Пасля вячэры пайшлі гуляць па горадзе сярод крамак. Людна. Шмат рускамоўных. Прыйшлі да царквы Сант-Рома. Зачынена. У дворыку два хлапчукі футболяць мяч у сцены Храма.
За дзень наш пакой напоўніўся гарачынёй. Ёсць кандыцыянер, але мы ніяк не можам яго ўключыць. У гадзіну ночы Людміла пайшла на рэцэпшэн і папрасіла вырашыць нашу праблему. Праз хвілін пятнаццаць прыйшоў расейскамоўны мужык з велізарнай адвёрткай. Запытаўся пра картку, якой мы адчыняем дзверы. Далі. Ён яе ўставіў куды трэба, зачыніў балкон і кандыцыянер запрацаваў...
Цыганы з гатэля з’ехалі і навокал стала нязвыкла ціха.
Дзень восьмы. Барселона
11.07.2015. Субота. Усталі а палове дзявятай. Сонечна. Чайкі, як белыя вароны, каркаюць за акном. У басейне крычаць радасныя дзеці.
Паснедалі. Я без асаблівай асалоды.
Пайшлі купацца. На пляжы сустрэлі траіх нашых з «Самба». Ала з Мінска і сямейная пара Валера і Ала з Ліды. Яны ўжо купаліся. Мы далучыліся да іх. Вада ў моры цудоўная! Зойдзеш і потым выходзіць не хочацца. Каля нас загарала масквічка родам з Самары. Пагаманілі. Побач шмат маладых палякаў. Гавораць пра ўсё, відаць, думаюць, што ніхто іх не разумее.
У 13.30 паехалі ў Барселону. Кіроўцу завуць Педра. Наш экскурсавод паведаміла, што ў Барселоне цяпер мэр жанчына і яна лютуе. Яна супраць турызму.
На многіх дамах нацыянальныя каталонскія сцягі.
Праз хвілін сорак прыехалі ў Барселону. Горад Сонца.
Ідзём праз скверык. Навокал лётаюць зялёныя папугаі. Нешта крычаць па-каталонску.
Прыйшлі да Храма Святога Сямейства, які з 1882 года па праекце Антоні Гаўдзі (25.06.1852 — 10.06.1926) яшчэ ўсё будуецца. Расказваючы пра Храм, экскурсавод паведаміла: «7 чэрвеня 1926 года 73-гадовы Гаўдзі выйшаў з хаты, каб адправіцца ў свой штодзённы шлях да царквы Сант-Фэліпэ-Неры, вернікам якой ён быў. Ідучы па вуліцы Гран-Віа-дэ-лас-Картэс-Каталанес паміж вуліцамі Жыроны і Байлен, ён быў збіты трамваем і страціў прытомнасць. Рамізнікі адмаўляліся везці ў бальніцу неахайнага, невядомага старога дзеда без грошай і дакументаў, баючыся нявыплаты за паездку. У рэшце рэшт, Гаўдзі даставілі ў шпіталь для жабракоў, дзе яму аказалі прымітыўную медыцынскую дапамогу. Толькі на наступны дзень яго знайшоў і апазнаў капелан сабора Саграда-Фамілья Масен Хіль Парэс-і-Віласау. Да таго часу стан Гаўдзі пагоршыўся настолькі, што лепшае лячэнне не магло яму дапамагчы. Гаўдзі памёр 10 чэрвеня 1926 года і быў пахаваны двума днямі пазней у крыпце недабудаванага ім сабора».
Храм Святога Сямейства, як з гразі ластаўкамі злеплены.
Усе дарогі ў Барселоне турыстаў вядуць да Храма Святога Сямейства.
Гляджу на шпілі Храма. Была б шапка на галаве, дык сама б звалілася на зямлю.
Праехалі па праспекце Дыяганаль.
Праспект Гарсія. Дамы збудаваныя па праектах Гаўдзі.
Парк Сьютадзелья. Гэта іспанская «ВДНХ», якая была пабудавана да Сусветнай выставы 1888 года. Прыйшлі да фантана, а ў ім голуб плавае патанулы.
У Барселонскім порце высадзіліся з аўтобуса і ўсе разышліся хто куды хоча. Мы з Людмілай пайшлі блукаць па старых вулачках Барселоны.
Напачатку зайшлі ў сабор Святога Крыжа і Святой Еўлаліі (ісп.: La Catedral de la Santa Cruz y Santa Eulalia), які размешчаны ў гатычным квартале.
Храм з’яўляецца рэзідэнцыяй архібіскупа барселонскага і галоўным саборам Барселоны.
У саборы ішла служба, якая транслявалася на экранах. Сярод выступоўцаў, здаецца, была і мэр Барселоны.
На вуліцы каля Сабора музыка, пад якую танчаць старыя. Пастаялі, падзівіліся, парадаваліся за каталонцаў.
Паблізу Сабора і каля Дома Святой Клары зайшлі ў невялікую кавярню, якая месціцца ў сярэднявечным будынку. Замовілі паесці. Маладая каталонка хуценька ўсё падала. Смачна.
Пайшлі па вулках. Выйшлі на вуліцу, дзе грукалі барабаны і дуды гудзелі. Людзі ў нацыянальных строях на насілках неслі выяву нейкага свайго святога. Усе радаваліся. Натоўп спыніўся. Спыніліся і мы. Побач з намі на тратуары, прыхінуўшыся да сцяны старога дома, сядзеў здаравенны жабрак з вялікім чорным сабакам. Сабака ляжаў і, паклаўшы галаву на зямлю, як на плаху, жаласліва глядзеў на ўсё, што адбываецца побач.
Амаль непрытомных Сабак і Гражданаў за тры гадзіны вандроўкі па гатычным квартале Барселоны мы бачылі некалькі разоў.
Каля бульвара Рамбла стаіць манумент Калумбу вышынёй 60 метраў. Ён быў пабудаваны да Сусветнай выставы 1888 года і размешчаны ў тым месцы, куды Калумб вярнуўся са свайго першага падарожжа ў Амерыку.
Каталонцы на пытанне, куды глядзіць Калумб адказваюць: «Не ведаем! Але дакладна ведаем, што дупай глядзіць на Мадрыд!»
На пачатку дзявятай гадзіны мы ўсе сабраліся ў Барселонскім порце. Тут ад нашай экскурсаводкі даведаліся, што мы з Людмілай хадзілі побач з музеем Пікасо. Доўга шкадавалі, што не натрапілі на музей. Цяпер трэба будзе яшчэ раз ехаць у гэты горад Сонца, каб схадзіць да Пікасо. На жаль, усе экскурсаводы расказваюць падрабязна толькі пра тое, дзе знаходзяцца крамы і прыбіральні.
У порце шмат неграў. Прадаюць усялякую халеру, але не хапаюць за рукі, каб купіў.
Паехалі да Спяваючых фантанаў. Па дарозе бачылі футбольны стадыён, дзе праходзілі алімпійскія гульні. Каля фантанаў сабралася тысячы людзей. У асноўным моладзь. Глядзець было на што, але гэта не Пікасо.
Тут жа непадалёку ад фантана, каля сцяны нейкага адміністрацыйнага будынка на кардоне ляжаў мужчына гадоў сарака. Побач з ім чорны сабака, які, здавалася, вось-вось памрэ.
Сцямнела. Фантаны сталі каляровымі. Прыгожымі. Каля фантанаў я купіў Людміле кастаньеты.
Кажуць, што Барселона — гэта горад, у які хочацца вярнуцца. Па-мойму, Барселона — гэта горад, у якім хочацца жыць.
Дзень дзявяты. Лларэт дэ Мар
12.07.2015. Снілася Барселона. Стары горад. Храмы. Гражданы і Сабакі.
Прачнуліся з лёгкасцю. Пайшлі паснедалі. Смачна. Лёгкая дэзарыентацыя ў часе. Які мы тут дзень? Колькі засталося? Адпачываючыя часу не назіраюць.
Пайшлі на мора. Народу, як апалага лісця пад нябеснай бярозай.
Знайшлі больш-менш прасторнае месца. Побач кароткастрыжаны мужчына гадоў сарака. Валасы выбеленыя. У вуху завушніца. Зойдзе ў ваду і трымаецца за канат, якім аддзелена тэрыторыя для катэраў. Не плавае. Паводзіць сябе, як дзеўка. Відаць, гэта і ёсць прадстаўнік гей-Еўропы.
На спецыяльнай калясцы ў мора завезлі інваліда. Выкулілі, як мяшок, і ён паплыў. Праз хвілін пяць на гэтай калясцы ў мора ўвезлі старую. Побач з ёй пялёскаліся дзеці. Відаць, яе ўнукі. Праз паўгадзіны старую вярнулі на зямлю, а інвалід некуды паплыў і галавы ягонай не відаць.
Наплаваўшыся, вярнуліся ў нумар. Інтэрнэт не працуе. Не бядую. Адпачываю!
Паабедаўшы, зноў пайшлі да мора. Плаваюць катамараны ў выглядзе рарытэтных машын. Ствараецца ўражанне, што яны паўсплывалі са дна мора.
Побач немцы і палякі. П’юць піва, кураць. Маладыя, шумныя, бессаромныя. Нібыта прыехалі адпачываць з фронту.
Прыгажунь амаль няма.
Пасля вячэры зайшлі ў Храм, што непадалёку нашага гатэля. Якраз ішла служба. Селі ў апошнім радзе. Уставалі, калі было трэба, разам з усімі, садзіліся. Раптам усе пачалі адзін аднаму рукі паціскаць. Да мяне падышоў каталонец, паціснуў руку.
Пайшлі па крамках. Поўна рускамоўных. Тавараў поўна, а купляць асабліва няма чаго.
Вярнуўшыся ў гатэль, пайшлі на шоу (танец жывата). Перад намі сядзеў мужчына гадоў сарака пяці. У яго на спіне на майцы было напісана па-беларуску «Крумкачы». Толькі я захацеў загаварыць з мужчынам, як чатыры танцоркі пачалі сыходзіць са сцэны і запрашаць мужчын да сябе танцаваць. Я вырашыў уцячы.
Неба зорнае. Зорка Венера, як далёкая Беларусь.
