Частка першая

Раздзел першы

1

Снег пацерушыў трохі і перастаў. Вецер за дзень вымеў белую муку, пазаганяў яе па шчылінах, па закутках. Яркія белыя пасы і латкі толькі дзе-нідзе пярэсцілі панурасць двароў і агародаў.

А холад не толькі не адступіў, а як бы нават узяўся мацней. І днямі, і начамі ўсё стыла на роўнай, шкляной халадэчы. І днямі, і начамі, не сціхаючы, гайсаў над зямлёй сухі, сіверны вецер, сунуліся нізкія шэрыя хмары. Пад нелагодным небам, вылізаныя ветрам, цьмяна льсніліся заледзянелыя лужы на вуліцы, балотныя разлівы, што падступалі да голых зараснікаў. І тыдзень, і другі лічылі толькі халады ды сцюдзёныя вятры: на самым разыходзе восені і зімы нібы раптам прыпыніўся адвечны рух прыроды; восень адышла, а зіма не бралася як след. Усё жыло, здавалася, чаканнем снегу. Чакалі парадзелыя, чорныя алешнікі на балоце, гладкая, бліскотная роўнядзь разліваў і луж, гарбатыя, крывыя рады хат і гумнаў, цвёрдыя, у скамянелых грудках і каляінах дарогі, бясколерная, нежывая трава…

Далёка да позняга ў гэтыя дні світанку ўставала Ганна, вобмацкам выбіралася ў вузкую каморку кухні, поцемкі намацвала запалкі, лямпу. Лупіла бульбу, паліла ў печы, распальвала дзве грубкі ў калідоры, што павінны былі грэць класы, грубку на пакой другой настаўніцы, пачынала варыць снеданне. У клопаце сваім ніколі не прапускала той момант, калі на звонкім, намерзлым двары паяўляліся першыя галасы, патрэскваў ад першых крокаў ганак. Пад тупат і гоман, што ўсё мацнелі, множыліся, весялей было ўпраўляцца са сваім клопатам, самую поўніла беспрычынная радасць. Яна ўжо без здзіўленасці і без няёмкасці хадзіла ў калідоры сярод таўкатні дзяцей, якім да самага званка не сядзелася ў класе; ды і дзеці ўжо не дзівіліся ёй. Яна цяпер нямала каго ведала: з якога класа, як зваць, які характарам, з кім дружыць. Амаль са ўсімі яна абыходзілася, як знаёмая.

Пад той час, калі дзеці сыходзіліся ўсе, грубкі былі выпалены, у класах было цёпла, утульна, снеданне для Параскі прыгатавана. Калі звінеў званок і Параска з журналам, кніжкамі і сшыткамі, важная, строгая, выходзіла ў клас, Ганне наступаў доўгі час цішыні, у які можна было не спяшацца; можна было чуць сябе дзіўна, нязвыкла вольнай ад пільных абавязкаў. Колькі таго трэба было хуткай Ганне, каб прыбраць у пакоі, прыгатаваць абед: яна часта не ведала, што б яшчэ зрабіць, куды дзець сябе. У такім настроі Ганна любіла прыслухоўвацца да галасоў у класах, радавалася вірліваму тлуму перапынкаў, не разумела Галіну Іванаўну, якая моршчылася ад галаўнога болю і крычала на дзяцей, каб прыціхлі.

Ганна была давольная, што школа жыла з ранку да позняга вечара. Толькі перад вечарам і ў пачатку вечара – гадзіны дзве-тры – маўчалі пустыя класы. Тады ўвальваліся хлопцы, дзядзькі, цёткі: уціснуўшыся ў світах і кажухах у дзіцячыя парты і між доўгіх сталоў, разгортвалі па загаду Параскі газеты і кніжкі, чыталі, адказвалі ёй; часам збіраліся самі, на сход, – гаманілі, крычалі, іншы раз да мацюкоў, абмяркоўвалі свае арцельныя справы; дымілі так, што ў калідоры кашлялі. Раз сабралася купка маладых, дзверы зашчапілі з калідора: развучвалі з Параскай спектакль. Доўгі, нязграбны хлопец Мікалай, запхнуўшы пад сарочку згорнуты пінжак, паказваў пузатага багацея-кулака; другі, трохі шапялявы Апанас, выдаваў з сябе папа. Злосны Мікалай з хітрым Апанасам згаворваліся, як настрашыць людзей, каб яны баяліся ісці ў калектыў. Удвух яны пускалі ўсялякія плёткі, гразіліся божаю караю, і людзі дрыжалі перад калектывам і адмаўляліся ісці, але прыходзіла Параска, смелая і разумная камсамолка з горада, выкрывала плёткі кулака і папа, звала людзей у калектыў, і людзі дружна падымалі рукі за калгас і спявалі «Інтэрнацыянал»…

Параска, у чырвонай хустачцы, завязанай ззаду, у белай, з кароткімі рукавамі кофтачцы, не толькі з запалам гаварыла за камсамолку, але і паказвала Мікалаю, Апанасу, усім іншым, як трэба ім хадзіць, гразіцца, паказваць страх. Пакуль дайшлі да канца п'есы, Параска стамілася, але гаварыла весела, падбадзёрвала ўсіх; згарнуўшы сшытак з п'есаю, здаволена сказала, што будзе добрая пастаноўка. Ужо калі засталіся адны, падміргнуўшы Ганне, пагразілася, што ў новай п'есе і Ганне падбярэ ролю!

Ганна смехам жа адказала, што нічога, мабыць, у яе не выйдзе. Не здатная яна, Ганна, на такія штукарствы!

2

Ганна і Парасцы, і ўсім, хто цікавіўся, як ёй жывецца цяпер, паказвала, што яна шчаслівая і нават бесклапотная. Але калі праўда, што яна, як бы там ні было, радая была вялікаю, такою чаканаю пераменаю ў сваім жыцці, то ніякай бесклапотнасці яна не знала.

Пільна схаваны ад людскіх вачэй неспакой жыў у ёй, насцярожваў, не даваў поўна, шырока цешыцца радасцю вызвалення. Як ні цвёрда стаяла перад Яўхімам, калі ён дабраўся сюды, як ні смела, ганарліва адказвала на яго пагрозы, абяцанне яго: «Усё роўна без мяне табе не жыць» – увесь час помніла; як папярэджанне, якое абавязвала быць заўсёды напагатове. Яна знарок пасміхвалася са сваёй трывогі: і сцены школы, і Парасчына заступніцтва, і само новае становішча – нагадвала яна сабе – давалі ёй чуць сябе тут усё ж у бяспецы, але цвярозы розум не драмаў, напамінаў няспынна, што бяспека гэта не вельмі надзейная. Хто яго можа стрымаць, калі ён уварвецца сюды, разлютаваны, з нажом; або ж хіба цяжка яму падцікаваць яе на двары, на ганку. Ледзь не ўвесь час цягнула яе да акна на вуліцу, прымушала ўслухоўвацца ў крокі дарослых, у галасы.

З гэтым неспакоем жыў у Ганне яшчэ адзін, пра які ніхто не толькі не ведаў, а і не мог здагадвацца, але да якога яна ўсё больш звыкала і які ўсё больш вызначаў, як ёй быць, што рабіць далей. Трэці месяц у Ганне расло, дужэла, заяўляла пра сябе дзіця. Несказаўшы нікому слова пра яго, Ганна, мяркуючы, як жыць далей, ужо нязменна прымяркоўвала і яго. З ім у Ганніна жыццё ішло багата невядомага, багата такога, што давала яе думкам пра будучыню няпэўнасць. Як ёй, адной, з ім, калі і самой між зямлёй і небам жыць даводзіцца? Калі – гэта ж ясна – давядзецца выйсці з гэтага, няхай сабе не вельмі надзейнага, а ўсё-ткі ж знойдзенага прытулку. Гэта ж ясна – не жыць жа ёй тут, калі прыйдзе пара раджаць! Трэба будзе кудысьці ісці – куды, хто прыме ад яе малое? Цяпер, калі яна і думаць не можа пра тое, каб хоць пад якім прымусам вярнуцца ў Курані…

У гэтыя турботы нязменна ўлазілі горкія думкі, што от суджана малому, якое яшчэ не нарадзілася, спатыкацца з бядою. Паявіцца, быць без бацькі. Невядома як быць. Не раз сярод гэтых разваг цяжка, супярэчліва ўспамінала яна Васіля. Яна ведала, што дзіця – не Васілёва. Ад Яўхіма. Цяпер, калі гарачкавы чад хапаткіх сустрэч, хваравітай прагі шчасця, ліхаманкавых надзей сышоў, яна думала цвяроза, што Васіль, калі б сышліся, сталі жыць разам, – пакуль не прывык бы, мабыць, нядобра глядзеў бы на малое. Злаваў бы на яе. Раней, у тым гарачкавым імкненні, гэта не толькі не стрымлівала яе, а нібы не даходзіла добра да галавы; дзіўна ўпэўнена, лёгка думала: прывыкне хутка, злагодзіцца. Цяпер, працверазелая, яна не думала пра гэта з такой лёгкасцю, але, хоць і ведала, што няпроста і не адразу прымірыўся б ён з малым, была і цяпер упэўнена: прывык бы ўсё ж, прымірыўся б. Маглі б жыць добра, шчасліва! Малое не шкодзіла б іх шчасцю, як і яго сын, калі б ён узяў з сабою! Таму і цяпер, між блытаніны разваг пра сённяшняе, пра заўтрашняе, не раз ажывала, ныла крыўда на тое, што ён, Васіль, мала любіў яе, не захацеў пераступіць усяго. Не паслухаўся яе, не падаўся разам. Удваіх было б усё інакш.

У хвіліны спакойнай разважнасці крыўду змяняў одум: ці ж Васіль вінаваты ў тым, што не можа пайсці? Ці ж можна вінаваціць чалавека, што ён жыве так, як умее? Як душа вядзе? Што ён не можа іначай, што яму так цяжка мяняць? Што тое, што аднаму лёгка, другому – такое цяжкае, што сілы не мае пераступіць! Была пара, лёгка было ім, вольным, само, здаецца, шчасце ішло. Бяры яго, шчасце, ды дзякуй долі, дык – не ўзяла, дурная! Страціла з-за дурной сваёй галавы! Назаўсёды страціла! Не хлопец, не вольны цяпер. Гаспадарку зладзіў сваю, столькі сілы ўпяў, столькі агораў. Прыкіпеў душою, душу ўсю аддаў. Калі б і кінуў усё, пайшоў з ёю, багата б там асталося. Не вольны. Не можа. Свая дарога. Неахвотна, прымушаючы сябе, адступалася, адрывала яго ад сваіх надзей: няма чаго хапацца за тое, што прапала. Трэба жыць тым, што дае доля. Жыць адной. Меркаваць адной.

Думала не раз пра Курані: што там гавораць пра яе? Стараючыся адгадаць, яна амаль чула галасы: спачуванне, асуджэнне, ухвалу. Сярод іншых згадвала – насцярожана – мачыху, лагодна, журліва – бацьку: як ён перажыў падзею гэту ў несамавітай долі сваёй дачкі?

Даведаліся ж, пэўна, дзе яна. Не могуць не даведацца. Павінны, мабыць, прыехаць скора…

Яны прыехалі на другі дзень пасля таго, як заявіўся Яўхім.

Ганна толькі памыла падлогу ў Парасчыным пакоі, выйшла з вядром бруднай вады на ганак, калі ўгледзела, што з вуліцы на шырокі школьны двор уязджаюць калёсы. Адразу насцярожана стала: пазнала – перад калёсамі ступаў сівы бацькаў конь. Яна кінулася назад, ткнула вядро ў куток кухні, хапатліва апусціла падаткнуты край спадніцы, хутка выцерла ногі, рукі.

Ступіла ў Парасчын пакой, па мокрай яшчэ падлозе падышла да акна. З хваляваннем, з неспакоем сачыла: бацька спыніўся сярод двара, няўпэўнена агледзеўся. Мачыха кіўнула ў бок школы, штосьці сказала, але ён, крутнуўшы нязгодна галавою, палез з калёс, стаў наматваць вожкі на ручку. Кінуў каню сена. Мачыха таксама злезла з калёс, навастрылася позіркам на школу. Ганна схамянулася, выйшла на ганак. З ганка ступенька за ступенькай сышла ўніз.

Мачыха ўзрадавана заспяшалася насустрач. Бацька замітусіўся, узяў з воза клунак, таксама пайшоў хапаючыся, быццам баяўся спазніцца. Мачыха паздаровалася, пацалавалася, бацька ад хвалявання толькі любасна, жаласна заморгаў вачыма.

– Мы тут падушку ды коўдру прывезлі, – сказала дзелавіта мачыха. Яна трымалася спакойна, з такім выглядам, быццам нічога і не здарылася асаблівага.

– От ето добра, – спакойна ж адказала Ганна. Са спакойнай жа гасціннасцю запрасіла: – Заходзьце. Гасцямі будзеце!.. Дайце мне клунак, тато!

– Да ўжэ данясу, – не згадзіўся бацька.

Яна першая пайшла ў калідор, у баковачку кухні. У кухні заўважыла: мачыха, прыціхлая, пільная, азіраецца, разглядвае ўсё навокал, бацька стаіць няёмка, не зварухнецца – трымае на руках клунак. Ганна ўзяла клунак, ускінула на печ, каб не маўчаць, растлумачыла:

– Ето – кухня. Тут я гатую…

Мачыха кіўнула спрытнай галоўкай:

– Аге.

Падала абаім табурэткі. Бацька сеў асцярожна, сядзеў напружаны, не зводзіў з Ганны ўважлівых, спачувальных вачэй. У пакой убегла вясёлая, з бляскам у вачах Параска, мачыха адразу падхапілася, дала «добры дзень». Устаў, пакланіўся бацька.

– Ето бацько з маткаю прыехалі, – сказала Ганна.

– Праведаць захацелася… – памагла мачыха.

– А-а! Я так і падумала! Як пабачыла, што ідуць, – рашыла: не інакш – бацькі!.. Вельмі добра! – пахваліла яна так, быццам прыехалі да яе. – Сваякі не павінны забывацца на сваіх!

– Хто ж думае… – падхапіла мачыха.

– Я і кажу – вельмі добра!.. Толькі што гэта вы сядзіце так? Чаму гэта вас не просяць распрануцца? Не частуюць чаму? – Бацька сказаў, што нічога не трэба, але Параска слухаць не хацела: – Ганначка, самавар гасцям! Чаю з варэннем клубнічным!.. – Яна прыслухалася: з класа, які яна пакінула, ішоў гоман, недавольна пакруціла галавой: – На хвіліну пакінуць адных нельга! – Выскачыла з кухні.

Мачыха сказала, як бы не верачы: харошая якая. Ганна адазвалася з захапленнем: харошая! Схамянулася, падбегла да самавара, дастала з печы гарачага вуголля, укінула ў трубу. Пакуль яна гнулася каля самавара, мачыха не ўтрывала, прыадчыніла дзверы ў Парасчын пакой, зазірнула. Зачыніўшы, стуліла сухія губы, паківала галавой Чарнушку:

– Чысто, як у паноў!

Яна хацела глянуць і ў другі пакой, Галіны Іванаўны, але раптам зазвінеў званок, і яна спалохана адскочыла ад дзвярэй. Борздзенька села на табурэтку, ураз нагнала на сябе выгляд ціхі, нясмелы. Адразу пасля гэтага ўвайшла Галіна Іванаўна, нелагодна зіркнула на абаіх, моўчкі прайшла ў свой пакой. Пазней зноў зайшла Параска, стала распытваць, як жывецца, хваліць Ганну за працавітасць, за розум. У калідоры між тым бушавалі тупат, крыкі, потым – было падобна – пачалася нават бойка. Параска ўсхапілася, кінулася туды…

Пасля перапынку, калі Галіна Іванаўна зноў моўчкі прайшла праз кухню і ў калідоры стала ціха, распрануўшыся ўжо, асцярожна налівалі ў сподачкі чай, сёрбалі і амаль увесь час маўчалі. Мачыха піла ўпраўна, і варэнне спытала добра, і хваліла яго, бацька цягнуў ваду без смаку, да варэння не дакрануўся. Глядзеў усё жаласнымі, трывожнымі вачыма; па вачах відаць было, як шкадаваў, трывожыўся. Ганне аж супакоіць яго хацелася.

Напіўшыся, выціраючы яшчэ чырванейшы, потны твар, мачыха хвіліну сядзела важная, сур'ёзная. Як бы паказваючы, што цяпер пара пра галоўнае пачаць.

– Буў ужэ?.. – не то запытала, не то адзначыла проста. Ганна зразумела – пра Яўхіма гаворыць.

– Буў.

Мачыха сур'ёзна стуліла губы. Уздыхнула.

– І к нам прыходзіў. Гразіўся.

– Няхай грозіцца! – Ганна весела ўстала, накрыла слоік з варэннем. – Тут таксамо страшыў! Да я астудзіла трохі!

Бацька не павесялеў ад яе слоў. На твары паявілася нешта нават такое, нібы папракнуць хацеў.

– Ты асцярожней будзь, – папрасіў лагодна. – Ён – паганы…

– Аге, ён калі пагразіўся, дак нешто думае, – павучальна дадала мачыха. – Ты ўсё-такі бойся!

