ПРАЛОГ. HI ТРЭДА



Плясь! Хрумсь!

Шкло разляцелася куслівымі пырскамі. Змесціва разбітага сасуда асела на падлозе. Мокры попел з рэдкімі блішчынкамі — быццам нехта скамячыў у далоні кастрычніцкае начное неба разам з сузор’ямі.

Зноў дарога на Вавілон… Залаты пыл, хцівыя пагляды ў спіну… А ён думаў калі не пра востраў Кайстра, прыдуманы кінікам Кратэтам Афінскім, дзе ўсе роўныя, як жабракі, і шчаслівыя, як сытыя ды сагрэтыя жабракі, дык хаця б пра Авалон, затанулую выспу з таемнымі ведамі, якая мусіць у свой час усплыць і выратаваць род людскі…

Але твая дарога выбірае цябе, як вецер сухое лісце. I ты бяссілы змяніць шлях, падобна сухому лістку, якога зносіць у гнілую каляіну. I шчэрацца пляскатварыя вавілонскія каменныя львы, і рвецца срэбны ланцужок, і трэскаюцца жорны…

Божа, хай будзе воля Твая… Але ж хіба не было добрых намераў ды высокіх памкненняў, горкіх ахвяраў дзеля спазнання — і не ў імя ўласнага дабрабыту? Ora, lege, lege, lege, relege, labora et invenies… Чаму ж — так? Безнадзейна, дарэмна…

У чорным мокрым попеле пабліскваюць жарынкі Вавілона…

Чалавек абводзіць вачыма пакой. Вынесена ўсё, што можна было прадаць, нават ручнік матчын з абраза Маці Божай Неапалімай Купіны (абраз не прадаецца, гэта душа). Голыя сцены і павуціннем не прыкрашаныя — даўно вытраўлены адсюль дзеці Арахны смярдзючымі выпарэннямі.

Але пакой зусім не пусты. Наадварот — загрувашчаны, бы камора вавілонскага купца. Вартыя жалю скарбы пыхлівага розуму. Сотні прабірак і колбаў люструюць не да канца згаслы ў атаноры мітуслівы агеньчык. Сычаць змеевікі, выплёўваючы па кроплі атруту. Дакорліва пагойдваюцца шалі, якія адмералі не адну шчопаць і прыгаршчу разнастайных рэчываў — некаторыя агідна было б крануць добраму хрысціяніну. Дубовы каржакаваты стол, за якім ладзіць бы шумлівыя бяседы з медавухай, прапалены, уквэцаны, пашчапаны, быццам стары вой, на подзвігі якога даўно забыліся, а ён уеё яшчэ цягнецца за сваім войскам, не ў змозе ўжо нават разгледзець ягоны штандар.

Мітусня, буцвенне, тло…

Паміж глінянай бруднай талеркай і бронзавым падсвечнікам у выглядзе саламандры нешта маленькае, яркае…

Мёртвая пчала! Apis mellifera… Звычайная працоўная меданоска…

Тонкія дужыя пальцы, спрэс у плямах ад рэчываў, апёках і драпінах, беражліва паднімаюць бязважкае мёртвае цельца, ад якога, здаецца, павінна пахнуць не смерцю, а мёдам.

«А што, калі менавіта гэтага інгрэдыенту і не хапала, — ліхаманкава закруцілася ў галаве звыклая карусель. — Што, калі дадаць…»

Не, досыць!

Загінулая жамяра адправілася ў саслаблы агонь… Цікава, што яе сюды прывабіла? А мо сярод пчалінага народу яна вылучылася такой жа, як гаспадар пакоя, апантанай згубнай цікавасцю, прагай да забароненых ведаў?

Не каб сумленна аблятаць кветкі, збіраючы пасланы Госпадам нектар для дадання ў агульныя соты.

Тоўсты сшытак у чорнай скураной вокладцы таксама адпраўляецца ў пашчу атанора, пакутліва спрабуючы распрастаць спісаныя дробным почыркам старонкі. Нічога, зараз іх прачытае агонь.

Вось і ўсё… Чалавек бярэ з дубовага стала яшчэ адну колбу з чорным змесцівам, на гэты раз сухім, трасе, углядаецца…

А гэты эксперымент больш удала прайшоў! Блішчынкі буйныя, заўважныя. У галаве зноў замітусіліся формулы, сімвалы…

Дзверы пакоя ажно прагінаюцца пад нечымі ўдарамі, гучаць пагрозныя крыкі… Гаспадар зважае на гэта не болей, чым мёртвая пчала.



СТАДЫЯ ПЕРШАЯ. КАЛЬЦЫНАЦЫЯ. АБПАЛЬВАННЕ. ПЕРАТВАРЭННЕ ПЛАЎКІХ РЭЧЫВАЎ У НЯПЛАЎКІЯ



іх было восемдзесят шэсць. Кітайскіх студэнтаў.

А Пелагея была адна.

3 новенькім магістарскім дыпломам, хранічным гастрытам ад хранічных жа нерваў, дурным перфекцыянізмам і новым шалікам колеру хворага сонца.

Пра перфекцыянізм… Раз пагадзілася выкладаць замежку, то бок гісторыю сусветнай літаратуры, для кітайскіх студэнтаў, якія ні па-расейску, ні па-беларуску, ні па-ангельску не кемяць, дык трэба ж вымудрыцца, каб цікава і ім, і сабе…

Таму на экране за спінай Пелагеі пульхная дзіўнаватая жанчына з кароткай чорна-сівой стрыжкай спальвала сябе разам са сваёй падпольнай бібліятэкай. Урывак са старой экранізацыі «451 градус па Фарэнгейце» Рэя Брэдберы. Пасля прагляду ўражальнага фрагменціка студэнты мусілі, як героі Брэдберы, скласці «жывую бібліятэку»: уявіць, хто якую кнігу хацеў бы ўратаваць для будучыні.

Ба-бах!

Дзверы аўдыторыі з грукатам ударыліся аб сцяну, каб маглі — страцілі б прытомнасць.

— Што тут адбываецца?

За новым дырэктарам каледжа — ружовы твар круглы, плечы квадратныя — сунулася ягоная намесніца, цётка з выбеленым начосам, злавеснай усмешачкай і разяўленым, быццам рот даносчыка, журналам.

— Гэта што такое?

Палец дырэктара абурана тыцкаў у экран, на якім курчыліся ў полымі кнігі і іх уладальніца.

Герой Брэдберы, ратуючыся ад прыгнятальнай мітусні, паўтараў радок з Евангелля: «Паглядзі на лілеі, лілеі палявыя, што не ткуць, не прадуць…» Пелагея ў складаных выпадках паўтарала з Эклезіяста, што яшчэ не парваўся срэбны ланцужок, і не разарвалася залатая павязка, і не разбіўся збан ля крыніцы…

Але расколіны ўжо абазначыліся.

Дырэктар бег між радамі, зазіраючы студэнтам цераз плячо: яго відавочна абурыла, што кітайцы дружна ўткнуліся ў смартфоны. А на экранах іхніх гаджэтаў, між іншым, ішоў пераклад напружанай размовы ў аўдыторыі.

Светла-блакітны каўнер дырэктаравай кашулі змакрэў на карку, нібыта за яго ўхапіліся нечыя мокрыя пальцы.

Іерогліфы на экранах студэнцкіх смартфонаў начальніку не даліся, і ўвага зноў скіравалася на Пелагею:

— А да вас у мяне пытанне! У чым сэнс гэтага прагляду?

На экране застыла карцінка з полымем, попелам і ганарыстым паглядам недагарэлай гераіні.

«I заквітнее мігдал, і пацяжэе конік, і рассыплецца каперс…»

— Гэта Б-брэдб-беры…Экранізацыя. Мы вывучаем антыўтопію…

«Брэдберы, Шмедберы…»

У Сент-Экзюперы, таго, што прыдумаў Маленькага прынца і разбіўся на самалёце над морам, ёсць цікавы вобраз: калодзеж быў настолькі глыбокі, што ў ім люстравалася толькі адна зорка.

У свядомасці дырэктара люстраваўся толькі адзін навучальны прадмет, яго ўлюбёны, і гэта была не гісторыя сусветнай літаратуры.

На развітанне цётка з начосам нешта з энтузіязмам запісала ў свой журнал.

Пелагея ненавідзела сваю ўласцівасць губляцца перад хамамі рознага рангу. Ну вось чаго рукі ў цябе дрыжаць, няўдаха, «праверка» ж сышла…

«I замыкацца будуць дзверы на вуліцу, калі змоўкне гук жорнаў, і будзе ўставаць чалавек па крыку пеўня, і змоўкнуць дочкі спеваў…»

Вядома, першае, што карцела, — напісаць заяву на звальненне.

Вядома, другое, што згадалася: цераз якія мітрэнгі трапіла на кафедру… I што дарэмныя акажуцца ўсе ахвяры… I ўласныя, і, што асабліва крыўдна, чужыя… I новы цэбар гразі выльецца, запеніцца, забурболіць…

Таму Пелагея неяк скончыла лекцыю, ледзь не забылася флэшку ў казённым ноўце разам з крамольным фільмам, здала ключы на вахту і… Ага, воля, фітнес, кавярня, фатэль, басейн, спатканне… Ну чым там яшчэ нармальныя людзі займаюцца пасля працы?

Пелагея пасля працы займалася працай. Перакладала, рэдагавала, вярстала… Здымная аднапакаёўка сама сябе не аплаціць. Выкладання хапіла б толькі на харчовы паёк (макароны, сасіскі, бананы) плюс аплату мабілы, сеціва і праязнога. Маці пагардліва падціскала вусны: «Кадраў цяпер не хапае, вось такую недарэку малалетнюю і пусцілі выкладаць».

Дарэчы, пра харчовы паёк…

Травень дзве тысячы васямнаццатага года ад нараджэння Хрыстова бадзёра выпараў алергены праз падступна прыгожую бэзава-язмінную квецень. Не забыцца яшчэ антыгістамінных прэпаратаў сабе купіць, а то будзеш хадзіць з пачырванелымі вачыма і распухлым носам… Магістарка паспешліва перабегла дарогу на апошні зялёны змірг святлафора і кінулася ў шкляную пашчу крамы, быццам у пашчу цмока з камп’ютарнай гульні «Скайрым», якую асвойвала для разгрузкі мозгу.

Праз паўгадзіны яна ў чарговы раз стукалася ў абабітыя парэпаным брунатным дэрмацінам дзверы знаёмай да болю ў сэрцы кватэры. Званіць бескарысна. Праверана.

— Мсціслаў Раманавіч, гэта ўжо не драматы-чна, а смешна!

Уквэцаныя сцены «хрушчоўскага» пад’езда нагадвалі Пелагеі салату, забытую пасля святаў на пару тыдняў на падаконні.

Для прыліку націснула на чорную кнопку званка яшчэ раз. Апошні абол для знямелай Піфіі. А чорна-залаты лак на сярэднім пазногці напалову абадраўся, фу…

— Добра, я пакіну прадукты пад дзвярыма. Пасля забераце.

«I Піфія маўчыць, і Грацыі здымаюць гірлянды свежыя ад хатніх алтароў, сумуюць, сумныя, і службу пакідаюць…»

Учора Толік з кафедры, спадар з млявым позіркам юнакоў Караваджа і срэбнай пячаткайі на мезенцы, распавёў Пелагеі за кубачкам кавы ў перапынку паміж лекцыямі пра свой віртуальныі раман з румынскай філалагіняй. Такая ўжо еднасць душаў у перапісцы… Ах, топас-мелас, ах, метамадэрнізм… Пасылалі адно аднаму ў папяровыхі канвертах пялёсткі язміну і кветкі бэзу… Вырашылі развіртуаліцца. Прыляцела румынка… Сустрэў яе Толік у мінскім аэрапорце з букецікам настурцый. Замежная філалагіня ўсміхнулася… I Толік пабачыў буйныя жоўтыя зубы.

Якія там вочы, нос, пастава ў віртуальнай пасіі — яго ўжо не цікавіла. Як і ейныя мудраванні пра топас-мелас, і тым болей метамадэрнізм.

Буйныя конскія зубы сталіся той мастацкайЯ дэталлю, якая зруйнавала ўвесь рамантычнья сюжэт.

Румынка зляцела дахаты ў слязах і неразуменні. Толік з палёгкай пагадзіўся на далейшае халасцяцкае існаванне пад матуліным крылом.

I Пелагея, адхіхікаўшы, прызналася сабе, што Толіка цалкам разумее… Бо ў адносінах усё вызначаюць дэталі. Мо вынік імпрытынгу, якогась дзіцячага ўражання… Але вось нейкая нязначная, здавалася б, рыса чалавека — форма вуснаў, улюбёнае слоўца, манера трымаць ручку, колер пазногцяў — раптам выклікае невымоўную агіду альбо салодкае трымценне…

Пелагея памятала першае ўражанне ад Мсціслава Раманавіча Роўбы. Нібыта нябачны срэбны ланцуг на шыі сцягнуўся, перахапіў горла — не ўздыхнуць… А намеснік дырэктара па навуковай працы, высокі, худы, як вясновы грак, інтэлігенцік з бародкай і вусамі, проста пакрывіў фанабэрыстыя вусны… Так, куточак рота прыўзняў… Ну, гэта, мабыць, прывітанне такое ў яго магістаркам-пачаткоўкам. Маўляў, собіць жа яшчэ нейкім наіўным дурындам у безграшовым філалагічным лімбе круціцца…

Цвёрды абрыс вузкіх вуснаў, рэзкія зморшчыны ў куточках… Такія вусны лягчэй уявіць не ўсмешлівымі, а такімі, якія ўпарта сціскаюцца, абы не даць вырвацца крыку болю… Ці, магчыма, слову пяшчоты.

Як даўно яна не бачыла гэтых вуснаў… Не краналася іх… Можа, больш ніколі і не кранецца.

Дзесьці чытала, што віна — гэта калі ты ненавідзіш не свой грэх, а сябе самога.

Яна стамілася сябе ненавідзець.

Урэшце, яна не прасіла, каб яе баранілі. Вялікая дзяўчынка. Можа, як кажуць ангельцы, спаць на тым ложку, які сама сабе засцяліла. А ён проста дурань. Боўдзіла. Даўбень. Уваб’е што ў галаву, дык калацінай не выб’еш. I чаму ў яе ўнутры жыве, не гасне гэты вадкі агонь… Каханне — прэнг, дыба, як спяваецца ў адной бардаўскай песні, а не гэтыя вось вашы ружовыя смаркачы.

Брунатныя дзверы маўчалі. Затое суседнія паціху прыадчыніліся. Ангеліна Пятроўна, старэнькая суседка, галава-абдуванчык, высунула востры нос.

— А вось вы і зноў, Полечка… Як вы любіце свайго дзядзьку, не ў кожнага цярпення хапіла б…

Ангеліна Пятроўна шаптала па-шпегаўску, выцягнуўшы ўверх тонкую, абвялую, як сцябло, шыю. А, вы ж яшчэ не ведаеце, што Пелагея сама добрая доўбня, дакладней, штыкеціна — метр семдзесят восем. Ідэальны рост мадэлі. Але як на подыум не пайшла, дык будзеш у побыце штыкецінай. Пасля школы ледзь адвучыла сябе хадзіць, угнуўшыся крукам.

— Па кватэры тупае… Музыку быў уключаў… Аркестр.

«Шастаковіча, мусіць, слухаў», адзначыла Пелагея мімаходзь.

Значыць, зусім пагана. Шастаковіч — гэта дэпрэсія. Калі б палепшала, «Металіку» б уключыў. Ці кельцкі фолк.

— А ноччу выходзіў…

Бабулька нават падміргнула па-змоўніцку.

— Смецце выносіў. А я і думаю — замкнуўся няшчасненькі, замураваўся, а з кватэры не смярдзіць! У суседнім пад’ездзе адзін стары таксама звар’яцеў, у хату нікога не пускаў і сам носа не паказваў, дык смурод нават на вуліцы чуваць быў. А гэты, дзядзька ваш, акуратны. Я разгледзела — схуднеў на аплатку, аж выпетраў, але апрануты чыста. Амаль не кульгае ўжо, і нос зажыў. А то, памятаю, узімку пабачыла, як ён на мыліцах у кватэру заходзіў, а вачэй не відно, запухлі, і аблічча чорнае, спухлае, пералякалася. Барані бог, галавой пашкодзіўся пасля такіх пабояў. I хто гэтак яго, няўжо не знайшлі зладзюгаў?

Пелагея стрымала непатрэбны ўздых і непатрэбныя слёзы, бо нічога не вартая такая валюта па дарозе на Вавілон.

— Не знайшлі. Нікога не знайшлі. Дзякую, Ангеліна Пятроўна. Тэлефануйце, як што здарыцца… Пакет з прадуктамі, як заўсёды, тут пастаўлю, пад дзвярыма. Вы пасля яму пастукайце, каб забраў.

— Добра, добра, дзетанька. А калі зноў не забярэ?

— Тады самі спажывайце.

Дзесяць рублёў змусілі бабульку яшчэ раз падміргнуць… Аж бляклыя вочы заблішчэлі. У самотнай кабеты сэнс жыцця, можна сказаць, з’явіўся — прыглядаць за вар’ятам-суседам. Вунь аж ноччу ля дзвярнога вочка дзяжурыць.

Травень сустракаў ля пад’езда зялёна-юлёвымі абдоймамі. Абвесткі на дошцы ля дзвярэй абяцалі амаль задарма нацягнутыя столі (лямпы ў падарунак), перацяжку старой мэблі, маскітныя сеткі на вокны і шалёўку балконаў… Дамы старыя, людзі жывуць небагатыя, таму і паслугі не люксавага ўзроўню.

Калі ў Пелагеі з’явіцца ўласная кватэра, таксама нацягне і абшые. Мо нават да пенсіі ўдасца. Хаця — ці варта наракаць? Лісіцы маюць норы, птушкі нябёсныя маюць гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе галаву прыхіліць…

Частка абвестак была абадраная і матлялася, як сцягі пераможанага войска.

Худы кацяра ў бела-чорна-рудыя плямы шуснуў ледзь не па нагах і схаваўся ў збітым з фанеры дамку, падобным да вялізнай шпакоўні, пасярэдзіне клумбы з худымі, як той кацяра, нарцысамі. У місе ля дамка сохла недаедзеная катлета.

Пелагея перасмыкнула плячыма, адганяючы непатрэбныя аналогіі з каціным лёсам… Прафесійная дэфармацыя: калі маеш дачыненне да літаратуры, паўсюль будзеш бачыць алюзіі, асацыяцыі і цытаты.

— Пелагея Вакар, а ты тут як апынулася?

Ну вось яшчэ не хапала… Магістарка расцягнула вусны ва ўсмешцы, якой не паверыў бы і наіўны плюшавы монстр Чабурашка, і павярнулася да супрацоўніцы са свайго каледжа. Той самай, што заняла пасаду Мсціслава Раманавіча.

— Ды так, выпадкова, справы ў мяне тут.

Фіялетавыя цені на набрынялых павеках, вузкая шырокая шчыліна рота, круглы твар ззяе, як плявок на сонцы: якая плётка наспявае!

— Ці не да былога дацэнта нашага хадзіла? Мо кампенсацыю якую ад паскудніка хочаш?

Рукі кабеты адцягвалі торбы з крамы «Суседзі», набітыя сасіскамі, бананамі, батонамі… Фарбаваныя таксама юлёвым вусны выцягнуліся трубачкай, як у вампіркі, — усмактаць да канца чужыя пачуцці…

Не парваўся срэбны ланцужок, не парваўся… Рыпяць жорны, трымае збан ваду… I ты трымай спакой на твары, дзяўчына, падступная русакосая Даліла. Твой Самсон надзейна прывязаны да каменных калонаў, і ў каротка абрэзаных ягоных валасах не растаюць сняжынкі.

— Ну што вы, Святлана Іванаўна, прыдумляеце. Што было, тое сплыло, з памяці трэба выкрасліць і жыць далей.

Пелагея дакладна паўтарала банальшчыну, што ёй год таму талдычылі спачувальныя мудрыя людцы з таго ж каледжа.

Святлана Іванаўна паківала светлым начосам — вартае жалю воблачка, змацаванае лакам, прамовіла нешта ўхвальна-шкадобнае…

Пелагея доўга адчувала паміж лапатак увагнанае вастрыё позірку. Ну ўсё, загудзе, зашабуршыць чутка, падрабязнасцямі абрасце…

Чаму ёй усё яшчэ не пляваць?

Неяк на іспытах студэнтка, выцягнуўшы білет пра літаратуру постмадэрнізму, заявіла, што вывучае той постмадэрнізм як філасофію… А літаратура — гэта лішняе, літаратуру сённяшняя моладзь не чытае.

Пелагея тады адказала: «Літаратура — палігон для філасофіі, асяродак, дзе яна жыве і правяраецца… Кожны філосаф, стварыўшы стройную тэорыю, марыць пра што? Ды ўвасобіць яе ў жыццё! Грамадства ашчаслівіць! Заканчваецца, як правіла, жахамі і ахвярамі. Бог яго ведае, чаму самыя прыўкрасныя і справядлівыя філасофскія тэорыі засейваюць касцямі цэлыя палі.

А літаратура дае магчымасць, перш чым рэальных людцаў ашчаслівіць, стварыць віртуальную мадэль такога ажыццяўлення… Ды яшчэ прапаноўвае розныя варыянты. 3 паказам вынікаў і наступстваў. Раскольнікаў жа забіў сякерай старую ліхвярку таксама, каб праверыць разумныя высновы па перабудове грамадства».

Пелагея параіла студэнтцы пад кожную філасофскую тэорыю падабраць літаратурныя творы… Параўнаць, паглядзець…

А вось якую філасофскую тэорыю можна падабраць пад тое, што здарылася з самой Пелагеяй Вакар і ейным навуковым кіраўніком, Мсціславам Раманавічам Роўбам? Экзістэнцыялізм, фатум, адзінота? Пекла, якое ствараюць людзі адно аднаму суіснаваннем? Вось ты ведаеш — не будзе ўдзячнасці… Не будзе перамогі… Але працягваеш рабіць тое, што павінен.

Нават калі чуеш, як шчоўкаюць над тваёй галавой нажніцы, абстрыгаючы пасмы сілы і надзеі…

Аднапакаёўка на першым паверсе насцярожана адгарадзілася ад вуліцы белымі жалюзі. Першы набытак Пелагеі ў здымную кватэру. Шалік колеру хворага сонца павіс у вітальні. Улезці ў кігурумі ў выглядзе аранжавага янота… А цяпер — за пераклады… I не, не мастацкія. Стос тэхнічна-юрыдычнай дакументацыі, вельмі камусь патрэбны. Таму аплачваецца. А Пелагея не можа сабе дазволіць закапыліць нос і чакаць вартай яе творчай працы. Ёй патрэбна асобнае жытло. Бо вярнуцца да маці і айчыма… Нізавошта. Лепей адразу ў Стыгійскія балоты, у пятае кола Дантава пекла, дзе ганарліўцы ды ненавіснікі ў вечнай бясплённай бойцы. Праўда, тым, хто змірыўся і ўнурыўся ва ўласную нуду, у пятым коле яшчэ горш: гняўліўцы тупочуць па балоце па іх галовах.

Пелагея, не чытаючы, выдаліла электронны ліст ад маці.

Яны так і не зразумелі, чаму Пелагея не праявіла ўдзячнасці, а, наадварот, заістэрыла, калі айчым заступіўся за ейны дзявочы гонар. Ад шчырасці душы ж чалавек учыніў… Ну і ад паўлітра гарэлкі і сумленнага вайсковага мінулага.

Пелагея тут жа пастаралася выкінуць з галавы ўсе думкі пра Тыя Падзеі… Яна так і назвала іх — Тыя Падзеі. Toe, што нельга называць, як Волан-дэ-Морта.

…Хлеб ужо намазаны штучнай ікрой з водарасцяў, і штучная зорка люструецца ў кожнай штучнай ікрынцы. У кубку з рэпрадукцыяй карціны Эдварда Мунка «Крык» амаль экспрэсіяністычная какава з айсбергам узбітых вяршкоў, на маніторы мітусяцца літары Вавілонскай латарэі… Пагналі.

«Словно ветер в степи, словно в речке вода, день прошел и назад не придёт никогда, не придёт ни когда…»

Саўндтрэк да фільма расейскага рэжысёрава Балабанава «Качагар» (у расейскай глыбінцы качагар-якут спальвае на замову трупы забітых пад тлумачэнне заказчыкаў «Гэта быў кепскі чалавек, ой які кепскі») Пелагея выбрала ў якасці званка для смартфона адмыслова.

Саўндтрэк загаласіў а палове першай ночы. Дарэчы, у фінале качагару давялося спаліць родную дачку. «Кепская дзяўчына была, ой якая кепская», — патлумачылі бацьку. Які, зразумела, спаліў пасля і ўсіх заказчыкаў.

— Ой, кепскае нешта робіцца ў вашага дзядзькі, — галасіла Ангеліна Пятроўна.

Сон сцёк з Пелагеі, як атласная накідка з аголеных плеч.

— Што, што здарылася?

— Грукатала нешта, крычаў ён… Цяпер маўчыць. Мо ўсё-ткі міліцыю? Ці хуткую?

— Не трэба, не трэба… Я зараз на таксі прыеду…

Толькі не парвіся, срэбны ланцужок…


СТАДЫЯ ДРУГАЯ. КААГУЛЯЦЫЯ. ЗАЦВЯРДЗЕННЕ ВАДКІХ РЭЧЫВАЎ


На краі пагнутага срэбнага кубка была вышчарбіна. Быццам нехта ўкусіў.

Паколькі кубак відавочна ўжываўся для прычасця, Антэку адразу з'явілася: апантаны злым духам, якога гвалтам прывялі ў храм, спадзеючыся на ацаленне Святымі Дарамі, вырываецца, вылузваецца з людскіх рук і сціскае зубы… дакладней, іклы, на паднесеным да вуснаў сакральным сасудзе…

Хворае ўяўяенне маеце, навуковы намеснік дырэктара музея таварыш Анатоль Роўба. Варта прыгледзецца — і з’ясуецца: гэта след ад удару. Хутчэй за ўсё, шастапёрам. Зброя, падобная да булавы, з шасцю «пёрамі» на навершы, распаўсюджаная ў васямнаццатым стагоддзі ў Рэчы Паспалітай. Магчыма, зацяты каталік выказаў варожасць да схізматычнай атрыбутыкі. Магчыма, наадварот, зацяты праваслаўны змагаўся з папісцкімі рэчамі… Бо такім кубкам маглі карыстацца ў любой хрысціянскай канфесіі. Чатырнаццатае стагоддзе, каржакаватая форма, грубаватыя вінаградныя гронкі і роўнаканцовы крыж.

Кубак давядзецца аддаваць…

Таварыш Роўба, стрымаўшы непатрэбны ўздых, паставіў рарытэт да экспанатаў, прызначаных для адпраўкі ў Ленінград, ва ўсесаюзнае аб’яднанне па экспарце «Антыкварыят», куды паступалі каштоўнасці з усіх канцоў маладой савецкай краіны,— дзеля валютных аперацый. Дзяржаве патрэбна абсталяванне для заводаў і фабрык, дапамагаць галадаючым грамадзянам… Вось і ёсць загад пазбіраць непатрэбнае буржуйскае ды рэлігійнае барахло. 3 іхняга музея вунь ужо колькі адабрана. Мітры, падсвечнікі, ханукіі, футаралы для Торы, аклады абразоў… I самі абразы — з увагі, што замежныя рэакцыйныя калекцыянеры ахвотна іх скупляюць. Вунь шэраг іх састаўлены ля сцяны — аскетычныя цьмяныя абліччы, вялізныя вочы як вокны ў іншае вымярэнне… Добра, што acaбліва старажытных, мясцовай работы няма, пра што пэўныя асобы паклапаціліся.

Прынамсі, абразы дзесьці захаваюцца.

Найболей шкада дзвюх гравюр Дзюрэра і вось гэтага кубка…

Антэк кідае пагляд на калегу, прысланага з Дзяржгандлю. Пастрыжаны нагала дзядзька з чорнымі вусамі-шчоткай, у спецыяльнай круглай шапачцы і доўгім халаце з завязкамі на спіне (Антэк апрануты гэтак жа) лічыць усё на кошт металу і камянёў i на вагу… Даводзіцца біцца ледзь не за кожны прадмет, даказваючы, што ён мае гістарычную каштоўнасць і патрэбны пралетарыяту БССР менавіта як музейны экспанат, а не як срэбны ці залаты лом на экспарт…

Як быццам яшчэ дарэвалюцыйныя футурысты не абвесцілі, што музеі — гэта звалкі і могільнікі і мусяць быць знішчаныя.

Таварыш Роўба папраўляе пенснэ ў тонкай аправе і ўспамінае таемны схрон у сутарэннях, за шчытамі з мінулагодняга прадстаўлення моладзевага вулічнага тэатра да дзесяцігоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Чорна-чырвоныя пісягі на брудным белым фоне шчытоў, развешаныя на сценах, складаліся ў пейзаж горада будучага, праўда, дужа схематычны: фабрычныя коміны, кубы і паралелепіпеды дамоў… Антэк з супрацоўнікамі ўчора зацягнуў у схованку тое-сёе з экспанатаў, пакуль на іх не паклалі вока таварышы з Дзяржгандлю. Ну чаму ён не занёс туды хаця б аднаго Дзюрэра! Гравюры маленькія, з вучнёўскі сшытак, можна было пад кашулю запхнуць…

Праўда, калі б злавілі ці хтось бы данёс… Глеб Туторкаў з аддзела савецкага мастацтва, смоўж з вырачанымі вачыма, поўзае і поўзае побач, вынюхвае… Небяспечна. Сафійка ж пакуль без працы, іхняму Карусю ўсяго годзік… Як яны без яго? На што ён спадзяецца, ціхушны, прыгорблены інтэлігент у пенснэ? Ён жа і месяца ў няволі не вытрымае, абвострацца сухоты…

Ды ні на што не спадзяецца… А проста — ганебна нічога не рабіць, калі рабуюць твой народ.

Антэк касавурыцца на лысага ацэншчыка: той круціць у руках бронзавы падсвечнік з эмалевымі ўстаўкамі. Барока, Фландрыя…

Лысы крывіцца і шпурляе падсвечнік у кучу ля дзвярэй: там тое, што, на ягоны погляд, не мае каштоўнасці. Фух, слава Бо… ну, камусьці наверсе. Згадваць Бога савецкі служачы сёння не павінен нават у думках, няхай родны дзед і быў святаром у Падняводскай царкве. Галоўнае, падсвечнік вернецца ў экспазіцыю. Прасачыць толькі, каб які старанны рабочы сапраўды не адправіў «непатрэбшчыну» на сметніцу.

Застаецца спадзявацца, што шпурлянне не пашкодзіла эмалевыя ўстаўкі.

Раптам адзін з гадзіннікаў, камінны, цяжкі, з пазалочанымі завіткамі і купідончыкамі, нізкім голасам бомкае…

Ужо чатыры. У гэты час у цэнтры Мінска мусілі загаварыць званы Петра-Паўлаўскага, Свята-Духава і каталіцкага Марыінскага… Але званіць на храмах забаранілі. Да таго ж ва ўсе цьмяныя часы са званоў атрымліваюцца ладныя гарматы…

Але калі прыслухацца… Услухацца добра... Звіняць званы.

Роўба зноў звяраецца з табелямі: той срэбны пацір чатырнаццатага стагоддзя рэквізаваны з царквы ягонага роднага мястэчка разам з іншымі каштоўнымі прадметамі культу ды паперамі з архіва. Ёсць і стос папер, перавязаны выцвілай юлёвай стужкай, на стужку наклеены змяты, як у сабачым горле быў, цэтлік «Роўбы». Дакументы пра іхніх сваякоў? Антэк развязвае стужку і раскладае здабытае. Складзены ў некалькі столак, выцвілы на згінах вялізны аркуш — нейкія каналы, валы, масты… Падобна да плана асушэння балотаў. Перапіска з кансісторыяй наконт шлюбу каталічкі і праваслаўнага — здаецца, дзед змагаўся за сямейнае шчасце. Яшчэ адна перапіска — нейкі Сімяон Роўба, звольнены ў запас шараговы Валынскага артылерыйскага батальёна, патрабаваў, каб у ягоным вайсковым білеце было пазначана, што ён не праваслаўны, а каталік. Бо калі мясцовы касцёл перадалі царкве, дык усіх парафіян запісалі праваслаўнымі, а ён паперы на тое не падпісваў. Дзіўна… Здаецца, Роўбы ўсе праваслаўныя былі — што за Сімяон такі?

Наверсе стоса ляжаў сшытак у чорнай абгарэлай вокладцы з залатой аздобай.

Пісана на лаціне, без назвы, без аўтара… Але падобна да нейкага трактата. Хутчэй за ўсё, другая палова васямнаццатага стагоддзя. Алхімічныя сімвалы на пажаўцелых, пакарабачаных старонках… Мода тады была паўсюдная — на алхімію. Філасофскі камень, трансмутацыя металаў, тайна вечнага жыцця... Шкада, што нейкі чалавек траціў час і талент — калі ён быў таленавіты — на такую містычную лухту, нікому сёння не цікавую. PoloteskFaust. Полацкі Фаўст? Рука здрыганулася. Няўжо той самы продак, пра якога ў сям’і ходзіць столькі чутак? I як алхімічны трактат апынуўся ў царкоўным архіве? Павінны былі выявіць д’ябальшчыну ды знішчыць… Хаця ў агні трактат пабываў.

Мусіць, уладальнік даражыў сваёй пісанінай, раз сшытак упрыгожаны золатам…

Антэк падносіць да вачэй чорную скураную вокладку, абгарэлую па краях, пасярэдзіне якой блішчыць залатая ўстаўка дзіўнай формы, падобная да кляксы. 3-за гэтай устаўкі трактат сюды і патрапіў.

Так, чыстае золата, з другога боку вокладкі таксама можна памацаць… Таўшчыня — міліметры тры… Што, аднак, за тэхналогія? Палец не адчувае швоў паміж скурай і металам.

Роўба цягнецца па лупу. Праз павелічальнае шкло відаць усе трэшчынкі, выёмінкі і выгіны…

Што за халера? Не бачна сутыччаў. Золата нібыта ўсмакталася ў чорную скуру, падобна атраманту, якім капнулі на паперу. Як гэтую залатую кляксу ўставілі ў кардон, абцягнуты скурай?

— Нешта цікавае, таварыш Анатоль?

Лысы ацэншчык пільна глядзіць на музейшчыка, якога даўно, відаць, падазрае ў сабатажы.

Антэк паціскае плячыма, намагаючыся схаваць навуковы азарт.

— Проста кніга з залатой інкрустацыяй.

— Пакажыце…

Кароткія, як абрэзаныя, пальцы лысага спецыяліста спрытна круцяць сшытак, мацаюць… Адрываюць вокладку, з сілай націскаюць на залатую пляму. Яна выціскаецца, але з папярова-скуранымі махрамі па краях. Ацэншчык акуратна абдзірае тыя махры, не выяўляючы ніякага здзіўлення, чыркае пляскатым няроўным кругляком па пласціне крамяністага сланцу, няспешна капае на лінію рэактыў… Нейкі час назірае… Потым кладзе здабычу на вагі.

— Сорак шэсць грамаў. Але проба вельмі высокая, такога чыстага золата яшчэ тут не сустракаў.

Выдраны з вокладкі алхімічнага трактата залаты кругляк кладзецца да іншых рэчаў, адабраных для адпраўкі ў Ленінград.

Што ж, рэчы вандруюць гэтак жа, як і людзі… Вось гэтымі днямі прыйшлі ў Мінск турыстыя Чэханоўскі і Датунашвілі, вандроўнікі, што па заданні Вышэйшага савета фізкультуры і газеты «Комсомольская правда» павінны абысці пешкі вакол свету. Быў трэці, ды памёр дарогай ад азіяцкай ліхаманкі. Пятнаццаць тысяч вёрстаў за два гады ўжо турыстыя пратупалі… А яшчэ гады тры хадзіць. Павінны заўтра лекцыю ў клубе Асаавіахіма чытаць.

Калі праца заканчваецца, Антэк падбірае з кучы «непатрэбшчыны» падраную чорную вокладку разам са сшыткам, спісаным нечым дробным, парывістым почыркам. Заадно стары аркуш з планам і ліставанне Роўбаў. Папраўдзе, найбольш цікавіць сшытак… Полацкі Фаўст — персона амаль казачная ў іх сям’і. Варта было б параіцца з Аўгенам… Той слынны археограф, а яшчэ быў вучнем Генрыха Татура, знакамітага мінскага калекцыянера ды археолага… I лаціну ведае куды лепей за Антэка. Магчыма, Аўген патлумачыць загадку залатой накладкі на сшытку і што гэта за сшытак такі…

На каштанах гайдаліся кветкі, якія Антэку заўсёды нагадвалі анёлкаў у белых спаднічках, што гарэзна падскокваюць на галінках і таненька-таненька смяюцца. А пад каштанамі ля сценаў музея гуртавалася моладзь з лозунгамі: камсамольскі мітынг пратэсту супраць выдачы таварыша Бэла Куна венгерскім катам. Расцяжка над праспектам вітала чырвонымі літарамі акруговае пасяджэнне МОПРа.

«Охраняйте зорко фронт — полость рта и зубы, покупайте “Калодонт” — с маркой АКО тубы». На рэкламе зубной пасты, прыклеенай да тумбы, шчэрылася кучаравая дзяўчына. А каля тумбы інвалід на дошцы з колцамі тузаўся з мурзатым беспрытульнікам за нейкую анучу… Здаецца, клятчастая кепка. Інваліду з жоўтым хворым тварам пашэнціла, што беспрытульнік быў дробны малалетка… Кепка дасталася бязногаму. Беспрытульнік, паваліўшыся спінай на асфальт, не расплакался, а пачаў так брыдка лаяцца, што вошы, мусіць, паздыхалі.

А побач, аддзеленыя мурам, ляжалі кучы золата і каштоўных камянёў… Хацелася б верыць, што ад іх продажу штосьці зменіцца для інваліда і беспрытульніка. А пакуль Антэк мог кінуць у падстаўленую бязногім змятую кепку толькі дзве капейкі.

Бо трэба яшчэ набыць цукру — Сафійка прасіла. Цукар алхіміяй не здабудзеш… Як і хлеб.

Але Сафійка бескарысна-містычным сшыткам таксама зацікавілася — хаця і змучаная, бо Карусёк толькі-толькі заснуў, зубкі рэжуцца, за шчасце, калі на гадзінку сунімае плач. А шумець нельга — у камуналцы жывуць, на Захар’еўскай. Вялікую залу шыкоўнай кватэры, якая колісь належала мінскаму банкіру, падзялілі фанернымі перагародкамі на чатыры часткі, таму суседзям усё чуваць. 3 аднаго боку — інспектар фінаддзела Тадзік Гадзель, былы матрос, кульгавы і вясёлы, з другога — выкладчык Белпедтэхнікума Абрамчык з жонкай, схільнай да мігрэняў, яшчэ адзін сусед — самы нядаўні падсяленец, мастак па прозвішчы, здаецца, Верабейчык, з катуха якога распаўзаецца смурод ацэтону, алейных фарбаў і перагару. Варта каму пасунуць крэсла альбо заперхаць, Абрамчыха верашчыць, што наскардзіцца ў жылкам за парушэнне правілаў пражывання ў камунальных кватэрах. Вось і гушкала Сафійка малого цэлы дзень то на руках, то ў калысцы…

— Залатая ўстаўка, кажаш? — задумалася Сафійка, абводзячы тонкім пальцам краі выдранай у вокладцы дзіркі. — Вядома, гэта сімвалічна — аўтар відавочна марыў навучыцца ператвараць усё ў золата… Мо ўчыніў па прынцыпе пракаветных забабонаў, памятаеш, у Фрэзера: магія падабенства. Пячорны паляўнічы малюе на сцяне быка і дзіды ў ягонай спіне з упэўненасцю, што гэта дапаможа забіць сапраўднага быка. Алхімік, які марыць здабыць у колбе золата, прымацоўвае залатую плямку на запісы доследаў.

Вось што значыць гімназічнае выхаванне, памножанае на ленінградскія вышэйшыя педагагічныя курсы! Шкада, не далі Сафійцы іх закончыць… Камісія, якая займалася чысткай «чырвоных студэнтаў», палічыла, што паходжанне з сям’і настаўніка рэальнай вучэльні — буржуазнае, а ў якасці медсястры Сафійка — «непрацоўны элемент».

Антэку пасля распавядалі, што Сафійцы проста не пашанцавала: у камісіі не было чырвонаармейцаў. Чырвонаармейцы, якія паваявалі і падчас Першай сусветнай, і ў рэвалюцыю, дакладна ведалі, што медсёстры — самыя што ні на ёсць пралетарыі, праца іх і цяжкая, і фізічная…

Злы той час, калі сваякоў трэба саромецца не за іх грахі, а за іх вартасці…

— I ўсё-ткі, як ён уставіў тую залатую пляму? — Антэк забыўся на недапітую гарбату і задумліва калупае пазногцем махрыстыя краі разрыву. — Бачыш, крупінкі ў самой структуры кардону і скуры... Расплаўленае золата спаліла б і паперу, і скуру.

Сафійка перакінула на левае плячо цёмную касу — не стала яна коратка стрыгчыся, як цяпер модна, схілілася ніжэй над рарытэтам. Антэк не стамляўся любавацца ды дзівіцца: як такая дзяўчына пайшла за яго, нядошліка? Зусім не падобная да стэрэатыпнай млявай кволенькай гімназістачкі: стройная, але такая ладная, модная, круглатварая… Дзеўка як півоня. А Анатоль… Як яго дражнілі ў настаўніцкай семінарыі — пстрычкаю заб’еш. Гэта ягоны дзед, кажуць, быў сапраўдны волат, інжынер, паходжаннем з простых сялянаў-старавераў. Мог два бервяны несці, па адным на кожным плячы, перакулены воз падымаў… У паўстанні браў удзел, за што быў сасланы, а сям’я згалела. Вырадзіліся нашчадкі. Мо Карусёк удасца ў дужых продкаў?

Сафійка няўважна пацерла чорную скуру ададранай вокладкі і пацягнулася да папер.

— Мне болей цікава, што тут напісана… А paптам нейкае навуковае адкрыццё?

Яна ўглядаецца сінімі, такімі неверагодна сінімі, як неба ў акенцы паміж белых аблокаў, вачыма ў няроўны почырк на пажаўцелых старонках і прамаўляе ўголас: «Da mihi, Domine, mentem discernere, quae scire non debeo…» Дай мне, Божа, адрозніць тое, што мне не трэба ведаць…

I на сёння карыснае ўменне.

У кватэру стукаюць. Настойліва, як тыя, што маюць права.

Зарыпелі дзверы, пачуліся трывожныя галасы суседзяў... «Там, там… Яны там жывуць…» Гэта Абрамчыха.

— Грамадзянін Роўба, вы абвінавачваецеся ў контррэвалюцыйным сабатажы.

Хоць бы Карусёк не прачнуўся… Хаця гэта наўрад — вобшук жа будзе…

Што ж, затое перастане муляць, чаму не занёс у схоў гравюры Дзюрэра. Усё адно знайшлі б…

Ён не ваяр… Ніколі ваяром не быў. У ніводную армію не забралі, камісаваўшы… I ўсё-ткі яго паставяць пад кулі.

На ўсялякі выпадак з кватэры музейшчыка-сабатажніка забралі ўсё. Нават канспекты лекцый педагагічных курсаў, якія наведвала ў Ленінградзе студэнтка Сафія Роўба.

Праўда, праз пару тыдняў здарыўся цуд — такія яшчэ здараліся: упартай кабеце, жонцы арыштаванага, дазволілі забраць частку кніг і папер, прызнаных не каштоўнымі для следства. Магчыма, гэтаму дапамаглі два чырвонцы, што апынуліся Ў патрэбных кішэнях.

Сафійка цягнула вернутае ледзь не праз увесь горад у накоўдраніку познім вечарам… Добра, што пачатак чэрвеня выдаўся цёплым, без дажджоў. Валацуга ў нізка насунутай на вочы цюбецейцы рушыў за самотнай кабетай, што несла, напінаючыся, нешта, відаць, каштоўнае. Штурхануў так, што Сафійка павалілася на брукаванку… Але, зазірнуўшы ў мех, толькі вылаяўся, паддаў нагой непатрэбную кучу папер і знік у цёмным завулку.

Тое-сёе з кніг удалося прадаць, калі зусім прыціснула. Так, кашчунства — калі Антэк вернецца, ёй будзе сорамна… Але цяпер трэба гадаваць дзіця. Сшытак старасвецкага алхіміка, які цяпер ужо канчаткова застаўся без вокладкі, магчыма, таксама ўдалося б збыць якому калекцыянеру… Але гэта была апошняя рэч, якую яны з Антэкам абмяркоўвалі, і цікавая яму… I Сафійка старанна перахоўвала. Перахоўвала — таму што могуць прыняць за нататкі замежнага шпіёна ці запіс спірытычных сеансаў. Апошняе таксама лічылася заганным, бо ў Мінску многія захапляліся. Нават у сям’і пісьменніка Янкі Маўра. А да яго на сеансы прыходзіў сваяк, сам Якуб Колас з жонкаю. Ды іншыя творчыя людзі — і, трэба ж, талерачку круцілі, пасланні духаў запісвалі… Гэта па сакрэце Сафіі Роўбе распавяла ейная супрацоўніца па выдавецтве, маладая паэтка з нямецкім прозвішчам, атрыманым у спадчыну ад бацькі-чыгуначніка. Пахвалілася, што сама бывае з мужам на тых сеансах і лічыцца самым моцным медыумам. Талерачка ў яе прысутнасці ажно лётае, так круціцца! Аднойчы гэтак, па літары, удалося запісаць верш, прадыктаваны духам… Яны ўпэўненыя, што гэта Бальмонт!

Сафійка ўважліва прачытала падсунуты супрацоўніцай верш, лірычна-дэпрэсіўны, хмыкнула і прамаўчала. Нельга ёй небяспечныя размовы падтрымліваць. Гэта проста цуд, што жонку арыштаванага сабатажніка ўзялі працаваць у выдавецтва — Анатолеў сябра, прафесар Беларускага ўніверсітэта Аўген Лубовіч, паспрыяў, папрасіў…

Аднак дастаткова няправільнай размовы, і… Антэку яшчэ пяць гадоў на Салаўках засталося.

Яна бедавала, як ён там… Ці вытрымае, такі худы, кволы, сухотны… Аднак пацвердзілася тое, што яшчэ ў Грамадзянскую назірала: першымі ў выпрабаваннях, дзе трэба галадаць ды высільвацца, гінуць спешчаныя, сытыя, плячыстыя… Дробныя, худыя ды жылістыя прыстасоўваюцца. Вось і Антэк… Пяць гадоў прамінула — жывы.

Зямлі не капае, камення не цягае — начальства лагернае толькі на згубу магло такое даручыць. Працуе ў культурнай частцы… Ну, прынамсі, так ён піша ў рэдкіх лістах.

Сафійка ведала заўсёды, які ён моцны. Гэтым і прывабіў… Калі на сходзе вырашаўся лёс будучага беларускага музея, даў адлуп аднаму спадару ў скуранцы, пры пасадзе і пры нагане, які сцвярджаў, што беларускае мастацтва — міф, няма такога, усё запазычана ў палякаў ці рускіх. Ну і даў тады Антэк пытлю нахабу і ягоным паплечнікам… Хоць маглі пад гарачую руку прыстрэліць — тады, у першыя гады пасля рэвалюцыі, жыццё чалавечае каштавала меней за гнілы арэх. Антэк сам не ўсведамляе, які ён — моцны, сумленны, непахісны ў сваёй сумленнасці… Гэта яна — слабая. Пасля ягонага арышту ледзь не зламалася, пабегла прасіць, у ногі ўсялякім нявартым кідацца… Успамінаць гідка. Добра, што такі… гандаль не адбыўся.

Нядаўна з Беламорканала вярнулася дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў. Да вялікіх літаратурных начальнікаў кшталту Коласа, Купалы і Александровіча не палезеш, але тая ж каляжанка-паэтка магла б звесці хоць бы з пісьменнікам Платонам Галавачом. Кажуць, гарачы, шчыры, спагадны... Два гады таму напісаў ліст з просьбай аб выхадзе з партыі, маўляў, аднімае арганізацыйная работа шмат часу, а ён хоча прысвяціць сябе літаратуры. Шуму было… Ажно да Масквы дайшлі хвалі. Начальства не ведала, што з кашчуннікам рабіць. Актывіст, камсарг пісьменніцкай арганізацыі, і — вось табе маеш… Змусілі каяцца. Мо таварыш Платон распавядзе пра паездку трохі болей, чым наконт працоўнага раю дзеля перавыхавання грэшнікаў… А раптам… Не, гэта, вядома, мроі — раптам хтось з беларускай дэлегацыі пабачыў там Антэка… Даўно ж лістоў не было… Сафійка нават двойчы схадзіла ў кінатэатр «Інтэрнацыянал» на прагляд «выключна дакументальнага фільма» «Салаўкі». Дэманстрацыю фільма прадоўжылі на тыдзень «па прычыне вялікага поспеху». Так і валілі менчукі на рэкламу: «Шпікі, зладзеі, растратчыкі і контррэвалюцыянеры ізалююцца на Салавецкія выспы Белага мора. Задача лагераў перавыхаваць з сацыяльна шкодных людзей карысных членаў грамадства». На экране зняволеныя ў чыстых светлых кашулях і пінжаках, пры гальштуках пілі гарбату за столікамі пад яблынямі, ля фантана, гулялі ў шахматы. Сафійка напружана ўзіралася ў чорна-белыя радасныя твары перавыхаванцаў у спадзеве пабачыць знаёмыя рысы… Не пабачыла.

За акном кабінета дзынкае трамвай. Сафійка адганяе непатрэбныя жаласлівыя думкі, запускае пальцы ў караткастрыжаныя валасы — вось Антэк будзе незадаволены, што пастрыглася, — і пасоўвае да сябе стос рукапісаў. Хоць не раман — усяго толькі падручнік па біялогіі, — але чытаць трэба надзвычай уважліва. Улічваючы не толькі граматычныя памылкі, але ўсе магчымыя няправільныя падтэксты… Са зборнікаў Купалы нават слова «неба» выкрэсліваюць — каб не было намёкаў на рэлігію. А які гвалт усчалі з-за таго, што калгасным жывёлам пачалі даваць мянушкі кшталту Камуна, Дэпутат, Селькар, — як бы ідэалагічна правільныя, але ж уявіць, што карове, якая адбілася ад статка ды ўлезла ў шкоду, пастух гарлае «Камуністка! Гэць ты, пайшла прэч!» ці «Піянерка, вось пугі ў мяне атрымаеш!»… У адным калгасе быка Наркама загадалі перайменаваць у Наркоза.

Сафійка вядзе алоўкам уздоўж радкоў. Шкада, гэта не алхімічны трактат, у якім хаваецца сакрэт галоўнай мудрасці і вечнага жыцця… Нічога, яны з Каруськом пратрымаюцца, дачакаюцца Антэка, яго апраўдаюць, камусьці стане сорамна за тое, як несправядліва абышліся з таленавітым вучоным, які ўсяго толькі хацеў абараніць музейныя рарытэты… Справядлівасць жа ёсць, праўда?

За акном зноў дзынкае трамвай, упрыгожаны лозунгам пра шчаслівую будучыню.

…У гэтым годзе здарыўся самы позні снегапад: дваццаць шостага траўня раптам паваліў снег. На руіны нядаўна вызваленага горада, чорныя, страшныя, на паваленыя слупы, горы пабітай цэглы, брукаванку, у якой утварыліся яміны са снарадаў… Ну і на будоўлю, якая віравала паўсюль. Белае святочнае покрыва нібыта хацела прыбраць пакутлівы напамін аб нядаўніх чорных гадах акупацыі. Худы юнак у падраным пінжаку, занадта лёгкім для пахаладалага надвор’я, нерашуча таптаўся перад пад’ездам ацалелага дома. Ну як ацалелага… Левы край абваліўся, не пашанцавала тым, хто жыў на чацвёртым паверсе. Відаць, снарадам патрапіла — калі бомба, дык руйнаванні былі б куды страшнейшыя. На сцяне ля дзвярэй пад’езда, калісьці фарбаваных у зялёны, як зялепуха, колер, бачылася пазнака размінёраў.

Хлопец нерашуча тузае дзверы — яны з рыпеннем адчыняюцца. Ну, ужо поспех… Другі паверх. Кватэра нумар чатыры. Была, дакладней, — на месцы бляшанага нумара засталіся толькі дзіркі ад цвікоў.

На стук адчыняе кабета ў шчыльна завязанай на галаве паркалёвай хустцы калісьці белага колеру і выцертай да нітоў плюшавай кофце. Пах падгарэлай бульбы і сушаных яблыкаў змушае хлапца глытаць сліну.

— Табе чаго?

Голас кабеты больш непрыветны, чым снегапад у траўні, — як яшчэ адразу перад носам нечаканага госця дзвярыма не ляскае.

— Добрыдзень, — хлопец намагаецца быць ветлівым. — Выбачайце, калі ласка, але мы з мамай тут жылі да вайны…

Запалыя вочы кабеты бліскаюць сапраўднай нянавісцю, голас уздымаецца да гучнасці сірэны, цто апавяшчае пра бамбёжку:

— Мала дзе хто да вайны жыў! Швэндаюцца тут! Пайшоў прэч, пакуль у карак не натаўклі!

Хлопец сціскае худыя кулакі… У дзіравых чаравіках мокра, у душы разбіваюцца каляровыя шкельцы…

— Ану, сціхні, Маланка! Ты што, не савецкі чалавек? Азвярэла?

Кабету адсоўвае ўбок прыгорблены стары ў расцягнутай выцвілай марынарцы, які абапіраецца на мыліцу. Твар старога зарос сівой шчэццю, але светлыя вочы разумныя і ўсё яшчэ трохі вясёлыя:

— Карусёк? Зоські Роўбы сынок? Во, як вырас! Давай, давай, заходзься!

Кабета незадаволена бурчыць пра валацуг, якіх трэба ў міліцыю здаваць, але адступае.

— Ты яго пусціў, дык на сваю жылплошчу і сялі, калі зажадаеш!

Хлопец заходзіць у кватэру. Яна непазнавальна змянілася. Сапраўдны вулей… Мноства перагародак з імправізаванымі дзвярыма — паркалёвымі занавескамі на вяровачках. I гуд як у вулеі… Стукат, смех, плач, галасы, галасы, галасы… Хлопец пераступае цераз самаробны дзіцячы самакат, які ляжыць папярок вузкага калідора. Нават уявіць цяжка, колькі чалавек тут цяпер жыве.

Стары кульгае па калідоры ў самы канец, у ягоны катух вядуць сапраўдныя драўляныя дзверы… Катух вузкі, як школьны пенал, святло трапляе праз акенца у дзве далоні, якое відавочна архітэктарамі не прадугледжвалася. Хлопец пазнае — гэта была кладоўка. Малым ён залазіў сюды, каб пакруціць іржавае кола саламарэзкі, якую невядома хто і невядома нашто сюды быў прыцягнуў. Ладную частку займалі шчыты нагляднай агітацыі, праца мастака Верабейчыка. А вось тут заўсёды выпараў спакусны водар цэбар з салёнымі агуркамі Абрамчыхі, гаспадыня абвязвала яго складанай сістэмай матузкоў, каб ніхто не лазіў пад накрыўку. Усё адно лазілі… У роце нібыта адчуваецца смак тых агуркоў, страўнік ажно вуркоча…

— Ты сядай, хлопец. Месца няшмат, але змесцімся.

Сапраўды, у кладоўцы змяшчаецца толькі вузкі металічны ложак, круглы столік, за якім, мусіць, да рэвалюцыі паны ў карты гулялі, ды зэдлік. Кастусь на той зэдлік не сядае, а падае. Нясцерпна хочацца зняць мокрыя чаравікі, расцерці зледзянелыя ногі… Але невядома, ці не раздражняць вольныя паводзіны госця гаспадара і колькі тут, у цяпле, дазволяць яшчэ пасядзець.

— А мяне памятаеш, спадзяюся?

Стары мацае ў навясной шафцы, яе створкі ўпрыгожаныя маляванымі чырвонымі півонямі.

— Вядома, памятаю, дзядзька Тадэвуш…

— Ну вось і добра!

