НАРОД

Проста ў космас імчым

Ці праполваем градкі,

На футболе крычым

Для нервовай разрадкі,

Ладзім новы завод,

Каб там сталь забурліла.

Мы — народ. Мы — народ.

Мы — галоўная сіла.

Косім луг па расе.

Крочым штольняю цеснай.

Помнім, хоць i не ўсе,

Сваіх прадзедаў песні.

Плачам, сціснуўшы рот,

Ля бацькоўскіх магілаў.

Мы — народ. Мы — народ.

Мы — галоўная сіла.

Мы — граніт і метал.

Мы — пяшчота і ласка.

Мы — разгневаны шквал.

Мы — дзіцячая казка.

Мы — алмазная грань.

Зорных дзён узыходы.

Не зблудзі. Не адстань.

Стань часцінкай народа.


* * *

Я хацеў бы пражыць на зямлі

Так, як бацька з дзедам жылі.

Я хацеў бы зямлю разумець,

Да работы ахвоту мець,

Есці чэсна здабыты хлеб,

Бачыць радасць у кожным доме.

А калі спатыкнуцца, дык лепш

Спатыкнуцца аб сонечны промень.


ЛЕНІНСКІЯ СЛОВЫ

Калі спяваюць трубы аб паходзе

І грозны вецер валіць напавал,

Мы да цябе салдатамі прыходзім,

Гарачых слоў бяссонны арсенал.

І змрочныя яснеюць краявіды.

І люты вораг нікне на вачах.

Я, як ружжо з вайсковай піраміды,

Бяру ў дарогу словы Ільіча.


МАЯ ЗЯМЛЯ

Твае пралескі не завянуць.

Ідзі шляхамі новымі,

Мая зямля, мая славянка

З вачамі васільковымі.

Заўсёды пець тваім цымбалам.

Мне ў іх бяссмерце верыцца.

Ты над вайны дзевятым валам

Свае пранесла ветразі.

Цябе ламалі i тапталі,

Цябе жалезам нішчылі.

Крывёй сыноўняй адпалала

Зара твая агністая.

Імчаць удаль твае машыны,

Шумяць лясы высокія,

Гудуць над морам канюшыны

Чмялі залатавокія.

Капаеш соль.

Пампуеш нафту.

Станкоў гартуеш мускулы.

Даеш крылатым касманаўтам

Імёны беларускія.

Хай вечары твае і ранкі

Цвітуць красой вясноваю,

Мая зямля, мая славянка

З вачамі васільковымі.


* * *

Лясы — снегавыя палацы.

Палі — палатняны сувой.

Зіма — мая хросная маці,

Бо я нарадзіўся зімой.

І матчына сэрца балела.

І горкія слёзы цяклі:

«Завеі...

А дроў ні палена.

Замерзне, напэўна, малы...

Завеі...

А бацька на фронце.

Ці вернецца ён у сяло?

Не ўбачым, сыночак, мы сонца —

Снягамі яго замяло».

Ні разу не злётаўшы ў вырай,

Я ціха б, як птушка, сканаў,

Калі б не было брыгадзіра,

Што даў нам у дровы каня.

Калі б не маўклівы той дзядзька,

Што гэтыя дровы прывёз.

Усім ім вялікае дзякуй

За тое, што я не замёрз.

Я рос паміж снегу і дыму,

Нязломлены лютасцю зім.

Мяне адагрэла Радзіма

Пад сэрцам вялікім сваім.


ЭСКІЗЫ ПЕРАМОГІ

Галодны, паранены, босы,

Ідзе салдат ледзь жывы.

Фашысцкія кулі, як восы,

Далётваюць да Масквы.

Згарэла матчына хата.

Вадой не напоіць рака.

Кароткі век у салдата —

На даўжыню штыка.


* * *

Цягнуўся з плугам трафейны конь,

Мух адганяў хвастом-абрубкам.

Запальвала маці ў печы агонь,

Мяне, малога, ўзяўшы на рукі.

Ад гордых салютаў грымела Масква.

Сякерай бацька грукаў, стараўся.

Кроквы ўставалі, як літары «А»,—

Новых дзён алфавіт пачынаўся.


КАРОВА

Было ўсё гэта. Несціхана

Вайна грымела i гула.

Карова з рогам абламаным

Ішла па вуліцы сяла.

Пагрозна ляскаючы стрэльбай,

Каб страх схаваць, схаваць адчай,

За ёю следам, узмакрэлы,

Панура плёўся паліцай.

Ішла сумотная карова

Пад капяжамі весніх стрэх.

Ішла для мясанарыхтовак

У фашыстоўскі чорны рэйх.

І без спачынку, без спачынку

Я на прыгадвала з тугой,

Як хлопчык з хвораю дзяўчынкай

Яе даілі раніцой.

Як дзень пачаўся громам, гулам.

І смерць прыносіў гэты гром.

І як яна хвастом змахнула

Шчарбаты кубак з малаком.

Памерла маці. Бацька ў лесе.

А дзецям ласкі ніадкуль.

Сляпнямі злымі думкі лезлі,

Былі страшней смяротных куль.

І быў на цэлым белым свеце

Адзіны крык, што слепіць зрок,

Адзіны стогн: «Даруйце, дзеці...»

І слёзы падалі ў пясок.


МАРШ МІРУ Ў МІНСКУ

Не хоча ніхто, каб сірэны завылі,

Каб сонца плыло ў маскхалаце.

Давайце з'яднаемся, людзі,

і вырвем

Атамны меч у вар'ятаў.

Хай чыстымі будуць экватар i полюс.

Хай кветкі буяюць па пояс.

Хай зоркі прыходзяць

з глыбіняў Сусвету,

Каб глянуць на нашу планету.


* * *

Ты за кратамі, Клаўс Барб'е.

Не схавалі джунглі цябе.

Што ж сівой галавой панік?

Што сумуеш, «ліёнскі мяснік» ?

Ты ў палоне турэмных сцен,

Дзе крывёй захлынаўся Мулен*,

Дзе грымеў твайго смеху гром,

Дзе ты катам быў i суддзём.

На сцяну ты з жахам глядзіш.

Там — Мулен, як крывавы крыж,

Нават сёння, праз сорак гадоў,

З гордых вуснаў капае кроў.

Ты яму галаву разбіваў,

Ты пазногці яму здзіраў.

Не дрыжы. Ён не ўдарыць цябе.

Мёртвы ён.

Ты жывы, Барб'е.

Нібы куля, сляза з-пад павек.

Што ж калоцішся, «звышчалавек»?

Даганяла помста цябе

І дагнала, Клаус Барб'е.

Б'ецца ў вокны раніца зноў,

І ад сонечных прамянёў,

Як сава, ты хаваеш твар...

Над табою — цені ахвяр.

* Жан Мулен — герой французскага Руху Супраціўлення, закатаваны ў гестапа.


* * *

Над Беларуссю воблакі крылатыя

Бялеюцца над космасам лугоў,

Нібы з вайны вяртаюцца дамоў

Параненыя, ўсе ў бінтах, салдаты.

Над Беларуссю — гром бяссонных крыг,

Над ёй — буслы i пушчаў калыханка.

Вясновых кропляў звонкаю марзянкай

Зямля склікае ўсіх дзяцей сваіх.


* * *

Навальніца адгрукацела...

Там, дзе быў сямейны парог,—

Курганкі абгарэлай цэглы

У баку ад вялікіх дарог.

I адтуль, на ўвесь свет шырокі,

Праз палі, лугі i лясы,

Як дзіцячае сумнае вока,

Ціха ззяе кропля расы.


* * *

Срэбра хваляў... Вольхі лісце...

Рэчка Вольса, рэчка Вольса,

Раскажы мне, як калісьці

Бацька мой ішоў у войска.

Малады, у поўдзень летні

Над табой ён прыпыніўся,

Шапку зняў, стаў на калені

І вады тваёй напіўся.

Рэчка Вольса, рэчка Вольса,

Я, здаецца, міг той бачу:

Над табой віруюць восы,

Промні сонца ў лузе скачуць.

Твар у бацькі задуменны.

Ён і плача і смяецца.

Цішыня... Вада струменіць

І скрозь пальцы, і скрозь сэрца.


* * *

Сарамлівых люблю.

Іх усмешкі, як дзікія кветкі.

Не распусціцца кветка,

Бо сонца пялёсткі апаліць.

Сарамлівых люблю.

Іх усмешкі — балючая памяць

Тых часоў, калі радасць

Была на зямлі яшчэ рэдкай.

Сарамлівых люблю.

Вунь пайшлі.

Вунь ідуць у паўзмроку.

Ім у твары не кіньце абразу

Дуэльнай пальчаткай.

Сарамлівым жывецца

На шумнай зямлі адзінока.

Не прагнаць сарамлівасць

Ні песняю звонкай, ні чаркай.

Як ядро катаржан,

Сарамлівасць да ix прыкавана.

Не ўцячы ад яе

І не крыкнуць ёй голасна: — Хопіць!

Сарамлівых люблю.

Бо яны і нягоды, і раны,

І пакуты дзялілі з усімі

Ў салдацкім акопе.

Прама ў вочы глядзелі

Варожым гарматам i танкам,

Што паўзлі на зямлі,

Як сталёвыя ваўкалакі.

Пад агнём, пад свінцом,

Як адзін, уставалі ў атаку.

Паміралі ад ран.

І саромеліся заплакаць.

Сарамлівых люблю...


СЯБРУ, УДЗЕЛЬНІКУ ВАЙНЫ

Ты — старэйшы, я — малодшы.

Як з табою мы сышліся?

І прашу цябе я: Лёсам

Ты са мною падзяліся.

Падзяліся боем, болем,

Сухаром і строем пешым,

Падзяліся снежным полем

Пад Масквой у сорак першым.

Пад смяротны гуд гарматаў

Прыхілюся да цябе я:

На дваіх — адна граната,

На дваіх — адна надзея.


* * *

Адной планеты дзеці родныя

Якія ўсё-ткі людзі розныя,

Хоць сонца грэе ix адзінае,

У профіль свеціць i ў анфас,

Хоць лічаць тысячы гадзіннікаў

Для ўсіх адзін i той жа час.


