***

21.12.2015. З фотамайстрам Яўгенам Коктышам мы знаёмыя гадоў дваццаць пяць. Увесь гэты час ён мяне фатаграфуе пры сустрэчы. Напачатку года паказваў вялікі альбом, дзе ў яго сабраны фотаздымкі многіх вядомых людзей Беларусі, зробленыя ў розныя гады. Большасць фотаработ нідзе не друкаваліся. Убачыўшы свае здымкі, я папрасіў падарыць пару. Спадар Яўген абяцаў прынесці. Сёння прынёс пяць, зробленых не так даўно. Гартаючы старонкі новай кнігі пра Уладзіміра Мулявіна, дзе змешчаны і здымкі Яўгена Коктыша (каля дваццаці), што нам прадставіла аўтарка кнігі Людміла Крушынская, спадар Яўген сказаў: «Трэба было звярнуцца да мяне! У мяне яшчэ ёсць каля пяцідзесяці здымкаў з Мулявіным, якія нідзе не друкаваліся.» У адказ я толькі і прамовіў: «Значыць, ужо ёсць новыя матэрыялы для новай кнігі пра Песняра...»

***

22.12.2015. Быў у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь на адкрыцці выставы палітычных карыкатур Алега Карповіча. Зроблена ўсё па-майстэрску, прафесійна. Алега я ведаю яшчэ са студэнцкіх гадоў. Пазнаёміліся мы з ім у рэдакцыі часопіса «Маладосць» і потым пасябравалі. У мяне захоўваецца сёе-тое з дыпломнай работы Алега, на абароне якой я прысутнічаў. Калі я жаніўся, Алег у мяне быў адным са сватоў. Незаўважна з дня нашага знаёмства праляцела больш як трыццаць гадоў. Гледзячы на карыкатуры, я ўспамінаў юначыя работы сябра. Яны былі іншыя, але ўжо тады ў іх быў і гумар, і сатыра. У мяне ёсць падарунак ад Алега, які ён мне прэзентаваў гадоў пятнаццаць таму — гіпсавы, пакрыты бронзай, невялікага памеру мой бюст. Напачатку Алег мяне ляпіў з пластыліну. Г алаву ляпіў на двухсотграмовай гранёнай шклянцы, з якой мы толькі што пілі віно. Ён ляпіў, а я смяяўся. Словам, ёсць што ўспомніць.

***

24.12.2015. Тры гады таму ў гэты дзень было вельмі марозна (больш за дваццаць градусаў) і завірушна. У гадзіну дня з Людмілай прыехалі ў скверык да помніка Адаму Міцкевічу. Сабралася людзей. Прыехалі амапаўцы. Чакаем, пакуль з Чырвонага касцёла пасля імшы прыйдуць вернікі, каб адзначыць дзень народзінаў Адама Міцкевіча. Амапаўцы прапануюць дзяўчатам пайсці разам з імі ў зялёны аўтобус пагрэцца. Дзяўчаты смяюцца і адмаўляюцца. Мы з Людмілай стаім у пустым намёце, дзе на стале гара пластыкавых кубачкаў, якія паціху напаўняюцца снегам, як цукрам. Праз паўгадзіны з Чырвонага касцёла пасля імшы прыйшлі вернікі на чале з ксяндзом Уладыславам. Мы канчаткова змерзлі, таму, выступіўшы, пабеглі ў гандлёвы дом «На Нямізе» грэцца. Дамоў вярнуліся, як з партызанскага атрада. А сёння дванаццаць градусаў цяпла і ў скверыку каля помніка Паэту зноў гараць знічкі, ад якіх светла ў перадкалядны вечар...

***

25.12.2015. З Людмілай ездзілі ў цэнтр горада. Напачатку наведалі кнігарню «Ў», дзе забралі пакінутую для нас Францам Сіўко кнігу «Плебейскія гульні». Пагарталі некаторыя новыя выданні, паглядзелі на чытачоў. Дзяўчына гадоў дваццаці хацела набыць Людміліну кнігу. Аднак, відаць, палічыўшы ў думках бацькоўскія грошы і зразумеўшы, што іх не хопіць на ўсё, па што яна прыйшла, не звярнулася да аўтаркі па аўтограф, хоць і кнігу не выпускала з рук да часу, пакуль мы былі сярод пакупнікоў.

У Нацыянальны мастацкі музей зайшлі паглядзець гравюры Гоя і Пікаса. На першым паверсе — пачатак выставы Рамана Заслонава. Карціны знаёмыя, раннія. На другім паверсе працяг выставы. Напісаны ў Францыі. Паглядзелі ўсё. Найбольш спадабаліся карціны, што былі напісаны больш як дваццаць гадоў таму — «На радзіме Я. Наркевіча-Ёдкі. Дыптых. Лета-зіма» і «Маладыя мастачкі». Пазнаў маладую мастачку Аксану Аракчэеву. Карціны ў канцы 80-х і пачатку 90-х друкаваліся ў часопісе «Беларусь», дзе я працаваў у аддзеле культуры. Заглянулі ў альбом водгукаў. У асноўным запісы кароткія — «Дзякую! Спадабалася! У захапленні!» Ёсць і непрыемныя для мастака. «Талант у художника есть. А вот тематика картин не совсем понятна. Ещё Пушкин говорил: «Пиши, не мудрствуя лукаво». А художник так намудрил, что и понять трудно, что к чему. Наши белорусские женщины в жизни покрасивее будут и лучше сложены, чем на картинах художника. 24.12.2015», «Кризис нравственности или бл.й парад. Жалко смотреть, как художник, владею­щий бесспорным мастерством, растрачивает его на столь пошлое содержание. А Музей экспонирует. Женщина Юлия». «Новый Исачёв! Где вкус у устрои­телей?» Гэтыя запісы нагадваюць каментары, напісаныя пад псеўданімамі да некаторых мастацкіх твораў у «Нашай ніве».

У зале, дзе прадстаўлены гравюры Франсіска Гоі (1746—1828) і Пабла Пікаса (1881—1937), шмат людзей. Многія падоўгу стаяць каля асобных работ, разглядаюць, выказваюць адзін аднаму свае ўражанні. Назвы гравюр у Гоі, як вершы ў адзін радок — «Яна моліцца за яе», «Ніхто нікога не ведае», «Збан разбіўся», «Сон розуму нараджае пачвар», «Вазы на могілках», «Уцякаюць праз агонь», «Ужо няма часу». Як вершы, і гравюры ў Пікаса — «Фаўн, які раскрывае спячую», «Сляпы Мінатаўр, якога вядзе маленькая дзяўчынка ўночы», «Мінатаўр, які атакуе амазонкаў».

Не абмінулі выставы карцін Мікалая Залознага і Мацвея Басава, а таксама кераміку Валерыя Калтыгіна. Тут найбольш мяне ўразіў цыкл «У кожнага свой крыж». Я палічыў крыжы. Усіх 26. З савецкай памяці ўсплылі Дваццаць шэсць бакінскіх камісараў.

Пасля Нацыянальнага мастацкага музея зайшлі ў «Штолле», дзе напаткалі дачку Івана Чыгрынава Таццяну. Будучы ў Парыжы мінулым летам, мы з ёй сустрэліся на Елісейскім полі ў кавярні. Тады і сёння мы падсілкоўваліся за столікам, дзе да нас сядзела дачка Чыгрынава. Паеўшы пірагоў, папіўшы гарбаты з руж, Людміла пацікавілася: «Ну як?» — «Як у Парыжы!» — адказаў я.

Наведалі «Цэнтральную» кнігарню. У беларускім аддзеле жанчына з дач­кой пазнала Людмілу і пашкадавала, што ўжо набылі і прачыталі ўсе «Авантуры Пранціша Вырвіча».

Зайшлі ў Свята-Пятрапаўлаўскі сабор. Заказалі малітву аб памерлых, паставілі свечкі. Сёння тры гады, як памёр мой бацька.

***

26.12.2015. Жорны, як і крыж, святыя.

***

27.12.2015. Заходзіў у майстэрню Алеся Квяткоўскага. Ён некалькі дзён таму закончыў «Партрэт Святланы Алексіевіч». Карціна новая, але яна амаль цалкам паўтарае тую, напісаную яшчэ ў 1987 годзе, калі Святлана Аляксандраўна прыходзіла да мастака і пазіравала яму. На жаль, той партрэт захоўваецца ў некага са знаёмых Алеся, а рэпрадукцыя надрукавана ў «Энцыклапедычным даведніку Беларускага саюза мастакоў. 1938 — 1998». Гледзячы на Глобуса і на мяне, Алесь таксама падвёў вынікі працы за 2015 год. Ім напісана 17 карцін і зроблена шмат эскізаў для будучых палотнаў.

Сярод алоўкаў і пэндзлікаў я сфатаграфаваў яблык. Калі да Алеся прыходзяць вучні-мастакі, яблык для іх працуе натуршчыкам. Ён састарэў, скукожыўся, але не згніў.

***

27.12.2015. У другой палове дня яшчэ завідна з Людмілай ездзілі ў «Цэх», што на Кастрычніцкай, 16. Месца мне знаёмае. Побач лікёра-гарэлачны завод «Крышталь», дзе я ў маладосці грузчыкам праходзіў адзін з курсаў жыццёвага ўніверсітэта. Вуліца крыху змянілася. Папрыгажэла. Трамваі не ходзяць. Цішыня. Навокал пахне дражджамі, як і трыццаць пяць гадоў таму. Зайшлі ў «Цэх». Поўна моладзі. Напачатку я адчуў сябе шкодным бацькам, які шукае дачку і сына, каб паглядзець, чым яны тут займаюцца. Аднак убачыўшы, што ніхто ў памяшканні не курыць і не п’янствуе, зняў шапку і прытварыўся маладзёнам, які рана пасівеў ад багемнага жыцця. Людміла ў гэты час разглядала ўпрыгожванні і адзенне, якое прадавалася ў «Цэху». Можна было б папіць гарбаты, але не захацелася перашкаджаць моладзі быць вельмі дарослымі і самастойнымі. Праз дарогу, побач з «Цэхам» — кавярня «Дэпо». Праз вокны бачна, што і там поўна маладых наведвальнікаў. На адным з акон намаляваны Уладзімір Караткевіч з кацянятамі. Мы сфатаграфаваліся на памяць. Потым некалькі хвілін пастаялі каля прахадной лікёра-гарэлачнага завода «Крышталь». На яго тэрыторыі, калі я працаваў, быў помнік Леніну. Ці ёсць цяпер? Не ведаю. Узгадалася маё апавяданне, напісанае напачатку 90-х, пра гэтага Леніна. Твор заканчваецца тым, што Ленін стаяў-стаяў сярод пляшак з моцнымі напоямі і аднойчы сышоў з п’едэстала і ноччу, палохаючы мінакоў, пайшоў да Свіслачы, дзе ўтапіўся каля студэнцкага інтэрната.

***

27.12.2015. Першая гадзіна ночы. Глядзім фінал расійскага тэлешоу «Голас». Перамагае іераманах Фоцій. Наша сабачка Міёна ў другім пакоі ціскае гумовую цацку, якая гучна пішчыць. Чуючы піск, кажу: «Як у «Сабачым сэрцы» Булгакава!» Людміла дадае: «Добра, што на балалайцы не іграе!»

***

28.12.2015. Ноччу наш горад захапіла Белая арда — выпаў снег.

***

28.12.2015. Працягваю паціху чытаць Ван Гога «Письма» (Искусство, Ленинград—Москва, 1966 г.), якія даў мне Алесь Квяткоўскі. Спыніўся на лісце Вінсента брату Тэа, дзе ёсць радкі: «Знаешь, нам в искусстве очень и очень необходимы честные люди. Сейчас имеет место то, что Золя именуют «триумфом посредственности». Место труженников, мыслителей, художни­ков занимают снобы и бездари, причём этого никто не замечает.» Напісана, як сёння. Праўда, цяпер снобаў і бездараў заўважаюць, падтрымоўваюць і ўзнагароджваюць. Іх цяпер большасць, і гэтая большасць агрэсіўная.

***

29.12.2015. Упершыню ўзяў працоўны адпачынак зімой. Праўда, усяго чатыры пераднавагоднія дні, але яны разам з днямі святочнымі ператварыліся ў дзесяць. Нядаўна меў сякія-такія планы нешта зрабіць, што раней не мог, а ў выніку — сяджу з сабачкай Міёнай. Людміла на працы, дзеці ў вандроўцы. Гляджу праз акно ў двор. Там заснежаныя машыны, галубы, галкі, каты і дворнік, які мяце снег, пад якім лёд, як неба.

***

29.12.2015. Сяджу дома з аўчаркай Міёнай. Звініць тэлефон. Патурбавалі з нейкай сэрвіснай фірмы па вокнах: «У нас акцыя праверак па вокнах. У вас усё ў парадку з вокнамі?» Хвіліны тры адказваю на пытанні. «Майстар да вас прыйдзе праз гадзіну. Вы будзеце дома?» — цікавяцца з фірмы. «Буду! Толькі мне нічога не трэба. Я адзін дома і ў мяне не прыбрана!» — кажу я. «А вы прыбярыце і майстар да вас прыйдзе і паглядзіць вокны!» — настойвае дзяўчына. «А ён умее рамантаваць вокны?» — пытаюся. «Гледзячы што.» — «Ручку памяняць зможа?» — «Думаю, што зможа. Толькі гэта будзе платна!» — «Заплачу!» — «А вы поўнагадовы?» — «Мне хутка сто гадоў!» — «А як вас завуць?» — «Віктар!» — «Чакайце майстра. Ён ужо ідзе!» Цяпер сяджу і чакаю. Я не адзін. Я з аўчаркай Міёнай.

Не прайшло і пятнаццаці хвілін пасля тэлефанавання з сэрвіснай фірмы па абслугоўванні акон, як у дзверы пазванілі — прыйшоў майстра. Малады хлопец. Назваўся Раманам. Пачуўшы, што я гавару па-беларуску, хло­пец загаварыў па-беларуску. Падчас праверкі акон, я даведаўся, што Раман удзельнічае ў праекце «Мова нанова» і добра ведае Глеба Лабадзенку, Андрэя Хадановіча, Алену Церашкову і іншых маладых літаратараў. «А хто вы па прафесіі?» — пацікавіўся мой суразмоўца. «Адгадай з трох разоў?» — прапанаваў я. «Мастак!» — «Чаму так думаеце?» — «У вас шмат карцін на сценах!» — «Не!» — «Выкладчык беларускай мовы!» — «Не!» — «Гісторык!» — «Не!» — «Ну тады не ведаю». — «Пісьменнік. Віктар Шніп». — «Ведаю такога. Чытаў нешта». На маё пытанне: «Дзе мову вывучыў?», хлопец адказаў: «Сам! Я ж беларус!». З дамовы на рамонт акна я даведаўся прозвішча Рамана — Кушнер.

***

31.12.2015. На Мухлі гуляю з Міёнай. На заснежаных соснах вароны, як вялікія чорныя шышкі.

***

31.12.2015. У адпачынку. Выгульваю шчанючку Міёну, бо дзеці ў вандроўцы. Натузаўся з ёй, што аж сэрца стала пабольваць. Восьмы дзень не галюся. Выгляд маю бандыцкі. З самага ранку наведаў краму, куды не хадзіў чатыры дні. Там у мяне з носа кроў пайшла. Выпацкаўся. Крамніцы мяне ведаюць. Звычайна вітаюцца, а сёння толькі паглядзелі, як на мужыка, які пачаў выходзіць з запою. Ішоў дамоў і, думаючы пра крамніц, сам сабе ўсміхаўся, плюючыся крывёй на ранішні снег.

Студзень-2016

***

1.01.2016. З Людмілай са старым годам развіталіся ў бабулі, а Новы год сустрэлі на Цэнтральным пляцы каля святочнай ялінкі. Людзей было чала­век 150 — 200, а калі б лічылі міліцыянеры, то каля 100. Саміх жа міліцыянераў было чалавек дзесяць. Піць шампанскае і паліць бенгальскія агні яны не перашкаджалі. Калі было хвілін пятнаццаць Новага года, Дзед Мароз, які невядома адкуль з’явіўся, прапанаваў павадзіць карагод вакол ялінкі. Многія з радаснымі крыкамі кінуліся ўслед за ім. Я не пабег, бо за дзень з нашай шчанючкай Міёнай на Мухлі накарагодзіўся вакол сасонак. Яшчэ праз хвілін дзесяць народ паціху пачаў разыходзіцца з пляца. Пайшлі і мы. Каля Ратушы пафатаграфаваліся на вазку з коньмі. Спадзяёмся на новыя вандроўкі і ў новым годзе. Ідучы каля кавярні, я сказаў: «Бедныя людзі на свята спыняюцца каля кавярань і заглядаюць у вокны, каб пабачыць, як багатыя ядуць ананасы і рабчыкаў жуюць.» Людміла сумна ўсміхнулася: «Ты гэта ў сваім дзённіку запішы». Дахаты вярталіся ў тралейбусе. П’яных не бачылі. Відаць, яшчэ было рана. Дома яшчэ раз сустрэлі Новы год. Тэлевізар не глядзелі, музыкі не слухалі. Успаміналі светлае і сумнае, што перажылі ў 2015 годзе. За некалькі гадзін да Новага года абтэлефанаваў усіх сваіх сваякоў, павіншаваў. Стрыечная сястра Аня прапанавала нарэшце ў 2016 годзе сабрацца нам, стрыечным сёстрам і братам, у Ракаве ў Ігара з Раісай (яны даўно чакаюць) і пасядзець разам за святочным сталом, а то мы апошнім часам толькі на пахаваннях і сустракаемся. Аднак жыццё працягваецца. І ўсё будзе добра. З Новым годам!

***

1.01.2016. Кожны год 1 студзеня пасля абеду ездзім у госці да сяброў. Гэтай традыцыі ўжо больш як дзесяць гадоў. Ідучы на аўтобусны прыпынак, прайшлі міма тэлевізара «Гарызонт», які нехта ў навагоднюю ноч скінуў з балкона. Ён ляжаў на снезе, як забіты чорны дыназаўр. Людміла сказала: «Італьянская традыцыя — выкідаць на Новы год старыя рэчы на вуліцу!» Магчыма, але, можа, нехта не тое, што хацеў, пачуў ці ўбачыў па тэлевізары. У сяброў былі госці.

