Зіма


* * *

Глінтвейн згатую –

брат абяцаў пад вечар

з-за гары прыйсці.

* * *

Яшчэ імгненне

не раставай у хмарах,

кволы маладзік!

* * *

У творы чужым

угледзеў сваю думку –

прыкра і ўсцешна.

* * *

Кудзеркі хмараў

падсвечвае малочны

ліхтар месяца.

* * *

Святы – хвіліны,

калі адчуваю:

праца ўдаецца.

* * *

Яблык самотны

між галінак свеціцца

Бетлемскай зоркай…

* * *

Ранішні водар.

Джэзва вабіць спакусна –

кава з бальзамам.

* * *

Сённяшні смутак,

нібы шэрань, што ранкам

кладзецца ў двары.

* * *

Мо застануцца

нікім не пачутыя

словы і думкі?

* * *

Колькі сядзібаў

змянілі гаспадароў

на дачах! Сумна…

* * *

Ці не халодна

табе, плюшч, туліцца да

бетоннай сцяны?

* * *

Неспадзеўны снег –

святочны і маркотны

на смагардзе дрэў.

* * *

О, немаўлятка,

што табе прыснілася?!

Аж здрыгануўся...

* * *

Патушыў святло

і пачуў – снег падае.

Ноч па-над краем.

* * *

Воран вяшчуе

на бляшаным вільчыку

пра стылую ноч.

* * *

Зябкая вада.

Заснуць не можа мэва –

гайдаюць хвалі.

* * *

Паліклініка...

У стомленых паглядах –

цяжар чакання.

* * *

Гартаю альбом

на лецішчы пры грубцы.

Снежаньскі вечар.

* * *

Золкам марозным

гатую па-ўсходняму

каву з карыцай.

* * *

Жорсткая шэрань.

Па-за мною – доўгі цень.

Стаю самотны.

* * *

Малако з мёдам –

найсаладзейшы ўспамін

пасля прастуды.

* * *

Цень таго смутку

на плечы апусціўся

адліжным ранкам.

* * *

Няўжо й сёлета

сустракацьмем Новы год

зусім без снегу?!

* * *

Ва ўтульным крэсле

высцягнулася котка,

вурчыць ва ўнісон

са старою лядоўняй --

электрастатычны джаз.

* * *

Зноў не патрапіў

у ігольнае вушка

з першага разу!

Акуляры здымаю –

ніцавокасць мінае.

* * *

Дыхтавы шкробат

рыдлёвак на асфальце

пабудзіў мяне

сутонлівай раніцай.

Пэўна – ноччу выпаў снег!

* * *

Даўняя стужка

З-пад аўтаадказчыка.

Гукаюць да мяне

тыя, што ўжо адышлі –

Уладзімір Жыжэнка…

* * *

Лёгкі перастук

колаў на стыках рэек,

свіст электрычкі

чуваць марозным ранкам

з паўстанка “Зялёнае”.


Загрузка...