8

Гэта быў страшэнна пакутны шлях, ён адабраў усе невялікія іхнія сілы. Невядома, колькі гадзін яны паўзлі праз завею, але калі дабраліся да сцірты, зімовае сонца ўжо садзілася за небасхіл. У вышыні праз падраную смугу неба блішчала падталая льдзінка месяца, а яны, ушчэнт выкачаныя ў снезе, мокрыя ад поту, ляжалі ля сцірты і сіпавата, знясілена дыхалі. Шчарбак вельмі пакутаваў. Твар яго ўвачавідкі схуднеў, стаў шэры, вочы запалі пад лоб, хлопец прыкрыў іх пасінелымі вейкамі і ціха стагнаў. Цімошкін выцягся побач з сябрам, не здолеўшы нават запаўзці пад застрэшак, і не мог зладзіць з сэрцам, якое бяссільна калацілася ў грудзях. Навярэджаная яго параненая рука з разматляным бінтам нясцерпна торгала, бы нарывала. Змораны, прымоўклы, Блішчынскі сядзеў пад сціртай і атупела глядзеў на хутар. Яны ўжо не ведалі, як ім тут быць і як выбірацца далей — ісці ў іх не было ніякае сілы.

I ў такі вось час, калі ад знямогі мутнела ўваччу і ўсё на свеце было непатрэбна і абыякава, пачуўся спалоханы голас Блішчынскага:

— Немцы!!!

Гэта было самае горшае — іхняя пагібель, здаецца, падступіла ўпрытык. Але ўжо столькі было перанесена імі за апошнія дні, столькі выпакутавана, што гэтая страшная навіна не спалохам, а толькі самотнай тугою азвалася ў іх душы. Усё ж Цімошкін неяк устаў з долу і, перасільваючы ў сабе знямогласць, сеў на снезе. З-пад хутара, паўз дрэўцы, пэўна, па іхніх слядах, адзін за адным ішлі немцы.

Блішчынскі з нечаканым спрытам падхапіў аўтамат і падаўся за сцірту. У доле заварушыўся і прастагнаў Ваня. Ён прыўзняўся на руках, прыкусіў ад болю губу і ўгледзеўся ў звечарэлы прастор.

— Валодзя, — за сцірту! — пакутна моршчачыся, сказаў ён, і Цімошкін адчуў, што ім засталося адно — біцца.

I сілы яшчэ знайшлося. Цімошкін устаў, учапіўся адною рукой за Ваневу руку і сяк-так памог яму дацягнуцца да іх саламянага прытулку.

Але, кажуць, бяда не ходзіць адна. Не паспелі яны запаўзці ў застрэшак, як новая трывога — за маёра — зварухнула нутро Цімошкіна. Прыкрыты да паловы саломай, Андрэеў ляжаў, як і раней, і ягоны твар, прысыпаны снегавою мукой, здаваўся нежывы. Хлопец кінуўся да яго, крануў за плячо, трасянуў — ніводным рухам, ніводным знакам маёр не азваўся. Тады ён, вырываючы гузікі, расшпіліў ягоны шынель, прыпаў вухам да шырокіх нерухомых грудзей і хутка зразумеў, што ў іх ужо не засталося жыцця. Ён сказаў аб тым Шчарбаку, але той, спакучаны сваім болем, толькі курчыўся на саломе і маўчаў.

Немцы між тым таропка шыбавалі па ўзмежку — усяго іх было дванаццаць. Адзін адстаў нечага, прыгнуўся, пакорпаўся над сваім абуткам, пасля бягом даганяў пярэдніх. Далей і з боку ад іх, за хутарам, абыякавае да людское бяды, заходзіла чырвонае, патухлае сонца. Вецер патроху цішэў, і завея ў полі спакайнела. Ваня прыціснуўся да саломы ў доле, ён яшчэ болей збялеў і, пэўна, каб не стагнаць, моцна сціскаў сківіцы. У Блішчынскага нервова дрыжала пашчэнка, увесь ён неяк прыціх і разгублена шныпарыў вачмі па снегавым прасцягу.

Трэба было рыхтавацца да бойкі, і Шчарбак, павярнуўшы да хлопцаў твар, на якім ляжала выразная грымаса болю, раздражнёна крыкнуў:

— Ну, што стоўпіліся? Цімошкін — пад каня!.. Ты, пісар, — на той бок, за сцірту! Адбівацца будзем!

Блішчынскі, прыгнуўшыся, моўчкі шмыгнуў за сцірту, Цімошкін выйшаў з-за рога і пачаў мясціцца ў снезе ля конскага трупа. Ваня ўсё ляжаў ніцма пад сціртай.