УЛАДЗІВАСТОК

Ёсць горад на ўскрайку

Савецкай зямлі.

Туды сваю радасць

Нясуць караблі.

Там рэжа граніт

Акіяна лязо.

Там чуюцца крокі

Сяргея Лазо.

Той горад — матрос.

Той горад — рыбак.

З пякучаю соллю

На юных губах.

У сэрцах адважных

Грукоча заўжды

Горка-салёная

Памяць вады.

Там ноччу

У бухту прыводзіць Нептун

Празрыстыя цені

Фрэгатаў і шхун.

І чайка на скалах

Свой ладзіць куток.

І хвалі спяваюць

«Уладзівасток».

Я быў там,

Я жыў на яго скразняку.

І я акіяну

Паціснуў руку.

І я зразумеў

Пад удары штармоў,

Што цяжка,

Што нельга пражыць без сяброў.

Хай стомай свінцовай

Напоўніцца дзень,

Я ў сопках жыцця

Адшукаю жэньшэнь,

Бо моцнай рукой

Мне махае здалёк

Мой брат i настаўнік

Уладзівасток.


АРМЯНСКІ АЛФАВІТ

Жыві ў вяках, армянскі алфавіт.

Люблю цябе, хоць сам я — сын кірыліцы.

Няхай нябёсы над табой раскрыляцца.

Бяссмертным будзь, армянскі алфавіт.

Цябе знішчалі орды янычар,

Ды пеў ты песню мужную і гордую.

Люблю тваю душу высакагорную,

Іду за ёю да вяршынь, да хмар.

Аб сталь тваю крышыліся мячы.

Сляпая цемра гаўкала і рыкала.

Ты ўсім нам служыш доказам і прыкладам,

Як памяць продкаў трэба берагчы.

Ты для вяселляў і магільных пліт,

Для буквара і пацалунка першага.

Ты ў сноп адзін

звязаў калоссі спелыя,

Армян з'яднаў, армянскі алфавіт.

Ля гор тваіх стаю, як неафіт.

Над горнаю зямлёй сузор'е свеціцца.

Будзь яркім, як Вялікая Мядзведзіца,

Свяці ў вяках, армянскі алфавіт.


ЭСТОНІЯ

Тыну Отсу

Тут не любяць парывістых жэстаў,

Не ганяюць слязу па шчацэ.

У краю нетаропкіх эстаў

Нетаропка гаворка цячэ.

Не сутуліць Вышгарад плечы,

Хоць стагоддзі стаяць за спіной.

Ты не бачыў сярэднявечча?

Вось яно. Дакраніся рукой.

Яшчэ дымам пахнуць байніцы.

На халодны гранітны парог

Прылятае i падае ніцма

Вецер, сын акіянскіх дарог.

Валуны... Балоты... I крыўды...

Мох цярпення на шэрай сцяне...

«Дзе пасееш нас, там мы i ўзыдзем»,—

Кажа талінскі сябра мне.

Налягала на плечы змора,

З поля грукаўся ў хаты няўрод,

Ды жыве каля звонкага мора

Валуновы гранітны народ.

Ноч... Па вулках брыдзем нерухомых..

Флюгер месяца ў небе згас...

I стары задуменны Томас

Пазірае з-пад хмары на нас.


ГАРАДЖАНКА

Гараджаначка, гараджанка...

На тралейбусе зімнім ранкам,

Там, дзе едзе процьма народу,

Ты спяшаешся на работу.

Я такую б хацеў мець сястрою.

Кім працуеш ты: медсястрою?

Кранаўшчыцай? Швачкай? Ткачыхай?

Вецер зімні, у твар не дыхай.

Тваім лёгкім рукам пакорны

І метал задымлены, чорны,

І рыдлёўка, i цэгла, i плазма,

І дзіцячая светлая пасма.

Гараджаначка, гараджанка,

Лес не скацерка-самабранка.

Муж зап'е — не ў гуморы, не ў форме,—

І сям'ю на зарплату корміш

Ад палучкі i да палучкі.

Беларускі — не беларучкі!

І Паўлінка ты i Прадслава.

Як ты можаш расказваць цікава,

Як смяешся ты, як спяваеш,

Як пра крыўды свае забываеш!

Нам цябе б сустракаць у вальсе,

А не з ломам цяжкім на асфальце.

Ды мы возьмем той лом. Мы павінны!

A іначай мы не мужчыны.

Гараджаначка, гараджанка...

Плавіць сэрца вачэй маланка.


ДОЙЛІД

Як у сваё прызванне вера,

Як чысты голас з нематы,

Прысніцца Эйфелева вежа

Ці ленінградскія масты.

І ты, такі усхваляваны,

Пад зорным мроістым дажджом

Стаіш, як непабудаваны,

I невядомы людзям дом.

За прыгажосцю ў край няблізкі

Імчыш. На Марс ляцець гатоў!

А пад нагою камень Мінска,

Якому тысяча гадоў.


* * *

Мой горад, ты не змружыш воч,

Не спіш, маўклівы, чуйны, строгі.

Зноў уразаецца у ноч

Машына «хуткай дапамогі».

Ляціць святло турботных фар.

I ў тым святле — трывога века.

Гадай: інсульт або інфаркт

Зваліў знячэўку чалавека.

Хто быў ён? Што ён сёння сніў —

Сцяжынку ў лесе? Мора кветак?

Хоць слоўца цёплае шапні

Ты чалавеку напаследак.


* * *

Ідзе павольны снегапад

Над белаю зямлёю.

Мой снегапад, мой белы брат,

Вазьмі мяне з сабою.

Мы паплывем у ціхі край.

Мы там свой сум утопім,

Дзе адгарэў асенні гай

I снег ляжыць, як попел.

Там заяц з цішыні палёў

Імчыць, ласун рахманы.

Ён ланцужком сваіх слядоў

Да страху прыкаваны.

Там лёд блішчыць. Там лес шуміць,

Затоена i глуха.

Там праз імглу мы будзем плыць

На крыллях завірухі.

Я ўбачу родную зямлю,

Зімовую, начную.

Чым я жыву, што я люблю,

Як запавет, адчую.

Паміж каменных гарадоў,

Паміж палёў скалелых

Я ўбачу край сваіх дзядоў,

Зажураны i белы.


ЗЯМЛЯ КУПАЛЫ

Тут Ён прайшоў.

Тут промні скачуць

На хвалях рэк. Цвітуць сады.

Няма слядоў.

Ды сэрца бачыць

Паэта вечныя сляды.

Пясок жаўтлявы. Пыл дарожны.

Сустрэчны вецер. Дождж і золь.

Зямля, прайсціся асцярожна

Па гэтых сцежках нам дазволь!

Нашэпча сонечныя словы,

Змарнеламу акрыліць дух

Дарога ручаёў вясновых,

Дарога зімніх завірух.

Маланка ў дуб з нябёсаў цэліць,

Рыхтуе свой агністы ўдар.

Тут Ён прайшоў.

Іван Луцэвіч.

Купала. Песні валадар.

І ў лузе плакала жалейка.

І на знядоленай зямлі

Драўляны век i век жалезны

Адною каляёй ішлі.

У сіле гордай і ў бяссіллі,

З кіёчкам простым у руках,

Па песню людзі тут хадзілі,

Ды песні Ён акрэсліў шлях.

Сцяжынкамі і бальшакамі

Ён крочыў праз імглу гадоў.

Ён песні крылы даў i памяць,

Каб помніла сваё гняздо.

Паклон табе, зямля Купалы!

Хай паліць сэрца твой агонь:

Зялёны ліст і ліст апалы.

Ручай.

На лузе вольны белы конь.

Пакрыўджаная ветрам ліпа.

Туману ціхі табунок.

І навальніца, што гняўліва

Маланкай жыхкае здалёк.

Паклон табе, зямля Купалы!

І радасць ты, і светлы сум.

Зямля вячыстая, як мала

Мы ведаем тваю красу...

Зямля Купалы... Зоркі ў высях...

Хто духам, сэрцам малады,

Ідзі па ёй.

І апячыся

Аб нашых прадзедаў сляды.

І, нібы кропля акіяну,

Аддай усю сваю любоў

Зямлі адважных партызанаў,

Зямлі адважных песняроў.

Будзь сынам ёй, надзейным сынам.

Хай боль яе табе баліць.

...А ў лузе млее канюшына.

І просіць кнігаўка папіць.

І так прывольна, так прасторна!

Лье сонца чырвань на палі.

Здаецца, раздзімаюць горны

За небасхілам кавалі.

І замірае спелы колас.

І хлебароднаю парой

Гучыць, ляціць Купалаў голас

Над гэтай вечнаю зямлёй.


* * *

Maix дзядоў сялянскія імёны —

Язэп, Марцін, Давыд, Кандрат, Якуб —

Вы з далечы плывеце заімглёнай,

Каб зноў крануцца нечых душ i губ.

Вас не шануюць у сталічных загсах,

Ды і ў вясковых вышлі вы з цаны.

А вас насілі, мушу я прызнацца,

Майго народу лепшыя сыны.

Мы ў космасе суровым пабывалі.

Мы новых дзён узводзім вечны зруб.

Мы сеялі, спявалі, будавалі.

Прабачце мне, што вас не ўшанавалі,

Язэп, Марцін, Давыд, Кандрат, Якуб.


* * *

Не чуеце роднага грому?

Не кліча сцежка дадому

У светлыя ветлыя ранкі?

Пішыце на эсперанта.

Не помніце бор вячысты?

Мілей, чым блакіт наш чысты,

Нябёсаў заморскіх транты?

Пішыце на эсперанта.

І спадчынаю вам будзе

Не дождж, што прыроду будзіць

І зерне сее глыбока,

А толькі цень ад аблокаў.


ДРЫГАВІЧЫ

Аляксею Пятрухну

Дрыгавічы — лясныя людзі.

Сыны вады. Сыны зары.

Шляхоў назад мне больш не будзе —

Я тут кідаю якары.

Бяжыць рака ў трыснёг зялёны.

Бліскоча месяц уначы.

То позірк ваш, пагляд бяссонны,

Дрыгавічы.

