— Ён заўсёды мяне так апранаў.
Дрыжачай рукой Макар паспрабаваў запіхнуць трусы спачатку проста ў штаны, затым у кішэнь, потым папоўз на карачках па мяккім дыване, неадрыўна пазіраючы на ружовыя смочкі, што прабіваліся скрозь белую сетку станіка. З кожным ягоным рухам Данута ўсё болей і болей рассоўвала калені, і перад вачыма паўставала карціна, ад якой, здавалася, пацелі вочы і варушыліся валасы, прычым не толькі на галаве. Макар падпоўз да фатэля, з трапяткой пяшчотай пацалаваў абцягнутае панчохай калена, памкнуўся да панадных вуснаў, але Данута, перакрывіўшыся, схапіла яго за чупрыну і тыцнула носам у грудок імшыстых валасоў, якія дурманліва пахлі шампунем…
Праз гадзіну, адчыніўшы ўдарам нагі рассохлыя дзверы, Макар выйшаў з пад’езда і парывіста ўдыхнуў звінючага паветра. За гэтую гадзіну нічога навокал не змянілася — дзесьці на верхнім паверсе ўсё так жа фальшыва пілікаў гармонік, па сметніку блукалі тлустыя гракі, ад першага пад’езда ад’ехала машына — Макару нават падалося, што гэта быў Мішкаў уазік, — а над Азярышчанскім возерам падымаўся ўгору вечаровы туман. І ўсё ж такі штосьці змянілася ў свеце, штосьці ў ім адбылося. І Макар, яшчэ раз удыхнуўшы паветра, зразумеў: змянілася ягоная душа. Душа стала маладой і лёгкай, яна варушылася ў грудзях, падступала да горла, адчайна прасіла песні.
Перапоўнены пачуццямі, Макар капнуў нагой трусы, якія ён кагадзе шпурнуў у фортку і якія цяпер ляжалі пасярод ходніка, і, згадаўшы, як дрыжэла Данута, як роспачна схапіла яго за вушы і зморана застагнала, раскінуўшыся ў крэсле, здрыгануўся і ад макаўкі да пятак пакрыўся гусінай скурай.
Адразу ж уваччу паўстала іншая сцэна — калі Данута, вохнуўшы раз астатні, уперлася яму ў грудзіну каленам і рашуча прамовіла:
— Не трэба.
Данута прамовіла гэта ў той момант, калі ён, Макар, ужо спусціў штаны і сапрэлы дручок слізгануў па імшыстых валасах, і гэтыя два словы ўтаймавалі юр, і дручок, зачапіўшыся за карункавы пас, абмяк, і разам з ім абмякла — бязвольна і пакорліва — усё ягонае цела.
Дома ён доўга і бязмэтна блукаў па пакоі, потым доўга мыўся пад душам, спяваючы на поўны голас, нарэшце, плюхнуўся на канапу і паліў да позняй ночы, зачараванымі вачыма паглядаючы на шэрую столь.
Тае ночы ён не спаў, і толькі на золку, калі ў вокны ўбіўся няўтульны світанак, унурыўся — ці то ў сон, ці то ў паўсонную замарач; яму мроіліся нейкія страшныя патарочы, увушшу звінелі нечыя галасы, і недзе на доле, у недасяжнай далечыні, ляжалі, спавітыя ранішнім сном, дзве размытыя плямы. Адна, вялікая, была Чорным морам, другая, меншая — Азоўскім. Плямы цьмяна блішчэлі, вабілі і ўадначас пужалі сваім халодна-ртутным бляскам, з кожным імгненнем яны павялічваліся ў памерах, і Макар, за хвілю да таго, як плюхнуцца ў марскія хвалі, прачнуўся.
Сонца ўжо грэла пятку, на гадзінніку была палова на восьмую, а за сценкай, як заўсёды такім часам, стрымана лаяліся суседзі.
Макар падхапіўся з ложка.
— Праспаў, халера! — вырвалася з самлелых грудзей, і левая нага патрапіла, як заўсёды, у правую калошу.
Праз дзесяць хвілін ён ужо ціснуў званок Дануцінай кватэры, і старая порхаўка, рыпнуўшы завесай, прамовіла ў спіну:
— У санаторыю з’ехала… на машыне… з мужыком нейкім.
Порхаўка зашамкала штосьці пра блудлівых мужыкоў, а Макар налёг ілбом на вушак, скрыгатнуў зубамі і застагнаў, ды з такім адчаем, што старая перахрысцілася і спалохана прычыніла дзверы.
* * *
— Сядайце, таварыш Мурленя. Вы нас не пераканалі. — Першы ляпнуў рукой па стале, а калі спорткамітэтчык стаў казаць штосьці ў сваё апраўданне, ляпнуў яшчэ раз, ды так, што ўсе аціхлі, і пранізлівую цішыню неабачліва парушыў чмель. Ён ізноў уляцеў у залу, скрыжаваўшы на сабе асавелыя позіркі раённых актывістаў.
— Ці той гэта? — суцішна запытаўся Мішка Мандрык, і тут жа, зірнуўшы на ўскудлачаную галаву Фаіны Сцефурак, вакол якой наразаў колы гудлівы свавольнік, з палёгкай прашаптаў: — Той самы.
Стрэлкі гадзінніка між тым канчаткова абвіслі, паказваючы палову на сёмую. Якраз гэтай хвілінай сімферопальскі хуткі спыняўся на станцыі Азярышча. Макар зыркнуў на райкамаўскі гадзіннік, потым на свае «камандзірскія», асуджана вохнуў і расшпіліў яшчэ адзін гузік на кашулі.
Апошнія тры дні даліся Макару ў знакі: ён пазбыўся сну, зблажэў з твару, і жыццё ягонае ператварылася ў суцэльны кашмар. Апанаваны мазахісцкімі мроямі, ён уяўляў, як Данута мілуецца на марскім беразе са старымі армянамі, уяўляў, як яе загарэлыя, абцягнутыя белымі панчохамі калені лашчаць нечыя валасатыя лапы, і ад тых мрояў рабілася млосна, кроплі халоднага поту беглі па драбах, і Макар у адчаі прагнуў лізнуць перасмяглым языком высокае неба.
Зрэшты, неба ён так і не лізнуў, але затое дастаў адрас санаторыя, у якім адпачывала Данута. Два дні круціўся ў райкамаўскай прыёмнай, а на трэці дзень, паклаўшы на край Марынінага стала размяклую шакаладку, пачуў:
— У Місхоры яна. Санаторый «Советская Белоруссия».
Зачыніўшыся ў кабінеце, ён да самага вечара круціў тэлефонны дыск, спрабуючы злучыцца з Місхорам, потым нейкім дзіўным чынам апынуўся ў «Каліне краснай», напіўся там, як павук, і проці ночы выправіўся на чыгуначную станцыю.
Наступным ранкам, раздзёршы павекі, ён угледзеў у вагонным акне жаўтлявы будынак з шыльдаю «Дно», утрапёна міргнуў вачыма і скаціўся з паліцы.
Ранак быў халодным. Вецер шкуматаў кашулю, ганяў па лобе пасму валасоў, казытліва пералічваў драбы, але Макар не адчуваў холаду. Стоячы на платформе, з пакамечаным рублём у кішэні, ён паспрабаваў уцяміць: як патрапіў на цягнік і чаму паехаў на поўнач, калі Місхор знаходзіцца на поўдні, і, нічога не ўцяміўшы, пайшоў шукаць рэдакцыю мясцовай газеты, каб пазычыць у калегаў грошай на адваротную дарогу.
Наогул, апошні месяц, пачынаючы ад векапомнай п’янкі на загараднай базе, Макару стала не толькі адбіваць памяць, але і пачала мроіцца розная лухта. Засынаючы, ён чуў Дануцін смех, Данута прыходзіла да яго ў снах; ён, укленчаны, кранаўся гладкага калена і, узняўшы вочы, з жахам бачыў, што перад ім не Данута, а страхамордлівая ведзьма. Раніцою, з пахмелля, ён чуў мармытанне, якое далятала з вадазліўнага бачка, а ўдзень яго часцяком ахопліваў жах, і ў такія хвілі яму карцела выкінуцца ў акно альбо гваздануць бутэлькай па галаве небараку Хаміцкага. Вось і цяпер, пачуўшы вантробны голас Тарзана Пятровіча Куксёнка, якога сталі прабіраць следам да Мурленем, Макар памкнуўся гваздануць дырэктара прамкамбіната графінам па галаве, але, адумаўшыся, скрыгатнуў зубамі і — нечакана для сябе самога — рушыў да выхаду. Ля самых дзвярэй за ім увязалася чмяліна, а яшчэ праз хвіліну з залы каціным крокам выйшаў Мандрык.
Што б там ні казалі паэты-песеннікі, а каханне — страшная рэч. Тлуміць, кроіць сэрца, а парой папросту нішчыць людзей. І якіх людзей! Можна налічыць не адзін дзясятак славутасцяў, якія, зазнаўшы няшчаснага кахання, засіліліся, атруціліся альбо, як талстоўская Ганна, кінуліся пад колы цягніка. Скажам таксама, што і аўтар гэтага аповеду зведаў свойчас мілоснае ачмурэнне, а таму, апісваючы пакуты свайго героя, працяўся да яго шчыраю спагадай.
Ну сапраўды, ці можна было не паспачуваць герою, апісваючы, як той даставаў з рэдакцыйнай шафы ружы, якія тры дні прастаялі ў слоіку з-пад гарчыцы, а ружы аказаліся прывялымі; ці ж можна было не хвалявацца, апісваючы, як герой ішоў, пасля доўгай разлукі, на сустрэчу са сваёй каханай, і ці можна было не мацюкнуцца, згадаўшы старую порхаўку, якая сядзела ля пад’езда? І, падумаўшы, аўтар выкінуў гэтыя сцэны з аповеду, каб не надаваць твору залішняй шчымлівасці і не засмечваць яго нецэнзурнай лаянкай.
— Прыехала. Гадзіну таму, — паведаміла порхаўка, калі Макар падышоў да пад’езда.
Навіна напоўніла душу яшчэ большым неспакоем. Зрабіўшы выгляд, што нічога не чуе і не бачыць, Макар выцягнуў з газетнага скрутку прывялыя ружы, увабраў галаву ў плечы, нясмела пераступіў парог.
Гэтым разам ён адразу ж пазваніў, і ў той жа міг, як званок аціх, сэрца ягонае спынілася. Магчыма, калі б гаспадыня кватэры забавілася і не адразу адчыніла, Макар бы тут, ля дзвярэй, і памёр, але, на шчасце, за дзвярыма рыпнула падлога, кляцнуў замок і на парозе паўстала яна… Данута. Сэрца балюча сцялася і затахкала з такім імпэтам, што ў Макара закружылася галава і кветкі, якія трымаў за спінаю, выслізнулі з самлелых пальцаў.
Ён стаяў, баячыся зірнуць на Дануту, а калі, нарэшце, зірнуў, дык сэрца ягонае зноўку спынілася. На загарэлым Дануціным твары, дакладней, у куточках пульхнатых губ, блукала грэблівая ўсмешка. Акурат такая ж усмешка блукала на вуснах Фаіны Сцефурак, калі тая выганяла з залы гудлівага чмяля.
— Не прыходзьце сюды, — сказала, як адсекла, гаспадыня кватэры і, прычыняючы дзверы, дадала: — І не званіце.
Хвілін дзесяць, не меней, стаяў Макар перад дзвярыма і ачомаўся толькі тады, калі пачуліся шаргатлівыя крокі. Ён падняў з-пад ног букецік, бліснуў слязлівым вокам і, збягаючы па сходах, усунуў прывялыя кветкі знаёмай бабулі.
Невядома, куды б кінуўся Макар і што б ён стаў рабіць, калі б не наляцеў у дзвярах пад’езда на шырокую спіну Мішкі Мандрыка. Мішка стаяў на парозе і смаліў папяросу.
Іншым днём ды іншым часам Макар здзівіўся б такой сустрэчы, але цяпер, асавела глянуўшы па баках, ён адно толькі мыкнуў ды рассунуў два пальцы, просячы ў сябра папяросіну. Не дачакаўшыся, пакуль Мішка вытрасе з пачка беламорыну, Макар яшчэ раз мыкнуў і няпэўнай хадою пайшоў сваёй дарогаю.
— Макар, што з табой? Дзе ты быў? — голас сябрукоў прагучаў глуха, усё адно як з нейкай бездані.
Мандрык схапіў яго за пінжак, паклаў на каршэнь сваю вузлаватую, упрыгожаную сіняй катвігай руку, зазірнуў у самыя вочы, і ў Макара адлягло ад сэрца.
Потым была «Каліна»: шалёная п’янка, песні, гарачыя румзы на сябруковым плячы, нарэшце тэлефонны званок з рэстараннай кухні, дакорлівыя Дануціны словы: «Ну я ж прасіла…», якія прыглушала сквірчэнне секунцоў на патэльні… Потым былі скокі да поўнай зморы, цьмянае святло ліхтароў, брэх сабак у Зарэччы і сіплыя Мішкавы мацюгі ля вуха: «Ды куды ты, йоп!.. Далася табе гэтая лярва».
Ноччу ён спаў на падлозе, не распрануўшыся, у сне яму мроіўся Дануцін смех уперамешку з Мішкавымі мацюкамі, мроілася чмялінае зумканне, сквірчэнне секунцоў на патэльні; ён ізноўку падаў у Чорнае мора, а за хвілю да таго, як плюхнуцца ў цёмныя хвалі, дрыгануў нагой і з цяжкасцю размежыў павекі.
Тыя, каму даводзілася прачынацца на падлозе ўласнай кватэры, звычайна адразу ж ішлі на кухню, выпівалі нагбом паўчайніка і, завітаўшы ў прыбіральню, з воклікам: «Ой, бля-а…»— валіліся на канапу. Макар, аднак, не пайшоў на кухню — ён наогул не мог нікуды пайсці, бо не даваў рады падняцца на ногі. Пусціўшы густую сліну і прыклаўшы далонь да пабітага лоба — пабіў надоечы аб дзвярны вушак, — герой аповеду папоўз да тэлефона.
Палец ніяк не патрапляў у дзіркі тэлефоннага дыску, і патрэбны нумар прыйшлося набіраць пяць разоў запар. Была шостая гадзіна раніцы, таму ў слухаўцы доўга спявалі гудкі, чулася мернае рыпенне, падобнае на рыпенне старых спружынаў у ложку, нарэшце гудкі абарваліся і на другім канцы дроту прыспана азвалася Данута.
— Станіслава Данутаўна, — блытана прасіпеў Макар, кашлянуў, каб прачысціць глотку, і тая, да каго ён звяртаўся, скаланула мембрану страшным воклічам:
— Забудзь мой нумар, жывёліна!
Слухаўка азвалася кароткімі гудкамі, выпала з рукі, матлянулася на вітым шнуры, паўтараючы сцэну са шпіёнскіх фільмаў.
А палове на дзясятую Макар прыйшоў у рэдакцыю і перш-наперш зазірнуў у кабінет адказнага сакратара.
Хаміцкі — мужык цёрты, цынічны, які зжыў са свету трох жонак, але і той, пабачыўшы шэфа, спалохана адхінуўся, і ў пашыраных зрэнках ягоных мільганула неспакойная думка: «Вось што робіць з чалавекам каханне!»
На шэфа было страшна глядзець: твар меў зялёнае адценне, валасы ўскудлачаны, на лобе наліваўся сінечай аграмадны гузак, а вочы звузіліся, і цяжка было зразумець — на каго яны глядзяць: на яго, Хаміцкага, ці на брэжнеўскі партрэт, які вісеў на сцяне.
— Ну, як тут? — запытаўся шэф не сваім голасам, і адказны сакратар няўцямна перасмыкнуў плячыма.
Шэфава рука палезла ў кішэнь, кінула на стол скамечаны трульнік, затым храбусткі рубель — усё, што засталося ад аванса, — і адказны сакратар, без слоў зразумеўшы, што да чаго, схапіў грошы і выбег у калідор.
Калі б Макару прапанавалі адарваць палец, сесці на вогнішча альбо выдаліць пару здаровых зубоў, а наўзамен паабяцалі патушыць агонь, які палаў у душы, ён бы без ваганняў пагадзіўся. Але ж ніхто нічога не прапаноўваў, душа гарэла сінім полымем, і Макар не знаходзіў сабе месца. Ён мерыў кабінет нервовым крокам, — хадзіў ад шафы да акна і наадварот, — потым стаў хадзіць вакол стала, пару разоў парываўся некуды пазваніць, але, падняўшы слухаўку, ізноў кідаў на вагар, а адчуўшы лёгкае ўдушша, падцягнуў непадатныя аканіцы і адчыніў акно.
Мядовы ветрык крануўся лоба, на кароткае імгненне разагнаў пякельныя думкі. Макар заплюшчыў павекі, удыхнуў пахі летняга дня, а калі зірнуў на свет, дык убачыў пляшку гарэлкі ў руках адказнага сакратара.
— У Будулая ўзяў, — паведаміў Хаміцкі і, у спадзеўцы атрымаць свае сто грамаў, праглынуў няпрошаную сліну.
Гарэлку ў Азярышчы, з прычыны ўборачнай кампаніі, давалі толькі ў рэстаране, і ад ранку, калі рэстаран быў на замку, даводзілася бегаць да цыганоў, што жылі ў Зарэччы.
— Давай! — незадаволена выдыхнуў Макар, стомлена ўздыхнуў і стаў лічыць працяглыя Сазонавы глыкі.
…Гарэлка апаліла паднябенне, з натугай прайшла ў нутро. Макар скрывіўся, адрыгнуў, зноў прыклаўся да рыльца, і ў гэты момант на рэдакцыйны падворак выехала, бліснуўшы бамперам, шэрая «Волга». Машына спынілася пасярод двара, каротка газанула, і з яе выйшлі двое: нейкі міліцэйскі чын і сакратар абкама Калупайка.
