Гэта мне не інакш нагадана бясконцым, амаль эратычным рухам і жарсцю няспыннага гону легкавікоў. Яны, амерыканцы, зноў жа, таксама ездзяць не па-нашаму. Вучыць і вучыць іх трэба. Бягуць шчытнымі шэрагамі, як рымскія легіянеры, закаваныя толькі ў метал ды на гумавым хаду. Пруць, нібыта крыжаносцы на Чудскім возеры. Па-вайсковаму, не парушаючы палоснасці, паслухмяна спыняюцца пад чырвоным вокам іх дзыбатага камандзіра. А як толькі тое вока падміргне ім, зноў жа паслухмяна і цішком кідаюцца ў эратычныя гоны і бегі, у адной звязцы.

Не, нашыя не такія. Мне нязвыкла. Нашыя, калі едуць, то даюць куродыму. Літаральна, без дурняў, даюць куродыму і дразда на ўсю Іванаўскую. І з дымам, гукам і рыкам, нават мацерным. Але ўсё гэта, прабачце, ці не сённяшняя памінальная абстракцыя ўжо, бурклівасць, а мо і асінавы кол свайму мінуламу, што грэшна. Грэшна таптацца на былым, на магілах і танчыць там, ладзіць гулі, скокі, казіно, ядальні, расперазвацца чэравам, падобна «Поедем поедим» у Курапатах. Адрыгнецца, бокам выпрэ, кутніцай, кілой і ракам да дзявятага калена будзе караць манкуртаў і зомбі, сугнееў і злыдняў, забыўшых сябе, зняважыўшых памяць нябожчыкаў, продкаў, бацькоў.

Застаюцца адзаду, змяняюцца, адбягаюць і зноў набягаюць амерыканскія авеню, стрыты і пранумараваныя, як у нас нумаруюць казённую мэблю, нерухомасць, нью-ёркскія вуліцы. Так, як мы ідзем, заяц скідвае петлі, кругамі ходзіць воўк, кружыць коршак над сялянскай сядзібай у пошуках спажывы. Такая ўжо звярына-птушыная доля шпіёнская - воўка кормяць ногі. Хаця, гавораць, сёння сэнсу шпіёніць, біць ногі і тлуміць галаву - нуль цэлых і нуль дзясятых. Усё на слыху, усё на бескасцёвым языку, мове газет, радыё і тэлебачання: бла-бла-бла. Усё ўжо прашпіёнена, на блакітным сподачку, усяму свету па сакрэце абвешчана. Выведана, як на Айчыне, украдзена. Але раскрадзена то раскрадзена, а крадуць. Нешта, значыць, застаецца. Невычарпальны айчынны самабраны абрус. І сярод шпіёнаў і выведкі беспрацоўных няма. Хутчэй наадварот, як кажуць, былых разведчыкаў і кадэбэшнікаў не бывае. Усе пры справе, пад крылом дзяржавы. Бо за сваімі вока і вока трэба мець і мець. Хаця б дзеля ўведання, дзе што ляжыць ці стаіць, каб самім скамуніздзіць. Вока і адвечнае паганяла заўжды трэба мець, а то і хрэн за мяса перастануць лічыць.

І вось ці не тут той заўсёды зламысны сабака закапаны: як пры такім воку, наглядзе, такой незлічонай раці вартаўнікоў прашляпілі, прагледзелі не што-небудзь дробненькае, а краіну, дзяржаву. Адну шостую частку свету. Няйнакш памаглі самі вартаўнікі разам з крамлёўскай хеўрай. Як гавораць, хто на чым сядзіць, хто што вартуе, той гэта і крадзе.

Мэдысан авеню, пятая авеню, Цэнтральны парк паміж імі, Тайм-сквер, Эмпайр Стэйт Білдынг, Брадвей - усё змяшалася ў беднай галаве палешука. Хаця Брадвей з гэтай мешаніны выбіваецца. Надта ж на слыху паўсюль. Выбітны працягласцю - дваццаць пяць кіламетраў, чвэрць даўжыні Сталінграда ці Валгаграда, як наша, па асацыяцыі і блізкасці па назве Даўгабродская. Была колісь Даўгабродская, перайменавалі ў Казлова, і стала Казлабродская. Але паміж нашым Казлабродам і нью-ёркскім Бро­дам, амаль адэска-бабруйская розніца. Іхні Брадвей і непадалёку ад яго Ўол-стрыт, апендыкс, накшталт нашых кароткіх Сацыялістычных тупікоў. А тут сусветная знакамітасць, прыстанішча разбэшчаных лайдакоў, музей і выстава ўолстрытаўскіх банкаў, банкіраў, мільёншчыкаў і мільярдэраў, якія, небеспадстаўна пагаворваюць, і ходзяць не па асфальце, не па бруку, а па алмазах і брыльянтах - чаму ў іх вечная патрэба абутку, падэшвы туфляў не трываюць у бедных і няшчасных. Імгненна зношваюцца ўшчэнт на алмазах бруку.

