.
У чэрвені 2014 года споўнілася сто гадоў ад пачатка Першай сусветнай вайны. Вельмі дзіўна, але ў СССР не рабілася асаблівых паведамленняў аб гэтай вайне, ніхто не надрукаваў пра яе кнігу, нягледзячы на тое, што на яе франтах знаходзілася мноства вядомых пісьменнікаў, ніхто не прысвяціў ёй фільм… За дваццаць гадоў з моманта распаду Савецкага Саюза гэтую вайну, падаецца, зусім забылі. І з набліжэннем невясёлай гадавіны быццам нават спужаліся: ці варта адзначаць гэтую сумную для Расійскай імперыі падзею?
Гэта вельмі дзіўная рэч — гісторыя расійскай дзяржавы. Якую эпоху ні капні, то, як лічыць расійскі пісьменнік Прозараў, суцэльная бязглуздзіца, то суцэльная фантастыка. А ёсць і проста белыя плямы, як маленькія, так і велізарныя. Нягледзячы на тое, што гэтая вайна стала першым вайсковым канфліктам сусветнага маштабу, у які былі ўцягнутыя трыццаць восем з існуючых на той час пяцідзесяці дзевяці незалежных дзяржаў, пра яе ўвогуле мала вядома. Сучасным беларусам, у прыватнасці, не вядома, што Першая сусветная стала чарговай нацыянальнай катастрофай пасля вайны 1812 года.
Задачы дадзенай кнігі не столькі ў тым, каб падрабязна прасачыць гісторыю гэтай забытай вайны, колькі — распавесці аб асабліва важных яе момантах, выкрыць міфы аб гэтай вайне і прапанаваць сваё бачанне, а таксама дату завяршэння Першай сусветнай вайны. Факты кажуць пра тое, што яна не скончылася 11 лістапада 1918 года з падпісаннем перамір’я паміж Антантай і Германіяй. Не чатыры, а ўсе шэсць гадоў доўжылася тая вайна, разбіваючыся на новыя дробныя і буйныя канфлікты.
Міхаіл Галдзянкоў
Як лічаць гісторыкі, вайна пачалася з-за тэракта ў баснійскім Сараева. У нядзелю ранкам, 28 чэрвеня 1914 года, насельніцтва Сараева радасна вітала спадчынніка аўстра-венгерскага прастола эрцгерцага Франца-Фердынанда з жонкай Сафіяй. Неўзабаве пасля таго, як прабіла дзясятая гадзіна, у адкрытую машыну, у якой эрцгерцаг следваў з дома Габсбургаў, едучы вуліцамі Сараева, была кінута бомба. Эрцгерцаг ускінуў руку, каб абараніць Сафію, і адбіў яе. Прылада пасля ўдару аб аўтамабіль адскачыла і выбухнула на дарозе ззаду за машынай. Аскепкамі бомбы лёгка параніла некалькіх мінакоў і пасажыраў аўтамабіля, які ехаў следам за каралеўскім. Тым не менш, было вырашана, што картэж працягне шлях да гарадской ратушы, дзе павінна была адбыцца ўрачыстая цырымонія сустрэчы.
Маршрут быў зменены. Але кіроўцу дзіўным чынам аб змяненні планаў ніхто не паведаміў, і той, збочыўшы з шырокага ўзбярэжжа Анэля, накіраваўся да вуліцы Франца-Іосіфа. Генерал-губернатар гукнуў кіроўцу, той рэзка затармазіў у засмучэнні. Машына дала задні ход… І ў гэты момант нейкі невысокі хударлявы чалавечак, з выгляду звычайны студэнт, выскачыў з натоўпу і, падбёгшы да прагулачнага аўто, накіраваў рэвальвер проста на эрцгерцага. Бах! Бах! — прагучалі два стрэлы. У тую ж хвілю зброю выбілі з яго рук. Але адна куля ўжо патрапіла ў шыю Франца-Фердынанта, а другая — у жывот Сафіі. Забойца ўхапіў зубамі каўнер пінжака, збіраючыся раскусіць зашытую там ампулу з атрутай, але яго паспелі скруціць людзі, якія знаходзіліся побач, хутка паспелі і паліцэйскія…
Так прагучалі першыя стрэлы Першай сусветнай вайны, якія далі пачатак чарадзе самых драматычных і катастафічных для Еўропы падзей.
Хутка быў схоплены і тэрарыст, які кідаў бомбу. Як высветлілася, гэта быў серб Нядзелка Чабрынавіч, а забойцу эрцгерцага і яго жонкі звалі Гаўрыла Прынцып, абодва з’яўляліся чальцамі «Маладой Босніі». Натхнёныя прыкладам расійскіх рэвалюцыянераў, гэтыя маладыя людзі прысвяцілі сябе справе вызвалення Босніі і суседняй Герцагавіны ад аўстра-венгерскага панавання для аб’яднання з каралеўствам Сербія.
Разам з чатырма іншымі змоўшчыкамі Прынцып і Чабрынавіч занялі месцы ўздоўж маршруту следвання картэжа з намерам забіць эрцгерцага, які для іх з’яўляўся ўвасабленнем ненавіснага панавання Габсбургаў.
Яшчэ за пару месяцаў да візіту эрцгерцага ў Сараева гэтыя два студэнты Белградскага ўніверсітэта распрацавалі план замаху. Трэцім змоўшыкам стаў Трыфка Грабец. Зброю для групы здабыў трохі старэйшы баснійскі нацыяналіст Мілан Цыганавіч. Ён жа навучыў іх страляць з пісталета і карыстацца бомбамі, а таксама даў ім капсулы з цыяністым каліем для здзяйснення самагубства пасля таго, як справа будзе зроблена. Потым Г. Прынцып напісаў ліст да настаўніка і пісьменніка з Сараева Данілы Ілініча, які прыцягнуў да змовы яшчэ траіх тэрарыстаў і ўзначаліў яе.
Ва ўсялякі іншы час гэты тэракт наўрад ці выклікаў бы маштабную вайну з удзелам усёй Еўропы, часткі Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерык. Але ўлетку 1914 года ўвесь свет быццам чакаў нагоды, зручнага моманту для яе пачатка. І дачакаўся.
Цар цынічна спрабаваў назваць гэтую вайну Другой Айчыннай, але савецкія гісторыкі больш дакладна назвалі яе імперыялістычнай.
Такімі, імперскімі і антынароднымі, па-сутнасці, былі ўсе войны. Нават Вялікую Айчынную вайну ў перыяд з верасня 1939 года па канец чэрвеня 1941 года, калі Сталін і Гітлер дзялілі паміж сабой Еўропу, можна смела назваць імперыялістычнай. Але ў народзе Першая сусветная вайна прыжылася як Германская, нягледзячы на тое, што ваяваць давялося не з адной Германіяй.
На жаль, за 74 гады савецкай улады пра гэтую вайну, у якой прыняла ўдзел каля 5 мільёнаў расійскіх салдат і афіцэраў, пісалі рэдка, сціпла і мімаходзь, толькі ў кантэксце аповедаў пра Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года і «зняважлівага, але неабходнага Брэсцкага міру». Гэтая вайна, якой прысвячалі творы выбітныя еўрапейскія пісьменнікі свайго часу Эрых Марыя Рэмарк («На Заходнім фронце без перамен»), Эрнэст Хемінгуэй («Бывай, зброя!»), Яраслаў Гашак («Прыгоды ўдалага ваякі Швейка») і іншыя, у СССР дзіўным чынам не адзначылася ніводнай сур’ёзнай працай ані ў літаратуры, ані ў кіно, нягледзячы на тое, што на франтах прысутнічала вялікая колькасць пісьменнікаў і паэтаў, на той момант ужо вядомых, ці тых, што ў будучыні сталі знакамітымі: Аляксей Талстой, Мікалай Гумілёў, Бенедыкт Ліўшыц, Аляксандр Блок, Аляксандр Купрын, Міхаіл Зошчанка, Валянцін Катаеў, Канстанцін Паўстоўскі і іншыя. І няхай М. Шолахаў, М. Гумілёў, Б. Пастарнак, К. Паўстоўскі і А. Талстой закраналі гэтую тэму, але зноў жа фрагментарна, хучэй у кантэксце Грамадзянскай вайны Савецкай Расіі.
І некаторыя сучасныя аўтары і даследчыкі да гэтай пары ўпэўненыя, што тэма Першай сусветнай нецікавая. Гэта даволі дзіўна чуць ад навукоўцаў. Цікавых ці нецікавых войнаў увогуле не бывае. Бываюць проста войны, якія варта даследваць.
Што мы наогул ведаем пра тую вайну, пра яе бітвы і яе герояў?
Памятаючы вялікую колькасць герояў Вялікай айчыннай вайны, ці можам мы назваць хаця ж аднаго-двух з Першай сусветнай. Верагодна, людзі старэйшага ўзросту спачатку прыгадаюць паветраны таран Несцерава ды відавочна міфалагізаваны Брусілаўскі прарыў. Дарэчы, чым ён скончыўся? — тыя, хто аб гэтым прарыве хаця б нешта чуў, да гэтай пары так пытаюць. Магчыма, хтосьці глядзеў фільм «Чырвоны барон» пра знакамітага нямецкага лётчыка Рыхтгофена… Іншыя скажуць: «Ну, маўляў, гэта ж не наш, а нямецкі ас». Хаця, якая розніца, таксама ж герой вайны. На гэтым, напэўна, усё. Але, ёсць яшчэ дзве падзеі той вайны, значныя для расійскай гісторыі: забойства Распуціна ў 1916 годзе і пераварот 1917 года. Іх, зрэшты, савецкія гісторыкі настойліва не звязвалі з Першай сусветнай вайной. Не звязваюць і зараз. І дарэмна.
Нягледзячы на вялікі аб’ём літаратуры, прысвечанай забойству Грыгорыя Распуціна і Кастрычніцкай рэвалюцыі (перавароту), у якой гэтыя гучныя падзеі разглядаліся і працягваюць разглядацца па-за кантэкстам Першай сусветнай вайны, яны, тым не менш, з’яўляюцца яе неад’емнай часткай, кулуарамі гэтай вайны, вынікам шпіёнскай працы бакоў, якія супрацьборнічалі. Забойства Распуціна — вынік паспяховай працы брытанскай контрразведкі, у той час як рэвалюцыя ў кастрычніку 1917 года — поспех нямецкай. Зрэшты, падрабязней аб гэтым далей.
У прынцыпе, забыццё, у якім савецкая гістарыяграфія пакінула Першую сусветную вайну і якое па інэрцыі працягваецца да нашых дзён, цалкам можна палтумачыць: для Расіі ані ў царскі перыяд, ані ў савецкі ў гэтай вайне не было нічога слаўнага. Гісторыкі ж ніколі не любілі «кепскія» ці «нецікавыя» войны.
Так, напрыклад, зусім «забылі» зімовую вайну 1808–1809 гадоў супраць Швецыі за Фінляндыю, «забылі» шэраг «кепскіх» бітваў Паўночнай вайны, у якіх на галаву было разбіта колькасна пераважаючае войска Пятра, «забылі» захопніцкую вайну 1654–1667 гадоў супраць Рэчы Паспалітай і шэраг іншых… Правальную экспедыцыйную акцыю Суворава ў Альпах зрабілі геройскай, а здрадзіўшага рускай зямлі Аляксандра Яраславіча ўвогуле абвясцілі святым, прыдумаўшы яму Неўскую бітву, якой увогуле не было.
Вось і Першая сусветная падалася савецкім гісторыкам нехлямяжай і «кепскай», але фальсіфікаваць яе ніяк не атрымлівалася, бо гэта была занадта ўжо «свежая» гісторыя. Жывыя сведкі абсмяюць. Хаця цар і на самой справе вельмі няўклюдна ўступіў у гэтую непатрэбную Расіі вайну, ганебна праваліўшы наступленне на немцаў і загубіўшы мноства салдат, а Ленін яшчэ больш ганебна з яе выйшаў.
Напэўна, мала каго здзіўлю паведмленнем аб тым, што з краін Антанты расійскія войскі ў гэтай кровапралітнай вайне панеслі, як гэта было і ў іншых войнах, самыя вялікія страты. Амаль 2 мільёны (дакладную лічбу да гэтай пары ніхто не называе) салдат і афіцэраў загінула на франтах і сканала ад ран і хваробаў. Столькі ж — 2 мільёны — страціла толькі Германія, якая, у адрозненні ад Расіі, ваявала на двух франтах.
Страты мірнага насельніцтва зноў жа самымі вялікімі былі ў Расіі — больш за мільён загінулых (1 070 000 чалавек). Дакладней, нават не ў Расіі, а ў яе заходніх калоніях: Беларусі, Прыбалтыкі і Украіне з Польшчай.
Нягледзячы на тое, як адзначыў гісторык С. У. Волкаў, што «ў той вайне рускія генералы не завальвалі ворага, як сталінскія маршалы праз 30 год, трупамі сваіх салдатаў» страты ўсё адно аказаліся катастрафічнымі: Расія згубіла на сваім фронце бóльшую колькасць асабовага склада, чым ўзятыя разам Германія, Аўстра-Венгрыя і Турцыя, якія ў суме на расійскім фронце страцілі 905 000 салдат і афіцэраў. Волкаў піша:
Нават з улікам значных санітарных страт і тых, хто памёр у палоне, агульныя страты для Расіі былі значна менш адчувальнымі, чым для іншых краін…
Вось гэта цынізм! Канечне, у Расіі людзей шмат, не шкада, два мільёны выбыўшых ніхто асабліва ў Санкт-Пецярбургу ці Крамлі не адчуе. Волкаву павінна быць сорамна за такія словы! Ваюючы ж супраць Расіі удвая меншымі за расійскую армію сіламі, ворагі панеслі амаль удвая меншыя страты! Так, гэтая вайна была не такая, як Другая сусветная, без халакостаў, масавага вынішчэння мірнага насельніцтва, без канцлагераў і дывановых бомбавых налётаў на гарады. Гэта была вайна па правілах, вайна армій, таму і не было такой велізарнай колькасці ахвяр, як у апошняй вайне з гітлераўскай Германіяй. Але расійцы ў той бясслаўнай для іх вайне (як і ў папярэдніх), да агульнага сораму, так і не выказалі павагі не тое што да ворага, але нават да ўласных салдат — мільён загінулых? Не шкада, лічыць Волкаў, набярэм яшчэ! Да таго ж, гісторык неяк зусім забыў аб трох мільёнах палонных у тыле ворага. Атрымліваецца, што расійская армія, пачаўшы вайну ў 1914 годзе, завяршыла яе ў цалкам абноўленым складзе. І, выходзіць, не пяць мільёнаў салдат і афіцэраў прайшлі праз яе, але значна болей.
На тэму забыцця Першай сусветнай вайны ў расійскай гістарыяграфіі добра выказаўся пісьменнік Міхаіл Велер:
Ва ўсіх краінах і ва ўсе часы прыстойныя людзі ўмелі паважаць сваіх ворагаў, калі ў ворагаў была мужнасць, перакананасць, храбрасць і шчырасць. Ахвяры грамадзянскай вайны з абодвух бакоў шануюцца ў Іспаніі і Амерыцы, а ў нас да гэтай пары і блізка няма ніякага нацыянальнага прымірэння. У некаторых савецкіх кнігах аб гістарычных войнах ёсць эпізоды: рускі герой — ваяр, волат, храбрэц гіне ў няроўным баі за сваю радзіму, і яго ворагі аддаюць даніну мужнасці палеглага салдата. У ніводнай рускай кнізе няма адваротнай сітуацыі: каб рускія воіны аддавалі даніну павагі свайму ворагу. Заўжды толькі ў адзін бок.
Гэта тое, што ёсць у англічан, немцаў, французаў, італьянцаў, гішпанцаў, амерыканцаў, а ў рускіх ніколі не было.
Няздольнасць аддаваць даніну павагі ворагу кажа аб гаротнай халопскай гісторыі, аб несправядлівым успрыняцці свету ўвогуле і крыху аб халопскай зулускай маралі: калі мяне б’юць — гэта кепска, калі я б’ю — гэта добра. Я б назваў гэта маральнай няспеласцю народа, якая заўжды звязана з недахопам павагі да ўласнай гісторыі і недастатковым яе веданнем.
Існуе ўстойлівы міф аб тым, што арганізаваныя воінскія фармаванні Заходняй Украіны пачалі ўтварацца толькі пасля прыхода немцаў у 1941 годзе. Але, на самой справе, пачалося ўсё яшчэ ў 1914 годзе, калі ўлады Аўстра-Венгрыі ўтварылі з карпацкіх русінаў, якія ў той час пражывалі на тэрыторыі імперыі Габсбургаў, Украінскіх сечавых стральцоў (УСС, «усỳсы», па-украінску Українські Січові Стрільці). Гэта фармаванне таксама называлі Украінскім добраахвотніцкім легіёнам.
Пазней, пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, ён увайшоў у склад утворанай з так званых кіеўскіх сечавых стральцоў (знаходзіўшыхся ў расійскім палоне «усусаў») Галіцкай арміі Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі.
У аснове УСС ляжалі галіцкія ваенізаваныя арганізацыі «Сокал», «Пласт» і некаторыя іншыя. 18 сакавіка 1913 года гэтыя арганізацыі ўвайшлі ў стралецкае Таварыства — Сечавыя стральцы. Да яго таксама далучыліся іншыя таварыствы з правінцыі. Першым кіраўніком Сечавых стральцоў стаў львоўскі адвакат У. Старасольскі, а яго намеснікам — Дз. Катамай, які пазней узначаліў арганізацыю.
25 студзеня 1914 года ў Львове было заснавана яшчэ адно таварыства, якое атрымала назву Сечавыя Стральцы ІІ. Яго кіраўніком стаў Р. Дашкевіч, які пазней узначаліў Кіеўскіх сечавых стральцоў. Акрамя гэтых двух цэнтраў стралецкага руху, увосені 1913 года быў створаны трэці — Стралецкі курэнь пры таварыстве «Сокал». Усе гэтыя арганізацыі вучылі русінскую (рутэнскую) моладзь вайсковай справе.
Адразу пасля пачатка Першай сусветнай вайны, 2 жніўня 1914 года, усе партыі аб’ядналіся ў Галоўны ўкраінскі савет на чале з К. Лявіцкім. 6 жніўня 1914 года Савет і Украінская баявая ўправа выступілі з маніфестам, у якім абвясцілі аб гатоўнасці народа да барацьбы на баку Траістага саюза і паклікалі моладзь пад сцягі Украінскага Сечавога Стралецтва. Пасля абвяшчэння гэтага маніфеста сярод насельніцтва Галіччыны пачаўся масавы запіс у Сечавыя Стральцы. Спачатку яны збіраліся ў павятовых цэнтрах, дзе працавалі мясцовыя камітэты Баявой Управы. Адтуль добраахвотнікаў накіроўвалі ў гарады: Стрый, Цярнопаль, Станіслаў, Перамышль, Драгабыч. Потым партыямі яны накроўваліся ў Львоў, дзе пачыналася фармаванне легіёна Украінскіх Сечавых Стральцоў. Пасля эвакуацыі са Львова вайсковых частак і дзяржаўных установаў навабранцаў накіравалі ў Стрый.
3 верасня 1914 года легіён Украінскіх Сечавых Стральцоў прыняў прысягу на вернасць Аўстра-Венгрыі.
Стварэнне легіёна адбывалася на аснаванні імператасркага патэнта 1851 года, які тычыўся дабраахвотніцкіх ваенізаваных таварыстваў, таму легіён не адразу набыў выгляд вайсковай арганізацыі. З пачаткам Першай сусветнай вайны падобныя легіёны былі створаны таксама палякамі і албанцамі. Усе яны прызначаліся для вядзення баявых дзеянняў у тыле ворага на нацыянальнай тэрыторыі. Першымі выступілі палякі, але насельніцтва Усходняй Польшчы, якое не мела асаблівых сімпатый да Аўстра-Венгрыі, не ўзняла, як чакалася, паўстання, і легіянеры былі вымушаныя вярнуцца. Пасля гэтага аўстрыйскі генштаб перагледзеў планы выкарыстання нацыянальных добраахвотніцкіх вайсковых фармаванняў, і ператварыў іх у звычайныя вайсковыя адзінкі. Украінскі дабраахвотніцкі легіён падпарадкоўваўся аўстрыйскаму камандаванню.
УСС былі ўключаны ў склад 129-й і 130-й брыгад і 55-й пяхотнай дывізіі аўстра-венгерскай арміі, якая ўдзельнічала ў баях з расейскімі войскамі. Прычым, іх першы бой адбыўся з кубанскімі казакамі. У складзе сечавых стральцоў былі і дзяўчыны, што для таго часу было чымсьці надзвычайным.
Камандзірам цэлага легіёна стаў М. Галушчынскі. У кожны курэнь уваходзіла па 4 сотні (роты). Сотні складаліся з 4 чэтаў (узводаў), чэты — з 4 рояў (аддзяленняў) па 10–15 чалавек. Разам у сотні было 100 ці 150 байцоў. Апроч таго, у кожнай сотні было па два рамеснікі (адзін шавец і адзін кравец), соценны пісар і яго памочнік, два тэлефаністы. У склад легіёна ўваходзілі не толькі курэні, але і іншыя адзінкі: дадатковыя баявыя часткі, запасныя і дапаможныя часткі, а таксама спецыяльныя баявыя часткі. У легіёне на афіцэрскіх пасадах служылі жанчыны, што апярэдзіла свой час (гэта зараз мы прызвычаіліся да выгляду жанчын у пагонах, а ў 1914 годзе гэта было амаль неверагодным!).
Дадатковыя баявыя часткі былі прадстаўлены конніцай, кулямётнай сотняй і інжынернай сотняй. Конніца складалася з адной сотні, у якой было чатыры старшыны і 120 стральцоў. Камандаваў конніцай паручнік Р. Камінскі.
Аўстрыйскае камандаванне не спяшалася кідаць усусаў у бой, бо па-ранейшаму ставілася да стварэння гэтых падраздзяленняў як да сумніўнага эксперымента. Першым камандуючым быў прызначаны атаман Тэадор Ражанкоўскі, пасля яго гэтую пасаду атрымаў падпаручнік Міхаіл Галушчынскі. Адначасова з ім на кароткі тэрмін камандзірам легіёна УСС быў прызначаны аўстрыйскі кавалерыйскі палкоўнік Молік, па нацыянальнасці чэх, які пазней яшчэ некаторы час адказваў за падрыхтоўку стралкоў. Баявое хрышчэнне сечавыя стральцы прайшлі ў верасні 1914 года ў сутычках з часткамі 2-й Кубанскай казачай дывізіі ў раёне села Вярэцке-Вышне ля карпацкіх перавалаў на шляху ў Мункач. Гэтыя сутычкі былі нязначнымі, у іх удзельнічалі толькі перадавыя атрады. Узімку 1914–1915 гг. сотні УСС у складзе 130-й брыгады абаранялі карпацкія праходы — яны займаліся разведкай і аховай.
Падчас зімовых баёў легіён згубіў параненымі, абмарожанымі і забітымі да дзвюх трэціх свайго першапачатковага асабовага складу. Пасля гэтага УСС былі папоўнены сялянамі-русінамі з мясцовых закарпацкіх сёлаў, што адразу панізіла ідэалагічную вытрываласць легіянераў.
Самым буйным сутыкненнем з удзелам УСС на гэтым этапе вайны сталі баі за гару Макаўка, якія адбываліся з 29 красавіка да 3 мая 1915 года.
У гэтых баях стральцы страцілі 42 чалавекі забітымі, 76 — параненымі і 35 — палоннымі. Потым легіён удзельнічаў у баявых дзеяннях пад Балехавам, Галічам, Памехавай і Семікоўцамі.
З лета 1915-га жаўнеры УСС занялі пазіцыі над ракой Стрыпай і там, у Сасновых і Вясёлай, знаходзіліся да жніўня 1916 года. Потым у складзе 55-й дывізіі абодва курэні былі ператвораны ў полк УСС пад камандаваннем атамана Г. Косака, а з лістапада 1916 года — падпалкоўніка Антона Варыводы.
У жніўні 1916 года легіён быў пераведзены пад Беражаны, дзе акапаўся на пагорку Лысоня. У жнівеньскіх і вераснёўскіх баях за Лысоню УСС страцілі 28 з 44 старшын, толькі палоннымі — больш за 1000 жаўнераў, і на 30 верасня 1916 года амаль перасталі існаваць, налічваючы толькі 9 старшын і 444 стральцы.
Другі раз адчувальныя страты легіён УСС панес у пачатку ліпеня 1917 года ў баі пад Конюхамі пры наступленні расійскай арміі, калі яго склад амаль цалкам патрапіў у палон. Выратавалася каля 400 старшыняў і стральцоў. З іх, з Гуцульскай сотні і з запасной часткі, якая называлася «Кош», быў сфарміраваны новы курэнь УСС, які здзейсніў паход на раку Збруч, а ў лютым 1918 года ў складзе аўстра-венгерскай арміі пайшоў у наступленне на тэрыторыю былой Расійскай імперыі.
Усе гэтыя дарэмныя ахвяры УСС выглядаюць больш трагічна, калі ўлічваць, што насельніцтва русінскай Галіцыі больш сімпатызавала менавіта Расіі, а не Аўстра-Венгрыі. Венграў увогуле баяліся. Яшчэ здалёк убачыўшы лісіныя шапкі вайсковай венгерскай паліцыі, русіны ў страху хаваліся па хатах. І зараз бяруць дрыжыкі, калі праглядаеш фотаздымкі павешаных у Галіцыі ворагаў Аўстра-Венгрыі, у лік якіх уваходзілі таксама і жанчыны. А ў той час усусы пралівалі кроў за тых, хто вешаў іх сваякоў і землякоў.
У лістападзе 1917 года з аўстра-венгерскіх сечавых стральцоў, якія знаходзіліся ў расійскім палоне ў Кіеве, пад кіраўніцтвам Яўгена Канавальца быў утвораны Галіцка-Букавінскі курэнь Сечавых Стральцоў, які паклаў пачатак цэламу шэрагу найбольш баяздольных вайсковых частак арміі Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі. Пасля распаду Аўстра-Венгерскай імперыі УСС сталі касцяком Галіцкай арміі, якая абаранялася ад палякаў. Праўда, падчас баёў за Львоў легіён прыбыў у горад толькі 3 лістапада і ўжо не здолеў змяніць баявога становішча.
Палякі — чарговыя вязні Расійскай імперыі, як і беларусы з украінцамі, апынуліся ў цэнтры вайны, у сярэдзіне бойкі тых самых дзяржаў, што калісьці, нібыта бабуліны срэбныя лыжкі, падзялілі паміж сабой Рэч Паспалітую. Цяпер былыя саюзнікі, нагуляўшы апетыт, ішлі адно супраць аднаго. Пачатак Першай сусветнай вайны выклікаў неверагоднае ажыўленне ў польскіх колах кожнай з трох імперый. Расія, Аўстра-Венгрыя і, у меншай ступені, Германія пачалі своеасаблівае спаборніцтва за адданасць палякаў.
Следам за Аўстра-Венгрыяй у Расіі ўпершыню ўзнялі пытанне аб стварэнні польскага войска, якое, як вядома, перастала існаваць пасля паразы вызваленчай вайны канца XVIII стагоддзя. Узброеныя сілы Царства Польскага, створанага пасля Венскага кангрэса 1815 года ў складзе Расійскай імперыі, усё ж былі, але цалкам падпарадкоўваліся расійскаму вялікаму князю і насілі нацыянальны характар толькі намінальна. Праўда, падчас паўстання 1830–1831 гадоў гэтае войска дзейнічала самастойна і, натуральна, што супраць расійскага.
Напярэдадні вайны ў Польшчы пачаўся патрыятычны рух, адной з яго галоўных мэт была падрыхтоўка гарадской і вясковай моладзі да меркаванай вайны за незалежнасць. Аўстра-венгерскія ўлады ўжо ў ліпені 1914 года далі згоду на ўтварэнне Заходняга (у Кракаве) і Усходняга (у Львове) Польскіх легіёнаў, таксама як і дазволілі стварыць украінскія злучэнні. Такое рашэнне вымусіла Расію ў адказ прадаставіць больш льгот польскаму насельніцтву імперыі, у тым ліку і праз стварэнне нацыянальных фарміраванняў.
Кіруючыя колы Расійскай імперыі ўсведамлялі, што занадта вялікія саступкі ў польскім пытанні могуць прывесці да адраджэння нацыянальна-вызваленчай барацьбы. У выніку разгляду Вайскова-судным упраўленнем Ваеннага міністэрства магчымасці службы ў арміі прадстаўнікоў розных народаў імперыі, напярэдадні Першай сусветнай было вырашана адмовіцца ад стварэння асобных нацыянальных частак.
Але вайна ўнесла свае карэктывы ў вайсковую і нацыянальную палітыку Расіі. Першага жніўня Вярхоўны галоўнакамандуючы расійскай імператарскай арміі вялікі князь Мікалай Мікалаевіч выдаў адозву «Да палякаў», у якой паабяцаў уз’яднанне ўсіх польскіх земляў пад уладай цара і адраджэнне Польшчы, «вольнай у сваёй веры, мове і самакіраванні». Гучала, канечне, прывабна. Менавіта гэты дакумент і стаў прычынай з’яўлення ў асяродку польскіх палітыкаў і вайскоўцаў чутак аб верагодным стварэнні іх нацыянальнай арміі ў Расіі. У тым жа месяцы па просьбе двараніна Вітольда Астоі-Гарчыньскага вялікі князь Мікалай загадаў «сабраць з палякаў атрад і ісці на дапамогу арміі». Пачаўся працэс утварэння падраздзяленняў, якія ў снежні 1914 года былі сканцэнтраваны ў горадзе Нова-Александрыя (Пулавы) і аб’яднаны ў 1-ы Польскі легіён — у польскай гістарыяграфіі ён вядомы як «Пулаўскі легіён», па месцы ўтварэння.
Але ён меў абмежаваны нацыянальны характар: 31 студзеня 1915 года злучэнні легіёна былі падпарадкаваны не армейскім уладам, а Варшаўскаму генерал-губернатару, а ў сакавіку атрымалі нумары звычайных апалчэнскіх дружын і конных сотняў; уся афіцыйная карэспандэнцыя і іншыя дакументы вяліся выключна па-расійску. Тым не менш, салдаты і афіцэры вельмі добра паказалі сябе ў баях вясны — лета 1915 года. Гэта не засталося незаўважаным, і на падмурку легіёна 1 верасня 1915 года пачынаецца фарміраванне Польскай стралковай брыгады.
На Заходнім фронце ў 1916 годзе жаўнеры брыгады прадэманстравалі мужнасць у баях з немцамі. У гэты цас Царства Польскае ўжо было цалкам акупавана арміямі Германіі і Аўстра-Венгрыі. Апярэджваючы далейшыя дзеянні Расіі, манархі Вільгельм І і Франц Іосіф падпісалі маніфест аб стварэнні пад сваім пратэктаратам на занятых землях Польскага каралеўства. Польскія легіёны павінны былі быць вывыдзены з падпарадкавання аўстра-венгерскай арміі і перафарміраваны ва ўзброеныя сілы каралеўства — так званая Польска Сіла Збройна ці Польскі вермахт. Царская Расія павінна была зрабіць крок у адказ, і камандуючы Паўднёва-Заходнім фронтам генерал ад кавалерыі Аляксей Брусілаў даў дазвол на разгортванне Польскай стралковай брыгады да дывізіі. Відавочна, Брусілаў разумеў, што Расія знаходзіцца на мяжы вычарпання сваіх вайсковых рэзерваў, і стаў на абарону ідэі прыцягвання да баявых дзеянняў нацыянальных злучэнняў, у прыватнасці, палякаў. З мэтай пераўтварэння будучую Польскую стралковую дывізію размясцілі ў Кіеўскай вайсковай акрузе. Як уласна ў Кіеве фарміравалі і Чэхаславацкі легіён з ваеннапалонных, якія перайшлі на бок Расіі.
Лютаўская рэвалюцыя 1917 года зблытала ўсе карты: ужо 16 сакавіка 1917 года з’явілася адозва Часовага ўрада, у якой было прызнана права палякаў на стварэнне ўласнай дзяржавы з усіх трох частак былой Рэчы Паспалітай. Дэкларацыя Петрагарадскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, выдадзеная раней, проста казала аб праве Польшчы на поўную незалежнасць.
Такім чынам, рэвалюцыйная Расія адмовілася ад права на кіраванне Польшчай, і перш за ўсё, з той прычыны, што фактычна страціла гэтае права пасля акупацыі Царства Польскага Цэнтральнымі дзяржавамі ў 1915 годзе. У спаборніцтве за сімпатыі палякаў расійцы значна абышлі Германію і Аўстра-Венгрыю. І сапраўды, улетку 1917 года камендант польскіх легіёнаў у складзе аўстра-венгерскай арміі — дарэчы кажучы, так не ператвораных ва ўзброеныя сілы Польскага каралеўства — Юзэф Пілсудскі, не бачачы больш нагод ваяваць на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі за вызваленне Польшчы, расфарміраваў свае часткі.
Рэвалюцыя ў Расіі закранула ўсе аспекты жыцця жаўнераў Польскай стралковай дывізіі — у штодзённым жыцці распаўсюджваецца польская мова, нацыянальная сімволіка. У сакавіку 1917 года размешчаныя ў Кіеве падраздзяленні дывізіі прымаюць удзел у парадзе войск кіеўскага гарнізона, выкарыстоўваючы польскі гімн і сцягі, пад якімі палякі змагаліся супраць царскай Расіі ў 1789–1794, 1830–1831, 1863–1864 гадах. Польскія ўланы дасягнулі ўвядзення прысягі не на вернасць Расіі, але з уласным тэкстам, які казаў аб незалежнасці і аб’яднанні Польшчы; спецыяльны тэкст прысягі напрыканцы красавіка 1917 года планавалі ўвесці для ўсіх салдат Польскай дывізіі.
На з’ездзе салдат дывізіі ў красавіку 1917 года ў Кіеве была выпрацавана дэкларацыя, якая тлумачыла новыя мэты вайны — аднаўленне незалежнасці Польшчы на ўсіх землях, для чаго неабходна было стварыць армію, якая б ваявала на баку Антанты. Менавіта Польская стралковая дывізія павінна была стаць асновай такой арміі.
Яшчэ да рэвалюцыі меркавалі, што злучэнні дывізіі будуць несці гарнізонную службу ў гарадах вызваленага Царства Польскага, а ўланскі эскадрон, разгорнуты да палка, стане коннай гвардыяй.
Ператварэнне Польскай стралковай дывізіі ў армію задавольвала рэвалюцыйныя ўлады. У сакавіку 1917 года ваенны міністр меў план утварэння польскай арміі на тэрыторыі Расіі, які прадугледжваў забеспячэнне Польскай стралковай дывізіі артылерыяй і тэхнічнымі падраздзяленнямі, стварэнне другой дывізіі для далейшага іх аб’яднання ў корпус. З гэтай мэтай пры Генеральным штабе была арганізавана Ваенная камісія для фарміравання польскіх частак, якую 30 красавіка ўзначаліў камандзір стралкоў генерал-маёр Тадэвуш Былеўскі.
У другой палове 1917 года адбываюцца важныя змены ў становішчы польскіх нацыянальных частак у складзе расійскай арміі. Ідзе працэс утварэння саюзаў жаўнераў-палякаў, якія бяруць за мэту арганізацыю польскіх узброеных сіл і барацьбу за незалежнасць краіны. Першае Аб’яднанне вайсковых палякаў з’явілася ў Петраградзе 24 сакавіка 1917 года, а ў хуткім часе падобныя арганізацыі былі створаны і ў гарнізонах іншых гарадоў (Масква, Кіеў, Мінск, Рыга, Ржэў і інш.).
На працягу вясны — лета 1917 года аб’яднанні вайскоўцаў-палякаў з’явіліся амаль пры кожнай вайсковай частцы, злучэнні, гарнізоне, а таксама былі створаны армейскія і франтавыя аб’яднанні. Яны былі пазапартыйнымі арганізацыямі, але траплялі як пад уплыў правых (нацыянальныя дэмакраты — эндэкі), так і левых (Польская сацыялістычная партыя, Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы) палітычных сіл. Улада афіцыйна не прызнавала аб’яднанні, і іх існаванне ў 1917 — пачатку 1918 года мела паўлегальны характар. З мэтай узгаднення дзеянняў усіх гэтых арганізацый, а таксама для ўпэўнівання камандавання ў неабходнасці стварэння асобнай Польскай арміі на тэрыторыі Расіі, было вырашана правесці агульны з’езд.
Першы з’езд Аб’яднанняў вайсковых палякаў адбыўся 26 мая — 9 чэрвеня (7–22 чэрвеня на новым стылі) у Петраградзе. На першым жа паседжанні 384 делегаты з усіх франтоў, Польскай стралковай дывізіі і Польскага ўланскага палка абралі ганаровым старшынёй з’езда Юзэфа Пілсудскага — тым самым было даказана, што палякі розных краін і палітычных арыентацый маюць адзіную мэту — стварэнне незалежнай Польшчы. Аднак, на працягу паседжанняў з’езда адпаведна стаўлення да пытання ўтварэння польскай арміі вылучыліся тры плыні — правіца, цэнтр і лявіца. Першыя выступалі за стварэнне Польскай арміі на тэрыторіі Расійскай дзяржавы з правам на незалежнае ад расійскага камандаванне; цэнтр выказваўся за падпарадкаванне польскіх злучэнняў галоўнаму расійскаму камандаванню; левыя былі катэгарычна супраць стварэння нацыянальных частак, змагаючыся за пашырэнне дэмакратыі ў войску і заканчэнне вайны ўсялякімі сродкамі.
Пасля доўгіх спрэчак, шэрага правакацый і застаўлення залі паседжанняў некалькімі прадстаўнікамі лявіцы, 8 чэрвеня было прынята рашэнне аб стварэнні Польскіх узброеных сіл для барацьбы з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй, падпарадкаваных галоўнаму камандаванню расійскай арміі. Таксама было вырашана стварыць два органы — Польскі вайсковы выканаўчы камітэт і Цэнтральнае ўпраўленне Аб’яднаных вайсковых палякаў, якія разам склалі Галоўны польскі вайсковы камітэт. Гэты камітэт, вядомы як Начполь, быў, па сутнасці, сурагатам улады і кантроля грамадства над арміяй, утварэнне якой было яго асноўнай мэтай. На чале Начполя ўстаў прапаршчык Уладзіслаў Рачкевіч, будучы прэзідэнт Польшчы ў эміграцыі (1939–1947 гг.).
У той жа час лявіца стварыла ўласны Галоўны камітэт Аб’яднанняў вайсковых палякаў, адзначыўшы такім чынам раскол у польскім вайсковым руху, які стаў сур’ёзнай перашкодай на шляху да ўтварэння баяздольнай арміі. Між іншым, «левы» камітэт падтрымаў старшыня Часовага ўраду А. Керанскі, які з гэтай прычыны не легалізаваў Начполь. Аднак у хуткім часе Вярхоўны галоўнакамандуючы генерал ад інфантэрыі Лаўр Карнілаў выказаў згоду на ўтварэнне аднаго польскага корпуса ў раёне Мінск — Бабруйск, з чым быў вымушаны пагадзіцца А. Керанскі. Новае польскае злучэнне ўзначаліў выпускнік Акадэміі Генштаба генерал-лейтынант Юзэф Доўбар-Мусніцкі.
Адначасова з гэтым меркавалася стварыць асобны корпус і на Украіне. Але пасля «выступлення» генерала Л. Карнілава справа стварэння новых польскіх злучэнняў доўга тапталася на месцы.
Масавую агітацыю супраць уступлення салдат у Польскі корпус вялі прыхільнікі левых палітычных партый. Негатыўны ўплыў на вылучэнне жаўнераў-палякаў аказвалі таксама бальшавіцкія агітатары, якія працавалі ў вайсковых частках. Дзейнасць рэвалюцыйных агітатараў у рэзервовым палку Польскай стралковай дывізіі (пазней — корпуса) ў Белгарадзе мела негатыўныя наступствы для фарміравання польскіх частак у Расіі. Пад уплывам палітыкаў салдаты адмаўляліся выконваць загады генерала Ю. Доўбар-Мусніцкага, у верасні 1917 года арыштавалі сваіх афіцэраў, усталявалі выбарнасць пасад, і ў лістападзе 1917 года абвясцілі полк «1-м Польскім рэвалюцыйным палком».
Бальшавіцкі пераварот у Петраградзе 25 кастрычніка / 7 лістапада істотна змяніў умовы ўтварэння польскіх частак. Было скінута ранейшае вайсковае камандаванне, але легітымнасць новапрызначанага Вярхоўнага галоўнакамандуючага прапаршчыка Мікалая Крыленкі большасць вайскоўцаў не прызнавала, у тым ліку і палякі. На працягу яшчэ некаторага часу польскія часткі ахоўваюць Стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага генерал-лейтынанта Мікалая Духоніна, але пасля забойства яго салдатамі палякі перастаюць падпарадкоўвацца Стаўцы.
Пасля бальшавіцкага перавароту на тэрыторыі былой імперыі ідзе працэс стварэння новых польскіх злучэнняў. У снежні 1917 года на Румынскім фронце ў раёне горада Сарокі на добраахвотнай аснове сфарміраваны 2-гі Польскі корпус, на чале якога стаў генерал-лейтынт Сільвестр Станкевіч. Па ініцыятыве Начполя таксама ў снежні 1917 года арганізаваны Інспектарат польскіх узброеных сіл на Украіне, які ўзначаліў генерал-лейтынант Яўгені дэ Хенінг-Міхаэліс. У яго задачы ўваходзіла кіраванне працэсам стварэння 2-га і 3-га Польскага карпусоў.
Менавіта ў гэты час польскія вайсковыя фарміравані, пазбаўленыя расійскага вярхоўнага камандавання, набываюць характар сапраўднай арміі. Уведзена новая ўніформа, адрозная ад формы расійскай імператарскай арміі і іншых нацыянальных злучэнняў, створаных на руінах былой імперыі; службовыя статуты перакладзены на польскую мову, якая робіцца адзінай афіцыйнай. Робяцца спробы канцэнтрацыі ўсіх польскіх частак у адным месцы.
У снежні 1917 года Ю. Доўбар-Мусніцкі вясвятляў магчымасць пераводу свайго корпуса на Украіну. У сакавіку 1918 года да 2-га Польскага корпуса далучыліся жаўнеры Польскага дадатковага корпуса (былых Польскіх легіёнаў), якія з боем перайшлі фронт з аўстрыйскага боку з мэтай стварэння «экстэрытарыяльнай арміі» для барацьбы за незалежнасць Польшчы ад аўстрыйцаў і германцаў. Разам з былымі легіянерамі салдаты 2-га корпуса выправіліся ў доўгі паход, каб злучыцца з 1-м Польскім корпусам у Беларусі.
Былі прынятыя меры па афармленні міжнароднага статусу гэтых падраздзяленняў. Дамова паміж камандаваннем 1-га Польскага корпуса і нямецкім камандаваннем ад 26 лютага 1918 года і дамова паміж Галоўным камандаваннем Польскіх войск на Украіне і ўрадам Украінскай Народнай Рэспублікі ад 4 красавіка 1918 года вызначылі нейтральны статус польскіх частак. Начполь, ператвораны ў лютым 1918 года ў Галоўную раду польскіх узброеных сіл, яшчэ выступаў у якасці вярхоўнай ўлады над польскімі фарміраваннямі, але пры гэтым адчуваўся недахоп рэальнай улады над арміяй. З гэтай прычыны ў пачатку сакавіка У. Рачкевіч наведаў Варшаву для перамоваў з адзіным польскім органам улады — Рэгенцкай радай Польскага каралеўства. Пасля яго вяртання салдаты прымаюць прысягу на вернасць Польшчы і Рэгенцкай радзе як адзінай лігітымнай уладзе. Гэта быў вельмі важны момант, бо да гэтага ніякія іншыя падраздзяленні не прысягалі на вернасць нацыянальнаму кіруючаму органу.
Зняважлівы Брэсцкі мір, да тэмы якога мы звернемся ніжэй, прывёў да расфарміравання польскай арміі. 11 мая 1918 года немцы гвалтоўна раззброілі 2-гі Польскі корпус пад Каневам, а 20 мая высунулі ўльтыматум аб раззбраенні камандзіру 1-га Польскага корпуса — той вымушаны яго прыняць. Падобным чынам пад уціскам немцаў аўстрыйскае камандаванне прымусіла здаць зброю часткі 3-га Польскага корпуса. Аднак Чэхаславацкі корпус падпарадкоўвацца падобным загадам не стаў, але аб гэтым і аб тым, як чэхі з боем вярталіся на радзіму, таксама пазней.
Палякі робяць яшчэ некалькі спроб стварэння нацыянальнай арміі на тэрыторыі Расіі: такія фарміраванні ствараюцца пры Добраахвотніцкай арміі і кантынгентах Антанты ў Мурманску, на Кубані і ў Сібіры. Аднак польскія эмігранцкія колы ў якасці нацыянальнай арміі пачынаюць разглядаць вайсковыя часткі, утвораныя з палякаў у Францыі, якія ўвосені 1918 года ўзначаліў Юзэф Галер. Нягледзячы на тое, што гэтая армія стала вельмі шматлікай, яна таксама, як і ўзброеныя фарміраванні на тэрыторыі Расіі, не змагла стаць асновай узброеных сіл незалежнай Польшчы. У лістападзе 1918 года, калі Польшча скінула путы залежнасці ад Германіі і Аўстра-Венгрыі, яе армія была ўтворана на падмурку добраахвотных фарміраванняў на тэрыторыі ўласна Польшчы. «Блакітная армія» Юзэфа Галера, празваная так з-за колеру мундзіраў, прыбыла з Францыі толькі ў красавіку 1919 года, а рэшта створаных на тэрыторыі былой Расійскай імперыі польскіх частак — толькі ўлетку 1919 года.
Расстрэл цара бальшавікамі зрабіў з яго пакутніка, але калі вярнуцца ў 1914 год і паглядзець на тагачасныя падзеі ў Расійскай імперыі вачыма сучаснікаў, то стане відавочным, што цара лічылі кепскім военачальнікам, як і кепскім уладаром не выпадкова. Прычым, аб слабасці Мікалая ІІ непрыхавана выказвалася нават яго жонка.
Так, ён быў добрым і лаяльным чалавекам, але каму ад гэтага было лягчэй? Хіба толькі Леніну, які пазбег смяротнага прысуду і не патрапіў у турму на дзесяць год. Цар існаваў ва ўласным прыдуманым свеце і, падаецца, з цяжкасцю разумеў, што адбываецца ў рэчаіснасці. Яго тэзіс аб уменні начальнікаў прыблізіцца да падначаленых стаў пастаянным атрыбутам выступленняў перад вайскоўцамі. У 1904 годзе цар патрабаваў з любоўю і разуменнем ставіцца да ніжніх чыноў, «з сардэчнасцю спасцігаць іх патрэбы і набліжаць іх да сябе». Усё гэта дзіўным чынам спалучалася з тым, што менавіта пры Мікалаі ІІ зноў было дазволена ўжыванне розгаў, і салдат лупцавалі цэлымі падраздзяленнямі часам нават з-за чыстых глупстваў. Пакаранне розгамі стымулявала і звычайнае біццё, якое стала нормай у расійскай арміі. А ў студзені 1915 года ў войску ўвялі і смяротнае пакаранне.
У дысанансе з красамоўнымі выступленнямі цара былі лісты з фронта, якія перахоплівала вайсковая цэнзура. Вось вытрымкі толькі з некаторых:
Больш за ўсё прыгнячае, што нашымі старымі салдатамі камандуююць выскачкі-афіцэры. Салдатаў яны не разумеюць, папікаюць імі, а клопату не заўважна.
У нашай роце ніякага парадку, паўротны — прапаршчык з салдатаў — увесь час быў на весцы і піў.
Усё начальства за дробныя ўчынкі біе па мордзе, вось такое вось нашае жыццё — горш за сабак.
Фарміраванне ніжэйшага каманднага складу таксама адбывалася вельмі некваліфікавана. Незавершанасць рэформы вайсковай адукацыі прывяла да таго, што калі пасля пачатку вайны амаль увесь падрыхтаваны прафісійны касцяк афіцэрскага корпусу быў выбіты ў аперацыях 1914–1915 гадоў, тых, хто павінны быў камандваць людзьмі ў баі, пачалі падбіраць літаральна з вуліцы, сярод студэнтаў і служачых, выключна паводле адукацыйнага крытэрыя і прапускаць праз трохмесяцовую школу прапаршчыкаў.
Камплектаваліся ж школы прапарчыкаў прыдатнымі да воінскай службы людзьмі з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй, студэнтамі і ўвогуле ўсялякімі асобамі, якія скончылі хаця б павятовую ці вышэйшую пачатковую вучэльню.
Апроч таго, менавіта ў тыя гады з’явілася практыка пераводу ў афірэры ніжэйшых чыноў за баявыя заслугі непасрэдна на перадавой, без праходжання спецыяльных курсаў.
Але, як высветлілася, адукаваныя студэнты, старанныя чыноўнікі і простыя салдаты і унтэры, якія ўмеюць добра чысць вінтоўку, трапна страляць, зухавата казыраць начальству, далёка не заўжды мелі галоўную для афірэра здольнасць кіраваць людзьмі і весці іх за сабой. Не маючы як заслужэць аўтарытэт у вачах салдацкай масы, шмат хто з такіх «эрзацафіцэраў» пачынаў ужываць кулакі ў якасці асноўнага аргумента ў дыскусіі з падначаленымі.
Менавіта тады, калі пасля лютага 1917 года з’явіліся салдацкія камітэты і Саветы салдацкіх дэпутатаў, тыя, каго яшчэ ўчора білі па мордзе, зараз ужо самі пачалі лупцавць афіцэраў і нават забіваць іх. Ці магла перамагчы такая армія? Не, хіба толькі раздушыць ворага вялізным натоўпам салдатаў, якіх у Расіі ва ўсе часы не шкадавалі, і, як казаў у 1812 годзе князь Остэрман-Талстой, нюхаючы ля бярозы табаку і гледзячы, як французы з блізкай адлегласці расстрэльваюць яго рэзерв: «Стаяць і паміраць». Як там у С. Волкава? «Страты для Расіі былі значна менш адчувальнымі, чым для іншых краін…»
Яшчэ ў пачатку праўлення Мікалая ІІ, 30 сакавіка 1895 года, на Спецыяльнай нарадзе па пытанні аб японска-кітайскай вайне начальнік Галоўнага штаба генерал-ад’ютант Обручаў празорліва прадказваў:
Для нас у вышэйшай ступені важна ні пад якім выглядам не ўвязвацца ў вайну… Нам давялося б ваяваць у дзесяці тысячах вёрстаў з культурнай краінай, ў якой 40 міліёнаў насельніцтва і даволі развітая прамысловасць. Увесь рыштунак Японія мае ў сябе на месцы, у той час як нам прыйшлося б здалёк дастаўляць кожнае ружжо, кожны патрон…
Аднак цар не паслухаў мудрых словаў свайго вядучага ваеннага спецыяліста, які калісьці вучыў яго вайсковай статыстыцы. Ён больш верыў патрыятычным карыкатурам у газетах, на якіх Расія паказвае маленькаму японцу велізарны кулак. На жаль, цар, гэты галоўны стратэг Расійскай імперыі, мысліў тымі ж катэгорыямі газетных карыкатур.
Абвастрэнне ў стасунках з Японіяй здарылася ўжо ў пачатку ХХ стагоддзя, калі адстаўны ротмістр Безабразаў, стаўшы ў 1903 годзе статс-сакратаром, лабіраваў развіццё здабычы лесу на памежных з Расіяй тэрыторыях басейнаў рэк Туманган і Амнакан. Гарантаваць паспяховую рэалізацыю яго ідэі, на думку прамыслоўцы, павінны былі… расійскія рэгулярныя войскі. І гэта выклікала заканамерны пратэст з боку шэрага азіяцкіх дзяржаў. У рэгіёне прысутнічала мізэрная колькасць расійскіх вайскоўцаў, але для эскалацыі канфлікта гэтага было дастаткова. Быць можа, Мікалай ІІ вырашыў распачаць вайну з Японіяй цалкам абдумана, кіруючыся неабходнай разведвальнай інфармацыяй і старанна спланаваўшы яе верагодны ход? Дзе ж там!
Напрыканцы снежня 1903 года ўся разведвальная інфармацыя казала аб тым, што Японія цалкам завяршыла падрыхтоўку да вайны і чакае толькі зручных для атакі абставінаў.
Аднак, нават пасля таго, як генерал-ад’ютант Безабразаў уцягнуў цара ў правальную вайну, Мікалай ІІ прызначае яго камандуючым гвардзейскімі атрадамі за талент… расказваць анекдоты.
У пачатку ХХ стагоддзя на першы план пачалі выходзіць тэхнічныя сродкі вядзення вайны. А для гэта было неабходна адпаведнае павышэнне адукацыі асабовага складу арміі. Напярэдадні Першай сусветнай вайны Расія выдаткоўвала велізарныя сродкі ўласна на патрэбы вайсковага ведамства, у той час як на народную асвету прызначалася толькі 4,6 % гадавога бюджэту. Як наступства, да пачатку вайны ў Расіі 61 % прызыўнікоў былі непісьменнымі, цёмнымі масамі, у той час як у Германіі — толькі 0,04 %, у Англіі — 1 %, у Францыі — 3,4 %. Самай малаграматнай краінай Еўропы была, як ні дзіўна, Італія — 30 % непісьменных прызыўнікоў. Але Расія, як бачна, тут ішла наперадзе ўсёй Еўропы.
На жаль, Мікалай ІІ «вылучыўся» і на адукацыйнай ніве. Менавіта «дзякуючы» яму была аслаблена і галіна вайсковай адукацыі. Характэрны прыклад — ардынарны прафесар Мікалаеўскай ваеннай акадэміі Галавін, які быў прыхільнікам рэфармавання навучальнага працэсу ў акадэміі. Магчыма, яго намаганні прывялі б да рэарганізацыі сістэмы падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў вышэйшага звяна, але ў пачатку 1914 года з’езд аб’яднанага дваранства націснуў на Мікалая ІІ, у выніку Галавін быў зняты з пасады і прызначаны камандзірам 20-га драгунскага Фінляндскага палка ў Вільманстранд. Начальнік акадэміі генерал Шчарбачоў таксама пакінуў акадэмію з прызначэннем на камандзіра армейскага корпуса.
Напярэдадні пачатка вайны ваенны міністр арганізаваў вельмі неадназначную прапагандысцкую акцыю, якая вылезла яму бокам не толькі ў вачах сучаснікаў, але і ў айчыннай гістарычнай навуцы — ён асмеліўся на просты дыялог з прэсай. З яго падачы 12 лютага 1914 года ў вячэрнім выпуску газеты «Біржавыя Ведамасці» быў надрукаваны артыкул «Расія хоча міру, але гатовая да вайны». На пытанні супрацонікаў ваенных камісій Думы У. А. Сухамлінаў «даваў самыя нікчэмныя адказы. Ён папросту выявіў поўнае няведанне ўласнай праграмы».
Не падрыхтавай да вайны была і расійская контрразведка, як сцвярджае выбітны даследчык гісторыі спецслужб А. А. Здановіч. А ўсё з-за таго, што цар актыўна ўмешваўся і туды, наламаўшы нямала дроваў.
Калі пачалася вайна, то вярхоўным галоўнакамандуючым стаў дзядзька цара, вялікі князь Мікалай Мікалаевіч-малодшы, добры вайсковы спецыяліст. Цар, у сваю чаргу, у выключна адказны перыяд «ліпеньскага крызісу», вагаючыся з-за боязі сацыяльнага выбуху як наступства вайны ці па нейкіх іншых прычынах, не рашаўся абвясціць агульную мабілізацыю. Найкаштоўнейшы час быў страчаны, ускосным вынікам чаго стала першая ж трагічная параза расійскага войска ва Усходне-Прускай аперацыі.
Зрэшты, праз год цар аднавіў выключнае права самадзяржаўнага манарха, зняўшы вялікага князя Мікалая Мікалаевіча-малодшага з пасады і ўсклаўшы паўнамоцтвы Вярхоўнага галоўнакамандуючага на сябе. У яго атачэнні гэты манеўр быў ацэнены далёка не пазітыўна.
Міністр А. В. Крывашэін на гэты конт сказаў:
Прыняцце імператарам камандавання арміяй — гэта свечка, кінутая ў гарматны арсенал.
І нават протапрэсвітар расійскай арміі і флоту айцец Шчавельскі выказаўся насуперак меркаванню царквы:
Цар у вайсковай справе ўяўляў, па меншай меры, невядомую велічыню: яго вайсковыя здольнасці і веды да гэтай пары ні ў чым і нідзе не праяўляліся.
[А] яго агульны духоўны склад менш за ўсё падыходзіў для вярхоўнага военачальніка.
Амбасадар Брытанскай імперыі ў Расіі Дж. Б’юкенен выказаўся дыпламатычна, але дакладна:
Спалучаць абавязкі самаўладцы вялікай імперыі і галоўнакамандуючага — задача, выкананне якой не пад сілу аднаму чалавеку.
А вось данскі казак Бардакоў быў па-казацку рэзкі, але шчыры:
Нашага гасудара варта расстраляць.
Гісторык Б. Поршнеў, вывучыўшы рэакцыю арміі на прызначэнне цара галоўнакамандуючым, канстатаваў:
Прынятае Мікалаем ІІ у жніўні 1915 года рашэнне аб заняцці пасады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага рускай арміяй не выклікала энтузіязму ў салдатаў.
Але сам цар быў прасякнуты патрыятычным запалам. Ён пафасна абвясціў:
Быць можа, для выратавання Расіі неабходна збавіцельная ахвяра. Я буду гэтай ахвярай.
Але царыца Аляксандра Фёдараўна з жаночым прагматызмам супакойвала ўсіх:
Цар, на жаль, слабы чалавек, але я моцная…
І вось Мікалай ІІ, напэўна, у выглядзе гэтай збавіцельнай ахвяры замест сябе кінуў у гарачае полымя вайны мільёны кепска ўзброеных і недавучаных салдат. Як утрапёны пайшоў вайной на немцаў, не ведаючы нават, наколькі падрыхтавана да гэтага яго войска. Афіцэры з вышэйшага камандавання, ужо ведаючы пра «непісьменнасць» цара ў вайсковых пытаннях, спрабавалі яго адгаварыць. Але ў гэты раз цар збіраўся ваяваць не з-за нейкага лесу, але з-за далёкага ад усяго рускага свету сербска-аўстрыйскага тэракта, з-за стрэлаў у Сараева, стрэлаў, якія абарвалі жыццё аўстрыйскага эрцгерцага Франца-Фердынанда, які, у прынцыпе, не меў дачынення да Расіі з яе праблемамі. Не звяртаючы ўвагі на тое, што хвалявацца варта не за сербаў, а за ўласных грамадзян, якія жывуць далёка не так добра, як тыя ж сербы, цар увязаўся ў новую вайну, не паклапаціўшыся нават пра тое, каб у кожнага з яго салдат было ружжо…
А ў той час людзьмі другога гатунку ва ўласнай дзяржаве працягвалі заставацца яўрэі. Цар, жывучы выключна чуткамі і стэрыятыпамі аб непрыдатнасці і шкоднасці яўрэяў, ужо разглядаў пытанне аб адмене прызыву іўдзеяў на тэрміновую вайсковую службу нават у якасці шэрагоўцаў. У адказ на непрыхаваны дзяржаўны генацыд, яны, людзі адукаваныя і недурныя, бачачы, як іх змешваюць з брудам, уліліся ў рэвалюцыйную дзейнасць супраць цара і яго паўтурэмнай імперыі.
Хаця ж падчас Першай сусветнай вайны, у параўнанні з Другой, усё было адносна цывілізавана: ніхто не расстрэльваў палонных — ні расійцы, ні немцы, не было канцлагераў, не было крыважэрнага СМЕРШу, а салдаты падчас доўгай і знясільваючай акопнай вайны часта браталіся і на расійска-германскім фронце і на германска-французкім; прадстаўнікі варагуючых бакоў нават святкавалі разам Каляды ў акопах. Сярод лётчыкаў, напрыклад, лічылася ганебным стараляць у самалёт, калі было бачна, што пілот ужо паранены.
Самыя дрэнныя моманты Першай сусветнай заключаліся ў расстрэле англійскім асам Эдвардам Мэнакам экіпажаў збітых нямецкіх самалётаў і ў скаргах краін Антанты на немцаў за выкарыстанне атрутных газаў і агнямётаў, якія англічане і французы лічылі негуманнай зброяй.
Але нават падчас такой «гуманнай» вайны (калі гэты тэрмін увогуле можа быць выкарыстаны ў дачыненні да войнаў) у Францыі з 19 000 000 усіх мужчын-французаў загінула 1 300 000. Для Францыі гэта была нацыянальная катастрофа: у 1921 годзе на кожнага француза ва ўзросце 20–40 гадоў прыходзілася 11 жанчын. Французы (але і не толькі яны) шмат літаратуры і фільмаў прысвяцілі Першай сусветнай вайне, свята шануючы памяць аб загінулых. У Расіі ж загінулых не тое, каб не памятаюць, але нават больш-менш дакладна не ведаюць, колькі іх насамрэч было. Вось, напрыклад, Волкаў мяркуе, што іх было прыкладна столькі ж, колькі загінулых разам на расійскім фронце немцаў, аўстравенграў і турак — крыху менш за мільён. Аднак страты расійскай арміі айчынныя крыніцы заўжды падавалі ў відавочна паменшаным выглядзе. Зрэшты, гэтую традыцыю распачаў яшчэ Пётр Першы. Пасля яўна няўдалай бітвы ля беларускай вёскі Лясная ў 1708 годзе, ён усім пісаў аб нейкай бліскучай перамозе над «натуральнымі шведамі», нягледзячы на тое, што абоз швецкага генерала нямецкага паходжання Адама Левенгаўпта складаўся з жыхароў Прыбалтыкі: немцаў, куршаў, латышоў і эстонцаў. Пётр дзесяць разоў штурмаваў лагер нямецкага генерала, але так яго і не ўзяў. Усе расійскія крыніцы пішуць, што Левенгаўпт страціў, быццам, ад 6 да 8 тысячаў чалавек (то бок амаль увесь абоз!), а Пётр — крыху болей за 1 тысячу чалавек. Як гэта магчыма? Прыбалты ж не пакінулі лагер і абараняліся!? А ў начы яны ціха сышлі, не згасіўшы вогнішчаў! А вось нямецкія афіцэры, якія служылі ў Пятра, казалі, што расійцаў загінула ад 7 да 10 тысячаў. Шведскія архівы гэта пацвярджаюць, даказваючы, што Левенгаўпт страціў крыху больш за 4 тысячы чалавек.
Вось гэта больш падобна да праўды.
Удвая ці нават утрая скарачаў свае страты і М. І. Кутузаў. Напрыканцы бітвы за Малаяраславец, горад, які Кутузаў так і не ўзяў, у яго на стале ляжаў рапарт пра больш за 6 тысячаў забітых жаўнераў, колькасць якіх разам з апалчэнцамі складала 11 тысячаў, але да цара ён напісаў, што загінула толькі 3 тысячы чалавек.
Такім махлярствам з лічбамі расійскія вайскоўцы займаліся заўжды.
Што тычыцца Перашай сусветнай вайны, то ГУ Генштаба расійскай арміі ў кастрычніку 1917 года апублікавалі лічбы ў 511 068 загінулых і 264 301 тых, хто прапаў без вестак, то бок разам 775 369 чалавек, што, відавочна, вельмі зменшана. Але Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне СССР у 1925 годзе зноў апублікавала амаль тую ж лічбу, крыху яе адкарэктаваўшы, — 855 208 загінулых і прапаўшых. У 1939 годзе страты зноў пералічылі, і яны склалі ўжо 1 300 000 чалавек, што больш наблізілася да праўды, але не канчаткова…
Зноў жа, цяжар вайны больш, чым на іншых тэрыторыях Расійскай імперыі, адчулі на сабе жыхары шматпакутнай Беларусі, зямля якой у чарговы раз стала арэнай для баталій чужых армій. Першая сусветная, як і Паўночная, як і вайна з Напалеонам, прынесла Беларусі велізарныя чалавечыя страты — у гэты раз яшчэ і за кошт эмігрантаў, якія не вярнуліся. Былі зруйнаваны гарады і вёскі, а рэшта мясцовых жыхароў увесь час пакутвала ад бясконцых рэквізіцый, марадзёрства, прымусовых прац. З Беларусі былі вывезены матэрыяльныя каштоўнасці: быдла, лес, прадукты…
З пачаткам нямецкай акупацыі на ўсход пацякла чалавечая плынь. У маі 1918 года ў Расіі знаходзілася 2,3 (!) міліёны ўцекачоў з Беларусі, то бок трэцяя частка ад усяго даваеннага насельніцтва края (6 890 000 беларусаў па дадзеных на 1913 год). Няцяжка ўявіць, наколькі абязлюдзела Беларусь у выніку чарговай пасля 1812 года вайны, якая вынішчыла 25 % насельніцтва, буйной дэмаграфічнай катастрофы. Мабілізацыя закранула больш за 50 % вясковых жыхароў Беларусі. Гэта, у сваю чаргу, моцна адбілася на стане сельскай гаспадаркі: з-за недахопу людзей і цяглавай сілы (коней таксама «прызывалі» на вайну) значна зменшыліся пасяўныя плошчы.
Першая сусветная вайна паўплывала таксама і на прамысловасць Беларусі. Падчас вайны ў шэрагу галін назірася скарачэнне вытворчасці. Адсутнічалі сыравіна, працоўная сіла і паліва.
Прычын для вайны можна знайсці шмат. Чым не прычына, напрыклад, падзеі 1871 года, калі паразай Францыі скончылася вайна з Прусіяй, завяршыўся працэс аб’яднання Германіі, і гегемонія Прусіі была замацавана ў новай дзяржаве. Падчас кіравання канцлера О. фон Бісмарка, які намагаўся адрадзіць сістэму саюзаў, знешняя палітыка германскага ўрада характарызавалася імкненнем дасягнуць дамінуючага становішча ў Еўропе. Для таго, каб пазбавіць Францыю магчымасці адпомсціць за паразу ў франка-прускай вайне, Бісмарк паспрабаваў пры дапамозе сакрэтных пагадненняў звязаць з Германіяй Расію і Аўстра-Венгрыю. Але Расія выступіла менавіта на баку Францыі, і Саюз трох імператараў, які планаваў «жалезны канцлер», распаўся. У 1882 годзе ён узмацніў пазіцыі Германіі, стварыўшы Траісты саюз, у якім аб’ядналіся Аўстра-Венгрыя, Італія і Германія. Да 1890 года Германія выйшла на першыя пазіцыі ў еўрапейскай дыпламатыі.
Францыя выйшла з дыпламатычнай ізаляцыі. Скарыстаўшыся пахаладаннем у стасунках паміж Расіяй і Германіяй, а таксама патрэбай Расіі ў капітале, яна заключыла з ёй ваенную канвенцыю і дамову аб саюзе. Расійска-французкі саюз павінны быў адыграць ролю супрацьвагі Траістаму саюзу немцаў. Вялікабрытанія трымалася ў баку ад супрацьстаяння на кантыненце, аднак ціск палітычных і эканамічных абставінаў прымусіў яе зрабіць выбар. Англічан не мог не турбаваць нацыяналістычны настрой, які панаваў у Германіі, яе агрэсіўная каланіяльная палітыка, імклівая прамысловая экспансія і, галоўным чынам, узмацненне яе ваенна-марскога флоту. Брытанія, учорашняя марская імперыя, прыраўнавала немцаў да мора і не жадала бачыць побач новую марскую імперыю. Нікога, апроч сябе.
Даволі хутка прагматычныя брытанцы здолелі знівеляваць свае спрэчкі з Францыяй і ў 1904 годзе заключылі «Сардэчнае пагадненне». Былі пераадоленыя перашкоды і на шляху да англа-расійскага супрацоўніцтва, і ў 1907 годзе было падпісана англа-расійскае пагадненне. Вось так, калісьці, 50 гадоў таму, англічане і французы, занепакоеныя ўзмацненнем цара-варвара на Чорным моры, ваявалі з Расіяй у Крыме, а цяпер вырашылі сябраваць дамамі… канечне ж, супраць Германіі.
Так Расія стала ўдзельніцай Антанты. Вялікабрытанія, Францыя і Расія ўтварылі саюз «Траістае пагадненне» (Triple Entente) ў якасці супрацьвагі Траістаму саюзу германцаў. Такім чынам, у Еўропе з’явіліся дзве варожыя сістэмы без усялякіх там камуністаў і капіталістаў — капіталісты супраць капіталістаў.
Вядома, адной з прычын вайны для Францыі стала імкненне вярнуць страчаныя тэрыторыі Эльзаса і Латарынгіі. І нават знаходзячыся ў саюзе з Аўстра-Венгрыяй, французы не пакідалі надзеі атрымаць назад Трэнтына, Трыест і Фіумэ, якія патрапілі пад уладу імперыі Габсбургаў.
Але ж далёка не яны распачалі гэтую вайну. Палякі, як і падчас вайны з Напалеонам, зноў убачылі магчымасць аднаўлення незалежнай дзяржавы, знішчанай праз тры падзелы Рэчы Паспалітай паміж сквапнымі суседкамі — Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Да нацыянальнай незалежнасці імкнуліся шматлікія народы Аўстра-Венгрыі — чэхі, славакі, карпацкія русіны Галіцыі (былой Чырвонай Русі).
Расія ж была ўпэўнена, што не зможа развівацца без абмежавання германскай канкурэнцыі, і, імкнучыся захапіць новыя землі, высоўвала лозунгі аб абароне славян ад Аўстра-Венгрыі, пры гэтым, славян, што жылі на яе тэрыторыі, — украінцаў, палякаў і беларусаў — зняволіла ў часы захопа Рэчы Паспалітай і падаўляла іх барацьбу за незалежнасць. Праўда, пасля вайны з Напалеонам цар Аляксандр І урэшце зразумеў, што памыляўся, калі дурыў ды падманваў палякаў абяцаннямі аўтаноміі пад расійскай каронай. Як, зрэшты, падманваў і беларусаў, абяцаючы Міхалу Агінскаму вярнуць Літве (як Беларусь афіцыйна называлася да 1840 года) былыя вольнасці і аўтаномію. Вынікам гэтых царскіх хітрыкаў стала тое, што палякі і беларусы ваявалі акурат за вызваліцеля Напалеона, супраць цара і яго прынізлівага прыгону. Так, у 1815 годзе цар урэшце абвясціў аб стварэнні Царства Польскага, даючы палякам прывілеі, аўтаномію і ўласнае войска, што ўсё ж такі іх задаволіла не да канца і не зберагло Расію ад двух крывавых паўстанняў у 1830–1831 і 1863–1864 гадах. Ды і паўстанне дзекабрыстаў у 1825 годзе пры ўважлівым вывучэнні аказваецца бунтам дваран-шавіністаў, незадаволеных тым, што цар следам за палякамі вырашыў даць аўтаномію і ліцвінам (беларусам).
Але на Балканах і ў Багеміі сярод сербаў, балгараў і чэхаў, якія не ведалі, што з сябе ў рэчаіснасці ўяўляе Расійская імперыя, сімпатыі да Расіі былі даволі моцнымі. Гэта, дарэчы, адлюстравана ў кнізе Я. Гашака аб салдаце Швейку: чэхі здаваліся ў палон расійцам, не жадаючы ваяваць за ненавісную імперыю аўстрыякаў і мадзьяраў. Расія ваявала на Балканах на баку балгараў яшчэ ў 1877 годзе, але тая вайна прынесла ім мала свабоды. Затое яе пладамі ў большай ступені скарысталіся пранырлівыя сербы, пазбавіўшыся ад асманскага іга. І як бы савецкія гісторыкі ні называлі Першую сусветную вайну імперыялістычнай, нават у СССР сарамліва хавалі той факт, што расійскае войска акупавала паўднёвае ўзбярэжжа Каспія і Паўночны Іран — землі зусім не славянскія.
Але Расіі не былі патрэбны новыя заваяванні. Гэта, наадварот, толькі разбурала яе. Расія з часоў Івана ІІІ, захопліваючы новыя землі, так і не навучылася паважаць сваіх новых грамадзян, як і не навучалася станоўча выкарыстоўваць іх патэнцыял ці хаця б проста вырашыць, што далей рабіць з новадалучанымі землямі. З часоў заваяванняў Івана ІІІ, Івана ІV і Пятра І разам з імі, як правільна заўважыў Міхаіл Велер, маскоўскія цары эксплуатавалі прымітыўную халопскую захопніцка-качэўніцкую (зулускую) філасофію: добра жыць за кошт новадалучаных багатых земляў. Але ці стала жыхарам Масковіі лепей ад заваявання багатай Наўгародскай рэспублікі ці ліквідацыі квітнеючай Пскоўскай рэспублікі? Ці стала лепей жыхарам Расіі пасля далучэння Прыбалтыкі, Фінляндыі і Рэчы Паспалітай, разгрому Чаркесіі і ўсяго Каўказа, заваявання Сібіры? Не, не стала. Наадварот. Яны па-ранейшаму былі галечай, якая знаходзілася, па сутнасці, пад арыштам, гінулі ў змаганіі невядома за што ў далёкіх краях, жывучы пад прыгонам, як цяперашнія вязні, асуджаныя на «хімію».
Цары атрымлівалі калісьці багатыя, але спустошаныя вайной землі, аднаваіць парадак на якіх войска не ўмела, толькі хутка рабавала тое, што яшчэ засталося. Іншыя краіны засяроджваліся на сабе і творчай працы, у той час як Васіль ІІІ, яго нашчадак Іван ІV, Алексей Міхайлавіч, Петр І і Кацярына Вялікая ўсё грэблі і грэблі, не ведаючы, што рабіць з гэтым далей. А потым было разбурэнне і ператварэнне квітнеючых краёў у чарговую прыгонную глухмень, адкуль нармальныя людзі імкнуліся збегчы на захад.
І вось цару Мікалаю варта было б задумацца, што рабіць з гэтай велізарнай тэрыторыяй, населенай разнастайнымі, часам варагуючымі народамі, як уладкаваць іх нармальнае суіснаванне і развіццё. Замест гэтага цар пайшоў вайной на Японію. І з трэскам яе прайграў.
Ну а ў Берліне сваю будучыню звязвалі з разгромам Францыі і Вялікабрытаніі і аб’яднаннем краін Цэнтральнай Еўропы пад кіраўніцтвам Германіі. У Лондане лічылі, што народ зможа жыць спакойна, толькі знішчыўшы галоўнага ворага — Германію.
Напружанасць у міжнародных стасунках была ўзмоцнена шэрагам дыпламатычных крызісаў — франка-германскім сутыкненнем у Марока ў 1905–1906 гадах, анэксіяй Босніі і Герцагавіны аўстрыйцамі ў 1908–1909 гадах і, урэшце, Балканскімі войнамі 1912–1913 гадоў. Вялікабрытанія і Францыя падтрымлівалі Італію ў рэалізацыі інтарэсаў у Паўночнай Афрыцы, чым некалькі аслабілі яе адданасць Траістаму саюзу. З гэтай прычыны Германія ўжо не магла разлічваць на Італію як на надзейнага саюзніка ў будучай вайне.
У Сербіі пасля Балканскіх войнаў пачалася актыўная нацыяналістычная прапаганда супраць аўстра-венгерскай манархіі. Група сербаў, чальцоў кансператыўнай арганізацыі «Млада Босна» («Маладая Боснія»), прыняла вельмі неразумнае рашэнне забіць спадкаемца прастола Аўстра-Венгрыі эрцгерцага Франца-Фердынанда, быццам смерць аднаго чыноўніка можа паўплываць на палітыку цэлай манархіі — яго па-просту зменіць іншы, як гэта здаралася пасля замахаў народавольцаў на цара ў Расіі. Магчымасць здзейсніць нікому не патрэбны тэракт выпала, калі Франц-Фердынанд разам з жонкай адправіўся ў Боснію на вучэнні аўстра-венгерскіх войскаў.
Як ужо было сказана раней, эрцгерцаг і яго жонка былі застрэленыя дзевятнаццацігадовым студэнтам з «Млады Босны» Гаўрылам Прынцыпам 28 чэрвеня 1914 года. Вось з гэтай, падалося б, малой іскры, крымінальнай, па-сутнасці, справы, і разгарэлася полымя вайны.