Прыгнуўшы галаву, Макар выбег у калідор, мерачыся даць дзёру праз заднія дзверы, але згадаўшы, што тыя зачынены, вярнуўся ў кабінет, прыхапіў са стала недапітую пляшку і з грукатам уваліўся ў шафу.
— Ну, хто тут ёсць? — пачуўся неўзабаве прыглушаны Калупайкаў голас, і пад шафаю рыпнулі масніцы.
Разважаючы на добры лад, можна было меркаваць, што Калупайка зазірне ў пусты кабінет дый сыдзе з рэдакцыі. Але ж рыпенне маснічын засведчыла іншае: сакратар абкама сыходзіць не надта спяшаўся.
Макар паміргаў у цямноцці, прыпаў левым вокам да замочнай шчыліны і ўбачыў Калупайку, які набліжаўся да шафы. Сэрца ёкнула, Макар адхінуўся ад шчыліны, стукнуўся патыліцай аб заднюю фанерыну і ад страху перастаў дыхаць. Не дыхаў ён хвіліны тры, а калі зноў прыпаў да шчыліны, Калупайка ўжо сядзеў у крэсле і з лагоднай усмешкай на твары накручваў тэлефонны дыск.
Голас Калупайкавы гучаў глуха, невыразна, і асобныя словы нават цяжка было разабраць.
— Нам трэба пагаманіць, — стоена казаў сакратар і нават тут, унутры фанернай шафы, было чутна, што сакратар хваляваўся.
Калупайка кашлянуў, са стогнам уздыхнуў і пасля паўзы прамовіў:
— Ну добра, не жадаеце размаўляць са мной асабіста, давядзецца размаўляць з кіраўніком абласнога камітэта партыі. Карацей, я высылаю «Волгу».
Макар бачыў праз шчыліну, як Калупайка падышоў да вакна, махнуў рукой, і на падворку парывіста загула машына.
Потым госць стаў хадзіць па кабінеце, запусціўшы рукі ў штаны і штосьці там перабіраючы, і Макар, падгледзеўшы гэта, скрывіўся і прыпаў вуснамі да пляшкі.
«Волга» вярнулася надта хутка, але галава паспела захмялець, замочная шчыліна плыла перад вачыма і даводзілася штохвілі міргаць, каб яна не сплыла канчаткова.
На калідоры зацюкалі жаночыя туфлікі. Макар прыпаў да рыльца, потым да шчыліны і ўраз працверазеў: у кабінет увайшла Данута. Увайшла рашуча, грацыёзна, пераблытаўшы думкі ў галаве і чарговым разам перацяўшы дыханне.
Данута села ў крэсла, і ў шчыліне сталі бачны толькі частка загарэлай рукі ды мысок лакіраванага туфліка.
Калупайка штосьці сказаў — словы гэтыя праляцелі міма вушэй, — а вось Дануціна фраза: «Жонцы паспавядайся!» — казытнула не толькі слых, але і душу.
— Дана, ну як ты не разумееш, — прамармытаў Калупайка, абхапіўшы рукамі галаву. — Развод для мяне — гэта канец кар’еры. Ты гэтага хочаш?
— Я ўжо нічога не хачу, — адгукнулася Данута, і з відавоку зніклі адразу і рука, і мысок лакіраванага туфліка.
— Твае выбрыкі проста здзіўляюць, — сакратар абкама шаргануў нагой па падлозе. — Тады, на «Качыным востраве»… — У гэтым месцы сакратар уздыхнуў: — «Пакахаю першага, хто ўваліцца ў залу…» Ну, павісла ты на гэтым п’яным ёлупні. І што? Думала, я пабягу тапіцца?
Пачуўшы пра «Качыны востраў», Макар тузануўся, бухнуў азадкам у заднюю сценку і замёр без духу.
— Э-эх, Данка! — вырвалася з сакратарскай глоткі, і Макар ізноў зірнуў у шчыліну. — Няўжо ж я цябе тут пакіну?
Калупайка дастаў з кішэні нейкую паперку, пачаў чытаць:
— Вуліца Савецкая, 45 А… Трыццаць шэсць квадратаў, санвузел раз’яднаны… — У гэты міг Дануціна рука пацягнулася па паперкі, а Калупайка, схапіўшы Дануту за пальцы, юрліва гукнуў: — Спачатку пацалунак!
І тут надарылася неверагоднае: Данута падхапілася з крэсла і спрытна ўселася на Калупайкавых каленях.
— Ну ты хоць яму аддалася? — пралепятаў сакратар, цалуючы аголены Дануччын плячук.
— Вось яшчэ! — фыркнула Данута, чытаючы паперку, а Калупайка, пасля роспачнага ўздыху, прамовіў: — Ну як жа… гэты ёлупень у цябе цэлых дзве гадзіны адседзеў.
Данута паспрабавала злезці з каленяў, але сакратар надзейна абхапіў яе за сцёгны.
— Гэта табе Мандрык сказаў, шпіён твой?
— Ну, не злуй, — Калупайка прымірэнча перавёў дых, — я гэтага п’янтоса хачу ў Маскву паслаць, у Акадэмію грамадскіх навук.
Валасатая рука накрыла абцягнутае белай панчохай калена, паткнулася пад спадніцу, і ўсё патанула ў тумане. Макар ліхаманкава працёр вочы, і ў галаве ягонай замітусіліся, шукаючы выхаду, абрыўкі фраз: «Павісла на ёлупні… Мандрык… шпіён твой…» Галаве стала горача, цела скаланулі дрыжыкі, ён рассунуў палавінкі дзвярэй і ўбачыў, што з Калупайкам цалуецца не Данута, а нейкая страхамордлівая карга.
— Ведзьма, — прашапталі сасмяглыя вусны, лёгкія ўвабралі паветра, і Макар, выкуліўшыся з шафы, страшным голасам загарлаў: — С-сука!
Жаночы віскат зліўся з рэхам гэтага крыку, перад вачыма мільганулі задзёртая спадніца, расшпілены прарэх і шэрыя мужчынскія туфлі. Туфлі затупалі па падлозе, узняліся ў паветра, імкнучыся да адчыненага акна; Макар ухапіўся рукамі за левую туфліну і пачуў звон разбітага шкла, мацюкі і трэск штыкецін пад вокнамі.
Ён з цяжкасцю падняўся на ногі, перакінуў з рукі ў руку сакратарскі абутак, а згледзеўшы на падворку міліцэйскага палкоўніка, памкнуўся зноў залезці ў шафу. Па дарозе наступіў на пляшку, падскочыў, спалохана паглядзеў сабе пад ногі. Недапітая гарэлка разлілася па падлозе, дакладна паўтарыўшы абрысы Азоўскага мора.
— Ён там, у рэдакцыі, — даляцеў з падворка плаксівы голас, і па правай назе паплыло мяккае і пяшчотнае цяпло. Яно плыло ўсё ніжэй і ніжэй, аж пакуль пад нагою не пачала расцякацца цёмная пляма. Пляма расла ва ўсе бакі і неўзабаве стала нагадваць па форме Чорнае мора. І вось, калі ў калідоры цяжка затупалі, а пад вокнамі жаласна заенчылі, дзве плямы зліліся, адкрыўшы вачам бязмежны прастор, і схаладнелае сэрца парывістым біццём вітала сутокі стыхій.
Мішка Чобат
Калі я вучыўся ў інстытуце… не буду казаць, у якім, быў у мяне сябар — Мішка Чобат. Займаліся мы з ім у адной групе, і Мішка той быў добрым знаўцам класічнай расейскай літаратуры. Аднойчы нават выйшаў пераможцам конкурсу мясцовых пушкіністаў. Меў ён са сваіх ведаў і сякую-такую капейчыну: кожнага году, у траўні, пісаў на замову творапісы для школьных іспытаў. Пачыналіся яны так: «Аповесць Мікалая Васілевіча Гогаля “Шынель” згуляла вялікую ролю ў развіцці прыгожага пісьменства». Назвы твораў і аўтары, вядома ж, вар’іраваліся. У наступным сказе Мішка згадваў якога-небудзь літаратурнага аўтарытэта. Скажам, у выпадку з памянёным аповедам цытаваліся словы Хведара Дастоеўскага. Ну, гэтыя: «Усе мы выйшлі з гогалеўскага “Шыняля”. Калі-нікалі Мішка даваў пачытаць свае опусы («Зірні, можа памылкі ўбачыш»), і калі я іх чытаў — не ведаю нават, з якой прычыны, — у душы гучалі песні. Прачытаю, fоr exаmple, словы Дастоеўскага, і ўвушшу гучыць рэвалюцыйны марш: «Вышли мы все из “Шинели”, дети семьи трудовой…» І пры гэтым да мужных мужчынскіх галасоў абавязкова далучаўся высокі бабін фальцэт.
Мне найбольш запомніўся творапіс па гогалеўскім «Шынялі», таму яго і згадваю. Надта шчымліва апісаў сябрук галоўнага героя — Акакія Акакіевіча. Прыніжанага і зацкаванага чалавека, які сядзеў доўгімі вечарамі ў цемры, бо эканоміў на свечках. І ўсё дзеля таго, каб набыць сабе прыстойнае адзенне. «Вось ён, свет сацыяльнай няроўнасці і несправядлівасці!» — з пафасам гукаў пры канцы творапісу Мішка Чобат, гарантуючы тым, хто здолеў перапісаць тэкст без арфаграфічных памылак, пяцёрку на выпускных іспытах.
Між тым, як і ў гогалеўскага героя, які марыў пашыць сабе форменны шынель, была ў Мішкі свая мара: набыць фірмовыя джынсы. На календары быў пачатак сямідзясятых. Джынсы тады каштавалі вялікіх грошай, дый набыць іх можна было толькі ў партовых гарадах, праз надзейных знаёмцаў. І хаця ў Мішкі лішніх грошай ніколі не вялося, мара набыць мадняцкую абнову не адпускала, незаўважна ператварыўшыся ў сэнс жыцця. Атабарылася яна, мара, у Мішкавай душы не проста так. На другім курсе сябрук закахаўся. І не абы ў каго, а ў Ленку Перэльцвайг, лабарантку з факультэта прыродазнаўства. На яе ў нас многія казелілі вокам. Ленчынаму бацьку, галоўнаму рэжысёру тэатра, выпала неяк паехаць на гастролі за мяжу, адкуль ён прывёз дачцэ блакітныя «левайсы». У гэтых «левайсах» Ленка і гойсала па інстытуцкіх калідорах, факусіруючы на сваіх пакручастых клубах захопленыя позіркі не толькі студэнтаў, але і маладых выкладчыкаў. Не дзіва, што Мішку апанавала ідэя зраўняцца з Ленкай, як цяпер кажуць, у прыкідзе, і ў сваіх зманлівых лятунках ён бачыў сябе ў джынсах, у стракатай югаслаўскай кашулі і з цыгарэтай «Кент» у зубах.
На трэцім курсе, у верасні, наш курс выправілі «на бульбу». Завезлі далёка — аж у Глыбоцкі раён. Удзень мы завіхаліся на бульбяных палетках, а ўвечары ладзілі ў вясковым клубе танцы ды біліся з тамтэйшымі мальцамі. Жылі мы з Мішкам у хаце дзядзькі Юзіка. Дзядзька, дарэчы, быў жывым увасабленнем гогалеўскага Башмачкіна: такі ж нізенькі, рабаціністы, з невялічкім плехам, але не на лобе, а на патыліцы, і з тым колерам твару, які Гогаль трапна назваў гемараідальным.
Дзядзька Юзік жыў бабылём, ад самага ранку хадзіў на падпітку і любіў пагаманіць з намі, студэнтамі. Гаманіць ён мог пра што заўгодна, але ўлюбёнымі тэмамі былі: 1) як пагана жыць у калгасе і 2) якое файнае жыццё ў Амерыцы. Яму, вясковаму гаваруну, пашчасціла пабываць у Штатах! Мы спачатку не далі таму веры, але потым, пабачыўшы каляровыя фотаздымкі, на якіх наш суразмоўца — паголены, у фасоністым пінжаку — стаяў на тле нью-ёркскіх небасягаў, зірнулі на дзядзьку Юзіка з захапленнем і павагаю. У Нью-Ёрку жыў ягоны старэйшы брат. Паехаў перад самай вайной на заробкі ў Аргенціну, потым перабраўся ў Амерыку ды там і застаўся.
— Кожны год, на польскія каляды, пасылку прысылае, — плаксіва-падпітым голасам казаў дзядзька Юзік і махаў рукой.
Гаспадар наш уставаў а пятай гадзіне. Доўга, са здушанымі воклічамі, мыўся пад рукамыйнікам, піў на кухні гарбату і выпраўляўся парадкаваць гаспадарку. Абуджаныя дзядзькавай валтузнёй, мы зябка падцягвалі ногі да чэрава і ляжалі з заплюшчанымі вачыма. Такім часам заўсёды карцела пазбыцца лішняй вільгаці, ды лянота была ўставаць. Першым звычайна не вытрымліваў сябрук: выбягаў з хаты ў адных трусах ды майцы.
Выбег ён і тым ранкам. Я, як заўсёды, накрыўся коўдрай з галавой і наструнена чакаў калі рыпнуць дзверы: пасля Мішкі быў мой чарод падавацца на двор. Праз пару хвілін сябар звычайна вяртаўся. Аднак гэтым разам прайшло ладна часу, я ўжо стаў задыхацца без свежага паветра, і, вылезшы з-пад коўдры, падбег да акна.
Тое, што пабачыў, мяне, прызнацца, уразіла. Гаспадар наш раскідваў сахаром гной на лехах, а за ім — на цырлах, пацепваючыся ад халадэчы, — чыкіляў Мішка Чобат.
Я спехам, не патрапляючы нагой у калашыну, апрануўся і пачуў, як Мішка крыкнуў з парога:
— Ды я вам свае аддам. Ім наогул няма зносу. І пляшку «чарніла» наверх…
Мішка наляцеў на мяне ў цёмных сенцах, каротка мацюкнуўся, пабег у святліцу і стаў трэсці заплечнікам, выцягваючы адтуль свае паношаныя, вайсковага крою, нагавіцы.
— Пазыч колькі можаш, заўтра аддам, — муркнуў сябрук, нават не зірнуўшы ў мой бок.
Я ўдыхнуў паветра, збіраючыся спытаць: чаго ён бегаў у трусах па падворку, — ды тут у хату ўвайшоў гаспадар, і мне стала зразумела Мішкава хваляванне.
На гаспадары былі фірмовыя, па самыя калені завэдзганыя гноем, джынсы. Абноўку, па ўсім відаць, прыслаў брат з Нью-Ёрка, і дзядзька Юзік падумаў, што гэта рабочая вопратка.
У кішэні ў мяне было два рублі з капейкамі.
— Дзеўкі прачнуцца — у іх пазычу, — паведаміў Мішка, дрыготкай рукою пералічваючы грошы. Дзеўкі з нашай групы жылі ў суседніх хатах.
Дзядзька зайшоў за фіранку, што вісела ля ложка, з вохканнем сцягнуў нагавіцы. Мішка схапіў блакітнае, перапэцканае гноем шчасце, шчоўкнуў пальцам па каляным лейбле, сцішана выдыхнуў:
— «Супер-райфл»! Фірма! Нават лепш за «левайсы»! — Але тут жа схамянуўся і, нібыта звяртаючыся да мяне, гукнуў у бок рухавай фіранкі: — Колькі б ты даў за такія порткі?
— Пяцёрку можа б і даў, — прамовіў я ў адказ, і Мішка, задаволена падміргнуўшы, нацягнуў нагрэтыя дзядзькавай шырокай дупай «супер-райфлы» на свой худы азадак.
Таго ж дня сябрук адпрасіўся з’ездзіць дахаты. Паехаў нібыта па грошы, каб вярнуць даўгі, але насамрэч Мішку не цярпелася прайсціся «па броду» ў фірмовых джынсах. Назад ён не вярнуўся.
Праз тыдзень наша група, атрымаўшы ў калгаснай канторы разлік, вярнулася «з бульбы», і я выправіўся наведаць сябра. Мішка ляжаў, дарэшты ўпіты, і кепска варочаў языком. З усяго ім сказанага я разабраў толькі слова «ўкралі». Зрэшты, ужыў ён больш грубае слова. Пра тое, што тут надарылася, дачуўся ад ягонай маці.
«Я якраз бялізну мыла, і раптам Мішка ўвальваецца. «Памый, — кажа, — мама, штаны», — і дае мне нейкія сінія порткі. І дзе ён такія знайшоў? Усё калашынне ў гаўне. Я памыла ды ў двары сушыць павесіла. У нас жа зроду нічога не кралі, а тут…»
Я слухаў Мішкаву маці і ўяўляў, як сябар, адрыгнуўшы піўным духам, увайшоў у хату, спытаў: «Дзе джынсяры?» — і агаломшана кінуўся да акна. Джынсаў на абвіслай вяроўчыне ўжо не было. Там, чорнай меткай лёсу і белым сцяжком капітуляцыі перад яго падступнасцю, матляліся на ветры мужчынскія трусы і праедзеныя ў прамежнасці жаночыя майткі.
У гогалеўскім аповедзе, пасля таго, як у галоўнага героя зладзеі сцягнулі шынель, на начных вулках стаў з’яўляцца прывід, які рабаваў мінакоў. Здымаў з іх шынялі ды футры. Праз пару гадоў у нашым горадзе таксама з’явіўся прывід, які нейкім неверагодным чынам краў з гаўбцоў верхніх паверхаў вывешаныя на прасушку джынсы.