На сцежках веку навальнічных

Я чую ваш зазыўны кліч,

Бо я дзіця лясоў, язычнік,

Бо я таксама дрыгавіч.

Назло захопніку — забойцу

Вы ўмелі родны край любіць,

І сеяць хлеб, і ладзіць борці,

І на дубовым чоўне плыць.

Калі ж было чужынцу мала

Зямлі, паветра і вады,

Сцяной нязломнай вы ўздымалі

Свае чырвоныя шчыты.

Дрыгва ваш след не праглынула.

Мы чуем вашы галасы,

Калі з гарачым свістам, гулам

Віхор суровы гне лясы.

Калі ж метал зазвоніць строга,

Палезе звер у родны кут,

Мы вас паклічам на падмогу

І вы адкажаце: «Мы тут!»

Няхай удалеч дні імчацца —

З крыніцы вашай будзем піць.

Бярозка, як дрыгавічанка,

Над той крыніцаю стаіць.


ПОСТАЦІ ГІСТОРЫІ АЙЧЫННАЙ

Не кліч, не кліч —

мне ўдалеч добра крочыцца,

Аддамся я шляхам, вытокам, нетрам,

Бо мне ў душу стагоддзяў глянуць

хочацца,

Нібы ў акно, расчыненае ветрам.

Да вас іду, адважныя, палеглыя.

І разам з вамі за народ свой б'юся.

І праз усе нягоды i адлегласці

Нам свецяць вочы роднай Беларусі.

Вячка. 1224 год

Дзядзінец дагарае.

Прабіў сцяну таран.

Князь Вячка памірае

Ад ран.

Смяюцца мечаносцы:

— Здыхай, славянскі пёс!

Не ўбачыш болей ноч ты

І дзень у ззянні рос.

Глядзі: агонь віхурыць...

Смыліць, пячэ — няўсцерп!

Мы знішчым горад Юр'еў,

Збудуем горад Дэрпт.

Мы пройдзем лесам, полем,

Смерць несучы i боль.

Мы спалім горад Полацк.

На попел кінем соль.

Ты бой прайграў. На трупах

Сваіх людзей ляжыш.

Пад неба сіні купал.

Плыве тэўтонскі крыж.

Hi ліваў i ні селаў*

He ўбачыш больш сляпы.

Ты жыта ў полі сеяў.

Мы сеем чарапы.

Дзядзінец дагарае.

Скрышыў сцяну таран.

Князь Вячка памірае

Ад ран.

Пральецца хмара-плачка

Слязінкай дажджавой.

Але не плача Вячка,

Смяецца мужны вой:

«Сын Полацка не стане

Аб літасці прасіць.

Умеюць палачане

Заморскіх птушак біць.

З-за мора, совы-госці,

Вы прыляцелі ўсе.

І ў мора вашы косці

Паводка панясе.

Прыблудам-ліхадзеям

Славян не зацугляць.

Мы будзем жыта сеяць,

Спяваць, жанчын кахаць.

Ваш меч не пацалую.

Цалую васілёк...»

Пацалаваўшы кветку,

На попел Вячка лёг.

Сканаў. I ў тыя ж хвілі,

Трывогі вестуны,

На Полацкай Сафіі

Ускрыкнулі званы.

...За векам век згарае.

Зірні ў начны блакіт —

Вунь маладзік над гаем,

Як князя Вячкі шчыт.

* Лівы, селы — прыбалтыйскія плямёны, якія ў пачатку XIII стагоддзя сумесна з Полацкім княствам змагаліся супроць агрэсіі рыцараў-мечаносцаў.

Лышчынскі.

1689 год

У вочы прыродзе

Гляджу i пытаю:

Адкуль мы прыходзім?

Куды мы знікаем?

Гэй, ксёндз, пакажы

(Хоць сёння будзь шчыры)

Прытулак душы

У нябесным эфіры.

Дзе рай за латы?

Дзе спеў херувімскі?

Не пойдзе туды

Бязбожнік Лышчынскі.

Не прагну ярма,

Салодкай няволі,

Бо раю няма

І бога тым болей.

Няма мне ў той бок

Hi сцежкі, ні броду.

Адзіны мой бог —

Зямная прырода.

Каб здрадзіў я ёй,

Ніхто не прымусіць.

Прыродзе адной

Над плахай малюся.

Усё. Родны брат

Па веры, па богу,

Язык вырве кат,

Шпурне на дарогу.

Сыноўні паклон

Зямлі беларусаў.

Іду я ў агонь.

Іду. Не скаруся.

Вецер. 1744 год

Аб шчаку завіруха трэцца.

Снежны лес у халодным сне.

Я — мядзведзь з чалавечым сэрцам.

На шматкі рвуць сабакі мяне.

Ад пажараў быў ранак буры.

Радзівіл перамог ізноў.

Нас зашылі ў мядзведжыя шкуры,

Нацкавалі на нас ганчакоў.

Так, сябры, мы звяры, мы мядзведзі.

Хочаш, рэж нас. Хочаш, страляй.

Ды на нашай спіне не заедзе

Радзівіл у свой панскі рай.

Мы сказалі панам: «Даволі!

Хопіць з жылаў вяроўкі віць!»

Падзяліліся хлебам-соллю,

Птушку волі пайшлі лавіць.

Не злавілі. Далёка птушка.

Толькі пер'е пагладзіць змаглі.

Але мару нішто не патушыць

Аб свабоднай мужыцкай зямлі.

У чырвоны снег асядаю.

Крок зрабіць не хапае сіл.

Беларусь, за цябе памірае

Верны сын твой, Вецер Васіль.

Я — мядзведзь. Я вясёлы, вясёлы...

Вулей мёду цягну на спіне.

Я — мядзведзь. Ды кусаюць не пчолы,

А жаўнерскія кулі мяне.

Грынявіцкі. 1881 год

Агнём палае рана...

Крывёй дыміцца брук...

На новага тырана

Выходзіць новы Брут.

Не размінуцца болей —

Шлях скрыжаваўся ваш,

Баец «Народнай волі»

І царскі экіпаж.

Ты любіш рэчак буйства

Ды рэкі пад iльдом.

А дзесьці ля Бабруйска

Сумуе бацькаў дом.

Там светлым птушкам віцца.

Там юных сноў міраж.

Чакае Грынявіцкі...

Грукоча экіпаж...

Крывавых і агідных,

Ты змёў бы ўсіх цароў.

Ды ў ненавіснай гідры

Занадта шмат галоў.

На край, тыранствам скуты,

Яны наводзяць жах.

Полымя з атрутай

У іх стальных вачах.

Душу распалавіняць.

Загоняць у труну.

Ды з тых галоў павінен

Ты ссекчы хоць адну.

І з бомбай смертаноснай

(Загіну, а ссяку!)

Ўздымаеш пад нябёсы

Няўмольную руку.

Чарвякоў. 1922 год

Чуеш: метал пяе i гудзе.

Праз прахадную завода

Стараста Усебеларускі ідзе,

Ідзе да свайго народа.

Кажа:

«Волю здабыў беларус.

Каб вольнымі быць навечна,

Трэба з'яднацца ў адзіны Саюз,

Саюз Рэспублік Савецкіх.

Домам Братэрства ўздымецца ён —

Не Вавілонскаю вежай,—

Злучыць сэрцаў нашых агонь,

Земляў нашых бязмежжа.

Разам з Масквой не збаімся нягод,

Рушым у шлях перуновы».

І адказаў беларускі народ:

«Верым табе, Чарвякову!»

Чуеш: метал пяе i гудзе.

Бачыш: вясна расцвітае.

Гэта ў яснотныя далі ідзе

Наша зямля маладая.

Не, ты не згубішся ў громе вякоў,

Ты не загінеш, наш краю,—

Цені вялікіх адважных сыноў

Неба тваё ахінаюць.


ПАЧАТАК

Прысвячаецца Якубу Коласу

Не трэба хмельных чарак.

Хай згінуць сум i злосць.

Ёсць права на пачатак,

На выбар права ёсць.

Маўчыш, паэт, сумуеш.

Пяро баіцца рук.

Ты, як страла, якую

Пускае веку лук.

Ад зайздрасці пацее

Чарнільны крыхабор —

Куды страла пацэліць?

На чый багаты двор?

А ты паўз двор той. Міма.

Ты — ўдаль на поўны лёт.

Там — вецер. Там — Радзіма.

Там — поле. Там — народ.

Там у нятленным слове

Нямых вякоў давер.

І ты на роднай мове

Напішаш першы верш.


* * *

Пішу, чакаю пахвалы.

Ды, пэўна, нешчаслівы я,

Бо пахвалу вязуць валы,

Марудныя, санлівыя.

І покуль тая пахвала

Мне будзе перададзена,

Я з-за пісьмовага стала

Адпраўлюся да прадзедаў.

Ну што ж? Не першы я такі.

Прэч фіміям ваш, крытыкі!

Няхай жывуць мацерыкі

Ніколі не адкрытыя!


АБ ЛІТАРАТУРНЫХ ПАКАЛЕННЯХ

Нібы агню пакланенне —

Размовы аб пакаленнях.

Паэт і празаік горды

Лучацца ўсе ў кагорты,

Узрост пад графу падводзяць,

Па сэрцах мяжу праводзяць.

Усё і рашуча і тлумна.

І вельмі мне сёння сумна,

Бо я між тых пакаленняў,

Нібыта мох між бярвенняў.

У тое — гадоў не хапае.

У тое — сусед не пускае.

Куды маёй песні дзецца

І ля каго ёй сагрэцца,

Сціплай, не дужа звонкай,

Ля Голуба, ля Зуёнка?

Як пушчы адной карэнне,

Будзь жа адно пакаленне!

Тое, дзе сэрцаў гарэнне,

Тое, дзе праўдзе служэнне.

Метрыкам вершы не вераць.

Навошта пра ўзрост ім ведаць?

Любоўю, аддадзенай свету,

Узрост вымяраюць паэты.


ПАМЯЦІ КІНААКЦЕРА ПЯТРА АЛЕЙНІКАВА

Зажыве журба, як рана.

Зробіцца зусім маленькаю.

Зноў смяешся ты з экрана,

Пётр Мартынавіч Алейнікаў.