– Не такі ён страшны, – разважліва ўжо, каб не трывожыць лішне бацьку, прамовіла Ганна.

– Страшны не страшны, а – асцярожней будзь.

– Да ўжэ ж, сама не палезу на ражон.

Зноў папілі чаю са сподачкаў і сталі збірацца. Ужо каля калёс, перад тым як развітацца, бацька яшчэ нагадаў:

– Ён – паганы. Не адступіцца так… Ну, і тое – беражонага – Бог беражэ…

– Ето праўда, – стуліўшы губы, кіўнула мачыха.

Ганна не стала пярэчыць. Бацька раптам болесна скрывіўся, ледзь не заплакаў. Але стрымаўся.

– Калі што трэба будзе, накажы.

– Накажу.

Пасля іх было маркотна, трывожна думала пра Яўхіма. Але з усім была і палёгка: цяпер ведала, як яны там, пасля ўсяго, што яна зрабіла.

Пад вечар таго ж дня заехаў Міканор. Прывязаў каня каля плота, доўга атрэсваўся каля калёс, выціраў запыленыя боты. На ганку ўжо прыпыніўся, агледзеў сябе яшчэ раз, абцягнуў пінжак, з калідора громка, смела пастукаў.

Ганна, хоць у акно бачыла ўжо, запыталася, хто там; а калі ён брава ўвайшоў, акінуўшы позіркам яго нацятую постаць, сказала радасна:

– О, Міканор сам! Не забывае сваіх куранёўскіх!

– А чаго ж забываць, – у тон адказаў Міканор. – Ето от штоб некаторыя куранёўскія не зазналіся. Не забылі сваіх!..

Ён, адразу заўважыўшы, што Параскі няма, прыслухаўся, ці не чуваць на кухні, у класах. Ганна перахапіла яго, з насмешачкай памагла:

– Параскевы Андрэеўны няма. Пайшла на сяло. Саўсім нядаўна.

Ён нібы не заўважыў яе насмешкі, знарок спакойна патупаў, зірнуў у акно да каня.

– Ехаў от з Юравіч. Дай, думаю, пагляджу, як жывуць…

– Жывем от неяк. Не жалуемся. – Падчапіла: – Каб часцей заязджалі некаторыя, дак, можа б, шчэ лепей жылі.

– На адчот у райком вызывалі, – нібы не заўважыў ён жарту. – Як да зімы падгатовіліся. – Міканор сеў на крэсла каля стала са сшыткамі, узяў адзін, разгарнуў. – Ето ж сколькі труда трэба, штоб навучыць чалавека розуму!..

– Ну, і што там у раёне? Пахвалілі?

– Усяго было. Трохі пакрыцікавалі. Далі саветы. Усё як паложано. – Міканор устаў, ступіў некалькі крокаў спакойна, павольна. Глянуў на Ганну, што сачыла з усмешачкай. Нібы не бачачы гэту ўсмешачку, пахваліў: – Усё-такі набралася духу! Дала адстаўку Глушаку! Даўно трэба было!

– От не магла дадумацца сама! А ты не падказаў!

– Сама думаць павінна б! Е галава на плячах!.. – Прайшоўся яшчэ трохі, сказаў тонам, у якім таілася нешта грознае: – Нічого. Скора возьмемся так, што заенчаць Глушакі! Канчаецца іх панаванне! Так што ты не бойся!.. Буў, кажуць, ужэ?

– Буў…

– Не бойся!

– Дзякую за падмогу. Толькі я – не баюся.

– От і правільно.

Ганна падумала раптам, што і ходзіць, і гаворыць ён так, быццам Параска бачыць і слухае яго. Ёй стала смешна за яго. Міканор улавіў кплівы яе позірк, недавольна нахмурыўся.

– Твой Дзятлік от за розум не бярэцца! – прамовіў строга, з папрокам. – Пагано можа кончыцца!

Ганна перастала смяяцца.

– А ты б памог яму. Падышоў бы як трэба.

– К яму падыдзеш! Толькі загаворыш, морду адварочвае!

– Значыць, гаворыш так! Ты ж так гаворыш, што часто і не зразумееш, ці ты раіш, ці загадуеш! Як камандуеш усё адно!

– Нагаварыўся ўжэ, аж у роце горко! Увесь час таўчэш адно, а яны хоць бы варухнуліся!

– Так ето проста варухнуцца! Даў загад – і зразу ўсе штоб пагналі ўсё ў камуну! Пабеглі, падскокуючы з радасці!

Міканор зазлаваў. Не стрымліваўся ўжо:

– Ты ўсё знаеш! Усе падходы!

– Знаю, – сказала яна, зноў нібы ўсміхнуўшыся. – А і табе знаць бы трэба! Калі за гуж узяўся.

Ён толькі ўзлавана зіркнуў. Хаваючы злосць, падышоў да стала, зноў разгарнуў сшытак, стаў разглядаць.

– Ты ето, можа, прыйшоў, кеб указанне Парасцы даць, як вучыць?

– А што ж, думаеш, не магу? – Ён зноў гаварыў паблажліва: – Маю право на ето!

– То-то я і гляджу: прыйшоў важны! Прыбраўся! – Хацела стрымацца і не магла, дадала кпліва і сур'ёзна: – Е ўжэ ў яе, каму ўказваць!

– Мало хто е…

– Не мало і не багато. Адзін.

Міканор момант вагаўся. Зірнуў з асцярогай.

– Хто ето?

– Ён. Знаеш…

Міканор спахмурнеў. Знае. Невясёлы, ссутулены, доўга маўчаў. Лістаў, не бачачы, сшыткі. Нарэшце схамянуўся, устаў.

– Трэба ехаць. – Пастараўся ўсміхнуцца. – Есці хочацца. А зямлячкі не частуюць… Бацьку, можа, што перадаць?

– Буў тут сам.

Падаў здаровую, абыякавую руку. Ужо без смеху, шчыра яна папрасіла:

– Прыязджай. Хоць – па дарозе…

– Будзе час – заеду…

Яна потым пашкадавала: нашто растрывожыла яго? Але адразу ж запярэчыла сабе: няхай не дзярэ галаву вельмі! І попусту няхай не цешыцца!..

Раздзел другі

1

Наступным вечарам неспадзеўкі прынесла Дубадзела. Дужы, жылаваты, у шынялі і ў ваеннай шапцы, крывароты, адразу заўважыла Ганна, трымаўся неяк нязвыкла лісліва і разам афіцыйна, і гэта зацікавіла яе. Ён неахвотна прысеў на крэсла, калі Параска, таксама цікаўна зірнуўшы на яго, запрасіла сесці, мякка сказаў, што сядзець асабліва няма калі – справы. Пра гэта гаварыў, здавалася, не толькі ўвесь яго выгляд, але і палатняны партфель, які Дубадзел трымаў на каленях і па якім неспакойна бегалі яго пальцы.

– Ну, не ўвесь час справамі аднымі займацца? – хітравата зірнула Параска, падымаючы галаву ад сшыткаў, якія правярала.

– Увесь не ўвесь. А гуляць, можно сказаць, некалі…

– Вам жа не трэба сшыткаў правяраць! І непісьменных вы грамаце не вучыце! Часу ў вас павінна быць аж лішне!

– Дыхнуць некалі! Як у раён перайшоў!

Ён, пасля таго як не выбралі ў сельсавеце, уладзіўся раённым упаўнаважаным. Невялікае, але ўсё ж начальства, з партфелем ходзіць! І палёгку даць, і прыціснуць можа, што ні кажы – раённы прадстаўнік! Недарэмна частуюць ледзь не ўсюды! Ганна заўважыла неспакойны бляск у яго вачах, падумала: і цяпер от, не інакш, з пачастунку! Аж шрам каля рота пачырванеў!

Дубадзел перахапіў яе позірк, кіўнуў, каб выйшла на ганак. Яна павяла плячыма, нібы не зразумела. Ён падумаў, устаў, строга афіцыйным тонам вялеў:

– Ганна, прашу выйсці.

– Чаго ето?

– Дзело есць! Выясніць трэба…

– Дак выясняй тут.

Ён ніякава памаўчаў. Скоса, асцярожліва зірнуў на Параску. Перавёў позірк на Ганну, недавольна пакруціў галавою: нездагадлівая!

– Пры пастаронніх нельга…

Параска адразу адгукнулася:

– Дык я магу выйсці!

– Не, вы работайце! – Ён сказаў нецярпліва, патрабуючы: – Часу няма. Выйдзі!

Ну што ж. Ганна, не апранаючыся, выйшла ў калідор. Ён папрасіў выйсці на ганак. Паслухалася. На ганку стала.

– Ну, выясняй.

– Хадзем трохі шчэ, – лагодна ўзяў за руку.

– Не хочу.

– От скула ж ты! – засмяяўся, як бы хвалячы. – Усё па-свойму гнеш!

– Ну, што ты хацеў выясніць?

Ён выпусціў яе руку, важна прамовіў:

– Ты ето правільно зрабіла, што Глушака кінула.

– Дак ты для етаго і пазваў – штоб пахваліць?

– Ну язык! – Ён зноў засмяяўся, як бы хвалячы. Сказаў: – Правільно. Хваціць гнуць карак на іх!

Дубадзел узяў яе за руку. Ганна хацела зразу ж адабраць яе, але ён не аддаў. Пацягнуў Ганну да сябе. Аж заванітавала: дыхнуў гарэлкай.

– Т-ты што ето?! – здзівілася нібы.

– А нічого! – забулькаў брыдкі смех. – Паўхаджуваць от хочу за табою.

– Унё! Дак для етаго трэба было цягнуць сюды? На холад. – Холад такі браў яе. Асабліва мерзла спіна. – Паўхаджуваў бы там. Перад Параскаю.

– Наравішся ты мне! – як бы не заўважыў ён кпіны, усё цягнуў да сябе. Яна цвёрда ўперлася яму ў грудзі. – Ну, чаго ты? Н-не нараўлюся?

– Не наравішся.

Рукі яго трохі паслабелі. Але ён усё ж не выпусціў яе.

– Чаму ето?

– А не знаю. Просто – гадкі.

Чула: гэта яго нібы ўдарыла. Момант разгублена маўчаў. Потым сказаў злосна:

– Чаго дзярэш нос?

Яна спакойна загадала:

– Пусці!

Дубадзел пусціў.

– Няма чаго дзеўку строіць з сябе! Не знаю, думаеш, як ты з етым Дзятлікам на гумне?

– Знаеш?

– Знаю.

– Дак старайся не забыць!

Гэта здзеклівая парада раз'ятрыла яго.

– Чаго дзярэш нос, кулацкая падсцілка!

Яна стрывала, прамовіла з пагардай:

– Ето ўсё, для чаго ты пазваў мяне?

– Т-ты шчэ пашкадуеш аб етом! – выціснуў ён люта.

– Тады тое будзе!

Ганна спакойна зачыніла дзверы.

Калі ўвайшла, Параска зірнула ад сшыткаў гулліва, падсмейваючыся:

– Ну што, пагаварылі?

– Пагаварылі, – Ганна сказала такім тонам, што ўсмешка на Парасчыных губах замерла.

Параска ўгледзелася ўважліва і не стала распытваць. Нахілілася зноў над сшыткамі. На кухні, на адзіноце, Ганна дала волю гневу: «Ах ты, гад, гад, як абазваў, аж успомніць гадко!» Старалася суцешыць сябе: добра ўпякла яго – адскочыў адразу; але гнеў не сціхаў. «Думае, як я адна, дак і ўсё можно. Прыходзь дый бяры, рада будзе… Кінецца сама! Аге, толькі цябе мне і не хапало… Ждала, не магла даждацца!.. Грозіцца яшчэ: «Пашкадуеш!» Пашкадую, ды пра другое! Што не плюнула ў вочы!..»

Неўзабаве супакоіла сябе зусім: ёсць перажываць з-за каго!

Праз дзень прыйшоў яшчэ чалавек. Быў вечар, позні вечар, хутка павінны былі кончыцца вячэрнія заняткі – са старымі, калі Ганна пачула, што ў калідор нехта зайшоў. Пашаргаў у цемры лапцямі, стаў, мабыць, не ведаў, куды ісці.

Яна адчыніла дзверы ў калідор, глянула ў змрок.

– Хто тут?

Ён стаяў наводдаль, са святла ў змроку калідора ледзь відна была постаць. Яна не так пазнала, як здагадалася.

– Ты?..

Голас яе дрыжаў. Яна ўмомант захвалявалася. Узрадавалася: прыйшоў! Радасць нядаўніх сустрэч першая ажыла.

Ён паволі, таксама ўзрадаваны, падаўся насустрач.

– Заходзь!

Калі ён асцярожліва зайшоў, амаль заплюшчыўся ад святла, у яшчэ летняй шапцы, у расшпіленай свіце, яна ўзрадавана прыпала да яго позіркам, але амаль нічога добра не бачыла. На міг недарэчы заўважыла нейкі белы пыл на рукаве: снег, ці што? – і больш нічога, што б здзівіла неяк. Усё было такое знаёмае, роднае. Гледзячы на яго, яна не так бачыла, як адчувала, можна сказаць, толькі адчувала. Быццам стаялі, прытуліўшыся…

Ён, хмурачыся, няёмка, як бы недаверліва агледзеўся. Хмурыўся ён, можа, ад святла, але ёй падумалася, што яму не падабаецца тут. Яна схамянулася. Накінула на плечы хустку. Рашуча ступіла ў калідор.

– Хадзем!

Выйшлі на ганак – на цемру, на вецер. Момант здавалася, быццам нічога іншага не было, толькі спатканні. Усё было, як тады перад гумном, пад яблыняю. Як у гумне.

Ішлі хутка, нецярпліва. Нецярпліва стала. У баку ад дарогі, каб не зашкодзіў ніхто.

– Прыехаў! Не забуў! – Голас яе перарываўся.

– Не…

– Я думала, забуў!

– Скажаш!..

– Не прыязджаў доўго!

Ён памаўчаў.

– Не так просто…

Яна зразумела недагаворанае: не так проста вырвацца. Маня, матка, суседзі. Усе сочаць. Абавязкі перад сваімі. У радасць яе ўліўся нядобры халадок. Не так проста. Не так проста!

– Ты прыйшоў? – спытала стрымана.

– Прыехаў…

– З дому?

– З Алешнікаў… – Ён дадаў: – Муку малоў…

Яна запытала, абы не маўчаць:

– А дзе – калёсы?

– На вуліцы.

Узялі дрыжыкі. Пачула, які халодны вецер. Трэба было хоць бы накінуць каптан. Выскачыла згарача!

– Як ты тут? – пачула.

Смутак, трывога, любоў былі ў голасе.

– А нічого. – Пастаралася схаваць гаркату. – Жыву… Добра жыву… А – ты?

– Ат…

Многа сказала ёй гэтае «ат»!

– Маня – як? – не стрымала раўнівае.

– Што ёй…

– А сын?

– Расце…

Нялёгка было гаварыць: за тым, што казалі, было багата іншага, пра што і казаць не хочацца, і забыць не забываецца. Таму ахвотна маўчалі.

Але і маўчанне было поўнае хвалявання.

– Землю адабралі! – нібы паскардзіўся ён. Яна пачула ў голасе адчай. – Усю, што каля цагельні.

– Мне казалі, – паспачувала яна.

– Пасеянае перааралі. Міканор усё…

Ён, здалося, чакаў, што яна паспачувае. Скажа нядобрае пра Міканора. Яна не сказала. Нашто вярэдзіць лішне боль яго.

– Не знаю, што будзе, – зноў пачула адчай.

– Будзе нешто. – Спакойна, супакойліва сказала: – Горай, як було, не будзе.

Ён падумаў над тым, што сказала.

– Можа і горай буць.

– Не будзе.

Яна была ўпэўнена ў гэтым. Зноў маўчалі. Гуляў вецер, халадзіў шыю, плечы. Бралі дрыжыкі.

– Ты не абіжаішся на мяне? – прамовіў ён ціха. Як бы нясмела і вінавата. Насцярожыўся, чакаючы, што яна адкажа.

– Не-а, – сказала яна спакойна. Нібы здзівілася: – Чаго абіжацца?

Ён узрадаваўся. Памкнуўся да яе, хацеў, здалося, абняць. Але стрымаўся. Не наважыўся. Усё ж нейкая вясёласць, зухаватасць была, калі гаварыў:

– Чорт яго знае, запуталася ўсё!..

– Запуталася…

– Што будзе, адзін Бог знае!..

Ён быццам апраўдваўся перад ёю. Вінаватым усё чуў сябе, хоць яна і знаку не падавала на гэта. Нашто ён пра гэта – вінаваты не вінаваты, што ад таго? Лягчэй хіба стане?

– Як ты будзеш далей? – пачула зноў вінаватую заклапочанасць.

– А так і буду.

– Ты не абіжайся, – зноў папрасіў. – Калі б можно було!..

Ну, нашто ён гэта! Як бы яна вінаваціць! Не вінаваціць яна нікога: кожны жыве як можа. Кожны сам за сваю долю вінаваты.

– Не абіжаюся я.

