманіст, тым больш - высокі, шырокі ў касці, прыгожы чалавек.

Год колькі назад да яго прыязджаў з суседняй вёскі ягонага веку дзядзька, як яго зваць-велічаць, у вёсцы ніхто не цікавіўся, а Мітрафан ведаў гэтага чалавека даўно - з Нямеччыны, калі яны разам эксплутаваліся немцамі на тым праклятым рудніку. Ён таксама быў не жанаты, і пасля таго, як падзяліліся яны тым, што хвалявала і непакоіла абодвух, вырашылі з’ездзіць у сталіцу, да дактароў, каб даведацца, чым яны горшыя за іншых мужчын? З’ездзілі, і даведаліся. Цяпер часта Мітрафан успамінае той высокі стол, за якім ён стаяў і пісаў па прымусу наглядчыкаў сваю аўтабіяграфію. Такія аўтабіяграфіі, кажуць, пісалі і дзяўчаты. А за сцяной быў устаноўлены рэнгген, і ягоны прамень забіваў тым часам у гэтых маладых людзей бацькоў і мацярок...

Вельмі шкадаваў пасля Мітрафан, што яму не хапіла якога году, каб трапіць на вайну. Выжыў бы - ён сказаў бы тады сваё слова пра вайну, выканаў бы просьбу Івана Іванавіча. Не выжыў - сказалі б, мабыць, пра яго нешта іншыя ...


7.

Як даўно і нядаўна было ўсё гэта!

Я зноў прыехаў у сваю вёску на 9 мая. Паклаў кветкі на кладах да таты і мамы. З вакна сваёй хаты, як і раней, доўга глядзеў на брацкую магілу: да яе ніхто не ішоў. Няма ні Хавошкі, ні Наталлі, ні Мітрафана. Памёрлі Іван Іванавіч і Мікалай Кірылавіч. Няма і школы. Некалькіх хлопчыкаў і дзяўчынак возяць у суседнюю вёску, там сярэдняя школа. Наша васьмігодка згарэла ў грубах той, сярэдняй.

Каб жыла мама, яна б мне абавязкова напомніла: “Схадзі, сынок, да брацкай магілы... Падмяці там, прыбяры... Недзе ж і наш дзядзька Хведар пахаваны... Схадзі, паглядзі, як там...”

Я пайшоў. Узяў, што трэба, і пайшоў... А потым да мяне падышоў хлопчык з граблямі, моўчкі пачаў гарнуць у валок леташняе перапрэлае лісце, а пазней з’явіўся другі хлопчык, трэці, прыбеглі дзяўчынкі, прытупалі таксама з нейкім рабочым інструментам дзве бабулі, якіх я, прабачце, не ведаў, мабыць, прыезджыя будуць.

Яны, відаць, таксама пачулі сваіх мацярок, гэтыя людзі. І жывых, і мёртвых.


КРУГЛЫ СТОЛ


Сонца па пояс улезла ў куцае рэдкалессе, якое апошнім часам вытыркнулася на Лявонавым яры неяк знянацку, нечакана-негадана, – нібы чубчык у хлапчука-гарэзы на голай галаве.

Сонца было чырвонае – як усёдно намаляванае.

Сцяпан Шульга глядзеў на яркі і прыгожы сонечны паўкруг, і душа ў яго радавалася: заўтра абяцала яму таксама пагожы дзянёк, і ён меў намер дарабіць нарэшце круглы стол. А дарабіць трэба абавязкова – з горада прыедзе старэйшы сын Лявонцій, а з суседняй вёскі дачка Клаўка, патэлефанаваў ім надоечы, і Шульга меў намер пагаварыць з дзецьмі за круглым, так бы мовіць, сталом. Па ўсіх мерках сямейнага пратаколу. Сядайце, мае родныя, будзе размова. Начысціню. У кут, Клаўка, не схаваешся. Стол – круглы. Глядзець у вочы.

- Якраз ім тут, за маім сталом, усім месца хопіць, - паказваў рукой на сваё тварэнне Шульга. - Вось тут пасаджу Клаўку, каб бліжэй была да мяне, распусніца. Ну, а Лявонцій дзе сам пажадае, там няхай і сядае: ён мае права выбару, бо путны. А дачцы ў вочы гляну, пранцы б яе!.. Здавалася б, з аднаго кубла дзеці, а якія розныя...

Жонка, Паліна, моўчкі слухала свайго дзеда і недзе ў глыбіні душы хоць і пагаджалася з ім, аднак толькі аніяк не магла зразумець, навошта ён, стары, зрабіў гэты круглы стол, можна ж было і ў хаце сесці і пагаманіць з дзецьмі, а ён, бачце вы яго, столькі часу ўбіў, каб пагаварыць з імі - пагаварыць сур’ёзна, хопіць адны хіханькі ды хаханькі. Але яна ведала свайго Шульгу добра: надумае што рабіць - не пярэч, ад свайго не адступіцца. Таму толькі слухала яго і маўчала.

- Будзе судны дзень, нарэшце! - не мог угаманіцца Шульга і ўпрыгожваў свой стол цыратай, новенкькай і квятастай, якую спецыяльна прывёз з Быхава.

Дзяцей сваіх Сцяпан выклікаў на суботу - якраз у гэты дзень, разлічваў ён, у іх менш клопату, то выберуцца, нікуды не падзенуцца, а каб падстрахавацца, каб не было аніякіх адгаворак ад тых, прыдумаў - прабач, Паліна! -прычыну: хварэе матка, і вельмі, прасіла прыехаць. А то, магчыма, не паспееце. Тады будзеце дакараць сябе ўсё застаўшаеся жыццё. Думайце!

Сцяпан і Паліна пачалі чакаць дзяцей. Няпростая гэта справа - чакаць. Быццам і ведаеш, калі тая субота, да яе далекавата яшчэ, а не-не ды і паглядаеш у бок дарогі, што вядзе з шашы ў вёску: ці не ідзе хто са сваіх? Ці не едзе? А раптам?.. Можа, хто і раней надавуміўся з іх выбрацца, не абавязкова ж трымаццца прызначанага дня.

Пакуль не, не відаць.

У Сцяпана і Паліны нарадзілася трое дзяцей. Першы - Лявонцій, Мішка быў сярэдні, потым - Клаўка, падскрэбак. Мішка паехаў у свой час на заробкі ў Караганду, там пабраўся шлюбам з дзяўчынай-сібірачкай, але сямейнаега жыцця не атрымалася: кажуць, быццам нахабна, адкрыта здраджвала сыну нявестка, ён не вытрымаў усяго гэтага і наклаў на сябе рукі. Ну, і чаго ты дабіўся, Мішка? Аб гэтым іншы раз задумваўся і сам Сцяпан, і тады ён адчуваў недаравальную віну за тое, што страціў сына. Ведаў жа, ведаў, што і як у Карагандзе, - з ім там быў і сын суседа, таму шыла ў мяху не схаваеш, - аднак не рашыўся паехаць у няблізкі свет, не асмеліўся, хаця і трэба было б. Трэба. Глядзіш, і прывёз бы ён Мішку дадому, і жыў бы той... Трактарыстам ён і там, на шахце, працаваў... Сеў бы і тут на тарктар...“ Прашляпіў, адным словам, сына, - папракаў сябе іншы раз Сцяпан Шульга. - Не ўпусціць бы цяпер хоць Клаўку...”

Шульга сядзеў за круглым сталом, паставіў свае вострыя локці на квятастую цырату, і ўяўляў... Уяўляў, быццам яны, дзеці, усе ў зборы, на сваіх месцах. Тут - Лявонцій, тут - Клаўка... Там быў бы Мішка, але яго няма і не будзе, стары ўжо ў гэта пачаў верыць. Ён нават падымаў на кожнага з іх свой цяжкі, свінцовы погляд, трымаў паўзу, а тады казаў Клаўдзіі:

- Пачнем з цябе, прыгажуня. Давай, растлумач вось нам усім тут, як дакацілася да такога, што пра цябе ўся наша вёска кепска гамоніць, не кажучы ўжо пра твае Сідаравічы, дзе ты сёння не жывеш, а прысцябаешся. Пэўна, стала чалавекам апошняга сорту. Давай, давай, Клаўка! Судны дзень! Кажы!.. Бачыш, я і брата твайго, Лявонція, выклікаў? Для станоўчага прыкладу. Можа, ён хоць на цябе паўздзейнічае, а?

І Клаўка быццам спярша чырванее, а потым робіць выгляд, што нічога не разумее: я, маўляў, без дай прычыны трапіла за гэты круглы стол, даруйце. Я - добрая. Я - не такая. Нарэшце пытае:

- Ты пра што гэта, тата? - і прыкрывае далоняй свой бяззубы рот.

- Як - пра што? А пра тое, дачка, як хавалі твайго мужа, Пятра, вось пра што я...

- Хавалі. Ну, хавалі... Памёр калі ж... І ты ж быў... сам бачыў...

Сцяпан затуляе вочы шырокімі шурпатымі далонямі:

- Лепш бы я там не быў і не бачыў, хаця мужык у цябе быў неблагі, - роспачна прамовіў Сцяпан. - Я ж тады, дачка ты мая, ледзьве ад сораму не згарэў. Ад каго, ад каго я пачуў тады тыя словы?! Каб не чуў на свае вушы і не бачыў на свае вочы, а каб людзі перадалі, - не паверыў бы!.. Ніколі б не паверыў!.. Ты чуеш мяне, дачка?!..

- А што, што яна сказала? - глядзіць на Сцяпана Паліна, быццам не ведае: заступіцца, вядома ж, хоча за дачку, душа матчына мяккая.

А Сцяпан працягвае:

- На другі дзень, раніцай, пахмяліцца просіць твая дачка - вось што яна сказала. Лявонцій, ты не быў на пахаванні, то паслухай. Я і не ведаў, што ў мяне дачка так п’е - мадней за горкага п’яніцу-мужчыну. Баба просіць пахмяліцца! Калі было такое? Людзі, што з намі робіцца?! Муж, Пятрок, значыць, у труне, а яна шукае, чаго б выпіць. Ад гаспадыні гарэлку пахавалі, гэта ж трэба! Не дасцё, кажа, пахмяліцца, труну перакулю. Чулі? Труну! З нябожчыкам! З Пятром! Перавярну, кажа!.. І спрабуе, і прымяраецца, як бы перакуліць... Як?

Лявонцій быццам ціха спытаў:

- І што, далі?

- А куды дзенешся? Далі. Налілі.

Тут і Паліна падказвае:

- Усяго адну чарачку.

Шульга крэкнуў, паглядзеў у бок шашы, сам сабе сказаў:

-У Евангеллі сказана: дзеці павінны паважаць і баяцца сваіх бацькоў. А ў нас?

... Мінула субота, а Клаўка так і не прыехала. Прыехаў адзін Лявонцій, у яго свой легкавік, таму ён доўга выкладваў з багажніка пакункі, нават выставіў мангал і слоік з замарынаваным мясам.

- Будзе шашлык, бацька!

Вячэралі за круглым сталом. Шашлык атрымаўся смачны, ён казытаў старому Сцяпану нос, але не сказаць, каб так ужо лез у рот: бяда ж у сям’, тут не да смачнай і сытнай ежы.

Назаўтра паехалі да Клаўкі. Паліну не бралі - у яе хворае сэрца...

Круглы стол так і не спатрэбіўся Сцяпану - узімку Клаўка напілася і заснула каля калодзежа, у якіх-небудзь пяці кроках ад хаты. “Гэтага і трэба было чакаць”, - ахарактарызаваў тады сумную навіну стары і перш, чым паехаць на пахаванне дачкі, узяў сякеру і пасёк стол. Калі жахаў сякерай, высока падымаючы яе над галавой, то сам сабе прыгаворваў:

- Раней трэба было гэты стол зрабіць! Раней! Тады б, мо, і Мішка жывы быў! І Клаўка жыла б, не ўпусцілі б!.. Во калі трэба было гэты стол зрабіць... Во калі... А то ўсё адкладвалі на заўтра, на паслязаўтра.. Усё некалі было... То трактар, то пасяўная... Праспалі дзяцей, адным словам... Праспалі...Паліна, ты чуеш мяне? Нас, нас біць трэба было! Дубцом! Папругай! - Шульга высмаркаўся, адкінуў у бок сякеру. - Забірай дровы, баба...Яны будуць добра гарэць... Гэта не проста дровы, гэта асаблівыя дровы - яны з нашага круглага стала... Адна карысць цяпер ад стала - неба капціць. Усё трэба рабіць у свой час. І сталы. Няго ж, прэзідэнты - людзі разумныя: сазвоняцца, і засядаюць... Адразу, калі трэба... Не чакаюць з мора надвор’я... Дзякуй, прэзідэнты! А я спазніўся... Прабач, Мішка... Прабач, Клаўка...

На месцы круглага стала цяпер нічога няма.

Несвядомы чалавек нават не здагадаецца, што некалі ён тут наогул быў і цешыў надзею старога вяскоўца Сцяпана Шульгі...


ВЯЧОРКА


Стары Ігнат вёў Вячорку – карову чорнай масці з белымі астраўкамі на баках і з такой жа белай плямкай-зорачкай на лбе – з Грушаўкі ў Чырвоную Буду. Карове было сем год, калі паглядзець на яе перад дойкай, улетку, вядома ж, то адразу скажаш, што не скупая яна на малако: вымя пад цяжарам ледзьве не цягнецца па зямлі. Ды і без малака яно прыкметнае, вымя, не параўнаць, як у шмат якіх кароў. Вялікае. Кідаецца ў вочы, замінае нават вяртацца Вячорцы з пашы дамоў, тады яна наколькі можна шырэй ставіць заднія ногі. Але карова, чаго б гэта ёй не каштавала, заўсёды спяшаецца, а іншы раз і бегма бяжыць да сваіх гаспадароў, каб парадаваць тых. Добры характар у яе, Вячоркі. Мяккі і пакорлівы. Мо таму, што любіць Вячорка прагна скубці траву калі і дождж хвошча, і навальніца грыміць-бліскоча, і ў самую спякоту, – мо таму і лёс у яе крыху больш цяжкі, гаротны, чым у іншых кароў.

Вячорка капыціць па ўскрайку дарогі, жвір пад яе нагамі трашчыць, а пыл пырскае па баках, яна раз-пораз паглядае на старога, які трымае ў руцэ ланцужок і ступае побач, плячо ў плячо. Нешта сёння Ігнат маўчыць. Той раз, помніць Вячорка, ён надта быў разгаворлівы, а сёння, гляньце на яго, надзьмуты ўвесь, як сыч. Карова разумее старога: кажы не кажы, а карысці? Ды і хіба ж пачуюць тыя, каму трэба было б пачуць, яго? Бо яны, нехрысці, засталіся недзе там, у сваёй загаджанай, – адзін раз у шыбу падгледзела,– хаце, а тут жа, на гравійцы, іх няма. Тут толькі яны ўдвух. Ды яшчэ розная драбяза, якая ліпне, бы мухі на мёд, да Вячоркі: лезе ў вочы, у вушы, у ноздры. Тады яна хвастае сябе, матляе галавою, адганяючы мух і мошак, аднак ненадоўга: і адкуль яны, назолы, толькі бяруцца зноў?

– Пацярпі, зараз прыйдзем, не багата засталося, – спачувае Вячорцы стары Ігнат і махае кашчавай рукой перад яе мызай. – Прэч, прэч, шалудзіўцы!.. Бач, расселіся!.. Так і едуць на табе, Вячорка... Каб жа хоць мірна сядзелі, дык жа не, кусаюць, пэўна ж... Прэч, каму сказаў!.. Кыш!..

Вячорка любіць Ігната, таму паслухмяна ідзе з ім, роўна, як пад шнурок, хоць і хочацца іншы раз не прамінуць, адшчыкнуць травінку, што расце паўзбоч дарогі і так просіцца ў рот, але яна не дазваляе сабе гэтага: паспрабавала неяк, аднак рука старога, якою ён трымае ланцужок, тады ўпіраецца ёй у шыю, Ігнат пачынае лаяцца, а сам дыхае ёй у вуха гарачым паветрам.

Не, не трэба псаваць настрой старому. Вячорка плаціць яму за дабрыню дабрынёй, бо разумее: калі б ні ён, стары, невядома яшчэ, як бы жылося ёй на гэтым белым свеце...

І вось цяпер, калі яна шыбуе па знаёмай палосцы дарогі, перад яе вачыма паўстае як не ўсё жыццё...

Гэта ж раней была яна на калгаснай ферме. Ферма стаіць у сасонніку, за вёскай, і калі пачынае цвісці сасна, – хоць у вір галавой. Але ад машкары нідзе не знойдзеш паратунку. Хаця чаму ж? На пашы, калі вецер, бывае і курорт. Аднак гэта нядоўгае шчасце. Вячорка тады неахвотна вярталася на ферму, як і астатнія, мусіць жа, каровы, і думалася ёй: навошта яе хата ў тым праклятым сасонніку? Хто прыдумаў? Няўжо нельга было яе пабудаваць там, дзе гуляе вецер, які адганяе ад яе няпрошаных гасцей? І яшчэ ёй па адной прычыне не хацелася вяртацца на ферму – гразка там, стаяць яшчэ можна, а вось каб легчы, тут і падумаць трэба: а ці варта? Потым бакі такія брудныя, што куды там! А яна ж, Вячорка, жанчына як-ні-як. Быка вунь з-за мяжы прывезлі, а ён і не глядзіць на сваіх нявест. Схаваўся. Толькі хто зразумее? Даярка Кацька хіба? Чакайце. Ад яе так прэ іншы раз перагарам, што Вячорка адварочвае морду, заплюшчвае вочы: колькі ж, Божа, такое можна трываць? Той раз дык зусім хісталася, ад сцяны да сцяны кідала яе, паразлівала малако, а потым і спала з ёю побач. П’яная п’яная, а сцяміла, што трэба галаву пакласці на цёплую шыю Вячоркі. Трывала карова сваю даярку, цярпела, а калі яна яшчэ і храпці пачала, тут нервы здалі: паднялася, адскочыла крыху ў бок у стойле, а ты, Кацька, як хочаш. Надакучыла. Абрыдла. І куды старшыня глядзіць, каб папытаць? Хаця зразумееш і яго, старшыню. Колькі разоў ён Кацьку звальняў, тады яе даіў нейкі мужчына, той не толькі піў шмат, але і курыў. Ды такім ванючым курыў, што і яна, Вячорка, здавалася, пачне вось-вось перхаць. А тады зноў прыходзіла Кацька. Казала кожнаму стрэчнаму: я паразумнела! Не піла, і праўда, пэўны час і ўсё хвалілася, што збярэ грошай і купіць сабе новы палітон, шапку і каляровы тэлевізар з дыстанцыйным кіраваннем, каб ляжаў, кажа, і толькі хадзіў па каналах. Гэта вам не хухры-мухры. Ага, купіла!.. Да першай палучкі... Хаця Вячорка заўважыла яшчэ раней, што яе малако яна злівала ў асобны посуд і потым, сама ж прызналася, адносіла дачнікам: іх тут, каля фермы, наляпілася процьма. І ўсе чамусьці ласыя былі на яе малако. Вячорка ганарылася гэтым, не сакрэт. А больш ганарыцца ёй і не было чым. Хіба ж толькі тым, што яе малако зноў губіць даярку?

Стары Ігнат абудзіў Вячорку ад думак:

– Вунь і наша вёска. Бачыш? Баба Моця прыгатавала табе смачнае пойла, а потым, калі пап’еш-падсілкуешся, я адвяду цябе на выган. У нас у вёсцы ўсяго дзве каровы, то статку няма. Кожны пасвіць сваю худобу, як можа. Не крыўдуй, але я цябе навяжу. А то забрыдзеш у шкоду, тады бяды не абярэшся. Травы цяпер хапае. Не тое, што раней: за кожны жмуток сена біліся людзі.

Вячорка кіўнула: навязвай, я не супраць, гаспадар. Табе лепш відаць, як і што.

Больш за ўсяго Вячорцы, калі яна была ў калгасным статку, хацелася, каб яе забраў хто-небудзь з вяскоўцаў. Там, кажуць, у хляве чыста, харчы добрыя. Яно і зразумела: калі на калгаснай ферме кожны, хто там робіць, стараецца нешта ўкрасці прама з-пад носу ў каровы, то які ж гаспадар стане абдзяляць яе дома?

Так думала яна, Вячорка.

...Гады два назад, калі ёй, Вячорцы, споўнілася пяць, у Грушаўку пераехалі з горада маладажоны Сцяпан і Зіна. Памыкаліся там без кватэры, багацця не нажылі, таму налегцы і вярнуліся на родны поплаў. Важную ролю тут адыграў і бацька Сцяпана стары Ігнат. Ён параіў тым абразуміцца, сказаў, што на цэнтральнай сядзібе, бліжэй да крамы і школы, ёсць хаты, у якіх можна жыць. Так людзі аддаюць, бясплатна, бо за афармленне тое цяпер больш здзяруць грошай, чым сама хата каштуе. Прыязджайце і жывіце. А што ж вы, маўляў, будзеце боўтацца ў тым горадзе, як непрыкаяныя, не ўяўляючы нат заўтрашняга дня, што ж вы будзеце жыць там без перспектывы? А тут, у вёсцы, рукі маладых патрэбны. Стары Ігнат так і сказаў: “А карову я вам куплю. Пакуль маладыя, у вёсцы без каровы не пражывеце. Карова трэба”.

Кацька плакала, хоць яна сама ж і параіла Сцяпану і Зіне: калі ўжо выбіраць карову для ўласнага падворку, то толькі яе, Вячорку. Яна і добрая, яна і карміцелька, што пашукай – не знойдзеш. А калі яшчэ здзелку гэтую добранька абмыць, то і не пытайцеся!..

Вячорка, як цяпер помніць, надта абрадавалася: нарэшце!..

Тады яна ўпершыню і пазнаёмілася з Ігнатам. Як жа лёгка ёй ішлося з калгаснай фермы да хлява, у якім яна марыла жыць у згодзе і ладзе з гаспадарамі, радаваць іх малаком!.. Каб жа ведала яна, што чакае наперадзе... Кацьку не адзін раз прыгадвала потым Вячорка і нават дакарала сябе, што не хацела з ёй спаць у адным стойле. Кацька – золата, калі параўнаць з Зінкай. Ды і Сцяпан таксама харош: ён хоць і не ўмее даіць, але не прымушае гэта рабіць чамусьці і сваю жонку. Не адну ноч карова мучылася ў хлеве з поўным вымем малака, задыхалася, стагнала, не магла, як раней на калгаснай ферме, жаваць жвачку. Яна клікала гаспадароў, разрывалася ад болю і адчаю. Але тых не было чуваць. Пазней Вячорка даведалася – чаму ўсё так. Даведалася ад старога Ігната. Той прыйшоў да яе раніцай з вядром, выдаіў малако, а тады накінуў на шыю ланцужок і павеў яе ў свой хлеў.

– Не будзе з іх толку, Вячорка. – скарадзіўся стары па дарозе. – Ты чуеш мяне, гаротніца? Не будзе... У гарэлку ўюшыліся калі ж. Што сын, што нявестка. Так піць!.. Беспрабудна. Тыдзень не прасыхаюць. Нават на цябе забыліся. Гэта ж людзі перадалі. Ідзі, кажуць, забыры, Ігнат, карову, а то прападзе. Вось я і вяду цябе, Вячорка, вось я і забраў... А што з тымі будзе – не магу табе сказаць. Цябе я выратую. А хто, які доктар выратуе тых?.. Гора мне, Вячорка, з дзецьмі, гора!..

Потым стары Ігнат зноў адвёў карову назад, пасарамаціў сына і нявестку. тыя паабяцалі ўзяцца за розум. Вячорка таксама абрадавалася, яна чула, як дакараў іх стары Ігнат.

І вось ён зноў вядзе Вячорку да сваёй хаты. Які ўжо раз. Тут ёй будзе добра. Вячорка гэта ведае.

Стары Ігнат шкадаваў і ўслых прызнаваўся, што ў яго няма ўжо той сілы, каб пастаянна трымаць карову ў сябе. Выдыхся. Раней бы яму такую кароўку. Хаця грэх сказаць, што тыя, якіх трымаў ён з маладзіцай на працягу свайго доўгага жыцця, былі горшыя. Удаваліся. Але ж гэтая – асаблівая, разумніца.

Вячорка ўсё разумела, што гаварыў чалавек.

