Дзея другая

Раніца. Зыркае сонца. Па адкінутым драўляным мосце ў замак ідуць вясёлыя паляўнічыя. Паперадзе — княжыч Ізяслаў. Двое смердаў нясуць на жэрдцы мокрую, таму, відаць, цяжкую шкуру забітай мядзведзіцы. Насустрач праз мост спяшаецца Рагнеда.

Рагнеда. Каб ведаў ты, колькі я хвалявалася, сын! (Хоча абняць княжыча, але бачыць кроў.) Ты паранены?

Ізяслаў (радасны). Супакойся, мама. Гэта мядзведжая кроў. Запэцкаўся, калі шкуру здзіралі ды тушу секлі на кавалкі.

Рагнеда (з недаверам глядзіць на лоўчага). Ён праўду кажа?

Лоўчы. Праўду, княгіня. Але паказаў сябе гэты раз сапраўдным мужчынам.

Ізяслаў. Так, мама. Я яе…

Рагнеда. Хвалько ты, Ізяслаў. (Усё-ткі прытульвае сына, нягледзячы што кроў, да сябе.)

Лоўчы. Княжыч праўду кажа. Сёння ён мяне ад абдымкаў мядзведзіцы ўратаваў. Рагаціну яна выбіла з маіх рук, дык ён падхапіў і пад звера падставіў. Так што гэта цалкам яго паляўнічае шчасце!

Рагнеда. Не, лоўчы, не толькі паляўнічае. Мусіць, княжычу… Словам, рада бачыць вас усіх жывымі-здаровымі. Дзякуй за сына, паляўнічыя!

Лоўчы. Мядзведзіцу, дакладней, мяса, вязуць на кані. Куды яго, княгіня?

Рагнеда. А што, княжыч, можа, наладзім пір? Вялікі князь, а твой бацька, заўсёды пасля ўдалага палявання наладжваў пір. Ты таксама становішся магутны.

Ізяслаў. I паклічам сяброў.

Рагнеда. Дзе яны, тыя нашы сябры? У Полацкай зямлі, акрамя нас, князёў няма. Гэта трэба з Турава каго запрашаць, а то і з Польскай зямлі.

Ізяслаў. У мяне, мама, сяброў многа. (Паказвае на паляўнічых.) Вось глядзі!

Рагнеда. Гэта таму, сын, што ты яшчэ ніколі не адчуваў сябе князем. Ды і ці зведаеш калі такое пачуццё?

Чуюцца крыкі: «Коннік! Коннік!» Праз нейкі момант па мосце да натоўпу ледзь не подбегам набліжаецца дружыннік — ганец вялікага князя Уладзіміра.

Дружыннік (яшчэ не адрозніваючы нікога ў натоўпе). Вялікі князь Уладзімір патрабуе ў Кіеў свайго сына Ізяслава! (Нарэшце заўважае Рагнеду, апускаецца перад ёй на правае калена, схіляе галаву.) Княгіня, я да вас адразу з Корсуня. Сказана з’явіцца Ізяславу ў Кіеў!

Рагнеда. Чаму раптам у Кіеў, калі вялікі князь у Корсуне?

Дружыннік. Адтуль ён неўзабаве накіроўваецца ў Кіеў. Там патрэбны яму Ізяслаў.

Рагнеда. Аднаго?

Дружыннік. Сказана з’явіцца аднаму.

Рагнеда. Але чаму? Якая патрэба?

Дружыннік. Не хвалюйся, княгіня, я звычайна не прывожу з сабой дрэнныя весткі. Але чаму вялікі князь кліча Ізяслава ў Кіеў, таксама не ведаю.

Рагнеда. Устань. Даўно ў князя служыш?

Дружыннік. З тае зімы.

Рагнеда. А-а, балазе, што не помню цябе.

Дружыннік. І я першы раз цябе бачу, княгіня.

Рагнеда (да сына). Бачыш, княжыч, а мы толькі гаравалі, што гасцей няма дзе знайсці для піру.

Дружыннік здагадваецца, што перад ім Ізяслаў, схіляе галаву, а тады заўважае мядзведжую шкуру, прыходзіць у захапленне.

Дружыннік. Віншую, княжыч, з выдатнай шкурай. А я — па цябе.

Iзяслаў. Можаш забраць сабе гэту шкуру, калі з добрай весткай да нас.

Дружыннік. Гэта стане вядома табе ў Кіеве. Але ж я ўжо сказаў княгіні, што благіх вестак не развожу па зямлі. Вялікі князь звычайна пасылае мяне з добрымі весткамі. А за мядзведжую шкуру — дзякуй.

Ізяслаў (да Рагнеды). Мама, дазволь клікаць госця ў замак?

Рагнеда. Калі ласка, ганец.

Вечар. У замку ў трапезнай накрыты гасцінны стол. Рагнеда частуе дружынніка з Кіева. Тут жа сядзіць Ізяслаў. Слугі носяць стравы.

(Да ганца.) Дык, кажаш, вялікі князь мяне не кліча ў Кіеў?

Дружыннік. Даруй мне, княгіня, але сказана прывезці аднаго княжыча.

Рагнеда. А новую жонку князеву, Ганну, давялося бачыць?

Дружыннік. Так.

Рагнеда. Ну і што? Як яна?

Дружыннік. Візантыйская царыца.

Рагнеда. Гэта я ведаю, што яна — сястра грэчаскіх цароў.

Дружыннік. Ну, а ў астатнім — яна жонка вялікага князя, княгіня.

Рагнеда (хмурыцца тварам). Колькі ты ў нас прабудзеш, дружыннік?

Дружыннік. Ноч. Можа, яшчэ паснедаю, калі княгіня дазволіць. Княжыч павінен быць таксама гатовы к дарозе ўранні.

Рагнеда. Калі госцю ў нас не падабаецца…

Дружыннік. Задужа ўдзячны, княгіня, за гасціннасць, за ласку, але сказана не бавіцца. Ды і княжычу, бачу, ужо няймецца, засядзеўся тут у вас. Так, княжыч?

Ізяслаў. Я… даўно мару прамчацца на кані да Кіева.

Рагнеда. Ты не слухай яго, дружыннік, ён яшчэ малы. Таму надумала я: ехаць вам у Кіеў не ў сёдлах, а ў ладдзі.

Ізяслаў. Мама!..

