12. Дом Ваньковіча

Калі прайсціся па плошчы Свабоды і звярнуць на ціхую вуліцу Інтэрнацыянальную, былую Валоцкую, то ўбачыш невялікі старасвецкі будынак з мансардай – сядзібны дом Ваньковічаў, славутага роду мінскіх арыстакратаў. Збудавалі гэтую сядзібу ў прыгожым месцы, над поплавам Свіслачы ў канцы XVIII стагоддзя. Быў пры доме сад, у якім раслі нават грэцкія арэхі, у двары – флігелі, гаспадарчыя пабудовы, уяздная брама... Але археолагі знайшлі пад будынкам каменныя лёхі, падзямеллі яшчэ XVII стагоддзя. Гаспадары выкарыстоўвалі іх як падвал. Ці выпадкова Ваньковічы пасяліліся менавіта над таемнымі падземнымі хадамі? Хто ведае... Бо лёс гаспадароў сядзібы быў бурлівы. Меліся ў гэтым родзе і ваяры, як Уладзіслаў Ваньковіч, герой вайны 1812 года, і сябры тайных арганізацый, што змагаліся супраць царскай улады... Але самы вядомы з роду – гэта мастак Валенцій Ваньковіч. Яго творы знаходзяцца ў лепшых музеях Францыі, Англіі, Польшчы, Літвы, Расіі.... І ніводнага – на радзіме...

Валенцій Ваньковіч нарадзіўся ў 1800 годзе ў Ігуменскім павеце ў сям’і павятовага суддзі. У Віленскім універсітэце, дзе ён вучыўся, ён сустрэў шмат адукаваных, адораных людзей, шчырых патрыётаў, якія хацелі волі свайму народу, цікавіліся народнай творчасцю. Валенцій падзяляў іх ідэалы... Асабліва пасябраваў ён з вялікім паэтам Адамам Міцкевічам. Ва універсітэте ўтварыліся таемныя арганізацыі стутэнтаў: філаматы – тыя, што імкнуцца да ведаў, і філарэты – тыя, што любяць дабрадзейнасць. Але веды і дабрадзейнасць шанаваліся менш, чым паслухмянасць. Арганізацыі былі выкрыты. Кіраўнікі арыштаваны і сасланы. Ваньковічу пашанцавала - сябры адпрэчылі яго ўдзел у забароненых гуртках. І замест высылкі ён трапляе ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. З’явіліся сябры і там. Пазнаёміўся Ваньковіч і з Аляксандрам Пушкіным... Партрэты Міцкевіча і Пушкіна – самыя вядомыя карціны Валенція Ваньковіча. Партрэт рускага паэта таямніча знік.

Калі Ваньковіч вярнуўся на радзіму, у доме на Валоцкай утварыўся сапраўдны клуб інтэлігенцыі. Вечарамі збіраліся там кампазітар Станіслаў Манюшка, мастак Ян Дамель, паэт Вінцэнт Дунін – Марцінкевіч ды іншыя цікавыя асобы. Прыязджалі яны і ў маёнтак Ваньковіча ў Малой Сляпянцы. З’яўляліся знакамітыя госці з Расіі, з Польшчы. І гаспадар маляваў іх партрэты.

Памёр Валенцій Ваньковіч у Парыжы ад сухотаў, яшчэ не ў старым узросце, поўны творчых задум. Адам Міцкевіч, які да канца знаходзіўся побач з сябрам, сведчыў, што “у апошнія хвіліны перад смерцю ён з’явіўся, стогнучы, з вуглем у руцэ, крэмзануў па сцяне...” Пахаваны мастак у Парыжы, на могілках Манмартра Сен-Дэні..

Выхаваныя ў любові да роднага краю, сыны Валенція Ваньковіча сталі ўдзельнікамі паўстання 1863 г. Асабліва вылучыўся малодшы сын, Ян Эдвард, ляснічы, выдатны коннік, які жыў у Сляпянцы. Ён узначаліў Брэсцкую і Кобрынскую дружыны. Дзёрзкі быў ваяр, часта нападалі яго жаўнеры на сядзібы памешчыкаў... Менавіта тады, калі пасля здушэння паўстання маёмасць Яна Эдварда канфіскавалі, і знік знакаміты партрэт Пушкіна, намаляваны Валенціем Ваньковічам...

Цяпер у гарадской сядзібе Ваньковічаў – філіял Нацыянальнага мастацкага музея. Шкада, што рэканструкцыю дома зрабілі не лепшым чынам. Ён быў драўляны, і хаця ў Мінску амаль не засталося драўляных пабудоў XVIII стагоддзя, і канструкцыі дома былі яшчэ трывалымі, усё разабралі – да падмурка. І склалі наноў з сілікатных блокаў.

Адноўленая ў музеі традыцыя свецкіх вечарын – як і калісьці, тут можна паслухаць рамансы і сюіты, паглядзець на старажытныя танцы... Наведай пры выпадку канцэрты, якія тут ладзяцца, і ўяві сябе ў пазамінулым стагоддзі, калі ў гэтым доме ўмелі цаніць прыгожае і аддаваць жыццё за волю.



13. Траецкае прадмесце.

Калісьці гэтае прадмесце было самым вялікім у горадзе. Яшчэ ў ХІІ стагоддзі жылі тут людзі. Траецкая вуліца спускалася да Свіслачы, праз Хлусаў мост вяла да Ніжняга рынку... Тут праходзіў славуты Віленскі тракт. На гары, на вялікай брукаванай плошчы, віраваў Траецкі рынак – там, дзе зараз Оперны тэатр. Адны кажуць, што гара Траецкая атрымала сваю назву, калі ў XV стагоддзі ля Барысаўскай заставы збудавалі абарончы рэдут Святой Тройцы. Другія лічаць, што назву гары даў храм. Царква і манастыр з’явіліся тут таксама ў XV стагоддзі. Сёння іх няма. А тыя храмы, што ацалелі, пазнаць цяжка. Будынак манастыра базыльян, які ў 1630 годзе заснавала на Траецкай гары Марына Вяжэвіч, цяпер прыстасаваны пад адзін з карпусоў 2-й гарадской бальніцы. Будынак другога манастыра –марыявітак – напаткаў яшчэ больш нечаканы лёс. Манастыр пабудавалі ў 1811 годзе, размясцілі ў ім шпіталь для сіротаў і кінутых дзяцей. Праз паўстагоддзя ў тых мурах дзейнічала праваслаўная семінарыя... А зараз у перабудаваным корпусе – Сувораўскае вучылішча. У Траецкім была адчынена і першая ў горадзе аптэка. Дазвол на гэта даў у 1748 годзе кароль Аўгуст ІІІ гарадскому радцу Яну Давіду Шэйбе. Аптэка мусіла служыць “дзеля поратаванья здоровья людей духовного светского стану в том городе живущих так и для всего воеводства минского”.

Цяпер Траецкае – прыгожае месца, куды вядуць гасцей, дзе любяць бавіць час. А ў ХІХ стагоддзі жылі там людзі “сярэдняга саслоўя” – гандляры, рамеснікі, сяляне. Бадзялася тут шмат беспрытульнікаў, жабракоў, якія ўдзень сноўдалі па Ніжнім рынку і Траецкай гары, а начавалі ў прытулку на набярэжнай Свіслачы. Калі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя на Траецкую гару ўз’язджала конка, кандуктар спыняў яе і праводзіў пасажыраў бруднымі дварамі да мосту, пакуль вагон падымаўся наверх.

З Траецкім прадмесцем звязаны імёны нашых вялікіх паэтаў. Нездарма тут скрыжоўваюцца вуліцы Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. На былой Аляксандраўскай набярэжнай здымалі кватэру бацькі Янкі Купалы. Паэту было тады восем, ён толькі пачаў хадзіць у школу. Бацька яго працаваў рамізнікам. Магчыма, даводзілася рамізніку Дамініку Луцэвічу падвозіць дырэктара гарадскога пачатковага вучылішча Адама Ягоравіча Багдановіча, які жыў таксама ў Траецкім. Тут, у доме на Аляксандраўскай, дзе на першым, мураваным, паверсе знаходзілася вучэльня, а на другім, драўляным – кватэра дырэктара, і нарадзіўся сын дырэктара, Максім Багдановіч. Дом, на жаль, не захаваўся, толькі шыльда на адным з будынкаў сведчыць пра месца нараджэння паэта.

У Траецкім стаяў і дом Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, у якім пісьменнік жыў і працаваў з1847 па 1853 год. Перажыў дом пажары і бамбежкі, а ў 1961 годзе яго знеслі – каб вызваліць месца для адміністратыўнага будынку выставачнага комплексу.

На беразе Свіслачы ў Траецкім мелася і гарадская лазня. Пад час Вялікай Айчыннай вайны ў ёй была падпольная арганізацыя. Хаваліся падпольшчыкі і партызаны і ў зямлянках на беразе. Плошча Парыжскай камуны ля Опернага тэатру была абкружана калючым дротам – там трымалі савецкіх ваеннапалонных.

Магчыма, сёння праязджалі б мы паўз шэраг нецікавых дамкоў Траецкага прадмесця, не звяртаючы на іх асаблівай увагі. Але ў 80-х гадах мінулага стагоддзя было вырашана зрабіць тут турыстычны цэнтр, надаць гэтаму куточку горада старажытнае аблічча. Траецкае перамянілася непазнавальна. Дамы пафарбавалі ў яркія колеры, дахі пакрылі чарапіцай. Адчынілі кавярні і крамы. Цяпер тут можна наведаць музей Максіма Багдановіча і Музей гісторыі беларускай літаратуры, паглядзець экспазіцыю ў Доме прыроды і галерэю “Жыльбел” (дарэчы, у будынку былой сінагогі).

Доўга спрачаліся, як мусіць выглядаць астравок пасярод Свіслачы, які помнік на ім паставіць... Перамог праект, які ўшаноўвае памяць беларусаў, што загінулі на вайне ў Афганістане ў 80-х гадах ХХ стагоддзя. Цяпер гэты востраў называецца Востраў мужнасці і смутку. А ў народзе называюць яго Востравам слёз. На ім стаіць храм-помнік “Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі”. Ён нагадвае старажытную цэркаўку. На востраў часта кіруюцца вяселлі, і жаніхі абавязкова пераносяць сваіх нявест на руках праз прыгожы масток. І абавязкова падыходзяць на востраве да скульптуры смуткуючага анёла-хлопчыка.



