— Угу! — Афіцэр усміхнуўся.— А чаму гэта ты гаворыш не зусім, як тутэйшы?

— Я тут жыву не з так даўных часоў. Я сам паляк, тут застаўся з бежанства.

— Паляк? А чаму партызан?

— Я не партызан, я нічога не ведаю аб партызанах.

— Угу,— зноў прагудзеў афіцэр.— Ты нічога пра партызан не ведаеш? — I ўсё ўсміхаўся.— А ці ты думаеш, я цябе не ведаю, а? Я цябе ўраз пазнаў, пан Віняцкі, і табе няма чаго хавацца. Я рад, што мы з табой сустрэліся. Ты, пэўне, добра разумееш, які канец цябе чакае. Я хацеў-бы спытаць толькі, з якога гэта часу паляк ідзе супроць сваёй бацькаўшчыны і ваюе за Расію, за большэвіцкую Расію? Я гавару так з табой, бо ведаю, ты куды больш разумееш, чым тутэйшыя мужыкі.

— А я хацеў-бы ў сваю чаргу спытаць, з якога гэта часу рускі афіцэр пачаў ваяваць супроць Расіі, за Польшчу? — адказаў селянін.

Афіцэр узлаваў.

— Я з табой не збіраюся жартаваць. Гутарка наша будзе дужа кароткай. Калі ты згодзішся сказаць нам, дзе цяпер партызаны і колькі іх, мы пакінем табе жыццё. Калі не — у расход... Ну?!

Замест адказу селянін спытаў:

— Хай пан скажа, якое сёння чысло?

Афіцэр здзівіўся, але адказаў:

— Сёння семнаццатае, табе што да таго?

— Нічога, я хачу ведаць, якога я чысла загіну,— адказаў селянін.

Гэта ўжо зусім вывела афіцэра з цярпення.

— Што? Ты ўсё жартуеш? Не-е, міленькі, кінь, раней мы пажартуем. Ты памрэш яшчэ не так хутка, і ў дзень, калі будзеш паміраць, я пастараюся зрабіць так, каб ты ўжо не здолеў прыпомніць чысла. Але гэта будзе не сёння. Я цябе так лёгка не пушчу. Мы яшчэ пагаворым з табой, але да таго я пажартую, перад тым я пакажу цябе сваім жаўнерам, хай парагочуць, убачыўшы прадстаўніка магутнага большэвіцкага войска.

Праз некалькі мінут селяніна вывелі на плошчу перад валасным дваром. На плошчы стаялі ў два рады легіянеры. Іх было багата, пэўне, цэлы батальён. Селяніна паставілі перад імі.

— Ён паляк,— сказаў афіцэр, звяртаючыся да легіянераў.— Але ваюе за большэвікоў. Мы запытаем у яго, чаму ён здрадзіў сваёй радзіме? — афіцэр усміхаўся, прадчуваючы вясёлую забаўку.

— Я не здрадзіў сваёй радзіме,— адказаў селянін.— Калі я жыў у Польшчы, я ўсё жыццё рабіў на пана і не меў кавалка хлеба. Мне не патрэбна такая радзіма.

Легіянеры з цікаўнасцю слухалі, што гаворыць селянін. Ніхто з іх не зарагатаў, як таго чакаў афіцэр. І афіцэр толькі сказаў:

— Ага, цікава...

А пасля выняў з кішэні ў селяніна печаную бульбу, паказаў яе салдатам і сказаў да селяніна:

— Ці варта-ж ваяваць за такую радзіму, якая дае толькі печаную бульбу і лапці?

Афіцэр задаволена смяяўся. Яго праціўніку цяжка што-небудзь адказаць. Смяяліся і салдаты, паглядаючы на руку афіцэра, у якой ён трымаў дзве печаныя бульбіны, і на селянінаву адзежу. Селянін зусім спакойны. Ён у сваю чаргу з усмешкай пазірае на афіцэра.

— Ці варта паміраць за гэта? — пытае ў яго афіцэр.

— Я паміраю не за лапці і не за бульбу, а за рэволюцыю, за свабоду, за совецкую уладу, каб навек пазбавіцца ад лапцей і не жыць адной толькі бульбай.

