Платон Галавач


ЯНЫ НЕ ПРОЙДУЦЬ!


"Загінулі жанчыны і дзеці. Іхная кроў, як чырвоны штандар бітвы, што заклікае да барацьбы, заве да помсты...

...Вораг паспрабуе яшчэ паўтарыць свае крывавыя подвігі. Але няхай! Мы раздавім яго і адпомсцім за ўсе нашы ахвяры...

...Лепш памерці стоячы, чым жыць на каленах!"


Даларэс Ібаруры (Пасіонарыя)


Калі поезд прыцішыў ход на завароце, Рыгор Каленік сышоў на самую ніжнюю ступеньку падножкі і скокнуў пад адхон у мякаць травы і красак. 3 акон і з дзвярэй вагонаў на яго пазіралі салдаты. Гімнасцёркі іхныя змятыя. Твары цёмныя ад укрыўшай іх шчаціны, ад пылу і загару. Стоячы ў траве на шырока расстаўленых нагах, Каленік крыкнуў салдатам:

— Бывайце, хлопцы, адзью...

Радасць бліснула ў яго вачах і кранула ўсмешкай патрэсканыя губы. Ён зняў з галавы шапку і замахаў ёю. Салдаты разам некалькімі галасамі крыкнул яму ў адказ і таксама замахалі з акон вагона шапкамі і рукамі. Грукат чыгунных каткоў заглушыў іхныя галасы. Узняты поездам пыл закружыўся над насыпам і засланіў іхныя твары. І як-бы на развітанне гукнуў паравоз, ускінуўшы ў неба цэлае воблака дыму. І усё знікла ў лесе. Непарушна ляжаў цэлай гарой жоўты гарачы пясок насыпу. Угары, на пяску, гудзелі яшчэ рэйкі. Зверху пякло ліпеньскае сонца. Каленік прыслухаўся да ціхага звону рэек, пасля зірнуў на свае боты, намерыўся сцерці з іх пыл, але пашкадаваў травы, густа перасыпанай краскамі, і не сарваў яе. Прыгладзіў узвіхраныя ветрам валасы, ускінуў на іх салдацкую казырковую шапку і пашоў наўпрост па сенажаці да лесу.

Яму сорак два гады. У яго дома старая маці і чацвёра дзяцей: тры сыны і дванаццацігадовая, самая старэйшая, дачка. Каленік вельмі даўно не бачыў іх. Амаль поўныя тры гады ён прабыў на вайне ў акопах. Два разы быў паранены, ляжаў у лазарэце і зноў вяртаўся ў акопы; пасля другога паранення атрымаў георгіеўскі крыж чацвертай ступені. Гэта было зімой з тысяча дзевяцьсот шаснаццатага на тысяча дзевяцьсот семнаццаты год. А ў маі семнаццатага полк, у якім служыў Каленік, знялі з фронта і паслалі ў казармы ў Петраград. У казармах салдат трымалі, як у крэпасці, рэдка каму давалі бываць у горадзе. Потым у казармы пачалі наязджаць з гораду штацкія. Салдат зганялі ў вялікі двор казармаў. Штацкія лезлі на трыбуну, складзеную з драўляных скрынь, і гаварылі да салдат прамовы, пераконваючы іх у неабходнасці ваяваць за бацькаўшчыну і святую свабоду. Салдаты слухалі прамовы, думаючы пра даўно пакінутых жонак і дзяцей, пра апусцелыя свае гаспадаркі і праглі хутчэй трапіць як-небудзь дадому. Сярод салдат расло нездаваленне. Яны ўсё часцей перабівалі прамоўцаў, пытаючы, калі будзе мір, і мацюгаліся, або хітра ўсміхаліся на адказы прамоўцаў, паказваючы ім здалёк змятыя нумары "Салдацкай праўды". Адзін раз, калі гэтак сагналі салдат на мітынг, яны не далі гаварыць староннім, а патрабавалі сваіх прамоўцаў, і па прапанове большэвіка-прапаршчыка выбралі палкавы салдацкі камітэт.

Так поўніцца вадой у вясновыя дні рака, паглынаючы сотні малых рэчак і тысячы ручайкоў, каб выйсці з сваіх берагоў, разліцца, затапіўшы навакольныя лугі і поле і панесці вадзяныя свае багацці па зямлі ў далёкае і неабдымна шырокае мора.

Аднойчы ў ліпені семнаццатага году салдаты вышлі з казармаў і накіраваліся ў самы горад. Там яны далучыліся да рабочых, якія ішлі з чырвонымі сцягамі, і цяжкім салдацкім шагам прайшліся па Неўскім праспекце паміж прыгожых, вялікіх і багатых дамоў. Ішлі, азіраючыся па баках, папярэджаныя, што можа ў іх будуць страляць казакі і юнкеры. Каленік ішоў наперадзе сваёй роты. Ён каціў з сабою кулямёт. Кулямёт пабліскваў на сонцы, уздрыгваючы, браскочучы па маставой. Побач ішлі другі і трэці нумары. Яны неслі на сабе жалезныя каробкі з патроннымі стужкамі. Так ішлі салдаты да царскага Зімняга палаца і спыніліся перад палацам на пляцу. Над людзьмі, запоўніўшымі пляц, развіналіся чырвоныя сцягі і чырвоныя палотнішчы транспарантаў. Рабочыя спявалі марсельезу, а салдаты стаялі моўчкі з вінтоўкамі за плячыма. Салдаты блукалі позіркамі па лозунгах. напісаных на транспарантах і па вокнах і балконах палаца.

Хутка на пляц прыехаў грузавы аўтамабіль. На машыне было двое ў вольнай адзежы і некалькі салдат з вінтоўкамі. „Большэвіцкі дэпутат прыехаў“,— сказаў нехта побач з Каленікам. Як толькі машына спынілася сярод пляцу, адзін з прыехаўшых узняўся і пачаў гаварыць:

— Мы патрабуем перадачы ўсяе ўлады ў рукі рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў... Мы патрабуем неадкладнага міру... Мы патрабуем, каб зараз-жа, не трацячы ніводнага месяца, ніводнага тыдня, ніводнага дня, сяляне атрымалі памешчыцкую зямлю... Мы за такі парадак, які на карысць большасці народу — рабочым і сялянству...

На пляцы было ціха. Пагойдваліся на ветры сцягі, паблісквалі штыкі вінтовак, а над усім стаяў невысокі каранасты чалавек, з працягнутай да салдат рукой, у якой трымаў скамечаную шапку.

— Гэты гаворыць, як след,— сказаў Каленіку яго другі нумар. Каленік кіўнуў галавой.

— Самая што ні на ёсць наша партыя, нам толькі да такой прыставаць,— сказаў зноў другі нумар,

Салдаты з грузавіка перадавалі ў натоўп пачкі газет. Белыя газетныя аркушы ішлі па руках усё шырэй і шырэй.

— "Салдацкая праўда" мусіць,— сказаў Каленік, працягваючы наперад руку, баючыся, што газета да яго не дойдзе.

Позным вечарам полк вярнуўся ў казармы, а назаўтра самым ранкам казармы абкружылі казакі і полк атрымаў загад выязджаць на румынскі фронт. У адказ полк вывесіў плакат на франтоне казармы: "Далоў братазабойчую вайну! Уся ўлада Советам!" Велізарныя белыя літары выразна вылучаліся на чырвоным палатне. Плакат раздражняў казакаў, але ўвайсці ў двор казармаў яны не асмельваліся: з вакон казармы і з дзвярэй выгдядалі кулямёты, а ў дварэ стаяла пасіленая ўзброеная варта. Полк адмовіўся ехаць на фронт. У гэтыя дні Рыгор Каленік быў прыняты ў партыю большэвікоў, а цераз нейкі час разам з групай салдат, землякоў па губерні, быў накіраваны палкавым камітэтам у свае месцы.

Каленік ідзе даўно наезджанай дарогай. Дарога зарасла травой, у траве мякка нагам, і ён прыпамінае, што ў дзяцінстве баяўся хадзіць па такіх дарогах, думаў, не пачуе, як падкрадзецца воўк. Абапал дарогі густы малады алешнік і бярэзнік, рэдкі ельнік. Алешнік так разросся, што зусім засланіў дарогу. Каленік час ад часу працягвае руку і зрывае жменяй лісце. Маладое лісце ліпне да пальцаў. На пальцах застаецца клейкі пахучы сок. Пад нагамі гэткая-ж ліпкая зямля На ёй трава мяккая і шырокалістая. Ад зямлі і ад травы павявае халадком, ён прыемна абдае твар і Каленік ідзе, зняўшы шапку.

За алешнікам ідуць цэлым гаем высокія, гонкія бярэзіны, спакойныя і велічныя ў сваім густалістым убранні. Вершаліны іхныя купаюцца ў густой дрыготнай сіняве неба, залітыя сонечным святлом. А за імі сцяной стромкія сосны. І над іхнымі вострымі макушкамі густая сінява. Унізе пад імі няма травы, а сухая зямля, слізкая ад хвойных іголак, ды кустамі бруснічнік і ў лагчынах чарнічнік. Мясцінамі сцелецца сухі буры мох, а тады зноў густы насціл хвойных іголак, шышкі і сухое спарахнелае галлё, апаўшае з дрэў. Дарога ў лесе больш раз‘езджаная. На ёй тонкі пласт пяску, перамешанага з хвойнымі іголкамі і шышкамі. Ісці лёгка, замінае толькі крыху шынель, якая за плячыма ўскатку, ды яшчэ салдацкі мяшок.

Лес цягнецца вярсты на чатыры, а можа на больш, а потым зноў сцелюцца раскошныя лугі. 3-за лесу злева раптам вынырае з алешніку рака і, разбегшыся самай сярэдзінай луга, гулліва кінуўшы ў зяленіва лугоў гнуткі блакітны стан свой, крута павяртае ў лясы барона Врангеля.

Каленіку ісці ўправа ад рэчкі. Вярсты чатыры дарогай да шляху, а тады яшчэ вёрст восем шляхам, і ён будзе дома. Можна адпачыць перад дарогай. Ён ідзе па траве да ракі. На самым беразе яе скідае з плеч мяшок і шынель, расплікае каўнер гімнасцёркі і падае ў траву. Шчыплівы пах травы і красак раздзьмувае ноздры. Ён ляжыць тварам да зямлі і слухае, як булькоча ў крутых берагах поўнаводная рака. Ён чуе, як праходзіць паўз берагі вада. Яна нясе з сабою шолахі далёкіх лясоў і гоман птушыных галасоў. Хочацца піць. Вада ў баклажцы нагрэлася за дарогу, ёю не прагнаць смагі. Узняўшыся, Каленік асцярожна апускае пустую баклажку як мага глыбей у раку і чакае, пакуль набярэцца вада, а пасля п‘е яе усю, стоячы на каленках, зноў набірае і зноў п‘е, закінуўшы галаву. Вада прасочваецца ў кутках паміж губ і сцякае на бараду і на голую шыю за каўнер гімнасцёркі, шчыкоча гарачыя грудзі, але ён не сцірае халодных кропель вады, а толькі па-дзяцінаму смешна ўбірае галаву ў плечы і рагоча, аскаліўшы здаровыя жаўтаватыя зубы.

За ракой шырока стаяць багатыя лясы барона Врангеля. "Як-жа ім не крычаць пра беспарадкі",— думае Каленік. І следам пра памешчыка Нацэвіча, маёнтак якога суседзіць з вёскай Каленіка. „Паглядзім, што ты запяеш, калі прыдзем зямлю браць“. Гэтыя думкі прыспешваюць яго. Набраўшы яшчэ поўную баклажку вады на дарогу, ён падняўся з зямлі, ускінуў на плечы шынель і мяшок і падаўся дадому.


Першым, каго спаткаў Рыгор Каленік, калі падышоў да сваёй вёскі, быў незнаёмы чалавек гадоў трыццаці чатырох-трыццаці шасці, высокі, цёмны з твару. Ён прывітаўся з Каленікам і той па гаворцы пазнаў, што чалавек не з тутэйшых:

— Адкуль, земляк?

— Як сказаць? І тутэйшы я і не тутэйшы,— адказаў той.— Бач, я таксама нядаўна з войска, але на радзіму не паехаў, бо там немцы, а тут я раней быў ужо з сапёрным батальёнам, вось і заехаў і ажаніўся. А сам ты?

— Я то адсюль, звеку тутэйшы.

Пазней, калі незнаёмы назваў, да каго ён прыстаў у прымы, Каленік сказаў, як-бы ухваляючы яго жаніцьбу:

— Ну і добра. Будзем разам Нацэвічаву зямлю браць. Я салдат і ты салдат, нам у самы раз такое дзела. Самі мужыкі не адважацца, усё яшчэ мусіць законаў баяцца, вось мы ім тут і растлумачым, што царскім законам навек крышка.

Незнаёмы правёў Каленіка да самай хаты. У хаце яго не адразу пазналі. Старая маці, якая была пасадзіла дзяцей есці, узнялася з-за стала, абтрэсла фартух і, толькі прыглядзеўшыся, падалася да сына.

— Рыгорка!.. Дзеткі... гэта-ж бацька прышоў.

Дзеці павылазілі з-за стала, толькі самы меншы хлапчук стаяў за сталом на лаўцы, нясмела і здзіўлена паглядаючы на бацьку. Каленік абдымаў дзяцей, туліў іх тварамі да сваіх калючых шчок, гладзіў, задаволена ўсміхаючыся, і як сеў за стол, самага меншага ўзяў на ўлонне. Калі хлапчук папрасіў піць, даў яму сваю баклажку.

— На, маёй вады выпі, з вайны.

Хлапчук прыклаўся губамі да баклажкі, а старэйшы недаверліва зірнуў на бацьку.

— Маніш, што з вайны вада.

Маці частавала Каленіка, а ў хату да яго ўжо сыходзіліся крапілаўцы. Прышоў Малакавец Гаўрыла і Прорвіч Арцём, даўнія каленікавы дружбакі. Потым яшчэ прыйшлі Канцавы Андрэй, Жытко Міхаль, а з імі і новы каленікаў знаёмы паляк Віняцкі Віктар, а пасля ўжо Рагавец Зіновій і каваль Райтман, да яшчэ Сімкавец Антон, адзін з самых неспакойных у Крапілаўцы. Крапілаўцы прыходзілі пабачыцца з Каленікам і можа што пачуць. Заходзячы ў хату, яны віталіся голасна з усімі, пасля падыходзілі да стала, за якім сядзеў Каленік, абрадавана паціскалі яго руку, перакідваліся парай слоў з ім і, прапануючы закурыць, сядалі на даўгіх шырокіх лаўках каля сцен. Яны густа дымілі махоркай, дым клубкамі віўся пад нізкай столлю, і гаварылі абы пра што, пакуль Каленік вячэраў. Пасля адзін з іх запрапанаваў пайсці з хаты:

— Хутка тут хоць тапор вешай,— сказаў ён.— Хадзем, няхай Рыгор скажа, як нам далей жыцца будзе.

На двор прышлі яшчэ мужчыны і жанчыны з дзецьмі. Прышла і старая ўдава салдатка Кавалевіч Ганна, маўклівая і строгая жанчына з застыглым, нерухомым позіркам у вачах. На руска-японскай вайне загінуў яе муж, а ў апошняй вайне загінулі абодва яе сыны. Ёй няма яшчэ і пяцідзесяці год, але густыя, цёмныя валасы яе пасівелі за апошнюю зіму, калі прышло паведамленне пра смерць сыноў. Калі яна прышла, мужчыны расступіліся, далі ёй дарогу, каб прывіталася з Каленікам. У яе вачах загарэўся рэдка прыкметны бляск.

— Ты малайчына, Рыгор,— сказала яна да Каленіка.— Я хоць і не бачыла яшчэ цябе, але чула, што ты на добры шлях стаў, хочаш рабіць, каб і мужык чалавекам быў. Рабі.— і паказала на мужчын рукой.— Яны не ўсе можа дапамогуць табе, ёсць баязлівыя, але некалі ўсе падзякуюць табе.

— Дзякую за добрае слова, цётка Ганна. На маю дарогу стаць нікому з іх не забаронена,— сказаў Каленік.— А што баязлівыя яны, гэта можа яшчэ і няпраўда. Чалавек баіцца, калі адзін, а мы ўсё гуртам рабіць будзем.

— Іменна правільна,— азвалася ўраз некалькі галасоў. А ў чым правільна, тлумачыў адзін з сялян:

— Па аднаму мы пра панскую зямлю з якой пары гаворым, а крануць баімся. А тут касіць пара.

І той-жа голас пытаў:

— Няўжо-ж як і за старым рэжымам — з капы касіць будзем?

— А як ты думаў? Цара-то няма, але-ж і новых законаў няма: усё панскае панскім засталося,— адказаў яму з натоўпу нехта.

Каленік слухаў і задаволена ўсміхаўся. Яму нават і не спатрэбілася ўсчынаць гаворку пра панскую зямлю.

— Во, чуеш, цётка Ганна, пра што гавораць? А ты казала— баязлівыя.

— Гаварыць яны ўсе смелыя,— падражніваючы, адказала жанчына.— Паглядзім, як касіць пойдуць.

— А так і пойдзем, як гаворым.

— Косы ў рукі і гайда на панскае. Ваявалі не за тое, каб гібець.

— А пасля і араць.

— А можа так будзе, як тады каля воласці? — іранізавала жанчына.

— Хіба збіраліся? — спытаў Каленік.

— Прыязджаў салдат адзін, гаварыў каб зямлю бралі. Людзі былі з усяе воласці, тысячы чалавек. Пакуль гаварыў, слухалі а як рукі падымаць,— хто куды.

— Гэта таму, што старонні ён чалавек,— вытлумачыў нехта.— Прыехаў і паедзе, а разбірацца не будзе каму.