14. Плошча Незалежнасці.

У 30-х гадах 20 стагоддзя, там, дзе сёння плошча Незалежнасці, на пачатку Савецкай вуліцы, між драўляных дамкоў стаялі два храмы – праваслаўны імя Казанскай Божай Маці і касцёл святых Сымона і Алены. Менавіта між імі было вырашана будаваць галоўны дом краіны – Дом ураду. Перамог у конкурсе на лепшы праект ленінградскі архітэктар Іосіф Лангбард, ураджэнец Бельску, што на Беласточчыне.

Той час здаваўся пачаткам зусім новага жыцця, таму і будынкі патрабаваліся незвычайныя, не падобныя да ранейшых. Светлыя, прасторныя, са складанай гульнёй формаў. Праект Дома Ураду, які прапанаваў Лангбард, сапраўды ўражваў... Гэта і па сёння самы вялікі будынак у беларускай архітэктуры. Вось толькі матэрыялаў не хапала... Тым больш тых, пра якія марыў архітэктар. Давялся будаваць са звычайнай цэглы. А калі ўспомніць, што першы вежавы кран у Мінску з’явіўся толькі ў 1940-м годзе, зразумела, як няпроста было ўвасобіць фантазію архітэктара. Але да свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, 7 лістапада 1933 года Дом Ураду быў адчынены, і на плошчы перад ім адбылася дэманстрацыя. А яшчэ праз тры гады храм Казанскай Божай Маці, што стаяў побач, быў узарваны. Пагроза была і над Чырвоным Касцёлам, але, на шчасце, разумныя яго змаглі абараніць.

Лангбард быў таленавітым архітэктарам. Хаця Дом Ураду вельмі вялікі, ён не здаецца грувасткім. Плошча перад ім была ў некалькі разоў меншая, чым сёння, па ёй хадзіў трамвай. Архітэктар задумваў, каб плошча тая злучалася з вакзалам, але так зрабіць не дазволілі. Цікава, што амаль такі самы Дом Ураду, толькі меншы, Лангбарду загадалі збудаваць у Магілёве. Гэта было ў 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы, і мяжа апынулася недалёка ад Мінску. Савецкія ўлады мелі планы перанесці сталіцу Беларусі далей на Усход, у Магілёў... Але неўзабаве Усходняя і Заходняя Беларусь злучыліся. І Мінск апынуўся ў цэнтры БССР і застаўся сталіцай.

Лангбарду даручылі распрацаваць праекты яшчэ некалькіх вельмі важных будынкаў, якія зменяць аблічча горада. На падмурку былой Крыжовай царквы, ля архіерэйскага дома ўзводзіцца Дом Чырвонай Арміі – сёння гэта Дом афіцэраў. Паўстае будынак Акадэміі Навук з паўкруглай каланадай, падобнай да антычных храмаў. А на Траецкай гары – Оперны тэатр.

Лангбард задумваў пабудаваць тэатр, таксама падобны да антычнага, сапраўдны храм мастацтваў. На 3 тысячы гледачоў, велічны, у некалькі ярусаў, каб зверху было відаць усё Траецкае прадмесце, ды яшчэ са шматлікімі скульптурамі... Але такі праект падаўся занадта шыкоўным. Будынак тэатра “урэзалі” удвая, ад скульптур і амфітэатру таксама давялося адмовіцца... Лангбард вельмі перажываў. І не любіў скалечанае ўвасабленне сваёй задумы. Тым больш і дах мусіў быць не такі, як цяпер – у выглядзе конуса, а пляскаты. Цэнтр Мінску пад час вайны бамбілі так, што ён быў амаль увесь зруйнаваны. А Оперны тэатр ацалеў. Кажуць, калі Лангбарду пра гэта паведамілі, ён толькі сумна ўздыхнуў... Але мы, мінчане, павінны радавацца, што ў нас застаўся наш Оперны тэатр, велічны будынак на Траецкай гары, у атачэнні старых дрэў.

Дом Ураду падчас вайны мог таксама знікнуць... Немцы перад адыходам замініравалі яго, гэтак жа, як і Дом афіцэраў. Беларускія партызаны паведамілі пра гэта савецкаму камандаванню. Было вырашана паскорыць рух у Мінск танкавых частак і паслаць з імі брыгады размініравання. Танкі прарваліся ў горад і імкліва рушылі да цэнтру горада, каб захапіць урадавыя будынкі. Гэта ўдалося бліскуча. Да вечара 3 ліпеня Мінск быў цалкам ачышчаны ад ворагаў.

Сёння на Плошчы Незалежнасці – вялікае будаўніцтва. Там задумана зрабіць цэлы падземны горад – з канцэртнымі і выставачнымі заламі, крамамі і кінатэатрам. Напэўна, Іосіф Лангбард ухваліў бы гэтую ідэю.



15. Плошча Перамогі

Выява гэтай плошчы – візітная картка горада. А пачыналася нараджэнне яе аблічча не ў Мінску...

1943 год. Уральскі гарадок Троіцк, шпіталь... Холадна, няма святла... Цяжка паранены ў баях пад Смаленскам Георгій Заборскі малюе алоўкам на падрамніку, змайстраваным з дошак ад плоту... На шэрай паперы з’яўляюцца абрысы высокага абеліску... Гэта Помнік Перамогі, які будзе збудаваны ў родным Мінску. У тым горадзе, які зараз акупіраваны фашыстамі, у якім зараз гінуць людзі і руйнуюцца дамы...Але архітэктар Георгій Заборскі, вучань Іосіфа Лангбарда, не мае цені сумніву: будзе Перамога і будзе такі помнік!

Сваю задуму ён змог здзейсніць праз дзесяць гадоў, калі стаў лаўрэатам конкурса на лепшы праект помніка Перамогі ў Мінску.

Не толькі Заборскі – цэлая група таленавітых архітэктараў працавала над абліччам Плошчы Перамогі, якая тады называлася Круглай. Абеліск атрымаўся вышынёй 38 метраў (хаця ёсць чуткі, што павінен быў быць вышэй яшчэ на два фрагменты). Урачыстае адкрыццё адбылося 3 ліпеня 1954 года. Увесь горад сабраўся тады на Круглай плошчы. Паглядзець было на што. Ззяў Ордэн Перамогі, які ўвенчваў абеліск. Камень упрыгожылі арнаментам – грані абеліску нагадваюць рушнікі, што звісаюць уніз. Як вядома, рушнікамі беларусы заўсёды ўпрыгожвалі крыжы і абразы, на рушніках падносілі хлеб-соль дарагім гасцям. Рушнікі на абеліску Перамогі – дар беларусаў тым, хто вызваліў нашу зямлю. Унізе – чатыры бронзавыя гарэльефы: “9 мая 1945 года”, “Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Партызаны Беларусі” і “Слава паўшым героям”.

Узводілі абеліск не толькі беларусы. Граніт быў прывезены з Днепрапятроўска і Жытоміра, мазаіку для Ордэна Перамогі і бронзавае ліццё рабілі мастакі Ленінграду, разьбу па камні выканалі ўкраінскія майстры... У 1961 годзе ля абеліску Перамогі запалаў Вечны Агонь, сімвал памяці па тых, хто загінуў. У горадзе стала добрай традыцыяй, калі падчас вяселляў маладыя ўскладаюць кветкі да Вечнага Агню.

Але час ідзе, горад мяняецца. Зрушваюцца яго абрысы. Пад плошчай Перамогі прайшло метро. У 1984 годзе плошчу павялічылі – цяпер яна не круглая, а, хутчэй, авальная. А пад ёю – мемарыяльная зала, якая паўтарае абрысы плошчы.На сценах выбіты імёны 566 герояў Савецкага Саюза, якія вызвалялі Беларусь.

Наш горад яшчэ добра памятае вайну... Ёсць у ім шмат помнікаў, якія нагадваюць пра гэта. Ля Дома афіцэраў, на пастаменце – танк Т-34, у памяць пра тых танкістаў, што вызвалялі Мінск. У парку Марата Казея – помнік гэтаму юнаму партызану. Калі прайсці ў паўночную частку парка імя Чалюскінцаў, можна ўбачыць скульптуру смуткуючай жанчыны на тым месцы, дзе у 1942 годзе немцы расстралялі больш за 10 тысяч ваеннапалонных. У раёне вуліцы Мельнікайтэ, у так званай Яме – мемарыял у памяць яўрэяў, што загінулі ў Мінскім гета... Іх было каля сотні тысяч. У Масюкоўшчыне – помнік на месцы Масюкоўшчынскага лагера смерці. Побач з Мінскам быў і яшчэ адзін страшны лагер смерці – Трасцянец.

Нават калі проста прайсці па вуліцах горада, убачыш шмат шыльдаў і барэльефаў у памяць падпольшчыкаў – на будынку лакаматыўнага дэпо, чыгуначнага вакзалу, дрожжавага камбінату, піваварнага, гарбарнага, станкабудаўнічага заводаў, на доме друку, на будынку клуба вытворчага аб’яднання “Прамень”... Помнік ля Чырвонага касцёлу пазначае месца, дзе загінуў пры выкананні баявога задання адзін з кіраўнікоў мінскага падполля Уладзімір Амельянюк. На будынку вытворчага аб’яднання “Белвар” – барэльеф з выявай Трыфана Лук’яновіча, савецкага салдата, які выратаваў нямецкую дзяўчынку і якому пастаўлены помнік у Берліне. Перад будынкам навукова-вытворчага аб’яднання, якое носіць імя Мікалая Гастэла, помнік лётчыку-герою. На вуліцы Чыжэўскіх помнік на тым месцы, дзе ў 1943 годзе фашысты пакаралі смерцю трох падпольшчыц – Н.Майсееву, А.Чыжэўскую і М.Чыжэўскую, якія рыхтавалі забойства ката беларускага народа генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга. А даведацца падрабязней пра подзьвігі мінчан можна ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы.



16. Гарадскія скульптуры.