Эфект і на гэты раз атрымаўся зусім не такі, якога чакаў афіцэр. Усмешка збегла з яго губ. I перасталі смяяцца легіянеры, не разумеючы, чаму іх сагналі слухаць гэтага дзіўнага селяніна. Шалеючы ад злосці, разумеючы, што зрабіў вялікую памылку, афіцэр выхапіў рэвальвер і штурхануў селяніна ў грудзі.

— Зараз я табе пакажу рэволюцыю і совецкую ўладу. Твой язык анямее раней, чым ты паспееш прасіць аб літасці.

А Віняцкі ўсміхаўся, пазіраючы на афіцэра.

— Пабачым, як ты засмяешся там, у сутарэнні.

— Іншага я ад цябе і не чакаю,— спакойна сказаў Віняцкі і пайшоў, абкружаны канвоем.

Яго прывялі ў цёмнае сутарэнне пад будынкам воласці і заперлі там. Гэта была халодная яма, выкладзеная каменнем. Праз вузкую дзірку ўгары, забітую жалезнымі кратамі, якая замяняла акно, сюды прабівалася з двара цмянае святло і ўрываўся халодны вецер і снег. Холадам з усіх бакоў несла і ад настыўшага камення.

І каб сагрэцца, Віняцкі ўвесь час хадзіў па сутарэнню з кута ў кут.

На змярканні ў сутарэнне прышоў Нацэвіч і тры жандармы. Адзін з жандармаў прынёс запалены ліхтар і паставіў яго на падлозе каля дзвярэй. Цмянае святло ліхтара разрэдзіла цемру ў сутарэнні, а цемра за акном стала ад гэтага яшчэ гусцейшай. На момант святло ліхтара асляпіла Віняцкага, і ён спыніўся на самай сярэдзіне сутарэння. Калі ён раскрыў вочы, убачыў перад сабой Нацэвіча.

— Раю гаварыць, пакуль не знямеў язык,— сказаў Нацэвіч.

Віняцкі маўчаў. Ён думаў пра сваіх таварышоў. Двевятнаццатага яны прыдуць і выратуюць яго, калі да гэтага часу яго не застрэліць гэты ганарлівы паручык. Віняцкі міжвольна зірнуў на Нацэвічавы рукі, на яго сціснутыя ў кулакі хударлявыя пальцы. Дзевятнаццатага. Гэта ўсяго дзве ночы і дзень, паўтара сутак. Зусім небагата часу. І жартуючы, Віняцкі запытаў:

— Калі-ж пан паручык выправіць мяне на той свет?

Нацэвіч нічога не адказаў. Ён моўчкі ударыў Віняцкага кулаком у твар. Удар быў не сільны і Віняцкі сказаў:

— Эй ты, панок, кінь драпацца, ты не ўмееш біць. Загадай ім хіба.

Віняцкі паказаў рукой на жандармаў, якія набліжаліся да яго. Яны падышлі ўсе трое і амаль разам ударылі ў твар і ў грудзі. Віняцкі закрыў твар рукамі, падаўся да сцяны і стаў абапёршыся на сцяну, каб не адразу ўпасці. Яго білі ў твар і ў грудзі, а ён стаяў на шырока расстаўленых нагах, усё мацней сціскаючы сківіцы, каб не застагнаць, і паваліўся на слізкае, абледзянелае каменне, калі страціў прытомнасць. Тады жандармы спыніліся, а Нацэвіч яшчэ некалькі разоў ударыў яго нагой і загадаў жандармам прынесці вады.

Жандармы не адразу зразумелі, чаго хоча афіцэр. Ён паўтарыў загад.

— Некалькі вёдзер вады,—сказаў ён.

Калі ваду прынеслі, Нацэвіч загадаў пасадзіць Віняцкага ў куце пры сцяне і сам старанна абліў яго вадой. На ноч браўся мароз. Адзежа Віняцкага, аблітая вадой, пачала змярзацца. Мінут цераз пятнаццаць Нацэвіч гэтак-жа старанна выліў на Віняцкага яшчэ два вядры вады і пакінуў яго толькі тады, калі адзежа Віняцкага і валасы на яго галаве абледзянелі.