He, няпраўду той гаворыць,

Б'е аб стол рукамі дужымі,

Што жыццё кінаакцёраў

Гладкі шлях, усланы ружамі.

Будзе май, абед на траўцы,

І сябры, i трубы медныя.

Ды няпраўда, ды няпраўда,

Што жыццё — кінакамедыя.

У душу, у сэрца нетры

Зноў нацэлены юпітэры.

І стаіць пад зімнім ветрам

Чалавек у тонкім світэры.

Ён спявае. Ён смяецца.

Плача ён. Скрозь сон ускрыквае.

Перад векам

сваё сэрца

Па кавалачку

адшчыквае.


ОДА ЦВЯРОЗАСЦІ

Якое шчасце быць цвярозым,

Самім сабою быць.

За добры смех, за ясны розум

Людзей любіць.

Я піў віно. Піў часта, многа.

Браў радасць напавер.

Душу кіпцюрыла трывога,

Як чорны звер.

Я піў віно. Крычаў вітанні

Гульбе, а не сяўбе.

І ў каханай, у кахання

Краў сам сябе.

Віно і зрок і мозг патушыць.

І вось я зразумеў:

Няма на свеце п'яных птушак

І п'яных дрэў.

Ні траўкі п'янай i ні плода

Зямля не сцерпіць, не!

Глядзіць цвярозая прырода

У вочы мне.


* * *

Прыснілася мне сёння —

Стаім з табою мы

На белым эшафоце

Бязлітаснай зімы.

Мароз пятлю накінуў

На горла ручая,

Ды я кажу: «Не бойся,

Каханая мая».

У шчыліну між хмараў

Я рукі працягну —

Сонца! Дзе ты, сонца?

Дай свайго агню!


* * *

Было, было душы свячэнне.

Быў рай на ўсёй зямлі.

І мы з табой супроць цячэння,

Як караблі, плылі.

Былі, былі зайздросніц плёткі.

Была душы

мішэнь.

Скажы,

чаму такі кароткі

Кахання ясны дзень?

Вясновай песні не разбудзіш.

Яе не заспяваць.

Скажы,

чаму так любяць людзі

Каханне руйнаваць?

Чаму жадаюць з нецярпеннем

Прабоін

караблю,

Анёлу беламу

падзення

На чорную зямлю?


* * *

Выпі свой кубак з сябрамі,

Цешся апошнім цяплом,

Восень ужо над барамі

Жоўтым махнула крылом.

Глянь: жураўліныя струны

Плачуць над золлю дарог.

Быў я шчаслівы i юны,

Ды маладосць не збярог.

Студзіць над полем бясконцым

Птушак бяздомных сям'ю.

Вып'ем за добрае сонца,

Што асвятляла зямлю.

Сцежкі зямныя пакіну —

І аднаго папрашу —

Хай пацалунак жанчыны

Зробіць бяссмертнай душу.


СНЯЖЫНКІ НАД АГНЁМ

Сняжынкі над агнём —

Бяскрыўдныя істоты.

На вас зімовым днём

Я пазіраў употай.

Ляцелі з неба вы

Зіхотка і няспынна,

Ды вецер верхавы

У полымя вас кінуў.

Прывыклі вы здавён

Разбельваць лес i поле,

Але ўзяло ў палон

Чырвонае вуголле.

Гудзе наўкол зіма.

Усё ў сцюдзёнай белі.

А вас няма, няма,

Вы ў полымі згарэлі.

Свой чалавечы дом

Будую. Ўвысь імкнуся.

І сам сабе здаюся

Сняжынкай над агнём.

Грыміць злавесны гром,

Рыхтуе смерць i мукі.

Няўжо каханай рукі —

Сняжынкі над агнём?

Хто ж сонечным крылом

Нас ад бяды атуліць?

Не стань, зямля-матуля,

Сняжынкай над агнём.

Хачу іскрысты снег

Суцішваць у далоні.

Хачу дзіцячы смех

I заўтра чуць i сёння.

Хачу кахаць, спяваць,

Верш сеяць на паперу.

Унукаў дачакаць

I злётаць на Венеру.

Віруй, жыццё! Сцялі

Імклівых дзён сцяжынкі.

Не бомбы, a сняжынкі

Хай б'юцца ў скронь Зямлі.


ЖАНЧЫНА

Ты вядзеш мяне ўдалячынь.

Ты — дарогі першапрычына.

Я не веру ў нябесных багінь,

У цябе я веру, жанчына.

Веру тайны тваёй лясам,

Веру слёз тваіх акіяну.

Рана ты i гаючы бальзам,

Што ліецца на рану.

Не прад громам (не страшны гром!)

Прад табой я падаю ніцма.

Я хадзіў бы ў шкуры, з кап'ём,

Каб не ты, чараўніца.

Я сціскаю тваю далонь.

О маленькай далоні сіла!

Помніш — ты запаліла агонь,

Змрок вякоў асвяціла.

І калі панясе на спакой

Маё сэрца касмічны вецер,

Прамяністай сваёй душой

Мне дарогу асвеціш.


КАХАННЕ

Ты пачакай мяне, пастой.

Я ў вечны змрок пайду з табой.

Эпітафія на старадаўняй магіле

Каханне, з намі ты i ў нас.

Нязгаснай зоркай ты гарыш.

Што прад табой бясконцы час,

I цемра, i смяротны крыж?

У небе месяц — згоды знак.

I шэпча дзеўчыне юнак:

«Ты пачакай мяне, пастой.

На танец я пайду з табой».

Мінецца дзень... Мінецца век...

I скажа той жа чалавек:

«Ты пачакай мяне, пастой.

Я ў вечны змрок пайду з табой».


* * *

Іду…

Песня спета не ўся,

I сіла ў нагах маладая,

Ды светлага суму раса

На сцежку жьщця асядае.

Іду…

Гора ўмею трываць

і плям не шукаю на сонцы,

А недзе чакае прывал

Таемны, халодны, бясконцы.

Я песні складаю вясне,

Ды помню, што ў восеньскім гудзе

Не будзе, не будзе мяне,

Ніколі, ніколі не будзе.

Ці ўбачу ж свой дом хоць здалёк

У вечнай камандзіроўцы?

І хто за мяне васілёк

Пагладзіць па сіняй галоўцы?


* * *

Я запомню назаўжды

Гэта вечнае імгненне:

Ты выходзіла з вады...

Залаціліся калені...

Ты трымала на руках

Сына нашага малога.

І жыла ў тваіх вачах

Мора сіняга трывога.

Сын і жонка — соль і хлеб!

Я вавек вас не забуду.

Той аглух i той аслеп,

Хто не цэніць гэткіх цудаў.

Сын i жонка — вечны шлях!

Без яго жыццю спыніцца.

Я згару на ўсіх кастрах,

Я памру ва ўсіх цямніцах,

За пякучае крыло

Я схаплю рукой маланку,

Толькі б гэта вось жыло

Ад світанку да світанку:

Толькі б ты ішла з вады,

Залаціліся калені,

I было б ca мной заўжды

Гэта вечнае імгненне.


СЕМНАЦЦАЦІГАДОВАЯ БАЛАДА

Расы незямное трымценне.

Туману бязлітасны дым.

Бягуць на паляну алені

Трубіць аб каханні сваім.

Бягуць на паляну алені

З халоднага змроку лясоў.

І ўсё наваколле святлее

Ад ix маладых галасоў.

У крыку ix радасць i горыч,

Tyгa i глухі неспакой.

А я ўспамінаю твой горад,

Што дрэмле над сіняй ракой.

А я ўспамінаю... На бруку

Зары агнявое крыло.

Блакітны кіёск «Саюздруку».

Халоднае, срэбнае шкло.

Ад шыбінаў дождж рыкашэціць.

Дажджынкі — успышкі камет.

Ты марыш аб нечым пад шэпты

Часопісаў i газет.

I ўся ты — само засмучэнне.

Ды раптам пачуеш здаля:

Бягуць на паляну алені.

Дрыжыць пад нагамі зямля.

Трывожна i холадна стане,

Бы трапіла сэрца ў сіло.

Ты ўспомніш пра наша каханне,

Якое даўно адцвіло.

Ты пойдзеш па мокрай алеі

У сцішаных лісцяў нуду.

I я асцярожным аленем

Дарогу табе перайду.


* * *

Ты заплáчаш, я заплáчу,

Засмяешся — i я вясёлы,

Калі сонца чырвоны мячык

На зялёныя скоціцца долы.

Разам нам сумаваць i смяяцца

I каханне дзяліць назаўсёды.

Пэўна, душы з аднолькавых матрыц

Адлівала калісьці прырода.


* * *

Сяброў шукаю.

Штохвілінна

Тугой сябе гняту.

Сярод асфальту так травінку

Шукаў бы дзікі тур.

Пад валтузню вясновых рэкаў,

Пад шапаценне дрэў

Прыходзіць сум па чалавеку,

Якога не сустрэў.

І песні нашыя i сэрцы

Мы з ім маглі б з'яднаць.

Ён аднадумцам, аднаверцам,

Ён братам мог бы стаць.

І разам (бы ў адным акопе,

Калі — да скроні скронь)

Дзялілі б мы халодны попел

І залаты агонь.


СЦІПЛЫ ЧАЛАВЕК

Які ён быў?

Звычайны. Будзённы.

Цярплівы. Цвярозы. Меў трое дзяцей.

I не любіў здымацца на фоне

Высокіх гор i вялікіх людзей.


* * *

Зноў вясна пратрубіла трывогу,

Колькі промняў і колькі ільдзін!

Вось выходзіць малы на дарогу.

Сто кірункаў, а хлопчык адзін.

Будзе ўсё: сустрэчы, расстанні...

І пад позіркам зорак і хмар

Я хвалююся: кім ты станеш,

Дваццаць першага веку жыхар?

Станеш сейбітам? Станеш паяцам,

Каб крычалі табе: «Рассмяшы»?

У якія ты трапіш пальцы,

Пластылін дзіцячай душы?


СЫНУ

Хочаш вырасці ты, стаць дарослым хутчэй.

Я таксама хачу.

Але ў змроку начэй

Я шапчу: «Не старэй. Не ляці праз гады!

Пакуль ты малады,

я — малады».