Акрамя велічных помнікаў у гонар вялікіх падзей і асоб, ёсць у кожным еўрапейскім горадзе скульптуры, якія ствараюць яго непаўторнасць, невялікія, “неафіцыйныя”, але асабліва любімыя. Ёсць такія і ў Мінску. Самая вядомая – гэта “Хлопчык з лебедзем”, фантан у былым Аляксандраўскім скверы, побач з тэатрам Янкі Купалы і Домам Афіцэраў. Яе аўтар – італьянец Л.Берніні. З’яўленнем фантана ў 1874 годзе адзначылі вялікую для горада падзею – адкрыццё вадаправоду. Дарэчы, з-за гэтай скульптуры сучасныя гараджане празвалі сквер “Панікоўкай” – у рамане Ільфа і Пятрова “Залатое цяля” ёсць такі персанаж, Панікоўскі, які спецыялізаваўся на крадзежы гусей. Вось дасціпныя мінчукі і ўгледзелі падабенства...

У Аляксандраўскім скверы ёсць і яшчэ адна нечаканая адметнасць, з якой звязана гарадская легенда. Каля тэатра Янкі Купалы стаіць невялікі прыгожы будынак, падобны да маленькага палацу. Праўда, прызначэнне яго зусім не рамантычнае – у ім размешчана... грамадская прыбіральня. А легенду расказваюць такую... Калі напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Мінску пачалі будаваць тэатр, адзін архітэктар сказаў, што зробіць гораду падарунак – пабудуе за свой кошт ля тэатра прыбіральню. Вядома, прапанова была з удзячнасцю прынятая... Дзівак-дойлід узводзіў абяцаны будынак надзіва дыхтоўным і прыгожым. І толькі праз нейкі час высветлілася, чаму. Незадоўга перад гэтым архітэктар пабудаваў маёнтак для нейкага пана. Атрымалася прыгожа, на італьянскі манер... Але заказчык майстра падмануў – не заплаціў за працу. Архітэктар паабяцаў, што адпомсціць. Новая гарадская прыбіральня ўяўляла з сябе паменшаную копію таго прыгожага маёнтка. Над панам пачалі смяяцца, гаварыць, што жыве ў прыбіральні... Урэшце ён быў змушаны прадаць свой новы шыкоўны дом за крыўдна малыя грошы і з’ехаў некуды за мяжу.

А вось гісторыя помнікаў сквера Саборнай плошчы нагадвае дэтэктыў. У 1901 годзе там на чорным гранітным пастаменце паставілі бронзавы бюст расійскага імператара Аляксандра ІІ. Ён нават падсвечваўся ў цемры двума электрычнымі ліхтарамі. У 1917 годзе, пасля рэвалюцыі, бюст з пастаменту знік. І на тым месцы быў устаноўлены помнік салдату-рэвалюцыянеру. Але, відаць, скульптура была зроблена з гіпсу, таму праіснавала нядоўга. І ў 1921 годзе на тым жа месцы з’яўляецца абеліск імя Мінскага Савету... Але зноў – з нетрывалых матэрыялаў. І ў 1922 годзе замест яго з’яўляецца помнік краўцу-рэвалюцыянеру Гіршу Лекерту, які быў павешаны за замах на віленскага губернатара. І гэты помнік “не дагадзіў” уладам. У 1939 годзе на яго месцы паўстаў фантан са скульптурай атлета, які цэліцца ў нябёсы з луку. І гэта не спадабалася... Атлет знік разам з фантанам.

Затое ў апошняе дзесяцігоддзе горад займеў шмат цудоўных скульптур, вакол якіх будуць складацца легенды. Напрыклад, у Міхайлаўскім скверы ля вуліцы Свярдлова з’явілася дзяўчынка з парасонам і мінчанка ў капелюшы, што сядзіць на металічнай лаўцы, гасцінна запрашаючы прысесці побач... Аўтар скульптур, Уладзімір Жбанаў, аздобіў і Камароўскі рынак – на прыступках сядзіць бронзавая гандлярка з семкамі. Аднойчы маладыя мінчане нават зладзілі тут флэш-моб – вясёлы розыгрыш, на які дамаўляюцца праз Інтэрнэт незнаёмыя людзі. Усе мусілі ў адзін час падысці да гандляркі і падарыць ёй... па чупа-чупсу. А вось з іншай насельніцай Камароўкі, Дамай з сабачкам, любяць здымацца і мінчане, і госці горада. Хаця побач прапаноўвае свае паслугі бронзавы фатограф. Ну а каня, што стаіць непадалёк, многія напачатку прымаюць за сапраўднага. Адпачывае сабе, звесіўшы галаву, пакуль гаспадар бадзяецца па рынку... Нельга не згадаць і пра невялікі помнік мастаку-вандроўніку Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесці. Мастак, які нясе над сабой створаны ўяўленнем свет. Сваю рамантычную Беларусь.



17. Прамысловасць.

У ХVI-XVIII стагоддзях у Менску было больш за 20 цэхаў майстроў чатырох дзесяткаў прафесій. У 1591 годзе быў зацверджаны статут аб’яднання злотнікаў, кавалёў, меднікаў, слесараў, гадзіншчыкаў, мечнікаў. Уласныя цэхі заснавалі рымары, сёдзельнікі, партупейшчыкі, чахольшчыкі, цырульнікі, муляры, капялюшнікі ды іншыя рамеснікі, да якіх належаў кожны другі гараджанін. Дзейнічалі мукамольны і два папяровыя млыны, васкабойня, пастрыгальня сукна. Захоўвалі менскія майстры ўсе традыцыі еўрапейскага цэхавога брацтва, якое не даравала няякаснай працы. Але горад, шматкроць разбураны і спалены, паступова ператварыўся ў невялікае беднае мястэчка, загінулі яго майстры. Гаспадарка горада акрыяла, калі ў ХІХ стагоддзі тут скрыжаваліся дзве чыгуначныя лініі – Маскоўска-Брэстская і Лібава-Роменская. У 1895 годзе ў горадзе налічвалася 18 фабрык і заводаў. У 1913 – ужо 77 фабрык і 13 мануфактур. У 1883 годзе адкрыўся машынабудаўнічы завод таварыства “Якабсон, Ліфшыц і К”, цяпер – станкабудаўнічы імя С.Кірава, вагонарамонтны заводі. На пачатку ХХ стагоддзя былі ў нашым горадзе, сярод іншых, шпалерная фабрыка Кантаровіча, абутковыя фабрыкі “Арол” і “Хуткаход”, фабрыка жаночых грабеньчыкаў. На апошняй, якая знаходзілася на месцы сённяшняга стадыёну “Дынама”, працавалі спецыяльна запрошаныя майстры-французы. Першы паравы рухавік у горадзе быў устаноўлены на Мінскай ваеннай мукамольні ў 1887 годзе, там цяпер – адзін з карпусоў Мінскага халадзільнага камбінату. Адно са старажытнейшых прадпрыемстваў Мінска, якое дзейнічае дасюль - піваварны завод “Аліварыя”, або, як ён называўся раней, “Багемія”. Яго заснавала ў 1864 годзе мінская мяшчанка Р.Фрумкіна. Пасля валодалі ім граф Чапскі, потым – аўстрыйскія купцы Лекерты. Браты Лекерты мелі 4 вагоны-леднікі для перавозкі піва ў іншыя гарады, трымалі сваю карчму. Ёсць паданне, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі “Аліварыя” заснавала першае ў Мінску “метро” – з тэрыторыі заводу былі прарытыя два падземныя танэлі. Адзін з іх вёў на Камароўку, і купцы маглі проста з рынку заязджаць у прахалодныя скляпенні “Аліварыі” за свежым півам. А вось кандытарская фабрыка “Камунарка” пачала выпускаць сваю салодкую прадукцыю толькі ў 1930 годзе. Праўда, мінчане без салодкага не заставаліся ніколі. Дарэчы, адзін з крухмальна-патачных заводаў, “Сокал”, што на Ігуменскім тракце, належаў памешчыку Любанскаму з Лошыцкага маёнтка.

Ну а калі Мінск зрабіўся сталіцай, прадпрыемствы з’яўляліся ў ім адно за другім. Мінскі аўтамабільны завод быў заснаваны ў 1944 годзе, адразу пасля вызвалення горада. З таго часу аўтамабілі “МАЗ”, надзейныя, працавітыя волаты, сталі вядомыя ва ўсім свеце. Больш чым у 80 краінаў едуць нашы грузавікі! Трактары “Беларусь” Мінскага трактарнага завода таксама ведаюць паўсюдна. Працуе на гэтым заводзе зараз больш за 20 тысяч чалавек.

1953 год. Напярэдадні святкавання 36-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрыўся новы маршрут трамвая – ад трактарнага заводу да аўтазаводу. Калі трамвай пад’ехаў да кальца, там пасажыраў – трактарабудаўнікоў – чакалі з музыкай і кветкамі аўтазаводцы. Так было адзначанае вялікае свята: з варот трактарнага заводу выйшаў першы трактар. А цяпер лік перайшоў ужо за 3 мільёны...

Ахвотна купляюцца і сучасныя тэлевізары вытворчага аб’яднання “Гарызонт”, гэтак жа, як і халадзільнікі “Атлант” заводу халадзільнікаў. Не пералічыш усяго, што сёння выпускаецца на прадпрыемствах Мінска. Працягваюцца традыцыі старога Менска- горада майстроў.



18.Гандаль.

“Мінск са старажытных часоў славіўся сваім гандлем з Ганзейскімі гарадамі і з Усходняй Руссю “,– пісаў гісторык Адам Кіркор пра Мінск у першай палове ХІХ стагоддзя. На мінскіх кірмашах каго толькі не сустрэнеш! Тут меліся склады купцоў з усяго свету. Былі брукаваныя рынкі Высокі, Нізкі, Траецкі, Гандлёвы... На Рыбным рынку ля Екацярынінскай царквы, проста з драўляных масткоў, преракінутых праз раку, можна было купіць рыбу, толькі што злоўленую ў Нямізе. Яе было так шмат, што тую, якую за дзень не купілі, рыбары адпускалі назад у раку – прасцей было назаўтра налавіць новай. На малочным рынку ля Лаўскага мосту, побач з сённяшнім рэстаранам “Журавінка”, можна было купіць свежыя малочныя прадукты, якія прывозілі з маёнткаў і вёсак. На Конскім рынку штогод, на дзесятую пасля Вялікадня пятніцу ўчыняліся “дзесятухі” – кірмашы. А вось сёння самы вядомы рынак – Камароўка. Магчыма, назва Камароўкі пайшла ад мноства камароў, што лёталі над гэтай балоцістай мясцовасцю. Але ёсць і легенда...