Вядома, у нашыя дні стрэлы тэрарыста з Сараева не прымусілі б палову света распачынаць вайну адно супраць аднаго. Справа была б вырашана ў кампітэнцыі крымінальнага суда, і не болей. Нават атака арабскіх тэрарыстаў на хмарачосы ў Нью-Йорку абышлася толькі поркай аднаго Афганістана ды ліквідацыяй Бен Ладэна. Але ў той час чакалі на нагоду. І такая кволая нагода ўсіх задаволіла.
23 ліпеня Аўстра-Венгрыя, усклаўшы віну за забойства Франца-Фердынанда на Сербію, абвяшчае ёй заведама невыканальны ўльтыматум, у якім патрабуе правесці чысткі дзяржапарата і арміі ад чыноўнікаў і афіцэраў, якія былі заўважаныя за антыаўстрыйскай прапагандай; арыштаваць падазраваных у супрацоўніцтве з тэрарыстамі; дазволіць паліцыі Аўстра-Венгрыі на тэрыторыі Сербіі праводзіць следствы і здзяйсняць пакаранні абвінавачаных у антыаўстрыйскіх дзеяннях. На адказ сербам было дадзена толькі 48 гадзін.
У той жа дзень Сербія пачынае мабілізацыю, аднак пры гэтым пагаджаецца на выкананне ўсіх патрабаванняў Аўстра-Венгрыі, за выключэннем допуску аўстрыйскай паліцыі на ўласную тэрыторыю. Ну а Германія настойліва падштурхоўвае Аўстра-Венгрыю да абвяшчэння сербам вайны.
25 ліпеня Германія распачынае прыхаваную мабілізацыю: не абвяшчаюшы аб ёй афіцыйна, на прызыўныя пункты пачалі рассылаць павесткі рэзевістам. 26 ліпеня Аўстра-Венгрыя абвяшчае мабілізацыю і пачынае засяроджваць войскі на мяжы з Сербіяй і Расіяй.
28 ліпеня Аўстра-Венгрыя, паведаміўшы, што патрабаванні ўльтыматуму не выкананыя, абвяшчае Сербіі вайну. Аўстрыйская цяжкая артылерыя пачанае абстрэл Белграда, а рэгулярныя войскі Аўстра-Венгрыі пераходзяць сербскую мяжу. Расія абвяшчае, што не дапусціць акупацыі Сербіі. У французскім войску сканчваюцца адпачынкі.
29 ліпеня Мікалай ІІ даслаў Вільгельму ІІ тэлеграму з прапановай перадаць вырашэнне аўстрыйска-сербскага канфлікту міжнароднаму трацейскаму суду ў Гаазе. Вільгельм ІІ не адказаў на гэтую тэлеграму.
29 ліпеня ў германскай арміі былі перарваныя адпачынкі. 30 ліпеня пачалася частковая мабілізацыя ў Францыі.
31 ліпеня абвешчана ўсеагульная мабілізацыя ў Расійскай імперыі. У той жа дзень у Германіі было абвешчана становішча, якое «пагражае вайной». Германія прад’яўляе ўльтыматум Расіі — альбо Расія спыняе прызыў у армію, альбо Германія абвяшчае ёй вайну.
Мікалай ІІ не адказаў. Францыя, Аўстра-Венгрыя і Германія абвяшчаюць усеагульную мабілізацыю. Германія сцягвае войскі да бельгійскай і французскай межаў. Пры гэтым з раніцы 1 жніўня міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Э. Грэй абяцаў нямецкаму амбасадару ў Лондане, што ў выпадку вайны паміж Германіяй і Расіяй Англія захавае нейтралітэт пры ўмове, што не будзе атакавана Францыя.
Падаецца, ніхто не хацеў вайны, але ўсе рабілі ўсё, каб яна пачалася. І вось закруцілася д’ябальскае кола: 28 ліпеня 1914 года Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну Сербіі, 1 жніўня Германія абвясціла вайну Расіі, у той жа дзень немцы без усялякага абвяшчэння вайны ўварваліся на тэрыторыю Люксембурга. 2 жніўня немцы канчаткова акупавалі Люксембург і высунулі Бельгіі ўльтыматум аб пропуску германскіх войскаў да французскай мяжы. На разважанні бельгійскім уладам было дадзена ўсяго 12 гадзін. 3 жніўня Германія абвясціла вайну Францыі, абвінаваціўшы яе ў «арганізаваных нападах і паветраных бамбардзіроўках германскай тэрыторыі» і «ў парушэнні бельгійскага нейтралітэту».
3 жніўня Бельгія адмовілася выконваць патрабаванні нямецкага ўльтыматуму. Германія ў адказ абвяшчае ёй вайну. Быццам галодны воўк, яна лезе ў курыны хлеўчык, не клапоцячыся аб тым, ці прыхаваны там пасткі.
Свет адрэагаваў на агрэсію Германіі абурэннем. Нават тыя краіны, жыхары якіх вельмі цьмяна ўяўлялі, што такое ёсць гэтая Германія. Так, вайну Германіі і Аўстра-Венгрыі абвесцілі такія экзатычныя дзяржавы, як далёкія ад еўрапейскіх «разборак» Кітай і лацінаамерыканскія Перу, Уругвай, Бразілія, Панама і Куба. У красавіку 1917 года маленькая, але ганарлівая Балгарыя абвясціла вайну ЗША, пасля таго як тыя абвясцілі вайну Германіі. Японія таксама абвясціла вайну і Германіі, і Аўстра-Венгрыі… Увесь свет нібыта з глузду з’ехаў.
Пачатак вайны нагадвае гульню ў рускую рулетку: на шчасце, не маючы ані ўзбраення, ані неабходнай адукацыі, ані падрыхтоўкі, толькі сумны досвед Японскай вайны, які, на жаль, не пайшоў на карысць, расійская армія ўварвалася ва Усходнюю Прусію 4 жніўня 1914 года. Ужо ў першыя дні вайны па тэрыторыі Беларусі, якая стала цэнтральным тэатрам баявых дзеянняў на расійска-германскім фронце, прайшла хваля антываенных забастовак рабочых і масавых выступленняў сялян. З 22 па 26 ліпеня адбывалася буйная антываенная забастоўка на Дубровенскай фабрыцы ў Горацкім павеце Магілёўскай губерніі. Асабліва шырокі размах набывалі выступленні рабочых і сялян, прызваных у войска.
За 7 дзён (з 19 па 25 ліпеня) у беларускіх губерніях было разгромлена 43 панскіх маёнткі, 2 фальваркі і 12 хутароў і сядзіб заможных уладальнікаў. Беларусы не бачылі для сябе сэнсу ў вайне з Германіяй з-за далёкай Сербіі. Найбольш буйным было выступленне прызыўнікоў 21–26 ліпеня ў Сененскім павеце Магілёўскай губерніі. Раз’юшаныя навабранцы разграмілі 13 маёнткаў расійскіх памешчыкаў (вельмі часта памешчыкі паходзілі не з мясцовай шляхты). Хваляванні былі задушаныя толькі пры дапамозе карных атрадаў.
Супрацьлеглую пазіцыю ў дачыненні да вайны занялі буржуазныя і дробнабуржуазныя слаі насельніцтва Беларусі, галоўным чынам, выхадцы з Расіі і Руская праваслаўная царква. Яны выступалі ў падтрымку царызму і прыкладалі намаганні да ўзняцця мілітарыстычных і шавіністычных настрояў у шырокіх працоўных масах. Ужо ў першыя дні вайны па ініцыятыве мясцовых уладаў у Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых гарадах абдыліся масавыя сходы, малебны і «ўра-патрыятычныя» маніфестацыі. Іх арганізатары заклікалі насельніцтва да грамадзянскай згоды, прынясення ахвяры ў імя Айчыны і перамогі над «вераломным» ворагам.
У той час 1-я расійская армія рушыла на Кёнігсберг з усходу ад Мазурскіх азёраў, а 2-я армія — з захаду ад іх. На першым тыдні дзеянні расійскіх войскаў былі паспяховымі, немцы, якія колькасна саступалі, паступова адсоўваліся назад. Гумбінэн-Гольдапская бітва, якая адбылася 7 жніўня, скончылася на карысць расійскай зброі. Але царскае камандаванне не здолела скарыстацца пладамі сваіх першых поспехаў. Прасоўванне дзвюх расійскіх армій запаволілася, і сувязь паміж імі пачала даваць збоі, чым паспяшаліся скарыстацца немцы, ударыўшы з захаду на адкрыты фланг 2-й арміі. 13–17 жніўня 2-я армія генерала Самсонава была цалкам разбіта, значная яе частка патрапіла ў атачэнне і была ўзята ў палон. У нямецкай гістарыяграфіі гэтыя падзеі называюцца бітвай пры Таненбергу. Пасля гэтай чуллівай паразы 1-я армія пад камадваннем генерала Раненкампфа пад пагрозай акружэння пераўзыходзячымі сіламі германскага войска была вымушана з баямі адыходзіць на першапачатковыя пазіцыі. Адступленне было завершана толькі 3 верасня. Дзеянні Раненкампфа палічылі правалам, і з гэтага эпізоду пачаліся характэрыя пазней ганенні на вайсковых начальнікаў з нямецкімі прозвішчамі. Нават Санкт-Пецярбург быў перайменаваны ў Петраград. У нямецкай гісторыі разгром расійскага генерала Раненкампфа лічыцца бліскучай перамогай германскай зброі, а на месцы баёў быў узведзены вялізны мемарыял, у якім пазней быў пахаваны фельдмаршал Гіндэнбург.
Тым не менш, нягледзячы на няўдачы Расіі, вядомы англійскі палітык Уінстан Чэрчыль — у той момант міністр узброеных сіл Вялікабрытаніі — лічыў, што расійскія войскі сваімі дзеяннямі ў 1914 годзе выратавалі Парыж. Справа ў тым, што адначасова з апісанымі падзеямі нямецкія войскі ўварваліся ў Бельгію. Бельгійскі кароль Альберт звярнуўся па дапамогу да краін-гарантаў бельгійскага нейтралітэту.
Лондан накіраваў у Берлін ультыматум — спыніць наступ на Бельгію, ці Англія абвесціць вайну Германіі. Пасля заканчэння тэрміну, адведзенага на выкананне ўмоў ультыматуму, Вялікабрытанія абвясціла вайну і накіравала войскі на дапамогу Францыі. Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну Расіі 6 жніўня…
Зрэшты, нягледзячы на праблемы на фронце, расійскаму цару на вайне падабалася. Па-свойму падабалася яму і роля збавіцельнай ахвяры. Седзячы ў Магілёве, куды была пераведзена Стаўка камандавання расійскай арміяй, дабрадзей імператар пісаў дадому:
Мой мозг адпачывае. Тут няма міністраў, клапотных пытанняў, якія патрабуюць асэнсавання. Я лічу, што гэта добра для мяне.
То бок цар шмат думаць не прызвычаіўся, а свой удзел у вайне прымаў не як ахвяру дзеля выратавання краіны, але як аздараўляльны адпачынак для мозга.
Мікалай ІІ падымаўся а восьмай, займаўся ранішнім туалетам, маліўся і ішоў піць гарбату ў сталовай. Аб 11 гадзіне «ахвяра» адпраўлялася ў штаб на даклад, каб азнаёміцца з аператыўнай абстаноўкай і абмеркаваць з начальнікам штаба генералам Аляксеевым пытанні, якія тычыліся войска. На гэтым гадзінным дакладзе, па сутнасці, і сканчвалася праца цара ў якасці Вярхоўнага галоўнакамандуючага.
Рэшту часу — практычна цэлы дзень — ён прысвячаў сняданку-абеду з нязменнай чаркай гарэлкі, дакладам міністраў, шпацырам і іншым прыемным рэчам. Без сумневу, дзеля такога бесклапотнага жыцця ў новым становішчы варта было ўзначаліць войска. Рэальнае камандаванне ўзброенымі сіламі, у сваю чаргу, было сканцэнтравана ў руках начальніка штаба Стаўкі генерала Аляксеева.
Праўда, спачатку цар вырашыў таксама нейкім чынам выявіць сябе ў ролі галоўнакамандуючага і выкарыстаць свой «досвед стратэга». Ён вырашыў для ўзмацнення войскаў, якія дзейнічалі супраць Аўстра-Венгрыі і Германіі, забраць з Каўказскага фронта V Каўказскі корпус і адну пяхотную дывізію. Гэта вельмі раз’юшыла вялікага князя Мікалая Мікалаевіча-малодшага. Вялікі князь абураўся:
Ён не толькі адабраў у мяне пост, які яму самому відавочна не па сілах, але яшчэ і хоча пазбавіць права на будучыя перамогі!
Пазней, падчас Эрзерумскай аперацыі 1916 года, калі генерал Юдзеніч пажадаў узяць Эрзерум, не праводзячы належным чынам асады, Мікалай ІІ нароўні з камандуючым фронтам былі катэгарычна супраць гэтага. Узяцце Эрзерума магло і не адбыцца, калі б Юдзеніч не вырашыў дзейнічаць насуперак цару.
Пры гэтым, у пытаннях кадравых прызначэнняў імператар зусім не лічыў сябе абмежаваным пажаданнямі начальніка штаба. У прыватнасці, нягледзячы на пярэчанні апошняга супраць прызначэння генерала Безабразава на пасаду камандзіра гвардзейскіх корпусаў, цар настойваў на сваім. У дадатак прывёў аргумент, які забіў Аляксеева напавал:
Ну што вы, Міхаіл Аляксеевіч! Ён такі мілы і такі вясёлы апавядальнік і анекдатыст!
У 1916 годзе Безабразаў будзе прызначаны камандуючым створанай са стратэгічнага рэзерву Спецыяльнай арміяй. З гэтым выпадкам звязана яшчэ адна гісторыя, якая раскрывае нам асобу Мікалая ІІ. Так, Спецыяльная армія была трынаццатай па ліку і ёй павінны былі надаць нумар XIII, але цар з-за нейкіх сваіх забабонаў не пажадаў надаваць такі нумар арміі. Увогуле шмат хто з сучаснікаў Мікалая адзначаў уласцівыя яго асобе містыцызм, своеасаблівы рэлігійны фаталізм і прымхлівасць. Лейб-казак імператара Цімафей Яшчык прыгадваў:
Калі цар з раніцы шпацыраваў па парку, я ішоў следам… Калі цар знаходзіў падкову, а з прычыны таго што цар верыў, што падкова прыносіць шчасце, то я кожны раз павінны быў забраць яе з сабой дадому.
У эмігранцкай і расійскай публіцыстыцы 1990-х гадоў часта сустракаліся артыкулы пра тое, што Мікалай ІІ у 1915 годзе выратаваў сотні тысячаў армян ад асманскага генацыду. Але менш пісалі аб арганізаваным у тым жа годзе ўнутры Расійскай імперыі інтэрніраванні не меншай, калі не большай, колькасці прадстаўнікоў нетытульных нацый: яўрэяў, немцаў, латышоў, палякаў… Перасяленне і ўтрыманне ў асаблівых умовах падазраваных у нелаяльнасці этнічных груп было агульнапрынятай практыкай падчас абедзвюх сусветных войнаў.
Але арганізацыя гэтых акцый у Расіі выходзіла надзвычай кепска — натоўпы перасяленцаў і ўцекачоў захапілі і без таго перагружаную транспартную сістэму ў заходніх рэгіёнах краіны і выклікалі лакальныя выбухі эпідэмій і голаду. Адсутнасць прыстойнай прапагандысцкай працы падчас дэпартацый прывяла да росту сацыяльнай напружанасці на падмурку антысемітызму і шпіёнаманіі ў арміі і тыле. Наступленне немцаў выклікала масавы адток насельніцтва з тэрыторыі Польшчы і Заходняй Беларусі на ўсход. Эвакуацыю, зрэшты, ніхто не арганізоўваў, людзі, якіх прыспешвала паліцыя, стыхійна ўцякалі ад наступлення вайны, пакідаючы ўласныя хаты. Расійская імперыя ўступіла ў Першую сусветную, не падрыхтаваўшы неабходнай колькасці ваенных запасаў. Савецкія гісторыкі, крытыкуючы «імперыялістычную вайну», асабліва часта падкрэслівалі, што ў бой расійскія салдаты ішлі з адной вінтоўкай на пяцярых.
Падаецца, у Расіі так было заўжды — недахоп узбраення нават падчас падрыхтаванай агрэсіі. Але вельмі дзіўна, калі ўлічыць, што Мікалай ІІ ва ўводзінах да падручніка па гісторыі, прысвечанага 300-годдзю дома Раманавых, пісаў, што Расія не гандлёвая дзяржава, але ваенная. Вось такая вось «ваенная» дзяржава — з адной вінтоўкай на пяцярых.
Пад пагрозай захопу апынуліся ўсе заходнія губерніі Расійскай імперыі. Для таго, каб стварыць немцам перашкоду ў атрыманні мясцовых стратэгічных рэсурсаў, расійскія ўлады прынялі рашэнне аб эвакуацыі вайсковых і прамысловых прадпрыемстваў, знішчэнні сельскагаспадарчых сховішчаў і пасеваў. Таксама быў выдадзены загад аб прымусовым высяленні ў аддаленыя рэгіёны імперыі насельніцтва заходніх губерній. Падчас адступленя расійскае камандаванне, грунтуючыся на досведзе вайны 1812 года, імкнулася ўжываць тактыку спаленай зямлі. Войску быў аддадзены загад разбураць не толькі шляхі зносін, але і спальваць гарады і вёскі, гонячы людзей на ўсход. Насельніцтва Беларусі імкнулася ўсялякім чынам перашкодзіць гэтаму варварству.
Няўдачы расійскай арміі на франтах у 1915 годзе выклікалі рост хвалі ўцекачоў. Імклівасць змянення стратэгічнай абстаноўкі падчас адступлення расійскага войска суправаджалася раптоўным высяленнем мясцовых жыхароў. Беларусь ператварылася ў суцэльны лагер уцекачоў, велізарная колькасць якіх сабралася на паўднёвым захадзе Беларусі.
Людзі ішлі па Брэст-Маскоўскай шашы: на ўсход падаліся не толькі жыхары бліжэйшых беларускіх паветаў, але і польскія сяляне з Хэлмскай і Люблінскай губерняў, прымусова выселеныя ваеннымі ўладамі. У ліпені 1915 года на ўчастку шляху Кобрын — Пружаны — Баранавічы знаходзілася 400 000 уцекачоў. З 31 ліпеня па 15 жніўня 1915 года з-пад Кобрына на ўсход было адпраўлена каля 100 000 чалавек. Лёс тых, хто застаўся, склаўся трагічна. 8 жніўня адзін з лагераў уцекачоў бамбіла нямецкая авіяцыя, што прывяло да масавай гібелі людзей. Шмат хто патрапіў у нямецкі палон. Яшчэ адна людская плынь «цякла» праз Пружаны — Слонім — Баранавічы ці Беласток — Ваўкавыск — Слонім — Баранавічы.
Колькасць тых перасяленцаў, што сабраліся ў Баранавічах, дасягнула ў жніўні 100 000 чалавек.
Рух уцекачоў праз Беларусь быў слаба арганізаваным. Мясцовыя адміністрацыі клапаціліся толькі аб эвакуацыі ўстаноў і служачых, пакідаючы на вырак лёсу простых людзей. У дзеяннях мясцовых чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў эвакуацыі, панавала поўнае бязладдзе, адсутнічала ўсялякая ўзгодненасць. Грамадзянскія ўлады не толькі не аказвалі істотнай дапамогі перасяленцам, але часам стваралі ім перашкоды, загадваючы бессістэмна перасоўвацца то туды, то сюды. Шмат хто з уцекачоў па накіраванні паліцыі месяцамі блукаў на прасторы ў некалькі дзесяткаў кіламетраў, што, напрыклад, назіралася ў раёне Ліды і Наваградка.
Улады, распачаўшы вайну, відавочна не былі падрыхтаваны да яе суворых рэаліяў і з’яўлення такой колькасці ўцекачоў. Не існавала ніякіх прававых дакументаў і праграм дзеяння па аказанні дапамогі перасяленцам, не былі вызначаныя асобы, адказныя за падтрымку пацярпелых ад вайны, адсутнічала каардынацыя дзеянняў. Але, як вынік усялякай масавай іміграцыі, прысутнічалі хваробы і эпідэміі. На чыгуначнай станцыі Мінск, дзе сабралася да 15 000 уцекачоў, толькі за некалькі дзён памерла каля 3000 чалавек. Шлях перасяленцаў на ўсход быў адзначаны вялікай колькасцю свежых магіл.
Першымі сур’ёзнасць праблемы ўсвядомілі вайскоўцы, таму што былі вымушаныя выдзяляць на патрэбы ўцекачоў каля 2 млн. рублёў.
У загадзе Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 21 чэрвеня 1915 года было сказана:
Складаць акты адпаведнага ўзнагароджання за разбураныя пабудовы і знішчанае падчас баявых дзеянняў быдла.
Пазней армія пачала выдаваць грашовыя авансы мясцовым уладам для выкарыстання на патрэбы ўцекачоў. Паліцыі прадпісвалася не дапускаць хваляванняў сярод уцекачоў, фарміраваць партыі так, каб не ствараць затрымкі на стратэгічных накірунках, зменшыць небяспеку эпідэмій.
Калі ўвосень асноўная маса ўцекачоў сабралася ў цэнтральных паветах Мінскай губерніі, камандуючы М. А. Данілаў аддаў загад аб далейшым іх перасоўванні па чатырох гужавых напрамках: Мінск — Барысаў — Орша — Красны — Ельня, Мінск — Ігумен — Беразіно — Бялынічы — Красны — Ельня, Слуцк — Рослаўль — Калужская губерня і Лохва — Гомель. Да пачатка кастрычніка па першых двух трактах ішло больш за 120 тыс., па трэцім — 250–280 тыс., а па чацвёртым — да 60 тыс. чалавек.
Хутка да цара ўрэшце дайшло ўсведамленне небяспекі, якая можа сыходзіць ад велізарнай колькасці бяздомных і галодных людзей. Рух уцекачоў прыняў масавы характар і пачаў пагражаць працы армейскага тылу, з’явілася небяспека эпідэміі халеры ў войску, перасяленцы рабіліся прычынай росту сацыяльнай напруджанасці. Беручы пад увагу гэтыя абставіны, 24 ліпеня 1915 года Савет міністраў выдаў пастанову аб стварэнні арганізацыі галоўных упаўнаважаных па ўладкаванні ўцекачоў на франтах. Таксама было абвешчана аб стварэнні спецыяльнага аддзела па ўладкаванні ўцекачоў пры Міністэрстве ўнутраных спраў і стварэнні аналагічных губернскіх камітэтаў на месцах.
Увесну 1918 года на тэрыторыі Расіі яшчэ будуць знаходзіцца больш за 2 мільёны ўцекачоў з Беларусі, каля 400 тыс. з іх назад не вернуцца. З 800 тыс. прызваных у салдаты з беларускіх вёсак загіне амаль кожны дзясяты — больш за 70 тыс. чалавек. Больш за 60 тыс. мірных жыхароў загіне ад бамбардзіровак, хваробаў і голаду. Такім чынам, Беларусь у гэтай вайне страціла больш за 530 тыс. чалавек — амаль дзясятую частку насельніцтва, нягледзячы на тое, што дакладна падлічыць сапраўдныя чалавечыя страты, якія панесла Беларусь, вельмі складана.
Тым часам немцы, яе атрымаўшы ўрэшце ад Бельгіі дазволу на выкарыстанне яе тэрыторыі для нападзення на Францыю, раніцай 4 жніўня 1914 года перайшлі мяжу, не пытаючыся. Германская армія з лёгкасцю змяла слабыя заслоны бельгійцаў і прасунулася ў глыбіню краіны. Бельгійская армія, якую нямецкая перавышала па колькасці ў 10 разоў, нечакана аказала актыўны супраціў, які, аднак, не здолеў істотна затрымаць праціўнка.
Абыходзячы і блакуючы добра ўмацаваныя крэпасці Льеж, Намюр і Антвэрпэн, немцы гналі ўперад бельгійскую армію і 20 жніўня захапілі Брусель. У той жа дзень яны сустрэліся з англа-французскімі сіламі.
Рух германскіх войскаў заставаўся імклівым, яны, не спыняючыся, абыходзілі гарады і крэпасці, якія працягвалі змагацца. Урад Бельгіі перамясціўся у Гаўр. Кароль Альберт І з рэштай баяздольных частак працягваў абараняць Антвэрпэн.
Перад уварваннем у Бельгію не было абвяшчэння вайны.
Начальнік Генеральнага штаба Германіі фон Мольтке-малодшы гэта патлумачыў тым, што «яно непажадана, бо ёсць магчымасць, што кіраўніцтва краіны зразумее сутнасць падзей, якія адбываюцца».
Уварванне ў Бельгію было нечаканасцю для французскага камандавання, але яно здолела арганізаваць перадыслакацыю сваіх частак у накірунку прарыву значна хучэй, чым разлічвалі немцы.
7 жніўня французы сіламі 1-й і 2-й армій пачалі наступленне ў Эльзасе, а 14 жніўня — у Латарынгіі. Яно мела для Францыі сімвалічнае значэнне — гэта тэрыторыя была адарвана ад яе ў 1871 годзе. Хоць першапачаткова ў французаў і атрымалася, захапіўшы Саарбрукен і Мюльхаўзен, заглыбіцца ў германскую тэрыторыю, але ў той жа час нямецкі наступ на Бельгію прымусіў іх перакінуць туды частку сваіх войскаў. Контрудары, што адбыліся следам, не сустрэлі ў французаў дастатковага супраціву, і да канца жніўня французская армія адышла на ранейшыя пазіцыі, пакінуўшы Германіі невялічкую частку ўласнай тэрыторыі.
7 жніўня англа-французскія і германскія войскі сышліся і пачалася так званая Памежная бітва. Французскае камандаванне на момант пачатку вайны не чакала, што галоўнае наступленне будзе адбывацца праз Бельгію, і сканцэнтравала асноўныя сілы ў накірунку Эльзаса. Пасля таго, як немцы перайшлі бельгійскую мяжу, французы пачалі актыўна перакідваць свае часткі ў накірунку прарыву, на момант адкрытага сутыкненя з Германіяй фронт знаходзіўся ў некаторым беспарадку, французы і англічане былі вымушаны прымаць бой трыма асобнымі злучэннямі. На тэрыторыі Бельгіі, ля Монса, дыслацыраваўся Брытанскі экспедыцыйны корпус (BEF), на паўднёвы ўсход, ля Шарлеўра стаяла 5-я французская армія. У Ардэнах, прыблізна ўздоўж мяжы Францыі з Бельгіяй і Люксембургам, былі размешчаны 3-я і 4-я французскія арміі. У кожным з трох раёнаў англа-французскія войскі панеслі цяжкую паразу, страціўшы каля 250 тыс. чалавек, і немцы, наносячы галоўны ўдар з захаду, у абыход Парыжа, шырокім фронтам з поўначы ўварваліся на тэрыторыю Францыі і такім чынам узялі французкую армію «ў абцугі».
Германскае войска імкліва рухалася наперад. Англійскія часткі адыходзілі да ўзбярэжжа, французскае камандаванне не было ўпэўнена ў магчымасці ўтрымаць Парыж. 2 верасня ўрад Францыі пераехаў у Бардо. Абарону горада ўзначаліў энергічны генерал Гальені. Французкія сілы былі перагрупаваны ўздоўж новай лініі абароны па рацэ Марна.
Французы актыўна рыхтаваліся да захопу сталіцы, прымаючы экстраардынарныя меры. Шырока вядомы эпізод, калі Гальені загадаў тэрмінова перакінуць на фронт пяхотную брыгаду, выкарыстаўшы для гэтай мэты паржыскія таксі.
У выніку няўдалых баявых дзеянняў французскай арміі ў жніўні 1914 года галоўнакамандуючы генерал Жофр вырашыў неадкладна замяніць вялікую колькасць (да 30 % ад агульнага) генералаў, якія кепска сябе зарэкамендавалі; пазней абнаўленне і амалажэнне вышэйшага французскага камандавання было ацэнена надзвычай станоўча.
Для заканчэння аперацыі па абыходзе Парыжа і атачэнні французскай арміі ў германцаў не хапіла сіл — значную частку арміі прыйшлося перакінуць на ўсходні фронт, у Прусію, для вайны з расійцамі. Гэта і выратавала Парыж. Войскі, прайшоўшы з баямі сотні кіламетраў, былі стомлены, камунікацыі расцягнуліся, не было чым прыкрываць флангі і разрывы ў лініі фронта, не было рэзерваў, прыходзілася манеўрыраваць аднымі і тымі ж часткамі, ганяючы іх туды-сюды, таму Стаўка пагадзілася з прапановай камандуючага: 1-я армія фон Клюка павінна была скараціць лінію фронта і не здзяйсняць глыбокага ахопу французскай арміі ў абыход Парыжа, але на поўнач ад сталіцы забраць на ўсход і ўдарыць у тыл асноўным сілам французаў.
Здзяйсняючы такі манеўр, немцы падстаўлялі свой правы фланг і тыл пад удар французскай групоўкі, засяроджанай для абароны Парыжа. Прыкрыцца не было чым: 2 корпусы і конная дывізія, якія першапачаткова былі прызначаныя для ўзмацнення наступальных частак, былі адпраўлены ва Усходнюю Прусію на дапамогу 8-й арміі, якая цярпела паразу ад расійцаў. Тым не менш, германскае камандаванне пайшло на гэты ракавы для сябе крок: павярнула на ўсход, не даходзячы да Парыжа, спадзеючыся на пасіўнасць праціўніка. Але французы не ўпусцілі магчымасці скарыстацца слабіной ворага і ўдарылі ў непрыкрытыя фланг і тыл германскай арміі. Пачалася бітва на Марне, у якой у саюзнікаў урэшце атрымалася перамяніць ход баявых дзеянняў на сваю карысць і адкінуць лінію фронта на 50–100 кіламетраў назад — ад Вердэна да Амьена. Бітва на Марне была інтэнсіўнай, але непрацяглай — асноўны бой пачаўся 5 верасня, 9 верасня параза германскай арміі стала відавочнай, да 12–13 верасня завяршыўся адыход немцаў да мяжы па рэках Эна і Вель. Загад аб адступленні нямецкія салдаты сустрэлі са здзіўленнем. У выніку, упершыню за час ад пачатку баявых дзеянняў у нямецкім войску распаўсюдзіліся настроі расчараванасці і прыгнечанасці.
Бітва на Марне мела велізарнае маральнае значэнне для абодвух бакоў. Для французаў яна стала першай перамогай над германцамі.
Пасля бітвы на Марне капітулянцкія настроі ў Францыі пайшлі на спад. Англічане ўсвядомілі недастатковую баявую моц уласнага войска і ў далейшым узялі курс на павелічэнне колькасці сваіх узброеных сіл у Еўропе і ўзмацненне іх баявой падрыхтоўкі. Германскі план хуткага разгрому Францыі быў знішчаны, начальнік Палявога генеральнага штабу Гэльмут фон Мольтке быў замены на Эрыха фон Фалькенгайна. Жозэф Жофр, наадварот, набыў велізарны аўтарытэт у Францыі. Фронт стабілізаваўся, а сілы супернікаў прыблізна зраўняліся.
Будучы пісьменнік Канстанцін Паўстоўскі ў гады Першай сусветнай вайны служыў санітарам, як і Э. Хемінгуэй. Але, калі амерыканскі класік патрапіў на вайну толькі ў 1918 годзе (раней яго не бралі з прычыны маладога ўзросту і кепскага зроку) і пасля трох месяцаў службы быў камісаваны ў сувязі з раненнем, то К. Паўстоўскі патрапіў на фронт на тры гады раней за свайго калегу.
У верасні — кастрычніку 1915 года значная частка беларускай тэрыторыі была занята нямецкімі вайскамі. Германская групоўка напрыканцы жніўня 1915 года прарвала абарону расійскіх войскаў і забяспечыла сабе прасоўванне па лініі Свянцяны — Барысаў. 1 верасня нямецкае войска захапіла Вілейку, а 6-га — дасягнула Смалявічаў і лініі чыгункі Мінск — Масква. Але ў выніку контрнаступлення расійскай арміі праціўнік быў адкінуты ў раён возера Нарач і Свір, прарыў быў закрыты. Да кастрычніка 1915 года фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск — Паставы — Смаргонь — Баранавічы — Пінск, і прыкладна такое палажэнне захоўвалася аж да 1918 года. У сакавіку, чэрвені і ліпені 1916 года ў Беларусі ішлі актыўныя баі, але ўсе спробы наступлення расійскай арміі скончыліся няўдачамі. Людзі масава беглі з тэрыторыі Заходняй ва Усходнюю Беларусь, куды перамясцілася да 500 000 уцекачоў. Такім чынам, Заходняя Беларусь амаль абязлюдзела.
Вайна звязала з Беларуссю цэлы шэраг вядомых расійскіх і савецкіх пісьменнікаў і паэтаў. У 13-й інжэнерна-будаўнічай дружыне служыў паэт Аляксандр Блок, з якім агульны дах сялянскай хаты ў пінскіх Калбах дзяліў паэт Юры Туманаў. Па беларускіх гарадах і вёсках падарожнічаў вайсковы карэспандэнт Аляксей Талстой. Служачы ў малодшых чынах артылерыйскай батарэі, пад Смаргонню надыхаўся атрутных газаў Валянцін Катаеў. Ён, да таго ж, быў двойчы паранены, як і Міхаіл Зошчанка. Свой шматтомнік «Народ на вайне» — эпапею, стылізаваную пад салдацкі фальклор — пачала пісаць у Беларусі міласэрная сястра Сафія Федарчэнка. Вядомы ў свой час кнігавыдавец Міхаіл Сабашнікаў ваяваў пад Маладзечна. А яшчэ — 22-гадовы Канстанцін Паўстоўскі, санітар. Свае ўражанні ад вайны і Беларусі Паўстоўскі апісаў у малавядомым творы «Аповесць аб жыцці».
«Наш атрад спыніўся ў Замір’і, побач з чыгункай з Баранавічаў у Мінск. У Замір’і атрад прастаяў усю зіму», — піша К. Паўстоўскі, апісваючы, як правёў «чорную восень» і «гнілую зіму» з 1915 на 1916 год. Але такога месца, як Замір’е, у Беларусі зараз няма. Так у гады Першай сусветнай вайны называлася мястэчка Гарадзея. Справа ў тым, што пасля захопу і канчатковага далучэння да Расійскай імперыі тэрыторыі сучаснай Беларусі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе рускія «браты-славяне» зразумелі, што ім цяжка вымаўляць некаторыя мясцовыя назвы, у прыватнасці, «Гарадзея» з афрыкатыўным дзеканнем. Таму яе назва была заменена расійскімі чыноўнікамі на «Замір’е», якія арыентаваліся на мястэчка Мір, што ляжыць паблізу. Сёння Гарадзея — гарадскі пасёлак з насельніцтвам крыху больш за 4 тыс. чалавек са сваёй футбольнай камандай у перашай лізе чэмпіяната Беларусі і цукровым заводам. Так, як і горад, называецца чыгуначная станцыя. У часы вайны ў Гарадзеі быў размешчаны шпіталь, вось там і служыў К. Паўстоўскі.
На вайну К. Паўстоўскі адправіўся ва ўзросце 22 гадоў, санітарам, па ўласным жаданні. Ён спыняўся ў Брэсце, дзе жыў у гатэлі на чыгуначным вакзале. Потым перайшоў у палявы санітарны атрад і разам з ім адступаў ад польскага Любліна да беларускага Нясвіжа.
У Брэсце-Літоўскім з К. Паўстоўскім адбыўся амаль містычны выпадак. Ён сустрэў свайго двайніка. Аднойчы санітары назіралі за вялізнай калонай аўстрыйскіх палонных, узятых пры захопе крэпасці Перамышль. І раптам нехта з прыяцеляў Паўстоўскага ўскрыкнуў ад здзіўлення: у гэтай калоне ішоў салдат, як дзве кроплі вады падобны да Косці Паўстоўскага… Заўважылі гэта і аўстрыйцы. Так і глядзелі вылупіўшы вочы: расійцы — на дзіўнага аўстрыйскага салдата, палонныя — на Паўстоўскага. Потым у санітарным цягніку доўга абмяркоўвалі такое надзвычай рэдкае візуальнае падабенства.
Паўстоўскі піша:
У Баранавічах я атрада не застаў. Ён ужо пайшоў далей на Нясвіж. Мне не хацелася нават на кароткі час вяртацца ў шпіталь. Цяжка было сустракацца з людзьмі. Я пераначаваў ля горада у пуцявой чыгуначнай будцы па дарозе ў Мінск, а зраніцы выехаў у Нясвіж…
Позняя восень прыйшла чорная, без святла. Вокны ў нашай хаце заўжды былі запацелыя. З іх проста ліло, і за імі было нічога не відаць. Абозы гразлі ў брудзе. Праз дзверы дзьмула. З вуліцы на ботах прыносілі ліпкую гліну. Ад гэтага ў хаце заўжды было няўтульна. Нам з Раманіным гэта надакучыла. Мы вымылі падлогу і прыбралі ў хаце, і нікога ў яе не пускалі без патрэбы.
Якія ж уражанні пакінула пабітая вайной Беларусь у Паўстоўскага?
Беларусія выглядала так, як выглядаў бы старадаўні пейзаж на сцяне замызганага буфета прыфрантавой станцыі. Сляды мінулага былі яшчэ бачныя паўсюль, але гэта была толькі абалонка, з якой выветрылася змесціва. Я бачыў замкі польскіх магнатаў — асабліва багаты быў замак князя Радзівіла ў Нясвіжы[1], — фальваркі, яўрэйскія мястэчкі з цеснатой і занядбанасцю, старыя сінагогі, гатычныя касцёлы, падобныя тут, сярод чэзлых балотаў, на прыезжых замежнікаў. Бачыў паласатыя верставыя слупы, якія засталіся з мікалаеўскіх часоў. Але ўжо не было ані колішніх магнатаў, ані раскошнага і бесклапотнага іх жыцця, ані паслухмяных ім «хлопаў», ані дамарошчаных равінаў-філосафаў, ані жахлівых Судных дзён у сінагогах, ані спарахнелых польскіх сцягоў часоў першага паўстання ў касцельных алтарах. Праўда, старыя яўрэі ў Нясвіжы маглі яшчэ распавесці пра забавы Радзівіла, аб тысячах «хлопаў», якія стаялі з паходнямі ўздоўж дарогі ад самай рускай мяжы да Нясвіжа, як было, калі Радзвіл сустракаў сваю палюбоўніцу аванцюрыстку Кінгстан, аб тлумных паляваннях, балях, самадурстве, шляхецкай фанабэрыстасці, дурнаватай пысе, якую ў той час лічылі сведчаннем вяльможнага «панства». Але распавядалі яны аб гэтым ужо з чужых словаў…
У адной з паездак Паўстоўскі патрапіў пад абстрэл і быў паранены ў нагу. Падстрэлены, ён выпаў з сядла, але кабыла, на шчасце, выцягнула да сваіх ўхапіўшагася за стрэмя санітара. К. Паўстоўскі паспеў запаліць ліхтарык і згубіў прытомнасць. Па святлу ліхтарыка яго і знайшлі сувязісты. Месяц Паўстоўскі праляжаў у шпіталі ў Нясвіжы. Там са старой газеты ён даведаўся пра гібель на фронце двух братоў — Барыса і Вадзіма. Першы быў забіты ў Галіцыі, другі — на Рыжскім накірунку.
Загінулі ў адзін дзень. Зноў містыка.
На Заходні фронт прыязджаў і цар Мікалай ІІ. Як пісаў Паўстоўскі:
Ён «наведаў» і Замір’е. Да моманту яго презду было загадана прывесці ў парадак сяло. Гэта выявілася ў тым, што з лесу прывезлі шмат елак і замаскіравалі імі самыя дрэнныя халупы.
Замір’е-Гарадзея, маляўнічы Нясвіж, мінскія і гродзенскія палявыя дарогі засталіся ў памяці Канстанціна Паўстоўскага на ўсё жыццё. І «ўсплылі» ў друку толькі праз трыццаць год, калі пісьменнік пачаў працу над «Аповесцю аб жыцці».
Калі паспрабаваць знайсці адно слова, якім бы можна было ахарактарызаваць усю Першую сусветную вайну, то ім магло б быць слова «марнасць». Марнасць намаганняў стала ўласцівай рысай баявых дзеянняў практычна на ўсіх франтах для усіх бакоў. Велізарныя намаганні і дзясяткі, а часам і сотні тысячаў салдацкіх жыццяў аддаваліся дарэмна: лінія фронту, як на захадзе, так і на ўсходзе і поўдні амаль не змянялася. Прарывы і гучныя заявы аб уяўнай «амаль перамозе» чаргаваліся з адступленнямі на ранейшыя пазіцыі.
Нічым не адрознівалася ад Заходняга і Усходняга франтоў становішча на аўстра-італьянскім фронце.
Уначы на 24 мая 1915 года Італія ўрэшце далучылася да краін Антанты, абвясціўшы вайну Аўстра-Венгрыі, і італьянская армія перайшла ў наступленне, не паспеўшы скончыць канцэнтрацыю і разгортванне войскаў. Зрэшты, італьнцы ў два разы пераўзыходзілі аўстрыйцаў па колькасці, але апошнія займалі больш выгоднае стратэгічнае становішча. У артылерыйскай падрыхтоўцы прынялі ўдзел 700 італьянскіх гармат. Баі адначасова разгарнуліся на Ізонца, у Карнійскіх і Кардонскіх Альпах і ў Трэнціна. У апошнім выпадку наступленне вялося некалькімі сыходзячыміся калонамі, і італьянкія войскі прасунуліся да лініі Коль-ді-Тонале — Равэрэта — Борга. У Кадоры ў наступальных частак атрымалася захапіць Монтэ-Крочэ і Карціна-д’Ампэца.
У Карпінскіх Альпах італьянцы прасоўваліся асабліва марудна і не змаглі дасягнуць ніякіх вынікаў.
Хутка прасоўванне італьянцаў было спынена контратакамі аўстра-венгерскіх войскаў, якія атрымалі дзве свежыя дывізіі. Адным з фактараў прыпынення італьянскага наступу, акрамя актыўных дзеянняў аўстрыйцаў, сталі памылкі камандавання, у першую чаргу, недастатковая артылерыйская падрыхтоўка і недахоп снарадаў. Пры прасоўванні наперад пяхоце таксама не забяспечвалася падтрымка з боку артылерыі, атакі былі разрозненымі, артылерыя не знішчала дротавых загародаў.
У выніку першага італьянскага наступлення, якое атрымала назву Першая бітва ля Ізонца, былі заняты нязначныя тэрыторыі і цалкам быў сарваны італьянскі план захопу пануючых высотаў на мяжы Аўстрыі і Італіі. Страты італьянцаў склалі 16 000 памерлых, параненых і палонных, з іх толькі каля 2000 было забіта ў баях. Аўстрыйская армія страціла 10 000 чалавек, з якіх забітымі каля 1000.
23 чэрвеня таго ж года пачынаецца другое наступленне італьянцаў. Баі прынялі значна больш жорсткі характар, а моцныя ўдары італьянскіх войскаў былі скіраваны, галоўным чынам, супраць умацаваных раёнаў Тальміна і Горыцы з мэтай пашырыць плацдарм ля Плавы, які быў захоплены падчас першага наступлення. На плато Крас завязаліся жосткія і крывавыя рукапашныя баі паміж італьянскімі і аўстра-венгерскімі войскамі, 20-я аўстрыйская пяхотная дывізія, напрыклад, страціла дзве тысячы чалавек асабовага складу. Ля Тальміна і Горыцы і італьянцы неслі цяжкія страты, з прычыны таго, што іх атакі адбіваліся кулямётным і артылерыйскім агнём, абаронцы таксама выбівалі італьянцаў смелымі контратакамі. 7 ліпеня з-за вялікіх страт і недахопу рэзерваў наступленне было спынена. Баявыя дзеянні набылі пазіцыйны характар.
Але нават калі італьянцы дасягнулі трохразовай перавагі ў колькасці, усё адно не здолелі нічога зрабіць. Слабая італьянская артылерыя так і не змагла разбурыць загароды з калючага дроту, нанесці шкоду аўстрыйскім акопам і падрыхтаваць атаку.
Наступленне вялося разрознена, і з-за вялікіх страт і недахопу зброі 3 жніўня зноў было спынена. Італьянская армія страціла 43 000 чалавек забітымі, параненымі і палоннымі, аўстра-венгерская — 48 000.
Гэта буйное наступленне працягвалася больш за месяц, але істотных вынікаў зноў не прынесла.
Нягледзячы на правал наступлення італьянскай арміі, у яе ўсё адно атрымалася адцягнуць на сябе частку аўстрыйскіх сіл з Усходняга фронта, дзе так жа беспаспяхова вялі баі расійскія часткі.
Расія ў галіне авіяцыі шмат у чым саступала іншым краінам. Але ў пачатку вайны менавіта расійскі лётчык прымусіў гаварыць пра сябе амаль увесь свет. 26 жніўня 1914 года Петр Несцераў здзейсніў першы ў свеце паветраны таран, коштам уласнага жыцця збіўшы аўстрыйскі самалёт. Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак ва ўсіх адносінах, бо ў самым пачатку баявых дзеянняў, калі авіяцыя выкарыстоўвалася толькі для разведкі і карэктавання артылерыйскага агню, ніхто нават не мысліў аб паветраных баях. Мала хто мог уявіць, як самалёты могуць ваяваць паміж сабой. Кажуць, першым паветраным боем стала сутычка паміж французскім лётчыкам Жанам Наварам і безыменным германцам.
Першы, аблятаючы пазіцыі, заўважыў нямецкага разведчыка. Той на знак вітання памахаў французу рукой. Навар махнуў рукой у адказ, а потым выхапіў свой карабін і стрэліў па варожам самалёце, і, канечне ж, не збіў яго, але стварыў прэцэдэнт. Пасля гэтага стала зразумела, што пазбегнуць паветраных баёў не ўдасца.
Пётр Несцераў быў выбітным лётчыкам у свой час, тыповым рамантыкам і, як шматлікія пілоты часоў зараджэння ваенна-паветраных сіл, — наватарам і вынаходцам. Іншае пытанне, наколькі стратэгічна важным быў той таран, што загубіў не толькі просты аўстрыйскі біплан са славянскім пілотам на борце, які нічога не вырашыў бы ў ходзе баявых дзеянняў, але і жыццё самога Несцерава? Каму быў неабходны подзвіг гэтага чалавека, які мог бы яшчэ так шмат зрабіць на карысць сусветнай авіяцыі?
Давайце паспрабуем разабрацца ў гэтай гісторыі. Дык вось, 27 жніўня 1913 года ў Кіеве на Святошынскім аэрадроме Пётр Мікалаевіч Несцераў выканаў першую ў свеце «мёртвую пятлю». У дасканаласці авалодаўшы мастацтвам пілатавання, Пётр Мікалаевіч здзяйсняе шэраг бліскучых палётаў, сярод якіх варта адзначыць пералёт без пасадкі з Кіева ў Адэсу падчас завірухі (!), а таксама пералёт за адзін дзень з Кіева ў Санкт-Пецярбург. Для таго часу гэта былі рэкорды. У гэтых пералётах, карыстаючыся моцным спадарожным ветрам, а часам і штормам, Несцераў павялічваў хуткасць свайго самалёта ў паўтара разы, такім чынам, яго «Ньюпар-IV» замест звычайных 100 кіламетраў на гадзіну развіваў хуткасць каля 150 км/г. Так лятаць у тыя гады ў Расіі наважваўся толькі Несцераў.
Дарэчы, ідэя паветранага тарана ў Несцерава з’явілася яшчэ да вайны. Ён любіў самалёты, умеў лятаць і вельмі перажываў за лёс расійскага паветрнага флоту. Яго сябра, а таксама адзін з першых расійскіх пілотаў Віктар Сакалоў прыгадвае:
Несцераў таксама ні на хвіліну не забываў аб адказнасці, якая ляжала на нас, маладых ваенных лётчыках, якім даводзілася самім думаць аб ужыванні авіяцыі ў будучай вайне. Стаўленне ж генеральнага штаба царскай арміі да гэтага пытання было ў значнай ступені легкадумным.
Я добра памятаю адну гарачую прамову Пятра Мікалаевіча на нашым афіцэрскім сходзе.
«Мы бачым, што нас пакінулі на волю лёсу, — з хваляваннем казаў ён. — Ніякіх інструкцый, ніякіх указанняў мы не атрымліваем. Як будзе ўжыта авіяцыя ў будучай вайне, набліжэнне якой відавочна адчуваецца, дакладна ніхто не ведае, і нікога гэта не турбуе. Але, калі аб авіяцыі не думае той, хто павінны гэта рабіць, адказнасць за падрыхтоўку да вайны кладзецца на нас. Мы не маем права сядзець склаўшы рукі…»
Гэта праўда, расійская авіяцыя плялася ў хвасце ў іншых краін, такіх як Вялікабрытанія, ЗША ці Германія як падчас Першай, так, што заўжды хавалі гісторыкі, і падчас Другой сусветнай вайны, калі ў савецкіх самалётаў не было нават радыёсувязі (што, дарэчы, кінематаграфісты ніколі не ўлічваюць), калі шасі не выпускалася, а кабіны былі вымушаны пакідаць адчыненымі з-за непрыемнага паху паліва.
І вось, Несцераў трэніраваў асабовы склад свайго 11-га корпуснага авіяцыйнага атрада, па магчымасці штучна ствараючы ўмовы ваеннай абстаноўкі. Ён распрацоўваў правілы карэктавання артылерыйскага агню з самалёта і працаваў над тактыкай паветранага бою.
Перад вайной і ў першы яе перыяд лётчыкі і разведчыкі былі ўзброены толькі пісталетамі Маўзэра. Несцераў, у сваю чаргу, актыўна шукаў спосаб выкарыстаць самалёт у якасці баявой зброі. Ён думаў аб падвешанай на доўгім тросе бомбе, якую можна было б выкарыстаць для знішчэння дырыжабляў праціўніка. Ён спускаў з хваста тонкі медны дрот з грузам, каб, перарэзаўшы дарогу варожаму самалёту, разбіць яму вінт. Ён прыладжваў да хваста самалёта пілападобны нож з разлікам на тое, каб пры яго дапамозе ўспарваць абалонкі дырыжабляў і назіральных паветраных шароў… Нарэшце, яго думка спынілася на таране, як найбольш надзейнай зброі ў паветраным баі таго часу.
Далей Сакалоў прыгадвае трэніроўкі Несцерава:
Калі ў раёне горада Гадзяча, дзе стаяў 11-ы авіяцыйны атрад, з’явіўся «непрыяцельскі» самалёт («Фарман-VII», на якім ляцеў паручнік Гартман), Пётр Мікалаевіч, узняўшыся ў паветра, «атакаваў» яго. Карыстаючыся перавагай у хуткасці («Ньюпар» разганяўся да 100 кіламетраў на гадзіну, у той час як «Сямёрка» — толькі да 80-ці), Несцераў пачаў раз за разам пераразаць шлях «праціўніку», прымушаючы яго збочваць з дарогі. Пасля чацвёртай «атакі» Гартман прыгразіў Несцераву кулаком і паляцеў назад, не выканаўшы разведку.
Калі Пётр Мікалаевіч прызямліўся, яму нехта сказаў, што такая атака магчыма толькі ва ўмовах мірнага часу, а на вайне такія манеўры на ворага наўрад ці падзейнічаюць. Несцераў задумаўся і потым упэўнена адказаў:
— Яго можна будзе ударыць зверху коламі…
І вось кожны дзень зраніцы над Жоўкіевам пачаў з’яўляцца аўстрыйскі біплан. Ён рабіў над горадам кола і сыходзіў назад. У штабе нерваваліся, мы, лётчыкі, таксама. Але як можна было спыніць гэтыя рэгулярныя палёты аўстрыйца? Зброі ж у нас ніякай не было. Тым не менш, некаторыя афіцэры генштаба, якія служылі ў штабе 3-й арміі, лічылі, што мы павінны зрабіць немагчымае — спыніць палёты аўстрыйскага разведчыка. Асабліва настойваў на гэтым генерал-кватэрмейстар арміі генерал-маёр М. Бонч-Бруевіч, які адказваў за разведку і контрразведку і па родзе службы знаходзіўся ля лётчыкаў.
У 1957 годзе выйшла кніга М. Дз. Бонч-Бруевіча з пафаснай назвай «Уся ўлада Саветам», у якой ён, апавядаючы пра гібель Несцерава, піша:
Мы даўно ведалі адзін аднаго, і мне гэты авіятар, якога відавочна абмяжоўвала афіцэрскае званне, быў больш чым сімпатычны.
Зрэшты, пазней знайшлося шмат людзей, якія быццам служлі разам з Несцеравым і ведалі яго асабіста. Сакалова такія нахабнікі, што спрабавалі пагрэцца ля «вогнішча» славы знакамітага чалавека, заўжды раздражнялі.
Сакалоў аб «сяброўстве» Несцерава з Бонч-Бруевічам піша так:
З боку не бяруся меркаваць аб ступені сімпатыі Бонч-Бруевіча да Несцерава, але афіцэрскае званне ніколі не абцяжарвала Пятра Мікалаевіча. Хто-хто, а мы, саслужыўцы і сябры, заўважылі б гэта раней за кагосьці іншага. Я асабліва запомніў размову Бонч-Бруевіча з групай лётчыкаў у вестыбюлі Жолкіеўскага замка, дзе размяшчаўся ў той час штаб 3-й арміі, увечары 25 жніўня 1914 года. З лётчыкаў прысутнічалі: з 11-га атрада — Несцераў, Перадкоў і Каванько, які напярэдадні прыбыў з атрад; з 9-га атрада — Вайткевіч і я. Мы выходзілі з аддзела разведкі і сустрэлі Бонч-Бруевіча, які спыніў нас. Размова хутка набыла звычайны накірунак: Бонч-Бруевіч пачаў папракаць нас у недобрасумленным стаўленні да працы, у тым, што мы прыдумляем разнастайныя нагоды, каб не лятаць, у той час як аўстрыйцы лятаюць штодзённа. Мы, ведаючы, што камандуючы арміяй генерал Рузскі нашай працай задаволены, — аб чым ён неаднаразова казаў, — адмоўчваліся, але Пётр Мікалаевіч не вытрымаў і пачаў пярэчыць. Падчас спрэчкі генерал Бонч-Бруевіч, зазначаючы рэгулярныя палёты аўстрыйца — гэта быў Розэнталь, — сказаў:
— Вось лятае, а вы толькі вушамі хлопаеце і на яго глядзіце.
— А што мы можам зрабіць?
— Напасці на яго!.. Даць бой!.. Мы на вайне, а не на манеўрах!
— Але ў нас няма зброі, што зробіш з адным пісталетам Маўзэра?
— Гэта ўсё адгаворкі!.. Трэба прыдумаць спосаб атакі. А вы поста баіцеся! Не хочаце рызыкаваць!
Несцераў запаліўся:
— Добра! Мы прымем меры і спынім палёты аўстрыйца.
— Якія ж гэта меры вы прымеце? — з кпінай спытаў Бонч-Бруевіч. — Гэтыя ж словы толькі для блізіру. Хіба я магу вам паверыць!
— Я даю Вам слова гонару рускага афіцэра, што гэты аўстрыец больш не будзе лятаць! — усклікнуў глыбока абражаны Несцераў.
— Як жа гэта? Што Вы мяркуеце ўчыніць?.. Памятайце, капітан, словам афіцэра нельга кідацца легкадумна!
— Я ніколі не даваў нагоды падазраваць сябе ў легкадумнасці. Дазвольце ісці?
— Добра-добра, паглядзім… Можаце ісці!
Канечне, я не магу паручыцца за кожнае слова тэкстуальна, але змест памятаю цвёрда, а фраза Бонч-Бруевіча: «Гэтыя ж словы толькі для блізіру. Хіба я магу вам паверыць!», ганарлівы адказ Несцерава: «Я даю Вам слова гонару рускага афіцэра, што гэты аўстрыец больш не будзе лятаць!» і ўсё заканчэнне размовы па зразумелых прычынах глыбока ўрэзаліся ў маю памяць.
Мы выйшлі з замка і адразу накінуліся на Несцерава.
Асабліва моцна напіраў на яго «Вожык» — Каванько.
— Як ты мог даваць такое абяцанне? Я ж ведаю, што ты хочаш тараніць аўстрыйца. Ты ж загінеш… Ведаеш гэта? Мы яго атакуем удваіх. Зробім выглад, што хочам тараніць зверху, прыціснем да зямлі і прымусім сесці!
Мы ўсе падтрымалі Каванько. Пётр Мікалаевіч спрачаўся, сцвярджаючы, што можна, набраўшы вышыню над аўстрыйцам, рэзка на яго спікіраваць і ўдарам шасі абламаць яму крыло. Але ўрэшце рэшт пад нашым напорам Несцераў здаўся і сказаў:
— Ну, добра, Саша, паляцім разам.
Наступным ранкам аўстрыйскі аэраплан зноў з’явіўся над Жоўкіевам. Несцераў і Каванько падняліся ў паветра і распачалі пагоню, але ў першага на ўзлёце абарваўся трос з грузам, якім той хацеў разбіць вінт аўстрыйца, а потым пачаў даваць перабоі матор. Пётр Мікалевіч сеў. Следам прызямліўся і Каванько. Несцераў загадаў тэрмінова адрамантаваць матор, а сам сеў у аўтамабіль і паехаў у казначэйства арміі, дзе атрымаў грошы на патрэбы 11-га атрада.
Калі ён вяртаўся ў канцылярыю атрада, размешчаную побач з аэрадромам, у паветры з’явіўся аўстрыйскі самалёт, які рабіў ужо другую разведку. Несцераў пад’ехаў на аўтамабілі проста да «Марана», каля якога ўжо чакаў Каванько, і хутка сеў у самалёт. Каванько хацеў заняць месца назіральніка, але Пётр Мікалаевіч сказаў яму:
— Не трэба, Саша, я палячу адзін.
— Але што ты збіраешся зрабіць? Вазьмі хаця б браўнінг, — сказаў Каванько.
— Нічога, і без яго спраўлюся, — адказаў Несцераў і ўзняўся ў паветра.
Тое, што было далей, можна добра аднавіць па ўспамінах Каванько. Каля 11-й гадзіны раніцы, калі з’явіўся аўстрыйскі аэраплан, Каванько быў у штабе арміі. Пачуўшы гук матора і крыкі «Ляціць! Ляціць!», ён выбег на пляц перад замкам. Аўстрыец зрабіў кола над горадам на вышыні 900–1000 метраў і пачаў рабіць другое. У горадзе пачалася бязладная страляніна з вінтовак. Калі Каванько пачуў знаёмы шум матора «Гном» і пабачыў маленькі монаплан Несцерава, то вырашыў, што Пётр Мікалаевіч хоча толькі прыстарашыць праціўніка. Каванько не мог нават падумаць, што Несцераў адразу пойдзе на таран. Аўстрыец жа, зрабіўшы кола, пайшоў на захад, злёгку набіраючы вышыню. Відавочна, усё, што яму было неабходна, ён пабачыў.
Несцераў абыходзіў горад з паўднёвага боку і, хутка ўздымаючыся, пайшоў на перарэз праціўніку, заўважна даганяючы яго. Было зразумела, што хуткасць «Марана» нашмат вышэйшая за хуткасць «Альбатроса» аўстрыйца. Вось яны ўжо на адной вышыні. Вось Несцераў уздымаецца над аўстрыйцам і робіць кола. Аўстрыец заўважыў з’яўленне ворага, было відаць, як яго аэраплан пачаў зніжацца на поўным газе. Але ўцячы ад хуткаснага «Марана» было нельга. Несцераў зайшоў ззаду, дагнаў ворага і, як сокал які нападае на чаплю, ударыў праціўніка.
Сакалоў апісвае ужо свае назіранні:
Бліснулі на сонцы серабрыстыя крылы «Марана», і ён урэзаўся ў аўстрыйскі аэраплан. Пасля ўдару «Маран» на імгненне быццам спыніўся ў паветры, а потым пачаў падаць носам уніз, павольна круцячыся вакол падоўжнай восі.
— Плануе! — ускрыкнуў нехта.
Але я разумеў, што аэраплан не кіруецца і гэтае падзенне — смяротнае. Аўстрыец жа пасля ўдару трымаўся ў паветры і ляцеў роўна некаторы час.
«Няўжо дарэмная ахвяра?!» — прамігнула ў мяне ў галаве.
Але вось грувасткі «Альбатрос» павольна перакуліўся на левы бок, потым павярнуўся носам уніз і пачаў імкліва падаць. Больш цяжкі за «Маран», ён хутка абагнаў яго ў паветры і ўпаў на зямлю першым.
Натоўп, які стаяў на плошчы і ціха і напружана сачыў за паветраным боем, раптам заварушыўся і закрычаў. З акна другога паверха замка вызірнуў камандуючы арміяй генерал Рузскі і, убачыўшы мяне, спытаў:
— Паручнік Сакалоў, што здарылася? (Камандуючы заўжды патрабаваў асабісты даклад лётчыкаў аб выніках разведкі і усіх нас ведаў асабіста).
— Капітан Несцераў тараніў аўстрыйскі аэраплан, збіў яго, але і сам упаў, — адказаў я.
Камандуючы ўхапіўся за галаву.
— Навоштна ён гэта зрабіў?! — ускрыкнуў ён.
Я ўскочыў у ад’язджаючы штабны аўтамабіль і памчаўся да месца катастрофы. Калі мы выехалі з горада, убачылі, што поле было запоўнена людзьмі, якія беглі да месца падзення самалётаў. Гэта было кіламетрах у пяці ад Жолкіева, з левага боку шашы ў накірунку Равы-Рускай… Каля разбітых самалётаў ужо сабраліся чалавек дваццаць салдатаў і казакоў. «Маран» Несцерава ляжаў у трыццаці кроках ад дарогі, на неўзараным полі. Яго шасі было разбіта, крылы склаліся, матора не было, рулі пагнутыя. Перад самалётам кроках у дваццаці ляжаў Несцераў. Нехта ўжо прыбраў яго на пакойніка, склаўшы яму рукі на грудзях. Яго цела, рукі і ногі былі цэлымі, нават вопратка нідзе не была падрана. Крыві нідзе не было. Толькі на правай скроні была бачна невялікая ямачка з кропелькай крыві.
Я адразу заўважыў, што на галаве ў Пятра Мікалаевіча не было шлема, а на нагах ботаў: ён ляжаў у ваўняных шкарпэтках.
Кроках у дзесяці ад «Марана» была невялікае балота, абмежаванае дарогай. Частка яго была пакрыта чаротам, сярод якога было відаць «Альбатрос» с задраным дагары адламаным хвастом. На беразе балота ў лужыне крыві ляжала тое, што засталося ад аўстрыйскага салдата. Ён, відавочна, выпаў з самалёта, пакуль той яшчэ пікіраваў. Хвілін праз пяць пасля нас пад’ехаў аўтамабіль з лётчыкамі з 11-га атрада Каванько і Перадковым і з лётчыкам-назіральнікам з генеральнага штаба Лазаравым.
Яны назіралі за боем з аэрадрома. Хутка пад’ехаў аўтамабіль з лётчыкамі і з нашага атрада. Мы моўчкі, са слязьмі ў вачах глядзелі на Несцерава, які ляжаў перад намі. Ён быў нашым сябрам і настаўнікам, якім мы ганарыліся і на якога мы стараліся быць падобнымі.
Праз некалькі хвілін маўчання я спытаў у Каванько, які пасля смерці Несцерава мусіў узяць камандаванне 11-м атрадам на сябе:
— Аляксандр Аляксандравіч, чаму Пётр Мікалаевіч без ботаў?
Каванько прыйшоў у сябе.
— Сапраўды… Дзіўна… Вылятаў ён у ботах.
— А дзе яго шлем? — спытаў Перадкоў.
— Незразумела… Я добра памятаю, што ён, адлятаючы, зашпіліў шлем, — сказаў, выціраючы слёзы, Каванько. — Трэба паглядзець дакументы.
Ён пачаў аглядаць кішэні на куртцы. Знайшоў запісную кніжку, насоўку, сцізорык, але пулярэса не было.
— Яго абрабавалі! Абрабавалі паскуды марадзёры! — закрычаў Аляксандр Аляксандравіч. — Пётр Мікалаевіч жа прыехаў на аэрадром проста з казначэйства, атрымаўшы грошы для атрада… Хто першым падбёг да аэраплана? — звярнуўся ён да натоўпу салдат.
Пасля апытання высветлілася, што першымі да «Марана» падбеглі чатыры абозныя салдаты, але яны не дакраналіся да Несцерава, які ляжаў у той самай паставе, што і цяпер. Здалёк яны ўбачылі двух чалавек, якія знаходзіліся ля цела лётчыка, таму пабеглі ў накірунку казацкага лагера. Але, падбегшы бліжэй і пабачыўшы акуратна пакладзенае цела са складзенымі на грудзях рукамі, абознікі падумалі, што тыя два, якія знаходзіліся ля лётчыка, і прыбіралі яго на пакойніка. Таму яны нават не паглядзелі, куды тыя падзеліся.
Гэтае паказанне пацвердзілі і іншыя салдаты, якія з’явіліся адразу пасля чатырох абознікаў. Некаторыя з іх заўважылі марадзёраў, што ўцякалі.
Пазней шлем знайшлі па дарозе ў казацкі лагер. Ён быў даволі незвычайным, на футры малпы, таму пэўна падаўся занадта заўважным доказам, і вор яго выкінуў. Зрэшты, палкоўнік Духонін, будучы вярхоўны галоўнакамандуючы, загадаў лётчыкам маўчаць аб факце рабавання мёртвага Несцерава, таму што «гэты эпізод ганьбіць рускае войска». І факт марадзёрства схавалі. Хоць абсалютна незразумела, каму прыйшло б да галавы меркаваць аб цэлай арміі па паводзінах двух псяюх-марадзёраў. Бонч-Бруевіч у сваёй кнізе ўвогуле панапрыдумляў наконт ботаў:
Потым распавядалі, што штабс-капітан, пачуўшы гук аўстрыйскага самалёта, выскочыў са свайго намёта і ў чым быў, у адных шкарпэтках, залез у самалёт і паляцеў на ворага, нават не прывязаўшы сябе рамянямі да сядзення.
Гэтыя радкі выклікалі ў Сокалава абурэнне. Ён шчыра абвяргаў словы Бонч-Бруевіча, кажучы, што ніякага намёта ў Несцерава не было, ён жыў у доме Разэнталя, і што ніхто з пілотаў ніколі ніякімі рамянямі да сядзення сябе не прывязваў.
Цела аўстрыйца пачалі абшукваць і знайшлі ў яго легітымацыйную картку.
— Унтер-афіцэр Франц Маліна, — прачытаў гучна Каванько.
— Наш брат славянін, — ціха адгукнуўся салдат, што стаяў побач са мной.
— У легітымацыі напісана, што ён механік, — паведаміў, прачытаўшы лігітымацыю, Перадкоў.
Прыйшоў грузавік 11-га атрада. На ім прыехалі матарысты. Нелідаў падышоў да цела Несцерава і гучна заплакаў. Астатнія матарысты, пастаяўшы каля «Марана», пайшлі да балота аглядаць «Альбатрос» і знайшлі ў брудзе матор «Гном» — падчас тарана ён адарваўся ад аэраплана Несцерава. Яго паклалі ў грузавік. Пасля на прывезеным дыване туды ж паклалі і цела Несцерава.
Салдаты і казакі, якіх ужо панабегла больш за сотню, палезлі ў балота выцягваць «Альбатрос». Ён да такой ступені заграз, што яго даволі доўга не маглі проста ссунуць з месца. Урэшце аэраплан пасунуўся, і ў той жа момант нехта з салдатаў закрычаў:
— Стойце, стойце! Тут чалавек ляжыць!
З балота выцягнулі аўстрыйца. У яго таксама знайшлі легітымацыю: «Лейтэнант барон Разэнталь, лётчык». У яго кішэнях знайшлі пулярэс з вялікай сумай грошай і фотаздымак, на якім былі засняты ён сам, малады і статны, жонка-прыгажуня і дзве сімпатычныя дзяўчынкі-дачушкі. Сям’я рабіла чароўнае ўражанне. У кішэні парткоў знайшлі невялікі скураны мяшочак з залатымі манетамі.
— Гэта на выпадак вымушанай пасадкі ў нашым распалажэнні, — заўважыў нехта.
Раптам адзін мясцовы жыхар, які знаходзіўся сярод салдацкага натоўпа, закрычаў:
— Дык гэта ж наш барон Разенталь! Наш памешчык! Яго маёнтак побач з вашым аэрадромам.
Сапраўды, потым, да нашага вялікага здзіўлення, выявілася незвычайнае супадзенне: 11-ты атрад стаяў у маёнтку Разэнталя, Несцераў жыў у яго доме і спаў на яго ложку. Разэнталь быў заможным памешчыкам, раней служыў у кавалерыі, потым перайшоў у авіацыю і стаў вядомым лётчыкам. Лятаў на ўласным самалёце, для якога ў маёнтку пабудаваў ангар, дзе Несцераў размясціў майстэрню атрада.
Якім жа чынам Несцераў тараніў аўстрыйскі самалёт? Ён схібіў і не патрапіў па краі апорнай плоскасці, як збіраўся. Удар прыпаў на сярэдзіну «Альбатроса», пры гэтым колы патрапілі пад верхнюю плоскасць, а вінт і матор ўдарылі зверху. Удар быў да такой ступені моцным, што тонкасценны вал, на якім трымаўся рататыўны матор «Гном», пераламіўся. Матор адарваўся і ўпаў. Удар шасі, у сваю чаргу, быў параўнальна слабым, таму што розніца ў хуткасцях самалётаў была невялікай і «Маран» тараніў «Альбатрос» па накірунку руху.
Такім чынам, Несцераў піхнуў аўстрыйца, спыніўся і пачаў падаць, а той некаторы час працягваў ляцець проста.
Вось такі сумны подзвіг здзейсніў Несцераў. Адважны лётчык загінуў па-геройску. Але для чаго гэта было патрэбна?
Каб залагодзіць штабнога пацука Бонч-Бруевіча, які ў будучыні напіша пра тое, як моцна любіў Несцерава? Шкада Несцерава, шкада Разэнталя, як і Франца Маліну. Дзеля чаго загінулі гэтыя выдатныя і смелыя людзі? Дзеля аднаго дурня ў пагонах? Менавіта пра такіх паркетных генералаў, як Бонч-Бруевіч, у арміі казалі «Пяцьдзесят год у страі — ніводнага дня ў баі». На працягу ўсёй сваёй кар’еры — і пры цары, і пры бальшавіках — Бонч-Бруевіч займаў штабныя пасады і за ўвесь час службы так і не паўдзельнічаў ні ў адным сапраўдным баі, з ран атрымаўшы толькі гемарой. Ён справакаваў Несцерава на самагубчы палёт: трымай слова расійскага афіцэра, ідзі і выконвай! Пры гэтым сам генерал Бонч-Бруевіч пазней пісаў ў сваёй кнізе «Уся ўлада Саветам», што «налёты варожай авіяцыі ў той час нікога асабліва не пужалі. Авіяцыя больш займалася разведкай, бомбы кідалі рэдка…» Цікава адзначыць, што вайсковы міністр генерал Уладзімір Сухамлінаў у 1915 годзе непрыхільна ставіўся да Бонч-Бруевіча і яго намесніка Лукірскага, якога называў «вялікай дрэнню», лічачы, што першы патрапіў пад яго ўплыў.
Але Сакалоў лічыў, што загінуў Несцераў усё ж не дарэмна. Ён піша:
Паведамленне аб таране Несцерава з гучным рэхам пракацілася па ўсім свеце, але ніхто — у тым ліку і ў нас — правільна не ацаніў яго геройскі ўчынак, які падараваў адважным лётчыкам нашай авіяцыі новую зброю ў паветраным баі. І толькі праз некалькі месяцаў, калі ротмістр Аляксандр Казакоў 18 сакавіка 1915 года на аэраплане «Маран-Ж» (таго ж тыпу, што і ў Несцерава) паўтарыў таран, усе пачалі ўсвядамляць каштоўнасць подзвігу нашага нацыянальнага героя.
Аляксандр Казакоў ударыў сваім шасі па краі крыла варожага самалёта, і той каменем зваліўся на нямецкія акопы, а герой-лётчык паспяхова спланаваў у распалажэнне нашых войскаў. Гэта быў першы паспяховы паветраны таран!
Аляксандр Казакоў — імя, у адрозненні ад Пятра Несцерава, зусім невядомае. Хто ён такі? Ён быў дастаткова аўтарытэтным у Еўропе лётчыкам, самым лепшым на 1917 год расійскім асам. На жаль, толькі за тое, што Казакоў не прыняў бальшавіцкай улады, савецкія гісторыкі выкрэслілі яго са спісаў герояў Першай сусветнай вайны, нягледзячы на тое, што лётчыкаў, лепшых за яго, на той час у Расіі не было.
Расійскія лётчыкі ў гады Першай сусветнай, канечне, на шмат саступалі французкім, нямецкім і англійскім асам, як саступалі і расійскія самалёты. Дзякуючы савецкім пісакам і такой сапраўды выбітнай асобе, як Чкалаў, склаўся ўстойлівы міф, што ва ўсе часы расійцы былі лепшымі ў свеце пілотамі, а савецкія самалёты нібыта самыя лепшыя ў свеце.
На самой справе, гэта не так. Толькі пасля Другой сусветнай вайны савецкія канструктары пачалі ствараць самалёты, якія маглі б скласці канкурэнцыю Захаду. Нават у гады Другой сусветнай лепшыя савецкія асы аддавалі перавагу амерыканскім і англійскім самалётам, таму што там была радыёсувязь і спраўна працавала тэхніка. У савецкіх жа самалётах радыёсувязь была аднабаковай: усе чулі, што кажа камандзір, але адказаць яму не маглі. Надзвычай кепскім па сваіх кандыцыях лічыўся знішчальнік Якаўлева, які міфалагізавалі савецкія гісторыкі. Як правіла, савецкія самалёты былі дрэннай якасці: у іх працякала паліва, і пілоты былі вымушаны лятаць з адчыненымі кабінамі, каб не задыхнуцца, а шасі часта не выпускалася, таму прыходзілася сядаць «на лантух», кулямёты ўвесь час закліноўвала. Ну а лепшыя савецкія лётчыкі, такія як Пакрышкін ці Кажадуб, па збітых самалётах у дзесяткі разоў саступалі лепшым нямецкім.
Самым лепшым расійскім лётчыкам Першай сусветнай вайны па колькасці збітых самалётаў ворага з’яўляўся менавіта Аляксандр Казакоў — 17 перамог (для прыкладу, лепшы сярод французаў Рэне-Поль Фонк збіў 70, а немец Манфрэд Рыхтхофен — 80 самалётаў). Пасля Казакова па «выніковасці» ў расійцаў ішлі штабс-капітан Еўграф Круцень — 15 самалётаў, і Пётр Агееў — таксама 15 перамог.
Пасля заканчэння лётнай школы са снежня 1914 года Аляксандр Аляксандравіч Казакоў, які паходзіў з сям’і дваран Херсонскай губерніі, адразу пайшоў у дзеючую армію. Спачатку ён малодшы лётчык 4-га корпуснага авіяцыйнага атрада. Першая паветраная перамога — 18 сакавіка 1915 года. У гэты дзень Казакоў і здзейсніў другі пасля Пятра Несцерава паветраны таран, у выніку якога збіў нямецкую машыну тыпу «Альбатрос», паспяхова прызямліўшыся пасля гэтага. За гэты подзвіг 27 ліпеня 1915 года ён быў узнагароджаны Георгіеўскай зброяй.
Стаўшы камандзірам авіяроты, Казакоў працягваў здзяйсняць баявыя вылеты, і ў чэрвені 1916 года падчас паветранага бою быў паранены чатырма кулямі ў руку. Сваю першую афіцыйную перамогу ў шэрагах авіягрупы ён атрымаў 8 снежня 1916 года пад Луцкам. Адзін атакаваўшы два варожыя самалёты «Брандэнбург Ц-1» з 10-й авіяроты, расійскі знішчальнік здолеў збіць адзін з бамбардзіроўшчыкаў. Аўстрыйскі пілот Йохан Кольбі быў забіты ў паветры дзвюма кулямі, якія патрапілі яму ў галаву. Назіральнік обер-лейтынант Франц Вейгель спрабаваў самастойна кіраваць машынай, але атрымаў сур’ёзныя траўмы пры пасадцы. Казакоў за гэтую бітву атрымаў ордэн Святога Георгія 4-га класа. У верасні 1917 года А. Казакоў узведзены ў званне падпалкоўніка.