Дзень дзясяты. Лларэт дэ Мар
13.07.2015. Панядзелак. Ноччу час ад часу прачынаўся. Чайкі крычалі, як рагаталі.
На пляжы сёння людзей меней. Мясцовыя на працы.
Разаслалі пакрывала. Селі. Людміла знайшла 50 цэнтаў.
Побач іспанкі загараюць. Пажылая чытае часопіс, а маладзенькая кнігу.
Мора спакойнае, як стомленае.
Да вады прайшоў дзядок гадоў пад дзевяноста. Худы, як з палону. Зайшоў у ваду па калена, пастаяў і вярнуўся да старой. Нешта расказаў ёй і заўсміхаўся.
Пад парасонам рускія гуляюць у карты.
Каменьчыкі, як скамянелы рыс.
Побач дзве сям’і. Культурныя. Бацькі нашага ўзросту размаўляюць паруску, а іх дзеці паміж сабой і ў звароце да бацькоў па-нямецку.
«Андора адмяняецца! На гэтым тыдні там бастуюць магазіны. Без магазінаў там няма чаго рабіць!» — заявіла экскурсавод, калі мы селі ў аўтобус, каб паехаць у Батанічны сад.
Кіроўца, які першы раз узяўся везці экскурсію, прывёз нас не да Батанічнага саду, а да секс-шопа. Пасмяяліся.
На ўваходзе ў Батанічны сад нас усіх па чарзе сфатаграфавалі з папугаем. Пачуўшы, што людзі гавораць па-руску, папугай пачаў крычаць: «Давай!
Давай! Давай!» Калі мы сталі смяяцца, нашымі галасамі засмяяўся і папугай. Потым, калі выходзілі назад, нам прапанавалі выкупіць здымкі. Купілі.
У Батанічным садзе сотні розных кактусаў. Сярод іх можна было заблудзіцца.
Пасля Батанічнага саду паехалі на вінакурню. Дэгуставалі віны з трыццаці бочак. Мы выбралі віно «Сальвадор Далі».
Надэгуставаўшыся він, паехалі ў гарадок Санта Крысціна на фабрыку скураных вырабаў. У аўтобусе было чалавек пяцьдзясят. Нашых чалавек дзесяць, а астатнія з іншых гатэляў. Шмат расіян. Яны на фабрыцы сёе-тое і купілі, а мы нічога. Вельмі дорага.
Гарадок нейкі камуністычны. На сценах сярпы з малаткамі і зоркі чырвоныя.
Вяртаючыся ў Лларэт дэ Мар, убачылі аварыю. Машына ўрэзалася ў слуп. Прыехалі пажарныя і хуткая.
Вечар. Па тэлевізары (ёсць расейскамоўны нямецкі канал) паведамілі, што сёння ў прыгарадзе Парыжа адбылося абрабаванне. Магчыма там, дзе мы жылі.
Перад сном пахадзілі па Лларэт дэ Мар. Усё, як у кіно.
Дзень адзінаццаты. Лларэт дэ Мар
14.07.2015. Спалася больш-менш нармальна. Каб не кандыцыянер, дык ці заснулі б. Стала вельмі горача. Учора вечарам у 10 гадзін было 25 градусаў.
Чайкі замоўклі, нібыта ў іх, як у цыганоў, што нядаўна з’ехалі з гатэля, закончыўся актыўны адпачынак.
«У доме цішыня, калі муж у Сібіры, а ў Іспаніі жана.» — пажартавалі ў час снядання побач з намі.
Прыйшлі да мора. Выбралі вольнае месца. Селі і тут жа чуем: «Отодвиньтесь подальше от нас!» Гэта нам скамандавала жанчына кілаграм 140, якая загарала з дачкой кілаграм 100. Мы адсунуліся. Побач праз пару хвілін спынілася сямейная пара з каляскай, у якой сядзела дзяўчынка. Зноў чуем: «Отодвиньтесь от нас!» Каталонцы не зразумелі, што ад іх хочуць, таму паставілі каляску, дасталі з яе малую і пайшлі купацца. «В Москве тепла уже не будет!» — паведаміла жанчына дачцэ і, убачыўшы, што каля іх збіраецца прыпляжыцца мужчына гадоў сарака, зноў завішчала: «Отодвиньтесь! Отодвиньтесь! Отодвиньтесь!»
Праз паўгадзіны сышлі мама з дачкой, што ўсім камандавалі, каб адсунуліся, і адразу вызвалілася паўпляжа.
Паабедаўшы з віном «Сальвадор Далі», пайшлі на мясцовыя могілкі. Па дарозе зазірнулі ў краму. Прадавачкі карэянкі. Купілі сёе-тое дзецям. Далей пайшлі па мапе. Ідзём, ідзём, а могілак усё няма. Звярнуліся да адзінокай жанчыны, якая праходзіла побач. Людміла да яе па-англійску, а яна ў адказ па-расейску. Пасмяяліся. Жанчына расказала нам, куды ісці, дзе могілкі. Горача. Градусаў 30. Могілкам больш як 100 гадоў. Па-іспанску могілкі — цэментэры. Гучыць, як цэмент. Праз хвілін 15 былі на могілках. Прыгожа, а самае галоўнае — памяць на стагоддзі. А ў нас спаляць і ў агароджу могілак умуруюць твой попел.
Пад вечар зноў пайшлі на мора. Побач жанчына цяжарная. У жываце малое стукае ножкамі і па скуры жывата ходзяць хвалі.
Далей мужчына з дзіцем месяцаў дзесяці. Малы ідзе да вады, хістаецца, як п’яны. Падае і паўзе назад, як чарапашка Ніндзя.
Дзве дзяўчыны Людміле прапанавалі купіць парасон ад сонца. Звярнуліся да яе, бо ўбачылі, што мы з крыжыкамі. Значыць, праваслаўныя, значыць свае. Яны заўтра ад’язджаюць, а парасон ім дома не патрэбен.
Калі не ідзеш да мора, мора прыходзіць да цябе. крыкам чаек.
Вечарам хадзілі па чужым горадзе, як па сваім.
Дзень дванаццаты. Лларэт дэ Мар
15.07.2015. Апошні цэлы дзень на моры. Заўтра ад’язджаем. І хочацца дамоў, і не хочацца.
Ужо на мора ходзім, як на працу.
Сёння нашымі суседзямі на пляжы былі нармальныя людзі. Мы з Людмілай па чарзе плавалі. Я, каб не згарэць на сонцы, сядзеў у саламяным капелюшы і ў белай кашулі. Чарговы раз выйшаўшы з мора, Людміла сказала: «Ты, як Ван Гог.»
Паабедаўшы, пайшлі па крамах. Усюды кошты немалыя, але можна таргавацца. Сёе-тое купілі дзецям і бабулі.
Днём у час сіесты тэмпература была 35 градусаў.
Пад вечар пайшлі зноў на мора. Поўна моладзі. П’юць піва, кураць і пасля іх застаюцца кучы смецця.
Апошні раз купаемся ў гэтым моры. Крыху сумнавата. Прывыклі да адпачынку.
Непадалёку ляжыць мурынка гадоў дваццаці. Прыгожая. Уся, як дарагая лялька.
Заўтра ў 14 гадзін пакідаем Лларэт дэ Мар, а інфармацыі пра наш ад’езд не маем. Адкуль і на якім аўтобусе? Гэта крыху нервуе, але, думаю, нас тут ніхто не пакіне.
Пасля вячэры з Людмілай доўга хадзілі па вулках. Развіталіся з горадам.
Схадзілі на вечарыну фламэнка. Увесь час здавалася, што зараз у час танца на сцэну выйдзе здаравенны дон Педра з кулямётам і скажа: «Спакойна! Усім заставацца на сваіх месцах! Гэта абрабаванне!»
Дзень трынаццаты. Лларэт дэ Мар. Ліён
16.07.2015. Спалася дрэнна. Горача. Уключыш кандыцыянер, холадна. А пад раніцу яшчэ камар аднекуль заляцеў. Укусіў мяне, а я потым, калі развіднела, забіў яго.
Паснедаў без настрою. Ад’язджаем з райскай мясціны.
Пайшлі да мора. Узышлі на гару, дзе скульптура марачкі, якая чакае мужа. Бачна далёка. Там недзе праз мора Афрыка.
Пахадзілі па гарах пад самым небам. Чайкі, як анёлы.
У горадзе яшчэ раз наведалі вулачкі, якія нам спадабаліся. Зайшлі ў Храм. Потым паабедалі ў кавярні, якая непадалёк царквы.
Да нашай вандроўнай суполкі дадалося яшчэ чатыры чалавекі: Васіль («Крумкач»), ягоная жонка і дзве дзяўчыны. Калі мы звярталіся да Васіля, ён з намі гаварыў па-беларуску.
У 14.00 на прыпынку «Дыскатэка СССР» загрузіліся ў аўтобус. Амаль у два разы паболела валіз і розных торбаў. З Лларэт дэ Мар выехалі ў 14.40. Цяпер у нас новы куратар. Вадзім. Мужчыну за сорак. Едзем у Швейцарыю.
На палях Іспаніі жніво. Усё зжата. Навокал колеры самотна-залатыя, амаль родныя.
Чамусьці падумалася, што самае чыстае месца на зямлі — гэта пустыня.
Едзем па Іспаніі. Уяўляю часы Калумба.
Горы. Дробны лес, як мох.
Удалечы праехала электрычка, як вусень прапоўз.
Адзінокі замак у гарах. Відаць, захоплены Дон Кіхотам.
Горы здрабнелі. Вінаграднікі і больш нічога. А дзе бульба?
Ветракі. Нібы просяць застацца і клічуць да сябе.
Зноў у аўтобусе паказваюць кіно. Зноў пра каханне, зноў секс.
Праехалі дзве гадзіны. Сонца засталося каля мора.
Горы. Аблокі. Змрочна, як перад навальніцай.
Праязджаем раён Праванс. Гэта гістарычная вобласць на паўднёвым усходзе Францыі, цяпер складовая частка рэгіёна Праванс-Альпы-Лазурны бераг. У цяперашні час на тэрыторыі Праванса знаходзяцца дэпартамэнты Вар, Ваклюз і Буш-дзю-Рон...