— Ат, чорт!.. Закурыць бы! — ціха прастагнаў ён. Заўжды ў хвіліну, калі насоўвалася небяспека, ён прагнуў курыць. Звычайна ў такі час Цімошкін згортваў цыгарку, прыкурваў і соваў сябру ў зубы, а ён, не адрываючыся ад прыцэла, наводзіў гармату па пяхоце ці танках. Гэта памагала яму быць спакойным і роўна рабіць сваю справу. Цяпер жа курыва ў іх не было, і Ваня з болем і горыччу вылаяўся.

Яны пачалі чакаць. Каб ямчэй было ўцэліць, Цімошкін паклаў аўтамат на худы конскі загрывак, — страляць адною рукою было нязручна. Шанцаў выйсці жывымі з гэтага ліха ў іх было мала, калі б хоць удалося падпусціць ворагаў бліжэй. Наўрад ці будуць немцы атакоўваць іх, але агню зададуць, гэта хлопцы ведалі добра. Яшчэ кепска, што так мала было патронаў — па адным толькі дыску на аўтамат. Аднак прыдумаць што-небудзь другое ўжо было позна. Немцы павярнулі ад дрэўцаў і, абхопліваючы сцірту падковай, пачалі разыходзіцца ў полі. Яны пакуль што не стралялі, але, відаць, адчувалі, што будзе бойка, і, насцярожана ступаючы ў снезе, падыходзілі ўсё бліжэй.

— Ваня, бяры тых, што злева, а я — што справа, — сказаў Цімошкін сябру.

Шчарбак кіўнуў галавой. Яму, пэўна, гаварыць было цяжка, і выглядаў ён вельмі зняможана. У Цімошкіна балюча заныла ўнутры, не так за гэту бяду, як за Ваню, — чулася яму, што нямала пакут чакае хлопца з той яго ранай.

Тым часам паволі цямнела. Над хутарам расплылася ў небе лімонная жаўцізна з барвоваю паскай ля самай зямлі. Сінявая смуга залізвала, хавала далячынь, снегавую роўнядзь атулялі прыцемкі. На снезе, аднак, добра відаць была кожная постаць усіх дванаццаці немцаў, хоць падрабязней ніводнага з іх ужо нельга было разгледзець. Усярэдзіне яны радзей раздаліся ў бакі, а на флангах сціснуліся, — пэўна, фланговыя пабойваліся і не хацелі адрывацца ад астатніх.

I вось, не спыняючы хады, нехта даў першую аўтаматную чаргу — збоч у гурбіне штось гулка ляснула. Цімошкін здагадаўся — гэта па бочцы, і пасунуўся бліжэй да заснежанага каня. Праз дзесяць крокаў ад яго туліўся ў доле Ваня, вецер круціў над ім саламяную пацяруху і снегавы пыл.

Немцы пачалі лупіць з усяе зброі. Чэргі гулка калацілі звечарэлую ціш, кулі, бы палкамі, лупцавалі гэты канец сцірты. Яна церусіла ў падветраны бок саламянай трухой і мякінай, густа запарушвала белы свяжуткі снег. Цімошкін прыціснуўся галавой да конскага чэрава і напружана чакаў, калі ж урэшце пацішэе той іх першы агнявы напор.

I ён урэшце неяк раптоўна спыніўся зусім. Хлопец хапіўся за аўтамат — немцы былі зусім блізка, доўгім выгнутым ланцугом яны ахоплівалі сцірту. Адны беглі, другія таропка крочылі — у падаткнутых пад дзягі шынялях, у касках ці ў зімовых казыркастых шапках. Цімошкін зірнуў на Ваню — здаецца, той быў жывы, цярпліва ляжаў пад рогам сцірты і чакаў.

— Рус, здавайсь! — данёсся з поля далёкі, задыханы, чужы і вельмі варожы голас. Закрычалі і другія, і з паўхвіліны яшчэ хлопцы чулі:

— Рус, здавайсь!

— Еван!.. Капут!

— Рус капут, здавайсь!

Хто ведае чаму — не той іх шалёны агонь, а гэтыя нахабныя воклічы гарачымі абцугамі рванулі Цімошкіну душу. Здалося хлопцу, што сапраўды іншага ім выйсця няма, што ўратавацца яны ўжо не здолеюць і застаецца толькі адно — памерці ці здацца ў палон. Але ж палон! Колькі ўжо яны нагледзеліся і начуліся аб ім, — палон быў для іх горш за самую страшную смерць.