Калісьці непадалёк ад Камароўкі стаяў Нікольскі храм. Пабудаваны быў ён на месцы могілак, дзе пахавалі Сеньку Сокала – лепшага воя мінскага князя Глеба Усяславіча. Аднак меў Сенька славу нядобрую – быў ён разбойнікам, назапасіў шмат каштоўнасцяў... Усе яны былі пахаваныя разам з ім. Але, відаць, нарабаванае і на тым свеце не дае спакою душы. І вось аднойчы на цвінтары Нікольскага храму сядзеў жабрак Хведзька Камар. Ён убачыў, што да царквы ідзе нейкі чалавек з цяжкім брудным мехам за плячыма... Раптам чалавек упаў. Хведар падбег да яго і ўбачыў, што незнаёмец нежывы. А ў ягоным мяху ляжаць залатыя манеты. Ад сквапнасці Хведар забыўся на ўсё. Схапіў мех і пабег у бліжэйшы лес, не разбіраючы дарогі. Вось і патануў у балоце. Тое месца сталі называць Камароўкай, а манеты, з-за якіх загінуў Камар, няйначай належалі разбойніку Сокалу. Можа быць, той сам і ішоў з імі да храма.

Дарэчы, менавіта на Камароўцы адбываліся першыя палёты на аэраплане ў Мінску! У 1910 годзе паспрабаваў узляцець над нашым горадам лётчык Манфельд. Але ў той час многім здавалася, што без дапамогі нячыстай сілы падазроная машына ў неба падняцца не можа. І калі самалёт уключыў рухавік, перад “нячыстай сілай” з’явілася бабулька з кадзілам і пачала яе хрысціць. Публіка рынулася на аэраплан, пачала хапаць яго за крылы, за хвост... Дваіх параніў прапелер... Але самалёт так і не ўзляцеў. Паліцыя ледзь абараніла летуна-гастралёра. А вось праз год палёт рускага пілота Утачкіна адбыўся, як мае быць. Пілот даляцеў да Камароўскага лесу (там цяпер універсам “Рыга”) і вярнуўся назад. Яго палёт нават зазнялі на кінаапарат мінскага кінатэатра “Гігант”.

Было ў Мінску і шмат крамаў, вялікіх і зусім маленькіх. У 90-ыя гады ХVIII стагоддзя ў Мінску было 89 крам, большасць – мураваныя. Уладзіслаў Сыракомля ўбачыў на Саборнай плошчы цудоўныя магазіны братоў Вянцкоўскіх, галантарэйны Айзенштата, магазіны замежных напояў і магазін мод пані Дэльпачэ... А ўвогуле ў той час, як паэт Сыракомля прыязджаў у Мінск, гэта значыць, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, у нашым горадзе мелася ўжо 423 купецкія крамы.

Мінск заўсёды быў горадам шматнацыянальным. У 1506 годзе князь Міхаіл Глінскі разбіў пад Клецкам войска крымскіх татар, а палонных пасяліў у Менску, у Татарскай слабадзе , гэта цяпер раён праспекта Машэрава. Тут праходзіла “мяжа аседласці”, месца, дзе дазвалялася жыць у Расійскай імперыі яўрэям. У ХІХ стагоддзі былі часы, калі больш паловы жыхароў Менску былі яўрэямі. У канцы ХХ стагоддзя ў раёне сучасных вуліц Карла Лібнехта і Волаха было дазволена пасяліцца калоніі немцаў-лютаран. А чым больш у горадзе рознага люду – тым спрыяльней для гандлю. Два разы на год у горадзе праводзіліся кірмашы – летні і веснавы. Веснавы працягваўся два тыдні. А на пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску можна было набыць усё, што жадаецца душы – ад нафтапрадуктаў і швейных машынак “Зінгер” да цэйлонскай гарбаты і парыжскай бялізны. У краме Натуса на рагу Захар’еўскай прадавалася найсучасная тэхніка – фотаапараты, машынкі-друкаркі, веласіпеды, грамафоны, першыя электрычныя прылады... Цяпер на месцы гэтага магазіна – дом з уваходам на станцыю метро “Кастрычніцкая”. Насупраць знаходзіўся магазін французскага адзення, побач – там, дзе цяпер кветкавая крама, – прапаноўваліся навінкі варшаўскай моды. А на месцы сённяшняга Саюза кампазітараў, на плошчы Свабоды, быў склад гумавых вырабаў таварыства “Расійска-амерыканская гумавая мануфактура Бруднера”. Фірма “Менск-аўтамабіль” прапаноўвала аўтамабілі. Быў гандаль і незвычайны... У маі адзначалі “дзень белай кветкі” – імі упрыгожвалі вітрыны, вокны, экіпажы. Грошы, атрыманыя ў гэты дзень за продаж белых кветак, ішлі на лячэнне бедных, дапамогу бальніцам.

Пасля рэвалюцыі прыватныя крамы і мануфактуры зніклі. Гандаль сталь дзяржаўным. Сёння ў Мінску 2191 магазін і 22 рынкі. Самыя вядомыя з магазінаў – гэта ГУМ, ЦУМ, Гандлёвы дом на Нямізе, універмаг “Беларусь”... Вялікія рынкі паступова пераходзяць за мяжу горада, так, як гэта зроблена ў іншых гарадах свету. З’явяцца ля кальцавой дарогі і вялізныя гіпермаркеты.



19. Транспарт.

Карэта, брычка, каляса, тарадайка, тарантас, фаэтон, модная карыёлька-двуколка... На чым толькі не ездзілі па дарогах Беларусі! У ХІХ стагоддзі з’явіліся дыліжансы і амнібусы. Прайшла праз Мінск чыгунка... А вось з’яднаныя чыгунка і амнібус і ўяўляюць сабой конку – першы грамадскі транспарт, які з’явіўся ў нашым горадзе. Некалькі коней цягнулі па рэльсах вагон з імперыялам, адкрытай пляцоўкай наверсе. Адкрыццё конкі было вялікай падзеяй для горада. Яно адбылося 10 мая 1892 года. Газета “Минские губернские ведомости» пісала: “На вуліцы Захар’еўскай выстраіліся цёмна-сіняга колеру вагоны метраў восем даўжынёй, запрэжаныя парамі коней. Вагоны летнія, адкрытыя. Ветрык развявае паласатыя фіранкі на вокнах, вупраж прыкрашаная стужкамі і кветкамі”. Ездзіла конка ад вакзалаў – Брэсцкага і Віленскага – да Саборнай плошчы. Абслугоўвала толькі цэнтр. А на ўскраінах па ранейшаму цёмныя, небрукаваныя вуліцы патаналі ў брудзе. Пасля 1920 года гарадскія дарогі пачалі даводзіць да ладу. Конка пачала ездзіць далей. Рабочым выдаваліся бясплатныя талоны для праезду да месца працы. Аднак коней мусіла замяніць тэхніка. І ў 1927 годзе было прынята рашэнне аб закрыцці мінскай конкі.

А вось першы таксіст з’явіўся ў нашым горадзе ў 1906 годзе, раней, чым у Маскве. Атрымаў дазвол у гарадскіх уладаў... І ў першы ж дзень працы, праязджаючы па цэнтральнай вуліцы (цяпер Карла Маркса) урэзаўся ў тэлеграфны слуп.

Можа быць, таму ў 1913 годзе ў Мінску было ўсяго 13 таксі?

23 кастрычніка 1924 пачаў развозіць пасажыраў першы мінскі аўтобус. Можна было праехацца ад вакзалу да Камароўкі за 24 капейкі, ці скарыстацца “лазенным” маршрутам – ён вазіў у лазню на Кастрычніцкай усіх жадаючых памыцца з Камароўкі і плошчы Свабоды.

Але сапраўдным цудам для мінчан стаў пуск трамвая. У іншых вялікіх гарадах Расійскай імперыі трамвай пачаў хадзіць яшчэ ў ХІХ стагоддзі. А ў Мінску гэта здарылася 13 кастрычніка 1929 года. Падзея трактавалася як вялікая перамога савецкай улады. На ўсім шляху трамвая, які ішоў ад вакзалу па вуліцы Савецкай, стаялі людзі, кідалі ў вокны вагона кветкі. Цэлы дзень трамвай вазіў усіх бясплатна. Паэт Паўлюк Трус прысвяціў яму паэму “Дзесяты падмурак”. Трамваі выкарыстоўвалі і як грузавы транспарт: менавіта з іх дапамогай будавалі Камсамольскае возера, вазілі пясок, цэмент, дошкі для плаціны. У дзень, прызначаны для адкрыцця возера, пачалася вайна. Акупанты паспрабавалі аднавіць рух трамваяў... Але трамвайшчыкі ўтварылі падпольную арганізацыю. Вагоны часта псаваліся, сыходзілі з рэек. Часам у вагон “Толькі для немцаў” заходзіў афіцэр, выпадкова ўпускаў з рук шакаладку альбо цыгарэты... Потым выходзіў – і раздаваўся выбух. Гэта падпольшчык Мікалай Кедышка пакідаў міны для ворага.

Пасля Перамогі рух трамваяў аднавілі. Трамвай дзейнічае і сёння. Але больш часта мы карыстаемся тралейбусам. Ён пабег па нашых вуліцах толькі ў 1952 годзе. Ад пачатку гэта быў грузавы транспарт. Існаваў нават тралейбус “асобага прызначэння” – яго экіпаж тлумачыў пасажырам правілы дарожнага руху.

Наш горад імкліва рос... І транспарт патрабаваўся імклівы. Першы камень будучай станцыі метро быў закладзены ля парку Чалюскінцаў у 1977 годзе. Глеба, на якой стаіць наш горад, вільготная, балоцістая... Таму метро ў нас неглыбокае, будуецца адкрытым спосабам. У працы над абліччам станцый удзельнічалі лепшыя архітэктары і мастакі Беларусі. Стараліся, каб афармленне адпавядала назве. Калоны станцыі “Плошча Перамогі” нагадваюць святочны салют, калоны станцыі Кастрычніцкая ў разрэзе маюць форму пяціканцовай зоркі і завяршаюцца “паходняй”, на станцыі “Няміга” вісіць падабенства старажытнага чоўна... 18 сакавіка 1984 г. першы цягнік прайшоў ад станцыі “Парк Чалюскінцаў” да “Інстытута культуры”.

