Мудров Винцесь Зiмовыя сны (на белорусском языке)

Вiнцэсь Мудроў

Зiмовыя сны

- Пошел вон!! - гаркнул вдруг посиневший и затрясшийся генерал.

- Что-с? - спросил шепотом Червяков, млея от ужаса.

- Пошел вон!! - повторил генерал...

А.Чехов. "Смерть чиновника".

Промень сонца, што вырваўся з палону ружовай смугi, зрабiў сьнег невыносна блiскучым. Глядзець пад ногi не было як, таму ён прымружыўся, прыкрыў твар рукавiцай. Уваччу паплылi шэрыя плямы, а разам зь iмi паплыў, гнаны гарачымi сьлязьмi, размыты вiдарыс трактара. Трактар стаяў на ўзьлеску i там, вiдаць, таксама былi забiтыя, бо конь увесь час круцiў галавой i наструнена пырхаў.

Ён выпусьцiў з рук аброць, скiнуў з плечука вiнтоўку i, уторкнуўшы яе ў гостры грэбень сумёту, папраставаў па цалiку, правальваючыся ў сьнег па самыя сьцёгны.

Па полi зьмяiлася дуйка. Дуйка ляцела некуды, вочы чаплялiся за канцы вiхурыстых пасмаў, i ён зьбiваўся зь кiрунку, забiраючы ў той бок, куды дзьмуў вецер.

Калi да трактара заставалася ня болей дваццацi мэтраў, сьнег стаў такiм глыбокiм, што давялося паўзьцi плазам, i гэта адбiрала апошнiя сiлы. Зьнясiлены, ён тыцнуўся тварам у сумёт, колькi часу ляжаў нерухома, а ўзьняўшы голаў, правёў рукавом па пераносьсi.

Гусенiчны "сталiнец" - дакладна такую гаргару прыгналi напярэдаднi вайны i ў iх полк, - стаяў, упёршыся носам у вячыстую хвою, на мядзяным стаўбуры якой былi бачныя белыя мецiны ад куляў.

"Зязюлi"... Забiлi, вiдаць, трактарыста... Ехаў самапасам, пакуль на дрэва ня ўзьбiўся", - з гэтымi думкамi ён яшчэ раз агледзеў узьлесьсе i, стаўшы вокрач, папоўз да трактара.

Поўз доўга, да поўнай змогi, нават не падымаючы вачэй i спынiўся толькi тады, як стукнуўся галавой аб заiнелую трактарную гусенiцу.

Над трактарам, над тым месцам, дзе павiнен сядзець трактарыст, высiлася паветка, на якой ляжала вялiзная гурба сьнегу. Гурба мела даволi дзiўную форму - нагадвала ўзьбiтую падушку, таму вочы мiжволi затрымалiся на сьнежных пукатасьцях, а калi ён, нарэшце, зiрнуў долу, дык убачыў Мiкiту Пустасьвята мэханiка iхнага палка. Так! Таго самага Пустасьвята, якi ўвосень скраў з палкавой стайнi казённы хамут i якi, як казалi, падчас калектывiзацыi забiў свайго бацьку-падкулачнiка. Галава Мiкiтава была пакрытая iнеем, а шырока расплюшчаныя вочы з жахам i зьдзiўленьнем пазiралi на трактарныя вагары.

Улякнуты, ён ступiў колькi крокаў назад, натыкнуўся на штосьцi жалезнае i, плюхаючыся азадкам у сьнег, здагадаўся: наляцеў на санi. Па хрыбцiне казытлiва зьбягалi кроплi халоднага поту. Давялося зварухнуцца, напяць кашулю, а потым павярнуцца, адчуўшы непрыемны сьверб ля лапаткi. За сьпiнаю тырчэла, кранаючыся шыняля, кашчавая рука з паабгрызанымi пальцамi.

Ён адхiнуўся, капнуў пры гэтым сьнег i пад азалелай рукавiцай агалiлася шчака са знаёмай радзiмкай i клок рудых валасоў. Твар нябожчыка быў страшэнна зьнявечаны: ваўкi, а мо й лiсы адгрызьлi нос, ад'елi верхнюю губу, але ён пазнаў свайго камандзёра i, правёўшы рукавом па заiнелых пятлiцах, з халодным спакоем убачыў палкоўнiцкiя "шпалы".

Дзесьцi ўдалечынi стамлёна й цьмяна бухнула гаўбiца i з трактарнай паветкi ценькiм раўчуком пасыпаўся сьнег.

"Фiнская!" - апалiла сьвядомасьць трывожная думка; ён разьмежыў зьлiплыя ад марозу павекi й панурыўся ў цёплую цемру роднае хаты.

Сэрца бiлася так, як нiколi дагэтуль: сэрца захлыналася гарачай крывёй, гатовае было вырвацца з грудзiны, i Яўхiм падумаў было, што памiрае, ды нечакана ў горле штосьцi булькнула, сэрца сунялася, зрабiлася як лядзяк халодным, i ён, глынуўшы паветра, перавёў дых.

На кухнi тахкалi ходзiкi, пад бокам сапла Агата, i да гэтых суладных гукаў далучаўся яшчэ адзiн, глухi i няўцямны, якi далятаў знадворку. Гэта бiўся рагамi ў сьценку хлява баран Мiкiта.

"Так i памерцi можна", - падумаў Яўхiм, кульнуўся на бок i прыцiснуўся схаладнелай грудзiнай да цёплай жончынай сьпiны.

Вось ужо каторым разам яму прысьнiўся той сонечны марозны дзень, калi ён поўзаў па зьнямелых палях, выцягваючы са сьнежных магiл на дарогу скарчанелыя трупы. Сон гэты яму сьнiўся амаль кожнае начы, i кожную ноч ён боўтаўся ў пульхнатым сьнезе, мружыўся на зыркае сонца, крычаў штосьцi сваiм таварышам, якiя засталiся на дарозе.

За сорак гадоў шмат якiя падзеi забылiся; вайна сталася чымсьцi цьмяным, балючым i шэрым - гэтакiм жа шэрым, як столь у сестрарэцкiм шпiталi, на якую ён тры месяцы запар глядзеў заплаканымi вачыма, - але ў снах забытыя фарбы й гукi зноў ажывалi, i зноўку бухалi гарматы, i заiнелыя елкi адбiвалi нябесны блакiт, i вецер гудзеў у хвоях, адпяваючы занесеных сьнегам чырвонаармейцаў. У снах ён нават згадваў мянушку каня, на якiм вазiлi трупы, але, прачнуўшыся, адразу ж забываў, i рэха гэтага iмя блукала ў спратах памяцi, цьвелячы сваёй невыразнасьцю...

Паляжаўшы на левым баку, Яўхiм лёг на сьпiну, у ходзiках тым часам штосьцi стрэльнула й Агата, пакiнуўшы сапцi, прыспана запыталася:

- Чаго ты?

Яўхiм, як заўсёды, прамаўчаў, а жонка з вохканьнем вылезла з-пад коўдры i, прыкрыўшы даланёй зяхлiвы рот, няроўнай хадой пайшла на кухню.

- Забiў, вiдаць, некага на вайне - вось i сьняцца нябожчыкi. Зайшоў бы калi ў царкву, сьвечку паставiў... Яно б i адлягло ад сэрца... - за сьценкаю пачулiся ўздыхi i непрыемны - як да ночы - бразгат лыжкi аб конаўку. Жонка дала яму папiць нейкай саладжавай вады, перахрысьцiлася на цёмны кут i спрытна падбiлася пад коўдру.

- Мо не паедзеш? А то зноўку сэрца схопiць, - прамовiла Агата, а Яўхiм, нiчога не сказаўшы, закiнуў рукi за патылiцу й пакутлiва ўздыхнуў.

Баран Мiкiта больш ня бухаў у сьценку, жонка прыцiхла й не сапла ля вуха навокал стала цiха, i толькi ходзiкi мерна тахкалi ўпоравень зь бiцьцём неспакойнага сэрца.

"А можа сапраўды ня ехаць?" - падумаў Яўхiм, але тут жа згадаў пра ўнука ды пра наладаваную салам валiзу, другiм разам уздыхнуў i, выдыхаючы паветра, варухнуў губамi: - Трэба ехаць.

У ходзiках зноў штосьцi стрэльнула, кiвач затахкаў часьцей, а разам з кiвачом гэтак жа iмпэтна забiлася сэрца. Неўзабаве тахканьне запаволiлася, i Яўхiм зь лёгкiм спалохам падумаў - што будзе, як гадзiньнiк спынiцца? Думка гэтая не давала спакою. Старому прымроiлася, што Агата забылася падцягнуць гiру й тая вось-вось кранецца падлогi. Кульнуўшыся колькi разоў са сьпiны на бок i наадварот, ён урэшце пералез цераз жонку i ў адказ на сiплы воклiч: Куды ты? - незадаволена буркнуў: - На вядро.

Гiра, вядома ж, вiсела дзе трэба. Падцягнуўшы яе на пару зьвёнаў, стары бязгучна вылаяўся, пайшоў, абмацваючы цямноцьце, у сенi i там, натыкнуўшыся на валiзу з салам, iзноў мацюкнуўся - гэтым разам голасна i брыдка.

Да ложку вяртаўся на дыбачках, дакладней, на шасьцёх ацалелых пальцах. У сенцах панаваў холад, i пяткi ўраз скачанелi. Залезшы пад коўдру, ён прытулiўся чэравам да жончынага азадка, i Агата, якой, вiдаць, абрыдла ягоная бессань, рашуча адсунулася на край пасьцелi.

- Зноў цiсьнеш свае сцанiкi!

Падштанiкi былi, як заўсёды, мокрыя. Яўхiм адвярнуўся да сьценкi, падсунуў да жонкi акалелыя пяткi, з крыўдаю ў голасе прамовiў:

- Сьпi ты, халера!

- Засьнеш тут... Пяты раз будзiць... - абурана прашаптала Агата, потым прамармытала яшчэ нешта, але зусiм няўцямна i праз пару хвiлiн iзноў заснула, засопшы як i раней - салодка i аднастайна.

На фiнскай вайне, якая сьнiлася па начах, Яўхiм, можна сказаць, нi разу i ня стрэльнуў. Пра тое, чым давялося займацца ў складзе дзеючай армii, стары нiколi нiчога не казаў, а калi хто й пачынаў роспыты, нiякавеў i, адвёўшы ўбок вочы, прамаўляў:

- Ды так... ваявалi...