I тады, каб заглушыць у сабе безвыходную роспач і тыя варожыя крыкі, Цімошкін, не дужа старанна прыцэліўшыся, крамсануў па ланцугу чаргой. Пасля, упёршы магазін у змерзлую канячую лапатку, выпусціў запар некалькі кароткіх і частых чэргаў. Немцы страпянуліся, сёй-той кінуўся наперад, некаторыя пападалі ў снег, і зноў, хутка набіраючы лютасць, загрукацелі здаля іх аўтаматы.

Не, узяць хлопцаў тут было не так лёгка. Усё ж яны былі прыхаваны невялічкімі снегавымі ўзгоркамі ля сцірты, якія затулялі ад прыцэльнага агню. А ворагі відны былі як на далоні, ні аднаму з іх не было дзе схавацца. Калі б у гэтае тройкі было болей патронаў, дык, мусіць, яны б яшчэ адбіліся.

Але патронаў было вельмі мала для такой бойкі, і праз нейкі час Цімошкін ажно спалохаўся, падумаўшы, што магазін, мабыць, ужо апусцеў. Шчарбак таксама перастаў страляць. У наваколлі крыху пацішэла, толькі з боку ворага нейкі аўтамат сыпаў усюды кулі — у снег, у сцірту, недзе ў паветра над імі. Засмярдзела дымам — гэта ў сцірце, якраз у падстрэшку, дзе яны нядаўна хаваліся, нешта курылася, і вецер круціў, слаў у доле горкі смярдзючы дым.

— Валодзька! — гукнуў з дыму Шчарбак. — Дзе пісар?

Цімошкін крыху прыўзняў голаў і ўслухаўся, але за сціртай нічога не было чуваць — ніякага руху, ні стрэлаў — мусіць, нешта там здарылася. Праўда, хлопец і цяпер не вельмі шкадаваў Грышку — але ж у такі час патрэбны быў і Блішчынскі. Шчарбак, пэўна, ужо адышоўся ад нядаўняе злосці і цяпер клапаціўся і аб гэтым абаронцы.

— Споўзай туды: можа, паранілі, — усё моршчачыся ад болю, сказаў ён.

Сцірта ўсё болей дыміла, але агню не відаць было. Немцы ляжалі ў полі, нехта з іх ланцуга, мабыць паранены, папоўз да дрэўцаў, раз-пораз патрэсквалі аўтаматы. Падхапіўшы ля каня сваю зброю, Цімошкін паўзком пад сціртай падаўся на той бок, да Блішчынскага.

На локцях і каленях ён запоўз за сцірту, тут здалося хлопцу трошкі зацішней, і можна было прыўзняцца. У той час штось нечакана рванула на галаве яго шапку, яна тузанулася і налезла на самае вуха. Цімошкін азірнуўся, сарваў яе з галавы — на патыліцы ў шапцы з дзвюх свежых дзірак тырчала вата. Ён зноў насунуў яе і падаўся далей.

Але дзе ж гэты Блішчынскі? Цімошкін дапоўз пад сціртаю да яе доўгага боку, куды паўгадзіны назад кінуўся Грышка, і нідзе не ўбачыў яго. Спачатку нешта палахліва-самотнае варухнулася ў душы; аглядаючы наваколле, ён не ведаў, што і думаць. Але вось зусім блізенька, ад самой сцірты, ён убачыў сляды. Шырокія крокі нямецкіх абшытых валёнак крывуляста беглі па снезе ў тыл і знікалі ў недалёкіх кустах вінаградніку.

Дык вось што!

Умомант усё стала непапраўна выразна, хлопец аж застагнаў ад бяссільнае злосці і прыкрасці. Чаму ён не прыпоўз сюды на якую хвіліну раней? — такое шкадаванне перш за ўсё скаланула яго пачуцці. Калі б хоць здалёку ён убачыў, як уцякаў гэты гад, дык, не зважаючы на Івана і на нямецкі агонь, кінуўся б па тых ненавісных слядах і дагнаў бы яго. Але ён спазніўся, і земляка ўжо нідзе не было відаць.

За некалькі кароткіх хвілін, пакуль хлопец ляжаў пад кулямі за тою сціртай, цэлы рой устрывожаных думак пранёсся ў яго галаве.