І сапраўды, бедныя і няшчасныя тыя, каго я бачу цяпер на Ўол-стрыце. Ніколькі і нічым не выдаюць на багацеяў. Ідуць не надта вялікімі купкамі. Як пазбягаюць і староняцца адзін аднаго. Крочаць лена і, як мне здаецца, разморана, нібыта апоўдні ў сонечным зацішку ці ў надвячоркавым спакоі каровы з пашы, раскарачаныя ад лішку малака ў вымені, - ледзь жуйку не жуюць. Туфлі не зношаныя, апрануты, падобна, беднавата, але чысценька, па-старэчы чысценька, дагледжана. Падэшвы спраўныя, а твары ўжо добра зношаныя, пабітыя ці то моллю, ці то ўзроставай грэчкай, іржой.

Неяк да гэтага я бачыў, як па Ўол-стрыце і Брадвеі шпацыравалі зусім іншыя людзі. Маладыя і падцягнутыя, мадняцкія, з іголачкі апранутыя, так што і пылінкі на іх не было. Сапраўдныя янкі ці дэндзі-мільёншчыкі і мільярдэры. Але мне патлумачылі, што гэта простыя банкаўскія служачыя, клеркі. А папраўдзе міліянеры і міліярдэры вось такія непаглядныя і каржакавата затруханыя - старыя казлы. Сціплыя і ціхія амерыканскія Альхены - як расійскія Абрамовічы ды Гусінскія з Беразоўскімі. А не­паглядныя таму, што няма чаго на іх глядзець. Глядзіце на іх даляры. І я і думаць не мог, што сярод іх ёсць нехта з ЦРУ ці ФБР, якія цікуюць за мной і куратарам, амаль ужо сапраўднымі, спрактыкаванымі працаўнікамі мяча і шчыта.

Зусім іншая справа і карціна чакала нас у Цэнтральным парку Нью-Ёрка, вельмі дагледжаным і напакаваным маладым і спартыўным людам, белым і чорным. Не мітуслівым, не гаманкім, сур’ёзна і працавіта адпачываючым. Адны палёжвалі на зялёнай траве-мураве пад шатамі задумліва-шапаткіх дрэваў. Другія ўдумліва тапталі шматлікія сцежкі, гонячыся за доўгажыхарствам і здароўем. А той-сёй, хлопец і дзяўчына, накаціста імкнулі ў мінулае, а мо і будучае на старажытных амерыканскіх паштовых дыліжансах, карэтах і кабрыялетах, запрэжаных двума ці нават тройкай конікаў. Што было незразумела - паўсюдная адсутнасць шыльдаў нашага паркавага і скверавага кшталту: праход забаронены, па клумбах не хадзіць, кветкі не рваць, на траве не ляжаць, ды іншых. Як, дарэчы, на ўсім нашым шляху па Нью-Ёрку нас ні разу не загналі пад зямлю, ні адзінага падземнага пераходу, што так люба Айчыне. Псіхалогія.

І ці не тая ж псіхалогія ўладарыла ў парку. Дваццаць першае, хаця яшчэ дваццатае стагоддзе вытыркалася, паказвала свой твар, настальгічна плакала і смяялася сярод аціхлых дрэваў, бесклапотна, але сур’ёзна занятых адпачынкам у выходны дзень людзей. Я мімаволі страпянуўся і паплыў, паплыў у свой пачатак, у сваё хаця і дзетдомаўскае, але светла- бестурботнае галапузае дзяцінства.

Было падобна, што мяне падымалі і неслі. Трубныя архангелаў і анёлаў гукі, чыстыя гукі мінулага і будучага нараджаліся і пачыналіся не з зямлі, а з неба. Павольна слізгацелі, хмарава луналі ўгары, дасягалі долу. І, няздольныя справіцца з чысцінёй, напалам і ўзнёсласцю, прападалі, хаваліся ў вушастых медных капялюхах раструбаў духавога аркестра. Ганарліва наструненых шляхетных горнаў і падтакваючых ім падбрэхічаў альтоў, па-вясковаму задумлівых няспешных і памяркоўных тэнараў, усёпераможных і ўпэўненых у сабе брухатых басоў. І зноў аказвалі сябе ўвайшоўшыя і адразу ж вызваленыя з металу. Захоўваючы нябеснасць, залатымі зайчыкамі, што вольна разбягаліся паўсюль, палюбоўна дападалі да лістоты, шатаў і макавак дрэваў, ператвараючыся ў аціхлых на тую хвіліну хуткіх крыламі птушак. Галосячы іх боскімі спеўнымі галасамі, якія ўхвальна слухалі, звесіўшы галовы ўніз, хвастатыя - распушаным хвастом у неба - вавёркі.

Гэта была застыглая, затоеная ў часе музыка таго местачковага дзетдома, у які я трапіў. І, пэўна, не толькі дзетдома. Аркестр духавой музыкі прабегся па лёсе ці не ўсяго майго казённага і хатняга пакалення:

В городском саду играет духовой оркестр,

На скамейке подсудимых нет свободных мест...