Былы марак і фінінспектар Тадэвуш Гадзель кладзе на стол, засланы газетай, лусту сітнага хлеба і цыбуліну. Паднімае імбрык з падлогі, мацае рукой:

— Яшчэ цёплая… Не хочацца лішні раз ісці на кухню, прабач. Пасля ўжо сам прыстасуешся, яшчэ і мне кіпню будзеш прыносіць. Пакуль бяры вунь, у слоіку, сочыва, а кубак і лыжку бачыш… давай, не саромся — я ж бачу, зараз павалішся. І распранайся… Спаць, відаць, давядзецца пакуль на падлозе. Мо пасля які адкідны ложак змайструем. Я, калі да рэвалюцыі ў Крастах сядзеў, на такіх спаў. Зручна…

Хлопец, не верачы ў свой шанц, скідае нарэшце чаравікі, збянтэжана глядзіць на брудную лужыну на падлозе — нічога, Карусёк, на гэта ануча ёсць. Намагаецца не есці надта хутка. Гаспадар сумна глядзіць, падпёршы шчаку рукой у старэчых плямах.

— Нацярпеўся, адразу відно… А матка дзе?

Карусь кладзе недаедзеную лусту.

— У канцлагеры, у Азарычах, памерла. Фашысты спецыяльна здаровых да тыфозных зганялі. Я там таксама быў… Мы эвакуіравацца не паспелі. Маму папрасілі з музея, дзе бацька калісьці працаваў, архівы парадкаваць для вывазу. I я дапамагаў. Мама хацела хоць мяне на грузавік пасадзіць, што фонды вывозіў, — я адмовіўся яе пакідаць. Рушылі з горада пешкі разам… А на дарогах бамбёжкі. Куды кіравацца — ніхто не цяміць. У Мінск вярнуліся… Але мама ж памятаеце якая была… За справядлівасць змагалася. Навуковец, якога мама да вайны выкрыла, што бацькаў рукапіс прыўлашчыў, пагразіўся, што здасць яе немцам як актывістку-камуністку. Я запомніў імя… прафесар Глеб Туторкаў. Мусіць, фашысцкім паслугачом пасля быў. Пайшлі мы да бацькавай сястры на Пухаўшчыну... Тая прыняла. Жылі, працавалі… Калі немцы сталі гнаць маладых у Нямеччыну, мне цётка травы дала нацерціся. Усё цела болькамі пайшло. Не ўзялі... А потым вёску спалілі за сувязь з партызанамі. Нас — у канцлагер.

Хлопец на імгненне закасвае рукаў, каб пацвердзіць словы: на перадплеччы сінія лічбы. Рабская татуіроўка.

— Вы не думайце, дзядзька Тадэвуш, мы з фашыстамі змагаліся… Я чатыры разы партызанскую дыверсійную групу на чыгунку вадзіў. А ў атрад не бралі… Казалі — малы, слабы… Я і ў разведку для партызан хадзіў… Пасля вызвалення на фронт прасіўся — адмовілі. Васямнаццаці няма, дый не трэба ў арміі… дыстрофікаў. У цёткі жыў, дапамагаў… Зямлянку выкапалі на гародах — усё ж папалена. А ў цёткі сваіх пяцёра дзяцей. Яна кажа — у вас жа ў Мінску кватэра была…

— Ясна, хлопец.

Дзядзька Тадэвуш уздыхае.

— Мне болей пашанцавала — наш аддзел грузавік выбіў для эвакуацыі, мяне завезлі. Жыў пад Саратавам, год таму вярнуўся. Паспеў адваяваць вось гэты катух. Акрамя мяне са старых жыльцоў нікога не засталося. Абрамчыкаў у гета загналі, там і згінулі, дзесь у раёне Шпалернай. Мастак на фронт пайшоў. Не ведаю, дзе ён і што… Пасля вайны сюды народу набілася ў асноўным з вёсак. Сам разумееш — адзін селіцца, кліча да сябе сваякоў. 3 жытлом пакуль у горадзе праблема…

Задумліва барабаніць па стале пажаўцелымі пальцамі.

— 3 рэчаў вашых амаль нічога не засталося. Стол, здаецца, ды камода, дзе сямейства Маланак жыве, — але наўрад ты ў іх адбярэш. I стос кніг у дрывотні — неяк прыходжу, валяюцца… На распал падрыхтавалі. Я сам загарнуў у дзяружку ацалелае і прыхаваў. Нядобра кнігі паліць і дзерці.

— Мне нічога не трэба, дзядзька Тадэвуш! Хаця кнігі… Кнігі забяру. А… колькі пажыць у вас можна?

Былы фінінспектар усміхаецца — зубы рэдкія, як п’яны сейбіт сеяў.

— Гэта і твая кватэра, Карусёк. Ты не пасяліўся — а вярнуўся. Жыві. Мо, як нямоглы зраблюся, мяне дагледзіш. А пра бацьку твайго… нічога не чуваць?

Хлопец адмоўна круціць галавой, у ягоных цёмных — не ў матку, у бацьку — вачах старэчая туга.

— У трыццаць восьмым тэрмін быў скончыўся, але, мама казала, нібыта новую справу на яго завялі. А лістоў з трыццаць трэцяга не атрымлівалі.

Калі вулей у кватэры нумар чатыры сціх і замест размоў, смеху, крыку, плачу напоўніўся храпам, Карусь Роўба зайшоў у прыбіральню. Калісьці тут стаяла шафка, на якую можна было ўскараскацца… Нічога, прыдасца вось гэтая скрынка… Так, гэтую цагліну падчапіць… I гэтую… 3 нішы ў сцяне дастаўся пакет, загорнуты ў цырату. Рукі трохі дрыжаць, святло лямпачкі настолькі цьмянае, што цяжка чытаць, — але чакаць, пакуль развіднее, няма сіл. Стос лістоў ад бацькі, якога не памятае. Рукапіс з ягоным жа почыркам: даследаванне станаўлення беларускай школы жывапісу цягам трынаццатага — дваццатага стагоддзяў. Рукапіс відавочна не цэлы, з дзясятак пранумараваных уразнабой старонак, брудныя, калісьці пакамечаныя, потым старанна распраўленыя. Атэстат выпускніцы Мінскай Марыінскай жаночай гімназіі Сафіі Нарушэвіч. Фотаздымак вялікай сям’і: поп у аблачэнні, пападдзя, дзевяць дзяцей рознага ўзросту — малодшае дзіця, у карункавай сукенцы і каптуры, на каленях пападдзі, старэйшы, ладны дзяцюк — у абмундзіраванні, здаецца, прапаршчыка… На здымку пазнака віленскага фотаатэлье. Няўжо сваякі? Складзены ў восем столак план нейкага збудавання — схемы каналаў, земляныя валы… Меліярацыя, ці што? Але зусім даўняя: як сведчыць надпіс са старасвецкімі загагулінамі, 1791 год. I сшытак без вокладкі, з формуламі і запісамі дробным імклівым почыркам на лацініцы. Маці пра яго гаварыла нешта такое казачнае.

Карусь хавае здабытае за пазуху, засоўвае на месца цагліны, саскоквае са скрыні.

Маці казала — бацька таксама быў худы і падаваўся слабым, але мог вытрываць любую буру. А яна сама якім была моцным чалавекам! Жартавала да апошняга. У лагеры, у голадзе і холадзе, вучыла яго мовам, распавядала нешта з сусветнай гісторыі, кнігі пераказвала. Паўтарала — толькі пачуццё гумару адрознівае чалавека ад жывёлы.

Таму ён вырасце. Стане дужым. Вывучыцца. I калісьці даведаецца, дзеля чаго загінуў бацька. I дзе маці брала моцы, каб жыць і дзёрзка ўсміхацца ў твар катам.

Заканчваўся травень 1946 года. На вуліцах Мінска раставаў няўчасны снег. Але, калі прыслухацца, чуваць было, як дзесьці б’юць нябачныя званы.


СТАДЫЯ ТРЭЦЯЯ. ФІКСАЦЫЯ, АЛЬБО ЗГУШЧЭННЕ. ПЕРАТВАРЭННЕ ЛЯТУЧЫХ РЭЧЫВАЎ У НЕЛЯТУЧЫЯ


У дэкадэнцкім рамане «Наадварот» Гюісманса адзін багацюшчы эстэт удасканальваў падораную яму жывую чарапаху. Панцыр жывёліны інкруставалі каштоўнымі камянямі, пакуль небарака не здохла пад цяжарам. Гаспадар зрабіў выснову: дурная істота не ў змозе вынесці ўсю моц сапраўднай прыгажосці!

Пелагея адчувала, што яе нябачны панцыр — трывушчы, нарошчаны на ўразлівым нутры цягам гадоў з пералівістых скарбаў чужых геніяльных фантазій — прагінаецца і вось-вось трэсне і жыццё дастане зноў да жывога, балючага…

Дзверы, абабітыя брунатным дэрмацінам… Брудны пад’езд хрушчоўкі… Дыванок з зялёным пластыкавым шчэццем і надпісам «Вэлкам»… Нічога не змянілася, акрамя таго, што ноч.

— Мсціслаў Раманавіч, калі не адчыніце, я тэлефаную ў службу выратавання. Суседзі пацвердзяць, што былі падставы.

Маўчанне і ціша паміж захапленнем і жахам жыцця (характарыстыка паэзіі Рыльке).

— Ну што ж, як хочаце… Мне ўжо ўсё адно.

Згарэла кіфара — гары і хітон. Ці ў чым там антычныя лірнікі… пардон, кіфарысты па антычных вёсках соўгаліся. Пелагея ў стомленым адчаі дастала смартфон… Адзін-адзін-два… Трывожны пульс гудкоў… Гэткі ж стомлены жаночы голас нешта прагаварыў — але Пелагея ўжо не чула, бо ў дзвярах шчоўкнуў замок… Дзверы прыадчыніліся — самая банальная і зацяганая завязка сюжэта. Калі ласка ў пастку… У пашчу… У перыпетыі — праз кульмінацыю — да развязкі…

Прынамсі, менавіта такой структуры літаратурнага твора Пелагея вучыла студэнтаў.

Магістарка скінула свой выклік у службу выратавання, схавала смартфон у кішэню джынсоўкі і асцярожна ўвайшла ў цёмную вітальню кватэры.

Дзіўны пах… Сырая тынкоўка, спалены пластык, пральны парашок… Пад нагамі нешта захрумсцела — у прыцемку не разабраць, нібыта накрышаная цэгла. А можа, ракавінкі, што засталіся, скажам велягурыста, пасля адліву мора расчаравання. Цёмны хударлявы сілуэт у праёме ў другім канцы калідора, спіна прыгорбленая, адна рука абапіраецца аб вушак, другая схаваная за спінай.

— Усё? Упэўніліся, што я жывы-здаровы? Магу цяпер папрасіць пакінуць маю кватэру і болей не турбаваць?

Голас хрыплы. Злы. I трывожны.

— Зусім не ўпэўнілася, Мсціслаў Раманавіч. Можна хаця б святло ўключыць?

Яна больш не тая трапятлівая дзяўчынка, якую лёгка было адсунуць адным строгім словам.

— Гэта лішняе. Вам няма чаго тут рабіць. I недарэчныя пайкі прадуктовыя больш не прыносьце. Я ў стане замовіць інтэрнэт-дастаўку. Вы мне анічога не вінны, спыніце гэты сольны балетны нумар жалобы і пакаяння, апладысментаў не дачакаецеся. Бывайце.

Трымаецца ў цені і на адлегласці, руку ўпарта хавае за спінай, дзверы ў пакой прычыняе, каб не бачылі, што там робіцца.

— Не люблю размоў у цемры.

Пелагея намацала на сценцы выключальнік…

Абураны ўскрык гаспадара, узрушаны ўздых госці.

— Што… што тут здарылася?

— Вам абавязкова трэба ва ўсё ўлезці?

Цяпер у голасе дацэнта адчувалася безнадзейная стома. Ну і выглядаў ён так, нібыта толькі што ўсцягнуў апошні камень на егіпецкую піраміду. Нейкі незразумелы выраз твару, напруга ў паставе… Вочы колеру бэзавага лісця, абведзеныя ценямі, і рэзкія цені запалых шчок, вусны падціснутыя так, што ў куточках упартага рота ўтварыліся жорсткія зморшчыны. Цёмна-русявыя валасы, звычайна караткастрыжаныя, цяпер жывапіснай ускалмачанасцю нагадваюць рок-зорку, а не выкладчыка навучальнай установы і паважанага навукоўца. Праўда, бародка і вусы па-ранейшаму акуратныя — а магістарка з бояззю ўяўляла рабінзонакрузаўскую барадзішчу…

Пелагеі заўсёды здавалася, што да нервовых інтэлігенцкіх рысаў ейнага навуковага кіраўніка найбольш падыходзіць пудраны парык і мантыя. Арыгінальны сцэнар эратычнага марэння наіўнай дурнічкі. Цяпер да выцертых чорных джынсаў і чорнай жа шырокай мятай ільняной кашулі, увэдзганых пылам, спадару да завяршэння іміджу не хапала толькі бас-гітары і банданы.

Трохі псавалі карціну блакітныя сланцы, уздзетыя на босыя ногі. Хаця такія дэталі багемныя людцы любяць.

Сапраўды, схуднеў… I драпежны нос трохі змяніў форму. З’явілася брутальная гарбінка: няўжо сучасныя дактары не ў стане нармальна залячыць банальны пералом?

Зрэшты, калі спрабавала перакінуць нездаровую зацікаўленасць жанатым мужчынам на аднаго блакітнавокага вясёлага хлопца, трохі ніжэйшага за яе, адным з аргументаў была мужная гарбінка на носе згаданага хлапца. А ў Мсціслава Раманавіча рысы не ваярскія, тонкія…

Цяпер ужо не зусім.

А ў таго, блакітнавокага, мужнасць аказалася толькі ў абліччы.

Позірк госці адарваўся ад раздражнёнага гаспадара, асэнсоўваючы пейзаж у дэталях. Падлога вітальні ўсыпаная друзам нейкай разбітай скульптуры. Матэрыял падобны да цэменту, але з залацістым бляскам.

А гэта што? Цёмная кропля на паркеце ля блакітнага сланца... Кроў? Пелагея злосна прыжмурылася і памкнулася наперад — і што нейкі дацэнт у сланцах можа зрабіць супраць рашуча настроенай штыкеціны ў метр семдзесят восем ростам, якая ў дзесяць гадоў прачытала «Джэн Эйр», а ў дванаццаць — томік Сенекі і падручнік па філасофіі для абітурыентаў ВНУ, забыты ў кватэры стрыечным братам з Ваўкавыска?

— Я нікуды не сыду, пакуль не даведаюся, што адбылося і чым вам дапамагчы.

Мсціслаў Раманавіч разгублена адступіў на крок, потым яшчэ на крок… I Пелагея нарэшце прашчамілася ў пакой — гэтак нахабны Арфей, мусіць, шчаміўся паўз Цэрбера ў царства Аіда… I там, мусіць, гэткі ж рэзрух. Аскалёпкі пабітых скульптур з таго ж жаўтаватага цэменту — на падлозе, на канапе, абцягнутай чорнай штучнай скурай, на камп’ютарным стале… Адкуль толькі тыя скульптуры ўзяліся? Здаецца, раней нічога падобнага тут не бачыла. Левы верхні кут манітора нібыта обгрызены. Што за блёкат?

Гэты пакой быў калісь добра знаёмы Пелагеі… Калі працавалі над ейнай магістарскай, не адзін вечар праседзелі тут.

Ну так, навуковы кіраўнік не абавязаны запрашаць студэнтаў дахаты. Тым болей малады жанаты мужчына — юную студэнтачку… Але Мсціслаў Раманавіч тады зламаў нагу — як пасля высветлілася, падчас чарговай вандроўкі па руінах Беларусі залез у сутарэнне з падступнымі праваламі. Здавалася б, філолаг — працуй з тэкстамі. Але ж пан Роўба надта шырокі спецыяліст, таму і ў гісторыю лезе, і ў мастацтвазнаўства, і ў архіўную справу, і ў сутарэнні, і на званіцы. У трыццаць пяць — некалькі кніг вельмі цікавых эсэ па гісторыі беларускага мастацтва ды з дзясятак манаграфій… У тым ліку тая, пра гісторыю беларускіх музеяў у часы вайны, якая нарабіла столькі…

Пелагея адганяе непатрэбныя ўспаміны далей і адзначае іншыя дэталі. Раней сценаў не пабачыш з-за карцін — копіі радзівілаўскіх партрэтаў, рэпрадукцыі гравюр Напалеона Орды, пейзажы з улюбёнымі гаспадаром кватэры руінамі… Вунь там вісеў партрэт прыгажуні з бялявымі косамі, у вышыванцы і валошкавым вянку. Вочы дзяўчыны паглядалі трохі скоса, наіўна-хітравата, цвелячы, — а ці скочыш са мной праз купальскае вогнішча, спадар баягуз? Цяпер шэрагі карцін моцна прарэдзіліся і партрэт знік. Не дзіўна. Спадарыня Маргарыта напэўна ж забрала, калі развялася са зганьбаваным здраднікам-мужам.

…Пелагея сціпла туліцца ў фатэлі. Ейны выкладчык, прыстасаваўшы нагу ў гіпсе на чырвоны пухнаты пуфік, крэсліць працу падапечнай і каментуе, разважае, сам з сабой спрачаецца… Прыгожая кабета ў чорных легінсах і белай байцы, светлавалосая, але без косаў, як на карціне, са стрыжкай карэ, ставіць на стол паднос з філіжанкамі кавы і крышталёвай вазачкай з аўсяным печывам.

— Сілкуйцеся, гэта Сірано дэ Бержэрак мог дазволіць сабе рацыён з дзвюх вінаградзінак на дзень. Мяне і так уся наша кафедра гнабіць за тое, што я цябе, Слаўка, нібыта зусім не кармлю і ты худы, як Дон Кіхот.

…Усё, не ўспамінаць. А то зноў пачвара па імені Правіна, для якой не існуе ніякіх ілюзорных панцыраў, правядзе нябачнымі кіпцямі па жывым і датклівым… Добра, што Маргарыта Іванаўна не ў іхнім каледжы выкладае — бо давялося б сыходзіць адразу, яшчэ тады…

Вось кніг не паменела… Хаця раней яны роўненька шыхтаваліся па паліцах і кніжных шафах, а цяпер — вось жах! — грувасцяцца на падлозе, нават сакральныя тамы Сержпутоўскага, першае выданне… Кніжная шафа адсутнічае. Разам з двума шыкоўнымі скуранымі фатэлямі з дубовымі спінкамі і падлакотнікамі з выразанымі на іх геральдычнымі лілеямі, у адным з гэтых фатэляў Пелагеі давялося паспытаць… Не, гэта таксама не ўспамінаць.

Але драўляныя скульптуры, выратаваныя Мсціславам Раманавічам з касцёла на Вілейшчыне, — старыя, пашчапаныя, каструбаватыя, мясцовай работы, — ацалелі. Святая Барбара і святы Себасціян. Святая ўздымае да столі руку са страчанай далонню і журботна пазірае сляпымі вачыма на абгрызены манітор камп’ютара, пакутнік Себасціян, схіліўшы набок галаву, пакорліва чакае яшчэ адной стралы ў бок…

Гм, а скульптуры змянілі колер… Нібыта зробленыя з такога ж цэменту з жаўцізной і лёгкім металёвым бляскам, які паўсюль натрушчаны. Нашто спадар Мсціслаў іх выпацкаў?

Ну а на стале карціна звыклая — старыя паперы, план нейкіх збудаванняў… Старажытная штуковінка, якія Мсціслаў Раманавіч любіў вышукваць на ўсялякіх блышыных рынках, а гэтую нават на шыі цягаў: закаркаваны пацямнелай срэбнай кветкай мізэрны флакончык зеленаватага шкла з паўмезенца даўжынёй на такім жа пацямнелым срэбным ланцужку, з доўгім выгнутым рьльцам і каламутнай вадкасцю ўнутры. Пелагея заўважыла эксцэнтрычнае ўпрыгожванне на грудзях дацэнта падчас аднаго з іхніх падарожжаў па руінах: была гарачыня, і дацэнт шпацыраваў у чорнай футболцы. Няўжо парфума стагадовай даўніны? Мсціслаў Раманавіч неахвотна патлумачыў — падарунак дзеда, фамільная каштоўнасць. Слёзніца, але ў шкляніцы — не слёзы, а нейкая ядучая атрута, як mementomore. Самае тое для гота i некрафіла.

Пелагея тады забылася на сціпласць і ўсхадзілася: а што, калі экстрым які, шкло паб’ецца, атрута на скуру патрапіць? Што за піжонства дурное? Падлеткавы перыяд у мазгах. Лепей крыжык насіць!

Спадар Мсціслаў пабурчэў — за дзвесце гадоў не пабілася, старое шкло моцнае, як камень ды яшчэ ў металёвай сетачцы, — але, падобна, пасаромеўся і насіць перастаў.

Цяпер у гарлавіне кашулі пабліскваў срэбны рыжык на ланцужку. Бяда да парога — мы да Бога.

А вось гэта больш дзіўна: разгорнуты малітоўнічак, загашаная аплаўленая свечка, пастаўленая проста ў крышталёвую чарку. Дзіўна, Мсціслаў Раманавіч не падаваўся надта рэлігійным.

Пелагея зноў перавяла позірк на гаспадара кватэры, які нервова пераступаў з нагі на нагу, і пад блакітнымі сланцамі пахрумстваў незразумелы друз.

— Што ў вас з рукою?

Магістарка не збіралася губляць час на ўсе гэтыя расшаркванні «ці магу я, магнолія» і проста тузанула спадара за руку, якую той упарта хаваў за спінай.

Праз абы-як наматаны бінт праступалі крывавыя плямы.

— Гэта трэба перабінтаваць. Сядзьце, будзе зручней.

Спадар Роўба, падобна, змірыўся з тым, што выштурхнуць былую студэнтку з кватэры не здолее, і ўсеўся на канапу, паклаўшы параненую руку на стол. Спіна згорбілася — але адразу ж напялася. Ну, маўляў, сапраўдныя мужчыны слабасці не выяўляюць.

А яшчэ яны не замыкаюцца ў кватэры на паўгода. I не засыпаюць тую кватэру незразумелым друзам.

Вось і прыдаўся курс медпадрыхтоўкі, які давялося прайсці ва ўніверсітэце. Пелагея, не забыўшыся збегаць у лазенку, каб вымыць рукі, села на адзінае ў пакоі крэсла — сціплае, канторскае і асцярожна размотвала скрываўленыя бінты. Намагаючыся забыць тое, што пабачыла ў лазенцы: кадр з няякаснага хорару. Усё заляпана крывёй, ва ўмывальніку скрываўлены нож і нейкі металёвы кругляк.

Пасярод далоні зеўрала рана, нібыта хтое адкусіў кавалак. На шчасце, неглыбокая — не да касцей — але не пашкодзіла б да доктара. Закласці ватным тампонам з маззю… Прынамсі, сепсісу не будзе. Пелагея кінула пагляд на засяроджаны твар Мсціслава Раманавіча — глядзіць проста перад сабой, вусны падціснуў…

— Як вы параніліся?

— Няшчасны выпадак.

Ілгун з яго кепскі. Занадта роўны, абыякавы тон, Вось Павал Капанаў умомант пераканаў бы ў чым заўгодна, і пагляд блакітных вачэй быў бы такі | даверліва-наіўны… I яна б у чарговы раз паверыла.

— А нож чаму ва ўмывальніку валяецца?

— Даставаў з далоні… іншародны прадмет.

— Стрэмку?

Парваны надвае бінт завязаўся какетлівым банцікам.

— Можа, хопіць ілгаць? Адмоўчвацца? Ад таго, што мы маўчым пра ўсё важнае і балючае, яно яшчэ болей баліць.

Магістарка сама не чакала ад сябе такой напорыстасці. Але яе ўжо панесла, як квадрыгу вогненных коней з няўдаліцам Фаэтонам.

Дацэнт унурыўся.

— Я ведаю, што зрабіў вам балюча. Сапсаваў жыццё. I не ведаю, як вымаліць прабачэнне. Памятаеце, як у рамане паўднёваафрыканца Кутзэе «Ганьба» прафесар, які спакусіў студэнтку, сваю віну выкупляў… Ды не выкупіў.

Пелагея ажно ўскочыла, выпадкова змахнуўшы са стала нявыкарыстаны бінт.

— Нагадаю, што, калі нават усе і ўпэўненыя, што мы з вамі пераспалі, між намі нічога не было!

— I я нагадаю… — Дацэнт сувора кіўнуў у той бок, дзе калісь стаяў фатэль, чыю спінку ўпрыгожвала разьба ў выглядзе геральдычнай лілеі.

…Гэта здарылася, калі Пелагея абараніла сваю магістарскую. Мсціславу Раманавічу яшчэ не дасталі спіцы з нагі, але ён прыкульгаў на абарону, і ягоная прамова пра неабходнасць развіваць кампаратывістыку і пра слушнасць паралеляў паміж творчасцю Максіма Гарэцкага і Жазэ Сарамагу здорава дапамагла… Тады Пелагея, не зважаючы на адмовы, дапамагла нямогламу навуковаму кіраўніку дабрацца дахаты на таксоўцы, зайшла з ім у кватэру… Згадвала з рогатам пра свежы мем — у камп’ютарным экшэне «Скайрым» ёсць такі персанаж, вой, які па корчмах распавядае, што вось, і ён пайшоў бы змагацца з цмокамі, але страла ў калена трапіла.

«Страла ў калене» стала сімвалам адмазкі ад справы, якой не хочаш займацца.

Мсціслаў Раманавіч жарт падхапіў — запэўніў, што ўсім, хто яго будзе надалей пытацца пра прычыны кульгавасці, будзе адказваць: «Страла Ў калена патрапіла!»

Было так радасна, так узнёсла, цёмна-зялёныя вочы свяціліся… У серванце знайшлася бутэлька французскага мерло…

Ім заўсёды было так лёгка, так цікава размаўляць, спрачацца… 3 якой радасцю яна падзяліла ягоную любоў да таямніц беларускай гісторыі, боль за несправядліва забытыя імёны… Колькі разам правялі часу ў архівах, разбіраючы чужыя почыркі, адгадваючы значэнне вось гэтай плямкі на пратаколе — няўжо кроў? Пелагея далучылася да ягоных вандровак, часам у кампаніі яшчэ пары энтузіястаў, часам удваіх — жонка дацэнта Маргарыта Іванаўна, лінгвіст, не любіла цягацца па зарослых руінах, дзе кляшчы.

…Яны каціліся, як дзве кроплі па шыбе, паралельна, зусім блізка, і дастаткова было найменшага зруху…

…I яна апынулася ў яго на каленях, у фатэлі з дубовай разной спінкай. Яны цалаваліся на вачах святой Барбары і святога Себасціяна, Гераніма і Радзівіла і Ганны з Завішаў, Юрыя Геркулеса, які не прайграў ніводнай бойкі, і Уладзіміра Караткевіча, які падміргваў з чорна-белага фотаздымка ў металёвай рамачцы. Гэта было так правільна, быццам стаў на месца апошні згублены пазл складанай карціны. Каб Пелагея была Фаўстам, яна б запатрабавала спыніць менавіта гэтае імгненне, ведаючы, што далей — пекла.

Але ў дзвярах кватэры павярнуўся ключ, у цёмна-зялёных вачах плескануўся жах і віна… Пелагея адскочыла, прыгладжваючы дрыготкай рукой валасы. Здаецца, схапіла са стала з недапітым мерло тэкст свайго даклада, каб было за што трымацца, за што схавацца. Нават усміхалася гаспадыні, калі тая прапанавала сабраць «нармальны стол» і ўшчувала сужэнца : «Чаму толькі счарсцвелае печыва, у дзяўчынкі ж свята? Давайце бляшанку з печанню траскі адкрыем ды зробім канапкі… I аліўкі ёсць».

3 таго вечара Мсціслаў Раманавіч паводзіўся з наваспечанай магістаркай падкрэслена афіцыйна. А вочы ў яго часам былі… зусім хворыя.

Каб яна ведала, што ён абыякавы да яе, што імгненні ў фатэлі з дубовай спінкай — так, выпадак нападпітку… Але струна між двума сэрцамі не рвалася. Нацягвалася, трымцела, вярэдзіла…

Тады яна і паспрабавала завязаць адносіны з аспірантам Паўлам Капанавым. Той рыхтаваў кандыдацкую па гісторыі архіўнай справы Беларусь Меў некалькі някепскіх публікацый. Пісаў дэпрэсіўныя вершы, нават гурт з сябрукамі стварыў пад назваю «Інтрэпед», дзе ўласныя тэксты спяваў пад гранж. На старонцы ў «Фэйсбуку» шырокія ўсмешкі Паўла множыліся, як у калейдаскопе: Капанаў на сцэне, Капанаў ля Нясвіжскага палаца, Капанаў у Кракаве, Капанаў у моднай кавярні з кактэйлем…

Павал таксама кансультаваўся з Мсціславам Раманавічам, казалі, нават пару тэм яму Роўба саступіў і з даследаваннямі дапамог. Дацэнту абы як мага болей было раскрыта таямніц, няважна, пад чыім прозвішчам.

Вось аднойчы ў кавярні ў шумлівай кампаніі — два музыкі з гурта «Інтрэпед» па мянушцы Болек і Лёлек з сяброўкамі-філалагінямі і Пелагея з Паўлам — зноў зайшла гаворка пра Роўбу... “Баягуз ён,— смяяўся Капанаў. — Дрышч занудны і па жыцці, і ў навуцы». Рука Паўла ўладна ляжала на аголеным плячы Пелагеі, гарачая і трохі потная.

«…Роўба то, Роўба сё… Ну былі нейкія працы вартыя, але раней, пакуль малады быў. А цяпер кар’еру зрабіў і прысеў у канаву. Не бяздарны ж даследчык… А дзе апошнім часам хоць якая смелая публікацыя? Толькі трындзіць пра гістарычную праўду і любоў да Беларусі… Праўда ж, Полечка, нічога ў яго за душой няма?»

Ды ён жа зайздросціць! Адчайна, да нянавісці — зайздросціць Мсціславу Роўбу. Калі быць дакладным, дык ідзе па ягоных слядах, як свіння ў пошуку труфеляў. Пераймае, спрабуе паўтарыць… Толькі таленту і смеласці не хапае.

I Пелагея горача кінулася абараняць гонар навуковага кіраўніка. Маўляў, вы нічога не ведаеце, дацэнт такія сенсацыі рыхтуе! Вось цяпер, напрыклад, збірае матэрыялы пра лёс экспанатаў Беларускага дзяржаўнага музея ў гады вайны. Там жа пазнікала столькі! Нешта паспелі эвакуіраваць, нешта тут схавалі. Мсціслаў Раманавіч лічыць — супрацоўнік музея Туторкаў частку прыхаванага немцам здаў.

— Ды ты што? Глеб Туторкаў, каторы акадэмік? Сапраўды сенсацыя! Раскажы падрабязней...

Але Пелагея нават у кактэйльным тумане сумелася.

— Прабач, але Мсціслаў Раманавіч яшчэ толькі піша сваю працу. Не хапае доказаў…

— Ды ладна!

Інтэр’ер кавярні быў аздоблены талерачкамі з выявамі розных гарадоў — турысты, спяшаючыся, купляюць на рэшту валюты за дзесяць хвілін перад пасадкай у аўтобус. Пелагея пазірала на талерачку з выявай Амстэрдама — канал, мост, дамкі, чаўны… Усё чамусь складалася ў выяву інфернальнага аблічча са з’едлівай усмешкай:

Чым мардавацца ў кабінеце,

Шукай уцех на гэтым свеце.

Вальней жыві і смела шпар

Без летуценняў розных там і мар.

Павал прынёс яшчэ адзін кактэйль «Піна калада» для Пелагеі і пры ўхвальных рэпліках сяброў зноў завёў, што нічога той Роўба не варты і працы ў яго ніякай вартай не выспявае, Пелагея ўсё выдумала… Сама тую працу чытала? Не? I ўвогуле дацэнт — мізантроп і жмінда, нікому не давярае.

Талерачка з Амстэрдамам падміргнула вокам-чоўнам, і магістарка сама не заўважыла, як пабілася аб заклад, што дакажа: сенсацыйная праца існуе, і дацэнт не жмінда, і людзям… у прыватнасці, сваёй магістарцы, давярае.

А Пелагеі і самой сабе карцела пацвердзіць, што давярае.

Яна проста папрасіла Мсціслава Раманавіча. I ён не адмовіў.

Цяпер яна разумела, што, каб яна нырку папрасіла, сам у сябе выразаў бы і аддаў — каханне і правіна дужа пякучы кактэйль.

Натуральна, Роўба нагадаў, што праца не скончаная, не для публікі пакуль. Пелагея запэўніла — толькі паглядзіць…

Павал прынёс шакаладны торт — на які яны, уласна кажучы, і паспрачаліся. Калі ён паспеў спампаваць файл з Пелагеінага ноўта — Локі яго ведае, а таксама Гермес, які скраў не тое што файл, а цэлую чалавекакарову з-пад нагляду тысячавокага Аргуса.

Яны выпілі пад шакаладны торт бутэльку шампанскага, рагаталі… Як добра было адчуваць,што вось яны — простыя, ясныя, трывалыя адносіны, хлопец гожы, шчыра кахае, пра сумесную будучыню загаворвае… I можна дазволіць усё, бо гэта ж фактычна з жаніхом. Можа, дазваляла якраз таму, што — не скаланала нішто, не хвалявала, як скаланаў нават лёгкі, як ветрык, дотык кагось іншага… Пелагея адганяла ўспаміны пра іншыя, сухія і гарачыя, вусны і цёмна-зялёныя вочы… Адганяла, як атрутную машкату, а яны, як машката, усё даставалі да жывога і назалялі.

Павал нават не папярэдзіў, што з’язджае.

Пра тое, што ён атабарыўся за мяжой і пачынае ўласны інтэрнэт-партал, Пелагея даведалася з сеціва.

Гэта было… крыўдна. Балюча.

Вядома, яе стаўленне да Капанава было не зусім сумленным — сродак давесці аднаму жанатаму ханжу, а таксама самой сабе, што патрэбная камусь, што вось — і яе можна шчыра кахаць.

Але больш балюча стала, калі на Паўлавым партале быў апублікаваны артыкул кандыдата філалагічных навук, вядомага навукоўца і пісьменніка Мсціслава Роўбы пра тое, як вядомы дзеяч культуры Глеб Туторкаў быў плагіятарам, а яшчэ ў час вайны выкрыў акупантам схованку каштоўных экспанатаў Беларускага дзяржаўнага музея.

Гэта Павал разлічыў дакладна — партал раскруціўся вокамгненна, лянівы не адгукнуўся на сенсацыю. Тут жа на аўтара артыкула абрынуліся абвінавачванні ў падтасоўванні фактаў, у недастатковай доказнай базе — карацей, паклёп, падсудная справа.

Публічная заява спадара Мсціслава Роўбы, што артыкул надрукаваны без ягонае згоды, што гэта толькі чарнавік, гіпотэза, — дапамагла не асабліва. Каша збегла з-пад накрыўкі гаршка, і гарэлы пах было не выветрыць.

Сінопсіс падзеяў Пелагеі пасля распавёў Толік з кафедры. Дацэнта выклікалі куды трэба. Ён пацвердзіў, што артыкул, дакладней, напрацоўкі да артыкула, да публікацыі не прапаноўваў, іх нейкім чынам — ён не ведае якім — скралі. Яму сказалі: «Верым, спачуваем. Таму неадкладна трэба абнародаваць вашу заяву, што ўсё, аб чым гаворыцца ў артыкуле, няпраўда і акадэмік Глеб Туторкаў — найсумленнейшы чалавек, руплівец і амаль анёл нябесны».

I тут дацэнт упёрся.

Так, ён не даваў згоды на публікацыю, так, доказаў пакуль бракуе, але спадар Туторкаў ні разу не анёл, і калі працягнуць росшукі і аднавіць гістарычную праўду… Ёсць ужо дастаткова зачэпак...

«Ну які чорт панёс мяне на гэтую галеру?» — паўтараў герой п’есы Мальера… Ну хто дацэнта за язык цягнуў?.. Зразумела, у акадэміка Туторкава не магло не быць уплывовых нашчадкаў і пераемнікаў і ў наш час. А ці няма ў спадара Роўбы асабістай непрыязнасці да шаноўнага прафесара Туторкава? Бо ў сумніўнай працы гаворыцца, што Туторкаў яшчэ да вайны прыўлашчыў манаграфію па гісторыі беларускага мастацтва нейкага Анатоля Роўбы. А той Анатоль Роўба ёсць прадзедам дацэнта Мсціслава Роўбы. Дык вы банальна помсціце шаноўнаму чалавеку, абапіраючыся на сямейныя легенды, спадар дацэнт? Вашага прадзеда, між іншым, асудзілі за крадзеж музейных экспанатаў. Так, быў час рэпрэсій, перагібы… Але дзе даведка аб рэабілітацыі Анатоля Роўбы? Няма? Дык хто сапраўдны злодзей, га?

Хмары згушчаліся, начальства раз’юшвалася, рыпелі сківіцы і самапіскі на дакладных. Кандыдату філалагічных навук Мсціславу Роўбу паведамілі, што яго камандзіроўкі на дзве міжнародныя канферэнцыі адмененыя, як і выданне манаграфіі.

А тут яшчэ ўлезла магістарка Пелагея. Справядлівасць жа фарэва! Напісала ў «Фэйсбуку», што Павал Капанаў нахабным чынам скраў артыкул навукоўца Мсціслава Роўбы. Яна сведка. Ганьба злодзею, ігнор злачыннаму парталу.

Адказ Капанава быў вывераны, як разварот армады адмірала Нельсана. Павал пабедаваў, што навукоўцы цяпер такія баязлівыя пайшлі, адмаўляюцца ад уласных смелых прац… Але што ж, ён разумее іх становішча — Пастарнак жа адмовіўся ад Нобелеўскай прэміі. Ну і трэба паблажліва ставіцца да слабасцяў таленавітых людзей — у Пастарнака таксама былі каханкі, вунь Вольга Івінская з-за яго ў турму пайшла. I маладая навукоўка, былая студэнтка спадара Роўбы, з якой у яго ве-ельмі цесныя — ну вы разумееце — адносіны, таксама гатовая на бой за дарагога чалавека.

Цяпер у начальства з’явіўся не проста козыр, а казырны туз: амаральныя паводзіны выкладчыка. Пелагея не хоча ўспамінаць, што тады перажыла…

Але, на дзіва, на кафедры яе пакінулі. Дазволілі выкладаць, працаваць над кандыдацкай. Толькі іншага навуковага кіраўніка далі. Таму што дацэнт Роўба звольніўся.

Пасля той жа Толік патлумачыў — гэта была ўмова: Мсціслаў Раманавіч ціхенька сыходзіць, праца пра акадэміка Туторкава больш нідзе не ўсплывае, а магістарку Пелагею Вакар ніхто не чапае.

Зразумела, чапалі. Языкамі, паглядамі. У «Фэйсбук» яна ўвогуле не зазірала. Столькі з’явілася абаронцаў у таленавітага і мужнага Паўла Капанава, які змагаецца за гістарычную праўду, — а тут афіцыёзная паненка, якая шлях у навуку пракладае праз ложак…

Праўда, як ні дзіўна, музыкі з былога «Інтрэпед» Пелагею падтрымалі — відаць, былы хедлайнер і іх скрыўдзіў…

Але яна памятала словы Мсціслава Раманавіча — усё-ткі насмелілася на размову:

— Проста паабяцайце мне: будзеце працягваць працу. Іначай усё дарэмна.

На няёмкія апраўданні махнуў рукой:

— У гэтай гісторыі толькі адзін сапраўдны мярзотнік — гэта я.

I сышоў — тады ён амаль перастаў пакульгваць…

А праз нейкі час яго знайшоў Пелагеін айчым.

Тады срэбны ланцужок амаль парваўся. I шкляніца з атрутай, падвешаная на тым ланцужку, ледзь не разбілася.

Магістарка дасюль не можа забыцца на жах, які апанаваў ёю, калі Пётр Пятровіч на кухні пад піва распавядаў пра свой подзвіг. Як пакараў гвалтаўніка — той нават не адбіваўся, здыхлік. Адразу відаць, у арміі не служыў. Такіх выкладчыкаў кастрыраваць трэба. Палінцы варта было адразу паскардзіцца, як толькі падлюка рукі пачаў распускаць. А то праз дзясятыя вушы дайшло…

Маці замілавана паглядала на «рыцара» — нарэшце субтыльная бібліятэкарка з мройнымі вачыма натрапіла на сапраўднага мужыка. I негаспадарчасць начытанай жоначцы даруе — сам катлеты насмажыць, сам агуркі замарынуе, ды яшчэ і абараняе падчарыцу як родную.

У міліцыю пабіты гвалтаўнік не звяртаўся. Да дактароў давялося. Няшчасны выпадак, зваліўся з лесвіцы. Скабы зрасліся, сківіца зраслася, нос падлаталі. Кепска, праўда, што Пятровіч зноў яму тую ж нагу перабіў, трапіўшы цяжкім чаравікам туды, дзе і так слаба зажывала…

Пелагея не хацела памятаць і тое, як на пару імгненняў пабачыла Мсціслава Раманавіча ў бальніцы хуткай дапамогі — прыадчыніла дзверы палаты… і адразу зачыніла. Ля ложка дацэнта стаяла ягоная жонка. Выпрастаўшы спіну, скрыжаваўшы рукі на грудзях. Нейкая не надта спачувальная постаць… Добра, госцю не заўважыла…

Больш Пелагея Мсціслава Раманавіча не бачыла.

Ужо засяліўшыся на новую кватэру, даведалася, што Маргарыта Іванаўна Роўба ад мужа сышла і падала на развод.

Яшчэ праз месяц Пелагея падслухала ўрывак размовы ў каледжы — гаварылі цётачкі з бухгалтэрыі. Знік былы дацэнт. Яму трэба яшчэ нейкія паперы падпісаць, а ён на званкі не адказвае. На электронную пошту слалі лісты, на «Вайбер», эсэмэскі — маўчыць. Мо з’ехаў? Але ж, кажуць, хворы зусім… Напалі, збілі… Усё да кучы. Вось не пашанцавала чалавеку. Гэтая дзеўка, пэўна ж, сама вінаватая, шылахвостка, задам худым перад ім круціла, круціла… Роўба ж прыстойны мужчына, строгі… А яе бачылі? Разрэз на спадніцы да пупа.

Размова перайшла на яе персону, але Пелагеі гэта было ўжо нецікава… Свядомасць выхапіла важнае: знік!

Вось тады яна і пабегла ў знаёмы пад‘езд да брунатных дзвярэй. I на настойлівыя званкі і закліканні вызірнула бабулька з суседняй кватэры…

Колькі ж давялося сюды дарэмна цягацца!

Пелагея сустрэлася з насцярожаным позіркам цёмна-зялёных вачэй.

— Я не звар’яцеў, не бойцеся. Я разбяруся. Не трэба мяне шкадаваць. Ідзіце спаць.

Мсціслаў Раманавіч стамлёна ўсеўся на канапу, змахнуўшы з яе друз. Пелагея з цікавасці памацала абгрызены куток манітора: па абламаных краях знаёмае шэра-жоўтае рэчыва… Пакалупала пальцам… Гэта што, новы дызайн? Яшчэ раз зірнула на знаёмы флакончык на амаль біблейскім срэбным ланцужку з нейкай брыдотай унутры, падумаўшы: «Добра, што болей не носіць на шыі, дэкадэнт няшчасны».

Паперы на стале выглядалі больш звыкла. Нечы рукапіс… Беларуская мова, тарашкевіца. Мастацтвазнаўчыя тэрміны.

— Што гэта?

— Наколькі я разумею, частка манаграфіі майго прадзеда, Анатоля Роўбы. 3 цытатамі з першакрыніц на старажытнагрэчаскай, старажытнагабрэйскай і арамейскай — знайшоў у юнацтве ў Канстанцінопалі. Да іх на Беларусі больш ніхто не меў доступу.

Ого! Магістарка паспешліва перагартала старонкі — пранумараваныя ўразнабой, відавочна частка вялікага рукапісу.

— Дык вы знайшлі доказы для артыкула пра Туторкава! Гэта ж частка тае самай манаграфіі, якую Туторкаў прыўлашчыў, так? Вы не здаліся!

Дацэнт адвёў вочы.

— Маёй заслугі мала. Проста атрымаў спадчыну, якую даўно належала забраць. Гэта… самая прымальная частка.

— А якая непрымальная?

…Маўчанне, ноч і дзве душы самотных.

Пелагея нахілілася да былога навуковага кіраўніка.

— Давайце скончым гульню падтэкстаў. Урэшце, мы дастаткова папсавалі адно аднаму жыццё. I болей бруду на нас проста больш няма куды прыляпіць. Будзем сумленнымі адно з адным. Расказвайце, у што вы зноў уляпаліся.

Мсціслаў Раманавіч памаўчаў, цені на запалых шчоках, здаецца, яшчэ больш паглыбіліся, надаўшы падабенства з героямі Эль Грэка.

— Мне часам здавалася, што вы старэйшая за мяне. Больш мудрая. Уладная. Не, не заўсёды… Часта вы былі такім дурным дзяўчом…

Пацёр рукой твар, скідаючы начную стому.

— Што вы ведаеце пра моц слова? У прамым… ці эзатэрычным… сэнсе?

А яшчэ запэўніваў, што не варят…

— Ну, у камп’ютарнай гульні «Скайрым» ёсць такія… давакіны, драконанароджаныя… — Пелагея сама не верыла, што мармыча такую каламуту... Калі давакін забівае дракона, ён забірае ягоную душу разам з уменнем нейкай галасавой магіі... Я вось толькі ўчора завяршыла збіраць усе тры словы для першага крыку сілы. Як там… «Фус — По — Да». Гарлаць ix трэба ўга як…

Дацэнт толькі рукой махнуў.

— Я вось пераканаўся, што нічога не ведаў. Абстракцыі, прыгожыя метафары, гукапіс, метатэкст…

Цяжка ўзняўся, падышоў да накрытага лазуркава-пунсовым пледам зэдліка, сцягнуў тканіну…

— Вось.

На зэдліку ляжаў стары сшытак без вокладкі, спісаны нечым дробным імклівым почыркам. Лацінская мова, здаецца…

— Не падыходзьце блізка, не бярыце ў рукі! I тым болей не чытайце ўголас!

Пелагея насцярожана ацаніла змрочны выраз твару суразмоўцы.

— Што за сшытак?

— Алхімічны трактат васямнаццатага стагоддзя. Напісаны, наколькі я разумею, адным з маіх продкаў. Яму ўдалося ўшчыльную наблізіцца да аднаго з этапаў Вялікага Дзеяння — трансмутацыі металаў.

Пелагея патрэсла галавой: яна праўда гэта чуе?

— Ну, памятаю, як у рамане Маркеса «Сто гадоў адзіноты» заснавальнік роду Буэндзіа звар’яцеў, спрабуючы здабыць філасофскі камень. Вы хочаце мяне пераканаць, што ваш прапрадзед здабыў той камень, які ператварае жалеза ў золата, і цяпер ён у вас?

Мсціслаў Раманавіч паморшчыуся.

— Алхімікі сцвярджалі, што іх навука мае дачыненне да некалькіх пластоў быцця і матэрыяльны ўзровень, тая ж трансмутацыя металаў — толькі першапачатковы этап, важны адно прафанам. Усе сапраўдныя змены мусяць тычыцца духоўных матэрый. Атанор — гэта чалавечае цела. Філасофскі камень — нематэрыяльная з’ява… А наконт вашага скепсісу… Паверце, у мяне яго было яшчэ больш. I я апынуўся ў становішчы малпы з гранатамётам. Вось — вынік…

Дацэнт тыцнуў пальцам у пашкоджаны манітор і скульптуры святых Барбары і Себасціяна. Апусціў пагляд на забінтаваную руку:

- Канчаткова ад скепсісу мяне вылечыла, калі ў далоні ўтварылася іншароднае цела… Кавалак металу, праўда, не золата, а Бог ведае, што за ён… Пераказаць не магу, што адчуваў, калі выкалупваў яго з далоні нажом. Вы… бачылі ва ўмывальніку? Бо мне ўсё яшчэ здаецца, што я трызню. — Мсціслаў Раманавіч гаварыў усё больш ціха і хутка, нібы ў ліхаманцы. — А ў вітальні — ведаеце, што за аскалёпкі? Гэта быў прас! Я з перапуду, пабачыўшы ператварэнне, шпурнуў… Маліцца стаў. Вось, канон святым Юстыніі і Кіпрыяну чытаю. Свечку грамнічную запаліў — жонка калісь з царквы прынесла, з кавалачкам кудзелі.

Пелагея заскочыла у вітальню і падабрала з падлогі самы буйны кавалак жаўтаватага цэменту: дакладна прас. Нават фрагмент колца кіравання з пазнакай градусаў і гатунку тканіны...

Магістарка выпусціла пачварную рэч на падлогу: хацелася неадкладна вымыць рукі, нібыта ўзялася за прадмет хвоpara на заразную невылечную хааробу.

Цяпер яна зразумела, што за дзіўны выраз быў на твары гаспадара: страх. Таму што цяпер такі ж страх працяў яе.

Панцыр, упрыгожаны запазычанымі каштоўнасцямі, стаў занадта цяжкі, каб адпаўзці ў спакойнае бяспечнае месца.


СТАДЫЯ ЧАЦВЁРТАЯ. РАСТВАРЭННЕ. РАЗДЗЯЛЕННЕ РЭЧЫВАЎ


На адпаліраваных тысячамі дотыкаў дубовых парэнчах сядзела пчала.

Адкуль у будынку інстытута, на парэнчах шырокай лесвіцы, па якой шумліва гойсаюць уверх-уніз юнакі і дзяўчаты і паважна перасоўваюцца выкладчыкі, пчала? Не, мёд мудрасці, вядома, таксама салодкі, але ж у агульны вулей яго не занясеш.

Карусь асцярожна крануў заблудную жамяру завостраным кончыкам алоўка. Пчала, аднак, не адразу зляцела, абурана памацала графіт — не, не ўежна — і цяжка сарвалася ў лесвічны пралёт. Што ж, у адрозненне ад паэта Янкі Купалы, у пчалы меліся крылы.

Маленькая, але модная дзявочая ручка ўдарыла абітурыента па плячы.

— Ну як ты, Косцік? Прайшоў сумоўе?

Цемнавокая Галінка, худзенькая, жвавая, парывістая, як ветрык, з пышнымі, трохі кучаравымі валасамі спачувальна ўглядалася ў засмучонае аблічча сябра.

Яны пазнаёміліся два гады таму. Карусь вяртаўся з кардоннай фабрыкі па сакавіцкай снежна-бруднай кашы і пабачыў, як у суседнім двары танклявае дзяўчо лупіць партфелем па галаве нейкага боўдзілу, наскоквае, як верабейчык, і верашчыць:

— У, кансерва!

На ўзнятай з парыжэлым і бясформенным ад часу партфелем худзенькай руцэ дзяўчынкі — рукаў паліто споўз да локця — востры позірк Каруся заўважыў шэраг вытатуіраваных лічбаў. Зусім як у яго і ў ягонай маці…

Боўдзіла замахнуўся кулаком…

Тады Карусь быў куды драбнейшы, чым цяпер, — гэта за апошні час ад’еўся, вырас, пашырэў. Але боўдзіла ўсё-ткі адступіўся перад двайным націскам.

— Я б сама справілася!

Дзяўчо пацешна задзірала нос. А вочы якія… Яркія, жывыя… Цёмныя зоркі.

Карусь паспяшаўся згадзіцца. Вядома, справілася б…

— А чаму ты яго кансервай называла?

— Таму што кансерватар! Буржуй! — 3магарка заправіла неслухмяныя пасмы пад вязаны белы берэцік, які цудам трымаўся на пышнавалосай галаве. — Ціханаў тата — начальнік, да школы на машыне яго прывозіць. Дык Цішка ў нашым класе сапраўдны эксплуататар. Што хоча — адбярэ. Заданні спісвае. А сёння пачаў у класе правяраць, у каго галава пустая.

— Гэта як?

Дзяучо зручней перахапіла разлезлы партфель, які, здавалася, вось-вось выплюне сваё змесціва на расталы снег.

— Узяў палку, ходзіць, стукае ўсіх па галовах і кажа: «Звініць — значыць, пуста». Падышоў і да мяне. А ўва мне партызанская кроў як загаварыла! Схапіла падручнік — і яго па галаве… Вось ён пасля заняткаў і падпільнаваў мяне, як гразіўся.

Ух, як вочы гнеўна ззяюць!

3 тае сустрэчы яны бачыліся кожны дзень. Галінка жыла непадалёк, на вуліцы Горкага, у ацалелай камяніцы. Праўда, не ў шыкоўнай кватэры — у такіх сяліліся чыноўнікі, артысты, пісьменнікі, — а ў паўпадвале, у камуналцы. Яе маці ўладкавалася прыбіралыпчыцай, вось і вылучылі ім з дачкой службовы катух. Карусь заходзіўся ў госці — трохі вальней, чым у іх з дзядзькам Тадзікам кватэры, але больш вільготна і цёмна. Галінка рабіла ўрокі, угнуўшыся над фанерным чамаданам. Карусь збіў для яе маленькі столік з дошак, пад прыглядам дзядзькі Тадзіка пагабляваў, лакам пакрыў. «От пасаг дык пасаг у кавалера», — жартаваў дзядзька.

Галінка, ганарыстая да непатрэбнага, падарунак прымаць не хацела. Дамовіліся — у аплату будзе вучыць яго граць на гітары.

Папраўдзе, яна чатыры акорды і ведала. Але сумленна ім і навучыла. «Ехалі казакі із Дону дадому, падманулі Галю, павезлі з сабою…» — выводзіла Галінка не вельмі моцным, але мілым галаском, спачуваючы сваёй цёзцы, загубленай падступнымі прыхаднямі.

Сама яна нізавошта не паддалася б на салодкія завабы! Для яе галоўнае — незалежнасць. I так яны з маці доўга кута свайго не мелі, усе папракалі іх кавалкам хлеба. Не, у Ленінградзе, дзе жылі да вайны, мелася жытло. 3 таго нядоўгага часу, калі ў Галінкі быў бацька, ёй цьмяна прыгадваюцца вялізныя пакоі, высокія столі з ляпнінаю, люстра, якая блішчыць, як вясёлка, піяніна з белымі гладкімі клавішамі… Потым бацька знік — чаму? Куды? Хто такі быў? Невядома. У віру на калу, у лесе на верасе… Нават прозвішча не пакінуў. Маці вылучылі, як служачай на чыгунцы, хату ў прадмесці, на станцыі Вырыца. Як вайна пачалася — маці са сваёй сястрой, у якой таксама быў малы сынок, падаліся на радзіму, у беларускую вёсачку на Пухаўшчыне… Скуль было ведаць, што ў самае пекла патрапяць? Аблавы карнікаў, хованкі ў балоце… Потым вёску спалілі разам з людзьмі, ацалелых — у канцлагер… Пасля вайны былі нахлебнікамі ў сваякоў у зямлянцы, выкапанай на гародзе, ля папялішча… Доўга не пратрымаліся, паспрабавалі вярнуцца Ў ленінградскі дом ля чыгункі. Але туды ўжо іншыя людзі засяліліся. Няголены п’яны мужык на прышлую кабету з дзяўчом стрэльбу... Маці Галінкі была ціхмянай да неверагоднага. Лаяцца, дамагацца праўды? Дзе там… Унурылася, заплакала, пайшла… Давялося вяртацца ў Беларусь.

Таму Галінка паставіла за мэту — вывучыцца, стаць самастойнай. Каб больш ні ад кога не залежаць.

У інстытут разам падаліся. Толькі Галінка — на журналістыку, а Карусь — на філалогію.

I вось цяпер невядома, ці будуць хадзіць па адных калідорах.

— Ты чаго, Косцік, у цябе ж самыя высокія адзнакі сярод абітурыентаў!

Карусь правёў рукой па цёплай драўніне парэнчаў, нібыта ўжо развітваўся.

— Разумееш, яны даведаліся, што маё сапраўднае прозвішча не Гадзель, а Роўба… А з бацькам маім родным нешта… нядобрае звязана.

Карусь не распавядаў сяброўцы пра Салаўкі.

— Ну і што? Таварыш Сталін ясна сказаў: сын за бацьку не адказвае! Ды ты яго і не ведаў зусім…

— Так, не ведаў…

Але ўсё адно адчуваў віну, што адмовіўся ад прозвішча. А што было рабіць? Дзядзька Тадзік два гады таму цвёрда сказаў: «Пакуль ты яшчэ непаўналетні, усынаўлю. Тады ніводная зараза не запярэчыць, што я цябе на сваю жылплошчу прапісаў. Дый табе будзе лягчэй. Анатоль, вядома, светлы чалавек… Дай Бог, яшчэ дзесь знойдзецца, вернецца, апраўдаецца. Але табе ж трэба вучыцца вось цяпер. А калі ты сын асуджанага — у інстытут могуць не прыняць».