Ён усё ж наважыўся. Абняў на развітанне, нясмела, нязграбна. Быццам не абдымаў ніколі. Яна не развяла яго рукі, але і не прыгарнулася вельмі. Як бы не ўзрадавалася. Ён адразу чула заўважыў гэта, стрымаўся. Дужыя, нецярплівыя рукі яго аслабелі. Абняўшы, ён нібы не ведаў, што рабіць. Стаялі моўчкі, нерухома. Было непагана, але ўжо не было так, як раней. Чагосьці ўжо не хапала. Халаднаватасць была ўжо нейкая.

Ён пацалаваў. Яна адказала. Але таксама спакойна – нібы з успаміну пра тое, што было.

– Дак бувай…

– Бувай…

Пастаяла, паслухала, як стукаюць яго калёсы ўпоцемку. Па мёрзлай, скамянелай зямлі.

2

Тады, як Ганна кінула Яўхіма, жыццё, здавалася яму, страціла ўсякі лад. Як ні няскладна ішло несамавітае яго жыццё дагэтуль, усё ж быў яшчэ ў жыцці гэтым хоць трохі звыклы, заведзены людзьмі распарадак, быў хоць для людскіх вачэй нейкі выгляд гаспадаркі, сямейнай асновы. Была, няхай ненадзейная, паганая, гаспадыня, жонка, было каму загадваць, каго ўпікаць, на кім спаганяць злосць…

Ён і не ведаў раней, як багата значыла ў нецікавым жыцці яго паганая, здавалася, ненавісная жонка. Толькі цяпер, калі яна ўцякла, знікла, адчуў, злуючыся на сябе і на яе, Яўхім, як дзіўна, неадольна апусцела ўсё ў хаце, ува ўсім жыцці яго, якім зрабілася ўсё бяссэнсным, бязглуздым. Злосць была на Ганну тым большая, што ў шал злосці амаль нязменна ўліваўся непатрэбны, горкі струменьчык прыкра кволай крыўды за тое, што от, паганая, не палюбіла, не пашкадавала, кінула ў такі час, кінула на сорам перад усім сялом; што з-за яе, паганай, столькі болю, прыкрасці яму, што, як ні стараецца, не можа плюнуць на яе, сцерці са свае памяці; не можа, нібы наканавана, жыць без яе.

«Сука! Гадзіна!» – кляў ён не раз. «Закаешся! Навек закаешся! Папомніш!» – гразіўся ён. Сланяючыся па двары, пакутуючы бяссонніцай начамі, ён у гарачай ліхаманцы, прагнучы помсты, строіў сабе малюнкі адплаты, біў у салодкім шале па ненавісным твары, ламаў упартыя рукі. Былі хвіліны, калі ён, прагнучы патолі, гатоў быў ухапіцца за сякеру, згадваў схаваны ў застрэшшы абрэз. Ні праклёны, ні грозьбы не давалі палёгкі: хоць не ведаў гэтага, любіў яе, паганую, ненавісную, па-ранейшаму любіў дурной, як хвароба, неадчэпнай любоўю.

З таго дня, як Ганна ўцякла, як ніколі, нямілым стаў яму родны двор. Не, Яўхім не ва ўсім быў падобны на старога Глушака: жыццялюбны, ахвочы да жыццёвых уцех, ён і раней без вялікай радасці цягнуў на сабе цяжар гаспадарчых клопатаў, цяпер клопаты гэтыя сталі зусім прыкрымі. Ён амаль перастаў гаспадарыць. Каб не бацькі, якія цяпер трымалі сынаву гаспадарку пад пільным прыглядам, конь, карова Яўхіма век былі б няпоены і някормлены, свінні вішчэлі б з голаду. Стары, што нелагодна сачыў, як сын, заспаны, марудлівы, вылазіць са сваёй палавіны на ганак ледзь не пад абед, як сланяецца па двары, па хаце, быццам рабіць няма чаго, не раз спрабаваў ушчуваць яго, але не дабіўся нічога. Старая шкадавала, угаворвала старога, каб не злаваў, але той з дня на дзень кіпеў усё больш нецярпліва.

Асабліва злавала старога тое, што Яўхім п'е. Ледзь не кожны вечар знікаў ён куды-небудзь і вяртаўся дадому толькі пад ранак або і зусім удзень. З гневам стары заўважыў, што прапалі ўжо некаторыя рэчы Яўхіма, сярод якіх былі дарагія хромавыя боты і пінжак.

Глушак месца сабе не знаходзіў, заўважыўшы гэту прапажу. Увесь вечар і ўсю ноч не спаў, усё прыслухоўваўся, калі вернецца Яўхім. Той зашаргаў п'яна пад вокнамі, зарыпеў варотамі толькі пад раніцу. Стары ледзь стрымаў сябе, каб не кінуцца, не даць волю свайму гневу; ледзь паддаўся голасу развагі: усё роўна п'янаму гаварыць цяпер нінашто. Чуў, як Яўхім паволі сунуўся ўпоцемку сваёй палавінай, як стукнуў конаўкай па вядры, доўга піў ваду, бервяном зваліўся на ложак.

Увесь дзень чакаў Глушак моманту, каб зноў пачаць трудную гаворку. Толькі пасля абеду, калі Яўхім, прытуліўшыся да вушака, закурыў цыгарку, паблажліва пусціў струменьчык сіняга дыму, стары адчуў, што можна пачаць.

– Дзе чобаты хромавыя? – спытаў стрымана, нібы зусім спакойна. Упіўся вачыма ў сына.

Яўхім брывом не варухнуў. Быццам чакаў. Пусціў спакойна яшчэ струменьчык дыму.

– Дзе булі, там няма. Прадаў…

– Прадаў… Каму ето?

Яўхім пусціў яшчэ струменьчык дыму.

– А не ўсё адно – каму?

– Грошы палучыў? – не адступіў Глушак. Позірк зноў павастрэў.

– Палучыў.

– Сколькі ўзяў?

– Сколькі можно було, столькі ўзяў…

– А ўсё-такі – сколькі?

– Небагато. Ды і, сказаць, нямало…

– Дзе яны, твае грошы?

– Каторыя – пры мне, – Яўхім гаварыў так, нібы здзекаваўся, – а каторыя – спажыў…

Глушака затрэсла ад гневу.

– І пінжак – спажыў?!

Яўхім перастаў дыміць. Узняўся, сказаў супакойліва:

– Тато, не трэба так…

Але стары не мог ужо спыніцца:

– Скора ўсе спажывеш! Усе на гарэлку распетрыш!.. Усе дабро!..

Яўхім зірнуў на яго нявесела, як бы са шкадаваннем. Як на малога, што назаляе неразумна.

– Нашто ето ўсе, тато… Ці вы – дзіця, не бачыце нічого?

– Ты – бачыш!.. Засляпіў вочы гарэлкай!

– Ад таго, тато, і засляпіў, што бачу ўсё…

Яўхім гаварыў вельмі шчыра і з вялікім хваляваннем, і старому гэта перадалося. Адчуў балючую праўду сынавых слоў, разгублена, больш з-за абавязку, папракнуў:

– Цераз нейкую галадранку свету не бачыць!

– Тато, не чапайце ето, – папрасіў ён лагодна. Дадаў разважліва: – Не ў адным етым – бяда. – Глушак пачуў злавеснае, калі Яўхім сказаў: – Ето мы перажывём! – Ён не скончыў, але ў тым нясказаным стары адчуў: ёсць большае, горшае! Яўхім не даў старому весці спрэчку далей, папрасіў: – Пагаворым пра ето пазней. Нешто трудно зразу пасля абеду…

Ён выйшаў, і неўзабаве стары пачуў, як у суседняй палавіне рыпнуў ложак.

Увечары Яўхім прыйшоў зноў. Калі сёрбалі боршч, у хату ўваліўся Пракоп Лясун, буркнуў: «Добры вечар у хату», падзякаваўшы, як заведзена, на абавязковае запрашэнне за стол, глыбай апусціўся на канапу. Павячэраўшы, Яўхім не захапаўся, як звычайна; абапершыся аб вушак, задуменна задыміў цыгаркаю. Быццам толькі што перарвалі дзённую гаворку, сказаў старому:

– Жыць, тато, усе адно не дадуць…

Стары таксама лагодна і павучальна запярэчыў:

– Дадуць не дадуць, а дзяржацца трэба.

– А як я не магу! Харакцер у мяне гарачы, знаеце ж!

– Харакцер дзяржаць трэба! Не распускаць.

– А як не ўмею я!

Стары, спасцярожліва паглядваючы на Лесуна, стрымана і цвёрда заявіў:

– Трэба ўмець! Цяперашнім светам усяму трэба навучыцца!

– А я от не ўмею!

– Трэба ўмець!

Яўхім не адказаў. Дыміў цыгаркаю, думаў пра нешта. Дакурыў, кінуў пад ногі, расцёр апоркам, моцна, злосна. Тады загаварыў гарачкавата, як пра набалелае:

– Робіш на некаго! Як парабак!.. Робіш, а ён – жаба – прыйдзе ды вычысціць пад мятлу! Як бы ето не тваё, а яго! Камандуе ўсякае, а ты слова не скажы!.. Ей-бо. – З лютай шчырасцю, з той раптоўнай, няўтрымнай адвагай, якой заўсёды апасаўся стары, прадказаў: – Не ручаюся: стукну я калі-небудзь етаго Дамецікаваго! Стукну так, што свінячае папрэ з яго! Ей-бо! Рукі даўно чэшуцца!

Стары кінуў позірк на Пракопа, недавольна папракнуў:

– Пляцеш усякае!.. Чалавек падумае: і праўда…

– Праўда, тато! – не хацеў нічога разумець Яўхім. – Стукну! Цярпення ўжэ няма!

– Не балбачы! Здурнеў саўсім!

Яўхім быццам і не чуў старога.

– Толькі от вас ды матку шкода, дак і дзяржуся. А так – даўно б!

– Здурнеў саўсім! – закруціў Глушак галавой, пазіраючы дружбацкі на Лесуна, як бы просячы не браць сур'ёзна.

Пракоп слухаў Яўхіма панура, усхвалявана.

Яўхім неспадзеўкі весела варухнуў плячыма, закінуў рукі за галаву.

– Адзін выхад: з'ехаць куды-небудзь! Покуль суд ды справа!

Глушак зірнуў на Яўхіма: не жартуе.

– От пабуду шчэ трохі, – з вясёлай адвагай сказаў Яўхім, – ды плюну на ўсё! Шчасце, што ні жонкі, ні галапузых – ніхто не ўчэпіцца! Вазьму світу на плечы – ды ў белы свет! Куды душа павядзе! У свеце мест добрых нямала! Буць таго не можа, штоб і мне не знайшлося!..

– Ждуць там цябе! – недавольна, з трывогай папракнуў стары.

– Знайдзецца место. Цяпер усюды такое будаўніцтво! Абы рукі!

У старым узнялася раўнівая злосць. Сярдзіта, з крыўдай засіпеў:

– А тут – бацько няхай адзін! Бацько няхай адзін мучыцца! Даждаўшыся добрых сыноў!..

– Не канешне і вам аставацца!

– Не канешне?! – абурыўся стары. – Не канешне?! А дабро на каго?! Чорту лысаму пад хвост?.. Ці мо Міканорку Дамецікаваму? За ласку ўсю яго?

Стары так кіпеў, што Яўхім не стаў спрачацца. Пасядзеўшы трохі з нейкімі сваімі думкамі, скруціў зноў папяросу, прыкурыў ад вугальчыка, які выкаціў з печы. Дыміў, затоена, упарта мружыў вочы.

– От, даждаў помачы, – ужо спакайней паскардзіўся Лесуну стары. Нібы прасіў спачування.

Лясун прамаўчаў. Глушак бачыў: пад навіссю панурых броваў бляск вачэй трывожны, зацяты.

Калі Лясун глыбай устаў, сабраўся ісці, Глушак падаўся ўслед. У сенцах стары прытрымаў госця, ціха, асцярожліва папрасіў:

– Не помні, Пракопко, што мы тут плялі… Ён усё ето так – абы язык пачасаць!

– Яўхім праўду казаў, – прагрымеў Лясун. Глушак улавіў у голасе адчай і рашучасць.

– Ат, – запярэчыў на ўсякі выпадак. – І ты тое ж… Не пляці, Пракопко!..

Вярнуўшыся ў хату, зіркнуў на Яўхіма, што ўсё дыміў, узлёгшы на вушак. Упікнуў ад душы:

– Плявузгаеш перад чужымі абы-што!

Яўхім варухнуўся, перастаў дыміць.

– Тато, надаело мне! Надаело мне цярпець! Калі на горло становяцца!

Ён сказаў так набалела і так нецярпліва, што старога ўзяў раптам жаль да яго. Ён трывожна павёў вачыма на акно, ці не чуе хто-небудзь. Вунь як набалела: ледзь не крычыць! Як малому, стрымана і лагодна параіў:

– Трэба цярпець! Не канешне знаць кажнаму, што думаеш!..

Яўхім нецярпліва варухнуў плячыма: ёсць пра што клапаціцца! Устаў на ўвесь рост, сумотна павёў позіркам – быццам не ведаў, куды падацца.

– Скруцяць скора саўсім! – прамовіў жорстка, без жалю.

Словы гэтыя кальнулі Глушака ў самае балючае. Але не паказаў кволасці і не папракнуў сына, што не шкадуе вярэдзіць бацькаву збалелую душу. Не да таго было.

– Скруцяць не скруцяць, – сказаў, як мог, спакойна, разважна, – а няма чаго самому шукаць гібелі! Лезці самому ў пятлю!.. – Хоць не быў упэўнены, для сынавай карысці, з жыццёвай мудрасцю дадаў: – Як галава будзе на плячах, не канешне скруцяць!.. – Не даў запярэчыць, параіў сваё: – Ждаць трэба! Не пара цяпер! Сіла ў іх!

– Даждаліся! – нядобра, як бы вінавацячы кагосьці, адазваўся Яўхім.

– Була пара, – згадзіўся стары. – Була – ды сплыла. Дак і астаецца адно – ждаць. Е ж Бог, буць не можа – пачуе, літасцівы, малітву нашу. Прышле падмогу няшчасным, прышле!

– Аге, надзейцеся на яе!

– Не смейся! – загадаў строга стары. – Прыйдзе ён, прыйдзе! Пабачыш, усе пабачаць! Прыйдзе пара!

– Доўго, тато, ждаць прыйдзецца!

Стары быццам не заўважыў насмешлівага Яўхімавага шкадавання, ведаючы, што за кожным словам сочаць там, на небе, сказаў горача:

– Сколькі ні прыйдзецца, дажджэмся! Буць не можа, штоб не даждаліся! Е Бог на небе!

– Эх, тато!..

– Дажджэмся!

Яўхім сказаў «дабранач», ляніва пацягнуўся ў сенцы, дадому.

Дома ён доўга не спаў. Варочаючыся бяссонна на ложку, думаў. Думак было багата, самых розных. Асабліва ўціналася, вярэдзіла адна – куды падацца? У ёй бачыўся яму шчаслівы ратунак, адзіны ратунак з усяго, што так заблытала яго жыццё. Кінуць усё. Адразу. Не шкадуючы нічога. І махнуць хоць куды. Паспрабаваць яшчэ раз. Жыць тут усё роўна не дадуць…

У тую ноч ён быў гатоў «махнуць». У тую ноч гэта здавалася самым простым і надзейным. І хто ведае, як склаўся б яго лёс, каб «махнуў» ён тады. Можа, інакш, зусім інакш пайшла б яго дарога.

Але не «махнуў» ён. Не так проста было «махнуць»…

Раздзел трэці

1

Праз свае трывогі і клопаты Ганна, як пра далёкае і неабавязковае, чула, чым жыве сяло. Яе мала хвалявалі размовы, якія раз-пораз ішлі ад розных людзей: што ў калектыве – нелады, што ледзь не ўсе, хто ўступіў, – недавольны і што калектыў – ледзь ліпіць і з дня на дзень можа скончыцца.

Без якога-небудзь узрушэння ўзяла яна і чутку, што калектыў такі скончыўся. Спакойна, са звычайнай цікаўнасцю слухала яна неспакойны гоман на вуліцы, глядзела, як ехалі порстка адна, другая фурманкі, накладзеныя розным прыладдзем, – з гаманлівым натоўпам, што рушыў побач.

Як больш блізкае, што неяк датычыла і яе, адзначыла, што там, у натоўпе, з дарослымі – дзеці, што ў школу ідуць сёння толькі нямногія і нядружна. Двор у гэты ранак не віраваў дзіцячымі постацямі і не звінеў бесклапотнымі галасамі, у класах і ў калідоры было нібы прасторней, чым у іншыя дні. Дзеці збіраліся купкамі, дзяліліся навінамі, штосьці меркавалі, твары ў большасці былі ўзрушаныя і не па-дзіцячы заклапочаныя. Заклапочанасць гэта, аднак, была не панурая: у вачах малых больш паблісквала цікаўнасці, так і відаць было – іх хвалюе асабліва сама навіна, яе новыя праявы.

Небагата было ў калідоры і ў класах і тады, калі падышоў час пачынаць заняткі. Ганна з неспакоем паглядзела на гадзіннік над Парасчыным сталом: большая стрэлка набліжалася да самага верху, да лічбы «12», – хутка трэба было даваць званок, а Параскі не было дома.

Параска прападала недзе на сяле. Пабегла яшчэ давідна і не паказвалася.