І яна надта баялася, што калі-небудзь не прыйдзе ў цяжкую хвіліну да яе стары і спагадлівы Ігнат...


ПРАЦЭНТ


У той вечар Ягор доўга не мог заснуць, варочаўся-круціўся ў ложку, мумкаў нешта сабе пад нос... Хаця чаму - нешта? Сам сабе ён даводзіў адно і тое ж - пра працэнт.

- Маруся, чуй-ка... Адкуль яны ўзялі яго, той працэнт? Як вывелі? Адкуль выкалупалі? Ты вось мне скажы, у школу ж хадзіла: адкуль яны, разумнікі, ведаюць, колькі людзей “супраць” будаўніцтва хімзавода, колькі - “за”? І ў такім, значыць, парадку далей... І ў каго яны ўвесь час пытаюць? Хто тыя людзі? А хто ж тады я? Ты слухаеш мяне, баба?

- Спі ўжо, грамацей!

Ягор не супакойваўся. Як можна спаць, калі працэнт той, сёння падслуханы ў эфіры, не дае, вярэдзіць душу, выварочвае яе навыварат? Раней жыў жа неяк стары, прапускаў міма вушэй пра той працэнт, што называюць па радыё альбо тэлевізару, а сёння вазьмі ды і зачапі, халера, ён яго, як ўсёроўна жывы жывога. Быццам ішоў стары спакойна сабе па вясковай вуліцы, а працэнт той і з’явіўся нечакана, нібы з зямлі вытыркнуўся, прама перад ім - лоб у лоб.

- Ніхто апошнім часам да нас у вёску не прыязджаў, акрамя сваіх, - не мог уняцца Ягор. - Хітрая справа, аднак... Ці я, можа, ужо і не ў залік. Можа, мяне, як старую запчастку на мехдвары, адкінулі ў бок? Ці чуш ты, маладзіца?

Жонка заварушылася ў ложку, пагрозліва заявіла Ягору:

- Ты дасі мне спаць, ці не?! Позна ж ужо!..

Ягор хехекнуў, кашлянуў, павярнуўся тварам да сцяны, сказаў ні тое сабе, ні тое жонцы:

-Хаця на выбары галасаваць іду. Чыслюся, значыць, яшчэ ў спісах, ёсць на ўліку. Можа, і засну... Калі ж не спіцца... Хоць і пасцель не мулкая быццам... А ўсё ж, адкуль яны выцарапалі той працэнт, мне цікава?..

Гэта былі апошнія словы, якія пачула ў той позні вечар Маруся ад свайго Ягора. Ён нарэшце зусім сцішыўся: заснуў.

Раніцай, ледзь прадраўшы вочы, стары ні слова не сказаўшы жонцы, патупаў на падворак. Пачуўшы яго крокі, у хляўчуку зарохкаў парсючок, мыкнула карова, а куры, як толькі Ягор паказаўся перад імі, разляцеліся ў розныя бакі - былі і няма: учора стары якраз скруціў адной галаву, бо Марусі дужа булёну захацелася, то цяпер, злапамяты, будуць доўга яго шарахацца, на крок не падпусцяць.

Ягор сеў на лаву пад акном, закурыў. І зноў - вось даўся ён яму!- успомніў пра той працэнт.

- Ступай снедаць! - паклікала жонка.

Ёй, бачце вы, снеданне тое на ўме, калі тут вырашаюцца, можна сказаць, глабальныя праблемы. Як? Адкуль? - вось што хвалюе Ягора, а не курыная лытка. Працэнт хвалюе. Вырашыў падзяліцца сітуацыяй з суседам Пятром, той якраз пачаў зграбаць лісце ў садзе - праз дзіркі ў паркане яго было добра відаць. Падышоў. Павіталіся.

- Грабеш? - у працяг размовы папытаў Ягор.

- Як бачыш, - спакойна адказаў сусед.

- Ну, ну... А ты вось скажы мне: ты за хізавод ці не?

- Хай будзе...- Пятро перастаў грэбці лісце, зняў з лысай галавы картуз.- Сухое лісце, згарыць хутка. Ты ўжо даруй, сусед, калі трохі цябе дымком абдасці - вецер акурат у твой бок.

Ягор махнуў рукой:

- Сёння ты мяне абкурыш, заўтра я цябе. Бяды тае. Ты вось скажы мне, адкуль там, у цэнтры, ведаюць, хто з нас, з народу, “супраць”, хто “за”, а хто, значыць, “устрымаўся”? Я, гэта, наконт хізавода...

Пятро зноў насунуў на галаву картуз, пачаў зграбаць пад грушай і сапраўды сухое - ажно пакурчылася - лісце, а сам думаў, як адказаць Ягору на ягонае пытанне. І само неяк у яго так атрымалася, што ён узяў ды і схлусіў - ну, пажартаваў, так дакладней будзе сказаць:

- Як адкуль? Мне, напрыклад, дзён колькі таму з Мінску пазванілі. Не ведаю, як каго, а мяне патурбавалі. Хіба я табе не хваліўся?

- Не...

- Было. Ага. Сам прафесар... З акадэміі навук, відаць. Калі не вышэйшы чын. Голас такі ветлівы, памяркоўны... Так і так, пытае, як вы адносіцеся?.. Я кажу: нармальна, будуйце. А ён мне: дзякуй, так і запішам. Ваша думка будзе ўлічана.

- Хлусіш? - не паверыў, канешне ж, Ягор, і злосна плюнуў. - Хлусіш! Адкуль яны ведаюць пра цябе? Адкуль, ты вось скажы мне? Ты хто такі?! Хто?!..

- Ведаюць жа неяк.

- А чаму тады мяне не патурбавалі? Я што, у турме сядзеў ці, можа, шкодзіў дзе ў іншым месцы? Адкажы!

- Вось гэтага, братка, я не ведаю, - адбіваўся Пятро і потайкам усміхаўся. - Чаму ты выйшаў там, у горадзе, з даверу, - сказаць не магу. У кніжцы ж і твой тэлефон маецца. А не пазванілі. Значыць, не заслужыў.

Ягор, нічога не сказаўшы больш суседу, раптам павярнуўся і рашуча патупаў у хату - снедаць. На стале стаяла ўжо пэўны час патэльня з падсмажанай апетытнай курацінкай, таму Маруся прыкрыла яе вечкам, каб яна зусім не астыла, а бульбу падала да стала адразу, як толькі паказаўся на парозе стары.

- Што там Пятро робіць? - пацікавілася, бы між іншым, жонка.

- Брэша! - Ягор падсеў да стала, узяў лыжку, патрымаў яе ў руце, а потом зноў паклаў на ранейшае месца. - “Не заслужыў”. Вы чулі такое, людзі? Гэта я не заслужыў? Я? - крыху супакоіўшыся, папытаў: - Ты, гэта, старая, апошнім часам ніякіх званкоў не прымала?

Маруся не зразумела старога, падняла на яго вочы:

- Не, ніхто не званіў. А чаму гэта ты пытаеш? А? Нават мне цікава стала.

- Адстань хоць ты!..А яму, бачце вы, патарабанілі з самога Мінску! - не мог супакоіцца Ягор. - Брэша? Ці як ты думаеш, маладзіца?

Жонка паціснула плячыма:

- Чаму ж і не могуць? Там у яго сын і дачка. Тарабаняць часта. Еш давай, не сядзі! Ці цябе карміць трэба, як малога дзіцёнка?

Ежа не лезла ў рот старому. Ён піхаў яе і так і гэтак, давіўся, але,

здавалася, і сам не заўважаў гэтага, галава была забіта іншым. Стары пачынаў верыць Пятру, патрохі змірыўся з тым, нібыта яго на самой справе абмінулі і згадваў сваё жыццё: дзе б ён і сапраўды мог так набедакурыць, што нават і цяпер, у адказны час, калі вырашаецца пытанне з атамнай, на яго махнулі рукой: сядзі і не высоўвайся, ты не заслужыў. Лаяўся са старшынёй калгаса? Было. За праўду біўся. Ну, вырваўся мацюк, дык рот жа не зашыеш. А больш?.. Дык больш і няма пагрэшнасцяў. Адны плюсы: прымаў, удзельнічаў, ствараў...

Паснедаўшы, Ягор вырашыў схадзіць да вясковага прымака Цуцыка, той нядаўна вярнуўся з зоны: калі ўжо і ў яго цікавіліся, а ў мяне не, разважаў стары, то трэба прымаць меры. Неадкладна. Сёння пра атамную не пацікавіліся, заўтра на выбары не запросяць... Зусім сядуць на галаву. Заклююць.

- Куды гэта ты? - стрэлася старому на двары Маруся з бярэмем дроў.

- Табе ўсё знаць трэба, - надзьмуўся Ягор. - Народны кантроль. Што, і выйсці нельга? А тут, дома, ты, гляжу, мяне заціскаеш? З усіх бакоў агрэсія. Прапусці, не стой папярок!..

Ягор знік за веснічкамі, пачыкільгаў на дарогу, а старая ўсё яшчэ чула яго хрыплаваты голас:

- Вазьміце мой працэнт. Наце. Трымайце. Я хіба супраць? Толькі спярша папытаць трэба... У такіх, як я, людзей... А то вы, гарадскія, там напрацэнціце... Не пашкадую... Аддам.. Канешне, у Петрака сын у горадзе, дачка... Канешне... Я разбяруся... Але ж і я ведаю, куды свой працэнт прыткнуць... З якога боку... Хто хто, а за Ягорам не стане... Так што майце на ўвазе, мае дарагія!..


ПАД ГОРАДАМ ГОРКІМ


На гэты раз Новы год Хведар Канопліч вырашыў сустракаць не ва ўтульнай гарадской кватэры, як гэта было на працягу апошніх год яго жыцця, а ў той хаце, дзе некалі нарадзіўся. Пачаў збірацца ў няблізкую дарогу зранку. У рэчавы мяшэчак паклаў транзістарны радыёпрыёмнік, ладны скрыль сала, кальцо вэнджанай каўбасы, бохан хлеба, бляшанку шпротаў, пяцілітровую бутэльку вады, паўлітэрку гарэлкі... Усё, здаецца? А, можа, гарэлкі мала будзе? Раптам і яшчэ хто сустрэнецца яму ў роднай вёсцы, якая, ведаў, даўно памёрла: апошняга жыхара Вераснёўкі правялі на пагост на пачатку гэтага веку. Хоць хаты стаяць. Амаль у кожнай – заглянь у акенца – убачыш запраўленыя ложкі з пухнатымі падушкамі, засцеленыя абрусамі сталы, у чалесніку стаіць чапяла, на ўслоне будзе вядро, да якога прыляпіўся карэц. Заходзь, жыві. Цяпер, мусіць, яны, хаты, замецены снегам, як замацены, пэўна ж, і ўсе падыходы да вёскі.

Канопліч падняў рэчавы мяшэчак: лёгкі, плечы не адцягне, таму вырашыў усё ж узяць яшчэ і пляшку віна – на ўсялякі выпадак. Для яго дык і адной чаркі хопіць, аднак недзе ў душы жыла надзея, што свята ён будзе сустракаць не адзін, а да ягонага навагодняга цяпельца прыгорнецца яшчэ якая-небудзь душа...

– Усё ж едзеш? – падняла крыху сумныя вочы на мужа жонка Марыя, рыхтуючы на кухні святочную вячэру, і ад цыбулі, якую на той час скрыліла, у яе былі вільготныя вочы.

– Еду, – адказаў коратка, але цвёрда.

– Ну, глядзі сам. Гаспадар – пан. Толькі не замерзні там. А я тады, відаць, да дзяцей пайду? А мо і адна сустрэну Новы год? Будзе відаць. Першы раз, між іншым, за трыццаць пяць гадоў мы навагодняе свята будзем сустракаць паасобку. Ці не кепская гэта прыкмета?

– Усё будзе добра. Не хвалюйся. А на другі дзень я вярнуся, і мы пасядзім за нашым святочным сталом. І дзяцей запросім. Даруй, Марыя, што так атрымалася. Хата – верыш? – паклікала. Хата. Ёй, відаць, сумна там адной... У яе, магчыма, таксама нешта баліць, як іншы раз у чалавека... Пакінулі яе ўсе мы, забыліся... Некалі патрэбна была яна нам, вельмі патрэбна... Нам, усім... Мне, Рыгору , Воўку, Сашку... Але ж тое – некалі... Не крыўдуй на мяне, Марыя. Хата таксама жанчына, і яна папрасіла маёй увагі... Нават, падалося, чуў яе голас... А вакно... вялікае, тое, што на двор выходзіць, увесь час глядзіць на мяне... Быццам мама... Быццам дзед Якаў... Быццам баба Пелагея... Еду, еду, Марыя: адчуваю, нашай хаце няўтульна адной пад халодным зімовым небам... Яе нешта непакоіць... Я павінен быць сёння з ёй...

Маруся зразумела свайго Канопліча, не задавала больш аніякіх пытанняў, толькі пацікавілася, ці не забыўся ён пра запалкі. Чалавек не курыць, то мог і не ўзяць. Без запалак ноччу ў старэнькай бацькавай хаце няма чаго рабіць. Аказалася, хвалявалася жанчына дарэмна: і пачак з запалкамі, і тры свячы той акуратна загарнуў у ручнік і паклаў у самую вялікую кішэнь рэчавага мяшэчка. “Бачыш?” Яна моўчкі кіўнула: бачу. У тым ручніку былі і фотакарткі родных людзей. Каб Марыя не задавала лішніх пытанняў, пра іх Канопліч змоўчаў.

У аўтобусе, колькі і ехаў, думалася яму пра ўсё патрохі, але больш пра хату, да якой спяшаўся, нібы да чалавека, што трапіў у бяду і чакае паратунку.

На шашы ў Ільічы здарожыўся, паглядзеў у бок лесу, адразу ж знайшоў у ім прарэху: у тым расцяробе, да якога адразу прыкіпеў яго зрок, была дарога. Як і спадзяваўся, на ёй не мелася слядоў чалавека, і Канопліч, не губляючы часу, пачаў тарыць сцежку да родных мясцін. Тут было недалёка: ад шашы ўсяго два кіламетры, аднак за ноч наваліла шмат снегу, што стрымлівала хаду, аднак гэта былі дробязі, як лічыў сам Канопліч, і ён праставаў і праставаў наперад, не звяртаючы больш ні на што ўвагі.

Пакуль ішоў па лесе, было зацішна, а як толькі апынуўся на пагорку, з якога ягоная Вераснёўка бы на далоні, давялося ўхіляцца ад стрэчнага ветру. І хоць вецер пёк твар, асабліва нос і вушы, ён радаваўся ўсяму гэтаму, бы малое дзіця.

Ён ішоў да сваёй хаты!

Цікава, ці ёсць дзе там старэнькі патэфон, ці захаваўся ён? Каноплічу, як толькі ўспомніў пра яго, адразу ж нагадалася пераднавагодняя зіма пяцьдзесят восьмага года мінулага стагоддзя. Быў ён тады хлапчуком, жыў у суседняй вёсцы з бацькамі, а на канікулы прыкаціў на лыжах да дзеда Якава і бабы Пелагеі, тыя заўсёды былі рады ўнуку. Якраз вярнуўся са службы ў арміі дзядзька Мішка, ён быў дэсантнікам, там пакахаў дзяўчыну, за якой і збіралася экспедыцыя ў Віцебск: Новы год яны павінны былі сустрэць мужам і жонкай. У тую экспедыцыю ўваходзіў дзядзька Коля, ён шафёр, і лепшы сябра дзядзькі Мішкі – таксама Мішка, але, вядома ж, з іншым прозвішчам, – Валюшаў. Потайкам прабрацца ў экпедыцыю загарэўся і ён, Хведзька. Не даваў яму спакою далёкі і загадкавы на той час Віцебск, ды і на машыне ён далёка так ніколі не ездзіў. А так зацелася! І да чаго ж дадумаўся! Закапаўся ў сене, што было ў кузаве і на якім павінен быў ехаць Валюшаў, таксама закапаўшыся ў яго, каб не замерзнуць. Гэта ж добра, той адразу заўважыў, што сена тое нешта варушыцца... На тым паездка малога Канопліча і скончылася. У вёску ён вяртаўся тады якраз вось па гэтай дарозе, але ўвечар, наўкола было цёмна, хоць выкалі вока, аднак вяртацца экспедыцыя за нявестай назад не стала: вяртацца – кепская прыкмета, а наперадзе далёкая дарога, а што ж да Хведзькі, то ён, блазнюк, ведае ўсе тут сцежкі, не заблудзіцца, а калі лыткі патрымцяць крыху ад страху, то будзе ведаць на будучае, як дазваляць сабе такія вось штукарствы.

Тады і сапраўды нацярпеўся ён страху. Кожны куст здаваўся ваўком. Але ж калі вярнулася экспедыцыя, то Хведзька быў у цэнтры ўвагі. Сабраліся паглядзець на Мішкаву нявесту сваякі і суседзі, і каб нешта гаварыць, а не маўчаць, яны, асабліва калі выпілі па чарцы дзедавай хлебнай, раз-пораз скіроўвалі галовы да малога і выказваліся: дык ты што, Хведзька, і насамрэч у Віцебск сабраўся? А калі б замерз? Га? Вось і было б свята: не ведалі б, ці радавацца нам, што вось маладзіца паявілася ў хаце, ці плакаць, калі б што адмарозіў? Ну, дый і добра, што так атрымался.

Пасаг у нявесты быў невялікі, людзі тады жылі сціпла, а вось патэфон меўся. І Хведзьку дазволіла быць галоўным над ім сама віцебская нявеста цётка Зіна. Спярша паказала, што і як рабіць, сама ж зноў села за стол, а малы ставіў пласцікі. Тады па хаце плыла такая прыгожая – ажно дзед Якаў вусы падрукчаў, хітаючы галавой ў знак адабрэння музыкі – песня: “Под городом Горьким, где ясные зорьки, в рабочем поселке подруга живет…” Хведзька слухаў песню, быў зачараваны ёю, і стараўся ўявіць той горад Горкі і тую дзяўчыну, што жыве ў рабочым пасёлку. Тая яму і ўяўлялася – яна была, як дзве кроплі вады, падобная на тую нявесту, якую прывёз дзядзька Мішка разам з патэфонам.

- Паўтары, унук, пра горад Горкі, – прасіў дзед Якаў.

- Зараз знайду толькі пласцінку і памяняю іголку, а то трашчыць дужа.

– Мяняй, мяняй, унук. Добрая песня, ліха яе матары! Недарэмна ў той Віцебск з’ездзілі хлопцы!..

Патэфон – дзіўна ж сёння! – адкрыў тады Хведзьку нейкі зусім іншы свет, пра які ён і не думаў раней. Бачце, ёсць недзе далёка горад Горкі, ёсць рабочы пасёлак, ёсць на зямлі людзі, якія кахаюць адзін аднаго... Гэта пазней будзе радыё ў кожнай хаце, з’явяцца тэлевізары. Дзядзька Мішка з цёткай Зінай пабудуюць сваю хату, а Каноплічы вернуцца назад з суседняй вёскі ў гэтую, і будуць жыць вялікай сям’ёй. Хведзьку і ягоным братам было такое перасяленне надта ж зручным: не трэба бегчы за чатыры кіламетры, каб паслухаць пласцінку. А пласцінак болела – хто быў у горадзе, той нешта і прывозіў. Пры любым зручным выпадку разжываліся і на іголкі.

Прайшлі гады, жыццё праляцела як адзін дзень, і вось цяпер, ідучу па цаліку ў вёску, Канопліч ніяк не можа зразумець, чаму ўсё так хутка атрымалася ў ім, у гэтым жыцці? Толькі ж, здаецца, нядаўна ўпершыню пачуў ён пра той горад Горкі, накурана і весела было тады ў хаце, а сёння ён, лысы і грузны, зусім іншы чалавек, які б ні за якія грошы на цяперашні розум не паехаў узімку ў халодным кузаве нават у суседнюю вёску, а не тое што ў Віцебск за сотні кіламетраў, будзе адзін сустракаць Новы год. Хіба ж тады, у тым далёкім цяпер ужо пяцьдзесят восьмым годзе мог ён пра такое падумаць? Ат, ды што там ужо сёння гаманіць: мінулае не вернеш!..

Вунь, вунь яна, хата.

– Прывітанне, родная! – Канопліч зняў шапку, схіліў галаву. – Я прыйшоў. Даруй, што позна. Званіў братам, тыя не могуць. У іх жонкі такія, што не разумеюць. Хаця самі і вясковыя. А мая, Марыя, ты ж яе помніш, прыгожая такая, з ямачкамі на шчоках, мяне зразумела, хаця сама і гарадская. Вось так, родная. Сёння я буду з табой. Да раніцы. Дазволь зайсці?

Ключ быў у схованцы, пра якую ведалі ўсе Каноплічы. На радаўніцу яны бываюць ледзь не штогод у Вераснёўцы, аднак не заўсёды нават заходзілі і на падворак – усё было некалі: то нехта пааабяцаў падвезці да горада ды надта спяшаўся, то яшчэ якая прычына. Таму да ключа амаль што не дакранался рука. Замок на дзіва адчыніўся адразу, аднак дзверы напомнілі пра сябе – праспявалі сваю рыпучую мелодыю. У сенцах было так, як і пры жыцці. На цвіку вісела яшчэ амаль што новае рэшата. Цырату, якой быў пакрыты стол, у многіх месцах пагрызлі мышы. Пад столлю боўталіся пучкі лекавых зёлак. Ступа. Божа, ступа! Таўкач быў прыхінуты да сцяны. Што ж, пара праходзіць у пярэднюю хату. Печ. Засланка. Чалеснік. Вядро. Посуд. У зале ўсё было так, як і тады, калі жылі тут людзі. Нашчадкі амаль нічога не забралі – усё збіраліся яны жыць тут у час адпачынкаў, прывозіць дзетак улетку, каб тыя пабегалі па траўцы, аднак мары засталіся толькі марамі.

На падлозе Канопліч раптам заўважыў дробныя кавалачкі фальгі, якраз у куце, і тады ён падняў вочы на тое месца, дзе ў іх спакон веку вісела ікона. Ікона была на месцы, аднак.... аднак яна мала чым нагадвала яе, ікону: амаль усё, што маглі, патачылі мышы.

Канопліч сеў на табурэт, папярэдне змахнушы з яго пыл. Ён зноў падняў вочы на ікону... А да хаты сказаў:

– Цяпер я разумею, чаму ты паклікала мяне. Разумею, хата. Абраз я вазьму з сабой, у горад. Аддам на рэстаўрацыю. А тады адразу прывязу. Аклад новы зробім – такі, каб ніхто больш не знайшоў у ім і шчылінкі... каб ніхто больш не залез да Боскай Мацеры. Малайчына, малайчына ты, хата, што патурбавала мяне. А я адразу адчуў, што нешта тут не так, што нешта здарылася. Ну, што ж, будзем рыхтаваць святочную вячэру? Будзем!

Ён памыў стол, заслаў яго ручніком. У гранёную шклянку паставіў свячу. Выклаў усё, што было ў рэчавым мяшэчку, паставіў пітво. Потым Канопліч акуратненька прыхінуў да сцяны фотакарткі самых дарагіх яму людзей – мамы, бацькі, дзеда Якава, бабы Пелагеі, дзядзькі Мішкі, цёткі Зіны... Калі трымаў у руках картку з выявай апошняй, адразу успомніў пра патэфон, доўга шукаў яго – зазірнуў, здаецца, куды толькі можна было. Заставалася апошняя надзея – на гарышча, аднак ён не асмельваўся туды лезці: высока, а лесвіца надта старэнькая. Аднак потым махнуў рукой – адважыўся, палез. Знайшоў! Патэфон быў таксама пагрызены, цяпер ён не меў, як раней, вішнёванга колеру, а нагадваў стары пашарпаны чамадан, падобны на той, з якім вярнуўся бацька з вайны. Калі Канопліч падняў вечка, на дыску ён ўбачыў знаёмую пласцінку. Так, так: гэта была ўсё ж тая пласцінка, з якой малы тады яшчэ Канопліч даведаўся, што пад горадам Горкім у рабочым пасёлку сяброўка жыве...

Неўзабаве патэфон стаяў на стале, і Канопліч накруціў спружыну. Патэфон працаваў! Хоць цяжка было разабраць словы, аднак падалося, што песню ўважліва слухаюць самыя блізкія яму людзі, якія глядзелі на яго з фотакартак. Калі толькі скончылася песня, Канопліч быццам наяве пачуў голас дзеда Якава:

– Паўтары, унук, пра горад Горкі...