Сябра мне зрабіў нечаканы падарунак — з Беластока прывёз кнігу з дыскамі гурта К..Р. ВгаЬа, дзе ёсць песня на мае словы «Сляпы». У сеціве знайшоў інфармацыю: «На «Басовішчы» была прэзэнтаваная кніга пра гурт К..Р. ВгаЬа. Гэты калектыў з’явіўся напачатку 90-х у Падляшшы і сьпяваў на беларускай мове. Але вернемся да К..Р. ВгаЪа. Гурт паўстаў у 1993 годзе і адразу трапіў на «Басовішча». Музыкаў пад крыло ўзяў вядомы мастак Лёнік Тарасэвіч, які ў памежным Г арадку стаў рухавіком культурных зьменаў. Усё рабілася грунтоўна і канцэптуальна. Нават у назьве гурта — «Рок-фармацыя Брага» — была закладзеная адмыслова інсьпірацыя: «брага павінна фэрмэнтаваць, бушаваць і ўражваць новай якасьцю».

Гісторыя гурту R.F. Braha— гэта ня толькі гісторыя кампаніі хлапчукоў зь Беласточчыны, якім хацелася граць і сьпяваць. Гэта, у першую чаргу, аповед пра спробу нацыянальнага акрэсьленьня маладога пакаленьня беларусаў у Польшчы, а заадно запіс унікальнага пэрыяду — паскоранага пераходу гэтага пакаленьня ад посткамуністычнага мэнталітэту беларускай правінцыі да эўрапейскай сучаснасьці.

«Брага» гучна выбухнула: гурт граў канцэрты ў Польшчы і Беларусі, выпускаў фірмовы мэрч, меў сваіх фанатаў, запісаў два альбомы — «Њlapy» (1995) і «Szyzafrenija» (1997).

На пэўны час гурт перастаў быць проста голасам свайго асяродзьдзя, а стаў істотная часткай праекту пабудовы сучаснай беларускай ідэнтычнасьці. Але краіна хутка мянялася, зьявіліся новыя гарызонты і магчымасьці, што прывяло да распаду раней закрытай супольнасьці. Разам зь ёй зьнік і гурт R.F. Braha, апошні выступ якога адбыўся ў 2000-ым у Менску.

Гэтыя зьявы апісаныя ў кароткім нарысе ў кнізе па-беларуску і па-польску. Дапаўняюць яго тэксты ўсіх выдадзеных песень R.F. Braha, а таксама рэдкія здымкі і два дыскі зь перавыдадзенымі альбомамі. Кніга зроблена вельмі якасна і аздоблена ў фірмовых колерах «брагі» — чорным і памаранчовым.

Нягледзячы на нядоўгае існаваньне, лёс амаль невядомага беларусам гурта R.F. Braha стаў адной з найважнейшых старонак у гісторыі беларускай музыкі. Іх прыкладам яшчэ не адзін год карыстаюцца беларусы Беласточчыны, якія стваралі і ствараюць новыя гурты, такія як Kardon, The Dzviery, Rima, Zero-85, 5set5, Beton, Ilo&friends. Спадзяюся, культурныя стасункі паміж Падляшшам і, калі так можна сказаць, вялікай зямлёй будуць разьвівацца і надалей».

Верш «Сляпы», які стаў песняй і агульнай назвай аднаго з дыскаў гурта R.F. Braha, мной напісаны ў пачатку 90-х і быў тады ж надрукаваны ў часопісе «Крыніца». Пра гурт і песню я даведаўся толькі сёння.

Сляпы

Хадзіў па горадзе Сляпы.

Куды ішоў — ён добра ведаў.

Што не патрэбна — ён забыў,

Хваліў расстрэленых паэтаў.

І кожны дзень адно крычаў:

«Ды вы ж не бачыце нічога!»

Пагрозы чуў: «Ты б замаўчаў

І пільнаваўся б лепш дарогі».

Царкву бульдозер разбураў.

Быў лозунг: «Збавімся старога!»

Хадзіў Сляпы і ўсё крычаў:

«Ды вы ж не бачыце нічога!..»

Прастыў і ў ноч памёр Сляпы.

Яго суседзі пахавалі.

На рэштках збуранай царквы

Шкляны будынак збудавалі.

***

2.01.2016. Вераніка і Максім вярнуліся з навагодняй шасцідзённай вандроўкі. Былі ў Дрэздэне, дзе наведалі Карцінную галерэю Старых майстроў і бачылі Сіксцінскую Мадонну Рафаэля. Новы год сустрэлі ў Празе на плошчы сярод людзей. У Чэхіі было амаль цёпла. Прыехалі дамоў, а тут мароз 17 градусаў. Сорак хвілін я з Міёнай чакаў Вераніку і Максіма на вуліцы. Змерзлі. Пабеглі дамоў. Толькі пачалі сагравацца, як прыехалі дзеці. У Міёны было радасці поўныя зубы. Цяпер у хаце зноў пацішэла. Нягледзячы на мароз, мне хочацца ўзяць Міёну і зноў пайсці на вуліцу, дзе снег і сонца (белае і залатое), а неба над горадам чыстае і толькі рэдкая хмарка даплывае да яго цэнтра, які заўсёды над кожным з нас, дзе б мы не былі.

***

3.01.2016. Раніца. Мароз. Сустрэўся з Алесем Квяткоўскім. Пытаюся: «Колькі градусаў?» — «Сорак!» — адказаў мастак. «Не можа быць! У нас сорак градусаў бывае толькі ў пляшках!» — адказаў я, і мы засмяяліся, і нам пацяплела.

***

4.01.2016. У рамках акцыі «Сямейнае чытанне» ў «Цэнтральнай» кнігарні адбыўся кніжны марафон, які пачаўся ў 11 гадзін. Людзей было няшмат. Мароз. Многія, па-мойму заходзілі, каб толькі пагрэцца. За столікам з шыльдачкай «Аўтограф на памяць» я гаварыў з наведвальнікамі і чытаў вершы з 16 да 17 гадзін. Пасля мяне была Людміла Рублеўская да 18. За свае гадзіны мы прадалі па чатыры кнігі. Больш нічога ў аддзеле беларускай літаратуры пры нас ніхто не купіў, хоць на паліцах стаяць творы Святланы Алексіевіч, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Някляева. Людзі ў большасці корпаліся ў святочных паштоўках. Словам, прысутнасць пісьменніка ў кнігарні, які расказвае ў мікрафон пра свае творы і чытае вершы, абуджае ў пакупнікоў цікавасць да сучаснай беларускай літаратуры. Праўда, людзі, якія займелі нашы кніжкі, ужо чыталі нашы творы. Маці са школьніцай, якая купіла «Авантуры Пранціша», гадавала дачку, чытаючы ёй Людміліны «Прыгоды мышкі Пік-Пік».

***

5.01.2016. Хадзіў на журфак БДУ, дзе на сёмым паверсе знаходзіцца студыя СТБ. Запрасілі мяне, як галоўнага рэдактара выдавецтва, якое выпусціла кнігу пра Уладзіміра Мулявіна, паўдзельнічаць у перадачы, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння Песняра. Чакалі на запіс і Леаніда Барткевіча, але ён чамусьці не прыйшоў. Пытанняў было няшмат. Акрамя расповяду пра кнігу, я ўзгадаў, як у 1976 годзе (я тады вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме і жыў у інтэрнаце на вуліцы Змітрака Бядулі) да мяне прыходзілі патлатыя хлопцы. Убачыўшы нечаканых гасцей, я адразу падумаў, што гэта прыйшлі браць дань. У інтэрнаце быў такі звычай, калі старшакурснікі і ўжо некаторыя выпускнікі збіралі ў першага і другога курса грошы на выпіўку. Грошай у мяне амаль не было і я падрыхтаваўся да пабояў. Сярод гасцей быў Прынц. Ён даўно закончыў тэхнікум, але не пакідаў у спакоі наш інтэрнат са сваёй кампаніяй. Сеўшы на мой ложак, Прынц звярнуўся да мяне: «Нам паведамілі, што ты, пацан, вершы пішаш!» — «А што нельга?» — спалохана запытаўся я. «Можна! Але гледзячы якія! Добрыя можна! Кепскія нельга!» — адказаў Прынц. Пачуўшы гэта, я крыху пасмялеў: «А што вы хочаце?» — «Трэба тэрмінова Лёню дапамагчы пару радкоў у песні дапісаць!» — сказаў Прынц і даў мне паперыну з вершам. Недзе каля гадзіны я рыфмаваў і зрабіў тое, што ад мяне хацелі. Лёня ўсе мае варыянты спяваў і злаваўся з таго, што я не ведаю нотнай граматы. Пазней я даведаўся, што мой госць Лёня — выпускнік архітэктурна-будаўнічага тэхнікума Леанід Барткевіч, які падчас навучання быў салістам тэхнікумаўскага аркестра, а ў далейшым стаў вакалістам створанага ім вакальна-інструментальнага ансамбля «Залатыя яблыкі». На той час, калі я рыфмаваў для «Песняроў», Леанід Барткевіч ужо спяваў у «Песнярах» Уладзіміра Мулявіна. Развітваючыся, мае госці сказалі, каб я і далей пісаў вершы, а калі што атрымаецца песеннае, прапаноўваў для «Песняроў», і, каб, калі хто будзе крыўдзіць, казаў, што я сябрую з Прынцам і ён залічыў мяне ў сваю кампанію.

***

6.01.2016. Сніліся Дубраўскія могілкі, дзе пахаваны мае дзед і бабуля, прадзед і прабабуля, а таксама іншыя сваякі і аднавяскоўцы. Лета. Вечарэе. Я з сябрам іду па могілках. Глядзім, дзе хто пахаваны. Раптам сябра кліча мяне і паказвае, што на месцы нейчай магілы чарнее прорва. Побач труна. Мы хуценька бяром труну і закрываем ёю прорву. Ад жаху я прачынаюся. Навокал цёмна. На вуліцы бялее снег, як мерзлае малако.

***

6.01.2016. Мы любім фільмы, у якіх людзі перажываюць розныя выпрабаванні, а самі ў жыцці з падобным баімся сутыкацца...

***

7.01.2016. Марозная раніца. З Міёнай гуляю па Мухлі. Навокал кусты і дрэвы, як з чорнага лёду. На сасонках сядзяць вароны, як прымерзлыя. Які ўжо раз, праходзячы каля плота з варотцамі, гляджу на завесы і ў сабе чую галасы сяброў з дзяцінства: «Хочаш Маскву ўбачыць? Прыкладзі язык да замка!» Колькі тады мяне не прасілі, я ні прыклаў, а цяпер хочацца паспрабаваць. Праўда, Маскву я і так бачыў. Нейкую хвіліну гляджу на варотцы і, усміхнуўшыся, іду далей па заснежанай Мухлі, як па краіне дзяцінства...

***

8.01.2016. Да нас з Людмілай дадому прыходзілі літпрадмесцеўцы, каб па нашай ужо старой традыцыі разам святкаваць Каляды. Былі Таццяна Будовіч, Таццяна Барысюк, Таццяна Пратасевіч, Наталля Кучмель, Усевалад Гарачка, Рагнед Малахоўскі, Георгій Барташ, Мікола Кандратаў, Аксана Спрынчан з Альжбетай, Маргарыта Прыка, Павел Дарохін, Вадзім Крук, Юрась Нераток, Дар’я Лёсава, Вераніка Ляўчук, Кірыл Бандэрс, Віктар Лупасін, Алесь Емяльянаў. Спявалі песні, чыталі вершы, жартавалі, успаміналі пасяджэнні «Літпрадмесця», вечарыны, прэзентацыі кніг, вандроўкі. Я фатаграфаваў. Сёетое атрымалася прыгожа, але здымкаў не выстаўляю, бо абяцаў не хваліцца, як нам было хораша. Наша сабачка Міёна адзін раз прарвалася да застолля. Пахадзіла пад сталамі і, нікога там не знайшоўшы, вярнулася да сябе ў пакой. У гэтым годзе «Літпрадмесцю» будзе 14 гадоў...

***

9.01.2016. Заснежаны далягляд. Са снегу, як з марской пены, узышло сонца.

***

9.01.2016. На хвілю праглянула сонца. Пад маім акном заснежаны куст бэзу, нібыта ў квецені.

***

9.01.2016. Патэлефанаваў зямляк і мой даўні сябра Лёня Шчарбінскі. Ужо ідзе трэці год, як непадалёку ад Валожына ён займеў хату. Лёня распавядаў пра новую гаспадарку, а я слухаў і ўяўляў, як яму там хораша. Сябра з цягам часу збіраецца са сваёй Людмілай жыць у вёсцы круглы год, а цяпер, яшчэ працуючы, бывае частымі наездамі, бо мае машыну. Новы год Лёня сустракаў у вясковай хаце, напаліўшы ў печы. Г аварылі мы амаль гадзіну, аж мне захацелася ўсё кінуць і паехаць у Пугачы ў бацькоўскую хату і жыць там, як Андрусь Горват, і весці дзённік, і кантактавацца з аднавяскоўцамі, і быць самым шчаслівым на свеце...

***

9.01.2016. Учора ў час каляднага гасцявання Таццяна Будовіч папрасіла знайсці для яе «Крыніцу» за 1995 год, дзе змешчаны матэрыялы пра Юрыя

Гуменюка. Яна піша пра трагічныя лёсы паэтаў. У нас ёсць усе нумары гэтага выдання, калі не лічыць некалькіх самых апошніх, на якіх хоць і было напісана, што гэта «Крыніца», але яны ўжо тым часопісам, які і сёння актуальны, не былі. Амаль гадзіну перабіраў наша з Людмілай часопіснае багацце. Не знайшоў. Але ж «Крыніца» гэтая з Гуменюком павінна ў нас быць. Нават падумалася, што Юрый не хоча, каб пра яго пісалі як пра трагічнага паэта. Шукаючы патрэбную «Крыніцу», натрапіў аж на тры асобнікі часопіса «Беларусь» №6 за 1997 год. Чаму так шмат? Стаў гартаць. Акрамя таго, што тут змешчаны матэрыял Людмілы пра школу-ліцэй мастацтваў, дзе вучыліся нашы дзеці, ёсць вершы Рыгора Барадуліна, да якіх я пісаў прадмову. На той час, працуючы ў «ЛіМе», я дапамагаў на паўстаўкі Янку Сіпакову ў «Беларусі» ў аддзеле культуры. Узгадалася, як браў вершы для друку ў Рыгора Іванавіча, а потым, напісаўшы да іх прадмову, зачытаў паэту па тэлефоне. Рыгор Барадулін адобрыў. Здаецца, някепска было: «Трава, прабіваючыся праз асфальт, імкнецца да святла. А святло ў паэзіі — сімвал жыцця, свабоды. Але што такое свабода? У кожнага на гэтае пытанне ёсць свой адказ. Аднак свабоды без адказнасці перад Айчынай, перад маці, перад памяццю продкаў — не бывае. Менавіта разуменне адказнасці за свае ўчынкі з чалавека робіць Чалавека.

.У французскага паэта Беранжэ ёсць такая прыпавесць. У пекла, у суседнія катлы, трапляюць душы двух сучаснікаў — паэта і тырана. Агонь пад паэтавым катлом невялікі, з чаго небарака цешыцца, а пад былым уладаром — шугае полымя. Паэт чакае, што вось-вось адмучаецца за свае невялікія грахі. Але з гадамі агонь пад ім павялічваецца і ператвараецца ў вялізарнае вогнішча. А агонь пад суседам-уладаром амаль затухае. Абураны несправядлівасцю паэт патрабуе тлумачэнняў. І вось ён чуе: уладар пры жыцці нарабіў шмат ліхога і адразу пасля смерці людзі клялі яго, але праз гады і на яго самога і на ліха, ім зробленае, забыліся. А тыя зярняткі ліха, што пакінуў паэт у сваіх творах, з гадамі далі ўсё болей і болей усходаў. Усё болей чытачоў падпадала пад уплыў таго ліха, і канца яму не відно.

Вялікая адказнасць пісьменніка перад сваім народам. Тым больш у таго, каго ўжо назвалі «народным». Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, думаецца, годна нясе крыж правідэнцыйнай паэтавай службы. Як ніхто, ён ведае цану слова — умее ўкласці ў адну лексічную адзінку столькі інфармацыі, колькі часам не змесціць і паэма; адорвае другім жыццём забытыя беларускія слоўцы і нараджае новыя словы.

Свабода і адказнасць для паэта — два непарыўна звязаныя паняцці, аднолькава важныя для ўзлёту, як два крылы».

***

9.01.2016. Дзякуючы нашай аўчарцы Міёне ведаю ў сваім двары амаль усіх Гражданоў. Радуе, што ёсць і адэкватныя людзі, для якіх Сабака, гэта Сабака, а не вораг. Сусед Дзіма цяпер вітаецца здалёку. Сёння цікавіўся: «Кусаецца?» — «Не!» — адказаў я, і пачуў: «Ну тады пазыч тысяч пяцьдзясят, а то я каго-небудзь пакусаю!»

***

10.01.2016. Пісьменнік Віктар Марціновіч у гутарцы з карэспандэнтам «НН» сказаў: «Пад шэрым небам Мінска я нікому непатрэбны». Тут жа пад матэрыялам з’явіліся каментары. Зразумела, ананімныя. Адны пішуць, што Віктар Марціновіч нам патрэбны, іншыя, што няхай ён едзе ў сваю Эўропу і там балдзее ад таго, што ён такі вялікі пісьменнік. Нехта Ігар І. Іваноў згадаў і мяне: «І як Вы, Віктар, можаце пра гэта ведаць, калі я не прачытаў яшчэ аніводнай Вашай кнігі?

Я і Шніпа яшчэ не прачытаў. Але ўжо ведаю — патрэбен. Патрэбен мне Віктар Шніп. Патрэбны яго «Пугачоўскі цырульнік». Патрэбны Граждан і Сабака. Патрэбна яго колішняя размова ў ваенкамаце. Шпацыр з мамаю. Шмат чаго.

Чалавек не горшы за сабаку. Мае права паскуголіць. На людзях навошта?

Сабе схлусіць можна. Людзей абражаць навошта? Здраджваць навошта? Хто асудзіць чалавека, які з’ехаў з Беларусі, толькі за факт — перасёк мяжу, жыў у другой краіне? А вось таго, хто пакрыўдзіў свой этнас, сваіх чытачоў, сваіх грамадзян, асудзяць?»