Стрэлка дабралася да «12» і пачала сыходзіць уніз, Ганне трэба было даваць званок, але яна не брала яго. Яна то корпалася на кухні, то спакойна выходзіла ў калідор, і выгляду не падаючы, што нешта здарылася. Каб трэба было, яна і не такое зрабіла б для сваёй Параскі. Не такую дробязь. Толькі ў пакоі яна неспакойна паглядвала ў акно: Параскі ўсё не было відаць.

Параска паявілася, калі большая стрэлка мінула трэцюю лічбу. Яна ішла хутка, здалёк было відаць – узрушаная, неспакойная. Ускочыла на ганак, убегла ў пакой, нецярпліва развязала хустку, кудлатая: валасы ва ўсе бакі, апусцілася на табурэтку. Расшпіліла паліто.

– Званка не было? – запытала, але такім тонам – нібы пра нешта неабавязковае.

– Не.

Тады ўжо яна павяла позіркам на сцяну і, убачыўшы гадзіннік, не здзівілася. Невясёлы, прытомлены твар кранула мілая Ганне змоўніцкая, хітраватая ўсмешка. Пахваліла ўсмешкай: добра зрабіла, скеміла!

Ганна падміргнула ёй: можаш не сумнявацца, не схіблю. Абедзве зарагаталі, радыя адна адною. Ад гэтага рогату Параска быццам ажыла, з раптоўнай жвавасцю ўскочыла з табурэткі, кінула хустку на ложак, павесіла паліто. Рашуча, імкліва рушыла на кухню, стала шумліва плюхацца над тазікам. Выцершыся, падбегла да люстэрка на стале, узялася хутка прычэсвацца – зашчаміла ў чарнату валасоў вялікі, з рудаватымі жылкамі грэбень.

– Давай званок, – загадала яна, абцягваючы, убіраючы ў спадніцу ніз кофтачкі.

Яна не стала снедаць. Ледзь выпіла паўшклянкі малака, ухапіла вялікі школьны журнал, кніжкі, сшыткі, знікла за дзвярыма.

Ёй было, відаць, не да заняткаў: пакуль ішоў урок, яна некалькі разоў пакідала клас, вярталася ў свой пакой, неспакойна бадзялася па ім, паглядвала ў бок вуліцы. Неспакой яе не прайшоў і калі пачалася пераменка і калідоры напоўніў гул і гоман дзяцей, і калі ў прыціхлых класах пачаўся другі ўрок.

Недзе ў сярэдзіне другога ўрока прыйшоў хлопец у чорнай паддзёўцы, у ботах. Пакуль ён абмятаў венікам боты, Параска выйшла на ганак. Разам з ім вярнулася ў пакой.

Хлопца Ганна ведала: ён ужо не раз быў у Параскі. Глінішчанскі актывіст, камсамолец, Барыс Казачэнка. Глінішчанскі Міканор, жартам называла яго ў думках Ганна.

Глінішчанскі Міканор толькі хмурна паздароваўся і ўжо не заўважаў Ганну. Павярнуўшы даўгаваты, з гарбінкаю твар да Параскі, глядзеў трывожна і стомлена. Нібы чакаў парады ці дапамогі. Параска маўчала, знарок не глядзела на яго. Ці то вінаваціла яго, што такі бездапаможны, ці то вінаватай адчувала сябе. Што не можа ні памагчы, ні парадзіць.

– Трудна цяпер, канешне… – прамовіла раздумліва і, мусіць, працягваючы гаворку, пачатую на ганку. – Калі дайшло да гэтага…

– Слухаць нічога не хочуць. Хоць ты кол на галаве чашы! А некаторыя – дак кінуцца зразу гатовы. Учапіцца ў цябе за адну гаворку… І ўсё – мацюкі ды мацюкі… – Ён гаварыў з прысвістам: замест «чашы» ў яго выходзіла – «цясі», «мацюкі» падобны былі на нейкія «масюкі». – Асабліва жанкі пашалелі!.. Так і глядзі, штоб каторая не кінулася з кіпцюрамі!..

Яму было, відаць, няёмка прызнавацца Парасцы ў сваёй няздольнасці пераконваць. Ён нібы трохі і падсмейваўся з сябе.

– Трудна, канешне… – зноў адгукнулася Параска. – І ўсё ж нельга апускаць рукі. І кіпцюроў жаночых баяцца! – раптам пакпіла з яго. Узяла сваю ролю.

– Ды я і не баюсь. У мяне шкура тоўстая. Толку от ніякага! – павесялеў Барыс.

– Нам цяпер так: ці пан, ці прапаў! Выбіраць няма чаго!

Параска пастаяла момант, разважаючы, тады раптам рашуча загадала:

– Пастой тут.

Цвёрдым крокам падалася ў клас. Амаль адразу ж там пачуліся радасны гоман, ляскат парт, шоргат і стукат ног у калідоры. Дзеці, як чарада, што выпушчана з загарадкі, з галасам вывалілі на ганак.

Параска кінула на стол журнал, кніжкі, сшыткі, зняла з цвіка паліто. Хутка завязала хустку, скамандавала Барысу:

– Хадзем!

Барыс рушыў за ёй.

Зноў убачыла Ганна Параску пад вечар. Параска ішла не адна. За ёй, акрамя Барыса, кіравалі з вуліцы да школы Дубадзел, Гайліс, Чарнаштан. Дубадзел, у кароткай паддзёўцы, у галіфэ, з ваеннай сумкай цераз плячо, рэзаў побач Параскі – наперадзе, лёгка і нібы весела. Гайліс крочыў у зашпіленым шынялі, вецер ірваў полы шыняля і, было відаць, замінаў ісці. Але Гайліс не зважаў на вецер, ішоў роўна, цярпліва. Барыс ступаў каля Гайліса. Ганна не дала яму ніякай увагі. Яна адзначыла: Чарнаштан дыбаў ззаду ўсіх, уткнуўшыся позіркам кудысьці ў зямлю, вінавата прыгорблены…

Ганна намерылася была падацца на кухню: умомант згадалася агідная сустрэча з Дубадзелам, але агіда гэта і боязь адразу ж і стрымалі яе. Яна знарок узяла на кухні вядро і пайшла насустрач: не хапала толькі, каб яна ўцякала ад яго. Паглядзім яшчэ, як ён сустрэне!

Калі выйшла з калідора, яны якраз уздымаліся на ганак. Ганна весела, як бы знянацку сустрэўшы, прывіталася, кінула востры позірк на Дубадзела. Той важна паправіў сумку, глянуў, быццам на незнаёмую. Яна знарок строга загадала:

– Дайце дарогу.

Дубадзел саступіў ёй, прапусціў.

Калі яна вярнулася, яшчэ з калідора пачула: гаманілі ў класе. Не пайшлі ў Парасчын пакой. Можа, таму, што не хацелі несці гразь, а мо таму, што гаворка сакрэтная. Заўважыла: дзверы ў клас зачынены. І гавораць не надта голасна.

Сакрэтная, няхай – сакрэтная. Цікава, канешне, што там яны мяркуюць, але калі ім так трэба зачыняцца – няхай зачыняюцца. У яе галава поўна сваімі «сакрэтамі». Не да іх сакрэтаў. Праходзячы і раз, і другі калідорам, яна мімаволі чула за дзвярыма то спакойны гоман, то нібы спрэчку, але не прыслухоўвалася. Не мела такой звычкі. Не магла прыніжаць сябе. Адзначала адно: за дзвярыма сцямнела, яны сядзелі ўпоцемку, не адразу запалілі лямпу. Мабыць, нялёгка было.

Калі яны разыходзіліся, Дубадзел раптам заявіўся на кухню. Убачыўшы яе, важна патрэбаваў вады. Яна падала карэц. Дубадзел зачэрпнуў з вядра. Да таго як піць, пацікавіўся:

– Як жывеш?

– Анігадкі.

Ён выпіў карэц, выцер бараду. Важка ўпяўся позіркам.

– Не ўзялася за розум?

– А чаго? У мяне яго заўсёды было даволі…

Ён паставіў карэц на стол. Заявіў стрымана і з пагрозай:

– Не з тым гуляешся!

Цвёрда застукаў ботамі ў калідоры.

Параска правяла ўсіх на ганак, пастаяла. Зайшла ў клас, патушыла лямпу, вярнуўшыся на кухню, накінулася на яду.

– Згаладалася я! – нагнала на сябе весялосць.

– Дзіва! Цэлыя паўшклянкі выпіла ўранку!

– Дзень такі! Падумаць не было калі!.. Пападзе нам, Ганначка, за гэты дзень! І Гайлісу, і Чарнаштану, і мне за кампанію!

– А ты пры чым?

– Пры тым. Пры ўсім.

Ганна чакала, што яна раскажа пра дзённыя прыгоды, пра трывогі свае, але Парасцы сёння было не да гаворак. Ужо калі лажыліся спаць, Ганна не вытрывала, нібы жартам, пацікавілася:

– Пра што ето сакрэтнічалі так доўго?

– Ат, пра ўсякае. – Яна, белая ў сарочцы, з распушчанымі валасамі, прыкруціла лямпу, дзьмухнула ў шкло. Упоцемку дадала клопатна: – Галоўны сакрэт: заўтра будзе сход.

2

І ў гэты дзень многа дзяцей не прыйшло. Заняткі пачаліся ў час, але Параска, было відаць, падалася ў клас без ахвоты. За гадзіну яна зноў раз і другі выходзіла з класа – нібы не магла дачакацца канца ўрока.

Амаль адразу пасля таго як адзвінеў званок з пераменкі і ў класах прыціхла, у калідоры затупалі боты. Крокі адразу спыніліся: чуваць было, што з класа выйшла Параска. Яна з кімсьці ўзрадавана прывіталася, разам з ім ступіла ў свой пакой.

Калі Ганна зайшла ў пакой, госць, не распранаючыся, у паддзёўцы, сядзеў на табурэце. Адно зняў каракулевую, стаўбуном, шапку, пакручваў у руках. Блішчэў шырокаю, ледзь прыкрытаю рэдкімі бялявымі валаскамі лысінаю. Ганна пазнала госця: Парасчын дзядзька з Юравіч, Іван Анісімавіч. Ветліва прывіталася.

Апейка ўстаў, падаў ёй руку. Запытаўся, як жывецца.

– Жывецца. Грэх жалувацца.

– Назад не думаеш уцякаць? – Іван Анісімавіч усміхнуўся добрай, прыязнай усмешкай.

– Назад мяне вяроўкай не зацягнуць.

– Ого, значыць – цвёрда.

– Цвёрда.

Ён ужо не толькі з усмешкай, і з пашанай паглядзеў на яе. Тады зірнуў да Параскі, мусіць, вярнуўся да перарванай гаворкі:

– Нічога не скажаш – нарабілі клопату… – У голасе яго былі нездавальненне і папрок, але лагодныя, паблажлівыя.

– Ой, не кажыце… – Параска не таіла шкадавання.

Апейка пакруціў галавою. Момант штосьці затоена думаў. Быў недзе далёка з думкамі. Потым ускінуў позірк, запытаў дзелавіта:

– Гайліса тут не было?

– Учора быў. І сёння, канешне. Недзе на сяле, не інакш.

– Ага! – Апейка кіўнуў, узняўся, намерыўся ісці. Зірнуў на абедзвюх, нібы разважаў: развітвацца, не развітвацца?

– А можа б, перакусілі пакуль? – паспрабавала затрымаць яго Параска.

– Потым. – Ужо клопатны, засяроджаны, насунуў стаўбун, дзелавіта сказаў: – Ну, я к Чарнаштану!

На двары ён адразу адвязаў каня, ускочыў на таратайку і пакіраваў на вуліцу…

І сёння Параска не вытрывала, адпусціла дзяцей да часу. Спехам перакусіўшы, яна надзела хутка паліто, завязала хустку і знікла на вуліцы. За ёй неўзабаве адпусціла дзяцей і Галіна, і ўва ўсёй школе наступіла цішыня. За ўвесь дзень ніхто больш не паказваўся ў школе. Прыйшоў толькі, як заўсёды, да Галіны яе кавалер – Пятро. Як звычайна, яна, хапатлівая, вясёлая, спачатку частавала яго, потым яны зачыніліся на зашчапку, і з-за дзвярэй даходзілі толькі ціхія галасы. Потым і яны сціхлі.

Ужо збіралася цямнець, калі да ганка хтосьці пад'ехаў. Ганна думала, што вярнуўся Парасчын дзядзька, але каня прывязваў хтосьці незнаёмы: малады, чарнявы, у скураной фуражцы, у акуратнай, добрай шынельцы. Праз хвіліну ён, стройны, танканогі, у хромавых ботах, пругка і лёгка ўзбягаў на ганак.

Пастукаў для прыліку ў дзверы і, не чакаючы адказу, ступіў у пакой. Ганна падала выгляд, нібы прыбірае стол. Калі ўвайшоў, адарвалася ад занятку, зірнула знарок без цікавасці.

Незнаёмы кінуў прывітанне, мелькам паглядзеў на яе. Позірк яго чорных вачэй быў неспакойны і цвёрды і насцеражыў яе. Але ён тут жа абыякава адвёў позірк.

– Таварыша Апейкі не было? – Голас у яго быў прастуджаны, з хрыпласцю.

– Буў. Зранку.

– Гэта я ведаю. Цяпер не заязджаў?

– Не.

Ён гаварыў адрывіста, упэўнена. Зноў цвёрда, аж непрыемна было, паглядзеў на яе. І зноў заўважыла ў яго позірку нецярплівасць і нібы недавер'е.

– Вы – хто? – У голасе яго была строгасць.

У ёй ускінулася ўпартасць.

– А вы?

Ён не чакаў, зірнуў, нібы не разумеючы.

– Я? – Ён прыгледзеўся да яе, недавольна, але ўжо з увагаю. Быццам хацеў зразумець, што за гэтым пытаннем. – Я – Башлыкоў. – Ён заўважыў у яе вачах незразумелае недавер'е. Яна яшчэ як бы чакала тлумачэння, і ён дадаў: – Сакратар райкома.

Яна і не ўтаіла здзіўлення. Бачыла яна Башлыкова ўпершыню, але прозвішча яго чула не раз: Башлыкова слухаліся, пабойваліся, і Ганне думалася, што ён – высокі, плячысты, грозны з выгляду. А тут аказваецца – звычайны, нічым не адметны чалавек. З выгляду – нават зялёны хлопец!

– А я – Ганна, – адказала яна знарок спакойна, паблажліва. Ён хацеў яшчэ штосьці запытаць, але стрымаўся.

Зноў нездаволена павёў позіркам па хаце. Ступіў крок, строга аб'явіў:

– Я пачакаю тут.

– Пасядзіце. Табурэта не праседзіце.

Але ён не сеў. То стаяў, то ступаў крок, другі, вяртаўся назад. Ступаў, як бы стрыножаны. І ўсё думаў пра штосьці сваё, невядомае. Адно толькі відаць было, што думаў ён – пра непрыемнае, важнае, якое гняло яго. І якое рабіла яго старэйшым, непадобным да таго, якім ён здаўся Ганне ўпачатку. Не хлопцам зялёным, а рана пастарэлым чалавекам, незвычайным, незразумелым. Яна мімаволі сачыла, як ён нецярпліва ходзіць, далёкі думкамі, і старалася адгадаць, што яго гняце так. Відаць, толькі што быў у сяле, хадзіў, глядзеў. І от, мабыць, – успамінае пра тое, што пабачыў, пачуў, пахадзіўшы ў нашай гразі. От, мабыць, і гняце яго – у навінку. Гарадскі ж сам, відаць…

Гарадскі. Не з нашых балотных. Можна і не пытацца. Прысланы, пэўне, калектывы рабіць. Вучыць цёмных нас розуму… Граматны вельмі, не інакш. Граматны. Канешне. Не нашага поля ягада… Штосьці і далёкае, адасоблівае, і разам – цікаўнае, прывабнае было ў гэтым – гарадскі, невядомы. І цікаўнае, і – дзіўна раўнівае: што от ён такі, граматны, гарадскі. Не іх поля ягада… Таму, пэўне, і паставілі – такога маладога – над цэлым раёнам. Таму і слухаюцца ўсе, маладыя і старыя. Не глядзяць, што – малады… Апейку колькі давялося паспытаць усяго-ўсякага, пакуль падняўся, займеў такое права, а гэтаму – усё зразу. Гарадскі, адукаваны…

Канешне, яна думае пра яго не таму, што ён неяк кінуўся ў вочы. Нічога ў ім такога асаблівага, калі глянуць добра. І не відны вельмі, і плечы, што ў малалетка. І характарам – відаць – не лёгкі. Проста – не падобны ні на кога, што бачыла раней. Упершыню бачыць такога. Усё ад гэтага…

А наогул – пустое ўсё гэта, схамянулася Ганна. Не цікавіць яе ніхто. Ані трохі. Яўхім – от што цікавіць яе. Ды тое, пра каго ніхто яшчэ не ведае…

Дзе ж гэта Параска? Ці хоць бы Апейка. Няхай бы сядзелі ўдваіх, гаварылі пра свае справы.

То выходзіла на кухню, паліла ў печы, то вярталася ў пакой, для прыліку прыбірала. Паказвала: ёй няма чаго сядзець склаўшы рукі.

