Духова, як чалавек-грамадзянін і як вучоны, Яўхім Карскі складаўся й усталёўваўся ў апошняй траціне XIX ст. Пара гэтая й наклала сваё гістарычнае таўро на ягонай мэнтальнасьці, яго навуковых дый палітычных паглядах.
На полі моваведнае працы Карскі зьяўляецца ў часе, калі ў эўрапейскай філялёгіі ападала ўжо празьмернае захапленьне тэарэтычнымі рэканструкцыямі дагістарычных моўных працэсаў і формаў дый гіпатэтычных прамоваў-архетыпаў, што мелі існаваць тысячы гадоў таму — захапленьне, выкліканае паяваю «Прыраўнальнае граматыкі індагерманскіх моваў» Франца Боппа ў 1833 годзе. Моваведы тады ўсьведамілі ўжо сабе, што на тое, каб рабіць трапныя дапушчэньні аб дагістарычных працэсах дый формах мовы, найперш трэба пазнаць і добра вывучыць факты мовы гістарычныя, і, асабліва, мову сучасную ўва ўсім яе жывым багацьці дый усей дыялектнай разнароднасьці. На гэта асаблівы націск клала новае пакаленьне эўрапейскіх моваведаў канца XIX ст., г. зв. маладаграматыкі.
Вось у гэтым кірунку вялася тады ўжо сыстэматычная праца й на полі славянскае моваведы, асновы якой паклалі яшчэ на пачатку стагодзьдзя «патрыярхі» славянаведы — чэх Язэп Даброўскі дый ягоны вучань славенец Баўтрамей Капітар, а на мадэрныя навуковыя прынцыпы паставілі славенец Францішак Міклошыц дый харват Ватрослаў Ягіч, ягоны вучань, які выдаваў у Бэрліне чаcanic «Archiv fur slavische Philologie», дый стварыў там вядучы асяродак славянаведы.
Аўстрыйская Вена, цэнтар імпэрыі, у склад якой уваходзілі народы ўсіх трох славянскіх групаў — паўдзённай, заходняй і ўсходняй, — дый у якой тады панавала даволі лібэральная атмасфэра для навуковае працы, была блізу ідэальным месцам для разьвіцьця славянскае моваведы й славя наведы наагул. На славістычны моваведны аўтарытэт Міклошыца дый Вены арыентавалася моцна на пачатках свайго разьвіцьця й расейская моваведа, здольным гадунцом і выдатным працаўніком якое Карскі быў.
Настаўнік Карскага ў галіне філялёгіі, прафэсар Нежынскага Інстытуту Р. Брандт, сам выдатны ў сваю пару мовавед дый аўтар навукова важнага «Нарысу славянскае акцэнталёгіі» (1880), патрапіў прышчапіць свайму вучню новаўсьвядомленае зразуменьне навуковае вагі шырокае грунтоўнае фіксацыі, сыстэматызацыі й вывучэньня зьяваў паасобных моўных сыстэмаў, дый даў Карскаму дасканальнае навуковае падрыхтаваньне да выконваньня гэткага заданьня.
Гэга было вельмі важным для пазьнейшае моваведнае працы Карскага. Дзякуючы перанятаму ад прафэсара Брандта навыку да грунтоўнае й сыстэматычнае рэгістрацыі зьяваў мовы, Карскі пазьней і змог даць манумэнтальную манаграфію беларускае мовы ў сваіх «Беларусах». За наглядны прыклад-узор пры пісаньні гэтай манаграфіі напэўна паслужыла Карскаму колькітомная Міклошыцава «Прыраўнальная граматыка славянскіх моваў».
Свае агульныя пагляды на мову й сузалежнасьць яе разьвіцьця ад ходу гістарычных падзеяў дый ад характеру тэрыторыі дадзенага народу й прыроды краю, сам Карскі дае ў уводным абзацы ўводнага разьдзелу першага тому сваіх «Беларусаў» гэткімі словамі:
…мова разьвіваецца разам з пародам дый надлягае розным зьменам, зьвязаным зь пераменамі ў жыцьці самога народу. Гэтыя зьмены ў мовс залежаць ад расьсяленьня народу па розных краінах пры ягоным разрастаньні, дый ад тых вонкавых уплываў, над якія даводзіцца яму падпадаць у часе свайго самастойнага жыцьця. Ужо ў першую пару існаваньня таго ці іншага племені, фізычныя асаблівасьці занятае ім краіны так ці інакш адбіваюцца на выйрацаваныіі ягонага характару, які, у сваю чараду, накладае свой пэўны адбітак і на самую мову. Гэтая лучнасьць між моваю й прыродаю краю трывае нясупынна праз увесь час існаваньня народу. Прырода пакладае свой пэўны адбітак на народнае творства, змушаючы яго знаходзіць адпаведныя формы для выяўленьпя свае красы, свайго багацьця, ці — свае беднасьці. Напасьледак, і сам вонкавы ўплыў аднаго народу на іншы (спародиены ён ці далёк!), на ягоны быт, сьветаадчуваньне дый мову, знаходзіцца таксама ў цеснай залежнасьці ад прыроды краю: ад характару ягоных межаў, даступнасьці й спраўнасьці шляхоў спалучэньня; народ з адкрытымі натуральнымі межамі лягчэй падлягае вонкавым уплывам за той, у якога межы няпрыступныя. Словам, прырода мае вялікі ўплыў на ход жыцьця народу, на яго гісторыю, а разам з гэтым, і на разьвіцьцё мовы дый на зьмены ў ей; стуль само сабой стае зразумелым, што вывучэньне мовы неабходна папярэдзіць агульным нарысам аб фізычнай будове краю, занятага народам дый аб яго межах, з аднаго боку, а з другога — разгляд розных напластаваньняў у мове дый зьменаў у ей неабходна дапаўняць паказаньнем на тыя падзеі ў гістарычным жыцьці народу, якія давалі новы кірунак разьвіцьцю апошняга, ці, найменш, прысьпяшалі або тармазілі ягоны натуральны ход. Падобных спосабаў дасьледаваньня будзем трымацца й пры вывучэньні беларускага нарэчча (Б., I, 3–4).
З словаў вышэй прыведзеных бачна, што характер мовы народу Карскі моцна ўзалежніваў ад тэрыторыі й прыроды краю, дык меў падыход да мовы найперш «геаграфічны». На справу значэньня й вагі для філялёгіі вывучэньня беларускае мовы Карскі глядзеў гэтак:
…беларуская народная мова, якая доўгі час разьвівалася ў забытым і забітым народзе безь літаратурнага апрацаваньня, дый перахоўвала гэтак у сабе, як народныя гаворкі наагул, шмат старызны, важнай для разуменьня дзеючых у мове законаў лінгвістычных і псыхалягічных, зьяўляецца адным з важнейшых фактараў у вывучэньні рускай філялёгіі. У гэтым выпадку роля беларускага нарэчча ў гісторыі рускае мовы наагул, аналягічная ролі летувіскае мовы (што таксама доўгі час заставалася безь літаратурнага апрацаваньня) у індаэўрапейскай філялегіі наагул… (Б., III, 3, 181).
Аб мэце, якую Карскі стаўляў сабе пры вывучаньні беларускае мовы, ён у 1911 г. у прадмове да 2-ое кнігі II тому «Беларусаў» пісаў гэтак:
…мэтаю аўтара было найперш сабраць па магчымасьці ў паўніні факты старога заходнярускага языка й сучасных беларускіх гаворак, раскласьці іх на адпаведных разьдзелах й параграфах дый у меру магчымасьці даць ім выясьненьне, адиаведнае ўсталяваўшымся ў навуцы рускае моваведы паглядам. Шырокія абагульненьні, канчатковае выясьненьне гістарычных працэсаў у жыцьці рускіх моваў, як і дакладнае дый станаўкое ўстанаўленьне дачыненьняў беларускае мовы да расейскае й украінскае, па думцы аўтара, у гэтую пару яшчэ немагчымае, наколькі неабходна закопчыць дэтальнае распрацаваньне беларускае мовы й, апрача гэтага, трэба вычакаць паявы працаў, што ўсебакова разгледзяць моўны матар'ял расейскае й асабліва ўкраінскае мовы. Гіпатэзы, пабудаваныя тэарэтычна, дый апертыя па невялікі лік фактаў, часта прыпадковых, з часам могуць аказацца без гістарычнае пад сабою базы, і дзеля гэтага бязвартаснымі, тады як факты мовы ніколі ня згубяць свайго значэньня (Б., II, 2, 7).
Вось з вышэй прыведзенымі паглядамі дый мэтамі Карскі й прыступіў у канцы XIX ст. да вывучэньня беларускае мовы. На выніках гэтага вывучаньня заважыў моцна й той факт, што Карскі па сваім характеры як вучоны быў найперш руплівым зьбіральнікам і клясыфікатарам моўных зьяваў, а значна слабейшым навукоўцам-тэарэтыкам. Нейкіх важнейшых абагульненьняў-выснаваў Карскі не рабіў, ніякіх творчых гіпатэзаў ці тэорыяў не разбудоўваў. У паважнейшых моваведных пытаньнях ён наагул ішоў за аўтарытэтамі іншых, пры тым не за адным, а за колькімі. Гэтак галоўным аўтарытэтам Карскага ў пытаньнях фанэтыкі дый гісторыі мовы быў Шахматаў, у пытаньнях марфалёгіі — Сабалеўскі, у галіне сынтаксысу — Патэбня.
Гэтая малая самастойнасьць Карскага ў навуковай яго дзейнасьці была прычынаю таго, што расейская навуковая школа побач неблагое прыгатовы да навуковае працы, патрапіла навязаць Карскаму й некаторыя пагляды, гіпатэзы, канцэпцыі, якія ў ей тады акурат разбудоўваліся, а якія былі твораныя ня столькі на аснове навуковага асэнсаваньня пазнаных моваведных фактаў, колькі з практычных меркаваньняў і патрабаваньняў расейскае вялікадзяржаўнае ідэалёгіі.
Гэтак было з пашыраным афіцыяльным расейскім паглядам, што бёларуская мова наагул ня мова, а дыялект, «нарэчча», пры тым і як нарэчча яно не самастойнае, а адно зь вялікарускіх. Гэтак было й з творанаю гіпатэзай г. зв. «прарускага моўнага адзінства» трох усходнеславянскіх моваў яшчэ ў гістарычнуто пару дый іх паўстаньня пазьней шляхам расшчапленьня на тры асобныя галіны «прарускае мовы». Гэтак было й з называньнем усходнеславянскіх моваў мовамі «рускімі» дый тарнаваньня да беларускага народу азначэньня «племя».
Пэўне-ж, гіпатэтычная пара «прарускага» ці «общерускага» моўнага адзінства яшчэ ў гістарычныя часы была расейскім афіцыяльным кіруючым кругом імпэрыі так-жа пажаданая, палітычна выгадная й патрэбная, як і Карамзінаўская гістарычная канцэпцыя Кіеўска-Маскоўскае дзяржаўнае спадкаемнасьці й іх нацыянальнага адзінства. Вось гэтую «прарускую» гіпатэзу Карскі ня толькі прыняў за сваю, але намагаўся яе пашырыць на гістарычную пару разьвіцьця беларускае мовы.
Трэба прызнаць, што ў пару паявы Карскага як дасьледніка беларускае мовы, у другой палове XIX ст., і самыя пагляды расейскіх моваведаў на беларускую мову, на яе месца сярод іншых славянскіх моваў, на яе паходжаньне дый межы займанае ею прасторы былі вельмі няясныя, блытаныя, супярэчныя. Гэга часткова вынікала й з таго, што й у справе падзелу ўсходнеславянскіх моваў дый іхных дыялектаў, а таксама іх паходжаньня, сярод тагачасных славістых-моваведаў ня было аніякое аднадумнасьці.
Гэтак, у часе пісаньня Карскім ягонае першае працы «Обзора звуков и форм белорусской речи», г. зн. у сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, у пытаньні пра месца беларускае мовы сярод іншых усходнеславянскіх моваў дый дыялектаў, Карскі быў пастаўлены перад гэткімі трыма рознымі дый супярэчнымі альтэрнатывамі:
1. Беларуская мова — гэта падмова гутаркі вялікарускай. Пагляд, якога трымаліся галоўна І.І. Сразьнеўскі й А. А. Патэбня. Канкрэтна ўважалася, што беларуская мова была падмоваю паўдзённага вялікарускага дыялекту, дыялекту, які мае значны лік супольных асаблівасьцяў зь беларускаю мовай.
2. Беларуская мова — гэта падмова гутаркі маларускай (украінскай). Пагляд Міклошыца дый Аганоўскага.
3. Беларуская мова — такая-ж самастойная, як і вялікаруская дый маларуская. Становішча М. Надзеждзіна дый М. Максімовіча. Надзеждзін уважаў, што спачатку наагул былі толькі дзьве ўсходнеславянскія мовы: беларуская, ці балтыйская, і маларуская, ці пантыйская. Мова-ж расейская — вялікаруская — гэта ўжо навейшы твор, што паўстаў зь дзьвёх напярэдніх шляхам скрыжаваньня на новакалянізаваных прасторах. Пры тым, паўдзённавялікарускі дыялект паўстаў галоўна на аснове беларускай, а паўночнавялікарускі на аснове маларускай. Гэтая г. зв. пантыйска-балтыйская тэорыя нядаўнага паўстаньня вялікарускіх дыялектаў, апублікаваная Надзеждзіным у пачатку 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя, у сваю пару сярод расейскіх моваведаў выклікала жывую дыскусію. (Nadezdin М. Mundarten der russischen Sprache // Jahrbucher der Literatur. Wien, 1841).