***

12.01.2016. Цэлы дзень з неба сыплецца і сыплецца снег. Жывём, як у снежным гадзінніку.

***

13.01.2016. У нябесным белым моры птушка, як чорны ветразь...

***

13.01.2016. Вясковы зімовы вечар. На вуліцы другія суткі мяцеліца. У роднай хаце цёпла. Я вярнуўся ўвесь аблеплены снегам з Гаіка, дзе катаўся на лыжах. Бацькі адпачываюць. Мама ляжыць на печы, бацька на ложку каля печкі, у якой поўна гарачага вуголля, як золата. Брат і сястра глядзяць «Калыханку». Пачуўшы, што я вярнуўся дамоў, мама кажа: «Ідзі павячэрай!» На кухні на стале ў каструлі вараная, яшчэ цёплая, бульба, на патэльні смажаная вясковая каўбаса, у місцы квашаная капуста, а ў другой грыбы. Вячэраю...

Гарадскі зімовы вечар. На вуліцы другія суткі сыплецца снег. У кватэры не холадна. Вярнуўшыся з працы, вячэраў. Мінула некалькі гадзін. Дакладна не памятаю, што еў.

***

14.01.2016. Удзельнічаў у калядным кірмашы мусаў, якую традыцыйна ў час святкавання старога Новага года праводзіць у Музеі Максіма Багдановіча суполка «Літаратурнае прадмесце». На жаль, не ўсе, хто збіраўся на аўкцыён, прыйшлі. Дзедам Марозам быў Усевалад Г арачка. Ён называў сябе Маразцом і час ад часу пытаўся ў прысутных, ці задаволеныя маразамі і снегападамі. Мы маўчалі і ўсміхаліся. Маразец, калі пачалася імпрэза, захацеў, каб мы яму выбралі Снягурку. Выбралі Юлю — супрацоўніцу музея. На аўкцыёне прысутныя набылі за сімулякрыкі (грошы «Літпрадмесця») кнігі Адама Глобуса «Толькі не гавары маёй маме», Людмілы Рублеўскай «Сутарэнні Ромула», Георгія Барташа «Ботиночки», маю «Заўтра была адліга» і яшчэ шмат цікавых рэчаў, якія спатрэбяцца ў жыцці творчых людзей. Увесь час, пакуль адбываўся аўкцыён мусаў, над намі пад столлю лёталі вялізарныя Камарык-Насаты тварык і Мушка-Зелянушка. Праўда, не ўсе гэта бачылі...

***

15.01.2016. Георгій Барташ з сябрамі, пачынаючы з 2007 года, у час навагодніх свят праводзіць фестываль аднаго каляднага верша, у якім звычайна ўдзельнічаюць каля ста паэтаў, што жывуць у нашай краіне і ў блізкім замежжы. Я з Людмілай Рублеўскай, Андрэем Хадановічам і Наталляй Капай ва ўсіх гэтых фестывалях быў у журы. Сёлета давялося прачытаць 98 аўтараў, чые творы былі дасланы пад псеўданімамі, і выбраць з іх дзесяць фіналістаў і аднаго пераможцу.

Фінальная вечарына прайшла ў Галерэі ТУТ.ВУ. Народу было поўная зала. За дзесяць хвілін да пачатку імпрэзы Георгій Барташ раздаў сябрам журы сцэнар, з якога мы даведаліся прозвішчы сваіх фіналістаў і пераможцаў. На гэты раз са сцэны гучалі вершы на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. Сярод незнаёмых фіналістаў былі і даўно знаёмыя прозвішчы — Міхал Бараноўскі, Сяргей Балахонаў (не прыехаў, але мы яго змаглі пабачыць і паслухаць па камп’ютары), Алесь Ліпай, Ігар Клепікаў, Таццяна Нядбай, Аляксей Арцёмаў (прыслаў сваё відэапрывітанне з Тулы), Алесь Плотка, Таццяна Барадуля, Эдуард Дубянецкі, Ірына Ляшкевіч, Дзяніс Кандрацьеў.

На ўсё жыццё гэтая вечарына павінна запомніцца фіналістцы фестывалю Ганне Авоце, якая, прачытаўшы свой верш, са сцэны сказала: «Каваль! Калі ты яшчэ не супраць таго, каб я выйшла за цябе замуж, то я цяпер табе кажу, што я згодная!» Каваль устаў з крэсла, абняў паэтку і пацалаваў!

Кожны з сяброў журы назваў свайго пераможцу. Першай атрымала прыз ад Юрыя Завадскага (Украіна) Таццяна Скарынкіна. Уручаў Андрэй Хадановіч. Потым ад Дзмітрыя Строцава Андрэй Бастунец. Вольга Базылёва прызнала найлепшым верш Аксаны Спрынчан, якая не змагла прысутнічаць на вечарыне, бо ў гэты ж час у бібліятэцы імя Цёткі вяла спектакль тэатра «Арт. С». Сяргей Сыс назваў пераможцай Кацю Аліхвер. Людміла Рублеўская — Рама­на Абрамчука, Вольга Гронская і Андрэй Хадановіч — Антона Рудака, Наталля Капа і Вольга Базылёва — Раксалану Жаркову (Украіна), Андрэй Хадановіч — Уладзя Лянкевіча. Я свайго пераможцу выклікаў да мікрафона апошнім, калі з пачатку вечарыны мінула амаль тры гадзіны. Не ведаю, што думаў Стась Карпаў, калі імпрэза падыходзіла да завяршэння, а я хваляваўся: «Хаця б ён не сышоў дамоў раней часу!» Не сышоў. І так атрымалася, што Стась Карпаў стаў асноўным пераможцам. Яго выбраў яшчэ і Віктар Жыбуль, і амаль усе сябры журы яго верш прапанавалі для ўдзелу ў фінале. Дарэчы, на леташнім фестывалі асноўнай пераможцай была Марыйка Мартысевіч, чый верш я прызнаў найлепшым.

Амаль тры гадзіны праляцелі, як тры хвіліны. За гэты час прысутныя паслухалі каля пяці дзясяткаў вершаў і песень. Усе песні былі выкананы прафесійна, а вось вершы некаторыя фіналісты і пераможцы чыталі са сцэны кепска і магчыма ў некаторых слухачоў узнікала пытанне: «Чаму ён лепшы? Нічога асаблівага ў гэтым творы няма!»

Вялі вечарыну Георгій Барташ і Міхал Бараноўскі. Георгій на завяршэнне выканаў цудоўную песню на словы Вольгі Базылёвай у сваім перакладзе на рускую мову, сказаўшы з усмешкай: «Увесь гэты фестываль і вечарына былі задуманы толькі для таго, каб я цяпер вам паспяваў, а вы паслухалі!»

***

17.01.2016. «Запарожац» у снезе, як муха ў павуціне...

***

17.01.2016. У белай вопратцы па заснежаным прасторы ідзе Паэзія...

Слуп і пудзіла

18.01.2016. Некаторыя рэдактары так рэдагуюць твор, што ад яго застаецца, як ад жывога дрэва (калі твор параўнаць з дрэвам), гладкі слуп. Ёсць і аўтары, якія напісаўшы, добры твор, потым усё упісваюць у яго і ўпісваюць, як ім здаецца, патрэбныя дадатковыя абзацы. І дасканалае дрэва (твор) ператвараецца ў пудзіла, на якім вісяць паношаныя штаны, дзіравыя шкарпэткі, закарэлыя хусткі, пажаўцелыя газеты і яшчэ шмат якая непатрэбшчына.

***

18.01.2016. Вяртаючыся з працы, зайшоў у краму. Стаю ў чарзе. Нехта мне тэлефануе. Бяру мабільны. З тэлебачання. «Віктар Анатольевіч, мы вас хочам запрасіць у перадачу пра духоўнасць!» — чую прыемны жаночы голас. «Добра. Прыйду калі трэба і пра што будзем размаўляць?» — цікаўлюся. «Пра іконы. Вы ж вядомы рэстаўратар. Вамі адрэстаўрыравана шмат ікон...» — «Якіх?» — «Старажытных!» — «Не можа быць! Я ж паэт, а не мастак!» — «Ой, прабачце!» — ускліквае мая суразмоўца і развітваецца. Ідучы дадому і думаючы пра іконы, я ўзгадаў свае «Балады беларускага шляху». У іх я сапраўды рэстаўратар.

Р. 8. Надзея Вусава з Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, прачытаўшы мой запіс у фэйсбуку, паведаміла, што мяне пераблыталі з іх музейным рэстаўратарам Аркадзем Шпунтам.

***

19.01.2016. Гуляю па Мухлі з сабачкай Міёнай. Убачыўшы мяне, падышоў Граждан: «Я тут на выхадныя ў вёску павязу сваю сабаку вешаць. Магу і тваю павесіць за кампанію...»

***

20.01.2016. Над зімнім вячэрнім горадам вышчарбленая поўня, як чэрап беднага Ёрыка.

***

23.01.2016. Удзельнічаў ва ўшанаванні памяці свайго земляка ксяндза Уладзіслава Чарняўскага (14.01.1916—22.12.2001). У Вішнева выехалі ад Чырвонага касцёла ў дзевяць гадзін раніцы. Даехалі хутка. У вялікім аўтобусе было амаль поўна людзей. З іх знаёмыя — Ірына Багдановіч і Алесь Пушкін. Я сядзеў з Алесем Квяткоўскім, які ў падарунак Музею Уладзіслава Чарняўскага падрыхтаваў карціну з выявай святара.

У касцёл прыйшло і прыехала шмат народу. Пакуль чакалі пачатку малітвы, мне здавалася, што яе будзе весці сам ксёндз Чарняўскі...

Мароз градусаў пад дваццаць. З каплічкі цячэ крыніца. Папіў вады. Цёплая...

Да канца малітвы з Алесем Квяткоўскім не былі. Пайшлі ў Вішнеўскі дом культуры. Ішлі доўга. Чамусьці ўявілася, што мы з Алесем партызаны, якія прыйшлі ў мястэчка, каб паглядзець, ці ёсць тут немцы. Немцаў няма. Усе свае людзі...

Пастаялі каля хаты, дзе нарадзіўся Шымон Перас. Узгадалася Алесева карціна, на якой наш славуты зямляк сядзіць каля студні. Студня, дарэчы, стаіць у двары сядзібы.

У Доме культуры мяне з Алесем сустрэлі наша валожынская паэтка Валянціна Гіруць-Русакевіч і дзяўчаты-зямлячкі, якія працуюць у бібліятэцы. Нас тут жа напаілі гарбатай, пачаставалі печывам. Мы, ачуняўшы ад марозу, пайшлі паглядзелі Музеі Уладзіслава Чарняўскага і Шымона Пераса. У музеі ксяндза ёсць здымак, на якім я з Уладзіславам Чарняўскім і пляменніцай Янкі Купалы Ядвігай Раманоўскай. Пра існаванне гэтага здымка я не ведаў. Яму гадоў пад трыццаць.

У зале, дзе праходзіла ўрачыстае мерапрыемства да 100-годдзя Уладзіслава Чарняўскага, поўна народу. Многія стаялі, бо не было вольных месцаў, каб сесці. З Маладзечна прыехаў Міхась Казлоўскі з сябрамі. На жаль, не змаглі пагаварыць...

Хораша выступіў пробашч касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк. Я занатаваў з яго выступлення некалькі радкоў. Сярод іх: «Біблія — гэта кветка ўсіх народаў...»

У сваім выступленні Уладзімір Гілеп узгадаў пра сакратара ЦК КПБ Аляксандра Кузьміна, да якога ён неяк прыйшоў, каб пагаварыць па справах. Прыйшоў, а Кузьміна няма. Ад сакратаркі Уладзімір Аляксандравіч даведаўся, што Кузьмін паехаў у Вішнева да ксяндза Чарняўскага. Пра што яны маглі гаварыць? Гілеп выказаў меркаванне, што ксёндз і сакратар ЦК гаварылі пра веру і культуру.

Фэлік Янушкевіч узгадаў пачатак 90-х, калі ўпершыню ў Мінску на вуліцы каля касцёла Святога Роха была беларускамоўная імша. Яе правёў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі.

Па дарозе з Мінска ў Вільню ўсе касцёлы былі апаганены камуністамі і толькі касцёл у Вішневе заставаўся святым месцам для ўсіх...

Фэлік Янушкевіч прапанаваў збіраць сведчанні і подпісы, каб ксяндза Уладзіслава Чарняўскага залічылі да ліку святых. Першымі ў вялікім тоўстым сшытку паставілі свае подпісы святары. Спіс подпісаў ад прысутных у зале распачалі Фэлік Янушкевіч, Алесь Пушкін, Алесь Квяткоўскі і я...

Дамоў вярталіся не як з простага мястэчка Вішнева, а як са святога Вішнева.

***

24.01.2016. Марозна. Градусаў пад дваццаць. Сонца прасвечваецца праз шэрань, што на галінах дрэў, як праз радкі белай паэзіі. З Людмілай на Мухлі выгульваем сабачку Міёну. «Да вясны яшчэ далёка.» — кажу я і Міёна кідаецца разграбаць снег, нібыта пачынае шукаць вясну. Каркнула варона, і мы ўсе ўтраіх паглядзелі на яе. Яна сядзела ў шэрані дрэва, як у сваім белым свеце. Сядзела, як чорная прынцэса, якая толькі ноччу з птушкі ператвараецца ў дзяўчыну. Да ночы яшчэ далёка.

***

25.01.2016. Напрыканцы мінулага года ў «ЛіМе» быў змешачны мой расповед пра тое, якія выданні пабачылі свет у «Мастацкай літаратуры» ў 2015 го­дзе. Гаворачы пра кнігу «Недаспяваныя песні», у якой змешачны вершы паэтаў, што загінулі ў час вайны, я ўзгадаў верш Міколы Сурначова «У стоптаным жыце» і выказаў меркаванне: «Калі б Сурначоў не загінуў на Заходнім фронце ў 1941-м, мы, можа, мелі б яшчэ аднаго народнага паэта». На жаль, я назваў недакладную дату смерці паэта і мне пра маю памылку сёння сказаў, патэлефанаваўшы, Мікола Чарняўскі: «Сурначоў загінуў 20 красавіка 1945 года пад Берлінам. Гэта прыкрая памылка, але ж не абразлівая, як у адным з нумароў «ЛіМа» пісьменнік Даір Слаўковіч быў названы Даірам Сляповічам.»

***

26.01.2016. Каля дарогі кусты ў шэрані, нібы скруткі калючага дроту...

***

26.01.2016. Раніцою да мяне на працу прыходзіла Наталля Адамовіч, каб узяць пару экзэмпляраў «Блокадной книги». Сёння дзень памяці яе бацькі. Была ў царкве. Я распавёў, як недзе ў гэтым месяцы дваццаць дзевяць гадоў таму мы з Людмілай Рублеўскай, будучы студэнтамі Літінстытута, адведвалі Алеся Міхайлавіча, які падлечваўся ў адной з маскоўскіх бальніц. Амаль гадзіну ехалі на аўтобусе некуды на ўскраіну Масквы. Выйшлі, а навокал усё замецена. Вецер. Мароз. Змрочна. Адно што надавала добрага настрою — апельсіны, якія ў нашай торбе свяціліся, як сонейкі. У Адамовіча ў палаце вельмі доўга не сядзелі, бо дактары не дазвалялі. Даведаўшыся, што мы ў хуткім часе збіраемся пабрацца шлюбам, Алесь Міхайлавіч нас па-бацькоўску блаславіў. Слухаючы мяне, Наталля Аляксандраўна светла ўсміхалася. На развітанне нагадала, што 31 студзеня спаўняецца 90 гадоў сыну Якуба Коласа Міхасю Канстанцінавічу: «Абавязкова павіншуйце! Ён вас цэніць!»

***

26.01.2016. У фэйсбуку Jan Karczewski 22 студзеня ў каментары да майго новага верша напісаў: «Балада закаханага наркамана». Мае вучаніцы гэтым вершам выйгравалі дэкламатарскія конкурсы. У нас гэта магчыма. Давайце далей, Віктар!»

***

27.01.2016. Пацяплела. І ў снегу з’явілася свая забава. Снег з’язджае са стрэх...

***

28.01.2016. Прыемныя весткі раствараюцца ў табе, як драбок цукру ў вядры з вадой, а непрыемнасці, нават велічынёй з муху, трапіўшы ў тваю душу, вырастаюць да памераў слана.

***

29.01.2016. Пасля абеду мяне на працы наведаў Вячаслаў Рагойша і падарыў краязнаўчы альманах «Наш гонар — Ракаў», які ён з землякамі і роднымі падрыхтаваў і выдаў да 550-годдзя Ракава. Шкада, што гэтае выданне не пабачыла свет да святкавання юбілею нашага слаўнага мястэчка. Шмат у ім цікавых матэрыялаў і здымкаў. З Ракаўскіх хронік можна даведацца і такое: «04.08.1919 года Ракаў быў захоплены польскімі войскамі. На канец 1919 года ў Ракаве жыло 3332 чалавекі. З іх 53,7 % палякі, астатнія — яўрэі, беларусамі ніхто не назваўся». На 1 студзеня 2015 года ў Ракаве жыло 2530 жыхароў. Падпісваючы альманах, Вячаслаў Пятровіч напісаў: «Таленавіта-высакароднай сям’і Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай, якая мае самае цеснае дачыненне да Ракава і Ракаўшчыны, з нязменнай сімпатыяй і найлепшымі пажаданнямі. Вячаслаў Рагойша. Ракаў—Мінск, студзень, 2016».

***

29.01.2016. Удзельнічаў у вечарыне, прысвечанай 95-годдзю Івана Шамякіна, якая прайшла ў Музеі Максіма Багдановіча. Выступоўцаў было шмат. Г аварылі цікава, але падоўгу. Дочкі Івана Пятровіча сядзелі ў першым радзе, таму не бачылі, што ў іх за спінамі робіцца. Пад канец вечарыны, якая цягнулася больш як дзве гадзіны, палова людзей (студэнты) паўцякала. Ішоў дамоў са злым пытаннем: «Калі ўжо нашы старыя паважаныя пісьменнікі і літаратуразнаўцы зразумеюць, што, чым даўжэй яны гавораць, тым меней іх слухаюць?»

***

29.01.2016. Амаль цёпла. На Свіслачы, дзе растаў лёд, з’явіліся качкі, як коцікі на вярбе...

