Ледзьве хаджу па кватэры. <.> Славяна атрымала акадэмічную прэмію за сваю кнігу «У прасторы слова». А Таня стогне — усё баліць, а нагрузка шалёная: штодня па 8 гадзін залікі, кансультацыі, лекцыі. А ў Машы 39,6 t. Яўна грып...Ах, жыццё!
Павіншавалі: Ар. Марціновіч, Вал. Лукша, Ал. Аксёнаў, Міхаіл Джагараў — партызан. Аксёнаў сказаў, што званіў Ів. Палякову і жонка яго Таццяна Міхайлаўна сказала, што трубку Іван не можа ўзяць і ўвогуле не помніць што да чаго. Здаецца, у красавіку дзеду будзе 90. Любіў і люблю я гэтага чалавека. Адчуваю віну, што не наведаў, калі ён запрасіў мяне два гады назад. Вінаваты мае ногі. Колькі яны будуць трымаць маё цела, якое сохне: за год схуднеў на 12 кг. Зважыўся ў бальніцы і спалохаўся, не паверыў вачам.
Сяргей робіць уборку. Алеся павяла Ваню гуляць. А надвор’е не навагодняе, растае сантыметровы сняжок. Мокра, вільготна.
3 Новым годам, Іван, сын Пятроў. Трымайся, дзядуля!
2004
1 студзеня 2004 года
Вось ён і Новы год. На дварэ — слякаць (так у нас называлі, Сяргей кажа: слова рускае).
Сустрэлі Новы год за багатым сталом — нагатавана было на 12 мужчын, а нас трое, у Вані свая дыета. <.>
Алесь Савіцкі недзе вычытаў, што студзеньскі пенсійны фонд забяспечаны ўсяго на 35 %. Радуйцеся, ветэраны. <...>
Доўга гутарыў з Міколам Мятліцкім: мінут 45. 20 сакавіка яму 50. Добры ён чалавек. <.>
Хварэю за СП, які ўжо разваліўся. Іпатава заяўляла пра яго існаванне апраўдальнымі артыкуламі. Пашкевіч і гэтага не робіць. <.>
4 студзеня 2004 года
Учора наведаўся незвычайны госць. У поўным сэнсе незвычайны. Мітрапаліт Філарэт. Пазаўчора мне пазваніў Марат Ягораў. Філарэт хоча зайсці да вас. Ашаламіў. Усхваляваў. Як прыняць такога госця? Нагода?
Да яго 25-годдзя служэння ў Беларусі выйшла кніга «В послушании преданный». Каля сотні артыкулаў. І маё слова. Не помню, калі пісаў, але напісана мной — мае факты, мае сустрэчы з мітрапалітам. Кнігу адкрывае Алексій ІІ «Свидетель правды — ангел белорусской церкви». Цікавая біяграфія. У 30 гадоў — рэктар духоўнай акадэміі, самы малады не толькі ў Расіі. Розум! І выхаванне. Прадзед, дзед — буйнейшыя прадпрымальнікі, дзед атрымаў у 1903 г. дваранства. Бацька, маці, сястра — выкладчыкі музыкі ў кансерваторыі. Такая сям’я Вахрамеевых. Не дзіўна, што Кірыл (нар. 1935 г.) у семінарыі, акадэміі вызначаўся сярод тых, хто прыязджаў з бедных хат, камунальных кватэр. Прыняўшы манаскі сан, рос не па гадах — па месяцах. Адукаваны не толькі рэлігійна, але і па-свецку. Сем гадоў жыў у Берліне, узначальваў праваслаўны экзархат сярэднееўрапейскіх краін.
Прыехалі пасля трох. З Маратам, які і падаў яму ідэю гэту — наведаць аднаго з аўтараў кнігі. Марат кажа: першы прыватны візіт. Магу ганарыцца. Ягораў вялікі арганізатар, не дарэмна Фонд міру працвітае, не тое, што Камітэт пад кіраўніцтвам пыхлівага Івана.
Марат стараўся не толькі для мяне, але і для сябе. Я пасля званіў яму. Філарэт пасля мяне паіў яго чаем.
Гутарылі паўгадзіны ў маім кабінеце... Гутарылі аб усім, не кранаючы рэлігіі. Свецкая размова. Філарэт падарыў мне кнігу пра яго. Я яму — двухтомнік 1980 г.: раманы «Снежныя зімы», «Атланты», аповесці «Гандлярка і паэт», «Шлюбная ноч» у перакладзе на рускую мову. Спытаў, ці хрышчоны я.