Карусь усё-ткі пайшоў давучвацца не ў звычайную школу — яны тады поўніліся такімі вось пераросткамі, — а ў вячэрнюю, для працоўнай моладзі, бо ўладкаваўся на кардонную фабрыку. Канстанцін Фадзеевіч Гадзель. Імя здавалася часовым, як гіпс на зламанай канечнасці. Вось усё зрасцецца, зажыве — і будзе так, як было.

Уніз па лесвіцы з радасным смехам збеглі дзве дзяўчыны. Адна круціла знятай з галавы белай паркалёвай хусткай, як прапелерам, нават пышныя валасы Галінкі зачапіла.

— Там у камісіі паскуднік адзін сядзіць… Гэта з-за яго мы з маці з Мінска на пачатку вайны вы-мушаныя былі збегчы.

Карусь выціскаў з сябе словы цяжка, каб не нагаварыць лішняга.

— Паліцай? — жахнулася Галінка. — Ты павінен неадкладна заявіць!

— Ціха, супакойся… Не ўдасца заявіць, — крыва пасміхнуўся хлопец. — Кажуць, што на немцаў ён працаваў па заданні. Потым камісарам быў у партызанскай зоне.

— Дык чаму ж ён так з вамі…

— Усё складана.

Карусь пастараўся ўсміхнуцца, каб супакоіць сяброўку, якая аж загарэлася зноў за справядлівасць кінуцца ў бойку… ёй не давядзеш, што часам трэба стрымацца. Ён сам напачатку, калі дакументы падаваў і пачуў прозвішча намесніка рэктара, узбурыўся, аж затросся: «Гэта ж фашысцкі паслугач!» Атрымаў суровага прачуханца ад сакратаркі, якая прымала паперы. Цётка — на шчасце, дабрэнна-спачувальная — дадала: хай падзякуе, што не дакладзе пра абуральныя паводзіны абітурыента. Але, калі ён яшчэ дзе выкажа непавагу да шаноўнага чалавека, які ў інстытуце адказвае за ідэалагічную працу, — на вышэйшую адукацыю можа забыцца.

I думаў жа тады забраць дакументы, ісці ў іншае месца… Не змог Галінку пакінуць. Нат уявіць балюча, што яны з ёй будуць так доўга хадзіць па розных калідорах, вучыцца ў розных сценах…

— Канстанцін Гадзель!

Гэта выкрыкнулі з прыадчыненых дзвярэй кабінета, адкуль Карусь нядаўна выйшаў. Аж рукі зледзянелі… Захацелася зляцець кудысь, як пчале.

— Ідзі, ідзі! — падштурхнулаўспіну Галінка.— Усё будзе добра, вось пабачыш! Я за цябе кулакі трымаць буду!

I ў доказ прад’явіла два сціснутыя з усяе моцы кулачкі.

Лысы выкладчык са светлымі, трохі вырачанымі вачыма і прыплюснутым носам — чамусь здавалася, што лысіна і твар блішчаць ад нейкай слізі, — паперабіраў паперы, утаропіўся ў абітурыента нібы таксама нечым слізкім мазнуў.

— Мы разгледзелі вашу справу, таварыш Гадзель, і вырашылі даць вам шанц. Савецкі настаўнік — гэта высокае званне і вялікая адказнасць…

Словы былі круглыя і гладкія, як марскія каменьчыкі, абкатаныя, адшліфаваныя ідэалагічнымі хвалямі… Так закалыхвалі, што пераставаў успрымацца сэнс.

— Зайдзіцеся пасля ў мой кабінет, таварыш Гадзель.

Карусь паспеў злавіць востры позірк праз старамоднае пенснэ яшчэ аднаго з камісіі, худога вастраносага выкладчыка. Няўжо прынялі? Вось дзядзька Тадэвуш узрадуецца! Нічога, пракормяцца… На фабрыцы ёсць вячэрнія змены…

Галінка ажно падскочыла і дзюбнула хлапца цёплымі вуснамі ў шчаку…

У прасторным кабінеце, на дзвярах якога значылася «Намеснік рэктара па выхаваўчай працы прафесар Глеб Аляксандравіч Туторкаў», стаяла старая дубовая мэбля, але спінкі двух фатэляў і некалькіх крэслаў былі ўпрыгожаныя правільнай разьбой у выглядзе зорак. Гаспадар кабінета глядзеў на юнака трохі вырачанымі светлымі вачыма ласкава-ласкава, ажно мурашкі па спіне…

— Скажы, Канстанцін, ці засталіся ад твайго бацькі, Анатоля Роўбы, якія паперы? Увогуле што-небудзь? Разумееш, гэта можа мець важнае навуковае значэнне, ты ж не хочаш падманваць савецкую ўладу, як рабіў твой бацька?

Парцьеры на высокіх вокнах кабінета былі цяжкімі, барвовымі — быццам вадаспады цёмнай, хворай крыві. Карусь пастараўся захаваць спакойны выраз твару і прагаварыць тое, чаму вучыў на такія выпадкі дзядзька Тадзік:

— Мой бацька — Фадзей Піліпавіч Гадзель, таварыш Туторкаў. А майго… таго… бацьку... я не памятаю.

Намеснік дэкана паварушыў бледнымі вуснамі, быццам да іх прыліпла нядобрае слова.

— Так, так, ведаю тваю сітуацыю. Я калісьці працаваў з Анатолем Роўбам, вельмі шкада што спакусіўся такі таленавіты вучоны, паддаўся нацыяналістычнаму ўплыву. I маці тваю ведаў, Сафію Аляксандраўну. Мілая была жанчына, добры работнік. Хоць навуковым мысленнем і не валодала, магла прыдумаць раптам нешта недарэчнае… Ну ды для літаратара — ты ж ведаеш, што твая матуля да вайны апавяданні спрабавала пісаць, — развітая фантазія толькі вартасць. Шкада, што загінула.

Намеснік рэктара раптам зрабіў паўзу, зглынуў, нібыта папярхнуўся.

— Можа, яна табе штосьці пакінула, які-небудзь сямейны архіў? Паперы, фотаздымкі? А мо сшытак які стары?

Позірк Туторкава пакідаў ліпкі след. Карусь мімаволі правёў далонню па шчацэ.

— Усё, што ў нас з мамай было, падчас вайны згінула…

— Ну а ў дзядзькі твайго таксама нічога не засталося?

Карусь разгубіўся.

— У якога дзядзькі?

— Ну як жа… — У ласкавым голасе намесніка дэкана прарэзаліся раздражнёныя ноты. — Родны 6рат Анатоля Роўбы, зараз жыве ў пасёлку Піянерскі ..

Паколькі па агаломшаным абліччы студэнта было зразумела, што той першы раз чуе пра сваяка, таварыш Туторкаў расчаравана крактануў.

— Ну вось што, хлопец. Тут справа сур’ёзная, для сапраўднага камсамольца. Тычыцца развіцця савецкай навукі і народнай культурнай маёмасці. Як толькі што-небудзь знойдзеш ад бацькі, хоць зацемкі якія ці абрыўкі — адразу нясі мне. I да дзядзькі свайго з’ездзі, распытай. Яго завуць Васіль Роўба. Чалавек замкнёны, негаваркі. Але роднаму пляменніку штосьці раскажа. Можа, лісты захаваліся. Дзённікі, нататнікі, замалёўкі… Асабліва адзін стары сшытак цікавы, які твой бацька прыўлашчыў з музейных збораў і так і не вярнуў. Лічы, заданне табе як студэнту. Ты ж хочаш вучыцца ў нашай установе, так? А лепшым яшчэ і стыпендыі дадуць… Не выключана, што і табе.

Карусь заківаў. Праўда, усмешка ўсё ніяк не прыклейвалася на твар. Ну ўсё, дуды ў мех і квіта…

У скверыку ля інстытута нават некалькі лавак з чыгуннымі вітымі ножкамі ацалелі, толькі на ўскрайку цямнела парослая травой варонка ад бомбы. Наваспечанага студэнта раптам паклікалі.

Па дарожцы кульгаў, абапіраючыся на чорную бліскучую кульбачку, той вастраносы дзядзька 3 прыёмнай камісіі.

— Ты не памятаеш мяне, Карусь?

Хлопец угледзеўся ў трывожныя шэрыя вочы за шкельцамі пенснэ.

— Я прафесар Аўген Лубовіч.

Карусь сумеўся.

— Прабачце, не пазнаў, я быў, відаць, малы, калі вас бачыў…

— Ну што ты, гэта мне трэба прасіць прабачэння, што не знайшоў цябе раней!

Карусь успомніў усё, што ведаў пра гэтага чалавека. Маці згадвала пра яго з вялікай павагай і ўдзячнасцю. Сябраваў з бацькам, абараняў яго як мог. Маці на працу ў выдавецтва ўладкаваў, калі многія адвярнуліся. Карусь здагадваўся, што і грашыма час ад часу дапамагаў. Як навукоўца Карусь прафесара Лубовіча вельмі шанаваў — узятую ў Ленінскай бібліятэцы ягоную манаграфію пра паэта-дэмакрата Францішка Багушэвіча ледзь не на памяць вывучыў.

Манаграфіі Глеба Туторкава па гісторыі беларускага мастацтва ён таксама вывучыў. Толькі з іншым адчуваннем і іншымі мэтамі.

— Спачуваю твайму гору… Сафія была цудоўным чалавекам. Як і Анатоль. Хто б цябе ні ўпэўніваў у зваротным. Мне б пару слоў табе сам-насам…

Галінка з далікатнасці адышлася. Лубовіч праводзіў яе вачыма, адступіў яшчэ далей, пад галінастую ліпу, і загаварыў чамусьці цішэй:

— Мяне толькі год таму перавялі са Смаленскага педінстытута. I то з-за акалічнасці, што тут… штаты пачысцілі. Пытаўся пра Сафію Роўбу і яе сына — толькі і сказалі, што Сафійка загінула. Не ведаў, што ты змяніў прозвішча…

Карусь апусціў вочы.

— Я ж не таму змяніў прозвішча, што бацькі саромлюся… Сусед, каб да сябе прапісаць, угаварыў, усынавіў…

— Не апраўдвайся, Антэк цябе не асудзіў бы, а парадаваўся, што сын выжыў, не зламаўся, у інстытут паступіў!

На вочы хлапца навярнуліся няпрошаныя слёзы.

— Ты заўсёды можаш да мяне звярнуцца.

Выкладчык працягнуў паперку з адрасам.

— У інстытуце мой кабінет на трэцім паверсе, я загадчык кафедры замежнай літаратуры, а так — дахаты прыходзь. У любы час. Я адзін жыву. Калі табе няма дзе жыць ці нязручна там, дзе пасяліўся, — перабірайся да мяне. Я рады буду.

Лубовіч сказаў гэта вельмі проста, шчыра. Нават Галінка не адчула б замаху на чыюсьці незалежнасць.

— I вось яшчэ што… Асцярожней з Туторкавым.

Шэрыя вочы пільна вывучалі аблічча хлапца — як адрэагуе.

— Што табе маці пра яго расказвала?

Карусь не вагаўся.

— Гэты чалавек прыўлашчыў навуковую працу майго бацькі. Потым хацеў здаць немцам маю маці.

Прафесар горка пасміхнуўся.

— Толькі нікому не кажы пра плагіят. Яго ж і кандыдацкая, і доктарская дысертацыі — скрадзеныя. Многія ведаюць, але маўчаць. Твайго бацьку ён здаў.

Карусь ускінуў галаву… Рукі самі сціснуліся ў кулакі.

— Глеб супрацоўнічае з органамі. Мае доступ да канфіскаваных папер, як галоўны эксперт. У яго ў кватэры цэлы архіў расстраляных ды сасланых. Але стрымайся, хлопец. Не паказвай пачуццяў. Будзе яшчэ час, справядлівасць пераможа. Мы вунь якую вайну выйгралі! I супраць асобнай дробнай навалачы выстаім. Што ён хацеў ад цябе?

Карусь пераказаў.

— Нічога яму не перадавай… — захваляваўся прафесар. — Калі што і знойдзеш — не прызнавайся. Да дзядзькі з’ездзі абавязкова: Васіль — добры чалавек, разумны. Шчыры беларус. Працаваў калісь у вёсцы настаўнікам. Якім паэтам мог бы быць… Але ў трыццатым і яго абылгалі. Асудзілі на дзесяць гадоў…

«Вось чаму маці ніколі не распавядала пра дзядзьку Васіля!» — падумаў Карусь.

— Ад бацькі твайго апошні ліст атрымаў у трыццаць трэцім… А Васіль толькі пасля вайны мяне знайшоў. Ён у сорак першым жыў у Молатаўскай вобласці, у высылцы. Неяк трапіў на фронт, у штрафбат. Тры медалі мае… Але цяпер без рукі. Я да яго ездзіў пару разоў. Пра гэта, разумееш, таксама не варта нікому…

Карусь кіўнуў.

— Ён жыве ў будынку клуба, ля школы. Уласна кажучы, там і працуе — загадчыкам клуба. Школа ў былым панскім маёнтку, клуб — у флігелі, у дамку аканома. Той маёнтак зваўся калісь Караблі. Васіль сцвярджае: калісьці Караблі належалі вашым продкам.

— Мы не паны! — ускінуўся Карусь.

На хваравітым, пажаўцелым твары прафесара з’явілася паблажлівая ўсмешка.

— Ціха, ціха! I Францішак Багушэвіч, урэшце, панам быў, і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч… Васіль кажа — ваш далёкі продак, Роўба, з сялянаў, вывучыўся, стаў інжынерам. Вось нейкі час і меў сядзібу, нават шляхецтва здабыў. Потым за ўдзел у паўстанні яго і ягоных нашчадкаў усяго пазбавілі. Так што не пераймайся, у цябе правільныя продкі!

— А святароў сярод іх не было? — вырвалася ў Каруся, які ўспомніў фотаздымак з матчынай схованкі.

Прафесар паціснуў плячыма.

— У дзядзькі спытаеш. I вось яшчэ што…

Азірнуўся па баках. Нешта ён занадта трывожны, занадта спалоханы. Як замежны шпіён у фільмах. Карусь на ўсялякі выпадак таксама азірнуўся. Галінка карміла на дарожцы галубоў. Цікава, чым? Няўжо кінула кавалак абаранка, які яны ранкам сумленна падзялілі на дваіх (зразумела, Карусь пастараўся ўзяць хоць трохі меншы кавалак, рызыкуючы абурэннем сяброўкі).

Сярод шызакрылых круціўся адзін белы-бялюткі. Але ён быў не самы буйны, папраўдзе, дык драбнейшы за звычайных сабратоў, таму і спажывы даставалася яму меней. Прыгажосць вопраткі толькі замінае ў барацьбе за выжыванне. Гэта яшчэ святы Юзаф зведаў, якога старэйшыя браты прадалі ў рабства з-за таго, што бацька яму адзінаму набыў каляровую дарагую вопратку.

Цікава, гэта праўда, што некалькі клетак з галубамі ў Мінск нядаўна прывезлі з Рыгі? Пазнікалі птушкі ў вайну, зрабіліся дзічынай не толькі для котак… А як горад без галубоў? Вось нібыта і замовілі пасылку. Мо і гэтыя птахі яшчэ нядаўна ля мора лёталі і цяпер дзівяцца, чаму гэта з чаіцамі не трэба біцца за ежу?

Прафесар глядзеў сумна і трывожна.

— Перадам табе паперы адны, пакажаш Васілю. Яму будзе цікава. Калісьці твая маці прынесла мне знойдзены Антэкам сшытак, рукапіс васямнаццатага стагоддзя. Ён быў на лаціне, а я ж латыніст… Антэк хацеў са мной параіцца — не паспеў. Дык я быў пераклаў, што здолеў. Сшытак тваёй маці вярнуў, копію зрабіўшы, не ведаю, ці ацалеў ён. Дужа цікавы дакумент… Але не выкарыстаеш сёння, бо тычыцца… ілжэнавукі.

Карусь хітнуў галавой — ясна, кшталту генетыкі, пра якую сёння лепш увогуле не згадваць. Пра тое, што сшытак маецца, пакуль прамаўчаў.

— Карацей, зайдзі, як знойдзеш час. Буду чакаць. I пра пераезд падумай…

Прафесар Аўген Лубовіч, пакульгваючы і цяжка абапіраючыся на кавеньку, пайшоў па прысадах у бок вакзала. Празвінеў трамвай. Нібы адгукаючыся, на будоўлі побач застукаў метал аб метал... Мінск паўставаў з руінаў — Карусь і Галінка разам са шматлікімі добраахвотнікамі таксама дапамагалі разбіраць завалы, працавалі на будоўлях. Карусь нават навучыўся класці цэглу. Прыстасаваўся ўяўляць кожную цаглінку часцінай слова ці сказа. Вучыў такім чынам то ангельскую мову, то польскую. А на нямецкую, якая да вайны лёгка давалася, хацеў зусім забыцца. Аднойчы аказалася, што побач працуе атрад палонных немцаў. У шэрым, як пацукі. Стараліся, шчыравалі. Абутыя, апранутыя. Нават той-сёй усміхаўся, гергетаў. Карусь успомніў канцлагер у Азарычах, людзей-шкілетаў, хворую маці, якая ляжала на снезе…

Добра, што ён быў адзін, без Галінкі — тая б дакладна штось утварыла. Наступны раз пайшоў на іншую будоўлю. Не займеў яшчэ шырыні душы сапраўднага савецкага чалавека, літасцівага да пераможанага ворага.

Нічога, колькі яшчэ наперадзе… I пераплавіцца брудная руда ў чысты метал, і перастворыцца душа…

Накормленыя апошнім кавалкам абаранка галубы забыліся на нядаўнюю дабрадзейку і працягвалі мітусліва вышукваць ежу, ежу, ежу, дзеўбучы ўсё, што магло напоўніць страўнік, штурхаючы адзін аднаго і не падазраючы, што яны з’яўляюцца сімвалам такога жаданага мірнага жыцця.


СТАДЫЯ ПЯТАЯ. ПЕРАВАРВАННЕ, УЗДЗЕЯННЕ МАРУДНАГА АГНЮ


Борхес лічыў, што існуе ўсяго чатыры сюжэты.

Горад у аблозе, вяртанне героя, пошук, самазабойства бога.

Пелагея прымушала сваіх студэнтаў разбіраць паводле гэтай схемы іх улюбёныя кнігі. Ну, напрыклад, «Жамяра» Кафкі — хіба гэта не пра горад у аблозе? Абараняць жа можна і ўласную асобу, тэрыторыю ўнутранай свабоды…

Цяпер іх з Мсціславам Раманавічам Роўбам прыгоды можна было акрэсліць як пошук. Птушкі, якія шукаюць легендарную птушку Сімург. Лятуць праз пусткі і акіяны, гінуць, расчароўваюцца... I апошнія, самыя трывушчыя і зацятыя, трыццаць птахаў раптам усведамляюць, што яны ўсе разам і ёсць той птушкай Сімург… I кожная з іх паасобку таксама птушка Сімург.

Пошук заўсёды заканчваецца толькі ў самім чалавеку.

Дзверы ў двухпавярховую невялікую камяніцу былі фарбаваныя такой яркай сіняй фарбай, што чамусь адразу ўспаміналася Венецыя.

А, дакладна ж — ёсць такі венецыянскі лазурак!

Праўда, гэта не толькі колер лагуны і шкляных караляў. Венецыянскім лазуркам называлася пудра, якой стагоддзямі мазаліся арыстакраткі кшталту Лізаветы Цюдор, спальваючы скуру свінцом, што ўваходзіў у склад моднага сродку. Графіня Ковентры дык увогуле ад таго венецыянскага лазурку ў дваццаць сем памерла ў пакутах.

Гэтыя дзверы былі супрацьлегласцю таму ідэалу прыгажосці, які дасягаўся з дапамогай венецыянскага лазурку. Скура паненкі мусіла выглядаць гладзюсенькай… Дзверы, цяжкія, высокія, у дзве створкі, былі шурпатыя, патрэсканыя, аблупленыя. Лазурак захаваўся асобнымі лапінкамі. Цяжкія металёвыя засовы, старасвецкі замок на круглым вушку… Выдатны фон для фотасесіі. Дый сам будынак хоць на паштоўку — шматлікія пласты тынкоўкі паадвальваліся жывапіснымі лахманамі, агаліўшы раны чырвонай цэглы. Ля ганка рос чарнобыль — вясковыя знахаркі лечаць ім падучку. Чорная сцябліна, сівыя разлапістыя лісткі, горкі палыновы пах…

Оскар Уайльд, які лічыў прыроду вартай жалю пераймальніцай мастацтва, удасканальваў лахманы жабракоў ля свайго дома, каб не абражалі ягоны эстэтычны густ. Неяк замовіў за шалёныя грошы для такога жабрака тыя ж лахманы, толькі з дарагіх матэрыялаў.

Гэты дом ён не стаў бы ўдасканальваць. Тут усё па-ягонаму. Руіны, заняпад, дэкаданс. Дах часткова крыты звычайным шыферам, часткова чарапіцай, на круглым акенцы гарышча краты ў форме чатырохпялёсткавай кветкі. Ружа разенкрзйцараў. Над вокнамі няўцямныя рэшткі ляпніны… Верхнія два вокны забітыя дошкамі. На ніжніх — іржавыя краты ў выглядзе сонейка, якое ўзыходзіць у левым куце, распаўсюджваючы на ўвесь аконны праём жалезныя промні. Тыповая аздоба савецкага часу.

— У канцы васямнаццатага стагоддзя гэта быў дом аканома. А пасля пад што ні прыстасоўвалі… Апошні ўжытак — інтэрнат для рабочых.

Мсціслаў Раманавіч, які ў сваім чорным тонкім лонгсліве, з драпежным носам і бародкай нагадваў высакароднага пірата Пітэра Блада, забразгаў ключамі. Пелагея, стоячы на высокім ганку з дзвюма худымі драўлянымі калонамі, нібыта пагрызенымі гіганцкім шашалем і заквэцанымі зверху брунатнай алейнай фарбай, агледзела ваколіцы. Можа, калісьці гэты дамок і стаяў пасярэдзіне дагледжанай сядзібы, разбягаліся ад яго брукаваныя дарожкі, пад вокнамі квітнелі курціны, абстрыжанае кустоўе пакорліва ўтварала раўнюткія ўзоры… Цяпер вакол рос хмызняк, непадалёк у гайку мясцовыя ўчынілі сметніцу — іржавы шкілет «запарожца» запоўз у самыя кусты. За спінай дома шыхтаваўся лес. Пелагея, дзіця асфальту і бібліятэк, не надта ладзіла з дзікай прыродай. Але дамок, іх часовае прыстанішча, быў абкружаны сеткай-рабіцай, нацягнутай паміж металёвымі слупамі, а паўзверх яшчэ пагражаў калючкамі дрот, вымазаны салідолам. Неяк яны з Мсціславам Раманавічам ужо і сутыкнуліся з такой абаронай уласнасці: палезлі сфоткаць старую сядзібу, якую хтось таксама выкупіў дзеля рэстаўрацыі, дацэнт усе джынсы ўквэцаў, ды яшчэ разадраў калашыну ад калена і да нізу.

У аддаленні святлела тое, што засталося ад панскай сядзібы, нядаўняй школы: будынак аднапавярховы, але даўжэзны, літарай «П». Каля сядзібы стаяла некалькі джыпаў, мітусіліся людзі ў камуфляжы, расстаўлялі намёты, развешвалі нейкія сеткі, цягалі скрыні і каністры, выпрабоўвалі зброю — чуліся лёгкія нястрашныя стрэлы. Аматары страйкбола прыехалі на апрабаваную пляцоўку.

Нічога, сёння нядзеля. Заўтра ўсім на працу… Увечары з’едуць.

Дзверы нарэшце рыпнулі, грукнулі саслаблыя засовы…

У доме пахла, як у вясковай каморы, дзе захоўваецца бульба, мяхі з крупамі і зернем, бочка салёных гуркоў і дух старасветчыны. Пелагея, каб адпавядаць высакароднаму пірацкаму стылю, апранула новенькія чорна-белыя красоўкі Reebok, чорныя джынсы і чорную футболку з выявай гурта Metallica. Пад кросамі пахрумствалі драбочкі тынкоўкі. Інтэр’ер расчараваў: звычайная бедная савецкая кантора. Выцвілыя шпалеры з плямамі цвілі, столь з пенапластавых пліт, месцамі ўчарнелых ад бруду, люстра з трыма рожкамі пад бронзу, з адзіным пабітым плафонам. Мэблі ніякай, толькі мяхі з цэментам і вапнай і нейкія драўляныя скрыні. Падлога ўвасланая ксеракопіямі будаўнічых праектаў. «Свинарник на 200 голов»… Са сцяны вытыркаўся бок печы, фарбаваны светла-блакітнай фарбай.

— Мне казалі, тут недзе ёсць пакой з ложкамі… Водаправод маецца, і электрычнасць працуе, — з няёмкасцю паведаміў Мсціслаў Раманавіч, цяперашні і нечаканы ўладальнік гэтае дэкаданснае раскошы. У доказ некалькі разоў шчоўкнуў выключальнікам, які нагадваў зжаўцелы карыесны зуб. Лямпачка ў адзіным ацалелым плафоне і праўда паслухмяна загаралася. Самотны жалезны умывальнік у куце, абкладзеным патрэсканай пліткай, таксама не падмануў. Стамлёны кран выпусціў струмень іржавай вады.

— Прыбіральня, праўда, на двары.

Папраўдзе, Пелагеі было ўсё адно. Хоць y калючым дроце начаваць. Абы — побач з ім...

Дасюль не верылася, што ўдалося ўламаць, каб паехаць разам.

Ну, дапамагло, вядома, паведамленне Ангеліны Пятроўны: ходзяць па пад’ездзе міліцыянты, распытваюць пра жыльца восьмай кватэры. Ці не заўважалі якіх дзіўнасцяў, ці няма скаргаў?

Начны гармідар пабудзіў тады не адну суседку.

Адзін добры міліцыянт нават параіў: няхай бы жылец куды з’ехаў з горада на нейкі час, мо на лецішча якое? А то былая жонка заявіла на барадатага дзівака, што зусім звар’яцеў, без догляду нельга пакідаць. Відаць, у дурку хоча яго запхнуць і кватэру забраць.

Пелагея сумнявалася, што спадарыня Маргарыта будзе так паскудзіць. Хіба з помсты. Наколькі ведала, у той была кватэра ад першага мужа, у больш прэстыжным доме, проста Мсціслаў Раманавіч прынцыпова не хацеў карыстацца чужой жылплошчай, і яе здавалі.

Нашкодзіць малады княжыч, у двубой увяжацца, не з той панечкай пераспіць, у карты прагуляецца — яго адразу ў Парыж ці ў Рым: ну, маўляў, ва ўніверсітэце павучыцца, манеры шліфануць. Дацэнту на Парыж і Рым грошай бракавала. Можна на Браслаўшчыне дамок зняць, там знаёмыя… Спадар Мсціслаў неахвотна прызнаўся, што яму ёсць куды і за бясплатна з’ехаць. Ад дзеда нядаўна дасталася спадчына. Так, таго самага легендарнага прафесара Канстанціна Анатольевіча Роўбы. Аказалася, дзед на апошнія грошы выкупіў на аўкцыёне ў калгаса дом, дзе калісь жылі продкі. Ну як дом — занядбанка сапраўдная… Таму і цана сімвалічная. Зрабіць ужо нічога не паспеў. Бацька з маці тую сумніўную спадчыну ў глушмені хацелі прадаць — на ўласным лецішчы ананас не каласіцца, а тут з руінамі немаведама чаго поркайся. Аж не — ахвочых няма, там жа яшчэ і ўмова — аднавіць. Праўда, дзед адмыслова абгаварыў і загадзя аформіў: продкавы ўладанні — толькі ўнуку, прадаўжальніку справы. Але ясна, што галоўны спадчыннік — сын… А неўрастэнічна-прынцыповы Мсціслаў Раманавіч — прадказальны сюрпрыз — пасвараны і з бацькам, і з дзедам.

3 бацькам дык адразу пасля школы перастаў размаўляць. 3 дзедам, які выхоўваў унука пераемнікам у навуцы, з якім такія ўжо аднадумцы былі, — таксама немаведама чаго ў рожкі. Падрабязнасцяў Пелагея не ведала, але не дзівілася: натура як у таго тура.

Вось вычэкваў бацька Мсціслава Раманавіча, вычэкваў, што з абрыдлай спадчынай рабіць, — урэшце здаўся. На агароджу яшчэ грошай хапіла, каб бадзягі не лазілі, а аднаўляць — не… Калі дайшлі чуткі, што сын з працы звольніўся, ды яшчэ і развёўся — адправіў яму дзедаў архіў разам з ключом ад занядбанкі ў пасёлку Піянерскі. Маўляў, як ты ёсць няўдаліцам, дык вось табе і твая няўдаліцава доля.

Так у дацэнтавых руках нарэшце апынуліся і частка рукапісу прадзеда, той манаграфіі, што прыўлашчыў Туторкаў. А таксама незразумелая карта земляных работ і сшытак без вокладкі на лаціне.

Пелагея ведала, як спадара Мсціслава «даставала» ўсё жыццё гэтае «прадаўжальніцтва справы». Дзед — слынны філолаг, прадзед — слынны мастацтвазнаўца… Усе параўноўваюць, нечага чакаюць, распытваюць… Ва ўсім пратэкцыю бачаць. Хоць прозвішча мяняй. Таму і не пайшоў ва ўніверсітэт, дзе працаваў дзед. Мусіць, тады і пасварыліся. Зрэшты, ягоны бацька з пратаптанае продкамі сцежкі ўвогуле сышоў: як бы і філолаг, перакладчык, але не навукай займаецца, а абслугоўвае пасольствы. Працаваў у такіх экзатычных краінах, куды і птушка Сімург не далятала. Зімбабвэ, Малайзія, Новая Гвінея… Апошнім часам, здаецца, у Германіі.

Калі пакой з ложкамі ўсё-ткі быў знойдзены на другім паверсе, дзе цэлыя вокны чамусь былі грунтоўна забітыя звонку дошкамі, — надышоў час распакоўваць рэчы. На завяршэнне Мсціслаў Раманавіч урачыста, на выцягнутых руках — адна была яшчэ закручаная бінтам — прынёс са свайго вернага «фордзіка» скрынку ад абутку, укручаную ў сіні плед, паклаў на пісьмовы стол, які ўплішчыўся паміж двума інтэрнацкімі ложкамі.

На выцвілай паліраванай паверхні стала круглыя плямы ад шклянак з кіпнем утваралі алхімічныя пентаграмы.

У скрынцы, як змяя ў кошыку факіра, спачываў сшытак без вокладкі.

— I ўсё-ткі не разумею, што за эзатэрычная лухта з вамі адбылася… — Пелагея зазірнула ў скрынку асцярожна, як праўда да жывой змяі. — Калі 6 прагаворванне ўголас нейкіх формул ці заклёнаў вось так… рэалізоўвалася — свет бы змяніўся! Гэты сшытак не ў адных руках пабываў. Яго чыталі, перакладалі… Ваш дзед таксама. Што, з ім падобнае здаралася?

Дацэнт асцярожна паставіў на стол, прыхіліўшы да сцяны з учарнелымі шпалерамі ў ружовыя кветкі, абразок са святымі Юстыніяй і Кіпрыянам і стамлёна ўсеўся на ложак. Той крактануў, але мужна вытрымаў цяжар. Папраўдзе, матрац быў занадта брудны і вільготны, варта было б заслаць… Ане жабрак не выбірае плот, пад якім начуе.

— Мне ўсё гэта блёкатам здаецца. Я ж вас у кватэру ўпусціў, уявіце, ад панічнага страху. Думаў, звар’яцеў, усё мсціцца. Дзед, можа, штось і патлумачыў бы… Шкадую, што апошнія гады не гаварыў з ім. Характар у мяне спадчынны. — Мсціслаў Раманавіч з няёмкасцю пакратаў гарбінку на драпежным носе. — Бабуля была дужа гарачлівай, памятаю, як у школу бегала, каб вушы надраць маім крыўдзіцелям: вучням — у літаральным сэнсе, настаўнікам — фігуральна, але гэтак жа жорстка. У дзявятым класе мяне, батаніка, зануду, аднакласнікі белай алейнай фарбай аблілі... А я яшчэ дэманстратыўна доўгія валасы насіў, 6ясконца «Металіку» слухаў з плэера і выказваўся ў вулканскім стылі містара Спока са «Стар трэка». «Слова “дурань” мае мноства дэфініцый. Які менавіта варыянт адпаведна вашаму актуальнаму ўзроўню інтэлекту мэтазгодна выбраць, я б рэкамендаваў даведацца эмпірычным шляхам». Ад мяне шалелі нават настаўнікі. Валасы пасля сустрэчы з фарбай давялося састрыгаць… Вядома, я сцвярджаў, што сам уквэцаўся. Але бабуля пабегла разбірацца… Мне пасля пераказвалі, як шаснаццацігадовыя нахабныя лбы ад яе ў прыбіральні хаваліся, праз акно ўцякалі. I па дзедавай лініі адзін упарты, так сямейная легенда кажа, яшчэ шкаляром, калі нейкая дзяўчына на яго пакрыўдзілася, суткі пасярод калідора прастаяў, бо дакляраваў, што з месца не зрушыцца, пакуль тая дзяўчына яму не прабачыць. Гвалтам толькі яго знеслі.

Паглядзеў тужліва на скрынку з небяспечным сшыткам. Мо і праўда трэба было яго спаліць, як адразу яны хацелі, — і, мяркуючы па абгарэлых краях, не яны першыя.

— Гэх, не гаворым мы са старэйшымі толкам, пакуль тыя жывуць. А потым і спытацца няма ў каго… Цяпер гадай, чаму дзед сам не напісаў пра таго Туторкава, — у яго ж меўся рукапіс Анатоля Роўбы, доказ плагіяту! Зрэшты, і я не ведаю, калі б наважыўся выступіць публічна… Mo i патрэбныя такія бясстрашныя да нахабства Паўлы Капанавы, каб разануць урэшце па запаленай скуле ды выпусціць гной?

— У Паўла не страху, а сумлення няма! — не стрымалася Пелагея, занятая распакоўваннем прывезеных прыпасаў. — Дзеда вашага таксама нешта магло стрымліваць… Пагрозы, бяспека дарагіх людзей… Самі ведаеце.

— Ведаю.

На шыбе зазумкала заблудная пчала. Плед з лазуркава-пунсовымі ўзорамі ўпаў з рук на падлогу.

— Так, Мсціслаў Раманавіч, мне таксама страшна. I няёмка. I брыдка, што мы па-ранейшаму робім выгляд, быццам не заўважаем слана ў пакоі.

Пелагея, гледзячы ў забітае звонку дошкамі акно з пчалой, абхапіла сябе рукамі, быццам было зімна.

— I слон — гэта?

Мсціслаў Раманавіч стаў за яе спінай… Не датыкаючыся — але так блізка, што яна адчула цяпло ягонага цела.

— Гэта мы. Я і вы. I не кажыце, што «нас» няма.

— Не скажу.

Голас у яго быў ціхі, хрыплы, напружаны… I яна — як у псіхалагічных гульнях — адкінулася спінай назад, ва ўпэўненасці, што знойдзе апірышча…

Як жа добра, што ён вышэйшы за яе на паўгалавы.

А каб быў і ніжэйшы на паўгалавы — нічога б не змянілася. Быў бы той жа палыновы, гаркавы пах, ад якога круціцца галава, і гэтая ўсмешка куточкам ганарыстых вуснаў, ад якой замірае сэрца.

— Ведаеш, калі ты пасля таго вечара… у фатэлі… ад мяне аддаліўся, мне было так балюча, што я спынялася на дарозе, абдымала бліжэйшае дрэва і так стаяла…

— Прабач… - Ён нарэшце нясмела абняў яе. I ягоныя рукі дрыжэлі. I голас дрыжэў.— Я так вінаваты перад табой… Дапусціў да сябе так блізка… У вандроўкі цягаў. Размовы гэтыя нашыя... Не мог адмовіцца. Пераконваў сябе — ну мы ж нічога кепскага не робім. Ніякага… эратычнага падтэксту. Дзяўчына разумная, закахаецца ў нейкага хлапца, свайго аднагодка…

— А ты на вяселле прыйдзеш свечку патрымаць? — Пелагея злосна развярнулася да спадара філолага, учапілася ў ягоныя плечы, кашчавыя, але шырокія, страсянула з усяе моцы. — I табе б не балела?

— Мне ўвесь час балела… — Ён торкнуўся драпежным носам у яе попельныя валасы, зашаптаў горка: — I віна страшэнная перад Маргарытай… Яна ж з першым мужам, бізнесоўцам, была апяклася: выявілася, дзяцей мець не можа, шчытападобная залоза… Дык ён ад яе кватэрай адкупіўся, а сам да другой пайшоў. А тут зноў не фізічная, але здрада. I без цябе не магу, хоць бачыць бы час ад часу. А як цябе з Капанавым заўважыў у абдымку, у кабінет свой забег і — кулаком у сцяну... На шпалерах кроў, а я болю не адчуваю, б’ю — каб іншы боль заглушыць.

— Што ж мы нарабілі адно з адным…

Вусны ў яго былі гарачыя… Ну, як там раманісты і паэты тысячагоддзямі апісваюць пацалунак з каханым. У герояў Рэмарка таксама вусны часта былі сухія і гарачыя. Праўда, гэта таму, што ён сухотных за герояў любіў браць. У герояў Караткевіча вусны цёплыя. А, у яго яшчэ першая ноч любошчаў апісана феерычна: «Усё злілося, закруцілася ў чырвоным кругавароце, і яна даравала мне нават боль». У Фіцджэральда красунька ад дотыку вуснаў расцвіла, бы кветка. Шкада, аўтар не згадаў колеру пялёсткаў. «Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі» — шчыра і па-простаму, «Найвышэйшая песня Саламонава».

Але ланцуг асацыяцый і алюзій абарваўся ў мудрай філалагічнай мазгаўні. Ёсць час гуляць у шкляныя перлы і ёсць час цалаваць… I блішчыць срэбны ланцужок, і сцягвае валасы залатая павязка, і ліецца крынічная вада ў збан…

…Пчала ўсё дзумкала і дзумкала на бруднай шыбе, не ў змозе зразумець, што за празрыстая цвёрдая перашкода аддзяляе яе ад кветак і будучага мёду.

Сюжэт набываў варыяцыю «Вяртанне героя». Такое сабе з’яднанне закаханых пасля доўгага расстання. Адысей і Пенелопа. Што з таго, што ўвесь Адысееў шлях спадар Роўба накруціў клубком, не пакідаючы кватэры.

— Ведаеш, мой дзед, калі мяне пакідалі ў іх з бабуляй, чытаў мне нанач казкі Сержпутоўскага. І ў начы мне снілася Балотніца, танклявая светлавалосая дзяўчына, якая ідзе па дрыгве, як па палянцы, і вабіць заблуднага вандроўніка… I ў яе такія ж светлыя шэрыя вочы, як у цябе.

Пелагея павярнулася на рыпучым матрацы і павольна правяла рукой па аголеных грудзях свайго мужчыны. Сэрца яго білася так хутка... Быццам птушка рвалася на волю.

— А я некалькі разоў начавала з мамай у яе бібліятэцы. Бібліятэка ў кватэры звычайнай была зладжаная, на першым паверсе. А тата мой... піў. Не, мяне не чапаў. Проста раве нешта ўсю ноч і шпурляе, што пад руку патрапіць… Я малая зусім была, асобныя крыкі толькі памятаю, але не паверыш якія: «Оркі праклятыя! Да Моргата вас! Дзе мае сільмарылы?» Талкіенуты цалкам. Лічыў сябе эльфам. Лясным, здаецца. На ўсе канвенты ралевікоў цягаўся з драўляным мячом. Заплаціў за аперацыю і завастрыў вушы. Спрабаваў размаўляць у архітэктурнай сваёй канторы на сіндарын. Мама часам баялася начаваць з ім. Вось і заставаліся мы ў бібліятэцы… Мама рабіла мне ложак з энцыклапедый, а сама спала на састаўленых крэслах. Ад вулічнага ліхтара было светла, і я сярод ночы магла ціхенька ўзяць кнігу і чытаць. Пачытала так, уночы, адаптаванага для малых «Маленькага прынца» Экзюперы. «Я ж не хацеў, каб табе было балюча, ты сам пажадаў, каб я цябе прыручыў». «Вы прыгожыя, але пустыя, дзеля вас не захочацца памерці». «У кожнага чалавека свае зоркі».

Мсціслаў… бо які ён цяпер Мсціслаў Раманавіч… ткнуўся ёй у шыю, барада трохі драпалася, цёплае дыханне казытала скуру — карацей, было шчасна.

— Я таксама чытаў «Маленькага прынца» ў дзяцінстве. Крадма. Бацька хацеў, каб я быў дужым, каб фізкультурай займаўся, а не гнабіўся над кнігамі. А я ўдаўся такі вось… філалагічны дахляк. Бацьку ў армію забралі з другога курса лінгвістычнага інстытута — ён беларускіх расстраляных паэтаў пачаў перакладаць. Ну і зладзілі яму няздачу залікаў… І патрапіў ён нечакана ў паветрана-дэсантныя войскі. Такі быў кантраст, відаць, з сямейным выхаваннем, што назаўсёды натуру пераламала. Якія там маладнякоўцы, узвышэнцы… Правінцыялізм і нацыяналізм. «За ВДВ» — вось гэта жыццё! 3 бацькамі пасварыўся. Ажаніўся на злосць ім са сцюардэсай. Яна праз пяць гадоў пасля майго нараджэння з бацькам развялася і выйшла замуж дзесьці ў Дубаі. Штогод дасылае паштоўкі на мой дзень народзінаў. Адзін раз даслала швэдар з ангорскай шэрсці. Ён аказаўся мне замалы. Дачку свайго начальніка бацька ўзяў за другую жонку… Ён тады ўжо пачаў ездзіць па свеце як супрацоўнік консульстваў ды пасольстваў. Якасны сінхронны пераклад — мала хто здатны. А яшчэ ўбіў у галаву, што дзеля ператварэння ў сапраўднага мужчыну мне ў вайсковую вучэльню трэба ісці ці ў ваенную журналістыку хаця б… А я — следам за дзедам. Я ў іх з бабуляю быў болей, чым дома. Ян Баршчэўскі, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Ян Станкевіч, паэты-латыністы шаснаццатага стагоддзя… Памятаеш, эпіграма Пашкевіча: «Польшча квітне лаціною, Літва квітне русчызною… Без той у Польшчы не прэбудзеш, без сей у Літве блазнам будзеш».

— Памятаю, анягож, — ты ж сам цытаваў студэнтам. Доказ пашаны да беларускай мовы ў часы Адраджэння. — Пелагея слухала ягонае сэрца.— Ведаеш, што ў цябе амаль усе дзяўчаты нашы былі закаханыя?

Мсціслаў скептычна фыркнуў.

— Вось чаго я ўвесь час пазбягаў і чаго баяўся. Трыццаць Лалітаў у аўдыторыі. I вось… правільна баяўся.

Пелагея ткнула локцем у бок свайго спакушанага выкладчыка, уздыхнула і прыўзнялася. Гарбата сама сябе не зробіць, канапкі трэба раскласці… Куды яна кашулю сваю кінула, улюбёную, у сінія палосачкі? А, вунь ажно на суседнім ложку…

Яны сядзелі, сутыкаючыся плячыма, адкусвалі ад аднае канапкі, і гэта было лепей за ўсё, што здаралася з Пелагеяй у жыцці. I дом ажыў — заўтра можна на шыбах пашукаць подых хаты. Гэта калі ранкам на аконным шкле ўтвараецца вільгаць… Яе збіраюць і лякуюць сардэчныя хваробы.

— Цяпер ты дапішаш артыкул пра Туторкава?

Ён выцер рукі белай папяровай сурвэткай, скамячыў і шпурнуў у юлёвы пакет з назвай Wildberries, прыстасаваны імі пад сметніцу.

— Тое, што Туторкаў скраў у майго прадзеда манаграфію, я дакажу. Трэба яшчэ пашукаць якіх звестак пра Анатоля Роўбу — ён быў сасланы на Салаўкі. Там такая багема сабралася… Ад Фларэнскага да Ліхачова да нашага Францішка Аляхновіча. А вось наконт таго, што Туторкаў аддаў немцам схаваныя экспанаты Дзяржаўнага музея, — пакуль толькі словы дзеда пацвярджаюць. Сітуацыя — можаш уявіць... Горад бамбяць. Ратавалі найперш жыцці блізкіх і свае ўласныя. I ніхто не чакаў, што пакідаюць горад надоўга. Думалі: два, тры дні, ну тыдзень — і вернуцца… Многія ішлі амаль без рэчаў. А яшчэ я сустракаў сведчанні, што ў першыя дні вайны ўвішныя менчукі тое-сёе з кінутых музейных залаў паспелі і павыносіць. Тады ж рабунак ішоў паўсюдна.

— Уяўяяю добра. Усё апісана. Аповесць Шамякіна «Гандлярка і паэт». Камароўская гандлярка цягае разам з усімі са складоў і крамаў мяшкі мукі і солі… — Пелагея няўважна спрабавала заплесці свае попельныя валасы ў кароткую касу. Мсціслаў пяшчотна пагладзіў яе неслухмяныя пасмы.

— Хто ведае, як бы мы паводзіліся, калі бомбы падаюць, інфармацыі, што адбываецца, ніякай, дакладных загадаў няма… Машын для вывазу экспанатаў не далі. Нешта супрацоўнікі музеяў разабралі па дамах. Нешта схавалі. Адну з тых хованак, магчыма, Туторкаў і здаў акупантам. А ў немцаў усё было запратакалявана — што прынялі на ўлік, што вывезлі. На кожны ламаны цвік заводзілі паперку. Таму трэба пашукаць у архівах пра перададзеныя акупацыйным уладам каштоўнасці. I нават калі знойдзецца штось… Буду зноў паклёпнікам.

— Гэта чаму? — здзівілася Пелагея.

— Бо скажуць: рабіў гэта ў межах выканання партыйнага даручэння. Каб увайсці ў давер да ворага. А дзед казаў: Туторкаў збіраўся пры новай нямецкай уладзе кар’еру рабіць. I някепска так прыладзіўся. Толькі калі фашыстаў пад Масквой разбілі, a партызаны пачалі нямецкіх паслугачоў па адным нішчыць, ачомаўся і, як цяпер кажуць, пераабуўся. I яшчэ ёсць версія: экспанаты аддаваў, але і сабе шмат прыўлашчваў. Так што ягоныя новыя гаспадары пакрыўдзіліся — у іх жа, выходзіць, крадзе! Выхаваўчы метад — куля ў лоб. Тады і ўцёк «герой» да партызанаў. Вось такая спадчына мне дасталася… Не баішся?

Пелагея толькі дзюбнула яго ў шчаку, укалоўшыся аб бараду.

— Чаму ты зноў адрасціў гэта? Памятаеш, у Караткевіча княжыча Алеся Загорскага падчас абраду пастрыжэння настаўляюць наконт валасоў: «…насі іх як хочаш, толькі памятай, што людзі нашай зямлі любяць насіць доўгія валасы і вусы, але не любяць і ніколі не насілі барады, калі яны не папы, не манахі і не мудрыя стагадовыя дзяды».

Мсціслаў ціха засмяяўся, паціраючы аброслае падбароддзе.

— Адрасціў для таго ж, для чаго і Максім Багдановіч, калі гасцяваў у Ракуцёўшчыне, — каб выглядаць самавіцей. Я ж абараніўся ў дваццаць два. Вундэркіндар, халера… I выкладаць тады ж пачаў. Ну і на знак пратэсту. Hi бацька, ні дзед не жадалі бачыць унука барадатым. Потым прывык — імідж. На Падоллі кажуць: «Барада — чэсць, а вусы і ў сабакі есць».

Якія ж мужчыны ўнутры вечныя дзеці… Але час аглядаць спадчыну. Алхімічны трактат пакуль не чапалі, як пазбягаюць датыкацца да балючага месца. А вось сам дом… Дзе там на двары адзін патрэбны будыначак?

Магістарка нацягнула футболку з «Металікай». Казліная бародка Джэймса Хэтфілда навяла на смешнае: ці пайшла б такая Мсціславу?

Яны спускаліся па рыпучай лесвіцы, якая, магчыма, была калісь упрыгожана разьблёнымі парэнчамі і балясінамі — іх замянілі на простыя, як лаянка, выгабляваныя з іншай драўніны. Прыступкі не мянялі — тоўстыя дубовыя дошкі маглі вытрываць крокі яшчэ некалькіх пакаленняў.

— Дык твой продак быў аканомам у Караблях?

— Не, — Мсціслаў спускаўся трохі нягегла — а што хацець ад уладальніка двойчы пераламанай нагі? — Аканомам тут нейкі француз быў. У яго нашчадкаў не засталося. Прапрадзеду належаў маёнтак, пакуль не сканфіскавалі за ўдзел у паўстанні. Здаецца, не Касцюшкі, пазнейшым — 1831 года. Не ведаю, як атрымалася, што ён сюды вярнуўся і пасяліўся ў дамку былога свайго аканома.

Пелагея тузала дзверы… А яны чамусьці не паддаваліся. Штурхнула наастачу, наваліўшыся ўсім плячом… Не хочацца быць у становішчы субтыльнай паненкі, якая так і чакае фізічнае дапамогі ад кавалера.

Кавалер фізічную дапамогу аказаў. Але таксама дарэмна. Дзверы, мёртвая плоць дуба з тутэйшых лясоў, стаялі нерухома, быццам іх трымала прывіднае карэнне.

— Што за халера… — мармытнуў Мсціслаў і вызірнуў у акно. Па тым, як замерла яго спіна, Пелагея здагадалася — штось паганае.

Страйкбольшчыкі больш не мітусіліся ў аддаленні. Яны варушыліся вакол агароджы радавой сядзібы Роўбаў, як брудна-зялёная жамяра, намёты паспелі тут паставіць. Зблізу можна было разгледзець: сур’ёзныя дзядзькі, самавітыя, і зброя амаль як сапраўдная… За агароджу, аднак, ніхто не зайшоў.

Як жа магістарка з дацэнтам нічога не пачулі?

А яны, калі б і трубы Ерыхонскія ўструбілі, і калясніцы фараонавы загрукаталі, і камень раскалоўся вогненнымі пісьмёнамі, не пачулі б. П’янейшае за віно каханне.

Мсціслаў тузануў шыбы, спалохаўшы калонію васьмілапых нашчадкаў Арахны. А толку — калі звонку краты…

— Раю не мітусіцца, маладыя людзі! Выйсці вам адсюль не ўдасца. Ну што гледзіцё, як з яйка сёння вылупіўшыся?

Мужчынскі здзеклівы голас пачуўся проста са столі… Ці з-за сценаў… Ці з печкі… Пелагея ўхапіла Мсціслава за руку так, што сінякі, пэўна, застануцца.

— Вы парушылі межы чужой маёмасці! — Роўба ўключыў прафесарскую інтанацыю, звяртаючыся да закратаванага акна. — Неадкладна заканчвайце свае гульні і сыходзьце!

— Тц-тц-тц, куды вы спяшаецеся, спадар дацэнт! Гульня толькі пачалася.

Дзе ж тут дынамікі? Пелагея ліхаманкава аглядала пакой. У плафонах свяцільніка, ці што?

— Не спрабуйце, нічога не знойдзеце, — дадаў голас. — Сучасныя тэхналогіі.

Трапілі, як прусакі ў рошчыну.

— Што вам трэба? — вырвалася ў знерваванай Пелагеі. Мсцісіаў прытуліў яе да сябе і ліхаманкава абшукваў позіркам пакой. На вокнах першага паверха краты, верхнія забітыя дошкамі… Цяпер зразумела, што невыпадкова. Пастку рыхтавалі.

Сюжэт набываў выразную варыяцыю «горад у аблозе».

— Абрыдла назіраць за вашай рамантыкай, — працягваў здзеклівы голас. Дакладней, як Пелагея сама сабе яго абазвала, — Голас. 3 вялікай літары — Так што займіцеся справай. Бяры, дацэнт, той сшытак, які ў скрынцы ляжыць, і пачынай чытаць. Уголас. А мы паназіраем.

Пелагея сустрэлася позіркам з цёмна-зялёнымі вачыма Мсціслава. Яе ажно калаціла ад усведамлення, што за іх каханнем… за самым жаданым, за самым патаемным… назіралі чужыя бессаромныя вочы. Каб з іх чорная юшка палілася.

На запалых шчоках Мсціслава загарэліся чырвоныя плямы.

— У Беларусі дастаткова добрых латыністаў. Навошта вам я і гэтыя складанасці?

Пчала сціхла, стаілася ўнізе шыбы, там, дзе ўтварыўся чорны пісяг зляжалага бруду, зусім не падобнага да нектару, які належала шукаць меданосцы.

— Перачыталі ўдоўж і ўпоперак, чувак, і спецыялісты былі круцейшыя за цябе. — Голас гучаў зусім разняволена, у ім цяпер праслізгвалі гэткія прасцецкія ноткі — няма патрэбы мiгдaлы paзводзіць з двума паддоследнымі звяркамі. — Але нікому не ўдалося запусціць механізм рэакцыі. Толькі табе. Хоць пакуль у цябе атрымліваецца толькі гліна з дамешкам сернага калчадану, як нашы спецы сказалі, але ж гэта пачатак! Вось і паназіраем у натуральных умовах, што ж у табе асаблівага… Якога інгрэдыенту нам не хапала, а ў табе ёсць.

Адкуль яны даведаліся?.. Суседзі ў хату зазіралі? Былая жонка? Пелагея ўспомніла, Мсціслаў казаў: да яго заходзіўся бацька… Але ж бацька не будзе на сына даносіць, праўда?

— А дзяўчына вам навошта? Адпусціце! — цяпер Мсціслаў адрасаваў патрабаванне чамусь у столь, да скалечанай люстры.

— Дзеўка — частка эксперыменту. Па-першае, у цябе стымул будзе працаваць як належыць. Па-другое, яна таксама павінна паўтараць за табой усе дзеянні — каб мы маглі параўноўваць.

Пад дрэвам ля абмазанай салідолам агароджы фальшывыя страйкбалісты ладзілі нешта падобнае да палявой кухні. Надоўга збіраюцца атабарыцца…

— Вы не можаце трымаць нас тут бясконца! Нас пачнуць шукаць! Многія ведаюць, куды мы паехалі! — Пелагея старалася гаварыць пераканаўча і ўпэўнена.

— Ніхто вас не абшукаецца, мы пра гэта паклапоцімся, — амаль лагодна загаварыў Голас. Пелагея пільна ўглядалася праз акно — тыя, што швэндаліся па той бок агароджы, дакладна не былі Голасам.

— У намёце сядзіць, за маніторам, — ціхутка прашаптаў на вуха дзяўчыне Роўба. — Не падыходзяць, бо баяцца.

Баяцца? Чаго? А, відаць, схаваная ў сшытку моц, нявывучаная, незразумелая, можа нагнаць страху не толькі на спадароў філолагаў.

Ля самага вялікага намёта стаяў ахоўнік з аўтаматам,

— Значыць, так, панове. Прыбіральня шыкоўная — у каморы, злева ад печкі.

Пелагея тузанула вузкія аблезлыя дзверы… Сапраўды, пластыкавае вядро-ўнітаз, такія для лецішчаў робяць. Што за здзек…

— Усё цывілізавана. Раз на суткі будзем мяняць вам вядро. Перадаваць харчовы паёк. Вада ў кране ёсць. Электрачайнік маеце. Так што будзеце ўпарціцца — хоць да вясны вас тут пратрымаем, — аптымістычна запэўніў нябачны турэмшчык. — Для ўсіх тут ваенізаваны лагер з цалкам афіцыйным дазволам. Дарэчы, зброя ў нас сапраўдная.

— Хто вы? — выкрыкнула Пелагея сценам, столі, печцы.

— Якая вам розніца? Супрацоўнічайце, і будзе вам шчасце. Яшчэ і падзякуеце пасля.

Мсціслаў сціснуў кулакі, хоць біцца можна было толькі з печкай.

— Добра, мы зразумелі. Вы такія крутыя і таямнічыя, усё ў вашай уладзе і пад кантролем. Чаму ж у такім выпадку вы не перавезлі нас у якуюсь супер-пупер-таемную лабараторыю з суперабсталяваннем?

У цёмных пісягах на выцвілых шпалерах у ружовыя кветачкі можна было б прачытаць біблейскае «Мене, мене, тэкел, фарэс», але прачытвалася толькі беларускае менталітэтнае «Затое колькі мышэй ляснецца».

