Вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр імкліва ўвайшоў у аператыўную залу і грымнуў:
— Спачні!
Тры яго генералы паслухмяна сталі па камандзе спачні.
Фетэрэр зірнуў на гадзіннік і сказаў:
— Лішняга часу ў нас няма. Паўторым яшчэ раз папярэдні план бою.
Ён падышоў да сцяны і разгарнуў гіганцкую мапу Сахары.
— Паводле найбольш дакладнай тэалагічнай інфармацыі, якую мы атрымалі, Сатана мае намер вывесці свае сілы на паверхню вось у гэтым пункце, — ён тыцнуў у мапу тоўстым пальцам. — У першай лініі будуць д'яблы, дэманы, суккубы, інкубы і ўсе іншыя гэтага ж класа. Правым флангам камандуе Веліял, левым — Вельзевул. Яго Сатанінская Вялікасць узначаліць цэнтр.
— Папахвае сярэднявеччам, — прамармытаў генерал Дэл.
Увайшоў ад'ютант генерала Фетэрэра. Яго твар свяціўся шчасцем пры думцы пра Абяцанае Зверху.
— Сэр, — сказаў ён, — там зноў святар.
— Зрабіце ласку стаць па камандзе зважай, — строга сказаў Фетэрэр. — Нам яшчэ трэба будзе біцца і перамагчы.
— Слухаю, сэр, — адказаў ад'ютант і выцягнуўся. Радасць на яго твары крышку прыгасла.
— Святар, гм? — вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр задуменна паварушыў пальцамі.
Пасля Прышэсця, пасля таго, як стала вядома, што наперадзе Апошняя Бітва, працаўнікі на сусветнай ніве рэлігій зрабіліся сапраўднай карай Боскай. Яны перасталі грызціся паміж сабою, што само па сабе было пахвальна, але, апрача таго, яны спрабавалі забраць у свае рукі вядзенне вайны.
— Ганіце яго, — сказаў Фетэрэр. — Ён жа ведае, што мы распрацоўваем план Армагедона.
— Слухаю, сэр, — сказаў ад'ютант, адсалютаваў, па-вайсковаму павярнуўся і выйшаў, крочачы як на парадзе.
— Пойдзем далей, — сказаў вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр. — У другім эшалоне Сатаны будуць уваскрэшаныя грэшнікі і размаітыя стыхійныя сілы зла. У ролі яго бамбавой авіяцыі выступяць анёлы, што ў свой час былі зрынуты з неба. Іх сустрэнуць робаты-перахопнікі Дэла.
Генерал Дэл панура ўсміхнуўся.
— Пасля ўсталявання кантакту з праціўнікам аўтаматычныя танкавыя карпусы Мак-Фі рушаць на яго цэнтар пры падтрымцы робатапяхоты генерала Онгіна, — гаварыў далей Фетэрэр. — Дэл будзе кіраваць вадародным бамбаваннем тылоў, якое павінна быць праведзена максімальна масіравана. Я па меры неабходнасці буду ў розных пунктах уводзіць у бой механізаваную кавалерыю.
Вярнуўся ад'ютант і выцягнуўся па стойцы «зважай».
— Сэр, — сказаў ён, — святар адмовіўся ісці адсюль. Ён кажа, што павінен абавязкова пагаварыць з вамі.
Вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр хацеў быў сказаць «не», але завагаўся. Ён успомніў, што гэта ўсё-такі Апошняя Бітва і што працаўнікі на ніве рэлігій сапраўды маюць да гэтага бою нейкія адносіны. І ён вырашыў выкраіць святару пяць хвілін.
— Папрасіце яго зайсці, — сказаў ён.
Святар быў апрануты ў звычайныя пінжак і нагавіцы, якія сведчылі, што ён з'явіўся сюды не прадстаўніком нейкай канкрэтнай рэлігіі. Яго стомлены твар дыхаў рашучасцю.
— Генерал, — сказаў ён, — я прыйшоў да вас як прадстаўнік усіх працаўнікоў на сусветнай ніве рэлігіі — патэраў, равінаў, мул, пастараў і ўсіх іншых. Мы просім вашага дазволу, генерал, прыняць удзел у Бітве Божай.
Вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр нервова забарабаніў пальцамі па сцяне. Ён лічыў бы за лепшае захаваць добрыя адносіны з гэтай браціяй. Што ні кажы, а нават яму, вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, не пашкодзіць, калі ў патрэбны момант за яго замовяць добрае слова…
— Зразумейце маё становішча, — тужліва прамовіў Фетэрэр. — Я — генерал, мне трэба будзе кіраваць бітвай…
— Ды гэта ж Апошняя Бітва, — сказаў святар. — У ёй трэба ўдзельнічаць людзям.