З лістапада 1917 года ён камандваў 7-м авіяцыйным дывізіёнам, а ў снежні таго ж года на агульным сходзе салдатаў быў абраны камандзірам 19-га корпуснага авяцыйнага атрада.
За тры гады вайны А. Казакоў збіў 17 варожых самалётаў ў індывідуальных і яшчэ 19 — у групавых баях, і быў прызнаны самым выніковым расійскім лётчыкам-знішчальнікам перыяда Першай сусветнай вайны. У некаторых публікацыях пішуць, што ён збіў 32 самалёты асабіста, але хучэй за ўсё гэтыя аўтары аб’ядноўваюць групавыя і персанальныя перамогі Казакова.
Не жадаючы служыць чарвоным, у чэрвені 1918 года Казакоў патаемна з’ехаў у Мурманск. Калі ў жніўні 1918 года пачалося стварэнне 1-га Славяна-Брытанскага авяцыйнага атрада, Казакоў быў прызначаны яго камандзірам. Пры гэтым яму было прысвоена званне лейтынанта Каралеўскіх ваенна-паветраных сіл, а рэшта расійскіх афіцэраў (першапачаткова ў складзе атрада было 34 расійскіх пілоты, але потым іх колькасць павялічылася) была залічана ў атрад у званні шэрагоўцаў.
Падчас Грамадзянскай вайны Казакоў змагаўся на Поўначы разам з вайскамі Паўночна-карэльскай арміі (Паўночна-карэльская рэспубліка з цэнтрам ва Ухце была абвешчана 21 ліпеня 1919 года) і часткамі войскаў Антанты. У студзені 1919 года быў паранены куляй у грудзі. Увесну 1919 года Казакоў атрымлівае званне маёра Каралеўскіх ваенна-паветраных сіл Вялікабрытаніі і прызначаецца на пасаду камандзіра Дзвінскага авіяцыйнага дывізіёна.
1 жніўня 1919 года Аляксандр Казакоў загінуў, разбіўшыся проста на ўласным аэрадроме. Па агульным меркаванні відавочцаў гэтай аварыі ён такім чынам скончыў жыццё самагубствам, прыведзены ў роспач эвакуацыяй брытанскіх войскаў з Мурманска, якая пачалася за два дні да здарэння. На карысць гэтай версіі сведчаць таксама і той факт, што за некалькі дзён да гэтага Казакоў адмовіўся ад пасады камандзіра Дзвінскага авіяцыйнага дывізіёна, а за два дні да гібелі — ад прапановы эвакуірвацца ў Вялікабрытанію. Пахавалі Аляксандра Казакова на могілках ля царквы ў селе Дзвінскі Бярэзнік у 250 км на поўдзень ад Архангельска. На надмагільнай пліце сябры высеклі два скрыжаваных прапелеры, а на белай досцы вывелі надпіс: «Лётчык Казакоў. Збіў 17 нямецкіх самалётаў. Мір праху твайму, герой Расіі».
Куды больш выдомым, чым А. Казакоў і П. Несцераў сярод пілотаў часоў Першай сусветнай вайны з’яўляецца нямецкі ас барон Манфрэд фон Рыхтгофен. Ён лятаў на «Фокеры» чырвонага колеру, за што і атрымаў знакамітую мянушку Чырвоны барон, шмат каму вядомую дзякуючы Галівуду.
Манфрэд фон Рыхтгофен нарадзіўся 2 мая 1892 года ў горадзе Брэслау (цяпер Вроцлаў, Польшча) ў сям’і прускага арыстакрата, і гэта значыла, што вайсковая кар’ера для яго была прадвызначана. Пасля заканчэння ваеннай вучэльні ў Вальдштадце, ён паступіў у ваенную акадэмію і стаў выдатным стралком і ездаком. У 1912 годзе ў чыне лейтынанта ён распачаў службу ў конным палку. У жніўні 1914 года мірны рытм армейскай службы быў перарваны пачаткам Першай сусветнай вайны. Манфрыда прызначылі камандуючым падраздзялення, якое ўдзельнічала ў наступленні на Расію. Але ў хуткім часе яго роту перакінулі на Заходні фронт.
Але вайна ў Францыі была не для кавалерыі: чалавек на кані сярод траншэй і калючага дроту быў проста бездапаможнай мішэнню для кулямётаў ворага. Як і саюзнікі, Германія трымала кавалерыю ў ар’ергардзе, дарэмна чакаючы на прарыў. Рыхтгофену прыходзілася выконваць абавязкі інтэнданта. Важданне з паперамі, нудныя гаспадарчыя справы ператварылі мары аб баявых подзвігах у нешта нездзяйсняльнае. У маладога афіцэра было дастакова шмат часу, каб паназіраць, як уверсе зараджалася новая форма баявых дзеянняў. Гэта давала магчымасць пазбавіцца нуды і акопнага бруду. Рыхтгофен пачаў вучыцца прафесіі назіральніка, і ў хуткім часе быў адпраўлены на Усходні фронт, дзе рэгулярна ўдзельнічаў у разведвальных палётах.
Надышоў час матораў, і былы кавалерыст перасеў з каня на самалёт. Ён зразумеў, што палёты — яго стыхія. Манфрэд пісаў маці:
Я штодня лятаю над войскамі ворага і дакладваю аб іх перасоўванні. Тры дні таму паведаміў аб адступленні рускіх. Ты не ўяўляеш, які я быў шчаслівы.
У жніўні 1915 года Рыхтгофен быў перанакіраваны на Заходні фронт у звышсакрэтнае злучэнне пад кодавай назвай «Брыгада галубоў», прызначанае для бамбардзіровачных аперацый. Скончыўчыўшы да Калядаў у тым жа годзе трэніровачны курс, Рыхтгофен атрымаў доўгачаканыя «крыльцы» — знак адрознення лётчыкаў. Рыхтуючыся да баявых вылетаў, ён прышрубаваў да верхняга крыла свайго самалёта-разведчыка кулямёт. Гэта было нешта новае. Цяпер паветраныя баі выглядалі не так, як у пачатку вайны, калі пілоты выкарыстоўвалі толькі карабіны і рэвальверы. Праўда, ідэя з кулямётам належыць не Рыхтгофену. Яшчэ ў лютым 1915 года француз Ралан Гарос усталяваў стацыянарны кулямёт, які страляў скрозь працуючы прапелер. Нямецкі авіяканструктар А. Фокен, вывучыўшы захоплены французскі самалёт, сканструяваў перарывальнік, дзякуючы якому кулямёт выстрэльваў толькі ў той момант, калі на шляху кулі не было лопасці вінта. Перарывальнік Фокера быў прыладжаны на монаплан «Айндэкер», які і стаў першым сапраўдным знішчальнікам. Кулямёт на «Айндэкерах» зрабіўся сапраўнай пякельнай карай для практычна безабаронных саюзніцкіх самалётаў-разведчыкаў. За дзесяць месяцаў тэрору, які распачаўся ў жніўні 1915 года, «Айндэкеры» практычна «ачысцілі» неба ад машын праціўніка. У студзені 1916 года штаб брытанскіх каралеўскіх ВПС аддаў загад суправаджаць кожны самалёт-разведчык трыма знішчальнікамі ў самкнёным шыхце.
«Айндэкер» выхаваў цэлы шэраг знакамітых нямецкіх лётчыкаў-знішчальнікаў. Ас Освальд Бёльке выпрацаваў асноўныя і непарушныя правілы паветранага бою. Яго сябар Макс Імельман першым здзейсніў класічны манеўр, які атрымаў назву пераварот Імельмана — віраж і паўпераварот, у выніку якога самалёт адразу апынаўся ззаду і па-над самалётам праціўніка, са смяротным зыходам для апошняга, як правіла. У той час Рыхтгофен яшчэ не прабіўся ў шэрагі асаў. Ён працягваў разведвальныя палёты і бамбардзіроўкі спачатку ля Метца, потым зноў на Усходнім фронце, дзе ў чэрвені 1916 года расійцы перайшлі ў маштабнае наступленне. Рыхтгофен адзначыў, што кулямётны абстрэл калон варожай кавалерыі зверху з’яўляецца вельмі эфектыўным. Пад яго агнём казацкія войскі літаральна рассыпаліся ў розныя бакі. Менавіта ў той час Освальд Бёльке, прыбыўшы на Усходні фронт у пошуку пілотаў для свайго палка «Паветраны паляўнічы», заўважыў талент Рыхтгофена.
У свае 25 год, усяго на год маладзейшы за Рыхтгофена, Бёльке ўжо быў патрыярхам нямецкай авіцыі, ён збіў 19 самалётаў ворага і быў адзначаны гараровай ўзнагародай Жалезны крыж 1-га і 2-га класаў. Гэты лепшы на 1916 год ас у Германіі, ды і, бадай, ва ўсёй тагачаснай Еўропе, атрымаў кваліфікацыю лётчыка ў 23 гады — 15 жніўня 1914 года, стаўшы спачатку назіральнікам, а пазней пілотам двухмясцовага разведчыка. У пачатку вайны Освальд Бёльке служыў у авіяцыйнай частцы FA-13 у Францыі і лятаў разам са сваім братам Вільгельмам, які быў яго назіральнікам. Пасля пераводу ў вайсковую чатку FA-62, 4 ліпеня 1915 года Бёльке атрымаў сваю першую паветраную перамогу, лятаючы на LVG. Ён, а дакладней, яго назіральнік лейтэнант Хайнц фон Вюліш збіў французскі «Маран-Парсюль».
Такім чынам, фон Рыхтгофен патрапіўся на вочы да першага аўтарытэта германскай авіяцыі. У верасні 1916 года будучы Чырвоны барон увайшоў у склад эскадрыльі Jasta-2. Яго мары здзейсніліся, ён у рэшце рэшт стаў знішчальнікам.
У той час брытанцы і французы дзякуючы новым французскім самалётам «Ньюпар» перахапілі ініцятыву ў паветры. «Айдэкеры» састарэлі. Ім на змену на фронт прыбылі абцякальныя, з акулінымі насамі біпланы пад назвай «Альбатрос». Менавіта на «Альбатросе» Рыхтгофен распачаў лік сваіх перамог, 17 верасня 1916 года збіўшы біплан брытанскіх ВПС «ФЕ-2».
«ФЕ-2» быў манеўраным самалётам, але вінт, размешчаны ззаду, рабіў з яго выдатную мішэнь для атакі з тылу. Смяротна паранены пілот здолеў пасадзіць біплан. Рыхтгофен прызямліўся побач, каб упэўніцца ў сваім поспеху. Увечары ў гонар першай перамогі ён замовіў у берлінскага ювеліра срэбны кубак. Потым іх назбіралася цэлая калекцыя — па кубку за кожны збіты самалёт.
28 кастрычніка 1916 года Освальд Бёльке ўзняў свой самалёт у паветра апошні раз. Яго суправаджалі пять пілотаў, сярод якіх быў і Манфрыд фон Рыхтгофен і Эрвін Бёме. Ушасцёх яны атакавалі два аднамясцовых англійскіх знішчальнікі Airco-DH.2. Перад атакай Бёльке няправільна зашпіліў свой рамень. Падчас бою Бёме і Бёльке, не заважыўшы адно аднаго, атакавалі адну і тую ж цэль і сутыкнуліся. Падаецца, сутыкненне было ледзь заўважным, Бёме толькі злёгку зачапіў коламі верхняе крыло самалёта Бёльке, але на высокай хуткасці нават судакрананне аналагічна ўдару вялізнага молата. Самалёт Бёльке адштурхнула, ён пачаў рэзка зніжацца і, пятляючы, знік у аблоках.
Верхняе крыло адарвалася, але ў лётчыка атрымалася адносна паспяхова пасадзіць свой «Альбатрос». Удар аб зямлю быў не надта моцным, але няправільна зашпілены рамень і тое, што Бёльке часта ігнараваў шлем, стала прычынай трагедыі.
Праз хвіліну цела пілота-аса дасталі з разбітага самалёта. Гаўптман Освальд Бёльке, заснавальнік тактыкі паветранага бою, які збіў 40 самалётаў праціўніка, загінуў у 25 гадоў.
Увечары таго ж дня на аэрадром Першага знішчальнага злучэння англійскі самалёт скінуў вымпел з надпісам: «У памяць аб капітане Бёльке, нашым мужным і высакародным суперніку, ад брытанскіх Каралеўскіх паветраных сіл». Бёльке сарод пілотаў-знішчальнікаў быў абсалютным аўтарытетам. Пасля яго гібелі Jasta-2 была перайменавана ў гонар заснавальнікаў Jasta Boelcke.
Праз тры дні падчас пахавання Бёльке фон Рыхтгофен нес на чорнай падушачцы медалі свайго настаўніка. Ён вырашыў адпомсціць.
Лік перамог Рыхтгофена хутка павялічваўся, але 23 лістапада 1916 года яго ледзь не напаткала смерць у двубоі з англійскім асам маёрам Хоўкерам, камандзірам эксадрыльі брытанскіх ВПС. Але падчас жорсткай бітвы загінуў усё ж апошні, прычым у непасрэднай блізкасці ад англійскай лініі абароны. Маёр Хоўкер раней лятаў на састарэлым «ДК-2» са штурхальным вінтом, але цяпер «Альбатросу» зрабіў выклік новы хуткі і вёрткі «Сопвіч Пап» («Sopwith Pup»), адзін з першых брытанскіх знішчальнікаў, узброеных кулямётам, які страляў скрозь прапелер.
Перавага ў паветры часта залежыць ад крыху вышэйшай хуткасці, крыху больш крутога віражу, крыху большай скарастрэльнасці кулямёта і, канечне, ад умення пілота выціснуць максімум з гэтых пераваг. Было нямала пілотаў нягоршых за Манфрыда фон Рыхтгофена, але ён быў вельмі ўдачлівым асам. 16 лістапада 1917 года Чырвонага барона ўзнагародзілі ордэнам «За асабістую мужнасць». У той жа час ён быў прызначаны камандзірам Jasta-2. У адрозненні ад брытанскіх ВПС, немцы збіралі сваіх лепшых пілотаў у элітныя падраздзяленні. Пад камандваннем Рыхтгофена служыў і яго брат Лотар, які завяршыў вайну з 40 перамогамі.
Іх рознакаляровыя самалёты далі падраздзяленню мянушку «Паветраны цырк». Падчас далейшай рэарганізацыі нямецкіх ВПС у чэрвені 1917 года Манфрыд фон Рыхтгофен камандваў ужо чатырма групамі Jasta, аб’яднанымі ў баявое крыло «Ягдгешфадэр-1» (JG-1).
У красавіку 1917 года Рыхтгофен пераўзышоў самаго Бёльке, збіўшы свой саракавы самалёт. Ён стаў не проста лётчыкам-асам, але знакамітасцю з публічным іміджам нямецкай прапаганды. У саюзнікаў таксама былі свае героі: імёны такіх асаў, як англічанін Альберт Бол і француз Жорж Гінэмер, сталі легендамі. Гэтыя яскравыя асобы, рыцары паветра, як іх называлі, сталі славутымі на ўвесь свет. З амерыканскіх асаў адным з лепшых быў Рауль Лафбэры (16 перамог), які раней служыў у французскай эскадрыльі Лафайет. Але ўсе гэтыя героі ўжо загінулі. Спачатку Лафбэры і Генэмер, а потым і Бол, які стаў легендай у свой 21 год. У сваім апошнім баі ён у жорсткай сутычцы з «Паветраным цыркам» збіў Лотара Рыхтгофена, але той застаўся ў жывых, а вось Бол… 21 сакавіка 1918 года адборныя часткі германскай арміі пайшлі ў апошняе наступленне на Заходнім фронце. Пакуль наступала пяхота, звяно ЯГ-1 знаходзілася на зямлі, але на світанку 3 красавіка трыпланы падняліся ў паветра. Да 20 красавіка на рахунку Чырвонага барона было ўжо 80 перамог. Апошняй яго ахвярай стаў самалёт «Сопвіч Кэмэл» («Sopwith Camel»), расстраляны ва ўпор.
І вось надышоў ракавы для Рыхтгофена дзень. 21 красавіка яго звяно напала на два самалёты-разведчыкі. Жорсткая сутычка над англійскай лініяй абароны выклікала зенітны агонь. На дапамогу сваім разведчыкам у паветра ўзнялася эскадрылья капітана Браўна. Рыхтгофен адразу абраў сабе лейтынанта Мэя, які ў запале расстраляў усе свае патроны і пачаў прыціскаць немца да зямлі. Цяпер яны знаходзіліся над раёнам дыслакацыі аўстралійскіх войскаў. Пралятаючы вельмі нізка над траншэямі ворагаў, Рыхтгофен парушыў адно са сваіх асноўных правілаў — ніколі не рызыкаваць без патрэбы. Аўстралійскія кулямётчыкі адкрылі агонь па пралятаўшым над імі чырвоным трыплане з чорнымі крыжамі. Рыхтгофен, захапіўшыся пераследам дарэмна спрабуючага выкруціцца Мэя, падставіў сябе пад кулямётны агонь. І цяпер ролі змяніліся — той, хто раней пераследваў, быў вымушаны ўцякаць — на хвост захопленага жаданнем дабіць ворага Рыхтгофена сеў капітан Браўн, спрабуючы дастаць кулямётнай чаргой чырвоны «Фокер». Што адбылося далей, не да канца зразумела. Вядома толькі, што па трыплане стралялі і з зямлі, і з паветра. Праз хвіліну ён упаў у полі…
Калі да Чырвонага барона падбеглі, Рыхтгофен усё яшчэ сціскаў штурвал. Але не дыхаў. Салдаты ўбачылі кулявыя раненні на нагах і жываце пілота, а на падлозе яго кабіны было мора крыві. Пасля павярхоўнага медычнага агляду была зроблена выснова, што Чырвонага барона забіла куля, якую выпусціў капітан Браўн. Рыхтгофена выцягнулі з разбітага самалёта, і на наступны дзень нямецкі кароль паветра быў пахаваны на могілках ля вёскі Бертангу. Ускрыццё яго цела так і не праводзілася. На магіле было напісана: «Нашаму моцнаму і высакароднаму праціўніку». Праўда, першы брытанскі ас Эдвард Мэнак праявіў менш джэнтльмэнскую рэакцыю. Даведаўшыся аб смерці Рыхтгофена, ён сказаў: «Спадзяюся, ён падсмажыўся, пакуль падаў». Праз дзесяць дзён Манфрыду фон Рыхтгофену споўнілася б толькі 26 гадоў. У лістападзе 1925 года рэшткі Чырвонага барона былі перавезены ў Германію і перапахаваны на Берлінскіх могілках інвалідаў. Ну а знакаміты самалёт Чырвонага барона быў разабраны на сувеніры пераможцамі.
Пытанне аб тым, хто выпусціў кулю, якая забіла знакамітага лётчыка, застаецца адкрытым. Пасля гібелі Чырвонага барона генерал Роўленсан асабіста павіншаваў двух аўстралійскіх кулямётчыкаў Іванса і Буе з перамогай над грозным асам, палічыўшы, што гэта яны здзіравілі чырвоны «Фокер». Але пілоты падраздзялення брытанскіх каралеўскіх ВПС, якім камандваў капітан Браўн, цвёрда настойвалі на сваім — Чырвонага барона забіў іх камандзір. Даказаць што-небудзь было практычна немагчыма, бо самалёт Рыхтгофена расцягнулі на сувеніры. У цэлым, паказанні відавочцаў сведчылі ўсё ж аб тым, што пілот быў забіты кулямётнай чаргой з зямлі, а не Браўнам. Але дакладнай праўды мы ніколі не даведаемся.
Так запалілася і згасла зорка самага вялікага лётчыка часоў Першай сусветнай вайны. Вялікага… У СССР такога б ніколі не напісалі пра немца. Але цяпер, праз 100 гадоў, мы маем права сказаць, што Рыхтгофен быў самым выбітным лётчыкам свайго часу. А тое, што ваяваў на баку Германіі? Дык гэта ж была яго радзіма, і ваяваў ён, як сапраўдны патрыёт, у імя сваёй айчыны, тым больш, што падчас Першай сусветнай вайны, у адрозненні ад Другой, Германія мала чым адрознівалася ад той жа Расіі ці Англіі. Такая ж імперыя. Так, Германія першай распачала вайну супраць Францыі, але Расія першай напала на Германію. У той вайне не было «кепскіх хлопцаў», як гэта будзе праз дваццаць з лішкам гадоў. Падчас Першай сусветнай усе ваявалі адно з адным за пашырэнне сваіх і без таго вялікіх уладанняў. І толькі салдаты проста гінулі за свае краіны, мала разбіраючыся ў хітраспляценнях імперскага клубка ўзаемных прэтэнзій і амбіцый.
У гады Першай суветнай вайны яго імя было вядома цэлай Расіі. Звалі яго Кузьма Кручкоў. Бравы казак красаваўся на плакатах і ўлётках, папіросных пачках і паштоўках, яго партрэты і малюнкі з выявамі яго подзвігу друкавалі ў газетах і часопісах. А вызначыўся казак ужо ў першыя дні вайны ў жніўні 1914 года ў баі з нямецкімі кавалерыстамі недалёка ад польскага горада Кальварыя. Вартавы дазор пад началам 24-гадовага прыказнога Кузьмы Кручкова ўступіў у бой з групай нямецкіх кавалерыстаў і, як запісана ў наградных дакументах, сам камандуючы падчас бітвы асабіста засёк шашкай і закалоў пікай 11 чалавек. Цяжка паверыць у такі подзвіг, але і падробка казацкіх наградных дакументаў малаверагодная.
Вось як апісаў той бой сам Кручкоў:
Зраніцы, гадзіне а дзясятай, мы накіраваліся ад горада Кальварыі да маёнтка Александрова. Нас было чацвёра — я і мае таварышы: Іван Шчэгалькоў, Васіль Астахаў і Міхаіл Іванкоў. Пачалі ўздымацца на горку і сутыкнуліся з нямецкім раз’ездам з 27-мі чалавек, сярод якіх былі іх афіцэр і ўнтэр-афіцэр. Спачатку немцы спужаліся, але потым палезлі на нас. Аднак мы іх сустрэлі цвёрда і паклалі некалькі чалавек. Выкручваючыся ад нападзення, мы вымушаны былі раз’яднацца. Мяне атачыла адзінаццаць чалавек. Не спадзеючыся ацалець у сутычцы, я вырашыў за дорага прадаць сваё жыццё. Кабыла ў мяне рухавая, паслухмяная. Хацеў спачатку скарыстацца з вінтоўкі, але ў спешцы заела патрон, і ў той жа час немец выцяў мяне па пальцах, і я кінуў вінтоўку. Схапіўся за шашку і пайшоў у работу. Атрымаў некалькі дробных ранаў. Адчуваю, кроў цячэ, але ўсведамляю, што раны несур’ёзныя. На кожнае раненне адказваю смяротным ударам, ад якога немец кладзецца пластом навекі. Паклаўшы некалькі чалвек, я адчуў, што цяжка работаць шашкай, таму схапіў іхнюю ж піку і пры яе дапамозе па адным паклаў астатніх. У той час мае таварышы справіліся з астатнімі.
На зямлі ляжалі дваццаць чатыры трупы, ды некалькі параненых коней насіліся перапужаныя. Таварышы мае атрымалі лёгкія раны, я таксама атрымаў шаснаццаць ранаў, але ўсе пустыя, так — уколы ў спіну, шыю і рукі. Кабылка мая таксама атрымала адзіннаццаць ранаў, але потым на ёй я праехаў шэсць вёрстаў.
Першага жніўня ў Белую Аліту прыбыў камандуючы арміяй генерал Рэненкампф, які зняў з сябе георгіеўскую стужку, прышпіліў мне на грудзі і павіншаваў з першым георгіеўскім крыжом.
У пераказе Кручкова яго бітва з пераўзыходзячымі сіламі немцаў выглядае амаль штодзённай працай, але ж сутыкнуліся казакі не з наспех мабілізаванымі пехацінцамі, а з кавалерыстамі, якія былі элітай у кожным войску і мелі адпаведную падрыхтоўку. Тым больш неверагодным выглядае зыход бойкі. Хоць тут верагодна казакі натрапілі на недасведчаных кавалерыстаў, супраць якіх і вызначыліся сваім майстрэрствам. Нездарма віншаваць казакоў з такім подзвігам прыехаў сам камадуючы арміяй. Дарэчы, генерал Рэненкампф сам быў дасведчаным кавалерыйскім камандзірам і знаўся на кавалерыйскай цінцы.
За перамогу ў сутычцы з немцамі ўсе чатыры казакі сталі георгіеўскімі кавалерамі, а Георгіеўскі крыж 4-й ступені за нумарам 5501, які атрымаў Кузьма Кручкоў, стаў першай георгіеўскай узнагародай, у Першую сусветную вайну. Аб гэтым подзвігу паведамілі імператару і надрукавалі нататкі ў газетах. Бравы малады казак імгненна стаў расійскай знакамітасцю.
Кузьма (Казьма) Кручкоў нарадзіўся ў 1890 годзе на хутары Ніжне-Калмыкаўскім Вусць-Мядведзіцкай акругі Войска Данскога ў сям’і карэннага казака-старавера Фірса Ларыёнавіча Кручкова. Як і ўсе казацкія дзеці, Кузьма адвучыўся ў станічнай школе, бо адукацыю казакі паважалі і непісьменных не любілі. У 1911 годзе Кручкоў быў прызваны на абавязковую службу ў 3-і Данскі казачы імя Ермака Цімафеева полк. На пачатак вайны ён быў у чыне прыказнога, што адпавядала яфрэйтару ў арміі, і лічыўся дасведчаным байцом, што і прадэманстраваў у першай жа бойцы.
Адляжаўшы пасля сутычкі ў лазарэце 5 сутак, Кручкоў вярнуўся ў полк і атрымаў адпачынак, каб з’ездзіць на радзіму. Можна сабе ўявіць, з якой славай ён з’явіўся ў станіцы з Георгіем на грудзях. Кручкоў да таго часу ўжо быў жанаты, меў сына і дачку, таму водбліскі яго славы адбіваліся і на яго сям’і.
Адпачыўшы дома, Кручкоў вярнуўся на фронт. Ён яшчэ не аднойчы ўдзельнічаў у баях, зноў быў паранены, але падобных подзвігаў больш не здзяйсняў. Ён таксама атрымаў новыя ўзнагароды. Да канца вайны даслужыўся да чына падхарунжага (першы афіцэрскі чын у казацкім войску), атрымаў яшчэ адзін георгіеўскі крыж і два георгіеўскія медалі. Ёсць інфармацыя, што Кручкоў паспеў нават атрымаць залатую георгіеўскую зброю, вельмі ганаровую сярод афіцэраў узнагароду.
Але чаму гісторыкі і пісьменнікі забыліся пра Кручкова? У савецкія часы, у прыватнасці, аб ім ніхто нічога не ведаў.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Кручкоў быў абраны старшынёй палкавога камітэта, а пасля развалу фронта разам з палком вярнуўся на Дон. Мірным жыццё не атрымалася. Жыхары адных вёсак, а часам і чальцы адных сем’яў апыналіся на розных баках крывавай мяжы, якая падзяліла Расію. Так, удзельнік легендарнага бою Міхаіл Іванкоў служыў у Чырвонай Арміі, пазней сустракаўся з Шолахавым і распавядаў яму аб подзвігу Кручкова. Ці то казак нешта не тое распавёў пісьменніку, ці то, ідучы ўслед за пісьменніцкай задумай, Шолахаў па матывах гэтага бою напісаў у рамане «Ціхі Дон» уласны, які выглядаў як недарэчная сутычка. А магчыма, да Шолахава дайшлі чуткі, што подзвіг чатырох казакоў быў ад часткі іх уласнай прыдумкай, ці пісьменнік не змог да канца паверыць, што адзін чалавек у кавалерыйскай цінцы мог забіць 11 ворагаў. Зрэшты, у падробцы падазравалі і ўласна Шолахава — маўляў, ён не сам напісаў «Ціхі Дон», а спісаў усё з дзённіка нейкага казацкага афіцэра.
Кручкоў у гады Грамадзянскай вайны сабраў патрызанскі атрад для супраціву іншаму вядомаму казаку Філіпу Міронаву, будучаму камандзіру 2-й Коннай арміі чырвоных. Баі былі цяжкімі, бо па абодвух баках фронту былі дасведчаныя, жорсткія змагары, якія ў свой час разам спасцігалі вайсковую навуку ў лютай барацьбе з германцамі.
Таксама ўмела, як і супраць немцаў, Кручкоў ваяваў і супраць чырвоных, і да лета 1919 года стаў сотнікам. Загінуў Кузьма Кручкоў па адной версіі ад кулямётнай чаргі, па іншай — быў схоплены чырвонымі і расстраляны. Пахавалі героя Першай сусветнай вайны Кузьму Фірсавіча Кручкова на могілках роднага хутара. Ну а савецкія гісторыкі і ідэолагі зрабілі ўсё, каб сцерці памяць аб удалым казаку.
На франтах Першай сусветнай вайны шмат якое ўзбраенне было выкарыстана ўпершыню. Навінкай было не толькі самалётабудаўніцтва, але і танкабудаўнітва. Як і першыя самалёты, першыя танкі выглядалі нязграбнымі монстрамі. «Tank» — па-англійску «рэзервуар» або «бак».
Менавіта так англічане называлі падобныя да цыстэрнаў браніраваныя машыны на гусеніцах.
Нямецкая газета часоў Першай сусветнай «Ляйпцыгер Ілюстрыртэ Цайтунг» пісала:
Танкі — гэта бязглуздая фантазія і шарлатанства. Машыны-пачвары прыводзяць салдат у разгубленасць толькі на кароткі час, але потым здаровая душа добрага немца супакойваецца, і ён з лёгкасцю змагаецца з дурной машынай.
На ілюстрацыі да артыкула была выява з нямецкімі салдатамі, якія адважна ўзбіраюцца на англійскі танк, забіваючы яго экіпаж… Але гэта была толькі слабая спроба супакоіць салдат. Танкі і на самой справе наводзілі на немцаў амаль панічны жах.
Усё пачалося 20 кастрычніка 1914 года, калі англійскі ў той час яшчэ падпалкоўнік Эрнэст Суінтан звярнуўся ў ваеннае міністэрства з прапановай пабудаваць браніраваную машыну на гусеніцах, выкарыстаўшы для гэтага амерыканскі трактар «Холт». У сваёй дакладной Суінтан абазначыў абрысы новай машыны і ўказаў задачы, якія яна зможа вырашаць падчас баявых дзянняў: пракладаць дарогу пяхоце, прыгнячаць праціўніка сваёй моццу псіхалагічна і пры дапамозе гарматаў і кулямётаў знішчаць яго фізічна.
Пасля прыезда ў Англію Суінтан выказаў сваю прапанову ў размовах з сакратаром камітэта імперскай абароны капітанам Хэнкі і інжынерам Тулакам. У выніку, пасля гэтых размоў у сярэдзіне 1915 года Тулак зрабіў даклад у вайсковым міністэрстве аб будаўніцтве гусенічных «сухапутных крэйсераў», узброеных гарматамі, і «лёгкіх сухапутных знішчальнікаў», узброеных кулямётамі.
Вайсковае міністэртсва вельмі асцярожна паставілася да гэтага праекта. У лютым 1915 года яно аргінізавала выпрабаванні гусенічных трактароў для праверкі іх праходнасці. Трактары не вытрымалі даволі суворых штучна створаных тэхнічных умоў, і доследы спыніліся.
У той час пытаннем «сухапутных караблёў» зацікавілася марское ведамства. Служба марской авіяцыі Адміралцейства (RNAS), вымушаная арганізоўваць ахову сваіх аэрадромаў на кантыненце, вырашыла выкарыстаць з гэтай мэтай бронеаўтамабілі. Некаторы вопыт выкарыстання матарызаваных сродкаў і сувязь з існуючымі фірмамі, відаць, сталі прычынай таго, што RNAS занялася неўласцівай ёй справай.
Ва ўсялякім выпадку, напрыканцы 1914 года адзін з кіраўнікоў RNAS Мюрэй Суэтэр дэманстраваў перад тым жа Хэнкі драўляную мадэль бранявога шчыта, умацаванага на самаходных калёсах. За гэтым шчытом павінны былі хавацца пехацінцы. У той жа час была высунута прапанова стварыць для «ачысткі» акопаў цяжкія каткі, якія б ззаду перасоўваліся гусенічным трактарам. Хэнкі зрабіў аб гэтым даклад першаму лорду Адміралцейства (марскому міністру). Вынікам быў ліст апошняга на імя прэм’ер-міністра, напісаны ў пачатку студзеня 1915 года. У лісце пісалася:
Гэта было даволі проста, за кароткі час абсталяваць некаторую колькасць паравых трактараў неабходнымі бранявымі шчытамі, якія б закрывалі ад куль і дазволілі б схаваць людзей і кулямёты… Ужытыя ўначы, яны ў пэўнай ступені не баяліся б артылерыйскага агню. Гусенічная сістэма дазволіла б ім з лёгкасцю пераадольваць акопы, а сваім цяжарам машына магла б знішчаць дротавыя загароды.
Гэты ліст не меў поспеху. Сам жа марскі міністр вырашыў на першы час абмежавацца вырабам цяжкіх каткоў. Аднак, іх выпрабаванні далі адмоўныя вынікі.
У студзені 1915 года маёр RNAS Хэтэрынгтан прадставіў праект «сухапутнага крэйсера». «Крэйсер» уяўляў сабой гіганцкую трохколавую машыну даўжынёй 30 м, шырынёй 24 м і вышынёй 14 м. На кожнай з трох веж, абароненых 75-міліметровай бранёй, павінны былі быць усталяваны па дзве чатырохдзюймовыя гарматы. Усе гэтыя спробы і эксперыменты прывялі да стварэння ўвосені 1915 года першага англійскага доследнага танка «Вялікі Уіллі», названага ў гонар лейтынанта Уілсана. Гэтая машышына і стала прататыпам першага англійскага баявога танка «Mark-I».
Стварэнне першага танка трымалася ў вялікім сакрэце. Усе, хто меў дачыненне да новага вайскогвага вынаходніцтва, былі абавязаны пільна захоўваць таямніцу. Але ўжо на першапачатковым этапе будаўніцтва «Вялікага Уіліі» з’явілася неабходнасць неяк назваць новы тып машыны — па знешнім выглядзе вялікую цыстэрну ці бак. Яе хацелі назваць вадавозам, але гэта выклікала усмешку. Суінтан, які на той час стаў ужо сакратаром камітэта імперскай абароны, уважліва сачыў за доследай працай і прапанаваў некалькі назваў: рэзервуар, цыстэрна, бак (па-англійску tank).
Прыкладна тады ж, калі Суінтан звярнуўся ў ваеннае міністэрства са сваёй прапановай, палкоўнік Эт’ен, начальнік 6-й дывізіі французскай арміі, напісаў галоўнакамандуючаму аб тым, што лічыць мэтазгодным ужыць на фронце «браніраваныя калёсы, якія б забяспечвалі прасоўванне пяхоты». Праз год ён паўтарыў сваю прапанову:
Я лічу магчымым стварэнне машын з механічнай цягай, якія б дазволілі перавозіць праз усе перашкоды і пад агнём з вышэйшай за 6 км/гадз хуткасцю пяхоту са зброяй, амуніцыяй і гарматай.
У Эт’ена, таксама як і ў Суінтана, думка аб стварэнні гусенічнага танка з’явілася ў выніку назіранняў за працай трактара «Холт». У Францыі першыя танкі пачала будаваць фірма «Шнейдэр». Неўзабаве замова была перададзена «Таварыству жалезаробчых і сталеліцейных заводаў», майстэрні якога знаходзіліся ў Сен-Шамоне. Таму першыя два французскіх танкі атрымалі адпаведныя назвы — «Шнейдэр» і «Сен-Шамон».
Па знешніх абрысах першыя французскія танкі значна адрозніваліся ад сваіх англійскіх братоў. Гусеніцы іх ішлі не зверху корпуса, а па баках. Гэта з’яўлялася адначасова іх перавагай і недахопам. Схаваная корпусам гусеніца зведвала менш знішчэнняў.
З іншага боку, пры вонкавым размяшчэнні, як у англійскіх, танкі лягчэй пераадольвалі перашкоды — стромыя сценкі, акопы. На французскіх танках былі ўжыты рэсоры. Корпус танка падвешваўся на спіральных пружынах. Пры такой канструкцыі змякчаліся ўдары, падчас перасоўвання машыны на мясцовасці танк мог развіваць больш высокую хуткасць, а экіпажу забяспечваліся больш зручныя ўмовы працы.
15 верасня 1916 года, калі англійскія танкі ішлі ў бой на Соме, французскія танкі праходзілі выпрабаванні на палігоне. Толькі праз сем месяцаў, 15 красавіка 1917 года французскія танкі былі выкарыстаны пад Шмэн-дэ-Дам.
А як ішлі справы з першымі танкамі ў Расіі, будучай танкавай дзяржаве? Ды ніяк. Праўда, у самым пачатку вайны, у жніўні 1914 года, майстар машынабудаўнічага завода ў Рызе Парахоўшчыкаў прапанаваў галоўнакамандуючаму расійскай арміяй арыгінальны праект баявой гусенічнай машыны. Гэта было тое, што мы цяпер называем першым расійскім танкам.
У чэрвені 1915 года Парахоўшчыкаў ужо выпрабоўваў яго. Падчас эксперыментаў яго хуткасць сягала 25 км/гадз. Першыя танкі англічан і французаў такую хуткасць развіваць не маглі. Пазней канструктар удасканаліў сваю машыну, зрабіўшы яе колава-гусенічнай: яна магла перасоўваца па дарогах на колах, а па мясцовасці — на гусеніцах. Дзяніс Туманаў у артыкуле «Першыя танкі» з захапленнем піша:
Гэта апярэджвала танкабудаўніцтва таго перыяду на некалькі гадоў. Парахоўшчыкаў зрабіў корпус машыны воданепранікальным, таму яна магла лёгка пераадольваць водныя перашкоды.
Хуткасць, воданепранікальнасць… Усё гэта добра. Але машыну Парахоўшчыкава ледзьве можна назваць танкам. Яна не адпавядала ніводнай, за выключэннем хіба наяўнасці гусеніцаў, характарыстыцы танка, вызначанай англічанінам Суінтанам. Гэтыя характарыстыкі, закладзеныя яшчэ ў 1915 годзе, застаюцца асноўнымі і ў нашыя дні: пераадоленне перашкод, застрашванне пяхоты праціўніка, агонь з гарматы і кулямёта, знішчэнне дротавых загародаў і пракладванне шляху сваёй пяхоце…
Парахоўшчыкаў стварыў хуткасны міні-бранявік, імклівы, але зусім нястрашны і некарысны ў палявых умовах — машыну, якую і танкам назваць, па вялікім рахунку, нельга.
Калі падчас першага з’яўлення англійскіх танкаў у баі на рацэ Сома у нямецкіх салдат пачалася паніка, то пры першым поглядзе на танк Парахоўшчыкава мала хто мог стрымаць усмешку. Ім можна было пужаць хіба толькі зграю бяздомных сабакаў. Гэта было зусім маленькая, прысадзістая, ніжэйшая за чалавечы рост, машына, унутры якой маглі перасоўвацца адзін ці, ад сілы, два чалавекі, без гарматы, з адным кулямётам. Такі танк заграз бы ў першай жа канаве, не пераадолеў бы траншэю, не ўяўляючы ніякай пагрозы ні акопам, ні сур’ёзным перашкодам. Са сваёй хуткасцю гэты «танк» мог хіба што прэтэндаваць на ролю браніраванай гоначнай машыны для вайсковых кур’ераў. Натуральна, што прамысловасць царскай Расіі не магла асвоіць такую «складаную», як некаторыя пішуць, машыну з-за поўнай яе непажытачнасці на вайне. Аднак, у артыкуле Туманава можна сустрэць заклапочанасць з гэтай нагоды:
…танк быў забыты, пра яго прыгадалі толькі праз шмат гадоў, калі падобныя машыны ўжо шырока выкарыстоўваліся ва ўсіх арміях.
Цікава, як жа яго прыгадалі, калі танк Парахоўшчыкава так больш нідзе і не з’явіўся. Верагодна, прыдалася ідэя воданепранікальнасці, але ўласна да танка гэта ўжо не мела дачынення — ён так і застаўся няўдалай вопытнай мадэллю, непрыдатнай у баявых дзеяннях.
У СССР засвоілі танкабудаўніцтва, і менавіта савецкія танкі некаторы час лічыліся лепшымі ў свеце, але першы расійскі танк так і застаўся ў гісторыі толькі ў выглядзе спробы, спробы, якая завяршылася няўдачай.
Калі танк Парахоўшчыкава быў вельмі маленькі, то другая версія, то бок танк капітана Лебядзенкі, уяўляла з сябе велізарную машыну, якая хучэй нагадвала не танк, а велізарны воз ці лафет.
У тым жа 1915 годзе начальнік вопытнай лабараторыі ваеннага міністэрства капітан М. М. Лебядзенка прапанаваў ідэю, аналагічную ідэі Хэтарынгтона. Ён зрабіў прект колавага танка. Як і ў англійскай распрацоўцы, у танка Лебядзенкі павінна было быць два вялікіх пярэдніх колы дыяметрам 9 м і задняе кола ў выглядзе катка для паварота машыны. На думку аб стварэнні баявой машыны на высокіх колах Лебядзенку навялі арбы, якія той бачыў на Каўказе. Знешні выгляд такога танка ў пэўнай ступені нагадваў гіганцкі лафет старадаўняй гарматы. Вось гэты праект быў ужо з лёгкасцю прыняты царом, бо яго паменшаная драўляная мадэль з лёгкасцю пераадольвала перашкоды.
Напрыканцы ліпеня 1915 года пад кіраўніцтвам А. Мікуліна пачалася зборка «пачварнай машыны». У жніўні пачаліся яе выпрабаванні. Мікулін асабіста сеў за рычагі. Колы зрабілі адзін абарот, і машына, зваліўшы бярозу, што стаяла побач, глыбока загразла ў грунце. Усе далешыя спробы прымусіць танк рухацца ні да чаго не прывялі.
Праходнасць танка Лебядзенкі амаль раўнялася нулю. Ваеннае ведамства ў хуткім часе перастала фінансаваць гэтае вынаходніцтва, і «танк», усімі забыты, так і застаўся стаяць у лесе ажно да 1923 года, калі і быў здадзены на лом. Падчас Першай сусветнай вайны расійскія танкі так не пабачылі свет.
У ЗША, Германіі і Італіі танкі з’явіліся ўжо пасля таго, як англійскія і французскія машыны прайшлі выпрабаванні на палях бітваў Першай сусветнай і былі ўсеагульна прызнаныя новай магутнай зброяй у сучасным баі. Амерыканскія танкі былі копіямі англійскага Mark V і французскага «Рэно» — удалых канструктарскіх рашэнняў французскіх і англійскіх інжынераў. Італьянскія танкі таксама ўяўлялі з сябе копію танка «Рэно».
Германія, няглядзячы на першапачатковую крытыку ў адрас новых баявых машын, стварыла ўласны танк маркі А-7, канструкцыі інжынера Фольмера.
Гаворачы аб танках часоў Першай сусветнай вайны, нельга не сказаць некалькі словаў аб умовах, у якіх прыходзілася працаваць першым танкістам. У адрозненні ад танкаў часоў Другой сусветнай, яны звычайна мелі даволі шматлікія экіпажы, месца для якіх усё адно было вельмі мала. Канструкцыя англійскага Mk-I прадугледжвала экіпаж з 8 чалавек, якія павінны былі змясціцца літаральна на трох квадратных метрах унутранай прасторы. Нямецкія ж A7V мелі яшчэ горшыя ўмовы — экіпаж з 18 чалавек, якія павінны былі «ўпіхнуцца» ў амаль такі самы аб’ём. Усе танкі часоў Першай сусветнай пакутвалі на загазаванасць адсекаў для экіпажу. Вядомы выпадкі, калі танкісты хадзілі ў бой у працівагазах, бо інакш немагчыма было дыхаць. Тэмпература ў машынах Mk-I, а таксама ў лёгкіх «Уіпетах» пасля некалькіх гадзін руху ўздымалася да +40ºС… +60ºС, а інструменты, дзяржанні прыбораў і рухавікі награваліся да апёканебяспечнай тэмпературы.
У лёгкіх і хуткіх англійскіх танках кшталту «Уіпет» было так цесна і душна, што некаторыя танкісты маглі нават у самы разгар бітвы выйсці з машыны, каб трохі аддыхацца. Кіраваць першымі танкамі таксама было нялёгка. Так, для паспяховага паварота англійскага Mk-I неябходная была суладная праца трох чалавек: камандзіра і двух механікаў.
Упершыню ў баі танкі былі ўжытыя недалёка ад Парыжа, дзе цячэ невялічкая рачулка Сома. Там, дзе лінія фронту перасякала раку, у раёне Альбер-Перон, знаходзіліся пазіцыі англійскай экспедыцыйнай арміі. Тут у чэрвені 1916 года англічане вырашылі пачаць наступ. Так пачалася адна з самых крывавых бітваў Першай сусветнай вайны.
Сем сутак без перапынку раўла над Сомай вогненая бура — шла артылерыйская падрыхтоўка. 1 ліпеня цяжкая артылерыя перанесла агонь на нямецкія тылы, і адборныя добраахвотніцкія часткі пайшлі ў атаку. Нямецкія пазіцыі маўчалі. Падавалася, што яны цалкам знішчаныя праз сямідзённы артылерыйскі абстрэл.
У рэчаіснасці ж немцы выбіраліся з бліндажоў і ў спешцы адводзілі гарматы і кулямёты. У хуткім часе яны сустрэлі англійскае наступленне агнём у адказ. З вялізнымі стратамі англічане ўварваліся ў першую лінію нямецкіх акопаў. Але тут яны вымушаны былі спыніцца. Як выявілася, другая лінія акопаў не пацярпела ад артылерыйскага агню, захаваліся нават дротавыя загароды.
На наступны дзень баі ўзнавіліся. Цяпер немцы пайшлі ў контратаку. За два дні баёў страты з боку англічан склалі 100 000 забітымі і параненымі — гэта былі самыя цяжкія для іх дні за ўсю вайну.
Два з паловай месяцы цягнулася бітва. Месцамі англічане прасунуліся ў нямецкія пазіцыі на глыбіню да 6 кіламетраў, але прарваць фронт так і не атрымлівалася. Менавіта тады брытанцы вырашылі вывесці на поле бітвы сваю новую зброю — танкі. Іх было толькі 49. У тыя дні ішлі моцныя дажджы, зямля размокла, і танкі гразлі ў брудзе, псаваліся.
Да зыходных пазіцый даехала толькі 32 танкі. Але і далёка не кожны з іх здолеў прыняць удзел у баі з-за пашкоджанняў і не такой высокай праходнасці, якую ад іх чакалі.
На золку, гайдаючыся і грукочучы гусеніцамі, танкі зняліся са сваіх рубяжоў. Ранішні туман хаваў іх ад вачэй праціўніка. Незаўважаныя, яны падышлі да нямецкіх пазіцый. Перш, чым немцы прачнуліся, танкі наваліліся на іх акопы. Шалёна застрачылі нямецкія кулямёты, але кулі адскоквалі ад браніраваных бакоў страшных сталёвых пачвараў. Равучы маторамі, ахутаныя дымам і вагнём, пагойдваючыся, уздымаючыся дыбарам, раздзіраючы калючы дрот і руйнуючы бліндажы, танкі павольна папаўзлі наперад, несучы замяшанне і жах. Немцаў ахапіла паніка. Людзі кінуліся бегчы, некаторыя падалі, зарываліся ў варонкі, уздымалі рукі.
Відавочца таго бою прыгадваў:
Велізарныя пачвары набліжаліся да нас, грукочучы, кульгаючы і гайдаючыся. Хтосьці ў першай лініі акопаў крыкнуў, што з’явіўся д’ябал, і гэтае слова разнеслася па акопах з імклівай хуткасцю.
Так пачалася першая ў гісторыі бітва з удзелам танкаў. Англічане патрапілі ў самую кропку — танкі аказаліся не проста недасягальнымі для нямецкіх кулямётаў і ружжаў, але і навялі на іх жудасны страх.
Бой працягваўся да 10-й гадзіны раніцы. Нягледзячы на малую колькасць танкаў, іх недасканаласць, цяжкую, пабітую варонкамі мясцовасць і кепскае ўзаемадзеянне з пяхотай, англічане ў гэты дзень прасунуліся на 5 кіламетраў па фронце і на столькі ж у глыбіню.
Страцілі ж англічане ў той дзень у 20 разоў менш салдат, чым звычайна. Танкі справіліся з пастаўленай задачай, няхай з 32 машын, якія пачалі атаку, толькі 18 узяла непасрэдны ўдзел у баі: 5 засела ў балоце, а ў 9 сапсаваліся механізмы. Першы бой яскрава прадэманстраваў, што танкі не такія ўсюдыходы, як меркавалася. Ім была патрэбна больш роўная мясцовасць. Тым не менш, эфект ад атакі, здзейсненай пры дапамозе 18 машын, уражваў. І ў Лондан у той жа час была адпраўлена тэлеграма, у якой камандуючы прасіў тэрмінова замовіць яшчэ 1000 танкаў.
Пазней немцы пісалі, што калі б англічане насамрэч мелі 1000 танкаў, яны б цалкам прарвалі нямецкую абарону.
Бітва на Соме паказала ўсяму свету, што нарадзілася новая страшная зброя сучаснай вайны. Аднак свой ас з’явіўся ў танкістаў толькі праз два гады — 24 красавіка 1918 года. У гэты дзень у французскай Пікардыі на лініі паміж Вілерс і Брэтані пасля газавай атакі немцаў распачаўся бой, у якім тры англійскіх танкі Mk-IV сутыкнуліся з трыма нямецкімі танкамі. Камандзірам аднаго з англійскіх быў 2-і лейтынант Фрэнк Мітчэл. Ён прыгадваў:
Паколькі лес яшчэ быў запоўнены газам, мы не здымалі працівагазаў, пры гэтым згубіў прытомнасць трэці члэн экіпажу, і мне прыйшлося пакінуць яго, прыхіліўшы да ствала дрэва. Мне пазычылі аднаго чалавека — жанчыну, павялічыўшы экіпаж да 6 чалавек разам са мной замест патрэбных 8. Абодва маіх кіроўцы былі сярод пацярпелых, таму танкам кіраваў трэці кіроўца, увесь досвед якога складаўся з двухтыднёвага курсу у базавым лагеры Ле Трэпорт. Капітан Браўн знаходзіўся ў маім танку. Я быў адзіным камандзірам танка, які быў знаёмы з мясцовасцю.
Паміж танкам Мітчэла і экіпажам танка нямецкага лейтэнанта Бліца распачалася перастрэлка з гармат і кулямётаў. Мітчал шмат манеўрыраваў, ухіляючыся ад снарадаў немцаў і адстрэльваўся сам.
Але ў яго танку ўсё ж збілі гусеніцу. Але ён усё адно аказаўся больш шчаслівым: нямецкаму танку падбіла алейны радыятар, і яго экіпаж быў вымушаны пакінуць сваю машыну. Два іншыя нямецкія танкі таксама адышлі. То бок выйгрыш быў за англічанамі, а Мітчэл стаў першым танкістам, які падбіў варожы танк.
Такім чынам, танк аказаўся не проста псіхалагічнай зброяй, якая наводзіла жах і пераадольвала перашкоды, але яшчэ і эфектыўнай зброяй у бітве з падобнымі сабе машынамі.
Калі самалёты і танкі толькі пачыналі вучыцца ваяваць падчас Першай сусветнай вайны, то для артылерыі гэта быў зорны час. Гарматы самых розных калібраў, ад малютак да сапраўдных дыназаўраў абрынвалі свой смяротны агонь на праціўнікаў.
У 1914 годзе да 75 працэнтаў стратаў у асабістым складзе, нягледзячы на ўжыванне розных тыпаў узбраення, наносіла менавіта артылерыя. Відаць, тады за ёй і замацавалася імя «бог вайны». Пры гэтым прыгадваюць зазвычай цяжкую артылерыю. Сапраўды, праціўнікі дрыжэлі пад агнём 280-міліметровых ці 305-міліметровых гаўбіц, 420-міліметровых марцір ці 380-міліметровых чыгуначных гармат, што выкідалі са сваіх жэралаў велізарныя снарады, празваныя «чамаданамі», якія нават не падносілі да гармат на руках, але на спецыяльных пад’ёмных кранах, падкатваючы ў ваганетках. З’явіліся і адразу ж вельмі добра праявілі сябе мінамёты — новае пакаленне колішніх марцір. Але асноўную чорную працу выконвала больш сціплая, лёгкая, але і больш шматлікая вайсковая артылерыя.
У пачатку вайны ў Расіі вайсковая артылерыя, у адрозненні ад жабрацкай пяхоты, была амаль цалкам забяспечана і гарматамі, і боепрыпасамі. Але патрэбы вайны, якая першапачаткова планавалася як кароткачасовая, перавысілі разлікі ў 12–15 разоў. Якія б тэорыі бакі не высоўвалі напярэдадні сутыкнення, рэчаіснасць істотна іх скарэктавала: давялося нарошчваць артылерыю не толькі колькасна, але і павялічваць колькасць тыпаў і ўзораў гармат, змяняць іх боекамплект, уводзіць новыя службы.
З пераходам да пазіцыйнай вайны патрэбы ў артылерыйскіх гарматах шматкроць павялічыліся. Свая сталая агнявая сіла была патрэбна брыгадам, палкам і нават батальёнам.
У 1914 годзе артылерыя, якая пазней будзе названа «дывізійнай», складалася з лёгкай палявой, коннай і горнай. Карысталася яна 3-дзюймовымі (76-мм) гарматамі — узору 1900 і 1902 гадоў, аблегчаным «конным» варыянтам гэтых палявых гармат і горнымі гарматамі ўзору 1904 і 1909 гадоў.
Артылерыя актыўна ўдзельнічала ў фарміраванні стратэгіі пяхоты. Так, калі расійцы пачалі ўжываць палявую гармату, якую германская пяхота за эфектыўны шрапнэльны агонь называла «касой смерці», то немцы былі вымушаны перагледзець манеру пяхотнай атакі. Вельмі хутка яны перасталі на адкрытай прасторы хадзіць у напад шчыльнымі ланцугамі ў поўны рост, а замест гэтага пачалі актыўна выкарыстоўваць прыродныя ландшафты, зарывацца ў зямлю, хавацца за дротавымі загародамі, будаваць умацаванні, размяшчаць на пазіцыях прыхаваныя кулямётныя кропкі. Задачы артылерыі рабіліся ўсё складаней і складаней. Галоўнай з іх па-ранейшаму заставалася барацьба з жывой сілай. Але цяпер справа была не ў тым, каб яе знішчыць — дасягнуць гэтага ў поўнай меры было немагчыма, — але ў тым, каб стрымаць яе агнявыя магчымасці на найбольш важных накірунках.
Расійцы не дасягнулі поспеху ў стварэнні самалётаў і танкаў, затое выдатна праявілі сябе як артылерысты.
Яшчэ расійска-японская вайна прымусіла расійскіх інжынераў тэрмінова ўводзіць у боекамплект палявой гарматы фугасную гранату, і цяпер пры абстрэле бліндажоў яе роля няспынна расла. Ужо ўвосень 1915 года іх доля ў боекамплекце павялічваецца з 15 да 50 адсоткаў. Але і граната калібру 76 міліметраў аказвалася нядзейснай супраць бліндажоў, агнявых кропак з падстрэшкам, тым больш што пры падзенні снарада пад малым вуглом большасць энэргіі выбуху проста гублялася, а ладная доля аскепкаў сыходзіла ў грунт ці адлятала ўверх. Большасць заглыбленых у зямлю ўмацаванняў з’яўляліся гарызантальнымі цэлямі, таму для іх эфектыўнага паражэння снарад павінны быў падаць як мага больш строма і несці вялікі разрыўны зарад. Да таго ж гарматы з адхоннай, насцільнай траекторыяй не маглі весці агонь праз галовы сваіх войскаў. Артылерыя пільна патрабавала гаўбіц.
Больш стромая (навясная) траекторыя агню гаўбіцы патрабавала не толькі большага вугла пад’ёму ствала, але і значна меншай пачатковай хуткасці снарада, і, адпаведна, меншай адноснай даўжыні ствала і мешай шчыльнасці зараджання. Таму гаўбіца пры аналагічнай вазе і рухомасці можа мець значна большы, чым гармата, калібр. У выніку гаўбіца ў плане выбару траекторыі і дальнасці палёту снарада аказалася вельмі гнуткай зброяй.
Распрацоўкай лёгкай палявой гаўбіцы расійскія артылерысты заняліся на вопыце ўсё той жа расійска-японскай вайны. Але значна болей японскія ўрокі паўплывалі на вынаходніцтва мінамётаў.
Яшчэ пры абароне Порт-Артура мічман Сяргей Уласьеў і капітан Леанід Габята стварылі першы мінамёт, які паспяхова зрываў асадныя работы японцаў. Але першапачаткова, акрамя расійцаў, карысць мінамёта ацанілі толькі немцы. Праўда, у Расіі аддалі перавагу новай наразной марціры, а ў Германіі мінамёты аддалі на ўзбраенне сапёрам. Вялікую папулярнасць бомба і мінамёты набылі падчас пазіцыйнай вайны — гарматы з вельмі стромай траёкторыяй (марціры) маглі весці агонь са дна акопаў і са схованак, дасылаць цяжкія разрыўныя снарады ў акопы праціўніка за некалькі сотняў метраў. Вертыкальна падаючы, яны разбуралі палявыя пабудовы і забівалі вялікую колькасць людзей навокал. У большасці выпадкаў гэтыя гарматы зараджаліся проста праз рулю калібернай мінай ці, па схеме Габята-Уласьева, надкалібернай мінай, якая ўстаўлялася ў ствол хвастом-стрыжнем.
Ствараліся гарматы новага тыпу ў спешцы і з пэўнай доляй імправізацыі, што стала прычынай з’яўлення вялікай колькасці схем і узораў. Творчы падыход праяўлялі і ў полі — ужывалі што заўгодна, ад спружынных катапультаў для кідання ручных гранат да агнястрэльных самаробак з трубаў і гарматных гільзаў.
Горш справы былі са снарадамі. Амаль у самым пачатку вайны сутыкнуліся з так званым «снарадным голадам». Справа ў тым, што перадваенныя артылерыйскія запасы расталі яшчэ ў першыя месяцы, і да пачатка 1915 года на фронце пачаўся сапраўдны «голад». Улетку таго ж года штомесяцовая патрэба вызначалася ў 3 мільёны снарадаў, нягледзячы на тое, што ў 1914 годзе разлічвалі да канца вайны выкарыстаць 5,6 мільёна. Неабходна было прымаць тэрміновыя меры для павелічэння выпуску снарадаў у Расіі ці закупаць і іх за мяжой.
Камісія генерал-маёра Уладзіміра Іпацьева і Хімічны камітэт ГАУ актыўна працавалі над гэтым. Якога-ніякага поспеху ў галіне вырабу снарадаў удалося дасягнуць толькі дзякуючы пераходу на вытворчасць цэльнакорпусных гранат «паводле французскіх узораў» са звычайнага і сталістага чыгуну. Пры гэтым расійскія сурагатныя снарады, у дачыненні да заўчасных разрываў, аказаліся значна больш бяспечнымі за французскія. А вось выкарыстанне спрошчаных узрывальнікаў прывяло да шматлікіх няшчасных выпадкаў — гэта прыйшлося ўлічваць у пасляваенных распрацоўках.
Вядучую ролю падчас Першай сусветнай вайны пачынаюць адыгрываць фугасныя снарады, а асноўным выбуховым рэчывам для іх вырабу становіцца тратыл. «Снарадны голад» атрымліваецца пераадолець толькі да пачатка 1916 года. Паводле сведчанняў былога начальніка ГАУ генерала Яўгенія Барсукова, гэта прывяло да іншай скрайнасці. Пяхотныя камандзіры, кепска ўяўляючы ўласцівасці артылерыі, патрабавалі ад яе «ўраганнага», «барабаннага» і да таго падобнага агню, а артылерысты, каб «заспакоіць» іх, стралялі з такой хуткасцю, што амаль бессэнсоўна выводзілі са строю гарматы.
Таксама павялічылася роля спецыяльных снарадаў — дымавых, запальных, асвятляльных. Вайна нарадзіла прынцыпова новы іх тып — «хімічныя», узброеныя атрутнымі рэчывамі. Напрыклад, у Расіі з 1916 года выраблялі 76-мм снарады ўдушлівага (з хлорпікрынам) і атрутнага (з фосгенам ці венсінітам) дзеяння, а з 1917 года — хімічныя міны для мінамётаў. Напрыканцы вайны іх выкарыстанне ўжо не было чымсьці «экзатычным», а пасля — панавала ўсеагульнае меркаванне, што наступная сусветная бойня будзе «хімічнай».
Пачала развівацца і траншэйная артылерыя — гарматы бліжняга бою. Яшчэ ў 1910 годзе падчас рэарганізацыі расійскай арміі ўздымалася пытанне аб лёгкай артылерыі «суправаджэння», але на той момант яе палічылі залішняй, мяркуючы, што такія задачы могуць выконваць 3-дзюймовыя конныя гарматы. Але яны аказаліся занадта грувасткімі для акопаў, разлікі ледзь перакатвалі іх па полі бою.
У Расіі лёгкую 37-мм траншэйную гармату распрацаваў чалец Арткама генерал Міхаіл Розэнберг. Яго гармата ўзору 1915 года мела кароткі ствол, поршневы затвор, канструкцыйна просты драўляны лафет, гумовы буфер аддачы і бранявы шчыт, дастатковы для абароны ад куль. Боекамплект складаўся з гранат і карцечы. Гармату можна было лёгка разбіраць на тры часткі, перанесці ці перавезці па полі.
Але да пачатка 1917 года ў войска паставілі толькі 137 гармата Розэнберга, таму не меншую ролю ў траншэйнай артылерыі адыгралі 218 атрымананых са Злучаных Штатаў 37-мм аўтаматычных гармат Мак-Клейна.
Англійскі капітан Стокс распрацаваў мінамёт з калібернай мінай, якая апускалася разам з кідальным зарадам у ствол, падала ўздоўж яго пад уласнай вагой і выстрэльвала наколамі на капсуль у казённай частцы.
Гэта забяспечвала гармаце хуткастрэльнасць да 25 стрэлаў на хвіліну.
У тыя ж грозныя гады з’явіўся і такі важны на працягу ўсяго наступнага стагоддзя спецыяльны тып артылерыі, як зенітная. Хоць першая зенітная (супрацьаэрапланная) гармата была створана Францам Лэндэрам і Васілём Тарноўскім яшчэ ў 1914-м, яе вытворчасць у гады вайны не дасягнула прамысловых маштабаў. Змаганне з варожымі самалётамі выпала на долю палявых і марскіх гармат, для якіх распрацавалі мноства ямных (канструктары — Мацвееў, Мягі і іншыя) і тумбавых (Гвоздзеў, Розэнберг, Герцэншвейг, Ракалаў, Мягі) установак, якія можна было вырабляць проста ў распалажэнні войскаў.
Але лепшай стала ўстаноўка для палявой гарматы, сканструяваная Івановым — яна ўваходзіла ў артылерыйскія настаўленні да пачатку 1930-х гадоў. Для стральбы па паветраных аб’ектах, а таксама для разрывання дротавых загародаў служыла 76-мм «шрапнэль з накідкамі» Гартца, але больш эфектыўнай лічылася «кіёвая» шрапнэль Розэнберга — снарад з гатовымі стрыжневымі аскепкамі.
У Германіі ў святле вопыту апошніх войнаў, асабліва Расійска-японскай, велізарнае значэнне надавалася цяжкай артылерыі. Лічылася, што яе роля будзе значнай не толькі пры штурме фартэцый, але і падчас палявога бою, дзе з’явіліся акопы, абарончыя збудаванні, дротавыя зарароды і іншыя цэлі, супраць якіх снарад палявой гарматы мог аказацца нядзейсным. Таму было прыкладзена шмат намаганняў, каб займець перавышаючую варожую па колькасці і магутнасці асобнага стрэлу цяжкую артылерыю і каб забяспечыць яе сродкамі для як мага больш хуткага перасоўвання і своечасовай падачы на неабходным участку фронта.
Французы, у сваю чаргу, лічылі, што ў манеўранай вайне, да якой яны рыхтаваліся, цяжкая артылерыя не знойдзе шырокага ўжытку і будзе толькі абмяжоўваць рухомасць арміі. У Францыі меркавалі, што, калі дзе-небудзь ім прыйдзецца сутыкнуцца з перашкодамі, што будуць не па сілах іх гарматам, то мэтазгодна будзе абысці дадзены ўчастак фронта, скарыстаўшыся высокай манеўранасцю сваіх частак, і такім чынам ударыць непрыяцелю ў лоб. З гэтай прычыны французы не надавалі вялікага значэння развіццю цяжкай артылерыі, а галоўную ўвагу засяроджвалі на развіцці лёгкай, дакладней, толькі лёгкай гарматы, якая, трэба прызнаць, вельмі добра ў іх выходзіла.
Расія ў асноўным прытрымлівалася пункту гледжання, блізкага да французскага, нягледзячы на сумны вопыт вайны з японцамі, вопыт, які на жаль мала чаму навучыў. Праўда, можна заўважыць некаторы ўхіл да ўжывання цяжкіх гармат, але вельмі нерашучы.
Ну а немцы яшчэ ў 1904 годзе распрацавалі, а ў 1914 годзе пабудувалі на заводах Крупа магутную 420-мм гармату-марціру, якую ласкава называлі «Таўстушка Берта» ў гонар унучкі Альфрэда Крупа, «гарматнага караля», які і вывеў фірму ў лідары. Берта Круп на той момант ужо афіцыйна была адзінай уладальніцай канцэрна. Марціра прызначалася для разбурэння асабліва моцных фартыфікацыйных пабудоў. Хуткастэльнасць «Берты» складала адзін стрэл на восем хвілін, а далёкасць палёту 900-кілаграмовага снараду — 14 кіламертаў. Усе тры кшталты снарадаў, якія выкарыстоўваліся для яе, мелі на той час велізарную разбуральную сілу. Фугасны снарад пры выбуху ўтвараў варонку глыбінёй больш за чатыры метры і дыяметрам больш за дзесяць.
Немцы паспяхова ўжывалі «Берту» падчас асады добра ўмацаваных французскіх і бельгійскіх крэпасцяў. Для даго, каб зламаць імкненне да супраціўлення і прымусіць да здачы гарнізон у тысячу чалавек, было неабходна толькі дзве гарматы, суткі часу і 360 снарадаў. Саюзнікі на Заходнім фронце называлі 420-мм марціры «забойцамі фартоў».
Разам было пабудавана 9 гармат, яны ўдзельнічалі ва ўзяцці Льежа ў жніўні 1914 года і ў бітве пад Вердэнам узімку 1916 года. Пад Крэпасць Асавец прывезлі чатыры гарматы 3 лютага 1915 года… Распаўсюджанае меркаванне аб тым, што ў сакавіку — жніўні 1918 года «Вялікая Берта», як называлі яе аглічане і французы, абстрэльвала Парыж, не адпавядае рэчаіснасці.
Для штурму Парыжа была пабудавана спецыяльная звышдальнабойная гармата «Каласаль» калібру 210-мм з дальнасцю агню да 120 кіламетраў.
На Заходнім фронце ад самага пачатку вайны адбываліся самыя актыўныя і вырашальныя бітвы. Бітва на Марне перайшла ў так званы «бег да мора» — арміі Германіі і саюзнікаў, перасоўваючыся, спрабавалі акружыць адна адну з фланга. Гэта прывяло да таго, што лінія фронту самкнулася, упёршыся ў бераг Паўночнага мора. Дзеянні армій на гэтай плоскай, густа заселенай і перасечанай шашэйнымі і чыгуначнымі дарогамі мясцовасці адрозніваліся надзвычайнай мабільнасцю. Як толькі адны сутычкі сканчваліся стабілізацыяй фронта, абодва бакі хутка перакідвалі свае войскі на поўнач, у бок мора, і бітва ўзнаўлялася на наступным этапе. Спачатку баі ішлі па межах рэк Уаза і Сома, потым, на другім этапе, вяліся ўздоўж ракі Скарпы, дзе адбылася бітва ля Араса. На трэцім этапе адбыліся бітвы ля французскага горада Ліль і на рацэ Ізер, а таксама ля Іпра (30 кастрычніка — 15 лістапада 1914 года). 9 кастрычніка здаўся апошні асяродак супраціву бельгісйскай арміі — горад Антверпен, а стузаныя бельгійскія часткі далучыліся да англа-французскіх, заняўшы на фронце скрайнюю паўночную пазіцыю.
Да 15 лістапада прастора паміж Парыжам і Паўночным морам была шчыльна запоўнена вайскамі супернікаў, фронт стабілізаваўся, наступальны патэнцыял германцаў быў вычарпаны, абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай барацьбы. Важным поспехам Антанты можна лічыць тое, што ёй удалося ўтрымаць порты, найбольш зручныя для марскога злучэння з Англіяй. Бельгія амаль цалкам была занятая германскімі вайскамі.
Фронт пачынаўся ля ўзбярэжжа ў Астэндэ і ішоў проста на поўдзень да Іпра. Такім чынам, за Антантай засталася толькі невялікая заходняя частка Фландрыі з горадам Іпр. Ліль быў захоплены немцамі. Далей фронт ішоў праз Арас на Нуаён, збочваў на ўсход да Лана, які ўтрымлівалі французы. Тут лінія фронта бліжэй за ўсё падыходзіла да Парыжа (каля 70 км) і адсюль праз Рэймс ішла ў накірунку на ўсход і пераходзіла ў Вердэнскі ўмацаваны раён. Згубленая французская тэрыторыя мела форму верацяна працягам уздоўж фронта 380–400 км і глыбінёй ў самым шырокім месцы 100–130 км ад даваеннай мяжы Францыі ў бок Парыжа. Далей, у раёне Нансі, сканчвалася зона актыўных баявых дзеянняў 1914 года, фронт ішоў у асноўным па мяжы Францыі і Германіі. Нейтральныя Швейцарыя і Італія (да часу) у вайне ўдзелу не прымалі.
У лістападзе 1914 года пачала складацца стабільная лінія фронта. Абодва бакі, вычарпаўшы наступальны патэнцыял, перайшлі да пабудовы траншэй і дротавых загародаў, разлічаных на сталае выкарыстанне. Вайна перайшла ў пазіцыйную фазу. З прычыны таго, што працягласць Заходняга фронта (ад Паўночнага мора да Швейцарыі) складала крыху больш за 700 кіламетраў, шчыльнасць размяшчэння войскаў была тут значна вышэйшай, чым на Усходнім фронце. Асаблівасцю кампаніі было тое, што інтэнсіўныя баявыя дзеянні вяліся толькі на паўночнай частцы фронта (на поўнач ад Вердэнскага ўмацаванага раёна), дзе абодва бакі канцэнтравалі асноўныя сілы.
Фронт на поўдзень ад Вердэна праціўнікі разглядалі як другарадны. Згубленая французамі зона, цэнтрам якой з’яўлялася Пікардзія, была шчыльна заселенай і лічылася важнай як у сельскагаспадарчых, так і ў прамысловых адносінах.
Не толькі царскія генералы не шкадавалі салдат і завальвалі ворага трупамі, прадпрымаючы бессэнсоўныя прарывы кшталту Брусілаўскага. Сярод немцаў у гэтым плане «вызначаўся» генерал Лангемарк. Ён арганізаваў атаку, якая ўразіла нямецкую грамадскасць сваёй недарэчнасцю і пагардай да чалавечага жыцця. Генерал кінуў на англійскія кулямёты падраздзяленні, якія складаліся з неабстраляных маладых людзей — студэнтаў і рабочых. Потым падобныя рэчы пачалі паўтараць военачальнікі з абодвух бакоў, а салдаты на гэтай вайне пачалі разглядацца як «гарматнае мяса».
Як у Германіі і Францыі, так і ў Расіі ўсе меркавалі, што вайна працягнецца некалькі месяцаў, не больш за паўгады. Але высветлілася, што генералы рыхтаваліся да мінулай вайны, а не да цяперашняй.
Не ўлічылі дасягненняў інжынернай і тэхнічнай думкі праціўнікаў. Арміі ўмелі цяпер не толькі атакаваць, бамбаваць, атручваць газамі, але і супрацьстаяць падобным атакам. Былі вынайдзены процівагазы, бліндажы і акопы для працяглай абароны. Да пачатку 1915 года абодва бакі сутыкнуліся з тым, што вайна прыняла не прадугледжаны ранейшымі планамі характар — яна стала зацяжной. Хоць у немцаў і атрымалася захапіць амаль цэлую Бельгію і значную частку Францыі, іх галоўная мэта — імклівая перамога над французамі — апынулася абсалютна недасягальнай. І Антанце, і Цэнтральным дзяржавам прыйшлося, па сутнасці, весці яшчэ не бачаны чалавецтвам тып вайны — вымотвальную, доўгатэрміновую вайну, якая патрабавала татальнай мабілізацыі эканомікі і насельніцтва.
Адносная няўдача Германіі мела яшчэ адзін важны вынік — Італія, трэці ўдзельнік Траістага саюзу, устрымалася ад уступлення ў вайну на яе баку.
Інтэнсіўнасць дзеянняў на Заходнім фронце з пачатка 1915 года значна зменшылася. Германія засяродзіла свае сілы на падрыхтоўцы аперацыі супраць Расіі. Французы і англічане таксама вырашылі скарыстацца паўзай для назапашвання сіл. На працягу першых чатырох месяцаў 1915 года на фронце панавала цішыня, баявыя дзеянні вяліся толькі ў Артуа, ля горада Арас (у лютым французы прадпрынялі спробу наступлення) і на паўднёвым усходзе ад Вердэна, дзе германскія пазіцыі стваралі так званы Сэр-Міельскі выступ, які французы спрабавалі знішчыць у красавіку. Англічане ў сакавіку зрабілі няўдалую спробу наступлення ля вёскі Неў-Шапэль.
Немцы, у сваю чаргу, распачалі контр-наступленне супраць англійскіх войскаў у паўночнай частцы фронта, у Фландрыі ля Іпра (22 красавіка — 25 мая), падчас якога Германія ўпершыню ў гісторыі чалавецтва з поўнай нечаканасцю для англічан и французаў ужыла хімічную зброю, выпусціўшы на пазіцыі ворага хлор з балонаў. Ад газу пазярпела 15 000 чалавек, з якіх 5000 загінула. Але немцы не мелі дастатковых рэзерваў, каб скарыстацца вынікам газавай атакі і прарваць фронт. Пасля апісаных іпрскіх падзей абодва бакі вельмі хутка здолелі распрацаваць процівагазы разнастайных канструкцый, і далейшыя спробы ўжыцця хімічнай зброі ўжо не былі неспадзяванкай для вялікай колькасці войска.
Падчас гэтых баявых дзеянняў, якія далі малазначныя вынікі пры істотных стратах, абодва бакі ўпэўніліся ў тым, што штурм добра абсталяваных пазіцый (некалькі ліній акопаў, бліндажы, загароды з калючага дроту) без актыўнай артылерыйскай падрыхтоўкі бесперспектыўныя.
3 мая 1915 года Антанта пачала новае наступленне ў Артуа, якое вялося сумеснымі англа-французскімі сіламі.
Французы наступалі на поўнач ад Араса, англічане — на сумежным участку ў раёне Неў-Шапэль. Наступленне было арганізавана па-новаму: велізарныя сілы пяхоты, карпусоў кавалерыі, артылерыі былі засярэджаны на 30-кіламетровым участку. Наступленню папярэднічала шасцідзённая артылерыйская падрыхтоўка (было выдаткавана 2,1 млн. снарадаў), якая, як меркавалася, павінна была цалкам задушыць супраціў германскіх войск. Разлікі не спраўдзіліся. Велізарныя страты Антанты (130 000 чалавек), панесеныя за шэсць тыдняў баёў, абсалютна не адпавядалі дасягнутым вынікам — да сярэдзіны чэрвеня французы прасунуліся ў глыбіню на 3–4 км на 7-кіламетровым участку фронту, а англічане — менш, чым на 1 км на 3-кіламетровым участку.
