СВАЕ СТАРОНКІ


Да творчай аўтабіяграфіі

Сабраныя пад такою назвай запісы, пачынаючы з 1977 года, друкаваліся ў перыёдыцы, уваходзілі ў мае кнігі, у найстражэй прасеяным мною выглядзе — у трохтомнік «Выбраных твораў».

Тут прапануецца тое з запісаў, што ў пераважнай большасці ў свой час не пабачыла свету з меркаванняў, ад аўтара незалежных.


1956

Работа гэта ці не, няхай сабе невялікая, але добрая, справа ці не, што я сяджу ў глухой нарачанскай вёсцы і, пакуль навокал ідзе барацьба за хлеб, перакладаю яшчэ адну кнігу на мову, якая — згодна меркавання многіх — асуджана самім жыццём на ціхую, натуральную смерць?..

Хочацца верыць, і веру, што справа, якую раблю, патрэбная. Нашу цярплівасць мужыцкую і нашу светлую веру падтрымаў нядаўна Ленін, голас якога ў гэтым пытанні камусьці трэба было хаваць ад народа. Днямі прачытаў «К вопросу о национальностях или об «автономизации» і цяпер, разам з многімі, чакаю пленума ЦК партыі па нацыянальным пытанні, пленума, які, бясспрэчна, павінен быць ленінскім. І гэтае пытанне, гэтая справа запушчана за апошнія гады, як запушчана была сельская гаспадарка.

Рыхтуючы «Избранное», сям-там зняў, выцер «культ асобы» (радасна, што ў мяне яго параўнальна мала!). У запісах — больш, асабліва ў жалобныя дні. І нельга сказаць, што я быў няшчыры тады. Не буду выціраць або вырываць старонкі, прысвечаныя Сталіну. Шкада, што знішчыў іншыя выказванні, спалоханы правакацыйнай балбатнёй «сяброў», калі — у 1949 годзе — перапісваў, прыводзіў у парадак старыя запісы, дзе былі сённяшнія, цвярозыя думкі пра культ асобы, якія знаёмымі, маімі былі ўжо даўно.

У нашым літаратурным асяроддзі пануе атмасфера затхлай абыякавасці да лёсу сябра-пісьменніка, да лёсу літаратуры ў цэлым. Чаго варты быў адкрыты партыйны сход з дакладам Пестрака. Даклад гэты бюро рэдагавала датуль, пакуль у ім не засталіся, як аб'екты нападу, толькі тры чалавекі, якіх хварабліва ненавідзіць дакладчык, па якіх ён з асалодаю патаптаўся... А на тых, каго з даклада бюро «прынцыпова» выкрасліла, толькі бурчэў з аглядкай, не называючы імён, стрымліваючы свой рэвалюцыйны пафас. Большасць маўчала, а некаторыя «ў асноўным згаджаліся з добрым, грунтоўным» дакладам. Броўка з вышыні свайго старшынства напаў на Адамовіча: «Закрэсліванне ўсёй (!) беларускай паэзіі!..» Бо той не пахваліў яго ў адным сваім артыкуле...

Адамовіч піша пра «Крыніцы» Шамякіна, слушна, тактоўна гаворыць пра белетрыстычную павярхоўнасць, якая сапраўды пагражае здольнаму пісьменніку. Хадкевіч невядома з якіх меркаванняў выступае ў абарону Шамякіна. Кіслік хлёстка лупцуе Хадкевіча. Шамякін і Хадкевіч лічаць сябе пакрыўджанымі. А Пестрак з усёй сур'ёзнасцю і тут, і там заяўляе, што цяпер, пасля яго даклада, уздымецца, і вось узнялася «бальшавіцкая прынцыповасць». Нудны, дробязлівы хаас, дзе найвыразней звініць струна: «Не чапайце толькі мяне!»

І ўсё крычым, таксама нудна і пошла, што з кожным новым творам... робім крок наперад у развіцці беларускай літаратуры.

А разумныя, сапраўды таленавітыя людзі стомлена маўчаць.


* * *

Пажылы, сімпатычны капітан «Победы» расказваў у музычным салоне пра наш вакол'еўропны шлях і з тонкім украінскім гумарам па-бацькоўску крытыкаваў пасажырскія непаладкі.

Перад гэтым старая «класная служыцельніца» Гардзееўна расказвала нам з Максімам [1] гісторыю свайго, вельмі нялёгкага, жыцця. Адзін сын, дый той інвалід вайны, адзін унучак, дый таго пакінула маці. З кошыка ў ванным пакоі старая марачка выняла скрыначку ад купленай мною ў дарогу аўтаручкі («это Бореньке») і хатні кавалак галандскага сыру, які пры тутэйшых харчах здаўся мне лішнім. Вучыся, вучыся і дурнем памрэш!.. Я зноў выкінуў той састарэлы сыр, які яна палажыла ў каюце на тумбачцы, а Гардзееўна потым спыталася, куды ён падзеўся і ці можна яго ўзяць... Мы ўжо наеліся, а старая кажа нам:

«Сынкі, глядзіце здароўя, бо як ты здароў, дык ты патрэбен і партыі, і радзіме. А мне вось шэсцьдзесят адзін год, член партыі з дваццаць пятага года, і ўсё працую, каб пракарміць сяк-так сям'ю, каб хоць трошкі падмацавалася пенсія!..»


* * *

Перакладчыца — наша смаленская дзяўчына, былая паланянка, што выйшла замуж за галандскага хлопца, таксама палоннага, і абгаландзілася настолькі, што ўжо на роднай мове гаворыць горш, чым па-галандску, і цыгарэтаў пакурвае з еўрапейскім фасонам. Спачатку трохі насцярожвае тое, што вось чалавек і наш, як кажа, а на радзіму не вяртаецца. А потым аказваецца, што муж вельмі добры чалавек, была маладая, закахалася. Цяпер падала дакументы — «прашуся ў родную краіну, на Смаленшчыну». У Амстэрдаме, калі мы на катэрах плавалі па гавані, паміж магутнымі докамі і караблямі, перакладчыца наша, Марыя Іванаўна, зусім па-галандску перагуквалася са сваім мужам, рабочым, які махаў ёй з натоўпу чумазых сяброў,— быў абедзенны перапынак, і рабочыя глядзелі на караван нашых катэраў. Развітваючыся з намі, смалянка казала: «Да наступнай сустрэчы, таварышы, і не тут, а ў нас, у Савецкім Саюзе...» Перакукуе, відаць, начная зязюля, перацягне свайго галандца да нас.

Словам, складаная справа — жыццё, і добра, што мы ў апошні час пачалі больш цвяроза разбірацца ў яго складанасці. Вось і сюды прыехалі, гуляем па капіталістычным захадзе, не баючыся заразіцца...


1957

Два дні гасцяваў у мяне Федзя Янкоўскі, друг Валодзі Калесніка: чыталі яго кнігу беларускіх прыказак. Прыемна было, што дапамагаю добраму хлопцу ў добрай справе, хоць пасля гэтага дні два стракацела ад прыказак у вачах і ў галаве.

Узяў адрэдагаваць Карпюкоў зборнік, таксама з жаданнем дапамагчы хлопцу выйсці з пэўнага тупіка, у якім яго трымае выдавецтва, а пасля ўвайшоў усмак. Будзе добры пісьменнік, а тым часам, пакуль друкуецца шмат лухты, яго трымаюць у чорным целе.

Тут, у Каралішчавічах, было па-ранейшаму добра. Зрэдку толькі псавала настрой «сабачая філантропія»: развялі столькі сабак, што хапіла б на цэлую вёску, а кормяць іх нашы паны і пані з такой любасцю (маслам ды піражкамі), што сорамна перад простымі людзьмі. Стамляе таксама сыты, часты харч і аднастайнасць вечароў, з картамі і папяросамі. З прыемнасцю вярнуўся дахаты.

...Новая кампанія літаратурных рэваншаў, якія на стары лад прыкрываюцца «ідэйнасцю», ідзе, здаецца, на спад. Нельга ўсё-такі наступаць на варожую, замежную ідэалогію са старымі, аджыўшымі відамі зброі, а тут, у барацьбе з Дудзінцавым і яго сімпатыямі, здорава папахвае той самай «тэорыяй бесканфліктнасці» і лакіроўкай, якія мы апошнім часам так дружна і нават самаахвярна адпявалі. Гэты стары душок даволі выразна чуваць быў і на секцыі, дзе абмяркоўваўся раман Броўкі.


* * *

«Устами младенцев...»

У доме творчасці знялі са сцяны партрэт Сталіна. Застаўся толькі цвік. Насупраць, на другой сцяне,— партрэт Леніна. Пяцігадовая дзяўчынка глядзіць на Ільіча і кажа: — Гэта таварыш Ленін.— Азірнулася на пустую сцяну: — А бываюць і Сталіны.


* * *

Чытаю апавяданні П. Галавача, сумяшчаючы рэдагаванне са знаёмствам з гэтым цікавым, так дзіка і незаслужана выкінутым калісьці з жыцця і з літаратуры, чалавекам і пісьменнікам.

Ледзь не стаў галоўным рэдактарам БДВ. Падкупілі «высокім даверам». А потым гэты давер пахіснуўся: тыя самыя, што ўгаворвалі мяне, перадумалі, параіліся і не асмеліліся на такі незвычайны эксперымент з беспартыйным. Дырэктар Матузаў, «як змыцканы», паведаміў мне пра такое рашэнне «біс». Я пару дзён таксама часткова адчуваў сябе «змыцканым». Як гэта ўсё ж такі несалідна! Нельга сказаць, што я вельмі перажываў: перамагала і радасць вызвалення ад непатрэбнай нагрузкі, і свядомасць, што не я паступіў брыдка, а са мною... Словам — воля і праца зноў мае.


* * *

На футболе (БССР — Бразілія) сядзеў за нямецкай маладзёжнай дэлегацыяй. Гледзячы на гэтую сытую, культурную моладзь, пасланцоў «нашай», дэмакратычнай Германіі, да болю неадчэпна ўспамінаў тых маладых немцаў, якіх у пушчы і на палях расстрэльвалі ўлетку сорак чацвёртага...


* * *

Глядзеў нядаўна ў кіно «Чалкаша» і «Мальву». Крыўдна, балюча і злосць на Горкага за яго адносіны да селяніна, якога вякамі лічылі карміцелем,— адносіны аднабокія, грэблівыя і няправільныя...


* * *

На фоне цудоўнага лета — тоўстыя дачныя задніцы на пляжы, за таўшчыню якіх заплочана вельмі дорага: народны пот, а часамі і кроў. Хацеў бы я памыляцца, але многія з гэтых чарвей столькі карысці і прыносяць чалавецтву, краіне, што пераганяюць хлеб на г., свята ўпэўненыя, што ў гэтым іменна іх вялікая вартасць...


* * *

«Сынок» напіўся, пагнаўся за «любімай» дзяўчынай; яна схавалася ў чужую кватэру; ён стукаўся датуль, пакуль не выйшла на стук паўпад'езда. «Аддайце маю дзяўчыну!..» Старому камуністу: «Ведаем, як вы змагаліся!..» На камсамольскім бюро ў інстытуце апраўдваўся: «Паколькі я нармальны мужчына, а не імпатэнт (19 гадоў), дык я павінен узяць ад жыцця тое, што мне належыцца. Хочаце — выключайце з камсамола: паглядзім, што з гэтага атрымаецца...»

Бацькі гэтага «Пячорына», кожнае па-свойму, тлумачаць, што гэта цяпер такая моладзь, што яна, бедная, не ведае, куды ёй імкнуцца, што яе не «цягне да класікі» і г. д.

Другі такі сынок, апрануты, вядома, па апошняй модзе, напіўшыся, падышоў да міліцэйскай будкі і пачаў салапіць язык паставому, лаяць яго. Той ціха пазваніў сябрам, хлопцы ціха падышлі і «наклеілі» «Пячорыну», колькі ўлезе. Крычаў: «Я буду скардзіцца!..»


* * *

Выйшаўшы з партызанскай пушчы, Ж. К. быў чыстым, наіўным хлопцам. Працаваў рэдактарам райгазеты. На баранавіцкім вакзале паважаны работнік абкома, знаёмы, папрасіў яго апекавацца ў дарозе п'яным сябрам, яшчэ больш важным работнікам. Гэта быў усёмагутны Ф. Р., памочнік сакратара ЦК Гарбунова. У вагоне ён хапаў дзяўчат і жанчын за грудзі, патрабаваў гарэлкі. Дома, у кватэры, загадваў жонцы цалаваць яму рукі, з цесця-калгасніка, што начаваў праездам, садраў коўдру: «Самагону прывёз?!» А хмель прайшоў ужо ў дарозе.


* * *

У Сіняўцы, у Валодзевага [2] хроснага, пакуль смажылася рыба і потым, за чаркай, шмат гаварылі пра партызанскія справы. Павел Арсенавіч [3] са слязьмі ў вачах расказваў, як акружаны атрад сядзеў у забалочаным гушчары, а малы дзіцёнак, галодны, бо ў маці прапала малако, плакаў і нельга яго было супакоіць. Бацька, плачучы, пытаўся: можа, яго... забіць, бо ўсіх выдасць?.. А ўсе абурыліся і пачалі збіраць, што ў каго было — якая крошка для маці на малако малому...


* * *

У вёсцы няма амаль ніводнага без старой або новай мянушкі. Рыгорка П. пазней за ўсіх пайшоў у калгас. Таму, што ён адкалоўся, яго празвалі Ціта (1949 год). Цяпер Ціта рэабілітаваны. Рыгорка таксама стаў калгаснікам, але касцы ўсё роўна кажуць: «Выйшаў і Ціта — пакасіць для апяціта!»

Неяк Ціта і яшчэ адзін вясковы мудрэц, Пеця Б., сустрэліся ў Мінску, у магазіне, вечарам з нейкім, як горда кажа Рыгорка, «работнікам ЦК па паліцічаскай часці». Ён пачаставаў іх чамусьці бутэлькай віна і цукеркамі (400 грамаў), ці нават шакаладам, і раіў заставацца на працу ў Мінску, у якасці рэдакцыйнага «канфіскатара газеты номяр тры, які паследкі чытае газету». «Номяр яго ціліфопа ёсць у мінскім анальфабэце».

Пасля гэтага мудрацы пайшлі начаваць да Колі П., які працуе кладаўшчыком на трактарным. Той сказаў: «Не бойцеся, ён на вас аддаў 18 рублёў, а на службе дапіша да гэтых 18 нуль і палучыць з касы 180!..»

А побач з гэтай ганарлівай цемрай — моладзь, якая працуе і вучыцца ў вячэрняй школе.


* * *

Былы партызан, ненармальна нярослы С., трынаццаць гадоў пасля выхаду з пушчы раптам чамусьці расказаў мужчынам на вячорках пра сям'ю, якую ён калісьці замардаваў, на котлішчы якое, толькі новую хату зрабіўшы, ён жыве. Развітаўся, пайшоў адзін дахаты і ноччу павесіўся ў хляве...


1958

Брыдка мне за той час, калі не быў у партызанах, а ўсё пісаў, вельмі хацеў быць пісьменнікам... А за той, калі сядзеў у «Раздавім фашысцкую гадзіну»? «Заклікаў палкім словам»?..


* * *

Грамадаўскі герой, беларускі пасол у польскім сейме — стары Павел Крынчык многа гадоў адсядзеў у нашых турмах ды лагерах, а цяпер, рэабілітаваны, жыве ў Слоніме, у малой хаціне, трымае казу і ўсё сварыцца з жонкай. Прыехаў у Мінск, «пахлапатаць, каб тэлефон паставілі».

— Навошта ён табе? — пытаецца вясёлы сябар, таксама былы падпольшчык.

— Як навошта? А раптам хто-небудзь пазвоніць?..

Піша, заяўляе, бегае, злуецца...

— Напісалі б вы лепш успаміны,— параіў я яму.

— Правільна, трэба. Але ж няма калі з-за грамадскай работы!..


* * *

Раённы начальнік, падвыпіўшы ў гасцях:

— У мяне будзе толькі той працаваць, хто працуе на мой аўтарытэт. А не — прэч!..

Калі яму запярэчылі — пачаў спасылацца на рэспубліканскія аўтарытэты.


* * *

Ярэмічы. Лета 1941 года. Паліцаі змушалі старую, хворую яўрэйку ўзбірацца на тэлеграфны слуп... Вясковыя хлопцы, што яшчэ ўчора, здаецца, былі звычайнымі, спакойнымі, нявіннымі рабацягамі.

Яўрэйская дзяўчына, што раней вучылася з Колем Б., прыбегла да яго, хаваючыся ад гвалтаўнікоў-паліцаяў.

«Каб яшчэ хто людскі прапанаваў такое, а то... Не, лепш ужо мне памерці!..»


1959

У Ленінградзе праглынуў «Несвоевременные мысли», і Горкі, з яго «памылкамі», стаў мне яшчэ бліжэйшы, больш поўны, жывы і вялікі.


1960

Чаму я з нейкім скепсісам, недаверам, нават як быццам непрыязню адношуся да герояў?.. Сам я не быў ні героем рэвалюцыйнага падполля, ні героем вайны, цяпер таксама вельмі далёкі ад гераізму ў працы. Патрэбна толькі скромнасць, прызнанне праўды за праўду, факта за факт — і ўсё стане на сваё месца. Калісьці я пісаў, здаецца, так: як бы нізка ні трэба было апускацца, шукаючы цвёрдага грунту для фундаменту,— трэба апускацца, бо гэта і глыбіня, і самы надзейны пункт апоры — тая самая скромнасць.

Дом Франка, яго помнік, дзе мы паклалі кветкі. Вянкі на магілы Талаку, Канапніцкая Гаўрылюку, Тудору. Глыбокая сцежка ў свежай белі, па якой мы ішлі доўгім гужам у шчырым, урачыстым маўчанні. Музей украінскага мастацтва (якая цудоўная рэч — «Мама ідзе»!..). Два канцэрты самадзейнасці. Родная мова на вуліцах, у магазінах, у кватэрах. Сустрэчы і знаёмствы з украінскімі пісьменнікамі і навукоўцамі. Усё гэта вельмі хораша гаворыць пра жыццёвую сілу, культуру ўкраінскага народа, пра жывучасць яго мовы, пра вялікія традыцыі, пра непахіснае пачуццё нацыянальнай годнасці, гордасці, якая нават сям-там, у таго-сяго пераходзіць у нацыяналізм...

У нас многа любві да рускай мовы, культуры, моцнае пачуццё братняй і інтэрнацыянальнай дружбы, аднак,— нам варта і трэба было б павучыцца ва ўкраінцаў, як трэба паважаць саміх сябе.

Чытаючы Гандзі, думаў, што не вельмі трэба і абурацца на простых людзей, якія ўпарта, з пакалення ў пакаленне, лічаць працай толькі працу фізічную, што стварае матэрыяльныя вартасці, корміць і адзявае,


* * *

Начаваў у інтэрнаце [4], у сімпатычнага ўсё-такі Алёшы Карпюка. Шасціпавярховы пісьменніцка-студэнцкі бардак, дзе днямі, як расказвалі хлопцы, адзін будучы інжынер чалавечых душ спраўляў «юбілей» — святкаваў пяцісотую перамогу над тымі жанчынамі, што ходзяць сюды жыраваць.

Не дзіва, што сапсуецца, апашлее, апусцее тут не адзін, нават з таленавітых.


* * *

Недалюбліваў я Сіманава, як выскачку, кан'юнктурыста, вяльможу, як чалавека, які крытыкаваў мяне за «Быстранку», не чытаўшы яе, і за іншае недалюбліваў... А вось прачытаў «Живые и мертвые» і пераканаўся, што гэта пісьменнік, што многа чалавеку дае праца і скромнасць, калі да яе вярнуцца...

Здаецца, тып жанчыны — бязлітаснай эгаісткі, што закахана ў самую сябе нават і тады яшчэ, калі ўжо ўся прыгажосць паблекла ды завяла. Досыта пакруціўшы светам, яна села на якар, прысмакталася да добрага, сумленнага і паэтычнага прасцячка, як Т. ці С., якіх я добра ведаю. Пад вечар трэба было ісці на нейкі банкет, што яна вельмі любіць, а тут уранні прыходзіць з вёскі тэлеграма: памерла мужава сястра. І яна не сказала мужу, каб не сарваць вясёлага вечара, з-за чарачкі ды вальсіка, а потым апраўдвалася, што не хацела яго хваляваць... Нядрэнная, вельмі нядрэнная прычына для таго, каб крыкнуць: «Сука!» і разысціся, але ж ён дараваў і нават лічыць яе «верным другам і спадарожнікам жыцця...».


* * *

Дзядзька расказвае пра смаленскіх бежанцаў, што ў галодны пасляваенны год выдатна агітавалі ў Заходняй супраць калгасаў. «А хрысцяцца, браток, да самых каленяў...»


* * *

На сваім месцы быў наш механізатар Топчу, эканаміст Шахбазян і яшчэ сёй-той. А маскоўскія дамачкі ад мастацтвазнаўства і эстрады прыкметна і цярпліва нылі. Увечары, застаўшыся адны, у нумары [5], мы з Піменам [6] ледзь не падохлі з рогату, прыпамінаючы іх мяшчанска-курыны спалох на пункце штучнага абсемянення, і наогул увесь гэты дзень, калі не пусты, дык вельмі рэдзенькі,— з двума бессаромнымі быкамі на фоне акіяна, над якім мы перліся сюды праз многія тысячы кіламетраў. Смех малады, вясковы, ад зямлі.


* * *

У Таронта яны сустрэлі нас ледзь не ў аўтобусе, якім мы прыехалі з Фестывалю, вадзілі-вазілі па горадзе з яго небаскробамі і кітайскім раёнам — у цэнтры, з яго зелянінай, азёрамі, сажалкамі і бясконцымі катэджамі — на ўскраінах. Яны нас — рускія, беларусы і валынцы, што таксама лічаць сябе рускімі, як і беларусы,— прымалі ў сваёй федэрацыі чаркай віна і родным словам. У магазіне савецкай кнігі вельмі прыемна было ўбачыць свае, на рускай мове, і падпісваць іх людзям з нейкім зусім новым, небывалым пачуццём. Мяне тут трохі ведаюць, па «Забалоцце перш за ўсё, можа, таму, што яго перадрукоўвалі ў газеце «Вестник». Цікавыя, сімпатычныя людзі — Акулевіч, Ясны, Краўчук... Быў у Акулевіча дома, у чысценькім катэджыку, дзе нас сустрэла гаспадыня, беларуская яўрэйка. Яна толькі што вярнулася з турысцкай паездкі ў СССР, і іменна тут, за акіянам, своеасабліва прыемна было пачуць ад яе пра Слонім, К ракетку... Познім вечарам знайшлі мы амаль усю нашу групу ў рэжысёра Белая, які толькі што паставіў (па-англійску) «На дне» і рыхтуецца ставіць «Мёртвыя душы». Энглізіраваныя беларусы, дзеці сялян-эмігрантаў — вусаценькі тэнар Цехановіч і яго пружанская Алена, што з беларускай дзяўчынкі стала канадскай артысткай і ледзі з маленькім, зусім ужо англійскім Сашкам.

Наогул, забягаючы наперад, у Палерма, можна сказаць, што вельмі дзіўна, нават вусцішна глядзець на тое, як «міжкантынентальны англасакскі шавінізм» засмоктвае не толькі нашых беларусаў, не толькі непакорных украінцаў, але нават і рускіх, нягледзячы ні на багатыя традыцыі, ні на шчодрую дапамогу з Радзімы... Няўжо ім, канадскім беларусам і ўкраінцам, таксама дзіўна і вусцішна глядзець, бываючы ў нас, як руская стыхія засмоктвае і Украіну і Беларусь? І няўжо такі жаль — абавязкова нацыяналізм? Права дужага — ясна, але ж у нас была сацыялістычная рэвалюцыя!.. І вельмі крыўдна чуць ад рускага таварыша: «А што, ты не мог бы адразу пісаць па-руску? Навошта потым перакладаць?..» Асабліва складанае гэта пытанне для таго, хто і вельмі любіць Расію, рускую мову, літаратуру, і вельмі хоча быць самім сабою, сынам свайго народа, яго дастойным песняром,

А ўкраінцы — малайцы! На жаль, не змог пабываць у іхнім выдавецтве, але і Палерма хопіць для самага сапраўднага захаплення.

Помнік Тарасу. Зямля з Чарнечай і тры вярбы, прывезеныя сюды з Украіны галінкамі. Музей — таксама жывы напамінак пра Кіеў, плюс — арыгінальнае: подпісы сотні імя Шаўчэнкі, зробленыя ў альбоме хлопцамі перад выездам у Іспанію, і прылады працы, хатняе начынне першых украінскіх эмігрантаў у Канадзе. На тэрыторыі Шаўчэнкаўскага парку (раўніна з рэдкімі пакуль што дрэвамі) — безліч машын («Як овэц!» — гаварыў Краўчук), на якіх сюды з'ехаўся, спраўляць пікнік, рабочы ды фермерскі люд — украінцы, беларусы, рускія. Вялікая эстрада, з якое мне давялося вітаць дарагіх суайчыннікаў па чарзе, на трох мовах, эстрада, на якой пасля цікава, весела і неяк па-інтэрнацыянальнаму здорава, патрэбна выступаў Дж. Эндзікот, з якой, у заключэнне, міла спявала трыо гуцулак... (Супакойся, звычайная маладзіца, бабка-агонь і самая маладзенькая — чарнавокая красуня. Пасля, на банкеце, яны нас, Пімена і мяне, ох як соладка расцалавалі на развітанне...) Цікавая мітусня ў зямляцкім натоўпе. Просьба — ледзь не па Гогалю, як Добчынскі ці Бобчынскі: «Калі будзеш, браток, пісаць у газету, напішы, што бачыў мяне.

Брату майму будзе вельмі цікава!..» Пільнасць, якою мы былі акружаны: «Не гаварыце, таварыш, з тым, што загаворваў з вамі,— гэта дэпіст і сволач». (А пасля Мацыевіч казаў, што няпраўда.) Урачысты банкет, дзе разумна і весела тамадоў сімпатычны Джон Вір (Іван Вэвюрскі, даследчык і перакладчык Шаўчэнкі на англійскую мову), дзе выступалі прагрэсіўныя пісьменнікі Канады — старэнькі паэт Макдональд, з вершам, і калека Картэр, дзе мой Пімен таксама дастойна, а на дадатак яшчэ і дасціпна сказаў беларускае слова, а мне давялося спяваць, па просьбе слухачоў, «Ты, белая бярозанька» — упершыню ў жыцці перад мікрафонам. У заключэнне, пасля трыо «Верхавіна», мы ўсёй залай, больш за шэсцьсот чалавек, спявалі трохі зацяганую, нават затупаную кірзавымі ботамі «Распрагайце, хлопцы, коней» і вечна хвалюючую, велічную, як малітва-гімн, «Реве та стогне».

Таронта, Палерма... Тут, на другім, далёкім кантыненце, мы адчувалі сябе як дома.


* * *

Пасля Ніягары пайшлі (у акне аўтобуса) тыя ж, што і ў Канадзе, прыгожыя катэджыкі з гаражамі, выдатныя дарогі, даволі часта — «прыгнечаныя» негры ў шыкарных аўтамашынах, то гарадок з бляскам рэкламаў, то інтэрнацыянальная лясная зеляніна, то белы Езус на крыжы, над шэрым статкам помнікаў без крыжыкаў над імі... Пайшлі і добрыя думкі, хоць бы, напрыклад, такая: Адзін, сапраўдны, патрыёт бачыць усё добрае ў людзей і думае, як гэта павучыцца, пераняць, зрабіць у сябе яшчэ лепш. А другі (як многія палякі) — каб мелкадушна разлюбіць і апляваць сваё.

Успаміналася жывая гутарка ў гасцях у Краўчука,— пра нашу вялікую маральную перавагу і пра наша часовае адставанне ў дабрабыце, у выгодах побыту. Думалася пра абмежаванасць, правінцыяльную, хутарскую затхласць і проста шкоднасць той «благонамеренной» маны, якой мы, па нейкай інерцыі, яшчэ ўсё даём не толькі месца, але і прастору на старонках нашага друку, у нашым чыстым эфіры. Не трэба! Праўду трэба, суровую і яскую праўду, бо яна працуе на нас!..


* * *

Потым быў самалёт Буфало — Дырбарн, то ў навальнічных хмарах, то над імі, то над азёрамі, то над палямі... Гутарка з Ч., пляменніцай Гольдэнвейзера, і з «офицером для удовольствия», як назвалі жанчыны аднаго з нашых гідаў, містэра М., відаць, шпіка № І. Гутарка — то пра рускую літаратуру XVIII стагоддзя (Божа мой, якая каша ў галаве гэтага эрудыта!), то пра Л. М. Талстога і талстоўцаў — з пункту гледжання сваячкі тых, што з ім і з імі, талстоўцамі, сустракаліся...

Дарэчы, наконт кашы ў галаве эрудытаў прыйшлося пераканацца другі раз. Першы раз, едучы з фермы ў Манрэаль, даволі доўга і востра спрачаліся на літаратурныя тэмы — Пімен, я і абодва гіды. М. не толькі лепш за Р. гаворыць па-руску, ён і больш адукаваны. Сімпатычны інтэлігент, маскоўскі прафесар Панамароў, выказваў сваё недаўменне, як быццам наіўна, але і правільна: «Ведь он же просвещенный человек, как он может быть сыщиком?!» А гэты «просвещенный человек», з шыкам дэманструючы нам перавагу прадстаўніка «свабоднага свету», паказаў такую тэндэнцыйнасць ацэнак і блытаніну поглядаў, што больш нам на гэтыя тэмы не хацелася гаварыць.


* * *

Ад тэлевізара, які Пімен са смакам круціць кожны вечар,— апроч рэкламнай тузаніны, якой густа праслойваецца кожная кінакарціна, апроч культу поўхі і пацалунка, апроч вясёлай і дасціпнай мультыплікацыі,— ад тэлевізара пойдзе за мной, прычапіўшыся да памяці, просценькая,. але бойкая, напорыста вясёлая мелодыя Віргінскай кадрылі, якую вытоптвалі ды вытрэсвалі тонкія дзецюкі і гнуткія дзеўкі ў шырачэзных спадніцах. Пойдзе — як тое югаслаўскае пакрыкванне ў польцы — Іў! Іў! Іў! — якое нашу ды да розных спрытных дзяўчатак прыстасоўваю вось ужо больш за год, як многа іншых мелодый, што надоўга і неяк па-блазенску прыліпаюць да памяці.


* * *

Ноччу, на 86-м паверсе, гід Р., паказваючы нам фота свае трохгадовай дачкі, выглядаў чалавекам, паміж якім і намі — таўшчэзны слой непатрэбнага, іхняга, пылу.

Ён, Р., папрасіў мяне, другі раз пасля Таронта, падпісаць яму другую маю кнігу (там «На пороге зрелости», тут «Избранное»), што я і зрабіў,— на гэты раз без лішняй асцярожнасці.


* * *

Былая падпольшчыца, што за свае перакананні сядзела ў панскіх турмах, цяпер — нягледзячы што яўрэйка, а можа, іменна таму — працуе ў калгасе свінаркай.

Калі дачка яе выходзіла замуж, цешча падарыла зяцю на вяселлі трохтомны Марксаў «Капітал».

Калі ж пасля дачка, дырэктар школы, прыязджала неяк да яе, каб паскардзіцца маме на цяжкасці, тая суха сказала ёй: «Влейся в коллектив». Дачка, плачучы: «Мамачка, дык я ж у ім і так ужо задыхаюся!..»


* * *

Учора, прылёгшы пасля абеду з «Жыццём пратапопа Авакума», заснуў (пачалі мы ўставаць раней), а прачнуўшыся, неяк вельмі ж моцна, ярка да болю і жаху адчуў:

Што ж гэта было б, і ці варта было б жыць на свеце, каб не было ў мяне маральнай апоры, веры ў перамогу дабра, святога жадання служыць людзям творчай працай!..


* * *

Божа мой, да чаго чалавек апускаецца... Той самы Крапіва, якога мы вельмі хацелі б называць сумленнем беларускай літаратуры, разам з другімі паважанымі людзьмі, Лыньковым і Глебкам, працягнулі з ЦК у акадэмікі... так і хочацца сказаць: таварыша Г.— іменна «Г» з кропкай. Таварыш Б., таксама з кропкай, расказваў нядаўна, як таварышу Г., калі ён быў вялікім начальнікам, некаторыя перакладчыкі Леніна на беларускую мову падсоўвалі ў шуфляду стала падаруначкі, тысяч дзесяць — пятнаццаць, таксама як стары багацей падсоўвае ў стол сваёй б. шакаладку...


1961

Карэліцкі раён, якім я па-зямляцку горда казыраю ў гутарках з сябрамі-літаратарамі, які лічыцца адным з лепшых у вобласці, нават у рэспубліцы,— наш раён «у прарыве». Пагніў лён, дохнуць парасяты, няма подсцілу, мала кармоў, два гады не давалі грошай на працадзень... Ну, а п'янства, дзікае і няспыннае п'янства многіх старшыняў, бухгалтараў, брыгадзіраў? А безадказнасць, з якой і людзі вучацца ад некаторых начальнікаў ставіцца да таго, што марнуецца народнае, іхняе дабро? Не абагналі 15 га бульбы (на дрэніраванай зямлі, каля самай вёскі!) — ну і што ж, чорт яе бяры. Пагніло — ну і што ж. Апошні год арэнды і панскі дзень да вечара!..

І Павел, ад якога я прывык набірацца энергіі, ледзь не плача, расказваючы, як брыдзіў ды лаяў яго сакратар абкома, як пагражаў выключэннем з партыі, судом... Дзіўна і дзіка — Жалезняковіча выключыць з партыі!.. І ці выхад гэта? Не, як не выхад і тое, што разанскі сакратар абкома атруціўся. Як многа мы робім лішняга шуму, як шмат ураштурмаўшчыны ў той час, калі трэба ціхая, напорыстая планавая праца.

Добра... не, не добра, а можна пра ўсё гэта гаварыць так сабе таму (і гавораць многія), хто не нясе адказнасці за непаладкі і за свае словы. А нам, хто адказны перад народам за кожнае сваё слова, хочацца ва ўсім разабрацца як след, як найлепш. Можа, не на маю гэта галаву? Можа, хопіць з мяне «чувства добрые лирой пробуждать», «сеять разумное, доброе, вечное»? Але ж мы, калі на добры лад, павінны разбірацца больш за многіх — і раённых, і абласных... Адна пацеха — нялёгка гэта для ўсіх, за выключэннем, відаць, верхаглядаў ды кан'юнктуршчыкаў.


* * *

Між іншым, сёння, прачнуўшыся ў 6 гадзін, ад курантаў па рэпрадуктары, па-новаму, з новай — і больш балючай — свежасцю думаў над Мішавай фразай з яго неадасланага пісьма Ігнату [7]: «Ваня весь погряз в тщеславии...» Убачыў я той пачатак пісьма гадоў са тры ці больш і, вядома, пакрыўдзіўся. Аднак, было яно! Не толькі ў 1955 годзе перажыў за меншы, чым мне раней намецілі, ордэн, але яшчэ ў 1949 годзе,— што не ўзнагародзілі як літаратара і — яшчэ больш смешна — як партызана!..

Было і ёсць. І не значыць, што не будзе. І не быў я ніколі, як Міша кажа, radzieckim świętym [8], тым больш без штодзённай пільнасці, барацьбы з самім сабою.


* * *

Два дні ў Загоры. «Візіт пашаны» Віліце. Выпіўка (двойчы і прыстойна), карты, песні і гутарка. У Колі [9] чытаў заўсёды смачнага Паўстоўскага, нарысы.

Аддаў даніну і сваёй бядзе — думаў востра, балюча пра сваю нікчэмнасць. Што гэта — хвароба, можна было б пераканацца і па тым, што апоўначы я, прачнуўшыся на засланай кажухамі канапе, як адрэзаў — перастаў думаць пра ўсю чарнату, аддаўшы ёй чарговую даніну крыві.

Пісаць сеў не таму.

Можна зрабіць такую замалёўку з натуры, назваўшы яе «Учарашні дзень».

Учора, вяртаючыся ад Віліты, апоўначы зайшлі ў клуб, на танцы. Як толькі я прысеў на лаве каля маладзіц, прататып майго Гаўруся Каляды (і трошкі, з бацькам і балалайкай, Міхася Ждановіча), Арцёмаў Павел падышоў да мяне, нагнуўся зверху п'янавата-расчуленым позіркам і кажа:

— А калі мы, Ванька, выбачай, ды пацалуемся?

Пацалаваліся. І ён пачаў:

— А памятаеш, што я быў пры Рыч-Шміглым? Голы, босы і проставалосы. А цяпер у мяне двое валёнкаў, дзве пары ботаў і добры кажух. Во! І сын мой ужо татка, і дачушкі — мамкі... Чатыры ўнукі! Чатырыжды дзед Савецкага Саюза і чампіён свету па танцах!..