* * *

Вазьміце ўсё, што ёсць,—

Нуду залатарунную.

Вярніце маладосць,

Вярніце волю юную.

Вярніце снегу пах,

І лёгенькія саначкі,

І сонца на губах

У маладзенькай Ганначкі.

Тады мы ў свет ішлі

Наіўнымі, зялёнымі.

I рэкі ўсёй зямлі

Былі нам Рубіконамі.

Гарэў крыві пажар.

Мы кпілі над няўдачамі.

Зямны здаваўся шар

Нам валейбольным мячыкам.

Быў кожны малады.

Раздольна песня пелася.

Скажыце ж мне: куды,

Куды ўсё гэта дзелася?

Нас хіліць над адхон

Марозны вецер вечнасці.

Ды ёсць людскі закон

Спагады i сардэчнасці.

У вечнасці раку

Ляцяць секунды кроплямі.

Вазьмі маю руку,

Адважную i цёплую.

Маю руку вазьмі,

І перад далячынямі

Застанемся людзьмі,

Салдатамі, мужчынамі.

Сто бур, як сто плугоў,

Хай шлях наш пераворваюць.

Зямля — гняздо сяброў,

А не балота ворагаў.

Смялей наструнь крыло —

Сустрэнем не авечкамі

Чырвонае святло

На светафоры вечнасці.


ШАХМАТЫ

Уладзіміру Скарынкіну

Забудзем пекла з раем,

Намэнчымся як след

У шахматы гуляем,

Шліфуем інтэлект.

Над дошкаю пярэстай

Камечу бараду,

Штурмую Эверэсты,

Па полюсе іду.

Ах, шахматнае войска,

Строй пешак і сланоў.

Кручок прынадна-востры

Глытаю зноў і зноў.

Я — першы, першы, першы.

Праціўнік, вус грызі.

Я — пешка, пешка, пешка,

Ды рвуся я ў фярзі.

Яшчэ націсну трошкі...

Яшчэ...

Яшчэ...

І ўсё!..

За шахматнаю дошкай

Ідзе гульня ў жыццё.

Тут з ног збіваюць буры,

Тут не змаўкае гром.

Драўляныя фігуры

Напоўнены агнём.

Дзе драму вось такую

Убачыць вы б змаглі?

Тут пешкі трыумфуюць

І плачуць каралі.

Хаджу. Дрыжу. Нямею.

Дам царства за каня.

І раптам разумею,

Што гэта ўсё — гульня.

Так-так! Гульня! Забава.

Касцёр, дзе паляць час.

Якая пешкам справа

Да ўсіх жывых, да нас?

Ды зноў гарцуюць коні.

Грыміць атакі медзь.

Ах шахматы — пагоня

За тым, чаго не мець.

Усё цяжэй удары

I дзён зямных i спраў.

Юнацтва... Сталасць... Старасць...

Няўжо i я прайграў?


* * *

Я паказваю сыну зоркі.

Мы стаім удваіх на балконе.

І над намі шуміць і гамоніць

Вецер неба, бяссонны і золкі.

У маўчанні, у полымі сінім

Праплываюць Сірыус, Вега.

Пра Каперніка, пра Улугбека

Я свайму расказваю сыну.

Цяжка верыць, ды зорны промень,

Што зямлю асвятліў наўкола,

Бачыў гунаў, бачыў манголаў,

Бачыў бітвы ў дыме і громе.

Ён ішоў да Зямлі стагоддзі

Праз касмічнай прасторы пасткі,

Каб да нас на балкон упасці,

Нібы ліст кляновы лагодны.

Пілігрым вышынь неабдымных,

Ён да нас прыляцеў, каб памерці.

Каб пакінуць у нашых сэрцах

Смутак свой па зорнай радзіме.


* * *

Зрадніўшыся навек з палямі жытнімі,

Напіўшыся вады з азёр і рэкаў,

І мы калісьці станем старажытнымі,

Падобнымі на рымлян і на грэкаў.

Імклівымі жылі ці нетаропкімі —

Усе адыдзем.

Трэба так прыродзе!

І скажа археолаг над раскопкамі:

«Вось камень...

Ён з дваццатага стагоддзя».


БУЛЬБА

Як помню я — яна расце

Які ўжо год за нашым хлевам.

Як помню я — яе нідзе

Не называлі каралевай.

Лёс бульбы просты. Накарміць

Сяло і горад бульбе звычна.

У бок яе і не глядзіць

Аматар рэчаў экзатычных.

Хто бачыў, як яна цвіла,

Як ззяла ў росах раніцою?

Яна, як нашая зямля,

Не лезе ў вочы з пахвальбою.

Ды з ёй цяплела сцюжа зім,

Была яна — і ў хаце шчасце.

Я гімн шчэ хлапчуком малым

У гонар бульбы марыў скласці.

Я гэты б гімн вось так пачаў:

Даўным-даўно, ў вяках туманных,

Народ магутны жыў, спяваў

За сінім морам-акіянам.

Насмешнік, вочы працяры.

Глытай, аматар цудаў, слінкі.

Шлях бульбы, як зямля, стары —

З ёй мелі справу самі інкі.

З крутых палёў сплывала ноч,

Успыхваў золак над зямлёю,

І жрэц галоўны

бульбы корч

Кранаў матыкай залатою.

Дарослыя і хлапчукі

Адразу працу пачыналі,

Спляталі з дзікіх траў вянкі

І бульбу ў песнях праслаўлялі.

...Рыпіць мароз на ўсіх шляхах.

Снягамі беляць поле зімы.

А бульбе сніцца у капцах

Яе далёкая радзіма.

І быццам зноў прыходзіць май.

І з кошыка ў сялянскай хаце

Пра невядомы дзіўны край

Яна маёй шаптала маці.


* * *

Атрымалі кватэру?

Віншую.

Свята поўніць вам чаркі віном.

Шмат гасцей.

Толькі госцю адну я

Не сустрэў за святочным сталом.

З ёй мы зведалі смагу і голад,

Дык чаму ж, калі шчасця стае,

Назаўжды ад'язджаючы ў горад,

Пакідаем у вёсцы яе?

Пакідаем і ўсе забываем

Шум лясоў, бляск расы на траве,

Светлы край, дзе за полем, за гаем

Наша родная мова жыве.


* * *

Захлынулася сэрца ад смутку i болю,

Сон прысніўся мне ў ціхай,

утульнай кватэры,

Я пярэдняе дрэва адвечнага бору,

Да якога з пілой падступілі, з сякерай.

Ужо крайнія дрэвы са стогнам упалі.

Тыя дрэвы дзядамі былі мне, бацькамі.

І святлела наўкола ад страшных прагалін.

І віхурыла замець над свежымі пнямі.

О як цяжка быць дрэвам,

разгубленым,

крайнім!

Шчэраць зубы сталёвыя гнеўныя пілы.

І суседзяў няма, каб маглі што параіць.

І няма больш сяброў, каб сабою прыкрылі.

Я стаяў адзінокі i плакаў смалою,

Падаў я, па зямлі сваё голле распростваў.

З крыкам птушкі ляцелі ад мяне,

нада мною,

Каб у іншых лясах будаваць свае гнёзды.


* * *

Я пачынаю ўсё спачатку,

Свой першы крок, свой першы бой.

Я сонца круглую пячатку

Пастаўлю ў небе над зямлёй.

Я пасаджу лясы. Я воды

Напоўню чыстым серабром.

Я ні рабом i ні царом

Быць не жадаю у прыроды.

Я не хачу яе калечыць

Ні ў адзін мах, ні пакрысе.

Хачу прыродзе быць калегам,

Раднёй

па сонцу,

па расе!


* * *

Як выказаць цябе?

Дзе пэндзаль той узяць,

Каб твой партрэт, прырода,

Нашчадкам перадаць?

Я помню хмараў pyx

Над весняю зямлёй,

Я помню, як ля скал

Кіпеў марскі прыбой,

Як падаў першы снег,

Як віўся жоўты ліст,

Як плакаў салавей,

Начных садоў саліст.

Я помню шум дажджу,

Завеі лёгкі крок,

Я помню метэор,

Што рэзаў неба змрок,

Вясёлы свіст шпакоў

І роспач жураўля.

Усё лягло ў душу,

Усё запомніў я.

Ты — вечнасць і свабода,

Ты — бура і спакой.

Калі памрэш, прырода,

Памру і я з табой.


* * *

Частуе лес маркотным гулам.

Будуе луг з дажджу

сцяну.

Зноў восень у душы кранула

Песімістычную струну.

Стаіць з усмешкай сумна-шчырай,

Глядзіць на неба дзед Ягор...

Зноў адлятае сэрца ў вырай,

Але ці вернецца з яго?


* * *

Бялеюць травы ад расы.

У небе хмарам цесна.

Шукае восень адрасы

Лясоў майго маленства.

Яна — дракон. I праглыне

На цёмным небе зоркі.

Яна засыпле вочы мне

Дажджом сляпым i горкім.

Ды тых лясоў ёй не сагнуць

I з памяці не сцерці.

Яны растудь, яны гудуць,

Яны цвітуць у сэрцы!


* * *

У снег па голле дуб залез.

Маўчаць лясныя далягляды.

Хай будзе сёння зімні лес

Маёй вярхоўнаю уладай.

Ні траў, ні красак тут няма.

Пад шклом ільду знямелі воды.

Наўкол зіма, адна зіма,

Як летаргічны сон прыроды.

Тут кожны дзень птушыны хор

Грымеў яшчэ зусім нядаўна.

Цяпер жа лес, як той баксёр,

Баксёр, што трапіў у накдаўн.

Хістаецца ва ўсе бакі,

Ды верыць ён у перамогу —

Ізноў сціскае кулакі,

Ізноў становіцца на ногі.


* * *

А бог вясны прыходзіць босы,

З жалейкай звонкай у руках.

Лугі сінеюць, як нябёсы.

Сузор'і кветак на лугах.

Ручай, нібы дзіця, лапоча.

Бягуць на поўнач халады.

Па чорным полі гулка крочаць

Мільённаногія дажджы.

Звяры і птушкі ў першым класе.

Штурмуюць сонца мурашы.

Спявае вецер. Пачалася

Веснафікацыя душы.