Я тады ўжо вучыўся на пятым курсе, і, вяртаючыся ўначы з пагулянкі, заўважыў на даху аднаго з дамоў цёмную постаць. Чалавек стаяў на краі пляскатага даху і прыглядаўся да развешанай на гаўбцы бялізны. У руках ён трымаў ці то спінінг, ці то кароткае вудзільна. Мне стала зразумелым — хто і якім чынам крадзе з гаўбцоў джынсы. Твару начнога злодзея не ўгледзеў, але быў перакананы, што гэта Мішка Чобат.
Курортны аповед
І
Герману прысніўся страшны сон. Прыснілася, што знік Лукашэнка. Пра тое знікненне небарака дачуўся з інфармацыйнай праграмы «Панарама». Уключыў — у сне, вядома ж, — тэлевізар, а там стрыжаная дыктарка падупалым голасам паведаміла: паехаў, маўляў, гуляць у хакей і назад не вярнуўся… Усіх, хто штосьці ведае пра месцазнаходжанне, просьба паведаміць… і тэлефонныя нумары на ўвесь экран.
Прачнуўшыся, Герман засяроджана паcкроб ніз жывата, доўга пацягваўся, а пачуўшы шум вады ў кухні, крыкнуў:
— Ліза!
На кухні бразнула патэльня, і шум вады ўзмацніўся.
— Лізавета Іванаўна!
— Ну чаго ты?! — незадаволена азвалася жонка.
— Сон прысніўся… — Герман прыўзняўся на локці, уваччу мільганула вясёлая іскрынка. — Чуеш?..
— Я ад ранку на кухні прэю, а яму сны сняцца. Уставай ды смецце вынесі, а то ўжо мухі гудуць.
Усмешка зляцела з вуснаў. Герман ціха мацюкнуўся, змучана падняўся з ложка. Ён хацеў быў пайсці на кухню, каб паведаміць жонцы, што працуе на паўтары стаўкі і ў першы дзень адпачынку мае права паспаць лішнюю гадзінку, ды тут у вітальні — нечакана і трывожна — бомкнуў званок…
— Го-о! Яшчэ ў трусах?! — гаркнуў ад парога швагер — Лізчын брат Мікола.
Мікола перакінуў з рукі на руку вядро шаўкавістай вішні.
— А я ўжо на лецішча з’ездзіў. Сабраў вам тут на кампот…
Хвілін праз пяць швагры селі на кухні, і Лізавета, папярэдне ўздыхнуўшы, паставіла на стол пачатую пляшку гарэлкі. Мікола пацёр далоні, пачаў быў распавядаць пра свайго новага суседа — айца Яўлампія, якога пазбавілі сану, і ў рэшце рэшт сур’ёзным голасам запытаўся:
— Чаго надзьмуты?
— Ды так… — Герман перакрывіў твар, а Лізавета, выходзячы з кухні, незадаволена прабурчала:
— Сніцца яму там нешта…
Мікола падчапіў відэльцам скрылёк маласольнага гурка:
— Што там у цябе? Начныя кашмары з палюцыямі?
Герман сумеўся, насупіў кусцістыя бровы.
— Прыснілася, што Лукашэнка знік.
Зрэнкі Міколавы вомігам звузіліся.
— Як гэта — знік?
— Ну так… знік ды і ўсё тут.
Мікола кінуў жаваць і ўтаропіўся ў швагра:
— А як ты пра тое даведаўся?
— Як даведаўся… Тэлевізар уключыў…
— Ува сне?
— Ну а дзе ж яшчэ, — з нервовай інтанацыяй выгукнуў Герман, і швагер таропка папоўніў чаркі.
— Нікому толькі не кажы, — Мікола хукнуў у руку, адным глытком асушыў чарку. — А то ў «дурку» патрапіш.
Слова «дурка» заварушылася ў мазгах, стала, як той жук-караед, падточваць самалюбства, і Герман з агідаю крэкнуў.
— Змарнеў ты, Гера, апошнім часам, — швагер усхапіўся на ногі, адчыніў фортку. — У цябе, дарэчы, калі адпачынак?
— Сёння першы дзень, — буркнуў Гера, і швагер, прыпальваючы цыгарэту, ад нечаканасці закашляўся. — Слухай, да нас пуцёўкі прыйшлі. На тры тыдні… у Трускавец. Палову кошту прафсаюз аплачвае. Магу пагаманіць…
— І колькі будзе каштаваць? — азвалася са святліцы Лізавета.
— Дзевяноста баксаў без дарогі.
Мікола пусціў у фортку струмень шызага дыму, а Лізавета, памаўчаўшы, з вясёлым адчаем паведаміла:
— Хай з’ездзіць. Са мной ужо тры гады не спіць, дык, можа, хахлушкі ўзбадзёраць? — Лізавета ўключыла пыласмок і скрозь натужлівы шум выдала нейкую доўгую тыраду, але Мікола пачуў толькі самы канчатак:
— …МТС няшчасны!
— Ліз, пры чым тут машынна-трактарная станцыя?! — гаркнуў, спрабуючы перакрычаць натужлівы шум, Мікола.
Шаргануўшы насадкай па падлозе, Лізавета адключыла пыласмок.
— Бірка такая… на казытун вешаюць. «Можа Толькі Сцаць» — азначае, — паведаміла сястрыца; браценік зарагатаў, і рогат ягоны праглынуў злавесны шум пыласмока, які зноў апанаваў прастору.
ІІ
Хвілін пятнаццаць, не меней, ён бегаў па пероне, пытаўся: «Дзе тут на Трускавец?» — і знайшоў свой вагон за хвіліну да адыходу цягніка. Маладая, апранутая ў празрыста-белую кашульку праваднічка махнула рукой, маўляў, залазьце хутчэй, а ён, разявіўшы рот, забыўшыся пра ўсё на свеце, атарапела глядзеў на дзявочыя калені. Потым убіўся ў тамбур, праваднічка з грукатам апусціла металёвую прыступку, вагон рэўматычна рыпнуў жалезнымі суставамі, і сасмяглыя вусны шапнулі два кароткія словы: «Якія калені!»
У купэ сядзелі тры кабеціны, якія на яго нават не зірнулі: былі занятыя размовамі.
— А я так раблю, — прамаўляла мажная кабета, якая сядзела ля акна і, пазіраючы ў люстэрка, папраўляла спаленыя пергідролем валасы. — Стаўлю на гадзінку ў духоўку, а потым булёнам заліваю. Ну і на гарнір макарона.
— А ці паліваеш чым? — запыталася кабета, што сядзела насупраць.
— Анягож! Падліўку раблю. А як часу няма, дык смятаны бухну.
— Слухайце, а як гэта запяканку рабіць? — падала голас трэцяя кабета, высокая шатэнка з доўгім носам.
Герман прымружыў вочы, згадваючы, дзе яму даводзілася бачыць такі нос, і тут жа з палёгкай уздыхнуў: дакладна такі нос быў у генерала дэ Голя.
— Запамінай… Бярэш два яйкі, — Пергідроль вытрымала паўзу, з насцярогай пакасілася на Германа, — потым… шклянку манкі, чатыры шклянкі малака, дзве лыжкі масла. Ну і сочывам пальеш, як запячэцца.
— А калі прыгарыць?
— Дык ты ж глядзі, каб не прыгарала, — упікнула суразмоўніцу Пергідроль.
Цягнік матлянула на стрэлках, і дзверы купэ злёгку ад’ехалі.
— Усе да Трускаўца? — маладая праваднічка прысела на хвілінку, дыхнула пахам горнай лаванды, павабіла смочкамі грудзей, што выпіналіся праз тонкую кашулю.
Аддаўшы квіток, Пергідроль падцягнула друзлае чэрава і, калі праваднічка выбегла з купэ, з роспаччу ў голасе выдыхнула:
— Ой, дзеўкі, і як гэта схуднець? Хоць на пару кілаграмаў.
— Кальрабі трэба есці, — з веданнем справы паведаміла даўганосая шатэнка. — У маёй сястры восемдзесят пяць кіло было. А пачала кальрабі есці, адразу пяць кіло скінула.
— А што гэта такое?
— Капуста такая. На рэпу падобная. Я сёлета таксама ў агародзе пасадзіла, ды штосьці кепска расце.
— А як яе гатуюць?
— Яе і сырую есці можна, і тушыць.
— А як тушыцца?
— Спачатку трэба крыху абсмажыць, у муцэ ўкачаўшы, а потым ужо ў рандолю класці. Тушыць на павольным агні сорак хвілінаў. І абавязкова дадаць таматнага соусу…
Слухаць усе гэтыя кулінарныя жахі не было сілы. Герман падняўся, выйшаў у калідор, азірнуўся па баках. У дальнім канцы калідора мільганула белая кашулька; адтуль, з прыцемнай, загрувашчанай чыгунным тытанам проймы, павеяла нясцерпнай пяшчотай і скрозь перастук вагонных колаў пачуўся яму грукат. Гэта абрынулася сцяна, якой ён адгарадзіў сябе ад жанчын, і скамечаная душа ягоная выпрасталася, і — магчыма, упершыню ў жыцці — ён дыхнуў на поўную грудзіну. І грудзіна напоўнілася пахам лаванды, лагодным сонечным святлом, напорлівым скразняком, што струменіў ад акна, і абяцаннем чагосьці незвычайнага, трывожнага, неспазнанага. Герман заплюшчыў вочы, уцягнуў прагным носам паветра, але замест паху горнай лаванды адчуў нейкі смурод: ягоныя спадарожніцы, выкуліўшы на столік гару рознага едзіва, лупілі нягнуткімі пальцамі сівушна-крутыя яйкі.
— Я дык люблю з гарчыцай, — казала даўганосая шатэнка, ківаючыся, што той рабін, у такт калыханню вагона.
— А я з маянэзам, — няўцямна, з набітым ротам, засведчыла Пергідроль, і Герман з агідаю сцепануўся.
III
Гэтаму цяжка даць веры, але за ўсё жыццё ў яго, апроч Лізаветы, не было аніводнай жанчыны. Ён баяўся жанчын. І страх гэты нарадзіўся яшчэ тады, калі ён, смаркаты падшыванец, хадзіў у другі клас агульнаадукацыйнай сярэдняй школы. Яму і цяпер з жахам прыгадваецца той задушны ліпеньскі вечар, п’яная бяседа, застаўлены пляшкамі стол і чырвоная пыса матчынай сяброўкі — цёткі Серафімы. Чаму цётка засталася ў іхнай хаце і куды ў той міг падзеліся бацькі, ён ужо не памятаў, а вось залатыя зубы, што бліскалі ў нетрах разяўленага рота, і смуродліва-віннае дыханне, якім яго душыла цётка Серафіма, запомніліся на ўсё астатняе жыццё… Цётчыны белыя, без ценю загару рукі мітусліва расшпільвалі гузікі, сцягвалі штаны, а складзеныя ў трубачку вусны шматкроць паўтаралі: «Спацькі… зараз будзем спацькі». Потым, хаця ён і супраціўляўся, сцягнула з яго трусы і, закаціўшы п’яныя вочы, гулліва прамармытала: «І дзе тут нашая пісіня?» Яшчэ імгненне — і п’яная цётка схапіла ротам ягоны спалохана-ацвярдзелы стручок: «А-ам пісіню! А-ам пісіню! А-ам!..» Ён ляжаў без духу, баючыся, што залатыя зубы злавесна ляснуць, адарвуць стручок — і што ён тады скажа маці…
Матчына сяброўка часцяком потым завітвала да іх у хату і кожнага разу шматзначна пасміхалася; у Германа пры гэтым панічна білася сэрца, і маці, на параду той жа цёткі Серафімы, клала яму на ноч пад падушку прывялы корань валяр’яну. І кот Базыль — чорны, з белым гальштучкам на шыі, сібірак, — аж да раніцы сядзеў ля ложка і варкатаў свае бясконцыя песні…
Потым, разам з песнямі ўжо Валерыя Абадзінскага і нязводнымі прышчамі вакол носа, надышла маладосць, і Герман, разам з сябрамі-аднакласнікамі, стаў хадзіць у клуб на танцы. Аціраўся там каля сценак, цяжка соп і не мог набрацца смеласці запрасіць дзяўчыну на павольны танец. А калі — такое надаралася вельмі рэдка — яго запрашала якая цыбатая дзеўчынёха, ён сцепаўся і здушана прамаўляў: «Я не танцую».
Мінала вясна, прыходзіла лета, на змену лету паспяшала восень; сыпала жаўталіст у гарадскім парку, стукала мокрымі галінамі ў акно: раз, два, тры… дваццаць тры, дваццаць чатыры, дваццаць пяць… «Трыццаць!» — налічыў ён аднойчы і прыўзняўся на ложку. «Ужо трыццаць гадоў, ужо лысіна з далонь, а я ўсё яшчэ не жанаты!» — і адчуў на твары смуродлівы подых, і з цёмнага кута нехта дарэшты выразна, тры разы запар, прамармытаў: «А-ам пісіню… а-ам пісіню… а-ам».
Ажаніўся ён у трыццаць два гады. Жонка ягоная, Лізавета Іванаўна, дагэтуль перажыла двух мужоў — адзін засіліўся, другі, прыхапіўшы з кватэры ўсё каштоўнае, збег на радзіму — у Краснадарскі край, адкуль — ужо пасля Германавага жаніхоўства, — дасылаў віншавальныя паштоўкі з краявідамі партовага горада Ейска.
Чым такім спакусіла яго Лізавета, Герман і сам не мог адказаць. Ну, пажвавела пару разоў ягоная спалоханая з дзяцінства пісіня, напружана паматлялася ў паветры, потым, пасля вяселля, кульнулася на бок і больш ужо не аджывала. І доўгімі начамі, захінуўшыся падушкай ад смуродлівага жончынага дыхання, ён ляжаў без сну і мроіў пра дзявочыя калені. Загарэлыя, шчыльна стуленыя, яны, ад нядаўняй пары, не давалі спакою, спараджалі хваравітыя фантазіі, і вільготны язык ягоны варушыўся між вуснаў, спрабуючы ўбіцца, наколькі можна, у лагчынку, што бегла між каленяў. Апанаваны такой дзіўнай жарсцю, ён пагартаў аднойчы падручнік сексапаталогіі, спрабуючы ўведаць — як называецца такое адхіленне, але нічога такога не знайшоў. Вычварэнцы млелі ад брудных жаночых майтак, ад зубачыстак, якімі карысталіся незнаёмыя кабеты, ад унітазаў, на якія сядалі прыгажуні, але каб нехта калаціўся і гарэў чорным агнём, пабачыўшы стуленыя дзявочыя калені, такога вычварэнства сексапаталогія не ведала.
…За вагонным акном бясконцай чарадой мільгцелі асветленыя сонцам хвоі.
— Я б зараз бананіну з’ела, — даляцеў з-за спіны змораны голас Пергідролі.
— Праз паўгадзіны Баранавічы. Там на станцыі іх поўна, — заўважыла шатэнка, і цягнік, у прадчуванні хуткага прыпынку, захістаўся, тузануўся, з аглушальным грукатам прамінуў чыгуначны мост.
— Мой Вася любіць бананы, — прамовіла, змагаючыся з позехам, Пергідроль. — Пакладу манкі — ні за што не будзе есці, а з бананам дык усё начыста з’есць ды яшчэ дабаўкі просіць.
— А я ў кашу «галіну-бланку» кідаю, — падала голас трэцяя кабета і роспачна чхнула.
Цягнік праскочыў яшчэ адзін мост. За мутным акном праплылі карова з цялём, старая воданапорная вежа, несамавітыя, гаўнянага колеру будынкі. Герман прыціснуў нос да шыбы, спрабуючы ўгледзець, якую станцыю прамінаюць, ды тут у канцы калідора зазвінелі шклянкамі і запыталі: «Гарбату будзеце?»
Герман зірнуў на дзявочыя калені — прыгажуня праваднічка ішла па калідоры, — і стоена ўздыхнуў.
— Што ж гэта вы… — нягучна, але патрабавальна прамовілі за спінай, і ён азірнуўся, — грэбуеце нашай кампаніяй? — Давялося, з вінаватай усмешкай на твары, зайсці ў купэ, насцярожліва прымасціцца на лаўцы.
— У Трускавец? — запыталася Пергідроль, і ён моўчкі кіўнуў галавою.
— Які санаторый?
— «Рубін», — азваўся Герман, і Пергідроль, а разам з ёю і даўганосая шатэнка, разам выдыхнулі:
— Як жа там добра кормяць!
Герман пакасіўся на пукатыя, з сінім адценнем, жаночыя калені — акурат такія былі ў Лізаветы, — і стаў чакаць — калі ў купэ, пазвоньваючы шклянкамі, увойдзе прыгажуня. Ён заплюшчыў вочы і ўявіў галавакружны пах лаванды і ўбачыў пляму сонечнага святла на дзявочых каленях, а калі, праз пару хвілінаў, размежыў павекі, дык убачыў зусім іншую правадніцу — крутабокую бабізну з чорным пухам пад сінім каўказскім носам.
— А вам гарбату несці? — запыталася бабізна, ён штосьці буркнуў у адказ, залез на верхнюю паліцу і застыў там у паставе нябожчыка — задзёршы галаву і сашчапіўшы рукі на грудзіне.
ІV
Калі наступным ранкам ён выкуліўся з вагона, маладая праваднічка (а можа, гэта толькі здалося) усміхнулася яму і нават (гэта ўжо дакладна здалося) зрабіла лёгкі рэверанс. Германа падхапіла людская плынь, ён рушыў у натоўпе і пры гэтым увесь час азіраўся. Пры канцы перона ходнік пакручаста збег з пагорка. Наш герой выцягнуў шыю, прыўзняўся на дыбках і апошні раз угледзеў прыгажуню ў белай кашульцы.
На прыстанцыйным пляцы стаялі некалькі раздзяўбанага выгляду аўтобусаў.
— Хто до «Рубіна»?! — крыкнулі ад крайняга «пазіка», і ён, схапіўшы ў ахапак валізу, стаў прабівацца да адчыненых аўтобусных дзвярэй.