Зноў схіліўся нада мною.

— А як там, Ванька, мядзведзі, га? Ніколі не забудуся!..

Ён павярнуўся да мужчын, што ўжо сабраліся каля нас:

— У мяне яшчэ калені былі падраныя, калі мы з Ванькам у цырк у Мінску хадзілі. І Павел Арцёмаў сядзеў каля генерала! Во! Усё, брат Ванька, добра ў мяне, аднаго толькі і не хапае — бабы. Яна старая, сівенькая, пад коўдрай ледзьве знайду... Я тут з харошай публікай танцую, а яна мне коўдру грэе. Не нагрэе ўжо. Сам, вярнуўшыся, грэю...

Былы бядняк. Яскравы прыклад таго, што далі савецкая ўлада, калгас пераважнай большасці людзей у нашай вёсцы. Учарашні дзень нашай сапраўднасці, пра які я (часамі трохі авансам) пісаў у калгасных замалёўках і ў «Забалоцце. Прыемна, радасна, што я тады не ілгаў, верыў, любіў — з усімі «вытекающими последствиями»: і Сталінская прэмія, і выхад за мяжу рэспублікі, нават Саюза, і паводка ўсякай чарнаты, якой аблівалі мяне ўсе, хто быў сяк ці так закрануты маім поспехам.

Хлеб, боты, валёнкі, кажух, добра ўладжаныя дзеці, новая хата, электрычнае святло і іншае — які гэта харошы ўчарашні (беручы па-журналісцку) дзень нашага калгаса!..

Мне трэба бачыць яго заўтрашні дзень, я хачу верыць, што ён будзе харошы.

Але...

Праклятае «але»! Сённяшні дзень перашкаджае мне бачыць заўтрашні. Сёння ўжо два гады не плочана людзям грошай на працадзень (з'ела тэхніка, а лён пагніў), на фермах няма подсцілу, корму — лёгенька — хопіць толькі да красавіка, а цялят калгас павінен закантрактаваць па плану... 600. П'яныя брыгадзіры. Адзін, ён жа старшыня таварыскага суда, цягае недарослых дзяўчатак (пазаўчора, прыйшоўшы да малатарні, засталі яго з 17-гадовай на саломе). «Галоўны» камуніст у нашым Загоры рэгулярна гоніць самагонку. Старшыня, які быў добры дзесяць гадоў таму назад, калі трэба было і паганяць, цяпер адстаў ад свайго калгаса і крыўдзіцца, што партарганізацыя (35 чалавек) не слухае яго. А ў партарганізацыі таксама зашмат прыдуркаў і лайдакоў, несумленных і нават па-анкетнаму з цёмнай душою.

Адзін з трыццацітысячнікаў, былы дырэктар СІД студэнт, афіцэр, здзіўляецца, за што білі Кулакоўскага з яго «Дабрасельцамі». Бледная, кажа, нявінная рэч... Так, цяжкавата без крытычнага рэалізму! І не хацелася б называць яго — усюды і катэгарычна — днём учарашнім.


* * *

Пара ўжо мне канчаць з тым, што мне нібыта сорамна бывае за сваю панскую работу, сорамна — перад людзьмі цяжкай працы. Адкрыта трэба, свабодна. У многіх тых, каго я часамі саромеюся, як блазен ці як чалавек не на сваім месцы, дзеці тым часам ужо не меншыя «паны». Нешта ў гэтым ёсць такое мужыцкае, калі грубасцю, нібыта гумарам прыкрываюць сапраўдную сутнасць з'яў. Як той наш «камуніст»-самагоншчык, што глядзіць у загорскім клубе хвалюючы, глыбокі фільм і каменціруе яго ўголас, самаздаволена, дурнымі, але «смешнымі» рэплікамі: «Ну, тут яму і хана!.. От дзе даў лататы!.. Па мордзе ёй, правільна!..» — і яшчэ лепш.


* * *

У вялікім, утульным клубе калгаса «Новае жыццё» семінар, на якім старшыні калгасаў, аграномы, брыгадзіры трактарных брыгад і звеннявыя па кукурузе слухалі двух шэфаў — вучоных з сельгасакадэміі, прафесара і кандыдата. Адзін гаварыў пра цукровыя буракі, а другі, менш цікава, пра кукурузу. Менш цікава было і літаратару, і самой аўдыторыі. Адны, менш інтэлігентныя, проста спалі; другія, больш жыццярадасныя ці маладыя, шапталіся ды хіхікалі; былі і такія, што за шырокакажушнымі спінамі сяброў-старшыняў чыталі «Раман-газету».


* * *

Панадзіліся мужчыны ўвечары ў «дурня» гуляць. Першы раз было цікава, другі — так сабе, а ўчора — цяжка. Міжвольна ўспомніў пра адносіны Горкага да мужыкоў, якіх (адносін) я дагэтуль не разумеў. Не магу ўжо, здаецца, і я расчульвацца кожным з іх, што мне так падабалася ў Талстога, не магу не думаць, што цемра застаецца цемрай, і няма ёй апраўдання сёння, калі ўжо, як казаў адзін старшыня калгаса на сходзе, «гасподзь Бог бедных на хрэн паслаў». Савецкая ўлада, калектывізацыя ліквідавалі беднасць, даюць культуру... А яны сядзяць пад яркай лямпачкай Ільіча, пад'еўшы, а ўсе непаголеныя, брудныя, харкаюць на падлогу, лаюцца... Потым адзін кажа: «А знайдзі ты чалавека, якому падабаецца калгас?» «Няма, не знойдзеш»,— кожны па-свойму, але аднолькава згодна адказваюць усе шэсць чалавек — былыя беднякі, сераднякі і адзін «несостоявшийся» кулак.

А я ўспамінаю, як гаварыў адзін з сяброў палону, начуючы ў мяне: «Я часта чую па радыё, як Янка Брыль адабрае калгас...» Хто паверыць у шчырасць хлопца з «багатай сям'і»? «Хітрыць, зарабляе»,— гаварылі многія. А той, каго я зачапіў, як адмоўнага прататыпа, капаўся і капаецца пад «хітрага сабаку». Цяпер — «хітры», а тады, калі быў не такі, як усе, «чортведама чаго шукаў, жывучы на такой, браце, гаспадарцы» — называлі хто дзіваком, а хто і проста «святым дурнем».

Трэба толькі праўду пісаць, не быць староннім назіральнікам, не пісаць тады, калі трэба было б ілгаць.


* * *

У ляснога хутараніна Л. часта прыпыняліся партызаны. І печкі іхнія там былі, і лаўкі. І жонку Лаўрыкаву нават цягалі. Пасля вайны свякроў яе скардзілася былому камісару:

«Яе калісьці хлопцы шпанскімі мушкамі апаілі і валачылі, хто колькі хацеў. А мой дурань урэзаўся і ўзяў, бо ж і багатая яшчэ была. Але дзяцей не было. Ездзілі, ездзілі партызаны, а потым іхні начальнік, М., узяў ды забраў яе ў Л. Падзякаваў нам за ўсё. Яно, вядома, крыўдна, але ж ажаніўся мой хлопец з другою і вось хоць дзеці ёсць, як ва ўсіх добрых людзей...»

Учора ў прыёмнай райкома спаткаўся я і пагаварыў з тым самым М. Успомнілі партызанскае, гаварылі трохі пра беларускую літаратуру, бо ён калісьці вершы пісаў, а цяпер, кажа, піша нейкія ўспаміны. Потым зайшлі да Паўла ў кабінет. І вось тут я ўбачыў даволі яркі вобраз чалавека, які здорава апусціўся, а жыць лягчэй — хоча. Стаіць каля сакратарскага стала, а не сядзе, гаворачы, як камуніст з камуністам, як партызан з партызанам,— стаіць у ліслівай позе і, проста кажучы, просіцца. Просіць заступіцца перад дырэктарам школы, які не хоча трымаць яго нават на палавіне стаўкі, дзяжурным прадоўжанага дня, бо невук наш М., завала і п'яніца. Пяцідзесяты год пайшоў таварышу, і «хворы на лёгкія», просіць дапамагчы атрымаць персанальную пенсію. «Рублёў з пяцьдзесят — мне і хопіць»,— гаворыць і паўтарае. І за гэтай «сціплай», яшчэ на старыя грошы як быццам, а не на новыя ўжо, за гэтай «сціплай» лічбай стараецца схаваць нясклёпістую хітрасць. Ды яшчэ і ўсміхаецца жалю варта...

Вахлак, што так ды сяк хаваўся за партбілетам, падмацоўваючы свой аўтарытэт сякімі-такімі партызанскімі заслугамі. І чалавечай годнасці — ні крышку. Сакратар пытаецца ў яго: «А як жа гэта ты адбіў чужую жонку?» Ён толькі хіхікае ў адказ. Наконт рэспубліканскай пенсіі сакратар кажа, што для гэтага трэба мець асобыя заслугі, а ён надзімаецца: «У мяне ж чатыры ордэны!» «Якія?» Аказваецца, «Чырвоная зорка» і тры медалі. Сакратар смяецца з яго, і сам ён смяецца таксама: «Усё роўна ж урадавыя ўзнагароды!..»

Я сяджу збоку, і мне ўжо сорамна, што разам з ім зайшоў, што слухаю ўсё гэта, што даў яму свой мінскі адрас і прасіў заходзіць.

А чалавеку, здаецца, хоць бы што...

Пакуль успамінаў пра гэта і садзіўся запісваць, думаў, што нягожа, відаць, узяць жыццё чалавека ды так вось лёгка навесіць на яго літаратурны ярлык?..

А цяпер вось думаю пра другога слізняка з партбілетам, пра пажылога настаўніка С., з якім мне трапілася сустрэцца ў Турцы. Выключаны гадоў шэсць таму назад з партыі за падхалімскую падтасоўку бюлетэняў на выбарах нялюбага актыву сакратара райкома партыі, ён доўга ездзіў па інстанцыях (між іншым, пырскаючы слінай і на нас: «Вось камуніст як пакутуе, а беспартыйныя, сякія-такія, пануюць!..»), ездзіў, хадзіў, пакуль зноў не ўбіўся ў авангард... І вось, у настаўніцкім пакоі, калі я сказаў, што зайду да Валі П., ён зноў жа пырскнуў: «Только там не соблазните ее...»

Запісваю дзярмо гэтае таму толькі, што ўсю дарогу з Турца быў незадаволены сабою. Трэба было і мог бы словам даць па саплях пашляку, а я нават нібы разгубіўся і штосьці прамямліў, замест таго каб хоць шапку яму на вочы насунуць... Старое гэта за мною, хоць часта, нават і вельмі часта бывае інакш,— скажаш нешта завостра і каешся.


* * *

Дайшоў да Рахметава, да яго гутаркі з Верай Паўлаўнай, да гутаркі Чарнышэўскага з «проницательным читателем» і... ніяк не цягне больш да рамана. Не памагае ні абаяльнасць аўтара, ні яго мудрасць. Мастацкі твор павінен быць мастацкім.


* * *

«Если страшно от сильного пожара, то надобно бежать туда и работать, и вовсе не будет страшно».

Выпісваю гэта з Чарнышэўскага («Што рабіць?»), думаючы, што вось і я прыехаў сюды, дзе мяне многія, здавалася здалёк, ненавідзяць,— прыехаў, прыгледзеўся зблізку і бачу, што гэта — не так, што больш рабілася ў маім уяўленні.


* * *

Дрэнна, непрыемна і крыўдна хваліцца тым, што над табою злітаваліся, цябе пашкадавалі.

Адчуў гэта ўчора, калі расказваў Колю пра тое, як аднёсся да мяне зімой 1951—1952 года, калі вырашалася справа з прэміяй, Зімянін. Што знайшоўся разумны, высакародны чалавек, які выратаваў мяне з ямы паклёпу — гэта вельмі прыемна, і я яму вельмі ўдзячны, але хваліцца гэтым (ах, які я таленавіты, што ажно ён мяне пашкадаваў!..) — не вельмі хораша і не вельмі прыемна.


* * *

Румяны здаравіла, былы партызан, а цяпер п'яніца, злодзей, які пабываў ужо ў турме, пазычыў у другога партызана, калекі і добрага хлопца, грошай. Прайшло багата часу, і той, за чаркай, напомніў яму пра доўг.

— Ты мне глядзі,— абурыўся даўжнік,— а то я табе пакажу доўг. Я партызанам быў і партызанам застаўся!..

І праўда — можа паказаць... Прагналі яго за п'янства з пажарнай. Дык ён таго, што быў пастаўлены на яго месца — маладога хлопца, ні ў чым антыпартызанскім ніколі не замешанага,— пры дапамозе кучкі сяброў прыдушыў, даў наглытацца з выхлапной трубы, завёўшы ў гаражы машыну, а тады пасадзілі яго за руль, а руку, каб не было слядоў іхніх пальцаў, аблілі бензінам і абсмалілі... Нават і дзверы кабіны забыліся зачыніць. І ўсё сышло. На экспертызу ў вобласць (ці ў раён) паслалі сэрца і лёгкія задушанага, і там прызналі, што гэта ад бензіннага, бачыце, перагару...

Не дароўваецца толькі грэх «против духа свята». У румянага здаравілы такіх грахоў няма — член партыі, юнаком пайшоў у партызаны. А да таго ж яшчэ ўсё зроблена чыста...


* * *

Малады, энергічны старшыня калгаса, былы настаўнік, скардзіцца на «цяжкую вёску»:

— Пры Польшчы яны — самі хваляцца — былі барацьбітамі, падпольшчыкамі. А цяпер на свята сцяг не вывесяць. Хіба каб забараніў яму другому — тады б вывесіў!.. Панавучваліся на сходах гудзець з закрытым ротам. Гудуць і не пазнаеш, каторы... У тры-чатыры гадзіны ночы будзе табе стукаць у акно: «Прыд-ся-даяцель, заўтра машына пойдзе ў Карэлічы?» Прыйдзе ў праўленне, прычэпіцца, як гразь, біцца лезе, лаецца, а скажы яму слова — напішуць калектыўна і ў райком, і куды хочаш вышэй. А даў аднаму па саплях — пачалі трохі больш паважаць... Паміж молатам я і кавадлам.


* * *

Такая простая, здаецца, арыфметыка: удосталь подсцілу — многа гною, многа гною — добра зародзіць зямля, будзе подсціл і г. д. Кругам. А подсцілу няма. Думаў сам і гаварыў з іншымі: ад чаго? Многа зямлі ідзе пад лён, кукурузу, цукровыя буракі. Салома не збіраецца як след: падонне пасля стагоў, бурты, дый так усюды. Вельмі многа скаціны. А іншае?..


* * *

Партызанская вёска. Калгасныя яслі. У клубе чытаецца выступленне Хрушчова пра бабовыя. Мясцовы філосаф і ўгоднік, былы партызан, камуніст:

— Трэба каля ясляў пасеяць бобу, каб малыя па садах не лазілі!..

Рогат. Так вось і адгукнуліся на пастанову.

Часамі быць толькі самім сабою, беларускім пісьменнікам, і то — подзвіг. Аднак паводзіны свае — разумнае рашэнне рабіць галоўнае, на ім канцэнтраваць увагу — не хочацца лічыць філасофіяй баязлівасці. Бо я не памятаю самога сябе без любві да Расіі, да рускай мовы, літаратуры, не памятаю сябе беларускім нацыяналістам, хаця даўно і сам, і назаўсёды вырашыў, што кожная бочка павінна стаяць на сваім уласным дне.


* * *

Аўтобус Магілёў — Мінск спыніўся ў Беразіне. Доўгачаканае сонца, шэрыя домікі над ракою і ў новай, з залацістых дошак, прыбіральні бязлітасны надпіс наконт таго, што тут (дата) была... устаяка прадаўшчыца (імя і прозвішча) з магазіна №... Сумна. «Уездная звериная глушь!..» Ці толькі тут гэта? Ці ўсё гэта тое, што выходзіць гноем наверх?..


* * *

Два вялікія выпрабаванні — славай і паклёпам. Нялёгка іх пераносіць. І проста яны не праходзяць, не пакідаючы следу. Дый ці праходзяць?..

Моцнае і сталае пачуццё тугі па сапраўдным чалавеку. Пазнаеш, захапляешся, потым пазнаеш бліжэй — расчараванне і зноў туга...


* * *

З прыемнасцю прачытаў у Салаухіна: «Нет ничего хуже, дичее и гаже, когда человек бьет другого человека».

Амаль заўсёды, калі думаю, што чалавека крыўдзяць — да болю выразна і міжвольна, не розумам, а сэрцам станаўлюся на баку слабейшага. Цяпер нават часта ўяўляю пры гэтым, што пакрыўджаны кожны родны мне чалавек. Не думаю, што гэта баязлівасць, бо я сам сабе неаднойчы давёў, што не вельмі баязлівы. Часцей думаю, што гэта слабасць, хвараблівасць. А даваенны «крытык» К. сказаў бы проста, што гэта сентыментальнасць...

Не! Бо я з маленства не любіў, калі б'юць чалавека.


* * *

Чытаю «Жажду жизни» І. Стоўна — пра Ван-Гога, пра нас, пра абавязак перад людзьмі, пра шчасце несці гэты абавязак. Ёсць штосьці вышэй за смерць, і недарма — думаў, чытаючы,— людзі шукалі Бога, неба, вечнасці.

Між іншым, чакаючы аўтобуса ў Турцы, слухаў гутаркі пра паступленні ў ВНУ. О, усёмагутны хабар, як ён увайшоў у наш побыт! Проста людзі не хочуць, а можа, і не могуць паверыць, што хтосьці не можа ўзяць хабар з-за сумленнасці.

І не дзівіся, не крыўдуй, што не вераць, не хочуць паверыць, што ты пішаш не за грошы, а па абавязку.

Абапал дарогі — жыта і кукуруза на спецыяльна ўгноенай зямлі: каб з райкомаўскай ды абкомаўскай машыны здавалася, што яны тут усюды добрыя. Бачыў у Смаргонскім раёне.


* * *

Прачытаў пахвалены Адамовічам раман Аксёнава «Звездный билет». Многа добрага, цікавага, свежага, але сапсавала ўсю справу гісторыя кахання Дзімы і Галі — выпрабавання гэтага кахання чужым ложкам. Так і не могуць нашы літаратары дазволіць, каб чалавек пакахаў і сам пачаў сваю каханую,— гэта павінен зрабіць нехта трэці, а ўжо тады можна яе падняць ды страсянуць, як чужую посцілку, ды радавацца, што цяпер ужо наша каханне будзе надзейным, правераным. І як гэта проста, як лёгка робіцца! І як гэта ўжо абрыдла і ў літаратуры і ў жыцці!..


* * *

Мікола Засім.

Прыкра стала ад майго нарачанскага запісу пра ягоную смерць. Я не лгаў тады, але ж гэта было і лішне жорстка, нялюдска.

Перачытаў, як быццам новымі вачыма, Калеснікаву прадмову да апошняй Засімавай кнігі, перачытаў, а некаторыя прачытаў упершыню вершы з гадоў акупацыі. Перачытаў яшчэ адзін мой запіс, зроблены пад гарачую руку, пасля нашай брэсцкай сваркі ў сакавіку 1954 года. Знайшоў яго пісьмо да мяне, у якім ён, назаўтра ж, прасіў прабачэння. Падумаў пра сваю паметку на канверце: «Без адказу»...

Так, ён мяне моцна абразіў калісьці сваім «падазрэннем»; так, ён мне потым моцна нахаміў; так... яшчэ адно так... А ўсё ж я з сапраўднай чалавечай прыемнасцю пагаварыў бы з ім сёння пра ўсё гэта — шчыра, бязлітасна шчыра і добра. Але яго няма.

Маленькай іскрынкай вечнага здаецца мне цяпер той факт, што я ўзняў пытанне перад саюзам пра выданне таго «Выбранага», дзе Валодзева прадмова.

І добра, што мы — і сябруючы — можам вось так, як у гэтым выпадку Валодзя, цвяроза глядзець на тыя справы і з'явы, якія аднаму ці другому не вельмі падабаюцца.

Вырваць старонку з запісам — лягчэй, чым вырваць з памяці. Дык няхай жа будзе і гэтая старонка: няхай камусьці, хто будзе (можа?) чытаць гэта, будзе вядома, што былі ў мяне не толькі хвіліны настрою, але і роздум з дыстанцыі часу.

Зрэшты, што гэта я?.. Запіс гэты патрэбен перш за ўсё мне самому. І гэта, здаецца, важней за ўсё. Для мяне. Для маёй прыгоднасці да жыцця.


* * *

Шэсць выступленняў у Гродне. Казалі — добра, дый самому было часамі прыемна гаварыць, што думаеш. І нялёгка, і заўсёды хвалюешся, і не ведаеш, здаецца, што ж ты тут будзеш гаварыць, не ведаеш — ужо за два-тры крокі ад трыбуны.

А на сустрэчах, калі пісаў па кнігах аўтографы, падыходзілі жанчыны-полькі і шэптам прасілі напісаць ім па-польску... Няўжо і мы будзем так прасіць калісьці?.. І каму гэта трэба — такая лінія «зліцця» за кошт слабейшага?.. Колькі добрых людзей робіць гэтую справу з сур'ёзнасцю і пачуццём адказнасці не менш шчырым і сумленным, чым тады, калі ўзводзіўся сталінскі культ!..

Пра ўсё такое думаў яшчэ і яшчэ раз, з зайздрасцю прачытаўшы «Немцаў» Кручкоўскага. Зайздрасць не проста «добрая», «творчая», а зайздрасць зацюканага правінцыяла — беларускага пісьменніка, якую ён адчувае і да рускіх і да палякаў, і да ўсіх тых, што не адчуваюць, як з-пад іхніх ног абсоўваецца грунт, на якім яны хочуць — зусім законна — стаяць...


* * *

Учора былі нанесены дзве чарговыя раны майму нацыянальнаму пачуццю, а трэцюю — нанёс сабе я сам. У бухгалтэрыі літфонда БССР мяне папрасілі заяву напісаць па-руску, каб ім было лягчэй чытаць... І я напісаў, а потым многа і балюча думаў пра тое, што многае мы робім самі, што самі мы вахлакі. І гадка было на душы, і думалася, што трэба не быць абыякавым да пытанняў, якія толькі мы, відаць, лічым няважнымі.


1962

Як я быў бы рад і ўдзячны сам сабе цяпер, каб не спаліў у 1949 годзе тое са сваіх запісаў, што тады лічылася, а сёння ўжо не лічыцца крамолай!.. Са страху — за дзяцей, за жонку, за сябе? Усё гэта можна зразумець, але нельга апраўдаць.


* * *

Чытаю Луначарскага «Талстой і наша сучаснасць». Спыніўся на словах: «Наше миросозерцание находится на огромном расстоянии от Толстого». Сама сабой узнікла думка: а чаму толькі тое ці тое?.. У Талстым ёсць многа станоўчага і многа адмоўнага, што можна ўсім і па-ўсякаму крытыкаваць. У нас (асабліва ў нашай практыцы) ёсць таксама, разам са станоўчым, многа адмоўнага, што нельга, нават «злачынна», ва ўсякім выпадку, небяспечна крытыкаваць глыбей і раней, чым гэта дазволена.

А ёсць жа цудоўныя людзі, якія ідуць недзе пасярэдзіне, збоку ад афіцыйнай праведнасці, правяраючы «законныя праўды», праўды «текущего момента» праўдамі вышэйшага парадку, праўдай сумлення, праўдай чалавечнасці. Спачатку іх не слухаюць, прымушаюць замоўкнуць, а потым, калі ўжо «афіцыйная праўда» заблытаецца ўшчэнт, як з культам Сталіна, бяруць іх праўду і кажуць: «Гэта не вы былі правы, а мы цяпер правы!..» І пачынаюць зноў, «па дыпламатычнай сцежцы», адхіляцца ад высокіх нормаў чалавечнасці.


* * *

Успомніў словы Танка: «Найбольш каяўся тады, калі не паслухаў самога сябе».


* * *

Што хлеб — гэта хлеб, па-сапраўднаму можна даведацца, толькі адчуўшы голад. Што гераізм — гераізм, а герой — герой, даведацца можна з жыватворчай нізіны скромнасці.


* * *

Не перад газетнай, уяўнай радзімай, а перад сапраўднай, народнай я вінават не ў тым, у чым мяне сёй-той хацеў бы абвінаваціць.


* * *

45 — узрост, калі будучыні ўжо амаль няма, а можна жыць толькі сённяшнім днём.


* * *

Перачытаў учора «Ты мой найлепшы друг» і прыкра стала, што калісьці, адзінаццаць гадоў таму назад, трэба было сёе-тое прыдумваць, каб паказаць, на што мы часамі ішлі.

Выдумка тая — замест бунту, збівання мяне прыкладам і імітацыі падрыхтоўкі да майго расстрэлу — я заступіўся за Пшэрву і залп, якога ў сапраўднасці не было; паход са звязанымі рукамі, а нас можна было гнаць і так: у «Зязюленьцы» — перанясенне маіх уцёкаў з 1940-га ў 1941-шы,— выдумка тая здаецца цяпер балюча лішняй, асабліва калі падумаць, што людзям усё гэта здавалася поўнасцю аўтабіяграфічным, на мяжы (у «Сонечным зайчыку») самахвальства і, як плявузгаў П., «маскіроўкі сапраўднасці».

Трэба будзе яшчэ раз прайсціся па апавяданнях, адсунуць іх ад сябе, максімальна пазбавіць рысаў аўтабіяграфічнасці і першае зрабіць больш натуральным. А па ідэі добра.

Чысціць сябе ніколі не позна.


* * *

Пазаўчора, калі мы ігралі пасля абеду ў карты, убачыў, як дзяўчына-падлетак нясла знізу, па сходах, цяжкі абярэмак адпрасаванай пасцельнай бялізны. Шкада зрабілася яе, нібы сваю, і падумаў:

Яна вось бачыць нас «паноў савецкіх» [10] і не падумае нават, што ў душы аднаго з іх з'явілася пачуццё да яе, як да роднай. Шкада, што яна так і не даведаецца пра гэта. А што ж рабіць, калі нельга інакш? Не сказаць жа мне ёй пра гэта. А пачуццё маё не прападзе: я выкажу недзе яго і, магчыма, яна, а не яна, дык другая сустрэне шчыры парыў (odruch, як кажуць палякі) душы і, можа, цёпла стане ёй, як пры сустрэчы з блізкім?..

Важней за ўсё — правільна думаць і адчуваць, не шкадуючы самога сябе дзеля праўды, бачачы сваё месца ў нашым жыцці, сваю работу, свой абавязак і сваю віну.

Перад ад'ездам сюды хваліўся А. Л., што пішу раман на вялікую, агульначалавечую тэму. «А як жа ён называецца?» «Дзе твой народ». «Ну, дык якая ж гэта агульначалавечая тэма?..» Праўда! Значыцца, праўдай гэта будзе — сумнай і горкай праўдай для мяне,— калі я звяду да афіцыйнай вузкасці. Глядзелі ўчора тэлевізар, слухалі з сімпатычным і мала яшчэ вядомым мне прафесарам Яругіным выступленне Смірнова («брэсцкага») пра гераізм нашых людзей у дні вайны. Удзельнік абароны Ленінграда, камуніст, матэматык з еўрапейскім імем, прафесар наш раптам павярнуўся да мяне і пачаў:

— Ну і навошта ён ілжэ: «На такія подзвігі здольныя толькі нашы савецкія людзі»!.. Навошта гэтая вузкасць, якая так ужо ўсім абрыдла? Вось мне расказалі ў адным райцэнтры пра такі выпадак. Прыгналі вялікую групу савецкіх палонных. Палкоўнік, немец, гаворыць обер-лейтэнанту: «Вазьміце роту салдат, там, за горадам, ёсць вялікі яр — ліквідуйце гэтую банду».— «Гер обэрст,— гаворыць той,— я страляю толькі ў баі, а гэта безабаронныя людзі».— «Дык што, расстраляць вас разам з імі? Што вы на гэта скажаце?» — «Усё, што я меў сказаць, я сказаў». І чалавека расстралялі. Што гэта — не гераізм? А хіба мала было такога? І хіба гераізм нашых людзей паменшае, калі мы будзем гаварыць пра гераізм другіх?..

Я расказаў прафесару пра тых італьянцаў, што расстраляны былі ў Глыбокім. Стары вельмі зацікавіўся, усцешыўся. «Я раскажу пра гэта моладзі, перад якою буду днямі выступаць!.. Абавязкова раскажу!» І згадзіўся са мною ў тым, што Смірноў, следам за ўсімі цяпер, паслаўшы праклён «культу Сталіна» — сам гаворыць у тым жа духу: вузка, тупа, мелка і, у выніку, бескарысна.

Такога трэба баяцца, калі мы не хочам марнець у затхлай старызне мінулага з яго шалёным «трыццаць сёмым годам».

Глядзелі потым фрагменты фільмаў «Ленін у Кастрычніку» і «Ленін у 1918 годзе» (у перадачы пра Шчукіна), дзе вельмі выразна адчулася афарбоўка сталінская, бо недарма ж карціны рабіліся ў той час. Ленін нібы апраўдвае Сталіна: «Мы недастаткова жорсткія!..», а Горкі паказаны такім сабе «благочестивым дурачком».

Цяжка, ох як цяжка слухаць расказы рэабілітаваных і наогул сведак таго часу — пра «суды» і лагеры...


* * *

З галаўным болем, але ж і з добрым настроем пісаў уранні, калі прыехаў мілы Валодзя Караткевіч, прывёз даўно абяцанае віно... Добра пагаварылі і раптам пацалаваліся двойчы — ад радасці жыцця, работы нашай і нашай даўняй ужо дружбы.

Пасля Куляшоў чытаў свой, тут напісаны, цыкл санетаў. Радасна было за нашу асмейваную, зацюканую мову, за тое, што на ёй пішуцца такія рэчы, што будуць, на радасць людзям, пісацца і лепшыя! Добра, нечакана добра, неяк па-святочнаму хораша было мне ў даўно не адчуванай сапраўды пісьменніцкай атмасферы. Таму і запісваю гэта, пры лямпе, перад сном, вярнуўшыся з далёкай, самотнай праходкі — па шашы, пад гоман жаб і перасвіст салаўёў.


* * *

Захоўваць сябе ў тыя дні — нават «захоўваць для вялікіх спраў» — не заслуга, а хутчэй злачынства, са скідкай на несвядомасць. Праўда, у гады акупацыі я думаў не пра захаванне самога сябе (былі, вядома, адхіленні і ў гэты бок, але такія думкі не былі галоўнымі),— я проста не мог так вось адразу перарабіцца з пацыфіста ў савецкага патрыёта. Я рад быў, што ўжо «не трэба забіваць», пакуль жыццё не прыперла да сценкі, не паслала да тых, што забівалі, пераходу ў стан якіх я быў так рад.


* * *

Галактыка... Бясконцае, бязмежнае неба... Жыццё без канца і пачатку....

Пазаўчора, здаецца, слухаючы такую гутарку, успомніў, што я яшчэ хлапчуком зжахаўся ад думкі, што няма ўсяму ні канца, ні краю. «Бог стварыў неба і зямлю...» А хто ж стварыў яго?..

Пачатак майго атэізму.


* * *

Калі я не быў толькі самім сабою, не кіраваўся толькі сваімі прынцыпамі, а па-сяброўску прыліпаў да каго-небудзь іншага,— і ў палоне, і ў вайну, і пасля вайны,— тады я нібы раззбройваўся і з начытанага, узброенага ясным светапоглядам будучага, а потым і сапраўднага пісьменніка ператвараўся ў наіўнага вясковага хлопца, што ў дружбе бываў бязвольным пераймальнікам. Адсюль бывалі і памылкі, якія прыкра ўспамінаць...


* * *

Страшнае, балючае прадчуванне вялікай бяды — для дзяцей, для самога сябе, нейкія жудасныя выпрабаванні, што будуць. Я гатовы іх сустрэць і мужна загінуць за родную справу, але ж мне страшна за тых, каго я пусціў на свет, найбольш — за сына. Было днямі жывое адчуванне жаху: усіх іх няма, а я адзін застаўся!.. Такою меркай мераю міжвольна пакуты людзей: гляджу малюнкі пра зверствы СС і адразу ўяўляю маіх на месцы тых, што называюцца чужымі... Бяру сябе ў рукі, кажу, што гэта — нервы, супакойваю сябе тым, што б ні здарылася са мной, з маімі роднымі — не будзе тое чымсьці найгоршым, чаго не бывала з людзьмі... Яно адыходзіць, а потым вяртаецца. І ад уяўлення нават становіцца так цяжка, што разумею народнае, «хоць разарвіся з жалю»...


* * *

Цэлая група бездараў, на чале з «былым чэкістам», В., «новым Бэндам», як называюць яго маладыя, намагаюцца абвінаваціць двойчы пакаранага і рэабілітаванага Бярозкіна ў сіянізме, нацыяналістычнай групаўшчыне (усё гэта не проста так, а намёкамі), давесці ўсё гэта не ўдаецца, у рэзалюцыі сходу гэта сяк-так запісваюць, а паклёпнікаў «отпускают с миром», нават не кажучы ім: «Иди и более не греши»... Яны — сігналяць. Яны сігналілі і калісьці!..


* * *

Да 70-годдзя Сталіна быў падрыхтаваны выдатны падарунак: інкруставаны партрэт самога бацькі з самым звычайным подпісам: «Вялікаму... ад беларускага народа». У самы апошні момант адзін з адказных таварышаў праявіў пільнасць і падняў гвалт: «Што ж мы робім?» На недаўменне менш пільных ён сказаў: «Ад беларускага народа — вы падумалі, што гэта азначае па-руску?!» За ноч было перароблена: «Великому... от белорусского народа».


* * *

І ў Камсамольску, і ў яго «спадарожніках» — у Сонечным (гарадок у глыбокай зялёнай даліне і будучае волава) і ў Амурску (новенькі гарадок над ракою і грандыёзнае будаўніцтва хімкамбіната) — усюды думаў пра веліч і трагічнасць нашага часу. Калі ж мы спалучым афіцыйнае, адкрытае з сапраўдным, што часта схавана ў змрочнай і крывавай глыбіні, якую да нядаўняй пары лічылі больш надзейнай, чым краты і замкі, якую хавалі ад народа, ад чалавецтва, нібыта нават дзеля будучага шчасця, з-за нейкіх вельмі высокіх меркаванняў. Думалася таксама і пра нашых маладзенькіх літаратурных занудаў, што нездаволеныя амаль усім, апроч свае таленавітасці,— сюды б іх прывесці, каб паглядзелі, колькі станоўчага ў нашай рэчаіснасці, колькі тоіцца ў ёй натхнення. А з другога боку — я не толькі сам думаў, успамінаў раней пачутае ад тых, што многае перажылі, але і тут, ад слаўных людзей, будаўнікоў жыцця, чуў такія рэчы, што дапаўняюць агульнавядомае, знешне ўра-патрыятычнае, сапраўды, грунтоўна станоўчае глыбокім трагічным падтэкстам. У невялічкім краязнаўчым музеі і цесна і па-святочнаму шумна, урачыста сабраліся «первостроители» Камсамольска. Ім уручаліся ганаровыя граматы, пра іх мужнасць успаміналі яшчэ раз заслужана добрым словам. А старажылы — часамі нават і без пытання, самі — ужо не шэптам, не баючыся малазнаёмага, гавораць, што на камсамольскі патрыятызм у будаўніцтве «горада маладосці» прыходзіцца не больш дзесяці працэнтаў, а рэшта — менш армія, а больш — ахвяры «культу асобы», на касцях якіх узведзены амаль усе былыя новабудоўлі.

«Гаглідзе не баяўся сакратара крайкома... У генерала Пятрэнкі памерла жонка, дык ён зрабіў ёй мармуровы маўзалей, каля якога дзень і ноч стаяла варта...»

Людзі мерлі без ліку, злоўлены ўцякач тры дні ляжаў застрэлены — на страх другім. Ні віны, ні суда. Людаедства. І гэта — у палавіне XX стагоддзя, пасля Талстога і Леніна!.. І песня — адна з найбольш праўдзівых песняў пра «карыфея ўсіх часоў і народаў»:

...Мы здесь, в тайге, о вас не забывали,

Нам снилась та далёкая пора —

Вы здесь из искры пламя раздували...

Спасибо вам: я греюсь у костра!..

Калі ж яна будзе ў нас гаварыцца — уся гераічная і жахлівая праўда нашай гісторыі? І як шмат ужо зроблена ў сэнсе разняволення гэтай нестарэючай, непераможнай праўды!..