Звечарэла. Канопліч яшчэ пры святле запаліў грубку, цяпер вось язычкі полымя ад якой жвава скакалі па сценах. Гарэла свяча. Неўзабаве ў хаце стала цёпла, утульна, як і некалі раней. Хата павесялела і пахарашэла, таксама набыла святочны настрой і выгляд. Размаўляючы з ёй, госць напоўніў шэсць чарак, кожную паставіў перад фотакарткай.

Да канца гэтага года заставалася яшчэ некалькі хвілін, і Хведар Канопліч, натомлены за дзень прыемнымі клопатамі, выйшаў на двор. Было студзёна, на небе паўсюдна гарэлі зоркі. Мноства зорак. Безліч. І раптам ён жахнуўся: у хатах, што былі паблізу, мігцелі агеньчыкі. Прыслухаўся: галасоў не чуваць. А толькі агеньчыкі. Толькі яны...

Ён вярнуўся ў хату, расчулены і ўсхваляваны, сеў за стол. Неўзабаве зайграў гімн, Канопліч падняў напоўненую чарку, хацеў сказаць навагодні тост, аднак разгубіўся і доўга не мог сабрацца з думкамі: перад ягонымі вачыма ўсё яшчэ калываліся трапяткія агеньчыкі ў вокнах суседніх хат...


АПТАВІК


Гандбаліст Андрэй Валюшаў у сваім горадзе не быў даўно – бадай што з таго часу, як і стаў ён шырока вядомым маладым чалавекам у спартыўным свеце. Не выбрацца. То адны спаборніцтвы, то іншыя. Няма спаборніцтваў – трэніророўкі. Калі яшчэ выступаў за спартыўны клуб арміі, тут было прасцей, – блізка да Гомеля, можна было выкраіць час, каб праведаць бацькоў. Цяпер жа ён жыў і гуляў за мяжой, і не проста гуляў, а гуляў выдатна, таму яму прапанавалі нават прыняць нямецкае грамадзянства, каб мог ён абараняць гонар Германіі на міжнародных спаборніцтвах. І крыху дзіўна было бачыць, што Валюшаў, які гуляў некалі за нашу каманду, выступаў не так даўно у адным афіцыйным матчы супраць сваёй краіны. У сучасным спорце іншы раз такое бывае, і здзіўляцца гэтаму няварта.

Справы ж у гандбаліста з сусветна вядомым імем ішлі добра. На нямеччыне ён купіў дом, шыкоўны кабрыялет, на якім і завітаў нарэшце на Радзіму. Павітацца з ім прыйшлі некаторыя школьныя сябры, суседзі. Бацька ганарыўся: а вы гаварылі!.. Вось вам і Андрэйка мой!.. Стары Валюшаў іншы раз меў звычку пахваліцца, што сын яму рэгулярна дасылае пэўную колькасць грошай у цвёрдай валюце, мог бы нават не працаваць, на жыццё хапіла б, але як ён пражыве без роднага Сельмаша, на якім кожны чалавек яму кум, брат і сват?

Дні, што вымеркаваў Андрэй для адпачынку ў бацькоў, падыходзілі да свайго лагічнага завяршэння, пара было збірацца назад.

– Прыехалі б хоць паглядзелі, як я там жыву, – сказаў, бы між іншым, Андрэй сваім. – Тут жа блізка. Гэта толькі здаецца, што калі іншая краіна, то яна ого дзе!.. І я спярша так думаў. Памыляўся, аднак. У век хуткасцяў – раз плюнуць. Ну, дык як, чакаць?

– Не ведаю, што табе і сказаць, сынок, – стрымана і разважліва паглядзеў на сына бацька. – Пажывем, як той казаў, пабачым. Калі ж не былі мы нідзе за мяжой, дык яно і не хочацца нікуды. Нам, ага, і тут добра. Цябе ж мы па тэлевізару часта бачым. Тэлефон ёсць. Так, маці?

Маці пацісныла плячыма, усміхнулася і пяшчотна прытулілася да сына, ціха прашаптала:

— Калі толькі на вяселле пазавеш?..

— Пазаву!

Чырвоны кабрыялет гандбаліста неўзабаве выруліў з двара, усе, хто праводзіў яго, памахалі ўслед рукамі. Шчаслівай дарогі!.. Яны ж не бачылі, як за вуглом дзевяціпавярховага дома кабрыялет адразу спыніўся, а яго гаспадар доўга сядзеў на сваім месцы і не зводзіў вачэй з жанчыны, што, не звяртаючы на яго ніякай увагі, прапаноўвала зусім побач – у якіх двух-трох метрах – праходжым пучкі зеляніны. Убачыўшы яе, у Андрэя ёкнула сэрца: дык гэта ж мая класная, дык гэта ж Таццяна Іванаўна!.. Ён на пэўны час забыў, што трэба ехаць далей, што наперадзе няблізкая дарога, глядзеў і глядзеў на сваю класную, і не ведаў, што рабіць яму далей – падыйсці павітацца, ці, можа, не трэба?..

... У класе, калі з’яўляўся Андрэй, заўсёды стаяў невыносны гул: так віталі яго, рэдкага тут госця, аднакласнікі. Кожны з хлопчыкаў лічыў за гонар паціснуць высокаму і дужаму Андрэю руку, паляпаць па плячы. Ну, дык расказвай, дзе быў на гэты раз, што бачыў, чым ласаваўся? Не радавалася ўсёй гэтай урачыстасці толькі Таццяна Іванаўна. Спартыўныя поспехі Валюшава яе цікавілі менш за ўсё, ёй не давала жыцця галоўная балячка – да якога часу той будзе цягнуць увесь клас назад? Ну, едзеш ты, хлопча, на тыя спаборніцтвы, справа, мусіць жа, патрэбная, дзяржаўная, калі існуюць яны, але ж бяры і падручнікі з сабой, заглядвай зрэдку. Аднак Андрэй пра гэта і слухаць не жадаў. Падручнікаў тых, і Таццяна Іванаўна ведала пра гэта, цураўся ён і дома. На заўвагі класнай іншы раз адказваў дзёрзка. Тады класная зрывалася, папракала Андрэя, па яму, маўляў, турма плача, і навогул з яго не будзе чалавека!..

Паміж імі прабег, адным словам, чорны кот.

Пазней Таццяна Іванаўна ўздыхнула з палёгкай: Андрэя забралі ў сталіцу ў спартыўны інтэрнат, а паколькі спортам яна ўвогуле не цікавілася, то зрэдчас ёй пра Андрэя дакладвалі вучні. “Учора па тэлевізару бачылі Валюшава! Ого гуляў! Лепш за ўсіх!” І так далей.

... Цяпер вось Андрэй Валюшаў сядзіць у сваім кабрыялеце і назірае, як былая ягоная класная гандлюе зелянінай. Яна іншы раз скіроўвала позірк у бок кабрыялета, аднак ненадоўга: шыкоўная аўтамашына не прыцягвала ўвагі, не імкнулася разгледзець яна і чалавека, які сядзеў за рулём. Настаўніца-пенсіянерка жыла сёння зусім іншым жыццём. І хоць Андрэй не чуў голасу Таццяны Іванаўны, яму здавалася, што яна, як і некалі на ўроку, паглядаючы на вучняў, ад якіх чакала адказу на пастаўленае пытанне, напамінала яго па некалькі разоў... Так і цяпер напамінала праходжым: пятрушка, сальдзярэй, кроп... Хто купіць?.. Смялей, людзі, смялей!.. Іншы раз перад ёй нехта спыняўся, прыцэньваўся, потым даставаў грошы... Але большасць людзей праходзілі міма.

Пятрушка, сальдзярэй, кроп... Кроп, пятрушка, сальдзярэй... Гэтыя словы, падалося, рэзалі слых, хоць Андрэй іх і не чуў. Што за д’ябал!? Ён націснуў на пядаль счаплення, хацеў рвануць з месца, але адпусціў яе: падвярнулася ідэя... Побач якраз праходзіў хлопчык, Андрэй паклікаў яго.

— Як цябе завуць? – пацікавіўся ў хлопчыка.

— Арцём..

— Арцём, ты можаш зрабіць для мяне добрую справу?

— Гаварыце, што трэба...

— Вунь, бачыш, жанчына прадае зеляніну?

— Ну.

— Купі яе ўсю.

— Жанчыну ці зеляніну?

— А ты, бачу, жартаўнік.

— Гаварыце хутчэй, а то мяне дома чакаюць. Тата без хлеба суп не есці.

— Купі ўсю зеляніну. Оптам. Тут сто еўра...

— Ого!

— Табе пяць хопіць?

— Ого!.. А куды мне яе, зеляніну,тую?

Андрэй задумаўся: а сапраўды, куды яе? Але тут жа знайшоўся:

– А ведаеш, я з сабой яе вазьму. Толькі рэшты ў бабулькі... прабач, у жанчыны, не патрабуй. Так і скажы: рэшты не трэба. Аддай грошы, забяры тавар, і ты атрымаеш свой ганарар. Ну, давай, давай, а то мне яшчэ далёка ехаць.

Ён бачыў, як хлопчык працягнуў Таццяне Іванаўне грошы, бачыў і разгублены твар жанчыны: яна вадзіла галавой па баках, шукаючы таго, пэўна ж, жартаўніка, які, не інакш, рашыў падкузьміць з яе. Але так і не ўбачыла яго. Ды, відаць, і хлопчык быў настойлівым: я пакупнік, я! Усю зеляніну мне, а рэшты не трэба!.. Вам якая справа, каму прадаваць? Таццяна Іванаўна, нямала павагаўшыся, нарэшце забрала грошы і аддала ўвесь тавар. Хлопчык жа неўзабаве атрымаў свой ганарар. Андрэй вёз зеляніну ў салоне кабрыялета і не ведаў, навошта яе столькі яму аднаму?..

Што дзіўна, дык ён зусім і не дакараў сябе за тое, што сам не падышоў да былой класнай, не павітаўся.

Можа, так было лепш ім абодвум?..


ДУРНАЯ БАБА


Цімчыха апошні раз ляніва шаркнула мятлой па халодных, абраселых плітах, якімі шчыльненька ўкладзена ўсё наўсцяж вакол помніка Леніна, спакваля задрала галаву ўгару, хрыпата ўздыхнула і мовіла раздражнёна і балюча:

– Есці хачу, Ільіч. Няма сілы мятлу цягаць. У вачах цёмна – ян ноччу. Што, не верыш? А ты вер, вер, правадырок. Сёння што пракаўтнула? Сухар пагрызла. Ад салёнага гурка ўжо ўсяродку свярбіць. Мяту, мяту, мяту... Другі месяц пры пасадзе, а за якія шышы? Табе, Ільіч, добра стаяць – есці не хочаш. Каменны. А я – жывая... І сухая, бачыш? А сухія добрыя грызуны. Во, во... начальнік мой пад’ехаў. На «Волзе». Трэба шавяліць мятлой. А то адбярэ. Ён злы. Толькі б не упасці перад ім... толькі б не ляснуцца... а то ж сорамна будзе... перад табой, Ільіч, возьме баба ды распаўзецца... раскірэчыцца, чаго добрага... і будзе ляжаць як нежывая. Сораму не абярэшся. Да мяне, да мяне ідзе начальнік. Бачыш? З папкай. Гэта ён. Нешта, відаць сказаць надумаўся. Мо палучку паабяцае?

Начальнік змерыў Цімчыху непрыемным строга-сухім позіркам, загадзя прыплюснуў вока і торкнуў угару пальцам, які на самым кончыку быў заклеены пластырам:

– Бачыце?

– Што? Дзе? – Цімчыха паспрабавала таксама задраць галаву, аднак яе павяло, яна адчула, што зрабілася тлумна, і ўсё навокал – і галава Леніна, і шэры рог будынка, і бясколернае неба – умомант пахіснуліся, затрымцелі перад зрэнкамі, і жанчына не змагла больш нічога сказаць, абхапіла двюма рукамі мятлу і толькі паспрабавала кіўнуць, не асабліва верачы, што ёй гэта ўдасца.

– ... Кучу бачыце?

Яна зноў кіўнула.

– На галаве ў Леніна? Прыбраць!

– Дык яна ж... даўно там... куча... і да мяне ляжала. Прымала з кучай... Старая куча...

– Будзьце дабры, адпрацоўвайце грошы. Гэта ваш абавязак. Каб не было!

– Добра... добра... – заківала Цімчыха начальніку, але той ужо павярнуўся ў бок чатырохпавярховага адміністрацыйнага будынку, пашоргаў падэшвамі па непрыбранай плошчы, ажно далёка было чуваць, як ён нібыта наўмысна цягне ногі, каб на такія ягоныя глупствы нехта звярнуў увагу.

Не адразу Цімчыха падняла галаву на Леніна:

– Чуў? Загадаў твой плеш памыць. А як я ўскараскаюся? Проста сказаць. Ты ж высока, пад самым небам... А я тут, на зямлі, як казяўка якая. Лесвіцу трэба недзе браць. Лесвіцу, так-так. А галубам тым... ды і вароны міма не пранясуць, быдлы, дзіркі ім не пазатыкаеш. І цэляць жа, халеры, акурат на галаву. Туалет знайшлі. Пайду лесвіцу шукаць. Пацярпі. Больш цярпеў. Змыю. Птушынае небарацтва лёгка змыць, але ж цябе, Ільіч, і людзі абляпалі... з ног да галавы. Ты ўвесь у гаўне. Вось тое, людское, анучай не сатрэш...

Яна прыхінула мятлу да помніка і пакрочыла, сагінаючы наперад тулава, у бок сваёй хаткі, спадзяючыся выхапіць вачыма там, у пуньцы, мо якую прыстасаванку, каб прынесці на плошчу і лезці, прыціскаючыся шчакой да лесвіцы ці чаго там, і лезці да забруджанай птушынымі хвастамі галавы правадыра. Ёсць у ейнай пуньцы тая лесвіца ці няма – Цімчыха не ведала, бо жыве ў гэтым гарадку яна зусім мала, столькі ж і ў хатцы. Вунь іх, гэтых хатак-дамкоў, колькі тут гуляе! Выбірай, аблюбоўвай, жыві. Яна і выбрала гэтую, у якой і жыве з першага дня. Жытло няхітрае і не надта прывабнае – маленькае, на адзін пакойчык і сенцы. Праз двор – тая пунька, у якой і была, калі толькі засялілася. Як грымнуў тут побач зусім Чарнобыль – гарадок паступова апусцеў,захеўрыў вачніцамі памерлых хат, шыкоўных шматпавярховак у мікрараёне. Але не ўсе з’ехалі. Асобныя ж людзі і прыбіліся сюды – больш з Сярэдняй Азіі беларусы, якім там, пад чужым белым сонцам, стала няўжытна. І бомжы з розных куткоў – гэта ўжо больш рускія.

Прыехала ў гарадок і Цімчыха. З Гомеля. Кінула аднаго там мужа-п’яніцу ў двухпакаёўцы, няхай ён там хоць азызне, атрупянее, прыхапіла такія-сякія няхітрыя пажыткі, і сюды. Падмятае. Мятлу далі ў першы ж дзень, калі папытала, дзе б зачапіцца працаваць. «Як тая рацыя – яшчэ не дужа вядома, -- разважала жанчына, -- а Цімка дакладна заб’е, к гэтаму ідзе».

Ёй яшчэ хацелася крыху пажыць.

У пуньцы стаяла лесвіца, але Цімчыху не ўразіла – нізкая, на чатыры прыступкі, і задужа нейкая камлюкаватая, цяжкая. Не падняць. Вярнулася з нічым. Задрала галаву на Леніна, сказала:

– Няма лесвіцы. Стой пакуль так. Калі б былі грошы ў мяне, то пытанне б вырашылася само сабой – паставіла б пляшку мясцовым бомжам, іх тут процьма, яны б цябе за гарэлку і памылі б усяго, не тое каб!.. А без грошай не возьмуцца. Хоць і павінны б так, задарам, бо ты ж ім нічога кепскага не зрабіў. Было добра, калі табе верылі, калі ты вечна жыў... Пілі і елі. «Далоў рэвалюцыю!»Чуў, Ільіч? Дурні і крычаць. Каб жа не было і рэвалюцыі, то хто б з іх, гарлапанаў, жыў-быў сёння? Іншыя б... зусім іншыя людзі б, а гэтых, мусіць жа, і блізка не было б. Такіх, Ільіч, ты сам і напладзіў. А яны, бачыш, табе за гэта што ? Усяго абляпалі. Ну, то добра... Елі, пілі. А тады пачаліся перабудовы гэтыя, кожны пачаў коўдру на сябе цягнуць, яны і паўкрываліся, хто цягнуў, аднак паздзіралі ж тыя коўдры з нас... і забліскалі людзі голымі сядачамі... палавінкамі... На ўсіх вуглах крычаць... А я і разгубілася – не магу прышыцца да каго-небудзь. Адна засталася. З мятлой. Слабая я, слабая... Зусім заблыталася ў гэтым жыцці. Лепш бы нічога не слухаць. Лепш бы жыць дзе на хутары, мець здаровага і непітушчага мужа, свой надзел зямлі ладны... свае жорны... і ні радыё, ні тэлівізара каб. Хаця чаго ж я? Можна падумаць, што ў мяне ёсць усё гэта. Няма-а. Няма-а... Хай, хай самі рашаюць палітыкі хутчэй, як нам жыць лепш, лацвей. Дыхаць-та вольна. Дыхай! Дыхай!.. Але ж і есці хочацца. Іншы раз – дужа. Як вось сёння. Пайду... набяруся смеласці, пайду бульбы папрашу ў краме. Пад запіс. Да зарплаты. Можа, бульбы і дадуць, не вялікая ж цэннасць, а без яе – ніяк. І шчэпаць солі вымалю. Не гарэлку ж буду прасіць. Павінны зразумець, пранікнуцца павінны. Свае ж людзі. Беларусы ж. Чужых кармілі некалі. Няўжо свайму чалавеку пашкадуюць? Хоць не той час, што раней быў. Не той. Могуць і дулю паказаць. Пад самы нос.

Цімчыха не адразу ўбачыла, як побач з ёй вырасла постаць мужчыны неакрэсленага ўзросту з задрыпаным тварам і з такім жа ўсім знешнім выглядам.

– Што, Леніну жалішся? – кашлянуў у кулак мужчына.

– Яму.

– Абы-што! – паласнуў кашчавай, даўно нямытай рукой паветра каля самага носа мужчына. – Хто цябе, як і мяне заадно, пачуе? Каму мы трэба? Абы-што!

– Піць мені трэба! – чамусці груба сказала гэтаму невядомаму мужчыне Цімчыха. – Піць! А то параспіваліся!

Мужчына ледзь прыкметна хехекнуў:

– Калі п’еш, тады не так есці хочацца. А жратва сёння дарагая. Выгадней піць. Хахляцкую. Паслухай, баба... Як цябе зваць-та? Га?

– Ніяк. Я замужам.

– А-а-а!.. А то хацеў сказаць: давай разам жыць будзем?

– Давай,– вырвалася ў Цімчыхі.

– А ты згаворлівая, – спакойна, насоўваючы непаслухмяную ўсмешку на твар, заўважыў мужчына. – Люблю такіх баб. Давай ці да мяне, ці я да цябе. Я назіраў за табой. Даўно. Не асмельваўся падступіцца. Мятлы тваёй баяўся. Агрэеш, думаў. А ты – добрая.

– А ў цябе што ёсць? – падняла і адразу апусціла вочы Цімчыха.

– Хата. Цалкам. І ложак. І на ім усё ёсць. Нават коўдра.

– А есці?

– Гэтага няма.

– Тады жыві адзін, – махнула рукой Цімчыха. – Мне мужык не трэба для ўцехі. Асабліва такі, як ты. Дрыжыш увесь – як бурбалка... Морда – што печаны яблык. Падыхаць сюды прыехаў ці што?

– Ат! Дык што, разыходзімся, значыць?

– Давай, давай, вымятайся! – Цімчыха замахнулася на мужчыну мятлой, але ўспомніла, што патрэбна лесвіца, апусціла мятлу, дружалюбна спытала. – А ты, жаніх, лесвіцу для мяне не можаш раздабыць?

– Магу. Навошта табе?

Жанчына паказала на мурзатую галаву Леніна. Мужчына пырснуў смехам.

– Прытарабаню. У мяне ёсць. Толькі сам я не палезу – баюся, што не ўзбяруся. Шосты месяц п’ю. Як і прыехаў. Штодня.

– Нясі, я сама.

– Чакай, – і ён, падцягваючы правую нагу, пачыкільгаў з плошчы, крыху далей спыніўся, азірнуўся на Цімчыху, задраў галаву на помнік, дзе масцілася на тым жа самым месцы, што і шмат разоў раней, вялікая, як вылепленая з воску, варона. І торкнуў у яе кручкаватым пальцам:

– Падла, га!..

Цімчыха ж не чула яго, мяла і мяла сабе далей, не прыглядаючыся асабліва і да варон. Ну іх, барабашак такіх! І так мутарна. «Во абатру Леніна і пайду прасіць ў краму бульбы. А ў маі пасаджу сваю. Хай расце. Ёсць бульба – ужо не страшна. Яна памерці не дасці. А на грошы гэтыя спадзявання няма... мала веры ім, грашам. Могуць даць – могуць не даць. Як уздумаецца ім. А бульба яна і ёсць бульба. Хлеб».

Мужчына, як і абяцаў, прынёс лесвіцу, лёгкую і даўгую, «апранутую» на сябе, каля помніка спусціў яе на паркет, пераступіў з акенца, спытаў мляўка:

– Куды яе?

– К помніку. Са спіны прыладзь. Спіна таксама ў пуціках... у шэра-белых каўтках. І патрымай, каб не грымнуцца мне. Я сама палезу, калі ты палахлівы такі.

– Трасе.

– Стаў. Так, так. Ага. Трымай жа!

Яна трымала ў адной, левай, руцэ мокрую брудную анучу, а правай хапалася за цуркі і лезла акурат так, як і ўяўляла, – шчакой прыціскалася да лесвіцы, і чым узбіралася вышэй, тым больш праціналі цела здрадніцкія дрыжыкі, перахоплівала дых, і ануча раптам выпала з рукі, шлёпнулася на лысіну мужчыне, ён войкнуў, адпусціў лесвіцу, хапіўся абедзьвюма рукамі за анучу і бачыў, амаль самлелы, як лесвіца зверху задралася і прыбіральшчыца, схапіўшыся за яе, як за турнік, ляцела разам з ёй вобзем. І вароны дружна і галосна ў адно імгненне ўстрывожыліся на ўсіх дрэвах паблізу, пачуўшы адчайны нечалавечны крык Цімчыхі:

– Га-а-а-а-а-а!

Было чуваць, як яна чмякнулася спіной на плошчу, сціснуўшы – да белі ў пальцах – лесвіцу. Мужчына, мацюкнуўшыся гучна і хлёстка, крутнуўся на стаптаных абцасах, бы трапіў у віхор, і шугануў падалей, бег і соп:

– Забілася!.. Забілася!.. Забілася!..

Сабраліся людзі. Пад’ехала «хуткая». Цімчыха яшчэ крыху дыхала, а ў вачах цьмяна плаваў бераг неба з запэцканай галавой Ільіча.

Падышоў начальнік.

– Разбілася, – сказаў яму доктар.

– Дурная баба, – пахітаў галавой, быццам спачуваючы, начальнік. – Навошта лезла? Хто пасылаў? Хіба ж тут, на зямлі, няма чаго падмятаць, мыць, чысціць? Дык не – палезла...

І ён задраў сваю галаву на галаву Леніна. Высока. Дужа высока. Недзе пад самым небам яна, тая галава... А яшчэ вышэй ён убачыў бабу з мятлой, якую нават не ведаў, як звалі.