Нiчога не казаў ён i жонцы Агаце. Ды тая, зрэшты, ня надта й цiкавiлася ягонымi подзьвiгамi. Жонка па-свойму тлумачыла такое маўчаньне i кожнага разу пасьмейвалася, калi ён чапляў напярэдаднi дня Перамогi жоўтыя медалькi. А аднойчы, калi да iх прыйшла маладая настаўнiца, каб запрасiць вэтэрана фiнскай вайны на школьную вечарыну, грымнула чыгунамi i жартам заўважыла:

- Знайшлi героя... Сядзеў у балоце, абасраўшыся, пакуль не абмерз увесь.

Што й казаць: крыўдныя былi словы. Але Яўхiм i брывом не павёў. У душы нават падзячыў Агату, бо настаўнiца неўзабаве разьвiталася й зьбегла з хаты. Выступаць перад школьнiкамi ён зусiм ня ўмеў, ды i пра што мог расказаць? Як цягаў адубелых нябожчыкаў? Бо менавiта гэтым i давялося займацца на вайне зь белафiнамi.

Праўда, была адна падзея на векапомнай фiнскай вайне, пра якую ён зрэдзьчасу апавядаў: цi то зяцю, калi прыяжджаў у горад, цi то суседу Андросаву, кульнуўшы зь iм па чарцы. Гэта была нават не падзея, а так - дробны эпiзод. Аднак Яўхiм казаў пра тое з хваляваньнем у голасе, а на добрым падпiтку дык i са сьлязою на вачах. I апавядаў ён пра сустрэчу з камандармам Сямёнам Канстантынавiчам Цiмашэнкам.

- Выйшаў з машыны... высокi такi... у кажуху - i побач ардынарац...

Глухаваты Андросаў слухаў аповед, не да месца кiваў галавой, а ўпiхнуўшы ў рот жменю кiслай капусты, таропка, нiбыта той заяц, варушыў скiвiцамi.

Пiлi звычайна ў суседавай хаце й кожнага разу, пачуўшы Яўхiмавы байкi, на кухнi ўсхлiпвала старая Андросiха. У старой на фiнскай ваяваў родны брат, якому пасьля першага бою ампутавалi абедзьве нагi, i хаця брат застаўся жывым i дагэтуль смуродзiў сьвет недзе на Ўрале, суседка бедавала па iм як па нябожчыку.

- Казаў... выкiнулi, бедненькiх, на лёд... Мароз сорак градусаў, а яны ў бацiначках. Так i памерзьлi ўсе.

Плаксiвы бабскi голас псаваў настрой. Яўхiм хiтаў галавой, тушыў у кансэрвовай бляшанцы недакурак i панура цягнуўся за бутэлькай.

Камандарма Цiмашэнку - хаця й здалёк - Яўхiму лёсiла ўбачыць у студзенi 1940 года, на ўскраiне Сестрарэцку. У той дзень iх санiтарная каманда дарэшты стамлёная й зьлёгку вашывая, - рушыла, а дакладней кажучы - бегла, бо мароз працiнаў да касьцей - у лазьню й нечакана хтосьцi зь пярэднiх шыхтоў улякнута прамовiў:

- Камандуючы фронтам!

Усе разам замёрлi, стаiлi дыханьне й Яўхiм пачуў, як недзе наперадзе загула, а потым суцiхла легкавушка. Ён iшоў апошнiм, таму нiчога ня бачыў, а калi стаў на дыбачкi ды выцягнуў шыю, дык згледзеў фарбаваную ў белае "эмку", што буксавала наўскрай дарогi, па самы бампэр панурыўшыся ў сьнежную кашу. Ля легкавушкi стаялi двое - перацягнуты рамянямi маладзён у блiскучых ботах i яшчэ нехта - мажны, шыракаплечы, якi, раскiнуўшы крысьсё кажуха, палiваў сьнежны бруствэр узбочыны.

На марозе чуваць далёка, таму да вушэй Яўхiмавых даляцеў пошум струменя, якi сьвiдраваў зьляжалы сьнег, два кароткiя выхлапы, якiя, зрэшты, прыглушыў рыплiвы тупат маладзёна й ягоны нецярплiвы воклiч:

- Давай сюды!

Першым ачуўся старшына Дабiжа. Выгукнуўшы прозьвiшчы трох чырвонаармейцаў, што стаялi ў першым шыхту, Дабiжа пабег, па-бабску раскiдваючы цыбатыя ногi, а сьледам, рупячыся iсьцi нага ў нагу, рушыла паклiканая iм тройца. На статутнай адлегласьцi старшына прыклаў далонь да скронi, пайшоў парадным крокам, але той, у кажуху, незадаволена таргануў галавой i, зашпiлiўшы прарэх, нацягнуў на рукi пальчаткi.

- Цiмашэнка! Без аховы... - шапталiся зьлева i справа й Яўхiм стаяў, зьбянтэжаны i ачараваны, i рой бязладных думак гарачымi iголкамi калоў патылiцу. "Няўжо гэта той Цiмашэнка? Той славуты камандарм першага рангу, пра якога пiшуць у газэтах i якi прыехаў даць дыхту нахабным белафiнам..."

I вось ужо "эмка", пiханая санiтарамi, выехала на сярэдзiну дарогi, перацягнуты рамянямi маладзён адчынiў дзьверцы, а камандарм, сказаўшы штосьцi Дабiжу, падышоў да легкавушкi. Аднак, што было потым, Яўхiм ня бачыў. Нехта зь першых шыхтоў зварухнуўся, захiнуў вiдасяг i як ён нi цягнуў шыю, выглядаючы Цiмашэнку, анiчога болей ня ўбачыў. Пачуў толькi, як легкавушка, стрэльнуўшы выхлапнымi газамi, скранулася зь месца, а потым загула дзесьцi праваруч, завярнуўшы, вiдаць, у завулак.

Да лазьнi маршыравалi, ня чуючы пад сабою ног, з паходнай песьняю на вуснах, а датупаўшы да камянiцы, на фасадзе якой вiсеў кавалак дыхты з надпiсам "санобработка", пачалi, перабiваючы адно другога, дзялiцца ўражаньнямi ад сустрэчы з камандармам.

"Што, што ён вам сказаў?" - пыталiся ўсе чырвонаармейца Сiвалапа, якому пашчасьцiла пiхаць "эмку", i Сiвалап, вытрымаўшы паўзу, прамаўляў:

- Спасiба, хлопцы.

"Спасiба, хлопцы", - бязгучна паўтараў Яўхiм, i прытоена-шчасьлiвая ўсьмешка кранала ягоныя вусны. Ён паўтарыў гэтыя два словы шматкроць: калi здымаў брудныя споднiкi, калi, па загаду нейкага акулярыстага здыхлi, змазваў лiпучым квачом пэўныя мясьцiны на сваiм целе, i потым, калi вадзiў пляскатым змылкам па ўпалай грудзiне. Змылак той, спавiты валасьнёй, дрэнна мылiўся, але ён не заўважаў гэтага, i з твару ягонага не зьнiкала анёльская ўсьмешка.

"Гэта ж трэба - самога Цiмашэнку пабачыў", - думаў Яўхiм, i сьвет брынiў уваччу й зыкi, што даляталi з парыльнi: ляскат венiкаў, сыканьне распаленых камянёў, лямант чырвонаармейца Сiвалапа, якi расьцiраўся прынесеным знадворку сьнегам, - паволi аддалялiся, ператваралiся ў няўцямны гул, i сэрца ягонае таяла, не раўнуючы, як сьнежны камяк на сiвалапавым азадку ад невыказнай любовi да камандарма.

Ён i сам ня мог зразумець - чым так ачараваў яго камандарм, але пачуцьцё, якое нарадзiлася ў той мiг, не мiнала, набываючы рысы цiхага шаленства. Праз паўгадзiны, iдучы бадзёрым крокам на станцыю, Яўхiм спрабаваў угледзець тое месца, дзе стаяў Цiмашэнка, але было ўжо прыцемна, ды i ўзбочыну тую замiлаваў ня толькi камандуючы. А яшчэ праз пару тыдняў, патрапiўшы ў шпiталь, ён кожнага дня прасiў медсястру прынесьцi яму "Красноармейскую правду" i ў змроку зiмовага дня мядзьведзявата гартаў забiнтаванымi рукамi газэцiну, шукаючы на старонках прозьвiшча камандарма. Ну а ў траўнi таго ж саракавога году, вяртаючыся пасьля шпiталя дахаты, Яўхiм пачуў па радыё паведамленьне аб прызначэньнi Цiмашэнкi Сямёна Канстантынавiча наркамам абароны й цёплая хваля пачуцьця iзноў падкацiлася да сэрца. Было гэта на станцыi Дно.

Яўхiм сядзеў на мулкай энкапээсаўскай лаве, глядзеў на чорны квадрат рэпрадуктара й з сардэчным клёкатам у горле казаў бязногаму кавалерысту, што сядзеў на другiм канцы лавы:

- Бачыў яго як цябе зараз.

I кавалерыст, якi таксама вяртаўся з фiнскай кампанii, ледзь чутна мацюкнуўся ў адказ.

Потым была яшчэ адна вайна, на якую яго не ўзялi па прычыне адсутнасьцi трох пальцаў, потым iзноў прыйшлi Саветы i была страшэнная галадуха i акурат у той час, як у Бычках скончылася апошняя бульба, Яўхiм надумаў напiсаць Сямёну Канстантынавiчу лiста. Дзеля гэтай мэты сьцягнуў нават аркуш паперы ў сельсавеце. Але, сеўшы пры стале й тыцнуўшы ручкаю ў каламар, зразумеў: пiсаць, уласна кажучы, няма пра што.

У сорак дзевятым маршала Цiмашэнку перавялi з Паўднёвага Ўралу на Беларусь - камандаваць акругай. Пачуўшы пра гэта, Яўхiм iзноў сеў пiсаць лiста, а крыху пазьней стаў садзiць за стол i дачку Анюту. Пыхкаючы цыгаркаю, ён звычайна дыктаваў толькi адну фразу: - Здравствуйте Сямён Канстантинович, - потым змаўкаў, мружыўся на заседжаную мухамi лямпу i зрэшты рэшт асуджана махаў рукою.

А гадоў дзесяць таму, убачыўшы ў "Известиях" маршальскi партрэт у жалобнай асадзе, Яўхiм абамлеў i, не апрануты, - а быў самы пачатак красавiка, - пабег у бычкоўскую краму. Гарэлкi ў продажы, вядома ж, не было, але магазыншчыца, пабачыўшы неапранутага наведнiка, выдала пляшку з уласнага запасу, а цёткi, што стаялi ля прылаўка, пры гэтым наструнена зашморгалi насамi.

Увесь той день ён адседзеў на кухнi, невiдушча глядзеў у вакно, за якiм мiльгалi жаночыя галовы й чулася адно i тое ж пытаньне: - Цi памёр хто? - i напаўголасу сьпяваў "Красноармейскую походную". Увечары, дапiўшы рэшту гарэлкi, Яўхiм выцяў з газэты маршальскi партрэт i з дапамогаю мыла прыляпiў над рукамыйнiкам.