Як добра жыць у дзень вясенні,

Душой адтайваць пакрысе

І адчуваць сябе насеннем,

Што неўзабаве прарасце,

І, скінуўшы з душы трывогу,

Паверыць сонцу i вадзе,

Знайсці адзіную дарогу,

Што ў край бацькоўскі прывядзе.

На небасхіле ўжо маячыць

Зеленакрылы ветразь дрэў.

О дрэвы родныя, я плачу

Ад радасці, што вас сустрэў.

Шумі, звіні, жывое вецце!

Паклон табе, турботны лёс,

За гэты міг, за гром, за вецер,

За вочы мокрыя ад слёз.


* * *

Зноў рухнула сцяна

Глухая, ледзяная.

Усіх людзей вясна

Пад свой шацёр склікае.

Ад шуму дзень аглух.

Б'е вецер капытамі.

Змагання вольны дух

Лунае над палямі.

Зіма (які ўжо раз!)

У цёмны лес збягае.

Там залаты запас

Ільдоў

яна хавае.

Не любіць сонца скнар.

Яго пагляд вясёлы.

Кусаюць промні твар,

Як вогненныя пчолы.

І промень, i ручэй

Вясёлыя, як чэрці.

Здаецца, што яшчэ

Мільён гадоў да смерці.


ПАЛЯВАЯ ДАРОГА

Не закаваная ў бетон

Паміж травы жыве дарога.

На ёй слядоў птушыных многа.

Над ёй калоссяў перазвон.

Тут вецер ходзіць. Ручаёк

Пасля дажджу шуміць нястрога.

І як сярэбраны плужок,

Бяжыць, узорвае дарогу.

Тут кружаць пчолы i чмялі.

Тут нівы дожджык палівае.

Жыве дарога палявая,

Як прадзеды мае жылі.

Пад сонцам дня, пад бляскам зор

Жыве з адкрытаю душою.

Сама, не змогшы стаць шашою,

Выводзіць іншых на прастор.


* * *

Толькі прыпыні на міг дыханне,

Мурашоў пачуеш галасы.

Я люблю грыбное паляванне,

Бор,

сталіцу птушак i расы.

Па імхах ступаю асцярожна,

Цішыні не абрываю ніць.

І рука сціскае востры ножык.

І душа іскрыцца i звініць,

Што мне трэба? Шум лясны. I неба.

І святая радасць адкрыцця.

Зерне я. Мяне чакае глеба,

Дзе павінен уваскрэснуць я.

Кожную травінку прыкмячаю,

Страказы зіхоткае крыло...

Не грыбы я сёння і тут шукаю,

А маленства, што ў лясы пайшло.

Размаўляючы з баравікамі,

З дрэвамі, я ў гэты светлы час

Радасць п'ю маленькімі глыткамі,

Каб пакінуць, людзі, i для вас.


* * *

Таемнае жыццё раслін.

Свет незабруджаны, зялёны.

У ім жывуць свае законы,

Свой лік стагоддзяў і хвілін.

Магчыма, дрэвы і кусты

Пяюць, смяюцца і сумуюць,

Спрадвечны свой хаўрус шануюць

І ў лесе між сабой браты.

А мо ім згоды не стае,

Мо напаткаў ix лёс няўдалы,

І ў ix свае ёсць феадалы

І цемрашалы ёсць свае.


* * *

Куст лазы, як зялёны спрут,

Нетаропка на сцежку выходзіць...

Мне здаецца — я жыў ужо тут

У якімсьці далёкім стагоддзі.

Мне здаецца — я бачыў ужо

Пад злінялага неба блакітам

І вось гэты зацішны лужок,

І вось гэтых чмялёў басавітых.

Быў галодны i стомлены свет.

Мы схаваліся ля вадапою.

І глядзеў я, як мамантаў след

Заліваецца рыжай вадою.


* * *

Ізноў усхліпвае асіна.

Стань ля яе, душой замры —

Чырванакосая дзяўчына

Аб нечым плача ў гушчары.

Ці мо яе пакрыўдзіў вецер?

Ці чалавек яе пракляў?

Ці восеньскі туманны вечар

На плечы рукі ёй паклаў?

Яна заходзіцца ад плачу,

Рыдае. А ў лясным жыцці

І радасць светлую, i ўдачу

І ёй хацелася знайсці.

Пяюць бярозкі-каралеўны.

Балююць сосны. А яна

Вось так i будзе тут, напэўна,

Заўжды адна, заўжды адна.

Хто ёй падорыць суцяшэнне?

Навучыць хто,

як трэба жыць?

Ад макаўкі i да карэння

Залаталістая дрыжыць.

Ідзіце, едзьце за край свету.

Я ж ля асіны настаю.

Я, як завешчана паэту,

Таго, хто плача,

больш люблю.


* * *

Як абрыдлі вы ўсе, міноры!

Плач цішэй, журботная медзь.

Кроў міногі, халоднай міногі

Я не меў i не буду мець.

Той, хто енчыць ад страху штодзённа

Хто баіцца ікаравых крыл,

Мне не сябра — ён кроў чырвоную

На зялёны змяніў хларафіл.


ШКАДАВАННЕ

Не варты чалавека звання

Той, хто не зведаў шкадавання

Да птушкі, што з вышынь блакіту

Была раптоўным стрэлам збіта,

Да зайца ў клетцы, да мядзведзя,

Што ў цырку на вярблюдзе едзе.

Не забывай пра шкадаванне,

Ты, што ідзеш на паляванне

І проста так, не дзеля ежы,

Жывое б'еш, жывое рэжаш.

Адчуй, што бег жыцця кароткі,

Што дрэвы ў лесе — твае продкі,

Убач сястрою роднай рэчку,

І твая стрэльба дасць асечку.

Павер чужой слязе і ране.

Людзьмі нас робіць шкадаванне.


* * *

Няма марсіянскіх каналаў,

Нідзе ix след не відзён.

Сумна i крыўдна сканала

Мара юначых дзён.

Навука сваё даказала,

Убачыла праз туман:

Няма марсіянскіх каналаў,

А значыць, няма марсіян.

А значыць, няма Аэліты,

Няма расы на траве.

Марс, быццам з суму адліты,

У мёртвай прасторы плыве.

Усё там глуха i нема,

Як у нямым кіно.

Падае чорнае неба

На змрочных кратэраў дно.

Люты вецер гуляе,

Вые, ляціць з небыцця.

...Хачу ўявіць — не ўяўляю,

Што можа не быць жыцця.

Напэўна, усё там тараняць

Суровыя ледавікі.

Напэўна, ад ix марсіяне

Схаваліся пад пяскі.

Яны жывуць, не здаюцца,

Жывуць стагоддзе i два.

Яны з-пад пяскоў прарвуцца,

Як ранняй вясной трава.

I сонца ix твары абмые.

I смех запоўніць жытло.

...Іду у прасторы начныя

Пад месячнае святло.

Гляджу, як дрэвы заззялі,

На цені гляджу ад галін,

Падобныя на каналы

Паміж марсіянскіх раўнін.


РАЗМОВА З СЕКВОЯЙ

Цішыня. Двое.

Чалавек i секвоя.

Ч а л а в е к

Зайздрошчу секвоям,

І зайздрасць мая не праходзіць,

Трапечуць над іх галавою

Аж тысячагоддзі.

Зайздрошчу секвоям,

Іх доўгім гадам незлічоным,

Жывуць яны ўволю

Пад небам i сінім i чорным.

З гранітам i багнаю

Ix ваявалі карэнні.

Усё яны бачылі:

Бронзавы век i каменны,

Гісторыі спазмы,

Душылі ix войны i бітвы.

Кару ім апальваў

Таемны касцёр першабытны,

I ноччу i ўранні —

Заўжды яны гутараць з намі.

Да сэрцаў людскіх

Дакранаюцца каранямі.

С е к в о я

Навошта ты прыйшоў сюды?

Скажы хутчэй: з якой нагоды,

Усемагутны, смелы, горды,

Свае пакінуў гарады?

О вечнай вечнасці святло!

Ля каранёў маіх панурых

Вас, беласкурых, чарнаскурых,

Чырванаскурых, шмат прайшло.

О вечнасці маўклівы храм!

Вы ідзіцё сюды, бы дзеці.

Ды аб сакрэтах даўгалецця

Секвоі не раскажуць вам.

Вам бессмяротнымі не стаць.

Прырода вас зляпіла з гліны,

Вы — птушкі на маіх галінах,

Што пад аблокамі шумяць.

Вы — мох ля вечных каранёў.

Наступіць ноч i мох астудзіць.

Дык не чакай ніякіх цудаў.

Спяшайся жыць! Ідзі дамоў.

Ч а л а в е к

Я моўчкі выслухаў цябе.

Цяпер i ты мяне паслухай.

Я не напоўню сэрца скрухай,

Хоць ведаю: мой час праб'е.

Ты толькі бачыла вякі,

Ты толькі збоку назірала,

А ўсю планету сагравала

Цяпло вось гэтае рукі.

Твой лес халодны i пусты.

Не для цябе з бядой змаганне.

Інстынктам самазахавання

Адвагу называеш ты.

Ты лічыш час, як медзякі

І днём i ноччу лічыць скнара.

I для цябе, я знаю,— кара

Твае бязмэтныя вякі.

А я — жыву! А я — жыву!

I ў сваіх справах буду вечным.

Я над табою Шляхам Млечным

Імчу ў галактык сіняву.


* * *

Аб чым сумую i ўздыхаю,

Аб чым я думаю, калі

Халодным снегам замятае

Цёмна-зялёныя палі?

Я думаю пад небам белым,

Што шлях і лёс мы маем свой,

Што стане сейбіт жытам спелым,

Лайдак — балотнаю травой.

Што стрэну, сонцам захмялёны,

Я прадзеда ў цішы палёў.

Знайду яго паміж мільёнаў,

Паміж мільярдаў каласоў.

Паклон табе, далёкі прадзед!

Хоць ты сканаў, ды нас з табой

Заўжды адна яднае радасць,

Заўжды адзін яднае боль.

Абодва любім мы Радзіму,

Яе палеткі i лугі.

На розных мы канцах адзінай

Гіганцкай вольтавай дугі.