— Нічога, збярэмся яшчэ раз з усяе воласці,— сказаў Каленік.— Ну, а мы, паколькі ў цэнтры жывем, давайце першымі і прыклад паказваць. Я гэта не жартуючы кажу, маю я на гэта і дакумент належны ад свайго палкавога камітэта.— Каленік палез у кішэнь і дастаў з партманэ паперы.— Тут маё ўсё. Полк наш у Петраградзе стаіць. Пакуль што і там яшчэ ў буржуяў улада пасля цара, але народ яе возьме. Паглядзелі б вы, як народ на вуліцы выйшаў! Увесь народ! І салдаты з вінтоўкамі і кулямётамі... Хутка канец ім. Там іх зверху душыць будуць, а мы тут пад самы корань падсякаць. У Петраградзе наш большэвіцкі дэпутат словамі таварыша Леніна гаварыў. Трэба скінуць панскія загарадкі з зямлі, разгарадзіць яе. Трэба, каб не Нацэвічава зямля была, а твая і твая, і твая...— Каленік паказваў на мужчын, якія стаялі вакол яго.

Змяркалася, надыходзіла кароткая летняя ноч, а людзі не ішлі дадому з каленікавага двара, стаялі, сядзелі на прызьбе на бярвенні і на платах і маўкліва слухалі гаспалара.

— Нам зямля трэба, — казаў Каленік.— Калі возьмем зямлю, тады і парадак у нашым жыцці будзе. А нам прапануюць за буржуйскія парадкі зноў на вайну ісці. Далоў вайну! Да чортавай матары вайну, якая калечыць і забівае наша жыццё. Нам мір патрэбен, нам зямля пагрэбна і мы павінны ўзяць яе неадкладна.

Ён гаварыў, прыпамінаючы тое, што чуў ад большэвіцкага дэпутата ў Петраградзе на пляцу перад Зімнім палацам.

— Раз мы сыйшліся,— казаў ён,— давайце адразу і выбярэм, як гэта па ўсёй Расіі робіцца, свой сялянскі камітэт, які павядзе ўсё дзела з зямлёй.

Тады пачуўся голас:

— Можа пачакалі-б крыху, куды так гоніш?

— А чаго чакаць?

— Гэта Беразоўскі гаворыць, яму чакаць можна, сваёй зямлі ўволю.

Каленік спытаў:

— А чаго. ты, Беразоўскі, чакаць прапануеш?

— Закону. Я хачу дачакацца якога закону,— адказаў той.

— I я тое-ж скажу,— падтрымаў Беразоўскага нехта з натоўпу.

— Чэрнуш таксама можа пачакаць, і ў яго не гарыць.

— Хто хоча закону чакаць, няхай чакаюць,— з усмешкай адказаў Каленік.— Я мяркую, што і Данат Данатовіч закону будзе чакаць, і Савіцкі, і Нічыпар Лёгкі, а мы, бедната, сваё рабіць будзем, бо нам законаў ніхто не напіша, пакуль самі іх не ўстановім.

Сялянскі камітэт быў у гэты вечар абраны, а ў нядзелю камітэт склікаў каля воласці вялікі сход і абвясціў сваю першую пастанову пра перадачу сялянам па ўсёй воласці панскай зямлі і сенажацяў.


Бралі зямлю крапілаўцы наступнай нядзеляй. Пасля снедання члены сялянскага камітэта накіраваліся ў панскі двор. За імі прышло яшчэ чалавек сорак сялян. У панскіх пакоях спалі ці то снедаць збіраліся, і камітэтчыкі, наказаўшы пану праз эканома, што ён патрэбен па вельмі важнай справе, размясціліся ў садзе на мураве. Частка сялян сядзела, а то пахаджвалі па двару, заглядалі ў адчыненыя пустыя хлявы — каровы былі на пашы, праз шчыліны ў варотах на стайню, блукалі па садзе і перакідваліся словамі, у якіх адчувалася зайздрасць да багатага панскага жыцця.

— Настаяшчы памешчык, як след,— казаў адзін.

— Бачыў коні якія? — уторыў яму другі.

— І дабра і грошай немаведама колькі, мусіць,— думаў голасна трэці. А чацверты выказваў пажаданне:

— Каб і коняй забраць, каб і ўсё...

Асабліва ўвішна аглядаў усё немалады ужо, нізкарослы Гошка Павал. Ведалі ўсе пра яго празмерную скупасць. хоць жыў ён незвычайна бедна і не меў чаго шкадаваць. Скупасць ягоная сказалася і на гэты раз. Змеціўшы сярод прысутных Віняцкага Віктара, Гошка адразу накінуўся на яго:

— А ты чаго тут? Ці мо таксама думаеш у нас зямлю браць?

— Чаму-ж не?

— Бач, а ці-ж ты наш? Хіба твае бацькі, ці сам ты, скажам, рабіў калі на гэтай зямлі? — І ўзняў ужо сапраўдны крык, звяртаючыся да прысутных:

— Ці-ж гэта парадак? Паслухайце сюды, мужчыны. Гэта як-жа можна, каб нехта дзесьці там хадзіў па свеце, а пасля на нашу зямлю садзіўся? Гэтак-жа іх немаведама колькі набярэцца, калі аднаго пусціш.

Мужчыны спачатку маўчалі, паглядаючы то на Гошку Паўла, то на Каленіка, то на Віняцкага, які стаяў крыху разгублены; яго збянтэжыў такі нечаканы Гошкаў напад. Маўчаў пакуль што і Каленік, і гэта падбадзёрыла Гошку.

— Каб-жа ты наш яшчэ быў, а то ж паляк, то падавайся ў свой бок, адбірай там зямлю ў свайго пана і бяры яе колькі табе хочацца, а за чужыя плечы няма чаго хавацца.

— Як-то? — пытаў разгублена Віняцкі. Ён не разумеў, жартуюць з ім ці гавораць такое ўсур‘ёз і ўсё перапытваў:

— Чаму-ж то за чужыя плечы? Як!

Але на гэты раз аж некалькі чалавек загаварылі наперабой:

— Яно можа і праўда, калі кожны прыдзе,— казаў адзін. Яго перабіваў другі:

— Аднаму дай, другому дай, нібы тут зямлі без краю.

Але іх усіх сцішыў Каленік.

— Ого! — сказаў ён, падымаючыся з травы.— Вы гэта напраўду, хлопцы, ці жартуеце? — Ён стаў перад мужчынамі і момант стаяў моўчкі:— Ці ён не чалавек, не мужык? Ці ён не пакутваў так, як мы? Гэта, хлопцы, зусім не па-нашаму выходзіць.

— Старарэжымнікі,— падтрымаў Каленіка Сімкавец Антон, член камітэта.— Старарэжымнікі! — крыкнуў ён яшчэ раз.— Як вас зямля наша носіць? І няхай яшчэ Гошка гаворыць, яму абы гаварыць, а іншыя чаго ўз‘еліся!

У гэты час з пакояў вышаў памешчык. Ён сышоў з ганку і стаў непадалёк, здзіўлена паглядаючы на сялян, якія ішлі да яго следам за чалавекам у салдацкай вопратцы. Калі яны спыніліся перад памешчыкам, на ганак з пакояў выйшаў яго сын афіцэр. Сын моўчкі стаяў на ганку, а бацька сказаў, пытаючы:

— Чаго прышлі, людзі?

У яго голасе ўжо чулася трывога.

— Справа якая ці што?

Яму за ўсіх адказаў Каленік:

— Мы прышлі паведаміць пастанову сялянскага камітэта, што зямля панская з гэтага дня перадаецца крапілаўцам. Сенажаці і пахаць...

Памешчык маўчаў. Перад ім стаяў высокі, плячысты салдат, а за ім і побач старэйшыя мужчыны з Крапілаўкі. У памешчыка раптам задрыжэлі рукі, як ніколі раней, і ён ухапіўся рукамі за полы свайго белага піджака.

— На якой-жа падставе, чаму?

Пытаючы, намешчык зірнуў на сына. Сын нерухома стаяў на ганку. Ён чуў, што сказаў Каленік і гнеў і нястрымная злосць авалодалі ім. Ён сілай стрымліваў сябе, каб не закрычаць на салдата. Яму хацелася падыйсці да салдата, крыкнуць і біць яго па твару. Ад узбуджанасці ў яго ўздрыгвалі плечы.

— Мы хочам парадку, каб зямля была ў таго, хто на ёй працуе,— адказаў Каленік памешчыку.

— Ці не большэвік ты? — раптам выкрыкнуў афіцэр, скрануўшыся з месца, але з ганку не сышоў.

— Гэта не тваё дзела, ваша благароддзе.

— Большэвік! — зноў выкрыкнуў афіцэр.— Ты бунтуеш сялян. А сам, пэўне, уцёк з фронту... Вось я праверу твае дакументы, як ты трапіў дадому і арыштую цябе...

— Ого! Глядзі, ваша благароддзе, каб мы цябе калі не арыштавалі. Я тры гады адседзеў у акопах, ваюючы за цябе і за твае багацці, пакуль ты сядзеў у бабруйскай крэпасці ў інтэнданцтве.

Памешчык бездапаможна азіраўся наўкола, разгублена паўтараючы ўсё адно і тое ж:

— Як-жа так? Як-жа так?

Твар яго ўкрыўся потам.

— Як-жа так? А закон, падставы...

— Калі мы панскую зямлю аддадзім людзям, гэта і будзе закон. Пан, думаецца нам, разумее, што старым законам крышка, скончыўся іхны тэрмін.— Каленік развінуў рукі, як-бы спачуваючы пану, што той не разумее такой простай рэчы.— Так выйшла: з царом і царскія законы скінуліся.

— Я разумею,— мармытаў памешчык,— але нельга-ж без ніякіх падстаў, гэта беспарадак.

Каленік усміхнуўся.

— Пан пра беспарадак. Дзіўныя людзі. Па-іхнаму, усё беспарадак, што ім не да смаку.

Тады сын сказаў да бапькі:

— Кінь гаварыць з імі, папа, ты не паважаеш сябе.— І да сялян:— А вам я загадваю неадкладна-ж пакінуць двор. Заўтра я давяду да ведама каменданта пра цябе,— сказаў ён да Каленіка.

— Няма чаго страшыць, ваша благароддзе, лепш ідзі ў пакоі, без цябе тут разбяромся.

Не адказваючы Каленіку, афіцэр крыкнуў бацьку:

— Я патрабую, каб ты не гаварыў з імі. Ідзі ў пакоі. Я сёння-ж паеду ў горад і заўтра іх супакояць.— І да сялян:— Яны зразумеюць, як слухацца большэвіцкіх агентаў.

Тады не стрымаўся Віняцкі.

— Не ўсё-ж нам кланяцца панам у пояс,— сказаў ён.

Афіцэр на гаворцы адразу пазнаў у ім паляка.

— А ты хто такі? — спытаў ён.— Таксама большэвіцкі агент? Ты-ж, здаецца, не тутэйшы?

— Чуеш, Гошка, як твае словы з панскімі супадаюць,— сказаў Каленік.

Сяляне зарагаталі. Афіцэр намерыўся яшчэ нешта сказаць, але Каленік перапыніў яго:

— Нам няма часу, ваша благароддзе, мы сваё ўсё сказалі, адзью...

— Гэтак нельга, я не дазволю,— сказаў яшчэ памешчык.

— Не дазволіце? — Каленік зірнуў на памешчыка, вымерваючы таго позіркам з ног да галавы.— А мы і без дазволу абыйдземся. Давялі да ведама пастанову і годзе. Заўтра выходзім касіць.

— Вы не пасмееце, гэта бунт.

Памешчык не крычаў, а мармытаў, адыходзячы задам да ганку і размахваў рукамі, як-бы баронячыся ад пранізваючага салдацкага позірку і ад шырокіх усмешак на тварах у сялян.

— Акрамя ўсяго мы апішам панскае дабро: коняй, кароў, хлеб, каб усё было ў цэласці.

Гэтыя Каленікавы словы зноў прыкавалі пана да месца.

Ён скрануўся з месца, толькі калі сын крыкнуў з ганка:

— Глядзіце, каб вас не апісалі...

Сын прапусціў наперад бацьку і пашоў за ім у пакоі, злосна бразнуўшы дзвярыма. Каленік махнуў услед яму рукой. Ён бачыў перад сабою узбуджаныя, вясёлыя і крыху разгубленыя твары.

— Цяпер у нас з панам вайна,— сказаў ён,— гаварыць больш не давядзецца, скончыліся гаворкі. Вайна такая па ўсёй Расіі пачынаецца. Цяпер каб толькі не сплахаваць. Заўтра-ж касіць, а там араць і сеяць, каб неадкладна ўсю воласць узняць.

Высокі, плячысты, ён шырока ступае па самай сярэдзіне дарогі паміж старых бярэзін, нагладжваючы пышныя русыя вусы, хаваючы ў вусах сваю хітраватую ўсмешку і паглядае на крапілаўцаў, якія ідуць натоўпам, шырока, на ўсю дарогу, узбуджаныя і гаваркія.


Гэта былі дні напружанага чакання: што-ж будзе? Крапілаўцы скасілі панскія сенажаці, размеркавалі пахаць і пасеялі азімае жыта. Гэтак-жа пазней пачалі секці лес. Крапілаўцы гаспадарылі на памешчыцкай зямлі, а ён маўчаў і толькі ўлічваў, як ён казаў, панесеныя страты і чагось чакаў. Зрэдку да бацькі ў маёнтак наязджаў сын-афіцэр, але і ён не спрабаваў бараніць бацькоўскага дабра і нават не паказваўся крапілаўцам на вочы. Не запярэчыў памешчык і тады, калі камітэт прышоў у двор і апісаў коняй, кароў і хлеб, забараніўшы прадаваць што-б там ні было без яго згоды. Ён толькі іранічна скрывіў губы і адмовіўся распісацца на апісным акце.

Мінула тры з паловай месяцы. Доўгімі восеньскімі вечарамі крапілаўцы сходзіліся ў хатах, расказвалі, дзе што каму давялося пачуць і меркавалі, што будзе. Ім усё яшчэ не верылася, што панская зямля ўжо іхная, хоць даўно кожны засеяў азімае жыта і бачыў на сваім надзеле зялёную рунь. І ўсё часцей і часцей сыходзіліся крапілаўцы ў каленікавай хаце і настойліва выпытвалі яго, ці ведае што канчатковае камітэт. Кожнаму хацелася вестак пэўных і такіх, якія замацоўвалі-б яго права на зямлю.

Сялянскі камітэт у Крапілаўцы быў як-бы другім валасным праўленнем. У воласці па-старому сядзелі старшыня Беразоўскі і валасны пісар з памочнікамі, чалавек вёрткі і хітры. У нядзельныя дні і валасны старшыня, барадаты рыжы мужчына, і пісар чыста паголены, з валасамі, зачасанымі вожыкам, таўкліся па цёмнай зборнай, набітай народам, а за сталом, вакол якога збіраліся сяляне, звычайна ў такія дні стаяў Каленік. Побач з ім можна было часцей за ўсё бачыць Гайшынскага, зусім яшчэ маладога хлапчука, і Сімкаўца Антона, ды яшчэ паляка Віняцкага. Віняцкі, як і іншыя, зямлю атрымаў з панскай і засеяў жыта. Аднак жыў ён у чужой хаце, не меў свайго каня і ўсё яшчэ адчуваў сябе сярод крапілаўцаў як-бы чужым. Ён сумаваў, яму не хапала работы ў сваёй гаспадарцы і, з‘явіўшыся аднойчы ўвечары да Каленіка, ён абвясціў, што ідзе ў польскія легіёны.

— Бачыш, рабіць мне няма чаго,— тлумачыў ён,— жыць таксама няма асабліва з чаго, і я запісаўся. I да ўсяго я тут нібы чужы, мяне цягне дадому, на радзіму. А ты падумай,— угаварваў ён,— мы прагонім немцаў і ў Польшчы ўстановім гэткі-ж парадак, як і ў вас тут. Будзе свой сялянскі камітэт, адбярэм зямлю панскую, а тады толькі прыязджай у госці.

Каленік ківаў недаверліва галавою:

— Ці варта табе туды запісвацца, навошта?

— Чаму? У Польшчы павінна быць тое-ж, што і ў Расіі. Мы гэта зробім.

А Каленік зноў недаверліва пакручваў галавою.

— Я нічога не ведаю аб польскіх легіёнах,— казаў ён,— але-ж іх збіраюць генералы, я баюся, што не за такія парадкі яны ваяваць будуць, якіх мы хочам. Пачакаў-бы ты, пакуль у нас усё ўстановіцца, а тады і ўбачыў-бы, ці варта табе ісці ў легіёны.

— Я гаварыў з нашым чалавекам,— пярэчыў не менш настойліва Віняцкі.— Мы будзем ваяваць не за старыя парадкі. У нас яшчэ бядней мужыкі жывуць, а ў пана зямлі можа тысяч пятнаццаць моргаў.

Віняцкі доўга і падрабязна апавядаў Каленіку пра сваю далёкую радзіму і пра багацці свайго памешчыка, а назаўтра нібы баючыся, што яго затрымае хто, пашоў у горад і дадому не вярнуўся ні ў той дзень і ні ў бліжэйшыя месяцы.


Былі першыя замаразкі. Ноччу іней лёг на стрэхі і на платы, зямля стала цвёрдай і звонкай. Каленік, як звычайна, прышоў пасля снедання ў валасное праўленне, каб дастаць газету. Як толькі ён адчыніў дзверы ў пакой, у якім сядзелі памочнікі валаснога пісара, яны абодва ўсхапіліся з-за стала насустрач Каленіку.

— Аляксей Антонавіч узяў газеты сабе і не даў чытаць,— сказаў адзін з іх.

— Ого! Цікава, што-ж там такое? — здзівіўся Каленік.

— Можа, каб пашлі да яго вы, тады не адмовіў-бы,— параіў памочнік.

Пісар снедаў, калі зайшоў да яго Каленік. Ён выцер салфеткай губы і натапыраныя кароткія вусы і ўтаропіўся вачыма ў госця.

— Вы прабачце, Аляксей Антонавіч, я прышоў папрасіць газетку, кажуць, нешта вельмі важнае ёсць.

— Наконт важнасці, як сказаць. У нас тое, слава богу, даўно вашай міласцю робіцца.

Каленік стаяў перад сталом, за якім сядзеў пісар, а той не кранаўся з месца.

— Што ж там такое?

Тады пісар узняўся з-за стала, узяў з канапы газету і ткнуў яе ў рукі Каленіку.