- Зусiм зьдзiцянеў... Чорта лысага лепiць... - прамовiла той хвiляй Агата й ён так зыркнуў на жонку, што старая выпусьцiла з рук абярэмак дроў i сьпехам выкулiлася з хаты.

I цяпер кожнага ранку, падстаўляючы прыгаршчы пад носiк рукамыйнiка, Яўхiм касiў вока на пажоўклы здымак i толькi пасьля гэтага плюхаў на твар халоднай вады.

На вайсковую службу Яўхiма павiнны былi ўзяць увосень 1934 года, але ня ўзялi па здароўi. Тры гады хаваўся недалуга Яўхiм ад грэблiвых дзявочых позiркаў, а ў трыццаць сёмым убiўся на працу ў эмтээсаўскую сталоўку - мыў там талеркi, калоў дровы ды насiў ваду з калодзежа, - ад'еўся на дармавых харчах i неўзабаве быў узяты ў войска. Служыць давялося ў артылерыйскiм палку, якi стаяў у мястэчку Iдрыца. Да гаўбiц яго, аднак, не падпускалi - тры гады завiхаўся ля коней на палкавой стайнi. Ну а ўвосень трыццаць дзевятага, адслужыўшы прызначаны тэрмiн, пачаў рыхтавацца да дому: цiшком сушыў сухары, прыхаваў на гарышчы стайнi чатыры кавалкi цукру, але акурат тым часам фiнская ваеншчына ўсчала правакацыi на гранiцы й пэўнай начы iхны полк узьнялi па трывозе. Станцыя Iдрыца - маленькая, хаця й вузлавая, - за ўсю сваю гiсторыю ня бачыла такога вэрхалу, якi панаваў у тую ноч... Цягам некалькiх гадзiнаў чырвонаармейцы ўсьпёрлi на пляцформы цяжкiя гарматы, загналi ў цяплушкi коней, загрузiлi фураж i на трох эшалёнах выехалi ў накiрунку Пскова.

У вапошнiм вагоне "конскага" эшалёну выправiўся ў далёкi сьвет i чырвонаармеец Яўхiм. Цэлыя суткi ляжаў ён на мяхах з аўсом, пацепваўся ад халадэчы i сумнымi вачыма глядзеў на пралом у даху старога пульмана.

У праломе шарэла асьлiзлае неба, дрыжэлi цьмяныя зоркi, гарэла ранiшняя палымнiца, чорны паравозны дым засьцiў халодную чырвань, i душа Яўхiмава не знаходзiла сабе месца ў стылай грудзiне. Яна, душа, трымцела ў чаканьнi невядомага, прагла вырвацца вонкi, i вось, дзесьцi пад Ленiнградам, калi Яўхiм канчаткова зьмерз i ад халадэчы пачаў трызьнiць, душа ягоная пакiнула грудзiну, сiганула ў пралом i паляцела разам з барвова-чырвоным дымам назад у Iдрыцу. Яўхiм убачыў хвост цягнiка, убачыў нейкую асьнежаную станцыю, доўгi шыхт пакгаўзаў i салодкае здранцьвеньне - падобнае на тое, якое ён зьведваў у дзяцiнстве, калi мацi перабiрала пальцамi ягоныя валасы на макаўцы, -да краю напоўнiла разьняволеную душу. Дзесьцi ўдалечынi гучалi людзкiя галасы, штосьцi грымела i бухала, гуло i стагнала, ён наструнiў слых i пачуў, як аднекуль - цi то з бочкi, цi то з таго сьвету прасьцюжана гракнуў старшына Хамук:

- Ты шчо там... вмэр? Выгружай фураж!

Душа вярталася ў цела зь неахвотаю. Яўхiм ачуўся, паспрабаваў падняцца, але ня здолеў нават паварушыць спруцянелымi пальцамi. Нейкая магутная сiла страсянула яго, паставiла на ногi, i яшчэ праз iмгненьне ён выляцеў з пульману, балюча стукнуўшыся лобам аб край дзьвярнога вушака.

У заiнелай галаве гуло i шумела. Усе навакольныя зыкi - конскае ржаньне, надрыўныя паравозныя гудкi, мацюгi старшыны Хамука зьлiлiся ў адзiн працяглы гул, i Яўхiм, ужо ўзвалiўшы на карак мех з аўсом, анiяк ня мог уцямiць - дзе ён, што зь iм i якая гэта халера ўсьпёрлася яму на сьпiну.

Потым ён, аглухлы й невiдушчы, цягаў мяхi з вагона, старшына Хамук бiў яго нагой пад зад - каб хутчэй варушыўся, - пасьля шостага цi сёмага высьпятку Яўхiм упаў у сьнег, i ў гэты момант слых i зрок дарэшты праясьнелi. Ён пачуў, як недзе непадалёку ўдарылi капыты па сходнях, як ля вуха чхнуў старшына Хамук i як на другiм баку эшалёну хтосьцi па-хахляцку закрычаў:

- Хлопцi, шчо за станцiя?

- Белавостраў... Белавостраў... - шматкроць паўтарылi навокал, i Яўхiм пачуў воклiч, якi прымусiў яго схамянуцца i ўстаць на ногi.

- Эй, Хамук, давай сюды трох чалавек, - крыкнуў ад суседняй цяплушкi палкоўнiк Хамiцкi.

Палкоўнiк стаяў на пагорку - вiдаць, гэта быў чыгуначны тупiк, а побач зь iм завiхаўся, махаючы рукамi, дзядок у белым халаце.

- Раненых трэба вынесьцi... - пасьпеў крыкнуць кампалка, перш чым голас ягоны пакрыў сiпучы паравозны гудок. Палкоўнiк крычаў яшчэ нешта - вялiкая радзiмка дрогалася на няголеным твары, - але паравоз гудзеў як ашалелы i ад таго гуду скаланалася зямля пад нагамi.

... Яны беглi ўздоўж доўгага шыхта вагонаў, сьледам трухаў сiвы дзядок, i ў сьпiну iм ляцеў ваяўнiчы палкоўнiцкi лямант:

- Даю трыццаць хвiлiн! Праз паўгадзiны дарога мусiбыць вольнай!

Будынак станцыi быў запоўнены раненымi: яны ляжалi на насiлках, цi то проста на падлозе, гучна стагналi, скрыгаталi зубамi; у паветры вiсеў пах крывi i карболкi, i ў Яўхiма ад усяго гэтага закружылася галава й халодны камяк падкацiў пад горла. Ванiтаваць, на шчасьце, не было чым i не было калi. Ён змучана вякнуў, праглынуў агiдны камяк i, ухапiўшыся за ручкi насiлак, патупаў да выхаду, утаропiўшыся на сьпiну напарнiка - нiзенькага каржакаватага санiтара.

Праз гадзiну, страшэнна стамлёны, ён праводзiў вачыма санiтарны цягнiк, у якi заносiлi раненых, сьледам за iм мiма праплылi пляцформы са спавiтымi ў брызэнт гарматамi, потым вагоны з конскiмi пысамi ў проймах разнасьцежаных дзьвярэй i, нарэшце, з жахам убачыў свой пульман, якi шарым прывiдам праплыў у вечаровым паўзмроку.

- Што стаiш? Раненых прывезьлi! - крыкнулi за сьпiнаю, потым ляпнулi мiж лапатак, нарэшце далi па карку, а ён усё стаяў, атарапелы, неадрыўна пазiраючы ў той бок, дзе асядаў паравозны дым, дзе тырчэў сэмафор i дзе ляжалi, зваленыя ў кучу, мяхi з фуражом.

Адстаць-адбiцца ад сваiх - справа не жартоўная. Гэта ўсё адно што дэзэртыраваць. У вачох Яўхiмавых паўстаў плякат, якi вiсеў у палкавой сталоўцы й на якiм быў намаляваны гэты самы дэзэртыр i левую нагу ягоную апанавалi нэрвовыя дрыжыкi. Праз хвiлю-другую магчыма б i ўвесь ён закалацiўся, ды тут напарнiк-санiтар агрэў яго па сьпiне насiлкамi i роблена-бадзёрым голасам выгукнуў:

- Не сумуй, артылерыя... Далёка ня зьедуць. Праз тры кiлямэтры гранiца.

Там, наперадзе, сапраўды штосьцi бухала, зусiм па-чалавечы стагнала й рыкала, а прыцемнае неба раз-поразу асьвечвала барвовая палымнiца.

Пасьля такой навiны заставалася толькi аддзьмуцца. "Нiчога, сёньня пацягаю раненых, а заўтра даганю сваiх", - падумаў тады Яўхiм i пабег за напарнiкам, на хаду спавiваючы абрыўкам бiнта змазоленую руку.

Аднак нi на заўтра, нi ў наступныя днi даганяць сваiх ён так i ня выправiўся. Ад ранку да ночы цягаў раненых - выгружаў iх з вазоў i машын, заносiў у будынак вакзала, адтуль - у санiтарны цягнiк; спаў па чатыры гадзiны ў суткi, падбiўшыся пад бок якому-небудзь нябожчыку i, нагледзеўшыся людзкiх пакутаў ды наслухаўшыся страхаморлiвых аповедаў, зусiм ня прагнуў iсьцi на штурм лiнii Манэргейма.

Неўзабаве грымнулi маразы. Маразы былi такiя лютыя, што нават напарнiк сiбiрак Кармунiн - дзiвiўся такой халадэчы, - i на станцыю пачалi падвозiць ня толькi раненых, але й абмарожаных. У асноўным, гэта былi чырвонафлётцы, што выправiлiся на вайну ў зрэбных бушлатах ды закарэлых чаравiках, i Яўхiм, цягаючы абмарожаных балтыйцаў, у душы слаў падзякi сiвому дзядку - ваенлекару 2-га ранга Прыбышэўскаму, якi ня даў яму памерцi на марозе.

Блiзу месяца завiхаўся ён каля раненых, а пасьля Новага году, калi на фронце ўсталяваўся зацiшак, яго й яшчэ двух санiтараў паслалi зьбiраць на абшарах былых баёў трупы забiтых чырвонаармейцаў.

На мейсца прызначэньня ехалi ў кодабу iнтэнданцкага грузавiка, разам з кажухамi i валёнкамi, а прыехаўшы ў нейкi фiнскi пасёлак, атрымалi па пяць сухароў, кудлатага каня-"мангола" i апэратыўны загад: агледзець навакольны лес, выцягнуць адтуль усiх забiтых - як нашых, так i фiнаў, а выявiўшы сярод трупаў камкора цi палкоўнiка, тэрмiнова паведамiць пра тое камандаваньню.