ЭСТЭТ


Піваварчыку дваццаць год, а не скажаш: бародка, якую ён адрасціў “для саліднасці і важнасці”, як сам прызнаецца, дужа ўжо рэдзенькая, доўгая і вузенькая унізе, прыкметна старыць маладога чалавека. Аднак ён гэтага, здаецца, ці не разумее, ці не заўважае, дома ж яму падказаць няма каму: Сцяпан жыве адзін. А дом у яго – гэта невялічкі пакойчык у інтэрнаце будаўнічага трэста, які выбіў яму кіраўнік студыі “Дызайн-арт”, дзе і сёння лічыцца Піваварчык спецыялістам па інтэр’еру офісаў. Так-так, офісаў. Калі браць, то шырока. Дзе яшчэ ён можа паказаць сябе так, як не там, сярод крутых хлопцаў і не менш крутых дзяўчын. Адна з іх, прыгажунь, неяк сама напрасілася ў госці да Сцяпана, ён не здолеў адбіцца ад назолы, прывёў дзяўчо ў свой катушок, а тая і ў аладкі пляснула, здзівіўшыся:

– Дык тут жа, мама мая, жыць можна! Такая прыгажосць!..

Іншага Піваварчык і пачуць не жадаў: усё ж ён дызайнер, а не абы-хто, і для сябе пастарацца лічыў першай справай, каб не казалі потым, што шавец не мае ботаў. Не, так не скажаш: пакойчык ён і сапраўды выштукаваў – залюбуешся. Хаця і на другім курсе ўсяго вучыцца ў інстытуце, завочнік, а бач ты – не зломак, галава ў хлопца ёсць.

А дзяўчына працягвала:

— Можна, Сцяпан Паўлавіч, мне пажыць у цябе? А то ж ездзіць далёка, ведаеш жа, дзе жыву... Калі не ведаеш, магу сказаць...

— Я не супраць – жывіце. Для гасцей у мяне раскладушка прадугледжана. Вытрымлівае звыш ста кілаграмаў. Але ж муж што скажа?

— Ён не кінецца мяне.

— Як гэта?

— Проста. Сказаў, каб не прыходзіла. Вось я і не прыйду. Ну, чаму ты маўчыш, Сцяпан Паўлавіч? Разгубіўся, бачу?

Гаспадар утульнага пакойчыка не разгубіўся, ён паглядзеў, што ёсць у яго ў маленькім халадзільніку, потым прычыніў яго, спакойна сказаў:

— Два дні пратрымаемся. А там – аванс. Ну, атабарвайцеся, будзьце, як дома.

– Як дома – не хачу! – насупілася дзяўчына. – Дома мне кепска. Я прагну, я жадаю, каб мне было хораша тут, у цябе, а, Сцяпан Паўлавіч? Можна, не будзем выкаць? Мы ж не на працы? Давайце, а? А то мы выкаем і тыкаем неяк адразу – пераскокваем з аднаго на іншае. Між намі, як гэта не цяжка заўважыць, існуе нейкая адлегласць. А ў такім, хоць і надта ўтульным, але даволі ўсё ж цесным пакойчыку, ды яшчэ на “вы”? Нешта не тое... Згодны?

— Можна... будзем..., – прамумкаў Піваварчык, хоць сам не мог зразумець да канца, чаго хоча ад яго дзяўчына.

— Ура-а!

— Цішэй, у нас тут у суседзяў малыя дзеці. Магчыма, спяць...

— Я таксама мару пра дзіця, – дзяўчына млява пацягнулася, агаліла лытку – кароценькая спаднічка паднялася разам з рукамі.– Угу. Для таго і замуж выскачыла, а мой не хоча дзіця. Дурань таму што. Не глядзіць наперад, як вось ты... Дзяржава б нам грошай заплаціла больш, чым я атрымаю ў сваёй шарашцы за тыя тры гады, што была б у дэкрэце. Цяпер за першынца падкінуць добра грошыкаў, не кажучы ўжо пра другога. Але ж куды ж я разагнался, дурніца? Хоць бы аднаго... пакуль. Некалі ж трэба пачынаць. А ты, Сцяпан, пра дзіцё не марыш?

— Неяк не думалася...

— А я толькі гэтым і жыву...

— Тады... тады не па адрасу.

— Чаму ж?

— Хочаш, каб прызнаўся?

— І гэтага таксама хачу...

— У мяне яшчэ не было дзяўчыны. Ніколі.

— Хлусіш! Ну, хлусіш жа!

— Зусім не. Не бы-ло!..

— А калі ж прадбачыцца ў цябе дзяўчына?

— У дваццаць два я толькі пачну пра яе, дзяўчыну, думаць.

— Так позна?

— У мяне ўсё разлічана, усё па палічках раскладзена: дзе, што, калі, як..

— Цікава-цікава, аднак!..Першы раз сустракаю такога чалавека. Такога выкапня. Не верыш?

— Веру. Нас, такіх, мала. Але ёсць. Вось што... Я... мне трэба ў горад па справах. А ты распранайся, адпачні. Калі хочаш пакляваць чаго, знойдзеш у халадзільніку. Запомні: усё, што ў халадзільніку, можна браць. Толькі там. Нідзе болей. Ну, дык я пайду?

Дзяўчына памахала яму пальчыкамі, а потым какетліва паднесла тыя пальчыкі да сваіх вуснаў, цмокнула іх, а сама глядзела на Піваварчыка так, быццам ён зусім нікуды не збіраецца тэпаць, а пачне зараз жа распранацца, загіпнатызаваны яе прышчураным і заманлівым поглядам, шпурляць сваё адзенне падалей ад сябе, а потым працягне свае доўгія і кашчавыя рукі насустрач ёй, і тады яна, згарнуўшыся ў клубок, напяўшыся, бы струна, з небывалым імпэтам кінецца ў яго абдымкі, і ўсё на тым не скончыцца... На тым усё толькі пачнецца... Дзяўчына заплюшчыла вочы: ну, дзе ты там, любы! Бяры мяне! Хапай! Калі я прыйшла, то ведаю, навошта! Без мэты не хаджу! Бяры мяне! Рабі, што хочаш! Сцяпан, халера ты гэтакая!..

Сцяпан папытаў:

— Цябе, здаецца, Люсяй завуць?

— Люсіндай, – паправіла яна.

— Запомню. Я хутка буду.

— Чакаю, Сцёпа!..

Ён патупаў, не азірнуўшыся. Люсінда паслала яму паветраны пацалунак, якога Сцяпан, безумоўна ж, не бачыў. Пакуль ішоў да шэрага чатырохпавярховага будынку, дзе месціўся прафсаюз работнікаў культуры, яна займала яго галаву. Не, дакараў ён сябе, зусім не так трэба было дзейнічаць з першай хвіліны, з таго моманту, як увязалася яна за ім. Прэч, Люсінда! Бач, чаго захацела! У госці! Ну, калі ўжо табе так закарцела, то і паводзь у гасцях прыстойна, а не закідвай адразу гутарку пра дзяцей. Дык не ж! Адразу, як кажуць, бярэ быка за рогі. Не на таго напаролося, прыгажуня. У мяне дзеці будуць, але пазней, значна!.. Я толькі пабяруся шлюбам праз дзесяць год – у трыццаць. Пасля інстытута – аспірантура, абарона кандыдацкай, а там, магчыма, і доктарскай. Жонка таксама павінна быць вартай мяне. Не Люсінда ж!.. Люсінда, Люсінда... А ў яе, аказваецца, і сапраўды муж ёсць? Сказаць шчыра, дык Піварчык і не ведаў, гэта ён так, на ўсялякі выпадак, нагадаў ёй пра яго, калі папрасілася трохі пажыць. Дык ёсць у яе, у рэшце рэшт, муж ці не? Тут трэба падумаць, тут так, знаскоку, нельга... А раптам і прыйшла да яго... як да мужа, можа яна спіць і бачыць Піваварчыка таткам свайго дзіцяці? Не п’е. Не курыць. А цяпер вось і бародку завёў. Хто што заводзіць, а ён – бародку. Хутчэй усяго так. Бо калі ж ёсць у цябе, Люсінда, муж, навошта тады пляцеш павуціну вакол яго, значыць, а? Для якой мэты? Пачакай у мяне, разбярэмся!..

А вось і той будынак, да якога шыбаваў Піваварчык. Люсінда адразу выпырхнула з галавы, нібы спуджаная птушка з гнязда. У яго галаве дастаткова месца іншым думкам і планам. Перапоўнена галава. Тут вось якая аказія атрымалася. Апошнім часам Сцяпана пацягнула на вершы. Напісаў ажно тры, не сказаць, каб шмат радкоў было ў кожным тварэнні, аднак і не карацелькі. Сярэднія вершы – у плане, вядома ж, памеру, а што ж тычыць іх мастацкіх вартасцяў, тут не можа быць і размовы. Класіка. І не пярэчыць! Але ж, як кажуць, не мела баба клопату, дык купіла парася. Так і ў яго атрымалася з вершамі. Некуды ж трэба іх аддаць, каб надрукавалі. Піваварчык спаў і бачыў сябе ўганараваным паэтам, нават калі сёрбаў боршч і не было ў ім лаўровага лісця, ён усё роўна адчуваў яго пах. Ну, добра, аддасць ён іх у часопіс альбо газету, а дзе гарантыя, што іх не ўкрадуць? То-та ж. Няма гарантыі. Паколькі Піваварчык усё рабіў разважліва і памяркоўна, ён высветліў, што існуе араганізацыя, якая стаіць на абароне аўтарскіх правоў. Адшукаў на вуліцы Казлова. Там нават не глянулі на яго вершы, адпіхнулі, можна сказаць. “Вершы не рэгіструем!” Бачылі? Толькі, кажуць, песні і п’есы. А калі ён проста паэт, Піваварчык, дык што яму цяпер рабіць? Куды звяртацца? Хадзіў і да самага галоўнага абаронцы аўтарскіх правоў, дык той і размаўляць не захацеў: ідзіце, маўляў, малады чалавек, і не перашкаджайце працаваць. Яму, бачце, працаваць трэба, а ён што, лынды б’е? Так, атрымліваецца? Ну, пачакайце!.. Хоць і памеўся паказаць Піваварчык, хто ён такі, аднак нічога не дамогся ў галіне захавання сваёй інтэлектуальнай уласнасці. Тут яшчэ і такая акалічнасць: сустрэў ён неяк паэта Леаніда Дранько-Майсюка – пазнаў дзякуючы экрану тэлевізара – і паскардзіўся таму на несправядлівасць і непрызнанне, як творцы. Масціты паэт не стаў яму падлагоджваць, а заявіў адкрытым тэкстам: вершы і сапраўды не рэгіструюць, бо калі пачнуць кожны напісаны верш рэгістраваць, трэба пасадзіць для гэтай справы тры сотні чалавек, калі не болей, і ўсім даць аклад. А дзе ж сродкі, шаноўны? Быццам і праўду гамоніць Дранько-Майсюк. І яшчэ параіў ён адносіць смела і нікога не баяцца свае вершы ў газеты і часопісы. Сказаў, не украдуць. А калі творы і сапраўды цікавыя, то неўзабаве яны стануць здабыткам аматараў паэзіі, а ён, гэта значыць Піваварчык, – апынецца адразу на Парнасе. Толькі не зусім пераканаў Піваварчыка Дранько-Майсюк. Усё ж, усё ж... А раптам? Хоць Піваварчык і сумняваўся ў шчырасці тых, хто друкуе вершы, аднак нічога не мог супрацьпаставіць ім. Ну, праляжаць тыя тры вершы ў ягоным пісьмовым стале, страцяць сваю актуальнасць, а яшчэ горш, знойдзецца які-небудзь лаўкач ды і выдасць акурат такі тэкст, які здарыўся і ў яго. Што тады? І ён набраўся смеласці і ўсё ж рашыў аддаць куды-небудзь свае творы. Выпадкова патрапіў у газеце на абвестку, з якой даведаўся, што прафсаюз работнікаў культуры рыхтуе паэтычную анталогію і запрашае, такім чынам, усіх паэтаў, якія маюць дачыненне да гэтай галіны, прыносіць свае творы. Што ён і зрабіў. Вершы прынялі, праўда, чытаць не сталі, але паверылі, мусіць жа, што калі чалавек з бародкай, то і так вядома, хто ён. Канешне ж, паэт. Папрасілі толькі напісаць пра сябе кароткую даведку і прынесці фотакартку. Фотакартку выбіраў доўга. Спыніўся на той, дзе ён у чорным касцюме і пры гальштуку. І, канешне ж, з бародкай. Так больш годна. А потым патэлефанавалі з прафсаюза і папрасілі зноў прынесці фотакартку, слёзна спаслаліся на тое, што недзе ранейшую згубілі. Піваварчык адразу адчуў няладнае. Падумаў: значыць, вершы не хочуць друкаваць, таму і блазнуюць з карткай. Як гэта так – усіх карткі маюцца ў наяўнасці, а яго ўзяла і прапала. І вы верыце ў гэта? Піваварчык нізашто. І вось ён ідзе забіраць вершы назад, калі такія разумныя дужа складальнікі альманаха. Няхай друкуюць цяпер розную лухту. Будуць ведаць, як губляць карткі.

У тым кабінеце, куды ён адносіў свае творы, яго чакаў мужчына з пляшывай галавой. Убачыўшы Піваварчыка, нялюба змерыў таго позіркам, заўважыў:

— Яшчэ б хвіліна, і мяне толькі б бачылі.

— Даруйце, але раней не мог: працоўны дзень заканчваецца ў мяне роўна ў сямнаццаць нуль-нуль.

– Гэтаксама, як і ў мяне, дарэчы. Забірайце свае вершы і не дурыце мне больш галаву.

Піварчык узяў тры спісаныя лісткі, хаваць у дыпламат іх не спяшаўся, падняў вочы на складальніка альманаха:

– А картку – што, так і не знайшлі? Маю?..

— Не, пакуль не. Відаць, хтосьці згроб канверт з імі, з фотакарткамі, і пакуль не агледзіцца, што да чаго, не верне. Калі ж ходзяць тут усялякія!..

Піваварчык насцярожыўся:

– Прабачце, дык картка прапала не толькі ў мяне?

– Каб жа! Усе, усе прапалі. І ніхто, дарэчы, вершы не забіраў, акрамя вас.

– А ведаеце, што? – Піваварчык паклаў назад усё тыя ж тры лісткі.– Тады і я не буду. Што гэта я сапраўды?.. Калі б нават картка і згубілася ў аднаго мяне, то можна ж было новую прынесці. Неяк не падумаў. Бывае. Прабачце яшчэ раз.

– А думаць, шаноўны, трэба, – сказаў пляшывы дзяцюк і усім выглядам паказаў, што пара зачыняць кабінет. – Я, дарэчы, яшчэ вашы творы і не чытаў. Усё часу не выберу. Але веру, веру, што рэчы добрыя. Па вас жа відаць. Ну, да сустрэчы! – і ён моцна паціснуў Піваварчыку руку.

Ужо калі развіталіся, Сцяпан пашкадаваў, што не пацікавіўся, як зваць-велічаць укладальніка альманаха. Не ў яго стылі, але нічога цяпер ужо не паробіш: прамахнуўся.

Толькі цяпер ён і ўспомніў, што ў ягоным інтэрнацкім пакойчыку чакае яго Люсінда. Настрой не сказаць каб быў добры ад прадчування сустрэчы з ёй, але трэба ісці дадому, нічога не паробіш. Сапраўды, і чаму менавіта да яго яна прычапілася? Што, болей хлопцаў няма? А з іншага боку, дык трэба было б і нос яму задраць – ні каго-небудзь выбрала дзяўчына, а яго. Ганарыся, Піваварчык! А нешта не ганарыцца. Не ўваходзіла ў ягоныя планы сёння браць і бутэльку дарагога марачнага віна, а прыходзіцца. Купіў. Так, з віном парадак, а цукеркі ёсць дома.

Люсінда і сапраўды чакала яго, і калі ён утапіў кнопку званка, дзверы адразу ж распахнуліся.

— Можна? – чамусьці папытаў ён, перш чым пераступіць парожак.

– А што ты маеш на ўвазе? – зноў мляўка пацягнулася яна, агаліла лытку.

– Зайсці... гэта... да сябе хоць... можна?

– Калі ласка! – Люсінда зрабіла шырокі жэст рукой, усміхнулася.

Неўзабаве ён паставіў на часопісны столік два фужэры, паклаў, не знімаючы вечка, шыкоўны карабок цукерак “Палессе”, які да гэтага ляжаў на кніжнай шафцы, нетаропка адкаркаваў бутэльку, жэстам рукі запрасіў Люсінду да стала.

— Да гэтага віна самы раз будуць цукеркі з лікёрам, – сказаў і толькі цяпер падняў вечка.– Лепш закускі і не прыдумаеш!..

Люсінда засмяялася:

– А я думаю, чаму гэта я такая п’яная! Гэта ж ад цукерак! З лікёрам, кажаш?.. Х-ха-ха-ха-а-а!..

Піварчык аслупянеў – у карабку не было ніводнай цукеркі. З’ела? Проста так? Амаль усе цукеркі, якія ён браў толькі ў крайнім выпадку, у асноўным, як вось і сёння, да марачнага віна? Ён глядзеў на дзяўчыну, разявіўшы, сам таго не заўважаючы, рот, і не знаходзіў, што ёй сказаць. З’ела? Проста так? Як можна?!..

Люсінда, падалося, пра ўсё здагадалася, яна моўчкі ўзяла сумачку і накіравалася да дзвярэй.

— Ты куды, Люсінда?

— Я зараз... За цукеркамі...

— Дык ты што... значыць, яшчэ вернешся?

— Абавязкова!

І дзяўчына схавалася за дзвярыма. Калі яна вярнулася, Піваварчык спаў – у яго, згодна распарадку дня, у гэты час быў сонтрынаж. Люсінда не стала будзіць. Напоўніла фужэр да краёў, і залпам выпіла. Запаліла. Ад дыму Піваварчык пачаў перхаць, аднак не прачнуўся. Прачнуўся ён толькі тады, калі ў пакойчыку застаўся адзін.

Цукеркі «Палессе» ляжалі на часопісным століку некранутыя. Да вялікай радасці Піваварчыка.


ДЖАЛА


Па даху лапаталі кроплі дажджу, а пашматаныя напярэдадні хмары віселі на небе дзіравым рэшатам. Сірацюк каторы раз паглядзеў у акно: ну, а там што, на дварэ? У лужынах, што ўтварыліся ў неглыбокіх ямінах на вузкай – як праехаць – дарозе, шпокалі бурбалкі. Нікога з людзей. Ды і хто ў такую восеньскую непагадзь будзе шастаць? Калі толькі патрэба дужа ўжо пільная якая, а так – сядзі, дачнік, дома, падбівай рыштункі: што вырасла сёлета, што не ўратаваў ад спякоты і шкоднікаў, будуй планы на наступны год. Сірацюку ж было не да ўсяго гэтага – яго выклікалі ў горад, і акрамя паездкі нічога ў голаў не лезла. Там чакаюць. Сказалі строга, каб прыехаў, і ніякіх “не”, бо два разы наведваліся да цябе, паважаны, самі, і толькі пацалавалі замок. Прыгразілі нават адміністрацыйным спагнаннем… Але як паедзеш, калі з самага ранку лье, бы з вядра? Гэта каб хоць меўся ўласны транспарт, тады б іншая справа. А так пакуль дачыкільгаеш да аўтобуснага прыпынку – прамокнеш да ніткі, ніякі парасон не выратуе: вецер падхоплівае тыя дажджынкі і круціць імі, бывае, як хоча, таму не пакіне на адзенні жывога месца. “Вось табе і багач, вось табе і куркуль!.. А свайго транспарту няма. Пчаляр, называецца. Трыццаць сем вулляў…” Злуючыся, Сірацюк ссоўваў бровы на пераноссі, хмурыў лоб і думаў:”А хто ж з іх, суседзяў па дачы і пакупнікоў мёду, і сапраўды мог падлічыць тыя вуллі? І калі? Быццам жа ніхто не заходзіць далей парога…” Ды і хто ён, той добразычлівец, які напісаў пра яго ў райвыканкам, які данёс, што Сірацюк, значыць, замест пяці вулляў, як быццам бы дазволеных па законе, трымае іх на трыццаць два больш? Каму вочы ён муліў сваімі пчоламі? Ды і наогул, існуе такі закон ці пісака той узяў яго са столі? Хаця не – з райвыканкама ж таксама нешта казалі пра тых пяць вулляў. Добра яшчэ, што папрасілі прыехаць аднаму – без іх… А то было б!

Сірацюк у Гомелі аказаўся пасля заканчэння інстытута, працаваў на “Гомсельмашы” інжынерам, а калі захварэў і дактары параілі знайсці больш спакойны занятак, ён уладкаваўся ў заводскім санаторыі слесарам. Там, на прыродзе, і ўспомніў пра бацьку-пчаляра, якому яшчэ хлапчуком дапамагаў майстраваць вуллі і даглядаць пчол. Бацька на той час быў яшчэ жывы, і Сірацюк паехаў да яго на Міншчыну не проста праведаць, што ён рабіў даволі часта, а каб пагаварыць наконт пчол: маўляў,з’явілася жаданне і магчымасць (пабудаваў нарэшце на дачным участку дамок!) заняцца сур’ёзна таксама пчалярствам. Бацька, вядома ж, ухваліў сынава жаданне, паабяцаў на першым часе памагчы – даць некалькі вулляў з роем, ну, а там, сын, ты і сам пойдзеш, рукі ў цябе залатыя, наробіш вулляў. Ён і нарабіў. Хоць і няпроста было: сям’я ж, ім увага таксама патрэбна, ды і за працу ў санаторыі трымаўся, як без працы. Разважаў: выйду на пенсію, і займуся тады пчоламі грунтоўна. Але пакуль тая пенсія, ён неяк нечакана і для сябе самога, і для іншых заставіў вуллямі ўсё, што толькі было можна. Але ж іх, вулляў, ніхто не бачыў. Яны былі пад дахам. Пчолы лётаюць, мёд сусед на дачы прадае ўсім жадаючым значна танней, чым на базары, і ўсе быццам задаволены: дзякуй за мёд, Сірацюк! Нават з горада заказы паступаюць.

І вось гэты выклік у райвыканкам, кабінет ён не запомніў, там падкажуць.

А дождж не перастае…

— Паеду! – вырашае нарэшце Сірацюк і наўмысна гаворыць гучна – каб і пчолы пачулі яго.– Паеду!.. А вы тут пабудзьце без мяне. Я ім так і заяўлю, у райвыканкаме: а каму кепска ад таго, што ў мяне пчол багата? У нас тут тры тысячы дачных участкаў, а пчолы толькі ў мяне. Ну і што, што звыш нормы? Старшыня ж мясцовага калгаса пахваліў мяне і словы падзякі сказаў:“Каб не вы, Сцяпан Мікалаевіч, то мы і не ведалі б, што рабіць. Раней пчол шмат было, мы і гора не зналі, а цяпер людзі лянуюцца іх трымаць… А як жа без пчол нам, хлебаробам, абыходзіцца? Гэта ж толькі дзякуючы ім у нас ураджаі і грэчкі, і яблык, і ягад… ды ўсяго ёсць. А каб яны не апылялі тую ж грэчку? Елі б мы кашу, пачакайце!”

Сірацюк пачаў апранацца. Ён канчаткова асмялеў і яго ўжо не палохаў дождж.

– І яшчэ скажу там, у райвынкаме, – мужчына павярнуўся тварам да пчол, – што пералічыў значную частку выручаных за мёд грошай у дзіцячы дом. Даведкі, праўда, на руках не маю, бо не хапіла вачэй патрабаваць яе, даведку. Гэта б было, як у газеце чытаў: вось вам, сябры мае, грошы, а вы потым назавеце дзіцячы дом маім імем… Але што было, тое не адымеш: дапамагаў і яшчэ дапамагу. А таксама школу рамантаваў, у якой унукі вучацца. Гэтага мала хіба? – Ён вытрымаў паўзу, падышоў да люстэрка:– Тады дабаўлю, калі ім гэтага мала: а што, скажыце, ці не вашая заслуга, пчолы, што не п’ю і не палю? Лепшага нарколага, чым вы, пчолы, відаць, не існуе… І можа мяне не штрафаваць трэба, а хваліць, уганароўваць, што разам мы ратуем сады і пасевы, а? Ну, паехаў я… А што там скажуць – скажу і вам… Спадзяюся, вярнуся жывы і здаровы… Хаця і дадуць, адчуваю, прачуханку… Як панесці дадуць… Калі не суцяшаць сябе, а прызнацца шчыра, то віна ёсць…Але ж хто думаў, што можна, што не, калі браўся за пчолы?.. Магчыма, тады яшчэ і законаў такіх не было?..