— Можа з сабой узяць дазволіце?

— Не, я не дам, газету я сабе выпісваю. Калі хочаце ведаць, што там, пачытайце тут. Да вам-жа і не ўсё цікава, вам-жа толькі тое, што ваша.

— Яно ўсё наша.

— Во, во, во, усё. Там так і зроблена. Усё ваша: і палі, і лясы, і горы, і нетры земныя, і рэкі, усё. Дэкрэт выйшаў.

Каленік стаяў перад сталом з разгорнутай газетай, а побач стаяў пісар:

— Тут ваша, вось,— торкнуў у газету пальцам.— Дэкрэт аб зямлі... I чытаў: "Памешчыцкая ўласнасць на зямлю адмяняецца неадкладнаьбез усякага выкупу"... Акурат так, як вы зрабілі... А вось і яшчэ пункт другі. "Памешчыцкія маёнткі, роўна як усе землі ўдзельныя, манастырскія, царкоўныя, з усім жывым і мёртвым інвентаром, сядзібамі, будынкамі і ўсімі прыладамі пераходзяць у распараджэнне валасных зямельных камітэтаў і павятовых советаў сялянскіх дэпутатаў"...

Пісар змоўк на хвіліну, утаропіўшыся вачыма ў Каленіка.

— Ну?.. Хоць тут вы крыху не дарабілі яшчэ ў гэтым пункце.— І ўсміхнуўся.— Важна?

— Вельмі важна,— адказаў Каленік зусім сур‘ёзна.

— Але не для нас важна.

— Чаму? А для каго-ж?

Пісар пайшоў да канапы, узяў мясцовую павятовую газету і ткнуў яе ў рукі Каленіку.

— Вось чаму. Пачытайце вось гэта,— паказаў на абвяшчэнне, надрукаванае на першай старонцы газеты.— Во... Гэтым даводзіцца да ведама ўсіх жыхароў горада, што ў сувязі з пагрозай большэвіцкіх беспарадкаў, уладу ў горадзе ўзяў у свае рукі... Не думайце, што совет,— сказаў пісар, перапыніўшы чытанне.— Вось тут далей прапануецца слухацца ўсіх загадаў і распараджэнняў пана польскага каменданта. За непаслушэнства арышт і ваенна-палявы суд. Разумееце? А далей яшчэ і не такое. Рускім вайсковым фарміраванням прапануецца здаць зброю, а салдатам ісці дадому. Вось чаго вы, большэвікі, нарабілі.

— Як гэта мы нарабілі?

Каленік стаяў разгубленым. У Петраградзе і ў Маскве ўладу ўзялі ў свае рукі Советы. З‘езд Советаў прыняў дэкрэты аб зямлі і міры, а тут польскія легіянеры.

— Ды пры чым-жа тут яны, тут-жа не Польшча,— злосна сказаў Каленік.

— Гэтага я ўжо не ведаю, але вы ралумны чалавек і я раю вам лепш не чытаць гэтых дэкрэтаў сёння ў зборнай. Бачыце, сёння яны ў горадзе ўсё ў свае рукі прыбралі, а заўтра і ў нас. Што гэта за ўлада там такая, я не ведаю, але не думаю, каб яна была вашай.— Пісар іранічна ўсміхаўся.— Лепш паберагчы сябе. Я наўмысне газеты ў пакоі ўзяў, думаю, зойдзе чалавек, параю...

— За параду дзякую, але газетку, Аляксей Антонавіч. дазвольце ўзяць. Як там яно заўтра будзе, пабачым, а дэкрэты я пачытаю, абавязкова.

— Як хочаце. Я раю што разумней, а вы як хочаце рабіце.

— Яно вядома.

Каленік пайшоў з пісаравых пакояў адразу дадому, каб паведаміць навіны сваім камітэтчыкам і каб пазней склікаць сход.


Сход адбыўся а полудні, а ўвечары ў той-жа дзень у Крапілаўку прыбыў эскадрон польскіх уланаў з корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага. Уланы рыссю праехалі па даўгой крапілаўскай вуліцы размясціліся на валасным двары. Ніхто з крапілаўцаў не ведаў, чаго прыехалі ўланы, але ў тым ужо, як праскакалі яны рыссю па вуліцы, кожны адчуў нешта нядобрае, невыразную яшчэ пагрозу сабе і насцярожана чакаў, што здарыцца. Насцярожанасць і трывога яшчэ больш пасіліліся, калі ўвечары крапілаўцы ўбачылі, як засвяціўся раптам усімі сваімі вокнамі памешчыцкі дом, які да гэгага доўгі час хаваў свае нясмелыя агні за шчыльна пазачынянымі вакяніцамі. Пачуццё насцярожанасці і невыразнай яшчэ трывогі авалодала і Каленікам. Яно пасілілася, калі прышоў каваль Райхман і расказаў пра сваю гутарку з уланам.

— Я да яго кажу, як звычайна, па прывычцы, таварыш,— расказваў Райхман,—а ён паглядзеў на мяне, ды я з табой, кажа, свіней не пасвіў, які я табе таварыш. Во, чуў?

Пазней сыйшліся ў Каленікавай хаце ўсе камітэтчыкі. Яны таксама гаварылі пра ўланаў, меркавалі, як паставяцца ўланы да сялянскага камітэта і асабліва да справы з панскай маёмасцю. Позна ўзечары разышліся, умовіўшыся дазнацца пра ўсё падрабязна ад саміх уланаў.

Але дазнавацца пра што-небудзь ад уланаў не спатрэбілася. 3 самага ранку другога дня па хатах пайшоў стараста з двума ўзброенымі ўланамі, загадваючы несці авёс і сена на валасны двор, а ў стараставу хату яечкі і масла. Калі хто пачынаў скардзіцца, што чаго не мае, уланы лаяліся, пагражалі бізунамі і панам камендантам. Пасля снедання пацягнуліся крапілаўцы адзін за другім на валасны двор з ношкамі сена, а жанчыны з маслам і яечкамі на старастаў двор. Коні уланскія стаялі каля частаколу, а ля коней пахаджвалі апранутыя ў незнаёмую форму салдаты. Прымаючы ад сялян сена, яны гурмой абкружылі на дварэ Рагаўца Зіновія, аднаго з самых бедных крапілаўскіх сялян, і пачалі насміхацца над ім:

— Таварыш? Большэвік? — пыталі яны і рагаталі, паказваючы на яго босыя, патрэсканыя ногі, на палапленыя суконныя штаны.

— За Леніна? За дэкрэты стаіш?

Рагавец стаяў у кругу ўланаў, нічога не адказваючы ім і толькі калі яны, разышоўшыся, пачалі абмацваць яго кашулю і штурхаць яго, сказаў:

— Вы што-ж людзі, ці звяры?

Уланы ўбачылі яго вочы, поўныя нянавісці і адышліся.

А ў гэты час і зусім усё ясным стала. На дзвярах воласці з'явілася абвяшчэнне каменданта крапілаўскай воласці, падпісанае паручыкам Нацэвічам:

"Абвяшчаю ўсім жыхарам сяла Крапілаўкі і ўсіх вёсак воласці, што яны абавязаны неадкладна вярнуць у маёнткі ўсю забраную маёмасць: лес, жывёлу, хлеб, сена ды іншае. Тыя, хто па сваёй волі не верне ўкрадзенага, будуць арыштоўвацца і адсылацца ў Бабруйскую крэпасць і там будуць аддавацца ваенна-палявому суду".

Гэтае абвяшчэнне ўсіх як-бы громам ударыла, і крапілаўцы без ніякага загаду пачалі збірацца ў вуліцы на сход. Пайшоў туды адразу з валаснога двара і Рагавец Зіновій. Ён пашоў да людзей, нёс да іх пачуццё балючай крыўды, пра якую хацеў сказаць. Па дарозе ён сустрэў жонку Віняцкага, яна неела ў руках лубку з яечкамі.

— Гэта, значыць, і твой у такія легіёны пашоў? — запытаў ён, паказваючы рукою ў бок воласці.— I дадаў:— А думалася — свой чалавек, мужык.

— А я што тут,— пакрыўджана адказала яму жанчына.— Бач во, нясу, дарма што пашоў.

Сход збіраўся на дварэ ў старасты. Тут была палова сяла. Шмат у каго можна было на твары ўбачыць поўную разгубленасуь і страх. Некаторыя, прадчуваючы нядобрае, паказаліся на стараставым дварэ і зніклі. Некаторыя, спалохаўшыся камендантавых пагроз, зараней шукалі, каб чым апраўдаць сябе. Гэтыя пачыналі ўва ўсім вінаваціць Каленіка.

— Падбіваў, гаварыў, усё па закону, як след, па парадку, аж вунь што...

Гэта сказаў адзін нехта. Але з ім згадзіліся ўраз яшчэ некалькі чалавек.

— Сабраў гэта камітэт на нашу галаву, на гора нам, — казалі яны.

— Што рабілі — прапала, і насенне прапала, усё прапала з-за гэтага.

Так крычалі тыя, якіх спалохаў камендантаў загад. Іх падтрымлівалі самыя багацейшыя, а большасць маўчала, чакаючы, што скажа Каленік. Ён быў тут-жа ў натоўпе, але пакуль маўчаў. У гэты час прышоў на двор Рагавец Зіновій. Яшчэ ў вуліцы ён загаварыў:

— Яны здзекуюцца, што я голы, што я босы... Большэвік... за Леніна...

Ён ішоў і чым больш набліжаўся да натоўпу, тым больш узвы-шаў голас.

— За дэкрэты, вядома... Хай сабе і большэвік, то гэта-ж не за пана, калі большэвік. Вядома, пан не голы, пан не босы, яму большэвікоў не трэба.

Гэтак гаворачы, ён увайшоў у натоўп і спыніўся перад Каленікам. Ён стаяў пакрыўджаны і ўсхваляваны. Рукой расхінуў каўнер кашулі, агаліўшы худыя аброслыя грудзі.

— Ці то мы так і будзем цярпець ад іх? — пытаў ён, то павяртаючы твар да Каленіка, то да мужчын, якія сходзіліся ўсё шчыльней.— Салдат не павінен над чалавекам здзеквацца,— казаў ён,— я сам салдатам быў. Ён сёння здзекуецца, а там і зусім задавіць цябе захоча, калі ў цябе ногі босыя ды штаны лапленыя. Цярпець няма чаго. Ёсць жа у нас камітэт гэты, пагаварыць трэба, каб можна было паняць, хто тут які ўправіцель, хто распараджаецца.

Ён стаяў перад Каленікам з усё яшчэ незгасаючым бляскам крыўды ў вачах. Тое, аб чым пытаў ён, трывожыла ўсіх. Хто-ж сапраўды ўправіцель? Чаму прыехаў панскі сын, сеў у воласці і загадвае аддаваць бацьку дабро? Калі стаць выконваць яго загады, як-жа жыць тады? Што-ж рабіць? Яны пыталі, усё шчыльней сыходзячыся вакол Каленіка.

— Не аддаваць! — сказаў Каленік.— Нічога не аддаваць назад! Скрозь па Расіі большэвікі. Скрозь прагналі памешчыкаў і буржуяў. Ніхто Нацэвічу і такім, як ён, улады не даваў, самі ўзялі, дзе здолелі. А за каго яны, мы бачым. Дазволь ім, яны ўраз табе на карак ўссядуць. Ніводнага каліва сена ніхто не павінен назад везці! Ніводнага зерняці! Ніводнай плашкі дроў! Калі мы станем як адзін, нічога яны з намі не зробяць. Ён злодзеямі нас абзывае, а хто злодзей, калі не сам ён? Мы ўзялі ў яго лесе палена дроў, а ён краў у нас усё: краў дзяцінства наша, маладосць нашу, сілу нашу краў, працу. Яны былі адзетыя і абутыя, нічога не робячы, а мы голыя і босыя за працай. Яны ў раскошы жылі, а мы ў свінушніках. Не аддаваць! Нічога не аддаваць назад...

Яго нехта перабіў:

— А ўланы? Іх вунь сколькі.

— Можна ўправіцца і з уланамі, калі станем як адзін.

Так і згаварыліся крапілаўцы. што ніхто нічога не павязе пану, а калі што, усім збірацца і не даваць сілай. Не даваць! Гэта было аднадумным рашэннем. I ні на другі дзень, ні ў бліжэйшыя чатыры дні ніхто нічога не завёз у панскі двор. На пяты дзень па хатах, па загаду Нацэвіча, пайшоў стараста, каб напомніць усім пра яго загад. Але калі і пасля гэтага ніхто нічога ў двор не вярнуў, Нацэвіч выклікаў да сябе старасту і найбольш уплывовых у сяле мужчын. Іх прывялі ў воласць ужо не ўланы, а жандармы, якія раптам з‘явіліся ў воласці. Прывялі проста ў габінет да Нацэвіча і той сустрэў іх крыкам:

— Я ўсіх вас пагнаю ў крэпасці! Я пакажу вам большэвіцкія парадкі! Каб мне за два дні ўсё было на месцы! Калі не — усе будзеце ў крэпасці...

Мужчыны маўчалі, а Каленік наўмысна спытаўся:

— Чаго-ж пан хоча ад нас?

Нацэвіч змерыў яго злосным позіркам:

— Ты аслеп, не чытаў абвяшчэння?

— Мы ніякага панскага дабра яшчэ не бралі.

— Што? Яшчэ не бралі? Хо-о! А сена?.. А лес хто сек? Я ц-цябе ведаю!..

— Калі чалавеку няма чаго даць карове, ён косіць сена,— спакойна адказаў Каленік.—Гэта не толькі ў нас, што сяляне зямлю ўзялі. Па ўсёй Расіі так, як пану вядома, і ёсць адпаведны дэкрэт...

Гэта зусім вывела каменданта э цярпення.

— Па ўсёй Расіі? Дэкрэт?!

Нацэвіч усхапіўся з-за стала і крыкнуў у твар Каленіку, схіліўшыся над сталом:

— Так будзе і па ўсёй Расіі! Я пакажу вам Расію і расійскіяі дэкрэты!.. Калі заўтра-ж не будзё аддадзена ўкрадзенае, я перш за ўсё заганю ў крэпасць цябе, а за табой і ўсіх. Ідзіце і скажыце пра гэта ўсім з сваёй хэўры. Марш!..

Мужчыны пайшлі дадому, але ні ў той дзень, і ні назаўтра ніхто нічога ў двор не павёз. Былі такія, што баяліся і гатовы былі класці дабро на вазы і везці пану, але не хацелі зрабіць гэтага першымі і стрымліваліся, чакалі, а можа хто павязе першым.

Так прайшлі два дні тэрміну, дадзенага Нацэвічам. Увечары другога дня Каленік доўга не клаўся спаць. І Нацэвіч і ўсе ведалі, што гэта ён сабраў сялян і павёў браць зямлю. Цяпер ён арганізаваў сялян, каб нічога неаддаваць пану назад. Нацэвіч даведаецца і пра гэта. Значыць яго заўтра могуць арыштаваць і адаслаць у крэпасць. І не толькі з ім могуць так зрабіць. 3 крэпасці выйсці будзе не так лёгка. А сяло абяруць тады дагала. Значыць, не трэба давацца ў рукі ім. І Каленік парашыў на нейкі час сыйсці з сяла, каб не быць на вачах у каменданта. Пра гэта думаў Каленік, калі пастукалі ў сенцах у дзверы. Ён кінуўся да дзвярэй, але ўбачыў жанчыну. Да яго прышла Кавалевіч Ганна.

— Бяда! — сказала яна, не пераступаючы парога ў сенцы і схапіла Каленіка за рукаў, каб вывесці з сянец на двор.— Схавайся дзе-небудзь, пакуль я народ збяру.

— Чаго хавацца!

— Яны прышлі да Антона, усё бяруць, а самога збілі бізунамі І павялі ў воласць. Я бачыла, як яны білі яго...

— Значыць, яны хочуць узяць нас кожнага па аднаму і ўночы,— сказаў Каленік.

— Не трэба давацца. Ты не ідзі да часу ў хату, а я пайду збяру народ,— сказала жанчына.— Тады вядзі мужчын і выганяйце іх.

Яна кінулася ў вуліцу і Каленік не паспеў запытаць, як-жа яна збярэ народ. Ён зайшоў на хвіліну ў хату, каб папярэдзіць на ўсякі выпадак маці, ускінуў на плечы гімнасцёрку, якую быў зняў ужо, сунуў у кішэню рэвальвер і падаўся на гарод. Там ён стаў каля тоўстага ствала дуба, які рос за градамі, і прыслухаўся. Але нічога не пачуў. Над галавой шамацела рэдкае лісце, непаспеўшае апасці. І больш нічога. А да ўсяго было вельмі цёмна. Высока ў небе, прабіваючыся праз хмары, паблісквалі зоры. Святло ад зор ніцямі працінала цемру, не маючы сіл разрэдзіць яе. Цемра ўсё гусцей нагортвалася вакол. Цішыня. Гэта перашкаджала нават сыйсці з месца. 3 цемры дзе-нідзе мігалі агні хат. Каля хат блукала ў цемры і ў цішыні трывога. Але чаго-ж яму стаяць тут пад дрэвам? Каленік адышоўся ад дуба крокаў на дзесяць, калі прагучэў першы ўдар звана ў царкве. Прагучэў і змоўк, захлынуўшыся вільготнай восенскай цемрай. Каленік замёр на месцы. Хутка ўдар паўтарыўся, а за ім другі і трэці, і яшчэ чарадой. Удары рабіліся больш частымі. Яны як-бы клаліся адзін на другі, і звон рос, поўнячы ўсё сабою, ападаючы на цёмныя санлівыя хаты цэлай навалай трывогі, зрываючы людзей з пасцелі, выганяючы на двор. Каленік дагадаўся, што звоніць Кавалевіч Гамна. Ён уявіў яе ў цемры каля царквы. 3 галавы ў яе на шыю з'ехала хустка, па плячах раскідаліся сівыя валасы, а яна нястомна б‘е раз за разам, адцягваючы вяроўкай цяжкае, у некалькі пудоў, сэрца самага вялікага звону. Звон ускрыквае пад ударамі і гудзе, захлынаючыся ў сваім крыку. Здавалася, дрыжыць усё паветра над сялом, разгойданае звонам, а ўдары не сціхалі, рабіліся яшчэ больш частымі. Звон не ўскрыкваў ужо, чуліся цяжкія глухія стогны. У гэты момант Каленік пачуў галасы і тупат ног і кінуўся ў вуліцу.