Рагнеда. Да Кіева далёка, і ты не вынесеш коннай дарогі. Адна справа, сын, гойсаць тут на Буланчыку, па лясах ды палях вакол замка, зусім іншая — прамчаць у сядле да Кіева. Ды і… навошта гэтак спяшацца? Хіба табе з маці дрэнна ў Ізяславе? Гэта ж твой горад!

Iзяслаў. Мама, я даўно не бачыў Кіева.

Рагнеда. А што там бачыць? (I тут жа да госця.) Давядзецца вам, дружыннік, усё-ткі плыць па вадзе. У нас тут добрая ладдзя ёсць. Коні вашы стануць у ёй таксама.

Дружыннік. Слухаю, княгіня.

Ізяслаў (больш упарта). Мама, па рэках у Кіеў і да восені не даплывеш!

Рагнеда. Хлопчык мой! Іншы раз лепей не паспяшыць, чым раней апынуцца. Думаеш, бацька змяніў нялюбасць да цябе? Думаеш, ён забыў, як ты стаў яму на дарозе, калі варагі ішлі забіваць мяне?

Дружыннік. Княгіня, хто старое згадае, таму вока вон.

Рагнеда. З-за шчаслівай сынавай долі я не ўспамінала б пра старое. Але…

Дружыннік. Я не чорны веснік, княгіня. Я…

Рагнеда. Матчына сэрца заўсёды ў трывозе па дзецях. Ізяслаў вунь на паляванне паехаў, а я вачэй скрозь ноч не заплюшчвала. Ну ды ладна, чаму быць, таго не мінаваць. А паедзеце вы ў Кіеў усё ж па вадзе. Так мне спакайней будзе. Прынамсі, да Турава па вадзе. Спярша адсюль вось, ад замка нашага, па Свіслачы, пасля па Бярозе, а тады ўжо ў Дняпро… Ну, а з Турава можна і на кані да Кіева даскакаць. Значыць, заўтра?

Дружыннік. Так, княгіня.

Ізяслаў падыходзіць, цалуе маці. Дружыннік п’е новы кубак п’янога мёду.

Рагнеда. Ну, а цяпер, дружыннік, раскажы нам, дзе давялося табе пабыць, што дзе бачыў? Ты ўжо ў новай веры?

Дружыннік. Дружыну вялікі князь будзе хрысціць у Кіеве. У Корсуне яго хрысцілі аднаго.

Рагнеда. Дык, можа, гэта ён хоча перавярнуць у новую веру і нашага Ізяслава?

Дружыннік. Ты задаеш, княгіня, такія пытанні, на якія мне цяжка адказваць. Я далейшай князевай волі не ведаю. Мне загадана адно: прывезці ў Кіеў княжыча Ізяслава.

Рагнеда. Ладна, забудзем!.. Тут нядаўна праваслаўны прэсвітэр быў, Апанасій. Не знаеш яго?

Дружыннік. Не.

Рагнеда. Дык той нам шмат расказваў пра новую веру. Дарэчы, твой прыезд, дружыннік, прэсвітэр Апанасій таксама ўсё роўна як прадказаў праз сон. Але раскажы і ты, як хрысцілі вялікага князя?

Ізяслаў. А што за сон, мама?

Рагнеда. Ат, пасля, сынку, пасля. Цяпер паслухаем дружынніка.

Дружыннік. Хрысціў вялікага князя ў Корсуне…

Рагнеда. Пра гэта расказваў прэсвітэр. Чаму вялікі князь прыняў новую веру? Няўжо і праўда — праз тое, што з царскай сястрой захацеў ажаніцца?

Дружыннік. Прэсвітэр гэтак гаварыў?

Рагнеда. Не.

Дружыннік. Якую веру прыняць, у Кіеве доўга думалі, княгіня.

Рагнеда. А старая вера? Чым не падабаюцца цяпер у Кіеве нашы багі?

Дружыннік. То князь Уладзімір рашае.

Рагнеда. І за сябе рашае і за ўсіх людзей?

Дружыннік. Выходзіць, так.

Рагнеда. А што смерды, баяры?

Дружыннік. Наракаюць. Не кожны хоча разлучацца са старымі багамі.

Рагнеда. Дзіва што! А вялікі князь вельмі награшыў з гэтымі багамі, калі шукае новага. Спадзяецца, што новы Бог даруе яму старыя грахі. Дзівак. Ну, то расказвай, дружыннік.

Дружыннік. Перад тым як прыняць новую веру, князь Уладзімір раіўся са сваімі баярамі, пасылаў у розныя канцы свету паслоў. Але да таго яшчэ прыходзілі ў Кіеў балгары магаметанскай веры. Кажуць, ты, князь, і мудры і разумны, а закону не ведаеш. Пазнай наш закон і пакланіся Магамету.

Iзяслаў. А бацюхна?

Дружыннік. Кажа, якая ж ваша вера? Магаметанскія балгары адказваюць, маўляў, вучыць нас Магамет так: не есці свініну, не піць віна, затое можна блудзіць з жанчынамі. Калі хто бедны на гэтым свеце, то бедны застанецца і на тым.

Рагнеда. А жанчынам што дазваляецца пры іхняй веры?

Дружыннік. Яны ў іх тое ж могуць рабіць, а яшчэ і больш таго.

Рагнеда (засмяялася). Цьфу!

Дружыннік. Вялікі князь таксама плюнуў пасля балгарскіх паслоў. Затым прыходзілі ў Кіеў яўрэі. Была ў вялікага князя гамонка з рымскімі філосафамі. Паслухаў ён усіх, а тады рашыў і сваіх паслоў накіраваць.

Рагнеда. Куды яны хадзілі?

Дружыннік. Былі і ў немцаў, і ў грэчаскіх балгараў. Нарэшце дайшлі і да Царгорада. Цары, а там два цары — Васіль і Канстанцін, выслухалі кіеўскіх паслоў, сказалі патрыярху: «Падрыхтуй царкву і клір і сам апраніся ў свяціцельскія рызы, каб пабачылі рускія славу нашага Бога».

Рагнеда. Значыць, не царыцу паслы адразу ўбачылі там, а славу мясцовага Бога?