Праехалі Авіньён. Гэта адміністрацыйны цэнтар дэпартамента Ваклюз у Правансе на левым беразе ракі Роны. Адзін з найвыбітнейшых і адначасова прыгажэйшых гарадоў Францыі.
Удалечы Марсель. Перад намі Ліён. Рака Рона.
Францыя. Горы. У гарах замкі, нібыта едзем праз далёкія мінулыя стагоддзі.
Рэчка Рона цячэ следам за намі.
Едзем у Ліён. Збудаваны яшчэ да нашай эры.
Начуем у Ліёне. Гатэль «ВіВі». Пакойчыкі малыя, але ўтульныя.
Дзень чатырнаццаты. Ліён. Жэнева
17.07.2015. Сніўся Парыж. Потым Пугачы. Хата дзеда Юзі і бабулі Параскі. Пустая хата.
Снедалі ў сем гадзін. Едзем у Жэневу. Убачым Альпы. Да Жэневы ад Ліёна 150 кіламетраў.
Гледзячы з аўтобуса на поле з каровамі, побач са мной мужчына сказаў: «Шчаслівыя швейцарскія каровы...»
Сувенірная карова.
Кароў у Швейцарыі дояць пад музыку.
Самае вялікае швейцарскае свята — Свята кароў.
Едзем праз горы на вышыні больш як 500 метраў над узроўнем мора.
Каля дарогі выпаленая трава. Узгадалася чыгунка з Мінска на Маладзечна. Кожны год абапал яе нехта выпальвае траву.
У 10 гадзін уехалі ў Швейцарыю.
Жэнева. Удалечы гара Манблан. Вышыня — 4810 метраў.
Жэнеўскае возера з фантанам. Вада ўзлятае да 140 метраў. Кажуць, што некалі цікаўны мужчына суну руку ў фантан і вада злупіла яму ўсю скуру з рукі. Цяпер каля фантана вартаўнік.
Гарачыня. 35 градусаў. Павандравалі па старым горадзе. Паглядзелі гатычную царкву Дэ-ла-Мадлен. Наведалі сабор Святога Пятра і капліцу XIII стагоддзя Адзітуар-дэ-Кальвін.
Крэсла Кальвіна. Як дзіцячае.
Гарматы. У адной паўнютка смецця, нібыта яна страляе смеццем.
Дом Жан Жака Русо. Як помнік.
Паглядзелі на ратушу. Пасядзелі на самай доўгай у свеце лаўцы (126 метраў).
Амаль на кожным доме вялікія швейцарскія сцягі. Здаецца, што яны не вывешаны, а самі павырасталі са сцен і дахаў.
У Жэневе вада і прыбіральні бясплатныя. Аўтобусны вакзал. Прыбіральня. Дзверы не зачыняюцца. Чарга. Стаяць палякі, незадаволеныя.
З невялічкага фантана каля вуліцы набраў вады. Чыстая і халодная. Можна піць.
Былі ў вялізарнай краме. Сёе-тое набылі па зніжках для дзяцей. Купілі есці. Дарагое і нясмачнае.
Паліцэйскі дапамог нашаму аўтобусу выехаць з тупіка, у які мы трапілі, а мог жа аштрафаваць.
Пакінулі Жэневу. Не лепшы горад Еўропы. Маленькія вангогоўскія сланечнікі з-за дратоў агароджы глядзяць нам услед.
Раптам з’явіліся радкі:
Па вулачках начное Барселоны
З табою мы самотныя ідзём.
У нас з табою беларускія мільёны,
Мы з імі тут да ранку прападзём.
Праязджаем Лазана. Узгадалася калекцыя матылькоў Набокава.
Вільгельм Тэль — забойца і нацыянальны герой, які жыў у канцы ХІІІ — пачатку ХГУ стагоддзя.
Праязджаем Берн. Тут жыў Альберт Эйнштэйн.
Над дарогай мост парослы лесам. Гэта мост для лясных жыхароў.
Цюрых. Тут жылі ды працавалі Рабіндранат Тагор, Ёган Штраўс, Віктор Гюго, Рыхард Вагнер, Фёдар Шаляпін, Альберт Эйнштэйн. Тут пахаваны Томас Ман.
Адзінокі бусел ходзіць па ўзараным полі, як філосаф.
Швейцарыя сапраўды падобная на Беларусь.
На ўездзе ў паселішча пад бярозай вялікі драўляны крыж. Узгадалася роднае.
Бадэнскае возера. Вялізарнае. Над ім збіраецца навальніца. Жахаюць маланкі.
У вёсках Храмы. Ад іх ідзе супакой.
Зноў горы. Паралельна дарозе цячэ рака.
У 19.45 пераехалі мяжу Швейцарыі з Аўстрыяй. Праз нейкі час трапілі ў сямікіламетровы тунэль, які прывёў нас у Германію. Да гатэля яшчэ 160 кіламетраў.
Прыехалі адпачываць амаль у адзінаццаць. 500 кіламетраў ехалі 9 гадзін.
Дзень пятнаццаты. Германія. Мюнхен
18.07.2015. Спалася як пшаніцу прадаўшы.
Выйшаў на балкон. Наваколле кароўнікам пугачоўскім пахне.
Сняданак сціплы. Без ёгуртаў. Гаспадар гатэля, відаць, нейкі былы футбаліст. У сталоўцы выстаўлена куча прызоў.
Адсюль да Мінска 1850 кіламетраў. Сумна, што вандроўка заканчваецца.
Прыехалі ў Мюнхен. Тут мы з Людмілай ужо другі раз і сябе адчуваем, як дома.
Прыйшла экскурсаводка. Кандыдат мастацтвазаўства. Жыве ў Мюнхене з 1992 года. Мы ў яе спыталіся, дзе тут які-небудзе мастацкі музей, бо мы ўжо ведаем, дзе малады Гітлер піва піў. Тут жа экскурсаводка пацікавілася: «Можа, яшчэ хто хоча ў музей?» Ніхто не адгукнуўся. Жанчына пачала мяне з Людмілай называць гаспадамі: «Вось вы ўсе пойдзеце ў піўбар, а гаспада пойдуць у мастацкі музей!» І мы, пахадзіўшы паўгадзіны з усімі, атрымаўшы карту Мюнхена і выслухаўшы экскурсаводку, як дабрацца да музея класічнага мастацтва, пайшлі любавацца сапраўдным мастацтвам. Ідучы да музея, каб не блудзіць, запыталіся ў старой немкі, якая нам падалася інтэлігенткай, што абавязкова ведае родны горад, як прайсці да такой вось вуліцы. Немка патлумачыла, і мы праз хвілін пятнаццаць былі ў музеі. Ніякай чаргі. Білеты па чатыры еўра.
Музей двухпавярховы. Шыкоўны. Бачылі карціны Леанарда да Вінчы («Мадонна з гваздзікай»), Дзюрэра («Аўтапартрэт»), Босха (Фрагмент карціны «Пекла»), Пітэра Брэгера, Лукаса Кранаха Старэйшага, Цінтарэта, Рубенса, Рафаэля, Тыцыяна, Фра Філіпа Ліппі, Сальвадора Раза і інш. Каля сямісот карцін. Піва мы і ў Мінску пап’ём!
Паабедалі ў кафэшцы «У францысканцаў». Тут былі мы і ў мінулым годзе. Абслугоўваў нейкі індзеец ці цыган. Больш сюды не пойдзем, бо абслугоўваў кепска, не ўсё прынёс, што заказвалі.
Побач прайшоў немец. Высокі. Метры два. Чамусьці падумалася: «Не ўсіх вайна перабіла.»
Пахадзілі па горадзе. У адной краме прадавачка сказала Людміле: «Тут для вас нічога няма! Вы худзенькая.»
Сабраліся ад’язджаць, а тут нашу вуліцу запоўнілі будысты з барабанамі, танцамі і песнямі. Наперадзе ў іх паліцыя. Словам, дэмакратыя.
Праехалі каля стадыёна мюнхенскай «Баварыі». Стадыён застрахаваны той жа кампаніяй, якая ў свой час застрахавала «Тытанік».
Плантацыі хмелю, як зялёная арда, якая аблажыла Мюнхен, а ён не здаецца.
Праехалі дзве з паловай гадзіны. Захмурэла. Пачаўся дробны дождж, як музыка развітання з тым, дзе мы былі два мінулыя тыдні.
Рэдка якая машына з беларускімі нумарамі даязджае да сярэдзіны Еўропы.
210 кіламетраў да Берліна. Едзем праз дажджавую сцяну. Ветракі ў дажджы, як падводныя лодкі.
Праз дождж сярод ветракоў ідзе Язэп Драздовіч да Ван Гога.
Нанач прыехалі ў польскую «Няваду», дзе ўжо спыняліся, едучы ў Амстэрдам. Дванаццаць гадзін. Цёмна. Адчуваецца сэрцам, што Беларусь ужо недалёка. Праўда, яшчэ трэба праехаць 1050 кіламетраў.
Дзень шаснаццаты. Польшча
19.07.2015. Нядзеля. Прачнуліся а шостай. Сонца за аблокамі. Наша надвор’е.
За два тыдні польская кукуруза падрасла. Збожжа месцамі палягло.
Ветракі, як нажы ў мясарубцы.
«Убачыць Парыж і памерці! Не! Не варта паміраць сярод арабаў!» — чую ўрывак размовы суседзяў, якія сядзяць перада мной.
«Я ў раі?» — «Не! Вы ў раённай бальніцы!»
Да беларускай мяжы 311 кіламетраў. Ужо абрыдзела ехаць. Пачынаю думаць, што я вяртаюся з еўрапейскага палону, і мне робіцца крыху лягчэй, але ненадоўга.
Санітарны прыпынак. Зайшлі ў прыбіральню. З адной кабінкі чуецца смех двух мужыкоў. «Відаць, наркаманы нейкія.» — падумалася. Гэтак жа падумалі і іншыя, хто быў побач.
14.20. Едзем праз Варшаву. На вуліцы людзей мала, нібыта пахаваліся ад нас.
Сэрца Шапэна.
У Варшаве 31 градус.
Каля дарогі на футбольным полі вароны і галубы, як зачараваныя футбалісты.
