У старога Васіля жыў за печкаю дамоўнік, які быў падобны на маленькага чалавечка. Нішто сабе, ціхмяны быў, падлоты вялікай не рабіў.
Удзень ён ціха спаў на ложку з попелу, а ўначы пачынаў сваю нячутную тупатню па хаце і піў з сподачка малако, як вожык. Аўтухом клікалі гэтага дамоўніка. Спаў ён таксама ўсю зіму, і толькі калі пачынала страляць печка, рассыпаючы вакол залатыя іскрачкі і глытаючы ротам чурак за чураком, выпаўзаў адтуль і сядаў насупраць, саграваючы скалелыя пальцы. Гаспадыні замінае, тая яго і штурхне іншы раз, але ўзімку ён ставаў вялым і не крыўдзіўся. Затое ўлетку нават і ўдзень шпацыраваў, спаў мала, і ўжо тады не было ад яго спакою нікому. Забярэцца на стайню, выцягне стуль Варанога і гарцуе на ім да світанку. Ранкам конь увесь у мыле, дрыжыць як асінавы ліст. А Аўтух забраўся ў пуню на сена, сапе носам - і чхаў на ўсё. Стары Васіль таму сыну, што на стайні начаваў, аплявух надае: чаму не даглядаў. Вось сын і раззлаваўся на Аўтуха, вырашыўшы яму як-небудзь адплаціць.
Аднойчы бачыць: сядзіць Аўтух на верхняй перакладзіне лесвіцы, якую да плота паставілі, шчыпле з бузіны чырвоныя гроны і ўплятае са смакам, напіхвае за абедзве шчакі.
Старэйшы сын падкраўся ззаду і адпіхнуў лесвіцу ад яго. Тая ў паветры зрабіла паўкруг. Аўтух наверсе вісіць, верашчыць, нагамі дрыгае: вельмі спудзіўся.
М-м-мяк-к!
Ляснуўся аб зямлю, лесвіцай яго зверху прыціснула, варочаецца і крэкча.
А справа была за камяніцаю, вакол дурнап’ян, крапіва проста гаем расце, злосная, як сабака. А Аўтух жа голы, варочаўся, круціўся, неяк выпаўз - і бегчы, не памятаючы сябе. Бег, бег і знянацку ўскочыў у дзежку з гнаёваю жыжаю для гароду. Выдрапаўся стуль увесь зялёны з галавы да ног. Старэйшы сын за плотам - ну рагатаць. Да таго часу рагатаў, пакуль Аўтух усяго не зразумеў...
Вось увечары гаспадыня прыйшла і калі ўвайшла ў пакой - там ляжаў Аўтух на белых узгалоўях.
Ляжыць, з боку на бок перакочваецца з насалодаю. Як вылез з дзежкі, дык і пайшоў лёг.
Адпомсціў!