***

30.01.2016. Знакамітаму фізіку Стывену Хокінгу, які ў дваццаць адзін год быў паралізаваны, цяпер 74 гады. У гонар свайго дня народзін у Каралеўскім інстытуце Лондана ён прачытаў лекцыю, у якой сказаў: «Трэба заўсёды помніць, што, у якія б цёмныя часіны вы ні трапілі, выхад з іх заўсёды ёсць. Выхад ужо ў іншы сусвет». Узгадаўшы ў сваім жыцці цёмныя часіны, згаджаюся з фізікам. І яшчэ трэба помніць, што выхаду няма толькі з магілы...

Ты падумай...

31.01.2016. Цёплая раніца. Крама. Малочны аддзел. У метрах двух ад мяне крамніца гадоў сарака пяці выкладвае для продажу пакеты з малаком. Каля яе стаіць невысокі, па ўзросце амаль пенсіянер, грузчык. Яна прывабная. Ён не пудзіла ў сваёй ватоўцы, але і не прыгажун. Чую, як грузчык пытаецца: «Што ты сёння вечарам робіш?» — «Нічога», — адказвае жанчына і працягвае выкладваць малако. «Паехалі да мяне пасля працы», — прапануе мужчына. «Чаго?» — «Чаю пап’ём, тэлевізар паглядзім». — «Я і дома пап’ю і тэлевізар пагляджу». — «Дык на канапе паляжым». — «Я і дома паляжу». — «Дык, можа, чым вясёлым на канапе зоймемся». — «Не ведаю.» — «Ты падумай. Будзе ўсё добра.» — кажа грузчык і адыходзіць ад крамніцы.

***

31.01.2016. Наваколле стала шэрым і толькі снег, як белы асфальт, ляжыць на палявой дарозе.

Люты

***

1.02.2016. Гумовыя Гражданы амаль нічым не адрозніваюцца ад жывых Гражданаў.

***

2.02.2016. Пазнаёміўся з аўтарам помніка Уладзіміру Мулявіну Алесем Каструновым. Ён дапамагаў Людміле Крушынскай забраць дзясятак асобнікаў кнігі пра Песняра, якая нядаўна выйшла ў свет. Шмат не гаварылі. Сустрэнемся 10 лютага на кніжнай выставе, дзе будзе прэзентавацца выданне, там і пагаворым, і паслухаем мулявінскіх «Песняроў». Развітаўшыся з Каструновым і вяртаючыся з вуліцы на працу, сустрэў народнага артыста Рэспублікі Беларусь маэстра Міхаіла Фінберга. Сказаў яму пра прэзентацыю. Міхаіл Якаўлевіч адразу ж адказаў: «Не пайду! Мяне не запрасілі ў філармонію на юбілей Мулявіна. Усе былі, а мяне не было. Учора святкавалася 60-годдзе Беларускага тэлебачання, а я там працаваў яшчэ ў 1966 годзе. Зноў не запрасілі. Там былі ўсялякія голыя дзеўкі, а мяне не запрасілі.»

***

2.02.2016. Артыст Ігар Сідорчык, які часам па тэлебачанні коратка прадстаўляе кніжныя навінкі, папрасіў мяне параўнаць два выданні пра Уладзіміра Мулявіна. Першы фаліянт выйшаў у 2004 годзе, а другі месяц таму. Каб доўга не распавядаць, я сказаў: «Першае выданне — гэта прыстойны драўляны дом, дзе прадстаўлена жыццё і творчасць Мулявіна, а цяперашняе — гэта Палац Рэспублікі.»

***

3.02.2016. У панядзелак у выдавецтва па справах заходзіў Адам Глобус. Сядзелі ў кабінеце Алеся Бадака. Размаўлялі пра літаратарскае жыццё-быццё, узгадвалі свае маладыя гады і сяброў, якіх ужо няма. Валодзя падарыў нам па кніжцы. Мне — свой «Дом». Ва ўвесь час нашай размовы мне хацелася паклікаць сакратарку і папрасіць, каб яна сфатаграфавала нас на мой смартфон. Не паклікаў. Неяк было няёмка гэта рабіць. Яшчэ сфатаграфуемся. Сёння прыходзіў Васіль Зуёнак: «Я тут на Нямігу ў краму прыехаў. Убачыўшы, што да вас недалёка, вырашыў наведацца». У нашай размове некалькі разоў Васіль Васільевіч паўтарыў, што яму ўжо 80 гадоў і цяпер у яго кожны дзень жыцця на ўліку. І я паклікаў сакратарку, каб яна сфатаграфавала нас. Зуёнак тут жа скінуў куртку, і мы сфатаграфаваліся.

***

3.02.2016. Вечар. Зімовы дождж. Іду па скверы. Раней тут былі могілкі. Пад дрэвам на лаўцы ў змроку сядзяць мужчыны. П’юць з чорнай пляшкі віно, як смалу...

***

4.02.2016. У сённяшнім «ЛіМе» змешчаныя мае вольныя вершы «Зямля Фердынанда Рушчыца», «Жоўты, жоўтае і залатое», «Белы і белае» і «Сосны Івана Навуменкі». Нечакана далі на цэлую старонку. Даўно такім аб’ёмам не друкаваўся. Некага гэты мой захоп «ЛіМа» раззлуе, некаму не спадабаецца, што творы нерыфмаваныя. А я, разгарнуўшы газету на старонцы з вершамі, усміхнуўся, убачыўшы свой вельмі даўні фотаздымак, на якім я нейкі руды і ў акулярах, і падобны на Гары Потара...

***

4.02.2016. У белым снезе спіць белы мядзведзь. Ты яго не баішся, бо ты яго не бачыш.

***

5.02.2016. Выгульваючы на Мухлі сабаку Міёну, часта згадваю радкі Івана Буніна з верша «Одиночество»:

Что ж! Камин затоплю, буду пить...

Хорошо бы собаку купить...

Праўда, у мяне ўсё не як у вершы: сабака ёсць, каміна няма, дзявяты год не п’ю. Нейкі я няправільны, хоць і сумны...

***

6.02.2016. Сабакі радасна гуляюць на пляцоўцы для выгулу сабак, а мы, іх гаспадары, стаім каля дрэва, як прывязаныя...

***

6.02.2016. Упершыню і не ад добрага настрою Максім пастрыгся пад нуль. Выгляд у яго цяпер салдацка-бандыцкі. Я ж у свой час, будучы школьнікам, быў стрыжаным пад нуль некалькі разоў на год. Асабліва было слёзна, калі за тыдзень перад навучальным годам бацька браў тупыя нажніцы, доўга іх вастрыў, а потым стрыг мяне, як барана. Паехаўшы вучыцца ў Мінск, я ўжо не даваўся бацьку ў рукі і хадзіў па некалькі гадоў нястрыжаным, што нават часам чуў у свой адрас у транспарце: «Дзевушка, вы выходзіце на наступным прыпынку?» Праўда, у час маёй маладосці сярод хлопцаў была мода на доўгія валасы. Памятаецца, неяк мама папрасіла мяне, каб я пастрыг бацьку. Я пастрыг, і з таго разу я быў асабістым бацькавым цырульнікам да апошніх дзён яго жыцця. Неяк, стрыгучы бацьку, я запытаўся: «Ці помніш, як ты мяне стрыг, а я плакаў?» — «Не! Не помню...» — адказаў бацька, і мы разам засмяяліся...

***

7.02.2016. Памрэш і атрымаеш узнагароду — на ланцугу пражытых гадоў драўляны крыж.

***

7.02.2016. Сонечна. Ты ідзеш па скверы па леташнім лісці. Яно шэрае, як твой настрой. Месцамі з-пад лісця вызіраюць зялёныя промні травы. Гледзячы на іх, ты ўсміхнуўся. Побач ішла жанчына. Згледзеўшы тваю ўсмешку, яна таксама ўсміхнулася. Што яна падумала? Шчаслівы? Ідыёт? Відаць, падумала, што шчаслівы, бо ўсміхнулася, як шчаслівая.

***

7.02.2016. Гадоў дзесяць таму знаёмы паэт, які жыве на раёне, клікаў прыехаць да яго на вясновае паляванне на пералётных гусей. Я адмовіўся. З таго разу цяпер кожную вясну баюся, што ён зноў патэлефануе і пачне клікаць на паляванне. Я люблю гусей, якія лятуць...

***

8.02.2016. Сёння з самага ранку адзін з аўтараў кнігі пра Уладзіміра Мулявіна даведаўся, што выданне выйшла і яго можна набыць у кошт ганарару. Праз гадзіну пісьменнік прыехаў у выдавецтва з вялікай сумкай для фаліянта. Я павёў яго ў аддзел рэалізацыі, дзе высветлілася, што грошай не хапае на кнігу. Ганарар малы, бо і напісанае пра Мулявіна малога аб’ёму. «А ў мяне з сабой ні капейкі няма!» — усклікнуў пісьменнік. Выслухаўшы шэраг прэтэнзій па ганарарах, я сказаў: «У наш час нельга выходзіць без грошай з дому і хадзіць па горадзе, як без пісталета ў рэвалюцыю!»

***

9.02.2016. Снілася родная хата. Адзінокая. Навокал снег, як мора, і далёка на гарызонце стог саломы, як узыходзячае сонца. Я гляджу ўдалечыню, і мне спакойна, бо я ведаю, што недзе там бацькі, якім добра.

***

10.02.2016. На кніжнай выставе прэзентавалі кнігу «Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі”», якая з’явілася ў свет дзякуючы яе аўтару і складальніку Людміле Крушынскай.

На прэзентацыю я прыехаў за паўтары гадзіны да пачатку. На ўваходзе ў выставачны павільён Людміла Крушынская з Барысам Крэпакам сустракалі выступоўцаў, а я іх адводзіў у гардэроб. Першым прыйшоў Анатоль Кашапараў, якога адразу (многія пазналі) абступілі людзі і пачалі браць аўтографы і разам з ім фоткацца. Потым прыйшоў Леанід Барткевіч. Яго мала хто пазнаў, але многія глядзелі яму ўслед, бо ён быў апрануты вельмі нетыпова. Трэцім з’явіўся Пётр Ялфімаў. Гардэробшчыцы, убачыўшы спевака, адразу завохкалі-заахкалі: «Ялфімаў! Ялфімаў!» Астатнія выступоўцы (фотамайстра Юрый Іваноў, кампазітар Алег Молчан, артыст Вадзім Касэнка, кінарэжысёр Уладзімір Арлоў, кампазітар Аляксей Скрыпнік, народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец, музычны пастаноўшчык спектакля «Пясняр» Аляксей Еранькоў, жонка Уладзіміра Мулявіна Святлана Пенкіна і дзеці Песняра Валерый і Марына) не мелі такой увагі, як Кашапараў, Барткевіч і Ялфімаў, на шляху да месца прэзентацыі, але калі пачалася дзея, то і яны атрымалі ад удзячных слухачоў (было недзе каля 150 чалавек) мора воплескаў. Вёў імпрэзу артыст Алег Вінярскі. Закончылася яна «Малітвай» у выкананні Уладзіміра Мулявіна. Усе слухалі стоячы. Адчувалася, што нябачны Мулявін стаіць на сцэне каля мікрафона і спявае...

Мулявін і «Малітва»

11.02.2016. Пасля прэзентацыі кнігі пра Уладзіміра Мулявіна прыехаў дамоў позна вечарам з добрым настроем, бо ўсё прайшло цудоўна. Многія казалі, што падобных па прадстаўнічасці і душэўнай цеплыні прэзентацый на кніжных выставах даўно не было і ці хутка будуць. Лёг спаць, як звычайна, а 12 гадзіне і... прыснілася наша прэзентацыя і Мулявін, які спяваў і спяваў «Малітву». І сёння са словамі купалаўскай малітвы ў душы я і паехаў на кніжную выставу. Прыехаў а 10-й. Хутка падышлі нашы выдавецкія супрацоўніцы, і адна з іх прызналася, што ёй усю ноч снілася наша прэзентацыя і песня «Малітва», таму яна не выспалася, але з гэтага не бядуе, бо слухала Мулявіна.

***

11.02.2016. Учора, калі праводзіў у гардэроб ганаровых гасцей прэзентацыі кнігі «Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі”», меў магчымасць паразмаўляць з Леанідам Барткевічам. І пачаў я размову са згадкі пра тое, што ён і я ў свой час скончылі адну і тую ж навучальную ўстанову — Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. «Потым я вучыўся ў Маскве ў ГІТІСе!» — выслухаўшы мяне, сказаў спадар Леанід. «А я ў Літінстытуце!» — усміхнуўся я і запытаўся: «Ці памятаеце, як, ужо будучы ў «Песнярах», вы прыходзілі ў інтэрнат тэхнікума, і вам хлапчук дапамагаў пару радкоў да песні дапісаць, а вы злаваліся, што ён нотнай граматы не ведае?» — «Гэта ж было амаль сорак гадоў таму! Нешта памятаю, а нешта і не памятаю. Я ж тады пасля тэхнікумаўскіх «Залатых яблыкаў» часам заглядаў у тэхнікум і, магчыма, было і такое, пра што вы кажаце...» — «Той хлапчук перад вамі». — «Вельмі прыемна», — сказаў Леанід Барткевіч і паціснуў мне руку.

***

11.02.2016. Раніцай з Дзмітрыем Пятровічам прэзентавалі кнігу прозы і паэзіі маладых «Мой дзень пачынаецца...» Усе запрошаныя паэткі прыйшлі: Валерыя Саротнік, Яна Явіч, Ганна Чумакова, Ірына Чарняўская, Кацярына Масэ, Вераніка Мандзік, Людміла Клачко. Паэтаў не было. Іх у зборніку дванаццаць чалавек з сарака пяці. Было шмат маладых слухачак (дзяўчат семдзесят, а мо і болей), і таксама аніводнага хлопца. Праўда, сярод іх стаяў Леанід Дранько-Майсюк. На жаль, у мяне не было фотаапарата, а то можна было б зрабіць паэтычны здымак з назовам кшталту «Паэт і ягоныя музы».

***

11.02.2016. Учора, ідучы да сцэны на выступленне, Леанід Барткевіч запытаўся ў мяне: «Як лепей сказаць, Расія ці Расея?» — «Расія», — адказаў я, і ў сваім выступленні спадар Леанід Расію назваў Расіяй.

***

11.02.2016. На кніжнай выставе вечарам вёў паўтарагадзінную імпрэзу «Сямейнае чытанне: чытаем класікаў беларускай літаратуры». На жаль, слухачоў было малавата. Праўда, нашы выступленні, дзякуючы мікрафону, чуліся амаль на ўвесь выставачны павільён. Я чытаў класікаў (Купалу, Багдановіча, Танка, Куляшова, Броўку, Караткевіча, Янішчыц), а прысутныя паэты чыталі сябе, як класікі. Завяршылася наша імпрэза выступленнем студэнцкага тэатра «Жывое слова» пад кіраўніцтвам Алесі Сівохінай. Пакуль мы чыталі вершы, на вуліцы выпаў снег. Белы, як чыстая папера для новых твораў.

***

12.02.2016. Кніжная выстава стамляе. Кнігі не стамляюць...

***

13.02.2016. На кніжную выставу прыехаў за паўгадзіны да пачатку паэтычнай імпрэзы, у якой быў вядучым. Сабраліся выступоўцы. Дзесяць гадзін. Трэба пачынаць, а пачаць не можам, бо няма мікрафона. Дзе ён? А ён у гукааператара, які забраў яго дахаты і ўжо едзе на працу. Чакаем. Хвалюемся. Час ідзе. Гукааператара ўсё няма і няма. Слухачы запытальна глядзяць на нас: «Чаму не выступа­ем? Каго ці чаго чакаем?» Хлопец з мікрафонам з’явіўся а палове адзінаццатай. Давялося падкараціць нашы выступленні. Спадзяюся, што ўсім запомніцца Касандра — цудоўная спявачка, гімназістка, прыгажуня. Яна праспявала песню «Жураўлі» на трох мовах — рускай, кітайскай і беларускай.

Хлопец Андрэй купіў маю кнігу «Заўтра была адліга» і запытаўся: «Калі будзе працяг?» — «Ён пішацца кожны дзень!» — адказаў я.

У дванаццаць гадзін быў каля ратушы, дзе ўдзельнічаў у рэспубліканскай акцыі «Беларусь, я цябе люблю». Напачатку ўвесь пляц быў запоўнены людзьмі. Потым з-за холаду слухачы паціху пачалі разыходзіцца, але і пачалі прыходзіць новыя. Прачытаў два вершы, прысвечаныя Мулявіну і Караткевічу.

Вечарам на кніжнай выставе вёў імпрэзу «Сямейнае чытанне: чытаем класікаў беларускай літаратуры». Усё было хораша. Мне найбольш спадабалася паэтычна-музычнае выступленне паэта Змітра Арцюха і скрыпачкі Юліі Лебядзенкі, якая прыехала на канікулы з Вены, дзе вучыцца. Вялікі дзякуй ім, што не адмовіліся выступіць, бо пасля выступлення на іншай прэзентацыі яны ўжо ішлі дахаты, а я іх перахапіў на самым выхадзе з выставачнага павільёна.

Каля стэнда выдавецтва гістарычнай кнігі «Янушкевіч» Людміла Рублеўская раздавала аўтографы на «Авантюры Прантиша Вырвича, школяра и шпика» ў перакладзе Паўла Ляхновіча. Час ад часу ад стэнда «Мастацкай літаратуры» мне даводзілася вадзіць да Людмілы чытачоў з кнігамі, што выйшлі ў нас і ў «Звяздзе»...

Шкадую, што не прысутнічаў на прэзентацыі кнігі Ксеніі Шталянковай «Адваротны бок люстра».

***

13.02.2016. Мінулай ноччу снілася вёска. Я прыехаў ранкам з Мінска. Іду да роднай хаты, а мне насустрач сунецца Сяргей Вераціла. Павіталіся. Сяргей кажа: «Я там жыў у цябе цэлы тыдзень! Дзякую! Толькі нешта там у хляве ў цябе смярдзіць». — «Відаць, свіння здохла!» — кажу я. Сяргей пагаджаецца і раіць яе закапаць, каб не смярдзела.

***

13.02.2016. Некаторыя наведвальнікі кніжнай выставы, а таксама сёй-той з пісьменнікаў фатаграфуюцца з кардонным Баракам Абамам. Я кардонных, як і гумовых, не люблю.

***

14.02.2016. Апошні дзень кніжнай выставы, але не кніжнага свету.