Ты ёй не здрадзіў. Я не здраджу.

Во мы заўжды яе сыны,

Ці майскі вецер шчокі гладзіць,

Ці б'юць у сэрца перуны.


* * *

Ізноў надыходзіць хвіліна адчаю,

Бязлітасна лупіць пад дых.

У моры адчаю сяброў прыкмячаю

І ворагаў бачу сваіх.

Вось — вораг.

Між хваляў раз'ятрана-чорных

Ён дасць і вясло і стырно.

Руку ён працягне. Пасадзіць у човен.

У човен, што пойдзе на дно.


* * *

Чытаючы вершы даўнейшых паэтаў,

Душою мацнею, смяюся i плачу,

І разам мінулае з будучым бачу,

Чытаючы вершы даўнейшых паэтаў.

У час, калі зоркі з нябёсаў злятаюць,

Прыходзяць яны да мяне сярод ночы,

Прыходзяць,

садзяцца за стол мой рабочы,

Маўчаць, напаўголаса вершы чытаюць.

Вось гэты паэт з-за кахання спакою

Ніколі не зведаў па ўласнай ахвоце.

Вось гэты пакутваў за шчасце людское

І склаў галаву на крутым эшафоце.

І хочацца сэрцу змагацца i марыць.

І страх скалане:

«Ці не сон усё гэта?»

I чуюцца крокі

на рэках i ў хмарах...

Паэты... Паэты...

Сусветы... Сусветы.


* * *

Страляе хлопчык у ціры.

Чаму гэты хлопчык не я?

Пазначана толькі пункцірам

Сцяжынка яго жыцця.

Страляе хлопчык у ціры.

Ён з племя сапраўдных мужчын!

Шакалы, ільвы i тыгры

Падаюць, як адзін.

Зайздрошчу табе, мой мілы!

Дзе ж тое ружжо мне ўзяць,

Каб беды свае i памылкі

Умомант перастраляць?


* * *

He абмінайце кніжкі паэзіі,

Верце тых кніжак святому агню,

Вы, што па свеце нямала паездзілі,

Вы, што паедзеце ўпершыню.

У паднябессі, у моры пад мачтамі,

У кіпцюрах непралазнай тайгі

Кніжкі паэзіі моваю матчынай

Вам нагадаюць пра край дарагі.

Сэрца разлукай i болем раструшчана.

Сэрцу жывую ваду прынясуць

Кніжкі паэзіі, звонкія птушкі,

Што ў беларускім лесе пяюць.


ЖАРТ

Пішам, брат, няблага ўсе мы.

Ёсць пяро? Бяры. Пішы.

Ах вы, вершыкі, паэмы,—

Піратэхніка душы.

І гараць кастры агніста.

Вогнішчы пад неба б'юць.

Не хапае толькі іскры,

Той, што божаю завуць.


КРЬІТЫКІ

Добрых крытыкаў і злых

Бачыў я аж лішку.

І прыходзіў кожны з іх

Са сваёю лыжкай.

Поліўку, што я зварыў,

Сёрбалі паволі.

Той крычаў: «Перасаліў!»,

Гэты — «Мала солі!»

Той задумліва жаваў

І даваў «накачку»,

Што я слаба ўпаляваў —

Не дзіка, а качку.

Шмат вады з тых дзён сплыло,

Помню ж (смех прызнацца):

Мала паміж іх было

Вегетарыянцаў.


* * *

Амаль усе жыццёвыя ступені

Прайшоўшы па сцязе сваёй зямной,

Разгублена шукаю прымірэння

З самім сабой.

І рады я —

з сумленнем жыў у згодзе,

Не краў, сабакам сена не касіў,

Пісаў,

як мог,

як верыў,

аб народзе

І роднаму народу не хлусіў.


* * *

Навошта жыў на свеце я?

Што я для свету значыў,

Калі пакутуе дзіця,

Калі жанчына плача?

Навошта песні трынкаў я,

Капіруючы салаўя,

А свет не перайначыў?

Што песня?

Толькі гук пусты,

Калі

ўпаўсілы спета,

Калі,

зашыўшыся ў кусты,

Пяюць яе паэты.

А песню ж бралі на франты,

Ёй

расплаўлялі душ ільды.

Нам трэба помніць гэта.

Купалу ў вочы пагляджу,

Адвазе павучуся

I,

як вясноваму дажджу,

Купалу пакланюся.

Яго не ўзяць магіл жарстве.

Ён будзе жыць,

пакуль плыве

Сумленне

Беларусі.


ДУМКІ

Кастрамі думкі гараць, не стынуць,

Трапечуць думкі, як зор праменні.

Давайце ж думаць не прымітыўна,

Давайце думаць праметэйна.


ІСЦІНА

Кліча яна цябе i мяне.

Яна, як маяк, на планеце.

Ісціна не ў віне, не ў вайне.

Ісціна ў нашых дзецях.


* * *

Слоў палахлівых нічым не аздобіць —

Ні ўяўнаю сілай, ні ўяўнаю мужнасцю.

Яны прымаюць мужнасць, як допінг,

Каб потым памерці ад перанапружання


* * *

Ёсць невядомы нехта,

Маленькі нехта ёсць...

З упартасцю ландскнехта

Сваю ён тоіць злосць,

Ён падбірае ключык,

Пляце паклёпаў ніць,

Каб мне зрабіць балюча,

Каб з ног мяне зваліць.

Hi ў лесе, ні ў харомах

Не збегчы ад яго.

Мая няўдача, промах,

Як свята для яго.

Ды хмару ў небе ўкусіць,

Змарнуе ночы, дні —

Я смелы. Не баюся

Мышынай мітусні.


* * *

Прыйдзе час — я назаўжды пакіну

Сіні лес i рыжы смех бурштыну,

Поле, мора, дзікі куст ажыны...

Дык няўжо не стану хоць сняжынкай,

Што пра вечны змрок мой не раскажа,

Што на скронь табе аднойчы ляжа?


* * *

Разумець пачынаў паступова

Вецер, волю, жанчыну, слова.

Хоць, здаецца, іх разумею,

Як хлапчук, перад імі нямею.

Праз вякі, праз баі, без спачыну

Да сваёй мне ісці жанчыны.

Праз граніт маўчання суровы

Да свайго дабірацца слова.

Дык спявай жа мне, вецер строгі,

Песню вечнай вольнай дарогі.


* * *

Фанфараў гром... Кадзільняў дым...

Навошта гэты бляск уяўны?

Не ў славе справа. Справа ў тым,

Каб не пражыць жыццё бясслаўна.


* * *

Галоўнае, каб думаць, мысліць мог

Брунет, бландзін,

маўчальнік ці прамоўца.

Галоўнае, ў нас, людзі,—

гэта мозг.

Няважна, у якой ён упакоўцы.


ЛЯВАНІЯДА

Позна нас перавыхоўваць,

Позна горла перакоўваць.

Мы спяваем так, як можам,

Песняй белы свет трывожым.

Я застануся Лявонам

У сваю зямлю ўлюбёным,

Хоць хваліце вы, хоць лайце,

Хоць на гуслі мне шпурляйце

Золата з усіх шкатулак —

Толькі там душы прытулак,

Дзе чакаюць, i працуюць,

I «Лявоніху» танцуюць.


* * *

Напэўна, час падводзіць вынікі —

Хто што зрабіў, хто як гарэў.

Нямала мы сіропу вылілі.

Няшмат мы пасадзілі дрэў.

Шуміць не пушча Белавежская,

А так — малюсенькі гаёк.

І мы з суровай непазбежнасцю

Жыцця размотваем клубок.

І сэрца горкай думкай раніцца,

Што курс адзін у карабля,

Што больш не прыйдзе наша раніца

I не пачне жыццё з нуля.


* * *

Засынае дом шматпавярховы.

Змрок... Маўчанне...

Толькі я не сплю.

Дзесьці шэпча ў лузе куст лазовы.

Сіні дождж ступае на зямлю.

Точыць мозг бяссонніца ганебна.

І, як добры сон, як светлы храм,

Матчына хачу я ўбачыць неба,

Пакланіцца бацькавым барам.

Толькі там — і вера і збавенне

Ад бяды, што, як сляпы фугас,

Глушыць, валіць, ставіць на калені

Нават самых моцных паміж нас.

Я пабег бы колькі хопіць сілы,

Каб, як талісман сваіх надзей,

Адламаць крышталік небасхілу

І прыціснуць моцна да грудзей.


* * *

Мой збаўца, ты прыйшоў,

Як цішыні апостал.

Люблю начных дажджоў

Глухі таемны поступ.

Усё жывое спіць.

Празрыста, небалесна

Палае сіні спірт

Воблакаў нябесных.

Маўчу, гляджу на ix.

І ў нейкім утрапенні

І мар i сноў былых

Ізноў нясуцца цені.

Праз цемрыва акна,

Дзе шыба срэбна ззяе,

Далёкая вясна

Мяне ізноў гукае.

Іду на кліч вясны,

Сцішаюся за ёю,

I дождж, як сувязны,

Між мною i вясною.


* * *

Дзе вы, хлопцы? Дзе вы, лірыкі?

Не заснулі, не аглухлі вы?

Век дваццаты сам саліруе.

Нас, паэтаў, ён не слухае.

Вельмі ж ён занепакоены,

Век нейтронаў, кібернетыкі,

Што салідна мы асвоілі

Кабінеты, кабінецікі,

Што не ў той мы бок заехалі,

Не на ніву хлебародную,

Во спяваць чамусьці некалі

Песню, веку неабходную.

І пакуль на месцы топчамся,

І пакуль з-за славы лаемся,

Можа, недзе ў нейкім хлопчыку

Песня гэта пачынаецца.


ІКАР

Ён трызніў аб волі, зрабіў сабе крылы.

Палалі агнём небасхілы.

Высокае неба чакала Ікара.

І кара чакала Ікара.

— Куды ты ляціш? Ты ж, напэўна,

заплачаш.

Згараць твае крылы ля сонца.

— Няхай я заплачу, але я пабачу,

Якое яно, наша сонца.

— Вярніся назад.

Ты яшчэ пашкадуеш.