Дружыннік. Прынамсі, вярнуліся яны ў Кіеў радасныя. Кажуць: «Знаходзіцца там Бог з людзьмі, і служба ў іх лепшая, чым у іншых краінах». Вялікі князь паслухаў ды кажа: «Сапраўды, свайго ніхто не ганіць, адно хваліць. Але ж бабка мая Вольга…» — «Калі б быў дрэнны грэчаскі закон, — сказалі князю баяры, — то не прыняла б яго бабка твая Вольга…» I сказаў вялікі князь: «Дзе прымем хрышчэнне?» — «Дзе табе люба», — адказалі яны. Вось і выбраў князь Уладзімір Корсунь, наперад заваяваўшы яго.

Рагнеда. Значыць, князь і сына кліча ў Кіеў, каб хрысціць?

Дружыннік. Няйначай.

Рагнеда. Аднаго чалавека прымусіць прыняць такую веру; ну, гэта… гэта яшчэ не бяда. А вось цэлы народ, які жыў на сваёй зямлі са сваімі багамі? Гэта нам, князям, толькі здаецца, што народ падобны на статак. I ўвогуле святары новых рэлігій дарэмна ганяць нас, язычнікаў, маўляў, і такія мы і гэтакія… Быццам толькі і робяць, што гібеюць у дзікунстве. А нашы карагоды, нашы язычаскія святы, напрыклад, Купалле… Хто яго забудзе? Не, дружыннік, народ гэтага ніколі не забудзе! У вас, у варагаў нябось ёсць свае багі?

Дружыннік. Так, княгіня.

Рагнеда. У кожнага народа сваё, а тут з Царгорада прысылаюць нам праз мора сваё жаданне. Не думаю, што князю Уладзіміру лёгка будзе давацца хрышчэнне рускай зямлі… Але добра, позна ўжо, заўтра вам у дарогу. Дабранач. (Княгіня ўстае з-за стала.) А з табой, сын, трэба яшчэ пагаварыць. Толькі заўтра. Мне трэба сказаць сёе-тое ў Тураў. Добра?

Iзяслаў. Ага, мама.

Княгіня выходзіць.

Дружыннік. Ну што, княжыч? Смачна мы закусілі мясам тваёй мядзведзіцы. Дык рушым заўтра?

Ізяслаў. Рушым, рушым! (Бярэ пад руку падпітага госця, выводзіць з трапезнай.)

Лес. На начлег укладваюцца прэсвітэр Апанасій і Анея, пераапранутая ў хлопца.

Апанасій (жагнаецца). Прывыкай, отрак, да такіх начлегаў. Іх у нас наперадзе шмат.

Анея. Хоць бы якое вогнішча!..

Апанасій. Вогнішчы, отрак, раскладваюць жабракі. За дзень навыпрошваюць кавалкаў, а тады на вогнішчы пякуць яечню ці сала смажаць. Мы ж з табой, бачыш, нічога не выхадзілі. А тое, што мелі з ласкі княгіні, згубілі, ломячыся сюды праз лес ды балоты.

Анея. Без вогнішча страшна.

Апанасій. Чаго нам баяцца? З намі, отрак, Бог наш.

Анея. Але трэба было дайсці хоць да якога-небудзь жытла.

Апанасій. Да яго яшчэ не адзін дзень тупаць. Я гэту дарогу ведаю. Ёсць тут, праўда, адно паганскае паселішча, на Нямізе. Але туды нам нельга.

Анея. Чаму?

Апанасій. Бо яно пакуль блізка ад тваіх багоў.

Анея. Бацька кажа, што гэта не нашы багі.

Апанасій. Гэта ён цяпер так гаворыць, а дасюль нябось маўчаў, а ты хадзіла ў свяшчэнны лес.

Анея. Думаеш, пагоня будзе за намі?

Апанасій (жагнаецца). Свят, свят! Ну, засынаем, а ўранні, як сонца ўзыдзе, харчу пашукаем. Я ўсё ўмею — і грыбы пячы на вогнішчы, і рыбіну злавіць у балацявіне. У лесе ўсяго хапае, не журыся, отрак. (Кладзе свой хатуль пад галаву, выцягвае на імшаніку наўпрост ногі.)

Анея. Спі, дзядзечка, спі. Я пагляджу.

Апанасій. А то хадзі да мяне. Грэх — замолім.

Анея. Баюся, дзядзечка.

Апанасій. Ты ужо, мусіць, не дзеўка?

Анея. Не, дзядзечка, дзеўка.

Апанасій. Нездарма твае багі захацелі мець цябе за ахвяру. Чыстая, цнатлівая. Гэты ваш вядун Холад… ой-я-ёй!

Анея. Не ведаю, дзядзечка.

Апанасій. Годзе, спі, цётачка, калі мяне не хочаш. Але гэтае тваё нежаданне, дасць Бог, нядоўга будзе працягвацца. Я гвалтаваць не прывык.

Анея. Мне княжыча шкада будзе.

Апанасій. Дурніца, пра княжыча забудзь. Ён табе — не пара.

Анея. А я гатова ў дом да яго хоць трэцяй, хоць чацвёртай, а то і палюбоўніцай.

Апанасій. Цьфу, паганцы!

Раптам чуецца свіст. На прэсвітэра Апанасія, а тады і на Анею тут жа накідаюцца нейкія людзі ў армяках з башлыкамі, з-пад якіх не відаць твараў. Усё адбываецца, лічы, умомант. Прэсвітэру Апанасію нападаючыя звязалі вяроўкамі рукі назад. Анею, якая ўсхапілася на ногі, таксама затрымалі.

Чалавек у армяку з башлыком. Ну што, манах, думаў, ад нас далёка ўцячэш?

Апанасій (спакойна). Я — не манах, я — прэсвітэр праваслаўны. I не ўцякаў, а ішоў з Ізяслава, ад княгіні Рагнеды, у Кіеў.

Чалавек у армяку з башлыком. Няма розніцы — манах ты ці прэсвітэр. Навошта яе звёў з горада?

Апанасій. Гэта не яна, а ён. Хіба сляпы?

Чалавек у армяку з башлыком. Хто тут сляпы, хто відушчы — зараз пабачым. Дык навошта звёў яе?

Прэсвітэр маўчыць.

(Да Анеі.) А ты што нявінныя вочы талопіш? Думала, пераапранешся ў хлопца, дык ніхто і не пазнае. (Дастае з торбы сукню, кідае Анеі.) На, прымі нанава дзявочы воблік, а то срамата. (Бачыць, што Анея не спяшаецца здымаць з сябе мужчынскае адзенне, загадвае свайму хаўрусніку.) Надзявай сам на яе сукню. Ды здзяры спярша штаны, а тады ўжо…

Хаўруснік пачынае тузаць дзяўчыну, але тая сама бярэ ў рукі сукню. Тут жа, на віду ва ўсіх, мяняе адзенне.