Мяжа. Зайшлі польскія памежнікі. Дзве дзяўчыны. Адной да трыццаці гадоў, а другой болей. Маладзейшай не пашпарты правяраць, а па подыумах хадзіць і паказваць сваю прыгажосць.
Хлопцу гадоў дваццаці, які ў аўтобусе сядзіць за мной, нехта патэлефанаваў, і я пачуў: «Што я табе раскажу? Я нічога не памятаю!»
Нашы мытнікі амаль дзве гадзіны правяралі аўтобус перад намі. Нас прапусцілі хутка. У Брэсце былі ў дванаццаць гадзін. З намі развіталася жанчына з Санкт-Пецярбурга. Яна ў падобную вандроўку ўжо ездзіла восем разоў.
Дзень сямнаццаты. Беларусь
20.07.2015. Выехалі з Брэста. Пачалася навальніца. Дождж як з вядра. Наш аўтобус, як падводная лодка, якая працякае. Жахаюць маланкі і навокал робіцца відна, як днём. Едзем моўчкі. Маўчым, як у Храме.
Стараюся прачытаць указальнікі, каб даведацца колькі засталося кіламетраў да Мінска. Яшчэ вельмі шмат. Кажуць, што і ў Мінску вялікі дождж.
На паўдарозе некалькі чалавек сышлі. Яны з раённага цэнтра. Сустрэў сын на машыне. Навальніца ўсё ўзмацняецца. Сядзім, як мышы пад венікам .
Наш аўтобус у дажджы, як у моры п’яны карабель.
Да Мінска 20 кіламетраў. Усе заўсміхаліся. Пачалі збірацца дамоў. Навальніца прыцішылася. У аўтобус нацякло вады, але гэта ўжо не бяда. Мы амаль дома.
Амаль чатыры гадзіны ночы. Прыехалі! Думалася, што будзем развітвацца з тымі, з кім былі ў вандроўцы найбліжэй, з кім размаўлялі. Не! Выйшлі ў дождж з аўтобуса і праз хвіліну ўсе разбегліся, нібыта разам ніколі і не былі.
Прыехалі з Людмілай дамоў на таксі. Дзеці спяць. На канапе ляжыць кіпа газет, якія сабраліся за час нашай вандроўкі. Пакуль Людміла мылася, я пагартаў газеты. Нічога новага.
Дасталі з валіз падарункі дзецям і бабулі. Я дастаў са сваёй сумкі кнігу вершаў Людмілы «Вяртанне інфанты», якая з намі праехала амаль сем тысяч кіламетраў і была сведкай таго, што мы бачылі.
Мне ўжо сёння на працу трэба. Не пайду! Трэба адпачыць ад Еўропы!
***
20.07.2015. Вось мы і дома! За сямнаццаць дзён шэсць з паловай тысяч еўрапейскіх кіламетраў за плячыма. Варшава, Амстэрдам, Брусель, Парыж, Бардо, Барселона, Ліён, Жэнева, Мюнхен. Сон, які стаў явай...
***
21.07.2015. Першы дзень пасля вандроўкі выйшаў на працу. Адразу ж на аўтобусным прыпынку заўважыў, што ў нас прыгожых дзяўчат і жанчын у сто разоў болей, чым там, дзе вандраваў. Праўда, Амстэрдам не ўлічваю, бо там было на што паглядзець...
***
21.07.2015. Як еўрапейскай свабоды, наглытаўся марской вады.
***
22.07.2015. Прачнуўся а сёмай. Думаў, што ў Парыжы. Не! Дома.
***
23.07.2015. Не пі з неба, бо анёлам станеш.
***
24.07.2015. Калі тэрарысты захопліваюць будынак, яны тэрарысты. Калі тэрарысты захопліваюць цэлы горад, яны народная рэспубліка.
***
24.07.2015. Вечарам тэлефанаваў Адам Мальдзіс. Пытаўся Людмілу. «Яна на вуліцу пайшла. Недзе ходзіць!» — адказаў я. «Пасля бальніцы, дзе я праляжаў два з паловай месяцы, мне доктар прыпісаў кожны дзень хадзіць тры кіламетры. Я не хаджу. Ногі вельмі баляць.» — паскардзіўся Адам Іосіфавіч.
***
24.07.2015. Паблізу прыпынку, што каля царквы Пятра і Паўла, бачыў пікет Таццяны Караткевіч і людзей, якія збіраюць подпісы на вылучэнне яе ў кандыдаты ў прэзідэнты. Сюды-туды хадзіла і сама Таццяна, як на сцэне.
***
25.07.2015. У гэты дзень памерлі: Іван Насовіч (1877), Уладзімір Караткевіч (1984), Наталля Арсеньева (1997) і Янка Брыль (2006).
***
25.07.2015. З Маладзечна патэлефанаваў Міхась Казлоўскі. Паведаміў сумную навіну. На 62-м годзе жыцця пасля невылечнай хваробы памёр мастак Васіль Лазоўскі. Учора Міхась яго наведаў у бальніцы. Выгляд у хворага быў перадсмяротны. Сёння Васіля павінны былі выпісаць дамоў, «каб не псаваў статыстыку.»
***
26.07.2015. Некаторыя кажуць, што Беларусь — гэта маленькая Швейцарыя. Пабыўшы ў Швейцарыі, кажу: «Гэта Швейцарыя маленькая! А Беларусь вялікая!»
***
27.07.2015. З самага ранку ў выдавецтва прыйшла аўтарка з рукапісам прозы. Прывітаўшыся, паскардзілася: «Каб вы ведалі, пасля якіх вялізарных пакут я дабралася да вас! Ай-яй-яй!» — «І якія ж гэта былі пакуты?» — пацікавіўся я, і пачуў: «У даведцы доўга шукалі вас. Я папрасіла, каб мне далі адрас бліжэйшага да вакзала выдавецтва».
***
27.07.2015. Сёння дзякуючы Ціхану Чарнякевічу даведаўся, што наш куратар у нядаўняй вандроўцы па дарогах Еўропы Зміцер Жызнеўскі — не проста экскурсавод, а малады празаік, які друкаваўся ў часопісе «Макулатура».
***
29.07.2015. Спаліўшы графаманскі рукапіс, выратуеш чытача. Спаліўшы ўсе графаманскія рукапісы, выратуеш выдавецтва.
***
29.07.2015. У Венецыі па каналах плаваюць гандолы, а ў Амстэрдаме па каналах плаваюць гандоны.
***
30.07.2015. З сястрой Валяй, яе мужам і дачкой Надзяй ездзілі ў Пугачы, каб пафарбаваць новы плот вакол нашай хаты. Выехалі дажджом, але са спадзяваннем, што ён перастане. Заехалі да бацькоў на ракаўскія могілкі. Побач з’явілася пару новых магіл. Пастаялі. Памаўчалі. Кожны пра сваё.
Дарога з Ракава да Пугачоў была заасфальтаваная недзе ў 1990 годзе. Праўда не ўся. І вось нарэшце на тым «няшчасным куску» (кіламетры чатыры) кладуць асфальт. Успрымаецца гэта, як нейкі знак на лепшае.
На палях буслы. Ходзяць, як правяраючыя з раёна.
Прыехалі ў Пугачы. Хаты з-за дрэў у садзе амаль не бачна. Стаіць? Стаіць! Чакае.
Яблыкаў сёлета амаль няма. Хаджу па садзе. Адзінокі яблык ляжыць у траве, як адлюстраванне сонца ў зялёным моры.
Швагра Віця грунтаваў наш новы цэментавы плот, Валя з дачкой корпаліся ў градах, а я касіў. Побач праходзіў сусед Тонік Руткевіч. Віця ў яго спытаўся: «Чаму так чыкільгаеш?» — «Таму што п’яны!» — адказаў Тонік.
Заходзілі да дзядзькі Шуры. Ён пацікавіўся, ці буду я ў нядзелю на свяце вёскі. «Буду!» — адказаў я. «Мне ж прыслалі запрашэнне, у якім напісана: «“Ваша явка обезательна”. Я б і так прыйшоў», — сказаў дзядзька і ўсміхнуўся.
Увесь час, пакуль мы займаліся справамі, каля нашай сялібы каталіся дзеці на роварах, нібыта іншага месца, каб пакатацца, няма. Ездзілі не проста абы ездзіць, а даганялі адзін аднаго, разганаўшыся, рэзка тармазілі. Словам, ім хацелася, каб мы на іх звярнулі ўвагу. Цяпер, пішучы пра хлопцаў з роварамі, магу сказаць, што яны свайго дамагліся. Я нават запомніў, што дваіх з кампаніі завуць Максімам і Юрам.
Выдзіраючы крапіву з кустоў смародзіны, вырваў з каранямі клёнік. Роўненькі, танюсенькі, вышынёю да двух метраў. Лісточкі на ім маладзенькія, рудзенькія. Словам не клёнік, а прыгажунок. Шкада выкідаць на сметнік. Я паклікаў Валю з Надзяй: «Давайце пасадзім!» І мы побач з нашай сядзібай, там, дзе нядаўна спілавалі старыя, пашкоджаныя бураном віхлы, пасадзілі клёнік. Няхай расце вялікі!
Працавалі да паловы дзявятай. Цяпер у Пугачах у нас будзе самы лепты плот і самая горшая (старая) хата.
***
31.07.2015. Кінарэжысёр Уладзімір Арлоў, пакуль я быў у адпачынку, прынёс у выдавецтва і паклаў мне на стол старонкі з кнігі «Магия многоцветного экрана», якую выдаў у «Харвесце». Адзін з раздзелаў выдання пачынаецца: «Белорусские писатели не один год и не по одному месяцу творили в незабываемом Доме творчества: в коласовских Королищевичах — весёлом бурлящем приюте, где на мастеров пера накатывали волны вдохновения три десятилетия после «дядьки Якуба». Тут рождались заметныя произведения национальной литературы, велись бесконечные споры о ней, ладились дружеские застолья со скандалами и исповедями. Таким он был — уютный утраченный дом. Таким вспомнился он поэту Виктору Шнипу — совсем молодым в декабре 1981-го участвовал он в семинаре начинающих поэтов:
І вецер між соснаў лагодны і грозны
Лятае, прысніўшы ўначы зноў зіму,
Калі тут не будзе зусім анікога
І дом гэты будзе, як прывід, стаяць
У лесе, у снезе ля тлумнай дарогі,
Дзе толькі дарога адна і відаць.