Было ў Мінску два чыгуначныя вакзалы – Віленскі і Брэсцкі. Вакзалы лічыліся не самымі лепшымі – 2-га разраду. Той вакзал, які служыў мінчанам апошнія дзесяцігодзі, збудаваны пасля рэвалюцыі, быў больш дыхтоўны... Але невялікі. І хаця ён меў гістарычную каштоўнасць, з 2000-га на яго месцы – сучасны будынак, які нагадвае шкляны палац.



20. Тэатральнае і музычнае жыццё.

Хто ведае, калі на плошчах Менску пачалі разыгрываць містэрыі, з’явіліся вандроўныя артысты і лірнікі? Са старажытнасці паходзіць беларускі лялечны тэатр батлейка. Назва яго – ад слова “Батлеем” , “Віфлеем”, горад, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос: самым папулярным батлеечным прадстаўленнем быў спектакль пра Божае нараджэнне. І саму батлейку рабілі ў выглядзе маленькага храма. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі на Каляды, па ўспамінах беларускага вучонага А.Уласава, у Мінску “ на рагах вуліц стаялі вечарам з чырвонай лятарняй наверсе батлейкі на санках... Быў цэлы цэх батлейшчыкаў з “вучонага сасловія менскіх шаўцоў. “ Існавала нават такая прафесія – мадыстка для лялек гэтага тэатра. Але нейкі паліцмайстар забараніў батлеечныя прадстаўленні. І цудоўная традыцыя знікла. Гэтак жа пачалі пераследваць лірнікаў – музыкаў, зазвычай сляпых, якія спявалі старажытныя беларускія балады пад гранне ліры і без якіх немагчыма было ўявіць сабе менскі кірмаш.

У другой палове ХVII стагоддзя ў езуіцкім калегіуме на плошчы Свабоды меўся школьны тэатр. У сур’езных п’есах, якія там паказвалі, былі ўстаўкі-інтэрмедыі, вясёлыя сцэнкі на беларускай мове. Меўся тэатр і ў будынку ратушы. Потым пад гарадскі тэатр перабудавалі дом шляхціца Яна Байкова на той жа Саборнай плошчы. А ў 50-х гадах ХІХ стагоддзя ў адной з камяніцаў на плошчы Свабоды, нягледзячы на забарону, паказалі першы беларускі спектакль – оперу “Сялянка” на словы Дуніна-Марцінкевіча і музыку Станіслава Манюшкі. Дарэчы, абодва аўтары жылі ў Мінску. І сёння ў Купалаўскім тэатры можна паглядзець спектакль “Ідылія” – сучасную пастаноўку той самай оперы. На жаль, будынак, у якім адбылося прадстаўленне, знішчаны напрыканцы 80-х ХХ стагоддзя. Ён знаходзіўся каля кансерваторыі. А вось той будынак, у якім сёння Купалаўскі тэатр, не мяняў свайго прызначэння. Яго збудавалі ў 1890 годзе дзякуючы клопатам князя Трубяцкога. З цяжкасцю ўдалося адваяваць месца для гарадскога тэатру ля Архіерэйскага дому – тэатр лічыўся месцам “грахоўным”, і будаваць яго належала на пэўнай адлегласці ад храмаў. На заснаванні прысутнічаў Вялікі князь Уладзімір з жонкай, якія паклалі ў падмурак некалькі залатых манет. Вось толькі менчукі не спяшаліся наведваць свой тэатр ні ў старым будынку, ні ў новым. Пераважна таму, што было забаронена даваць спектаклі на польскай і беларускай мовах. Але з’яўляюцца першыя беларускія тэатральныя трупы – Ф. Ждановіча, Ф. Алехновіча, У.Галубка. У 1911 годзе ў зале гасцініцы “Парыж” адбыўся спектакль беларускай трупы Ігната Буйніцкага па п’есе Каруся Каганца “Модны шляхцюк”. Беларуская мова гучыць у залах і на вуліцах... У 1917 годзе і на сцэне Мінскага гарадскога тэатра загучала наша мова, і тэатр зрабіўся любімым месцам гараджан. Менавіта ў яго будынку ў 1917 годзе адбыўся першы Усебеларускі кангрэс, на якім беларусы заявілі пра сваё жаданне стварыць незалежную дзяржаву.

І песні спявалі ў нашым горадзе спаконвеку. Гэта былі не толькі вясёлыя простыя песні, пад якія танчылі ў корчмах, але спевы на шмат галасоў, як у Грузіі. Ужо ў XIV-XV стагоддзі ў Мінску існавалі школы царкоўных спеваў. Напрыканцы XVII стагоддзя пры двары мінскага ваяводы К. Завішы створаны аркестр, які выконваў духоўныя творы і беларускія народныя песні і танцы. У1803 годзе ў Мінску меўся гарадскі аркестр, якім кіраваў Вікенцій Стафановіч. Брат Вікенція Дамінік ладзіў сімфанічныя канцэрты. У 1872 годзе адкрылі вучэльню арганістаў. “Мінск наш кругом весяленькі”,- пісаў Дунін-Марцінкевіч: музычныя і тэатральныя вечары ў старажытным горадзе ніколі не былі рэдкасцю. Уменне граць на музычных інструментах, спяваць лічылася абавязковым для ўсіх са шляхетнага саслоўя. І не толькі “мясцовымі сіламі” даваліся канцэрты. У гатэлі “Еўропа” штовечар граў венскі дамскі аркестр. Даваліся спектаклі і канцэрты ў Амерыканскім клубе. Былі і шматлікія курсы, на якіх за невялікую плату маглі навучыць “оперным спевам”. Ну а пасля рэвалюцыі ўтвараюцца адзін за адным аркестры, хоры, ансамблі. У. Тэраўскі арганізаваў Беларускі народны хор. У 30-х з’яўляецца беларускі балет і беларуская опера... Ларыса Александроўская, незвычайна прыгожая і таленавітая спявачка, робіцца кумірам мінчан. Сёння на конкурсе імя гэтай спявачкі выяўляюцца новыя таленты.

Цяпер у Мінску 11 тэатраў. З тых, што мы яшчэ не згадвалі, варта назваць Музычны тэатр на плошчы Клары Цэткін, драматычны тэатр імя М.Горкага (ён знаходзіцца ў будынку былой сінаногі). А Маладзёжны тэатр размясціўся ў будынку былога Дома культуры работнікаў гандлю, збудаванага на заараных Старажоўскіх могілках. Побач з ім - тэатр Сучаснай беларускай драматургіі. Есць у Мінску тэатр юнага гледача, тэатр лялек, канцэртныя залы... І калі вы будзеце наведваць іх, успамінайце і людзей, што ў неспрыяльных умовах заснавалі нацыянальнае мастацтва.



21. Літаратурнае жыццё.

Пачаўся адлік гісторыі нашага горада дзякуючы літаратурнаму твору – “Слову аб палку Ігаравым”. І шмат месцаў Мінска звязана з гісторыяй літаратуры. Яшчэ ў XVIII стагоддзі пры ваяводскай школе тут існаваў літаратурны гурток, і ў Вільні выдалі яго зборнік пад назвай “Паэтычныя забаўкі моладзі ў мінскіх школах”.

А ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя беларускае паэтычнае слова напоўніцу загучала ў свецкім салоне мінчука Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Тут бываў цвет гарадской творчай інтэлігенцыі, прыязджалі слынныя госці... У пачатку 80-х у горадзе з’явілася першая газета “Минский листок”. Па ўспамінах сучаснікаў, “гэта была навіна як першыя майскія перуны. Менчукі са слязамі прасвятлення і радасці чыталі “наш” лісток. “. У першым нумары газеты быў надрукаваны верш паэта Янкі Лучыны, (ён жа – мінскі інжынер Іван Неслухоўскі). Верш называўся “Не ради славы иль расчета”. Газета выходзіла на рускай мове, але дзякуючы намаганням патрыётаў, у першую чаргу Антона Слупскага, удалося заснаваць пры ёй беларускамоўны літаратурны дадатак – «Северо-Западный календарь». Там друкаваліся вершы Янкі Лучыны, паэма Дуніна-Марцінкевіча “Гапон”, ананімная паэма “Тарас на Парнасе”, верш Янкі Купалы “Мужык”.

Каб даведацца пра літаратурнае жыццё Мінска, трэба прайсціся па яго музеях. Між цяністых дрэў парка Янкі Купалы – двухпавярховы шэры будынак, музей паэта. Гэта яго адноўлены дом, які быў знішчаны падчас бамбёжак. Калісьці ў госці да Купалы прыходзіла ўся літаратурная грамадскасць, любіла бываць моладзь. А калі Свіслач разлівалася так, што нельга было прайсці – то маладыя паэты і начавалі там. Цётка Уладзя, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка Янкі Купалы, шмат зрабіла для ўтварэння гэтага музея, доўгі час кіравала ім. У парку ёсць фантан, у які бронзавыя дзяўчаты пускаюць купальскія вянкі – паэт нарадзіўся на Купалле. І сам паэт тут жа, на п’едэстале, ля якога кожны год, да дня яго нараджэння, праводзяцца паэтычныя чытанні. А ў раёне Акадэміі Навук – дом-музей другога нашага класіка, Якуба Коласа. Перад домам – “дубовая падкова”, чатыры дубы і бярозка. Іх садзіў перад сваім акном сам пісьменнік. Дрэвы нібыта сімвалізавалі коласаву сям’ю: бярозка – жонка паэта Марыя, а сам паэт і тры яго сыны – магутныя дубы. Кажуць, што калі цяпер стаць у засені гэтых дрэў, то нават удзень можна разгледзець зоры. Ну а герояў твораў Якуба Коласа можна пабачыць на плошчы яго імя – Сымон-Музыка грае на скрыпцы, побач – бясстрашны партызан дзед Талаш, а між імі – задуменны Якуб Колас.

У Траецкім прадмесці заўсёды рады прыняць гасцей музей Максіма Багдановіча. А ў музеі гісторыі беларускай літаратуры вам раскажуць шмат пра якія цікавыя і трагічныя старонкі нашай культуры. Калі вы паедзеце на вуліцу Рабкораўскую, то ўбачыце там маленькі дамок – Беларускую хатку, філіял музея Максіма Багдановіча. Тут смяротна хворы Максім, прыехаўшы ў родны горад, не бачаны з ранняга дзяцінства, жыў на кватэры ў пісьменніка Змітрака Бядулі. Тут напісаў паэму “Страцім-лебедзь”, пра тое, што дзеля выратавання свайго народу варта ахвяраваць жыццём, не спадзеючыся на славу.