Пастаўлены перад гэткім моўным разнабоем на самых пачатках свае навуковае кар'еры Карскі ў «Обзоре звуков и форм белорусской речи» заяўляе, што ён ня прыхіляецца да ніводнага з гэтых паглядаў. За сваё становішча ён затое прыймае чацьвертую канцэпцыю, высказаную П. Жыцецкім, якая кажа, што беларуская мова — вялікарускі дыялект, але дыялект незалежны, раўнаважны. Як бачым, становішча гэтае — гэта толькі мадыфікацыя першага пагляду. У ім толькі націск кладзецца на самастойнасьць дый раўнапраўнасьць беларускае гутаркі сярод вялікарускіх дыялектаў.
Свае становішча ў гэтым пытаньні Карскі 8 гадоў пазьней паўтарыў яшчэ раз у тэзах да свайго магістэрскага диспуту на Варшаўскім унівэрсытэце 24 кастрычніка 1893 г. Пяць тэзаў гэтага дыспуту, што тычыліся беларускае мовы, з усіх 9-ці, мелі гэткую фармулёўку (Б., I, 424):
4. Беларуская мова, гэта адно зь вялікарускіх нарэччаў, раўнасільнае паўмочнавялікарускаму й паўдзённавялікарускаму.
6. Паасобныя асаблівасьці сучаснага беларускага нарэчча часта паяўляюцца з XIII ст., наогул-жа яны не маладзейшыя за XV ст.
7. Літаратурная мова старых заходнярускіх памятак апрача стыхіі беларускай мае ў сабе яшчэ элемэнты царкоўпаславянскае й польскае мовы, а таксама маларускага нарэчча.
8…можна сказаць, што чужыя ўплывы ў заходнярускай мове выявіліся галоўна па лексычным складзе, і толькі ў вельмі нязначнай ступені на гуках і формах.
9. Асаблівасьці жывое беларускае мовы разьвіліся, праўдападобна, самастойна, без пасярэдніцтва суседзяў.
Хоць Карскі сваё цьверджаньне аб тым, што «беларуская мова гэта адно зь вялікарускіх нарэччаў», паўтарыў у пачатках свае навуковае дзейнасьці найменш двойчы, у «Обзоре звуков и форм белорусской речи» падчас магістэрскага экзаміну, дык, як адмеціў гэта ў 1916 г. Шахматаў, «цьверджаньне гэтае не знайшло сабе разьвіцьця ў далейшых працах аўтара». І запраўды, тэзы гэтае Карскі ў сваей пазьнейшай навуковай працы над беларускаю мовай ніколі не абгрунтоўваў, не разьвіваў, не даводзіў.
Зусім наадварот. З паасобных выказваньняў Карскага відавочна, што эвалюцыя ягоных паглядаў на месца беларускае мовы сярод моваў усходнеславянскіх, ішло ў іншым кірунку. Ужо ў «Обзоре звуков и форм белорусской речи» з 1885 году, атакуючы пагляд, што мова беларуская — падмова іншых, Карскі з усім свомым маладому філялёгу імпэтам накідаецца на цьверджаньне, што беларуская гутарка — падмова паўдзённавялікарускай. Між іншым, ён кажа: «…падобнасьць беларускага нарэчча з паўдзённавялікарускім… давядзецца тлумачыць перайманьнем, толькі пераймалі не беларусы ў паўдзённых вялікарусаў, а якраз наадварот. Так што лепш было-б казаць — не беларусы галіна паўдзённавялікарусаў, а наадварот…» (156). І на гэта Карскі дае далей пераконваючыя довады. А дзеля гэтага (158): «…беларускае нарэчча павінна ўважацца за самастойнае: спалучэньне яго характэрных асаблівасьцяў не паўтараецца ані ў воднай славянскай мове…»
Гэтае цьверджаньне Карскага, хоць яно й мела служыць абароне тэзы пра самастойнасьць беларускае мовы ўсяго як дыялекту, аднак-жа ў сваей фармулёўцы «спалучэньне характэрных асаблівасьцяў» беларускае гутаркі «не паўтараецца ані ў воднай славянскай мове», гучыць яно скарэй як маніфэст поўнае самастойнасьці й раўнавартасьці беларускае мовы ў сям'і іншых славянскіх. Гэта напэўна было й аднэй з прычынаў таго, што, як сам Карскі сьветчыць у «Беларусах», ягоная «дысэртацыя была вельмі прыхільна сустрэтая беларускімі навукоўцамі й студыюючай моладзяй» (Б., III, 3, 153).
Існавала ў першай навуковай працы Карскага й другая, кардынальнай вагі, нутраная супярэчнасьць. Хоць, адваяваўшы ў «Обзоре звуков и форм белорусской речи» беларускай мове «раўнасільную» пазыцыю, Карскі фармальна пакідаў яе ўсё-ж яшчэ ў рамках вялікарускіх дыялектаў, дык фактычна, сьведама ці не, але сваей аргумэнтацыяй ён разбураў самую лягічную базу для лучэньня беларускае мовы зь вялікарускаю наагул. Каб аб гэтым пераканацца, трэба зьвярнуць увагу на тое, што ўсе цьверджаньні аб прыналежнасьці беларускае мовы да вялікарускіх дыялектаў aпіраліся на ведамым факце існаваньня значнага ліку супольных асаблівасьцяў у гутарках беларускіх і паўдзённавялікарускіх. Аб супольнасьці беларускае мовы з паўночнавялікарускім окаючым дыялектам ніхто звычайна й ня думаў. Карскі, разьбіваючы сваімі аргумэнтамі ўсякую залежнасьць і паходжаньне беларускае мовы ад паўдзённавялікарускага дыялекту ніштожыў гэтым і адзіную падставу для цьверджаньня аб прыналежнасьці беларускае мовы да сям'і вялікарускіх гаворак наагул, і гэтым самым фактычна падмуроўваў пагляд Надзеждзіна дый Максімовіча аб поўнай самастойнасьці беларускае мовы.
Хоць у сваей далейшай навуковай дзейнасьці Карскі не разьвівае, ані фармальна не адклікае свае магістэрскае тэзы: беларуская гутарка — адзін з раўнасільных дыялектаў гутаркі вялікарускай, аднак-жа практычна пазьней ён пачынае трактаваць яе як мову цалкам роўную вялікарускай і ўкраінскай гутаркам, хоць — не расейскай літаратурнай мове, якую ён уважаў за супольны здабытак усіх трох усходнеславянскіх моваў, якая дзеля гэтага, паводле Карскага, й павінна заставацца ў ролі супольнае «вышэйшае» літаратурнай мовы для ўсіх трох славянскіх народаў.
Выглядае, што Карскі найперш, і даволі рана, заўважыў, што ў ягоную схему: беларуская мова — вялікарускае нарэчча, — ніяк не даецца ўкласьці старую беларускуто літаратурную мову, як мову высака ў сваю пару разьвітую, мову шырокага дзяржаўнага ўжытку ў ВКЛ, і ні ў якім выпадку не «нарэчча» наогул. Ужо ў сваім рэфэраце да Віленскага Археалягічнага Зьезду 1893 г. аб старой беларускай літаратурнай мове Карскі пісаў:
Старое заходнярускае нарэчча, будучи моваю вуснага карыстаньня адукаванага тагачаснага грамадзянства, увесь час апіралася на мову простата народу мясцовага беларускага племені. У выніку гэтага, дзеля наяўнасьці ў ім элемэнтаў беларускае мовы, і называць яго трэба беларускім языком, дадаючы хіба для адрозьненьня ад сучаснага беларускага нарэчча назву старога.
Аднак-жа 25 гадоў пазьней, у кніжцы «Белорусская речь» з 1918 г., беларускую сучасную мову Карскі, прынамсі ў яе паходжаньні, лучыць яшчэ з дыялектамі вялікарускімі. На гэта зарэагаваў тады востра Язэп Лёсік у «Вольнай Беларусі» (№ 29, 1918 г.) словамі: «…чытаючы глядзіць на беларускую мову, як падмову маскоўскага языка… Ён яшчэ да гэтага часу разглядае беларускую мову, як некага блуднага сына, адшчапенца, каторы доўгі час бадзяўся па чужыне й папсаваў сваю мову».
Словы гэтыя моцна задзелі Карскага. У апошняй кнізе сваіх «Беларусаў» ён пагляды Я. Лёсіка й падобныя ўважае за «ня вытрымваючыя ніякую філялягічную крытыку». Аб самой-жа заўвазе Лёсіка ён адзываецца: «Слова „русскій язык“ у яго раўнасільна з „московскій“; у беларускім нарэччы яму хацелась-бы бачыць ледзь не раданачальніка ўсіх рускіх языкоў».
Пад уплывам крытыкі Лёсіка ці не, але калі праз год Карскі чытаў у Вільні рэфэрат аб беларускай мове для слухачоў беларускіх настаўніцкіх курсаў, выказваў ён аб беларускай мове ў іншы ўжо спосаб, як у сваіх публікацыях. Пра гэты рэфэрат віленская беларуская «Крыніца» з 7 верасьня 1919 г. № 3 памясьціла гэткую зацемку:
2 верасьня, у беларускай гімназіі, прафэсар Карскі прачытаў лекцыю аб беларускай мове. Лекцыю закончыў вывадамі, што мова наша — ня гутарка якая, але мова так як і ўсе іншыя, што дзеля гэтага яна мае зусім роўнае права між суседнімі й далёкімі мовамі. Лекцыя была прадусім назначана для беларускіх вучыцялёў-курсантаў, апрача гэтых, было многа гасьцей.
Пяць гадоў пазьней, у 1924 г., выходзіць кніжка Карскага «Русская диалектология». У ей (на бачыне 83) Карскі падчырквае ўжо арыгінальнасьць «гістарычна ўжо даўно склаўшагася» арганізму беларускае мовы. Зь вялікарускімі дыялектамі ён яе ўжо зусім, і па паходжаньні, ня лучыць. Але азначэньне «нарэчча» да беларускае мовы й далей захоўвае, у адваротнасьць сказанаму перад беларускімі настаўнікамі на рэфэраце ў Вільні. «Нарэччам» называе беларускую мову Карскі й раней, у 1922 годзе, у апошняй кнізе «Беларусаў». Толькі на колькі гадоў перад сваей сьмерцяй, прыблізна ад 1928 году, Карскі пераходзіць у канцы ад «нарэчча» дый «племя» да тэрміналёгіі «беларуская мова», «беларускі народ».
Дык толькі тады завяршылася вельмі павольная, як бачым, эвалюцыя паглядаў Карскага ў справе самастойнасьці беларускае мовы.
Дый у канцы XIX ст. расейскія моваведы ня толькі намагаліся ахапіць у абсяг мовы расейскую сучасную беларускую мову. Ішла праца й над тым, каб давесьці адзінства беларускае й украінскае мовы з расейскаю й у даўнейшую гістарычную й дагістарычную пару. Для гэтай мэты творыцца адмысловая гіпатэза пра існаваньне супольнае некалі г. зв. «прарускае» мовы, зь якое пазьней мелі паўстаць, шляхам яе расшчапленьня, тры сяньняшнія ўсходнеславянскія мовы.
Карскі, калі ў 1885 г. пісаў свой «Обзор звуков и форм белорусской речи», беларускія моўныя асаблівасьці выводзіў ён яшчэ толькі з праславянскае мовы. Гіпатэза аб прарускай мове тады расейскімі моваведамі яшчэ ня была сканструяваная. Але пазьней гіпатэтычную «прарускую» моўную супольнасьць Карскі прымае за навуковы канон і, апісваючы зьявы беларускае мовы ў сваіх «Беларусах», ён ужо намагаецца выводзіць іх з гіпатэтычных «прарускіх» гукаў і формаў. (РФВ, № 2, 1914, бач. 638). Гэтае «прарускае» гіпотэзы Карскі трымаецца бадай да канца свайго жыцьця, арыентуючы на яе свае працы. Ведамая рэч, што падобныя гіпатэтычныя моўныя супольнасьці ў дагістарычную пару дапускаліся спачатку моваведамі для заходніх дый паўдзённых славянскіх моваў. Дый хутка яны тамка былі адкінутыя, паколькі ім супярэчылі існуючыя факты мовы.
Карскі, прыняўшы гіпатэзу даўнейшай «общерусской» моўнай супольнасьці для трох усходнеславянскіх моваў, разам стаў і на становішчы, што супольнасьць гэтая мусіла існаваць яшчэ ў гістарычную пару. Паводле яго, толькі ад нейкага XIII стагодзьдзя пачалося выдзяленьне паасобных усходнеславянскіх моваў. З гэтага быў роблены й выснаў, што й зараджэньне беларускіх моўных асаблівасьцяў дый паўстаньне беларускае мовы трэба аднесьці на час ранейшы XIII ст.
Выдатны расейскі мовавед і сучасьнік Карскага, Шахматаў, які й сам трымаўся прарускае гіпатэзы, аднак-жа ўжо ў 1894 годзе пісаў: «Гісторык застае рускае племя жывучае ўжо далека ня супольным жыцьцём на ўсім ім занятым прасторы: „общерусская“ эпоха гэткім чынам гісторыку недаступная». З гэтых словаў бачым, што Шахматаў усьведамляў сабе добра, што месца для «прарускай» гіпатэтычнай мовы ў гістарычную пару няма. Калі яна наагул існавала, дык магла існаваць толькі ў часы дагістарычныя. Гісторыя-ж на прасторах усходняе Эўропы застае ўжо жывыя гаворкі трох усходнеславянскіх моваў з разьвітымі ў іх у сваей аснове галоўнымі характэрнымі асаблівасьцямі. Праруская-ж супольнасьць — чыста тэарэтычная канцэпцыя, на пацьвярджэньне якое гісторыя нам фактаў не дае.