«Пазік», няйначай, прыгналі з могілак металалому: пластык у салоне быў парэпаны, лінолеум пад нагамі пузырыста пукаціўся, а кожная заклёпка над галавою была пазначаная ржавым пісягом. Аўтобус, аднак, даволі жвава скрануўся з месца, і Герман, шукаючы апірышча, абапёрся далонню на чыйсьці мяккі азадак.
— Яны тут страшныя нацыяналісты, — прагугнілі пад бокам, і Герман пазнаў па голасе Пергідроль. — Ты ім па-руску, яны табе па-хахляцку…
«Пазік» пайшоў угору, і малады кіроўца, не азіраючыся, гукнуў:
— Санаторый «Каштан». Наступны «Верхавіна».
Герман чарговым разам згубіў раўнавагу, крануўся далонню жаночага азадку, і Пергідроль, азірнуўшыся, ухвальна пасміхнулася. Аднак у той жа міг усмешка зляцела з фарбаваных вуснаў, і кабета, з інтанацыяй нечаканай згадкі, выгукнула:
— Ой, дзяўчаты, зараз міма «Каштана» паедзем — пакажу вам, дзе марозіва прадаюць. Такога смачнага нідзе не ела.
«Ці нажарэцца калі?» — падумаў Герман і ў той жа міг аўтобус абурана страсянуўся на калдабане.
Санаторый «Рубін» — высозная, увабраная ў шкло будыніна, стаяла на пагорку, і ранішняе сонейка навылёт высвечвала яе нутро — дваццаць чатыры лесвічныя маршы. Па маршах увішнымі мурашамі бегалі людзі, і гэта наводзіла на думку, што ў санаторыі не працуе вінда. Калі ж Герман атрымаў у рэгістратуры ключ ад пакоя і падышоў да той самай вінды, аказалася, што працавала толькі адна кабіна, і ёю карысталіся выключна інваліды, пенсіянеры ды новапрыбылыя з валізамі. Ахвочых падняцца на свой паверх было процьма, таму наш герой крахтануў, бязгучна мацюкнуўся і нетаропкай хадою рушыў па лесвіцы, слізгаючы позіркам то па дзявочых каленях, то па сівых карпацкіх пагорках, што ўздымаліся з-за далягляду. Ля дзвярэй 112-га пакоя Герман з хваляваннем перавёў дых.
Ключ аніяк не лез у шчыліну — дзверы, відавочна, былі зачыненыя з адваротнага боку, — і ён пастукаў косткамі пальцаў па вушаку. Стукаў добрых пяць хвілінаў, нарэшце за дзвярыма вохнулі і нехта змучана выдыхнуў: «Зараз».
Адчыніў дзверы нізенькі, лысаваты тыпус, пакамечаны твар якога нагадваў сушаную грушу. Нічога не сказаўшы, сусед пайшоў да ложка, пры гэтым паркалёвыя трусы ягоныя з аднаго боку спаўзлі уніз, напалову агаліўшы прышчаватую кумпячыну. Грымнуўшыся на ложак, тыпус адразу ж засоп, і Герман чарговым разам перавёў дых.
Перш-наперш трэба было памыцца. Падхапіўшы ручнік і мыльніцу, новы пастаялец зайшоў у ванную, і пад нагамі ягонымі гучна бразнула пустая бутэлька. Тузін гэтых самых бутэлек ляжаў поруч з унітазам, а адна — з-пад пярцоўкі — плавала ў ночвах, што стаялі пад душам. Ніякай ваннай у пакоі не было: вада, відаць, лілася непасрэдна на падлогу, балазе, у куце мелася забітая валасатымі змылкамі вадазліўная адтуліна. Ён крутнуў па чарзе спачатку правы, а потым левы вентыль, і кран, спалохана здрыгануўшыся, адказаў яму смаркатым сіпеннем. «Божухна, куды прыехаў!» — прастагнаў наш герой і з гідлівым прыжмурам абмыў твар вадою з начовак.
Трускавец выглядаў мястэчкам утульным і ў чымсьці нават сімпатычным. Усё наўкол патанала ў зяленіве разгалістых дрэваў — дрэвы былі падобныя да каштанаў, але мелі больш светлае лісце, — і з нетраў зялёнага акіяна там-сям выплывалі на паверхню карпусы санаторыяў, залатыя купалы храмаў, а на асмужаным даляглядзе, у неверагоднай далечыні гарбінамі агромістых драмадэраў пукаціліся Карпацкія горы. Дарога бегла серпанцінам, ля санаторыя «Вясна» паварочвала направа, і далей трэба было спускацца па бетонных сходах. Тут, на сходах, чынілася штосьці неверагоднае. Амаль на кожнай прыступцы сядзелі бязногія калекі, цыганаватага выгляду цёткі, змарнелыя, дарэшты не ацверазелыя гулякі, нарэшце, дзяўчаты-падлеткі, якія цягнулі да мінакоў дрыжачыя далоні і няскладнымі галасамі лямантавалі: «Люды добрыйі, дайтэ копійочку!» Ідучы між жабрачых радоў, Герман цямнеў з твару, адводзіў убок вочы і з пачуццём законнай гордасці думаў пра тое, што ягоныя супляменнікі-беларусы, як бы бедна ні жылі, ніколі не будуць сядзець на прыступках ды прасіць міласціну.
На цэнтральным пляцы віраваў невялічкі кірмаш. Герман паблукаў па кірмашы, прыцаніўся быў да сонечных акуляраў — сонца адбірала вочы, дый на дзявочыя калені зручна назіраць, насунуўшы на нос акуляры, — але згадаў, што яшчэ не мяняў даляры на грыўні, і крутнуў галавой, выглядаючы будку з шыльдай «Exchаnge». Крутнуў ды тут жа ўвабраў галаву ў плечы, бо ўгледзеў Пергідроль з даўганосай шатэнкай. Кабеты ішлі па пляцы, пра штосьці гучна балбаталі, і да вушэй Германавых даляцела кароткая фраза: «Цікава, што будзе на абед?» І наш герой, згадаўшы, што а першай мусібыць у санаторнай сталоўцы, шырокім крокам рушыў за кабетамі.
V
Дзе на курортах людзі знаёмяцца? Вядома ж, у сталоўках.
«У вас трэцяя дыета — сорак восьмы стол», — зычны голас сталоўскай распарадчыцы быў чутны нават тут, на другім баку разлеглай залы. Новапрыбылыя курортнікі, два мужчыны сярэдняга веку, валюхастай хадою прайшлі міма Германа, уладкаваліся за суседнім сталом, за якім ужо сядзелі, няроўна дыхаючы, дзве кабеты ў празмерна адкрытых сарафанах. Мужчыны рыпнулі крэсламі, і адзін з іх, папярэдне керхануўшы, запытаў:
— Адкуль прыехалі, прыгажуні? З Дрогобыча? А мы з Херсона.
За суседнім сталом усчалася вясёлая гутарка; кабеты страсянулі грудзямі, бліснулі залатымі фіксамі, і Герман адчуў, як з яго сышла ў зямлю апошняя ясачка надзеі.
Кабет у адкрытых сарафанах ён сустрэў па дарозе ў сталоўку, і адна з іх — бялявая саракоўка — абдарыла яго цікаўным позіркам. Потым, сеўшы за свой стол, саракоўка яшчэ пару разоў зыркнула ў ягоны бок, Герман заклапочана крануўся шорсткіх, два дні не голеных шчок, і толькі тады зразумеў, што кабета цікавілася не ім, а ягоным суседам па стале — хударлявым, інтэлігентнага выгляду тыпусам з клінападобнай барадой. Інтэлігент увесь час круціўся ў крэсле і цішком пазіраў на кабет у сарафанах.
Апроч хударлявага мужчыны за яго сталом сядзелі пахілая бабулька ў старамодным капялюшыку, якая неадрыўна, з пачуццём пакрыўджанай немачы, глядзела на фаянсавую сальніцу, ды суровая, ягоных гадоў жанчына. Інтэлігент, праўдападобна, быў яе мужам. Пры гэтым усе трое зацята маўчалі.
Нечакана наўкол загаманілі, паўскаквалі з крэслаў; Герман азірнуўся і ўбачыў кельнерку. Кельнерка, пад ухвальныя воклічы, каціла перад сабою вазок з двума вялікімі рондалямі і высокім стосам талерак.
— Боршч вязуць, — прамовіў худабзей, скасіўся на жонку, і тая, адвёўшы вочы, злавесна прасіпела:
— І як я яшчэ жыву з такім вырадкам?..
Па абедзе Герман падняўся на адзінаццаты паверх, з насцярогаю зайшоў у свой пакой. Напарнік ляжаў у адных трусах на ложку, а поруч з ім, на крэсле, сядзела нейкая чарнявая дзяўчына. Герман кіўнуў галавой, прысеў на ложак.
— Як тобі нэ соромно. В тэбэ ж жынка е, а ты тут з курвамы крутысся, — з дакорам казала дзяўчына, і сусед ў адказ соладка пазяхаў.
— З якімі курвамі? З табой? — запытаўся сусед пасля хвіліны маўчання. Гаманіў ён па-расейску, і гэта ўсцешыла Германа.
— У-у, підлюга! Шчэ яку холэру мэні підкінэш, — дзяўчына падхапілася на ногі, збіраючыся, як бачна, пайсці, але перадумала і зноўку села на крэсла.
— Не бойся, не падкіну. Бо падкідваць больш не буду, — сусед ізноў пазяхнуў, а Герман, пабачыўшы, што на яго не звяртаюць увагі, ціхенька прылёг на ложак.
Дзяўчына яшчэ доўга ўшчувала суседа, той паціху пачаў сапці, відаць, заснуў, Германа таксама пачало цягнуць на сон, ён кульнуўся на левы бок ды нечакана прыхапіўся, улякнуты тэлефонным званком.
— Слухаю, — азваўся сусед, прыціснуўшы да вуха мабільнік.
Мабільнік азваўся незадаволеным зумканнем.
— Ну я… ну што ты хацела? — голас суседавы дрыжэў і зрываўся. — Якія яшчэ бабы? Што ты там вярзеш?!
— В його тут баб богато, цілу ніч з імі піячыць, — гукнула дзяўчына, і сусед, заціснуўшы слухаўку рукою, паспрабаваў заехаць дзяўчыне нагой у азадак, але тая ўжо гукала ад дзвярэй: — Всі грошы спустыв… на львівську курву.
— Ды гэта прыбіральшчыца, у пакоі прыбірае, — ужо спакойным голасам паведаміў сусед, і слухаўка азвалася доўгай і няўцямнай тырадай. — Якія н-нахер бабы. Ляжым во ў пакоі… з таварышам, — стаўшы на карачкі, сусед прапоўз па ложку, працягнуў Герману слухаўку.
— Ляжы-ым… — выдыхнуў Герман, і слухаўка, памаўчаўшы, зумкліва прамовіла:
— Таксама, відаць, бля…ун?
Герман уражана лыпнуў вачыма, а сусед, адключыўшы мабільнік, працягнуў шырокую пяцярню:
— Сашко. З Кіева? — запытаўся ён, падбіваючыся пад коўдру.
— З Беларусі, — азваўся Герман і цяжка ўздыхнуў.
— Ну як там у вас? Жыць можна?
— Можна, — няўпэўнена адказаў Герман, і душу ягоную апанавала ціхая маркота.
Неўзабаве яны разгаварыліся — Сашко наракаў на здароўе, казаў, што яго змучыла пякотка, што ў жоўцевым пухіры захрас камень дыяметрам 15 міліметраў, што жыць яму засталося не больш як год і што жонка — сваёй недарэчнай рэўнасцю — вырашыла звесці яго са свету.
— А гэта хто была? Ваша сястра? — запытаўся Герман, каб змяніць тэму гаворкі.
— Хто? Аксана? — сусед з уздыхам мацюкнуўся. — На выправу разам ездзілі, у Карпаты. Трахнуў яе пару разоў у кустах, дык яна мне цяпер жыцця не дае.
Герман прыўзняў галаву, з недаверам зірнуў на друзлае Сашковае падбароддзе, але, падумаўшы, што сусед жартуе, убіў патыліцу ў падушку.
— Летась у Есентуках адпачываў, у санаторыі «Украіна», дык пяць баб апрыходаваў, а як дадому ехаў, яшчэ і правадніцу паваліў. Якраз да Растова пад’язджалі. Спёка неверагодная, дыхаць няма чым, а мы ў ейным катуху зачыніліся — і давай! Я там ледзь не памёр, і галаву пабіў аб паліцу.
Сашко памацаў лабешнік, паказваючы тое месца, дзе ён набіў гузак, а Герман, пакінуўшы дыхаць, падкурчыў ногі, каб быць далей ад суседа. Яму і раней даводзілася чуць аповеды пра санаторныя залёты. У аповедах фігуравалі дзве, ну тры спакушаныя жанчыны, але каб спакусіць адразу пяць, ды яшчэ і правадніцу, такое цяжка было ўявіць, і Герман, зірнуўшы на суседа, амаль уголас падумаў: «Хлусіць».
Цэлую гадзіну ён круціўся ў ложку, спрабуючы заснуць, але сон зляцеў з павекаў. Герману мроіліся валасатыя рукі, — дакладна такія былі ў Сашка, — рукі лашчылі дзявочыя лыткі, краналіся гладкіх каленяў, лезлі пад форменную спадніцу; маладая праваднічка — тая самая, якую ён сустрэў у цягніку, — задыхана вохкала, рассоўвала калені, і Герман, каб пазбыцца хваравітага наслання, куляўся з боку на бок. Кульнуўшыся безліч разоў, ён падхапіўся на ногі і асцярожна, каб не абудзіць суседа, выйшаў з пакоя.
Па калідоры, гулка шоргаючы нагамі, ішоў гурт пенсіянераў, пры гэтым кожны з іх трымаў у руцэ невялічкі імбрык з выгінастым носікам альбо поліэтыленавую шклянку: адпачывальнікі ішлі піць мінеральную ваду.
VІ
Бювет уяўляў сабой вялізную ашклянела-бетонную ратонду, якую таксама працінала сонечнае святло і скаланалі бязладныя зыкі. У гэтым гармідары Герману нават заклала вушы, але тут жа здолеў вылучыць сярод тлуму зацятае чханне і басавітую песню: непадалёку ад увахода, у атачэнні тузіна слухачоў, стаяў брывасты мужчына і густым басам выдыхаў:
— Рідна маты мойа-а-а… ты ночэй нэ доспала-а-а…
Мужчына, відаць, быў прафесійным спеваком, бо голас ягоны натужліва вібрыраваў, прымушаючы звінець залітыя сонцам шыбы.
— Хто цэ? — запыталася нейкая жанчына.
— Цэ ж Грызадуб! — вырвалася адразу з некалькіх глотак, і Герман канчаткова пераканаўся, што брывасты мужчына — оперны спявак.
Ён спыніўся на хвіліну, слухаючы прафесійна-густы бас, але, убачыўшы разгоністы надпіс: «Нафтуся», пайшоў да кранікаў, з якіх лілася мінеральная вада.
Пра «Нафтусю» яму яшчэ дома паведаміла суседка Аляўціна. «Ваду трэба піць праз саломіну, — папярэдзіла абазнаная ў курортных справах суседка, — а то ад яе зубы крышацца». Таму і давялося прыхапіць з дому фаянсавы кубак ды жменю поліэтыленавых саломін.
Вада была агіднай на смак, тхнула нафтай, да таго ж была цёплай. Герман зрабіў пару глыткоў, скасавурыўся, выглядаючы — куды выліць пітво, і выліў у сметніцу.
— Яка погана! — прамовіла, падслухаўшы ягоныя думкі, рабаціністая кабета. Кабета, відаць, таксама ўпершыню глынула «Нафтусі».
— Не кажыце, — азваўся Герман, і ў гэты момант ля ўвахода ўдарылі ў ладкі, і натоўп, што стаяў вакол спевака, пасунуўся да дзвярэй.
— Як гарно співав… Хто такый?.. Вы нэ чулы? — кабета ўскінула на Германа падфарбаваныя вейкі.
Жаночы позірк — на кароткае імгненне — нарадзіў у душы адчуванне палёту.
— Грызаду-уб, — паведаміў ён з веданнем справы, расцягваючы да немагчымасці апошні склад.
— Грызадуб?! — кабета нават прысела ад нечаканасці, дыхнула пахам дарагіх духоў, кінулася да выхаду.
Лыткі ў кабеты былі незагарэлыя і жылаватыя. Герман праводзіў іх учэпістым позіркам, выйшаў з бювета і адразу ж патрапіў пад шаты трускавецкага парку.
У парку было прахалодна і ціха. Густая зацень лагодзіла зрок, і толькі там-сям асфальтавы ходнік пазначалі плямы сонечнага святла. Дрэвы наўкол былі старыя, пасаджаныя, відаць, яшчэ пазамінулым стагоддзем. На некаторых, самых пракаветных, віселі шыльдачкі: «Дуб звычайны»… «Бук еўрапейскі»… «Ціс ягадны»…
Ціс нагадваў елку, адно што шыпулькі меў мяккія і доўгія. Герман прымружыўся, выглядаючы — ці растуць на дрэве ягады, — і нечакана за спінай ягонай пачуліся нетаропкія крокі. Па ходніку ішлі чацвёра адпачывальнікаў.
— «Ціс ягадны», — уголас прачытала жанчына, што ішла паперадзе, і Герман пазнаў кабеціну з-за суседняга стала.
— А чы можна йіх йісты, ційі ягоды? — запыталася, абцягнуўшы сарафан, яе сяброўка — тая ішла пад ручку з сівагаловым херсонцам.
— Страшна отрута! — наструнена паведаміў сівагаловы. — В нас одын кінь пойів, тай і…
— Падох?! — разам выдыхнулі кабеты.