А калі вы пройдзеце па вуліцы Куйбышава, то на доме нумар 10 убачыце барэльеф з выявай прыгожай задуменнай жанчыны. Гэта вялікая украінская паэтэса Леся Украінка. Яна прыязджала ў Мінск даглядаць смяротна хворага на сухоты Сяргея Мяржынскага, публіцыста і рэвалюцыянера, якога аддана кахала. Мяржынскі высока цаніў Лесю, як сябра і паэтку, але яго сэрца належала іншай. І Леся пісала пад дыктоўку паміраючага лісты да суперніцы. Ля ложка хворага яна стварыла трагічную паэму “Апантаная”. Мяржынскага пахавалі на Старажоўскіх могілках, якія, як ты ведаеш, былі знішчаныя.



22. Мастацкае жыццё.

Калісьці выяўленчае мастацтва не лічылася за высакародны занятак. Мастакі, якія малявалі каралёў і князёў, нават не мелі права падпісваць сваіх карцін. Але ўжо з XVI стагоддзя мінскіх мастакоў запрашалі працаваць ў розных гарадах. Напрыклад, майстар Іеранім пакінуў па сабе памяць у Варшаве. Час мяняў адносіны да мастацтва, і мы ведаем імёны знакамітых мастакоў, што жылі і працавалі ў Мінску: Яна Дамеля, Валенція Ваньковіча, Чэслава Манюшкі, брата славутага кампазітара. Праўда, не ва ўсіх талентаў шчасліва складваўся лёс.

У ХІХ стагоддзі ў Мінску не было ніякіх мастацкіх навучальных устаноў. Выпускнік Пецярбуржскай Акадэміі мастацтваў В. Маас на свае сродкі ўтрымліваў пры летнім тэатры ў гарадскім садзе мастацка-сталярную майстэрню, дзе вучыў юных мінчан маляванню. І нават плаціў бедным вучням штотыдзень па 50 капеек, каб яны маглі наведваць заняткі. В. Маас спрабаваў атрымаць дазвол на адкрыццё мастацкай школы, казаў, што мінскія мастакі баталіст Папоў і акварэліст Сукоўскі гатовыя выкладаць там бясплатна... Дазволу не далі. Сёння не засталося ніводнай карціны Эраста Сукоўскага, які працаваў акцызным наглядальнікам. Вядомыя толькі назвы яго палотнаў – “Шлях у палескіх балотах у завіруху”, “Зімовая дарога на Палессі”... Цяжкой працай даводзілася зарабляць на жыццё і другому мінскаму мастаку, вучню Івана Рэпіна Л. Альпяровічу. У Мінску ён працаваў табельшчыкам на чыгунцы і памёр, не дажыўшы да 40, у нястачы. Яго карціны засталіся ў асноўным няскочанымі.

Але школа малявання ў Мінску ўсё-ткі была адкрытая – яе дарэктар А.Папоў, адзін з паплечнікаў В.Мааса, быў афіцэрам-артылерыстам, скончыў Акадэмію мастацтваў. Яго карціну купіў сам цар... Пасля “першай ластаўкі” мастацкія школы адчыняюцца адна за адной. Кіраваў такой школай Я. Кругер. Ён нарадзіўся і вырас у Мінску, вучыўся ў рэальнай вучэльні – гэта была ўстанова не для багатых. Але таленавітаму юнаку дапамаглі атрымаць адукацыю. Кругер вучыўся ў Парыжы і Петярбурзе, стаў вядомым... Яго школа знаходзілася на Петрапаўлаўскай вуліцы, насупраць сённяшняга Палацу прафаюзаў.

Сёння ў Мінску працягваюцца даўнія традыціі мастацкага навучання. Гімназія-каледж мастацтваў на Старажоўцы захоўвае памяць пра заснавальніка, мастака-педагога Сяргея Каткоўскага. Ёсць Мастацкі каледж імя Ахрэмчыка, шматлікія студыі... Ну і, вядома, мастацкая вучэльня і Акадэмія мастацтваў.

Маецца ў нашым гораде шмат музеяў і выставачных залаў. Самы вядомы – гэта, зразумела, Нацыянальны мастацкі музей. Яго заснавалі яшчэ ў 1939 годзе, але толькі пасля вайны ён займеў вядомы нам будынак. Падчас Вялікай Айчыннай вайны экспанаты не паспелі эвакуіраваць, і самае каштоўнае знікла. Але і сёння ў Мастацкім музеі ёсць на што паглядзець. Беларуская драўляная скульптура XVI -XVIII стагоддзяў, старажытныя абразы, карціны І. Хруцкага і Аляшкевіча, Язэпа Драздовіча і Філіповіча раскажуць вам пра асаблівасці айчыннага мастацтва больш, чым любая кніжка... Хапае ў музеі і твораў расійскага і заходне-еўрапейскага мастацтва. Цяпер там дабудоўваюцца новыя залы, каб можна было паказаць яшчэ больш з багатых запаснікоў музея. Цікавыя выставы адбываюцца ў Палацы мастацтваў на Залатой Горцы, у Музеі сучаснага мастацтва... Але калі надарыцца – наведайце і незвычайныя, камерныя мемарыяльныя музеі вядомых скульптараў Заіра Азгура і Алега Бембеля. Мала што можа гэтак яскрава расказаць пра мастака і яго эпоху, як ягоная майстэрня, дом, дзе ён жыў.



23. Новае аблічча горада.

Старажытныя камяніцы і будынкі з металу, шкла і бетону – такое аблічча ва ўсіх сучасных еўрапейскіх гарадоў. Такім робіцца і Мінск. Ён перастае быць горадам стандартных, нецікавых дамоў, якімі яго забудоўвалі ў 70-х гадах мінулага стагоддзя. Нават звыклы асфальт паўсюдна замяняецца на пліткі, імітуючыя брукаванку.

Новы вакзал, які пачаў дзейнічаць на мяжы тысячагоддзяў - гэта маленькі горад. Там ёсць крамы і кавярні, цырульні і аптэкі, і нават дзіцячы гарадок з атракцыёнамі, у якім можна прабавіць час усёй сям’і. На Кастрычніцкай плошчы не так даўно скончылі будаваць Палац Рэспублікі. Шмат спрэчак выклікаў гэты аб’ект, які ўводзіўся дзесяцігоддзямі, дапрацоўваўся, мяняў аблічча... Вядома, аблічча гэтае, грувасткае, простых формаў, не надта стасуецца з гістарычным цэнтрам. Але сёння вялікія залы Палаца, выставачная галерэя прымаюць мінчан і гасцей сталіцы. З’явіўся ў Мінску Лядовы палац, дзе круглы год можна катацца на каньках. Узводзіцца першы ў рэспубліцы аквапарк. А вось будынак Нацыянальнай бібліятэкі стаў агульнанародным праектам. Храм кнігі будзе нагадваць па форме дыямент, і наша галоўная бібліятэка зможа лічыцца адной з лепшых у свеце.

Будуюцца ў Мінску і новыя храмы. Напрыклад, у раёне плошчы Прытыцкага – сабор у гонар іконы “Усіх смуткуючых Радасце”, у памяць ахвяр Чарнобыльскай трагедыі.

Нядаўна ачысцілі русла Свіслачы. І чаго толькі не знайшлі ў глеі, што стагоддзямі назапашваўся на дне галоўнай ракі горада! Нават старажытны човен, на якім плавалі, можа, яшчэ воі князя Глеба Менскага. Новае аблічча набудзе і Стары Менск. Гістарычная частка горада зачыніцца для машын. Ёсць намеры схаваць частку вуліцы Леніна пад зямлю і зрабіць плошчу Свабоды пешаходнай зонай, вярнуць ёй былую велічыню. Уздоўж вуліцы Няміга паўстануць стылізаваныя пад даўніну будынкі, а праз вуліцу ад Гандлёвага дома на Нямізе перакінуцца два пешаходныя масты. Адновіцца старажытная вуліца Гандлёвая ўздоўж Свіслачы, у раёне рэстарана “Журавінка”. Калісьці там было мноства маленькіх крам, цырульняў, аптэк, іх гаспадары жылі на другіх паверхах дамоў. У сядзібе Ваньковічаў дабудуюць два флігелі, якіх сёння няма. Закінуты будынак побач з кафедральным Свята-Духавым саборам будзе адноўлены, і туды пераедзе Жыровіцкая духоўная акадэмія... Адновяць і разбураны гатэль “Еўропа” ля кансерваторыі. Калісьці ён быў самы вялікі ў Мінску, на пачатку ХХ стагоддзя ў ім дзейнічалі нават ліфты. Магчыма, убачым мы і самую старажытную царкву горада, ХІІ стагоддзя, ля ўваходу ў станцыю метро “Няміга”.

Усё, што войны, пажары або проста няўвага да гістарычнай спадчыны панішчылі, мусіць быць адноўлена. У гістарычным цэнтры Мінску павінен быць дух Беларусі. Кожны стары будынак – неацэнная і незаменная спадчына. Археолагі сцвярджаюць, што ў зямлі Замчышча, пад асфальтам Нямігі хаваецца яшчэ мноства сенсацыйных знаходак.

Цяпер, дружа, спадзяюся, ты будзеш гуляць па вуліцах, праспектах і скверах нашага горада з іншым адчуваннем. З разуменнем, што мы – толькі частка гісторыі свайго горада, і ад нас залежыць, як пра нас будуць меркаваць наступныя пакаленні гараджан.

Мінск прыгажэе і расце. Мінск захоўвае памяць стагоддзяў. Горад у сэрцы Еўропы, у сэрцы Беларусі – ён павінен быць і ў нашых сэрцах.



Крыніцы:

Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Мінск, “БелЭн”, 1999.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Мінск, “БелЭн”, 1999.

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск. – Мінск, Савецкая энцыклапедыя, 1988.

Храналогія гісторыі Беларусі. Мінск, “БелЭн”, 1992.

З. В. Шибеко. С. Ф. Шибеко. Минск. Страницы истории дореволюционного города. Минск, Полымя, 1990.

Живописная Россия. Литовское и белорусское Полесье. Репринтное воспроизведение издания 1882 г. Минск, “БелЭн”, 1994.

У. Сыракомля. Мінск. У кн. Уладзіслаў Сыракомля. Добрыя весці. Мінск, Мастацкая літаратура, 1993.