У пачатку верасня 1915 года Антанта падрыхтавала новае вялікае наступленне, задачай якога было вызваленне поўначы Францыі — правінцыі Шампань. Яно пачалося 25 верасня і адбывалася адначасова на двух участках, размешчаных у 120 км адзін ад аднаго, — на 35 км фронта і на 20 км фронта ў Артуа. У выніку поспеху наступальныя часткі павінны былі праз 80–100 км злучыцца на мяжы Францыі, што павінна было прывесці да вызвалення Пікардыі. У параўнанні з вясновым наступеннем ў Артуа павялічыліся маштабы: было прыцягнута 67 пяхотных і кавалерыйскіх дывізій, да 2600 гармат, падчас аперацыі было выпушчана 5 млн. снарадаў. Англа-французскія войскі ўжылі новую наступальную тэхніку — некалькімі «хвалямі». Да моманту наступлення германскія войскі здолелі ўдасканаліць свае абарончыя пазіцыі — у 5–6 кіламетрах за першай абарончай лініяй была пабудавана другая, кепска бачная з пазіцый праціўніка. Кожная з ліній абароны, у сваю чаргу, складалася з трох шэрагаў траншэй. Наступленне, якое цягнулася да 7 кастрычніка, мела надзвычай абмежаваныя вынікі — на абодвух участках удалося прарваць толькі першую лінію германскай абароны і адбіць не больш за 2–3 км тэрыторыі. У той час як страты з абодвух бакоў былі велізарнымі — англічане і французы згубілі 200 000 забітымі і раненымі, немцы — да 140 000 чалавек.
На працягу ўсяго 1915 года фронт амаль не пасунуўся — у выніку ўсіх здзейсненых саюзнікамі наступленняў лінія фронта адкацілася не больш чым на 10 км. Абодва бакі, усё больш і больш умацоўваючы свае абарончыя пазіцыі, не здолелі распрацаваць тактыку, якая б дазволіла прарваць фронт, нават на ўмовах надзвычай высокай канцэнтрацыі сіл і шматдзённай артылерыйскай падрыхтоўкі.
Велізарныя ахвяры з абодвух бакоў не давалі ніякага значнага выніку. Аднак дадзеная сітуацыя дазволіла Германіі павялічыць ціск на Усходнім фронце — умацаванне нямецкай арміі было накіравана на барацьбу з Расіяй, у той час як паляпшэнне абарончых ліній і тактыкі абароны дазваляла ўпэўнівацца ў трываласці Заходняга фронту пры паступовым змяншэнні дыслацыраваных там войскаў.
У той жа час баявыя дзеянні пачатка 1915 года прадэмастравалі, наколькі сур’ёзным цяжарам для эканомік краін-удзельніц з’яўляецца вайна. Новыя бітвы патрабавалі не толькі мабілізацыі мільёнаў грамадзян, але і велізарнай колькасці ўзбраення і боепрыпасаў. Даваенныя запасы зброі вычарпаліся, і варожыя бакі пачалі актыўна перабудоўваць свае эканомікі на патрэбы войска. Вайна са змагання армій хутка пачала ператварацца ў змаганне эканомік.
Актывізаваліся распрацоўкі новай вайсковай тэхнікі як сродаку выйсця з патавай сітуацыі на фронце, арміі рабіліся ўсё больш і больш механізаванымі. Была заўважана вялізная карысць, якую прыносіла авіяцыя (разведка і карэкціроўка артэлерыйскага агню) і выкарыстанне аўтамабіляў. Удасканальваліся метады траншэйнай вайны — з’явіліся траншэйныя гарматы, лёгкія мінамёты, ручныя гранаты.
Францыя і Расія зноў зрабілі спробу скаардынаваць дзеянні сваіх армій — адной з задач вясенняга наступлення ў Артуа з’явілася адцягванне сіл Германіі з Усходняга фронта. 7 ліпеня 1915 года ў Шантыльі распачалася першая Міжсаюзніцкая канфэрэнцыя, накіраваная на плавананне супольных дзеянняў на розных франтах і арганізацыю рознага кшталту эканамічнай і ваеннай дапамогі. 23–26 лістапада там адбывалася другая канферэнцыя. Было вырашана пачаць падрыхтоўку да зладжанага наступлення ўсіх саюзных армій на трох галоўных тэатрах — французскім, расійскім і італьянскім.
9–11 лютага 1915 года аўстрыйскія і германскія войскі пачалі наступленне ў Карпатах, асабліва моцна націскаючы на найбольш слабую частку расійскага фронта на поўдні, у Букавіне. У той жа час расійская армія пачала сустрэчны наступ, разлічваючы перайсці Карпаты і ўварвацца ў Венгрыю з поўначы. У паўночнай частцы Карпат, бліжэй да Кракава, сілы супернікаў былі роўнымі, і фронт падчас баёў у лютым і сакавіку амаль не зрушыўся, застаўшыся ў прыгор’ях з расійскага боку.
На поўдні Карпат расійская армія не здолела стрымаць націску, і да канца сакавіка большая частка Букавіны з Чарнаўцамі была страчана. Праўда, 22 сакавіка царскія войскі ўсё ж захапілі асаджаную імі аўстрыйскую крэпасць Перамышль. У палон здалося больш за 120 000 чалавек. Гэта аперацыя была апошнім буйным поспехам расійскай арміі ў 1915 годзе.
У наступным 1916 годзе полымя вайны разгарэлася з новай сілай. І падаецца, што на гэты раз фартуна павярнулася тварам ужо да Германіі.
Пра Распуціна ўжо вельмі шмат напісана, таму толькі каротка закранём гісторыю забойства гэтага харызматычнага палітычнага дзеяча. Паводле класічнай версіі, у змове ўдзельнічалі вялікі князь Дзміры Паўлавіч, абодва сыны вялікага князя Аляксандра Міхайлавіча, браты жонкі Ф. Юсупава і чалец Дзярждумы У. Пурышкевіч. Бацька Ф. Юсупава і былы міністр унутраных спраў А. Хвастоў чакалі вынікаў у іншай частцы палаца. У забойстве Г. Распуціна прымала ўдзел стрыечная сястра Ф. Юсупава, танцоўшчыца Вера Каралі. Адзін са швагроў Ф. Юсупава схаваўся за фіранкамі ў холе. Ён і стрэліў пасля таго, як не падзейнічала падсыпаная ў пірожныя атрута, і Г. Распуцін сабраўся сыходзіць. Куля трапіла ў вока ахвяры. У Распуціна стралялі ўжо ўсе, толькі Вера Каралі адмовілася з гучным крыкам: «Я не хачу страляць!». Яе пачулі нават у суседніх памяшканнях.
Загаворшчыкі меркавалі, што Распуцін ужо мёртвы. Яны апранулі на яго футра, загарнулі ў дарожны плед і схавалі ў сутарэннях дома з намерам пазней вынесці труп. Але Распуцін у той момант быў яшчэ жывы, нягледзячы на тое, што ў яго было зроблена адзінаццаць (!) стрэлаў. Ён прыйшоў у прытомнасць, здолеў выбрацца з сутарэння і накіраваўся ў аточаны высокай сцяной сад, дзе пачаў шукаць выйсця. Ён нават паспрабаваў пералезці праз сцяну, але гэта ў яго не атрымалася.
Разбрахаліся сабакі, што прыцягнула ўвагу забойцаў. Тыя кінуліся лавіць Распуціна, які, нягледзячы на свае раны, упарта працівіўся. Урэшце Дзмітры Паўлавіч схапіў яго, пасля чаго ён быў звязаны вяроўкамі па руках і нагах. Пасля Распуціна, які ў той момант згубіў прытомнасць, павезлі ў аўтамабілі на загадзя абранае месца на скаванай лёдам Няве, ля Каменнай выспы. З драўлянага маста Распуціна скінулі ў ваду. Але кажуць, што нават калі яго дасталі, ён быў яшчэ жывы.
Цікава, што за месяц да пачатку вайны, 29 чэрвеня 1914 года, у сяле Пакроўскам на Распуціна быў здзейснены першы замах. Яго ўдарыла нажом у жывот і цяжка параніла Хіёнія Гусева, якая прыехала з Царыцына. Распуцін паказаў, што падазрае ў арганізацыі пакушэння іераманаха-расстрыгу Іліядора, але не здолеў прывесці якіх-небудзь доказаў. 3 ліпеня Распуціна на параходзе перавезлі ў Цюмень на лячэнне. У мясцовым шпіталі ён заставаўся да 17 жніўня 1914 года.
Следства па гэтай справе цягнулася каля года. Гусеву ў ліпені 1915 года прызналі душэўнахворай і пазбавілі крымінальнай адказнасці, змясціўшы ў псіхіятрычнай лякарні ў Томску. 27 сакавіка 1917 года паводле асабістага загада старшыні Часовага ўрада Керанскага Гусеву вызвалілі.
Відаць, вар’яткай яна ніколі і не была.
Менш чым праз два гады, 16 снежня 1916 года, Распуцін усё ж быў забіты. І гэта забойства яскрава прадэманстравала, што ў смерці Распуціна была зацікаўлена не толькі «звар’яцелая» Гусева, але і брытанская разведка, і што само забойства — гэта закулісная сцэна Першай сусветнай вайны.
Звесткі аб забойстве Распуціна заўжды былі супярэчлівымі і заблытанымі, да чаго спрычыніліся як самі забойцы, так расійскія, брытанскія і савецкія ўлады. Ф. Юсупаў змяняў свае паказанні некалькі разоў: у паліцыі Санкт-Пецярбурга 16 снежня 1916 года, у ссылцы ў Крыме ў 1917 годзе і ў кнізе, напісанай у 1927 годзе. Першапачаткова былі апублікаваны ўспаміны саўдзельніка забойства У. Пурышкевіча, потым Ф. Юсупаў паўтарыў яго версію. Але гэтыя дадзеныя кардынальна разыходзіліся з матэрыяламі расследвання, пачынаючы ад такіх дэталяў, як колер вопраткі Распуцін па версіі забойцаў і той, у якой яго знайшлі, і да таго, колькі куль было выпушчана ў яго, і куды яны трапілі. Так, напрыклад, судмедэксперты знайшлі 3 раны, кожная з якіх была смяротнай — у галаву, печань і нырку. Паводле меркавання незалежных брытанскіх даследчыкаў, якія вывучалі фотаздымак, стрэл у лоб быў зроблены з брытанскага рэвальвера Webley. Аднак, такой зброі ні ў Юсупава, ні ў Пурышкевіча не было. Аб нейкім чалавеку, які ўсадзіў цалкам здароваму Распуціну кулю ў лоб, нехта ўзгадваў — гэты таямнічы чалавек некалькі разоў з’яўляўся ў паказаннях некаторых сведкаў.
Ужо ў нашыя дні брытанскія даследчыкі з Бі-Бі-Сі не адмаўляюць, а нават пацвярджаюць факт удзелу англійскай разведкі ў забойстве. Афіцэр англійскіх спецслужбаў, насамрэч, невыпадкова апынуўся ў тую ноч сярод змоўшчыкаў і зрабіў кантрольны стрэл у галаву Распуціна. Аб ім усе ўдзельнікі вырашылі змаўчаць — гэта была сакрэтная ўмова ўсёй аперацыі.
У прынцыпе, у гэтым няма ніякага англійскага каварства. Тое ж зрабіў бы і які-небудзь расійскі Штырліц, ведаючы, што вырашае лёс вайны і выратоўвае гонар радзімы. Англічане мелі дастаткова нагодаў, каб сцерагчыся Распуціна перад пагрозай сепаратнага міру Расіі з Германіяй. Нягледзячы на тое, што некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ён ніколі не змусіў бы цара да гэтага, бо цар яго быццам ніколі не слухаў, у такія высновы цяжка паверыць, улічваючы тое, што Мікалай быў схільны верыць нягоднікам кшталту генерала Безабразава. Маючы ўплыў на царыцу — немку (зноў жа!) па паходжанні, і непрыхавана выступаючы за саюз з Германіяй, Распуцін вельмі проста мог дасягнуць поспеху ў рэалізацыі сваёй задумы.
Англійскія спецслужбы пайшлі на ўсё, каб маральна дыскрэдытаваць і фізічна знішчыць праціўніка. Для царскай сям’і Распуцін у той час увасабляў простую сувязь з народам, з яго «таямнічым і вялікім духам». Але ў Лондане меркавалі, што Распуцін проста чарговы нямецкі шпіён. І ён падаваўся англічанам значна больш небяспечным, чым баламутны рэвалюцыянер Ленін, якога англійская разведка відавочна недаацаніла. Але англічане баяліся расійска-германскай змовы зусім недарэмна.
Справа ў тым, што маючы працяглую мяжу з Германіяй, Расійская імперыя ў перыяд росквіту і станаўлення капіталізму пабудавала з ёй добрасуседскія стасункі. Паміж краінамі не было ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій. Расія, захапіўшы Польшчу і Фінляндыю, далей на захад ісці не збіралася, як і Германія не прагнула далучэння Польшчы і Прыбалтыкі. Кайзер так папярэджваў аб неабходнасці ўстрымацца ад вайны з Расіяй:
…На кожны наш выпад супраць Расіі, яна можа адказазаць непразказальным глупствам.
Што, у прынцыпе, і адбылося.
Саюз Германіі і Расіі, за які выступаў Распуцін, пужаў французскія і асабліва англійскія ўлады, якія прыклалі немала намаганняў, у прыватнасці, фінінсавых, каб схіліць Расію на бок Антанты, зрабіць яе ворагам немцаў. І гэта ва ўмелых брытанцаў, выдатных і тонкіх дыпламатаў, атрымалася. Расія ўсё ж здзейсніла «непрадказальнае глупства» на карысць Францыі і Англіі — пайшла ў наступ на Усходнюю Прусію і акупавала Іран.
Дзеянні брытанскай разведкі па ліквідацыі непажаданых людзей у атачэнні цара Мікалая, які лічыўся чалавекам мяккім і схільным да пераканання, робяцца больш зразумелымі, калі зірнуць на становішча на франтах у 1916 годзе. Асабліва на Заходнім фронце.
Да снежня 1916 года французы і англічане страцілі на Заходнім фронце да 750 000 чалавек, а немцы — 450 000. І французы не дарэмна баяліся, што верагодная змова Расіі і Германіі, ці проста выхад першай з вайны, вызваліць велізарныя сілы немцаў і аўстрыйцаў на ўсходзе.
Калі б план Распуціна і падбухторанай праз яго царыцы аб змове з Германіяй быў паспяхова рэалізаваны, то становішча Антанты пад Вердэнам і на іншых учатках пагоршылася б катастрафічна. І Англія, і, асабліва, Францыя спадзяваліся на дапамогу Расіі, а яе выхад з вайны ці сепаратная дамова з Германіяй прывялі б да пералому ў ходзе вайны, і не на карысць Антанты. А дзеянні такога чалавека, як Распуцін, маглі б прывесці да пагібелі саюзнікаў. Англійская контрразведка працавала значна лепш за французкую, таму іх «агент 007» і ўзяўся за ліквідацыю Распуціна, што арганізаваць было не асабліва цяжка, улічваючы наяўнасць незадаволеных Распуціным пры царскім двары.
Вось у якіх няпростых для Антанты ўмовах рыхтавалася змова супраць Распуціна. Другая палова 1916 года была самай складанай, самай напружанай, пераломнай у ходзе ўсёй вайны, была часам, калі ўсім падавалася, што перамагаюць менавіта немцы. Толькі бліжэй да лета 1917 года стала зразумела — крызіс прамінуў, Антанта вытрымала, Германія выдахлася, а на баку першай у вайну ўступілі поўныя сілаў ЗША. Цяпер час гуляў на баку Антанты. Але Расія не была б Расіяй, калі б у той самы момант, калі можа было ўздыхнуць з палёгкай і сцерці пот з ілба, не ўчыліла б нейкае «непрадказальнае глупства»… Рэвалюцыю і капітуляцыю. Зрэшты, аб гэтым пазней.
21 чэрвеня 2011 года ні ў Маскве, ні ў Пецярбургу ці дзесь яшчэ ў Расіі, а менавіта ў Парыжы быў адкрыты помнік войнам расійскага экспедыцыйнага корпуса часоў Першай сусветнай вайны. На ўбярэжжы ракі Сены, у самым сэрцы Парыжа адбылося адкрыццё помніка расійскім жаўнерам, якія загінулі ў баях за Францыю. Там памятаюць і шануюць расійскіх войнаў, што па волі лёсу апынуліся на Заходнім фронце і самааддана змагаліся там за расійскага цара і фрацузскую рэспубліку. У Расіі, наадварот, да гэтай пары няма ніводнага помніка ў гонар салдат і афіцэраў, якія загінулі на чужых франтах у Першай сусветнай вайне. Лёс расійскага экспедыцыйнага копуса доўгія годы быў невядомым расійскай публіцы.
З першых дзён вайны ўрады Англіі і Францыі пачалі настойліва прасіць Расію аб адпраўцы вайсковых злучэнняў на Заходні фронт. Калі ўвосень 1915 года ў Францыі склалася вельмі цяжкая сітуацыя з папаўненнем войска, французскі ўрад даслаў у Пецярбург дыпламатычную місію на чале з Полем Думерам — сенатарам і памочнікам ваеннага губернатара Парыжа генерала Гальені. Саюзныя дзяржавы разглядалі Расійскую імперыю як бяздонны рэзервуар чалавечых рэсурсаў — так сама, як разглядалі яе ва ўсе часы і расійскія цары. Таму ў 1915 годзе Думер прасіў расійскі ўрад даслаць на Заходні фронт ад 300 да 400 тыс. салдат узамен на французскія вінтоўкі, якіх востра патрабавала расійская армія. Такая прапанова французскага сенатара выглядала як блюзнерства. Начальнік Генеральнага штаба генерал Міхаіл Аляксееў дзівіўся, як можна «мяняць храбрага рускага салдата на бяздушныя вінтоўкі». Але націск саюзнікаў быў магутным, і Мікалай ІІ, які на той момант заняў пасаду Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, не знайшоў у сабе сілы адмовіць дэлагатам ад Французскай Рэспублікі.
У снежні 1915 года было знойдзена кампраміснае рашэнне аб адпраўцы на Заходні фронт чатырох брыгад, кожная з якіх складалася з двух палкоў. Першая і трэцяя брыгады білі накіраваны ў Францыю, другая і чацвёртая — на Балканы, дзе ўвосень 1915 года краіны Антанты былі вымушаны адкрыць новы тэатр баявых дзеянняў. Колькасць расійскага экспедыцыйнага корпуса склала агулам да 45 000 чалавек. Першая брыгада, адпраўленая раней за астатнія, ступіла на французскую зямлю ў красавіку 1916 года і ў хуткім часе прыняла актыўны ўдзел у абароне Рэймса — горада, дзе спакон вякоў каранаваліся французскія манархі.
Пасля тых баёў за расійскімі часткамі замацавалася слава мужных ваяроў, а шматлікія іх удзельнікі атрымалі французскія ўзнагароды. Тым часам, у 1916 годзе германскае камандаванне вырашыла нанесці асноўны ўдар на захадзе і вывесці з вайны Францыю. Немцы планавалі магутнымі флангавымі ўдарамі ў аснаванні Вердэнскага выступу атачыць усю вердэнскую групоўку праціўніка і такім чынам стварыць велізарны пралом у абароне, праз які потым меркавалася нанесці ўдар у фланг і тыл цэнтральным французскім арміям і разбіць увесь фронт саюзнікаў.
21 лютага 1916 года ў раёне крэпасці Вердэн германскія войскі пачалі буйную наступальную аперацыю, якая атрымала назву Бітва пад Вердэнам. Пасля ўпартых баёў з велізарнымі стратамі з абодвух бакоў немцам удалося прасунуцца на 6–8 кіламетраў наперад і ўзяць некаторыя з фартоў крэпасці. Але ў іх не атрымалася цалкам рэалізаваць свае планы. Падчас бітвы ўпершыню з боку Германіі была ўжыта новая зброя — агнямёт. У небе над Вердэнам упершыню ў гісторыі войнаў былі адпрацаваны прынцыпы вядзення паветранага бою — на баку краін Антанты змагалася амерыканская эскадрылья «Лафайет». Немцы таксама ўпершыню пачалі ўжываць самалёт-знішчальнік, у якім кулямёты стралялі праз працуючы прапелер, не пашкоджваючы яго. У баях пад Вердэнам прымалі ўдзел і расійскія жаўнеры з экспедыцыйнага корпуса.
Асноўнай праблемай расійцаў у тыя гады была поўная адсутнасць уласных дактароў і шпіталяў. Паводле ўспамінаў графа Аляксея Ігнацьева, расійскага ваеннага аташэ ў Парыжы ў гады Першай сусветнай вайны, даводзілася сутыкацца з вялікімі цяжкасцямі падчас прыёму французскімі шпіталямі расійскіх параненых салдат. Лёс кожнага з іх, па сутнасці, залежаў ад асабістых сімпатый з боку супрацоўнікаў медустановы. Паводле сведчанняў відавочцаў, стаўленне да расійскіх воінаў цяжка было назваць саюзніцкім — іх абслугоўвалі ў другую і трэцюю чаргу, выкарыстоўваючы для перавязкі брудныя бінты, ашчаджаючы лекі і прэпараты, у тым ліку болесуцішальныя сродкі.
Нярэдка расійскіх цяжка параненых салдат размяшчалі ў калідоры на халоднай падлозе, у той час як у палатах ляжалі прастуджаныя англічане і французы. Зразумела, што такое стаўленне французаў да расійцаў, што былі адпраўлены на выратаванне Парыжа, ішло не на карысць самой Францыі і стварала негатыўны вобраз заходніх саюзнікаў у простага расійскага жаўнера.
Нягледзячы на праблемы ў тыле, расійскія часткі адважна змагаліся падчас Энскай бітвы, якая ўвайшла ў гісторыю як бойня Нівэля, па прозвішчы французскага галоўнакамандуючага генерала Рабэра Нівэля. Гэта было адно з першых буйных наступленняў на Французскім фронце, якое адбылося ўвесну 1917 года. З-за поўнага правалу ўсёй аперацыі, якую аглічане і французы прайгралі, 29 красавіка 1917 года генерал Нівэль быў зняты з пасады галоўнакамандуючага і заменны на пераможца Вердэнскай бітвы, будучага маршала Францыі генерала Петэна.
Расійскія брыгады апынуліся на самым гарачым участку французскай атакі і з гэтай прычыны панеслі велізарныя страты — каля 5000 чалавек. Гэты факт істотна паўплываў на стаўленне расійскіх салдат да французскіх вайскоўцаў, якія арганізавалі такое непрадуманае наступленне і кінулі ўперад расійскія злучэнні.
Наступленне Нівэля збеглася па часе з атрыманнем звестак аб Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года і адрачэнні Мікалая ІІ, аб чым расійскія вайскоўцы даведаліся з французскіх газет. Шмат хто з ваеннаслужачых ў той сітуацыі адмовіўся прымаць удзел у незразумелай і бессэнсоўнай вайне і запатрабаваў вяртання на радзіму. Хваляванне ў асяродку расійскіх частак не засталося незаўважаным, і французскае камандванне рэзка змяніла стаўленне да расійскага кантынгенту. Усе мінулыя заслугі былі імгненна забыты французамі, як быццам подзвігаў не было зусім. Расійцам перасталі давяраць, усё «рускае» ў адзін момант стала сінонімам здрады і баязлівасці. Усе расійскія часткі, размешчаныя ў Францыі, былі выведзены з баявых пазіцый і накіраваны ў глыбокі тыл — у раён горада Ліможа ў правінцыі Авэрнь. Дзве расійскія брыгады былі раскватэраваны ў ваенным лагеры Ля-Куртын.
Але расійскія салдаты на самой справе не жадалі ваяваць у імя незразумелых ім мэтаў і адмаўляліся камусьці падпарадкоўвацца. У гэтых умовах расійскае камандаванне падзяліла жаўнераў на верных і мяцежных, ізаляваўшы першых ад другіх. Бунтаўнікоў пакінулі ў Ля-Куртыне, а тых, хто захаваў вернасць прысязе, перавялі ў іншы лагер — Курно ля горада Бардо. Так з’явіліся куртынцы і курноўцы — праціўнікі і прыхільнікі працягу вайны адпаведна.
Куртынцы, іх было каля 10 000 чалавек, адхілілі цэлы шэраг ультыматумаў французскіх уладаў, Часовага урада і расійскага генералітэту. Расійскім камандаваннем супольна з французскімі ўладамі было прынята рашэнне аб сілавым падаўленні мецяжу і ўзяцці лагера. Ён быў аточаны 3 тысячамі курноўцаў. Урэшце 16 верасня 1917 года вайсковы лагер Ля-Куртын упершыню патрапіў пад магутны артабстрэл. Вось калі пачалася Грамадзянская вайна! Не ў Расіі, а яшчэ ў Францыі, да Кастрычніцкай рэвалюцыі.
У першы жа дзень па лагеры было выпушчана каля 50 снарадаў. Агонь вёўся з французскіх гармат, але наводзілі іх расійскія артылерысты. 20 верасня асада лагера скончылася. Разам па мяцежніках было зроблена каля 500 стрэлаў з артылерыйскіх гармат. Апроч таго, на прагу ўсіх гэтых дзён лагер абстрэльваўся з кулямётаў.
За пяць дзён загінула, паводле неафіцыйных дадзеных, ад 400 да 600 чалавек, у асноўным, куртынцаў. Афіцыйныя лічбы значна адрозніваюцца ў меншы бок — 10 забітых і 44 параненых.
Пасля падаўлення мецяжу ў лагеры Ля-Куртын найбольш актыўныя яго ўдзельнікі былі адразу адпраўленыя ў французскія турмы. Прынятая Часовым урадам 5 лістапада 1917 года пастанова аб невяртанні брыгад у Расію да «ўрэгулявання моманту» дала французскаму боку падставу разглядаць расійскі вайсковы кантынгент як прыватную ўласнасць французскага ўрада. У студзені 1918 года ўсе расійскія злучэнні, якія знаходзіліся ў Францыі і на Балканах, перайшлі ў непасрэднае падпарадкаванне да французскага кіраўніцтва.
Вайсковае камандаванне французаў увяло ў дачыненні да расійскіх салдат сістэму трыяжу, ці сарціроўкі. Расійскім жаўнерам былі прапанаваны тры варыянты далейшых дзеянняў: змагацца далей, але ў французскіх злучэннях і пад непасрэдным камандваннем французскіх генералаў; уладкавацца ў якасці рабочых на вайсковыя прадпрыемствы Францыі ці быць сасланымі ў Афрыку, перш за ўсё ў Алжыр — галоўную французскую калонію на гэтым кантыненце. Прыкладна 300 чалавек пагадзіліся працягваць вайну на баку Францыі, 5000 чалавек аддалі перавагу працы на заводах і яшчэ 1500 чалавек вырашылі з’ехаць у спякотную Афрыку, толькі б падалей ад абрыдлай вайны.
Найбольшая колькасць жаўнераў Расійскага экспедыцыйнага корпуса абрала другі, найбольш бяспечны варыянт — стаць рабочымі. Вядома, што некаторыя салдаты нават завялі ў Францыі сем’і і ў будучыні атрымалі грамадзянства гэтай краіны. Але шмат хто пасля вайны вярнуўся на радзіму. Першыя эшалоны з Францыі ў Расію пацягнуліся ўвесну 1919 года — гэта былі інваліды, якія сталі калекамі на вайне. Следам пачалі адпраўляць і нядаўніх рабочых, якія былі вымушаны працаваць на французскіх заводах. Самым трагічным быў лёс тых, хто вырашыў адправіцца ў Афрыку.
Сустрэча на алжырскай зямлі мала нагадвала цёплы прыём, аказаны расійскім вайскоўцам у красавіку 1916 года ў Марсэлі. У Афрыцы расійцаў, якія пралівалі за Францыю кроў, прымалі ўжо як злачынцаў, ссыльных катаржнікаў. Яны жылі ў бараках за калючым дротам. Вельмі цяжкая праца, у тым ліку на вугальных шахтах і свінцовых рудніках, ва ўмовах нязвыклага клімату чакала на іх. Былыя жаўнеры вялі паўгалоднае існаванне, бо кепскай ежы хапала з цяжкасцю, а даволі нізкі ўзровень медычнай дапамогі, жахлівая антысанітарыя і жорсткія пакаранні за дысцыплінарныя парушэнні моцна паўплывалі на іх здароўе.
Толькі 20 красавіка 1920 года ў Капенгагене бальшавіцкі і французскі ўрады падпісалі пагадненне ад абмене грамадзянамі, пасля якога многія расійцы змаглі вярнуцца на радзіму.
Тыя ж, хто пагадзіўся ваяваць, былі самай малалікай, але маральна ўстойлівай групай. Нягледзячы на тое, што 3 сакавіка 1918 года савецкія ўлады падпісалі Брэст-Літоўскі[2] мірны дагавор, паводле якога Расія выходзіла з вайны, генерал Лахвіцкі і палкоўнік Готуа сфарміравалі Расійскі Легіён, які ў асноўным складаўся з расійскіх афіцэраў-добраахвотнікаў.
Таксама дэ-факта палонных расійскіх салдат прымушалі запісвацца ў Замежны легіён французскай арміі, дзе, забыўшыся на ўласнае паходжанне, яны павіны былі служыць пад камандаваннем французскіх афіцэраў у імя французскіх інтарэсаў.
Увесну 1918 года расійскія легіянеры гераічна абаранялі французскі горад Суасон, на які немцы ў роспачы кінулі ўсе свае сілы, што засталіся ў іх напрыканцы вайны. Іх мэтай быў захоп Парыжа, а Суасон з’яўляўся «паўночнай брамай» сталіцы Францыі. Дзякуючы самаадданасці і гераізму расійскіх салдат, шматлікія з якіх атрымалі ордэн Ганаровага легіёна — вышэйшую узнагароду Французскай рэспублікі, немцы не захапілі Парыж.
Разам з Мараканскай дывізіяй Расійскі Легіён прайшоў Латарынгію, Эльзас, вобласць Сар і ўвайшоў у Германію. Пасля Камп’енскага перамір’я ў лістападзе 1918 года Расійскі Легіён быў накіраваны ў горад Вормс на паўднёвым захадзе Германіі, які быў адведзены легіянерам для акупацыі. Як жа былі здзіўлены і абураны немцы, калі даведаліся, што расійскія часткі ўвайшлі ў горад на правах пераможцаў, а на берагах Рэйна пачаў лунаць расійскі трыкалор. Але радасць ад перамогі хутка змянілася на сум і жаль: з цэлага 45-тысячнага Расійскага экспедыцыйнага корпуса, дасланага ў сярэдзіне вайны на дапамогу саюзнікам, на развітальным ваеннным пастраенні ў Вормсе стаяла толькі 500 чалавек.
Гераічны і ў той жа час сумны шлях расійскага корпуса ў Францыі. Але перад тым, як закляйміць няўдзячных французаў, давайце лепш прыгадаем аб падобных выпадках у Расіі, ды і не толькі ў Расіі.
Падаецца, што ва ўсіх краінах замежных салдат-саюзнікаў сустракаюць як герояў, а калі тыя пачынаюць выказваць нежаданне ваяваць і ўвогуле паводзіць сябе неадэкватна, то стаўленне да іх рэзка змяняецца. Іх лічаць злачынцамі і імкнуцца ад іх пазбавіцца. Яксравы прыклад — лёс Чэхаславацкага корпуса ў Расіі.
Ужо ў самым пачатку вайны падданыя Аўстра-Венгрыі чэхі і славакі не выказвалі жадання ваяваць супраць Расіі. Яны масава здаваліся да расійцаў у палон. З гэтых ваеннапалонных і быў утвораны Чэхаславацкі корпус. Са снежня 1917 года на аснаванні дэкрэта французскага ўрада ад 19 снежня «Аб арганізацыі аўтаномнай Чэхаславацкай арміі ў Францыі» Чэхаславацкі корпус, размешчаны ў Расіі, фармальна стаў падпарадкоўвацца французскаму камандаванню і атрымаў указанне аб адпраўцы ў Францыю. Тым не менш, у лютым 1918 года, калі бальшавікі без бою здаваліся немцам, саступіўшы ім па загадзе У. Леніна палову Украіны з Беларуссю, супрацьстаяць ворагу спрабаваў толькі Чэхаславацкі корпус, які заставаўся адзіным дзейсным ваенізаваным злучэннем на тэрыторыі Расіі.
Тым не менш, трапіць у Францыю чэхі і славакі не маглі, бо ўвесь захад Расіі разам з марскімі портамі і чыгункай знаходзіўся ў руках ворага.
1 лютага 1918 года камандзір Чэхаславацкага корпуса Т. Масарык заключыў пагадненне аб нейтралітэце з бальшавіком Мураўёвым, які камандаваў наступаўшым на Кіеў 5-тысячным савецкім атрадам. Апошні паведаміў Масарыку, што ўрад Савецкай Расіі не пярэчыць ад’езду корпуса ў Францыю праз Сібір.
На справе ўсё было інакш. Падаецца, браты-расіяне не жадалі мець на сваёй тэрыторыі такое магутнае ваенізаванае злучэнне, як Чэхаславацкі корпус. Але як ад яго пазбавіцца? У пачатку 1918 года 1-я чэхаславацкая дывізія размяшчалася ў Жытоміры. 27 студзеня (9 лютага) дэлегацыя Цэнтральнай рады УНР у Брэст-Літоўску падпісала мірны дагавор з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй, заручыўшыся іх падтрымкай у барацьбе з савецкімі вайскамі. З’яўленне на тэрыторыі Украіны армій дзяржаў Траістага саюза, у вачах якіх чэхі і славакі былі здраднікамі, не запавядала нічога добрага, і да 21 лютага дывізія перайшла на тэрыторыю Левабярэжнай Украіны.
Пасля падпісання Савецкай Расіяй Брэсцкага міра, згодна з якім яе войскі павінны былі пакінуць тэрыторыю Украіны, чэхаславацкія легіянеры яшчэ тыдзень, з 7 па 14 сакавіка, працягвалі дзейнічаць супольна з Украінскай савецкай арміяй, упарта стрымліваючы націск нямецкіх палкоў у раёне Бахмача. Бальшавікі пры гэтым нават не паварушыліся для абароны сацыялістычнай айчыны, якую самі абвясцілі «ў небяспецы», хаця ж пазней, на працягу 70 гадоў адзначалі гэтыя дні як момант нараджэння «савецкай арміі і ваенна-марскога флоту». Але ў чырвоных тады не было ані флоту, ані арміі.
Усе намаганні Чэхаславацкай нацыянальнай рады былі накіраваны на тое, каб арганізаваць эвакуацыю корпуса ў Францыю. Самым кароткім шляхам быў марскі — праз Архангельск і Мурманск, — аднак ад яго адмовіліся з-за боязі чэхаў, што корпус могуць перахапіць немцы, калі арганізуюць наступленне. Было вырашана накіроўваць легіянераў па Транссібірскай чыгунцы да Уладзівастока і далей праз Ціхі акіян у Еўропу.
На ўсход чэхі адпраўляліся на 63 цягніках, па 40 вагонаў у кожным. Першы эшалон выйшаў 27 сакавіка і праз месяц прыбыў у пункт прызначэння. Да мая 1918 года эшалоны расцягнуліся на некалькі тысячаў кіламетраў, ад Самары і Екацярынбурга да Уладзівастока.
Былая царская армія да лета 1918 года канчаткова спыніла сваё існаванне, у той час як РКЧА і белыя арміі толькі пачыналі фарміравацца (улетку 1918 года, а не 23 лютага!), і часта не вылучаліся баяздольнасцю.
Чэхаславацкі корпус па-ранейшаму заставаўся адзінай дзейснай сілай у Расіі, яго склад узрос да 50 000 чалавек. Але стаўленне бальшавікоў да яго было відавочна варожым. З іншага боку, нягледзячы на згоду чэшскага камандавання на частковае раззбраенне эшалонаў, сярод саміх легіянераў гэта было ўспрынята з вялікім незадавальненнем і стала нагодай да канфліктаў з бальшавікамі.
А тут і Чычэрын з-за жадання зноў дагадзіць Германіі накіраваў Краснаярскаму савету тэлеграму аб спыненні далейшага руху чэшскіх эшалонаў на ўсход:
Гэрманія рашуча патрабуе пачатка хуткай эвакуацыі нямецкіх палонных з Усходняй Сібіры ў Заходнюю ці ў Еўрапейскую Расію. Прашу ўжыць усе сродкі. Чэхаславацкія атрады не павінны перасоўвацца на ўсход.
Чычэрын
Легіянеры ўспрынялі гэта так, як быцам Расія і Германія разглядаюць іх як афіцыйных ваеннапалонных, што належаць да выдачы. У прынцыне, камісары менавіта гэта і збіраліся зрабіць, дагаджаючы немцам і аўстрыйцам. Цяпер «таварышы» толькі чакалі на выпадак ці хаця б дробную нагоду, каб раззброіць чэхаў. І такі выпадак у хуткім часе здарыўся, анекдатычны, праўда, быццам з кнігі Я. Гашака пра салдата Швейка: чугуннай ножкай ад печкі, выкінутай з эшалона з ваеннапалоннымі венграмі (а венгры і чэхі ў аўстрыйскай арміі былі непрымірымымі ворагамі), быў паранены чэшскі салдат. У адказ чэхі спынілі цягнік і адшукалі вінаватага… Скарыстаўшыся гэтым інцыдэнтам — а такіх, і нават горшых, па ўсёй Расіі было дастакова — савецкія ўлады Чэлябінска, ведаючы, чым гэта можа павярнуцца, на наступны дзень арыштавалі некалькі легіянераў. Аднак чэхі праявілі сапраўдную мужнасць і згуртаванасць. Арыштаваных сілай вызвалілі, раззброілі мясцовы атрад Чырвонай гвардыі і разнеслі збройны арсенал, захапіўшы 2800 вінтовак і артылерыйскую батарэю.
Так пачаўся канфлікт.
Загадчык аператыўнага аддзела Народнага камісарыята па справах войска Аралаў тэлеграфаваў у Пензу:
Прапаную неадкладна прыняць тэрміновыя меры для затрымкі, раззбраення і расфарміравання ўсіх эшалонаў і частак чэхаславацкага корпуса як рэшткаў старой рэгулярнай арміі. З асабістага складу корпуса фарміруйце чырвонаармейскія і рабочыя арцелі…
Арыштаваныя ў Маскве прадстаўнікі кіраўніцтва корпуса прынялі патрабаванні Троцкага і аддалі ад асобы Т. Масарыка загад аб здачы зброі, абвясціўшы інцыдэнт у Чэлябінску памылкай. Аднак легіянеры падпарадкоўваліся ўжо толькі ўласна абранаму «Часоваму выканаўчаму камітэту». Чэхі выдатна разумелі, што калі яны здадуць зброю, арыштаў і расстрэлаў ім не пазбегнуць. Надзвычайны орган корпуса даслаў ва ўсе часткі і эшалоны загад:
Зброю нідзе саветам не здаваць, самім сутыкненняў не выклікаць, але ў выпадку нападу абараняцца, прасоўванне на ўсход працягнуць уласным парадкам.
25–27 мая ў некалькіх пунктах (Мар’янаўка, Іркуцк, Златавуст) чырвоныя спрабавалі раззброіць чэхаў, але ім быў аказаны супраціў.
Бязрадная на той момант Чырвоная армія цярпела паразу за паразай. Чэхаславацкі корпус надоўга зараз у Сібіры, вызваляючы ад чырвоных цэлыя гарады. 21 студзеня 1920 года на станцыі Куйтун ля Іркуцка было падпісана пагадненне аб перамір’і паміж камандаваннем Чырвонай арміі і Чэхаславацкага корпуса, якое гарантавала часткам апошняга бяспечны адыход на Далёкі Усход і эвакуацыю. У ноч з 1 на 2 сакавіка Іркуцк пакінулі апошнія чэшскія эшалоны і ў горад уступілі рэгулярныя часткі Чырвонай арміі.
Толькі дзякучы ўласнай згуртаванасці і ўпартаму непадпарадкаванню загадам бальшавікоў больш за 56 000 чэхаў і славакаў паспяхова вярнуліся на радзіму. У Расіі было страчана (загінула, знікла без вестак ці засталося) каля 4000 салдат корпуса. Але, калі б яны здалі зброю, як гэтага патрабавалі бальшавікі, то з імі адбылося б тое самае, што з польскімі афіцэрамі ў верасні 1939 года — расстрэл. Польскіх афіцэраў, якія добраахвотна здаліся Чырвонай арміі падчас захопу Савецкім Саюзам Заходняй Беларусі, бязлітасна расстралялі ў Катыні, нібыта злачынцаў. Нават з будучымі нямецкімі палоннымі абыходзіліся больш гуманна.
І якія пасля гэтага прэтэнзіі да французаў? Расійцы самі былі вінаваты у тым, што ў адрозненні ад чэхаў, якія трымаліся адзіным моцным кулаком, раз’ядналіся і нават ваявалі адно супраць аднаго. Ну а тыя, хто абраў Алжыр, павінны былі пацікавіцца тым, што ў гэтыю краіну з Францыі высылаюць адно катаржнікаў. Але французы, як бы там ні было, помнік расійскім жаўнерам у цэнтры Парыжа, хаця ж і позна, ўсё ж усталявалі. А вось помніка ўдалым ваякам-чэхам ніхто ў Расіі ставіць не збіраецца. Яны, падманутыя і па-здрадніцку кінутыя бальшавікамі, для расійскіх уладаў па-ранейшаму нібыта кепскія. І нават Расійскі эспедыцыйны корпус у Францыі на радзіме застаецца неўшанаваным. Пра іх проста забылі. Як быццам не было.
Міхаіл Велер мае рацыю: «калі мы б’ем — гэта добра, калі нас б’юць — гэта кепска». Вось і цэлая зулуская філасофія.
Калі ўжо мы пачалі размову пра Чэхаславацкі корпус, то нельга абысці такую культавую для сусветнай літаратуры і адначасова для Першай сусветнай вайны фігуру, як Яраслаў Гашак. Як і тысячы яго землякоў, ён, не жадаючы ваяваць за прагнілую імперыю Габсбургаў, добраахвотна здаўся ў расійскі палон. Але, у адрозненні ад большасці чэхаў і славакаў, Я. Гашак прыняў расійскую рэвалюцыю і нават захапіўся яе ідэямі і лозунгамі.
Пісьменнікам Гашак стаў ужо ў 20 гадоў. Атрымаўшы свой першы ганарар за публікацыю, ён цвёрда вырашыў працягваць пачатае.
Пасля таго, як у 1912 годзе расстаўся з жонкай і пазбавіўся сталых крыніц прыбытку, ён з галавой сышоў у творчасць. За невялікі перыяд напісаў шмат гумарэсак, частка з якіх была надрукаваная ў газетах, а яшчэ частка — выдадзена асобнымі збонікамі.
Вясёлы і гарэзлівы характар Гашака з гадамі не змяняўся. Захаваліся звесткі аб яго шматлікіх жартах і хітрыках. Так, аднойчы яго адправілі ў вар’ятню. Мінак, убачыўшы, што Гашак стаіць на мосце і ўважліва пазірае ў ваду, вырашыў, што пісьменнік збіраецца скончыць жыццё самагубствам. Прыспеўшыя паліцыянты затрымалі яго і адправілі ў пастарунак… Дзе ён прадставіўся Святым Янам Непамуцкім, прыкладна 518-ці гадоў ад нараджэння. На пытанне: «Калі ж вы нарадзіліся?» ён спакойна адказаў, што ўвогуле не нараджаўся, а быў вылаўлены з ракі…
Пасля пачатка вайны Гашак пасяліўся ў адным з пражскіх гатэляў. Вось толькі зарэгістраваўся ён як «Леў Мікалаевіч Тургенеў. Нарадзіўся 3 лістапада 1885 года ў горадзе Кіеве. Жыве ў Петраградзе. Праваслаўны. Прыватны служачы. Прыехаў з Масквы. Мэта прыезда — рэвізія аўстрыйскага Генеральнага штаба». Нядзіўна, што яго ў хуткім часе пад узмоцненай аховай як расійскага шпіёна даставілі ў паліцыю, дзе ён абвясціў, што ў якасці лаяльнага грамадзяніна палічыў за абавязак праверыць, «як у такі цяжкі для краіны час функцыянуе дзяржаўная паліцыя». У паліцыі Гашака добра ведалі, і ён атрымаў толькі 5 сутак арышту.
Імя Гашака, зрэшты, часта фігуравала ў паліцэйскіх пратаколах:
Вышэйадзначаны ў нецвярозым стане спраўляў малую патрэбу перад будынкам паліцэйскага ўпраўлення.
…у стане лёгкага алкагольнага ап’янення пашкодзіў дзве жалезныя загародкі.
…недалёка ад паліцэйскага ўчастка запаліў тры вулічных ліхтары, якія ўжо былі патушаны.
…страляў з дзіцячага пугача…
У 1915 годзе 32-гадовага Гашака прызвалі ў войска і залічылі ў 91-ы пяхотны полк, размешчаны ў Чэске-Будзеёвіцах. Пазней менавіта ў гэтым палку «служыў» літаратурны герой Гашака, легендарны Швейк.
У распалажэнні палка Гашак з’явіўся ў вайсковай форме, але з цыліндрам на галаве. Са школы вальнапісаных ён быў адлічаны за парушэнне дысцыпліны. А яго сімуляцыю рэўматызму прызналі за спробу дэзерцірства і нават асудзілі на тры гады з адбыццём тэрміну пакарання пасля закачэння баявых дзеянняў. Так што на фронт Гашак, як і яго галоўны герой, адправіўся ў арыштанцкім вагоне.
У арміі будучы раман папоўніўся не толькі гісторыямі і кур’ёзамі, але і персанажамі. У 91-м палку служылі і паручнік Лукаш, і капітан Сагнер, і пісар Ванэк, і шматлікія іншыя асобы, якія сталі прататыпамі для персанажаў. Частку з іх Гашак так і пакінуў пад уласнымі прозвішчамі, а частку ўсё ж перайменаваў. Ён атрымаў пасаду памочніка пісара, што дазволіла ўхіліцца ад вучэнняў і працягваць займацца творчасцю. Тады ж ён даволі добра пасябраваў з дзеншчыком паручніка Лукаша Францішэкам Страшліпкай, чые вясёлыя гісторыі з жыцця і, ад часткі, ён сам сталі асноўным прататыпам прыгод Йозэфа Швейка.
На фронце ў Галіцыі Гашак выконваў абавязкі квартар’ера, пазней быў ардынарцам і сувязным узвода. Удзельнічаў у баях ля гары Сокаль і нават быў узнагароджаны срэбным медалём за храбрасць і ўзведзены ў чын ефрэйтара. Вось толькі абставіны подзвігу адрозніваюцца.
Паводле ўспамінаў Лукаша і Ванэка, Гашак у значнай ступені супраць уласнай волі «ўзяў у палон» групу расійскіх дэзерціраў — ён някепска гаварыў па-расійску і дамовіўся з імі аб абставінах здачы. Сам жа Гашак абвясціў, што ўзнагароджаны медалём за тое, што пазбавіў батальённага камандзіра ад вошай, нашмараваўшы яго ртутнай маззю, што хучэй за ўсё было яшчэ адным з жартаў пісьменніка.
Зраніцы 24 верасня 1915 года падчас контрнаступлення расійскай арміі на ўчастку 91-га палка пад Дубна Гашак разам са Страшліпкам добраахвотна здаліся ў палон.
Як ваеннапалонны № 294217, Гашак утрымліваўся ў лагеры пад Кіевам, у Дарніцы. Пазней ён быў пераведзены ў аналагічны лагер пад Тоцкам у Самарскай губерніі. У лагеры разгулялася эпідэмія тыфу, падчас якой загінула вялікая колькасць палонных. Гашак таксама захварэў, але выжыў.
У хуткім часе, як большасць яго суайчыннікаў, ён уступіў у Чэхаславацкі корпус.
Аднак медкамісія прызнала яго не здольным да страявой службы, і ў чэрвені 1916 года ён стаў пісарам 1-га добраахвотніцкага палка імені Яна Гуса, а потым — супрацоўнікам газеты «Чэхаслован», якая выходзіла ў Кіеве. Гашак актыўна займаўся агітацыяй у лагерах сярод ваеннапалонных на карысць Корпуса, публікаваў у газетах гумарэскі і фельетоны. Праз свой востры язык ён спачатку дасягнуў таго, што аўстрыйскія ўлады абвясцілі яго здраднікам за абразлівыя аповеды (менавіта ў той час з’явіўся фельетон «Аповед пра партрэт Франца-Іосіфа І», які пазней будзе змешчаны ў першай главе прыгод Швейка), а потым і кіраўніцтва Чэшскай нацыянальнай рады ў Парыжы абурылася з-за яго фельетона «Клуб чэшскіх Піквікаў». Гашака даслалі на фронт і перадалі суду гонару, дзе абавязалі ў пісьмовай форме папрасіць прабачэння ў кіраўніцтва Чэшскай наянальнай рады.
Аднак, паводле шэрага звестак, Гашак ваяваў не толькі на паперы. Улетку 1917 года за бой ля Збарова ён быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжом чацвёртай ступені. Пасля заключэння сепаратнага міру паміж Расіяй і Германіяй і пачаткам эвакуацыі Чэхаславацкага корпуса Гашак парывае са службай у корпусе і адпраўляецца ў Маскву. Там ён уступае ў камуністычную партыю. У красавіку 1918 года яго даслалі на партыйную працу ў Самару, дзе ён вёў сярод чэхаў і славакаў агітацыю супраць эвакуацыі ў Францыю, а таксама заклікаў іх уступаць у Чырвоную армію.
Да канца мая атрад Гашака налічваў 120 байцоў, якія прымалі ўдзел у сутычках з часткамі Белай арміі і паспяхова падавілі анархісцкі бунт у Самары.
Аднак ужо ў чэрвені 1918 года падчас мецяжу Чэхаславацкага корпуса атрады чэхаў, якія выступалі супраць Чырвонай арміі, узялі Самару. Сярод частак Чырвонай арміі, якія ім супрацьсталі, былі тры ўзводы добраахвотнікаў, якімі камандавалі Яраслаў Гашак і Йозэф Поспішыл. Аднак сілы былі няроўнымі, і прыйшлося адступіць.
Прыгадаўшы, што ў штаб-кватэры чэшскіх інтэрнацыяналістаў у гатэлі «Сан-Рэма» засталіся спісы добраахвотнікаў, якім гэтыя звесткі маглі пагражаць рэпрэсіямі, Гашак сам-адзін вярнуўся па дакументы і паспеў іх знішчыць. Але дагнаць свой атрад ён ужо не змог; яму давялося выбірацца з горада адному.
Дзейнасць Гашака ў якасці агітатара Чырвонай арміі ў чэшскім асяродку была нядоўгай, але не засталася незаўважанай. У ліпені, то бок усяго праз тры месяцы пасля прыбыцця ў Самару, у Омску палявы суд Чэхаславацкага корпуса выдаў дазвол на арышт Гашака як здрадніка чэшскага народа. На працягу некалькіх месяцаў пісьменнік быў вымушаны, прыкрываючыся даведкай, што ён «прыдуркаваты сын нямецкага каланіста з Туркестана» (пачуццё гумару не пакідала яго нават у такія небяспечныя для жыцця моманты), хавацца ад патрулёў. Самарскі краязнаўца Аляксандр Завальны прыгадвае такую гісторыю аб гэтым перыядзе жыцця пісьменніка:
Аднойчы, калі ён хаваўся ў сваіх знаёмых на адной з самарскіх дач, з’явіўся чэшскі патруль. Афіцэр вырашыў дапытаць невядомага, на што Гашак, прыкінуўшыся ідыётам, распавёў, як выратоўваў чэшскага афіцэра на станцыі Батракі: «Сяджу і думаю. Раптам афіцэрык. Кропля ў кроплю вы, далікатны такі і худзенькі. Нямецкую песеньку мармыча і падаецца нават прытанцоўвае, як старая дзева на Вялікдзень. Дзякуючы выпрабаванаму нюху я адразу бачу — афіцэрык у чуб кінуў. Гляджу, накіроўваецца проста да прыбіральні, з якой я толькі што выйшаў. Прысеў я недалёка. Сяджу дзесяць, дваццаць, трыццаць хвілін. Не выходзіць афіцэр…»
Далей Гашак прадэманстраваў, як зайшоў у прыбіральню і, рассунуўшы прагнілыя дошкі, дастаў з яміны п’янага недарэку…
Толькі ў верасні 1918 года Гашак перасёк лінію фронта і ў Сімбірску зноў далучыўся да частак Чырвонай арміі. З кастрычніка 1918 года ён займаецца партыйнай, палітычнай і адміністратыўнай працай пры палітаддзеле 5-й арміі Усходняга фронту. Нягледзячы на тое, што ў Чэхіі пісьменнік веў багемны лад жыцця, быў сталым наведвальнікам шматлікіх пражскіх шынкоў і рэстарацый, аўтарам і ўдзельнікам усялякіх жартаў, розыгрышаў і свавольстваў, у шэрагах Чырвонай арміі ён паказаў сябе як чалавек адказны і спраўны, як добры арганізатар, да таго ж бязлітасны да ворагаў рэвалюцыі. Нядзіўна, што яго кар’ера хутка пайшла ў гару.
Гісторыкі адзначаюць такі парадокс: аўтар аднаго з самых антываенных раманаў у свеце з галавой сышоў у Грамадзянскую вайну ў Расіі. Хаця ж пры гэтым Гашак нічым не адрозніваўся ад іншых захопленых творчых асоб, такіх як Аляксандр Блок ці Уладзімір Маякоўскі, якія таксама прынялі рэвалюцыю ўсім сэрцам. І таксама, як і Гашак, у ёй у рэшце рэшт расчараваліся, бо ўсялякую рэвалюцыю натхняюць і здзяйсняюць рамантыкі, а яе плёнам карыстаюцца цынікі і прайдзісветы.
У студзені 1919 года Гашака пераводзяць ва Уфу, дзе ён загадваў тыпаграфіяй і выдаваў бальшавісцкую газету «Наш шлях». Там ён пазнаёміўся са сваёй другой жонкай.
Разам з 5-й арміяй шлях Гашака ляжыць на ўсход. Ён паспеў пабываць у Чэлябінску, Краснаярску, Іркуцку, дзе быў лёгка паранены падчас замаху.
Праўнучка легендарнага кавалерыйскага начдзіва Яўгенія Чапаева ў сваёй кнізе «Мой невядомы Чапаеў» сцвярджае, што Гашак служыў у складзе 25-й дывізіі Чапаева, якая з’яўлялася састаўной часткай 5-й арміі.
Пасля заканчэння Грамадзянскай вайны Гашак застаўся ў Іркуцку, дзе нават набыў дом. Падаецца, ён бы так і жыў на сваёй другой радзіме, але ў лістападзе 1920 года ў Чэхаславакіі здарыўся палітычны крызіс, пачалася ўсеагульная забастоўка, а ў горадзе Кладна рабочыя абвясцілі «сацыялістычную рэспубліку». Чэшскія камуністы ў Расіі атрымалі загад адпраўляцца на радзіму, каб падтрымаць тамтэйшы камуністычны рух і займацца падрыхтоўкай сусветнай пралетарскай рэвалюцыі.
У снежні 1920 года Яраслаў Гашак разам з жонкай вярнуўся ў Прагу, дзе яго відавочна не чакалі. Ранішнія газеты у Празе выйшлі з такім тэкстам:
Учора наведвальнікаў кавярні «Юньён» чакала вялікая неспадзяванка; невядома адкуль, як гром сярод яснага неба, з’явіўся Яраслаў Гашак.
Яшчэ з часоў яго здачы ў палон у прэсе рэгулярна з’яўляліся некралогі: то яго вешалі чэхаславацкія легіянеры, то яго забівалі ў п’янай бойцы… Адзін з прыяцеляў Гашака падараваў яму цэлую калекцыю падобных паведамленняў.
Вярнуўшыся на радзіму, я даведаўся, што быў тройчы павешаны, двойчы расстраляны і аднойчы чвартаваны праз шалёных паўстанцаў-кіргізаў ля возера Кале-Ісых. Урэшце мяне канчаткова закалолі ў дзікай бойцы з п’янымі матросамі ў адэскім шынку.
Улічваючы інфармацыю пра яго супрацоўніцтва з бальшавікамі, мясцовая прэса актыўна выступала супраць Гашака, называючы забойцам тысячаў чэхаў і славакаў, якіх ён рэзаў, «як Ірад немаўлят»; яго жонку называлі адзінай пакінутай ім у жывых дачкой князя Львова. Шматлікія сябры адвярнуліся ад яго; аднойчы яго ледзь не збілі былыя легіянеры. Адна журналістка спытала: ці на самой справе ў Чырвонай Арміі ён сілкаваўся мясам забітых кітайцаў? «Так, літасцівая пані», — пацвердзіў Гашак і паскардзіўся на непрыемны прысмак.
Аднак камуністычная рэвалюцыя, на якую чакалі ў Маскве, у Чэхіі і не прадбачылася, паўстанне было падаўлена, а яго лідары апынуліся ў заключэнні. Ну а сам Гашак, апынуўшыся на радзіме, нібыта працверазеў ад дурману камуністычнай прапаганды і эйфарыі, убачыў, што Чэхаславакія жыве сваім звыклым жыццём, атрымаўшы ўрэшце доўгачаканую незалежнасць. Чэхам камунізм быў непатрэбны, і як усялякім спакойным разважлівым людзям — чужы. Партыйная дзейнасць Гашака хутка сышла на нішто, а ён вярнуўся ў свае колы. Праўда, пісьменнік у пэўны момант апынуўся амаль без сродкаў да існавання і быў вымушаны нават прадаваць на вуліцы экземпляры сваіх кніг, што назбіраліся ў выдаўцоў за час вайны.
У хуткім часе ён зноў жыў на шматлікія выдавецкія авансы, вандруючы ад шынка да шынка. У піцейных жа ўстановах Гашак пісаў свае новыя главы пра Швейка і іншыя творы, часта там жа іх і зачытваючы. Пастаянная выпіўка, два перанесеныя тыфы, адмова прытрымлівацца парадаў дактароў, якія забаранялі есці вострае і тлустае, цяжкая спадчыннасць — усё прыводзіла да няўмольнага пагаршэння здароўя пісьменніка.
Нягледзячы на павялічэнне даходаў, грошай у сям’і Гашака болей не рабілася. Яраслаў хутка перазнаёміўся з усёй ваколіцай і шчодра дапамагаў усім знаёмым, якія патрабавалі матэрыяльнай падтрымкі. Ён завёў уласнага шаўца, які рабіў абутак як для самога Гашака, так і для шматлікіх яго сяброў. Ён нават стаў апекуном мясцовай школы.
Яраслаў шмат хадзіў па наваколлях, часта знікаючы на некалькі дзён. Аднак яго здароўе ўсё пагаршалася і пагаршалася. Зразумеўшы, што не паспявае запісваць усё, што прыходзіць яму да галавы, ён наняў сабе сакратара. Апошні раз Гашак дыктаваў свайго Швейка ўсяго за 5 дзён да смерці. 3 студзеня 1923 года ён падпісаў тэстамент і абвясціў, што «Швейк цяжка памірае». У той жа дзень Гашака не стала.
На пахаванні было мала яго сяброў, бо ніхто асабліва не верыў у смерць пісьменніка, палічыўшы гэта чарговым розыгрышам прыяцеля. Яго сябар Эгон Эрвін Кіш сказаў:
Ярда (так звалі Гашака блізкія) не ўпершыню дурачыць нас, водзіць за нос. Не веру! Колькі разоў ён ужо паміраў! Гашак не мае права памерці. Яму няма нават і сарака.
З цяжкімі баямі пад Вердэнам звязана адна містычная, але цалкам рэальная гісторыя, якую распавяла сям’я Кларынваль.
2 верасня 1916 года Ганна Кларынваль, матка салдата Рэнэ Кларынваля, які ваяваў пад Вердэнам, у прамежак часу паміж 10 і 11 гадзінамі дня, раптам адчула сябе кепска. Жанчыну ахапіў панічны жах, дыханне зрабілася частым, а цела працяў невыносны боль. Трымаючыся за сцены, каб не ўпасці, яна неяк дабралася да дзвярэй пакоя дачкі і крыкнула: «Я невыносна пакутую! Баюся, з тваім братам здарылася нешта жахлівае!» Дачка супакоіла яе, сказаўшы, што такое самаадчуванне, верагодна, выклікана нэрвовым напружаннем, бо з фронта даўно не было лістоў.
А праз два дні Кларынвалі атрымалі дэпешу, у якой камандзір эскадрыльі, выказваючы спачуванні, паведаміў, што лейтынант Кларынваль быў збіты 2 верасня і пахаваны на вайсковым пагосце ў Д’епе ў магіле пад нумарам 56. Мадам Кларынваль і яе муж Георг, адстаўны камбат, неўзабаве выехалі ў Д’еп, дзе ўбачылі могілкі ў жудасным стане — з-за нядаўняй бамбёжкі.
У двух ацалелых пасля налёту французскіх магілах, як паказала эксгумацыя, ляжалі пехацінцы, не лётчыкі. Астатнія не закранутыя бомбамі пахаванні былі нямецкімі. Афіцэр, які кіраваў працамі па ўпарадкаванні інтэрнацыянальных могілак, спачуваючы несуцешным бацькам, даў каардынаты нейкага высокапастаўленага вайсковага чыноўніка, які займаўся ўлікам загінуўшых жаўнераў, і да якога, акрамя іншай, сцякалася інфармацыя аб месцах пахаванняў і перазахаванняў у выпадку памылковай ідэнтыфікацыі парэшткаў. На жаль, доўгая перапіска з гэтым палкоўнікам не дапамагла нічога высветліць.
Ганна Кларынваль праз цэлыя дні нерухома сядзела на падваконні спальні, пустымі вачыма гледзячы на дрэвы на іншым баку вуліцы. Як яна прыгадвала пазней, вяртанне да «дзейснага здароўя» здарылася 25 мая а 8.30 раніцы, калі сярод зялёных галін на фоне кавалка блакітнага неба яна ўбачыла «горача любімага сына Рэнэ з тварам, смяротна бледным, але добра пазнавальным». Побач стаялі двое хлопцаў, якіх раней Ганна не сустракала. З нейкай прычыны ўзмацнілася ўпэненасць у тым, што незнаёмцы — немец і расіец, што іх, як і яе сына, няма сярод жывых.
Мадам Кларынваль, упэўненая, што розум яе пакінуў, бо здані трывала трымаліся, не знікаючы, вырашыла паклікаць мужа, які, на яе думку, не павінны быў нічога ўбачыць. Але яе муж таксама ўбачыў сына і яго спадарожнікаў. Яскрава бачыла тое ж і сястра загінулага Рэнэ, Мары. Прыкладна праз сорак хвілін відмо знікла з ускрайку дарогі, па якой, нічога не заўважаючы, спяшаліся звычайныя парыжане. Дзяўчына заўважыла: «У свеце памерлых, які распрасціраецца на іншым баку ад света жывых, уласныя, у аснове сваёй адрозныя ад нашых, фізічныя законы. У асяродку памерлых усё, відаць, сімвалічна. Брат наведаў нас, каб упэўніць, што яго магіла знаходзіцца паміж расійскай і нямецкай. Там і трэба шукаць».
З-за цяжкага становішча пад Вердэнам па просьбе французскага камандвання ў сакавіку 1916 года на расійскім Заходнім фронце (на тэрыторыі Беларусі) з мэтай адцягненя ўвагі немцаў была арганізавана наступальная аперацыя. Двухтыднёвыя спробы расійскай арміі прарваць лінію германскай абароны завяршыліся няўдачай, аднак на працягу гэтага часу ціск немцаў на Вердэн і на самой справе значна аслабеў.
У чэрвені — ліпені 1916 года па просьбе ўжо італьянскага камандавання на расійскім Заходнім фронце было арганізавана новае наступленне, зноў на нашых землях, вядомае як Баранавіцкае. Яго мэтай быў прарыў германскага фронта ў Беларусі і наступленне на Брэст-Літоўск.
Паралельна 4 чэрвеня 1916 года на Паўднёва-Заходнім фронце пачалася дапаможная наступальная аперацыя расійскай арміі, якая атрымала назву Брусілаўскі прарыў, ад імені камандуючага фронтам А. А. Брусілава. Аднак Баранавіцкая бітва фактычна завяршылася з нулявым вынікам, у той час як на Паўднёва-Заходнім фронце была нанесена параза германскім і аўстра-венгерскім войскам у Галіцыі і Букавіне. Поспехі расійскай арміі заахвоцілі Румынію да выступлення на баку Антанты. 17 жніўня 1916 года была заключана дамова паміж Румыніяй і чатырма дзяржавамі Антанты. Першая брала на сябе абавязак абвясціць вайну Аўстра-Венгрыі, другая, у сваю чаргу, абяцала аддаць ёй за гэта Трансільванію і частку Букавіны. 28 жніўня Румынія абвясціла Аўстра-Венгрыі вайну, што значна палегчыла становішча саюзнікаў: немцы і аўстрыйцы былі вымушаны перакінуць частку сіл у Румынію.
Аднак да канца года румынская армія была разбіта, а большая частка тэрыторыі краіны акупавана. Тут ва ўтрыманні фронта спадзявацца можна было толькі на расійцаў.
Сучаснікі называлі гэтую аперацыю «Луцкім прарывам», што адпавядала вайсковай традыцыі — бітвы атрымлівалі назву адпаведна месцу, дзе разгортваліся. Аднак менавіта камандуючаму А. А. Брусілаву быў аказаны велізарны гонар: баявыя аперацыі лета 1916 года на Паўднёва-Заходнім фронце атрымалі назву Брусілаўскага прарыву ці наступлення. Паводле легенды, менавіта Брусілаўскі прарыў быццам выратаваў вычарпаны Вердэн ад поўнага захопу немцамі.
Калі стаў відавочным поспех Луцкага прарыву (на жаль, занадта кароткі і не развіты), па словах ваеннага гісторыка Кярсноўскага, «перамога, якой у сусветную вайну мы яшчэ не атрымлівалі», у шэрагах расійскіх афіцэраў з’явілася боязь, што ўсё лаўры будуць аддадзены Мікалаю ІІ як Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, што ўзмоцніць аўтарытэт цара, якога мала хто паважаў за яго некампетэнтнасць у вайсковай справе і мяккасць характару.
Так, паводле меркавання контр-адмірала А. Дз. Бубнова, начальніка марскога ўпраўлення ў Стаўцы у гады Першай сусветнай вайны, «узровень яго (цара — заўв. М. Г.) ведаў адпавядаў адукацыі гвардзейскага афіцэра, чаго, само сабой разумеецца, было недастаткова не толькі для кіравання дзяржавай, але і для аператыўнага кіраўніцтва ўсёй узброенай сілай на вайне».
З усіх сфер вайсковага кіравання найбольшую цягу Мікалай ІІ адчуваў да ўнясення зменаў у галіне вайсковай формы. У прыватнасці, напрыканцы жніўня 1917 года ён вырашыў аднавіць армейскія гусарскія палкі, перайменаваныя ў драгунскія ў часы праўлення Аляксандра ІІІ.
Як справядліва заўважыў буйны савецкі гісторык П. Заянчкоўскі, значэнне гэтай меры было выключна адмоўным. Гусары і ўланы атрымалі каштоўную аперэтачную форму. Аднак яны, як і драгуны, па-ранейшаму павінны былі дзейнічаць і ў конным, і ў пешым шыхце. Нязменным застаўся і кавалерыйскі статут. Такім чынам, з вайсковага пункту гледжання гэтая рэформа насіла сімвалічнае значэнне, дакладней — была бессэнсоўнай. З іншага боку, цар нават пальцам не паварушыў, каб рэфармаваць ці хаця б даць большыя патэнцыяльныя магчымасці для развіцця самалётабудаўніцтва ці падводнага флоту.
Аднойчы цар у пэўнай афіцыйнай прамове нагаварыў шмат глупстваў наконт быццам мірнай расійскай гісторыі і пастаянных абарончых войнаў. Гэта выклікала рэзкую рэакцыю міністра абароны Курапаткіна, які даслаў цару даклад, у якім з кепска прыхаваным раздражненем пісаў літаральна наступнае:
Ваша Імператарская Вялікасць!
На працягу ХVIII і ХІХ стагоддзяў Расія правяла ў войнах 128 гадоў, і толькі 72 гады былі мірнымі. Са 128 гадоў толькі пяць прыпадаюць на абарончыя войны, усё астанія — на захопніцкія…
Зрэшты, асабістыя недахопы цара, мякккасць яго характара адбіліся на адносным лібералізме Расіі ў перадваенныя гады, чым, у прыватнасці, паспяшаліся скарыстацца не толькі рэвалюцыйныя, але і вучоныя колы Беларусі. Так, у 1910 годзе беларускі прафесар Вацлаў Ластоўскі выдаў знакамітую «Кароткую гісторыю Беларусі», якую пры іншым манарху ў друк бы не пусцілі, — кнігу, для свайго часу настолькі смелую, што яна нават у часы СССР знаходзілася пад забаронай і была перавыдадзена толькі ў незалежнай Беларусі. У гэтай брашуры Ластоўскі шчыра і адкрыта напісаў аб тым, што беларусы і велікаросы ёсць людзі розных культур і фармацый, і паміж імі нічога агульнага ніколі ў гісторыі не было. Ластоўскі па зразумелых прычынах не стаў узгадваць паўстанні 1794, 1830–1831 і 1863–1864 гадоў, але на прыкладзе акупацыі Масковіяй Магілёва ў 1654 годзе прадэманстраваў, што нават праваслаўныя беларусы не знайшлі ў маскавіцкіх акупантах, якіх добраахвотна ўпусцілі ў горад, нічога рускага і праваслаўнага. Пасля пяці гадоў суседства з захопнікамі магілеўчане ўзнялі паўстанне і перабілі ўвесь гарнізон акупантаў. Падобныя рэчы адбываліся і ў іншых праваслаўных гарадах Беларусі.
Але што тычыцца вайсковых спраў, арміі, то тут Расія заўжды не паспявала за астанімі краінамі Еўропы, ну а падчас царавання Мікалая ІІ справы ішлі зусім кепска. Вось чаму вайсковыя колы мелі нагоду не праяўляць да цара павагі і цёплых пачуццяў. Менавіта з гэтай прычыны Брусілава сталі хваліць у прэсе так, як не хвалілі Іванова за перамогу ў Галіцыйскай бітве, ні Селіванава за Перамышль, ні Плеве за Тамашаў, ні Юдзеніча за Сарыкамыш, Эрзерум ці Трабзон. Праўда, вельмі хутка аказалася, што «перамога Брусілава» — пірава, і што яна не мела ні працягу, ні развіцця, але абярнулася ганьбай і раскладам войска.
У савецкія часы назва, звязаная з імём генерала, які перайшоў на службу да бальшавікоў, захавалася. Захаваўся і міф аб прарыве, які раздзьмуваў і сам Брусілаў. У прыватнасці, савецкі генерал-лейтынант Галактыёнаў у сваёй прадмове да мемуараў Брусілава пісаў:
Брусілаўскі прарыў з’яўляецца папярэднікам выдатных прарываў, здзейсненых Чырвонай арміяй у Вялікай Айчыннай вайне.
Вось як!
То імперыялістычная вайна, ганьба ёй, жывуць дызертыры, а то ўжо папярэдніца «Чырвонай арміі»… Зрэшты, савецкія пісьменнікі і гісторыкі часта дэманстравалі падобную непаслядоўнасць.
Такім чынам, летняе наступленне расійскай арміі ў 1916 годзе з’яўлялася часткай агульнага стратэгічнага плана Антанты, які прадугледжваў узаемадзеянне саюзных армій на розных тэатрах вайны. У межах гэтага плана англа-французскія войскі рыхтавалі аперацыю на Соме. У адпаведнасці з рашэннем канферэнцыі дзяржаў Антанты ў Шантыльі (сакавік 1916 года) пачатак наступлення на французскім фронце быў прызначаны на 1 ліпеня, а на расійскім — на 15 чэрвеня 1916 года.
Дырэктыва расійскай Стаўкі галоўнага камандавання ад 24 красавіка 1916 года прызначала расійскае наступленне на ўсіх трох франтах (Паўночным, Заходнім і Паўднёва-Заходнім). Суадносіны сіл, паводле дадзеных Стаўкі, складвалася на карысць расійцаў. На канец сакавіка Паўночны і Заходні фронты налічвалі 1 220 000 штыкоў і шабляў супраць 620 000 у немцаў, Паўднёва-Заходні фронт — 512 000 супраць 441 000 у аўстрыйцаў і немцаў. Падвоеная перавага ў сілах на поўначы ад Палесся дыктавала накірунак галоўнага ўдара. Яго павінны былі нанесці злучэнні Заходняга фронта, а дапаможныя ўдары — Паўночны і Паўднёва-Заходні фронты. Для павелічэння перавагі ў сілах у красавіку — маі адбывалася даўкамплектаванне частак па штатнай колькасці.
15 мая аўстрыйскія войскі перайшлі ў наступленне на фронце ў раёне Трэнціна і нанеслі цяжкую паразу італьянцам, чыя армія апынулася на мяжы катастрофы. У сувязі з гэтым Італія звярнулася да Расіі з просьбай дапамагчы наступленнем армій Паўднёва-Заходняга фронта, каб адцягнуць аўстра-венгерскія часткі з італьянскага напрамку. 31 мая Стаўка ўласнай дырэктывай прызначыла наступ Паўднёва-Заходняга фронта на 4 чэрвеня, а Заходняга фронта — на 10–11 чэрвеня.
Нанясенне галоўнага ўдару па-ранейшаму было ўскладзена на Заходні фронт (камандуючы — генерал Эверт). Значную ролю ў арганізацыі наступлення Паўднёва-Заходняга фронта (Луцкага прарыву) адыграў генерал-маёр Ханжын.
Падчас падрыхтоўкі аперацыі камандуючы Паўднёва-Заходнім фронтам генерал Брусілаў вырашыў правесці па адным прарыве на ўчастках фронту кожнай з чатырох сваіх армій. Хаця ж гэта і распыляла сілы расійцаў, праціўнік быў пазбаўлены магчымасці своечасова перакінуць рэзервы ў напрамку галоўнага ўдару. Асноўны ціск Паўднёва-Заходняга фронту на Луцк і далей на Ковель наносіла моцная правафланговая 8-я армія (камандуючы — генерал Каледзін), дапаможныя ўдары наносіліся праз 11-ю армію (генерал Сахараў) на Броды, 7-ю (генерал Шчарбачоў) на Галіч, 9-ю (генерал Лячыцкі) на Чарнаўцы і Каламыю.
Да пачатку наступлення чатыры арміі Паўднёва-Заходняга фронту налічвалі 534 000 штыкоў і 60 000 шабляў (кавалерыі), 1770 лёгкіх і 168 цяжкіх гармат. Ім супрацьсталі чатыры аўстра-венгерскіх і адна нямецкая армія, агульнай колькасцю 448 000 пяхоты і 38 000 кавалерыі, 1301 лёгкіх і 545 цяжкіх гармат.
У напрамках удараў расійскіх армій была створана перавага ў жывой сіле (у 2–2,5 разы) і ў артылерыі (1,5–1,7 раза). Наступленню папярэднічалі старанная разведка, навучанне войскаў, абсталяванне інжынерных плацдармаў, якія наблізілі расійскія пазіцыі да аўстрыйскіх.
У сваю чаргу, на паўднёвым фланзе Усходняга фронту супраць армій Брусілава аўстра-германскія саюзнікі стварылі магутную, глыбока эшаланаваную абарону. Яна складалася з трох палосаў, якія размяшчаліся на адлегласці пяць і болей кіламетраў адна ад адной. Самай моцнай была першая, што складалася з дзвюх — трох ліній акопаў, агульнай даўжынёй 1,5–2 км. Яе аснову складалі апорныя вузлы, у прамежках — суцэльныя траншэі, подступы да якіх прастрэльваліся з флангаў, на ўсіх высотах — доты. Ад некаторых вузлоў у глыбіню адыходзілі адсечныя пазіцыі, так што ў выпадку прарыву атакуючае войска трапляла ў «мяшок». Акопы былі з падстрэшкамі, бліндажамі, сховішчамі, укапанымі глыбока ў зямлю, з жалезабетоннымі скляпеннямі і перакрыццямі з бярвёнаў і зямлі таўшчынёй да 2 метраў, здольнымі вытрымаць любы снарад. Для кулямётчыкаў усталёўваліся бетонныя калпакі. Перад акопамі цягнуліся дротавыя загароды (2–3 паласы па 4–16 шэрагаў), на некаторых участках праз іх быў пушчаны электрычны ток, падвешваліся бомбы, ставіліся міны. Дзве тылавыя паласы былі абсталяваны слабей (1–2 лініі траншэй). А паміж палосамі і лініямі акопаў усталёўваліся штучныя перашкоды — засекі, воўчыя ямы, рагаткі.
