ПРАДМОВА

Прыймаючы ўдзел у культурнай працы на беларускай адраджэнскай ніве, прышлося ня раз саткнуцца з вялікім зацікаўленьнем беларускай гісторыяй сярод беларускіх масаў, асабліва сярод беларускае моладзі. Вельмі часта нясьведамыя ці мала сьведамыя беларусы пры спатканьні і ў гутарцы на беларускія тэмы ставілі пытаньні: ці ёсьць, ці была беларуская гісторыя, ці жылі калі-небудзь беларусы і г. д.? Пытаньні гэтыя паўставалі пад уплывам агітацыі розных польскіх нацыяналістаў-шавіністаў і расейскіх чорнасоценцаў, якія цьвердзілі, што беларусаў ніколі ня было і што беларускі рух — гэта штучная выдумка. Ясна, усю гэту хлусню прыходзілася выясьняць. Каб, аднак, добра выясьніць і даваць добрыя адказы, трэба было бліжэй зацікавіцца гісторыяй Беларусі. У сувязі з гэтым пасьля паўстала ў мяне думка напісаць і выдаць кароткую папулярную брашуру пра гісторыю Беларусі, пра нашую мінуўшчыну і беларускі адраджэнскі рух, што я і зрабіў у 1940 годзе, за часоў летувіскае ўлады ў Вільні, дзе выдаў невялікую кніжыцу пад назовам «Беларусь учора і сяньня».

Пазьней паўстала думка пашырыць гэтую брашуру і гэта было зроблена ў 1941 годзе. Калі-ж аддаваў яе ў друк, спачатку ў газэту «Голас вёскі», і калі бачыў, што няма падручніка з гісторыі Беларусі, дык стараўся датасаваць яе да школьнае праграмы з гісторыі Беларусі і зрабіць, каб гэтая праца была дапаможнікам для вывучаньня нашае гісторыі, аж пакуль ня будзе адпаведнага добра апрацаванага падручніка.

Пры апрацоўцы гэтых нарысаў былі вакарыстаныя галоўным чынам працы з гісторыі Беларусі ведамых гісторыкаў — прафэсараў: У. Ігнатоўскага, У. Пічэты, М. Доўнар-Запольскага, М. Любаўскага, Е. Карскага, акадэмікаў: В. Ластоўскага і В. Шчэрбакова, а таксама

працы з галіны гісторыі Беларусі і беларускага адраджэнскага руху ведамых беларускіх дзеячоў: П. Крэчэўскага, А. Станкевіча, М. Шкялёнка, д-ра Я. Станкевіча, К. Езавітава, А. Луцкевіча і другіх. Праца мая ў бальшыні зьяўляецца кампіляцыйнай. Зноскі-ж не паданы з прычынаў тэхнічных, а таксама і дзеля таго, што яна ёсьць папулярнай, а не навуковай працай. У ёй, аднак, узяты на ўвагу найнавейшыя дасягненні гісторыяграфіі.

Апісаньні падзеяў апошніх гадоў на Беларусі апёртыя на дакумантах, сабраных у сваім асабістым архіве, на вестках, атрыманых ад розных дзеячоў — удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху, а таксама на ўспамінах асабіста перажываных падзеяў.

У працы над гэтай кніжкай меў я помач ад: сп. Мікалая Шкялёнка, які, можна сказаць, быў хросным бацькам першага выданьня яе; сп. Адама Станкевіча, які памагаў літаратурай і добрай радай і сп. рэдактара Антона Адамовіча, які пераглядаў і рабіў некаторыя папраўкі ў часе ейнага друку ў газэце «Голас вёскі». За гэта ўсім ім шчыра дзякую.

Студыюючы гістарычную літаратуру, я запісваў усе напатканыя працы, у якіх можна знайсьці тыя ці іншыя весткі пра Беларусь і беларусаў, і падаю іх пры гэтай кніжцы як матар'ял да бібліяграфіі гісторыі Беларусі, а таксама як дапаможнік для ўсіх, хто будзе далей і шырэй распрацоўваць гісторыю Беларусь

На заканчэньне мушу сказаць, што калі набор кніжкі быў ужо гатовы і калі многія мамэнты былі яшчэ раз перадуманыя, мне хацелася зрабіць некаторыя папраўкі. Бяручы, аднак, пад увагу, што гэта пацягнула-б за сабою і кошты і затрымала-б друк, я наважыў пусьціць яе ў сьвет у такім выглядзе, у якім яна ёсьць, бо спадзяюся, што і гэтак яна ня будзе зусім бязвартаснай для вывучаньня беларускае гісторыі, для беларускае справы і для дабра беларускага народу.

Менск 12.5.1943

Я. НАЙДЗЮК

Загрузка...