— А нашто нам псаваць сваю сучасную лабараторыю, каб ты ператварыў усё суперабсталяванне ды яшчэ і супрацоўнікаў у немавед што? — У Голасе на гэты раз чулася раздражненне. Баяцца дакладна. — А тут нічога не шкада. Мы і матэрыял для доследаў падрыхтавалі — бачыш мяхі з цэментам? Скрыні адчыні — там таксама ўсякага хапае. Стаў перад сабой і шамань. Пастараешся, дасі добры вынік — на «лексусе» будзеш ездзіць, а не — на сваей іржавай бляшанцы. I месцейка зусім не выпадковае. Тут жыў аўтар гэтага трактата. А паколькі ты ягоны прамы нашчадак, нейкі фактар, глядзіш, яшчэ і спрацуе.

Пелагея пхнула нагой накрыўку драўлянай скрыні. Яна зляцела, як шчыт пераможанага пад ногі пераможцу. Змесціва нагадвала скарб канчаткова звар’яцелага калекцыянера. Бронзавая статуэтка «Коні імчаць», пластыкавая маска Мікі-Маўса, гіпсавая выява Маці Божай, якія прадаюць у кіёсках ля касцёлаў, буйныя каралі з юлёвай яшмы, чыгунны гаршчок, гранітныя брускі, некалькі абліцовачных плітак пад малахіт, скрутак меднага дроту. Нават старыя гантэлі!

Яны што, спадзяюцца, што Мсціслаў ператворыць усё гэта ў золата?

— Вы што, ідыёты? У чароўную палачку верыце? — Дацэнт таксама пхнуў скрыню з эксперыментальным дабром здаровай нагой, аж з месца са скрыгатам зрушылася ад ягонае злосці. — Дваццаць першае стагоддзе на дварэ! Каб трансмутацыя металаў у золата была магчымая без ядзернай рэакцыі, даўно б вынайшлі ў лабараторыях! Вы яшчэ панацэю ад мяне запатрабуйце ці палінгенезіс! 3 вашым ладам мыслення хутка чума вернецца, вада ў кранах ператворыцца ў кіслату, а да кучы вайна, і ўсе чатыры вершнікі Апакаліпсісу па вуліцах праскачуць, і арханёл у трубу ўструбіць. Дзікуны забабонныя!

«I замыкацца будуць дзверы на вуліцу, калі сціхне гук жорнаў, і змоўкнуць дочкі спеваў…»

Прамова зрабіла на турэмшчыкаў такое ж уражанне, як рускамоўная лекцыя на кітайскіх студэнтаў, пазбаўленых гаджэтаў.

Пелагея заўсёды ўяўляла філасофскі камень як нешта матэрыяльнае… Як у «Гары Потэры» — чырвоны каменьчык у кішэні. Ну, прынамсі, ён павінен узнікаць у атачэнні колбаў, рэтортаў, змеевікоў, рознакаляровых рэчываў, якія дымяцца і бурболяць, і абавязкова на фоне палаючай печы.

Зрэшты, Мсціслаў казаў жа, што насамрэч атанор, алхімічная печ у Вялікім Дзеянні, — гэта сам чалавек. Яго духоўная сутнасць.

— Слухайце, як вас там! Я сам нічога не разумею і не ўпэўнены, што нешта змагу паўтарыць. Усё атрымалася выпадкова!

— А ў нас часу хапае. Спрабуй, чувак...

Яны не жартуюць! Пелагея задрыжэла, у носе заказытала — не хапае расплакацца, як слабой дурнічцы. Мсціслаў абняў, крануў цёплымі вуснамі ейныя, халодныя, дрыжачыя…

— Ну вось, даўно б так! У мяне тут ужо народ пытаецца, калі паглядзець працяг серыялу пра каханне.

— Навалач!

Дацэнт схапіў з адкрытай скрыні гантэль і як шпурне туды, дзе нібыта чуўся Голас… У бледны бок печкі.

— О, дык мы любім, как жорстка! Ухваляю!

Пелагея, аднак, перастала зважаць на абразы. Яна наблізілася да печы, у якой шпурнутая ад усяго філалагічнага гневу фізкультпрылада пакінула выбоіну, і спрабавала здушыць крык і страх, каб не заўважылі назіральнікі. Мсціслаў падышоу і пабачыў таксама… У баку печкі за адбітай фарбаванай паверхняй бачылася знаёмае шэра-залацістае рэчыва.

Дацэнт падняў гантэль і яшчэ раз гахнуў, яшчэ… Верхні пласт — фарба і тынкоўка — асыпаліся, вызваляючы шэра-залацістую эзатэрыку.

— О, правільна — пабі печку, дацэнт, спусці пару! — насмешнічаў Голас.

Ну, дзякуй Богу, іх турэмшчыкі са сваімі тэхналогіямі усё могуць тут разгледзець. А значыць, шанц ёсць...

I засталося нейкім чынам пастарацца не увасобіць чацвёрты тып сюжэта.


СТАДЫЯ ШОСТАЯ. ДЫСТЫЛЯЦЫЯ, АЧЫШЧЭННЕ ВАДКАЙ МАТЭРЫІ АД БРУДНЫХ ДАМЕШКАЎ


Навіна ў рот, хвароба за плот, заечы паварот, мядзведжая сіла!

Так прыгаворвала Карусёва бабуля, калі яны каштавалі першыя саспелыя ягады — парэчкі, агрэст ці маліны.

На кусце агрэсту, які рос проста ля высокага каменнага ганка, ягады былі яшчэ зусім зялёныя, але пальцы самі сашчыкнулі адну «навіну»: пакуль дабіраліся да пасёлка Піянерскі, жываты падвяло.

Галінка, аднак, устрымалася, зіркнула дакорліва: нельга браць чужое! Нават калі тут жыве родны дзядзька.

Хоць сумнівы наконт адраса вярэдзілі… Карусь яшчэ раз агледзеў будынак: двухпавярховы дом з чырвонай цэглы, падмурак каменны, з разынкавай кладкай, на ганку — дзве драўляныя калоны. Ляпны карніз — іанічны арнамент, стылізаваныя хвалі, па якіх арганаўты плылі здабыць залатое руно з царскае прыхамаці і ад геройскае зухаватасці. Праз роўныя прамежкі паміж хвалямі з карніза пазіралі страшныя барадатыя гіпсавыя фізіяноміі з надзьмутымі вуснамі… Магчыма, выявы чатырох вятроў. Як іх там… Барэй, Зефір, Нот і Эўр. Энцыклапедыя сусветнага мастацтва, што засталася ад бацькі, з прыгожымі гравюрамі і каляровымі ўклейкамі, была настольным чытвом юнага Канстанціна Роўбы ад шасці гадоў. На вокнах цяжкія сінія аканіцы з ліштвамі ў выглядзе геральдычных лілей. Карусь такія ўрачыстыя лілеі бачыў на шляхецкіх партрэтах у музеі. На даху абсела пазелянелая ад часу чарапіца.

Пад вокнамі дужа панскага з выгляду дома стракацелі дзве курціны дзівоснай прыгажосці. У цэнтры кожнай кіравалі кветкавым балем белыя лілеі — можна было ўявіць, што распісаныя ліштвы — іхняя галерэя партрэтаў шляхетных продкаў. Да дома вялі прысады са старых ліп з рэшткамі брукаванкі. Быццам пані ў зялёных шырачэзных рабронах шыхтуюцца, сустракаючы карэту, і пазіраюць паўзверх галоў несамавітых прыблудных прасталюдцаў, якіх за гасцей не ўважаюць. Такія ж прысады ішлі ад дома да вялікай белай будыніны — вось там дакладна самы галоўны пан жыў. Цяпер, калі верыць прафесару Лубовічу, у будыніне месцілася школа.

Не падобная камяніца з фізіяноміямі вятроў да чыйгосьці жытла. Hi агароджы, ні сабакі, ні градаў… Які ж беларус без градаў ды гародчыка? Куст агрэсту можна не лічыць. На шыльдзе ля магутных дзвярэй, фарбаваных, як і аканіцы, ярка-сіняй фарбай, значылася: «Сельскі клуб».

Галінка пагладзіла калону.

— Глядзі, сляды ад куль…

Сапраўды, калоны ўсе былі зраненыя. Выбоіны меліся і ў чырвонай цэгле сценаў, і ў лазуркавых дзвярах. У Каруся нават зменшылася варожасць да «панскага гнязда»: яно таксама падзяліла з тутэйшым людам ліха.

Хлопец нарэшце наважыўся і пагрукаў у дзверы цяжкім жалезным кольцам, прыробленым побач з клямкай. Кольца было адпаліраванае мноствам дотыкаў і памятала, напэўна, спешчаныя далоні першых гаспадароў.

Па той бок дзвярэй нешта таксама загрукатала… Засовы рыпнулі…

— Ну, здароў, пляменнік!

Такому дзядзьку хацелася саступіць дарогу, апусціўшы вочы. Каб не раззлаваць выпадкова.

Хаця зусім не быў ён ні магутны, ні застрашлівы. Так, высокі, хударлявы, затое ўвесь жылісты, з адчуваннем нейкай унутранай моцы. Твар худы, нос драпежны… Карусь памятае фота бацькі — рысы падобныя, але мякчэйшыя. А вочы… Цёмныя, пранізлівыя… Даўней ад позірку такіх вачэй жагналіся, каб не сурочылі. Пінжак у зялёна-брунатныя краткі занасіўся да бляску, левы рукаў засунуты ў кішэню, каб не матляўся. Галінка нават мімаволі ўхапіла Каруся за руку, чаму той, зразумела, не пярэчыў.

— Лубовіч напісаў, што ты мусіш прыехаць… Доўга ж ты збіраўся.

Гаспадар прапусціў гасцей у дом. Пасярод вялікай залы, упрыгожанай партрэтамі савецкіх правадыроў і паліцамі з кнігамі, наверх падымалася шырокая драўляная лесвіца з дубу. Балясіны ўвенчваліся разнымі лілеямі, падобнымімі да буйных сасновых шышак. На сцяне верхняга пралёта азіраў мудрымі вачыма усё памяшканне Сталін, бацька ўсіх народаў. Злева ад лесвіцы перакрывала прастору сцяна з дзвярыма відавочна пазнейшага паходжання.

— Вось тут мы з Анатолем выраслі, — цёмныя вочы пільна ўзіраліся ў юнака. — I твой дзед,і твой прадзед.

— Вялікі дом… — прабурчэў Карусь. — У Грамадзянскую ўладальнікаў такіх дамоў да сценкі ставілі, як буржуяў.

Васіль Роўба скрывіў фанабэрыстыя вусны.

— Твой дзед, а мой бацька, падчас свайго навучання ў медыцынскім інстытуце ў Пецярбургу пасябраваў з будучым беларускім наркамам. Разам былі ў сацыял-дэмакратычнай партыі, выпускалі газету «Дзянніца». Калі савецкая ўлада прыйшла — бацька адразу аддаў дом пад камбед і хату-чытальню, аддзяліўшы для сям’і вось гэты закуток. Дзе я цяпер і жыву як загадчык клуба ў службовай кватэры. — Дзядзька тыцнуў пальцам адзінай рукі ў сцяну злева ад лесвіцы. — Але і да гэтага частка дома была аддадзеная пад школку для сялянскіх дзяцей і народную бібліятэку, за што бацькі і цярпелі ад царскіх жандараў. Ну што, перадумаў роднага дзеда расстрэльваць?

Кастусь прысаромлена апусціў галаву.

— Я не ведаў... Маці казала толькі — мае бабуля і дзед памерлі ад тыфу ў дваццаць чацвёртым.

Гаспадар не палагоднеў.

— Няведанне ўласнага роду — хвароба пакалення, якая яшчэ адгукнецца беларусам.

— Мы ўсе аднаго роду — савецкія людзі! — выкрыкнула Галінка.

Васіль Роўба перавёў на яе пранізлівы цёмны позірк.

— Сяброўка твая? Габрэечка?

— Мая мама беларуска. Тату не ведаю. Я савецкі чалавек, — звонка заявіла Галінка, і Карусь гатовы быў завярнуцца і сысці ад гэткага непрыемнага сваяка.

— Добрая дзяўчынка. Правільная. Ну што, заходзьце ў мой палац.

«Палац» быў, вядома, большым, чым той закуток, дзе жыў Карусь з прыёмным бацькам, але і не дужа вялікі. Тым болей тут усё было застаўлена — кнігі, якія шыхтаваліся на этажэрках, грувасціліся ўздоўж сцен вавілонскімі вежамі. Сцены з рэшткамі старасвецкіх тканінавых шпалераў — дробныя ружовыя кветачкі на цёмна-сінім фоне — завешаныя акварэльнымі замалёўкамі беларускіх народных касцюмаў, гравюрамі з замкамі і сядзібамі, рэпрадукцыямі з часопісаў, у асноўным карцін мастакоў Сярэднявечча ды Адраджэння. Сапраўдная карціна алейнай фарбай у пашкоджанай, калісьці пазалочанай важкай рамцы выяўляла рамантычны пейзаж: ноч, поўня, хмары, бурлівае мора і чалавек, які саскочыў са змрочнай гатычнай вежы і ляціць на незразумелым прыстасаванні, трохі падобным да парашута. Карціна была ўся пакрытая трэшчынамі, быццам сабраная з аскалёпкаў. Там-сям фарба асыпалася. Пакой нагадваў звар’яцелую жабрачку, якая апранае на сябе што знаходзіць або выпрошвае: дзесь кофтачку, дзесь стужачку. Нават на бок печкі, пафарбаванай ў знаёмы лазурак, было начапляна нейкіх газетных выразак, скурчаных ад гарачыні, — вершы, зацемкі… Рэпартаж з газеты «Літаратура і мастацтва пра адкрыццё музея Янкі Купалы.

Сярэдзіну пакоя займаў круглы стол на тонкіх выгінастых ножках, якія прыселі ў чапурыстым рэверансе. Белы вязаны абрус у лілеі. Флёр-дэ-ліс. Каралеўская геральдычная лілея. Насамрэч — кветка ірыса, касач, багіня вясёлкі…

Васіль Роўба ўсеўся на адзінае ў пакоі крэсласа са спінкай з пераплеценых вензелямі дубцоў і кіўнуў на драўляны ложак, накрыты саматканай посцілкай у зялёна-чорныя шашачкі.

— Ты, Карусь, сядай, а ты, дзяўчына… Як завуць? Галя? Дастань, Галя, вунь з тае шафкі талеркі і кубкі… У чыгунку вараная бульба. Соль побач…

Карусь ведаў, чым скончыцца падкрэсліванне пры Галінцы «спрадвечнай жаночай ролі», і ўзяўся збіраць на стол разам з ёю… Мо дарэмна яны сюды прыехалі?

— У нас у сям і заўсёды былі дзве пароды мужчын. — Цёмны позірк дзядзькі па-ранейшаму заставаўся пільным і не дужа прыветным.— Адныя — высокія, худыя і рухавыя, як я ды твой бацька. Другія — высокія і шыракаплечыя, мацакі. Наш з Анатолем бацька мацаком удаўся. I ты ў такую пароду пайшоў: плечы будуць як засланка ад печы. Слабых, баязлівых і здрайцаў у родзе пакуль не з’яўлялася. Але ўсё калісь здараецца ўпершыню.

— Не са мной, — цвёрда вымавіў Карусь, гледзячы ў цёмньм вочы гэтага… чужога чалавека. — Кроў не ўсё вырашае.

Фанабэрыстыя вусны пакрывіліся, тонкія доўгія пальцы прастукалі па стале бадзёры рытм.

— Вось як… А з якой мэтай ты прыехаў? Радаснае з’яднанне сваякоў?

Карусю кавалак бульбіны ледзь не перасеў у горле. Паклаў недаедзены клубень на талерку.

— Для мяне і гэтая прычына была б дастатковай. Вы — адзіны сваяк па бацьку, якога я ведаю. Але вы маеце рацыю, ёсць і іншая прычына.

Галінка таксама перастала есці і напялася. Васіль Роўба крывіў вусны, свідраваў пляменніка позіркам і чакаў… Вельмі напружана чакаў. I Карусь зразумеў, што, калі зараз схібіць — гэтая сустрэча станецца апошняй і дарэмнай.

I ён зірнуў на насцярожаную сяброўку, уздыхнуў і распавёў усё як ёсць. Не хаваючы нічога.

I гэта быў адзіна правільны крок. Вочы Васіля Роўбы перасталі здавацца непрыемна пранізлівымі.

— Туторкаў — паскуднік. Ты правільна зрабіў, што з ім не пабрахаўся. Гад помслівы. Скажаш яму — дзядзьку цяжка разгаварыць, трэба яшчэ паездзіць, у давер увайсці. I падазрэнняў не будзе, калі яшчэ надумаешся прыехаць. А то вунь Лубовіч двойчы з’явіўся, а далей баіцца. Ён чалавек заўважны, пры пасадзе. А я былы зэк.

Апошнія словы дзядзька прамовіў з націскам, позірк зноў пацяжэў. Але Карусь ніяк не выявіў ні здзіўлення, ні спалоху. У адрозненне ад Галінкі.

— А за што вас пасадзілі?

Гэтая дзяўчына язык на прывязі ніколі не трымала, вунь аж напялася ўся — а раптам вораг побач?

— За мяккі знак.

Што за жарты? Васіль Роўба хмыкнуў.

— Вы ж ведаеце, што раней у беларускай мове пісалася, як гаварылася, спеўна ды пяшчотна — песьня, сьнег… 3 мяккімі знакамі. Але ж такое напісанне адрознае ад расейскае мовы, вось нейкім боўдзілам і прыйшло ў галаву, што гэта ўхіл у нацыяналізм. Ну, правялі рэформу, скалечылі мову, прычасалі на свой капыл… А я якраз у адну рэдакцыю прыйшоў, вершы прынёс. У новым правапісе. Выйшаў з хлопцамі пакурыць за весніцы. Адзін і кажа: цікава, цяпер «весьніцы» без мяккага знака пачнуць рыпець? А я кажу: проста яны цяпер такія цвёрдыя, што будуць пад зад біць усіх, хто новых правілаў не ведае. Пасмяяліся. Сярод тых, хто смяяўся, быў даносчык. Назаўтра мяне забралі за контррэвалюцыйную прапаганду. Бо быў яшчэ данос за мае вершы. Адзін верш, аказваецца, па руках хадзіў, у розных кампаніях чыталі… Пры арышце ў мяне знайшлі сшытак з маімі выпіскамі з загалоўкамі «Вучэнне Канта пра чысты розум» і «Метафізіка Арыстоцеля». Рыхтаваўся да лекцый па філасофіі. Следства ўстанавіла, што там утрымліваюцца паклёпніцкія нападкі на савецкую ўладу і вучэнне Маркса.

На вачах Галінкі блішчэлі слёзы.

— Гэта… гэта несправядліва!

На адной з гравюраў рушылася Бабілонская вежа, і малесенькія людцы мітусіліся, як мурашы, не ў змозе асэнсаваць, чаму раптам сталася кепска, калі было добра і была такая стваральная прагрэсіўная праца.

— Са мной у камеры сядзеў здоровы такі дзядзька, малапісьменны, з бойні. Яго вінавацілі, што каровы, якіх ён забіваў, былі худыя — небарака не мог уцяміць, у чым яго віна, бо кароў жа калгас прывозіў. Яго пасадзілі ў карцар, ён звар’яцеў і з голаду пачаў сам сябе есці. Другі сусед па камеры, прафесар, праходзіў як шумерерскі шпіён. Нікому не было справы, што шумерскай дзяржавы не існуе ўжо колькі тысяч гадоў, Прафесар жа віну прызнаў. Яго расстралялі. Наш акадэмік Замоцін, найінтэлігентны дзядзька з расейскіх сялянаў паходжаннем, які адкрыў белорусам Максіма Багдановіча, быў асуджаны адразу па двух пунктах: як вялікадзяржаўны шавініст і як белорускі нацыяналіст. Рэктара Баўманскай вучэльні Гарбунова, як мне распавядалі, звінавацілі за контррэвалюцыйную арганізацыю турыстаў і альпіністаў. Адзін чырвоны камандзір, з якого выбівалі прызнанне ў шпіянажы на карысць Чэхаславакіі, сказаў на допыце, што яго завербаваў Гец фон Берліхінген. Той легендарны рыцар з жалезнай рукой з шаснадцатага стагоддзя. I нічога, пайшло ў пратаколы і стала падставай для расстрэлу «шпіёна». Інжынер сядзеў, які для паляпшэння дадаў у маслабойку адну лопасць. Не заўважыў, што ўтварылася падабенства свастыкі. А нехта пільны заўважыў. У штрафбаце я ваяваў разам з кучаравым хлопцам, які у рабфакаўскім інтэрнаце перад люстэркам прамовіў, сабой любуючыся: «Кудлы ў мяне як у Зіноўева». Асуджаны за прапаганду ворага народа Зіноўева, да вайны чатыры гады паспеў адсядзець з васьмі У нас быў палітрук, які лічыў, што схаваныя ворагі народа — усе, чые прозвішчы заканчваюцца на «ч» і «і». Я быў па-за падазрэннямі.

Голас дзядзькі Васіля гучаў так, быццам ён расказваў смешны анекдот. Галінка сціснула кулачкі.

— Так не можа быць у савецкай краіне!

— А кансерва той, якога ты па галаве партфелем біла, можа быць? — ціха спытаў Карусь. — А з дома ў Ленінградзе вас справядліва выгналі? А нашу бібліятэкарку Святлану Уладзіміраўну правільна забралі за выдачу контррэвалюцыйнай літаратуры?

Перавёў пагляд на дзядзьку, патлумачыў:

— Напісаў нехта данос, што выдала забароненую кнігу Серафімовіча «Жалезная плынь». Загадчык бібліятэкі пачаў тлумачыць, што «Жалезная плынь» не дапускаецца да распаўсюджвання толькі тады, калі ў прадмове згадваецца расстраляны камкар Каўцюх, а ў выданыі з іх бібліятэкі тае прадмовы няма. Але Святлана Уладзіміраўна дасюль сядзіць. А загадчыка звольнілі.

Дзяўчына хацела нешта дзёрзкае адказаць, ды толькі панурылася і прамармытала газетнае, накшталт «асобныя плямы грамадства — з’ява часовая». Карусь уявіў, як Галінка ў будучым сама з энтузіязмам піша падобныя артыкулы, і неяк непрыемна сталася…

— Як Сафійка памерла? — раптам спытаў дзядзька Васіль.

Карусь скупа цадзіў словы — пра смерць маці ўсё яшчэ балюча было казаць… Дзядзька слухаў, нізка апусціўшы галаву. Калі расповед скончыўся, ён так і застаўся сядзець, быццам невыносным цяжарам прыціснула. Раптам Карусь заўважыў, што рука дзядзькі дрыжыць. Тонкія доўгія пальцы, шурпатыя ад працы, дробна трэсліся. Дзіўна, дзядзька ж наўрад добра ведаў братавую — тая ні разу пра яго не згадвала.

Васіль Роўба сціснуў дрыжачую руку ў кулак, прамармытаў у карункавы абрус дзіўнае:

— Моцнае, нібы смерць, каханне… I страшнейшае за яе.

Ускінуў галаву:

— Ну што ж, хто выжыў — трэба жыць далей. Як казаў суб’ектыўны ідэаліст К’еркегор, жыццё можна зразумець, толькі азіраючыся назад, але пражыць яго можна, толькі рухаючыся наперад. Паказвай, хлопец, з чым прыехаў… Што змагу — падкажу.

Таямнічы план на пажаўцелай паперы ледзь змясціўся на стале, краі млява звешваліся, быццам скура забітага звера.

— Твой прапрадзед рабіў,— сцвердзіў дзядзька Васіль, ледзь доўгім носам не водзячы па маршчыністым абліччы дакумента. — Вось і подпіс

Унізе злева тонкія рысачкі складаліся ў «ing. К. A. Rofba».

— Нейкае прозвішча нямецкае…— буркатнула Галінка з-за пляча Каруся.

— Проста няўдала перададзеная фанетыка.— Нос дзядзькі Васіля збоку нагадваў… не, не гругана, хутчэй шуляка. — У расейскамоўных дакументах наш продак завецца «Калистрат Афанасьевич Ровбо». Значыць, Роўба па-нашаму. Гэтак атрымаліся сярод беларусаў Заёнцы ды Лапато — заміж Зайцоў ды Лапатаў. Быў інжынерам… Скончыў Віленскую акадэмію, працаваў на будаўніцтве Дняпроўска-Бугскага канала… Судзілі яго пасля паўстання Касцюшкі, але доказаў удзелу ў рокашы не знайшлі. Затое ў 1831-м, ужо сталым чалавекам, бацькам траіх дзяцей, загрымеў у Сібір як інсургент разам з двума сынамі. Пазбавілі шляхецтва — тым болей па паходжанні ён з мужыкоў. Маёнтак гэты сканфіскавалі. Бацька расказваў, што Караблі выкупіў багаты шляхціц па прозвішчы Жылка, які сімпатызаваў Роўбам. Ён тут і не паказваўся ніколі. Гэтую будыніну адразу аддаў сям’і прадзеда Калістрата, таму, як той вярнуўся з катаргі з адным сынам — другі ў Сібіры памёр, — было дзе жыць. Галоўны дом нібыта здавалі ў арэнду, але, думаю, фіктыўна, і насамрэч ім карысталіся Роўбы. Зладзілі там сельскагаспадарчую школу і шпіталь. Калістрат Роўба пражыў доўга, праектаваў дарогі, масты, каналы, асушаў балоты. Іосіф Жылінскі па мянушцы Балотны Генерал, калі Палессе асушаў, карыстаўся напрацоўкамі Калістрата Роўбы. A гэта ў цябе, пляменнік, план асушэння балотаў дзесь у Ігуменскім павеце. Нечы маёнтак прадзед удасканальваў. Хацеў бы ведаць больш — але пакуль не раскапаў. Затое ведаю, як ён выглядаў…

Дзядзька пасунуўся некуды ў кут, за этажэркі з кнігамі, зашаргатаў, нязграбна намацваў… Нешта пападала пад каментарыі: «А каб вас шашаль паеў...»

3-за кніжных завалаў дастаўся партрэт без рамы. На цёмным фоне, у якім толькі ўгадваліся абрысы магутнай крэпасці, узіраўся ў нашчадкаў светлымі сумленнымі вачыма магутны чалавек. Здавалася, ён пазірае праз цябе, некуды ў пушчанскія нетры, выглядаючы звера. Сурдут шчыльна абцягваў ягоныя плечы, здавалася, уладальнік паварушыцца — і тканіна распаўзецца. Светлыя неслухмяныя валасы зачасаныя назад, высокі ўпарты лоб, густыя прамыя бровы сыходзяцца над пераноссем. Аблічча шырокае, без арыстакратычнай тонкасці. Хаця такому волату пасаваў бы меч, у цяжкай руцэ чалавек трымаў веерам чарцёжныя прылады — цыркуль, аловак, лінейку…

— Калістрат Роўба, — агучыў дзядзька Васіль відавочнае. — Ты нечым да яго надобны. Маёнтак Караблі ён атрымаў у пасаг за жонкай, усё ягонаму цесцю раней належала.

— Што за цесць? — Карусь асцярожна правёў пальцам па краёчку палатна.

— Няпросты быў чалавек, меў шмат ворагаў,— задуменна прамовіў гаспадар.— Нават на партрэце цяжка штось разабраць… Ад нашай фамільнай галерэі толькі два яны і ацалелі — інжынер і гэты...

3-за шафаў з кнігамі Карусь дапамог дастаць яшчэ адну карціну, беражліва закручаную ў абгортачную паперу.

Гэта было ўсё адно як зазірнуць у палонку з чорнай вадой, у якой мітусяцца зоры і срэбныя рыбы, а пад імі пагрозна рухае сваё бясконцае цела Левіяфан. Хаця ад партрэта сапраўды мала што засталося… Ён напалову абгарэў, у палатне парэзы, нібыта нехта з нянавісцю тыцкаў нажом у намаляванае аблічча. На абліччы засталося адно вока, драпежны нос, фанабэрыстыя вусны. Пазнавалася, што чалавек хударлявы, але жылісты і, мяркуючы па зморшчынах і сівізне ў чорных валасах, — немалады. Але які позірк ацалелага чорнага вока! Мастак быў выбітны, відавочна італьянскай школы, і выдатна перадаваў дэталі. Позірк разумны да вар’яцтва, праніклівы да немагчымага, уладны — страшна аслухацца… Холад па скуры. Пастава — быццам нацягнутая спружына, зачапі — вокамгненна распрастаецца і ўдарыць… Чорны строгі сурдут, бель кашулі… У куце карціны застаўся фрагмент рукі — тонкія доўгія пальцы маглі належаць музыку.

— Ён быў доктарам. Слынным доктарам,— чамусьці ціха прамовіў дзядзька Васіль. — Здольным на сапраўдныя цуды. Навукоўцам і фехтавальшчыкам. Маёнтак атрымаў за вайсковыя заслугі разам са шляхецтвам. Тут, у Караблях, ён учыніў прытулак для збеглых прыгонных і ўсіх пакрыўджаных. Пра гэта казка ў народзе засталася. Там яго называюць магутным чарадзеем, якога ўсе іншыя паны баяліся.

— А як яго звалі? — Галінка чамусьці таксама загаварыла ціха-ціха, быццам чалавек з пашкоджанага партрэта мог пачуць і спыніць яе.

Дзядзька трохі памаўчаў.

— Сёння яго сапраўднае імя лепш не згадваць.

Паглядзеў на пашкоджанае аблічча продка — а ён жа падобны да яго: і хударлявасцю, і жылістасцю, і драпежным носам, і цёмнымі пранізлівымі вачыма. Толькі твар Васіля Роўбы не бледны, як у доктара, а загарэлы на вясковым сонцы, і зморшчын багацей — хоць гадоў менш, чым прадзеду на карціне.

— Баюся, што гэты чалавек настолькі апярэдзіў свой час, што і па сёння тое-сёе з таго, што ён умеў, здаецца ці нейкім цемрашальствам, ці шалберствам. Тры дні таму адну бабульку ў нас зрыштавалі. За рэлігійную прапаганду. Шаптуху. Агнявіцу загаворвала, спалох вылівала — як у шаптух і прынята. Але ўмела і водзячы рукамі, націскаючы на пэўныя кропкі на целе выводзіць камяні з нырак і мачавога пухіра, імгненна загойваць раны, а гледзячы ў вочы, усыпляць. А якія адвары моцныя з зёлак ад розных хвароб рабіла — нават раённае начальства крадма па іх пасылала. Казала — ейны дзед навучыў, а таго — сам Чорны Доктар. Гэта ён і ёсць…

— Дык ён быў чараўніком? Знахарам? Дурыў народ фокусамі? — Галінка грэбліва касавурылася на аднавокі партрэт.

— Наўрад чалавек, які скончыў Лейпцыгскі ўніверсітэт з дыпломам доктара нават у васямнаццатым стагоддзі, можа называцца знахарам,— трохі зарэзка адказаў дзядзька Васіль. — Паўтараю, ён быў слынным доктарам, хірургам і навукоўцам. А што ягоныя рэдкія веды і ўменні, пушчаныя ў народ, вытлумачваюцца чарадзействам ці фокусамі, — не яго віна.

Нервовым рухам зачасаў пяцярнёй густыя чорныя валасы, ад чаго падабенства з партрэтам узмацнілася.

— У дваццатых тут «ізымалі» прадметы культу — забралі ў дзеда Мікіты з хутара «чорную кнігу», па якой ён, як сцвярджалі суседзі, замовы па ветры пускаў. Пакаленнямі гэтую кнігу перахоўвалі, баяліся яе сілы, казалі, што нячысціка з яе дапамогай выклікаюць і слугаваць прымушаюць. Дзед Мікіта з сынамі ледзь з сякерамі за гэтую кнігу на прыезджую камісію не кінуліся. Ну, завезлі сканфіскаваную таміну ў павет. Знайшлі там дасведчаныя таварышы трактат «Флора Літвы» Жана Жылібера, заснавальніка Гарадзенскай медычнай акадэміі. Цалкам навуковае выданне пра расліны, і па сёння каштоўнае.

Дзядзька Васіль пашукаў у навясной шафцы, распісанай чырвонымі макамі, дастаў бляшанку з-пад гарбаты, накрыўка са шчаўчком зляцела.

— Вось адзінае, што магу на памяць даць аб нашым продку-доктару — завалілася ў шчыліну падлогі.

У бляшанцы знайшоўся мізэрны флакон зеленаватага шкла з дзіўна выцягнутым рыльцам. Ён круціўся на пацямнелым срэбным ланцужку, заціснутым у дзядзькавых пальцах, як мёртвая жамяра. У шкляным жываце «жамяры» каламуцілася вадкасць.

— Ведаеш, што такое?

— Для парфумы, напэўна.

Каруся спадчына не надта ўразіла, хаця палёгка, што не крыжык, — як яму, камсамольцу, крыжык у падарунак прыняць…

— Гэта слёзніца. Калі паміраў хтосьці блізкі, у доказ сваёй жальбы паны, і асабліва панечкі, насілі з сабой такія сасуды і збіралі ў іх свае слёзы. Каб усе бачылі мерку тугі. Не ведаю, ці належала гэтая слёзніца Чорнаму Доктару, але там не слёзы. А нейкае дужа моцнае рэчыва, кшталту кіслаты. На паперу капні — цэлы аркуш счарнее, спапялее. Думаю, якраз слынны алхімік мог вынайсці. Трымай, асцярожна толькі…

Карусь схаваў бляшанку з атрутнай шкляніцай у торбу.

Перш чым дзядзька з дапамогай Каруся зноў загарнуў пашкоджаны партрэт у паперу, хлопец паспеў прачытаць подпіс: «PoloteskFaust».

— Чакайце, дык такі ж подпіс на сшытку!

Дзядзька замёр.

— На якім сшытку?

Карусь замяўся.

— Ну, быў у бацькі сшытак… Стары. Алхімічны трактат… На лаціне. Аўген Лубовіч перадаў вам пераклад таго трактата — мая мама перад вайной папрасіла, бацька не паспеў… Але там палова тэксту — нейкая абракадабра.

…3ялёныя ягады агрэсту спелі на сонцы, yсмоктвалі ў сябе моц летняга дня, наліваліся святлом, каб набыць слодыч замест юначае кіслінкі. На жаль, з чалавекам цягам жыцця адбываецца адваротнае. Карусь глядзеў, як дзядзька Васіль уважліва чытае старонкі, што стракацяць формуламі і нязграбна перамаляванымі схемамі. Сівізна падымаецца ад скроняў, яшчэ колькі гадоў — будзе сівы… Глыбокія зморшчыны на загарэлым твары знутры белыя… Цікава, якім быў бы бацька пасля перажытага? А мо яшчэ ўдасца пабачыць?

— Алхімія. 3 яе паўсталі многія сучасныя навукі. — Дзядзька папёрабіраў старонкі, пільны позірк выхопліваў асобныя цытаты.

— «Як і Альбер Вялікі, я сачыў за працэдурамі выварвання і вазгонкі, растварэння і перагонкі, размякчэння, абпальвання і згушчэння ў алхімічных і іншых працах і таксама пераканаўся, што ператварэнне ў Сонца і Месяц магчымае, прычым алхімічнае Сонца і алхімічны Месяц у выпрабаваннях і апрацоўцы лепей за прыродныя золата і срэбра…» «Выварваннем і цесным судакрананнем чырвонае ў мыш’яку можна зрабіць чорным, а пазней — і 6елым дапамогай вазгонкі…» «Ляпіс-лазурак, называны transmarinum, мае паходжанне са срэбра. Свінцовы глет вырабляецца з волава. Волава ж у выніку мноства выварванняў набывае залацісты колер. Няма неверагоднага ў тым, каб волава ператварыць у адну з разнавіднасцяў срэбра. Жалеза ператвараецца ў жывое срэбра, як дэманстравалі Альбер Вялікі і Райманд Лулій і як магу я, нікчэмны. I я веру таксама, што ўсе металы могуць ператварыцца ў золата i срэбра, толькі ў адрозненне ад прыродных яны не прыцягнуцца дыяментавым каменем». Цікава, што за дыяментавы камень?

Васіль Роўба гартаў старонкі перакладу беражліва, быццам яны маглі рассыпацца.

— «Што для мяне, грэшнага, найболей каштоўнае з уласцівасцяў Сонца месяцовага? Панацэя, якая можа ацаліць усе хваробы? Палінгенезіс — узнаўленне прадмета з попелу? Стварэнне гамункулуса? Вылучэнне астральнага эфіру, які дае вечную маладосць і ўсё ператварае ў золата? Паводле паклікання свайго я выбраў бы першае — панацэю, пагарджаючы астатнім… Але ці дасць Гасподзь мне такія веды?»

— Вы кажаце — дыпламаваны доктар… Шалбер і містык! — вочы Галінкі ваяўніча блішчэлі.

— Некаторыя сучасныя доследы людзям будучага таксама могуць падацца цемрашальствам, — пакрывіў вусны Васіль Роўба. — А падобным тады захапляліся ўсе — і каралі, і князі, і мніхі ў кляштарах. Усё майно страчвалі на доследы. Напэўна, і Полацкі Фаўст добра патраціўся: мяркуючы па запісах, доследы ягоныя цягнуліся не адзін год. Суткамі нешта варыў. Але я дакладна ведаю: большую частку жыцця ніякай алхіміяй і магіяй ён не займаўся. Гэта ўсё… — кіўнуў на трактат, — памылкі юнацтва. Вельмі веруючы чалавек быў. Царкву фундаваў у Караблях… Там цяпер склад паліва.

— Значыць, застаўся забабонным! — не здавалася Галінка.

— 3 забабонамі ён змагаўся, адукоўваў простых людзей… I вось іронія лёсу — ягоныя навуковыя веды ў народзе ператварыліся ў магічныя рытуалы.

Дзядзька перагарнуў апошнюю старонку рукапісу.

— «Усё было дарэмна. Прывязка да матэрыяльнага свету перашкаджае правільнаму разуменню сутнасці працэсу. Я не здолеў адарвацца ад зямной сутнасці. Распаліць дастатковы агонь у духоўным атаноры. Чагосьці мне не хапае. Нейкага інгрэдыенту. Магчыма, гэта…» Тут нейкія незразумелыя значкі. Аўген перамаляваў як мог. Сапраўды, шмат ведаў — шмат суму.

Падняў цяжкі позірк на Каруся.

— У мяне двойчы ператрус рабілі, шукаючы нешта, падобнае да таго зніклага сшытка. Гэх, паглядзець бы арыгінал...

Карусь наважыўся, палез у сваю парусінавую торбу і дастаў скрутак.

— Вось…

Пабачыўшы абгарэлы па краях сшытак, дзядзька Васіль нечакана ўскочыў — як звер, імкліва і плаўна — і знік з пакоя. Забразгалі засовы. «Дзверы зачыняе», — здагадаўся разгублены Карусь.

Вам пашанцавала, што сёння ў клубе нікога,— змрочна прасычэў дзядзька, калі вярнуўся. — Рэпетыцыя драмгуртка толькі заўтра. Паседжанне па займах учора адшумела. Такі дакумент з сабой вазіць... Падлеткі, якія думаюць, што яны вечныя… Спадзяюся, язык на прывязі трымалі?

— Я нават Галі гэты сшытак не паказваў. — Карусь пачаў ужо шкадаваць, што быў шчырым. Тым болей Галінка крыўдліва прыкусіла губу. Але вось дзядзька Васіль узяўся вывучаць сшытак, параўноўваючы з перакладам… I нібыта паветра загуло ад трывожнага і шчымлівага прадчування таямніцы.

— А што гэта за значкі? — не вытрымаў хлопец.

— Формулы. У алхімікаў быў свой тайнапіс, абазначэнні хімічных элементаў, інструментарыю, дзеянняў… — Вось цяпер Карусь мог пазнаць у з'едлівым дзядзьку сваю пароду — ён гэтак жа загараўся таямніцамі слоў, гэтак жа не мог устрымацца ад расшыфроўкі тэксту на малазнаёмай мове.

Дзядзька раздражнёна ўздыхнуў.

— Так, па памяці не спраўлюся. Пайшлі, хлопец, Дапаможаш. А ты, дзяўчына, тут пачакай.

На другім паверсе знаходзілася бібліятэка. Пакорпацца б тут, у скарбах на паліцах… Вочы выхоплівалі спакуснае: Этэль Ліліян Войніч «Авадзень», Лермантаў «Вершы і паэмы», Шэкспір «Гамлет», незнаёмае імя — Бібліятэчка часопіса «Чырвонаармеец», О'Генры «Дарункі вешчуноў»… Дзядзька рэзка павярнуўся да пляменніка.

— Ты разумееш, што варта тваёй правільнай дзяўчынцы заявіць куды трэба ці проста язык распусціць — і тваё жыццё пад адхон, і мне крэс...

Карусь напружыўся.

— Галінка не даносчыца!

— Затое ворага савецкай улады выкрыць гонар. Паўлік Марозаў вунь роднага бацьку здаў,— жорстка кінуў дзядзька Васіль. — Яшчэ ў дваццатых паэт Алесь Дудар напісаў:

Цені блудзяць па твары,

Сэрца точыць туга.

Сёння лепшы таварыш

Можа цябе прадаць.

Сёння не вераць нікому.

Можа, я сам шпіён…

Як я зразумеў, твая сяброўка не ведае, што бацька твой асуджаны?

— Не, — апусціў вочы Карусь. — Але я ёй веру. У яе на руцэ такі ж лагерны нумар, як у мяне. Яна з агню выскачыла, праз акенца пралезла, бо худзенькая, калі карнікі ў адрыне людзей замкнул і падпалілі… Яна не выдасць.

Дзядзька памаўчаў.

— Глядзі… Бо мала таго, што ты прынёс… метафізіку ды ілжэнавуку. Канкрэтна гэты сшытак шукаюць. Дужа шукаюць.

— Хто? Чаму? — Карусь нібыта адчуў у роце смак няспелага агрэсту.

— Ты ведаеш, што твой бацька працаваў у камісіі, якая адбірала каштоўнасці для Дзяржгандлю?

Карусь кіўнуў.

— Сярод рэчаў, адпраўленых у Ленінград, быў залаты кругляшок. Не манета, а быццам нейкая… залатая клякса. Гэтак мне адзін ленінградскі ювелір апісваў, з якім перастрэліся ў месцах… даволі аддаленых. Прайшоў час, пакуль да таго кругляшка дабраліся. Ляжаў у схронах… Узялі пробу… I ўзвіхурыліся. He бывае такога чыстага золата. Няма пакуль на зямлі тэхналогіі, каб падобнае атрымаць. Ну, сталі шукаць, скуль тое… Знайшлі таварыша, які ўзначальваў камісію, той успомніў, што ададраў залатую блямбу ад нейкага сшытка. І была яна ўрослая ў вокладку. I сапраўды, па краях тае блямбы нібыта назіраўся пераход у іншы матэрыял. Давай той сшытак шукаць. Найпершы сведка быў бы мой брат… I калі яны не маюць ягоных сведчанняў, значыць, спазніліся.

Кнігі маўчалі, старыя сцены маўчалі, людзі маўчалі таксама. А што гаварыць, калі смяецца смерць.

— Усё гэта сваёй дзяўчыне не гавары. — Худыя здрапаныя пальцы дзядзькі сціскалі спінку венскага крэсла. Колішняя шляхта, асабліва такія мацакі, як Калістрат Роўба, на такую мэблю і сесці б пабаяліся. — Вырашыць, што будзе справядліва аддаць сшытак дзяржаве. Але, спадзяюся, ты не такі наіўны, каб верыць, што ўсё алхімічнае багацце падзеляць пароўну і настане камунізм?

Карусь апусціў вочы.

— Не такі наіўны. Я многа пабачыў. Як у вёсках размяркоўвалі гуманітарную дапамогу, таксама бачыў. На калгаснікаў засталіся дзве пары ботаў — адны малюсенькія, другія завялізныя. А начальства сабе машынамі вазіла. Але таксам лічу, што калі ў сшытку сакрэт стварэння золата — яго трэба перадаць у Акадэмію навук. Не Туторкаву, вядома.

Дзядзька пасміхнуўся.

— Я табе пасля аддам збор твораў фалькларыста Сержпутоўскага… Там цудоўныя беларускія казкі. У тым ліку пра тое, як Бог, каб беларусам не занадта добра жылося сярод чыстых азёраў ды густых лясоў, спаслаў ім самае горшае ў свеце начальства. Што ж, каб не звінавацілі нас адразу ў цемрашальстве, давай паспрабуем сшытак Полацкага Фаўста трохі расчытаць. Дарэчы, пакуль тваёй максімалісцкай сяброўкі няма, распавяду яшчэ: у сям’і жыла легенда, што той доктар быў фаварытам расейскай імператрыцы Кацярыны Другой. Толькі адмовіўся ад ейнай схільнасці, бо жонку кахаў.

Карусь трохі разгубіўся. Здавалася, дзе ён, камсамолец, і дзе расейскія цары… А дзядзька палез у самы кут. У цяжкой чорнай шафе, упрыгожанай страшнаватымі абліччамі, за зачыненымі на ключ дзверцамі нячутна дыхалі пылам і даўніной дарэвалюцыйныя выданні. Карусь пазнаў «Энцыклапедыю Бракгаўза і Эфрона»: з дзясятак такіх тамоў засталося ад бацькі ў тым скрутку ў дрывотні. Дзядзька Васіль загадаў узяць першы том — на літару «а». Алхімія. Яшчэ прыхапілі таўшчэзную — даведнік па хіміі. I кніжачку на нямецкай мове нейкага Гесмана, наколькі змог Карусь прачытаць — «Таемныя сімвалы алхіміі, фармацэўтыкі і астралогіі»…

— Колькі моў ведаеш, хлопец?

Дзядзька не прапусціў, як Карусь варушыў вуснамі, чытаючы вастраверхія нямецкія літары.

— Няшмат… Французскую, англійскую, польскую… Нямецкую калісь някепска ведаў. Забыўся. Сербскую засвоіў — разам з адным сербам на кардоннай фабрыцы працаваў. Цыганскую троху — неяк, пакуль блукалі з маці, нас ромы падвозілі…

— Facile à enseigner?

— Oui, c’est facile pour moi.

Сапраўды, мовы вучыліся лёгка, нібыта самі сабой засвойваліся, укладаліся ў галаву.

— Спадчыннае, значыць. Твой бацька дванаццаць моў ведаў. А лаціну?

— Таксама трохі… Ад бацькі падручнік застаўся. Практыкаваўся, але з маўленнем не ўпэўнены.

— Што ж, праверым…

I рэшту дня яны займаліся зусім дурной справай. Лічылі аблокі і абдымалі вецер, а дакладней, спрабавалі расшыфраваць таямнічыя запісы, спароджаныя нечай юнацкай празмернай цікаўнасцю… Карусь паглядаў на Галінку трохі вінавата. Як можна было яе нават западозрыць у здрадзе?

— Гэта ўсё адно як карціна Ганса Гальбейна Малодшага «Паслы»… — Дзядзька пацёр рабром далоні стамлёныя вочы. Вунь, бачыце?

Рэпрадукцыя з часопіса «Ононёк» была прымацаваная да сцяны паміж гравюрай з замкавымі руінамі і карцінай з чалавекам у начным палёце. Два барадатыя мужыкі ў цяжкіх доўгіх вопратках, аздобленых футрамі. Паважныя да агіды, стаяць ля паліцаў, заваленых немаведама чым — ад глобуса да лютні.

— Заўважылі на дыване дзіўную пляму?

Галінка і Карусь падышлі бліжэй да рэпрадукцыі. Сапраўды, на ружовым дыване нейкая выцягнутая ці дошка, ці лужына…

— Прыгледзьцеся!

Карусь павярнуў галаву набок, прыжмурыў вочы… Гэта быў чэрап! Толькі пачварна расцягнуты,убачаны з іншага ракурсу…

— Вось мы і не заўважаем нечага відочнага… Таму што глядзім не з тае кропкі.

Карусь узяў сшытак, які разгарнуўся на апошняй старонцы. Фразы на лаціне перамяжаліся значкамі… Замест шэрагу кручочкаў-кружочкаў цяпер можна было падставіць напісаныя дзядзькам словы. Венера, чысціня, воцат, агонь… Харыс, Эрас, Агапэ, Амор Ардэнс…

Карусь паспрабаваў чытаць на лаціне. Трохі заікаста выходзіць...

— Не так,— буркатліва азваўся дзядзька. «…Amor ardens erit ultimum, sed impetrabile est ab electis tantum, sed nondum sum unus... Si enim venit, mortem vincit…»

Неяк горача ў пакоі, задушна… Ці здаецца? Карусь пацёр вочы, патрос галавой. Словы, якія выразна для лінгвістычнага прыкладу пляменніку вымаўляў Васіль Роўба, чуліся як скрозь вату. Галінка побач таксама цёрла вушы і жмурыла вочы…

Нібыта хваля халоднага агню прайшла па пакоі, уздыбіўшы валаскі на целе і пакінуўшы ў роце прысмак медзі.

Дзядзька абарваў чытанне і неўразумела ўскінуў чорна-сівую галаву з драпежным носам.

Галінка паказвала дрыжачай рукой на печку… Бок печкі змяніў колер… I фактуру. Ha ім распаўзалася подобная да тынкоўкі шэра-залацістая пляма.


СТАДЫЯ СЁМАЯ. СУБЛІМАЦЫЯ, ВАЗГОНКА СУХОГА РЭЧЫВА Ў ЗАКРЫТЫМ САСУДЗЕ ПРЫ ДАПАМОЗЕ ВОСТРАГА ПОЛЫМЯ


Над Крамлём узыходзіла паўночнае скупецкае сонца.

Не, не над тым Крамлём, што ў Маскве. На Салаўках так называлі тое, што засталося ад манастыра і храмаў. Магутныя муры, велічныя скляпенні… Цяпер яны былі пераробленыя пад турму. У келлях, дзе калісь луналі да нябёснае ісціны душы мніхаў, месціліся вязні. Тыя, каму пашанцавала. Пасля баракаў, дзе даводзілася спаць загнутым між двума бруднымі целамі, толькі галаву і павернеш — мець асобны тапчанчык проста раскоша! Ды ў цяпле, ды з уласнай палічкай, якую можна прыбіць над ложкам і паставіць свой уласны кубак — няхай не парцалянавы, а пагнуты жалезны… I прыладзіць фотаздымак сваіх любімых... Жонка, сын… Абліччы, якія ў сне з’яўляюцца больш размытымі. Сфумата… Тэхніка жывапісу часоў Адраджэння — усё ў пяшчотнай смузе, абрысы расплываюцца ў прасторы…

Не, пра дом і сям’ю, як і пра сфумата, афорты, акватынты, сармацкія партрэты, лепш не задумвацца. Тыя, хто гэта парушае, вар’яцеюць і гінуць.

Дзверы адчыніліся з нагі, стукнуліся ў сцяну так, што падалося: застогнуць ад болю.

— Пашыхтавацца!

Зняволеныя імгненна пасталі шэрагам, апошняя ранішняя дрымота асыпалася, як пясок з бульбіны, што выхапілі ўладныя гаспадарскія рукі з узаранай баразны.

У камеры-келлі іх чацвёра. Работнікі культурнай часткі. Прафесар-хімік па мянушцы Бром, ён жа добры піяніст; «ссучаны» крымінальнік Бык, майстар татуіровак, які ўзяўся за наглядную агітацыю, да пагарды іншых крымінальнікаў; былы актор тэатра Меерхольда Абдуванчык — тонкі высокі хлопец з рудымі кучаравінкамі і ўсмешкай, ад якой можна сонечныя зайчыкі пускаць, ён жа супрацоўнік лагернага тэатра; ну і мастацтвазнаўца Здыхля, таксама малявальшчык, а яшчэ адказны за вось гэтую ячэйку згаданай культурнай часткі.

Бром, Бык, Абдуванчык і Здыхля — шчасліўчыкі, «прыдуркі». Павялічаная пайка, вызваленне ад цяжкой працы, асабістыя тапчаны. Праўда, кожны можа як сюды, на блатное месца, патрапіў, так і вылецець. А тады — смерць. Не даруюць, зацкуюць іншыя ж лагернікі, каторыя з крымінальных. Тут агульная бяда i нястача не аб’ядноўваюць.

Турэмшчык прыдзірліва агледзеў зэкаў.

— Ты пойдзеш са мной… I ты…

Жоўты ад табакі палец тыцнуў у Брома і Здыхлю.

Абраныя не перазірнуліся — пакуль начальства на цябе глядзіць, варушыцца нельга. Але кожны ведаў, што другога кроіць тая ж трывога. Чаму іх выбралі, куды павядуць? Перамены ў лагеры рэдка здараліся да лепшага.

Яны ішлі за сваім наглядчыкам плячо да пляча, нага ў нагу — хто б мог падумаць, што інтэлігенцікі здольныя дасягнуць такога ўзроўню страявой падрыхтоўкі? Хаця голад, холад, пабоі і страх смерці навучаць зайца на ровары не толькі ездзіць, але і лозунгі коламі выпісваць.

Іх прывялі да цэнтральнага будынка, дзе ў былым кляштары сядзела начальства. Паабапал урачыстага ўвахода з лесвіцай і калонамі стракацелі клумбы, далей гадаваўся пад карэльскім сонцам сад з не вельмі разлапістымі, але трывушчымі дрэўцамі. У садзе былі пастаўленыя альтанкі і нават бурболіў з усіх невялікіх сілаў фантан.

Звычайна зэкам забаранялася нават падыходзіць да гэтага лапіка салавецкага эдэму. Сёння тут усё змянілася. У садзе на зялёнай траўцы з’явіліся столікі з крэсламі — і людзі. Шмат людзей. Адны зэкі гулялі за столікамі ў шахматы, другія чыталі… Чысценькія, паголеныя, апранутыя ў пінжакі з кашулямі… Нават аркестр рассеўся пад дрэвамі і рыхтаваўся штось урэзаць. А вось і разгадка: кіназдымачная камера, пражэктары, шустрыя таварышы ў цывільным.

Турэмшчык падвёў Брома і Здыхлю да аднаго тых таварышаў, лыса-кучаравага таўстуна ў клячастым касцюме з камізэлькай.

— Таварыш памочнік рэжысёра, вось, як вы і хацелі, — тыпажы інцілігентаў… Прафесары.

Таўстун задумліва пачухаў бліскучую лысіну ў атачэнні чорных кучаравінкаў, скептычна агледзеў «тавар» у ватніках і разбітых ботах.

— Нейкія яны ў вас… без творчага агеньчыку ў вачах. А нам трэба моц думкі паказаць, сацыялістычным перавыхаваннем абуджаную! Млявыя… Загадайце, каб скінулі верхнюю вопратку.

Турэмшчык цыкнуў на зняволеных, тыя хуценька паскідалі, склаўшы пад ногі, шапкі, ватоўкі, засталіся ў кашулях, шэрых, выцертых да дзірак. Кіношнік зморшчыў тоўсты нос — амбрэ ад гэтых ворагаў народа… Яшчэ раз агледзеў прыведзеных зэкаў:

— Гэты захуды… — тыцнуў пальцам у бок Здыхлі, аднак каб не дакрануцца. — Гэты стары, — у бок Брома. — А мне трэба, каб in corpore santa mens santa.

— In corpore sano mens sana, - вырвалася Ў Здыхлі. — Santa i sano — словы, падобныя фанетычна, але з розным значэннем. Першае азначае «святы», другое — «здаровы».

Памочнік рэжысёра міргнуў, пачырванеў і разгублена ўтаропіўся ў вязня пукатымі вачыма з жоўтымі склерамі, быццам загаварыў зэдлік.

— Выказванне з сатыры старажытнарымскага пісьменніка Ювенала, — ветліва падхапіў Бром. — I цалкам у перакладзе гучыць наступным чынам: «Трэба маліць багоў, каб дух здаровы быў у целе здаровым». То бок другое не з’яўляецца гарантыяй прысутнасці першага.

— Ах вы гніды, — скрозь зубы прасычэў турэмшчык і адчувальна штурхануў Здыхлю ў спіну. — Розум свой уздумалі паказваць, контрыкі… 3 карцара ў мяне не выйдзеце!

— Ну што вы, таварыш, — залапатаў памочнік рэжысёра, нервова пацёр лысіну і пастараўся ўсміхнуцца. — Яны ж з лепшымі намерамі. Дапамагчы хочуць. У працэсе перавыхавання важна, каб выхаванцы развівалі інтэлект. Будаўнік сацыялізму павінен быць разумны, развіты…

Цяпер яго вочы не абмяралі грэбліва брудных смярдзючых зэкаў, як непаглядны тавар. Увогуле таварыш памочнік рэжысёра стараўся глядзець куды заўгодна, толькі не на зняволеных, што цытуюць старажытнарымскіх сатырыкаў.