Там, на ўзьлесьсi, Яўхiм i натыкнуўся на палкоўнiка Хамiцкага i ад тае пары палкоўнiк, а дакладней, ягоны зьнявечаны лiсамi труп прыходзiў у сны, спыняючы на iмгненьне збалелае сэрца.

Зiмовымi ранкамi, калi вочы самi сабою заплюшчваюцца, каб ня бачыць сьвятла, якое цэдзiцца з кухнi, адзiнае, што лагодзiць пагляд, гэта малiнавыя блiскi - адбiткi агню ў печы. Блiскi бягуць па цёмнай столi, дрыжаць i мiтусяцца, не раўнуючы як месячнае сьвятло на неспакойнай вадзе i калi доўга глядзець на тое мiгценьне, губляецца адчуваньне часу i асавелая галава анiяк ня можа ўцямiць: што на дварэ - позьнi вечар, ноч, альбо ранiца.

Гэтым разам, аднак, галава была на дзiва сьветлаю й адбiткi агню, што мiтусiлiся на столi, ня толькi не лагодзiлi зрок, але й выклiкалi лёгкае раздражненьне. Раздражнялi, зрэшты, ня толькi блiскi, але i тупы боль у сэрцы, трэск асiнавых дроў, ды шапатлiвыя жаночыя галасы на кухнi: апошнiм часам суседка Андросiха займела звычку завiтваць у хату з цёмнага ранку.

Ён ужо зьбiраўся быў рыпнуць ложкам, даючы зразумець, што прачнуўся, але нечакана перадумаў i, паклаўшы далонь на тое мейсца, дзе бiлася сэрца, наструнiў слых.

- ...У талерку дзьве сталовых лыжкi. Але толькi ў суп. У кашу нельга. Другую лыжку будзе ўлiваць - хай перахрысьцiцца i скажа: - Спрахнi, зельле! Адчапiся, гарэлка праклятая!

- Цi дапаможа? - азвалася на андросiшыны словы Агата.

- Дапаможа. Хай толькi кожны дзень дае... У Халiмонiхi сын быў зусiм сьпiўся. Ужо й на людзей кiдаўся. Дык казала: дала два разы, цяпер нават на Новы год нi кроплi ня выпiў.

Хвiлiну на кухнi было цiха, аж неўзабаве ў печы засiпелi мокрыя дровы й Агата, яшчэ раз уздыхнуўшы, прамовiла:

- Баюся i выпраўляць... Мiнулы раз паехаў, дык сэрца схапiла. I цяпер во на сэрца жалiцца... Кульнецца дзе-небудзь... Сёньня й сон дрэнны сьнiла. А як пайшла вочы прамываць, дык... цi паверыш... вунь той... лысы з газэцiны... нiбыта жывы паглядзеў. У мяне нават усё абарвалася.

Слухаць далей гэтую лухту не было як, таму Яўхiм кашлянуў у жменю й рашуча кульнуўся на левы бок. Старыя спружыны жаласьлiва застагналi, Агата, у сваю чаргу, бразнула засланкаю, а суседка падхапiлася на ногi i голасна, каб было чутна яму, Яўхiму, галёкнула:

- Ну дык зьбiрайцеся. Васька ўжо запраўляцца паехаў.

Праз пару хвiлiн, калi жанкi падалiся на падворак, Яўхiм падняўся з ложка, няроўнай хадой пайшоў да рукамыйнiка. Набраўшы вады ў прыгаршчы, ён па старой завядзёнцы зiрнуў на пажоўклы здымак i маршал - гэта было бачна дарэшты выяўна, - хiтнуў галавой i па-змоўнiцку мiргнуў левым вокам.

Васiлёва малакавозка загула ля весьнiц, калi ўжо зусiм разьвiднела. Пачуўшы надрыўны сыгнал, Яўхiм выйшаў на ганак, нетаропка прывязаў да ручкi валiзы канапляную шворку - цягнуць валiзу трыма пальцамi не выпадала, таму даводзiлася абкручваць вяроўчыну вакол цэўкi рукi i, такiм чынам, можна было несьцi ня толькi аполец сала зь вянком цыбулi, але й цэлага кабана, - i пад неадчэпнае мармытаньне Агаты: "Iдзi ж ты жвавей... на дызель спозьнiшся", рушыў да весьнiц.

У кабiнку залез з дапамогаю Васiля, а перавёўшы дых, прымасьцiў мiж ног валiзу.

- Ды не цягай левай рукой, а то зноў сэрца схопiць... Чуеш?

- Чую! - адмахнуўся ён ад жончыных парадаў i зь нецярплiвасьцю кiўнуў Васiлю.

- Ваду замоўленую адразу ж i аддай. Ды глядзi каб Хведзька ня бачыў... пасьпела сказаць Агата, перад тым як Васiль, навалiўшыся яму на калена, ляпнуў дзьверцаю, нацiснуў на газ i старая, сiлячыся перакрычаць гудзеньне рухавiка, бязгучна заварушыла губамi.

Да станцыi яго, як заўсёды, падкiдваў андросiшын сын Васька, якi шторанку вазiў малако ў Азярышча.

Васька быў хлопцам маўклiвым i дзiкаватым. Меў ужо трыццаць гадоў, але дагэтуль халасьцякаваў, ня пiў гарэлкi, не палiў i з тае нагоды быў празваны Баптыстам. З Васькам можна было даехаць да Азярышча, а то й да самога Вiцебску, куды зрэдзьчасу ганялi малакавозку i не пачуць ад яго анiводнага слова: сядзiць, маўчыць, круцiць руль i панылымi вачамi паглядае на дарогу.

Сама Андросiха тлумачыла сынава маўчаньне i непiтушчасьць тым, што падчас радзiнаў павiтуха цюкнула, па неасьцярожнасьцi, немаўля галоўкаю аб край тапчану й дзiцёнак пасьля таго тры днi не смактаў малака й ня плакаў. Андросiха распавядала пра ўсё гэта не бяз гордасьцi, шкадуючы, што й астатнiх Васiлёвых аднагодкаў, якiя ўсе чыста сьпiлiся, свойчас ня цюкнулi галовамi аб край тапчана.

Праўда, хоць з Васькi Андросава й пасьмейвалiся ды называлi Баптыстам, але ўадначас i паважалi: перш ад усяго за лагодны характар. Баптыст нiкому не адмаўляў у дапамозе, прычым рабiў людзям дабро моўчкi, зь ледзь прыкметнаю ўсьмешкаю на твары. Вось i цяпер, пад'ехаўшы да клюба, ён спынiў машыну, непаропка вылез з кабiны i пайшоў да клюбных дзьвярэй, ля якiх стаялi бляшанкi з кiнастужкай. Бляшанкi тыя трэба было завезьцi ў кiнапракат, здаць па акту й атрымаць наўзамен новы фiльм. Пазiраючы ў люстэрка задняга агляду на Баптыста, якi прытарочваў скрынi да борта малакавозкi, Яўхiм мiжволi згадаў Юрку Раднёнка, зь якiм дабiраўся да Азярышча мiнулым разам. Юрка - Васьчын зьменшчык i горкi п'янюга, - ледзь не штовечару пiячыў у кiнабудцы, але ўсё адно, мацуючы скрынi да борта, уголас мацюкаўся, а потым да самых Балбекаў апавядаў - як яму абрыдла важдацца з гэтымi "кiнамi".

Убiўшыся ў кабiнку, Баптыст працёр анучкаю запацелую шыбу, кiнуў анучку ў "бардачок" i толькi тады нацiснуў понаж газу. Па вясковай вулiцы праехалiся лецьмя, уздымаючы ўгору пульхнаты сьняжок, што выпаў з ночы, а павярнуўшы на азярышчанскi бальшак, паехалi павольней. За шыбаю праплыла хата старой Карпачыхi, закiнуты калодзеж з асьверам, прыцярушаныя сьнегам яблынi i калгасная сталоўка, на ганку якой стаяла паварыха Пятроўна i, мяркуючы па ўсiм, завiхалася зь непадатным замком.

Натужлiвае выцьцё матора нарадзiла ў сэрцы неспакой. Яўхiм павярнуў голаў, прыцiснуўся шчакой да бакавой шыбы, спрабуючы ўгледзець родную хату, але нiчога не ўгледзеў апроч узьнятай коламi завiрухi i, уздыхнуўшы, перавёў позiрк на дарогу.

Машына тым часам агорала пад'ём, пайшла жвавей; у скронь ударыў струмок халоднага паветра i ён, гэты струмок, выпетрыў з галавы тужлiвыя думкi. Галава зьлёгку закружылася, сэрца забiлася часьцей, а ля гатаўскай павароткi, калi з-пад колаў выскачыў ашалелы заяц, забiлася так iмпэтна, што давялося пацерцi схаладнелыя грудзi гарачай даланёю. Васька пасыгналiў увасьлед вушастаму дуронiку, а Яўхiм, удыхнуўшы паветра, ашчадна кашлянуў у жменю i, зь невядомай прычыны, падняў ды зноўку паставiў ля ног сваю цяжкую валiзу.

Дарога ад Бычкоў да Азярышча на дзiва аднастайная: кусты, слупы, рэдкiя масты праз ручаiны i на ўсiм прасьцягу толькi адна вёска, ды i тая на тры хаты. Адразу за гатаўскай павароткай дарога забiрае ўлева, бяжыць уздоўж Гатаўскага возера i змучаныя бясконцым мiльгаценьнем кустоў вочы апаноўвае сьнежная роўнядзь. Упоперак белага цалiку вiецца працярэбленая рыбакамi сьцяжына. Вочы чапляюцца за яе, потым губляюць, веi паволi зьлiпаюцца; у замарачным гудзе малакавозкi Яўхiму чуецца конскае пырханьне i машына, тузануўшыся раз астатнi, спыняецца. Ён адчыняе дзьверцы, апускае нагу на прыступку - хвiлю стаiць незварушна, а потым скача на сьнег i прастуе па цалiку, мерачыся ўзьбiцца на сьцяжыну.

Ззаду цяжка сапе Рыжык... Ён азiраецца, махае рукой старшыне Дабiжу. Старшына канчаткова выбiўся з сiл: стаiць, ухапiўшыся за дугу i, панурыўшы голаў, пускае густую сьлiну.

Яшчэ зранку тут была наежджаная танкеткамi дарога, а пасьля завiрухi ад дарогi не засталося й сьледу i яны не маглi даць рады прабiцца на другi бок возера.