І хоць гэтыя сьцьверджаньні Шахматава, друкаваныя ў РФВ, Карскі напэўна чытаў, у сваей працы над беларускаю мовай ён выходзіў спачатку аднакжа зь іншага пагляду, а пайменна, што «праруская» пара — зьява даволі позная, што гэта факт гіcmaрычны. Сваей «прарускай пары» Карскі намагаўся рабіць месца й у гісторыі беларускае мовы. Дзеля гэтага пару зараджэньня й сфармаваньня беларускіх моўных асаблівасьцяў Карскі стараўся адсоўваць як мага на пазьнейшую пару — на XIII ст., а нават i на XIV. У выніку тэндэнцыі даводзіць на прыкладзе беларускае мовы гістарычнае яшчэ існаваньне «прарускага адзінства», Карскі пападае ня раз у яўную супярэчнасьць з моўнымі фактамі.
З факту, прыкладам, што памятак пісьменнасьці ў Беларусі з XI–XII ст. вельмі мала, а дзеля гэтага аб беларускіх асаблівасьцях мовы гэтае пары маем ня шмат вестак, Карскі адразу робе выснаў, што беларускіх асаблівасьцяў моўных тады й ня было, або што яны былі яшчэ толькі ў зачатках, дый што гэта й была «общерусская» пара. У дадзеным выпадку Карскі нейк забываецца пра тое, што беларускія моўныя асаблівасьці ў памятках пісаных традыцыйным, перанятым з царкоўнаславянскае мовы, правапісам маглі толькі з трудам адбівацца ў іх наагул, асабліва ў добра адукаванага пісца.
Сам Карскі прызнае, што аканьне ці дзеканьне ў кнігах Скарыны, або ў Статуце ВКА, цяжка знайсьці дзеля той простай прычыны, што гэтыя друкі праходзілі праз рукі высокаадукаваных выдаўцоў. Дый ён пра гэта адразу забываецца, калі падыходзіць да разгляду памятак беларускае пісьменнасьці, прыкладам, з XII ст.
З рэдкага выступаньня аканьня ці іншых беларускіх моўных асаблівасьцяў у той ці іншай старой беларускай памятцы пісьменнасьці цьвердзіць, што іх тады й зусім ня было, ці былі яны яшчэ толькі ў зачатках — дапушчэньне вельмі памылковае. Пры гэткім падыходзе лёгка можна было б даводзіць, што аканьня, прыкладам, ня мае й сучасная літаратурная расейская мова, паколькі ў расейскім друку, дзеля прынятага правапісу, аканьня гэтага ня відаць. Ведамы таксама факт, што зьбіральнікі беларускага фальклёру канца XIX ст., якія запісы рабілі расейскім правапісам, у сваіх запісах зусім не перадавалі ні беларускага аканьня-яканьня, ні дзеканьня-цеканьня, ні шмат іншых фанэтычных асаблівасьцяў. Гэтак быў выдадзены ў 1780 г. й ведамы Насовічаў слоўнік. Абапіраючыся на гэткія, вось, запісы можна было-б цьвердзіць, што беларусы й у канцы XIX ст. ня акалі, ня дзекалі, а перажывалі яшчэ шчасьлівую «общерусскую» эпоху расейскіх моваведаў.
Факт сяньня бясспрэчна ўстаноўлены, што калі ў Статуце ВКЛ, у Скарынавых друках, ці і значна ранейшых пісьменных беларускіх памятках веку XIV, XIII дый і даўнейшых, сустракаем словы напісаныя 'вода', 'день', дык беларускія прашчуры іх і тады чыталі 'вада', 'дзень', бо нашыя прадзеды ў тую пару акалі хіба ня горш за нас. На гэта існуюць тысячы дый пэўных довадаў хоць-бы й у памятках пісаных менш у пісьме навытаранымі асобамі, як Скарына ці выдаўцы Статуту. Хоць дакладная беларуская вымова гэнай пары нам сяньня ў сваіх драбніцах й ня ведамая, але, як правіла, можна прыняць, што сяньняшняя беларуская вымова куды бліжэйшая тагачаснай, чым сучасны беларускі правапіс правапісу старое беларускае літаратурнае мовы.
Вось, хоць усе гэтыя факты Карскі як мовавед, што дакладна вывучаў старую беларускую мову, ведаў, дык усё-ж пад уплывам прынятае згары канцэпцыі паяву беларускіх моўных асаблівасьцяў ён намагаўся абмежыць у часе, каб і ў гісторыі беларускае мовы даць месца дыхнуць і сваей «прарускай супольнасьці». Цьвердзіць ён, прыкладам, што «сучаснае беларускае аканьне разьвілося каля XIV ст.», хоць яно выразна выступае ў надпісе на крыжы сьв. Афрасіні Полацкае з 1161 г., г. зн. у сярэдзіне XII ст., не гаворачы ўжо аб недатаваным Супрасьльскім рукапісе з XII ст. У супярэчнасьць сваімжа цьверджаньням Карскі ў I томе «Беларусаў» мусіў прызнаць факт існаваньня ў беларускай мове гуку [h] найпазьней ужо ў X ст., хоць быў ен у ёй напэўна і яшчэ значна раней.
Летувіскі мовавед К. Буга ў 1924 г. апублікаваў працу «Летувіска-беларускія дачыненьні й іхні час» (Die litauisch-weissrussischen Beziehungen und ihr Alter // Zeitschritt fur Slavische Philologie. Leipzig, 1924, бач. 26–55). У гэтай працы дадзена шмат прыкладаў аб перайманьні беларускіх фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў у летувіскую мову разам з запазычанымі беларускімі словамі яшчэ з дагістарычнае пары. У сваей рэцэнзыі на гэту працу Карскі піша: «Праца вельмі цікавая… Дарма толькі беларуская эпоха пачынаецца ледзь не з праславянскай. Запраўдныя беларускія асаблівасьці наўрад ці можна бачыць раней XIII ст.» (ИОРЯС, Т. XXIX. Культурные завоевания русского языка в старину на западной окраине его области, бач. 5). На гэтых сваіх сумлівах Карскі аднак-жа й затрымліваецца. Ніякіх канкрэтных довадаў няправільнасьці пададзеных Бугаю прыкладаў, фактаў і ягоных выснаваў, апертых на іх, Карскі не падае.
Карскі сударагава трымаўся прарускае гіпатэзы дый намагаўся даводзіць, што беларуская мова была ў ей яшчэ й у XII ст., і ў сярэдзіне дваццатых гадоў, тады, калі іншыя расейскія моваведы яе ўжо пакідалі, адкідалі, а найменш час яе адсоўвалі ў дагістарычную пару. Шахматаў тымчасам пасьпеў ужо дайсьці да выснаваў, што сучасныя ўсходнеславянскія мовы паўсталі зусім ня шляхам расшчапленьня на тры гіпатэтычнае прарускія мовы, а наадварот, шляхам аб'яднаньня ў паасобныя групы тых дыялектычных гаворак, што існавалі на прасторах усходняе Эўропы яшчэ з дагістарычнае пары.
Пад уплывам, відаць, такіх паглядаў Шахматава позна, але пераглянуў наканец у гэтым пытаньні свае пагляды й Карскі. У працы з 1924 г. «Русская диалектология» ён ужо не гавора, што беларуская мова адшчапілася ад прарускае, але кажа, што беларуская гутарка склалася паступова з мовы тых даўных плямёнаў, якія ляглі ў аснову беларускае народнасьці, пайменна: «дрыгавічы, радзімічы, полацкія і смаленскія крывічы, якія ізноў-жа асымілявалі сабе мясцамі севяранаў вяцічаў і нават некаторыя балцкія плямёны» (бач. 81).
Але й зрабіўшы такое сьцьверджаньне дый падчыркнуўшы ў той-жа сваёй «Русской диалектологии» арыгінальнасьць «гістарычна ўжо даўно склаўшагася» арганізму беларускае мовы, Карскі ў той-жа працы мову гэтую ўсё яшчэ мянуе тэрмінам «нарэчча», а ня мовы. Толькі яшчэ чатыры гады пазьней Карскі пераходзіць у канцы да тэрміналёгіі «мова» заміж «нарэчча».
Чаму ён трымаўся доўга «нарэчча», з гэтага тлумачыўся Карскі ў 1928 г. у праскай «Славіі», калі рэцэнзаваў апублікаваныя тымчасам Інбелкульт у Менску «Працы Акадэмічнае канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу й азбукі». Адпаведныя заўвагі Карскага ў рэцэнзыі былі выкліканыя памешчаным у «Працах» рэфэратам Некрашэвіча «Сучасны стан вывучэньня беларускае мовы», што быў чытаны на Акадэмічнай канфэрэнцыі. У рэфэраце гаварылася:
Карскі сваімі грунтоўнымі й усебаковымі працамі па дасьледаваныно беларускае мовы робіць цэлую эпоху ў справе вывучэньня беларускае мовы. Дзякуючы яго капітальным працам, беларуская мова высьвятляецца як мова самасгойнага значэньня, што жыве па сваіх асобных моўных законах і па свайму значэньню роўна вялікарускай і ўкраінскай мовам. Праўда, у сваіх нрацах акад. Е. Карскі яшчэ не перастае называць беларускую мову «нарэччам русскаго языка»… (Бач. 48).
На гэта Карскі, відавочна крануты пахвалою Некрашэвіча ня менш, як ягоным дакорам, піша ў «Славіі»:
Даклад Некрашэвіча заўвагаў ня выклікае. Хіба толькі належыць успакоіць дакладчыка, што «нарэчча» тарнаванае да беларускае мовы мае такое-ж значэньне, як і ў сваім тарнаваньні да вялікарускае, г. зн. яно абазначае, што гэтыя абодва нарэччы патомкі аднаго (хоць бы і фікцыйнага) прарускага языка, як гэты апошні разам з другімі славянскімі мовамі быў нарэччам праславянскае мовы. Палітычнага значэньня гэты тэрмін мець ня можа, наколькі цяпер, як і ўдалёкім мінулым, беларуская мова зьяўляецца літаратурньім языком, здольным выражаць разумовыя, духовыя й палітычныя патрэбы народу.
Гэтае тлумачэньне Карскага цікавае з колькі гледзішчаў: і сваім мала пераконваючым паясьненьнем, чаму беларуская мова ў яго «нарэчча», і прызнаньнем усяе фікцыйнасьці гіпатэтычнага «прарускага языка», і пагадненьнем з пазыцыяй беларускае мовы як раўнапраўнага літаратурнага языка, «здольнага выражаць… патрэбы народу» цяпер і ў мінулым, што Карскі яшчэ ў апошняй кнізе сваіх «Беларусаў» у 1922 г. сучаснай беларускай мове адмаўляў. У сваей істоце гэтае «ўспакаеньне» Некрашэвіча Карскім — яўнае прызнаньне памылковасьці ўсіх сваіх аснаўных папярэдніх навуковых канцэпцыяў, дый грунтоўная пераарыентацыя ў ключавых сваіх паглядах аб беларускай мове.
У тым-жа артыкуле Карскі падае свае думкі й у справе прапанаваных на канфэрэнцыі зьменаў правапісу дый абэцэды, дый наогул у справах тамка закранутых. Як ня раз раней, Карскі і цяпер выказаўся супроць лацініцы ў беларускім пісьме, супроць назоваў 'крывіч', 'крывіцкі', супроць мяккага 'ль' у правапісным перадаваньні чужых словаў (філалогія, а не філялёгія).
Пры гэтай нагодзе Карскі паўтарыў яшчэ раз і свой пагляд, што «ўмеркаваная акаючая мова… больш мэлядыйная за моцна акаючую», хоць побач, на дзіва, ён за поўнае аканьне ў правапісе чужых словаў, гэта значыць за пісаньне 'геаграфія', 'этнаграфія', 'канфэрэнцыя', а не 'географія', 'этнографія', 'конфэрэнцыя'.
Толькі ад гэтае пары, у колькі сваіх апошніх друкаваных працах, Карскі закідае ўжо ўжываньне ранейшае свае тэрміналёгіі 'беларускае нарэчча', 'беларускае племя', 'рускія мовы', 'заходняруская мова', дый пераходзіць да тарнаваньня тэрміналёгіі 'беларуская мова', 'беларускі народ', 'усходнеславянскія мовы'.
Трэба адмеціць, у характеры Карскага было ўжо, што прызнавацца да памылковасьці сваіх ранейшых паглядаў ён ня любіў, з гэтым ён ніколі не сьпяшаўся. Фармальна ён часта трымаўся сваіх старых дапушчэньняў гадамі й пасьля таго, як поступ навуковага дасьледаваньня іх даўно і яўна ўжо адкінуў. Падобна было, між іншым, і з зарысаванымі Карскім межамі беларускага этнаграфічнага, а дакладней — моўнага прастору.
Першы раз Карскі апублікаваў сваю «Этнаграфічную карту беларускага племені» ў 1903 г. Уражвае ў ей тое, што хоць яна была апрацаваная й моваведам, аднак-жа можныя межы на ей дзіўна моцна супадалі з падобнымі-ж межамі, вытычанымі гадоў 30 перад тым зусім ня моваведам, афіцэрам расейскага генэральнага штабу Рыттыхам. Карта Карскага ад карты Рыттыха, апублікаванай у 1875 г., розьніцца паважней толькі тым, што Карскі ў беларускі этнаграфічны прастор ня ўлучае Сувальшчыны, хоць у Рыттыха яна беларускімі межамі ахопленая, творачы гэтак памост зь Беларусі ў Усходнюю Прусію. Усе-ж іншыя межы, праведзеныя Карскім, блізу цалком супадаюць зь межамі Рыттыха. Заходняе Палесьсе-Берасьцейшчына дый Піншчына — на абедзьвюх картах застаюцца па-за межамі беларускага этнаграфічнага прастору. З факту гэтага трэба зрабіць дапушчэньне, што пры праводжаньні сваіх межаў
Карскі апіраўся моцна на гатовую ўжо існуючую карту Рыттыха.