П. Шпилевский. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Минск, Полымя, 1992.

А. Дзярновіч. Менск: Горад і Час. У кн. Увесь Мінск. Мінск, Беларусь, 1993.

Мінск на старых паштоўках. (канец ХІХ-пачатак ХХ ст.). Мінск, Беларусь, 1984.

Е. Етчик. Минск от конки до метро. Минск, Полымя, 1991.

В. Грыцкевіч, А. Мальдзіс. Шляхі вялі праз Беларусь. Мінск, Мастацкая літаратура, 1980.

М. Ткачоў. Замкі і людзі. Мінск, Навука і тэхніка, 1991.

У. Мароз. Мінск старадаўні і малады. Мінск, Міжнародны цэнтр культуры кнігі, 2002.

А. Лакотка. Сілуэты старога Мінска. Мінск, Полымя, 1991.

Мінск учора і сёння. Мінск, Беларусь, 1989.

Аляксандр Уласаў. Дні жыцця. У кн. Шляхам гадоў, Мінск, Мастацкая літаратура, 1990.

Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Мінск, Беларуская энцыклапедыя, 1995.



ХРАНАЛОГІЯ МІНСКА

1067

Першая летапісная згадка пра Мінск. Бітва на Нямізе між войскамі полацкага князя Усяслава Брачаславіча і князёў Яраславічаў.

1084

Захоп і зруйнаванне Мінску войскамі вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха

1116

Першая згадка пра Мінск, як пра цэнтр удзельнага княства.

1119

Уладзімір Манамах захапіў Мінск і забраў яго князя, Глеба Усяславіча, у палон, дзе той у хуткім часе памёр і быў пахаваны ў Кіева-Пячэрскай Лаўры.

1146

У Мінску княжыць сын Глеба Усяславіча Расціслаў.

XIVстагоддзе

1-я чвэрць. Мінск увайшоў у склад вялікага Княства Літоўскага

1387

Вялікі князь Літоўскі і кароль Польшчы Ягайла аддаў “горад Меньск”свайму брату Скіргайлу

1410

Удзел Мінскай харугві у Грунвальдскай бітве.

1418

Мінск належыць вялікаму князю Вітаўту

1444

У каралеўскай грамаце Мінск названы ў ліку 15 найбольш развітых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага

1499

14 сакавіка Мінск атрымаў Магдэбургскае права.

1500

З’яўленне цудатворнай іконы маці Божай Мінскай.

1505

Напад на Мінск крымскага хана Менглі-Гірэя. Вялікая эпідэмія маравой язвы.

1508

Аблога горада рускімі войскамі пад камандваннем Міхаіла Глінскага

1513

Адкрыты першы шпіталь для бедных і састарэлых.

1547

Моцны пажар, які знішчыў амаль увесь горад.

1552

Першая згадка пра мінскія цэхі.

1566

Утворана мінскае ваяводства.

1571

Гораду дарованы прывілей на правядзенне двух кірмашоў у год.

1582

Збудавана каменная ратуша. Іезуіты адчынілі калегіум.

1591

12 студзеня Мінск атрымаў прывілей на герб.

1592

Заснавана першае праваслаўнае брацтва.

1597

Выступленне гараджан супраць уніяцкага мітрапаліта Міхаіла Рагозы.

1603

Моцная пошасць.

1613

Заснаванне Свята-Петра-Паўлаўскага сабору.

1616

Выступленне гараджан супраць Брэсцкай уніі.

1633

Збудаваны манастыр бернардзінак.

1635

Урачы стварылі цэх цырульнікаў

1655-1660

У Мінску знаходзяцца рускія войскі падчас руска-польскай вайны 1654-1667 г.

1659

Адкрыццё першай аптэкі

1706

У Мінску спыняецца Пётр І пад час Паўночнай вайны 1700-1721 г. Моцная пошасць.

1707

Мінск захоплены шведскімі войскаміэ

1707-1711

Моцная пошасць

1710

Асвячэнне Марыінскага сабору рэзідэнцыі езуітаў.

1751

Узброенае паўстанне гараджан супраць гарадскога старасты.

1793

Мінск – у складзе Расійскай імперыі. Стварэнне Мінскай губерні.

1795

Адмена Магдэбургскага права.

1797

Пачала дзейнічаць Мінская губернская друкарня.

1803

Адчынена Мінская мужчынская урадавая гімназія.

1805

Заснаваны губернатарскі сад, цяпер – парк М.Горкага.

1812

Горад захоплены французскімі войскамі.

1820.

Закрыццё езуіцкай школы.

1825

Збудаваны Пішчалаўскі замак, у якім размясцілася турма.

1835.

Падчас кірмашу пачаўся моцны пажар, які знішчыў цэнтр горада.

1836.

Адчынена публічная бібліятэка.

1838

Выданне газеты “Минские губернские ведомости”

1840

18 жніўня Мікалай І выдаў загад пра забарону тэрмінаў “беларусы”, “Беларусь”.

1848

Эпідэмія халеры.

1852

21 лютага пастаўлена першая беларуская опера “Сялянка” на словы В. Дуніна-Марцінкевіча і музыку С. Манюшкі.

1863

У Мінску дзейнічаюць паўстанцкія атрады, самы буйны узначальвае А. Трусаў.

1871

Пачаўся рух па Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы праз Мінск. Адчынена першае фотаатэлье.

1872

Закладзены Аляксандраўскі сквер.

1873

Пачаўся рух па Лібава-Роменскай чыгунцы праз Мінск. Заснаваны Мінскі камерцыйны банк. Адкрыта вучэльня арганістаў.

1874

Пачаў працаваць вадаправод. У Аляксандраўскім скверы адкрыты першы ў горадзе фантан са скульптурай “Хлопчык з лебедзем”.

1879

Адкрытая музычная школа і 4-класная гарадская вучэльня.

1880

Заснавана Мінскае музычна-літаратурнае таварыства.

1881

Заснаваны машынабудаўнічы і чыгуна-медна-металургічны заводы.

1886

Выданне газеты “Минский листок”

1889

28 мая ў газеце “Минский листок” надрукавана паэма “Тарас на Парнасе”

1890

Дзейнічае тэлефонная сувязь. 5 чэрвеня адчынены будынак Мінскага гарадскога тэатра.

1898

Асвячэнне царквы Аляксандра Неўскага.

1891

26 верасня ў Губернатарскім садзе ( цяпер парк імя М. Горкага) адбыўся палёт аэранаўта Драўніцкага на паветраным шары і спуск на парашуце.

1892

Дзейнічае конка.

1894

Дала ток першая электрастанцыя.

1897

Падчас перапісу насельніцтва ў Мінску выяўлена 90 912 жыхароў.

1898

1-3 сакавіка адбыўся І з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі ў доме служачага чыгункі П. Румянцава на беразе Свіслачы.

1899

Заснавана жаночая гімназія

1900

Адчынена публічная бібліятэка імя А. С. Пушкіна

1905

На Прывакзальнай плошчы губернатар Курлоў загадвае расстраляць мітынг працоўных. Усеагульная забастоўка.

1906

Заснавана беларускае кніжнае таварыства “Мінчук”

1907

Заснаваны металаапрацоўчы завод “Гігант”.

1908

Выданне газеты “Минский курьер». Заснавана Мінская фельчарска-акушэрская школа.

1910

Асвячэнне Чырвонага касцёлу. Адчынены кінатэатр “Ілюзіон”.

1911

На Камароўскім полі здзейсніў палёт на аэраплане расійскі авіятар С. Утачкін.

1913

Выданне ў Мінску беларускага часопіса “Саха”.

1914

Адчынены Мінскі настаўніцкі інстытут. Выданне беларускага маладзёжнага часопіса “Лучынка”.

1915

У Мінску – штаб Заходняга фронту.

1916

Заснаванне клуба беларускай інтэлігенцыі “Беларуская хатка”.

1917

Створана гарадская міліцыя на чале з М.Фрунзе. Уладу бярэ Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У снежні ў будынку гарадскога тэатра праходзіць Усебеларускі з’езд, які разганяюць салдаты Мінскага гарнізону.

1918.

Мінск акупіраваны нямецкімі войскамі. Рада Усебеларускага з’езду абвясціла пра стварэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларуская мова абвешчана дзяржаўнай. Адчынены вышэйшая музычная школа і кансерваторыя. Створана камсамольская арганізацыя.

1919

1 студзеня абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка са сталіцай у Мінску. Прынята першая Канстытуцыя БССР.

1920

Пачатак дзейнасці трупы В. Галубка. Адчынены Беларускі дзяржаўны тэатр. Выйшаў першы нумар газеты “Савецкая Беларусь”.

1921

Заснаваны Беларускі дзяржаўны універсітэт. 21 красавіка выйшаў першы нумар газеты “Красная смена» (“Чырвоная змена”).

1922

Адчынены Інстытут беларускай культуры. Заснавана Дзяржаўная бібліятэка БССР імя Леніна (Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Выйшаў першы нумар часопіса “Полымя”.

1923

Дзейнасць беларускай літаратурнай арганізацыі “Маладняк”.

1925

23 лютага адчынены Дом Чырвонай Арміі (Дом афіцэраў).

1926

Падчас перапісу ў Мінску – 130 838 жыхароў. У кінатэатрах – першы беларускі кінафільм “Лясная быль”.

1929

На аснове Інбелкульту адкрыта Акадэмія Навук Беларусі. 13 кастрычніка адкрыта першая трамвайная лінія.

1930

Створаны Мінскі медыцынскі інстытут

1931

З 2 мая дзейнічае кандытарская фабрыка “Камунарка”. Заснаваны Мінскі педагагічны інстытут.

1932

26 лютага выйшаў першы нумар газеты “Літаратура і мастацтва”. Створана Беларуская дзяржаўная кансерваторыя.

1933

Адчынены Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета. Адчынены Дом ураду і помнік Леніну. Дзейнічае Мінскі аэрапорт.

1934

Адчынены стадыён “Дынама”.

1937

Адчынена Беларуская дзяржаўная філармонія. Заснаваны Інстытут фізічнай культуры. У горадзе – сталінскія рэпрэсіі. Толькі ў ноч на 7 лістапада арыштавана 60 чалавек.