Збіты да поўсмерці, абледзянелы, амаль увесь час без памяці, Віняцкі праляжаў у сутарэнні паўтара сутак, пакуль яго знайшлі і выратавалі таварышы.


Партызаны выйшлі насустрач дню. Далёкае зорнае неба было чыстым ад хмар. У небе высока стаяў, як у дазоры, месяц з абсечаным краем. Цёплыя прадвясеннія дні змяніла марозная ноч. Мароз апрануў дрэвы ў срабрыстыя вопраткі шэрані, і яны нерухома стаялі, урачыста велічныя ў сваім убранні. Шэрань лягла і паверх снегу на дарозе, асыпаўшыся з дрэў, і там, дзе дарогу не засланяў цень, яна ўся іскрылася.

Лес праз нейкі час змяніўся вялізнай палянай, а пасля балотнымі хмызнякамі. Па балоту ісці было цяжка: багна балотная амаль не замярзала і на зіму, ногі правальваліся ў ваду пад снегам. Часам той або іншы з партызан правальваўся ў балота па самыя грудзі. Да яго кідаліся таварышы і выцягвалі за рукі, а калі нельга было падступіцца, падавалі яму вінтоўку і так выратоўвалі з багны, а заднія тады асцярожна абыходзілі небяспечнае месца.

Так дзвесце шэсцьдзесят партызан выйшлі самым ранкам да ляска, на ускраіне балот, непадалёк ад Крапілаўкі. Над небасхілам на ўсходзе палыхала зарава дня. Над далёкім усходам праплывала дрыглівая палымнеючая сінява. Здавалася, вось-вось прарвецца яна і агнямі разальецца па ўсяму свету. А высока ў небе, куды не даходзіла зарава, усё яшчэ нерухома стаяў, як у дазоры, збляднелы месяц.

Партызаны спыніліся ў ляску, каб адпачыць. Яны закурвалі, узбуджана гаманілі і то адзін, то другі прабіраліся на ўскрай лесу, каб адтуль непрыкметна зірнуць на блізкія стрэхі крапілаўскіх хат. Партызаны збіраліся групамі. Ад аднае групы да другой хадзіў радасна ўзбуджаны Каленік. За два месяцы жыцця па хутарах ён аброс барадою, і партызаны-юнакі цяпер часцей звалі яго проста дзядзькам.

— Акурат на снеданне, хлопцы, дома будзем,— казаў ён спыняючыся перад крапілаўскімі.— А да полудня і пераспім крыху.

Ён думаў пра блізкае спатканне з дзецьмі. Нябось Валька вунь як падрасла ўжо, зусім гаспадыня ў хаце. I хлопцы падраслі. Яны абшчапераць бацьку за шыю і доўга не выпусцяць яго з хаты. Каленік ведаў, як дапытвалі дачку палякі. Ён увесь час думаў цяпер толькі пра яе і хацеў як мага хутчэй убачыць яе. Узнімалася пачуццё незразумелай трывогі і пачынала непакоіць яго. Ён пазваў Міцьку Арлоўскага і нібы для таго, каб паказаць яму, што зусім блізка яго сяло, павёў на ўскрай лесу. Адтуль яны ўбачылі стрэхі крапілаўскіх хат. Хаты табуном сышліся ў лагчыне і толькі воласць і папоў дом ды ў баку яшчэ дом Нацэвіча, высіліся на ўзгорку над усім сялом. Дзе-ні-дзе над стрэхамі высока ўздымаліся слупы шызага дыму і непрыкметна расплываліся ўгары. Каленік паказваў у бок сяла рукою і ўсё гаварыў, каб заглушыць у сабе раптам узнікшую трывогу. Ён паказваў на стрэхі хат, гаварыў, чыя дзе хата, прыгадваў розныя здарэнні з далёкага дзяцінства свайго і з дзяцінства крапілаўцаў, якія сталі партызанамі.

У гэты час за балотамі, над далёкім лесам, усплыло залатым сваім краем сонца і брызнула на зямлю святлом першых промняў.

— Цяпер будзем чакаць сігналу,— сказаў Каленік і раптам змоўк.