А цяпер, манах, бывай. Прабач, рукі мы табе развязаць не можам. Ногі, бачыш, таксама не спутваем, дарма што ты прыткі. А можа, бліжэй да бярозы яго, га?

Усе, акрамя Анеі, смяюцца.

Ладна, заставайся так, як ёсць. Паспееш яшчэ выспацца да раніцы. Ды не ўздумай вярнуцца ў Ізяслаў. Няма чаго бянтэжыць людскія душы.

Адыходзяць. На імшаніку застаецца адзін праваслаўны прэсвітэр. «О Госпадзі!» — ледзь не ў адчаі ўскліквае ён.

Знаёмы пакой у замку Рагнеды. У ім — княгіня. Заходзіць вядун Холад.

Рагнеда. Што табе, Холад, не сядзіцца ў тваім свяшчэнным лесе? Хіба цябе непакояць чужыя багі?

Xолад. Маю справу да княгіні.

Рагнеда. Я ўжо іншы раз хачу, каб вы рабілі свае справы без мяне.

Холад. Без прыхільнасці княгіні нельга.

Рагнеда. Гэта багі табе такую пачцівасць падказваюць?

Xолад. Княская ўлада — боская ўлада.

Рагнеда. Якая ў цябе справа?

Холад. Наконт дачкі твайго злотніка.

Рагнеда. Мне казалі, што яна нібыта знікла кудысьці?

Холад. Нашы багі наставілі яе на правільны шлях. Яна вярнулася.

Рагнеда (здзіўлена). Як вярнулася?

Холад. Пра тое адны багі ведаюць. Гэта іх тайна, як уплываць на людзей.

Рагнеда колькі часу маўчыць, ходзіць задуменна па пакоі. Спыняецца.

Рагнеда. Значыць, лёс дзяўчыны вырашаны?

Холад. Так.

Рагнеда. I чаго ад мяне твае багі чакаюць?

Холад. Каб прыйшла да свяцілішча.

Рагнеда. Калі?

Xолад. Сёння ўвечары.

Рагнеда. Ты чуў, што вялікі князь ужо прыняў хрысціянскую веру?

Холад. Чуў.

Рагнеда. I што ён нам скажа, калі дазнаецца, што дачку яго чалавека, а злотнік ягоны чалавек, дарма што тут, у Ізяславе, жыве, дык што ён скажа нам, калі дачуецца, што дачку яго чалавека прынеслі ў ахвяру драўляным багам?

Xолад. Такая воля багоў, няхай, як ты кажаш, хоць і драўляных. Але не табе, княгіня, здзекавацца з іх. Цяпер хапае каму рабіць гэта. Таму мы павінны абараняць сваіх багоў.

Рагнеда. Адкуль ты ўзяў, што здзекуюся? Але злотнік кажа, што ты знарок наваліўся на яго.

Xолад. Такая воля багоў.

Рагнеда зноў моўчкі ходзіць па пакоі.

Рагнеда. Ладна, я згаджуся прыйсці да свяцілішча. Але з той умовай, што выбар ахвяры адбудзецца нанава, пры людзях. На каго багі пакажуць, таго няхай і бяруць сабе. Няхай перад імі стануць хлопцы і дзяўчаты. А багі пакажуць, каго хочуць.

Вядун думае, пасля з неахвотай ківае ў знак згоды галавой, выходзіць.

(Пляскае ў далоні, кліча кагосьці.) Гэй!

Каля свяцілішча ў лесе, што паблізу горада Ізяслава, людскі натоўп. Вядун Холад, княгіня Рагнеда стаяць побач. За імі — нейкія язычніцкія святыя. Хтосьці са служак свяшчэннага лесу перацірае вяроўкаю знізу драўлянага ідала. Насупраць размясціліся паўкругам на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго дзяўчаты і хлопцы ў белым адзенні. Сярод іх — Анея. Служка, які перацірае ідала, увесь час пазірае на яе, нацягваючы вяроўку так, каб пакласці ідала насупраць Анеі. Людзі зачаравана сочаць за гэтым ягоным свяшчэннадзеяннем. Хтосьці выдае невыразныя гукі — ці то горлам, ці то з дапамогай музычнага інструмента. А можа, грае так наструненая вяроўка. Нарэшце служка перацірае дрэва, драўляны ідал падае на траву, паказваючы вострай галавой на Анею. Чуюцца розныя галасы — радасці, расчаравання і горычы. Злотнік кідаецца з-за натоўпу да дачкі.

Холад (да княгіні). Бачыла, багі зноў пацвердзілі свой выбар!

Рагнеда (сумна і злосна). Багі нашы сапраўды вельмі настойлівыя ў сваім жаданні. Асабліва ты, вядун!

Рагнеда ў суправаджэнні ведуна, які штосьці даводзіць ёй, пакідае ахвярную паляну.

У Рагнедзіным доме на Лыбядзі ў Кіеве Ізяслаў з радасцю кідаецца да чалавека, які расчыняе перад ім дзверы. Гэта — Фар, выхавацель велікакняскіх дзяцей.

Iзяслаў. Дзядзька Фар!..

Фар. Не забыў мяне ў сваім далёкім Ізяславе, княжыч?

Iзяслаў. Сам бачыш, не!

Фар. А я ўжо каторы дзень пасылаю людзей на бераг Дняпра, чакаем ладдзю.

Ізяслаў (усё яшчэ радуючыся). Мы — конна! Нам з дружыннікам матухна дазволіла ад Турава сесці на коней.

Фар. Ну і як? (Ляпае княжыча па клубах.) Не набіў мазалі?

Ізяслаў. Я ў сядле добра трымаюся.

Фар. Далёка адсюль твой Ізяслаў? Я ўсё прыкідваю ў галаве, дзе ён? Знаю, што ў Полацкай зямлі.

Ізяслаў. О, дзядзька Фар! Туды доўга ехаць, а яшчэ даўжэй плысці. Калі з Кіева, то спярша па Дняпры, пасля па Бярозе, затым ужо наша Свіслач. Горад наш яшчэ далей. На самым пачатку яе. Скажы, Фар, а як тут мае браты, сёстры? Маці найперш прасіла паклапаціцца пра іх.