1938

Заснавана Мінская вобласць. У Мінску тры раёны – Кастрычніцкі, Варашылаўскі і Сталінскі. Выйшаў першы нумар газеты “Сталинская молодёжь”(«Знамя юности»). Адчынена тэатральная вучэльня.

1939

Адчынена Дзяржаўная карцінная галерэя (Дзяржаўны мастацкі музей).

1940

Пачаў дзейнічаць Мінскі радыёзавод.

1941

22 чэрвеня – пачатак Вялікай Айчыннай вайны. 28 чэрвеня Мінск захоплены нямецка-фашысцкімі акупантамі.

1942

Выданне падпольных газет “Звязда “ і “Патриот Родины”. Дзейнасць мінскага падполля.

1943

22 верасня мінскімі падпольшчыкамі знішчаны генеральны камісар Беларусі В. Кубэ.

1944

3 ліпеня войскі 3-га і 1-га Беларускіх франтоў у выніку Мінскай аперацыі вызвалілі Мінск. Пачаў выдавацца часопіс “Беларусь”. Адчынены Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

1945

Выйшлі першыя нумары газеты “Зорька”, “Настаўніцкай газеты”, часопіса “Вожык”. Адчынены літаратурны музей Янкі Купалы. Адчынены Беларускі тэатральны інстытут.

1947

На мотавелазаводзе выпушчаныя першыя веласіпеды. На Мінскім аўтазаводзе выпушчаны першы аўтамабіль-самазвал МАЗ-205. Пачаў працаваць Дзяржаўны рускі драматычны тэатр. Адчынены Мінскі педінстытут замежных моў.

1948

Адчынены кінатэатр “Перамога”, выйшаў першы нумар газеты “Мінская праўда”.

1950

Адчынены тэатр лялек. На трактарным заводзе пачаўся выпуск трактароў “КД-35”.

1951

У Мінску з’явіліся яўшчэ два раёны – Фрунзенскі і Ленінскі. Адчынены Галоўны універсальны магазін (ГУМ). Выпушчана першая радыёла “Мінск-Р-7”. Заснавана Чыжоўскае вадасховішча.

1952

Адчынены новы мост праз Свіслач на Ленінскім праспекце. Пушчаны першы тралейбус. Адчыненыя кніжны магазін “Цэнтральны”. Устаноўлены помнік-танк ля Дома афіцэраў. Створаны Дзяржаўны народны хор пад кіраўніцтвам Г. Цітовіча.

1953

Выйшаў першы нумар часопіса “Маладосць”. Адчынена Мінская сувораўская вучэльня. Адкрыты Галоўпаштамт.

1954

4 ліпеня адкрыты манумент Перамогі на Круглай плошчы. Адчынены кінатэатр “Цэнтральны”.

1955

Адчынена дзіцячая чыгунка. Пачалі дзейнічаць камвольны камбінат і гадзіннікавы завод. Выйшаў першы нумар газеты “За вяртанне на Радзіму” (“Голас Радзімы”).

1956

1 студзеня – першая перадача мінскага тэлецэнтра. Адчынены Тэатр юнага гледача, Палац культуры прафсаюзаў. Заснаваны музей Якуба Коласа. Камароўская плошча атрымала імя Якуба Коласа.

1957

Сабраны першы 40-тонны самазвал МАЗ-530. Выйшаў першы нумар часопіса”Вясёлка”. Заснаваны Дзяржаўны музей БССР. Адчынены гатэль “Мінск”.

1958

Адчынены кінатэатры “Мір” і “Ракета”. Створаны сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё.

1959

Падчас перапісу ў Мінску – 509 500 жыхароў. Адчынены Дзяржаўны цырк БССР. Адчынены помнік піянеру-герою Марату Казею. У рысу горада ўвайшлі вёскі Дражня, Шэпечы, Лошыца, Мядзвежына, Вількаўшчына і іншыя.

1960

Выйшаў першы нумар часопіса “Неман”.

1961

3 ліпеня запалены Вечны Агонь ля манумента Перамогі. Заснавана выдавецтва “Ураджай”. У горада яшчэ адзін раён – Заводскі.

1962

Пачаў працаваць мінскі завод халадзільнікаў. Збудаваны аўтавакзал “Цэнтральны”.

1963

7 снежня ад Мінскага вакзалу пайшлі першыя ў рэспубліцы электрычкі па маршруце Мінск-Аляхновічы. Збудавана Мінская кальцавая дарога.

1964

Адчынены Цэнтральны універсальны магазін “Мінск”

1965

У парку М. Горкага адкрыты планетарый.

1966

Адкрыты кінатэатр “Партызан”і Мінскі палац спорту.

1967

Святкаванне 900-годдзя Мінску. Выйшаў першы нумар газеты “Вячэрні Мінск”. У рысу горада ўвайшлі вёскі Грэбелька, Чыжоўка, Чырвоная Слабада, Маляўка, Цівалі, Дварышча.

1968

Адчынена Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ). Пачаўся выпуск тэлевізараў “Гарызонт”.

1969

Утварэнне Першамайскага і Цэнтральнага раёнаў горада. Створаны ансамбль “Песняры” пад кіраўніцтвам Ул.Мулявіна.

1970

Адчынены Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі (цяпер – Музычны тэатр).

1972

У Мінску – больш за 1 мільён насельніцтва. Адкрыты помнікі Янку Купале і Якубу Коласу. На Мінскім трактарным заводзе выпушчаны мільённы трактар. Заснавана выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

1973

Адчынены Палац мастацтваў.

1974

Мінску прысвоена ганаровае званне “Горад-герой”. Тэлебачанне стала каляровым.

1975

Адчынены кінатэатр “Кастрычнік”. На Мінскім аўтамабільным заводзе выпушчаны 500-тысячны аўтамабіль. Адчынены Інстытут культуры.

1976

Адчынены новы будынак аэравакзалу і Дом літаратара. Адчыненыя кінатэатры “Кіеў” і “Вільнюс”. Забудоўваюцца мікрараёны Масюкоўшчына і Паўдневы Захад.

1977

Утварэнне Маскоўскага і Партызанскага раёнаў. Пачатак будаўніцтва Мінскага метрапалітэну. Выпушчаны першы каляровы тэлевізар “Гарызонт”.

1978

ВА “Гарызонт” выпусціла пяцімільённы тэлевізар. Пачаў дзейнічаў завод шампанскіх він.

1979

На паліграфкамбінаце ім. Я. Коласа выпушчана мільярдная кніга. Адкрыты Камароўскі крыты рынак.

1980

Адчынены гатэль “Планета”. Адчынены Камароўскі рынак. Мінск удзельнічае ў правядзенні алімпійскіх гульняў. З Масквы ў Мінск дастаўлены алімпійскі агонь. Адчынены кінатэатр “Масква” і універсам “Рыга”. Пачата рэстаўрацыя Траецкага прадмесця.

1981

Пачало працу выдавецтва “Юнацтва”. У парку М. Горкага адкрыты помнік Максіму Горкаму. Ля опернага тэатра адкрыты помнік Максіму Багдановічу.

1982

Адчынены тэатр-студыя кінаакцёра.

1983

Пачаў дзейнічаць аўтавакзал “Усходні”.

1984

Першы рэйс электрапоезда Мінскага метрапалітэну. Мінскі трактарны завод выпусціў двухмільённы трактар.

1985

На праспекце Машэрава адкрыты манумент “Мінск-горад-герой”.

1986

Збудаваны Палац моладзі і школьнікаў на Камсамольскім возеры. Першы спектакль паказаў Дзяржаўны маладзёжны тэатр Беларусі.

1987

На беразе Свіслачы адчынена 23-павярховая гасцініца “Беларусь”на 1000 месцаў. Распачаў дзейнасць тэатр-студыя “Дзе-Я?” ( цяпер – Новы драматычны тэатр Мінска).

1988

Мітынгі ў памяць сахвяр сталінскіх рэпрэсій. Выйшлі першыя нумары маладзёжнага часопіса “Крыніца”і часопіса “Беларуская мова і літаратура ў школе” (“Роднае слова”). З канвеера ВА “Гарызонт” сышоў 10-мільённы каляровы тэлевізар “Гарызонт Ц-355”. Адкрыты комплекс для правядзення міжнародных выстаў.

1989

Міжнародны аэрапорт “Мінск-2” прыняў першых пасажыраў. У выдавецтве “Юнацтва” выйшла 100-мільённая кніга. Пачаў выходзіць часопіс “Спадчына”.

1990

Выйшаў першы нумар “Народнай газеты”.

1991

Мінск становіцца сталіцай суверэннай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь. 8 снежня ў Траецкім прадмесці адчынены літаратурны музей Максіма Багдановіча. Заснаваны Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны і Акадэмія кіравання. Мяняюцца назвы: плошча Леніна робіцца плошчай Незалежнасці, праспект Леніна – праспектам Ф.Скарыны, вуліца Рэспубліканская – Гарадскім Валам.

1992

Заснаваны міжнародны экалагічны універсітэт імя А. Сахарава. Вуліца М. Горкага перайменавана ў вуліцу М. Багдановіча.

1993

Адкрыты помнік Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесці. Пачала дзейнічаць другая лінія метрапалітэну. Адкрыўся Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

1995

У Мінску створана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь.

1996

Збудаваны мемарыяльны храм-помнік на Востраве мужнасці і смутку ў Траецкім прадмесці “Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі”.

1998

Пабудаваны Лядовы палац.

1999

На беразе Свіслачы ўстаноўлены помнік А.С.Пушкіну, дар Мінску ад расійскіх уладаў.

2000

Адкрыццё новага будынку Мінскага вакзалу. Завершана будаўніцтва Палаца рэспублікі.

2001

26 чэрвеня зацверджаны Устаў горада Мінска.

2002

28 сакавіка пачата рэканструкцыя плошчы Незалежнасці. 13 верасня на плошчы Свабоды пакладзены першы камень і капсула са зваротам да нашчадкаў у падмурак Мінскай ратушы. На скрыжаванні вуліцы Арлоўскай і праспекта Машэрава пачата будаўніцтва першага ў рэспубліцы аквапарку. На скрыжаванні вуліц Няміга і Раманаўская Слабада адкрыты помнік Адаму Міцкевічу.

2003

Адноўлены будынак Мінскай ратушы.

2004

Адкрыта мемарыяльная дошка на доме, дзе жыла Леся Украінка. Распачаў першы сезон Драматычны тэатр беларускай арміі.


Загрузка...