Заходзячы ў пакой, яна бачыла, што ён тупае і тупае, як на прывязцы. Часцей ён не заўважаў яе, нібы яе і не было блізка. Але калі-нікалі яна лавіла яго позіркі. Ён паглядваў недавольна, непрыхільна, быццам яна замінала яму. Ці, можа, так здавалася: ад таго, што думаў непрыемнае. Перажываў.

Дзіўна, яна мімаволі чакала, што ён загаворыць, запытае нешта. Але ён маўчаў. Тупаў і тупаў. Далёкі, незразумелы.

3

Ішоў вечар. У пакоі цямнела, што далей – больш. Але Ганна не запальвала лямпы: па звычцы берагла газу.

Ужо добра сцямнела, калі ўбегла Параска. У цемры адразу пазнала госця: ці, можа, ужо хто-небудзь пераказаў, што ён тут, – ледзь прычыніла дзверы, аб'явіла здзіўлена, узрадавана:

– А я і не ведала! Уцякла з хаты і не спяшаюся назад!.. Даўно вы тут?

– Не, – Башлыкоў гаварыў яшчэ нібы здалёк.

Параска адразу захадзілася гаспадыняю.

– Што ж вы так! У цемры! Не распранаецеся! – Яна жвава скінула хустку, паліто, падказала госцю: – От тут цвічок! – Крыкнула Ганне весела, загадна: – Зараз жа лямпу! Святло!

Тады, як Ганна запальвала лямпу, звонка – ну, чыста артыстка! – папракнула:

– Хіба ж так, Ганначка, сустракаюць гасцей! Ды яшчэ – такіх!

Ганна знайшлася:

– Госць думаў вельмі нешто. Не хацелася перабіваць…

Башлыкоў не адказаў.

Ледзь стала светла, Параска схамянулася, кінулася да люстра. Хапатліва прыгладзіла валасы, паправіла кофтачку. Тады зноў гасціннай гаспадыняй зірнула на Башлыкова:

– Госць, пэўна, галодны!

Башлыкоў, ужо без шыняля, танклявы ў сіняй гімнасцёрцы, перацягнутай шырокім бліскучым поясам, уціснуўшы пад пояс пальцы, адвёў складкі назад, адказаў няцвёрда:

– Паабедалі…

– Кажыце! – не паверыла Параска. Бадзёра супакоіла: – Нічога! Мы зараз з Ганнай арганізуем! Уміг!

Вясёлая, дзейная, пацягнула Ганну на кухню.

– Ты што ж гэта? – зашаптала з папрокам, па-сяброўску. – Так сустрэць! Самога Башлыкова!

– А што ж – лістам перад ім слацца?

Шчыра прызналася:

– Усё глядзела, гадала: што ў ім такое, асобае?..

Параска не стала слухаць, перабіла. Не да гаворак цяпер. Уткнулася галавой у печку, адсунула засланку:

– Што тут у цябе? – У скаварадзе – бабка, з чыгунка, ледзь узняла покрыўку, вырваўся духавіты, нецярплівы пах баршчу. Голасна, давольна, каб, пэўна, чуў і ён, прамовіла: – От добра! – Распарадзілася шчодра і неадхільна: – Усё, што ёсць, – на стол! – Дадала шэптам, па-змоўніцку, як бы тлумачачы: – Настрой у яго – бачыш які?

– Гарэлкі, можа, дастаць? – параіла пошапкі ж Ганна, завіхаючыся ўжо каля печы.

– Гарэлкі! – Параска пакруціла галавой: прыдумала! Шэптам, стрымліваючы смех, гулліва падахвоціла: – Пастаў! Пакажы яму! Пабачыш, што ён скажа!.. – Сур'ёзна ўжо растлумачыла: – У рот не бярэ! Добрай нават. Завадской!.. Тым больш – у такі дзень!

– Глядзела я ўсё, глядзела на яго, – зноў вярнулася Ганна. – Нічога ў ім такога, асобага… – Яна нібы чакала, што Параска растлумачыць. Ёй чамусьці карцела гаварыць пра гэта. Параска, што памагала ёй, быццам не чула яе. – Чаму ён такі пануры, недавольны. Няўжэ з-за етаго, з-за калгаса?

– Нічога ты не разумееш! – толькі і сказала Параска на яе шчырасць. І тонам адказу, і адказам спыніла Ганну: не да гаворкі цяпер. Загадала па-прыяцельску: – Давайма жыва ўсё на стол!

Убегла ў пакой. Кнігі, сшыткі са стала – на падаконнік. Стол – ад сцяны. На стол – чысты настольнік.

– Вось так! Пачатак ёсць!.. – Кінулася на кухню, унесла бохан хлеба, нож. Загадала ўжо Башлыкову: – Памагайце!

Ён паказаў на рукі, яна спахапілася.

– Ганна! Госцю трэба памыцца! – Папрасіла Башлыкова: – На кухню, калі ласка…

Башлыкоў выйшаў. Расшпіліў гузікі на рукавах, закасаў іх па локаць. Расшпіліў каўнер, адсунуў яго ад шыі, нахіліўся над тазікам. Ганна зачэрпнула карцом з вядра, асцярожна – каб не абпырскаць! – стала ліць на яго далоні. Яны стаялі нязвычна блізка, галовы іх амаль сыходзіліся, было ў гэтым штосьці неспадзявана дамашняе, свойскае – ад гэтага ўсярэдзіне ў Ганны нешта чула насцеражылася. Ёй кінулася ў вочы: рукі яго, з цёмнымі валаскамі, былі белыя, далікатныя. Шыя, акуратна паголеная, загарэлая вышэй за каўнер, ніжэй была таксама белая і кволая. Зусім юначая. Штосьці мяккае, жаллівае няпрошана ўвайшло ў яе чуласць.

Ён то паслухмяна выцягваў жменькай далоні, то старанна цёр мылам рукі, шыю. Не падымаў галавы, не глядзеў на яе, рабіў усё моўчкі, але і ў ім, здалося ёй, паявілася раптам тая ж чуласць блізкасці. Без слоў, без позіркаў на час штосьці як бы ўзнікла між іх.

Падаючы ручнік, яна старалася не глядзець на яго і паказвала сябе абыякавай. І ўсё ж, здалося, улавіла няпросты, пільны яго позірк.

– Дзякую, – сказаў ён, падаючы ручнік. І ў тым, як сказаў, пачулася таксама незвычайнае.

– Ну, памыліся? – уварвалася ў кухню Параска.

– Як абнавіўся, – ён гаварыў спакойна, стрымана, але Ганна адзначыла ўдзячную нотку ў яго голасе. – Вада – добрая, свежая. Мабыць, нядаўна з калодзежа.

– Нядаўна, – Ганна стаіла сябе.

Вярнуліся ў пакой Параскі. Башлыкоў, зашпілены ўжо на ўсе гузікі, стройны, прычасаўся, стаў як бы сваім у пакоі. Параска намерылася запрасіць за стол, калі схамянулася:

– Гуркі ў нас, капуста – аб'ядзенне! Можа, любіце?

– Люблю.

– Тады – даставім! Яны тут – у пограбе!

Параска з Башлыковым удваіх узнялі за колца века ў падлозе на кухні. Ганна спусцілася ў прапахлы зямлёй халаднаваты прыцемак, падала Парасцы адну талерку, другую: гуркі і капусту-шаткаванку. Калі ўзнялася па лесвічцы, Башлыкоў працягнуў руку, памог выйсці. Рука была моцная, гарачая.

Селі за стол, сабраліся вячэраць, і тут Параска з усяе сілы стукнула рукою па стале. Глянула на госця з адчаем:

– Прыйдзецца грэх на душу ўзяць! Карайце не карайце!

Устала і, вярнуўшыся з кухні з адважным выглядам, са стукам паставіла на сярэдзіну стала пляшку наліўкі.

– От ён, мой грэх!

Яна тут жа хітра змяніла кірунак гаворкі:

– Вада, закрашаная вішнямі! Для дзяцей хіба!

Апярэдзіла Башлыкова.

Башлыкоў, што хацеў быў штосьці сказаць, няўпэўнена прамаўчаў. Моўчкі, не ўхваляючы, але і не пярэчачы: пэўна, з далікатнасці становішча госця, сачыў, як паставілі чаркі, як налілі, па абавязку чокнуўся. Але выпіў да дна. І нават дазволіў сабе стрымана пахваліць наліўку.

– Ат, вада ды вішні! – няшчыра запярэчыла Параска.

Вячэра пайшла ўдала. Башлыкоў, відаць, добра-такі нахадзіўся за дзень: і гуркі, і капуста, і боршч – усё было ўсмак. Наліўка аказалася проста акрасай вячэры: яшчэ тройчы бутэлька ў спрытных руках Параскі абыходзіла чаркі, пакуль Башлыкоў не прыкрыў сваю цвёрда далонню. Даў знак, што – даволі. Упіцца гэтай вадою не ўпіліся і жанчыны, а ўсё ж наліўка зрабіла сваё. Хмель на час разгладзіў твар нават Башлыкова, які тут, за сталом, сярод павесялелых, незласліва кплівых жанчын, ужо не так паныла глядзеў на свет.

Ён помніў сябе і цяпер: ніякіх жартаў асаблівых не дазваляў сабе; Параску распытваў пра тое, як даводзіцца працаваць, ці хопіць дроў, ці памагае сельсавет, як наведваюць школу дзеці. Параска адказвала то сур'ёзна, то жартам – строіла з сябе весялуху, і ён час ад часу, хоць і неахвотна, пасмейваўся з ёю. Калі ён смяяўся, здаваўся яшчэ нібы прыгажэйшым, а галоўнае – станавіўся хораша таварыскім. Нібы бліжэў.

Ганну ён не распытваў: ёй думалася – таму, што лічыў – яе няма аб чым распытваць. І праўда: пра што ён можа яе запытацца – пра тое, як яна варыць, мяце падлогу? Ад гэтага ў ёй уздымаліся, вярэдзілі ганарлівую душу рэўнасць і злосць: гарадскія, грамацеі абое! Тады мацнела, пякло нездавальненне: трапіла ў шчасце, служка, прыбіральшчыца! У ёй расла непрыхільнасць да абаіх. Уздымалася ў душы дзёрзкасць, што рвалася на свет.

– А вы, якія ў вас планы? – зірнуў нарэшце Башлыкоў на яе.

– Вялікія! У мяне кожны дзень – вялікія планы! – Яна ледзь стрымлівала сябе. – Пойла зрабіць. Карову накарміць. Падаіць. Печ выпаліць. Выпаліць грубкі. Памыць падлогу…

Ён адчуў яе настрой. Зніякавеў крыху, хацеў паправіцца:

– Мне здаецца, вы да большага здатны…

– Мало што можа здавацца! – нелагодна перабіла яна. Цішэй ужо, стараючыся вярнуць спакойную кплівасць сваю, дадала: – Гэта так – з выгляду я такая. Нібы разумная. А папраўдзе…

– Ганна! – знарок весела папракнула Параска, якая дасюль са здзіўленнем углядвалася ў Ганну. Засмяялася знарок: – От выдумала!

– Чаго выдумала! Ці ж не такая я?

– Вы – граматная? – пастараўся прытушыць спрэчку Башлыкоў.

– Дзе там! Навука не па мне. Галава не тая.

– А вы вучыліся?

– А няўжэ ж не?

– Брэша яна, брэша! – абурылася Параска. – Розуму ў яе – на пецярых. Доля ў яе от – няскладная…

– Ах, Параскева Андрэеўна! Ну нашто вы ето! Доля. Ці доля – горб ад Бога? Доля – ад чалавека! Ад розуму!.. – Стрымана, кпліва папракнула: – Нашто хлусіць таварышу сакратару. – Яна раптам ветліва, гасцінна зірнула на госця: – Ешце бабку! Не крыўдуйце!

Башлыкоў больш не распытваў яе. Яна хоць тым была давольна: не хапала, каб ён палез у яе долю, вучыць стаў, што трэба было рабіць, а чаго не трэба! Параска, выхопліваючы момант, калі Башлыкоў не глядзеў, пакручвала нядобра галавой: што ты гэта выдумала? Але яна падавала выгляд, што не разумее Парасчыных знакаў, старалася хаваць неспакой. Зрабіла тое, што трэба было. Дайшло там да іх ці не дайшло, а хоць сябе паставіла як належыць.

Спрэчка гэта, раптоўная злосць, што яшчэ жыла ў ёй, аддалілі зноў Башлыкова. Цяпер ужо і знаку не было той дзіўнай паразумеласці, якая чулася там, на кухні, і спачатку тут, за сталом. Тое насцярожлівае, што паявілася раптам тут, было зусім іншым, яно адразу аддаліла, зрабіла іх чужымі.

На хвіліну Параска кудысьці выйшла, і, калі яны засталіся адзін на адзін, гэта насцярожаная чужасць адчулася яшчэ вастрэй. Нядобрае, нацятае было маўчанне…

Ганна была давольна, калі Параска вярнулася. Параска ўмомант разагнала маўчанне.

4

Калі скончылі вячэраць, Ганна ўзялася прыбіраць са стала. Параска весела памагала ёй: прыбрала тое, што Ганна не змагла забраць, услед за ёй вынесла ў кухню.

Яна амаль адразу ж вярнулася да госця, а Ганна засталася на кухні – мыла, выцірала посуд, складвала на палічцы над лаўкай. Яна хутка скончыла гэта, спынілася ў роздуме – што цяпер рабіць? Можна было б вярнуцца ў Парасчын пакой, але яна тут жа стрымала сябе. Чаго ёй тырчаць там з імі? У іх свой інтарэс, свая гаворка.

Яна, хоць старалася не слухаць, чула: у пакоі гаманілі. У роўную, скупую на словы гаворку госця ўнізваўся звонкі, знарок вясёлы і ўпэўнены Парасчын галасок. Госць, адзначыла, гаварыў мала, гаворка ішла ўвесь час з перапынкамі, але гэтыя маўчанкі, што раз-пораз наступалі там, хвалявалі Ганну больш за гаворкі. Мабыць жа, не так сабе яны маўчалі.

Кожны раз пасля такой маўчанкі Парасчын галасок, здавалася, спяваў усё весялей. «Толькі і не хапае там мяне», – кпліва падумала Ганна.

Але сядзець на кухні адной мала было весялосці. Не ведаючы, што рабіць, яна пашкадавала, што ў школе ціха, пуста, што людзі так доўга збіраюцца. Не спяшаюцца на сход. І наогул – не спяшаюцца. А сёння – дык асабліва.

Яна падалася ў цёмны калідор, прайшла паўз Парасчыны дзверы, знізу якіх вырэзвалася вясёлая палоска святла. Стала на ганку. У цемры ночы хаты і хлявы чарнелі маўклівыя, затоеныя. Ні аднаго голасу на вуліцы. Каб не рэдкія, цьмяныя агеньчыкі, можна было б падумаць, што сяло заснула. Што ніхто не прыйдзе.

З балота, з поўначы, густа ішоў вецер, халодны, сіверны. У святле з Парасчынага акна час ад часу мільгалі дробныя, ледзь відныя сняжынкі. Як бы дражніліся, абяцаючы даўно чаканы снег. Распранутая, у паркалёвай кофце, без хусткі, Ганна з ахвотай цярпела холад, што лез за шыю, за спіну, сцінаў бакі. Стрымліваючы дрыжыкі, што бралі ўсё мацней, яна чула, як ціхнуць смутак, адзінота, недарэчная зайздрасць чужому шчасцю.

«Трэба ж, дурная, – пазайздросціла!.. Як усё адно-мало паспытала ўжэ етай радасці!.. Закаяцца навек, здаецца, трэба б, кеб трохі розуму було!.. Дак не ж, не забула смаку той «радасці», як ужэ зайзрасць бярэ на чужую!.. І на чыю?!» Да яе зноў дайшоў вясёлы галасок з-за акна, і Ганна падумала: «Радая… І няхай – радуецца! Няхай цешыцца, калі ўдаецца!.. Не ва ўсіх жа так па-дурному буць павінно, як у мяне!.. Павінно ж буць у некаго шчасце! А калі павінно, то найперш у такіх, як яна. Як Параска. Такая кажнаго зробіць шчаслівым сама».

Яна ўспомніла, як Башлыкоў паявіўся, як хадзіў па хаце, унурыўшыся ў нешта сваё. Маўклівы, зацяты, недавольны, ён мала змяніўся і тады, калі ўбегла Параска. Мала паддаўся ёй. Ці дасць шчасце ён ёй? Шчасце ж робіць не адзін чалавек… Яна ўспомніла: суседка, Галіна Іванаўна, казала, што Башлыкоў не раз калісьці заязджаў да Параскі. Чаму ж цяпер ён так доўга не наведваўся? Заняты быў? Ды ці ж яму доўга было звярнуць са шляху? Зазірнуць на хвілінку? Да таго ж гэты сённяшні прыезд яго можна і не лічыць. Невядома, да каго ён найперш прыехаў. Паявіўся вунь толькі цяпер, калі абышоў сяло…

«Як паглядзіш, дак і не знаеш: ці любіць ён яе?» – прайшло ў яе галаве, і яна не адчула, што шкадуе Параску. Здалося нават, што давольна, што ў іх, можа быць, не ўсё гладка. Ёй стала няёмка, брыдка за сябе: нібы бядзе Параскі, сваёй збавіцельніцы, рада, і яна зазлавала на сябе. «Любіць не любіць – не знаеш! А што табе да таго?! Любіць! Любіць, канешне! Калі не дурны!»