Аўстра-германскае камандаванне меркавала, што такую абарону немагчыма ўзяць. Таму масавае наступленне Брусілава для яго было абсалютнай нечаканасцю. У выніку — прарыў ліні абароны, паглыбленне ў пазіцыі ворага. Але ўявіце сабе, колькі каштаваў такі прарыў? Якія былі страты пры лабавым штурме такіх магутных умацаванняў? За некалькі дзён Брусілаў страціў больш за 300 000 салдат. І як пазней высветлілася, усе гэтыя смерці былі дарэмнымі. Гэта і ёсць «не завальвалі ворага трупамі салдат» паводле Волкава?
Нягледзячы на тое, што Брусілаўскі прарыў і на самой справе стаў самай значнай перамогай расійскай арміі за гады Першай сусветнай вайны, гэтая перамога была толькі імгненнем: расійцы не ўтрымалі занятыя пазіцыі, аўстра-венгерскае войска адкінула атакуючых назад да лініі фронту. Але гэтую «перамогу» амаль адразу раздзьмулі і міфалагізавалі, а пазней, у савецкія часы, туману толькі дадалі.
Праўда, гэтыя міфы сур’ёзна крытыкаваліся ў 1920-я і 1930-я гады, нягледзячы на супрацьдзеянне самога Брусілава, але адноўлены ва ўмовах Вялікай Айчыннай вайны вобраз гэтай перамогі паміраць, падаецца, не збіраецца і цяпер. У пасляваенныя гады сур’ёзныя даследчыкі Першай сусветнай вайны (Строкаў, Растуноў) таксама не здолелі пераадолець міфалагічную тэндэнцыю, якая закранула і ўсю гісторыю ўжо вайны 1941–1945 гадоў. Таму адзнакі даследчыкаў Брусілаўскага наступлення супярэчаць адна адной, бо рэальныя факты абвяргаюць баечныя гісторыі.
Сам жа Брусілаў у мемуарах, а следам за ім і некаторыя савецкія вайсковыя гісторыкі 1940-х і 1970-х гадоў стварылі наступныя асноўныя міфы аб наступленні Паўднёва-Заходняга фронта:
- Ідэя наступлення належыла менавіта Брусілаву, і ён асабіста настаяў на яго арганізацыі;
- Наступленне мела велізарны поспех — праціўнік страціў каля 2 млн. чалавек, перакінуў з іншых тэатраў баявых дзеянняў 2,2 млн. салдат і афіцэраў, дзякуючы чаму былі спынены аперацыі ля Вердэна (Францыя) і Трэнта (Італія);
- Прарыў атрымаўся дзякуючы вынайдзенаму асабіста Брусілавым метаду — наступу адразу ўсімі арміямі, з рознымі тактычнымі задачамі для кожнай, каб праціўнік не здагадаўся, дзе наносіцца асноўны ўдар (мадыфікаваны ў тэорыю «дробячых удараў» пасля 1941 года);
- Наступ спыніўся з-за колькаснай перавагі праціўніка, адсутнасці ў Брусілава рэзерваў, памылак Алексеева і камандуючага 8-й арміяй Каледзіна, «здрады» Эверта.
Аднак зварот да гістарычных прац 1920–1930-х гадоў (як савецкіх, так і замежных аўтараў), дакументаў Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва дазваляе абвергнуць выкладзеныя вышэй меркаванні. Факты кажуць аб тым, што ідэя адцягваючага ўвагу ўдара на Луцк была выказана яшчэ 1 красавіка 1916 года на нарадзе ў Стаўцы начальнікам штаба Вярхоўнага галоўнакамандуючага Аляксеевым і толькі дапрацавана Брусілавым у тактычным і аператыўным плане.
Прарыў ля Луцка і на Днястры сапраўды ашаламіў аўстра-венгерскую армію. Аднак ужо да ліпеня 1916 года яна ачулася ад паразы і з дапамогай германскіх войскаў здолела не толькі адбіць далейшыя атакі расійцаў, адкінуўшы іх назад, але і разграміць Румынію. Згодна з апубліваканымі архіўнымі дадзенымі, праціўнік на расійскім фронце да канца года страціў, уключна з хворымі, зусім не 2 мільёны, а менш за 1 мільён чалавек. Супраць войск Брусілава было перакінута 35 дывізій, у тым ліку 8 моцна пабітых у Італіі з захаду. Чатыры з іх былі потым адвезены назад. Разам выходзіць менш, чым спатрэбілася перакінуць супраць румын.
Як высвятляецца з дакументаў, менавіта з-за атакі Румыніі было спынена германскае наступленне пад Вердэнам. Аперацыя супраць Італіі, у сваю чаргу, «заглохла» яшчэ да пачатку Брусілаўскага прарыву.
Далей, метад так званага шырокага наступу — гэта зусім не вынаходніцтва Брусілава. Яго ўжывалі абова варожыя бакі як у 1914, так і ў 1915 годзе — як расійскія войскі Іванова ў Карпатах, так аўстра-венгерскія і нямецкія ў Галіцыі, Валыні, Польшчы, Прыбалтыцы і Сербіі. Пры прарыве ўмацаванай лініі фронту поспех мог быць дасягнуты толькі дзякуючы вялізанай колькаснай перавазе ці ва ўмовах дэмаралізацыі праціўніка. Інакш лабавы штурм прыводзіў да неапраўданых страт.
Праціўнік ужо ў чэрвені здагадаўся аб напрамку галоўнага ўдару і потым адбіў яго з дапамогай мабільных рэзерваў на вузлавых участках фронта.
Брусілаў дарэмна абвінавачваў іншых, у прыватнасці, Каледзіна, ва ўласных праліках. Той быў высунуты акурат праз Брусілава і дзейнічаў паспяхова, пакуль сам камадуючы фронтам не пачаў умешвацца ў кожную дробязь у кіраванні арміяй, якая страціла ў выніку аперацыі больш за 300 000 чалавек. Несправядлівыя і абвінавачанні ў бездзеянні Эверта: яго Заходні фронт пачаў наступленне, якое было адбіта праціўнікам. Аляксееў пасля няўдачы Заходняга фронта вырашыў перанесці галоўны ўдар на ўчастак Брусілава. На Паўднёва-Заходні фронт было накіравана да паўмільёны салдат з іншых франтоў і больш за 600 000 маршавага папаўнення. У той жа час, толькі па прыблізных падліках па ведамасцях Стаўкі, Паўднёва-Заходні фронт Брусілава з 22 мая па 14 кастрычніка 1916 года страціў 1 650 000 салдат і афіцэраў, хаця ж гэтую лічбу многія расійскія гісторыкі спрабавалі і спрабуюць выдаць за агульныя страты арміі ў вайне. Але да гэтай сумнай лічбы варта як мінімум дадаць 120 000 салдат, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі падчас Нарачанскай аперацыі. Гэта катастрофа, правал, а не перамога!
Прасцей кажучы, Брусілаў за кароткі прамежак часу проста прыціснуў праціўніка морам людзей, як да яго дзясяткі разоў рабілі і цар Пётр І, і фельдмаршал Кутузаў, і шматлікія іншыя «героі». А не лічыць і не шкадаваць салдат у расійскім войску заўжды ўмелі. Згодна з меркаваннем гісторыка Волкава, гэтыя страты для матушкі-Расіі былі «неадчувальнымі».
Брусілаў жа, насуперак славе свайго легендарнага прарыву, на жаль, не выканаў ніводнай баявой задачы: вораг не быў разгромлены, яго страты былі меншымі, чым у расійцаў, поспех для атак на Заходнім фронце гэтай грандыёзнай наступальнай аперацыяй так і не быў падрыхтаваны. Горад Ковель, які прыцягваў усю ўвагу Брусілава, так і не быў узяты, нягледзячы на жахлівыя страты трох армій, якія марна яго штурмавалі. Невыпадкова многія аўтары звязвалі раскладанне расійскай арміі з руйнаваннем надзей на развіццё поспеху ў выніку наступлення Брусілава.
Не трэба думаць, што толькі ў Расіі не шкадавалі салдат. Былі аналагічныя выпадкі і ў Францыі, і ў Германіі. Вось толькі там тых, хто дапускаў неапраўданыя страты ніхто не ўзносіў як герояў — іх звальнялі, і ў народзе памяць аб такіх камандзірах заставалася адпаведная. Чэшскі пісьменнік Яраслаў Гашак меў рацыю, абсмейваючы ў сваім легендарным «Салдаце Швейку» прагнілы бюракратычны апарат Аўстра-Венгерскай імперыі. Аналагічны бюракратызм, фармалізм і рэтраградства квітнелі ўва ўсіх арміях той вайны.
Так, французскі галоўнакамандуючы Рабэр Нівэль, адзначаны пад Вердэнам, зрабіў рашучую спробу наступлення на немцаў у красавіку 1917 года, калі вайну Германіі абвясцілі Злучаныя Штаты. У Камп’ене, дзе размяшчалася галоўнае камандаванне, прэзідэнт Пуанкарэ, прэм’ерміністр Рыбо і ваенны міністр Пэнлевэ сустрэліся з Нівэлем і яго генераламі. Генерал Мішле, які раней быў найбольш лютым праціўнікам плана Нівэля, цяпер выказаў супраць яго толькі нерашучыя довады, а д’Эсперэ і Петэн дапоўнілі іх прафесійнымі каментарамі, якія з пункту гледжання галоўнакамандуючага выглядалі дастакова кволымі. Сам Нівэль выказаў жаданне сысці ў адстаўку, але гэтага ўрад сцярпець не мог. Канферэнцыю ў Камп’ене завяршылі, не прыняўшы пэўнага рашэння, але выявіўшы два непрыемныя факты — няздольнасць выбарных палітычных лідараў кіраваць «тэхнікамі» тагачаснай вайны і глупства Лойд-Джорджа, які дапускаў, што падпарадкаванне англійскай арміі французскаму генералу не значыць падпарадкавання французскаму ўраду. З брытанцамі ў Камп’ене нават не раіліся.
Для брытанскіх саюзнікаў Нівэль прапанаваў наступленне для адцягвання ўвагі, якое павінна было на тыдзень апярэдзіць яго ўласнае. Участкам, абраным для наступлення стаў Арас, размешчаны на самай поўначы раёна нямецкага адступлення. Стратэгічна важную граду Вімі павінны быў атакаваць канадскі корпус 1-й арміі генерала Хорна, а 3-я армія генерала Аленбі працягвала б наступленне на поўдзень ад канадцаў, яшчэ далей на поўдзень 5-я армія генерала Гоу павінна была імітаваць атаку. Арас быў яшчэ адным эпізодам, дзе ўсё вырашала артылерыя (амаль 3000 гармат) і дакладная папярэдняя падрыхтоўка.
Артылерыйская падрыхтоўка пачалася 4 красавіка 1917 года, а 9 красавіка пад дажджом і снегам было распачата наступленне.
Каралеўскі паветраны флот меў колькасную перавагу, але, маючы машыны, якія саступалі найноўшым германскім самалётам, здолеў выканаць баявую задачу толькі коштам цяжкіх страт. У бітве змаглі прыняць удзел толькі 60 танкаў, але стан грунту не дазволіў многім з іх атакаваць. З іншага боку, артылерыя мела дастатковую колькасць боепрыпасаў, і яны былі адносна добрай якасці; байцы, якія атрымалі досвед на Соме, дасягнулі высокага ўзроўню майстэрства і стваралі дакладную завесу агнявой загароды.
Пяхота значна палепшыла тактыку, выкарыстаўшы сетку падземных памяшканняў Араса для таго, каб схаваць 20 000 чалавек, а таксама пабудаваўшы галерэі, якія дазвалялі войску выходзіць на перадавую, застаючыся незаўважаным. На гарачым участку знаходзіліся і салдаты Расійскага экспедыцыйнага корпуса. Пачатковая фаза наступлення стала амаль трыумфам, які не здолела сапсаваць нават надвор’е.
Чатыры дывізіі канадскага корпуса «перамахнулі праз вяршыню» а 5.30 раніцы 9 красавіка, прыкрытыя агнём 983 гармат і мінамётаў, якія паспелі абрынуць на немцаў каля мільёна снарадаў. Да сярэдзіны раніцы канадцы былі ўжо на сваім трэцім аб’екце. Раптоўны разрыў аблокаў ненадоўга выпусціў сонечнае святло, што дазволіла абодвум бакам рэальна ацаніць сітуацыю: немцы ўбачылі, што страцілі высату, канадцы зразумелі, што перамаглі. Удзень яны ўжо стаялі на хрыбеце, гледзячы зверху на даліну Дуэ. Канадцы былі першымі з саюзніцкіх салдат, хто зрабіў гэта пасля далёкіх дзён 1915 года, калі французы на працягу некалькіх гадзін утрымлівалі самую паўночную частку высаты. Гэта была незвычайная карціна: ззаду цягнулася прастора разварочанага бруду, спераду цалкам спустошаная зямля… Далей, на нямецкім баку, ляжала мірная сельская мясцовасць з вёсачкамі, якія з вялікай адлегласці падаваліся не закранутымі вайной.
Гэта быў адзін з найбольш драматычных момантаў вайны. Толькі пасля 4 гадзін дня была зроблена спроба накіраваць наперад кавалерыю, але з-за варонак на полі яна пацярпела няўдачу. Усё ж вынікам канадскіх намаганняў быў поспех.
Афіцыйны канадскі гісторык казаў:
Падчас папярэдніх баявых дзеянняў аб’екты браліся дарагім коштам, і потым зноў былі згублены з-за няўмення эфектыўна супрацьстаяць контратакам праціўніка. Злучэнні саюзнікаў даказалі сваю здольнасць пераходзіць без затрымкі ад хуткага нападу да актыўнай супольнай абароны.
Але значэнне таго, што зрабілі канадцы, цалкам не было ацэнена да наступнага года, калі града Вімі стала асновай брытанскай сістэмы абароны падчас буйнога германскага наступлення ў сакавіку 1918 года. Атрыманы 9 красавіка эфект уражваў: канадцы захапілі 4000 палонных і 54 гарматы, што каштавала ім 10 500 чалавек. На поўдні 3-я армія Аленбі таксама захапіла ў палон больш за 7000 чалавек і 112 гармат. Нямецкае вышэйшае камандаванне было глыбока ўражана. Людэндорф пісаў:
Наступствы буйнога прарыву, шырынёй ад 12 да 15 кіламетраў і глыбінёй 6 кіламетраў і больш, няцяжка ацаніць, каб папоўніць панесены ўрон, неабходны вялізаныя намаганні.
Прынц Рупрэхт Баварскі, камандуючы групай армій, адзначыў у дзённіку:
Далей паўстае пытанне. Ці ёсць хаця б нейкая карысць у працягу вайны ў такіх умовах? Толькі калі ў хуткім часе будзе заключаны мір з Расіяй. Калі не, то мы павінны прызнаць сябе пераможанымі.
Але ў брытанцаў не ўсё ішло добра. Спробы выкарыстаць кавалерыю былі безнадзейнымі. Танкаў было няшмат, і яны яшчэ былі вельмі недасканалымі. Немцы ў спешцы арганізоўвалі новую лінію абароны, укамплектаваную свежымі сіламі і падмацаваную новымі дальнабойнымі гарматамі ўдасканаленых сістэм. Далейшае прасоўванне каштавала брытанцам усё даражэй і даражэй. Назва вёскі Бюлекур, месца, дзе адбываўся манеўр 5-й арміі для адцягвання ўвагі праціўніка, стала горкім сугуччам у гісторыі Аўстраліі. Калі б наступ быў своечасова спынены, то дасягнуты поспех стаў бы значнай тактычнай перамогай, у іншым выпадку плата за поспех магла быць занадта вялікай.
Праблемай для саюзнікаў стаў і сам Р. Нівэль, які распавядаў аб сваім «бліскучым» плане каму заўгодна, у тым ліку і журналістам. Нядзіўна, што інфармацыя дайшла і да немцаў. Праўда, элемент сакрэтнасці знік і дзякуючы вельмі грувасткім прыгатаванням да наступлення з удзелам 50 дывізій і 5 тысячаў гармат. Не заўважыць перасоўванне такой колькасці чалавечых і агнявых рэсурсаў было не магчыма. Камандаванне Германіі здолела ўзмацніць пяхоту і артылерыю, а таксама распрацаваць новую тактыку «глыбокай абароны», каб ускладніць французам штурм. Удала праведзеная атака, якую немцы здзейснілі 4–5 красавіка, прынесла ім нечаканы поспех: падчас яе быў захоплены дакумент, у якім утрымліваліся дэталі і дакладны графік правядзення аперацыі Нівэля.
Цяжка прыгадаць які-небудзь іншы момант на працягу ўсёй вайны, калі б лепшыя якасці французскіх салдат праявіліся больш яскрава, чым падчас красавіцкай бітвы ля Шмэн-дэ-Дам. Уся французская армія, падавалася, была ахоплена духам афіцыйнага загада, які сканчваўся словамі:
Мы выцягваем апошнюю карту! Ад усіх патрабуецца большая мужнасць, чым праяўленая раней.
Вось, умеюць французскія камандзіры натхніць сваіх салдат! У гэтыя хвіліны Нівэль падаваўся новым Напалеонам Банапартам. Праўда, надвор’е зноў было жахлівым — струмяні дажджу чаргаваліся са снежнымі завірухамі.
Генерал Спірс, які быў сведкам наступлення, распавядае:
Але уся вада ў свеце не магла патушыць жар французскіх войскаў.
Па меры бурнага затаплення даліны Эны блакітнай масай французскіх мудураў, узрастаў і грукат іх гармат. Потым, без дзвюх хвілін шостая, на поле бою раптам упала пранізлівая ціша. Роўна а шостай агнявая завеса была перанесена ў глыбіню і пяхота рушыла наперад.
Драматычны націск французскіх дывізій быў беспамылковым, але вялікія каланіяльныя кантынгенты з Афрыкі ўжо былі напаўпераможаны суворай еўрапейскай зімой. Цемнаскурыя сенегальцы прытрымлівалі свае вінтоўкі лакцямі, нібыта парасоны, імкнучыся схаваць абмарожаныя пальцы ў складках шынялёў. Які доўгі шлях прайшлі гэтыя небаракі для таго, каб кулямёты незнаёмай чужой краіны скасілі іх смертаноснымі чэргамі! Лёс, аналагічны лёсу сенегальцаў, напаткаў і расійскіх жаўнераў, якім, зрэшты, не трэба было прызвычайвацца да снегу і холаду.
Добра прыхаваныя, раскіданыя ўглыбіні кулямёты бязлітасна выкошвалі перадавую французскую пяхоту. З успамінаў удзельніка:
Гэта было свята іх д’ябальскай зброі, яны бесперашкодна распырсквалі смерць, як струмяні вады з душа. Ніколі раней іх не было так шмат.
Французы для падтрымкі наступлення выкарысталі 80 танкаў, але яны падыйшлі позна, загразнуўшы ў парытай снарадамі зямлі, і знайшлі сваю пяхоту моцна парадзеўшай і пабітай. Ды і пагроза нямецкіх газет наконт добрага немца і дурной машыны, падаецца, пачынала рабіцца рэчаіснасцю. Нямецкія салдаты ўжо не панікавалі пры выглядзе танкаў, але трапна абстрэльвалі іх з гармат і закідвалі гранатамі.
Удзельнік тых падзей прыгадваў, як нялёгка прыходзілася французскім танкістам:
Кожны танк, заўважаны праціўнікам, у той жа час ахінаўся агнём і дымам, вакол яго разрываўся залп за залпам, і калі ён яшчэ мог рухацца, то ішоў наперад сярод частаколу выбухаў.
Страты ў танках апынуліся вельмі высокімі. У французскіх паветраных сілаў таксама не атрымалася усталяваць сваё панаванне ў небе. Артылерыя атакуючага боку пасля першай фазы бою «аслепла» і часта страляла па ўласнай пяхоце. Няўдачу ўзмацняла нястача сігнальных і асвятляльных ракет. Сур’ёзна адчуваўся і недахоп зброі, напрыклад, гранат. Страты пяхоты няўхільна павялічваліся, больш частымі рабіліся жахлівыя выпадкі, калі цэлыя хвалі атакуючых салдат траплялі пад згараджальны ці перакрыжаваны агонь кулямётаў.
Стала відавочна, што на фоне маштабнай французскай падрыхтоўкі саманадзейнасць генералаў стала прычынай іх недаравальнай нядбайнасці: не былі ўлічаны шматлікія дэталі, а магчымыя цяжкасці легкадумна адкідаліся ў бок. Нідзе гэта не праявілася так трагічна, як у медыцынскіх войсках: ім было загадана падрыхтавацца да паступлення 10 000 параненых, але па ўласнай ініцыятыве санітары падрыхтавалі месцы яшчэ на 5000 асоб. Але на справе параненых апынулася 90 000.
Адразу пасля абеда немцы распачалі контратаку, збіваючы французаў з занятых пазіцый. Да вечара французы ўжо страцілі большую частку заваяванай з такой цяжкасцю тэрыторыі.
Гэтыя падзеі прадэманстравалі, што вайну нельга выйграць за сорак восем гадзін. І цяпер з’явілася пытанне: ці можна спыніць бітву, як абяцаў Нівэль, калі яе вынік будзе правальным?
На жаль, зрабіць гэта было немагчыма. Вялікія наступы нараджалі адказ, контратакі ператваралі невялікія баі ў бітвы.
Для французскай арміі ўсе надзеі былі разбіты, няхай сабе ўсе вынікі і не магчыма было прадбачыць загадзя. Для Нівэля гэта было канцом. Ён увайшоў у гісторыю як яскравы прыклад чалавека, што занадта шмат размаўляў. Яго падрэзала нават не тое, што адбылося на полі бою, але тое, што гэта занадта адрознівалася ад яго прадказанняў. У французскага салдата ёсць фантастычная здольнасць запальвацца, і ў апошнія дні таго агіднага красавіка ён запаліўся ізноў. Для яго гэта было вялізным намаганнем, але французскі салдат гэта зрабіў. За дзесяць дзён «глыбокай абароны» немцаў французы на 16-мільным адрэзку фронта прасунуліся на 4 мілі, не ўлічваючя іншых поспехаў на 35-мільным фронце іх наступлення. Яны захапілі 28 815 палонных і каля 150 гармат. Немцы прызналі, што ў гэтай бітве страцілі 163 000 чалавек. Французскія страты да сённяшняга дня з’яўляюцца прадметам спрэчак: лічбы вагаюцца ад 137 000 (паводле афіцыйных дадзеных) да больш верагодных 187 000 (паводле парламенцкіх крыніц). Але ў любым выпадку дасягненні былі значнымі і не такімі каштоўнымі, як бойні Жофра ў 1915 годзе, што не далі ніякага выніку.
Ёсць у Беларусі шмат прыгожых зачараваных азёраў, але самае вялікае і, бадай, што самае папулярнае з іх — возера Нарач, якое ляжыць на паўночным захадзе сённяшняй Мінскай вобласці, улюбёнае месца для рыбалкі і адпачынку вялікай колькасці беларусаў. У сакавіку 1916 года тут было не да рыбалоўства: пачалася Нарачанская аперацыя — наступленне расійцаў у раёне возера Нарач, наступленне, якое абярнулася новымі шматлікімі баямі і ахвярамі.
Пасля пачатку нямецкага наступу пад Вердэнам галоўнакамандуючы французскай арміяй Жофр звярнуўся да расійскага камандавання з просьбай нанесці ўдар для адцягвання ўвагі. Расійская Стаўка, ідучы насустрач саюзнікам, вырашыла да пачатку агульнага наступлення армій Антанты, прызначанага на май 1916 года, у сакавіку правесці наступальную аперацыю на паўночным крыле Заходняга фронта. 24 лютага ў Стаўцы адбылася нарада па аператыўных пытаннях. На ёй перад камандуючым Заходнім фронтам Эвертам была пастаўлена задача нанесці моцны ўдар па германскіх арміях, сабраўшы для гэтага наколькі магчыма вялікі сілы. Задачу паставілі, але падрыхтаваліся, відаць, як заўжды: заплюшчаўшы вочы.
16 сакавіка камандуючы Аляксееў аддаў загад аб пераходзе ў наступленне. Пасля артылерыйскай падрыхтоўкі, якая працягвалася двое сутак, расійскія войскі пачалі наступ. Спярша ўсё складвалася паспяхова: 2-я армія на поўдзень ад возера Нарач уклінілася ў абарону 10-й германскай арміі на 2–9 км. Ужо 19 сакавіка камандуючы Заходнім фронтам генерал Эверт тэлеграфаваў камандуючаму 2-й арміяй:
Наступленне развіваецца слаба, без належнага кіравання начальства, без правільна арганізаванай артылерыйскай падрыхтоўкі і складаецца з разрозненых удараў, без своечасовай іх падтрымкі. У 2-й арміі я засярэдзіў пераважныя сілы як пяхоты, так і артылерыі, даў столькі снарадаў, колькі толькі быў у сілах даць, і мог разлічваць, што пры належным кіраванні ўдарнымі групамі слабы праціўнік будзе выбіты са сваіх акопаў. Між тым, ён не толькі ўтрымаўся на працягу двух дзён, але часткова нават пераходзіць у наступленне. Запатрабуйце ад начальнікаў груп і камандзіраў карпусоў належнага кіравання іх войскамі. Маючы на ўвазе велізарную перавагу сілаў 2-й арміі, загадваю праявіць належную энергію і актыўнасць ва ўсіх дзеяннях як старэйшымі, так і малодшымі начальнікамі і што б там ні было разбіць і адкінуць праціўніка, таму што надыходзячая адліга ў наступныя дні ўскладніць нам наступ.
Таксама Эверта абурыла шыхтаванне падчас атакі 3-га Сібірскага корпуса.
Гісторык М. Я. Падарожны піша:
Варта адзначыць шыхтаванне баявога парадку на атаку ў 3-м Сібірскім корпусе. Камандзір пашыхтаваў корпус на манер старажытнагерманкай «свінні» ў бітве нямецкіх рыцараў з Аляксандрам Неўскім на Чудскім возеры. Якія задумы адлюстроўваў такі шыхт — няцяжка здагадацца. Незразумела, чаму ў гэтую справу — араганізацыю баявога парадка — не ўмяшаўся камандуючы групай генерал Балуеў. Бо на самой справе, калі на ўчастку 3-га Сібірскага корпуса можа наступаць адразу некалькі палкоў у адным эшалоне, тады чаму робіцца шыхт з трох эшалонаў з такім вялікім іх расцягам у тыл і нарастаннем сіл не ў бок фронта, а ў бок тылу? Калі ж наступаць на ўчастку 3-га Сібірскага корпуса некалькімі палкамі ў адным эшалоне нельга (балота), тады неабходна рэзервы корпуса ставіць у іншым месцы, на фланзе ці ў тыле тых карпусоў, у якіх яны спатрэбяцца падчас бою і змогуць адыграць значную ролю ў сэнсе падтрымкі. Нішто з гэтага не было зроблена.
Камандзір корпуса падышоў да вырашэння такога важнага пытання фармальна, а камандуючы групай умыў у гэтай справе рукі і, як убачым потым, пакаяўся ў сваім учынку.
Бязлітасныя атакі расійскіх войскаў з цяжкасцю, але стрымліваліся праціўнікам. Потым немцы падцягнулі да раёна наступу значныя сілы і адбілі націск расійцаў, адкінуўшы іх з захопленых пазіцый. Падчас Нарачанскай (ці Нарачскай) аперацыі, здзейсніўшы подзвіг, загінула 17-гадовая Яўгенія Варанцова, добраахвотніца 3-га Сібірскага стралковага корпуса. За гераізм яна была пасмяротна ўзнагароджана Георгіеўскім крыжам.
Страты расійскай арміі за ўсю аперацыю налічваюць 120 000 чалавек, нягледзячы на тое, што Падарожны, згодна з расійскай вайсковай традыцыяй, змяншаў гэтую лічбу, даводзячы да 78 000 і імкнучыся такім чынам хаця б неяк скараціць розніцу ў стратах з абодвух бакоў, бо немцы ў той аперацыі згубілі каля 20 000 чалавек. Але нават калі браць у разлік меншую лічбу паводле Падарожнага, то розніца ўсё адно застаецца непрапарцыйнай: расійцаў загінула ўтрая болей за немцаў. Убачыўшы гэта, Падарожны і страты немцаў падвысіў да 40 000 — звычайна чорная бухгалтэрыя расійскіх гісторыкаў.
На самой справе расійская армія панесла куды больш цяжкія страты, якія ў шэсць разоў перавышалі страты праціўніка. Але дадзеная сітуацыя не адрознівалася ад таго, што адбывалася на іншых участках, бо аналагічныя велізарныя страты несла армія і на Паўднёва-Заходнім фронце.
У выніку, атака Заходняга фронта ля Нарачы вымусіла германскае камандаванне, якое вырашыла, што расійцы пачалі генеральнае наступленне і вось-вось прарвуць нямецкую абарону, на два тыдні спыніць актыўныя баявыя дзеянні пад Вердэнам. Хаця ж, ёсць і іншыя меркаванні наконт прычыны спынення нямецкай атакі, уступленне ў вайну Румыніі, напрыклад.
Немцы не чакалі аслаблення баяздольнасці расійскай арміі і не рашыліся зменшыць колькасць сваіх войскаў на расійскім фронце, перакінуўшы іх частку на французскі.
Я. З. Барсукоў у сваёй працы «Артылерыя рускай арміі (1900–1917 гг.)» піша:
Наадварот, немцы ўбачылі ўсю рызыкоўнасць свайго становішча на такім важным напрамку, як ковенскае, і вымушаны былі ў далейшым узмацніць тут свае войскі, перацягнуўшы сюды часткі з аўстра-венгерскага фронта.
У той жа час, ён прызнае правал задумы расійскага камандавання:
Сакавіцкая няўдача не магла не аказаць адмоўнага ўплыву на маральны бок рускага камандавання.
Па сутнасці, Нарачанская аперацыя была арганізавана для адцягвання ўвагі, і для гэтага манеўра кошт у 120 000 жыццяў быў занадта вялікім. Улетку германскае камандаванне чакала асноўнага ўдару на сваім фронце, але расійскае павяло Брусілаўскі прарыў, зноў коштам вялікіх страт.
Цяжкія і працяглыя баі разгарнуліся пад беларускай Смаргонню, ператварыўшы горад за два з паловай гады ў суцэльныя руіны. 9 верасня 1915 года, здзейсніўшы прарыў фронта на поўнач ад Вільні і захапіўшы 12 верасня Свенцяны, 6-ы германскі кавалерыйскі корпус пачаў рэйд па тылах расійскай арміі. 13 верасня германская кавалерыя падышла да азёраў Нарач і Свір. Адсюль 1-я і 4-я кавалерыйскія дывізіі немцаў рушылі на Смаргонь, да чыгункі Вільня — Маладзечна і перапраў праз раку Вілію. 15 верасня, зраніцы германскі кавалерыйскі полк з артылерыяй і кулямётамі атакаваў Смаргонь. Расійскія маршавыя роты, што апынуліся ў горадзе, восем гадзін трымалі абарону. Панёсшы страты і растраціўшы патроны, яны ў спешцы адышлі да Крэва, насустрач рэзервовым часткам.
На захадзе, поўдні і ўсходзе ад Смаргоні часткі 36-га, 27-га, 4-га Сібірскага і 1-га кавалерыйскага корпусаў ужо ўвайшлі ў сутыкнене з немцамі. 20 верасня, каля 15-й гадзіны супольнай атакай 9-га і 10-га Сібірскіх стралковых, 68-й і 25-й пяхотнымі дывізіямі горад быў адбіты. Немцы адышлі на поўнач, за Вілію.
Увечары 24 верасня да Смаргоні з захаду, адыходзячы з баямі ад Вільні, падышлі часткі Гвардзейскага корпуса.
Элітныя палкі расійскай арміі, якія налічвалі 572 афіцэры, 23 920 штыкоў пяхоты, 1080 шабляў кавалерыі, 145 гармат і 5 аэрапланаў, былі гатовыя да сустрэчы з ворагам. Ужо на наступны дзень пачаліся гарачыя сутычкі на пераправе праз Вілію, ля млына, ля чыгуначнай станцыі. У бой за горад уступіла ўся 3-я Гвардзейская пяхотная дывізія, лейб-гвардыі Кексгольмскій, Петраградскі, Валынскі і Літоўскі палкі.
Немцы ўзмацнілі наступ, кінуўшы ў бой свежую брыгаду пяхоты.
З рэзерва корпуса падышоў лейб-гвардыі Прэабражэнскі полк і два батальёны лейб-гвардыі Грэнадзёрскага палка. Гвардзейцы стаялі на смерць і выканалі загад «Ні кроку назад, за намі Расія». Яны адбілі атакі, утрымалі смаргонскія пазіцыі і не прапусцілі ворага на трасу Мінск — Масква.
Упершыню за часы доўгага адступлення расійскіх армій немцы былі нарэшце спынены, і гэта адбылося ля Смаргоні.
Уночы горад асвятлілі агні пажараў. Паўсюль было чуваць стогны параненых нямецкіх і расійскіх салдат. З-пад абломкаў разбуранага смаргонскага касцёла дасталі целы некалькіх дзясяткаў салдат, пяці афіцэраў і трох генералаў.
Раніцай над германскімі акопамі павяваўся белы сцяг. Немцы прасілі аб перамір’і на чатырохкіламетровым участку фронта ля ракі Віліі для збору параненых і забітых. Расійцы прынялі прапанову. Чатыры резэрвовых батальёны без зброі і ўвесь парк санітарных колаў дывізіі збіралі сваіх жаўнераў да шасці гадзін вечара. За час перамір’я было пахавана 3800 загінулых расійскіх салдат і афіцэраў, немцам было перададзена 5500 загінулых. Сярод ахвяр было і 150 мясцовых жыхароў.
Да канца 1915 года праціўнікі высіліліся і ўзмоцнена зарываліся ў зямлю. Немцы залівалі бетонам агнявыя кропкі і бліндажы — іх шэрыя грамадзіны і сёння можна пабачыць на заходняй ускраіне Смаргоні.
Лабірынты акопаў і траншэй з кожным днём усё павялічваліся, дзясяткі кіламетраў чыгункі — звычайнай і вузкакалейнай на паравознай і коннай цязе — былі пабудаваны ля Смаргоні па абодвух баках фронта, у тым ліку 19-кіламетровая чыгуначная ветка ад станцыі Пруды да паста «648-я вярста» чыгункі Маладзечна — Ліда для руху 14-га і 98-га артылерыйскіх чыгуначных мартырных паркаў. Таксама былі наведзены шматлікія масты і паромныя пераправы праз Вілію, пакладзены дзясяткі кіламетраў грэбляў у балотах на поўнач ад Смаргоні да возера Вішнёва.
Пачалася «пазіцыйная вайна». Круглыя суткі было чуваць ружэйную і кулямётную страляліну, шквальны агонь вяла артылерыя, у небе знаходзіліся аэрастаты і самалёты. Упершыню на расійскім фронце немцы ўжылі газ на смаргонскім участку фронта супраць 3-й Гвардзейскай пяхотнай дывізіі ўжо 12 кастрычніка 1915 года. Жудасныя ўспаміны аб нямецкіх газавых атаках засталіся ў дачкі Льва Талстога палкоўніка Аляксандры Талстой, якая загадвала шпіталём у Залессі. У 1916 годзе ля Смаргоні вадзіў салдат у атакі паручнік 16-га Менгрэльскага грэнадзёрскага палка, у будучыні знакаміты савецкі пісьменнік Міхаіл Зошчанка. Тут ён і пакаштаваў атрутнага газу і быў адасланы ў тыл на лячэнне. У 64-й артбрыгадзе ваяваў вальнапісаны Валянцін Катаеў, таксама будучы вядомы савецкі і расійскі пісьменнік. І ён таксама быў там паранены.
Хто толькі з вядомых людзей не ваяваў пад Смаргонню!
У 1916–1917 гадах Менгрэльскім грэнадзёрскім палком камандаваў палкоўнік Барыс Міхайлавіч Шапашнікаў, будучы легендарны Маршал Савецкага Саюза. У кастрычніку 1915 года ў Смаргоні быў паранены будучы Маршал Савецкага Саюза і міністр абароны СССР, а ў той час малады кулямётчык 256-га Елісаветградскага палка Радыён Маліноўскі. Увосень 1915 года мужна змагаўся ля Крэва камандзір 14-й роты 6-га Фінляндскага стралковага палка паручнік Уладзімір Трыяндафілаў, у будучыні вядомы савецкі вайсковы тэарэтык.
Ефрэйтарам-карэкціроўшчыкам у 25-м корпусным авіяатрадзе служыў Сцяпан Красоўскі, у будучым Маршал авіяцыі. У 62-й пяхотнай дывізіі ваяваў у 1917 годзе ля Крэва прапаршчык Генрых Эйхе, камандуючы вайскамі Мінскага раёна ў 1921–1922 гадах. У чыне камандзіра батальёна 333-га пяхотнага Глазаўскага палка там жа ваяваў яшчэ адзін герой Грамадзянскай вайны падпалкоўнік Васіль Шорын. У 1915 годзе ўмела кіраваў штабам 64-й пяхотнай дывізіі палкоўнік Міхаіл Драздоўскі, асабіста вадзіў у атаку 2-і батальён прэабражэнцаў капітан Аляксанр Куцепаў — абодва вядомыя генералы Белага руху.
З красавіка 1916 года газавыя атакі ўвайшлі ў спіс будзёных баявых дзеянняў. Напружанне паміж варожымі бакамі ўзрастала. 2 ліпеня 1916 года за паўтары гадзіны нямецкай атакі газ пранік больш чым на 20 кіламетраў у бок Маладзечна і нанёс вялікі ўрон расійскім вайскам. Было атручана 40 афіцэраў і 2076 салдат 64-й і 84-й пяхотных дывізій. Немцы ішлі ў атаку ў процівагазах з вінтоўкай у адной руцэ і з дубінай з паўтыканымі цвікамі, каб дабіваць напаўзадушаных — у другой. Але гэтая атака была адбіта.
У ноч на 2 жніўня немцы восем разоў з паўгадзіннымі прамежкамі выпускалі газ на пазіцыі Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі ля чыгункі ў Смаргоні. Было атручана каля 3000 салдат і афіцэраў, але нямецкая атака была адбіта і там.
На працягу чэрвеня 1916 года сапёры 52-га сапёрнага батальёна 26-га армейскага корпуса капалі тунэль у тыл да немцаў — да вышыні 72,9 на ўскраіне Смаргоні, дзе размяшчалася нямецкая батарэя. У дзень штурму закладзены пад зямлю дынаміт быў разарваны, 225-ы Акерманскі і 258-ы Кішынёўскі палкі ўзялі вышыню штурмам.
А 6 верасня 1916 года ля той жа вышыні ўпершыню за час вайны расійскія войскі ўжылі газ. Савецкія гісторыкі заўжды хавалі гэты факт, спрабуючы запэўніць грамадскасць, што газ ужывалі толькі немцы.
На германскія акопы за 15 хвілін атакі было выпушчана 13 тон хлору. Зрэшты, немцы былі да такой атакі падрыхтаваны — кожны з іх меў працівагазныя маскі.
Смаргонскія пазіцыі былі вельмі цяжкімі для абароны. Нездарма сярод расійскіх салдат гуляла прымаўка «Хто пад Смаргонню не бываў, той вайны не спазнаў[3]». Ну а сам горад быў цалкам разбураны артылерыяй, парыты акопамі і траншэямі. Газета «Ніва» № 25 за 1916 год называла Смаргонь «мёртвым горадам».
25 верасня 1916 года ў 20 кіламетрах на поўдзень ад Смаргоні, ля Крэва гэраічна загінуў экіпаж паветранага карабля-бамбардзіроўшчыка «Ілля Мурамец» № 16 пад кіраўніцтвам паручніка Макшэева з 3-га атрада Эскадры паветраных караблёў. У момант бамбардзіроўкі штаба 89-й германскай запасной дывізіі карабель атакавалі чатыры нямецкія знішчальнікі. Завязаўся бой. Тры з іх былі збіты, але загінуў і экіпаж расійскага карабля. Авіятараў, георгіеўскіх кавалераў, паручнікаў Макшэева, Карпава, Гаібава і Рахміна, немцы пахавалі з пашанай, як невядомых герояў, на вайсковых могілках ля вёскі Баруны. Зараз на месцы гібелі экіпажа ўсталявана мемарыяльная дошка.
Супер-самалёт «Ілля Мурамец» быў самым цяжкім і вялікім з усіх тагачасных самалётаў. Лічылася, што збіць яго вельмі складана. І на самой справе, іх было пабудавана толькі 60 адзінак, але за час Першай сусветнай было збіта толькі тры з іх, прычым толькі апарат паручніка Макшэева быў знішчаны падчас паветранага бою, астанія два — зенітным агнём з зямлі.
«Ілля Мурамец» стаў першым у свеце пасажырскім самалётам. Ён упершыню ў гісторыі авіяцыі быў абсталяваны адасобленым ад кабіны камфартабельным салонам, спальнымі пакоямі і нават ваннай і прыбіральняй. На «Мурамцы» было ацяпленне (выхлапнымі газамі рухавікоў) і электрычнае асвятленне. Па бартах знаходзіліся выхады на кансолі ніжняга крыла.
Пабудова першай машыны была скончана ў кастрычніку 1913 года. Пасля выпрабаванняў на ёй рабіліся паказальныя палёты і ўсталёўваліся рэкорды, у прыватнасці, рэкорд грузапад’ёмнасці. Вясной 1914 года першага «Іллю Мурамца» пераабсталявалі ў гідраплан з больш магутнымі рухавікамі. У гэтай мадыфікацыі ён быў перададзены марскому ведамству і да 1917 года заставаўся самым буйным гідрапланам.
На жаль, пазіцыйнай вайна пад Смаргонню не давала перавагі ні аднаму з бакоў. Але надышоў 1917 год. Лютаўская рэвалюцыя ўзрушыла войскі. Ля Смаргоні, у 5–10 км на ўсход, у Белай і Залессі, дзе размяшчаліся рэзервовыя часткі, адбываліся мітынгі і сходы. У чэрвені тут выступаў Керанскі, заклікаючы да наступлення. Аднак, баявы дух арміі быў зламаны беспаваротна. І нават псіхалагічная акцыя Керанскага — удзел жаночага «батальёна смерці» ў баях за Новаспаскі лес — цалкам правалілася. Жанчыны не ўзнялі дух салдат, а самі, ледзь патрапіўшы пад абстрэл немцаў, асалапелі і збянтэжыліся. Зрэшты, аб гэтым батальёне больш падрабязна пагаворым пазней.
Тым не менш, 19–23 ліпеня 1917 года зноў была арганізавана спроба прарваць фронт на ўчастку Смаргонь — Крэва. Нягледзячы на значную колькасную перавагу войска і артылерыі — 16 пяхотных і 2 кавалерыйскіх дывізіі, каля 800 гармат і 13-дзённая норма снарадаў, наступленне расійскай арміі зноў правалілася. А скончылася ўсё ўвогуле братаннем з немцамі і відавочнай адмовай працягваць баявыя дзеянні.
5 снежня ў мястэчку Солы, у 10 км на захад ад Смаргоні, за дзесяць дзён да падпісання ў Брэсце агульнага перамір’я (15 снежня 1917 года), кіраўнік дэлегацыі шараговец 322-га Солігачынскага палка 81-й пяхотнай дывізіі Шчукін, бальшавік, заключыў ад імя расійскай арміі з немцамі мір.
Першапачаткова дамовіліся спыніць баявыя дзеянні на два месяцы. Але, як потым выявілася, яны спыніліся назусім. Так скончылася 810-дзённая бітва за горад Смаргонь.
Смаргонь была адзіным горадам на фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора, які так доўга і ўпарта абараняла расійская армія ў Першую сусветную вайну. Абараняла, каб пазней без бою аддаць згодна з Брэсцкім мірам, паводле якога немцам саступілі палову Беларусі і Украіны і ўсю Прыбалтыку.
Праблемы з арганізацыяй баявых дзеянняў былі і ў англічан. На жаль, аналагічных дыпламатычным і дыверсійным, як пры ліквідацыі Распуціна, поспехаў англічане так і не атрымалі на франтах. Падаецца, гэта стала кепскай характэрнай рысай усіх імперый — не шкадаваць людзей, не прадумваць тонкасцяў уласных баявых аперацый, дапускаць нядбайнасць і неразважлівасць у дзеяннях.
У Вялікабрытаніі да гэтай пары ёсць афарызм — «атака лёгкай кавалерыі», які азначае ці піраву перамогу, ці вялікія дарэмныя ахвяры. Нарадзіўся ён пасля Крымскай вайны, дзе англічане, французы і туркі ваявалі супраць Расіі. У тыя гады падчас адной з бітваў, якая складвалася на карысць брытанцаў і іх саюзнікаў, з-за фанабэрыі, некампітэнтнасці і няўзгодненасці дзеянняў англійскіх камандзіраў, 600 кавалерыстаў выбранай лёгкай конніцы рушілі адбіваць сваю артылерыю ў захапіўшых яе расійскіх салдат не з таго боку. З-за няўзгодненасці брытанцы паскакалі не ў фланг да расійцаў, не ў абыход, а проста ў лоб, пад артылерыйскі агонь. Батарэю яны адбілі, але большая частка кавалерыі была перабіта ядрамі і карцеччу. Гэтую памылку, якая каштвала жыцця сотням маладых людзей, жаўнераў элітнай часткі Яго Вялікасці, англічане памятаюць да гэтай пары. Нешта падобнае адбылося ў турэцкіх Дарданэлах у 1915 годзе.
Да пачатку 1915 года англа-французскае камандаванне распрацавала супольную аперацыю для захопа Дарданэльскага праліва і выхада ў Мрамарнае мора, да Канстанцінопаля. Задачай Дарданэльскай аперацыі было забеспячэнне свабоднага марскога злучэння праз праліў і адцягванне сіл Турцыі з Каўказскага фронта.
Паводле першапачатковага плана, прарыў павінны быў зрабіць брытанскі флот, якому належала без высадкі дэсанта знішчыць берагавыя батарэі. Пасля першых няўдалых атак невялікімі сіламі (19–25 лютага), 18 сакавіка флот перайшоў у генеральнае наступленне, у якім было задзейнічана больш за 20 лінкораў, лінейных крэйсераў і састарэлых браненосцаў. Дэсант быў арганізаваны вельмі кепска. Англійскія салдаты высаджваліся на бераг проста пад агонь турэцкіх кулямётаў. Шмат загінула, а тым, хто ацалеў і здолеў зачапіцца за бераг, заставалася толькі чакаць падмогі, якая так і не прыйшла. Пасля страты трох караблёў брытанцы, не дасягнуўшы ніякага поспеху, адышлі з праліва.
Пасля гэтага тактыка Антанты змянілася — было вырашана высадзіць экспедыцыйныя сілы на Галіпалійскай паўвыспе (еўрапейскім баку праліва) і на супрацьлеглым азіяцкім баку. Дэсант Антанты (80 000 чалавек), які складаўся з аглічан, французаў, аўстралійцаў і новазеландцаў, пачаў высадку 25 красавіка. Яна адбывалася на трох плацдармах, раздзеленых паміж краінамі-удзельніцамі. Нападаючыя здолелі затрымацца толькі на адным з участкаў Галіпалі, дзе дэсантаваўся аўстралійска-новазеландскі корпус. Жорсткія баі і перакід свежых злучэнняў Антанты працягваліся да сярэдзіны жніўня, але ніводная са спробаў з-за невыгодных умоў дэсантавання не дала значнага выніку. Туркі адбілі ўсе атакі. Да канца жніўня зрабіўся відавочным правал аперацыі, і Антанта пачала рыхтавацца да паступовай эвакуацыі войскаў. Апошнія злучэнні былі выведзены з Галіпалі ў пачатку студзеня 1916 года. Адважная стратэгічная задума, ініцыятарам якой быў Уінстан Чэрчыль, скончылася поўным правалам. У няўдачы абвінавацілі аўтара ідэі. Чарговая «атака лёгкай кавалерыі».
Ну а на Каўкаўзскім фронце ў ліпені 1915 года расійскія войскі адбілі наступ турак у раёне возера Ван, але ўсё адно былі вымушаны адступіць, пакінуўшы пры гэтым частку тэрыторыі (Алашкерцкая аперацыя). Баявыя дзеянні распаўсюдзіліся на тэрыторыю Персіі. 30 кастрычніка расійскія войскі высадзіліся ў порце Энзелі, да канца снежня разбілі пратурэцкія ўзброеныя атрады іранцаў і ўзялі пад кантроль тэрыторыю Паўночнай Персіі. Навошта? Цяжка зразумець. Напэўна, па задуме цара «збіралі рускія землі». На гэты раз у Персіі.
Куды больш паспяхова, чым на сушы і ў паветры, у расійцаў ішлі справы ў марскіх бітвах. Праўда, на Балтыцы асабліва буйных баёў не было, але немцы, тым не менш, здзяйснялі спробы праціснуцца ў Фінскі заліў, але гэтаму перашкаджаў расійскі флот.
На моры, як на сушы і ў паветры, камандаванні варожых бакоў сутыкнуліся з праблемамі. Як высветлілася, ніхто не ўспрымаў сур’ёзна магчымасці падводных лодак, таксама як і самалётаў. Ніхто не знайшоў час на тое, каб больш-менш прыстойна ўзброіць самалёты, а на моры ніхто не думаў аб распрацоўцы метадаў вайны з падводнымі лодкамі. І ў выніку, субмарыны ў пачатку вайны адчувалі сябе гаспадынямі мора. На жаль, вайсковая думка відавочна не паспявала за тэхнічным прагрэсам.
У 1914 года споўнілася ўжо 15 гадоў з часу, калі першая ў свеце падводная лодка пад назвай «Holland» («Галандыя») была залічана ў склад рэгулярнага ваеннага флоту. Субмарыны прайшлі ўжо тры вайны (расійска-японскую, італа-турэцкую і грэка-турэцкую), здзейсніўшы шэраг атак і нават выпусціўшы адну тарпеду, але міма цэлі.
Аднак, нават параўнальна доўгі досвед выкарыстання субмарын не даў адказу на пытанне: як правільна выкарыстоўваць падводныя караблі ў вялікай вайне, да якой рыхтаваліся краіны Антанты і іх праціўнікі?
Калі на сушы Германія білася ў асноўным з французамі і расійцамі, то на моры — з англічанамі, прадстаўнікамі марской імперыі. У 1914 годзе ваенны флот Вялікабрытаніі быў, як і на працягу двух сотняў гадоў да таго, буйнейшым у свеце і панаваў у водах, якія атачалі Брытанскі архіпелаг. Флот Германскай імперыі, які актыўна будаваўся каля апошніх пятнаццаці гадоў, апярэдзіў флоты іншых дзяржаў і стаў другім у свеце па магутнасці. Брытанскі флот збіраўся арганізаваць дальнюю блакаду германскіх партоў, аб чым было абвешчана 20 жніўня 1914 года, а нямецкія ваенна-марскія сілы рыхтаваліся да абароны.
З самага пачатку вайны нечакана, як раней было сказана, эфектыўна праявілі сябе падводныя лодкі абодвух бакоў. Аднак першы баявы паход германскіх субмарын, які пачаўся 6 жніўня, завяршыўся не вельмі ўдала. У напрамку Аркнейскіх выспаў з мэтай далёкай разведкі была выслана першая флатылія. І хоць паход скончыўся безвынікова, і пры гэтым загінула дзве лодкі U-13, якія зніклі без вестак, і U-15, якая была пратаранена лёгкім крэйсерам, ён прадэманстраваў, што субмарыны здольныя на далёкія пераходы, чаго раней ніхто не меркаваў. Кіраўніцтва брытанскага флоту не верыла, што германскія падлодкі маюць аўтаномнасць, дастатковую для пераадолення адлегласці ад свайго берага да Злучанага Каралеўства, аднак запас ходу тагачасных лодак цалкам дазваляў выканаць гэткі маршрут.
Першай ахвярай нямецкіх падлодак стаў крэйсер «Патфайндар», патоплены 5 верасня лодкай U-21, а 13 верасня брытанская лодка Е-9 патапіла састарэлы германскі крэйсер «Хела».
22 верасня 1914 года ля галандскага ўзбярэжжа, ля порта Хук-ван-Холанд састарэлая германская падводная лодка U-9 пад камандаваннем Ота Ведыгена менш чым за дзве гадзіны патапіла адразу тры брытанскія браненосныя крэйсеры. Загінула 1459 брытанцаў, выратаваць атрымалася толькі 837 чалавек. Гэтая атака выклікала ў Каралеўстве шок, узмоцнены тым, што каманды крэйсераў складаліся ў асноўным з сямейных рэзервістаў і маладых кадэтаў.
Ведыген вярнуўся на базу героем, аб яго перамозе пісалі ўсе газеты, дадаючы да артыкулаў меркаванне, што час надводных караблёў сканчваецца. У Расіі аднойчы ў «Даведніку Расійскага Імператарскага флота» за 1915 год быў апублікаваны рапарт Ведыгена, у якім капітан сам распавядае пра подзвіг, які зрабіў яго славутым:
Я плаваў на паверхні вады, за выключэннем выпадкаў, калі ў моры было відаць судны; тады я зусім пагружаўся, не паказваючы нават пераскопа. У 6.10 раніцы я ўбачыў адзін з вялікіх англійскіх крэйсераў у 18 мілях ад Хук-ван-Холанда; мая лодка адышла ад сваёй базы значна далей за 200 міль; і яна хоць і была старога тыпу, але працавала выдатна. Мы былі пад вадой, паказваючы толькі 5 футаў свайго пераскопа. Але калі пабачылі крэйсеры, то зусім сышлі пад ваду і працягвалі ісці ў іх напрамку такім чынам, каб заняць становішча ў сярэдзіне ўтворанага праз крэйсеры трохкутніка.
Калі я зноў падняўся, то знаходзіўся ўжо на дыстанцыі міннага стрэлу, але, жадаючы біць напэўна, зноў пагрузіўся і яшчэ больш наблізіўся да крэйсераў; потым зноў падняўся і, ацаніўшы адлегласць, вырашыў адсюль пусціць міну…
Тады, сышоўшы на 12 футаў пад ваду, я пусціў адну міну, якая патрапіла ў корпус судна пад склепам, выбух якога давяршыў пагібель крэйсера (гэта быў «Абукір») на працягу некалькіх хвілін; на лодцы адчуваўся шум і перадавалася вібрацыя ад выбуху крэйсера; яго экіпаж прадэманстраваў вялікую мужнасць, стоячы ля гармат да самага пагружэння корпуса, гатовы адкрыць агонь, але марна, бо я сышоў пад ваду, паспеўшы, аднак, заўважыць, што абодва іншых крэйсеры на поўным ходзе рынуліся дапамагаць таварышчам.
Апусціўшыся на належную глыбіню, я ў той жа час пусціў адну міну па бліжэйшым з іх; англічане дапамаглі мне ў выкананні маёй задачы; міна патрапіла ў «Хуг», але не так удала, як першая, бо крэйсер пратрымаўся на вадзе яшчэ 20 хвілін, потым перавярнуўся і патануў. Трэці крэйсер тым часам ацаніў небяспеку, якой падвяргаўся, асцярожна зігзагамі набліжаўся, страляючы з кароткаствольных гармат, але беспаспяхова, хаця адзін са снарадаў ударыўся даволі блізка ад нас. На бліжэйшай адлегласці я пусціў у «Крэсі» дзве міны; раздаўся выбух, каманда да канца стаяла ля гармат, прадэманстравала традыцыйнае для англійскіх маракоў геройства.
Адыходзячы з месца гібелі крэйсераў, я спрабаваў час ад часу паказвацца мінаносцам праціўніка, каб завесці іх у раён патаплення англійскіх суднаў; ў прыцемках яны заўважылі мяне і імкнуліся захапіць у лавушку, але мы не паддаліся, і ў хуткім часе яны спынілі пераслед.
З дакументаў бачна, што U-9 дзейнічала ў ідэальных для сябе ўмовах, а англічане былі бездапаможнымі ў дачыненні да пагрозы з-пад вады. Канечне, такая раскоша для падводных лодак хутка скончылася, і з 351 германскай субмарыны, якія ўдзельнічалі ў Першай сусветнай вайне, 178 лодак (больш за 50 %) былі патоплены.
У цэлым жа на працягу 1914 года дзеянні абодвух бакоў былі засяроджаны на знішчэнні баявых караблёў адно аднаго. Падводныя лодкі за гэты тэрмін патапілі разам 8 крэйсераў і адзін лінкор.
Таксама было пачата знішчэнне гандлёвых судоў — 20 кастрычніка 1914 года субмарына U-17 патапіла параход «Глітра», які стаў першым камерцыйным параходам, знішчаным у часы Першай сусветнай вайны. Ён затануў ля нарвежскага берага, і пры гэтым былі захаваны ўсе фармальнасці прызавога права.
Разам на працягу кастрычніка — снежня 1914 года было знішчана 300 000 тон гандлёвага танажу.
У 1915 годзе пачалася, але адносна абмежаваная, падводная вайна. Блакада партоў Германіі Вялікабрытаніяй пацягнула за сабой распрацоўку контрмер. Для ўсталявання блакады планавана ўжываць падводныя лодкі і дапаможныя крэйсеры-рэйдары, пераабсталяваныя з гандлёвых суднаў. Лонданская дэкларацыя 1909 года, якая рэгулявала правілы марской блакады, была створана для крэйсераў пры ўмове неаказання супраціву гандлёвымі судамі. Таму дэкларацыю было складана ўжыць у дачыненні да падводных лодак, што, усплываючы для дагляду, рабіліся лёгкай здабычай.
13 студзеня 1915 года брытанскае Адміралцейства выдала сакрэтнае распараджэнне, якое дазваляла гандлёвым суднам Злучанага Караўства выкарыстоўваць сцягі нейтральных краін. У той жа дзень пачаліся працы па ўсталёўцы артылёрыйскіх гармат на гандлёвых караблях.
7 мая 1915 года немецкая U-20 пад камандаваннем капітан-лейтынанта Вальтэра Швігера памылкова выпусціла тарпеды па трансатлантычным лайнеры «Лузітанія». Карабель быў знішчаны адзінай тарпедай і патануў усяго за 20 хвілін. Загінула 1198 чалавек, у тым ліку 128 грамадзян ЗША. Амерыканскія і англійскія ўлады і прэса яшчэ на працягу доўгага часу з папрокам прыгадвалі Германіі гэтую трагедыю. Праз тыдзень пасля катастрофы ўрад ЗША накіраваў ноту пратэсту, у якой паведамлялася, што судна было пасажырскім і яго патапленне з’яўляецца праявай пірацтва ў адкрытым акіяне. На гэта немцы адказалі, што «Лузітанія» знаходзілася ў водах, абвешчаных зонай баявых дзеянняў, і што папярэджанне аб гэтым было надрукавана ва ўсіх газетах света. Гэта падзея абвастрыла адносіны Германіі і ЗША, шлі бясконцыя абмены нотамі аб выплатах сем’ям пацярпелых. Трагедыя «Лузітаніі» падштурхнула прэзідэнта Злучаных Штатаў Вудра Вільсана да разгляду магчымасці абвясціць Германіі вайну. Гэта падзея таксама напружыла стасункі ў нямецкім Адміралштабе — кайзер быў супраць неабмежаванай падводнай вайны, у адрозненні ад грос-адмірала Альфрэда фон Тырпіца.
Яшчэ напярэдадні вайны з пункту гледжання закона падлодка, сустрэўшы варожы карабель, павінна была даслаць на борт партыю ваеннаслужачых для дагляду. Калі была ўсталявана наяўнасць забароненага ладунку, судна лічылася прызам. Патрэбна было адвесці яго ў свой порт ці, пры немагчымасці, знішчыць, гарантуючы бяспеку экіпажу. Артылерыю на субмарынах, за рэдкім выключэннем, не ўсталёўвалі, а тарпедны залп па гандлёвым судне проста не ўкладаўся ў галовах маракоў. Але ў жыцці ўсё аказалася значна больш жорстка і сувора, чым на паперы.
Некаторыя гісторыкі лічаць, што патапленне «Лузітаніі» вызначыла ўдзел Злучаных Штатаў у вайне. Але, як высветлілася ўжо ў 2009 годзе, ЗША і Вялікабрытанія таксама не былі з чыстымі рукамі. Вадалазы даследвалі рэшткі лайнера, пасля чаго былі атрыманы сведчанні таемнай перавозкі боепрыпасаў на гэтым грамадзянскім лайнеры, што раней урады пацярпелых краін адмаўлялі. Вось чаму карабель зайшоў у зону баявых дзеянняў!
Адзін з вадалазаў, Цім Кэры, сказаў:
Тое, што мы знайшлі, не пакідае сумневаў у тым, што «Лузітанія» дастаўляла боепрыпасы са Злучаных Штатаў еўрапейскім саюзніцкім вайскам.
А як ішлі справы з субмарынамі ў Расійскай імперыі?
Проста кажучы, не надта. Маракі, журналісты, пісьменнікі змарнавалі гару паперы ў апісаннях будучай вайны на моры. Да гэтай тэмы прыклаў руку і Жуль Верн, апісваючы «Наўцілус» капітана Нэма, і аўтар знакамітых прыгод Шэрлака Холмса сэр Артур Конан Дойль. Апошні ў 1914 годзе апублікаваў аповесць, у якой падлодкі невялікай краіны пагражаюць існаванню вялікай марской дзяржавы. У гэтай плыні паперы і словаў, якая мала цікавіла вайскоўцаў, тым не менш сустракаліся вельмі дакладныя і важныя прадказанні. Вось і расійскі флот быў адным з нешматлікіх, які меў баявы падводны досвед, але нават вядучы расійскі канструктар субмарын І. Г. Бубноў у 1909 годзе пісаў, што лодкі ў будучай вайне будуць несці пазіцыйную службу ля берагоў, «як своеасаблівыя мінныя банкі». Падводныя лодкі ніколі не былі сярод улюбёнай зброі адміралаў царскага флоту. Іх больш прываблівалі прыгожыя, шматгарматныя браненосцы, да якіх меў сімпатыю і цар Мікалай, а не несамавітыя прысадзістыя субмарыны. Такое стаўленне часта выяўлялася ў шматлікіх анекдотах пра падводнікаў.
Перад Першай сусветнай вайной, для прыцягвання добраахвотнікаў у падводны флот было зроблена хадатайніцтва аб прыбаўленні пенсіі афіцэрам-падводнікам. Рэакцыя адміралцейскіх чыноў аказалася станоўчай, але вельмі своеасаблівай: «Можна і дадаць, усё адно патонуць!» Нескладана ўявіць, наколькі рэтраградніцкі і бюракратычны дух панаваў у вышэйшых эшалонах арміі і флоту.
Увогуле, такое стаўленне да падводных лодак было характэрна для большасці адміралаў любой краіны. Нават немцы, якія ледзь не паставілі Англію на калені ў марскіх бітвах менавіта дзякуючы падводным лодкам, у 1914 годзе яшчэ не ведалі, што з імі рабіць. У першыя дні вайны дазорны мінаносец выводзіў субмарыны ў адкрытыя воды, дзе яны да вечара стаялі на якары, як плывучыя вартоўні ля галоўнай базы кайзераўскага флоту.
Улетку 1914 года брыгада падлодак расійскага Балтыйскага флоту мела 8 баявых і 3 вучэбных лодкі. Але толькі адна з іх, «Акула», лічылася па-сапраўднаму баяздольнай. Астатнія належалі да канструкцый часоў расійска-японскай вайны і не маглі адыходзіць далей за Фінскі заліў і яго ваколіцы. Праўда, іх экіпажы дастаткова сур’ёзна рыхтаваліся да баявых дзеянняў, і кожны камандзір зрабіў па 46 тарпедных стрэлаў з розных лодак.
Ужо 29 ліпеня 1914 года субмарыны прынялі на борт баявыя тарпеды. Яшчэ да пачатка ваенных дзеянняў па загадзе адмірала Эсэна быў эвакуяваны Лібаўскі порт і падлодкі разам з плыўбазай «Анадыр» пераведзены ў Рэвель, а ўся маёмасць вучэбнага атрада была пакінута. З 212 падводнікаў 132 адправілі на караблі, 27 — на падлодкі, астатніх — каго куды.
Але калі пачаліся баявыя дзеянні, падводныя караблі вышлі на пазіцыі перад міннай загародай і ўсталі на якары ад старых мін, каб у выпадку неабходнасці можна было іх кінуць. Прастаяўшы ад 7 да 16 гадзін у моры, субмарыны вярнуліся. У далейшым тая ж практыка захавалася: для палягчэння захавання пазіцыі ў моры пакідалі пустыя бочкі з-пад бензіну, і лодкі стаялі ля іх. Пазней мінаносцы расстралялі ўсе бочкі, прыняўшы за міны. Такім чынам, тактыка першапачатковага выкарыстання лодак у расійцаў і ў немцаў была абсалютна аднолькавай, хоць расійскія прайшлі больш сур’ёзную падрыхтоўку.
Чаканага хуткага ўварвання немцаў у Фінскі заліў не адбылося.
Немцы, у сваю чаргу, не дачакаліся атакі на Гэльгаланд. Толькі 24 жніўня 3 крэйсера і падлодка U-3 выйшлі ў аперацыю супраць расійскіх дазораў.
Прычым U-3 з Кіля буксавалі надводным караблём, каб не стаміць раней патрэбнага экіпаж 600-мільным пераходам.
Крэйсеры павінны былі завабіць расійскія караблі, якія неслі дазор, на засаду падлодкі. У далейшым гэты спосаб немцы практыкавалі часта. Так, 27 жніўня нямецкія крэйсеры спрабавалі зацягнуць «Адмірала Макарава» і «Баяна». У той дзень адмірал Берынг моцна рызыкаваў, вабячы расійскія крэйсеры на пазіцыю U-3. Ён спыніў крэйсер «Аугсбург» пад абстрэлам двух расійскіх і выпусціў частку пары, імітуючы трапнасць стрэлу ў карабель. Аднак расійскія судны не пайшлі на збліжэнне. У субмарыны адмовілі стырны, і самастойная зрабіць яна не магла нічога. Вярнуўшыся, камандзір данёс, што лодка непрыдатная для доўгіх аперацый.
Калі з дакументаў, захопленых на крэйсеры «Магдэбург», стала вядома, што немцы не плануюць уварвання на Балтыку, гэта адбілася і на дзеяннях субмарын.
«Дракон» і «Мінога» перайшлі са сталага пункта базавання ў Рэвелі ў Маанзунд і 1 верасня выйшлі на пазіцыі да маяка Тахкона і да Одэнсхольма. На ноч лодкі вярталіся.
7 верасня немцы здзейснілі рэйд у Батнічны заліў трыма крэйсерамі, патапіўшы расійскі параход «Улеяборг». У той жа дзень «Акула» лейтынанта М. А. Гудзіма, аднаго з найбольш вядомых расійскіх падводнікаў, выйшла ў падыход да Дагерорта, а потым замест таго, каб вярнуцца, засталася ў моры і пайшла да берагоў Швецыі. 8 верасня яна ля шведскага ўзбярэжжа Готска-Сандзён выявіла крэйсер «Амазонэ» і з адлегласці 7 кабельтовых а 4.05 выпусціла адну тарпеду па мінаносцах, якія набліжаліся. Немцы, заўважыўшы пенную сцежку, збочылі, тарпеда прайшла міма. Так скончылася першая атака расійскай падлодкі.
Гэтая «самаволка» дала камандаванню ўпэўненасць, што лодкі могуць ваяваць значна актыўней. Напрыканцы верасня ўсе субмарыны выходзілі да Дагенрорта, але іх камандзіры ўжо прагнулі большага і засыпалі сваё начальства рапартамі з планамі разнастайных аперацый.
24 верасня «Дракон» выйшаў да Віндавы (цяперашні Вентспілс, Латвія), бо разведка паведаміла, што там групуюцца нямецкія караблі. На наступны дзень у раён Даго перайшла ўся брыгада. Аднак немцы даведаліся аб прарыве англійскіх лодак на Балтыку і адвялі караблі.
А з 10 па 11 кастрычніка, за 10 дзён да гераічнага бою Ота Ведынгена з брытанцамі, нямецкія падводнікі далі ўрок расійскім. Царскія «Грамабой» і «Адмірал Макараў» з мінаносцам «Дзейсны» выйшлі з Лапвіка ў Фінскі заліў. Яшчэ на Лапвікскіх створах заўважылі парусную лайбу. «Макараў» пайшоў на збліжэнне і выявіў, што гэта жалезны галандскі бот. Яму загадалі зайсці ў Балтыйскі порт для агляду. Потым крэйсер пачаў збочваць управа, і а 8.10 з-за лайбы вырваліся тарпеды. Як высветлілася, нямецкая U-26 трымалася блізка і дакладна выкарыстала момант, калі ўвага маракоў была звернута выключна на лайбу. Перыскоп ніхто не заўважыў, дзве тарпеды прайшлі ўшчыльную ля носа, а апошняя — за кармой. Гэта пры ўмове, што U-26 страляла з 1200 метраў.
Крэйсер даў поўны ход, стрэліў па лайбе некалькімі баявымі снарадамі, а потым хадзіў па заліве разам з «Грамабоем» вялікімі ходамі, часта змяняючы курсы. «Дзейсны» ўжо пад канвоем павёў лайбу ў порт на дазнанне, ці не дзейнічала яна супольна з «немкай». Атака, якая ледзь не завяршылася поспехам, нічаму не навучыла расійскіх маракоў.
На наступны дзень U-26 атакавала караблі, якія вярталіся з дазора. Нягледзячы на тое, што «Палада» і «Баян» праходзілі праз месца атакі «Адмірала Макарава», абодва караблі ішлі простым курсам. Капітан-лейтынант фон Беркхайм заўважыў караблі каля 8 гадзіны раніцы, але не меў бы магчымасці іх атакаваць, калі б караблі не змянілі курс і не пайшлі проста на лодку. Да 11-й гадзіны «Палада» проста сама падплыла пад тарпедныя ўстаноўкі U-26.
Нямецкая субмарына падышла на 500 метраў і стрэліла адной тарпедай, якая трапіла дакладна ў цэль. На борце здэтанавалі боепрыпасы, і крэйсер выбухнуў, загінуўшы за адно імгненне разам з усім экіпажам. З 600 маракоў пасля разрыву тарпеды і дэтанацыі боепрыпасаў не ацалеў ніхто. «Баян» пасля выбуху павярнуў і сышоў назад, часта змяняючы курс.
Уся каманда U-26 была ўзнагароджана жалезнымі крыжамі 1-га і 2-га класаў, ордэн атрымаў і камандзір атрада контр-адмірал Берынг. 14 кастрычніка ўсе нямецкія субмарыны вярнуліся на базы. У гэты раз рэакцыя расійскіх марскіх начальнікаў была імгненнай. Тэрмінова адклікалі ўсе надводныя караблі, а для знешняга гандлю пакінулі адкрытым толькі фінкі порт Раўма ў Батнічным заліве.
У загадзе камандуючага Балтыйскім флотам адмірала Эсэна з’явіліся такія словы:
Апошія тыдні вайны яскрава паказалі, што на некаторых марскіх тэатрах, да якіх належыць і Балтыйскі, падлодкі… атрымліваюць вялікае значэнне.
Толькі пасля трагедыі падводныя сілы Балтфлота было вырашана ўзмацніць караблямі з Далёкага Усходу. З’явілася ідэя папрасіць англічан прыслаць некалькі субмарын, але яны зрабілі гэта самі. Без узгаднення з расійскім камадаваннем лодкі Е-1, Е-9 і Е-11 атрымалі загад ісці на Балтыку ў Лібаву. Задача — атака нямецкіх лінкораў, якія праводзілі артылерыйскія вучэнні ў Кільскай бухце.
Расійскае камандаванне спрабавала схаваць ад немцаў факт прыбыцця англічан. Сцягі спушчаны, нумары на рубках зафарбаваны, каманда на бераг не звальняецца, афіцэры толькі ў штатскім. Аднак англічанам гэта не спадабалася, яны не выконвалі ўмоў канспірацыі, і ў хуткім часе немцы дакладна даведаліся, дзе стаяць брытанцы.
Англійскія караблі падпарадкаваліся расійскаму камандаванню 26 кастрычніка, толькі пасля настойлівых просьб і катэгарычных патрабаванняў. Маракі флота Яго Вялікасці, у асноўным, атрымалі раён патрулявання ў Данцыгскай бухце, дзе з’яўляліся буйныя караблі. У 1914 годзе яны без усялякага поспеху выканалі чатыры атакі. З расійскіх падводных лодак туды магла дайсці толькі «Акула», якая 22 красавіка схібіла тарпедай па параходзе.
Нягледзячы на тое, што балтыйскія падводнікі трэніраваліся значна лепш за сваіх чарнаморскіх калег, ніводная тарпеда так і не дасягнула мэты. Гэта тлумачыцца адсутнасцю метадаў манеўравання, стральбой адзіночнымі тарпедамі і часта без нацэльвання, на вока. Да таго ж, пазней выявіўся надахоп саміх тарпед. Яны змяшчаліся ў вонкавых апаратах і падчас пагружэння на глыбіню 15 м атрымлівалі пашкоджанні, іх кармавыя аддзяленні запаўняліся вадой — у такіх абставінах не прыходзілася казаць пра нейкую дакладную стральбу.
Усяго на працягу 1914 года расійскія падводныя лодкі зрабілі 18 паходаў, адзін з якіх ледзь не скончыўся трагічна.
У верасні 1914 года лодка «Мінога» вярталася з пахода. Падчас шторму яна была дэзарыентавана і не пазнала маяк, што адкрыўся перад ёй, капітан вырашыў падысці бліжэй, каб удакладніць сваё месца. Нечакана лодка села на мель і амаль лягла на бок. Вінт завіс у паветры. Высветлілася, што гэта быў маяк Фільзанд ля выспы Эзэль.
У тым раёне плаванне было забаронена, таму з выспы тэрмінова, каб разабрацца ў абстаноўцы, выляцеў аэраплан. Гідрасамалёт доўга кружыў, спрабуючы разгледзець сцяг на карме. Нарэшце пілот разгледзеў андрэеўскі крыж і сеў на ваду, але так няўдала, што зламаў самалёт. Лётчык распавёў падводнікам, куды яны трапілі, і «Мінога» падняла патрэбны сігнал, па якім з Эзэля прыйшоў кацер і аддвёў самалёт на буксіры. Камандзір лодкі перадаў па радыё інфармацыю аб здарэнні і папрасіў даслаць на дапамогу мінаносец.
Аднак надвор’е пачало змяняцца і, запоўніўшы кармавую цыстэрну, каманда здолела апусціць вінт у ваду. Пасля гэтага, даўшы рэверс дызелям, лодка спаўзла на глыбокую ваду, вярнулася на базу і стала на рэмонт.
Адзіны подзвіг расійскіх падводнікаў апынуўся… міфам. Так, крэйсер «Фрэдэрык Карл» каля Мемеля 17 лістапада а 2:46 падарваўся на міне. Капітан крэйсера, цалкам упэўнены ў тым, што гэта была атака субмарыны, пачаў разварот на мінным полі і зноў падарваўся. Усе караблі і судны, якія знаходзіліся побач, кінуліся на дапамогу. Яны хадзіді па мінах, але падарваўся і затануў толькі параход «Элбінг-9». Тым не менш, нават пасля гэтага немцы працягвалі лічыць, што гэта былі дзеянні падлодкі. Даведаўшыся аб гэтым, адмірал Эсэн выдаў спецыяльны загад па флоце, у якім павіншваў з перамогай… падводнікаў!
Дзейнічалі расійскія падводнікі і ў складзе Чарнаморскага флоту.
Царскі план вайны на Чорным моры, складзены ў 1909 годзе, прадугледжваў выкарыстанне падлодак падчас блакады Басфора, у раёне мыса Залаты Рог і нават у Мрамарным моры. Аднак рэчаіснасць аказалася іншай. Асобны дывізіён падлодак расійскага Чарнаморскага флота складаўся з чатырох састарэлых караблёў часоў расійска-японскай вайны. Яны маглі ўжывацца толькі для абароны сваіх берагоў і далёка ў мора не адыходзілі. У першы жа дзень вайны падлодка «Судак» выратавала дзве шлюпкі з маракамі патопленага мінзага «Прут». Гэта і ёсць самы яскравы эпізод з дзеянняў расійскіх падводнікаў на Чорным моры за ўвесь 1914 год.