Фар. Што тваім братам ды сёстрам? Яны ў Кіеве. Гэта ты, небарака, у глухамані. Але цяпер, думаю, усё мінецца. Вялікі князь нездарма адтуль выклікаў. Як княгіня?

Ізяслаў. Доўга сумавала. Цяпер гаспадыняй жыве ў нашым замку.

Фар. Спалохалася, калі ганец па цябе прыскакаў?

Iзяслаў. Яна ж — маці!..

Фар. Так, маці.

Ізяслаў. А навошта мяне бацька паклікаў? Дараваў мне ўчынак той?

Фар. Тваім учынкам кожны бацька павінен ганарыцца, княжыч. Праўда, спярша гарачка розум затлуміла. Ну, ды не мне судзіць князёў. А навошта паклікаў цябе бацька, дакладна не ведаю… Але не хвалюйся. Ты пакуль з дарогі памыйся, з братамі пагавары. Ты ж помніш іх?

Ізяслаў. Братоў помню. I Мсціслава, і Усевалада, а сясцёр — не.

Фар. Цяпер тут і Яраслаў жыве. Сёстры, як і ты, на маці падобны, а браты — на бацьку.

Ізяслаў. А Яраслаў — хіба наш?

Фар. Раз выхоўваўся з вамі, значыць, ваш.

Iзяслаў. Скажы, Фар, а ўвогуле… дзяцей у вялікага князя многа?

Фар. Адных сыноў — дванаццаць. Акрамя вас, што нарадзіла Рагнеда, — Вышаслаў, Святаполк, Святаслаў, Барыс, Глеб, Станіслаў, Пазвізд, Судзіслаў… Ну, а дзевак, дык… Ладна, княжыч, у нас часу пагаварыць яшчэ будзе. Ты тут прывыкай пасля дарогі, а я наведаюся ў замак, скажу вялікаму князю, што ты прыехаў. Гэй! (Пляскае ў далоні.) Хто там, нясіце княжычу Ізяславу чыстае адзенне, няхай умываецца ды адзяваецца! Ды паклічце да яго братоў і сясцёр!

Фар выходзіць. Сапраўды, пакуль Ізяслаў умываўся ды адзяваўся з дапамогай прыслужніка, да яго прыбеглі браты-падлеткі, сёстры меншага ўзросту.

Усевалад. Дарэмна не паспеў на хрышчэнне ў Кіеў! Ці, можа, знарок спазніўся?

Iзяслаў. Дарога вялікая.

Усевалад. Дзе гэта твой горад?

Ізяслаў. Як табе сказаць? Усе пытаюцца, дзе Ізяслаў, я тлумачу, а па вачах бачу, што мала хто разумее, дзе гэта. Трэба было сесці, брат, на каня ды разведаць дарогу да нас. А разам — і маці пабачыць. Нябось забыў нават аблічча яе?

Усевалад. Ты так гаворыш, быццам мы знарок?

Мсціслаў. Я добра помню маму. Нават помню, як вы з ёй ад’язджалі з Кіева.

Ізяслаў. А я вось гэтага якраз і не помню. Што было да таго, помню, а як пакідалі Кіеў — забыў.

Усевалад. Горад твой завецца па табе?

Iзяслаў. Так хацеў вялікі князь, а наш бацька Уладзімір Святаславіч. Горад будаваў для нас ён.

Мсціслаў. Пачакай, Усевалад, няхай Ізяслаў раскажа пра маму.

Першая княжна. Ага, няхай!

Ізяслаў (глядзіць на іх). Вы — мае сёстры?

Другая княжна. Сёстры, сёстры!

Ізяслаў. Які лёс у нас!.. Мець бацьку і маці, а жыць паасобку. Мама часта ўспамінае вас, тады плача, як успамінае.

Першая княжна. Яна прыгожая?

Iзяслаў. Як і вы!

Сёстры шчасліва смяюцца.

Мсціслаў. Вы, сарокі белахвостыя, клікалі б брата ў трапезную. Нябось галодны?

Ізяслаў. Не, голад чамусьці прапаў. Убачыў вас, і голад прапаў.

Другая княжна. Гэта, брацік, ад радасці. Мы таксама рады табе. (Пытаецца ў сястры.) Праўда?

Першая княжна. Праўда, праўда!

Ізяслаў. А вас — пахрысцілі ўжо ў новую веру?

Усевалад. Усе мы цяпер хрысціяне. Цябе, відаць, таксама бацька паклікаў у Кіеў дзеля гэтага.

Ізяслаў. А як… ну як хрысцяць?

Мсціслаў. Я табе раскажу.

Першая і другая княжны. Раскажы, раскажы!

Усевалад. Ціха, сарокі!

Мсціслаў. У Кіеў бацька вярнуўся з Корсуня з царыцай і адразу загадаў скінуць з гары ідалаў, адных — пасекчы, другіх — спаліць.

Першая княжна. Ты яму пра Перуна раскажы.

Мсціслаў. Не перабівай! А то абедзвюх выставім за дзверы.

Заходзіць Фар.

Фар (да Ізяслава). Ну, княжыч, можаш радавацца: вялікі князь сказаў зараз жа прывесці цябе. Абедаць будзеш ужо, няйначай, у бацькі.

Мсціслаў. Фар, мы яму не дагаварылі!

Фар. Дасць Бог, паспееце нагаварыцца.

Мсціслаў. Мы яму не дагаварылі, як людзей у Кіеве хрысцілі!

Фар. Хадзем, хадзем, Ізяслаў! (Да Мсціслава.) Я сам раскажу яму.

Першая і другая княжны (наперабой). Фар, прывядзі яго зноў да нас!

Фар. Прывяду, прывяду.

Ізяслаў і Фар ідуць па сцэне.

Iзяслаў. Ты, Фар, не даведаўся, дзеля чаго выклікаў мяне вялікі князь?

Фар. То яму аднаму ведама. Хадзем.

Ізяслаў. А што з Перуном было?

Фар (махае рукой). Ат, з ім зрабілі тое самае, што і з іншымі старымі багамі. А вось тут, па берагах гэтага Ручая, ішлі кіяўляне на Дняпро прымаць новую веру.

Ізяслаў. А што на гэта гаварылі язычніцкія святары?