Сёння не спяшаўся да выдавецкага стэнда, але ўсё роўна прыехаў а палове

адзінаццатай. Людзей мала. Ходзяць сярод кніг, як сярод цэглы, з якой будуюцца душы.

Урэшце змог цалкам абысці ўсе сцежкі-дарожкі выставы. Нічога незвычайнага няма, акрамя кардоннага Абамы.

Удзельнікі выставы стомленыя ад шуму-тлуму, але ўсміхаюцца, як і належыць культурным людзям. Многія наведвальнікі, як шукальнікі скарбаў, апантаныя да слепаты ў сваіх пошуках.

Сёння на галоўнай сцэне была прэзентацыя толькі кніжак Тамары Лісіцкай. Нехта праходзіў міма, нехта спыняўся. Пыталіся: «Што за актрыса?» Тлумачыў. Нехта спыняўся, нехта ішоў далей.

Першай кнігай нашага выдавецтва, якую набылі на выставе, быў фаліянт «Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі”». Хто купіў — не ведаю, бо быў заняты сустрэчай ганаровых гасцей прэзентацыі гэтага выдання. Апошняй кнігай, набытай у нас, стаў том з серыі «ЖЗЛБ» пра Кузьму Чорнага. Яго займеў Міхась Скобла. Якраз была ўкладальніца кнігі Галіна Шаблінская, якая і дала пакупніку свой першы аўтограф на гэтым выданні. Тут жа каля выдавецкага стэнда пры сведках дамовіліся з Галінай Васільеўнай на новую працу. Думаю, што яна яе асіліць, і ўсе мы займеем цікавую і патрэбную кнігу. Якую? Сакрэт! Няхай зробіць!

За пяць дзён выставы заўважыў, што маю кнігу «Заўтра была адліга» купляюць ахвотней за «Пугачоўскага цырульніка», нягледзячы на тое, што яна даражэйшая ў два разы.

Крыху сумна, што кніжная выстава закончылася. І добра, што закончылася, бо чытачы не паспелі абрыдзець выдаўцам і пісьменнікам.

Сёння дзень закаханых. Сёй-той купляў сваім каханым кнігі, таму верыцца, што і далей кніга застанецца лепшым падарункам.

***

14.02.2016. Вярнуўшыся дахаты пасля закрыцця кніжнай выставы і адпачыўшы крыху, з Людмілай пайшлі на V Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова, каб паслухаць выступленне Антона Рудака з гуртом Рамана Абрамчука і падтрымаць Георгія Барташа. Прыйшлі раней, таму трапілі яшчэ і на выступленні Віктара Лупасіна і Віктара Жыбуля. Тое, што яны робяць, моладзі падабаецца. Старым не вельмі. Я не моладзь, але мне яшчэ далёка да старых.

Паэтычна-музычна-песенная кампазіцыя Рудака і Абрамчука сабрала поўную залу людзей. Стала душна і горача. Давялося зняць пінжак. Праўда, праз некалькі хвілін я змог забыцца на тое, што пяць дзён адпрацаваў на кніжнай выставе і што на вуліцы незразумелае надвор’е, ад якога няма настрою радавацца жыццю.

Паэтычны слэм пачаўся на паўгадзіны пазней запланаванага. Паглядзеўшы на гадзіннік, я вырашыў, што з Людмілай падтрымаем воплескамі Георгія Барташа і пойдзем, бо заўтра ж на працу. І тут са сцэны сышоў Андрэй Хадановіч з прапановай да прысутных пабыць суддзямі слэмераў. Ніхто сам не захацеў папрацаваць, і Андрэй, раздаўшы некалькім дзяўчатам таблічкі з адзнакамі, сказаў: «У нашай зале прысутнічае культавы паэт, наш класік Віктар Шніп. Я думаю, што ён будзе справядлівым суддзёй. Толькі астатнія не арыентуйцеся на яго адзнакі!» Ад пачэснай працы я не адмовіўся. У мяне ўжо быў судзейскі досвед з самых першых слэмаў, якія праходзілі ў Музеі Янкі Купалы, дзе мы разам з Андрэем Хадановічам, Пятром Васючэнкам, Людмілай Рублеўскай, Адамам Глобусам і Алесем Камоцкім сядзелі ў журы.

Некалькім паэтам я адзнакі занізіў з-за непрыстойных слоў у творах, а так, здаецца, быў справядлівым. Міхась Булавацкі з Магілёва быў вельмі строгім і паставіў выступоўцам пару двоек. І ўсё ж, калі Кастусь Жыбуль (яму гадоў дзесяць) па-за конкурсам чытаў вершы, якія былі напісаныя ў час слэму, Міхась Пятровіч найбольш эмацыйна і адабральна рэагаваў на ягоныя творы. Думаю, калі б Кастусь быў удзельнікам слэму, ён не толькі б трапіў у фінал, а мог бы і перамагчы.

Ганаровае чацвёртае месца занялі прадстаўнікі каманды «Рухавіка» Алесь Снег, Аліса Мініна, Рыгор Шыбека. Трэцяе месца падзялілі Наста Кудасава і Сяргей Прылуцкі, на другім — Дайва Чапаўскайтэ з Літвы. Пераможцай стала Алена Сцепаненка з Украіны.

Пасля заканчэння паэтычнага слэму з прыемнасцю пазнаёміўся з паэткай Анхелай Эспіноса, якая хораша выступіла ў ліку самых першых. А першымі выступаць найцяжэй, бо сябрам журы яшчэ няма з кім іх параўноўваць. Запомніўся верш Анхелы пра Хрыста.

Дамоў з Людмілай вярнуліся амаль а дванаццатай гадзіне. Задаволеныя, нібыта мы перамаглі ў паэтычным слэме.

***

15.02.2016. Сёння чатыры гады, як мая мама пайшла ў лепшы свет. Перад працай я наведаў Кафедральны сабор. Заказаў памінальную малітву. Купіў грамнічных свечак. Зайшоў у царкоўны бабінец і паставіў памінальную свечку. Якраз там быў святар, які даваў усім пацалаваць крыж. Даў і мне. Я пацалаваў і пачуў: «Бласлаўляю!» Адразу ж ува мне нешта (відаць, душа) страпянулася, мне стала светла і лёгка, а на вачах ад радаснага пачуцця з’явіліся слёзы.

***

16.02.2016. З гімназіі № 8 прыходзілі да мяне на працу гімназісткі (11 клас з філалагічным ухілам) Паліна, Юля і Дзіяна. Бралі інтэрв’ю для гімназічнага блога. На пытанне «Чаму выбралі мяне?» пачуў: «Нам падабаецца тое, што вы пішаце». Мяркуючы па пытаннях, дзяўчаты, збіраючыся да мяне, добра падрыхтаваліся (пачыталі мае кнігі, паглядзелі матэрыялы пра мяне ў інтэрнэце). Я ім распавёў, як у пяць гадоў бамбіў амерыканцаў, а потым прыдумаў на суседку верш, за які мне цётка выдала ганарар крапівой. Распавёў і пра тое, як у дванаццаць гадоў са сваімі вершамі хадзіў да Янкі Купалы ў Вязынку, а зімой у гэтым жа ўзросце закахаўся ў Снягурку, якую пабачыў па тэлевізары. Былі і пытанні пра сучасную літаратуру. Падмацоўваючы адказ на пытанне, што варта пачытаць, я назваў шэраг імён і падарыў дзяўчатам кніжку Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». З гімназісткамі размаўляў амаль гадзіну. На развітанне падпісаў кніжку «Страла кахання, любові крыж», якую дзяўчаты захапілі з сабой з гімназічнай бібліятэкі, і падарыў кожнай «Пугачоўскага цырульніка». І ўжо, калі мае госці былі на парозе, пацікавіўся: «Можа, самі пішаце вершы?» — «Не!» — пачуў дружны адказ. «Я болей люблю чытаць вершы!» — сказала Юля і працытавала некалькі маіх радкоў. Я расчуліўся і падарыў дзяўчыне кнігу «Першы папяровы снег».

***

17.02.2016. Пасля пяці дзён кніжнай выставы месяц у небе, як кніжка ў форме месяца.

***

17.02.2016. У калюзе мінулагодні руды бярозавы ліст, як маленькая Атлантыда...

***

18.02.2016. Прыснілася, што з Уладзімірам Сцяпанам прыйшлі да ракі купацца. Здымаем пляцакі, кладзём на пясчаны бераг. Рака шырокая. Раптам успомніўшы Алеся Пісьмянкова, я прапаную: «Давай паклічам Алеся Пісьмянкова! Ён любіць купацца. У яго хутка дзень народзін». Сцяпан пагаджаецца, і мы вяртаемся да нейкага велізарнага будынка, каля якога стаяць пісьменнікі. Шмат незнаёмых. Знаходзім сярод іх Пісьмянкова і кажам, што непадалёку цячэ Днепр, у якім можна пакупацца. Алесь, усміхаючыся, і яшчэ некалькі пісьменнікаў ідуць з намі. Прыходзім да вады, а нашых са Сцяпанам пляцакоў няма на месцы, яны ляжаць на супрацьлеглым беразе. Пісьмянкоў закурвае і пачынае нешта распавядаць, а я кідаюся ў раку і плыву. Даплыўшы да берага, на якім пляцакі, чую звон — гэта звініць будзільнік, і я прачынаюся. Запісваючы прыснёнае, паглядзеў у даведнік. 25 лютага Алесю Пісьмянкову было б 59 гадоў.

***

19.02.2016. Удзельнічаў у спектаклі Паэтычнага тэатра «Арт.С», які прадстаўляў паэтычна-міфалагічны праект «Сакральная Беларусь». На гэты раз тэмай дзеі быў чырвоны колер. Усе выступілі хораша, але найбольш уразілі прысутных гімназісты Альжбета Малішэўская-Спрынчан (спявала народныя песні) і Вячка Скобла, які дэбютаваў як чытальнік вершаў. Вяртаючыся дахаты, я думаў пра сіні колер, які будзе тэмай наступнага спектакля. На вуліцы сыпаў дробны зімовы дождж, а дома мяне чакалі — аўчарка Міёна, Людміла з Настай Грышчук, якая прыехала, каб зрабіць для «Сямейнай газеты» інтэрв’ю з намі. З Настай размаўлялі амаль да адзінаццаці гадзін. Яна, падводзячы вынікі інтэрв’ю, сказала, што мы ідэальная сям’я. Можа, яно так і ёсць. Дай бог, каб у кожнага творчага чалавека было ўзаемаразуменне з блізкімі!

***

20.02.2016. Кожны раз, дастаючы з паштовай скрынкі газеты, спадзяюся, што сярод іх будзе квіток на атрыманне ганарару. Квіткі, на жаль, бываюць вельмі рэдка, ды і ганарары прыходзяць драбнюткія. Сёння сярод газет ляжала позва ў ваенкамат на імя Шніпа Максіма.

Выгульваючы Міёну, да сённяшняга дня думаў, што я адзін са сваім сабакам размаўляю па-беларуску. Не! Не адзін! Сёння ў загоне для выгулу сабак была пажылая жанчына, і яна са сваёй Чарнічкай кантактуе па-беларуску. Жанчына нарадзілася на Палессі. Размаўляючы з ёй, я згадаў паэтку Яўгенію Янішчыц, якой цяпер было б столькі гадоў, колькі маёй суразмоўцы...

***

21.02.2016. Снег растае. Ты па ім ідзеш, пакідаючы ланцужок слядоў, які праз нейкую хвілю напаўняецца вадой, як небам, з якога снег упаў, не думаючы, што ён растане.

Нават калі ўсіх нас не стане, то мова будзе ўсё роўна жыць. Жыць у кнігах, як у спелых жытніх зярнятах жытнёвае мора.

***

23.02.2016. З таго часу, як у нас дома жыве аўчарка Міёна, з якой у воль­ную хвіліну выходжу на вуліцу, я амаль перастаў уключаць тэлевізар. Раней, калі не было сабакі, мог гадзінамі гартаць каналы, шукаючы цікавае, і часам глядзеў абы-што. Цяпер у зале тэлевізар як чорны квадрат. Не! Не квадрат. Тэлевізар прамавугольны. Вялікі. Ён як чорная дошка, на якой, узяўшы крэйду, можна пісаць і маляваць, як у дзяцінстве.

***

24.02.2016. Вяртаючыся з працы, на дзвярах нашага пад’езда прачытаў абвестку, што з 26 лютага ў доме будуць адключаныя ўсе газавыя калонкі для нагрэву вады і падключацца толькі тады, калі вентыляцыйныя шахты будуць прыведзеныя ў парадак. Дзесяць гадоў таму ў нашым раёне рабілі капітальны рамонт. Вентыляцыю тады зрабілі з парушэннем нормаў і, калі б не смяротныя выпадкі з газавымі калонкамі, пра якія пісалася ў друку, нічога б у нас ніхто не рабіў. Словам, смажаны певень у адно месца дзеўбануў, і начальнікі заварушыліся. Цяпер будзем невядома колькі часу без гарачай вады. На душы паскудна-паскудна, бо месяцы тры таму мы мянялі калонку і ўжо ведаем, якія нас вясёлыя дзянькі чакаюць, пакуль вентыляцыя будзе даводзіцца да належнага ладу.

***

24.02.2016. Неяк было падарыў кнігу «Заўтра была адліга» кінарэжысёру Уладзіміру Арлову, а потым праз нейкі час атрымаў ад яго ліст, які, сёння яшчэ раз прачытаўшы, вырашыў занатаваць:

«Што Віцьку «барселёны» і «кракавы».

Што «мадрыды», «саррэнты» ўначы,

Калі думкі пра могілкі ў Ракаве

І пра вёску бацькоў — Пугачы.

Удар — з першага ж радка Вашай кнігі: “Упершыню за апошнія чатыры гады.” Што і як успрымалася далей — гл. эпіграф.

Я, можа, шчаслівейшы за Вас, бо адплывае ў туманную далеч боль страт, зацягваецца смалой-жывіцай часу: любімай бабулі не стала ў 71-м, бацькі — у 77-м, маці — у 92-м. Адно малюся за іх светлую памяць штораніцы. А наконт бацькоўскага дома. Вось урывак з маёй 9-й кнігі “Магия многоцветного экрана”, якую паказваў Вам (515 старонак, 150 фотак. “Харвест”, 2015 г.).

“Везде жили на съёмных квартирах: мой светлый папа-идеалист — совестливый солдат советской системы — считал неприличным коммунисту заботиться о своём жилье, чем рьяно и успешно занимались товарищи по партии. Понятно, почему у меня нет так называемого “отчего дома”. Может, поэтому фильмы мои назывались: “Твой дом на земле”, “Добренево — отчий дом”, “Дорога в оба конца” — о сельском и городском домах хлопцев-близнецов; “126 слов” и “Дорога на Евино” — о деревенских домах моих друзейсценаристов, — 33 серии “Проклятый уютный дом”; и песни: “Дом”, “Дом мой, столица”, “Вы домой, журавли”.

Местечко Сопоцкин. там папа и бабушка упокоились: лежат рядом, как и прожили вместе свой век, — какое счастье!.. ”

Вершы чытаю і перачытваю: як заўсёды, з захапленнем і асалодай. Цісну руку Майстра. З павагай — Уладзімір Арлоў, кінарэжысёр».

Зрабілі Міёне прышчэпку ад шаленства. Цяпер праз год — другую. Не забыцца б! Вечарам зважылі малую. Ужо 24 кілаграмы! Вялікая дзеўка!

***

25.02.2016. Атрымаў ліст на сваё імя ад пісьменніка, твораў якога ў нашых выдавецкіх планах няма: «Прашу рэдактара маёй кнігі ў апавяданні “Юр’еў дзень” апошні сказ “Сонца яшчэ не зайшло” замяніць на сказ “Яшчэ не зайшло сонца” — так, як было ў арыгінале пры перадачы рукапісу ў часопіс “Полымя”».

Тэлефанаваў сваяк Анатоль Блашчыцын. Ад яго даведаўся, што ў гэтым месяцы ў Пугачах памерлі нашы землякі: 19 лютага Ганна Сікорская (у канцы сакавіка было б 87 гадоў), 22 лютага пахавалі Стася Рабца (пражыў 58 гадоў), а сёння памёр Казік Вярбіцкі (1951 года нараджэння). Тры чалавекі памерлі, і ніхто не нарадзіўся.

***

26.02.2016. Быў у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» на адкрыцці фотавыставы Юрыя Іванова «Невядомыя фотаздымкі Уладзіміра Мулявіна». Прыйшоў амаль на паўгадзіны раней. Баяўся, што яшчэ нікога не будзе. Ды не! Ужо былі Юрый Іваноў, Ігар Лучанок, Людміла Крушынская, Барыс Крэпак і яшчэ з дзясятак чалавек, а таксама тэлебачанне і фотакарэспандэнты. Хутка зала галерэі, на сценах якой віселі вялікія фотаработы, як мастацкія карціны, запоўнілася людзьмі. Тут жа ў цэнтры стаяў стол з зялёнымі пластыкоўкамі, напоўненымі шампанскім. Амаль ніхто іх не чапаў, бо не прынята да адкрыцця выставы святкаваць. А сямнаццатай гадзіне ўсіх прысутных запрасілі ў залу, дзе стаяў мікрафон, а на століку ляжала кніга «Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі”», у якой шмат фотаздымкаў Юрыя Іванова. Так атрымалася, што я спыніўся на ўваходзе з адной залы ў другую і мне былі бачныя выступоўцы і тое, што робіцца ў зале, у якой стол з шампанскім. Недзе праз хвілін пятнаццаць паўз мяне ў залу з адзінокім гасцінным ста­лом прайшоў дзіўнаваты хлапчук з доўгімі светлымі валасамі. Ён пахадзіў каля стала, панюхаў пластыкоўкі і хуценька выйшаў з залы. Праз пару хвілін ён зноў прайшоў каля мяне, але ўжо не адзін. Другія такія ж дзіўнаватыя хлопцы, відаць, са спецінтэрната для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, абнюхаўшы ўсё, што было на стале, вярнуліся назад да сваёй кампаніі, якая стаяла непадалёку ад гардэроба. І яшчэ праз пару хвілін паўз мяне да стала з шампанскім прайшлі, як мурашкі, чалавек дваццаць хлопцаў і дзяўчат з таго спецінтэрната. Атрымалася вельмі прыгожая кінематаграфічная карціна — у адной зале пажылыя паважаныя дзядзькі выступаюць і гавораць пра Іванова і Мулявіна, а ў другой у гэты ж час дзеці са спецінтэрната з зялёных пластыковак п’юць шампанскае. Яшчэ праз хвілін дзесяць я выйшаў з мастацкай галерэі. На ганку стаяла аўтар кнігі пра Уладзіміра Мулявіна Людміла Крушынская і глядзела на бялюткі густы снег, які нечакана пасыпаўся з неба, як пялёсткі белых кветак ад Песняра.