Думкі яе ўчапіліся ў яго. Нібы ўбачыла зноў, як стаяла побач, льючы ваду з карца. Адчула дужасць яго рукі, якой памагаў вылезці ёй са склепа. Пасядзеўшы з ім за сталом, паслухаўшы яго скупыя, цвёрдыя заўвагі, яна мала што ўведала пра яго. Паглыблены ў сябе, скрытны, ён нібы знарок хаваў, што там у яго душы. Толькі адно Ганна добра адчула: ёй гэта асабліва кінулася ў вочы і адразу вылучыла, узняла нявіднага Башлыкова сярод іншых.

«Еты знае, куды ісці і што рабіць. І зробіць, што б там ні було», – падумала яна цяпер асабліва ясна. І ад таго, што гэта ў цяперашнім яе жыцці было самым важным, што ад гэтага залежала ўсё ў яе лёсе, адчула вялікую павагу да яго. «Еты не нам раўня», – прызнала яна яго перавагу. Тое ж, што так мала ведала яго, што ён быў незразумелы, яшчэ нібы прыдавала яму значэння.

«Не нашаго поля ягада…» Хтосьці рыпнуў дзвярыма, выйшаў на ганак, і яна азірнулася. Параска.

– Ты чаго тут? – здзівілася Параска.

– А от, пастаяць захацелася… – Параска была ў паліто, у хустцы. – А ты – куды?

– У сяло. Каб не сарвалі сход, чаго добрага.

У голасе яе Ганна ўлавіла прыхаваны смутак. Адчула вінаватасць за нядаўнія думкі, пашкадавала Параску.

– Ідзі ў хату. Прастудзішся. – Параска сышла з ганка, падалася ў цемру.

Вярнуўшыся ў хату, на кухню, Ганна доўга не магла сагрэцца. Прытулілася спіною да цёплай печкі, уціскала далоні ў цяплынь абтынкаванай цэглы, стрымліваючы дрыжыкі, чула за дзвярыма мерныя, няспынныя крокі. Раз, другі крокі набліжаліся да самых дзвярэй, прыпыняліся, і яна мімаволі чакала, што Башлыкоў зойдзе. Але крокі за гэтым аддаляліся. Яна падумала, што скажа, калі Башлыкоў загаворыць з ёю. Скажа, што ён чэрствы і нялюдскі, калі так абышоўся з такім чалавекам, як Параска. Дасць яму добры ўрок.

Потым яна перастала чакаць, зразумела, што ён не зойдзе. У яго сваё на думках. Свой клопат, зусім іншы. Падумала звыкла: можа б, запаліць ужо лямпы ў класах, але стрымала сябе – рана яшчэ. Чаго свяціць у пустым пакоі. Тым больш што сход будзе, пэўне, доўгі. Пагарыць яшчэ газы…

Ганна ўзрадавалася, калі пачула крокі на ганку. Ухапіла запалкі, хутка падалася ў калідор. Прыйшлі Барыс Казачэнка і Дубадзел.

– Чаму святла няма? – патрабавальна сустрэў Дубадзел. Не так запытаўся, як пагразіў.

– Няма для каго свяціць, – спакойна заявіла Ганна.

– Таму і няма нікого, што цёмно! – павысіў голас Дубадзел. – Хто будзе ісці, калі цёмно ў вокнах!

– Хто захоча, прыйдзе.

Адчыніліся дзверы з Парасчынага пакоя, і ў светлай пройме паявілася постаць Башлыкова. Ад таго, што святло было ззаду, постаць віднелася цёмнай і твар ледзь быў бачны. Башлыкоў павёў галавою, аглядваючы ўсіх, мабыць, стараючыся зразумець, пра што была гаворка.

– Ну што? – спытаў ён праз момант Дубадзела строга і патрабавальна.

Дубадзел стаяў выпрастаны, усім сваім выглядам паказваючы павагу і адданасць. Нібы і не ён толькі што гразіўся Ганне.

– Аб'явілі, – амаль тонам рапарта адказаў ён.

– Усім? – У голасе Башлыкова не знікла патрабавальнасць.

– Усім. Некаторым – па два і тры разы.

– Усім, – памог Дубадзелу Барыс.

– Святла от няма, – Дубадзел як бы пазваў Башлыкова на падтрымку, зноў пагрозна павёў вачыма на Ганну.

– Ды будзе святло! – Ганна нібы засмяялася з яго кпліва.

Не хапаючыся, з годнасцю пайшла ў цемру класа, запаліла лямпу ў адным, потым у другім пакоі. Дзверы між пакояў былі расчынены на адну палавіну, яна адчапіла зашчапку і адчыніла другую – расхінула дзверы на ўсю шырыню. Расхінула дзверы ў калідор.

Тады, калі яна гэта рабіла, Башлыкоў, а за ім Дубадзел і Барыс таксама зайшлі ў клас. Башлыкоў строгім позіркам агледзеў пакой – парты, праходы між іх, плакаты на сцяне. Усё моўчкі, невядома што тоячы. Не сказаў нічога, лёгкім, цвёрдым крокам падаўся ў другі пакой, агледзеў таксама. Ганна цікаўна сачыла за ім, бачыла: цяпер ён быў яшчэ больш незразумелы, загадкавы.

Вярнуўшыся ў першы пакой, ужо каля дзвярэй ён стаў, павярнуўся да Дубадзела і Барыса, сказаў важка:

– Трэба забяспечыць стопрацэнтную яўку ўсіх калгаснікаў. Усе да аднаго павінны быць.

Ён гаварыў і глядзеў так, нібы хацеў перадаць, як усё гэта важна. І як бы папярэджваючы, што ўся адказнасць за няяўку ляжа на іх. Разам з адказнасцю за тое, што ўжо здарылася.

– Мы аб'явілі ўжэ – па два, па тры разы, – пачаў быў Дубадзел, нібы супакойваючы і разам выказваючы сваю стараннасць. Але Башлыкоў так зірнуў, што ён змоўк: апраўдваючыся і стараючыся падмацаваць уражанне дзелавітасці сваёй, дадаў асцярожна: – Не тое што акціў, а і школьнікаў мабілізавалі – каб прасачылі за яўкай!

– Яно і відаць, як вы мабілізавалі! Дамабілізавалі да таго, што выпраўляць становішча трэба!..

Башлыкоў, недавольны, падаўся ў Парасчын пакой. Дубадзел і Барыс хвіліну стаялі ў роздуме, мабыць, разважаючы, што рабіць, потым Дубадзел рашуча закінуў вайсковую сумку за спіну, кіўнуў Барысу: «Пайшлі!» – і яны зніклі ў калідоры.

Ганна засталася ў пакоі. Стараючыся не слухаць крокаў Башлыкова за калідорам і разам з тым дзіўна ловячы ўсё, што адтуль ішло, востра адчуваючы, што ён там, неспакойны, трывожны, – яна знарок нецярпліва чакала: калі ж гэта пачуюцца галасы на дварэ, калі ж гэта пачнуць сыходзіцца. Яна ўзрадавалася, калі на ганку пачуліся тупат і з ім валтузня за дзвярыма; адразу здагадалася, што – дзеці, ахвотна адчыніла дзверы і весела загадала ўваходзіць.

Увалілася адразу цэлая чарада хлопчыкаў і дзяўчат – школьнікаў. Выткнуўшыся з калідора на святло, усе раптам сціснуліся каля дзвярэй, прыціхлі; паглядваючы насцярожана на Ганну, сталі падштурхоўваць адно аднаго, шморгаць насамі. Ганна загадала ім праходзіць, яны момант павагаліся, нясмела рушылі да парт, паселі.

«Першыя наведвальнікі. Акцівісты!» – мімаволі пажартавала сама сабе Ганна.

– Што ж ето вы бацькоў не папрыводзілі? – папракнула вельмі сур'ёзна малых.

Ёй адказаў рознагалосы гоман:

– Прыйдуць шчэ…

– Сабіраюцца…

– Унё, ён паслухае мяне!

– Куёўдзяцца недзе!..

Яна хутка адчула, што лішняя пакуль тут, і выйшла на кухню. Паспрабавала рабіць, што трэба; хоць стрымлівала сябе, зноў слухала, што чуваць за дзвярыма, у Парасчыным пакоі, мімаволі гадала, пра што ён думае, што адчувае, незвычайны, незразумелы чалавек. «Цьфу, прыліпла!» – зазлавала яна хутка на сябе і падалася да класа, у які, яна чула, зайшло некалькі чалавек. У пакоі былі жанкі, сярод іх Ганне адразу кінуліся ў вочы даўняя знаёмая Годля, глінішчанская швейка, і рослая, дужая цётка Маня, пра якую гаворкі таксама хадзілі ў Куранях, але з якой Ганна пазнаёмілася толькі нядаўна. Пра цётку Маню гаворкі ішлі, пэўна, далёка: казалі, неяк у Алешніках, каля млына, дзе сабраўся добры натоўп мужчын, счапілася яна неяк борацца з мужчынамі. З адным, з другім, з пятым – і ўсіх паклала. З той пары па сёлах ішла слава, што няма такога мужчыны, якога яна не паборала б. За гэтымі дыміла папяросінай яшчэ адна нядаўняя знаёмая, сухая і злая з выгляду, як вядзьмарка, старая, якую чамусьці звалі Гечыха. З мужчын быў адзін Годлін чалавек – Эля; уціснуўшы пад парту доўгія ногі, курыў з Гечыхаю – трымаў папяроску далікатна, няўмела. Курыў, было відаць, каб падтрымаць мужчынскую годнасць.

Амаль адразу за Ганнай з вуліцы паявіўся Апейка з Міканорам і Гайлісам. Сцягнуўшы з галавы стаўбун, расшпільваючы каўнер паддзёўкі, Апейка акінуў позіркам клас, голасна і весела адзначыў:

– Самыя смелыя ўжэ прыйшлі!

– Аге! Можно і пачынаць! – адгукнулася хрыплым басам Гечыха.

– Пачнем! – бадзёра запэўніў Апейка. – Толькі от трохі пачакаем іншых. Каб не наракалі потым, што – без іх.

Ён прайшоў да парт, стаў здаровацца за руку: з аднымі, маладзейшымі ці роўнымі яму па гадах, – як роўны, як таварыш, з жанкамі і старэйшымі – больш стрымана і пачціва. Амаль увесь час жартаваў. Гайліс стаяў каля дзвярэй: вузкі, у зашпіленым шынялі, глядзеў строгімі блакітнымі вочкамі, чакаў. Касцісты, са сцятымі вуснамі твар быў засяроджаны, няўсмешлівы.

Яны неўзабаве пайшлі ў Парасчын пакой. Амаль адразу пасля таго, як яны зніклі, з двара паявіўся зноў Казачэнка Барыс. Заклапочана акінуўшы вачыма пакой, ён кінуў позірк у суседні, заявіў насмешліва:

– Дзе ж ето мужчыны ўсе падзеліся? Ці мужчын ужэ не стало ў Глінішчах?

– Шкадуем… Беражэм!.. – адказаў знарок задзірыста хтосьці з жанчын.

– Мы што – не людзі?

– Аге! Не канешне мужчыны!

– Цётка Агапа, а дзе ж ето ваш Пятро? – не саступіў, насмешліва ўкалоў у дружны гоман Барыс. – Чаго ето ён вас прыслаў за сябе?

– Нядужы нешто, Барыско…

– І ваш Апанас занядужаў? – так жа едка пацікавіўся Барыс ужо ў іншай жанчыны.

Не стаў слухаць, паківаў галавою з папрокам, з абурэннем:

– Эх, людзі!..

Ён сабраў дзяцей, разаслаў па сяле – зваць мужчын, адразу ж сам зноў рушыў на вуліцу.

Прыйшло яшчэ некалькі мужчын. Па два, па адным. У світах, у кажухах. Выткнуўшыся з цемры на святло, хмурна мружыліся, пільна аглядваліся і, уткнуўшы галаву ў плечы, стараліся прашыцца між жанок за спіны пярэдніх. Некалькі мужчын у клас не пайшлі, тоўпіліся ў прыцемку калідора, нервова дымілі папяросамі. У прыцемку, каля дзвярэй, дыміў цыгаркаю і Чарнаштан Павел – старшыня былога калгаса. Дыміў, заўважыла Ганна, ніякава і падобна – безнадзейна.

Раз-пораз то там, то тут завязвалася гаворка, але яна амаль адразу ж ірвалася. І ў калідоры, і ў класах найбольш панавала маўклівасць, нядобрая, насцярожаная. Зацятае чаканне, адчувалася, поўніла людзей. Гэтая зацятасць мацнела, чым далей, тым больш. Чым больш сыходзілася народу.

Сярод маўклівасці і зацятасці асабліва вылучаліся двое мужчын, што сядзелі каля сцяны, нібы знарок на самым відавоку. Адзін – чырванатвары, дзіўна бесклапотны, мабыць, п'яны, а другі – худы, высушаны працай, з кепачкай на макаўцы. Чырвоны – лагодны і гаварлівы – штосьці расказваў: мабыць, непрыстойнае, бо мужчыны, хоць нявесела, пасмейваліся, а жанкі – адварочваліся, пляваліся. Сухі, з кепачкай, не смяяўся, уссеўшы на край парты, глядзеў навокал бясстрашна і задзірыста, нібы толькі і чакаў, каб счапіцца.

Раздзел чацверты

1

Было вельмі позна, але ўсё не пачыналі. Усё збіралі людзей. У пакоях ужо густа вісеў дым і ўсё часцей чуліся недавольныя галасы: «Дакуль жа ето ждаць?», «Ці да рання?».

Нарэшце дзверы з Парасчынага пакоя расчыніліся, і ў іх паявіўся заклапочаны Барыс, за ім – Дубадзел, важны і вельмі энергічны. За імі выйшлі стрыманы, цвёрды ў хадзе Башлыкоў, спакойны, нібы бесклапотны, Апейка, сабраны, нацяты Гайліс, сціплы Міканор. Апошнім, вінавата горбячыся, ступаў Чарнаштан.

Гоман, што прабіваўся там-сям, адразу апаў, але ў суседнім пакоі хтосьці гаманіў. На яго кінуліся нецярплівае шыканне, галасы: «Ціхо вы там!», «Пачынаецца ўжэ!». Пад гэтыя гукі Барыс зайшоў за стол.

– Дак е прапанова выбраць прэзідзіум, – аб'явіў ён у цішыні.

Барыс прачытаў з лістка паперы спіс. Спрэчак не было, прагаласавалі. У тым, як стрымана ўздымалі рукі, як пільна маўчалі, чакаючы далейшага, адчувалася, што насцярожанасць яшчэ павастрэла. З маўклівай насцярожанасцю сачылі, як заходзілі за стол, сядалі Гайліс, Апейка, Башлыкоў. Нават на сваіх аднавяскоўцаў, што ішлі ў прэзідыум, глядзелі недаверліва.

– А вы, цётко Мар'я, чаму не ідзеце? – паглядзеў Барыс у пакой.

– А чаго я там не бачыла? – адказала пракураным голасам Гечыха.

– Выбіралі. Значыць – трэба ісці.

Гэчыха адрэзала:

– А я не хочу!

Ускінуўся і адразу аціх смех. Барыс намерыўся ўступіць у спрэчку, але Апейка даў знак: не трэба. Пачынай сход.

Барыс стрымаўся. Памаўчаў, настроіўся на іншы лад.

– От што мы нарабілі з вамі, дзядзькі і цёткі, – пачаў ён засмучона, такім тонам, быццам запрашаў усіх раздзяліць агульную, вялікую бяду. – Нарабілі такое, што на ўвесь раён шум пайшоў. Усё раённае кіраўніцтва кінуло другія справы і зразу прыбуло к нам у Глінішча. На ўсё Глінішча мы палажылі пляму перад цэлым раёнам. Просто сорамно глядзець у вочы людзям. Што пра наша Глінішча ідзе такая слава. Што ў нас такі несазнацельны народ… Трэба адумацца, пакуль не позно!

– Хто шчэ хоча сказаць? – павёў ён вачыма па зале.

– Дай мне! – устаў з падаконніка Дубадзел. Яшчэ да таго, як Барыс даў згоду, Дубадзел рушыў да стала прэзідыума.

Момант стаяў моўчкі, сярод нацятай цішыні. Выцягнуў шыю, ускінуў галаву, рашучы, адважны.