— Нічога,падбяром з масоўкі іншых… Памажыце лепей, таварыш, зараз з арганізацыяй групы вашых выхаванцаў, якія гуляюць у футбол.

Турэмшчык змрочна кінуў зэкам культчасткі: «Валіце на працу і рыхтуйцеся, гніды!» — і рушыў за клятчастым, які страціў цікавасць да інтэлігенцкага кантынгенту.

Бром і Здыхля нейкі час стаялі, асэнсоўваючы, што, падобна, ім дазволена ісці па лагеры без суправаджэння. Ну так, тут жа дэманструецца гасцям, што — не турма, а шчаслівае пасяленне тых, хто перавыхоўваецца ў годнага чалавека.

Ішлі яны ўсё адно плячо да пляча, нага ш нагу.

— Прабачце, Барыс Сцяпанавіч, што уцягнуў вас у канфлікт, — засмучана прамовіў Здыхля.— Вось я дурань, не змог змаўчаць.

— Ну, я таксама мог змаўчаць, Анатоль, — мякка адказаў Бром. — Так што гэта мой выбар, не бярыце на сябе адказнасць.

Здыхля ўздыхнуў, што змусіла яго зноў заперхацца. Каб пакінулі на лесапавале, ужо лёг бы ў 6езыменную магілу.

— Вам абавязкова трэба застацца жыць у добрых умовах, — заклапочана прагаварыў Бром. — Як жа гэтае кіно недарэчы…

— Недарэчы… — ахрыпла пагадзіўся Здыхля. — Але на нейкую хвілю мне дужа захацелася, каб мяне выбралі для здымак. Жонка пабачыла б… супакоілася…

— Яна не западозрыла б, што на экране — бессаромная мана?

Бром падставіў стамлёны твар ранішняму сонцу, і зморшчынка між сівымі бровамі падалася не такой глыбокай.

— Сафійка разумная кабета. Западозрыла б. Яна і пайшла б глядзець з разуменнем, што ўбачыць плакат. Але ёй усё адно было б лягчэй.

Непадалёк забрахалі сабакі — сёння яны брахалі нібыта без заўсёднай нянавісці да людзей у шэрых ватоўках

— А з гэтым… рэжысёрам… мне падалося, што ён зараз прымусіць нас паказаць зубы. Як на антычным рынку рабоў.

Здыхля здушыў чарговы прыступ кашлю.

— Працэс расчалавечвання адбываецца вельмі хутка. Псіхалагічная абарона, — задумліва прамовіў Бром. — Зладзеяў, якія гадзяць іншым для задавальнення, насамрэч мала. Гэта паталогія. Кожны для ўнутранага камфорту павінен адчуваць сябе добрым і справядлівым, і калі ўчыняе шкоду іншаму, прыніжае, здзекуецца, б’е, забівае — ён мусіць мець цвёрдае перакананне, што гэта правільна. Што гэта не такі ж чалавек, як ён сам, а нейкая шкодная істота. Іншародны элемент, не здольны на такія ж пачуцці. Карацей, не-чалавек. Раб, жанчына, іншаверац, іншадумец, чарнаскуры, туземец… Што з ім ні ўчыняй — гэта не загана, не віна, не грэх. Можна і дазволена ўсе. На гэтым прыгоннае права тысячагоддзі трымалася, каланізацыя, патрыярхальны лад… Заўважылі, як разгубіўся рэжысёр пасля нашых рэплік? Раптам убачыў у нас людзей. А тады ўсё, што адбываецца, страшна. I не да канца ачарсцвеламу — невыносна. I думка — і ты можаш апынуцца на месцы гэтых.

Дзесьці ля былога храма стракатала камера, зняволеныя па камандзе ўсміхаліся, ствараўся эпахальны фільм пра шчаслівае жыццё…

— Зрэшты, а што такое шчасце? — усміхнуўся Бром, якому так пасавалі б сівыя вусы і бакенбарды. Але тут ён іх згаліў, каб трохі менш выяўляць тыповага арыстакрата, што, трэба прызнацца, не вельмі дапамагло. — Усё вызначае кантэкст. Хтось журыцца, што дыямент малы, хтось радуецца, што сухар вялікі. Цяпер для мяне шчасце — што год таму тачка з цэглай упала з насцілу мне на спіну, а не на рукі. Скабы зрасліся, а пальцы засталіся цэлыя. І я здолеў сыграць на піяніна для начальства, калі тым спатрэбілася музычнае аздабленне вечарынкі з нагоды дня народзінаў правадыра, а гарманіст якраз быў пастаўлены пад звон і змёрз да смерці.

Гэта было адно са страшных пакаранняў у Салаўках — парушальніка змушалі без верхняй вопраткі і кашулі стаяць пад звонам, якім абвяшчалі ў лагеры розныя падзеі. Улетку яшчэ нічога, хоць камары і заядаюць, а зімой…

— Зноў жа — шчасце, што ў юнацтве бацькі нанялі мне маладога настаўніка музыкі, якім аказаўся Рахманінаў.

Сіратліва склаўшы на грудзях рукі, паўз прадстаўнікоў культчасткі прайшоў былы мніх, які ляпіў цяпер на фабрыцы збаны. Ён хадзіў у тым жа чорным падперазаным балахоне і чорнай шапачцы, што насіў у манастыры, толькі крыжа на грудзях не меў… Мніх кіўнуў вязням, пальцы правай рукі дзіўна заторгаліся — ён жа таемны крыж на сустрэчных кладзе, бласлаўляе непрыкметна…

— Мае бацькі не маглі мне наняць Рахманінава, але дома захоўвалася некалькі дзясяткаў карцін, так бы мовіць, фамільная галерэя, якая і прывяла мяне ў мастацтвазнаўцы, — Здыхля сумна ўсміхнуўся — недазволеныя ўспаміны вырваліся на волю, за што яшчэ давядзецца расплачвацца тугой і бяссоннем. — Смуглевіч намаляваў маю прабабку — прыгажосці была неверагоднай, гаварылі, нібыта апошні польскі кароль хацеў яе выкрасці. Дзеда маляваў Ян Дамель. Некалькі карцін яшчэ ў васямнаццатым стагоддзі стварыла нейкая наша далёкая сваячка — школы ў яе не было, на жаль, хаця не без таленту, падпісвалася «Дамініка». А самы каштоўны партрэт — пэндзля венецыянскага мастака Франчэска Гвардзі. Ён майстар пейзажа, але маляваў майго прапрадзеда…

— Ваш продак быў багатым і радавітым, калі змог замовіць партрэт такому майстру? — мімаходзь папытаўся Бром. — Калі не хочаце, можаце не адказваць… — паспяшаўся дадаць. У зняволенні асабліва не распавядалі пра свае радаводы. Зрэшты, і пра іншае.

Узнікала два тыпы паводзінаў. Напачатку, калі чалавека толькі арыштоўвалі і ён яшчэ сам не мог паверыць, што такое адбылося і гэта надоўга,— яму карцела падрабязна распавесці пра сваю чысціню. Пра абсурдныя абвінавачванні. Ён мог гаварыць суткамі, шукаючы спагады і проста выплюхваючы шок… Ну і ў спадзеве, што неяк расказанае ім дойдзе да начальства і «там» зразумеюць, якую зрабілі памылку… Спавядаўся, абураўся, паўтараў шматкроць адно і тое ж… Пакуль не біла па галаве ўсведамленне: ніхто не пачуе, не дапаможа, і выйсця няма. Наадварот — кожнае вымаўленае імя, кожная расказаная падзея могуць быць вывернутымі, вычваранымі і выкарыстанымі супраць яго і іншых. Тады чалавек замаўкаў. Праз нейкі час — ці навучаны вопытнымі зэкамі, ці сваёй галавой дайшоўшы — прыдумваў бяспечныя павярхоўныя формулы пра сваё жыццё, каб і «ўпісацца», і не сказаць нічога важнага.

Таму распытваць пра мінулае не было прынята. Толькі адзін раз Здыхля схібіў — калі сустрэўся з земляком, вядомым драматургам, які перайшоў у СССР з Заходняй Беларусі, спадзеючыся папрацаваць у сапраўдных беларускіх тэатрах, а загрымеў у лагер як шпіён. Здыхля тады расчуліўся, распусціў язык, пачаў прагна распытваць — пра БДТ-1, пра Галубка, пра знаёмых літаратараў… Сустрэў адчужаны твар і ўхілістыя адказы. Прысаромеуся, змоўк… 3 тае пары драматург усяляк пазбягаў сутыкненняў з цікаўным земляком — ясна, палічыў за даносчыка…

Але Здыхля і Бром ведалі адзін аднаго даўно. I цяпер абодвум з-за сатыраў Ювенала пагражала нешта страшнае. Карцар, адпраўка на рыццё каналаў ці — яшчэ горш — на цагельню або каменяломню… А мо і на лесапавал, далей на поўдзень. Якіх здзекаў толькі ні прыдумляюць тут... Вольнанаёмны начальнік камандзіроўкі Гашыдзэ ў другім лагеры СЛАП уласнаручна абсталяваў карцар з бярвення велічынёй метр на метр, усе сцены якога былі ў вострых суках. Не паленаваўся. А яшчэ любіў скакаць за зэкамі на кані і секчы нагайкай. Ёсць у магчымасцях i Галгофа, выспа для штрафнікоў Салавецкага архіпелага, — пра яе расказвалі страшныя байкі.

Могуць з Бромам больш ніколі не пабачыцца.

— Мой прапрадзед не быў ні багацеем, ні арыстакратам. — Здыхля пайшоў трошкі павольней — у памяшканні шчырыя размовы весці небяспечней, таму варта падоўжыць шпацыр без сведкаў. — Ён быў слынным доктарам і навукоўцам і выратаваў мастака ад смяротнай хваробы. У яго была мянушка Полацкі Фаўст.

— Ого! — Бром спатыкнуўся. — Нечакана… Polotesk Faust? Ён жа Чорны Доктар, першы дэкан медычнага факультэта Віленскай акадэміі?

— Так, ён…

— Вы ведаеце, Анатоль, што я трапіў сюды з-за вашага продка? Зрэшты, і кар’еру ў хіміі я зрабіў дзякуючы яму ж…

Бром усміхаўся амаль пяшчотна.

— Менавіта даследаванні Полацкага Фаўста ў свой час абудзілі маю цікавасць… У Лейпцыгскім навуковым часопісе ў канцы васямнаццатага стагоддзя разгарэлася найцікавейшая дыскусія нааконт кіслароду, ягонага ўтрымання ў крыві і ўплыву яго на металы… Нумары часопіса захоўваліся ў нашым доме, а нямецкай я з дзяцінства валодаў выдатна — мы ж абруселыя немцы… Карацей, я захапіўся асобай навукоўца, які так смела, дасціпна, нават з’едліва адстойваў свае блюзнерскія на той час погляды… Паступіў на хімічны факультэт, хаця мяне чакала месца ў пажскім Kopnyce. Многія ягоныя здагадкі збыліся, і я сам тое-сёе ўўяў за кірунак сваей дзейнасці. Вось цяпер, калі ўзначаліў кафедру, таксама вырашыў адну гіпотэзу Полацкага Фаўста праверыць. Аказалася, што займаюся контррэвалюцыйнай дзейнасцю, цягну містыку ў савецкую навуку, рыхтую дыверсію металургічнай прамысловасці СССР, а заадно збіраюся запусціць у вытворчасць атрутныя лекі. Ваш продак надоўга апярэдзіў час… Яго недарэмна сучаснікі лічылі магам.

Здыхля яшчэ больш запаволіў крок, і Бром пад яго падладзіўся. Як жа добра, што ўвесь тлум цяпер ля здымачнай пляцоўкі і на іх ніхто не звяртае ўвагі.

— 3 таго, што я пра яго даведаўся, думаю, прапрадзед валодаў гіпнозам. Сёння — цалкам навуковая з’ява. Праўда, ёсць звесткі і наконт праяў з ягонага боку тэлекінезу: напрыклад, мог змусіць уляцець сабе ў руку патрэбны інструмент ці, водзячы рукамі над целам, вывесці каменне з нырак і мачавога пухіра, але гэта, пэўна, казкі.

Яны ўжо дайшлі да свайго корпуса. Цяпер належала выканаць працоўную норму сённяшняга дня. Велізарны плакат на два паверхі з цытатай таварыша Сталіна. Рабілі ўсе ўчатырох, расклаўшы агромністы скрутак палатна на падлозе актавай залы, але сёння Бык і Абдуванчык працавалі адны ўвесь час, пакуль іх напарнікі хадзілі на кінапробы. Таму Здыхля, як загадчык ячэйкі культчасткі, прапанаваў па абедзе па справядлівасці памяняцца. Бык моўчкі адклаў пэндзаль і трафарэт, пацягнуўся, аж у шырокіх плячах хрумснула, і пайшоў на адпачынак. Абдуванчык некаторы час удзячна распытваў пра здымкі — ён, аказваецца, ведаў таго памрэжа ў клятчастым касцюме… Загарэўся, як бы з тым сустрэцца, нагадаць пра сябе… Але сышоў і ён.

— Ведаеце, Барыс Сцяпанавіч, як ні дзіўна, у тым, што я апынуўся тут, таксама ўскосна вінаваты Полацкі Фаўст. Калі вам неабыякавы мой продак і ягоныя загадкі, можа, дапаможаце мне зразумець звязаную з ім таямніцу, якая мне дасюль муляе…

Здыхля распавёў пра чорны сшытак і ўрослую ўвокладку залатую кляксу.

Шэрыя запалыя вочы Брома загарэліся.

— Дзесяць гадоў жыцця аддаў бы, каб даследаваць тую залатую ўстаўку! Але не ўладны ні над гадамі жыцця, ні над уласнымі жаданнямі. Малю вас, Анатоль: успомніце ўсё, што тычыцца таго трактата!

Успомніць ён мог нямногае… Але Бром ажно ўсхапіўся і захадзіў чаўнаком туды-сюды ўздоўж краю палатна — можна было ўявіць, што гэтак рабіў падчас кульмінацыйных момантаў сваіх лекцый, на якія запісваліся за месяцы.

— Гэта проста неверагодна — што менавіта мы з вамі цяпер пра гэта гаворым! Хімік, які вывучае ўласцівасці металаў, ён жа часткова фізік, якога цікавяць энергетычныя палі, і мастацтвазнаўца і лінгвіст, які працуе з думкамі і словамі... Усе згаданыя веды тут павінны сінтэзавацца. Алхімія, сябар мой, навука сапраўды ў многім ілжывая, дзевяноста дзевяць працэнтаў алхімікаў занімаліся дурноццем… Гэтак жа, як сёння Лысенка займаецца падлікам градуса-дзён, Вольга Лепяшынская вырошчвае жывыя клеткі ў нежывой матэрыі, а акадэмік Мар шукае чатыры элементы яфетычных моў. Ваш продак, дарэчы, кінуў займацца алхіміяй яшчэ ў маладосці і аддаўся выключна акадэмічнай навуцы. I вельмі рэзка выказваўся пра шалбераў, якія шукаюць філасофскі камень. Але, як у кожнай сферы дзейнасці, і ў алхіміі былі свае геніі, што вынаходзілі вельмі важныя рэчы, часам выпадкова, як фосфар ці сурму.

Бром звыклым жэстам пацягнуўся паправіць неіснуючае пенснэ.

— Акадэмік Вярнадскі недарэмна лічыць, што думка мае матэрыяльнае ўвасабленне, Тое, што гук можа ўплываць на матэрыю, таксама даказана… Дадаць сюды хімічны аналіз… Дасягненні фізікі… Так, трансмутацыя металаў магчымая.

Прафесар канчаткова ўвайшоў у рытм лекцыі. Сонца з вузкага высокага акна падсвечвала яго са спіны, і здавалася, што вакол зняволенага прафесара ўтварылася нейкае сяйво.

— Вы ведаеце, яшчэ ў 1903 годзе Рэзерфорд і Содзі вывучалі ланцужкі распаду торыю і раптам заўважылі, што яго частка адвольна ператвараецца ў радый. Шаноўныя навукоўцы тады спалохаліся, што іх абвінавацяць у алхімічных доследах, доўга маўчалі… Японскі фізік Нагаока ўздзейнічаў на атамы ртуці электрычнасцю, спрабуючы адчапіць ад яе атама адзін пратон і ператварыць у золата... І след золата нібыта выявіўся ў асадку! Яго справу працягнуў немец Мітэ, які знайшоў яды золата ў старой іртутнай лямпе. У 1924 годзе ён аб’явіў, што, прапускаючы дзвесце гадзін запар праз пары ртуці ток, змог атрымаць золата. Праўда, у гэта не паверылі, звінавацілі Мітэ ў фальсіфікацыі, і дасюль ніхто таго доследу не паўтарыў. І хто ведае — можа, выпадкова і ў васямнаццатым стагоддзі ваш продак натрапіў на нейкі адмысловы сінтэз рэчываў, думкі, гуку… Фармулёўку, якая вымаўлялася ўголас. Наш інак Кірыла сказаў бы — гэта эквівалент малітвы. I яшчэ нейкія складнікі, ды — давайце пафантазіруем — хоць той жа эмацыйны стан даследніка… I Чорнаму Доктару ўдалося здзейсніць акт трансмутацыі. Магчыма, нечакана для сябе самога. Наўрад ён свядома праводзіў дослед менавіта над тым сшыткам, у які запісваў вынікі эксперыментаў. Нездарма ж у алхімічных трактатах сцвярджаецца: каб здабыць філасофскі камень, напачатку трэба самому стаць філасофскім каменем. Ах, сябар мой, якія перспектывы для даследаванняў! На мяжы блюзнерства, па-за межамі чалавечых ведаў!

За вастраверхім манастырскім акном загуў звон. Зняволеным нагадвалі пра набліжэнне часу вячэрняй паверкі. Твар Брома згас, рукі, якія энергічна разразалі паветра, бяссіла, па-старэчы, апусціліся.

— Што мы з вамі цяпер можам... Самі сабой распарадзіцца не можам. Калі ў алхіміі і праўда аб’ект — сам даследнік, ён мусіць стаць атанорам, і ўсе рэчывы і рэакцыі — гэта ягоныя духоўныя працэсы… I калі, уявіце, тут, у гэтых мурах, калісьці ўтваралася сапраўднае алхімічнае золата, людзі ўдасканальваліся роздумам, аскезай, зваротам да найвышэйшых матэрый, то што робіцца цяпер? Хіба не зваротны працэс? Забруджванне, спрашчэнне, скажэнне кожнай духоўнай сутнасці… Гэта лухта, што паднявольная, да знясільвання фізічная праца робіць больш высакародным. Адурненне, тлум часу, абуджэнне жывёльных інстынктаў… Так што, каб у вас і быў гатовы рэцэпт, вынайдзены Полацкім Фаўстам, я б раіў добра падумаць, перш чым перадаваць яго ўладам. Якім заўгодна.

Прафесар зірнуў у бок дзвярэй, прыцішыў голас.

— Не, я не супраць савецкай улады… Я ненавідзеў царызм. Паняволенасць. Бяспраўнасць маленькага чалавека. Вітаў рэвалюцыю… I вось — тая ж паняволенасць, але пад прыгожымі лозунгамі і запэўніваннем — «Мы не рабы. Рабы не мы». Колькі бяды можна нарабіць, атрымаўшы такую ўладу над матэрыяй, калі яе носьбіт заклапочаны, каб трымаць народ у пакоры і пашыраць свае ўладанні! А на гэтым, уласна кажучы, як я пераканаўся, трывае любая ўлада.

— Чаму вы не з’ехалі, Барыс Сцяпанавіч? — не вытрымаў суразмоўца. — Не веру, што вас не запрашалі… Выкладалі б у якім Цюрыху.

— Запрашалі, чаму ж не, — пасміхнуўся Бром. — І месца было на параходзе… Але паўтару словы аднаго філосафа, які таксама на той параход адмовіўся сесці: месца ўрача ў чумным бараку. А вы чаму не перабеглі ў тую ж Заходнюю Беларусь? Ваш зямляк Аляхновіч на сабе валасы рве: чаго папёр у Саветы…

Здыхля схіліў галаву, якая пачынала ўжо сівець.

— І маё месца — толькі на Беларусі. Усё дзеля яе. 3магацца за нацыянальную культуру, за самасвядомасць народа, разбураную стагоддзямі каланізацыі, магчыма толькі на роднай зямлі. Няхай тысячы выражуць, выкасяць — дзясяткі застануцца… А з іх няхай хаця б адзін станецца зернейкам… Ведаеце, у нас быў такі паэт — Максім Багдановіч. Памёр зусім маладым, ад сухотаў. Вырас у Расіі, а пісаў на непрызнанай беларускай мове… I як! Засвойваў усе пекныя формы паэзіі, перакладаў Верлена і Авідыя… У яго ёсць верш пра гаршчок з зернем, які знайшлі ў Егіпце, і хоць зернейкі засохлі за тысячагоддзі, ды, трапіўшы ў спрыяльную глебу, узраслі і спарадзілі поле…

— Мілы Анатоль, мройнік, нават нашы костачкі ніхто не знойдзе, — прамовіў прафесар.

— Давайце верыць у справядлівасць, Барыс Сцяпанавіч. Якая настане няхай праз сто гадоў, праз дзвесце пасля нас. Іначай жыць немагчыма. Калі не ў справядлівасць — дык у міласэр-юнасць.

— Ідэаліст… — У голасе Брома не было асуджэння, толькі сумная пяшчота.

Звон ударыў яшчэ раз, і вязні — крымінальнікі, растратчыкі, валютчыкі, шпіёны і каэры — контррэвалюцыянеры — пацягнуліся з усіх бакоў, каб стаць у шыхты. Плячо да пляча, але не сэрца да сэрца.

Над салавецкім Крамлём сядала паўночнае сонца…

Дзверы ў камеру-келлю зноў адчыніліся з нагі. Турэмшчык самазадаволена прыгладжваў рудыя вусы. Вочы колеру старой бялізны спыніліся на Здыхлі і Броме.

— Ну што, Роўба і Вайсман, заўтра вам па дзве нормы. Працуеце да дванаццаці ночы.

I гэта ўсё пакаранне?

Турэмшчык раптам расплыўся ва ўсмешцы, паказаўшы рэдкія жаўтаватыя зубы.

— Ну як вы сёння асадзілі гэтага фраера кіношнага! Ён ажно спацеў і заікацца пачаў. А то прыехаў са сталіцы, разумееш, вумнік задрыстаны, камандуе… Гэта туды нясі, гэта сюды, пляцоўку для футбола рабі, сталы карункавымі абрусамі накрывай… Мы тут дурні, а ён вучоны. Добра вы яго на месца паставілі…

Пасмяяуся прыемным успамінам, схамянуўся, пастражэў:

— Але што без загаду вытыркнуліся — неслушэнства. Яшчэ раз такое сабе дазволіце — на Галгофу адпраўлю.

Сон Здыхлі быў трывожным. ЁН то перхаў, то бачыў у марэннях Полацкага Фаўста, які папракаў нашчадка за захапленне ўсялякімі магічнымі штукамі. Падавалася, нехта заходзіць у камеру, вызодзіць...

Абуджэнне было цяжкім. Балела галава, у горла нібыта расплаўлены свінец лілі. Абдуванчык сакатаў... Бык, перш чым апрануцца, моўчкі, не просячы аб дапамозе, перавязаў нядаўна зашытую рэзаную рану на перадплеччы. Дзе гэта ён? Абдуванчык шэптам патлумачыў: блатныя ужо каторы раз спрабуюць крадма прырэзаць «ссучанага». Бром таксама моўчкі апранаўся, не гледзячы на ўчорашняга суразмоўцу. Ягоны арыстакратычны твар быў суворы і застылы. На моманты шчырасці трэба забыцца разам з усім пачутым.

Яны зайшлі ў актавую залу і замерлі. На палатне паўзверх чырвоных літар былі адбіткі нечых падэшваў з той жа чырвонай фарбай. Нехта ад душы стаптаў цытату вялікага «кормчага»… Прычым таптаўся не адзін чалавек, а некалькі.

Гэта яшчэ можна было б паправіць, замаляваць, аднавіць… Але з-за спінаў пачуўся голас турэмшчыка:

— Што тут адбываецца? Чаму не працуеце? А гэта… гэта што? Сабатаж! Дыверсія! Абраза Вялікага Сталіна!

Набегла ахоўнікаў… Праверылі абутак. Чырвоная фарба выявілася на падэшвах усёй ячэйкі культчасткі. Цяпер Здыхля быў пэўны — яму не прымроілася, што нехта ноччу заходзіўся ў камеру.

Назаўтра маленькі параходзік вёз Здыхлю на Галгофу. Сваіх таварышаў па культчастцы ён больш ніколі не пабачыў. Начальства вырашыла не ўчыняць суд, бо гэта ж разбурала ўвесь міф пра ўдалае перавыхаванне. Цэлая банда контрыкаў пад носам арудавала — не заўважылі… А тут яшчэ кіношнікаў наехала з маскоўскім начальствам. Таму з вінаватымі расправіліся хутка і без шуму. Так што правакацыя сыходзіла хутчэй не ад лагернай адміністрацыі, а ад блатных, якія хацелі і рахункі звесці з адшчапенцам, і вызваліць утульныя месцы для кагосьці са сваіх.

Каб мець філасофскі камень, сам стань тым каменем… Чалавек можа зрабіць з сабой усё, на што хопіць сілы ягонага духу. Здыхля пратрываў яшчэ пяць гадоў. На Галгофе ён пазнаёміўся з многімі святарамі розных канфесіяў. Шмат думаў над алхіміяй духу… I бачыў людзей — няхай іх былі адзінкі, — якія не перарывалі Вялікага Дзеяння і паступова ператваралі сябе ў золата. Напярэдадні 1934 года прыняў удзел у таемным святкаванні Раства Хрыстова. Ну як святкаванне… Памаліліся ціха, святар — з самых зацятых, цвёрдых у веры — паспавядаў, адпусціў грахі. Пра гэта данеслі.

Здыхля апынуўся ў штрафным ізалятары — тым самым, дзе людзі сядзелі суткамі на жэрдачках, як куры ў куратніку, толькі з дзевяці вечара да трох ночы ім дазволена было паспаць на падлозе. Ад холаду ратавала тое, што дашчаны будынак з дзіркамі ў столі быў набіты вязнямі. Але калядныя маразы выдаліся асабліва жорсткімі. Ахоўнікі напіліся, начную праверку прапусцілі. Назаўта раніцой барак быў поўны замерзлых, пакрытых шэранню целаў. Гэта мог бы намаляваць Іеранім Босх, але Іеранім Босх памёр куды раней за вынаходніцтва лагераў асаблівага прызначэння ў якасці «кузняў шчасця».

Месца пахавання зэка Анатоля Роўбы засталося невядомым. У пяцьдзясят першым у адказ на запыт сваякоў была пасланая паперка, што Анатоль Роўба памёр у 1949-м у шпіталі ад сардэчнай недастатковасці.


СТАДЫЯ ВОСЬМАЯ. АСАДЖЭННЕ, АЛЬБО СЕПАРАЦЫЯ, АДДЗЯЛЕННЕ ЗАВІСЯЎ АД ВАДКАСЦЯЎ


У рамане Дэвіда Коўпленда гераіня робіць сэндвіч з Зямлёй.

Гэта ладзіцца наступным чынам.

Дамаўляешся з кімсьці, хто жыве па той бок зямное кулі, пажадана — дакладна ў супрацьлеглай кропцы. У адзін дзень, у адзін час вы прыходзіце на дакладна вызначаныя каардынаты — роўненька на восі праз цэнтр Зямлі… Кожны кладзе перад сабой на глебу — асфальт, траўку, пясок, ну што там акажацца — кавалак хлеба. Лусты адна над адной, паміж імі заціснутая планета. Сэндвіч з Зямлёй.

Ну, зразумела — фота, блогі, лайкі… Пелагея неяк нават пашукала ў сеціве суполкі такіх дзівакоў. Праўда, апошнім часам іх актыўнасць заняпала, як і тых, што фатаграфаваліся з «качынымі дзюбкамі» ці «вераб’іным тварыкам». А што хацець — сеціва, мітусня вадамерак на паверхні... Кожны дзень іншая забаўка. To вычуюць і разгадваюць шатанскія заклікі ў песеньцы пра чароўнага трусіка, то спалучаюць выявы вядомых артыстаў з ежай…

Пад нагамі, на засмечанай, шмат разоў фарбаванай алейнай фарбай падлозе валяўся кавалак хлеба ад недаедзенай канапкі, змахнуты са стала нечай нервовай, дужа нервовай рукой, заматанай бінтам. Цяпер апынуцца б па той бок сэндвіча... Цікава, дзе гэта? У якой-небудзь Новай Зеландыі? Пасярод акіяна? У вільготных вохкіх нетрах джунгляў? На гарачым асфальце магістралі? Ці мо ў грамадскай прыбіральні, якраз перад смярдзючым унітазам? 1

Ды дзе заўгодна, абы не тут, у пастцы і безнадзейнасці…

Дзіўныя гукі прымусілі здрыгануцца. Гэта… гэта ён так смяецца ці плача? Мсціслаў сядзеў за сталом, паклаўшы галаву на складзеныя рукі, плечы трэсліся. Рэзка прыўзняўся. Смяецца… Праўда, троху гістэрычна.

— Давакін я лядашчы! Туум, Голас Буры! Струнба-кво! Джор-за-руль! Хун-каль-зор!

Злавіў агаломшаны позірк Пелагеі, бо толькі спрактыкаваныя геймеры змаглі б зразумець, чувак гоніць не абракадабру, а словы моцы, якія гульцу… то бок давакіну, драконанароджанаму, належала сабраць падчас праходжання квэсту, ка6 кідацца маланкамі, выклікаць буру ці замаруджваць час.

— Што? Так, прайшоў я твой «Скайрым», — з нервовай усмешкай, гледзячы ўбок, прызнаўся дацэнт. — А да гэтага ночы праседжваў у «Аблівіёне»... Ну, ты такую алдовую гульню, папярэдніцу «Скайрыму», мусіць, і не юзала.

Вось нягоднік — а на яе глядзеў як на дурніцу, калі прызналася ў сваім геймерстве.

Дацэнт паныла сузіраў падлогу, на якую ў прыпадку злосці паскідаў усё са стала. Бо давакін з яго сапраўды аказаўся лядашчы. Паўтарыць ператварэнне чагосьці ў залацісты цэмент не ўдалося. Хаця ўжо другія суткі чытаў уголас трактат… І выразна. I здзеклівай хуткамоўкай. I стамлёным мармытаннем. Спрабавала і Пелагея — і ўсё з тым жа поспехам, як аглабельны крытык Лукаш Бэндэ пісаў паэмы пад Пушкіна.

Гэта яна ў архіве фотку знайшла: сябар Бэндэ, згінулы ў сталінскіх лагерах пісьменнік Платон Галавач, падпісаў яму агульны здымак навучэнцаў партыйных курсаў, дзе яны і пазнаёміліся. Маўляў, жадаю, каб твае паэмы пад Пушкіна прынеслі табе славу. 3 іранічным такім пацвельваннем падпісаў.

На агульным фотаздымку Бэндэ сядзеў напружаны, ягоны вузкі твар нагадваў выраз мніха, якога прыцягнулі на вясковую вечарынку з гарэліцай…

Пелагея адразу ўявіла сітуацыю: амбітны маладзён піша вершы. Трапляе ў асяродак людзей, да якіх «недацягвае». Ну абмежаваны ён ад прыроды — ніколі не ўзняцца да іх інтэлекту і таленту. Яны з яго пацвельваюць — добразычліва, вядома. А ён апякуецца імі ідэалагічна, таксама з лепшых пабуджэнняў: ён жа больш правільна разумее лінію партыі… А ў душы сядзіць адвечны боль непрызнанага творцы, графамана і цяжкая, інстынктыўная зайздрасць… Тады і робяцца зразумелымі бэндаўскія бязлітасныя выкрыванні ворагаў народа ў літаратарскім цэху, аглабельная крытыка, спробы перавыхаваць таго ж Kупалу... Мабыць, сам сябе пераконваў: ён лепшы, больш правільны і вышэйшы за гэтых заблудных, неарганізаваных…

Таемная прычына любога здзеку — нечая недастатковасць.

— Яны нас усё адно не адпусцяць… — прамармытала Пелагея.

Мсціслаў прамаўчаў, толькі пагладзіў яе і па руцэ — а што тут скажаш… Кандыдатуры на знікненне яны самыя што ні на ёсць прыдатныя. Звар’яцелы на глебе разводу, звальнення і перанесеных пабояў нацыяналіст-філолаг і ягоная ахвяра — экзальтаваная студэнтачка. Прыб’юць, ды яшчэ інсцэнуюць забойства з самазабойствам… Невядома, праўда, хто з іх якую ролю атрымае. Зацягваць час, не гуляць у алхімікаў — дык Голас прыгразіў: матывуе так, што зямля з арэх падасца.

Пелагея пацёрла заспаны твар — не надта сон сёння ішоў… I зусім па іншай прычыне, чым яна спадзявалася б. Зразумела, якія пад назіраннем нябачных камер любошчы… Але ўвесь час думаць пра чужыя вочы, узважваць кожнае слова і рух — глузды паедуць. Тым болей яны з Мсціславам упэўніліся: ёсць прарэхі ў назіранні-падслухоўванні.

— Паслухайце, нам патрэбны інтэрнэт! — раптам гукнуў у столь дацэнт. — Я мушу ўдакладніць некаторыя звесткі, каб скарэктаваць свае дзеянні! Чуеце, спадары латафагі і бандар-логі?

Інтэрнэт і мабільную сувязь ім адрэзалі адразу. Але галоўны латафаг (і бандар-лог) усё-ткі вычуў у просьбе вязня логіку.

— Толькі звязацца ні з кім вам не ўдасца, не спадзявайцеся! I ўсе запыты мы адсочваем. Не трацьце час на забаўкі.

Святло манітора ноўта, светач эпохі і святарны і агмень наш, трохі супакоіла расхістаныя нервы. Добра, што «Алмагелю» аж дзве бутэлечкі з сабой прыхапіла — Пелагея адсёрбнула чарговую порцыю цягучай белай жыжкі з агідна-салодкім прысмакам, а то ў страўніку зноў пачало ад перажыванняў пячы.

— Ну і накідалі смецця пра алхімію… — сычэў Мсціслаў, круцячы назвы сайтаў. — Нашым выкрадальнікам-ёлупням варта было б сюды якога прафесара-хіміка ды прафесара-фізіка прыслаць… Што я ў гэтай лухцені разумею, акрамя таго, што гата не Толкіен і не Льюіс Кэрал?

Але гэта быў хоць які занятак. Пелагея прыціснулася плячом да ягонага пляча… I нават тут і цяпер — пякучае і шчымлівае шчасце. Праз паўгадзіны яе свядомасць узбагацілася гісторыяй, як у 1937-м вялікі алхімік Фулканэлі (першы раз чую) сустрэўся з маладым фізікам-ядзершчыкам Жакам Берж’е (таксама першы раз чую) і заявіў, што няма чаго гуляць з расшчапленнем атама, бо алхімікі даўно валодаюць гэтай таямніцай, а прафаны толькі падарвуць нафіг планету. Алхімікі ж утвараюць вакол сябе сілавое поле, з якога атрымліваюць доступ да рэальнасцяў, прастораў і часу, што і ёсць Вялікім Дзеяннем, і галоўнае ў ім — не трансмутацыя металаў, а трансмутацыя даследніка.

Нават беларускага паэта Змітрака Астапенку варта западозрыць у валоданні філасофскім каменем — ён, аказваецца, яшчэ ў трыццатых сцвярджаў, што можа падарожнічаць у думках па любым месцы планеты, і зрабіў вялікае адкрыццё: «...разгадаў таямніцу жыцця матэрыі, і ў маіх руках цяпер вельмі страшная сіла. Я магу ў любым парадку сінтэзаваць атамы, а значыць, маёй волі няма канца. Магу ўсюды быць, усё знаць, усё бачыць, лёгка разбураць усё тое, што чалавеку на шкоду, і гэтак жа лёгка аднаўляць».

Праўда, сакрэтныя веды не дапамаглі Астапенку пазбегнуць арышту і сібірскіх лагераў, дзе ён ледзь не згібеў, замест таго каб трансмутаваць.

Трансмутаваць ні панна Пелагея Вакар, ні пан Мсціслаў Роўба жадання не мелі. Дацэнт толькі змрочна пацёр заматаную далонь. Пелагея пагладзіла яго па плячы: вялікія хлопчыкі таксама маюць патрэбу ў суцяшэнні... А ёй так дарагі быў кожны дотык…

— Урэшце, ты ж сам мне паўтараў: матэрыяльны свет — ілюзія і створаны з нічога, з пустэчы, бо ядро атама ў параўнанні з абалонкай — як вішнёвая костачка у параўнанні з зямлёй… Усё насамрэч створана з нейкіх там энергетычных плыняў… І трымаецца за кошт прыцягнення. А значыць, варта улічваць усё нематэрыяльнае. Давай праб’ем гэтыя формулы з каханнем. У Платона, здаецца, было...

Яна мела на ўвазе пералік у трактаце відаў кахання згодна з антычнымі грэкамі. Памятала, што eros — каханне жарснае і фізічнае, каханне-жаданне, кавалер дэ Грые і Манон Леско, filia — братэрскае, платанічнае, чысцюткае… Каханне Прынца да Ружы. У астатніх сумнявалася. Мсціслаў запусціў запыт у пошукавік — няхай наглядчыкі пазлуюцца, што паддоследныя заняліся рамантыкай. Галоўнае, каб зноў інтэрнэт не вырубілі. Людус — каханне-гульня… Заваяваць, уцерці нос сапернікам… Сторге — каханне-пяшчота, каханне-клопат.

А ў сеціве яшчэ і схемы прыводзіліся, бо вышэйпералічаныя тры асноўныя каханні пры спалучэнні давалі яшчэ адценні пачуцця. Праўда, братэрскае платанічнае filia ў гэтых схемах не ўдзельнічала.

Дык вось, калі з’ядноўваюцца эрас і людус, утвараецца каханне-манія… Каханне-ачмурэнне. Пакаранне багоў. Калі на эрас накладаецца сторге — узнікае агапэ… Самаахвярнае, шчырае пачуцце. А людус плюс сторге — ужо прагма. Каханне па разліку.

— Сапраўды нейкія хімічныя формулы… Аж непамысна, — прамармытаў дацэнт, запусціўшы пальцы ва ўскалмачаныя валасы — люстэрка тут мелася толькі яд Пелагеінай пудраніцы, так што на прычэсванне забыліся.— А ёсць жа і рэальная хімія, ферамоны там усялякія, у структуры якіх я зусім не скеміў бы. — Даткнуўся вусамі да скроні магістаркі, прамармытаў стамлёна: — Ды толку з гэтых схем, калі іх — як у дурня фанцікаў... Вунь, глядзі… — Зноў заварушыў мышкай.— “Колеравае кола кахання» Джона Лі. Таксама схема спалучэння розных відаў пачуццяў, толькі з дапамогай колераў… Тут іх дзевяць. А ёсць яшчэ ксенія, філаўція… А вось і хрысціянская трактовка. Тры віды кахання — эрас, людус, манія — дэструктыўныя, бо спажывальніцкія. Чатыры — стваральныя, боскія: сторге, філія, агапэ… Усе на самаахвярнасці. І прагма з хрысціянскага погляду ўхваляецца — пяшчота і сексуальнее прыцягненне могуць перарасці ў найвышэйшае пачуццё. А вось таго амора ардэнса нешта нідзе няма, а ў трактаце згадваецца.

— Чакай… — нахмурылася Пелагея. — Дзесьці я бачыла гэты выраз… Нават паэма ёсць, так называв цца… А, успомніла — нейкай сучаснай аўтаркі па ўспамінах Юльяны Мэнке! Але не паэму шукай, нашто нам лірыка, знайдзі тыя мемуары, іх дакладна алічбоўвалі!

Успаміны віленскай немачкі, якая сто гадоў таму закахалася ў беларускага адраджэнца, масона, антыквара, выдаўца і палітыка Івана Луцкевіча сапраўды знайшліся. Ага, вось і эпізод пра знаёмства паненкі з Луцкевічам у ейнай цёткі. Паненка Юльяна даволі смела спрачалася пра тое, што такое каханне, і згадала пра мастака рэнесансу, на чыёй карціне дзве жаночыя фігуры: адна аголеная, як антычная Венера, толькі з лёгкім пакрывалам, другая сядзіць паважная ў прыгожай вопратцы. Луцкевіч, як знаўца мастацтва, удакладніў, што гэта Тыцыян, а фігуры абазначаюць amor sacra і profana — каханне нябеснае і зямное.


— Бачыце, я разумею, што amor profana мае свае правы, але на ёй адной нельга пабудаваць прыязні, ёй належыць другое месца, на першым павінна быць amor sacra, — казала я далей.

— А калі amor sacra i profana злучаюцца? — запытаў Іван.

— А тады паўстае amor ardens, — адказала я.

— Ну, калі ахопіць amor ardens, то найлепш звярнуцца да ксяндза, каб заспяваў Veni creator, — засмяялася цёця, — іншага ратунку я не ведаю на гэта!

— А калі варункі жыцця на жанімства не дазваляюць? — запытаў Іван.

— А тады паўстаюць розныя драмы, — адказала Цёця.


Гэта было так прыгожа і так сумна… Галасы людзей, якія даўно ўжо сатлелі. Ім так і не заспявалі малітву вянчання «Veni creator» — Луцкевіч быў увесь у палітыцы, да таго ж хворы… ён і памёр ад сухотаў на руках у Юльяны, якая, хоць і выйшла пасля замуж за годнага чалавека, архітэктара Вітан-Дубейкаўскага, на першае сваё каханне не забывалася ніколі. Амор ардэнс. Каханне палаючае…

— Што ты адчуваў перад тым, як трактат... спрацаваў? — ціха і чамусьці трохі хрыпла папыталася Пелагея.

— Самоту. Тугу. Віну. — Мсціслаў гаварыў, апусціўшы галаву. — Усё на табе завязанае. І ў душы аж гарыць…

— Амор ардэнс, каханне палаючае… — горка прагаварыла Пелагея. — Вось і сакрэт. Як проста... Як лёгка…

…Як з галавою залезці пад коўдру…

— Калі кіравацца логікай, каб вынік паўгарыўся, трэба ўвесці сябе ў адпаведны душэўна-пачуццёвы стан.

— I як? Па метадзе сюррэалістаў на чале з Андрэ Брэтонам? — крыва пасміхнуўся Мсціслаў. — Каб адкаркаваць плынь свядомасці дзеля напісання «сапраўдных» вершаў, ты памятаеш, якімі сродкамі яны карысталіся?

Н-так… Псіхатропы, алкаголь, пазбаўленне сну… Зрэшты, і каханне ў сучасным свеце, які развучыўся кахаць, аднеслі да ліку псіхічных захворванняў.

— Ты як у мінулым стагоддзі застрагнуў… Хіба не адбываецца тое самае ў віртуальнай рэальнасці, у нейрасетках? 3 чалавечымі пачуццямі і эмоцыямі там гуляюць, як у хімічнай лабараторыі. Змешваюць, уздзейнічаюць рознымі рэактывамі-раздражняльнікамі — тэкстамі, карцінкамі, відэа, аўдыя, каб атрымаць любыя патрэбныя вынікі. На замову — распаляць гнеў, ці насмяшаць, ці — змусяць закахацца…

— «Брыстыда, ктора Траіля не мнейшою горачасцю мілосці міловала, так жа і вельмі плакала, кгдыж вшыстка была во слезах умочана. Одзенье і ліцо ее і персі слезамі, кторы ж з ее очью цеклі, скропіла, іж вшыстко одзенье ее было змочана слезамі, якбы хто вадою ее паліў», — здзекліва працытаваў дацэнт лубачнае апавяданне пра Брысеіду і Траіла. — І да нейрасетак такое было, засцянковыя паненкі пакаленнямі абрыдаліся. А маніпуляцыя свядомасцю ў вірце — так, ваў-ваў. Магчыма, трактат Полацкага Фаўста — гэта як запыт для нейрасеткі, якая стварае карцінкі… Не спрабавала, не? Спрабавала? I як? Вось і ў мяне нічога не выйшла… Уводзіш сказ — ну кшталту «суровы закаханы алхімік у змрочным сутарэнні вынаходзіць філасофскі камень», а яна табе малюе нейкую антычную галерэю з ромбікаў і комікснага Гары Потэра з чырвоным каменьчыкам. Даваць правільныя замовы-формулы для нейрасеткі на спецыяльных курсах нават вучаць. Чорнаму Доктару неяк удалося скласці такую замову да, так бы мовіць, сусветнай нейрасеткі…

— Тады вось што… — Манітор ноўта нагадваў пашчу пякельнай печкі з карціны Босха. — У такім выпадку алхімікі — хакеры дакамп’ютарнай эпохі. 3 дапамогай чытарскіх кодаў спрабавалі ўзламаць інфармацыю, аб’ём і якасць якой па сваіх вартасцях не пацягнулі б, ну, нібыта як прайсці на апошні ўзровень гульні, прамінуўшы неабходныя квэсты…

Мсціслаў пагадзіўся:

— Так. Несумленна з іх боку. Як я ўжо гаварыў — малпа з гранатамётам… Гэтае незразумелае цэментападобнае рэчыва, у якое пераўтвараецца ўсё на шляху нейкіх… не ведаю… энергетычных хваляў, — не думаю, што яно было мэтай эксперыменту… I наўрад мае нейкую каштоўнасць. Шлак, смецце, пабочны, дакладней, переходны да нечага сапраўды каштоўнага прадукт. Механізм станка, зрушаны няўмелай рукой цікаўніка, запускаецца, колы круцяцца, падважнікі рухаюцца, а што той станок павінен выпускаць — кукурузныя палачкі, гумавыя пантофлі ці патроны — невядома. I толку з тае працы механізму ўхаластую, як ад цыгарэтнага дыму. Дзіва што мой продак ад гэтага адмовіўся.

На закратаванай звонку шыбе зноў зазумкала заблудная пчала. Мсціслаў ужо разоў дзесяць наракаў, што Пелагея падбіла яго не насіць з сабою прапрадзедаву слёзніцу — якраз бы кіслата праела краты.

— Але быў і ёсць і іншы шлях. — Пелагея сціснула далонь у кулак — нібыта гэта дадало б цвёрдасці голасу.— Малітоўны подзвіг… Унутраная ўвесьчасная размова з небам. Увесьчасная барацьба з уласнымі грахоўнымі памкненнямі. Пакора… Аскеза... Прабачыць усім. Адмовіцца ад найменшай маны...

— Ёсць і такі шлях… — Мсціслаў тужліва паглядзеў на абразок са святымі Юстыніяй і Кіпрыянам, і перажагнаўся. — Я б хацеў яго трымацца… Ды ўвесь час зрываюся. Слабы. Вось… і цябе ў грэх уцягнуў.

Прыхіліўся, зашаптаў ледзь чутно:

— Мо хопіць спараджаць «розныя драмы»… Калі выберамся адсюль — давай абвянчаемся?

I глядзідь у вочы. Трывожна-трывожна, ледзь не са спалохам.

— Вас што там, ад рамантыкі мазгі размякчэлі?

А яны і забыліся, што ў іх ёсць назіральнікі. Пелагея скасавурылася на Мсціслава — той звузіў вочы і, здавалася, гатовы быў зноў хоць печку пабіць.

— Устаноўку вашу зразумелі, — працягваў ненавісны здзеклівы Голас. — Трэба, каб дацэнт быў у тым жа настроі, што ў сябе дома. Адзінокі, пабіты і няшчасны. Зараз забяспечым… Дзяўчыначка, з рэчамі на выхад!

Ну чаму яны расслабіліся, распусцілі языкі… Мсціслаў схапіў гантэль, прыняў ваяўнічую позу перад дзвярыма… Нягледзячы на жах сітуацыі, Пелагея ледзь стрымала рогат: рыцар гантэльнага мяча! Нагадвае фільмы «Монці Пайтан» ангельскай сюрэалістычнай комік-групы шасцідзясятых: рыцары круглага стала там перасоўваліся, падскокваючы і стукаючы шкарлупінкамі какосавых арэхаў — то бок на конях скакалі.

Невядома, чым скончылася б сцэна, але за акном усчаўся шум і тлум… Пелагея кінулася да акна. Да камуфляжнікаў заявілася дэлегацыя… Вельмі стракатая. Мажны сівы мужчына ў кепурцы, джынсоўцы, з чырвоным шалікам, высокі маладзён з выбрытымі скронямі ў хіпстарскіх чорных штанах і жоўтым худзі, дробная жанчынка ў трыкатажным барвовым касцюмчыку са спадніцай на два пальцы ніжэй ад калена — яна нагадвала б настаўніцу, каб не ваяўнічыя рухі, — і высокая запаволеная чарнявая дама ў шырачэзнай шэрай сукенцы ў стыле боха і жакеце з футравай аздобай, уся увешаная біжутэрыяй. Прыхадні пра нешта горача спрачаліся з турэмшчыкамі.

Пелагея агледзела пейзаж… А варта было б ад часу ў акно пазіраць. Пейзаж змяніўся. Ля палаца некалькі белых фур, незразумелыя машыны з апаратурай, мікрааўтобусы, легкавікі… Мітусіліся людзі… I коні. Прычым з вершнікамі. Здалёк толкам не разгледзець, але апранутыя не па нашым часе. Яшчэ нейкія гульні? Рэканструктары? Рыцарскі фэст?

— Кіно здымаюць, — напружана прамовіў над вухам Мсціслаў. — А гэта са здымачнай групы людцы — стапудова. Я гэтага дзядзьку нядаўна па тэлевізары бачыў.

Рыцар гантэльнага мяча тузануў шыбы закратаванага акна. Парыпелі, заўпарціліся, але паддаліся. Цяпер напружаную размову было добра чуваць, бо тоны падвышаныя, як цэны ў прэстыжнай рэстарацыі.

— А я вам кажу: мы прадстаўляем дзяржаўную структуру! — гарлаў мажны. — I выконваем дзяржзамову! Кіраўніцтва вобласці з намі на сувязі! I нам патрэбная гэтая лакацыя!

— Тут прыватнае ўладанне! — крычаў плюгавенькі лысы мужчынка ў камуфляжы — касцюм нязграбна пухірыўся, нібыта не да канца надзьмулі ляльку. — Неадкладна сыходзьце! Тут ваенна-патрыятычны лагер!

Дык гэта ж матэрыялізаваны Голас! Убачаныя пры сонечным святле страхі часцей за ўсё мізарнеюць і нават выглядаюць смешна.

— Лагер ваш тут, а сядзіба там! — Голас дробнай кабеты ў трыкатажным касцюмчыку быў нечакана гучны і ўладны. — Не лічыце нас за дурняў. Вы ўладальнік?

— Можа быць, і я…

Маладзён з паголенымі скронямі адарваўся ад мабільніка, па якім кудысь назвоньваў.

— Ніякія яны не ўладальнікі. 3 райвыканкама кажуць — сядзіба належыць нейкаму Роўбу з Мінска. Гатовыя паспрыяць перамовам наконт дакацыі…

Плюгавец ажно затросся ад злосці, мужыкі з аўтаматамі падцягнуліся ў разгубленасці… Але госці звыклі да пісталетаў-аўтаматаў і злавесных фізіяномій на сваіх пляцоўках, і былі яны толькі маленечкім авангардам свайго войска, бо кіношнікаў, мяркуючы па мітусні ля палаца, панаехала з сотню. Гэта не пара філолагаў. Не запалохаеш.

— Гэй, я ўладальнік!

Мсціслаў прысунуўся да самых кратаў.

— Ідзіце сюды, дамовімся!

Плюгавец намагаўся трымацца спакойна.

— Не звяртайце ўвагі, гэта… удзельнікі квэсту. Ім нельга з дома выходзіць, пакуль не завершаць гульню.

— Мы больш не хочам гуляць! — загарлала Пелагея. — Выпусціце нас!

— Вось дакументы на дом i мой пашпарт. Я — Мсціслаў Раманавіч Роўба, кандыдат філалагічных навук. Гатовы дазволіць вашай здымачнай гркпе выкарыстаць мой дом. Нават бясплатна.

Дацэнт махаў высунутай праз краты рукой з паперамі, як апошні абаронца абложанай крэпасці белым сцяжком.

Маладзён з паголенымі скронямі не стаў чакаць, а проста спрытна пераскочыў цераз замкнёныя варотцы, нат не зачапіўшыся за калючы дрот з салідолам.

— Усё правільна, гэта ўладальнік! — праз нейкі час паведаміў ён сваім, чытануўшы Мсціслававы дакументы.

Гэта нагадвала камп’ютарны экшан. Камуфляжнікі супраць кіношнікаў. Тым болей да кінаавангарду падцягнуліся іншыя воі — асабліва каларытна выглядала, што некаторыя ў касцюмах васямнаццатага стагоддзя, гэткія сабе шляхцюкі, узброеныя шаблямі і старажытнымі пістолямі. Папкорну не хапала. Пагрозы ваеннымі таямніцамі і адказнасцю за зрыў вайсковых вучэнняў на сучасных блазнаў не дзейнічалі. Праводзьце сабе свае вучэнні, ахоўвайце свае таямніцы — мы ж проста паснімаем на тэрыторыі сядзібы, якая да вас, як мы разумеем, ніякага дачынення не мае. Вось уладальнік, гатовы падпісаць афіцыйную дамову… А вы тут як карова да млына.

Канчаткова спрэчка вырашылася, калі нейкая куртатая дзеўка з сінімі валасамі зашчоўкала прафесійным фоцікам — аказалася, карэспандэнтка, якая мусіла асвятляць стварэнне эпахальнай беларускай кінастужкі ў стылі гістарычнага фэнтэзі.

Блаславі Гасподзь напорыстасць службоўцаў нацыянальнай кінастудыі.

I хаця першае жаданне вязняў было як найхутчэй зваліць з радавога маёнтка Роўбаў, давялося дэманстраваць свае ўладанні «купцам». Інтэр’ер сівога дзядзьку, які аказаўся рэжысёрам, расчараваў. Уся аўтэнтыка страчаная. Праўда, яшчэ адзін, які далучыўся да зграі, высокі, худы і меланхалічны аператар Сева, запэўніў, што лесвіца на другі паверх дастаткова фактурная, дэкаратары зробяць фон — і можна зняць сцэну… I яшчэ сцэну на вуліцы, на ганку з калонамі.

Пелагея зірнула ў акно: камуфляжнікі нагадвалі мурашоў ля ўшчэнт зруйнаванага мурашніка.

— Уяўляеце сабе, мы ж гэты дом зусім прапусцілі! — гучна абуралася кабета ў барвовым касцюмчыку, Ларыса Іванаўна, якая адказвала за падбор лакацый. — Вялікую сядзібу адразу ўключылі… Яна на рахунку калгаса, былая школа, так што дамовіліся. А прыехалі здымаць — мясцовыя нам падказалі вось гэты дамок, маўляў, таксама рарытэт. Вось толькі выкуплены прыватнікам. Наша гістарычная кансультантка падняла паперы — зказваецца, у гэтых мурах таксама бываў Чорны Доктар!

Мсціслаў і Пелагея агаломшана перазірнуліся.

— Вы маеце на ўвазе Полацкага Фаўста?

Цётачка пакрыўджана падціснула бледныя вусны.

— Параіла б вам сачыць за культурным жыццём краіны. Пра наш фільм паўсюль пісалі, сюжэты ў навінах ішлі. Полацкі Фаўст — адзін з герояў нашага фільма.

— Нішто сабе!

Цётачка, палагоднеўшы ад захопленасці слухачоў, пагадзілася на асветніцтва:

— У аснову сюжэта пакладзеная народная казка пра добрага чараўніка Чорнага Доктара. Усё адбываецца ў канцы васямнаццатага стагоддзя. Чорны Доктар у сваім маёнтку дае прытулак збеглым прыгонным і ўсім пакрыўджаным. Ну там філосафы-блюзнеры, закаханыя, што абвянчаліся супраць волі бацькоў, бедная дзяўчына, якая ўцякла ад пажадлівага князя. — Цётачка відавочна паўтарала анатацыі. — Утвараецца дружнае паселішча з самакіраваннем. Навакольныя паны не могуць змірыцца з існаваннем сялянскай рэспублікі, аб’ядноўваюцца і нападаюць на маёнтак. Вольныя пасяленцы бароняцца, а Чорны Доктар, паколькі ён чараўнік, заклікае ў дапамогу чароўных істотаў. Цмокаў, русалак, лесуноў, дамавікоў… Нават сама прырода паўстае на абарону выспы волі — птушкі, звяры, дрэвы, вецер, рака… А з другога боку ёсць злы чараўнік, белавалосы волат. Уяўляеце, якія камп’ютарныя эфекты зробім! Ну любоўная лінія, зразумела. 3 дзяўчынай, што збегла ад злога пана, і сынам доктара.