Фар. Княжыч, запомні — тут паўсюды воля вялікага князя, яго ўлада над усім і над усімі. Прыехаўшы з Корсуня, ён адразу ж загадаў прывязаць Перуна да конскага хваста, і той валачыў яго з гары па Барычову ўзвозу да Ручая, а дваццаць дружыннікаў беглі следам, дубасілі старога бога жэзламі.

Ізяслаў. А што ж кіяўляне? Што яны?

Фар. Няверныя, канечне, плакалі, гледзячы на ганьбаванне, нават з плачам суправаджалі свайго бога да самага Дняпра. Але вялікі князь загадаў і далей адпіхваць Перуна. Сказаў: «Калі прыстане дзе да берага, адпіхвайце яго. А калі пройдзе парогі, тады толькі пакіньце яго». Няверным жа тым часам загадаў сказаць: «Калі не прыйдзе хто заўтра да ракі — ці то багаты, ці то бедны, жабрак ці раб — будзе мне вораг!» На другі дзень узышоў вялікі князь з папамі царыцынамі і корсунскімі на бераг Дняпра, куды збіраліся натоўпам кіяўляне, пагнаў людзей у ваду, і там яны стаялі ў ёй па грудзі, а папы хрысцілі іх малітвамі, стоячы на беразе.

Ізяслаў. Няўжо, Фар, увесь Кіеў дабрахотам з’явіўся на хрышчэнне?

Фар. Сам жа чуеш, княжыч, вялікі князь пагражаў. Але многія з горада паўцякалі. Гэта дакладна вядома. Так што на нашай зямлі цяпер адным часам і паганскія багі, і новы, Ісус Хрыстос. I доўга яны будуць змагацца за душы людзей. Міне многа-многа часу, а на зямлі ў нас будуць прыхільнікі старой і новай веры. Але вялікі князь, пакуль жывы, не адступіцца, будзе гнаць з зямлі старую веру.

У замку, куды неўзабаве прывёў Фар княжыча Ізяслава, сустрэў іх вялікі князь Уладзімір Святаславіч. Суровы і не зусім ветлівы, Уладзімір доўга глядзеў на сына. Хто ведае, можа, здалося раптам бацьку, як стаў гэты сын яго ў абарону маці, княгіні Гарыславы. (Сцэна: няйначай, усё-ткі «ўбачыў» ён тую раніцу, прыйшла яна цяпер да яго, як насланнё.) Нарэшце вусны вялікага князя разышліся ва ўсмешцы, ён заплюскаў вачамі, яўна адганяючы ад сябе насланнё.

Уладзімір. Ты, Фар, можаш ісці. Пакінь нас адных. (Ступае да сына.) Як даехаў, сын?

Iзяслаў. Дзякаваць багам.

Уладзімір (зноў хмурачы лоб). У нас тут, у Кіеве, цяпер адзін Бог.

Ізяслаў. Так.

Уладзімір. Але пра багоў пасля. Ну-тка, выцягвай з ножнаў свой меч. (Крычыць.) Гэй, хто там, прынясіце мой меч! (Да княжыча.) А то вырас ты, бачу, з вежу, а вось якая рука ў цябе.

Вялікаму князю падносяць меч.

Трымайся! I не зважай, што перад табой вялікі князь, а твой бацька. Успомні, як кідаўся некалі абараняць маці!

Iзяслаў. Бо малы быў…

Уладзімір. Такога саромецца не варта. Іншая справа, што ў бацькі дараваць прасіць усё роўна калі, а давядзецца, аднак саромецца таго ўчынку не трэба. Ну, пачалі.

Вялікі князь і княжыч пачынаюць змагацца на мячах. Уладзімір адчувае, што сын добра валодае зброяй, крычыць: «Хвалю, Ізяслаў, хвалю!» — і спрытным ударам выбівае з рукі яго меч. Ізяслаў колькі часу стаіць збянтэжаны. Уладзімір аддае дружынніку свой меч, падыходзіць да сына, ляпае па плячы.

Значыць, недарэмна траціў час. Адчуваецца дзедава рука, ды і бацькава таксама.

Iзяслаў. Якога дзеда?

Уладзімір (амаль злосна). Не так важна! Я вось дзеля чаго цябе паклікаў у Кіеў, Ізяслаў. Хачу пасадзіць нарэшце сваіх большых сыноў на сталы ў гарадах. Вышаславу даю Ноўгарад. Святаполку — Тураў, Яраславу — Растоў. Табе, Ізяслаў,— Полацк, вотчыну твайго дзеда Рагвалода.

Ізяслаў. А што атрымаюць мае аднаўтробныя браты — Усевалад, Мсціслаў?

Уладзімір. Гэта мой клопат. Ты пра іх не турбуйся. У іх таксама ёсць бацька. Але яны яшчэ не ў гадах. Пасля атрымаюць сваё, дарма што гарадоў у маёй зямлі пакуль не хапае. (Смяецца.) Сыноў у вялікага князя кіеўскага больш, чым гарадоў. Трэба пачынаць ставіць іх паўсюды — і на Дзясне, і на Трубежы, і на Суле. Мсціславу, як падрасце, думаю аддаць Цьмутаракань, а Усеваладу — Уладзімір. Як жа твой горад выглядае цяпер?

Iзяслаў. Расце.

Уладзімір. Няхай Ізяслаў застаецца маці. А сам едзь у Полацк. Хіба не рады?

Iзяслаў. Радасць вялікая.

Уладзімір. Думаю, што атрымаць дзедаву вотчыну — гэта акурат дакрануцца гарачай рукой да радасці. У Полацку дасюль былі мае пасаднікі. Па чарзе, вядома. Цяпер ты будзеш там законным князем. Вялікі стол па-ранейшаму застаецца за мной тут, у Кіеве. Гэта ты павінен ведаць і шанаваць. У астатнім — Полацкі стол твой.

Ізяслаў. А зямля дзедава?

Уладзімір. Зразумела, што табе аддаецца пры гэтым уся Полацкая зямля, якой некалі валодаў дзед Рагвалод. Відаць, ты цяпер станеш высвятляць, што адбылося ў Полацку, калі ішоў я з Ноўгарада ў Кіеў. Табе нагавораць усялякага, толькі слухай. Маці, няйначай, таксама галаву задурыла сваёй нянавісцю. Урэшце, яе зразумець можна. Але слухай, што скажу я.