– Граждане, а такжа гражданкі сяла Глінішча! І асобенно – калхознікі, якія ўчора разабралі сваю маёмасць і тым самым выйшлі з калхоза «Рассвет»! – Голас яго быў поўны настойлівасці і закліку. Нервова абцягнуўшы зашмальцаваны картовы пінжачок, Дубадзел, вастраплечы, з касцістым тварам, на якім крывіўся, торгаўся сіняваты шрам, імкліва кінуўся ў наступ: – Тут ужэ ў сваім выступленні Барыс Казачэнко, які выступаў перада мной, правільно сказаў, што вы сваім учарашнім паступкам паклалі пляму на ўсё сяло. Але ён не сказаў, што ета пляма, якую вы ўчора паклалі, легла не толькі на ваша сяло, а легла яна і на ўвесь сельсавет, Алешніцкі сельсавет, а такжа і на ўвесь Юравіцкі раён. Бо сваім паступкам, усім тым, што вы зрабілі, а іменно – тым, што вы самавольно расхваталі ў прошлом часных коней і кароў, а такжа свае ў прошлом часныя калёсы, плугі, бароны і ўвесь іншы абагулены інвентар, вы паказалі ўсяму народу, якое ў вас яшчэ мужыцкае, некалхознае нутро. Якое думае толькі пра сваю выгаду і якому напляваць на тое, што робіцца ў перадавом нашым раёне і ў нашым окрузе, а такжа ў нашым Савецкім Саюзе, які ў даны мамент акружаны з усіх бакоў рознай буржуазіяй, якая з усіх сіл стараецца задушыць наш Савецкі Саюз, а іменно – стараецца, штоб сарваць нашу пяцілетку, нашу індустрыялізацыю і калекцівізацыю, якія наносяць ёй смярцельны ўдар!

Дубадзел гаварыў амаль без прыпынку, усё высокім голасам – вінаваціў, заклікаў. Па тым, як ён гаварыў, адчувалася, што для яго не так важныя самі словы, думкі, якія ішлі часта без ладу, паўтараліся, – колькі тон прамовы, той запал, якім ён не даваў прытухаць ні на секунду.

– От рэжа! Як рэпу грызе! – сказаў нехта каля Ганны, у прыцемку калідора. Яна ўлавіла ў голасе непрыхільнасць.

– Стараецца! – адгукнуўся хтосьці іншы, хрыпаты, прастуджаны. – Прапіўся, паляцеў з сельсавета, дак цяпер са скуры лезе!

– Начальство ж унь, побач сядзіць! Заўважыць можа!

– Аж ахрып! І патыліца – умокла!..

Патыліца, праўда, мокла ад поту, Дубадзел нецярпліва раз-пораз выціраў яе далоняй. І хрып, што далей, то больш: усё часцей вымушан быў прыпыняцца, пракашлівацца. Але і не думаў канчаць гаворку. Ганна не першы раз дзівілася яго настойлівасці і ўпартасці. Здзіўленне яе, як і ў тых, што смалілі цыгаркі побач у прыцемку, было не толькі без якой-небудзь спагады, а рэзка непрыхільным: за ўсім тым, што гаварыў Дубадзел, увесь час адчувала яна жывога яго, даўно ўжо і непрыемна знаёмага ёй. «Даў жа Бог сілу чалавеку і зацятасць!..» – думала яна з насмешкай, цярпліва чакаючы, калі ж ён зможацца. Водзячы вострым позіркам па тварах людзей, што сядзелі ў пакоі, яна бачыла, што многія з іх таксама амаль не слухалі і чакалі таго ж самага. Вельмі ж добра вядома была ўсім асоба гарачага прамоўцы! Ганна захацела пабачыць, як слухае Дубадзела Башлыкоў, але з калідора відна была ёй толькі спіна. Усё ж яна суцешыла сябе: «Етаго не правядзе, пэўне! Еты бачыў ужэ такіх, не інакш!..»

2

Гайліс пасля Дубадзела загаварыў, здалося, незвычайна спакойна, ціха. Выпрастаны, у вайсковым кіцелі, з акуратна зачасанымі назад русявымі валасамі, стаяў ён за сталом і нехапатліва, старанна вымаўляючы кожнае слова, выразна выказваючы кожную думку, разважаў:

– Былі недахопы ў рабоце. Это – праўда. Былі. І недахопы немалыя. Вялікія… – Людзі і ў калідоры, і ў пакоях глядзелі моўчкі, пільна чакалі. Ён жа спакойна, важна клаў, нібы цагліны: – Чэсныя людзі работалі, работалі, а палучылі – мало. Дзвесце грамаў за дзень – это не палучка. Кілаграм картошкі – тожэ не палучка!..

– Не палучка! – выдыхнуў хтосьці побач з Ганнай.

– Правільно!

У калідоры і ў пакоях завірыў усхваляваны, гарачы гоман. Гайліс нерухома, быццам безуважна, пастаяў, перачакаў яго.

– Мало кармоў нарыхтовано, – павёў ён тым жа роўным, важкім голасам. – Скаціну вясной не будзет карміць чым. Саломай карміць трэба будзет. Скаціна будзет галадаць – это ўжэ відно… – Кожнае слова латыша адгукалася сярод слухачоў неспакойным гулам. У калідоры так гаманілі, што Ганне цяжка было слухаць. Хтосьці з мужчын не вытрываў, крыкнуў:

– Ціхо бо вы!

Слухаючы, як слова за словам строгі латыш маляваў невясёлае становішча ў калгасе, як рос нядобры гул, Башлыкоў, адзначыла Ганна, нецярпліва павярнуўся да Гайліса. Відаць, быў нездаволены кірункам яго выступлення. Але Гайліс не заўважыў – ці не хацеў заўважаць – башлыкоўскага позірку: вёў і вёў гаворку пра бядоты няўдалага калгаса. Толькі дамаляваўшы становішча, спыніўся.

– Канечно, тут дым без агня не бывает, – нібы падумаў ён услых. – Есць усякія прычыны. Віна есць… Вінавато кіраўніцтва калгаса. Праўленне, старшыня калгаса таварыш Чарнаштан. Это – правільно… Але, – голас Гайліса памацнеў, набраў упартасці, – вінаваты не толькі яны. Не адно кіраўніцтва. Вінаваты і вы самі! Калгаснікі. – Ён перачакаў гоман нездавальнення: – Які ўраджай сабралі?!

Ён глядзеў у залу, як суддзя, чакаў адказу. Адказаў Барыс Казачэнка:

– Жыта – чатыры з палавінаю цэнтнеры з гектара, картоплі – дзвесце трыццаць пудоў…

– Вот! Это не ўраджай!.. – заявіў строга Гайліс. – Чаму так палучылось? – Ён абвёў вачыма прыціхлы пакой, патрабаваў адказаць. Усе маўчалі. Адказаў сам: – Так палучылось таму, што – пагано аралі. Пагано сеялі. Пагано ўбіралі… Работалі не так, як на сябе. А як на паноў! – У цемры калідора завязалася нейкая спрэчка, у класе зноў рос гоман, але Гайліс не зважаў, вёў сваё. Многа дабра пакралі зладзеі. А нікога не паймалі. Гайліс судзіў непахісна: у калгасе не было парадку, дысцыпліны. А без парадку, дысцыпліны – няма работы. Або ёсць паганая работа… Ён заявіў горача: у калгасе павінна быць добрая дысцыпліна. І трэба працаваць – як на сябе, а не як на паноў! Скончыў, нібы распарадзіўся: трэба вярнуцца ў калгас! Умацоўваць яго!

Калі ён сеў, у абодвух пакоях хвалямі хадзіў гоман. Гаманілі і ў калідоры, каля Ганны, зацята зыркалі цыгаркамі. Гоман быў, чула Ганна, больш нездаволены, але Гайліс хоць бы варухнуўся за сталом.

Устаў Барыс.

– Здаецца, багато ахвотнікаў выступіць паявілася? – У голасе яго была кпіначка. – Дак хто хоча сказаць слово?

Гоман пачаў хутка сціхаць. Вочы амаль усіх скіраваліся да Барыса, але ніхто не прасіў слова.

– Няўжэ няма нікога?! – з кпінкай здзівіўся Барыс. – Столькі ж унь гуло!..

– Няхай начальство гаворыць! – крыкнуў задзірлівы худы, з кепачкай на макаўцы.

– Начальство ўжэ гаварыло! Добра було б паслухаць трохі і народ!

– Паслухаеце вы! – унізаўся злосна галасок.

– Аге!

3

Зноў пайшоў нядобры гоман. Барыс аб'явіў, што выступіць Міканор, сакратар алешніцкай партячэйкі. Міканор устаў, няёмка сутуліўся сярод гоману, тады як Барыс прасіў сціхнуць, паслухаць.

– Ужэ і куранёўцы вучыць будуць! – мацюкнуўся хтосьці ў прыцемку.

– Не кажы! Усе лезуць!

Ганна ад неспадзяванай прыкрасці стаілася, пачырванела. Тоячы крыўду, з асаблівай раўнівасцю сачыла за Міканорам: нібы яму трэба было абараніць гонар не толькі свой, а і яе, і ўсіх куранёўцаў. Адчула яго раптам самым блізкім сабе: адзін ён быў тут з яе роднага кутка, з яе маладосці.

Міканор пачаў таксама з дакору: усе глядзелі на Глінішчы – як на перадавую вёску, як на прыклад для іншых, на які трэба ўсім раўняцца. А выйшла так, што Глінішчы паказваюць цяпер прыклад таго, як не трэба рабіць.

– От ты і пакажы! – перабілі яго насмешлівым воклічам.

Барыс адразу моцна застукаў па стале, загадаў не перабіваць. Міканор перамаўчаў вокліч, маўкліва сцярпеў яго. Нібы не захацеў увязвацца ў спрэчку. Калгас распусціўся – стрымана вярнуўся да таго, на чым перапынілі, – і гэта ў такі час, калі Алешніцкі сельсавет у цэлым павярнуў на новую дарогу. Калі ў нас, не сакрэт, ёсць немалыя поспехі – асабліва ў калгасе «Камунар» і іншых. Апярэджваючы гоман, што стаў расці, Міканор тут жа адзначыў разважліва: канешне, у нас ёсць і калдобіны, і ў другіх, бывае, нягладка ўсё ідзе. Ён доўга гаварыў пра тое, як цяжка было спачатку наладжваць калгас у Куранях і як не ладзілася раней у «Камунары». За гэтым стаў расказваць пра тое, што трэба сельсавету зрабіць у гэты год. Гаварыў пра ўсё, што прыходзіла ў галаву, раскідана і дзіўна для яго няўпэўнена. Слухаючы яго, Ганна адчувала, што гісторыя гэта з глінішчанскім калгасам вельмі прыгнечвае яго, што ён не верыць, нібы сход можа паправіць штосьці. І гаворыць толькі таму, што трэба гаварыць па абавязку. Ганне спадабалася, што ён адчуваў настрой людзей і не задзіраўся, як звычайна ў Куранях, – гаварыў стрымана, сціпла.

За ім Барыс звонкім, давольным голасам аб'явіў:

– А зараз выступіць наша настаўніца – Параскева Андрэеўна Дарошка!

Параска пайшла да стала сваёй лёгкай, пругкай хадою, ледзь паводзячы звыкла плячыма, з вясёла ўзнятай галавой. Упэўнена паклала руку на край стала, з узнятай галавой павяла позіркам па пакоі. Ганна бачыла: проста вачавідкі адбылося незвычайнае – хмурныя, недаверлівыя твары па ўсім пакоі яснелі. Вочы глінішчанцаў глядзелі з прыхільнасцю і цікаўнасцю…

– О тут Барыс сказаў, – весела кіўнула яна на Барыса, – сказаў – зараз выступіць настаўніца!.. Я – настаўніца. Я – чалавек, якому па закону трэба вучыць. Мяне для гэтага рыхтавалі. Мне для гэтага далі многа розных парад. – Параска ўсё трымалася таго ж даверлівага, вясёлага ладу. – Вядома, могуць знайсціся такія разумныя людзі, якія скажуць, што я не наогул настаўніца, а школьная настаўніца! Што мая задача адна – вучыць школьнікаў! Ды яшчэ школьнікаў пачатковай школы, самых малых! Але так могуць казаць толькі людзі, якія носа не высоўвалі з горада. Не ведаюць, хто такі – настаўнік у вёсцы!.. Настаўнік у вёсцы, – у голасе пачулася гарэзнасць, – і кум, і сват, і – чорту брат!.. Павінен умець навучыць усяму і малога, і старога! Ён не можа сядзець толькі ў школе і не бачыць таго, што робіцца на вуліцы!.. І от я таксама, на стале кожны вечар – гара сшыткаў, стараюся не сядзець толькі ў школе. Адкладваю сшыткі на ноч, выходжу ў сяло! Паглядзець, што хто робіць! І што наогул у нас робіцца!.. І от я і цяпер гляджу – і стараюся разабрацца: што ж гэта ў нас робіцца?.. – Ганну не дзівілі ні бойкасць, ні знарокавая Парасчына шчырасць: ведала добра Параску. Бачыла, што Параска недарэмна старалася падступіцца. Па калідоры, па пакоі ішоў згодны, прыхільны гул. Жанкі ўздыхалі, ківалі галовамі: праўду кажа, хадзіла, глядзела, памагчы старалася! – Бачыла я, як гаравалі, бедавалі ўсе. І дзядзька Змітро, і цётка Мар'я, і цётка Гечыха, і ўсе іншыя… Бачыла я, як гаравалі, і думала сабе: няхай цяпер цяжка – потым лягчэй будзе! Наладзіцца!.. Быць не можа, каб не наладзілася! У іншых жа ідзе на лад, чаму ж у нашых не наладзіцца?.. Хіба ж нашы горшыя, як другія? Хіба ў нашых рукі горшыя ці рабіць яны не прывучаны? Ці не такія разумныя?.. – Параска горка пашкадавала: – А вось жа не выйшла ў нас!.. Чаму?!. – Ганна пільна чакала: што яна далей скажа, як павядзе далей? Параска не адказала адразу. Толькі шчыра, разумна адзначыла: – Я ведаю, кожнаму з вас баліць. І мне таксама баліць, вельмі баліць… А калі баліць, то хочацца крычаць, а не думаць!.. Але не трэба і гарачыцца вельмі! – асцярожна параіла яна. – Трэба падумаць добра. Падумаць, што зрабіць, каб паправіць усё, што не так!..

– Думай не думай, адна трасца! – перабіў яе нечы безнадзейны басок: відаць, Гечыхі.

– Паламалася ўсё! Сам чорт не разбярэ!..

– Няма чаго папраўляць!..

– Не збівай хоць ты, Параска!

– Я хіба кажу, што гэта лёгка… Баліць, кажу, і мне… Трудна гэта… Я кажу, што не трэба гарачыцца… Падумаць цвяроза трэба…

Яна гаварыла і цяпер са шчырасцю і спагадай, з вопытнай дасведчанасцю, але яе ўжо, як і Міканора, не раз перабівалі, слухалі нязгодна. Спрачаліся, праўда, мякка – стрымлівалі, відаць, даўняя пашана да Параскі і яе спачувальная далікатнасць. Усё ж яна, хоць і хавала гэта, было відаць Ганне, трымалася няўпэўнена, бянтэжылася. Збівалася ў гаворцы, нялёгка знаходзіла доказы. Яна, заўсёды такая знаходлівая, хуткая…

4

Апейку сустрэлі насцярожанай увагай. Ён жа падняўся ленавата, з нейкай нядбайнасцю хіліў галаву. Ва ўсёй постаці была дзіўная расслабленасць.

– Была ў нас калісьці гісторыя… – мірна, паблажліва загаварыў ён. Загаварыў так, быццам вагаўся: гаварыць ці не гаварыць. – Я быў тады смаркачом. Чужыя агароды правяраў… Пажаніліся ў нас хлопец з дзеўкай. Ён быў наш, праз дзве хаты жыў, Іван, канешне, зваўся. А дзеўка з-за ракі, з Барбарова. Алена… – Ён пальцам будзённа пачасаў макаўку. Успомнілася – от і гаворыць. Вочы глядзелі на яго збольшага спакайней. Дзе-нідзе – з цікаўнасцю. – Дзеўка – як дзеўка. І хлопец – як хлопец… Але от пабраліся, аддзялілі іх. Хатку сваяцтва скляпала. Сталі жыць сабе. Самі па сабе… Не ўломкі, старацельны хлопец ён. І яна – як тая мурашка. З рання да вечара – у полі, у хляве. Шчыруюць абое… Не ўломкі… А от што выйшла… Пасеялі. Нізінка ў іх была. Дак вясной усё вымакла. Сена накасілі. Дождж. Пагніло… Зімой у нас каля ракі – ночы вялікія. І лучыны мало. Дак – дзело маладое – летам яна ўжо раджаць гатова. А часу няма. Усё – на бягу. На бягу, у разоры, і радзіла!.. Мёртвае!.. Як наканаваў хто – то адно, то другое. Як напасць якая! Не там – дык тут!.. Праўда, калі разабрацца, дык і самі там-тут вінаватыя. Маладыя, нявопытныя… Яно, можа б, і нічога ўсё – мала ў каго не бывае! Толькі ж яны да ўсяго папаліся і гарачыя. Як от некаторыя ў нас, у Глінішчах! – падчапіў раптам Апейка. Барыс засмяяўся. Засмяялася яшчэ некалькі з тых, што глядзелі насустрач. – Яна – што не так – на яго, ён – на яе. Такая-сякая! А часам і з кулакамі!.. Яна вартая была яго. Ён ёй слова, яна – два! Век на іх двары гвалт! Як на юравіцкім базары ў нядзелю! – Зноў пайшоў смяшок. Апейка ж будзённа павёў далей: – Чубіліся, чубіліся. Не вытрывала яна. Уцякла! Чалавек яе спачатку: ну, няхай! Можа, і на лепшае! А потым – жаль узяў. Ды і гонар мужчынскі, мабыць, загаварыў!.. Адно – калі ты кідаеш, а калі цябе – ето саўсім другое!