Людзі беглі моўчкі. У кожнага з іх было што-небудзь у руцэ: у адных тапары, у другіх вілкі. Яны беглі да воласці. Там непадалёк жыў Сімкавец.

На дварэ ў Сімкаўца было ціха, але нехта стаяў каля хлява з ліхтаром. Калі мужчыны падыйшлі бліжэй, яны пазналі Кавалевіч Ганну. Ад царквы, адзваніўшы трывогу, яна кінулася сюды. Побач з ёю стаяла яшчэ адна жанчына. Кавалевіч падняла ўгору ліхтар да твару другой і сказала:

— Глядзіце, што яны нарабілі.

Усе ўбачылі каля сцяны жонку Сімкаўца. Твар яе быў у крыві. Калі святло ліхтара ўпала на твар ёй, яна сцерла кроў рукою.

3 Сімкаўцовага двара пайшлі далей і хутка ўбачылі ўланаў на адным з двароў. Каленік сказаў тады:

— Трэба абкружыць іх і раззброіць. Але не біць. Ніводнага не ўдарыць, хіба толькі баронячыся.

Пачуўшы гоман, уланы насцеражыліся і падаліся з двара. Але ходу ў вуліцу не было, сяляне сцяной стаялі перад дваром з вілкамі і тапарамі. У гэты час узышоў толькі што месяц і ледзь-ледзь разрэдзіў цемру. Сяляне ўбачылі перад сабою чалавек дванаццаць уланаў. Яны стаялі, трымаючы ў руках вінтоўкі. Наперадзе стаяў паручык Нацэвіч.

— Хто-ж, злодзеі, пан,— запытаў у яго Каленік,— мы ці паны?

Паручык крыкнуў маўчаць, падаўся было наперад, але зараз-жа адступіўся і выняў з кабуры рэвальвер.

— Ні на адзін крок наперад, я буду страляць,— крыкнуў ён.

— Паспрабуй, стрэльні, тады і касцей не збярэш,— адказалі яму з натоўпу.

Паручык крычаў, узмахваючы рэвальверам, не асмельваючыся падацца наперад.

— Марш, марш па хатах! — крычаў ён, але сяляне не адыходзілі, а ішлі ў двор ужо, і напалоханыя тапарамі і вілкамі ўланы адыходзілі ў глыб двара.

На афіцэра ішла з акрываўленым тварам Сімкаўцова жонка, побач з ёю з ліхтаром Кавалевіч Ганна, а за імі увайшлі ў вароты мужчыны, а некаторыя палезлі праз плот з суседняга двара і з вуліцы. Паручык пазіраў насустрач ім і адыходзіў, размахваючы рэвальверам. На сярэдзіне дзара ён яшчэ раз крыкнуў не набліжацца, але ўбачыўшы, што мужчыны не спыняюцца, два разы стрэліў у паветра. Пасля махнуў легіянерам рукой, крыкнуў каманду прыгатавацца страляць і шмыгнуў у адчыненыя дзверы сянец гаспадара. Легіянеры бразнулі затворамі вінтовак. Сяляне спыніліся. Перад імі стаялі салдаты, гатовыя страляць, яны бачылі, як паблісквалі ў цемры, разрэджанай месяцам, штыкі. Гэта спыніла сялян на адзін момант толькі. Але ў гэты-ж момант у вуліцы пачуўся густы топат шматлікіх ног. Пачуўшы звон, уланы, якія ўжо адпа- чывалі, пабеглі ў сяло і натрапілі на сялян. Яны з крыкам кінуліся на сялян і пачалі біць іх ложамі карабінаў. Іх было багата. Сяляне, якія былі ў вуліцы і на якіх адразу накінуліся ўланы, мятнуліся ў вуліцу, у суседнія двары, каб уцячы, а хто быў на дварэ ўжо кінуліся з двара на агарод. Каленік амаль апошнім пабег за імі. Калі ён прабягаў паўз сенцы, з дзвярэй высунуўся паручык. Пазнаўшы Каленіка, ён выстраліў, Каленік інстыктыўна прыгнуўся і пабег шпарчэй. Калі афіцэр выстраліў у другі раз, Каленік быў ужо каля самага агароду. Куля трапіла ў левую руку вышэй локця. Гэта на адзін момант спыніла Каленіка, як-бы прыкавала да месца. Наперадзе мільгалі постаці ўцякаўшых. Некаторыя з іх кідаліся на зямлю і паўзлі, баючыся стрэлаў. Каленік прабег у канец гарода і поплавам пабег да кустоў, што каля раўчука за сялом. Там ён перавязаў руку і прасядзеў нейкі час, каб адпачыць.

Было далёка за поўнач, калі сціхлі ў вуліцы сяла стрэлы і крыкі. Вышэй узняўся месяц, і цемра распаўзлася ў бакі. 3 цемры выступілі шэрыя стрэхі хат. Яму хацелася пайсці ў хату і развітацца з дзецьмі. але гэта было далёка і небяспечна: яго маглі чакаць у дварэ ўланы. Але нельга было далей заставацца і ў кустах: было халодна, а па-другое, варта было да часу, калі развіднее, адыйсці далей ад свайго сяла. Каленік парашыў ісці ў суседнюю воласць да радні, адпачыць там, пакуль загоіцца рана, і падацца ў Совецкую Расію. Некалькі мінут ён стаяў як зачараваны на адным месцы, пазіраў на шэрыя, асветленыя месяцам, стрэхі хат і слухаў напружаную, густую цішыню, запанаваўшую ў сяле. А пасля пайшоў лагчынай паміж кустоў да лесу, насустрач дню.


Вярнуўся дадому Каленік толькі ў ліпені тысяча дзевяцьсот дзевятнаццатага году. Была нядзеля. На дварэ выканкома, куды зайшоў Каленік, стаялі фурманкі і па ўсяму двару кучкамі сяляне. Больш за ўсё тут было крапілаўскіх. Крапілаўцы, як і ў сябе дома, сядзелі на лаўках уздоўж сцяны выканкома. Сюды да іх і падышоў Каленік.

На яго плечы накінуты шынель. Калі ён казырнуў, спыніўшыся, і пачаў вітацца з сялянамі за руку, усе заўважылі, што левы рукаў яго гімнасцёркі падаткнуты пад папружку. Левай рукі не было. Каленік адразу расказаў зямлякам, што здарылася з рукой. У тысяча дзевяцьсот семнаццатым годзе ён параненым пайшоў з дому да радні ў суседнюю воласць. Тамашні фельчар лячыў яго і калі рана загаілася, Каленік пашоў у Совецкую Расію. Там ён быў прыняты ў чырвонагвардзейскі рабочы атрад. 3 атрадам, пазней, трапіў на фронт і прабыў на фронце да вясны, калі раптам адкрылася рана і яго паслалі ў лазарэт. 3 лазарэта ён выйшаў без левай рукі. Гэта было ўсё, што расказаў Каленік.

Сярод мужчын Каленік сустрэў і даўнейшага свайго знаёмага — паляка Віняцкага. Віняцкі з‘явіўся ў Крапілаўцы хутка пасля таго, як мясцовасць за войскам Доўбар-Мусніцкага занялі немцы. Сяляне сустрэлі яго недаверліва, доўгі час многія чураліся яго і яшчэ і зараз усе звалі легіянерам. Недаверлівасць гэтая засталася надоўга.

Пры выканкоме з комуністаў і комсамольцаў быў арганізаваны атрад часцей асобага прызначэння. Атрад, узброены вінтоўкамі і кулямётам, амаль кожны вечар збіраўся на выканкомаўскі двор, або на паповай палянцы для вайсковых заняткаў. Калі ў атрадзе разам з некалькімі яшчэ маладзейшымі мужчынамі з беспартыйных з'явіўся і Віняцкі, да Каленіка прышоў Сімкавец Антон і выказаў сваё нездаваленне.

— Навошта трэба было пушчаць у атрад гэтага? — пытаў ён, стоячы перад Каленікам.

— А чаму-б не пусціць?

— Воўк да сваёй стаі бяжыць, калі што. Я не веру яму.

— Дарэмна. Ён не з такіх.

— Дарэмна, кажаш? А чаму-ж ён тады пабег?

— Але і ад іх-жа хутка пайшоў.

— Мала што, глядзі...

У Крапілаўцы зноў пачыналіся трывожныя дні. Яшчэ ў кожнага ў памяці жыла страшная ноч, калі ўланы абходзілі двары, хапалі мужчын і білі іх бізунамі і шампаламі, а пасля бралі самі з засекаў дабро, выганялі з хлявоў жывёлу і гналі, што на панскі двор, а што ў горад. I вось зноў папаўзлі чуткі, што хутка прыдуць палякі. Чуткі прыходзілі з млына Геллера, з хутароў з-за рэчкі і з гораду. Ім не хацелі верыць і пачыналі баяцца іх. Вечарамі, калі заходзіла сонца і пачынала змяркацца, крапілаўцы палахліва паглядалі на захад, за рэчку, нібы чакалі ўбачыць на тым баку здань страшнага і чужога, што непрыкметна ішла да іх. Калі на зямлю клалася цёмная ноч, калі ўсё змаўкала, шмат хто з крапілаўцаў паціху выходзіў з хаты і, нерухома стоячы сярод двара, услухоўваўся ў цішыню, ці не чуваць глухіх далёкіх гарматных стрэлаў. Але нішто не парушала начное цішы, фронт быў яшчэ далёка і з надыходам дня людзі супакойваліся. Начамі толькі, здавалася, часцей вылі сабакі, уздымаючы ўгору пысы, і ў крапілаўцаў ад іхняга працяглага завывання мурашкі бегалі па целу, верылася, што сабакі чуюць бяду. Іх слухалі і білі нагамі, каб змоўклі.

Праз некалькі дзён яшчэ завідна ў Крапілаўку прыехала верхам чалавек сем чырвонаармейцаў. Яны прыехалі з-за ракі. На валасны двор, дзе сталі яны пакарміць коней, адразу сышлося поўсяла. Сяляне таўпіліся па двару, загаварвалі з чырвонаармейцамі і распытвалі іх, ці далёка фронт. Ім не хацелася верыць, калі чырвонаармейцы сказалі, што да фронта шэсцьдзесят вёрст. Яны бачылі, што вайскоўцы раней, чым прыехаць на валасны двор, аб'язджалі суседнія з Крапілаўкай лясы і праехалі ўздоўж рэчкі. Што-ж яны выглядалі? Сяляне хадзілі каля коней, падкідвалі ім сена, глядзелі ў зубы, ці маладыя, гладзілі па худых спінах і нібы між іншым пыталі ў чырвонаармейцаў:

— Ну, то як, добрая ў нас пазіцыя будзе?

Чырвонаармейцы хітравата ўсміхаліся, адказваючы:

— А калі што — не дрэнная, толькі мабыць, не спатрэбіцца.

— Думаеш?

— Так мяркую,— адказваў чырвонаармеец.— Шэсцьдзесят вёрст фронтам прайсці — не раз плюнуць. Калі падкінуць нам сіл, можка іх назад штурхануць.— I ў сваю чаргу пытаў:— А вы, што-ж, баіцёся іх, ці чакаеце?

Сяляне злавалі.

— Ласку панскую мы ўжо бачылі, а баяцца — як сказаць, абы вы не збаяліся...

Чырвонаармейцы збіраліся ад'язджаць. 3 іх камандзірам з выканкома вышаў і Каленік. Чырвонаармейцы падцягвалі коням падпругі ў сёдлах, садзіліся на коней, а сяляне маўчалі. Толькі калі крануліся яны ехаць з двара, Сімкавец Антон сказаў:

— Хоць-бы павячэралі вы ў нас, да пераначавалі, таварышы...

— Няма калі, таварышы, дзякую,— адказаў камандзір разведкі.

— I не пагаварылі, нічога не сказалі нам, — пашкадаваў Сімкавец.

— Другім разам можа, а сёння вам што-ні-што раскажа таварыш Каленік.

I камандзір і чырвонаармейцы разам казырнулі сялянам, кранулі з месца коней і паехалі за раку.

— Разведка ад штаба войск, аглядалі нашыя месцы,— сказаў Каленік, калі чырвонаармейцы зніклі ў змроках вечара. Усе маўчалі. Усе ведалі, што фронт наблізіцца і да іхнага сяла. Чакалі, што яшчэ скажа Каленік. І нехта спытаў, не дачакаўшыся слоў Каленіка:

— Значыць, зноў яны прыдуць...

— Да рэчкі пэўна дойдуць, але далей не пройдуць, не павінны прайсці,— адказаў Каленік.

— Хто-ж іх не пусціць?

— Мы, мы самі не пусцім. Я не жартую, хлопцы,— сказаў Каленік.— Кожны з нас умее страляць. У нас ёсць кулямёт і вінтоўкі. І да ўсяго ў нас незвычайна выгодная пазіцыя. Калі мы паспеем арганізаваць людзей, мы іх не пусцім ні на адзін крок далей.

Назаўтра ўвечары ў памяшканні выканкома адбываўся зачынены партыйна-комсамольскі сход. Сакратар партыйнай ячэйкі пачаў сход з таго, што сказаў пра набліжэнне фронта.

— Фронт, пэўне, не затрымаецца ў нас,— казаў ён.— Давядзецца адыйсці і трэба, як ёсць указанні з павету, каб кожны комуніст і кожны комсамолец зараней сказалі, хто пойдзе з Чырвонай арміяй на фронт, а хто застанецца сядзець дома.

Ён стаяў за сталом, вакол якога сядзелі комуністы і комсамольцы, і маўчаў, пазіраючы на таварышоў. У кожнага на твары ён бачыў цень нездавалення і доўга ніхто не азываўся на яго словы.

— Гавары, хлопцы,— сказаў ён яшчэ.

— А калі ніхто не пойдзе адсюль, а?

Сакратар не разумеў, што хоча сказаць Каленік.

— Ты што? — спытаў ён.

— Я кажу, што ніхто з нас адсюль не пойдзе,— галасней сказаў Каленік.

— Ды ты што, адурэў?

— Не адурэў, пачакай.— Каленік усміхнуўся, здагадаўшыся, як яго зразумеў сакратар.— Я стаўлю пытанне зусім па-іншаму. Трэба бараніцца, а не адступаць. Калі стаць уцякаць ад іх, можна ўсю Совецкую рэспубліку ім аддаць, разумееш? А я кажу: трэба ўсіх узняць на ногі, хто толькі ўмее страляць, і ў акопы разам з чырвонаармейцамі. Па ўсіх вёсках трывогу ўзняць трэба, пабачыш тады, якія атрады збярэм мы, якую сілу людзей мець будзем.

Сакратара Каленікава прапанова крыху збянтэжыла. Ён не думаў пра магчымасць абароны ў такім плане, як гэта меркаваў Каленік. Да гэтага ён меў дырэктыву з павета. Нейкі час абодва яны маўчалі. Пасля Каленік запытаў:

— Што-ж ты маўчыш? Я сказаў не толькі сваё, так усе думаюць. 3 мужчынамі я гаварыў ужо. Запісывай, браток, каб я заўтра-ж арганізаваў партызанскі атрад у Крапілаўцы, а памочнікамі мне прызначце ўжо каго я сам назаву.

— Але-ж па меркаваннях камандзіра, які быў у нас, фронт адразу адыйдзе за Бярэзіну,— запярэчыў сакратар.

— А па маіх меркаваннях, яны далей нашай рэчкі не пройдуць,— адказаў Каленік.

Каленік падышоў да стала, за якім стаяў сакратар, і паклаў руку на паперу, якая ляжала перад сакратром.

— Запісвай,— сказаў ён,— даручайце, таварышы. — I ўбачыўшы, што сакратар, усміхаючыся, бярэ аловак, дадаў:— А памочнікам Жытко пішы, Сімкаўца і Прорвіча.

Шырока ўсміхаючыся, Каленік яшчэ бліжэй падсунуў паперу да рук сакратара.

— Пішы, бачыш, усе згодны...

Сход скончыўся позна. Ноч цёмная і маўклівая. Каленік развітаўся з апошнім з падарожнікаў і ідзе вуліцай адзін. Ідзе ўслухоўваючыся ў цішыню. Часам яго ўвагу прыцягвае белая постаць чалавека ў дварэ. Ён пазнае чый двор і аклікае людзей. Людзі, як і ён, выходзяць начамі слухаць цішыню. Каленік перакідваецца ў цемры з чалавекам некалькімі словамі і крочыць далей паміж кануўшых у сон хат і садоў, у якіх спеюць яблыкі.

Дома Каленік не лёг спаць, а ўзяў на паліцы сшытак і, запаліўшы лямпу, сеў пісаць. Сядзеў схіліўшыся над сталом і час ад часу ўзнімаў галаву і нерухомымі ўдумлівымі вачыма пазіраў за вакно ў цемру. За сценамі хаты даўно ішла ў сваіх чорных вопратках ноч. Яна пазірала ў вокны, шчыльна тулячыся да шыб. Пазіраючы насустрач ёй, Каленік бачыў перад сабою доўгія рады людзей, узброеных вінтоўкамі, і над імі чырвоны штандар і паціху перачытваў напісанае ў сшытку. Мінутамі павяртаў твар да пасцелі, дзе спалі дзеці, глядзеў на закінутую на падушцы галаву дачкі, на ўскудлычаныя яе русыя валасы і ласкава ўсміхаўся.