Iзяслаў. Слухаю, вялікі князь.

Уладзімір. Я напаў на Полацк і загадаў расправіцца з князем Рагвалодам. Перш за ўсё таму, што той увесь час спрабаваў адваёўваць у Ноўгарада воласці, якія ніколі не належалі яму. Па-другое, у вайне, якую вёў Ноўгарад, дзе я княжыў, Полацк падтрымліваў Кіеў, а князь Рагвалод хацеў мець за зяця Яраполка. Твой дзед па матчынай лініі, Ізяслаў, быў, такім чынам, маім ворагам. Не знішчыўшы ягонага гнязда, я не стаў бы вялікім князем у Кіеве. Разумееш?

Ізяслаў. Так.

Уладзімір. Цяпер я прыняў новую веру. I як сказаў апостал Павел: «Усе мы, хто хрысціўся ў Ісуса Хрыста, у смерць яго хрысціліся, дакладней, мы хаваліся з ім, хрышчэннем гэтым, у смерць, каб як Хрыстос уваскрэс з мёртвых славай Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці». Ты з гэтага зразумеў што-небудзь?

Iзяслаў. Словы твае невыразныя пакуль.

Уладзімір. Так вучыць апостал Павел, адзін з тых, хто быў разам з Ісусам Хрыстом.

Ізяслаў (ківае галавой). Мне аб гэтым расказваў праваслаўны прэсвітэр Апанасій, што прыходзіў да нас у Ізяслаў.

Уладзімір. Я, сын мой, аддаючы табе Полацкі стол, хачу, каб ты разумеў: мінулае прайшло, цяпер усё будзе па-новаму. Але стол атрымаеш пасля таго, як прымеш новую веру. Без гэтага я не дам табе Полацкага княства.

Ізяслаў. А што старыя багі? Як мне са старой верай быць?

Уладзімір. Гэта не вера была. Звычайнае замарачэнне. Таму са старымі багамі ў сваім княстве мусіш зрабіць, як зрабіў я тут, у Кіеве. Нябось чуў?

Iзяслаў. Фар мне расказаў.

Уладзімір. Тым лепш. Бацькава воля павінна быць выканана цалкам. Я не стану доўга затрымліваць цябе ў Кіеве. Пакуль справа дойдзе да твайго хрышчэння, падбірай сабе людзей, з якімі паедзеш у Полацк. Многа адсюль не бяры. Дружыну набярэш там. А пасаднік мой табе дапаможа. Галоўнае, збяры вакол сябе разумных людзей. Слухайся іх, але і свой розум таксама май. Каго ты адсюль возьмеш? Прасі!

Iзяслаў. Нікога тут пакуль не ведаю. Але таго дружынніка, што прыязджаў да нас ганцом, дазволь узяць у Полацк.

Уладзімір. Бяры.

Ізяслаў. I Фара мне дай.

Уладзімір. А братоў тваіх ды сясцёр хто выхоўваць стане? (Падумаўшы.) Ладна, пагавару з Фарам. Яшчэ каго?

Ізяслаў. Дазволь пажыць трохі ў Кіеве, агледзецца.

Уладзімір. Добра. Але ўсё роўна доўга не затрымлівайся. У Полацку чакаюць новага князя.

Iзяслаў. Ведаюць — каго?

Уладзімір. Чакаюць, але пакуль не ведаюць. Аб гэтым знаем ты ды я. Запомні, сын: даўняе прайшло, за яго больш не трымайся, цяпер будзе ўсё новае; мы былі пагразнулі ў цемнаце і грахах; цяпер наблізілася да нас выратаванне, ноч прайшла, а дзень наблізіўся.

Iзяслаў. Што ж ты нічога не пытаеш пра маю маці, а тваю жонку?

Уладзімір. Пра яе мая воля табе выйдзе пасля. А цяпер — хадзем у трапезную, сядзем за абедзенны стол. Любіш паесці? Князь павінен многа жэрці.

Замак у Ізяславе. У святым пакоі княгіня Рагнеда, нянька. Адчыняюцца дзверы, шырокім крокам, у багатым княскім адзенні, са зброяй заходзіць Iзяслаў.

Iзяслаў. Вітаю, княгіня!

Рагнеда. Добрага дня, сын! Бачу, князем з Кіева вяртаешся?

Ізяслаў падыходзіць да маці, становіцца на правае калена, схіляе галаву.

Ізяслаў. Вялікі кіеўскі князь, а мой бацька Уладзімір Святаславіч вярнуў нам Полацкі стол.

Рагнеда. Я рада, сын, што табе нарэшце па праву дасталася дзедава вотчына. Што дзеці? Як твае браты ў Кіеве жывуць, сёстры?

Iзяслаў. Кланяюцца табе.

Рагнеда. Ніхто не захацеў прыехаць сюды?

Ізяслаў (сумеўся, але ўсё-ткі сказаў). На тое не было волі вялікага князя.

Рагнеда. Ты ўстань, князь! Значыць, Уладзімір не дараваў мне? Табе дараваў, а мне — не?

Iзяслаў. Табе застаецца на ўсё жыццё гэты горад. Я паеду сёння ж у Полацк, ты будзеш жыць тут. Па новай веры…

Рагнеда. Ты прыняў новую веру?

Ізяслаў. Так. Дык па новай веры вялікаму князю цяпер належыць мець адну жонку.

Рагнеда. Адну?

Iзяслаў. Так, адну.

Рагнеда. I ён пакідае за сабой новую, Ганну?

Ізяслаў. Я гэтым дужа не цікавіўся. Але, няйначай, гэта так. Дык згодна з новай верай князь дае волю ўсім сваім жонкам. Табе, мама, таксама.

Рагнеда. Навошта мне яго воля!

Iзяслаў. Можаш зноў выходзіць замуж.

Рагнеда. I гэта ўслед за распусным бацькам гаворыць мой сын! Я не пазнаю цябе, Ізяслаў! У Кіеве цябе падмянілі.

Ізяслаў. Не, мама, проста я стаў сапраўдным князем. А сюды прыехаў, каб пабачыць цябе і пераказаць на словах тое, што загадаў бацька.

Рагнеда. А ў Полацк? Возьмеш мяне з сабой у Полацк?

Ізяслаў. Ты застанешся жыць тут, мама. Я ўжо сказаў.

Рагнеда. Можа, вялікі князь забараняе? А ты не здольны не паслухаць яго? У цябе ж цяпер твой Полацкі стол!

