У вянок Янку Купалу Вершы паэтаў Слонімшчыны


Гальяш Леўчык

На Купалле

Санет гэты прысвячаю Янку Купалу

Як ранак загляне з-пад летняе ночы

Ды сонейка згоне ўсе сумныя хмары,

Пайду я дзівіцца ў поле на чары,

Расою абмыю заплаканы вочы…

Пайду я ў вёску пад шэрыя хаты,

Увайду сабе ціха пад мховыя стрэхі,

І буду збіраці дзявочыя смехі,

І буду вясёлы, і рад, і багаты!

Ля збожжа, ля кветак, накрытых расою,

Пайду я да лесу зялёнай мяжою,

Пад голаў злажыўшы дарожны мой клунак,

На мох пад хваіну я там палажуся

І ціха за край свой тагды памалюся!..



Валянцін Таўлай

Памяці Янкі Купалы

Яго няма!.. А песні следам

Штогод — усё мацней звініць,

І сам ён — звонкая легенда,

Якой і рэху не абняць.

Паслухаеш — і сэрцу сцішна:

Мы не сустрэнем больш таго,

Хто Беларусь, як песню, ўзвышаў

І ў сэрца кінуў нам агонь.

Агонь, што саграваў у сцюжу

І разгараўся на вятрах

І сілы дадаваў, каб здужаць

З звяроў найбольшага звяра.

Мы зноў на бацькаўскім загоне,

Каля разбураных сядзіб

І пры Купалаўскім пантэоне

Ўсебеларускае зямлі.

І месцу, дзе тварыў Купала,

Здабылі права далажыць:

Навек з варожых генералаў

Сарваны пыха і крыжы.

Над Янкам хілячыся ў скрусе,

Клянёмся на яго труну:

Купалаў сон аб Беларусі

Ў граніт і бронзу апрануць.



Мікола Арочка

* * *

Чытае Купалу дзядзька Васіль…

Шумок аціхае ў зале.

А ў голасе —

Колішніх столькі сіл!

Стары ажывае ў запале!

Даўно не чытаў…

“Паміж пустак, балот…”

О, тайна старога кургання!

Хвалюеш, дзівуеш

Колькі ўжо год,

Заходзячы ў наша дыханне…

Радкі адстаяліся ў сэрцы даўно.

Вучыў іх за плугам. Свядома.

Калісь тут на ўскраі стаяла гумно.

І пахла ўмалотам салома.

А люду вячэрняга — больш чым снапоў

На даўнім бядняцкім току…

Рука, нібы ўзважвае золата слоў

І цэп уздымае высока…

Вяртае ўладна той час сюды

Ад плуга аратых, падпаскаў.

І вочы ўзбуджанай грамады

Вільготным запальвае бляскам.

Чытае Купалу стары малацьбіт.

А грудзі ўжо дыхаюць цяжка.

Ды чую, як гупае час-барацьбіт

Па мне і сягоння цяжка.



* * *

Я ўваходжу ў Купалаву раку —

Вочы ад глыбінь-віроў сінеюць.

Ёсць рачулкі:

Абмялеюць,

Стравянеюць…

Рэчышча Купалава —

На быстраку!

П’ю я,

Прыпадаючы нагбом.

Мне, нібы прычасце,

Віравая хваля,

Варажу над песні тайніком,

Як дзяўчаты колісь

На Купалле.

На быстрынь пускаю

Дум вянок:

Выплыве ці ўтопіцца?

Не знаю.

Нашы песні,

Кожны свой радок

Перад часам

Паўнаводдзем вашым вывяраю!



Алег Лойка

Сосны Купалы

Мы — сосны Купалы, з-над вольнай Арэсы,

Іван Дамінікавіч, дзе вы?

Чакаем, чакаем… О колькі абтрэслі

Шылля мы і шышак над светам!..

Чакаем…

Не нож нас падсочвае востры,

А жыць без цябе мы не можам:

З табой, для цябе ж мы шумелі, як сёстры,

Цяпер жа — і слова не зложым.

Ракеты, і лайнеры, і сцюардэсы,

І юркі між зор спадарожнік,

Ці чуеце, мы, з па-над вольнай Арэсы,

Чакаем Купалу трывожна!..

Няўжо нас за сёстраў ніхто не прымае?..

Няўжо болей вераць радарам?

Няўжо хоць адзін з іх, як мы, успрымае

Нячутных маланак удары?..

Няўжо і спапелімся дзеля прагрэсу,

А ты не захіліш, Купала?..

Мы ж — сосны твае, з па-над вольнай Арэсы,

Чаму ж не ідзеш, як бывала?

Няўжо, як і нас, і цябе, родны браце,

Адолелі дзесьці нягоды?..

Ды будзем чакаць мы, ды будзем чакаць мы

Заўсёды, заўсёды, заўсёды!..



На вуліцы Янкі Купалы ў Слоніме

Родны мой горад, спрадвечны горад,

Памяць чыя глыбей, чым твая?

Дай скалынуць твае радасці, гора,

Дай перажыць іх з табой удвая!

Госцем калі тут Купала быў:

Вулкі твае яго не забылі,

І ён жа іх, пэўна, нідзе не забыў.

Чуў ты біццё яго сэрца, горад,

Хвалямі Шчары думы ўздымаў:

Усю Беларусь абдымаўшы, як мора,

Ён і цябе, горад мой, абдымаў.

Бачыў ты погляд яго, цёплы, зоркі,

У сонца ўлюбёны, лён і зязюль,

Ціха каціў з заімжэлых пагоркаў

Горкай нядолі былое слязу.

Бачыў ты рукі яго, што павольна

Мглістасць расхінвалі па-над табой,

І святкаваў ты прыход яго вольны,

Слаўны за волю сваёй барацьбой.

Бачыў, як крочыў ён, каб не запляміць

Бруку каменьчык, муру парог —

У дзевяць стагоддзяў нямую іх памяць,

Годнасць, якую ты моўчкі збярог.

Бачыў, прайшоў ён сюдой, каб застацца

Подыхам, поглядам, слыхам зязюль

У шыбах, што светла дагэтуль свіцяцца,

І на каменнях, цёплых дасюль.



Іван Чыгрын

Янка Купала

Ён не любіў звяртаць на сябе ўвагі.

Не любіў гучных прамоў.

У прэзідыумах стараўся сесці збоку.

Меў многа прыяцеляў сярод простага люду.

Быў тыповым беларусам.

Стаў радовішчам чалавечай ласкі,

Ды гнёў яго цяжар вякоў.


Алесь Сучок

Яго песням век звінець

Прысвячаю Янку Купалу

Пра цябе не згіне слава!

Яна вечна будзе жыць.

Беларуская дзяржава

Будзе імем даражыць.

Палымяным, шчырым словам

Ты праславіў родны край,

І на роднай нашай мове

Да канца жыцця спяваў.

Твае песні засталіся

Для нашчадкаў на вякі,

І з народам так зліліся,

Сталі нам, як сваякі.

І да самае канчыны,

Колькі меў у сэрцы сіл,

Прысвяціў іх для Айчыны,

Для людзей, якіх любіў!



Сяргей Чыгрын

* * *

У Вязынцы светлай і блізкай

Ля траў і крыніц замру...

З песень Янкі Купалы

Саткана мая Беларусь.


* * *

Купляюць Джэка Лондана,

Стаяць у чарзе па Мапасана,

Гюго, Вальтэра, Дзікенса...

Запаўняюць кніжную паліцу

Творамі Маруа, Флабэра, Твена...

А я кожны дзень перачытваю Купалу —

Я пачынаюся з Купалы.

Загрузка...