Ён яшчэ раз азiрнуўся i пачуў як на супрацьлеглым беразе штосьцi бабахнула й навакольле напоўнiлася злавесным сьвiстам. Хваля пругкага паветра ўдарыла ў сьпiну i, падаючы, ён убачыў шэры слуп вады, якi ўзьняўся на тым мейсцы, дзе стаяў Дабiжа. Сьнег пад iм набрыняў вадой; ён паспрабаваў устаць i новы выбух узьняў яго ў паветра, убiў тварам у сьнег. Грудзiна ўмэнт узмакрэла - спачатку ад гарачага поту, а потым ад сьцюдзёнай вады i калi апаў сьнежны пыл, вушы напоўнiлiся шалёным конскiм ржаньнем. Небарака Рыжык чабохтаўся пасярод вялiкай палонкi, а потым, уськiнуўшы ўгору абрубак нагi, зьнiк зь вiдавоку i толькi адна аглобля засталася тырчэць у калыхлiвым шарашу, паволi хiтаючыся ў бокi.

- Рыжык! - хацеў крыкнуць Яўхiм, але ня змог удыхнуць паветра i, ратуючыся ад удушша, стукнуўся галавой у шыбу.

Сэрца шалёна калацiлася; ён хапнуў ротам паветра i з сардэчным клёкатам у горле аддзьмуўся.

Малакавозка гула паныла i аднастайна. Васiль запытальна кiўнуў, маўляў заснуў, цi што? - i Яўхiм, нiчога не сказаўшы, расшпiлiў вiльготнымi пальцамi верхнiя гузiкi кашулi. Потым ён яшчэ раз глыбока ўздыхнуў i, выдыхаючы паветра, бязгучна прамармытаў: - Рыжык.

З-за павароткi выплыў жоўты паказальнiк з надпiсам "Балбекi" ды чорныя стрэхi хат. Да Азярышча заставалася дванаццаць кiлямэтраў.

Хаця час i прысьпешваў, але да вакзала ён не паехаў, - вылез ля канторы кiнапракату - вырашыў, па старой звычцы, зазiрнуць на базар. Прычакаўшы, пакуль Васiль адвяжа бляшаныя скрынi, ён разьвiтаўся з вадзiлам, выцягнуў з кiшэнi пачак "Памiру", у якiм была адна-адзiная цыгарка, прыпалiў яе на каляным ветры i пайшоў, рассоўваючы як той марак на сушы, адседжаныя ногi.

Наведваньне базару было Яўхiмавай жарсьцю. Калi дазваляў час, ён гадзiнамi сноўдаўся мiж базарных радоў, слухаў людзкую гамэрню, дзiвiўся на даўжэзны нос каўказца - каўказец узiмку i ўлетку прадаваў на азярышчанскiм базары гвазьдзiкi, - i яму манулася таксама стаць пад паветку, расклаўшы перад сабой сякi-такi вясковы тавар. Аднаго разу ён ня вытрываў - даведаўся, колькi просяць за слоiк мёду базарныя цёткi, стаў поруч i прадаў за тры рублi шклянку крупчастага лiпцу, якi вёз унуку. Пра той выпадак Яўхiм апавядаў потым кожнаму стрэчнаму й кожнага разу сканчваў аповед нязьменнай фразай: "Дык гэта ж мёд, а не брыдота, якую там прадаюць..."

Яшчэ гадоў пяць таму, па суботах i нядзелях, на азярышчанскiм базары зьбiралася процьма народу. Хадзiлi нават чуткi, што гандлёвы майдан будуць некуды пераносiць, бо людзкая гамана ды парсючыны вiскат замiналi рабоце ваенкамату, якi месьцiўся непадалёку, аднак апошнiм часам базар заняпаў. Сяляне цяпер калi й ехалi ў горад, дык не дзеля таго, каб штосьцi прадаць, а каб купiць якiх харчоў; парсюкоў сталi прадаваць ля аўтастанцыi, а апусьцелыя гандлёвыя рады апанавалi азярышчанскiя п'янтосы. Балазе, крама была побач, а закуску - вялiзную карэйскую цыбулю - iм давалi ўвiшныя базарныя бабулi, забiраючы ўзамен пустыя пляшкi.

Прымацаваны да шэрай сьцяны ваенкамата гадзiньнiк паказваў палову дзесятай. Гарэлачная крама яшчэ не працавала й базар уражваў сваёй пустэльнасьцю: адно ля крайняй паветкi стаяла некалькi чалавек.

Яўхiм спынiўся пад аркаю з надпiсам "Колхозный рынок", маракуючы - цi iсьцi да таго збою, цi адразу рушыць на вакзал i ў гэты момант да ног ягоных падбег лядашчы сабака. Сабака задраў пысу, адчуўшы, вiдаць, пах сала i зычны голас, што прагучаў непадалёку, прыцiснуў цюцьку да зямлi.

- Сэмэчкi! Сэмэчкi бэрытэ! - гракнулi за калонаю, на якой мацавалася арка i яшчэ празь iмгненьне перад Яўхiмавымi вачыма паўстала дзябёлая баба ў зрэбнай ватоўцы. Ад таго ляманту ў Яўхiма зварухнулiся рэшткi валасоў пад шапкай, а цюцька, сагнуўшыся склюдам, незадаволена брахнуў.

- Ну, шчо трэсэш яйцамы? - азвалася на тое хахлушка, тупнула кiрзачом i дарэшты пакрыўджаны цюцька пабег, падкурчыўшы хвост, па базарным пляцы.

... Пад крайняю паветкай сядзелi тры спавiтыя ў цёплыя хусткi кабеты: ля першай зь iх стаяў, цьмяна блiскаючы бакамi, вялiзны алюмiневы бiдон, перад другой ляжала пiрамiдка цыбулiн - кабецiна, вiдаць, чакала п'янтосаў, - а перад трэцяй ляжалi - хвастамi ўгору - два прывялыя буракi.

Уадначас з Яўхiмам да паветкi падышла цыбатая цётухна, якая, утаропiўшыся на прывялыя буракi, пагрозьлiва запытала: - Пачом ваша свiкла?

- Дваццаць капеек, - азвалася кабецiна, лускаючы двума ацалелымi зубамi гарбузовыя семкi.

- А пашалелi людзi, - гукнула цыба, зыркнуўшы на Яўхiма, - дваццаць капеек за бурак!

Сказаўшы так, цыба ўтаропiлася на алюмiневы бiдон, у гэты момант да яе падбег лядашчы сабака i цётка, замахнуўшыся на сабаку пустой сумкай, прасiпела:

- Кыш, паскуда!

Адчуваючы сваю далучанасьць да ўсёй гэтай дзеi, Яўхiм муляўся, ня ведаючы як сысьцi з базару i, нарэшце, у той момант, калi цыба счапiлася з уладальнiцай бiдону i ўжо ня кiдала на яго ястрабiных паглядаў, спачатку паволi, прыстаўным крокам, а потым, як ветрам гнаны, кiнуўся да выхаду. Мiнаючы арку, ён скасiў вока на хахлушку, а пачуўшы за сьпiнаю лаянку цыбатай бабы ды сабачае скавытаньне, увабраў голаў у плечы й выцер рукавом узмакрэлую лабацiну.

Да вакзалу шыбаваў як мае быць - баяўся спазьнiцца на "дызель", а калi ўлез у вагон, абамлеў. Сэрца палезла вонкi й захрасла ў горле, уваччу замiтусiлiся чорныя мятлушкi, увушшу зазьвiнела й сьвет перакулiўся потырч нагамi. Яго падхапiлi, зьнялi з мокрай галавы шапку, пасадзiлi на лаву...

- Храмугу адкрыйця, а то затахленьне! - вiсклiва крыкнулi над вухам i ён разьмежыў павекi. Людзi, што зьбiлiся ля лавы, пачалi разыходзiцца, у тую ж хвiлiну цягнiк скрануўся зь мейсца й жанчына, якая патрабавала адчынiць фрамугу, узрушана паведамiла: - У нас у Лужасьне вынесьлi аднаго, дык так i памёр на станцыi.

... Па целу разьлiлася хваравiтая стома: цела зрабiлася бязважкiм, з галавы выпетрылiся думкi, а сэрца схаладнела i, як яму падалося, пакiнула бiцца. Павекi зноўку зьмежылiся, скронь лягла на шыбу, адчуўшы прыемны халадок, а яшчэ праз хвiлю хтосьцi недарэчна крануўся калена.

- С вами всё в порядке?

Сiвы, ягоных гадоў мужчына сядзеў насупраць i спачувальна глядзеў яму ў вочы.

- Нармальна, - буркнуў Яўхiм, мерачыся iзноў панурыцца ў млявую замарач, але спадарожнiк не сунiмаўся i другiм разам крануўся калена.

- Вам необходимо выпить кофе. У меня хороший, с коньяком... - спадарожнiк выцягнуў з сумкi вялiзны, размаляваны ў кветкi, тэрмас i, зацiснуўшы мiж ног, спрытна адкруцiў плястмасавую накрыўку. Яўхiм узяў накрыўку дрыжачаю рукою i толькi тады заўважыў, што ў спадарожнiка няма рукi: пустое рукаво, выбiўшыся з-за паса скураной курткi, бездапаможна матлялася ў паветры.

Кава апалiла паднябеньне, хмельнай цеплынёй напоўнiла грудзiну. Здавалася, ён пiў гарачую гарэлку, але прыемную на смак i такую пахкую, што суседзi па вагону закруцiлi насамi, а жанчына з Лужасна, якая сядзела за сьпiнаю, уголас запытала:

- I чым эта пахнiць такiм укусным?

Рэшткi гарачай асалоды Яўхiм улiў у глотку й праглынуў, нават не зварухнуўшы коўцiкам.

- Ну как? - запытаўся спадарожнiк, прымаючы з Яўхiмавых рук плястмасавую пасудзiну, i Яўхiм замест адказу баднуў галавой ды аблiзнуў саладжавыя вусны.

- Последнее время только этим и спасаюсь, - спадарожнiк уздыхнуў, налiў сабе духмянага паратунку.

Галава прыемна кружылася, вагон паволi гайдаўся, цётка з Лужасна больш не балбатала за сьпiнаю й Яўхiм, пазяхнуўшы ў жменю, прымасьцiў галаву да шыбы. Сон, аднак, не iшоў. Пасядзеўшы хвiлiну з заплюшчанымi вачыма, ён зьлёгку разьмежыў павекi й стаў цiшком разглядаць спадарожнiка.

Спадарожнiку, мяркуючы па ўсiм, ужо было за семдзесят i, як вылiчыў Яўхiм, гэта быў адстаўнiк, бо ж толькi адстаўнiкi гавораць гарадзкою моваю, ходзяць у лётчыцкiх куртках ды выцьвiлых дыяганалевых брыджах. Але што найбольш уражвала ў адстаўнiцкiм уборы, дык гэта атлясны чорны гальштук, якi выбiваўся з-пад шалiка. Дакладней, уражваў ня сам гальштук, а тое - якiм чынам аднарукi яго завязвае. Паразважаўшы на гэты конт, Яўхiм вырашыў, што гэта робiць жонка, цi, можа, якiя ўнукi i, пазяхнуўшы другiм разам, разьмежыў павекi.