Дзівіцца мо гэтаму шмат і ня трэба. Прастор беларускае мовы ня гэткі малы й вызначыць надежна яго межы аднаму чалавеку, нават і моваведу, заданьне нялёгкае. Тым больш, што межы гэтыя на паўдні, усходзе дый наўночным усходзе вельмі нявыразныя дзеля існаваньня г. зв. переходных моўных палосаў між гаворкамі беларускімі дый расейскімі й украінскімі. А ў пару ўкладаньня карты Карскім дыялекталёгія дый лінгвістычная геаграфія на прасторах усходняе Эўропы былі яшчэ толькі ў зачатках свайго разьвіцьця.
Калі гадоў дзесяць пазьней Маскоўская Дыялекталягічная Камісія ў складзе М. М. Дурнаво, М. М. Сакалова і Д. М. Ушакова правяла дакладнейшае дыялекталягічнае вывучэньне памежных беларуска-расейскіх прастораў, дык яна й выявіла шырокія палосы г. зв. переходных беларуска-расейскіх гаворак, якія ў існасьці былі прасторамі беларускае моўнае асновы з пазьнейшымі расейскімі наслаеньнямі. Маскоўская Дыялекталягічная Камісія пераходныя прасторы на ўсходзе й поўначы адзначыла, дый межы беларускае мовы, у прыраўнаньні да межаў Карскага, значна тамка пашырыла. Хоць падобных дасьледваньняў на паўдні, на беларуска-ўкраінскім моўным памежжы МДК й не праводзіла, але зь яе працаў на ўсходзе й поўначы, па аналёгіі, вынікала, што падобнае палажэньне маем і на паўдні; у першую чаргу на абшарах заходняга Палесься, якое Карскі таксама не абыймеў у беларускія моўныя межы.
Вынікі свае працы з адпаведнаю картаю МДК апублікавала ў 1915 г. Яна Карскаму была ведамая, ён яе рэцэнзаваў у сваім РФВ. І ўсё-ж, выдаючы сваю «Этнаграфічную карту беларускага племені» колькі разоў нанава ў гадох 1917–1920, вынікі дыялектаграфічных досьледаў МДК Карскі ігнаруе, межы на сваей карце зьмяняе толькі ў драбніцах. Пры тым трэба адцеміць, што сам Карскі беларускасьць этнічную, калі ня моўную, «пераходных» прастораў добра сабе ўсьведамляў Яшчэ ў 1902 г. у сваім артыкуле «К вопросу об этнографической карте белорусского племени» ён пісаў:
тыя жыхары калускага й арлоўскага Палесься, каторыя гавораць паўдзённавялікарускаю гаворкаю, аднесеныя да паўдзённавялікарусаў, хоць іхныя продкі бяз сумліву былі беларусамі. («К вопросу об этнографической карте белорусского племени». ИОРЯС. 1902. Т. VII. Кн. 3. Бач. 219).
Дык межы Карскага на ягонай «Этнаграфічнай карце беларускага племені» не адказвалі ў запраўднасьці ані «этнаграфічнаму», г. зн. этнічнаму, ані моўнаму стану. Падобна было й з дыялектычнаю картаю Карскага, што была памешчаная ў І-м томе «Беларусаў». Азначыць дакладней беларускія дыялекты дый іхнія межы Карскаму таксама не ўдалося. Абумоўлена гэта было ў вялікай меры фактам слабога разьвіцьця гады беларускае дыялектаграфіі.
Цікава адцеміць, што папярэднік Карскага ў навуковай працы над беларускаю мапаю, Недзяшоў, у сваей працы «Исторический обзор важнейших звуковых и морфологических особенностей белорусских говоров» з 1884 г. мову Пскоўшчыны залічаў да беларускіх гаворак, значыцца, як паказалі пазьнейшыя досьледы МДК дый іншых расейскіх моваведаў, азначаў моўны беларускі прастор на поўначы правільней за Карскага. БНР карты Карскага ня прызнала за правільныя.
На заканчэньне трэба адцеміць слабы бок Карскага як моваведа й дзеля нязнаньня ім балцкіх моваў. Сярод моваведаў існуе пагаворка, што калі хочаш грунтоўна вывучыць мову дадзенага народу, дык найперш пазнай добра мову яго суседзяў, бо суседнія мовы заўсёды ўзьдзейнічаюць адна на другую, і, ведаючы іх, можна выкрыць уплывы суседняе мовы й гэтак выясьніць некаторыя моўныя зьявы, якія інакш заставаліся-б незразумелымі.
Суседнія беларускай славянскія мовы Карскі, ведама, знаў, але моваў балцкіх, як і ўсе нашыя дасюлешнія моваведы, на жаль ня ведаў. У выніку ягоныя публікацыі аб беларуска-балцкіх моўных дачыненьнях і ўзаемнаўплывах з навуковага гледзішча не даюць нічога свайго арыгінальнага. Гэта ссумаваньне толькі й паўтарэньне фактаў падцемленых дый пададзеных іншымі моваведамі — Брукнэрам, Карловічам, Развадоўскім, Герулісам, Бугаю. Дзеля гэтага й важнейшыя адкрыцьці ў галіне беларуска-балцкіх моўных сузалежнасьцяў парабілі іншыя, той-жа Развадоўскі, Буга, а нават — француз Вайлян, які даў важнае навуковае выясьненьне, якое робе няістотным штучна канструяваную Шахматавым тэорыю, якая намагалася давесьці расейскае паходжаньне беларускага аканьня.
Беларускаю літаратураю Карскі мусіў цікавіцца ў тракце свайго вывучэньня беларускае мовы, паколькі ў памятніках пісьменнасьці, літаратурных творах дый народным творстве найлепш і адбіваецца мова дадзенага народу. У выніку паўстаў III том «Беларусаў», адведзены нарысу гісторыі беларускае літаратуры, нарыс, які па сваей апісовай дэтальнасьці, па шырыні прыцягнутай літаратуры, дый самымі ўжо сваімі памерамі, і сяньня ня мае сабе роўных. Тры кнігі III тому «Беларусаў» складаюць разам каля 1300 бачынаў друку, з чаго на агляд народнага творства прыпадае 500 бачынаў, а больш 700 прыдзелена гісторыі старой і новай літаратуры. Усе існуючыя сяньня нарысы гісторыі беларускае літаратуры іншых аўтараў маюць значна сьціплейшыя памеры, ня гэтак шырока абапертыя на літаратуру прадмету, пісаныя наагул больш школьна, менш акадэмічна. Але нягледзячы на свае памеры і нават некоторую акадэмічнасьць, гісторыя беларускай літаратуры Карскага мае абмежаваную навуковую вартасьць. Хоць і акадэмічна, але бібліяграфічная.
Сам Карскі аб мэтах свайго нарысу гісторыі навейшае беларускае літаратуры выказаўся гэтак:
У працы меў на ўвеце найперш зарэгістраваць паэтычны матар'ял з мэтаю зазнаямленьня зь ім чытача… крытычная-ж ацэна… з мастацкага боку, умовы творства… якасьці таленту… адбіцьцё запраўднасьці й лягуценыіі аб будучыні… Усё гэта павінны зрабіць далейшыя гісторыкі беларускай літаратуры й культуры (Б., III, 3, VIII).
З словаў гэтых бачна, што сам Карскі свой нарыс новае беларускае літаратуры за дасканальны не ўважаў, а лічыў больш за «рэгістрацыю паэтычнага матар'ялу». Пры тым Карскі быў усё-ж найперш моваведам, дзеля гэтага й пры разглядзе твораў пісьменнасьці ён заўсёды значную ўвагу зьвяртае на іх мову. Літаратурны-ж разгляд Карскага даволі павярхоўны, шаблённы. Складаецца ён звычайна зь пераданьня зьместу твору, яго ідэйнае ці дыдактычнае накіраванасьці. Часам дадаецца колькі заўвагаў пра спосаб вершаваньня ці мастацкія прыкметы твору. Пры тым крытэры літаратурнае ацэны ў Карскага й на сваю пару часта даволі прымітыўныя, а ня раз і наагул не літаратурныя.
Гэтак, аб Чаротавай паэме «Босыя на вогнішчы» Карскі робе такую заўвагу: «А дзе-ж выяўленьне ідэальнага жыцьця, неабходнай прыналежнасьці ўсякае паэзіі?…» — з чаго выглядае, што бяз гэтага «выяўленьня» паэзія для Карскага не паэзія. Подобных выказваньняў сустракаем у Карскага і больш. Карскі таксама бадай да канца свайго жыцьця не пазнаў і не прызнаў мастацкае функцыі асонансаў у рыфмаваньні вершаў. Рыфмаваньне асонансамі ён уважаў за хіб вершаваньня. Гэтак, аб Купале ён піша: «Ёсьць выпадкі, у якіх у запраўднасьці няма рыфмаў, а ёсьцека толькі асонансы, прыём, які ў нашым вершаваньні наўрад ці можа быць тарнаваны». Тоеж упікае ён і Коласу: «верш наогул правільны, хоць часам і з асонансамі». Ускідае тое самае Карскі й Бядулі: «трэба пашкадаваць, што ў яго часта заміж рыфмаў асонансы».
Тую самую думку Карскі паўтарае і ў сваім лісьце з 16 студзеня 1922 году да Купалы, калі, хвалячы ягоны «прекрасный» перасьпеў «Слова аб палку Ігаравым», ён усё-ж ня вытрываў, каб не зачапіць Купалавыя тамка асонансы: «Мне здаецца толькі, што дарма Вы высьцерагаецеся нерыфмаваных вершаў. Калі-б Вы іх не баяліся, не давялося-б зьвяртацца Вам да асонансаў (сугуччаў)». З гэтае заўвагі бачна, што для Карскага мастацка лепшым быў ужо верш белы, чым верш рыфмаваны асонансамі. Ім ён катэгарычна адмаўляў месца ў рыфмаваньні, уважаючы, што тарнаваньне іх — азнака таго, што паэта ня здолеў знайсьці адпаведнай рыфмы, а значыцца — слабы паэта.
Падае Карскі й прыклады неадпаведнага, паводле яго, рыфмаваньня асонансамі. Вось прыклады:
У Купалы: | |
---|---|
са стужамі — я дужаю | ня хітра — мітрай |
рана — гляну | асіле — крыльля |
зоры — гавора | прынука — зарукай |
атласаў — красай | меры — дзьвераў |
У Бядулі: | |
бору — орам | шчырыя — вырай я |
высокія — вокам я | волаты — молад ты |
Асонансы, якія Карскаму не падабаліся, як бачым, усе блізкія ў сваей сугучнасьці, музыкальна багатыя, асонансы, якіх сяньня пазайздросьціў бы кажны прызваіты паэта.
Карскі працівіўся новаму ня толькі ў галіне формы. Ён быў супроць ужываньня пісьменьнікамі дый заводжаньне праз гэта ў беларускую літаратурную мову й моўных новатвораў дый правінцыялізмаў. Ён падазраваў, што некаторыя пісьменьнікі чыняць гэта знарок «зласьліва», каб аддаліць беларускую мову ад расейскае. Цікава адцеміць на колькі прыкладах, якія гэта правінцыялізмы Карскі ня радзіў пускаць у літаратурную мову: Ядвігіну Ш. ён, між іншым, дакарае за словы шоран, смоўж, глюгі, прагавітая… Аб мове Аляхновіча ён кажа:
непажадама пры выпрацаваньні літаратурмае мовы без патрэбы зьвяртацца да правінцыялізмаў, або да тварэньня новых словаў, калі ёсьць добрае старое. Пэўне-ж, добрае слова небасхіл = для абазначэньня гарызонта, можа быць дапушчанае й здань = привидение… но к чему настольнік при существующем абрус (Б., III, 3, 369).
Якою добрая, ідэальная беларуская літаратурная мова, паводле Карскага павінна быць, можна ўявіць сабе зь ягоных заўвагаў аб мове Максіма Багдановіча.
Багдановіч, як ведама, гадаваўся, вучыўся й жыў не ў Беларусі, а ў Расеі. Бываў ён у Беларусі толькі кароткімі наездамі. Дзеля гэтага мову беларускую ён ведаў бадай найслабей за ўсіх пісьменьнікаў нашаніўцаў. Яна ў яго й па лексыцы, і па міталёгіі, і па складзе ў вялікай меры расейская абеларушчаная мова. І вось пра мову гэтага паэты, які праз усё сваё кароткае жыцьцё змагаўся зь вялікімі цяжкасьцямі, каб наагул пісаць пабеларуску дый які толькі дзякуючы свайму вялікаму патрыятызму дый таленту гэтую перашкоду пераасіліў, ня толькі што выдатным беларускім паэтаю стаў, — пра беларускую мову Максіма Багдановіча вось што піша Карскі:
Што тычыцца мовы беларускай, дык у яго «чистый белорусский разговорный язык». У гэтым ягоная запраўдная краса. Няма ў ей прыдуманых хітрых словаў толькі для таго, каб адрозьніць беларускую гутарку ад расейскага літаратурнага языка, няма ў ей рэдкіх выражэньняў. Паэтычнае вычуцьцё зазначаецца й у высьцераганьні празьмернага аканьня, якое робе гугарку цягучаю й «утомительно однообразной» (Б. III, 3, 321).