Яны доўга стаялі з Арлоўскім, углядаючыся ў цёмную сінявую наску лесу за крапілаўскім полем. Адтуль будзе ісці семдзесят другі стралковы полк. Ён непрыкметна выйдзе ў поле і, разгарнуўшыся фронтам, падасць партызанам сігнал ісці ў бой. Сігнал убачылі хутка, як вышаў з-за небасхіла поўны круг сонца. Адна за другой узляцелі ў неба дзве ракеты і, накрэсліўшы на блакіце неба дугу, рассыпаліся нябачнымі іскрамі. А за гэтым адзін за другім пачуліся чатыры стрэлы. Тады Каленік з Арлоўскім кінуліся да сваіх. Атрад яшчэ да таго разбілі на тры групы. Самую большую павёў Арлоўскі з боку рэчкі, каб ударыць палякам у тыл. Другая, меншая група, пайшла проста на сяло з боку балот, а сам Каленік з кулямётчыкам і пяцёра партызан накіраваліся паўз бераг рэчкі да маста, які палякі часова аднавілі, і заселі там за кустамі.

Лёд на рэчцы не трывалы. Кінуўшыся ўцякаць, легіянеры пабягуць да мосту і тады ім можна будзе адпомсціць за ўсё.

— Мы сустрэнем іх яшчэ ў полі,— скаэаў кулямётчыку Каленік,— а тут расквітаемся в імі канчаткова.

Яны ляжалі на ўзгорку. Перад вачыма поле, лапікамі чорнае ўжо, без снегу. На ўзгорках зусім няма снегу. Яны асветлены сонцам. I гэта нагадвае Каленіку дзяцінства. Як ніколі ён цяпер усё да дробязей прыпамінае з перажытага ў дзяцінстве, нават тагочасныя адчуванні.

Расцягнуўшыся ланцугом, паўз рэчку беглі партызаны, якіх павёў Арлоўскі. Ад ляска, гэтак-жа рассыпаўшыся, згінаючыся, мо ад таго, што цяжка было бегчы па снезе і няроўнаму полю, прабіраліся партызаны другой групы, а далёка ў полі замільгалі постаці чырвонаармейцаў. I адразу-ж прагучэлі першыя стрэлы трывогі ў сяле. Палякі не чакалі такога нападу, ды яшчэ самым ранкам. Узняўшы трывогу, легіянеры кінуліся з сяла да рэчкі, а пасля, змеціўшы і там партызан, пачалі прарывацца паміж валасной плошчай і маёнткам. Кожны з іх думаў цяпер, як-бы прабіцца да моста. Усяго тры вярсты і мост, а там, хто прарвецца, будзе выратаваны. Кулямётным агнём яны здолелі прабіць сабе дарогу і вышлі ў поле. Каленік бачыў, як беглі яны адстрэльваючыся, стараючыся затрымаць партызан, каб даць адыйсці ўсім сваім. Калі яны беглі ўжо ад групы Каленіка на адлегласці метраў у чатыраста, ён хапіў кулямётчыка за плячо і падаў яму ў руку кулямётную ленту, а сам лёг да кулямёта і пачаў страляць. Ён бачыў, як уздрыгвае кулямёт і павольна накіроўваў яго, прымушаючы легіянераў разбягацца па полю і класціся на зямлю. Пасля яны паставілі свае два кулямёты і адказалі Каленіку агнём. Цяпер трэба было прымусіць змоўкнуць польскія кулямёты. Каленік пачаў страляць па кулямётах. Некалькі секунд і кулямётны адказны агонь аслабеў, адзін а кулямётаў замоўк, але другі перашкаджаў перагарадзіць агнём дарогу адыходзіўшым на мост. А ў гэтую хвіліну паў на снег яго другі нумар. Можна было клікнуць аднаго з чырвонаармейцаў, але іх было ўсяго пяць чалавек побач з Каленікам і ён нічога не сказаў. Ён страляў адзін, час ад часу беручы зубамі патронную ленту, каб накіраваць яе. Урэшце змоўк і другі польскі кулямёт, астаўшыся чарнець на снезе. Гэта абрадавала Каленіка. Цяпер уся ўвага на тых, якія беглі, прарываючыся да моста. Каленік страляў, шукаючы сярод легіянераў іхных афіцэраў. Часцей зататахкаў кулямёт. Але раптам змоўк. На гэты раз Каленік клікнуў на дапамогу партызана. Кулямёт заела. Ён адмовіўся страляць, а Каленік убачыў зусім блізка Нацэвіча. Яшчэ момант і той узбяжыць на мост. Каленік адштурхнуў ад сябе цяжкое цела кулямёта ў бок, узняўся на ногі і ўскінуў рэвальвер, мецячыся ў афіцэра. Калі прагрымеў стрэл, Каленік адчуў, як хіснулася пад нагамі ў яго зямля. Ён ускрыкнуў. Перад вачыма ў яго калыхнулася, уздымаючыся ўгору, шырокае, усё ў шэрых плямінах поле і дзесьці ўгары мільганулі стрэхі крапілаўскіх хат. Пасля рынулася ўніз глыбокая сіняя бездань неба і з яго палілося сонечнае святло. Яно асляпіла Каленіка і ў той-жа час на момант ен адчуў тварам цяплынь сонца і холад снегу.