Ці не гімн гэта маленства, сталення самога майго, нашага некалі былога часу, калі па ўсіх парках, скверах, на ўсіх танцпляцоўках ігралі ў большасці толькі духавыя аркестры, праз млявую тамлівасць якіх дзяўчыны станавіліся жанчынамі, а падлеткі, юнакі - мужчынамі.

І мяне па прыездзе ў пасялковы дзетдом сустрэлі і ацанілі - да якога духавога інструмента я прыдатны.

- Труба, - мовіў хтосьці з купкі сустракаючых.

- Не, губамі не выйшаў. Таўставатыя.

- Тады бас.

- І тут не падыходзіць. Танкаватыя.

- Тады ні на што не годны. Ні ў кутніцу, ні ў Чырвоную Армію.

Як у ваду глядзелі. Непрыгодны я быў да музыкі і музыкаў, як і да Чырвонай Арміі. Не было слыху. Строем не здольны быў хадзіць і каманды не разумеў: як гавораць - сена, салома. А сама музыка чаравала. Абуджала. Нешта накшталт коціка ці злодзея, духоўнага злодзея, мімаволі пранікальнае ў чалавека. Так яна ўзяла і маіх дзетдомаўскіх хаўруснікаў. У пасёлак прыйшла разам з войскам, што на нейкі час спынілася і квартаравала там. Войска мела свой духавы аркестр, гукі якога імгненна спустошылі дзетдом. Вайсковыя музыкі, уражаныя апантанасцю захаплення зусім не дзіцячых вачэй, што спазналі вайну і смерць, вырашылі падарыць ім свае інструменты, самім жа на вайну пайсці паміраць без музыкі. Пакінулі ў памяць пра сябе палескім сіротам свой трафейны духавы аркестр і тым адным з іх прызначылі будучы лёс, другім жа - проста магчымасць нечым заняцца. Зарабіць на курыва ці цукерку, правесці свайго ж равесніка пад крыж на местачковыя могілкі ці на станцыю да цягніка. У самастойнае жыццё.

Неба цешыла, лагодзіла сябе і людзей музыкай, жывым і рухомым ды­ханием і духам свайго жытла, невычэрпным, неабсяжна вялікім і велічным, што абдымкава прыпадала, паланіла і песціла ўсё існае на матухне Зямлі. Абуджала яе ззянне, прамяністасць яе блакіту, патрабуючы ў адказ таго ж самага. Такой жа ласкі, пяшчоты. Каб там, дзе гэтае зямное і нябеснае сыходзіліся, зачыналася вясёлка, што каляровай музыкай ахоплівала і агучвала, асвячала неабсяжную бясконцасць нашага будучага, у якім не зводзіўся б дух і дыханне той жа музыкі, каб чалавек назаўжды стаў носьбітам, суседам, жытлом, захавальнікам вясёлкі, струннай яе музычнай цноты.

Не, толькі дзеля гэтай сустрэчы ў Цэнтральным парку чужой, а мо і не надта прыязнай краіны варта было пайсці ў шпіёны, пагуляцца, як у маленстве, з небам і зямлёй. Хаця духавы аркестр тут быў зусім гукава і знешне нават не падобны да нашага дзетдомаўскага. Яднальнымі заставаліся толькі захлісты і захлынанні знаёмай, роднай мне радасці і скрухі, стоенай у ім. Узнёсла чыстыя і бязмежна кранальныя, без фальшу. Ігралі ўкраінцы. Маладыя ружовашчокія твары парубкаў, а каля іх - кроў з малаком маладзіцы. Стракатасць вышыванак, сарочак, паясоў, запарожскія чубы, вусы і бездакорна бліскучая, зіхатлівая медзь інструментаў - не інакш, як і мы, крэйдай драілі і суконкай паліравалі. І дыхалі, дыхалі на іх, дыхам сваім надавалі спеўнасці ім.

Амаль нашы людзі, суседзі з Нью-Ёрка. Нашы, але зусім не нашы. Мяне яшчэ раней папярэдзілі, каб я, крый Божа, не загаварыў каля іх на рускай мове. У лепшым выпадку зганяць і затуркаюць. А то і пабіць могуць. І я быў хаця і сярод іх, але стоена, маўкліва, як сапраўдны шпіён і паляшук - толькі вачыма, вушамі і крыху сам не ведаю чым, мо сцішанасцю, нібыта пры ўваходзе ў бацькоўскую хату пасля доўгай разлукі, дыхання.

Сярод іх, пэўна ж, былі і службоўцы, звязаныя з ЦРУ і ФБР. Няма вяселля без нячысціка, чорта і дзіва. Былі, я ўпэўнены, бо ці не ўсе хахлы зацятыя не толькі ў працы, але і ў службе. Толькі я быў супраць гэтага, так ужо выхавалі, нягледзячы ні на што - здрады, ссучанасці мы не трывалі. Ледзь што, адразу ж ладзілі цёмную. Мо таму з мяне такі няўдалы шпіён, ці то мы, палешукі, увогуле як шпіёны нікуды нягодныя. Ці то ўсе шпіёны за намі ў нядзелю звяліся, ні ЦРУ, ні ФБР мышэй не ловяць. Крыўдна нават. Гады ў рады выправіўся бедны паляшук у шпіёны, і тут яму не шанцуе. Так ужо нам наканавана.