- Грыбачы... сьледуюшчая Бычыха, - прагучала з дынамiкаў i цягнiк, колькi разоў тузануўшыся, запаволiў хаду.

- Да-а, - уголас выдыхнуў Яўхiм, правакуючы адстаўнiка на размову, потым, з той жа мэтаю, керхануў у жменю, але адстаўнiк маўчаў, з адсутным выглядам пазiраючы ў вокны.

Яўхiму праглася пагаманiць з гарадзкiм чалавекам, але, ня ведаючы, як пачаць размову, доўга круцiўся на лаве i, нарэшце, калi цягнiк загайдала на стрэлках, набраўся сьмеласьцi й, кiўнуўшы на пустое рукаво, запытаў:

- Руку гдзе пацiралi?

Адстаўнiк цi то не дачуў, цi то не зразумеў пытаньня - матлянуў галавой i Яўхiм гучна паўтарыў:

- Руку, гвару, гдзе пацiралi?

Адстаўнiка такое пытаньне не на жарты ўсхвалявала. Ён лiхаманкавым рухам запiхнуў рукаво за пасак на баку курткi, паправiў гальштук, няўцямна прамармытаў:

- Да так, было дело...

Звычайна Яўхiм прыхоўваў ад людзкiх вачэй свае зьнявечаныя рукi, а тут паклаў iх на каленi, расчаперыў абрубкi пальцаў i, пазiраючы долу, прамовiў:

- Я вот тожа на фiнскай... пяць пальцаў пацiраў.

- Были на финской? - ажывiўся спадарожнiк.

- Быў, - каротка адказаў Яўхiм i, надаўшы моманту элемэнты трагiзма, насупiў бровы.

- Да-а... в сороковом холодрыга была о-ё-ёй. Я в то время в Архангельске служил, - шёл на Новый год к товарищу, так, поверите, в кармане бутылка водки от мороза лопнула, - суразмоўца пасьмiхнуўся, кашлянуў i прыпаў да вакна, убачыўшы штосьцi цiкавае.

Такiя размовы Яўхiму не спадабалiся. Дый дзiва што: ён пра вайну, пра абмарожаныя пальцы, а яму пра бутэльку гарэлкi. Ён жа не па п'янцы абмарозiўся, а пасьля артабстрэлу. I абстраляла свая ж батарэя... Яўхiму згадалiся шалёныя, налiтыя крывёю вочы Рыжыка, калi той правальваўся пад лёд i сэрца iзноў пачало бiцца з перабоямi.

- Мужики на переезде... напились - один двоих тащит, - зь вясёлым сьмяшком прамовiў адстаўнiк, а заўважыўшы перамену ў Яўхiмавым настроi, сумеўся й чарговым разам паправiў гальштук.

Чвэрць гадзiны яны моўчкi паглядалi ў вакно, папераменку ўздыхалi, а акурат у тую хвiлiну, калi на даляглядзе зьявiўся комiн Бычыхiнскага льнозавода, спадарожнiк нахiлiўся i стоена запытаў:

- Вы там, среди пленных финнов, женщин не встречали?

Такое пытаньне ня толькi зьдзiвiла, але i ўсхвалявала. Палонных фiнаў ён зроду ня бачыў, таму й замармытаў штосьцi няўцямнае, а спадарожнiк, наблiзiўшыся яшчэ блiжэй, ужо зусiм прытоеным голасам паведамiў:

- Я тут недавно книжку прочёл - не у нас изданную, - так там написано, что если молодого финна убивало, то на фронт шла его жена...

- Да-а... ваявалi яны як немцы, - мусiў падтрымаць суразмоўцу Яўхiм, - у лiнii Маняргейму цэлы месяц стаялi. Эта ўжэ як Цiмашэнка прыняў камандаваньне, так пашлi ў наступленьне, - узьбiўшыся на любiмую тэму, Яўхiм пацёр узмакрэлыя далонi. - Я, знаяця, ево як вас вiдзеў... Вышаў з машыны...

- Кто вышел? - перапынiў суразмоўнiк, iмпэтна адкiнуўшыся на прыслон лавы. - Тимошенко!? Семён Константинович!? Эта жопа с ушами!? - Яўхiм з жахам убачыў, што твар суразмоўнiка стаў гэткiм жа белым як i валасы.

- В сорок втором... под Харьковом... десять тысяч положили... Командующие сраные...

Ратуючыся, ад такiх слоў, Яўхiм сьцяўся, забiўся ў кут, захiнуў твар рукамi. Яму падалося, што ўсе навокал ацiхлi i паглядзелi ў iхны бок.

"Шпiён!" - працяла сьвядомасьць жахлiвая думка, а вочы, у пошуках паратунку, зачапiлiся за вялiкi мех, якi плыў у бок тамбура. Шпег яшчэ штосьцi казаў, пырскаў сьлiнай, але Яўхiм ня чуў анiводнага слова. Рупячыся не глядзець на спадарожнiка, ён намацаў зьнямелымi рукамi ручку валiзы i, ступаючы па людзкiх нагах, кiнуўся сьледам за мехам.

Ён хацеў сысьцi тут жа, на станцыi Бычыха, але ногi панесьлi яго ў вагонны пераход, адтуль - у канец цягнiка й там, у паўпустым апошнiм вагоне, Яўхiм сьцiшыўся на апошняй лаве, кiдаючы спалоханыя погляды на ўваходныя дзьверы. Было такое адчуваньне, што шпег iдзе сюды, каб мучыць ягоную душу i пэўнай хвiлiнай Яўхiм пашкадаваў, што не сышоў зь цягнiка. Але аднарукi не зьяўляўся, замест яго ў вагон ўбiлiся дзьве кабецiны - адна рабая, што тая рапуха, другая зь ледзь прыкметным сiняком пад вокам; селi насупраць, сьпехам дасталi з хатулёў па яйку i цюкнулi iх аб край вагоннай лавы.

- Клава! - прамовiла, калупаючы шалупайкi й скоса пазiраючы ў вакно, рабая кабета. - Ты йiшчо не старая... найдёш сабе чылавека... А эты чорт цiбе ў гроб загонiць.

- Кожны ж дзянёчак п'яненькi, - казала, як бы ня чуючы сяброўкi, другая з падбiтым вокам, - учора на палу заснуў i ўвесь чыста абасцаўся.

- Я вот выгнала свайго п'янтоса - цiпер жыву ў сваё удавольсьцьвiе, рабуха паправiла зьбiтую набакiр махеравую шапку й дробна, як той Камосiн, заварушыла скiвiцамi.

Яешны смурод казытнуў у носе, Яўхiм паморшчыўся, пакруцiў галавою i неўзабаве, працяты цiкаўнымi позiркамi кабет, зноўку схапiў валiзу ды перабраўся на другi канец вагона.

"Нiчога чалавек не баiцца... Цiмашэнку лае. Няйначай шпiён нейкi", - з гэткаю думкаю ён уладкаваўся на новым мейсцы, але, паглядзеўшы ў вакно i памазгаваўшы, вырашыў, што на шпега аднарукi не цягне. Бо шпегi - людзi асьцярожныя, лiшняга слова ня скажуць, а гэты на ўвесь голас абы-што гарлае.

На новым мейсцы схаладнелая душа ўраз адагрэлася, абмякла, сэрца пачало бiцца суладна мернаму грукату колаў; ён ужо не казелiў вочы на дзьверы, а безуважна паглядаў у вакно i толькi на кароткi мiг, калi колы раптам затахкалi часьцей, сэрца страпянулася й на белым сьнезе заваконьня яму прымроiўся жаночы твар, прыкрыты пасмамi сьветла-русых валасоў. У наступнае iмгненьне вiдмо незваротна зьнiкла i ў густым цеплавозным гудзе, якi скалануў iмглiсты прасьцяг, яму дарэшты выразна пачулiся запытальныя словы аднарукага: Женщин... случайно... не встречали?

Мароз перахоплiваў дыханьне, працiнаў да мазгоў; мазгi паволi стыглi, зь iх выпетрылiся думкi й заставалася толькi сядзець нерухома, прыцiснуўшыся сьпiнай да хваёвага камля, анiчога ня бачачы i анiчога ня чуючы. Зрэдзьчасу ён спрабаваў паварушыцца, растульваў павекi й аднаго разу, зiрнуўшы ўгору, убачыў варон, што ўзьнялiся над лесам. Ён ня чуў стрэлу, але варанiны грай сьведчыў за тое, што ў лесе стралялi. Здранцьвелаю рукою ён ссунуў з вуха будзёнаўку й сярод граю i пошуму хвояў пачуў працяжны i, як яму падалося, страшэнна далёкi воклiч старшыны. Скалелы, ён ледзьве перастаўляў ногi, да таго ж iсьцi давялося на зламанай лыжыне, якая ўвесь час занурвалася ў сьнег i старшына Дабiжа, выехаўшы насустрач, незадаволена крыкнуў:

- Что ползёшь, как усравшись?!

Старшына лоўка, як бы дэманструючы свой спрыт, павярнуў лыжы ў адваротны бок i яны пайшлi ўздоўж узьлеску.

Ехаць па лыжнi было лягчэй; ён рупiўся не адставаць ад Дабiжы i калi той нечакана спынiўся, наехаў мыском зламанай лыжы на дабiжаву пятку.

- Вон, видишь "кукушку"? Третье дерево справа, - старшына нахiлiўся, каб падцягнуць на пяткi п'ексы - лямцовыя фiнскiя апоркi, у якiх надта зручна было хадзiць на лыжах. - Я в него пустил пулю, да зря. Замёрз, гад... вон и карабин на суку болтается.

Хаця ён i наструньваў зрок, але нiякай "зязюлi" ня бачыў i толькi пад'ехаўшы да вiлаватай хваiны згледзеў угары, мiж асьнежанага вецьця, чалавечую фiгуру.

- Заснул, наверное, - прамармытаў старшына i, кiўнуўшы на знак таго, што трэба лезьцi на дрэва, ледзь чутна дадаў: - х... белофинский.

Хаця мароз i блукаў па скуры, але давялося скiнуць шынель i зьняць рукавiцы. Старшына сагнуўся, падставiў плячук; ён папляваў на далонi, усьпёр нагу на дабiжаву сьпiну.

- За сук хватайся, - выдыхнуў пад iм старшына; ён з цяжкасьцю дацягнуўся рукамi да сука i, ушчаперыўшыся ў яго азалелымi пальцамi, матлянуўся ў паветры не раўнуючы як на палкавым турнiку.