— Вядома, гэта фэнтэзі, — парушыла маўчанне дама ў боха, якая адзывалася на імя Эльвіра. — Вобраз героя зборны. He варта шукаць дакладных адпаведнікаў, хоць прататып жыў і праўда ў гэтым маёнтку.

— Зразумела, — паківаў Мсціслаў. — Нешта выкарысталі з гісторыі пра Паўлаўскую рэспубліку Брастоўскага, якую ён учыніў у сваёй вёсцы Паўлава, нешта — з біяграфіі Полацкага Фаўста. У любым выпадку — ухваляю. Дай Бог, атрымаецца файнае шляхецкае гістарычнае фэнтэзі — мусіць, упершыню ў нас… А то адны лапці ды бомбы… А моладзі трэба рамантычнае мінулае, з уласнымі рыцарамі.

— О, а якія ў нас рыцары! — засакатала Ларыса іванаўна, пачаўшы пералічваць артыстаў, адзін за другога таленавіцейшых, ды яшчэ, аказваецца, клубы рэканструктараў падключыліся, і каскадзёры адзін перад адным… А касцюмаў колькі пашылі! А зброю ў калекцыянераў напазычалі! Карэту змайстравалі!

Як Пелагея прапусціла такі праект? А, яна ж апакаліпсіс апошнім часам прапусціла б…

— А вы ведаеце, што цяпер перад вамі нашчадак Чорнага Доктара? — не стрымалася магістарка, тыцнуўшы пальцам у Мсціслава.

— Гэта лёс! — пасля агаломшанай паўзы гучна абвясціла дама ў боха, але Мсціслаў зіркнуў на Пелагею, як мыш на сапсаваныя крупы, — на пытанні, што абрынуліся датычна легендарнага продка, ён мала што мог адказаць. Кіношнікі ўсхвалявана гулі, абмяркоўваючы навіну.

— Мы вас абавязкова пазнаёмім з артыстам, які іграе вашага прашчура!

От дзякуй… Аблізнуць лыжку, якой на мінулы Вялікдзень мёд елі.

Між тым рэжысёр з аператарам і асістэнт — ім аказаўся хіпстар у жоўтым худзі — агледзелі дом, які яшчэ нядаўна быў вязніцай. Асістэнт нават вычапіў са скрыні бронзавых канягаў — папрасіў для рэквізіту. Бярыце, не шкада. I нарэшце птушкі выпырхнулі на волю…

Як заявіў раззлаваны плюгавец, калі нядаўнія вязні праходзілі паўз сваіх турэмшчыкаў, — «на волю часовую. Нікуды вы ад нас не падзенецеся».

Але не парваўся яшчэ срэбны ланцужок…


СТАДЫЯ ДЗЯВЯТАЯ. РАЗМЯКЧЭННЕ, ПЕРАТВАРЭННЕ ЦВЁРДАГА РЭЧЫВА Ў ПАДАБЕНСТВА ВОСКУ


Магіла была на ўскрайку варонкі ад бомбы.

Зрэшты, усе могілкі цяпер у такіх варонках. Белы снег, чорныя груды зямлі, чырвоная цэгла зруйнаваных капліцаў… Паўсюль вывернутыя, расколатыя надмагіллі — як рэшткі разбітых аб скалісты бераг забыцця чаўноў. Некаторыя надпісы на польскай, некаторыя — на рускай, трапляюцца на французскай, на габрэйскай, на нямецкай... Гэтыя могілкі, самыя старыя ў горадзе, прымалі ўсіх. Каталагізавалі, калекцыянавалі ўсе падзеі і гатовыя былі распавесці таямніцы цікаўнікам…

Такіх не знаходзілася. Людзі прыносілі сваіх нябожчыкаў, не цікавіліся чужымі, ранейшымі, да чыіх магіл даўно ніхто не прыходзіў.

Для пахавання ім вылучылі раніцу… Шмат нябожчыкаў. Трунары занятыя. Сакавіцкае сонца было такім бляклым, кволым, што здавалася сухотным і перхала снегам.

Каруся штурхнулі ў плячо… Нехта ціха прашаптаў над вухам:

— Кінь прыгаршчу зямлі…

Хлопец ачомаўся… Сапраўды, трунары ўжо выцягнулі з яміны — а які нечакана жоўты пясочак — вяроўкі, на якіх апускалі труну, і людзі моўчкі запытальна глядзелі, калі ж самы блізкі нябожчыку чалавек, прыёмны сын, дасць знак.

Пясок у руцэ быў халодны і цяжкі… I застрашліва, мёртва стукаў у века.

Цяпер усе адно за адным кідалі ў яміну пясок… Гаварылі добрыя словы… Нават сямейства Маланак, амаль поўнае — цётка Таццяна, захутаная ў вялізную, як коўдра, клятчастую хустку паўзверх ватоўкі, старэйшы сын, пляскатвары і запаволены, у выцертым шынялі з абадранымі лычкамі, з гэткай жа запаволенай і пляскатварай жонкай, заспаная даўгалыгая дачка-падлетак… Толькі галава сямейства, брамнік Апанас, так наўспамінаў нябожчыка-суседа яшчэ звечара, што не ўзняўся раніцой.

На тварах Маланкаў так і чытаецца: а мо ўдасца цяпер, пасля смерці суседа, займець пару лішніх метраў? Цётка нават паспрабавала была яшчэ ля пад’езда, калі ставілі на грузавік труну, дапытацца атрутна-мядовым галаском, ці застанецца Карусь жыць у пакоі прыёмнага бацькі... Нязручны ж пакой, цесны, а ў яго ж ёсць іншыя варыянты, праўда? А Карусь якраз дакараў сябе, што ў гады вучобы жыў збольшага ў прафесара Лубовіча. Там сапраўды было зручней, чым у тлумнай, звяглівай камуналцы… Асобны пакой, ціха, шмат кніг, мудры настаўнік побач. I дзядзька Тадзік радаваўся, што хлапцу спрыянне выйшла, і не хацеў яго абцяжарваць, не прызнаваўся, што ўсё больш слабее, Толькі апошнім часам, калі зусім зваліўся, не было сіл пярэчыць, што прыёмны сын вярнуўся, каб яго даглядаць.

Вось ужо і пясчаны пагорачак разраўноўваюць… Утыкаюць палку з шыльдачкай… Раней гэта быў бы крыж — але хто ж паставіць крыж на магіле былога савецкага службоўца, бальшавіка са стажам з дарэвалюцыйных часоў?

Пачатак сакавіка выдаўся халодны. Падзьмуў сівер, людзі паднялі каўняры, схавалі твары ў хусткі і шалікі.

Цёплая маленькая ручка сціснула далонь. Карусь з удзячнасцю пагладзіў вялікім пальцам тонкія пальчыкі: Галінка — добры сябар… I ёсць спадзеў, што больш, чым сябар. Ён планаваў: у першы дзень вясны зробіць прапанову, да пачатку сесіі распішуцца… I размеркаванне будзе тады на дваіх.

Вядома, Карусю даюць месца ў аспірантуры. Беларуская старажытная літаратура ў кантэксце славянскіх літаратур. I ён напіша такую дысертацыю, абароніцца... Але напачатку не трэба цёплага месца. Напачатку, як сапраўдны камсамолец, ён мусіць папрацаваць сярод народа. Абвергне ўсе чуткі, што кар'ерыст, які ўцёрся ў давер да прафесара Лубовіча. Папросіцца выкладчыкам у самую глухую вёску і будзе абуджаць у вучняў любоў да роднага слова,як калісьці рабіў Канстанцін Міцкевіч. Два, тры гады. Галінка зразумее і падзеліць з ім гэты досвед. Потым, потым — навуковая праца ў Мінску, а Галінку возьмуць у якую-небудзь паважаную газету, мо нават у «Звязду». Яна ж там ужо друкавала свае зацемкі — пра святкаванне Першамая ва ўніверсітэце з агульным кросам, пра адкрыццё новага кінатэатра…

Вось вершы яе не друкавалі. Толькі ва ўніверсітэцкай шматтыражцы. Галінка злавалася: буржуі ў рэдакцыях заселі. «Трубы заводаў дымяцца, горад будуем наноў. Слава стаханаўскай працы лепшых савецкіх сыноў!» Чым кепска?

А Карусь ніяк не наважваўся сказаць, што насамрэч думае пра яе вершаваныя спробы… Ну як растлумачыць, што правільная думка, якая правільна зарыфмаваная, — гэта яшчэ не паэзія? Вось у дзядзькі Васіля — вершы сапраўдныя…

...Жалезныя сэрцы — у волатаў гэтай зямлі…

Іх сэрцы кавалі на зорным агні кавалі,

Але не паспелі тых вырабаў загартаваць…

Расколатых сэрцаў аскепкі навокал ляжаць,

Бо гора, што нашу зямлю выпрабоўвае зноў,

Расколіны робіць у сэрцах вялікіх сыноў.

Амаль Гейнэ… Шкада, дзядзька Васіль вершаў болей не піша. I ранейшыя не ўспамінае.

Зрэшты, Галінцы дзядзькавы творы і не падабаюцца. Буржуазны дэкаданс, кажа. Карусь спрабаваў ёй чытаць пераклады Джона Дона і Рыльке — містыцызм. Барыс Пастарнак — каша нейкая з вобразаў, нічога не зразумела. «Я понял жизни цель и чту / Ту цель, как цель, и эта цель — / Признать, что мне невмоготу / Мириться с тем, что есть апрель…» От праблемы ў чалавека… 3 беларускай паэзіі Галінцы найбліжэйшы Якуб Колас. 3 рускай — Канстанцін Сіманаў і Багрыцкі. Магчыма, калі-небудзь яна зразумее і іншых… Калі будуць жыць разам, і самыя розныя кнігі разам прачытаюцца…

Але калі дзядзька Тадзік цяжка захварэў, натуральна, было не да рамантычных прызнанняў і матрыманіяльных планаў. А даглядаць дзядзьку Галінка дапамагала, як свайго. Упэўнена, спакойна, з усмешкай, без ценю грэблівасці. Яшчэ і Маланак на месца ставіла, калі шумелі. Дзядзька яе донечкай называў.

— Я з табой, трымайся! — прывідны шэпт над вухам.

Хто памрэ, хто выжыве, хто распавядзе маю гісторыю?..

Вароны хрыпла смяюцца ў голым абледзянелым вецці… Nevermore… Nevermore… Нікому не цікавая твая гісторыя, сын забытага народа, захавальнік паміраючай мовы… Былі моцныя да цябе — сатлелі… Былі верныя да цябе — іх прадалі... Былі разумныя — снег насыпаецца ў іх пустыя вачніцы...

— Памё-ёр!

Цёмная постаць, спатыкаючыся, бегла паміж магілаў.

— Памё-ёр!

Брамнік Апанас, галава сямейства Маланак, увесь выкачаны ў снезе, задыхана ўпаў на калені перад пясчаным насыпам. Не ад пачуцця да схаванага ў гэтым пяску нябожчыка.

— Сталін памёр!

Увушшу ажно загуло… Як быццам пчала зазумкала з нейкага паралельнага свету.

— Што ты такое гародзіш? — першай ачомалася цётка Маланка. — Зусім здурнеў?

— Па радыё перадалі! — Апанас хрыпеў, хапаў ротам сівернае паветра. — Памёр Сталін! Во-ой, што ж цяпер будзе? Як жа мы?

I з нейкім звярыным выццём ткнуўся чырвоным абветраным тварам у калені.

Галінка побач перарывіста ўздыхнула.

Toe, што Сталін захварэў, перадавалі па радыё ўжо некалькі дзён. Але хто ж верыў, што вялікі «кормчы» можа памерці? Ён здаваўся вечным. Як сама смерць.

Да людзей пачало даходзіць — гэта не жарт. Карусь абвёў поглядам прысутных… Ясна, што пра аднаго нябожчыка адразу забыліся перад ценем другога, усёмагутнага, усюдыіснага… Здавалася, ягоная постаць паўстала на месцы зруйнаванага касцёла і пагрозна пагойдваецца над дрэвамі, правяраючы, хто шчыра смуткуе па ім, хто недастаткова гаруе… А нейкі замаскаваны вораг, магчыма, і зусім не гаруе?

Карусю хапала ўласнага гора… Але сапраўды — як яно цяпер будзе? А мо… А мо бацька.. родны бацька, якога не памятае, вернецца? Нехта побач пераймаўся, мяркуючы па няўцямным мармытанні, іншым: ці не пачнецца зноў вайна? Супрацоўнікі дзядзькі Тадзіка па фінаддзеле ўзрушана абмяркоўвалі: трэба неадкладна пісаць ліст… Збіраць подпісы… Даваць прысягу змагацца супраць англа-амерыканскіх імперыялістаў і людажэраў… Хтосьці паўтараў, як заведзеная катрынка: «Не можа быць, не веру, не можа быць…»

Народ разыходзіўся, забыўшыся на толькі што пахаванага чалавека.

…Прафесар Лубовіч моўчкі наліў яшчэ патроху каньяку ў крышталёвыя чаркі. Першы раз яны з Карусём разам вось так пілі. Сёння было можна.

— Ну, яшчэ раз — за твайго прыёмнага бацьку. Пухам зямля…

Карусь з непрывычкі заперхаўся, калі глыток апёк горла.

— Гэта добры каньяк. Мне аспірант прывёз… 3 Арменіі, — амаль вінавата прамовіў прафесар. — Я паставіў у сакрэтнік і забыўся. Вось… Прыдалося.

Памаўчаў.

— Спадзяюся, у гонар другога нябожчыка ты не будзеш прапаноўваць выпіць…

— Не буду,— рашуча прамовіў Карусь. — Хіба — за тое, што ён нарэшце здо… сышоў. Цяпер жа ўсё зменіцца, праўда?

Прафесар далікатна адкусіў сала ад празрыстага скрылёчка — хоць ён увесь быў на адзін укус. Але з ежы на стол удалося сабраць толькі вось гэтыя скрылёчкі, сітны хлеб і цыбуліну. Зусім прафесар без прыгляду гаспадарку занядбаў.

— Зменіцца. Але не адразу, Карусь. Не адразу. Гэтая сістэма трымаецца не на адным чалавеку. I нават не толькі на тых, што зацята выконваюць страшныя, ганебныя загады, дратуючы невінаватых. Мільёны даносаў — хто напісаў? Звычайныя людзі, між якіх жывём. Ды нават сярод вязняў у сібірскіх лагерах — думаеш, няма тых, хто сёння таксама слёзы лье па бацьку народаў?

I працытаваў, круцячы ў пальцах крышталёвы келіх з бурштынавымі кроплямі на дне:

Рабам так страшна волю мець —

Напэўна, так, як лёду таяць.

I бранзалетаў танных медзь

Навечна скуру іх прыпаліць.

Плывуць галеры на праліў,

I піраміды неба колюць.

Хто між рабамі вольны быў —

Адны пяскі ды грыфы помняць.

Што — воля? Хто яе спазнаў?

Hi дзед, ні прадзед, ні прапрадзед.

I раб ланцуг пацалаваў

3 вільготнай радасцю ў паглядзе.

Худыя шчокі Лубовіча трохі пачырванелі.

— Васіль Роўба напісаў. Нідзе не друкаваў, вядома. Верш хадзіў па руках, яго перапісвалі... Пакуль хтосьці не перадаў паперку куды трэба.

Прафесар злосна выплюхнуў у рот рэшткі каньяку з чаркі.

Карусь вінавата ўспомніў, што даўно не адведваў дзядзьку Васіля. Той можа падумаць, што пляменнік асцерагаецца, узяўся за розум і будуе кар’еру… Забыўшыся на скрадзены бацькаў рукапіс, алхімічны трактат і затынкаваны на хуткую руку бок печкі.

— Сапраўды, рабы, якія цалуюць ланцуг… — Лубовіч тужліва глядзеў у акно, за якім валіў цяжкі шэры снег. — Ты ж не збіраешся ў найбліжэйшы час несці кветкі да помніка на Цэнтральнай? Твая Галінка цябе дакладна пацягне. Там ужо сёння кажуць, нават вазонаў пананеслі. Пальмы і фікусы цэлыя джунглі ўтварылі.

Галоўная плошча ў Мінску зусім нядаўна прыкрасілася помнікам Сталіну. Да сямідзесяцігоддзя правадыра беларусы не паспелі, зацягнулі тэрміны… Так што, атрымаўшы зверху прачуханца, варганілі стод стаханаўскімі метадамі. Галаву ляпіў Заір Азгур, тулава — Глебаў і Бембель, Селіханаў — штаны і чаравікі. Постаць вялікага «кормчага» паставілі на дваццаціметровым пастаменце. Лубовіч неяк прабурчэў, што бачыць у гэтым нешта егіпецкае. Сапраўды, гіпертрафаваныя памеры і прапорцыі, чыя мэта — змусіць звычайнага чалавека адчуць сваю мізэрнасць, бездапаможнасць.

— Не, не панясу ні кветак, ні фікусаў, — сцяў зубы Карусь.

— Правільна. Там жа сёння ўжо цісканіна, тысячы людзей. Урэшце і падушаць адзін аднаго… А ў Маскве падчас пахавання што будзе тварыцца — уявіць страшна.

На этажэрках, далікатных, з паліраванага светлага дрэва, грувасціліся сумёты пажаўцелых газет, часопісаў і рукапісаў, здавалася, яшчэ аркуш пакладзі — абрынецца папяровая лавіна.

— У нас на курсе некаторыя збіраюцца ехаць… — прызнаўся хлопец. — Некалькі чалавек сапраўды — ад гора горкага. А хтось кажа — гістарычная падзея, варта паназіраць…

— Назіраць за апантаным натоўпам лепей здаля. — У непрывычнага да алкаголю прафесара відавочна развязаўся язык, як ніколі. — Гэх, каб мы толькі ведалі, чым усё скончыцца… Ведаеш, колькі людзей збіралася паслухаць маладых беларускіх паэтаў? У клубах не змяшчаліся! I як усё збэсцілася, звялося да страху не тое што слова сказаць — коску не там паставіць! Выклікаюць у НКВД — а там цэлы стос даносаў на мяне. Каб дысертацыі такія аб’ёмныя пісалі. I хто? Мае ж калегі, якія мне ўсміхаюцца, словы добрыя гавораць. Пытаюся ў аднаго, якога за сябра лічыў: за што ты так са мной? А ён — ну ты ж усё разумееш, каб я першы на цябе не напісаў, дык ты б на мяне напісаў. Маё шчасце — калісьці Сталіну, ужо не ведаю, якім чынам, патрапілася мая праца па слядах санскрыту ў сучаснай мове, і ён пахваліў. Прыдворныя лізунцы запомнілі. Індульгенцыя на ўсё жыццё! Іначай не выбраўся б…

Прафесар варушыць левай нагой, нязграбна выцягнутай. Карусь ведае, чаму яна ўвесь час ные, чаму Лубовіч кульгае. Падчас следства па справе міфічнага Саюза вызвалення Беларусі Аўген Іванавіч прайшоў праз канвеерны допыт — і адзін са следчых любіў паставіць ножку крэсла на палец нагі паддоследнага і прыціснуць... Каб косткі раструшчыла. Гэта цуд, што адтуль выбраўся… Дзякуй санскрыту і жаданню правадыроў паказацца знаўцамі мудроных старажытных таямніцаў.

— Але хваліцца мне няма чым, не быў я героем, — горка прамовіў прафесар. — Нікога я не абараніў. Маўчаў, руку на сходах, як усе, падымаў. Падпісваўся, дзе прасілі. Казаў сабе: ілбом мур не прашыбеш, а беларускую навуку трэба рухаць.

— Мне вы дапамагалі, і не раз, — запярэчыў Карусь. — I Петрака выратавалі ад выключэння. I каб не вы, Сяргею Калецкаму дысертацыю па Багдановічу не зацвердзілі б. I мне распавядалі, як вы на вучоным савеце ў Сходні ў сорак чацвёртым падтрымалі Льва Барага, які выступіў супрадь кампілятыўнай дысертацыі прафесара Дабрыніна, — і што гэта, калі не смеласць? Нават акадэмік Якуб Колас тады, кажуць, толькі маўчаў.

Лубовіч плескануў яшчэ каньяку ў чаркі.

— У мяне ніколі не было смеласці таго ж Барага, які назваў у вочы Дабрыніна плагіятарам, а таго-сяго з камісіі халуямі і прахадзімцамі. І ён меў рацыю. Хоць пасля з той рацыяй адправіўся ў Свярдлоўск.

На гравюрах, што увешвалі сцены, красаваліся замкі, палацы i храмы, якія насамрэч даўно перасталі быць замкамі, палацамі і храмамі, а ператварыліся ў клубы, санаторыі, сховішчы гародніны альбо ў руіны.

— Цікава, з якімі пачуццямі Азгур ляпіў галаву гэтага «вупыра»? — загаварыў прафесар. — Ён жа сябраваў з многімі арыштаванымі, загубленымі…Прыкладам, стрыечнымі братамі сваёй жонкі, актрысы Маргарыты Шашалевіч, пісьменнікам Андрэем і драматургам Васілём. Васіль, памятаю, з майстэрні ягонай не вылазіў, як ні прыйдзеш — сядзяць і пра вялікае мастацтва разважаюць. Абодвух братоў арыштавалі і закатавалі ў лагерах. Хаця не, Андрэя зарэзалі ў цягніку, калі дадому вяртаўся, адпушчаны паміраць ад сухотаў. Колькі Заір да вайны зляпіў тых, каго пасля абылгалі ды запісалі ў ворагі народа! Сяброў сваіх, паважаных людзей… Думаеш, забыўся? А мо і сапраўды… Самагіпноз падчас працы. Нельга ненавідзець тое, што робіш, іначай звар’яцееш. Але я пасля вайны да яго так ні разу і не зайшоў. Баюся — зайду, у памяці — вунь там бюст Цішкі Гартнага стаяў, вунь там гіпсавы Ігнатоўскі задуменна пазіраў… А іх, вядома, не будзе. Цені адны. Прывіды.

Прафесар пацягнуўся быў зноў да бутэлькі, але Карусь пераставіў яе далей.

— Мо не трэба, Аўген Іванавіч, вам пасля балець будзе. I закускі больш няма…

— Няма... — пагадзіўся прафесар, aпусціўшы галаву.— Туторкаў сёння ў госці запрашаў. Гараваць па бацьку народаў калегіяльна і паказальна Многіх запрашаў. Там закускі, відаць, хапае... І выпіўкі. Падстрахоўваецца, гнюс. Кампрамат хоча падсабраць. Усе панапіваюцца, языкі развяжуцца. Ад яго станут залежаць. Баіцца, што, калі і праўда ўсё эменіцца, вернуцца прададзеныя ім людзі, з яго спытаюць.

— А бацька мой можа вярнуцца? — ціха запытаўся Карусь. — Разумееце, хоць паперу мне выдалі — памёр, сардэчная недастатковасць… Да канца не веру.

— Хто ж ведае, хлопча… — Худы твар Лубовіча быў нездарова жоўты, як васковы. — Паэт Змітрок Астапенка з ГУЛАГа быў узяты ў спецразведатрад. Ён жа ўсё хваліўся, што можа ва ўяўленні падарожнічаць па любым месцы планеты і дакладна аднаўляць любыя мапы. Быў закінуты ў Татры і загінуў. А нядаўна Аркадзь Куляшоў яго нібыта ў Маскве пабачыў.

Уздыхнуў, пакруціў у худых пальцах пустую чарку, нібыта спадзяваўся, што там паветра трансмутуецца ў вадкасць.

— Вось што скажу — хоць гучыць кашчунна… Табе пашанцавала, што Анатоля забралі ў дваццаць шостым, а не ў трыццаць сёмым. Бо тады б і Сафійку арыштавалі, як жонку ворага народа, і ты быў бы ў спецыяльным дзіцячым доме з кляйном на ўсё жыццё.

Карусь устрымаўся ад спрэчкі — пра што тут спрачацца? Нат калі бацькі няма на свеце — прыйшоў час дабіцца ягонага апраўдання, вярнуць сабе прозвішча.

— Цяпер, калі нешта пачне мяняцца, — вы згодзіцеся дапамагчы мне абяліць бацьку і выкрыць Туторкава?

— Паспрабую, што ў маіх сілах. Я ўжо, здаецца, адбаяўся сваё, — вінавата пасміхнуўся Лубовіч. — Аркушы з дысертацыі Анатоля — добры доказ. А цяпер яшчэ з Германіі частку архіваў вярнулі, вывезеных фашыстамі з Мінска. Мяне папрасілі дапамагчы разабраць: там жа на розных мовах. Ёсць там і паперы акупацыйных уладаў, што тычыцца музеяў. Пашукаю, мо знайду штось.

Лубовіч з цяжкасцю ўзняўся і схаваў недапітую бутэльку ў сакрэтнік, павярнуўся да вучня.

— Але помста помстай — а ты працягвай справу бацькі. Галава ў цябе светлая, а Беларусі так патрэбныя даследчыкі… так бы мовіць, беларусацэнтрычныя. Не адкладай дысертацыю ды аспірантуру, пакуль ёсць магчымасць. Абодва бацькі твае гэтага хацелі б: і родны, і прыёмны…

Карусь панурыўся.

— Я так вінаваты перад дзядзькам Тадэвушам… Я мусіў болей часу праводзіць з ім.

— Ён ганарыўся табой, — ціха прамовіў Лубовіч. — А боль душы… Ну, камуністы лічаць, што душы няма, а перажыванні мусяць быць толькі калектыўныя. Як ранішняя гімнастыка. Але… ёсць сродак… Нічога не гавары, нат калі не згодны…

Лубовіч пашнарыў у сакрэтніку, беражліва дастаў аркушык шчыльнай паперы з палову далоні з няроўнымі, абтрапанымі краямі, прыхіліў да шэрагу кніг на паліцы. Абразок! Сумны твар Хрыста Збавіцеля. Танныя фарбы выцвілі…

— Мая маці мне дала, калі ў чатырнаццатым на фронт забіралі… — прашаптаў Лубовіч. І раптам перахрысціўся і загаварыў неяк дзіўна-распеўна, словамі, якія гучалі як бы не адсюль.

— …Абмый мяне з неправаты мае і ад грэху майго ачысці мяне. Бо неправату маю я знаю, і грэх мой перада мною ёсць і цяпер.

Карусь сам сабе не верыў — прафесар моліцца? I ён, камсамолец, у гэтым удзельнічае?

Але словы нібыта гаілі душу, праціналі навылет нябачнымі промнямі…

— ...Пакажу зблудзілым дарогі Твае, і недаверкі да Цябе навернуцца. Выбаві мяне ад крывавых напасцяў, Божа, Божа збаўлення майго…

Атанор… Ты толькі атанор, у якім адбываюцца дзіўныя працэсы — дзеля стварэння золата ці гразі. Табе выбіраць, чым напоўніць сваю душу, якой, па сцверджаннях навукоўцаў, няма, а яна баліць ды баліць.

Новы пагорак на старых могілках абсунуўся, на яго пачала ўспаўзаць маладзенькая траўка. Карусь уторкнуў у пясок яркую кветку — мак з васковай паперы на драцяной ножцы, куплены ў бабулькі ля могілкавай брамы.

На вянок грошай не мелася. Ды каб не прафесар Лубовіч, які ўвесь час падкідваў працу з перакладамі, ці змог бы Карусь увогуле працягваць вучобу? Стыпендыі ж раптам адмянілі. Купіў бы каня, ды няма хамута ды воза... Некаторыя аднакурснікі, якія з вёсак, вучобу кінулі ды дахаты павярталіся — звычайны студэнцкі падзаробак, начная разгрузка вагонаў, не мог карміць увесь навучальны год, дый у калгасах быў такі голад, што людзі адчайваліся, не ў змозе выплаціць непасільныя падаткі, і нават ва ўласных дзяцей, што вучыліся ў горадзе, выпрошвалі хоць якую капейчыну.

— Карусь! Прабач, спазнілася…

Галінка, няўтульна хаваючы рукі ў рукавах плюшавага жакеціка, бегла, спрытна пераскоквала праз карчы і пагоркі, якія былі чыімісьці магіламі.

А твар у яе які занураны… Што здарылася?

— Дыпломную мне не зацвердзілі. — Галінка цвёрда падціскала вусны — партызаны не плачуць! — А я ж усё ўжо напісала… У Ленінцы працавала… Гэта ж Барыс Фрын… Ён жа такія рэпартажы з фронту пісаў… Сталінскую прэмію атрымаў… Мая мама, памятаю, неяк сказала, што з усіх пісьменнікаў толькі Фрыну можна верыць, бо хоць чалавек ён складаны, але за праўду на прэнт палезе, нікога не пашкадуе, нават сябе. Я малая была, але запомніла яе словы. Падобна, маці неяк бачыла яго ў Ленінградзе. Я таму яшчэ яго і выбрала… І выявілася — вораг народа. Я ж не ведала…

У яе ўсё-ткі вырваліся не ўсхліпы — а так, перарывісты ўздых.

Карусь прытуліў сяброўку, пагладзіў неслухмяныя кудзеры.

— Ну, не адчайвайся… Часу, вядома, амаль няма… Але можна дамовіцца, каб далі перапісаць.

— Не дадуць! — Галінка задрала падбароддзе, быццам рыхтуючыся мужна ісці на расстрэл.— Сказалі: з такой тэмай у савецкай журналістыцы не месца. Уяўляеш, Фрын у замежжы надрукаваў артыкул, што ў Савецкім Саюзе канцлагеры ёсць і там мільён людзей знішчылі!

— Ну, ён праўду напісаў, — прабуркатаў Карусь, не звярнуўшы ўвагі на абуральны позірк цёмных вачэй-вішанек. Гэтак жа Галінка паглядала, калі ён не ўхваліў ейны верш на смерць Сталіна. — Іншая рэч — гэта Фрыну не даруюць. Пайшлі да прафесара Лубовіча.

— Не, — паматляла галавой Галінка. — Не трэба прафесара падстаўляць. Ты, можа, не чуеш — але пра яго і так усялякае гавораць, што даўно час яго прыбраць з савецкай навукі, што пільнасці няма, абараняе прыхаваных нацдэмаў. Наш загадчык кафедры так і кажа. А прафесар Туторкаў…

— Што? — Карусь адхіліў ад сябе Галінку.— Пры чым тут паганец Туторкаў?

Вараннё ў шатах могілкавых ліпаў усчало чарговы сойм.

— Ён выклікаў мяне, — хаваючы вочы, ціха прамовіла дзяўчына. — Сказаў, што дазволіць перапісаць і абараніць дыплом пад сваю адказнасць, калі я буду… выконваць камсамольскі доўг. Мушу праверыць, ці не хаваеш ты падазроных папер. Калі хаваеш — каб яму прынесла. I што абавязкова трэба, каб у органы савецкай навукі патрапіў стары сшытак, які твой бацька ў свой час скраў у музеі.

Вароны ўсхадзіліся так, нібыта ніяк не маглі выбраць павятовага маршалка.

— Мой бацька анічога не краў, — скрозь зубы прамовіў карусь. — І нічога я Туторкаву не аддам, нат гнілога жолуда.

Папяровы мак ззяў на магіле, як свежая кроў. Абмый мяне ісопам, і ачышчуся…

— Ды я б ніколі да гэтага цябе не змусіла б! — Зялёны плюшавы жакецік Галінкі нагадваў няспелы агрэст. — Адразу Туторкаву адмовіла, не даслухаўшы,— сказала, што за сябрам шпіёніць не стану. Але… Мы ж самі былі сведкамі — у сшытку схавана… нейкая сіла. Не чарадзейства ж! А раптам і праўда — сакрэт, як ператвараць простыя металы ў золата? Няўжо маем права такое хаваць? Акрамя Туторкава — ёсць жа сумленныя савецкія навукоўцы!

Карусь кусаў вусны ў пакутлівым роздуме.

— Добра, я ж і сам пра гэта неаднойчы думаў. Давай так… Вядома, Туторкаву ў рукі нічога не аддамо. Пойдзем у Акадэмію навук. Перададзім трактат. Пад распіску. Потым гэтую распіску прынясеш Туторкаву.

У цёмных вачах дзяўчыны бліснула надзея — але згасла, прыпарушаная попелам віны.

— Ты не павінен ахвяравацца дзеля мяне. Прабач. Гэта так подла — выкарыстоўваць наша сяброўства… Урэшце — ну не абараню дыплом у гэтым годзе, дык на наступны аднаўлюся. Хіба гэта самае страшнае гора з таго, што мы бачылі? Што б сказаў твой продак, Чорны Доктар? Ён такі моцны быў, суворы, нізавошта б на шантаж не паддаўся!

— Я чамусьці ўпэўнены, што дзеля ратунку сваіх блізкіх ён ахвяраваў усім, не вагаючыся,— Карусь сам не ведаў, адкуль у яго такая ўпэўненасць.

Яе вусны былі такія цёплыя — і здавалася ў душы вось-вось утворыцца золата…

А праз тыдзень яны сядзелі ў кватэры Лубовіча і настрой быў свінцовы.

Абгарэлы па краях стары сшытак, спісаны дробным імклівым почыркам мысляра, які апярэдзіў свой час, валяўся на стале непатрэбным смеццем — верхнія старонкі былі скамечаны, быццам зморшчыліся ад журбы. Галінка знямелымі вуснамі распавядала, як яны хадзілі да акадэміка, хімічнага светача. Якім бурачковым зрабіўся твар акадэміка, калі пабачыў, што менавіта за навуковую працу падсунулі яму нахабныя маладыя візіцёры. Як той акадэмік крычаў пра правакатараў, якія распаўсюджваюць містыцызм і буржуазную псеўданавуку. Гэтымі днямі ў Маскве арыштавалі чарговую кодлу буржуазных агентаў-хімікаў — вось яны дакладна б зацікавіліся гэтым клерыкальным трактатам. А сумленныя савецкія вучоныя займаюцца сапраўднай навукай, а не рэлігійнай прапагандай.

Пашанцавала: акадэмік пашкадаваў дурных маладзёнаў, а хутчэй не захацеў падымаць шум вакол небяспечных папер. Параіў неадкладна іх знішчыць і больш ніколі не згадваць

Лубовіч пагладзіў сшытак, як пабітую, змучаную котку. Сваё абурэнне неабачлівым учынкам ён ужо выказаў — от пара, Мартын ды Дара, галовы без клёпак.

— Што ж, застаецца схаваць гэты рарытэт да іншых часоў. А наконт дыплома… Паспрабую пагаварыць з рэктарам.

— Мы распісваемся. — Карусь сціснуў у руцэ далоньку Галінкі. — Нават калі ёй не дадуць абараніцца — не прападзём. Паедзем у вёску. Я буду ў школе выкладаць. А Галінка пачне працаваць карэспандэнтам у мясцовым друку.

Прафесар ажно за галаву схапіўся.

— Яшчэ адно хаджэнне ў народ… Я ж прасіў: пакуль ёсць магчымасць, трымайся за месца ў аспірантуры! Вось што: не прымайце пакуль ніякіх дурных рашэнняў, пакуль я не перагавару ва універсітэце.

Па праспекце Сталіна целяпаўся трамвай. Людзей у ім было як у бляшанцы кілек. А нехта яшчэ і пачапіўся ззаду. Здавалася, старэнькі чырвоны вагончык, які памятаў дваццатыя гады і паэму Паўлюка Труса з нагоды пуску першага мінскага трамвая, зараз рэзка затармозіць, устане на дыбкі, паскідае з сябе, павыплёўвае дробных надакучлівых істотаў, бо так стаміўся, што гатовы па рэйках — у неба…

— Гэта несправядліва. — Галінка круціла на пальцы залаты заручальны пярсцёнак, які меўся ў яе дзякуючы дзядзьку Васілю — падарыў, калі прыехалі паведаміць пра вяселле (ну якое вяселле — дзясятак аднакурснікаў, бутэлька віна, тушонка і ірыскі).

— Несправядліва, — згадзіўся Карусь, абыходзячы дзіцёнка ў белай, велікаватай для яго панаме і сінім камбінезончыку. Дзіцёнак радасна перавальваўся па брукаванцы, прыціскаючы да сябе чырвона-сіні мячык, і гэта была найвялікшая каштоўнасць у ягоным маленькім жыцці — не скарынка хлеба, не змерзлая бульбіна, знойдзеная ў заснежанай баразне, — такую ў вёсцы называлі 1 шайморы…

— I ўсё-ткі… Цана майго дыплома — недатыкальнасць Глеба Туторкава. Гэта няправільна. Аўген Іванавіч не павінен быў за цябе дамаўляцца і сам не мусіў здавацца.

— Часовая, часовая недатыкальнасць, Галінка… — Карусь задраў галаву — зялёныя далонькі каштанаў прыветна махалі аблокам, і аблокі спускаліся да іх і рабіліся пухнатымі кветкамі. — Прыйдзе час — і ўсё агучыцца… I кожны атрымае па справах сваіх.

…А пакуль кожны атрымліваў па датклівасці сваёй і датыкальнасці. Маланкі білі ў гонкія дрэвы і не білі ў ніцыя… А зрэшты, лупілі часам так, што і падлесак закраналі.

Прафесара Лубовіча звольнілі акуратна. Былі ўжо трохі іншыя часы, проста адправілі на пенсію па ўзросце. Рарытэт, паставіць на паліцу і не змахваць пыл часу. Яго не варта шкадаваць — прафеcap і на пенсіі перакладаў з розных моў, займаўся філалагічнымі даследаваннямі…

Так, ну чаго яго шкадаваць — не арыштавалі, не саслалі ў якую Молатаўскую вобласць… Нават грамату далі на развітанне за пленную працу.

Загадчыку клуба пасёлка Піянерскі Васілю Роўбу пашанцавала менш. Паступіў сігнал, што загклуба захоўвае і распаўсюджвае антысавецкую і рэлігійную літаратуру. Пры вобшуку сапраўды былі знойдзеныя зборнікі антысавецкіх суполак «Маладняк» і «Узвышша», пераклады Святога Пісьма на беларускую мову, прычым адзін варыянт быў у рукапісе і, паводле экспертызы, яго здзяйсняў сам загадчык клуба са старагрэцкага варыянта, які захоўваўся ў той жа схованцы. Васіль Роўба быў арыштаваны, але следства паставілася да антысаветчыка дужа паблажліва. Усяго пяць гадоў пазбаўлення волі, з улікам слабага здароўя і баявога мінулага.

…I было яму паслана тры настаўнікі. I адзін вучыў яго дабрыні, а другі мудрасці, а трэці смеласці. I напоўнілі яны ягоную душу, і былі забраны ад яго. Але не ўтваралася ў душы яго золата, бо мала пажыў ён яшчэ, і не хапала яму нейкага складніка ў душы яго.


СТАДЫЯ ДЗЯСЯТАЯ. ФЕРМЕНТАЦЫЯ, БРАДЖЭННЕ ПАД УЗДЗЕЯННЕМ ЦЯПЛА


«Па набажэнстве вечарам была камедыя, потым танец, па вячэры разгулялася кампанійка вясёлая, падпіў сабе».

Звычайна такім чынам апісваў у сваім дыярыушы прадстаўленне «камедыек кампазіцыі жонкі маёй» князь Міхал Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька, вялікі гетман літоўскі. Камедыйкі, з якіх пачынаўся беларускі тэатр, для яго звычайна былі стравай паміж застоллем і феерверкам.

А, уласна кажучы, што змянілася? Глумцы, блазны, менестрэлі заўсёды ў адным цэху, такім не месца за панскім сталом — але партрэт часу і ягоных герояў ствараюць менавіта яны. Князь будзе вайсковыя подзвігі здзяйсняць, храмы і замкі будаваць, а ў гісторыі застанецца дзякуючы анекдоту блазна пра тое, як яснавяльможны хаваўся ў прыбіральні ад візіту караля.

А не трэба было таго блазна сцябаць ды сабакамі цкаваць.

Сённяшнія блазны былі іншымі, як і сённяшнія князі. I мяжа паміж імі зрабілася такой плыткай, што яны маглі мяняцца месцамі, і нікога тое не бянтэжыла.

Пелагея заўсёды лічыла сябе далучанай да старажытнага цэху глумцоў у якасці менестрэля, ну, то бок беларускай паэткі-пачаткоўкі. Мсціслаў, як аўтар ажно некалькіх папулярных кніг гістарычных эсэ, таксама належаў да пасвечаных. Значыць, яны з кіношнікамі — аднае крыві! Паразумеюцца!

Ад дамка аканома да панскага палаца, каля якога ў адным з фургонаў, абсталяваным пад штаб-кватэру здымачнай групы, належала падпісаць дамову, пад'ехалі на Мсціслававай машыне, таксама вызваленай з палону. Сіні «фордзік», абражаны тытулам «іржавая бляшанка», якім яго ўзнагародзіў Голас, ака лысы плюгавец, фыркаў і асабліва рэзка падскокваў на каляінах.

Падобна, тыя, што захапілі філалагічную парачку, дзейнічалі па нечай прыватнай ініцыятыве. Каб тут была замешаная ўся сістэма, фіг бы адступілі перад нейкімі блазнамі.

Ясна было, што лепей знаходзіцца ў вялікай кампаніі — а дзеля гэтага прычапіцца да кіношнікаў дзядамі, каб і ў горад з імі вярнуцца. Што рабіць далей — Пелагея пакуль не прыдумала, мо Мсціслаў мае планы.

А на месцы здымкаў панавала вясёлае шаленства.

— Гэта не шабля! Гэта шашка! — гарлае шляхцюк у чорным аксамітным камзоле з несамавітымі латкамі на локцях. — Тут вунь зорка на дзяржальне! Якое гэта васямнаццатае стагоддзе?

— Ды хто на экране тую зорку заўважыць, — лена адмахваецца спадар у сінім камбінезоне. — Шабля, шашка… Пофіг.

— Забылі дзве скрыні вусоў! — бяжыць да машыны заклапочаны маладзён, відаць, каб злётаць па тыя вусы.

— Светлякі, дзе светлякі? Хто бачыў светлякоў? — мітусіцца дзеўка з рацыяй — самотная антэна тырчыць, як ацалелы вус састарэлага жука. — Юпіцер здох!

— Адзін святляк з хлапушкай курыў за рулотам, — спадар у сінім камбінезоне меланхалічна тыцкае пальцам некуды ўлева.

У іх нават мова была асаблівая… Толькі для пасвечаных — продкі казалі: знаюцца як лысыя коні. Светлякі — гэта, мабыць, асвятляльнікі… А «хлапушка» — асістэнтка, якая стукае гэткай драўлянай таблічкай перад камерай на пачатку сцэны. На хвілю Пелагею накрыла падлеткавае жаданне — хачу ў кіно! Вось зараз заўважаць ейную індывідуальнасць, прапануюць замяніць прыхварэлую актрысу… Ды хоць проста ў масоўку…

— На масоўку грошай няма, — прабуркатала дама ў шэра-льняным боха. — Увогуле ні на што няма. Уласнаручна караціла карэты і коней. Уяўляеце, замест карэт у нас цяпер кібіткі! Кібіткі, Карл! На воз прымацавалі палатняны навес — от вам і шляхецкі экіпаж! Цьху! — Дама сплюнула на стаптаную траўку і пакрывілася. — Адну карэту, праўда, з фанеры злітасцівіліся, зрабілі… У першай жа сцэне князь з яе выходзіць, ляскае дзвярыма — усе залачоныя аздобы з яе адвальваюцца. Іх назад скотчам прыклейваюць. Пра касцюмы ўвогуле маўчу…

Сапраўды, пышныя ўборы толькі здаля падаваліся выкшталцонымі, зблізку бачылася сінтэтычная кітайская белая тасьма, якой абшылі капелюшы і камзолы, танны ацэтатны шоўк і штучны аксаміт. Парыкі таксама былі з сінтэтыкі.

— Я не буду гэта апранаць! — крычаў высокі маладзён са шляхецкімі вусамі ў доўгай світцы, уцякаючы ад мажнай ярка нафарбаванай кабеты ў ласінах са скандынаўскім арнаментам.— Лірнікі не маглі насіць такіх шапак! Гэта маскавіцкія шапкі!

Кабета, пыхкаючы, але ўсё-ткі жвава, тупала за маладзёнам, сціскаючы ў руцэ, унізанай спрэс залатымі пярсцёнкамі, прадмет спрэчкі — вялізную калматую чорную папаху.

— Малады чалавек, вы перашкаджаеце мне рабіць маю працу! Я прафесіянал!

I патрэсла ў паветры папахай.

— Я таксама прафесіянал! Я гісторык! Я кажу вам: не насілі беларускія лірнікі такіх шапак!

Каларытная парачка схавалася за адным з фургонаў, не выклікаўшы аніякае асаблівае ўвагі ў калегаў.

— 3 касцюмеркай праблемы, — меланхалічна заўважыла дама ў боха. — Яна дагэтуль толькі на ваенных фільмах працавала. У нас ёсць сцэна з палацавым балетам, хацелі напракат узяць для дзетак касцюмы — яна ўзбунтавалася, кажа, сама пашыю. Купіла, маўляў, два рулоны белага цюлю, вось і пашыю… Апрану дзетак у чэшкі і трыко. У васямнаццатым стагоддзі! Тады не танчылі ў белым! I ў чэшках! Усе касцюмы ў балеце каляровыя былі, чаравічкі на абцасах… Малюнкі ж захаваліся... Ваюем пакуль.

Дама ў боха ад нерваў дастала партабак з таненькімі цыгарэткамі.

— А музыка! Моцарта хацелі, каб лютніст іграў… Моцарт толькі нарадзіўся, калі падзеі фільма адбываюцца! Не, ён, вядома, вундэркінд, але не аднагадовым жа ён тую музыку складаў! А гістарычная кансультантка нат на званкі не адказвае.

Дама прыкурыла цыгарэтку i пыхнула ментолавым дымам, як цмок пускае струмень агню ў нахабнага рыцара.

Між тым дзверы рулота расчыніліся, паказаліся Мсціслаў і задаволены рэжысер.

— Ну што, давайце пазнаёмлю вас з вашым прадзедам! — бадзёра абвясціў рэжысёр дацэнту, які паспеў ужо падпісаць усе належныя паперы і цяпер як бы ўвайшоў у дружнае… ці нядружнае кола стваральнікаў ілюзій, а мо ўваліўся ў серпентарый. — Леанід Яфімавіч! Падыдзіце, калі ласка!

3 ганка, дзе грэўся на сонейку і пачытваў паперы з раздрукаваным тэкстам, няспешна ўзняўся Гэндальф. А можа, прафесар Дамблдар. А можа, Мерлін Вялікі.

— Гэта наш народны артыст! Сам Леапольд Брадзінскі! Зразумела, вы яго добра ведаеце, — урачыста паведаміў капітан кіношнага карабля. — Ён і выконвае ў нас ролю Чорнага Доктара!

Гэндальф (а можа, Мерлін) быў, як належала, з доўгімі сівымі валасамі і барадой (ніводны натуральны волас пры стварэнні парыка не пацярпеў). Чорная мантыя ўпрыгожаная па краях срэбнымі вышытымі рунамі. Ну, прынамсі, гэтыя кручкі і загагуліны цалкам маглі б быць рунамі. Чорны берэт у стылі Францыска Скарыны давяршаў вобраз добрага чараўніка.

Пасля ўводзінаў у сітуацыю Гэндальф бліснуў яркімі блакітнымі вачыма.

— Вось! Вось ён, лёс артыста! Працую над вобразам, цяжка, не ўсё магу дамаляваць для сябе… Якраз думаю — дзе б што ўдакладніць! I прыходзіце вы...

Арліны позірк народнага абмераў хударлявую постаць нашчадка героя.

Мсціслаў пачырванеў, нервова пашкроб кароткую бародку.

— Не думаю, што маю нейкае фамільнае падабенства. I не вельмі шмат ведаю пра Полацкага Фауста. I ўвогуле, я першы раз у гэтай вёсцы…

Але Гэндальф ужо загарэўся, учапіўся ў рукаў дацэнта. «Вы хто па прафесіі, спадар? Кандыдат філалагічных навук? Кнігі па гісторыі беларускай культуры пішаце? Дык што прыбядняецеся! Самае тое, што трэба! Наша гістарычная кансультантка адзін раз толькі з’явілася, сказала, што ўсё адно атрымаецца туфта, а не гістарычны фільм, і знікла. Сцэнарыст таксама не з’яўляецца. А што з таго сцэнарыя зразумееш! 3 кім мне са спецыялістаў параіцца? Таму зараз мы з вамі ўсё і абмяркуем!»

Для зручнейшай размовы завалок у дом, былое уладанне таямнічага доктара.

Пакой справа быў дакладна старасвецкі. У куце камін, бялюткі, з пазалотай, на сценах — зялёна-бела-залатыя шпалеры з лілеямі (толькі прыгледзеўшыся, зразумееш, што яны не з дарагой тканіны, а намаляваныя, а ляпніна каміна ўвогуле з пафарбаванага пенапласту). Мэбля з чорнага дрэва, аздобленая разьбой (магчыма, нават не бутафорская). Па падлозе металёвымі вужамі паўзлі рэйкі, на іх недарослым дыстрафічным цмокам узвышалася кінакамера. Сафіт меў фільтр з жоўта-ружова-зялёна-сініх ромбікаў. Відаць, у кадры будзе падобна, быццам святло прасяваецца скрозь вітраж. 3 партрэта ў цяжкой пазалочанай рамцы ўладна пазіраў народны артыст Леапольд Брадзінскі… Дакладней, уладальнік сядзібы Чорны Доктар.

Артыст, аднак, павёў гасцей у пакой насупраць — там ад старасветчыны быў хіба такі самы камін у куце, але без усялякіх аздобаў, з замураванай пашчай і замаляваны той жа брудна-блакітнай фарбай, што і сцены. Лінолеум скручваўся лахманамі, як скура падпаленага цмока. 3 дзясятак школьных сталоў і крэслаў, скалечаных некалькімі пакаленнямі бэйбусаў, прыхіленая бокам да сцяны школьная дошка — вось і ўся раскоша…

Гэндальф па-каралеўску ўсеўся на адно з крэслаў з патрэсканай фанернай спінкай — нат пыл не сцёр, уладным рухам запрасіў прысаджвацца суразмоўцаў…

I пачалося. Мсціслаў хутка з энтузіязмам разважаў пра свайго продка. Які быў характар, як мог выглядаць? Казка казкай, але ж прататып рэальны маецца!

Чалавек простага паходжання, які здолеў скончыць універсітэт. Апрыёры разумны, таленавіты, валявы.

Тып, які сёння называецца «батанік»? Наўрад. У тую эпоху абараніць сябе павінны былі ўмець усе. Вунь нават Саламея Русецкая-Пільштынова, лекарка, падчас падарожжаў не расставалася ў пістолямі і, як што, магла, ад рабаўнікоў адстраляцца, на кані ўцячы. А паколькі згодна з архіўнымі даследаваннямі Чорны Доктар атрымаў шляхецтва, як ні дзіўна, не за лекарскія заслугі, а на полі бойкі — значыць, быў выбітны вой. Не мог быць слабым.

Але каб рабіць найтонкія аперацыі, якімі ён славіўся, — мусіў мець чуйныя, далікатныя рукі з дужымі пальцамі.

Дарэчы, таксама штрых характару: прафесія хірурга ў ягоныя часы прыраўноўвалася да прафесіі цырульніка. Яны былі ў адным цэху, і цырульнікі часта выконвалі нейкія простыя аперацыі, кшталту ўскрыць гнайнік альбо выдраць зуб. Гэта было непараўнальна ніжэй за статус доктара. А дыпламаваныя дактары павінны былі, кіруючыся Гіпакратавай тэорыяй спалучэння ў арганізме чатырох вадкасцяў, рэгуляваць тыя вадкасці — кроў, слізь, жоўць і чорную жоўць — адварамі, прыпаркамі, клізмамі і кровапусканнем. А Чорны Доктар мала таго, што сам аперацыі рабіў, тую гумаральную тэорыю крытыкаваў.

Значыць, смелы. Дзёрзкі нават. Непрыемнасці не мог не мець. Магчыма, у турме сядзеў. Шнараў багата.

Царква ў вёсцы ім фундаваная яшчэ ў Рэчы Паспалітай — вернік. Праваслаўны прычым. Пасля далучэння да Расійскай імперыі пераход у праваслаўе быў зразумелы — шляхта імкнулася захаваць прывілеі і мець магчымасць атрымліваць пасады. Гэтак жа, як іхнія дзяды калісь у каталікі пераходзілі. Ліцвіны-беларусы, адно слова… А гэты заставаўся праваслаўным і тады, калі гэта залічвала ў так званыя дысідэнты — іншаверцы, пазбаўленыя правоў. Упарты. Прынцыповы. Але не фанатык — іначай не дапускалі б выкладаць у езуіцкай акадэміі, ды і сам не пайшоў бы.

Ганарысты. Не прыладкаваўся пры якім каралі ці князю са сваімі ўменнямі. Рэспубліканскіх поглядаў — нездарма ж казка пра яго з’явілася як пра абаронцу простых людзей: былі, відаць, рэальныя падставы. А гэтая погаласка, што быў фаварытам Кацярыны Другой… Так, так, гістарычная кансультантка хаця б гэта раскапала. У мемуарах аднаго расейскага прыдворнага лізунца згадваецца пра «чарнявага палячышку», які счараваў царыцу, але не схацеў пры двары застацца. 3 аднаго боку — прынцыповы ганарлівец, з другога — ну было ў ім, значыцца, нешта… Імператрыцу, як вядома, цікавілі выбітныя дужыя мужчыны. Можа, не такі ўжо Чорны Доктар быў страшны з выгляду, як засталося ў легендах? Гэткая гатычная харызма…

А містычны бок… Так, захапляўся алхіміяй — падобна, у юнацтве. А што, Францыск Скарына таксама некалькі гадоў на гэта страціў. Мысляр. Эксперыментатар.

Народны ажно ўскочыў і захадзіў туды-сюды, падмятаючы брудную падлогу крысом мантыі са срэбнымі рунамі.

— Уяўляю! Цяпер уяўляю! Чалавек з вечным канфліктам у душы! Як у «Зорным шляху» Спок: напалову вулканец, напалову чалавек, які для вулканцаў занадта эмацыйны, для людзей — занадта халодны і паўсюль чужы і самотны. Чорны Доктар — з прасталюдцаў, але з нададзенай шляхецкай годнасцю. Шляхта касавурылася, пасмейвалася. Простыя людзі не давяралі. У Рэчы Паспалітай ён праваслаўны — значыць, калабарант. У Расійскай імперыі — «заходнік», таксама калабарант. I вечны канфлікт паміж рэлігійнасцю і прагным жаданнем j ведаў. 0-о-о!

Гэндальф ажно рукі ўзняў да столі ў чорных плямах цвілі.

— Персанажаў з невырашальным унутраным канфліктам іграць — адно задавальненне.

Твар артыста свяціўся, як у ласуна перад пышна сабраным сталом.

— Вось як я яго ўяўляю… Як помнік Жулю Верну на могілках Мадлен у Ам’ене. 3-пад расколатай магільнай пліты цягнецца рукой у неба магутны натхнёны чалавек… Цяпер бы дэталькаў нейкіх…

Уздыхнуў, забегаў.

— Hi партрэта, ні асабістых рэчаў. Аднойчы мне дапамагло, што трапіўся ліст гістарычнага персанажа, якога я іграў. Я тады адмыслова навучыўся пазнаваць характар па почырку…

— У нас ёсць узор почырку, — з некаторай няёмкасцю прамовіў Мсціслаў, і Пелагею ўсцешыла гэтае «ў нас».

Захопленаму артысту адмовіць было немагчыма… Відаць, не так часта, хоць і народны, выпадаюць яму на экране вялікія ролі, ды яшчэ не пра вёску і не пра вайну… Дый узрост — тут кожнай ролькай даражыць станеш, каб паспець штось яшчэ па сабе пакінуць. Шкада, вядома, што ў фільме вырашылі Чорнага Доктара зрабіць старым — гісторыя пра маладзейшага героя была б, можа, цікавейшая, з каханнямі, двубоямі… Але артыст выдатны і вунь як ажно гарыць…

Трактат Полацкага Фаўста, які Мсціслаў дастаў з-за пазухі, народны ўзяў дрыготкімі рукаммі быццам найвялікшую рэліквію. На стол паклаў, падаслаўшы знятую з шыі аксамітную хустку. Гартаў за самыя краі старонак.

— Гэта лаціна, так? Гэх, не ведаю я лаціны… А вы?

— Я латыніст, — коратка паведаміў Мсціслаў.