...Что там теперь в Королищевичах, никто не знает: то, говорят, разрушили коласовский Дом, то — “закрытый объект”, то — выкупила какая-то фирма. Давайте, съездим! — возникало предложение. Не нужно. Как мудро написал Геннадий Шпаликов:
По несчастью или к счастью —
Истина проста:
Никогда не возвращайся
В прежние места».
Вяртацца, можа, і сапраўды не трэба ў мінулае, але ж Коласаўскі дом — гэта не проста хата ў лесе. Коласаўскі дом — гэта КОЛАСАЎСКІ ДОМ! Хто там цяпер і што там?
Жнівень
***
1.08.2015. З сястрой Валяй, яе мужам Віцем і дачкой Надзяй ездзілі ў Пугачы. Фарбавалі плот. Пачынаючы працу ў поўдзень, думалі, што закончым праз гадзіны тры-чатыры, максімум праз пяць. Фарба скончылася толькі ў дзесяць вечара.
З яблыні зваліўся яблык. Белы наліў. Жоўценькі, як залаты. Падняў яблык швагра. Павярнуў на бок, які хаваўся ў траве, а ён чорны. Паглядзелі ў крону. Больш ніводнага яблыка не бачна.
На вуліцы каля нашага плота ўжо гадоў дзесяць працякае водаправодная калонка. Праз яе ў агародзе каля хаты вечна вільготна. Што ні рабілі з вадой, а яна ўсё цячэ і цячэ, як вечная. Вяскоўцы кажуць, што трэба звяртацца ў Валожын, бо там цяпер усе службы, якія адказваюць за водаправод.
Сцямнела. Засвяціла поўня. Застракаталі цвыркуны. Усё навокал, як у дзяцінстве. Толькі бацькоў няма.
Выехалі з вёскі цемнатой. Праз святло фар машыны прабег заяц, як прывід.
У кватэру зайшоў а палове дванаццатай. Стомлены, але задаволены, што ў вёсцы добра і дружна папрацавалі.
***
2.08.2015. Прачнуўся а пятай. Гадзіны паўтары ляжаў і думаў, што трэба сказаць у Пугачах на свяце вёскі. Вырашыў доўга не гаварыць і пачытаць два вершы, напісаныя трыццаць пяць гадоў таму пра Пугачы. Разбудзіў Людмілу. Хутка сабраліся і паехалі на чыгуначны вакзал. З электрычкі патэлефанаваў у Пугачы і паведаміў, што ў Аляхновічах мы будзем у дзесяць. У вагоне сабралася шмат народу. У асноўным пажылыя жанчыны, якім трэба на лецішчы. Ехалі гадзіну. У Аляхновічах нас ужо чакала Наталля Жызнеўская. На машыне ў Пугачы заехалі за хвілін дваццаць. Праязджаючы праз Еленку, узгадаў школьных сяброў, якія тут нарадзіліся. Шмат пустых хат. Сялібы зарослыя травой. Людзей зусім не бачна, нібыта ніхто ў вёсцы не жыве. На заездзе ў Пугачы спыніліся. Мы з Людмілай падарылі Наталлі свае кніжкі з аўтографамі, а яна дала мне пачытаць, калі будзе вольны час, кіпу сваіх вершаў.
Сустрэлі нас каля Дома культуры, як самых вялікіх гасцей. Тут жа напаілі гарбатай, пачаставалі булачкамі, якія нядаўна былі спечаны. Завялі ў бібліятэку, паказалі куток з маімі кнігамі і партрэтам, які ў свой час намаляваў Алесь Квяткоўскі. Для бібліятэкі мы з Людмілай падарылі свае новыя выданні.
На свята вёскі сабралася сотні паўтары людзей. Былі артысты з Валожына і ракаўскі фальклорны гурт «Гасцінец». Першым выступіў старшыня Ракаўскага сельсавета, потым я і Людміла. Нам падарылі чайны сервіз з гравіроўкай «Жыві, мая вёска Пугачы. 2015».
На сённяшні дзень самая старэйшая жыхарка Пугачоў — Валянціна Іосіфаўна Шніп. Ёй 88 гадоў. Яна ў школе выкладала беларускую мову і літаратуру. Гэта на яе ўроку я даведаўся, што ў дзесяці кіламетрах ад Пугачоў у Вязынцы нарадзіўся Янка Купала, да якога ў час летніх вакацый я і хадзіў з вершамі.
Падарунак атрымала і мая першая настаўніца Шніп Марыя Вікенцьеўна. У школе яна была строгай, патрабавальнай і справядлівай, як і належыць быць сапраўднаму Настаўніку.
Самы юны жыхар Пугачоў — Дзмітрый Сасноўскі. Ён нарадзіўся 1 студзеня 2015 года.
Дзякуючы святу вёскі сустрэўся амаль з усімі сваякамі, якія яшчэ жывуць у Пугачах. З Навасёлак спецыяльна на свята прыехаў траюрадны брат майго бацькі Леанід Жыткевіч. Словам, сёння ўсе дарогі вялі ў Пугачы да Дома культуры.
Падарункаў на свяце вёскі было ўручана вельмі шмат. Гучалі песні, разам з «Гасцінцам» развучваліся танцы, дзеці малявалі, а хто хацеў, мог набыць вырабы мясцовых майстрыц, а таксама пачаставацца юшкай з блінамі.
Перад ад’ездам у Аляхновічы з Людмілай зайшлі дадому. Падкруціў у гадзінніку спружыну. Няхай у хаце не будзе мёртвай цішыні.
На палях жніво. Камбайны гудуць, буслы ходзяць і сонца ў небе, як вялікая кропля мёду.
Сёння Ілля. Павінна быць куча гнілля, а тут горача, як каля адчыненых дзвярэй лазні.
Наталля Жызнеўская адвезла нас у Аляхновічы на электрычку. Было крыху сумнавата, што свята вёскі прайшло, і адначасова радасна, што мае аднавяскоўцы не толькі ўмеюць добра працаваць, але і святкуюць, як належыць.
***
3.08.2015. Перад абедам на працу да мяне прыходзіў рэжысёр Валерый Анісенка. Энергічны, эмацыйны, як вялікі творца. Пагаварылі пра літаратуру і тэатры. Развітваючыся, Валерый Данілавіч сказаў: «Будзем працаваць, а не плакаць!»
Пасля абеду зайшоў зямляк Язэп Янушкевіч. У шортах, сандалях на босыя ногі, у саколцы, у капелюшы. Загарэлы. Словам, прыгожы, як каўбой у час адпачынку. Набыў у аддзеле рэалізацыі дзявяты том Уладзіміра Караткевіча. Наш Ракаў рыхтуецца да свайго 550-годдзя. Я пішу «наш Ракаў», бо ўжо трэці год, як Пугачы адносяцца да Ракаўскага сельсавета. Уся святочная праграма названа радком з майго верша «Мы маем гонар свой, мы Ракаў маем.»
***
3.08.2015. Гадзіннік на руцэ, як кайданка, якой ты прыкаваны да часу, у якім жывеш.
***
3.08.2015. Нашы воплескі для молі забойчыя.
***
3.08.2015. Мае аднавяскоўцы, мае аднаваскоўцы.
***
4.08.2015. Больш як месяц не пісаў вершаў, нібыта не піў каньяку.
***
5.08.2015. Некалькі аўтараў прыходзіла ў выдавецтва. Сказалі, што на вуліцы горача.
***
6.08.2015. З Дзмітрыем Пятровічам удзельнічаў у літаратурным марафоне, які праходзіў у рамках акцыі «Лета з добрай кнігай» у кнігарні «Светач». Калі прыйшлі прыняць эстафету ад пісьменніцы, якая піша для дзяцей, на крэслах сядзела сем чалавек. Праз дзве гадзіны, калі мы пакідалі кнігарню, перадаючы слова Алене Церашковай з дзецьмі, слухачоў было каля пяці дзясяткаў.
***
6.08.2015. Вечарам да нас з Людмілай у госці прыходзілі нашы добра знаёмыя масквічы-пісьменнікі Аляксандр Закурэнка і Ірына Гурская з дачкой. У свой час мы з Аляксандрам паралельна вучыліся ў Літінстытуце, а Ірына наогул мінчанка. Гаварылі да гадзіны ночы пра вандроўкі, пра літаратуру і. пра вайну.
***
6.08.2015. Прыходзіў Базыль. Набыў новыя тамы Уладзіміра Караткевіча і маю кнігу «Заўтра была адліга». Ён нядаўна прыехаў з Амерыкі, дзе 25 ліпеня атрымаў амерыканскі пашпарт. Даў мне пагартаць. Пашпарт, як невялічкая кароткая амерыканская энцыклапедыя. Базыль у Амерыцы працуе ў лабараторыі Энрыка Фермі. Казаў, што ў ягонага начальніка на сцяне вісіць мапа, на якой на месцы Беларусі белая пляма. «Чаму так?» — запытаўся я, і Базыль адказаў: «Амерыка яшчэ не вызначылася, што з намі рабіць.»
***
8.08.2015. Нягледзячы на гарачыню, з Людмілай, сястрой Валяй і яе мужам Віцем, ездзілі ў Пугачы, каб дафарбаваць плот.
Зайшлі ў хату. На стале два букеты руж у вадзе стаяць, нібыта толькі што зрэзаныя. Мы з Людмілай тыдзень таму, атрымаўшы іх на свяце вёскі, пакінулі тут, бо яны ўжо былі амаль завялыя. «Мама любіла кветкі, таму яны і ажылі!» — сказала Людміла, гледзячы на букеты.
Г адзіннік цікае. Хата жывая.
Агрэст амаль увесь чырвоны. Вельмі шмат. Суседзям казалі, каб рвалі колькі хочуць, а яны рвалі слабавата. У дзяцінстве мы з бацькам вазілі мяшкамі агрэст у Гарадок здаваць. Атрымоўвалі грошы, на якія нам, дзецям, бацькі куплялі сёе-тое з абновак перад школай.