* * *

Мілы, сентыментальны Дзіма Кавалёў, пры нашай выпадковай сустрэчы ў Маскве, напісаў у маім блакноце некалькі слоў сваёй далёкаўсходняй сяброўцы Юліі Шастаковай. Я перадаў ёй гэтую пісульку ў аэрапорце, дзе нас сустракала група хабараўчан. Пасля яна, расказваючы мне пра нашых землякоў на Далёкім Усходзе, перадала здзіўленне свае дачкі: «А навошта яна наогул, гэтая беларуская мова?..» Праўда, Шастаковай хтосьці з яе сяброў сказаў: «Юлія Аляксееўна, не разводзьце расавай тэорыі»; праўда, тут можна зрабіць скідку на бабскую балбатлівасць, але ж як дыхнула адразу тым самым вялікадзяржаўным — агромністым, цяжкаботым і п'яна-нахабным — шавінізмам, які мы адчувалі дома так часта і так балюча. І як жа гэта хапае нахабства і слепаты мадэрнізаваць, проста прыстасоўваць гэты імперскі шавінізм да... камунізму, нават і пачынаць той камунізм з найбольшым поспехам ад гэтага?! У «Дружбе народаў» я так і сказаў у гутарцы з загадчыкам аддзела крытыкі: «Ну што гэта мне за праблема — на якой мове хоча пісаць асецін Агаеў?..» Сумна гэта ўсё, дзіка. І таму так прыемна сустрэць сапраўднае — ад вялікай рускай душы, ад сапраўднай рэвалюцыйнасці, ад сапраўднай дружбы народаў.


* * *

Дні былі такія, што нават пачатага, папярэдняга запісу не змог закончыць. Бясконцыя выступленні, сустрэчы — радыё, тэлебачанне, завод, рэдакцыі...

Найцікавейшая сустрэча — прыход да нас, у нумар, старога Усевалада Ніканоравіча Іванова, яго расказы пра Кітай («Нам бы іхняга канфуцыянства пабольш!..»), пра дружбу з Рэрыхам, трохі пра сваю эміграцыю, пра ваўкавыскае маленства ў бабуліным маёнтку... Эрудыт, бывалец, аўтар многіх кніг («Пісьменнік я, на жаль, непапулярны...»), моцны, нястомны рабацяга, якога і старасць не бярэ.

Як заўвага да канфуцыянства:

Была ў Кітаі «страва», якую забаранялі нават пры гаміндане. У круглым стале дзірка. Пад яе падвязвалі малпу так, каб вытыркала цемя. Пасля яго ссякалі роўна са сталом і — з жывой галавы, пад крык беднай істоты — лыжачкамі выядалі мазгі...

... Ноччу Сярожа Грахоўскі ўсхвалявана і страшна расказваў мне ў нумары пра свае семнаццацігадовыя нявінныя пакуты... Ці можа вярнуцца такое?.. Калі б і вярнулася, ужо не магло б хіба быць такім жахлівым,— з выяданнем жывых мазгоў народа...


* * *

Ціхі Буг каля заставы. Глядзеў на Польшчу, як нядаўна глядзеў на Кітай цераз Амур. За Бугам — беларуская вёска, куды цяпер цёткам дазволена хадзіць да сваякоў. Такі самы лазняк і жаўранкі, і добра, што гэта граніца дружбы: не так адчуваецца недарэчнасць граніц, хоць ёсць і тут недарэчнасць — калі сапраўдная дружба, дык навошта граніца?

Граніца — хутчэй у Кобрыне, дзе культ душыцеля Касцюшкаўскай волі — Сувораў, які не мае нічога супольнага ні з нашай, ні з польскай інтэрнацыянальнай будучыняй, сучасным імкненнем да яе (калі яно — не словы толькі, а імкненне)...


* * *

Сёння зноў любуюся Беларуссю: Белаазёрск — Івацэвічы — Слуцк...

Абапал шашы два помнікі: рускім салдатам, што грамілі паўстанцаў 1863 года — чорны металічны крыж з распяццем (І Н Ц І), а паўстанцам — велічны помнік, цяпер зганьбаваны свядомымі ці несвядомымі нашчадкамі царызму. Бабы казалі, што ланцугі, якімі быў апаясаны помнік, аддзіралі трактарам... Зрэшты, і тых, і гэтых трэба правіць, і тым, і гэтым трэба думаць пра будучыню міру, якой не спрыяе захапленне крывавым мінулым.

Жыва ўявіў пасля, едучы, дэфіляды, што адбываліся тут, пры польскім помніку, з удзелам ветэрана паўстання, што плакаў ад захаплення, і маладога ўланскага афіцэра, брыдкаслова і блядуна, які ўмеў быць таксама прыгожа-фанабэрыста патрыятычным... Кожнаму сваё? Так мы не дойдзем да ладу, так нам будзе капец,— гэта ўсё больш ды больш становіцца рэальным, непазбежным...


* * *

...На плошчы перад старажытным замкам рассеўся праваслаўны сабор, рассунуўшы гісторыю народа тоўстым жандарскім задам царызму [11].

Чытаў у «Литгазете», часткова чытаныя раней у «Дніпры», фрагменты з дзённіка Даўжэнка Гаварылі перад гэтым з Адамовічам пра смеласць Даўжэнкі, яго чалавечае хараство і пра жаль ягоны, што марна згінула дваццаць гадоў жыцця.

Ці ў аднаго яго?! Я таксама пасля «Марылі», «Зладзеяў», «Жывога і гнілі» пісаў для «Вожыка» замалёўкі «Дзеля сапраўднай радасці» і шчыра думаў, дурань, што і так вучуся, мацней станаўлюся на ногі... Што ж, радавацца, што ў мяне не дваццаць, а дзесяць гадоў прапала? Малая радасць,— там былі залатыя гады, куды лепшыя сілы, мноства якіх пайшло на барацьбу са сталіністамі тыпу двух К. і П. і «иже с ними»... Дый не столькі гэта была часамі барацьба, колькі горкае вар'яцтва самотных пакут, «неотразимых обид», якія здорава патрапалі нервы. Ды што тут скардзіцца — мне яшчэ пашанцавала, калі не лічыць змарнаванага часу, змарнаваных сілаў (нават пра «Забалоцце» ўжо часта думаю з болем і агідай), калі толькі радавацца, што і цябе не пасадзілі правераныя паклёпнікі, большасць якіх і сёння думае, што ваюе «за партыю»...


* * *

Чытаючы Салжаніцын, радасна было за простага чалавека, за доўгачаканы ўздых, за вялікую літаратуру, да якой мы пачынаем — праўдзівасцю — набліжацца.

Чытаючы Экзюперы, радасна было за чалавека наогул. Так пісаць!

У Поля Элюара цудоўныя радкі:

Не в одиночку мы движемся к цели, а вместе с любимыми.

Понимать научившись любимых,

мы научимся всех понимать.

Люди полюбят друг друга,

наши дети будут смеяться

Над черной легендой о человеке, который был одинок.


1963

Сустрэчы з выбаршчыкамі. Многа нудна-фармальнага, але ж былі і сустрэчы, знаёмствы з добрымі людзьмі, з незнаёмымі і мала знаёмымі мясцінамі, былі добрыя гутаркі пра «злобу дня» — кукурузу, траваполле, рэарганізацыю. Шмат людзей думае добра, цвяроза, але гавораць толькі «нізам-понізам», адкрыта, гучна — галасуючы за ўсё, што ідзе па загаду, зверху.


* * *

Намёк, які трэба расшыфраваць. Як я адчуваў сябе на першай сесіі, у ролі «члена ўрада», у ролі апарата для паднімання рукі і пляскання далоньмі. Пагана адчуваў, было няёмка і сумна, асабліва пасля таго, як на паседжанні камісіі па культуры нейкая фіфа-настаўніца выскачыла з першым пытаннем: «А что же будем делать с белорусским языком»...


1964

Карпюк спецыяльна пайшоў у «Литгазету», прарваўся цераз прыёмную Барабаша, паглядзеў на яго праз прыадчыненыя дзверы і сказаў: «Я толькі хацеў паглядзець на чалавека, які паўстае супраць Салжаніцын...» Ведаючы іх абодвух, Карпюка і Барабаша,— смешна.


* * *

Ёсць ужо не толькі «падпольная літаратура» (чытаў «Заполночь» Ул. Карнілава), але і «падпольнае мастацтва». Глядзеў учора фотарэпрадукцыі з малюнкаў Мазурава «1937 год». Асабліва ўразіла «Тату судзяць» (уяўляю свайго малога каля ног дарослых) і партрэт Сталіна — крэтын у цемры... А колькі ж яшчэ крэтынаў робіць сваё!..


* * *

Малады, але вядомы ўжо ўкраінскі паэт расказвае пра сёлетні голад у іхнім сяле на Кіеўшчыне:

— Хлеб прывозяць раз у тыдзень, а чакаць яго каля сельмага збіраюцца кожны дзень. Мой стары служыў у царскім флоце «вперед смотрящим». Цяпер сядзіць на печы і цікуе ў акно, ці не ідзе хто з хлебам. Глядзіць, глядзіць дый засне...


1965

Чытаю рукапіс Н. Перкіна «Записки окруженца». Ужо не першы такі матэрыял. І ўжо не ўпершыню падумаў:

Апроч усіх фашысцкіх зверстваў — адной з прычын жахлівага лёсу палонных чырвонаармейцаў была і тая прычына, што іх, палонных, у пачатку вайны было вельмі многа, мусіць, нават для немцаў нечакана многа, і не было куды з імі падзецца, цяжка было іх уладзіць больш-менш «па-людску»...

Гэта — не мой гнілы аб'ектывізм, а горкі, ганебны факт нашай гісторыі.


* * *

Нарэшце сабраўся пачытаць газеты за 1939—1941 гг. Дваццаць шэсць год яшчэ не споўнілася, а як відаць усё, нават з такой далечыні!

Хоць віктарыну аб'яўляй: каму належыць гэтая фраза? І сапраўды, калі і хто гэта сказаў:

«Различие в режимах не может мешать совместной активной борьбе за мир».

А гэта:

«...Дружба народов Германии и Советского Союза, скрепленная кровью, имеет все основания быть длительной и прочной».

Першае — Гітлер, другое — Сталін. Вось табе і «Fuhrer weist, was er tut» [12]. Вось што такое палітычная фраза!

Трыумф сталінскай мудрай палітыкі, фота людзей — толькі з усмешкамі, і толькі недзе на пятай старонцы, нібы між іншым, скупыя паведамленні пра... пачатак тое вайны, другой сусветнай, што забрала ў нас 20 (калі толькі дваццаць!) мільёнаў жыццяў!..


* * *

...Чым бліжэй мне было — па запылена-шэрых старонках «Известий» — да даты 22.VI.1941, тым усё страшней рабілася. Нібы я ведаў тое, чаго ніхто не ведаў... Нават не ў мінулым часе адчувалася, а — да поўнай, здаецца, ілюзіі — у цяперашнім!..


* * *

Рэдактар газеты, брудны пашляк і кар'ерыст, які ў 1956 годзе пасля вершаў Панчанкі пра прыстасаванцаў крычаў: «Пара саджаць!..», прыбег аднойчы ў сваю рэдакцыю і ў хваляванні паведаміў, што яго, нарэшце, прымацавалі да «закрытага размеркавальніка». «Няўжо ж мой унучак павінен піць парашковае малако!..»

Радуйся, беларускі народзе,— ён будзе піць натуральнае!..


* * *

Учора была ў нашым клубе сустрэча з настаўнікамі рэспублікі, выкладчыкамі беднай беларускай мовы. Яны не пагаджаюцца са становішчам, мы — таксама, і гэта добра, гэтага трэба больш. Бо лішне ж у нас жабрацкая псіхалогія! Гаварыў пра гэта ў сваім выступленні.

...Адзін з настаўнікаў, беларус з заходніх абласцей, расказваў, як ён у мінскай сталоўцы загаварыў, заказваючы абед, з касіркай на роднай мове і касірка здзівілася: — Вы пісьменнік?


* * *

18-20 мая ездзіў з Аўрамчыкам і Грахоўскім па Лідчыне. Выступалі ў школах, гутарылі з калгаснікамі, выпівалі і спявалі з настаўнікамі. Успаміналіся радкі Вялюгіна: «Беларусь, Беларусь — ні канца і ні краю...» Прыгожая, працавітая, мнагалюдная Беларусь. У тым сэнсе, што многа харошых, цікавых, цудоўных людзей. І верыцца, што мова наша жыве!.. Зноў бачыў, у новых вобразах, веліч народнага подзвігу і пакут. Калі мы ўскладалі звіты школьніцамі вянок каля помніка расстраляным жыхарам балотнай вёскі Леснікі, глядзелі самотны помнічак па расстралянай сям'і — і проста на агародзе... Калі дырэктар школы паказваў у настаўніцкім пакоі сляды ад куль бандыцкіх на чыстых, пафарбаваных пасля гэтага дзвярах... Тут, у гэтым светлым пакоі, ужо ў свабоднай Беларусі, пасля выгнання гітлераўцаў, «акоўцы», «белапалякі», як называў іх з нянавісцю рахманы і талковы старшыня калгаса,— стралялі нашых людзей, актывістаў...


* * *

Партызанскі сын расказвае, як адзін з партызанаў, камуніст, калі ўжо выйшлі з лесу, пазнаў у паліцэйскай хаце сваю шафу. Сам паліцай уцёк з немцамі, засталася жонка і чацвёра дзяцей. Партызан пастраляў іх. Недастрэлены хлопчык, з прабітымі шчокамі, перапоўз цераз дарогу, і бабы палячылі яго.

Цяпер ён, выхажаны ў дзіцячым доме, працуе рабочым. Каб напісаў успаміны маленства — як урастаў у нашу сапраўднасць!..


* * *

Цяжкая вясна 1953 года. Аграном з вобласці чытае ў падмаладзечанскім калгасе лекцыю, як рыхтаваць на корм салому са стрэх.

Пытанне з месца:

«А што, таварыш, рабіць, калі ў мяне хата пад шыферам?..»


* * *

У нас «цэнзуры няма»... Мне проста параілі (гаварыў па міжгароднім тэлефоне з К.) зняць з рускай кнігі тры запісы «пра культ». З мае згоды іх здымуць, і кніга пойдзе ў друк. А паспрабуй не згадзіцца — не пойдзе. Згадзіўся. Падумалася: вязу вялікі і вельмі дарагі мне воз садавіны, і вось даводзіцца з таго воза даць тры яблыкі таму, хто прапускае, каб ён прапусціў. Правільна, але горка. Асабліва горка стала і было адразу...


* * *

Учора, калі хадзілі ўвечары па горадзе, гаварыў Скрыгану, як я разумею адставанне нашай літаратуры ад жыцця. Самому сабе чалавек ілжэ найменш, у гутарках мы, у параўнанні з нядаўнім часам, куды больш смелыя, праўдзівыя, а вось пісаць — пішам па-ранейшаму «тое, што трэба». Калі не поўнасцю, дык часткова. І «праўда» літаратуры разыходзіцца з праўдай жыцця настолькі, што і чытач плюецца, і самому моташна ад палавіны праўды, чвэрткі яе, васьмушкі і шаснаццаткі... Азірнешся назад, на сваё «Забалоцце», і горка, цяжка!..

...Век пражывеш — разумным становішся. Каб яшчэ раз пачынаць ад пачатку, дык вунь як лепш пражыў бы. А тут не вернеш былога, хоць сам сябе, як вёска кажа, за сраку ўкусі...


* * *

У падзямеллі Кіева-Пячорскай лаўры быў упершыню. За многімі чучаламі стаяць вялікія імёны. Мне непрыемна ўсё гэта, «противоестественно». І думаецца міжволі, што ўсе маўзалеі — справа таксама рэлігійная, як і ўсе культы асоб.


* * *

Пытаюся ў брыгадзіра:

— Чаму ў цябе, браце, коні такія худыя?

— А што ты хочаш? Конь у нас, як і калгаснік,— у паследнюю вочарадзь!..


* * *

Немец не вельмі цікавы. Гаворыць, як ён пусціў цягнік на цягнік, як там «зрабілася вялікая куча» з нямецкіх салдат, а мне чамусьці не вельмі верыцца, неяк нават няёмка і сцішнавата глядзець на яго, бяззубага, сухашчавага выпіваку. Пазней, у раённай рэдакцыі, сімпатычны хлопец Д., які найлепш ведае гэтага Рыфера, усміхнуўся на той цягнік і сказаў, што не верыць, што немец тады прыпісаў сабе гэты подзвіг, а цяпер тым больш, калі ордэн далі, ды кватэру даюць, ды ў газетах пішуць... Для прапаганды, можа, хопіць і яго (быў сувязным, застаўся сам тут), але барацьба саміх немцаў супраць свайго фашызму выглядае ў гэтай канкрэтнасці кволенька... Смешна, як ён гаворыць «па-руску», падпіраючы нямецкімі словамі («Мой баба immer [13] гаўкае: не пі!..»). Непрыемна, незразумела, як ён увайшоў у каларыт нашых люмпенаў — з трэцяй жонкай, з п'янствам, з брудам у хаце.

Чытаў дзённік былога партызанскага ўрача, сшытак, запісаны то простым, то хімічным алоўкам, сшытак, які пабачыў многае, як і яго гаспадар. Пабачыў, пачуў, а запісаць не здолеў. Знайдзі ў яго той сшытак упаўнаважаны асобага аддзела ці іншае начальства — было б хлопцу за крытыку іх п'янак ды блядства як вытрымаць, а друкаваць такія нататкі, на жаль, нельга: дробна, неглыбока, лішне асабіста.


* * *

Да Баранавіч з дому ехаў з сям'ёй (маладыя бацькі і дзяўчынка), якая вяртаецца з цаліны. Сёе-тое цікава расказвалі. Ну што за натура ў беларуса! Вось пабыў наваельненскі лапцявоз тры гады ў Казахстане і ўжо гаворыць, як шмат там было ў яго не качак, а «уцей». І вось застанецца зноў дома, у сваёй глухамані, і гэтыя «уцей» з імі застануцца, можа, а то і напэўна, назаўсёды. Дзіўная, гадкая, страшная здольнасць да асіміляцыі.


* * *

Далей бы мне куды-небудзь ад нашага асяроддзя, ад тарбахватаў, гаўнюкоў і сабак, суседства з якімі, думкі пра якіх раздражняюць да немагчымасці. На сесіі (21-22 г. м.) сядзелі побач з Піменам, акумуліруючы адзін аднаго гэтым раздражненнем. Цяжка. І вельмі непатрэбна, бо не памагае працаваць. І не відаць, каб атмасфера ў нашым саюзе палепшылася, каб прыйшло сумленнае, разумнае кіраўніцтва, каб хоць трохі змяніліся норавы. Бо нават і некаторыя маладыя ўвачавідкі псуюцца.

Мая бедная польская мова! Тут [14] толькі жыва адчуваю, што я — вясковы хлопец пасля сямігодкі, і па-польску начытаны, потым польскі салдат і палонны, які апошнія дваццаць гадоў вельмі мала гаварыў з палякамі. Таму і выступіў я ўчора на трох мовах — спачатку па-польску, як госць, потым па-руску, як кіраўнік савецкай дэлегацыі, і, нарэшце, па-свойму, як прадстаўнік зямлі, што «і вам, і нам, і ўсяму свету дала Міцкевіча, які маю родную мову любіў...».

Казалі, што атрымалася добра. Апладысменты былі асабліва дружныя на слова беларускае.

Пра тое, што мала ведаюць нас, беларусаў, і ў такім плане:

Японцы толькі што пачалі перакладаць палякаў з арыгінала (раней перакладалі... з рускай мовы). Дзяўчына-шведка, узварушліва нязграбная, высокая студэнтка, расказвала, што Швецыя не ведае польскай літаратуры. Народы вялікія, спрадвеку незалежныя, а не маюць узаемных кантактаў. Дык што ўжо казаць пра нас, беларусаў, з нашай пакрыўджанай мовай, з нашай воляй, што магла б, у сэнсе культурнай аўтаноміі, быць куды большай.


* * *

Толькі што вярнуўся з Масквы. Самая кароткая паездка — дзень. Думаў, выязджаючы з дому, што пабуду два, але ўпершыню не захацелася нікуды ісці, ні з кім сустракацца, а пацягнула дамоў, захацелася цішыні для працы. Гэта адно мне толькі і трэба. А я па-ранейшаму не ўмею шанаваць свой час, жыву, як казаў мне калісьці Калеснік, рассеяна.

Як нешта от сабе, нібы несур'ёзнае, нават нерэальнае, не маё, сустрэў мінскае абранне канадскім прэзідэнтам і маскоўскае — віцэ-прэзідэнтам. А калісьці здавалася б... Ну, цяпер мы ўжо ў іншай стадыі самалюбства. Не памятаю, запісаў гэта ці не, але гаварыў пра гэта часта,— як Коласу, на яго 70-годдзі, чаплялі пяты ці шосты, здаецца, ордэн Леніна. Глядзеў стары, скасавурыўшыся, і хваляваўся, відаць, менш, чым хвалюецца малады чалавек, калі хтосьці на ім прышывае гузік. А паспрабуй не то што не даць яму ордэн, а даць трохі меншы — бяда!.. Я вось таксама добранькі, высакародны, пакрыўджаны, а ўчора браў у Маскве білет без чаргі. Дэпутат, слуга народа... А пажылая жанчына цярпліва стаяла ў чарзе, я зірнуў на яе і падумаў, што вось, можа, якраз яна слуга — і сама служыць, і мужа ці сына, а то і абодвух разам аддала ў вайну... Было мне сорамна? Было. Але ж не настолькі, каб стаць за ёю і пастаяць.

Вось што хацелася запісаць яшчэ. Ад'язджалі пазаўчора ад Мінска. Рускі хлопец, ну, малады мужчына, нядрэнны, відаць, чалавек — і на працы, і дома, і наогул,— а ўсміхнуўся і паведаміў мне ледзь не з палёгкай:

«Ну, вот, наконец-то не надо будет больше слышать белорусского языка...»

Да чаго ж яны ўсё-такі сталі адкрыта нахабнымі! Нахабства мацнейшых, каму не пагражае кара і сорам за гэта. Не толькі гэты, як потым, калі ён атрымаў ад мяне разоў некалькі пад дыхлю, аказалася — абмежаваны чалавек, прасцяк, але ж і людзі інтэлігентныя. У Кактэбелі, абедаючы разам за сталом, драматург Любімава спыталася ў мяне, ці ёсць у нас у Мінску беларускія школы. Кажу, што няма. І яна мне, беларусу, беларускаму пісьменніку — спакойна так, культурна — кажа:

«А это и правильно. Будут лучше говорить по-русски...» Божа мой, якая мілая, тонкая, асвечаная многімі імёнамі агіда! Дружба, узаемная любоў... І самае балючае, што спасылаюцца яны на нашых, а нашы вахлакі — ну, што за нацыя такая! — без пачуцця ўласнай годнасці, без энергіі... Анталогію выдаем, апавяданні збіраем ды абмяркоўваем, дык рэдкалегію не збярэш, а сабраўшы — не пагаворыш па-людску. Слова праўды не скажа, не пагаворыць сур'ёзна, як быццам робіць не для сябе. «Апошні год арэнды...» І сапраўды — быць беларускім пісьменнікам — подзвіг.

Ну, вось табе і цішыня для працы... Ці ўцякаць куды, ці тут трэба навучыцца не паддавацца нашаму пошламу асяроддзю.


* * *

Нейкі працэс, на ўзроўні нюрнбергскага. А збоку, каля сцэны, на падлозе сядзіць — ці сведка, ці абвінавачаны — абняўшы аберуч калені, палажыўшы на іх старэчую, трохі лысую, трохі астрыжаную галаву — Хрушчоў. У стылі Кафкі — столькі пакуты ў яго выглядзе і паводзінах (раз-поразу круціць галавой), столькі дзікага ў гэтым ад нашай дзікасці, што я ажно прачнуўся.

Другі сон. На вялікім, чысценькім кужэльным палатне ляжаць вялізныя, румяныя, гарачыя боханы хлеба, якія толькі што выняла з печы мая гаспадыня!..

Таксама ажно прачнуўся.


* * *

У кнізе «Zygzagiem і po prostu» Ендрыхоўская піша, як на віленскай плошчы каля касцёла Пятра і Паўла літоўскія нацыяналісты ў першыя дні вайны па-зверску распраўляліся з сем'ямі чырвоных камандзіраў, забівалі жанчын і дзяцей... Страшная сцэна!

Пішу і думаю, што ў выпадках, «патрэбных» нам, мы гаворым пра чалавечнасць. А як адчувалі сябе, напрыклад дзеці польскіх асаднікаў у суровую зіму 1939-1940 года, калі іх хапалі начамі і везлі з цёплага дома чортведама куды?.. А дзеці нашага Валодзі?.. [15] А колькі іх было такіх?


* * *

Пераглядаю «Полымя» за год, вылоўліваю нячытаныя рэчы.

Чытаў Янкоўскага пра культуру, народнасць мовы і рады быў, што я — беларус. А ў наш час гэта сапраўдная, вострая радасць.

Усё-такі праўда, што арыштаваны новы раман Салжаніцын, як раней Гросманаў. Думаў з трывогай пра свае запісы... Успамінаецца Таўлай: «Я сам і пасядзець магу, а вершам часу шкода...» Паэт іх падганяў у людзі, а тут іх, творы таленавітых, сумленных пісьменнікаў, зусім знішчаюць. Гэта горшы варыянт, чым фізічна знішчаць пісьменнікаў, творы якіх пасля культаўскага ліхалецця хоць часткова часамі, а ўсё ж засталіся.

Праўду казаў Талстой: рэальна наша — толькі сапраўднасць. Хоць і нялёгкая яна, а трэба жыць.

Ну, буду канчаць добры, патрэбны артыкул мілага Сцёпы Александровіча пра Багушэвіча, з якім таксама добра, радасна быць беларусам.


1966

Страшна бачыў у сне свайго хлопца: яго не было цэлыя суткі, і я яго не шукаў, а ён прыйшоў і кажа, што ўчора быў у «цёці Марыі, заключоннай», яна напаіла яго гарэлкай і ён валяўся ўсю ноч на дварэ. Я намагаўся быць спалоханым, засмучаным, але не быў ім па-сапраўднаму і, прачнуўшыся, думаў пра дзяцей.

...Нялёгкая справа — быць бацькам!.. У нейкай сувязі ўспомніў пра Хадановіча ў труне — пачарнелыя рукі і твар, амаль увесь у бінтах, на які мне, стоячы побач, у апошняй варце, цяжка было зірнуць, і самае... ну, не страшнае, а што і выклікала гэты запіс — мёртвыя ногі ў малых, вастраносых і металічна бліскучых модных туфлях, ужо не скажаш — бездапаможна, а абыякава расстаўленых. Перада мною, у нагах нябожчыка, таксама не звёўшы ногі ў модных туфлях «на смірна», стаяў мілы Міхась Стральцоў. Мы штосьці думалі кожны і, можа, калі-небудзь, як не самі мы, дык хто-небудзь даведаецца, што мы думалі. А побач, у радзе сваякоў, сядзела маці забітага і маўчала...


* * *

Другое — рэха нядаўняга закрытага партыйнага сходу, адкуль і да нас, грэшных (а нас больш за 200 млн.), прасочваецца тое, што чыталі пра Кітай. З жахам думаю пра тыя сорак мільёнаў галодных, беззямельных (без месца на зямлі), якіх кітайскі ўрад хоча пусціць цераз нашу граніцу без усякай зброі — «па сваё»... Чым і як мы іх будзем не пускаць?.. І як не думаць пра тое, што ім, кітайцам, сапраўды цесна, а ў нас да чорта дурное зямлі, нарабаванай царызмам?.. Толькі вялікае, мудрае рашэнне можа ліквідаваць такі канфлікт, толькі адзіная чалавечая сям'я калі-небудзь пазбудзецца такіх супярэчнасцей. А пакуль што? Пакуль што я нават запіс гэты баюся рабіць, каб не палічылі мяне здраднікам... Цяжка!


* * *

Кажуць, што здымуць ці ўжо знялі з «Нового мира» Твардоўскага. Думаў, што калі, не дай Бог, зробіцца так — трэба было б напісаць яму пісьмо пра мае даўнія, за некалькі апошніх год, пачуцці да яго, чалавека, якому належыць — потым — помнік з традыцыйным надпісам: «Благодарная Россия». Я ўдзячны за прадмову да Буніна, за слова пра Пушкіна, за вершы пра маці, за Салжаніцын, за... Многа гэтых «за» ён заслужыў апошнім часам. Цяпер (калі і сапраўды ёсць такі дурны, шкодны загад) найбольш адпаведны для мяне момант сказаць яму слова любві і пашаны, не думаючы, што гэта будзе адно з многіх слоў, што ён і не заўважыць гэтага, што ён мне не адкажа. А найбольш адпаведны момант таму, што ён не палічыць маю любоў за аўтарскі падхалімаж да рэдактара. Хоць, зрэшты, гэта — глупства [16].


* * *

Запісваю тое, што ўчора ўвечары падумалася пра маё «Забалоцце». Як мне міжвольна стала балюча ад той ілжы дзеля racji stanu, [17] якую я гарадзіў, браў штурмам, заплюшчыўшы вочы, дабіваўся газетнай праўды і лірычнай лёгкасці. «За Мінскам (ці пад Мінскам) былі, калгас выдатны бачылі...» І ён іх, маіх герояў, пераканаў у перавазе калгаснага ладу. Як гэта мелка! А сам я да таго часу бачыў адзін калгас пад Мінскам, Валодзькаў, калі мы, я і Паслядовіч, суправаджалі групу гродзенскіх аднаасобнікаў, гасцей «Савецкага селяніна». Было ў тым калгасе і добрае, але больш было прыгараднай ды пацёмкінскай паказухі. Нельга было не верыць у гаспадарскую радасць старшыні калгаса, які паказваў нам выдатнае жыта і добры статак. Але ж памятаецца і тое, як Фясько, рэдактар газеты, падвыпіўшы за багатым калгасным сталом, прызнаўся мне на вуха: «Гэты стол каштаваў мне 5 тысяч». Было і добрага многа,— і гэта я кажу не ў апраўданне самому сабе,— добрага ў нашых мясцінах, у нашых маладых калгасах. І я быў шчыра рады яму, пісаў пра гэта шчыра. Але ж было і вельмі шмат такога, пра што маўчаў, бо маўчалі тыя, каму я верыў. А па вёсках Заходняй хадзілі з торбамі ўсходнікі і ў хатах хрысціліся на іконы і маліліся ўголас:

«Каб вам, людзі добрыя, не дажыць да таго, што ў нас!..»

Словам, сёння я гатовы да грунтоўнага растлумачэння, чаму аповесць мая — слабая, дрэнная. Я толькі моцна адчуў учора боль ілжы, боль віны перад праўдай жыцця.


* * *

У Талстога ёсць пра радасць сабачкі, якога гаспадар пачасаў за вушамі. Дурман не толькі пахвалы, але проста «высокого общения» з начальствам дзейнічае на чалавека адмоўна, аслабляе яго волю і самастойнасць.

Нават і я — маю права на гэтае «і я» — адчуваў сябе трохі, як той сабачка, седзячы на гутарцы на самым высокім узроўні. «Маю права» — таму, бо магу ўсё-такі цвяроза глядзець на рэчы, магу аналізаваць з'явы і асобы больш незалежна і сумленна, чым некаторыя, дый многія з маіх калегаў. Дурман гэты прайшоў вельмі хутка. Дый там я не вельмі паддаўся яму, не віляў. І думалася: як жа паводзяць сябе тыя службісты, што ходзяць туды адны і гавораць у больш «інтымных» абставінах, што за гэткае пачэсванне за вушамі гатовы не толькі найвышэйшаму, але і самаму маленькаму інструктару нагаварыць вернападданай лухты — колькі ён хоча ды яшчэ і з коптарам...

Культ асобы пачынаецца ад пят, а не канчаецца ён у нас — аніяк.


* * *

Учора вячэраў з двума гасцямі, адзін з якіх, сімпатычны мне чорнарабочы вайны, перамогі над фашызмам, расшчыраны чаркай, расказаў, як у Германіі, улетку сорак пятага года, яго судзілі. І цяжка мне стала ад гэтага расказу, ажно запісваю, каб неяк расквітацца з гэтым цяжарам, балючым і складаным...

У хлопца немцы — не проста фашысты, уласаўцы, паліцаі і немцы, а іменна нямецкія салдаты — замардавалі ўсю сям'ю. Дзеўка, што ацалела нейкім цудам, расказвала, як яго старая маці крычала ад перадсмяротнага жаху, а маленькая дачка супакойвала яе, сваю бабулю:

— Бабка, не крычы!..

(Успомніў зноў, пасля ўчарашняга, як глядзеў у нейкай кінахроніцы: маці забіта, а маленькі в'етнамчык плача рукамі, бо кадры нямыя, трасучы імі ў святым, капрызным пратэсце...)

І вось гэты хлопец, якому было ўжо дваццаць дзевяць гадоў, насіў у простай душы столькі нянавісці і прагі помсты, што яму мала было разгрому вермахта, капітуляцыі. Ён расказвае, як ехаў на «студэбекеры», адзін у машыне, і на дарозе Дрэздэн — Берлін дагнаў калону бежанцаў, што вярталіся з поўдня на поўнач. Пехатой, у калясачках, з нейкай маёмасцю.

— Я азірнуўся — нікога няма. Ну, думаю... І пачаў іх ламаць!.. Потым мяне даганяе на «вілісе», ён трубіць. Я ўцякаю. У гараж прыляцеў, паставіў машыну...

(Мне нібы хочацца, ды я баюся, як кашчунства нейкага, спытацца пра кроў на скатах...)

— ...Выйшаў, іду, бачу, яшчэ тры малыя, гадоў па чатырнаццаць, купаюцца ў купальні. Цаглінаю пазабіваў...

(Мне трэба, мусіць, пратэставаць, я адчуваю, што на гэтым канчаецца мая ранейшая сімпатыя да гэтага чалавека, але я маўчу. Мне толькі вельмі ярка ўяўляюцца тыя хлапчукі,— як заўсёды цяпер,— праз майго хлапчука, які вельмі любіць купацца...)

— ...Арыштавалі тады мяне, кажуць, што на дарозе я задушыў восемдзесят шэсць чалавек. «Душыў,— кажу,— і буду душыць!» «Не,— кажуць яны, з асобага аддзела,— цяпер ужо мы табою зоймемся». Судзілі мяне паказацельным, разам з нейкім сяржантам, што зарэзаў у бойцы таварыша. Далі мне дзесяць гадоў.

— І што?

— Адвезлі потым трохі ды выпусцілі. І тады ўжо я ездзіў вось так,— змяіць ён карэлым пальцам па палітуры стала,— нават іхняй іголкі не зачапіў.

Я не хачу, не магу, здаецца, не маю права ад сябе каменціраваць гэтую бездань жаху. Мне ўспамінаецца другі чорнарабочы вайны, перамогі, што здабывалася не ў беленькіх пальчатках. Былы партызан, пасля франтавік, што граміў Германію, хадзіў цераз Хінган, што мае права лічыцца, як гаворыць яго быстрая жоначка, сапраўдным Іванам, які на сваім карку вынес вайну. Іван прыйшоў — не сам прыйшоў, а жонка прывяла — да дэпутата, земляка, таварыша па брыгадзе, прасіць памагчы з кватэрай. Працуе зноў жа на самым нізе, рабочым халадзільніка, а не якой-небудзь вялікай ці моднай новабудоўлі. Дзеці растуць і вучацца нядрэнна. Асабліва старэйшы хлопец. Урокі рабіць лазіць у паграбок пад домам, дзе яму бацька правёў святло, лямпачку над столікам. Бо ўсё яшчэ стаіць Іван у чарзе на кватэру.

— Я цябе, браце, не турбаваў бы, але баба не дае дыхнуць...

Ён нават усміхаецца вінавата.

Слова за слова і расказаў мне выпадак.

— У Германіі тожа было. Ідзем мы з лейтэнантам і чуем: наверсе ў доме крычаць. Узбеглі мы, здаецца, аж на чацвёрты паверх, глядзім, а гэта наш адзін, здаецца, старшына. Немцы, стары і старая, крычаць, а ён ужо адабраў у іх малую — дзевачку гадоў са тры ці з чатыры — і нясе да акна, каб выкінуць. Я падляцеў ды ахнуў яму аўтаматам, прыкладам па галаве. Што ж ты, сукін сын, робіш?.. Што ж табе гэтае дзіця зрабіла?.. А тады яшчэ лейтэнант яго паставіў ды па мардах...

Я — з гэтым, толькі з гэтым Іванам!

А таму Івану, што называецца інакш, я дарма не сказаў усяго, што думаў, слухаючы яго расказ. Бо ён жа мне ўсё расказаў. Нібы спавядаючыся, каб палягчэла.