— Ні-і… відкачалы! — гаркнуў мужчына, і ўсе чацвёра дружна зарагаталі.
Сябрына рушыла ў бок бювета, а Герман, мацюкнуўшыся, пайшоў, прыспешваючы крок, у адваротным кірунку.
«Як хутка людзі сыходзяцца, — думаў наш герой, шыбуючы шырокім ходнікам, — тры гадзіны як пазнаёміліся, а ўжо…» — ён мелькам азірнуўся. Сівагаловы, запаволіўшы хаду, паклаў руку на жаночы азадак, і кабета ў адказ прытулілася скронню да ягонага плечука.
Твару стала горача — нібыта пякельны самум наляцеў з-за дрэваў і апаліў шчокі. Герман правёў па шчацэ далонню, згадаў, што ўжо другія суткі не галіўся, з крыўдаю на сябе самога крэкнуў. Двухдзённае шчацінне рабіла яго старым і неахайным.
Ходнік папятляў між дрэваў, збег з пагорка, вывеў на асветленыя сонцам прысады. Безліч жаночых каленяў асляпіла яго, прымусіла прымружыцца. Жанчыны — усе скрозь у цёмных акулярах — сядзелі на лаўках, гарталі часопісы, некаторыя елі марозіва, і ўсе разам слухалі Кіркорава, голас якога вырываўся з будкі гуказапісу. Былі тут і мужчыны, але іх было няшмат. Герман прайшоўся ў канец прысадаў, прысеў на лаўку поруч з мужчынскай кампаніяй. Кампанія аб нечым зацята спрачалася.
— Та насрав він на цю збірну! — гукаў прафесарскага выгляду мужчына з сівой хэмінгуэеўскай бародкай. — Він там за кордоном такі грошы мае, шчо нам нэ снылыся. Ну на яку холэру він будэ ў Кыйіві ногы собі ломаты?
— Всі збіглы. Нэма кому граты. Дэ тількі «зэлэны» покажуць — воны вжэ там, — абурана прамовіў мужчына, які сядзеў поруч з Германам.
— І збігуць… а шчо тут робыты, в цьйому колгоспі? На підлюгу-Кучму дывытыся? — азваўся «прафесар», нервова тузануўшы бародку.
Мужчыны, што сядзелі на лаўцы, гамузам заспрачаліся, адзін нават замахаў кулакамі, але неўзабаве ўсе разам аціхлі і «прафесар» з уздыхам прамовіў:
— Бэз Тараса Грыгор’евыча нам п…ць.
Слухаючы бязладную гаману, Герман падумаў быў, што гаворка ідзе пра знакамітага паэта, але неўзабаве высветлілася, што Тарас Рыгоравіч, якога раз за разам згадвалі суразмоўнікі, быў футбаліст, які з’ехаў гуляць за мяжу. Пры гэтым тры суразмоўнікі ганілі футбаліста, а «прафесар», тузаючы бародку, яго абараняў. Герман футболам не цікавіўся, таму, пазяхнуўшы, зірнуў на мажную цётухну, якая сядзела на другім баку прысадаў і, заплюшчыўшы вочы, прыспана тузала галавой. Тут, у засені густалістага каштана, яго неўзабаве таксама змарыў сон. Галава Германава пачала тузацца, і сонная замарач раз-пораз перарывалася воклічамі футбольных заўзятараў. Яму прымроілася праваднічка; дзяўчына ляжала на ніжняй лаўцы, і яе кароткая спадніца была задзёртая да самых майтак. Герман памкнуўся крануцца спакуслівых каленяў, і ля вуха абурана выдыхнулі: «Та він ворот нэ бачыць! Два голы за сэзон!» На кароткае імгненне вочы апанавала сонечнае святло, потым наплыў мяккі морак. Ён ізноў памкнуўся да дзявочых каленяў, і хтосьці — зусім побач — брахліва выгукнуў: «Знайшлы гравця… Він майжэ два рокі в дублі відсэдзів!»
Хаця наўкол гаманілі, сон прыйшоў ціхі і суладны. Спаў ён добрых паўгадзіны, і калі раптам абудзіўся, футбольных заўзятараў поруч ужо не было, лаўкі наўкол былі пустыя, і толькі мажная цётухна па-ранейшаму сядзела насупраць, звесіўшы галаву на грудзі і даглядаючы такім чынам дзясяты сон.
VІІ
Пасля вячэры забег у свой пакой, каб надзець пінжак — збіраўся прайсціся па парку, — крутнуў вентыль, і ў далонь ударыў напорлівы струмень: вада лілася і халодная, і гарачая. Сэрца радасна сцялася, і твар кальнулі спачатку халодныя, а потым гарачыя іголкі.
З нязведанай дагэтуль асалодай ён доўга галіўся пад дожджыкам, потым гэтак жа доўга мыўся, шаруючы прывезенай з дому вяхоткай віслае чэрава, і выкуліўся з душавой дарэшты змораны і распараны. Ісці ўжо нікуды не хацелася, да таго ж суседа ў пакоі не было, і яму заманулася пабыць на самоце.
Як стаяў — так і грымнуў на ложак; пад ложкам штосьці трэснула, матрац з аднаго боку праваліўся да самай падлогі, а разам з ім абарвалася уніз і трапяткое сэрца: «Сапсаваў майно! А як прымусяць адкупляць?!» Ён ліхаманкава сцягнуў матрац, падняў з падлогі драўляны брусок, што яго трымаў, і тут жа азірнуўся, шукаючы, чым бы прыбіць дзеравяку. Урэшце прыбіў іржавай гантэляй, якую знайшоў у шафе для вопраткі. Дзеравяка, аднак, трымалася кепска, і Герман, з ліхаманкавым бляскам уваччу, памяняў месцамі ложкі — свой і суседаў. Нарабіў пры гэтым ладнага груку, лёг — цяпер ужо з асцярогаю — у пасцель і гучна уздыхнуў.
…Даўно яму не было так добра, так лагодна, як тою хвілінай. Даўно не адчуваў ён такога душэўнага суладдзя. І свежая прасціна, якой накрыўся, крухмальна шапацела і пахла горнай лавандай.
За акном згасаў ружовы вечар. Акно было злёгку прачыненае, і адтуль, знадворку, кволымі хвалямі наплывала музыка: дзесьці ў парку ладзілі танцы. Ён глядзеў на ружовы прастакутнік вакна і ўяўляў людскі натоўп, рознакаляровыя агні вакол летняй эстрады, і праваднічку ў белай кашулі, якая стаяла наўзбоч эстрады з жоўтым чыгуначным сцяжком у руках. Неўзабаве пачулася мелодыя «Шэрбурскіх парасонаў», сэрца захоплена сцялася, душа паляцела насустрач свайму шчасцю, але нават у думках, у віртуальным свеце ружовых фантазій, ён так і не наважыўся запрасіць праваднічку на танец.
Апоўначы, знясілены мілоснымі фантазіямі, ён заснуў і дзесьці праз гадзіну быў абуджаны грукатам дзвярэй і пявучым жаночым голасам:
— Сашко, ты мэні любыш чы ні?
Ён не паспеў раздзерці павекі, як на твар насунулася штосьці мяккае і ўдушліва-цяжкое. Герман тузануўся, хапаючы ротам паветра, і Сашко незадаволена прамовіў:
— Ну куды ты сунешся?… Гэта ж не мой ложак.
Герману ўпершыню ў жыцці селі на галаву, але ён не абурыўся: стаіўся пад прасцінай, спалохана лыпаючы вачыма.
— Уф-ф… — выдыхнула кабета, бухнулася на Сашкоў ложак, чыркнула запалкай.
Герман асцярожна, без дыху, сцягнуў прасціну з твару і ў святле запаленай сярнічкі ўгледзеў ускудлачаную жаночую галаву.
— Скількы мы сьогонні выпылы? — гучна запыталася кабета, дыхнуўшы — у Германа быў чуйны нос — густым гарэлачным смуродам упярэмешку з тытунёвым дымам.
Той, да каго яна звярталася, завіхаўся ў прыбіральні і выйшаў адтуль праз пару хвілінаў.
— Фу, бл…ь, толькі яйцы і памыў, — прамовіў Сашко, ляпаючы босымі нагамі па падлозе.
Сашко ўспоўз на ложак, таксама прыпаліў цыгарэту.
— Ты б хоць у ванную зайшла… — буркнуў Сашко пасля першай зацяжкі.
— Та ж воды нэма…
— Ну ёсць там… у начоўках.
Жанчына з шумам выдыхнула дым.
— Ты там свойі яйцы мыеш, а я буду лыцё мыты?
Сусед вылаяўся.
— Я цябе прашу не твар памыць, а …
— Якы ты, Сашко, грубы…
Герман ізноў накрыўся прасцінай. «Няўжо будуць мілавацца? У адным пакоі з чужым чалавекам?!» Да апошняга імгнення ён не даваў таму веры, а калі вынырнуў з-пад прасціны і зірнуў адным вокам нам суседскі ложак, дык угледзеў у цемры шырокі азадак, які з ліхаманкавым імпэтам падскокваў угору.
— Ох! Давай! Цілы дэнь цього чакала! — прасіпела кабета; у гэты момант пад ложкам штосьці трэснула, хтосьці з дваіх — відаць, Сашко — пёрнуў, і скаціўся на падлогу.
— Шчё?! Шчё такэ?! — загарлала кабеціна, і сусед, свецячы ў цемры белым азадкам, прамармытаў: — Не бачыш? Ложак зламалі!
Сашко, з мацюгамі на вуснах, прымасціўся каля каханкі, у ложку ізноў штосьці зламалася, і спружынавы матрац пад спалоханы жаночы воклік абрынуў на падлогу.
— Як в труні, — пралепятала кабета і пырснула здушаным смехам.
Герман выцер ражком прасціны ўпрэлы лабешнік, крадком памацаў распаленыя вушы. «Бегчы! Бегчы прэч з гэтага прытону!» — адчайная думка лёгкім свербам азвалася ў патыліцы. Ён прыўзняўся на локці, выглядаючы штаны і кашулю, ды тут жа падумаў: «І куды ж ты, браток, пабяжыш?»
І сапраўды: куды можна было бегчы цёмнаю ноччу ў незнаёмым горадзе?
Колькі часу Сашко з кабецінай маўчалі і не варушыліся. Нарэшце, аддыхаўшыся, кабеціна штосьці горача зашаптала, і Герман пачуў толькі апошнюю фразу: «Хочаш, я його подійму?»
Герман замёр без духу: падумаў, што кабета вырашыла і яго далучыць да справы. Аднак да таго не дайшло: кабета мела на ўвазе зусім іншае.
На дне суседскага ложка заварушыліся, зашапталіся, Сашко злёгку застагнаў, і Герман памкнуўся бегчы. Ён ужо скінуў нагу на падлогу, ды тут жа схаваў яе пад прасціну: на падвоканні з гучнымі пералівамі заспяваў мабільны тэлефон.
Сашко доўга мацаў рукой па падвоканні, нарэшце зморана прастагнаў:
— Слухаю…
— А хто гэта там у цябе так сапе? — з натугаю зумкнуў мабільнік.
— Сусед, — няўпэўнена адказаў Сашко.
— Вы што, у адным ложку спіцё?
— У розных, йопт’аюмаць! Ты мне, н-нахер, дома жыцця не даеш і тут штоночы тарабаніш!
— Вось і йопт’аюмаць… вось і нахер… — плаксіва азваўся мабільнік і праз імгненне, ужо адключаны, ляснуўся на падвоканне.
— І як ты з йію жывэш? — прамармытала кабеціна.
— Не звягай… і без цябе млосна, — прамовіў сусед, і кабета рашуча крутнулася на бок.
Крутнуўся на бок і Сашко, а дзесьці праз хвіліну пакой напоўніўся мернымі зыкамі. Пс-с… — суцішна выдавала кабеціна; у-ф-ф… — зморана, як той дзіравы кавальскі горан, выдыхаў Сашко. Яшчэ праз пару хвілінаў абое захраплі. Захраплі разняволена, аглушальна, раскоціста. Пры гэтым у грудзіне жаночай штосьці агідна клекатала; кабета дзерла тхара з такім шалёным імпэтам, што ў Германа пазакладала вушы.
Хр-р-р! — адрывіста хроп Сашко, маракуючы, што гучней ад яго схрапянуць немагчыма, і тут жа ягоная сяброўка, набраўшыся духу, скаланала паветра клекатліва-зацяжным каскадам гукаў: к-к-кх-х-х-р-р! «А ці будзеш?» — казала тым самым кабеціна, і Сашко на момант сцішваўся і няўцямна мармытаў спрасоння. А чацвёртай гадзіне — Герман зірнуў на гадзіннік — у сценку пастукалі. Спачатку стукнулі кулаком, потым нечым жалезным, ды так хвацка, што ў пакоі дзынкнулі шыбы. Сашко на міг абудзіўся, зварухнуўся і захроп яшчэ гучней, пакрыўшы керхатлівымі абертонамі немы храп сяброўкі.
VІІІ
Раніцою — змораны, ускудлачаны, з чорнымі ад бяссоння вачамі, — Герман падбег да акенца санаторнай адміністрацыі і дзве гадзіны чакаў, калі яно адчыніцца.
— Перасяліце ў другі нумар! — гукнуў ён, калі акенца адчынілася, і не пазнаў уласнага голасу.
— А шчё такэ? — буркнула адміністратарка, фарбуючы вусны пунсовай памадай.
Герман на міг сумеўся, правёў далонню па лобе.
— Сусед храпе. Аж сцены дрыжаць. Нават з суседняга пакоя стукалі…
— Сьогонні голоўного лікаря нэма, а а без нього мы вас нэ пэрэсэлымо.
Адміністратарка прыцмокнула нафарбаванымі вуснамі, і Герман, піхнуты ў бок аграмаднай валізай, — за ім стаяла чарга новапрыбылых курортнікаў, — з панылай павольнасцю рушыў да выхаду.
Сонца, як і ўчора, адбірала вочы, галава з недасыпу была пустой, а ў страўніку халодным ледзяком варушылася млосць.
— Каб на вас згуба! — прамовіў Герман, невядома да каго звяртаючыся, і ў гэтым воклічы чулася пякучая крыўда, крыўда на сябе самога: такога затурканага, закамплексаванага, прыніжанага Сашком і яго бессаромнай сяброўкай.
— Чоловік! А чоловік! — гукнулі за спінай, і ён азірнуўся.
Аксана — тая самая чарнявая дзяўчына, што сядзела ўчора ў іхным пакоі, — махнула рукой, подбежкам рушыла насустрач.
— Ну як там… — задыхана запыталася дзяўчына, — ночувала львівська курва?
Герман тузануў плечуком.
— Дывысь: він нэ знае! А чому морда така страшна? Нэ спав ніч? Нэ дала… гадзюка та підколодна?
Дзяўчына паставіла рукі ў бокі, пачала глядзець некуды ўгору, выглядаючы, па ўсім, вокны іхнага пакоя, а Герман — спачатку прыстаўным, а потым шырокім крокам пашыбаваў па ходніку — прэч ад балбатлівай Аксаны.
«Няўжо-такі азыз? — далонь заклапочана пацёрла запалыя шчокі. — Яшчэ пару такіх начэй — і мяне і родная жонка не пазнае».
Паркавыя лаўкі былі незанятыя, і ён прымасціўся акурат на тое месца, дзе сядзеў учора — пад шатамі старога каштана. На супрацьлеглай лаўцы сядзела ўсё тая ж мажная кабета і гэтак жа, як учора, прыспана тузала галавой.
Хвілін праз пяць яго і самога пацягнула на сон. «Прыкархнуць бы дзе ў цяньку», — падумаў наш герой, змагаючыся з позехам і асавела паглядаючы на дзвюх дзяўчат-малалетак, якія шпурлялі адна адной фасфарычна-салатавы мячык. Мячык шпокаў па асфальце, вясёлкава бліскаў на сонцы, падлятаў да зялёных шатаў. Неўзабаве вясёлкавы скакун зашамацеў за Германавай спінай.
— Дзядуля, дастаньце мячык!
Герман азірнуўся. Дзядуляў навокал не было.
— Хто, я?! — запытаў Герман, і дзяўчынкі разам выдыхнулі:
— Вы!
За лаўкай шчыльнай сцяной стаяла пажоўклая туя. Ён прадзёрся праз зарасці і патрапіў на невялічкую, закрытую з усіх бакоў высокім кустоўем пляцоўку, пасярод якой ляжаў той самы мячык.
— Лавіце! — крыкнуў Герман.
Мячык паляцеў у высокае неба, а наш герой, нядоўга думаючы, лёг на траву, убіў патыліцу ў разгаліну старой туі і адразу ж заснуў. Спаў доўга, пару гадзінаў — сонца тым часам паспела перапаўзці праз высокія кусты і свяціла ў вочы, — але абудзіла яго не сонца, а нечае няўцямнае мармытанне.
— Ці чуеш? — прамармыталі непадалёку, — сапіць нехта…
Герман стаіўся, асцярожным рухам памасіраваў навярэджаную патыліцу.
На лаўцы, спінамі да яго, сядзелі дзве кабеты.
— Ды хто тут будзе сапці? — прашаптала адна з кабет і, сцішыўшы голас, запыталася: — А што гэта за Нюра?
— Ай… рудая такая… За суседнім сталом сядзела.
— А-а… Нюрка… з Данецка? — кабета яшчэ больш сцішыла голас: — І што там было?
— Пайшла яна да масажыста… ну, да таго, сівога… — міма лаўкі, гучна лаячы футбаліста Шаўчэнку, прайшлі футбольныя заўзятары, і апавядальніца на хвілю перапыніла аповед. — Ну… узяўся ён плечы ціскаць. Нюрка казала, ёй нават дыханне заняло. І так, кажа, захацелася… Узяла і ў штаны залезла…
— Сівому?! — дрогкім голасам перапытала сяброўка.