З гэтае заўвагі пра Багдановічаву беларускую мову дый неспадзяваную пахвалуяе «чысьціні» трэба зрабіць выснаў, што хоць Карскі й вывучаў навукова беларускую мову, дый усё-ж ведаў яе ў яго была ў існасьці габінэтная. Пазнаваў ён яе гадамі з этнаграфічных, часта вельмі недасканалых запісаў, з старых памятак пісьменнасьці, а значна менш кароткатрывалымі выездамі ў паасобныя беларускія мясцовасьці. Яму яўна не ставала штодзённага беспасярэдняга сутыку й глыбейшага знаёмства з жывою вуснаю беларускаю гутаркай. Дзеля гэтага ў яго й не магло быць таго адчуваньня ўсіх адценьняў мовы, якое разьвіваецца ў чалавека, які гэтаю моваю карыстаецца штодзённа сам, які яе мэлёдыю чуе ад маленства ад свайго навакольнага асяродзьдзя. Інакш гэткае пахвалы чысьціні беларускае мовы Багдановіча, мовы вельмі далёкае ад гэтае чысьціні, Карскі хіба-ж напісаць-бы ня мог.
Пацьвярджаюць гэтыя дапушчэньні й сьветчаньні тых, што чулі лекцыі Карскага пра беларускую літаратуру. Лекцыі гэтыя Карскі заўсёды чытаў толькі парасейску. Калі-ж падчас іх даводзілася яму цытаваць патрэбныя прыклады зь беларускіх твораў пабеларуску, дык пры гэтым чытаньні выяўлялася, што ягоная беларуская вымова мела яскравы расейскі «акцэнт». Беларускае [ў] вымавіць ён ня мог, вымаўляў яго на расейскі лад як [в]. Меў ня меншыя цяжкасьці Карскі й з вымоваю беларускага дзеканьня дый цеканьня.
У сваей навуковай працы, у пісьме, Карскі ўжываў толькі мову расейскую. Тыя яго артыкулаў трынаццаць, што ў гадох 1919–1920 друкаваліся пабеларуску ў менскіх пэрыядычных выданьнях, рэдакцыі перакладалі для друку зь пісаных парасейску арыгіналаў.
Дык на слых Карскі чуў беларускую мову хіба мала часьцей за Багдановіча, бо й ён ад 1893 г. працаваў і жыў блізу ўвесь час па-за беларускім этнаграфічным прасторам. Гэта й было прычынаю таго, што Карскі меў клопаты зь беларускаю вымоваю. Дзеля гэтага й Багдановіча мова, мова зь вялікаю доляй расейшчыны ў слоўніку, у ладзе й складзе мовы, выдавалася яму, зусім натуральна, ідэальна чыстаю беларускаю моваю. Ня вылучана, што ў пахвале мовы Багдановіча дзеіць і сьведамая тэндэнцыя Карскага набліжэньня беларускае мовы да расейскае. Ён-жа гэтак заўсёды баяўся яе аддаленьня!
Габінэтная ў аснове веда беларускае мовы была прычынаю й таго, што Карскі шмат радзей ужываных беларускіх словаў ня знаў і іх проста не разумеў, калі на іх ён раней не натрапіў у вывучаных ім этнаграфічных зборніках ці беларускіх слоўніках. Пра гэта ён сам гавора ў «Беларусах». Прыкладам, як не зразумелыя сабе словы ён адцемлівае: дылёўка, назалісты, лунаў, задума, вейка, калматы, без патолі, ветраць носам («верцяць» — пробвае дагадвацца Карскі).
Не падабалася яму таксама ніколі ім ня чутае «какое-то рэха, вместо эхо». Безь беспасярэдняе веды жывое народнае мовы Карскі ніяк ня мог дагадацца й значэньня слова 'ашанцуе', у якім яго ўжыў Дунін-Марцінкевіч, перакладаючы Міцкевічавага «Пана Тадэўша»:
Літва! родная зямелька!
Ты, маўляў, здароўе,
Той Цябе ашанцуе, каму безгалоўе,
— Хто жыў калісьці на ніўцы
Тваёй, як у раі,
І вось крывавы роніць сьлёзкі ў чужым краі!
Значэньне гэтага слова Карскі пробуе дагадацца гэтак: «Ашанцуе? пашануе? „Ашанцуе“ могло бы значить „осчастливит“» (Б., III, 3, 60).
У выніку габінэтнае ў асноўным сутычнасьці зь беларускаю моваю дый жыцьцёвага практычнага навыку да мовы расейскае, у Карскага склалася й ягоная асаблівая ацэна мілагучнасьці беларускае мовы. Ня раз, а колькі разоў у «Беларусах» дый іншых сваіх публікацыях Карскі паўтарае сваё стэрэатыпнае цьверджаньне, што «празьмернае аканьне чыніць беларускую мову цягучай і „утомительно однообразной“». Дзеля гэтага ў беларускай літаратурнай мове ён радзіць трымацца слабейшага аканьня, аканьня падобнага да аканьня ў расейскай літаратурнай мове.
Такое цьверджаньне Карскі робіць яўна з пазыцыі асобы, якая сама моваю, якую ацэньвае, у штодзённым жыцьці не карыстаецца. Бо-ж ведамая рэч, што ў чалавека, які нейкую мову ўжывае ад маленства, нармальна не паўстае й думка аб яе немілагучнасьці. Гэта таксама значыць, што да беларускае мовы ён падыходзіў больш як да аб'екту свае навуковае працы, назіраў яе больш збоку, крытычна, дый пры тым у ацэне яе мілагучнасьці выходзіў з мэлёдыі іншае гукавое моўнае сыстэмы, з сыстэмы мовы, да якое быў прывыклы праз штодзённае яе карыстаньне, з мовы расейскае зь яе менш моцным аканьнем. Да расейскае мовы Карскі ад свайго найменш школьнага ўжо веку зжыўся, ён ею карыстаўся ў сваім хатнім і сваім навучальным дый навуковым абыходзе. Зусім натуральна дый зразумела, што для вуха прывыклага да расейскага аканьня куды мацнейшае аканьне беларускае літаратурнае мовы адчувалася чужа й няпрыемна. Вось у гэтым, а ня чым іншым, і ляжыць прычына адмоўнае ацэны Карскім моцна акаючага гучаньня беларускае літаратурнае мовы.
Да справы мілаіучнасьці расейскае мовы ў Карскага, як тыповага «западноруса», быў наогул падыход бяскрытычны. Бачым гэта, прыкладам, з таго, што адцемліваючы значны ўплыў беларускае мовы на маскоўскую гутарку празь беларускіх эмігрантаў у Маскве ў XVII ст., Карскі адразу-ж зазначае, што з другога боку яны «однако не могли противостоять сильному благозвучному московскому языку» (Б., I, 343). Што можна гаварыць аб красе маскоўскае, літаратурна яшчэ неразьвітае гутаркі XVII ст., каб цьвердзіць аб яе «благозвучии», гэта застаецца «западнорускім» сакрэтам Карскага.
Як-жа-ж ёсьць у запраўднасьці зь беларускім аканьнем, яго мілагучнасьцяй дый наагул з музыкальнымі якасьцямі гуку [а]? Ці беларуская мова дзеля аканьня запраўды «цягучая» і «манатонная», як цьвердзіў Карскі? Каб адказаць на гэтае пытаньне, найперш трэба зьвярнуць увагу на тое, што сам Карскі ў сваіх «Беларусах» кажа, што ў беларускай мове гук [а] не адзін і не аднолькавы — «у беларускай мове адценьняў а шмат». Я но бывае больш і менш яўнае, выразнае, націсьненае і ненацісьненае, доўгае й кароткае. Часта гэта гук толькі збліжаны да (а), [а] пераходны да нейкага іншага гуку. Моцнае, поўнае [а] ў выклічніку 'га!' Крыху вузейшае, калі за гэтым гукам ідзе мяккі зычны, прыкладам у слове 'гадзіна', таксама ў словах 'жар', 'вар', 'гар'.
Іншае [а], калі яно стаіць між двума мяккімі зычнымі, прыкладам, у слове 'зяць'. Ізноў-жа няяснасьцяй дый нявыразнасьцяй адзначаецца гук [а] ў складох перад націскам дый у канцавой пазыцыі, пасьля націску. Прыкладам, цэлую нізку менш і больш яўных [а] маем у слове 'наварачваць'. Дык гук [а] ў беларускай мове не аднолькавы й дзеля гэтага не манатонны. З другога боку, [а] ніхто ня лічыць за гук музыкальна бедны. Наадварот. Агульна азначаецца ён за гук незвычайнае сілы й вялікага музыкальнага багацьця. Гук [а] мае быць адным зь першых і самых важных гукаў людзкое мовы. Ім першабытны чалавек навучыўся карыстацца пры самых пачатках разьвіцьця свае мовы, бо вымова гэтага гуку вельмі простая. [А] яўнае, поўнае вымаўляецца пры нэўтральным палажэньні языка дый губ, пры поўна раскрытым роце. Ніводзін іншы галосны гук беларускае мовы не вымагае такое паўніні адчыненага рагу пры сваей вымове — ні гук [о], ні [у], ні [э], ні [i],
Аўтары вялікага 16-томнага нямецкага слоўніка, браты Якуб і Вільгельм Грыммы, у палове XIX ст. гэтак славілі якасьці гуку [а]:
«А, der edelste, ursprunglichste aller Laute, aus Brust und Kehle voll erschallend, den das Kind zuerst und am leichtesten hervor bringen lernt, den mit Recht die Alphabete der meisten Sprachen an ihre Spitze stellen».
Што ў перакладзе прыблізна будзе:
«А, найбольш шляхотны, найбольш старавечны з усіх гукаў, гук, што з усяе паўніні грудзей і горла зьвініць, гук, які дзіцё найперш дый найлягчэй вучыцца вымаўляць, які дзеля гэтага абэцэды бальшыні моваў з поўным правам на сваім пачатку ставяць…»
Па сваім характеры, пры яўным шырокім вымаўленьні гук [а] асабліва добра надаецца для гукавое перадачы пачуцьця прасторавае шырыні, размаху, прасторавае ці духовае велічы. Для прыкладу гэтага можна зьвярнуць увагу на гэткія словы, як КАНАДА, або САХАРА. Дзякуючы гуку [а] словы гэтыя й гукова перадаюць нам пачуцьцё шырыні дый велічы прасторы гэтых краінаў. А што гэта чыніць акурат гук [а], аб гэтым легка пераканацца, калі на месца яго ў гэтых словах спрабуем падставіць нейкі іншы галосны гук: і — э — у — о.
Веліч дый шырокае рэха даўнае царскае славы як трапна празь вякі гісторыі перадае нам і гукова, дзякуючы гуку [а], імя грузінскае царыцы ТАМАРА. Падстаўце ў гэтым імені заміж [а] ўсюды нейкі іншы галосны гук, прыкладам [i], і ўся сіла гукавога эфэкту будзе зьнішчаная.
Падобны элемэнт вялічыні й беспасярэдне гукова, а ня толькі па сваім умоўным значэньні, адчуваецца ў гэткім беларускім слове як 'навала', дзе разам і элемэнт грознасьці. Велічыню, спалучаную зь некаторай няўклюднасьцяй дый нястачай суладнасьці складовых частак чуем у слове гаргара. Велічыню, спалучаную з агідаю, ня толькі разумеем, але й фізычна адчуваем, дзякуючы гуку [а] ў слове пачвара.
З гэтых прыкладаў дастаткова бачна, што гук [а] — гук вялікае сілы, а разам яскравага пачуцьцёвага выразу дый калярытнасьці. У вялікай-жа размаітасьці сваіх адценьняў у гукавой сыстэме беларускае мовы, тэта гук вялікага музыкальнага багацьця, і саромецца яго, ці абмежаваць шырыню дый паўсюднасьць ягонага ўжываньня ў беларускай мове, што радзіў Карскі, зусім няма аніякое падставы, а дзеля гэтага й аніякое патрэбы. Беларускія пісьменьнікі ў сваю пару за радаю Карскага й не пайшлі, аканьня ў сваей мове не агранічвалі й у беларускай літаратурнай мове замацавалі якраз аканьне моцнае.
Дадаць да ўсяго вышэйсказанага варта, што гукам [а] моцна насычаная мова старавечных індаў, санскрыт, а таксама мовы балцкія, дый, як спадчына балцкага яе субстрату — мова беларуская.
Падыходзячы да азначэньня існасьці нацыянальнага пачуцьця й самасьведамасьці Яўхіма Карскага, важна мець на ўвеце, што духова ён сфармаваўся яшчэ ў данашаніўскую пару беларускага нацыянальнага самастанаўленьня. А для ўсёй беларускай інтэлігенцыі данашаніўскай, інтэлігенцыі XIX ст., характэрна, што ў яе моцна выпіраюць элемэнты й культурных, і палітычных уплываў аднаго ці другога з тых нашых двух большых суседзяў — заходняга або ўсходняга — у заглушаючым цяні якіх беларускі народ тады бытавау
Усе беларускія пісьменьнікі, культурна-навуковыя й нават палітычныя дзеячы XIX ст. у большей ці меншай меры на сваей асабовасьці маюць адбіткі гэтых дзьвюх нацыяў і іх культураў. Працэс фармаваньня свае запраўды беларускае дый духова запраўды незалежнае інтэлігенцыі, гэта ўжо зьява стагодзьдзя XX. Карскі й носіць на сабе ўсе прыкметы беларускага навуковага дзеяча яшчэ тыпу XIX ст., дзеяча, пры тым, нахілу ўсходняга, культуры расейскае, прадстаўніка тае мэнтальнасьці, што ў беларускай гістарыяграфіі атрымала азначэньне г. зв. «западнарусізму».
Хоць дакладнейшых вестак пра бацькоў Карскага біяграфіі й не даюць, дый аб беларускасьці яго паходжаньня няма ніякіх сумліваў. Пра гэта сам Карскі ў 1885 г., у прадмове да свайго «Обзора звуков и форм белорусской речи», піша гэтак:
Будучы прыродным беларусам, узгадаваны дый адукаваны сярод беларусоў, і дзеля гэтага з самога маленства аж да апошняга часу перабываючы блізу толькі ў беларускім асяродзьдзі, аўтар здабыў некаторую дазнанасьць у беларускіх гаворках, якую пазьней падмацаваў знаёмствам з запісанымі творамі беларускае мовы (Обзор звуков и форм белорусской речи. Б. 3).