Толькі ў пачатку 1916 года пачылі ўваходзіць ва ўжытак новыя сучасныя падлодкі тыпу «Барс», на ўзбраенне нарэшце паступіла удалая тарпеда (узору 1916 года). Адсюль робяцца зразумелымі надзеі, з якімі праважалі ў мора першую расійскую падводную лодку падчас кампаніі 1916 года. Ёю апынулася толькі што спушчаная на ваду ў свой першы баявы выхад лодка «Воўк» — тыпу «Барс». Самая шчаслівая субмарына Расіі ва ўсёй Першай сусветнай.
Яна была пабудавана ў Пецярбургу і ўзняла блакітны крыж Андрэеўскага сцяга ў красавіку 1916 года. Спраектаваў «Ваўка» Малінін, у будучыні — галоўны канструктар першых савецкіх лодак. Старэйшым афіцэрам быў прызначаны лейтынант Бахцін, які падчас камандавання лодкай «Пантэра» адкрыў лік савецкіх падводнікаў, але ў Першай сусветнай вайне супраць немцаў, а ў Грамадзянскай — на жаль, супраць учорашніх саюзнікаў: 31 жніўня 1919 года Бахцін патапіў брытанскі эскадраны мінаносец «Віторыя» («Vittoria»).
Галоўнай задачай расійскіх лодак у 1916 годзе лічыліся дзеянні супраць гандлёвых судоў, якія дастаўлялі са Швецыі ў Германію жалезную руду і метал. Перавозкі мелі стратэгічны характар, бо ўласных рэсурсаў для вядзення вайны Германіі не хапала. Расійскія падводнікі павінны былі ваяваць строга ў адпаведнасці з прызавым правам: лодка абавязана ўсплыць, спыніць транспарт і па дакументах вызначыць нацыянальнасць, характар ладунку, наяўнасць кантрабанды, а ў выпадку патаплення даць экіпажу магчымасць сысці ў шлюпкі.
Немцы, наадварот, бессаромна плавалі ў тэрытарыяльных водах Швецыі, усе знакі на трубах іх суднаў былі зафарбаваны, сцягі не ўздымаліся, а пасля выйсця з порту на бартах усталёўваліся шчыты, пафарбаваныя ў нейтральныя колеры. У дадатак з восені 1915 года некаторыя нямецкія лодкі былі ўзброены артылерыяй.
Гандаль прыносіў Швецыі велізарныя прыбыткі, і яна спакойна назірала за нямецкімі хітрыкамі. Больш за тое, шведы прыкрывалі нямецкія перавозкі сваім ваенным флотам. І гэтыя стасункі не пагоршыліся нават пасля таго, як нямецкі карабель «Метэор» улетку 1915 года памылкова атакаваў і сур’ёзна пашкодзіў шведскуюю лодку «Hvalen», прычым загінуў адзін нямецкі падводнік.
15 мая 1916 года Рэвель выправіў «Воўка» ў паход у раён шведскага порта Норчёпінг. Надвор’е стаяла выдатнае, на палове шляху да пазіцыі на глыбіныі 20 метраў афіцэры арганізавалі распіццё гарбаты пад грамафон, а потым каманда пераночыла. 17 мая а 4-й гадзіне раніцы судна ўзнялася на паверхню і рушыла да месца патрулявання.
Дзень стаяў сонечны і падводнікі, заўважыўшы ў далечыні белую пляму, тэрмінова сышлі пад ваду. Але гэта быў невялічкі параходзік з велізарным шведскім сцягам. Нічым не выдаўшы сваёй прысутнасці, «Воўк» цярпліва чакаў на здабычу.
У хуткім часе паказаўся чорны ценярыс, які выпускаў магутныя клубы дыму. Вялікі параход без сцяга і якіх-небудзь надпісаў моцна спяшаўся. Камандзір лодкі, палічыўшы, што судна без сцяга без сумневаў нямецкае, загадаў усплыць. Камендоры выскочылі на палубу і яшчэ па калена ў вадзе зрабілі два стрэлы перад суднам. Транспарт спыніўся і павольна ўзняў нямецкі сцяг. Каманда «Гера», так называўся параход, захоўвала сябе па-нямецку строга дысцыплінавана. На сігнал «Як мага хучэй пакінуць судна» немцы далі падцвярджальны сігнал, а праз 2 хвіліны 23 чалавекі, як гарох, скаціліся ў шлюпкі і адышлі ад борта.
Вахтавы афіцэр лейтынант Падэрні загадаў нямецкаму капітану прывезці карты і дакументы з судна, а на лодцы ўзняць Андрэеўскі сцяг, каб паказаць, што расійскі флот выйшаў у мора. Нямецкі капітан выканаў загад і, падняўшыся на лодку, падаваўся абсалютна спакойным, але калі праз сем хвілін пасля выбуху тарпеды яго «Гера» ўстала вертыкальна і пайшла на дно, ён не вытрымаў і закрыў твар рукамі.
Тым, хто застаўся ў шлюпках, абвясцілі, што яны вольныя, абрадаваныя немцы адсалютавалі, узняўшы фуражкі…
Усё адбылося ідэальна на ўзорным узроўні, быццам паводле падручніка.
Аднак некалькі пазней сігнальшчыкі заўважылі пераскоп падводнай лодкі, і «Воўк» тэрмінова сышоў пад ваду. Пераладаваўшы тарпедны апарат і пачакаўшы пару гадзін, лодка ўсплыла пад пераскоп, і камандзір убачыў літаральна побач яшчэ адзін параход пад назвай «Колга», але зноў без знакаў адрознення. Нягледзячы на тое, што заставалася небяспека нямецкай атакі, капітан Месэр вырашыў усплыць. Параход пасля некалькіх стрэлаў спіныўся, але калі агонь сціх, даў поўны ход. «Воўк» у падобнай сітуацыі меў права страляць і зараз жа выпусціў тарпеду, якая трапіла ў сярэдзіну корпуса. Ля борта ўзняўся велізарны слуп вады, а калі ён асеў, «Колга» спынілася і рэзка пачала хіліцца. На палубу выбеглі людзі і пачалі пускаць шлюпку.
Тым часам на даляглядзе паказаўся дымок, і лодка не стала чакаць, пакуль непаслухмяны параход патоне. Развіўшы поўны ход, субмарына заспяшалася на перахоп новага транспарта. Чаканні спраўдзіліся — ім апынулася нямецкая «Б’янка».
Капітан «Б’янкі», зразумеўшы, што з «Ваўком» не пажартуеш, паслухмяна выканаў усе загады. Каб ашчадзіць час, параход патапілі тарпедай. У момант выбуху на ім спрацаваў гудок, які замоўк, толькі захлынуўшыся ў хвалях. Гэта быў своеасаблівы салют бліскучаму поспеху расійскай падводнай лодкі, якая за дзень знішчыла больш суднаў, чым усе субмарыны на Балтыцы за два папярэдніх гады. Другі нямецкі капітан з палубы «Ваўка» сумна слухаў сігнал свайго парахода. Да месца атакі падышлі два «шведы» і здалёк назіралі за тым, што адбываецца. Толькі пасля адыхода «Ваўка» яны заняліся выратаваннем людзей на шлюпках.
На другі дзень палявання «Ваўка» ўсе параходы на яго шляху апынуліся шведскімі. Немцы пасля «чорнага дня» затрымалі выхад сваіх суднаў. Такім чынам, «Воўк» паспяхова вырашыў задачу па перарванні нямецкай камунікацыі.
Уночы лодка зараджала акумулятарныя батарэі, па моры, паступова ўзмацняючыся, пайшлі хвалі. Адна з іх накрыла субмарыну, і шмат вады патрапіла праз адчынены люк усярэдзіну. Удалечыні паказаліся агні парахода, і камандзір лодкі пайшоў на збліжэнне.
Нечакана сігнальшчык заўважыў на карме чырвоны агонь, які хутка набліжаецца. У хуткім часе стала зразумела, што гэта мінаносец, які ідзе проста на лодку. Субмарына тэрмінова пачала пагружэнне, і тут адазвалася здарэнне з хваляй. Заліты ёй электраматор даў моцную ўспышку, і механік атрымаў сур’ёзныя апёкі. Аднак дзякуючы добраму валоданню тэхнікай падводнікі змаглі замяніць пацярпелага і хутка ўвялі судна пад ваду. Толькі пасля гэтага матрос, які прыбег на цэнтральны пост, даклаў, што на носе было добра чуваць шум ад вінтоў тарпеды, што прайшла ў 1–2 м ад борта. Некалькі імгненняў выратавалі лодку ад пападання тарпеды і ўдару форштэўнем мінаносца. Поспех і далей спадарожнічаў гэтаму караблю.
У пачатку чэрвеня брытанская амбасада паведаміла расійскаму камандаванню, што, паводле агентурных дадзеных, са Стакгольма чакаецца адплыццё трох вялікіх канвоеў з жалезнай рудой. Было вырашана перахапіць гэтыя караблі.
Напужаныя майскім паходам «Ваўка» немцы большасць сваіх марскіх самалётаў накіравалі на пошук расійскіх субмарын. 10 чэрвеня «Воўк» ішоў на пазіцыю. Дзень быў ясны, над чыстым люстрам вады лётала шмат чаек. Маракі ўважліва сачылі за даляглядам, і тут увагу аднаго з іх прыцягнула чайка, якая чамусьці не махала крыламі. Ён здзівіўся, а, прыглядзеўшыся, зразумеў, што да лодкі ляціць самалёт. Гэта здзіўленне выратавала карабель. «Воўк» тэрмінова сышоў пад ваду, а ўсе сем скінутых бомбаў разарваліся дакладна над лодкай. Іх аскепкі потым знайшлі на палубе. Такім атакам падвергліся і іншыя расійскія лодкі, і аперацыя па перахопе руды правалілася.
У наступным месяцы камандаванне спрабавала правесці супольны рэйд двух эсмінцаў і падлодкі. «Воўк» зноў пайшоў на паляванне. У гэты раз у Батнічны заліў, і зноў вярнуўся з перамогай. Заняўшы пазіцыю 7 ліпеня, лодка прапусціла вялікі шведскі паруснік і ўсплыла перад носам парахода «Дарыта», які жвава рухаўся па бяспечным шляху адразу следам за паруснікам. «Дарыта» рэзка збочыла і пачала сыходзіць у шведскія тэрытарыяльныя воды. Артылерыстам давялося страляць ужо не перад носам парахода, а проста ў карму. Толькі атрымаўшы некалькі простых пападанняў у корпус, нямецкі капітан спыніў судна. Каб не губляць часу, параход патапілі тарпедай, як толькі эпіпаж сышоў у шлюпкі. Узяты на борт капітан доўга спрабаваў даказаць, што лодка атакавала яго карабель у шведскіх водах і толькі пасля таго, як яму паказалі падрабязную мапу, пагадзіўся, што да берага пяць міль, а суверэнітэт Швецыі распаўсюджваецца толькі на тры мілі.
Занепакоеныя немцы зноў спынілі судаходства, і «Воўк» больш нікога не ўпаляваў. На адваротным шляху лодцы вельмі пашанцавала.
«Воўк» спяшаўся дадому, дакладна ідучы па фарватары. Ужо паблізу ад свайго берага вахтавы афіцэр нечакана адчуў моцны ўдар у корпус лодкі. Азірнуўшыся, ён заўважыў, што на хвалях гайдаецца нямецкая гальванаўдарная міна і два яе рогі пагнуты. Фартуна не адвярнулася ад адной з лепшых расійскіх лодак Першай сусветнай — міна патрапілася сапсаваная.
Эсмінцы «Паважны» і «Пільны» таксама перахапілі два нямецкія гандлёвыя параходы, што ішлі са Швецыі. Аднак узняты немцамі шум у прэсе наконт «гвалту ў водах Швецыі», прывёў да абмежавання дзейнасці субмарын і яшчэ больш строгім прадпісанням паважаць шведскі нейтралітэт. Гэта становішча захавалася да канца вайны, і «Воўк» ужо больш нікога не лавіў. Вось такая вось вайна — з правіламі, выкананнем норм і інструкцый. З гуманным стаўленнем як да экіпажаў нейтральных краін, так і да варожых. Як гэта адрознівалася ад наступнай вайны!
У 1915 годзе адбыўся Готландскі бой — марскі бой паміж 1-й брыгадай крэйсераў Балтыйскага флоту Расіі і атрадам нямецкіх караблёў. Ён здарыўся 19 чэрвеня ля шведскай выспы Готланд.
18 чэрвеня 1915 года расійскія крэйсеры «Адмірал Макараў», «Баян», «Багатыр», «Алег», «Рурык», эсмінец «Новік», а таксама 8 эсмінцаў пад камандаваннем генерала Бахірава выйшлі ў мора для абстрэлу Мемеля. У той жа дзень адрад германскіх караблёў (крэйсеры «Роон», «Аўгсбург» і «Любек», мінны крэйсер «Альбатрос» і 7 мінаносцаў) выйшаў для пастаноўкі мін у Або-Аландскам раёне. Паставіўшы загароду, нямецкі адмірал Корф паведаміў па радыё на базу аб выкананні задачы. Гэтая радыёграма была перахоплена расійскай службай сувязі, расшыфравана і перададзена Бахіраву, пасля чаго той аддаў загад ісці на перахоп нямецкіх караблёў.
19 чэрвеня а 7:30 расійскія караблі знайшлі ля выспы Готланд «Аўгсбург», «Альбатрос» і 3 эсмінцы і адкрылі па іх агонь. Корф, ацаніўшы абстаноўку, загадаў «Роону» і «Любеку» вярнуцца да атрада, «Альбатросу» схавацца ў шведскіх тэрытарыяльных водах, а сам на «Аўгсбургу» пачаў адыходзіць на поўдзень. Расійскія крэйсеры «Багатыр» і «Алег» артылерыйскім агнём падпалілі «Альбатрос» і прымусілі выкінуцца на бераг ля выспы Эстэргорн.
Расійцы адправіліся ў Фінскі заліў на сваю базу. Каля 10-й гадзіны раніцы яны сустрэлі «Роон», «Любек» і 4 эсмінцы. Кароткі артылерыйскі двубой не даў перавагі ні аднаму з бакоў. Маючы недахоп у снарадах, расійскія крэйсеры пачалі адыходзіць, але праціўнік, расцаніўшы гэта як спробу расійцаў паставіць яго пад удар больш значных сіл, выйшаў з бою. А 10:30 германскія караблі сустрэў выкліканы ў раён сутычкі «Рурык». Адкрыўшы агонь, ён патрапіў у «Роон», але ўхіляючыся ад атакі падводнай лодкі, згубіў яго ў тумане, адмовіўся ад пошуку і накіраваўся ў Фінскі заліў. Немцы даслалі на дапамогу свайму атраду крэйсеры «Прынц Адальберт» і «Прынц Генрых». Першы быў атакаваны брытанскай падлодкай Е-9 і выйшаў са строю. Так гэты бой скончыўся паразай і адступленнем нямецкага флоту.
Не мела поспеху і наступная атака немцаў на Рыжскі заліў.
8 жніўня 1915 года нямецкі флот, які складаўся з 7 лінкораў, 6 крэйсераў, 24 эсмінцаў і 14 тральшчыкаў, паспрабаваў прарвацца ў Рыжскі заліў праз Ірбенскі праліў. Ім супрацьстаялі эскадраны браненосец «Слава», кананерскія лодкі «Пагражаючы», «Храбры» і «Сівуч», мінны загараджальнік «Амур», 16 эсмінцаў і дывізіён падводных лодак. А 4-й гадзіне раніцы нямецкія тральшчыкі пачалі манеўраванне мінных банак. Іх заўважылі расійскія самалёты, у хуткім часе да месца бітвы падышлі кананеркія лодкі «Пагражаючы» і «Храбры» і эсмінцы, якія адкрылі агонь па тральшчыках. А 10:30 «Слава» прыйшла на месца і ўступіла ў артылерыйскі двубой з двума нямецкімі лінейнымі караблямі — «Эльзас» і «Браўншвейг». Страціўшы на мінах два тральшчыкі, немцы адмовіліся ад спробы прарыву. 10–15 жніўня мінны загароджвальнік «Амур» паставіў яшчэ адно міннае поле ў Ірбенскім праліве. Мінаваннем займаўся і адмірал Аляксандр Калчак — у будучыні вядомы камандуючы белай гвардыяй. У савецкай гістарыяграфіі рэжым, усталяваны Калчаком на занятых яго вайскамі тэрыторыях, атрымаў назву калчакаўшчына.
У адпаведнасці з дадзенымі гісторыкаў, толькі ў Екацярынбургскай губерніі пасля заняцця яе вайскамі Калчака было расстраляна больш за 25 000 чалавек! У ноч на 7 лютага 1920 года Калчак быў расстраляны бальшавікамі.
Увосень 1914 года пры асабістым удзеле Калчака была распрацавана аперацыя па міннай блакадзе нямецкіх ваенна-марскіх баз. У 1914–1915 гадах эсмінцы і крэйсеры, у тым ліку і пад камандаваннем будучага белага адмірала, выставілі міны ля Кіля, Данцыга (сучасны Гданьск), Пілау (сучасны Балтыйск), Віндавы (сучасны Вентспілс) і нават ля выспы Борнхольм. У выніку на гэтых мінных палях падарвалася 4 германскіх крэйсеры, пры гэтым 2 з іх затанулі. Але спроба перахопу нямецкага канвою, які перавозіў руду са Швецыі, у якой Калчак прымаў непасрэдны ўдзел, завяршылася няўдачай.
У ліпені 1916 года загадам расійскага імператара Мікалая ІІ Аляксандр Васільевіч быў узведзены ў віцэ-адміралы і прызначаны камандуючым Чарнаморскім флотам. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года А. Калчак першым на Чарнаморскім флоце прысягнуў на вернасць Часоваму ўраду. Увесну 1917 года Стаўка пачала падрыхтоўку дысантнай аперацыі для захопу Канстанцінопаля, але з-за раскладу арміі і флоту гэтую думку давялося пакінуць.
16 жніўня 1915 года нямецкія адміралы паўтарылі спробу прарвацца праз Ірбенскі праліў. На працягу дня ў немцаў атрымалася пратраліць праліў, няглядзячы на тое, што яны страцілі адно судна.
«Слава» была вымушана пасля бою адысці з нямецкімі браненосцамі «Насау» і «Позэн». У ноч на 17 жніўня два германскія эсмінцы праніклі ў Рыжскі заліў. У баі з расійскім эсмінцам «Новік» нямецкі эсмінец V-99 быў пашкоджаны, а потым падарваўся на мінах і быў затоплены экіпажам.
Удзень 17 жніўня «Слава» зноў уступіла ў бой з браненосцамі «Насау» і «Позэн», атрымала тры пападанні і адышла да выспаў Маанзунда.
19 жніўня зноў падарваўся на мінах і затануў нямецкі эсмінец «S-31», а брытанская падлодка Е-1 выпусціла тарпеду па нямецкім лінейным крэйсеры «Мольтке». Так, напрыканцы жніўня нямецкі флот быў вымушаны пакінуць Рыжскі заліў.
Праўда, лёс вайны на моры вырашаўся не ў гэтых лакальных сутычках, але ў грандыёзных марскіх бітвах з англічанамі. Расстаноўку сіл на моры ў значнай ступені вырашыла знакамітая Ютландская бітва, што адбылася блізу дацкай паўвыспы.
З пачатку вайны брытанскі флот блакаваў выйсце з Паўночнага мора, спыніўшы марскія пастаўкі сыравіны і прадуктаў у Германію.
Асноўныя баявыя дзеянні германскага флоту на гэтым тэатры заключаліся ў спробах прарваць блакаду, а англійскага — ім перашкодзіць. Ютландскай бітве папярэднічала бітва ў Гэльгаландскай бухце (1914 год) і бітва ля Догер-банкі (1915 год). У абедзвюх перамаглі англічане. 24 студзеня 1916 года камандуючым нямецкім флотам адкрытага мора быў прызначаны адмірал Рэйнхард Шэер, які з самага пачатку рашуча выступіў за актыўную наступальную стратэгію. У лютым 1916 года Шэер з афіцэрамі штаба флоту распрацаваў стратэгічны дакумент «Кіруючыя прынцыпы вайсковых дзеянняў на Паўночным моры». Сутнасць яго плана заключалася ў тым, каб у рашучай бітве зламаць перавагу англічан і прарваць блакаду.
У маі 1916 года германскі флот здзейсніў спробу прарыву блакады асноўнымі сіламі, што прывяло да сутыкнення з галоўнымі сіламі брытанскага флоту ля паўвыспы Ютландыя.
Англійскае Адміралцейства адзначыла павышаную актыўнасць германскіх падводных лодак у Паўночным моры і зрабіла правільную выснову аб наяўнасці ў немцаў пэўнага плана. Разведвальны «Пакой 40» пацвердзіў гэтую асцярогу, расшыфраваўшы загад Шэера. 30 мая ён перадаў:
Варожыя сілы могуць выйсці ў мора.
Лёгкія крэйсеры і эсмінцы англічан атрымалі загад вярнуцца ў гавань, а ў абед 3-я эскадра лінкораў, якая базавалася ў вусці Тэмзы, атрымала загад падрыхтавацца ды выхаду ў мора на наступную раніцу. А 17:40 Адміралцейства даслала паведамленне адміралам Джыліко і Біці:
Немцы прызначылі пэўную аперацыю, выходзяць праз Хорнс-рыф. Вы павінны сканцэнтравацца на ўсход ад Доўгіх Саракавых (раён прыкладна ў 60 мілях ад узбярэжжа Шатландыі) ў гатоўнасці да ўсялякай сустрэчы.
Немцы, у сваю чаргу, планавалі завабіць частку брытанскага флоту ў мора і знішчыць яго.
Дзве эскадры, нямецкая і англійская, ішлі практычна паралельна адна адной, рухаючыся на поўдзень, і пасля прыстрэльвання немцы пачалі трапляць. Яны знаходзіліся ў больш выгоднай пазіцыі, бо сонца асвятляла брытанскія караблі, а вецер адносіў дым прэч, не перашкаджаючы нямецкім наводчыкам. Англійскія «Лайан» і «Тайгер» атрымалі па 3 пападанні, а нямецкія караблі заставаліся непашкоджанымі на працягу наступных пяці хвілін. Потым снарад з англійскага «Куін Мэры» знішчыў адну вежу «Зэйдліца», дзе загінуў увесь разлік. Горкія ўрокі бою на Догер-банке не пайшлі на карысць капітану Біці, і зноў пачалася блытаніна з размеркаваннем цэляў. Нямецкі «Дэрфлінгер» ніхто не абстрэльваў на працягу дзесяці хвілін, да таго як «Куін Мэры» перанёс агонь на яго і адразу трапіў. Снарад «Лютцова» прабіў дах сярэдняй вежы «Лайана» і разарваўся ўсярэдзіне.
Выбухнулі зарады ў рабочым аддзяленні пад вежай, агонь пабег па елеватары ў склеп. Карабель мог загінуць, але смяротна паранены камандзір вежы, маёр марской пяхоты Харві паспеў аддаць загад задраіць дзверы склепа і затапіць яго. Калі агонь спусціўся ў перагрузачнае аддзяленне, матросы ў склепе паспелі зачыніць дзверы. Пазней іх так і знайшлі: яны трымаліся за крэмальеры дзвярэй. А 16:02 здарылася першая катастрофа. З «Нью Зіланда» ўбачылі, як у «Indefatigable» трапілі два снарады з нямецкага «Фон дэр Тана» — адзін у паўбак, другі ў насавую вежу — і абодва разарваліся. Праз 30 секунд увесь англійскі карабель вылецеў у паветра. Першы выбух адбыўся ў насавой частцы: спачатку ўверх узляцела сцяна полымя, за ёй узнялася воблака густа-шэрага дыму, якое зусім схавала карабель. У паветра паляцелі абломкі. Абсалютна цэлы 50-футавы паравы кацер падляцеў амаль на 200 футаў дагары днішчам. Бо на «Indefatigable» ніхто не здолеў зачыніць дзверы ў баявы склеп вежы А увесь экіпаж (1117 чалавек) загінуў разам з караблём. Выратаваліся толькі два назіральнікі на фор-марсе, якіх падабраў германскі мінаносец S-16.
А 16:08 5-я англіская эскадра лінейных караблёў адкрыла агонь з лімітнай дыстанцыі ў 100 кабельтаў і, нягледзячы на вялікую адлегласць, адразу дасягнула пападанняў. «Фон дэр Тан» атрымаў падводную прабоіну і набраў 600 тон вады. На «Зэйдліцы» яшчэ адна вежа была выведзена са строю. Па словах Шэера:
Становішча лінейных крэйсераў адразу стала крытычным. Новы праціўнік страляў з надзвычайнай хуткасцю і дакладнасцю, тым больш што не сустракаў ніякага супраціву, бо нашыя караблі былі заняты боем з караблямі Біці… Пальба аглійскіх лінейных крэйсэраў не нанесла вялікіх пашкоджанняў нашым лінейным крэйсерам, але караблі тыпу «Куін Элізабэт» зрабілі проста выдатнае ўражанне.
А 16:10 была знішчала галоўная радыёстанцыя «Лайана». Ад гэтага моманту ўсе паведамленні Біці перадаваліся Джэліко з вялікай затрымкай, бо спачатку гэта рабілі пражэктарам «Прынцэс Роял». Праз пару хвілін, калі адлегласць паміж лінейнымі крэйсерамі павялічылася да 18 000 ярдаў, Біці павярнуў на 4 румбы на праціўніка. 5-я эскадра лінкораў таксама набліжалася да немцаў. У той час «Дэрфлінгер» і «Зэйдліц» абстрэльвалі «Куін Мэры». А 16:26 немцы далі залп па «Каралеве Мэры», і ў насавой частцы карабля загарэлася яскравае чырвонае полымя, раздаўся выбух, і амаль у тую ж секунду паследваў яшчэ больш моцны выбух у сярэдзіне корпуса. У паветра паляцелі абломкі, узнялася гіганцкае воблака дыму, мачты склаліся ўсярэдзіну, і ўсё знікла. Карабель пагрузіўся носам у ваду, потым выбухнула карма — і ён цалкам схаваўся пад вадой. «Тайгер» следаваў непасрэдна ў кільватарным струмяні «Куін Мэры», і калі праз 30 секунд пасля выбуху праходзіў праз дымавое воблака, яго палубу цалкам засыпала аскепкамі, а матросы не ўбачылі ніякіх прыкмет «каралевы». Толькі 17 чалавек з яе экіпажа былі падабраны эсмінцамі.
Словы аглушанага Біці ўвашлі ў гісторыю Каралеўскага флоту. Адмірал сказаў Чэтфілду: «Падаецца, сёння нешта не тое з нашымі халернымі караблямі!» Пазней, падчас разбіральніцтва такіх катастрафічных наступстваў нямецкага абстрэлу, англічане прыйшлі да высновы, што выбухі адбыліся з-за няправільнага размяшчэння боепрыпасаў, як і з-за іх неналежнай якасці.
А 16:28 брытанцы ўбачылі, як нямецкія крэйсеры разварочваюцца — яны больш не маглі вытрымліваць агонь англійскіх гармат. Капітан Хіпер прызнаў, што ад катастрофы немцаў выратавала толькі кепская якасць англійскіх снарадаў: усе лінейныя крэйсеры немцаў, акрамя «Дэрфлінгера» атрымалі па 3–4 простых пападанні і мелі сур’ёзныя пашкоджанні. А 15:55 Біці падаў сігнал эсмінцам: «З’явілася зручная магчымасць атакаваць». Але эсмінцы проста не маглі абагнаць лінейныя крэйсеры, 9-я і 10-я флатыліі Голдсміта, апынуўшыся паміж лінейнымі крэйсерамі, сваім дымам толькі перашкаджалі іх артылерыстам страляць. Здзейсніць атаку атрымалася толькі ў эсмінцаў 13-й флатыліі, якія ішлі наперадзе «Лайана». Да іх паспелі далучыцца і 4 эсмінцы Голдсміта.
Насустрач брытанцам рынулася 9-я нямецкая флатылія пад кіраўніцтвам камандора Гэйнрыха на лёгкім крэйсеры «Рэгенсбург». Завязаўся бой, у якім нямецкія эсмінцы атрымалі вялікую колькасць пападанняў, V-27 і V-29 страцілі ход і пазней патанулі. Англічане згубілі «Намад» і «Нэстар», якія, атрымаўшы спярша сур’ёзныя пашкоджанні, патрапілі пад абстрэл лінейнага флоту і пазней затанулі. Біці і Эван-Томас здолелі ўхіліцца ад усіх 18 тарпед, выпушчаных германскімі эсмінцамі.
Апоўначы каралеўскі браненосны крэйсер «Блэк Прынс», які за некалькі гадзін да гэтага згубіў сувязь з галоўнымі сіламі, ідучы на поўдзень, у цемры насунуўся на заднія караблі 1-й нямецкай эскадры лінкораў і быў патоплены дрэдноўтам «Цюрынген».
Брытанскі кароль Георг V, відавочна незадаволены вынікам бітвы, з уласцівай сапраўднаму брытанцу стрыманасцю сказаў пра бой:
Я бядую з нагоды гібелі гэтых адважных людзей, якія палі за маю краіну. Многія з іх былі маімі сябрамі. Але яшчэ больш я спачуваю, што туманнае надвор’е дазволіла Флоту адкрытага мора пазбегнуць усіх наступстваў сутыкнення, якога ён быццам бы жадаў. Але, калі з’явілася такая магчымасць, яны не выказалі ні малейшага жадання…
Абодва бакі абвясцілі аб сваёй перамозе: Германія ў сувязі са значнымі стратамі англійскага флоту, а Вялікабрытанія ў сувязі з відавочнай няздольнасцю нямецкага флоту прарваць блакаду. Брытанскі флот страціў тры лінейныя крэйсеры, тры броненосныя крэйсеры і восем эскадраных мінаносцаў, агульным танажам каля 114 000 тон.
Немцы згубілі адзін лінейны крэйсер, адзін браненосец, чатыры лёгкія крэйсеры і пяць эскадраных мінаносцаў, агульным танажам каля 60 000 тон.
Такім чынам, па агульнаму танажу патопленых караблёў страты англічан амаль удвая перавышалі страты немцаў. Загінула і патрапіла ў палон 6784 брытанцы, немцы страцілі 3039 чалавек забітымі. З 25 караблёў, якія загінулі ў Ютландскай бітве, 17 было патоплена артылерыяй і 8 — тарпеднай зброяй. Вынікі выкарыстання зброі ў баі таксама не на баку англічан: брытанскі флот выпусціў 4598 снарадаў, з іх 100 патрапіла ў цэль, з 75 пушчаных тарпед мэты дасягнулі 5. Германскі флот выпусціў 3587 снарадаў (на тысячу меней!), але пры гэтым дасягнулі 120 пападанняў, але са 103 пушчаных тарпед мэты дасягнулі толькі 3.
У выніку гэтай крывавай бітвы брытанскі флот усё ж захаваў за сабой перавагу на моры, а нямецкі лінейны флот перастаў прадпрымаць актыўныя дзеянні для прарыву блакады. То бок, гэтая бітва карэнным чынам нічога не змяніла. Падобны вынік — адна з характэрыных рысаў усёй Першай сусветнай вайны: крывавыя бітвы кардынальна не змянялі сітуацыі, фронт заставаўся на месцы, а карэнны пералом у вайне не надыходзіў. І толькі калі рэсурсы аднаго з бакоў вычарпаліся, з’явілася нейкае святло надзеі на будучы мір напрыканцы чорнага тунэля доўгай вайны.
Жыд распаўсюджваецца з жахлівай хуткасцю. А жыд і яго кагал — гэта ўсё адно што змова супраць рускіх!.
Жыд — не чалавек, ён гандляр par excellence[4]…
Гэтыя выказванні ёсць вытрымкі з чарнасоценных газет. У першым выпадку гэта цытата з выказвання пісьменніка Ф. М. Дастаеўскага, а ў другім — вядомага крытыка В. Р. Бялінскага. У падобным духу выказваўся пра яўрэяў і А. С. Пушкін.
Колькі ні капай, не знойдзеш, каб у іншых краінах знаныя асобы дазвалялі сабе такія выказванні ў адрас яўрэйства, якое пражывае на тэрыторыі іх дзяржавы. Падобныя рэчы можна было пачуць толькі ў нацысцкай Германіі. Страшна ўявіць, што ў Расіі казалі гэта не якія-небудзь дзяржыморды ці мужыкі на прызбе, а гонар нацыі. Што ж тады казаць пра просты народ?
Знакаміты расійскі паэт «старык» Дзяржавін быў яшчэ і губернатарам, і сенатарам, і міністрам юстыцыі. У 1799 і 1800 гадах яго камандзіравалі ў Заходні край для вывучэння прычын голаду і нэндзлага становішча беларускага сялянства. Нягледзячы на тое, што бядотнае становішча ліцвінаў (беларусаў) відавочна было звязана з вайной Рэчы Паспалітай супраць агрэсіі Расійскай імперыі і заваяваннем вайскамі А. Суворава цэлага краю ў 1795 годзе, што выклікала масавае бегства ад надыходзячага прыгону, Дзяржавін «зразумеў», што адна з галоўных прычын сялянскай галоты ў Заходнім краі — гэта яўрэі. Смех ды і толькі!
Дзіўная рэч: Расія захоплівае эканамічна квітнеючае Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, заганяе яго ў крызіс, і пры гэтым расійскія чыноўнікі здзіўляюцца спустошанню і не задволены яўрэямі!
Хаця ж да акупацыі 1795 года рэшты тэрыторыі Рэчы Паспалітай на іх ніхто не скардзіўся. У Расіі іх проста не было, а ў Рэчы Паспалітай яны, як ні дзіва, зусім не перашкаджалі росквіту і развіццю аб’яднай рэспубліканскай дзяржавы палякаў і беларусаў (ліцвінаў). Пры вялікай канцэнтрацыі яўрэйскага насельніцтва ў гарадах на тэрыторыі сучасных Польшчы, Беларусі і Украіны Вялікае княства Літоўскае да 1600-х гадоў дасягнула піка свайго эканамічнага развіцця. Рэч Паспалітая да сярэдзіны XVII стагоддзя была бадай што самай адукаванай і вольнай ў дачыненні да веравызнання краінай Еўропы: каталікі, праваслаўныя, пратэстанты складалі ў ім прыкладна тры роўныя часткі — прыкладна па 25 % насельніцтва, і да 10 % складалі вызнаўцы іўдзейскай веры. Канец гэтаму росквіту паклала вайна цара Аляксея Міхайлавіча Раманава, які хоць і захапіў да 80 % усіх гарадоў ВКЛ, пацярпеў жорсткую паразу. З-за вайны Беларусь, якую тады называлі Літвой, доўгі час ляжала ў руінах і так і не здолела ўзняцца на ранейшы ўзровень. Вось дзе хавалася прычына голаду і нэндзлага становішча Заходняга краю: войны з суседам, а не яўрэі. Але Дзяржавін зрабіў уласную выснову з-за характэрнай для велікаросаў юдафобіі.
Царскі антысемітызм, разам з антыпаланізмам і рэзкім непрыняццем тых ці іншых малых народаў Расіі (то запарожскіх казакоў, потым усіх каўказцаў, раней татар, пазней прыбалтаў і чухонцаў-фінаў…) часта пужае.
І Расія заплаціла за свой недалёкі нацыяналізм. У кастрычніку 1917 года вялікадзяржаўныя шавіністы апынуліся ў руках гэтых самых «мірных народаў», якія «скінулі ярмо з бразготкамі ды пугу» і якія, апрануўшыся ў «кожанкі» і ўзброіўшыся рэвальверамі, узяўшы да сябе ў саюзнікі рознага гатунку шантрапу ды бандытаў, перастралялі вялікадзяржаўных шавіністаў, і іх цара, і не ў чым не вінаватых царскіх дзяцей. Царскую сям’ю, на самой справе, шкада. Расстрэл бальшавікамі ўладара і яго сям’і выглядае на дзікунства ў вышэйшай ступені. Але цар Мікалай сам спілаваў сук, на якім сядзеў. Каго яму яшчэ вінаваціць у тым, што Расійская імперыя і сапраўды ператварылася ў турму народаў? А чаго можна чакаць ад вязняў, якія вырваліся з-за сцен гэтай турмы?
Толькі расправы!
У 1861 годзе ў Расіі адмянілі прыгон. Уласны народ выйшаў урэшце з-пад арышту. Але яўрэі засталіся. Ні ў адной іншай краіне яўрэі не вылучаліся такой рэвалюцыйнасцю, як у Расійскай імперыі, бо да 1917 года яшчэ з’яўляліся для уладаў народам другога гатунку пад уласным прыгонам, народам, абмежаваным у правах і свабодах. Яўрэі ў іншых краях былі паўнавартаснымі грамадзянамі сваіх дзяржаў, а ў Расіі ім была адведзена «паласа аселасці», якая не толькі забараняла пераязджаць з былых земляў Рэчы Паспалітай ў расійскія губерніі, але нават з мястэчак у размешчаныя побач вялікія гарады, напрыклад, з-пад Кіева ў сам Кіеў. Калі ў Амерыцы яўрэі служылі ў арміі, працавалі на дзяржаўных пасадах, маглі расці па кар’ернай лесвіцы, працаваць на карысць сабе і сваёй краіне, то ў Расіі яны адчувалі сябе людзьмі чужымі і непатрэбнымі, бо яны не маглі займаць кіруючыя пасады, рабіць кар’еру на дзяржаўнай службе і ў арміі.
Першапачаткова яўрэяў увогуле не бралі на армейскую службу, але напрыканцы жніўня 1827 года Мікалай І падпісаў загад аб распаўсюджванні на іх воінскай павіннасці. З гэтага моманту пачынаецца гісторыя няпростых стасункаў паміж расійскай арміяй і яўрэямі. Яны складаліся як пад уплывам закаранелых у асяродку вайскоўцаў антысеміцкіх перакананняў, так і ў сувязі з агульнымі грамадска-палітычнымі працэсамі ў краіне. Асаблівага напружання гэтыя ўзаемадачыненні дасягнулі напярэдадні Першай сусветнай вайны.
У 1897 годзе ў расійскай арміі служыла 53 000 яўрэяў пры колькасці ўзброеных сілаў у 1 075 000 чалавек, т. б. каля 5 % салдат былі іўдзеямі. Пры гэтым у Расійскай імперыі яны складалі прыкладна 4 %: 6 млн. ад 160 млн. усяго насельніцтва. Выходзіць, што ў працэнтных суадносінах яўрэяў на службу бралі ў большай колькасці адносна іх народа, чым расійцаў, беларусаў і ўкраінцаў. У 1914 годзе ў расійскай арміі служыла 400 000 яўрэяў — гэта больш чым было прызвана беларусаў! У той жа час штогод урадавая статыстыка паведамляла аб значным недаборы яўрэяў у адпаведнасці са спісамі тых, каго належыла прызваць. Чаму адбывалася такая анамалія?
Так, паводле дадзеных Галоўнага штаба ў 1885 годзе 38,8 % яўрэяў ухіліліся ад набора ў армію. У 1886 годзе працэнт «ухілістаў» упаў да 13,4, а ў 1890 годзе — да 8,6. Галоўны штаб тлумачыў гэтую з’яву ўвядзеннем у 1886 годзе 300-рублёвага штрафу, які накладаўся на сям’ю навабранца, які не з’явіўся да прызыву. Потым працэнт яўрэяў, якія ўхіліліся ад службы, зноў пачаў хутка расці і ў 1909 годзе дасягнуў 27,9 %. Галоўны штаб звязваў такі рост з тым, што яўрэі навучыліся абыходзіць накладзены на іх штраф. За 1898–1905 годы на іх было накладзена 38 354 500 рублёў штрафаў, а заплачана імі было толькі 1 077 000 рублёў.
У гэтай сувязі шмат казалі аб імкненні яўрэяў ухіліцца ад службы ў арміі. Тут мы падышлі да двухбаковай праблемы: з аднаго боку яўрэі і на самой справе ўхіляліся ад службы, з іншага — дзяржава зрабіла ўсё, каб яны да гэтага імкнуліся. У адпаведнасці з традыцыйным яўрэйскім рэлігійным выхаваннем ваяваць і праліваць кроў можна толькі за сваю зямлю, свой Ізраіль. Але дзяржавы Ізраіля ў той час яшчэ не было.
А значыць не было і арміі, у якой яўрэі хацелі б служыць?! Аднак у ЗША сярод іўдзееў не было распаўсюджана такое стаўленне да арміі, як у Расіі — там ад службы ніхто не ўхіляўся. Семіты ў амерыканскай арміі маглі вельмі проста зрабіць кар’еру прафесійнага вайскоўца, што ў Расіі было забаронена. «Кепскі той салдат, што не марыць стаць генералам» — казалі расійскія вайскоўцы. Але па вызначэнні стаць генералам ці хаця б проста афіцэрам яўрэй не мог! Вось ён і заставаўся тым самым кепскім салдатам, якому не было чаго «лавіць» у войску, акрамя кухталёў і абразаў. Тым не менш, яўрэяў у расійскай арміі ў 1914 годзе аказалася амаль удвая болей, чым у ЗША, а ў 1916 годзе гэтая лічба, нягледзячы на значныя страты сярод салдат-іўдзеяў, нават павялічылася да 600 000! Дзе ж тут ухіленне?
Па сведчаннях сучасніка, яўрэі часам скалечвалі сябе, звяртаючыся па дапамогу падлольных «дактароў»: адразалі пальцы на нагах, праколвалі бубенныя балонкі і г. д. Зрэшты, ці варта адносіць гэтыя факты толькі да яўрэяў? Не, бо падобныя з’явы былі шырока распаўсюджаны і сярод прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. І тут семітаў відавочна вылучаюць з агульнай колькасці ўхілістаў з-за староннага стаўлення да іх.
Рэальныя ж прычыны недабораў хаваліся, паводле меркаванняў іўдзейскіх публіцыстаў, у жахлівым стане статыстыкі на мяжы аселасці, у тым, што ў прызыўных спісах лічыліся даўно памерлыя ці людзі, якія эмігравалі з Расіі. Пятроўскі-Штэрн, абапіраючыся ў сваім даследванні на дадзеныя набораў яўрэўскага і неяўрэйскага насельніцтва напрыканцы ХІХ стагоддзя, паказаў, што дадзеныя аб ухіленні іўдзеяў увогуле з’яўляюцца статыстычнай фікцыяй. І, мяркуючы па колькасці служыўшых у расійскай арміі ў гады Першай сусветнай вайны яўрэяў, Пятроўскі-Штэрн мае рацыю.
У арміі Расійскай імперыі яўрэі мелі яшчэ адну «мяжу аселасці»: іх не дапускалі ў афіцэры. Ніжнія чыны — яўрэі (ці, як іх называлі ў армейскім справаводстве, «вызнаючыя Яўрэйскі закон талмудысты») увогуле не дапускаліся да паступлення ў вайсковыя і юнкерскія вучэльні, а яўрэі-вальнапісаныя (іх у злучэннях павінна было быць не менш за 3 % ад агульнай колькасці) не дапускаліся да здачы афіцэрскага экзамену.
Спачатку гэтыя абмежаванні насілі рэлігійны характар. Яўрэі, якія прынялі праваслаўе, дапускаліся напрыканцы ХІХ — у пачатку ХХ ст. да паступлення ў вайсковыя вучэльні. Становішча змянілася ў горшы бок у часы царавання Мікалая ІІ, калі паняцце «яўрэйства» пачало вызначацца не столькі па рэлігійных, колькі па нацыянальных крытэрах. То бок добры і любімы многімі (нават зараз) цар апынуўся тыповым антысемітам. У адпаведнасці з яго Найвышэйшым загадам ад 11 красавіка 1910 года ніжнія чыны — яўрэі, «якога б веравызнання яны не былі», больш не дапускаліся да афіцэрскага экзамену.
10 верасня 1910 года ваенны міністр забараніў прымаць вальнапісаных-яўрэяў на службу ў гарнізоны крэпасцяў, а 12 мая 1912 года Галоўны штаб загадаў распаўсюдзіць усе абмежаванні, накладзеныя на «яўрэяў-талмудзістаў» «Раскладам дапушчальнай колькасці іншаверцаў у афіцэрскім складзе» на ўсіх яўрэяў, незалежна ад іх веравызнання. Падчас узвядзення ніжніх чыноў у званне прапаршчыка запасу камандзіры павінны былі «дакладна высветліць нацыянальнасць гэтых ніжніх чыноў», не дапускаючы да ўзвядзення не толькі яўрэяў, якія прынялі хрысціянства, але і сыноў, і нават унукаў асоб мужчынскага і жаночага полу, якія нарадзіліся ў іўдзейскай веры. А гэта ўжо генацыд чыстай вады.
Яшчэ ў 1903 годзе Ваенны савет пры ваенным міністры прыняў рэзалюцыю, якая сцвярджала, што «маладыя людзі іўдзейскага веравызнання, якія прынялі хрысціянства, з’яўляюцца вельмі непажаданым элементам у нашай арміі»…
У той жа час пытанне аб забароне прыёму ахрышчаных яўрэяў у вайсковыя вучэльні павінны быў разглядаць Дзяржаўны савет, але яно было знята па загадзе вайсковага міністра «да спрыялага моманту».
Паступовая замена ў Расіі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя рэлігійнага вызначэння «яўрэя» на расавае і адпаведнае пашырэнне дыскрымінацыі да гэтай пары недастаткова вывучаны нават у яўрэйскім асяродку, а ў расійскім дык увогуле амаль невядомы, нягледзячы на тое, што яны з’яўляюцца вельмі важным элементам у разуменні ідэалогіі позняга царызму, яго памылак і няўхільнага краху.
Пытанне аб стаўленні да яўрэяў, якія адбывалі тэрміновую службу ў шэрагах расійскай арміі, з боку іх камандзіраў і таварышаў-салдат асвятляецца ва ўспамінах сучаснікаў па-рознаму. Па словах М. У. Грулёва, ужо падчас самога паступлення на службу яўрэй-салдат сустракаў атмасферу «звычайнай, знаёмай яму паўсюль варожасці і нянавісці, галоўным чынам, з боку кіруючых афіцэраў. Падчас першай жа размовы з навабранцамі ротны камандзір не абміне ў звароце да навабранца-яўрэя дадаць што-небудзь іранічнае, са здзекам і недаверам… Салдаты стараліся, канечне, браць прыклад з начальства»…
А. І. Дзянікін адзначае:
У некаторых частках была тэндэнцыя да прыгнячэння яўрэяў, але яна зусім не выцякала з вайсковай сістэмы, а прыносілася ў казарму звонку, з народнага побыту… Галоўная маса яўрэяў — гараджане, якія жылі ў большасці выпадкаў бедна, — і таму давала навабранцаў кволых, менш развітых фізічна… і гэта ўжо адразу ставіла іх у некаторае другараднае становішча ў казарменным існаванні. Абмежаванне пачатковай адукацыі яўрэяў «хедэрам», часта няведанне рускай мовы і агульная цемната яшчэ больш ускладнялі іх становішча… некаторыя распаўсюджаныя рысы яўрэйскага характару, як гістэрычнасць і прага да спекуляцый, таксама гралі вядомую ролю.
Пратэст яўрэяў-салдат супраць пераследу, у сваю чаргу, праяўляўся ў форме «прыхаванага пасіўнага байкоту службовых патрабаванняў». У той жа час, «салдаты-яўрэі, кемлівыя і добрасумленныя, стваралі сабе паўсюль нармальнае становішча»…
Зрэшты, сапраўдныя заўвагі аб нэндзлых умовах існавання яўрэйскіх прызыўнікоў, і як наступства — іх кепскі фізічны стан, заўжды заставаліся нікім не заўважанымі.
Расійскі афіцэрскі корпус у цэлым не выпрацаваў адзінага стаўлення да яўрэяў, бо сам быў неаднастайным па сваім складзе. «Каставае афіцэрства», якое да сваіх традыцый залічвала антысемітызм, складала невялікую групу корпуса, пераважалі ж у ім дэмакратычныя элементы. Ананімны аўтар зборніка «Вайна і яўрэі», які выйшаў у 1912 годзе, сведчыць:
Мы знаходзім у афіцэрскім асяродку поўную гаму верагодных адносінаў да яўрэяў, ад скрайняй юдафобіі да юдафіліі.
Лаяльнае стаўленне да салдат-яўрэяў і іўдзейскай рэлігіі праявіў, напрыклад, камандзір 59-га Люблінскага палка, раскватэраванага ў Адэсе, палкоўнік Макееў. У чэрвені 1889 года ён дазволіў салдатам-яўрэям свайго палка «занесці ў сінагогу» набытую імі на ўласныя грошы «яўрэйскую Богаслужэбную кнігу пад назвай Тора», адправіўшы іх у сінагогу строем. Пры гэтым сам Макееў таксама прыбыў у сінагогу з афіцэрамі палка і абносіў кнігі Торы «вакол аналоя».
Падобныя выпадкі былі ў тую эпоху зафіксаваны ў па меншай меры яшчэ шасці палках расійскай арміі, пры гэтым усе афіцэры, якія «дапусцілі» такое сур’ёзнае парушэнне, былі пакараны.
У той жа час афіцэраў-антысемітаў абражвала нават думка пра магчымасць мець дзеншчыка-яўрэя:
Нніводзін афіцэр рускай арміі не возьме да сябе ў дзеншчыкі яўрэя… З прычыны яго надзвычайнай бруднасці і неахайнасці, баючыся падману, пляткарства і нават шпіёнства.
Калі ў стаўленні да яўрэяў сярод салдат і афіцэрскага корпуса можна знайсці як негатыўныя, так і пазітыўныя моманты, то сярод вышэйшага вайсковага кіраўніцтва пагарда да яўрэяў рабілася прыкметай афіцыйна прынятага ладу мыслення. Як і біццё ўсіх без разбору салдат.
У гэтым упэўніваюць вынікі абмеркавання вышэйшым армейскім камандаваннем праекта аб адмене прызыва яўрэяў у армію. Упершыню думка аб замене воінскай павіннасці для яўрэяў асаблівым грашовым падаткам была выказана ў 1903 годзе падчас абмеркавання ваенным міністрам і міністрам фінансаў вайсковага бюджэту на 1904 год.
Прапанова об замене для іўдзеяў службы грашовымі выплатамі зноў усплыла ў 1907 годзе, у гэты раз ініцыятыва ў пэўнай ступені сыходзіла ад самога цара. Мікалай І наклаў ухвальныя рэзалюцыі на штогадовыя справаздачы камандуючага Віленскай вайсковай акругай і херсонскага губернатара за 1907 год, якія патрабавалі спыніць прызыў яўрэяў у армію. Камандуючы Віленскай вайсковай акругай, у прыватнасці, дакладваў цару:
Спрадвечным злом нашай арміі з’яўляюцца яўрэі, шкодныя якасці якіх цяпер у поўным росквіце… вайсковыя начальнікі… выказваюцца за абсалютнае спыненне прыёма яўрэяў у армію.
Рэзалюцыя Мікалая ІІ гучала так:
І я таксама.
У непрыдатнасць яўрэяў да арміі і іх быццам супраціўныя для службы характары можна было б стопрацэнтна паверыць, калі б аналагічнага стаўлення, але куды менш галоснага і афіцыйнага, не было б і да палякаў, фінаў, татараў і некаторых іншых народаў. Знакамітая Дзікая дывізія, якая праславіла сябе на франтах Першай сусветнай і ў той жа час мела такія ж самыя адмоўныя водгукі ў афіцэраў, як і яўрэі. Але відаць з-за неабароненасці і слабасці становішча яўрэяў як у самой арміі, так і ў грамадстве ў цэлым, здзекавацца з іх было, напэўна, прасцей і весялей для камандавання.
Зараз мы на некаторы час адыдзем ад яўрэйскага пытання, каб каротка распавесці пра лёс мала каму вядомай зараз Дзікай дывізіі, як каротка называлі Каўказскую тубыльскую конную дывізію.
Паводле законаў Расійскай імперыі горцы Паўночнага Каўказа, якія на працягу 60 гадоў вялі жорсткую абарончую вайну супраць царызму і акупацыі іх земляў, таксама доўгі час не падлягалі воінскаму прызыву. Тым не менш Аляксей Арсенеў, які прайшоў Першую сусветную вайну афіцэрам кавалерыі, прыгадвае:
Яшчэ ў руска-японскай вайне з народнасцяў Каўказа, якія былі вольнымі ад воінскай павіннасці, за выключэннем грузін і армян, з’явілася шмат ахвотнікаў ісці на фронт. З іх быў складзены асаблівы конны полк, які заслужыў сабе славу, але пасля заканчэння вайны быў расфарміраваны.
Напэўна, цар прыгадаў пра гэта, і ў хуткім часе пасля пачатка вайны з Германіяй у адпаведнасці з загадам імператара Мікалая ІІ ад 23 жніўня 1914 года з шасці каўказскіх конных палкоў, кожны з якіх складаўся з 4 эскадронаў, была створана Каўказская тубыльская конная дывізія.
Дывізіі таксама былі перададзены Асецінская пешая брыгада і 8-ы Данскі казацкі артылерыйскі дывізіён. Камандзірам Каўказскай тубыльскай коннай дывізіі быў прызначаны малодшы брат цара, Світы Яго Вялікасці генерал-маёр вялікі князь Міхаіл Аляксандравіч; начальнікам штаба дывізіі — палкоўнік Якаў Давыдавіч Юзэфовіч, якога ў крыніцах называюць літоўскім татарынам. Але, на самой справе, ён быў беларускім татарынам, што віддаць па яго імені і прозвішчу. Паняцце літоўскі ў тыя гады ўжо перайшло ад спрадвечных ліцвінаў (беларусаў) да жмудзінаў (цяпер летувісаў).
У «дзікай» дывізіі такога дзікунства, як біццё морды і стрэл у спіну зненявідлага афіцэра ніколі не было. Хаця канечне экзатычны выгляд каўказскіх вершнікаў падаваўся многім варварскім, але па-сапраўднаму дзікунскім для некаторых страявых афіцэраў было перасоўванне вершнікаў не ў шыхце, а натоўпам, атака на ворага лавай, што, зрэшты, было характэрна і для казакоў.
У прынцыпе, стаўленне да вайны ў каўказцаў першапачаткова адрознівадлася ад стаўлення расійцаў. Афіцэры дывізіі прыгадвалі, што найбольшую адданасць горцы праяўлялі падчас рэйдаў па тылах праціўніка. Мясцовае насельніцтва пры гэтым пакутвала. Кавалерыст Анатоль Маркаў прыгадваў:
Падчас начлегаў і пры ўсялякім зручным выпадку вершнікі імкнуліся адасобіцца ад палка з намерам сцягнуць у жыхароў усё, што кепска ляжала. З гэтым камандаванне змагалася самымі рознымі метадамі, аж да расстрэлу вінаватых, але за два першых гады вайны цяжка было вывесці з іх чыста азіяцкі падыход да баявых дзеянняў як на паход па здабычу…
Часта бывала, што да многіх каўказцаў і не адразу даходзіла і сутнасць іх абавязкаў. Той жа Анатоль Маркаў прыгадвае:
У верасні 1915 года на агляд дывізіі прыехаў камандуючы Дзявятай арміяй генерал Лячыцкі. Перад ім шыхт горцаў — «абадраныя напаўсалдты-напаўразбойнікі на аблавухіх клячах». Генерал раз’юшаны, карыстаючыся выпадкам адсутнасці вялікага князя Міхаіла, ён спрабуе арганізаваць разнос. «Ты, — звяртаецца ён да чачэнца Чантыева, тыркаючы яму стэкам у грудзі. — Табе піка была выдадзена ці не?»
«Выдан, твоя прысхадытэльтсва», — усміхаецца Чантыеў, задаволены тым, што прыцягнуў увагу генерала. «Дык, куды ж ты яе падзей, сукін сын?» «Нам піка нэ нужэн. Наш інгуш, чэчэн кінжал, шашка, вінтоўка маем, а піка наш кінуў к …й мацяры».
Маркаў піша, што ў групе генерала нехта засмяяўся, а
...ў Лячыцкага вочы павылупляліся і твар пачырванеў, але ад абурэння словы спыніліся ў яго на языку. «Дур-рань», — гаркнуў урэшце генерал, як з гарматы, і, рэзка развярнуўшы каня, ад’ехаў да світы, мармычучы нешта ў абурэнні.
Аднак, усё гэта задавальняла расійскіх афіцэраў і, напэўна, задавальняла цара, які спрабаваў выгнаць з арміі яўрэяў.
Праўда, з цягам часу, па словах Маркава, вершнікі
...ўсё больш і больш уваходзілі ў паняцце аб сучаснай вайне, і полк напрыканцы вайны стаў абсалютна дысцыпліванаваным, нічым не горш у гэтых адносінах за ўсялякую іншую кавалерыйскую частку.
Ілья Талстой, сын пісьменніка Льва Талстога, вайсковы журналіст у Першую сусветную, прыгадвае дзікую дывізію:
Я жыў цэлы месяц у халупіне пасярод распалажэння «дзікіх палкоў», мне паказвалі людзей, якія сталі знакамітымі на Каўказе дзякуючы таму, што з помсты забілі некалькі чалавек, — і што ж я бачыў? Я бачыў гэтых забойцаў, якія пеставалі і кармілі рэшткамі шашлыку чужых дзяцей, я бачыў, як палкі здымаліся са сваіх стаянак, і жыхары шкадавалі аб іх адыходзе, дзякавалі за тое, што яны не толькі плацілі, але і дапамагалі сваёй міласцінай, я бачыў, як яны выконвалі самыя цяжкія і складаныя ваенныя даручэнні, я бачыў іх у баях, дысцыплінаваных, шалёна адважных і няўхільных.
Нягледзячы на тое, што царызм не прынёс нічога добрага Каўказу, у 1860-я гады знішчыўшы такую вялізную культурную краіну, як Чаркесія, ад якой засталося толькі 3 % жыхароў і якую італьянскія падарожнікі Сярэднявечча называлі каўказскай Францыяй, насельніцтва Каўказа выяўляла цёплыя пачуцці нават да расійскага цара, якога самі расійцы не любілі. Так, даведаўшыся ў лютым 1917 года аб адрачэнні гасудара, кабардзінцы звярталіся да сваіх камандзіраў: «Рускія выгналі цара. Напішы яму, каб ехаў да нас у Кабарду — мы яго і пракормім, і абаронім».
Дывізія вяла цяжкія баі ля Палянчыка, Рыбнэ, Верхавіны-Быстра.
Асабліва цяжкія і крывавыя баі былі ў снежні 1914 года на Сане і ў студзені 1915 года ў раёне Ломна-Лутавіска, дзе дывізія адбівала наступ праціўніка на Перамышль. У лютым дывізія правяла шэраг паспяховых наступальных аперацый. Улетку і ўвосені 1915 года яна ўдзельнічала ў шэрагу баёў ля Шупаркі, Навасёлка-Касцюкова, у раёне Добраполе і Гайварана, якія па сведчаннях яе камандзіра вялікага князя Міхаіла Аляксандравіча былі ўвянчаны «бліскучымі коннымі справамі»…
За час сваёй баявой дзейнасці Каўказская туземная конная дывізія панесла вялікія страты.
За тры гады праз службу ў падраздзяленні агулам прайшло больш за 7000 вершнікаў, ураджэнцаў Каўказа і Закаўказзя.
Каля 3500 вершнікаў былі ўзнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі — роўна палова ад усіх!
Характэрнай рысай унутранага жыцця Каўказскай туземнай коннай дывізіі была асаблівая атмасфера, якая ў значнай ступені вызначала адносіны паміж афіцэрамі і салдатамі. Так, важнай асаблівасцю вершніка-горца было пачуццё ўласнай годнасці і поўная адсутнасць якога б там ні было ўлягання ці шапкавання, якія так упарта выхоўвае ў сваіх падпарадкаваных царызм з царквой.
Вышэй за ўсё ў дывізіі цаніліся не чыны і званні, а асабістая мужнасць і вернасць. Традыцыйны патрыярхальна-сямейны лад пакідаў адбітак і на ўнутраным жыцці каўказскіх палкоў. Ганаровыя месцы ў палкавых афіцэрскіх сходах нярэдка займалі паважаныя людзі з ліку ўнтэр-афіцэраў ці нават шараговых вершнікаў. Гэта было цалкам натуральна, бо многія воіны былі адно аднаму сваякамі.
Характэрнай рысай стасункаў у афіцэрскім асяродку дывізіі была ўзаемная павага асоб розных веравызнанняў да традыцый і звычаяў адно аднаго. У Кабардзінскім палку, у прыватнасці, ад’ютант падлічваў, колькі за сталом афіцэрскага сходу знаходзілася мусульман, а колькі хрысціян. Калі пераважалі мусульмане, то ўсе заставаліся па каўказскім звычаі ў папахах, калі хрысціян — усе папахі здымалі.
Але, на жаль, імператарская расійская армія, хоць і моцна абноўленая, засталася кансерватыўнай сістэмай. Праблемы з тым, як «упісаць» у гэтую сістэму унікальныя каўказскія часткі, пачаліся адразу, бо ніхто гэтых цяжкасцяў не прадбачыў, не рыхтаваў і не навучаў каўказцаў да ўступлення ў шэрагі дывізіі. Адносна лягчэй было з выпрацоўкай дысцыпліны: кожны мусульманін, выхаваны з пачуццём павагі да старэйшага, гэта падтрымліваецца адатамі — горскімі звычаямі. Няцяжка было навучыць і прыёмам уладання халоднай зброяй — каўказцы прызвычайваюцца да яе, што называецца, з дзяцінства. Але абыходжанне з трохлінейнай вінтоўкай, шыхт ці хаця б павярхнёвае знаёмства са статутам патрабавала працяглай і ўпартай працы. Справа ўскладнялася яшчэ і тым, што большасць каўказцаў з цяжкасцю размаўляла па-расійску, а былі такія, якія расійскай мовы не ведалі ўвогуле. І як такому патлумачыць, у чым заключаюцца абавязкі і правы вартавога — гэта вылівалася ў складаную праблему.
Асаблівая культура каўказцаў і іх стаўленне да воінскай адвагі часам прыводзіла да абсурдных ці смешных сітуацый: афіцэр патрабуе ад дзяжурнага не спаць, а той адказвае: «Тэбе баіцца — не спі. Мая мужчына, мая не баіцца, спаць будэт». Нават з верхавой яздой, да якой горцы, падавалася б, прывучаны з дзяцінства, былі складанасці. У горцаў была звычка сядзець у сядле трохі бокам, то правым, то левым, у выніку чаго пасля доўгіх пераходаў з’яўлялася маса коней за збітымі спінамі, і адвучыць вершнікаў ад гэтай звычкі было вельмі цяжка.
Анатоль Маркаў прыгадвае спецыфічныя ўзаемаадносіны, якія існавалі ўнутры дывізіі. Там, напрыклад, служыў асяцін Кібіраў, ротмістр і камандзір канвою вялікага князя. Кібіраў забіў на Каўказе чачэнскага абрэка Залімхана Харачоеўскага, і яму нельга было паказвацца ў Чачэнскі полк, таму што там служылі сваякі памерлага.
Афіцэры дывізіі прыгадвалі, што ў лютым 1917 года, калі пачалася рэвалюцыя, з энтузіязмам яе сустрэлі толькі расійскія салдаты абозу і тая частка кулямётных каманд, якую сфарміравалі з матросаў. Горцы аказаліся верным падпірышчам загінулага рэжыму. «Не ведаю, сынок, ад гэтага Керанскага-Меранскага нічога добрага не будзе», — разважаў сталы балкарац у размове з Арсеневым.
У мяцежнай сталіцы яшчэ з сакавіка 1917 года хадзілі чуткі, быццам дзікую дывізію перакідваюць у Пецярбург, але нават неспакойным летам 1917-га гэта не адбылося: у жніўні іх эшалоны спыняюцца на вузлавой станцыі Дно ля Петраграда. Да таго часу намаганнямі генерала Карнілава дывізія з-за вялікіх страт на фронце была ператворана ў корпус, якім камандаваў генерал-лейтынант князь Багратыён. Але 2 верасня 1917 года глава Часовага ўрада і Вярхоўны галоўнакамандуючы Керанскі здымае Багратыёна з пасады. Корпус падазраецца ва ўдзеле ў контррэвалюцыйным перавароце на чале з Карнілавым. У генерала Паўлоўцава атрымліваецца выратаваць баяздольны корпус ад расфарміравання, але яго ўсё адно вырашаюць ад граху падалей перавесці на Каўказ.
Напрыканцы 1917 года ён базаваўся ва Уладзікаўказе і Пяцігорску, але з пачаткам новага года прыпыніў сваё існаванне. Горцаў-ветэранаў, якія прайшлі германскі фронт, зацягнула ў вір новай вайны, Грамадзянскай вайны Савецкай Расіі, у якой яны апынуліся па розныя бакі барыкад.
Многія з іх, як чаркес Келеч Гірэй, спачатку змагаліся ў шэрагах белай Добраахвотніцкай арміі, а потым, у Другую сусветную — у створаным немцамі казацкім корпусе генерала Краснова, да той пары ўважаючы бальшавікоў за ворагаў. У 1945 годзе 65-гадовага Келеч Гірэя ў аўстрыйскім Ліенцы выдалі «саветам» англічане, і ён скончыў жыццё на шыбеніцы ў Маскве. Вось такая пагарда з боку імперыі да тых, хто верыў ёй і звязваў з ёй свой лёс, што часта абарочвалася трагедыяй і чорнай няўдзячнасцю.
Аналагічна бесцырымонна і няўдзячна царызм паводзіў сябе і з яўрэямі, заганяў у рэзервацыі як у мірным жыцці, так і ў арміі.
Пытанне аб выдаленні з арміі яўрэяў было накіравана на разгляд Савета дзяржаўнай абароны — вышэйшага органа, які адказваў за выпрацоўку дзяржаўнай палітыкі, — на чале з вялікімі князем Мікалаем Мікалаевічам (будучым Вярхоўным Галоўнакамандуючым). Савет дзяржаўнай абароны ў сваім рашэнні вызначыў:
...знаходжанне яўрэяў у арміі… надзвычайнае зло, вельмі шкоднае для інтарэсаў арміі…
Разам з тым, вялікі князь не палічыў магчымым замяніць для яўрэяў воінскую павіннасць грашовым падаткам, бо гэтая мера была б несправядлівай у адносінах да іншых народнасцяў Расійскай імперыі і «амаральнай, бо ўсталёўвала б права заможнага на водкуп ад службы». Згадывалася зноў, што яўрэі плацілі б гэты падатак за сродкі хрысціян, узняўшы кошты на свае тавары.
Зрэшты, гэтае рашэнне Савета дзяржаўнай абароны ніяк не змяніла ўпэўненасць цара ў неабходнасці прыбраць яўрэяў з арміі. На справаздачу камандуючага Омскай вайсковай акругай за 1909 год, які пісаў:
Недапушчэнне яўрэяў у шэрагі войск гэтак жа важна для інтарэсаў арміі, як і для інтарэсаў дзяржавы.
Мікалай наклаў рэзалюцыю:
Я тое ж мяркую.
Рэзалюцыі манарха мелі вялікае значэнне, бо па іх бюракратыя вызначала накірунак практычнай палітыкі дзяржавы. Да 1910 года належыць забарона прымаць іўдэяў у вайсковыя вучэльні і ўзводзіць у афіцэры ахрышчаных яўрэяў.
З трэцяга разу прапанова аб адмене прызыва яўрэяў у армію была прынята па ініцыятыве Дзяржаўнай думы. У сакавіку 1911 года Дума запатрабавала тлумачэння прычын «аднолькавых з года на год буйных недабораў» прызыўнікоў з «іўдэяў, палякаў, літоўцаў[5], магаметан, а таксама суадносінаў колькасці прызваных іўдзеяў да іх агульнай колькасці ў Расіі». Як бачна з тэкста дакумента, праблемы з недаборам тычацца амаль усіх катэгорый жыхароў былой Рэчы Паспалітай, як бачна і тое, што гэтая праблема відавочна прыдуманая — хочацца набраць болей, чым ёсць. І яўрэі, як было напісана вышэй, у адпаведнасці з вынікамі даследвання Сямёна Гольдына, складалі 5 % ад усіх салдат, а ад усяго насельніцтва ў краіне — 4 %. Значыць, што чыноўнікі відавочна хлусілі, кажучы пра іх недабор. Але крайнімі ўсё адно выставілі яўрэяў.
Атрымаўшы такую значную патрымку з боку Думы і ведаючы аб шчырым ухваленні гэтага крока царом, вайсковыя чыноўнікі пачалі распрацоўку праекта. У 1911–1912 гадах мабілізацыйнае ўпраўленне ваеннага міністэрства прапанавала пяцідзесяці вышэйшым военачальнікам (камандуючым вайсковымі акругамі і армейскімі карпусамі) выказацца аб якасцях салдат-яўрэяў і стаўленні да магчымай адмены прызыву ў войска іўдзеяў. Усе без выключэння прызналі яўрэяў малапрыдатнымі ці ўвогуле непрыдатнымі да службы ў арміі, пераважная большасць выказалася за скасаванне ўсеагульнай воінскай павіннасці для яўрэяў. Генералы адзначалі фізічную слабасць і павышаную хваравітасць яўрэяў, іх непрыстасаванасць да фізічнай працы і цяжкасцяў вайсковай службы, з-за якой прыходзілася іх вызваляць ад складанай працы, удзелу ў манеўрах і г. д.
Пры гэтым яўрэі і самі імкнуліся ўладкавацца на нестраявыя пасады, куды іх вымушаны адпраўляць камандзіры. Кажучы аб маральных якасцях салдат-яурэяў, расійскія военачальнікі згадвалі іх баязлівасць, ілжывасць, нястойкасць у баі, схільнасць да выгароджвання адно аднаго, сімуляцыі хвароб, крадзяжоў і махлярства. Адзначалася, што разумовыя здольнасці яўрэяў вышэйшыя за сярэднюю масу салдат, але яны выкарыстоўваюць іх у асноўным для ўхілення ад цяжкасцяў службы. Адносна невялікі працэнт асуджаных салдат-злачынцаў сярод яўрэяў тлумачыўся іх асцярожнасцю і вываротлівасцю.
І вось яны супярэчнасці! Калі ўзровень злачыннасці сярод яўрэйскіх салдат нізкі, то як можна называць іх махлярамі? І калі ў іх атрымліваецца «выкруціцца» ад пакаранняў вайсковага суду, то пытанні тады да гандлёвага суду! Дзянікін ужо тлумачаў хваравітасць і кепскі фізічны стан яўрэяў-прызыўнікоў: яны, у адрознені ад славян, якія прызываліся, у асноўным, з вёсак, жылі пераважна ў бедных гарадскіх трушчобах, у жахлівых умовах. Хаця ж чыста фізічна яўрэі складзены не так атлетычна, як славяне. Але вось прыклад, які дашчэнту разбівае тэорыю аб непрыдатнасці яўрэяў: у гады Другой сусветнай 556 000 яўрэяў Злучаных Штатаў ваявала, 11 350 — загінула, і трое з іх (Райманд Зусман, Бенджамін Саламон і Ісідар Яхман) былі ўганарованы вышэйшай узнагародай — Медалём Гонару. А ў 1967 годзе яўрэі Ізраіля знішчылі сірыйскую армію, паказаўшы лепшыя тактычныя навыкі і маральны дух.
Кажучы аб жаданні скасаваць прызыў яўрэяў у расійскую армію, некаторыя военачальнікі ішлі далей і патрабавалі таксама абмежаваць іх грамадзянскія правы ці ўвогуле пазбавіць расійскага падданства. У прыватнасці, знакаміты генерал Брусілаў патрабаваў «абсалютна выняць яўрэяў з шэрагаў арміі, абмежаваўшы іх грамадзянскія правы». Выключыць іўдзеяў з расійскага падданства патрабавалі камандуючы Віленскай вайсковай акругай генерал Мартсан і наказны атаман казацкакага Войска Данскога генерал Мішчанка. Генерал Сахараў (камандзір 7-га армейскага корпуса) лічыў такі крок «сапраўдным дабром для Расіі», а генерал Ліцвінаў (камандзір 5-га армейскага корпуса) увогуле патрабаваў выгнання яўрэяў з Расіі, ці «хаця б пазбаўлення ўсіх правоў стану». Ліцвінаў, а таксама генерал Плевэ казалі і аб неабходнасці пазбавіць яўрэяў права рабіць пастаўкі для арміі.
Тут без каментароў.
Іншыя военачальнікі падводзілі пад сваё нежаданне бачыць у шэрагах расійскай арміі яўрэяў ідэалагічны падмурак. Генерал Плевэ (камандуючы войскамі Маскоўскай вайсковай акругі, падчас вайны — камандуючы шэрагам армій і Паўночным флотам) лічыў, што «яўрэі — ворагі Расіі, якія прагнуць яе разбурэння».
А вось тут генерал урэшце не схібіў! Канечне, яўрэі гэтага жадалі! Як жадалі і палякі, фіны, эстонцы, латышы, беларусы, украінцы, грузіны і іншыя народы, чые правы бязлітасна прыціскалі. Чаго вартая шыльда на адной з вуліц Вільні: «Гаварыць па-польску забаронена». Ніхто не жадаў жыць у «турме народаў», як дакладна акрэсліў Расійскую імперыю Ленін. Яўрэі з гэтай прычыны і стварылі ўласную рэвалюцыйную партыю БУНД, а ў самай масавай рабочай партыі, на чале якой стаяў Ленін, — РСДРП — складалі ледзь не 90 % сяброў. Ленін і сам быў яўрэем па мацярынскай лініі — яго маці Марыю Бланк у савецкія гады ідэолагі выдавалі за немку, а не за яўрэйку.
Камандуючы 4-й арміяй Заходняга фронту генерал Эверт адзначаў:
Заўжды і паўсюль яўрэі былі чужымі і нават варожымі інтарэсам той дзяржавы, у якой жылі… У нацыі без патрыятызму, без адданасці Уладару і Айчыне добрых салдат быць не можа.
А як жа яўрэі ЗША? Хіба гэтая краіна не была ім чужой? Яўрэі — да 55 000 — выявалі і за Францыю, якую любілі і за якую паміралі: на фронце загінула каля 9500 французскіх яўрэяў — разам з чыстакроўнымі французамі. У нямецкай арміі ваявала 100 000 яўрэяў, якім не было забаронена падкрэсліваць сваю рэлігійную асаблівасць, насіць зорку Давіда, адрошчваць бараду. У шэрагах нямецкай арміі загінула 12 000 яўрэяў… але самыя велізарныя страты панеслі яўрэі, якія служылі ў расійскай арміі — 100 000 загінулых з 650 000 ваяваўшых за ўсе гады Першай сусветнай вайны. Кожны шосты ваяр загінуў за цара. Гэта нашмат пераўзыходзіла страты яўрэяў у аўстра-венгерскай арміі, дзе з 320 000 ваяваўшых загінуў кожны восьмы — 40 000 чалавек.
Прыведзеныя вышэй статыстычныя дадзеныя не дазваляюць казаць, што расійскія яўрэі нейкім чынам ухітраліся «адкасіць» ад службы. Наадварот, было шмат добраахвотнікаў. Так, мінчук Іона Жук пайшоў ваяваць у экспедыцыйны корпус у Францыі, дзе ішлі самыя жорсткія баі. Пазней ён запісаўся ў Замежны легіён, і ў 1916 годзе быў узнагароджаны крыжам у званні ўнтэр-афіцэра.
У даваеннай Расіі ніхто з рэтраграднага атачэння цара не рабіў даследванняў наконт карыснасці ці некарыснасці яўрэяў, падмацоўваючыся толькі стэрыатыпным стаўленнем да іх, ганілі, аж вантробы выварочвалі, спрабуючы апусціць яшчэ ніжэй, чым тыя былі апушчаны дзяржавай. І ўсе гэтыя даваенныя рашэнні яўрэйскага пытання пайшлі з дымам, калі яўрэі прадэманстваралі сябе ў вайне і добрымі салдатамі на фронце, і добрымі інтэндантамі ў тыле. Шмат дактароў-яўрэяў ратавала жыцці параненым салдатам, шмат яўрэяў загінула ў баях. 1 300 000 яўрэяў ваявала на франтах па абодва бакі — ледзь не трэцяя частка ўсіх еўрапейскіх мужчын-іўдзеяў, з іх палова ў расійскай арміі. І якое ж тут ухіленне ад службы?