Дарога Дрэздэн — Берлін цяпер пралягае ў дэмакратычнай Германіі. І абапал яе недадушаныя «студэбекерам», таксама як і бацькі трох забітых цаглінай хлопчыкаў, памятаюць, калі не толькі, дык перш за ўсё сваю крыўду. Як зямляк мой і многія з нашых — сваю. Колькі ж трэба, каб мы падняліся вышэй, мы — людзі, насельнікі Зямлі, якая ўжо знята намі з вышыні сарака тысяч кіламетраў?

...Расказ Іванаў стаяў у маёй памяці на чарзе два гады.

І сёння зразумела ўжо, чаму я не мог яго запісаць [18].


* * *

Шкада стала нашу мілую вясковую малечу, якую трохі прывучаць да роднай граматы, а потым адсаджваюць ад яе, адрываюць — нялюдска...


* * *

Калі мне ўчора сястра ставіла тысячу і адну баньку, весела ўявіў Танка, магутнага рагатуна,— як ён ляжыць пад банькамі і рады, што гэта вельмі цікава малым, якія спалохана і здзіўлена акружылі ягоны ложак...


* * *

Старая кадра — К. выступае ў Ташкенце, на адкрыцці нашай дэкады:

— Таварышы ўзбекі, давайце разам павучым нашых пісьменнікаў пісаць! Каб памагчы ім у выкананні пяцігадовага плана!..

Тая ж кадра слухае на нашым пісьменніцкім з'ездзе выступленне аднаго са старэйшых літаратараў — аж рот разявіў ад цікаўнасці. Прамоўца радуецца, як дружна, хораша ідзе моладзь у беларускую літаратуру, а начальнік — гэта відно па ягоным выглядзе — думае:

«І спраўся тут з гэтай заразай, паспрабуй яе асіміляваць...»


* * *

Намёк:

Добры хлопец, з прыгожай ваеннай біяграфіяй, аднак ці ж даваць яму за гэта, як забаўку для красавання, як падарунак,— лёсы людзей, раён, вобласць, рэспубліку?..


* * *

Важная дама «зверху» прыйшла на пісьменніцкі сход.

— Прабачце,— кажуць ёй,— гэтае месца занятае.

— Нічога, прыйдзе таварыш — пасадзім. Запахла падтэкстам...


* * *

Касцёл распісаны італьянцам. А на сцяне — партрэт Сыракомля Падлічыў яго гады — толькі сорак! — і стала нібы зайздросна, сумнавата, што вось мала пажыў калега, а добры след застаўся. Не тут — у жыцці. А тут, у Нясвіжы, бачыць яго прыемна па-асабліваму. І ўспомніўся жупранскі касцёл — Багушэвіч. У адным часткова, у другім поўнасцю пачатак нашага станаўлення. Перамога — не поўная, барацьба павінна ісці і расці. Каб не ўмерлі. Бо сумна, цяжка і дзіўна — быць не самім сабою на сваёй зямлі.


* * *

Гэта ўжо наша, новае — прадстаўнікоў савецкай улады большасць (бадай, што большасць) народа лічыць панамі. Гаварылі ж мне мае выбаршчыкі: «А што нам за розніца, які пан будзе ў нас дэпутатам?..» Імкнецца ж амаль кожны калгаснік паслаць на вучобу, у горад сваіх дзяцей, каб яны не капаліся, як бацькі, у гнаі, а «пажылі, як людзі»...


* * *

Што такое наша (мая?) «публіцыстыка»? Жаданне падагнаць жыццё пад газетную праўду, апраўдаць, падперці вернападданымі фразамі пэўную смеласць, якую дапусціш, не думаючы пра нездавальненне начальства.

Вытрасаў яе, распратакую публіцыстыку, з «Быстранкі», цяпер прачытаў «Апошнюю сустрэчу» і таксама буду вытрасаць. Усе падпорачкі, усю маскіроўку, якая там сабралася, пакуль рэч пралезла ў друк. Цяпер, можа, пралезе і так?..


* * *

Барацьба з культам асобы па-ранейшаму (да XXII з'езда): помнік Леніну к Першамаю пафарбавалі, а Сталін так і застаўся аблезлы.


* * *

Простая, сціплая, акуратная. Ходзіць — наскамі танных туфляў усярэдзіну. Гаворыць з наведвальнікамі і па тэлефоне толькі па-руску. А потым чую: «На афторнік мястоў уже нет». Бедная беларуска. Бедная Беларусь.


* * *

Якое ўсё-такі трэба мець вялікадзяржаўнае нахабства, каб гаварыць нам, беларусам, што вывучэнне нашай роднай мовы ў нашых школах перашкаджае нашым дзецям вывучаць мову рускую!..


* * *

Раней я думаў так:

Калі б беларусу дазволілі быць беларусам, які гэта быў бы цудоўны беларус!..

Днямі, на сесіі Вярхоўнага Савета, слухаючы, як здорава рэжуць некаторыя кіраўнікі па-беларуску, нават не проста з паперкі, а так сабе, адрэдагаваў свой ранейшы горкі «афарызм» наступным чынам:

Калі б беларусу загадалі быць беларусам... і г. д.


1967

Пімен ужо, а я, здаецца, таксама ўжо не дэпутат. Першы вечар было балюча, думалася пра недавер, пра радасць ворагаў, пра «козни» Б. і яго памагатых. Не вельмі прыемна і цяпер. Пакуль што. Бо ўжо адчуваю свой галоўны настрой, думаю, што гэта заганяе мяне ў самога сябе. А што хто скажа — не так і важна, не так і страшна. Зрэшты, у вачах многіх нашы шанцы, наш чалавечы, пісьменніцкі аўтарытэт яшчэ павысіцца, нам павераць, што і мы маглі «истину царям с улыбкой говорить».

У саюзе — горка [19]. Але дэзерціраваць наогул, а тым больш цяпер — нельга.

Калі б мяне там спыталіся, як я ўспрымаю «адстаўку», можна было б адказаць па-народнаму: «Бог даў, Бог і ўзяў». Бо пад другую мудрасць я не падыходжу — мне нельга сказаць было: «служы пану верне, а пан табе перне»,— я заўсёды стараўся быць самім сабой, імкнуўся быць перш за ўсё чалавекам. Як Федзя кажа: «Заявы ж ты на гэтую пасаду не падаваў».

Увайсці б зноў у добры рабочы настрой. Здаецца, увайду, бо ёсць сёе-тое пачатае.


* * *

Гартаў «Літературный щоденник», толькі што куплены ў кіёску на Крашчаціку. Знайшоў сябе: «Аўтар аповесці «У Забалоцці днее», адзначанай Дзяржаўнай прэміяй...»

Вось так яно і ідзе — пішы ці не пішы, уключай ці не ўключай гэтую рэч у збор твораў. Сумна.

Выбралі ва ўсесаюзнае праўленне. 422 — «за», «супраць» — 5. І вось непрыемна думаю пра гэтых пяць галасоў... Ці ад самалюбства, ад раздражнення думаю пра тых,— з нашай дэлегацыі,— каго ўяўляю ворагамі, ці ад маёй даўняй наіўнай упэўненасці, што мяне павінны любіць усе, што трэба, каб любілі... Хоць сам я выкрасліў чалавек дваццаць, а то і больш. Хоць не магу я і далей не быць самім сабою: трохі прынцыповым, настойлівым, а трохі заразай і гарачкай...

Ды што ўсё гэта азначае ў параўнанні з тым, што прыемна было пазнаёміцца з Траяпольскім, Круціліным, Бондаравым, што вельмі прыемна было прачытаць «Ракавы корпус» Салжаніцын?!

Складаная жывёліна — чалавек.


* * *

Ранняя раніца высокага хвалявання і думак — другая частка рукапісу [20]. Добра! Рад, што набліжаюся да глыбіннай сапраўднасці нашай літаратуры, азіраюся на пройдзенае і думаю, што трэба яшчэ больш змагацца за самога сябе, і ніколі гэта не позна. За таго самога сябе, які даўно пачаў імкнуцца да святла, сам блытаўся, паддаваўся часамі палітычнай модзе, зноў ажываў, браў сябе ў рукі і — калі думаць пра вынікі — сёе-тое рабіў і зрабіў, і павінен зрабіць.


* * *

У большасці пісьменнікаў колькасць ордэнаў сведчыць пра ступень іхняй прыручанасці.

А потым бывае і атупенне: у аўтабіяграфіі — творчай, для кнігі — стары, адносна паважаны чалавек дае нашчадкам грунтоўны пералік сваіх урадавых узнагарод.


* * *

Два дні пасля пазаўчарашняга заключнага канцэрта фестывалю мастацкай самадзейнасці прыкрае, да агіды нуднае адчуванне... Ад брэсцкага «хору рускай (!) народнай песні»... ці як ён там называецца, і ад усяго канцэрта, дзе за два вечары, з сарака нумароў праграмы... шэсць нумароў беларускіх...

Некаму ж гэта патрэбна!.. Не толькі сваім прыдуркам ды падхалімам.

І нічога гэтае «рускае» не мае агульнага з сапраўдным рускім, якое я люблю — усё жыццё.


* * *

Думалася (каля помніка Карамзіну [21]), што пісьменнікі XIX стагоддзя ў сэнсе міжнародных сувязей, свабоды падарожнічання былі большымі, як ні дзіўна, інтэрнацыяналістамі за нас, сучасных пісьменнікаў, ленінскай воляй пакліканых быць патрэбнымі працоўным і прагрэсіўным людзям усяго свету... Нават цяпер, калі са скрыпам, праз тугое горла афіцыйнага дазволу, сяму-таму можна — часцей, праўда, не тым, каму трэба было б — выехаць за мяжу, хоць зашпіленым на ўсе гузікі дэлегатам, хоць у наіўным турысцкім натоўпе... А што было нядаўна, у сталінскім мяху народаў?..


* * *

Што адбываецца з пісьменнікам пасля таго, як ён напіша штосьці смялейшае? Яму даюць па галаве. Спачатку ён, аглушаны, проста разгубіцца, а потым пачне мітусіцца,— намагаецца пераканаць чытача (а больш тым часам думае пра крытыка ды выдаўца) у сваёй поўнай лаяльнасці, у добрых намерах свае рэчы. І, не набыўшы неабходнага для працы спакою, пачынае правіць, кідаючыся ад адной крайнасці да другой...

Я стараўся цяпер, з дыстанцыі часу, у спакоі пасля буры, што даўно адышла для гэтай рэчы, узяць у другі, больш стройны кампазіцыйны варыянт і тое вартаснае з варыянта першага, што не павінна прапасці, што павінна служыць задуме твора.

Галоўнае тут не тое, што скажуць крытыкі, у якой ступені мадэрнізацыі «Быстранкі» яны мяне абвінавацяць,— справа ў тым, каб твор і застаўся тым творам, які быў задуманы і напісаны ў 1953—1954 гадах (складаны час не толькі для літаратараў: пераход ад сталінскай стабільнасці, «яснасці» да XX з'езда), але каб я вярнуў у яго тое, што хацеў сказаць і што мне цяжка было сказаць (надрукаваць) у той час.

Дзве нянькі (сем нянек), а малое без носа. У пісьменніка нянек хапае. Яму не нос, а часта душу вымаюць.

А як у нас для аўтара робяцца яго няўдачы — гэта ўжо іншая тэма...

...«На Быстранцы», «Апошнюю сустрэчу» і сёе-тое іншае я правіў як належыцца. А прызнання такога ў «Думах у дарозе» не зрабіў. Ранавата? Каб не напсаваць самому сабе?.. Важна, важней за ўсё, што паправіў і што прайшло, надрукавана,— як быццам цэнзар і не чытаў, а прапусціў так...


* * *

Сніў учора Твардоўскага. Даволі прыемна. Праўда, гасцінны гаспадар (у яго дома) потым некуды знік, а я пабыў у яго адзін і... прачнуўся. Падумаў адразу: і сню я цябе, відаць, таму, што недзе там мой рукапіс чытаецца, а я, як ні здаюся сам сабе спакойным, усё-такі хвалююся, чакаю... І апусціўся вось — праўда, у сне — да паводзін беднага, ветлівага сваячка. Мужчына, якому пяцьдзесят, здаецца, што і сталы, і недурны, не апошні, але заражаны жаданнем славы...

Ранішняя пошта прынесла мне вестку не з «Нового мира», а ад рэдактара мініяцюр у «Советском писателе». Милейший С. Л. піша, што з маёй «по-настоящему хорошей книги» трэба выкінуць ажно чатыры старонкі, дзе пра культ.

Уздыхнуў я, як конь перад цяжкай дарогай,— зноў пачынай ваяваць...


* * *

Учора па службе быў у N., на яго юбілеі. Сумота страшная ад пашахоніі. Хоць і думалася, што ў кожнай, хоць і найменшай, ячэйцы — сваё жыццё: са сваімі нявіннымі, мілымі дзецьмі, гаспадарлівай жонкай, ціхай цёшчай, заслужаным цесцем ці братам, мноствам сучаснай моладзі... Яшчэ раз, пасля Ларчанкавага юбілею, падумаў, што добра зрабіў, адмовіўшыся ад святкавання свайго. Колькі непатрэбнай, нуднай маны, фальшу! Тым больш — пры такой беднасці, як учора. Хоць на сталах — румяныя смажаныя парсючкі, хоць сам імяніннік наіўна радасны, падрыхтаваны да гэтай падзеі — з тостамі ды экспромтамі, што пахнуць як залішне загадзя падрыхтаваныя салаты... Беднасць духоўная, з яе смяяцца не грэх. А можа, і грэх?.. Не ведаю. Але ад суму таго, як чужы, я ў першым перапынку развітаўся з гаспадарамі і ціха паехаў дахаты. І ад суседкі свае за сталом, адукаванай пляменніцы юбіляра, што ва ўсёй беларускай літаратуры прызнае толькі гумар (па-сямейнаму, ад дзядзькі?) і кажа: «Как вы ни старайтесь — все равно он, белорусский язык, умрет...»

Ці гэта мы — такая нацыя, ці гэта нашы дабрадзеі так апрацавалі нашу інтэлігенцыю?..

Аднак жа нічога не зробіш — кратацца трэба. Свой абавязак мы выканаем.


* * *

Трэба сёння рабіць, што трэба. Вось кончу гэты запіс і буду рыхтаваць тэзісы нашай гутаркі ў ЦК — пра зноў і зноў новыя праявы вялікадзяржаўнага шавінізму. Калі мяне туды не запросяць — трэба дапамагчы Максіму як найлепш выказаць тое, што мы павінны выказаць. Калі ж пайду і я — буду самім сабою. Хай расце мая слава «беларускага нацыяналіста», што дайшла ўжо і да Масквы...


1968

Сумна і горка было ад гвалту, які зрабілі над маім ІV-ым томам чыноўнікі. Што мне скажа, чым мне паможа Пілатовіч? Напісаў яму добра, з неабходным пачуццём грамадзянскай і пісьменніцкай годнасці.

Дзіўна і гадка ісці да людзей, якія проста будуць калечыць цябе, тваё адзінае слова — без усякага права, без усякага толку, а ты глядзі і не чакай разумення, спагады...

Як гэта перадаць?..


* * *

Ох, мой чацвёрты том!.. Учора быў у Пілатовіча. Цуд не адбыўся, справу ён вырашыў... службова, паклікаўшы Марцэлева. І ясна стала, што ў «калектыве», якім прыкрываўся Матузаў, удзельнічалі не толькі выдавецтва і камітэт па друку...

Сёе-тое прыйдзецца выкінуць. Але ж не каюся, што напісаў пісьмо: гэта патрэбна не толькі мне. Трэба, каб нашага брата больш паважалі. Ці навучацца?..

Прыемна было пачуць з Масквы, па тэлефоне, што там мініяцюры ўжо выйшлі. То там, то сям, а не ляжаць у рукапісе. А далей будзе відно. Не адзін жа я адчуваю тым часам «новы подых свабоды слова...».


* * *

Цэлы дзень — і калі рыбу лавіў з хлапчукамі, і калі хадзілі з Нінай [22] па цудоўных ваколіцах, і цяпер, на захадзе сонца, слухаючы польскае радыё,— пагана на душы ад гвалту, які зрабілі над маім чацвёртым томам, прымусіўшы зняць тое, што здаецца патрэбным... З гэтым нельга пагадзіцца, хоць я і быў учора задаволены, што сёе-тое ўратаваў, «рэдагуючы» карэктуру з самім дырэктарам выдавецтва, і што яшчэ раз паказаў, што нас павінны паважаць.


* * *

Мне начхаць на таго, хто ціхенька піша на мяне даносы, дзякуючы якім павышаецца пільнасць начальства, закліканага «памагаць» нам пісаць добрыя кнігі. Хоць і крыўдна, балюча. Нічога, калі-небудзь выдам і тое, што цяпер знята, выпраўлю тое, што пакалечана «праўкай». (Так, як зрабіў, дзякую Богу, з «Быстранкай», «Апошняй сустрэчай», з некаторымі апавяданнямі, з раманам.) І рад я, што мне начхаць...

А таму пісаку радасна, што хоць так вось адпомсціў мне за тое, што я, хочучы быць прынцыповым, недзе або пакрытыкаваў яго, або перашкодзіў яму пралезці ў саюз...

Вось як яно ўсё добра,— абодва мы па-свойму радыя, літаратура наша ідзе... далей наперад, і начальству нябрыдка есці свой хлеб...


* * *

Дагэтуль яшчэ ўсё хочацца запісаць тое, што міжвольна, сэрцам падумалася ў той дзень [23]: а ты яшчэ абураўся, дзівак, за сваю карэктуру!..


* * *

На сустрэчы з фінамі ў таварыстве дружбы. Хтосьці з нашых з шаблоннай гордасцю паведамляе, што адзін з заводаў выканаў план года на паўтара месяца раней. Вясёлы, моцны фін пытаецца:

«І што, рабочыя тады адпачывалі?» У падтэксце гэтага пытання ён хавае штосьці сваё, а я думаю, што лепш: выкананне ці «перавыкананне»...


* * *

Простая цётка, малапісьменная, нават з багатай сям'і (зямлі было многа, але з-за ўдова-сіроцтва ладу не было, і не былі яны па-сапраўднаму багатыя, толькі петавалі «без атхлані»),— цётка гэтая ўспамінае:

— Яшчэ пры тым калгасе, у саракавым годзе, знайшла я бумажнік з грашыма і ўсякімі траўкамі...

Аказалася, што згубіў яго старшыня калгаса, былы падпольшчык, будаўнік новага, вякамі чаканага жыцця. Аддала яму ўсё. Паабяцаў паўлітра. А потым, замест гэтага, высмеяў на людзях, на сенажаці, што... дурная:

— Трэба было грошы забраць сабе, а дакументы падкінуць. Так робіцца.

Во — торжество победителя!..

Успамінаюцца тыя героі вайны, партызаны, што вось ужо дваццаць пяты год абкрадаюць любую радзіму, з чыстым сумленнем... члена партыі, які калісьці ўсё аддаў... гатовы быў аддаць. Вось праблема. Залішне глыбокая, каб можна было надрукаваць.


* * *

Чытаў «Размышления» Сахарава. І радасна было, што такія людзі ёсць, што яны не толькі думаюць і адчуваюць, але і робяць штосьці, каб лягчэй было дыхаць.


1969

Пазаўчора прачытаў брашуру з 1932 года пра «класавую барацьбу ў беларускай літаратуры». Ад прававернасці Галавача і Салагуба стала сумна і цяжка... Што яны думалі — толькі праз пяць год, самі апынуўшыся ў ролі абвінавачаных таксама ці яшчэ больш прававернымі! Страшны час!..


* * *

Няўжо яму па-сапраўднаму хочацца, каб нашы літаратуры наблізіліся, каб яны, палякі, не думалі, што наша літаратура — «фальклорная з'ява», не вартая іхняй увагі? Бо як дагэтуль, дык найзаядлейшымі антыбеларусамі з'яўляюцца якраз палякі з «крэсаў», «вялікія знаўцы» Беларусі, накшталт Фэдэрэцкага, Путрамента і ім падобных, што нават і сёння, сацыялістычным «półgębkiem» [24], не саромеюцца выказаць да нас пагарду былых паноў да былых парабкаў. А што думаюць? А як гаварылі б у іншых умовах?


* * *

Тыдні два таму быў званочак з аддзела кадраў таварыства дружбы і роспыты пра Валодзю, брата: дзе ён быў арыштаваны, адкуль узяты. Сёння ўжо не хапае таго, што я пісаў у анкетах дагэтуль, перад паездкамі ў Канаду, ЗША, Індыю?.. Відаць, і дакументы таму спазніліся ў Маскву, а то, можа, і не пасылаліся туды?

Новые веяния?..


* * *

У Салаухіна: «Ты, брат, лысеешь».— «Если это не будет влиять на написание книг, то мне наплевать».

Калі мне будзе пісацца — пляваў я на «меры», якія прымаюцца па выхаванні ці перавыхаванні мяне начальствам.


* * *

Жонка звярнулася да мяне па-руску, і я адказаў ёй на гэтай мове. Якую люблю даўно. Якая воляй шавіністаў — залівае наша жыццё, выжывае нашу родную мову. Якая міжволі ўваходзіць і ў наша жыццё, у жыццё найбольш свядомых нацыянальна... І я — здаецца, як ніколі, ясна адчуў, што я — пісьменнік народа, заціснутага на працягу гісторыі паміж двума мацнейшымі народамі, носьбіт і, у нейкай меры, творца той мовы, якой было, і ёсць, і будзе вельмі нялёгка ў цясноце паміж дзвюма моцнымі, выдатна распрацаванымі мовамі. Мне гаварылі ўжо, і неаднойчы, што ў рускай мове, калі б я пісаў па-руску, мне было б лепш, мяне ведалі б і цанілі б куды больш... Я ем свой горкі хлеб па святым сваім абавязку, я не здраджу яму, бо проста не змагу, але ж як мне часамі — і часта — хочацца адпачыць ад свайго служэння, ад свайго падзвіжніцтва, адчуць ад чытача тое, што адчуваюць у сваім нацыянальным асяроддзі мае калегі палякі, рускія, немцы і ўсе тыя іншыя літаратары, не ўсе лепшыя за мяне, для каго няма пытання мовы, няма пакутаў, болю, смутку за яе...

Толькі б мне выказаць гэта так ясна, каб зразумелі, што гэта — не «нацыянальная абмежаванасць», а здаровае нацыянальнае пачуццё. Зрэшты, людзям, аслепленым шавінізмам, і іхнім лакеям нічога, відаць, не давядзеш... Зрэшты, бяда мая, наша — ужо ў тым, што я думаю, як мне давесці, што я маю права любіць сваё...


* * *

Айзік Платнер, вярнуўшыся з лагера, казаў пра свае без пары, чысценька пабялелыя валасы: — Гэта мая душа навонкі выйшла.


* * *

То светла-стракаценькі, па-сучаснаму, то старамодны, як Мінск ці Кіеў сталінскай пары, то змрочны па-даваеннаму, часамі са слядамі куль на сценах, што сяк-так ацалелі і адбудаваны,— вось і Берлін, «сталіца ГДР», як пішацца тут на дарогах. Многа зроблена, многа робіцца, але ж і многа яшчэ слядоў той малацьбы, што адбылася тут... дваццаць чатыры гады таму назад. Дзе была гітлераўская рэйхсканцылярыя — роўнае месца, парослае травіцай, але рэйхстаг — на тым баку і над ім — не чырвоны сцяг...

Ці не зашмат нашага непрадуманага ўмяшання ў нямецкую дэмакратыю, у іх сацыялізм, а з іх боку — ці не зашмат сляпога, непатрэбнага пераймання? Пакуль што не вельмі бачу ўласна Нямеччыну, новую ва ўсёй яе самастойнасці.

Складаная справа — не толькі вызваляць іншыя народы, але і ўплываць на іх прагрэс. Складаная справа — называцца носьбітам новага, маючы не толькі Леніна, але і Сталіна, з усім тым, што ідзе за гэтымі імёнамі. Многа трэба і мудрасці, і цярплівасці, і паслядоўнасці — на ўсю глыбіню, без зрываў у звычайны нацыяналізм.


* * *

«...Ён пісаў на платдойчы, і гэта, на жаль, нельга належным чынам перакласці на іншую мову. Толькі да немцаў, дый то не да ўсіх, даходзіць гэты цудоўны гумар».

Дрэнна гэта, хоць немцаў — і наогул, і тых, што разумеюць той ці іншы платдойч — і нямала, дрэнна, калі б іх было нават у сто разоў больш. Яшчэ горш, калі сапраўдны талент праяўляецца на мове, якая не толькі вядомая нямногім, але і сярод гэтых нямногіх заціскаецца знешнімі сіламі, звужае кола свайго ўздзеяння на розумы і сэрцы тых, каму яе належала б любіць і берагчы.

І справа тут не толькі ў горычы зганьбаванай нацыянальнай годнасці малога або прыгнечанага народа — шкада, што голас яго не выходзіць, не выйдзе на прастору агульначалавечага, не дадае туды свайго, пазбаўлены гэтага шчасця.

Але ж і «двухмоўнасць» яшчэ аднаго Айтматава — не выхад. Трохі бліжэй да выхаду тое, што робіць Друцэ, добра перакладаючы сам сябе. Калі няма, напрыклад, Дзімы Кавалёва.

Наогул, штораз, то ўсё больш — і тут вось таксама — адчуваю высокае, вельмі сучаснае значэнне і культурнага, таленавітага перакладу, і ведання замежных моў.


* * *

Вельмі недурная, але па-свойму наіўная фраў М., пацешна гаворачы па-руску («он напустил в бутылку воды»), расказвала, як яна праходзіла месячную рэдактарскую стажыроўку ў Маскве і адтуль ездзіла ў Загорск, у лаўру. Бабы хадзілі па царкве з мяхамі хлеба. Недаўмявала добрая, шчырая фраў, навошта гэта тым бабам было... А мне няёмка ёй праўду сказаць.


* * *

Вельмі важна гэта — для самога сябе і для іншых усё больш ды больш праясняць думку пра неабходнасць, непераможнасць, адзіную правільнасць, адзіны сэнс жыцця — тое, што некаторыя ў нас называюць «абстрактным гуманізмам». Мяне больш ніколі не будзе, ніколі ў мяне больш не будзе магчымасці сказаць тое, што я думаю, што ў мяне найважнейшае, найшчырэйшае. І не толькі ва мне яно, не толькі яно маё.

Наша фраў Фішар расказвае, што Рытар, наш сівы, вясёлы шафёр, калі яны ехалі да нас з Берліна ў Дрэздэн, гаварыў, што добра было б зрабіць сусветны плебісцыт: хто за вайну, хто супраць. Марным, зусім нерашаючым быў бы працэнт тых, хто яе хоча.


* * *

Нам трэба пачынаць ды пачынаць. І ў ГДР ніхто нас не ведае. У Нямеччыне напісана адна толькі кніга пра Беларусь, «Weissruthenien» Энгельгарта, прыбалтыйскага магната, які, дарэчы, выдаў пасля вайны ў Заходняй Германіі «Weissruthenische Heimatlyrik» [25] Максіма Багдановіча, як быццам у добрых перакладах. Нарысы па беларускай літаратуры, выдадзеныя ў нас, здаецца, у 1951 годзе, на думку Р., зроблены нібы спецыяльна для таго, каб адварочваць ад нашай літаратуры. З прабеламі і новая гісторыя, асабліва — савецкі перыяд...

Нас не ведаюць. Што там немцы або палякі (казаў Жакевіч, што беларускую літаратуру лічаць у Польшчы «нечым от сабе фальклорным»), калі і рускія арыентуюцца ў нашай літаратуры дрэнна і ставяцца да яе пагардліва.

Вось чаму трэба даражыць тымі, хто нам сумленна спрыяе, трэба пастаянна змагацца за лепшае дома, дзе і «преуспевающих» хамаў, і самалюбівых дурняў, і спекулянтаў, і шкоднікаў, добраахвотных і арганізаваных — ажно залішне на нашу слабасць, на нашы «ўмовы росквіту».


* * *

Да смерці ўдараны Бярозкін і «торжествующая» бяздарнасць і подласць — А. А ўвечары прачытаў у царадворца пры ўсіх Грыбачова: «Стоит ли об этом говорить сейчас, когда по общему мнению, в развитии нашей литературы быстро активизируются здоровые тенденции?»

Дык вось яно — як гэта называецца!..


* * *

Здаецца, што ўпершыню так востра адчуў недарэчнасць граніцы... Каб пагаварыць з харошымі людзьмі пра адно для ўсіх нас або каб пабачыць п'яную нікчэмнасць, так па-свойску падобную да нікчэмнасцей нашых,— трэба было такое доўгае, важнае, тугое афармленне майго (нашага) выезду сюды, у Польшчу, такая ласка і такое хваляванне...

Што за карысць з такіх нарад, як і гэтая, яшчэ адна? Адзін толькі вывад заўсёды напрошваецца: трэба працаваць. Адна карысць: пазнаванне невядомай ці малавядомай зямлі, горада, знаёмства з новымі цікавымі людзьмі. У гэтым выпадку — Літва, Вільнюс, літоўскія калегі. (Які харошы вечар быў, калі мяне, разам з латышамі, прымалі ў «Саюз добрых сэрцаў»!..) І яшчэ адно адчуванне: няёмкасць, сорам ад таго, што я так мала ведаю, што мы так мала ведаем тых, да каго прыязджаю (прыязджаем), так ганебна мала ведаем творчасць сваіх таварышаў. З якімі нібы сябруем...

Так я і выступіў. Коратка.

Маладога ды ранняга зацвярджаюць на самым высокім бюро. Стаіць ён перад начальствам у такім чырвоным напружанні, што, здаецца, каб крыкнуў яму: «Лажысь!» — адразу пляснуўся б на дыван, не паспеўшы нават што-небудзь падумаць. Гэта работнік!..


* * *

Член партыі з 1937 года. Гэта насцярожвае таксама, як дата смерці — 1937...


1970

Да Баранавіч ехаў са знаёмым кінааператарам. Пра час пасля XX з'езда ён сказаў: «перыяд паветра».

Перыяд паветра — вось што патрэбна нашай літаратуры, як і ўсяму жыццю, як мне.


* * *

З акна аўтобуса Карэлічы — Мінск: Мірская бойня. Які дзелавы, гаспадарскі быў падыход: маладых вязем да сябе на работу, а старых бацькоў, каб не было лішняй марокі, трэба застрэліць. І зробяць гэта самі аўтахтоны, паліцаі. Вось у такі вясновы, з жаўранкавым небам, ранак. Толькі трохі раней, калі дзень пачынае маліцца...


* * *

Гаворку пра ўчарашні вечар хочацца пачаць з канца — з цудоўнага канцэрта. Якое зазнайства: нават і мне, ад затузанай ды выпетранай Беларусі, хочацца сказаць пра казахаў: нават у іх тут усё сваё, свая літаратура, культура, да таго ж сур'ёзная, свая музыка, свае песні, свае выдатныя выканаўцы. Нават у іх мы, беларусы, павінны вучыцца, як любіць і адстойваць сваё. Любіць то мы любім, а вось адстойваць не ўмеем. Ці, можа, нам яшчэ цяжэй, чым ім? Ва ўсякім выпадку — я ў Казахстане, я быў учора на — паўтараю — цудоўным казахскім канцэрце, дзе выступалі выдатныя артысткі і артысты, нават і тыя, што з украінскімі або рускімі прозвішчамі — таксама казахскія.


* * *

Салаўкі.

На ўсё прыдатныя: і на святасць, і на катаванне, і на адпачынак...

Усё ўспрымаецца праз 1937 год, пачынаючы ад хлопчыка на Петразаводскім вакзале («сын канвойніка»: з аўтамацікам), пачынаючы ад расказаў пра Кем, дзе водгулле расстрэлаў было звычайнай, штодзённай справай, і некаторыя бацькі звычайна тлумачылі дзецям, што адбываецца там, дзе страляюць.


* * *

На Салаўках пазаўчора думаў, здзіўляўся па-дзіцячы: як гэта і чаму ластаўкі знайшлі Салавецкія выспы, ляцелі туды, не спыніўшыся на кантыненце?..

Тут, у Кемі, цяпер, адвячоркам, пахне старымі дошкамі старадаўні Успенскі сабор, ляжаць у траве магутныя валуны, расце ў агародзе маладзенькая лістоўніца. Чуваць шум парогаў на шырокай Кемі. Дашчаныя тратуары ў буйнай крапіве, па якіх так прыемна ідзецца.

Трава расце, і сонца свеціць, і дзеці гуляюць над ракою. І ні пры чым яны да тых лагерных расстрэлаў, пра якія нам расказваў у Петразаводску выкладчык Р.

Прыгнешся — процьма, цэлы горад валуноў на водмелі. Белыя качкі. Пліскі. І малыя рыбакі. І несціханы шум парогаў.

Марская чаіца. А там, куды шуміць рака,— Белае мора і Салаўкі, якія ўжо не загадка.


* * *

Карэльскія сябры — пісьменнікі, відаць, не вельмі, а хлопцы, здаецца, добрыя. На сустрэчы з намі яны свабодна гаварылі пра страты, якія нанёс ім 1937 год, пыталіся ў нас здзіўлена, як гэта мы (!) выдалі Кочатава і пахвалілі гэты раман у «Немане»...

...Зноў усплываюць у памяці словы Ігната [26], які капаў Беламорскі канал: «Одет, обут, накормлен». Так ён пісаў адгэтуль, і так гэта добра было б зрабіць назвай адпаведнага твора!.. Успомніўся і верш яго пра маленькага сына, некалькі радкоў, дзе от сабе вершык узняўся — ад тугі і болю — да таленавітасці. Падумалася думкамі яго, яго тугой адчулася: ах, якая ж ты вялікая, родная зямля, і як жа далёка можна завалачы чалавека па пакуту!..


* * *

Зноў успомніў маладзенькую жоначку Васіля Сухамлінскага, смерць якога, зусім нечаканая, днямі ўразіла мяне вельмі. Першае іх дзіця яна нарадзіла на допыце (або пасля яго) у гестапа. Дзіця забілі галоўкай аб вугал і выкінулі на сметнік, і яна стаяла перад акном, аберуч трымаючыся за краты, гледзячы на той сметнік:.. Потым ёй выкалалі вочы (а можа, асляпілі як-небудзь больш па-сучаснаму), каб не бачыла і гэтага... Такі шлях да пакутлівай смерці.

Ён, муж яе, вярнуўся з франтоў, працаваў настаўнікам пачатковых класаў — і тады, калі заслужыў сваю славу, бо вельмі любіў дзяцей, несмяротнасць жыцця.

Гэта — пра фашызм.

І не магу не думаць, што на допыце, толькі ўжо не ў гестапа, нарадзіла першае дзіця яшчэ адна светлая душа — Вольга Бяргольц. Яна расказвала мне гэта ў снежні 1954 года, тлумачачы новаму знаёмаму, чаму яна так дзіка п'е. А ў вайну яна аказалася вельмі патрэбнай у блакіраваным Ленінградзе, а потым напісала сваю цудоўную прозу.


* * *

Едучы з Янам Гушчам з Наваградка, горка з ім паспрачаўся з-за нашага Верасня і іхняга Zaolzia, паміж якім ён ставіць знак роўнасці. («Нашы паэты не праслаўлялі Заользя так, як вы свой верасень...») А потым, гаворачы з Максімам па тэлефоне, сказаў: «А колькі ў нас польскіх сяброў, што думаюць па-марксісцку правільна, а не зрабілі для нас, беларусаў, нічога. У той час, калі «блытанік» ці проста шчыры чалавек Гушча, дзісненскі фальварковец, якому верасень 39-га прынёс смерць бацькі ў нашай турме, ссылку і адарванасць ад родных мясцін, за два гада зрабіў анталогію нашай паэзіі і кніжку Багдановіча. Напачатку бывае слова, але застаецца справа».


* * *

Уранні зайшоў у маленькі касцёл на Placu Trzech Krzyzy, паслухаў слова з кнігі пра Іова, з Евангелля ад Лукаша — як паэзію. А потым, калі малады ксёндз пачаў папулярна ды на сучаснай мове тлумачыць бабулям trwogę Matki Boskiej przed niepokalanym poczęciem [27] — я выйшаў ад смешнай нудоты.


* * *

Быў беларускі хлопец з-пад Нясвіжа, наш вясковы цясляр, от сабе целяпень, які, увайшоўшы ў хату, раней чым прывітацца — шморгаў носам і выціраў яго ад губы сподам далоні, а сам наіўна, нават хораша ўсміхаўся... Блакітнавокі, даволі прыгожы і сардэчны хлопец Валодзя Ж. Разам былі мы калісьці ў войску, на фронце і ў палоне.