У вуліцы перад Каленікавым дваром вялізным натоўпам стаялі сяляне — крапілаўскія і з іншых вёсак і сярод іх чырвонаармейцы в вінтоўкамі і партызаны.

Цяжка параненага Каленіка вынеслі з хаты і паклалі ў шырокія сані, засланыя свежай саломай. Яго неслі двое партызан і даўні яго таварыш па дзянікінскаму і калчакоўскаму фронту Максім Шаціла, камандзір семдзесят другога стралковага палка.

Калі неслі Каленіка з хаты, ён паціху стагнаў, а цяпер моўчкі ляжаў у санях з адкрытымі вачыма, даўгі і шырокаплечы, і толькі зрэдку заплюшчваў вочы і сціскаў сківіцы. Побач стаяла яго дачка. Зусім нядаўна бацьку яе прынеслі былі ў хату. Яна спужалася, убачыўшы яго і дагэтуль не здолела апамятацца. Яна стаіць нерухомая і маўклівая, разглядаючы такі знаёмы бацькаў твар, яго крыху прыжмураныя вочы і вялізную руку з агрубелымі ад працы пальцамі, сабранымі ў кулак.

Калі праз некалькі мінут пара армейскіх коней скранулі з месца сані і таропка пайшлі, перабіраючы капытамі шчыльна ўтоптаны снег, каленікава дачка і камандзір палка пайшлі побач з санямі і за імі пайшлі за сяло ўсе, хто быў у вуліцы.

За сялом на момант коней спынілі, каб паправіць пад галавой у Каленіка падушку. У гэты час далёка з левага боку за рэчкай прагрымелі гарматныя стрэлы. Яны ўсіх прыкавалі да месца і прыўзнялі з падушкі Каленіка. Ён абапёрся на локаць і прыўзняў галаву, а прыслухаўшыся кіўнуў галавой дачцэ.

— Не бядуй, Валюшка, у горадзе я ўраз залатаю галаву і прыеду, буду біць іх яшчэ і на тым баку.

Ён кіўнуў галавой у бок рэчкі, усміхнуўся і апусціў галаву на падушку.

Свяціла сонца, усё была запалонена яго святлом. Сяляне пастаялі на месцы і пачалі разыходзіцца, а каленікава дачка яшчэ доўга стаяла на месцы, блукаючы поглядам у іскрыстай белай далечыні, па якой паімчаліся коні. Побач з ёй стаяў Максім Шаціла. Ён углядзеўся ў яе твар, у спакойныя і суровыя яе дзяціныя вочы і сказаў да яе:

— Бацька твой сапраўдны чалавек...

А пасля дадаў, калі яна зірнула ў твар яму шырока раскрытымі вачыма.

— Я гэта ведаю, мы разам з ім ляжалі ў акопах...

Шырока раскрытыя вочы дзеўчынкі заіскрыліся. Ледзь прыкметная ўсмешка кранула яе вусны. Шаціла Максім нічога больш не сказаў, а ўзняў галаву і пайшоў моўчкі, пазіраючы ў далячынь, якая раптам затуманілася і задрыжэла.


Мар’іна Горка


1936—1937

Загрузка...