– Аге! – чула адгукнулася некалькі галасоў. Найбольш – жанкі.

– Зашчымела ў Іванавым сэрцы! – паспачуваў Апейка. – А тут – матка і бацько з угаворамі. «Дзе ето відано такое! Пазаві!..» Угаварылі. Селі на паром – і цераз раку. Што там было – не чуў. Не скажу. А толькі – прывозяць яе… Ва-ажная прыехала!.. А ўсё-такі ўжэ не крычыць! А пра яго і казаць не трэба: цішэй вады. Абыходлівы – не пазнаць! Людзям ужэ нудна стало – спектакля няма!.. Зімой ён – на заработкі ў лес. Вясной добра ўгнаіў, пасеяў у пару. Лета ўдалае. Добра выспела ўсё. Да збожжа – сена добрае… Парадак стаў. Даўно ето было, – задумаўся, пастражэў голас Апейкі. – Як я яшчэ цялят не ганяў. Даўно ўжэ абое пастарэлі. А жывуць усё разам. Жывуць – не горай, як людзі… Усяляк, праўда, і цяпер часам бывае: загаворыць раптам гарачая кроў. А не чубяцца, як было. І не кідаюцца ў розныя бакі. Ведаюць: жыццё пражыць – усяго пабачыць. Не трэба адразу – у адчай!.. – Не разабраць было спачатку: ці то разважаў проста, ці раіў. – Усякая гаспадарка цяжка зладжваецца. Не адразу – бывае – усё складна выходзіць. Трэба часам прыцерціся, як кажуць. Ето – што да сям'і, да двух чалавек. А што казаць ужэ пра вялікую гаспадарку. Пра калектыў.

Ён памаўчаў. Як бы даваў падумаць пра тое, што сказаў, ці збіраўся з думкамі.

– От тут я і хацеў бы сказаць, што думаю пра ваш калгас… – Ён гаварыў па-ранейшаму будзённа, але ўжо вельмі сур'ёзна, значна. – Вы можаце сказаць, што – позна. Аднак, я думаю, агледзецца з толкам не позна ніколі. Трэба разабрацца, высветліць усё. Трэба выясніць: што ж такое здарылася? У чым прычына, што так здарылася?.. Я згодзен з тым, што сказаў таварыш Гайліс пра ўраджай і пра дысцыпліну. Я лічу, што таварыш Гайліс асабліва правільна сказаў: вялікая віна ва ўсім кіраўніцтва. У тым ліку і наша віна – што не паправілі ў час, не папярэдзілі… Мы з гэтай няўдачы зробім вывады. Мы паправім памылкі. – Ён павёў вачыма па ўсіх, хто быў у прэзідыуме, як бы паказваючы: тое, пра што ён гаворыць, усе гатовы ўзяць на сябе. Чарнаштан глядзеў спадылба на стол, выгляд быў такі, як бы яго гняла гэта віна найбольш. Як на судзе падсудны. Гайліс таксама, здавалася, гатоў быў узяць сваю частку віны. Башлыкоў, падобна, віны за сабой не бачыў. Апейка нібы не заўважыў гэтага, кіўнуў у залу: от прызнаём сваю віну. – Але і вы павінны прызнаць свае! – Ён, аднак, не стаў ушчуваць надта: нашто перабіраць тое, што было, яно і так добра вядома. Вінаваты ўсе. Лепш падумаць разам, як зрабіць, каб не было такога. – От я і хацеў бы даць парады на будучае… Што трэба ўлічыць вам на будучае?.. Першае, – раіў ён па-сяброўску, – не карміць болей гультаёў і трутняў! Карміць толькі тых, хто дае карысць. Па долі той карысці, якую кожны дае. Хто больш – таму больш, хто менш – таму менш. А таму, хто бокі абіваў, – дулю!.. – Неспакойны гул ухваліў яго. – Трэба паставіць добры ўлік. Усё лічыць: працу, прыбытак, палучку. Кожную капейку, кожны грам – на ўлік. Усім, у каго рукі лішне доўгія, – па руках… Адным словам – кантроль ва ўсім. Строгі кантроль. Калі не ўстановіце кантроль – усё прападзе. Ніякага дабра не хопіць!..

«От хітры, – падумала Ганна. – Гаворыць так, нібы яны яшчэ ў калгасе! Па-калгаснаму настрайвае!..» Заўважыла: прамова Апейкі растрывожыла людзей, ішоў гоман, чуліся воклічы, але воклічы былі нейкія дзелавітыя: папракалі – кармілі трутняў, разбазарвалі дабро!..

– Хто рабіў, хто не рабіў – усё адно! Кожнаму палачка!

– Хто ўрваў, той і спажыў!..

– Якая тут ахвота – старацца! Карак гнуць!..

– Усё ветрам пайшло!..

Калі Барыс устаў, гоман, воклічы пачалі хутка спадаць. Ён дачакаўся поўнай цішыні, важна, як асаблівую падзею, аб'явіў:

– А зараз выступіць сакратар райкома таварыш Башлыкоў!

5

Вочы ўсіх – мноства вачэй – глядзелі толькі на яго. Перасталі дыміць у калідоры, падступілі да дзвярэй. Сціснуліся так, што нельга было варухнуцца. Ганне сцінала дыханне.

Бачачы, як глядзяць на яго, як чакаюць, што ён скажа, разумеючы, як цяжка будзе яму разбіць насцярожанасць, Ганна раптам пачала хвалявацца за яго. Яе не супакойвала тое, што ён, адзначыла сабе, трымаўся спакойна, упэўнена.

І тон, і выгляд яго паказвалі, што тое, аб чым ён павінен будзе сказаць, вельмі сур'ёзнае і нядобрае і паставіцца да ўсяго гэтага трэба належна сурова.

Ён пачаў з міжнароднага становішча. Галоўная асаблівасць міжнароднага становішча СССР, сказаў ён, у тым, што Савецкі Саюз – адзіная рабоча-сялянская дзяржава – з усіх бакоў акружаны капіталістычнымі дзяржавамі, якія вядуць раз'юшаную барацьбу з намі. З той жа строгасцю на твары, з жорсткімі складкамі каля рота Башлыкоў стаў гнеўна расказваць пра разнастайныя злосныя ўчынкі і шкодніцтвы, якія арганізоўваюць капіталістычныя дзяржавы і іх паслугачы для таго, каб сарваць будаўніцтва сацыялізма ў СССР і, нарэшце, знішчыць Савецкі Саюз. Адабраць заводы ад рабочых, ад сялян – зямлю. У сваёй звярынай нянавісці да Савецкага Саюза, бачачы, што Савецкі Саюз не толькі не гіне, а ўсё ўзмацняецца, яны ўпарта выношваюць планы крывавай вайны супраць нас. І тон, якім усё гаварылася, і тое, што малявалася за словамі, асабліва пагрознае – адбяруць зямлю, пойдуць вайной, прынясуць знішчэнне, смерць, – гэта моцна падзейнічала на ўсіх, хто слухаў. Цішыня была важкая, трывожная.

Вайна ў любы момант, паказваў Башлыкоў, гатова ўварвацца ў нашы гарады і сёлы. У нашы хаты. Паліць наша дабро, прымусіць туляцца па лясах нашых дзяцей, нашы сем'і. Вайна ўвесь час стаіць каля граніцы Савецкага Саюза. Вораг гатоў выкарыстаць любую нашу слабасць, любы зручны момант. Гэта абавязвае нас быць увесь час напагатове, трымаць порах сухім. Не дапускаць ніякай слабасці ў нашых радах.

Ганна лавіла кожнае яго слова. Яго клопатнасць, трывога і яго гнеў хвалявалі Ганну, уводзілі яе ў свет, які яна не ведала і які, аказваецца, так гразіўся ёй, усім людзям, і гэтым, і многім іншым на свеце, што жывуць бесклапотна, слепа. Яго хваляванне пра ўсё гэта і між усяго – таксама ж і пра яе, зноў непрыкметна і хораша збліжалі яе з ім, ядналі. Узрушаная, захопленая тым, што ён гаворыць, яна раз і другі дзівілася, як ён багата ведае. Ведае, што робіцца на ўсім свеце. «Було за што паставіць над раёнам! – падумала з гонарам і неадступнай рэўнасцю. – Е ж такія адукаваныя!..»

Ёй падабалася дзіўна тое, што ён часам гаворыць не так, як іншыя, быццам незразумела, па-вучонаму: да таго адукаваны, што дацягнуцца няпроста.

Строгім, трывожным быў Башлыкоў і тады, калі пачаў расказваць, што робіцца ў нашай краіне. Унутры СССР бальшавіцкае наступленне, адкрыта паведаміў ён, ідзе ў няспыннай барацьбе з самымі рознымі варожымі сіламі, якія ўсімі спосабамі імкнуцца падарваць нашу краіну знутры… Не зважаючы на тое, што бальшавіцкая партыя вядзе бой з ворагамі ўсіх масцей, гэтае супраціўленне не толькі не заціхае, а ўсё абвастраецца і стварае яшчэ большыя цяжкасці на нашым шляху. І калі мы ўсё ж дабіліся вялізных поспехаў у будаўніцтве сацыялізма, то гэта толькі гаворыць пра непераможную сілу Савецкага Саюза… Голас Башлыкова палагоднеў, нават павесялеў, калі ён з захапленнем, многімі прыкладамі, пачаў расказваць, як ператварае Савецкую краіну індустрыялізацыя, што разгортваецца па плану пяцігодкі. Далёкія Магнітагорск, Чэлябінск, Харкаў раптам аказаліся быццам блізкімі сваякамі і памочнікамі іх Глінішчаў, іх надзейнымі абаронцамі. Праўда, Ганна заўважыла, што тут увага да Башлыкова і яго ўплыў на людзей прыкметна паслабелі. Людзі варушыліся, у вачах паявіліся нецікаўнасць, недавер'е. Нібы казаў пра неабавязковае і пра такое, пра што можна варажыць па-рознаму. У гэты момант прамова Башлыкова страціла багата сваёй сілы.

– Што мы маем у сельскай гаспадарцы? – Башлыкоў зрабіў паўзу, як бы даваў час падрыхтавацца да новага, вельмі важнага. У голасе яго былі трывога і цвёрдая мужнасць, калі ён пачаў расказваць, што наступленне ў вёсцы асабліва абвастрыла шалёнае супраціўленне варожых элементаў, якія, прадчуваючы сваю блізкую пагібель, не спыняюцца ні перад чым. Тут Ганна адчула, як залу зноў працяла пільная, насцярожаная цішыня. Усе зноў глядзелі на яго, чакалі… – Па ўсёй краіне кулакі і іх пасобнікі ў бяссільнай злосці ідуць паўсямесна на адкрытыя выступленні. Паляць калгасныя пабудовы, дамы сельскіх актывістаў, страляюць з абрэзаў селькораў… Яны думаюць, што гэтым звярыным тэрорам запалохаюць нас, сарвуць калектывізацыю! – Голас Башлыкова набыў сілы. Башлыкоў заявіў цвёрда: – Дарэмна яны разлічваюць на гэта! Бальшавікі не з палахлівага дзесятка! Кулацкая барацьба яшчэ больш згуртоўвае нашы рады! Рады бальшавікоў і перадавога сялянства!..

Сіла яго слоў, чула Ганна, была не так у саміх словах, як у тым, што было за гэтымі словамі, у тым пачуцці, з якім яны былі зліты. За ўсім адчувалася шчырая, непахісная пераконанасць, адданасць, якая прымушала прыціхаць недавер'е многіх, а Ганну проста звала, захапляла. Такога гарачага пераканання яна яшчэ не адчувала ні ў кога. Ад гэтага да ўсяго прымешваўся непатрэбны раўнівы сум…

– Па ўсёй краіне, – загаварыў ён раўней, але ўсё з той жа пераконанасцю, – нечуванымі тэмпамі разгортваецца масавая калектывізацыя… Па ўсяму Савецкаму Саюзу ёсць ужо не толькі такія раёны, дзе калектывізавана больш за пяцьдзесят працэнтаў, але ёсць і раёны суцэльнай калектывізацыі!.. Такія раёны ёсць у Паволжы, на Кубані, на Украіне, у важнейшых зернавых раёнах СССР. Ёсць такія раёны і ў нас, у Беларусі. Напрыклад, Клімавіцкі раён… Ідзе справа да суцэльнай калектывізацыі і ў нас. Мы паставілі пытанне аб тым, – голас Башлыкова зноў набыў асаблівую значнасць, – каб і наш, Юравіцкі раён, уключылі ў вышэйшую групу па калектывізацыі, і ў ЦК падтрымалі нас. Мы ўзялі ўдарную, бальшавіцкую задачу: да вясны наступнага, 1930 года калектывізаваць раён на ўсе сто працэнтаў!.. Мы паставілі гэту задачу, – загаварыў Башлыкоў моцна, нібы вылучыў, – і мы яе выканаем! Нягледзячы ні на што!

У пакоях, у калідоры была цішыня. Быў момант – здалося, усіх апанавала здранцвенне. Перасталі раптам дыміць цыгаркамі, сапці побач. З павагай і раўніва Ганна адчула: гэты зробіць! Што захоча – зробіць! От сіла!..

– У гэтым святле ўсім павінна быць ясна, – голас яго пацішэў, стаў дзелавіта стрыманым, – якое значэнне надае райком таму, што адбылося ў вашым калгасе. Гэта ўдар па ўсяму раёну. Таварыш Дубадзел правільна сказаў… Таму мы павінны прынцыпова ўскрыць прычыны, якія давялі да ўсяго гэтага. Тут таварышы, якія выступалі, называлі розныя прычыны, каб вытлумачыць тое, што здарылася. Чаму разваліўся калгас… Яны назвалі многа прычын, – у голасе Башлыкова пачулася стрыманая насмешка. – Але не назвалі галоўнай… Галоўная прычына – не будзем заплюшчваць вочы, назавём рэчы сваімі імёнамі! – сур'ёзная, палітычная. Калгас распаўся, – загаварыў Башлыкоў, вылучаючы кожнае слова, – у выніку варожай дзейнасці! Калгас падарвалі – яўнымі і скрытымі метадамі – кулацкія элементы!.. Таму тое, што адбылося тут, райком разглядае як палітычную з'яву, якая патрабуе палітычных вывадаў і мер. Бязлітасных мер.

Варожыя сілы ўсіх масцей, – загаварыў ён выразна, дужа, – дзейнічаюць шырокім фронтам. Яны дзейнічаюць у міжнародным маштабе і на ўнутраным фронце. Яны не грэбуюць нічым, каб падарваць нас. Яны шкодзяць нам і ў вялікіх, дзяржаўных, справах, і ў малых. У любым сяле, у любым калгасе…

Класавы вораг дзейнічае. І мы таксама, – голас Башлыкова ўсё цвярдзеў, – будзем дзейнічаць! Мы будзем бязлітасна біць па ворагу і яго пасобніках! Дзе б яны ні вылезлі!

У святле ўсяго таго, што я сказаў, – Башлыкоў, было відаць, сабраўся канчаць, – райком заклікае ўсіх калгаснікаў вёскі Глінішча вярнуцца ў калгас, аднавіць яго. Ударыць па ворагу нашай аб'яднанай сілай, калгасам!

Ён сеў. Была цішыня. Хоць бы хто кашлянуў. Хоць бы варухнуўся хто. Была разгубленасць перад ім. Перад сілай і праўдай, якую выставіў ён. І якую раптам адчулі так моцна. Потым Ганна заўважыла, як з калідора перасталі ціснуць, пачалі адступаць ад дзвярэй, у цемру. Заварушыліся ў пакоі, задымілі, хтосьці закашляў.

Схамянуўся, узняўся Барыс:

– Хто шчэ хоча сказаць?

Ён павёў галавой па класе. Адводзілі позіркі, апускалі вочы, смалілі цыгаркі. Пачакаў. Ніхто не адгукаўся.

– Няма ахвотнікаў?

– Хваціць ужэ! – заявіла спакойна і важка цётка Маня. – І так позно!

Як бы чакалі гэтага, адразу, нецярпліва падхапілі. Па пакоі, у калідоры пайшло:

– Аге! Развідняе ўжэ скоро!.. Дзень унь!..

– Пагаварылі ўжэ!.. Сколькі ж гаварыць!

– Хваціць!..

Барыс нахіліўся да Башлыкова. Той нешта гаварыў яму.

– Ну, калі няма ахвотнікаў, – сказаў Барыс прымірэнча, – дак трэба прыняць рашэнне.

– Якое шчэ рашэнне? – востра нацэлілася Гечыха. Зноў засмактала папяросіну, але вачэй не адвяла. У пакоі ўсе глядзелі на Барыса, чакалі.

– Ну, рашэнне, што мы, – стрымана, з годнасцю павёў Барыс, – аднаўляем калгас. І ўсе, каторыя выйшлі, вяртаемся назад… І будзем работаць, як раней…

Момант зноў была цішыня. Цішыня напружаная і насцярожаная. Позіркі то неспакойна бегалі па тварах бліжніх, што сядзелі за сталамі, на сталах, то ўціналіся ў Барыса, у Башлыкова.

– А нашто ето канешне? – асцярожна запярэчыў хтосьці ззаду.

– Не трэба етаго! – адгукнуўся больш упэўнена другі голас.

Загрузка...