Спаць Каленік клаўся ў гэтую ноч на самым золку. У хаце было душна, і ён выйшаў на двор, каб легчы на калёсах. Гэта была пара самага моцнага сна, калі ноч збіраецца ў дарогу ад ледзь прыкметных яшчэ сполахаў зары. Ноч адыходзіла на захад, навісаючы над небасхілам чорнаЙ хмарай. Каленік зірнуў туды, мосцячыся на сене ў калёсах, і прыслухаўся. Да яго дайшоў далёкі, але зусім выразны глухі і кароткі гарматны стрэл. Пасля яшчэ і яшчэ. Каленік падумаў, што можа чуе гром. Але не было маланак, чорная хмара не палыхала іхным бляскам, а па тым, як чаргаваліся выбухі, можна было зразумець, што чуюцца ўзрывы знарадаў. Ён нерухома стаяў каленкамі на калёсах і слухаў як раз за разам глуха білі ў цела зямлі цяжкія выбухі. А ўдзень нічога не было чуваць, і крапілаўцы па звычайнаму выйшлі ў поле з косамі і сярпамі, выехалі з плугамі і баронамі. Людзі касілі, пазваньваючы мянташкамі і брускамі. Пануквалі аратыя і запявалі час ад часу жнеі. Усё было як і звычайна, толькі часцей людзі паглядалі за раку. Варта было паказацца на дальнім узгорку за ракой каму-небудзь, як спыняліся касары і аратыя і выпростваліся жнеі. Але вонкава ўсё было як звычайна, і ўдзень Каленік нікому не сказаў, што чуў ноччу.

Пасля полудня Каленік першым прыехаў з поля дадому. Перад захадам сонца, як было ўмоўлена ўчора на партыйным сходзе, на плошчы каля выханкома сабраўся чонаўскі атрад. Чонаўцы прыйшлі з чырвоным сцягам, усе ўзброеныя. Кулямётчыкі прыкацілі на плошчу вычышчаны кулямёт. Другі і трэці нумары стаялі па абодвы бакі кулямёта, абпаясаныя накрыж патроннымі стужкамі. Як толькі сабраліся чонаўцы, у царкве зазванілі трывогу. Густы бас самага большага звона, захлынаючыся ў сваім гуле, клікаў у наваколле. Тры разы пракрычаў так звон, і на плошчы сыйшліся амаль усе крапілаўцы, мужчыны, жанчыны і дзеці. Хто быў дома, адразу кідаў усё і бег да выканкома. Хто затрымаўся ў полі, спяшаўся дадому, каб распрэгчы каня, ці павесіць да часу пад стрэхай касу і ісці на сход. Натоўп людскі рос з кожнай хвілінай.

Чонаўцы стаялі выстраіўшыся ў два рады. На правым флангу асобна стаялі кулямётчыкі і чонавец са сцягам. Каленік стаў наперадзе іх і ўзняў угору руку.

— Таварышы! — сказаў ён.— Мы не хочам хаваць ад вас праўды, хоць і цяжкая яна і можа для каго страшная. 3 дапамогай Антанты польскія легіёны зноў ідуць, каб аднавіць у нас памешчыцкія, буржуйскія парадкі. Мы ведаем, што гэта значыць. Небяспека падыходзіць да нас, і ўсе як адзін, мы павінны стаць грудзямі за нашу рэспубліку. А калі стане кожнае сяло, кожная вёска, не пройдуць яны далей ні на адзін шаг. Мне паручыў наш партыйны сход клікнуць вас усіх на барацьбу ў партызанскі атрад, каб перагарадзіць жывой сцяной дарогу беламу гаду, каб не даць яму ступіць на нашу зямлю...

Каленік, гаворачы, пазіраў на людзей, што стаялі велізарным натоўпам перад ім. Можа заўтра прыдзе вайна да ракі і кожны з іх пэўне думае зараз, што можа заўтра ўжо не давядзецца выйсці ў поле. Твары ўва ўсіх былі ўдумлівыя, урачыста сур'ёзныя. Бачыў ён перад натоўпам і сваю маці. Маці гаварыла з ім раніцою. Калі дзеці спалі яшчэ, яна вывела яго з хаты і сказала:

— Ходзіш ты нешта не такі, як заўжды, скажы мне.

Ён сказаў, што блізка фронт і будзе збіраць партызанскі атрад.

— Значыць, зноў на вайну, на смерць,— сказала яна.— I неяк не пажывеш ты са мною, ды з дзецьмі.— У яе вачах былі слёзы, а яна казала:— Я не трымаю цябе, я толькі хочу ведаць усё.

Пасля яны моўчкі стаялі на дрывотніку. Каленіку хацелася пахваліць сваю маці, і ён паклаў ёй на плячо руку і сказаў:

— Я-ж ад цябе ні ў чым не таюся, што раблю, усё ведаеш. Толькі от зноў табе адной давядзецца дзяцей даглядаць нейкі час.

I вось цяпер яна стаіць побач з Кавалевіч Ганнай зусім спакойная, склаўшы наперадзе рукі, сашчапераныя ў пальцах.

Мужчыны адзін за другім выходзілі з натоўпу, каб падыйсці да Гайшынскага запісацца ў атрад. Паміж іх хадзіла Кавалевіч Ганна.

— Вас на добрую справу клічуць, мужчыны і хлапцы,— казала яна.— За вамі стаяць вашыя жонкі і маткі. Маткі як ніхто ведаюць цану крыві сваіх дзяцей і яны пасылаюць вас. Я страціла сваіх сыноў на вайне для іншых. Я шкадую, што ў мяне няма ні мужа, ні сыноў. Я паслала-б іх. I вы ніколі не пачулі-б маіх галашэнняў, не ўбачылі-б маіх слёз, калі-б я страціла іх. Я ганарылася б імі, калі-б яны памерлі, як трэба. Ідзіце, мужчыны і хлопцы. Ідзіце і не пусціце іх... Ідзі, Зіновій,— гаварыла яна да Рагаўца і, узяўшы яго пад рукі, вяла да Гайшынскага.— Глядзіце, які ён малайчына яшчэ, у самы раз армеец, — казала яна, ласкава ўсміхаючыся, і сам Рагавец усміхаўся, ідучы побач з ёю

Акурат у гэты час да Гайшынскага падышоў Віняцкі. Ужо калі ён спыніўся перад сталом, за якім сядзеў Гайшынскі, да яго падаўся Сімкавец Антон.

— А ты што, таксама ў партызаны? — спытаў ён.

Віняцкі не разумеў, чаму яго пытаюць аб гэтым.

— Вядома,— адказаў ён.

— А пасля зноў уцячэш у легіёны? То можа, зараней падаўся-б куды ад нас, каб не замінаць.

Віняцкага гэта як громам ударыла. Ён моўчкі стаяў перад сталом, і Сімкавец убачыў, як уздрыганулі яго губы. Можа, ён мерыўся што адказаць Сімкаўцу, але нічога не адказаў. Кавалевіч Ганна, якая прывяла да стала Рагаўца, узяла за руку Віняцкага.

— Антон умее гаварыць і не падумаўшы, не слухай,— сказала яна і сурова і ласкава прыкрыкнула на Гайшынскага.— А ты, малойчык, пішы хутчэй, раз чалавек стаіць перад табой. Глядзі, якога прывяла.

Сімкавец больш нічога не сказаў, а губы Віняцкага кранула ўсмешка і ён сказаў да жанчыны:

— Вельмі дзякую.

Хутка сто семдзесят шэсць чалавек сталі ў два рады побач з чонаўцамі. Стаялі побач старэйшыя і зусім маладыя. Насупроць іх натоўп старых і жанчын з дзецьмі. Гэта была пара, калі канчаецца дзень. Сонца збірала з зямлі свае апошнія промні. Густа чырванела палатно. сцяга, асветленае ім. Чырванела і Каленікава вайсковая шапка. Ён прайшоўся перад атрадам, скамандаваў стаць смірна, і калі вышаў наперад партызан са сцягам, сам стаў побач з ім.

— 3 гэтай самай хвіліны мы ўсе салдаты рэволюцыі,— сказаў Каленік.— Мы прымем бой з ворагамі сваёй Совецкай рэспублікі. Не жадаючы быць пад прыгнётам паноў, мы будзем біцца да апошняй каплі крыві. Таварышы! Мы стаім перад народам нашым, перад нашымі бацькамі і перад нашымі дзецьмі пад чырвоным сцягам і зараз прымем перад ім сваю партызанскую клятву.

Ён дастаў з кішэні лісткі паперы, спісаныя чарнілам і пачаў чытаць.

"... Клянуся сумленнем і гонарам свабоднага грамадзяніна, што ўсведамляю важнасць узятага на сябе абавязацельства, ад якога залежыць канец нашай барацьбы ў справе вызвалення пролетарскіх мас, якія томяцца ў цяжкай няволі і рабстве, і свята абавязваюся мужна прайсці абраны мною цярністы шлях, як прайшлі яго многія папярэднія мае таварышы, дастойна памершыя ў няроўных баях..."

Каленік не сказаў паўтараць словы прысягі, але калі прачытаў ён першыя словы, каля двухсот чалавек голасна паўтарылі іх. Водгулле галасоў ішло далёка ў цесныя завулкі сяла. Вецер развінаў над плошчай палатно сцяга. Урачыста спакойныя стаялі партызаны, паўтараючы за Каленікам словы клятвы, і ўсе яны разам зірнулі ўлева за рэчку, калі раптам данеслася адтуль глухое водгулле гарматных стрэлаў. І голас Каленікаў зрабіўся больш цвёрдым.

"... Усякую ўскладзеную на мяне задачу ў карысць нашай справы абавязуюся выконваць свята і неадкладна ва ўсякі час дня і ночы: ніякія лішэнні, перажыванні і страх не пахіснуць маёй волі..."

Стрэлы раз за разам ударалі ў зямлю каротка і глуха. Чуліся цяжкія крокі вайны. А партызаны ўторылі голасу Каленіка.

"... Усё, што ведаю і раблю і што ідзе з нашага асяроддзя, буду хаваць у тайне перад грамадой, чужой нашай справе, як хаваю вока сваё. Ад таварышоў-жа сваіх нічога не схаваю і не стаю...

Невыкананне чаго-небудзь з дадзенага мною абяцання лічу злачынствам, а за здраду яму станаўлюся ворагам не толькі грамадзе таварышоў, з якімі іду, але і ў цэлым класу пролетарыяў, і перад ім павінен сваёй галавой..."

Каленік бачыў перад сабою злева вялізны натоўп людзей, і справа два рады партызан і ад імя усіх іх ён сказаў апошнія словы клятвы:

"... За здраду справе хай будзе лёсам маім усеагульная пагарда і смерць..."

Галасы партызан, паўтарыўшых гэтыя словы, змоўклі і на момант на плошчы запанавала цішыня. Шамацеў у паветры сцяг і грымелі далёкія стрэлы. Страшная здань голаду і жабрацтва ішла цяжкімі крокамі, каб стаць на парогі іхных хат.

— А цяпер вітаю вас, таварышы, з ганаровым і вялікім званнем байцоў за пролетарскую рэволюцыю,—сказаў Каленік.

У адказ яму партызаны няўзгоднена, але ўсе крыкнулі сваё першае ўра.

— Ваяваць нам трэба будзе,— гаварыў Каленік далей,— а ваяваць голымі рукамі нельга. Шмат у каго з вас дома завалялася яшчэ з часоў старой вайны вінтоўка. Дастаньце яе, пачысціце. Штук дваццаць вінтовак запасных ёсць і ў нас. Спадзяюся, што і горад нас не пакіне без дапамогі. Гэта адна наша справа, а другая яшчэ больш важная. Калі мы толькі каля свайго сяла сядзем у акопы, то гэтым рэспублікі не абаронім. Сёння-ж, хлопцы, і ў суседнія вёскі збіраць людзей у партызанскія групы, каб скрозь стаць уздоўж рэчкі аж да самай Старой Рудні такімі во радамі — Рукою ён паказаў на партызан.— Жытко Міхаль пойдзе ў самыя далёкія вёскі, у Старую Рудню, а бліжэй сюды Сімкавец Антон і Прорвіч Арцём. Раён кожнаму вызначым у штабе...

Калі зусім змерклася і крапілаўцы разышліся па хатах, з двара выканкома выйшла чалавек шесць узброеных партызан. За сялом яны падзяліліся па тры чалавекі і пашлі трое да Галлеравага млына, а трое да мосту. Гэта была першая варта, выстаўленая на ноч партызанскім атрадам.


Хутка пасля таго, як вярнуўся Каленік гэтай ноччу дадому, да яго прышоў Віняцкі. Ён быў празмерна ўсхваляваны. Гэта адгадаў Каленік па тым, як ён адразу ўсхапіўся з месца пасля таго, як сеў быў на лаўцы і як загаварыў, перасыпаючы гаворку польскімі словамі.

— То можа і таварыш Каленік не верыць мне? — пытаў ён.— Вядома, я быў легіянерам, гэтага я не магу не сказаць пра сябе. Я думаў, легіянеры пойдуць у Польшчу. Я думаў, легіянеры будуць браць панскую зямлю. Выйшла не так, як думаў, і я кінуў свой полк і пашоў сюды. Мой дом тут. Мая радзіма тут. Я хочу бараніць сваю радзіму разам з усімі. Сімкавец не верыць мне, бо я паляк. Але-ж не ўсе палякі легіянеры. Не ўсе палякі служаць панам.

Ён гаварыў доўга, паўтараючыся, часам не ўмеючы знайсці словы, каб вытлумачыць, што хоча сказаць. І то садзіўся крыху супакоіўшыся, то хапаўся з месца, прыпомніўшы яшчэ нешта, пра што меркаваў сказаць.

Каленік супакойваў яго, апраўдваючы Сімкаўца.

— Ведаеш, яго білі легіянеры. Калі ён думае, што і ты можа гэтак-жа біў каго, ён не верыць табе. Над ім доўга здзекваліся...

— Я нікога не крануў пальцам,— глуха адказваў Віняцкі.— Я другім не даваў біць...

Віняцкі прасядзеў з Каленікам далёка за поўнач. Потым яны яшчэ пастаялі на дварэ, бо пачулі за сялом галасы. Яшчэ чуваць было тарахцелі калёсы па дарозе ад рэчкі. Ехаў абоз.

Няўжо Чырвоная армія?

Каленік не вярнуўся ў хату, а пашоў да выканкома. Там на плошчы размяшчаўся абоз. На самым выканкомаўскім дварэ уладжваліся на мураве чырвонаармейцы. Каленік пашоў у пакой, дзе змяшчаўся штаб партызанскага атрада. У пакоі быў Гайшынскі, каравульны начальнік і некалькі чалавек камандзіраў. Сярод іх камандзір палка, які прышоў у Крапілаўку.

— Я ад мясцовага партызанскага атрада,— сказаў да камандзіра палка Каленік.— Я хацеў-бы пагаварыць з вамі.

Яны ўдваіх зайшлі ў асобны пакой.

— Заўтра мы пойдзем далей,— сказаў камандзір палка, выслухаўшы Каленіка.— Да гэтага трэба вырашыць, як быць з вашым атрадам. Колькі ў вас чалавек?

— Комуністаў і комсамольцаў семнаццаць і сто семдзесят шэсць сялян, беспартыйных.

— Амаль столькі, як у мяне ў палку асталося. Што-ж, заўтра збярэмся і пойдзем за Бярэзіну. Як вы мяркуеце, існаваць асобна ці ўвайсці ў рэгулярныя часці арміі?

Каленік маўчаў. Здавалася, вось-вось усё разбурыцца, аб чым ён марыў, ствараючы атрад. Задрыжэлі рукі і ён узяўся рукамі за край стала, каб не выказаць усхваляванасці.

— Мы спадзяваліся, што вы застанецеся ў нас,— сказаў ён.

— Такія меркаванні раней былі і ў камандавання, але людзі нашы вельмі стаміліся і іх задужа мала, каб утрымацца,— сказаў камандзір палка.— Фронт скрозь адыходзіць за Бярэзіну, там мы здолеем умацавацца.

— Вам трэба застацца,— нясмела запярэчыў Каленік.— Мы будзем несці ўсю службу, а чырвонаармейцы адпачнуць. Дазоры, варту, усё на сябе бярэм, толькі ў бой разам, вядома.

— А хіба мы здолеем з такімі сіламі, як у мяне і ў вас утрымаць участак фронта ў пятнаццаць вёрст? — Камандзір разгарнуў на стале карту, адшукаў на ёй крапілаўскую воласць і правёў алоўкам па лініі фронта. — Не, гэта задужа багата для такой колькасці людзей,— сказаў ён.

— Гэта яшчэ не ўсе людзі,—сказаў Каленік.— Такія-ж атрады мы маем у Старой Рудні, у Зубарэвічах і ў Рожанцы.— Ён у сваю чаргу нахіліўся над картай і пачаў шукаць названыя вёскі.

— Але людзей-жа мала?

— Тры атрады. Я не скажу, колькі дакладна людзей у тых атрадах, але...

— Калі вы арганізавалі свой атрад?

— Учора прынялі клятву.

— Значыць, учора толькі паслалі людзей у іншыя вёскі?

Каленік замяўся.

— Гэта нічога, што толькі ўчора. Удзень будзем мець весткі.

— Мала людзей,— ціха сказаў камандзір палка.

— Людзі будуць, людзей трэба і можна сабраць сотні ў два дні.

— Я ўсё-ж думаю, што атрад злучыцца з намі і мы пойдзем на вызначаныя пазіцыі за Бярэзіну,— сказаў камандзір палка.

Каленік маўчаў.

— Мы пойдзем а полудні,— дадаў яшчэ камандзір палка.

— Мы просім застацца,—азваўся Каленік.

— Нельга.

— Тады пакіньце частку чырвонаармейцаў,— прасіў ён.

— І гэтага нельга.

Пауза.

— Гэта дужа крыўдна,— сказаў Каленік, адхінуўшыся ад стала.— Сяляне арганізаваліся, каб не пусціць палякаў, а вы не хочаце падтрымаць іх.

— Як не хочам? — падхапіўся камандзір палка з месца.— Чаму ты ставіш так пытанне? Прыняўшы тут бой, мы рызыкуем страціць і рэшту людзей.

Каленік не слухаў.

— Мы сабраліся ў атрады, каб ні на адзін крок далей не пусціць іх і мы адсюль не пойдзем, як-бы вы не зрабілі.— І цішэй, спакайней дадаў:— Я толькі хочу прасіць дапамагчы нам вінтоўкамі і патронамі з запасаў палка.

