1

...У той дзень ён, Іван, з самай раніцы пайшоў да Толіка. У Толіка была кніга, якую аднекуль прынесла маці. Называлася кніга «Палескія рабінзоны», і ў ёй надта ж цікава расказвалася пра прыгоды двух хлопцаў-равеснікаў Мірона і Віктара, якія зусім нечакана для сябе апынуліся адны на неабжытым востраве сярод вады. Пачаўшы чытаць кнігу напераменку ўголас, нельга было адарвацца — хацелася ведаць, як, не маючы ні лодкі, ні яды, хлопцы будуць жыць на тым востраве, як будуць шукаць выйсця — дарогі дадому. I таму ён, Іван, бачачы, што ні бацька, ні маці, ні дзед нікуды сёння не збіраюцца ісці ці ехаць — была якраз нядзеля — і яму не трэба глядзець маленькую Наташку, адпрасіўся, каб пайсці да Толіка.

— Хочам «Палескіх рабінзонаў» дачытаць,— сказаў ён.

— Добра, добра,— махнуў рукою бацька.— Ідзі. I ён, Іван, пайшоў.

Жыў Толік удваіх з маці ў баку ад вёскі, на выселках, у вялікай, на дзве палавіны, хаце. Толікаў бацька, як і большасць мужчын, быў на фронце — ішла ж вайна. Ім ніхто не замінаў чытаць кнігу — сеўшы за стол упобачкі, яны папераменна старонка за старонкай чыталі і чыталі, захопленыя знаходлівасцю Мірона і Віктара — астаўшыся без запалак, хлопцы і агонь запалілі, і яду сабе згатавалі. Ды і жытло, каб увесь час не быць пад адкрытым небам, прыдбалі. Толікава маці, цётка Дар'я, прадучы кудзелю, і сама заслухалася тым, пра што расказвалася ў кнізе, бо час ад часу перапытвала:

— Што, што яны зрабілі?

I ён, Іван, і Толік спынялі чытанне, з захапленнем расказвалі, тлумачылі маці, што зрабілі ці прыдумалі Мірон і Віктар.

У абед, калі цётка Дар'я дастала з печы чорны, закопчаны чыгун, наліла і яму, Івану, і Толіку па поўнай місе ўпрэлага, заскваранага салам крупніку, раптоўна пачуліся стрэлы — і не адкуль-небудзь, а... з вёскі.

— Зноў, мабыць, немцы прыехалі,— падхапіўся з-за стала, спалохаўся ён, Іван. I нацягнуў на галаву шапку, як не бегма кінуўся з хаты.

Але яго спыніла, не даўшы выйсці, Толікава маці — цётка Дар'я.

— Не спяшайся,— сказала яна, стаўшы на парозе.— Пачакай, пакуль паедуць з вёскі гэтыя злыдні. Бо калі на вуліцы ўбачаць... Ды яшчэ ты бегчы будзеш... Не, лепш не трапляць на вочы...

Ён, Іван, хоць і рвалася душа дадому, паслухаўся Толікавай маці, астаўся ў хаце. Нават шапку з галавы зняў, за стол сеў, пачаў, хоць і неахвотна, есці крупнік.

— Чаму ты так? — глядзела на яго, Івана, са шкадобай, жалем Толікава маці.— Ці мала хто там чаго страляе?.. Можа, і не немцы гэта зусім, а так хто... Абедай, еш!

Але ён, Іван, не мог абедаць, есці — не лезла яда ў рот, і ён адсунуў ад сябе міску з крупнікам. I ні з таго ні з сяго заплакаў. Нават не заплакаў — зарыдаў, заліўся слязьмі, уткнуўшыся тварам у стол, на рукі.

I Толікава маці, і сам Толік не ведалі, што і рабіць — узяліся, як толькі ўмелі і маглі, яго суцяшаць. Нарэшце, калі страляніна аціхла, Толікава маці ўзяла яго, Івана, за руку.

— Хадзем, я завяду цябе дадому.

— Не трэба, цётка Дар'я, я сам...

I вырваўся з цётчыных рук, пабег з хаты.

Была восень, імжыў дождж. Нават не дождж, а нейкая морась. Тут і там стаялі, стылі лужы. I без таго гразкая дарога расплылася, проста нагу не было дзе паставіць, каб не трапіць у ваду. Ды ён, Іван, і не выбіраў, дзе сушэй,— спяшаўся, імчаў, каб хутчэй быць дома, нібы прадчуваў, што не ўсё там ладна. Заўважыўшы людзей, што тоўпіліся на вуліцы, спыніўся.

— Што тут? — спытаў, ледзь стрымліваючы дыханне.

— Немцы ўсю Семенчукову сям'ю пастралялі,— адказала яму незнаёмая цётка, выціраючы хусткаю вочы.— I самога яго, і жонку, і дзяцей... Ых, ых,— зарумзала, абліваючыся слязьмі, яна.

Ёкнула сэрца ў яго, у Івана.

«А раптам і маіх бацьку, маці, Наташку, дзеда немцы застрэлілі, пакуль быў я ў Толіка?»

Прыпусціў што было сілы, з усіх ног дадому.

Але не, не дабег, бо ўбачыў таксама натоўп ля свайго двара, свае хаты. Спярша не паверыў — ці не памыліўся? Не, памылкі не было — гэта быў іхні двор, іхняя хата. Першая ж жанчына, якая яго ўбачыла, здаецца, гэта была суседка, цётка Пятруля,— закрычала:

— Іванка, не ідзі дадому... У лес уцякай... Яны забілі тату, маму, Наташку, дзеда... I цябе, калі зловяць, заб'юць...

Што далей і як ён, Іван, рабіў — не помніў. У памяці асталіся толькі нейчыя расчыненыя нахлашч весніцы, у якія ён, Іван, ускочыў, абгароджаны штакетнікам двор, хлеў, паркан, праз які ён, Іван, перамахнуў, потым гароды, лазняк, лес...

...Мокрага, галоднага, знясіленага, яго знайшлі ў лаўжы галля партызаны, калі неяк на досвітку вярталіся з задання...

Загрузка...