Сёння ён пазваніў мне, дачуўшыся па радыё, што я ў Варшаве, і вось я толькі што ад яго прыехаў. Былі ўспаміны. Сёе-тое і пра мяне ў палоне, што мне хацелася, каб ён сказаў пры сведках. Чыстая кватэра, бойкая «пані дому», ветлівая дачка, чорны пудзель (за 4000 зл.) на акне, нават прыемная гутарка пад лёгкую чарачку. І прыкрае, да сцішнаты прыкрае адчуванне: як жа ўсё-такі лёгка асімілюецца беларус!.. Так і не змог я збіць яго на родную мову, і не настойваў вельмі, хоць і прыкра было гаварыць з ім па-польску, нават сам-насам...

Так і цягаюць нас — то на ўсход, то на захад. «У Аргенціне круглы год свежая фрухта», як казала нам баба на камвольным камбінаце. «Што там мова, абы народу быў хлеб», як кажа наш мудры прэзідэнт...


1971

Заглянуўшы ў папку з газетнымі выразкамі, убачыўшы там маю «публіцыстыку», саракавых і пяцідзесятых гадоў, стала і горка і брыдка... Хто сказаў, што мы мала пісалі? Мы пісалі, я па сабе мяркую, многа, але вельмі многа напуста, верна, слепа, натужна «дапамагаючы партыі і народу», часцей за ўсё шчыра стараючыся верыць у тое, што пішам, гаворачы агульнай, штампаванай мовай бяздушнай газетчыцы, і трэба здзіўляцца той, жалю вартай, працавітасці, цярплівасці, з якой усё гэта рабілася, і той жывучасці, якая не дала нам пры гэтай нагрузцы на душу, пры гэтай самумнай навале пустаслоўя засохнуць, засохнуць тым крыніцам, што ўсё-такі сяк-так прабіліся наверх сапраўдным словам, што неяк апраўдваюць нас, даюць нам права лічыць саміх сябе слугамі народа хоць часткова...


* * *

Магнітагорск. Зноў жа думкі пра тых пакутнікаў, што побач з «легальнымі» будаўнікамі працавалі тут як нявольнікі. Пра іх не гаворыцца нават так, як гаварылі нам калісьці ў Камсамольцу — зусім не гаворыцца, хоць імя ім — легіён.


* * *

Справа не ў тым, што — як нам кажуць — трэба паказваць сучаснасць, а ў тым, што мы абавязаны паказваць яе так, як гэта сёння трэба, у рамках сёння дазволенага... І ніяк не могуць таварышы, начальнікі над літаратурай, зразумець, чаму не загоніш ды не заклічаш да гэтага самых таленавітых...


* * *

Пасля ўчарашняга выступлення Яўтушэнкі [28] сённяшні яго піжамна-паласаты гарнітур выклікае ў маёй душы толькі вясёлы, добры смех. Няхай сабе! Зашмат у хлопца пафасу, зашмат дзівацтва, але ж і сказаў ён найлепш, у той час, калі мы амаль усе (дый усе) душымся нашай асцярожнасцю, а то і проста баязлівасцю, чакаем лепшага часу для смеласці, для сумленнасці...

Ён, Яўтушэнка, напомніў мне сёння другое «цяжкае дзіця», Валодзю Караткевіча, хоць у іншым... калі не маштабе, дык раскрыцці.


* * *

Кіруючая дамачка не проста важна апладзіруе, а па даўняй і моцнай прывычцы разважліва, размерана ды акуратненька працуе такім чынам — іменна працуе.


* * *

Дванаццаць новых запісаў пра жахі мінулага. Бабкі з папрабіванымі галовамі,— адна з сотні, з дзвюх соцень, адна з тых, каму не папалі ў патыліцу правільна. Былыя дзеці, ужо даўно дарослыя, што ў час расстрэлу ўпалі неяк пад маму або старэйшую сястру і не зайшліся пад трупамі, як многія іншыя дзеці, якіх пасля, хаваючы, даставалі з-пад трупаў «без аніводнае раначкі». Мужчына, трактарыст, якому тады было пяць год, які ацалеў пад мамай, цяпер ужо старэнькай, побач з якою ён сядзіць перад намі. Маладая кабеціна «ў добрым целе», якой тады было шэсць. Пяцёра дзяцей ад розных бацькоў. Сама на сене, стагуе, старэйшыя з ёю, сын і дачка, а тройка малых замкнулася ў хаце і паслухмяна сядзяць. Калі мы потым, як маці вярнулася, зайшлі, яны — «як на выстаўцы» — глядзелі на нас з печы. Сын ужо дарослы і разумее, відаць сваю маму-пакутніцу, і тады пакутніцу, і потым, і цяпер, жанчыну слабую і добрую. Праўда, калгас зрабіў ёй хату (яшчэ не дарабіў: жывуць у той палавіне, што будзе кухняй), але праўда і тое, што зарабляць сваёй малечы хлеб звычайнай «палявой» калгасніцы, якую да таго ж не любіць брыгадзір, з якое кпяць,— нялёгка. Пра жах свайго тады яна расказвае адразу са слязьмі, больш плачучы за старэйшых жанчын.


* * *

І яшчэ адзін не саромеецца, што перш за ўсё баяўся за самога сябе.

Дзядзька расказваў, як пад пахай у яго, недастрэленага, заплакаў таксама толькі ранены, сынок, а немец (ці паліцай) пачуў, падышоў і пачаў цягнуць малога. «А я сваю руку паслабляю, паслабляю, як быццам я нежывы...»

Такое чуваць было ў расказах і іншых. Ніхто з тых, што нам тут расказвалі, не ўзняўся да гераізму, якога «патрабуе наша літаратура».

І партызаны таксама не ўздымаліся. Каля Васілевіч [29], як бабкі-пакутніцы ўчора расказвалі, яны ляжалі на ўзлеску і толькі глядзелі, баючыся аказацца.

Амаль усе гавораць, што стралялі не немцы, а свае. Немцы толькі камандавалі, начальнікі, а радавыя часамі і чалавечнасць праяўлялі, пра што людзі расказваюць амаль са свежым здзіўленнем.


* * *

...Ляснік-беларус, хутар якога стаіць за Котрай, у літоўскім лесе. Дзеці прыроды ў «міжрэспубліканскай зоне». Браканьеры і самагоншчыкі. Няўлоўныя. Прыйдзе літоўская міліцыя: «Я беларус», прыйдзе беларуская: «Я літовец». Сам ідзе са стрэльбай, а баба загоншчыцай. Лось. Дзік. Аднойчы яго дома не было, прыйшло сем літоўскіх міліцыянераў, а баба замкнулася ў хаце і крычыць: «Не лезь, бо засяку! У мяне тут гасударсцвеннае імушчаства!..» Тры вядры чарніцаў. Пакрычалі, пастукалі браты-літоўцы і пайшлі... Муж пачаў хадзіць да суседкі, дык леснічыха, у парадку папярэджання, спачатку набіла суседцы морду, потым падпаліла хлеў, а нарэшце — і хату. Так і выжыла суседзяў.

...Лясы, лясы. Тут, відаць, партызаніў Алёша Рылько. Я думаў пра яго, цьмяна ўспамінаючы яго расказы.

...Баба (на тры гады маладзейшая за мяне!..), што жыве, жыла, гадавала дачку на хутары, які стаіць каля братняй магілы, дзе ляжыць уся вёска...


* * *

А хто запіша пакуты тых бабулек, маці і жонак, родныя і блізкія якіх гінулі ад іншых нелюдзяў? Як Надзя нашага Валодзі чакала ноччу на марозе следчага, а потым станавілася перад ім у снезе на калені... Як Якубава маці вазіла падаянку свайму старому,— пасляваенным перапоўненым, п'яна-зладзейскім цягніком, спадарожнай машынай,— як яна чакала чаргі, а пасля пачула ад нейкага, што сёння сядзіць на сытай пенсіі: «Можешь больше не приезжать: подох!..» Як... Як... Тысячы і мільёны такіх як, родныя, блізкія якіх рэабілітаваны пасля, у пераважнай большасці пасмяротна. А смерць іх якая была?..

І як яшчэ сонца не пацямнела, як мы можам радавацца чамусьці, быць наіўнымі аптымістамі?


* * *

Да помніка (зарослага бур'яном), калі мы глядзелі яго, падышла старэнькая бабка, ужо на дзевятым дзесятку, у лапціках і шэрай, як пясок, нібы маскіровачнай, пад вечную галечу, вопратцы.

— Пахавайце мяне тут, каля гэтага помніка. Дачку зажыгацельнай пуляй забілі, сыны на фронце пабіты. Крэпка мне жаль дзяцей. Рабіла ўсё, пакуль магла, а цяпер пала макам...


* * *

Бабка Параска добра ўспамінае немца, які пашкадаваў яе малых дзяцей і аддаў ёй, хаваючыся ад свайго начальства, вала.

«...Каторая тут твая окса? Бяры ды ідзі».

«...Паліцэйскія былі гады найгоршыя. Вунь той кацюга, Бутылка. А немец кажа: «Як будзем у шапках уцякаць — усіх паб'ём, а як без шапак — некалі будзе...»

Разважаючы пра прычыну нашага разгрому ў сорак першым годзе:

«Свае вінаваты: пусцілі. Тут вайна пачалася, а тут ужо яны і прыйшлі. Нябось у Маскву або ў Ленінград не пусцілі...»


* * *

У вёсцы Крынкі сухашчавы, энергічны і талковы Мікола Коцур, што ўцёк з палону з Полацкага лагера. Амаль на змярканні засталі мы яго з запрэжаным канём на дварэ.

«...Маладзіца выцягнула куфар у кусты і схавала ў гэтым куфры дзяцей. А яны не ўседзелі там, павылазілі. І паліцаі іх пабілі.

Немцы ідуць па вуліцы ды цыгарэты кураць, а б'юць людзей паліцэйскія, нашы...»

Што гэта?


* * *

Не прыдумаеш нічога такога страшнага, чаго б ужо не было ў жыцці.

Бабуля крыкнула на немцаў-карнікаў: «Без'языкія вы!» І яны ёй выразалі язык, адрэзалі грудзі. Сямідзесяцігадовай жанчыне.

Другая цётка расказвала (у вёсцы Горваль): Скуб хлопец курэй, якіх яны, карнікі, настралялі. А немец-кухар яму: «Уцякай! Табе засталося цвай мінуты жыць». Угаварыў, а той потым зноў сумняваецца, «дык ён яму яшчэ і нагой пад сраку даў, а хлопец -— у кукурузу».


* * *

Успомнілася.

Сям'я, дый вёска, што не спазнала ў вайну вялікай бяды. У годзе нешта сорак сёмым баба зашывае малому яго школьную, афіцэрскую сумку і ледзь не весела кажа: — Парвалася. Хутчэй бы ўжо зноў каторыя беглі!..


* * *

Трасучыся па бясконцых ямах, думаў, што «еўрапейцы», злосныя на такую дарогу, прыязджалі ў вёскі яшчэ больш азвярэлыя.

І другое,— наколькі горш выглядалі палешукі тады: і менш заможнасці было, і менш культуры.


* * *

Партызанскія сем'і гінулі менш, бо яны, толькі пачуўшы пра набліжэнне карнікаў, уцякалі ў лес, а тыя, што спадзяваліся, як «нявінныя», ацалець,— гінулі больш.


* * *

Умный, положительный русский железнодорожник і наша, утрох з лейтэнантам, гутарка ў купэ. Лейтэнанціка, што едзе ў Талін, трывожыць думка, узятая з дому, ад старэйшых: як там з «эстонскім нацыяналізмам»?..

На маё пытанне (каб падмацаваць тое, што я гаварыў лейтэнанту сам) чыгуначнік, які салідна перакусваў, сказаў: «Я там пражыў дваццаць сем год і нічога такога не бачыў. Залежыць, хто які чалавек». Па-нашаму: як да чалавека.


* * *

Яшчэ адно «між іншым»: чытаючы ўчора Чукоўскага пра Пастарнака, успамінаў гісторыю з яго Нобелеўскай прэміяй і пахаваннем, і прыемна было, што я тады ані на момант не паддаўся «стадному чувству», і цяпер, бліжэй, глыбей пазнаўшы і пазнаючы гэтага сапраўднага пісьменніка, мне няма ў чым каяцца.


* * *

Інфармацыя, чорт яе забяры!.. Учора, на праходцы з Радавым і Расляковым, а перад гэтым — за сталом, такога дзярма наслухаўся, што каб свайго настрою на душы не было,— хоць плюй ды лайся... Не дай мне, Божа, так старэць — жуючы бяззуба смярдзючую злосць на другіх, усіх без разбору!..

Адно толькі хочацца запісаць — як Маркаў Ніліну гаварыў:

— А ведь смешно, Павел Филиппович, что я на вас смотрел когда-то снизу вверх, лет семь тому назад...

Як тупеюць людзі на высокіх пасадах! Можна паверыць у гэтую гутарку чыноўніка з майстрам, ведаючы трохі і іншых такіх чыноўнікаў ад літаратуры.


* * *

Учора слухаў фізіка Льва Арцімовіча. Знешне падобны на Міхаіла Святлова: хітраваты, разумны і добры прышчур, але яшчэ сімпатычнейшы. Просты, шчыры і сумленны.

Найбольшая небяспека: неадпаведнасць росту тэхнікі і маральнасці людзей. Калі сёння жахлівыя сродкі знішчэння знаходзяцца ў распараджэнні дзяржаў, дык заўтра іх можна будзе пакласці ў кішэню кожнаму нягодніку. Наш тэхнічны прагрэс можа нас і задушыць.

На будучыню чалавецтва ён глядзіць песімістычна. Навуцы трэба свабода. Вучонымі павінны кіраваць вучоныя. Цяпер, ён кажа, так у нас і ёсць, у адрозненне ад сталінскіх і хрушчоўскіх часоў.

У гэтым спачатку быў толькі падтэкст, намёк на наша, літаратараў, становішча. Пасля ён пачаў гаварыць выразней: вялікіх пісьменнікаў у нас у XX стагоддзі няма, палітыка задушыла літаратуру, а вялікі пісьменнік павінен гаварыць што і як ён хоча. А то — «квадратна-гнездавы сацрэалізм»...

Ён не выступаў, а толькі адказваў на пытанні. Апроч «намёкаў» былі і канкрэтныя «дробязі». «Што мне вам, маладым нарысістам, пажадаць? Чым пісаць няпраўду — лепш зусім не пісаць». «Калі з «Нового мира» пайшоў Твардоўскі, я перастаў выпісваць гэты журнал».

...А што ён гаварыў бы, калі б яму трэба было быць пісьменнікам? Чакаць, пакуль зменіцца час? Гэта — не выхад. Чалавек, бясспрэчна, цікавы, сумленны, але ісціны ў яго — толькі частка. А сёння гэта вельмі многа — гаварыць тое, што думаеш і хоць бы думаць правільна.


* * *

Твардоўскаму далі прэмію. Учора, дзе я даведаўся пра гэта, на абедзе ў Прыляжаевай, Федзін глыбакадумна сказаў: «За несколько стихотворений...» А Віталій Озераў: «Хорошо, что он сам еще узнает об этом». Ужо не можа ні пісаць, ні гаварыць — розум працуе, а выказаць нічога немагчыма. Федзін: «Он же физически такой сильный мужик...» Стары, фіктыўны кіраўнік СП і малады, энергічны, па-новаму, па-сучаснаму, у параўнанні са старым, культурны,— абодва яны гавораць, у застольным «благочестии» і элегантнасці, з культурай паліцэйскіх чыноўнікаў вышэйшага рангу, не «посвящая» іншых у нячыстыя таямніцы свае службы...


* * *

Прафанацыя — Кажэўнікаў побач з Твардоўскім [30],— гэта невыпадкова, гэта палітыка загладжвання, «абы ціха», і гэта блізарукая, сляпая кпіна, здзек з сапраўднай літаратуры, пародыя на змычку ідэйнасці і майстэрства.


* * *

Памёр Твардоўскі. Нават і плачуць у друку не тыя або не так, як трэба плакаць па гэтым паэце і чалавеку...


1972

Сын мае пляменніцы, мужчына ўжо (неўзаметку) трыццацігадовы, вырашыў вярнуцца з Расіі ў Мінск. Цяжка з прапіскай — зайшлі з мамай да мяне. Абы як зачапіцца. Дзеці будуць у бабы, у вёсцы. Але ж таксама там доўга не могуць быць — старэйшаму трэба ў школу. «Дык там жа школа ёсць»,— кажу яму. «Вы знаете, дядя Ваня (дзедам мяне з ветлівасці не заве),— она там белорусская, не хочется детей калечить...» «А жонка твая адкуль?» — пытаюся, падумаўшы, што яна, можа, руская. «Ды з нашай вёскі, наша»,— умяшалася яго маці.

З гэтым ідуць да сваяка — беларускага пісьменніка!

Не хочацца думаць, што будзе...

Цяжка нават уяўляць сябе такім жа нармальным літаратарам свайго народа, як які-небудзь англічанін, паляк ці наш эстонец,— у тым асяроддзі, якое гаворыць на тваёй мове, якому ты патрэбен, як свой...

Падумалася ўчора: а ці не ў гэтым часткова прычына і майго не пісання? Адна з прычын?..


* * *

Дакараю сябе, што вельмі мала гаворым з сынам пра найважнейшае. І ўспамінаю, у апраўданне, што бывала такое і з братам, ёсць і з дочкамі. Праўда, ёсць у яго і пашыраецца, паглыбляецца свой свет адзіноты, непазбежны і, відаць, неабходны кожнаму, але ж вось і сумую я па ім, і думаю, што трэба нам быць бліжэй. Хоць — гора наша! — і паміж намі расце ўжо моўны бар'ер: яму ўсё цяжэй гаварыць са мной па-беларуску. А што дасі яму побач з Талстым, Дастаеўскім, Чэхавым, у свет якіх ён акунаецца, і як паставіш яго супраць магутнай плыні асіміляцыі?.. Унучка кажа «тата», але і «тату» гэтага забяруць у яе ў яслях, куды яна днямі пайшла...

Гаўнюкі мы — а як жа сваё захоўваюць іншыя?


* * *

Кончыўшы Карскага («Белорусы. Введение к изучению языка и народной словесности»), не ўстрымаўся, выпісаў:

«В таком состоянии оказалась белорусская народность и ее язык на пороге XX столетия, когда приняты меры к окончательному сравнению ее с господствующими классами населения».

Скажам па-ленінску: «Гм! Гм!..» Гісторыя — у іншай форме — паўтараецца. І так жа горка гэта, а сутыкаешся з такім, у розных праявах, амаль кожны дзень.


* * *

Божа мой, колькі тут трэба жэрці!.. [31]

Учора былі ў цясніне Рапіт, дзе нізам шуміць па каменні рака Кафірніган, на схілах гор цвітуць ружова-бэзавым цветам міндалевыя дрэвы, а пад небам зіхцяць снегавыя вяршыні. Была харошая гутарка ў машыне: Мірза Турсун-задэ (дома ён глядзіцца лепш, цікавей), Баруздзін і новы для мяне Еўдакімаў. Былі харошыя гутаркі на прыпынках — з харошымі хлопцамі нашымі (Аскоцкі, Бітаў, Тэракапян) і таджыкамі (Канаат, Раджаб, Сейтулаеў). Быў паэтычны, чысты і зоркі, відушчы настрой, калі належна адчуваецца ўсё — і тое, хто ты, і тое, што табе трэба. На чарговым дастархане, над ракою, хапіла б, здавалася, свежага агурка, памідора, ляпёшкі і шклянкі баржомі, а тут — процьма ўсякага мяса, зеляніны, кіслага малака, зялёнага чаю, шурцы, лапіны, плову, яблыкаў, вінаграду і каньяку!.. Усё такое смачнае, гаспадары такія гасцінныя, што дзіву даешся пасля бясконцага сядзення: колькі ж можна нарэшце чалавеку з'есці? А так жа было і ўчора, і пазаўчора. А пасля гэтага цябе амаль без перасадкі вязуць у госці, дзе дастархан — у новай некранутасці і з новым націскам гасціннасці... Учора думаў, што наогул ніколі яшчэ ў жыцці не быў так паскудна набарабанены. Як ты ні асцерагайся.

...«Збіраюць на вясельны туй, а потым расплочваюцца з даўгамі, седзячы на ляпёшцы з вадой, а мы ўсё гэтыя туі апісваем!» Так гаварыў адзін з таджыкаў на нашым «круглым стале».

Шафёру Турсуна, службоваму, трыццаць адзін год, у яго чацвёра дзяцей і бацька-пенсіянер (20 рублёў), а сам ён на рукі палучае 85.

А колькі туяў бачыць, возячы начальства!..

А ўсміхаецца так прыязна.


* * *

Няўжо чалавек абавязкова павінен быць прымацаваны да нейкай царквы, партыі, стаяць у нейкай загародцы, хадзіць у нейкім прыводзе, няўжо яму нельга проста быць чалавекам, які мае права думаць і рабіць тое, што ён лічыць правільным, найбольш чалавечным? Няўжо 220 мільёнаў беспартыйных — не члены партыі па сваёй адсталасці ці па нязгодзе з нашай палітыкай? Даўно я гаварыў калісьці пра сваю пазіцыю ў гэтым сэнсе: у мірныя дні сумленна працаваць для Радзімы, а ў дні вайны — змагацца і, калі трэба, загінуць за яе. Няўжо гэтага мала? Няўжо гэта такая вялікая, недазволеная раскоша — самому думаць, што правільна, а што не, самому вырашаць, звяраючы правільнасць сваіх рашэнняў з самым найвышэйшым, цераз галовы інструктараў і сакратароў?.. У кожным выпадку — я іншым ужо не стану. Толькі б рабіць не горш, чым рабіў.


* * *

Расію, рускіх тут, у Балгарыі, вельмі любяць. Аднак «другой роднай мовы» — няма. Ад гэтага ў такой пашане слова, песня, ад гэтага тут лягчэй быць пісьменнікам, чым у нас.


* * *

Сярод мноства пра рускі х помнікаў ды помнічкаў ледзь што не спадзяваўся сустрэць і помнік... Міхалкову (бачыўся з ім у Сафіі) — таксама ў знак удзячнасці, якое ён тут можа дамагчыся. Штосьці падобнае чуў і пра Салаухіна («его величество»). Даніна бярэцца? За плевенскую ды шыпкінскую кроў, за вызваленне ў сорак чацвёртым?.. Разбэшчаныя ўвагай баре. А тут ім, падобным ды прападобным, рускі шавінізм свабодна і «сладко», кажучы па-балгарску, здаецца... прагрэсіўным, усё ж пераклікаючыся (для мяне) з тым прагрэсам, які нёс палякам Сувораў, які таксама расчульвае рускіх у Кобрыне, якога нашы «сундуки» паказваюць, мацуючы дружбу, і польскім дэлегацыям.


* * *

Каб выратаваць свае сем'і ад смерці, партызаны, пяцьдзесят чалавек, прыйшлі з лесу са зброяй і здаліся. Іх пастралялі, а сямейнікі засталіся.

Першы такі выпадак. На Полаччыне.


* * *

Маленькая, рухавая, згорбленая бабка. Бедная хата, у якой найбагацейшай, найжывейшай дэталлю бялее дзіцячая калыска. Прыязджала дачка з унучкай.

Лясная вёсачка Зарэчча, да якое мы дабіраліся па страшэнным бездарожжы. Яшчэ адно жахлівае адкрыццё, яшчэ адзін пункт супраціўлення і юдоль пакутаў, якія мы ўваскрашаем — для трывогі людзям.

Многа красы, мала багацця. Старое, старое, якога трэба пазбывацца, бо брыдка...

«Не немец, а свой — харошы такі — як даў мне прыкладам у грудзі...» Гаворыць пра ўсё гэта нібы абыякава. Рукі — тонкія, худыя, далоні чорныя з сярэдзіны, загарэлыя, вузлаватыя, як клешні, учэпістыя і спрацаваныя. 17 рублёў пенсіі за мужа і сына, што загінулі. І драпаецца бабка ў мае дзверы, шукаючы — «а можа?» — дапамогі...


* * *

«Мы — з хамута». Так кажуць пра сябе тыя жанчыны, якія пасля вайны самі ўпрагаліся ў плуг.


* * *

У канторы калгаса. Расказвае нестарая жанчына, рахункавод. Хвалюецца, міжвольна лазіць рукой па лічыльніках, стукае лінейкай. Лічыць на пальцах — пры нашым выключаным магнітафоне,— каго ў вёсцы забілі. Іван, Сцяпан, Даніла... А за імёнамі для яе — жывыя людзі.


* * *

Дачка бабулі, якую мы не патрывожылі каля бальніцы, з якое тую везлі дахаты, у адной машыне з маладою парадзіхай. І дачка ўжо старая, незамужняя, пяцьдзесят дзевяць гадоў. Нервова мацае па стале каравымі, учэпістымі пальцамі. Стол — пад клятчастым абрусам.

«Большанькае і меншанькае, пяць гадкоў...» Так гаворыць, сурова і пяшчотна, пра дзяцей, якіх забівалі.

Дурное, ідыёцкае патрабаванне: каб дзеці ды бабы не давалі партызанам есці... Прычына біць, знішчаць.

Яўрэйскія могілкі каля Суража. Побач з сумотай помнічкаў — брацкая магіла: яўрэі і партызанскія сем'і, больш за тры тысячы чалавек. Недарэчны надпіс на помніку: «Вечная слава героям...» А ў шэрай сумоце мноства помнічкаў — вялікі чорны помнік нейкаму Кацу.


* * *

Кот з'есць мыш і азіраецца, куды яна падзелася. Так у нас з беларускай мовай... Школы пазакрывалі, і пачаўся «натуральны працэс» пераходу на «другую родную мову».

Успомнілася, як нябожчык Р. Кісялёў на праглядзе заключнага канцэрта рэспубліканскай алімпіяды мастацкай самадзейнасці здзіўляўся, што няма — амаль зусім няма — беларускіх нумароў. Здзіўляўся... міністр культуры!


* * *

Сакратар райкома па ідэалогіі, сімпатычны І., прызнаўся мне, што піша работу пра партызанскі рух на Клічаўшчыне (па адукацыі ён гісторык), але ў абкоме яму хтосьці там сказаў, што на гэтым, калі ён апублікуе сваю працу, закончыцца яго партыйная кар'ера...

Не парушайце зацверджаных, акасцянелых схемаў!..


* * *

Інвалід на двух тупых пратэзах. Моцны мужчына. Расказвае, як ён, хворы тыфам, быў у палоне, як дапытвалі і як уратаваўся. У лазню, дзе яны паміралі, чакаючы смерці, забіць іх прыйшлі два немцы. Забралі верхнюю вопратку, пастаялі, успёршыся на вінтоўкі, пагаварылі паміж сабой, а потым адзін сказаў па-руску:

«Будете помнить, что француз — хороший человек». І пайшлі. На якой мове яны паміж сабой гаварылі, ён не зразумеў. А я дарма падумаў спачатку, што і «французам» тую вопратку не варта было забіраць: гэта рабілася імі для маскіроўкі.

З Эльзаса яны, з Латарынгіі?


* * *

«...Стары чалавек, якога моцна збілі, абапёрся на карову і стаіць, ісці не можа...»

Чаму ж яна — жанчына, якой тады было васемнаццаць гадоў,— расказвае пра такое і горшае, непасрэдна сваё гора і, як і іншыя, усміхаецца?..

А ў самое ногі былі адмарожаныя. Паказала, што і цяпер яны без пальцаў.

Немец паказваў ёй, як уцякаць: «Дзе камрад — не бяжы, а дзе каровы — ты туды».


* * *

Часта думаецца пра недаразвітасць вельмі многіх дзяцей, у тым сэнсе, што з іх — пры іншым павароце лёсу — можна было б зрабіць нешта куды большае, чым яны ёсць.

Зноў успомніў гэта, калі мы назаўтра, у Красніцы, праслухалі расказ пакутніцы Князевай і Валодзя, ужо ў дарозе, сказаў, захоплены душэўнай прыгажосцю гэтай жанчыны, што з яе была б выдатная настаўніца. Была, б...

А цяпер яна — пры хворай, таксама недастрэленай маці і зробленым некім сынку (маці-адзіночка ці пакінутая жонка — не пасмелі ў яе спытацца),— цяпер яна працуе ў брыгадзе, свабодную сваю прафесію акрэсліўшы вельмі проста і дакладна: «куды пашлюць...»

Процьма такіх людзей — «недаразвітых» — знаёмых і ўбачаных за век толькі табою адным. І жывуць, пражываюць жыццё такімі, як ёсць, і толькі па іхніх задатках можна меркаваць прыблізна, што з іх было б, каб абставіны жыцця склаліся для іх больш прыхільна. Ды што там здагадвацца, меркаваць, калі гэта відно на прыкладзе, скажам, многіх у нашым Заторы,— калі параўнаеш бацькоў, сфармаваных да Верасня, і дзяцей, якім савецкі лад даў магчымасць развіцца.

А што — каб не было такіх вось многіх «недаразвітых», хто рабіў бы «чорную» работу, неабходную не толькі для развіцця іншых, але наогул для існавання людзей? Цяпер жа амаль кожны, хто закончыў хоць як-небудзь школу, лічыць, што не яму працаваць на зямлі, і прэцца ў горад ці на «чысцейшую» работу дома. Не простая гэта справа — раўнамернае, усебаковае развіццё ўсіх людзей, развіццё ў іх свядомасці, вартай таго грамадства, якое мы — хто ўмоўна ды цьмяна, а хто і іранічна ці цынічна — называем камуністычным, нашай будучыняй.


* * *

«Гэта няпраўда, што пішуць яны так, як ім загадваюць: яны пішуць так, як самі ўяўляюць тыя загады, а ўяўленне, на жаль, у іх не вельмі моцнае».

Заўважыў гэта ў «Szpilkach», у «Zmyśleniach» [32] Брудзінскага, і адразу ўспомніў Шолахава — яго «загады сэрца»...


* * *

Енісей.

Капітан нашага «Рубінштэйна», сціплы, ледзь не сарамлівы Мікалай Мікалаевіч. Нас з Адамовічам папрасілі на сустрэчы ў салоне расказаць пра нашу працу над «Памяццю» [33], а капітан пачаў пасля пра лагеры:

— Вазілі мы сюды калісьці тысячамі, а вось адгэтуль — нікога...

Мы ўжо за Палярным кругам. Тая самая вялікая, сур'ёзная вада, чыстае неба і тундра замест тайгі. Бераг — «тэрасамі»: ад паводак. І ўспамінаецца, як учора капітан, зайшоўшы ў нашу каюту, зноў гаварыў пра красу паўночнага ззяння:

— Стоишь, окоченеешь, а глаз оторвать не можешь...

Гэта яму — за чыстае сэрца, такое бачанне красы.

На досвітку была Курэйка, дзе Сталін зрабіў мясцовай бабе сына, які ўжо ў шасцідзесятых гадах, набуяніўшы недзе, пачаў абараняцца сваім паходжаннем. Позна. А было і зарана.

Зусім па-новаму думалася ўчора пра генія ўсіх часоў і народаў — як пра чалавека, што так глыбока стаў нечалавекам. Я толькі адчуваннямі дакрануўся да таго, што перажывалася тымі, каго калісьці вазілі сюды інакш, чым едзем мы.


* * *

На берагах Волгі былі шкілеты цэркваў, а тут — цэлых пасёлкаў, пакінутых людзьмі... Тайга — пустыня, у якой можна нават знайсці (з самалёта, адхіліўшыся ад курсу) цэлы манастыр, які існуе па-за часам і прасторай, не ведаючы пра рэвалюцыі і войны.

Пра гэта расказваў нам капітан.

...Над вечным спакоем вады і зеляніны абапал яе, пад чыстым небам — пусты павільён, у якім была «ўвекавечана» хата, дзе жыў калісьці Сталін. «Хату расцягнулі на куратнік» (штурман казаў), а з п'едэстала трактарам сцягнулі ідала. Калісьці тут пасажырскія судны спыняліся на дзве гадзіны — абавязковая экскурсія.

Наш рогат: ён узыходзіць са шлюпкі на палубу з мехам гуркоў на плячы...


* * *

...Зноў Коля С. [34] Ён «будаваў» Нарыльск, а ў мяне тут люкс, верталёт... «Цэлы дзень ідзеш побач з возам сена. Па калені ў сцюдзёнай вадзе...» (Гэта, відаць, не тут.) Цяпер мне з ім пагаварыць бы!..


* * *

Лаўлю сябе на тым, што не мне гаварыць такое, што гэта непатрыятычна, але думаю — думкі такія самі лезуць у галаву.

Столькі праліта крыві за гэты Калінінград, за гэтую зямлю, а гаспадарым мы тут — «не вельмі»... Асабліва нудна, прыкра адчуў сябе на «барахолцы». Прастора, пасля сяк-так прыбраных руінаў парослая бур'яном, з усіх старон тырчаць вялізныя цагляна-металічныя шкілеты магутных кірхаў, а тут — квадрат зямлі, заліты асфальтам і прадаецца - купляецца рознае і сапраўды барахло — ад маленькага «пупсіка» да крадзенага вайсковага кажуха... Сыплюць людзі з трамвая, і думаецца: няўжо каб у магазінах усё было і тады было б тое самае выходнае ныццё, сумныя, дробязныя «перажыткі капіталізму»? А для многіх гэта працяг працоўных будняў — дзень адпачынку, і фізічнага, і духоўнага...

Як ні ездзім вакол — на трамваі, на тралейбусе, на таксі,— заўсёды амаль пасярэдзіне свету тырчыць разбіты сабор, каля сцяны якога ляжыць Кант.


* * *

Чытаю пра Рэрыха. Люблю такія кнігі. І даўно. Успомнілася, як у суровы, страшны час акупацыі, у цёмным, ізаляваным ад роднага і ад усяго свету Загоры ці ў такіх жа Маласельцах, начуючы ў Мішы, чытаў Крапоткіна, Герцэна, дарэчы, думаючы, што раблю тое, што трэба.

І другое думаецца, чытаючы. Пра веліч рускай культуры і пра нашу горкую беднасць. І цяпер ніводнай кнігі няма пра ніводнага — пра Скарыну, Каліноўскага, Купалу, Багдановіча... І не відаць, хто мог бы яе зрабіць для той жа серыі «Жизнь замечательных людей». А што будзе далей? Замест нацыянальнай культуры — у сапраўдным, сучасным значэнні гэтага слова і паняцця — застанецца шматпуддзе помнікаў Купалу і Коласу — як успамін?..


* * *

Іграе і пяе мясцовы літоўскі ансамбль. Шэсць юнакоў, прыгожых сваёй шчырасцю. Слоў песень не разумею, але і гукі іх, сплеценыя з гукамі музычных інструментаў, слаўна напамінаюць і велічны Нёман у соснах, і свежую раллю на ўзлеску, каля надрэчных сядзіб, і акуратныя дамы вясковай вуліцы за ракой, куды я хадзіў адвячоркам, і паром, які і мяне адтуль перавёз, і сцежкі над абрывамі, і наш цеплаходзік — з вадою і супраць быстрай вады, і старадаўні дамініканскі касцёл на высокім беразе, з манастырскай турмой у сутарэнні цяперашняй (часова) школы... Словам — усё напамінаюць, што я пабачыў тут, у Друскеніках, за пяць даволі рухавых дзён. Значыцца, ёсць народнае ў гэтых песнях, штосьці ад той гаючай сувязі з родным, што мы ніяк, ніяк не можам выказаць дакладна, да самай глыбіні, і што мы павінны выказаць, каб яно загучала належна ў вялікім хоры агульналюдскай сям'і, не толькі ў нашай савецкай.

Гэтым хорам у пэўнай меры здаецца мне двухтомнік савецкага апавядання, які я чытаю вось ужо некалькі дзён, сям-там з высокім хваляваннем, думаючы пра тое, што трэба рабіць і мне, і радуючыся, што і мой шчыры голас камусьці ў гэтым хоры пачуецца.


* * *

Не запісаў увечары прыкрага, горка-агіднага ўражання ад «национальной гордости»... не «великоруссов», а нашых беларусаў.

Некалькі дзён таму назад былая красуня, худзенькая юрыстка-яўрэйка, у шчырай гутарцы «паміж інтэлігентамі» гаварыла Ч. і мне, што хутка сюды, у Літву, будзе прыслана значна больш рускіх, «чтобы растворить этих противных националистов». На маё абурэнне яна адказала, хітранька баронячыся: «Напрасно вы, Иван Антонович, никто так, кроме вас, не думает».

Што ж, «яўрэі заўсёды ўсё ведаюць». Я і сам неяк чуў, што так маецца быць. Для ўмацавання дружбы народаў?..

А ўчора нашы беларусы, ідучы са сталовай пасля сытай вячэры, мне, беларускаму пісьменніку, высмейвалі нашу родную мову... Што мы за нацыя?.. А нехта ж па гэтым халуйскім смеху робіць вывады пра «дабравольны пераход», пра «дзве родныя мовы», з якіх адна, беларуская, ужо ледзь-ледзь сям-там трымаецца.