— Але ж яны ў ёй і ўдзельнічаюць, — адказаў Фетэрэр. — Праз сваіх прадстаўнікоў, вайскоўцаў.
Святар паглядзеў на яго. Фетэрэр гаварыў далей:
— Вы ж не хочаце, каб гэтая бітва была прайграна, хіба не так? Каб перамог Сатана?
— Зразумела, не, — прамармытаў святар.
— У такім разе мы не маем права рызыкаваць, — заявіў Фетэрэр. — Усе ўрады згадзіліся з гэтым, праўда? Так, вядома, было б вельмі прыемна ўвесці ў Армагедон масіраваныя сілы чалавецтва. Даволі сімвалічна. Але ці маглі б мы ў гэтым выпадку быць упэўнены ў перамозе?
Святар паспрабаваў штосьці запярэчыць, але Фетэрэр паспешліва загаварыў зноў:
— Нам жа невядома сіла сатанінскіх полчышчаў. Мы павінны кінуць у бой усё лепшае, што ў нас ёсць. А гэта азначае — аўтаматычныя арміі, робаты-перахопнікі, робаты-танкі, вадародныя бомбы.
Святар меў вельмі разгублены выгляд.
— Але ў гэтым ёсць штосьці амаральнае, — сказаў ён. — Няўжо вы не маглі б уключыць у свае планы людзей?
Фетэрэр абдумаў гэтую просьбу, але выканаць яе было немагчыма. Дэталёва распрацаваны план бою быў дасканалы і забяспечваў верную перамогу. І калі ўвесці ў бітву кволы чалавечы матэрыял, гэта магло б толькі ўсё сапсаваць. Ніякая жывая плоць не вытрымала б грукату гэтай атакі механізмаў, высокіх энергій, што пранізваюць паветра, усёпаглынаючай сілы агню. Любы чалавек загінуў бы яшчэ за сто міль ад поля бою, так і не ўбачыўшы ворага.
— Баюся, гэта немагчыма, — сказаў Фетэрэр.
— Шмат хто, — сурова прамовіў святар, — лічыць, што было памылкай даручыць Апошнюю Бітву вайскоўцам.
— Прабачце, — бадзёра запярэчыў Фетэрэр, — гэта паражэнчая балбатня. З вашага дазволу… — Ён паказаў на дзверы, і святар засмучана выйшаў.
— Ох, ужо гэтыя цывільныя, — уздыхнуў Фетэрэр. — Такім чынам, панове, вашы войскі гатовы?
— Мы гатовы біцца за Яго, — горача прамовіў генерал Мак-Фі. — Я магу паручыцца за кожнага аўтаматычнага жаўнера пад маім началам. Іх метал зіхаціць, іхнія рэле абноўлены, акумулятары поўнасцю зараджаны. Сэр, яны літаральна рвуцца ў бой.
Генерал Онгін выйшаў з задумення.
— Наземныя войскі гатовы, сэр.
— Паветраныя сілы гатовы, — сказаў генерал Дэл.
— Цудоўна, — падвёў вынікі генерал Фетэрэр. — Астатнія падрыхтаванні закончаны. Тэлевізійная перадача для насельніцтва ўсяго зямнога шара забяспечана. Ніхто, ні багаты, ні бедны, не будзе пазбаўлены відовішча Апошняе Бітвы.
— А пасля бітвы… — пачаў генерал Онгін і змоўк, як толькі глянуў на Фетэрэра.
Той насупіўся. Ён не ведаў, што павінна адбыцца пасля бою. Гэтым, відаць, зоймуцца рэлігійныя ўстановы.
— Магчыма, будзе наладжаны ўрачысты парад або яшчэ што-небудзь накшталт гэтага, — няпэўна адказаў ён.
— Вы маеце на ўвазе, што мы будзем адрэкамендаваны… Яму? — спытаў генерал Дэл.
— Дакладна не ведаю, — адказаў Фетэрэр, — але магчыма. Усё ж такі… Вы разумееце, што я хачу сказаць.
— Але як мы павінны будзем апрануцца? — разгублена спытаў генерал Мак-Фі. — Якая ў такіх выпадках прадпісана форма адзення?
— Што носяць анёлы? — пацікавіўся Фетэрэр у Онгіна.
— Не ведаю, — сказаў Онгін.