Ты рухнеш з нябёсаў у мора.

— Няхай пашкадую, але я пачую,

Як вольна шуміць наша мора.

I ўзвіўся пад сонца. I крылы расталі

З гаручага мяккага воску.

Юначае сэрца арлы раздзіралі

На скалах бязлітасна вострых.

Багоў не збаяўся...

Згарэў, што камета...

Навошта ж пішу я пра гэта?

Калі з граманосных вышынь уцякаем,

Бяжым, як Піліп у каноплі,

Ікарава сэрца ў сабе забіваем

Па кроплі, па кроплі, па кроплі,

Калі пра агульны наш дом забываем,

А дбаем пра ўласныя кроквы,

Ікарава сэрца ў сабе забіваем

Па кроплі, па кроплі, па кроплі.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Я й сам у грахах,

як у чорнай смале,

Ды лепей хоць сёння памерці,

Чым бачыць:

ляжыць на пісьмовым стале

Ікарава мёртвае сэрца.


* * *

Вабяць далі. Клічуць высі.

Мае сэрца сіл запас.

Не спяшайся. Не спазніся.

Ведай свой і шлях і час.

Глянь: адна з адною поплеч

Кроплі ткуць марскі блакіт.

Будзь жа той нястомнай кропляй,

Што расколвае граніт.

Выпраўляюцца аблокі

У вандроўнае жыццё.

Стань жа воблакам высокім,

Каб убачыць змог усё.

Слоў пустых цурайся дыму.

Сэрцам стрэнь бяды карцеч.

Беражы сваю Радзіму.

Ёй аддай i верш i меч.


* * *

Ударце, гарматы вясны,

Над кожнаю галавою!

Хай стане душа агнявою,

Забудзе халодныя сны.

Палёгку душы прынясе

Начных навальніц грукатанне.

Душу не збянтэжыць пытанне:

«Адкуль мы? Навошта мы ўсе?»

Адкуль мы? З касмічных вышынь,

З глыбінь акіянскіх.

Навошта?

Мы — вечнасці юная пошта.

Мы — заўтрашніх дзён далячынь.

Струна небасхілу, звіні!

З далёкага светлага краю

Двухтысячны год выязджае

На белым, як радасць, кані.


* * *

У сэрца павінна быць тайна.

Я гэта ад сэрца кажу.

Каханнем, крыклівым i тайным,

Не варта падманваць душу.

Каханне жыве непрыкметна,

Як хвалі рачной ускалых.

Каханне жыве для сусвету,

Каханне жыве для дваіх.

Ты — слаўны, прыгожы, вучоны,

І ўсё ж ты — няшчасны, калі

Душы запаведныя зоны

Заснулі, як спяць камяні.

Ламаць будзе лес нас i трэсці,

Але пераможам мы лес.

Каб кветку кахання пранесці

Праз самы пякучы мароз.

У келіху неба крыштальным

Зары маладое віно.

У сэрца павінна быць тайна.

Іначай, навошта яно?


ТАНЦЫ У НЬЮ-ЙОРКУ

Патанцуем у стылі «дыска».

Пад абцасы кінем бяду.

Вунь у п'яніцы нос, як радыска,

Хоць садзі яго на граду.

Патанцуем у стылі «дыска».

Хто сказаў, што ўсё гэта падман?

Вунь снарады ляцяць са свістам —

Нашы хлопцы «вучаць» Ліван.

Патанцуем, амерыканцы.

Прэч адгонім слабасць i страх.

Танцы... Танцы...

А можа, танкі,

Што паўзуць па людскіх чарапах

Патанцуем... Хай плачуць дзеці!

Патанцуем... Страляй, лінкор!

Датанцуемся — на планеце

Танцаваць будзе пыльны віхор.


У ПОЛАЦКУ НАД ПАЛАТОЮ...

Над Палатою, над задатою

Радасць хадзіла разам з бядою.

Тут падпіралі неба мячы.

Тут жылі і жывуць крывічы.

Над Палатою

Стой i маўчы.

Стаю пад вячэрнім ветрам,

Сафія бяссмертна блішчыць,

Сарока з дзесятага веку

Над Палатою трашчыць.

Дрэвы гудуць.

Палаюць аблокі.

Людзі ідуць з вякоў далёкіх,

Праз морак густы

Ззяюць вачамі.

«Хто вы, браты?» —

«Мы — палачане!»

Над Палатою, над залатою

Не адчуваю сябе сіратою.

Смела гляджу я ва ўсе бакі —

Побач вякі i землякі.


* * *

Кітам у акіяне цесна...

У велізарным акіяне

Ідзе нябачнае змаганне

Вады i велізарных целаў.

Дзе ж ратавацца ім ад бедаў?,

І па якой ім плыць дарозе?

І скачуць на шурпаты бераг.

І паміраюць у знямозе.

Ляжаць, нібы тарпеданосцы,

Падбітыя агнём варожым.

І вераць — мы ім дапаможам,

Мы выручым, мы зробім штосьці.

Кітам у акіяне цесна...

Mo слепіць іх паміж блакіту

Вулкан, што знішчыў Атлантыду,

Граніт зрабіўшы мяккім цестам?

Мо смаліць ix агонь глыбінны,

Што ў чэраве зямлі схаваны?

Mo труціць бруд, што ў акіяны

З мацерыкоў цячэ няспынна?

Здаецца б, крыкнуў: «Кіт, не бойся!

Жыві! Плыві! Глядзі на зоры!»

Дык вось ён — пляж...

Самазабойства...

Ляжаць кітоў нямыя горы...

...Я — кіт.

Я жыць хачу на свеце.

Я сын крутой салёнай хвалі.

Хачу, каб штормы бушавалі,

Каб айсбергі пахістваў вецер.

Хачу, каб побач ціха-ціха

Плыла каханая кіціха.

Я — кіт.

Ды жах сціскае горла,

Халодны i незразумелы.

І я сваё шпурляю цела

На пляж пустынны, дзікі, голы.

I сонца выпякае вочы.

I хвост клююць няўседы чайкі.

Чаго ж мой мозг бунтоўны хоча?

Куды ірвецца ён адчайна?

Чаго шукае ён бяссонна —

Свабоды? Радасці? Планктону?

Ляжу i ў акіянскім гудзе

Крычу: «Хутчэй ратуйце, людзі!»

Ляжу... Крывёй бруіцца рана...

Наўкол глухое бездарожжа...

Пачуйце ж крык мой з акіяна —

Хай розум розуму паможа!


* * *

Калі скуе мароз крыніцу

I з ног збівае снегавей,

Умей над пропасцю спыніцца,

Сваю бяду сустрэць умей.

Яна наваліцца знянацку,

Пасее ў сэрцы чорны страх.

Ты станеш папяровай цацкай

У вогненных яе руках.

Ды сонца ўбач праз аблачыны,

Ды помні ў лютай барацьбе,

Што ёсць твой дом, твая жанчына,

Якая верыць у цябе.


* * *

Жаночы позірк, як ручай вясновы.

Яшчэ злуе, упарціцца зіма,

Але змятае ён запоры-сховы

I паратунку ад яго няма.

Я зімнім быў, ды ўжо душа смяецца.

Спяваю я i вершы я пішу,

Як быццам у грудзях заместа сэрца

Падвоблачнага жаўранка нашу.

Быў ледзяным я, снежным быў,

а сёння

Сатканы я з гарачых прамянёў.

Каханая, жаданая, мадонна,

Вясновая, мне не хапае слоў.

Не трэба слоў.

У травах згубім словы.

Шчаку рамонак знобка апячэ.

Жаночы позірк, як ручай вясновы.

Няхай ён вечна у душу цячэ.


* * *

Толькі вясна іскрыста

Зорак запаліць кастры,

Хлопчыкі-гітарысты

Зноў запяюць на двары.

Сто пражыві ці трыста

Доўгіх, як памяць, гадоў,

Хлопчыкі-гітарысты

Пець будуць зноў i зноў.

Недзе, як дзікі голуб,

Месяц спіць у траве.

Ломкі ўзвіваецца голас.

Сэрца каханнем жыве.

Слаўлю чыстых i юных,

Слаўлю вячэрні двор,

Слаўлю вечныя струны,

Вечны сардэчны хор.


КРЫМ

Сонца жоўтая гарошына

Коціцца за Карадаг,

Той, што з профілем Валошына

Падпірае неба дах.

Крым, не першы я адважыўся

Тут спыніцца на начлег.

На тваёй патэльні смажыўся

Генуэзец, скіф і грэк.

Чайка голас выпрабоўвае.

Цэлы век ёй галасіць.

Хваляю белагаловаю

Мора Чорнае шуміць.

Тут, дзе ў шчодрым жніўні месяцы

П'ю віно i ем я сыр,

Ятаганам спіны мецячы,

Гналі ў Турцыю ясыр*.

У кастрах жалеза ўспыхвала.

Апякала твар таўро.

I хлапец, зямляк з-пад Быхава,

Тут шаптаў: «Бывай, Дняпро...»

Сонца свойскае i дзікае...

Горы... Стэпы... Вінаград...

Шчасце на зямлі адзінае,

A няшчасцяў дужа шмат.

Тут жывуць, турботы гонячы.

Тут сплывае сум, як дым.

Ды напомніў мне аб горычы

Нават Крым, салодкі Крым.

* Людзі, якіх узялі ў палон, у рабства.


* * *

Гарыш, нервуешся, працуеш,

Габлюеш найсучасны верш,

Да славы велічна прастуеш.

Калі ж — прызнайся — ты жывеш?

Душа пакрыта гладкім лакам,

Ды стукне вечнасць у акно,

I ўздрыгнеш, бо даўно не плакаў

I не смяяўся ты даўно.


* * *

Мой век — мая трывога,

Маёй сяўбы палі.

Як мала i як многа

Жыву я на зямлі.

Люблю наш сцяг высокі,

І лёгкі крок вясны,

І светлыя аблокі,

І неба без вайны.

Люблю лясное рэха,

Люблю марскі прыліў.

I не хачу, каб Рэйган

Маю зямлю спаліў.

Планета-маці, кропелька

З віроў касмічных рэк,

Не ў попеле, не ў попеле

Запомні гэты век!

Загрузка...