Дый Карскі ня толькі ўсьведамляў разумова свае беларускае этнічнае паходжаньне. З родным сабе краем і народам быў ён зьвязаны й пачуцьцёва, што выяўлялася ў бясспрэчным, хоць і своеасаблівым беларускім патрыятызьме. Ужо з самых вялізных памераў ягонае навуковае працы, укладзенай у дасьледаваньне, ё апісаньне беларускае мовы, можна дапускаць, што гэта маем справу ня толька з чыста навуковым зацікаўленьнем аўтара выбранаю сабе тэмаю дый паўсталым пазьней, у часе заглыбленьня ў студыі, захапленьнем вывучаным прадметам, — што ў вучоных ня раз здараецца.
Была, бясспрэчна, і патрыятычна-пачуцьцёвая лучнасьць з тэмаю, якая дадавала Карскаму вытрываласьці ў працы, дый абумовіла тое, што ўкладаў ён у яе блізу ўсе сілы ўсяго свайго жыцьця, ідучы наважана й сыстэматычна да завяршэньня ўзводжанае рупліва, а заплянаванае яшчэ ў юнацтве, вялікае навуковае будыніны аб мове роднага краю.
Патрыятычныя матывы свае навуковае працы над вывучэньнем беларускае мовы Карскі й сам ня раз падчыркваў. Гэтак, у 1903 г. як мотто да першага тому сваіх «Беларусаў» ён ставіць зваротку зь вершу Янкі Лучыны:
Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Загляне ясна над натаю ніваю.
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй, доляй шчасьліваю.
За мотто да 1-е кнігі II тому «Беларусаў», што выйшла пяць гадоў пазьней, узятыя ізноўка словы Сымона Буднага зь ягонага прысьвячэньня нясьвіскага «Катэхізысу» 1562 году князём Радзівілам: «Слушная рэч ест, абы вашы княжацкія міласьці таго народу язык мілаваці рачылі, у каторым даўныя прэдкі і іх княжацкія міласьці панове атцы Вашых княжацкіх міласьці прэднейшыя прэлажэнства нясуць».
У прадмове да 3-е кнігі таго-ж II тому «Беларусаў», кнігі, якая што выйшла ў 1912 г., патрыятычны сантымэнт да прадмету студыяў высказаны Карскім яшчэ яскравей словамі: «…(аўтар)… адно пра сябе можа сказаць, што працаваў з захапленьнем і любовяй да таго… народу, мову якога стараўся прадставіць: найболей з тае прычыны іжэ мя міласьцівы Бог з таго языка на сьвет пусьціў — скажам словам і Ф. Скарыны, выдатнага беларускага дзеяча пачатку XIV ст.». Цытату гэтую з Скарынавае прадмовы да праскага Псалтыра 1517 году Карскі ставіць і за мотто да гэтае кнігі «Беларусаў».
Падобных, вось, выказваньняў у Карскага знойдзем і болей. Усе яны сьветчаньні самога Карскага аб тым, што навуковую працу над беларускаю моваю ён уважаў і за свой беларускі патрыятычны абавязак. Дый памылкаю было б рабіць ужо выснаў, што патрыятызм Карскага быў адэкватным, раўназначным зь цяперачы агульна принятым паймом беларускага патрыятызму.
Беларускі патрыятызм Карскага меў іншы, больш правінцыяльны харакгар, ён быў абмежаны дый быў падпарадкаваны ідэалёгіі й палітычным канцэпцыям тагачаснага расейскага вялікадзяржаўя, ці, калі ўжыць тэрмін, якім сам Карскі ў сваіх навуковых працах ня раз карыстаўся, канцэпцыі «общерусской». Дык, хоць Карскі пачуцьцёва бясспрэчна быў моцна зьвязаны з сваёй роднай зямлёю, яе прыродаю, беларускім народам, яго моваю, бытам і народнай культурай, — дый разумова ўсё гэта ён падпарадкоўваў навязанай яму расейскаю школаю й адукацыяй маскоўскай імпэрскай ідэалёгіі, і, у выніку, культуру, інтарэсы й будучыню беларускага народу ён падпарадкоўваў інтарэсам і будучыні народу расейскага.
Істоту гэтага тыпу беларускага патрыятызму, падпарадкаванага патрыятызму й інтарэсам народу іншага, пашыранага ў Беларусі асабліва ў XIX ст., а ня рэдка сустраканага яшчэ й сяньня, дужа трапна азначыў расейскі вучоны й беларусавед А. Пыпін, які яшчэ ў апошняй чвэрці XIX ст. такі патрыятызм сфармуляваў гэткімі словамі (цытуецца з парафразай — аб чым ніжэй):
…у мясцовым патрыятызьме адбылося даволі дзіўнае спалучэньне вельмі разнародных элемэнтаў: патрыятызм гэты быў беларускі, дый істота яго была расейская. Ён быў беларускі па каханыіі да тэрытарыяльнае бацькаўшчыпы дый яе пэйзажнага й бытавога навакольля, але ўсё жыцьцё самога беларускага народу разумелася з чыста расейскага гледзішча, народ гэты іграў ролю толькі служэбную; ягоны бытавы склад, ягоная паэзія, не маглі чакаць якогаколечы свайго самастойнага разьвіцьця й павінны былі служыць толькі да ўзбагачэньня расейскае літаратуры й паэзіі, як сам народ павінен быў адчуваць у сабе расейскую нацыянальнасьць, у складзе якой ён уважаўся (Белорусская этнография // Вестник Европы. Июнь 1887 г. Бач. 296).
У арыгінальнай фармулёўцы Пыпіна ў гэтай цытаце ўсюды на месцы словаў «расейскі» стаіць слова «польскі», бо гаварыў Пыпін гэта пра беларускую інтэлігенцыю XIX ст. польскае культуры й арыентацыі. Тым ня менш яна вельмі трапна ўхоплівае й істоту беларускага патрыятызму інтэлігенцыі арыентацыі й культуры расейскае, г. зв. западнарускай, да якое належаў Карскі.
Што ў выпадку Карскага маем справу з гэткага тыпу беларускім патрыятызмам, патрыятызмам, падпарадкаваным інтарэсам расейскага народу, пра гэта жыцьцяпіс Карскага дае нам даволі пацьвярджальных фактаў. Асабліва яскрава пагляды Карскага на нацыянальныя справы беларускага народу выявіліся ў пазьнейшыя гады ягонага жыцьця, калі гістарычныя падзеі сканфрантавалі яго, і ня раз, зь беларускім патрыятызмам шырэйшага разуменьня, патрыятызмам сувэрэнным, патрыятызмам не абмежаным інтарэсамі народу іншага.
Што да агульнае ідэалёгіі дый сьветапагляду Яўхіма Карскага, дый трэба сказаць, што хоць ён і быў «обшчэрусам» зь перакананьня, але па сваім палітычным настаўленьні да чарнасоценцаў ня прымыкаў. Быў ён затое заўсёды вельмі ляяльным да ўладаў царскага рэжыму й дзеля гэтага меў у гэтай улады давер, аб чым добра сьветчаць тыя высокія адказныя становішчы, якія ён ад яе даставаў, як, для прыкладу, рэктарства Варшаўскага ўнівэрсытэту, як камандыроўкі за межы імпэрыі, а разам і тыя матар'яльныя дабрадзействы дый ласкі, якімі яго гэтая ўлада шчодра асыпала.
Што й казаць — Карскі, этнічны беларус, што добра сабе ўсвоіў афіцыяльную «обшчэрускую» ідэалёгію, і пры тым быў здольным рэпрэзэнтацыйным навукоўцам, — быў асобаю вельмі карыснаю царскай уладзе, як добры ўзор такога ідэальнага ўслужлівага падданага з інародцаў, якімі Масква жадала сабе бачыць і ўсіх іншых.
Разгляды Карскага беларускіх этнаграфічных зборнікаў і старых моўных памятак, разгляды й на адпаведнай навуковай вышыні, і, адначасна, і з сталаю арыентацыяй на «обшчэрускія» канцэпцыі дый з сталымі намаганьнямі як найцясьней увязаць беларускую мову з моваю расейскаю ў сучасным, мінулым і на будучыню, выклікалі, зразумела, толькі задавальненьне навуковых органаў рэжыму, якія за гэта й не шкадавалі яму нагародаў, ганаровых адзначэньняў, залатых мэдалёў. Справа іншая, што, як паказала гісторыя, у канцавым выніку навуковая праца Карскага прычынілася куды больш да выяўленьня арыгінальнае самабьггнасьці беларускае мовы, чым да збліжэньня яе з моваю расейскаю.
За аснову сьветапагляду Карскага, побач ягонага «западнарусізму» ў нацыянальнай плошчы, трэба ўважаць сьветагляд пашыраны сярод інтэлігенцыі Расейскае імпэрыі канца XIX ст., сьветагляд тыпу лібэральна-дэмакратычнага, дый з пачуцьцёва-сэнтымэнтальным народніцкім падыходам да народу, да яго жыцьця, быту, культуры й сацыяльнае долі. У сьветаглядзе Карскага ў пачатковую пару ягонага жыцьця й навуковае дзейнасьці гэтая народніцкая пачуцьцёвая афарбоўка выразна выступае.
Пераходзячы да справы стаўленьня Карскага да беларускага нацыянальнага адраджэньня, характэрная вельмі ўжо ягоная заўвага аб Багушэвічавай прадмове да «Беларускай дудкі». Сам
Карскі адзначае, што прадмова гэтая мела вельмі важнае значэньне ў беларускім нацыянальным адраджэньні, бо яна была тым штуршком, які надаў палітычны імпэт нарастаючым ужо й так сілам беларускага руху. Пра гэтую прадмову Карскі вось што кажа: «„Pradmova“ написана довольно ловко… несомненно з целью вызвать смуту в русском семействе…» (Б., I, 451). Пад прыведзенымі словамі Бурачка-Багушэвіча мог-бы падпісацца кажны беларус. Дый у выпушчаных мною мясцох яўна вызіраюць сэпаратыстычныя імкненьні аўтара: «…імкненьне аддзяліць беларусоў ад вялікарусаў, разьвіць палітычную эманцыпацыю, з чым далёка ня ўсе згодны спаміж беларусоў…» (Б., III, 3, 153).
Сэпаратызм з гэтае прадмовы, пэўне-ж, вызірае запраўды, і моцна, дый зь беларускага гледзішча гэта быў аніякі грэх. Затое жаданьне пасяліць нацыянальную варажнечу ў прадмове аніяк ня відаць. У гэтым Карскі чамусьці недакладны. Затое ўражвае, што Карскаму не падабаецца й тое, што Багушэвіч, паводле яго, хоча «разьвіць палітычную эманцыпацыю» беларускага народу. Карскі-ж, хоць сябе называў беларусом, гэтага аднак-жа свайму беларускаму народу не жадае, бо словы «з чым далёка ня ўсе згодны спаміж беларусоў…» яўна найперш датычаць самога Карскага.
Паяву «Нашае Нівы», яе дзейнасьць дый ідэалёгію Карскі, выглядае, сустрэў наогул даволі прыхільна, хоць і не безь некаторай асьцярожнасьці дый засьцярогаў. «Нашу Ніву» ён характарызуе гэтак (Б., III, 3, 163):
«Наша Ніва» паставіла сабе за мэту будзіць сьвядомасьць беларусоў, і з гэтага гледзішча зроблена ёю ня мала. Яна без замінкі кажа беларусом-каталіком, што яны не палякі, дый адначасна недастаткова ясна падчырквае, што яны такая-ж галіна рускага народу, як і вялікарусы й маларусы: калі ўжо пашыраць у народзе сьвятло навукі, дык у паўніні, а не аднабакова. Добры бок «Нашае Нівы» і той, што яна высьцерагаецца пад'юджываньня аднае народнасьці супроць другое… падыходзячы да іх зусім бесстаронна. У гэтым выпадку яна правільна падцеміла аснаўную рысу беларускага характеру — згоднае сужыцьцё з усімі. Адна рэч, здаецца, не гарманізуе з прынятым газэтаю тонам, гэта — крыху халоднае стаўленьне да галоўнае народнасьці ў дзяржаве… (Таксама) без патрэбы лішне шмат месца адводзіцца ў газэце для народу паведамленьням пра адмоўныя бакі расейскага жыцьця…
Дык «Нашай Ніве» Карскі выказвае й словы пахвалы, і свае дакоры. Дакоры за яе «холад» да пануючага расейскага народу дый што яна «недастаткова ясна падчырквае», што беларусы «такая-ж галіна рускага народу, як і вялікарусы й маларусы». У гэтых дакорах дастаткова выяўляецца й галоўная ідэалягічна розьніца «западнорусское» пазыцыі Карскага ад нацыянальна-незалежніцкае пазыцыі рэдакцыі «Нашае Нівы». Нягледзячы на сваё адмоўнае становішча да — як гэта Карскі вельмі акадэмічна назваў — «палітычнае эманцыпацыі» беларускага народу, на Ўсебеларускі Кангрэс у Менску ў сьнежні 1917 году ён усё-ж зьявіўся. У часе Кангрэсу Карскі чытае цэлы чарод лекцыяў пра прастор дый межы Беларусі, пра беларускую мову дый літаратуру, і прэзэнтуе сваю нанава перагледжаную «Эгнаграфічную карту беларускага племені». Аб мэтах перапрацаваньня дый перавыданьня гэтае карты ў гэтым акурат часе, сам Карскі пазьней, у 1925 годзе, у артыкуле «Беларуская філялёгія за апошніх дзесяць гадоў» (друкаваны ў «Zeitschrift fur Slavische Philologie») пісаў:
Каб падтрымаць нацыянальныя імкненьні, каб азначыць заходнія межы рускага племені, каб прычыніцца да нацыянальнае сьведамасьці, Я. Карскі… уклаў «Этнаграфічную карту беларускага племені», выдадзеную Расейскаю Акадэміяй Навук, Пецярбург, 1917 г.