Пад вечар на машыне прыехалі дачка Валі Надзя з сябрам Сашам. У садзе зрабілі шашлыкі. Збегліся суседскія каты і малады сабака. Пачаставалі і іх.
З дому выехалі пасля дзевяці. Каля сялібы Ліды Шніп па вуліцы ішло чалавек пятнаццаць. «Відаць, нейкае вяселле.» — сказаў швагра. «Магчыма.» — выказаў сваю думку я. Праязджаючы каля людзей, я ўбачыў Ліду і яе мужа Валодзю, якому я памахаў рукой. Швагра прыпыніў машыну, думаючы што я выйду, але я не выйшаў, бо сядзеў босы і з неадмытымі ад фарбы рукамі. Вярнуўшыся ў Мінск, з фэйсбука даведаўся, што да Ліды з Масквы прыехалі сваякі, з некаторымі і я знаёмы праз інтэрнэт. Цяпер шкадую, што сустрэча не адбылася.
***
9.08.2015. «Праз трыццаць гадоў будзе вялікая вайна і мала хто застанецца на нашай планеце!» — кажа мой аднагодак. Ягоная дачка, якой трынаццаць гадоў, тут жа з крыўдай: «Вам добра! Вы да таго часу не дажывяце!»
***
9.08.2015. Спёка. 36 градусаў. Людміла прапанавала паехаць у Палац мастацтваў на выставу. Паехалі. У метро я даведаўся, што мы едзем на выставу адзення. Пасмяяўшыся з сябе, я вярнуўся дамоў, а Людміла пайшла ў палац.
***
9.08.2015. Закончыў набіраць запісы, зробленыя ў час вандроўкі ў Еўропу, дзе мы з Людмілай наведалі Варшаву, Амстэрдам, Брусель, Парыж, Бардо, Барселону, Ліён, Жэневу, Мюнхен. Яшчэ раз перажыў дарогу і тыя цудоўныя хвіліны, калі мы з Людмілай радаваліся жыццю.
***
10.08.2015. Каторы дзень у галаве круцяцца радкі:
Лета пачалося. Не танцуй!
І яно аднойчы адвіруе.
Ад самоты сонца нас ратуе,
Ад спякоты сам сябе ратуй!
***
10.08.2015. Надпіс на плоце: «Асцярожна! У двары злы Граждан!»
***
11.08.2015. Спякота. На Свіслачы чайкі, як воблака, якому добра на вадзе, а не ў небе.
«Ладдзя» і Сыс
11.08.2015. Сёння ў Адама Глобуса прачытаў: «На вокладцы кнігі Анатоля Кудласевіча «Трынаццаць дзён» змешчана карціна Руслана Вашкевіча «Ладдзя». Ёсць на вокладцы і словы Руслана: «Гэтую маленькую карціну сто гадоў таму я падарыў Анатолю Сысу. Ён, узрадаваны, тыдзень паіў увесь інтэрнат БДТМІ. Калі я працверазеў, пайшоў у Дом літаратара і папрасіў карціну назад, Сыс адказаў: “Я шчаслівы, што яна пабыла са мной увесь гэты час”» Я памятаю гэтую гісторыю. Якраз тады на Захарава быў рамонт у рэдакцыях, і нас перасялілі ў Дом літаратара. Аднойчы прыйшоў да мяне Анатоль Сыс і са слязамі на вачах пахваліўся, што яму Руслан Вашкевіч падарыў карціну, за якую абавязкова трэба тут жа выпіць. Мы выпілі. Потым цэлы тыдзень Сыс хадзіў па Доме літаратара з «Ладдзёй», нібыта ён сам яе намаляваў.
Іван Сяркоў і «можа»
11.08.2015. Летам, калі мне было дванаццаць гадоў, з Гарадка бацькі прывезлі кнігу Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага». Я адразу яе прачытаў за некалькі вечароў. І потым, пакуль вучыўся ў школе, перачытваў шмат разоў. Кніга стала маёй любімай. Сёння, рыхтуючы яе перавыданне, звярнуў увагу на тое, што на 160 старонках аповесці слова «можа» паўтараецца разоў пяцьсот: «можа, заўтра», «можа, холадна», «можа, немцы», «можа, партызаны», «можа, паліцыя», «можа, граната», «можа, мёртвы», «можа, свае» і г.д. І ўсё ж, перачытаўшы «Мы з Санькам у тыле ворага», я не сказаў сабе: «Можа, цяпер не варта было чытаць.»
***
12.08.2015. Сніўся Амстэрдам. Я прыйшоў у квартал чырвоных ліхтароў, а там поле, на якім растуць сланечнікі. Сярод сланечнікаў Ван Гог малюе чырвоны ліхтар.
***
13.08.2015. Быў на Вайсковых могілках. Сёння Дзень памяці Якуба Коласа. Прыехаўшы на паўгадзіны раней, чым трэба было, абышоў пісьменніцкія магілы. Пакланіўся Кузьму Чорнаму, Міхасю Клімковічу, Паўлюку Трусу, Усеваладу Ігнатоўскаму, Алесю Гурло, Валянціну Таўлаю, Аркадзю Моркаўку...
Сярод магіл апалае лісце, як тое, што засталося ад паперы, якая была на пісьмовых сталах у той дзень, калі пісьменнікі пайшлі ў лепшы свет.
Ад помніка да помніка павуцінка, як тэлефонны дроцік.
Зайшоў у царкву Аляксандра Неўскага. Прыцемкі. Запаліў дзве свечкі. Пасвятлела ў Храме і ў маёй душы.
Да магілы Якуба Коласа прыйшлі яго родныя, супрацоўнікі музеяў, пісьменнікі і карэспандэнты. Пасля ўскладання кветак каля помніка гучалі словы ўдзячнасці Песняру і вершы. Людзі, якія праходзілі міма, прыпыняліся на хвіліну, слухалі. Сярод прысутных, відаць, яшчэ не разумеючы, што адбываецца, бегала маленькая праўнучка Якуба Коласа. Прыгожая і непасрэдная, як сапраўдная Паэзія.
***
13.08.2015. З інтэрнэту даведаўся, што памёр мастак Георгій Скрыпнічэнка. Апошні раз мы з ім бачыліся сёмага траўня 2013 года ў галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці на адкрыцці выставы жывапісу Алеся Квяткоўскага «Песні дрыгвы». Георгій Сяргеевіч, ведаючы, што я прыйду выступіць у сябра на свяце, спецыяльна прынёс свой таўшчэзны (438 старонак) мастацкі альбом, загадзя падпісаўшы: «Віктару Шніпу, паэту, грамадзяніну, з вялікай павагай і ўдзячнасцю!!! Працуйма на карысць БАЦЬКАЎШЧЫНЫ!!! Георгі. Менск. 7.5.2013 г.» Дорачы выданне, Георгій сказаў: «Ты прыйшоў, хоць мы і не дамаўляліся сустрэцца. Дзякую. Цяпер мне не давядзецца валачы назад гэтую таміну, як некалькі разоў ужо валок, бо не прыйшлі паэты.», і ён назваў імёны двух паэтаў.
***
14.08.2015. На 62-м годзе жыцця пакінуў гэты свет народны артыст Беларусі Сяргей Журавель. За свой твочы шлях артыст сыграў і Сальвадора Далі, і Несцерку, і Тарцюфа. І ў кожнай ролі быў беларусам.
***
14.05.2015. Учора памёр беларускі Сальвадор Далі — мастак Георгій Скрыпнічэнка, а сёння — артыст Сяргей Журавель, які ў свой час выконваў ролю Сальвадора Далі. Яны пайшлі да Сальвадора.
***
14.08.2015. Сярод жніўня лістапад. І ты ідзеш па апалай лістоце і ўсміхаешся, як ідыёт.
***
15.08.2015. Былі за горадам.
Зялёная арда кукурузы чакае свайго часу.
Заяц каля дарогі ласаваўся жытам. Малады і непалоханы. За пару метраў ад машыны ляніва схаваўся ў жыта, а мы яму ўслед добразычліва пасмяяліся.
Побач з лецішчам на зжатым полі перапёлкі. Штук дваццаць. І ў кожнай ножкі не баляць, бо ад нас пабеглі, нібы прапануючы: «Паспрабуйце дагнаць!»
Сланечнікі ў агародзе. А дзе Ван Гог? Прыляцеў чмель. Вялікі і прыгожы. Сеў на галаву сланечніку і не звяртае на нас увагі.
Агуркі ўжо не растуць. І трава не расце. Апалае лісце ў баразне, як рудая вада.
Прыйшоў кот. Худы, нібыта толькі што вярнуўся з марцавання.
Гронкі зялёнага вінаграду, як кроплі зялёнага бурштыну.
Вада са студні халодная, як жывая.
У азярыне купаюцца людзі. Машыны на беразе, як іх жалезная вопратка.
Чорная сліва на срабрыстай талерцы, як пляма на поўні.
На зжатым полі ходзяць буслы. Дзюбы іхнія, як стрэлкі, што паказваюць на восень.
***
16.08.2015. Хадзіў да Алеся Квяткоўскага. Ён рыхтуецца да выставы ў Гародні. Гаворачы пра творчасць, я прапанаваў Алесю намаляваць карціну «Чорны квадратасланечнік», і падарыў яму для натхнення свой верш:
чорны квадратасланечнік —
гэта чорны квадрат Малевіча
і сланечнік Ван Гога
якія аб’ядналіся
каб чорным пчолам
Квяткоўскага
было не сумна
у гэтым белым свеце
дзе чорны сланечнік
гэта чорнае сонца
гэта чорнае вока вечнасці
гэта шматкроп’і
з ненапісаных
вершаў Апалінэра
і ты малюеш чорны
квадратасланечнік
як пачатак свету
у якім знайшлося
месца і для нас з табою
***
16.08.2015. Памерлыя ажылі і з’ехалі ў Амерыку, пакінуўшы цыдулку: «У нашым ад’ездзе нікога не вінавацім!»