Сцяпан Алейнік, адпачываючы ў другім санаторыі «Белоруссия», у Сочы, зрабіў Кастрычніцкі даклад... на беларускай мове. Ён рагатаў, расказваючы мне пра гэта, а адзін з нашых шакіраваных тады, былых вяльможаў гаварыў мне другім разам пра тое самае ЧП: «Напрасно он это! Да что, они ведь все националисты...» Такім чынам і ўкраінец быў беларускім нацыяналістам.

А што ўжо было б сказана пра гэтыя мае разважанні?..


* * *

І. Мерас, «На чем держится мир».

Спала з немцам, каб выпусціў з гета яўрэйскага хлопчыка, якога яна ратавала. Родны сын рос у чужой, мнагадзетнай сям'і сіратою, а яна, як роднага, палюбіла сынка сваіх гаспадароў. Родны сын быў больш падобны на яўрэя, чым хлопчык-яўрэй. Бацька яе хлопчыка, паліцай, прызнаў сваім хлопчыка-яўрэя, а роднага, удвух з немцам (другім, радавым, не камендантам) застрэлілі. Пры ёй. А яна, маці, што спала з немцам-камендантам за чужое дзіця, не пайшла ў ложак з паліцаем, якога раней любіла, які быў бацькам яе дзіцяці,— не пайшла за гэтае дзіця. І не кінулася на такога бацьку хоць з кіпцюрамі, каб разам з сынам загінуць. Тут, да роднага, любві было менш, чым да чужога. Бо ён яўрэй?..

Якая схема! Як яны любяць, — і героі, і аўтар,— каб іх любілі выключнай любоўю! Які непрыемны дух звышчалавечасці,— «Nur fur Juden!..» [35].


* * *

Спачатку фашыст, а потым нацыянальнасць. Гэта — да таго клопату, які мы будзем мець у сваёй кнізе з паліцаямі, уласаўцамі, «народнікамі», пра якіх нам па ўсёй Беларусі гаварылі часамі больш, як пра немцаў... Умелі, сволачы, дзяліць і нацкоўваць.


* * *

Можа, парагатаць і з таго, што пра мяне, супраць мяне так многа напісана паганага «туды, куды трэба», што ажно двое з тых, «каму трэба» вырашаць, савецкі я пісьменнік ці несавецкі, вымушаны былі, у розны час, але на тым самым службовым узроўні, прачытаць увесь мой чатырохтомнік?

Пачуў пра гэта днямі ад таго, каму яны давяраюць і хто часамі не ведае, давяраць мне ці не.


* * *

Яшчэ раз — пра значэнне дэталі. Калі тут дарэчы, прыстойна так сказаць — у адносінах да чалавека, які пакутуе.

Здаецца, у Леаніда Валынскага («Новый мир», гадоў дзесяць ці больш таму назад), было праўдзіва, з рэдкай праўдзівасцю напісана, як пачынаўся для нашых нямецкі палон.

Маёр, наш афіцэр, афіцэр наогул, якому, як толькі ён, на полі бою, трапляе ў палон, адразу ж загадваюць разуцца. І ў гэтым, пакуль дойдзе да пакутаў большых, можа, і смяротных, пра што ніхто спачатку не думаў,— першая абраза, першая крыўда, несправядлівасць, пачатак усяго, што нёс Савецкай Арміі фашысцкі палон.


1973

Марцалеў стукае алоўкам па стале, калі сярод кірэўнікоў Сэюзэ пісьменнікэў, якіх ён прымае ў ЦК, пачнецца якое-небудзь ажыўленне. А сярод іх Танк, Панчанка, Мележ... Колькі разоў хацелася сказазць яму: — Э, на каго ты стукаеш?!

Чытаю артыкул Валодзі Калесніка пра Тэнка і думаю: «Божа мой, і навошта паэтаў прызначаць старшынямі, намеснікамі старшыняў?! Знарок, каб нашкодзіць літаратуры?..»


* * *

Каб маглі з'явіцца Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў — павінна была існаваць самастойная Расія.

Праўда, Міцкевіч і іншыя з вялікай польскай літаратуры з'явіліся ў Польшчы паняволенай, аднак — даўно народжанай і моцнай незалежнасцю.

Як жа тут, паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі, было не быць беларускаму толькі фальклору?..


* * *

Учарашняя гутарка на палубе з Сяргеем Круціліным. Ці гэта нізавая злосць ды горыч ад пэўных няўдач, ці гэта справядлівы гнеў у нас (ён пачаў) на фальш і цынізм, якіх хапае і тут, у справе найважнейшай? Другое, вядома. Колькі тут едзе тых, замест каго трэба было б паслаць літаратараў, мастакоў, архітэктараў, перш за ўсё — маладых. А тут або праз меру заслужаныя, або ўсюды спрытныя, для якіх гэта толькі адпачынак з тоўстым кашальком ці жыраванне за кошт народны. Сумная нарада ў Осла і вузкія прыёмы, то ў гарадах, то на караблі — вось і барацьба за мір... Ёсць, ёсць і большае, сапраўднае, аднак нягоднае лезе ў вочы само, і мы на яго не вельмі відушчыя...


* * *

Учора ўсёй сваёй, блізу трохсотасабовай, масай мы наваліліся на 50-60 шведскіх абаронцаў міру і ў плошчы-яме пачалі ім гаварыць (па паперках) свае доўгія, для ўсіх аднолькава казённыя прамовы, спяваць эстонскі «казачок» ды польскі «Dom rodzinny...» І пры чым тут, калі па-сапраўднаму, барацьба за мір? Прарвала нават маскоўскага кінааператара, што есць за нашым сталом, і ціхага рабочага-грузіна, майго суседа па каюце. Аператар гаварыў пра нудоту пісьменніцкіх з'ездаў і папоўства маркавых, а тут пра латышскага цяльпука Б., які ў нас усю дарогу служыць папом міру, і з паперы, і без паперы часамі — таксама аднолькава нудна. Можа, хлопец ён і нязгоршы, толькі пастаўлены ў такія ўмовы. Як і кожны з маркавых. Няма літасці толькі для тых, што самі робяць такія ўмовы, гоняцца за імі, «кіраўнікамі» плаваюць паверсе...

У тых жа шведаў, відаць, не толькі бядней з гэтым, але і шчырэй, а ў нас добрай форме, як і ў многім іншым, не адпавядае змест.

Смешнае і прыкра-смешнае, што ўсюды здараецца. Наш Б. Прамаўляе перад шведамі на пірсе, а з сандалета тырчыць праз падзёртую шкарпэтку голы вялікі палец. А ездзіць таварыш з мілай жоначкай. Можа, таму гэты палец тырчыць, што няма тут домработніцы?

На вечары-мітынгу, дзе, дарэчы, добра спявалі шведскія хлопцы, пад гітару і пад скрыпкі, з'явіўся п'яны, ціхі вар'ят з мокрымі смярдзючымі калошынамі, усё садзіўся то паміж намі, мужчынамі, то паміж Damen або Pan. Усім урачыста дзякаваў за выступленні. Мы яго намячалі прымаком нашай кіруючай «Акуліне» (баба па палітычнай частцы, Аэліта). А для таго, каб рагатаць з гэтага, у нас ёсць запас назіранняў і злосці.

А колькі тут, сярод нашых людзей і цікавых, і з добрымі магчымасцямі, як яны маглі б выступіць! У тым ліку і сярод літаратараў, калі б іх не засланялі свае маркавы ды акуліны.

Што да выступленняў, і не толькі ў Гдыні, на якую я маю сякое-такое права і дадзеныя, але і ў іншых месцах мог бы сказаць што-небудзь і я. Няблага, людзі казалі, атрымалася ў мяне ў Гамбургу. Але ў Ростаку, дзе я хацеў перадаць немцам нашу маленькую анталогію гэдээраўскага апавядання і звярнуўся з такой прапановай да «Акуліны», яна мне губаста буркнула ў адказ: «Ни-ка-кой самодеятельности!..»

Выступленні — няхай сабе, а ўжо ў літаратуры без «самадзейнасці» мы бачым, што выходзіць.

...А што ён бачыў — кінааператар, таўкучыся пры вярхах? Здымаючы таксама, як яны прамаўляюць і пішуць. Бачыць, а гаварыць асмельваецца толькі пад чаркай. Стыль нашага часу — хвіга ў кішэні.


* * *

Апошняе «мимолетное видение» нашай «Акуліны» (апошні штрых — муж: працуе ў ЦК КПСС). Пакуль мы стаялі, ад дажджу пахаваўшыся з чамаданамі пад застрэшша ленінградскага марскога вакзала, і чакалі якога-небудзь транспарту — наша панурая кіраўніца праехала каля нас у «рафіку», седзячы побач з шафёрам, а машына была запакавана, ажно праз вокны відно, чамаданамі і скрынямі — знаёмымі, бо я іх бачыў на палубе, каля трапа. І не было аніякай таможаннай праверкі — ні на яе, ні на ўсіх спекулянтаў... І ваяваць з такімі акулінамі — усё роўна што паравоз ці самазвал рукамі затрымліваць. Калі рыба загніваецца з галавы, дык з галавы яе і трэба «лячыць», бо «лячэнне» знізу бывае вельмі нячаста, а ў нас яго і наогул няма.

«Вось работа для вашага брата»,— казаў мне сімпатычны ленінградзец, муж мае зямлячкі, калі мы з ім гаварылі пра нашы беды ў шырэйшым ды глыбейшым вымярэнні.

Я адказаў яму: «Калі вы будзеце такое друкаваць».

І мы смяяліся. Нават смешна ўжо, як пасля плачу бывае.


* * *

«Як не пашанцуе зрання, дык яно ўжо так і да змяркання»,— казала нам цялятніца Аксеня П. Жанчына нестарая, сорак гадоў, такія ў горадзе яшчэ галовы мужчынам марочаць, а гэтая столькі ўжо гора перажыла. Такое жахлівае маленства: падлеткам, пасля вызвалення, было не надта соладка, а потым муж, «бабнік і п'яніца», які, нарэшце, павесіўся, пакінуўшы ёй трое дзяцей, з якіх аднаго трэба было аддаць у дом інвалідаў. А дачка старэйшая, Галя, мілая дзяўчына са скрыўленым пазваночнікам, працуе ў мінскім атэлье. Яна нам, Галя, паказвала хаты, не баючыся гразі. Такая ж, відаць, сардэчная, як і мама, якая плакала, відаць, упершыню так многа расказваючы пра сваё жыццё.


* * *

Баба смяецца, што дождж сёння такі, увесь дзень, «бо п'яніц дэпутатамі выбіраюць».

Выбары — дзень спецыяльнага п'янства. Ці гэта нам так пашанцавала?


* * *

Тут, на Лагойшчыне,— яшчэ раз моцнае, агіднае пацверджанне таго, чаго мы «не хочам падкрэсліваць» — вайна па сутнасці грамадзянская. Процьма паліцыі, падзел вёсак на тых і тых, жорсткасць жахлівая, ажно пытаешся: адкуль яна такая? І думаецца, што тут і быў якраз працяг «класавай барацьбы» з усімі яе «адхіленнямі»...


* * *

У сельсавеце мы пачалі гаворку пра вёску Разліццё, «бесперспектыўную».

Старшыня сельсавета, маладая жанчына, з тых, што можа аблаяць («валявая!»), учарашніх пакутніц-бабуль назвала... лодырамі. «Яны нам нічога не заяўлялі». А паспрабавала б другая «заявіць» — больш да яе не пайшла б...

Успомнілася іншая «валявая»: слонімская, сакратар райкома партыі па ідэалогіі, якая, калі мы расказалі ёй пра нялёгкае жыццё Жэні Б. маці-адзіночкі, весела сказала нам — траім старэйшым за яе мужчынам, пісьменнікам:

— Яна слабая на перадок?..


* * *

Загадчыца дзіцячай бібліятэкі. Сімпатычная, спакойная, але хвалюецца — і ад успамінаў пра страшны дзень у іхняй вёсцы, і ад таго, што трэба гаварыць на роднай мове, ад якое яе — між іншым, калісьці найлепшую ў гэтым сэнсе студэнтку — амаль зусім ужо адвучылі.


* * *

Чорнаму не пакінулі нават назвы роднае вёскі: «Тимковичи»... Перад выпускным вечарам школа прыйшла ў музей. Успамінаючы сваіх дзяцей: Андрэі — у гарнітурчыках, у большасці купленых да гэтай даты, і Галі ды Наташы — у белых, як падвянечных, сукенках. Настаўнік, амаль зусім чыста гаворачы па-беларуску, расказвае ім, як навічкам, пра Чорнага, а на заканчэнне паведамляе, што Іра, дачка пісьменніка, прыязджала сюды з сынам («Яны купілі «Жыгулі»), і што яна «добра гаворыць па-беларуску», і сын яе — о, радасць якая! — хоць і малы, а таксама...

Зноў думалася — і там, у Цімкавічах, і тут, у Капылі, учора над возерам — пра Чорнага. Якога пісьменніка змарнавалі!

«Biada ludom, co swoje mordują proroki!..» [36]


* * *

У калгасным доме адпачынку.

Таварыш чакіст (сам так гаворыць пра сябе) у гэтым годзе выйдзе на пенсію. Вудзіць рыбку і сушыць яе, насіляўшы на нітках на верандзе. Адпачываючы пасля абеду, расказвае, як удзельнічаў у раскулачванні тут, у Заходняй, у 1951 годзе.

У хаце падлога земляная, на ямах, удава і трое дзяцей: дзяўчына-камсамолка, працуе ў магазіне працэнтшчыцай, і хлопчыкі-блізнюкі, гадоў па дзесяць. Калі сказалі ёй, каб збіралася, баба павалілася на зямлю, галосячы, а хлапчукі схапіліся ў запечку біцца за чаравікі — каму абуць іх, бо адна пара на двух. У хляве быў парсючок. Дапамагалі таварышы жанчыне так: парсючка аддалі суседу, з ў таго ўзялі трохі сала ды кумпяк, каб ёй было з дзецьмі на дарогу, бо чалавек той якраз закалоў свайго.

— А за што ж вы яе? — пытаецца кацельшчык.

— Сігнал быў, што муж яе пры панах быў правакатарам.

— Няхай ён быў, ну, а яна, а дзеці чым вінаваты?

— А што ты хочаш ад нас? Мы — слугі народа, у нас быў загад!..

Як той Befehl [37], якім апраўдваліся нямецкія ваенныя злачынцы.


* * *

Некалькі дзён пад цяжкім уражаннем ад могілак на Чыжоўцы.

Ямы каля ямаў, аркестр налазіць на аркестр, танная пошласць вянкоў, прамоў...

Калі мы вярталіся ад магілы беднага Валодзі Нядзведзкага, збоку я заглянуў у яшчэ адну труну, ужо на людскіх плячах, знятую з машыны. Блатное слова ўспомнілася: «жмурык». І той, яшчэ адзін,— з разяўленым ротам, у кветках,— не даваў мне спакою доўга...

У вёсцы пахаванне бывала рэдкай падзеяй, з могілкамі вясковымі звязана нейкая таямнічасць, краса. А тут — «прамысловасць» нейкая, спешка, стандарт. Як з будаўніцтвам — абы-як, абы сабраць пад дахам тых, што ўцякаюць з вёскі ў горад. І таму такая сумота і холад...


* * *

Удвая больш раёнаў, адпаведна — больш начальства. Сапраўдных злачынцаў шукаць было нялёгка, а план трэба было выконваць і перавыконваць...

У блакаду Налібоцкай пушчы карнікі ўзялі двух дзядзькоў паказаць дарогу ў далейшыя вёскі, а ім пасля — па дваццаць пяць гадоў...

Траім дзяўчатам было семнаццаць, шаснаццаць і пятнаццаць гадоў. Як яны там ведалі тую нямецкую мову пасля сямігодкі! А карнікі ўзялі іх за перакладчыц. Для каго? Там жа іх, карнікаў, больш было не немцаў. «Для ночы» ўзялі, павазілі пяць дзён па вёсках і адправілі ў Нямеччыну. А вярнуліся яны адтуль — адной далі дваццаць пяць, другой дзесяць, а наймалодшай, якую тады старэйшая сястра ўзяла з сабою — пяць гадоў — па году за дзень! — «за антыкалгасную агітацыю»...

«Быў час, была эпоха!..» [38]


* * *

Зноў прыгадаўся той начальнік, што можа так сабе што-небудзь забракаваць, не пусціць... Як, для прыкладу, той маскоўска-цакоўскі Мяленцьеў, што забракаваў у «Раман-газеце» Адамовіча, «Хатынскую аповесць».

Проста так — возьме і забракуе, не пусціць. І нічога яму не зробіш.


* * *

Двойчы было прыкра:

Калі не пазнаў ля газетнага кіёска, што стары, які лез без чаргі па цыгарэты,— інвалід вайны з кіёчкам, а я яму зрабіў заўвагу толькі як курцу.

Другі раз — сёння ў магазіне, калі маладзенькая прадаўшчыца тройчы «не пачула» маю просьбу, бо абслугоўвала літоўцаў, і я ёй выгаварыў за нацыяналізм [39].

Смешна гэта і горка — беларусу быць рускім вялікадзяржаўным шавіністам, якім яна мяне напэўна палічыла.

А той стары ўзяў ды ціха пайшоў ад кіёска, не купіўшы цыгарэт, а я яму здаўся, відаць, такім жа здаравенным грубіянам, які днямі самому мне нізашто нагрубіў у чарзе па ёлачныя цацкі.


* * *

Заўвагі найвышэйшага начальніка на палях даклада, які яму напісалі:

«Здесь я должен поразмышлять». «Здесь у меня должно быть теплее». «Здесь нужны какие-то интересные детали».

І падпольныя дакладчыкі будуць думаць далей. Нічога не зробіш — і ім не хочацца сыходзіць з арбіты.

Добра ўжо тое, што адзін з іх, даўні знаёмы, вытаптаў гэта мне.


* * *

Назву вёскі Іконы, на Барысаўшчыне, па загаду самога прэзідэнта, што заязджаў туды, змянілі на Іканы, з націскам на «і». Барацьба з рэлігіяй? Чым маліцца на іконы, лепш ікаць ад гарэлкі.


1974

Гэта страшна — адчуць сябе сярод мноства людзей чужым, адзінокім.

Я адчуў гэта ўчора, калі ў марозным прыцемку «гадзіны пік» ішоў па праспекце.

А натоўп — чарга па што-небудзь?.. Проста балюча, як толькі ўбачыш... Якая адчужанасць, гатовая ў любы момант успыхнуць варожасцю...


* * *

У асяроддзі літаратараў з гэтага быў бы дружны смех, а тут — за юбілейным сталом у багатым вясковым доміку — дырэктар мінскай сярэдняй школы, чалавек пажылы ўжо, сямейны, з цікавым мінулым чытае не жартоўную, а сур'ёзную «паэму» пра юбіляра, графаманскую бэрсаніну, з якое толькі смяяцца, а ўсе яго слухаюць і апладзіруюць з поўнай павагай... (Успомнілася зноў, як Пястрак гаварыў, што проза Гурскага нагадвае тых гліняных катоў і дываны з лебедзямі, што прадаюцца на Камароўскім рынку.) і толькі потым, пасля багатага і агрэсіўнага збоку гаспадароў застолля, я ў электрычцы даведаўся ад гэтага «паэта», што юбіляр сам папрасіў яго напісаць «паэму», у той дзень, калі прыязджаў запрашаць яго. Паэму пра юбілярава жыццё, якая павінна легчы на стол магутным пірагом.

— Ну, дзе ж я мог паспець за тыдзень? Што мог — зрабіў,— скромнічаў таварыш.

Барыс Л., яўрэй-інжынер, дык той хоць можа неяк амаль па-дзіцячы непасрэдна, весела радавацца, калі штосьці рыфмуецца, больш і не патрабуючы, глытаючы толькі сямейнае захапленне. І толькі патрыярх роду, дзядзька Мірон, мог мне шаптаць сваім сіплым басам пра мужа пляменніцы:

— Дурак Борис, он имел бы копейку, но не хочет...

А гэты, аўтар доўгай юбілейнай оды («...не прятался

он у сподниц горячих вдов и молодиц...»), не толькі гаварыў пасля пра гэтую сваю ледзь не другую спецыяльнасць з поўнай сур'ёзнасцю, але і пра літаратуру наогул (пра Быкава, скажам), гаварыў талкова, не толькі выклікаючы прыхільнасць да сябе, але і наводзячы на здзіўленне,— як гэта можна цвяроза разбірацца ў тым, што напісалі іншыя, а самому тым часам сур'ёзна гарадзіць лухту?..


* * *

Зноў у архіве КДБ.

Вёска Вярхі Ельскага раёна. Лета 1942 года. Дзяды і бабы вынеслі стол у канец вёскі, з караваем і соллю на рушніку сустрэлі карнікаў,— каб гэтым, можа, уратаваць сябе і дзяцей. Чалавек каля сотні. А карнікі іх, па камандзе обер-лейтэнанта (які цяпер працуе ў заходнеберлінскай паліцыі), прыперлі паўкругам да сцяны адрыны, дзе іх сустрэлі, і — з адлегласці 3-4 метры! — пакасілі з аўтаматаў і вінтовак. Пратакол кажа, што «вся стена была изрешечена». А потым усе карнікі — славечанская паліцыя, радавыя немцы і латышы, за выключэннем таго обер-лейтэнанта — за рукі, за ногі пасцягалі трупы ў адрыну і падпалілі.


* * *

Мы напружана працавалі, Адамовіч, Сёмуха [40] і я, калі мне пазванілі: выступіць па радыё, яшчэ раз гаўкнуць на Салжаніцын, прычым — неадкладна!.. І неяк вельмі ж проста і неадкладна я адмовіўся, не бачачы ў гэтым подзвігу і дагэтуль. Несалідна гэта — так доўга пераконваць саміх сябе ў тым, што паступілі правільна, прымушаць людзей брахаць ужо не на страх, а на брэх. І не тых дапускаць, што самі гэтага прагнуць, а «правяраючы лаяльнасць», «перавыхоўваючы» непрыручаных.


* * *

К., якога я нават вельмі прасіў быць рэдактарам рамана, выкрасліў з яго тое месца, дзе Руневіч — упершыню перад партрэтам Сталіна. Спаслаўся на «галоўную рэдактуру», а потым я даведаўся, што тут не «галоўная рэдактура», а «место было завопрошено»... карэктарам. І яны да гэтага падключаны.

Адразу пасля атрымання весткі я пры сустрэчы паплакаў у камізэльку Ніліну. І Павел Піліпавіч пацешыў мяне тым, што побач з яго апавяданнем у «Новом мире», якое я яму пахваліў, было яшчэ два, якія зарэзала цэнзура.

— Мудро говорил Кербабаев,— сказаў ён.— «Сензур у нас нет. Правильно пишешь — нет сензур, неправильно пишешь — есть сензур. Я пишу правильно — у меня нет сензур...»


* * *

Філосаф, работнік ЦК КПСС, а можа, і праўда «падпалкоўнік»:

— Хватило бы вам и 10%. Это все выдумка интеллигенции.

10% — гэта для беларускага ў планах нашых выдавецтваў, а «выдумка интеллигенции»... наша мова.

Дык вунь ажно адкуль яно ідзе!..

З цвярозай асцярожнасцю я адказаў яму:

— На эту тему лучше говорить с утра.

У сэнсе — праспіцеся. Бо вячэралі мы з віном [41].


* * *

Пасля граната, які на хаду па алеі непрыстойна сарваў наш шахцёр, фінікі на пальме былі для яго завысока. Спалучэнне прастаты з новай, сучаснай якасцю — самаўпэўненай развязнасцю «гегемона».


1975

Дастаеўскі. «Бесы»:

«Человек несчастлив потому, что не знает, что он счастлив».

Гэта я ўжо чытаў даўно, у загорскім адрыўным календары, і сустрэў цяпер як знаёмае, нават неяк усцешана.

А гэта гучыць як прароцтва:

«Все они, от неумения вести дело, ужасно любят обвинять в шпионаже».


* * *

Лепш ужо адкрыты, шчыры капіталізм, з яго супрацоўніцтвам з народнай уладай, чым такія «марксісты», што едуць у Кракаў на адпачынак, каб там патаемна адмольваць, выспаведваць свае, «неабходныя для кар'еры», грахі.

Пан Г. у кракаўскім аддзяленні «паксу», расказваў мне пра такіх «зусім без выразнай пазіцыі», але праўдзіва.


* * *

Думаў здалёк [42] пра бедную Беларусь, што так і не ўмее, так і не можа быць сама сабой, хоць і не горшая — ні мовай, ні талентамі, ні шчырай душою — за іншых. (Нават пісаць такое як быццам баюся.)


* * *

Смоляр [43] у Ізраілі як быццам піша пра... «антысемітызм» у партызанах.

А мне ўспамінаецца, як нас на нейкі час перавезлі былі з «Камсамольца» ў «25 беларусаў», у атрад імя Будзённага. Кухар, калі мы рэдакцыйным гуртам прыйшлі да катла: «Гэтаму хлопцу дам, а гэтаму жыдку — не». Мне і Смоляру. Ён адышоўся, лёг пад сасною і плакаў: «Котелок супу, е. т. м.!..» А я пайшоў да мясцовага камісара. Вусаты настаўнік гісторыі Лукашэвіч, з якім я потым рад быў сустракацца (першы раз пасля вызвалення — на стагоддзі Міцкевіча, калі ён, Лукашэвіч, быў старшынёю калгаса), загадаў тады паклікаць таго кухара і сказаў яму пры мне:

«В первую очередь, самого густого, жирного, и еще по котелку свежего молока три раза в день! Ты знаешь, что это люди вредной профессии?..»

Такі антысемітызм я памятаю.

Памятаю і тое, як ён, Смоляр, крычаў на другога яўрэя, Мар'яна: «Што, без цябе не было каму' ехаць у раён, трапіць там на засаду?» І сёе-тое іншае. А такі ж цвёрдакаменны быў камуніст!..


* * *

Сястра вядомага партызана, і сама сувязная, красуня «выйшла» (па-ваеннаму) за камісара брыгады. Добры чалавек, якога мы паважалі больш за ўсіх іншых начальнікаў. Ад'ютант, чаркес Хачукоў, запрагае сівую, у яблыках, камісарскую Лізу. Потым з зямлянкі выходзіць злосна заплаканая камісарша, садзіцца на воз і — паехалі, пагрукалі па карэнні. Камісар стаіць каля свае зямлянкі, я — каля нашай, разведчыцкай. Я нашмат маладзейшы за яго, кадравага афіцэра з акружэнцаў, ён ведае, што я пішу, і ён мне кажа:

— Видал, Ваня, третий раз потрошить повезли.

Яна паехала ў яўрэйскі сямейны лагер, рабіць аборт.

І сама была не такая бяскрыўдная. Ідзе пасяджэнне штаба міжрайцэнтра, начальства ў нас — з пяці брыгад, з самім Царуком на чале. А яна зварыла на вогнішчы абед і гукае ў прастору:

— Саш-ша, иди иску-шай!

За трэцім разам ён адгукаецца са штабное хаты:

— Мне некогда, здесь заседание штаба!

— А чтоб ты там лопнул вместе со своим штабом!..

Пасля вызвалення, ужо ў райцэнтры, на брыгаду прыслалі трохі партызанскіх медалёў. Што там яна гаварыла свайму камісару сам-насам — можна здагадвацца па тым, што яшчэ і на ганак выйшла следам і прасіпела:

— Помни, е. т. м., если ты дашь мне вторую степень!..

Неўзабаве да камісара прыехала з Расіі жонка з малымі і папрасіла лясную вон. Нешта праз год я бачыў на Камароўцы, як яна, палінялая красуня, прадавала нейкі салатавенькі світэр.

Ці мы калі-небудзь будзем пісаць пра партызаншчыну ўсё?..


1976

Сын вельмі хацеў быць афіцэрам і стаў ім, а потым яго прывезлі з кітайскай граніцы ў цынкавай труне, і бацька сядзіць цяпер перад хатай на лаўцы — так недалёка ад магілы свайго адзінага...

...І яшчэ адно, пра што маўчым:

Малады таксіст, сонечным ранкам везучы мяне ў Каралішчавічы, расказваў, як ён з яшчэ адным салдатам і лейтэнантам суправаджаў калісьці з Чэхаславакіі ва ўкраінскае сяло таксама цынкавую труну. Як маці салдаціка (так жа іх здаўна называюць у народзе), галосячы, «лезла біцца» да лейтэнанта: каб адкрылі тую труну, каб зірнуць не праз шкло акенца, а на ўсяго,— што з ім зрабілі...


* * *

Прыстойная жанчына, жонка паважанага чалавека, з усмешкай:

— Наша атамная на іх — калі ласка, толькі каб іхнія на нас не падалі — за гэта мы змагаемся.

І стала агіднай.


* * *

Старэнькая Вільдэ [44] ў маскоўскім Доме літаратараў глядзіць з'ездаўскую выстаўку кніг савецкіх шматнацыянальных аўтараў на многіх замежных мовах. Кажа мне, калі павіталіся:

— Як хораша, праўда? І сняжынка ж адна на адну не падобныя. А дурны маскаль хоча, каб усё было толькі бела, толькі аднолькава...

І ўсё гэта ёй вельмі ясна.


1977

Наколькі лепш адчуваў бы сябе беларускі пісьменнік, калі б ён чуў навокал (не толькі ў вёсцы або ў сваім саюзе) родную мову, калі б, пішучы на гэтай мове, можна было думаць, што ўсюды ці хоць у больш-менш лічаных краінах нехта ведае, вывучае яе, мае слоўнікі, каб слова наша даходзіла да замежнага чытача не праз рэшата рускага перакладу, а сваім уласным гучаннем. Каб мець такія правы, як гэты Фюман, якога свабодна перакладаюць з нямецкай на рускую, або які-небудзь не лепшы за мяне рускі калега, якога перакладаюць з арыгінала, бо мова яго — не «дыялект», як гаварыў пры мне пра нашу адзін, нават прыязны, польскі русіцыст, а паўнапраўная еўрапейская мова...


* * *

А няўжо народу, чалавецтву, людзям патрэбен яшчэ і мой голас — пры наяўнасці процьмы добрага і выдатнага, што днямі я па-новаму ўбачыў, даводзячы да ладу сваю бібліятэку. Адразу ж, толькі прачнуўся я, згадаўся жаўранак: няўжо ён задумваецца над тым, ці патрэбен каму-небудзь яго спеў? Проста пяе з неадольнай патрэбы.


* * *

Калі шукаць апраўдання таму, што мала напісана не толькі за апошнія дзесяць гадоў, але і наогул, дык трэба прыгадаць не толькі тое, колькі я сам перакладаў і рэдагаваў чужога, але і тое, колькі я працаваў над перакладамі майго іншымі — і аўтарызуючы (працэнтаў на 30-40, а то і на ўсе 50 дапрацоўваючы пераклад), і робячы ўсю тэхнічную работу гіры падрыхтоўцы перавыданняў, і чытаючы карэктуры. Гэта датычыцца перакладаў і рускіх, і ўкраінскіх, і польскіх.

А ў актыў мне ў нашых умовах — не толькі ў Саюзе, але і ў Беларусі — лічыцца адно арыгінальнае, адзін чыстаган.

Дык што гэта — неразумнае марнаванне сіл і часу, няўменне выкарыстоўваць яго належным чынам ці яшчэ і іншае — ненармальнае становішча беларускага пісьменніка дома, у сваім народзе, дзе з кожным годам, напорыста і паслядоўна робіцца справа асіміляцыі?.. Цяжка, і ніхто не ведае пра гэта, апроч нас саміх.

А такі Н., якога я пачаў заўважаць і любіць па творах, гаворыць, выступаючы ў Валгаградзе, што ёсць толькі руская літаратура, а ўсё іншае — Гамзатавы, Айтматавы...— «зроблена намі, рускімі»... І гэта не толькі яго шавіністычная саманадзейнасць, але і глыбінная палітыка.


* * *

Захоплена даводзіць, што Пушкін геніяльны, а Ясенін вельмі таленавіты — гэта не вельмі цяжка. А потым ён пераходзіць на пасрэднага сучасніка, пасрэднасць якога так выразна відаць у вершаваных цытатах, пераходзіць з тым самым захапленнем і апломбам, і адразу кідаецца ў вочы, які ён абмежаваны крыкун, гэты «преуспевающий» крытык. Праўда, «преуспевание» яго ўмоўнае, залежнае ад займаемай пасады (дырэктар выдавецтва), але і яму, і жонцы дастаткова, хапае, каб быць самаўпэўненымі, самаздаволенымі,— усёй сям'ёй, з дачкой, зяцем, унукамі.

Смешна. Калі б усе масквічы былі так магутна чараватыя, дык сталіцу нашу вельмі нялёгка было б пракарміць.


* * *

Паранены партызан хаваецца ў маёнтачку Лісіцкага — тэма.

І дзікая панская самотнасць, ізаляванасць ад наваколля, і чалавечнасць, і антыфашызм, які ён, стары пан, бачыць у нялюдскіх справах (расстрэлы яўрэяў і іншае), і шляхецкая Беларусь, што адыходзіць у гісторыю (дэкламаванне старым Лісіцкім Багушэвіча, «Гутарак» і іншага).

Пра самотнасць, ізаляванасць. Я ў іх адчуў яе на нейкіх дзесяць год раней, калі з панічом Лёлікам ехаў аднойчы з лесу. Апошні сын у вялікай панскай сям'і, юнак, які вярнуўся з настаўніцкай семінарыі, каб ратаваць ужо не маёнтак, а жыццё — ад звычайнай беднасці, звычайнага голаду, які маскаваўся былой фанабэрыяй.

Ці быў у іх герб? Напэўна ж быў які-небудзь. Як у Путрамант як у Дзяржынскага. Першы з гэтых двух сам сабе яго шукаў і ў сваім «Półwieku» паказваў чытачу, не абціраючы ад фамільнага нафталіну, а другому той несмяротны герб ахвотна і радасна знайшлі біёграфы, якім і ў Народнай Польшчы гэта — ах як імпануе! Вялікі рэвалюцыянер, друг самога Леніна — і як жа тут можна без герба? Яе з чэрні — са шляхты — у гэтым асаблівы смак.

Зрэшты і наш, савецкі барын Катаеў у сваім «Кладбище в Скулянах», па-старэчы занудліва шукае сам сабе і дэманструе нам сваіх дваранскіх продкаў.


* * *

Карл Лібкнехт, з пісьма сыну: «Рядом со мной все грохочет, гремит,— против нас выпущены все силы ада. Я не буду стрелять...» Чалавек, што быў мужным, у рэйхстагу выступаў адзін супраць усіх. З пісьма жонцы: «Унтер-офицер недоволен. Я бранюсь с ним, но не очень злобно, так как он добрый парень, хотя очень ограниченный и чересчур боязливый. Я заявляю ему, что стрелять не буду, даже если прикажут. Пусть меня расстреляют...»

Вайна і чалавек, як асоба. Той, што ўсвядоміў яе злачыннасць.

А каб Леніна, як Лібкнехта, у акопы — страляў бы ён ці не? Пацыфізм?..


* * *

Ад старонак Леніна, дзе ўсё так ясна, лагічна, неабвержна, вяртаешся ў наш час, дзе так многа нявырашаных пытанняў, якія зноў жа, як і яму тады, нам трэба вырашаць самім. Вайна з Кітаем — як яе назваць? Пра якую грамадзянскую вайну можна думаць пасля атамнай? Як асобе, вызваленай, разумнай асобе з адным непаўторным жыццём паводзіць сябе ў будучай бойні — не тэарэтызуючы здалёк, а апынуўшыся ў акопе, як Лібкнехт?

А самае страшнае сёння — усенароднае п'янства і ўсенародная абыякавасць?.. А жывучая і ў марксізме рэлігійная спадчыннасць — культ асобы, у неглыбокім сваім падтэксце бяздумна цынічны, абыякавы да лёсу рэвалюцыі, да яе заваёў і ахвяр, панесеных за яе?..


* * *

У чым філасофія ваеннай (ці антываеннай) прозы Быкава і чаму я сяды-тады быў і ў нечым застаюся з ім нязгодным? «Дажыць да світання», «Яго батальён» — ці гэта ўжо стомленасць ад спеву на адзін матыў, ці тут у пэўнай меры агалілася штосьці з таго, з чым я нязгодны? Праўда пра вайну — так. І ўсё? А калі вайна не свяшчэнная, калі нас штурхануць на іншую?..


* * *

Розных адценняў чырвань, жаўцізна, зеляніна кляновых лістоў (у вазачцы пад бяросту) на фоне чыстага шкла, за якім і чыстае неба, і сонечная зеляніна, і зіхатлівае мора — жывы асенні вітраж.

І хуліганістае: неймаверныя зады ў спартыўных портках — хоць ты вазьмі ды мелам пішы на іх: «Хозяйство Икса», «Хозяйство Игрека»... Як на ваенных «студэбекерах» было. А наша маці сказала б, па-народнаму: «Во дзе сракі панаядалі!.»