Але ж у Цэнтральным парку, непадалёк ад украінскіх музыкаў, здаецца, пашчасціла. Знайшоўся такі-сякі, падобна фэбээравец ці цэрэушнік, хаця і чарнаскуры. Адліты з ваксы, адны далоні і зубы блішчаць, паказальна мажны. І крошкі сабраў - шпіён. Асабліва ўначы пры месяцы, ды і ўдзень жа чорнае парушыць і засціць вока. Я прыкмеціў яго яшчэ раней, ці то на пятай, а мо і на шостай авеню. Ён цягнуўся следам за намі, маім куратарам і мной, спыняўся, калі спыняліся мы. Пільна прыглядаўся да тых, хто крочыў побач з ім, у тым ліку і да нас, маскіраваўся цікаўнасцю да сметнікавых урнаў.

Тут варта адзначыць, што амерыканцы ў вулічным абыходку не надта ахайныя. Як знарок, смецце стараюцца кінуць міма сметніцы, амаль як і мы. Лічаць, чыста там, дзе прыбіраюць. І ўначы Амерыка прыбірае ўсё дзённае. Але пасля дажджу асфальт каля урнаў і самі урны расцвітаюць, нібыта клумбы, кінутымі зламанымі, а часам і спраўнымі парасонамі. Амерыка, як кажа шафёр нашага прадстаўніцтва. Яе б на Палессе ці ў Мінск, мы б навучылі хаця б парасоны паважаць і свабоду любіць.

Негр не абыходзіў ніводнай сметніцы, корпаўся, нешта вышукваючы ў іх, але парасонамі відавочна грэбаваў.

Ён неадступна следаваў за намі па авеню, стрытах і ў Цэнтральным парку. Украінскіх музыкаў абачліва мінуў бокам, мо быў расійскім неграм? Затрымаўся, распужаўшы на дрэвах вавёрак. Прымусіў іх ваяўніча, трубна ўскінуць угару іржавыя хвасты. Схаваўся ў маладым падросце кустоў. Доўга корпаўся там і нешта мармытаў. І зноў крочыў за намі. І я пры першым жа сутыкненні з куратарам на межава сярэдзінным падзеле нейкай авеню ці стрыт, наструнена, як наш разведчык Абель і амерыканскі шпіён, лётчык Паўэрс на мосце пры двухбаковым узаемаабмене імі, падаў яму знак. А пры непасрэдным кантакце паведаміў:

- Ёсць падазроны. Нас вядуць. За намі сочаць.

- Хто? - амаль радасна выдыхнуў куратар, бо, пэўна, абрыдла зацягнутая і без перашкодаў гульня ў выведку. Я кіўнуў яму на негра, які на той момант прыпаў да сметніка, нешта ўсё ж дастаючы адтуль і хаваючы ў добрых памераў цэлафанавым пакеце.

- Не. І блізка не, - астудзіў маю пільнасць куратар. - Звычайны гарадскі валацуга, бяздомнік, бомж. Такіх на свеце пятнаццаць адсоткаў - ніколі не рабілі нідзе і рабіць не будуць. Бачыш - бляшанкі алюміневыя збірае з-пад “кока-колы” і “пепсі”, як нашы бамжы пустыя бутэлькі, а яшчэ і ўкрадзе што-небудзь.

Як у пацвярджэнне гэтага, міма нас пратупацеў яшчэ адзін негр: размахваючы ці не японскай сталі дарагімі нажамі з крыкам, які мне пераклаў куратар:

- Танна, таму што крадзена. Танна. Таму што крадзена.

- Во, бачыш, - зноў жа радасна мовіў куратар, - самыя звычайныя дармаеды.

І мы патэпалі далей.

А сёння я ў одуме пра тыя пятнаццаць адсоткаў амерыканскіх дармаедаў. Абкласці б іх падаткам на дармаедства - азалаціліся б. Акрыяла б адразу дзяржава, забагацела. Няма на іх нашых правадыроў, эканамістаў і мысляроў. Атамныя станцыі будуюць.

Так ішлі мы, ішлі чужым сонцам смаленыя і апечаныя. Хаця гэта мне ўжо абрыдла. Але ж беларускія, палескія шпіёны трывушчыя і цягавітыя. Як пра нас, паляшукоў, кажуць: такія ж людзі, толькі са знакам якасці. Кожную справу даводзяць да заканчэння яе ці сябе. Выжыльваюцца да апошніх гізунтаў - пакутнікі часу, гісторыі, мо таму і пазбаўленыя зямлі, мовы і ці не імя. Адным словам - беларусы.