Па дарозе да аўтобуснага прыпынку Сірацюк успомніў пра пчалінае джала. “Цікава, – разважаў ён, – пчала, уджаліўшы чалавека, гіне, а чалавек, уджаліўшы чалавека, жыве і радуецца-пацяшаецца, відаць, што некага ўджаліў… на сёмым небе ад шчасця… Вось і цяпер, мусіць, глядзіць ён у акно, седзячы ў сухім і чыстым пакойчыку, бачыць на вуліцы мяне, дурня старога, якому больш, чым іншым, трэба, і ажно падскоквае ад задавальнення:”Пчаляра нарэшце на дыван выклікалі! Так яму і трэба! Не будзе грошы грабсці лапатай! Наша ўзяла!.. ”

Аўтобуса яшчэ доўга не было.

Не было і картузіка на прыпынку, дзе б можна было схавацца ад дажджу…

Затое добра было пад шчыльным дахам пчолам Сірацюка. Ад гэтага – і яму самому.


САД


Амаль дваццаць год назад гэта быў ягоны сад. Адна груша, бэра, астатнія дрэвы – яблыні: цітаўка, аніс, ранет, штрыфель, белы наліў… І, канешне ж, антонаўка. Без гэтай яблыні быццам бы і сад не сад. Прыкметна пастарэлі ўсе дрэвы, але жывуць. Ну, а пра тое, што былі некалі ў садзе Барыса Іванавіча слівы і вішні, сёння наогул нічога не напамінае: іх вытралявалі адразу ж, як знеслі дом. Палічылі тыя расліны, пэўна ж, не надта сур’ёзнымі, не інакш – смеццем, яны толькі псуюць агульны выгляд. Ды і догляду патрабуюць. А так дрэвы можна падрэзаць раз у год-другі, траву паміж імі скасіць – і парадак…і далёка відаць… Сад-сквер, адным словам, зраблі камунальнікі. Ну і на здароў’е. Атулены ён з аднаго боку карпусамі завода, з усіх астатніх – шматпавярховымі дамамі. І яшчэ – дарогамі.

Сад Барыса Іванавіча зліўся з садамі сваіх былых суседзяў, і атрымаўся адзін – вялікі, гектары на тры. Аднак межы свайго ён адразу ж вызначае, і калі прыходзіць сюды, падоўгу стаіць перад дрэвамі. Вунь там, дзе цяпер сцежка, што вядзе да міні-базарчыка, некалі стаяў дом. Моцны дом, цагляны, пад шыферам. У ім было пяць пакояў, і жылі тады пад адным дахам два сыны і дачка з сем’ямі, ён, Барыс Іванавіч з жонкай, і не было цесна. А потым, як дом пайшоў пад знос, усе атрымалі асобнае жыллё. І што цікава, параспадаліся сем’і, нявесткі і зяць пачалі разводзіцца-дзяліцца, і стары зразумеў пазней, чаму так адбылося. Усіх разам трымаў дом. Была маленькая камуна, дзе былі свае законы, быў адзін – ён – гаспадар, камандзір нейкім чынам, і кепска-добра было маладым сем’ям, аднак жылі яны па нейкім няпісаным законе аб адзінстве, вернасці, прычаснасці да ўсяго, што адбываецца тут, у гэтых сценах. Другі ж бок медаля, разважаў Барыс Іванавіч, хаваецца ў тым, што дзеўкі ягоным сынам трапіліся з вёсак і ім, мабыць, важна было знайсці ў горадзе не каханага чалавека, а – прапіску. Каб зачапіцца за горад. Таму і маскіраваліся да пары да часу.

Дзіўна сёння Барысу Іванавічу: там, дзе была прыбіральня, цяпер вунь расклалі катухі бамжы. Патлатыя і мурзатыя людзі корпаюцца ў сваіх рэчах, пра нешта гамоняць, а потым разбрыдаюцца хто куды, толькі адзін з іх застаецца пад яблыняй – вартаваць пажыткі. Таксама маленькая камуна. Пройдзе мо з гадзіна часу, і гэтыя людзі, не зважаючы на праходжых, будуць піць віно і закусваць ягонымі яблыкамі, а потым лягуць – упокат – адпачываць. Да іх прывыклі. Да іх няма нікому клопату. Бамжы – што з іх возьмеш?

Барыс Іванавіч сёння зводдалі назірае за гэтымі занядбалымі людзьмі, а ўчора падыходзіў да іх бліжэй, і калі адзін зняў з нагі чаравік і пачаў збіваць ім яблыкі, стары не вытрымаў, заступіўся за дрэва:

— Што ж ты робіш, дзядуля?! – назваў таго ўмысна так, бо на самой справе гэта быў параўнальна малады чалавек, толькі брудны і даўно няголены.

Бомж нічога не адказаў, але і не перастаў збіваць яблыкі, якія зрэдчас разам з голлем ляцелі на дол.

— Ты што, глухі? – нагадаў пра сябе стары.

— А вам што, шкада яблыкаў? – барадаты павярнуўся нарэшце да Барыса Іванавіча і папытаў надзіва ветліва. – Іх вунь колькі на дрэве! Калаці і ты, калі не лянуешся, дзед. Усім хопіць. Ці ў цябе няма чаравікаў? То магу даць. У мяне ў торбе запасныя ёсць – сёння нехта выкінуў на сметнік. Падабраў. Расшыраю свой гардэроб. Кідай, стары. Глядзі, як гэта робіцца! – чаравік зноў паляцеў на галлё. – Нам жа нешта есці трэба. А ты як думаў! Дзякуй таму чалавеку, хто вырасціў гэты сад!..

–Яны ж зусім зялёныя! Дайце хоць паспець пладам, нехрысці!

— Нам добрыя будуць. А спелых я тут ніколі і не бачыў,– барадаты нагроб у сумку яблыкаў, якую прыткнуў тут жа да дрэва і сеў побач, затым выцер адзін плод аб зашмальцаваныя штаны і пачаў грызці.

Барыс Іванавіч хацеў сказаць, што ён сам затое бачыў тут спелыя яблыкі, і такія смачныя, што іншым і не прысніцца, але змоўчаў. Сам жа падумаў: “Дадуць, чакай, паспець яны яблыкам… Зялёныя патрушчаць… Што людзі, што чэрві…”

Забыўшыся на бамжоў, Барыс Іванавіч звярнуў увагу на мужчыну з мехам. Той прыехаў у сад на веласіпедзе і з доўгай палкай, на канцы яе меўся драцяны кручок, якой тут жа пачаў трэсці галлё, і яблыкі пасыпаліся на зямлю, як град. Мужчына яму здаўся знаёмым. Ці мо памяляецца?

— Ого! – заўважыў знаходлівага яблыказдымшчыка і бомж.– Рацыяналізатар! Ды з мехам, гляньце! Няўжо пачалі ўжо прымаць яблыкі? Ён жа нас пазбавіць заробку!.. Па свеце пусціць!.. Без штаноў пакіне!.. Такі шустры, гляньце вы на яго!.. Трэба прымаць меры!.. Неадкладныя!.. Палундра-а-а!..

Бомж усхапіўся з зямлі і кінуўся, забыўшыся на свае пажыткі, да мужчыны з палкай, і Барыс Іванавіч бачыў, як ён махаў перад здымшчыкам яблыкаў рукамі, нешта даказваў таму. А потым яны пачалі штурхацца, нарэшце счапіліся, а калі бомж паляцеў на вытаптаны пад ябляняй дол, мужчына, як ні ў чым, зноў пачаў калаціць яблыкі. Бомж не меў намеру здавацца, ён заклаў у рот два пальцы, працяжна і гучна свіснуў, і неўзабаве прыбыла падмога – два такія ж, як ён, няголеныя і брудныя хлопцы-дзядзькі. У выніку мех быў адабраны, трафеем бяздомнікаў стала і палка.

Барыс Іванавіч падышоў на колькі крокаў бліжэй, і цяпер ён мог пачуць, як мужчына, сядаючы на веласіпед, паабяцаў выкурыць усіх бамжоў з гэтага саду.

— Пачакай, Герасімавіч! – нечакана для самога мужчыны і яшчэ больш, напэўна ж, для бамжоў, Барыс Іванавіч загадаў таму не спяшацца ехаць. – Затрымайся! Ты што, мяне не пазнаеш, а, сусед? Ай-я-яй!.. Нядобра як!..

Герасімавіч паслухаўся, аднак задаволенасці на ягоным твары Барыс Іванавіч не ўбачыў: відаць, не рады гэтай сустрэчы, трэба так разумець. Сапраўды, глянуўшы на былога суседа, Герасімавіч буркліва спытаў:

— Ну, а табе што?..

Барыс Іванавіч добра ведаў гэтага чалавека. Герасімавіч быў крыху маладзейшы за яго, рабіў на чыгунцы, і з таго часу, як знеслі іхнія дамы, яны мала бачыліся. І тое – мелькам. Герасімавіч сам не жадаў кантактаваць, хіба ж гэта не відаць было, і пры кожный сустрэчы ці тое адводзіў галаву ў бок, ці проста рабіў выгляд, што ідзе і не заўважае яго. Іншы раз Барысу Іванавічу карцела распытаць, як жыве, чым займаецца на пенсіі, кім сталі і як жывуць ягоныя тры дачкі, аднак, ведаючы нялюбы характра Герасімавіча, не асмельваўся першым распачынаць гаворку.

І вось цяпер, гледзячы яму, Герасімавічу, у вочы, ён прыгадаў, як дваццаць год назад, калі пачалі разбураць дом, той пусціў у ход бензапілу “Дружба” – і неўзабаве усе пладовыя дрэвы былі павалены, а Герасімавіч, задаволены, глянуў тады на яго і зарагатаў:

— А ты што думаў, Барыс Іванавіч, я абы-каму свой сад пакіну? Расціў, песціў, і кату пад хвост? Не-е!.. Не-е!.. Мне чужое не трэба і сваё не аддам. Так што падумай, сусед. Падумай. Калі хочаш – дам пілу. Ну, дык што? Даць пілу? Глядзі, як хочаш… Твая справа. Толькі я ўявіць не магу, што ўсе, каму не ўздумаецца, будуць маім садам карыстацца. А ты – як хочаш!..

Іх позіркі зноў сустрэліся.

– Хлопцы, – паглядзеў Барыс Іванавіч на бамжоў, – вярніце гэтаму чалавеку мех і палку. Няхай набярэ яблыкаў. Хоць і няспелых – зялёных… Толькі навашта яны табе, Герасімавіч?

— Ды пайшоў ты! – памуліўся, як укушаны, Герасімавіч, аднак мех і палку ўзяў і нічога больш не сказаўшы, пакаціў перад сабой веласіпед…

Бамжы заняліся сваімі справамі, а Барыс Іванавіч усё яшчэ стаяў на адным і тым жа месцы і ламаў голаў: навошта яму, Герасімавічу, спатрэбіліся зялёныя яблыкі? Няўжо ён шкадуе для людзей і чужыя, як пашкадаваў некалі свае? Ён што – проста іх знішчае, каб нікому не дасталіся?

Гэтага зразумець Барыс Іванавіч не мог.


СКАЙП


Старая Апанасіха ехала ў горад ці не ўпершыню ў сваім жыцці на такой шыкоўнай іншамарцы. Кацілася тая па шашы роўна-плаўна, за акенцам легкавіка праносіліся некалі дужа знаёмыя мясціны і, гледзячы на ўсё гэта сення, бабулька цяжка ўздыхала:

— Божа! Не пазнаю… Нічога не пазнаю… А куды ж хаты падзеліся? Тут жа, Віцька, некалі вёска была… Халочча, здаецца?... Ага, яно… Адны дрэвы… з-за кустоў вунь нічога не відаць… Што, хіба ўсе хаты і праўда закапалі? Не брэшуць людзі?

Яна глядзела на зяця Віктара, які кіраваў іншамаркай, ніяк разінуўшы рот. Той дзівіўся:

— А вы што, маці, хіба не ведалі раней, што і Халочча няма, і Ліпы, і іншых вёсак? Думалі, з вамі нехта жартуе? Так, так… Гэта праўда. Балючая, аднак нічога не паробіш: Чарнобыль набедаркурыў…

Апанасіха, падбіваючы пасмачку сівых валасоў пад хустку, шчыра прызнавалася:

— Чула, чула, зяцёк, але ж не верылася: як жа так, думалася, каб вёску ўзяць ды пахаваць? Яна ж не чалавек… А яно, атрымліваецца, што і хаты закапаць можна… Там, відаць, на тым свеце, усім месца хапае…

Далей ехалі моўчкі. Апанасіха сядзела спераду, прышпіленая рамянем бяспекі, і ўжо не вадзіла, як раней, па баках галавой: хопіць, наглядзелася ўсяго, можа і лішняга нават, бо ажно галава разбалелася. Яно ж і праўда: такія вёскі тут некалі паабапал дарогі стаялі прыгожыя! Вока радавалі хаты, акуратныя парканчыкі, купкамі стаялі людзі, аб нечым весела гаманілі… Ішло, адным словам, жыццё… А цяпер – ціха… Нават сабакі не ўбачыш…

“І ў нас, відаць жа, тая рацыя ёсць, – разважала старая, – аднак хаты не чапаюць… І слава Богу!.. Ці скора ўжо той горад?. Хутчэй бы горад, каб усяго гэтага не бачыць….”

Старая глядзела на роўную стужку асафальта, які імгненна знікаў пад коламі легкавіка, нібы наматваўся на іх, і думала цяпер толькі пра Пецьку, малодшага свайго сына, які жыве цяпер у Маскве і вось запатрабаваў, каб прывезлі яе, значыць, у горад да дачкі Веры і зяця Віктара. “Ён хоча на цябе паглядзець, маці! – патэлефанавала дачка. – Пецька паставіў скайп, прымусіў гэта зрабіць і нас, цяпер сядзі ў кватэры і размаўляй па камп’ютары, як у тэлевізары ўсё бачна… Ён будзе цябе бачыць, ты – яго… Зразумела? Так што збірайся, мама… Віцька за табой прыедзе ў нядзелю… Сядзі дома і чакай…”

Апанасіха папрасіла суседзяў, каб прыглядалі за хатай, сказала тым, што паедзе з сынам “ па нейкаму скальпелю размаўляць”, і вось цяпер, як паненка тая, шыбуе ў шыкоўным легкавіку, каб паказаць сябе сыну і паглядзець на яго. Мог бы, разважала старая, і сам прыехаць, на радаўніцу вунь сцякаюцца ўсе з белага свету людзі, а Пецька і носа не паказвае. Як з’ехаў пасля арміі ў Маскву, дык і слыхам не чуваць. Гадоў пятнаццаць, не інакш, прайшло. Пісьмы пісаць сынок лянуцецца, а тэлефона ў маці няма, так і жывуць у нявядомасці адзін пра аднаго.

Апанасіха нават пачала пабойвацца, што не пазнае сына, калі ўбачыць яго на тым экране, пра які казала дачка. Змяніўся, канешне ж. Памужнеў, пасталеў, мусіць. А мо худы, што леташняя трэска? У той жа Маскве, кажуць, надта ўсё дорага, а Пецька хіба прыспасобіцца дзе, каб вялікія грошы зарабляць? Наўрад. Тады яшчэ, даўно, хваліўся, што на трактары працуе, быццам на тым заводзе, дзе робяць аўтамабілі: скрынкі развозіць з дэталямі і стружку такарную ад станкоў забірае. Бяды тае, няхай і трактарам кіруе, абы яму было добра. Аднак жа злосць на Пецьку яна мела, і вялікую: прыкласці калі шчыра руку да сэрца, дык і нарадзіла яна яго позна, каб пад старасць апора была. Толькі для гэтага. Ведала ж, Панас доўга не працягне, у яго розных хвароб набралася жменя, Пецька б і памог дажыць ёй век. А Пецька той ветрагонам аказаўся: сёння тут, заўтра там. Толькі пяткі яго і бачыла маці. Цяпер вось і агарод садзіць трэба, і дровы нарыхтоўваць, і пятае-дзесятае, а бабулі прыходзіцца дзе самой упраўляцца, а дзе прасіць людзей. Толькі ж і людзей цяпер тых у вёсцы можна па пальцах пералічыць. Старыя адыходзяць адзін за адным, больш маладзейшыя глядзяць у чарку, з-за бутэлькі той свету белага не бачаць. Жыві як хочаш, Апанасіха. Тут, праўда, дачка Верка з зяцем не забываюць, грэх слова пра іх сказаць кепскае. Іншыя ж дзеці яе, Міхась, Валерык і Паліна жывуць далёка – на Украіне, у Керчы ля мора, то бываюць рэдка. А Змітрок, які атабарыўся ў Харкаве, кожны год браў адпачынак у верасні – каб маці выкапаць бульбу. Але Змітрака не стала, і хоць ён быў сярэдні сын, не стары яшчэ, асабліва нічым не хварэў, але не пашанцавала яму – памёр: паслізнуўся неяк ўзімку, ударыўся галавой аб лёд, і праз два тыдні чалавека не стала.

А Пецька хоць бы калі прыехаў капаць бульбу. І чаму так бывае, думалася іншы раз старой Апанасіхе, што і матка адна, і бацька адзін, а дзеці такія розныя бываць? Шалапут, адным словам, Пецька-масквіч. Гультай. “Відаць, там толькі па рэстаранах і ходзіць,”– іншы раз думала пра малодшага сына Апанасіха. І хоць мела на яго затоеную злосць, і хоць ставілася да Пецькі іншы раз нялюба, усё ж і радавалася старая, што паскрэбак ні дзе-небудзь жыве, а ў самой Маскве. Там, мусіць, і Крэмль той блізка ад яго? Уцясаўся ж неяк Пецька туды! Малайчына. Тады хай ужо будзе і так. А калі якая тут нявыкрутка, зяць Віцька выручыць. Пашэнціла хоць з ім. Ды і чужыя людзі, хоць і пабурчаць-пакасувурацца, у бядзе не пакінуць, дапамогуць тое-сёе зрабіць па гаспадарцы.

Апансіха прыгадала, як прыйшла яна перпшы раз на бацькоўскі сход у сярэдную школу. Тут трэба сказаць, што Пецька васьмігодку скончыў дома, у Званцы, а за атэстатам аб сярдняй адукацыі яму давялося хадзіць у суседні Ільіч. І вось класны кіраўнік, сустрэўшы тады Апанасіху, нічога ні пра чога, пацікавілася ў яе :”А вы, бабулька, да каго?” Зніякавела крыху жанчына, але і не разгубілася асабліва, а горда адказала: “Я маці Пецькі!..” Не сказала толькі класнай, што нарадзіла яго, блазнюка, ажно ў сорак пяць год… Ды яно і так, пэўна ж, усё было зразумела.

Госцю сустрэлі амаль ўрачыста: дачка пацалавала маці, дамагла ёй распрануцца, прайсці ў пакой, а ўнукі, Алесь і Святлана, запляскалі, бы малыя дзеці, ў ладкі, а тады таксама чмокнулі бабулю па чарзе ў шчаку. Тут жа цёрся і праўнук Восіп, зусім яшчэ карапуз. Калі селі за стол, Восіп пахваліўся бабулі, што быў у лялечным тэатры і бачыў там вялікага амура, які лётаў у паветры. “Вось так!”– і ён выбег з-за стала, паказаў правай ручкай, як той амур лятаў. Бабуля яму не паверыла, але пагадзілася: можа цяпер і сапраўды рыбы тыя ўжо лятаюць, бо час такі, калі ўсё можа быць. Вера патлумачыла маці, што Віктар надоечы купіў у краме вялікага амура, той саскаўзнуўся са стала на кухні, залаташыў хвастом па падлозе, і ўсё гэта бачыў малы. Таму і запомніў рыбіну. А хто там лятаў у тэатры – вядома ж, цацка, гумавая, мабыць – для яго гэта быў ўсёроўна амур.

— Падрыхтаваліся, набіраю Пецьку! – падаў каманду Віктар, і ўсе скіравалі свае позіркі на экран манітора, на якім неўзабаве і паказаўся малодшы сын старой Апанасіхі. Сядзеў ён таксама за сталом, на якім тырчэла рылцам угору пляшка гарэлкі, талерак з закуссу відаць не было, толькі рылца, а сам Пятро быў у чорным касцюме, белай сарочцы і пры гальштуку. Гальштук старая добра не разгледзела, не было калі, яна адразу ж скіравала свой пагляд на твар: ці намнога змяніўся сын пасля таго, як бачыла яго апошні раз, ці пазнала б на вуліцы?..

— Пазнала б, яй-бо!.. Пазнала б! – гукнула маці і чамусьці тужэй падціснула хустку на шыі, а калі сын павітаўся, адказала яму: – Ну здароў, здароў, Пецька… – І не дала таму больш слова прамовіць. – Чаму ж ты не едзеш, сынок? Нешта ты схаваўся за гэтую штукенцыю, як арціст які, як Кручкоў? Цябе ж па етаму скальпелю… ці як ён, халера, завецца…

Вера падказала:

— Па скайпу, па скайпу, мама…

Але старая ўсё роўна не маглда запомніць і вымавіць падказанае слова, яно падалося ёй занадта цяжкім, таму працягвала казаць далей, не ўжываючы больш яго:

–Дык і кажу ж: цябе ж па гэтаму целявізару не пагладзіш, дыхання твайго, сынок, не пачуеш, не-а… Я і вачэй тваіх добра не бачу… Углядаюся, і не бачу… У цябе бацькавы, панасавы, вочы былі… Панасавы вочы помню, твае – не… Прыехаў бы калі-небузь, сынок… Я не прашу ўжо цябе памагаць мне, людзі, дзякаваць Богу, пакуль ёсць у нашай вёсцы жывыя, то выручаць… Дзякуй во і Верцы з зяцем Віктарам… А ты б праехаў той дарогай, як я сёння пракацілася, і не пазнаў бы нічога паабапал яе… Усё змянілася… Шкада, вельмі шкада, по гэтаму целявізару не пакажаш табе ўсяго, што я сёння бачыла… Не пакажаш хат, якія закапалі… Не пакажаш калодзежа, з якога я ваду чэрпаю… Вулку нашу, па якой ты хадзіў, не пакажаш… Прыедзь, сынок, паглядзі на свае вочы… За родную клямку патрымайся…– Во, ўспомніла!.. – Старая раптам адвярнулася ад сына, паглядзела на Віктара: – А чаго гэты мы карткі са сцяны не ўзялі, каб яму ў Маскву паказаць? І я забылася. Во галава мая садовая!..

— Мама, даруй, – схіліўшы галаву, раптам ціха прамовіў Пецька.

— А? Ты нешта сказаў, Пецька? – пастарался бліжэй паднесці вуха да манітора Апанасіха, але тады яна не бачыла сына, і тады старая зноў села так, як і сядзела: усутыч з экранам.

– Ён папрасіў прабачэння, – падказала дачка. – У цябе, мама, папрасіў…

— Дык ты калі прыедзеш, сынок? – нібы не чуючы дачкі, ўпілася ў Пецькаў твар старая. – А то памру і не дачакаюся… Прыедзь, сынок… Ці мо табе грошай выслаць на дарогу?

— Не трэба грошай, – няпэўна адказаў Пецька. – Знойдзем… Я прыеду, мама…

— Абяцаеш? Не брэшаш?

— Абяцаю. А цяпер давайце падымем келіхі на нашу сустрэчу, – прапанаваў Пецька і падняў сваю чарку.

Тое ж самае зрабілі ў Верчанай кватэры. Пецька пераканаўся, што не адзін трымае пітво ў руцэ, паўтарыў:

— За сустрэчу! Мама! Верка! Віктар! Сашка! Светка! І хто там яшчэ?.. Толькі чуб бачу… Хто там такі, а?..

— Восіп я, – адказаў сам за сябе малы і працягваў займацца сваімі справамі каля стала.

— І Восіпа прыеду пагляджу… Ну, за сустрэчу!..

Выпілі. Апанасіха бачыла, як яе Пецька закусваў скрыльком сала, апетытна падносячы яго да роту, і падумала: “Дык сала ж і ў нас ёсць. Ці там мо смачнейшае? Толькі хто ж яго ведае, якое яно сала там, дзе нас няма…”.

Вярталася Апанасіха дадому ў той жа дзень надвячоркам. Нагаварылася з Пецькам, і на душы ў яе было светла і радасна. Абяцаў прыехаць сынок, значыць. Нарэшце. Што ж, яна будзе чакаць.