— Ну не сабе ж… Казала — узялася за казытун, а ён такі кво-олы… Пару разоў цісканула, ён і пырснуў.
— Хто? Казытун?!
— Ну казытун… казытун…
У нос Герману ўбілася мурашка. Ратуючыся ад невыноснага свербу, пакутнік вылупіў вочы, страсянуў чупрынай, аберуч схапіўся за вілаваціну старой туі і чхнуў, ды так хвацка, што галаву заклініла ў вілаваціне, а з суседняга каштана зляцеў да часу зжаўцелы ліст.
Кабеты войкнулі, разам падхапіліся, пашыбавалі па бульвары; Герман, стаўшы на карачкі, гэтак жа імпэтна папоўз у адваротны бок, прадзіраючыся тварам праз вецце пасохлай туі, і на загадкава пачырванелым твары ягоным прысуседзіліся дробныя пісягі, пякучы сорам і душэўная пакута.
ІX
На абед ізноў падалі боршч. Старой у капялюшыку чамусьці не было, і худабзей, пад няўхвальным жончыным позіркам, агораў дзве талеркі, аблізаў лыжку і стаў неўпрыкмет казеліць вокам на сарафаністых кабет, што сядзелі непадалёку. Герман таксама зірнуў на кабет, і адна з іх — ружавашчокая весялуха, — тыцнуўшы відэльцам на яго, нахілілася да сяброўкі, штосьці прашаптала на вуха, і кабеціны, прыціснуўшы далоні да вуснаў, пырснулі смехам. Зарагаталі, азірнуўшыся, і херсонскія мужланы. Герману перацяло дыханне і боршч заказытаў у носе. Яму падалося, што на лаўцы ў парку сядзелі менавіта гэтыя весялухі.
— Чуеш, паскуда? З цябе смяюцца! — прасіпела худабзеева жонка, і ў Германа адлягло ад сэрца.
Худабзей апусціў вочы, заездзіў на азадку:
— Гэта ўсё твае фантазіі.
— Фантазіі! А чые гэта трусы пад ложкам ляжалі… сцаныя?… — суседка рэзкім рухам адсунула ад сябе талерку. — Пайду зараз, кіну ў пысу сцаннё гэтае…
Суседка паспрабавала ўстаць, але худабзей схапіў жонку за рукаво, стоена прамармытаў:
— Муля, табе шкодна хвалявацца.
— Паскуда, — выдыхнула Муля і з дзіўным для такой хвіліны імпэтам стала есці гуляш…
…Не паспеў Герман адчыніць дзверы свайго пакоя, як да вушэй даляцеў дакорлівы Аксанін голас:
— Ну, Сашко, доеб…сь… Навіць ліжко зламав.
Аксана сядзела ў крэсле, панылымі вачыма глядзела на Сашка. Той ляжаў, як у труне, — на ўбітым да падлогі матрацы, — стуліўшы павекі і склаўшы ў крыж рукі.
— А ты знаеш, шчё вона лекувалася? — запыталася дзяўчына, калі Герман, нацягнуўшы коўдру, кульнуўся на бакавую.
— Хто? — прыспана азваўся Сашко.
— Хто-хто… сучка твоя львівська.
— Ды якая яна львоўская! Тут, каля пошты, жыве. Я нават у яе ў кватэры быў.
— Цэ взагалі нэ йійі квартыра! Цёткіна. Вона тут крутыця, каб на дурняка попіячыць, з такімі дурнямы, як ты.
Аксанін голас паволі аддаліўся, і ў свеце запанавала цішыня. А яшчэ запанаваў шэры мышасты паўзмрок, у якім нарадзіўся лагодны летні дождж. І чым гучней лапаталі кроплі, тым святлей рабілася ўваччу, і нечакана, як на экране, ён убачыў абмытую дажджом платформу, людскі натоўп і самотную постаць ля крайняга вагона. Гэта была яна, красуня-праваднічка! Красуня штосьці крыкнула, ён наструніў слых і пачуў натужны вокліч:
— І як тобі нэ соромно? Ты ж всі свойі грошы на сучок пустыв!
Герман прымружыўся, крутнуўся на левы бок і, ратуючыся ад абрыдлых Аксаніных дакораў, з галавой убіўся пад коўдру.
Ноччу ён ляжаў без сну і слухаў навакольныя зыкі. Дзесьці ля суседняга санаторыя пілікнуў, ды тут жа і аціх, гармонік, выбухнулі смехам жанчыны, прыспана дзяўкнуў шчанюк, а за тонкай — у адну цагліну — перабойкай рыпнуў ложак і нехта спалохана храпянуў.
Суцішнай хвілінай одуму Герман думаў пра жонку.
Ягоная Лізавета была жанчынай сварлівай, наравістай і — Герман ведаў гэта дакладна — мела каханка: міліцыянта-даішніка. Пра міліцыянта ён пачуў зусім выпадкова ад суседкі — Аляўціны Наймушынай. Суседка забегла неяк па соль — жонкі якраз не было ў хаце, — напоўніла сальніцу і, як нічога якога, запыталася: «А хто гэта Лізку на даішнай машыне падвозіць? Сваяк які?» Герман спачатку нічога не адказаў, потым буркнуў няўцямна: «Сваяк», — а дзесьці праз тыдзень, завітаўшы дахаты і адчуўшы ў паветры цыгарэтны пах — сам ён не паліў, — зайшоў у ванную і знайшоў у бачку з нямытай бялізнай складзеную ў столку прасціну, спрэс залітую загуслай спермай.
Ён не раўнаваў жонку, але ўсведамленне, што Лізавета трахаецца з нейкім калхазанам — хто ж яшчэ ідзе ў мянты? — які залівае сямейныя прасціны ліпучай спермай, кроіла сэрца і не давала спакою. Ён стаў употай прыглядацца да жонкі, і кожнага разу заўважаў змены ў яе паводзінах. Лізавета пачала круціцца каля люстра, зрабіла манікюр, набыла на рэчавым кірмашы трусы «танга» і ажурныя панчохі. А яшчэ стала яго пацвельваць, маўляў, што за мужык — ні да дня, ні да ночы, — кожнага разу прамаўляючы адну і тую ж фразу: «Калі ты са мной не можаш, дык з якой іншай паспрабуй». Казала нібыта жартам, але пры гэтым голас яе дрыжэў і шчокі заліваў гарачы румянец. Лізавету, як бачна, даймалі згрызоты — здраджваць мужу без гэтага немагчыма. Таму і прагнула злапаць Германа з якой маладзіцай, каб такім чынам ачысціць сумленне. Лізавета і ў Трускавец адпусціла яго з лёгкім сэрцам, у спадзеўцы, што муж зблытаецца з якой хахлушкай. І вось, прабаўляючы на мулкай пасцелі сваю другую курортную ноч, Герман уявіў страшную карціну: ягоная жонка, апраненая ў тыя самыя карункавыя панчохі, мілуецца з даішнікам. Даішнік быў цемнаскурым, спрэс голым, і толькі на кучаравай галаве злёгку варушылася, у тахт руху бліскучага цела, даішная, з салатавым аколышам, фуражка. Уражаны мазахісцкай уявай, Герман рохнуў спрасонку, фуражка ўпала з кучаравай галавы, і аднекуль з калідора даляцелі няцвёрдыя крокі.
— Якы ты сёгонні п’яны… — пачулася за дзвярыма, і Герман з галавою падбіўся пад коўдру.
— А чому ліжко нэ адрамантувалы? — запыталася «львівська підлюка», убіўшыся ў пакой. Кабета з цяжкасцю варочала языком.
— Сёння нядзеля… хто табе будзе рамантаваць, — азваўся Сашко і, відаць, не распранаючыся, грымнуўся ў сваю «труну».
— Хоця б штаны зняв, — прабурчала кабета.
Сашко ў адказ мацюкнуўся, упіта прамармытаў: «Не магу… сіл маіх больш няма», — і Герман, ратуючыся ад задухі, вынырнуў з-пад коўдры.
У кволым святле было бачна, як «львіўка» сцягвала уніз спадніцу. Спадніца зачапілася за пятку, кабета матанула нагой, спадніца заляцела на Германаў ложак, і Герман спалохана падкурчыў ногі.
Сашко з сяброўкаю сцішыліся ў «труне»; сяброўка пачала была пасопваць, ды раптам ачулася, штосьці горача і няўцямна зашаптала.
— Слухай… давай сёння без гэтага… — прыспана буркнуў Сашко.
— Ты шчё, бл…ь… як бэз цього? — паспела абурыцца кабета перад тым, як на падвоканні — настойліва і трывожна — азваўся мабільнік.
— Нэ подымай! — крыкнула кабета, а Сашко, чарговым разам мацюкнуўшыся, са злосцю гаркнуў у слухаўку:
— Ну, чаго ты, йоп… тарабаніш?..
Слухаўка стоена зумкнула, і Сашко змяніў тон:
— Гэта ты, Мікола?
Колькі часу слухаўка штосьці шапялява прамаўляла, Сашко парывіста аддзімаўся, з трывогаю ў голасе выдыхнуў:
— Ну не па тэлефоне… не па тэлефоне… — і, прычакаўшы хвіліну, дадаў: — Паслязаўтра буду.
— Дзе гэта ты будзеш паслязаўтра? — гулліва запыталася кабета, калі мабільнік адключыўся.
Замест адказу Сашко са стогнам перавёў дых, а потым, рыпнуўшы матрацам, прабубніў: — Ды адчапіся ты… у мяне праблемы…
— Мэні шчё… пійты? — ужо ацверазелым голасам запыталася кабета, і Сашко, падхапіўшыся, махнуў у паветры нейкай апранахай:
— Давай, сапраўды, вымятайся. Забірай свае трусы, забірай свае гандоны… дзякуй богу, не выкарысталі…
Герман зноў нырцануў пад коўдру, але коўдра, падхопленая разам са спадніцаю нервовай жаночай рукой, спаўзла да самага пояса.
— Ты шчэ пошкадуеш, козлына марыупольська, — гукнула кабета ад самых дзвярэй, і ў спіну ёй ударыў шпурнуты Сашком чаравік.
Х
Раніцай, а шостай гадзіне, Германа абудзілі тэлефонныя гудкі і сіпавата-непракерханы суседаў голас:
— Дзяўчына… кх-х, як мне… як мне даляцець… к-х… да Марыупаля?
«Божухна, няўжо з’едзе?» — падумаў Герман, асавела мружачыся на зырка асветленае акно.
— Праз Кіеў? А калі самалёт?
— Няўжо буду спаць дасхочу? — прашаптаў наш герой, назіраючы, як сусед, з мацюгамі і вохканнем, выбіраўся са свайго лежбішча. Герман прыкінуўся спячым і потым, скрозь прыжмур, назіраў, як сусед матляўся з канца ў канец пакоя, усхвалявана гамонячы па мабільніку. Хаця Сашко гаварыў алегарычна ды эківокіста, падцягваючы пры гэтым паркалёвыя трусы — яны па старой завядзёнцы спадалі з левага паўзадка, — Герман зразумеў, што сусед заганяе разам з хаўруснікамі металапракат і што мінулым панядзелкам партыю металу затрымалі на мытні.
Не паспеў сусед скончыць размову, як у пакой зазірнула медычка ў белым халаце.
— Затулывада… — жанка з зацятай уважлівасцю зірнула на суседа, — чому вы нэ ходытэ на процэдуры? — Не чакаючы адказу, кабета кіўнула Герману: — А вы колы прыйіхалы?
— У суботу… з раніцы, — прамямліў наш герой, нацягваючы коўдру да самага падбароддзя.
— Після сніданку йдытэ до лікаря. 120-та кімната.
— Будзе мне… працэдура, — муркнуў Сашко, калі дзверы зачыніліся.
Выцягнуўшы з шафы вялізную сумку, сусед стаў пакаваць у яе свае мэтлахі. Пакуючы, выцягнуў з тумбачкі нейкі пачак, пакруціў у руцэ.
— Перадаю эстафету… з бананавым смакам… — гукнуў сусед, і Герман з жахам убачыў на грудзіне пачак кітайскіх прэзерватываў.
Неспакойная ноч — спаў нейкія тры гадзіны — дарэшты затлуміла галаву. Выкуліўшыся са сталоўкі, Герман спыніўся пасярод фае, з утрапеннем, усё адно як прыспешваючы чых, зірнуў на высокую столь, пацёр чырвоныя павекі — яны шчымелі ад бессані, — але так і не даў рады згадаць, куды ён мусіў з’явіцца «після сніданку». І толькі падышоўшы да стэнда з партрэтам Пятра Грызадуба — тут прадавалі квіты на канцэрт, — пачуў, як нейкая кабета спытала ў сяброўкі: «Колы тобі до лікаря?» — і пабег шукаць 120-ы пакой.
Пакуль знайшоў патрэбныя дзверы, да горла падкаціла халодная млосць, і жанкі, што чакалі прыёму, на імгненне патанулі ў шарым мроіве. Герман адсопся, плюхнуўся ў крэсла.
— Зоя казала, трэба пяць баксаў даваць. Іначай ніхто лячыць не будзе, — прамармытала адна з жанок, і тут жа замарачны шум увушшу прарваў барытоністы суседавы голас: — Будзе мне… працэдура!
Герман расплюшчыў вочы. Сашка поруч не было. Сусед, відаць, ужо пад’язджаў да Львова, а голас ягоны яшчэ гучаў і хваляваў сэрца, і Герман, згадаўшы поціск вузлавата-ўчэпістай Сашковай рукі, пашкадаваў, што той так рана з’ехаў у свой Марыупаль.
Санаторны тэрапеўт, маладая і рудавалосая, выхапіла з Германавых рук курортную карту, загадала, не ўздымаючы вачэй, падкасаць рукаво.
— Ужываеце? — запыталася маладуха, напампаваўшы паветра ў танометр.
Паветра з жаласлівым сіпам сышло, аслабаніўшы руку ад халоднага поціску.
— Ціск высокі… для вашых гадоў, — лекарка напісала нешта ў курортнай кніжцы, зыркнула спадылба. — А праўда, што ў вас, у Беларусі, дэманстрантаў б’юць?
— Не, ужо не б’юць, — адказаў Герман, піхаючы кніжку ў кішэнь пінжака.
— А што так?
— На дэманстрацыі ніхто не ходзіць.
Такі адказ прыйшоўся лекарцы даспадобы, і яна задаволена пасміхнулася.
Дзіўныя рэчы чыняцца ў свеце. Яшчэ ад ранку Герман з заміраннем сэрца чакаў ад’езду Сашка, а цяпер, згадаўшы потную лысіну, прышчавы азадак і поўную нутранога адчаю фразу: «Фу, бл…ь, толькі яйцы і памыў», — са шкадаваннем уздыхнуў. Толькі цяпер зразумеў — як яму будзе не ставаць тут, у чужым горадзе, гэтага дабрадушна-цельпукаватага залётніка.
Калі ж зайшоў у свой пакой і пабачыў дробныя трэскі на падлозе — санаторныя цеслі адрамантавалі Сашкоў ложак, — адчуванне ўласнай закінутасці і нікчэмнасці халоднымі абцугамі сціснула душу. Ён ціха лёг на пасцель, заплюшчыў вочы і на мяжы явы і сну ўбачыў праваднічку. Дзяўчына сядзела поруч, плаксіва смаркалася ў хусцінку і раўніва прамаўляла: «Гера, ну як тобі нэ соромно? Ты ж всі свойі грошы на сучок пустыв…»
Ён праспаў рэшту дня. Раз-пораз скрозь сон прарываліся рыпенне дзвярэй і людскія галасы. Хтосьці — усё адно як з бочкі — гукаў: «Затулывада з’іхав?» Другі голас — дзявочы і бразгатлівы — пытаўся: «Дэ ця кобэліна?» На кароткае імгненне ён расплюшчваў вочы, штосьці мармытаў у адказ і абудзіўся толькі адвячоркам, унюхаўшы агідны пах адэкалону.
— Лазюк, — адрэкамендаваўся хударлявы мужчына перадпенсійнага ўзросту, са стрыманай насцярожлівасцю працягваючы руку.
На вуснах новага суседа блукала невыразная ўхмылка.
— Я ў рэгістратуры адразу сказаў: жыць буду толькі з земляком. Мяне сюды, у 112-ы пакой, і накіравалі.
Сусед, відаць, быў з гаманлівых, бо адразу ж загаварыў пра адведзіны трускавецкай цырульні.
— Дома пастрыгчыся не паспеў, вырашыў тут зайсці. Хаджу, гляджу на шыльды… А ў іх жа ўсё па-хахляцку. Пакуль знайшоў гэтую… як яе? Пярульню… пярдульню…
— Перукарню, — буркнуў Герман, неадрыўна пазіраючы ў столь. На тле шарай, пазначанай бруднымі пісягамі столі яму прымроілася спачатку аголеныя калені праваднічкі, а потым напаўаголены Сашкоў азадак.
— І могуць жа па-расейску шпрэхаць, а ўсё адно па-свойму. Я ім зрабіў заўвагу, маўляў, я з вамі па-расейску, давайце і вы… Дык яны мне пагражаць сталі… сволачы бандэраўскія.
Сусед нахіліўся да люстра, спрабуючы ўгледзець, як яму пастрыглі патыліцу.
— У нас таксама… гэтыя… Янка Купала з Якубам Коласам… мову прыдумалі, — сусед скасіў вока, чакаючы, што Герман падтрымае размову, але той маўчаў, асавелымі вачыма пазіраючы ўгору.
…На сутонні Герман вырашыў схадзіць на пошту — патэлефанаваць дадому. Убіўшыся ў душную кабіну, набраў патрэбны нумар, і слухаўка, як ні дзіўна, азвалася звонкім голасам. Ён пазнаў Алю Наймушыну — суседку, што жыла ў сумежнай кватэры і часцяком заходзіла да Лізаветы пабалбатаць «за жыццё». Аляўціна была дзіўнай асобай — не ўжывала мяса, загартоўвалася па метадзе Парфірыя Іванова, наведвала да таго ж зборкі нейкай секты, і Герман заўсёды трымаўся ад яе ўбаку.