Ізяслаў (да нянькі). Ты — выйдзі.

Нянька (бурчыць). Ну вось, дажыліся — ужо ад старой нянькі ў маіх князёў з’явіліся нейкія тайны! (Выходзіць.)

Ізяслаў. Я атрымаў яго з адной умовай.

Рагнеда. З якой?

Iзяслаў. Што воля вялікага князя ў Кіеве абавязкова будзе ў Полацку.

Рагнеда. I ты ўзрадаваўся такому сталу?

Ізяслаў. Я прыняў яго.

Рагнеда. Але ж полацкія князі амаль заўсёды былі незалежныя ад Кіева.

Ізяслаў. Мама, галоўнае, што ў Полацку зноў будзе свой князь.

Рагнеда. Навошта ён, такі князь, там — звязаны па руках і нагах? Дзед твой Рагвалод не схіліў галавы ні перад кім.

Iзяслаў. Затое і паплаціўся.

Рагнеда. Ён бы не паплаціўся так, калі б я самахоць згадзілася разуць ногі сыну рабыні. Ты пра гэта ведаеш?

Iзяслаў. Цяпер я ведаю шмат, мама. Але ты не павінна дакараць мяне, што я згадзіўся на пэўных умовах прыняць Полацкі стол. У мяне ў галаве снуюцца планы…

Рагнеда. О няшчасная зямля! Што з табой будзе?

Iзяслаў. Раней часу не трэба плакаць па ёй. Цяпер у яе ёсць гаспадар, свой князь.

Рагнеда. Няшчасная яна і няшчасны сын мой!

Ізяслаў. Ладна, мама, здаецца, я ўсё пераказаў, трэба спяшацца ў Полацк.

Рагнеда. Ты не раздзеліш са мной нават трапезу?

Ізяслаў. Няма калі, мама. Скажы, каб памянялі коней, а то мае стаміліся.

Рагнеда. А сам ты?

Iзяслаў. Яшчэ трымаюся ў сядле.

Рагнеда. Цяпер ужо зусім зразумела — падмянілі цябе ў Кіеве, сын! Раней ты не такі быў!

Ізяслаў. Раней не ляжаў на мне княскі клопат. Жылі сабе тут, і ўсё.

Рагнеда. Ты яшчэ ўспомніш наша тутэйшае жыццё, яно будзе здавацца табе самым лепшым.

Ізяслаў. Ты гаворыш так, быццам не жадаеш шчасця ні мне, ні нашай зямлі Полацкай, якую мы назад атрымалі?

Рагнеда. Якраз таму я і гавару гэтак, што хвалююся і за цябе і за бацькаву зямлю.

Iзяслаў. Прасі багоў за нас. Хоць што я кажу? Наконт багоў таксама ёсць воля вялікага князя. Дарэчы, трэба сказаць няньцы, каб прывялі сюды Анею. Я вазьму яе з сабой у Полацк.

Рагнеда. Яна не прыйдзе.

Ізяслаў. Чаму?

Рагнеда. Яе забралі да сябе багі.

Ад нечаканасці Ізяслаў сядае на ўслон, бярэ ў далоні твар.

Ізяслаў. Каму гэта ў галаву прыйшло аддаць яе багам у ахвяру?

Рагнеда. Самім багам. Я была тады ў свяшчэнным лесе, выбар паў на яе…

Ізяслаў. I ты не заступілася?

Рагнеда. Перад багамі ўсе людзі роўныя!

Ізяслаў (устае, бліскае вачамі). Трэба спаліць гэты лес і разбурыць свяцілішчы з усімі яго кумірамі! Так, як учынілі з імі ў Кіеве! А на іх месцы паставіць праваслаўныя цэрквы са званамі.

Рагнеда. Ты гэтага не зробіш, сын! Бо нашы багі будуць доўга харкаць крывёю ўслед вам, здрадзіўшым старой веры! Сам жа не адзін раз паўтараў за тым заходнім святаром: звон — яшчэ не малітва… (Падае перад сынам на калені.)

Ізяслаў. Устань, мама… Устань!.. (Бярэ яе, ставіць на ногі.) Урэшце, жыві тут як знаеш!.. Анея перад смерцю ні аб чым не прасіла?

Рагнеда. Не. Паводзіла сябе добра. Быццам выразна разумела, што ёй выпаў якраз такі вось лёс. Была чыстая і светлая. Ведамая справа, к багам ісці!..

Ізяслаў. А бацька яе, злотнік? Што ён?

Рагнеда. Шалеў і кідаўся на людзей.

Ізяслаў. I не абараніў? Дзе ён цяпер?

Рагнеда. Казалі, нібыта ходзіць вакол свяшчэннага лесу.

Iзяслаў. Не збіраецца помсціць?

Рагнеда. Хто ж яго ведае? Але перад багамі…

Ізяслаў. Але ж дачка…

Рагнеда. Так, сын… Але перад багамі…

Ізяслаў. Я не дарэмна кажу — трэба сапраўды гэтых лясных ідалаў і тут разбурыць. Як бацька ў Кіеве зрабіў!

Рагнеда. Не, сын, ты ўжо не чапай іх.

Ізяслаў (глядзіць амаль варожа на маці). Як знаеш!.. Бывай!.. Але новыя багі ўсё-ткі прыйдуць на змену старым! (Выходзіць.)

Усё той жа светлы пакой. Праз многа гадоў. Княгіня ўвечары стаіць каля расчыненага акна. Няйначай, што на дварэ якраз зноў пара позняга лета. У пакоі з ёю — нянька.

Рагнеда. Забылі пра нас, нянька. Нават сын забыў. Пахавалі нас тут, як у магіле.

Нянька. Такая планіда наша, княгіня.

Рагнеда. Так, планіда, будзь яна праклятая!

Чуецца, як пачынае выць недзе старая ваўчыца.

Толькі яна верная пакуль застаецца.

Нянька. Дык звер жа…

Рагнеда. Гэта я не дала яе некалі забіць Ізяславу… А вось Анею…

Княгіня слухае. I да яе прыходзіць апошні ўспамін, як цяжкі прывід: Уладзіміравы варагі ў лета 6488-е ўрываюцца ў Полацкі замак, забіваюць на вачах у Рагнеды бацьку, маці, братоў…

Канец драмы

1989

Загрузка...