У Пелагеі зашумела ў галаве… Эксперымент…

Брыдка гэта, вядома, — над чалавекам, тым болей каханым, эксперыменты ладзіць… Але… Адчайная цікаўнасць, якая ўсё жыццё час ад часу змушала да несамавітых учынкаў, узвіхурылася ў крыві… Чалавек — толькі атанор, дзе не цялесныя вадкасш ўступаюць у рэакцыю, а рухі душы…

Пакуль Гэндальф гартаў сшытак, яна падышла да Мсціслава са спіны і прашаптала на вуха тое, што пасля будзе доўга адмольваць — і ў яго, і ў сябе, і ў Госпада.

— Проста каб ты ведаў… Я думаю, ты меў рацыю, калі ўгаворваў мяне сысці. Я хутка пакінў цябе. 3'еду, і мы ніколі не пабачымся.

Ён нічога не сказаў. Не павярнуўся, каб паглядзець ёй у вочы. Толькі плечы зрабіліся як каменныя. I твар белы-белы. I дыханне перарывістае, нібыта ад моцнага болю.

Інгрэдыенты змяніліся.

— Ну калі ласачка, спадар кандыдат навук! Зачытайце хоць урывак!

Мсціслаў няўважна ўзяў у рукі сшытак без вокладкі. Пелагея паспела хуценька разгарнуць яго а апошніх старонках. Падобна, дацэнт нават не вельмі цяміў, што чытае. Лацінскія чаканныя словы загучалі ў паветры… I паветра змянілася. Нібыта згусцілася. Па целе як мароз прайшоўся. Усё нібыта загайдалася, у роце — прысмак медзі… I магістарка з усіх сілаў учапілася ў свайго адзінага, абшчаперыла яго, каб ніякая сіла не разлучыла.

— Прабач… Прабач…

Чалавек у высокай шапцы з залацістай парчы і халаце з той жа тканіны, падперазаным залацістым жа пасам, выглядаў дзіўнавата. I не з-за сваёй вопраткі — так маглі б апранацца ўсходнія валадары, але чалавек відавочна быў тутэйшым, беласкурым і светлавокім… I не з-за таго, што ягоны пышны ўбор не пасаваў вільготным, парослым мохам сценам сутарэнняў… Проста твар чалавека здаваўся дэфармаваным, нібыта аплыў на сонцы, як васковы. Вочы пукатыя, светлыя, як у рыбіны, і адно вышэйшае за другое. Кірпаты нос замалы, нізкі лоб у занадта глыбокіх зморшчынах, па падбароддзі нібыта далі кулаком, і яно падалося назад… I адно плячо вышэйшае за другое, а жывот на хударлявым целе выпірае гарбузом. I рухі дзіўныя: невысокі, дробны пан так рэзка ўзмахваў рукамі, што шырокія рукавы ягонага халата са свістам разразалі паветра.

— Як ты насмеліўся пярэчыць, хамуйла! Ты мусіш выканаць мой загад!

Голас непрыемна тонкі, быццам струна надарвалася.

— Зрабіць такое не ў сілах чалавечых, ваша княская мосць.

Той, хто адказвае, стаіць на каленях. Устаць яму не дазваляе кароткі ланцуг, які з’ядноўвае жалезны ашыйнік на шыі з кальцом у сцяне. Вязень малады, але ў рэзкіх рысах ягонага аблічча адчуваецца моц, прытоены агонь, тая асаблівая ўладнасць, якая даецца не ад багатага асяродку, але ад прыроды. У цёмных вачах — дапытлівы, можа, занадта дапытлівы розум і прага спазнаць і змяніць сусвет… Чорныя неахайныя доўгія валасы рассыпаліся па калісьці белай, а цяпер падранай і заплямленай брудам і крывёю кашулі, дзюбаты нос, фанабэрысты рот… Яго нельга назваць прыгожым. Яго аблічча нельга забыць.

— Добра, ты не здабыў філасофскі камень — цэлая плойма гэткіх жа шалбераў, як і ты, спажываюць мае грошыкі, жаруць мае прыпасы і топчуцца на тым жа выніку. — Плюгавец у парчы пагойдваецца ўзад-уперад, як змяя, што гатовая кінуцца. — Але мне дакладна данеслі, што ты, так званы Полацкі Фаўст, у стане выклікаць Сільфіду! Што ты нахабна цешышся ейнымі вабнасцямі па начох, адмаўляючы мне, князю і вярхоўнаму магістру, нават у магчымасці пабачыць гэтае незямное стварэнне!

Вязень апускае галаву і з прыкрасцю стогне, быццам ушчэнт стаміўшыся абвяргаць бязглуздае.

— Ну колькі можна, ваша княская мосць… Наплесці вам маглі што заўгодна. Што я магу горы рушыць і цмокаў з голак ствараць.

Вязень ускідвае галаву, ягоныя вочы гараць насмешкай, і ў голасе — зусім непатрэбны дамешак атруты.

— Прысягаю імем Госпада, што ніколі не выклікаў стыхійных духаў і ў вочы іх не бачыў. Hi гномаў, ні ўндзінаў, ні саламандраў, ні сільфаў. Легкаверцы і забабоннікі прымаюць за чароўныя стварэнні вынік звычайных хімічных рэакцый — клубы пары і дыму, выбухі полымя, уплыў атрутных выпарэнняў на органы адчування, што можа прывесці да галюцынацыяў…

— Змоўч!

Князь выхоплівае заторкнуты за пас бізун і сцябае непакорлівага палонніка па плячы. Той ізноў стамлёна апускае галаву.

— Ты лжывы гнюс! Я не веру ў твае гараскопы! Гэта ж трэба — прадказаць, што я памру на голых дошках!

— Прадказваюць зоры, ваша княская мосць. Я магу толькі занатоўваць. — У голасе вязня так і не з’яўляецца страху і насцярогі. — Хаця цяпер сумняваюся, што маю на гэта права.

Апошнія слоны вязень мармыча зусім ціха, як бы працягваючы спрэчку з самім сабою.

— Ты будзеш гніць тут, пакуль не выклічаш мне Сільфіду і не змусіш яе скарацца маёй волі!

Князь ажно падскоквае ад гневу — гэта было б смешна, каб не было жудасна.

— Яшчэ раз паўтараю, ваша княская мосць: я не магу выклікаць Сільфіду. Лепей дайце мне магчымасць яшчэ папрацаваць над філасофскім каменем. Упэўнены, я на правільным шляху! Не хапае толькі нейкага інгрэдыенту…

Цяпер у голасе вязня гучыць сапраўдная апантанасць. Але князь сціскае вузкія вусны і зноў выцінае вязня бізуном.

— Сільфіду!

Калі дзверы вязніцы грукаюць за ўладарным госцем, у вільготнай цемры гучыць горкі смех — так смяюцца з уласнага глупства, з-за якога патрапіў у невыноснае становішча, і невядома, колькі яшчэ за гэта давядзецца расплачвацца.

— Сваю Сільфіду я пакінуў у Полацку, княжа,..

Потым вязень шэптам прамаўляе нейкія лацінскія фразы, зноў горка смяецца… Ён не бачыць, што над ім на каменнай сцяне ўтварылася маленькая светла-шэрая пляма з залацістым адценнем, якая адразу ж пачала цямнець ад кропляў вільгаці, што павольна сцякалі ўніз па мурах, і хутка на тым месцы ўжо ніхто не спыніў бы ўвагі.

...— Князь Марцін усё-ткі памёр на голых дошках, як ты і прадказваў. — Ладны шляхцюк з русявым чубам адкінуўся на абабітую пацёртай брунатнай скурай спінку канапы — мабыць, пры ўсёй пацёртасці, самая дыхтоўная рэч у пакоі, у якім, акрамя двух груба збітых зэдлікаў і гэткага ж груба збітага, здрапанага спрэс і абпаленага стала, няма анічога. Калі не лічыць кніг — імі абраслі паліцы і сцены, як апенькамі. Ну і падазроны рыштунак, з-за якога амаль не відно скалечанай стальніцы: колбы, рэторты, прабіркі, шалі, ступкі, слоікі з самым розным падазроным змесцівам. У некаторых, здавалася, нешта гідкае жаласна варушыяася.

— Хай Гасподзь прабачыць князю ягоныя грахі,— перахрысціўся хударлявы высокі пан, які стамлёна прыладзіўся на зэдліку ля стала, абапёршыся аб край стальніцы локцем. Валасы чалавека былі па-ранейшаму чорныя, зблытаныя, непакорлівыя, як ён сам, толькі перавітыя сівізной, і рысы твару з гадамі сталі яшчэ больш рэзкімі. — Хоць напеклаваўся я ў ягоных сутарэннях… Малады быў, дурны… Ганяўся за філасофскім каменем. Не разумеючы, што гэта насамрэч.

— Цяпер разумеет? — пасміхнуўся русачубы.

— Болей, чым тады, — уздыхнуў ягоны суразмоўца і пакруціў у пальцах зеленаваты флакончык, які вісеў на срэбным ланцужку на ягонай шыі. — Але да канца — не ў зямным свеце і не такім грэшнікам, як я, зразумець… Хаця, ведаеш, вельмі блізка я быў. Вельмі… Не разумеў, чаго не хапае. Каб мне тады хоць трохі таго агню, які паліць цяпер сэрца… Магчыма, нешта б атрымалася. 3 другога боку, каб было ў мяне такое каханне, хіба ўзяўся б я за алхімічныя грахі?

Русачубы задумліва прыгладзіў зухаватыя шляхецкія вусы.

— Гэй, доктар, я ж сваімі вачыма бачыў, калі мы ўпершыню сустрэліся, што ты меў пры сабе шкляніцу з попелам з залатымі часцінкамі, атрыманымі штучным шляхам. Няўжо твой сакрэт так і згіне? Hi запісаў, ні зацемак?

Чарнавалосы панурыўся.

— Бачыш, цяпер замест шкляніцы з алхімічным золатам нашу шкляніцу з вынайдзенай мною ж атрутаю… Як напамін пра мае слабасці і грахі.

— Усё яшчэ труціцца цягне? — напружана перапытаў русачубы.

— Гэта пераадолена… — Дзюбаносы перахрысціўся. — Са смерцю каханай змірыцца нельга, але страшней не сустрэцца з ёю там.

Пальцы амаль грэбліва выпускаюць флакончык, і ён павісае на ланцужку, як мёртвая празрыстая жамяра.

— А запісы… Былі запісы. Перад тым, як мяне арыштавалі за даўгі ў Полацку, выламаўшы, дарэчы, дзверы, бо я анічогенька за выпарваннямі-пераліваннямі не чуў, я кінуў сшытак у aгонь. Раззлаваўся на чарговы няўдалы дослед. Толькі вось — не паспеў ён згарэць… Скураная вокладка тоўстая, атанор амаль згас… Судовыя ўварваліся ў дом, і адзін выхапіў з агню падазроныя паперы. Потым крэдытор, які зрабіўся па рашэнні суда маім гаспадаром, гэты сшытак мне аддаў. Спадзяваўся, што працягну алхімічныя доследы на ягоную карысць… Золата навару. Але, ты ж ведаеш, у тыя чорныя для сябе дні, ды яшчэ пасля гасцявання ў сутарэннях князя я даў Госпаду зарок — больш ніколі не займацца ніякай магіяй. Hi алхіміяй, ні гаданнем любога кшталту, ні зносінамі з духамі…

— Так, ведаю і тое, колькі табе рэбры за адмову ад магіі лічылі. — Русачубы пацягнуўся да дарагога, срэбнага, чужароднага ў гэтым аскетычным пакоі келіха, які грэбліва прыладзіўся на самым краёчку застаўленага рознай непатрэбшчынай стала. — А дзе цяпер твае алхімічныя паперы? Спаліў, мусіць?

Суразмоўца неяк сумеўся, памаўчаў, перастаўляючы прабіркі з каламутнай вадкасцю.

— У мяне. Жонка былога гаспадара, аказваецца, прыхавала з… сентыментальных пачуццяў. Потым мне перадала. Памятаеш, можа, калі вялікі гетман Рыбанька памёр, яна ў Вільню прыязджала…

— Памятаю, як тут забыцца… — прабурчэў русачубы. — Антычная драма. Раскрыццё таямніцаў змрочнага мінулага Чорнага Доктара. Ледзь ацалелі мы ўсе.

— Не жартуй, — пазмрачнеў чорнавалосы. — Было шмат гора. Была вартая павагі жанчына, хоць сэрца я аддаў іншай. Мо таму я і не знішчыў зберажоны ёю трактат. Таксама… памяць пра яе добрае сэрца.

— Ну дык пакажы той трактат! — Русачубы ажно прыўстаў з канапы і цяпер дужа нагадваў дзёрзкага цікаўнага шкаляра, гатовага звалачы абаранак у няўважлівай гандляркі. — I не пачынай наноў свае літанні — грэх датыкацца, грэх успамінаць… Раз збярог — значыць, лёс.

Доктар памарудзіў, потым палез у вялізны куфар, які стаяў у куце ля дзвярэй пакоя, забразгаў там нечым, зашаргатаў… Сшытак у чорнай скураной вокладцы нібыта сам ускочыў у прагныя рукі русачубага.

— Нешта падобнае да пісаніны Альберта Вялікага, — з упэўненасцю знаўцы прамовіў русачубы. Пагартаў, паўчытваўся… На апошніх старонках затрымаўся. — Ты тут так пяром націскаў, што аж паперу прадраў. Жарсці, відаць, самыя. А сымболі алхімічныя я лёгка расчытваю.

I з паважным выглядам пачаў цытаваць… Доктар з прыкрасцю вырваў трактат з ягоных рук.

— От знаёнца… Дзе ты чаго нахапаўся па алхіміі, не ведаю, але па такіх вярхах, дзе толькі лісце апалае плавае.

I зачытаў выразна ўрывак… Паветра замільгацела, згусла, як кісель… Але доктар як не заўважаў — толькі калі маладзейшы сябар выбіў у яго з рук сшытак, як выбіваюць келіх з атрутай, ачомаўся, разгублена агледзеўся.

— Што за халера…

Русачубы асцярожна, бы мёртвую гадзюку, перавярнуў наском дыхтоўнага бота сшытак, які ляжаў разгорнутымі старонкамі ўверх.

У чорнай скураной вокладцы распаўзалася залатая пляма.

— Ты сапраўды мог бы стаць самым багатым чалавекам на свеце, доктар.

У голасе не было, аднак, ні радасці, ні зайздрасці — адна трывога. Не паказвалася радасці і ў спалатнелым твары былога алхіміка.

— Та~ак, шмат хто забіў бы за валоданне такой таямніцай і… валоданне ейным носьбітам. Вайна для хіжых і вечнае зняволенне для крыніцы дармовага золата. Мая каханая жонка зараз жахнулася б… I на тым свеце, мабыць, жахаецца і страшыцца за маю душу. Думаю, ты пагодзішся, мой пане, што на гэты выпадах мы забудземся. А я стану адмольваць грэх.

— Амінь. — Русачубы таксама перажагнаўся і выцер рукавом камзола спацелы раптоўна лоб. — Колькі цябе ведаю — не спыняеш мяне дзівіць, доктар, сваімі выбрыкамі ды таямніцамі. Не магу сказаць, што ніколі не пашкадую аб сваёй парадзе… Я ж таксама грэшны, і мара пра бясконцае багацце не раз хвалявала мяне… Але спадзяюся, на гэты раз у цябе хопіць сілаў спаліць… гэта.

Доктар моўчкі перахрысціўся і асцярожна падняў чорны сшытак з залатой плямай у вокладцы.

У каміне скакалі саламандры, звіваючыся хвастамі, варушачы сляпуча-жоўтымі лапкамі чорнае вуголле. Яны былі такія прагныя і здрадлівыя, гатовыя ўвобмірг выскачыць і зжэрці ўсё, да чаго дацягнуцца вогненнымі языкамі…

Зрэшты, чалавек, які сядзеў за цяжкім, як княскае надмагілле, пісьмовым сталом, нізавошта не згадзіўся б, што ў звычайным агні звычайнага каміна можна ўгледзець стыхійных духаў. Навука, панове, а не магія ды забабоны!

Чалавек стамлёна пацёр лоб, зрэзаны зморшчынамі. Некалі чорныя валасы, звязаныя ў хвост на патыліцы выпадковым матузком, зусім ссівелі. Дзвялося шмат перажыць — і шмат каго перажыць, у тым ліку любых і дарагіх. Бог адмераў яму доўгі век — зямля, на якой ён жыў, адзіная, дарагая сэрцу, мяняла назвы і ўладароў, канфесіі і герояў, заставалася ўсё той жа. 3 сінімі азёрамі і непралазнымі пушчамі, дужымі шчырымі людзьмі, убітай у каркі пакорлівасцю і — нечакана для ворагаў — нязломнай, глыбіннай годнасцю, якая змушала і змушае лепшых паўставаць на шляху ворагаў і гінуць.

Ён сам ніколі не быў пакорлівым. Але не загінуў. Нечая нябачная рука з самых страшных віроў заўсёды выцягвала на бераг, хоць не заўсёды ён быў за гэта ўдзячны. Але — якія б страты ні спасціглі, пакуль не згасае гэтая адвечная прага спазнання свету — варта жыць…

Чалавек мачае кончык пяра ў чарніліцу ў выглядзе бронзавага льва, які застыў на камені, вычэкваючы здабычу. Трэба паспець скончыць яшчэ адзін артыкул… Занатаваць яшчэ адну гіпотэзу… Няхай тыя, хто будзе жыць пасля, правераць, прадоўжаць…

Вочы партрэтаў, якімі завешаныя сцены пакоя, глядзяць пранікліва і сумна. 3 аднаго партрэта пазірае сам гаспадар кабінета, яшчэ досыць малады і дзёрзкі, калі лёгка ўкручваўся ў розныя інтрыгі і разбіваў упартым ілбом муры дзеля нечых інтарэсаў…

А што ўтвараў па маладосці! Зрэшты, тое-сёе з напрацовак, пасля грэбліва адкінутае, як памылкі, варта пераацаніць…

Рука з доўгімі тонкімі пальцамі, якія звыклі трымаць ланцэт і шаблю, сама цягнецца да прыхаванага ў разьблёнай стальніцы пад геральдычнай лілеяй механізма, які адчыняе таемную шуыляду.

Рэчаў там няшмат, і выпадковыя грабежнікі паквапіліся б на іх. Перавязаныя жалобнымі стужкамі тры пасмы валасоў — дзве цёмныя, адна попельная, стос лістоў, рукапісы, просты срэбны пярсцёнак з надпісам: «Меа pulhra domina»… Хіба што сшытак, у чорнай скураной вокладцы якога блішчэла залатая пляма, мог зацікавіць шукальніка каштоўнасцяў.

Чалавек гартае сшытак… Ён так і не наважыўся яго знішчыць. У ім — дзесяць гадоў напружаных пошукаў, там-сям бліскучыя здагадкі, якія варта было б ачысціць ад эзатэрычнага кантэксту.

Вочы слізгаюць па радках, дзе лацінскія словы перамежаваныя з загадкавымі сімваламі, вусны задуменна прамаўляюць — чалавек не заўважае, што саламандры ў каміне закруціліся, як шалёныя, а потым запаволіліся і зусім замерлі — так, як не бывае… Не бывае i такога, што проста ў паветры праступаюць, фармуюцца паўпразрыстыя постаці, за імі туманістыя абрысы незнаёмага памяшкання — там светла, але зусім бедна, паламаныя крэслы і сталы… Малады мужчына і дзяўчына, якая ашчаперыла яго…

Гаспадар кабінета ўстае на неслухмяныя ногі. З вуснаў зрываецца:

— Алесь? Праксэда?

Трэба ж, ён столькі разоў бачыў смерць, змагаўся з ёй ля целаў сваіх пацыентаў, сачыў, як па кроплях выцякае жыццё... А ўласнай смерці не заўважыў. Ён жа… памёр, так? Іначай, як гэта растлумачыць?

Але не, гэта не зусім тыя людзі, за каго ён іх прыняў. Ёсць дробныя адрозненні... Хаця дзяўчына — ну зусім падобная. Гэткая ж гонкая, танклявая, з неслухмянымі попельнымі валасамі… Аднойчы ён бачыў у гэтых валасах снег, чорную зямлю мінскага прадмесця і кроў…

— Праксэда? — зноў вырываецца з раптоўна перасохлых вуснаў.

Мужчына — вельмі падобны да Алеся, страчанага сына, толькі вочы святлейшыя і недарэчная кароткая бародка — глядзіць, нібы таксама пабачыў прывіда. А Пелагея крычыць з усяе моцы — але голас яе гучыць нібыта з таго берага ракі: «Спалі! Спалі свой сшытак! Спалі! Прашу!»

А потым размытыя межы зноў усталёўваюцца і нацягваецца срэбны ланцужок быцця…


СТАДЫЯ АДЗIНАЦЦАТАЯ. ПАМНАЖЭННЕ


Нігрэда, альбэда, рубэда… Зруйнавацца, сабрацца наноў, перастварыцца… Толькі тады атрымаецца нешта новае і лепшае. Якое зноў калісь загніе і зруйнуецца. Законы алхіміі працуюць паўсюдна і вечна.

Пасля смерці правадыра і дваццатага з’езда зруйнавалася многае. У свядомасці, у сістэме... А вось альбэда, стадыя збірання і аднаўлення, праходзіла цяжка. Вялікі рэабілітанс спарадзіў у дрыгве шмат віроў і завірэнняў. Былыя даносчыкі і выкрывальнікі ворагаў народа з рознай ступенню шчырасці ўсміхаліся нядаўнім вязням. Нядаўнія вязні, худыя, з запалымі насцярожанымі вачыма, з адмарожанымі пальцамі, вырванымі пазногцямі і адбітымі вантробамі, вярталіся ценямі былога, часта — непажаданымі. Бо ад іх паспелі ўжо адрачыся, памяняць прозвішчы, наладзіць дабрабыт. Іх былі тысячы… Сотні тысяч… Мільёны… У побыт нават рафінава-найінтэлігенцкай суполкі ўваходзіў лагерны фальклор — слоўцы, песні, анекдоты… Распаўсюджваліся лагерныя звычаі. Хаця хто сказаў, што іх дагэтуль па-за межамі турмы не ўжывалі?

— Зноў адмовілі ў рэабілітацыі. — Плячысты малады чалавек з упартым ілбом і цвёрдым паглядам шэрых вачэй абапёрся рукамі аб стол, накрыты белым вязаным абрусам, на якім валяўся толькі што распакаваны канверт і афіцыйная папера ў зпячаткай. — Кажуць — каб быў толькі палітычны артыкул… А на бацьку ж і крымінал навесілі. Крадзеж дзяржаўнай маёмасці! Тое, што ён спрабаваў гэтую маёмасць ад знішчэння ды вывазу ўратаваць _ нікога не цікавіць.

Невысокая зграбненькая дзяўчына з неслухмянымі цёмнымі валасамі, заплеценымі ў дзве пругкія кароткія касы, спачувальна паклала далонь на моцнае плячо.

— Не пераймайся, Карусь, значыць, яшчэ не надышоў час. Але абавязкова надыдзе! Бачыш, ты змог ужо і прозвішча бацькоўскае вярнуць!

— Змог… А ачысціць не змог. І адпомсціць не змог.

Маладзён цяжка ўсеўся за стол, паклаўшы перад сабой счэпленыя рукі, якія так і мкнуліся сціснуцца ў кулакі. Здымны пакой прыбудовы да вясковай хаты быў сціплы, але адчуваўся ўжо не вясковы побыт: на голае бярвенне сценаў папрыбіваныя паліцы, што ажно прагіналіся пад цяжарам кніг і часопісаў, пачэпленыя выразкі з рэпрадукцыямі карцін, ля акна — яшчэ адзін стол, пісьмовы, там грувасцяцца стосы вучнёўскіх сшыткаў. У белым парцалянавым збаночку з выявай спадарожніка — шар на трох спіцах і лісіны хвост агню — звесілі белыя галоўкі пяшчотныя канваліі. Тое, што тут жывуць настаўнікі, пацвярджае і парусінавы партфель на венскім крэсле, з партфеля паказваецца ражок вялікага канцылярскага сшытка ў цвёрдай вокладцы з пазнакай «7 клас». Але занадта шмат філалагічных навуковых выданняў на розных мовах для шараговага вясковага настаўніка, ды яшчэ і стосы рукапісаў, скрэсленыя, са шматлікімі пазнакамі.

— Часам зняверваюся, што нешта зменіцца… — прагаварыў маладзён, вывучаючы поглядам вязаны абрус — узоры складаліся ў скандынаўскія руны. — Сёння на ўроку распавядаў вучням пра Бёрнса… Які дасканала ведаў літаратурную ангельскую мову, мову заваёўнікаў, але пісаў на скотсе, роднай шатландскай, што лічылася дыялектам. Можа, памятаеш з лекцый: ягоная першая кніжка так і называлася — «Вершы, пераважна на шатландскім дыялекце». Ну, паразважаў пра важнасць любові да роднай мовы і зачытваю верш Бёрнса, скіраваны да ангельцаў:

Знайшлі братоў, апекуны,

А хто ж забыцца зможа,

Што ваш злачынны меч вайны

Суседзяў век трывожыў?

Хто б верыў, што надыдзе час

I вольны край загіне,

Што здрада чорная ўсіх нас

За грошы ў яму кіне!

Чытаю — а дзяўчынка з першай парты, дачушка старшыні сельсавета, падымае руку і строга так: «Канстанцін Анатольевіч, гэта нацдэмаўскі верш! Супраць братняга сяброўства народаў!» У мяне, шчыра кажучы, мову адняло… Ну я чуў, што па вычварнай логіцы пільных таварышаў у «Мусе-Цакатусе» Чукоўскага ёсць намёк на ЦК партыі. А тут Бёрнс, дзевятнаццатае стагоддзе, Шатландыя! Хіба аналогія: выпады супраць «старэйшага брата». Нацыяналізм. «Акоў паломаных жандар» Купалы. Але тут — дзіця… Толькі ў камсамол уступіла. Неяк адбрахаўся, што гэта паэт супраць заходніх імперыялістаў выступаў…

Уздыхнуў, ускалмаціў неслухмяны чуб.

— Гэх, беларусы… Бёрнс са сваім «дыялектам» вядомы стаў дзякуючы таму, што шатландцы за сваю мову трымаліся… А нашыя так саромяцца рварыць «па-дзеравенску», што хутка і ў вёсцы запануе гэткі «піджын рашан», па аналогіі з «піджын інгліш», скалечанай ангельскай, на якой гутараць тубыльцы на выспах ангельскіх калоній.

Дзяўчына паставіла на стол два жалезныя кубкі — гарбата пахла сушанымі яблыкамі і ядлоўцам, — уселася за стол, падпёршы шчаку запэцканай у атрамант рукой.

— Ведаеш, яшчэ гады тры таму я б запярэчыла, што гэта натуральны працэс — народы зліваюцца ў адзін, савецкі, у якога мова адна… Сёння не скажу. Сапсаваў ты мяне сваёй апантанай беларушчынай…

Словы прагучалі лёгка, з ласкавай іроніяй.

— Мы трывушчыя. Ты ж сам сцвярджаў: пакуль ёсць хоць адзін чалавек, у якім жыве родная мова, — яна не загіне. I толькі той, хто ведае і шануе родную культуру, здольны паважаць іншыя.

Карусь удзячна ўсміхнуўся і працытаваў улюбёнае:

Я куплю себе туфли к фраку,

Буду петь по ночам псалом,

Заведу большую собаку.

Ничего, как-нибудь проживём.

Урэшце, ён сапраўды на тым тыдні набыў сабе новыя чаравікі замест старых, ушчэнт разлезлых, што падступна ўсміхаліся кожнай лужыне, як рудыя жабы.

За вокнамі дзіцячы голас крычаў, устаўлячы каларытныя слоўцы, перайманыя ў дарослых: «Гыля-гыля-гыля! А каб вас расперазала! Гыля-гыля-гыля! Куд-ды пабеглі, каб вас пярун!» і адчайная лаянка гусей — мы ж калісь Рым выратавалі, а вы на нас з дубчыкам… Магчыма, гнаў гусей нехта з вучняў маладога настаўніка. Але добры знак: на пасялковай вуліцы гусі — значыць, заможней пачынаюць жыць людзі. Хаця — хто мог дазволіць сабе трымаць птахаў, якія абкладаліся непамернымі падаткамі? Старшыня? Гэх, два гады маладыя настаўнікі жывуць у пасёлку, а ўсё яшчэ не сталі сваімі, асцерагаюцца людзі паказваць ім падбіўку тутэйшага жыцця.

— Наша зерне — нашы думкі —

Не загінуць свету, —

Бліснуць краскай непаблеклай

Вечных агняцветаў… —

прамармытаў малады настаўнік і таксама ўсміхнуўся. Дзядзька Васіль у нячастыя сустрэчы заўсёды прамаўляў гэты верш. Вось дзядзьку, дарэчы, рэабілітавалі. Паперку пра гэта даслалі Канстанціну Анатольевічу Роўбу як адзінаму сваяку. Не дажыў дзядзька да вызвалення зусім крыху. Памёр у бальніцы Карлага. Дыягназ тыповы: ад сардэчнай недастатковасці. Што магло азначаць усё — ад голаду да кулі. Апошні ягоны ліст Карусь схаваў і не перачытваў, каб не пераймацца. Словы і так уплішчыліся, ураслі ў свядомасць: «Вярэдзіць маё сэрца, пляменнік, непрамоўленая віна перад вашай сям’ёй… Хоць меркаваў забраць сваю сорамную таямніцу з сабою, але ж Анатоля і Сафійкі няма, адзін ты суддзя мне. Я кахаў тваю маці. Так, як бывае раз у жыцці. Мы ж, Роўбы, адналюбы. Упартыя. Пакахаў адразу, як пабачыў нявесту брата. Hi Анатоль, ні Сафійка пра гэта не даведаліся. Я пастараўся. Трымаўся на адлегласці, адчужаўся… Хіба што Сафійка, чуйная, мо падазравала, бо лавіў на сабе позірк шкадобы. А гэта ад каханай жанчыны страшней за нянавісць. Яны з Анатолем былі цудоўнай парай. Ніколі б не нашкодзіў ім. Але мацнейшае за смерць каханне, Карусёк… Палючае, як полымя. Балючае, як прэнт. Яно, грэшнае, забароненае, са мной і на той свет пойдзе. Хаця й там не знойдзе спатолі. Калі зможаш — прабач».

...Хто ж суддзя твой, і каму суддзя ты, калі няма за што зачапіцца павуцінцы душы тваёй, і лунае яна ад подыху да подыху, і не ведае ўжо, дзе неба, дзе зямля…

Галінка прынесла цяжкую, пазычаную калісь гаспадыняй дома патэльню, на якой мяккім стосам гарачыя бліны — цёмныя, на вадзе, з аржаной мукі, да іх толькі кіслая капуста, але як жа смачна! Навучылася ўсё-ткі будучая журналістка з печчу ўпраўляцца. Навучылася і выкладаць — ніколі не марыла стаць настаўніцай, але за пачатковыя класы ўзялася з усім уласцівым ёй імпэтам. А куды падзецца? У калгас ісці працаваць? Жыць удваіх на зарплату Каруся цяжка, нават з дадаткам за ягоныя навуковыя публікацыі. Дый ніколі Галінка не змірылася б, што ў некага на шыі сядзіць. Зацемкі ды рэпартажы з жыцця калгаса і ваколіц часам друкаваць удавалася, але ганарары з макавае зерне. А бывалі і непрыемнасці: калі маладая журналістачка дачаплялася да падгледжаных недахопаў. Ну скуль гэтай пстрычцы гарадской у сельскім жыцці разбірацца — тут бы план па малацэ, мясе, зерні ды ўсім іншым спажыўным неяк выканаць, высіліцца, людзі колькі часу за палачкі ў ведамасці працуюць — а яна пра баян для клуба. От назола… Часам Карусю здавалася, што працаваць з дзецьмі і ёсць жончына пакліканне. Вучні Галіну Барысаўну абагаўлялі — строгая, справядлівая, вясёлая: то ўрок на лясной палянцы, то сцэнка па завучаным творы, толькі з рознымі варыянтамі фіналу, на густ самадзейных выканаўцаў… Кажуць, калісьці мясцовы пан тут, у колішнім Падняводдзі, таксама тэатр са сваіх сялянаў завёў, і нават знакамітая французская актрыска, панская нявеста ці палюбоўніца, у ім ззяла.

На двары забрахаў, забразгаў ланцугом злючы гаспадарскі сабака па мянушцы Фрыц — у радаводзе брахуна відавочна адзначыліся аўчаркі, таму й мянушка, і цвеленне ад мясцовай дзятвы. Мо госці да гаспадароў, у якіх свае дзверы? Не, стукаюцца ў іхнюю прыбудову…

Стары, які пераступіў парог настаўніцкага пакоя, нагадваў сухі быльнёг. Сівы, худы… Здавалася, пераломіцца ад рэзкага руху. Твар, якому пасаваў бы пудраны парык і чорная прафесарская мантыя, запалыя вочы свецяцца розумам. А яшчэ капялюш, бэжавы плашч, партфель з дыхтоўнай жоўтай скуры, лакіраваная чорная кульбачка з бронзавым навершам, і чуваць, як гадзіннік цікае дзесь у кішэні… Нязвыклы птах на вясковых прасторах.

— Выбачайце за турботу, але я шукаю Канстанціна Анатольевіча Роўбу. Гэта вы, таварыш?

Голас адукаванага чалавека, спрактыкаванага лектара, з дасканалым літаратурным вымаўленнем.

Карусь, хаваючы разгубленасць, ветліва кіўнуў.

— Дазвольце адрэкамендавацца. Барыс Сцяпанавіч Вайсман, загадчык лабараторыі інстытута хімічнай фізікі імя Сямёнава. Гэта ў Маскве. Я шукаў сына свайго даўняга сябра па Салавецкіх лагерах Анатоля Роўбы. Гэта праўда ваш бацька?

Пільны погляд. Зразумела, дае магчымасць адмовіцца, адрачыся ад сваяцтва з зэкам… Але Карусь вытрымаў востры позірк.

— Так, Анатоль Роўба — мой бацька. Я рады знаёмству з ягонымі сябрамі. Праходзьце, калі ласка.

…Галінка бязгучна плакала — а прымусіць яе заплакаць было няпроста… Кастусь проста сціскаў вусны, каб не дрыжэлі. Хоць расповед госця быў без асаблівых драматычных падрабязнасцяў. Суха, месцамі з сумным гумарам. Але — як жа ўсё па-нялюдску… Каб свае з сваіх нізашто так здзекаваліся… Госць проста сумна ўсміхаўся — ён даўно ўжо адплакаў сваё.

— Мне пашанцавала. Якраз спатрэбіліся навукоўцы майго кірунку. Патрапіў у шарашку. Чулі пра такое? Навуковыя лабараторыі, дзе працавалі зэкі. Падчас вайны савецкія ўлады спахапіліся, што трэба мацнейшыя гарматы, танкі, самалёты, а таксама снарады, паліва, металы… А тыя, хто можа ўсё гэта вынайсці, у асноўным сядзяць, ну, каго не расстралялі. Бо хто застаўся, ідэалагічна правільныя даносчыкі, акрамя лозунгаў і тупога выканання — вось нечаканасць, — аказаліся ні на што не здатныя. Таму і ладзілі проста на месцы зняволенняў шарашкі. Зэкі, якія раптам атрымалі больш-менш людскія ўмовы, магчымасць улюбёнай працы ды надзею — будуць высільвацца, і кантраляваць іх куды прасцей. Наша шарашка… добра папрацавала. Пасля смерці вусатага «вупыра» мы амаль тым самым складам працуем у Маскве.

Барыс Сцяпанавіч акуратна адпіў гарбаты з парцалянавага кубка з супрэматычнымі матывамі — адзін з трох кубкаў, што Аўген Лубовіч змусіў маладога спецыяліста ўзяць з сабой на месца працы ўглыбінцы.

— Ваш адрас я даведаўся дзякуючы таму, што вы дамагаліся рэабілітацыі вашага бацькі. Падумаў, што вам неабыякава… Хаця вы яго зусім не памятаеце.

— Неабыякава… — пацвердзіў Карусь. — Але вось — адмова ў рэабілітацыі… — кіўнуў на распрастаны ліст. — А яшчэ так і не здолеў адпомсціць таму, хто бацьку пасадзіў.

За акном прагрукатаў грузавік, гружаны з коптурам, як у жартоўнай прыпеўцы, дзяўчатамі — вярталіся аднекуль з далёкага поля. Усе ў белых хустачках, быццам пацвярджаючы мянушку «белагаловыя», як называлі кабетаў у Вялікім Княстве. Вясёлы гоман, як вецер з чужых палеткаў на нейкі час разагнаў цяжкія ўспаміны.

— Помста не дае спатолі, — сумна прамовіў госць. — Анатоль знаходзіў сілы не насіць у сабе нянавісць. Ён увогуле быў моцны… Другі б не працягнуў столькі там, дзе ён быў, — а ў яго ж сухоты!

Барыс Сцяпанавіч няўважна расцёр пальцы правай рукі — калісьці тонкія пальцы музыкі і навукоўца час зрабіў вузлаватымі, як сухія карэньчыкі дзівасілу, і балючымі.

— Зрэшты, і мне прарочылі, што я занадта стары, каб вытрываць тое, што мне наканаваў лёс… Як бачыце, я перажыў амаль усіх сваіх аднагодкаў. Мне хутка дзевяноста. Але я думаю, што ўзрост даецца чалавеку ад пачатку, так герань садзяць у пэўны сасуд — гліняны гаршчок, парцалянавую вазу ці ў клумбу. Камусьці і ў юнацтве пяцьдзясят. Нішто не радуе, бурчыць, вечна стамлёны і падазроны. Хтосьці і ў дзевяноста — юнак, рухавы і цікаўны да гэтага свету… Я цікаўны. Таму хачу папытацца і яшчэ адно… Анатоль распавядаў мне пра алхімічны трактат. Бачу па вашых скамянелых тварах, што вы добра ведаеце, пра што гаворка…

Карусь выпрабавальна ўтаропіўся ў светлыя, хутчэй выцвілыя, вочы старога. Праз іх глядзела душа, гатовая адляцець, чужая звычайным хцівасцям чалавечым.

— Ведаем.

Абмяняўся позіркамі з Галінкай, кіўнуў… Тая дастала з-пад ложка фанерную валізу, пакорпалася...

— Цяпер не бачым сэнсу гэта хаваць.

Карусь, ледзь не з агідай пазіраючы на стары сшытак без вокладкі, распавёў пра візіт да акадэміка… Барыс Сцяпанавіч зайшоўся сухім дробным смехам, праўда, з адчувальным прысмакам горычы.

— Жыццё сапраўды наразае колы па спіралі, як навязаны на ланцуг вар’ят. Здаецца, зусім нядаўна я распавядаў вашаму бацьку, як на пачатку стагоддзя два слынныя амерыканскія фізікі, у якіх у выніку эксперименту нечакана атрымалася трансмутацыя металу, доўга баяліся ў гэтым прызнацца — асцерагаліся, што звінавацяць у чараўніцтве. У век дырыжабляў, паравозаў і іпрыту. I цяперашнія не смялейшыя. Не пабаяліся ўзарваць атамную бомбу і запусціць спадарожнік у космас, але баяцца прызнаць існаванне нематэрыяльных сутнасцяў…

Карусь нахмурыўся.

— Той акадэмік сказаў, што ў Маскве арыштавалі групу навукоўцаў, якія цікавіліся гэтым сшыткам…

— Сярод іх быў мой вучань, — кіўнуў Вайсман. — Гэта туды ў свой час перадалі кругляк золата незвычайна высокай пробы, адарваны з вокладкі вашага трактата. Такая ж самая шарашка… Вучань мой паспеў адседзець, быў выпушчаны, зноў арыштаваны… Як і многія ягоныя калегі. Так што навукоўцы там сабраліся незашораныя і задачы перад імі ставілі… ну, скажам, самавіты даследчык не ўзяўся б. Сакрэтнікі адразу зашапталіся пра алхімічнае золата, успомнілі легенды пра Раймонда Лулія… Спрабавалі шукаць гэты сшытак. Магчыма, і цяпер нехта спадзяецца з яго дапамогай пабагацець ці займець уладу. Напэўна, і ў будучым знойдуцца хціўцы.

Хімік асцярожна разгарнуў трактат. Вельмі хутка маладыя настаўнікі ўсвядомілі, што гэта надоўга. Падобным жа чынам Карусь даваў нырца ў якісь раман Хемінгуэя ці Камю, здабыты праз сяброў… За вушы не адцягнеш, хоць пярун побач ляснецца. Quaererei in venire, пошук і адкрыццё — тое, чым кіраваліся старадаўнія алхімікі. Барыс Сцяпанавіч дастаў са свайго шыкоўнага, хоць і запыленага, партфеля нататнік, рабіў выпіскі… Узрушана ўздыхаў, раздражнёна хмыкаў, нешта прагаворваў уголас, нібыта спрачаўся з ценем аўтара трактата. Галінка і Карусь выходзілі па сваіх справах — госць не заўважаў. Вярталіся — не заўважаў. Гарбата стыла, луста хлеба з таненькім пластом масла, ашчаджоная на святы раскоша — ляжала на сподку нечапаная. Відаць, трэба будзе госця пакідаць ночыць… Бо зараз і сцямнее.

Нарэшце стары падняў ад папераў узрушаныя шчаслівыя вочы.

— Ён быў геніем! Бліскучыя здагадкі, адчайна смелыя доследы… Але якое незвычайнае спалучэнне — навуковая смеласць уперамешку з забабонамі, сапраўдным дзікунствам. Думаю, з узростам гэты чалавек ад падобнага дамешку пазбавіўся. Але тут… — Хімік пакруціў сівой галавой. — Гібрыд магнетызёра, які лякуе, водзячы над целам рукамі, і дацэнта фізфака, што падлічвае электроны ў атаме… Акультызм і дакладныя навукі.

Пацёр стомленыя вочы, потым асцярожна прыклаў далонь да грудзей, нібыта там балела, уздыхнуў неяк перарывіста.

Галінка ўскінулася — госцю відочна зблажэла… Мо доктара паклікаць?

Стары паматляў галавой — яго вусны былі нядобра сінія.

— Я загартаваны. Раз ужо выжыў там, дзе маладзейшыя ды мацнейшыя загіналіся, не даю сабе сагнуцца ды заняпасці. А паколькі часу ў мяне ўжо амаль не засталося — і так жыву ў пазыку, — намагаюся паспець як мага больш. А на стан мой не зважайце… Зараз пройдзе. Я ж амаль Жалезны Дрывасек, які выпрасіў сэрца ў добрага чараўніка.

Не спяшаючыся, расшпіліў кашулю, расхінуў… На грудзях, бліжэй да сэрца, пачварная металёвая жамяра ўпілася ў цела вострымі лапкамі. Там, дзе метал уціскаўся ў плоць, палымнела запаленне. Карусь са здзіўленнем зразумеў, што ціканне сыходзіла менавіта адсюль.

— Што гэта?

— Гэта тое, што змушае маё сэрца правільна біцца, — усміхнуўся ссінелымі вуснамі стары. — Ведаеце, вельмі выгодна быць вядомым хімікам-фізікам і мець доступ да эксперыментальнай навукі. Toe, што вы бачыце, i ёсць… эксперымент. Мае вучні распрацавалі, калі ў мяне пачаліся праблемы са здароўем. Ужыта тое-сёе з касмічных тэхналогій. Вядома, не зусім з дазволу найвышэйшых інстанцый. Арыентавана менавіта на маю не дужа распаўсюджаную паталогію.

Барыс Сцяпанавіч пастукаў сагнутым пальцам па сшытку.

— Ведаеце, я ж… брантазаўр. Рэлікт вымерлай эпохі. Гэта абцяжарвае, але часам і дапамагае. На многія праблемы я магу глядзець шырэй, чым носьбіты дыялектычнага матэрыялізму. Што дазваляе сягаць за межы спазнанага. Таму расказвайце смела, ці ведаеце нейкія дзіўноты, звязаныя з гэтым сшыткам?

Зацікаўлены позірк выцвілых вачэй… Госць відавочна ачуняў ад прыступу. Вось жа сапраўды… жалезны старэча. I Карусь наважыўся.

Расповед пра пашкоджаную печку старога не здзівіў. Затое ён сам здзівіў наступным пытаннем:

— Скажыце, а ваш дзядзька Васіль, калі цытаваў трактат, у якім быў эмацыйным стане?

Ну ў якім? «Моцнае, нібы смерць, каханне… I страшнейшыя за яе…» Цяпер Карусь ведаў падбіўку гэтых слоў.

Барыс Сцяпанавіч паківаў галавой.

— Амор ардэнс, каханне палаючае… Наўрад я маю ў сабе цяпер падобны агонь. Але нечым іншым ахвяравацца магу…

Няўважна пагартаў трактат высахлымі пальцамі-карэньчыкамі.

— Полацкі Фаўст разважае пра дары філасофскага каменя… Як і яго, золата цікавіць мяне меней за ўсё. Вечнае жыццё таксама. Усе дарагія мне — па той бок мяжы, што мне тут рабіць вечна — сасновыя голкі пералічваць над магіламі? А вось улада над часам і прастораю… Хоць на імгненне зірнуць у мінулае… I, магчыма, штось выправіць, кагось папярэдзіць…

Празрыста-светлыя вочы ажно прымружыліся.

— Ведаеце, алхімікі лічылі, што першая стадыя шляху да філасофскага каменя, нігрэда, — гэта ўлада свінцовага дэмана. Душа разрываецца пад цяжарам сумніваў і спакусаў. Чалавек вар’яцее… Алхімік Засіма з Панопаліса, які жыў у трэцім стагоддзі, бачыў у відзежах, як алхімік мусіць стацца і катам, і ахвяраю, і сам сябе прабіць мячом, спаліцца, а потым ператварыцца ў іншую сутнасць…

Каруся трохі напружылі гэткія эзатэрычныя разважанні.

— Дзядзька Васіль распавядаў пра свайго знаёмага мастака, ён у яго часам ночыў, калі вандраваў ад хаты да хаты, распісваючы дыванкі ды шафы… Дык вось, той мастак сцвярджаў, што ў «самнамбулічных візіях» падарожнічае па іншых планетах. Апісваў убачанае і нават замалёўваў. Сатурнян вірлавокіх у начных кашулях, нейкія будынкі-скрынкі…

Госць страсянуў галавою.

— I праўда, візіі… Як у Сведэнборга ці Аўгусціна Аўрэлія… Не слухайце старога фантазёра. Лепей Герберта Уэлса пачытайце. Элоі, морлакі... Не прыйшоў яшчэ час гэтага сшытка. А мой сыходзіць. Скарыстаюся вашай гасціннасцю, пераначую. А заўтра пайду на аўтобус.

— Пешкі? 3 гэтым вось на грудзях? Выбачайце, шаноўны прафесар, так нельга. Можна дамовіцца з аграномам — падвязе на сваім «козліку» да прыпынку.

Барыс Сцяпанавіч неахвотна пагадзіўся.

— Але паколькі аўтобус толькі ў абед, мне трэба будзе прабавіць час. Падкажыце, ёсць тут нейкая цікавая мясціна, гістарычны помнік? Люблю блукаць там, дзе цені былога.

Цені былога ў Падняводдзі, сённяшнім Ленінску, патрушчылі грунтоўна. Быў панскі маёнтак — спалілі яшчэ ў Грамадзянскую, цэгла, якая засталася, і па сёння ўмацоўвае нечыя адрыны і лёхі. Мелася калісьці панская мануфактура па вырабе габеленаў з усходнімі матывамі, пальмы там, вярблюды, паўліны… Ніхто не ведае нават, дзе дакладна стаяла. Паравы млын працаваў. Каменны, здаровы, на тры паверхі. Пасля рэвалюцыі нацыяналізавалі, у вайну разбамбілі, бо немцы там зладзілі свой склад боепрыпасаў. Выбухнула так, што на тым месцы адна яміна. Ад царквы — падмурак. Не мураўёўка, не па загадзе губернатара Паўночна-Заходняга краю Мураўёва-вешальніка будавалася на костках задушанага паўстання — раней, на сродкі ўладальніка маёнтка. Хіба цагляная капліца-ўсыпальня на могілках ацалела... Праўда, з праламаным дахам, унутры сметніца... Але Карусь нават знайшоў там рэшткі ляпніны — над пустой нішай, дзе калісь стаяла труна, тварыкі анёлаў па кутах — шчакастыя, слепавокія, у пацёкax… Барока. Герб рэдкі, нідзе больш такога не бачыў — «Гіпацэнтаўр», чалавек з тулавам каня, які цэліцца з лука ў невядомага ворага. На могілках тых даўно не хаваюць, пагорак парослы соснамі і каменнымі надмагіллямі. Дэкаданс.

Барыс Сцяпанавіч зацікавіўся, папрасіў дакладна апісаць дарогу да тае капліцы, каб заўтра не зблудзіць, — нашто, каб яго хтось вадзіў, людзі занятыя. Галінка ўспомніла, што ў яе нават ёсць карта тутэйшых мясцінаў — ад былога настаўніка геаграфіі засталася дарэвалюцыйная кніга пра асушэнне балотаў. Схема, надрукаваная на адной са старонак, была дастаткова падрабязнай. I могілкі, пазначаныя лесам маленькіх крыжыкаў, і капліца. Праўда, асушальныя каналы і грэблі, дзеля якіх гэтая карта малявалася, толькі на гэтай карце цяпер і засталіся.

— Чакай, я такое ўжо недзе бачыў… — прамармытаў Карусь, шуснуў да валізы пад ложкам і дастаў пажаўцелы аркуш з планам земляных прац двухсотгадовай даўніны.

Як жа ён нават не западозрыў? Менавіта тут калісь працаваў ягоны прадзед, інжынер Калістрат Роўба! Як сюды трапіў, чаму? Сплыло, забылася, і запытацца няма ў каго…

Уначы Карусь напружана прыслухоўваўся да цікання, якое даносілася з ложка ля печы. Стары ляжаў незвычайна ціха. Не круціўся, не стагнаў, не хроп… Ён увогуле спіць? Ён… жывы? Уяўленне малявала страшнае: мёртвае цела, сэрца ў якім яшчэ падганяецца бязлітасным механізмам, халодная кроў гусцее, ператвараецца ў гнілую жыжку… А бязвольная, аслаблая цягліца, называная сэрцам, уздрыгвае ад размераных імпульсаў.

Назаўтра раніцой у Каруся быў урок літаратуры ў сёмым, у Галінкі — чыстапісанне ў першым… Звычайны будзённы дзень. Ды яшчэ з дадатковай нагрузкаю: у рэпетыцыях да святкавання Першага мая ўдзельнічала ўся школа. Карацей, пра госця не было калі ўспамінаць. Паснедаў, падзякаваў… Папрасілі, як будзе сыходзіць, падперці дзверы колікам.

У дзверы настаўніцкай зазірнуў аграном — загарэлы, жылісты спадар, улюбёны ў зямлю, былы артылерыст.

— Чуеш, настаўнік, не было ўдома твайго госця. Я пад’ехаў у гадзіну, калі на абед вярнуўся, — колік ля вашых дзвярэй.

Вось жа жалезны чалавек… Пешкі вырашыу ісці? А раптам спазніўся на аўтобус?

Ганчын Віцька, які прыехаў на тым аўтобусе з райцэнтра, запэўніў, што ніякага старога не сустрэў.

Веснавое сонца абуральна аптымістычна пазірала на мітусню чалавечую. Урэшце Карусь вырашыў падацца на могілкі, да капліцы. Ну нашто ён распавёў пра яе старому цікаўніку?

Ля цагляных сцен, з якіх аблазіла апошняя пабелка, шыхтавалася пустазелле, ціснуўся, быццам п'яны да плота, маліннік з амаль голымі галінкамі, што яшчэ і не прадчуваюць грахоўнага цяжару ягад. Дзверы, цяжкія, з пацямнелага дрэва, перацягнутыя жалезнымі палосамі, маглі не напружвацца — побач у сцяне зеўраў пралом. Але яны сення ўсё-ткі для кагосьці прыадчыніліся.

У капліцы нахабнічала такое самае пустазелле. Сляпыя вочы анёлаў пазіралі з верхніх кутоў абыякава-злавесна. Праз дзірку ў даху сінела неба… Проста пад дзіркай шарэў каменны пастамент, на які ставілі падчас адпявання труны.

Дамавіны не было. Нябожчык быў. Барыс Сцяпанавіч ляжаў тварам на каменным ложы, нязграбна падагнуўшы пад сябе правую руку. На тым жа камені, як мёртвы птах з распасцёртымі крыламі, даверліва раскрываў небу свае таямніцы алхімічны трактат. Цікання не чулася.

Карусь кінуўся на калені ля старога, паспрабаваў яго павярнуць, зрушыць… На пальцы трапіла вільгаць… Кроў!

Калі цяжкое цела — дзіўна цяжкое, стары ж зусім худы — удалося павярнуць, адкрылася страшнае. ^алезная жамяра, ададраная ад цела, ляжала пад на камені. На грудзях, у разрэзе расшпіленай кашулі, крывавіла рана. I пальцы правай рукі былі скрываўленыя. Ашклянелыя вочы люстравалі самнамбулічныя візіі, якія не варта было б сузіраць звычайнаму чалавеку.

Малады настаўнік не заўважыў, што на сцяне кяпліцы, на чырвонай вільготнай цэгле, падзеленай цёмнымі швамі моху, шарэе залацістая пляма.

...Імжыла так, што здавалася, быццам у паветры завіслі мізэрныя празрыстыя ўндзіны і бязгучна лаюцца, бо і наверх, у цяжкія хмары, не вярнуцца, і падаць у гразь не хочацца, а чыстыя ручаіны ды рачулкі далёка.

Удзельнікі святочнага мітынгу вакол гучна запляскалі ў ладкі, нібы лопаліся сотні паветраных шароў.

Карусь глядзеў на згорбленага крукам, зжаўцелага, маршчыністага, як пусты кашэль, чалавека і шукаў у сабе колішнюю нянавісць. Не знаходзіў,

— Лепей даўжэй у «Яме» пастаялі б… — прашаптала Галінка, чый белы берэцік, пэўна, наскрозь прамок. Вось жа недарэчнае надвор'е ў такі святочны дзень — Дзень Перамогі, якую так чакалі, за якую так дорага заплацілі… I крыўдна, калі чуюцца казённыя словы… Тым болей перад універсітэцкім мітынгам схадзілі да «Ямы», месца ля Юбілейнай плошчы, дзе знішчылі пяць тысяч габрэяў мінскага гета. Там афіцыйнага мітынгу не было. Людзі проста стаялі, плакалі, клалі кветкі да невялікага абеліска. I гэта было сапраўды ў велізарнай яміне… Дзесьці тут ляжалі суседзі Абрамчыкі… Сябры дзяцінства Ромка і Рытка… Першая настаўніца Каруся Рахіль Львоўна, дзякуючы якой у старэйшых класах адкрыў паэзію Бёрнса і Блока. А яшчэ, як выявілася, — бабуля і дзядуля Галінкі. Гэта ейная маці ўчора неахвотна прызналася, так і не назваўшы нат прозвішча бацькі. Сабралася сабе адведаць месца гібелі свекрыві і свёкра, а тут яны з Галінкай увязаліся. Наплакаліся... Сцены «Ямы» падымаліся ўверх, калі стаіш унізе — нібыта цябе зараз засыплюць… I так і мроіцца, як людзей скідваюдь, саштурхоўваюць сюды, уніз. Мужчын, жанчын, старых, дзяцей… Крыкі, плач… А наконт памяці — адзін спадар, які паклаў да абеліска, абнесенага лёгкай драўлянай агароджай, замест кветак чамусьці белы каменьчык, распавёў, што паэта, аўтара радкоў, напісаных на ідыш на абеліску, і каменяра, які рабіў помнік, падчас барацьбы з касмапалітызмам адправілі ў ГУЛАГ… Паэта, сярод іншага, абвінавацілі, што на абеліску ў «Яме» напісаў пра гібель габрэяў, а трэба было «савецкіх грамадзян».

Вакол «Ямы» стаялі міліцыянты… Відаць, на ўсялякі выпадак.

А з самай раніцы быў візіт у міліцыю, дзе ў соты раз Карусь пераказваў абставіны смерці іх госця, апусціўшы, вядома, эзатэрычныя дэталі.

I вось цяпер яны стаяць і слухаюць прамову прафесара Туторкава — таму што Карусь піша дысертацыю, таму што ўніверсітэт — гэта па-ранейшаму ягоная ўстанова, і нельга ігнараваць агульныя мерапрыемствы… Таму што побач стаіць Аўген Іванавіч Лубовіч і шмат хто яшчэ з вартых і паважаных.