* * *

Другі раз пасля 1952 года быў у доме-музеі Астроўскага. Не растлумачыш нікому, што мне бывае неяк няёмка ад сустрэчы з ім, амаль заўсёды. Сёння падумаў: так вось калісьці стваралі святых угоднікаў... І разумею, што гэта сорамна, так думаць, але — думаю. І пра яго паслядоўнікаў думалася, пра тых, што таксама былі пакутнікамі, высакароднымі, гарачымі людзьмі, але таленту не мелі нават і такога, і таму так шкада іх бывае, і так няёмка пры іх...

...Што прыкра, дык гэта здымак Астроўскага на ложку,— у зашпіленым кіцелі, з ордэнам. Для фатаграфавання, а нібы ён так, пры такім парадзе, і заўсёды ляжаў...


* * *

С. А. расказаў, што ім было проста загадана не запрашаць на тэлебачанне Адамовіча, Быкава, мяне і... п'яніцу N. Прыгадалася з расказаў Ж. і іншых заходнебеларускіх падпольшчыкаў, як у турме палітычным падсаджвалі крымінальных. І перадачу ў семдзесят другім годзе па «Я з вогненнай вёскі...», заказаную нам і ўжо гатовую, знячэўку, нібы з-за вугла, няўдала і груба сарвалі — таксама па загаду зверху. І з Адамовічавай карцінай «Хатынь, 5 км» — тое ж самае. «Если хотите давать, то уберите Брыля»... Трэба гэта — каб дурань сядзеў наверсе, бервяном валіўся пад ногі? Будзе такое і яшчэ? Вядома ж, будзе. «А ты, сіраціна, жыві!»

Заканамернасць нейкая, як быццам абавязковая: за савецкую ўладу змагацца... з савецкай уладай, з яе адказнымі прадстаўнікамі, якія павінны былі б дапамагаць нашаму руху наперад. Разнавіднасць іх і няспыннае папаўненне. Жывеш і не ведаеш, які сціпляк заўтра ці паслязаўтра стане тваім начальнікам, будзе гадзіць, а потым знікне, і ўсе як быццам толькі што ўбачаць, якое гэта было дзярмо.


* * *

Маё першае ўражанне ад Яшына было вясёлае, з пачутага — як ён зайшоў у рэдакцыю «Савецкага селяніна» і з парога прадставіўся; «Аляксандр Яшын. «Алёна «Раміна». Нібыта толькі што быў адзначаны Сталінскай прэміяй. Потым прыйшлі «Рычаги» і наша знаёмства ў Мінску, у аэрапортаўскім рэстаране, пасля нейкай нарады. Я шчыра хваліў «Рычага», а ён абараняўся ныццём: «Да вот же не печатают». Потым «Вологодская свадьба», уражанне ад якое мне псавала мазня з устаўной сківіцай. Потым — прыгожа выдадзеная «Угощаю рябиной». Сапраўднае, але здавалася перахвалена наўздагон (як гэта несмяротна модна!).

Таленавіты і — яшчэ адзін — «несостоявшийся».

У кожнага з нас бываюць свае «Рычага» і няма права хоць бы пункцір пакінуць замест таго, што выкінута ў тэксце. Гладка... Нават кругі не разышліся.


* * *

З рукапісу былой шматгадовай пакутніцы [45]:

«...Как условна грань между высокой принципиальностью и узколобой нетерпимостью, как относительны все человеческие системы взглядов и как, наоборот, абсолютны те страшные муки, на которые люди обрекают друг друга».


* * *

Суворавец, якога не пусцілі (па тэлефонным званку) пабачыцца з маці, што памірала, а пусцілі толькі тады, калі — па поўнай форме — прыйшла з яго дому тэлеграма «з пацверджаннем факта», не застаў яе, прыехаў з пахавання і падаў заяву аб выхадзе з вучылішча:

«Не хачу, каб вы тут з мяне зрабілі такога, як вы самі, звера».

І адпусцілі, бо ён «бунтаваў» усю роту.


1978

Прадмова да рускага зборніка выбраных вершаў Івана Драча: нібы той самаўпэўнены, балбатлівы маскоўскі ментар Сураўцаў робіць на фоне аўтара самадзейна-мастацкую гімнастыку. Хоць ты скажы яму, як дзед Талаш опернаму дырыжору: «Адыдзіся, што ты тут размахаўся!..»


* * *

Малады інструктар райкома гаварыў суседу, маладому пісьменніку:

«І ўсё роўна мы будзем жыць лепш за вас». Хто «мы» і хто «вы» — каго менш, каго больш? А людзі ж бачаць — і бліжэйшыя, і далейшыя,— якая бездань, як яна пашыраецца паміж новай «нікчэмнай меншасцю» і большасцю, дзеля якой рабілася рэвалюцыя...


* * *

Чамусьці хвалю гаспадыні З. М., што тая — добры доктар, добрая жанчына. А гаспадыня — хітра ўсміхаючыся сваімі чорнымі ды быстрымі:

«Яна так адной бабцы казала: «Мая мама ў вашых гадах памерла, а вы ўсё лячыцца хочаце...» Ну, і любіць, каб да яе не з пустымі рукамі».

Трохі збянтэжана, пачынаю апраўдвацца: «А я ўжо з вайны, можна сказаць, і не бачыў яе...» Дый у вайну, у партызанах, не надта ведаў З. М., хоць і пісаў пра яе ў райгазеце.

Навошта яна — падслепаватая дабрата?


* * *

«Вместе с Толстым умерла нежность»... А з другога боку: «Истерический хлюпик»... Успомнілася гэта ўчора: Блок і Ленін.


* * *

Прачнуўся ў чатыры і, як працяг нейкага сну, да болю, да ўласнага болю і жаху выразна ўспомніў таго маладзенькага партызана з сінява-слабодскай заставы, які, калі паліцаі і немцы прарваліся за Нёман, уцёк у нейчую хату і схаваўся на печ, дзе яго потым, калі фашыстаў прагналі, знайшлі ўсяго папоранага штыхамі...

Успомніліся і мае страшныя моманты, якія цяпер здаюцца страшнейшымі, чым тады, наскрозь жыва адчулася, што так яно магло быць і са мною — жах, пакуты і смерць. І сёння ўжо той жах прымерваю і на падлетка-сына, якога тады не было...


* * *

Польскае консульства — побач з Домам літаратара. На іхнім плоце — радасны стэнд: «Polak і Rosjanin w kosmosie!» Наш цудоўны Клімук, што ў палёце быў з кнігай Коласа, і другі беларус, Кавалёнак, імем сваім — беларусамі — дома, у СССР, не названы ані разу.

Яшчэ адно сведчанне няправільнай палітыкі. А мы, асуджаныя на асіміляцыю, усё яшчэ пішам... Адказваючы за сваё, не вінаватыя ў тым, чаго асабіста «не можам перайначыць».


* * *

Зноў «мысль, что душу омрачает»: усе ўцякаюць з вёскі, хаты пусцеюць, вёска-карміцелька ліквідуецца, у нас — з моваю заадно. І што гэта будзе — хоць бы праз пяць гадоў? Не разумею... Разам з людзьмі, з якімі гавару пра гэта — і тут, у родных мясцінах, і ўсюды...


* * *

N., які закончыў вышэйшыя літаратурныя курсы, выступаў на абмеркаванні нейчых апавяданняў коратка і катэгарычна: «Павінна быць завязка, кульмінацыя і развязка. А дзе гэтага няма, дык няма і апавядання».

Азамі гэтымі валодае, вядома ж, і Алесь Пальчэўскі, аднак каб ён, замест вялай, надуманай белетрыстыкі (апавяданне «Сын»), проста і шчыра апісаў сваю асабістую трагедыю з сынам — наколькі гэта было б лепш! Самому яму і за намёкамі ўсё ясна, сябрам яго — таксама, нейкага чытача знойдзе і гэты твор. Аднак, ведаючы праўду з ягонага расказу, сапраўдную трагедыю ні ў чым не вінаватага бацькі, у якога нялюдска забралі і васемнаццаць гадоў жыцця, і адзінага сына, выхаваўшы яго варожа-чужым чалавекам — ведаючы гэта, мне той эрзац у раскошным кніжным выданні лічыць літаратурай не хочацца...

Неяк Скрыган расказваў, як працаваў у Сібіры на сплаве. Адзін выпадак з яго ззкаўскіх пакут асабліва моцна ўразіў мяне, і я здзівіўся, чаму ён гэта не апіша. А добры, мілы, вясёлы Іван Аляксеевіч адказаў мне нейкай «мудрасцю»: ці што час не настаў, ці што паспеецца, ці што... іншае нешта, у аснове чаго — асцярожнасць, надломленасць, жаданне ціха пажыць, адпачыць...

З болем думаецца, што і ў запалоханасці сваёй гэтыя слаўныя людзі ў найменшай меры вінаваты самі, у гэтым іх надломленасць, а ламалі ж яны сябе не самі. Я не абвінавачваю, крый мяне Бог, я сумую. Мне зранку, як толькі ўзяўся за Алесеў двухтомнік, думалася пра тое, як мала мы шануем нашых старэйшых сяброў, нашых народных пакутнікаў, як мала ім кажам заслужана добрых слоў. Ды тут жа і іншае нельга не памятаць,— і ў дабраце трэба быць шчыра-праўдзівым, літаратуру нельга рабіць няпраўдай ці толькі часткай, частачкай яе.


* * *

На ўзлессі — зялёнае котлішча колішняга хутара, нібыта помнік па тым, што тут адбылося.

У ліпені сорак чацвёртага, калі з усходу ішло вызваленне, а немцы, адступаючы, панічна здаваліся чародамі, на гэтым хутары некалькі партызанаў выпівалі ад радасці, а група «фрыцаў» надыбала ў сваёй разгубленасці сюды — пасля лесу, лугоў, ракі — зноў на ўзлесак і хату. Хлопцы выскачылі:

— Стой, растакую вашу!.. Гэнды гох!.. Немцы пакідалі зброю. Іх бы хоць адагнаць далей ад пакіданых аўтаматаў... Ды тут гаспадар хутара, як і ўсе хлопцы, п'яны, падышоў да таго, што з чырвонымі лампасамі, ды па мордзе яму. Генерал выхапіў з кішэні пісталет і палажыў «бандыта» ці «хама», як ён там яго палічыў. Ён і скамандаваў: «Фойер!», агонь, а падкамандныя схапіліся за зброю. Бедныя хлопцы (з нашай брыгады) загінулі ўсе. Хата згарэла, сям'я хутаранца таксама,— вораг яшчэ агрызнуўся па-свойму спрактыкавана.

Хто ж гэта бачыў?

Адзін з партызанаў выходзіў за хлеў. А быў ён у паліцэйскай форме, трафейнай. Калі выбег з-за вугла на гвалт, яго заўважылі, паклікалі. Палічылі паліцаем, а ён — са страху, убачыўшы трупы сваіх — згадзіўся: «Я! Я!..» Немцы ўзялі яго з сабой, правадніком, давялі ажно да Усходняй Прусіі. Вярнуўся ён толькі пасля перамогі...

Цяпер вось, толькі паставіўшы кропку, успомніў яшчэ адзін зялёны помнік, яшчэ адну ваенную трагедыю, расшыфраваную мне тым самым мясцовым дзядзькам.

У буйнай красе наднёманскага ўзлесся, на нізкай паляне — магіла трох яўрэйскіх сем'яў. І плоцік абгароджы струхлеў, паламаўся, і надпісу якога-небудзь на помнічку няма, і шырокая магіла, і котлішчы забудоў — усё высока парасло быллём. Адтуль, дзе было даваеннае жыццё трох сем'яў, я ведаю дачку з адной сям'і, пажылую ўжо, а ўсё яшчэ бойкую партызанку. Пры Польшчы — во дзе было ЧП! — яна «па любові», уцёкшы з дому, выйшла замуж за гоя, светлага беларускага хлопца з недалёкага прыляснога хутара. Праўда, шчасце іх было нядоўгім,— ратуючыся ад другой пасадкі ў турму, хлопец той неўзабаве перайшоў за граніцу, у Саветы, думаў, што і жонку пазней забярэ. А там яго, камсамольца-падпольшчыка, шчырую душу, залічылі ў польскія шпіёны, і ён не вярнуўся...


* * *

На юбілейным банкеце заслужанага мовазнаўцы адзін з яго лепшых вучняў, сам ужо кандыдат навук, тамадзіў даволі сухавата, аднастайна. Маладзічкам слова дае і толькі ўсё «член нашай кафедры» ды «і яшчэ член нашай кафедры»... У перапынку адна з гэтых маладзічак з асцярогаю засмяялася мне:

— Ой, Іван Антонавіч, толькі ж не выдавайте мяне!.. У яго і ў дысертацыі так было: «член аднародны», «член неаднародны»... А Фёдар Міхайлавіч тонкім аловачкам усе тыя словы паабводзіў — «член» ды «член» — і ўнізе старонкі напісаў: «Каб ён табе адсох!..» Я сама гэта потым убачыла...

Вось, Федзя, і ў мяне тым часам абразок! [46]


1979

Можа, гэта і жорсткасць, крыўдныя словы, але я гэта ўбачыў ясна — нібы толькі цяпер.

Ні Засім, ні Васілёк не змаглі стаць прафесійнымі літаратарамі, выйсці з былога, няхай сабе і высакароднага, але аматарства,— і ў гэтым іх трагедыя.

У Міхася была перашкода — яго ў сорак чацвёртым пакрыўдзілі незаслужаным арыштам. («Солтысы, солтысы стогнуць вакол на саломе, і з імі разам я...» — успамінаў ён потым.) А Засім — наадварот — быў у мясцовай славе, але і гэта не памагло.

Цяжка такое — перажыць свае магчымасці.

А ці ж усіх сярод нас можна назваць прафесійнымі?


* * *

Можа, таму, што мы пад'язджаем да Рыгі, ці таму, што новае апавяданне Рэдзінга пачынаецца з сабакі, а да таго ж і таму яшчэ, што я ў добрым, ледзь не творчым настроі,— словам, успомнілася з апошняга спаткання з Ватагам. У іх на з'ездзе. Пачуў, што незнаёмы мне муж знаёмай Д. памёр. «Як бы мне выказаць ёй спачуванне? Яе ж тут сёння няма...» А ён, зусім сур'ёзны чалавек, засмяяўся. «Ты што?» — «Спазніўся, друг,— яна ўжо зноў замужам. Трэці раз...»

У гэтым смешнае было не ўсё. Новы муж, яшчэ ў якасці жаніха, прыйшоў упершыню на яе багатую дачу і, ад паўнаты шчасця, хацеў паддобрыцца да — хутка ўжо да іхняга — сабакі. Прыгнуўся пагладзіць, а той — хап яго за нос!..

Усё-такі трэба выказаць спачуванне: новы муж у бальніцы, адразу.

...А мне ўсё чуецца яе колішні смех,— вясёлай трыццацігадовай,— смачны, залівісты смех. З той залатой восені шасцідзесятага года, з нашага беларуска-латышскага маладога падарожжа аўтобусам па Латгаліі...


* * *

Так, чацвёрты і пяты тамы трэба ўжо рабіць. Яшчэ раз падумаў пра гэта, пачуўшы па тэлефоне з Мінска пра смерць Якімовіча. З ім я бачыўся перад самым ад'ездам. Стары быў заклапочаны, нібы нават з крыўдай гаварыў мне, што дата ў яго 17 студзеня, а вечар у саюзе хочуць рабіць ажно 30-га... А памёр ён, відаць, 15-га, бо хавалі якраз у дзень ягонага 75-годдзя.

Успомнілася з удзячнасцю, як ён калісьці, адразу пасля вайны, добра сустрэў мае апавяданні для дзяцей, што мне было тады асабліва дорага,— Галоўліт вырашыў зусім не друкаваць мяне, і цягнулася такое каля года... «Прыгоды цюціка» так і не пайшлі ў «Бярозцы», экземпляр з праўкай Алеся Іванавіча захаваўся сумна-прыемнай памяткай. Пасля была мая праца ў яго выдавецкай рэдакцыі, адзін год, затым яго вельмі прыязнае выступленне пра мяне на ўсесаюзнай канферэнцыі па дзіцячай літаратуры, наогул наша прыязнае суіснаванне. Няхай сабе я і не надта высокай думкі і пра яго паэзію ды прозу, і пра складанне падручнікаў ды бясконцыя апрацоўкі народнага... Прыемны, свойскі чалавек, старэйшы таварыш, адзін з нямногіх, што ацалелі ў трыццатых гадах...


* * *

У санаторных «наркомаўскіх масах», як гаварыў калісьці Анатоль Астрэйка, весела ўспаміналі з сябрам дзядзьку ў Вільні: «А то ж паноў, о Божа мілы!» А сёння зноў вось падумаў: «Не дай мне Бог дажыць да гэткага трыбуха!..» Нібы куфар перад сабою нясе,— можна і ў карты на ім пагуляць, і саганы з бульбай ставіць, як на прыпеку. Як яны ўсе здорава гатовы, пазбаўлены свайго, таўкуцца тут абязлічаным гуртам рознамаштабных столаначальнікаў. Нават яшчэ і тлуста пасмейваюцца з нейкага там беларускага пісьменніка ці журналіста, як мой вясёлы ды разумны сябар.


* * *

Бондараў, з якога хлынула нікім не атрымліваемая пустата (польскае próżność, рускае тщеславие), які ў кожным сваім «мгновении» бачыць эмбрыён цэлых раманаў, які свайму былому, прыязнаму і талковаму рэдактару сказаў, што цяпер ён «в редакторе не нуждается».

Ганчар, па слабенькае апавяданне якога («Дружба народов», № І, 1979) спецыяльна ездзілі ў Кіеў...

Быкаў, які ў «Правде» піша (рукою Новікава), што многа ў яго працы як у дэпутата...

Такое робіцца са здольнымі. А шэрасць, што не проста шэрасць, пра якую неаднойчы гаварыў Шолахаў, але шэрасць у кіраўніцтве ўсёй літаратурнай справай — шэрасць з многатом'ем «збораў», з дынастычным прапіханнем у літаратуру сваіх дзяцей.

«Скучно на этом свете, господа!..» Было б яшчэ сумней, каб не вера ў сапраўднае. Няхай мала, няхай ціха, але сумленна, у імя ўсяго святога, на чым трымаецца сапраўдная народная літаратура.


* * *

Перад «Дзённікам Ганны Франк» чытаў «Чашу весов» Візбула Берцэ, падараваную ў Дубултах яго ўдавой. Ледзь учытаўся, а потым, зацікаўленаму, сорамна было... перад партрэтам гэтага мілага, шчырага і вясёлага хлопца — сорамна за тое «ледзь». Калі ж адкінуць «містыку»,— сорамна перад самім сабой, за верхаглядства, адсутнасць належнай павагі да чужое шчырасці, няхай сабе праяўленай не так таленавіта, як у іншых.


* * *

Пішучы вершы на нашай мове, можна, шукаючы адпаведнага слова, кінуцца ў адзін бок, узяць русізм, у другі бок — узяць паланізм... Так бывала, нават залішне часта, у нашай вялікай тройкі, часта... зачаста здараецца і цяпер, пры вышэйшай культуры літаратурнай мовы, здараецца і з меншымі, і з большымі паэтамі, і гэта ім чамусьці даруецца. А трэба ж ні ўлева, ні ўправа, а толькі проста — да слова толькі свайго, якое заўсёды ёсць.


* * *

Чытаю чысценькі, акуратны рукапіс: Рыльке ў перакладзе Сёмухі. Добры работнік Васіль. Так я калісьці чытаў яго рукапіс «Фаўста»... Так ды, вядома ж, не так — не зусім у такім настроі, а можа, і зусім не ў такім. Бо ўчора ж, пасля паведамлення пра кітайскую агрэсію, быў жах і боль, трывожная блізкасць з сынам, потым сон: яна праводзіла... не, мы ўдваіх яго, Андрэя, а яна — мяне, худзенькая, як у маладосці, з маленькім хлопчыкам на руках, а хлопчык таксама благі, ажно галава на шыі не трымаецца... (Здушу гэты сон у сабе, каб яе не трывожыць.) Адразу, міжвольна, думалася пра пяцітомнік, які не выйдзе, асабліва пяты, галоўны том, пра ўвесь мой архіў і, найтрывожнейшае, пра запісы, якія няма куды схаваць, бо і ў зямлю не закапаеш, як у 1944-м, і ў Арменію, як С., не завязеш... Хоць і гэта, мусіць, не зусім асабістае, толькі маё. Думаў і пра агульнае, пайшоў ад свайго туды, дзе многа літаратурна-мастацка-навуковага ствараецца ў мностве цішыняў, ужо вядомае трохі і не вядомае пакуль што зусім і, як і маё, таксама можа не выйсці наверх з-за варварства вайны... Што ж — «на миру и смерть красна»? Ад гэтага лягчэй?.. А пакуль што ціха, зноў хочацца верыць, як і дзесяць год таму назад, што гэта яшчэ ўсё не ўсеагульнае вар'яцтва. Пакуль што я за сваім — куды мілейшым — старым рабочым сталом і няма адчування, што не сваё раблю, а чытаю чужое, і ёсць радасна-няўлоўнае адчуванне людской агульнасці (Рыльке — Талстой), і тое, што ў Дубултах у Неруды вычытаў: «Паэзія — заўсёды дзеянне мірнае»...

Здорава гэта — у Рыльке:

Шчасце — ўсвядоміць, што невыказнасць

па-за мовамі ўсімі жыве,

што ў адчувальную нашу яснасць

веліч адтуль плыве.

...Дзіўна яно выходзіць у нашага брата (а можа, не толькі ў нас, літаратараў),— думаў: як жа мне запісаць пра ўчарашняе, як падступіцца да таго настрою, а потым — «дробязь такая» — спыніўся ў Васіля на чарговым, рэдкім у яго, русізме: «затачае», узяў блакнот, кінуў туды як быццам толькі прафесійны запіс — пра пошукі роднага слова, і захацелася пісаць пра большае, важнейшае, галоўнае.

Перад трагічнай веліччу таго, што можа пачацца, зноў жа думаў, што ёсць у мяне і лішне злосныя, а то і несправядліва злосныя запісы пра паасобных людзей і гэта дзе проста дрэнна, а дзе і вельмі. Калі не толькі для сябе, а хочацца пакінуць.


* * *

Снедаючы, уключылі прыёмнік і — нечаканае — «Люблю мой край, старонку гэту...». У выкананні былой, сапраўды Шырмавай капэлы. Спачатку проста ледзь не заплакаў ад гэтай красы і сілы, а потым успомніў пазаўчарашні канцэрт — кантату па «Беларускай калыханцы» Віткі, гром і трэск усякай навалачы інструментаў, ад якое я ледзь не літаральна аглух і на абмеркаванні нічога больш не змог, не захацеў сказаць. «Платон мне друг...»

Чатырнаццаты паверх. Над Вільнюсам узыходзіць вялікае барвовае сонца.

Вітас [47]: «Вось пойдзеце вы — Пысін, Вітка, ты, іншыя,— што тады будзе з вашай літаратурай, мовай?..» Жорстка, але і праўда. Літаратура наша чым далей, то ўсё больш — ды так жа ў апошні час хутка! — агаляецца ад маральных аўтарытэтаў, таварышаў нацыянальна свядомых і па-сапраўднаму таленавітых, усё больш ды больш вызваляюцца для безнагляднага, бяскарнага дзеяння кан'юнктуршчыкі, спекулянты, хамы, лакеі і баязліўцы...

Не хапае нам такой — няхай сабе часамі і непрыемнай — рысы жывучасці, самастойнасці, якую маюць літоўцы,— ад прадаўшчыцы, што скажа табе, няхай і груба, аднак праўдзіва пра наша масавае хапанне, да Снечкуса, што адмовіўся ад васьмісот тысяч рознай навалачы, якою засялілі Калінінградскую вобласць, а на данос з ЦК КПБ нашага А. С. у ЦК КПЛ на Пяткявічуса, сказаў: «Ах, дзівакі-беларусы — прыслалі не вычытаную аўтарам стэнаграму яго выступлення!..»

Прыемна было, учора і раней, бачыць пацверджанне таму, што да ўсяго сур'ёзнага трэба адносіцца сур'ёзна: літоўцы запомнілі маё выступленне пра Цвірку, яны ўмеюць шанаваць сваіх сяброў.

Пятрас, бялявы Вітасаў сынок, які грошы, дадзеныя бацькам на іншае, «больш патрэбнае», патраціў на тое, што купляў у рыбакоў жывую рыбу і... адпускаў яе ў ваду. Як ён з апалоніка выгадаваў жабу, карміў яе па ўсіх правілах камарамі і быў, урэшце, да слёз удараны, калі яна ўцякла. Як ён на іхняй дачы дапамагае бацьку майстраваць і ўжываецца там, яшчэ больш, у прыроду. А Вітас — няхай сабе і грубаваты забулдыга — успамінаў у Алітусе, як у 1940 годзе чырвонаармейцы за «палявымі» сталамі каля палатак свайго лагера на лузе біліся хлебам, а ён, дзесяцігадовы хлапчук, страшэнна ўражаны гэтым злачынствам, збіраў той параскіданы хлеб, а маці кроіла на лусты і сушыла. І, злосна абагульняючы, дадае: «А праз год мы іх тымі сухарамі кармілі!..»

І прывучванне сыноў да працы (Пятраса і старэйшых, адзін з якіх — студэнт-архітэктар), і пашана да хлеба, і нянавісць да гультаёў, зладзеяў і п'яніц,— здаровае, па-народнаму мудрае, сурова чыстае, што перадаецца ў пакаленнях, не раствараецца ў славутай урбанізацыі і цяпер.

«Літовец вельмі не любіць здымацца са свайго месца, а рускія — валочацца, як цыганы...»

...А каб я не быў беларусам, а сынам народа з вялікай гісторыяй, вялікай літаратурай, гарантаванай мовай,— рускім, палякам... нават літоўцам,— як я адносіўся б да такіх слабакоў, як мы, беларусы?..


* * *

Упершыню, пасля тыднёвай спячкі, прачнуўся гадзін каля чатырох ад таго, што мяне асудзілі на пажыццёвае зняволенне «с лишением всех прав и состояния» — іменна ад гэтага «всех прав»... Горка падумалася, што і Г., такі надзейны адвакат, састарэў — не будзе каму абараняць,— не ведаю, ці ў сне, ці ўжо наяве падумалася... А ўжо зусім наяве, пад кукаванне зязюлі, згадаўся Коля С., яго колішні расказ, як ён, перабраўшыся цераз зялёную граніцу, са слязьмі радасці бег насустрач першаму савецкаму чалавеку — пагранічніку, а праз два дні яго неслі па калідоры мінскай турмы і ён крывёю з рота паліваў падлогу...


* * *

Спусціўшыся з групай памочнікаў на калгасны луг верталётам, Машэраў не збянтэжыўся, што луг далей мокры: разуўся, падкасаўся і пайшоў. Памочнікі — таксама. І тут прыбег старшыня калгаса. Зняў гумавыя боты, падкасаўся і за ім. Гэта — найцікавейшае.


* * *

«Добра ты робіш, што не едзеш на гэтыя святы. Няхай ужо самі панадзімаюцца ды сапуць адзін на аднаго...» Гэта — пра тое, што я ўсё «выкручваюся» ад удзелу ў раённых партызанскіх гадавінах, куды мяне клічуць як пісьменніка і мала хто паклікаў бы як радавога партызана. А «сапуць» былыя камандзіры, і як людзі, як грамадзяне ў многіх выпадках былыя, расчулена закаханыя ў тое сваё, што нібы не абавязкам іхнім было, а суцэльным геройствам. Адзін (не хочацца называць) наогул дасабачыўся да выключэння з партыі, а другі (таксама не хочацца называць) — так злачынна лез у камандзіры, што і пра маладзецтва яго думаць не хочацца...


* * *

Ідзем з сельмага, а з ганка дома, што стаіць да вуліцы ўпоперак, выходзіць нажыла» жанчына і, пакуль адказаць на маё прывітанне, кажа, ледзь не весела: «Ой, пачакаю я з пустымі вёдрамі!..» Мы смяемся, што ў нас затое поўная торба (цукру і хлеба), што будзе добра і нам, і ёй; яна адказвае нешта накшталт таго, што ёй ужо нічога не паможа і не трэба,— і тут я ажно сагнуўся, дагадаўшыся, хто гэта...

Жанчына гэтая — маці таго «спакойнага, добрага хлопца», дваццацішасцігадовага дзецюка, што днямі павесіўся ў адрыне — «без дай прычыны», а пахаваны ўчора. А Ж. сказаў пасля пра прычыну (гэта яго сваяк): «облучение» ў ракетных войсках...

Чацвёрты выпадак — з вядомага толькі мне.

Ужо цяпер, загадзя, ціха шматлікія ахвяры будучай вайны, якіх ніхто не падлічвае, пра якіх ведаюць толькі іх сямейнікі і найбліжэйшыя землякі.


* * *

У Магілёўскай губерні палякам належала 41,9 % памешчыцкай зямлі, у Мінскай — 54, у Гродзенскай і Віленскай — 60 %.

А вось і Лойд Джордж:

«Права народаў самім акрэсліваць сваю прыналежнасць было неадкладна а дні пута польскімі лідэрамі. Яны сцвярджалі, што гэтыя розныя нацыянальнасці належаць палякам па праву заваявання, ажыццёўленага іхнімі продкамі. Накшталт старога нармандскага барона, які выхапіў з ножнаў меч, калі яго папрасілі даць доказы сваіх правоў на маёнтак, Польшча размахвала мечам сваіх ваяўнічых каралёў, які ўжо стагоддзямі «іржавеў у іхніх грабніцах». (Лойд Джордж. «Правда о мирных договорах». Том 1, с. 268-269.)

Самае смешнае, што і сёння гэтым размахваюць. Процьмай маленькіх іржавых мечыкаў. Не паўтараючы таго, што чуў і адчуваў у чэрвені ў Польшчы, можна згадаць «папраўку» ў «Życiu literackim» наконт Хатыні, што гэта «polska wieś», а таксама заўвагу ў дужках з дарожных нататак Махэйка, які як быццам гутарыў з тымі, што рэстаўруюць Мірскі замак, і заўважыў між іншым, што яны былі, вядома ж, палякі... Гэта проста мана, бо я тады быў разам з ім і ніякай падобнай сустрэчы і гутаркі не было, а такое — нават у думках, між іншым — таксама памахванне іржавым мечыкам... Успомнілася, пішучы гэта цяпер, як я ў 1969 годзе праводзіў групу польскіх Таварышаў і на пероне вакзала гэты, амаль штодня ачмурэлы ад гарэлкі «борзописец» сказаў мне, з усмешкай паказаўшы на свой распёрты барахлом і звязаны нейкім мотузам чамадан: «Stoję, jak jakiś Białorusin». У Беларусі, беларускаму пісьменніку — такое!.. А што ж было б, калі б такім сябрам не трэба было прыкідвацца сябрамі?..

На фоне такой і падобнай, дробненькай, большай і вялікай «megalomanii» як жа добра ўспамінаюцца сапраўдныя сябры, светлыя хлопцы — Пахлёўскі, Няўважны, Дабравольскі!.. Гаворачы толькі пра жывых, а памятаючы Бранеўскага, Кручкоўскага, Енджэевіча...


* * *

М. Kosman. «Historia Białorusi».

Не гісторыя наша, а проста тое, што адбывалася на беларускай зямлі на працягу стагоддзяў (яны ж цягнуліся днямі, начамі...), як за багацці гэтых палёў і лясоў, за залатыя рукі гэтых людзей змагаліся два народы большыя і адзін меншы.

З захаваннем сацыялістычнай ветлівасці, у рамках нашай садружнасці. Так напісана.


* * *

Насарогі ці бегемоты: не даходзіць праз тоўстую скуру. І ў выдавецтве, дзе з'елі ўвесь рэгламент абмеркавання перспектыўнага плана, і ўчора на сустрэчы са студэнтамі педфака, дзе ў пераліку сучаснікаў «тургенеўскага ўзроўню» ў гурце рускіх названы былі Айтматаў і Быкаў, а пра ўкраінца, таджыка і беларуса, пра літаратуры, якія мы прадстаўляем — ані слова... [48]


* * *

Скрозь «Москва с приложениями». Самі яны, славакі (на сустрэчы з выдаўцамі і перакладчыкамі) гаварылі: «Як падумаеш, дык здаецца, што і няма ўжо больш чаго выдаваць...» Рускага. А «цяжкасці» пачынаюцца з намі, нацыяналамі. Нас бяруць оптам, нібы не дзелячы на самастойныя народы, а нас жа так многа [49].


* * *

Нашы палонныя. Пачатак зімы 1941 года. Хто мог, таму дазвалялася несці палена або дошку, каб на начлезе паліць вогнішча. Хто хоча пагрэцца — давай за гэта шапку, шалік, гадзіннік... Смажылі чалавечыну з трупаў. Калі бабы выносілі на дарогу бульбы ці хлеба — горкая іх доля: часамі душылі іх, адбіраючы. Пасля ўжо яны кідалі здалёк. З расказу кінарэжысёра С., былога палоннага.


* * *

Нямецкі выдавец пра кнігу «Я з вогненнай вёскі...»: «Одна граната — это уже много. А вы нам — целую связку гранат!..»

Не выдаюць, нават у ГДР.


* * *

Эпідэмія ўспамінаў. Няма куды дзявацца ад энергічных удоў. Адна ўжо нават манаграфію — «сем аркушаў!» — заказвае па тэлефоне аднаму з сяброў, менш як праз месяц пасля пахавання.


1980

Чужыя труны, што прыходзяць з Афганістана, чужыя параненыя, якім ужо нібы цесна ў Сярэдняй Азіі і якіх вязуць... у ГДР, у ЧССР (няўжо гэта праўда?!) — яно праўда само па сабе, а я ж нядаўна, днямі дакрануўся да гэтага жаху зблізку, сэрцам бацькі. Гэта — калі і нашаму пагражала такая служба...

Upiór [50] на самалётным трапе і ледзь не адчуванне таго бацькі ці той маці, да якіх прыйшла цынкавая труна з акенцам: як яны паглядзелі б на аднаго з тых, ад каго так многа залежыць?..


* * *

Не памятаю, ці запісана ў мяне, як абмяркоўвалася калісьці, што рабіць з Панчанкам з-за яго «Прыстасаванцаў». Днямі сустрэў былога рэдактара «Советской Белоруссии» Здаравеніна, пенсіянера, які ішоў з авоськай па бульбу. «Алег Аляксандравіч,— спытаўся я, калі мы павіталіся,— а ці ведаеце вы, якая прыгожая легенда пра вас жыве ў нашым літаратурным асяроддзі?..» З прыемнасцю сказаў чалавеку добрае слова, нагадаўшы яму, што ён калісьці сказаў, рускі — беларусу, рэдактару «Калгаснай праўды», у адказ на яго... патрыятычную прапанову: «Сажаць нада!..»

«Товарищ Фесько, мы с вами уйдем, и никто нас не вспомнит, а Панченко останется. Надо думать об этом».


* * *

Як гэта цяжка — быць беларускім пісьменнікам, у нашай мелкай, бесхрыбетнай правінцыі, у блакадзе «моўнага бар'ера», без роднага дома, які ёсць у літоўцаў, армян, эстонцаў... У іх жа няма майго, нашага адчування: як пад нагамі абсоўваецца бераг, як звужаецца кола чытачоў, як мова наша адыходзіць!..


* * *

Гасцюючы ў Гарэцкіх, з прыемнасцю пазнаёміўся з жанчынай-геолагам, якая хораша гаворыць на роднай мове. Гаварылі мы там і пра маладых, нацыянальна свядомых мастакоў і некаторых медыкаў. Во дажыліся беларусы да радасці — самі па-свойму вучацца гаварыць!..


* * *

Амаль кожны дзень, прачнуўшыся па-летняму ці па-старэчы раненька, адчуваю нейкі боль — не боль, страх — не страх, тугу — не тугу: нібы прадчуванне чагосьці страшнага, што павінна здарыцца са мною... А падумаўшы, азірнуўшыся, узважыўшы — усё ж у мяне не так дрэнна.

Праўда, учора Танк таксама скардзіўся на такія ж раннія горкія абуджэнні... Цераз хваробы, блізкіх і свае, цераз асамочванне — да поўнай самоты?..

І можна яшчэ дадаць: на каго пакідаем цябе, бедная беларуская літаратура?! Што год, што месяц, то менш творчых і маральных аўтарытэтаў. І як грыбы-паганкі растуць маладыя, хітранькія, цынічныя графаманы, набываючы сілу і ўплыў на лёс літаратуры. А лепшае, добрае, сапраўднае — не так відаць, як яны. Бо і не так яго многа, калі параўнаць.