- Подтягивайся... йоп... - гукнуў старшына, паспрабаваў ухапiць яго за нагу, але, атрымаўшы пяткаю ў лоб, кулём павалiўся ў сьнег.

Трэба было падцягнуцца, але сiл не ставала - елi яны два днi таму, ды i цяглiцы канчаткова спруцянелi - i ён цэлых тры хвiлiны боўтаўся мiж небам i зямлёй аж пакуль не згубiў валёнак i толькi тады здолеў уперцiся нагой у хваёвы стаўбур i налёг грудзiнаю на сук.

- Возьми... привязан небось, - ужо лагодным голасам азваўся старшына, з падскокам перадаўшы яму спачатку фiнку, а потым згублены валёнак.

На дрэва ён лез асьцярожна, рупячыся не хiстаць стаўбур: баяўся, што адубелы мярцьвяк сарвецца з вышынi ды абрыне на голаў. Але мярцьвяк, дзякуй Богу, сядзеў цiха й нават калi ён перарэзаў сырамятны рэмень, якiм фiн быў прывязаны да стаўбура, той застаўся сядзець, зацiснуты ў вiлавацiне, i давялося, зь лёгкай дрыготкай у руках, тузануць нябожчыка за нагу. У той жа мiг зь вяршалiны абрынула гурба калючага сьнегу й ён невiдушча махнуў рукою, спрабуючы намацаць карабiн i сумку, якiя вiселi на галiне.

Долу злазiў сьпехам, не адчуваючы нi рук, нi ног; яму здавалася, што там, у вышынi, нехта ёсьць, нехта сочыць за iм драпежным вокам. Пальцы ўжо ня слухалiся, таму, перш чым скокнуць на сьнег, ён абхапiў рукамi сук, зiрнуў долу, ды так i застаўся вiсець, боўтаючы нагамi ў паветры.

На сьнезе, галавой да камля, ляжала маладая жанчына. Вецер шкамутаў яе валасы, гнаў завiрушны струмок на твары, варушыў зялёны - у дробны гарошак шалiк на тонкай шыi.

Ад нечаканасьцi ён паспрабаваў быў зноўку лезьцi на дрэва, але, злавiўшы суворы позiрк старшыны, няўклюдна плюхнуўся ў сумёт. Сьнег заляпiў твар. Ён правёў рукавом па пераносьсi, зiрнуў левым, незалепленым вокам на Дабiжу. Старшына, гiдлiва прыкусiўшы вусны, здымаў зь нябожчыцы гадзiньнiк.

- Шынель одень. Замёрзнешь н-нах...! - лаянка прагучала глуха й няўцямна: вушы таксама былi залеплены сьнегам. Вокраччу ён падпоўз да шыняля, цяжка падняўся на ногi, не спускаючы вачэй з камлюкаватай дабiжавай сьпiны. Старшына тым часам латашыў трафейную сумку. Вецер вырываў зь ягоных рук дробна сьпiсаныя аркушы паперы, шматкi квяцiстай матэрыi, раз-пораз Дабiжа штосьцi таропка пiхаў у кiшэнi, нарэшце, выцягнуўшы з сумкi нейкую цупкую паперку, замёр на хвiлiну й хiтнуў галавой.

... У пасiнелых дабiжавых пальцах матляўся, спрабуючы вырвацца на волю, маленькi фотаздымак. Ён падышоў блiжэй i прымружыўся: маладая дзяўчына са зьбiтымi набакiр валасамi, сядзела, прыцiснуўшыся скроньню да плечука шырокатварага хлопца й шчасна пасьмiхалася.

- С-сука, - здушана працэдзiў Дабiжа, падраў фотаздымак нягнуткiмi пальцамi, шпурнуў шматкi ў твар нябожчыцы й яны адразу з далонi былi падхопленыя ветрам.

У гэты момант душа ягоная - цi не ўпершыню ў жыцьцi - напоўнiлася лютай нянавiсьцю. Ён нават памацаў рукою па сьнезе, шукаючы вiнтоўку, але натыкнуўся на шынель i, уклаўшы ў тое ўсю моц сваiх зьнямелых цяглiцаў, ляснуў казённай апранахай па хваёвым камлi. Сьнежны пыл крануўся твару, насунулася цемра, пыл iзноўку казытнуў лабешнiк i дзесьцi зусiм побач пачуўся жаночы голас:

- Уставай, п'янюга. А то назад зьедзеш.

Нейкая кабета, сёрбнуўшы вады са слоiка, пырснула на падлогу, прыкра зашоргала каляным дзеркачом.

- Ногi падымi... дай падмесьцi, - кабета падхапiла крысо свайго чорнага шыняля i стала месьцi пад лаўкаю.

З вохканьнем, Яўхiм устаў на ногi, няпэўным крокам рушыў па вагону i ўжо ў тамбуры пачуў гаўклiвы воклiк вагоннай прыбiральшчыцы:

- Чумудан вазьмi, п'янюга!

Надвор'е зусiм сапсавалася. У паветры вiсела iмжа, шэрыя хмары плылi над самай галавою, хаваючы ад вачэй кроны высокiх дрэў i дах вакзала, а сам вакзал жоўтай плямай дрыжэў у сутоньнi змрочнай каламуцi.

Гэткiм надвор'ем яму заўсёды блажыла: шчымела патылiца, хвараблiвая млосьць апаноўвала цела й сэрца амаль што ня бiлася. Сёньня ж яно, сэрца, ня бiлася зусiм. Выбiраючыся з чыгуначнага тупiка, ён колькi разоў спыняўся, сядаў на валiзу i лез рукою пад кашулю, мацаючы тое мейсца, дзе павiнна было грукаць сэрца. Сэрца, аднак ня грукала i Яўхiм, расьцiраючы на драбах халодныя кроплi поту, што лiлiся з-пад пахаў, зь нейкiм шалёным спакоем разважаў: цi дабярэцца ён да вакзалу, цi памрэ тут, мiж вагонаў, тыцнуўшыся носам у чорную дзындру?

Апошнiя мэтры ён цягнуў валiзу на вяроўчыне, а дацюпаўшы да вакзальнага сквэру, павалiўся на крайнюю, няўтульна-мокрую лаўку. Шапка звалiлася з галавы, закацiлася ў лужыну i ветрык прыемна ахаладзiў узмакрэлую лысiну. Хвiлiн дзесяць ён ляжаў, амаль непрытомны, з заплюшчанымi вачыма, а калi, зьлёгку апрытомеўшы, зiрнуў на сьвет, дык убачыў у шарым тумане дзьве чорныя плямы - адну нерухомую й адну рухавую: гэта нейкi надта ж гаспадарлiвы грак хадзiў вакол шапкi, шкадуючы, вiдаць, што яе нельга зацягнуць на дрэва й прыстасаваць пад гняздо. Неўзабаве рухавая пляма зьнiкла зь вiдавоку - грак адляцеў упрочкi - i перад вачыма, ужо даволi выразна, паўсталi зьбiтыя кiрзовыя боты.

- Во напiўся чалавек. I шапка ў лужыне, - зумкнуў ля вуха вiсклявы жаночы голас i шапка, узьняўшыся ў паветра, халоднай рэхвай абхапiла патылiцу.

- Пiва даюць вуньдзека... Дык яны тут i п'юць, i сьпяць, i сцаць, азвалася другая, мяркуючы па голасу, больш старая кабета.

Кабета кашлянула, зьбiраючыся, як бачна, яшчэ нешта сказаць, ды тут затрашчалi кусты й да Яўхiмавых вушэй даляцеў асiплы мужчынскi воклiч:

- Ой, бля-а...

Пасьля такога воклiчу ў вачох канчаткова праясьнела, Яўхiм павярнуў голаў i ўбачыў плячыстага здаравiлу, якi лез па кустох, уадначас глытаючы пiва з бутэлькi. Квадратны здаравiлавы кадык прагна варушыўся, пiва завiлым цурком зьбягала з падбародзьдзя й Яўхiму ад такога вiдовiшча стала крыху не па сабе. Спынiўшыся ля лаўкi, чалавек дапiў трунак, пацёр пустой пляшкай па грудзiне i, узьняўшы вочы дагары, iзноў - цяпер ужо прачула й малiцьвенна, - прастагнаў:

- Ой, бля-а...

Ногi Яўхiмавы мiжволi падкурчылiся. Здаравiла задаволена адрыгнуў, плюхнуўся на край лаўкi i, ляпнуўшы даланёй па дрогкай Яўхiмавай галёнцы, запытаў:

- Что, батяня, хоря давим?

Яўхiм ня ведаў - што адказаць; яшчэ больш скурчыўся i ў гэты момант за сьпiнаю зноўку затрашчалi кусты й да лавы падышлi яшчэ два хлопцы, якiя трымалi ў руках тузiн пiўных пляшак.

- ... Потом, короче, Талян принёс два пузыря, - гракнуў здаравiла, працягваючы, вiдаць, перарваную размову i, пасунуўшыся на сярэдзiну лаўкi, прымусiў Яўхiма сесьцi. - Потом ещё самогоняры замандячили - тут я и в-вырубился н-нах-х... - апошнiя зыкi захрасьлi - зашэрхлi ў луджанай глотцы.

Адзiн з хлопцаў - той, што быў маладзейшым, - прысеў на кукiшкi, а другi чалавек дарэшты схуднелы i зь лёгкай сiвiзною ў чарнявых валасах, - зь вiдочнаю неахвотаю прымасьцiўся на другiм канцы лавы. Здаравiла зубамi адкаркаваў пляшку, выплюнуў корак, прыпаў губамi да рыльца й Яўхiм са зьдзiўленьнем убачыў, што здаравiлавы кадык нават не зварухнуўся: пiва лiлося ў нутро, раз-поразу выбухаючы ў бутэльцы хлапякамi белай пены. Апаражнiўшы пляшку, здаравiла каторым разам выгукнуў: - Ой, бля-а... - адкаркаваў новую, але цяпер ужо пiў паволi: рабiў пару глыткоў i, ставячы пляшку на калена, зморана аддзiмаўся.

Пазiраючы на тройцу, Яўхiм адчуў раптам нясьцерпную смагу. Яму - аж да сьвербу ў пятках - закарцела прыпасьцi вуснамi да рыльца бутэлькi i, заплюшчыўшы вочы, глытнуць гаючага пiтва. Ён пакруцiў галавой, выглядаючы дзе там даюць пiва, i сусед па лаўцы, скасiўшы на яго асавелыя буркалы, спачувальна запытаў:

- Что, батяня, тяжко?

Яўхiм лыпнуў вачыма й сусед працягнуў яму вiльготную пляшку, у якой яшчэ было ладна пiтва.

- На, добивай.