Як ні дзіўна, але зблажэлы, пастарэлы, нямоглы з выгляду Глеб Туторкаў вычапіў каршуковым паглядам Канстанціна Роўбу нават у апошніх шэргах. I вось ужо даволі бадзёра прабіваецца да дысэртанта, усміхаючыся амаль не фальшыва… Падобна, размовы пазбегнуць не ўдасца.

У кабінеце намесніка рэктара нічога не змянілася — дыхтоўная цяжкая мэбля, чырвоныя тамы «Вялікай савецкай энцыклапедыі», хіба замест партрэта Сталіна — партрэт Леніна. I дзіўны саладжавы пах, нібыта падпсаваныя разынкі…

— Вы хацелі здаць маю маці немцам! 3-за вас мы ўцяклі з Мінска, трапілі ў канцлагер. З-за вас яна памерла!

Каруся калаціла — таварыш Туторкаў дасканала валодаў уменнем даставаць з людзей эмоцыі. Пачалося з бязвінных размоў пра дысертацыю, сямейнае жыццё, стваральную працу… А скончылася вось такой тырадай.

— Вось, значыць, што Сафійка табе сказала… — задумліва працягнуў Туторкаў, і ў ягоным тоне Карусь са здзіўленнем пазнаў боль.

— Хочаце запэўніць, што гэтага не было?

— Я ніколі не здаў бы яе немцам. — Кашчавыя пальцы намесніка рэктара сціснуліся да белі.— Я, наадварот, прапаноўваў дапамогу. Каб яна з табой пераехала да мяне, пад маю апеку. Вы б не галадалі, я б абараніў вас…

— Ад немцаў ці ад падпольшчыкаў, якія лічылі вас здраднікам? — Карусь гатовы быў стукнуць па лысай галаве мармуровым прэс-пап'е. — Вы нахабна хлусіце! Мая маці ніколі б не пагадзілася мець з вамі стасункі!

— Ты так думаеш? — Бледныя вусны пакрывіліся, як магільныя рабакі. — Калі твайго бацьку арыштавалі, Сафія сама да мяне прыйшла. Прасіла памагчы. Прапаноўвала ўсё, што заўгодна… Сябе прапаноўвала.

...А калі гэты лысы чэрап расколецца ад удару, адтуль дакладна пацячэ гнілая смярдзючая жыжа — гэты тыпус увесь унутры, у душы, у думках гнілы і брудны.

— I вы скарысталіся жанчынай, даведзенай да адчаю?

Туторкаў раптам апусціў вочы і амаль падаўся няшчасным.

— Я не святы. Але не. Не скарыстаўся.

Відаць, і як мужчына гнілы і недастатковы — гэта Карусь хаця б не прамовіў уголас. У высакароднасць паскудніка верыць не хацелася.

— Бацьку майго вы здалі, каб дамагчыся маёй маці?

— Хочаш вер, хочаш не, але я проста выконваў свой доўг.

Партрэт Леніна на сцяне прыжмурваўся даволі скептычна.

— А дысертацыю бацькі вы прыўлашчылі таксама з пачуцця доўгу? I музейныя экспанаты акупантам аддалі з-за асаблівага патрыятызму?

Твар Туторкава не пачырванеў — пасінеў, нібыта спадара душылі.

— Не табе мяне судзіць, смаркач. Я шмат працаваў і шмат рызыкаваў. I ўзнагароду сваю атрымаў за ўклад у барацьбу супраць фашыстаў, а не за здраду. Шчанюк няўдзячны! Падумай сам, калі мазгаўня маецца: навошта мне было чакаць немцаў, каб знішчыць тваю маці, калі мне было, як пальцамі шчаўкануць, аддаць яе савецкім органам? Ды каб не я — думает, яе б пакінулі на волі? Адправілася б у лагеры, а ты — у дзіцячы дом. А праца ў дзяржаўным выдавецтве на адказнай пасадзе? Сафійку ўзялі, бо я паручыўся. Уплыву Лубовіча на тое не хапіла б. Я б валасіне не даў з яе галавы ўпасці, каб яна дазволіла быць побач! У памяць пра яе і цябе падтрымаў. Ты ж ва ўніверсітэт дзякуючы мне паступіў і дысертацыю сваю вось пішаш…

Туторкаў нібыта не вымаўляў словы, а сіпеў. Хаця… Чаго дэманаваць гэтага састарэлага плюгаўца? Хіба ён адзін такі на свеце блытаецца?

— Мне ад вас нічога не трэба! Гэта вам, відаць, патрэбна — грэх свой выкупіць, каб уявіць, што гэта яшчэ мы вам абавязаныя!

Намеснік рэктара раптам неяк супакоіўся, нават іранічна прыўзняў бровы… Што азначала кепскае,

— Ну што ж, калі ты не лічыш сябе абавязаным, а далей збіраешся са мной ваяваць… То ўспомні, што мусіш думаць не толькі пра сябе.

Гаспадар кабінета нетаропка ўзняўся, падышоу да сейфа, які змрочна цямнеў у цёмным куце ля шафы, забразгалі замкі…

Карусь моўчкі знаёміўся са змесцівам тэчкі, кінутай на стол, як кідаюць забітую гадзюку, якая не паспела ўкусіць. Не можа быць… Падман…

— Не сумнявайся, стакроць праверана. I мне давялося рызыкаваць, каб гэтыя дакументы засталіся схаваныя ад усіх. А тут яшчэ твая Галя тэму дыплома абрала, як назнарок…

Карусь ужо зразумеў, што прайграў.

— Паслухайце, яна свайго бацьку і не памятае зусім. У чым яе віна? Часы змяніліся, калі вы не заўважылі. За простае сваяцтва са злачынцамі ў лагеры не адпраўляюць.

— А твая жонка гатовая жыць з кляйном дачкі зднаго з галоўных ворагаў савецкай улады, які не стамляецца паклёпнічаць на нашу краіну? Так, не арыштуюць ні яе, ні ейную матку… Але праца ў школе ці ў рэдакцыі… Сам разумееш. А могуць таварышы з дзяржкамітэта паспрабаваць выкарыстаць гэтую сувязь, каб падабрацца да тыпа. Магчыма, яго зацікавіць, што дачка жывая, захоча сустрэцца…

— Не трэба ўмешваць Галінку, — хрыпла прамовіў Карусь.

— Тады не ўмешвай мяне ў сваю вендэту, — жорстка прамовіў Туторкаў. — Дай слова болей не распаўсюджваць пра мяне ганебных чутак. Нават пасля маёй смерці. Мне ёсць каму даручыць пусціць гэтыя паперы ў ход, нават калі мяне не стане. Спадзяюся, мы адзін аднаго зразумелі?

Карусь кіўнуў, адчуваючы сябе зганьбаваным, як той Лаўрук, пра якога піша ў лацінамоўнай паэме паэт шаснаццатага стагоддзя Мікола Гусоўскі: небарака падчас палявання сам-насам пабачыў зубра і памёр ад страху. Нат на надмагіллі напісалі пра ягоную баязлівую смерць.

— Аднаго не разумею, — прамовіў малады настаўнік на развітанне. — Навошта вы шукалі міфічны сшытак з алхімічнымі сакрэтамі? Мяне да дзядзькі шпегаваць падсылалі, Галінку да мяне… Гэтая містыка, як вам, вядома, даклалі, не патрэбная савецкай навуцы.

— Смаркач. — Туторкаў цяжка абсеў у дыхтоўным крэсле, абцягнутым светла-брунатнай бліскучай скурай. — Той сшытак мне быў патрэбны. Мне. Я ведаў, як ім скарыстацца. Вашых маленькіх мазгоў на тое не хопіць.

— Золатам спадзяваліся засыпацца? — Мармуровае прэс-пап’е на стале ўсё яшчэ вабіла ў якасці зброі, а лысы лоб гаспадара кабінета — у якасці мішэні.

— Пляваў я на тое золата! — Светла-каламутныя вочы намесніка рэктара былі тужлівымі. — Думаў, хоць на імгненне зазірну назад праз час, праз смерць… Скажу… Нешта змяню…

Страсянуў галавой, адганяючы ачмурэнне.

— Але выявілася, што мне тое не пад сілу. Так што ні выпрошваць той сшытак, ні выманьваць не буду. Я ўжо, каб ты ведаў, патрымаў яго ў руках, не пытайся, калі і як. Ідзі сабе, жыві.

Карусь, як сабачую місу аблізаўшы, рушыў да дзвярэй. I, ужо ўхапіўшыся за дзвярную ручку, павярнуўся.

— У мяне звязаныя рукі. Але ў нас з Галінкай будуць дзеці. Потым — унукі. Нехта з іх абавязкова адновіць справядлівасць. Раскажа праўду.

— Пляваць ім будзе на тваю праўду, Канстанцін Анатольевіч. У кожнага пакалення свае клопаты і свая праўда. Можа, твае дзеці яшчэ і кветкі да майго помніка з ухвалою панясуць.

Тугоркаў не зласлівіў, не радаваўся перамозе — проста сведчыў факты.

— Я пастараюся, каб гэтага не здарылася.

На дварэ ўсё яшчэ накрапваў агідны дожджык, і кожная жывая кветка яму радавалася, як жыццю, а кожная штучная яго баялася, як смерці.


СТАДЫЯ ДВАНАЦЦАТАЯ. КІДАННЕ, СУТЫКНЕННЕ ФІЛАСОФСКАГА КАМЕНЯ 3 ТРАНСМУТУЮЧЫМІ МЕТАЛАМІ


Па даху гойсалі фараонавы калясніцы.

Мокрымі жалезнымі коламі па нетрывалым бляшаным покрыве. Час ад часу ў дах утыркалася дзіда, магчыма, прышпільваючы празрыстае цела нячыстага духа.

Гатычненькае апісанне позняй навальніцы, праўда?

— «Інфундзірны апарат жоўтай медзі з дзвюма парцалянавымі інфундзіркамі». «Інфундзіркі»… Мне падабаецца. Быццам старасвецкая лаянка на разбэшчаных паненачак. Кшталту «прафурсеткі».

Пелагея пагладзіла пазногцем, фарбаваным у чорна-залацістыя пісягі, гравюру: дзве чаропкі з накрыўкамі на перавернутым тазіку, у якім, падобна, належала распаліць агонь.

— Ты чуў пра інфундзіркі, Славік? А во, пла-Стьірная машына на дубовай падстаўцы… Да дыбы Удобная. Прамывальнікі Фрэнкеля для носа…

Таксама падобна да сярэднявечных пры таванняў. А тут посуд… «Шклянкі для на»… Так і напісана, у тры словы - вада Мова да трансмутацыі. Шклянка для фіялкав^’ воцату. Ты калі-небудзь бачыў фіялкавы вовд»4 У адказ толькі пагрукванне малатка.

Пелагея перагарнула чарговую старонку каталога «Таварыства шкляной вытворчасці 1. рьь тынга». Санкт-Пецярбург, 1908 год. На крафтавай вокладцы — тры медалі, атрыманыя згаданым таварыствам, у тым ліку Сусветнай парыжскай выставы 1900 года.

I ўсё гэтае багацце — ды яшчэ на шчыльнай паперы з вадзянымі знакамі — Пелагея сёння раніцай выцягнула са скрыні для макулатуры, што ўсталявалі ля кіёскаў гародніны. Нехта, як і яны з Мсціславам, чысціў кніжныя шафы, толькі замест старых падручнікаў выкінуў «Цімура і яго каманду», аповесць «Салдацёнак» і вось гэты каталог… Абадраны, з выдзертымі старонкамі… Але Пелагея проста не магла ўявіць, як можна выкінуць кніжку, якой больш за сто гадоў!

— Якая раскоша для Полацкага Фаўста ў гэтым каталогу была б, праўда? Цэлая алхімічная лабараторыя! Цікава, што з гэтага ён меў? Інфундзіркі? Пластырную машыну? Прынамсі, тут ёсць флакончыкі, падобныя да таго, на срэбным ланцужку, што табе дзед пакінуў.

У дах уторкнулася чарговая дзіда, і залева аблізала шыбы прагным празрыстым языком. Добра, што паспелі прыехаць сюды, у Караблі, да таго як пачаўся гэты вадзяны Апакаліпсіс. Заграз бы няшчасны «фордзік», і ніякія калясніцы нябёсныя не з’явіліся б на дапамогу.

— Ты ўсё ніяк не можаш перастаць пра яго гаварыць…

Мсціслаў нарэшце азваўся — ён заходзіў у пакой спінай, цягнучы за сабой маленькі круглы столік, да якога ўсё-ткі ўдалося прырабіць адламаныя ножкі.

Столік з гонарам заняў месца паміж двума ложкамі. Мужчына, гаспадар, адрапараваў!

Пелагея з сумнівам штурханула мэблечку пару разоў. Стаіць як фараонава піраміда…

— А ты па-ранейшаму, як што, адмоўчваешся. Пластыр трэба адрываць адразу. Не расцягваючы мазахісцкае задавальненне.

Мсціслаў зноў прамаўчаў… У яго свая тэорыя: чым меней яны будуць згадваць пра зніклы сшытак, ператварэнні рэчываў і Чорнага Доктара, тым надзейней усё застанецца сном, блёкатам і няздзейсненым варыянтам рэчаіснасці.

Пелагея зірнула на печку: сляды ад гантэлі засталіся, залаціста-шэрае інфернальнае рэчыва знікла.

Застаецца спадзявацца, што абпалены па краях сшытак пару стагоддзяў таму ператварыўся ў попел, яму і належала.

Ці думала Пелагея ў тыя страшныя гадзіны, калі яны сядзелі тут, як у вязніцы, што па сваёй волі вернуцца ў гэты будынак?

Але больш ніхто не спрабаваў зняволіць, ніхто не пагражаў, хоць мяшкі з цэментам і скрыні з недарэчным наборам артэфактаў загрувашчвалі кут пакоя… Ды яшчэ кіношнікі пакінулі частку дэкарацый: лесвіца на другі паверх блішчэла чорным лакам і пазалотай, фрагмент сцяны распісалі пад смарагдавыя шпалеры. На падлозе бачылася там-сям разметка — дзе ставіць камеру, як месціцца артыстам… Вось адсюль, з верхняй пляцоўцы лесвіцы, народны артыст Леапольд Брадзінскі бласлаўляў на бойку са злымі панамі і інфернальным альбіносам бадзёрае сялянскае войска, узмоцненае лесавікамі ў зялёных штучных футрах і русалкамі ў дэдэронавых пеньюарах. Тады яшчэ тут стаялі бутафорскія вазы з пап’е-машэ, пухнаціўся сапраўдны стары кілім колеру гнілога мяса, а на сцяне вісеў партрэт Чароўнай Дамы… То бок маці галоўнай гераіні, а тая гераіня была скрадзеная ў дзяцінстве і вырасла ў прыгоне, але кропля ў кроплю матка-княгіня.

Усё гэта дапаможа ператварыць дом у падабенства сюррэалістычных фільмаў Шванкмаера: ракавінкі, каменьчыкі, косткі, старое дрэва… Мара Пелагеі. Тым болей у горадзе, шэрым, тлумным, пляткарным, сядзець было невыносна. Так што радавое гняздо Роўбаў рэабілітавалі.

А гледзячы на пакой з лесвіцай, што двума плаўнымі завіткамі падымалася наверх, Пелагея ўспамінала чытаны гэтымі днямі ў архіве ліст Кляўдуша Душэўскага (менавіта так пісана там ягонае імя) да Вацлава Ластоўскага, які якраз працаваў над беларуска-крыўскім слоўнікам: «Ёсьць сярод назваў пакояў у англійскай мове hall (голь), у нямецкай — Diele. Гэта пакой, у якім маюцца сходы наверх. Чытаў я ў аднэй архітэктонічнай кнізе расейскай такую з большага фразу: “в русском языке нет названия для этой комнаты, пожалуй, лучше всего будет называть эту комнату русским словом вестибюль”. Кумэдна! А па-беларуску вельмі спрытна можна гэты пакой назваць. Ён мае такія прыметы. 1 — ёсць у ім сходы, 2 — ён служыць для таго, каб у ім схадзіцца, 3 — ён з’яўляецца лучнікам усёй кватэры. Я яго назваў — “сходня”».

I цяпер Пелагея называла гэты пакой-лучнік неадменна «сходня» і шчаслівая была сходзіцца і злучацца ў ім са сваім выпакутаваным чалавекам.

Яны з Мсціславам бясконца правяралі, што змянілася ў свеце, калі з ланцуга падзеяў знікла звяно. Акрамя таго, што іх турэмшчыкі-эксперыментатары ператварыліся ў звычайных страйкбалістаў і страцілі цікавасць да гаспадароў закінутай сядзібы, нічога не змянілася. Хто загінуў — той загінуў. Хто не мог дамагчыся справядлівасці — так і не дамогся.

I ўсё-ткі яна дакрычалася да Чорнага Доктара… Цяпер, падобна, яны з Мсціславам былі адзінымі у свеце, хто памятаў пра кляты трактат. Беспрацоўныя, дурныя, закаханыя, шчаслівыя.

— Не хачу ехаць да бацькі, — прабурчэў Мсціслаў, прысаджваючыся побач на ложак. — Мы і так з ім сабачымся. А тут… Няхай у іншай рэальнасці — але ён мяне прадаў.

— Ключавыя словы — у іншай рэальнасці, — ткнулася Пелагея яму ў плячо. Пан кашчавы, але свой. — Ты ж столькі ганяўся за матэрыяламі пра Туторкава — а тут самі ў рукі плывуць.

— Ага, так і просяцца — «з’еш мяне, Аліса»,— прабуркатаў дацэнт. За апошнія месяцы шчокі ягоныя зрабіліся менш запалымі, але Эль Грэка па-ранейшаму руліў вобразам. — Баюся, бацькаў падарунак дорага мне абыдзецца.

— Ды кінь, — штурханула спадара Пелагея. — Пазбаўся ўжо падлеткавых комплексаў…

Ага, хто б казаў — унутраны Пелагеін падлетак жыў, квітнеў і фантаніраваў комплексамі. Інфундзірка і прафурсетка.

Але візіт мусіў адбыцца. Прадстаўленне другой жонкі-смаркачкі бацьку і мачысе ішло бонусам. Галоўная заваба — з задрыпанага нямецкага гарадка з невымаўляльнай назвай вярталі на Беларусь архіў, вывезены нейкім герам у часы вайны. Архіў нядаўна выпаралі дзесь на гарышчы нашчадкі гера, парадкуючы спадчыну. Вырашылі вярнуць. Акт добрай волі, сяброўства і гэтак далей. Раман Канстанцінавіч Роўба, супрацоўнік пасольства, якраз з тымі нашчадкамі перамовы і вёў. I паколькі ў архіве ёсць дакументы, дзе гучыць прозвішча Туторкава, Раман Канстанцінавіч літасціва вырашыў паведаміць пра тое сыну. Ведаючы, як ён з падачы дзеда на тым персанажы зацыклены. Уce падрабязнасці пры сустрэчы.

Торт «Махіта», зялёны, як вулканская кроў, са шпінатам, мятай і журавінамі, быў ухвальна прыняты Мсціслававай мачыхай. Пелагея выпадкова заўважыла, што знутры ў крысе пухнатага ружовага халата, у уякім гаспадыня сустракала гасцей, блішчэла шпілька.

Ад сурокаў, значыцца.

Ну а што — гэта мы толькі прыкідваемся прагрэсіўнымі. А ў кожнай беларускай сям’і дасюль жывуць веды, як з дапамогай солі ці ніжняй кашулі зняць сурок ці вывесці бародаўку гнілой ніткай.

Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў, як трохі грэбліва сведчыў яшчэ Адам Ягоравіч Багдановіч.

— Вось вы якая, Пелагея! Напэўна, мадэллю працавалі? Чыста мадэльная знешнасць, праўда ж?

Пад ласкавым позіркам густа нафарбаваных вачэй Мсціслававай мачыхі Пелагея шчыра пашкадавала, што сама не абчаплялася шпількамі. Можна было яшчэ майткі навыварат надзець.

— Сядайце, сядайце, госцейкі дарагія, чым багатыя…

Голас гаспадара грукатаў, як пластырная машина.

На стале даказваў дабрабыт уладальнікаў крышталь і паблісквалі маянэзнымі макаўкамі салаты.

— Нашто табе той абадраны хлеў у Піянерскім?

Твар Мсціслававага бацькі быў шырокі, як рыдван, і мужны, як у помніка. I сам ён быў шырокі і надзейны. Падобна Пелагеінаму айчыму.

— Вы самі мне яго аддалі.

Мсціслаў, які і так толькі для прыліку калупаўся ў блякла-рознакаляровай купцы салаты на сваёй талерцы, адклаў відэлец.

— Цяпер сам не цямлю, нашто аддаў.— Гаспадар трымаў відэлец у кулаку, як кінжал. Стылет мізэрыкордыя.

Ну ясна, не цяміць — у іншай рэальнасці яму, відаць, той падарунак кампенсавалі ягоныя начальнічкі — трэба ж была пастка для стыхійнага алхіміка.

— Ты ўсё адно там рады не дасі. Ты і ў дзяцінстве цвіка не мог забіць. А мы туды ўжо ўклаліся ладна. Пяць тысяч даляраў у адзін плот.

Зубы свае палічы. Гэта за слупкі з калючым дротам? Сумніўна.

— Карацей, я што прапаноўваю… Пайду на службовае злачынства, але, ведаючы твой інтарэс, дам табе пазнаёміцца з архівам пра Туторкава. Там яшчэ нічога не разабрана, не алічбавана. Будзеш працаваць проста ў сховішчах, правяду цябе як кансультанта-перакладчыка. Тым болей мовы ты не горай за мяне ведаеш, ды яшчэ лаціну. Расчытаеш што-небудзь… А ты таксама паслугу мне зрабі: перапішы дом на нас. Каця якраз там майстэрню сваю зробіць. А мы табе ў якасці кампенсацыі тысячу даляраў дамо… Дадасі — нармальны домік у вёсцы прыкупіш. I з працай дапамагу. Будзеш перакладаць, зарабляць, як чалавек. Ну каму твая беларуская пісаніна-галасавіна патрэбная!

Па тым, як зіркала на сужэнца мачыха, Пелагея зразумела: ейная ідэя была. Каця — яе дачка ад першага шлюбу. Займалася пашывам заплечнікаў з вошчанага лёну. Пелагея бачыла — стыльненька, з варонамі, совамі, яшчаркамі, ну і, зразумела, коцікамі.

— Тое самае ты мне казаў, калі ў дзяцінстве выхапіў у мяне з рук кнігу Караткевіча і прымусіў адціскацца. На балконе. У лютым. У адной футболцы.

Раман Канстанцінавіч трохі пачырванеў і апусціў вочы.

— Ну мо тады я і перагнуў.

Потым, мяркуючы па ўсім, намаганнем волі прагнаў непатрэбнае пачуццё віны ды пачаў «накручвацца»:

— А ты ведаеш, як мяне ў арміі выхоўвалі? Каб я чалавекам быў, грамадзянінам сваёй краіны, а не азлобленым бескарысным дзярмом з запазычанымі ідэаламі ў мазгаўні. Сяржант мяне, як роднага, абняў, калі ўбачыў, што да мяне гэта дайшло. Таварышы прабачылі. I надалей служба як па масле… А ты, як апошні ныцік, наскардзіўся бабе з дзедам.

— Дасюль не можаш паверыць, што я ніколі нікому не скардзіўся на цябе? — крыва пасміхнуўся Мсціслаў. — Яны самі аднойчы выпадкова пабачылі маю спіну.

— «Выпадкова»… — іранічна працягнуў гаспадар. — Прынамсі, ты дамогся свайго: перасяліўся да бабы з дзедам і выкрасліў мяне са свайго жыцця. А мне як было ад іх выслухоўваць! «Здрайца» ды «вылюдак» — найлагоднейшае. А я ж таксама табе дабра хацеў, каб лухцень нацыяналістычная з галавы выветрылася, як у мяне. Час жа які неспакойны — усе на нас зубы точаць. Ты што, навінаў не чытаеш? У сваёй вежы са слановай косткі думаеш адседзецца?

Аліўка ледзь не перасела ў горле. О-ёй, бачна пана па халявах. А ён жа таксама нашчадак Полацкага Фаўста…

— А што ж вы не ясцё? — гучна запыталася мачыха, злосна касавурачыся на сужэнца, — размова відавочна ішла не ў бок мірнай выгоднай дамовы. — Пакаштуйце рыбку — запякала ў віннай падліве. А вы, Палінка, гатаваць ці спрабуеце? Сёння моладзь часцей замаўляе ежу на дом… Не, не думайце, я не асуджаю — сёння магчымасцяў болей, чаму не захаваць сабе час? Гэта ў нашага пакалення выбару не мелася…

Мачыха сыходзіла мёдам і сіропам, і Пелагея ўспомніла яшчэ адзін дакумент з архіва Ластоўскага — Душэўскі паслаў цыдулку: «Прашу ўставіць у рэцэнзію “Батанічнага слоўніка” ў тое месца, дзе разьбіраюцца асобныя словы: “Загардушка — павінна быць загартушка, бо загартае мухі і інш.»

Загартушка, яна ж расянка, драпежнае ўтульнае стварэнне ў ружовым халаціку з ангельскай шпількай ад сурокаў на падыспадзе.

— Хацелася б, перш чым штосьці вырашаць, паглядзець хаця б спіс дакументаў з таго архіва.

Раман Канстанцінавіч перхануў, уважліва зірнуў на новую нявестку, якая раптам падала галасок, ды даволі звонкі.

— Разумная ў цябе жоначка, Слаўка, хоць і маладзюсенькая. Добра, пакажу вопіс… а самі дакументы, прабач, толькі праз службовае парушэнне. У адкрытым доступе іх дакладна не будзе, гарантую. Арганізацыя падграбе сур’ёзная… Каб ты не сумняваўся, што справа вартая, я адзін аркушык перафоткаў. Табе ж бацькі мае таксама мазгі прамылі: акадэмік Туторкаў — гад, якога трэба неадменна выкрыць. Мне асабіста той акадэмік нічога благога не зрабіў. Я сам кветкі да помніка з ягоным імем ускладаў, калі ва ўніверсітэце пасля арміі давучваўся. Бацька тады са мной перастаў размаўляць. Фанатыкі вы нейкія… А я, калі на працу ў пасольства ўладкоўваўся, са спецсхоўных дакументаў даведаўся, хто мой дзед па маці, — дык бацькі мае савецкай дзяржаве серп і молат цалаваць былі павінны, што ніхто іх не чапаў, далі спакойна жыць, працаваць і хлеб з маслам есці. Барыс Фрын, сіяніст і антысаветчык, — чулі прозвішча?

Ого! Пелагея скасавурылася на агаломшанага Мсціслава. Знакаміты франтавы журналіст, які паспеў адседзець да вайны за нейкі там ухіл. Падчас вайны быў узнагароджаны за мужнасць, рэпартажы пісаў з перадавой. А потым перабег за мяжу. Пісаў кнігі пра рэпрэсіі ў Савецкім Саюзе, пра Халакост, антысеміцкія кампаніі…

Што ж, калі ў трыццатых людзей садзілі, сваякі часта адракаліся, забывалі на іх існаванне, хавалі ўсялякую сувязь. Так, відаць, і ў сям’і Мсціслававай бабулі здарылася. Пэўна, не ведала, хто яе бацька. Іначай не маўчала б, дамагалася справядлівасці. Барыс Фрын жа ў перабудовачную эпоху героем пачаў лічыцца. Толькі, падобна, не для такіх, як Раман Канстанцінавіч, ягоны ўнук. Вось жа пераламала чалавека…

Аркушык, сфатаграфаваны ў якасці блешні для дурной рыбіны, быў агідны.

Пелагея з Мсціславам так і гэтак перачытвалі яго, седзячы ў кватэры, калісь амаль ператворанай у алхімічнае золата. Залацісты цэмент, дакладней, гліна з серным калчаданам, знік, але выёміны ў рэальнасці засталіся. Абгрызены край манітора, аб’едзеныя амаль да пастаментаў драўляныя статуі… Праса ўвогуле ні следу.

Абразкі святой Юльяны і святога Кіпрыяна трывала прапісаліся на стале. На абразку святы з засяроджаным худым строгім тварам, падобным да некаторых з роду Роўбаў, кідаў у агонь пульхныя таміны.

…Магічныя кнігі варушацца, як жамяра,

У вогнішчы разам з гардыняй і пожадам грэшным.

Душа вызваляецца — зрэзана, быццам кара,

I дрэва становіцца чоўнам, і зрушвае межы…

Мусіць, сярод спаленых святым кніг былі і падобныя да трактата Полацкага Фаўста.

Цені слізгалі па сценах, шапталіся па кутах... У паўразваленай сядзібе ў былых Караблях пачувалася ўтульней.

Мсцісяаў перакладаў з нямецкай, амаль не запінаючыся. Наколькі можна было зразумець,

Нейкі чын з рэйхсканцылярыі, які займаўся рабаўніцтвам акупаваных тэрыторый, дакладваў, што супрацоўнік мясцовай мастацкай галерэі перадаў у камісарыят спісы каштоўных экспанатаў, схаваных падчас эвакуацыі на тэрыторыі горада. На жаль, не ўсё з тых спісаў удалося знайсці, часткова з-за ўрону, нанесенага бамбардзіроўкамі, часткова з-за таго, што ўказаныя сховішчы аказаліся разрабаваныя невядомымі асобамі, але пошукі працягваюцца. Чын выказваў пэўныя падазрэнні, што згаданы супрацоўнік водзіць немцаў за нос і хоча сам нажыцца на прыхаваным, але ўсё-ткі рэкамендаваў уключыць гера Туторкафа, які выдатна валодае нямецкай мовай, у камісію па падрыхтоўцы каштоўнасцяў да вывазу ў Германію…

— Падобна, твой бацька здае табе вашага сямейнага злога генія…

Пелагея ўпарта не глядзела на абкусаны кут манітора, хоць вочы як прыліплі.

— Не здае, а прадае. — Мсціслаў круціў у руках раздрукоўку, быццам падсудак з Мінскай ратушы — патэнт на шляхецтва. — I я не ведаю, ці варты гэты гешэфт. Столькі я марыў пра аднаўленне гістарычнай справядлівасці… I вось — сяджу над амаль здзейсненай мараю, як над здохлаю залатою рыбкаю…

Дацэнт з сілай правёў далонню па твары, нібы Ў спробе ачуняць пасля бяссоннай ночы.

— Памятаеш, як у фільме Таркоўскага «Сталкер» героі дабіраюцца да пакоя, дзе выконваюцца жаданні, і не наважваюцца ўвайсці? Таму што пакой выконвае толькі запаветныя жаданні. Сутнасныя твае. А прасіць-крычаць ты можаш што заўгодна… Моліш, каб ажыў загінулы брат — а табе кучу грошай. Таму што сутнасць твая такая. Ну апублікую я гэтыя дакументы.. І то не факт — я афіцыйна не маю да іх доступу. Прадзед не ўваскрэсне. А мяне зноў пацягнуць у суд. Зноў скажуць: Туторкаў выконваў заданне партызан, таму нечым ахвяраваў, каб увайсці ў давер да ворага. I заміж гістарычнай справядлівасці — шмат непрыемнасцяў для людзей, якія аніяк перад нашым родам не вінаватыя… I не веру я, што бацька пагадзіўся б з такім патэнцыйным скандалам. Нейкая тут ёсцека нядобрая падбіўка…

Пелагея пацягнулася да стосіка папер.

— Давай паглядзім вопіс, а то зацыкліліся на адным дакуменце.

Першае, што Пелагея хацела зрабіць у хаце наваспечанага сужэнца, як толькі адкладуцца грошы, — нацяжная столь у зале. Каб замест люстры з пяццю рожкамі, стылізаванай пад каваную жырандолю, было з дзясятак зыркіх неонавых лямпачак, раскіданых па ўсёй прасторы, і — ніводнага цёмнага кута. I ніякіх ценяў, што цяпер нібыта вычэквалі, каб згусціцца, падпаўзці бліжэй. Падпаўзлі. Згусціліся.

Сярод дакументаў, калісь скрадзеных акупантамі, — а там былі нават прывілеі шаснаццатага стагоддзя і судовыя акты сямнаццатага — значылася копія лабараторных запісаў Полацкага Фаўста. Запісы 1758 года, копія — 1812-га. Аўтар копіі — нейкі Аляксандр Ігніфер, то бок Вогненны.

Срэбны ланцужок зноў нацягнуўся, аж затрымцеў, і залатая павязка сціснула скроні.

Няўжо ўсё дарэмна?

Каб яму алхімічным золатам ікалася, таму Вогненнаму…

— Вось цяпер абавязкова трэба дабрацца да таго архіва… — скрозь зубы прамовіў Мсціслаў, ягоны твар сцямнеў. Пелагея слізнула яму на калені — цяпер у гэтым не было прысмаку віны, і яна любіла вось гэтак пацвярджаць сваё права на гэтага мужчыну.

— А мо забыцца на ўсё, адпусціць мінулае… Не аддаваць дом. Бог суддзя Туторкаву… I трактат — усяго толькі копія: ну якая верагоднасць, што хтось прачытае ўголас, без памылак ды знаходзячыся ў патрэбным настроі… Спадзяюся, нават ты цяпер нічога не трансмутуеш.

Рука Мсціслава беражліва гладзіла Пелагею па спіне. У такія моманты здавалася, што яны прарастаюць адзін у аднаго, супадаючы да капіляраў.

— А ты не думаеш, што мяне зноў праз бацьку выкарыстоўваюць, каб змусіць прачытаць трактат? Гэтая спадчына Чорнага Доктара — нейкая вось, «пратарчака жыцця», пра якую пісаў Андрэй Мрый. Працінае ўсе пласты рэальнасці… Мы тую пратарчаку выдзіраем, ломім, выцясняем — яна зноў вытыркаецца…

— Ну дык не выбірай сабе ролю ахвяры! — Пелагея лашчыла кончыкамі пальцаў высокі лоб, рэзкія з глыбокай зморшчынкаю паміж броваў, рэзкія выліцы, драпежны нос з гарбінкаю, упартыя вусны. — У лістападзе канферэнцыя памяці Аўгена Лубовіча. Мяне запрасілі… I хочуць даведацца, ці пагодзішся ты. Збіраўся ж працягнуць працу дзеда — напісаць нешта новае пра творчую спадчыну Васіля Роўбы? Зрабі даклад. А я магла б даследаваць спадчыну Сафіі Роўбы, тваёй прабабкі. Два апавяданні яе малавядомыя знайшла ў «Піянеры Беларусі». Чым помсціць мёртвым, ці не лепей ствараць у іх імя?

Мсціслаў глядзеў у вочы ценяў, і цені былі ў ягоных вачах.

— А што мы ведаем пра нашых мёртвых? Ці хочуць яны, каб мы пра іх успаміналі? Полацкі Фаўст, наколькі я разумею, быў тым яшчэ мізантропам. Напэўна, бурчэў не раз, што ўсё тло, ён грэшнік акаянны і хай на яго ўсе забудуцца… А з другого боку, калі мы забудземся на тых, хто дратаваў бязвінных, хто даносіў, і калі тое, што яны ўтваралі, так і застанецца не асуджаным, — усё паўторыцца наноў.

Цені па сценах забегалі, заварушыліся… Нібыта наяве пабачылася аблічча, прымроенае праз два стагоддзі. Такі ж высокі лоб з глыбокай зморшчынкай паміж броваў, як у Мсціслава, драпежны нос, толькі больш дзюбападобны, і рысы больш рэзкія, суворыя, змрочныя… Не доктар — стары вой, які прайшоў не адну вайну.

— Я толькі надаўна ўцяміла, што гэта ж пра яго нядаўна дакументалку глядзела! Не на беларускім тэлебачанні, на «Віясаце»… Толькі там яго іначай называлі. Памятаеш, мы з табой знайшлі, што ў Полацкага Фаўста меўся псеўданім Айсман, пад якім ён друкаваўся ў еўрапейскіх навуковых часопісах? Фільм быў пра гісторыю даследаванняў мозгу. Пачалі з арабскага сярэднявечнага лекара, як яго… Альбукасіса, здаецца… I як яго працу ў васямнаццатым стагоддзі прадоўжыў прафесар Ліёнскай медычнай школы Барталам’ю Айсман, якога за гэта выключылі з французскага навуковага таварыства. I там бойка была вялікая… На шаблях прычым. Па ўсіх дэталях — ён гэта, Чорны Доктар! Яго і ў Францыі так называлі — Docteur noir.

— А мы атрымалі ў спадчыну ад яго толькі здольнасць да моў, — пакрывіўся дацэнт. — Hi хіміі, ні алхіміі, ні медыцыны, ні гіпнозу... I з фехтаваннем таксама ніяк. Расчараванне Ў нашчадках…

— Кінь. — Пелагея пацалавала гарбінку на зламаным носе. — Ёсць глыбінныя рэчы, якія перадаюцца гэтак жа, як схільнасці да пэўных ведаў. Упартасць і вернасць, ахвярнасць і мужнасць… I адданасць Беларусі — як бы яе ў яго часы ні называл!.

— Фу, пафас які! Самой у роце не вяжа? — Мсціслаў асцярожна зняў Пелагею з каленяў, устаў, пацяшуўся, усміхнуўся вінавата. — Я ведаю, што не варты яго. Дзе ўжо мне з шабляю ў бойку… Пайшлі зробім гарбаты і піцу даядзім. Разам з рэшткамі пафасу.

Уключаны імбрык засвяціўся сіне-неонавымі агеньчыкамі, як пачварная рыба вадзяных нетраў — глыбінны вудзільшчык, ён гэтак прываблівае даверлівых рыбцяў, што прагнуць утульнасці і спакою.

— А вось цікава, чаму доктар назваў цябе Праксэдай і нібыта пазнаў? Мо твае продкі ў сваяцтве з маімі?

— Не памятаю ў радаводзе нічога пра Роўбаў. Хутчэй, перасякаліся шляхі. — Падмерзлая ў халадзільніку піца, так званая гавайская, з ананасамі, натужліва марудна закруцілася ў мікрахвалёўцы. — Не пераводзь размову, паабяцай, што не пойдзеш са сваім бацькам у нейкія там таемныя сховішчы!

Упартасць спадчынная. Ён нічога не паабяцаў, зараза філалагічная.

I праз тры дні мабільнік крычаў у вуха Пелагеі голасам ейнага свёкра.

— Утварыў што нягоднік мужанёк твой! Падла няўдзячная! Пусцілі яго да рэдкіх дакументаў — а ён адзін з іх знішчыў!

— Як знішчыў? — вусны не слухаліся, нібы змерзлі.

— А вось так! Замест таго, каб прачытаць, абліў нейкай гадасцю — схітрыўся ж з сабою пранесці. Бутэлечку малесенькую на ланцужку пад кашуляй схаваў. Паліў з яе на сшытак — і той умомант счарнеў, спапяліўся! А гэты дундук маўчыць. Сапраўды, вар’ят! Гэта ён так адпомсціць мне вырашыў за сваё, так бы мовіць, няшчаснае дзяцінства? Сволач! Нягледзячы на няўдалую матку — сыты быў, абуты, адзеты, магнітафоны яму куплялі, ровары… Не, пакрыўдзілі дзетачку! Падонак!

— Паслухайце, ён не хацеў… — Думкі ў галаве Пелагеі мітусіліся, як у разварочаным мурашніку. Таямнічая шкляніца, якая дасталася ў спадчыну ад дзеда… Здаецца, належала Полацкаму Фаўсту, які намяшаў туды адмысловую атруту. Значыць, Мсціслаў сімвалічна вырашыў з’яднаць абодва складнікі прашчуравай спадчыны і нарэшце знішчыць кляты алхімічны трактат.

— Ён думаў, тая вадкасць дапаможа выявіць таемныя знакі на паперы! — натхнёна хлусіла Пелагея. — Даруйце яму… Ён яшчэ пасля траўмы не ачуняў.

— Я яму арганізую траўму! I не адну! Недарэмна Маргарыта хацела яго ў псіхіятрычную лячэбніцу ўладкаваць. Трэба было паспрыяць!

А там ён напіша De Profundis, як Оскар Уайльд у Рэдынгскай турме.

— Калі ласка, супакойцеся… Астатнія ж дакументы ўсе цэлыя, праўда?

— Нам гэты патрэбны быў!

Апошнія словы вырваліся ў Рамана Канстанцінавіча, відаць, у гарачцы… Значыць, меў рацыю Мсціслаў, калі падазраваў: і ў новай рэальнасці знайшліся хціўцы на філасофскі камень.

— Дзе ён? Што з ім будзе?

Алхімік патрэбны, пакуль можа варыць золата. А калі не можа — перагонка на тло…

— Што, што… Прыязджай, забірай свой скарб. Бачыць яго не магу.

Мсціслаў, згорбіўшыся, сядзеў на лавачцы ў двары дома, павернутага шэрым ампірным тварам да шумлівага праспекта. У двары было смуродна, прыцемна і амаль ціха. Птушка Сімург шаргатала ў экзатычных кустах з чырвонымі ягадамі, час ад часу распадаючыся на зграйку вераб’ёў.

Пелагея, душачы чорна-белымі кросамі чырвоныя асыпаныя ягады, падбегла да свайго алхіміка. Як дзяўчынка з казкі пра чырвоныя чаравічкі, якая ў пакаранне за разбэшчанасць мусіла танчыць, пакуль не пратрэ чаравічкі і не параніць ногі да крыві.

— Што з табой?

Яна прыўзняла ягоную апушчаную галаву і з жахам утаропілася на запухлыя вочы і, здаецца, у чарговы раз зламаны нос, да якога Мсціслаў прыціскаў скрываўлены ручнік.

— Зараз, зараз, пацярпі, я хуткую выклічу…

Ён схапіў яе за руку са смартфонам.

— Не трэба… Таксі… і дахаты…

— Мярзотнікі! Каты! — Пелагею трэсла. — Няужо нельга нічога зрабіць? Камусьці паскардзіцца, каб іх хоць трохі ўшчыкнулі?

— Супакойся… — Голас Мсціслава гучаў гугнява і стамлёна. — Каго ты з іх ушчыкнеш… Тым болей гэта не ахоўнікі. Гэта… бацька. Раззлаваўся моцна. Але толькі выглядае страшна. 3 носам па адчуваннях не так кепска, як мінулы раз, — напэўна, пералому няма, зажыве… Скабы цэлыя.

Яна рухнула на лаўку побач, абняла яго дрыготкімі рукамі, дапамагла абцерці кроў мокрым ручніком.

— Ты сапраўды вар'ят!

...І я таксама… І вар’яцтва ў нас адно на дваіх, увогуле — адмаўляцца ад розуму, ад таго, дакладней, што людзі ім лічаць, — від духоўнага подзвігу. Юродствам называны. Верыць у Галубіную кнігу, якая ўпала з неба, у Пакой у Зоне, дзе выконваюцца жаданні, у магілу Авідзія на беразе Дняпра і ў Мора Герадота, у рыцарска-шляхетную рамантычную Беларусь, у тое, што «Наша зерне — нашы думкі — Не загінуць свету, — Бліснуць краскай непаблеклай Вечных агняцветаў»… Хай так, хай так, хай смяюцца з усяго гэтага практычныя правільныя людцы… Дайце нам ублытацца, убудавацца ў срэбны ланцужок няправільных, дзіўных, веруючых і верных… Палае атанор, не перарываецца Вялікае Дзеянне.


ЭПІЛОГ. РУБЭДА АЛЕ ЎСЁ ВАР'ЯЦТВА БЫЛО НАПЕРАДЗЕ


Калі страшна стала выходзіць з дома і раптам высветлілася, што ў аптэках зніклі маскі, марлевыя анучачкі, якія аказаліся адзінай панацэяй ад раптоўна ўзніклай невядомай хваробы.

Ад якой няма лекаў і вельмі лёгка памерці.

Усе даведаліся, што такое ШВЛ — штучная вентыляцыя лёгкіх — і інтубацыя. Чалавек пераходзіў на той бок пустэльнай вуліцы, калі бачыў, што нехта ідзе насустрач. Прыстасаваліся пхаць дзвярныя ручкі локцем і мыць рукі пад песеньку «Цячэ вада ў ярок»: кожны радок — асобная маніпуляцыя. Ганяліся за антысептыкамі, завод «Крышталь» выпусціў адмысловую гарэлку ў 70 градусаў — нібыта толькі такі працэнт этылавага спірту забівае страшны вірус, які ці кажаны прынеслі, ці, хутчэй, у лабараторыі стварылі сённяшнія Фаўсты…

Гэта было іншае жыццё. 3 вечным чарвячком страху ўнутры. Антыўтопія, прыдуманая раманістам-мізантропам. Любы сверб у горле і перханне ўспрымаліся з халодным жахам. Людзі пераставалі бачыцца з сябрамі і роднымі, а старым бацькам пакідалі перадачы ў поліэтыленавых пакетах пад дзвярыма кватэр.

Бедныя кіношнікі… Паспелі скончыць свой фільм пра Полацкага Фаўста, агучыць усіх русалак, лесуноў і рыцараў, а ў пракат стужка так і не выйшла — каранцін. Да таго ж дама ў боха, Эльвіра, ну тая, са здымачнай групы, жалілася, што фільм, пэўна, у любых варунках патрапіць на паліцу. Устаноўкі памяняліся, шляхта-рыцары як вобразы гістарычных беларусаў болей не праходзяць… Якія на Беларусі могуць быць выпускнікі Лейпцыгскага ды Пражскага ўніверсітэтаў у васямнаццатым стагоддзі?

Пелагея спадзявалася, што хаця б які чарнавы варыянт фільма ўдасца паглядзець у прыватнай абстаноўцы ласкаю разгубленых кіношнікаў, якія таксама ўсе без працы сядзелі… Але хай эпідэмія прыціхне.

Добра, што перакладчыкам заусёды хапае дыстанцыйнай працы, з голаду не памруць.

…І зноў палае вечны атанор.

Каго ты хочаш падмануць, алхімік?

Сільфіды, саламандры… Паміж імі

Крычаць і тлеюць цельцы мандрагор.

Ты хочаш далучыцца да вышынь,

Дзе аніколі не ўдыхнеш паветра.

Ты жарсцю повен, ды не маеш веры,

Хаця б з малую костачку ажын.

А потым патэлефанавала Мсціславава мачыха.

Яны з Раманам Канстанцінавічам узяліся перабудоўваць дом у Піянерскім. Цяпер трэба далей ад горада, на прыродзе сама бяспечна. У бацькі Мсціслава працы за мяжой часова не прадбачыцца, таму вось… Пару пакояў адрамантавалі на хуткую руку. Перасяліліся. Яны памятаюць, што абяцалі Слаўку кампенсацыю, але з грашыма праблема. Таму прапаноўваецца выдатная здзелка: калі разбіралі печ, знайшлі скарб. Тры карціны. Старыя, дужа каштоўныя. Падобна, належалі продкам Роўбам. Напэўна, калі іх прадаць, выйдзе столькі, што дзесяць такіх дамоў можна купіць. Але ад шчодрасці сваей аддадуць гэты скарб Слаўку — вось і ў разліку.

Мсціслаў разрываў цэлафан і абгортачную па-перу, У якую быў запакаваны скрутак, дастаўлены кур’ерам, — той прыйшоў не проста ў масцы, а ў дыхтоўным будаўнічым рэспіратары. Лішніх кантактаў стараліся пазбягаць, таму кур’ерскія паслугі былі дужа запатрабаваныя. А Пелагея, апрануўшы купленую ў шапіку мастацкага музея маску з фрагментам віктарыянскага пейзажа, адразу шчодра працерла анучай з антысептыкам прывезены скрутак у метр даўжынёй.

Можна яшчэ было пакінуць нечапаным на суткі на балконе, каб патэнцыйны вірус здох, але ні ў Пелагеі, ні ў ейнага сужэнца цярпення на тое не мелася.

Ну, у тым выглядзе, у якім знаходзіліся карціны, за іх наўрад можна было выручыць шмат. Мусіць, непагляднасць знаходкі і паспрыяла акту нечуванай шчодрасці бацькі і мачыхі. Палотны нехта не выразаў, а акуратна дастаў з рамак, але дужа пашкоджаныя. Алейныя фарбы асыпаліся, патрэскаліся, да скалелай, счарнелай, прапахлай мышамі тканіны страшна даткнуцца. Мсціслаў нават таропка набраў сябру-рэстаўратару Віталіку — як разгарнуць палотны, не дабіўшы іх канчаткова?

Але яны справіліся… Тры цьмяныя вокны ў мінулае зеўралі проста на падлозе, абкладзеныя па краях, каб распрастаць, каменьчыкамі з Мсціслававай вандроўніцкай калекцыі.

Пейзаж з замкам і фігуркай чалавека, які спускаецца з вежы на нейкім пракаветным дальтаплане. Партрэт мацака з блакітнымі вачыма, вельмі падобнага да Мсціслававага дзеда. І Чорны Доктар. Пранізлівы, амаль страшны позірк, розум, туга, моц...

— Ты і праўда падобны да яго… — прашаптала Пелагея.

— Рэстаўрацыя дорага абыдзецца, але гэта сапраўды пэндзаль выбітнага майстра, — гэтак жа ціха прагаварыў Мсціслаў, нібыта баючыся прыцягнуць увагу злавеснага продка.

— Гэта ж сенсацыя — цяпер маем выяву Полацкага Фаўста! — Пелагея сціснула руку сужэнца. — Спадзяюся, трактат знік бясследна, не паспелі ж, здаецца, алічбаваць?

— Спадзяюся, — пасміхнуўся Мсціслаў, не адрываючы зачараванага пагляду ад аблічча Чорнага Доктара. — Хаця я столькі разоў тую латынь чытаў, што ўжо з памяці не выдзерці. Amor ardens erit ultimum medicamentum, sed impetrabile est ab electis tantum, sed nondum sum unus… Si enim venit, mortem vincit…

У Пелагеі зашумела ўвушшу, падалося, што позірк Чорнага Доктара стаў жывы і трывожна-гнеўны, а вусны крычаць, як з таго берага быцця: «Не трэба! Замаўчы!»

Ці гэта яна крычала? Мсціслаў раптам схапіўся за сэрца і ўпаў, ніяк не мог уздыхнуць, коратка хапаючы паветра ротам.

У бальніцы ледзь знайшлі месца — большую частку плошчаў аддалі пад каранавірус. Таму і наведваць не пускалі, хаця ўсё адно ў рэанімацыю не пусцілі б. Але Пелагея прыходзіла да бальніцы, глядзела праз шкло на дактароў у футурыстычных апратках, уяўляла Полацкага Фауста ў касцюме Чумнога доктара… Вось жа — нечы навуковы эксперымент, узлёт натхнення, выпадковая памылка — і ланцуг пакутаў забірае ўсё новыя ахвяры і аніяк не парвецца… Што ў эпоху шабляў, што ў эпоху смартфонаў…

Каржакаваты кардыёлаг у зялёным халаце і пластыкавай празрыстай масцы — нарэшце можна ўбачыць твар кагосьці з лекараў — выйшаў у «чыстую зону», каб перагаварыць з жонкай складанага пацыента.

— Ваш муж не прызнаецца, мо вы скажаце: у яго былі калі-небудзь аперацыі на сэрцы? Ці ўвогуле нейкія імплантаты ў арганізме?

Пелагея, уся спацелая пад адразу дзвюма тканіннымі маскамі, пахітала галавой. Калі нага Мсціслава цяжка зрасталася, спіцы былі… Але, здаецца, іх дасталі… А на сэрца не скардзіўся.

— Мо агнястрэльныя раненні калі здараліся? — асцярожна папытаўся доктар, уважліва ўглядаючыся ў кабету пачырванелымі ад стомы вачыма, для чаго, праўда, яму давялося задраць голаў.

Пелагея магла толькі адмоўна хітаць, у роце ажно перасохла ад страху.

— Ды не хвалюйцеся так, — злітасцівіўся доктар.— Будзе жыць ваш муж. Вось толькі прычына прыступу — іншароднае цела ў сардэчных тканках. Не тромб, не пухліна, а метал. Падобны да шрацінкі. Але, што дзіўна, нібыта ўрослы ўнутр цягліцы. Мы ўжо і зонд уводзілі… Каранаграфію рабілі… Не можам зразумець прыроду паталогіі. Метал, я б сказаў па тых выніках, што удалося атрымаць, — золата. Па-добраму, аперацыю трэба… Пацыент адмаўляецца. Але ў сённяшнім бардаку, калі ўсе ШВЛ занятыя віруснымі, і я б не прыспешваў…

Калі Мсціслава выпісалі, ён яшчэ больш прыпадобніўся да Полацкага Фаўста. Гатычны флёр. Запалыя шчокі, завостраны драпежны нос.

— Дарэчы, партрэт Чорнага Доктара сапраўды можа нас узбагаціць. — Пелагея ў кігурумі ў выглядзе аранжавага янота, купленага дзеля падняцця настрою, сядзела на краі каналы, на якой ва ўсёй гатычнай красе ляжаў выпетралы дацэнт. — Віталік прыходзіў, ажно затросся: кажа, мастак з Венецыі Франчэска Гвардзі. Лічыцца класікам італьянскага жывапісу васямнаццатага стагоддзя. Да таго ж маляваў у асноўным пейзажы, партрэтны жывапіс у ягоным выкананні — рэдкасць!

Мсціслаў зморшчыўся ад радаснай звесткі.

— Вось ужо не люблю звязвацца з дзялкамі і вялікімі грашыма… Пачнуць ацірацца ўсялякія жулікі. Такі артэфакт у доме захоўваць — сігналізацыю трэба ставіць, камеры… Віталік не казаў, наш мастацкі музей набыў бы гэты партрэт?

— Набыў бы, ды грошай у іх такіх няма.

Пелагея падцягнула плед вышэй, на ягоныя грудзі.

— А мы скінем цану, колькі трэба, абы далі абяцанне, што адрэстаўруюць і ў асноўнай экспазіцыі павесяць. Хай людзі бачаць Полацкага Фаўста. А ён — іх.

— Баяцца наведнікі стануць! Ад ягонага позірку мароз працінае, — пасміхнулася Пелагея. — А колькі міфаў прыдумаць можна! Каларытны персанаж. I фільм пра яго ўжо зняты, толькі на паліцы ляжыць.

— Баюся я спадчыны свайго продка… — Мсціслаў прыклаў руку да грудзей. — Вось, з аскалёпкам тае спадчыны ў сэрцы буду дажываць. Амаль як гераіня Караткевічавага рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі». Мо для цябе бяспечней было б трымацца ад мяне далей…

Адчувальны штуршок пад рэбры маленькай, але моцнай ручкі засведчыў стаўленне ўладальніцы тае ручкі да «трымацца далей».

— Я ж адчуваю сябе царом Мідасам. — Вінаваты ўздых. — Памятаеш такога, з антычнай міфалогіі? Выпрасіў дар — усё ператвараць дотыкам у золата. Але высветлілася, што ні паесці яму, ні папіць — усё золатам абарочваецца… А яшчэ жонку сваю залатой статуяй зрабіў, жадаючы прылашчыць. I я ў жаху вечным з-за клятага трактата, які хачу выкінуць з памяці, — але гэта ж як не думаць пра белага кракадзіла… А раптам усплывуць словы, проста ў думках — і спрацуюць? А не дай Божа, цябе закране? Што, калі я цябе заб’ю? Праклён сапраўдны…

Пелагея прыклала далонь да худой калючай шчакі.

— А яшчэ ў таго Мідаса былі асліныя вушы — Апалон узнагародзіў за тое, што ў музычным спаборніцтве Мідас прысудзіў перамогу не яму, а богу Пану. Так заклаліся асновы сучаснай мастацкай крытыкі.

Яны са смехам пацалаваліся. Яшчэ раніцай зразумелі, што абое не чуюць пахаў. Карона. А зараза да заразы не прыстане, як казала Пелагеіна бабуля. За плячыма былі продкі, чый жыццёвы досвед куды люцейшы. У сэрцы чакала свайго часу куля з алхімічнага золата. А вакол жыла Беларусь, усё яшчэ дыхаючы дрыгвою і гацячы гаці касцямі сыноў сваіх. I нашто сваёю воляй ірваць срэбны ланцужок? Наперадзе гады…

Зразумела, верылася, што яны будуць лепшымі і ўсё выправяць. «I заквітнее мігдал, і пацяжэе конік, і рассыплецца каперс…»

Партрэт Полацкага Фаўста паглядаў адзіным захаваным вокам сумна і трывожна — гэты гістарычны персанаж дакладна ведаў з перажытага, што лепшых часоў не бывае, таму трэба рабіць тут і цяпер дзеля сваёй зямлі што можаш, і нават крыху болей.

Вялікае Дзеянне працягваецца.

2023

Загрузка...