— Белае ўбранне? — выказаў здагадку генерал Дэл.
— Не, — рашуча адказаў Фетэрэр. — Надзенем парадную форму, але без ордэнаў.
Генералы кіўнулі.
І вось прыйшоў час.
У прыгожых баявых уборах сілы Пекла рухаліся па пустыні. Верашчалі пякельныя флейты, бухкалі пустацелыя барабаны — пасылалі наперад прывіднае воінства. Уздымаючы клубы пяску, танкі-аўтаматы генерала Мак-Фі рынуліся на сатанінскага ворага. І тут жа бамбавікі-аўтаматы Дэла з візгатам пранесліся ў вышыні, звальваючы бомбы на легіёны пагіблых душ. Фетэрэр мужна кідаў у бой сваю механічную кавалерыю. У гэты хаос рушыла робатапяхота Онгіна, і метал зрабіў усё.
Орды пякельных сіл уразаліся ў шыхт, раздзіраючы на шматкі танкі і робатаў. Аўтаматычныя механізмы паміралі, мужна абараняючы шматок пяску. Бамбавікі Дэла падалі з неба пад ударамі анёлаў цемры, якіх вёў Мархозій; яго крылы закручвалі паветра ў тайфуны.
Пашкуматаны шэраг робатаў стрымліваў націск гіганцкіх злых духаў, якія крышылі іх і наганялі жах у сэрцы тэлегледачоў ва ўсім свеце, тэлегледачоў, якія не зводзілі зачараваных вачэй з экранаў. Робаты біліся як мужчыны, як героі, яны як мага стараліся адагнаць сілы зла.
Астарот пракрычаў загад, і Бегемот цяжка рушыў у атаку. Веліял на чале кліна д'яблаў наваліўся на левы фланг генерала Фетэрэра. Метал віскатаў, электроны вылі ў агоніі, бо не вытрымлівалі гэтага націску.
За тысячу міль ад фронту генерал Фетэрэр выцер дрыготкай рукою спацелы лоб, але ўсё гэтак жа спакойна і непарушна аддаваў распараджэнні, якія кнопкі націснуць і якія ручкі павярнуць. І цудоўныя арміі не падвялі яго. Смяротна пашкоджаныя робаты падымаліся на ногі і не пераставалі змагацца. Разбітыя, знявечаныя, разнесеныя на шматкі выючымі д'ябламі, робаты ўсё-такі ўтрымалі сваю пазіцыю. Тут у контратаку быў кінуты Пяты корпус ветэранаў, і варожы фронт быў прарваны.
За тысячу міль ад лініі агню генералы кіравалі пераследам.
— Бітва выйграна, — прашаптаў вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр і адарваўся ад тэлевізара. — Віншую, панове.
Генералы стомлена ўсміхнуліся.
Яны зірнулі адзін на аднаго і радасна загарланілі. Армагедон быў выйграны і сілы Сатаны пераможаны.
Але на іх тэлевізійных экранах штосьці адбывалася.
— Як! Гэта ж… гэта… — пачаў генерал Мак-Фі і змоўк.
Бо па полі бою паміж грудамі знявечанага, патрушчанага металу велічна ступала Ласка Боская.
Генералы маўчалі.
Ласка Боская дакранулася да знявечанага робата.
І робаты заварушыліся па ўсёй пустыні, якая ўсё яшчэ курэла і дымілася пасля бою. Пакарабачаныя, абгарэлыя, аплаўленыя кавалкі металу абнаўляліся.
— Мак-Фі, — прашаптаў вярхоўны галоўнакамандуючы Фетэрэр. — Націсніце на што-небудзь — няхай яны хоць укленчаць, ці што.
Генерал націснуў, але дыстанцыйнае кіраванне не працавала.
А робаты ўжо ўзнімаліся на неба. Іх акружалі анёлы Боскія, і робаты-танкі, робатапяхота, аўтаматычныя бамбавікі ўзнімаліся, узносіліся ўсё вышэй і вышэй.
— Ён бярэ іх жыўцом у рай! — істэрычна ўсклікнуў Онгін. — Ён бярэ ў рай робатаў!
— Адбылася памылка, — сказаў Фетэрэр. — Хутчэй! Пашліце афіцэра сувязі… Не, мы паедзем самі.
Як бачыш падалі самалёт, і яны памчаліся да поля бітвы. Але ўжо было позна: Армагедон скончыўся, робаты зніклі, і пан Бог са сваім воінствам вярнуўся да сябе дадому.