Удзельнікі Ўсебеларускага Кангрэсу, незалежна ад сваіх партыйна-палітычных паглядаў, прызнавалі навуковы беларусаведны аўтарытэт Карскага. Сьветчыць аб гэтым факт, што Карскі быў выбраны ганаровым старшынёю прэзыдыюму Кангрэсу. Палітычна ў часе Кангрэсу Карскі хінуўся да групы г. зв. абласьнікоў.
Летам 1918 году Карскі знаходзіцца ў Петраградзе дый там праяўляе дзейнасьць у ролі старшыні Таварыства Абароны Беларусі, арганізацыі, створанай для змаганьня з падзелам Беларусі, паўсталым у выніку Берасьцейскай угоды між Нямеччынаю дый савецкаю Расеяй. У восені наступнага году ён паяўляецца ў Вільні, дзе чытае рэфэрат аб беларускай мове на беларускіх настаўніцкіх курсах. Вільня тады была пад польскаю акупацыяй. Беларускім слухачом у часе рэфэрату ён гавора аб мове беларускай не як аб «нарэччы», як звычайна пісаў ён у сваіх навуковых публікацыях, а даводзіць, што яна роўная зь іншымі мовамі сьвету.
Калі у 1921 г., пасьля адкрыцьця Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску, Карскі становішча рэктара гэтага ўнівэрсытэту, на якое ён, як адзін з найвыдатнейшых тады ў Менску беларусаведаў, разьлічаў, не атрымлівае, ягоная пазыцыя да беларускага палітычна-адраджэнчага руху яўна завастраецца, стае нават ваяўніча варожаю. Калі праз год паяўляецца апошняя кніга III тому «Беларусаў», прысьвечаная «мастацкай літаратуры на роднай мове», яна значна розьніцца ад 6-ці папярэдніх кнігаў гэтае манаграфіі. У папярэдніх кнігах хоць і вызірае яўна аўтаравы «общерусский» сьвётагляд, аднак-жа агульна бяручы яны былі ўтрыманыя ў спакойным акадэмічным гоне. Тымчасам у апошняй кнізе, побач навукова-апісальнага матар'ялу, знаходзім і ў тэксьце, і асабліва ў дапісаным у канцы «Пасьляслове», вострыя палітычныя нападкі на кіраўнікоў беларускага палітычнага руху, на самы рух, нападкі часта публіцыстычнага характеру. У іх Карскі ставіць над запытаньне патрэбу й пэрспэктывы беларускага культурна-нацыянальнага адраджэньня, не гаворачы ўжо аб адраджэньні палітычным. З кнігі відавочна, што няўдача з рэктарствам моцна зраніла Карскага амбіцыю, як аднаго з найвыдатнейшых беларусаведаў. У выніку акадэмік яўна губляе раўнавагу, рэагуе востра.
У «Пасьляслове» Карскі, між іншым, піша:
Беларускі рух… з самога свайго зараджэньня… меў сэпаратыстычныя тэндэнцыі. Для таго, каб адхіліць увагу сваіх недалёказорых чытачоў ад галоўнае мэты сваіх імкненьняў, разумнейшыя важакі руху хапаліся за імпануючыя спосабы, што магло падабацца мясцоваму патрыятызму: намагаліся стварыць зь беларусоў асобную славянскую, адменную ад расейскай, нацыю, стараліся падчыркваць «слаўнае прошлае» беларускага народу; клалі націск на арыгінальныя асаблівасьці беларускае мовы, высьцерагаючыся й перасьледуючы называньне яе нарэччам, і таксама бачылі ў ей ня рускую разнавіднасьць… (Б., III, 3, 440?).
Вось у гэтым стылі й тоне ў «Пасьляслове» праводзяцца вострыя нападкі на беларускіх палітычных дзеячоў за іхныя патугі пры арганізаваньні незалежнага ад Масквы дзяржаўна-палітычнага жыцьця беларускага народу ў форме БНР. У адваротнасьць сказанаму падчас рэфэрату ў Вільні пару гадоў перад тым, беларуская мова ў яго тутка ізноў толькі нарэчча, якое ня мае перад сабою ніякое будучыні. Падобна й зь беларускаю літаратураю.
Аб літаратуры ў «Пасьляслове» Карскі кажа: «Беларуская літаратура, якая адзначаецца жыцьцёвасьцяй, як правінцыянальная, будзе існаваць і разьвівацца…» Аб мове ў тэксьце «Беларусаў»:
Трымаючыся строга пэдагагічных мэтадаў, у самых захалусных мясцох з гэтай мовы можна было-б пачаць і пачатковае навучаньне… Нястача навуковае тэрміналёгіі й назоваў абстрактных поймаў, і наагул бедны лексычны склад народнага языка, абумоўлены першабытнасьцяй і нескладанасьцяй сьветагляду жыхарства, што жыве між беднай прыроды й навакольля, не дае магчымасьці завесьці навучаньне ў школе ў гэтай мове.
Чытаючы вышэйпрыведзеныя радкі Карскага аб «беднасьці» беларускае мовы дый народнага «сьветагляду», трэба прыпомніць сабе, што ў іншых кнігах «Беларусаў», а нават і на пачатку тае-ж апошняе кнігі, Карскі піша, і ня раз, зусім адваротнае. Ён часта ўсхваляе багацьце й беларускае мовы, і фальклёру. Пра багацьці-ж старое беларускае літаратурнае мовы ён сам у 1-м томе «Беларусаў» (1903) кажа вось што:
…Па багацьці старога лінгвістычнага матар'ялу заходнярускае нарэчча займае першае месца заразжа за вялікарускім, у галіне-ж кнігаў старога друку яно нават перавышае апошняе…
Дык у справе багацьця беларускае мовы ацэна яго ў апошнім томе «Беларусаў» якрава супярэчная з шматлікімі заўвагамі таго-ж Карскага ў тамах папярэдніх.
А што да адведзенага беларускай мове месца толькі ў «захалусьці», дык трэба сказадь, што нават 80 гадоў перад гэтым, калі ў абліччы паявы «Мужыцкае праўды» Каліноўскага дый яе моцнага рэха сярод масаў прыгоннага сялянства Беларусі расейская прэса дыскутавала пытаньне завядзеньня беларускае мовы ў школы, дык маскоўскі славянафільскі часапіс «День» Аксакава (1862–1865, тыднёвік) прызнаваў патрэбу куды шырэйшага карыстаньня беларускаю моваю ў школьніцтве, як гэта дазваляў у 1922 г. Карскі. «День» у 1863 г. пісаў:
…трэба, каб селянін разумеў гасудараў указ і «ўнушэньні» расейскае ўлады дакладна, безь непаразуменьняў… Мы ўважаем… што было-б нязвычайна карысным выкладаць першапачатковыя пазнаньні й сэнс урадавых загадаў беларускаму селяніну на беларускай мове, навучаць чытаць і пісаць яго пабеларуску, а посьле, бясспрэчна парасейску й царкоўнаславянску («День», № 25, 1863).
У канцы «Пасьляслова» Карскі да справы беларускае мовы й яе будучыні яшчэ раз вяртаецца, каб сказаць наступнае:
Што да беларускае мовы, якою гавора просты народ, дык жадаючы ей усякага красаваньня ў будучыні нават да сьветавога азначэньня, я ў пытаньні аб увядзеньні яе цяпер у навуку, як мовы вышэйшае й нават сярэдняе адукацыі, трымаюся прыблізна такога-ж пагляду, які апошнім часам быў выказаны й адным аб'ектыўным паляком Бодуэнам-дэ-Куртэно, а пайменна, «што беларускі язык гэтак блізкі да языка вялікарускага, што яму наўрад ці ўдасца ўтрымацца побач з гэтым апошнім. Для патрэбаў мастацкае літаратуры й для патрэбаў навукі, беларусы будуць праўдападобна карыстацца ў будучыні „общерусским“ языком, штo вырас на вялікарускай аснове» — дададзім ад сябе — не бяз удзелу іншых рускіх нарэччаў, у гэтым ліку й беларускага, асабліва ў мінулым. Трэба-ж хутчэй прыхінуць народ да культуры, што апіраецца на жывыя народныя карані, што корміцца «общерусскими» сокамі, а не на чужыя (хоць і шматгоднія) налёты (Б., III, 3, 442).
Цытата пагляду І.А. Бодуэн-дэ-Куртэно (узятая з «Варшаўскага слова», № 93, 1920 г.) зь ягоным сумнівам аб тым, ці беларуская літаратурная мова вытрымае канкурэнцыю з моваю расейскаю, прыведзеная Карскім для паказаньня, што тое-ж гавораць і палякі, не зацікаўленыя ў прывіцьці беларусом мовы расейскае. Трэба аднак-жа да гэтага дадаць, што зацытаваныя словы былі папярэджаныя ягоным-жа дэкляратыўнага характару асьветчаньнем Бодуэн-дэ-Куртэно, што «беларускай літаратурнай мове прызнаю ўсе правы для існаваньня й разьвіцьця, як і ўсякай іншай літаратурнай мове», Гэтыя словы Карскі не паўтарыў, у сваей цытаце ня прывёў. Карскі яшчэ й у 1922 годзе не прызнаваў, у запраўднасьці, існаваньня беларускае літаратурнае мовы наагул. Каб пераканацца аб гэтым, хогіе зьвярнуць увагу на сам загаловак, які Карскі даў апошняй кнізе «Беларусаў», прысьвечанай нарысу гісторыі новай беларускай літаратуры: «Художественная литература на народном языке».
Дык у дадзеную пару у 1922 г. для ўсходнеславянскіх моваў Карскі меў гэткую схему: існуюць тры раўнасільныя гутаркі — вялікаруская, маларуская й беларуская, літаратурная-ж мова шырэйшага культурнага ўжытку ёсьць і павінна заставацца для ўсіх толькі адна — расейская.
Дык на беларускую мову, літаратуру, нацыянальную культуру й іх будучыню Карскі й у 1922 годзе глядзеў яўна з пазыцыяў «обшчэрускіх». Месца на самастойнае існаваньне й разьвіцьцё для іх у Карскага не адводзілася. Маглі яны найвышэй таптацца ў вузкой выгарадцы правінцыяльнае адменнасьці культуры расейскай.
Наперакор гэтым безнадзейным пэрспэктывам Карскага, як гісторыя паказала, беларуская мова ў хуткім часе ахапіла ня толькі пачатковае й сярэдняе школьніцтва, але й вышэйшае. А ў Беларускай ССР стала яна адначасна й моваю дзяржаўнаю.
Беларуская-ж літаратура зусім ня думала зачыняцца ў наканаваных ей Карскім правінцыяльных межах, а наважвалася сягаць і па сусьветныя ўзроўні. І толькі сілаю заведзенага ад 1930-х гадоў чырвонаю Масквою тэрору, гэты буйны «нацдэмаўскі» разгон у разьвіцьці беларускае культуры быў, як ведама, затарможаны, а кірунак самога разьвіцьця сілком накіраваны ў бок тых-жа «обшчэрускіх» канцэнцыяў Карскага й царскага вялікадзяржаўя.
Ня дзіва, што посьле гэткай адкрытай вайны, абвешчанай Карскім беларускай мове, литературы, нацыянальнаму адраджэньню наогул, — усякія дачыненьні, усякія масты кантактаў між Карскім і беларускім Менскам нацдэмаўскае пары былі збураныя. Пры дзяржаўным Беларускім Унівэрсытэце Карскі не застаўся й у характары прафэсара. Хоць быў ён сябраю Расейскае Акадэміі Навук, а пазьней і Акадэміі Навук Чэскае, але ніколі ня быў сябраю Інстытуту Беларускае Культуры ў Менску, ані пазьнейшае Беларускае Акадэміі Навук. Не паказаўся ён і на шырока, міжнародна арганізаванай у 1926 годзе ў Менску Акадэмічнай Канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу й азбукі, прысьвечанай пытаньням якраз цесна зьвязаным з моваю, хоць запрошаны на яе хіба-ж быў.
Толькі ў 1928 годзе, раней цытаваным асьветчаньні ў праскай «Славіі» Карскі прызнае наканец існаваньне беларускае мовы й як літаратурнае, і як дзяржаўнае, за факт дакананы й гістарычны. Практычнага паважнейшага значэньня для ягонай навуковай дзейнасьці гэтая пераацэнка паглядаў аднак-жа мець ужо не магла. Для павароту да шырэйшае навуковае працы над беларускаю моваю ў канцы дваццатых гадоў спрыяльных палітычных умоваў ані ў Менску, ані нават у Ленінградзе ўжо ня было. Тады пачынаўся акурат разгром культуры й навукі нацыянальных рэспублікаў Савецкае імпэрыі. Дый і жыцьцёвы круг найболынага дасьледніка беларускае мовы хінуўся ўжо да свайго натуральнага канца. Тры гады пазьней, у красавіку 1931 г., Яўхім Карскі памёр.
Для паўніні вобразу выдатнага беларусаведа варта яшчэ прывясьці пагляды на Карскага афіцыяльных савецкіх партыйных дзейнікаў дый на зьмены «партыйнае лініі» ў гэтых паглядах. Для гэтага ніжэй падаюцца выпіскі з даведак аб Карскім, зьмешчаных у двух чародных выданьнях «Большой советской энциклопедии».