Недзе, мо на Тайм-скверы, маладзенькія амерыканскія прыгажуні, пяць-шэсць дзяўчатак школьнага ўзросту, даволі спрактыкавана, з зусім не падлеткавым веданнем справы круцілі яйцы прэзідэнту Рональду Рэйгану. Рэйган быў кардонны, з пап’е-машэ, але зроблены грунтоўна, пераканаўча натуральна, як усё, пэўна, у Амерыцы. На ўвесь свой, а мо трошкі і падбольшаны рост, з традыцыйна-прытворнай усмешкай на пародзістым твары. Смяяліся дзяўчаты і з асалодай, нібыта гэта адбывалася на самой справе, жмурылі вочы і падміргвалі прахожым, у тым ліку і нам.

Сярод іх ужо дакладна не магло быць шпіёнак, не той профіль. Але не той, не той, а з другога боку бывае, што і палка страляе, і дзеўка раджае. Варта толькі ўзгадаць зноў жа Марлен Дзітрых, Мата Хары, Како Шанель, баранэсу Будберг ды і выбітную акторку трэцяга рэйха рускую Вольгу Чэхаву. Нічога ўжо не кажучы аб прафесійных куртызанках старажытнасці і нашых дзён. Ці не таксама ж яны круцілі яйцы выведкам усяго свету.

А сапраўднага цэрэушніка ці фэбээраўца, як паведаміў мне мой вядучы, я правароніў. І што тут дзіўнага і нават крыўднага. Мусіць, таму, што быў ён надта ж кідкі, сам прасіўся ў службоўцы мяча і шчыта, у нашу Лубянку. А я паўдня вочы праглядзеў, выдзіраў, шукаў яго, нібыта тую сякеру пад лаўкай.

Упершыню ён намаляваўся перада мной пасля памылкі з неграм. На самой справе намаляваўся, карцінна стоячы на пешаходным пераходзе, круцячы галавой, як певень на плоце, толькі без кукарэку. А так певень і певень, сам паглядны, фігурысты і нават гожы, кідкі, нецярпліва рухавы сярод спакойна і сціпла паводзячых сябе прахожых. Я яшчэ падумаў, чаго выдзыгаецца чалавек такога сталага веку, высакародна пасярэбраны, сівых у плаціне доўгіх валасоў, што выбіваліся з-пад шырокаполага стэтанаўска- каўбойскага капелюша. Магнітны быў чалавек. Чапляў вока відавочнай прыналежнасцю да адмысловых службаў. Я мімаволі заглядзеўся на яго і мо таму страціў пільнасць і нюх.

Наступным разам ён кінуўся мне ў вочы пасля таго, як мы пакінулі Цэнтральны парк. Куратар, пэўна, каб збіць з тропу тых, каму быў цікавы, забег у краму грузіна Жоры, які гандляваў электронікай па даволі танным кошце. Оптам пастаўляў яе і ў наша прадстаўніцтва. Я бываў у яго краме і раней разам з куратарам і здзіўляўся, да чаго ж яны знешне падобныя, грузін і беларус, як аднаго замесу і заводу.

Абодва аднаго росту і аднолькава плячыстыя. Любяць гаварыць рукамі, жэстам. А галоўнае, як грузінскія вочы падобныя да паляшуцкіх. Чмяліна-жывыя, з іскрынкай, каляровым бляскам, хуткія, прыязныя, але выпрабавальна-абмацваючыя субяседніка. Па ўсім, Жорава электроніка была выдатнай якасці і вельмі чуйная. Жора ведаў усе маючыя быць падзеі далёка наперад. Цяпер жа ён, як сказаў мне куратар, паведаміў яму, калі мы паляцім з Нью-Ёрка дамоў, што нам яшчэ было і блізка невядома.

Я ж паказаў куратару чалавека, які нецярпліва наразаў кругаля каля крамы:

- Другі, нават трэці раз бачу яго, ці не ад самага Цэнтральнага парку ідзе па нашым следу.

Куратар наўскідку зірнуў у яго бок і прызнаў, пэўна: свой сваяка сапраўды бачыць здалёк.

- Ён! Чаго раней маўчаў?

- Не мог паверыць, надта ж усё проста і відавочна.

Я ўперыў вочы на выкрытага ўжо. Той адчуў мой погляд і, не хаваючыся, падміргнуў мне. Але я ўсё яшчэ не мог даць веры, што і наша цяля можа воўка злавіць, і калі не з’есці, то добра пакусаць. Амерыканскі шпіён, наглядчык, мо таму, што я яго прыкмеціў і разгадаў, падабаўся мне. І чым далей, тым болей. І во дзіва, ці не ведаў я яго раней, здаўна, на Радзіме яшчэ. Бачыў у замежных амерыканскіх кінастужках. У вестэрнах. Ягоная постаць нібыта сышла з экрана каўбойскага фільма, якія на тую пару палюбіў і адзіна мог глядзець з замежнага і айчыннага кіно.