З Алесем Разанавым і мастачкай Кацярынай Дасько даводзілі да ладу афармленне кнігі выбраных пункціраў «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж». Кожны раз пры размове з Алесем Сцяпанавічам у мяне з’яўляюцца паэтычныя радкі, чуючы якія, Разанаў кажа, каб я іх занатоўваў. На гэта раз я паслухаўся паэта:

На небе вырасла трава,

А на зямлі аблокі.

І ў іх схавалася царква,

Каб не прыйшлі прарокі,

Што косяць шаблямі траву.

***

27.02.2016. Сонечна, як пры жывой маме.

З Людмілай дамовіліся сустрэцца каля ГУМа а шаснаццатай гадзіне. Прыйшоў раней. Каля ўвахода ў краму на парапеце сядзеў, трымаючы паміж ног велізарную чорную сумку, у чырвонай куртцы і ў грувасткай чырвонай вязанай шапцы бяззубы паэт. Яго ведаю амаль сорак гадоў. Мы з ім пазнаёміліся на літаб’яднанні ў «Чырвонай змене». Я тады вучыўся ў тэхнікуме, а ён працаваў на водаканале. Як яго завуць — не памятаю. Ці піша ён цяпер вершы? Хутчэй што — не. Ён нярэдка бывае там, куды я прыходжу, і мне часам здаецца, што ён шпіёніць за мной. Хвілін пятнаццаць я таптаўся каля ўвахода ў ГУМ, і ўвесь гэты час бяззубы паэт сядзеў на парапеце і нешта сам сабе шаптаў, нібы маліўся. Каб пагрэцца, я на некалькі хвілін зайшоў у краму і, калі выйшаў, майго знаёмага на месцы не было. Ля ўвахода з’явіўся сабака. Нехта яго прывязаў, і ён спакойна і з любоўю глядзеў на мінакоў, грэючыся на сонцы. Хутка прыехала Людміла. Купіўшы ў ГУМе новых відэльцаў і лыжак, мы пайшлі на выставу дызайнераў «Млын». Уваход платны — 30 тысяч. Нягледзячы на гэта, у павільёне паўнютка людзей. Сустрэлі паэтку Наталку Кучмель. На самым пачатку нашай вандроўкі сярод рукатворнай прыгажосці мне прапанавалі набыць голас дажджу, а за хвілін дзесяць перад выхадам з гандлёвага павільёна мог займець таблетку шчасця. Нічога не набыў, а Людміла сёе-тое купіла. Дамоў вярталіся стомленыя, але задаволеныя. У маёй памяці застаўся голас дажджу.

***

28.02.2016. З белага неба сыплецца і сыплецца снег, як белая труха. І ты ідзеш па заснежаным полі, як па небе.

На лаўцы, на якой учора вечарам ляжаў бомж, сёння ранкам ляжаў снег.

***

29.02.2016. З выдавецтва N прыходзіла рэдактарка кнігі паэта, які піша на рускай мове і які ў свой томік твораў змясціў пераклады беларускіх паэтаў. Пыталася, што рабіць з Максімам Багдановічам, каму плаціць. У бухгалтэрыі іх выдавецтва катэгарычна сказалі: «У такога паэта не магло не быць дзяцей! Яны цяпер недзе ў Амерыцы жывуць! Трэба знайсці і заключыць дамову на публікацыю, а іначай яны нас па судах зацягаюць!»

Сакавік

1.03.2016. Ранкам зямля была чорная. Цяпер белая ад снегу, які ўсё ляціць і ляціць на зямлю. Ідучы праз гэтую першасакавіцкую завею, згадаў родную хату і тыя далёкія гады, калі бацьку было каля сарака. Ён працаваў на ферме падвозчыкам і палуднаваць прыязджаў на кані дахаты. Бывала, прыедзе па вясновай чорнай зямлі, паставіць воз у двары, а праз нейкую часіну пойдзе, як сёння, снег, і сляды ад колаў прападуць, нібыта іх і не было. Папалуднаваўшы, бацька вяртаецца на ферму, і следам за ім ад нашай хаты на снезе застаюцца дзве паралельныя каляіны, паміж якімі сляды каня. Я, дзесяцігадовы хлапчук, выходзіў з хаты і няспешна ішоў па бацькавай дарозе, уяўляючы, што тут нядаўна ехала карэта, у якой сядзеў князь. Князем быў мой бацька, і ён паехаў на вайну, а мяне пакінуў дома. З кім вайна? Я пра гэта не думаў. Г алоўнае для мяне было, што мой бацька — князь і ён вернецца з перамогай.

Выпаў снег, нібыта з чыстай старонкі пачаўся сакавік.

***

2.03.2016. Над Свіслаччу чайка, як папяровы самалёцік, што прыляцеў з майго дзяцінства.

***

3.03.2016. Раніца а палове дзясятай. Пад нагамі растае першасакавіцкі снег. Я іду на радыё запісвацца для перадачы «Дыярыуш». Па ходніках вуліцы Чырвонай у парк, дзе стаіць Марат Казей з гранатай, Ён і Яна прабеглі перада мной у сціплых спартовых касцюмах. Прыгожа. Яны не заўважылі мяне. А я цэлую хвіліну глядзеў ім услед. Прыгожа! Нават дзеля таго, каб убачыць іх разам у спартовых касцюмах, сёння і варта было а палове дзясятай ісці па калюгах на радыё.

У старых кніжках старонкі жоўтыя, як з пяску.

***

4.03.2016. У Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы ўдзельнічаў у адкрыцці фотавыставы «Балады Віктара Шніпа на фатаграфіях Міколы Лінніка», якая распачалася з выступу гурта Кацярыны Ваданосавай «Alta mente». У зале было шмат пастаянных наведвальнікаў бібліятэкі, якія ўважліва ўсіх слухалі і гучна апладзіравалі. Адкрыццё выставы, якое стала працягам святкавання ўчарашняга дня народзін Міколы Міхайлавіча, заняло амаль паўтары гадзіны. Калі я пісаў водгук пра фотаработы, да мяне падышоў пажылы мужчына і падзякаваў за «Баладу Язэпа Драздовіча». Праз хвілін пяць я пакінуў апусцелую залу. Думаў, што ў калідоры ўжо нікога не будзе, а там амаль усе слухачы разглядалі фотаздымкі. Адна жанчына перапісвала ў блакнот маю баладу. Не падышоў, каб паглядзець якую. Потым фатаграфаваліся каля скульптуры Янкі Купалы. Ідучы з бібліятэкі на тралейбусны прыпынак, дагнаў двух здаровых хлапцоў з велізарнымі чорнымі цяжкімі сумкамі. Падумалася: «А можа, кніжкі нясуць?..»

***

5.03.2016. А сёмай вечара да нас дадому прыйшоў Віктар Лупасін з гур­том «Зялёнахвостыя» і кінааператарам, каб зняць кліп да песні «Піва і свінінка». З сабой хлопцы і дзяўчаты прынеслі паўтара кілаграма свініны і шэсць літраў піва, а таксама вялікія куфлі. Юля і Даша на кухні пад музыку гатавалі адбіўныя. Віктар Лупасін і Лёха Арлоў разлівалі піва, музіцыравалі і спявалі. Калі вызваліўся гармонік, я недзе з паўгадзіны пілікаў на ім і разбудзіў нашу Міёну. Тут жа яна напрасілася паглядзець, што ў хаце адбываецца, і трапіла ў кадры кліпа, у якім быў задзейнічаны і наш папугай Северус. Амаль пяць гадзін здымак праляцелі, як пяць хвілін. За гэты час Людміла на фоцік зняла свой фільм для аўтарскага кіно. Не ведаю, што за кліп атрымаецца ў кінааператара Алеся Мельнікава (ён унук Янкі Запрудніка і ў свой час іграў у «Старым Ольсе» і «Ліцвінтролях»), а вось у Людмілы атрымалася файна. А дванаццатай зялёнахвостыя пакінулі нас. З добрым настроем, мыючы посуд, я сказаў Людміле: «Адчуванне, нібыта Новы год сустракалі!» Людміла ўсміхнулася: «Так! Як Новы год сустрэлі!»

***

6.03.2016. На Свіслачы качкі, як гумовыя. Не лятаюць і не тонуць.

Апоўдні з Міёнай пайшоў на пляц для выгулу сабак. Прыйшлі. Бачу за плотам дзвюх жанчын гадоў па трыццаць пяць і мужыка, пытаюся: «Ці можна зайсці?» — «Пачакайце крыху!» — адказала жанчына, якая трымала паміж ног вялікую рудую сучку, а другая свайму вялікаму чорнаму сабаку дапамагала не зваліцца з сучкі, а той усё звальваўся і звальваўся. Мужчына стаяў непадалёк і курыў, час ад часу нешта падказваючы жанчынам. Хвілін дзесяць паблытаўшыся з Міёнай каля плота, мы пайшлі далей гуляць па скверы. Вяртаючыся назад каля пляца для выгулу сабак, я ўбачыў ранейшую карціну, каля якой праходзілі сабачнікі, не спыняючыся.

У памяці ўсплыло: «Золата з гаўна змолата...»

***

7.03.2016. Прыснілася, што на праспекце каля ўніверсама «Цэнтральны» сустрэўся з Адамам Глобусам, які папрасіў пайсці да яго дахаты (кватэра на вуліцы Карла Маркса) і дапамагчы перапісаць вершы Уладзіміра Караткевіча, якія ён нядаўна стварыў. Сядзім, перапісваем. Светла ў пакоі. Незнаёмая дзяўчына на старонкі з перапісанымі вершамі прыклейвае каляровыя драбнюткія кружочкі, каб было прыгожа. «А ці многа яшчэ перапісваць?» — пытаюся я. Глобус адказвае: «Тут яшчэ ёсць і новыя пераклады Караткевіча.» — і я. прачынаюся, бо зазвінеў будзільнік, напамінаючы, што трэба разбудзіць Людмілу, якая едзе ў Вільню.

Фэйсбук нагадаў мне, што год таму ў гэты дзень у свет выйшла кніжка «Заўтра была адліга». Год праляцеў, як старонка з кнігі была прачытаная.

***

7.03.2016. Памяць нашага хатняга камп’ютара амаль запоўненая. Даўно збіраемся выкінуць непатрэбнае і лішняе, але ўсё часу не хапае. Сёння наўздагад зазірнуў у некалькі тэкставых файлаў. У першым былі старыя вершы, якія ўжо надрукаваныя, і я іх спакойна выдаліў. У другім файле, які быў створаны 20 верасня 2003 года, знайшоў тэкст пад назвай «Мама»:

Ёсць на Валожыншчыне вёска Пугачы,

Дзе рэчышчы сцяжын не зараслі ў лугах,

У агародчыках красуюць касачы,

Буслы на захад сонца коцяць па дубах.

Гэтыя радкі, якія напісаліся больш як дваццаць гадоў назад, зноў і зноў узнікаюць у мяне ў памяці па дарозе дадому, да маці. І гляджу я з акна аўтобуса і бачу, як з мамай іду на поле жаць жыта. Мама яшчэ зусім маладая, і яна радуецца, што я пайшоў у першы клас і ўчора навучыўся пісаць слова «мама».

А вось там у лесе на ўзгорку мы збіраем суніцы, і мама расказвае, хто і дзе тут жыў раней, якой была наша вёска.

У тым балотцы, якое цяпер ужо амаль перасохла, з мамай і бацькам капа­ем торф. Крыху раней касілі асаку, сушылі і вазілі дамоў.

Каля дарогі па сцяжынцы, якая і сёння не затравела, мама ідзе ў кароўнік. Устае а пятай гадзіне раніцы, каб рукамі выдаіць шаснаццаць кароў, нанасіць ім есці, напаіць. Праца цяжкая, але мама не скардзіцца і паспявае зрабіць усё не толькі ў кароўніку, але і дома. У шафе сярод палатняных абрусоў захоўваюцца маміны ганаровыя граматы, дзяржаўныя ўзнагароды.

Мне дзевяць гадоў. Мама рыхтуе абед і спявае народную песню. Седзячы ў другім пакоі, затаіўшы дыханне, слухаю. А потым па памяці перапісваю песню ў сшытак. Хвалюся маме, што запісаў яе песню, а мама і кажа: «У тваім запісе толькі два першыя радкі правільныя, а ўсё астатняе ты прыдумаў.» Так з’явіўся мой першы напісаны верш.

Мама з бацькам паехалі ў Гарадок. Вярнуліся позна. Сястры прывезлі ляльку, брату — вудачку, а мне — кніжку Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага»...

На вуліцы ноч. Мароз, завея. Аўтобус у вёску прыйшоў амаль на паўтары гадзіны пазней, чым трэба. Выходжу, а на прыпынку мама... Тэлефонны званок з вёскі. Паштальёнка маме прынесла запрашэнне ад Саюза жанчын прыехаць у Мінск у Палац Рэспублікі на ўрачыстае святкаванне Дня маці. І вось ужо я стаю на вакзале і чакаю аўтобус з Пугачоў. Аўтобус, як заўсёды, спазняецца, але мы яшчэ паспяваем з’ездзіць да мяне на кватэру, бо мама навезла ўнукам розных падарункаў. Заходзім у Палац Рэспублікі. Маму сустракаюць з букетам кветак. І я гляджу на сваю маму і на ўсіх маці, якія прыйшлі на свята, і бачу, якія яны ў нас падобныя. І я ганаруся сваёй мамай.

Аўтобус спыняецца. Выходжу. На прыпынку мама.

***

7.03.2016. У інтэрнэце натрапіў на інфармацыю пра выставу «Мінск сямідзясятых вачамі Уладзіміра Ткачова». Паглядзеў карціны. І пазнаў на іх будынкі завулка Дзімітрава, дзе я кватараваў з 1977 года па 1980. Напачатку каля года жыў у стрыечнай сястры Ніны, а потым у старых Мацвея Сцяпанавіча і Марыі Антонаўны Цяслёнкаў. У 1980 годзе пачаўся знос дамоў, і ўсім жыхарам далі новыя кватэры. Мае гаспадары пераехалі на вуліцу Герасіменкі ў дом нумар адзін. З імі паехаў і я. Памятаю, што ў Цяслёнкаў быў вялікі скураны фатэль, які дастаўся ім ад немцаў. Мацвей Сцяпанавіч любіў летам у ім сядзець каля дома і чытаць газеты і кніжкі. Неяк да старога падышоў незнаёмы мужчына і пачаў прасіць прадаць яму фатэль. Дзед доўга не хацеў пазбаўляцца любімай рэчы, але за пяцьдзясят рублёў прадаў. Фатэль быў цяжкі, і мне давялося дапамагаць незнаёмцу несці яго дахаты. Недалёка. Тут жа ў нашым раёне. Несучы фатэль, я пазнаёміўся з мужчынам. Як яго зваць — не памятаю, але запомнілася, што гэта быў мастак. Ён запісаў мне свой адрас і тэлефон майстэрні, казаў, каб прыходзіў у госці. На жаль, я ні разу да мастака не зайшоў, бо мы хутка атрымалі новую кватэру. Цяпер, разглядаючы карціны Уладзіміра Ткачова, я думаю, што трыццаць пяць гадоў таму я пазнаёміўся менавіта з ім.

***

8.03.2016. Яшчэ пятага сакавіка многія жанчыны і дзяўчаты вярталіся вечарам дахаты з кветкамі. Два выхадныя дні перад 8 Сакавіка для мяне прайшлі ў чаканні свята. Сёння ў кветках, якія прадаваліся, не было вялікай радасці. У іх была стома: «Калі ж нас хто-небудзь набудзе і падорыць?» Я набыў і падарыў. Цяпер яны, шчаслівыя, стаяць у вазе. Прыгожыя, як адзіныя, якім яны падораныя.

***

9.03.2016. Ідзеш туды, дзе цябе павінны чакаць. Прыходзіш. Нікога няма. Сам чакаеш: «Можа, яшчэ прыйдзе? Пачакаю хвілін пяць і пайду!» Мінае паўгадзіны, і ты сыходзіш з месца, дзе мусілі цябе чакаць, але атрымалася так, што ты чакаў. Ідзеш, і чым далей ад месца, дзе павінная была адбыцца сустрэча, тым усё больш хочаш вярнуцца і пераканацца, што там нікога няма.

То снег, то дождж. Зямля то белая, то чорная. І сумна табе і ад снегу, і ад дажджу. І ты глядзіш з акна, як з неба. І спускаешся на зямлю, каб адчуць яе пад нагамі. І ты ідзеш па зямлі праз снег і праз дождж і ўсміхаешся, бо зямля пад нагамі то белая, то чорная.

Прыгажосці замнога не бывае. Яна ці ёсць, ці яе няма. І нават у тым, што яе няма, ёсць свая прыгажосць, якую не ўсе адчуваюць, бо бачыць прыгажосць мала.

Таленавітаму чалавеку за талент можна дараваць толькі кепскі твор, які можа здарыцца ў любога таленавітага, а ўсё астатняе (хамства, п’янства і гэтаму падобнае) павінна ацэньвацца, як і ў чалавека звычайнага.

***

11.03.2016. З аўчаркай Міёнай гулялі на Мухлі. Высока-высока над намі праляцелі два кліны гусей. У першым было больш як дваццаць птушак, а ў другім каля сарака. І мы, задзёршы насы, глядзелі ў неба, слухаючы гусіныя крыкі пра вясну.

***

12.03.2016. Два дні таму на УоиТиЪе з’явіўся кліп гурта «Зялёнахвостыя» «Піва і свінінка», куды ўвайшлі і здымкі, што рабіліся ў нашай кватэры. У кадр трапілі Людміла, я і наша аўчарка Міёна. Сёння я паклікаў Міёну, каб падзівілася на сябе ў камп’ютары. Яна прыйшла, панюхала манітор, паглядзела кліп, задаволена гаўкнула і пайшла, віхляючы хвастом, да сябе ў пакой.