***
16.08.2015. Дваццаць пяць гадоў жыву ў доме на вуліцы Волаха. Гадоў пятнаццаць таму пазнаёміўся з мастаком з суседняга пад’езда. Пазнаёміцца пазнаёміўся, а як завуць яго — забыўся. Сустракаючыся ў двары, мы віталіся, пыталіся пра жыццё-быццё. Г адоў дзесяць таму ў нашым доме быў капітальны рамонт. Доўгі час мы разам «ваявалі» з будаўнікамі, а потым зноў схаваліся ў сваіх кватэрах, зрэдку сустракаючыся на вуліцы. Мастак даглядаў хворую маці. І ў мяне дажывалі свой век бацькі, якія тры гады таму пакінулі гэты свет. Нядаўна памерла і маці мастака. І, магчыма, я і далей не ведаў бы, як яго завуць (перапытвацца няёмка), калі б сёння ў фэйсбуку на старонцы Яўгена Колчава не ўбачыў фотапартрэт свайго суседа з подпісам: «Мастак — Слава Лемачко»...
***
17.08.2015. Сёння пахаладала. І ўсе, як пару дзён таму адзін аднаму скардзіліся, што спякотна, скардзімся, што пахаладала... Нам не дагодзіш...
***
17.08.2015. Лета адыходзіць ад нас, як мора ад берага, і апалае лісце, як пясок.
***
17.08.2015. Сніцца родная хата, як пусты Ноеў каўчэг...
***
17.08.2015. На дзявяты паверх выдавецтва, як на дзявятае неба, прыйшоў аўтар. Стаўшы на калідоры каля акна, ён убачыў аблокі, як Альпійскія горы, на якіх пасуцца швейцарскія авечкі. Прыгожыя і безабаронныя. І аўтару захацелася кінуць сваю пісаніну і пайсці ў пастухі. Але раптам падышоў рэдактар і запытаўся: «Вы да мяне?»
***
17.08.2015. Млечны шлях, як леска. Поўня, як грузік. Зямля, як нажыўка...
***
18.08.2015. Тэлефанаваў сябра. Даведаўшыся, што мы з Людмілай нядаўна былі ў Амстэрдаме, Парыжы, Жэневе, Барселоне і іншых еўрапейскіх гарадах, выказаў сваю невясёлую думку пра наша вандраванне. Праўда, мы з ім з-за Еўропы не пасварыліся. У мяне верш з’явіўся:
Настрашаны Еўропаю блакітнай,
Мой сябра зноў палохае мяне
Блакітнымі і кажа, што агіднай
Яму Еўропа бачыцца і ў сне.
І Рым ужо больш не ўратуюць гусі,
І Амстэрдам затопіцца вадой,
І толькі застануцца ў свеце гуслі,
І больш не будзе музыкі другой.
Гаворыць сябра, быццам бы малітву
Чытае, каб ніколі і нідзе
Не браў я ў рукі, каб галіцца, брытву,
Бо можна ёй парэзацца і дзень
Мой назаўсёды скончыцца і буду
Я мёртвы, не паголены, ляжаць.
Не дапамогуць мне Хрыстос і Буда.
Галоўнае — ў Еўропу не ўязджаць!
***
19.08.2015. У мастакоў сярод старых выданняў знайшоў зборнік паэзіі (448 старонак) Радзіслава Лапушына «Взрослее облаков» (1996), якую рэдагаваў Рыгор Барадулін. Нічога не звычайнага ў тым, што кніга захавалася да сённяшняга дня, няма. Сумна, што кніга падорана была супрацоўніцы выдавецтва з подпісам: «Дрогоценной Ларисе Николаевне Шлапо — доброму Гению этой книги — с сердечной признательностью. Р.Л. 25.08.», і не забрана дамоў. І гэта ўжо не першы падобны падарунак аўтараў, які мне трапіўся ў рукі. Кажуць, што Радзіслаў на пачатку 90-х з’ехаў у Амерку. Ці піша ён там цяпер вершы — не ведаю. А паэт ён быў харошы. Абы-каго Рыгор Барадулін не рэдагаваў.
***
19.08.2015. Алеся Лапіцкая з «ЛіМа» прыводзіла да мяне Юрыя Жыгамонта пазнаёміцца і пагаварыць пра перспектыву выдання ягоных «Падарожжаў дылетанта». Дамовіліся, што Юры тэрмінова рыхтуе першую кнігу, і мы яе плануем на наступны год і выдаём. Такіх кніг можа быць дзесяць, а можа і сто. Напрыканцы Юры запытаўся, як там мой брат Валодзя. Высветлілася, што яны ў адзін час вучыліся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце і добра ведаюць адзін аднаго.
***
21.08.2015. Калі ў час вайны туркі хацелі разбурыць Парфенон, каб здабыць свінец, грэкі, даведаўшыся пра гэта, прыслалі ім кулі, каб яны маглі страляць, не знішчаючы Парфенон.
***
21.08.2015. Вяртаюся з крамы праз сквер. На лавачках сядзяць пенсіянеры і алкаголікі. Воран ходзіць каля сметніцы, як чорны анёл...
***
21.08.2015. Па скверы следам за мной бяжыць белы сабака. Малы, як цацачны. Жанчына крычыць услед: «Не бойцеся! Я нядаўна яго карміла!»
***
21.08.2015. Плаціў за кватэру. Перада мной дзяўчына паклала сто тысяч на мабільны, а бабуля купіла пяцьдзясят долараў. Восень прыбліжаецца...
***
21.08.2015. У інтэрнэце знайшоў інтэрв’ю з гітарыстам Андрэем Маркуцам, якое ён даў Tuzin.fm. На пытанне: «Пра мінулыя свае гурты згадваеш з якім пачуццём?» Андрэй адказаў: «Па-рознаму, але, безумоўна, прыемнага заўжды болей. «Рэй» — гэта пачатак, першы выхад на сцэну, першыя запісы на вуліцы Чырвонай, 4. Першыя фанаты і аўтографы, кліпы ў Курапатах... Гэта было на хвалі набыцця Незалежнасці, узнікнення першых беларускамоўных гуртаў. Выступалі і рэпеціравалі разам з «Мрояй». Музыку пісалі на вершы Віктара Шніпа, Адама Глобуса.» Як гэта было даўно! 1989 год. Я тады для «Рэя» напісаў шмат тэкстаў. І толькі некалькі захавалася...
***
21.08.2015. Пішыце і гаварыце пра мае творы, што хочаце! З імі ад гэтага нічога не здарыцца.
***
21.08.2015. Мы больш гаворым пра Дон Жуана, чым пра Байрана...
***
22.08.2015. Дажывём да Паэзіі...
***
22.08.2015. Прачнуўся а сёмай. Дзень пачаўся з радкоў:
Мы пойдзем у горад з табою гуляць,
У люднай кнігарні не купім нічога.
Там кнігі, як мёртвыя людзі стаяць
У вечнай чарзе, зачакаўшыся Бога.
Працягу не напісалася. Да ўсяго ў горад не ідзём.
***
22.08.2015. Бог не прадаецца. Ікону можна купіць...
***
22.08.2015. У нашым двары цішыня. І толькі час ад часу голас падае немаўля і мне ўзгадваюцца радкі Аляксандра Блока:
И голос был сладок, и луч был тонок,
И только высоко, у Царских Врат,
Причастный Тайнам, — плакал ребенок
О том, что никто не придет назад.
***
22.08.2015. Чацвёрты год не выбіраю бульбу. Не садзіў.
***
22.08.2015. З Людмілай паглядзелі фільм пра брытанскага мастака-пейзажыста Уільяма Цёрнера (23.04.1775—19.12.1851). Узгадаўся фільм пра Леанарда да Вінчы, які я глядзеў, калі мне было дванаццаць гадоў. Сёння ў інтэрнэце знайшоў той фільм. Ён упершыню на тэлеэкраны выйшаў у 1971 годзе. Паглядзеў. І здзівіўся сам сабе, бо ўсё амаль памятаю. Яшчэ памятаецца, што пасля фільма я нейкі час маляваў, маляваў левай рукой, бо мне здавалася, што, калі буду так маляваць, як Леанарда да Вінчы, то і я буду, як гэты геніяльны мастак. Пасля таго фільма я і дзённік завёў, куды запісваў назіранні за прыродай, вынікі доследаў з раслінамі, мурашкамі, п’яўкамі, чарвякамі і г.д. Словам, з таго часу ў мяне заўсёды з сабой сшытак, куды я занатоўваю ўсё, што лічу важным для сябе.
***
23.08.2015. Не збіраўся рана выходзіць з дому. Патэлефанаваў Алесь Квяткоўскі і паведаміў, што ў ягонай майстэрні з’явіўся «Чорны квадратасланечнік». І я пайшоў глядзець. Гаворачы пра новую карціну, Алесь сказаў, што яна прысвечана тым, хто на волі. А ў мяне з нагоды «Чорнага квадратасланечніка» з’явіўся ланцужок асацыяцый: «Чорны квадрат у канцы тунэля... Сланечнік у канцы тунэля... Святло ў канцы тунэля...»
***
23.08.2015. Яшчэ ў траўні Уладзімір Ліпскі папрасіў для «Вясёлкі» вершаў. Пару напісаў. Тыдзень таму Раіса Баравікова напомніла, што ў часопісе чакаюць ад мяне твораў. І сёння, седзячы на кухні, я ўтварыў для смеху:
Столь глядзіць на стол,
Бо на столе соль.
Стол глядзіць на столь,
Бо пад столлю моль.
Я ж гляджу на тату,
Што прынёс зарплату.
***
23.08.2015. Дзякуючы Людміле ўпершыню быў на вялікім канцэрце маладых рок-музыкантаў, што праходзіў у адным з клубаў на Нямізе. Быў час, калі я пісаў тэксты для рок-гуртоў і часта з задавальненнем хадзіў на маладзёвыя тусоўкі. Ды і мне не было трыццаці. А сёння ішоў з хваляваннем, бо мы ішлі не на проста рок-канцэрт, а на канцэрт, дзе ўсё арганізаваў і праводзіць гурт «F!B!» (пры падтрымцы сябра-барабаншчыка з Японіі), у якім бас-гітарыстка — наша Вераніка. Акрамя нашых дзяўчат выступалі яшчэ тры рок-гурты. Пасля сваіх песень дзяўчаты з «F!B!» пусцілі за барабаны японца, з якім выканалі пяць сусветна вядомых песень. Атрымалася проста цудоўна! Дамоў вяртаўся, шкадуючы, што канцэрт скончыўся...