Жывы каўбой, вясёлы і лагодны, толькі без каня, стрэльбы і пісталетаў, і не ў саване ці ў прэрыях, каля салуна стаяў на бруку шматмільённага горада, сучаснага Вавілона. Блакітнаджынсавы, у каўбойскім абутку, у чаравіках з доўгімі халявамі ці чобатах на высокіх абцасах з меднымі, накшталт сапраўдных шпор, набойкамі быў яўлены мне. А куратар даводзіў да мяне азы выведкі:

- Каб ведаў, наружка не заўсёды вядзецца скрыта. Бывае і выклікальна адкрытая. Таптун знарок падстаўляецца, каб нерваваць, выклікаць разгубленасць і давесці да глупства, самавыкрыцця аб’екта назірання.

Я не адгукваўся на яго словы і не пярэчыў яму. Засмучала іншае. Мне было крыху непамысна ад таго, што сучасныя каўбоі пайшлі ў звычайную выведку, у шпіёны. Кіношная і кніжная памяць дзяцінства пра іх абуралася і пратэставала. Нешта ўсё ж было ў ёй мройнае, дзіцяча-жаданае пасля маёй мары пайсці ў шпіёны. Ці не трапяткое нават. Нешта карэнна- знаёмае, побытава-роднае. За чым цьмяна праглядваліся з тла пражытага піраты, гуліверы, ліліпуты, следапыты, фіністы ясныя сокалы і, безумоўна, амерыканскія індзейцы, нечым падобныя да палешукоў, якімі нас яшчэ са старажытнасці лічылі ў адукавана цывілізаваных краінах.

Я амаль уяўна адчуваў, як прачынаецца і мацнее, смыліць, трашчыць і рвецца мая заскарузлая ў гадах, у наплывах дробязяў жыццёвай мітусні памяць. Зносіла вечка, зрывала дах. Таму што пад імі хавалася зусім іншае жыццё, летуценна і мройна набытае ў асляпляльным горача апечаным і асвечаным маленстве, у якім я няздольны быў прырасці да гэтага свету, быў прыхаднем з іншых светаў. Светаў Вальтэра Скота, Фенімора Ку­пера, Янкі Маўра, Якуба Коласа. Хаўрусаваў у краіне райскіх птушак з палескімі рабінзонамі, апошнім з магікан, вершнікам без галавы, Зверабоем і Фіністам - Ясным сокалам.

Усё змяшалася і скруцілася, збілася ў славуты паляшуцкі каўтун у дрыгве і багне родных балотаў, бароў, дуброў і гаёў - на пашчапаным сякерай бацькоўскім парозе. У вар’яцкім бегу пазначанага мне цягніка да прызначаных мне, загадзя расстаўленых вакзалаў. Але мая дарога са стралою пракладзенымі сталёвымі рэйкамі маёй будучыні, падобна, недзе падманула мяне, пацягнула ці не ў тупік. Паманіла, пацвяліла, захапіла - кінула чыгуначным металёвым башмаком пад колы вагона на чужой, адчужанай ад мяне станцыі новага Вавілона, у якім я раблю шпіёнам, дзе мне наканавана ўсё ж сустрэцца са сваім паляшуцкім дзяцінствам, зачараванасцю жаданых, але схаваных ад мяне светаў. Спатыкнуцца, як некалі на родным балоце таксама не чужым мне пасланцам іншых зямель - камені майго жыццёвага і пажыццёвага спатыкнення.

Каўбой пры ўсёй яго кіношна-амерыканізаванай каўбойскасці на самой справе нечым быў падобны да індзейца. Індзейца і каўбоя мінулага кіно. Не сённяшніх крывавых баявікоў Галівуда і не менш крывавых расійскіх бандыцкіх мыльных серыялаў, што апанавалі не толькі тэлескрыні, а ўвогуле мастацства - і кіно, і літаратуру. Дух і дых культуры. Збілі з панталыку і тропу піпл. Калялітаратурныя незадаволеныя дамачкі-пісучкі і такія ж пісукі мужчынскага роду адчулі, ўзялі след халяўна-кіношных дэтэктыўных грошай, і адзін за другім кляпаюць дэтэктывы-сцэнарыі з выкарыстаннем фрэйдаў сучаснага псеўда-псіхааналізу раман за раманам: хавай, быдлячы піпл. Ці не таму, што сустрэлася штосьці знаёмае па былым яшчэ сапраўдным мастацтве і жыцці, вяртанне колішняга вестэрна і каўбоя, хаця і шпіёна, мне здаліся добрым знакам, што неўзабаве ў нейкім родзе і пацвердзілася.

- Ну, што ж, - мовіў куратар, нязводна гледзячы на таптуна-каўбоя, - калі танцаваць, дык і кружыцца. У адкрытую дык у адкрытую. Пагуляем, паглядзім, чые нервы мацнейшыя.

І пачаліся іх танцы і гулі. Куратар амаль рэверансна, як кавалер барышню, запрасіў свайго ворага на першы круг - танга, вальса, румбы? І той з нізкім прыседам, толькі не махаючы насоўкай, прыняў запрашэнне. Куратар павярнуўся да мяне, загадаў:

- Чакай мяне тут.