Страшнае — Афганістан... Міжвольна думалася пра «Я з вогненнай вёскі...» і пра тое, якія мы жалю вартыя з нашай «смеласцю» і «сучаснасцю» — мы, як пісаў мне калісьці Ігнат, «инженеришки человеческих душ», якія ў параўнанні з яго любімым Дастаеўскім, «плаваем мелка»...

Успаміналася і «Одумайтесь!» Льва Мікалаевіча.


* * *

З расказу блізкага чалавека пра Афганістан:

...«Калі я вырвуся з гэтага пекла цэлы — адразу пайду з арміі...»

«Не ішоў бы, а поўз бы адгэтуль!..»

«Адразу і суд, і пакаранне...»

«А людзі жывуць сабе ціха ў якой-небудзь сваёй даліне — нічога пра нішто не ведаюць...»

І наша спроба — у «Я з вогненнай...» — акрэсліць усю глыбіню віны фашысцкіх карнікаў...

«У святле вышэйсказанага» (якое там «святло»!..) думалася днямі пра часовую, залежную марнасць усяго, што я напісаў, хочацца думаць і думаецца — апроч некаторых запісаў.


* * *

Успомніў, як прывыкаў і я — ды так жа хутка! — да трупаў і ў трыццаць дзевятым, і ў сорак чацвёртым, як неглыбока я думаю і пра тых, што сёння ў Афганістане...


* * *

Сустрэча з маскоўскай гора-рэдактаркай, якой і яшчэ ўсё мала скрэбціся ў маіх бедных запісах: «Вы там упамінаеце польскіх пісьменнікаў, якіх я не чытала...» І вывад: не ёй, вядома ж, прачытаць, а мне лепш, на ўсякі выпадак, зняць гэты запіс. Старыя бабскія рукі чапляюцца за свой коўзкі рэдактарскі бераг, а «дабрата» яе — дай толькі, Божа, цярплівасць... Калісьці Мележ гаварыў пра яе: «Расплачацца так, што і выплача ў цябе што-небудзь». А тут жа не што-небудзь, а шостую (ці пятую?) частку запісаў выскрабла. Праўда, не адна яна, але ж яе «как бы чего не вышло» — найбольш.


* * *

Думаў тут, па суседству з Баварыяй, з ФРГ [51], што Быкаў і падобнае да яго ўспрымаецца немцамі лепш, больш ахвотна, чым «Я з вогненнай...» або «Карнікі»,— паказвайце саміх сябе... Праўда — вышэй за ўсё, аднак у раме патрыятызму ёй зацесна. Тое, чаго мне часам не хапае ў Быкава, тое, пра што мы перад ад'ездам гаварылі з Адамовічам: агульналюдская праўда, якая ўсё больш ды больш становіцца неабходнай, бо і бяда, якая чакае нас — агульналюдская. І поўнай праўды ў каго-небудзь аднаго няма. Таму і тузаемся за яе і доўга будзем тузацца.


* * *

Вясёлы швейк, гаспадар пісьменніцкага дома адпачынку, хвалячыся іхнімі калгасамі, успамінаў, які тэрор быў калісьці, пры іх арганізацыі, і ў яго сякой-такой рускай мове слова гэтае дзіўна гучыць у такім прыстасаванні.


1981

Юрмала.

Як гэта добра — быць сынам вялікага, багатага, магутнага народа!.. Падумаў так, калі пачаў глядзець тэлеперадачу юбілея Абразцова. І тут жа ўспомніў ранішнюю размову з прыбіральшчыцай, старой латышкай. Інтэлігентная, светлая жанчына, што, накульгваючы на адну нагу, дапамагае сваёй працай у санаторыі (80 руб.) нявестцы-балерыне.

«Семсот гадоў нас душылі нямецкія бароны, душыў рускі царызм... А як жа гэта добра — любіць сваю радзіму, сваю родную мову, быць самім сабою!.. Нас цяпер тут мала, больш рускіх, прыезджых, і мы не дружныя, як яўрэі,— вось што дрэнна... А ў рускіх — я дзіўлюся — абы дзе лепш жылося, чым дома, там і прыліпае...»

Тое самае чуў пра рускіх («як цыганы») і ў Літве.


* * *

«Трудно поверить, что еще накануне войны двадцатилетний парень мог, глядя в далекие годы, со спокойной уверенностью сказать:

Только советская нация

будет и только советской расы люди.

Ощущение советского народа как новой исторической общности людей вызревало в нашей стране на протяжении ее послеоктябрьской истории».

Так піша Нараўчатаў пра Кульчыцкага.

Упершыню мяне здзівіла і рассмяшыла такое яшчэ ў партызанах, дзе так гаварыла машыністка Гіта, зверху, пасмейваючыся, хоць і была неабыякавая да мяне. Адным гэта патрэбна, выгадна для маскіроўкі, другім — з меркаванняў... не надта інтэрнацыяналісцкіх.

Сюды можна аднесці дзве радасці, праяўленыя двума рускімі, даўно знаёмым старым архітэктарам і суседам па стале, маладым партыйным работнікам. Першы шапнуў мне ў аўтобусе, што гэта план такі: каб на аднаго прыбалта прыходзілася два «нашых», а другі з адкрытай радасцю паведаміў, пасля наведання рыжскіх сяброў, што ў Рызе — «толькі дваццаць шэсць працэнтаў латышоў»...


* * *

Малады салдат маўчыць, маўчыць...

Яму ёсць пра што маўчаць...

...Да гэтага запісу, перапісанага з блакнота, хочацца дадаць, што і я тады, у вагоне, думаў пра Афганістан...


* * *

У 1958 годзе N. на ўрадавым прыёме адвёў мяне ў перапынку і пачаў прасіць:

— Янка, не пі так многа, ты ж яшчэ патрэбен народу!.. Сам-насам і душэўна. А я тады, лечачы сэрца, зусім не піў.

Потым бачу і чую — з Танкам тое самае:

— Максім, не пі так многа, ты ж яшчэ патрэбен народу!.. А той і зусім ніколі не піў, па добрай сямейнай традыцыі. Выхаваўчая праца сярод пісьменнікаў.


* * *

Ужо не толькі дазваляецца, але і рэкамендуецца «народнохозяйственная любовь к лошади», калі яе, бедную, амаль зусім дабілі.


1982

Чытаю ўспаміны пра Зошчанку,— і яго нібы адкрываючы, і здзіўляючыся, колькі ў нас літаратараў, было і ёсць, малавядомых, а занятых вялікай справай сумленна і талкова.

Упершыню я Зошчанку чытаў па-польску, школьнікам, апавяданне, якое цяпер пазнаў у яго двухтомніку — «Собачий нюх». У сорак шостым, калі яго разам з Ахматавай білі, я не ведаў, як кале жыцца, каго б'юць, а цяпер, азіраючыся на той час, думаецца, што і за такое нікому як быццам не брыдка, хоць і ведаем,— аўтары гэтых успамінаў ведаюць, — як гэта дзіка было і як часамі паўтараецца ў не вельмі абноўленых формах.


* * *

Не запісаў, як гаварыў са мною Б. перад маёй паездкай у ГДР. Па тэлефоне з ЦК, як быццам не ведаючы, што гаворыць са мною.

«А почему именно должен ехать Брыль, почему не Шемякин?»

«Там издан мой роман и меня приглашает издательство».

«Но почему именно Брыль?..»

У трэцяй асобе, цераз такую «полосу отчуждения»...


* * *

На канферэнцыі таварыства «Радзіма» мяне папрасілі выступаць... па-беларуску: «Гэта патрэбна для радыё на заграніцу, для суайчыннікаў»... Беларускага пісьменніка просяць гаварыць па-беларуску!.. Назаўтра ахвотна пайшоў на сустрэчу з супрацоўнікамі БСЭ, што робяць купалаўскі том, каб «паправіць душу» родным словам... Што з намі будзе?..


* * *

Амаль кожны дзень — яшчэ адна порцыя таго самага.

У персанала медыкаў шпіталя інвалідаў — раздвоенасць: памрэ ці не беларуская мова («отомрет!..»)...

У тэатры імя Купалы няма каму выступіць перад школьнікамі па-беларуску...

Прозу нашу,— калі хоць больш-менш прыстойна,— няма каму перакладаць...

Гэта толькі за 3-4 апошнія дні, пасля выступлення перад інвалідамі, пасля званка са школы, дзе гурток «Спадчына», пасля гутаркі з В. Т. па яго перакладзе.

І трэба жыць, і трэба працаваць.


* * *

Ніна параіла прачытаць «Wesołe kłopoty» шведа Дагерман, і ў анатацыі я перш за ўсё прачытаў: «Самагубства пісьменніка папярэдзіў перыяд глыбокага творчага крызісу». На трыццаць першым годзе жыцця.

Вось якія бываюць яны — творчыя крызісы. А які ў. іх працэнт сытай заспакоенасці, абыякавасці, ляноты?

Гэта ўжо, калі мне гаварыць пра самога сябе.


* * *

...Людзі (два чалавекі), якіх я паважаю, гавораць пра яго (трэцяга), на абмеркаванні творчасці, што чалавек ён вельмі добры, вельмі сціплы і г. д. А мне ўспамінаецца, як ён аднойчы, гадоў некалькі таму назад, званіў мне, прасіў даць «якія-небудзь рэцэнзіі» пра мяне, бо дачка яго, студэнтка, спазнілася з курсавой, а паслязаўтра апошні тэрмін здачы...


* * *

У «Литгазете» — Айтматаў пад рубрыкай «Пісьменнік і час». Выступаў у ЗША пра расавую дыскрымінацыю, у адказ на пытанні, як у нас са становішчам нацменшасцей,— глушыў сваім, і сапраўды вялікім поспехам (за пяць гадоў — дзевяноста замежных выданняў!), як доказам, што ўсё ў парадку з гэтым. Ёсць такі поспех у нейкай меры і ў нашага Быкава. А разам з тым — хутка зусім не будзе школ на роднай мове...

Нізавы пажар?..


* * *

«Паміраць пара — пра душу трэба падумаць»... І чалавек жа добры, а як дыхнула жудаснай мярцвячынай, калі ён пачаў — не ўпершыню, спакойна так, упэўнена — гаварыць, апраўдваючы трыццаць сёмы год: інакш нельга было — «капиталистическое окружение»... І фінскую вайну апраўдвае, і ўсё падобнае... Апраўдваць сілу — гэта не цяжка. І спакайней.


* * *

Прыязджаў Малько, і мы — ён са сваім сябрам Сяменікавым, Максім і я — ездзілі да Якуба [52], паклалі на яго магілу кветкі. Пасля абедалі ў Танкаў, і там, ці не ад лёгкай чарачкі, загаварыў маўклівы Сяменікаў. Як яго дапытвалі, выклікаўшы з Заходняй у Мінск, свае — свайго, і «ўсю сцяну маёю галавой абабілі», як ён пісаў «предсмертное заявление» і трыбунал не асудзіў яго на смерць, а іншы суд даў дзесяць гадоў, а потым усё дадавалі, трымаючы «до особого распоряжения», пакуль не прыйшоў XX з'езд і «партыя знайшла мяне ў далёкай, глыбокай тайзе»...

У камеру смяротнікаў («хто спадзяваўся вышкі») да яго аднойчы прыгналі Браніслава Тарашкевіча. Есці яму прынеслі на талерачках (які цынізм!), а ён, Сяменікаў, ужо ведаў, што гэта — перад расстрэлам. Пачаў распытваць, што і як, і, пачуўшы, што Тарашкевіч усё падпісаў, сказаў: а як жа праўда, якая не будзе вядома? І Тарашкевіч пачаў грукаць у дзверы, прасіцца да следчага. Каб абвергнуць свае, вымушаныя, паказанні. Яго пусцілі да следчага, і ён не вярнуўся. Рэчы прыйшлі забралі...

І другое.

Па камерах мінскай турмы хадзіла тады... Вера Харужая, угаворваючы таварышаў усё падпісваць, як загадваюць, бо гэта... «патрэбна партыі»...

Калі мы з Максімам засталіся адны, ён гаварыў пра гэтую трагедыю, пранікаючы ў яе здагадкай, што Вера таму пасля і пайшла ў партызаны, пакінуўшы маленькае дзіця, бо адчувала сваю віну... Во тэма!..


* * *

Пра наша хамства за мяжой. Нямецкім дзецям, калі яны ідуць у школу, дома даюць па марцы на абед. Наш старшына выходзіў з кустоў і забіраў у малых гэтыя маркі. Пакуль яго не падпільнавалі і не накрылі гэдээраўскія жандары. Што ж, адправілі на радзіму.

Стронга ў матачніках найбольшая, і нашы два вышэйшыя афіцэры, палкоўнік і падпалкоўнік, панадзіліся «рыбачыць» іменна там. Зноў жандармерыя...

Колькі ж трэба контрпрапаганды, з прыцягненнем вялікіх імёнаў, каб давесці, што мы адтуль, дзе Кастрычнік, Ленін, Талстой!..

Той, што расказваў мне гэтую гнюсь, сказаў, што паблізу ад савецкіх гарнізонаў цяжка было гаварыць немцам пра нашу прагрэсіўнасць, значна лягчэй — далей ад ваенных гарадкоў.

Усё залежыць ад усіх.


* * *

Даць свайму і ўсесаюзнаму чытачу аповесці Жука і Быкава, раманы Казько, Адамчыка (з усімі агаворкамі да іх), трэці раман Чыгрынава — і ўсё гэта амаль у адзін час,— такое вельмі нядрэнна сведчыць пра сталасць нашай літаратуры.

А ў іншых? У маленькай Літвы — адзін толькі Марцінкявічус чаго варты. Не на ўвесь голас пачуты «Дзённік без дат». Малдоніс гаварыў мне на Танкавым юбілеі, што ў арыгінале кніга гэтая разышлася маланкава — 30 тысяч за дзень!.. А цяпер я вось толькі што прачытаў яго міфалагічны фарс «Ікар». Якая дужая іронія, якая сталасць думкі!.. Гаворыць жрэц:

«Мы все идем вперед. Наше солнце светит все ярче и ярче. Наш виноград — все крупнее и крупнее. Скоро виноградина станет такой, что и в рот не влезет. И тогда со всей остротой встанет вопрос — как увеличить объем человеческого рта».

Хіба ж у гэтым не сучаснасць?

Гэты... хлопец — прыемны сваёй сціпласцю. Так ён учора вітаўся са мной, калі мы, беларусы, ужо афармляліся ў гасцініцы, а яны, літоўцы, прыехалі з вакзала. У красавіку ён абяцаў прыслаць мне «Литературную Литву» са сваім дзённікам і не прыслаў. Я прачытаў яшчэ больш скарочаную публікацыю ў «Нёмане». Сказаў яму ўчора, што прачытаў, ды з прыемнасцю, і ён, як быццам збянтэжана: «Спасибо на добром слове». Цяпер яшчэ ўсё ноч, а я прачытаў яго «Ікара» і думаю, што таксама можна было б сказаць Юсцінасу добрае слова, аднак жа можна і надакучыць чалавеку сваёй ліпкасцю. Такое часамі даводзіцца адчуваць і самому, і самому не давяраць, абараняцца шчырай сарамлівасцю.


* * *

На прыпынку таксі за намі, Драчом і мною, і яшчэ трыма незнаёмымі, стаў Макашын. Увосень 1964-га, калі я пазнаёміўся з ім у Ленінградзе, ён быў элегантны ў сваёй... не старасці яшчэ, а толькі на яе пачатку. А сёння ён ужо грузна стары, магчыма, і нямоглы. Мы ўжо віталіся з Сяргеем Аляксандравічам на пленуме, і я, пакінуўшы Івана з двума ленінградцамі, што якраз падышлі да яго, адступіўся да Макашына і гутарку нашу пачаў з удзячнасцю за «Яснапалянскія запіскі».

Між іншым, стала канчаткова ясна, чаму яны так доўга не выдаваліся: «антысемітызм» Макавіцкага, які яму не маглі дараваць усёмагутныя ў свой час яўрэі, што і цяпер яшчэ, у сямідзесятых гадах, спрабавалі не дапусціць да гэтага выдання. Нягледзячы, што тое, няхай сабе не зусім здаровае, у Макавіцкага перакрывалі «все люди — братья» ў Льва Мікалаевіча.

Цяпер Макашын заняты спадчынай Герцэна. Сабраў усё, што было за мяжой, рыхтуе да выдання. І з сумам гаворыць, як мала цікавіць Герцэн — Герцэн! — сённяшняга чытача... Такія вялікія справы робіць гэты чалавек, С. А. Макашын, а побач з яго старэчай дзябёласцю на асфальце тратуара распаўзлася «авоська» з банкамі зялёнага гарошку і яшчэ чагосьці. «Заказ получил»,— растлумачыў ён, а мне яшчэ раз падумалася пра нашу незразумелую і зразумелую беднасць...


* * *

У 1963 годзе радзівонішкаўскія таварышы, як расказваў мне пасля адзін з іх, разгубіліся трохі былі, што кандыдатам у дэпутаты ім прапанавалі мяне, беспартыйнага. Пасля вырашылі, што гэта спецыяльна сёй-той, па рашэнні зверху, лічыцца беспартыйным, паколькі трэба ж нам блок. На гэтым і супакоіліся.

А яно ж застаецца загадкай, да якое даследчыкі не дакранаюцца,— чаму былі беспартыйнымі Горкі, Маякоўскі, Ціханаў, цяпер — Ляонаў?..

Калісьці Мележ зрабіў агаворку — не памятаю ўжо, пра каго гаворачы, выказаў недаўменне на грані падазрэння: а чаму ён беспартыйны? На гэта я,— відаць, як яму здалося, рэзка,— сказаў: ці не зашмат набярэцца іх, падазроных,— мільёнаў на дзвесце?..

А тут жа такія ўсенародныя, на вачах усёй краіны, шчырыя патрыёты, класікі і — чаму?..


* * *

Гвозди б делать из этих людей:

Крепче б не было в мире гвоздей.

Ніколі не падабалася гэта. А сёння, калі сказаў Д. на праходцы, што чытаю Ціханава, «у прыкуску» — то паэзію, то прозу, ён адразу ўспомніў гэтыя радкі, працытаваў іх і ўздыхнуў:

— Чаго толькі з людзей не рабілі — і вінцікі, і гвоздзі!..


* * *

У нас няцяжка быць сціплым. Як мне тут, у беларускім санаторыі, дзе «інтэрнацыяналізм» даведзены ўжо да такога ўзроўню, што нікому зусім нецікава і невядома, што ты там нейкі пісьменнік. Ці было б так у іншай краіне, у іншай рэспубліцы? У гэтым справа, а не ў тым, што гэта я — пісьменнік. Хіба што абрэша хто-небудзь, як той намеснік нейкага міністра пасля Друскенікаў: «Маленький, плюгавый и вечно пьяный»... Слова роднага не пачуеш. Дый сам карыстаешся ім толькі ў гутарцы з жонкай ды знаёмымі журналістамі.


* * *

Шкада, што Танк і Куляшоў не здзейснілі свайго колішняга намеру — удвух перакласці «Пана Тадэвуша». Там яны добра дапаўнялі б адзін аднаго,— да Максімавай блізкасці да арыгінала і «jędrności» [53] ягонай мовы вельмі прыдавалася б Аркадзева паэтычная культура.


* * *

Першая экспазіцыя музея Вялікай Айчыннай вайны ўжо на пачатку 1946 года патрабавала крытыкі. З «Вожыка» мы пайшлі туды з мастаком Анатолем Волкавым. Я вырашыў нашу крытыку падаць у нібы запісах у кнізе водгукаў і пажаданняў. Была там вялікая карціна, крыкліва яркі жывапіс: немец з акрываўленым кінжалам стаіць над згвалтаванай ім і зарэзанай красуняй. І ўсё ў гэтай, па задуме, трагедыі сыходзілася на гэтай раскошна, дэманстратыўна голай жанчыне. А поблізу стаяла ступа-урна з недагаркамі трасцянецкіх чалавечых касцей. Гэта здалося мне прафанацыяй. «Запіс» быў зроблены ад імя афіцэра-франтавіка, у якога на акупаванай тэрыторыі загінула сям'я. Ён абураўся гэтай карцінай і пытаўся: хто мог дазволіць, каб яна тут вісела?..

Крапіва быў запрошаны ў Галоўліт і вярнуўся адтуль з загадам запіс той зняць... Шукаў я і не знайшоў таго нумара «Вожыка», і не памятаю ўжо, ці запіс той быў поўнасцю зняты, ці папраўлены. Галоўная бяда, найбольшы страх быў у пытанні: «хто мог дазволіць?» Бо не дазволіў яе, а вельмі ж упадабаў не хто-небудзь іншы, а сам... Цанава!.. Во загрымеў бы Іван!.. Вось ад чаго я быў выратаваны ім, Крапівою.

Напісаў Кандрату Кандратавічу віншаванне з Новым годам, бо ўжо часамі і сам адчуваю набліжэнне старэчай самотнасці, прадчуваю значэнне добрага чалавечага слова іменна тады.


* * *

Семдзесят год. Сам пра сябе: «Поэт, написавший тридцать книг стихов, не может написать плохую прозу!..» А яе ў выдавецтве бракуюць. Прычым — з поўным правам. Ён жа, апраўдваючы свае «ваенныя» апавяданні: «Чтобы знать вкус куриного супа, не обязательно самому в том супе вариться». І не варыўся.


* * *

У лістападзе 1957-га, калі мы позна ноччу ішлі ад Бранеўскага да Кручкоўскага, Леан спыніўся на лесвіцы, каля дзвярэй Сланімскага, і, незвычайна для яго саліднасці, сказаў мне прыцішана:

— Ту мешка Антось, курва го маць. А перад гэтым, удзень, прымаючы нашу дэлегацыю,— Навічэнку, Кірсанава і мяне,— у саюзе літаратараў, той Антось гнуўся крукам і, прамаўляючы з прывітальным словам, гаварыў, што «ў Польшчы не знойдзеш чалавека, якому не падабаўся б сацыялізм...».


* * *

«Глядзіце на траву» — задума ад здарэння ў акупацыю. Пляменніцы Лідзе было шэсць гадоў. Нездаровілася, сядзела ды пазірала ў акно. На гурбе снегу ў агародзе сядзеў і трохі пагаўкваў наш малады сабака. Паліцай спыніўся і застрэліў яго. І Лідачка заплакала. Ціха, асцярожна. Час такі.


1983

Паштальёнка прынесла спачувальную тэлеграму і ўшанавала нябожчыка, ціха пастаяўшы каля вушака адчыненых з калідора дзвярэй.

Потым прыйшоў адзін наш «пісьменнік». З парога сказаў, што ён па ордэны і медалі. Нават не заглянуў туды, дзе ляжыць старэйшы калега, ветэран вайны, нават кажуха не зняў, не тое каб выказаць сям'і спачуванне... «Пасля зможаце забраць іх у саюзе»,— сказаў пра ўзнагароды ў скрыначцы. І пайшоў у сваёй дублёнцы, прывезенай з замежнай камандзіроўкі.

Другі падобны з'явіўся на ўчарашняй ёлцы. У гурт малечы, мам, бабуляў і трохі нас, дзядоў, ён, мінуўшы гардэроб, увайшоў у кажусе ды ў шапцы — паглядзець на свайго. Так і чуецца, так і прэ з яго: «Пішу новы раман, е.я.м.!»

А трэці, зноў жа работнік апарата СП, па тэлефоне, самой удаве: «Не думаю, што выйдзе так, як вы хочаце — пахаваць на Маскоўскіх: ранг не той...»

І ўсё гэта, усе тры — нядаўнія «маладыя, таленавітыя», з вышэйшай асветай...


* * *

Маскоўскія рэдакцыйныя дзеўкі і цёткі займаюцца такім літаратурным браканьерствам: устаўляюць у чужыя артыкулы свае «думкі». Радасць І., што К. назваў яе пераклад выдатным, а слова гэтае ўставіла Т., якой трэба, каб І. надрукавала яе ў сваім часопісе. А Г.— проста з сімпатыі да мяне і антыпатыі да Н. наставіла ў яго артыкул пахвальных слоў у мой адрас. Во дзе ён пляваўся!.. Але ж і змоўчаць трэба. А мне таксама было прыкравата.


* * *

«В свете последних решений...» і г. д.

Напісаны дваццаць год таму назад, раман мой выдаецца, з улікам перакладаў і перавыданняў, ужо чатырнаццаты раз, і трэба зноў штосьці выкідаць, з нейкіх часовых, злабадзённых «палітычных» меркаванняў... Як гэта ўжо, кажучы па-караткевічаўску, астабрыдла!..


* * *

Мужыка беднага, хоць ён ужо і калгаснікам стаў, столькі кешкалі, папіхалі ў чаргу за рабочым, што ён сказаў нарэшце: пайшлі вы да д'ябла, і сам паехаў у горад. Нарабіце хлеба, наешцеся без мяне!..

Задалёка мы зайшлі ў падкрэсліванні значэння рабочага класа — у бяскласавым грамадстве. «Самая высокая свядомасць!» Калі і пад плотам ляжыць?.. «Найцяжэйшы ў маральным сэнсе раён», гаварылі нам, дэпутатам, на праверцы правоў аховы мацярынства і маленства ў Заводскім раёне Мінска...


* * *

«Лепта ўдавіцы».

Успомніў яе, гледзячы па тэлевізары вечар Гамзатава. Увесь збор ад вечара — у «фонд міру». І тут жа старшыня гэтага фонду, шахматыст Карпаў, выдае яму за гэта ўзнагароду...

Так было і ў нас, з дваіма ахвярадаўцамі.

Калі ў наш лагер ваеннапалонных прыгналі першых югаславян, загналі іх у загарадку для «штрафкампані», мы, лагерныя ветэраны, стаім каля тых дратоў, перагаворваемся з новымі, а хто дык і крошку хлеба ім падасць. Вельмі мала, бо не было яго і самому сабе.

І тут праз наш натоўп пачаў праціскацца француз, адзін з тых «арыстакратаў», што трымаліся на багатых пасылках з дому. Пагарда і нецярплівасць — такое было ў яго словах, позірках, жэстах: мы перашкаджалі яму як найхутчэй зрабіць высакародную справу. Ён нёс у кацялку гарачы напітак, не што-небудзь, а шакалад! Ён урачыста, высакамерна падаў свой кацялок цераз дрот і штосьці — па тону можна было меркаваць — адпаведнае моманту прамовіў. Не памятаю якой-небудзь звышасаблівай радасці таго шэрага, змардаванага югаслава, у чые першыя рукі трапіў той кацялок,— больш помніцца французава важнасць...


* * *

У вясковай школе, у сталовай пасля выступлення.

А мне мама, а мне мама

целоваться не велит...

Крышку захмялеўшы, яна, пажылая настаўніца, пачала застольны спеў з гэтай, дваццацігадовай даўнасці, студэнцкай песні. І на сустрэчы, калі яна сядзела ў першым радзе, і калі фатаграфаваліся, галава яе прыкметна траслася і вочы чырвона слязіліся. Цяпер шырокі рот раскрываўся сутаргава і, дурань сказаў бы, смешна.

Потым малады дырэктар школы расказаў, што жывецца гэтай жанчыне пры п'яніцы-мужу, фельчару, вельмі нялёгка. І цяпер ужо гэты спеў яе мне чуецца, а сама яна бачыцца — праз той дырэктараў расказ.


* * *

Увечары ўчора ўспомніў рэдагаванне ў «Советском писателе» маёй кнігі «Мир далекий и близкий». Прадстаўнік галоўнай рэдакцыі, ціхі яўрэйскі паэт Б.:

— Эту мысль мы с вами давайте повернем так... (З жаданнем дапамагчы, відаць, шчырым, бо потым кнігу сваю прыслаў.)

— Ну, мысли вы будете поворачивать свои,— адказаў я яму,— или идет, как есть, или снимайте...


* * *

Зноў «истасканный, истерический хлюпик...» [54]. Як гэта несправядліва пра таго, хто столькі і так працаваў, і разумова, і фізічна, жыў здаровым вясковым, сямейным жыццём! Трэба сказаць, сцвердзіць сваё — кажы, сцвярджай, але навошта ж бэштаць другога?.. А нас гэта, сказанае «в пылу полемики», абавязвае амаль па-рэлігійнаму, з той розніцай, што паспрабуй аспрэчыць — і кара падзе адразу ж, тут жа, не чакаючы страшнага суда і пекла.


* * *

За нашу мову не пралівалася кроў — ні свая, ні чужая, аднак яна жыве. Што гэта значыць?..

Падумалася так, калі ў Яна Адамскага чытаў пра вайну палякаў з туркамі, рускімі, немцамі... Падумаў пра тых жа рускіх, што мову сваю таксама і абаранялі, а ў свабодзе, у панаванні і трымалі цаною вялікай крыві, сваёй і чужой.


* * *

Вісарыён Гарбук скардзіцца ў пісьме: «Чым больш думаю, тым менш пішу». Блізка гэта і мне.


* * *

Учора, зусім пад вечар,— нашэсце «начальства», мясцовага і сталічнага, з жонкамі, са старшынямі суседніх калгасаў, «Адпачывалі» недзе пад Нёманам, згадалі і заехалі. Імправізаванае застолле пад дождж за акном. Мясцовая... хацеў сказаць: моладзь, ды ўспомніў, што ім ужо тым часам добра за сорак. Яны ўжо вывучалі мяне ў школе, пра што гаварыла ладная, вясёлая зямлячка. Трохі ў іх «упоения властью», што, як шыла з мяшка, вытыркае з іншага «упоения», аднак і добрае ёсць.

Чатыры шафёры сядзелі тым часам у машынах пад ліпамі. Гэтыя хлопцы таксама з новага пакалення заходнікаў і многа бачаць з народнага нізу.

Адзін з гасцей пачаў лірычнае: «Гадоў праз дзесяць ніхто і не ўспомніць пра яе...» І схамянуўся, сціх. І думай, ці ён гэта ўхваляе, ці шкадуе, што яе, нашай мовы, ужо не будзе?..

Ішоў я нядаўна ў вёску па малако і, успамінаючы гэта, думаў, што я так нічога іншага і не прыдумаю для сябе, як жыць з чыстым сумленнем сына свайго народа, як старацца добра пісаць на роднай мове [55].


* * *

У перакладах Астроўскага — з апавядання ў апавяданне — уся мая лаянка перакладаецца адным «будь она (он, оно, они) неладна!..» Цяпер, калі ўсё сабрана ў адно, прыкра бачыцца, а правіць у карэктуры двухтомніка не даюць. Заэнтээраць таварышы літаратуру!..


* * *

У аўтобусе п'янаваты равеснік расказвае, як іхні старшыня калгаса — малады (у параўнанні з намі), перадавы і растаўсцелы — ударыў нядаўна калгасніка.

— Што ж ты нас б'еш?! — абураецца колішні партызан.— Мы ж людзі! Мы ж вошай кармілі!..


* * *

Няхай сабе зачаста п'яны, аднак заўсёды працавіты, ён згроб у горбу днямі няўдала скошаны «гарадскімі» сынамі бульбянік, падпаліў яго, і дым велікапышным слупам — паміж лесам і градой наднёманскіх дрэў — пайшоў у светла-вячэрняе неба, як Авелеў.


* * *

Дастаеўскі рабіў сваю агромністую справу з вялікай, здзіўляючай напружанасцю, і яму, пры вечным безграшоўі, не было, ці што, часу апрацоўваць свае рэчы ў дэталях, свой стыль з большым майстэрствам.

Аднак гэта нашу каравасць, наша нядбальства не апраўдвае. Вучыцца ў Дастаеўскага трэба не гэтаму... Калі наогул можна навучыцца геніяльнасці.


* * *

Княгіня Цулукідзе, «Всего одна жизнь».

Чытаючы, успомніў смерць Алеся і тое, як яна, Т. Р., абураючыся тым, што кафэ дома літаратара занята, у найбольшай усхваляванасці пераходзіла на родную грузінскую, злосна гаворачы штосьці толькі самой сабе. Як яна і Алеся тады ацэньвала зверху: «Ён быў такі паслухмяны...»

Але ж і хораша гэта па-свойму — як іх страшная доля звяла «во глубине сибирских»... няхай сабе не «руд», а ў збудаванай самімі хаціне. Грузінская славутасць і беларуская светлая дабрата [56].


* * *

У жніўні сорак восьмага мы з Агіевічам наведалі ялцінскі дом Чэхава. Калі запісвалі ў кнізе наведвальнікаў свае ўражанні, пажылая супрацоўніца музея, даведаўшыся, хто мы, сказала, што каб яна ведала гэта адразу, дык паказала б нам усё інакш. Сказала, што Марыя Паўлаўна, на жаль, адпачывае цяпер. А на наша пытанне, як жа дом ацалеў у вайну, расказала, што яго тады быў наведаў сам Кейталь (не памятаю — можа, і іншы фельдмаршал) і зрабіў запіс пра сваю пашану да вялікага пісьменніка, што і было для музея «ахоўнай граматай».


* * *

У Сямірэччы, на абласным свяце чабаноў, латыш В. пачаў сваё выступленне вядомым: «Я буду гаварыць на мове Леніна...»

Сакратар абкома, казах, у вайну баявы лётчык, засмяяўся:

— А вы что думаете — мы здесь спрятались в горах, чтобы поговорить на своем языке?..


* * *

Відаць, хутчэй, грунтоўней пайшло б усё на лад у сужыцці народаў, каб уся праўда была толькі на тым ці на гэтым баку. А яна і ў тых, і ў тых патроху, кожны ў нечым па-свойму і аб'ектыўна мае рацыю, што другому не вельмі хочацца прызнаць. Так вось і тузаемся, датузаліся да пагрозы ўсеагульнага знішчэння.


* * *

«Kłopoty literackie». Чытаючы, успомніў, як днямі Ніна разгаварылася ў электрычцы Стоўбцы — Мінск з бабуляй з Жукавага Барка.

— У нас жа былі партызаны. Многа, два атрады. Адным камандаваў Янка Купала, а другім Якуб Колас. Цяпер у Беражне астаўся панскі маёнтак, дык яго аддалі ім. Яны там на дачы жывуць. І да іх з Мінска многа прыязджае...

Несть пророка?.. Ды што хацець ад цёмнай бабкі, калі адзін з тых, што калісьці так «аўтарытэтна» вучыў нас з трыбуны, што і як трэба рабіць за пісьмовым сталом,— К. Т. Мазураў у кнізе сваіх камсамольска-партызанскіх успамінаў піша, між іншым, як ён любіць Коласаву «Новую зямлю», «в которой поэт показал людей послереволюционной Белоруссии»...

З выданнем успамінаў аўтару дапамагалі тры рэцэнзенты з высокімі званнямі, у якасці рэдактара значыцца сам загадчык аддзела мемуараў. А пазней, пры выпадковай сустрэчы, былы сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі заслужана пахваліўся мне: «О, з кнігай Кірылу Трафімавічу я нямала дапамог!»

Словам, усё рабілася на найвышэйшым узроўні [57].


* * *

Зноў прыгадаўся стары Сяменікаў, нямоглы ветэран заходнебеларускага камуністычнага падполля. «На першым допыце ўвесь тынк на сцяне ў кабінеце следчага быў абабіты маёй галавою...» А потым: «Партыя знайшла мяне і ў тайзе!..»

Так і карцела спытацца: «А хто ж вас запякаў туды?..»


* * *

Строгасць маскоўскіх рэдактараў, дакладней — рэдактарам «Прежде всего забудьте, что это где-то печаталось». «Где-то» азначае друкаванне ў арыгінале, на роднай мове. А потым, калі пачынаеш зусім справядліва і неабвержна аспрэчваць што-небудзь, яна з пажылым адчаем паварочвае на чалавечнасць: «Не лишайте меня куска хлеба!..»

У кнігу «Немного о вечном» раздел «Из записных книжек» я дасылаў асобна. Першы экземпляр рукапісу недзе заваляўся ў рэдакцыі, не знайшлі, рэдактар узяла дахаты другі экземпляр, там працавала над ім. Колькі было накрэмзана!.. А потым, у карэктуры, гляджу — усё па-мойму! Спачатку было шчаслівае здзіўленне, пасля прыйшла здагадка: малодшы рэдактар знайшла той першы экземпляр і сунула яго ў адрэдагаваны рукапіс, каб лішне не перадрукоўваць. Рэдактар карэктуру чытала, цэнзар усё чытаў — усе засталіся са сваім куском хлеба. Недаскублены аўтар — таксама.


* * *

Думаў не так даўно, а потым і гаварылі пра гэта з Караткевічам (нават ён і пачаў), што ўсе нашы капітальныя выданні — тамы фальклорнай серыі, энцыклапедычныя шмат- і аднатомнікі — як быццам падбіванне вынікаў, баланс перад закрыццём...

Толькі літаратура жыве ў развіцці, сяк-так трапечацца.

Загрузка...