Чорны крумкач сядзіць на вершаліне яшчэ чорнага дрэва і глядзіць у неба, дзе лятуць, вяртаючыся дадому, гусі. Пра што крумкач думае? Пра вясну, пра анёлаў ці пра тутэйшых людзей, да якіх вяртаюцца гусі?

Ідзеш па вуліцы сярод людзей, якіх ты бачыш упершыню, і ёсць сто адсоткаў верагоднасці, што ты нікога з іх ужо ніколі не ўбачыш, як і яны цябе. Але яны будуць жыць у гэтым горадзе, хадзіць па гэтай вуліцы, на якую сёння ты трапіў выпадкова. І ўсё ж ты можаш з кімсьці з іх сустрэцца, гэтак жа, як і могуць супасці лічбы, што ты пазначыў на картцы «Спортлато», з тымі лічбамі, якія выпадуць падчас розыгрышу. Ты сёння зноў нічога не выйграў. Ты ідзеш па вуліцы сярод незнаёмых людзей, якія таксама, магчыма, сачылі за розыгрышам грошай у «Спортлато» і нічога не выйгралі. Ты ўсміхаешся і не баішся, што нехта падумае пра цябе: «Вар’ят нейкі!»

***

13.03.2016. Адбыўся з’езд кампазітараў, якіх у саюзе ў параўнанні з пісьменнікамі не так і шмат. У дзесяць разоў меней. Недзе чалавек 130. У БСК прымаюць толькі з вышэйшай музычнай адукацыяй. Кампазітары, як і пісьменнікі, таксама не спяць у шапку, а твораць і твораць. І ўсё роўна мы ведаем толькі тых, хто стаў вядомым гадоў дваццаць таму. Гэта чалавек дзе­сяць, а астатніх як і няма. Яны нібыта затаіліся, баючыся, што і ім можа быць пастаўленая задача стварыць сваю «Вайну і мір». З’езд прайшоў без шуму і тлуму. Старшынёй абраны Ігар Лучанок, які на гэтай пасадзе з 1980 года.

Прыснілася, што іду з Пугачоў у Мінск. Стаміўся. Раптам мяне даганяе грузавая вайсковая машына. Спыняецца. У кузаве сядзяць мае аднакурснікі з тэхнікума. Сашка Каляда кажа: «Садзіся! Падвязём да Мінска!» Я залажу ў кузаў. Там на скрынях сядзяць дзяўчаты і хлопцы. Усе вясёлыя. Пачынаю распытваць, адкуль яны едуць. Ніхто нічога не адказвае. Усе смяюцца. Машына псуецца. Я злажу з кузава на зямлю. Пытаюся ў мінака: «Колькі да Мінска кіламетраў засталося?» — «Дзвесце тысяч!» — кажа мужчына.

***

14.03.2016. Зіма белай павуцінай снегу хапаецца за чорную зямлю.

***

16.03.2016. У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што ў ЗША памёр Аляксандр Ясенін-Вольпін, вядомы савецкі дысідэнт, сын Сяргея Ясеніна і паэткі Надзеі Вольпін. У 1949 годзе ён быў змешчаны ў псіхіятрычную бальніцу за антысавецкія вершы. У 1965-м стаў ініцыятарам першай праваабарончай дэманстрацыі ў Маскве на Пушкінскай плошчы. У 1972 годзе ён эміграваў у ЗША. Аляксандр Ясенін-Вольпін быў вядомым матэматыкам і філосафам, аўтарам некалькіх фундаментальных работ у галіне матэматычнай логікі і тэорыі права. Пражыў 91 год. Пажыў за сябе і за бацьку.

***

16.03.2016. Сто гадоў чакання пенсіі.

***

17.03.2016. У кнігарні «Светач» з 12 да 17 гадзін прайшла акцыя «Сямейнае чытанне», у якой прынялі ўдзел пісьменнікі Алена Папова, Ганад Чарказян, Алесь Камоцкі, Дзмітрый Пятровіч і я. Мне і Пятровічу выпала выступаць з 14 да 16 гадзін. Людзей напачатку амаль не было — працоўны ж дзень, і да ўсяго абвестка пра нашу акцыю з’явілася на дзвярах кнігарні толькі ўчора. Калі спяваў Пятровіч, зайшоў мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. Пахадзіў-пахадзіў па кнігарні і, нічога не набыўшы, сфатаграфаваў нас, адзінокіх. Потым сабралася чалавек дзесяць слухачоў. Для іх мы і выступалі. Побач са мной сядзела маладая маці з дачкой гадоў шасці. Малая час ад часу прасіла набыць кніжку Пятровіча, які спяваў пад гітару. І маці кожны раз шаптала дзіцяці: «У нас грошай на кніжкі няма.» Кнігарню за нашы дзве гадзіны наведала чалавек трыццаць, і толькі адна жанчына, якая амаль гадзіну слухала мяне і Пятровіча, набыла кніжку, і гэтай кніжкай стала мая «Заўтра была адліга». Жанчыну звалі Г аліна Леанідаўна. Астатнія наогул выходзілі з кнігарні, як з кніжнага музея.

***

18.03.2016. У бібліятэцы імя Цёткі паэтычны тэатр «Арт.С» прадставіў паэтычна-міфалагічны праект «Сакральная Беларусь». Гэта была ўжо васямнаццатая імпрэза. Яна была прысвечаная сіняму колеру. Вядоўцы Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі давалі слова Віцы Трэнас, Алесю Емяльянаву, Таццяне Пратасевіч, Юрасю Пацюпу, Ірыне і Максіму Клімковічам. Я выступаў па ліку другім і, баючыся, што наш спектакль можа па часе хутка скончыцца (некалькі выступоўцаў прыхварэлі), прачытаў два вялікія вершы (звычайна адзін) — «Люты Рыгора Барадуліна» і «У сінім свеце». Распавядаючы пра Рыгора Іванавіча, згадаў, як прыносіў яму ў выдавецтва ў школьных сініх сшытках вершы, напісаныя сінім чарнілам на сініх лінейках. Калі ў Барадуліна сабралася маіх сшыткаў з дзясятак, ён паклікаў мяне дахаты, каб пагаварыць пра творы. Успрымаючы Рыгора Іванавіча як свайго настаўніка, я чакаў, што вершы мае будуць скрэсленыя чырвоным чарнілам, як гэта рабілі ў школе настаўнікі, але над многімі вершамі стаялі толькі сінія крыжыкі. Гэта азначала, што гэтыя творы Барадуліну спадабаліся. Пазней і я пачаў ставіць сінія крыжыкі або мінусы над чужымі творамі, якія даваліся мне на ацэнку.

Сіні колер для мяне — святы колер, бо ў яго былі пафарбаваныя дзверы царквы, у якую я ўпершыню ў пяць гадоў зайшоў з бабуляй Ганнай у Крывічах, дзе пахаваны мой дзед Міхась.

Зранку Максім праходзіў апошнюю вайсковую камісію. Калі я быў у Лагойску на выступленні ў дзіцячай бібліятэцы, сын патэлефанаваў і паведаміў, што ён па здароўі ў першай групе і цяпер яму свеціць ПДВ і спецназ. Распавядаючы пра свае перспектывы, Максім з аптымізмам сказаў: «Галоўнае — я здаровы!», а мне згадаліся радкі песні: «Каждый из них был в армии родной. Не отмазался никто, что у него там геморрой...»

***

19.03.2016. Дзесяць месяцаў мой бацька пражыў у Мінску на кватэры ў пятнаццаці хвілінах хады ад мяне. Кожны дзень я наведваў яго раніцай і пасля працы. Мінула тры з паловай гады, як бацька з той кватэры трапіў у ракаўскую бальніцу, дзе праз чатыры месяцы памёр на 82-м годзе жыцця. Бацькава мінскае жыллё было нешыкоўным. Двухпакаёвая кватэра на першым паверсе ў двухпавярховым доме, які ў той час ужо быў у гарадскіх планах на знос. Падлога даўно не фарбаваная, сцены абшарпаныя, белыя рамы ў вокнах пачарнелыя, патрэсканыя. Краны цякуць. Гарачай вады няма. Ацяпленне аўтаномнае, за якім трэба сачыць, каб не патух агонь у награвальніку. Гаспадыня за кватэру брала сто даляраў. За тым, як жыве кватарант, гаспадыня не сачыла. Словам, для нас былі больш-менш прыдатныя ўмовы для жыцця. Пасля таго, як бацька пакінуў кватэру, я ні разу не падыходзіў блізка да дома. Здалёк паглядаў пару разоў, і мне здавалася, што з акна, у якім няма святла, бацька глядзіць на мяне, чакаючы майго прыходу. І вось сёння я прыйшоў да знаёмых акон. Усе тры вокны занавешаныя. Вісяць нашы фіранкі, якія чапляла Людміла, калі бацьку сялілі ў кватэру. Ніякіх прыкмет, што там нехта цяпер жыве, няма. Я стаяў перад вокнамі хвілін пяць і слухаў бацькава дыханне, ягоны голас, ягонае сэрцабіццё. Старая прайшла паўз мяне, і я пачуў вецер і рып снегу пад нагамі старой, якая несла смецце ў чорным пакеце ў сметніцу, куды і я насіў ад бацькі такія ж пакеты.

***

20.03.2016. Апоўдні з Міёнай гуляў па Мухлі. Над намі было глыбокае сіняе неба, а навокал дрэвы, якія ўжо гатовыя выбухнуць зелянінай, і ўчарашні снег, праз які месцамі віднеюцца леташнія трава і апалае лісце. Раптам высока-высока пачуліся птушыныя крыкі. Гэта ў напрамку Прыбалтыкі ляцелі гусі. Іх было каля сотні. Пералётны ланцужок увесь час змяняў сваю форму

і, калі я сказаў Міёне, каб яна паглядзела на птушак, на нейкі момант ён быў падобны да сэрца. Аўчарка, зірнуўшы ў неба, гаўкнула і пабегла далей гуляць, а я сачыў за птушкамі, пакуль яны былі бачныя. І мне здавалася, што я гляджу на шырокую вясновую плынь, па якой плыве срэбны ланцужок князёўны з Вялікага Княства Літоўскага...

***

21.03.2016. Андрэй Федарэнка прынёс рукапіс новай кнігі. Невялікага аб’ёму. Аркушаў пяць. Падзяліліся жыццёвымі навінамі. Абмяняліся кнігамі. Андрэй падарыў «Сечку» з аўтографам («Дарагому сябру, Пісьменніку і Паэту з вялікіх літар, жывому класіку В. Шніпу з любоўю»), а я яму кнігу «Заўтра была адліга» з прыблізна такім жа подпісам, які ён зрабіў мне. На пытанне: «Што цяпер новага пішаш?» Андрэй адказаў: «Нічога! Вось аддаў вам у выдавецтва рукапіс і цяпер, можа, што і ствару на чыстым раскарчаваным месцы...»

***

21.03.2016. Сяджу ў пустой студэнцкай аўдыторыі. Падлога пясчанага колеру. Гэткія ж крэслы і сталы. Усё як з пяску. Не аўдыторыя, а нейкая тутэйшая Сахара.

***

22.03.2016. З інтэрнэта даведаўся, што 18 сакавіка памёр мастак Алег Маціевіч. З ім я пазнаёміўся гадоў трыццаць таму. Адразу пасябравалі. Сустракаліся ў мяне дома, у майстэрні Алега, хадзілі па вуліцах. Увесь час мастак планаваў намаляваць мяне з Людмілай. Нават паказваў чыстае палатно, на якім павінныя былі з’явіцца нашы партрэты. Гадоў дзесяць таму, 5 ліпеня, мы з Людмілай дамовіліся пайсці ў адну з кавярань паблізу з Нямігай, каб адзначыць дзень Людміліных народзін. Толькі сустрэліся каля «Гандлёвага дома на Нямізе», як тут жа напаткалі Алега Маціевіча, і нашы ранейшыя планы рассыпаліся. Зайшлі ў краму, купілі што трэба і пайшлі ў майстэрню да сябра. Пілі віно, чыталі вершы свае і сяброў. Маціевіч на паперы, што была пад рукой, зрабіў накід нашага будучага агульнага партрэта. Позна вечарам, развітваючыся, Алег падарыў Людміле гіпсавую пасмяротную маску Сяргея Ясеніна. Яна цяпер у нас вісіць на сцяне сярод карцін у зале. Кожны дзень, праходзячы міма маскі Ясеніна, я міжволі ўспамінаю паэта і мастака, і буду і надалей успамінаць.

***

23.03.2016. Максіму ў ваенкамаце сказалі, што яго забяруць 15 ці 16 траўня служыць у памежныя войскі.

***

23.03.2016. У Мінску з’явіўся Сяргей Вераціла. Сустрэліся на вуліцы каля нашага выдавецкага будынка. Ён размаўляў з Леанідам Мараковым, які хвілін дзесяць таму быў у мяне. Сяргей адгадаваў бараду. Цяпер ён з барадой і доўгімі валасамі стаў падобным да ваўкалака. Чамусьці згадаўся спявак Іван, які будзе прадстаўляць Беларусь на «Еўрабачанні». Здымкі доўгавалосага аголенага хлопца з ваўкамі нядаўна з’явіліся ў інтэрнэце. Спявак у такім выглядзе збіраецца выступаць на сцэне «Еўрабачання». Гледзячы на здымкі, я думаў пра вобраз ваўкалака, а ўчора даведаўся, што Іван будзе ў ролі Маўглі...

***

23.03.2016. Тэлефанаваў Алесь Квяткоўскі. Пачаў з сумнага: «Ці ведаеш, што Алег Маціевіч памёр?» — «Ведаю. А калі ён нарадзіўся?» — запытаўся я. — «30 чэрвеня 1949 года. Ён памёр, а маці засталася адна. Ёй 92 гады...» — адказаў Алесь.

***

24.03.2016. На ганку каля крамы, дзе прадаецца гарэлка, букет у сметніцы, як у вазе на пустым стале.

***

24.03.2016. Прыляцелі шпакі. Прыгожыя, як чорна-белыя фотаздымкі.

***

24.03.2016. Зімой поўня як проламка на замерзлай рацэ вечнасці, дзе цячэ залатая вада.

***

25.03.2016. Ранкам ездзіў у Нацыянальную бібліятэку. Прыехаў без пяці дзесяць. Думаў, што нікога не будзе. Ды не! Каля дзвярэй чалавек сорак чакалі часу, калі адчыніцца бібліятэка. Мяне гэта парадавала, бо адкрыцця крам у раёне, дзе жыву, звычайна чакаюць чалавек дзесяць, часам пятнаццаць.

***

25.03.2016. А палове сёмай раніцы, калі я выгульваў аўчарку Міёну, над горадам з боку Прыбалтыкі ў напрамку Магілёва праляцела сямнаццаць гусей. Увесь час пералётны ланцужок мяняўся. У нейкі момант у лёце птушак мне пабачылася хоку (5-7-5), але я не паспеў яго прачытаць. Магчыма, Міёна прачытала, але я не спытаўся ў яе, каб яна не падумала, што я непісьменны.

***

26.03.2016. Прачнуўся а чацвёртай гадзіне ночы. Радкі папрасіліся ў свет:

Паэтам не жывецца ў Занзібарах,

І вечнаю дарогаю дамоў

Яны на небе аб прыгожых марах,

Замест чарніла скарыстаўшы кроў,

Начамі пішуць, ды заместа слоў

Мы бачым зоры.

***

27.03.2016. Сонца — сланечнік, да якога Ван Гог не намаляваў пялёсткі.

***

28.03.2016. Колькі ні змагайся з ветраком, а ён усё роўна цябе пераможа. І ўсё ж прыйдзе час, калі ўжо не будзе цябе, вятрак сам разваліцца, таму ці варта змагацца з ветракамі, калі ёсць справы больш важныя.

***

28.03.2016. На азярыне, што на Мухлі, яшчэ ляжыць лёд. Па ім ходзяць чайкі. Каля паўсотні. Крычаць, нібы злуюцца, што лёд не хоча раставаць.

Я з аўчаркай Міёнай спыніўся на беразе. На лаўках вакол азярыны сядзяць людзі. І мне падалося, што лёд — гэта тэатральная сцэна, на якой неўзабаве пачнецца балет «Лебядзінае возера» ў выкананні чаек.

***

29.03.2016. Другі дзень на азярыне, што ў нас на Мухлі, сядзяць на лёдзе чайкі. Іх недзе каля сотні. Час ад часу яны ўзлятаюць над лёдам і крычаць, нібыта гукаюць вясну для азярыны.

***

29.03.2016. Ездзіў у Маладзечна. Міхась Казлоўскі арганізаваў для мяне выступы ў СШ № 9 і ў бібліятэцы № 6. Дабіраючыся па горадзе да школы, а потым да бібліятэкі, з Міхасём гаварылі пра цяперашняе нялёгкае фінансавае жыццё-быццё. Згадалі Ніла Гілевіча. Міхась нядаўна адведваў яго: «Выгляд у Ніла Сымонавіча быў вельмі кепскі. Такі, як у старых, якія хутка памруць.» У школе і ў бібліятэцы старшакласнікі ўважліва слухалі, задавалі пытанні. Разумныя дзеці. Аднак сумна, што яны мала чытаюць па-за школьнай праграмай. Амаль усе ў вольны час сядзяць у сеціве. Вершаў ніхто не піша. Міхась падарыў мне кнігу Пятра Сакола і Валянціны Казлоўскай «Выбраныя творы», якую ён з Сяргеем Панізнікам склаў і выдаў у «Кнігазборы». Вяртаючыся ў Мінск, чытаў прадмову «Паэты крывіцкай Атлантыды», напісаную Міхасём, і думаў пра Міхася: «Які ён малайчына! Нам бы паболей такіх, як ён!»

***

29.03.2016. Памёр Ніл Гілевіч.

***

29.03.2016. Паведамляю сыну: «Ніл Гілевіч памёр. Апошні народны паэт Беларусі.» Максім, праходзячы каля мяне, прыпыняецца і кажа, нібыта я народны: «А ты ж яшчэ жывеш?»

Падае Неба...

30.03.2016. Калі памёр Рыгор Барадулін, а потым Генадзь Бураўкін, было вельмі балюча і сумна, але ў душы гучалі словы: «Яшчэ ёсць Гілевіч!» А цяпер, калі не стала Ніла Сымонавіча, здаецца, што з хвіліны яго сыходу ў лепты свет пачало падаць беларускае літаратурнае Неба, якое доўгі час трымалася і на Быкаве, і на Барадуліне, і на Бураўкіне, і на Гілевічы. Неба падае на пакаленне пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў 40-я гады мінулага стагоддзя.