Старая зноў успомніла Пецьку ў чорным касцюме, у белай кашулі, пры гальштуку. Быццам і пабачыліся сёння, быццам бы і не. Усё роўна як з тэлевізарам пагаманіла. Ці мо гэта ёй прыснілася ўсё? Ды і нешта ён адзін быў за сталом… А дзе жонка, дачка?..

Ужо перад самай вёскай Апанасіха папрасіла зяця:

— Віця, дык яна тая штукенцыя называецца, па якой я з Пецькам пераглядалася? А то спытаюць суседзі, а я і не знайду, што адказаць.

Віктар усміхнуўся, ціха, але выразна прамовіў:

— Скайп. Запомніце?

Апанасіха спярша кіўнула, паабяцала запомніць, а тады рашуча махнула рукой:

— А навошта запамінаць?! Мне яно, адчуваю, больш не спатрэбіцца, тое слова. Буду лепей Пецьку, блазнюка свайго , чакаць – ды і ўся радасць...

Пра тое, чаму ж гэта Пецька сядзеў адзін за сталом, яна папытае ў яго, калі прыедзе…


ДЭЛЕГАТ


Паэт Дзяніс Пацяруха, вяртаючыся надоечы з гарадской бібліятэкі, дзе як заўсёды палка выступаў перад чытачамі, знайшоў у паштовай скрыні канверт. Звычайна ён раўнадушна праходзіў каля яе. А тут неяк само атрымалася, што затрымаў ён позірк на тых дзірачках-круглячках, у якіх і свяцілася белым боком папера. “Што за дзівосы! – трывожна і адначасова радасна падумаў паэт. – Пісьмо хіба? Газет жа я не выпісваю. Ганарараў не атрымліваю – не друкуюць, усё толькі абяцаюць… і тое, калі патэлефануеш ім, блазнюкам… ” Ён дрыготкімі пальцамі ўзяў канверт, хуценька разарваў яго, выцягнуў ўтрая складзены лісток паперы і, не адыходзячы далёка, падслепавата прачытаў: “Шаноўны Дзяніс Іванавіч! Запрашаем Вас на першы арганізацыйны з’езд графаманаў, які адбудзецца ў Мінску…” Так-так… І што там далей? Ну-ну. “Вы з’яўляецеся дэлегатам…” Ён адчуў, як цела абдало бы кіпенем. Пацяруха пастаяў крыху знямела, затым, бы прачнуўшыся, пакруціў перад носам паперку-запрашэнне, хмыкнуў, агледзеўся па баках: у калідоры якраз было бязлюдна, і тады толькі смела і агрэсіўна трасянуў паперкай над галавой, гучна заявіў сваім нябачным ворагам:

— Не дачакаецеся! Чулі?! Знайшлі дэлегата!.. Ды са мной сам Пушкін пацягаўся б!.. Багдановіч!.. Купала!... Колас!.. Шніп!..

Настрой сапсаваўся канчаткова. Мала таго, што на той сустрэчы, з якой толькі што вяртаўся, адзін дужа нахабны мужчына – на яго, вядома ж, думку – заявіў, што такія вершы ён і сам бы склаў як няма чаго рабіць, каб толькі ў яго меліся папера і ручка, дык яшчэ гэтае вось запрашэнне!..

Жонка адразу, калі Пацяруха толькі пераступіў парог, падумала, што муж няйначай знайшоў удалую рыфму, але не запомніў яе, адразу ж і згубіў, не данёс да пісьмовага стала, бо твар у чалавекса быў пахмурны, як нудны восеньскі дзень.

— Есці будзеш? – толькі і папытала кабета.

Пацяруха хацеў было сказаць: “Я сыты. Мяне ўжо накармілі”, аднак узяў сябе ў рукі, пастараўся быць самім сабой: канешне ж, усміхнуўся, хоць, адчуў, усмешка выдала яго хваляванне. Няўдалая атрымалася. Кіслая. А потым доўга расказваў жонцы, як цёпла прымалі яго чытачы. Сёрбаў варыва, хваліўся, а сам цвёрда рашыў: жонцы пра выклік на з’езд графаманаў ні слова. І вельмі добра, што кабета пайшла пасядзець на лаве з бабулькамі каля пад’езда. Пацяруха адразу ж прыкіпеў да тэлефона. Спярша мітусліва гартаў блакноцік, дзе былі пазначаны нумары яго сяброў-паэтаў, і вызначаў, каму ж першаму пазваніць. “У Гродна хіба? Няхайчыку? Хлапец неблагі, здаецца. Той раз, калі абмяркоўвалі яго вершы на імпрэзе, ён падтрымаў яго. Павінен помніць. Ды і чарку ж бралі”.

Няхайчык абрадаваўся, калі пачуў у слухаўцы знаёмы голас. Апавёў пра свае поспехі, паскардзіўся, што ў іх горадзе аб’явілася адна жанчына-крытыкеса, якая не дае яму жыцця: то там ушчыпне, то тут. Маўляў, графаман ты, Няхайчык! Якраз вось тут і хацеў папытаць Пацяруха, ці атрымаў той пісьмо на з’езд графаманаў, аднак не хапіла духу. І тады ён пачаў здалёк: нікуды, шаноўны калега, у бліжэйшы час не едзеш? Мо выклікаюць куды цябе? Няхайчык, на здзіўленне, адказваў адным словам: не. Пацяруха ледзьве стрымліваў злосць. Накіпела. “Так і прызнаецца той Няхайчык! Тып яшчэ той!” Ужо калі паклаў слухаўку, крыху супакоіўся: нічога-нічога, мне сёння прынеслі пісьмо, табе прынясуць заўтра. Нікуды не дзенешся. Паштары сваю справу знаюць. Бо які ён паэт?! Вось хто ўжо калі і графаман, то ён, Няхайчык! Ці трэба казаць? Не, не выкруціцца!..

Але сёння Пацяруха рашыў больш нікому не тэлефанаваць. Сцяміў: трэба даць час, каб тыя запрашэнні паспелі даставіць паштальёны па належных адрасах. І ў Магілёве, і ў Віцебску, і ў іншых гарадах. У сваім жа горадзе не стаў нікога турбаваць. Сваіх ён ведаў добра: тыя, хоць і атрымаюць запрашэнні, не прызнаюцца. Партызаны яшчэ тыя.

На другі дзень, напісаўшы паўтузіна вершаў і дачакаўшыся, калі жонка зноў зойме месца на лаве перад пад’ездам, Пацяруха бадзёра пацёр далонямі, і сам сабе загадаў: “За справу!” Выбар паў на Магілёў. Неяк быў ён на свяце паэзіі “Пісьмянкоў луг” і там пазнаёміўся з адной паэтэсай у капелюшы, якая выдала ажно шэсць кніжак вершаў і хацела іх адразу прачытаць прысутным, стоячы на сцэне перад мікрафонам, але яе ўсё ж спынілі нейкім чынам, хоць і каштавала гэта вялікіх намаганняў.

Пацяруха крэкнуў, прадставіўся.

–А-а, Гомель! Вельмі рада, вельмі рада пачуць ваш голас, шаноўны! – пачуў ён у адказ і далей як ні стараўся, доўга не мог уціснуцца ў гамонку.– А я вас толькі што ўспамінала, так-так. Верыце? А вы і лёгкі, як кажуць, на ўспамін. Што пішацца? Якія тэмы хвалююць? Потым, потым скажаце… Дайце нагаварыцца спярша мне. Я ж адна жыву… кантактаў амаль ніякіх, то засумавала… Гэта я вам не казала, што адна? Там, на лузе? Не, здаецца, нам жа не было калі… Дык вось і добра, што вы патэлефанавалі, я вам зараз прачытаю свае новыя вершы… Сваім усім я прачытала ўчора, то дужа хвалілі… Але ж мне хочацца пачуць слова пахвалы і ад вас, шаноўны… як гэта вас зваць, прабачце?..

Пацяруха рады быў, што яму нарэшце прадставілася магчымасць сказаць хоць гэтыя два словы: Дзяніс Іванавіч.

— Дык вось, Дзяніс Іванавіч, – адразу ж падхапіла магілёўская паэтэса, – мне хочацца пакаштаваць хоць траха пахвалы і міжгародняй, так сказаць… Не будзем губляць часу – слухайце мае новыя вершы… Ага, вам спярша пра каханне ці пра прыроду? Магу і пра горад, пра замежныя краіны, дзе я падарожнічаю іншы раз, седзячы перад экранам тэлевізара. Э-х-ха-ха-ха-а-а-а!.. Мы, паэты, павінны самі ствараць для сябе камфорт і ўтульнасць, каб было цёпла і светла…

— Мне ўсёроўна, – калі ўтварылася нарэшце паўза, ціха прамовіў Пацяруха і пашкадаваў, што не той набраў нумар: трапіў, адным словам, як рыбіна ў нерат, а яму ж чым хутчэй карцела даведацца пра з’езд.

Нарэшце ён знайшоў выйсце, як спыніць траскатню, параіў:

— А вы гэты верш прачытайце на з’ездзе… Успрымуць! З’ядуць! Геніяльны ж твор! Супер!

— На якім гэта такім з’ездзе? – паэтэса прытармазіла, зацікавілася.

— А што, вы хіба не чулі?

— Не.

— А я чуў… быццам нейкі з’езд намячаецца… Гэта мне сказаў адзін тут наш паэт, яго запрасілі…Дзіўна, і мне нічога не даслалі… А яму, кажа, прыйшло запрашэнне… Яны што – праз аднаго?.. Выбарачна?.. У каго пальцам тыцнулі – той і дэлегат, так атрымліваецца? Непадарак! Самавольства!.. Хоць нас, вядома ж, гэта і не тычыць, аднак справядлівасць павінна існаваць усюды. У якой дзяржаве жывём, папытаць бы?!..

Крыху пакрытыкавалі каго трэба і чытка вершаў працягвалася. Хоць ужо і аслабла рука, трымаючы слухаўку, замлела, аднак Пацяруха, разачараваны няўдалым званком, рашыў нарэшце ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, і цяпер вершы слухала ўжо яна, магілёўская паэтэса. Гэта працягвалася б, відаць, доўга, аднак вярнулася з лавы жонка і папрасіла, каб уступіў ёй месца каля тэлефона: дрэнна зрабілася камусьці з бабулек, неабходна выклікаць “хуткую”.

Жонка ўладкавалася каля тэлефона, а Пацяруха пачаў усё ж збірацца на з’езд. Было не было. Цікава ж паглядзець, каго яшчэ выклікалі. Дастаў заначку, апрануў новы бліскучы касцюм, кінуў у старэнькі дыпламат некалькі кніжак сваіх вершаў.

А шчыра сказаць калі, у яго меўся свой план на гэтую паездку…

— Ты куды гэта сабраўся? – напусціла на сябе строгасць жонка. – Чаму маўчыш? Я ў каго пытаю?

Пацяруха замахаў на кабету рукамі, маўляў, не да цябе зараз. Тут вырашаюцца важныя справы. А калі прыдумаў што сказаць, тое і давёў да яе ведама:

– У сталіцу еду. Выклікаюць па літаратурных справах. Няйначай, прызналі? Як думаеш?

— Ну, калі па літаратурных справах… – няпэўна паціснула плячыма кабета, – то глядзі сам, Дзёня…

— Толькі што патэлефанавалі, – схлусіў, не міргнуўшы і на гэты раз вокам, Пацяруха. – Праезд аплацяць. Усё чын па чыну. Мо ўзаб’ёся на якую-небудзь прэмію? Павінны!

Жонка села на табурэт, сумна ўздыхнула:

– Усе ж мне шкада цябе, Дзёня, вельмі нават. Столькі ты вершаў напісаў, столькі грошай патраціў на свае кнігі – і ўсё ўпустую…

— Пакуль, пакуль, – суцешыў жонку паэт. – Бачу сябе на п’едэстале з лаўровым вянком.

— Каб жа збылося!

— Збудзецца! Даю слова! Мой радок сам Барадулін хваліў! Мускулісты, кажа, у цябе радок, Пацяруха! Быць табе класікам! Прабач, толькі пасля мяне. А мне, скажы, якая розніца – пасля каго, га? То-та ж!

— Ну, едзь сабе,– зусім расчулілася жонка, адлічыла мужу грошы на дарогу і абед, што зусім някепска было да ягонай заначкі, і Пацяруха даў буську кабеце, прычыніў за сабой дзверы.

Прымай, сталіца!

Першай справай паэт накіраваўся да філармоніі, дзе павінен адбыцца з’езд. Але ён не дурань, каб адразу ж перціся ў дзверы, паказвацца, а схаваўся за дрэва якраз насупраць шыльды, якая ўказвала, што гэты бульвар носіць імя Мулявіна, і прыняўся назіраць за развіццём сітуацыі. Ага, вунь і Няхайчык шпацыруе! “Гэта той, каго не выклікалі!” Пацяруха на нейкі момант забыўся, што патрэбна захоўваць канспірацыю, хацеў было крыкнуць яму:”Прывітанне, дружа!”, аднак своечасова спахапіўся. Ды і каму было крычаць, калі Няхайчык схаваўся ў апошні момант за дрэвам насупраць і таксама сачыў за ўваходнымі дзвярыма, зрэдку выторкваючыся лысінай. Тут ён заўважыў, што з суседняга куста назірае за дзвярыма паэтэса ў капелюшы… А вунь празаік Цяпкін крадком выглядвае з-за парапета, як спускацца-падымацца ў метро… Ён з Брэста, здаецца… А вунь… А вунь… А вунь… Божа, ды тут дзесяткі знаёмых твараў! І ніхто не адважваецца першым заходзіць у памяшканне… Усе затаіліся і толькі зрэдку выглядваюць са сваіх схованак. Сядзяць у абароне. Калі ж пачнецца наступленне? Ну канешне ж, каму гэта ахвота заходзіць на той з’езд! Дурняў няма. Засмяюць. Як першаму, шчэ які прыз дадуць, картку размесцяць у газетах. Не! Туды ходу і яму, Пацярусе, няма! Навошта выторквацца, як Мікіта з канопляў? А вось хто прыехаў на той з’езд – цікава паглядзець. Але трэба зрабіць гэта так, каб сябе не паказаць.

Так, мусіць, думаў не толькі Пацяруха – кожны з дэлегатаў. Бач, колькі іх, графаманаў, варушыцца ў хмызах ды за дрэвамі і калонамі!..

І нядоўга думаючы, Дзяніс Іванавіч потайкам падворкамі узяў накірунак да бліжэйшага прыпынку. Трэба недзе выпіць куфаль піва, з’есці піражок – і дадому, за пісьмовы стол. Пісаць, пісаць, пісаць!..

…Пацяруха ляжаў на канапе і глядзеў у столь, адкуль, між іншым, нярэдка чэрпаў тэмы. Там сядзела вялікая муха.

— Нахабніца! – крыкнуў ён.– Прэч, сказаў!

Муха не слухалася, прыліпла да аднаго месца на столі, і хоць ты што ёй. Ён пачаў шукаць тапак, каб запусціць ім у пачвару, аднак таго нідзе не было. Патэпаў на кухню, там кабета гатавала вячэру, папытаў у яе:

— Маруся, ты выпадкова тапак маіх не бачыла? Муха на столі сядзіць, каб яе пранцы!

Маруся зарагатала, што здзівіла паэта: даўно, вельмі даўно не было ў яе такога настрою. “Што гэта з ёй? З чаго б?..”

— Дапісаўся, – жонка нарэшце перастала рагатаць, пахітала галавой. – Ды ты на свае ногі глянь, паэт! Ой, гора!..

Пацяруха і сам цяпер ужо добра бачыў, што ён стаяў у тапках. Нічога не сказаўшы, ён пайшоў у свой пакой, паглядзеў на столь, аднак мухі там ужо не было. Яе не было нідзе. Але што гэта? Яна, муха, поўзае па ягоным твары?! Ну, пачакай, нахабніца! Пацяруха табе такога ніколі не даруе. Ён сабраўся, прыцэліўся і з ўсяго размаху моцна ляснуў сабе па лбе.

І… прачнуўся.

Доўга ляжаў потым пад коўдрай і адчуваў сябе надта шчаслівым чалавекам. “Прысніцца ж розная драбядзень,” – думаў-разважаў Пацяруха і асцярожна кратаў тое месца, па якому толькі што агрэў далоняй.


ЗІМЫ НЕ БУДЗЕ


Шыза-чырвоны, з залацістымі пярэсцінамі певень ужо таптаўся на сваіх шышкаватых нагах перад ганкам. Было рана, толькі ў тым баку, дзе заўсёды ўлетку ці ўвесну павольна-нетаропка выпаўзае з-за лесу – і тое, вядома, у пагодлівы дзень – круглячок сонца, крыху пашарэла неба, аднак на снежным покрыве ляжала густой коўдрай усё яшчэ цемра. Толькі-толькі бралася на дзень, а яму не спіцца. Вядама ж – певень. Хоць таму і няма каго, здавалася б, будзіць, аднак сваю справу, блазнюк, ведае: пракукарэкаў і на гэты раз галасіста, задорна: уставай, маўляў, гаспадар, паколькі курэй звёў, паміраю ад суму-скрухі, то і табе нечага спаць. Выходзь, пагамонім. Удвух весялей будзе. Чуеш, гаспадар?

Сцяпан Ануфрыевіч вынес нецярпліваму пеўню снеданне – добрую жменю пшаніцы ў круглым слоіку з-пад селядцоў, паставіў перад пеўнем, аднак той не спяшаўся дзяўбці, а нібы стараўся зазірнуць гаспадару ў вочы: нахіляў галаву на бок і так і гэтак, а потым цёрся каля нагі, адыходзіў і лэпаў крыламі, задаволены: ага, так і дам я табе спаць.

– Еш, еш, пеця, – лагодна казаў Сцяпан Ануфрыевіч. – Ну што ж паробіш, калі лёс у нас такі, амаль аднолькавы? Трымайся, братка. Мы ж мужчыны. Перазімуем, а там вясна будзе, я табе курак маладых з горада прывязу. Ажывеш каля іх. Мала засталося чакаць. Еш, еш. Не глядзі на мяне так сярдзіта. Я ўчора ў краме, між іншым, каўбаскі купіў. Табе проса. Усё цяпер у краме, дзякаваць богу, ёсць. Пайду таксама паснедаю…

Паснедаць жа Сцяпану Ануфрыевічу, як меркаваў, не ўдалося. Толькі ён пераступіў парог хаты, як мілагучна заспяваў “Паланэз Агінскага” мабільнік. “Хто б там мог быць?” Турбаваў сын Ануфрый. “І чаго ён у такую рань? Мо здарылася што?” Сцяпан Ануфрыевіч не без хвалявання паднёс да вуха тэлефон. Павіталіся. “Ты дзе, сынку?” – “Амаль дома я, баця. Тры кіламетры якіх не даехаў да цябе. Слізка, машыну занесла, і я ўляцеў у кувет. Але ты не хвалюйся, усё добра. І са мной, і з машынай. Снег свежы, мяккі. Але выбрацца сам не магу… Сеў моцна. Схадзі, баця, папрасі Віцю Бародкіна, хай цягане сваім “Беларусам”. Адным словам, ты мяне зразумеў. Чакаю.” – “А чаго ты надумаўся так рана ды ў такое надвор’е? Снегу ж намяло – свету белага не бачна. Неслух ты, Ануфрый!”– “ Чаго-чаго? Ды за табой жа еду.”

Сцяпан Ануфрыевіч адарваў мабільнік ад вуха, прабурчэў сам сабе: “За мной ён едзе. Ну, і што ты яму, сыну, скажаш? Даў жа ад варот паварот, а ён, бачце, ўсё роўна сваю лінію гне. Баіцца, што замерзну я тут адзін… Я ж і кажу: неслух…”.

Віця Бародкін і яго Ануфрый былі равеснікамі і сябрамі, Сцяпан Ануфрыевіч і вучыў іх з першага па чацвёрты. Калі ішоў да трактарыста з просьбай, успомніў, як Віцька у другім ці трэцім класе падняў руку на ўроку, каб папрасіцца на патрэбе ў прыбіральню, а ён, настаўнік, падумаў, што той хоча адказваць і выклікаў яго да дошкі:”Ну, давай, пакажы нам, Віця, як трэба рашаць прыклад…” Хлопчык не стаў пярэчыць, патупаў да дошкі, ну а потым адбылося тое, што адбылося: ён, бедалага, часта затупаў нагамі, а тады напяўся і скрывіўся ўвесь ад сораму перад аднакласнікамі і ад сваёй часовай безабароннасці, а на падлогу пацёк ручаёк з ягонага сандаліка… І смешна сёння ўспамінаць пра гэта і грэшна… Але што добра: вучні потым неяк адразу забыліся пра гэты недарэчы выпадак, не тыцкалі пальцам у аднакласніка, а зрабілі выгляд, што наогул быццам нічога і не адбылося. Так, дробязі, звычайная недарэчнасць. З кім не бывае. “Малайцы, дзеці”,– падумаў тады пра іх Сцяпан Ануфрыевіч.

Па-рознаму склаліся жыццёвыя дарогі ў Ануфрыя і Віктара. Кожны з іх абраў прафесію свайго бацькі: Ануфрый скончыў універсітэт, жыве ў абласным цэнтры, выкладае беларускую літаратуру ў гімназіі, а Віцька стаў трактарыстам. Пакорлівы, неганарлівы, ён бы паспяшаўся на выручку кожнаму чалавеку, які трапіў ў такую сітуацыю, у якой аказаўся сын настаўніка-пенсіянера, а тут – Ануфрый!.. І таму Віктар, выглянуўшы на стук у шыбу і пазнаўшы ў святле, што падала з хаты на падворак, Сцяпана Ануфрыевіча, паскараючы крок, выйшаў на ганак. Выслухаўшы яго, Віцька заўсміхаўся, пажартаваў:

– А я думаю, чаго гэта нос у мяне свярбіць? Чуе, халера”. – Ён патаптаўся на месцы, прапанаваў ранняму госцю ўвайсці ў хату, бо холадна, а калі той адмовіўся, то ўзнёсла заявіў: – Задачу, аднам словам, зразумеў. Будзем думаць, як яе выканаць. Як ведаў: учора ўсю саляру зліў у бак, каб раніцай кашай не зрабілася, таму праблем не бачу. Друга трэба ратаваць. Хоць, магчыма, і па шапцы атрымаю… Але шапак можа быць многа, Ануфрый – адзін. Трэба і мне, дарэчы, яго мабільнік у свой занесці. Але гэта – потым. Бягу на двор і еду!

Сцяпан Ануфрыевіч не бачыў, а чуў, як пакаціўся “Беларус” ад Віцькавай хаты ў бок Дружбы, за якой і чакае выратавання са снежнага полону сын, а ён сядзеў на зэдліку і абіраў бульбу. Трэба рыхтаваць снеданне. Хлопцы ж прыедуць. Добра, што каўбасы сыравяленай купіў ўчора палку. Ёсць сала, агуркі, памідоры, капуста. Бляшанка селядцоў таксама. Ну, а што яшчэ трэба ім, мужчынам? Маецца і паўлітэрка, але ж яны за рулём, а самому і так добра. Ён уявіў, як Ануфрый і Віктар будуць разам умінаць за сталом прыгаваныя ім стравы, і на вачах, сам таго не жадаючы, успыхнулі здрадніцкія слёзы. Яны, хлопцы, і раней, было, любілі разам паесці. Толькі тады гатавала ім жонка-маці, яна была майстрыхай па кухоннай справе. Паставіць на стол стравы, а сама сядзе насупраць, шчаку падапрэ рукой і любуецца хлопцамі: бач, ажно насы ўпрысядкі ходзяць! Здаровымі растуць, значыць, калі такі апетыт. То і добра. Старой няма ўжо амаль пяць год, пастарэў, прыкметна здаў і Сцяпан Ануфрыевіч. Гады ж – амаль восемдзесят пяць, ад іх не ўцячэш, не схаваешся. Хварэе, нягож. Гэты мабільны Ануфрый і набыў яму, прывёз і заявіў, блазнуючы:” Буду трымаць цябе, бацька, на прыцэле. Цяпер ты ад мяне не схаваешся”. Кантралюе, адным словам, Сцяпана Ануфрыевіча сын. Стары спярша ўпарціўся, думаў, што тэлефончык гэты будзе патрабаваць шмат грошай, навошта ён яму, а тады адчуў, наколькі той зручны і неабходны. То дачка патурбуе, пацікавіцца, як здароўе, яна мінчанка, то самы старэйшы сын Мікола; той звоніць радзей, бо жыве ў Маскве. Але – звоніць. Ануфрый жа, сярэдні, бліжэй за ўсіх, таму ён, вядома ж, часцей і гасцюе ў роднай хаце.