Вядомы выпадак, калі расійскі яўрэй з вінтоўкай наперавес уварваўся ў нямецкі акоп. Нямецкі салдат, чакаючы ўдару штыком, укленчыў і пачаў маліцца… па-яўрэйску. Расійскі салдат зразумеў, што перад ім адзінаверац, скончыў за немца малітву, кіўнуў і пабег далей.
У гады Першай сусветнай вайны тысячы яўрэяў Расіі былі ўзнагароджаны за баявыя заслугі. Напрыклад, Рыгор Зусманавіч з Украіны даслужыўся да звання ўнтер-афіцэра, пазней стаўшы генерал-маёрам. Міхаіл Хацкілевіч з Ніжняга Ноўгарада адзначыўся ў баях у 1916 годзе. У 1940 годзе яму таксама было прысвоена званне генерал-маёра…
Тым не менш, на фоне жудаснага антысемітызму да вайны былі і военачальнікі, якія выступалі супраць адмены прызыву яўрэяў у армію.
Найбольш лаканічна выказўся генерал Аляксееў, камандзір 3-га Каўказскага армейскага корпуса:
Усе народы павінны адбываць натуральную воінскую павіннасць, ні ў якім разе не замяняючы яе на грашовую…
Вялікі князь Мікалай Мікалаевіч (камандуючы войскамі Пецярбургскай вайсковай акругі і Гвардзейскага корпуса) і граф Варанцоў-Дашкоў (камандуючы вайскамі Каўказскай вайсковай акругі) адзначалі, што скасаванне яўрэйскага прызыву будзе несправядлівай ільготай. Два военачальнікі, генерал Эк (камандуючы Грэнадзёрскім корпусам) і генерал Радкевіч (камандуючы 3-м Сібірскім корпусам) лічылі нават, што з яўрэяў могуць нават атрымацца неблагія салдаты.
Эк адзначаў, што шкода, якую яўрэі прыносяць арміі, «перабольшана, пры строгасці і належным наглядзе… яны здольны несці службу. Добрых салдат-яўрэяў варта заахвочваць, у той жа час доступ у афіцэрскі корпус павінны быць забаронены і для ахрышчаных яўрэў». Радкевіч жа проста намякаў на карупцыю ў самой арміі, і дзе яна болей, тым болей там не любяць яўрэяў:
Салдаты-яўрэі шкодныя там, дзе няма цвёрдага парадку і працы з войскам… Выступленні яўрэяў у 1904–1907 гг., асабліва пад кіраўніцтвам Бунда, адсоўваюць на задні план пытанне аб прыроджанай баязлівасці і неваяўнічасці…
Службу яўрэяў у расійскай арміі Радкевіч да таго ж лічыў дзейсным сродкам іх паспяховай асіміляцыі.
Акрамя апытанняў военачальнікаў, царскімі чыноўнікамі былі зроблены гістарычныя даведкі і статыстычныя агляды службы яўрэяў, вялася шырокая перапіска з міністэрствам унутраных спраў, расійскім вайсковым агентам за мяжой былі замоўлены даведкі аб службе яўрэяў у арміях іншых краін. Вынікам усёў гэтай працы з’явіўся ліст ваеннага міністра Сухамлінава старшыні Савета міністраў ад 26 красавіка 1914 года, дзе ён з поўнай упэўненасцю выказаўся за спыненне набора ў армію яўрэяў. Фактычна ж Савет міністраў ужо з самага пачатку 1914 года «давяральным чынам» абмяркоўваў гэтае пытанне, стварыўшы асаблівую міжведамственную нараду пад старшыньствам памочніка ваеннага міністра генрала Вернандэра.
Але Першая сусветная вайна перарвала пачатую працу, і адмена прызыву яўрэяў у армію так і не адбылася. Цікава, ці змянілася б меркаванне аб яўрэях у царскіх чыноўнікаў, калі б бальшавікі не прыйшлі да ўлады? Наўрад ці. Хутчэй за ўсё дыскусія аб адмене прызыву зацягнулася б з-за таго, што няўпэўненых дадалося б. І ўсё на гэтым.
Такіх шавіністаў, як цар, перавыхаваць немагчыма. Прадэманстраванае падчас падрыхтоўкі вайсковай рэформы пагардлівае і варожае стаўленне да яўрэяў без сумневу адбілася б і на жосткай палітыцы расійскіх вайсковых уладаў у адносінах да ўсяго яўрэйскага насельніцтва Расійскай імперыі, як яно і праяўлялася на захопленых тэрыторыях у гады Першай сусветнай вайны. Сляпыя шавіністы не заўважалі, як з умацаваннем антысемітызму ўзрастала рэвалюцыйная актыўнасць у самой Расіі. І вось генералы-шавіністы разам з шавіністам-царом ужо ўласнымі рукамі склалі свой пахавальны стос, падаткнуўшы яго сухім галлём. Заставалася толькі паклікаць Леніна з факелам сусветнай рэвалюцыі.
Лютаўская рэвалюцыя 1917 года скасоўвала няроўнасць, у тым ліку і яўрэяў. Афіцэрам было забаронена біць салдат, а саміх салдат ураўнялі ў правах з афіцэрамі, ствараліся салдацкія камітэты і саветы. Але ў плане вайны нічога не змянілася. Часовы рэвалюцыйны ўрад проста абвясціў, што чуткі пра сепаратны мір з Германіяй — хлусня, і што Расія будзе весці вайну да поўнай перамогі. І на самой справе, Расіі не варта было ўвязвацца ў гэтую вайну, але аднабакова выходзіць з яе напярэдадні перамогі было вельмі небяспечна і неразумна.
Германія высілена, на ўсходнім фронце размешчана менш за паўмільёны яе салдат, а на вырашальным і больш цяжкім заходнім — менш за тры мільёны. Каля двух мільёнаў немцаў ужо загінула падчас баявых дзеянняў. Ужо ўлетку 1917 года германцы бачаць, што рэсурсаў не хапае, вайна на два фронты знясіліла краіну, адасобіла яе, і аб перамозе можна забыць. Брытанія, Расія і Францыя таксама вычарпаны. Асабліва жахлівыя для сябе страты панеслі французы. Але час на іх баку. У красавіку афіцыйна ў вайну ўступілі ЗША, хаця амерыканскія і канадскія лётчыкі і экспедыцыйныя падраздзяленні добраахвотнікаў ужо даўно біліся разам з англічанамі і французамі.
Так, у гады вайны ў ліку мільёнаў загінулых быў і вядомы канадскі хакеіст Алан Мак-Лін Дэвідсан па мянушцы Скоці. Алан лічыўся адным з лепшых нападаючых Канады, ён стаў прафесіяналам у клубе «Toronto Blueshirts» у 1912 годзе і з’яўляўся адным з лідуючых бамбардзіраў Нацыянальнай Хакейнай Асацыяцыі на працягу двух сезонаў. Дэвідсан быў капітанам «Таронта» на кубку Стэнлі ў 1914 годзе. У гады Першай сусветнай вайны Алан добраахвотна запісаўся ў канадскі экспедыцыйны корпус. Ён загінуў у 23 гады падчас бою 16 чэрвеня 1915 года на тэрыторыі Бельгіі, не жадаючы адступаць пад уціскам немцаў. Імя гэтага аддзінага загінулага ў гады Першай сусветнай гульца ў хакей з шайбай занесена ў канадскі Нацыянальны мемарыял Vimy.
У ліпені немцы, не бачачы для сябе перспектыў, просяць міру, але без анэксіі, з захаваннем уласнай тэрыторыі. Антанце гэтыя ўмовы не падабаюцца: Францыя павінна атрымаць кампенсацыю за страшныя чалавечыя страты на франтах. А таксама немцы павінны вярнуць далучаныя ў 1870 годзе землі. Прапанову міру без анэксій саюзнікі адхіляюць. Ды і навошта яе прымаць? Вось яшчэ трошкі — і можна будзе па поўнай дыктаваць абяскроўленай Германіі свае ўмовы. Усё ішло да канчатковай паразы Германіі, якая відавочна была не ў стане ваяваць на два фронты, але…
Леніна відавочна не задавальняла Лютаўская рэвалюцыя. Занадта далёка ён апынуўся ад улады. 25 кастрычніка (па старым стылі) адбылася яшчэ адна змена ўлады. Бальшавікі назвалі яе Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыяй, а зараз часцей называюць бальшавіцкім пераваротам. Народ з энтузіязмам пайшоў за Леніным, бо ён абяцаў абяздоленаму люду самыя простыя і так неабходныя рэчы: мір, роўнасць, братэрства, зямлю. Людзям да смерці надакучыў неразумны цар, і ад яго адракліся з лёгкасцю скінутага цяжару. Народу надакучыла вайна — і Ленін у хуткім часе яе закончыў. Царкву аддзялілі ад дзяржавы, і простаму народу гэта таксама прыйшлося даспадобы: духавенства нічым не дапамагала простым людзям, а толькі зрошчвалася з уладай. Крытыка царквы Львом Талстым з-за яе некарыснасці не выклікала адпаведнай рэакцыі святароў, толькі Талстога адлучылі. І да гэтай пары РПЦ не жадае нічога змяняць у адносінах да вялікага пісьменніка.
Пасля рэвалюцыі 1917 года гэтыя дзіўныя, па меркаванні англічан і французаў, бальшавікі, раптам пачынаюць весці з немцамі перамовы аб міры, прычым з пазіцыі прайграўшых, пагаджаючыся аддаць немцам вялізныя тэрыторыі сваёй дзяржавы! І гэта пры тым, што 1917 год для Расіі быў паспяховым на франтах з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй.
Нават маленькая слабая Грэцыя ў ліпені 1917 года абвясціла вайну адразу ўсім: Германіі, Аўстра-Венгрыі і Турцыі з Балгарыяй — а расійцы, арганізаваўшы яшчэ адну рэвалюцыю… падаецца як здаюцца!? Новы ўрад Леніна пасля звяржэння Часовага ўрада Керанскага адразу абвясціў, што Расія ў першую чаргу выходзіць з вайны. Пачаліся перамовы з немцамі, прычым Ленін гатовы быў пайсці на велізарныя саступкі.
Брытанскі міністр узбраення Уінстан Чэрчыль быў у поўным неразуменні:
Ні да адной краіны лёс не быў такім жорсткім, як у дачыненні да Расіі. Яе карабель затануў, калі гавань была побач.
Карабель ужо перацярпеў буру, калі ўсё абвалілася. Усе ахвяры ўжо былі прынесены, уся праца завершана. Самаадданы прарыў рускіх армій, які выратаваў Парыж, пераадоленне пакутлівага адступлення без снарадаў, імгненнае аднаўленне сіл, брусілаўскія перамогі, уступленне Расіі ў кампанію 1917 года непераможанай, больш моцнай, чым калі-небудзь раней. Трымаючы перамогу ў руках, яна ўпала на зямлю, і жыўцом, як калісь Ірад, была з’едзена чарвякамі.
Эх, калі б Чэрчыль ведаў, як справа павернецца, то магчыма намаганні англійскай контрразведкі былі б накіраваны не на ліквідацыю Распуціна, які наўрад штосьці мог змяніць, а на іншага, куды больш уплывовага ў Расіі чалавека.
Урэшце, 18 студзеня 1918 года нямецкі генерал Гофман падчас перамоваў з расійскай дэлегацыяў паклаў на стол мапу і папрасіў расійскі бок азнаёміцца з ёй. Усе схіліліся над сталом. Гофман, спакойна правёўшы пальцам па размаляванай мапе, запатрабаваў перанесці мяжу Расіі па лініі на ўсход ад Маанзундскага архіпелага і Рыгі, далей — на захад ад Дзвінска (сучасны Даўгаўпілс, Латвія) на Брэст-Літоўск. Расія, паводле нямецкіх умоў, губляла такім чынам больш за 150 тыс. кв. км сваёй тэрыторыі — усе заходнія землі, за якія так доўга ваяваў то цар Пётр, то Кацярына Вялікая… Запанавала свінцовая па сваім цяжары ціша.
Савецкая дэлегацыя папрасіла перапынак для кансультацыі са сваім урадам і ад’ехала ў Петраград. У паўночнай сталіцы сярод партыйных таварышаў разгарэліся не па-таварыску гарачыя спрэчкі наконт магчымасці прыняць патрабаванні Германіі. Так, левыя камуністы на чале з М. І. Бухарыным увогуле лічылі недапушчальным напярэдадні сусветнай рэвалюцыі заключаць ўсялякія дамоўленасці з капіталістамі, патрабавалі неадкладна спыніць перамовы і абвясціць міжнароднаму імперыялізму рэвалюцыйную (у тых умовах, іншымі словамі, самазабойчую) вайну па ўсіх франтах. Відаць, на той момант Бухарыну жыць ужо надакучыла. Супраць заключэння міру выступаў і нарком замежных спраў Л. Д. Троцкі. Умовы для немцаў, якія відавочна цярпелі паразу ў цэлай вайне, на самой справе выглядалі нахабна, калі не сказаць горш.
8 студзеня на нарадзе у ЦК РСДРП(б) Троцкі прапанаваў не падпісваць мір, які б развязаў рукі нямецкім вайскоўцам, а замест гэтага проста спыніць вайну, а войска дэмабілізаваць. Яшчэ адно вельмі дзіўнае, калі не вар’яцкае рашэнне. Закончыць вайну, распусціўшы армію? Адкрыць фронт ворагу без супраціву? Як гэта магчыма?! Вельмі і вельмі дзіўным зараз падаецца, чаму ніхто не прапанаваў самую простую рэч — нічога не падпісваць, працягваць трымаць фронт, заручыўшыся далейшай падтрымкай англічан, французаў і амерыканцаў, і чакаць, пакуль Германія сама капітулюе. І нядоўга, проста кажучы, чакаць.
Не, Ленін спяшаецца заключыць мір на ўмовах немцаў любым коштам. У гэтым правадыр пралетарыяту, праўда, застаўся ў ЦК у адчайнай меншасці. Падобна, ён не спяшаўся раскрываць сакрэтаў, якіх, верагодна, нават у партыі бальшавікоў не ведалі: ён проста аддаваў немцам належнае за мільённыя тыражы сваёй «Іскры», за нябеднае жыццё ў гатэлях Парыжа, Лондана, Стакгольма і іншых «канспіратыўных» кватэрах, за падрыўную дзейнасць супраць царызму, т. б. на карысць ворага Расіі і Антанты, за фінскіх і нямецкіх салдат, пераапранутых у рэвалюцыйных расійскіх матросаў, што даставілі яго на Фінляндскі вакзал у апячатаным праз немцаў вагоне… Германія не шкадавала сродкаў на дапамогу бальшавікам, Ленін не шкадаваў у адказ.
Адным словам — нямецкі шпіён, як многія і называлі Ільіча ў той час. Ужо ў ХХІ стагоддзі па дакументах расійскіх архіваў стала дакладна вядомай прычына, чаму Уладзімір Ульянаў раптам стаў Леніным: падрабіў пашпарт пад аднаго нямецкага яўрэя, пад чыім прозвішчам і ўязджаў увесь час на тэрыторыю сваіх спонсараў. «Рэвалюцыя чыстымі рукамі»… З падробным пашпартам і за нямецкія грошы?
Аднак Ленін, разумеючы, што яго, як і Распуціна, свае ж могуць апусціць у проруб галавой як германскага шпіёна, павагаўшыся, даручыў новапрызначанаму кіраўніку савецкай дэлігацыі Льву Троцкаму ўсімі намаганнямі зацягваць перамовы на выпадак, калі раптам вайна скончыцца і немцам можна будзе ўвогуле не плаціць, але калі немцы выставяць ультыматум, неадкладна яго прыняць.
Немцы таксама не гублялі час перапынку ў перамовах дарэмна. Менавіта тады ў іх розумах канчаткова зацвердзілася канцэпцыя курсу на далейшы распад Расійскай імперыі і падтрымкі нацыянальных рухаў на ўскраінах у барацьбе за аддзяленне ад прагнілага царства Раманавых. Але гэты курс ніяк не магчыма назваць новым. Яшчэ ў верасні 1917 года ў Летуве ва ўмовах нямецкай акупацыі з’явіўся летувіскі рух Тарыба, які за сваю мэту абвясціў стварэнне незалежнай нацыянальнай дзяржавы на дэмакратычнай аснове і ў саюзе з Германіяй. 11 снежня Тарыба абвясціла пра адраджэнне незалежнай Летувіскай (так з 1840 года пачала называцца Жамойтыя, ці Самагітыя) дзяржавы, але з населенай пераважна беларусамі (іх, як каталікоў, часта ў гістарычнай літаратуры называюць палякамі) сталіцай у Вільні. Аднабаковы акт Тарыбы, магчымы толькі ва ўмовах нямецкай акупацыі, не быў прызнаны ні краінамі Антанты, ні Расіяй. Цяпер немцам заставалося пасадзіць на летувіскі прастол правільнага кандыдата.
Ім стаў герцаг Вільгельм фон Урах, адзін з прадстаўнікоў Вюртэмбергскай дынастыі. Яму нават прыдумалі адпаведнае імя — Міндаўгас ІІ, але тут надышоў лістапад 1918 года, час канчатковай капітуляцыі Германіі, і жамойтам давялося абысціся без караля.
Але самым жаданым кавалкам для немцаў, канечне, былі Украіна і Беларусь. У пачатку 1918 года іх унутранае становішча адрознівалася вялікай няўстойлівасцю. Цэнтральная Рада Украіны — аб’яднанне разнародных партый — яшчэ 23 чэрвеня 1917 года, то бок яшчэ да кастрычніцкай рэвалюцыі, абвясціла аб аўтаноміі Украіны ў складзе Расіі. 22 студзеня 1918 года, скарыстаўшыся бязладдзем у Расіі, Цэнтральная Рада абвясціла аб незалежнасці Украінскай Народнай Рэспублікі і пагадзілася на акупацыю яе нямецкімі і аўстрыйскімі войскамі. Аднак, 8 лютага Кіеў быў захоплены Чырвонай Арміяй, у Харкаве ўтвораны савецкі ўрад, а Цэнтральная Рада збегла на Валынь.
Трэба адзначыць, што ад’езд савецкай дэлегацыі ў Петраград выклікаў некаторыя хваляванні ў нямецкіх саюзнікаў. У прыватнасці, у аўстрыйцаў. У Вене вельмі баяліся, што бальшавікі больш не вернуцца за стол перамоваў, каб падпісаць такое невыгоднае для іх пагадненне напярэдадні разгрому Германіі французамі, брытанцамі, амерыканцамі і ішнымі аўстралійцамі і канадцамі. Хуткага міру патрабавала не толькі вычарпанае шматгадовай вайной і голадам насельніцтва Аўстра-Венгрыі, але і жыхары Германіі, дзе ў страйку толькі на буйных берлінскіх заводах прыняла ўдзел больш за 400 000 рабочых.
У гэтых умовах германскія саюзнікі вырашылі заключыць мір з прадстаўнікамі Украінскай Цэнтральнай Рады. Гэтае рашэнне далося няпроста. 21 лютага главы дэлегацый Германіі і Аўстра-Венгрыі выехалі ў Берлін, каб пракансультавацца па пытанні, ці варта ўвогуле падпісваць мір з краінай, чый суверэнітэт, па вобразным выказванні Л. Троцкага, абмяжоўваецца занятым у Брэсце пакоем. Ды і ў сам горад прадстаўнікі незалежнай Украіны здолелі прабрацца, толькі абвясціўшы прадстаўнікам Чырвонай Арміі, што з’яўляюцца чальцамі савецкай дэлегацыі.
Як бы там ні было, а 27 лютага ў беларускім Брэст-Літоўску прадстаўнікі чацвярнога саюза і Цэнтральнай Рады падпісалі мірную дамову. Паводле яе да 31 ліпеня таго ж года Украіна абавязвалася паставіць Германіі і Аўстра-Венгрыі 1 млн. тон хлеба, 400 млн. адзінак яек, не менш за 50 тыс. тон мяса ў жывым выглядзе, цукар, марганцавую руду і яшчэ шмат чаго карыснага. У адказ саюзнікі абяцалі аказаць Радзе дапамогу ў барацьбе з бальшавікамі. Дамова з Украінай аказалася для саюзніц па цэнтральнай кааліцыі вельмі дарэчы, асабліва для Аўстра-Венгрыі, дзе запасаў прадуктаў па самых галодных нормах заставалася толькі на месяц. Сродкі масавай інфармацыі імгненна распрапагандавалі гэту, па словах Чарніна, «хлебную дамову», што спрыяла нармалізацыі ўнутранай абстаноўкі ў краіне. Вось як ацэньваў Брэсцкую дамову з Украінай нямецкі гісторык Ф. Фішэр:
Асаблівасцю гэтага міру было тое, што ён цалкам свядома быў заключаны з урадам, які на момант падпісання не меў ніякай улады ва ўласнай краіне. У выніку ўсе шматлікія перавагі, якімі немцы валодалі на паперы, маглі быць рэалізаваны толькі ў выніку заваявання краіны і аднаўлення ў Кіеве ўрада, з якім яны падпісалі дамову.
Падпісаўшы дамову з Украінай, у Берліне вырашылі больш жорстка размаўляць з Петраградам. У дзень падпісання дамовы з Радай генерал Людэндорф даслаў Кульману тэлеграму, у якой нагадаў пра абавязак праз суткі пасля падпісання міру з Украінай спыніць перамовы з расійскай дэлегацыяй. Выставіць ультыматум аб прыняцці германскіх умоў савецкай дэлегацыі свайму міністру замежных спраў загадаў і кайзер Вільгельм ІІ. Кульман дакладна выканаў дадзеныя яму інструкцыі. Адказ на ўльтыматум бальшавікі павінны былі даць не пазней за 10 лютага.
Кіраўнік савецкай дэлегацыі Л. Троцкі, як гэтага і патрабавалі немцы, даў свой адказ, але ён быў да пэўнай ступені нечаканым і супярэчыў атрыманым ад Леніна ўказанням.
Троцкі абвясціў:
Мы выходзім з вайны, але вымушаны адмовіцца ад падпісання мірнай дамовы.
Адначасова ён накіраваў тэлеграму галоўнакамандуючаму Крыленка з патрабаваннем неадкладна выдаць загад па арміі аб спыненні ваеннага стану з Германіяй і яе саюзнікамі і аб усеагульнай дэмабілізацыі. Гэты загад быў атрыманы ўсімі франтамі 11 лютага. Рашэнне, мякка кажучы, дзіўнае. Расія тым самым выходзіла з вайны, але міру не падпісвала. Атрымліваецца, што салдаты накіроўваюцца з фронту дадому, а немцаў — шчыра вітаем, хіба так?
Германскі бок не змог не ацаніць такі падарунак і абвясціў, што непадпісанне Расіяй дамовы аўтаматычна цягне за сабой канец перамір’я. З гэтым Троцкі пакінуў Брэст-Літоўск.
13 лютага 1918 года вярхушка другога рэйха сабралася ў невялікім курортным гарадку Бад-Хомбургу на захадзе Германіі, каб абмеркаваць нечаканую сітуацыю, якая склалася пасля зрыву мірных перамоваў. На нарадзе прысутнічалі кайзер Вільгельм, Кульман, канцлер Гертлінг, амаль усё вышэйшае ваеннае камандаванне, у тым ліку, натуральна, Гіндэнбург і Людэндорф. Па ўспамінах апошняга, на нарадзе было прынята рашэнне «нанесці кароткі, але моцны ўдар па размешчаным насупраць нас расійскім вайскам, які дазволіў бы нам захапіць вялікую колькасць вайсковага рыштунку». 16 лютага генерал Гофман паведаміў прадстаўніку савецкай дэлегацыі А. А. Самойлу, які застаўся ў Брэсце, што 18 лютага роўна а 12-й гадзіне Германія пачне наступленне на працягу ўсяго Усходняга фронту. Акуратна, так па-нямецку, дакладна паведаміў, калі яны будуць наступаць. Вайна джэнтэльменаў і рыцараў. Такой, дарэчы, і была гэтая сусветная вайна.
Акурат у азначаны час 47 пяхотных і 5 кавалерыйскіх дывізій нямецкай арміі рушылі на ўсход. У лютым 1918 года супольныя германа-аўстра-венгерскія войскі на Усходнім фронце налічвалі не больш за 450 тыс. чалавек (для параўнання, увосень 1916 года — больш за 1,5 млн.), і складаліся ў асноўным з салдат старэйшых прызываў — усе найбольш баяздольныя часткі даўно былі перакінуты на захад, дзе вырашаўся лёс гэтай вялікай бітвы народаў. Ну а тут, на Усходнім фронце, пачалася новая, камічная вайна з бальшавікамі.
Яшчэ адна іронія Першай сусветнай вайны: мільёны салдат загінулі, так і не змяніўшы карэнным чынам сітуацыю на фронце, а тут раптам, без адзінага стрэлу і без адзінай страты немцы занялі тэрыторыю ледзь не паловы еўрапейскай часткі Расійскай імперыі. Ужо былой.
Генерал Гофман так і запісаў у сваім дзённіку:
Гэта самая камічная вайна, якую можна сабе ўявіць. Яна вядзецца толькі на чыгунцы і грузавіках. Сажаюць якую-небудзь сотню пехацінцаў з кулямётамі і адной гарматай, і дасылаюць да бліжэйшай станцыі. Бяруць станцыю, бальшавікоў арыштоўваюць і перасоўваюцца далей.
Гофман прыводзіць ашаламляльныя факты, калі адзін лейтэнант і шэсць салдат узялі ў палон 600 казакоў, без барацьбы захапілі гарматы, аўтамабілі, лакаматывы. Ды што там гарматы! Без бою, кіруючыся толькі панічным жахам і чуткамі, здаваліся вялікія гарады. Так, 18 лютага нямецкі атрад менш чым у 100 штыкоў узяў Дзвінск, дзе ў той час знаходзіўся штаб 5-й арміі Паўночнага фронта. 19 лютага быў здадзены Мінск, 20-га — Полацк, 21-га — Рэчыца і Орша, 22-га — латвійскія Вольмар і Вендэн і эстонскія Валк і Гапсала, 24-га невялікі атрад нямецкіх матацыклістаў прымусіў капітуляваць велізарны расійскі гарнізон у Пскове, 25-га бальшавікі з ганьбай пакінулі Барысаў і Рэвель. Толькі Нарва абаранялася да 4 сакавіка. За 5 дзён нямецкія і аўстрыйскія войскі прасунуліся ў глыб расійскай тэрыторыі на 200–300 км. Гэта было самае пераможнае шэсце нямецкай арміі за ўсю гісторыю яе войнаў! Гэта былі самыя чорныя дні ў гісторыі савецкай Расіі, ды і Расіі ўвогуле. Пад пагрозу было пастаўлена само яе існаванне.
Іронія з іроній гэтай камічнай, па словах Гофмана, вайны ў тым, што менавіта ў гэтыя ганебныя дні — 23 лютага — савецкі ўрад пазней вырашыў адзначаць дзень нараджэння Чырвонай Арміі, спасылаючыся на тое, што зноў утвораныя ўзброеныя сілы нейкіх немцаў недзе, маўляў, разбілі, спынілі ці штосьці ў гэтым родзе. Смех! Разрознены супраціў акупантам аказывалі толькі часткі Чэхаславацкага корпуса, якія складаліся з чэхаў, якія здаліся добраахвотна ў расійскі палон, у тым ліку і знакамітага пісьменніка Яраслава Гашака. Акурат у той час ён і пісаў свайго легендарнага салдата Швейка. Аднак, гэта былі нязначныя баі. 21 лютага нямецкія войскі свабодна ўвайшлі ў Кіеў, дзе была адноўлена ўлада Цэнтральнай Рады.
Ну а што ж на самой справе было 23 лютага? Ці нарадзілася якая-небудзь армія? Што паслужыла нагодай для святкавання «дня нараджэння» савецкіх войскаў? Ды нічога добрага для краіны і Леніна з усёй яго камапаніяй не здарылася. Наадварот, наступленне немцаў па ўсім фронце прымусіла Леніна пайсці на пэўныя сустрэчныя крокі, абараняцца, але не ад немцаў, а ад нязгодных са шпіёнскай ленінскай пазіцыяй «таварышаў» па партыі. У выніку вострай барацьбы ў кіраўніцтве ЦК (вось дзе разгарэўся бой!) бальшавіцкай партыі «гераічна» зламіў супраціў левых па пытанні аб падпісанні дамовы з Германіяй. Ужо зраніцы 19 лютага ў Берлін была даслана тэлеграма са згодай савецкага ўрада цалкам прыняць нямецкія ўмовы міру.
Але немцы наступ не спынілі і запатрабавалі ад расійскага боку афіцыйнага пісьмовага паведамлення. Бюракраты! І 21 лютага, у дзень захопу немцамі Кіева, Савнарком прыняў урэшце запознены дэкрэт-адозву «Сацыялістычная айчына ў небяспецы!». Звярніце ўвагу: 21-га, а не 23-га.
Можна падумаць, што пасля 21 лютага пачалося хуткае ўтварэнне Чырвонай арміі для адпору варожага наступу. Ні ў якім разе! Ніякага загаду, ані пісьмовага, ані вуснага аб стварэнні чагосьці ўзброенага выпушчана не было! Толькі загад аб раззбраенні. Для з’яўлення арміі патрэбны быў, у першую чаргу, дакумент. Нам яго ніколі не паказвалі і не паспавядалі, акрамя ўзгадкі дэкларацыі «Сацыялістычная айчына ў небяспецы!». Дык гэта не дакумент, а ўлётка з крыкам адчаю. То бок па арміі ідзе загад Леніна аб раззбраенні і несупраціве немцам, а хтосьці невядомы (можа зноў чэхі?) утварае нейкую падпольную Чырвоную армію?
Натуральна, што 23 лютага ніякай арміі створана не было, як па-ранейшаму, супраціву ніхто не аказваў. У гэты дзень з Берліна савецкі ўрад атрымаў новыя ўмовы міру, значна больш жорсткія, чым раней.
Новы ўльтыматум складаўся з 10 пунктаў. Калі першыя два паўтралі патрабаванні ад 9 лютага, то бок адвод войск за «лінію Гофмана», то ў іншых пунктах Расію прымушалі цалкам ачысціць Ліфляндыю і Эстляндыю, прызнаць урад Цэнтральнай Рады Украіны і вывесці з яе войскі, таксама як і з Фінляндыі і Турцыі, і вярнуць туркам анаталійскія правінцыі (вось куды занесла расійскага салдата!). Акрамя гэтага, расійская армія павінна была быць цалкам дэмабілізавана, усім караблям трэба было вярнуцца ў порты і раззброіцца, а ў Ледавітым акіяне да заключэння мірнага пагаднення ўсталёўвалася нямецкая блакада. На прыняцце гэтага ўльтыматуму адводзілася двое сутак.
Але бальшавікам не патрэбна было столькі часу, яны прынялі ўльтыматум тады ж — 23 лютага. Дакумент быў абмеркаваны на тэрмінова сазваным у той жа дзень пасяджэнні ЦК. Ленін запатрабаваў неадкладна пагадзіцца на ўсе ўмовы немцаў. За прапанову здацца прагаласавала 7 чалавек, 4 было супраць і яшчэ 4 устрымаліся. І вось гэтае рашэнне, па-сутнасці, капітуляцыя, і паслужыла «нараджэнню савецкай арміі і ваенна-марскога флоту», які мы адзначаем як дзень абароны Айчыны і да гэтай пары… Камічна, як дакладна сказаў генерал Гофман.
Увечары таго ж дня, 23 лютага, «гістарычнае» рашэнне ЦК было ўхвалена ўрадам бальшавікоў — УЦВК і СНК. Паведамленне аб гэтым было накіравана ў Берлін на наступную раніцу, 24 лютага, а ў адказ прышло патрабаванне падпісаць мір на працягу трох дзён ад моманту прыбыцця савецкай дэлегацыі ў Брэст-Літоўск. У той жа дзень немцы, вось жа малайцы, урэшце спынілі наступленне. Але ж дысцыпліна! А маглі ж і да Масквы, як Напалеон, і нават да Чукоткі дайсці.
Савецкая дэлегацыя вярнулася ў Брэст-Літоўск 1 сакавіка. Міністры замежных спраў краін-пераможцаў нават не сталі чакаць на яе, а паказальна паехалі ў Бухарэст заключаць мір з разгромленай Румыніяй. Пасля вяртання глава дэлегацыі абвясціў, што Расія дае згоду на ўмовы, якія «са зброяй у руках былі прадыктаваны Германіяй расійскаму ўраду», і адмовіўся ўступаць ва ўсялякія дыскусіі, каб не ствараць выгляд перамоваў. Своеасаблівая дуля ў кішэні, калі губляць больш няма чаго.
«Са зброяй у руках»… А хто перашкаджаў за зброяй у руках абараняць ад ворага сваю айчыну? Адзін Ленін? Тады ён і не правадыр, а проста жрэц-чараўнік.
Брэст-Літоўскі мірны дагавор, а калі прасцей, то капітуляцыя са стратай велізарнай тэрыторыі ў чвэрць Еўропы, быў падпісаны 3 сакавіка 1918 года. Тэрмінова скліканы 6–8 сакавіка 1918 года VII з’езд РКП(б) ухваліў пазіцыю Леніна ў пытанні аб заключэнні гэтага, па вобразным выказванні, «брыдкага міру», а IV з’езд Саветаў 15 сакавіка дамову ратыфікаваў. І дзе ж тут дзень утварэння Чырвонай арміі? Дзе чырвоная дата ў календары? Яна з пальца высмактана.
«Брыдкі», паводле Леніна, мірны дагавор (яго злёгку абурыла тое, што крэдыторам прыйшлося аддаць болей, чым ён разлічваў) складаўся з некалькіх дакументаў: самога дагавора паміж Расіяй з аднаго боку і Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй — з іншага; заключнага пратакола да дагавора аб мытных зборах і тарыфах на асобныя тавары, расійска-германскай і расійска-турэцкай дапаўняльных дамоваў.
Савецкая Расія губляла велізарныя тэрыторыі — Украіну, Польшчу, Прыбалтыку, палову Беларусі. Разам каля 1 млн. кв. км з насельніцтвам больш за 50 млн. чалавек! На гэтай тэрыторыі здабывалася 90 % вугалю, выраблялася 54 % прамысловай прадукцыі Расіі. Межы Расіі былі адкінуты да дапятроўскіх часоў, што, у прынцыне, было нават у чымсьці справядліва: першапачаткова мяжа Маскоўскай дзяржавы на захадзе даходзіла ў лепшым выпадку да Вязьмы, але займаючыся захопніцкімі войнамі доўгіх дзвесце год (аб чым паведамляў цару міністр Курапаткін), уперлася ў Балтыйскае мора і захапіла амаль усю Рэч Паспалітую (кавалак Польшчы, Беларусь, Летуву і Украіну).
Можа Ленін устаў на шлях барацьбіта за справядлівасць і раздачы земляў тым, у каго Раманавы іх забралі? Добра было б, але з адной імперыі гэтыя землі перайшлі ва ўладанне іншай — германскай.
Зрэшты, немцы былі настроены куды больш ліберальна, чым ленінскія бальшавікі, якія як чорт з мятлой насіліся са сваёй ідэяй пажару сусветнай рэвалюцыі.
Ну а пакуль Расія выводзіла з адзначыных тэрыторый свае войскі, на іх месца ў той жа час прыходзілі нямецкія. Германія захавала за сабой кантроль над Маанзундскім архіпелагам і Рыжскім залівам. Акрамя гэтага, расійскія войскі павінны былі пакінуць Фінляндыю, Аландскія выспы ля Швецыі; акругі Карэ, Аргадан і Батум перадаваліся Турцыі.
А нямецкія войскі з лініі Нарва — Пскоў — Мілерава — Растоў-на-Доне, дзе яны знаходзіліся на момант заключэння Брэсцкага міру, павінны быць выведзены толькі пасля падпісання ўсеагульнага дагавору.
Брэсцкі дагавор можа і быў бы мірам для Расіі, калі б не аднаўляў вельмі невыгодныя для яе мытныя зборы 1904 года. Не мір, але поўная капітуляцыя і прызнанне паразы ў вайне з ворагам, для якога таксама надышла ліхая гадзіна — вось што падпісаў Ленін. Абсурд! Цікава, што 27 жніўня 1918 года, калі нават германскі генеральны штаб прыйшоў да высновы, што паразы другому рэйху не пазбегнуць, бальшавікі пагадзіліся падпісаць з Берлінам дапаўняльную дамову, якая тычылася фінансавых праблем. Паводле гэтай дамовы Расія павінна была заплаціць Германіі кантрыбуцыю памерам больш за 6 млрд. залатых марак у розных формах.
Калі ўявіць, што гэтая маразматычная сітуцыя адбываецца ў Другую сусветную вайну, то мы атрымаем карцінку, калі ў лютым ці сакавіку 1945 года Савецкі Саюз выходзіць з вайны і саступае ўжо зруйнаванай Германіі ўсю Польшчу, Прыбалтыку, Чэхаславакію, Беларусь, Украіну і Румынію ў дадатак. Гэта нават немагчыма ўявіць. Таму ці варта казаць, што пасля падпісання Брэсцкага міру ў Берліне панавала сапраўдная эйфарыя. Немцы самі не верылі ва ўласны поспех. Дакумент у Рэйхстагу быў ратыфікаваны амаль адзінагалосна.
І ўсё дзякуючы адной надзвычай круткай і дзейснай асобе — Леніну. Тое, што не атрымалася ў нямецкай арміі, зрабіў адзін невысокі лысаваты мужчына, картавы мужчына з рудой бародкай. І калі б не параза Германіі ў вайне, то Леніну хучэй за ўсё паспелі б паставіць у Берліне помнік пры жыцці.
Ганьбу і «брыдоту» Брэсцкага міру падмацаваў не менш прыкры і крыўдны Бухарэсцкі дагавор ад 7 мая 1918 года, паводле якога Румынія, за якую Расія быццам заступілася ў 1914 годзе, прызнала сваю поўную паразу. Але там на самой справе не было каму трымаць вінтоўку ў руках: загінула 7 % ад агульнай колькасці румын. Краіна, страціўшы ўсю Дабруджу і стратэгічныя карпацкія перавалы, адкрыла шлях для ўварвання ў Расію ў любы час ужо венгерскіх войскаў. Румынія таксама абавязалася выплочваць былым праціўнікам велізарную кантрыбуцыю і на 50 год аддавала свае прыродныя багацці, уключна з «лішкамі» ўраджаю, у карыстанне немцам. Да капітуляцыі Германіі і Аўстра-Венгрыі заставалася нейкіх тры месяцы!
Гэты дзівосны факт абсалютна выпадкова ўдалося «раскапаць» у 1960-я гады савецкаму празіку і журналісту Сяргею Смірнову, але аднавіць дакладнае імя салдата-героя так і не атрымалася.
У жніўні 1915 года ў сувязі са зменамі на Заходнім фронце стратэгічная неабходнасць абароны заходнебеларускай крэпасці Асавец пад Беластокам страціла сэнс. У сувязі з гэтым вярхоўным камандаваннем расійскай арміі было прынята рашэнне спыніць абарончыя баі і эвакуіраваць гарнізон крэпасці. Але ў ёй і ў фортах знаходзіліся шматлікія армейскія магазіны, і трэба было зрабіць усё, каб запасы не патрапілі ў рукі ворага.
18 жніўня 1915 года пачалася эвакуацыя гарнізона, якая адбывалася, па словах Смірнова, спакойна, у адпаведнасці з планам. Але, як паказываюць далейшыя дакументы, ніякага спакою не было і блізка: усе мітусіліся, страшна спяшаліся, тым больш што адыходзіць з-за нямецкіх бомбавых налётаў на шашу прыходзілася толькі ўночы. Не хапала коней, і гарматы прыходзілася транспартаваць на сабе — кожную на лямках цягнула 30–50 чалавек. Усё, што немагчыма было вывезці, а таксама ацалелыя ўмацаванні, якія праціўнік мог выкарыстаць у сваіх інтарэсах, было загадана ўзарваць.
Генерал-маёр Бржазоўскі пакінуў апусцелую крэпасць апошнім.
Ён падышоў да групы сапёраў, якая размясцілася за паўкіламетры ад крэпасці. Панавала цяжкое маўчанне. Апошні раз зірнуўшы на сваю паўразбураную, асірацелую крэпасць, ён сам павярнуў ручку дэтанатара. Яму падавалася, што электрычны ток бег па кабелі цэлую вечнасць.
Урэшце разнёсся страшэнны грукат, пад нагамі затрэслася зямля і ў неба ўзляцелі фантаны зямлі ўперамешку з кавалкамі бетону.
Так завяршылася паўгадовая абарона крэпасці. У 1918 годзе руіны Асаўца сталі часткай незалежнай Польшчы. З 1939 года Асавец уваходзіў у склад Беларусі, але ў 1945 годзе беларускую Беластоцкую вобласць з часткай Брэсцкай Сталін зноў аддаў Польшчы.
Пачынаючы з 1920 года польскае кіраўніцтва ўключыла Асавец у сваю сістэму абарончых умацаванняў. Пачалося паўнамаштабнае аднаўленне і рэканструкцыя крэпасці. Было праведзена аднаўленне казармаў, а таксама разборка завалаў, якія перашкаджалі далейшаму ходу прац.
Падчас разборкі завалаў ля аднаго з фортаў салдаты натрапілі на каменнае скляпенне падземнага тунеля. Праца пайшла з запалам і ўжо даволі хутка была прабіта шырокая дзірка. Падбухтораны саслужыўцамі, у непраглядную цемру спусціўся унтэр-афіцэр. Яго паходня асвятліла старую сырую кладку і кавалкі тынкоўкі пад нагамі.
І тады адбылося нешта неверагоднае.
Перад тым, як унтэр-афіцэр паспеў зрабіць некалькі крокаў, аднекуль з цёмнай глыбіні тунэля прагрымеў цвёрды і суворы вокрык па-расійску:
— Стой! Хто ідзе?
Унтэр аслупянеў.
— Матка Боска! — перажагнаўся салдат і кінуўся наверх.
Наверсе ён атрымаў ад афіцэра належны наганяй за баязлівасць і дурныя прыдумкі. Загадаўшы унтэру ісці следам за ім, афіцэр сам спусціўся ў сутарэнні. І зноў, толькі палякі рушылі па сырым і цёмным тунелі, аднекуль спераду, з непранікальна-чорнай цемры таксама сувора і патрабавальна прагучаў вокрык:
— Стой! Хто ідзе?
Следам у цішыні выразна бразнуў затвор вінтоўкі. Інстынктыўна салдат схаваўся за спінай у афіцэра. Падумаўшы і справядліва разважыўшы, што нячыстая сіла наўрад ці стала б узбройвацца вінтоўкай, афіцэр, які добра размаўляў па-расійску, гукнуў нябачнага салдата і патлумачыў, хто ён і навошта прыйшоў. Напрыканцы спытаў, хто яго таямнічы суразмоўца і чым займаецца пад зямлёй.
Паляк чакаў на што заўгодна, але не на такі адказ:
— Я вартавы, і пастаўлены сюды ахоўваць склад.
Свядомасць афіцэра адмаўлялася ўспрымаць такі просты адказ.
Але, усё ж узяўшы сябе ў рукі, ён працягнуў перамовы.
— Магу я падысці? — усхвалявана спытаў паляк.
— Не! — прагучаў суворы адказ з цемры. — Я не магу дапусціць нікога ў сутарэнні, пакуль мяне не зменяць на посце.
Тады ашаломлены афіцэр спытаў, ці ведае вартавы, колькі часу правёў тут, пад зямлёй.
— Так, ведаю, — паследваў адказ. — Я заступіў на пост дзевяць гадоў таму, у жніўні 1915 года.
Гэта падавалася сном, дурной фантазіяй, але там у змрочным тунелі быў жывы чалавек, расійскі салдат, які бяззменна стаяў на варце дзевяць гадоў! І найбольш неверагодным падавалася тое, што ён не кінуўся да людзей, як да выратавальнікаў, з адчайнай мальбой выпусціць яго са страшнога зняволення. Не, ён паводзіў сябе так, быццам толькі гадзіну таму заступіў на пост. У строгай адпаведнасці з воінскім статутам вартавы абвясціў, што яго зняць з паста можа толькі развадзяшчы, а калі яго няма, то «гасудар імператар».
Пачаліся доўгія перамовы. Вартавому патлумачылі, што адбылося за тыя дзевяць гадоў, што ён правёў пад зямлёй, распавялі, што царскай арміі, у якой ён служыў, больш не існуе, як няма і гасудара імператара, расстралянага бальшавікамі. А тэрыторыя, якую ён ахоўвае, цяпер належыць Польшчы. Пасля працяглага маўчання салдат спытаў, хто ў Польшчы галоўны, і, даведаўшыся, што прэзідэнт, запатрабаваў яго загада. Толькі калі яму прачыталі тэлеграму Пілсудскага, вартавы згадзіўся пакінуць свой пост.
Польскія салдаты дапамаглі яму падняцца наверх, на летнюю, залітую яркім сонцам зямлю. Але раней, чым яны паспелі разгледзець гэтага чалавека, ён рэзка закрычаў, захінаючы рукамі твар. Толькі тады палякі прыгадалі, што чалавеку, які правеў пад зямлёй дзевяць гадоў, перад пад’ёмам варта было завязаць вочы. Але ўжо было позна — салдат, які адвык ад сонечнага святла, аслеп.
Яго неяк супакоілі, паабяцаўшы паказаць добрым дактарам.
Шчыльна абступіўшы яго, польскія салдаты з паважным здзіўленнем разглядалі гэтага незвычайнага вартавога.
Густыя цёмныя валасы доўгімі, бруднымі пасмамі падалі яму на плечы і спіну, спускаючыся ніжэй за пояс. Шырокая чорная барада спадала да кален, і на заросшым твары было відаць ужо сляпыя вочы. Але гэты падземны Рабінзон быў апрануты ў добры шынель, а на нагах у яго былі амаль новыя боты. Хтосьці з салдат звярнуў увагу на вінтоўку вартавога, і афіцэр узяў яе з рук расійца, хаця той яўна без жадання аддаў зброю. Выгукаючы шчырыя здзіўленні і хістаючы галовамі, палякі разглядалі вінтоўку. Гэта была звычайная расійская трохлінейка ўзору 1891 года. Дзіўным быў яе выгляд. Падавалася, што яе толькі пару хвілін таму ўзялі з піраміды ва ўзорнай расійскай казарме: яна была дакладна вычышчана, а затвор і руля клапатліва змазаны алеем. У такім жа парадку былі і абоймы з патронамі ў падсумку на поясе вартавога. Патроны таксама блішчэлі ад змазкі, і па колькасці іх было роўна столькі, колькі выдаў іх салдату пры заступленні на пост дзевяць гадоў таму вартавы начальнік. Польскі афіцэр пацікавіўся, чым змазваў салдат сваю зброю.
— Я еў кансервы, якія захоўваюцца на складзе, — адказаў той, — а тлушчам змазваў вінтоўку і патроны.
І салдат распавёў сваім вызваліцелям гісторыю дзевяцігадовага жыцця пад зямлёй. У дзень, калі быў узарваны ўваход у склад, ён стаяў на посце ў падземным тунелі. Відаць, сапёры вельмі спяшаліся, каб укласціся ў графік, і калі ўсё было гатова да выбуху, ніхто не спусціўся ўніз праверыць, ці не засталося на складзе людзей. У эвакуацыйным тлуме, верагодна, забыў пра гэты падземны пост і вартавы начальнік.
А салдат, спраўна несучы варту, цярпліва чакаў на змену, стоячы, як належыць, з вінтоўкай да нагі ў сырой паўцемры каземата і гледзячы туды, дзе недалёка ад яго скрозь нахіленую ўваходную штольню сутарэнняў сціпла прабівалася сонечнае святло. Часам да яго аддалена даносіліся галасы сапёраў, якія закладалі ля ўвахода выбухоўку.
Потым павісла поўная ціша, змена затрымлівалася, але вартавы спакойна чакаў. І раптам там, адкуль прабівалася сонечнае святло раздаўся моцны глухі ўдар, які балюча адбіўся ў вушах, зямля пад нагамі салдата рэзка скаланулася, і адразу паўсюль навокал упала непраглядная, густая цемра.
Апрытомеўшы, салдат усвядоміў усю цяжкасць свайго становішча, але роспач, натуральную ў такіх сітуацыях, яму ўдалося перамагчы, хаця і не адразу. Што б там ні было, жыцё працягваецца, і вартавы перш за ўсё пачаў знаёміцца са сваім падземным жытлом, якім, на шчасце, апынуўся вялікі інтэнданцкі склад, дзе былі вялікія запасы сухароў, кансерваў і іншых самых разнастайных прадуктаў. Калі б разам з вартавым тут, пад зямлёй, апынулася цэлая яго рота, то і тады б хапіла на шмат гадоў. Можна было не баяцца — смерць ад голаду яму не пагражала. Тут нават знайшоўся супакаяльны сродак для салдата — махорка. А запалкі і вялікая колькасць стэарынавых свечак дапамагалі разганяць прыгнячальтую цемру.
Тут была і вада. Сцены падземнага склада заўжды былі вільготнымі, і дзе-нідзе на падлозе пад нагамі хлюпалі лужыны. Значыць, і смага не пагражала салдату. Скрозь нейкія нябачныя поры зямлі ў сутарэнні пранікала паветра, і можна было дыхаць без цяжкасці.
А потым пакінуты вартавы знайшоў у адным месцы ў скляпенні тунеля вузкую і доўгую вентыляцыйную шахту, якая выходзіла на паверхню зямлі. Гэтую адтуліну, на шчасце, не зусім засыпала, і праз яе было відаць дзённае святло. Такім чынам, падземны Рабінзон меў усё неабходнае, каб падтрымліваць сваё жыццё неабмежавана доўгі час. Заставалася толькі чакаць і спадзявацца, што раней ці пазней расійская армія вернецца ў Асавец, і тады засыпаны склад раскапаюць, а ён зноў вернецца да жыцця, да людзей. Але ў сваіх марах ён, напэўна, ніколі не думаў, што пройдзе столькі год перад тым, як надыдзе дзень яго вызвалення.
Застаецца загадкай, як бавіў час на працягу дзевяці год самоты гэты чалавек, як ён захаваў свой розум і не забыў чалавечую мову. Але ж нават у Рабінзона, для якога самота была невыноснай і ледзь не зламала яго, было на залітай сонцам выспе ў кампаніі тубыльца Пятніцы больш спадзяванняў на выратаванне.
Аднак і ў падземным жыцці былі свае падзеі, якія парушалі аднастайны ход часу і падвяргалі стойкага салдата нялёгкім выпрабаванням.
На складзе захоўваліся велізарныя запасы стэарынавых свечак, і на працягу першых чатырох гадоў салдат мог асвятляць сваё сутарэнне. Але аднойчы запаленая свечка выклікала пажар, і калі вартавы прачнуўся, задыхаючыся ад густога дыму, склад быў ахоплены полымем. Яму давялося весці адчайную барацьбу з агнём. У рэшце рэшт, абпалены і напаўжывы, ён усё ж здолеў патушыць пажар, але пры гэтым згарэла рэшта запасу свечак і запалак, і цяпер ён быў асуджаны на вечную цемру.
А потым яму прыйшлося пачаць сапраўдную вайну, цяжкую, зацятую і доўгую. Ён апынуўся не адзіным жыхаром сутарэння — на складзе вадзіліся пацукі. Спачатку ён нават узрадваўся таму, што, акрамя яго, тут былі іншыя жывыя істоты, няхай і бязмоўныя. Але мірнае суіснаванне цягнулася нядоўга, пацукі пладзіліся з такой жахлівай хуткасцю і паводзілі сябе так нахабна, што ў хуткім часе з’явілася небяспека не толькі для запасаў, але і для чалавека. Тады салдат распачаў супраць іх вайну.
У непранікальнай цемры сутарэнняў барацьба чалавека з хуткімі, жвавымі і разумнымі драпежнікамі была цяжкай, яна знясільвала. Але чалавек, узброены штыком і кемлівасцю, навучыўся адрозніваць сваіх нябачных ворагаў па шоргаце, паху, між волі развіваючы ў сабе тонкі нюх жывёлы, і спрытна забіваў пацукоў дзясяткамі і нават сотнямі. Але яны пладзіліся яшчэ хучэй, і гэтая вайна рабілася ўсё больш і больш зацятай, працягваючыся ўсе дзевяць год аж да таго дня, калі салдат падняўся на паверхню.
А калі надыходзіла субота, ён, як сапраўдны расійскі салдат, свята прытрымліваўся традыцыі армейскага «баннага дня». Канечне, ён не мог памыцца: у ямінах-студнях, якія ён адкапаў нажом і штыком у падлозе сутарэнняў, за дзень збіралася зусім няшмат вады, і яе хапала толькі для піцця. Яго штотыднёвая «лазня» заключалася ў тым, што ён ішоў у аддзяленне склада, дзе захоўвалася абмундзіраванне, і браў з пачка чыстую салдацкую бялізну і анучы. Апранаў свежую сарочку і кальсоны, і акуратна асобным стосам складваў брудную бялізну ля сцяны каземата. Гэты стос, што рос з кожным тыднем, быў яго календаром, дзе чатыры пары бруднай бялізны значылі месяц, а пяцьдзесят дзве — год падземнага жыцця. Калі надышоў дзень яго вызвалення, у гэтым своеасаблівым календары ўжо назбіралася больш за чатыраста пяцьдзесят пар бруднай бялізны.
Вось чаму вартавы так упэўнена адказаў на пытанне польскага афіцэра, колькі часу ён правёў пад зямлёй.
Такую гісторыю аб дзевяцігадовым жыцці ў сутарэнні распавёў бяззменны вартавы адкапаўшым яго палякам. Самотніка прывялі ў парадак і адвезлі ў Варшаву. Там дактары пасля дасканалага агляду сцвердзілі, што ён аслеп назаўсёды. Але як распавялі Смірнову відавочцы, зрок з цягам часу хоць і не цалкам, але вярнуўся. Хцівыя да сенсацый журналісты не змаглі праігнараваць такую падзею, і ў хуткім часе гісторыя аб забытым вартавым з’явілася на старонках польскіх газет. Дзіўна, але пры гэтым нідзе не захавалася імя героя. І, па словах былых польскіх салдат, калі афіцэры чыталі тую нататку, казалі сваім падначаленым: «Вучыцеся, як трэба несці службу, у гэтага храбрага рускага салдата».
Яму прапанавалі застацца ў Польшчы, але ён нецярпліва рваўся на радзіму, хаця ж радзіма яго была ўжо не той і называлася па-іншаму. Савецкі саюз сустрэў салдата царскай арміі больш чым сціпла. І подзвіг яго застаўся неўшанаваным, бо, на думку ідэолагаў, не было ў новай краіне месца на подзвігі жаўнеру царскай арміі, бо толькі савецкі чалавек мог здзейсніць варты гонару ўчынак. Рэльны подзвіг рэальнга чалавека ператварыўся ў легенду. У легенду, якая не захавала галоўнага — імені героя.
Калі Смірноў упершыню апублікаваў артыкул пра бяззменнага вартавога, то яму пачалі прыходзіць лісты ад людзей, якія яго быццам бы ведалі. Версіі былі самыя разнастайныя — ад асобы самога вартавога да крэпасці, дзе яго замуравалі сапёры.
Так, Якушэнкаў з Саранска напісаў Смірнову, што месцам дзеяння быў Ковенскі форт (горад Каўнас, Літва). Гэтую версію пацвердзілі у сваім лісце Ганна і Вацлаў Колар з Харкава. Яны паведамілі, што ў 1925 ці 1926 годзе атрымалі ліст ад сваіх сваякоў з Літвы, якія напісалі ім:
У нас цікавая навіна. Падчас раскопак Каўнаскай крэпасці ў сутарэннях быў знойдзены жывы рускі салдат родам з Дона. Ён быў у сутарэннях на працягу дзевяці год, увесь аброс доўгімі валасамі.
Смірноў пісаў:
Зноў жа большасць чытачоў з упэўненасцю сцвярджае, што гэта быў данскі казак, прычым некаторыя паведамляюць яго адрас больш дакладна. Пётр Цалюцін з горада Шахты піша, што салдат прызываўся ў Каменскай акрузе, а пасля вызвалення з сутарэнняў вярнуўся на радзіму — у станіцу Ешанскую (верагодна, ён мае на ўвазе Вешанскую). Ражкоў з Харкава таксама памятае, што салдат быў родам з нейкага хутара станіцы Каменскай (цяпер горад Каменск). Жыхар хутара Садкі Звераўскага раёна Растоўскай вобласці Якаў Пахаеў таксама памятае, што бяззменны вартавы быў са станіцы Каменскай і нават прыгадвае яго прозвішча — Галушка (ён чытаў аб ім у газеце за 1927 год). Міхаіл Чэлня з Тбілісі паведамляе мне, што па яго дадзеных салдата трэба шукаць у вёсцы Грушаўка Растоўскай вобласці, каля Новачаркасска…
Але тры лісты, якія прыйшлі з абсалютна розных раёнаў СССР, упэўнена называлі, па меркаванні Смірнова, адзін і той жа адрас — станіца Мікалаеўская былой Данской вобласці. Усе трое ў свой час чыталі пра гэта ў газетах і запомнілі адрас, а адзін нават прыгадаў прозвішча — Мікалаеў. Гэта супадзенне адраса ў трох лістах прымусіла Смірнова схіліцца да думкі, што сляды бяззменнага вартавога трэба шукаць менавіта ў станіцы Мікалаеўскай. Так ці інакш, але цалкам і канчаткова высветліць імя салдата-казака так і не атрымалася.
Вось што больш за ўсё здзіўляе: супрацьстаяць Германіі Савецкая Расія быццам бы ніяк не магла, але ўтвараць узброеныя атрады і дасылаць іх пад выглядам фінаў у Фінляныю — калі ласка. Тут мы падыходзім да самага загадкавага і старанна схаванага эпізоду Першай сусветнай вайны — грамадзянская вайна ў Фінляндыі, якая перарасла ў неафіцыйную Першую савецка-фінскую вайну 1918–1920 гадоў. Чаму ў СССР аб ёй не напісалі ні радка? Чаму і зараз аб ёй амаль нічога не вядома, а гісторыкі адносяць яе да Грамадзянскай вайны, хаця ў гісторыі незалежнай Фінляндыі гэта была самая крывавая вайна? Агульная колькасць загінулых падчас яе склала 36 000 чалавек — больш, чым падчас Фінскай вайны 1939–1940 гадоў. Ды таму і невядома пра яе нічога, бо, робячы рэвалюцыю чыстымі, па яго словах, рукамі, Ленін і тут запляміў сябе крывёй. І зноў без аніякага поспеху.
На Вікіпэдыі можна знайсці інфармацыю аб тым, што Фінская грамадзянская вайна 27 студзеня — 15 мая 1918 года была «адным са шматлікіх нацыянальных і сацыяльных канфліктаў у пасляваеннай Еўропе». Пачакайце, але чаму, уласна, «пасляваеннай», калі Першая сусветная вайная яшчэ нават афіцыйна не завяршылася? Грамадзянская вайна ў Фінляндыі — гэта новы этап Першай сусветнай, яе чарговая стадыя, састаўная частка, бо на тэрыторыі Суомі, акрамя чырвоных і белых фінаў, ваююць таксама белыя і чырвоныя расійцы, немцы, англічане, канадцы і шведы. Гэта яшчэ сусветная вайна з імперскімі рысамі, якая ў хуткім часе перацякла ў Грамадзянскую вайну ў самой Расіі, дзе мы назіраем усё тую ж стадыю Першай сусветнай, дзе супраць бальшавікоў змагаюцца ўсё тыя ж немцы, былыя саюзнікі французы, англічане і амерыканцы супольна з белай гвардыяй. Так, тэатр баявых дзеянняў змясціўся, так, адны дзяржавы выйшлі, але затое на іх месцы з’явіліся іншыя: Фінляндыя, потым Польшча, Беларуская Народная Рэспубліка, Эстонія, Украіна, Грузія, Паўночная Інгрыя, Паўночная Карэлія, Дальнеўсходняя рэспубліка і Японія. Гэта ж зусім не грамадзянская вайна, гэта чарговы, няхай і чырвона-імперскі, захоп, ці спроба захопу Расіяй сувярэнных дзяржаў.
Ці можна казаць пра ўнутраны канфлікт, калі войскі Савецкай Расіі, якія складаюцца з латышскіх стралкоў і кітайскіх наёмнікаў, уварваліся на тэрыторыю Беларускай Народнай Рэспублікі 17 лістапада 1918 года, нягледзячы на тое, што БНР абвясціла аб сваёй незалежнасці яшчэ 25 сакавіка? Ці можна лічыць грамадзянскай вайной гвалтоўнае далучэнне Украіны ўлетку 1920-га і паход Троцкага на Польшчу ў тым жа годзе?
У гэтай кнізе мы прапануем новую дату завяршэння Першай сусветнай вайны — не 11 лістапада 1918 года, а 12 кастрычніка 1920 года — даты падпісання папярэдняй мірнай дамовы РСФСР, уключна з БССР і УССР, з Польшчай, за спінай якой стаялі і краіны Антанты, і Германія. Толькі пасля сакавіка 1921 года ў Еўропе запанаваў больш-менш трывалы мір, калі можна было больш не перамалёўваць штомесяц палітычную карту кантынента.
Так, 11 лістапада 1918 года следам за капітуляцыяй Аўстра-Венгрыі (3 лістапада) падпісала перамір’е Германія. Але ж хіба гэта быў канец вайны ў Еўропе? Не, гэта быў толькі канец адной фазы вайны і пачатак іншай, ужо ва ўсходняй частцы еўрапейскага кантынента.
У залежнасці ад палітыкі, грамадскай думкі, ідэалагічнага ціску, грамадзянскую вайну ў Фінляндыі пазывлі па-рознаму: «вызваленчая вайна», «класавая вайна», «чырвоны мяцеж», «сялянскі бунт»…
Напрыканцы вайны і пасля яе фіны пачалі падкрэсліваць нацыянальна-вызваленчы характар вайны, т. б. вайны не столькі грамадзянскай, колькі абарончай супраць Расіі і падтрыманых ёй чырвоных фінаў. У цяперашні час у гістарычных даследаваннях ужываюць галоўным чынам дыпламатычны тэрмін «унутраная» вайна, хаця ён не цалкам праўдзівы. Бо калі «ўнутраная», то пры чым тут Расія?
Рэвалюцыя (інакш — пераварот) 1917 года ў Расіі, якая на той момант была дэмакратычнай рэспублікай, стала штуршком для станаўлення незалежнасці фіна-вугорскіх народаў былой Расійскай імперыі: эстонцаў, інграў, карэлаў, фінаў. 28 лістапада 1917 года парламент Фінляндыі ўзяў на сябе вышэйшую ўладу ў краіне, утварыў новы склад урада пад кіраўніцтвам Пэра Эвінда Свінхувуда.
18 снежня 1917 года дзяржаўная незалежнасць Фінскай Рэспублікі першай была прызнана Саветам народных камісараў (урадам) Расійскай Савецкай Рэспублікі. На працягу першага тыдня 1918 года незалежную Фінляндыю прызналі сем краін: спачатку Расія, Францыя і Швецыя, а потым Грэцыя, Германія, Нарвегія і Данія.
У той момант у Фінляндыі востра стаяла праблема з харчаваннем, асабліва бракавала зерня. Народ галадаў. Дэфіцыт быў паўсюль, але ў гарадах ён адчуваўся мацней за ўсё.
З пачаткам грамадзянскай вайны краіна падзялілася на дзве часткі: поўдзень захапілі чырвоныя, а захад, цэнтр і поўнач — белыя. Такім чынам, самыя буйныя фінскія гарады, якія размяшчаліся на поўдні, патрапілі ў рукі чырвоных, якім прыходзілася займацца харчовым забеспячэннем гарадскога насельніцтва, маючы вельмі кепскія стасункі з вытворцамі. З гэтай прычыны зерне атрымлівалі толькі з Расіі.
У Хельсінкі прыбыў цягнік з сібірскай пшаніцай. Шлях доўжыўся пяць тыдняў і быў няпростым: пры перасячэнні мяжы частку вагонаў прыйшлося пакінуць. Сітуацыя з зернем у сталіцы была адчайная, і прыбыццё цягніка яе не выратавала.
Дастаўка харчавання ў белых была арганізавана значна лепей, за забеспячэнне грамадзянскага насельніцтва адказвалі мясцовыя камітэты. Яны атрымлівалі прадукты з Даніі, Германіі і Швецыі, але іх таксама было недастакова.
Супрацьстаянне ж узнікла ў краіне паміж прыхільнікамі Сацыял-дэмакратычнай партыі Фінляндыі, асноўнымі сіламі якой былі атрады фінскай Чырвонай гвардыі, і фінскага Сената, на баку якога былі атрады самаабароны.
Рост напружання прывёў да таго, што 12 студзеня 1918 года буржуазная большасць Фінляндыі ўпаўнаважыла Сенат прыняць жорсткія меры для навядзення парадку. Сенат даручыў гэтую задачу генералу Карлу Густаву Эмілю Манэргейму (будучаму легендарнаму міністру абароны, які выратваў краіну ад сталінскага ўварвання 1939–1940 гадоў), які прыбыў у Хельсінкі толькі за месяц да апісаных падзей. Атрымаўшы паўнамоцтвы, Манэргейм ад’язджае ў горад Вааса.
Першапачатковай задачай Манэргейма была арганізацыя верных ураду войскаў. Але сутычкі паміж атрадамі самаабароны, чарвонагвардзейцамі і расійскімі вайскоўцамі, якія адбываліся ў розных частках краіны, упэўнілі Сенат і Манэргейма ў неабходнасці жорсткіх мер. 25 студзеня 1918 года Сенат абвясціў атрады самаабароны ўрадавымі войскамі і прызначыў Манэргейма камандуючым.
У той жа час умераныя і радыкальныя сацыял-дэмакраты стварылі Выканаўчы камітэт рабочых, які падрыхтаваў план рэвалюцыйнага перавароту. Яго вырашылі здзейсніць з выкарыстаннем абяцанай Леніным 13 студзеня ваеннай дапамогі, для чаго трэба было забяспечыць дастаўку зброі ў Хельсінкі. Гэта было зроблена 23 студзеня. Усяго праз два тыдні пасля прызнання незалежнасці Фінляндыі Ленін падбухторваў чырвоных да мецяжу, дасылаючы ім на падмогу пераапранутых расійскіх матросаў і чырвонагвардзейцаў.
У першы вечар чырвоным удалося захапіць толькі чыгуначны вакзал. Цалкам пад кантроль горад быў узяты на наступны дзень. Выканаўчы камітэт рабочых аддае загад аб арышце 46 сенатараў. Аперацыя сарвалася, бо ўсе паспяхова схаваліся. З прычыны таго, што сталіца магла абстрэльвацца з крэпасці Свеаборг і чырвоным флотам, цэнтр абароны белых быў перанесены ў горад Вааса. Туды ж пераехаў і ўрад Свінхувуда.
Вайна 1918 года была «чыгуначнай», бо чыгунка стала асноўным шляхам перамяшчэння войск. З гэтай прычыны бакі змагаліся за важнейшыя чыгуначныя вузлы: Хаапамякі, Тамперэ, Коўвала і Выбарг. У чырвоных было не менш за 50 000 салдат, з боку белых — толькі 11 000–15 000 добраахвотнікаў, асноўнымі матывамі якіх былі як матэрыяльныя (плата і паёк), так і ідэалагічныя, а таксама ўплыў атачэння і прымус. Асаблівасцю чырвоных атрадаў было іх стварэнне найперш у прамысловых цэнтрах, жаночыя атрады колькасцю каля 2000 чалавек. Другой асаблівасцю быў удзел непаўнагадовых з двух бакоў, галоўным чынам, 15–17-гадовых, сярод якіх у чырвоных былі і дзяўчынкі. Асновай белай арміі былі сяляне і інтэлігенцыя, за чырвоных змагаліся перш за ўсё рабочыя і сялянская галота, і канечне, да 10 000, ці нават болей, расійскіх добраахвотнікаў.
Падчас чырвонага перавароту ў Хельсінкі Манэргейм выканаў абяцанне і ўзяў пад кантроль Пох’янмаа на поўначы. Яшчэ ў пачатку 1918 года савецкі ўрад аддае загад расійскім ваенным гарнізонам, якія апынуліся на тэрыторыі незалежнай Фінляндыі, прытрымлівацца нейтралітэту. Нягледзячы на гэта, расійскае камандаванне ў Пох’янмаа дзейнічала ў шчыльным супрацоўніцтве з Ахоўным корпусам Фінляндыі.
Так, віцэ-адмірал Мікалай Падгурскі ўзначаліў абарону Батнічнага заліва. Дзяуючы гэтаму раззбраенне расійскіх войск на поўначы з 29 па 31 студзеня 1918 года адбывалася лёгка і мірна. Мясцовыя камітэты, якія прадстаўлялі Расію ў Фінляндыі, даклалі Сенату, што «праграма дэмабілізацы» прасоўваецца паспяхова. Падгурскі асабіста дапамагаў Манэргейму ў здачы зброі гарнізонам у Вааса. У адказ фінскі галоўнакамандуючы арганізуе выплаты расійскім афіцэрам, іх пражыванне, права свабоднага перасоўвання па горадзе. Расійскія гарнізоны на поўначы краіны практычна не аказвалі супраціву і большая частка вайскоўцаў, якія здалі зброю, змагла адправіцца дадому. Дзякуючы гэтаму Атрады самаабароны (Ахоўны корпус Фінляндыі) змаглі атрымаць узбраенне.
У Сената, акрамя надзейнага тылу, з’явілася ўласнае ўзброенае войска, колькасць якога ўжо складала каля 70 000 чалавек.
Расійскія гісторыкі да сённяшняга дня хаваюць дакладную колькасць выхадцаў з Расіі, якія па загадзе Леніна прымалі ўдзел у той вайне. Расійская Вікіпедыя піша:
Больш-менш актыўны ўдзел у баявых дзеяннях непасрэдна на баку фінскай Чырвонай гвардыі прымала толькі 7000–10 000 рускіх салдат…
Нічога сабе «толькі»! Для маленькай (не па тэрыторыі, канечне, але па колькасці насельніцтва, якое складала толькі 3 мільёны) Фінляндыі гэта цэлая армія! Гэта ўжо пятая-шостая частка арміі чырвоных фінаў! Калі б не дапамога Леніна, то чырвоныя ў Суомі не пратрымаліся б і двух тыдняў. Але крывавая вайна цягнулася амаль паўгады. Зрэшты, да 14 000 расійскіх ваенных змагаліся ў атрадах па 100–1000 чалавек за абодва бакі. Да самага канца 1918 года, ужо пасля паразы чырвоных, некаторыя расійскія афіцэры кіравалі дзеяннямі чырвонагвардзейцаў Фінляндыі. Гэта былі Свечнікаў на захадзе краіны і Ерамееў — на ўсходзе. Супольная праца ішла кепска, справа ўскладнялася наяўнасцю моўнага бар’ера і ўзаемным недаверам.
Армія белых складалася ў асноўным з сялян аднаасобнікаў, а таксама з чыноўнікаў і ішных грамадзян. Белыя таксама атрымалі дапамогу са Швецыі і Германіі. Кароль Швецыі адмовіў фінскай дэлегацыі ў адкрытай фінансавай дапамозе, падкрэсліўшы нейтралітэт Швецыі, але добраахвотнікаў на дапамогу суседцы даслаць пагадзіўся. У пачатку лютага са Швецыі прыбыла група з 84 афіцэраў, якія ўвайшлі ў склад штаба фінскай арміі, планавалі аперацыі і арганізоўвалі сувязь.
З Германіі Манэргейм разлічваў атрымаць толькі афіцэраў, зброю і рыштунак, але немцы мелі ўласныя планы. Яны збіраліся спыніць перамір’е з Савецкай Расіяй і ўключыць Украіну, балтыйскія краіны і Фінляндыю ў сваю сферу ўплыву. Хаваючы гэта, Германія прапанавала гэтым дзяржавам дапамогу ў барацьбе з бальшавікамі. Прадстаўнікі Фінляндыі ў Берліне, атрымаўшы прапанову адправіць у краіну на барацьбу з чырвонымі германскую вайсковую групоўку, воляй-няволяй прынялі яе. Манэргейм і Сенат даведаліся пра гэта толькі ў пачатку сакавіка 1918 года.
Праз месяц толькі Расія прызнае новы чырвоны ўрад Суомі — 1 сакавіка 1918 года заключана адзіная міжнародная дамова, у якой адносна Фінляндыі выкарыстана назва Фінляндская Сацыялістычная Рабочая Рэспубліка. У другім пасланні з Расіі выкарыстана фармулёўка «фінскі сацыялістычны ўрад». У самой Фінляндыі гэтыя назвы не выкарыстоўвалі ні «белыя», ні «чырвоныя».
Савет народных упаўнаважаных сутыкнуўся з паважнымі праблемамі. Самай галоўнай з іх быў сабатаж. Толькі малая частка супрацоўнікаў урадавага апарату працягвала сваю працу. Большая ж абвясціла забастоўку. У выніку гэтага чырвоныя страцілі кантроль над фінансамі і харчаваннем. Кіраўніцтву Савета бракавала досведу ўрадавай працы. Частка чыноўнікаў нават супрацоўнічала з белымі, напрыклад, у чыгуначным ведамстве быў сакрэтны тэлеграф, пры дапамозе якога перадавалі інфармацыю праз лінію фронта.
Ніяк нельга зноў не прыгадаць Леніна з яго дыктатурай пралетарыяту, калі ў Фінляндыі раптам пачаўся чырвоны тэрор — белых расстрэльвалі без судоў — тое, што ў хуткім часе пачалося і ў Расіі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што практыка тэрору абярнулася супраць саміх чырвоных: яны імкліва пачалі губляць давер большасці прыхільнікаў, і іх саміх таксама расстрэльвалі.
На працягу грамадзянскай вайны ў Фінляндыі чырвоныя на падуладнай ім тэрыторыі пакаралі смерцю 1400–1650 грамадзянскіх асоб, што па фінскіх мерках з улікам агульнай колькасці насельніцтва краіны ў 3 мільёны — вялікая лічба. З канца студзеня па канец лютага было расстраляна каля 700 чалавек. У сакавіку меней — 200. Тэрор узмацніўся ў красавіку і пачатку мая 1918 года, падчас яўнай паразы чырвоных, тады было забіта каля 700 чалавек.
Матывам палітычнага гвалту было знішчэнне кіраўнікоў праціўніка, а таксама проста агрэсія ад бяссілля.
Большая частка пакараных брала актыўны ўдзел у шэрагах самаабароны: уладальнікі сядзіб і сялянскіх гаспадарак, палітыкі, настаўнікі, вышэйшыя чыноўнікі, кіраўнікі і ўладальнікі прадпрыемстваў і, канечне ж, расійцы, што ваявалі за белых. Праўда, расійцаў часта без разбору забівалі і белыя. Сярод ахвяр чырвонага тэрору апынулася 90 чалавек з умераных сацыялістаў.
Хаця ліквідацыя царквы і не была асноўнай мэтай, усяго за часы вайны было забіта дзесяць пастараў з 1200. Іх каралі па ідэйных матывах, а таксама таму, што вясковае духавенства выступала за захаванне традыцыйнага ўкладу і не хавала гэтага. А вось Ленін такіх потым расстрэльваў пачкамі. На жаль, фінскі ўрок не пайшоў на карысць правадыру.
Падчас вайны адбываліся шматлікія масавыя забойствы, такія, як у Суйнула, у Поры, у Лоймаа. Самыя жахлівыя з іх здарыліся напрыканцы вайны. 19 красавіка 1918 года ў Курыла Туомас Хюрскюмурта загадаў пакараць 23 студэнтаў сельскагаспадарчага ўніверсітэта горада Мусціла. У Лаперантэ расстралялі 19 белых вязняў. Апошні выпадак масавага забойства адбыўся ў Выбаргу ў мясцовай турме, дзе пад кіраўніцтвам каменданта Ялмара Капіяйена ўночы з 27 на 28 красавіка 1918 года 30 чалавек было разарвана гранатамі ці застрэлена.