— Перадаю! — гукнула суседка, і слухаўку скалануў незадаволены Лізчын голас:
— Ну… што ты там?
— Ды вось, званю… — Герман насупіўся, спытаў, дзеля прыліку, пра надвор’е, потым пра швагра, а пачуўшы, што той другі дзень запар піячыць з нейкім папом-расстрыгам, буркнуў штосьці на развітанне і больш дадому не тэлефанаваў.
ХІ
На абед падалі абрыдлы боршч. Герман лена боўтаў лыжкаю ў талерцы, пазіраў спадылба на інтэлігента-худабзея, што сядзеў насупраць. Гэтым разам худабзей быў без жонкі і ўвесь час круціў галавой, кідаючы трывожныя позіркі ўбок кабет з-за суседняга століка. Калі ж адтуль чуўся вясёлы смех, ён суравеў з твару і ціха ўздыхаў.
— Вы тут колькі ўжо?
Пытанне прагучала знянацку, Герман нават страпянуўся.
— Шосты дзень, — прамовіў наш герой, зварухнуўшы пальцамі, і худабзей з роспаччу ў голасе выдыхнуў:
— А я вось заўтра ад’язджаю.
Больш яны не прамовілі ні слова. Ды яно і добра. За тры дні Лазюк — новы сусед па пакоі — так абрыдзеў сваімі размовамі, што вушы прасілі цішыні, а душа забыцця і спакою.
Новы сусед выглядаў на дзівака. Тры дні адседзеў у санаторыі, а ў горад так і не выйшаў. І нават ідучы ў бювет, сюд-туд азіраўся і стоена прамаўляў: «Ты, Гера, не ведаеш гэтых бандэраўцаў… Яны мне ўжо ў цырульні пагражалі». А яшчэ Лазюк паталагічна баяўся проймы і ўвечары з грукатам зачыняў вокны адразу на дзве форткі. Так што шчымлівыя мелодыі, якія гучалі на танцпляцоўцы і якія Герман прагнуў паслухаць, былі амаль не чутны і замест іх у вушы лезла Лазюковая балбатня. Балбатаў сусед у асноўным пра палітыку: кляў зладзюгу-Кучму і гэтак жа рашуча хваліў Лукашэнку, сцвярджаючы пры гэтым, што калі праз пяць гадоў Беларусь і Расея не аб’яднаюцца, пачнецца трэцяя сусветная вайна.
Учора ўвечары Лазюк набыў у санаторным вестыбюлі брашуру «Урынатэрапія» народнага лекара Сямёна Кандыбы, чытаў яе да самае ночы, тое-сёе цытаваў, і Герман, слухаючы, як трэба збіраць ды кіпяціць мачу, пукаціў вочы ды заціскаў рот далонню. А раніцай, калі ішлі ў бювет, народны лекар падміргнуў ім з плаката, што вісеў поруч з каляровай афішай спевака Грызадуба. Кандыба, як высветлілася, надоечы прыехаў у Трускавец і збіраўся даваць кансультацыі на галоўнай гарадской танцпляцоўцы…
— Ну дык як, Гера, пойдзем? — прамовілі над вухам, і Герман ачуўся ад думак: тою хвіляю ён якраз даядаў сырную запяканку. Сусед па пакоі ўжо паеў і стаяў поруч, выціраючы папяровай сурвэткай сальныя вусны. Ісці на танцпляцоўку не хацелася. Дый ад адных аповедаў пра кіпячэнне сцакаў цягнула на ваніты. Але ў голасе Лазюковым гучала такая пякучая просьба, што ён кіўнуў галавой, глынуў кампоту і здушана вякнуў — небараку падалося, што санаторныя кухаркі насцалі ў кампот — нездарма ж ён быў саланаватым і цёплым.
Ля ўвахода на танцпляцоўку стаяў невялічкі натоўп, прычым сабраліся там адны кабеты. Натоўп хваляваўся, варушыўся, і недзе ў нетрах ягоных гучаў мужчынскі барытон — відаць, гэта прамаўляў той самы Кандыба. З-за людской гаманы словы Кандыбавы гучалі няўцямна. Яны падышлі бліжэй, пачулі немы жаночы воклік: «А чым лячыцца?!» — і пераканаўчы мужчынскі барытон адказаў: «Вось гэтым!»
Над натоўпам узнялася трохлітровая, да грэлкі падобная клізма.
— Вось гэтым! — паўтарыў Кандыба, і Лазюк, заяснеўшы тварам (Кандыба гаварыў па-расейску), уплішчыўся ў натоўп.
— Клізму трэба ставіць пяць разоў на дзень. Толькі тады можна дасягнуць эфекту.
— А ваду цёплую ліць ці якую? — крыкнулі адразу некалькі чалавек.
Натоўп разам зашумеў, і Кандыба, перакрыкваючы гаману, абурана выдыхнуў:
— Вы што… — гамана на момант суціхла, і народны лекар, апусціўшы долу клізму, паведаміў: — Толькі ўрына! Ніякай вады! І не дай вам бог ужываць свежую… Выключна трохдзённую! Адстоеную і адфільтраваную!
— А піць таксама трохдзённую? — крыкнуў з натоўпу Лазюк.
— Пяцідзённую… — жартам гукнуў у адказ чырванатвары бамбіза, што праходзіў міма і спыніўся на імгненне пасярод ходніка. — Навярнуў пару шклянак з пахмялюгі — і як агурок!
Некалькі цётак у натоўпе — усе яны стаялі з нататнікамі і асадкамі ў руках — злавесна зашыкалі. Хвіліну натоўп узбуджана гаманіў, пасля чаго ўладны Кандыбаў голас ізноў апанаваў прастору.
— І яшчэ… Не давайце веры таму, хто заклікае ўжываць урыну як сродак ад аблысення. Каб аднавіць валасяныя цыбуліны, галаву трэба рэгулярна змазваць калам вадкай кансістэнцыі. Намазваеце звечара, нацягваеце на галаву поліэтыленавы мяшэчак…
— І йдзяце на танцы! — чарговым разам гукнуў бамбіза і пад абураныя жаночыя воклікі рушыў па сваіх справах.
Агідны камяк падкаціў да горла. Утаймоўваючы рвотныя сутаргі, Герман заціснуў рукою рот, змахнуў няпрошаную слязіну і, ужо адышоўшы ў другі канец прысадаў, ліхаманкава схапіўся за патыліцу. Яму здалося, што галава ягоная перапэцканая гаўном і на патыліцу нацягнуты поліэтыленавы мяшэчак.
А наступным ранкам, калі нацягваў нагавіцы і ў крэсле адарваўся гузік, ён стаў шнарыць рукою па падлозе і нечакана ўгледзеў пад Лазюковым ложкам бутэльку са сцакамі. Увечары, калі сусед, па старой завядзёнцы, выправіўся на калідор глядзець тэленавіны, Герман — папярэдне абгарнуўшы бутэльку газетай — вынес яе ў прыбіральню, з гідлівай гіморай адліў палову сцакаў ва ўнітаз і напорлівым струмком дадаў сваіх — як піва цёмных і пеністых.
— Гэта табе за тваю балбатню, — прамовіў уголас і мацюкнуўся.
Праз тры дні Лазюка з падазрэннем на гепатыт — сусед ўвесь час ванітаваў — паклалі ў ізалятар на першым паверсе, і Герман двое сутак цешыўся адзінотай. Адчыняў звечара акно, дыхаў водарам язміну і са слязою ўваччу слухаў шчымлівыя мелодыі, што даляталі з танцпляцоўкі.
ХІІ
Ля ўвахода ў бювет грувасціліся нехлямяжа-стракатыя шчыты з выяваю карпацкіх краявідаў, і да чарноцця загарэлы мужчына ў пацёртым брылі муэдзініста гарлаў: «Закарпатьтя, Львів, Самбір, Почаевські монастыр… Концэрт народного артыста Украіны Мыколы Грызадуба… останні концэрт в Трускавці… бэрэмо квіткы!»
Ранейшым часам Герман прабягаў міма тых шчытоў, а сёння прыпыніўся, прымружаным вокам зірнуў на выяву Львоўскага тэатра оперы і балета.
— Пойіздка ў Львіў з навіданнем оперы Джузэпэ Вэрды «Набука», — праспяваў «муэдзін».
Герман, ужо шырока расплюшчанымі вачыма, зірнуў цэтлік з надпісам: «Львів, 30 гр.», палахліва запытаўся:
— А якая выправа самая танная?
Самай таннай была паездка ў пячоры, дзе хаваўся Алекса Доўбуш.
Павагаўшыся, Герман сыпануў з потнай далоні пятнаццаць грыўняў драбязою, і потым, падлічыўшы — колькі гэта будзе ў пераліку на «зайцы», — пашкадаваў, што змарнаваў столькі грошай.
Прыспеў час вадапою, і ў бювеце было шматлюдна. Піць ваду трэба было не похапкам, а паволі, таму адпачывальнікі і блукалі з канца ў канец бювета, цягнучы з носікаў фаянсавых імбрыкаў агідна-цёплую «нафтусю». Герману ж пасля кандыбаўскай лекцыі «нафтуся» здавалася мачой; ён выпіваў ваду ў два глыткі, імпэтным рухам вытрэсваў з пластмасавага кубка апошнія кроплі і, натыкаючыся на тлустых цётак, бег да дзвярэй. Вось і сёння, хукнуўшы ў далонь, ён навярнуў 150 грамаў гаючай мінералкі, страсянуў кубак і пачуў з-за спіны лагодны жаночы голас.
— Піты трэба процягом п’яты хвылын.
За спінаю стаяла мажная кабета ў гіпюравай кофце. Кабета глядзела на яго з радасным даверам.
— Піць трэба… паволі… маленькімі глыткамі… цягам пяці хвілін, — па-расейску паўтарыла незнаёмка, пабачыўшы здзіўленне ў Германавых вачах.
Герман сарамліва кіўнуў галавой. Дзесьці ён бачыў гэтую мажнуху, але прыгадаць, дзе дакладна, не даваў рады ўспомніць.
— А куды вы падзеліся… ну там, у парку? — пытанне прымусіла страпянуцца. — То вы былі, а то раз… — і зніклі.
Толькі цяпер пазнаў ён кабету, што сядзела… — «Калі ж гэта было, у дзень прыезду?» — на супрацьлеглым баку бульвара ды прыспана ківала галавой. Герман насупіў бровы, згадаў пачутыя колісь жаночыя сакрэты («Схапілася за казытун, а ён кво-олы…») і яму стала ніякавата.
— Дзяўчынкі… мячык за кусты закінулі — я і палез даставаць, — голас Германавы здрыгануўся.
— Мячык? — з пракурорскай іроніяй перапытала мажнуха, — закінулі?..
— Закінулі, — няўпэўнена прамармытаў Герман, адчуваючы, як шчокі і шыя поўняцца гарачай крывёй.
Ногі ў незнаёмкі былі ацёклыя, пакрытыя мярэжай сініх жылаў.
— У мяне квіток лішні… на Грызадуба. Узялі з сяброўкаю, а яна мусіла дахаты з’ехаць. Дык, можа, складзяце кампанію?
Герману стала горача. Ён яшчэ нічога не сказаў, а кабета ўжо тыцнула ў ягоную руку квіток, памкнулася да выхаду і ля самых дзвярэй махнула, на знак блізкай сустрэчы, рукою. Дрыжачыя пальцы разгарнулі квіт. Канцэрт пачынаўся а сёмай гадзіне, у Палацы культуры імя Шаўчэнкі.
— «Рад пяты, месца дваццаць другое», — уголас прашаптаў Герман і аддыхаўся, ды так напорліва, што квіток вырваўся з пальцаў, паляцеў на падлогу, і давялося кідацца за ім пад ногі нейкай бабулі. Бабуля з дзіўным для яе гадоў імпэтам падскочыла, спалохана войкнула і, паправіўшы спадніцу, прамармытала:
— А далібог, шалеюць мужыкі на курорце.
Аж да самага абеду Герман не знаходзіў сабе месца. Доўга і бязмэтна сноўдаўся па санаторным двары, потым цэлую гадзіну стаяў ля газетнага шапіка, гартаючы жыццяпіс Сцяпана Бандэры, нарэшце вырашыў паспаць перад абедам і ў дзвярах пакоя сутыкнуўся з Лазюком. Сусед два дні праляжаў у ізалятары і вярнуўся адтуль няголеным і дарэшты ўсхваляваным.
— Хадзіў зараз… шукаў… паскуду гэтую, — задыхана паведаміў Лазюк, мерачы пакой нервовым крокам. — Ягонае шчасце, што ў Моршын з’ехаў… А то б я яму паказаў… сродак ад рака.
Герман плюхнуўся на ложак, адчайна, да храбусцення ў костках, пацягнуўся.
— Хто з’ехаў? Кандыба?
Пачуўшы прозвішча ўрынатэрапеўта, Лазюк сцяўся, заціснуў далонню рот, здушана вякнуў і, змахнуўшы з правага вока буйную слязіну, прамармытаў:
— Гера… прашу як сябра… не называй больш гэтае прозвішча.
ХІІІ
Палац культуры імя Шаўчэнкі хаваўся ў засені ліп ды каштанаў і звонку нагадваў бетонную стадолу. Трымаючы ў потнай руцэ запаветны квіток, Герман увайшоў у фае, наструненым позіркам пашукаў кабету ў гіпюравай кофце, і сэрца ягонае ёкнула: сярод стракатага, прапахлага дарагімі духамі натоўпу ён убачыў дзяўчыну сваіх мараў — светлавалосую праваднічку. Праз імгненне кабета, якую ён прыняў быў за праваднічку, азірнулася, бліснула залатым зубам, прыклала далоні да рота, клікнула праз людскія галовы нейкую Аксану. І прызабытая туга па светлавалосай дзяўчыне ізноў здушыла сэрца, і ўваччу, каторым разам, паўстаў мокры перон, мітуслівыя людзі з валізамі і дзявочая постаць ля крайняга вагона.
Калі ён увайшоў у залу, Грызадуб — невялічкага росту, з пукатым чэравам мужчына — ужо быў на сцэне, і высокая, апранутая ў даўгую сукню кабета, якая стаяла ля раяля, пракураным голасам абвяшчала: «Украінська народна пісня “Тай орав мужык край дорогы”».
— Сюды! — гукнулі з залы, і Герман убачыў ускінутую руку.
Ягонае месца, на шчасце, было з краю.
— А я думала, не прыйдзеце, — шапнула кабета, крануўшыся Германавай рукі.
На кабеце быў аксамітны, са шнуроўкай на грудзіне кабат і гэткая ж аксамітная, не па гадах куртатая спадніца.
Пакуль Герман ладкаваўся ў крэсле, спявак кашлянуў, шматзначна азірнуўся, і піянічка, што абвяшчала нумар, захоплена ляснула па раяльных клавішах.
— «Тай орав мужык край дорогы, тай орав мужык край дорогы…» — заспяваў Грызадуб, і Герман незадаволена паморшчыўся: народнай музыкі ён не любіў.
Кабеціне, падобна, такія песні таксама былі не ў жылу, бо яна ўвесь час круціла галавой, абцягвала куртатую спадніцу, а калі піянічка абвясціла другі нумар — песню пра Гамзю, — тыцнула Германа локцем пад бок:
— Можа, пойдзем?
Стуліўшы, як у тым вясковым клубе, спіны, яны выйшлі ў гулкае фае і праз пару хвілінаў з задавальненнем удыхнулі п’янкога, настоенага на паху ліпавай квецені паветра.
— Гэтым Грызадубам усе вушы прабубнілі, — буркнула кабета, мелькам папраўляючы прычоску. — Ну, паслухала я яго… І што ў ім добрага? Голас як голас. Вось у нашу маладосць… памятаеце Абадзінскага? Во была галасіна! Наш спявак, украінскі, хаця і спяваў па-кацапску.
«Колькі ж ёй гадоў?» — з хваляваннем падумаў Герман, а ўбачыўшы, як пагрозліва страсянуліся пад напятай шнуроўкай неабдымныя грудзі, захваляваўся яшчэ больш.
— Я ў «Каштане» жыву. У нас там адна Данеччына адпачывае… шахтары з жонкамі. Божухна, якія абмежаваныя людзі.
«Няйначай, шосты дзясятак размяняла», — Герман пакасіўся на друзлыя калені.
— Учора пазнаёмілася з адной настаўніцай… жыве ў суседнім пакоі. Ну, думаю, інтэлігентка, пра літаратуру пагамонім, пра мастацтва. Пачала я гаманіць, а яна мне: «Ты, Дана, Віктара Дзюдо чытала?» Страсянула галавой, думаю, што за Дзюдо такі? Аж высветлілася, што яна Віктора Гюго мела на ўвазе.
Хваляванне, якое спарадзілі неабдымныя грудзі, не толькі не мінала, але займала ўсё большы прастор у душы. Герману згадаўся аповед пра тое, як нейкая хворая на СНІД кабеціна, прыехаўшы на курорт, заражала смяротнай хваробай залётнікаў, і неўпрыкмет выцер рукавом халодны пот з лабешніка.
— Мяне, дарэчы, Данай завуць, — кабета, як нічога ніякага, узяла Германа пад локаць, і яны сышлі па гранітных сходах у засень густых каштанаў.
Хвіліну ішлі моўчкі — кабета відавочна чакала, што ён назаве сваё імя, але Герман маўчаў, бо ад хвалявання язык прысох да паднябення, і неўзабаве, на мастку праз ручай, кабета агучыла тую думку, што неадвязна зумкала ў Германавай галаве.