І вось – едзе забіраць яго ў горад. Сцяпан Ануфрыевіч адразу ж успомніў пра пеўня. А яго куды падзець? Суседцы, хіба што, аддаць, каб да вясны патрымала? Яна-та пагодзіцца, жанчына добрая. А калі вернецца з горада з куранятамі, а ён вернецца абавязкова, тады і забярэ назад, каб вадзіў свой курыны карагод. Войска без камандзіра не бывае.

Пакуль Сцяпан Ануфрыевіч чакаў сына, пра многае перадумаў. Аднак так і не рашыў цвёрда, ехаць яму ў той горад ці не. Там жа, разважаў ён, зімы не будзе. І як гэта ён раней не падумаў пра гэта?! Ну і сапраўды ж яно так. У кватэры заўсёды – круглыя суткі – цёпла, Ануфрый з жонкай і дачкой жыве на сёмым паверсе, то і снегу нават у акно не ўбачыш, не кажучы ўжо пра што іншае. Так і прасядзіш ў цяпле – як у Афрыцы той. Ды і ад суму памрэш. З аднаго боку добра, што сын і нявестка праяўляюць клопат аб ім, а з іншага – дык і сапраўды ж… выкрасліш зіму з жыцця. Тут жа ранкам трэба і сцежку пачысціць ад снегу, і глядзець, каб дах не праваліўся пад яго цяжарам, і ў сад пайсці пацікавіцца, як там дрэвы маюцца. Цяпер зайцы ажывіліся, галодныя, то маладзейшыя дрэвы могуць і пагрызці, хоць і абвязаў яловымі лапкамі. А наваліць снегу, як у ранейшыя гады, то шаракам будзе дзе раскашаваць: дастануць, і рабіць няма чаго, крону. Скокнуць на сугроб – і ласуйся салодзенькімі галінкамі. А раптам у суседскага хлопчыка Міхаські канёк затупіцца? Хто яму навострыць яго? Бабка Насця хіба? Бацька хлопчыка недзе сабакам сена косіць, а маці спілася, тыднямі дома не бывае.

Певень па-ранейшаму тупаў па двары, усцяж расквеціў сваімі лапкамі свежы сняжок. Ён, падобна на тое, таксама нешта адчуваў нядобрае, таму прывязаўся да гаспадара: куды той, туды і ён. Толькі ў хату не ішоў, разумеў, туды яму нельга, хоць калі былі сёлета самыя моцныя маразы і начаваў колькі разоў ён у пярэднім пакоі, дзе гаспадар паставіў для яго кош, аднак певень аблюбаваў сабе тады месца на спінцы крэсла. Чым не курасадня? Цяпер жа, калі маразы спалі, троху адляглі, ён ведаў, дзе ягонае месца. Разумны ўсё ж ён, певень. Таму і бярог яго Сцяпан Ануфрыевіч.

Калі на мосце паказаўся нарэшце сынаў легкавік, сэрца ў Сцяпана Ануфрыевіча затахкала часцей – гатова было, здавалася, вырвацца з грудзей. І каб крыху супакоіць сябе, ён узяў на рукі пеўня, пагладзіў таго шыза-чырвоны грэбень і сказаў даволі гучна і бадзёра:

– А мы так і скажам яму, Ануфрыю: нікуды мы не паедзем, бо там, у горадзе, зімы не будзе… Так і скажам яму… Сын у мяне разумны… Ён усё ж павінен нас зразумець… Нам добра там, дзе ёсць зіма… Асабліва такая, як сёлета: марозная і снежная… Даўно такой зімы не было ў нас… Ну што ж – пайшлі сустракаць Ануфрыя… Да веснічак пайшлі… Так і скажам яму… З табой, пеця, і мне не так страшна… Верыш? Усё ж – удвух… Паставім, паставім Ануфрыя перад фактам: давай, скажам, нам зіму, тады паедзем. А дзе ён возьме яе ў тым горадзе? Пэк-мэк, і – рукі ўгору, і здаўся!.. Бо зіма тут, дзе мы жывём… А ў горадзе зімы не будзе… Не-а…


Апавяданні з цыкла

“ДЗЕД АЎГЕЙ І ДЗЕЦІ”


Стары Аўгей больш сядзеў на лаўцы каля сваіх веснічак, абапершыся на кіёк, і назіраў за жыццём, што ладзілася на вясковай вуліцы. Маленькія вочкі-гузікі паспявалі ўсё ўбачыць, запрыкмеціць,- нічога не прапусцяць. Ён ахвотна ківаў галавой на прывітанні-паклоны вяскоўцаў, іншы раз змахваў картуз, бліскаў лысінай, нешта мовіў прахожым, цікавіўся, ці прывезлі ў краму хлеб, тады-сяды скардзіўся, што доўга няма дажджу... Ну, а калі побач прашмыгне хто з дзятвы, абавязкова зачэпіць таго словам, стараўся прыпыніць каля сябе, і тады адбываўся невялічкі спектакль каля веснічак старога Аўгея. Хоць і не толькі каля веснічак - там, дзе заўсёды былі дзед і дзеці...

Нядаўна я пабываў у сваёй вёсцы каля той хаты, у якой жыў мой дзед Аўгей. Паколькі даўно ўжо няма дзеда Аўгея і бабы Аксінні, а ў хаце ніхто не жыве, і яна, хата, таксама памірае...

Але значна больш, перакананы, будуць жыць гісторыі пра дзеда Аўгея і дзяцей, якія склалі, такім чынам, ладную вязанку апавяданняў. І, што прыемна, магу сказаць без лішняй сціпласці: працяг будзе. Бо як толькі прыгадаю нешта цікавае пра свайго дзеда, адразу ж запісваю. Каб самому не забыцца і вам расказаць.


ПЕРШАКЛАСНІК ЛЁНЬКА


У гэтай невялічкай лясной вёсачцы няма сваёй школы. Ды яна і не трэба -адзін вучань усяго жыве тут. Лёнька. Хлопчык ён гарэзлівы, шустры. Спярша маці вадзіла малога ў суседнюю вёску за два кіламетры, каб Лёнька граматы набіраўся ў першым класе, а потым хлопчык насупіўся: « Я сам!» Ён не сказаў маці, што дзеці пачалі кпіць з яго: эх ты, сам у школу ўжо прыйсці не можаш, герой!

І пачаў Лёнька хадзіць у школу сам. А дзед Аўгей, як заўсёды, ужо раненька на лаўцы сядзіць, папяроску смуголіць:

- Ты куды, Лёнька?- пытае дзед , нібы не ведае.

- У школу,- горда адказвае Лёнька.

- Дык гэта... навошта пантоплі рваць... у белы свет у школу тэпаць?- хітравата глядзіць на малога Аўгей.

- А што?- Лёнька спыніўся.

- Нічога асаблівага, я ж і кажу. Можна ж і пантоплі не рваць, і граматным быць.

- Як гэта?- цікава Лёньку.

- Хочаш, я цябе вучыць буду?

Лёнька яшчэ больш зацікавіўся, падступіўся бліжэй да Аўгея. А стары працягвае:

- Ну. Навучу. Пісаць і чытаць. А што табе яшчэ трэба? Давай, запісвайся да мяне. Падавай заяву. Я табе і дакумент потым выдам, не горш за тую школьную ацістацыю, і пячатку з бульбіны... з самай вялікай андрэты выражу - і хлопну на дакумент. Га? Без екзаменаў цябе куды хочаш прымуць пасля маёй навукі. У любую акадземію. А то выдумаў - у белы свет хадзіць, каб навучыцца чаму-небудзь. Я цябе, Лёнька, і раней яшчэ выпушчу - усіх абскачаш, ужо можа якім інжынерам станеш ці касманаўтам, а дружбакі твае будуць яшчэ ў той школе млець. Дык думай, Лёнька. Думай.

Лёнька раптам развярнуўся і наўскач паімчаў дамоў. Праз колькі часу ён на той жа хуткасці прашмыгнуў каля Аўгея, паказаў старому язык - прывітанне, а як жа, ад бацькоў. А сам у школу ж пабег, куды яшчэ.

- Чаго добрага спозніцца, жэўжык, - праводзіў вачамі хлопчыка Аўгей, хітравата ўсміхнуўся. - Бяжы, бяжы, Лёнька. Вучыцца трэба. Ты дзеда не слухай. Дзед напляце табе бочку арыштантаў... Бяжы, бяжы...


СЛЁЗЫ І ЦУКЕРКА


Да бабкі Вулляны дачка прывезла з горада ўнука Юрку - на ўсё лета, каб малачка папіў, ягадамі ды яблыкамі паласаваўся. Хлопчыку яшчэ далёка да школы, у садзік надакучыла хадзіць, а ў бабулі яму добра. Тут і куры, і кот Васька - яго лепшы дружбак. І вуліца шырокая, утравелая - не гарадскі асфальт. Прыемна тупаць. Ён і ходзіць па траўцы. Якраз з дзедам Аўгеем параўняўся.

- Здароў, Колька! - стары прыўзняў картуз, кіўнуў.

Вуллянін унук павярнуўся да дзеда, надзьмуў шчокі, а потым па-даросламу пераканаўча сказаў:

- Я не Колька.

- Не, ты Колька.

- Я не Колька. Я Юра,- сур’ёзна сказаў хлопчык.

- Не, няпраўду кажаш. І дзе ж ты так хлусіць, цікава мне, навучыўся? Ты -Колька!

- Я - Юрка! - малые пачынае тупаць нагамі, даказваючы, хто ён ёсць на самой справе. Я - Юрка!

Стары хітра ўсміхаецца:

- А чым дакажаш? Пакаж метрыку.

Хлопчык не знаходзіць, што адказаць. Маўчыць. Насупіўся.

- Ну, і куды ж ты ідзеш, Колька?

- Я Юрка-а-а!- на вачах малога выкругляюцца слязінкі, ён зноўку тупае нагамі.

А стары гладзіць малога па галаве, дастае з кішэні цукерку, падае яму:

- Во калі з’ясі маю цукерку, толькі тады паверу, што ты Юрка і ёсць на самой справе.

Малы хуценька пракаўтнуў цукерку, усміхнуўся - вочкі блішчаць.

- Бачыш?

- Во цяпер бачу. Ну, і куды ж ты ідзеш, Юрка?

- А не скажу!- і хлопчык вёртка шугануў ад старога.

Аўгей жа ўсміхаецца: сёння і яму трошкі весялей стала на гэтым свеце, дзякуючы Вуллянінаму ўнуку.


БУЛЬБАШЫ


Паклікаў неяк дзед Аўгей да сябе дзяцей.

- Прыходзьце сёння, шаноўныя землячкі, да мяне, - сказаў стары, сустрэўшыся з імі каля крамы. - Хто спозніцца - вельмі пашкадуе. Буду чакаць. Усе чулі?

- Усе!- амаль што ў адзін голас адказалі дзеці.

- Не спозніцеся?

- Не-е!

Дзед Аўгей сядзеў на лаўцы, смуголіў сваю дужа нясмачную цыгарку, а як толькі ўбачыў дзяцей, што купкай - як і гулялі каля крамы - тупалі да яго, пашукаў, куды б прыладзіць акурак, а тады шпурнуў яго падалей у траву - каб і духу блізка не было, каб дзеці маглі дыхаць чыстым паветрам. Дзед Аўгей такі: багата з таго, што сам рабіў, не жадаў дзецям. «Дурное ўсё гэта». Дзеці селі каля дзеда на лаўку - з двух бакоў, і Лёнька, зірнуўшы з-пад ілба на старога, напомніў пра сябе і сяброў:

- Мы прыйшлі...

- Гэта я бачу,- варухнуўся на лаўцы дзед Аўгей. - Малайцы. Нешта ў вас сёння ногі цэлыя, непадрапаныя? Га? Тут нешта не так. Не можа быць хлапцоў, каб у іх ўсё чын па чыну было. Слабавата бегалі. Але нічога, справа паправімая. Хочаце, я вось на гэтых дзвюх цаглінах, - стары паказаў на самаробную печ, спрацаваную з чырвонай цэглы каля брамы, - такую страву згатую, што пальчыкі абліжаце?

Дзеці, не ведаючы яшчэ, што там за страва такая будзе, быццам незнарок пракаўтнулі сліну...

- Ніколі смачнейшай ежы вы не спыталі, гэта я вам, стары чалавек, гавару. Ці, можа, бачылі смачнейшую? Га, Петрык? Што ты скажаш нам на гэта?

- Не ведаю, - паціснуў плячом хлопчык.

А Лёнька хітравата ўсміхнуўся:

- Г-гы... Што, скажаш, і смачней будзе нават твая ежа, дзед, чым снікерс?

- А то ж! Што там твой снікерс-брыкерс? Гэх, дзялоў тых! Давайце памагайце мне лепш. А тады, за вячэрай, і пагамонім.

- А што памагаць?- пацікавіўся Лёнька.

- Знайду,знайду што,-- дзед пакрактаў трохі, пакуль устаў з лаўкі.-За мной, як той гаварыў, не стане. Так, браткі-гвардзейцы, усім адна каманда: скабліць бульбу. Вось у мяне падрыхтаваныя для вас спецыяльна чатыры нажы. Якраз кожнаму. Вось кашэль з бульбай. Прыступайце. Толькі - папярэджваю, як амаль дарослых людзей,- захоўвайце дысцыпліну. Не штурхайцеся. З нажамі асцярожней будзьце. А я тым часам цяпельца ў печы раскладу, ваду пастаўлю,- няхай грэецца, усё ж хутчэй будзе.

Лёнька і яго камнда скаблілі бульбу і чырыкалі, што тыя вераб’і : меркавалі, якую ж страву рашыў прыгатаваць дзед Аёгей, і нешта ніводная не падыходзіла - дужа ўжо вядомыя ўсе, здаецца, елі і тое і гэтае, не здзівіш іх, а тут жа, відаць, будзе нешта адмысловае, мо нават і тое, пра што раней яны ніколі не чулі.

- Ну, як тут у нас справы ідуць?- пачуўся бадзёры дзядулеў голас.-Дно далёка?

- Трошкі засталося,- за ўсіх адказаў Петрык.

- Бачу, што стараецеся. Хвалю. Мо падсобіць?

- Не, мы самі!- запярэчылі дзеці.

Неўзабаве дзед Аўгей пад пільным позіркам дзяцей памыў бульбу, наліў ваду ў чыгунок, сыпануў солі, паставіў чыгунок паміж цаглін над полымем, а тады распарадзіўся:

- Пакуль можаце кувыркацца. Дам каманду на вячэру.

Дзеці ж далёка ад печы не адыходзілі - раптам ён, дзед, абхітрыць, тое смачненькае сам з’есці, га? Таўкліся побач з чыгунком, што грэўся на полымі. Самі ж бачылі: звычайную бульбу варыць у ім стары, а кажа-а!.. Хоць хто яго ведае, што атрымаецца. Можа фокус які. Трэба дачакацца. Не, з чыгунка быццам пахне крышачку не так, як пахне з такога ж чыгунка дома, калі ў ім варыцца бульба. Першы ўцягнуў гэты пах сваім кірпатым носам Лёнька, ад задавальнення заплюшчыў вочы, прычмокнуў, а тады гэтаксама зрабілі Петрык, Сашка і Вуллянін унук Юрка - смачна пахне!

Наступіў доўгачаканы момант, калі дзед Аўгей пацёр далонямі, падміргнуў дзятве і амаль урачыста абвясціў:

- Прыступаем, сябры мае, да самага галоўнага. Бульба зварылася. Можна, можна каштаваць маю ежу. За справу!

Гэта і ўсяго? Хм, а думалася ж хлапчукам! Бульба стаяла ў вялікай місе, дымілася. Дзеці, няўпэўнена пераглянуўшыся, узялі па бульбіне, пакачалі на далонях - пячэцца.

- Смялей, смялей,- весела казаў дзед Аўгей.-Не бачу радасці ў вачах. Ці, можа, не падабаецца мой пачастунак?

- Звычайная бульба, - зморшчыўся Лёнька, а калі з’еў кавалачак, твар у яго пасвятлеў.- Але, скажу вам, смачная!

- Праўда! - гукнуў Петрык.

- Ага, смачная! - пахваліў наедак і самы маленькі, Юрка.

Пакуль дзеці заглядвалі ў чыгунок, дзед Аўгей вынёс з клеці агуркоў і збанок малака.

- З агуркамі, з агуркамі ешце,- падказаў ён.-А тады наверх па карцу малачка вып’еце. І будзеце дзеда ўспамінаць усё жыццё. Калі не больш.

Ух і наеліся! Жываты - як бубны: толькі палачкай ляпаць, звон будзе ісці. І дарослых, што міма праходзілі, клікаў дзед да свайго чыгунка. Елі, хвалілі і бульбу, і дзеда з дзецьмі. Дзядзька Кандрат так сказаў:

- Звычайная бульба , а якая смачная! Што дома зварыш - хіба ж такая? Не, не параўнаць. Дзякуй яшчэ раз вам за пачастунак.

А дзед Аўгей паляпаў Лёньку па плячы, паглядзеў на ўсіх:

- Так што, Лёнька, снікерс-брыкерс твой нашай беларускай бульбачцы, ды прыгатаванай на дровах і на свежым паветры, і ў падэшвы не прыгодны. Не, ніколі. Мы ж з вамі бульбашы. Нам без бульбы ніяк не пражыць. Без снікерсаў - можна, а без яе далёка не ступіш. Так што, мае маленькія бульбашы, калі-небудзь я зноў вас паклічу да сваёй печы.

Дзеці яшчэ доўга сядзелі з дзедам Аўгеем на лаўцы. На небе ўспыхнулі зорачкі, пацягнула з лагчын казытлівым халадком, а стары баіў ім пра свае, мабыць, паходжанні на вайне. І ўсім было хораша.

Пасля такой смачнай вячэры інакш і не магло быць.


ПРЫЗ


Неяк у нядзельны цёплы летні дзень сабраліся ў хаце дзеда Аўгея ўнукі і праўнукі, што жывуць у горадзе. Унукі дарослыя ўжо людзі, а праўнукі - дзятва, як той Юркка ці Лёнька, акурат такія.

За доўгім дзедавым сталом усім хапіла месца. Паабедалі, патупалі на двор. У цэнтры ўвагі - дзед Аўгей.

- Бачыцца мне,- глядзіць ён на ўнукаў,- што Сашка з Петрыкам зусім нічога не елі, ленаваліся, ох і ленаваліся за сталом. Ці не так, хлопцы?

- Елі, добра елі,- амаль у адзін голас апраўдваюцца ўнукі.

- А гэта лёгка праверыць,- задумвае зноў нешта дзед.- Давайце на прыз згуляем. Пераможа той, хто гучней крыкне. А крыкне дужэй той, зразумелая справа, хто лепш працаваў за сталом лыжкай. Ён і стане маім чэмпіёнам. Згодны?

Дзеці пагаджаюцца, ім цікава і сапраўды выйграць прыз, а заадно і даказаць, што дзед памыляецца, што не ленаваліся яны за сталом.

- А які прыз будзе, дзеду?- пытае Петрык.

- Прыз? Ды прыз вунь... у садку на дрэве вісіць. Яблык.

Дарослыя ведаюць штукарствы дзеда, таму і яны зацікавіліся: што на гэты раз ён вытварыць?

- Ну што, пачнём, малеча? Хто першы будзе крычаць?

Стараліся ўнукі. Чуваць было, відаць, на другім канцы вуліцы, што на двары ў Аўгея праходзяць спаборніцтвы. Перамог Сашка. Так вызначыў сам дзед.

- Цяпер бачу, што паабедаў ты добра. Перамог. Астатнія таксама малайцы. Скокні сам, Сашка, на дрэва і сарві той яблык, які табе найбольш спадабаецца. Ён твой прыз. Атрымай. Для пераможцы не шкада.

Сашка шырока ўсміхнуўся, быў задаволены, што дзед назваў яго чэмпіёнам. Хуценька ўскараскаўся ён на яблыню, сарваў яблык, што сам ўпадабаў, грызануў... і зморшчыўся. Кіслы які! І кінуў яблык на зямлю. А дарослыя заходзяцца ад смеху. Ну і дзед! Ну і артыст! Аўгей жа зняў картуз, пашкроб кручкаватым пальцам лысіну, хехекнуў у вусы і сур’ёзна сказаў:

- Гэта ж лясоўка, яблыня такая. Дзічка. У лесе выкапаў маленькую, усё збіраўся прышчэп зрабіць... ды так рукі і не дайшлі. Сашка вось падрасце, ён прышчэпіць. Так, Сашка?

Хлопчык згодна ківае.

- Малайчына. І Петрык з Мішам табе дапамогуць. Тады на гэтым дрэве будуць расці не кіслыя прызы, а салодкія. Дажыву я ці не, сказаць не бяруся, а вось Сашка, як законны мой чэмпіён, вас усіх тады пачастуе смачнымі яблыкамі...


СКАРГА


Зноў неяк старому падвярнуўся пад руку першакласнік Лёнька, толькі бег на гэты раз ён не ў школу, а дахаты.

- Здароў, Лёнька!- бадзёра павітаўся Аўгей, а вітацца ён любіў - дзеля гумору - па некалькі разоў на дзень з адным і тым жа чалавекам.

- Ы-гы,- хлопчык спыніўся, прыплюснуў вока, зморшчыўся: сонейка якраз у твар.

- Што нясеш?

- Ранец.

- А ў ім што? Двойка, канешне?

- Ы-гы.

- Мог бы і не прызнавацца - я праз твой ранец бачу, што яны, кручкаватыя, варушацца ажно там, кішаць, як ўюны на патэльні. Ты не хавай ранец за спіну... Вось так, вось так трымай... Во, ажно дзве. Угадаў дзед?

- Ы-гы.

- Што ты заладзіў: «ы-гы, ы-гы»! Ці ў цябе слоў іншых няма? Настаўнікі чаму вучаць?

- Пісаць... чытаць,- адбіваецца Лёнька, яму ўжо і самому карціць ведаць, адкуль стары пра двойкі пранюхаў.- А як ты, дзед, убачыў, што ў мяне дзве двойкі?

- Ды проста: яны такія тлустыя, што прасвечваюцца праз ранец.

Лёнька падняў ранец упоравень з тварам, круціць-верціць яго перад вачыма, але нічога не заўважае.

- Ты і не ўбачыш, Лёнька,- усміхаецца Аўгей.- А я ўбачу, бо ў мяне вочы - ого-о! Сцяну возьмуць наскрозь...

- Хлус ты, дзед,- не пагаджаецца Лёнька.

- Ну як жа - хлус? А пра двойкі адкуль даведаўся, га?

Хлопчык паціскае плечуком: і тое быццам праўда.

- То-та ж. Але ты не ўцякай. Затрымайся. З двойкамі табе спяшыць няма куды - прачуханец паспееш атрымаць. Памажы мне лепш у адной справе. Паможаш?

- А што?

- Скаргу напісаць.

- А што гэта?- не разумее Лёнька.

- Скарга - гэта, брат, такая паперка, якую мне аднаму скласці цяжка. Памагаты трэба. Такі вось, як ты. Апісаць трэба... паскардзіцца.

- А на каго?- пачынаюць блішчэць вочы ў малога.

- На бабу сваю, на Марусю.

- А што яна?

- Як гэта што? Як гэта што, Лёнька? Прасіў, каб блінцоў напякла, сала напражыла, а яна на дыбкі: еш, кажа, тое, што на стол падаю, табе, кажа, тут не рэстаран. Бачыў ты яе? Трэба, трэба паскардзіцца, а то зусім разбэрсаецца. Ты, выпадкова, не падкажаш, хто ў нас тут самы галоўны начальнік, Лёнька? Каму можна паскардзіцца?

- Дзілектару нашаму,- раіць Лёнька.

- Во! Правільна. Яму. Давай скаргу складзём. Ты, бачу, добры грамацей, і я ж не горшы, а калі нашу грамату ў адну кучу зваліць, то не здабраваць тады цётцы Марусі. Даставай, даставай паперу, ручку... пакуль сверб ёсць у руках... мы ёй, Марусі!

Скаргу пісаў Аўгей. Лёнька толькі слухаў, як дзед шаптаў словы, што нязграбна клаліся на паперу, і радаваўся: «Будзе цяпер ведаць цётка Маруся, як не карміць дзеда блінамі...»