Гэтак, у томе 31-м з 1937 г., БСЭ, бач. 623, аб Карскім чытаем:
Карскі… філялёг… Разглядаючы ў сваіх дарэвалюцыйных працах беларускую мову як адзін з расейскіх дыялектаў, Карскі ўпорыста захоўвае гэтую шавіністычную ўстаноўку й у працах пасьля Кастрычніка 1917 («Русская диалектология», 1924), дзеля гэтага ягоныя працы могуць быць выкарыстаныя цяпер толькі як збор матар'ялаў…
У томе-ж 20-м другога выданьня «Большой советской энциклопедии» з 1953 г., бач. 256, чытаем ужо вось што:
Карскі… расейскі языкавед і філялёг. Заснавальнік беларускае моваведы й беларускае філялёгіі…
З параўнаньня гэтых даведак у вочы кідаюцца дзьве зьмены. Найперш — у апошнім выданьні выпушчаны зусім сказ пра ягоную расейскую «шавіністычную ўстаноўку». Чаму? — зразумела: на пазыцыі гэтай-жа шавіністычнай устаноўкі чырвоная Масква сяньня адкрыта сама ня толькі стала, але з усіх сілаў абедзьвюма нагамі ў яе ўперлася. Вялікадзяржаўны шавінізм у сучаснай падсавецкай моваведзе ўважаецца зусім не за грэх, а за абавязуючы партыйны канон.
Дзеля гэтага-ж Масква цяпер ужо не стыдаецца прызнаць Карскага за свайго, за расейскага языкаведа й філялёга. І на гэта мае яна шмат асноваў. Карскі быў бясспрэчным беларусом па паходжаньні, па самапачуваньні, і, нават, па сваім правінцыяльнага тыпу патрыятызьме. Быў ён і бясспрэчным заснавальнікам беларускае моваведы й беларускае філялёгіі, як сьцьвердзіў гэта ўжо ў 1916 годзе Шахматаў. Заслуга гэтая яму належыцца без засьцярогаў і дзеля піянерскага характару ягонае працы ў гэтай галіне навукі, і дзеля грунтоўнасьці гэтае працы дый яе навуковага значэньня.
Дый хоць беларусаведам выдатным Карскі й быў, але вучоным найперш ён быў расейскім, і гэта ня дзеля таго толькі, што расейская навука прышчапіла яму сваю школу навуковае працы, дала яму навуковыя тытулы дый становішчы, асыпала шчодра прэміямі, нагародамі дый мэдалямі. Куды важнейшим было тое, што яна навязала яму адначасна й свой «обшчэрускі» сьветагляд дый ідэалёгію, а праз гэта ўціснула яго ў вузкія сьцены казённае, прыдворнае расейскага вялікадзяржаўя, навукі. А гэта, ізноўкі, моцна звузіла дый абмежавала ягоныя навуковыя гарызонты, падрэзала яму крылы да самастойных творчых натугаў, да шырэйшых навуковых палётаў. Гэта было адной з важных прычынаў таго, што паважнейшага свайго, нейкае свае арыгінальнае гіпатэзы ці тэорыі, Карскі так і не стварыў, не пакінуў. Пераймаў іх гатовыя ад іншых расейскіх моваведных аўтарытэтаў.
Гэтак, самастойным беларускім вучоным у дадзеных гістарычных абставінах Карскі стаць так і ня здолеў, у навуцы арыгінальным ня выявіўся, беларускае навуковае школы так і не стварыў. З навязанага расейскаю царскаю навуковаю школаю сьветагляду выламацца не патрапіў, дый нават і ня пробваў, Карскі ня толькі гаварыў, пісаў, але-й думаў парасейску. На вернай службе расейскае, царскарэжымнага тыпу, навуцы застаўся ён бадай да канца свайго жыцьця.
У абліччы гэтага ня дзіва, што вялікадзяржаўная Масква чырвоная сяньня гэта ўзважыла, ацаніла, дый знайшла, што мае дастаткова асноваў на тое, каб залічыць яго ў свае, у расейскія, вучоныя.
Жыцьцё й навуковая дзейнасьць Яўхіма Карскага пераплеценыя чарадою парадаксальных супярэчнасьцяў. Прыступаў ён да вывучэньня беларускае мовы з намерамі склясыфікаваць дый выясбніць яе факты з гледзішча пануючых у ягоную пару ў расейскай моваведзе «обшчэрускіх» паглядаў. Награмаджаны, аднак-жа, праз працавітае жыцьцё імжа вялізны моваведны матар'ял старое літаратурнае й сучаснае беларускае мовы ў гіпатэзы й канцэпцыі расейскае моваведы ня толькі не ўкладаўся, але ім пярэчыў, іх падважваў, адкідаў.
Прыкладам, тэзу яшчэ магістэрскага дыспуту Карскага, што беларуская мова — дыялект вялікарускай, запярэчылі вынікі ягоных-жа моваведных дасьледаваньняў, якія раскрылі й нязвычайнае багацьце дый размаітасьць і арыгінальную самабытнасьць беларускае моўнае сыстэмы. Намагаўся Карскі навязаць дый замацаваць у моваведзе для беларускай мовы азначэньне яе як дыялекту, «нарэчча», але, сваімі-ж працамі, дый асабліва манумэнтальнымі «Беларусамі», ён практычна падмураваў дый умацаваў яе становішча як самастойнае славянскае мовы. Ягонаму-ж дапушчэньню аб аддзяленьні ў гістарычную, быццам, яшчэ пару беларускае мовы ад гіпатэтычнае мовы «прарускае», пярэчылі ізноўка адцемленыя ім-жа факты з гісторыі беларускае мовы, якія паказвалі, што яна мусіла паўстаць не праз «адлучэньне» ад іншай, а шляхам аб'яднаньня ў дагістарычную яшчэ пару колькі існуючых старых беларускіх пляменных дыялектаў.
Дык пагляды, гіпатэзы, канцэпцыі, якія Карскі ў моваведзе намагаўся начапіць беларускай мове, да яе ня прысталі, пры ей не засталіся. Эвалюцыя моваведных паглядаў у галіне беларускае мовы паступова перачырквала канцэпцыі Карскага дый адкідала іх, як не сумесныя з фактамі навукі й жыцьця. У выніку, Карскі, хоць і вельмі неахвотна дый асьцерагаючыся, але з часам мусіў аднакжа пераглянуць свае пазыцыі. Таксама сваю тэрміналёгію «беларускае нарэчча», «заходнярускае нарэчча», «беларускае племя», «рускія мовы» — у значэньні «ўсходнеславянскія мовы» — тэрміналёгію, зь якою Карскі не пераставаў вазіцца яшчэ і ў сярэдзіне дваццатых гадоў, калі ад яе ўжо моцна аддавала старарэжымнаю старызною, давялося яму ў канцы закінуць, як яўна не адказуючую рэальнай запраўднасьці.
Выходзячы з расейскіх палітычна-навуковых канцэпцыяў, Карскі пралічыўся моцна й у сваім недаверы да будучыні беларускае мовы, літаратуры, дый наагул беларускага нацыянальна-палітычнага руху. Гісторыя яшчэ за жыцьця Карскага паказала, што разьвіцьцё ішло ў кірунку адваротным таму, якога ён спадзяваўся й ждаў. Беларуская мова не засталася толькі па «захалусьцях», але, як-ніяк, стала нават і дзяржаўнаю. Літаратура, таксама, аніяк ня думала зачыняцца ў рамкі правінцыяльнае. Палітычна-ж, працэс «эманцыпацыі» беларускага народу пасунуўся настолькі, што нават Маскве давялося прызнаць Беларусі дзяржаўныя, хай сабе й фікцыйныя, формы, дый нават даць ім і нейкі ход у міжнародным палітычным жыцьці.
Дзеля гэтых самых прычынаў і ў разьвіцьці новай беларускай літаратурнай мовы Карскі адыграў практычна значна сьціплейшую ролю, як можна было-б спадзявацца. Хоць дысэртацыяй «Обзор звуков и форм белорусской речи» яшчэ ў 1885 годзе ён склаў навуковую граматыку сучаснае беларускае мовы, аднак-жа першыя практычныя граматыкі, адпаведную тэрміналёгію дый правапіс распрацавалі, апіраючыся на ягоных-жа ирацах, для новай літаратурнай мовы Тарашкевіч дый Лёсік.
Ведаючы «обшчэрускія» тэндэнцыі Карскага, ня прызналі яго аўтарытэту дый не паслухалі ягоных радаў у справе нэалягізмаў, правінцыялізмаў, аканьня, правапісу й беларускія пісьменьнікі. Эвалюцыя разьвіцьця беларускае літаратурнае мовы ішла на шляху, наканаваным ей гісторыяй беларускага нацыянальнага адраджэньня, а не ў кірунку жаданьняў, інструкцыяў дый прадбачваньняў Карскага.
Гэтак беларуская мова тысячаю сваіх самабытных зьяваў, зарэгістраваных і склясыфікаваных Карскім, дый ходам далейшага свайго натуральнага разьвіцьця, сама запярэчыла дый адкінула ўсе важнейшыя тэзы Карскага, зь якімі да яе вывучэньня ён прыступаў, а, гэтым самым, разбурыла тыя штучныя ўзводжаныя дыялектныя дый «обшчэрускія» загарадкі, у якія Карскі намагаўся яе замкнуць. Hi Карскі, ні іншыя падобнага настаўленьня моваведы, улучыць, ані ўтрымаць беларускую мову ў межы «нарэчча» расейскае ня здолелі. У моваведзе мае яна сяньня сваё бясспрэчнае месца, месца самастойнае, месца раўнапраўнае іншым славянам мовам.
Дык у гістарычнай канфрантацыі «обшчэрускіх» канцэпцыяў Карскага аб беларускай мове з масаю сабраных ім-жа моўных фактаў, перамога засталася на баку фактаў. Пераможцаю аказаўся сам аб'ект дасьледаваньня, беларуская мова, а ня выдатны, найбольш на сяньня, яе дасьледнік. У выніку, і трывалую навуковую вартасьць моваведнай спадчыне Яўхіма Карскага надалі зафіксаваныя й усыстэматызаваныя ім факты беларускае мовы, а не гіпатэзы й канцэпцыі, да якіх ён намагаўся гэтыя факты падтасоўваць.
Гэткі вынік тэарэтычна прадбачыў, хоць і думаў пры тым, пэўне-ж, не аб сабе, і сам Карскі, калі ў прадмове да 2-ое кнігі II тому «Беларусаў» пісаў:
Гіпатэзы, пабудаваныя тэарэтычна… з часам могуць аказацца без гістарычнае над сабою базы, і дзеля гэтага бязвартаснымі, тады як факты мовы ніколі ня згубяць свайго значэньня.
Вось у гэтых словах маем ключ ня толькі да ацэны сучаснае вартасьці навуковае спадчыны Карскага, але й да зразуменьня істоты, і слабасьці і велічы Карскага як вучонага.
Дый заслужены гонар і славу трэба аддаць ня толькі пераможцы, беларускай мове, але й яе вялікаму дасьледніку, бо Карскі агромнаю рупліваю працаю ўсяго свайго жыцьця над зборам і сыстэматызацыяй гістарычнага й сучаснага беларускага моваведнага матар'ялу да гэтае яе перамогі — хацеў ён гэтага ці не — але істотна спрычыніўся. Карскі першы — і шырака, як ніхто — апісаў і раскрыў сваяродную сыстэму нутраных фанэтычных, марфалягічных дый сынтаксычных законаў, якім падпарадкуецца беларуская мова ў працэсе свайго гістарычнага разьвіцьця дый у багацьці сваіх сучасных дыялектных адхіленьняў. Карскі навукова й усебакова абгрунтаваў беларускую існасьць старое беларускае літаратурнае мовы, дзяржаўнае мовы Вялікага Княства Літоўскага. Карскі сваімі «Беларусамі» беларускую моваведу яшчэ на пачатку гэтага стагодзьдзя высунуў на адно зь першых месцаў сярод іншых славянскіх.
Дзеля гэтага беларусаведная навуковая спадчына Карскага, нягледзячы на ўсе яе заганы, дый нават насуперак намерам яе тварца, стала й сама паважным стымулюючым у працэсе фактарам і культурнага, і палітычна-нацыянальнага адраджэньня беларускага народу. Вось таму, у 100-я ўгодкі нараджэньня й 30-я сьмерці Яўхіма Карскага, заслужаная пашана й памяць яму належыцца і ад сучаснага пакаленьня таго народу, навуковаму пазнаньню якога ён усе свае сілы аддаў, хоць гістарычных імкненьняў яго так і не зразумеў, за свае іх ня прызнаў.
Разглядаючы асобу Карскага як вучонага на фоне яго гістарычнае пары, трэба ў канцы адцеміць і яшчэ адзін, і, найбольшы парадокс: тое вартаснае, што ён у беларусаведзе пакінуў, даў ён у вялікай меры дзякуючы акурат таму, што быў беларусом тыпу «обшчэрускага», а не беларускім незалежнікам. Калі-б ён далучыўся да паўгалоднае ахвярнае жменькі патрыятычных пісьменьнікаў-публіцыстых «Нашае Нівы», такіх шырокіх умоваў да сыстэматычнае навуковае працы, якую даваў яму расейскі афіцыяльны імпэрыяльны навуковы апарат, напэўна ён-бы ня меў. Напісаў-бы тады, хіба, нямала патрыятычных артыкулаў, а мо на'т і вершаў, якія тады былі ў асаблівай модзе, але ў галіне мовы праўдападобна ня здолеў-бы даць і столькі, колькі далі Тарашкевіч ці Лёсік, бо ў папярэдніках яму не ставала-б моваведа фармату й аўтарытэту Карскага. Пісаць «Беларусаў», у кажным выпадку, ня было-б тады каму.