— Сын селяніна ў 1921 годзе мог быць нехрышчоны?
Засмяяўся экзарх. Благалавіў. Папрасіў благаславіць Ваню. Не благаславіў, хоць я сказаў, што Ваню хрысцілі. Мабыць, падумаў, што бацькі нехрышчоныя.
Вось такая навагодняя падзея...
Раней, гадоў дзесяць назад, я спытаў Філарэта, ці рэабілітуе праваслаўная царква Талстога. Адказ: ніколі! Ён выступаў супраць царквы.
Однако, як кажуць чукчы. Нацыянальны гонар не прызнаецца духоўнікамі. Католікі больш прагрэсіўныя: вярнулі свету вялікіх вучоных сярэднявечча — Галілея і інш.
А я перачытваю «Войну и мир» з вялікай цікавасцю і захапленнем. Том ляжаў на стале. Сяргей параіў схаваць. Схавалі. Варта смеху. Цікава, чытаюць у духоўных Н[авучальных] У[становах] Талстога? Чытаюць! У акадэміі, пэўна ж, вучаць і каталіцызм, і лютэранства, усе ерасі; адукаванаваму пастару ўсё трэба ведаць.
Толькі што пазваніў Ал. Савіцкі. У яго — здымачная група, здымаюць фільм да 60-годдзя вызвалення Беларусі. Планавалі быць у мяне. Адхрысціўся. Не хапае сілы. Ды і маладыя мае супраць: у грыпозны час уваліцца чатыры чалавекі. Хопіць ім бацькавай славы. Разумею, але штосьці «шкрабае». Прэч тщеславие! Выпаў снег. Узяўся мароз — да 15. Добра, што не на голую зямлю, снег прыкрыў азіміну. Учора пазваніў Барыс, зяць Мележа: памерла Лідзія Якаўлеўна, удава І.[вана] П.[аўлавіча]. 80 гадоў. Ляжыць на дачы. Там зімуюць. Хаваюць сёння на сельскіх Ждановіцкіх могілках. Ледзь дамовіліся з мясцовымі ўладамі. А тут яшчэ канікулы. Сумна пісаць пра смерць.
23 студзеня 2004 года
А дні ляцяць. І бездань усё бліжэй. Малюся, прашу даць здароўя, каб жыць і пісаць. Але хто прадоўжыў жыццё малітвамі? Героі «Войны и мира» набожныя ўсе. Але гіне Балконскі, гіне малы Пеця Растоў. Некаторыя раздзелы чытаў як быццам упершыню: Аўстэрліц, Марыя Б.[алконская] — у Варонежы, першую частку эпілога. Растовы, Бязухавы ў Лысых Гарах. Гэтым варта было і кончыць. Столькі філасофіі ў канцы без патрэбы. Заносіла Льва. Чэхаў да такой філасофіі не апускаўся. <...>
Не магу пісаць: почырк — сам не разбіраю. А машынку не асвоіў. Канец творчасці. Аднак яшчэ напісаў артыкул пра Мятліцкага, яму 20 сакавіка — 50. І я паспяшаўся, бо пазней — ці паспеў бы? <.>
31 студзеня 2004 года
Учора стукнула 83. Узрост! Пэўны знак, што з продкаў маіх — дзяды, прадзеды, бацька, маці — ніхто да такога ўзросту не дажыў. Я не вызначаўся здароўем у маленстве, юнацтве, сталасці. Многа хварэў, а цягну. Дацягну да 84? Дай Бог! Учора было званкоў, як ніколі, здаецца на 80-годдзі столькі не было (там быў вечар у тэатры). Учора званілі сваякі... калегі, чытачы, Церухская школа... Тэлефон у калідоры, і я змучыўся хадзіць. Баяўся, што будуць заходзіць (тыя гады наведваліся Вайтовіч, Мясніковіч). На шчасце, чужыя не з’явіліся. <...>
Позна селі за стол. Госці —унукі: Маша і Алёша, і Аркадзь Святагор, швагер (мы былі жанатыя на сёстрах, яго Клаўдзія, самая маладзейшая з Кротавых, разумніца, урач, памёрла ў 1975 ад астмы, я пісаў пра гэтую трагедыю і ў «Карэннях...» (дзённікі «Карэнні і галіны». — А. Ш.), і ў «Слаўся, Марыя»).
Мяне кожныя пяць мінут паднімаў тэлефон.
Публікацыя Алесі Шамякінай.