... Пiва цёплай хваляй разьлiлося па целу i Яўхiм нават крэкнуў ад асалоды. Паказваючы ўсiм сваiм выглядам, што яму i сапраўды цяжка пасьля ўчарашняга, ён з робленай цiкаўнасьцю слухаў здаравiлу, якi апавядаў нейкi надта ж доўгi анэкдот i апавядальнiк, натхнёны такой увагаю, колькi разоў хапаў яго за руку й захоплена прамаўляў:

- Прорвёмся, батяня-а!

Скончыць показку здаравiлу, аднак, не давялося. Маладзён, што сядзеў на кукiшках, пачаў раптам iкаць - кожнага разу гучней i залiвiсьцей, - i здаравiла, перапынiўшы аповед, дакорлiва прасiпеў:

- Тебе что, Лёха, по кумполу бутылкой... чтоб полегчало?

Пачуўшы такое, Лёха панурыў долу вочы й пусьцiў мiж ног цягуткую сьлiну.

Сусед па лаўцы моўчкi дапiў пiва, выцер рукавом вiльготныя вусны, пасьля чаго прымiрэнча-запытальна выдыхнуў:

- Слышь?! Лёх!

Лёха пакрыўджана перасмыкнуў плячыма, пакруцiў галавою, але, перахапiўшы хiтраваты погляд старэйшага сябра, наставiў ашклянелыя вочы на чарнявага худабзея.

- Васильевич... Ты как? Сотку возьмешь?

Васiлевiч шмыгнуў носам, увабраў голаў у плечы i праз хвiлю здушана прамармытаў:

- Базевич...

- Да х...ля нам твой Базевич, - выбухнуў тым часам здаравiла, чыркаючы запалкаю па сьцёртым карабку. - В прошлом месяце по скольку тебе закрывал? По трульнику в день? Да я за такие деньги и срать не сяду...

Худабзей роспачна ўздыхнуў, а здаравiла, выдыхнуўшы тытунёвы дым, ляпнуў таго па сьпiне:

- Да что ты сцышь.. Возьмём пару пузырей. В обед ё...нем. Базевич ни хера и не заметит.

Яшчэ хвiлiну худабзей вагаўся, але потым схамянуўся, падняўся з лавы i Лёха, сьпехам выцягнуўшы са штаноў край лiхенькай цяльняшкi, стаў кiдаць у прыпол пустыя бутэлькi.

Покуль Лёха здаваў посуд, здаравiла з худабзеям стаялi ў кустох, перакiдвалiся незласьлiвымi мацюгамi, а потым усе трое пашыбавалi па ходнiку, матляючы калашыньнем шырокiх штаноў.

Хлопцы ўжо былi далёка й постацi iхныя зьлiлiся з натоўпам, калi Яўхiм, зь дзiўным для сябе iмпэтам ускочыў з лаўкi i, ухапiўшыся за канец вяроўкi, закiнуў на сьпiну валiзу.

"Трэба ж бутэльку ўзяць... Пасядзiм зь зяцем... пагамонiм..." - гнаны такiмi думкамi, Яўхiм пашыбаваў па сьнежнай хлюпоце i за сьпiнаю ягонай надрыўна i адчайна булькацела замоўленая вада.

Задыханы, ён выбег на сьлiзкую маставую, спынiўся, каб прапусьцiць трамвай i нечакана абодва трамвайных вагоны з чырвоных зрабiлiся шэрымi й дробна заскакалi ўваччу. На шчасьце, ён не павалiўся на мокры асвальт, а толькi хiтнуўся; трамвай iзноўку стаў чырвоным i на другiм баку вулiцы, сярод людзкой гурмы, мiльганулi знаёмыя постацi.

У краме, што месьцiлася на рагу двух вулiц, давалi "чарвiўку" па руб-дваццаць. Народу тут было як завязаць. Яўхiм, змагаючыся з задышкай, паўстаў у дзьвярох, агледзеў натоўп, зьбiраўся быў падацца назад, але, атрымаўшы штурхаля ў сьпiну, мусiў пераступiць парог.

Узяць "чарвiўку" было немагчыма: людзi душылiся ў чарзе, голасна лаялiся, а ў левым куце - там, дзе грувасьцiлiся скрынi i вiсеў вымпел з надпiсам "Лучшему продавцу", - дык наогул усчыналася бойка. Дыхнуўшы крамнай задухi, Яўхiм зрабiў крок назад да дзьвярэй i ў гэты момант пачуў усхваляваны голас здаравiлы:

- Вон, Бурзачила стоит... Сейчас брать будет...

- Где... не вижу! - перакрычаў гамэрню Лёха й Яўхiм, узьняўшыся на дыбачкi, угледзеў знаёмую тройцу.

У гэтае iмгненьне Лёха выцягнуў шыю, крыкнуў: - Передадите "капусту", - i зьнiк у натоўпе.

Ад задухi закружылася галава, балюча зашчымела сэрца, але Яўхiм i ня думаў выходзiць з крамы. Яму заманулася пагаманiць з хлопцамi, каб хоць на хвiлю-другую далучыцца да iхнага вясёлага й бестурботнага жыцьця. Ён пасунуўся наперад, зачапiў валiзай нейкага лысага i той, дыхнуўшы перагарам, злавесна прасiпеў:

- Куды точысьсi?

Яўхiм прыцiснуў валiзу да чэрава, прасунуўся яшчэ на мэтар ды нечакана быў адкiнуты ўбок апантана-рашучым маладзёнам. Лёха, адкiнуўшы ўбок яшчэ некага, напяў грудзiну, уплiшчыўся ў натоўп, а калi той абурана замацюкаўся, выгукнуў:

- ВэДэВэ, блядь! - i збой паволi ацiх.

...Здаравiла, расклаўшы на шырокай пяцярнi жоўтыя манэты, лiхаманкава лiчыў драбязу, няўцямна гугнявячы сабе пад нос:

- Руб-двадцать, руб-тридцать, руб-сорок...

Нейкi час Яўхiм стаяў поруч, шмыгаў носам, а потым, асьмялеўшы, няроўным голасам прамармытаў:

- Мальцы, папяроску не дадзiце?

Худабзей, не адрываючы вачэй ад сябруковай далонi, працягнуў пачак i Яўхiм доўга ў iм поркаўся, спрабуючы падхапiць папяросiну сваiмi зьнявечанымi пальцамi. Урэшце рэшт папяросы пасыпалiся на падлогу й худабзей, мацюкнуўшыся, нагнуўся, каб iх падняць.

- Фу ты, йоп... - незадаволена выдыхнуў здаравiла, зiрнуў пад ногi i, страсянуўшы галавой, узяўся лiчыць па-новай.

Яўхiм стаяў, аслупянелы, у душы праклiнаючы сваю няўклюднасьць. Хлопцы, вядома ж, ня ведалi дзе ён абмарозiў пальцы. Яму карцела распавесьцi пра лютыя карэльскiя маразы, пра адубелую "зязюлю" на дрэве i пра тое, як iх абстраляла свая батарэя.

- Мальцы, я ж на фiнскай быў... Цiмашэнку во як вас бачыў...

- Тимошенку!? Сашку!? Он же на зоне! - блiснуў вачыма худабзей, а здаравiла, перапынiўшы лiк, тыцнуў таго локцем пад драбы й, пырскаючы сьлiнай, прасiпеў:

- Ты ещё тут будешь...

Кроў прылiла да твару, балюча загрукала ў скронях.

- Мальцы, ды я ж нiчога... У мяне тут зяць на заводзе робiць. Хведзька Лiхаманаў. Можа ведаеце?

- Руб-двадца-ать... руб-тридца-ать, - прасьпяваў, расьцягваючы зыкi, здаравiла, але, забыўшы, вiдаць, апошнюю лiчбу, сьцiснуў кулакi й малiтоўна заенчыў:

- Ну что его - вырубить н-нах-х...?

- Капусту давайте, йоп... - гукнулi з натоўпу, здаравiла расчаперыў пальцы, зьбiраючыся лiчыць тую "капусту", але ў гэты момант хтосьцi стукнуў яму па локцю i капейкi з гучным звонам сыпанулi на падлогу.

- Мальцы... ды я ж нiчога... - ужо зусiм зацкавана пралепятаў Яўхiм i здаравiла, утаропiўшы на яго свае налiтыя крывёю вочы, страшным голасам прастагнаў:

- Уйди н-нах-х..., казлина старая...

Уваччу iзноў пацямнела. Выпусьцiўшы з рук валiзу i невiдушча матлянуўшы рукамi, Яўхiм рушыў да дзьвярэй, ступiў на парог i, губляючы прытомнасьць, налёг сьпiнаю на дзьвярны вушак. Хвiлiну ён стаяў так, а потым стаў саслiзгваць па вушаку, апускаючыся долу, аж пакуль не знайшоў сабе прытулак на асьлiзла-халодных прыступках. А яшчэ праз хвiлю да яго падышоў малады мiлiцыянт i, схапiўшы за руку, уладна запытаўся:

- Что... нажрался?

Яўхiм разьмежыў павекi i ўбачыў зьнявечаны твар палкоўнiка Хамiцкага. Цi то ваўкi, цi то лiсы адгрызьлi палкоўнiку нос, ад'елi верхнюю губу i палкоўнiк, здавалася, пасьмiхаўся яму - адтуль, з таго сьвету, - выставiўшы свае пракураныя жоўтыя зубы.

Ён правёў рукавом па заiнелых пятлiцах, i, замест трох палкоўнiцкiх "шпалаў" у вачох паўсталi чатыры рубiнавыя ромбы. Страшная здагадка працяла сьвядомасьць. Ён усiм целам падаўся назад i ў гэты ж мiг адчуў нечы жалезны спохват. Нехта ўшчаперыўся ў руку вышэй локця i Яўхiм, з жахам зiрнуўшы на сувора-бязьлiтасны, колеру пажоўклага газэтнага фотаздымка твар, бязгучна прашаптаў:

- Таварыш камандарм... Сямён Канстантынавiч... пусьцiце!

Але клюшня з двума ад'едзенымi пальцамi яшчэ ямчэй ушчаперылася ў руку, навец пасьмiхнуўся чорнымi вуснамi й душа Яўхiмава, ратуючыся ад той усьмешкi i ад тых жалезных шчымётаў, вылецела, як i сорак гадоў таму з грудзiны i ўзьнялася ў паветра. Хвiлiну душа вiсела па-над ганкам, потым пакружляла разам са сьняжынкамi па навакольлi i, даўшы разьвiтальнага кругаля вакол ускудлачанай галавы здаравiлы, якi выйшаў з крамы i ляпаў далоньмi па сьцёгнах, шукаючы запалак, паляцела ў шэрае прадоньне - туды, дзе нараджаўся i адкуль падаў долу цёплы беларускi сьнег.

1996 г.

Загрузка...