***
25.08.2015. Учора памерла Ала Канапелька. Сёння яе пахавалі на гарадскіх могілках у Смалявічах. На жаль, не быў на развітанні.
Знаёмства наша пачалося ў снежні 1981 года ў Каралішчавічах, дзе цэлы тыдзень мы былі разам на семінары маладых пісьменнікаў Беларусі. Сярод нас былі і Анатоль Сыс, і Васіль Сахарчук, і Міхась Барэйша, якіх ужо даўно няма ў гэтым свеце. Былі Уладзімір Арлоў, Алег Мінкін, Леанід Галубовіч, Сяргей Вераціла, Вадзім Спрынчан, Людміла Паўлікава, Уладзімір Ягоўдзік, Алесь Наварыч. Нас было шмат. Помняцца не ўсе. Ала Канапелька помніцца. Потым у нас было шмат сустрэч, сумесных выступленняў. Нашы дочкі закончылі гімназію-каледж мастацтваў, дзе мы сустракаліся, прыводзячы малых на вучобу. З Алай мы склалі кнігу «Мама, маці, матуля...», за якую на Рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» атрымала вышэйшую ўзнагароду — дыплом імя Францыска Скарыны. І ва ўсім, што рабіла Ала Канапелька, яна была Паэткай.
***
26.08.2015. Па запрашэнні Сяргея Дубаўца ўдзельнічаў у паэтычных чытаннях памяці Таццяны Сапач, якія на гэты раз прайшлі каля хаты, дзе нарадзілася паэтка. З Мінска ездзіў з Барысам Пятровічам, Усеваладам Сцебуракам, Галінай Дубянецкай і Людмілай Сачанка. Ехалі па дарозе на Вільню. Узгадвалі вядомых людзей, лёс якіх звязаны з Валожыншчынай. У Маркава, крыху паблудзіўшы, прыехалі роўна а дванаццатай, як і прасіў Дубавец. Усе збіраліся каля школы, якую ў свой час закончыла Таццяна. Гасцей было чалавек трыццаць. З Польшчы прыехала дачка Дубаўцоў Адэля са сваёй малой, якая хораша гаворыць па-беларуску і час ад часу ўжывае польскія словы і ад гэтага робіцца невыказна гжэчнай і яшчэ прыгажэйшай. Напачатку з’ездзілі на могілкі. Усклалі да помніка кветкі, памаліліся. Потым паехалі да роднай хаты паэткі. Там нас ужо чакалі брат Таццяны з жонкай Ларысай, школьнікі і настаўнікі. Імпрэзу вёў Сяргей Дубавец. Першымі выступілі дзеці, якія чыталі вершы Сапач, а за імі — Усевалад Сцебурака, Барыс Пятровіч, Уладзімір Арлоў. Падчас, калі спяваў Уладзіслаў Лянкевіч, да мяне падышоў Дубавец і запытаўся: «Можа, прачытаеш верш?» — «Добра», — адказаў я, і Сяргей даў мне слова. Я прачытаў баладу, прысвечаную Таццяне. Пасля майго выступлення Дубавец прапанаваў перайсці да неафіцыйнай часткі, дзе маглі яшчэ сказаць сваё слова пра Таццяну Сапач і Кася Камоцкая, і Зміцер Бартосік, і Вальжына Цярэшчанка, і Міхась Казлоўскі, і Генік Лойка, і Ірына Дубянецкая і іншыя. Аднак, на жаль, гэтай магчымасцю яны не скарысталіся. Праўда, ад гэтага наша сумоўе не стала сумным. Выязджаючы з Маркава, у небе ўбачылі больш за сотню буслоў, якія развітваліся з роднымі мясцінамі. «Кожны год 26 жніўня беларускія буслы адлятаюць у цёплыя краіны!» — пракаментавала ўбачанае Галіна Дубянецкая. Заглянуўшы ў інтэрнэт, я знайшоў навіну (праўда, яна з’явілася з вялікім спазненнем), што 2 чэрвеня памерла Ніна Корсак — першая жонка Барыса Кіта. Тут жа я зачытаў інфармацыю: «Нарадзілася Ніна Корсак 10 жніўня 1920 года ў Лебедзеве (сёння Маладзечанскі раён) у сям’і Івана Корсака і Наталлі Глод. Бацька быў кіраўніком царкоўнага хору, з прыходам саветаў быў арыштаваны і адпраўлены ў Сібір...» І адразу ж усе ў машыне ўзгадалі, што гэтае Лебедзева, дзе нарадзілася першая жонка Барыса Кіта, знаходзіцца недалёка ад Таццянінага Маркава.
***
27.08.2015. Знаёмячыся з рукапісам кнігі пра мастака Аляксея Кузьміча, натрапіў на ўспаміны Міхаіла Шэлехава: «Снится, например, ему царь Петр Первый. Вызвал он к себе Кузьмича в Петербург, пожаловался ему художник на козни врагов. А император положил его голову себе на грудь, поцеловал: «Тяжко тебе, потому что ты от Бога. А думаешь, мне легко? Пошли ко мне, будем вместе работать». Пошли во дворец. Подали им на стол вина, закусок, выпили. «Ну, ты пиши меня, а я буду бояр принимать»,— сказал царь. Кузьмич царя пишет, а Петр Великий бояр за бороды дерет — за воровство, за нерадивость: сколько будете Россию грабить! Стыд, позор! И за ножницы — давай бороды стричь. А Кузьмичу говорит: «Такая судьба царей и художников — сурово учить проходимцев».
***
28.08.2015. Ва ўспамінах Паўліна Мядзёлка гаворыць пра Цётку: «У мяне склалася ўражаньне, што Цётка зьяўляецца хутчэй кватаранткай, чымся гаспадыняй у сваім доме. Яна займала асобны пакой, вельмі просценька абсталяваны. Прымала яна. толькі ў гэтым пакоі. Здавалася, што Цётка з мужам жылі кожны сваім асобным жыцьцём.» Нічога тут ненармальнага няма ў тым, што Цётка са сваім мужым спалі ў розных пакоях. Так жылі арыстакраты. Мы з Людмілай хоць і не арыстакраты, а спім у розных пакоях. З гэтай нагоды ўспамінаюцца радкі, якія ў свой час пачуў ад бацькі: «Праз сценку жылі, а дзеці былі.»
***
29.08.2015. Не любячы адзін аднаго, мы хочам, каб нас усе любілі..
***
29.08.2015. Апалая лістота ў вадзе, як сонныя залатыя рыбкі.
***
29.08.2015. Час пераліваецца ў ваду, а вада — у час.
***
30.08.2015. Поўня, як засмок на целе неба.
***
30.08.2015. З Людмілай глядзелі фільм Андрэя Хржаноўскага «Полторы комнаты, или Сентиментальное путешествие на Родину» пра Іосіфа Бродскага. Гэты фільм зняты па творах паэта, па ягоных малюнках і матэрыялах біяграфіі. Пасля прагляду ёсць над чым падумаць і пра што пагаварыць, і потым перачытаць вершы Бродскага, пачаўшы з радкоў: «Не выходи из комнаты, не совершай ошибку. Зачем тебе Солнце, если ты куришь Шипку?»
***
30.08.2015. Ранкам з Людмілай хадзілі ў Свята-Петрапаўлаўскі сабор. Стаялі на ўваходзе. Народу — не прайсці. Як ніколі было вельмі шмат дзяцей. І толькі, як людзі пачалі разыходзіцца, даведаліся, што ўсе маліліся за новы навучальны год. Мы з Людмілай шчасліва ўсміхнуліся: «У школу нам дзяцей збіраць не трэба. Вераніка ўжо трэці год працуе, а Максім на пятым курсе Беларускай акадэміі мастацтваў.»
***
30.08.2015. Жоўты бярозавы ліст прыліп да шыбы, як мне напамін пра адзін дзень, што застаўся да верасня.
***
31.08.2015. З нагоды пачатку навучальнага года ўзгадаўся вершык з маіх школьных гадоў: «Першы клас купіў каўбас. Другі смажыў, трэці еў, а чацвёрты праз дзюрачку глядзеў.» Прыемна было ў трэці клас ісці, а ў чацвёрты не хацелася.
Зубы
31.08.2015. У пісьменніка А. М. ужо гадоў дваццаць таму сапсаваліся зубы. Дакладней, у яго іх амаль не было. Некалькі месяцаў таму А. М. адважыўся напоўніць свой рот новымі зубамі. На мінулым тыдні тры гадзіны доктар поркаўся ў роце пісьменніка: пілаваў, клеіў, стукаў. Папярэдне паставілі першыя часовыя пластмасавыя зубы. Знізу тры і зверху шэсць. Дзякуючы доктару за працу, А. М. пацікавіўся: «А як мы іх потым дастанем?» — «Не хвалюйцеся! Я малаточкам пастукаю і яны адваляцца!» — адказаў доктар. Задаволены пісьменнік спакойна пакінуў кабінет. Прыйшоў дамоў. Адчыніў акно. У кватэру заляцеў вецер. Пісьменнік чыхнуў і. з рота вылецелі ўсе пластмасавыя зубы.
***
31.08.2015. Мексіканская прымаўка: «Яны спрабавалі пахаваць нас, але яны не ведалі, што мы насенне.»
***
31.08.2015. Спілаваная бяроза, падаючы, чаплялася галінамі за неба, і сыпаліся на зямлю зоркі і залатая лістота. Толькі зорак ніхто не бачыў.
***
31.08.2015. Сёння мінула 74 гады, калі з жыцця праз самагубства пайшла Марына Цвятаева.
Уж сколько их упало в эту бездну,
Разверзтую вдали!
Настанет день, когда и я исчезну
С поверхности земли.
Застынет все, что пело и боролось,
Сияло и рвалось.
И зелень глаз моих, и нежный голос,
И золото волос.
И будет жизнь с ее насущным хлебом,
С забывчивостью дня.
И будет все — как будто бы под небом
И не было меня!..
***
31.08.2015. Мая хата стаіць на беразе дня, як на беразе мора. І сонца павольна апускаецца за небакрай, нібыта баіцца напалохаць мяне сваім знікненнем.