Абодва пасля гэтага доўга маўчалі. Камандзір палка пазіраў на карту і ўсё стукаў па стале алоўкам, а Каленік стаяў, не кранаючыся з месца, трымаючыся за край стала.

— Вы канчаткова так вырашылі? — запытаў камандзір палка.

— Мы прымалі перад усім народам клятву,— адказаў на гэта Каленік.

I зноў абодва доўга маўчалі. Урэшце камандзір палка сказаў:

— Я звяжуся зараз-жа са штабам дывізіі, паведамлю аб вашых сілах і меркаваннях. Да вечара мы будзем ведаць...

Каленік схапіў руку камандзіра палка і паціснуў яе.

— Улічыце, што гэта не ўсе яшчэ людзі, мы збярэм багата людзей.

Назаўтра самым ранкам усе крапілаўцы, партызаны, жанчыны і ўся моладзь прышлі з рыдлёўкамі да ракі і даўгім ланцугом рассыпаліся ўздоўж яе. Іх прывялі Каленік і Віняцкі Віктар, стары сапёр. Віняцкі прайшоў з Каленікам уздоўж ракі, паказваючы, дзе капаць акопы. Пачалі капаць непадалёк ад рэчкі на полі, каб з акопаў добра быў відзен увесь другі бераг рэчкі і поле на тым баку.

Каля моста на рэчцы стаялі дазорныя чырвонаармейцы. Дзяўчаты крыкнулі ім:

— Ідзіце да нас, пасабіце, нам весялей будзе.

Адзін з чырвонаармейцаў застаўся на месцы, а двое прышлі да дзяўчат і ўзялі ў іх рыдлёўкі, а дзяўчатам далі патрымаць вінтоўкі. Пасля прышло з сяла яшчэ чалавек трыццаць чырвонаармейцаў са сваімі рыдлёўкамі. Яны саставілі вінтоўкі ў козлы, і камандзір, які прывёў іх, запытаў, дзе станавіцца на працу. Іх сустрэлі радасным гоманам. Дзяўчаты клікалі чырвонаармейцаў кожная да сябе, каб станавіўся побач. Чырвонаармейцы рассыпаліся па ўсёй лініі, як рылі акопы. Калі гадзіны праз паўтары спынілі працу, каб адпачыць, чырвонаармейцы і дзяўчаты сышліся разам. Да чырвонаармейцаў тады падыйшла Кавалевіч Ганна і сказала да іх:

— Бачыце, якія ў нас дзяўчаты, а вы ўцякаць ад нас хочаце. Што-ж вы за хлопцы?

Чырвонаармейцы ўсміхаліся, пазіраючы на дзяўчат. Яны адказалі:

— Мы не ўцякаем, адыходзім згодна загаду.

— І вам не хочацца застацца ў нас? — хітравата ўсміхалася жанчына, ківаючы галавой на дзяўчат.— Гэта-ж каб я на вашым месцы...

— 3 ахвотай, калі скажуць застацца, нам усё роўна біць легіянераў — там, ці тут.

— Каб усё роўна, не найшлі-б ад нас,— пярэчыла яна.— Я думаю, сорамна вам будзе ісці ад нас. Бабы ваююць, а вы — ходу.

Чырвонаармейцы ветліва ўсміхаліся. Адзін сказаў:

— А можа яшчэ мы і не пойдзем адсюль, тады мы вас у акопы не пусцім, нам сорамна будзе.

— Тады я дзевак да вас на вечарынку ў акопы прывяду. Ну, згаворымся? Шкада, няма вашага камандзіра, хоць-бы пасароміла яго.

— А можа не давядзецца сароміць, не спяшайся, цётачка,— адказаў той-жа чырвонаармеец.

— Каб-жа ж! А то прышлі, пераначавалі і ходу. А чаго? Ды калі ім так даваць дарогу, яны могуць далёка зайсці. Ты адкуль? — пытала яна ў чырвонаармейца, які гаварыў з ёю.

Чырвонаармеец пазіраў у твар ёй, бачыў яе сівыя валасы, што выбіваліся з-пад хусткі, бачыў яе светлыя вочы, маршчыны пад вачыма і думаў пра сваю маці.

— Пензенскі,— сказаў ён, абрадавана ўсміхнуўшыся.

— Гэта далёка?

— Далёка, уга.

— Ну, гэта не далёка, калі так даваць ім дарогу. Пусці іх сюды, ды ў другім месцы пусці, яны і да пензенскіх мужыкоў дойдуць.

— Яно верна.

— Ну во, значыць і нельга вам ад нас пайсці, давядзецца ў нас паваяваць.

Цяпер яшчэ з сяла прышло чалавек сорак чырвонаармейцаў з рыдлёўкамі, а за імі хутка прыехаў і камандзір палка.

— Адбілі мы ад вас, таварыш камандзір, вашых чырвонаармейцаў, не пойдуць яны ад нас цяпер, давядзецца і вам застацца. Гляньце во на іх.

Кавалевіч Ганна паказвала рукой у адзін і ў другі бок на чырвонаармейцаў. Тыя ўсміхаліся. Побач з імі, абапершыся на рыдлёўкі, стаялі дзяўчаты і дражніліся ўсмешкамі.

— Так, я бачу, прапала маё войска,— развінуўшы рукі, сказаў камандзір палка.— Давядзецца, мусіць, застацца.

Каленік увесь час чакаў, што скажа камандзір палка. Цяпер ён аж сарваўся з месца.

— Вырашана?

Камандзір палка кіўнуў яму галавою.

— Мы атрымалі загад застацца, — сказаў ён. I Каленік не здолеў што-небудзь адказаць.

— Сёння да ночы трэба звязацца з іншымі атрадамі. Зараз вернемся ў штаб і пашлем людзей для сувязі.

І чырвонаармейцы, і сяляне, усе стаялі цяпер вакол іх, і камандзір палка сказаў, звяртаючыся да сялян:

— Мы застаемся ў вас. Камандаванне дывізіі даручыла мне перадаць вам, таварышы, падзяку за арганізацыю абароны.

Да самага вечара капалі акопы. Вярсты на тры, ад лесу, легла ўздоўж ракі жоўтая паска зямлі, канец якой губіўся каля балотных хмызнякоў, за якімі цягнецца паласа непраходных, амаль зусім голых балот.

Дадому ішлі ўсе разам: крапілаўцы і чырвонаармейцы. Непадалёк ад рэчкі яны сустрэлі сем чалавек чырвонаармейцаў. Гэта ішла за раку разведка. Чырвонаармейцы перайшлі мост, пасля іхныя постаці выразна вызначыліся над узгоркам на небасхіле і цераз хвіліну яны зніклі зусім, адыходзячы ў ноч, у невядомае. А ноччу прышлі ў штаб людзі з атрадаў, якія былі арганізаваны ў Старой Рудні, у Зубарэвічах і ў Ражэнцы. Яны прышлі прасіць вінтовак і патронаў.


Гэтая ноч прайшла спакойна. Чырзонаармейцы вячэралі за сталамі ў крапілаўцаў, а пазней спалі ў хатах, у мяккіх пасцелях. Яны адпачывалі. Раніцою з-за ракі прышло чацвёра мужчын. Яны расказалі, што яшчэ ўчора ў іхную вёску, вёрст за дзесяць ад рэчкі, прыязджала польская конная разведка з дванаццаці чалавек. Яна паказалася з суседняга з вёскай лесу і ў тым-жа лесе знікла, паехаўшы назад. Пэўне блізка было і ўсё войска. Гэта пацвердзілася і весткамі, якія пазней прынесла разведка. Пасля гэтага камандзір палка паслаў людзей для сувязі ў атрады, у суседнія вёскі і загад з вечара заняць акопы. Акурат у гэты час прыбыў з горада і невялікі абоз, які даставіў харчы чырвонаармейцам, вінтоўкі і патроны.

Як толькі змерклася, атрад Каленіка сабраўся каля выканкома. Ад выканкома атрад аддзяленнямі крануўся да рэчкі. Кожны з партызанаў адчуваў сябе ў гэтыя хвіліны зусім па-іншаму, чым яшчэ ўчора ці нават у гэты дзень раніцою. Учора, нават капаючы акопы, ніхто з іх не адчуваў так рэальна блізка ад сябе небяспекі. Цяпер рэчка лягла граніцай паміж сваім і чужым, варожым. Адтуль са змрокаў ночы, з-за узгоркаў выйдуць ланцугом польскія легіянеры і ў адну з хвілін будзе пададзена каманда страляць. Гэта будзе пачаткам першага боя і з гэтым у жыцці кожнага пачнецца нешта зусім іншае. У кожнага побач была свая хата, маці або жонка, дзеці і сёстры, і кожны ў гэтыя хвіліны думаў пра іх.

Сядзелі на зямлі каля акопаў. Каленік быў супроць моста. З ім Гайшынскі і Віняцкі. 3 таго часу, як Віняцкі прышоў у атрад, яму ніхто ні адным словам не выказаў недавер‘я, але ўсведамленне таго, што можа хто з партызан не верыць яму, прыгнятала Віняцкага, і ён увесь час хадзіў маўклівым і стараўся быць разам з Каленікам. Цяпер ён паціху расказваў пра сваё дзяцінства. А яго расказ нагадаў Каленіку пра сваё. Слухаючы Віняцкага, Каленік лёг на зямлю і ўвесь час пазіраў у цемру за рэчку. Калі прайсці крыху за рэчкай улева, будзе млын Геллера, а наперадзе хутар Нічыпара Лёгкага. Увесь узгорак за рэчкай ад дарогі ўлева да зарасніку, усё зямля Нічыпара Лёгкага. Больш дванаццаці год з дзяцінства і да самай салдатчыны Каленік праслужыў у Лёгкага парабкам. Гэта было даўно. Вечарамі ён сустракаўся каля млына з дзяўчынай. Яму было тады дзевятнаццаць год. Над балотамі навісаў шызы туман. Пахла свежа скошаным сенам. Яны падыходзілі да рэчкі, а з рэчкі падымаліся, палахліва лопаючы крыллямі, дзікія качкі і ляцелі, выцягваючы на ўсю даўжыню свае шыі, абганяючы адна адну. Пасля ўсё танула ў цішыні, і можна было толькі пачуць, як булькоча вада ды шамацяць чараты. Яны сядзелі на мураве і гаварылі, пазіраючы ў неба, дзе кожны вечар для іх запальваліся далёкія першыя зоры. Слухаючы Віняцкага, Каленік пазіраў на той бок рэчкі і перад вачыма паўставала ўсё перажытае.

Па зямлі праходзіла ноч. Далёкае неба іскрылася зорамі, усё неба, куды ні глянь. Зоры над усёй зямлёй, над усім светам. I зорнае неба Каленік памятае толькі з таго часу, калі жыў у Нічыпара Лёгкага. Каленік уздымае вышэй галаву і ўзіраецца ў густы россып зор па млечнаму шляху, аж пакуль стамляюцца вочы. Тады зноў пазірае ў поле за рэчку. Там цішыня. Там нерухома сядзіць на ўзгорку санлівая ноч. Але і ў цемры ночы Каленік угадвае знаёмыя месцы. На тым беразе блукае яго маладосць, яго дзяцінства. Яно там усё, да самай салдатчыны, пасля якой началося жыццё на гэтым беразе рэчкі.

Пад раніцу з захаду паднялася цёмная хмара. Цяжкая, шырокая, яна павольна ўздымалася ў неба, гасячы зоры. Аб ёй дагадаліся па водблісках далёкіх бязгучных маланак. А калі дакаціўся глухім водгуллем гром, ноч, якая, дагэтуль непарушна юцілася на ўзгорку за рэчкай, спалохана ўзнялася і падалася ў бок балот, адкуль насустрач ёй узняўся заслонай туман. Цемра парадзела.

Збоку ў Каленіка ляжаў Гайшынскі. Ён скурчыўся і драмаў, нацягнуўшы на галаву каўнер піджака. Гэтак па ўсяму полю драмалі партызаны, то лежачы па аднаму, то па некалькі чалавек разам, а наперадзе бязгучна хадзілі ўздоўж рэчкі дазорныя.

Усё вышэй уздымалася хмара і з гэтым часцей успыхвалі маланкі і вурчэў гром. А над галовамі партызан святлела далёкае неба і зоры танулі ў дрыглівай, бледнай яго сіняве. Каленік не спаў, усё пазіраў на той бок рэчкі. Ён першы і заўважыў постаці коннікаў, якія з'явіліся далёка на ўзгорку на дарозе. Коннікі павольна ехалі, збіўшыся ў кучу. Каленік некалькі секунд моўчкі пазіраў насустрач ім, потым крануў за локаць Віняцкага і паказаў на ўзгорак.

— Глядзі!

Постаці коннікаў выступалі ўсё выразней. Уз'ехаўшы на самы ўзгорак, яны скучыліся яшчэ больш. Каленік разбудзіў Гайшынскага і партызана, які ляжаў улева ад яго.

— Перадаць каманду: падрыхтавацца. Не страляць. Даць пераехаць мост.

Партызаны ўпоўголаса, як-бы баючыся, што іх пачуюць коннікі, перадалі па лініі акопаў каманду. У той-жа час, каб не быць заўважаным, дазорны, які стаяў каля самага моста, лёг на зямлю і адпоўз у бок.

— У акопы. Без каманды ніводнага стрэлу,— перадаў Калснік і сам папоўз улева бліжэй да маста. Коннікі набліжаліся. 3 кожнай хвілінай адлегласць да іх скарачалася. Яшчэ нейкі час і яны будуць каля самай рэчкі. Гайшынскі поўз следам за Каленікам і не мог адарваць позірку ад коннікаў. У яго часцей, як заўжды, білася сэрца. Ён на фронце. Хутка пачнецца бой. Яму хочацца гэтага. Следам за Каленікам ён спусціўся ў акоп і паклаў перад сабою вінтоўку, трымаючы яе ў руках. Рука ад напружання і ўсхвалёванасці дрыжэла, і ён бачыў, як пагойдваецца штык, выстаўлены над пяском за акопам. Тым часам коннікі пад‘ехалі зусім блізка, крокаў за сто ад рэчкі. Адзін з іх узняў руку і ўсе спынілі коней. Гэта быў камандзір разведкі. Ён пазіраў у бок Крапілаўкі. Ён бачыў перад сабою рэчку, сенажаці за рэчкай, далей поле і сяло. У сяле ціха і нідзе нікога. Акопаў ён не бачыў, было яшчэ цемнавата і перашкаджаў туман, які нерухомай заслонай стаяў над рэчкай і над сенажацямі. Усё гаварыла яму, што можна спакойна ехаць і далей, але коннікі стаялі на месцы і Каленік сказаў, кіўнуўшы Гайшынскаму галавой:

— О, яны не дурні, на мост яны не паедуць.

— А што-ж мы? — запытаў Гайшынскі.

— Пакуль не будзем страляць,— сказаў Каленік.

— Мы іх так і пусцім назад?

Гайшынскі нічога не разумеў. Да польскай разведкі ўсяго якіх метраў дзвесце, дзвесце пяцьдзесят. Калі-б страляць, палова-б іх напэўна не з‘ехала-6 з месца, пакуль-бы яны агледзіліся.

— За імі зусім блізка перадавая лінія войск ідзе,— сказаў Каленік.— Калі пачнем страляць, мы папярэдзім іх і не здолеем сустрэць так, як трэба.

Камандзір польскай разведкі махнуў рукой і, завярнуўшы каня, паехаў назад, а за ім і ўся разведка. Цяпер яны пагналі коней рыссю і хутка зніклі за ўзгоркам, адкуль былі з'явіліся. Зноў стала ціха, але цішыня зрабілася больш напружанай і больш трывожнай. 3 захаду ўсё вышэй уздымалася цяжкая чорная хмара. Маланкі рассякалі яе, разрывалі стрэламі агня і зусім блізка ўжо грымеў гром. Скамечаная ветрам хмара кацілася як сівая хваля морскага прыбою. Падуў вецер. Рэдкі туман хіснуўся і пачаў расплывацца.

— Яны зусім блізка,— сказаў Каленік.— Яны тут, за ўзгоркам.

Як-бы ў пацверджанне яго слоў, над узгоркам замаячылі постаці польскіх дазорных і не паспелі яны сыйсці ў лагчыну, як на дарозе на ўзгорку паказалася вялікая калона легіянераў.

— Падрыхтавацца да бою.

Каманду перадалі па ўсёй лініі акопаў.

Дазоры польскія ўжо зусім блізка. Вось яны сходзяцца і ідуць у напрамку да моста. За імі ў адлегласці на поўкілометра калона, а яшчэ далей абоз. Дазорныя ішлі з вінтоўкамі на руках, гатовыя страляць. Перад самым мостам яны прыпыніліся на момант, як-бы прадчуваючы небяспеку, але пайшлі далей, толькі ўжо ўсе разам, ішлі насцярожана і нічога не заўважылі. Так дайшлі амаль да самых акопаў, калі змецілі ў акопах людзей і мятнуліся назад, але ім крыкнулі кідаць вінтоўкі і класціся на зямлю. Яны бачылі перад сабою наведзеныя на іх рулі вінтовак. Калі яны спыніліся і ляглі, калона была недалёка ад рэчкі. У калоне не адразу дагадаліся, што сталася з дазорнымі і калона ўсё рушыла наперад з вінтоўкамі на плячах. У гэты час Каленік два разы выстрэліў з рэвальвера і ў адказ яму адгукнуліся стрэлы з абодвух бакоў і зататахкаў кулямёт. Каленік бачыў, як на момант калона замерла на месцы, а пасля легіянеры кінуліся з дарогі і рассыпаліся па полю.

На тым баку рэчкі на самым узгорку спыніўся абоз. Легіянеры, паляжаўшы, узняліся і пабеглі да рэчкі. Яны прарываліся, каб залегчы каля самай рэчкі. За імі з-за ўзгорка наказалася яшчэ калона, ужо большая. Рассыпаўшыся шырокай паласой, калона пашла ўніз. Цяпер іх было багата. Але адначасова насустрач ім, пачуўшы першыя стрэлы, парушыўшыя прадранішнюю цішу, з сяла пабеглі і тыя чырвонаармейцы, якія адпачывалі там, каб заняць месца ў акопах.