І пайшлі яны, як шэрачка з машэрачкай, пругкай моладзевай хадой па абыякавым да іх гульняў і танцаў Вавілоне. Горад жа, пэўна, ужо даўно прывык да шпіёнскіх відовішчаў, не замінаў і не пярэчыў ім: чым бы дзіця не цешылася, абы грошы плаціла..

Да мяне куратар вярнуўся недзе праз гадзіну. Цэлы, з непашкоджаным тварам і з нерасхлістанай вопраткай. Прыехаў на таксі. Я не стаў пытацца, куды ён падзеў свайго паплечніка. А “Нью-Ёрк таймс” у бліжэйшыя дні нічога не паведаміла пра безыменных нябожчыкаў, трупы якіх знойдзены ў новым Вавілоне.


Набліжалася завяршэнне маёй шпіёнскай кар’еры. Мы падышлі да самага звычайнага, у некалькі паверхаў будынка, мо, у параўнанні з іншымі, і непагляднага. Яшчэ не заходзячы ў сярэдзіну яго, вонкі, на вышараваным шампунем асфальце я адчуў, як нешта незразумелае, не датычнае маёй шпіёнскай работы пачало лёгенька ды з усіх бакоў ахопліваць мяне, нібыта мякка воглы і ласкава цёплы павеў ветру птушку. Мозг сярод дрымоты страпянуўся, як пад першым сонечным чырвоным, але халаднаватым пром­нем, нібыта сонца пазяхнула абяцаннем цёплага дня. І птушка пазяхнула ў адказ, і я пазяхнуў нечаму ці некаму, што спачатку неадчувальна, але ўладна, ціхмяна абвалоквала мяне.

Хтосьці незнаёмы, а мо і наадварот, добра знаны, прачынаўся, выдаваў сябе ў чужым замежным горадзе, краі. Прачынаўся, пацягваўся, абдымаў і абдаваў мяне забытым дыханием роднай бацькоўскай хаты, прапаленай пад хлеб ці грыбы печы, цьмянай прахалодай сенцаў, сырадоем хлява са сцельнай будучым цялём каровай. Прадчуванне цягавітасці і непарыўнасці жыцця, яго голасу, што падавалі бёрны, насычаныя жывіцай, не падсочаныя бёрны адгукаліся ранку, сонцу і пачатку новага дня, дыхалі борам у хаце і па-за хатай, дыхам стоеных у шчылінах іх цвыркуноў.

Гэта было дыханне спрадвечнага жытла, кублішча. Дыханне кніжак, што ў маленстве ўвайшлі ў мяне першай літарай і радком, а потым пяцісотстаронкава ўдзень, якія я праглынаў, еў, еў, ды не насыціўся, не даеў. Дыханне незабыўнага і нязбыўнага. Вечнай прагі маладога і сталага пазнання, падарожжа ў сусвет, космас і выведку. У ніколі недасягальную вабную краіну цудаў і таямніц.

Векапомная выведка сваёй і чужой душы, духу і дыхання свайго і чужога жыцця. Пранікнення ў іх патаемнасць. Вечнае змаганне жывога з нудой, мітуслівасцю побыту, з засцяроджанасцю вечнасці.

Але разам з гэтым нешта ў кніжнай краме не толькі ўсцешвала. Але і насцярожвала. Нешта не зусім здаровае, гарачкава-хваравітае хавалася на маўклівых паліцах з рускамоўнымі творамі. Нешта вычваралася там нядобрае, пагрозлівае, сцята ўгневана папераджальнае. Я тады не зразумеў - што. Усе кнігі суладна дыхалі друкарскімі фарбамі, клопатам іх творцаў, вытворцаў, разняволенасцю моў і словаў, неаспрэчнасцю свінцовых набораў, шрыфтоў, як апошнім, дарэчы, кропкава дыхае куля. Гэта я зразумеў, уцяміў значна пазней. Але да гэтага яшчэ трэба было дажыць. А тады, увайшоўшы ў сярэдзіну памяшкання, да якога мы з куратарам дабрылі, я быў захоплены і ўражаны духам і дыхам жытла. Наскім, родным, ці, як гаворыцца, рускім, славянскім духам.

Кніжная крама, сусветна вядомая сапраўднаму чытальніку друкаванага слова: кнігарня Віктара Пятровіча Камкіна. Расійскага ў свой час чала­века, апантанага кнігамі. Былога белагвардзейца, калчакаўскага афіцэра, які пранёс сваю апантанасць праз моры і акіяны, праз вавілонскае рознамоўе. І калі ў свой час у Амерыцы пайшлі яўрэйскія пагромы, парадокс біяграфіі і часу, бараніўся партрэтам правадыра пралетарскай рэвалюцыі У.І. Леніна, выставіўшы яго ў вітрыне сваёй кнігарні.