— І чаго гэтая баба да мяне прычапілася?
Кабета засмяялася, спрытней абхапіла ягоную руку, і яны рушылі па бульвару, прыканцы якога ружавелі на вечаровым сонцы выгінастыя лоджыі санаторыя «Каштан».
— Ву-унь маё акно, — прамовіла Дана, паказаўшы пальцам на верхнія санаторныя паверхі, — бачыце, там яшчэ чырвоная саколка сушыцца.
Герман прымружыў вочы, але ніякай саколкі не ўгледзеў.
— І даўно вы тут… адпачываеце? — прамовіў, нарэшце, наш герой голасам дрогкім і задушлівым.
— Хто адпачывае, а каму і працаваць даводзіцца.
Словы такія яшчэ больш устрывожылі, і Герман паспрабаваў вызваліць руку.
— Да вы не хвалюйцеся. Я пісьменніца. Збіраю тут матэрыял для свайго новага рамана. Рабочая назва: «Даследаванні ўкраінскага сексу». Як вам назва?
Герман тузануў плечуком, напружана пасміхнуўся.
— Што ні кажыце, а матэрыял для падобнай рэчы можна сабраць толькі тут, у санаторыі, — кароткае імгненне пісьменніца глядзела на ружовае сонца, потым чхнула, гукнула па-хахляцку: — Выбачайтэ, — і палезла ў кішэнь па насоўку. — Вы мяне адразу зацікавілі… як тыпаж, — пісьменніца гучна смаркнулася, склала насоўку ў тры столкі.
Пасля таго суразмоўнік таксама дастаў насоўку і выцер упрэлую шыю.
Як ні натурыўся Герман, а мусіў, цягнуты за рукаво, пайсці разам з пісьменніцай у кавярню «Марозіва». Кавярня тая — скрозь шкляная і круглая — стаяла поруч з санаторнай будынінай. і з дынамікаў, што віселі ля ўвахода, вырываўся на прасцяг знаёмы голас: «Тай орав мужык край дорогы, тай орав мужык край дорогы…».
Яны селі за крайні столік, пісьменніца замовіла чарнявай кельнерцы два келіхі кагору, два марозівы з вішнямі, а Герман тым часам з трывогаю памацаў кішэнь, у якой бразгала пяць грыўняў.
Даследніца ўкраінскага сексу прыпаліла цыгарэту, з лёгкай іроніяй зірнула на Германа, але тут жа — паўзверх Германавай галавы. У тым баку, куды яна глядзела, гучна засмяяліся і нейкая кабета з інтанацыяй блізкага шчасця прамовіла:
— Прыеду дахаты-ы, улагоджу мужыка-а… — і-і на кухню… Бульбу дзерці. Паміраю тут без дранікаў.
Ён не азірнуўся, адно ўвабраў галаву у плечы, і калі праз хвілю Пергідроль з даўганосай шатэнкай прайшліся міма, сарамліва адвёў убок вочы.
— Знаёмыя? — запыталася пісьменніца, пусціўшы ў суразмоўніка струмень разрэджанага дыму.
— Зямлячкі… у цягніку разам ехалі, — буркнуў суразмоўнік.
— І адкуль жа вы ехалі? Мяркуючы па акцэнце, з Чарнігава.
— Ды не… з Беларусі.
Пачуўшы пра Беларусь, пісьменніца зірнула на яго з яшчэ большай іроніяй.
— Вас яшчэ там за мяжу пускаюць?
— Як бачыце, — з нервовымі ноткамі ў голасе выгукнуў Герман, і пісьменніца, каб улагодзіць сітуацыю, узняла келіх з кагорам.
Віно прайшло ў нутро з цяжкасцю; нібыта жыклёр нейкі паставілі ў шлунках. Герман здушана кашлянуў, і ў той жа міг віно напоўніла страўнік прыемнай цеплынёю.
Колькі часу яны сядзелі моўчкі. Герман еў марозіва, а пісьменніца, адкінуўшыся на прыслон крэсла, пускала колцы тытунёвага дыму і раз за разам прыкладвалася да келіха з віном.
— Я тут надоечы паўгода ў Таронта жыла, — азвалася, нарэшце, даследніца сексу, насунуўшы на стол свае аграмадныя грудзі. — Усё-о дні лічыла — калі дахаты паеду. І вось прыехала… Гляджу цяпер на ўсіх гэтых кацапаў ды назад у Канаду хачу вярнуцца.
Суразмоўніца адным дыхам дапіла кагор, правяла сурвэткай па фарбаваных вуснах, скоса зірнула на трох наведнікаў, якія ладкаваліся за суседнім столікам. Усе трое гаманілі па-расейску і былі на лёгкім падпітку. Адзін з іх — высокі, стрыжаны «пад вожык» бамбіза, — разгарнуў меню, голасна прачытаў: — «Морозыво з горіхамы», — і дакорліва паківаў галавой.
— Хаця б па-руску прадублявалі, ёкалэманэ… «маро-озыва». Прачытаеш такое і есці не захочаш.
Пісьменніца зыркнула на бамбізу з непрыхаванай пагардай.
— У нас у палку быў адзін гуцул… Астапам звалі, — бамбіза махнуў рукою кельнерцы. — Кампалка выклікаў аднойчы: «Ну, таварыш сяржант, як будзе па-ўкраінску “Я не буду есці марожанае, бо яно халоднае і дарагое”?» Той лоб пачухаў: «Ну, як будэ… “Я нэ буду йісты морозыво, бо воно холоднэ та дорогэ”?» Кампалка рагатнуў і кажа: «Ну і х… з табой, еш тады гаўно: яно цёплае і дармавое».
Тройца выбухла рогатам, а пісьменніца, падхапіўшыся на ногі, кінула на талерку пяць грыўняў адной паперкай, шпаркай хадою рушыла да выхаду. Герман пабег быў следам, але тут жа вярнуўся, залпам дапіў віно і, пужліва азіраючыся, выбег з кавярні.
Ён ужо збіраўся бегчы ў бок свайго санаторыя, ды тут пачуў сярод людской гаманы ўладны воклік:
— Шчё став? Пішлы! — і, насуперак уласнай волі, пайшоў да кабеты, якая чакала яго ля ўвахода ў «Каштан».
Пісьменніца жыла на восьмым паверсе, у аднамесным нумары, з акна якога былі бачныя залаціста-ружовыя Карпацкія горы. Краявід уражваў, але глядзець у акно доўга не давялося, бо позірк адцягнуў каляровы плакат, што вісеў на сцяне і на якім дзве абсалютна голыя жанкі — адна зусім маладая, а другая зусім старая, — стаялі, абняўшыся, і цалаваліся прысмокам. Шчокі Германавыя сарамліва загарэліся, і ён перавёў позірк на закіданы паперамі стол. Гаспадыня пакоя і сапраўды, відаць, была пісьменніцай, бо паперы валяліся не толькі на стале, але і на падлозе, а пасярод стала стаяў мініяцюрны камп’ютар — гэткая скрыначка з экранам.
Гаспадыня тым часам дастала з лядоўні пачатую, нетутэйшага выгляду бутэльку, покнула коркам, напоўніла залацістай вадкасцю два маленькіх кілішкі.
— «Whіte Hоrse»… яшчэ з Таронта…
Гаспадыня села на скураную канапу, ляпнула далонню па канапнай спінцы, і госць нясмела прысеў поруч.
Цёплая жаночая рука балюча схапілася за чупрыну, і Герман з перапуду ўвагнаў галаву ў плечы.
— Я ведаю, чаму вы хаваліся ў кустах. Вы слухалі жаночыя сакрэты, — пісьменніца паслабіла спохват, правяла рукою па ўстаўбураных Германавых валасах. — Мне падабаюцца такія мужчыны. Бо я перакананая — мужчыны павінныя ведаць пра жанчын усё! Толькі тады сексуальнае пачуццё набудзе сапраўдную сілу.
Даследніца сексу кульнула чарку, кранулася Германавага калена і неўзабаве знікла ў ванным пакоі.
За сценкай перарывіста зашумела вада.
«Бегчы… бегчы прэч ад гэтай кабылы!» — гарлаў на ўсе застаўкі нутраны голас, вочы неадрыўна глядзелі на ключ, што тырчаў у дзвярах, але ногі не рухаліся і нейкая чортава сіла не давала падняцца.
— Збачэнка! — прашапталі дрыжачыя вусны, дзверы ваннага пакоя адчыніліся, і пісьменніца паўстала перад ім ва ўсёй сваёй распусце. На ёй быў серабрысты купальнік з вялікімі дзіркамі на тых мясцінах, якія жанкі прыхоўваюць ад чужых вачэй. Герман з ашалелым адчаем зірнуў на цёмныя плямы грудзей, на жарыя валасы, што вытыркаліся з дзіркі, і ўзмакрэлая спіна ягоная намёртва ўбілася ў прыслон скураной канапы.
Гарачыя вусны крануліся шыі, зачапілі мочку вушэй, з млявай павольнасцю прашапталі:
— Ідзі, прымі душ… ад цябе пахне марозівам.
Герман споўз на падлогу, пралез між тоўстых ног, на карачках дапаў да дзвярэй і, крутнуўшы ключ, выкуліўся на калідор.
— Дывысь, Оксана, другі за дэнь вылітае! — крыкнула ў канцы калідора прыбіральшчыца, што мыла падлогу. Герман паслізнуўся на мокрай падлозе, але, на шчасце, не ўпаў, адно туфель зляцеў з нагі, і так, з прыціснутым да грудзіны туфлем, прыпадаючы на правую, бестуфельную нагу, небарака прачыкільгаў восем паверхаў і толькі ў фае перавёў дых.
Да свайго санаторыя ён шыбаваў нервовым подбегам, а заляцеўшы ў пакой, плюхнуўся на ложак і, па старой звычцы, з галавой схаваўся пад коўдру.
— Гера, здарылася што? — запытаўся Лазюк, але Гера змаўчаў.
— Вечарам не трэба швэндацца. А то тут і забіць могуць. Мне вунь у цырульні так і сказалі: «Будзеш вякаць — дахаты не даедзеш», — прамармытаў Лазюк і тужліва ўздыхнуў.
XІV
Наступным ранкам Герман, як заўсёды, прачнуўся а шостай гадзіне, але ў бювет не пайшоў. Ляжаў, закінуўшы рукі за патыліцу, згадваў свае ўчарашнія прыгоды ды слухаў краем вуха Лазюковую балбатню. Сусед яшчэ дасвеццем збегаў на вадапой і цяпер наракаў, што ад «нафтусі» могуць раскрышыцца зубы і што калі б замест Гарбачова абралі генсекам Лукашэнку, дык мы б зараз гора не ведалі.
Герман згадваў жарую валасню, цёмныя смочкі грудзей, што выпіналіся праз дзіркі серабрыстага купальніка, і пасля кожнай такой згадкі цела ягонае скаланалася ад дрыжыкаў. Самае крыўднае было тое, што ад пісьменніцы ўчора ўжо выкульваўся нейкі небарака. «І я туды ж», — скрушна падумаў Герман і стаў падлічваць, колькі такіх ёлупняў выкульваецца за тыдзень. «А хто не выкульваецца, з тымі як? Можа, прыдушыла каго сваімі кавунамі?» Каб пазбыцца ганебных успамінаў, Герман крутнуўся на правы бок, стаў аднаўляць у памяці дзявочую постаць на мокрым пероне, але не аднавіў, забыўся неглыбокім сном і прачнуўся праз дзве гадзіны, пачуўшы суседаў голас:
— Уставай, пара на сняданак!
Тыцкаючы лыжкаю ў талерку з бурачнай салатай, Герман глядзеў спадылба на херсонскіх мужланаў і стоена, амаль зларадна, пасміхаўся краёчкамі бурачна-чырвоных вуснаў. Сарафаністыя саракоўкі падаліся дадому, — надоечы яны стаялі з валізамі на аўтобусным прыпынку, — і іх месцы занялі дзве стагадовыя порхаўкі. Херсонцы з тае нагоды сядзелі насупленыя, уторкнуўшы насы ў талеркі, і за ўвесь сняданак не прамовілі ні слова. Ужо п’ючы кампот, яны раптам заспяшаліся, падхапіліся на ногі і пабеглі на хаду, на хаду выплёўваючы на далоні косткі сухафруктаў.
«Відаць, на выправу позняцца», — падумаў Герман, і ў той жа міг усмешка збегла з вуснаў, і ён, па прыкладу херсонцаў, падхапіўся на ногі: згадаў, што сёння субота і што а дзявятай гадзіне ён сам мусіць ехаць на выправу — глядзець пячоры, дзе хаваўся Алекса Доўбуш.
…Струмок гарэзлівага ветрыку варушыў валасы на патыліцы, і сэрца захоплена сціналася, калі мікрааўтобус з шалёным імпэтам з’язджаў з пакатай гары. Даўно не зазнаваў Герман такога задавальнення ад хуткай язды. Ён сядзеў, адкінуўшыся на прыслон мяккага крэсла, і праніклівымі, па-дзіцячы іскрыстымі вачыма глядзеў на гарбатыя пагоркі, на разлеглыя, кранутыя шызай павалокай лагчыны, па якіх блукалі авечыя чароды, і сэрца ягонае прасіла песні.
Наперадзе, каля кіроўцы, сядзеў той самы мужчына ў пацёртым брылі, што прадаваў квіткі, і залівіста распавядаў у мікрафон пра нейкіх апрышкаў ды іхнага верхаводу Алексу Доўбуша. Зрэшты, Герман не надта і слухаў выпраўцу — быў захоплены карпацкімі краявідамі, — і толькі зрэдзьчасу наструньваўся, прыслухоўваючыся да галасоў за спінаю. Там, на заднім сядзенні, голасна гаманілі і разняволена смяяліся херсонскія мужланы з дзвюма расфуфыранымі кабетамі. У адной з кабет на носе былі люстрана-чорныя акуляры.
— Дывытэся, панове… Он там, в долыне, лэжыць місто Стрый, — крахтануў дынамік, а тым часам за спінаю выбухнулі смехам херсонцы.
— Ну, а адкуль вы прыехалі, прыгажуні? — пытаўся адзін з мужланаў.
— Мы з Кіева, а вы?
— З правінцыі, — з жартаўлівым уздыхам прамовіў мужлан, і ягоны сябрук таропка дадаў:
— Але мы не правінцыялы.
— Глянуўшы на вас, гэтага не скажаш, — выдыхнула адна з кабет, і ўсе разам — херсонцы робленым смехам, а кіеўкі залівістым і шчырым — засмяяліся.
Мікрааўтобус тым часам заехаў у цяністую даліну, і за акном зыркім срэбрам заблішчэла рака.
— Ой, як прыгожа-а! — хорам заспявалі кіеўкі.
Чалавек у брылі ляпнуў кіроўцу па локці, і той з’ехаў на край дарогі.
— Дзяўчынкі налева, хлопчыкі направа, — пажартаваў адзін з херсонцаў, і адна з кіевак, вылазячы з салона, прамармытала:
— Божухна, якія банальныя жарты.
Усе разам падаліся да ракі.
— А што за вёска… ву-унь на тым беразе? — запытаўся нехта з экскурсантаў.
Чалавек у брылі прыклаў далонь да лоба.
— Білогоршча. У сорок дэв’ятым році з цього сэла всіх высэлылы. Тут Шухэвыч з хлопцямы гуляв. Командыр УПА.
— Правільна зрабілі, — буркнуў лысы экскурсант — той самы, што сядзеў з Германам на адным сядзенні, — і з жарсцю шпурнуў у ваду пляскаты галыш.
Камень адскочыў ад вады аж восем разоў.
Калі кабеты адышлі ўбок, адзін з херсонцаў таксама шпурнуў камень і запытаўся ў сябра:
— Ты якую бярэш? У чорных акулярах?
— Бяры ты… дзвюх адразу, — муркнуў сябрук, выглядаючы сярод галькі пляскатага галыша. — Два тыдні з драгобыцкімі сцыкухамі правалэндаліся, цяпер з гэтымі будзем халявы смаліць? У мяне ўжо яйцы апухлі… Трэба шукаць якіх папрасцей. Чатыры дні засталося, сёння ўжо дваццаць першае…
— Як дваццаць першае? — усхапіўся Герман.
Толькі цяпер згадаў наш герой, што курортнае жыццё заканчваецца, што заўтра ад ранку ён мусіць хапаць валізу і бегчы на цягнік, і, зірнуўшы на спусцістую, зацягнутую шызай смугой гару, адчуў прагнае жаданне зліцца з ёю душою.
XV
Ад самага ранку ў грудзіне, як гэта бывае напярэдадні ад’езду, пасяліўся трапяткі халадок. Герман завітаў — раз астатні — у бювет, выпіў на развітанне дзве шклянкі «нафтусі» і потым доўга блукаў сярод натоўпу, слухаючы, як трывожна бухае знямелае сэрца ў прадчуванні спаткання з праваднічкай.
Адразу ж пасля сняданку ён стаў пакаваць валізу, і зямляк Лазюк з уздыхам прамовіў:
— Куды ты столькі набраў? Рукі адарвеш.
У валізе ляжалі аж чатыры пляшкі «Кадаркі» — віно тут было зусім таннае, таму і набраў столькі. Герман кляцнуў зашчапкамі, узважыў валізу на руцэ і, таксама з уздыхам, запытаў:
— Штопар ёсць?
Яны таропка, за нейкіх дзесяць хвілінаў, расціснулі пляшку, закусілі нейкімі піражкамі; Герман хацеў адразу развітацца, але сусед памкнуўся праводзіць яго да вакзала і падараваў на памяць свой зроблены ў выглядзе ключа штопар.
— Бяры, бяры… Захочаш у дарозе адкаркаваць — і не будзе чым, — гукнуў Лазюк, упіхнуў падарунак Герману ў кішэнь і, падхапіўшы валізу, падаўся ў калідор.