***

31.03.2016. Ездзіў у Аляхновічы ў бібліятэку, дзе выступаў перад старшакласнікамі. Выступ арганізаваў Міхась Казлоўскі. Ён мяне сустрэў на вакзале. Ідучы да бібліятэкі, згадвалі, як мы тут у маладосці бавілі час у старэйшых сяброў. Нікога не засталося. Ляжаць на могілках. Паслухаць мяне прыехаў дзядзька з Навасёлак. Ён набыў «Пугачоўскага цырульніка». Школьнікі задавалі пытанні, слухалі вершы і, калі я жартаваў, смяяліся. Назад з Міхасём да электрычкі ішлі праз дождж са снегам. Крыху вымаклі. Ранейшым часам узялі б пару пляшак і блыталіся б па Аляхновічах да апошняй электрычкі, а там, магчыма, і заначавалі б у былога настаўніка беларускай мовы і літаратуры, перакладчыка Яраслава Масеевіча Касцюка. Ён у свой час пераклаў з польскай мовы кнігу Аляксандры Бергман «Слова пра Браніслава Тарашкевіча». Толькі Яраслава Масеевіча даўно няма, і мы ўжо іншыя. Сеўшы ў электрычку, думаў дапрацаваць новы верш, але ў Дубравах зайшла ў паўпусты вагон прыгажуня гадоў дваццаці пяці і села насупраць мяне. Мае мазгі адключыліся да Масюкоўшчыны, дзе дзяўчына выйшла з электрычкі.

***

31.03.2016. Пазаўчора, едучы ў Маладзечна, бачыў лебедзяў, якія лёталі над азярынай. Нічога больш прыгожага з таго дня не памятаю. Зажмуруся — і бачу белых лебедзяў, якія лётаюць над вадой, як над небам.

Красавік

***

1.04.2016. Быў на пахаванні Ніла Гілевіча. І ў царкве, і на Кальварыйскіх могілках. «Вось яны, родныя дзеці Гілевіча!» — гучала ў маёй душы, калі я глядзеў на сотні людзей, што прыйшлі развітацца з народным Паэтам.

***

1.04.2016. Паэт Анатоль Шушко прыехаў на пахаванне Ніла Гілевіча з Пінска. У свой час Анатоль быў студэнтам Ніла Сымонавіча. Прымаючы экза­мен у першага курса, Гілевіч адразу задаў пытанне Шушко не па тэме білета: «Якія народныя песні вы ведаеце?» Анатоль назваў адну. «Праспявайце куплет!» — папрасіў выкладчык. Студэнт праспяваў. «Яшчэ адну назавіце!» Анатоль назваў. Зноў Гілевіч папрасіў паспяваць. Потым яшчэ раз давялося студэнту быць спеваком. «Стаўлю “выдатна”! Калі б вы пачалі спяваць “Касіў Ясь канюшыну”, якая гучыць з кожнага вакна, вам бы давялося пераздаваць экзамен!» — сказаў Ніл Гілевіч і аддаў студэнту залікоўку.

***

1.04.2016. З Алесем Бадаком, усклаўшы кветкі да труны Ніла Гілевіча ў Петрапаўлаўскім саборы, нейкі час пабылі сярод людзей. Потым Алесь паехаў па сваіх справах, а я — дахаты, дзе па «Радыё Свабода» глядзеў прамую трансляцыю з грамадзянскай паніхіды. У 14.45 паніхіда закончылася, і я пайшоў на Кальварыйскія могілкі. Ужо каля ста чалавек чакала Гілевіча. Адзін з маіх знаёмых пацікавіўся: «А дзе астатнія пісьменнікі?» Я патлумачыў яму, што быў дома і за ўсім сачыў па інтэрнэце, і хутка ўсе прыедуць. Праз хвілін дзесяць прывезлі Гілевіча. Сабралася чалавек трыста. Сустрэў роднага брата Ніла Гілевіча Міколу Сымонавіча, з якім мы доўгі час працавалі ў «ЛіМе» і даўным-даўно не бачыліся. Мікола Сымонавіч у свае 80 выглядае, па-мойму, гэтак жа, як і дваццаць гадоў таму, добра. «Я вельмі ўсцешаны тым, што прыйшло развітацца з Нілам столькі шмат народу. Людзі розных узростаў і розных палітычных поглядаў.» — сказаў Мікола Гіль і пайшоў да труны, а я некалькіх чалавек павёў да магілы Алеся Пісьмянкова, якую яны захацелі паглядзець. Якраз да Алеся прыйшла жонка Алена, і я дапамог ёй запаліць свечку. Казала, што Максім жаніўся. Дамоў вярнуўся а палове на шостую. У 19.10 раптам пайшоў снег, і ўся зямля стала белай-белай, як чысты шлях да Бога.

***

2.04.2016. На азярыне, што на Мухлі, лёд растаў, і чайкі перасталі крычаць. Сядзяць на вадзе, як пераможцы...

***

3.04.2016. Наведваючы з Людмілай яе маму, якая жыве на вуліцы Бірузова, нярэдка вяртаемся дахаты праз Кальварыйскія могілкі. І сёння наш шлях пралягаў каля магіл Вячаслава Адамчыка, Алеся Пісьмянкова і Ніла Гілевіча. Пастаялі, падумалі, паўспаміналі. Каля Ніла Сымонавіча, акрамя нас, прыпыняўся мужчына гадоў васьмідзесяці. Стаяў, зняўшы шапку, маліўся. Гледзячы на помнік жонкі Гілевіча, раптам звярнуў увагу, што яна звалася Нінай і што маці Адама Глобуса Ніна, і мая маці таксама Ніна. Нарадзіліся яны ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Цяпер, відаць, мала хто сваім дзецям дае такое прыгожае імя, як Ніна.

***

3.04.2016. На могілках вясна адчуваецца болей, чым дзе...

***

4.04.2016. На азярыне, якая вызвалілася ад лёду, хвалі. Яны як сляды часу, які ідзе па вадзе.

***

4.04.2016. Дома — гэта табе не ў гасцях. Тут самому трэба каву гатаваць і вяршкі з цукрам дадаваць...

***

4.04.2016. Голыя жанчыны як голая праўда...

***

4.04.2016. Вароны на дрэвах ладзяць гнёзды і крычаць, нібыта толькі гэтай вясной даведаліся, адкуль і куды ў дрэва галіны растуць.

***

4.04.2016. З кожным вясновым днём спадніцы на дзяўчатах карацеюць, як карацеюць ночы.

***

5.04.2016. Дзякуючы фотамайстру Васілю Кузьмічкіну і ягонай машыне, ездзіў у Валожын у краязнаўчы музей, дзе ўдзельнічаў у адкрыцці выставы «Балады беларускага шляху» (Балады Віктара Шніпа ў фотаздымках Міколы Лінніка). Мікола Міхайлавіч прадставіў сорак адзін здымак. Вялікі яму дзякуй за ўвагу да маіх твораў. Магчыма, некалі ўсё зробленае намі выдасца кнігай, а магчыма, і не. Пакуль што задума Міколы Міхайлавіча паспяхова ажыццяўляецца. Праўда, каб зрабіць фотаздымкі да ўсіх маіх балад, яму спатрэбіцца яшчэ не адзін год. Да пачатку імпрэзы было амаль паўгадзіны, і мне супрацоўнікі музея паказалі экспазіцыю. Яна не вельмі багатая, але ёсць што паглядзець. Большасць экспанатаў не выстаўленыя — няма грошай, каб усё аформіць, як патрэбна. На імпрэзу прыйшлі прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, настаўнікі і вучні з СШ №1, якую ў свой час закончыў спадар Мікола. Для мяне было нечаканасцю, што дзеці па памяці чыталі мае балады. Найбольш выразна і без памылак была прачытаная «Балада Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча». Шкада, што ў мяне ўжо даўно няма кнігі «Проза і паэзія агню», у якой змешчаная большая частка твораў з цыкла «Балады беларускага шляху», а то б падарыў дзяўчыне, ды і астатнім чытальнікам я вельмі ўдзячны за дэкламаванне маіх твораў. На жаль, па Валожыне не знайшлося вольнага часу пагуляць, але ў самім краязнаўчым музеі быў той Валожын і Валожыншчына, пра якія раней я не ведаў, і мне гэтага хапіла для добрага настрою, з якім я вяртаўся ў Мінск. Вакол дарогі мільгалі родныя краявіды, дзе мне час ад часу бачыліся постаці маіх вядомых землякоў, якіх ужо даўно няма з намі, а зробленае імі жыве і будзе жыць.

***

6.04.2016. Перад нашай машынай на перакрыжаванні вуліц праляцеў жоўты матыль, нібыта толькі што выляцеў са святлафора, калі загарэлася зялёнае святло...

***

6.04.2016. Першая ў гэтым годзе навальніца абудзіла ў маёй памяці вельмі даўнюю размову з бацькам. Я тады верыў у казкі. На вуліцы была навальніца. Як толькі загрымела паблізу, бацька сказаў: «Гэта Бог бочкі з вадой па небе качае». — «Адзін?» — запытаўся я, і пачуў: «Не! Яму дапамагаюць нашы дзяды, якія цяпер на небе жывуць!» І сёння, чуючы гром, я думаў пра бацьку, які дапамагае Богу качаць бочкі з вадой.

***

7.04.2016. Кожны дзень а палове на сёмую раніцы з Міёнай гуляю на Мухлі каля азярыны. На ёй ужо некалькі дзён як няма лёду. Плаваюць чайкі і качкі. Сёння на беразе з’явіўся рыбак. Сядзіць лысы на зэдліку, курыць і вачэй не зводзіць з паплаўка. Хацеў падысці, каб пацікавіцца, ці клюе, але перадумаў: «У чалавека, відаць, якраз цяпер натхненне на вялікую рыбіну!»

***

7.04.2016. У камп’ютары знайшоў папку з відэазапісам размовы з баць­кам. Запісана ў Пугачах у роднай хаце 24 ліпеня 2009 года.

Бацька распавядае: «...Рабі, Толя, чамаданы. Хлапцом прадавоў. Фанера там. Дошчак хватала. Было трыста чалавек заключонных. Нам трэба было дзяжурыць. Земснарады рабілі. Вада. Рыба была вялікая. Грузіны там былі. Адзін грузін, звалі яго Кацо, кажа мне: «Шніп (у арміі па фаміліі называлі), дапамажы рыбу чысціць». Налезла рыбы ў абручы. Іду на кухню, а мне там і кажуць, каб не лез я да грузінаў, бо мы самі цябе накормім...»

Пытанне: «У Пажарышчах куды пан Мароз дзеўся?»

Бацька: «У Вільні быў у аркестры».

Пытанне: «А пані з голаду памерла?»

Бацька: «Пані ў Радашкавічы забралі. Многа каго туды забралі. Юркоўскі такі быў. Забралі. Іх расстралялі. Хто з голаду памёр».

Пытанне: «Немцы расстралялі?»

Бацька: «Дзе там немцы! Нашы! У белых кажухох прыехалі і вечарам забралі».

Пытанне: «Гэта было ў 1939 годзе?»

Бацька: «Так! Ястрабкі мы іх называлі!»

Пытанне: «Граніца блізка была?»

Бацька: «Блізка. Там, за Дубровамі...»

Пытанне: «Раней тут Польшча была?»

Бацька: «Я быў у Польшчы».

Пытанне: «Па-польску гаварылі?»

Бацька: «Да касцёла трэба было ісці...»

Пытанне: «Тут гміны былі?»

Бацька: «Ракаўская гміна была. Солтыс быў. У яго было двое коней. А ён у Ракаў пяшком хадзіў».

Пытанне: «Кантрабандысты былі?»

Бацька: «Былі. У нас быў капітан. Харошы чалавек. Прыйшоў з Беластоку. У нас ашывоўся. Адзежа была чорная на ім. Харошая. У часох на сцяне ў нас схаваў равольвер. Пробаваў страляць. Харошы равольвер быў».

Бацька: «Быў час, калі нас палілі. Спалілі ўсю вёску. Была цэркаў. На гары там. Спалілі».

Пытанне: «Хто?»

Бацька: «Татары. У цэркаў загналі людзей і спалілі. Прадзед мой быў. Ён, малы, уцёк ад іх і ў Яніцкім лесе сядзеў і глядзеў, як яны над людзямі распраўляліся. Вёска была аж да Сасноўцаў. Могільнікі былі. Студню мы капалі Івану Фларыянавічу. Ён вучыцялем быў. Косці знайшлі...»

Бацька: «Была вучыцелька Гарбачоўская. Шустрая была баба. Дай, кажа, лапку. Дам. А яна па лапе як упяра лінейкай, аж халера бярэ. Яе потым у Вільню забралі. Яна была прыслана з Варшавы. Зачынская была. Гарбаценькая. Яны ўсе хацелі, каб мы ўсе па-польску гаварылі».

Пытанне: «Ці памятаеш Рагойшу? З Ракава. Вучыцялем быў?»

Бацька: «На адной назе круціўся».

Пытанне: «Як гэта?»

Бацька: «Не помню. Васілеўская была. Прысланая з Віцебска. Другой вучыцельніцы бацьку немцы павесілі, а матку застрэлілі. За сувязь з партызанамі. Я б многа расказаў, але многа пазабывоўся».

Пытаннне: «А дзе мой дзед служыў?»

Бацька: «Дзед у Варшаве служыў. Харунжы. А я ў войску быў старшым сяржантам. Забралі мяне ў Сталінград, а там трапіў у Омск. На Волгу».

Пытанне: «Помніш вайну?»

Бацька: «Помню. У нас нямецкія салдаты стаялі. Да нас прыходзілі салдаты нямецкія. Па-польску гаварылі. «Як вы папалі ў армію?» — пыталіся мы. А яны адказвалі: «Мы жылі на граніцы з Германіяй, і нас узялі ваяваць».

Пытанне: «Хто ў нас у паліцыі быў?»

Бацька: «Коля Міхалчышын. Насцін Валодзя. Рыдораў Віця. Колю . забілі ў Лялькаўшчыне. Нос, вушы паабразалі, язык вырвалі. Валодзя ўцёк. Не хочацца ўспамінаць...»

Бацька: «Быў Антон храмы. Прыдзе, усіх нас пастрыжэ. Добрыя людзі жылі ў Пугачах. Цяпер мала хто жывы застаўся...»

Бацька: «Я хадзіў да Мані, а яна выйшла замуж у Радашкавічы...»

Бацька: «Кальчэўскі быў. Любіў спяваць. Мы, бывае, косім, а ён спявае».

Бацька: «Бародзіча хацелі вучэцялем зрабіць, а ён не пайшоў. Граматны быў чалавек.»

Бацька: «Пад ложкам у нас была яма. Бульбу ссыпалі. Калі мы былі малыя, то неяк на ложку скакалі. Ложак зламаўся, і мы ў яму ўваліліся...»

Бацька: «У Баравікоўшчыне партызаны стаялі. Усяго там было. Як толькі ноч настане, ды ўжо і пачынаецца: «Бух! Бух! Бух!» Едуць. Хавайся хто можа...»

Бацька: «Прадалі карову. Купілі каня ў Маладэчыне...»

Бацька: «Я не хацеў ехаць у Лягезы ў сваты. У мяне тут дзевак хапала. Угаварылі. Цяпер вось маю цябе.»

Запіс размовы з бацькам — сорак хвілін. Слухаю, і слёз няма, каб плакаць...

***

7.04.2016. Прыснілася родная хата. У ёй жыве белы кот і ягоныя ўжо вялікія кацяняты. Я прыехаў з сям’ёй і прывёз ката. Думаў, што пачнецца каціная вайна, але белы кот, як гаспадар, налавіў птушак і пад ложак пасадзіў нашаму кату. Птушкі жывыя. Шэсць штук. Стаяць на тонкіх ножках і нікуды не ўцякаюць. Я ўзяў адну ў рукі. Птушка як цацка. На галаве валаскі белыя. Як дзьмухавец. Хацеў выпусціць птушку, але прачнуўся. Праз хвілін дзесяць зноў заснуў. Прыснілася гасцініца. Я з Людай прыйшоў начаваць. У пакоі два вялікія ложкі. Рассцеленыя. На адным нехта спіць. Мы леглі. Незнаёмец падаў голас, і я пазнаў Сашку Балотніка (суседа і аднакласніка). Слухаю яго і думаю: «Як ён можа тут быць, калі ён памёр даўно?» А Сашка кажа: «Я цяпер падарожнічаю па свеце. Вось толькі што быў у Берліне. Назбіраў там рознай драбязы. Магу падарыць!» — «Не! Не трэба! Мы самі ўсё купім!» — адказаў я і прачнуўся.

***

8.04.2016. Патрэбныя Міёне таблеткі ад кляшчоў. Ездзіў у ветэрынарную аптэку. Для яе вагі ўжо разабраныя. Купіў кроплі за 160 тысяч. Трэба было накапаць на хрыбеціну. Міёна вырывалася, нібыта мы яе сабраліся рэзаць. Дзеяння кропель хопіць на месяц.

***

8.04.2016. Ужо дзён дванаццаць як я ў адпачынку. Яшчэ тры — і на працу. За амаль два тыдні нічога, што мяне б самога радавала, не зрабіў. Праўда, дзякуючы Міхасю Казлоўскаму тры разы выступіў перад школьнікамі ў Маладзечне і ў Аляхновічах, а таксама з Міколам Ліннікам і Васілём Кузьмінічкіным быў у Валожыне ў краязнаўчым музеі на адкрыцці фотавыставы да маіх «Балад беларускага шляху». Адзін дзень быў на працы, адзін — на пахаванні Ніла Гілевіча. У асноўным выгульваў Міёну і гатаваў есці. Нават толкам не высыпаўся. Тэлевізар амаль не глядзеў, напісаў пару вершаў. Словам, біў лынды, калі не лічыць, што за дванаццаць дзён напісаў дванаццаць старонак дзённіка.

***

8.04.2016. Гледзячы праз акно на захмаранае неба, машынальна дакрануўся да ацяпляльнай батарэі. Халодная. Адключылі. Сёння? Учора? Жыццё працягваецца без ацяпляльных батарэй. Мы самі гарачыя...

Загрузка...