Вось так забаўляецца з намі час, пасміхаецца рассеяние моваў і народаў. Слова і кніга - таксама выведка вякоў і на вякі. За якімі невядомая і неспазнаная намі вечнасць зямнога духу і жытла. З’яўлення нас і сыходу. І таму свае, непадуладныя нам гулі з сусветам. Часам суровыя і нават крывавыя, але ў працяг сябе. З усмешкай Джаконды, прароцтвамі Дастаеўскага, займальнасцю Вальтэра Скота і Майна Рыда, загадкавасцю Булгакава, светлым смуткам Багдановіча - з адчуваннем, прадбачаннем нас у стагоддзях, у якіх мы не будзем смеццем у нашых зямных Вавілонах, у часе, што займальна і, пэўна, крыху грэбліва і здзекліва выпрабоўвае нас, вывучае і выведвае. Смеючыся на ўсе зубы, шпіёніць за намі. Змяняе сэнс, змест і напаўненне нашых біяграфій, прыстасоўваючы іх да патрэбаў часу, свядомасці і сумлення ладаў эпохі і гісторыі. Наканаваныя нам спадарожныя цягнікі, супынкі і канцавыя станцыі і вакзалы прыбыцця.

У дадатак, як пацвярджэнне гэтага - нездарма мой куратар з Лубянкі падводзіў мяне да шыльды з назвай вуліцы імя Бонэр, жонкі бацькі вадароднай бомбы Андрэя Сахарава, які адразу пасля выпрабавання той бомбы прапанаваў М.С. Хрушчову бахнуць ёю па Амерыцы. Але потым стаў прызнаным светам пацыфістам, гуманістам, змагаром з савецкім ладам, як і яго натхняльніца жонка А. Бонэр. У пару ім і знішчальнік, руйнавальшчык злачыннага камуністычнага ладу, сістэмы Аляксандр Салжаніцын. У яго, безумоўна, векапомна выкрывальнай кнізе “Архіпелаг ГУЛАГ” у кнігарні Камкіна была схавана інструкцыя змагарнай дзейнасці з капіталізмам і імперыялізмам для куратара, абярэжніка нашых дыпламатаў у ААН, што словам змагаліся за гуманізм, супраць усіх апартэідаў, дыктатараў, выведак, падкопаў пад волю і свабоду. Я ж у той час, як і ўся наша беларуская, савецкая дэлегацыя, адстойваў волю і свабоду народа Нікарагуа, не надта нават ведаючы, дзе тое Нікарагуа, з чым яго ядуць. Даць ёй бы свой адрас і папрасіць пазмагацца за свабоду маёй роднай айчыны, Беларусі.

Мае ж адчуванні нейкай няўтульнасці каля паліц рускамоўных кніг у кнігарні Камкіна былі небеспадстаўнымі. Камкін абанкруціўся. Нашчадкі звялі ці не ўсе яго кнігарні. Але гэта бяда не толькі Камкіна - свету, часу, веку, што загуляліся ў выведку, шпіёнаў, захварэлі на шпіёнаманію. Бацылы, вірусы і мікробы гэтай хваробы прачынаюцца і набіраюцца моцы зусім не ў занядбаных цяпер кнігарнях, якія канаюць і ці не сканалі ўжо, бо ў іх знікае дух жытла. Знакі і знакі гэтаму ідуць даўно, няспынна і з усіх бакоў. Ды такія, што і казаць - дых перахоплівае. Знямець хочацца. Нездарма ўсё ж у друку там-сям, хоць і цьмяна, прагаворваецца, што Аляксандр Ісаевіч, аўтар “Гулагу”, - найвялікшага каменя спатыкнення эпохі і імперыі - быў звязаны з канторай глыбокага бурэння. Праходзіў у ёй пад прозвішчам Вятроў ці Ветраў.

Па якіх спіралях рухаюцца нашыя цягнікі, на якіх арбітах расстаўлены нашы вакзалы. Гэта, па словах У. Чэрчыля, “загадка, загорнутая ў сакрэт і запакаваная ў таямніцу”.

Што ж, дакладней не скажаш. Камень спатыкнення скалыхнуў мяне і загадаў загадку. На жыццё, якое загарнула мяне ў сакрэт, адгадку шукаў у макулатуры. Сакрэт не даўся. Толькі сам я пахіснуўся і няўзнак прыхінуўся да таямніцы. Выведкі таямніцы, якой я ўжо, пэўна, ніколі не спазнаю. Але ўсё яшчэ спадзяюся. Спадзяюся, бо гуляюся ў пазнанне. Наркаманія якога, наркаманія выведкі існай, паўсядзённай, святочнай, будзённай, прывіднай і міфічнай прымушае мяне быць у свеце, сярод падобных мне, чалавекам. І я іду, іду па сваім жа следзе праз камяні спатыкнення, па сцежках, барах і дубровах, багне і дрыгве дзяцінства. Па апякаючай і чаруючай нас памяці, прагі загадак, сакрэтаў таямніц, няхай і марна прывідных. Іду на чужыне і дома, па тым, што наканавана і загадана мне вечнасцю - быць шпіёнам, хаця на кожным кроку выракаюся гэтага. Толькі ў галаве трымаю: назіраць і бачыць, слухаць і маўчаць. Чым не наш з вамі партрэт, партрэт беларуса сёння.


Пціч, 21 чэрвеня 2018 г.

Загрузка...