Над маўклівым полем кружыліся раскаты грома. Узмацніўся вецер, закружыў над дарогай пясок і хутка ўпаліна зямлю першыя цяжкія кроплі дажджу. І ў гэты момант ухнула ззаду за сялом батарэя, са свістам пранесліся над полем нябачныя знарады і непадалёк ад месца, дзе ляжалі легіянеры, узняліся горы зямлі і дыму. Дождж паліў густы, спорны і мутнай сеткай засланіў на момант ўсё. Адразу пацямнела. Раз за разам з ударамі грома, са свістам, прарываючы мугную сетку дажджу, ірваліся снарады. I нельга было адрозніць грому ад выбухаў.

Легіянеры краліся да мосту. Беглі, клаліся на зямлю, падымаліся і зноў беглі. Так яны дайшлі да самай рэчкі і з крыкам уварваліся ў вузкі пралёт мосту. Партызаны сустрэлі іх густымі залпамі стрэлаў і кулямётным агнём.

Каленік бачыў, як пярэднія з легіянераў ўпалі. I ў гэты момант ён узняўся з акопа, узмахнуўшы рэвальверам. Гэта было камандай. Усе рынуліся за ім. Легіянеры цяпер не маглі страляць, ім перашкаджалі свае, якія былі на мосце. Усё запалоніла гучнае дружнае ўра. Яно падхлёствала і гнала легіянераў, скінула іх з моста і ўзняло з зямлі.

Легіянеры адышлі ў суседнія вёскі за ўзгорак, пакінуўшы ў полі толькі частку сваіх. Дзень прайшоў спакойна. Ноччу паўтарылася атака з боку легіянераў, але ўсяго адзін раз. І так яшчэ суткі прайшлі. А на трэція суткі ранкам партызаны ўбачылі, як пайшлі з узгорку некалькімі радамі легіянеры. Яны ішлі зусім адкрыта, сабраўшы ўсе свае сілы. Чырвонаармейцы і партызаны падрыхтаваліся сустрэць іх. Адразу была перададзена каманда батарэі і на ўзгорку пачалі класціся адзін за другім знарады. А легіянеры ішлі. Як толькі рассейвалася воблака пяску і дыму пасля выбуху, Каленік бачыў іхныя рады. Потым на дарозе паказалася бронемашына. Яна кацілася з узгорку разам з радамі легіянераў, і Каленік чуў, як вурчыць матор. На калдобінах машына павольна пагойдвалася і наверсе на ёй пакручвалася вежа з кулямётамі, як-бы выглядаючы дарогу.

Бранявік павольна каціўся насустрач стрэлам і выпускаў з перапынкамі чараду за чарадой са сваіх кулямётаў. Хаваючыся за бранявік, беглі легіянеры. І калі ўжо зусім блізка былі яны ад рэчкі, ухнуў выбух, потым другі і над рэчкай узняліся кавалкі дошчак і бярвенняў з мосту. Сярэдзіна мосту апала ў ваду. Бранявік спыніўся і нейкі час страляў па акопах, стоячы на дарозе, каля самай рэчкі, але праз поўгадзіны змоўк, павярнуўся і ад‘ехаў, а легіянеры адышлі за ім на раней занятыя месцы і там пачалі акопвацца.

"Цяпер надоўга, да зімы так будзем сядзець",— падумаў Каленік.


На ўчастку фронта, які займалі партызанскія атрады, пачаліся зацішныя дні. Белапалякі, накіраваўшы свае галоўныя сілы бокам на поўнач і на поўдзень ад гэтага ўчастку фронта, доўгі час не падмацоўвалі яго, спадзяючыся, што калі ўдасца прасунуцца далей з флангаў, партызаны, апынуўшыся ў мяшку, адыйдуць самі.

Так перажылі апошнія дні жніўня і ўвесь верасень. Потым пачаліся восеньскія дажджы, частыя і дакучлівыя. Неба ад ранку і да ночы было ўкрыта густымі хмарамі. Яны сунуліся нізка над зямлёй і імжылі бесперастанку цэлымі суткамі. Рэчка ўздулася, напоўнілася вадой да самых берагоў і ад яе пачало павяваць холадам. Зрэдку паказвалася, прарваўшы заслону хмар, пахаладзелае сонца. Яно кружылася ў хмарах нізка над небасхілам, не маючы сілы разарваць цяжкую вільготную заслону іх і рассеяць, і, здавалася, само сонца набракае ў хмарах вільгаццю і гасне.

У канцы верасня аднойчы ўночы нашы пачулі за рэчкай далёкія стрэлы. А ранкам у штаб палка з‘явілася двое сялян з карабінамі. Яны прышлі прасіць у партызан дапамогі.

Увесь той дзень імжыў дождж і перастаў, як зусім змерклася. Разрэдзіліся хмары і дзе-нідзе бліснулі зоры. Ветру не было. І ў ночнай цішы можна было чуць, як плешчацца аб карэнні прыбярэжных дрэў вада ў рэчцы. Каб сагрэцца і абсушыцца, чырвонаармейцы і партызаны скучыліся за кустамі каля агню, раскладзенага ў яме. Яны моўчкі стаялі шчыльным кругам вакол агня, калі прыбег устрывожаны дазорны.

— Па рэчцы човен плыве, і ў чоўне людзі,— сказаў ён.

Усе кінуліся за дазорным да рэчкі. За плынню ракі, па самай яе сярэдзіне, плыў човен, а ў чоўне сядзела двое. Спачатку ўсіх здзівіла, што човен плыве дужа павольна і не чуваць было, каб хто працаваў вёсламі. Выказалі меркаванне, што можа тыя, хто ў чоўне, тояцца і таму плывуць без вёслаў. Гэтая здагадка здалася праўдападобнай. Тады парашылі спыніць човен.

— Эй, хто там?

Дазорнаму ніхто не адказаў. Човен плыў далей па самай сярэдзіне рэчкі.

— Стой! Страляць буду!

Але і на гэты раз ніхто не азваўся. Чырвонаармейцы ішлі па беразе рэчкі, углядаючыся ў цемру.

— Што за чорт!

— Стой! — крыкнуў яшчэ раз дазорны і выстраліў. Але і пасля гэтага човен не спыніўся і ніхто не азваўся.

Што за ліха?

Чырвонаармейцы гоняй двое ішлі берагам рэчкі, а пасярэдзіне рэчкі плыў загадкавы човен. Тады адзін з чырвонаармейцаў сказаў:

— Я паплыву, зірну, што там такое.

— Добра, плыві, толькі сцеражыся, халодна-ж вельмі,—сказаў Каленік.

Чырвонаармеец распрануўся і кінуўся ў халодную восеньскую ваду. На беразе стаялі яго таварышы. Яны чулі ўсплёскі вады пад ударамі рук чырвонаармейца. А човен чорнай плямай плыў па вадзе. Урэшце ён спыніўся. Чырвонаармеец з рэчкі нешта крыкнуў і завярнуўшы човен пагнаў яго перад сабою да берага. Калі човен наблізіўся да берага, крыкнулі:

— Ну, што там?

Чырвонаармеец нічога не адказаў. Ён маўчаў і тады, калі човен, ткнуўшыся носам у бераг, спыніўся, а сам ён вылез з вады. Ён дрыжэў ад холаду і ад страху. І толькі паказаў на човен рукой. На дне яго, прыпёртыя плячыма да лавачкі, сядзелі мужчына і жанчына. У цемры нельга было разглядзець іхных твараў. На грудзях у мужчыны бялела паперка. Паперку адкалолі і пайшлі да агню. Чырвонаармеец, які прыгнаў човен, усё яшчэ маўчаў, палахліва азіраючыся. Калі ён апранаўся, ногі не траплялі ў штаніны, рукі блыталіся ў рукавах гімнасцёркі.

— Я падплыў, а яны маўчаць,— казаў ён.— Мне зрабілася страшна троху і я крыкнуў, як плыў яшчэ, думаю, мала чаго яны маўчаць. А падплыў і бачу — нежывыя. Мне стала халодна ў вадзе.

Каленік узяў ад чырвонаармейца паперку, знятую з грудзей у мужчыны і прачытаў уголас: „Будзе тое-ж і вам усім“, і сказаў:

— Думаюць гэтым запалохаць, гады.

Ён паслаў партызан у сяло, каб паведаміць камандзіру палка аб знойдзеных трупах. Камандзір палка прыехаў конна. Да яго прыезду човен падцягнулі да агню. Тады ўсе разглядзелі маладога мужчыну з акрываўленым тварам і побач жанчыну. У абодвух на ілбах чырванелі выразаныя пяцікантовыя зоркі. Яны сядзелі непарушна, схіліўшыся адзін да аднаго. Камандзір палка міжвольна зняў з галавы шапку. І за ім гэтак-жа знялі шапкі чырвонаармейцы і партызаны.

— Сволачы!

Толькі і здолеў Каленік адным гэтым словам парушыць маўклівасць. У камандзіра палка задрыжэла рука, у якой трымаў ён шапку. Ён адвярнуўся і падаўся ў бок ад агня. Ён ішоў не спыняючыся і не надзяючы шанкі, камечыў яе ў руцэ. За ім чырвонаармеец павёў каня. І следам пайшло чалавек дванаццаць партызан і чырвонаармейцаў. Каленік не спыніў іх, калі яны пайшлі з месца; нічога не гаварыў ім і камандзір палка. Так дайшлі яны да сяла. Камандзір моўчкі зайшоў у памяшканне штаба і стаў каля стала, пазіраючы насустрач партызанам і чырвонаармейнам, якія гурбой спыніліся ў дзвярах.

— Дазвольце зайсці, таварыш камандзір палка?

Ён кіўнуў моўчкі галавою. Хлопцы сталі перад ім сярод пакою і адзін з іх сказаў:

— Дазвольце, таварыш камандзір палка, сабрацца нам і пайсці за рэчку на некалькі дзён. Мы адпомсцім ім.

Камандзір палка дапытліва зірнуў на іх.

— Хлопцы правядуць нас цераз балота і мы вернемся тудою-ж.

Яны паказалі на сялян, якія прышлі раніцою з-за рэчкі.

— Мы звяжамся там з партызанамі і разам раскалашмацім пару камендатур.

Праз нейкі-ж час у штабе палка адбылася нарада і той-жа ноччу два дзесяткі партызан і чырвонаармейцаў пайшлі за рэчку ў тыл белапалякам.


Прайшлі восеньскія надакучлівыя дажджы. Ветры стрэслі з дрэў іхныя дзівосна-барвяныя вопраткі, і аголеныя дрэвы нерухома стаялі, чакаючы марозаў і першых мяцеліц. Марозы прыйшлі хутка. Укрылася лёдам рэчка. Зямля пад нагамі звінела на цвёрда утоптаных сцежках. На стрэхі хат, на платы і на сцежкі клаўся іней. А сапраўдных баёў усё не было. Палякі па-старому рабілі то тут, то там спробу прарвацца за рэчку, але заўжды адмходзілі і на некалькі дэён замаўкалі. Гэтак прыйшлі і дні з першым снегам. Снег выпаў уночы. 3 вечара ў халодным паветры кружыліся рэдкія белыя матылі. Партызаны, седзячы ў дазорах, з цікаўнасцю сачылі за імі, падстаўлялі далоні рук, ловячы іх, гэта было за навіну, а сярод ночы снег пайшоў густа і адразу забялела зямля.

Партызаны і чырвонаармейцы размясціліся ў вёсках уздоўж рэчкі. Хадзілі яны цяпер у кажухах і цёплых паддзёўках. Удзень і ўначы стаялі ўздоўж рэчкі за вёскамі і на дарогах дазоры. Вакол іх было шырокае ўснежанае поле, месцамі кусты каля рэчкі і высокія алешыны з абламанымі верхавінамі, а за рэчкай зноў бясконца далёкае ўснежанае поле і нікога там, ніводнай жывой душы. Так прайшоў снежань тысяча дзевяцьсот дзевятнаццатага і так ціха пачаўся студзень тысяча дзевяцьсот дваццатага года.

Становішча, аднак, змянілася надвячоркам дванаццатага студзеня. Палякі пасля доўгага перапынку зрабілі першую спробу ісці на Крапілаўку. На стрэл дазорных з хат выскачылі партызаны і, рассыпаўшыся, пайшлі насустрач легіянерам. Непадалёк ад рэчкі яны ляглі ў снягу і каля дзвёх гадзін ляжалі так. Спатканыя дружным агнём легіянеры адкаціліся назад, а партызаны, павялічыўшы колькасць дазораў, вярнуліся ў хату. Такія атакі з боку легіянераў паўтарыліся два разы яшчэ трынаццатага студзеня і чатырнаццатага. Адначасова, як можна было меркаваць па стрэлах, гэткія-ж спробы прарвацца за рэчку рабіліся імі і ў напрамку на Зубарэвічы і на Рожанку.

Другая палова дня чатырнаццатага студзеня прайшла зусім спакойна. Але ў прадчуванні небяспекі камандзір пэлка начаваць пайшоў у штаб, а не на кватэру. Пазней туды прыйшоў і Каленік. Там-жа былі Гайшынскі і Віняцкі. Яны чысцілі кулямёт. Часткі разабранага кулямёта ляжалі на стале, сярод шматкоў замасленай кудзёлі.

— Вы дужа не раскідайцеся, а то не паспееце сабраць калі што,— сказаў ім Каленік.

I адразу-ж пасля гэтых слоў Каленікавых Віняцкі пачаў зборку кулямёта. А Каленік пайшоў у пакой да камандзіра палка. Адтуль ён пачуў, калі ў пакой, дзе былі Віняцкі і Гайшынскі, зайшло яшчэ некалькі чалавек. Яны стукалі ботамі, абіваючы з ног снег, стрэсвалі снег з адзежы, ставілі да сцяны вінтоўкі. Камандзір палка ляжаў на лаўцы, падклаўшы пад галаву рукі. Ён ляжаў тварам угору. Вочы яго былі заплюснуты. Можа ён і не спаў, але Каленік ціха прычыніў дзверы і сеў на другой лаўцы каля стала, слухаючы пра што гавораць хлопцы ў другім пакоі. Ён чуў галасы партызан і чуў за сцяной посвісты мяцельнага ветру ды зрэдку чые-небудзь шагі на вуліцы. Часам пачуецца вокліч вартавога каля штабу і зноў цішыня, зноў нічога, акрамя галасоў у другім пакоі і посвістаў ветру ў вакяніцах. Каленік паклаў на стол руку і схіліўся над ёй, разглядаючы агрубеўшую, перасечаную зморшчыкамі скуру. Пасля павярнуў далонь рукі ўгору. Шырокая далонь уся зрэзана глыбокімі даўгімі рысамі і густа драбнейшымі.

Прыгадалася як некалі яшчэ варажыла яму цыганка. Ён нічога не памятаў з тае варажбы акрамя ласкавых слоў. "Саколік мой ясны, сынок, золатка маё..." Гэтыя словы здаліся яму нават дзіўнымі, яны неяк не пасавалі да яго, а цяпер абудзілася да цыганкі пачуццё ўдзячнае і за іх.

Дзе яна? Можа даўно памерла ў дарозе, у часе сваіх бязмэтных блуканняў з калодай карт, з якіх кармілася. А мо жыве дзе і варожыць, і зараз гэтак-жа адорвае людзей ласкавымі, не звыклымі для іхнага вуха, словамі. "Красачка ты мая, дай пагадаю". Пэўне так просіць яна, хапаючы за руку маладую дзеўчыну і гаворыць ёй пра яе каханага, які далёка ідзе суровай дарогай вайны і вернецца да яе яшчэ не хутка.

Галасы ў другім пакоі цішэлі, абрываліся. Яны як-бы насіліся ў паветры, то набліжаючыся, то аддаляючыся. Усё насілася з імі, пагойдвалася, ападала ў бездань. Ён яшчэ рэшткамі памяці хапаўся за незразумелыя ўжо гукі, але на момант прыходзіла забыццё, і Каленік пераставаў разумець, дзе ён. Бесперапынны шум ветра за вокнамі здаваўся гулам поезда. Пасля і гэта знікла. Свядомасць танула ў незразумелым, але дзіўным чаргаванні гукаў. Потым нешта парушыла роўную плынь гукаў. Ён прачнуўся і некалькі секунд сядзеў не кранаючыся з месца, каб зразумець, што здарылася. Пасля, зразумеўшы, што чуе стрэлы, крыкнуў і кінуўся да лаўкі, на якой ляжаў камандзір палка. У камандзіра вочы былі ўжо адкрытыя. Ён у момант падхапіўся, надзеў шапку і выбег з пакою. Калі расчынілі дзверы, выносячы кулямёт, у хату з посвістамі ветру і воблакам снегу ўварваліся гукі стрэлаў.

3 хат беглі партызаны і чырвонаармейцы. Яны кідаліся бегчы ў поле, да рэчкі. А стрэлы несліся з поля за выканкомам. Камандзір палка прыслухаўся на момант да стрэлаў і закрычаў прабягаўшым партызанам:

— Назад! За сяло! — А пасля паціху сказаў Каленіку:— Нас хочуць абкружыць. Трэба абавязкова прабіцца на дарогу да Рожанкі.