Тэрор белых супраць чырвоных пераўзышоў па маштабах чырвоны тэрор. Галоўнай мэтай былі камандзіры чырвонагвардзейцаў, а таксама ўдзельнікі баявых дзянняў і расстрэльных каманд. Пільна шукалі расійскіх салдат. Разам ад белага тэрору загінула значна больш людзей, чым ад чырвонага — каля 10 000 ахвяр. Інтэнсіўнасць пакарянняў змянялася з часам, як і адпаведны гвалт з боку чырвоных. У лютым 1918 года было забіта 350 чалавек, у сакавіку — каля 500, у красавіку — 1800, а ў маі — 4600, у чэрвені — 300. Пік тэрору прыпаў на канец красавіка — пачатак мая 1918 года, калі на працягу двух тыдняў штодня адбывалася па 200 пакаранняў, і разам загінула 2500–3000 чалавек.
Так, толькі атрад Ханса Кальмі з 1 па 31 мая расстраляў у Лахці да 200 жанчын, якія падтрымлівалі чырвоных. Разам за час вайны было расстраляна да 600 жанчын. Да гэтай пары часам немагчыма выявіць, каго белыя забілі падчас бою, а каго пасля.
Маштаб трагедыі быў да такой ступені вялікім, што ў Швецыі нават стварылі Камітэт супраць белага тэрору ў Фінляндыі.
Спроба наступлення чырвоных напрыканцы лютага правалілася, і ініцыятыва перайшла да белых. 15 сакавіка 1918 года пачалося наступленне на поўдзень у накірунку Тамперэ, вельмі важнага цэнтра абароны чырвоных. Бітва за Тамперэ стала самай буйной і жорсткай не толькі ў ходзе фінскай грамадзянскай вайны, але і ва ўсёй гісторыі Паўночнай Еўропы. У ёй прыняла ўдзел 16 000 белых і 14 000 чырвоных, што для невялікай па насельніцтву Фінляндыі — вялікае сутыкненне. Абароназдольнасць і вайсковыя навыкі чырвонагвардзейцаў дзякуючы падтрымцы расійскіх спецыялістаў заўважна ўзраслі.
Камандаванне белых накіравала на Таперэ найлепшыя войскі, у тым ліку новых камандзіраў-егераў. У бітве ля могілак Калеванкагас 28 сакавіка ў так званы «крывавы перадвелікодны чацвер» некаторыя часткі белых страцілі 50 % асабістага складу. Загінула 50 егераў, брыгада шведскіх добраахвотнікаў страціла 10 % складу і паўсотні параненымі — з амаль 350 шведскіх «штыкоў», якія пачалі наступленне, перадавую лінію варожых умацаванняў здолела перайсці прыкладна 250 чалавек: каля 50 загінула, столькі ж было паранена. Загінуў камандзір 2-га шведскага батальёна Фольке Беніх-Б’ёркман. Шведаў ад паразы выратавала атака 2-га палка фінскіх егераў пад камандаваннем нямецкага маёра Габрыеля фон Бонсдорфа. Вырашальны наступ на цэнтр Тамперэ пачаўся ўночы на 3 красавіка ў суправаджэнні магутнай артылерыйскай падрыхтоўкі.
У фінскай гісторыі гэта была самая бязлітасная бітва ў горадзе — квартал супраць кварала. Паўразбураны горад быў цалкам узяты белымі 6 красавіка. У той жа час яны дасягнулі важнай перамогі і ў Раўта на Карэльскім перашыйку.
Германія бесперашкодна выканала высадку свайго экспедыцыйнага корпуса колькасцю 9500 чалавек пад камандаваннем генерала Рюдыгера фон дэр Гольца і рушыла да Хельсінкі. 7 красавіка у Ловііса з Рэвеля прыбыў атрад Ота фон Брандштэйна колькасцю 2500 салдат. Пасля гэтага становішча чырвоных яшчэ больш ускладнілася. Разам колькасць нямецкіх салдат у Фінляндыі склала каля 15 000 чалавек — прыкладна столькі ж, колькі і расійцаў.
Агульныя страты белафінаў склалі амаль 5000 чалавек, з іх расстараляных — 1424. І амаль 500 салдат згубілі немцы. Чырвоныя фіны панеслі куды больш адчувальныя страты — болей за 30 000 чалавек, з якіх 11 652 памерла ў лагерах для палонных.
Расійскіх грамадзян загінула да 900 чалавек і было расстраляна каля 1500. Хаця гэтыя лічбы, магчыма, няпоўныя ці заніжаныя.
Вось што распавядаў на старонках свайго дзённіка бібліёграф і пісьменнік Сяргей Мінцлоў, які ў той час пражываў недалёга ад Выбарга ў сваім маёнтку ў вёсцы Кямяра:
17/30 красавіка.
Прыезджыя распавядалі пра ўзяцце Выбарга: забітыя з абодвух бакоў налічваюць 6000 чалавек. Падрабязнасці пакуль невядомыя, ведаем толькі, што руская салдатня перабіла ўсіх да адзінага…
22 красавіка/5 мая.
У Выбаргу жыццё ўваходзіць у сваю каляіну: камендант выдаў загад, які пад страхам пакарання забараняе самавольнае забойства каго заўгодна ў дамах і на вуліцах. Ён выкліканы тым, што белагвардзейцы чынілі свае расправы не толькі на вуліцах, але і ўрываючыся ў хаты, выцягвалі адтуль нароўні з мазурыкамі рускіх афіцэраў і забівалі на месцы, нягледзячы на поўную адсутнасць пэўнай віны… У генерала, які жыве ў Выбаргу, забілі такім чынам трое сыноў, якіх нядаўна ўзвялі ў афіцэры. Усіх рускіх, якія не мелі дачынення да фінскай міжусобіцы, загінула каля 300 чалавек…
24 красавіка/7 мая.
…Лічба вынішчаных рускіх перавышае васемсот… Было некалькі выпадкаў вар’яцтва сярод фінаў, якія бачылі карціну збіццяў у Выбаргу…
2/15 мая.
Учора жонка ездзіла ў Выбарг шукаць правізію… Піменавы, якіх наведала жонка, распавялі аб тым, што адбывалася за гэтыя дні. Запісаныя мной расповеды аб забойсвах рускіх апынуліся неперабольшанымі. Адзін з рускіх эмігрантаў, якія жылі ў горадзе, так апісваў падзеі:
«Рашуча ўсе, ад гімназістаў да чыноўнікаў, хто трапляўся ў рускай форме на вочы пераможцаў, расстрэльваліся на месцы; недалёка ад дома Піменавых былі забіты два рэалісты, якія выбеглі ў мундурчыках прывітаць белых; у горадзе забіта 3 кадэты; тых з чырвоных, хто здаўся ў палон, белыя ачаплялі і гналі ў крапасны роў; пры гэтым захоплівалі і частку вулічнага натоўпу і без разбору і размоў дабівалі ў рове і ў іншых месцах. Каго расстрэльвалі, за што, — героям нажа было невядома! Расстрэльвалі на вачах у натоўпу; перад расстрэлам зрывалі з людзей гадзіннікі, пярсцёнкі, адбіралі гаманцы, сцягвалі боты, вопратку і г. д. Асабліва палявалі на рускіх афіцэраў; загінула іх без ліку, і ў шэрагу іх камендант, інтэндант, які перад гэтым перадаў свой склад белым, і жандармскі афіцэр; многіх выклікалі з кватэр, быццам для праверкі дакументаў, і дадому яны ўжо не вярталіся, а сваякі адшуквалі іх потым у горах целаў у рове: з іх была знята нават бялізна».
Няўжо гэта ўсё адбывалася ў мірнай і ціхай Фінляндыі? Так, гэта ўсё было, і гэта таксама частка гісторыі, якую нельга забываць. Жорсткасць і злосць фінаў у адносінах да расійцаў — самы яскравы прыклад таго, што ў вайне белыя фіны вінавацілі менавіта расійцаў, мяркуючы, што без падтрымкі бальшавікоў нічога б не адбылося. Фіны праяўлялі неўласцівы ім гвалт, баючыся, што іх зноў, як 110 год таму, захопіць Расія, і для іх гэта была зусім не грамадзянская вайна, але нацыянальная, як верна адзін час пісалі фінскія гісторыкі. Да таго ж май 1918 года так і не паставіў кропку ў больш чым дзіўных прэтэнзіях краіны Саветаў на Фінляндыю. Вайна працягвалася да 1920 года, калі бальшавікам стала не да фінаў: пайшлі ў паход на Польшчу і Беларусь.
Чарговая стадыя Першай сусветнай вайны і працяг грамадзянскай вайны ў Фінляндыі, але ўжо выключна ў імперскім ключы — гэта Першая Савецка-фінская вайна 1918–1920 гадоў, існаванне якой савецкія гісторыкі ўпарта імкнуліся сцерці з нашай памяці. Пра яе ў савецкіх падручніках не знойдзеш ні радка. Яшчэ адна «нецікавая» вайна, бо завяршылася пройгрышам і стратай тэрыторыіі. Такую вайну, канечне ж, лепш было б забыць. Пачалася яна таксама яшчэ да першага перамір’я паміж Антантай і Германіяй, т. б. пачалася як састаўная частка Першай сусветнай з тыповымі рысамі імперыялістычнай, але ўжо з боку Фінляндыі. Так ці інакш, у гэтай вайне ў рознай ступені прыняла ўдзел 16 краін: Фінляндыя, РСФСР, толькі што абвешчаныя фіна-вугорскія Паўночная Карэлія, Паўночная Інгрыя, таксама ЗША, Германія, Канада, Францыя, Вялікабрытанія, Італія, Сербія, Кітай, Швецыя, Данія, Эстонія, Прыбалтыйскі ландэсвер.
Яшчэ 23 лютага 1918 года, знаходзячыся на станцыі Антрэа (цяпер Каменагорск) і звяртаючыся да войска, вярхоўны галоўнакамандуючы фінскай арміяй генерал Карл Густаў Манэргейм сказаў сваю знакамітую прамову, «клятву мяча», у якой абвясціў, што «не ўкладзе меч да похваў раней, чым апошні ваяка і злодзей Леніна не будзе выгнаны як з Фінляндыі, так і з Усходняй Карэліі».
Зрэшты, афіцыйнага абвяшчэння вайны з боку Фінляндыі не было. Да жадання генерала Манэргейма стаць выратавальнікам «старой Расіі» ў Фінляндыі ставіліся з прахалодай. Фіны, як мінімум, патрабавалі падтрымкі заходніх краін і гарантый таго, што белая Расія прызнае фінскую незалежнасць.
Ну а 7 сакавіка 1918 года прэм’ер-міністр Фінляндыі выказаў прэтэнзіі на Усходнюю Карэлію і Кольскую паўвыспу, у прынцыпе, фіна-вугорскія землі, але частка рускай Наўгародскай рэспублікі яшчэ добрых гадоў 600 таму.
15 сакавіка генерал Манэргейм зацвердзіў «план Валеніуса», які прадугледжваў захоп часткі былой тэрыторыі Расійскай імперыі да лініі Пэтсама (Печэнга — Кольская паўвыспа — Белае мора — Анежскае возера).
Да сярэдзіны мая 1918 года, калі белафіны кантралявалі ўжо ўсю тэрыторыю Вялікага княства Фінляндскага, яны пачалі вайсковыя аперацыі, накіраваныя на захоп Усходняй Карэліі і Кольскай паўвыспы. Ідэя з сучаснага пункту гледжання падаецца вар'яцкай — маленькая Фінляндыя пайшла на вялізную Расію, якую нават Напалеон са сваёй супер-арміяй не змог перамагчы. Але, магчыма, убачыўшы, як бальшавікі раздаюць свае землі немцам, фіны вырашылі адрэзаць і сабе кавалак «святочнага каравая». Фінскія атрады атакавалі Печэнгу, але былі адбіты чырвонагвардзейцамі.
У маі 1918 года стаўка генерала Манэргейма апублікавала рашэнне фінляндскага ўрада аб абвяшчэнні вайны РСФСР і рыхтавала наступленне на Петраград, аднак гэты план не быў падтрыманы немцамі. Высадка нямецкіх войскаў у Фінляндыі і заняцце Хельсінкі сур’ёзна непакоіла краіны Антанты, якія працягвалі вайну з Германіяй.
Пачынаючы з сакавіка 1918 года ў Мурманску, згодна з пагадненнем з бальшавіцкім урадам, для абароны горада і чыгункі ад верагоднага наступлення германа-фінскіх войск высаджваюцца англічане. З чырвоных фінаў, якія адышлі на ўсход, для дзеянняў супраць звязаных з немцамі белафінаў брытанцы ўтварылі Мурманскі легіён на чале з Аскары Такоем.
15 кастрычніка 1918 года пасля непрацяглых баёў белафіны занялі Рэбальскую воласць ва Усходняй Карэліі.
У лістападзе 1918 года Германія капітулявала і пачала вывад уласных войскаў, якія патрапілі пад акупацыю ў выніку Брэсцкай мірнай дамовы і папярэдніх заваяванняў, з тэрыторыі былой Расійскай імперыі. У тым ліку немцы сыходзілі з тэрыторыі прыбаліыйскіх краін і Фінляндыі. Ленін у той жа час скарыстаўся гэтым: Чырвоная армія неадкладна заняла ўскраінныя дзяржавы.
30 снежня 1918 года фінскія войскі пад камандаваннем генерала Ветцэра высадзіліся ў Эстоніі, дзе аказвалі дапамогу мясцоваму ўраду ў барацьбе з бальшавіцкімі захопнікамі. Аднак, дапамагалі эстонцам і расійскія белагвардзейцы Юдзеніча, але, відаць, гэтым толькі загналі сябе ў кут: падобна, эстонцы баяліся белай гвардыі нават больш, чым чырвонай, мяркуючы, што тыя прагнуць аднаўлення Расійскай імперыі ў былых межах, уключна з Эстоніяй.
Паводле ўмоў Брэсцкага міру, Эстонія змяніла ўладара, патрапіўшы пад уладу германскага кайзера. 24 лютага 1918 года Эстонія абвяшчае аб сваёй незалежнасці. Аднак, адразу пасля рэвалюцыі ў Берліне ў Таліне зноў змяніўся гаспадар. Вырашаць лёс прыбалтыйскай зямлі стала Антанта.
Наступленне Чырвонай арміі, якое пачалося ўвосень 1918 года, зноў паставіла незалежнасць маленькай Эстоніі пад пытанне. Толькі ўмяшальніцтва брытанскага флоту дапамагае абараніць эстонскую сталіцу ад бальшавікоў. А галоўную ролю ў іх выгнанні з тэрыторыі нядаўна абвешчанай краіны граюць расійскія белагвардзейскія фарміраванні — Паўночна-Заходняя армія пад камандаваннем генерала Юдзеніча, якая спрабавала захапіць бальшавіцкі Петраград.
Да сярэдзіны лістапада невялікая армія Юдзеніча была канчаткова адкінута ад сцен паўночнай сталіцы. Разбітая, яна хутка адышла да мяжы Эстонскай рэспублікі. Менавіта з яе тэрыторыі салдаты Юдзеніча накіроўваліся вызваляць Петраград ад бальшавікоў, да гэтага выбіўшы іх з эстонскай зямлі.
Падручнікі па гісторыі паведамляюць, што ў лістападзе 1919 года армія Юдзеніча падышла да эстонскай мяжы і была інтэрніравана. Але што значыць гэта незразумелае «інтэрніравана»? Леў Троцкі ў кнізе «Маё жыццё» тлумачыць гэта так:
Разгромленыя, цалкам дэмаралізаваныя белыя былі адкінуты да эстонскай мяжы. Як толькі яны яе перайшлі, урад Эстоніі іх раззброіў. У Лондане і Парыжы ніхто пра іх не прыгадаў. Тое, што было ўчора Паўночна-Заходняй арміяй Антанты, цяпер гінула ад холаду і голаду.
Так, не дачакаўшыся ўдзячнасці ад новага ўрада Эстоніі, загінула армія Юдзеніча. Некалькі сутак людзі ў страшны мароз ночылі проста на зямлі. «Людзі кучамі замярзаюць у тую ноч», — распавядаў пісьменнік Аляксандр Купрын, які сам тады знаходзіўся ў арміі Юдзеніча. Але ж сярод вайскоўцаў былі і грамадзянскія асобы — жанчыны і нават дзеці.
Невялікімі партыямі скрозь калючы дрот эстонцы ўрэшце пачалі пропуск. Уся зброя павінна была быць здадзена. Пры гэтым эстонцы займаліся непрыхаваным марадзёрствам, проста на марозе распранаючы салдат, здымаючы новыя англійскія шынялі, адбіраючы каштоўныя рэчы, залатыя крыжыкі і пярсцёнкі. Пасля гэтага людзей размясцілі на станцыі Нарва-2 у памяшканнях дзвюх закінутых фабрык, агароджаных калючым дротам. Па сутнасці, гэта была турма, ці нават горш — тут не было ні ложкаў, ні коўдраў, ні цёплай вопраткі, ні медыкаментаў…
Побач на пуцях стаялі тысячы вагонаў з маёмасцю колішняй расійскай арміі. Там было ўсё, але камандуючы эстонскай арміяй генерал Лайданэр загадаў рэквізаваць склады з усім ладункам на карысць Эстоніі.
Пра жахі, якія адбываліся тады ў Эстоніі, выдавочца пісаў:
З уцекачамі з Петраградскай губерніі, колькасць якіх перавышала 10 тысяч, абыходзіліся горш, чым з быдлам. Іх прымушалі на траскучым марозе суткамі ляжаць на шпалах чыгункі.
Пратэстаў Юдзеніча ніхто не пачуў. Талабскі полк белых, працягваючы баі з чырвонымі, адышоў да эстонскай мяжы апошнім. Салдаты і афіцэры па лёдзе перайшлі на эстонскі бок і, як дамаўляліся, склалі зброю. Але ў Эстонію іх не пусцілі, а, накіраваўшы рулі кулямётаў, пагналі назад! На іншым беразе ўжо былі бальшавікі. Пад агнём з абодвух бакоў загінуў цэлы полк.
Відавочца кашмара С. В. Рацэвіч распавядаў:
Як у Нарве, так і за яе межамі паўночна-заходнікі загінулі ад эпідэміі тыфу. Ніколі не забуду жудасную карціну, якую ўбачыў. Адзін за адным на могілкі ў Сіверсгаўзэн імчаліся грузавікі з голымі шкілетамі, ледзь накрытымі падраным брызентам, які лунаў на ляту, быццам ветразь. Целы былі накіданы абы-як.
Трагічны лёс арміі Юдзеніча яшчэ раз даказаў: не толькі бальшавікі, але і дзяржавы былых народаў Расійскай імперыі як чумы баяцца вяртання ў мінулае. Польскі лідар Юзэф Пілсудскі ўвогуле голасна абвясціў, што большае за бальшавізм зло бачыць у белай гвардыі, якая імкнецца вярнуць старую Расію. Праўда, у 1920 годзе ён на ўласнай скуры даведаўся пра каварства гэтага самага «меншага зла», калі Чарвоная армія зноў ледзь не заваявала Польшчу, і толькі тытанічнымі намаганнямі цэлай краіны вораг быў разбіты і адкінуты ад сцен Варшавы.
У такой безвыходнай, як у Эстоніі, сітуацыі белагвардзейцы аказваліся не раз. Юдзеніча спачатку выкарысталі ў барацьбе супраць чырвоных, а потым паспрабавалі пазбавіцца ад яго. Метады ліквідацыі новыя эстонскія ўлады абралі, проста кажучы, зверскія.
Падобнае стаўленне да белых і чырвоных расійцаў было і ў фінаў, доказам гэтаму сталі жорсткія расправы над былымі саюзнікамі толькі па прычыне расійскага паходжання.
Такім чынам, у студзені 1919 года фіны занялі Парасазерную воласць. У красавіку Аланецкая добраахвотніцкая армія з тэрыторыі Фінляндыі пачала шырокі наступ ва Усходняй Карэліі на аланецкім напрамку. 21 красавіка добраахвотнікі занялі Відліцу, 23 красавіка — Тулаксу, увечары таго ж дня — горад Аланец, 24 красавіка — Вешкеліцу, 25 красавіка падышлі да Пражы, праніклі да Сулажгары і пачалі непасрэдна пагражаць Петразаводску.
У Вікіпедыі чытаем:
Адначасова Петразаводску з поўначы пагражалі англійскія, канадскія і белагвардзейскія войскі.
Але аўтар артыкула, відаць, забыў, што англічане і канадцы выступалі акурат як саюзнікі Леніна, таму пагражаць Петразаводску яны ніяк не маглі, але маглі толькі абараняць яго ад фінскай акупацыі. Менавіта з гэтай прычыны Чырвоная армія здолела затрымаць наступленне фінаў на Петразаводск. Вось так, не толькі расійцы пралівалі кроў за іншыя краіны, але і англічане саслужылі добрую службу Савецкай Расіі. На жаль, пра гэта хутка забылі, бо гэта яшчэ адзін «нязручны» момант для савецкіх гісторыкаў.
У маі і чэрвені на ўсходніх і паўночных берагах Ладажскага возера атрады Чырвонай арміі адбівалі наступ фінскіх добраахвотнікаў. У маі-чэрвені 1919 года фіны наступалі ў раёне Ладзейнага Поля і пераправіліся цераз Свір. Напрыканцы чэрвеня пачалося контрнаступленне Чырвонай арміі на Відліцкім напрамку, і 8 ліпеня 1919-га фіны былі адкінуты за лінію мяжы. Іх, аднак, падтрымлівалі новаспечаныя фіна-вугорскія краіны, у прыватнасці, Паўночная Інгрыя, якая ў будучыні жадала аб’яднацца з Фінляндыяй.
Пасля рэвалюцыі 1917 года, акрамя Фінляндыі і Эстоніі, на мапе былой Расійскай імперыі з’явіліся і іншыя фінскія дзяржавы — Паўночная Карэлія і Паўночная Інгрыя. Апошняя кіравала часткай Петраградскага павета аднайменнай губерніі з 1919 па 1920 год.
18 мая 1920 года часткі Чырвонай Арміі ліквідавалі Паўночнакарэльскую дзяржаву са сталіцаў у пасёлку Ухта (Архангельская губернія), якая атрымлівала фінансавую і ваенную падтрымку ад фінскага ўрада.
Але толькі ў ліпені 1920 года чырвонаармейцы здолелі канчаткова выбіць фінаў з Усходняй Карэліі. Фінскія войскі засталіся толькі ў Рэбальскай і Парасазерскай валасцях Усходняй Карэліі.
14 кастрычіка 1920 года вайна нарэшце завяршылася. Паводле Тартускай мірнай дамовы, Савецкая Расія пайшла на значныя тэрытарыяльныя саступкі: незалежная Фінляндыя атрымала Заходнюю Карэлію да ракі Сестра, Пячэнгскую вобласць у Запаляр’і, заходнюю частку паўвыспы Рыбацкая і вялікую частку паўвыспы Сярэдняй. У 1940 і 1945 гадах Сталін верне ўсе гэтыя тэрыторыі.
Зрэшты, Фінляндыя таксама пайшла на саступкі. Паводле той жа Тартускай дамовы, прыпыняла сваё існаванне і цалкам вярталася ў склад Расіі Паўночная Інгрыя, якая раней жадала далучыцца да Фінляндыі.
Ці варта казаць, што для іжорскіх фіна-вуграў гэта была сапраўдная трагедыя, тым больш што потым была расстраляна 12 000 інграў — цвет гэтай маленькай нацыі.
За нядоўгі час свайго існавання рэспубліка Паўночная Інгрыя завяла сабе ўсе неабходныя дзяржаўныя атрыбуты: герб, сцяг, гімн, армію, флот, вайсковую форму, вайсковыя ўзнагароды (Крыж Белай Сцяны і Крыж Удзельніка Вызваленчай Вайны), суд, газету («Кір’ясалон саномат»), пошту і паштовыя маркі.
6 снежня 1920 года ў сталіцы Паўночнай Інгрыі вёсцы Кір’ясало быў спушчаны дзяржаўны жоўты сцяг з сінім на скандынаўскі капыл крыжом, і ў той жа дзень насельніцтва Кір’ясало сышло ў Фінляндыю.
Тэрыторыя былой рэспублікі ў 1927 годзе ўвайшла ў зноў утвораны Куйвазоўскі фінскі нацыянальны раён з цэнтрам у Куйвозі (з 1930 года ў Токсава). У 1939 годзе тэрыторыя была далучана да Паргалоўскага раёна. Пазней ад Паўночнай Інгрыі ўлады не пакінулі і сляда — адных інграў расстралялі, іншых высялілі каго ў Эстонію, каго ў Карэлію, а каго і падалей — у Сібір, на Урал. Самыя «небяспечныя», натуральна, атрымалі кулю.
Аднак, у гэтай Першай савецка-фінскай вайны быў і працяг — Другая савецка-фінская вайна. У прынцыпе, яна ўжо не мела імперскага характару — гэта была спроба вызваленчай барацьбы карэлаў. У кастрычніку 1921 года ва Усходняй Карэліі разгарэлася паўстанне супраць савецкай улады. Яго падтрымаў і фінскі ўрад. У Карэлію пайшлі ваяваць 550 фінскіх добраахвотнікаў. Але паўстане пацярпела паразу, і 1 чэрвеня 1922 года ў Маскве было заключана мірнае пагадненне, пасля якога, паводле фінскіх дадзеных, каля 30 000 карэлаў сышлі ў Фінляндыю, але савецкі ўрад пагадзіўся амнісціраваць удзельнікаў паўстання. Абодва бакі, фінскі і савецкі, паабяцалі скараціць колькасць сваіх памежных войскаў.
Расійскія гісторыкі разглядаюць вайну з Фінляндыяй у кантэксце Грамадзянскай вайны ў Расіі. Але вайну 1918–1920 гадоў немагчыма назваць унутранай. Яна была тыпова захопніцкай як з аднаго, так і з другога боку. Фіны напалі на РСФСР, каб адваяваць, як ім падавалася, фінскія тэрыторыі, а інгры і карэлы ваявалі за сваю незалежнасць, РСФСР паспрабавала нічога не аддаваць фінам і раздушыць вызваленчую барацьбу малых фінскіх народаў. Гэта не грамадзянская вайна, гэта працяг імперскіх чынаў Першай сусветнай.
Аб жаночым «батальёне смерці» ў савецкія гады ведалі хіба з фільма «Ленін у кастрычніку», фільма пра штурм Зімняга палаца, які разам з юнкерамі абаранялі жанчыны з гэтага створанага Керанскім батальёна. На самой справе ніякага штурму Зімняга не было: у яго натоўп рэвылюцыянераў зайшоў цалкам мірна, прыкінуўшыся дэпутатамі Думы. А праславіўся батальён не абаронай Зімняга, а адзіным боем на франтах Першай сусветнай вайны, пад Смаргонню.
Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года зноў абраны лідар Часовага ўрада Керанскі звярнуўся да Марыі Бачкаровай з просьбай аб аргінізацыі «жаночага батальёна смерці» для ўдзелу ў патрыятычным праекце. Да арганізацыі такога фарміравання Керанскі прыцягнуў і сваю жонку, і пецярбургскіх інстытутак, агульнай колькасцю да 2000 чалавек.
Але хто ж такая была гэтая Бачкарова, якой даверылі такую далікатную справу? Марыя Бачкарова была звычайнай вясковай сібірачкай з Томскай губерніі, якую ўжо ў пятнаццацігадовым узросце выдалі замуж. Нічым не прыкметны пачатак звычайнага жыцця тыповай расійскай сялянкі. У метрычнай кнізе прыхадской Васкрасенскай царквы захаваўся запіс ад 22 студзеня 1905 года:
Першым шлюбам Афанасій Сяргеевіч Бачкароў, 23 гады, праваслаўнага веравызнання, пражывае ў Томскай губерніі, Томскім павеце Семілукскай воласці, вёсцы Вялікае Кускова, узяў шлюб з дзяўчынай Марыяй Лявонцьеўнай Фралковай, праваслаўнага веравызнання…
Пасяліліся маладыя ў Томску. Але жыццё ў шлюбе амаль адразу не склалася з-за п’янства Афанасія, і Бачкарова без згрызотаў сумлення развіталася з мужам-жлуктам. Яна сышла да мясніка Якава Бука. У маі 1912 года Бук быў арыштаваны па абвінавачванні ў разбойных нападах і пакараны ссылкай ў Якуцк. Бачкарова пешшу пайшла за каханым ва Усходнюю Сібір, дзе ў хуткім часе яны для прыкрыцця адчынілі мясную лаўку, хаця ж на самой справе Бук быў у бандзе ханхузаў. Неўзабаве на след банды выйшла паліцыя, і Бука перавялі на пасяленне ў таёжны пасёлак Амга.
Нягледзячы на тое, што Бачкарова зноў паехала следам за суджаным, ён запіў і пачаў займацца рукапрыкладствам. У гэта чыс распачалася Першая сусветная вайна. Бачкарова вырашыла кінуць другога мужа і ўступіць у шэрагі дзейснай арміі, канчаткова развітаўшыся са сваім Яшкам. Яна вярнулася ў Томск. Запісаць жанчыну ў 24-ты рэзервовы батальён вайскоўцы адмовіліся і параілі ёй пайсці на фронт у якасці міласэрнай сястры. Тады Бачкарова без ваганняў даслала тэлеграму самому цару. І ёй адказалі! Прычым адказалі поўнай згодай. Спачатку жанчына ў пагонах выклікала кпіны і брудныя заляцанні саслужыўцаў, аднак праяўленая ў баі мужнасць прынесла ёй усеагульную павагу, Георгіеўскі крыж і тры медалі. У тыя гады за ёй замацавалася мянушка «Яшка», у гонар яе няўдалага спадарожніка жыцця. Пасля двух раненняў і мноства баёў Бачкарова была ўзведзена ў старэйшыя унтэр-афіцэры.
Вось такой незвычайнай жанчыне даручыў Керанскі ўзначаліць эксперыментальны жаночы батальён з крыважэрным найменнем. У незвычайнай воінскай частцы панавала жалезная дысцыпліна, але падпарадкаваныя скардзіліся начальству, што Бачкарова «б'е морды, як сапраўдны вахмістр старога рэжыму». Далёка не ўсе вытрымлівалі такое абыходжанне: за кароткі тэрмін колькасць жанчын-добраахвотніц скарацілася да трохсот. Астатнія былі арганізаваны ў асобны жаночы батальён, які, дарэчы, ахоўваў Зімні падчас Кастрычніцкага перавароту.
Баявы шлях «батальёна смерці» вычэрпваецца адзіным боем, што, тым не менш, з’яўляеца ўнікальным момантам у гісторыі Першай сусветнай вайны, бо ніводная з астатніх краін-удзельніц не дасылала сваіх жанчын на фронт. Нават падчас Другой сусветнай вайны, калі ў армію жанчын бралі і амерыканцы, і англічане, на фронт салдаты ў спадніцах так і не траплялі. СССР тут таксама вылучыўся тым, што дазволіў сваім жанчынам ваяваць, але на гэты раз стварыўшы спецыяльную жаночую эскадрыллю, якая добра выконвала начныя палёты над нямецкімі пазіцыямі. Немцы называлі савецкіх лётчыц «начнымі вядзьмаркамі»… Таксама савецкія жанчыны выконвалі ролю снайпераў.
Улетку 1917 года атрад Бачкаровай знаходзіўся ў Беларусі пад шматпакутнай Смаргонню падчас штурму Новаспасскага лесу ў 10 км на поўдзень ад Смаргоні на ўчастку 1-га Сібірскага армейскага корпуса. Там ужо на працягу 800 дзён ішлі пазіцыйныя баі з немцамі. Але пасля Лютаўскай рэвалюцыі становішча пагоршылася: салдаты пачалі выказваць паціфістычныя настроі, ваяваць не жадалі. Жаночы атрад, па задуме Керанскага, павінны быў узняць баявы дух дэмаралізаваных салдат. Аднак гэтая задума правалілася, а пра паводзіны жанчын падчас боя распавядаюць рознае. Афіцыйныя асобы ўнікліва паведамлялі, што атрад Бачкаровай праявіў мужнасць, іншыя — што жанчыны ў імгненне забылі ўсё, чаму іх вучылі, збіліся ў кучу, і толькі дасведчаная Бачкарова захавала вытрымку, але атрымала кантузію.
Канечне, ад спачування да няшчасных жанчын у рапарце напісалі, што атрад выявіў адвагу ў баі. А мужчынская стойкасць адной толькі Бачкаровай пакінула незабыўныя ўражанні ў камандзіра Антона Дзянікіна, які прадставіў яе да ўзнагароды. Пасля кантузіі прапаршчык Бачкарова была даслана на папраўку ў петраградскі шпіталь, і ў сталіцы яна атрымала званне падпаручніка, але ў хуткім часе пасля вяртання на пазіцыі ёй давялося распусціць «батальён» у сувязі з фактычным развалам фронту.
Дысцыпліна ў арміі працягвала імкліва зніжацца. Нягледзячы на строгія загады размаўляць з немцамі «толькі пры дапамозе кулі і штыка», непрыхаваныя выпадкі братання ў паласе перадавых акопаў да восені набылі ўсеагульны характар. У арміі панавала імкненне да міру. Пасля змены ўлады ў Петраградзе і арышту Часовага ўраду сітуацыя толькі пагоршылася. Бальшавікі проста абвяшчалі, што вайне канец, заклікалі салдат ехаць дадому.
Узімку 1917 года накіравалася ў Томск і Бачкарова, але па дарозе была затрымана бальшавікамі. Пасля адмовы супрацоўнічаць з новымі ўладамі яе абвінавацілі ў супрацоўніцтве з генералам Карнілавым, справа ледзь не дайшла да трыбунала. Дзякуючы дапамозе аднаго са сваіх былых саслужыўцаў Бачкарова вырвалася на свабоду і, апрануўшыся ў строй міласэрнай сятры, праехала ўсю краіну да Уладзівастока. Адтуль яна адплына ў агітацыйную паездку ў ЗША.
У красавіку 1918 года Марыя Бачкарова прыбыла ў Сан-Францыска. Пры падтрымцы ўплывовай і заможнай Флорэнс Харыман дачка расійскага селяніна перасекла цэлыя Штаты і 10 ліпеня дабілася аўдыенцыі ў Белым доме ў прэзідэнта Вудра Вільсана. Па сведчаннях відавочцаў, аповед Бачкаровай аб яе драматычным лёсе і просьбы аб дапамозе ў барацьбе супраць бальшавікоў да слёз кранулі прэзідэнта.
Журналіст Ісаак Дон Левін на падставе аповедаў Бачкаровай напісаў кнігу пра яе жыццё, яна пабачыла свет у 1919 годзе пад назвай «Яшка» і была перакладзена на некалькі моваў.
Пасля наведвання Лондана, дзе яна сустрэлася з каралём Георгам V і заручылася яго фінансавай падтрымкай, Бачкарова ў жніўні 1918 года прыбыла ў Архангельск. Яна разлічвала прыцягнуць мясцовых жанчын да барацьбы з бальшавікамі, але змагацца ніхто не жадаў. Генерал Марушэўскі ў загадзе ад 27 снежня 1918 года абвясціў, што прызыў жанчын на неадпаведную ім вайсковую службу будзе ганьбай для ўсёй Паўночнай вобласці і забараніў Бачкаровай насіць беспадстаўна афіцэрскую форму.
У наступным годзе Бачкарова ўжо была ў Томску пад сцягамі адмірала Калчака, дзе спрабавала арганізаваць батальён медсясцёр. Пабег Калчака з Омска яна ўспрыняла як здраду, добраахвотна з’явілася да мясцовых уладаў, якія ўзялі з яе падпіску аб нявыездзе.
Праз некалькі дзён 31-гадовая Бачкарова была ўзята пад арышт чэкістамі. Яўных доказаў яе здрады ці супрацоўніцтва з белымі не выявілася, і разбіральніцтва зацягнулася на чатыры месяцы. Паводле савецкай версіі, 16 мая яна была расстраляна ў Краснаярску, але ў заключэнні пракуратуры Расіі аб рэабілітацыі Бачкаровай у 1992 годзе сказана, што сведчанняў і дакументаў, якія б пацвярджалі яе расстрэл, няма.
А вось расійскі біёграф Бачкаровай С. У. Дрокаў лічыць, што яна не была расстраляна. З краснаярскіх засценкаў яе вызваліў усё той жа знаёмы журналіст Ісаак Дон Левін. Разам з ім яна накіравалася ў кітайскі горад Харбін, дзе сустракалася з аднапалчанінам-удаўцом, які стаў яе мужам. Змяніўшы прозвішча, Бачкарова да 1927 года жыла на Кітайскай Усходняй чыгунцы, пакуль не падзяліла лёс расійскіх сем’яў, якія былі гвалтоўна дэпартаваны ў Савецкую Расію. Усю моц невыдаткаванай мацярынскай любові яна, па меркаванні Левіна, аддавала сынам свайго мужа, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны.
Аб вайне з Польшчай на працягу ўсяго савецкага перыяду паведамлялі толькі тое, што Чырвоная армія гераічна прасоўвалася наперад, дайшла да самай Варшавы, але потым з-за таго, маўляў, што перадавыя часткі моцна адарваліся ад тылавых, палякі здолелі спыніць наступ, і РКЧА была вымушана адступіць на ранейшыя пазіцыі, падзяліўшы з палякамі згодна з Рыжскай мірнай дамовай Беларусь і Украіну.
Чаму і якім чынам Чырвоная армія здолела дайсці ажно да сталіцы Польшчы, чаму і як яе адтуль выгналі — усё гэта заставалася па-за кадрам. Ніякіх толкам падрабязнасцяў, нягледзячы на тое, што гэтая вайна чарговым смерчам пранеслася па гарадах і вёсках Беларусі, Украіны і Польшчы, якія яшчэ не ачунялі пасля вайны з Германіяй.
Ва ўсе часы хавалі, што вайна з Польшчай — усё тая ж імперыялістычная, а ніякая не грамадзянская. Польшча вырашыла аднавіць Рэч Паспалітую, у якую ў поўным складзе ўваходзіла Беларусь і асноўная частка Украіны, а бальшавікі, якія мала чым у гэтым плане адрозніваліся ад цара, лічылі, што ім належыць не толькі Беларусь і Украіна, але і сама Польшча. Пры гэтым ні палякі, ні расіяне асабліва не задумваліся пра суверэнітэт беларусаў і ўкраінцаў — кожны бок разглядаў гэтыя тэрыторыі як уласную вотчыну.
Савецкая Заходняя армія, у задачы якой уваходзіла ўсталяванне кантроля над Беларуссю, пачала наступленне 17 лістапада 1918 года. Ёй супрацьстаялі атрады Самаабароны, сфарміраваныя ў буйных гарадах з былых салдат Польскіх карпусоў і лаяльнай моладзі яшчэ падчас нямецкай акупацыі. Загадам новага польскага лідара Юзэфа Пілсудскага ад 7 снежня 1918 года атрады Самаабароны былі абвешчаны састаўной часткай Войска Польскага. Узровень баявой падрыхтоўкі гэтых атрадаў быў не надта высокім, і яны не здолелі аказаць сур’ёзнага супраціву Заходняй арміі.
Уночы на 1 студзеня 1919 года ў Смаленску ў супрацьвагу Беларускай Народнай Рэспубліцы была абвешчана Беларуская ССР. У той жа дзень пасля адыходу нямецкай арміі з Вільні мясцовыя часткі польскай Самаабароны ўзялі горад пад кантроль, але 5 студзеня 1919 года Вільня з боем была ўзята злучэннямі Чырвонай арміі.
10 студзеня 1919 года савецкія войскі занялі Мінск, абвясціўшы фармальна незалежную Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку.
27 студзеня, пасля ўваходжання ў склад БССР Летувы яна была перайменавана ў Літоўска-Беларускую ССР (рэспубліку Літ-Бел). Так на свет з’явілася аб’яднаная з Летувай беларуская рэспубліка, якой па іроніі таксама кіраваў чалавек са змяшаным летувіска-беларускім прозвішчам — Вікенці Семёнавіч Міцкевіч-Капсукас. Мінская, Віленская, Гродзенская і Ковенская (будучы Каўнас) губерніі ўвайшлі ў Літ-Бел, а Магілёўская, Смаленская і Віцебская былі аддадзены РСФСР, быццам часова.
У гэты час Польшча не магла аказаць істотнай дапамогі атрадам Самаабароны, бо частка польскіх войскаў была ўцягнута ў памежны канфлікт з Чэхаславакіяй і рыхтавалася да верагоднага канфлікту з Германіяй за Сілезію, а ў заходніх раёнах краіны яшчэ знаходзіліся нямецкія войскі. Толькі пасля ўмяшальніцтва Антанты 5 лютага 1919 года была падпісана дамова аб тым, што немцы прапусцяць палякаў на ўсход. У выніку польскія войскі занялі Ковель, які так доўга і безвынікова штурмаваў Брусілаў.
9 лютага палякі занялі Брэст, 19 лютага ўвайшлі ў пакінуты немцамі Беласток. З таго часу, рушыўшы на ўсход, польскія войскі ліквідавалі адміністрацыі Украінскай Народнай Рэспублікі на Холмшчыне, у беларускіх Жабінцы і Кобрыне, і ва Уладзіміры-Валынскам.
Да 14 лютага 1919 года польскія войскі занялі рубеж Кобрын — Пружаны. У хуткім часе туды з другога боку падышлі часткі Заходняга фронта Чырвонай арміі. Такім чынам, утварыўся польска-савецкі фронт на тэрыторыі Летувы і Беларусі.
Нягледзячы на тое, што да лютага 1919 года Войска Польскае налічвала больш за 150 000 чалавек, на тэрыторыі Беларусі і Украіны першапачаткова былі размешчаны параўнальна нязначныя сілы: 12 батальёнаў пяхоты, 12 кавалерыйскіх эскадронаў і тры артылерыйскія батарэі — разам каля 8000 чалавек. Астатнія часткі знаходзіліся на мяжы з Германіяй і Чэхаславакіяй ці яшчэ не былі даўкамплектаваны.
Колькасць савецкай Заходняй арміі ацэньваецца ў 45 000, аднак пасля захопу Беларусі найбольш баяздольныя часткі былі пераведзены на іншыя напрамкі, дзе становішча Чырвонай арміі было вельмі цяжкім.
19 лютага Заходняя армія была пераўтворана ў Заходні фронт пад камандаваннем Дзітрыя Надзёжнага. Для падрыхтоўкі наступу на ўсход польскія войскі ў Беларусі, атрымаўшы падмогу, былі падзелены на тры часткі: Палескай групай камандаваў генерал Антоні Лістоўскі, Валынскай групай — генерал Эдвард Рыдз-Сміглы, а на лініі Шчытна — Скідаль размяшчалася Літоўска-Беларуская дывізія генерала Вацлава Івашкевіча-Рудашанскага. На поўдзень ад іх знаходзіліся падраздзяленні генералаў Юльюша Румеля і Тадэвуша Развадоўскага.
Напрыканцы лютага польскія войскі фарсіравалі Нёман і пачалі наступленне ў Беларусі, якая з 3 лютага 1919 года знаходзілася ў складзе РСФСР. 28 лютага злучэнні генерала Івашкевіча атакавалі савецкія войскі па рацэ Шчара, і 1 сакавіка занялі Слонім, а часткі Лістоўскага ўзялі Пінск. Такім чынам палякі аднаўлялі Рэч Паспалітую, якую назвалі Другой.
На працягу двух дзён з 17-га па 19-га красавіка 1919 года палякі занялі Ліду, Навагрудак і Баранавічы, а 19 красавіка польская кавалерыя зноў увайшла ў Вільню. Праз два дні туды прыбыў Юзэф Пілсудскі, які звярнуюся да народа з прамовай, дзе прапанаваў Літве (Беларусі) вярнуцца да ўніі часоў Першай Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
Між тым, польскія войскі ў Беларусі пад новым камадаваннем Станіслава Шэптыцкага, атрымаўшы падмацаванне з Польшчы, працягнулі рух на ўсход. У маі — ліпені польскія часткі папоўніліся перанакіраванай з Францыі 70-тысячнай арміяй Юзэфа Галера.
Адначасова пад кантроль палякаў пераходзіць Заходняя Украіна.
25 чэрвеня 1919 года рада міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і Італіі ўпаўнаважвае Польшчу на акупацыю Усходняй Галіцыі да ракі Збруч.
Да 17 ліпеня Усходня Галіцыя была цалкам занята польскай арміяй, адміністрацыя Заходне-Украінскай Народнай рэспублікі (ЗУНР) ліквідавана. Наступ на беларускім напрамку таксама працягваецца: 4 ліпеня занята Маладзечна, 25 пад польскі кантроль перайшоў Слуцк. Савецкі ўрад зняў з пасады камандуючага Заходнім фронтам Дзмірыя Надзёжнага, на яго месца быў прызначаны Уладзімір Гіціс. Аднак істотнага папаўнення савецкія войскі ў Беларусі не атрымалі, бо ўсе рэзервы былі накіраваны на поўдзень, на змаганне з Добраахвотніцкай арміяй Антона Дзянікіна, якая ў ліпені распачала рух у напрамку Масквы.
У жніўні 1919 года польскія войскі зноў перайшлі ў наступленне, галоўнай мэтай якога быў Мінск. Пасля шасцігадзіннага бою 9 жніўня палякі ўзялі беларускую сталіцу, а 29 жніўня, нягледзячы на ўпарты супраціў Чырвонай Арміі, быў заняты Бабруйск. У кастрычніку чырвонаармейскія часткі арганізавалі контратаку з мэтай вярнуць горад, але пацярпелі поўную паразу. Пасля гэтага баявыя дзеянні заціхлі да пачатку наступнага года — бакі заключылі перамір’е.
Замірэнне тлумачылася яшчэ і тым, што краіны Антанты і Антон Дзянікін не жадалі падтрымліваць планы далейшага польскага наступу. Пачаўся працэс доўгіх і складаных перамоў.
Ні Польшча, ні Расія не пайшлі на саступкі, мірныя перамовы праваліліся, баявыя дзеянні былі адноўлены. У першыя дні студзеня 1920 года войскі Эдварда Рыдз-Сміглы дзякуючы нечаканаму ўдару захапілі Дынабург (Дзвінск, сучасны Даўгаўпілс) і перадалі горад латвійскім уладам. 6 сакавіка польскія войскі пачалі наступленне ў Беларусі, захапілі Мазыр і Калінкавічы. Чатыры спробы Чырвонай Арміі адбіць Мазыр завяршыліся беспаспяхова, няўдала скончылася і спроба наступлення на Украіне. Камандуючы Заходнім фронтам Уладзімір Гіціс быў таксама зняты з пасады, а на яго месца прызначаны 27-гадовы Міхаіл Тухачэўскі, які раней добра праявіў сябе ў баях супраць Калчака і Дзянікіна. Таксама для лепшага кіравання войскамі паўднёвая частка фронта была адасоблена ў Паўднёва-Заходні фронт пад камандаваннем Аляксандра Ягорава.
На тэрыторыі Беларусі сілы палякаў і бальшавікоў былі прыкладна роўнымі, а на Украіне палякі супольна з украінскай арміяй Пятлюры мелі амаль трохразовую колькасную перавагу, якую польскае камандаванне вырашыла выкарыстаць па максімуме, перакінуўшы на гэты напрамак дадаткова войскі агульнай сілай у 10 000 штыкоў і 1000 шабляў. Акрамя гэтага, каля 15 000 чалавек налічвала войска Пятлюры, якое ваявала разам з палякамі.
25 красавіка 1920 года польска-ўкраінскія войскі атакавалі пазіцыі Чырвонай Арміі на ўсім працягу ўкраінскай мяжы і да 28 красавіка апынуліся на лініі Чарнобыль — Казяцін — Вінніца — румынская мяжа.
Тухачэўскі вырашыў скарыстацца тым, што асноўныя польскія сілы засярэдзіліся на Украіне, і 14 мая пачаў контрнаступленне ў Беларусі. Нягледзячы на першапачатковы поспех, да 27 мая наступ савецкіх войскаў захлынуўся, а 1 чэрвеня 4-я частка 1-й польскай арміі перайшла ў контрнаступленне супраць 15-й савецкай арміі і да 8 чэрвеня нанесла ёй цяжкую паразу. Чырвоная армія згубіла забітымі, параненымі і палоннымі больш за 12 000 чалавек.
На золку 4 ліпеня Заходні фронт Міхаіла Тухачэўскага зноў пайшоў у атаку. Асноўны ўдар наносіўся на правым, паўночным флангу, дзе была дасягнута амаль двухразовая перавага ў людзях і ўзбраенні.
Задума аперацыі заключалася ў абыходзе польскіх частак кавалерыйскім корпусам Гая і адсоўванні польскага Беларускага фронта да летувіскай мяжы. Гэтая тактыка прынесла поспех: 5 ліпеня 1-я і 4-я польскія арміі пачалі хутка адыходзіць у напрамку Ліды і, не здолеўшы замацавацца на старой лініі нямецкіх акопаў, напрыканцы ліпеня адступілі да Буга. За кароткі прамежак часу Чырвоная армія прасунулася больш чым на 600 км: 10 ліпеня палякі пакінулі Бабруйск, 11 ліпеня Тухачэўскі заняў Мінск, 14 ліпеня — Вільню.
26 ліпеня ў раёне Беластока Чырвоная армія перайшла ўжо непасрэдна на польскую тэрыторыю, а 1 жніўня, нягледзячы на адчайныя загады Пілсудскага, савецкім войскам амаль без супраціву быў здадзены Брэст.
23 ліпеня ў Смаленску бальшавікі ўтварылі Часовы рэвалюцыйны камітэт Польшчы (Польрэвкам), які павінны быў прыняць на сябе ўладу пасля ўзяцця Варшавы і звяржэння Пілсудскага.
Аб гэтым бальшавікі афіцыйна абвясцілі 1 жніўня ў Беластоку, дзе і размясціўся Польрэвкам. Узначаліў камітэт Юльян Мархлеўскі. У той жа дзень, 1 жніўня, Польрэвкам агучыў «Зварот да польскага працоўнага люду гарадоў і вёсак», складзены вядомым Феліксам Дзяржынскім, будучым галоўным чэкістам дзяржавы Саветаў. У «Звароце» паведамлялася аб стварэнні Польскай Рэспублікі Саветаў, аб нацыяналізацыі зямлі, аддзяленні царквы ад дзяржавы, а таксама змяшчаўся заклік да рабочых гнаць прэч капіталістаў і паноў, займаць фабрыкі і заводы, ствараць рэвкамы ў якасці органаў улады. Камітэт таксама заклікаў польскіх жаўнераў да паўстання супраць Пілсудскага і пераходу на бок Польскай Рэспублікі Саветаў.
Польрэвкам распачаў нават ўтварэнне Польскай Чырвонай арміі пад камандаваннем Рамана Лонгвы, аднак не дасягнуў у гэтым значных поспехаў. Палякі як заўжды не выявілі вялікага імкнення да ўсталявання савецкай улады.
А тым часам да пачатку жніўня 1920 года становішча Польшчы стала зусім крытычным, і не толькі з-за хуткага адступлення з Беларусі, але і з-за пагаршэння міжнародных стасункаў. Вялікабрытанія, аб падтрымцы якой ва ўсе гады так любілі распавядаць савецкія ідэолагі, на самой справе перастала аказваць Польшчы ваенную і эканамічную дапамогу, а Германія і Чэхаславакія зачынілі межы з Польшчай і адзіным пунктам дастаўкі грузаў у рэспубліку застаўся партовы Данцыг — Гданьск. З набліжэннем войскаў бальшавікоў да Варшавы праз яго пачалася эвакуацыя замежных дыпмісій.
Аднак становішча польскіх войскаў пагоршылася не толькі на беларускім, але і на ўкраінскім напрамку, дзе зноў перайшоў у наступленне Паўднёва-Заходні фронт пад камандаваннем Аляксандра Ягорава.
У гэты час Міхаіл Тухачэўскі ўжо рыхтаваўся да штурму Варшавы. Яго план прадугледжваў фарсіраванне Віслы ў ніжняй плыні і атаку на Варшаву з захаду. Адна група савецкіх войскаў рушыла на варшаўскую Прагу, другая — на Яблонну і Няпорэнт. Польскія сілы адышлі на другую лінію абароны.
І гэта быў час ісціны для палякаў. Перад імі стаяў выбар — ці менш чым праз тры гады пасля атрымання доўгачаканай, выпакутаванай незалежнасці зноў ператварыцца ў прыдатак расійскай дзяржавы, але ўжо бальшавіцкай, ці са зброяй у руках біцца за свабоду. «Гэй, палякі — на багнеты!», — заклікалі тагачасныя плакаты са сцен дамоў і плотаў.
Польшча рыхтавала контрудар, які б мог і сарвацца, калі б не вечная падазронасць камісараў. Да іх у рукі патрапіў загад аб контрудары пад Вепшам з падрабязнай мапай, але чырвоныя камандзіры палічылі знойдзены дакумент дэзінфармацыяй, мэтай якой быў зрыў наступлення Чырвонай арміі на Варшаву. У той жа дзень польская контрразведка перахапіла загад па 16-й арміі аб наступленні на Варшаву 14 жніўня. Каб апярэдзіць чырвоных, па загадзе Юзэфа Галера 5-я армія Владыслава Сікорскага, якая абараняла Модлін, з раёна ракі Вкра ўдарыла па расцягнутым фронце Тухачэўскага на сутыку 3-й і 15-й армій і прарвала яго. Уночы на 15 жніўня дзве рэзервовыя польскія дывізіі з тылу ў штыкі атакавалі савецкія войскі пад Радзімінам. Атака завяршылася разгромам чырвоных частак і ўзяццем горада.
16 жніўня Пілсудскі ўзначаліў новы конртудар па Чырвонай арміі. Яго войска з 47 500 жаўнераў ударыла па Мазырскай групе, якая па колькасці ўдвая саступала польскай. Атака Пілсудскага прарвала фронт, палякі разграмілі паўднёвае крыло 16-й арміі Мікалая Салагуба. Адначасова ішло наступленне на Уладаву сіламі 3-й пяхотнай дывізіі Легіёна, а таксама пры танкавай падтрымцы — на Мінск-Мазавецкі.
Такім чынам, існавала пагроза атачэння ўсіх злучэнняў Чырвонай арміі пад Варшавай. Войскі Заходняга фронта хаатычна адступалі.
19 жніўня палякі занялі Брэст, 23 — Беласток. Напрыканцы жніўня праз Сокаль 1-я Конная армія ўдарыла ў накірунку Замосця і Грубяшова, каб потым праз Люблін выйсці ў тыл да польскай ударнай групоўкі, якая рушыла на поўнач. Але палякі высунулі насустрач Коннай арміі рэзервы Генштаба. 31 жніўня 1920 года пад Камаровам адбылася самая буйная пасля 1813 года конная бітва. 1-я Конная армія Будзёнага ўступіла ў бой з 1-й польскай дывізіяй кавалерыі Румеля. Пачалася жорсткая бойка. Нягледзячы на значную колькасную перавагу (7000 шабляў Будзёнага супраць 2000 шабляў Румеля), савецкія злучэнні пацярпелі поўную паразу, страціўшы забітытмі 4000 чалавек — больш за палову асабістага складу. Страты Румеля склалі толькі каля 500 чалавек.
Армія Будзёнага, а за ёй і войскі Паўднёва-Заходняга фронту, у тлуме адступілі, пакінулі Львоў і перайшлі да абароны.
Вайна скончылася паразай бальшавікоў. Іх армія страціла загінулымі 25 000 чырвонаармейцаў, а 60 000 (!) патрапіла ў палон. Яшчэ 40 000 былі інтэрніраваны немцамі. Некалькі тысяч чалавек лічыліся зніклымі без вестак. Агульная колькасць страт, такім чынам, склала 125 000 чалавек.
Польскія страты ацэньваюцца ў 15 000 забітых і зніклых без вестак і 22 000 параненых.
Пасля адступлення з Польшчы Тухачэўскі замацаваўся на лініі рэк Нёман — Шчара — Свіслач, выкарыстаўшы пры гэтым у якасці другога рубяжа абароны германскія ўмацаванні, што засталіся з Першай сусветнай. Заходні фронт атрымаў вялікую падмогу з тылавых раёнаў, а таксама ў яго склад вярнуліся 30 000 чалавек, якія былі інтэрніраваны з Усходняй Прусіі. Паступова Тухачэўскі амаль цалкам змог аднавіць баявы склад фронта: на 1 верасня 1920 года ён меў 73 000 байцоў і 220 гармат. Па загадзе Каменева ён рыхтаваў новае наступленне.
Да актыўных баявых дзеянняў рыхтаваліся і палякі. Меркавалася праз атаку на Гродна і Ваўкавыск звязаць асноўныя сілы Чырвонай арміі і даць магчымасць 2-й арміі праз тэрыторыю Беларусі выйсці ў глыбокі тыл перадавых частак бальшавікоў, якія трымалі абарону на Нёмане.
12 верасня Тухачэўскі аддаў загад аб наступленні паўднёвага фланга Заходняга фронта, які ўключаў 4-ю і 120-ю армію, на Владаву і Брэст. З прычыны таго, што загад быў перахоплены і расшыфраваны польскай разведкай, у той жа дзень палякі нанеслі прэвентыўны ўдар, прарвалі абарону 12-й арміі і ўзялі Ковель. Гэта сарвала агульнае наступленне войскаў РКЧА, паставіла паўднёвую групоўку Заходняга фронта пад пагрозу атачэння і вымусіла 4-ю, 12-ю і 14-ю арміі адступіць на ўсход.
20 верасня 1920 года пачалася крывавая бітва за Гродна. Спачатку поспех спадарожнічаў палякам, яны адціскалі чырвоных, але 22 верасня войскі Тухачэўскага падцягнулі рэзервы і аднавілі сваё першапачатковае становішча. Тым часам польскія войскі ўварваліся ў Паўночна-Заходнюю Беларусь і рушылі на Друскенікі (сучасны Друскенінкай, Літва). Захапіўшы мост праз Нёман, палякі выйшлі да фланга Заходняга фронта. 25 верасня, не маючы магчымасці спыніць іх наступ, Тухачэўскі аддае загад аб адыходзе войск на ўсход. У ноч на 26 верасня палякі занялі Гродна, а ў хуткім часе фарсіравалі Нёман на поўдзень ад горада. Адступаючы на ўсход, армія Лазарэвіча не здолела аднавіць фронт і з вялікімі стратамі адышла ў раён Ліды.
28 верасня савецкія войскі арганізавалі спробу захапіць заняты ворагам горад, але марна. Пры гэтым большая частка асабовага складу патрапіла ў палон. 12 кастрычніка палякі зноў пайшлі на Мінск і Маладзечна.
Пілсудскі прапанаваў развіць поспех, атачыць і знішчыць рэшту войскаў Заходняга фронта ля Навагрудка. Але аслабленыя ў баях польскія часткі не здолелі выканаць загад, і войскі РКЧА замацаваліся і занялі абарончыя пазіцыі.
Падчас Нёманскай бітвы палякі захапілі 40 000 палонных, 140 гармат, вялікую колькасць коней і рыштунку. Баявыя дзеянні ў Беларусі працягваліся ажно да да падпісання мірнага дагавору ў Рызе.
Падчас вайны войскі з абодвух бакоў каралі смерцю грамадзянскае насельніцтва па ўсёй Беларусі і Украіне, і пры гэтым польскія войскі здзяйснялі этнічныя чысткі, аб’ектам якіх найчасцей былі яўрэі. Як кіраўніцтва РКЧА, так і камандаванне Войска Польскага ініцыявала службовыя доследы з нагоды падобных акцый і імкнулася іх прадухіліць.
Першым задакументаваным выпадкам ужывання зброі супраць нонкамбатантаў у гэтай вайне стаў расстрэл Расійскага Чырвонага Крыжа 2 студзеня 1919 года, які, верагодней за ўсё, здзейснілі атрады Самаабароны, бо рэгулярная армія на той момант яшчэ не пакінула межаў Польшчы. У сакавіку 1919 года пасля заняцця Пінска польскі камендант загадаў расстраляць 40 яўрэяў, якія сабраліся на малітву — іх прынялі за сход бальшавікоў. Падаецца, іх невыпадкова пераблыталі з прыхільнікамі камуністычнай партыі, бо асноўная частка бальшавікоў і камісараў на самой справе паходзіла з іудзеяў. Была расстраляна і частка персаналу шпіталя. У красавіку таго ж года захоп Вільні суправаджаўся масавымі расправамі над палоннымі чырвонаармейцамі, яўрэямі і людзьмі, якія спачувалі савецкай уладзе.
Значна горш справы з тэрорам і нацыянальнымі чысткамі былі на Украіне. Так, 24 сакавіка 1920 года атрад атамана Куроўскага, пятлюраўца, былога чырвонага камандзіра, учыніў бойню яўрэяў у Татыеве.
Польскі ваенны пракурор палкоўнік Лісоўскі, які расследваў скаргі на дзеянні ўкраінскай дывізіі Балаховіча, пісаў у той час наступнае:
Армія Балаховіча ўяўляе з сябе армію разбойнікаў, якая перапраўляе нарабаванае золата. Каб заняць які-небудзь горад, дасылаецца армія, салдаты якой рабуюць і забіваюць. І толькі пасля шматлікіх пагромаў праз два дні прыязджае Балаховіч са сваім штабам. Пасля рабаўніцтва пачынаюцца п’янкі. …Што тычыцца Балаховіча, ён дазваляе рабаваць, інакш яны б адмовіліся прасоўвацца наперад… кожны афіцэр, які ўступае ў армію Балаховіча, палівае сябе брудам, які нічым не змыць…
Дослед Лісоўскага пацвердзіў, у прыватнасці, што толькі ў беларускім Тураве балахоўцамі было згвалтавана 70 яўрэйскіх непаўнагадовых дзяўчын. А жыхар Мазыра А. Найдзіч так апісваў падзеі ў горадзе пасля ўзяцця яго балахоўцамі:
А 5-й гадзіне вечара балахоўцы ўвайшлі ў горад. Сяляне радасна прывіталі іх, але яўрэі пахаваліся па кватэрах. Зараз жа пачаўся пагром з масавымі згвалтаваннямі, збіццямі, здзекамі і забойствамі. Афіцэры ўдзельнічалі ў пагроме нароўні з салдатамі. Нязначная частка рускага насельніцтва рабавала ўскрытыя балахоўцамі крамы. На працягу цэлай ночы ў горадзе было чуваць страшныя крыкі…
У дакладзе камісіі па рэгістрацыі ахвяр набегу Балаховіча ў Мазырскім павеце сказана:
…былі згвалтаваны дзяўчынкі ва ўзросце ад 12 гадоў, 80-гадовыя жанчыны, жанчыны з 8-месяцовай цяжарнасцю…, прычым гвалтавалі ад 15 да 20 разоў. Хаця мясцовая камісія, якая была ўтворана для абследавання і аказання дапамогі пацярпелым, гарантавала поўнае захаванне ўрачэбнай тайны, колькасць тых, хто звярнуўся па дапамогу складае ўсяго каля 300 жанчын, большая частка з якіх заразілася на венерычныя хваробы ці зацяжарала…
З савецкага боку славу галоўных пагромшчыкаў «заваявала» армія легендарнага камдзіва Будзёнага, аб чым, канечне ж, ніхто і нідзе не пісаў у савецкія часы. Асабліва буйныя пагромы будзёнаўцы ўчынілі ў Баранаўцы, Чуднове і Рагачове. У прыватнасці, з 18 па 22 верасня 6-я кавалерыйская дывізія гэтай арміі арганізавала больш за 30 пагромаў. У мястэчку Любань 29 верасня падчас пагрому байцамі дывізіі было забіта 60 чалавек, у Прылуках у ноч на 3 кастрычніка — паранена 12 чалавек, 21 забіты «і згвалтавана шмат жанчын». Пры гэтым «жанчын бессаромна гвалтавалі на вачах усіх, а дзяўчын, як рабынь, уцягвалі бандыты да сябе ў абозы». У Вахноўцы 3 кастрычніка было забіта 20 чалавек, шматлікія паранены і згвалтаваны, спалена 18 дамоў.
Пасля таго, як 28 верасня пры спробе спыніць пагром у мястэчку Палоннае быў забіты камісар 6-й дывізіі Г. Г. Шэпелеў, дывізія была расфарміравана, а два камбрыгі і некалькі сотняў шарагоўцаў былі аддадзены пад суд; 157 з іх былі расстараляны.
Узятыя ў палон чырвонаармейцамі польскія афіцэры без размоў расстрэльваліся на месцы, як і ўзятыя жывымі бальшавіцкія камісары забіваліся палякамі.
Вось такія жахі перажывалі жыхары шматпакутных Беларусі і Украіны ў гады Грамадзянскай вайны, вайны, якая прымусіла ўсю мярзоту, чорную энергію і сілу чалавечай натуры вырвацца вонкі.
Асобная тэма — палонныя. У лагерах для ваеннапалонных як польскіх, так і савецкіх, умовы былі да такой ступені кепскімі, што людзі тысячамі гінулі ад хвароб і голаду. У адпаведнасці з расійскімі крыніцамі, каля 80 000 чырвонаармейцаў з тых 200 000, што патрапілі ў польскі палон, загінулі ў лагерах. Польскія крыніцы называюць лічбу ў 20 000 загінулых з 85 000 палонных. Іх утрымлівалі ў лагерах, якія засталіся пасля Першай сусветнай. Паводле пагаднення 1921 года аб абмене палоннымі, 65 000 байцоў РКЧА вярнуліся ў Расію. Калі звесткі аб 200 000 палонных і гібелі 80 000 з іх верныя, то незразумелай застаецца лёс яшчэ прыкладна 60 000 чалавек.
Лагер ваеннапалонных у Брэст-Літоўску нагадваў сапраўдны некропаль. У лагеры ў Стшалкове, акрамя іншага, мелі месца шматлікія здзекі з палонных, за якія камендант паручнік Маліноўскі пазней быў аддадзены пад суд.
З 60 000 польскіх ваеннапалонных пасля заканчэння вайны на радзіму вярнулася 27 598 чалавек, каля 2000 засталося ў РСФСР. Лёс астатніх 32 000 чалавек невядомы, але хутчэй за ўсё яны загінулі ў лагерах па тых жа прычынах, па якіх савецкія палонныя ў Польшчы.
На працягу аднаго толькі 1920 года Чырвоная армія страціла ў баях 48 000 салдат. Разам за гэтыю вайну РСФСР згубіла 62 000 байцоў.
Страты палякаў у бітве за Варшаву былі параўнальна невялікімі — 4500 чалавек, а колькасць забітых польскіх жаўнераў і добраахвотнікаў за цэлую вайну склала 14 500 чалавек. Але разам з памерлымі ад голаду і хваробаў і забітым грамадзянскім насельніцтвам Польшча згубіла больш за 251 000 чалавек.
Яшчэ адна белая пляма нашай гісторыі — Слуцкае паўстанне лістапада — снежня 1920 года. Пра гэтую падзею, канечне ж, не распавядалі савецкія падручнікі па гісторыі, таксама амаль нічога нельга было знайсці і ў іншай гістарычнай літаратуры. Калі і траплялася якая-ніякая інфармацыя, то яна была заведама скажонай — маўляў, белыя банды разам з палякамі. Аднак Слуцкае паўстанне — выключна беларускі ўзброены супраціў савецкай уладзе. Прыкладна месяц, з лістапада па снежань 1920 года, беларускія атрады, якія складаліся ў асноўным з сялян, давалі адпор савецкім войскам.
Паводле падпісанага 12 кастрычніка 1920 года ў Рызе мірнага пагаднення паміж Польшчай, РСФСР і УССР, замацаванага Рыжскай мірнай дамовай у сакавіку 1921 года, былі ўсталяваны новыя дзяржаўныя межы, якія падзялілі Беларусь і Украіну на дзве часткі.
Беларуская дэлегацыя ў гэтых перамовах увогуле не ўдзельнічала, бо не былі запрошаны ані прадстаўнікі БНР, ані прадстаўнікі БССР. У адпаведнасці з падпісаным пагадненнем, дэмаркацыйная лінія Кіевічы — Лань праходзіла такім чынам, што раён вакол Слуцка на некаторы час апынуўся ў нейтральнай зоне. Менавіта тут і пачаліся выступленні супраць савецкай улады, прычым пачаліся яны з сялянства, якое супрацьстаяла відавочна антынароднай бальшавіцкай палітыцы вайсковага камунізму. Сяляне Случчыны падтрымалі ідэю незалежнасці Беларускай рэспублікі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 года Радай БНР. Узначалілі паўстанне прадстаўнікі мясцовай інтэлегенцыі і шляхты.
Слуцк быў рэгіянальным цэнтрам паўстанцаў. У 1918 годзе быў утвораны Беларускі нацыянальны камітэт, які ўзначаліў Павал Жаўрыд.
Падчас савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў Случчына некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. 11 кастрычніка 1920 года горад апынуўся пад кантролем палякаў. Інфармацыя аб падзеле Беларусі паміж Польшчай і бальшавікамі выклікала хвалю пратэсту ў мясцовага насельніцтва. Непасрэдна пасля абвяшчэння польскай улады ў горадзе аднавіў сваю дзейнасць Беларускі нацыянальны камітэт. Пачалі стварацца атрады беларускай самаабароны — міліцэйскі корпус з 500 чалавек.
Польскія вайскоўцы, якія рыхтаваліся да адступлення, не перашкаджалі стварэнню беларускіх атрадаў. Сярод кіраўнікоў нацыянальнага руху, аднак, не было адзінай думкі наконт далейшых дзеянняў. З аднаго боку, былі прыхільнікі супрацоўніцтва з палякамі, з іншага некаторыя выступалі за перамовы з саветамі. З-за гэтых супярэчнасцяў і быў страчаны каштоўны час, якім бальшавікі (а ў іх думка заўжды была адзінай) і скарысталіся.
Толькі ў лістападзе 1920 года польская адміністрацыя перадала ўладу Беларускаму камітэту. У суседніх вёсках былі праведзены выбары мясцовых камітэтаў. Прадстаўнікі беларускіх сацыялістаў, асноўныя прыхільнікі незалежнасці Беларусі, прапанавалі склікаць з’езд, каб зацвердзіць уладу Беларускай Народнай Рэспублікі на тэрыторыі Случчыны.
Былі запрошаны дэлегаты ад кожнай вобласці (па 5 чалавек) і мясцовых беларускіх арганізацый (па 1 чалавеку).
З’езд Случчыны распачаў работу 14 лістапада 1920 года, у яго склад уваходзіла 107 дэлегатаў, а таксама некалькі прадстаўнікоў арміі генерала Булак-Балаховіча. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі прызначыў Павала Жаўрыда сваім камісарам на Случчыне. З’езд таксама прыняў рэзалюцыю, якая абвясціла ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і яго ваколіцах, і выказаў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі.
На з’езде была абрана Рада Случчыны на чале з Уладзімірам Пракулевічам, яна складалася з 17 чалавек. Яе задачай была арганізацыя грамадскага кіравання і абароны края. Вайсковае камандаванне ўзначаліў Павал Жаўрыд. Рада абвясціла ўсеагульную мабілізацыю і працягнула стварэнне ваенізаваных атрадаў, агульная колькасць якіх склала каля дзесяці тысяч чалавек у складзе двух палкоў: 1-га Слуцкага палка пад камандаваннем падпалкоўніка Ахрэма Гаўрыловіча і 2-га Слуцкага палка пад камандаваннем капітана Семенюка — яны ўтварыні Слуцкую брыгаду пад камандаваннем Антона Сокала-Кутылоўскага. Штаб камандавання ў сувязі з набліжэннем Чырвонай Арміі быў размешчаны ў мястэчку Семежава.
Слуцкае паўстанне было актыўна падтрымана прыхільнікамі незалежнасці на тэрыторыі ўсёй краіны, значная частка якой у той час была акупавана палякамі.
З Гродна ў Слуцк быў дастаўлены сцяг з Пагоней і дэвізам «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Вайсковая рада БНР, якая выконвала функцыі міністэрства абароны, накіравала ў Слуцк сваіх спецыялістаў. Пры Слуцкай брыгадзе былі створаны шпіталь і трыбунал. Слуцкая Рада планавала каардынаваць свае дзеянні з арміяй Булак-Балаховіча.
21 лістапада 1920 года Рада Случчыны загадала ўсім ваенізаваным фарміраванням сканцэнтравацца ў раёне Семежава (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці). 24 лістапада ў Слуцку прайшла дэманстрацыя, а 27 лістапада пачаліся першыя баі з Омскай дывізіяй Чырвонай арміі. Слуцкая брыгада правяла некалькі паспяховых атак ля мястэчка Капыль, вёсак Цімкавічы і Вызна. Беларускія атрады атрымалі дапамогу з боку мясцовага насельніцтва, але не хапала зброі і боепрыпасаў.
Адбыліся баі ля вёсак Быстрыцы, Васільчыцы, Верабейчыцы, Дашкава, Васілішкі, Лютавічы, Мацкевічы, Садовічы, Морач. Савецкія войскі цярпелі паразу і нават пакінулі некалькі вёсак. Да таго ж на іх нападалі партызаны. У Слуцкую брыгаду ўваходзіла ўсё больш і больш добраахвотнікаў. Нават былі перабежчыкі з Чырвонай арміі, якія не жадалі ваяваць за бальшавікоў.
Пасля першай паразы бальшавікі былі вымушаны кінуць супраць паўстанцаў новыя падраздзяленні, сфарміраваныя з латышоў і кітайцаў.
У гэты раз сілы аказаліся няроўнымі. 31 снежня Слуцкая брыгада з баямі адышла на польскую тэрыторыю, дзе была раззброена і распушчана палякамі.
Пасля гэтага некаторыя абаронцы Слуцка не пабаяліся вярнуцца дадому, але большасць з іх амаль адразу трапілі ў турму. Частка былых салдат брыгады працягнула ўзброеную барацьбу супраць савецкай улады ў складзе партызанскай Зялёнай арміі. Гэты супраціў працягваўся ажно за 1930-х гадоў, але пра гэта у падручніках па гісторыі БССР напісана не было, як і пра Слуцкае паўстанне.
Зараз дзень 27 лістапада — дзень, у які пачаўся баявы шлях Слуцкай брыгады, дзе-нідзе ў Беларусі святкуюць як Дзень Герояў, Дзень Слуцкага збройнага чыну.
Калі па шчырасці, то вельмі цяжка сказаць адназначна, калі ж урэшце скончылася Першая сусветная вайна. Тут не было нейкай знакавай даты, як у вайне з Гітлерам. Яна павольна затухала, рассыпаючыся на буйныя і дробныя ўзброеныя канфлікты ў іншых краінах. Другая сусветная ў значнай ступені апынулася працягам Першай. Гітлер як лідар пацярпеўшай паразу краіны прагнуў рэваншу і новага перадзелу Еўропы. Сталін як лідар СССР, спадкаемца Расійскай імперыі, прагнуў сабраць страчаныя губерні. Абодва гэтыя тыраны ў верасні 1939 года з розных бакоў напалі на Польшчу, працягнуўшы такім чынам нявырашаны 20 гадоў таму канфлікт. Старая вайна з Фінляндыяй разгарэлася зноў. Сталін, верагодна, не збіраўся захопліваць яе цалкам, але адкусіць смачныя кавалачкі Суомі прагнуў, як і дакладна планаваў пасадзіць у Хельсінкі марыянеткавы ўрад, які, дарэчы, ўжо нават быў падрыхтаваны. Паказальна, што нават чырвоных фінаў не хапіла Сталіну для яго кішэннага ўрада — відаць, і сярод фінскіх камуністаў нямногія падзялялі палітыку правадыра Саветаў, — і ў меркаваны ўрад увайшлі расійскія людзі з фінскімі псеўданімамі. Аднак Суомі адбіліся, не дазволілі сябе заваяваць, хоць і саступіўшы частку сваёй тэрыторыі. Але ён на гэтым не супакоіўся. Калі 22 чэрвеня 1941 года Гітлер напаў на СССР, Фінляндыя абвясціла аб сваім нейтралітэце. Але ўжо на наступны дзень яе тэрыторыю пачалі бамбаваць савецкія самалёты. Старанна хаваюць адзін вельмі дзіўны факт з Другой сусветнай вайны. Атрымаўшы такі нечаканы напад, урад Фінляндыі 25 чэрвеня абвясціў вайну СССР, якую фіны назвалі Працягам. Працягам Зімовай (Фінскай) вайны 1939–1940 гадоў.
Ну а завяршылася ўсё толькі ў жніўні 1945 года, калі капітулявала апошняя саюзніца Гітлера, Японія.
Можа, гэта і ёсць поўнае завяршэнне Першай сусветнай вайны? Можа, і не варта ўвогуле падзяляць на Першую і Другую?..