Подлы, агідны чалавек! Чаму ён не даў тады Івану застрэліць яго? Чаму ён увесь час недарэчна стараніўся ўсяго нялюдскага ў ім, не хацеў з ім чапляцца і ўсё думаў, што людзі самі ўбачаць і пакараюць яго. Крыўдлівы боль сціснуў хлопцава сэрца ад усведамлення таго, што Блішчынскі праз яго бяспечнасць ашукаў іх, двух параненых, і тым падставіў пад смерць. Вядома, за іхнімі спінамі ён дарвецца цяпер да ратунку, выжыве, дачакаецца светлага дня і кляшчом увап’ецца ў новае, пасляваеннае жыццё — увап’ецца ў яго самае салодкае і мяккае месца. На ягоных грудзях будуць вісець баявыя медалі, у кішэнях будуць ляжаць паперкі, што дадуць яму патрэбныя правы ў жыцці, і ён будзе прапаведваць тое, у што сам не верыць, і здабываць сабе выгаду з тых пропаведзяў.

Распластаны на снезе, Цімошкін, мабыць, болей, чым паратунку, прагнуў помсты Блішчынскаму. Праўда, ён не ведаў тады, што б зрабіў з земляком — можа, застрэліў бы, а можа б, збіў яго ў горкі яблык, бо — разумеў — скардзіцца па закону на гэтага злыдня не было за што. Хіба ён выконваў з імі баявую задачу ці здрадзіў Радзіме? Яны нават не мелі пэўнага доказу таго, што ён на полі бою пакінуў жывога маёра. Ён вынесе да сваіх ягоную сумку з сакрэтнымі паперамі, прыдумае сабе якое геройства ды яшчэ нагаворыць на хлопцаў за тую гармату. Але ўсё ў Цімошкіне пратэставала супраць Блішчынскага, і ён тут пакляўся сабе, што, калі толькі выжыве, у што б там ні стала знойдзе пісара і люта адпомсціць яму.

Сцірта загарэлася недзе, і вецер настойліва раздзьмуваў у яе чэраве вялізны нябачны пажар. Дым сляпіў вочы і да кашлю драў горла. Збіты з панталыку новай бядой і не дужа імкнучыся ўхавацца, Цімошкін вярнуўся да Івана.

— Ну што?

Паранены павярнуў да яго спахмурнелы, схуднелы твар з вачыма, поўнымі клопату і ўласнага болю ды прытоенай трывогі.

— Уцёк! — не стаў хлопец таіцца ад сябра. — Збег праз вінаграднік.

Ваня не здзівіўся і не спалохаўся, а неяк вельмі моцна, да белых плямаў на шчоках, сцяў сківіцы і зацята паглядзеў у прастор.

— Падлюга!.. Цяпер нам канец.

Цімошкін стуліўся за снежным узгоркам недалёка ад сябра і пусціў у поле некалькі чэргаў. Немцы па адным перабягалі, набліжаючыся да сцірты, іх стрэлы раз-пораз гулка грукаталі ў марозным абшары і шкуматалі салому.

Цяпер канец — гэта пэўна — думаў хлопец. Бо куды ж яны дзенуцца без патронаў, знясіленыя і параненыя, акружаныя, адрэзаныя ад сваіх. Магчыма, іх спаляць, калі не заб’юць раней, чым разгарыцца гэта сцірта, або для допыту возьмуць у палон і там закатуюць, паб’юць, знішчаць. Як жа дорага абышлася яна, тая яго былая цярплівасць, нерашучасць, тое яго лянотнае нежаданне заядацца з сваім чалавекам-земляком. Цяпер — пакаранне, расплата за ўсё…

Але яны былі зусім маладыя і вельмі хацелі жыць. Жыць, каб дачакацца міру, свайго сціплага чалавечага шчасця ў жыцці. I яшчэ Цімошкін страшэнна не хацеў гінуць, выпусціўшы ў тое запаветна-нязнанае будучае жыццё выкрутлівую вужаку — Блішчынскага. I, пэўна, таму, што бунтавала-бруіла ў ім гэтая нескароная прага жыць, хлопец — галодны, знямоглы і паранены, той, што паўгадзіны назад не мог паварушыцца ў доле, — ускочыў на ногі і загадаў Шчарбаку:

— Бярыся за шыю!

— Што ты надумаў?

Сябра не зразумеў, здзівіўся, недаўменна зірнуў на яго, а затым з раптоўнай надзеяй узняў да ягоных плеч свае рукі. Цімошкін прысеў, падставіў Шчарбаку спіну, і яго вялікія пальцы ўчэпістым вузлом сцяліся на хлапечых грудзях. Цімошкін напяўся, напружыўся і, сабраўшы ў адно ўсе свае сілы, з страшэнным намаганнем падняў сябра і ступіў у снег — пад аўтаматны агонь і дым ад сцірты…

Загрузка...