На ноч з чатырнаццатага на пятнаццатае студзеня дваццатага года польскае камандаванне вызначыла рашучае наступленне на ўчастку Крапілаўка — Старая Рудня. 3 другіх участкаў сюды было перакінута тысяча пяцьсот салдат пры трыццаці кулямётах. План аперацыі, распрацаваны ў польскім штабе, зводзіўся да таго, каб зайсці з балота ў тыл і, абкружыўшы Крапілаўку, знішчыць партызанскі штаб і рэўком. Увечары, калі добра сцямнела, з вёскі, у якой былі сабраны польскія сілы, даўгім ланцугом пайшлі яны вузкай сцежкай, пратаптанай у снезе, да балота. Наперадзе ішлі Нічыпар Лёгкі і Геллер, якія запрапанавалі польскаму штабу свае паслугі, і з імі афіцэр, а следам легіянеры. Яны зрабілі вялікі круг, каб прайсці балота і апоўначы выйшлі з балотнага хмызняка на крапілаўскае поле. Кілометры за чатыры ў цемры дзе-ні-дзе свяціліся ў сяле агні. Без адзінага стрэлу легіянеры падыйшлі да сяла. На стрэлы дазорных з хат выскачылі разбуджаныя партызаны і чырвонаармейцы. Іх было небагата, бо на зіму атрад размясціўся невялікімі групамі, чалавек па шэсцьдзесят-семдзесят па ўсіх вёсках уздоўж рэчкі. Партызаны сустрэліся з легіянерамі на ўскраіне сяла. Легіянеры ішлі густым ланцугом, абстрэльваючы сяло кулямётамі. Бараніцца было цяжка і партызаны прабіваліся ў супроцьлеглы канец вуліцы, на дарогу да Рожанкі. Больш гадзіны цягнуўся бой, пакуль удалося легіянерам абкружыць сяло. 3 тым, як змоўк партызанскі кулямёт, легіянеры ўварваліся ў вуліцу і пачалі абыходзіць адну за другой хаты. У хатах не было агнёў. Нікога, ніводнай душы не было ў вуліцы. Легіянеры ўрываліся ў хаты і ўсіх мужчын і жанчын гналі на двор.

Збітых, напалоханых сялян сагналі да воласці. Жанчын і дзяцей паставілі ў адзін бок, а мужчын і хлапцоў — у другі. Яны стаялі даўгім няроўным радам, побач старыя дзяды і зусім яшчэ юнакі. Супроць іх натоўпам жанчыны і дзеці. А вакол легіянеры. Уздоўж рада мужчын пашоў афіцэр. Ён ішоў адлічваючы па дзесяць чалавек, торкаючы кожнага кулаком у грудзі і кожнага дзесятага выводзіў з раду. Калі было выведзена дзевяць чалавек, яму здалося гэтага мала і ён пайшоў уздоўж рада другі раз, гэтак-жа сама выводзячы кожнага дзесятага. Цяпер іх было семнаццаць чалавек.

Гэта задаволіла афіцэра. Семнаццацярых адвялі ў бок, а астатніх адагналі да жанчын з дзецьмі.

— Я вас навучу партызаніць! Я выганю з вас большэвіцкі дух!

Афіцэр хадзіў каля іх, углядаючыся кожнаму ў твар і ў злосці тузаў кулаком у падбародкі і ў грудзі. За яго плячыма сталі шарэнгай легіянеры. Рулі іхных вінтовак сустрэліся з вачыма семнаццаці выведзеных з рада. Толькі тады ўсе зразумелі, што хочуць з імі зрабіць. У той-жа час на натоўп навялі кулямёты. Кожны адчуваў, здарыцца нешта нечакана страшнае і кожны маўчаў. Зрабілася як ніколі ціха. Было аж страшна ад цішыні. За адзін толькі момант стала так ціха, на столькі часу, каб паспець чалавеку сказаць самому сабе аб смерці. І адразу напружаную цяжкую цішу прарэзаў жаночы крык, ад якога ўсіх абдало холадам:

— А-а-ай! Ма-а-мачкі! Ратуйце!

Крык уварваўся ў цішыню разам з грукатам стрэлаў. Крык і стрэлы штурханулі людзей з месца. Людзі рынуліся ў цемру на платы і на частаколы. Пад іх цяжарам платы валіліся на зямлю і з імі падалі людзі, уздымаліся і беглі, пераскокваючы цераз упаўшых і паўзлі па зямлі, па глыбокім снезе, кідаючы ў снег дзяцей, а ззаду як д‘ябальскі рогат чулася татахканне кулямётаў.

Людзі паўзлі па зямлі і беглі, не спыняючыся і тады, калі ўсё сціхла. Хто застаўся жывым, забіваліся ў хаты і да дня, да ўсходу сонца чакалі, што па іх зноў прыдуць. Але ноччу легіянеры не прыйшлі. Яны прыйшлі назаўтра пад полудзень і сагналі мужчын пахаваць забітых, а за гэтым зноў усіх сагналі на валасны двор, куды прывялі сем'і некаторых з партызан, каб дапытваць іх. Першага дапытвалі бацьку Гайшынскага, паставіўшы яго да сцяны валаснога будынку.

— Ты ведаеш, дзе партызаны,— казаў да яго афіцэр,— ты мне скажаш гэта. А калі захочаш схлусіць, я знішчу ўсе тваё кодла.

Непадалёк ад старога стаяла яшчэ некалькі мужчын і жанчын і з імі Каленікава дванаццацігадовая дачка. У Каленіка ў хаце легіянеры не засціглі нікога больш і, пакінуўшы меншых дзяцей, узялі яе. Стары Гайшынскі маўчаў.

— Каб развязаць табе язык, я дам табе паспытаць вось гэтага,— сказаў афіцэр. Ён узяў ад салдат шампалы і скруціўшы іх дротам па тры разам, загадаў старому класціся на снег. Стары пачаў прасіцца.

— Я нічога не ведаю, пан афіцэр, я стары зусім, вам грэх здзекавацца з мяне.

Салдаты знялі са старога кажух, кінулі яго ў снег і на снег штурханулі самога Гайшынскага. 3 яго садралі адзежу. Голае цела задрыжэла ад холаду. Прыціснуты да зямлі легіянерамі, стары не спрабаваў вырывацца. Ён ляжаў адкінуўшы ўздоўж цела рукі. Голыя маршчатыя рукі ляжалі на снезе і за кожным ударам шомпалаў толькі скручваліся даўгія кастлявыя пальцы, заграбаючы снег. Снег раставаў ля рук. Яго білі доўга, спыняліся толькі, каб запытаць, ці хоча ён сказаць што.

— Мне ўсё роўна паміраць,— адказаў стары.— Біце хутчэй.

Яго білі па патыліцы і па худых костках плеч, па паясніцы і па нагах. Цела ўздрыгвала пад ударамі і пальцы за кожным ударам хапалі і сціскалі ў жменях снег. Гэтак-жа дапытвалі яшчэ трох мужчын і жонку Сімкаўца Антона, а потым афіцэр падышоў да Каленікавай дачкі.

— Пэўне ты нам усё цяпер скажаш.

Афіцэр узяў яе рукой за падбародак, але яна адхінула афіцэраву руку.

— Што? І ты не хочаш гаварыць?

Дзеўчынка маўчала.

— Ну?!

Афіцэр схіліўся, каб зірнуць ёй у твар.

— Не скажаш? Ты не ведаеш, куды пайшоў твой бацька?

— Не ведаю.

— Што? І ты не ведаеш?

Афіцэр узяў яе за світку і адцёг да сцяны.

— Ты нічога не хочаш сказаць?

Дзеўчынка маўчала.

— Добра. Не кажы. Ты больш нічога і ніколі не скажаш.

I ніхто не паспеў апамятацца, як ён выхапіў рэвальвер і выстраліў. Дзеўчынка захіліла твар, ускінуўшы рукі і ўскрыкнула, але не ўпала.

— А чорт, не пацэліў,—спакойна сказаў афіцэр. І зноў пайшоу да дзеўчынкі. Яна ўсё яшчэ трымала рукі, захінаючы твар. Рукі яе дрыжэлі і шырока раскрытыя вочы палахліва пазіралі насустрач афіцэру.

— Ну, што, страшна?

Афіцэр узяў яе рукі і адарваў ад твару.

— Куды пайшоў бацька?

Але бачыў перад сабою толькі немы палахлівы погляд вялікіх дзяціных вачэй.

— Не скажаш?

— Не. Я не...

Афіцэр спрытна падаўся назад ад дзеўчынкі. Акурат, калі ён выстраліў, збоку кінулася да дзеўчынкі Кавалевіч Ганна і адразу ўпала на снег, узмахнуўшы працягнутымі наперад рукамі.

— А, д‘яблава баба!

Афіцэр схаваў рэвальвер і крыкнуў салдатам усіх прагнаць з двара. У той-жа час салдаты ўзялі з зямлі нежывую ўжо жанчыну і панеслі пад павець. I толькі дзеўчынка нейкі час стаяла яшчэ на месцы, як прыкаваная да сцяны, а пасля, убачыўшы, што нікога няма з ёю, кінулася з крыкам на вуліцу.


Прарваўшыся цераз кальцо агня, партызаны рушылі ў напрамку да Рожанкі. Там яны меркавалі злучыцца з суседнімі групамі сваіх. Але калі падыйшлі вярсты за тры да Рожанкі, убачылі над вёскай эарыва. Вёска гарэла. Ісці туды нельга было. Усе разумелі, што Рожанку ды, відаць, і іншыя вёскі занялі палякі. Партызаны сыйшлі з грэблі ў снег і па цаліне, па снезе пайшлі на ўсход да бліжэйшага лесу, за якім вырашылі сабрацца на хутарах.

На хутары прыйшлі досвіткам. Разведка, пасланая наперад, паведаміла, што на хутарах спакойна. Сяляне сустрэлі партызан і накармілі. А назаўтра пачаліся пошукі сувязі з партызанскімі групамі Жытко, Сімкаўца і Прорвіча. Сувязь была адноўлена цераз пару дзён, і партызаны з другіх груп таксама пачалі збірацца на хутары. Сабраўшыся яны падлічылі свае страты. У гэты дзень не далічыліся ў сваіх радах семідзесяці двух сваіх таварышоў і камандзіра палка.

На хутарах партызаны прабылі каля месяца і пасля невялікіх сутычак з палякамі адыйшлі ў далёка пакінутую ў балотах вёску, у якой вырашана было чакаць вясны.

Перад тым, як адыйсці з хутароў, ніхто з партызан не спаў. Недалёка былі свае вёскі, сем'і і кожны думаў як яны? 3 хутарамі суседзіў лес. Вакол хутароў хадзілі дазорныя, услухоўваючыся ў лясныя шумы. Дазорныя хадзілі па лесе і стаялі ў лесе пад высокімі дрэвамі. А партызаны ляжалі на саломе ў хатах па дзесяць-дванаццаць чалавек. Лежачы на саломе, партызаны прыпаміналі нядаўнюю страшную ноч, прыпаміналі сваіх згубленых той ноччу таварышоў і запявалі песню пра Трансвааль — далёкую і невядомую ім краіну.

Пелі гэтую песню і адыходзячы з хутароў. Ішлі гуськом. Песня пачыналася далёка наперадзе і кацілася хваляй ад першага па ўсяму раду. У песні быў смутак, як і на сэрцы ў кожнага з партызанаў. Яе канчалі і зноў пачыналі пець. 3 ёю было лягчэй ісці па глыбокім, тугім снезе.

Так дайшоў атрад пад вечар да вёскі, у якой размясціўся і прабыў да сярэдзіны сакавіка дваццатага года.

Аднойчы ў пачатку сакавіка ўвечары, калі стомленыя партызаны ляглі спаць, Каленік пазваў з хаты Віняцкага і пашоў з ім да лесу. На дварэ цемра і мяцеліца. Зрэдку з-за хмар прабіваўся месяц. Ён плыў высока ў хмарах, разрэджваючы цемру. Там лапікамі сінела неба, мігалі праз заслону хмар зоры, а над зямлёй кружыў вецер, гнаў табуны сняжын, засыпаў і так мала пратаптаныя сцежкі. Калі яны прышлі ў лес і апынуліся ў зацішным месцы, Каленік пайшоў зусім паціху.

— Есць вельмі важнае заданне,— сказаў ён Віняцкаму.— Вырашана, што мы семнаццатага досвіткам знімемся адсюль і ўдарым з тыла ім, а Чырвоная армія ўдарыць сваімі сіламі з фронта. Ты пойдзеш за Бярэзіну да чырвоных, будзеш прасіць, каб у гэты дзень на нашым участку Чырвоная армія пайшла ў наступ. Адначасовым ударам мы адкінем іх. Калі аб усім будзе ўмоўлена, ты вернешся зараз-жа назад, каб пра ўсё паведаміць нам. Можа не прымуць наш дзень, а вызначаць свой, разумееш? Калі ты і не вернешся, мы ўсё роўна ў гэты дзень пойдзем, ты ім так і скажы. Сядзець нам тут далей, нічога не робячы, няма чаго, а хадзіць па пяць чалавек у тыл ім мала толку.

Яны блукалі па дарозе ў лесе, і Каленік усё гаварыў Віняцкаму пра даручэнне атрада і расказваў, як ісці.

У кожнай вёсцы ёсць свае людзі. Палякі цяпер будуць рыскаць па ўсіх вёсках, ісці будзе не так лёгка, але скрозь свае людзі, яны сустрэнуць і правядуць далей. Давядзецца быць асцярожным і ў той-жа час давядзецца спяшацца, бо часу застаецца зусім небагата.

Так яны блукалі, пакуль было ўсё ўмоўлена, а тады нейкі час стаялі, прытуліўшыся да дрэва, гаворачы зусім пра іншае. За лесам па-над полем кружыліся белыя табуны сняжын. Угары плыў, несціхаючы, роўны гул ветру, мерна пагойдваліся вершаліны дрэў. Дрэвы скрыпелі, церліся адно аб адно і гул па ствале ішоў згары да самай змерзлай зямлі і аддаваўся ў дрэве звонам. Каленік гаварыў пра сваіх дзяцей.

На другі дзень раніцою Віняцкі пайшоў з вёскі, апрануўшыся ў сялянскую адзежу. Каленік правёў яго далёка ў лес і там яны развіталіся. Калі постаць Віняцкага знікла ў лясным гушчары, за цёмнымі стваламі старых дрэў, за густа абсыпанымі снегам кустамі, калі заглухлі яго шагі, а з лесу толькі і можна было пачуць шолахі дрэў, Каленік вярнуўся назад.

На дварэ Каленіку сказалі, што яго чакае незнаёмы. У хаце сядзеў мужчына гадоў трыццаці васьмі, сярэдняга росту, з даволі вялікімі светлымі вусамі. На ім была сялянская адзежа: кажух, даволі падношаны ўжо, былая салдацкая шапка, напалову аблезлая і на нагах боты. Але пад гэтай адзежай Каленік пазнаў бывалага чалавека.

— Хто ты?

— Я адтуль,— незнаёмы махнуў рукою ў бок глухой сцяны хаты на ўсход.

— Адтуль...— Каленік дапытліва ўглядаўся ў твар яму.— А можа адтуль? — Паказаў рукой у адваротны бок.— Чым ты можаш давесці, што адтуль?

— Шацілу Максіма ведаў? — замест адказу запытаў незнаёмы і з усмешкай зірнуў на Каленіка.

— Максіма?

Каленік адразу прыпомніў свайго камісара палка, з якім быў на калчакоўскім і на дзянікінскім фронце. Ладны ў росце, прыгожы мужчына, артылерыст царскай арміі, ён стаў большэвіком, і ў адным з баёў, калі быў забіты камандзір палка, стары афіцэр, узяў на сябе камандаванне палком і вывеў яго з засады, у якую полк было трапіў. Вядома, ён ведаў Максіма Шацілу, ён не адзін раз ляжаў у часе баёў побач з ім на снезе і на мокрай ад дажджоў зямлі.

— Ну, ведаю, а што?

— Я ад яго.

Каленік зірнуў на незнаёмага.

— Чаго глядзіш? А Міцьку Арлоўскага ведаў? Арсенал...

Каленік бліжэй падаўся да госця. Ён і да гэтага бачыў як-бы нешта знаёмае ў твары гэтага чалавека. А цяпер прыпомніў Арлоўскага Міцьку, палкавога ардынарца, які хадзіў больш за ўсіх узброеным, насіў за поясам цяжкі маўзер і гранаты. Вечарамі, дзе даводзілася перадыхнуць у хаце, ён скакаў рускага і барыню, з на яго пакрыкваў камандзір палка, казаў:

— Глядзі, арсенал, узарвешся.

Каленік абняў адной сваёй рукой госця, пацалаваўся з ім, а той адразу-ж, як павіталіся, расхінуў полы кажуха і ўсе здзіўлена зірнулі на ягоны пояс. За поясам быў рэвальвер і чатыры гранаты.

— Я па-старому,— сказаў ён усміхаючыся.— Прывык.

Затым ён перадаў Каленіку ліст ад Шацілы. Шаціла быў камандзірам стралковага палка. Ён пісаў, што дзевятнаццатага сакавіка полк выступіць супроць белапалякаў і прасіў партызан быць гатовымі, каб ударыць у тыл ім. Полк сам вызначаў аперацыю, прасіць аб якой партызаны паслалі Віняцкага.

— А мы сёння правялі свайго чалавека, ён пайшоў да вас. Паслалі прасіць аб гэтым-жа, толькі меркавалі на семнаццатае.

— Што-ж, прыдзе назад.

— Ах, гэта здорава,— сказаў Каленік,— дзякую, брат, за навіны, а то сядзім мы тут без настаяшчага дзела. Час ад часу толькі натрывожым іх з тылу і зноў сюды, ды і не ўсе ходзім па чарзе. Ну дзякую. А цяпер мы пакормім цябе, нябось выгаладаўся...— І яшчэ дадаў.— Будзе ім цяпер поўная крышка.


Штаб галоўных сіл польскіх войск, якія занялі пасля партызан крапілаўскую воласць, размясціўся ў самай Крапілаўцы. Сюды і быў дастаўлены селянін, якога польскі патруль захапіў на адным хутары, вёрст за дзесяць ад Крапілаўкі. Гэта быў высокі, цёмны з твару чалавек, гадоў трыццаці шасці. Яго прывялі ў штаб і цераз нейкі час даставілі на допыт да афіцэра Нацэвіча. Чалавек быў у парванай лапленай сялянскай свіце. На нагах у яго былі лыкавыя лапці і на галаве далёка не новая шапка-кучомка. Афіцэру паведамілі, што ў гэтага селяніна ў кішэні знайшлі некалькі печаных бульбін і абойму з патронамі. Афіцэр усміхнуўся на гэтае паведамленне. Ён загадаў легіянерам выйсці з габінета, а сам пачаў дапытваць селяніна ў прысутнасці штабнага пісара.

— Чаму ў цябе ў кішэні аказаліся патроны?

— Я падняў іх па дарозе, валяліся ў снезе, я не ведаў, што патронаў нельга насіць у кішэні.

Загрузка...