- Правільна напісаў, глянь, Лёнька? - нарэшце стары падаў яму скаргу.

- Правільна,- пагадзіўся Лёнька, затрымаўшы кароткі позірк на Аўгеевым пісанні.

- Не, не, ты мне не вяртай скаргу, а перадай заўтра дзілектару. Перадасі?

- Ага,- кіўнуў Лёнька.

- Толькі не забудзься.

- Не.

- А цяпер бяжы, прагаладаўся, пэўна?

Хлопчык знікае.

Назаўтра ранічкай Аўгей знайшоў скаргу на лаўцы. Лёнька на ёй напісаў: «Дурань».


МАЙСТРЫ


Што дзед Аўгей заядлы рыбак, дзеці ведалі: нярэдка бачылі яго, калі ён шпацыраваў з вудай на плячы ў бок Гутлянкі. А калі верыць старому, дык раней ён і самоў вусатых нават прыносіх дахаты. Было! Цяпер – не той час: неяк непрыкметна падкралася старасць, і сёння, акрамя як на вуду, Аўгей не ловіць: усе ранейшыя снасці – донкі, гумкі і вяршы – так і ляжаць у клеці. Ён, шчыра кажучы, не асмельваецца нават да іх дакрануцца: спарахнелі, пэўна ж. То лепш не варушыць.

Пра тых самых вусатых самоў дзецям асабліва цікава слухаць, і нехта з іх, канешне ж, сам марыць злавіць такую рыбіну. Во было б дзівосаў! А дзед Аўгей адно ўсміхаецца:

-Кот у мяне быў, Васька. У мяне ўсе каты Ваські. І гэты таксама. Прыношу я, значыць, сома, за парогам яго адразу ж плюх на падлогу, а Васька як шухне з хаты, толькі і бачылі яго! Не паверыце – тры дні антыхрыста не было, а тады вымерхаўся і прыцёгся, доўга тое месца, дзе рыбіна ляжала, даследваў: нюх-нюх-нюх. Нарэшце супакоўся: нічога падазронага, значыць.

Дзеці смяюцца: ім падабаецца, што кот Васька спалохаўся вусатага сома. Яны б, канешне, ніколі!..

-Вось што, сябры мае, - сабраў неяк дзятву стары.- Будзем укараняць у жыццё маю рацпрапанову. Бачу, не ведаеце, што гэта такое і з чым яе ядуць, рацпрапанову гэтую?

- Не, не ведаем,- шчыра прызнаўся Сашка.

- Даведаецеся, але не адразу. Усяму свой час. Каб укараніць маю рацпрапанову, сябры мае, для гэтага падтрэбна: дошка невялікіх памераў, два слупкі , цвікі. Яшчэ малаток. Цвікі і дошка ў мяне ёсць.

-Малаток я прынясу,- паабяцаў Лёнька.

-А я магу цвікі, - сказаў Сашка.

-Дошку бяру на сябе, якраз такая маецца ў мяне, - акінуў дзятву позіркам дзед Аўгей. – Пагабляваная, чысценькая… так што не для каго-небудзь будзем рабіць нештачка, а для сябе. Вось як.

- Што ж задумаў на гэты раз стары?

-Ну, а слупкі адпілім ад бярвенца, ніяк у лесе жывём,- сказаў Аўгей. – Піла ў мяне вострая. Так што пасля абеду чакаю вас каля сваёй хаты. Падсілкуйцеся – і да мяне, жэўжыкі!..

Так і зрабілі. Схадзілі ў лес, здабылі два слупкі. Парадак. Сашка быў з малатком, Лёнька з цвікамі, а Юрку, паколькі ён усяго-наўсяго Вуллянін унук і жыве ў горадзе і нічога не прынёс, дзед перадаў сваю дошку:

-Каб і ты быў заняты. Трымай. А цяпер, сябры, курс на рэчку, прамым ходам да Канаўскага вірка, дзе дужа шмат тлустых акунёў. Задача зразумела?

- Зразумела! – у адзін голас адказалі дзеці.

На стромкім беразе ракі спыніліся. Хоць і няблізка было ісці, у Юраські ажно чуб прыліп да лба, аднак ніхто і выгляду не падаў, што стаміліся.

Толькі тут, на беразе, успомнілі, што забыліся рыдлёўку.

- Ці трэба ж, га! - першы агледзеў пра свой промах сам дзед Аўгей. - Галоўны інструмент – і забыліся!.. Не, не такая памяць ужо у дзеда. Хаця і вы, жэўжыкі, маглі здагадацца, навошта слупкі, дошка… Значыць, капаць трэба будзе. Але я нікога школіць не буду і дакараць сябе таксама не стану, бо што зроблена, тое і маем. Папрокамі справу з месца не зрушыш. Хто скокне за рыдлёўкай?

Пажадаў збегаць за ёй Лёнька. Згэцаў хутка – на адной назе. А тады і пачалося! Нехта капаў яму, нехта ставіў у яе слупок., нехта прысыпаў зямліцай… Калі на два слупкі, што тырчэлі з зямлі, паклалі дошку, цвікі забіваў Сашка. Яго малаток, нічога не паробіш. А паколькі цвікі прынёс Лёнька, то і ён адзін цвік забіў. Хоць мог бы забіць і два, але ў малога, як пажартаваў пад дружны рогат дзед Аўгей, рукі крывыя - у бок глядзяць, таму цвік гнецца і гнецца, а ў дошку лезці не хоча.

- І кашы больш еш, - параіў яму стары. – З малаком. А лепш з кавалкам сала.

А калі работа была скончана, стары хітра паглядзеў на дзяцей, папытаў:

- Ну, дык і што ж у нас атрымалася, сябры мае?

-Лавачка…

-Лавачка.

- Лавачка!

-Правільна. Дазвольце дзеду першаму на яе сесці?

-Дазваляем!

Лавачка атрымалася на ўсе сто. Дзед Аўгей апрабаваў яе, паёрзаў нават, а тады дазволіў пасядзець на лавачцы па чарзе кожнаму.

-Добрую справу мы сёння з вамі зрабілі, - сказаў дзед Аўгей.- Заўтра ранічкай я прыбуду сюды з вудай, сяду і буду сачыць за паплаўком. Як міністр буду сядзець. А то ж ужо ногі не тыя, як-ні-як: старасць, браткі, старасць. І Ціт можа пасядзець на лаве. А больш, здаецца, і рыбакоў такіх у нас няма?

- А мы, дзед? – нецярпліва паглядзеў на старога Сашка.

- Вы? – усміхнуўся дзед Аўгей.- Ды за вамі куды ўжо нам, старым? Нягож, і вы…Як толькі ногі стомяцца, то – калі ласка! Толькі калі ж яны ў вас, жэўжыкі, стомяцца? Я ўжо, пэўна, і не засведчу…

… Назаўтра бераг рэчкі быў усыпаны рыбакамі. Сашка, Лёнька і Юрка стаялі паводдаль адзін ад аднаго, а пасярод іх важка сядзеў на лавачцы дзед Аўгей і сачыў за паплаўком. Не адзін сядзеў стары – з катом Васькам. З лавы і яму, ласаму да рыбы. добра бачны паплавок…

А хацелася б хутчэй убачыць і рыбку!


ПЧАЛА


Як гэта нярэдка было і раней, каля хаты дзеда Аўгея сабраліся хлапчукі. Стаяла лета, зялёнае і спякотнае. Стары сядзеў на лаве. Ён ужо не курыў, пазбавіўся нарэшце ад гэтай атруты. Тут і дзеці паспрыялі, не сакрэт: асабліва касавурыўся на дым Вуллянін унук Юрка; калі дзед пыхкаў сваім самасадам, той нават стаяў крыху паводдаль: які нясмачны гэты дым, ну яго! Таму, каб заняць рукі, стары выразаў складанчыкам нешта з драўлянай крывулькі, а што атрымаецца, тады, казаў, пабачыце. Не ўсё адразу. Зацікавіў. Чарговая дробязь нейкая, не інакш, а прывабіў дзятву і на гэты раз. Дзед мастак такое рабіць.

І ў гэты самы адказны момант, калі ў руках дзеда Аўгея пачало нешта вымалёўвацца, падобнае на зайчыка ці нават на дзіка з вострымі ікламі, узняў нямаведама які лямант Юраська, - хоць вушы затуляй. Каб жа хоць крычаў, але ж так тупацеў яшчэ і нагамі, што можна нават было падумаць, быццам яго хто адлупцаваў. Яшчэ ж: ён, не перастаючы крычаць і тупацець нагамі, цёр то адно вуха, то другое. Усе, вядома ж, насцярожыліся, глядзяць на сябрука і нічога не разумеюць.

Першы знайшоўся дзед Аўгей, стары стары, але адразу ж апынуўся каля малога, глядзіць таму ў вочы:

- Што з табой, Юрка, а?

-Пчала…пчала…- па-ранейшаму румзаў малы, - у гэтае вуха ўляцела… у гэтае выляцела…

- І ты сам бачыў? – пытае дзед.

-Ага. Бачыў…

Справа сур’ёная, гэта ўсе разумеюць, а больш за астатніх – дзед Аўгей. Трэба ратаваць малога. Паколькі ў хлопчыка два вухі, як і ў кожнага чалавека, то ўсё становіцца на сваё месца… Не было зразумелым толькі адно: як гэта пчала можа ў адно вуха ўляцець, а ў другое – выляцець? Не, не можа быць такога. А ў Юраські, бачце, менавіта усё так. Дзівосы! Хаця з адным вухам нешта і здарылася – недарэмна цёр яго хлопчык: яно, як цеста ў дзяжы, на вачах большала, расло.

-Усё зразумела,- узяўся за справу дзед Аўгей: прыклаў нават да вуха медную капейку.- Выратуем. Не дадзім памерці. Медны пятак – якраз сымае пухліну і суцішае боль. Меней баліць вуха, Юрка?

-Ага.

- Ну, вось!..

Тым часам стары паказаў Сашку на маленькую чорненькую кропачку, што была на самай мочцы Юраськавага вуха.

- Джала, яго трэба выцягнуць і тады Юраську адразу палягчэе, не будзе так балець. Хаця яму ўжо і не баліць так, як раней. Юрка ў нас герой, малайчына. Мяне гэтыя пчолы уго колькі разоў кусалі! Не злічыць. І нічога, і не памёр, як бачыце. Ну, ну, Сашка, не марудзь: прыцэлься – і р-раз!..

Хлапчукі спярша вельмі спачувалі Юраську, а тады адзін хто гляне на яго вуха, і пырскне смехам, астатнія ж падтрымліваюць. Спрабуе ўсміхнуцца і сам Юраська, але ў яго гэта не надта атрымліваецца: усміхнешся тут пасля такога перапалоху!..

- Якая шкодная пчала! Не, каб на дзеда накінуцца ці на Сашку, дык яна выбрала самага малога.- Спачуваў Юраську стары.- А хочаш, мы яе, шкодніцу, зараз знойдзем?

-Хачу,- пагаджаецца Юраська, і калі ён ківаў галавой, хлапчукі баяліся, каб яго вялікае, як грыб чага, вуха не адарвалася і не шлёпнулася прама перад імі вобзем: цяжкае, мусіць, яно, ажно адвісла вунь.

- Шукай-ма, хлопцы, пчалу!

Загад паступіў, трэба выконваць. Тым больш, што і сам дзед Аўгей не сядзеў, склаўшы рукі: ён быў наперадзе – як сапраўдны камандзір.

Некалькі пчолак сядзелі на кветках канюшыны, збіралі нектар.

- Тваёй тут, хлопча, няма, - упэўнна сказаў дзед Аўгей. – Пайшлі далей.

Сашка пацікавіўся:

- Адкуль ты, дзед, ведаеш, што яго пчалы тут няма? Ты ж не бачыў яе. Ды і ўсе пчолы падобныя, як дзве кроплі вады.

- А потым скажу! – хітра ўсміхнуўся стары.

Колькі не знаходзілі пчол, якія сядзелі на кветках ці пераляталі з месца на месца , дзед адмоўна ківаў сваёй лысай галавой:

-Не, не яна.

У хлапчукоў ажно рукі апусціліся: усё не яна ды не яна! Калі ж будзе – яна? Дурыць дзед, не інакш. Але ж, ведаючы яго, хлапчкі нядоўга адчайваліся. Калі што гаворыць дзед, так, пэўна, і ёсць. Каму ж яшчэ верыць, калі не дзеду Аўгею?

- А вось гэта яна! – нарэшце радуецца стары.—Бачыце, ляжыць на траўцы? Гэта Юраськава пчала, факт!..

Цяпер хлапчукі яшчэ больш здзівіліся: гэта ж нежывая пчала, як яна магла цапнуць Юрку?

-Таму яна і нежывая, што ўкусіла малога,- патлумачыў дзед. – Тут ёсць адзін сакрэт, дзеці: пчала, згубіўшы сваё джала, амаль адразу ж памірае…

Дзеці маўчалі. Пакуль яны асэнсоўвалі пачутае, Юраська захлімкаў.

-Ты чаго гэта, Юрка? – ўсе адразу павярнуліся да Юркі, а папытаў за ўсіх дзед Аўгей.

Юраська яшчэ больш захлімкаў, прызнаўся:

-Пчалу шкада…

Дзед Аўгей прытуліў малога да сябе, пяшчотна пагладзіў яго па галаве:

- Нічога, нічога… А за тое, што пчалу пашкадаваў, хоць яна табе і балюча зрабіла, пахваліць мушу сябе: дзед Аўгей умее сяброў выбіраць. Не памыліўся я, калі і з табой пасябраваў… Харошы ты чалавек, Юрка!..


ГАСЦІНЕЦ


Калі верыць дзеду Аўгею, то ўсё так і было. Выглянуў ён ранічкай на агарод, каб нашчыкаць цыбулі, а каля хлеўчука стаіць буслік і насцярожана-самотна пазірае на старога. Дзед, убачыўшу птушку, спярша разгубіўся, а потым перавёў дых, усміхнуўся і сказаў:

- Прывітанне, ці што, бацян?

Буслік стаяў нерухома, а калі чалавек паспрабаваў наблізіцца да яго, хацеў узмахнуць крыламі, аднак гэта ў яго не атрымалася - адно крыло,левае, не паслухалася, і тады ён адышоў ад старога на ўсялякі выпадак падалей: ці мала што можна чакаць ад гэтага дзеда? Вунь які вусаты! Каб жа ён, буслік, ведаў, хто такі дзед Аўгей, то, вядома ж, не рабіў бы гэтага. Але адкуль яму было ведаць? Не, лепш падалей ад бяды... Хопіць, што нацярпеўся ўжо ад адной такой сустрэчы з чалавекам: цяпер вось і рабі што хочаш, і жыві, не прыдумаеш як. Бяда, адным словам. Мама з татам паляцелі ў вырай, а як ён можа паляцець, калі крыло паранена? Бацькі яго, мусіць жа, і параілі ісці яму да людзей, каб не прапасці, мусіць жа і сказалі: людзі цябе накормяць і вылечаць. Буслік паслухаўся. А больш яму і не заставалася чаго рабіць.

Птушкі народжаны больш лётаць, чым хадзіць. Іншы раз ім даводзіцца рабіць тое, што менш за ўсё патрэбна. Таму і буслік вымушаны быў прытупаць да падворку дзеда Аўгея, паколькі той быў бліжэй ад буслянкі, што месцілася ўжо каторы год на старым драўляным тэлеграфным слупе, які адзінока стаяў каля чыгункі: яго не сталі прыбіраць людзі, пакінулі, бо бачылі ж, што на ім штогод жывуць буслы: нельга пазбаўляць птушак іхняй хаткі.

Дзед Аўгей абрадаваўся госцю, схадзіў у хату і вынес яму ласунак - размарожаную рыбіну, якую купіў у краме і збіраўся прыгатаваць для сябе юшку, аднак што ж паробіш, калі атрымалася такая вось непрадбачлівая сітуацыя: перш за ўсё, трэба выручаць бусліка, бо яшчэ невядома, ці ёў ён што сёння, а мо і ўчора-пазаўчора, а што тычыць сябе, то ён знойдзе і без юшкі, чым падсілкавацца. Паколькі буслік баяўся людзей, паводзіў сябе надзвычай асцярожна, то дзед Аўгей спярша паказаў птушцы рыбіну, а потым паклаў яе адразу за веснічкамі, а сам выглянуў на вуліцу. Дзе там яго сябры? Ці не відаць? Трэба ім пахваліцца сваім госцем. Абавязкова. У старога ад сяброў таямніц няма. Ага, вунь і Юрка, Вуллянін унук, якраз шыбуе. Дзед Аўгей паклікаў яго, падаў, як даросламу, руку, а тады папрасіў, каб той неадкладна наказаў Петрыку, Лёньку і Сашку, што ён чакае іх каля свайго двара.

- Сюрпрыз у мяне для вас маецца, хлопцы, - як заўсёды, загадкава паглядзеў на Юрку стары. - Бяжы, кліч іх да мяне, Юрка. Цікава будзе. Не пашкадуеце. Яшчэ і дзякуй, можа, скажаце за мой чарговы для вас сюрпрыз.

- Я хутка, дзед Аўгей! - паабяцаў Юрка і паімчаў усцяж вуліцы.

Юрка імгненна выканаў просьбу дзеда Аўгея, і неўзабаве хлапчукі асцярожна, не падаючы голасу, ішлі за ім па падворку да шчылінкі, - у дошцы якраз выпаў сучок, - і таму добра быў бачны праз яе буслік.

- Толькі ціха, не спужайце, - паўшэптам папярэдзіў дзед Аўгей. - Дазваляю кожнаму ў дзірачку паглядзець на бусліка, не больш. Няхай рыбіну з’есці замест мяне. Так-так, сваю аддаў. Ці есці ён яе там, а? Мо грэбуе? Гляньце там...

Лёнька ўхітрыўся першым прыпасці да дзірачкі ў дошцы, таму паведаміў:

- Не, здаецца? Так стаіць... Не есці...

- Дазвольце мне! - папрасіў дзед Аўгей, каб яго прапусцілі бліжэй да паркана, а калі паглядзеў у дзірачку, весела адзначыў: - Была рыбка! З’еў! Ну, і на здароў’е!..

Паназіраўшы за буслікам, выйшлі на вуліцу. Стары сеў на сваё законнае месца на лаве - пасярод - а яго з двух бакоў абляпілі хлапчукі.

- Ну, што будзем рабіць, сябры? - першым парушыў маўчанне дзед Аўгей. - Спярша, канешне, нам трэба прыдумаць, як назваць бусліка.

- А няхай будзе проста Буслік? - прапанаваў Петрык.

- Я згодны! - падтрымаў Сашка.

Ну, калі і Сашка пагадзіўся, то нічога не заставалася рабіць Юрку і Лёніку: Сашка - аўтарытэт. Але што скажа дзед Аўгей? Ён сказаў:

- Прымаецца. Так, пойдзем далей, сябры. Буслы любяць жаб і рыбу. З жабамі пачакае наш Буслік, мы іх лавіць не ўмеем, а вось рыбу для яго давядзецца нам вудзіць на сажалцы. Згодны?

Ён, дзед Аўгей, яшчэ і пытае!

Уго колькі рыбы кожны дзень прыносілі Бусліку хлапчукі! Нават дзед Аўгей юшку гатаваў для сябе і смажыў колькі разоў. А сам тады, ласуючыся, жартаваў:

- Дзякуючы яму, Бусліку, і я сыты.

Буслік неўзабаве асвойтаўся на паселішчы дзеда Аўгея, пасмялеў, абцёрся, і калі прыходзілі хлапчукі з рыбой, то ён ужо не баяўся іх, а смела браў пачастунак з рук хлапчукоў. Яны ледзь не біліся - кожны стараўся першым пачаставаць Бусліка.

Пазней дзед Аўгей забядаваў:

- Усё гэта добра, сябры мае... Але ж жнівень заканчваецца, школа блізка... разляціцеся вы па сваіх гарадскіх кватэрах, а як нам быць з Буслікам, не параіце? Сашка, ты, як старэйшы, даведайся там, у горадзе, ці прымаюць дзе такіх вялікіх птушак, як наш Буслік? Бачыце, падрос як, крыло зажыло, лётаць спрабуе... Але ж куды ён паляціць перад зімой? Ды і дзе ж я яму рыбы набяруся? Акром таго, у маім хлеўчыку Бусліку, мусіць жа, холадна будзе? Пацікаўся там, у горадзе, Сашка, мо ёсць дзе які-небудзь прытулак для такіх бедалаг, як наш Буслік?

Сашка паабяцаў пацікавіцца.

- І я магу таксама, - сказаў Юрка.

- І я, - шмыгнуў носам Петрык.

Дзед Аўгей пахваліў хлапчукоў, а потым паклаў руку на плячо Лёніка:

- Паколькі мы з Лёнікам сталыя вясковыя жахары, то ў горадзе можаце жыць спакойна: Бусліка ў крыўду не дадзім. Так, Лёнік?

- Ага!

Увосень, калі пажаўцела на дрэвах лісце і пачало, нібы на парашуціках, падаць долу, каля хаты дзеда Аўгея спыніўся легкавік. З яго выйшлі два чалавекі ў вайсковай форме, павіталіся са старым, а потым той, які назваўся супрацоўнікам міністэрства па надзвычайных сітуацыях, папрасіў:

- Ну, паказвайце нам свайго госця.

- Паказаць можна, але ж... - стары занерваўся, замітусіўся, не ведаў, куды падзець рукі, пакруціў галавой, - але ж...ага... - вытрымаўшы паўзу, ён гучна сказаў:- Ды прывык я да Бусліка, прывык! Верыце?

- Верым, - спакойна сказаў супрацоўнік міністэрства. - І дзякуй вам вялікі, што не пакінулі ў бядзе птушку.

Дзед Аўгей прыняў падзяку, але заўважыў:

- І хлопцаў, сяброў маіх, у тым заслуга. Так і запішыце. Сашкі, Юркі і Петрыка, якія вам тэлефанавалі, і Лёніка. Для мяне аднаго такой пахвалы зашмат.

-Так-так, і хлопцам дзякуй! - знайшоўся супрацоўнік міністэрства.- А бусла перададзім у царкву архістрыціга Міхаіла: там у яго птушынае царства.

Буслік доўга глядзеў сумнымі вочкамі праз шкло легкавіка на дзеда, да якога таксама моцна прывязаўся, і стары не вытрымаў, пусціў слязу. Лёнік таксама хлімкаў.

Узімку прыехалі на выхадныя ў вёску Сашка, Петрык і Юрка. Першай справай прыбеглі праведаць дзеда Аўгея. Адразу ўспомнілі, вядома ж, пра Бусліка.

- Мы яго наведваем, яму там добра, - хваліўся Сашка.- Ён вам, між іншым, нават прывітанне перадае...

- Ну, ну, жартаўнікі, - усміхнуўся дзед Аўгей. - А вось я яму і сапраўды прывітанне перадам. - Стары вынес з кладоўкі торбачку. - Рыба тут. Яе мы з Лёнікам налавілі. Думаеце, у шапку спалі, пра Бусліка не думалі? Каб жа не так. Яшчэ як думалі. Прабілі пельку ў лёдзе, закінулі вуду, і парадак!.. Трымай, Сашка, гасцінец для Бусліка. Ад усіх нас. І вось яшчэ што, сябры мае: хутка ж вясна, вернуцца з выраю бацькі Бусліка, яны будуць чакаць сустрэчы з ім... Трэба ж будзе неяк наладзіць ім сустрэчу, а? Родныя ж яны душы, птушкі гэтыя... Як і людзі. Цягнуцца, пэўна ж, свае да сваіх... Пастарайцеся, хлопцы, там, у горадзе... Прывезці б Бусліка да бацькоў... каб тыя хоць глянулі на яго... каб пераканаліся, што людзі ў бядзе не пакінулі, прыгарнулі да сябе, абагрэлі... Ну, дык як?

Сябрукі паабяцалі дзеду Аўгею выканаць ягоную просьбу.

А гасцінец спадабаўся Бусліку. Ён з’еў колькі рыбін, а потым, пачасаўшы дзюбу аб пяр’ё, адышоў ўбок - каб і іншыя птушкі, што жывуць побач з ім, пачаставаліся.

Калі гасцінец ад добрых людзей, то яго ўсім хопіць.


Загрузка...